«Што я зразумеў? Я зразумеў, што героі аднаго часу рэдка бываюць героямі іншага часу, апроч Івана-прасцяка. І Ямелі. Улюбёных герояў рускіх казак. Нашыя казкі — пра шанцунак, пра імгненне ўдачы. Пра чаканне цудоўнай дапамогі, каб усё ў рот само звалілася. Лежачы на печы, мець усё. Каб печ сама бліны пякла, а залатая рыбка ўсе жаданні выконвала. Хачу тое і хачу гэтае. Хачу царэўну чароўную! І хачу жыць у царстве іншым — з малочнымі рэкамі і кісельнымі берагамі. Мы — летуценнікі, вядома. Душа працуе і пакутуе, а справа мала рухаецца, бо на яе змогі ўжо не хапае. Справа на месцы стаіць. Загадкавая руская душа… Усе спрабуюць яе зразумець… чытаюць Дастаеўскага… Што там у іх за душой? А за душой у нас толькі душа. Пагаварыць любім на кухні, пачытаць кнігу. Галоўная прафесія — чытач. Глядач. І пры гэтым адчуванне сваёй нешараговасці, выключнасці, хоць падставаў для гэтага ніякіх, акрамя нафты і газу. З аднаго боку, гэта якраз і перашкаджае змяніць жыццё, а з другога боку — дае адчуванне сэнсу, ці што. Заўсёды ў паветры, што Расія павінна стварыць, паказаць свету штосьці надзвычайнае. Богаабраны народ. Адмысловы рускі шлях. Спрэс у нас Абломавы, ляжаць на канапе і чакаюць цуду. Але не Штольцы. Дзейсныя, спрытныя Штольцы пагарджаныя за тое, што ссеклі любімы бярозавы гай, вішнёвы садок. Заводзікі там будуюць, робяць грошы. Чужыя нам Штольцы…»
«Руская кухня… Бедная «хрушчобная» куханька (дзевяць-дванаццаць квадратных метраў — шчасце!), за тонкай сценкаю прыбіральня.
Савецкая планіроўка. Цыбуля на акенцы ў слоічках з-пад маянэзу, у гаршку альяс ад катару. Кухня ў нас — гэта не толькі месца для гатавання ежы, гэта і сталовая, і гасцёўня, і кабінет, і трыбуна. Месца для калектыўных псіхатэрапеўтычных сеансаў. У дзевятнаццатым стагоддзі ўся руская культура жыла ў дваранскіх сядзібах, а ў дваццатым — на кухнях. І перабудова таксама. Усё «шасцідзясятніцкае» жыццё — гэта «кухоннае» жыццё. Дзякуй Хрушчову! Гэта пры ім выйшлі з камуналак, займелі ўласныя кухні, дзе можна было лаяць уладу, а галоўнае — не баяцца, бо на кухні ўсе свае. Там нараджаліся ідэі, фантастычныя пражэкты. Баялі анекдоты… Анекдоты квітнелі! Камуніст — гэта той, хто Маркса чытаў, а антыкамуніст — той, хто яго зразумеў. Мы выраслі на кухнях, і нашыя дзеці таксама, яны разам з намі слухалі Галіча і Акуджаву. Круцілі Высоцкага. Лавілі Бі-бі-сі. Размовы пра ўсё: пра тое, як хрэнова ўсё, і пра сэнс жыцця, пра шчасце для ўсіх. Успамінаю смешны выпадак… Заседзеліся неяк да паўночы, нашая дачка, ёй было дванаццаць гадоў, тут, на маленькай канапцы і заснула. А мы нешта гучна заспрачаліся. І яна праз сон як зараве: «Не трэба больш пра палітыку! Ізноў Сахараў… Салжаніцын… Сталін…» (Смяецца.)
Бясконцая гарбата. Кава. Гарэлачка. А ў сямідзясятыя гады пілі кубінскі ром. Усе былі закаханыя ў Фідэля! У кубінскую рэвалюцыю! Чэ ў берэце. Галівудскі прыгажун! Бясконцая балбатня. Страх, што нас праслухоўваюць, напэўна праслухоўваюць. У сярэдзіне размовы абавязкова хто-небудзь паглядзіць, смеючыся, на люстру або на разетку: «Вы чуеце, таварыш маёр?» Быццам бы рызыка… быццам бы гульня… Атрымлівалі нават нейкае задавальненне ад гэтага ілжывага жыцця. Мала хто быў у адкрытым супраціве, больш было «кухонных дысідэнтаў». З дуляй у кішэні…»
«Цяпер сорамна быць бедным, неспартыўным… Не паспяваеш, карацей. А я з пакалення дворнікаў і вартаўнікоў. Быў такі спосаб унутранай эміграцыі. Ты жывеш і не заўважаеш таго, што вакол, як пейзаж за акном. Мы з жонкай скончылі філасофскі факультэт Пецярбургскага (тады Ленінградскага) універсітэта, яна ўладкавалася дворнікам, а я — апальшчыкам у кацельні. Працуеш адны суткі, двое — дома. Інжынер у той час атрымліваў сто трыццаць рублёў, а я ў кацельні — дзевяноста, гэта значыць, пагаджаешся страціць сорак рублёў, але затое атрымліваеш абсалютную свабоду. Чыталі кніжкі, шмат чыталі. Размаўлялі. Думалі, што выпрацоўваем ідэі. Марылі пра рэвалюцыю, але баяліся — не дачакаемся. Закрытае, у прынцыпе, вялі жыццё, нічога не ведалі пра тое, што робіцца ў свеце. Былі «хатнімі раслінамі». Усё сабе прыдумалі, як пасля высветлілася, прымроілі — і Захад, і капіталізм, і рускі народ. Жылі міражамі. Такой Расіі, як у кніжках і на нашых кухнях, ніколі не было. Толькі ў нас у галаве. У перабудову ўсё скончылася… Гахнуў капіталізм… Дзевяноста рублёў сталі дзесяццю далярамі. На іх — не пражыць. Выйшлі з кухняў на вуліцу, і тут высветлілася, што ідэй у нас няма, мы проста сядзелі ўвесь гэты час і размаўлялі. Аднекуль з’явіліся зусім іншыя людзі — маладыя хлопцы ў малінавых пінжаках і з залатымі пярсцёнкамі. І з новымі правіламі гульні: грошы ёсць — ты чалавек, грошай няма — ты ніхто. Каму гэта цікава, што ты Гегеля ўсяго прачытаў? «Гуманітарый» гучала як дыягназ. Маўляў, усё, што яны ўмеюць, — гэта трымаць томік Мандэльштама ў руках. Адкрылася шмат невядомага. Інтэлігенцыя жахліва збяднела. У нашым парку на выходных крышнаіты ставілі палявую кухню і раздавалі суп і нешта просценькае на другое. Выбудоўвалася такая чарга акуратненькіх старых, што ў горле шкрабала. Некаторыя з іх хавалі свае твары. У нас да таго часу было ўжо двое маленькіх дзяцей. Галадалі натуральным чынам. Пачалі з жонкай гандляваць. Бралі на заводзе чатыры-шэсць скрынак марозіва і ехалі на рынак, туды, дзе шмат людзей. Лядоўняў ніякіх, праз некалькі гадзін марозіва раставала. Тады раздавалі яго галодным хлапчукам. Колькі радасці! Гандлявала жонка, а я то паднясу, то падвязу — усё, што заўгодна гатовы быў рабіць, толькі не прадаваць. Доўга адчуваў сябе няёмка. Раней часта ўспамінаў нашае «кухоннае жыццё»… Якое было каханне! Якія жанчыны! Гэтыя жанчыны пагарджалі багатымі. Іх нельга было купіць. А цяпер часу на пачуцці ні ў кога няма — усе грошы зарабляюць. Адкрыццё грошай — як выбух атамнай бомбы…»
«Гарбачоўскі час… Вялізныя натоўпы людзей са шчаслівымі тварамі. Сва-бо-да! Усе гэтым дыхалі. Газеты імгненна знікалі. Час вялікіх надзеяў — вось-вось трапім у рай. Дэмакратыя — невядомы нам звер. Як вар’яты, бегалі на мітынгі: зараз даведаемся ўсю праўду пра Сталіна, пра ГУЛАГ, прачытаем забароненыя «Дзеці
Арбата» Рыбакова і іншыя добрыя кнігі — і станем дэмакратамі. Як мы памыляліся! З усіх радыёкропак крычала гэтая праўда… Хутчэй-хутчэй! Чытайце! Слухайце! Не ўсе былі падрыхтаваныя да гэтага… Большасць людзей не мела антысавецкіх настрояў, яны хацелі толькі аднаго — добра жыць. Каб можна было купіць джынсы, «відзік» і ружовую мару — аўтамабіль! Усім хацелася яркага адзення, смачнай ежы. Калі я прынесла дадому салжаніцынскі «Архіпелаг ГУЛАГ», мая мама была ў жаху: «Калі ты зараз жа не знікнеш з гэтай кнігай, то я цябе выганю з хаты». У бабулі расстралялі мужа перад вайной, а яна казала: «Ваські не было шкада. Арыштавалі правільна. За доўгі язык». — «Бабуля, чаму ты нічога мне не распавядала?» — пыталася я. «Няхай маё жыццё здохне разам са мной, абы вы не пацярпелі». Так жылі нашыя бацькі, і іхнія бацькі. Усё катком было адпрасавана. Перабудову зрабіў не народ, гэта зрабіў адзін чалавек — Гарбачоў. Гарбачоў і кучка інтэлігентаў…»
«Гарбачоў — сакрэтны амерыканскі агент… Масон… Здрадзіў камунізму. Камуністаў — на сметнік, камсамольцаў — на звалку! Я ненавіджу Гарбачова за тое, што ён скраў у мяне Радзіму. Савецкі пашпарт, як найдаражэйшую рэч, захоўваю. Так, мы стаялі ў чарзе па ссінелых куранят і гнілую бульбу, але гэта была Радзіма. Я яе любіў. Вы жылі ў «Верхняй Вольце з ракетамі», а я жыў у вялікай краіне. Расія заўсёды для Захаду — вораг, яе баяцца. Костка ў горле. Нікому не патрэбная моцная Расія — з камуністамі ці без іх. На нас глядзяць як на склад — нафты, газу, лесу і каляровых металаў. Нафту мяняем на майткі. А была цывілізацыя без шмотак і барахла. Савецкая цывілізацыя! Камусьці трэба было, каб яе не стала. Аперацыя ЦРУ. Намі ўжо кіруюць амерыканцы. Гарбачову добра за гэта заплацілі… Рана ці позна яго будуць судзіць. Спадзяюся, Іуда дажыве да народнага гневу. Я з задавальненнем прастрэліў бы яму патыліцу на Бутаўскім палігоне. (Стукае кулаком па стале.) Прыйшло шчасце, так? З’явіліся каўбаса і бананы. Валяемся ў гаўне і ямо ўсё чужое. Замест Радзімы — вялікі супермаркет. Калі гэта называецца свабодай, то мне такая свабода не патрэбная. Цьфу! Народ ніжэй за плінтус апусцілі, мы рабы. Рабы! Пры камуністах кухарка, як казаў Ленін, кіравала дзяржавай: рабочыя, даяркі, ткачыхі — а цяпер у парламенце сядзяць бандыты. Даляравыя мільянеры. Ім у турме трэба сядзець, а не ў парламенце. Падманулі нас з перабудовай!
Я нарадзіўся ў СССР, і мне там падабалася. Мой бацька быў камуністам, вучыў мяне чытаць па газеце «Правда». На кожнае свята мы з ім хадзілі на дэманстрацыю. Са слязьмі на вачах… Я быў піянерам, насіў чырвоны гальштук. Прыйшоў Гарбачоў, і я не паспеў стаць камсамольцам, пра што шкадую. Я — савок, так? Мае бацькі — саўкі, дзед і баба — саўкі? Мой саўковы дзед загінуў пад Масквой у сорак першым… А мая саўковая бабулька была ў партызанах… Спадары лібералы адпрацоўваюць сваю пайку. Хочуць, каб мы сваё мінулае лічылі чорнай дзіркай. Я іх усіх ненавіджу: гарбачова, шэварднадзэ, якаўлева, — напішыце з маленькай літары, гэтак я іх ненавіджу. Я не хачу ў Амерыку, я хачу ў СССР…»
«Гэта былі выдатныя, наіўныя гады… Мы паверылі Гарбачову, цяпер ужо нікому так лёгка не паверым. Многія рускія людзі вярталіся з эміграцыі на Радзіму… Быў такі ўздым! Думалі, што зломім гэты барак. Пабудуем нешта новае. Я скончыла філалагічны факультэт МДУ і паступіла ў аспірантуру. Марыла займацца навукай. Кумірам у тыя гады быў Аверынцаў, на яго лекцыі прыходзіла ўся адукаваная Масква. Сустракаліся і падтрымлівалі адзін у адным ілюзію, што неўзабаве паўстане іншая краіна, і мы за гэта змагаемся. Калі я даведалася, што мая аднакурсніца з’язджае ў Ізраіль, вельмі здзівілася: «Няўжо табе не балюча з’язджаць? У нас усё толькі пачынаецца».
Чым больш гаварылі і пісалі: «Свабода! Свабода!», тым хутчэй з прылаўкаў знікалі не толькі сыр і мяса, але і соль, і цукар. Пустыя крамы. Страшна. Усё па талонах, як у вайну. Нас выратавала нашая бабуля, яна цэлымі днямі бегала па горадзе і «атаварвала» гэтыя талоны. Увесь балкон быў забіты пральным парашком, у спальні стаялі мяхі з цукрам і крупамі. Калі выдалі талоны на шкарпэткі, тата заплакаў: «Гэта канец СССР». Ён адчуў… Тата працаваў у канструктарскім бюро на ваенным заводзе, займаўся ракетамі, і яму гэта шалёна падабалася. У яго былі дзве вышэйшыя адукацыі. Замест ракет завод стаў штампаваць пральныя машыны і пыласосы. Тату скарацілі. Яны з мамай былі заўзятымі «перабудоўшчыкамі»: пісалі плакаты, разносілі ўлёткі — і вось фінал… Разгубіліся. Не маглі паверыць, што свабода — яна вось такая. Не маглі з гэтым змірыцца. На вуліцах ужо крычалі: «Гарбачову грош цана, беражыце Ельцына!» Неслі партрэты Брэжнева ў ордэнах, а партрэты Гарбачова — у талонах. Пачыналася валадаранне Ельцына: гайдараўскія рэформы і вось гэтае ненавіснае мне «купі-прадай»… Каб выжыць, я ездзіла ў
Польшчу з мяшкамі лямпачак і дзіцячых цацак. Поўны вагон: настаўнікі, інжынеры, дактары… Усе з мяшкамі і торбамі. Усю ноч сядзім і абмяркоўваем «Доктара Жывага» Пастарнака… п’есы Шатрова… Як у Маскве на кухні.
Успамінаю ўніверсітэцкіх сяброў… Мы сталі кім заўгодна, але не філолагамі — топ-менеджарамі рэкламных агенцтваў, банкаўскімі клеркамі, «чаўнакамі»… Я працую ў агенцтве нерухомасці ў адной дамы, якая прыехала з правінцыі, былы камсамольскі работнік. У каго сёння фірмы? Вілы на Кіпры і Маямі? У былой партыйнай наменклатуры. Гэта да таго, дзе трэба шукаць грошы партыі… А нашы правадыры… шасцідзясятнікі… Яны крыві на вайне нанюхалiся, але былі наіўныя, як дзеці… Нам трэ было дняваць і начаваць на плошчах. Давесці справу да канца — дамагчыся Нюрнберга для КПСС. Мы занадта хутка разышліся па дамах. Фарцоўшчыкі і мянялы ўзялі ўладу. І насуперак Марксу, пасля сацыялізму будуем капіталізм. (Маўчыць.) Але я шчаслівая, што жыла ў гэты час. Камунізм сканаў! Усё, ён ужо не вернецца. Жывём у іншым свеце і глядзім на свет іншымі вачыма. Свабоднае дыханне тых дзён я ніколі не забуду…»
«Я была закаханая, ні пра што іншае больш не магла думаць. Жыла выключна гэтым. І вось мама раніцай будзіць: «Танкі — пад вокнамі! Здаецца, пераварот!» Я ў паўсне: «Мама, гэта вучэнні». Фіг вам! Пад вокнамі стаялі сапраўдныя танкі, я ніколі не бачыла танкі так блізка. Па тэлевізары ішоў балет «Лебядзінае возера»… Прыбегла маміна сяброўка, яна вельмі хвалявалася, што завінавацілася партыйныя ўзносы за некалькі месяцаў. Казала, што ў іх у школе стаяў бюст Леніна, яна яго вынесла ў бакоўку, а цяпер — што з ім рабіць? Усё адразу стала на свае месцы: гэта нельга і тое нельга. Дыктар зачытвала Заяву аб увядзенні надзвычайнага становішча… Маміна сяброўка пры кожным слове ўздрыгвала: «Божа мой! Божа мой!» Бацька пляваўся ў тэлевізар…
Патэлефанавала Алегу… «Едзем да Белага дома?» — «Едзем!» Прышпіліла значык з Гарбачовым. Нарэзала бутэрбродаў. У метро людзі былі маўклівыя, усе чакалі бяды. Усюды танкі… танкі… На брані сядзелі не забойцы, а спалоханыя хлопцы з вінаватымі тварамі.
Бабулькі кармілі іх варанымі яйкамі і блінамі. На душы стала лягчэй, калі ля Белага дома я ўбачыла дзясяткі тысячаў людзей! Настрой ва ўсіх цудоўны. Адчуванне, што мы ўсё можам. Скандавалі: «Ельцын, Ельцын! Ельцын!» Ужо фармаваліся атрады самаабароны. Запісвалі толькі маладых, а сталым адмаўлялі, і яны былі незадаволеныя. Нейкі стары абураўся: «У мяне камуністы жыццё скралі! Дайце хоць бы памерці прыгожа!» — «Баця, адыдзіце…» Цяпер кажуць, што мы хацелі абараніць капіталізм… Няпраўда! Я абараняла сацыялізм, але нейкі іншы… не савецкі… І я яго абараніла! Я так думала. Мы ўсе так думалі… Праз тры дні танкі выходзілі з Масквы, гэта ўжо былі добрыя танкі. Перамога! І мы цалаваліся, цалаваліся…»
Сяджу на кухні ў маіх маскоўскіх знаёмых. Тут сабралася вялікая кампанія: сябры, сваякі з правінцыі. Успомнілі, што заўтра чарговая гадавіна жнівеньскага путчу.
— Заўтра — свята…
— А што святкаваць? Трагедыя. Народ прайграў.
— Пад музыку Чайкоўскага саўдэпію пахавалі…
— Першае, што я зрабіла, — узяла грошы і пабегла ў крамы. Ведала, чым бы яно ні скончылася, а кошты вырастуць.
— Узрадаваўся: Горбі прыбяруць! Надакучыў ужо гэты балбатун.
— Рэвалюцыя была дэкаратыўная. Спектакль для народа. Памятаю поўную абыякавасць, з кім ні загаворыш. Чакалі.
— А я патэлефанаваў на працу — і пайшоў рабіць рэвалюцыю. Выграб з буфета ўсе нажы, якія былі дома. Разумеў, што вайна… зброя патрэбна…
— Я быў за камунізм! У нас у сям’і — усе камуністы. Замест калыханак мама спявала нам рэвалюцыйныя песні. І ўнукам цяпер пяе. «Ты што, звар’яцела?» — кажу. А яна: «Я іншых песняў не ведаю». І дзед быў бальшавік… і бабка…
— Вы яшчэ скажыце, што камунізм — прыгожая казачка. Бацькі майго таты зніклі ў лагерах Мардовіі.
— Я пайшоў да Белага дома разам з бацькамі. Тата сказаў: «Хадзем. А то каўбасы і добрых кніг не будзе ніколі». Разбіралі брук і будавалі барыкады.
— Зараз народ працверазеў, і стаўленне да камуністаў мяняецца. Можна не хавацца… Я працаваў у райкаме камсамола. У першы дзень усе камсамольскія білеты, чыстыя бланкі і значкі забраў дадому і схаваў у падвале, потым бульбу не было куды складваць. Я не ведаў, навошта яны мне патрэбныя, але ўявіў, як прыйдуць апячатваць і ўсё гэта знішчаць, а гэта былі дарагія для мяне сімвалы.
— Мы маглі пайсці забіваць адзін аднаго… Бог выратаваў!
— Нашая дачка ляжала ў радзільні. Я прыйшла да яе, а яна: «Мам, рэвалюцыя будзе? Грамадзянская вайна пачнецца?»
— Ну, а я скончыў ваеннае вучылішча. Служыў у Маскве. Далі б нам загад кагосьці арыштаваць, дык, без усялякіх сумневаў, мы б гэты загад выканалі. Многія б выканалі яго са стараннасцю. Надакучыў бардак у краіне. Усё раней было дакладна і ясна, усё па загадзе. Быў парадак. Вайскоўцы любяць так жыць. Наогул людзі любяць так жыць.
— Я баюся свабоды, прыйдзе п’яны мужык і спаліць лецішча.
— Якія, браце, ідэі? Жыццё кароткае. Давайце вып’ем!
19 жніўня 2001 года — дзесяцігадовы юбілей жнівеньскага путчу. Я ў Іркуцку — сталіцы Сібіры. Бяру некалькі бліц-інтэрв’ю на вуліцах горада.
Пытанне:
— Што было б, калі б ГКЧП перамог?
Адказы:
— Захавалі б вялікую краіну…
— Паглядзіце на Кітай, дзе камуністы ва ўладзе. Кітай стаў другой эканомікай у свеце…
— Гарбачова і Ельцына судзілі б як здраднікаў Радзімы.
— Залілі б краіну крывёй… І запоўнілі людзьмі канцлагеры.
— Не здрадзілі б сацыялізму. Не падзяліліся б на багатых і бедных.
— Не было б ніякай вайны ў Чачні.
— Ніхто не адважыўся б казаць, што Гітлера перамаглі амерыканцы.
— Я сам стаяў ля Белага дома. І ў мяне такое адчуванне, што мяне падманулі.
