КЕРАМІЧНЫЯ ВЫРАБЫ


Пры капанні шахтаў па здабычы крэменю або меднай руды чалавек усё глыбей пранікаў у тоўшчу зямлі, адкрываючы i новыя паклады высакаякаснай гліны. Адначасова, маючы велізарны вопыт (каля двух тысячагоддзяў) неалітычнага «гаршкалепства», чалавек новай эпохі ўдасканальваў i тэхніку вырабу глінянага посуду.

Археалагічныя i этнаграфічныя назіранні паказваюць, што для вырабу керамікі людзі стараліся браць гліну, якую ачышчалі ад розных непатрэбных дамешак, Каб пазбавіцца слаістасці, гліну рэзалі пластамі i зноў размешвалі — мясілі рукамі або нагамі, дабіваючыся, каб яна была добра размятай. Затым яе «вымаражвалі» на працягу зімы, папярэдне збіўшы ў вялікія камякі. Збітыя i размятыя шары вылежваліся доўгі час у сырых месцах. Часам пры раскопках стаянак знаходзяць прыхаваныя ў зямлі запасы такой глінянай сыравіны.

Як i ў папярэдні час, у век медзі i бронзы гліняны посуд ляпіўся рукамі. Але з'яўленне пласкадонных пасудзін унесла некаторыя змены i ў гэтую справу. З асобных кавалкаў гліны фармавалася дно, венца, а з плоскіх стужак — сценкі i шыйка. Гэтыя часткі змацоўваліся паміж сабой замазваннем «швоў» глінай i загладжваннем драўлянай або касцяной лапаткай. Тымі ж лапаткамі выскрабалі на знешняй паверхні i ўнутры гаршкоў лішнюю гліну, чым дасягалася танкасценнасць вырабаў. Ад гэтага на паверхні часам прыкметны сляды заштрыхаванасці.


Калі ў неаліце ў глінянае цеста дабаўлялі такія дамешкі, як тоўчаныя ракавіны, раслінныя рэшткі, то цяпер пачалі дабаўляць пераважна жарству, якая ўмацоўвала сценкі, не давала ім усядацца пры высыханні i трэскацца пры абпале.

У неаліце абпал папярэдне падсушанага ў цяні на свежым паветры посуду адбываўся на вогнішчах пры тэмпературы 300-400°С. Пры такім нагрэве часцінкі сажы i вугалю не паспявалі згарэць i пранікалі ў сценкі вырабу, ад чаго яны рабіліся шэрымі. У бронзавым веку ўжываліся спецыяльныя вогнішчы — абпальні, у якіх тэмпература дасягала да 800 °С. Вырабы атрымліваліся светлых колераў І, што галоўнае, моцныя.

Часам паверхні гаршкоў абмазваліся тонкім пластом вадкай гліны — ангабаваліся, ад чаго паверхні атрымліваліся роўныя i як бы «ллучністыя» навобмацак, іншы раз паверхні гладзіліся касцянымі лашчыламі, ад чаго яны набывалі нават глянец.

На некаторых знаходках прыкметна, што лашчэнне праводзілася пасля арнаментавання вырабу. Знойдзены i самі лашчылы з буйных трубчатых костак, якія маюць па баках характэрныя паглыбленні.

Амаль адзіная форма керамічнага вырабу ў неаліце Беларусі — вастрадонны гаршчок. Варыяцыі назіраліся толькі ў межах гэтага тыпу; маглі быць дны вельмі вострыя i крыху закругленыя, корпус выпуклы або звужаўся на шыйцы, венца было прамое, крыху загнутае ўнутр або адцягнутае. Былі гаршкі розных памераў. Адным словам, відаць у залежнасці ад памеру, гаршчок служыў i для змесціва прадуктаў, i для гатавання стравы, i для пітва,

Бронзавы век звяртае на сябе ўвагу разнастайнасцю керамічных вырабаў. Найбольш характэрная ix рыса на тэрыторыі Беларусі — пласкадоннасць, хаця на раннім этапе былі i кругладонныя вырабы. Пры гэтым розныя плямёны мелі толькі ўласцівыя для сябе наборы формаў i тыпаў посуду ca сваімі адмысловымі арнаментамі i нават сваімі тэхналагічнымі асаблівасцямі.

Як i раней, найбольш распаўсюджаны выраб — гаршчок, аднак ён становіцца плоскадонным, набывае звужаную шыйку i адагнутае венца. Падобныя формы атрымалі збанкі, але яны былі высокія, мелі, як правіла, меншае дно. Існавалі i слоікападобныя пасудзіны, пасудзіны ў выглядзе «латкі» з плаўна разведзенымі ўверх сценкамi, кубкі, некаторыя нават з ручкамі, міскі.

З гліны пачалі вырабляць i тыглі для плаўкі медзі i бронзы, формачкі для адліўкі металічных рэчаў. Глінай абмазваліся сцены хацін, падлога, агнішчы. З гліны, нарэшце, вырабляліся праселкі, неабходныя ў прадзенні пры вырабе нітак.

Няма доказаў, што кераміка на нашай тэрыторыі выраблялася i для абмену. У гэтым не было патрэбы, бо гліна, прыдатная для вылепкі пасудзін, сустракалася практычна паўсюдна, i да таго ж усе прыблізна аднолькава добра валодалі сакрэтамі першабытнага ганчарства.


Загрузка...