З гісторыі вёскі


Калі ехаць з Баранавіч на Беласток, то адразу пры шашы за Слонімам раскінулася вёска Чамяры. Яшчэ ў 1905 годзе ў ёй пражывалі 800 жыхароў, а цяпер — напалавіну менш (на 1 студзеня 2003 года — 197 двароў, 419 жыхароў). Тады вёска складалася з хутароў. І каб сёння ўсе іх абыйсці са старэйшым чамяроўцам-экскурсаводам, які расказаў бы пра лёс жыхароў кожнага хутара, не хапіла б і цэлага тыдня.

Паводле народнай легенды, яшчэ ў XIV стагоддзі ў даліне ракі Валобрынка пасялілася 17 сем’яў з урочышча Падоськавічы. З Падоськавіч яны ўцяклі ад эпідэміі чумы, якая там успыхнула ( у народзе гэтую хваробу на Слонімшчыне называлі чамер). Нават у сварцы можна было пачуць: “Ах, каб цябе чамер пабраў!”. [1]

Паводле іншай легенды, назва вёскі Чамяры паходзіць ад расліны чамярыцы, якой тады шмат расло ў пойме ракі Валобрынкі.

Вёска Чамяры знаходзіцца на шляху з Захаду на Усход. Усе войны, якія праходзілі праз Беларусь, не міналі Чамяроў. Нават сёння адзін з пагоркаў за вёскаю мясцовыя жыхары называюць Шведскаю гарою. У час Паўночнай вайны ў 1700-1721гадах тут шмат загінула шведаў. А тры іншых пагоркі, па словах чамяроўцаў, гэта брацкія магілы французскіх салдат і афіцэраў 1812 года. Праходзілі праз Чамяры яшчэ і нямецкія, і польскія, і рускія “вызваліцелі”. Ад іх толькі гінулі людзі, знішчаліся вясковыя хаты, сады, агароды, лес. Але Чамяры і чамяроўцы не скарыліся, выстаялі, перамаглі, адужалі шматвякавое гора і бяду.

У 1550 годзе вёска Чамяры (Чамяровічы, Чэмяровічы, Чамеры) ўпамінаецца як дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старосце Вялікага Княства Літоўскага. З 1594 года Чамяры становяцца цэнтрам войтаўства Слонімскага староства. Праўда, з XVII стагоддзя войтаўства знаходзілася на чыншавым становішчы, аднак землеўладальнікі рабілі спробу перавесці сялян у разрад цяглавых, патрабуючы ад іх выканання паншчыны, што выклікала з боку вяскоўцаў супраціўленне. На працягу 1660-1690-х гадоў сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці і дабіліся магчымасці плаціць толькі грашовы чынш. У 1679 годзе чыншавае становішча вёскі было пацверджана нават каралём: “Хотя король издал упомянутый декрет, это нисколько не мешало его канцелярии выдавать тем же крестьянам Слонимского староства подтверждения и новые грамоты на замену отработочных повинностей чиншем и др. В 1679 году, например, с.Соколово было выдано подтверждение пожалованной ему королём грамоты на голый чинш. Такие же подтверждения получили крестьяне сёл Лопухово, Кракотка, Переволока, Сосновка, Кокощицы, Селявичи, Чемеры, Ходевичи и др.”. [2]

Чамяроўскіх сялян усероўна прымушалі выконваць паншчыну. Але яны аднойчы дружна заявілі, што ніякіх павіннасцей выконваць не будуць. Так і сталася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

У 1794 годзе многія чамяроўцы падтрымалі Кракаўскі акт аб пачатку паўстання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай акупацыі. З лозунгам “Вольнасць. Цэласць. Незалежнасць” чамяроўскія сяляне папаўнялі атрады М.К.Агінскага, Ф.Сапегі, К.Серакоўскага і змагаліся за сваю Айчыну. Але паўстанне ў канцы верасня 1794 было задушана рускімі войскамі. Многія чамяроўцы загінулі, а некаторых саслалі на катаргу. З гэтага часу вёска Чамяры і яе жыхары апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі ў вёсцы тады засталіся толькі 42 сялянскія душы мужчынскага полу.

Моцна закранула чамяроўскіх сялян рэформа 1861 года, якая не дала ні зямлі, ні волі, а, наадварот, выклікала вялікае незадавальненне. У 1863 годзе на Беларусі пачынаецца паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое дружна падтрымалі і чамяроўцы. У кастрычніку 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск на паштовых конях, Кастусь Каліноўскі ў Слонімскім павеце раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Найбольш нумароў было раздадзена сялянам і раскідана ў вёсках Чамяры, Сынковічы і Шайнякі. Але хутка аб гэтым даведаўся прыстаў 2-га стану Слонімскага павета Л.Агацін, які праехаўся па гэтых вёсках і ў Шайняках знайшоў некалькі паасобнікаў газеты. З кніг запісу падарожных ён даведваецца, што распаўсюджвальнікам быў Каліноўскі. Агадзін хутка піша рапарт гродзенскаму губернатару І.Галеру: “Временнообязанным крестьянам от некоторого времени подбрасываются злонамеренными людьми экземпляры брошюр для чтения под заглавием “Мужыцкая праўда”. Брошюры эти крестьяне, читая между собой, извлекают разнородную мысль…”.[3]

У сярэдзіне мая 1863 года Кастусь Каліноўскі і паўстанцкі цывільны начальнік Гродзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі зноў завіталі ў Слонімскі павет з мэтай праверкі дзейнасці паўстанцкіх атрадаў. Яны пабывалі ў паўстанцкім лагеры пад Мілавідамі, дзе групавалася некалькі атрадаў пад камандаваннем палкоўніка Аляксандра Лянкевіча (“Ляндэра”). Кастусь Каліноўскі выступіў перад паўстанцамі з прамовай, у якой заклікаў іх да барацьбы за волю. У атрадзе Ляндара, а таксама ў атрадах Млотака каля Ваўкавыска, Уладака каля Пружан (Млотак, Уладак — псеўданімы.— С.Ч.) знаходзіліся дзесяткі чамяроўцаў. Калі паўстанне было падаўлена, многіх жыхароў Чамяроў расстралялі, а таксама адправілі на катаргу і пасяленне ў Сібір. Шмат чамяроўскіх мужыкоў змагалася ў атрадзе Карла Масальскага. Аднойчы яго схапілі рускія царскія салдаты, закавалі ў кайданы, пасадзілі ў драўляную клетку і некалькі дзён вазілі па вуліцах Слоніма, каб гэтым застрашыць мясцовы люд. Развітацца з Карлам Масальскім прыйшлі ўсе чамяроўцы і людзі з суседніх вёсак. Яны кідалі яму ў клетку кветкі і харчаванне, а калі кіраўніка атрада на плошчы каля касцёла святога Андрэя ў Слоніме расстралялі, ноччу ўкралі яго цела і пахавалі.

Пасля паўстання 1863 года жыццё чамяроўскіх сялян не паляпшылася, а наадварот яны цярпелі ад недахопу зямлі, непасільных падаткаў, ад розных працоўных павіннасцяў. Гэта вельмі ўплывала і на ўзаемаадносіны людзей вёскі. Як расказваў мне некалі слонімскі гісторык, былы дырэктар Чамяроўскай няпоўнай сярэдняй школы Аляксандр Жукоўскі (1920-1995), у 1890 годзе чамяровец Іван Хвясеня атруціў сваіх братоў Георгія і Ануфрыя, каб стаць адзіным спадчыннікам надзелу зямлі бацькі. Ці, напрыклад, такі выпадак: ажно сем гадоў працягваўся суд за мяжу — палоску зямлі шырынёй каля 20 см — паміж Іванам Андрэевічам Міско і Андрэем Вікенцьевічам Міско. А Вікенцій Кудзелька ў спрэчках за зямлю застрэліў нават сваю швагерку і яе сфёкра. Адзінай уцехай для чамяроўскага селяніна-бедняка ў той час была мясцовая карчма, дзе за кварту гарэлкі карчмары Іцко і Ласка выманьвалі ў вяскоўцаў мерку мукі альбо штосьці іншае.

У канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў большасць чамяроўцаў не мелі ніякай адукацыі. Да 1880 года ў вёсцы быў так званы “гарнцавы настаўнік”, які па чарзе вучыў дзяцей па хатах. За гэту вучобу настаўніку трэба было плаціць альбо збожжам, альбо грашыма. І багацейшыя чамяроўцы сваіх дзяцей вучылі. Аляксандр Заградзін, напрыклад, пасля чамяроўскай адукацыі, у той час скончыў Варшаўскі політэхнічны інстытут. Даслужыўся да штаб-капітана царскай арміі, а пасля перайшоў на бок бальшавікоў. У 1920 годзе ў складзе Каўказскай арміі аднаўляў нафтавую прамысловасць Грознага, дзе і загінуў.