— Што было б, калі б путч перамог? А ён і перамог! Помнік Дзяржынскаму зрынулі, а Лубянка засталася. Будуем капіталізм пад кіраўніцтвам КДБ.
— Маё жыццё не змянілася б…
«Свет рассыпаўся на дзясяткі рознакаляровых кавалачкаў. Як нам хацелася, каб шэрыя савецкія будні хутчэй ператварыліся ў салодкія карцінкі з амерыканскага кіно! Пра тое, як мы стаялі ля Белага дома, ужо мала хто ўспамінае… Тыя тры дні ўзрушылі свет, але не ўзрушылі нас… Дзве тысячы чалавек мітынгуюць, а астатнія едуць міма і глядзяць на іх, як на ідыётаў. Шмат пілі, у нас заўсёды шмат п’юць, але тады асабліва шмат пілі. Грамадства заціхла: куды рушым? Ці то будзе капіталізм, ці то будзе добры сацыялізм? Капіталісты тоўстыя, страшныя — гэта нам убівалі ў галовы з дзяцінства… (Смяецца.) Краіна абрасла банкамі і гандлёвымі палаткамі. З’явіліся зусім іншыя рэчы. Не грубыя боты і мышыныя сукенкі, а рэчы, пра якія мы заўсёды марылі: джынсы, дублёнкі… жаночая бялізна і добры посуд… Усё каляровае, прыгожае. Нашыя савецкія рэчы былі шэрыя, аскетычныя, нібы для вайскоўцаў. Бібліятэкі і тэатры абязлюдзелі. Іх замянілі кірмашы і камерцыйныя крамы. Усе захацелі быць шчаслівымі, атрымаць шчасце цяпер. Як дзеці, адкрывалі для сябе новы свет… Перасталі губляць прытомнасць у супермаркеце… Знаёмы хлопец заняўся бізнесам. Распавядаў мне: першы раз прывёз тысячу слоікаў распушчальнай кавы — расхапалі за пару дзён, купіў сто пыласосаў — таксама ў момант размялі. Курткі, швэдры, усялякая дробязь — толькі давай! Усе пераапраналіся, пераабуваліся. Мянялі тэхніку і мэблю. Рамантавалі лецішчы… Захацелі рабіць прыгожыя агароджы і дахі… Пачнём часам з сябрамі ўспамінаць, дык са смеху паміраем… Дзікуны! Цалкам убогія былі людзі. Усяму трэба было вучыцца… У савецкі час дазвалялася мець шмат кніг, але не дарагую машыну і дом. І мы вучыліся добра апранацца, смачна гатаваць, раніцай піць сок і ёгурт… Я да гэтага пагарджала грашыма, бо не ведала, што гэта такое. У нашай сям’і нельга было гаварыць пра грошы. Сорамна. Мы выраслі ў краіне, у якой грошы, можна сказаць, адсутнічалі. Я, як усе, атрымлівала свае сто дваццаць рублёў — і мне хапала. Грошы прыйшлі з перабудовай. З Гайдарам. Сапраўдныя грошы. Замест «Наша будучыня — камунізм» усюды віселі расцяжкі «Купляйце! Купляйце!» Хочаш — падарожнічай. Можаш убачыць Парыж… Ці Іспанію… Фіеста… бой быкоў… Я пра гэта чытала ў Хемінгуэя, чытала і разумела, што ніколі гэтага не ўбачу. Кнігі былі замест жыцця… Так скончыліся нашыя ўсяночныя на кухнях і пачаліся заробкі, падзаробкі. Грошы сталі сінонімам свабоды. Гэта хвалявала ўсіх. Наймацнейшыя і агрэсіўныя заняліся бізнесам. Пра Леніна і Сталіна забыліся. Так мы ўратаваліся ад грамадзянскай вайны, а то зноў былі б «белыя» і «чырвоныя». «Нашы» — «не нашы». Замест крыві — рэчы… Жыццё! Выбралі прыгожае жыццё. Ніхто не хацеў прыгожа паміраць, усе хацелі прыгожа жыць. Іншая справа, што пернікаў на ўсіх не хапіла…»
«Савецкі час… У Слова быў святы, магічны статус. І па інерцыі на інтэлігенцкіх кухнях яшчэ гаварылі пра Пастарнака, варылі суп, не выпускаючы з рук Астаф’ева і Быкава, але жыццё ўвесь час даказвала, што гэта ўжо неістотна. Словы нічога не значаць. У дзевяноста першым… Мы паклалі нашу маму ў шпіталь з цяжкай пнеўманіяй, і яна вярнулася адтуль гераіняй, у яе рот там не закрываўся. Распавядала пра Сталіна, пра забойства Кірава, пра Бухарына… Яе гатовыя былі слухаць дзень і ноч. Людзі тады хацелі, каб ім расплюшчылі вочы. А нядаўна яна зноў трапіла ў шпіталь, і колькі там была, столькі маўчала. Гадоў пяць прайшло ўсяго, і рэальнасць ужо размеркавала ролі інакш. Гераіняй на гэты раз была жонка буйнога бізнесмена… анямелі ўсе ад яе апавяданняў… Які ў яе дом — трыста квадратных метраў! Колькі прыслугі: кухарка, нянька, кіроўца, садоўнік… Адпачываць з мужам ездзяць у Еўропу… Музеі — зразумела, а буцікі… Буцікі! Адзін пярсцёнак столькі вунь карат, а іншае… А падвескі… залатыя кліпсы… Поўны аншлаг! Пра ГУЛАГ ці пра нешта такое ні слова. Ну было і было. Што цяпер спрачацца са старымі?
Я заходзіла па звычцы ў букіністычны — там спакойна стаялі ўсе дзвесце тамоў «Всемирки» і «Библиотеки приключений», той самай — аранжавай, якой я трызніла. Глядзела на карэньчыкі і доўга ўдыхала гэты пах. Ляжалі горы кніг! Інтэлігенты распрадавалі свае бібліятэкі. Публіка, вядома, збяднела, але не таму кнігі выносілі з хаты, не толькі з-за грошай — кнігі расчаравалі. Поўнае расчараванне. Стала ўжо непрыстойным пытанне: «А што ты цяпер чытаеш?» У жыцці шмат што змянілася, а ў кнігах гэтага няма. Рускія раманы не вучаць, як дамагчыся поспеху ў жыцці. Як стаць багатым… Абломаў ляжыць на канапе, а героі Чэхава ўвесь час п’юць гарбату і скардзяцца на жыццё… (Маўчыць.) Не дай Бог жыць у эпоху пераменаў — кажуць кітайцы. Мала хто з нас захаваўся такі, які быў. Кудысьці зніклі прыстойныя людзі. Усюды локці і зубы…»
«Калі пра дзевяностыя… Я б не сказаў, што гэта быў прыгожы час, ён быў агідны. Адбыўся пераварот у розумах на сто восемдзесят градусаў… Хтосьці не вытрымаў і звар’яцеў, бальніцы для псіхічна хворых былі перапоўненыя. Я наведваў там свайго сябра: адзін крычыць: «Я — Сталін! Я — Сталін!», а другі: «Я — Беразоўскі! Я — Беразоўскі». Іх цэлае аддзяленне — сталіных і беразоўскіх. На вуліцах увесь час стралялі. Забілі велізарную колькасць людзей. Кожны дзень ішлі разборкі. Выдраць. Паспець. Пакуль іншыя не паспелі. Кагосьці абрабавалі, кагосьці пасадзілі. З трона — у сутарэнне. А з другога боку, кайф — усё адбываецца на тваіх вачах…
У банках стаялі чэргі людзей, якія вырашылі пачаць сваю справу: адкрыць булачную, прадаваць электроніку… Я таксама быў у гэтай чарзе. І мяне здзівіла, як нас шмат. Нейкая цётка ў вязаным берэце, хлопчык у спартыўнай куртачцы, здаравенны мужык, падобны да зэка… Семдзесят з лішкам гадоў вучылі: не ў грашах шчасце, усё лепшае ў жыцці чалавек атрымлівае бясплатна. Каханне, напрыклад. Але варта было з трыбуны вымавіць: гандлюйце, багацейце — на ўсё забыліся. На ўсе савецкія кніжкі забыліся. Гэтыя людзі зусім не былі падобныя да тых, з кім я сядзеў да світання і дрынькаў на гітары. Тры акорды з ліхам напалам я вывучыў. Адзінае, што іх аб’ядноўвала з «кухоннымі» людзьмі, дык гэта тое, што ім таксама надакучылі кумачовыя сцягі і ўся тая мішура: камсамольскія сходы, палітзаняткі… Сацыялізм лічыў чалавека дурненькім…
Я вельмі добра ведаю, што такое мара. Усё дзяцінства я прасіў купіць мне ровар, і мне яго не купілі. Бедна жылі. У школе я фарцаваў джынсамі, у інстытуце — савецкай ваеннай формай плюс сімволікай рознай. Замежнікі куплялі. Звычайная фарца. У савецкі час за гэта саджалі на тэрмін ад трох да пяці гадоў. Бацька бегаў за мной з папругай і крычаў: «Спекулянт! Я пад Масквой кроў праліваў, а выгадаваў такое гавенца!» Учора злачынства, сёння — бізнес. У адным месцы купіў цвікі, у іншым набойкі — спакаваў у поліэтыленавы мяшэчак і прадаў як новы тавар. Прынёс дадому грошы. Накупляў усяго, поўны халадзільнік. Бацькі чакалі, што па мяне прыйдуць і арыштуюць. (Рагоча.) Гандляваў тэхнікай. Скараваркамі, параваркамі… прыганяюць з Германіі машыну з прычэпам гэтага дабра. Усё ішло валам… У мяне ў кабінеце стаяла скрынка з-пад камп’ютара, поўная грошай, я толькі так разумеў, што гэта грошы. Бярэш, бярэш з гэтай скрынкі, а там усё не канчаецца. Ужо быццам бы ўсё купіў: тачку, кватэру… гадзіннік «Ролекс»… Памятаю гэтае ап’яненне… Ты можаш здзейсніць усе свае жаданні, таемныя фантазіі. Я шмат даведаўся пра сябе: па-першае, што ў мяне няма густу, а па-другое, што я закамплексаваны. Не ўмею з грашыма абыходзіцца. Я не ведаў, што вялікія грошы павінны працаваць, яны не могуць ляжаць. Грошы — такое ж выпрабаванне для чалавека, як улада, як каханне… Марыў… І я паехаў у Манака. У казіно Монтэ-Карла прайграў велізарныя грошы, вельмі шмат. Несла мяне… Я быў рабом сваёй скрынкі. Ёсць там грошы ці не? Колькі іх? Іх павінна быць больш і больш. Мяне перастала цікавіць тое, што цікавіла раней. Палітыка… мітынгі… Памёр Сахараў. Я пайшоў з ім развітацца. Сотні тысячаў людзей… Усе плакалі, і я плакаў. А тут нядаўна чытаю пра яго ў газеце: «памёр вялікі юродзівы Расіі». І я падумаў, што ён своечасова памёр. Вярнуўся з Амерыкі Салжаніцын, усе кінуліся да яго. Але ён не разумеў нас, а мы яго. Замежнік. Ён прыехаў у Расію, а за акном Чыкага…
Кім бы я быў, калі б не перабудова? ІТР з убогім заробкам… (Смяецца.) А цяпер у мяне свая вочная клініка. Некалькі сотняў чалавек залежаць ад мяне са сваімі сем’ямі, дзядулямі, бабулямі. Вы корпаецеся ў сабе, рэфлексуеце, а ў мяне гэтай праблемы няма. Я працую дзень і ноч. Закупіў найноўшае абсталяванне, адправіў хірургаў у Францыю на стажыроўку. Але я не альтруіст, я добра зарабляю. Усяго дамогся сам… У мяне было толькі трыста даляраў у кішэні… Пачынаў бізнес з партнёрамі, ад якіх вы прытомнасць страцілі б, калі б яны цяпер зайшлі ў пакой. Гарылы! Люты погляд! Цяпер іх ужо няма, яны зніклі, як дыназаўры. Хадзіў у бронекамізэльцы, у мяне стралялі. Калі хтосьці есць каўбасу горшую за маю, мяне гэта не цікавіць. Вы ж усё хацелі, каб быў капіталізм. Марылі! Не крычыце, што вас падманулі…»
«Ідзём вечарам з кіно. У лужыне крыві ляжыць мужчына. На спіне ў плашчы дзірка ад кулі. Каля яго стаіць міліцыянер. Так першы раз я ўбачыў забітага чалавека. Неўзабаве прывык да гэтага. Дом наш вялікі, дваццаць пад’ездаў. Кожную раніцу ў двары знаходзілі труп, і ўжо нас не калаціла. Пачынаўся сапраўдны капіталізм. З крывёю. Я чакаў ад сябе ўзрушэнняў, а іх не было. Пасля Сталіна ў нас іншыя адносіны да крыві… Памятаем, як свае забівалі сваіх… І пра масавыя забойствы людзей, якія не ведалі, за што іх забіваюць… Гэта засталося, гэта прысутнічае ў нашым жыцці. Мы выраслі сярод катаў і ахвяраў… Для нас нармальна — жыць разам. Няма мяжы паміж мірным і ваенным становішчам. Заўсёды вайна. Уключыш тэлевізар — усе балбочуць па фені: і палітыкі, і бізнесмены, і прэзідэнт: адкаты, хабары, распілы… Чалавечае жыццё — плюнуць і расцерці. Як у зоне…»
«Чаму мы не асудзілі Сталіна? Я вам адкажу… Каб асудзіць Сталіна, трэба асудзіць сваіх родных, знаёмых. Самых блізкіх людзей. Распавяду пра сваю сям’ю… Тату пасадзілі ў трыццаць сёмым, дзякуй Богу, ён вярнуўся, але адседзеў дзесяць гадоў. Вярнуўся і вельмі хацеў жыць… Сам здзіўляўся, што яму пасля ўсяго, што ён бачыў, хочацца жыць… Так было не з усімі, далёка не з усімі… Маё пакаленне вырасла з татамі, якія вярнуліся або з лагераў, або з вайны. Адзінае, пра што яны маглі нам расказаць, дык гэта пра гвалт. Пра смерць. Яны рэдка смяяліся, шмат маўчалі. І пілі… пілі… У рэшце рэшт співаліся. Другі варыянт… Тыя, каго не пасадзілі, баяліся, што пасадзяць. Усё гэта не месяц ці два, а гадамі доўжылася — гадамі! А калі не пасадзілі, то пытанне: чаму ўсіх пасадзілі, а мяне не? Што я раблю не так? Маглі арыштаваць, а маглі накіраваць на працу ў НКУС… Партыя просіць, партыя загадвае. Выбар непрыемны, але многія павінны былі яго зрабіць… А цяпер пра катаў… Звычайных, не страшных… Данёс на тату наш сусед… дзядзька Юрый… З-за дробязі, як казала мама. Мне было сем гадоў. Дзядзька Юрый браў на рыбалку сваіх дзетак і мяне, катаў на кані. Папраўляў наш плот. Разумееце, зусім іншы партрэт ката атрымліваецца — звычайны чалавек, нават добры… Нармальны… Арыштавалі тату і праз некалькі месяцаў забралі татавага брата. Пры Ельцыне мне далі яго справу, там ляжала некалькі даносаў, адзін напісала цётка Оля… Пляменніца… Прыгожая жанчына, вясёлая… Добра спявала… Яна ўжо была старая, я спытаў: «Цётка Оля, раскажы пра трыццаць сёмы год…» — «Гэта быў самы шчаслівы год у маім жыцці. Я была закаханая», — адказала яна мне… Татаў брат не вярнуўся дадому. Знік. У турме ці ў лагеры — невядома. Мне было цяжка, але я ўсё ж такі задаў пытанне, якое мяне мучыла: «Цётка Оля, навошта ты гэта зрабіла?» — «Дзе ты бачыў сумленнага чалавека ў сталінскі час?» (Маўчыць.) А яшчэ быў дзядзька Павел, які служыў у Сібіры ў войсках НКУС… Разумееце, не існуе хімічна чыстага зла… Гэта не толькі Сталін і Берыя… Гэта і дзядзька Юрый, і прыгожая цётка Оля…»
Першага мая. У гэты дзень камуністы праходзяць па вуліцах Масквы шматтысячным маршам. Сталіца зноў «чырванее»: чырвоныя сцягі, чырвоныя шарыкі, чырвоныя футболкі з сярпом і молатам. Нясуць партрэты Леніна і Сталіна. Партрэтаў Сталіна больш. Плакаты: «У труне мы бачылі ваш капіталізм!», «Чырвоны сцяг — на Крэмль!». Звычайная Масква стаіць на тратуары, «чырвоная» коціць лавінай па праезнай частцы. Паміж імі ўвесь час ідзе сварка, якая месцамі даходзіць да боек. Паліцыя не ў змозе падзяліць гэтыя дзве Масквы. А я не паспяваю запісваць усё, што чую…
— Пахавайце Леніна, прычым без ушанаванняў.
— Амерыканскія лёкаі! За што прадалі краіну?
— Дурні вы, браточкі…
— Ельцын і яго банда скралі ў нас усё. Піце! Багацейце! Калісьці гэта скончыцца…
— Баяцца народу адкрыта сказаць, што будуем капіталізм? Зброю гатовыя ўзяць усе, нават мая мама — хатняя гаспадыня.
— Штыком шмат чаго можна зрабіць, але сядзець на ім нязручна.
— А я буржуінаў праклятых танкамі душыў бы!
— Камунізм прыдумаў габрэй Маркс…
— Выратаваць нас можа толькі адзін чалавек — таварыш Сталін. Яго б нам на два дні… расстралялі б іх усіх і няхай ідзе, кладзецца.
— І слава табе, Госпадзе! Я ўсім святым пакланюся.
— Сталінскія сукі! У вас кроў на руках яшчэ не астыла. Царскую сям’ю навошта забілі? Не пашкадавалі нават дзяцей.
— Вялікую Расію не зробіш без вялікага Сталіна.
— Засралі народу мазгі… Я просты чалавек. Сталін простых людзей не чапаў. У нашым родзе ніхто не пацярпеў — усе рабочыя. Ляцелі галовы начальнікаў, а просты чалавек жыў спакойна.
— Чырвоная гэбня! Хутка дагаворыцеся да таго, што ніякіх лагераў не было, акрамя піянерскіх. Мой дзед быў дворнікам.
— А мой каморнікам.
— Машыністам…
Каля Беларускага вакзала пачаўся мітынг. Натоўп выбухаў то апладысментамі, то крыкамі: «Ура! Ура! Слава!» У канцы ўся плошча грымнула песню на матыў «Варшавянкі» — рускай «Марсельезы», з новым тэкстам:
«Сбросим с себя либеральные цепи,
Сбросим кровавый преступный режим».
Пасля гэтага, згарнуўшы чырвоныя сцягі, адны заспяшаліся да метро, іншыя сталі ў чэргі каля кіёскаў з піражкамі ды півам. Пачаліся народныя гулянні. Скакалі і весяліліся. Старая жанчына ў чырвонай хустцы кружылася і прытупвала вакол гарманіста:
«Мы весело пляшем
У елки большой.
На Родине нашей,
Нам так хорошо.
Мы весело пляшем,
Мы звонко поем,
И песенку нашу
Мы Сталину шлём…»
Каля самага метро мяне дагналі п’яныя прыпеўкі: «Отъебися всё плохое, приебись хорошее».
Каля піўнога кіёска заўсёды шумна. Народ розны. Тут сустрэнеш прафесара, рабацягу, студэнта, бамжа… П’юць і разважаюць. Усё пра тое ж — пра лёс Расіі. Пра камунізм.
— Я — чалавек пітушчы. Чаму п’ю? Мяне маё жыццё не грэе. Хачу зрабіць галавакружны кульбіт з дапамогай алкаголю і нейкім чынам апынуцца ў іншым месцы. І там усё будзе прыгожа і добра.
— Для мяне пытанне стаіць больш канкрэтна: дзе я хачу жыць — у вялікай краіне або ў нармальнай?
— Я любіў імперыю… Мне жыццё пасля імперыі сумнае. Нецікавае.
— Вялікая ідэя патрабуе крыві. Сёння ніхто не хоча паміраць недзе. На нейкай вайне. Як у той песні:
«Всюду деньги, деньги, деньги.
Всюду деньги, господа…»
А калі вы сцвярджаеце, што ў нас ёсць мэта, то якая яна? Кожнаму па «Мерсэдэсу» і пуцёўцы ў Маямі?
— Рускаму чалавеку трэба ў нешта верыць… Верыць у светлае, высокае. У нас у падкорцы закладзена імперыя і камунізм. Гераічнае нам бліжэй.
— Сацыялізм змушаў чалавека жыць у гісторыі… прысутнічаць пры чымсьці вялікім…
— Бляць! Мы такія духоўныя, мы такія спецыяльныя.
— Не было ў нас дэмакратыі. Якія мы з вамі дэмакраты?
— Апошняя вялікая падзея ў нашым жыцці — перабудова.
— Расія можа быць толькі вялікай ці не быць зусім. Нам патрэбна моцная армія.
— Ну на храна мне вялікая краіна? Хачу жыць у маленькай, такой, як Данія. Без ядзернай зброі, без нафты і газу. Каб ніхто мяне не біў рэвальверам па галаве. Можа, тады мы таксама навучымся тратуары шампунем мыць…
— Камунізм — невыканальная для чалавека задача… У нас заўсёды так: ці то канстытуцыі хочацца, ці сяўружыны з хрэнам…
— Як я зайздрошчу людзям, у якіх была ідэя! А мы цяпер жывём без ідэі. Хачу вялікую Расію! Я яе не памятаю, але ведаю, што яна была.
— Была вялікая краіна з чаргой па туалетную паперу… Я добра памятаю, як пахлі савецкія сталовыя і савецкія крамы.
— Расія ўратуе свет! І сама так уратуецца!
— Мой бацька да дзевяноста гадоў дажыў. Казаў, што ў яго жыцці нічога добрага не было, толькі вайна. Гэта ўсё, што мы ўмеем.
