Рэлігія ў бронзавым веку, як i ва ўсе першабытныя часы, грунтавалася на анімізме — веры ў існаванне духаў i душ, волі якіх нібыта падлягаюць усе навакольныя прадметы i з'явы. Важнае месца ў такіх уяўленнях займаў культ продкаў. Найбольш яскрава гэта вера ў духоўнае праяўлялася у пахавальных абрадах. Нашы продкі верылі, што i пасля смерці людзі будуць жыць «на тым свеце», паляваць на дзічыну, лавіць рыбу, займацца земляробствам i жывёлагадоўляй, вырабляць крамянёвыя i каменныя прылады працы, плавіць медзь i бронзу, мужчыны — ваяваць, жанчыны — займацца хатняй гаспадаркай i гатаваннём стравы. Карацей кажучы, уяўлялася, што смерць — гэта як бы працяг зямнога жыцця ў новай форме. Таму нябожчыкаў клалі ў магільныя ямы ў позе сну — скурчанымі i на адным з бакоў, побач складалі разнастайныя рэчы — прылады працы, зброю, глінянае начынне з ежай, упрыгожанні. Нават ставіліся ў магілах разнастайныя збудаванні, якія былі падобны на жыллё. Лічылася, што, перайшоўшы ў свет духаў, душа памёршага можа дапамагаць або шкодзіць жывым суродзічам. Таму яе стараліся задобрыць рознымі дарункамі, магічнымі рытуаламі. Асабліва знатныя члены роду (правадыры, славутыя воіны) пасля смерці, на думку тагачасных людзей, станавіліся духамі-ахоўнікамі цэлага роду або племені.
Пра існаванне культа продкаў сведчаць не толькі пахаванні, але i выявы людзей на кераміцы, статуэткі.
Займаючыся земляробствам, разводзячы свойскую жывёлу, чалавек меў большую магчымасць непасрэдна назіраць разнастайныя працэсы i з'явы, у прыватнасці рост i размнажэнне жывых істот i раслін. Відаць, асабліва цікавілі i ўзрушалі загадкавыя з'явы нараджэння i смерці. Вырастанне раслін з зярняці ўспрымалася як уваскрашэнне да новага жыцця. Пры тым была заўважана непарыўная сувязь развіцця жывёльнага i расліннага свету з нябеснымі з'явамі— кожную раніцу нараджалася i як бы памірала вечарам сонца — крыніца святла i цяпла, без якога не магло існаваць жывое; усё вышэй падымалася сонца i даўжэй яно затрымлівалася на небе — цяплела, таялі снягі, ажывала прырода, i наадварот, калі ўсё меншую дугу апісвала нябеснае свяціла — карацеў дзень, халадала, затым наступала зіма i як бы смерць прыроды. Такія ж сувязі шукалі першабытныя людзі паміж становішчам іншых нябесных свяцілаў — Месяца i сузор'яў — i з'явамі ў наваколлі.
З часам узнік культ Сонца як вярхоўнага боства, якому падуладна ўсё існае, у тым ліку i розныя меншыя боствы i духі. Ад культа Сонца быў неадрыўны i культ агню як зямнога ўвасаблення нябеснага свяціла. Відаць, важную ролю ў з'яўленні культу агню магло адыграць i выпальванне ўчасткаў лесу пад поле, калі было заўважана, як агонь, знішчаючы лес, быццам даваў жыццё зярнятам, кінутым у попел.
Сведчанні культа Сонца i агню мы сустракаем ледзь не ў кожным пахаванні. Гэта i падсыпка попелу на дно магіл, i звычай пасыпаць у некаторых выпадках нябожчыкаў охрай, i памінальныя вогнішчы над магіламі, i арыенціроўка значнай часткі нябожчыкаў галавой на заходзячае сонца або тварам да сонца, на гліняных вырабах часта сустракаюцца сімвалічныя выявы нябесных свяцілаў, асабліва Сонца,— так званыя салярныя знакі, сярод якіх найчасцей мы бачым кругі з крыжападобнымі фігурамі, радыяльнымі лініямі ад цэнтраў кругоў, свастыкі.
Шаманы вядомы былі нават сярод найбольш прымітыўных народаў свету. Яны, пэўна, існавалі i ледзь не праз увесь каменны век. Роля такіх светароў, якія служылі «звязваючым звяном» паміж чалавекам i светам звышнатуральных сіл, у бронзавым веку надзвычай вырасла. З'явіліся нават шаманскія пахаванні. Пра афармленне рэлігіі ў бронзавым веку як пра складаную сістэму паняццяў i рытуалаў сведчаць i знаходкі спецыяльных культавых збудаванняў.
З уяўленнем пра ачышчальную жыватворную сілу агню i сонца пэўна звязана i з'яўленне звычаю спальвання нябожчыкаў. Абрад трупаспальвання ўзнік яшчэ ў ІІІ тысячагоддзі да н. э. у Месапатаміі. Другім яго цэнтрам стала Індыя. З часам гэты звычай пранік i ў Еўропу. На тэрыторыі Беларусі ён стаў вядомы яшчэ ў канцы існавання сярэднедняпроўскай культуры, a ў сярэдняй бронзе гэты звычай распаўсюдзіўся сярод плямёнаў сосніцкай i тшцінецкай культуры.
Некаторыя вучоныя лічаць, што распаўсюджанне абраду трупаспальвання на такіх велізарных тэрыторыях сведчыць аб узнікненні першай сусветнай рэлігіі сонцапаклоннікаў.
У бронзавым веку працягвала існаваць i вера ў роднасную сувязь людзей з пэўнымі відамі жывёл i раслін, з прадметамі — татэмізм.
Шмат якім рэчам чалавек бронзавага веку надаваў звышнатуральныя ўласцівасці. Такімі фетышамі — абярогамі — пэўна былі каралі з зубоў жывёл, зубы мядзведзя, бурштынавыя вырабы і, магчыма, медныя аздабленні. Але адначасова ўсе медныя, касцяныя, бурштынавыя i металічныя ўпрыгожанні мусіць у першую чаргу ўсё ж служылі задавальненню эстэтычных запатрабаванняў першабытнага чалавека. Можна думаць, што ў бронзавым веку зараджаўся i культ баявой сякеры, якая амаль заўсёды клалася нябожчыку ў магілу, часам адмыслова аздаблялася, а некаторыя экземпляры маглі быць рытуальнымі прыладамі або жэзламі — адзнакамі военачальнікаў, старэйшын i, мабыць, светароў.