У 1905 годзе ў Чамярах было адкрыта аднакласнае царкоўна-прыхадское вучылішча. Чамяроўскія дзеці пачалі атрымліваць там першую адукацыю. Некаторыя з іх пасля вучылішча ішлі працаваць, а іншыя — ехалі ў Вільню па новыя веды. Але гэтая адукацыйная радасць была нядоўгай, бо пачалася Першая сусветная вайна. Многія кармільцы сем’яў апынуліся на фронце, а іншыя ў жніўні 1915 года, ратуючыся ад бяды, пакінулі родныя хаты і адправіліся ў глыбіню Расіі. А многіх беларусаў проста адсюль выганялі рускія казакі, палілі іх хаты і хлявы, абяцаючы, што там, у Расіі, ім усё кампенсуюць. Але там чамяроўскія бежанцы, як і многія беларусы, зазналі шмат новых пакут і гора. А пра нейкую кампенсацыю ў Расіі ніхто ніколі не ўспамінаў і да сённяшніх дзён пра гэта не згадваецца. А шкада… Вось якія ўспаміны пра час бежанства пакінуў чамяроўскі паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско): “Адным з найбольшых для чалавека дароў прыроды з’яўляецца памяць. Памяць свайго, роднага, без чаго цяжка, а ў некаторых выпадках і немагчыма жыць. Вядома, зразумеў я гэта не тады, як у жніўні 1915 года сям’я адпраўлялася ў бежанства, а значна пазней, як вырас і ўсё пачаў асэнсоўваць. Не скажу, што тады мне было кепска з бацькамі. Не, было добра, і ўсё ж нешта незразумелае азмрочвала дзіцячы настрой, заносіла на плач. Увесь час перад вачыма стаяла тая сцяжынка ад хаты да гумна. Калі ўспамінаю мінулае, то здаецца, быццам гляджу на тую дарожку праз адвернуты бінокль.

У бежанстве давялося жыць у двух гарадах. Мабыць, па нейкім размеркаванні наша сям’я прыбыла ў невялікі гарадок Казанскай губерні. Дзед быў добрым бондарам і адразу ўзяўся за прывычную работу. І я цешыўся з яго работы. Не так з работы, як з клёпачных абрэзкаў, з якіх будаваў домікі, выкладваў на падлозе чыгуначныя саставы. Бацька нудзіўся, не знаходзячы сабе занятку, хоць быў някепскім дзесятнікам — практыкам дарожнага будаўніцтва. У хуткім часе, даведаўшыся, што патрэбныя кадры спецыялістаў на пракладцы чыгункі ў ваколіцах Кіева, махнуў туды і замацаваўся. А вясною прыехалі да бацькі маці і я.

Знаходжанне на Украіне, наддняпроўскія прасторы, куды часта браў мяне бацька, фармавалі маё далейшае дзяцінстваю. Здаваўся цудам прымітыўны від транспарту — дрызіна. Захаплялі сваім хараством бясконцыя квітнеючыя лугі, фантастычныя слупы белага дыму ад кастроў, калі ў абедны перапынак рабочыя смажылі на ражэнчыках сала.

Пад вечар — ізноў на дрызіне — вярталіся ў горад. Маці ўсе вочы прагледзела, чакаючы нас. Яна моцна сумавала: “Калі паедзем дадому?”. “Хутка паедзем”, — адказваў бацька і сам упадаў у нейкае задуменне. Смутак бацькоў перадаваўся мне, перад вачыма паўставала сцяжынка, што пралягла ад хаты да гумна.

А справа з выездам на Радзіму была вельмі зразумелая — не хапала цягнікоў, таму і не прадавалі білетаў.

І вось аднойчы на панадворку загрукаталі колы. Гэта бацька прыехаў, купіўшы каня і воза… Паклаўшы на воз небагаты скарб, нарэшце вырушылі ў дарогу і ўзялі курс на Слонім.

Дарога не радавала. Трапляліся спаленыя вёскі, разбураныя хаты. “А што нас чакае дома?” — задавалі пытанне то бацька, то маці. Яшчэ здалёк бацька ўбачыў хату і лёгка ўздыхнуў: стаіць… Так, хата стаяла, нават тырчаў серп пад страхой, заткнуты пад крокву. А гумно згарэла. І дарожка да яго зарасла палыном, крапівой і лебядою. Словам, летам 1918 года мы былі дома.

Назаўтра паехалі аглядаць поле. Палоска зарасла густым бярэзнікам. Бацька распаліў агеньчык, пачаў высякаць лясное наступленне, а я цягаў гэта на касцёр.

Вельмі цяжка было аднаўляць гаспадарку. Дакучаў і знясільваў голад. Неяк перазімавалі. Варылі крапіву і тую ж лебяду, што буяла навакол. У самую галадуху вярнулася з-пад Казані другая палавіна сям’і. Старыя не вытрымалі, апухлі і хутка памерлі. Страцілі мы яшчэ дзве душы — заўчасна памерлі маленькія брат Саша і сястрычка Галя…”.[4]

У 1918-1921 гадах вярталіся з бежанства і іншыя чамяроўцы. Многім з іх убачыць родныя мясціны так і не ўдалося: адны памерлі ад холаду і голаду ў глыбіні Расіі, іншыя — па дарозе дамоў. А тыя, хто вярнуўся, спазналі таксама шмат гора, якое пакінула вайна. Ды і вёска Чамяры Слонімскага павета паводле Рыжскага мірнага дагавору адышла пад Польшчу. Але, нягледзячы на гэта, яе жыхары вярталіся здалёк дамоў, бо родная зямелька —як зморанаму пасцелька. Ці як кажуць у Чамярах: у сваёй хаце і вуглы дапамагаюць. Але не ўсім чамяроўскія вуглы дапамагалі: тыя, хто вяртаўся дамоў — іх чакалі новыя выпрабаванні. Пра гэта добра згадаў у сваёй кнізе “Маё маўклівае сэрца” яшчэ адзін знаны чамяровец — журналіст і публіцыст Якуб Міско (1911-1981): “Першы раз ехаў я ў пасажырскім вагоне, і міжвольна прыгадаўся мне той таварны цягнік, які чатыры гады назад вёз нас — бежанцаў — з Тамбоўскай губерні дадому. Як пераехалі за Негарэлым мяжу — пачалася Польшча. На мяне тады гэта не зрабіла асаблівага ўражання. Усё адбылося неяк звычайна, без хваляванняў. Пераехалі мяжу, і ўсё. Учора былі яшчэ Саветы, а сёння, калі ласка, Польшча. Што яно такое, гэтая Польшча, ніхто толкам не ведаў. Запомнілася адно — чужая, датуль не чутая мова, нейкія вельмі вялікія і блішчастыя казыркі на шапках начальнікаў, іх воклічы:

— Прэндзэй, прэндзэй!

У Баранавічах быў каранцінны пункт для бежанцаў. Там у бараках лютавалі хваробы, асабліва тыф. Яны касілі людзей бязлітасна.

Мы прасядзелі ў каранціне два тыдні, а адтуль ужо нас адправілі ў Слонім. Я амаль не памятаў ні Чамяроў, ні свае хаты, бо, як уцякалі ў 1915 годзе ад немцаў, быў яшчэ зусім малы. І ніяк не мог зразумець, што гэта адбываецца. Ужо каторы раз дапытваўся ў бацькі:

— Тато, а чаго мы туды едзем?

Бацька тлумачыў:

— Як гэто — чаго? Там, сынок, наша зямля… Бацькаўшчына.

У Слоніме, выгрузіўшы клункі з вагона, бацька з іншымі мужчынамі падаўся шукаць якіх-небудзь фурманак, каб даехаць да Чамяроў. Толькі ў другой палове дня, паклаўшы на воз небагаты скарб, мы рушылі ў вёску, да якой было пяць кіламетраў. Па дарозе бацька не вытрымаў, збочыў-такі на сваю, першую ад горада палоску зямлі. Яму вельмі рупіла паглядзець, якая яна, гэтая палоска, пасля шасці гадоў разлукі, што на ёй расце. Праз нейкі час ён дагнаў нас. Быў задаволены, у руках трымаў некалькі бульбін.

— Так што будзем з картоплямі. Нехта пасадзіў на нашым полі. За работу і насенне аддамо, што належыцца, а картоплі выкапаем самі. Картоплі някепскія.

І вось наша паселішча.Маці як глянула, так і залямантавала на ўвесь грудок: “А божа ж мой, божа! А што ж мы будзем рабіцемем? Гэта ж ні хаты, ні латы!..”.

Там, дзе некалі былі хата і хлеў, цяпер тырчаў толькі насуплены комін. Вакол яго на грудках буяў быльнёг ды крапіва. Нідзе ні шульца, ні парканіны. Стаяў і ціха шапацеў адзін толькі ясень з шырокай прыгожай кронай — маўклівы сведка ўсяго, што тут адбывалася ў апошнія гады. Ён перажыў пажары, чуў выбухі гарматных стрэлаў, бачыў кайзераўскіх немцаў, польскіх легіянераў, Чырвоную Армію. Такія ж папялішчы былі ў суседзяў — Саванцоў, Папкоў, Стасёў... Вайна прайшла тут вогненным валам.