— Бог — гэта бясконцасць, якая закладзена ў нас… Мы створаныя на вобраз і падабенства…
«Ува мне савецкага было дзевяноста адсоткаў… Я не разумела, што адбываецца. Памятаю, як выступаў па тэлебачанні Гайдар: вучыцеся гандляваць… рынак нас уратуе… Купіў на адной вуліцы бутэльку мінеральнай вады і прадаў яе на іншай — гэта бізнес. Людзі слухалі няўцямна. Я прыходзіла дадому. Зачыняла дзверы і плакала. У мамы інсульт, так яе ўсё гэта напалохала. Можа, яны хацелі нешта добрае зрабіць, але ім не хапіла спагады да ўласнага народа. Ніколі не забуду старых, тых, хто просіць міласціну, яны шэрагамі стаялі ўздоўж дарогі. Пазамываныя капялюшыкі, зацыраваныя пінжачкі… Бягу на працу і з працы — баюся вочы падняць… Працавала я на фабрыцы парфумы. Замест грошай выдавалі нам духі… касметыку…»
«У нас у класе вучылася бедная дзяўчынка, яе бацькі загінулі ў аўтамабільнай катастрофе. Яна засталася з бабуляй. Увесь год хадзіла ў адной і той жа сукенцы. Дык вось яе нікому не было шкада. Неяк адразу стала сорамна быць бедным…»
«Пра дзевяностыя не шкадую… Бурлівы светлы час. Я, якая раней не цікавілася палітыкай і не чытала газетаў, — пайшла балатавацца ў дэпутаты. Кім былі прарабы перабудовы? Пісьменнікамі, мастакамі… Паэтамі… На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР аўтографы можна было збіраць. Мой муж — эканаміст, ён вар’яцеў ад гэтага: «Глаголом жечь» сэрцы людзей — гэта паэты ўмеюць. Рэвалюцыю вы зробіце. А далей, далей — што? Як будзеце будаваць дэмакратыю? Хто? І сёння зразумела, што ў вас атрымаецца». Смяяўся з мяне. Мы таму з ім і разышліся… Але ён меў рацыю…»
«Страшна стала, таму народ і пайшоў у храмы. Калі я верыў у камунізм, мне не патрэбна была царква. А жонка мая ходзіць са мной таму, што ў царкве бацюшка кажа ёй: «Галубачка».
«Мой бацька быў сумленным камуністам. Я камуністаў не вінавачу, я вінавачу камунізм. Да гэтага часу не ведаю, як мне ставіцца да Гарбачова… Да гэтага Ельцына… Чэргі і пустыя прылаўкі забываюцца хутчэй, чым чырвоны сцяг над Рэйхстагам».
«Мы перамаглі. А каго? Навошта? Па тэлебачанні на адным канале ідзе фільм, дзе «чырвоныя» б’юць «белых», а на іншым — адважныя «белыя» б’юць «чырвоных». Шызафрэнія!»
«Увесь час гаворым пра пакуты… Гэта наш шлях пазнання. Заходнія людзі здаюцца нам наіўнымі, таму што яны не пакутуюць, як мы, у іх ёсць лекі ад любога прышчыка. Затое мы сядзелі ў лагерах, у вайну зямлю трупамі завалілі, голымі рукамі грэблі ядзернае паліва ў Чарнобылі. І цяпер сядзім на абломках сацыялізму. Як пасля вайны. Мы такія цёртыя, мы такія бітыя. У нас свая мова. Мова пакуты. Спрабаваў загаварыць пра гэта са сваімі студэнтамі… Смяяліся мне ў твар: «Мы не збіраемся пакутаваць. Для нас жыццё — гэта нешта іншае». Нічога яшчэ не зразумелі аб нашым нядаўнім свеце, а жывём у новым. Цэлая цывілізацыя — на сметніку…»
Чакалі мяне ўдваіх — сама Алена Юр’еўна, з якой мы дамаўляліся сустрэцца, і яе маскоўская сяброўка Ганна Ільінічна М., што прыехала пагасцяваць. Яна адразу ўключылася ў размову: «Даўно хачу, каб нехта патлумачыў мне, што з намі адбываецца». Нічога ў іх расповедах не супадала, апрача знакавых імёнаў: Гарбачоў, Ельцын… Але ў кожнай быў свой Гарбачоў і свой Ельцын. І свае 90-я.
Алена Юр’еўна:
— Хіба ўжо трэба распавядаць пра сацыялізм? Каму? Яшчэ ўсе — сведкі. Слова гонару, здзівілася, што вы да мяне прыйшлі. Я — камуністка… наменклатура… Нам жа цяпер не даюць слова… затыкаюць рот. Ленін — бандыт, Сталін… Мы ўсе злачынцы, хоць на маіх руках няма ні кроплі крыві. Але на нас таўро, на ўсіх…
Магчыма, праз пяцьдзясят альбо сто гадоў пра тое нашае жыццё, якое называлася сацыялізмам, будуць пісаць аб’ектыўна. Без слёз і праклёнаў. Пачнуць раскопваць, як старажытную Трою. Нядаўна ўвогуле добра адгукнуцца пра сацыялізм было нельга. На Захадзе пасля крушэння СССР зразумелі, што марксісцкія ідэі не скончыліся, іх трэба развіваць. Не маліцца на іх. Маркс не быў там ідалам, як у нас. Святым! Спачатку мы яго абагаўлялі, а потым аддалі анафеме. Усё перакрэслілі. Навука таксама прынесла чалавецтву незлічоныя беды. Давайце тады знішчаць вучоных! Праклянём бацькоў атамнай бомбы, а яшчэ лепш — пачнём з тых, хто порах вынайшаў! З іх… Хіба я не маю рацыі? (Я не паспяваю адказаць на яе пытанне.) Правільна… правільна, што з Масквы выбраліся. У Расію, можна сказаць, прыехалі. Па Маскве калі гуляеш, здаецца, што і мы Еўропа: раскошныя машыны, рэстараны… Залатыя купалы блішчаць! А вы паслухайце, пра што ў нас людзі гавораць у правінцыі… Расія — гэта не Масква,
Расія — гэта Самара, Тальяці, Чалябінск… жопінск які-небудзь… Што на маскоўскіх кухнях можна даведацца пра Расію? На тусоўках? Бла-бла-бла… Масква — сталіца нейкай іншай дзяржавы, а не той, што за кальцавой дарогай. Турыстычны рай. Маскве не верце… Да нас прыязджаюць і адразу: ну, гэта савок. Людзі жывуць вельмі бедна нават па расійскіх мерках. Лаюць багатых, злуюцца на ўсіх. Лаюць дзяржаву. Лічаць, што іх падманулі, ніхто ім не казаў, што будзе капіталізм, яны думалі, што сацыялізм пачнуць выпраўляць. Тое жыццё, якое ўсе ведалі. Савецкае. Пакуль яны на мітынгах дралі горла: «Ельцын! Ельцын!» — іх абабралі. Без іх падзялілі заводы і фабрыкі. І нафта, і газ — тое, што, як кажуць, ад Бога. Але гэта толькі цяпер зразумелі. А ў дзевяноста першым усе ў рэвалюцыю пайшлі. На барыкады. Хацелі свабоды, а што атрымалі? Ельцынскую… бандыцкую рэвалюцыю… Сына маёй сяброўкі ледзь не забілі за сацыялістычныя ідэі. Слова «камуніст» было абразай. Свае хлопцы ў двары ледзь яго не забілі. Знаёмыя. Сядзелі ў альтанцы з гітарамі і размаўлялі: хутка, маўляў, пойдзем сценкай на камуністаў, вешаць будзем іх на ліхтарах. Мішка Слуцэр — тата яго ў нас у райкаме працаваў — ён хлопчык начытаны, працытаваў ім англійскага пісьменніка Чэстэртана: «Чалавек без утопіі значна страшнейшы за чалавека без носа…» І яго за гэта — чаравікамі… ботамі… «А, жыдочак! Хто рэвалюцыю ў сямнаццатым годзе рабіў?» Я памятаю гэты бляск у вачах людзей у пачатку перабудовы, ніколі яго не забуду. Камуністаў гатовы былі лінчаваць, адпраўляць па этапе… У смеццевыx кантэйнерах валяліся кнігі Маякоўскага, Горкага… Здавалі на макулатуру тамы Леніна. Я падбірала… так! Вось!! Я ні ад чаго не адракаюся! Нічога не саромеюся! Не мяняла масць і не перафарбоўвалася з чырвонага колеру ў шэры. Ёсць такія людзі: «чырвоныя» прыйдуць — яны радасна сустракаюць «чырвоных», «белыя» прыйдуць — радасна — «белых». Кульбіты былі неверагодныя: учора — камуніст, сёння — ультрадэмакрат. На маіх вачах «сумленныя» камуністы ператвараліся ў вернікаў і лібералаў. А я люблю і ніколі не разлюблю слова «таварыш». Добрае слова! Савок? Прыкусіце язык! Савецкі чалавек быў вельмі добры чалавек, ён мог паехаць за Урал, у пустыню — дзеля ідэі, а не за даляры. Не за чужыя зялёныя паперкі. ДнепраГЭС, Сталінградская бітва, выхад у адкрыты космас — гэта ўсё ён. Вялікі Савок! Мне да гэтага часу прыемна пісаць — СССР. Гэта была мая краіна, а цяпер я жыву не ў сваёй краіне. У чужой краіне я жыву.
Савецкай я нарадзілася… Нашая бабуля не верыла ў Бога, але верыла ў камунізм. А наш тата да самай смерці чакаў, што сацыялізм вернецца. Ужо абрынулася Берлінская сцяна, разваліўся Савецкі Саюз, а ён усё роўна чакаў. Назаўсёды пасварыўся са сваім лепшым сябрам, калі той назваў сцяг чырвонай анучай. Наш чырвоны сцяг! Кумачовы! Тата быў на фінскай вайне, за што яны ваявалі, ён так і не зразумеў, але трэба было ісці, і ён пайшоў. Пра гэтую вайну маўчалі, называлі яе не вайной, а фінскай кампаніяй. Але тата нам расказваў… Ціха. Дома. Рэдка, але ўспамінаў. Калі вып’е… Пейзаж яго вайны — зімовы: лес і метровай глыбіні снег. Фіны ваявалі на лыжах, у белых маскхалатах, з’яўляліся ўсюды нечакана, як анёлы.
«Як анёлы» — гэта татавы словы… Маглі за ноч выразаць заставу, цэлую роту. Мёртвыя… У татавых успамінах мёртвыя заўсёды ляжалі ў лужынах крыві, з соннага чалавека крыві выходзіць вельмі шмат. Крыві было столькі, што яна праядала метровы снег. Пасля вайны тата не мог зарэзаць нават курыцу. Труса. Моцна хваляваўся ад выгляду кожнай забітай жывёлы і цёплага паху крыві. Ён баяўся вялікіх дрэваў з густой кронай, на такіх дрэвах звычайна хаваліся фінскія снайперы, іх называлі «зязюлямі». (Маўчыць.) Хачу дадаць… Ад сябе… Пасля Перамогі наш гарадок патанаў у колерах, гэта буйства нейкае было. Найгалоўная кветка — вяргіня, яе клубні трэба было зімою захоўваць, каб не змерзлі. Крый Божа! Іх ахіналі, укладвалі, як быццам гэта маленькае дзіця. Кветкі раслі каля дамоў, за дамамі, каля студняў і ўздоўж платоў. Пасля страху асабліва хочацца жыць, радавацца. А потым кветкі зніклі, цяпер гэтага ўжо няма. А я памятаю… Успомніла цяпер… (Маўчыць.) Тата… праваяваў наш тата ўсяго паўгода і трапіў у палон. Як ён трапіў у палон? Яны наступалі па замёрзлым возеры, а артылерыя праціўніка біла па лёдзе. Мала хто даплываў да берага, а тыя, хто даплывалі, яны ўжо былі без сілаў і без зброі. Напаўголыя. Фіны ім тады працягвалі рукі. Ратавалі. Хтосьці хапаўся за гэтую руку, а хто… Было шмат такіх, хто не прымаў дапамогу ад ворага. Іх так вучылі. А тата ўхапіўся за чыюсьці руку, яго выцягнулі. Я добра памятаю татава здзіўленне: «Яны далі мне шнапсу, каб я сагрэўся. Апранулі ў сухое. Смяяліся і пляскалі па плячы: «Жывы, Іван!» Тата раней ніколі не бачыў ворагаў паблізу. Не разумеў, чаму яны радуюцца… У саракавым годзе скончылася фінская кампанія… Савецкіх ваеннапалонных абмянялі на фінаў, якія знаходзіліся ў нас у палоне. Насустрач адзін аднаму яны ішлі калонамі. Фінаў, калі яны параўняліся са сваімі, сталі абдымаць, ціснуць ім рукі… Нашых сустрэлі не так, іх сустрэлі як ворагаў. «Браткі! Родненькія!» — кінуліся яны да сваіх. — «Стаяць! Крок у бок — страляем!» Калону ачапілі салдаты з аўчаркамі і павялі іх у спецыяльна падрыхтаваныя баракі. Вакол баракаў — калючы дрот. Пачаліся допыты… «Як ты трапіў у палон?» — спытаў следчы тату. «Мяне фіны выцягнулі з возера». — «Ты — здраднік! Ты ратаваў сваю скуру, а не Радзіму». Тата таксама лічыў, што ён вінаваты. Іх так вучылі… Не было ніякага суда. Вывелі ўсіх на пляц і зачыталі перад строем загад: шэсць гадоў лагераў за здраду Радзіме. Адправілі ў Варкуту. Там яны будавалі чыгунку ў вечнай мерзлаце. Бог мой! Сорак першы год… Немцы пад Масквой… А ім не казалі, што вайна пачалася, — яны ж ворагі, будуць радавацца. Ужо ўся Беларусь пад немцамі. Забралі Смаленск. Калі яны даведаліся пра гэта, адразу ўсе захацелі на фронт, пісалі лісты начальніку лагера… Сталіну… Ім адказвалі: вы, маўляў, свалата, працуйце на перамогу ў тыле, на фронце нам здраднікі не патрэбныя. І яны… тата… я ад таты гэта чула… Яны ўсе плакалі… (Маўчыць.) Вось з кім бы вам сустрэцца… Але таты ўжо няма. Лагер яму жыццё скараціў. І перабудова. Ён вельмі пакутаваў. Не разумеў, што здарылася. З краінай, з партыяй. Наш тата… У лагеры за шэсць гадоў ён забыўся, што такое яблык і качан капусты… прасціна і падушка… Тры разы на дзень ім давалі баланду, бохан хлеба — на дваццаць пяць чалавек. А спалі — пад галаву палена, замест матраца — дошкі на падлозе. Наш тата… Дзіўны ён быў, не такі тата, як у іншых… Не мог ударыць каня ці карову, штурхануць нагой сабаку. Мне заўсёды было тату шкада. А іншыя мужчыны з яго смяяліся: «Ну, які ты мужык? Баба!» Мама плакала, што ён… ну што ён не такі, як усе. Возьме ў рукі качан капусты й разглядвае… Памідор… Першыя часы наогул маўчаў, нічым з намі не дзяліўся. Гадоў праз дзесяць загаварыў. Не раней… так… Пэўны час у лагеры ён вазіў мёртвых. За дзень збіралася дзесяць-пятнаццаць трупаў. Жывыя вярталіся ў баракі пешшу, а мёртвыя — на санях. З мерцвякоў ім загадвалі здымаць адзенне, і мёртвыя ляжалі на санях голыя, як тушканчыкі. Гэта я кажу татавымі словамі… блытана ў мяне атрымліваецца… Ад пачуццяў… хвалююся, так… Першыя два гады ў лагеры ніхто з іх не верыў, што выжыве; пра дом успаміналі тыя, у каго быў тэрмін пяць-шэсць гадоў, а ў каго тэрмін дзесяць-пятнаццаць гадоў, пра дом маўчалі. Нікога яны не ўспаміналі: ні жонак, ні дзяцей. Ні бацькоў. «Калі пачнеш успамінаць, не выжывеш», — татавы словы. А мы яго чакалі… «Вось тата вернецца… і мяне не пазнае…», «Наш татачка…» Хацелася лішні раз вымавіць гэтае слова «тата». І ён вярнуўся. Бабуля ўбачыла каля весніцаў чалавека ў салдацкім шынялі: «Салдацік, каго вы шукаеце?» — «Мама, ты мяне не пазнала?» Бабуля дзе стаяла, там і ўпала. Так тата вярнуўся… Увесь быў абмарожаны, ногі й рукі ён ніколі не мог сагрэць. Мама? Мама казала, што тата вярнуўся пасля лагера добрым, а яна баялася… яе палохалі… што адтуль вяртаюцца злымі. А наш тата хацеў радавацца жыццю. На ўсе выпадкі ў яго была прымаўка: «Будзь мужным — горшае яшчэ наперадзе».
Забылася… Забыла, дзе гэта адбывалася… у якім месцы? У перасылачным лагеры ці што? На карачках па вялікім двары поўзалі і елі траву. Дыстрофікі, пелагрыкі. Пры тату нельга было ні на што паскардзіцца, ён ведаў: «Каб выжыць, чалавеку трэба тры рэчы — хлеб, цыбуля і мыла». Усяго тры рэчы… усяго… Гэтых людзей ужо няма, нашых бацькоў… Калі хто застаўся, то іх трэба ў музей, пад шкло, рукамі не чапаць. Колькі яны ўсяго перажылі! Калі тату рэабілітавалі, яму выдалі дзве салдацкія зарплаты за ўсе пакуты. Але ў нас дома вельмі доўга вісеў вялікі партрэт Сталіна. Вельмі доўга… я гэта добра памятаю… Тата крыўды не меў, ён лічыў: гэта час быў такі. Жорсткі час. Будавалі моцную краіну. І пабудавалі, і перамаглі Гітлера! Татавы словы…
Я расла сур’ёзнай дзяўчынкай, сапраўднай піянеркай. Цяпер ва ўсіх такое меркаванне, што раней у піянерскую арганізацыю заганялі. Нікуды не заганялі. Усе дзеці марылі быць піянерамі. Хадзіць разам. З барабанам, з горнам. Спяваць піянерскія песні:
«Родной край, навек любимый,
Где найдёшь ещё такой»,
«У власти орлиной орлят миллионы,
и нами гордится страна…»
На нашай сям’і ўсё-такі была гэтая пляма, што тата сядзеў, мама баялася, што мяне не прымуць у піянеры ці не адразу прымуць. А мне хацелася быць з усімі. Абавязкова, так… «Ты за каго: за месяц ці за сонца?» — ладзілі мне допыт хлапчукі ў класе. Тут трэба быць напагатове! «За месяц да спыну». — «Правільна! За савецкую краіну». А скажаш «За сонца» — «За клятага японца». Засмяюць, зацвеляць. Кляліся мы адзін аднаму так: «чэснае піянерскае» або «чэснае ленінскае». Найбольшая клятва — «чэснае сталінскае слова». Бацькі ведалі: калі я сказала «чэснае сталінскае», я не падманваю. Бог мой! Успамінаю не Сталіна, а ўспамінаю нашае жыццё… Я запісалася ў гурток і вучылася граць на акардэоне. Маму за ўдарную працу ўзнагародзілі медалём. Не адны толькі брыдкасці былі… і казарменнае жыццё… У лагеры тата часта бачыў адукаваных людзей. Больш нідзе ён такіх цікавых людзей не сустракаў. Некаторыя з іх пісалі вершы, і яны часцей выжывалі. Як і святары, яны маліліся… І тата хацеў, каб усе яго дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Мара яго. Мы ўсе — нас чацвёра дзяцей — скончылі інстытуты. Але ён навучыў нас і хадзіць за плугам, і касіць траву. Я ўмею падаць на воз сена, скласці стог. «Усё можа спатрэбіцца», — меркаваў тата. Ён меў рацыю.
