Знакаміты беларускі палітык, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, якія закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1910 годзе Максім паехаў да брата ў Ваўкавыскі павет. Можа, хацеў пераняць педагагічны вопыт ці знайсці работу, але менавіта там сустрэў на хутары Тарасаўка дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, з якой ажаніўся. Да апошніх сваіх дзён яна была верным сябрам і памочнікам Максіма ў яго нялёгкім жыцці.
Адразу пасля вяселля пачалося іх вандроўнае жыццё. Спачатку ў 1911 годзе ён з сям’ёй жыве і настаўнічае на Кобрыншчыне, потым — на Украіне. А ў пачатку 1922 года вяртаецца ў родныя Чамяры, дзе стаяла яшчэ бацькава хата.
У 1925 годзе, з дапамогай сваіх землякоў, Максім Бурсевіч адкрывае ў вёсцы прыватную беларускую школу. Але хутка школу закрылі. А Бурсевічу не дазволілі займацца педагагічнай дзейнасцю. Тым не менш у сваіх Чамярах ён быў самым адукаваным чалавекам, таму прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. «Пераважна збіраў моладзь, чытаў ёй і тлумачыў навіны і артыкулы з беларускіх левіцовых газет. Толькі многа год потым стала вядома, што гэтыя газеты не адно прывозіў у вёску, але таксама пісаў у іх пад псеўданімам «Чупрыновіч». Словам ён быў адзіным у вёсцы чалавекам адукаваным, які карыстаўся вялікай пашанай у сваіх аднавяскоўцаў і то не толькі маладых — да яго голасу прыслухоўваліся ўважліва таксама старэйшыя людзі. Неаднойчы ён выступаў на нелегальных мітынгах, якія праводзілі ў вёсцы камуністы або камсамольцы. У Чамярах ён быў не толькі прапагандыстам, больш таго — быў духовым правадыром, і ён імкнуўся гэты ўплыў на сялян захаваць». [16] Давайце пагартаем віленскую газету “Беларуская справа” за 1926 год і пачытаем, што пісаў Чупрыновіч (Максім Бурсевіч) пра чамяроўскія справы. У інфармацыі “Самаўрады” ён паведамляе: “У Чамярах (Слонімшчына) яшчэ да 1919 года вёўся звычай мяняць штогод грамадзкага солтыса. Папярэднія солтысы, мясцовыя людзі, прыймалі абавязак, калі грамада яго ім давала, але ахвотна і ўступалі згодна з воляй сваіх выбаршчыкаў. Аднак, мусіць, няма ніводнага стада без паршывае гавечкі. Становішча солтыса ў 1924 годзе грамада Чамерская даручыла свайму гр.Аляксандру Дземяшэвічу. Спачатку ён быў солтыс нішто, пакуль не расьпіўся. Прыйшоў час новых выбараў. Адбыліся яны ў лістападзе 1925 году, і грамада аднагалосна выбрала солтысам Антона Хвесяню. Зрабілі пратакол, падпісаліся, адаслалі і чакаюць. Праз нейкіх месяцаў два пайшлі чуткі, што Слонімскі павятовы староста пан Пшэцішэвскі чамусьці не зацьвердзіў выбараў і даручыў войту гміны В.Корчыцу зрабіць перавыбары. Прыехаў войт. Грамада сабралася, як адзін, у хаце солтыса Д. Солтыс быў п’яны, як дым. Ня мог языком валадаць. Калі гаварыў штось дык ня можна было разабраць яго гутаркі. Грамада зноў аднагалосна выбрала свайго новага кандыдата Антона Хвясеню. Новага солтыса аднак ізноў не зацьвердзілі, а старому далі неагранічаныя паўнамоцтвы. Дземяшэвіч ад сябе назначыў сябе заступнікам Максіма Міску, і работа пайшла. Пасьля новай прысягі стары солтыс пачаў піць па-новаму. А, п’ючы, каб не падгадзіць і апраўдаць даверые начальству, пачаў душыць людзей і падаткамі, і фурманкамі, і дарогамі. Стогнам стогнуць людзі ад гвалтаў, а зьмяніць стаўленіка ўсемагутнага старосты не могуць. Мо хіба нашы паслы што зробяць? Вось якія ў нас самаўрады! 90 подпісаў ад 700 душ жыхароў нічога ня варты. Староста скідае, староста і назначае. Пікнуць ніхто не смее! Неяк каля 25 красавіка сёл.году наляцела на вёску Чамяры Слонімскага павета гміннае начальства: войт Чамерскай гміны Вандалін Корчыц, паліцыянт гміннага пастарунку п.Сініцкі, памочнік гміннага сэкрэтару, ды сам наш солтыс Чамерскай грамады Аляксандр Дземяшэвіч. Прыехаўшы на вёску, яны зажадалі, каб зараз жа ў адзін дзень усе жыхары вёскі заплацілі розныя зацягнуўшыеся падаткі за мінулыя гады. Сьмешна падумаць! Дзе возьме селянін грошай на падаткі за дзень, калі ён ня мог іх заплаціць за некалькі гадоў! Але “начальства” пачало па-свойму. Яно проста брала ў гаспадароў усё, што пападалася пад руку. Гэтак у беднага жыхара вёскі Чамяры Мікалая Багданчука забралі усё ягозбожжа: жыта каля 20 пудоў, грэчкі каля 5 пудоў, падоўжнюю пілу і папярэчнюю пілу і сякеры. Жыта і грэчку дзеткі Багданчука зарабілі, пасучы быдла сваіх суседзяў, а падожнюю пілу яны пазычылі ў Дзеравянчыцах, каб напілаваць дашок хоць на вокны ў хаце. І вось гэнае запрацованае цяжкай працай пастуха — забрана за падаткі. Бачучы пагражаючы сям’і голад, Багданчук уперш прасіў, каб яго калеку не нішчылі, каб не забіралі ў ягодзетак апошняга куска. Аднак дарма! І збожжа, і рэчы цяпер у гміне, а самога пакрыўджанага Багданчука цягаюць цяпер яшчэ за “абразу ўлады”. Ужо ад пракурора ёсць паперка, што Багданчука будзець судзіць Акружны Суд і прапануюць яму паставіць сьведкаў ад сябе і наняць адваката. Але беднаму сьляпому няма за што. Ён пачарнеў ад голаду, апусьціў рукі і без надзеі жджэ, каб хоць хутчэй крапіўка вырасла, а на розныя папяровыя “всказувкі” і тэрміны не зьвяртаець увагі. Хай будзе, што будзе!”. [17]
У наступным допісе Максім Бурсевіч паведамляў аб тым, што “25 сьнежня 1925 г. звольнены з вастрогу жыхар вёскі Чамяры Слонімскага павету Якаў Пракапчук — 60 гадоў. Ён прасядзеў у вастрозе ажно тры месяцы і звольнены без ніякага акту абвінавачаньня і без залогу. Пры “баданьнях” не знайшлі ніякай віны, якая была б падставай для абвінавачаньня. Ці ж гэта ня зьдзекі над беларускай люднасьцяй?!”. [18]
З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.
Максім Бурсевіч загадваў фінансавымі сродкамі БСРГ, ствараў яе мясцовыя камітэты, наладжваў іх работу. У яго рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі — не інакш, мелі да яго бязмежны давер, як да чалавека сумленнага. Высока ацэньвалі яго здольнасці і прадбачылі, што ён адолее ўсё. Хоць гэта і быў для Бурсевіча незвычайны скок: з вёскі ў горад і адразу за руль вялікай і ўвесь час растучай арганізацыі. І справіўся ён дастойна. Аб гэтым сведчыць і рашэнне апеляцыйнага суда, які ўсім паслам з 12 гадоў зняволення зменшыў тэрмін напалову, а Максіму Бурсевічу зменшыў толькі на 2 гады.
Пакаранне наш зямляк адбываў у турмах Лукішкі, Вронкі, Каранова. У 1931 годзе, у выніку абмену палітычнымі зняволенымі, ён трапіў у БССР. Жыў у Мінску. Працаваў членам прэзідыума і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.
У другой палавіне 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна абвінавачаны ў так званым нацыянал-дэмакратызме, арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”. А 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.
9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці наш зямляк быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 3 лістапада 1937 года. І толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.
Максім Бурсевіч — не менш значная постаць ў гісторыі Беларусі, як Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. І калі пра іх напісаны кнігі, выдадзены іх творы і выступленні, адкрыты мемарыяльныя шыльды, дык Максім Бурсевіч зусім забыты. Няма ні помніка, ні шыльды, не напісана пра яго манаграфія, ні выдадзены яго выступленні і літаратурныя творы (пісаў гумарэскі, фельетоны, байкі, інфармацыі, друкаваўся ў «Беларускай долі», «Змаганьні», «Сялянскай праўдзе», «Беларускай ніве», «Беларускай справе», «Загоне», «Савецкай Беларусі») і, наогул, пра яго мала хто ведае. Хіба толькі гісторыкі...
Да славутых чамяроўцаў належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі нашай рэспублікі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук.
Нарадзіўся Андрэй Пракапчук у 1896 годзе ў вёсцы Чамяры. Тут прайшло яго дзяцінства, тут скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні.
Час на курсах прайшоў хутка і неўзабаве Андрэй Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета, дзе ўладкаваўся працаваць настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучанне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. Школа была нішто сабе, і настаўнікі — людзі неблагія, акрамя загадчыка школы Лабанава. Гэта быў чарнасоценец, член "Саюза рускага народу", выпісваў чарнасоценную газету "Земшчына". Аднак працаваць Андрэю Пракапчуку ён не вельмі перашкаджаў, і клас яго быў не з горшых: калі школу правяраў інспектар народных вучылішчаў, ён звярнуў на яго ўвагу і нават запрасіў да сябе ў Трокі. У Троках, калі яны пазнаёміліся бліжэй, інспектар сказаў, што будзе рэкамендаваць Андрэя ў Пецярбург на Фрэбелеўскія курсы. Ён, вядома, узрадаваўся, але на курсы не паехаў, бо пачалася першая сусветная вайна.
У жніўні 1914 года Андрэя Пракапчука прызвалі ў войска. Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі Пецярбургскага палка, дакладней — яго запаснога батальёна. Неяк выпадкова вывіхнуў нагу і трапіў у шпіталь. А ў шпіталі сустрэў свайго земляка з Жыровіч Аляксандра Станкевіча, які быў тут фельчарам. Менавіта Станкевіч і павярнуў лёс Пракапчука да яго будучай прафесіі. Ён уладкаваў Андрэя ў шпіталь, а пасля параіў паступаць на курсы ротных фельчараў. Што было і зроблена.
Пасля курсаў Андрэй Якаўлевіч Пракапчук вяртаецца ў Беларусь. Пэўны час працуе настаўнікам на Нясвіжчыне. Разам з сябрамі Андрэй арганізоўвае гурткі па леквідацыі непісьменнасці, хаты-чытальні, рыхтуе спісы па падзелу памешчыцкіх зямель...
Аднак не доўга існавала савецкая ўлада на Нясвіжчыне. У лютым 1918 года сюды ўступаюць войскі кайзераўскай Германіі. Пачынаюцца здзекі, грабяжы, арышты. Быў схоплены і Андрэй Пракапчук. Яго адвезлі ў Нясвіж і кінулі ў камеру.