Тым часам набеглі суседзі, што вярнуліся з бежанства крыху раней. Пачаліся здароўканне, роспыты, плач. Усё злілося ў суцэльны гоман.

— Ну што, Гарасім, знацца, таксама на бацькаўшчыну?

— Пацягнула, брат, як магнітам. І Захар вунь Стасеў прыехаў, і Іван Ляснічаў…

— А мая ж ты Мар’ечка! Гэто ж якая, няўрокам кажучы, была, гэдака і вярнулася. Дальбог, не пастарэла.

— Ой, дзе ты бачыла, Агата.

— А хлопцы гэто ўжэ гэтакія. А-ёй, то ж не пазнаць.

— Дзякаваць Богу, растуць. А вы ці даўно вярнуліся?

— Не, якраз на спасаўку.

Бацька гаварыў, распытваўся пра тое, як тут жывецца, а з галавы, відаць, не выходзіла думка: што рабіць? Трэба ж недзе прыткнуцца. Восень на дварэ. Пад небам начаваць не будзеш. Мацеры сказаў:

— Ну, годзе. Плач не плач, а трэба нешта рабіць. Вось, кажуць, уласць памагае. Картопель сваіх накапаем. Неяк будзе. Як усе, так і мы.

З другога канца грудка прыйшоў дзядзька Іван, які таксама прыехаў разам з намі.

— Я думаю так, — сказаў ён, — няма чаго тут выдумляць. Збірайце манаткі — і да мяне. Хата, дзякаваць Богу, ацалела. Пакуль што якое — будзем жыць.

Так нас, былых бежанцаў, сустрэлі родныя гоні. Спадзяванні бацькі наконт таго, што “ўласць дапаможа”, не спраўдзіліся. Куды ён ні патыкаўся — у гміну ці ў павет, — ніхто нічога не абяцаў: ні хлеба, ні дзерава, ні пазычкі на тое, каб прыдбаць каня. Бацьку, праўда, не пакідала вера ў справядлівасць. Быць не можа, гаварыў ён, павінна быць нейкая падмога. Казалі ж, што пагарэльцаў не пакінуць у бядзе.

Але чым больш абіваў парогі розных устаноў, тым большы одум агортваў яго. Аднаго дня вярнуўся з горада змізарнелы, галодны, сеў ля стала, падпёр далонню галаву, сказаў:

— Каб яны так сонца бачылі, як мы ўбачым ад іх палёгку.

Маці моўчкі паставіла на стол міску капусты, палажыла лусту хлеба, асцярожна спыталася:

— Нічога не дастукаўся?

— Трасцы ў іх дастукаешся.

— Яшчэ не разумеў я ўсяго сэнсу бацькавых слоў, але ў маю свядомасць ужо непрыкметна ўваходзіла нешта такое, чаго дагэтуль не адчуваў. Узіраўся на бацьку, на худы, засмучаны яго твар, на тое, як нервова варушацца яго жаўлакі, і мне рабілася балюча.

Марным аказалася і спадзяванне на ўласныя картоплі. Праз некалькі дзён пасля прыезду дамоў мы, узяўшы мяшкі і пазычаныя ў суседзяў капачкі, усім гуртам выправіліся па “свае” картоплі. Якое ж было наша здзіўленне, калі ўбачылі, што на тым полі ад бульбы застаўся толькі след. Нехта пастараўся выкапаць так чыста, што не пакінуў ніводнага клубня…”.[5]

З 1921-га да верасня 1939-га гадоў вёска Чамяры ўваходзіла ў склад Польшчы. У 1921 годзе яна налічвала 80 двароў у якіх пражывалі 418 чалавек. Гэта былі нялёгкія гады для чамяроўцаў. Цяжкім ярмом на сялян клаліся розныя падаткі, быў вялікі разрыў у цэнах на сельскагаспадарчыя прадукты і прамысловыя тавары. Асабліва дорага каштавала лячэнне. У музеі сярэдняй школы № 4 г.Слоніма захоўваецца прадпісанне Чамяроўскай гміны на імя жыхара вёскі Чамяры Аляксея Дэйкі. Селяніну Дэйку прапаноўвалася на працягу сямі дзён унесці ў касу Слонімскай гарадской бальніцы 366 злотых за лячэнне паломанай нагі. Столькі ж каштавалі, напрыклад, 183 пуды збожжа. А восенню за 366 злотых можна было тады купіць 5-6 кароў. А каб пасці гэтых кароў у дзяржаўным лесе, таксама трэба было плаціць. Гэта пацвярджае яшчэ адзін дакумент са школьнага музея — квітанцыя, выдадзеная Слонімскім надлясніцтвам на імя чамяроўца Я.К.Міско. У ёй чорным па беламу напісана, што вясковец за права пасці жывёлу ў лесе павінен заплаціць 13 злотых…

Але ў гэты час у Чамярах пачаў узмацняцца нацыянальны рух, галоўным завадатарам якога быў мясцовы інтэлігент і педагог Максім Бурсевіч. У 1925 годзе з дапамогай сваіх землякоў ён адкрыў у вёсцы прыватную беларускую школу. Знайшлася прасторная хата якраз пасярэдзіне вёскі. Выпісалі з Вільні сякія-такія падручнікі. Мужчыны парабілі парты, і заняткі пачаліся. Цеснавата было, не хапала кніжак і сшыткаў, але дзеці з вялікім настроем беглі ў школу. У сваю школу, дзе гучала родная мова. Але тады Максім Бурсевіч адчуваў, што за беларускую школу польскія ўлады яго не пагладзяць па галоўцы. І тым не менш, ён рабіў усё, каб у самадзейнай школе было так, як у сапраўднай, а можа нават і лепш. Тут вучылі не толькі пісаць і чытаць, але пачалі наладжваць вечары мастацкай самадзейнасці, у якіх прымалі ўдзел і вучні, і іх бацькі. Яны дэкламавалі беларускія вершы, спявалі песні, паказвалі сцэны з “Паўлінкі”, “Прымакоў” і з іншых п’ес.

Тры мясяцы існавала беларуская школа ў Чамярах. Усё, здавалася, ішло добра, пакуль аднойчы ў час заняткаў у клас не ўвайшлі два паліцыянты. Адзін з іх аб’явіў, што школа зачыняецца, таму вучні могуць ісці дахаты, а пан настаўнік няхай застанецца.

— Вы не маеце права, — запратэставаў Максім Бурсевіч. — Гэта гарантавана канстытуцыяй.

— Ёсць рашэнне павятовай улады, — паведаміў старшы паліцыянт.

У настаўніка яны зрабілі допыт, напісалі пратакол і сказалі яму:

— Вы праводзіце бальшавіцкую работу.

Максім Бурсевіч усміхнуўся:

— Калі беларуская асвета — гэта бальшавіцкая работа, дык бальшавікі, відаць, нядрэнныя людзі…[6]

Але родную школу ў Чамярах закрылі. Беларускія паслы ў сейме рабілі нават запыт міністру асветы. Яны патрабавалі растлумачыць, на якой падставе ў Чамярах была закрыта беларуская школа? Чаму парушаецца Канстытуцыя Рэчы Паспалітай? Але гэта не дапамагло. У вёску прыслалі новага настаўніка-паланізатара, які пачаў агітаваць бацькоў, каб іх дзеці ішлі вучыцца ў польскую школу. Пра барацьбу чамяроўцаў за родную школу сведчыць артыкул “Барацьба сялян вёскі Чамяры за адкрыццё беларускай школы”, які быў змешчаны ў газеце “Савецкая Беларусь” за 4 сакавіка 1925 года. Вось што пісала газета: “Першага сакавіка ў Чамярах адбыўся сельскі сход, скліканы па загаду гміны. Грамада сабралася вялікая, каля 75 асоб. Сакратар гміны запрапанаваў сходу, каб усе дзеці. Якія хадзілі ў прыватную беларускую школу, зараз жа пайшлі да школы польскай. Калі не пойдуць, дык бацькі будуць пакараны штрафамі, а гміна сцягне і тыя штрафы, якія былі накладзены на вёску ў лістападзе. Абапіраючыся на тое, што цяпер вёска беларускай школы не мае і дзеці зусім не вучацца, інспектар і гміна прымусяць дзяцей пайсці да школы польскай. Сход гэтай заявай быў абураны, і грамада пачала прасіць сакратара гміны запісаць пратакол: “Каб вучыцеля з Чамяроўскай польскай школы ўлады найхутчэй забралі і перавялі ў тую вёску, дзе ёсць шмат палякаў, а ў Чамяроўскую школу, каб далі таго, каго вёска папросіць і дзеці-вучні пажадаюць. А пакуль гэных змен не будзе, пакуль польскі вучыцель будзе ў школе біць дзяцей за тое, што яны не разумеюць польскай мовы, дык ніводнае дзіця не пераступіць парога польскай школы. Хай не толькі штрафуюць бацькоў за дзяцей, але катуюць іх за дзяцей, бацькі не згодзяцца пасылаць сваіх дзяцей на катаванне, а дзеці, хто як зможа, будуць уцякаць ад ката”. Сакратар гэтай заявы ад сходу запісаць адмовіўся, аднак, мусіць баючыся абуранага настрою сходу, абяцаў жаданне сходу абгаварыць на паседжанні гміннай рады. На гэтым сход і закончыўся.

