Пасляслоўе пачну з верша Алега Лойкі. Верш называецца “У Чамярах”:
Да Шчары спяшае
Валобрынка жвава, —
Курганне — налева,
Курганне — направа.
Пад сосны на ім
І сягоння хаваюць:
Курган чамяроўцы
На тры хаты маюць.
Не мелі калісьці
Ніў, пашы і спрыту,
За тое магілкі —
На кожных тры хаты!
Там густа, тут — пуста
Сасон на кургане, —
“Калі не да густу,
На трэція глянем!..
На трэціх залішне
Валуннага моху?..
Не ў Слонім на рынак!..
Забавімся троху!..
Не вельмі, каб вельмі
Курган і чацвёрты…
Га!..Не выбірае
Адной той, хто мёртвы!..
Валобрынка хай сабе
Ў Шчару спяшае,
А нам — не карціць,
Мы — паперабіраем!..”.
Дальбог, Чамяры —
Лепш нябеснага раю!..
І я з вамі, людцы,
Паперабіраю!..[43]
Далібог, мае рацыю паэт, Чамяры для чамяроўцаў “лепш нябеснага раю”, так як Нізок на Уздзеншчыне для Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса, а вёска Віцкаўшчына ў Дзяржынскім раёне для гісторыка Міколы Улашчыка, які пра яе напісаў цэлы гісторыка-этнаграфічны нарыс “Была такая вёска” (Мн., 1989). Таму поўнасцю можна пагадзіцца з Уладзімірам Арловым, які ва ўступным слове да кнігі Міколы Улашчыка сказаў: “Гэта кніга — помнік адной з тысячы нашых вёсак, своеасаблівая энцыклапедыя жыцця беларускага селяніна.” [44]
Невялікую энцыклапедыю Чамяроў паспрабаваў напісаць і аўтар гэтай кнігі. І няхай мне даруюць тыя чамяроўцы, пра каго я не згадаў, не знайшоў звестак, ці пакрыўдзіў. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў ці дзесяцігоддзяў нехта з маладзейшых чамяроўцаў-гісторыкаў дапоўніць яе новымі фактамі, новымі звесткамі пра людзей і новымі цікавымі дакументамі. Бо пра Чамяры можна распавядаць шмат і заўсёды. Гісторыя вёскі, якая стаіць на шляху з Захаду на Усход — гэта гісторыя нашай Бацькаўшчыны.
А дома, як кажа беларуская прымаўка, і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне. Таму чамяроўцы заўсёды вярталіся дамоў. Бо тут, як пісаў Якуб Міско, “я па-сапраўднаму зразумеў і адчуў, што ў кожнага чалавека, а значыць, і ў мяне, ёсць радзіма, пра якую я некалі так дапытваўся ў бацькі. Гэта тая зямля, дзе ты радзіўся і рос. Дзе бачыў такі блакіт неба, якога, мусіць, нідзе няма. Дзе пачуў і да болю палюбіў матчына слова. Гэта тая маленькая рачулка, што ўецца і пяшчотна цурчыць за аколіцай. І таямнічы пошум лесу. І незабыўныя, поўныя чараў і жаху бацькавы і дзедавы казкі. І песня, што хапае за душу і часам вясёлыя, а іншы раз сумныя — гукі гармоніка на суседняй прызбе. Родныя, мілыя вобразы! І куды б чалавека ні кінуў жыццёвы лёс, у яго заўсёды перад вачыма гэтыя вобразы. У думках ён прылятае туды, дзе калісьці спазнаў і першую радасць, і першы смутак. Ці не таму нас так хвалююць празрыстыя, як паветра ў сонечнае надвор’е, словы вядомай песні “Люблю наш край — старонку гэту”? І ці не таму так глыбока западаюць у душу радкі Якуба Коласа:
Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…
Хто ж можа забыць яго!
Для мяне такім кутком былі, ёсць і застануцца Чамяры. Яны ляжаць на скрыжаванні чыгуначнай і шасейнай дарог Ваўкавыск — Баранавічы, у пяці кіламетрах ад Слоніма. Вакол вёскі ўзгорыстая, маляўнічая мясцовасць. Уздоўж чыгункі, не спяшаючыся, пятляе рэчка Валобрынка, берагі якой густа параслі алешнікам. Па абодва бакі Чамяроў — узгоркі-могілкі, месца вечнага спачыну не аднаго пакалення чамяроўцаў. Амаль да самых хат падступаюць адвечныя лясы — Крыся, Кужухава, Часткі, Гаркі. У іх процьма грыбоў, ягад, арэхаў…”[45]