Праз некаторы час пасля неаднаразовых просьбаў і пісьмовых прашэнняў сялян розных вёсак, Андрэя Пракапчука адпускаюць пад каменданцкі нагляд.
Апынуўшыся на волі, Андрэй Якаўлевіч адразу заняўся падпольнай работай, пачаў збіраць надзейных людзей. Праз некаторы час ён арганізаваў партызанскі атрад, які ў маі 1918 года наладзіў сувязь з іншымі атрадамі.
У канцы лістапада 1918-га немцы пакінулі горад Нясвіж. Атрад Пракапчука заняў асноўныя гарадскія ўстановы. Зноў быў створаны рэвалюцыйны камітэт. Андрэя Пракапчука прызначаюць камісарам Нясвіжа.
У 1920 годзе наш зямляк паступае на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Яго адразу залічваюць на чацвёрты курс. У час вучобы нашага земляка выбіраюць старастай групы. І быў ён не проста стараста, а стараста-выручалачка: пісаў за ўсю групу гісторыі хвароб. У больш вольны час хадзіў на дзяжурствы ў другую гарадскую клініку Масквы, дзе вядучым хірургам быў урач Вейсброд.
Неяк прывезлі парадзіху, якая ніяк не магла нарадзіць, чатыры дні праляжала на стале ў непрытомнасці. Вейсброд вырашыў рабіць кесарава сячэнне. Здавалася, усё будзе добра. Аднак дзіця праз дзве гадзіны памерла, а яшчэ праз некалькі гадзін памерла і маці...
На другі дзень, калі разбіралі гэты выпадак, Андрэй Пракапчук сказаў: "Не трэба было рабіць кесарава сячэнне. Я дастаў бы дзіця звычайным шляхам. Праўда, яно было б мёртвае, але затое жанчына засталася б жыць".
Вейсброд раз'юшыўся, раскрычаўся: маўляў, яйцо курыцу вучыць. А пасля перавёў Пракапчука ў скурную бальніцу да прафесара Мяшчэрскага. [19]
Германа Іванавіча Мяшчэрскага наш зямляк ужо ведаў, бо здаваў яму экзамен па дэрматалогіі. Адказваў, трэба прызнацца, кепска, на троечку. "Ну, што ж, пастаўце яму тройку. Дэрматолага з яго ўсё роўна не будзе", — казаў свайму асістэнту прафесар.
Праз многа гадоў, калі працы Андрэя Пракапчука па дэрматалогіі былі прадстаўлены ў якасці дакладаў на міжнародным кангрэсе дэрматолагаў у Будапешце, наш зямляк, сустрэўшыся з Мяшчэрскім у Маскве, напомніў яму пра яго фразу. Прафесар доўга рагатаў.
Але гэта было пазней. А тады чамяровец з пэўнай асцярогай узяўся за новую для сябе справу...
Работа з Мяшчэрскім ужо не ў якасці студэнта-практыканта, а ўрача была для Пракапчука вялікай школай, навучыла самастойна думаць. Прафесар бачыў гэта і, калі Пяцігорскай гразелячэбніцы спатрэбіўся спецыяліст, парэкамендаваў яго.
Менавіта ў Пяцігорску пачалася дарога нашага чамяроўца ў навуку. Там ён пачаў сапраўдныя даследаванні, якія павінны былі вызначыць, у прыватнасці, дозу ўжывання лекавай гразі.
Пра сваю работу ў Пяцігорску Пракапчук паведаміў у навуковым друку: "Русский вестник дерматологии" надрукаваў яго артыкул аб аміятрофіях, а часопіс "Курортное дело" змясціў артыкул "Лячэнне сіфілісу на каўказскіх мінеральных водах". Пасля гэтага яму прапанавалі пасаду ўрача Мінводаў. Гэта была вялікая радасць для Андрэя Пракапчука. Праўда, праз некаторы час яго зноў выклікаюць у Маскву, і на Каўказ ён больш не вярнуўся. Справа ў тым, што ў Маскве старшыня ЦВК БССР Чарвякоў сабраў у беларускім прадстаўніцтве ўсіх беларусаў, якія вучыліся ў маскоўскіх ВНУ, і паведаміў, што беларускі народ кліча іх на радзіму ў Беларусь.
У 1927 годзе наш зямляк вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на медыцынскім факультэце намеснікам дэкана і старшым выкладчыкам кафедры. З гэтага ўніверсітэта быў камандзіраваны ў Парыж з навуковай мэтай удасканалення сваіх ведаў.
У Парыжы ён працаваў у шпіталі святога Людовіка пад кіраўніцтвам прафесара Гужэро, практыкаваўся ў таленавітых французскіх вучоных і ў Пастэраўскім інстытуце.
Гэта быў надзвычай плённы час доктара са Слонімшчыны. Ён атрымаў дыплом Сарбоны па спецыяльнасці гісталогія і яшчэ адзін дыплом, у якім было напісана, што "мусьё Пракапчук мае права загадваць сералагічнай лабараторыяй у Францыі і яе калоніях...".
Акрамя таго, ён надрукаваў у французскіх навуковых выданнях некалькі сваіх прац, у прыватнасці, у часопісе Гастона Міліяна быў змешчаны яго артыкул "Пігментная хвароба Шамберга". Французскія "Аналы дэрматалогіі" змясцілі яго працу "Псіхозы воцатнакіслага калія".
Калегі з Францыі, у прыватнасці Перэн, гаварылі Пракапчуку, што яго працы вартыя таго, каб на іх падставе абараніць дысертацыю, але ў Парыжы гэта будзе вельмі дорага каштаваць. "Раю вам, — гаварыў Перэн, — вярнуцца на радзіму і абараніць дысертацыю ў інстытуце акадэніка Паўлава".[20]
Пракапчук паслухаўся Перэна і напісаў пісьмо ў Ленінград. Адтуль атрымаў станоўчы адказ. У Ленінградзе нашаму земляку давялося працаваць пад кіраўніцтвам прафесара М. М. Анічкава ў інстытуце эксперыментальнай медыцыны. Дапамагалі Пракапчуку не толькі прафесар Анічкаў, але і яго калегі — вядомыя вучоныя. Дзякуючы ім беларускі юнак з Чамяроў пабываў і на славутых паўлаўскіх серадах, быў прадстаўлены вялікаму вучонаму. Між іншым, менавіта акадэмік Паўлаў паспрыяў таму, што яго шэфам стаў прафесар Анічкаў.
У горадзе на Няве Андрэю Пракапчуку была прысуджана ступень доктара медыцыны. Тут ён атрымаў і званне прафесара.
Імя нашага земляка Андрэя Якаўлевіча Пракапчука здабыло сусветную славу. Ён з'яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых прац, распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам. Адны назвы яго медыцынскіх прац гавораць аб шырыні і разнастайнасці прафесійнай дзейнасці нашага земляка. Гэта яго даследаванні «Бэта-выпраменьвальнікі ў дэрматалагічнай практыцы», «Змяненні нервовых элементаў скуры трусоў пад уздзеяннем радыёактыўнага фосфара», «Гнойныя захворванні скуры і іх папярэджанне», «Клініка рэдкіх дэрматозаў» і многія іншыя.
Андрэй Пракапчук даследаваў гісторыю беларускай медыцыны. У матэрыяле «Да гісторыі вышэйшай медыцынскай адукацыі і навуковых медыцынскі таварыстваў у Літве і Беларусі», які быў апублікаваны ў «Сборнику научных работ» (Мн., 1959) ці не ён першы ў пасляваенны час расказаў пра Віленскае, Беластоцкае, Магілёўскае, Віцебскае медыцынскія таварыствы, сябры якіх працавалі па ўсёй Беларусі. У прыватнасці, наш зямляк згадвае: «Члены Виленского медицинского общества работали по всей территории Белоруссии и Литвы. В 1820 г. среди его членов был инспектор Минской врачебной управы Бернгард, который в 1818 г. читал в Вильно доклад о колдуне. Из врачей, работавших в Белоруссии, в различное время были членами общества: Эразм Брезинский из Пинска, Фредерик Бранденбург из Могилёва, яков Франк из Минской губерни, Карл Гибенталь из Витебска, Осип Ясинский из Новогрудка, Гаспар Климкович — доктор медицины и хирургии из Минска, Осип Грабовицкий из Гродно, Иван Беренд из Белостока, Францишек Пучковский из Слонима, Даниил Стахович — доктор медицины и инспектор Минской врачебной управы, доктор Казимир Харьковский из Несвижа, доктор Радкевич из Слонима, предложивший лечение полипов носа едкими веществами и зачитавший доклад о колдуне, Ян Островский из Слонима — дивизионный врач, Ян Козел из Минска, Игнатий Булгак, Вильчинский из Бобруйска, Гриневич из Кобрина, Свидерский из Минска, доктор медицины Ясинский из Витебска…».[21] Пра ўсіх гэтых дактароў сёння трэба шукаць звесткі, пісаць кнігі. Дарэчы, пад кіраўніцтвам чамяроўскага доктара дваццаць пяць урачоў напісалі і абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.
У 1944 годзе Андрэю Пракапчуку было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Да апошніх дзён свайго жыцця (памёр у 1970 годзе) наш зямляк працягваў навуковыя пошукі. Усе свае веды, жыццё і працу акадэмік аддаваў ахове здароўя чалавека.
Шчыра сябраваў Андрэй Пракапчук з многімі беларускімі пісьменнікамі, але найбольш з Янкам Купалам. Аднойчы доктару патэлефанавалі ў мінскую клініку і паведамілі, што тэрмінова патрэбна яго кансультацыя: захварэў Янка Купала, ёсць падазрэнне на дэрматыт, бо трэці дзень паэт скардзіцца на тое, што ў яго баліць скура на твары, пячэ, ён не можа да яе дакрануцца. І тэмпература падскочыла — 38,9.
Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і, нарэшце, лячэнне дало свае вынікі: Янка Купала выздаравеў, павесялеў. Ад сэрца ў доктара адлягло. З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме Песняра, бо там заўсёды было людна, там збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў Купалы, у яго гасцінным доме, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй была цётка Уладзя, яго жонка.
Збярогся да сёняшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дарчы надпіс: "Дарагому прафесару, акадэміку А. Я. Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г., г.Мінск.". [22]
У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гродна. Гэта, відаць, была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі. У 1942 годзе Янкі Купалы не стала. Гартаючы старыя падшыўкі газеты “Савецкая Беларусь”, нечакана спыніўся на № 61 ад 2 ліпеня 1942 года. Стала неяк горка ад прачытаных радкоў: “Акадэмія навук Беларускай ССР страціла свайго старэйшага акадэміка, члена Прэзідыума Акадэміі, вялікага песняра беларускага народа, выдатнага беларускага асветніка Янку Купалу…”. А ўнізе подпісы — Якуб Колас, Кісялёў К.В., Пракапчук А.Я. і г.д. Так доктар са Слонімшчыны развітаўся са сваім дарагім сябрам Янкам Купалам.