Такім чынам селянін, не баючыся ні штрафаў, ні арыштаў, згаджаючыся нават на катаванне, стойка стаіць за сваю мову, за родную школу, за беларускасць. І хаця існаваўшую ў Чамярах прыватную беларускую школу зачынілі, але існуючага ў беларускага селяніна духу ніхто не зможа. Чамеравец”.

Пад псеўданімамі Чамеравец, Чамяровец, Чэмеравец, Беларус, Вачавідзец, Трылісьцік, Трылісьцінік, Янка Ведайка, Чупрановіч, Хлопчык, па словах Янкі Саламевіча, аўтара “Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)”, у беларускім савецкім і віленскім друку выступаў сам Максім Бурсевіч. Вось што Чупрыновіч пісаў у віленскай “Беларускай вёсцы” 2 снежня 1925 года, дзе былі змешчаны дзве яго інфармацыі з Чамяроў пад загалоўкамі “Арышты” і “Змаганьне за родную школу”. У “Арыштах” ён паведамляў: “Як ведама, арышты ў Заходняй Беларусі зьяўляюцца звычайнаю праяваю, так сказаць, грамадскага жыцьця. Арыштамі ўлада, відаць, хоча забіць усялякі рух на т.зв. “Крэсах” як нацыянальны, так і культурны. Арыштоўваюць вельмі часта людзей зусім нявінна, але толькі абы тэрорызаваць. Гэтак ужо нядаўна сталіся гэтакія арышты. У в. Чамяры арыштавалі 16 асоб. З ліку арыштаваных 14 былі звольнены праз дзён 10, а двох сядзелі ажно па сем тыдняў і пусцілі іх пад залог усяе маёмасьці — 20 кастрычніка. Прычына арышту — нібы падвышка гадоў, каб ня йсьці да войска. Дык былі заарыштаваны і тыя, хто нібы — падвышаў гады, і сьведкі іх і солтыс. 5 кастрычніка з вёскі Чамяры заарыштавалі жыхара Якава Пракапчука і пасадзілі ў вастрог у Слоніме. Прычыны — нікому ня вядомы. Пракапчуку каля 60 гадоў і ўся вёска (ажно 55 асоб) сьцьвердзіла сваімі подпісамі прыгавор, што Пракапчук жыў дома ціха, палітыкай не займаўся, карыстаўся заўсёды чэсьцьцю справядлівага жыхара грамады і г.д. Подпісы людзей і справядлівасьць сказанага ў заяве-пратаколе сьцьвердзіў пячаткаю і сваім подпісам грамацкі солтыс. Пратакол і заява-просьба пераданы ў канцылярыю пана Пракурора — аднак жа вёсцы нявераць і арыштаваны сядзіць сабе ў вастрозе. Дык што ж рабіць яшчэ, каб паверылі і згадзіліся з прозьбай цэлай вёскі?!.”.

У другой інфармацыі з Чамяроў Чупрыновіч паведамляе: “У свой час вёска Чамяры злажыла 63 дэклярацыі на 81 вучняў і падала да павятовага шк.Інспэктара. За пасьведчаньне дэклярацыяў заплацілі гміне ажно 31 зл. 50 гр. Праз нейкі час усіх даклярантаў вызваў да сябе ў канцылярыю шк. Інспэктар Кажан і дамагаўся зрачыся роднай школы, але дэкляранты стаялі на сваём. Тады была вывешана аб’ява, каб да 20 чэрвеня злажылі заявы, хто хоча школы польскай. Аднак з школьнага абводу ніводнай заявы не падалі, і ў канцы канцоў цяпер маюць… тую ж польскую школу з польскай “навучыцелькай”!.. І старыя, і малыя плачуць моўчкі, каб мець родную школу, але нічога зрабіць не могуць. Таварыства Беларускай Школы ў Радашкавічах падало заяву да пана Куратара шк. вокругу ў Беластоку, каб далі канцэсію (права) адчыніць у Чамярах прыватную беларускую школу, але да гэтага часу ад 20 траўня г.г. ніякіх чутак нямашака. Відаць, зноў дзеткам замест роднай мовы прыдзецца праз цэлую зіму ганяць сабак па вуліцы. А ці адна зімачка ўжо прапала?”.

Дарэчы, дзякуючы Максіму Бурсевічу, штогод, пачынаючы з 1926 года, чамяроўцы паступалі і вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сярод іх былі Анатоль Іверс, Якуб Міско, Ігар Бурсевіч, Фіякціст Міско, Мікола Бурсевіч і іншыя хлопцы. Максім Бурсевіч быў знаёмы і сябраваў з дырэктарам гімназіі Радаславам Астроўскім. І калі ў каго з чамяроўцаў не хапала ведаў, дык праз Максіма Бурсевіча і Радаслава Астроўскага іх усероўна залічвалі ў гімназію. Пра гэта нават згадвае ў сваёй кнізе “Маё маўклівае сэрца” Якуб Міско: “На другі дзень я, добра наглянцаваўшы боты, пайшоў на прыём да дырэктара гімназіі Р.Астроўскага, несучы з сабою пісьмо ад Максіма Бурсевіча. Убачыў дзверы з надпісам “Дырэктар” і асцярожна пастукаў (так мне раіў Ігар (маецца на ўвазе Ігар Бурсевіч, аднакурснік і аднавясковец Якуба Міско.— С.Ч.). З кабінета данёсся зычны голас:

— Увайдзіце!

Я падаў дырэктару пісьмо і пачаў чакаць. Мне ўжо было вядома, што дырэктар — чалавек напышлівы і вельмі рэзкі. З надзеяй глядзеў на гэтага плячыстага мужчыну ў рагавых акулярах, на яго энергічны, аздоблены пышнымі рудаватымі вусамі твар. Астроўскі прачытаў пісьмо, кінуў на мяне позірк:

— Дзе вучыўся?

— Трохі ў Расіі, а пасля сам па сабе, — нясмела адказаў я.

— І думаеш у чацвёрты клас?

— Хацелася б.

— Ну-ну, — мармытнуў дырэктар. — Здавай экзамены, паглядзім.

Экзамены я здаў добра, і нават па нямецкай мове, якой вельмі баяўся…За добрую здачу экзаменаў мяне не толькі прынялі ў чацвёрты клас, а яшчэ аслабанілі ад платы за вучобу і за інтэрнат”. [7]

З успамінаў чамяроўскага паэта Анатоля Іверса (рукапіс іх захоўваецца ў аўтара гэтай кнігі, які перадаў Янка Саламевіч), згадваецца, што вакол Чамяроў у сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя пасялілася 14 польскіх вайсковых асаднікаў. Яны захапілі лепшыя землі, занявольвалі беднату, вялі ганенне на тутэйшае насельніцтва. Але людзі не маўчалі. У 1925 годзе ў Чамярах ужо дзейнічалі тры ячэйкі КПЗБ, а праз год узнікла і моладзевая арганізацыя. Была створана і актыўна дзейнічала таксама арганізацыя МОПРа. Анатоль Іверс у сваіх успамінах піша: “Імкнучыся знішчыць беларускую культуру і апалячыць беларусаў, правіцелі буржуазна-памешчыцкай Польшчы стваралі на вёсках розныя арганізацыі тыпу “Кулко млодзежы”, “Стшэлец”, дзе праводзілі ў адносінах мясцовага насельніцтва варожую агітацыю. Але людзі змагаліся з палітыкай акупантаў. Вось урывак са справаздачы Слонімскага акружкама КСМЗБ за лістапад 1932 года: “”Солтыс сумесна з настаўнікам арганізавалі “Кулко млоддзежы вейскей” (гурток сельскай моладзі) у вёсцы Чамяры. Каго ўзялі пагрозай, а каму паабяцалі льготы пры спагнанні падаткаў, крэдыты і г.д. Удалося арганізаваць чалавек да 30-ці. У вёсцы пачаліся п’янкі, бойкі. Жыцця не было. Наша камсамольская ячэйка вырашыла разбіць “КМВ”. Пачалі праводзіць шырокую растлумачальную работу і хутка нам удалося адлучыць частку моладзі ад “КМВ”. Цяпер “Кулко млодзежы вейскей” амаль замірае…”. Далей Анатоль Іверс успамінае: “Каб адцягнуць увагу ад барацьбы за свае правы, разбіць згуртаванасць сялян, польскія ўлады правялі ў вёсцы Чамяры так званую камасацыю (ліквідацыю цераспалосіц, сцаленне разрозненых участкаў з перасяленнем некаторых гаспадароў на хутары). І тым не менш у 1934 годзе ў Чамярах забаставалі рабочыя, якія працавалі на пасадцы лесу. Да іх далучыліся лясныя рабочыя з навакольных вёсак, што сведчыла аб салідарнасці працоўных.