Мне цяпер хочацца ўспамінаць… Я хачу зразумець тое, што пражыта. Не толькі сваё жыццё, а нашае… савецкае… Я не ў захапленні ад уласнага народа. І ад камуністаў таксама, і ад нашых камуністычных лідараў. Сёння асабліва. Усе здрабнелі, абуржуазіліся, усе хочуць добра, салодка хочуць жыць. Спажываць і спажываць. Ухапіць! Камуністы таксама ўжо не тыя. У нас ёсць камуністы з гадавым прыбыткам у сотні тысячаў даляраў. Мільянеры! Кватэра ў Лондане… палац на Кіпры… Што гэта за камуністы? У чым жа іх вера? Спытаеш — як на дурнічку паглядзяць. «Не расказвайце нам савецкія казкі. Вось гэтага не трэба». Разбурылі такую краіну! Распрадалі па дэмпінгавых цэнах. Нашую Радзіму… Каб нехта мог лаяць Маркса і ездзіць па Еўропе. Час такі ж страшны, як і пры Сталіне… Я адказваю за свае словы! Напішаце гэта? Не веру… (І я бачу — не верыць.) Ужо няма ні райкамаў, ні абкамаў. Развіталіся з савецкай уладай. А што атрымалі? Рынг, джунглі… Улада злодзеяў… Хапалі — хто хутчэй, пірог вялікі. Бог мой! Чубайс… «прараб перабудовы»… Цяпер ён хваліцца, што лекцыі па ўсім свеце чытае. Маўляў, у іншых краінах капіталізм складваўся стагоддзямі, а ў нас за тры гады. Дзейнічалі хірургічным метадам… А калі нехта накраў, то і дзякуй Богу, можа, іх унукі будуць прыстойнымі людзьмі. Бррр!! І гэта дэмакраты… (Маўчыць.) Амерыканскі гарнітурчык прымяралі, слухалі дзядзьку Сэма. А амерыканскі гарнітурчык не лезе. Крыва сядзіць. Вось!! Не па свабоду пабеглі, а па джынсы… у супермаркеты… купіліся на яркія абгорткі… Цяпер і ў нас у крамах поўна ўсяго. Багацце. Але горы каўбасы ніяк не звязаныя са шчасцем. Са славай. Быў вялікі народ! Зрабілі з яго гандляроў і марадзёраў …лабазнікаў і менеджараў…
Прыйшоў Гарбачоў… Загаварылі аб вяртанні ленінскіх прынцыпаў. Усеагульная радасць. Узбуджэнне. Народ даўно чакаў пераменаў. У свой час паверылі Андропаву… Ну кадэбісты, так… Як вам растлумачыць? КПСС ужо не баяліся. Ля піўнога кіёска мужыкі маглі партыю абмацюкаць, а кадэбэ — ніколі… Вы што! У памяці сядзела… Ведалі, што жалезнай рукой, калёным жалезам, яжовай рукавіцай… гэтыя хлопцы навядуць парадак. Не хочацца паўтараць банальныя рэчы, але Чынгісхан гены нам сапсаваў… і прыгоннае права… Прывыклі, што біць усіх трэба, без біцця нічога не атрымаецца. Андропаў з гэтага і пачаў — з закручвання гаек. Усе разбэсціліся: у працоўны час хадзілі ў кіно, у лазню, бегалі па крамах. Гарбату распівалі. Міліцыя стала рэйды праводзіць, аблавы. Правяралі дакументы і хапалі прагульшчыкаў проста на вуліцах, у кавярнях, у крамах і паведамлялі на працу. Штрафавалі, звальнялі. Але Андропаў цяжка хварэў. Хутка памёр. Мы іх хавалі, хавалі. Брэжнеў, Андропаў, Чарненка… Найпапулярнейшы анекдот да Гарбачова: «Перадаём паведамленне ТАСС. Вы будзеце моцна смяяцца, але памёр чарговы Генеральны сакратар ЦК КПСС…» Ха-ха-ха… Народ на сваіх кухнях смяяўся, а мы на сваіх. На выспачцы свабоды. Кухонная балбатня… (Смяецца.) Выдатна памятаю, як падчас размоваў уключалі гучна тэлевізар ці радыё. Цэлая навука. Вучылі адзін аднаго, як ухітрыцца, каб гэбістам, што праслухоўвалі тэлефонныя размовы, нічога не было чуваць: пракручваеш дыск — старыя тэлефоны былі з дзірачкамі для лічбаў — устаўляеш у адну з іх аловак і фіксуеш… можна пальцам трымаць, але палец жа стамляецца… Напэўна, вас таксама вучылі? Памятаеце? Трэба што-небудзь «сакрэтнае» сказаць, адыходзілі на два-тры метры ад тэлефона, ад трубкі. Стукацтва, праслухоўка — гэта было ўсюды, ва ўсім грамадстве зверху і да нізу, і мы ў райкаме варажылі: хто ў нас стукач? Як потым высветлілася, падазравала я нявіннага чалавека, а даносчык быў не адзін, іх было некалькі. Вось на тых я ніколі б не падумала… Адна з іх — нашая прыбіральшчыца. Ветлая, добрая жанчына. Няшчасная. Муж — п’яніца. Бог мой! Сам Гарбачоў… Генеральны сакратар ЦК КПСС… Чытала ў адным яго інтэрв’ю, як падчас канфідэнцыйных гутарак у сябе ў кабінеце ён рабіў тое ж самае — уключаў тэлевізар на ўсю гучнасць, ці радыё. Увогуле, азбука. Запрашаў для сур’ёзных размоваў на сваю дачу за горад. І яны там… Там яны выходзілі ў лес, гулялі і размаўлялі. Птушачкі не данясуць… Усе чагосьці баяліся, баяліся і тыя, каго баяліся. Я баялася.
Апошнія савецкія гады… Што я памятаю? Пачуццё сораму не пакідала. За абвешанага ордэнамі і Зоркамі Брэжнева і за тое, што Крэмль у народзе празвалі камфартабельным домам састарэлых. За пустыя паліцы. Планы выконваем і перавыконваем, а ў крамах нічога няма. Дзе нашае малако? Мяса? Я і цяпер не разумею, куды гэта ўсё падзелася. Малако канчалася праз гадзіну пасля таго, як адкрываліся крамы. З абеду прадаўцы стаялі каля чыста вымытых латкоў. На паліцах — трохлітровыя слоікі бярозавага соку і пачкі солі, чамусьці заўсёды мокрыя. Кілька ў бляшанках. Усё! Выкінуць у продаж каўбасу — яе размятуць умомант. Сасіскі і пельмені — далікатэс. У райкаме ўвесь час нешта дзялілі: гэтаму заводу — дзесяць халадзільнікаў і пяць футраў, а гэтаму калгасу — два югаслаўскія мэблевыя гарнітуры і дзесяць польскіх жаночых сумачак. Рондалі і жаночую бялізну дзялілі… калготкі… Такое грамадства магло трымацца толькі на страху. На надзвычайцы — паболей страляць і паболей саджаць. Але сацыялізм з Салаўкамі і Беламорканалам скончыўся. Патрэбны быў нейкі іншы сацыялізм.
Перабудова… Быў момант, калі людзі зноў пацягнуліся да нас. Уступалі ў партыю. Вялікія ва ўсіх чаканні. Усе тады былі наіўныя — левыя і правыя, камуністы і антысаветчыкі. Усе — рамантыкі. Сёння за гэта сорамна, за тую сваю наіўнасць. Моляцца на Салжаніцына. Вялікі старац з Вермонта! Не адзін Салжаніцын, многія ўжо разумелі, што так, як мы жывём, жыць нельга. Забрахаліся. І камуністы — верыце вы мне ці не? — таксама гэта разумелі. Сярод камуністаў было нямала разумных і сумленных людзей. Шчырых. Я асабіста ведала такіх людзей, асабліва часта яны сустракаліся ў правінцыі. Як мой бацька… Бацьку не прынялі ў партыю, ён пацярпеў ад партыі, але ён ёй верыў. Верыў партыі і краіне. Кожная раніца ў яго пачыналася з таго, што ён адкрываў газету «Праўда» і прачытваў яе цалкам. Камуністаў без партбілета было больш, чым з партбілетамі, яны душой былі камуністы. (Маўчыць.) На ўсіх дэманстрацыях неслі лозунг «Народ і партыя — адзіныя!». Гэтыя словы — не выдумка, гэта была праўда. Я нікога не агітую, я расказваю, як яно было. Ужо ўсе забыліся… Многія ўступалі ў партыю, бо сумленне патрабавала, а не толькі дзеля кар’еры або з іншых прагматычных меркаванняў: калі я беспартыйны і ўкраду — мяне пасадзяць, калі я ўступлю ў партыю і ўкраду — мяне выганяць з партыі, але не пасадзяць. Я абураюся, калі пра марксізм гавораць пагардліва, з насмешкай. Хутчэй яго — у смеццевы бачок! На звалку! Гэта вялікае вучэнне, яно перажыве ўціск. І нашую савецкую няўдачу — таксама. Таму што… ёсць шмат прычынаў… Сацыялізм — гэта не толькі лагеры, стукацтва і жалезная заслона, гэта і справядлівы, ясны свет: з усімі дзяліцца, слабых шкадаваць, спачуваць ім, а не падграбаць усё пад сябе. Мне кажуць: нельга было купіць машыну, але ні ў каго не было машыны. Ніхто не насіў касцюмы ад Версачэ і не купляў дом у Маямі. Бог мой! Правадыры СССР жылі на ўзроўні бізнесменаў сярэдняй рукі, да алігархаў ім не дацягнуць. Слабо! Не будавалі яны сабе яхтаў з душам з шампанскага. Падумаць толькі! Па тэлевізары перадаюць рэкламу: купляйце медныя ванны — коштам з двухпакаёвую кватэру. Для каго яны, скажыце? Пазалочаныя дзвярныя ручкі… Гэта — свабода? Маленькі, шараговы чалавек — ніхто, ён — нуль. На дне жыцця. А тады ён мог напісаць у газету, пайсці і паскардзіцца ў райкам: на начальніка або на дрэннае абслугоўванне… на здрайцу-мужа… Былі глупствы, не адмаўляю, але хто сёння гэтага простага чалавека наогул слухае? Каму ён патрэбны? Памятаеце савецкія назвы — вуліца Металургаў, Энтузіястаў… Заводская, Пралетарская… Маленькі чалавек… ён быў галоўны… Дэкларацыя, шырма, як вы кажаце, а цяпер і хавацца нікому не трэба. Няма грошай — пайшоў прэч! Пад лаву! Вуліцы пераназываюць: Мяшчанская, Купецкая, Дваранская… Нават каўбасу я бачыла «Княская», а віно «Генеральскае». Культ грошай і поспеху. Выжывае наймацнейшы, з жалезнымі біцэпсамі. Але не ўсе здольныя ісці па галовах, вырываць кавалак у іншага. У адных прырода такая, таму што не могуць, а іншым брыдка.
З ёй… (Ківае ў бок сяброўкі.) Спрачаемся, вядома… Яна мне даказвае, што для сапраўднага сацыялізму патрабуюцца ідэальныя людзі, а іх няма. Ідэя — гэта трызненне… казка… Наш чалавек ужо ні за што не памяняе сваю патрыманую іншамарку і пашпарт з шэнгенскай візай на савецкі сацыялізм. А я веру ў іншае: чалавецтва ідзе ў бок сацыялізму. Да справядлівасці. Іншага шляху няма. Паглядзіце на Нямеччыну… Францыю… Ёсць шведскі варыянт. А якія каштоўнасці ў рускага капіталізму? Пагарда да «людзішак»… Да тых, у каго няма мільёна, няма «мерсэдэса». Замест чырвонага сцяга — Хрыстос уваскрос! І культ спажывання… Чалавек засынае з думкай не пра штосьці высокае, а пра тое, што ён сёння чагосьці не купіў. Вы думаеце, што краіна развалілася таму, што даведаліся праўду пра ГУЛАГ? Так думаюць тыя, хто кнігі піша. А чалавек… нармальны чалавек гісторыяй не жыве, ён жыве прасцей: закахаўся, ажаніўся, дзеці нарадзіліся. Дом пабудаваў. Краіна знікла праз дэфіцыт жаночых ботаў і туалетнай паперы, ад таго, што апельсінаў не было. Гэтых джынсаў праклятых! Цяпер нашыя крамы падобныя да музеяў ці тэатраў. І мяне хочуць пераканаць, што анучы ад Версачэ і Армані — гэта ўсё, што неабходна чалавеку. Яму гэтага дастаткова. Жыццё — гэта фінансавыя піраміды і вэксалі. Свабода — гэта грошы, а грошы — свабода. А нашае жыццё капейкі не вартае. Ну, гэта… ну, гэта… разумееце… Я нават словаў не знаходжу, як назваць… Мне шкада маіх маленькіх унучак. Шкада. Ім гэта па тэлевізары кожны дзень убіваюць у галаву. Я не згодна. Я была і застаюся камуністкай.
Перапыняемся надоўга. Заўсёдны чай, на гэты раз з вішнёвым сочывам, звараным па ўласным рэцэпце гаспадыні.
Восемдзесят дзявяты год… Я да гэтага часу ўжо была трэцім сакратаром райкама партыі. На партработу мяне забралі са школы, я выкладала рускую мову і літаратуру. Маіх улюбёных пісьменнікаў — Талстога, Чэхава… Калі прапанавалі — спалохалася. Такая адказнасць! Але ні хвіліны не вагалася, быў шчыры парыў — служыць партыі. Тым летам я прыехала дадому ў адпачынак. Звычайна ўпрыгожанняў не нашу, а тут купіла сабе нейкія каралі танныя, мама мяне ўбачыла: «Ты — як царыца». Была ў захапленні… ну не каралямі ж! Тата сказаў: «Ніхто з нас цябе ні пра што прасіць не будзе. Ты павінна быць чыстай перад людзьмі». Бацькі ганарыліся! Былі шчаслівыя! А я… я… што перажывала я? Ці верыла я партыі? Шчыра адкажу — верыла. І цяпер веру. З партыйным білетам не расстануся, што б ні здарылася. Ці верыла я ў камунізм? Шчыра скажу, не буду хлусіць: я верыла ў магчымасць справядлівага ладу жыцця. І зараз… я ўжо казала… веру. Мне надакучыла слухаць расповеды пра тое, як нам дрэнна жылося пры сацыялізме. Ганаруся савецкім часам!
Шыкоўнага жыцця не было, але жылі нармальна. Было каханне і сяброўства… сукенкі і туфлі… Прагна слухалі пісьменнікаў і артыстаў, а цяпер перасталі. Месца паэтаў на стадыёнах занялі ведзьмакі і экстрасэнсы. Ведзьмакам вераць, як у Афрыцы. Нашае… савецкае жыццё… гэта была спроба альтэрнатыўнай цывілізацыі, калі хочаце. Калі з пафасам… Улада народа! Ну не магу супакоіцца! Дзе вы сёння ўбачыце даярак, токараў ці машыністаў метро? Няма іх — ні на старонках газетаў, ні на экранах тэлевізараў, ні ў Крамлі, калі ўручаюць ордэны і медалі. Нідзе іх няма. Усюды новыя героі: банкіры і бізнесмены, мадэлі і інтэрдзеўкі… менеджары… Маладыя яшчэ могуць прыстасавацца, а старыя паміраюць моўчкі, пры зачыненых дзвярах. У галечы паміраюць, у забыцці. У мяне пенсія — пяцьдзясят даляраў… (Смяецца.) І ў Гарбачова, я чытала, пяцьдзясят даляраў… Пра нас кажуць: «Камуністы жылі ў палацах, елі чорную ікру лыжкамі. Сабе яны пабудавалі камунізм». Бог мой! Я вас вадзіла па сваіх «палацах» — звычайная двухпакаёвая кватэра, агульная плошча — пяцьдзясят сем метраў. Нічога не схавала: савецкі крышталь, савецкае золата…
— А спецпаліклінікі і спецпайкі, «свае» чэргі на атрыманне кватэраў і казённыя лецішчы… партыйныя санаторыі?
— Шчыра? Было гэта… ну было… але больш там… (Падымае руку ўверх.) А я заўсёды ўнізе, найніжэйшае звяно ўлады. Унізе, каля людзей. Заўсёды на вачах. Калі недзе і было… не спрачаюся… Не адмаўляю! Чытала, як і вы, у час перабудовы… што дзеці сакратароў ЦК лёталі на паляванне ў Афрыку. Брыльянты скуплялі… Усё адно не параўнаць гэта з тым, як жывуць цяпер «новыя рускія». З іх замкамі ды яхтамі. Паглядзіце, што панабудавалі яны вакол Масквы. Палацы! Двухметровыя каменныя платы, дрот з электрычным токам, відэаназіранне. Узброеныя ахоўнікі. Як у зоне або на сакрэтным ваенным аб’екце. Што, там Біл Гейтс жыве, камп’ютарны геній? Ці Гары Каспараў, чэмпіён свету па шахматах? Там жывуць пераможцы. Грамадзянскай вайны быццам бы не было, а пераможцы ёсць. Там яны — за каменным плотам. Ад каго яны хаваюцца? Ад народа? Народ думаў, што прагоніць камуністаў, і наступяць цудоўныя часы. Райскае жыццё. Замест вольных людзей з’явіліся гэтыя… з мільёнамі і мільярдамі… Гангстары! Страляюць сярод белага дня… Нават у нас аднаму бізнесоўцу балкон разнеслі. Нікога не баяцца. Лётаюць у асабістых самалётах з пазалочанымі ўнітазамі, яшчэ і выхваляюцца. Сама бачыла па тэлевізары… адзін паказваў свой гадзіннік: каштуе, як бамбардзіроўшчык. А другі — мабільнік з дыяментамі. І ніхто! Ніхто не крыкне на ўсю Расію, што гэта сорамна. Брыдка. Калісьці былі Успенскі і Караленка. Шолахаў напісаў Сталіну ліст у абарону сялянаў. Цяпер я хачу… Вы ў мяне пытаецеся, а я хачу ў вас запытацца: дзе нашая эліта? Чаму я чытаю кожны дзень у газетах меркаванне з любой нагоды Беразоўскага і Патаніна, а не Акуджавы… Іскандэра… Як так здарылася, што вы саступілі сваё месца? Сваю кафедру… І першымі пабеглі да аб’едкаў са стала алігархаў. У лёкаі. Руская інтэлігенцыя раней не бегала і не выслужвалася. А цяпер нікога не засталося — няма нікога, хто скажа пра дух, апрача папа. А дзе перабудоўшчыкі?
У камуністаў майго пакалення мала было агульнага з Паўкам Карчагіным. З першымі бальшавікамі з партфелямі ды рэвальверамі. Ад іх засталася толькі ваенная лексіка: «салдаты партыі», «працоўны фронт», «бітва за ўраджай». Мы ўжо не адчувалі сябе салдатамі партыі, мы былі служачыя партыі. Клеркі. Існаваў такі абрад — светлая будучыня: у актавай зале вісеў партрэт Леніна, у кутку стаяў чырвоны сцяг. Абрад… рытуал… Салдаты былі ўжо непатрэбныя, патрабаваліся выканаўцы: «давай-давай», а не — дык «партбілет на стол». Загадалі — выканаў. Зрабіў справаздачу. Партыя не ваенны штаб, а апарат. Машына. Бюракратычная машына. Гуманітарыяў на службу бралі рэдка, партыя ім не давярала з часоў Леніна, які пісаў пра інтэлігенцкае саслоўе: «не мозг, а гаўно нацыі». Такіх, як я, было мала. Філолагаў. Кадры кавалі з інжынераў, заатэхнікаў, з тых, чыя спецыяльнасць — машыны, мяса і збожжа, а не чалавек. Кузні партыйных кадраў — сельскагаспадарчыя інстытуты. Патрэбныя былі дзеці рабочых і сялянаў. З народу. Даводзілі да абсурду: ветэрынара, напрыклад, маглі ўзяць на партыйную працу, а ўрача-тэрапеўта — наўрад. Не сустракала там ні лірыкаў, ні фізікаў. Што яшчэ? Субардынацыя, як у войску… Пад’ём наверх павольны, з прыступкі на прыступку: лектар райкама партыі, затым — загадчык парткабінета… інструктар… Трэці сакратар… другі сакратар… Я ўсе прыступкі за дзесяць гадоў прайшла. Гэта цяпер малодшыя навуковыя супрацоўнікі і загадчыкі лабараторый кіруюць краінай, старшыня калгаса або электрык становіцца прэзідэнтам. Замест калгаса — адразу краіна!
Такое здараецца толькі ў рэвалюцыю… (Пытанне — ці да мяне, ці да сябе.) Не ведаю, як назваць тое, што адбылося ў дзевяноста першым… Рэвалюцыя ці контррэвалюцыя? Ніхто не спрабуе нават растлумачыць, у якой краіне мы жывём. Якая ў нас ідэя, акрамя каўбасы? Што будуем… Ідзём наперад — да перамогі капіталізму. Так? Сто гадоў лаялі капіталізм: пачвара… монстр… А цяпер ганарымся, што ў нас будзе як ва ўсіх. Калі станем як усе, каму мы будзем цікавыя? Народ-баганосец… надзея ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва… (Іранічна.) Пра капіталізм ва ўсіх такое ж уяўленне, як нядаўна пра камунізм. Мары! Судзяць Маркса… абвінавачваюць ідэю… Ідэя-забойца! А я абвінавачваю выканаўцаў. У нас быў сталінізм, а не камунізм. А цяпер ні сацыялізму, ні капіталізму. Ні ўсходняй мадэлі, ні заходняй. Ні імперыі, ні рэспублікі. Боўтаемся, як… лепш памаўчаць… Сталін! Сталін! Хаваюць яго… хаваюць… А закапаць ніяк не атрымліваецца. Не ведаю, як у Маскве, а ў нас яго партрэты ставяць пад ветравое шкло ў аўтамабілях. У аўтобусах. Дальнабойшчыкі асабліва яго любяць. У мундзіры генералісімуса… Народ! Народ! А што народ? Народ сам пра сябе сказаў: з яго і дубіна, і абраз. Як з дрэва… Што зробіш, тое і будзе… Гайдаецца нашае жыццё паміж баракам і бардаком. Цяпер маятнік пасярэдзіне… Палова краіны чакае новага Сталіна. Вось прыйдзе ён і парадак будзе… (Зноў маўчыць.) У нас… вядома… у райкаме таксама было шмат размоваў пра Сталіна. Партыйная міфалогія. Яе перадавалі з пакалення ў пакаленне. Усе любілі размовы пра тое, як жылі пры Гаспадары… Сталінскія парадкі былі такія: напрыклад, загадчыкам сектараў ЦК разносілі гарбату з бутэрбродамі, а лектарам — проста гарбату. Увялі пасаду намесніка загадчыка сектара. Як быць? Ім вырашылі падаваць чай без бутэрбродаў, але на белай сурвэтцы. Ужо яны адзначаны… ускараскаліся на Алімп да багоў, да герояў. Цяпер трэба праціснуцца да карыта… Так было і пры Цэзары, і пры Пятры Першым. І так будзе заўсёды. Паглядзіце на сваіх дэмакратаў… Узялі ўладу і адразу ж бегма — куды? Да кармушкі. Да залатой жылы. Кармушка дабіла не адну рэвалюцыю. На нашых вачах… Ельцын змагаўся з прывілеямі і называў сябе дэмакратам, а цяпер любіць, калі яго называюць царом Барысам. Стаў хросным бацькам…
Перачытала «Акаянныя дні» Івана Буніна. (Дастае з паліцы кнігу. Знаходзіць закладку і чытае.) «Памятаю старога рабочага ля брамы дома, дзе раней былі «Одесские новости», у першы дзень панавання бальшавікоў. Раптам выскачыла з-пад дзвярэй чарада хлапчукоў са стосамі толькі што аддрукаваных «Известий» і з крыкамі: «На адэскіх буржуяў накладзена кантрыбуцыя ў 500 мільёнаў!» — Рабочы захрыпеў, захлынуўся лютасцю і злараднасцю: «Мала! Мала!». Вам гэта нічога не нагадвае? Мне… так… Нагадвае… Гарбачоўскія гады… першыя бунты… Калі народ стаў валіць на плошчы і патрабаваць — то хлеба, то свабоды… то гарэлкі і курыва… Жах! Інсульты і інфаркты ў шматлікіх партработнікаў. «У варожым атачэнні», як партыя вучыла, жылі, у «аблозе». Да сусветнай вайны рыхтаваліся… Больш за ўсё баяліся ядзернай вайны, а развалу не чакалі. Не чакалі… ніяк… Прывыклі да майскіх і кастрычніцкіх калонаў, да плакатаў: «Справа Леніна будзе жыць вякамі», «Партыя — наш стырнавы». А тут не калоны, а стыхія. Не савецкі народ, а нейкі іншы, нам незнаёмы. І плакаты іншыя: «Камуністаў пад суд!», «Раздавім камуністычную гадзіну!» Адразу ўспомніўся Новачаркаск… Інфармацыя была закрытая, але мы ведалі… як пры Хрушчове галодныя працоўныя выйшлі на вуліцы… іх расстралялі… Тых, хто застаўся жывы, распіхалі па лагерах, да гэтага часу іх родныя не ведаюць, дзе яны… А тут… тут перабудова… Страляць нельга, саджаць таксама. Трэба размаўляць. А хто з нас мог выйсці да натоўпу і сказаць прамову? Пачаць дыялог… агітаваць… Мы былі апаратчыкі, а не прамоўцы. Я, напрыклад, чытала лекцыі і капіталістаў кляйміла, неграў амерыканскіх абараняла. У маім кабінеце стаяў поўны збор твораў Леніна… пяцьдзясят пяць тамоў… Але хто яго па-сапраўднаму чытаў? Гарталі ў інстытутах перад экзаменамі: «Религия — опиум народа» і «всякий боженька есть труположество».