Доктарам быў і родны брат Андрэя Пракапчука — Ілля Пракапчук (1905-1973). Нарадзіўся ён у Чамярах. Скончыў медыцынскі факультэт Другога Маскоўскага універсітэта і двухгадовыя курсы Чырвонай прафесуры. Працаваў ардынатарам клінікі нервовых хвароб медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта, асістэнтам кафедры нервовых хвароб Беларускага медыцынскага інстытута. Адначасова быў навуковым супрацоўнікам і вучоным сакратаром, пасля навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Інстытута псіханеўралогіі АН БССР. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Калі пачалася вайна, наш зямляк быў прызначаны начальнікам ваеннага шпіталя, а потым — намеснікам начальніка ўпраўлення палявога эвакуацыйнага пункта савецкай арміі на Другім Беларускім фронце.
Пасля вайны Ілля Пракапчук працаваў галоўным урачом Мінскай другой гарадской клінічнай бальніцы. Ён загадваў кафедрай нервовых хвароб Мінскага медінстытута, вывучаў рэгулятарныя ўласцівасці гематаэнцэфалічнага бар’еру.
Пра доктара гістарычных навук з Чамяроў Міхаіла Міско звестак захавалася вельмі мала. Сціпла і рэдка пра яго згадвалі рэспубліканскія выданні. А апошнім часам і зусім забыліся пра чамяроўскага гісторыка. Нідзе не магчыма было знайсці і фотаздымкаў нашага земляка.
Спачатку давайце прыгадаем яго кароткія біяграфічныя звесткі, тым больш што ў 2004 годзе Міхаілу Васільевічу Міско споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся ён у Чамярах у 1904 годзе у сялянскай сям’і. Першая сусветная вайна выгнала сям’ю Міско ў бежанства, ажно ў горад Сярдобск Пензенскай губерні. Там хлопчык пачаў вучыцца ў школе, а пасля вяртання ў Чамяры, працягваў вучобу ў роднай вёсцы. У 1920 годзе, калі Слонімшчына адышла пад Польшчу, Міхаіл Міско нелегальна перайшоў мяжу і праз пэўны час апынуўся ў Маскве. Там ён здаў экзамены і паступіў на гістарычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Паспяхова скончыўшы універсітэт — працягваў вучобу ў аспірантуры Інстытута чырвонай прафесуры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк быў ваенным карэспандэнтам. А пасля зноў вярнуўся ў Маскву, дзе да 1964 года працаваў у Інстытуце славяназнаўства Акадэміі навук СССР. Памёр Міхаіл Міско ў 1972 годзе.
У вёсцы Чамяры на Слонімшчыне сёння жыве Тамара Якаўлеўна Лаўрашчук. Яна — родная пляменніца Міхаіла Васільевіча Міско. Са слоў Тамары Якаўлеўны стала вядома, што яе тата і Міхаіл Міско былі роднымі братамі. Шмат гадоў яны не ведалі, дзе знаходзіцца Міхаіл, таму што ў свой час Слонімшчына была была пад Польшчай, а брат жыў дзесьці ў Савецкім Саюзе. І толькі пасля 1939 года яны атрымалі вестачку з Масквы.
“Дзядзька Міхась да нас прыехаў за дзень да пачатку вайны, — пачала ўспамінаць Тамара Якаўлеўна. — Мы вельмі яго чакалі і былі шчаслівымі ад сустрэчы. Але на другі дзень гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз. І мой тата з дзядзькам пайшлі ў Слонімскі ваенкамат, каб спытацца, што ім рабіць. Бацьку адпусцілі дамоў, а дзядзьку сказалі тэрмінова вяртацца назад у Маскву. Так мы з ім зноў развіталіся на цэлыя чатыры гады”.
Пасля вайны Міхаіл Міско часта наведваў родныя Чамяры. У хаце Тамары Якаўлеўны Лаўрашчук да сённяшняга часу захоўваюцца кнігі яе дзядзькі з аўтографамі. Дзве кнігі ён падпісаў роднаму брату, а адну — пляменніцы: “Маёй пляменніцы Тамары ад аўтара. Кастрычнік, 1962 г. М.Міско”.
Тамара Якаўлеўна таксама расказала, што яе дзядзька вельмі позна ажаніўся. Жонка яго была бібліятэкарам. У іх нарадзілася дачка Ганначка (Аня — так яе ўсе называлі). Аня цяпер жыве ў ЗША. Пляменніца Міхаіла Міско паказала і рэдкія фотаздымкі доктара гістарычных навук, якія раней нідзе не друкаваліся.
Пры жыцці Міхаіл Міско выдаў дзве кнігі і быў сааўтарам некалькіх выданняў. Найперш наш зямляк даследаваў гісторыю Польшчы, асабліва эканамічнае і палітычнае становішча Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя.
У 1958 годзе ў Маскве выйшла вялікае трохтомнае даследаванне “Гісторыя Польшчы”, дзе асобныя раздзелы па гісторыі нашай суседняй дзяржавы былі напісаныя Міхаілам Міско.
А першая ўласная гістарычная манаграфія нашага земляка пабачыла свет у Маскве ў 1957 годзе. Яна называлася “Октябрьская революция и восстановление независимости Польши”, дзе аўтар разглядае польскае пытанне і становішча польскіх зямель напярэдадні першай сусветнай вайны і падчас акупацыі Польшчы германскімі і аўстрыйскімі войскамі, а таксама становішча Польшчы падчас рэвалюцыі ў Расіі 1917 года.
Другая кніга “Польское восстание 1863 года” прысвечана паўстанню пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вядома, цяпер аўтар па-іншаму назваў бы сваё выданне, а тады, у пачатку 60-х гадоў, ён гэтага зрабіць не мог. Яму проста не дазволілі б. Ды і якое можа быць паўстанне ў 1863 годзе на Беларусі, ды яшчэ супраць расійскага царызму? А вось у Польшчы — гэта іншая справа. Хаця сам гісторык усё разумеў, што паўстанне такое ўзнікла на Беларусі і беларускі народ змагаўся за сваю незалежнасць.
У Слоніме на вуліцы Дабрыяна, 8 цяпер жывуць іншыя людзі. Я стараюся ў тым раёне бываць рэдка. Бо калі праходжу каля хаты, дзе жыў паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) са сваёй жонкаю Нінай Паўлаўнай, сэрца пачынае шчымець ад таго, што ўжо няма гэтага сціплага чалавека і цікавага паэта. Яго не стала ў кастрычніку 1999 года, а крыху раней — памерла і Ніна Паўлаўна.
Калі бываў вольны час, я спяшаўся ў гэтую хату. Адчыняў знаёмыя веснічкі, праходзіў па невялікім дагледжаным надворку, заходзіў у сенцы, дзе пахла бульбаю і сушонымі яблыкамі ці грушамі. З парогу мяне вітала шчырая Ніна Паўлаўна — сяброўка па жыцці і жонка паэта. А Іван Дарафеевіч, як звычайна, сядзеў за сталом у сваім чысценькім пакойчыку і нешта пісаў.
“Пажаніліся мы летам 1945 года, — расказвала Ніна Паўлаўна. — Вось з таго часу і разам. А пазнаёміліся ў рэдакцыі слонімскай газеты “Вольная праца”, дзе я працавала літработнікам. Мне ён тады вельмі спадабаўся. Раней у Слоніме я не бачыла і не сустракала прыгажэйшага за яго мужчыну. Хаця на першы погляд, здавалася, што Ваня звычайны, як ўсе. Але заўсёды ў адрозненне ад іншых, ён быў і заставаўся паэтам. Вершы яго мне таксама падабаюцца. Я, напрыклад, як выйду зімою на вуліцу, заўжды прыгадваю яго радкі:
Марозам траскучым па хвоях
Наступная прыйдзе зіма.
Асабіста мне муж прысвяціў толькі адзін верш “Развеяліся хмары”. Але я ніколі на гэта не крыўдавала…”.
Гэты верш быў надрукаваны ў апошнім зборніку Анатоля Іверса “Травень” (Слонім, 1997). У ім ёсць такія радкі:
Так, хмараў у жыцці паэта са Слоніма было шмат. Нарадзіўся ён 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры. Праз два гады сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе.
Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў “перавучвацца” у польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучням беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, вывешвае чырвоныя сцягі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам.
Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але і адтуль “бунтар” Міско быў выключаны. Яго “універсітэты” закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску.
У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Івэрс былі апублікаваныя ў першым студзеньскім часопісе “Літаратурная старонка” за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але з друкарні ўдалося вынесці толькі некалькі нумароў.
Праз некаторы час вершы Анатоля Івэрса (Іверса) сталі часта друкавацца на старонках выданняў “Літаратурная старонка”, “Калосьсе”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Наша воля”, “Асва”. А ў верасні 1939 года ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Песьні на загонах”.
Аб чым пісаў малады паэт з Чамяроў? Ды пра тое, як шуміць жыта, як “хтось расчэсваў зялёныя сосны”, як “заігралі ветры ў полі” і як “залацілася раніца ападаючым шэлестам”. А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:
Адзначыць каб добрую ўдачу,
Я зораў з сабой набяру
І жменяю сыпну — няйначай,
На славу табе, Беларусь. [24]
Калі прыйшлі “першыя саветы” і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета “Вольная праца”, яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на працу на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным пасяджэнні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў.
У гады вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету “Барацьба”, лістоўкі, дапамагаў выпускаць падпольную “Вольную працу”.
Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Але, не гледзячы на ўсе яго заслугі, для савецкай улады ды і ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, паэт Анатоль Іверс заставаўся чужым. Замест творчай працы ён працаваў на смолазаводзе, у хімлясгасе, а калі пайшоў на пенсію — быў адказным сакратаром Слонімскага раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А першы пасляваенны зборнік вершаў выйшаў з друку толькі ў 1970 годзе. Ён называўся “З пройдзеных дарог”. Сюды ўвайшлі вершы, напоўненыя пачуццём шчырай любові да роднага краю і яго працавітых людзей, а таксама паэма пра камсамольца Валодзю Бялько. У сваіх паэтычных радках Анатоль Іверс стараўся праўдзіва адлюстраваць перамогі над усімі акупантамі, якія не давалі спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі:
Перамога! Перамога!
Абіваем з ботаў пыл.
І на пройдзеных дарогах
Ставім новыя слупы.
Вецер гутарыць з ліствою,
Ад кастра адносіць дым.
А слупы ўсе пахнуць хвояй,
Нашым лесам маладым. [25]
Але як цяжка Анатолю Іверсу не было і дзе б ён не працаваў, заўсёды пісаў вершы, ніколі не цураўся матчынай мовы. “Я заўсёды размаўляў на сваёй мове, — казаў пры жыцці паэт. — За гэта мяне называлі нацыяналістам альбо, у лепшым выпадку, “той, хто гаворыць па-беларуску”. Мяне не арыштоўвалі, хоць дапытвалі больш чым паўсотні разоў. Двойчы звальнялі з працы за тое, што “не внушал политического доверия”.