Хоць палякі ліквідавалі масавыя легальныя арганізацыі, але дэфензіва не змагла знішчыць падполле. Страшныя катаванні ў засценках дэфензівы перанеслі Іван Багданчук, Мікалай і Сяргей Багданчукі, Іван Кароль, Якуб Міско, Даніла Хвясеня, Цімох Хвясеня і многія іншыя. Прайшла праз катаванні, польскія турмы, Картуз-Бярозу і чамяроўская дзяўчына Ганна Кароль. У канцы 1939 года вяскоўцы выбралі яе старшынёю сялянскага камітэта ў Чамярах. А з 1940 года да пачатку вайны яна працавала старшынёю Парэцкага, а пасля Шылавіцкага сельсаветаў на Слонімшчыне. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР...”.

Жыццё Ганны Кароль трагічна абарвалася ў снежні 1947 года. Яе застрэлілі ў сваёй хаце выстралам праз акно.

Пахавалі Ганну Кароль у Слоніме. А праз пэўны час адной з вуліц горада прысвоілі яе імя і ўстанавілі мемарыяльную шыльду.

Вядома, калі глядзець вачыма сённяшняга часу, то тады Ганна Кароль стала чарговай ахвярай савецкай улады. Большая палова слонімскіх сялян была супраць бальшавікоў і калгасаў. А чамяроўскай жанчыне, якая актыўна ўключылася ў “кіпучае стваральнае” жыццё, трэба была сілаю заганяць вяскоўцаў у калгасы, забіраць ад іх уласнае нажытае дабро і багацце. А каму хацелася з ім развітвацца? Хіба толькі для гультаёў і п’яніц — калгасы былі выратавальнай радасцю. А для астатніх людзей — не. Вось за гэта і заплаціла сваім жыццём чамяроўская савецкая актывістка.

Яскравай старонкай летапісу вёскі Чамяры было стварэнне і дзейнасць на яе тэрыторыі ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя легальных гурткоў Беларускай сялянска-рабочай грамады (БСРГ) і Таварыства беларускай школы (ТБШ). У дакументах архіўнага фонду “Комэнда паліцыі Слонімскага павета”, у справе са справаздачамі і данясеннямі паліцыі за 1926-1927 гады змешчаны звесткі, што 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета быў створаны гурток Беларускай сялянска-рабочай грамады. Старшынёю гуртка быў абраны Рыгор Іскрык, а сакратаром — Васіль Бурсевіч, казначэем — Васіль Міско, жыхары гэтай вёскі. Па дадзеных паліцыі гурток грамады ў Чамярах налічваў 60 сяброў. Дзейнасць Грамады была забаронена з 21 сакавіка 1927 года. [8] У дакументах архіўнага фонду “комэнда паліцыі Слонімскага павета”, у справе са справаздачамі паліцыі за 1928 год змешчаны звесткі, што па стану на 12 снежня 1928 года ў вёсцы Чамяры Чамяроўскай гміны Слонімскага павета дзейнічаў гурток Таварыства беларускай школы (ТБШ). Старшынёю гуртка быў Павел Міско, былы сябра Грамады. [9]

Бясспрэчна, і Грамада, і ТБШ праводзілі ў Чамярах вялікую культурна-асветную дзейнасць. Пра гэта шмат пісала віленская беларуская прэса. «Культурнае жыцьцё на вёсцы прабуджаецца і пачынае біць крыніцай, і гэта амаль пры поўнай адсутнасьці беларускіх школаў. А што ж было б, каб існавалі беларускія школы? Аб гэтым ня варта гаварыць, бо кожын ведае сам. Тое самае і ў нашай вёсцы Чамярох. У нядзелю 22.ІV.1928 г. стараньнем гуртка Т-ва Белар. Школы быў наладжаны сьпектакль-вечарына. У праграму ўвайшлі: «У зімовы вечар» — п’еса ў адным акце Ожэшковай, “Чорт і баба” — жарт у адным акце Ф.Аляхновіча, нацыянальныя скокі (“Юрка”, “Лявоніха”) і агульныя танцы.

П’есы прайшлі даволі жыва, хаця і заўважаліся пэўныя недахопы, а асабліва ў выглядзе сцэны і ў грыміроўцы артыстаў. Таксама відаць было заслабае веданьне роляў, і глядзельнікі задаволіліся тым, што бачылі перад сабою. Надта добрае ўражаньне на публіку зрабілі нацыянальныя танцы. Маладыя хлопцы і дзяўчаты пад гукі мандалінаў у нацыянальных касьцюмах досыць мастацка выканалі “Лявоніху” і “Юрку”, чым проста такі зачаравалі публіку.

Праграма закончылася а 12 гадзіне ночы і старыя спакойна з радаснымі настроямі, з добрымі надзеямі пайшлі дамоў на адпачынак, а моладзь зараз жа з’арганізавала агульныя танцы, і без гарэлкі, з здаровымі думкамі гулялі аж да другой гадзіны раніцы.

Трэба зазначыць, аднак, што ўсе былі надта засмучаныя тым, што пасьля сьпектаклю не было дэкламацыі вершаў, чым наагул глядзельнікі заўсёды надта захопліваюцца.

Не адбылася ж дэкламацыя з прычыны забароны Слонімскім старастаю, ня гледзячы на тое, што ўсе вершы, пададзеныя на перагляд, дазволены Віленскім Камісарам Ураду для дэкламацыі. Чаму гэта так шмат на гэтых бедных “Крэсах” Камісараў, лёгка даведацца таму, хто ведае панскую палітыку ў адносінах да разьвіцьця нацыянальных культураў.

Даход у суме 67 злотых пайшоў на карысьць Народнага Дому, які ўжо будуецца ў Чамярох.

Так расьце сьдомасьць працоўных Беларусі і ніякім спосабам ворагам працы ня ўдасца спыніць гэтага росту. Хлопчык”. [10]

Ці такі прыклад, пра які згадвала “Наша праўда” 16 ліпеня 1927 года: “Ня гледзячы на тое, што ў нядзелю 26 красавіка 1927 года ў в. Чамяры была згуляна п’еса Янкі Купалы “Паўлінка” разам з “Заручынамі Паўлінкі” нашы артысты пастараліся да касьбы, пакуль яшчэ гумна парожныя, падрыхтаваць п’есу “Мікітаў лапаць” Кудзелько, і з дазволу старасты ў нядзелю 3 ліпеня 1927 году згулялі яе. Уваход быў па білетах, цана якіх ад 20 да 50 грошаў. Народу было каля 300 чалавек — шмат болей, як на першай вечарыне. Увесь даход пайшоў на справы культурна-прасьветныя. Артысты згулялі свае ролі дужа добра, ня гледзячы на тое, што на падгатоўку было зусім мала часу. Народ вельмі захапіўся Чамяроўскім тэатрам, але, на жаль, прыходзіць час сенакосу і гумна ўсе запоўняцца сенам, збожам, так што ня будзе мейсца для спэктаклю. І вось, дзякуючы гэтаму, цяпер у іх з’явілася думка будаваць народны дом, дзе б маглі, без ніякіх перашкодаў, наладжваць спэктаклі і т.п. Хай жа гэта думка не пакіне іх аж да здзяйсненьня! Асаблівую ўвагу на гэта павінна звярнуць моладзь… Я.М.”.

Народны дом у Чамярах усё ж пабудавалі. Для гэтай мэты ва ўрочышчы Палаўшчына скасілі траву, высушылі і прадалі сена. А таксама зрэзалі частку грамадскага лесу і прадалі драўніну. Працавалі чамяроўцы талакою і Народны дом пабудавалі. Але ён не доўга праіснаваў, польская паліцыя дом зачыніла.

У Чамярах у другой палове 20-х і 30-х гадах мінулага стагоддзя было ўжо шмат пісьменных людзей. Некаторыя нават навучыліся чытаць і пісаць у бежанстве і з Расіі прывязлі сякія-такія рускія кнігі. Іх перадавалі з рук ў рукі і чыталі ўслых. Многія кнігі і часопісы прывозілі з Вільні. Таму цяга да друкаванага слова ў чамяроўцаў з кожным годам расла. Кніга рабілася людской патрэбай, але не кожны мог мець яе ці нават пазычыць у суседа.