Панічны быў страх… Выкладчыкі, інструктары, сакратары райкамаў і абкамаў — усе мы баяліся выязджаць да працоўных на завод, да студэнтаў у інтэрнат. Баяліся тэлефанаванняў. А раптам спытаюць пра Сахарава ці пра Букоўскага… што адказваць? Ворагі яны савецкай улады ці ўжо не ворагі? Як ацэньваць «Дзеці Арбата» Рыбакова і п’есы Шатрова? Ніякай каманды зверху… Раней табе сказалі — ты выканаў даручэнне, правёў лінію партыі ў жыццё. А тут: страйкуюць настаўнікі, патрабуюць павышэння заробку, малады рэжысёр у нейкім заводскім клубе рэпетуе забароненую п’есу… Божа мой! На кардоннай фабрыцы рабочыя на тачцы вывезлі за вароты свайго дырэктара. Гарлапанілі. Білі шкло. Ноччу зачапілі жалезным тросам і звалілі помнік Леніну. Паказвалі яму дулю. Партыя разгубілася…
Я памятаю разгубленую партыю… Сядзелі ў сваіх кабінетах пры зашморгнутых шторах. Ля ўваходу ў будынак райкама днём і ноччу дзяжурыў узмоцнены нарад міліцыі. Баяліся народа, а народ яшчэ па інэрцыі баяўся нас. Потым баяцца перасталі… Збіраліся на плошчы тысячы людзей… Плакат запомніла: «Даеш 1917! Рэвалюцыю!» Была ўзрушаная. Пэтэвэшнікі нейкія з ім стаялі… маладыя хлопцы… Птушаняты! Аднойчы прыйшлі ў райкам парламенцёры: «Пакажыце сваю спецкраму! У вас там усяго поўна, а нашыя дзеці галодныя, губляюць прытомнасць на ўроках». Ніякіх норкавых футраў і чорнай ікры ў нашым буфеце яны не знайшлі, але ўсё роўна не паверылі: «Падманваюць просты народ». Усё пачало рухацца, хістацца. Гарбачоў быў слабы. Лавіраваў. Быццам бы ён за сацыялізм… і капіталізму хочацца… Больш думаў пра тое, як спадабацца Еўропе. Амерыцы. Там яму пляскалі: «Горбі! Горбі! Вось дык Горбі!» Забубніў перабудову…» (Маўчыць.)
Сацыялізм паміраў на нашых вачах. І прыйшлі гэтыя хлопчыкі жалезныя».
Ганна Ільінічна:
— Гэта было нядаўна, але гэта было ў іншую эпоху… У іншай краіне… Там засталася нашая наіўнасць, наш рамантызм. Даверлівасць. Хтосьці не хоча пра гэта ўспамінаць, бо непрыемна, столькі было расчараванняў. Ну хто сказаў, што нічога не змянілася? Біблію нельга было перавезці праз мяжу. На гэта забыліся? У падарунак з Масквы я вазіла сваякам у Калугу муку і макароны. І яны былі шчаслівыя. Забыліся? Ніхто ўжо не стаіць у чарзе па цукар і мыла. І няма талонаў на паліто.
Я палюбіла Гарбачова адразу! Цяпер яго праклінаюць: «Здрадзіў СССР!», «Гарбачоў прадаў краіну за піцу!» А я памятаю нашае здзіўленне. Узрушанасць! Нарэшце ў нас нармальны лідар. Не сорамна за яго! Адзін аднаму пераказвалі, як у Ленінградзе ён спыніў картэж і выйшаў да народа, а на нейкім заводзе адмовіўся ад дарагога падарунка. Падчас традыцыйнага застолля выпіў толькі шклянку гарбаты. Усміхаецца. Выступае без паперкі. Малады. Ніхто з нас не верыў, што савецкая ўлада калі-небудзь скончыцца і ў крамах з’явіцца каўбаса, а па імпартныя бюстгалтары не будуць стаяць кіламетровыя чэргі. Прывыклі ўсё праз знаёмых даставаць: падпіску на «Всемирку», шакаладныя цукеркі і гэдээраўскія спартыўныя касцюмы. Сябравалі з мясніком, каб купіць кавалак мяса. Савецкая ўлада здавалася вечнай. Хопіць яшчэ дзецям і ўнукам! А яна нечакана для ўсіх скончылася. Цяпер ясна, што і сам Гарбачоў гэтага не чакаў, ён хацеў нешта змяніць, але не ведаў — як. Ніхто не быў гатовы. Ніхто! Нават тыя, хто дзёўб гэтую сцяну. Я — шараговы тэхнолаг. Не герой, не… і не камуністка… Дзякуючы свайму мужу, ён — мастак, я рана трапіла ў багемнае асяроддзе. Паэты, мастакі… Сярод нас не было герояў, ні ў каго не хапіла адвагі стаць дысідэнтам, адседзець у турме ці ў вар’ятні за свае перакананні. Жылі з дуляй у кішэні.
Сядзелі на кухнях, лаялі савецкую ўладу і баялі анекдоты. Чыталі самвыдат. Калі хтосьці даставаў новую кнігу, ён мог прыйсці ў дом да сяброў у любы час — нават а другой-трэцяй гадзіне ночы, усё роўна гэта быў жаданы госць. Я добра памятаю тое начное маскоўскае жыццё… асаблівае… Там былі свае героі… свае баязліўцы і здраднікі… Сваю захопленасць! Растлумачыць гэта чалавеку недасведчанаму немагчыма. Перш за ўсё нашую захопленасць я не магу растлумачыць. І не магу растлумачыць іншае… Вось гэта… Начное нашае жыццё… ну зусім яно не было падобнае да дзённага. Ні кроплі! Раніцай мы ўсе ішлі на працу і ператвараліся ў звычайных савецкіх людзей. Як і ўсе астатнія. Рабілі на рэжым. Альбо ты канфарміст, альбо табе трэба ісці ў дворнікі і вартаўнікі, іншага спосабу захаваць сябе не было. Вярталіся з працы дамоў… І зноў пілі гарэлку на кухнях, слухалі забароненага Высоцкага. Лавілі праз трэск глушылак «Голас Амерыкі». Я да гэтага часу памятаю той цудоўны трэск. Круцілі бясконцыя раманы. Кахаліся, разводзіліся. І многія пры гэтым адчувалі сябе сумленнем нацыі, лічылі, што мелі права павучаць свой народ. А што мы пра яго ведалі? Тое, што прачыталі ў «Запісках паляўнічага» Тургенева і ў нашых «дзеравеншчыкаў». У Распуціна… Бялова… Я нават свайго бацькі не разумела. Крычала яму: «Тата, калі ты не вернеш ім свой партбілет, то я з табой размаўляць не буду». Тата плакаў.
У Гарбачова было ўлады — як у цара. Неабмежаваная ўлада. А ён прыйшоў і сказаў: «Нельга так жыць». Яго знакамітая фраза. І краіна ператварылася ў дыскусійны клуб. Спрачаліся дома, на працы, у транспарце. Ад розных поглядаў сем’і распадаліся, дзеці сварыліся з бацькамі. Адна мая знаёмая так пасварылася з сынам і нявесткай пра Леніна, што выгнала іх на вуліцу, яны жылі зімой за горадам у хатцы на лецішчы. Тэатры пустыя, усе сядзелі дома перад тэлевізарам. Ішлі жывыя рэпартажы з Першага з’езда народных дэпутатаў СССР. Перад тым была цэлая гісторыя, як мы выбіралі тых дэпутатаў. Першыя свабодныя выбары! Сапраўдныя! Па нашай акрузе праходзілі дзве кандыдатуры: нейкі партыйны чыноўнік і малады дэмакрат, выкладчык універсітэта. Памятаю і цяпер яго прозвішча — Малышаў… Юры Малышаў. Цяпер ён, я выпадкова даведалася, займаецца аграбізнесам — памідорамі і гурочкамі гандлюе. А тады — рэвалюцыянер! Выступаў і казаў такую крамолу! Нечуваную! Марксісцка-ленінскую літаратуру называў малалітражнай… нафталіннай… Шосты артыкул Канстытуцыі патрабаваў скасаваць, а гэта артыкул — пра кіроўную ролю КПСС. Кутні камень марксізму-ленінізму… Я слухала і не магла сабе гэта ўявіць. Ахінея! Хто табе дасць… дазволіць зачапіць? Усё разваліцца… Гэта ж скрэпы… Настолькі мы былі ўсе замбаваныя. Я савецкага чалавека выціскала з сябе гадамі, вёдрамі вычэрпвала. (Маўчыць.) Нашая каманда… Нас набралося чалавек дваццаць добраахвотных памочнікаў, пасля працы мы абыходзілі кватэры ў сваім раёне і агітавалі. Малявалі плакаты: «Галасуй за Малышава!» І ўявіце сабе — ён перамог! З вялікай перавагай. Першая нашая перамога! Потым мы ўсе балдзелі ад жывых рэпартажаў са з’езду — дэпутаты выказваліся яшчэ больш адкрыта, чым мы на кухнях. Ці ў двух метрах ад кухні. Усе тырчалі каля тэлевізараў, як наркаманы. Не маглі адарвацца. Вось цяпер Траўкін ім дасць! Да-а-аў!! А Болдыраў? Цяпер ён… Во малайчына!
Жарсна глыталі газеты і часопісы, перыёдыку больш, чым кнігі. Тыражы «тоўстых часопісаў» падскочылі да мільёнаў асобнікаў. Раніцай у метро з дня ў дзень на вачах адна і тая ж карціна: увесь вагон сядзіць і чытае. Тыя, хто стаяць, таксама чытаюць. Абменьваюцца адзін з адным газетамі. Незнаёмыя людзі. Мы з мужам выпісвалі дваццаць найменняў, адну зарплату цалкам трацілі на падпіску. З працы я бегла хутчэй дамоў, каб залезці ў чырвоны халат і чытаць. Нядаўна памерла мая мама, яна казала: «Я паміраю, як пацук на сметніку». Яе аднапакаёвая кватэра нагадвала чытальную залу: часопісы, газеты — стосікамі на кніжных паліцах, у шафе. На падлозе і ў вітальні. Шматкаштоўныя «Новый мир» і «Знамя»… «Даугава»… усюды — скрынкі выразак. Вялікія скрынкі. Я адвезла ўсё на лецішча. Выкінуць шкада, аддаць — каму? Макулатура цяпер! А ўсё чытана-перачытана. Шмат падкрэсліванняў — чырвоным алоўкам, жоўтым. Чырвоным — найважнейшае. Паўтоны, я думаю, у мяне ляжыць. Усё лецішча заваліла.
Вера была шчырая… наіўная вера… Паверылі, што вось зараз… ужо стаяць на вуліцы аўтобусы, якія павязуць нас у дэмакратыю. Будзем жыць у прыгожых дамах, а не ў шэрых «хрушчоўках», пабудуем аўтабаны замест раздзяўбаных дарог, станем усе добрымі. Рацыянальных доказаў гэтаму ніхто не шукаў. Іх і не было. А навошта? Верылі сэрцам, а не розумам. І галасавалі на выбарчых участках сэрцам. Ніхто канкрэтна не казаў, што трэба рабіць: свабода — і ўсё. Калі ты сядзіш у закрытым ліфце, то марыш аб адным — каб ліфт расчыніўся. У цябе шчасце, калі яго адкрыюць. Эйфарыя! Ты не думаеш пра тое, што ты цяпер павінен нешта рабіць… ты нарэшце дыхаеш на поўныя грудзі… Ты ўжо шчаслівы! Мая сяброўка выйшла замуж за француза, ён працаваў у маскоўскай амбасадзе. І вось ён увесь час ад яе чуў: паглядзі, маўляў, якая ў нас, у рускіх, энергія.
«Ты мне растлумач, для чаго гэтая энергія?» — пытаўся ён у яе. Ні яна, ні я не маглі нічога яму растлумачыць. Я яму так і адказвала: прэ энергія — і ўсё. Я бачыла вакол сябе жывых людзей, жывыя твары. Якія ўсе былі ў той час прыгожыя! Адкуль узяліся гэтыя людзі? Учора ж іх яшчэ не было!
Тэлевізар у нас у доме не выключаўся… Праграму «Новости» глядзелі кожную гадзіну. У мяне якраз нарадзіўся сын, я выходзіла з ім у двор і абавязкова брала з сабой прыймач. Людзі сабак выводзілі гуляць і радыё бралі. Смяёмся цяпер з сына: ты ў нас змалку — у палітыцы, а яму гэта нецікава. Слухае музыку, вучыць мовы. Хоча ўбачыць свет. Іншым жыве. Нашыя дзеці не падобныя да нас. Да каго яны падобныя? Да свайго часу, адзін да аднаго. А мы тады… Ой-ой! Зараз Сабчак на з’ездзе выступае… Усе кідаюць справы і бягуць да экрана. Мне падабалася, што Сабчак у нейкім прыгожым, здаецца, аксамітным пінжаку, гальштук завязаны «па-еўрапейску». Сахараў на трыбуне… Значыць, у сацыялізму можа быць «чалавечы твар»? Вось яно… Для мяне гэта быў твар акадэміка Ліхачова, а не генерала Ярузельскага. Калі я казала «Гарбачоў», то мой муж дадаваў «Гарбачоў… і Раіса Максімаўна таксама». Упершыню мы ўбачылі жонку генеральнага сакратара, за якую было не сорамна. Прыгожая фігура, добра апранутая. Кахаюць адно аднаго. Нехта прынёс нам польскі часопіс, дзе пісалася, што Раіса — шык! Як мы ганарыліся!.. Бясконцыя мітынгі. Вуліцы патаналі ва ўлётках. Заканчваўся адзін мітынг, пачынаўся наступны. Людзі ішлі і ішлі, кожны думаў, што ён прыйдзе туды і пачуе штосьці новае. Вось цяпер правільныя людзі знойдуць правільныя адказы… Наперадзе чакала невядомае жыццё, яно ўсіх прыцягвала. Здавалася, што царства свабоды ўжо на парозе… Але жыць станавілася ўсё горш і горш. У хуткім часе, акрамя кніг, нічога ўжо не прадавалася. У крамах толькі кнігі…»
Алена Юр’еўна:
— Дзевятнаццатага жніўня дзевяноста першага… Прыязджаю ў райкам. Іду па калідоры і чую: ва ўсіх кабінетах, на ўсіх паверхах уключана радыё. Сакратарка перадае просьбу «першага» зайсці да яго. Заходжу. У «першага» гучна працуе тэлевізар, сам ён, змрочны, сядзіць каля прыёмніка, ловіць то «Свабоду», то «Нямецкую хвалю»… «Бі-бі-сі»… Усё, што даступна. На стале спіс членаў Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы… ГКЧП… як яго потым назавуць. «Адзін Варэннікаў, — кажа ён мне, — выклікае павагу. Усё ж такі баявы генерал. Ваяваў у Афганістане». Заходзяць другі сакратар… загадчык аргаддзела… Пачынаецца ў нас размова: «Які жах! Будзе кроў. Зальёмся крывёю». — «Усіх не зальюць, а зальюць каго трэба». — «Даўно пара ратаваць Савецкі Саюз». — «Гара трупаў будзе». — «Ну ўсё, Гарбач даскакаўся. Нарэшце нармальныя людзі, генералы, прыйдуць да ўлады. Бардак скончыцца». «Першы» абвясціў, што ранішнюю планёрку вырашыў не праводзіць — пра што дакладваць? Ніякіх указанняў не паступіла. Пры нас ён патэлефанаваў у міліцыю: «Што ў вас чуваць?» — «Нічога». Яшчэ пагаварылі пра Гарбачова — ці то хворы, ці арыштаваны. Усе больш схіляліся да трэцяга варыянту — уцёк з сям’ёй у Амерыку. А куды ж яшчэ?
Так увесь дзень і праседзелі каля тэлевізараў і тэлефонаў. Трывожна: чыя там, наверсе, возьме? Чакалі. Я вам шчыра скажу, чакалі. Усё гэта трохі нагадвала падзенне Хрушчова. Мемуараў ужо начыталіся… Размовы, зразумела, пра адно… Якая свабода? Свабода нашаму чалавеку — як малпе акуляры. Ніхто не ведае, што з ёй рабіць. Усе кіёскі гэтыя, рыначкі… ну не ляжыць да іх душа. Я ўспомніла, як пару дзён таму сустрэла свайго былога кіроўцу. Такая гісторыя… Да нас у райкам хлопец трапіў адразу пасля войска. Па нейкім вялікім блаце. Быў цалкам задаволены. Але пачаліся перамены, дазволілі кааператывы, і ён ад нас пайшоў. Заняўся бізнесам. Я з цяжкасцю яго пазнала: стрыжаны нагала, скураная куртка, спартыўны касцюм. Гэта ў іх, як я зразумела, уніформа такая. Пахваліўся, што за адзін дзень зарабляе больш, чым першы сакратар райкама партыі за месяц. Бізнес бяспройгрышны — джынсы. Арандавалі з адным сябрам звычайную пральню і там робяць «варонкі». Тэхналогія простая (галота на выдумкі хітрая): звычайныя, банальныя джынсы кідаюць у раствор адбельвальніка або хлоркі, дадаюць туды бітай цэглы. Пару гадзін «вараць» — на штанах палосы, разводы, малюнкі… Абстракцыянізм! Прасушваюць і прыляпляюць лэйбл «Мантана». У мяне адразу з’явілася думка: калі нічога не зменіцца, яны, гэтыя прадаўцы джынсаў, будуць неўзабаве намі камандаваць. Нэпманы! І накормяць усіх, і апрануць, як гэта ні смешна. У падвалах заводы пабудуюць… Так яно і выйшла. Вось! Цяпер гэты хлопец — мільянер або мільярдэр (для мяне мільён і мільярд аднолькава шалёная сума), дэпутат Дзярждумы. Адзін дом на Канарах… другі — у Лондане… Пры цары ў Лондане жылі Герцэн і Агароў, цяпер яны… нашыя «новыя рускія»… Джынсавыя, мэблевыя, шакаладныя каралі. Нафтавыя.
А дзявятай вечара «першы» яшчэ раз сабраў усіх у сябе. Дакладваў старшыня раённага КДБ. Распавёў пра настроі сярод людзей. Паводле яго, народ падтрымліваў ГКЧП. Не абураўся. Гарбачоў усім надакучыў… Талоны на ўсё, акрамя солі… гарэлкі няма… Хлопцы з КДБ пабегалі па горадзе і запісалі размовы. Сваркі ў чэргах: «Пераварот! Што будзе з краінай?» — «А што ў цябе перавярнулася? Ложак на месцы стаіць. Гарэлка — тая самая». — «Вось і скончылася свабода». — «Ага! Свабода па ліквідацыі каўбасы». — «Камусьці захацелася жуйкі. «Мальбара» паліць». — «Даўно пара! Краіна на мяжы краху!» — «Іудушка Гарбачоў! Хацеў прадаць Радзіму за даляры». — «Крывішчы будзе…» — «А без крыві ў нас нельга…» — «Каб выратаваць краіну… партыю… патрэбныя джынсы. Прыгожая жаночая бялізна і каўбаса, а не танкі». — «Добрага жыцця захацелі? Хрэн вам! Забудзьце!» (Маўчыць.)
Словам, народ чакаў… як і мы… У партбібліятэцы дэтэктываў да канца дня ўжо не было, усе разабралі. (Смяецца.) Леніна б нам усім чытаць, а не дэтэктывы. Леніна і Маркса. Нашых апосталаў.
Запомніла прэс-канферэнцыю ГКЧП… У Янаева дрыжалі рукі. Стаяў і апраўдваўся: «Гарбачоў заслугоўвае ўсялякае павагі… ён — мой сябар…» Вочы бегаюць… спалоханыя вочы… У мяне ёкнула сэрца. Не тыя гэта людзі, якія б маглі… якіх чакалі… пігмеі… звычайныя партапаратчыкі… Ратаваць краіну! Ратаваць камунізм! Няма каму ратаваць… На экране: маскоўскія вуліцы — мора людзей. Мора! На цягніках, прыгарадных электрычках народ ірвануў у Маскву. Ельцын на танку. Раздае ўлёткі… «Ельцына! Ельцына!» — скандуе натоўп. Трыумф! (Нервова торгае край абруса.) Абрус вось… кітайскі… Увесь свет запоўнены кітайскімі таварамі. Кітай — краіна, дзе ГКЧП перамог… А дзе мы? Краіна трэцяга свету. Дзе тыя, хто крычаў: «Ельцын! Ельцын!»? Яны думалі, што будуць жыць, як у Амерыцы і Германіі, а жывуць — як у Калумбіі. Мы прайгралі… прайгралі краіну… А нас, камуністаў, у той час налічвалася пятнаццаць мільёнаў! Партыя магла… ёй здрадзілі… На пятнаццаць мільёнаў не знайшлося ніводнага лідара. Ніводнага! А на тым баку лідар быў. Быў — Ельцын! Бяздарна ўсё прайгралі! Палова краіны чакала, што мы пераможам. Адной краіны ўжо не было. Ужо было — дзве.