Але паэт трываў і “шчасце спазнаў” у сваіх вершах. Трэці зборнік паэзіі “Жыву ў бацькоўскім краі” пабачыў свет у Мінску ў 1982 годзе. Ва ўступным слове да яго Алег Лойка трапна заўважыў, што “вершы Анатоля Іверса другой паловы 60-70-х гадоў раскрылі жыццёвы лёс паэта найбольш шырока і глыбока, і іх дэкларацыі — часцей за ўсё менавіта ёмістыя паэтычныя формулы жыцця і барацьбы, вернасці Радзіме, праўды лёсу чалавечага, як, напрыклад, гэтыя:
Нялёгка было ў правінцыі жыць, але вершы пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: “Я пайшоў бы ўслед за летам…”(Мінск, 1987), “Прыдарожныя сосны” ( Слонім, 1995), “Травень” (1997).
Для мяне, а таксама для ўсіх землякоў, Анатоль Іверс найперш застаўся ў нашай памяці як паэт, які шчыра служыў свайму народу і Бацькаўшчыне. У вершы “На дзяды” (зборнік “Травень”. С.55) ён сам падвёў вынікі перажытага і сказаў пра ўсё смела і адкрыта:
Я тры рэжымы перажыў:
Быў пан, быў гітлерац, “таварыш”.
І памяць кажа: беражы,
Каго яны закатавалі.
Палегла многа без віны
За мову родную ў змаганні.
А голас іх дасюль звініць
На гістарычным скрыжаванні.
Каб не забылі мы наш род
І тых, каго няма на свеце,
Каб ведалі, што мы — народ,
Што дзень свабодаю нам свеціць.
Свабодны люд стварыў бы лад
Дэмакратычны, не жалезны,
Каб Беларусь наша была
Краінай вольнай, незалежнай. [27]
З земляком Якубам Міско мне не пашанцавала сустрэцца і пазнаёміцца. Калі я паступіў на першы курс Белдзяржуніверсітэта, у часопісе «Маладосць» (1980, № 9) з’явілася яго дакументальная аповесць «Было яно калісьці…». Я купіў часопіс і на адным дыханні прачытаў гэтую аповесць. У ёй Якуб Міско цікава апісваў свае дзіцячыя і юнацкія гады, беларускую Вільню, дзе вучыўся і сталеў, а таксама родную Слонімшчыну. А дзесьці ў 1989 годзе яшчэ адзін мой зямляк, доктар гістарычных навук Васіль Мялешка прыслаў мне верш Якуба Міско, які называўся «Наперад». Гэты верш гісторык знайшоў у архіве, ён друкаваўся ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Я параіў Васілю Іванавічу даслаць верш Якуба Міско ў «ЛіМ», што ён і зрабіў. І 6 кастрычніка 1989 года верш «Наперад» Якуба Міско быў надрукаваны на адной са старонак тыднёвіка. Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё:
Наперад, да лепшае долі!
Наперад, да сонца, да зор!
Мы ў цемры ня можам жыць болей,
Нам трэба сьвятло і прастор!..
Якуб Міско нарадзіўся 1 ліпеня 1911 года ў вёсцы Чамяры ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе ў бежанстве ў Расіі. А калі сям’я вярнулася ў Чамяры ў 1921 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, адкуль яго за рэвалюцыйную дзейнасць некалькі разоў выганялі.
З 1932 года працаваў у галоўным сакратарыяце дэпутацкага клуба “Змаганьне”, а таксама ўзначальваў рэдакцыю “Беларускай газеты”. Вельмі часта Якуба Міско арыштоўвала польская паліцыя і саджала ў турмы. А перад самай вайною, калі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь саветы, яго арыштавалі органы НКУС. Праўда, праз год выпусцілі і Якуб Міско вярнуўся ў Чамяры. Спачатку працаваў дома па гаспадарцы, а перад самай вайною паехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў мясцовую райгазету.
Калі пачалася вайна, Якуба Міско забралі на фронт. Спачатку быў радавым разведчыкам, а да Берліна дайшоў гвардыі маёрам з пяццю ордэнамі. Калі вярнуўся на Радзіму, паступіў і скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут.
Усё жыццё Якуб Міско адпрацаваў журналістам. З іх амаль 30 гадоў — у «Сельскай газеце». Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі, рэцэнзіі на кнігі Максіма Танка,
Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Касько. На беларускую мову пераклаў творы К.Брандыса, М.Жулаўскага, Е.Путрамента, М.Каўнацкай.
У 1967 годзе Якубу Міско было прысвоена званне заслужаннага дзеяча культуры Беларусі.
Да апошніх сваіх дзён наш зямляк шмат працаваў, пісаў, сустракаўся са сваімі сябрамі. Журналіст М. Шыбаліс пісаў пра Якуба Міско: «До последних дней он продолжал накапливать знания, много читал, пополнял свою богатую библиотеку. Доступный и общительный, любивший шутку, розыгрыш, дороживший дружбой с товарищами, он был твёрд и требователен в работе, прежде всего, к самому себе». [28] Пасля смерці Якуба Міско (памёр 23 кастрычніка 1981 года) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сабраў яго лепшую спадчыну і выдаў асобнаю кнігаю, якую назваў «Маё маўклівае сэрца». У першы раздзел кнігі ўвайшлі дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», а ў другі — нарысы, артыкулы і гумарэскі. Ва ўступным слове да кнігі Янка Брыль сказаў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе лепшых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У гэтай цікавай, высокакультурнай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае аўтар — як актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей свайго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у выпрабаваннях на сталасць». [29]
Такім да сённяшніх дзён памятаюць нашага земляка яго сябры, такім ён застанецца і ў памяці ўсіх чамяроўцаў.
Цяпер Сцяпан Міхайлавіч Міско хварэе, таму ў родных Чамярах даўно не быў. А калі прыязджаў на Слонімшчыну, забягаў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. Але пры сустрэчах ён ніколі пра сябе не расказваў. А калі я наведваў Мінск, то заходзіў да яго на працу ў Кніжную палату на праспекце Машэрава, 11. Аднойчы я асмеліўся і запытаўся ў яго: «А ці праўда, Сцяпан Міхайлавіч, што гэта вы напісалі радкі пра былога міністра культуры СССР Фурцаву?». Сцяпан Міхайлавіч усміхнуўся і нагадаў гэтыя радкі:
Я нічога не баюся —
Я на Фурцавай жанюся:
Буду шчупаць сіскі я
Самыя марксісцкія!
Такая прыпеўка-жарт была дарэчы, бо кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг Сцяпан Міско ўсё сваё жыццё аддаў гісторыі тэатра. А многія рэспубліканскія пытанні тады ў тагачаснай савецкай імперыі без Масквы не вырашаліся. А культуру на «необъятных просторах СССР», сапраўды, курыравала таварыш Фурцава. Таму ажыццявіць беларускія культурныя планы такім людзям як Сцяпан Міско так і не ўдалося. Проста ім не давалі. А гэтых планаў было шмат.
Сцяпан Міско нарадзіўся 18 студзеня 1930 года ў Чамярах. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасля скончыў беларускую школу № 1 г. Слоніма і Мінскі інстытут замежных моў. Пра сваё маленства Сцяпан Міско згадаў у артыкуле «Вёска Чамяры»: «Маленства прайшло ў панскай Польшчы. Мы не разумелі тады, што такое акупацыя. Бачылі, як ловяць людзей, гоняць у турмы, толькі мы не здагадваліся, што гэтыя людзі хацелі лепшай долі для ўсіх. У школе крышку разабраліся. Там з першага класа на пытанне: «хто ты такі?» — павінны былі адказаць:
— Поляк малы.
— Які знак твуй?
— Ожэл бялы…
Беларускіх і рускіх кніг у вёсцы было шмат. Мы іх чыталі дома, ведалі напамяць: «Я мужык-беларус, пан сахі і касы», «Ярка на камінку смольны корч палае», «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы». І пазней ужо адчулі, што ніякія мы не палякі, што тутэйшы — значыць беларус. Некаторыя польскія песні і вершы нам падабаліся, бо ў іх расказвалася аб такім жа сялянскім жыцці, як і наша:
В понедзялэк рано,
Косіл ойцец сяно.
Косіл ойцец, косіл я,
Косілісь мы обыдва…
Або пра пастушка, які прасіў сонейка, каб хутчэй заходзіла, «бо мі нужкі болён за гэнскамі ходзіць». Такое самае было і наша маленства.
Падрос да гадоў шасці ды ў пастушкі. Пачынае світаць, а маці ўжо будзіць. Спачатку ласкава: «Сынок, сыночак…». А потым і дубца пакажа. Нічога не зробіш, трэба. З пастушка ў барану, з бараны ў граблі, ад грабель да касы і плуга — такі шлях вясковых хлапчукоў заходнебеларускай вёскі майго пакалення». [30]
Пасля заканчэння інстытута, Сцяпан Міско вярнуўся ў Слонім. У пасёлку Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма) у сярэдняй школе шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы. У 1958 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Затым працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва.
У 1962 годзе ў Кіеве ў самога Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатра». Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, шмат пісаў, апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў і доктарскую дысертацыю на тэму «Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя”. Дысертацыю абмеркавалі, адобрылі, але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў.У 1974 годзе яго звальнілі з працы з Акадэміі навук БССР, дзе працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам. “Нас выгналі тады за “неправильные взгляды по национальному вопросу”, — расказаў неяк мне Сцяпан Міхайлавіч. — Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля — убіраць смецце і працаваць на Мінскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…”.
Два гады наш зямляк не змог нідзе ўлаткавацца на працу. А пасля ўсё ж узялі ў Дзяржаўны музей БССР. А перад пенсіяй — працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве “Універсітэцкае”.
У 2000 годзе асобным выданнем выйшла з друку кніга Сцяпана Міско “Школьны тэатр Беларусі XVI-XVIII стст.”
У ёй аўтар найбольш поўна даследаваў тэатральнае мастацтва Беларусі перыяду сярэднявечча. Кніга складаецца з трох раздзелаў. У першым раздзеле даследчык расказвае пра тое, як узнік школьны тэатр і што сабой уяўляў яго репертуар. У другім раздзеле асаблівая ўвага ўдзяляецца аналізу інтэрмедый, якія ляглі ў аснову прафесійнай беларускай драматургіі. А ў трэцім раздзеле ў скарочаным выглядзе даецца змест асобных інтэрмедый.
Вядома, Сцяпан Міско гэтым выданнем не пратэндуе на вырашэнне ўсіх праблем, звязаных з развіццём школьнага тэатра ў Беларусі. Будучым даследчыкам давядзецца яшчэ перакласці на беларускую мову ўсе тэксты драм, якія пісаліся і ставіліся на тэрыторыі Беларусі на лацінскай і польскай мовах, выявіць многіх невядомых да гэтага часу драматургаў школьнага тэатра, даследаваць больш шырока тэорыю і практыку школьнага тэатра. Аднак і тое, што нашаму земляку ўдалося адшукаць у архівах і старых выданнях, вельмі карысна для тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускага тэатра.
Падчас адной з сустрэч Сцяпан Міхайлавіч Міско сказаў: “Калі будзеш пра мяне пісаць, не забудзь згадаць, што я з’яўляюся сябрам Саюза беларускіх тэатральных дзеячаў з 1964 года”. Што я і раблю.