І тады ўзнікла думка: а што калі ў вёсцы арганізаваць бібліятэку. Пачалі з таго, што некалькі пісьменных хлопцаў абышлі ўсе хаты, сабралі адразу некалькі дзесятаў кніг. Часова бібліятэку вырашылі размясціць ў хаце Герасіма Міско. Яго сын Якуб і Іван Міско збілі дзве сасновыя дошкі, пагаблявалі іх і зрабілі шыльду. На ёй напісалі: “Чамяроўская бібліятэка імя Якуба Коласа”. Пасля шыльду прыбілі да сцяны хаты.

Бібліятэка за кароткі час свайго існавання мела больш за тысячу тамоў. Былі там амаль усе беларускія кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні, творы рускіх пісьменнікаў, а таксама польская класіка — Міцкевіч, Славацкі, Сянкевіч. “Зрабілася неяк весялей і ўтульней. Што ні кажы, хоць невялікая, але свая бібліятэка. Такога ў сяле ніколі не было. Цяпер да нас наведваліся нават тыя, хто ледзь ведаў літары. Прыходзілі і з хутароў. Проста цікавіліся, што такое робіцца ў гэтай бібліятэцы. Памятаю, зайшла пажылая кабета. Спыталася:

— Казалі, тут е гэдака кніжка, што вельмі справядліва пра нас піша: нейкі Хранцішак ці што яе напісаў. Фамілію, далібо, забылася.

— Францішак Багушэвіч?

— Во, во, ён!

— Дык вы ж, цётка, чытаць не ўмееце.

— А мне ўнучак пачытае, ён — як рэпу грызе.

Прыйшлося даваць цётцы “Дудку беларускую”. Васіль Разомчыкаў дазнаўся недзе пра жыццёвы шлях Якуба Коласа. Заходзіць у бібліятэку і адразу:

— О гэто-то пісацель, цара не пабаяўся.

— Хто, дзядзько, не пабаяўся?

— Якуб Колас — вось хто. У цюрме сядзеў. Бо праўду піша.

Здараліся, як у кожнай справе, і канфліктныя сітуацыі. Убягае аднойчы цётка і на ўсю хату:

— Зачыняйце, мусіць, гэту вашу кнігарню. Чытакі пазнаходзіліся.

— Што з вамі, цётко? — здзівіўся я.

— Як што? Оньдзека мой завала як унурыцца ў гэто вашо чытанё, то пра ўсё забывае, газы не наўмеешся. Да чаго гэта дойдзе, га?

Яе мужык Лукаш такі і праўда любіў кніжкі і многа чытаў. Гаспадар ён быў не сказаць, каб кепскі, і, вядома, не мог за кніжкаю забыць пра тое, што трэба, напрыклад, каню ці карове даць. З раўнавагі цётку вывела, відавочна, тое, што газа без дай прычыны гарыць. Трэба сказаць, што газа такі была дарагая: літр яе каштаваў шэсцьдзесят грошаў. Прадаўшы пуд жыта, можна было купіць усяго тры літры газы. Вельмі дарагія былі і іншыя тавары першай неабходнасці. Кілаграм солі каштаваў, напрыклад, 35 грошаў, а цукру — адзін злоты сорак грошаў, мыла — адзін злоты семдзесят грошаў. Дзе ж тут накупляешся.

Такіх сутычак вакол бібліятэкі было, вядома, няшмат, а калі яны і ўзнікалі. Дык заўсёды вырашаліся, як кажуць, шляхам перагавораў. Другая жонка, бывала, пасварыцца, ды сціхне! Тым часам бібліятэка ўпрыгожыла жыццё чамяроўцаў. Кнігі, газеты далі новы штуршок росту свядомасці людзей, раскатурхалі іх, памаглі ўбачыць больш, разумець лепш.

Існавала бібліятэка амаль год. Расла, багацела. Кніжкі ўжо не змяшчаліся ў адной скрыні, і бацька зрабіў другую. Да бібліятэкі прывыклі старыя і малыя. Ужо нават і вельмі сварлівыя гаспадыні не лаялі сваіх мужыкоў за тое, што “дарма смаляць газу”. Ніхто не прыходзіў з патрабаваннем закрыць “гэты вашу кнігарню”.

Затое зусім нечакана з’явіліся іншыя “госці” — у сініх мундзірах. Здарылася тое самае, што і са школай. Па загаду павятовых уладаў паліцэйскія аб’явілі, што бібліятэка закрываецца. Яны забралі абедзве скрыні з кнігамі, паклалі іх на воз і патарахцелі недзе ў горад. Чамяроўцы маркотна глядзелі ім услед. Даведаўшыся, што здарылася, Васіль Платонаў усміхнуўся.

— А што я казаў? Пацешыліся трохі, і годзе. Каб вельмі граматнымі не парабіліся. Навука, браце, не для мужыкоў.

І ўсё ж бібліятэка, як і школа, пакінула ў жыцці вёскі добры след. Кніжкі ўсё больш уваходзілі ў побыт людзей”. [11]

У час ліквідацыі Чамяроўскай бібліятэкі імя Якуба Коласа некаторыя беларускія кнігі не трапілі ў паліцэйскія мяшкі. Асабліва ў прыватных сховішчах вяскоўцаў захаваліся творы нашых драматургаў. Па іх мясцовая моладзь пачала ставіць у вёсцы спектаклі. Рэпертуар быў даволі шырокі. Найбольшым поспехам карысталася “Паўлінка” Янкі Купалы. Самадзейныя чамяроўскія артысты пры размеркаванні роляў стараліся адхіліць ролю пана Быкоўскага. Ну, а калі хто яе браў, то іграў па-сапраўднаму смешна і праўдзіва.

Добра прымала публіка спектаклі па п’есах Уладзіслава Галубка і Францішка Аляхновіча. Большасць беларускіх спектакляў ставілі ў прасторных гумнах. Пры жыцці паэт Анатоль Іверс (1912-1999) успамінаў і мне часта расказваў, што не так цяжка было падрыхтаваць спектакль, як атрымаць дазвол на яго пастаноўку ў пана павятовага старасты. А часам і дазвол не вырашаў справы. Яшчэ для гэтага існавала паліцыя, якая знаходзіла безліч прычын, каб забараніць вечарыну. Адной з прычынаў забароны, напрыклад, магла быць пры ўваходзе ў гумно адсутнасць дзвюх бочак з вадой і мётлаў на ражнах. Гэта лічылася захаваннем супрацьпажарнай бяспекі. Супрацьпаказана была і салома ў гумне. Але вясною рэдка ў якога гаспадара ляжалі ў гумне сена ці салома.

Кожны спектакль у Чамярах прыурочваўся да якога-небудзь свята. Тады ішлі на прадстаўленне і старыя, і малыя, не кажучы пра моладзь. Юнакі і дзяўчаты прыходзілі нават з суседніх вёсак. А гэтага не жадала паліцыя. Вечарыны са спектаклямі заўсёды завяршаліся дэкламацыяй вершаў. Аднойчы, калі чыталі верш Янкі Купалы “Ворагам Беларушчыны”, паліцэйскі сцягваў са сцэны чытальніка.

Ажывілася культурна-нацыянальнае жыццё ў Чамярах у другой палове 30-х гадоў. Пра гэта часам згадвала віленская беларуская прэса. Інфармацыі пісаў і дасылаў у Вільню чамяровец Іван Міско, які падпісваўся псеўданімамі і крыптанімамі “Антоль Іверс”, “Анатоль Івэрс”, “А.Івэрс”, “А-і” і іншымі. У часопісе “Беларускі летапіс” за 1937 год чытаем: “Беларуская сцэна на вёсцы. Вёска Чамяры. Для павярхоўнага наглядчыка можа здавацца, што беларускае культурна-нацыянальнае жыцьцё на вёсцы замёрла, іменна таму, што няма школаў, прэсы, культурна-асьветных арганізацыяў. Аднак ня ёсцьць так блага, як можа здавацца. Беларускі рух падняўся вышэй перашкодаў і пацёк іншым руслом, што трэба прызнаць зусім натуральным. Бо калі жыве народ, то ён мусіць тварыць тое, што ўласьціва кожнаму народу, — мусіць тварыць сваю культуру.

Нічога дзіўнага, што ў нашых умовах беларуская сцэна на вёсцы робіць шпаркія поступы. У сучасны момант толькі пры помачы спэктакляў прыходзіцца моладзі вучыцца пісаць, чытаць і працаваць на грамадзкую карысьць. У такіх выпадках для шкодных навыкаў, як карты, гарэлка, дзікія разгулы, няма мейсца. Нашай моладзі таксама стрэліла ў галаву добрая думка. Успамінаючы тое, што было калісьці (Нар.Дом, Бібліятэка, пара дзесяткаў зладжаных прадстаўленьняў), рашылі не сядзець на прызьбе і не прыглядацца, — як іншыя, напіўшыся, выбіваюць па хатах шыбы, а ўзяцца і наладзіць хоць адну вечарыну.