Тыя, хто называў сябе камуністамі, раптам сталі прызнавацца, што яны ненавідзелі камунізм з дзяцінства. Здавалі свае партбілеты… Адны прыносілі і пакідалі партбілеты моўчкі, іншыя ляскалі дзвярыма. Падкідалі ноччу да будынка райкама… Як злодзеі. Развітайцеся з камунізмам сумленна. Не — употай. Раніцай дворнікі хадзілі і збіралі па двары — партбілеты, камсамольскія пасведчанні — і прыносілі нам. Прыносілі ў пакетах, у вялікіх цэлафанавых мяшках… Што з гэтым рабіць? Куды здаваць? Каманды няма. Зверху — ніякіх сігналаў. Мёртвая цішыня. (Задумалася.) Такі гэта быў час… людзі пачалі змяняць усё… Абсалютна ўсё. Начыста. Адны з’язджалі — мянялі радзіму. Іншыя змянялі перакананні і прынцыпы. Трэція мянялі рэчы ў доме, рэчы мянялі спрэс. Старое савецкае выкідалі, куплялі ўсё імпартнае… «Чаўнакі» адразу ўсяго навезлі: чайнікі, тэлефоны, мэбля… халадзільнікі… Аднекуль усяго з’явілася навалам. «У мяне пральная машына «Бош». — «А я купіў тэлевізар «Сіменс». У кожнай размове гучала: «Панасонік», «Соні»… «Філіпс»… Сустрэла суседку: «Сорамна радавацца нямецкай кавамолцы… А я шчаслівая!» Яна ж толькі… вось толькі… ноч стаяла ў чарзе па томік Ахматавай, цяпер вар’яцее ад кавамолкі. Ад нейкага глупства… І з партбілетам расставаліся — як з непатрэбнай рэччу. Цяжка было паверыць… Але за некалькі дзён усё памянялася. Царская Расія, як чытаеш у мемуарах, зліняла за тры дні, і камунізм таксама. За пару дзён. У галаве не ўкладвалася… Знаходзіліся, праўда, і такія, хто хаваў свае чырвоныя кніжачкі, пакідаў на ўсялякі выпадак. Нядаўна ў адной сям’і мне дасталі з антрэсоляў бюст Леніна. Захоўваюць… раптам яшчэ спатрэбіцца… Вернуцца камуністы, яны першыя начэпяць пунсовы бант. (Маўчыць доўга.) У мяне на стале ляжалі сотні заяваў аб выхадзе з партыі… Усё гэта ў хуткім часе згрэблі і вынеслі як смецце. Згніло на сметніку. (Штосьці шукае ў тэчках на стале.) Я пару аркушыкаў захавала… Калі-небудзь іх папросяць у мяне для музея. Будуць шукаць… (Зачытвае.)
«…я была адданай камсамолкай… са шчырым сэрцам уступіла ў партыю. Цяпер хачу сказаць, што партыя больш не мае ніякай улады нада мной…»
«…час увёў мяне ў зман… Я верыла ў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю. Прачытаўшы Салжаніцына, я зразумела, што «выдатныя ідэалы камунізму» усе ў крыві. Гэта падман…»
«…мяне прымусіў уступіць у партыю страх… Ленінскія бальшавікі расстралялі майго дзядулю, а сталінскія камуністы знішчылі ў мардоўскіх лагерах маіх бацькоў…»
«…ад свайго імя і ад імя майго нябожчыка-мужа заяўляю аб сваім выхадзе з партыі…»
Гэта трэба было перажыць… не здохнуць ад жаху… У райкаме стаялі чэргі, як у краме. Чэргі ахвотнікаў здаць партбілет. Да мяне прабілася простая жанчына. Даярка. Яна плакала: «Што мне рабіць? У газетах пішуць, што партбілеты трэба выкідаць». Апраўдвалася яна тым, што ў яе трое дзяцей, яна за іх баіцца. Хтосьці распускаў чуткі, што камуністаў будуць судзіць. Высылаць. Ужо рамантуюць у Сібіры старыя баракі… у міліцыю паступілі кайданкі… нехта бачыў, як іх згружаюць з грузавікоў, крытых брызентам. Жахлівыя рэчы, так! Але я запомніла і сапраўдных камуністаў. Адданых ідэі. Маладога настаўніка… Незадоўга да ГКЧП яго прынялі ў партыю, але білет не паспелі ўручыць, ён прасіў: «Вас хутка апячатаюць. Выпішыце мне партбілет, а то я яго ніколі не атрымаю». У гэты момант людзі асабліва ярка праявіліся. Прыйшоў франтавік… Увесь у баявых ардэнах. Іканастас на грудзях! Вярнуў ён партбілет, які яму ўручылі на фронце, са словамі: «Не хачу быць у адной партыі з гэтым здраднікам Гарбачовым!» Ярка… ярка… людзі паказвалі сябе. І чужыя, і знаёмыя. І нават сваякі. Раней сустрэнуць: «Ах, Алена Юр’еўна!», «Як вашае здароўе, Алена Юр’еўна?» А тут убачаць здалёк і пераходзяць на другі бок вуліцы, каб не вітацца. Дырэктар лепшай школы ў раёне… Надоечы мы праводзілі ў яго школе навуковую партканферэнцыю па кнігах Брэжнева «Малая зямля» і «Адраджэнне». Тады ён выступіў з бліскучым дакладам аб кіроўнай ролі камуністычнай партыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны… і асабіста таварыша Брэжнева… Я яму ўручыла грамату райкама партыі. Верны камуніст! Ленінец! Божа мой! Месяца не прайшло… Сустрэў мяне на вуліцы і пачаў абражаць: «Скончыўся ваш час! За ўсё адкажаце! Перш-наперш — за Сталіна!» Я задыхнулася ад крыўды… Гэта ён — мне! Мне? Мне, у якой бацька ў лагеры сядзеў… (Некалькі хвілінаў супакойваецца.) Сталіна я ніколі не любіла. Бацька дараваў, а я не. Я не прабачыла… (Маўчыць.) Рэабілітацыю «палітычных» пачалі пасля дваццатага з’езда. Пасля даклада Хрушчова… А гэта… А гэта ўжо было пры Гарбачове… Мяне прызначылі старшынёй раённай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Я ведаю, што спачатку прапаноўвалі іншым: нашаму пракурору і другому сакратару райкама партыі. Адмовіліся. Чаму? Можа, пабаяліся. У нас да гэтага часу баяцца ўсяго, што звязана з КДБ. А я ні хвіліны не вагалася — так, я згодная. У мяне бацька пацярпеў. Чаго мне баяцца? Аднойчы павялі кудысьці ў падвал… Дзясяткі тысячаў тэчак… Адна «справа» — два аркушыкі, а іншая — том. Як у трыццаць сёмым годзе быў план… размеркаванне… па «выяўленні і выкарчоўванні ворагаў народа», так у васьмідзясятыя гады па раёнах і абласцях спускалі лічбы па рэабілітацыі. План трэба было выканаць і перавыканаць. Стыль сталінскі: нарады, накачкі, вымовы. Давай-давай… (Круціць галавою.) Па начах сядзела і чытала, пераварочвала тамы. Шчыра… шчыра скажу… Валасы ўставалі на галаве… Брат пісаў на брата, сусед на суседа… Пасварыліся з-за агарода, з-за пакоя ў камуналцы. Праспяваў на вяселлі прыпеўку: «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну». Гэтага было дастаткова. З аднаго боку, сістэма раструшчвала чалавека, а з другога — людзі не шкадавалі адзін аднаго. Чалавек мог…
Звычайная камуналка… Жывуць разам пяць сем’яў — дваццаць сем чалавек. Адна кухня і адзін сарцір. Дзве суседкі сябруюць: у адной дзяўчынцы пяць гадоў, а другая — адзінокая. У камуналках, звычайная справа, сачылі адзін за адным. Падслухоўвалі. Тыя, у каго пакой — дзесяць метраў, зайздросцілі тым, у каго ён — дваццаць пяць метраў. Жыццё… яно такое… І вось ноччу прыязджае «чорны воран»… Жанчыну, у якой маленькая дзяўчынка, арыштоўваюць. Перад тым, як яе адвялі, яна паспела крыкнуць сяброўцы: «Калі не вярнуся, вазьмі маю дачку да сябе. Не аддавай у дзіцячы дом». І тая забрала дзіця. Перапісалі ёй другі пакой… Дзяўчынка стала клікаць яе мамай… «мамай Аняй»… Прайшло сямнаццаць гадоў… Праз сямнаццаць гадоў вярнулася сапраўдная мама. Яна цалавала рукі і ногі сваёй сяброўцы. Казкі звычайна канчаюцца на гэтым месцы, а ў жыцці была іншая канцоўка. Без хэпі-энду. Пры Гарбачове, калі адкрылі архівы, у былой лагерніцы спыталі: «Вы хочаце паглядзець сваю справу?» — «Хачу». Узяла яна сваю тэчку… адкрыла… Зверху ляжаў данос… знаёмы почырк… Суседка… «мама Аня»… напісала данос… Вы што-небудзь разумееце? Я — не. І тая жанчына — яна таксама не змагла зразумець. Прыйшла дадому і павесілася. (Маўчыць.) Я — атэістка. У мяне да Бога шмат пытанняў… Я памятаю… Я ўспамінаю татавы словы: «Лагер перажыць можна, а людзей не». Яшчэ ён казаў: «Памры ты сёння, а я заўтра — гэтыя словы я не ў лагеры першы раз пачуў, а ад нашага суседа. Ад Карпушы…» Карпуша ўсё жыццё сварыўся з бацькамі з-за нашых курэй, якія хадзілі па яго градах. Бегаў пад нашымі вокнамі з паляўнічай стрэльбай… (Маўчыць.) Дваццаць трэцяга жніўня… Арыштавалі членаў ГКЧП. Застрэліўся міністр унутраных справаў Пуга… Перад гэтым ён застрэліў сваю жонку… Людзі радаваліся: «Пуга застрэліўся!» Павесіўся ў сваім крамлёўскім кабінеце маршал Ахрамееў. Яшчэ было некалькі дзіўных смерцяў… Кіраўнік спраў ЦК Мікалай Кручына выпаў з акна пятага паверха… Самагубствы або забойствы? Думаюць дагэтуль… (Маўчыць.) Як жыць? Як выйсці на вуліцу? Вось проста выйсці на вуліцу і каго-небудзь сустрэць. Я тады… Ужо некалькі гадоў я жыла адна. Дачка выйшла замуж за афіцэра, з’ехала ва Уладзівасток. Муж памёр ад раку. Увечары вярталася ў пустую кватэру. Я не слабы чалавек… Але думкі ўсякія… страшныя… яны з’яўляліся… Шчыра скажу… Былі, так… (Маўчыць.) Яшчэ нейкі час мы хадзілі на працу ў райкам. Зачыняліся там у сваіх кабінетах. Глядзелі навіны па тэлевізары. Чакалі. На нешта спадзяваліся. Дзе нашая партыя? Нашая непераможная ленінская партыя! Свет паваліўся… Званок з аднаго калгаса: мужыкі з косамі і віламі, з паляўнічымі стрэльбамі — у каго што было, сабраліся каля канторы абараняць савецкую ўладу.
«Першы» загадаў: «Скажыце, каб ішлі дамоў». Спалохаліся… мы ўсе спалохаліся… А людзі былі настроеныя рашуча. Я некалькі такіх фактаў ведаю. А мы спалохаліся… І вось… гэты дзень… Патэлефанавалі з райвыканкама: «Мы абавязаны апячатаць вашыя кабінеты. У вас дзве гадзіны, каб сабраць свае рэчы». (Не можа ад хвалявання гаварыць.) Дзве гадзіны… дзве… Кабінеты апячатвала спецыяльная камісія… Дэмакраты! Нейкі слесар, малады журналіст, маці пяці дзяцей… Я яе ўжо ведала па мітынгах. Па лістах у райкам… у нашую газету… Жыла яна з вялікай сям’ёй у бараку. Усюды выступала і патрабавала кватэру. Праклінала камуністаў. Я запомніла яе твар… Яна ў гэты момант была поўная трыумфу… Калі яны прыйшлі да «першага», ён запусціў у іх крэслам. У мяне ў кабінеце адна з членаў камісіі падышла да акна і дэманстратыўна разарвала штору. Каб я дадому яе не забрала, ці што? Бог мой! Прымусілі адкрыць сумачку… Праз некалькі гадоў я сустрэла на вуліцы гэтую маці пяці дзяцей. Нават імя яе зараз успомніла — Галіна Аўдзей. Я яе спытала: «Ці атрымалі вы кватэру?» Яна паказала кулак у бок будынка абласной адміністрацыі: «І гэтыя падлюгі мяне падманулі». Далей… Далей — што? На выхадзе з будынка райкама нас чакаў натоўп: «Камуністаў — пад суд! Адразу іх — у Сібір!», «Узяць бы зараз кулямёты і прайсціся па вокнах». Абарочваюся — за спіной у мяне два мужчыны нападпітку — гэта яны… пра кулямёт… Адказваю: «Толькі прыміце пад увагу, я буду адстрэльвацца». Побач стаяў міліцыянт і рабіў выгляд, што ён нічога не чуе. Знаёмы міліцыянт.
Увесь час было пачуццё… як быццам чую за спіной: у-у-у… Не я адна так жыла… У школе да дачкі нашага інструктара падышлі дзве дзяўчынкі з яе класа: «Мы з табой сябраваць не будзем. Твой тата ў райкаме партыі працаваў». — «Мой тата харошы». — «Харошы тата не мог там працаваць. Мы ўчора на мітынгу былі…» Пяты клас… дзеці… Ужо яны — гаўрошы, хочуць падносіць патроны. Інфаркт у «першага». Ён памёр у машыне «хуткай дапамогі», да бальніцы не давезлі. Я думала, што, як раней, будзе шмат вянкоў, аркестр, а тут — нікога і нічога. Ішлі за труной некалькі чалавек… група таварышаў… Яго жонка замовіла, каб на помніку выбілі серп і молат і першыя радкі савецкага гімна: «Союз нерушимый республик свободных…» З яе смяяліся. Я ўвесь час чула гэты шэпт: у-у-у… Думала, што звар’яцею… Незнаёмая жанчына ў краме: «Ну што, камунякі, прасралі краіну!» — мне ў твар.
Што ратавала? Ратавалі званкі… Званок ад сяброўкі: «Калі вышлюць у Сібір, ты не бойся. Там прыгожа». (Смяецца.) Была яна там у туры. Ёй спадабалася. Званок ад стрыечнай сястры з Кіева: «Прыязджай да нас. Я дам табе ключы. Зможаш схавацца ў нас на дачы. Цябе там ніхто не знойдзе». — «Я — не злачынца. Не буду хавацца». Бацькі тэлефанавалі кожны дзень: «Што ты робіш?» — «Кансервую агуркі». Цэлымі днямі слоікі кіпяціла. Закручвала. Не чытала газеты і не глядзела тэлевізар. Чытала дэтэктывы, адну кніжку заканчвала і тут жа пачынала другую. Тэлевізар выклікаў жах. Газеты таксама.
Доўга не магла ўладкавацца на працу… Усе думалі, што мы падзялілі грошы партыі, і ў кожнага з нас — кавалак нафтавай трубы або, прынамсі, маленькая аўтазапраўка. Няма ў мяне ні аўтазапраўкі, ні крамкі, ні кіёска. Іх цяпер «камкамі» называюць. «Камкі», «чаўнакі»… Вялікую рускую мову не пазнаць: «ваучер, валютный коридор… транш МВФ…» На замежнай мове размаўляем. Я вярнулася ў школу. Перачытваю з вучнямі любімага Талстога і Чэхава. Як у іншых? Лёсы ў маіх таварышаў склаліся па-рознаму… Адзін наш інструктар наклаў на сябе рукі… У загадчыка парткабінета было нервовае расстройства, ляжаў доўга ў бальніцы. Хтосьці стаў бізнесменам… Другі сакратар — дырэктар кінатэатра. А адзін інструктар райкама — святар. Я з ім сустракалася. Размаўляла. Жыве чалавек другі раз. Пазайздросціла яму. Успомнілася… Я была ў мастацкай галерэі… На адной карціне, памятаю, шмат-шмат святла — і жанчына стаіць на мосце. Глядзіць некуды далёка-далёка… шмат-шмат святла… Не хацелася ад гэтай карціны адыходзіць. Пайду — і зноў вярнуся, мяне да яе цягне. У мяне таксама магло быць іншае жыццё. Не ведаю толькі — якое?
Ганна Ільінічна:
— Я прачнулася, бо загуло… Адчыняю акно… Па Маскве! Па сталіцы паўзуць танкі і бэтээры. Радыё! Хутчэй уключыць радыё! Па радыё перадавалі Зварот да савецкага народа: «над Радзімай навісла смяротная небяспека… Краіна апускаецца ў бездань гвалту і беззаконня… ачысцім вуліцы ад злачынных элементаў… Пакладзём канец смутнаму часу…» Было незразумела — ці Гарбачоў сышоў у адстаўку па стане здароўя, ці то яго арыштавалі. Тэлефаную мужу, ён на лецішчы: «У краіне дзяржаўны пераварот. Улада ў руках…» — «Дурніца! Пакладзі слухаўку, цябе зараз забяруць». Уключаю тэлевізар. Па ўсіх каналах — балет «Лебядзінае возера». А ў мяне перад вачыма іншыя кадры, усе мы дзеці савецкай прапаганды: Сант’яга ў Чылі… гарыць прэзідэнцкі палац… Голас Сальвадора Альендэ… Пачаліся тэлефонныя званкі: у горадзе поўна ваеннай тэхнікі, танкі стаяць на Пушкінскай плошчы, на Тэатральнай… У нас у гэты час гасцявала свякруха, яна страшэнна спалохалася: «Не выходзь на вуліцу. Я жыла пры дыктатуры, я ведаю, што гэта такое». А я не хачу жыць пры дыктатуры!
Пасля абеду муж вярнуўся з лецішча. Сядзелі на кухні. Шмат курылі. Баяліся праслухоўвання тэлефона… паклалі на тэлефон падушку… (Смяецца.) Начыталіся дысідэнцкай літаратуры. Наслухаліся. Цяпер вось яно спатрэбілася… Далі трохі падыхаць, а цяпер усё зачыніцца. Загоняць назад у клетку, умажуць нас зноў у асфальт… будзем як матылькі ў цэменце… Успаміналі нядаўнія падзеі на плошчы Цянь-ань-мэнь… як сапёрнымі лапаткамі ў Тбілісі разганялі дэманстрацыю. Штурм тэлецэнтра ў Вільні… «Пакуль мы чыталі Шаламава і Платонава, — сказаў муж, — пачалася грамадзянская вайна. Раней спрачаліся на кухнях, хадзілі на мітынгі, а цяпер будзем страляць адзін у аднаго». Настрой быў такі… нешта катастрафічнае блізка… Радыё ні на хвіліну не выключалі, круцілі-круцілі — усюды перадавалі музыку, класічную музыку. І раптам — цуд! Загаварыла «Радыё Расіі»: «адхілены ад улады законна абраны прэзідэнт… учынена цынічная спроба перавароту…» Так мы даведаліся, што тысячы людзей ужо выйшлі на вуліцу. Гарбачоў у небяспецы… Ісці ці не ісці — гэта нават не абмяркоўвалася. Ісці! Свякруха спачатку мяне адгаворвала: падумай, маўляў, пра дзіця, ты вар’ятка, куды ты папрэшся? Я маўчала. Ну, яна бачыць, што мы збіраемся: «Калі вы такія ідыёты, то вазьміце з сабой хоць бы содавы раствор, будзеце змочваць марлю і прыкладваць да твару ў выпадку газавай атакі». Я прыгатавала трохлітровы слоік гэтага раствору, парвала адну прасціну на кавалкі. Яшчэ мы ўзялі з сабой усё, што ў нас было з ежы, я выграбла з буфета ўсе кансервы.
Шмат людзей, як і мы, ішлі да метро… А нехта стаяў у чарзе па марозіва… Купляў кветкі. Ідзем каля вясёлай кампаніі… Чую словы: «Калі заўтра праз танкі не патраплю на канцэрт, то я ім гэтага ніколі не дарую». Бяжыць насустрач мужчына ў трусах і з сеткай, а ў сетцы — пустыя пляшкі. Параўняўся з намі: «Вуліцу Будаўнічую — не падкажаце?» Я паказала яму, дзе трэба павярнуць направа, і далей — прама. Ён: маўляў, дзякуй. Яму ўсё да фені, абы пляшкі здаць. А што, у 1917 годзе было інакш? Адны стралялі, а іншыя на балях танцавалі. Ленін на браневіку…
Алена Юр’еўна:
— Фарс! Разыгралі фарс! Перамог бы ГКЧП, сёння жылі б у іншай краіне. Калі б Гарбачоў не збаяўся… Ці не выдавалі б зарплату шынамі і лялькамі. Шампунем. Выпускае завод цвікі — цвікамі. Мыла — мылам. Усім кажу: паглядзіце на кітайцаў… У іх свой шлях. Ні ад каго не залежаць, ні з кога не бяруць прыклад. І ўвесь свет сёння баіцца кітайцаў… (Зноў да мяне з пытаннем.) Я ўпэўненая — мае словы вы выкрасліце.
Я абяцаю — аповедаў будзе два. Хачу застацца халодным гісторыкам, а не гісторыкам з паходняю ў руцэ. Няхай суддзёю будзе час. Час — справядлівы, але далейшы час, не сённяшні. Час, які ўжо застанецца без нас. Без нашых прыхамацей.