Калі з’явіўся ў 1981 годзе мой першы вялікі артыкул у тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” пісьменнік Іван Чыгрынаў патэлефанаваў Івану Чыгрыну:
— Паслухай, Іване, ці чытаў ты апошні нумар “ЛіМа”?
— Чытаў. А ў чым справа? — здзіўлена запытаўся Іван Пятровіч Чыгрын.
— Ды справа ў тым, што ў літаратуру прыйшоў новы Чыгрын. І скуль яны бяруцца, гэтыя Чыгрыны? — незадаволена і са здзіўленнем уздыхнуў у трубку Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў.
— А чаго ты хвалюешся, Гаўрылавіч, — супакоіў Івана Чыгрынава Іван Чыгрын. — У Расіі некалькі Талстых, і ўсе яны — класікі!
— Можа ты і маеш рацыю! — супакоіўся Іван Гаўрылавіч і паклаў трубку…
Гэты тэлефонны званок так узрушыў Івана Чыгрына, што ён нават напісаў верш “Растлумачце слова мне месія”, але апублікаваў яго ажно ў 1998 годзе ў часопісе “Крыніца” (№ 9):
Выбіваюць прозвішчы з-пад ног.
Ёсць у нас такі Іван Чыгрынаў.
Прозу ў воз, нібы вала, запрог —
Едзе, свішча, салавей з былінаў.
Твой герой прайшоўся па зямлі
І маіх над Шчараю ваколіц.
Чорныя гады ва ўсіх былі —
Не забыцца нам пра іх ніколі.
Ёсць яшчэ адзін. Сяргей Чыгрын.
Што ён дасць, пакуль сказаць не проста.
А — паэт! Да трох не гавары.
І студэнт зайздроснейшага ўзросту.
Я і сам не вылупак які.
І маё пяро гамоніць з словам.
То чаго мне коса, з-пад рукі,
Паглядаць на родныя галовы?
Выбіваюць прозвішча з-пад ног?
Ах, лухта якая. Нават смешна.
Калі ў слове б’ецца ціха Бог,
То прамовіць здолеецца нешта.
Таленты патрэбны не абы…
Ганарыцца на ўвесь свет Расія,
Што было ў яе аж тры Талстыя…
Хто каму з іх перашкодай быў?
Касцюковічы. І Мінск. І Слонім.
Лета. Восень. Смага… Жнем і косім.
Як паглянеш вокам не староннім,
Уздыхнеш аб беларускай восі.
Касцюковічы. І Мінск. І Слонім.
На заходніх межах і на ўсходніх
Чыгрыны, як тыя тры Талстыя…
Растлумачце слова мне месія.
Месіяй для мяне і Івана Пятровіча на гэтым свеце, відаць, з’яўляюцца наша прозвішча, мова і літаратура. Нас лічылі і лічаць сваякамі, бо часам і цяпер сябры пытаюцца ў мяне: як мы адзін аднаму прыходзімся? А мы — проста землякі. Ды і мая вёска Хадзявічы знаходзіцца недалёка ад Чамяроў. Заградзінавае поле, урочышчы Гаркі, Падоськавічы, Пацяроб, Палонаўскія, Падліпа, Кажухава, Лаза, тая ж рэчка Валобрынка знаёмыя нам з дзяцінства. Праўда, Іван Пятровіч старэйшы за мяне амаль на трыццаць гадоў. Але гэта не перашкаджае нам сябраваць, любіць сваю Айчыну, думаць і пісаць па-беларуску.
Іван Чыгрын нарадзіўся 10 красавіка 1931 года ў Чамярах у сялянскай сям’і. Пасля Чамяроўскай сямігодкі вучыўся ў беларускай сярэдняй школе № 1 г.Слоніма, якую скончыў у 1950 годзе. У гэтым годзе паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Калі атрымаў дыплом настаўніка, прыехаў на радзіму вучыць дзяцей роднай мове ў Яварскай школе Дзятлаўскага раёна і ў Кракоцкай сярэдняй школе на Слонімшчыне.
У 1958 годзе Іван Чыгрын стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і з 1961 года да пенсіі працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі (цяпер Нацыянальная Акадэмія Навук РБ).
У 1968 годзе наш зямляк абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд.” Асобнаю кнігаю гэтая праца пабачыла свет у 1971 годзе. У ёй Іван Чыгрын упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве прасачыў працэс станаўлення беларускай прозы ў яе ўзаемаадносінах з мастацкім вопытам фальклору.У цэнтры ўвагі даследчыка былі праблемы ўзаемадзеяння творчых метадаў прафесійнай прозы і прозы народнай, а таксама пытанні кампазіцыі, сюжэта, мовы, стылю.
Наогул, Іван Чыгрын шмат гадоў даследуе ўзаемадзеянне фальклору і творчасці Ядвігіна Ш., Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, збірае і публікуе лексіку вёскі Чамяры, займаецца тэксталогіяй, склаў хроніку літаратурнага жыцця Беларусі, якая ўвайшла ў “Гісторыю беларускай літаратуры” (1968). Падрыхтаваў і выдаў асобнымі кнігамі выбраныя творы Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, пісьменнікаў “Маладняка” “Веснаход” і іншыя.
У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя з друку выйшлі дзве манаграфіі Івана Чыгрына “Проза “Маладняка”.Дарогамі сцвярджэння” і “Крокі: проза “Узвышша”. У першай кнізе аўтар даследуе праблемы развіцця беларускай прозы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Найперш, гэта пытанні тыпізацыі, мадэліравання жыцця ў канкрэтнай, маладнякоўскай прозе, пытанні расшырэння тэматычных абсягаў, сцвярджэння прыгодніцкага і рамантычнага напрамкаў. На матэрыяле творчай спадчыны сяброў літаратурнай арганізацыі “Узвышша” Іван Чыгрын даследуе ў другой сваёй кнізе праблемы мастацкага стаўлення маладой беларускай прозы, у прыватнасці прозу Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі і Андрэя Мрыя.
Новая манаграфія “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа” (1991) Івана Чыгрына была прысвечана праблеме мастацкай эвалюцыі творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Аўтар даследуе шляхі эпічнага станаўлення пісьменніка ў жанры рэалістычнага апавядання, філасофска-алегарычнай прозы і ў жанры рамана.
У 1994 годзе наш зямляк выдае новую кнігу “Паміж былым і будучым”, прысвечаную даследаванню шляхоў станаўлення творчай індывідуальнасці класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Як бачыце, нядрэнна працуецца на службе літаратуразнаўства пісьменніку з Чамяроў. Але гэта яшчэ не ўсё. Іван Чыгрын — цікавы і самабытны паэт. Ён выдаў сем зборнікаў вершаў: “Капеж” (1992), “Трыба” (1998), “Бераг” (1998), “Люблю вясну” (2000), “Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак” (2001), “Пялёсткі полымя” (2002), “Фантазіі старога дзеда” (2005).
Вершы, якія склалі гэтыя зборнікі, з філасофскім бачаннем прыроды і жыццёвых з’яў. Паэт знаходзіць тэмы і дэталі з блізкага яму вясковага побыту. На першы погляд здаецца, што празаічныя рэчы пад пяром творцы ператвараюцца ў тонкую лірычную паэзію:
Пасяджу. Пасумую.
Пагляджу. Патанцую.
Не, паеду. Пабуду.
Трэба быць сярод люду.
Спраўна моладзь вальсуе.
Спраўна песні спявае.
Працягну ім руку я,
Маладосць прывітаю.
Баба плача ў хусцінку!..
Да слязы я не дужа.
Яны з “Несцеркам” дружаць,
Яны ставяць “Паўлінку”.
Кажаш, голас нямоглы.
Сведчыш, ногі не тыя.
Зразумела, аблогі
Былі чыста крутыя.
Сам Лявон ў карагодзе
Там з Лявоніхай ходзе.
Чорта водзяць за рогі.
Мішка ходзіць на задніх, —
На гулянне з бярлогі
Паднялі раннем раннім.
Не маё гэта шчасце
Адзіноты напасце.
Трэба быць сярод люду.
Я паеду, пабуду. [31]
Вершы Івана Чыгрына пра наша жыццё, хаця жыццё — гэта не толькі радасці. Таму лірычны герой ягоных паэтычных твораў заўсёды ў роздуме, у няпростым, нярэдка балючым самааналізе:
Як сведчаць паэтычныя радкі Івана Чыгрына, галоўнае для яго — моцнае пачуццё, думка, якія шукаюць глыбіні і змястоўнасці. Паэт вядзе няўрымслівы і наватарскі пошук ва ўсім. Паэзія чамяроўца адрозніваецца ад паэзіі яго равеснікаў і ад вершаў сучасных маладых наватарскіх паэтаў. Гэтым ён і цікавы, эмацыянальны, новы:
Імгненні вечнасці ў адчуваннях
Не для нас.
Калі вечнасць выбіваецца з-пад ног,
Не тая справа — адчуванні. [33]
Пра паэзію Івана Чыгрына можна разважаць шмат. І крытыкі яшчэ скажуць важкае слова пра Івана Чыгрына — як паэта. Мне яшчэ хочацца дадаць, што Іван Пятровіч вельмі шчыры чалавек. Ён заўсёды адгукнецца на просьбу, падзеліцца сваім жыццёвым і творчым вопытам, асабліва з землякамі. Шкада толькі, што ўсё радзей ён бывае ў сваіх Чамярах, дзе стаіць бацькава хата. Бацькоў ужо даўно няма, але як не хапае іх цяпла, усмешак і вясковых навін. У адным з вершаў Івана Чыгрына пра родную вёску прачытаў такія радкі:
Хадзіў па садзе. З рэчкай размаўляў.
І сам душой, здаецца, баляваў.
Там мудрая Валобрынка паміж альшын цячэ.
У вёску ездзіў я. Да матчыных вачэй.[34]
Проста сказана, але вельмі чулліва і моцна. Па-нашаму сказана, па-чамяроўску. У гэтых радках і ўвесь Іван Чыгрын.
Скульптар Іван Якімавіч Міско — самы тытулаваны чамяровец. Ён з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій…
Зрэдку, але бываю ў мінскай творчай майстэрні свайго земляка Івана Міско. Там трапляю нібы ў музей, дзе вочы разбягаюцца ад розных бюстаў, малюнкаў, аўтографаў, здымкаў. Найперш уражваюць дзверы, на якіх пакінулі свае аўтографы тыя людзі, якія пабывалі ў майстэрні скульптара. Свае аўтографы пакінулі касманаўты Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Георгій Берагавой, мэр Масквы Юрый Лужкоў, расейскі мастак Ілья Глазуноў, кампазітар Аляксандра Пахмутава, спявак Іосіф Кабзон, і нават Аляксандр Лукашэнка. А пакінуў ён тут свой аўтограф, калі яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. А я чым горшы за Рыгоравіча? Тым больш, што я — зямляк скульптара, таму таксама пакінуў на дзвярах свой аўтограф.
Каго толькі не ляпіў Іван Міско. Але яго ўлюбёнай тэмай была і застаецца касмічная. Партрэт першага касманаўта свету Юрыя Гагарына наш зямляк зрабіў пад гукі жалобнай узыкі ў дзень пахавання першаадкрывальніка касмічных прастораў. На сённяшні ж дзень у майстэрні скульптара з Чамяроў — цэлая галерэя скульптурных партрэтаў касманаўтаў з самых розных краін свету — Беларусі, Расіі, ЗША, Англіі, Францыі, Польшчы,
Германіі і нават Японіі і Афганістана.