Дагаварыўшыся з кіраўніком школы, прыступілі да працы… Зладзілі тры вечарыны, а даход прызначылі на ўтрыманьне школьнага радыя. Зімою ставілі “Мікітаў лапаць” і “Паўлінку”. Трэцяя вечарына адбылася на другі дзень Праваслаўнага Вялікадня. Ставілі — “Дзядзька Якуб” і “Лекары і лекі”. Прышлося змагацца з вялікімі труднасьцямі. Публікі было шмат, а малая школьная саля змусіла артыстаў паўтарыць пьесу два разы. Апошні раз прадстаўленьне адбывалася ўжо ў гумне. Апрача беларускай п’есы вучыцель загадаў паставіць і польскую. Але адпаведнае польскае п’есы ў вёсцы і паза вёскаю не знайшлося. Тады пералажылі на польскую мову “Лекары і лекі”. Мала таго. У прыватнай хаце ня можна рабіць рэпэтыцыі… Артыстаў прышлося мяняць чуць ня кожны дзень. Таксама трэба зазначыць, што ніводная друкарня ў Слоніме не згадзілася друкаваць абвесткі ў беларускай мове без дазволу старасты. У канцы канцоў кіраўнік нашае школы (Дырэктарам польскай школы ў Чамярах быў тады Карл Навакоўскі. — С.Ч.) сказаў, што гэта вечарына апошняя. Трэба яму верыць, але ня трэба траціць надзеі. Будзем шукаць іншага выхаду, бо сядзець на прызьбе і чакаць нешта гатовае ня прыходзіцца. А-і”. [12]

Але чамяроўцы на прызбе не сядзелі. Адны працавалі на ўласнай зямлі, другія — вучыліся, а трэція — займаліся палітыкай. Так чамяроўцы дажылі да верасня 1939 года. Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь вяскоўцы ўспрынялі па-рознаму асцярожна і радасна. Сцяпан Міско ў сваім артыкуле “Вёска Чамяры”, які быў апублікаваны ў часопісе “Полымя” ажно ў 1968 годзе піша: “Мне запомніўся 1939 год. 17 верасня. Падпольшчыкі абяззброілі ўвесь слонімскі гарнізон яшчэ за некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Ніхто не адбіваўся. Адзін толькі польскі афіцэр стрэліў у чамяроўскіх хлопцаў, калі яны забіралі зброю ў жаўнераў. Салдаты ж былі беларускія, украінскія ды польскія хлопцы, і ім хацелася хутчэй дадому. Калі паявіліся першыя танкі, усе чамяроўцы выйшлі на гасцінец, хлеб з соллю вынеслі — сустракалі ж сваіх братоў.

Праз якія месяц-два да маёй маці прыехала сястра Волька. Дваццаць год не бачыліся, было аб чым пагаварыць, што ўспомніць. Павыходзілі з турмаў падпольшчыкі, пачалі будаваць савецкую ўладу. На прадвесні саракавога года ў Чамярах арганізавалі першы ў раёне калгас, адкрылі сямігадовую школу. Чамяроўцы кінуліся ў навуку. Помню ў наш чацвёрты клас прыйшлі хлопцы старэйшыя за мяне на пяць-шэсць год. Людзі пачалі па-сапраўднаму жыць. Але ўсё гэта хутка скончылася”. [13]

Хутка ўсё скончылася, бо адразу з прыходам Чырвонай Арміі пачаліся рэпрэсіі. Па стане на 7 кастрычніка 1939 года органамі НКУС БССР у Заходняй Беларусі было ўжо арыштавана больш за 2,7 тыс. чалавек. Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і Чамяры. У Мінску быў арыштаваны і прыгавораны тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці да вышэйшай меры пакарання Максім Бурсевіч. Ці ведалі пра гэта яго чамяроўскія вучні? Магчыма не. У верасні 1939 года арышты пачаліся і ў Чамярах. Спачатку былі выкліканыя ў Касцянёўскі сельсавет два чамяроўскія хлопцы — Антон Міско і Гаўрыла Чыгрын. Пра іх з той пары ні слыху. У лістападзе 1939 года арыштавалі Якуба Міско і двух яго родных братоў Васіля і Івана. Што рабілася ў гэты час у Чамярах: па вёсцы з хаты ў хату хадзілі розныя чуткі. Але чуткі чуткамі, а Васіля і Івана Міско ў 1940 годзе засудзілі на восем гадоў турмы. Праўда Якубу пашанцавала: з турмы ён напісаў пісьмо П.К.Панамарэнку, які даў каманду “разобраться по существу”. Дзякуй Богу, разабраліся, і Якуб Міско апынуўся на волі.

Толькі ніхто не разабраўся з яго братамі. Пад канец 1944 года землякі атрымалі першае пісьмо ад Івана са сталінскіх лагераў з Комі АССР. А ў 1948 годзе, адбыўшы за нішто васьмігадовае зняволенне, ён вярнуўся ў свае Чамяры. Іван і расказаў, што Васіль у 1941 годзе знямогся ад нялёгкай працы, ад холаду і голаду, захварэў і памёр у Карэліі. А як пачалася вайна, то зняволеных, у тым ліку і Івана, адправілі ў Комі АССР на лесанарыхтоўкі. Пазней абодвух Васіля (пасмяротна) і Івана рэабілітавалі. Іван усё жыццё пражыў у родных Чамярах. Нялёгка было, бо хапала ўсяго: і здзекаў, і абразаў, і розных плётак чуў у свой адрас. Бо людзі не ведалі праўды. У 1989 годзе і яго не стала.

Быў рэпрэсіраваны і чамяроўскі палітык, змагар і вязень польскіх турмаў (адсядзеў 7 гадоў, з іх некалькі гадоў у адзіночнай камеры № 38 гродзенскай турмы) Аляксандр Багданчук. Пасля лагераў жыў у Томску, працаваў будаўніком. Ён прымаў удзел у паўстанні нарачанскіх сялян-рыбакоў у 1935 годзе і быў паранены. Дарэчы, Аляксандр Багданчук (тады — Стах) стаў для Максіма Танка прататыпам Грышкі — героя ў яго паэме “Нарач”. А яшчэ, як успамінала Аляксандра Бергман “ён разам з Ігнатам Дварчаніным і Антонам Мальцам вывелі ў поле высокіх чыноўнікаў Навагрудскага ваяводства! Ды што там, аднаго ваяводства. Сарвалі путы, накладзеныя на ўсю Заходнюю Беларусь у выбарчай кампаніі ў сейм у 1928 годзе. Сталі яны ўпапярок дарогі Пілсудскаму, які загадаў, каб на гэты раз не дапусціць у сейм ніводнага левіцовага беларускага пасла. Гэтую волю Пілсудскага здзяйсняла цэлая армія чыноўнікаў і ўстановаў ва ўсіх паўночна-ўсходніх ваяводствах. Яны ўздумалі, каб не дапусціць да прадстаўлення левіцовых выбарчых спіскаў, затрымаць у арышце тых, хто склаў гэтыя спіскі. Але тры мужыкі перахітрылі іх усіх. Планы “валадароў свету” рынулі, і беларускі левіцовы клуб “Змаганьне” ўсё ж паўстаў у 1928 годзе і дзейнічаў два з паловай гады. Ды што там многа гаварыць. Багданчук быў тым, які кропля за кропляй і вялікімі порцыямі сардэчную сваю кроў і натужную працу свайго мозгу і волі аддаў дзеля таго, каб людзям жылося лягчэй і каб было гэта наша жыццё прыгажэйшым. Такім застаўся ў маёй памяці”. [14] І падобных чамяроўскіх лёсаў было тады шмат.

А калі пачалася вайны — для жыхароў вёскі Чамяры наступілі новыя выпрабаванні. 26 чэрвеня 1941 года Слонім і Чамяры былі ўжо акупіраваны немцамі. У першыя яе дні многіх мужчын і юнакоў забралі на фронт, якія адтуль ужо не вярнуліся. Гэта Мікалай Агееў, Іван, Сямён, Уладзімір, Міхаіл і Фёдар Багданчукі, Мікалай Дземяшэвіч, Леанід Чыгрын, Іван Бурсевіч, Іван, Мікалай, Сцяпан, Уладзімір Дземяшэвічы, Ілья Кавальчук, Іван Ляменка, Міхаіл Саванец, Сцяпан Рэдзька, Яфім Сушко, Андрэй Ціханчук, Іван Хвесяня і дзесяткі іншых чамяроўцаў. Падчас вайны слонімская вёска страціла 126 сваіх жыхароў, згарэлі 32 хаты. У Калдычэўскім лагеры смерці загінулі Дарафей Міско і Вера Міско — бацька і жонка паэта Анатоля Іверса, у Асвенцыме — Міхаіл Міско і Міхал Багданчук, у Германіі — Ніна Клімовіч.