Ганна Ільінічна:
— Можна з гэтых дзён пасмяяцца, назваць аперэтай. Сцёб у модзе. А тады ўсё адбывалася ўсур’ёз. Сумленна. Усё было сапраўднае, і ўсе мы былі сапраўднымі. Бяззбройныя людзі стаялі перад танкамі і гатовыя былі памерці. Я сядзела на гэтых барыкадах і бачыла гэтых людзей, яны прыехалі з усёй краіны. Нейкія бабулькі маскоўскія, божыя дзьмухаўцы, катлеткі прыносілі, цёплую бульбу, загорнутую ў ручнік. Падкормлівалі ўсіх… І танкістаў таксама: «Ешце, хлопчыкі. Толькі не страляйце. Няўжо будзеце?» Салдаты нічога не разумелі… Калі яны адкрылі люкі і вылезлі з танкаў, яны ачмурэлі. На вуліцах — уся Масква! Дзяўчынкі ўзбіраліся да іх на браню, абдымалі, цалавалі. Частавалі булачкамі. Салдацкія маці, у якіх сыны загінулі ў Афганістане, плакалі: «Нашы дзеці загінулі на чужой зямлі, а вы што — прыехалі на сваёй зямлі паміраць?» Нейкі маёр… Калі яго атачылі жанчыны, у яго здалі нервы, ён крычаў: «Ды я сам — бацька. Я не буду страляць! Клянуся вам — не буду! Супраць народа — не пойдзем!» Там было шмат смешных рэчаў і кранальных да слёз. Раптам крыкі ў натоўпе: «Ці ёсць у каго-небудзь валідол, тут чалавеку дрэнна». Тут жа знайшоўся валідол. Стаяла жанчына з дзіцем у вазочку (бачыла б гэта мая свякруха!), яна дастала пялюшку, каб намаляваць на ёй чырвоны крыж. Чым? «У каго ёсць памада?» Ёй сталі кідаць танныя памады і «ланкомаўскія»… «Крысціян Дзіор»… «Шанэль»… Ніхто гэта не сфатаграфаваў, не паказаў падрабязна. Шкада. Вельмі. Зладжанасць падзеі, яе прыгажосць… яны з’яўляюцца потым, вось гэтыя сцягі і музыка… і ўсё адліваецца ў бронзу… А ў жыцці ўсё раздробнена і брудна: людзі сядзелі ўсю ноч ля вогнішча проста на зямлі. На газетах і ўлётках. Галодныя, злыя. Мацюкаліся і выпівалі, але п’яных не было. Хтосьці прывозіў каўбасу, сыр, хлеб. Каву. Казалі, што гэта кааператары… бізнесмены… Адзін раз я нават бачыла некалькі слоікаў чырвонай ікры. Ікра знікла ў кагосьці ў кішэні. Цыгарэты раздавалі таксама бясплатна. Побач са мной сядзеў хлопец у зэкаўскіх наколках. Тыгр! Рокеры, панкі, студэнты з гітарамі. І прафесары. Усе былі разам. Народ! Гэта быў мой народ! Я сустрэла там сваіх сяброў з інстытута, якіх не бачыла гадоў пятнаццаць, калі не больш. Хтосьці жыў у Волагдзе… хто ў Яраслаўлі… Але яны селі ў цягнік і прыехалі ў Маскву! Абараняць нешта важнае для ўсіх нас. Раніцай мы забралі іх да сябе дадому. Памыліся, паснедалі і вярнуліся назад. На выхадзе з метро кожнаму ўжо давалі кавалак арматуры ці камень. «Камень — зброя пралетарыяту», — смяяліся мы. Будавалі барыкады. Пераварочвалі тралейбусы, пілавалі дрэвы. Ужо стаяла трыбуна. Над трыбунай павесілі плакаты: «Хунце — не!», «Народ — не бруд пад нагамі». Выступоўцы гаварылі ў мегафон. Пачыналі яны свае выступы нармальнымі словамі — і простыя людзі, і вядомыя палітыкі. Праз пару хвілінаў нармальных словаў ужо нікому не хапала, і тады пачыналі крыць матам. «Ды мы гэтых мудакоў…» І мат! Добры рускі мат! «Скончыўся іх час…» І — вялікая, магутная руская мова! Мат як баявы кліч. І гэта было зразумела ўсім. Адпавядала моманту. Хвіліны такога ўздыму! Такой сілы! Старых словаў не хапала, а новыя яшчэ не нарадзіліся… Увесь час чакалі штурму. Цішыня, асабліва ўначы, стаяла неверагодная. Усе жудасна напружаныя. Тысячы людзей — і цішыня. Памятаю пах бензіну, што разліваўся ў пляшкі. Гэта быў пах вайны…
Там стаялі выдатныя! Там стаялі выключныя людзі! Цяпер шмат пра гарэлку пішуць і наркотыкі. Маўляў, якая гэта рэвалюцыя? П’яныя і наркаманы пайшлі на барыкады. Хлусня! Усе насамрэч прыйшлі паміраць. Мы ведалі, што гэтая машына перамолвала людзей у пясок семдзесят гадоў… ніхто не думаў, што яна так лёгка зломіцца… Без вялікай крыві… Чуткі: мост замініравалі, хутка пусцяць газ. Хтосьці са студэнтаў медыцынскага інстытута тлумачыць, як паводзіць сябе пры газавай атацы. Абстаноўка змянялася кожныя паўгадзіны. Страшная навіна: трое дзяцей загінулі пад танкам… Але ніхто не завагаўся, не сышоў з плошчы. Так важна гэта для твайго жыцця, як бы потым усё ні склалася. Колькі б ні было расчараванняў. Але гэта мы перажылі… Мы такія — былі! (Плача.) Пад раніцу над плошчай: «Ур-ра! Ура!» Зноў мат… слёзы… крыкі… Па ланцужку перадалі: армія перайшла на бок народа, спецназаўцы з атрада «Альфа» адмовіліся ўдзельнічаць у штурме. Танкі сыходзяць са сталіцы… А калі аб’явілі, што путчыстаў арыштавалі, людзі кінуліся абдымаць адзін аднаго — гэта было такое шчасце! Нашая ўзяла! Мы адстаялі сваю свабоду. Разам мы гэта змаглі! Значыць, можам! Брудныя, прамоклыя пад дажджом, доўга яшчэ не хацелі разыходзіцца па дамах. Запісвалі адрасы адзін аднаго. Кляліся памятаць. Сябраваць. Міліцыянты ў метро былі вельмі ветлівымі, ніколі ні да таго, ні пасля таго я не бачыла такіх ветлівых міліцыянтаў.
Мы перамаглі… Гарбачоў вярнуўся з Фароса ў зусім іншую краіну. Людзі хадзілі па горадзе і ўсміхаліся адзін аднаму. Мы перамаглі! Доўга не пакідала мяне гэтае пачуццё… Я хадзіла і згадвала… перад вачыма сцэны… Як нехта крыкнуў: «Танкі! Танкі ідуць!» Усе ўзяліся за рукі і сталі ў ачапленне. Гадзіны дзве ці тры ночы. Мужчына побач са мной дастаў пачак печыва: «Хочаце печыва?» — І ўсе бяруць у яго печыва гэтае. Чамусьці рагочам. Хочацца печыва… хочацца жыць! Але я… дагэтуль… Я шчаслівая, што была там. З мужам, з сябрамі. Тады ўсе былі яшчэ вельмі шчырымі. Шкада нас тагачасных… што мы ўжо не такія… Асабліва раней было шкада.
Развітваючыся, пытаюся: як ім удалося захаваць сваё, як я даведалася, яшчэ ўніверсітэцкае сяброўства?
— У нас дамова — не закранаць гэтыя тэмы. Не рабіць адна адной балюча. А калісьці мы спрачаліся, рвалі стасункі. Гадамі не размаўлялі адна з адной. Але гэта прайшло.
— Сёння мы гаворым толькі пра дзяцей і ўнукаў. Што ў каго на лецішчы расце.
— Збяруцца нашыя сябры… Таксама ні слова пра палітыку. Кожны сваім шляхам прыйшоў да гэтага. Жывём разам: паны і таварышы. «Белыя» і «чырвоныя». Але ніхто ўжо не хоча страляць. Досыць крыві.
— Чужыя людзі, што вам трэба? Ходзяць і ходзяць. Ну… смерць без прычыны не бывае, прычына заўсёды ёсць. Смерць знойдзе прычыну.
Гарэў чалавек на сваіх градах агурковых… Абліў галаву ацэтонам і падпаліў. Сяджу, тэлевізар уключыла, чую — крыкі. Стары голас… знаёмы… Сашкаў, быццам, голас, і нейкі малады. Ішоў міма студэнт, тэхнікум у нас тут побач, і бачыць — чалавек гарыць. Ну, што ты скажаш! Падскочыў, стаў тушыць. Сам абгарэў. Калі я прыляцела, Сашка ўжо на зямлі ляжаў, стагнаў… галава жоўтая… Чужыя людзі, ну што вам… Што вам чужая бяда?
Усім на смерць паглядзець хочацца. О-ой! Увогуле… увогуле… У нашай вёсцы, дзе я ў дзеўках у бацькоў жыла, быў стары, ён любіў прыходзіць і глядзець, як паміраюць. Бабы саромілі, гналі яго з хаты: «Ідзі, чорт!», а ён сядзіць. Жыў доўга. Можа, і сапраўды чорт! Што глядзець? Куды… у які бок? Пасля смерці нічога няма. Памёр — і ўсё, закапалі. А жывы, хай і нешчаслівы, і па ветрыку паходзіць, і па садзе. А калі дух выйшаў, няма чалавека, ёсць зямля. Дух — гэта дух, а ўсё астатняе — зямля. Зямля — і ўсё. Адзін у калысцы памірае, іншы да сівых валасоў жыве. Шчаслівыя людзі не хочуць паміраць… і тыя… тыя, каго любяць, таксама не хочуць. Адпрошваюцца. А дзе яны, шчаслівыя людзі? Па радыё калісьці казалі, што пасля вайны ўсе шчаслівыя будзем, і Хрушчоў, памятаю, абяцаў… што хутка камунізм наступіць. Гарбачоў кляўся, так прыгожа казаў… складна. Цяпер Ельцын клянецца, на рэйкі абяцаў легчы… Чакала і чакала я добрага жыцця. Малая чакала… і калі падрасла… Цяпер ужо старая… Калі карацей, усе падманулі, жыццё яшчэ горшым стала. Пачакай-пацярпі ды пачакай-пацярпі. Пачакай-пацярпі… Муж памёр. Выйшаў на вуліцу, упаў і ўсё — сэрца. Ні метрам не перамераць, ні на вагах не пераважыць, колькі мы ўсяго перажылі. А вось — жыву. Жыву. Дзеці раз’ехаліся: сын — у Новасібірску, а дачка ў Рызе з сям’ёй засталася, цяпер, лічы, за мяжой. На чужыне. Там па-руску ўжо не гавораць.
Абразок на куце ў мяне, і сабачку трымаю, каб было з кім пагаварыць. Адна галавешка і ўночы не гарыць, а я стараюся. Во-о-о… Добра, што Бог даў чалавеку і сабаку, і ката… і дрэва, і птушку… Даў для таго ён гэта ўсё, каб чалавек радаваўся і жыццё не здалося яму доўгім. Ці не надакучыла. А мне адно, што не надакучыла, — глядзець, як пшаніца жоўкне. Нагаладалася я за сваё жыццё так, што больш за ўсё люблю, як збажына спее, каласы калышуцца. Мне гэта — як вам карціна ў музеі… І цяпер не ганюся за белай булкай, а смачней за ўсё чорны пасолены хлеб з салодкай гарбатай. Пачакай-пацярпі… ды пачакай-пацярпі… Ад усякага болю адзіны ў нас сродак — цярпенне. Так і жыццё прайшло. Вось і Сашка… наш Парфіравіч… Трываў, трываў, ды не вытрымаў. Прытаміўся чалавек. Гэта целу ў зямлі ляжаць, а душы на адказ ісці. (Выцірае слёзы.) Во як! Тут плачам… і калі сыходзім, таксама плачам…
Зноў людзі сталі ў Бога верыць, бо няма іншай надзеі. А калісьці мы ў школе вучылі, што Ленін — Бог, і Карл Маркс — Бог… Збожжа ў храмы ссыпалі, буракі звозілі. Так было, пакуль вайна не пачалася. Пачалася вайна… Сталін цэрквы адкрыў, каб малітвы правілі за перамогу рускага штыка, і звярнуўся да народа: «Браты і сёстры… сябры мае…» А да таго — хто мы былі? Ворагі народа… кулакі і падкулачнікі… У нас у вёсцы ўсе моцныя сем’і раскулачылі; калі два кані і дзве каровы ў двары — ужо гэта кулакі. У Сібір іх вывозілі, кідалі там у голы лес, у тайгу… Бабы душылі сваіх дзяцей, каб тыя не пакутавалі. Ой, гора… слёз чалавечых… было больш, як вады на зямлі. А тут Сталін папрасіў: «Браты і сёстры…» Паверылі яму. Даравалі. І Гітлера перамаглі! А Гітлер у брані да нас прыйшоў… у жалезе… Усё роўна перамаглі! А цяпер — хто я? Мы? Электарат… Я тэлевізар гляджу. Навіны не прапускаю… Цяпер мы — электарат. Наша справа — пайсці прагаласаваць правільна — і годзе. Я раз хварэла, не пайшла на ўчастак, дык яны самі да мяне прыехалі на машыне. З чырвонай скрыначкай. У гэты дзень пра нас успамінаюць… Та-а-ак… Як жывём, так і паміраем… Я і ў царкву хаджу, і крыжык нашу, а шчасця як не было, так і няма. Не сабрала я шчасця. І ўжо не дапросішся. Хутчэй бы памерці… Хутчэй бы царства нябеснае, надакучыла цярпець. Так і Сашка… Ляжыць цяпер на могілках… адпачывае… (Перахрысцілася.) З музыкай пахавалі, са слязамі. Усе плакалі. У гэты дзень шмат плачуць. Шкадуюць. А чаго каяцца? Пасля смерці хто пачуе? Засталося: два пакойчыкі ў бараку, адна градка, чырвоныя граматы і медаль «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». У мяне такі ж медалёк у шафе ляжыць. І стаханаўкай была, і дэпутатам. Паесці не заўсёды хапала, а чырвоную грамату дадуць. Сфатаграфуюць. Нас тут тры сям’і ў гэтым бараку. Пасяліліся маладымі, думалі — на год-два, а пражылі ўсё жыццё. У бараку і памром. Хто дваццаць, хто трыццаць гадоў… стаялі ў чарзе на кватэру, чакалі… Цяпер аб’явіўся Гайдар і смяецца: ідзіце — купляйце. За якія шышы? Грошы нашы зніклі… адна рэформа, другая… абабралі нас! Такую краіну спусцілі ва ўнітаз! У кожнай сям’і — два пакойчыкі, хляўчук і градка. Аднолькавыя мы. Во зарабілі! Пабагацелі! Усё жыццё верылі, што калі-небудзь будзем добра жыць. Падман! Вялікі падман! А жыццё… лепш і не ўспамінаць… цярпелі, працавалі і пакутавалі. А зараз ужо не жывём, а дні праводзім.
Мы з Сашкам з адной вёскі… Тут… пад Брэстам… Бывала, сядзем з ім увечары на лавачцы і ўспамінаем. А пра што яшчэ казаць? Добры ён быў чалавек. Не піў, не п’яніца… Не-е-е… хоць адзін жыў. Што рабіць адзінокаму мужчыну? Выпіў — паспаў… выпіў… Хаджу па двары. Таўкуся. Хаджу і думаю: зямное жыццё — не ўсяму канец. Смерць — душы прастор… Дзе ён там? Напрыканцы пра суседзяў падумаў. Не забыўся. Барак стары, адразу пасля вайны пабудавалі, дрэва высахла і, як папера, загарэлася б, запалала. У адзін момант! У секунду! Згарэла б да травы… да пяску… Напісаў цыдулку дзецям: «Гадуйце ўнукаў. Бывайце» — і паклаў на заўважнае месца. Пайшоў у гарод… на сваю градку…
Ой-ой! А ў цэлым… у цэлым… Прыехала «хуткая», на насілкі яго кладуць, а ён з гарачкі падымаецца, хоча сам ісці. «Ты што, Сашка, утварыў?» — праводзіла я яго да самай машыны. «Стаміўся жыць. Сыну пазвані, няхай у бальніцу прыедзе». Ён яшчэ са мной размаўляў… Пінжак абгарэлы, а плячо белае, чыстае. Пяць тысяч рублёў пакінуў… Некалі вялікія грошы! Зняў з ашчадкніжкі і на стол паклаў побач з цыдулкай. Усё жыццё збіраў. Да перабудовы за такія грошы можна было купіць машыну. Лепшую! А цяпер? Хапіла на новыя чаравікі і вянок. Во як! Ляжаў на насілках і чарнеў… чарнеў на маіх вачах… Забралі ўрачы і таго хлопца, які яго ратаваў, хапаў з вяроўкі мае мокрыя прасціны (я днём памыла) і кідаў на яго. Чужы хлопец… студэнт… праходзіў міма і бачыць — чалавек гарыць! Сядзіць на градцы, згорбіўся і гарыць. Копціць. Маўчыць! Так ён нам і расказваў пасля: «Маўчыць і гарыць». Жывы чалавек… Раніцай сын да мяне пастукаўся ў дзверы: «Тата памёр». У труне ляжаў… галава ўся спаленая і рукі… Чорны… чорны… Рукі ў яго былі залатыя! Усё ўмеў. І за сталяра, і за муляра. Тут у кожнага пра яго памяць засталася — у каго стол, у каго кніжныя паліцы… этажэрачкі… Да ночы, бывала, стаіць у двары і габлюе, як цяпер бачу — стаіць і стругае. Любіў дрэва. Пазнаваў дрэва па паху, па габлюшцы. Кожнае дрэва, казаў, па-свойму пахне, самы моцны пах у хвоі: «Сасна — як добры чай пахне, а ў клёна вясёлы пах». Да апошняга дня працаваў. Справядлівая прымаўка: пакуль цэп у руках, дык і хлеб у зубах. На пенсію ніяк цяпер не пражыць. Я сама ў нянькі наймаюся, чужых дзяцей няньчыць. Капейку дадуць, дак і цукру куплю, і доктарскай каўбаскі. А што нашая пенсія? Купіш хлеб і малако, а тапачкі на лета ўжо не купіш. Не хопіць. Старыя раней сядзелі на лавачцы ў двары бесклапотна. Пляткарылі. А цяпер не… Хто пустыя пляшкі па горадзе збірае, хто каля царквы стаіць… у людзей просіць… Хто семкамі або цыгарэтамі на аўтобусным прыпынку гандлюе. Талонамі на гарэлку. У нас затапталі ў вінным аддзеле чалавека. Да смерці. Гарэлка цяпер даражэй за гэта… як яго? Ну гэты — амерыканскі долар. За гарэлку ў нас усё купіш. І сантэхнік прыйдзе, і электрык. А так — не дагукаешся. А ў цэлым… у цэлым… Жыццё прайшло… Адно што час ні за якія грошы не купіш. Плач перад Богам ці не плач, не дакупішся. Так задумана. А Сашка сам не захацеў жыць. Адмовіўся. Сам вярнуў Богу білецік… Ой, Бо-о-жа! Ездзіць і ездзіць цяпер міліцыя. Распытваюць… (Прыслухалася.) Во-о-о… Цягнік гудзе… Гэта — маскоўскі — Брэст– Масква. Мне і гадзінніка не трэба. Падымаюся, як варшаўскі крыкне — а шостай. А там мінскі, першы маскоўскі… Раніцай і ноччу яны рознымі галасамі крычаць. Бывае, усю ноч слухаю. Пад старасць сон уцякае… З кім мне цяпер размаўляць? Цяпер адна на лавачцы сяджу… Я яго суцяшала: «Сашка, знайдзі добрую жанчыну. Жаніся». — «Лізка вернецца. Буду чакаць». Я сем гадоў яе не бачыла, як яна ад яго сышла. З афіцэрам нейкім звязалася. Маладая… на шмат гадоў за яго маладзейшая была. Кахаў ён яе моцна. Білася аб труну галавой: «Гэта я Сашку жыццё паламала». Ой-ой! Увогуле… Любоў — не валасы, хутка не вырвеш. І крыжам каханне не звяжаш. Чаго тады плакаць? Хто цябе пачуе з зямлі… (Маўчыць.) Ой, Боо-жа! Да сарака гадоў можна ўсё рабіць, і грашыць можна. А пасля сарака трэба каяцца. Тады Бог даруе.
(Смяецца.) Усё пішаш? Ну, пішы-пішы. Я яшчэ раскажу… У мяне гора не адзін мех… (Падняла галаву ўверх.) В-о-о… Ластаўкі прыляцелі… Цёпла будзе. Калі казаць праўду, да мяне адзін раз ужо прыходзіў карэспандэнт… Пра вайну распытваў… Я апошняе з двара вынесу, толькі б вайны не было. Страшней вайны нічога няма! Пад нямецкімі кулямётамі стаім, а нашы хаты трашчаць ад агню. Гараць і садочкі. Ой-ой! З Сашкам мы вайну кожны дзень успаміналі… У яго бацька прапаў без вестак, а брат у партызанах загінуў. Сагналі ў Брэст палонных — мора людзей! Іх гналі па дарогах, як коней, трымалі ў загародках, паміралі яны і валяліся, як смецце. Усё лета Сашка хадзіў і шукаў там з мамай свайго бацьку… Пачне мне распавядаць… і не можа спыніцца… Шукалі яны сярод мёртвых, шукалі сярод жывых. Ніхто ўжо смерці не баяўся, смерць звычайная стала рэч. Да вайны спявалі:
«От тайги и до британских морей,
Красная Армия всех сильней».
З гонарам спявалі! Увесну лёд растаў… паплыў… Уся рака за нашай вёскай была ў трупах, голыя, счарнелыя, толькі рамяні на паясах блішчаць. Рамяні з чырвонымі зорачкамі. Няма мора без вады, а вайны — без крыві. Бог дае жыццё, а ў вайну яе забірае хто хочаш… (Плача.) Хаджу-хаджу па двары. Таўкуся. І падумаю, што Сашка за спінай стаіць. І голас яго пачую. Азірнуся — нікога. А ў цэлым… у цэлым… Што ты, Сашка, утварыў? Такую пакуту выбраў! Ну, можа, адно: на зямлі гарэў, дык на небе не будзе. Адпакутаваў. Недзе ж захоўваюцца ўсе нашыя слёзы… Як там яго сустрэнуць? Калекі па зямлі поўзаюць, спаралізаваныя ляжаць, нямыя жывуць. Не нам вырашаць… не нашая воля… (Хрысціцца.)