Па словах скульптара, значная частка ягонага жыцця прайшла ў мінскай майстэрні. “Але ў кожнага чалавека ёсць дарагі сэрцу куточак зямлі — радзіма, — згадвае Іван Якімавіч. — Для мяне гэта вёсачка Чамяры, што на Слонімшчыне, дзе 22 лютага 1932 года я ўпершыню ўбачыў сонечнае святло. Тут жылі бацькі, дзяды і прадзеды. Яшчэ ў школьныя гады ў мяне з’явілася цікавасць да малявання. Калі ж наступіў час вызначаць свой жыццёвы шлях, вырашыў стаць мастаком. Мара збылася — я паступіў вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Мінску. З першага курса пайшоў у армію. Служыў далёка ад родных мясцін, у Забайкаллі. Але і там стараўся не расставацца з жывапісам. Маляваў партрэты для гарнізоннага клуба, афармляў насценгазету. Завочна скончыў вучылішча імя Н.К.Крупскай у Маскве. Пасля службы прадоўжыў вучобу ў Мінску. І здарылася так, што паступаў я на аддзяленне жывапісу, а скончыў скульптурнае. Аднойчы ўбачыў, як працуе скульптар і быў уражаны. Магчымасць тварыць у жывой прасторы здалася мне пасля гэтага больш прывабнай, і сэрца маё назаўжды прыкіпела да скульптуры. Дыпломная кампазіцыя “Юнацтва” стала пачаткам творчай біяграфіі. У 1957 годзе я скончыў вучылішча. Затым была Беларуская акадэмія мастацтваў. Скульптурная кампазіцыя “Суровыя гады” падвяла вынікі вучобы. Гэта работа была своеасаблівым водгаласам маіх дзіцячых гадоў, абпаленых вайной. Я пачаў працаваць у Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, якому аддаў дваццаць гадоў жыцця. Гэта быў надзвычай плённы перыяд для творчасці. Праца ў музеі дала рэдкую магчымасць удасканальвацца ў сваёй прафесіі. Сярод маіх ранніх работ — “Вясна”, “Беларусачка”, скульптурныя партрэты дырыжора Р. Шырмы, акадэміка А. Пракапчука, пісьменніка Я. Маўра, кампазітара Я.Цікоцкага, акадэміка Ф.Фёдарава, партрэт маці і цэлая серыя партрэтаў Герояў Сацыялістычнай Працы. Я ляпіў партрэты людзей, якія былі цікавымі для мяне. Сярод іх мае землякі, простыя людзі, якія пражылі настолькі багатае жыццё, што на іх тварах адбіліся і мудрасць, і душэўная прыгажосць, і высакароднасць. З 1957 года я пачаў браць удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выставах і конкурсах. Тройчы працаваў на міжнародных пленэрах па скульптуры ў Германіі. У 1965 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў”. [35]
Аднак персанажамі твораў Івана Міско сталі не горныя вандроўнікі паднябесся, але і знакамітыя людзі Беларусі. Не адну гадзіну ў майстэрні скульптара падчас яго работы правялі артыстка Стэфанія Станюта, пісьменнік Янка Маўр, акцёр Мікалай Яроменка, навуковец і палітык Генадзь Карпенка, спартсмен Аляксандр Мядзведзь. Мастак лічыць, што ўсе яны, ягоныя героі, — не зусім зямныя. Любоў да зорнай вышыні падказала нашаму земляку ідэю яшчэ двух партрэтаў — “бацькі амерыканскай касманаўтыкі” Барыса Кіта, які, як вядома, нарадзіўся ў Навагрудку, а таксама астролага Паўла Глобы.
У плённым супрацоўніцтве са скульптарамі М.Рыжанковым і А.Заспіцкім, архітэктарам А.Трафімчуком Іван Міско стварыў помнік-мемарыял, прысвечаны маці-патрыётцы, правобразам якой стала Анастасія Купрыянава, пяцёра сыноў якой загінулі на вайне. Помнік устаноўлены ў Жодзіна.
Сярод работ Івана Міско шмат скульптурных партрэтаў і кампазіцый. Гэта помнік Максіму Горкаму ў Мінску, заснавальніку беларускага нацыянальнага тэатра Ігнату Буйніцкаму ў вёсцы Празарокі на Глыбоччыне, помнік герою Івану Кабушкіну ў Баранавічах, помнік рускаму мастаку І.Рэпіну ў Здраўнёве, надмагільны мемарыял Гагарыных у горадзе Гагарыне і многія іншыя. А яшчэ Іван Якімавіч марыць зрабіць помнік Льву Сапегу і ўстанавіць яго ў родным Слоніме. Праект сумесна з архітэктарамі ўжо зроблены.
… Нядаўна мне зноў пашанцавана наведаць майстэрню Івана Міско. На адной са сцен заўважыў каляровую афішу адной з расійскіх эстрадных груп. Чатыры прыгожыя дзяўчыны ўсміхаюцца з плаката. А адна з прыгажунь на памяць пакінула скульптару свой аўтограф: “И ты мой гений, и я твой гений, каму же падать на колени…”. Думаю, што найперш трэба пакланіцца сёння таленту нашага земляка з Чамяроў Івану Якімавічу Міско, бо зробленае ім заслугоўвае валікай увагі і пашаны. Перад такім таленавітым чалавекам не сорамна сёння і ўпасці на калені.
“Фамільная асаблівасць майго роду — Вера і Веды, — сказаў неяк пры сустрэчы мне Уладзімір Міхайлавіч Іскрык, а пасля дадаў. — Стагоддзі рыцарскага служэння, а потым акупацыйны тэрор імперыі, праваслаўных папоў і савецкіх камуністаў наклалі адбітак на гены. Можна не сказаць усю праўду, але ніколі не кажы няпраўды. Маю цётку Алену катавалі ў дэфензіве за тое, “што агрызалася”. Бацька сядзеў пры паляках “за камуністычную прапаганду”, а ўжо ў 40-м годзе саветы кінулі ў турму за антысавецкую дзейнасць. Немцы вызвалілі, а ён з першага дня пачаў арганізоўваць супраціўленне. У 1947 годзе яго зноў узялі і паслалі на 10 гадоў у Казахстан “пасвіць авечак” за тое, што правёў сход па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР… па-дэмакратычнаму рэгламенту. “Гэта табе не пры паляках. Мы табе пакажам савецкую власць”, — тлумачылі ў МГБ. Менавіта шчырае жаданне даведацца гістарычнае праўды і адпаведнасці прапаганды з жыццём паўплывала на мой лёс. Двойчы спецслужбы спрабавалі задушыць гэту шчырасць. 22 лютага 1959 года мяне выключылі з камсамола “за создание фракционной антипартийной группировки внутри комсомольской организации колхоза “Путь к коммунизму”. Гэта закрывала шлях да адукацыі. Мяне выратаваў дырэктар БСШ № 1 г.Слоніма Бажко, які даў характарыстыку як выдатніку, без упаміну антыпартыйнага падполля ў калгасе. Другі раз, ужо з перспектывай 10-15 гадоў зняволення, мяне выключылі з універсітэта ў 1965 годзе. За тую ж антысавецкую і антыкамуністычную дзейнасць. Уратаваў мяне сакратар ЦК КПБ і старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Сяргей Прытыцкі. Аддзякаваў сям’і. Аказваецца, на высокай пасадзе ён убачыў сваё дасье, і даведаўся, што пад час рэпрэсій яго сябры кляпалі, што сліна да губ прынясе. І толькі адна мая цётка Зіна Іскрык паручылася за яго — выратавала…”.
Успамінаць пра родныя Чамяры і расказваць пра сябе і сваё жыццё беларускі палітолаг, драматург, педагог, кандыдат мастацтвазнаўства Уладзімір Іскрык можа доўга. Сам ён нарадзіўся 2 кастрычніка 1942 года. Скончыў Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, пасля — выкладчыкам у Мінскім інстытуце культуры, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, быў адказным рэдактарам часопіса “Тэатральны Мінск”, намеснікам дырэктара Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання.
У канцы 1990-х гадоў і ажно да 2004 года наш зямляк быў дарадцам старшыні Савета міністраў Беларусі, а таксама займаў добрыя пасады ў Інстытуце сацыяльна-палітычных даследаванняў і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Іскрык усё сваё жыццё даследуе праблемы духоўнасці і культуралогіі, творчасць пісьменнікаў канца ХХ стагоддзя ў кантэксце сусветнай культуры, а таксама гісторыю беларускай драматургіі.
У 1981 годзе ў Мінску выйшла яго першая манаграфія “Традыцыі народнай творчасці і сучасны тэатр”, пасля — падручнік “Драматургія і фальклор” (Мн., 2002). Аўтар сцвярджае, і з ім нельга не пагадзіцца, што “уплыў народнага тэатру прыкметны будзе і ў драматургіі, калі яна скарыстоўвае сюжэты, вобразы ці моўныя сродкі з інтэрмедыяй школьнага тэатру, з запісаў батлеечных прадстаўленняў, кірмашовага тэатру і г.д. Спадчына народнага тэатру скарыстоўваецца і запазычваецца высокаразвітымі тэатральнымі культурамі па трох асноўных кірунках: каб дасягнуць найбольшай выразнасці пры ўзнаўленні класічнай драматургіі —як нацыянальнай, так і сусветнай; пры стварэнні спектакляў, прысвечаных гісторыі народа або сцэнізацыі іншых жанраў народна-паэтычнай творчасці — балад, паданняў, казак, ці стылізацыі пад фальклор; а таксама ў пошуках сродкаў для ўвасаблення сучаснай тэмы”. [36]
Уладзімір Іскрык спрабуе свае сілы і ў драматургіі. У 1994 годзе з друку выйшла кніга ягоных п’ес “Сабачаняты”, куды ўвайшлі 8 лірычных драм, напісаных у 60-х — 70-х гадах на самыя розныя тэмы. Піша аўтар і для дзяцей. Найбольш вядомая яго п’еса “Бег Бай па сцяне” (ставілі многія аматарскія калектывы), дзе аўтар свой казачны сюжэт звязаў з фальклорам. Пра драматургію нашага земляка найлепш сказаў народны пісьменнік Беларусі драматург Андрэй Макаёнак: “П’есы драматурга, пра якога я хачу расказаць, не трапілі, на жаль, у шэраг прынятых і пастаўленых. А калі іх прачытаў, прызнаюся, пазайздросціў гэтаму маладому чалавеку. Пазайздросціў мяккай беларускай танальнасці ў добразычлівай абмалёўцы персанажаў, вельмі жывой гутарковай мове. Вельмі ўмела перадае ён мяккую і колкую (але ад дабра!) іронію і гумар ва ўзаемаадносінах вяскоўцаў. Вельмі любіць аўтар працавітых, умелых і багатых на душэўнасць і ласку землякоў. Прозвішча драматурга — Іскрык".[37]
П’есы Уладзіміра Іскрыка напісаны вельмі сакавітай мовай, поўныя трапных дасціпных, напружаных дыялогаў, прасякнуты вастрынёй і парадаксальнасцю думкі. У іх адлюстраваны розныя бакі нашага жыцця, сацыяльныя з’явы рэчаіснасці, таму многія творы не страцілі эстэтычнай значнасці і сёння. Па іх абавязкова трэба ажыццяўляць пастаноўкі на прафесійнай сцэне нашы тэатраў. А яшчэ Уладзімір Іскрык напісаў сцэнарыі навукова-папулярных фільмаў “Здзіслаў Стома” і “Уладзімір Мішчанчук”, апублікаваў каля сотні артыкулаў на самыя розныя тэмы.