Некаторыя чамяроўцы, якія падчас акупацыі знаходзіліся ў роднай вёсцы, пайшлі ў партызаны — адны ў савецкія, другія — у беларускую народную партызанку (БНП). Феакціст Міско за ўдзел у беларускім нацыянальным руху і ў абвінавачванні ў забойстве правакатара дванаццаць гадоў правёў у турмах Польшчы. Калі пачалася вайны, ўцёк з турмы ў Грудзёндзку і дабраўся да родных Чамяроў. Тут арганізаваў антыфашысцкае супраціўленне, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў і сярод слонімскай моладзі. У канцы 1943 года савецкім партызанскім рухам на Слонімшчыне кіраваў сакратар падпольнага райкама кампартыі, упаўнаважаны ЦК КПБ і Беларускага штаба партызанскага руху Міхаіл Анішчык, які вярнуўся з фронта з дзвюмя радысткамі. Таварыш Анішчык падпарадкаваў сабе і антыфашысцкае падполле. Як расказваў мне паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско), у лютым 1944 года ў брыгаднай зямлянцы Міхаіл Анішчын праводзіў сход. Сярод прысутных былі Феакціст і Іван Міско. Хлопцы стаялі недалёка ад акенца каля дзвярэй. Раптам за дзвярыма раздаўся выстрал і Феакціст пачаў падаць. Іван падхапіў яго на рукі, але праз пару хвілін зямляк быў ужо мёртвы. Пасля стала вядома, што з пісталета страляла радыстка Анішчыка Яўгенія Валахановіч (падпольная клічка Вольга). Партызаны адразу хацелі яе застрэліць, але перашкодзіў Анішчык, які гэтага не дазволіў зрабіць. Ён сказаў, што гэта быў “выпадковы” выстрал. Валахановіч з групаю партызан адправілі кудысьці на захад, дзе нібыта яна загінула. Так рукамі сваёй радысткі камуніст Анішчык знішчыў Феакціста Міско — аднаго з самых папулярных чамяроўцаў на Слонімшчыне ў 30-х — 40-х гадах мінулага стагоддзя. Былыя партызаны і сёння прыгадваюць Феакціста Міско. Кажуць, што Анішчык яго знішчыў дзеля таго, каб пасля вайны Феакціст не стварыў яму канкурэнцыі на пасадзе партыйнага кіраўніка раёна.

Дэфензіва і турмы Польшчы з’явіліся выпрабаваннем на сталасць і далі загартоўку яшчэ аднаму чамяроўцу Мікалаю Бурсевічу. Да вайны ён працаваў настаўнікам. У 1943 годзе стварыў падпольную друкарню і рэдакцыю падпольнай раённай газеты “Вольная праца”, дзе быў яе рэдактарам. Рэдакцыя і друкарня знаходзіліся ў лесе. Усяго было выпушчана 16 нумароў, кожны тыражом ад 350 да 500 паасобнікаў. Выдаваў Мікалай Бурсевіч са сваімі сябрамі і розныя заклікі, пракламацыі, звароты.

Пасля вайны Мікалай Бурсевіч пэўны час быў рэдактарам Слонімскай раённай газеты…

Вайна ў Чамярах закончылася не 10 ліпеня 1944 года, калі вёску пакінулі немцы і прыйшлі савецкія войскі, а напрыканцы 1948 года. Многія чамяроўцы баяліся, што пры саветах зноў пачнуцца рэпрэсіі і адукаваныя вяскоўцы апынуцца далёка ад Беларусі. Таму яны ішлі ў атрады БНП. Самым найбольшым і моцным атрадам у ваколіцах Чамяроў быў атрад “Хваля”, які праіснаваў да сярэдзіны 1948 года. Супольна з ім дзейнічалі невялікія партызанскія атрады пад кіраўніцтвам Хаванскага і Зярнова.

У траўні 1946 года чамяровец Міхась Чыгрын разам з Міхасём Ракевічам і Васілём Супруном стварылі ў Слоніме моладзевае беларускае патрыятычнае падполле з кансперацыйнаю назваю “Чайка”. Дарэчы, Міхась Чыгрын вучыўся ў Чамяроўскай школе і ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1945 годзе стаў навучэнцам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе стварыў сярод навучэнцаў патрыятычную групу “Чайкі”. У чэрвені 1947 года яго арыштавалі органы МГБ. Быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Пакаранне адбываў у турмах Оршы і Баранавічаў і канцлагерах Інты. У Беларусь вярнуўся ў канцы 1980-х гадоў. Жыве ў Салігорску.

“Чайка” на Слонімшчыне не планавала займацца нейкім тэрорам, а ставіла задачу будзіць свядомасць беларусаў, змагацца за нацыянальныя правы і годнасць свайго народу, яго культуру, мову, гісторыю, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Адзін з арганізатараў “Чайкі” Васіль Супрун, які жыве ў Слоніме і сёлета адзначыў сваё 80-годдзе, успамінае: “За год існавання патрыятычнае падполле з лакальнай слонімскай “Чайкі” перарасло ў даволі шырокі нацыянальны рух, які кіраваўся яго Цэнтрам і меў свае падпольныя групы ў былых Баранавіцкай, Брэсцкай, Маладзечанскай і Пінскай абласцях. Як ужо адзначалася, па прычыне канспірацыі я не мог ведаць аб жыцці і дзеяннях падпольных груп. І толькі значна пазней мне стала вядома, што Антон Кабак даручэнне Цэнтра выканаў належна. Ім на тэрыторыі Ільянскага раёна Маладзечанскай вобласці недзе ў траўні 1947 года была заснавана падпольная патрыятычная групка пад кіраўніцтвам настаўніка Сяргея Яноўскага, якому і былі перададзены Загад і Інструкцыя Цэнтра. Аналагічныя дакументы былі перададзены і кіраўніку падполля па Пінскай вобласці Мікалаю Ляскаўцу. Незалежна ад нашага патрыятычнага падполля, у 1946 годзе (як выявілася) існавалі і нашыя арганізацыі антыбальшавіцкага супраціўлення на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэта Саюз беларускіх патрыётаў (СПБ) у Глыбоцкім і Пастаўскім педвучылішчах і іншыя.

Імгненнымі знічкамі ўспыхнулі мы на цёмным небе Беларусі і згарэлі, так і не паспеўшы асвяціць яе прасторы. А так хацелася сваёй ахвярнай барацьбой за нацыянальную ідэю і свабоду разбудзіць патрыятычную свядомасць народа, яго магутныя сілы. Хоць не многія змаглі заўважыць бляск нашых шчырых сэрцаў, пачуць наш кліч, але сталінская зграя зразумела, што Беларусь не скарона, што ў глыбіні яе самабытнасці выспяваюць сілы, здольныя парваць ланцугі няволі і годна ўзняць штандары Незалежнасці.

Наша барацьба была няроўнай. І мы ведалі, што ідзём на мукі і на смерць, але лёс і гонар Беларусі былі для нас святымі, і мы не маглі паводзіць сябе інакш.

Можа нехта сёння не зразумее нас, нашу ахвярнасць, бо для таго, каб разумець патрыётаў, трэба імі стаць, трэба любіць Беларусь — як любілі яе мы!”. [15]

Моцна любілі Беларусь і чамяроўцы, але найбольш свой куточак, сваю вёску. Толькі абараніцца ад усіх войнаў і рэпрэсій ім было цяжка. Пасля вайны пачаліся новыя арышты, ліквідоўвалася прыватная гаспадарка, вяскоўцаў сілаю заганялі ў калгас, які арганізавалі ў Чамярах у 1949 годзе. Праўда, старшынёю калгаса вяскоўцы выбралі свайго хлопца — партызана і франтавіка Мікалая Хвясеню.

Вёска паціху пачала адбудоўвацца, дзеці пайшлі ў школу, а пасля школы — паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дарэчы, некалі ў школе ў Чамярах быў краязнаўчы музей, які арганізаваў Аляксандр Жукоўскі. Музей займаў толькі два пакоі. Але ў ім былі цікавыя экспанаты, якія расказвалі пра гісторыю вёскі, а таксама партрэты знакамітых чамяроўцаў — вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, вайскоўцаў, дактароў, работнікаў сельскай гаспадаркі, будаўнікоў. Напрыклад, чамяровец Яўген Багданчук за вытворчыя поспехі на будаўніцтве Лукомскай ДРЭС ў 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1975-1980 гадах. А Андрэй Міско стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук, спецыялістам па сартавой агратэхніцы яравой і азімай пшаніцы і селекцыі азімай пшаніцы. У 1998 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

У Чамярах нарадзілася і шмат іншых знатных вяскоўцаў, якія заслугоўваюць не толькі асобных раздзелаў у кнізе і памяці сваіх землякоў, а цэлых манаграфій і помнікаў. Пра некаторых з іх — у наступным раздзеле кнігі.


Загрузка...