Каб больш даведацца пра гэтага чамяроўца, пра яго адносіны да сённяшняга жыцця, да беларускай культуры і мовы — дапаможа інтэрв’ю, якое нядаўна я зрабіў і апублікаваў у “Газеце Слонімскай” 1 лютага 2006 года. Вось некалькі ягоных адказаў на мае пытанні.
—З дзяцінства ўспамінаецца руская песня, якая часта гучала па радыё, ды і цяпер час ад часу яе можна пачуць у эфіры. Песня называлася “С чего начинается Родина?”. Памятаеце: “А может, она начинается с той песни, что пела нам мать…”. А на Вашу думку, з чаго пачынаецца Бацькаўшчына?
— Бацькаўшчына пачынаецца з усвядомленага вывучэння традыцый у сям’і і ў дзяржаве.
— Калі мы пачалі нашу гутарку з традыцый, дык Беларусь мае вялікія тэатральныя традыцыі…
— Беларусь — гэта старэйшая тэатральная краіна на тэрыторыі былога СССР. Тэатр прыйшоў у Маскву з Беларусі, пасля таго як Кацярына параздавала нашы землі сваім палюбоўнікам і ваенным асобам, адначасова раздала і тэатры. Дарэчы, толькі ў радыусе 30 кіламетраў вакол Слоніма было да 1795 года тэатраў больш, чым ва ўсёй Савецкай Беларусі. Гэта быў тэатр Агінскага ў Слоніме, тэатры ў Дзярэчыне, Ружанах, Косаве і ў іншых мястэчках. Прычым найвыдатнейшыя тэатры еўрапейскага кшталту. Напрыклад, пра тое, што беларускае барока паўплывала на станаўленне і развіццё расійскай культуры, піша нават расійскі акадэмік Ліхачоў у сваёй “Истории древнерусской культуры”. А наш гісторык Абэцэдарскі, якога мы сёння крытыкуем, напісаў кнігу, якая так і называецца — “Беларусы ў Маскве”, яна выйшла з друку ажно ў 1957 годзе. Ён там падкрэслівае вялікую ролю беларусаў у развіцці Масквы і яе культуры.
— А ці даўно Вы самі былі ў тэатры?
— Апошні раз глядзеў спектакль-ідылію “Сялянка”. Ён мне не спадабаўся. Наогул, тэатр у Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе, таму што тэатр — гэта драматургія, якая павінна адлюстроўваць настроі грамадства. А зрабіць сёння нейкае шоу — гэта поўны правал. Тэатр ёсць рэалізм, рэалізм псіхалагічны і рэалізм старой балады і драмы. З гэтага складаюцца традыцыі нашага беларускага тэатра. Таму не трэба сёння блытаць тэатр з камерцыяй, бо ёсць сапраўднае мастацтва і ёсць шоу.
— Уладзімір Міхайлавіч, дзесьці чытаў, што ў 60-х гадах Вы са сваімі сябрамі-студэнтамі стварылі ў БДУ падпольны ўрад. Ці праўда?
— Гэта былі 1960–1964 гады. Але ніякага ўраду мы не стваралі, а арганізавалі гурток. На ім чыталі забароненыя часопісы, марылі пра незалежнасць Беларусі, гутарылі пра гісторыю сваёй дзяржавы. Падобныя гурткі былі створаныя і ў іншых ВНУ Мінска, а таксама на трактарным заводзе, Вышэйшай школе міліцыі і г.д. У наша кола сяброў уваходзілі ўнук Якуба Коласа Юра Міцкевіч, паэт-пачатковец Уладзімір Мархель, будучы гісторык Міхась Ткачоў, паэт Рыгор Семашкевіч, філолаг Генадзь Тумас і іншыя. Нас за гэта выключылі з універсітэта ўжо на пятым курсе. Праўда, у абарону выступіў Сяргей Прытыцкі, які тады быў сакратаром ЦК КПБ, дзякуючы яму нас перавялі на завочнае аддзяленне.
— А каб сёння падобную арганізацыю стварылі студэнты?
Іх проста выгналі б з навучальнай установы і ніхто не заступіўся б. Бо сённяшняя дзяржаўная палітыка ў Беларусі — памылковая, асабліва ў дачыненні да нашай моладзі, нашай гісторыі і мовы.
— Уладзімір Міхайлавіч, працуючы ў Савеце міністраў Беларусі і ў Акадэміі кіравання, ці часта Вам надаралася мажлівасць сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам?
— Адразу скажу, што я не ўваходзіў у наменклатуру тых людзей, якіх Лукашэнка прызначаў. Па-другое, я з ім часта сустракаўся да таго, як ён стаў прэзідэнтам, даваў яму розныя парады, кансультацыі. А калі ўжо ўсталявалася яго сістэма, я з Лукашэнкам сустракацца не мог, таму што ён сам казаў і кажа: “Мне советчики не нужны!” Таму да мяне ў апошнія гады ён ставіўся не вельмі прыхільна.
— Я ведаю, што ён у Вас нават пабываў у кватэры, гутарыў, піў каву, гарбатку…
— Быў, калі з’яўляўся дэпутатам. Але я найбольш сябраваў з Аляксандрам Дубко — былым старшынёю Гродзенскага аблвыканкама. Амаль кожны тыдзень ён заскокваў да мяне дамоў пасля розных найвышэйшых збораў у сталіцы. Дубко быў рэаліст. Ён казаў, што вось раздаюць кожнай адсталай вобласці па мільёну даляраў, а далі б мне — праз год я вярнуў бы гэты мільён і зарабіў бы яшчэ для сваёй Гродзенскай вобласці. А так гэтыя мільёны дзесьці прападаюць. Калі б прэзідэнтам быў Дубко, то сёння былі б выведзеныя з абароту землі з ураджайнасцю, меншай за 50 цэнтнераў. Пра яго апошнія дні жыцця яшчэ будзе суд гісторыі…
На гэтым тапчане ў зале маёй кватэры (гутарка адбываецца ў мінскай кватэры Уладзіміра Іскрыка. — Заўвага аўт.) часта сядзелі Лукашэнка, Сініцын, Шарэцкі і многія іншыя вядомыя сёння асобы. Мой калега Сямён Шарэцкі з гумарам гукаў, глынуўшы мае заваркі: “Вады! Вады!” А паважаны скульптар Ваня Міско пасміхаўся: “Ад кавы надта сэрца баліць… як успомніш, якая яна дарагая!”
Часта ў мяне гасцілі і цяпер бываюць Міхаіл Чыгір з мілай жонкай Юляй. А Станіслаў Шушкевіч проста зачароўваў усіх, хто з ім сустракаўся ў маёй кватэры. Гэта проста гістарычная асоба. І ён можа сустрэцца з любым кіраўніком любой дзяржавы ў любы час. Шчыра кажучы, я быў знаёмы і цяпер сябрую з тымі людзьмі, каму рэальна магу дапамагчы ці ў каго магу нечаму добраму павучыцца, з каго ўзяць прыклад. З нядобрым чалавекам не хачу сустракацца.
— Вы неяк сказалі, што Беларусь найбольш пацярпела ад савецкіх афіцэраў, камуністычных функцыянераў і ад імперскай улады Расіі…
— Гэта сапраўды так. Расейцы палілі вёскі і гналі ў бежанства Беларусь у 1914 годзе. Згарэла і майго дзеда хата ў Чамярах, а клавішы ад раяля валяліся на вуліцы аж да звароту землякоў у 1921 годзе. Савецкія афіцэры спалілі Хатынь і яшчэ 10 тысяч паселішчаў Беларусі, здрадзіўшы нават Сталіну. Потым сталінскім ударам зруйнавалі Мінск. Савецкія афіцэры забілі дзеда Талаша, абрабаваўшы яго паштовую торбу. І, нарэшце, звыродны “рускі герой” маршал Жукаў скінуў атамную бомбу на свае войскі на Тоцкім палігоне Арэнбургскай вобласці ў 1954 годзе. Там загінулі 43 тысячы савецкіх салдат, у тым ліку і дзве беларускія дывізіі. Цяпер гэтыя афіцэры захапілі ўладу ў Беларусі і па ўзоры Прыднястроўя будуюць свой уласаўскі рэальны тэрор. А уласаўскі сцяг сёння развіваецца ў Крамлі. Але сёння махляваць і скажаць гісторыю нельга, сёння народу трэба гаварыць праўду, а таксама рабіць дабро.
— Аднак сёння ў нас больш згадваюць пра падзеі 1941–1945 гадоў, нібыта адсюль пачынаецца гісторыя Беларусі, а не тысячу гадоў назад …
— Калі і пачынаць гісторыю Беларусі з 1941 года, то трэба казаць вось што. Першымі ў Еўропе, хто даў адпор гітлераўцам, былі беларусы. 1 верасня 1939 года першы ўдар на сябе прыняло пабярэжжа Гданьска і Гдыні, а там служылі нашы беларусы з былой Заходняй Беларусі. А закончылі вайну таксама беларусы ў бітвах пад Монтэ-Касіно ў Італіі. Але пра гэта сённяшнія дзяржаўныя гісторыкі маўчаць, маўчаць і рускія гісторыкі. Таму, па іх гісторыі, палова беларускага народа выкрэсліваецца. Маскве захацелася аб’явіць, што вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года, вось яны так і сказалі. Дарэчы, у гэты дзень 12 хлопцаў з маёй роднай вёскі Чамяры Слонімскага раёна ўжо пайшлі ў лес і стварылі партызанскі атрад. Дома яны ўжо не начавалі, бо немцы былі каля Слоніма.
— Ад палітыкі давайце вернемся да стану нашай роднай мовы. Як і раней, так і цяпер існуе адзіны антыбеларускі аргумент: маўляў, у беларусаў нізкі ўзровень самасвядомасці, па-беларуску не чытаюць, народ супраць роднай мовы. Няўжо так?
— Не, адбываецца ўсё наадварот. Ёсць беларускамоўнае запатрабаванне, у 6–12 разоў большае за рускамоўнае. Возьмем сувымерныя па інтэлектуальным змесце часопісы “Новый мир” Расіі і беларускія “тоўстыя” — “Полымя”, Маладосць”, “Аrche”, “Дзеяслоў”. 8,5 тысячы тыражу “Нового мира” — на 300 мільёнаў патэнцыяльных чытачоў. 1,5–3 тысячы асобнікаў беларускамоўнага выдання на 8 мільёнаў нашых патэнцыяльных чытачоў. Дык дзе і на якой мове больш чытаюць?!
Кніжныя прылаўкі заваленыя не толькі прыгожа аформленымі культуралагічнымі выданнямі, але і рускамоўным брудам, інфармацыйным смеццем, апісаннямі вычварэнства, містыкі і гвалту. Дык гэта ж знак таго, што інтэлект рускамоўнага чытача ніжэйшы за інтэлект беларускамоўнага — у столькі разоў, у колькі ўпалі тыражы “Нового мира”, “Дружбы народов”, “Молодой гвардии”. Непісьменны суразмоўца, паўтараючы дурнотны міф пра “беларускае, якое не чытаюць”, не ведае, што тыражы рускамоўных літаратурных часопісаў ужо не 1–3 мільёны (!), а ў тысячу разоў меншыя. А попыт на беларускамоўныя павялічваецца! Бо беларуская мова не з’яўляецца носьбітам агрэсіўнага сатанізму, што нясецца на Беларусь як цунамі.
— Дарэчы, і ў глабалісцкіх структурах Еўропы прадугледжана падтрымка беларускай дзяржаўнасці і мовы.
— Мовай ХХI стагоддзя Беларусі будзе, безумоўна, наша родная. І такая падтрымка сапраўды прадугледжана. Таму гэта зманліва будзе нават для нашых чыноўнікаў, бо заробкі ў еўраструктурах непараўнальныя, а плыні папер значныя. Рускамоўных спецыялістаў там хапае. Акрамя таго, у другой палове ХХ стагоддзя афіцыйны статус набылі — поруч з англійскай! — мовы Уэльса, Шатландыі, Ірландыі, іншых этнасаў і меншасцяў, зацікаўленых у фінансава-палітычнай падтрымцы.
Падзеі на постсавецкай прасторы, Балканах, у краінах Вялікага шаўковага шляху сведчаць, што глабалізацыя адбываецца ва ўсіх сферах. Старыя імперыі — Германская, Расейская і нават Брытанская — разбураныя беззваротна. Нават Англія ў Вялікай Брытаніі пацяснілася для Уэльса і Шатландыі. Расія таксама дэзінтэгруецца. Паводле афіцыйных матэрыялаў, значна частка асноўных рэсурсаў Расіі належыць замежнаму капіталу. Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Саха (Якуціі) — якуцкая, англійская і руская. За Уралам не кантралююцца эканоміка і дэмаграфія. На тэрыторыі Расіі не спыняюцца ваенныя канфлікты. Адсюль і міжнародны статус Расіі — аслабленая рэгіянальная краіна. Завяршаецца дэзінтэграцыя эканомікі, перш за ўсё на скандынаўска-пецярбургскім і турэцка-маскоўскім кірунках. Чакаць з Масквы плыні культуры праз рускую мову не выпадае (у адпаведнасці з урадавай праграмай эканамічнага развіцця Расіі). Няма ў Расіі магчымасці падвоіць валавы ўнутраны прадукт, каб адносна хутка дагнаць Партугалію, самую адсталую ў Еўропе. А ў Беларусі ёсць рэаліі і перспектыва для культурнага ўздыму. У Расіі рубель плануецца зрабіць валютай да 2010 года, уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю і ўзняць цэны на рэсурсы да ўзроўню сусветных. Гэта азначае, што фактар цаны Беларусь страціць, а фактар аддаленасці расійскай прасторы стане рэальным. І толькі настальгія па СССР захавае ў залежнасці ад Масквы невялікую частку беларускіх грамадзян. Але ж і яны не памяняюць сёння “мерседэс” на “Волгу”, а “фольксваген” на “Масквіч”. Таму глабалізацыя для Беларусі ў адрозненне ад Расіі і надалей будзе прагрэсіўным працэсам умацавання дзяржаўнасці, суверэннасці, культурнай самабытнасці. Але гэта магчыма толькі пры ўмацаванні і ўдасканаленні структур улады і сцвярджэнні прыярытэту беларускай нацыянальнай культуры. Агульначалавечае існуе толькі ў этнічным, калектыўнае — у асобе, глабальнае — у сацыяльна-этнічнай еднасці.
— Вы аптыміст, Уладзімір Міхайлавіч…
— Так, я — аптыміст. Таму што мяне трымаюць веды і вера. І я ведаю, што, на падставе навуковага прагнозу, Беларусь вельмі хутка будзе незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай.
Многія былыя жыхары Чамяроў сваё жыццё звязалі з арміяй. І каб пра ўсіх чамяроўцаў-вайскоўцаў расказаць, патрэбна вялікая манаграфія. Але пра аднаго маладзейшага земляка прыгадаць трэба. Я маю на ўвазе Ігара Бурсевіча — ваеннага інжынера і паэта.
Ігар Бурсевіч нарадзіўся ў Чамярах у 1949 годзе. Скончыў Слонімскую сярэднюю школу № 6 (цяпер гімназія № 1), пасля — Камянец-Падольскае вышэйшае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча і Ваенную акадэмію тылу і транспарту з кваліфікацыяй ваеннага інжынера шляхоў зносін.
На афіцэрскіх пасадах наш зямляк знаходзіўся з 1971 да 1995 гадоў. Прайшоў шлях па службовай лесвіцы ад старшага памочніка аддзела дарожна-выпрабавальнай базы да старшага афіцэра аддзела Цэнтральнага аўтамабільна-дарожнага Упраўлення Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Пасля звальнення ў запас Ігар Бурсевіч прымаў удзел у будаўніцтве і рэканструкцыі аўтамабільных дарог у Цэнтральнай Расіі, а з 2002 года працуе у сістэме будаўніцтва аб’ектаў на трэцім транспартным кальцы горада Масквы. Жыве ў Падмаскоўі.
Аднойчы, калі Ігар Бурсевіч быў маладым афіцэрам, сустрэўся ён на Украіне ў горадзе Камянец-Падольску са сваім земляком генерал-лейтэнантам інжынерных войск Яўгенам Леашэнем. Слонімскі генерал быў даволі адукаваным чалавекам, добра ведаў гісторыю Беларусі, гісторыю роднага горада Слоніма, у свой час ён шчыра сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі, у тым ліку і з Якубам Коласам. Таму сустрэча двух слонімцаў была шчырай і незабыўнай, асабліва для Ігара Бурсевіча. Падчас гутаркі генерал Леашэня параіў маладому афіцэру Бурсевічу пісаць вершы, у якіх можна выказаць свае ўласныя думкі, перажыванні і хваляванні.
Сустрэча на Ігара Бурсевіча аказала такі ўплыў, што юнак з Чамяроў сапраўды ўзяўся за пяро і пачаў пісаць вершы. Але пісаў толькі для сябе. Пісаў па-беларуску і па-руску. А за трыццаць гадоў паэтычных радкоў напісалася шмат на самыя розныя тэмы…
Два гады назад да мяне ў рэдакцыю “Газеты Слонімскай” прыходзіць чалавек і кладзе на стол агульны сшытак вершаў. “Прачытайце, калі ласка, а калі гэтыя вершы вам спадабаюцца, хачу асобным зборнічкам іх выдаць у Слоніме і каб вы былі рэдактарам”, — кажа незнаёмец. Гэтым незнаёмцам аказаўся ўсё той жа чамяровец Ігар Бурсевіч. Тут мы і пазнаёміліся.
Сшытак я забраў дадому і вечарам пачаў чытаць. Калі сярод беларускімоўных паэтычных радкоў сустракаліся рускія словы-рыфмы і бачна было, што не ўсе яны ў мастацкіх адносінах роўныя, то рускамоўныя вершы былі адшліфаваныя, хоць таксама мелі розныя шарахаватасці і недакладнасці. Радавала тое, што пражыўшы столькі гадоў далёка ад Бацькаўшчыны, Ігар Бурсевіч не страціў і не адрокся свайго роднага, незабыўнага, светлага і цёплага:
Куточак маляўнічы,
Чарнічныя бары,
Ганькі і Хадзявічы,
Грынкі і Чамяры.
Тут ранкам над лугамі
У летнія часы
Гучалі з жаўрукамі
І нашы галасы.
На сініх плёсах Шчары,
Сярод яловых крон
Пакінулі мы мары
Сваіх юнацкі дзён.
Амаль да Ваўкавыска —
Узгоркі і лясы,
Ліцвінская калыска
На слонімскай зямлі.[38]
Пасля прачытання вершаў, запала ў душу адна адметная асаблівасць — гэта шчырасць, беларуская памяркоўнасць і дабрыня. Нават няглядзячы на тое, што большасць вершаў былі напісаны на рускай мове.
Праз некалькі месяцаў у Слонімскай друкарні пабачыў першы паэтычны зборнік Ігара Бурсевіча “Романтика дорог”. Яго склалі вершы, прысвечаныя роднай Слонімшчыне, гісторыі Беларусі, юнацкай пары і каханню:
Имидж свой мы не уроним,
Если чувства не мираж.
Приезжай на месяц в Слоним
Посмотреть местный пейзаж…
Приезжай, семейной парой
Соберем всех на пикник,
Слоним ждёт тебя над Щарой
И жировичский родник.[39]
Па першай кнізе вершаў адчувалася, што Ігар Бурсевіч — паэт лірычнага складу, які выяўляе пачуцці і думкі, навеяныя ходам падзей і абставінамі жыцця. Яго лірычны герой — чалавек узнёслай і рамантычнай душы, якая ўмее верна і горда любіць радзіму, свой народ, ап’яняцца хараством прыроды, захапляцца здабыткамі чалавечага духу, хораша і без ілжывай сарамлівасці кахаць:
Я вернусь устоявшимся снегом,
Верность принципам нашим храня,
Не расстанусь с семейным ковчегом,
Даже если уйдёшь от меня.[40]
У 2005 годзе ў Слоніме выходзіць з друку новы паэтычны зборнік Ігара Бурсевіча “Звёздный перезвон”. Аўтар яго прысвяціў армейскай службе. Але і ў ім паэт шчыра сумуе па роднай Беларусі, па Слонімшчыне:
Зима растаяла, как льдинка,
Вновь в Каменце пора цветам.
А в Слониме — моя Снежинка
Кружит с азартом по холмам.
В снежных просторах Альбертина
Среди березок и ракит,
Особым пламенем жасмина
Лыжню Русалка серебрит…[41]
У новым зборніку паэта вельмі шмат вершаў-прысвячэнняў. Звяртае на сябе ўвагу і верш, прысвечаны Максіму Тарасавічу Бурсевічу, як факт таго, што да сённяшніх дзён чамяроўцы пра яго памятаюць і расказваюць пра свайго знакамітага вяскоўца дзецям, унукам і праўнукам. Верш складаецца з васьмі строф, але прывяду дзве апошнія:
В Соловках твоя могила,
В снежных, северных краях.
Власть давно тебя забыла,
Помнят только в Чемерах.
В твою честь, возможно, в Минске,
Дом иль площадь назовут.
От потомков поклон низкий
За любовь, веру и труд![42]
Разважаць над паэзіяй Ігара Бурсевіча можна бясконца, так, як і гутарыць з самім аўтарам. Таму скажу толькі, што нядаўна ён прынёс мне вязанку сваіх новых вершаў, але ўсе яны ўжо напісаны на роднай мове. І гэта радуе…