Давеку я вайну не забуду… Немцы ўвайшлі ў вёску… Маладыя, вясёлыя. І такі быў шум! Яны заехалі на вялікіх-вялікіх машынах, і матацыклы ў іх былі на трох колах. А я да гэтага ні разу не бачыла матацыкла. Машыны ў калгасе былі паўтаратонкі, з драўлянымі бартамі, нізенькія машыны. А гэтыя! Як дом! Я ўбачыла іх коней, не конь, а гара. На школе яны напісалі фарбай: «Чырвоная армія вас кінула!» Пачаўся нямецкі парадак… У нас жыло шмат габрэяў: Абрам, Янкель, Мордух… Іх сабралі і павезлі ў мястэчка. Яны былі з падушкамі, коўдрамі, а іх адразу ўсіх пабілі. Сабралі з усяго раёна і пастралялі ў адзін дзень. Звалілі ў яму… Тысячы… тысячы людзей… Расказвалі, што трое сутак кроў ішла наверх… Зямля дыхала… жывая была зямля… На тым месцы цяпер парк. Зона адпачынку. З труны голасу няма. Ніхто не крыкне… Та-а-ак… Я думаю так… (Плача.) Не ведаю… як яно было? Самі яны прыбіліся да яе, або яна іх у лесе знайшла? Суседка наша хавала ў хляве двух габрэйскіх хлопчыкаў, прыгожых-прыгожых. Анёлачкі! Усіх расстралялі, а яны схаваліся. Уцяклі. Аднаму — восем, а другому — дзесяць гадоў. І нашая мама ім малако насіла… «Дзеці, ні-ні… — прасіла яна нас. — Нікому ні слова». А ў той сям’і быў стары-стары дзед, яшчэ тую вайну з немцамі памятаў… Першую… Ён іх корміць і плача: «Ой, дзеткі, зловяць вас і будуць мучыць. Змог бы, дык лепей бы я сам вас забіў». Такія словы… А чорт усё чуе… (Хрысціцца.) Прыехалі тры немцы на чорным матацыкле з вялікім чорным сабакам. Хтосьці стукнуў… Заўсёды ёсць такія людзі, у іх душа чорная. Жывуць яны… як без душы… і сэрца ў іх медыцынскае, а не чалавечае. Нікога ім не шкада. Хлопчыкі пабеглі ў поле… у жыта… Немцы нацкавалі на іх сабаку… Збіралі людзі іх потым па кавалачках… па анучцы… Не было чаго хаваць, і ніхто не ведаў, пад якім прозвішчам. Суседку немцы прывязалі да матацыкла, яна бегла, пакуль сэрца не разарвалася… (Ужо й не выцірае слёзы.) У вайну чалавек чалавека баяўся. І свайго, і чужога. Скажаш днём — птушкі пачуюць, скажаш ноччу — мышы пачуюць. Мама вучыла нас малітвам. Без Бога цябе і чарвяк праглыне. На Дзявятага мая… у наша свята… Вып’ем з Сашкам па шкляначцы… паплачу… Цяжка слёзы глытаць… А ў цэлым… у цэлым… У дзесяць гадоў застаўся ён у сям’і і за бацьку, і за брата. А мне, калі скончылася вайна, споўнілася шаснаццаць гадоў. Пайшла працаваць на цэментны завод. Трэба маме памагаць. Цягалі мяхі з цэментам па пяцьдзясят кіло, грузілі на бартавую машыну пясок, друз, арматуру. А я хацела вучыцца… баранавалі і аралі на карове… карова раўла ад такой працы… А што елі? Што елі? Жалуды таўклі, шышкі ў лесе збіралі. Усё роўна марыла… Усю вайну марыла: скончу школу, стану настаўніцай. Апошні дзень вайны… Было цёпла-цёпла… мы з мамай пайшлі ў поле… Прыскакаў на кавалерыйскім кані міліцыянт: «Перамога! Немцы падпісалі капітуляцыю!» Скакаў па палях і ўсім крычаў: «Перамога! Перамога!» Людзі беглі ў вёску. Крычалі, плакалі, лаяліся. Больш за ўсё плакалі. А назаўтра сталі думаць: як далей жыць? У хатах — пуста, у адрынах — вецер. Конаўкі, зробленыя з бляшанак кансервавых… бляшанкі пасля нямецкіх салдат засталіся… Свечкі са стрэляных гільзаў. Пра соль за вайну забыліся, хадзілі, і ва ўсіх косткі гнуліся. Немцы, калі адступалі, парсюка ў нас забралі, апошніх курэй палавілі. А перад тым партызаны ноччу кароўку звялі… Кароўку мама не аддавала, дык адзін партызан стрэліў уверх. У дах. Склалі ў мех яны і швейную машынку, і маміны сукенкі. Партызаны то былі ці бандыты? Са зброяй… А ў цэлым… у цэлым… Чалавек жыць заўсёды хоча, і ў вайну таксама. У вайну шмат чаго пазнаеш… Няма звера горшага за чалавека. Гэта чалавек чалавека забівае, а не куля. Чалавек чалавека… Мі-і-лая ты мая!!
Паклікала мама варажбітку… Варажбітка наваражыла: «Усё будзе добра». А нам няма чаго ёй даць. Мама знайшла два буракі ў склепе і была рада. І варажбітка рада. Паехала я паступаць, як марыла, у педвучылішча. Там трэба было запоўніць анкету… Усё я напісала і дайшла да пытання: ці былі вы ці вашы сваякі ў палоне або пад акупацыяй? Я адказала — так, вядома, былі. Дырэктар вучылішча паклікаў мяне ў кабінет: «Дзяўчынка, забяры свае дакументы». Быў ён франтавік, без адной рукі. З пустым рукавом. Так я даведалася, што мы… усе, хто быў пад акупацыяй… нядобранадзейныя. Пад падазрэннем. Ужо ніхто не казаў нам «браты і сёстры»… Праз сорак гадоў толькі гэтую анкету адмянілі. Сорак гадоў! Жыццё маё скончылася, пакуль адмянілі. «А хто нас пад немцамі пакінуў?» — «Ціха, дзяўчынка, ціха…» — дырэктар зачыніў дзверы, каб ніхто не чуў.
«Ціха… ціха…» Як ты лёс аб’едзеш? Сярпом ваду рэзаць… А Сашка паступаў у ваеннае вучылішча… Напісаў у анкеце, што сям’я іх была пад акупацыяй, а бацька прапаў без вестак. Яго адразу адлічылі… (Маўчыць.) Нічога, што я вам і пра сябе, і сваё жыццё апісваю? Мы ўсе аднолькава жылі. Каб мяне толькі не пасадзілі за гэтую размову. Ёсць яшчэ савецкая ўлада ці ўжо зусім яна знікла?
За горам і дабро забылася… Як маладыя мы былі, кахалі як. Я на Сашкавым вяселлі гуляла… Любіў ён Лізку, доўга заляцаўся. Марнеў без яе! Белы вэлюм на вяселле з Мінска прывёз. Унёс нявесту ў барак на руках… Старыя нашыя звычаі… Жаніх нясе нявесту на руках, як дзіця, каб дамавік не ўсачыў. Ці не прыкмеціў. Дамавік чужых не любіць, праганяе. Ён жа ў доме гаспадар, трэба яму спадабацца. А-а-а… (Махнула рукою.) Цяпер ужо ні ў што не вераць. Ні ў дамавіка, ні ў камунізм. Жывуць людзі без усякай веры! Ну можа, у каханне яшчэ вераць… «Горка! Горка!» — крычалі мы ў Сашкі за сталом. А як тады пілі? Адна пляшка на ўвесь стол, на дзесяць чалавек… Цяпер на кожнага пляшку давай. Кароўку трэба прадаць, каб сыну або дачцы вяселле справіць. Кахаў ён Лізку… Але сэрцам не завабіш, і за вушы не прыцягнеш. А ў цэлым… у цэлым… Гуляла яна, як котка. Дзеці выраслі, зусім пайшла ад яго. Не азірнулася. Я яму раіла: «Сашка, знайдзі добрую жанчыну. Сап’ешся». — «Шкляначку налью. Фігурнае катанне пагляджу і спаць кладуся». Аднаму спаць — і коўдра не грэе. І ў раі моташна аднаму. Піў, але не запіваў. Не… не запіваў, як іншыя. О! Тут у нас адзін сусед… ён і адэкалон «Гваздзіка» п’е, і ласьён, і дэнатурат, і мыйныя сродкі… І трэба ж — жывы! Цяпер пляшка гарэлкі каштуе, як раней паліто. А закуска? Паўкіло каўбасы — палова маёй пенсіі. Піце свабоду! Ешце свабоду! Такую краіну здалі! Дзяржаву!! Без адзінага стрэлу… Я аднаго не разумею, чаму ў нас ніхто не спытаўся? Я ўсё жыццё вялікую краіну будавала. Так нам казалі. Абяцалі.
Я і лес валіла, і шпалы на сабе цягала… Ездзілі мы з мужам у Сібір. На камуністычную будоўлю. Памятаю рэкі: Енісей, Біруса, Мана… Будавалі чыгунку Абакан–Тайшэт. Везлі нас туды ў таварных вагонах: два ярусы пазбіваных нараў, ні матрацаў, ні бялізны, пад галаву — кулак. У падлозе — дзірка… Для вялікай патрэбы вядро (загароджвалі яго прасцінай). Стане састаў у полі, грабі сена: наш ложак! Святла ў вагонах не было. Але ўсю дарогу спявалі камсамольскія песні! Дралі горла. Сем дзён ехалі… Прыехалі! Глухая тайга, снегу — у чалавечы рост. Хутка пачалася цынга, кожны зуб хістаўся. Вошы. А норма — ого! Мужчыны, хто паляўнічыя, хадзілі на мядзведзя. Тады ў нас з’яўлялася мяса ў катлах, а то — каша і каша. Я запомніла, што мядзведзя б’юць толькі ў вока. Жылі ў бараках — ні душа, ні лазні. Летам ездзілі ў горад і ў фантане мыліся. (Смяецца.) Ці хочаш слухаць, дадам яшчэ…
Забылася расказаць, як я замуж выйшла… Мне васямнаццаць гадоў. Ужо гэта працавала я на цагельні. Цэментны завод закрылі, і я пайшла на цагляны. Спачатку была гліншчыцай. У той час гліну капалі ўручную, рыдлёўкамі… Мы разгружалі машыны і складалі гліну ў двары роўным пластом, каб яна «даспявала». Праз паўгода ўжо катала нагружаныя ваганеткі ад прэса да печы: туды — з сырымі цаглінамі, а назад — з абпаленымі, гарачымі. Цэглу мы самі даставалі з печы… Шалёная тэмпература! За змену — чатыры-шэсць тысяч цаглін выцягнеш. Да дваццаці тон. Працавалі адны жанчыны… і дзяўчынкі… Былі і хлопцы, але хлопцы, у асноўным, на машынах. За рулём. Стаў адзін да мяне заляцацца… Падыдзе, засмяецца… і пакладзе руку мне на плячо… Аднойчы кажа: «Паедзеш са мной?» — «Паеду». Нават не спыталася — куды. Так мы завербаваліся ў Сібір. Камунізм будаваць! (Маўчыць.) А зараз… ох! А ў цэлым… у цэлым… Усё дарэмна… дарэмна пакутавалі… Гэта цяжка прызнаць і цяжка з гэтым жыць. Столькі працавалі! Будавалі. Усё рукамі. Час суровы! Я на цагельні працавала… Адзін раз праспала. Пасля вайны за спазненне на працу… на дзесяць хвілін спазніўся — турма. Уратаваў брыгадзір: «Скажаш, што я цябе ў кар’ер пасылаў…» Калі б хто данёс, то і яго судзілі б. Пасля пяцьдзясят трэцяга ўжо за спазненне не каралі. Пасля смерці Сталіна людзі сталі ўсміхацца, а да таго асцярожна жылі. Без усмешкі.
А… што цяпер успамінаць? Цвікі на пажарышчы збіраць. Усё згарэла! Усё нашае жыццё… усё нашае прапала… Будавалі… будавалі… Сашка на цаліну ездзіў. Там камунізм будаваў! Светлую будучыню. Казаў, што ў намётах зімой спалі, без спальных мяшкоў. У сваёй вопратцы. Рукі там сабе адмарозіў… Але ўсё роўна ганарыўся!
«Вьется дорога длинная,
Здравствуй, земля целинная!»
Быў у яго партбілет, чырвоная кніжачка з Леніным, дарагая яму. Дэпутат і стаханавец, як і я. Прайшло жыццё, праляцела. Следу няма, ужо не знойдзеш… Учора тры гадзіны стаяла ў чарзе па малако — і мне не хапіла. Нямецкую пасылку ў дом прынеслі з падарункамі: крупы, шакалад, мыла… Пераможцам — ад пераможаных. Мне нямецкай пасылкі не трэба. Не-е-е… не ўзяла. (Перахрысцілася.) Немцы з сабакамі… на сабаках поўсць блішчыць… Ідуць па лесе, а мы — у балоце. У вадзе па горла. Бабы, дзеткі. І каровы стаяць разам з людзьмі. Маўчаць. Каровы, як людзі, маўчаць. Усё разумеюць. Не хачу я нямецкіх цукерак і нямецкага пячэння! Дзе — маё? Мая праца? Мы так верылі! Верылі, што калі-небудзь будзе добрае жыццё. Пачакай-пацярпі… так, пачакай-пацярпі… Усё жыццё па казармах, па інтэрнатах, па бараках.
Ну што ты зробіш? Так і ёсць… Усё можна перажыць, акрамя смерці. Смерць не перажывеш… Трыццаць гадоў Сашка на мэблевай фабрыцы адтарабаніў. Нагарбаціўся. Год таму праводзілі яго на пенсію. Гадзіннік падаравалі. Але без працы ён не застаўся. Людзі ішлі і ішлі з заказамі. Та-а-ак… А ўсё роўна быў невясёлы. Сумны. Галіцца перастаў. Трыццаць гадоў на адной фабрыцы, лічы, палову жыцця! Там ужо дом родны. З фабрыкі яму і труну прывезлі. Багатую труну! Уся блішчала, а знутры ў аксаміце. У такіх цяпер толькі бандытаў хаваюць і генералаў. Усе рукамі краталі — дзіва! Калі з барака труну выносілі, пасыпалі збожжа на парог. Так трэба, каб жывым было лягчэй заставацца. Нашыя старыя звычаі… Паставілі труну ў двары… Хтосьці са сваякоў папрасіў: «Людзі добрыя, прабачце». — «Бог даруе», — адказвалі ўсе. А што дараваць? Жылі дружна, адной сям’ёй. У цябе няма — я дам, у мяне скончылася — ты прынясеш. Любілі нашыя святы. Будавалі сацыялізм, а цяпер кажуць па радыё, што сацыялізм скончыўся. А мы… а мы засталіся…
Цягнікі грукочуць… грукочуць… Чужыя людзі, што вам трэба? Што? Аднолькавай смерці няма… Я першага сына ў Сібіры нарадзіла, дыфтэрыт хоп — і задушыў. Усё адно жыву. Учора да Сашкі на магілку збегала, пасядзела з ім. Распавяла, як Лізка плакала. Білася аб труну галавою. Каханне гадкоў не лічыць…
Памром… і ўсё добра будзе…
— Маё свята… Сёмага лістапада… Вялікае, яркае… Найярчэйшае ўражанне майго дзяцінства — ваенны парад на Чырвонай плошчы… Я ў таты на плячах, а да рукі мне прывязалі чырвоны шарык.
У небе па-над калонамі вялізныя партрэты Леніна і Сталіна… Маркса… гірлянды і букеты з чырвоных, блакітных, жоўтых шарыкаў. Чырвоны колер. Любы, улюбёнейшы. Колер рэвалюцыі, колер пралітай у імя яе крыві… Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя! Гэта цяпер: ваенны пераварот… бальшавіцкая змова… руская катастрофа… Ленін — нямецкі агент, а рэвалюцыю зрабілі дэзерціры і п’яныя матросы. Я заціскаю вушы, не хачу чуць! Не хапае змогі… Усё жыццё я пражыла з верай: мы найшчаслівейшыя, нарадзіліся ў неўявімай і цудоўнай краіне. Іншай такой краіны няма! У нас ёсць Чырвоная плошча, там на Спаскай вежы б’юць куранты, па якіх звяраюць час ва ўсім свеце. Так казаў мне тата… і мама, і бабуля… «День седьмого ноября — красный день календаря…» Перад гэтым мы доўга не клаліся спаць, усёй сям’ёй рабілі кветкі з паперы, выразалі з кардона сэрцайкі. Размалёўвалі. Раніцай мама і бабуля заставаліся дома, гатавалі святочны абед. Госці ў гэты дзень прыходзілі абавязкова. Яны прыносілі ў сетцы торт і віно… цэлафанавых пакетаў тады яшчэ не было… Бабуля пякла свае знакамітыя піражкі з капустай і грыбамі, а мама чаравала над салатай «аліўе» і варыла абавязкова халадзец. А я — з татам!
На вуліцы шмат людзей, на паліто і пінжаках ва ўсіх чырвоныя стужачкі. Ззяюць чырвоныя сцягі, іграе ваенны духавы аркестр. Трыбуна з нашымі правадырамі… І песня:
«Столица мира, Родины столица,
Сверкаешь ты созвездием Кремля,
Тобою вся вселенная гордится,
Гранитная красавица — Москва».
Хацелася ўвесь час крычаць «Ура!». З рэпрадуктара: «Слава працоўным Маскоўскага двойчы ордэна Леніна і Чырвонага Сцяга завода імя Ліхачова! Ура, таварышы!» — «Ура! Ура!» — «Слава нашаму гераічнаму Ленінскаму камсамолу… Камуністычнай партыі… Нашым слаўным ветэранам…» — «Ур-ра! Ура!!» Прыгажосць! Захапленне! Людзі плакалі, радасць перапаўняла… Духавы аркестр іграў маршы і рэвалюцыйныя песні:
«Дан приказ ему на запад,
Ей в другую сторону.
Уходили комсомольцы
На гражданскую войну»
Я памятаю словы ўсіх песень на памяць, я нічога не забылася, часта іх спяваю. Спяваю сама сабе. (Ціха напявае.)
«Широка страна моя родная,
Много в ней лесов, полей и рек.
Я другой такой страны не знаю,
Где так вольно дышит человек»
Нядаўна знайшла ў шафе старыя кружэлкі, зняла з антрэсоляў патэфон, увесь вечар прайшоў ва ўспамінах. Песні Дунаеўскага і Лебедзева-Кумача — як мы іх любілі! (Маўчыць.) І вось я высокавысока. Гэта тата падымае мяне на руках… вышэй, яшчэ вышэй… Надыходзіць найважнейшы момант — зараз з’явяцца і загрымяць па бруку магутныя цягачы з замаскаванымі ракетамі, танкі, і пойдзе артылерыя. «Запомні гэта на ўсё жыццё!» — імкнецца перакрычаць шум тата. І я ведаю, што запомню! А па дарозе дадому мы зойдзем у краму, і я атрымаю сваё ўлюбёнае сітро «Бураціна». У гэты дзень мне дазвалялася ўсё: свістулькі, ледзяшы-пеўнікі на палачках…
Я любіла начную Маскву… гэтыя агні… Калі мне было ўжо васямнаццаць гадоў… васямнаццаць гадоў! — я закахалася. Калі я зразумела, што закаханая, я паехала, ні за што не здагадаецеся, куды я паехала. Я паехала на Чырвоную плошчу, першае, што я захацела, — быць у гэтыя хвіліны на Чырвонай плошчы. Крамлёўская сцяна, чорныя елкі ў снезе і засыпаны гурбамі Аляксандраўскі сад. Я глядзела на ўсё гэта і ведала, што буду шчаслівая. Абавязкова буду!
А нядаўна мы з мужам былі ў Маскве. І ўпершыню… Упершыню не пайшлі на Чырвоную плошчу. Не пакланіліся. Упершыню… (На вачах слёзы.) Муж у мяне армянін, ажаніліся мы яшчэ студэнтамі. У яго коўдра, а ў мяне раскладушка — так мы пачыналі жыць. Пасля заканчэння Маскоўскага медінстытута атрымалі размеркаванне ў Мінск. Усе мае сяброўкі раз’ехаліся хто куды: адна — у Малдову, другая — ва Украіну, хтосьці ў Іркуцк. Тых, хто паехаў у Іркуцк, мы звалі «дзекабрысткамі». Краіна адна — едзь, куды хочаш! Ніякіх межаў тады не было, віз і мытняў. Муж хацеў вярнуцца на Радзіму. У Арменію. «Паедзем на Севан, убачыш Арарат. Пакаштуеш сапраўднага армянскага лавашу», — абяцаў ён мне. Але прапанавалі — Мінск. І мы: «Давай у Беларусь!» — «Давай!» Гэта ж маладосць, наперадзе яшчэ столькі часу — здаецца, яго на ўсё хопіць. Прыехалі ў Мінск, і тут нам спадабалася. Едзеш і едзеш: азёры і лясы, партызанскія лясы, балоты і пушчы, рэдкія палі сярод гэтых лясоў. Нашы дзеці тут выраслі, у іх улюбёныя стравы — дранікі, беларуская мачанка.
«Бульбу смажаць, бульбу вараць…» Армянскі хаш на другім месцы… Але кожны год усёй сям’ёй мы ездзілі ў Маскву. Як жа! Без гэтага я не магла жыць, я павінна была пахадзіць па Маскве. Падыхаць яе паветрам. Чакала… Заўсёды нецярпліва чакала гэтых першых хвілін, калі цягнік падыходзіў да Беларускага вакзала, грымеў марш, і сэрца грукатала ад слоў: «Таварышы пасажыры, наш цягнік прыбыў у сталіцу нашай Радзімы — горад-герой Маскву!»
«Кипучая, могучая, никем не победимая,
Москва моя, страна моя, ты самая любимая…»
Выходзіш з вагона пад гэтую музыку.
Што… Дзе мы? Cустрэў нас чужы, незнаёмы горад… Вецер насіў па вуліцах брудныя абгорткі, абрыўкі газет, пад нагамі грымелі бляшанкі з-пад піва. На вакзале… і ў метро… Усюды шэрыя шэрагі людзей, усе нешта прадавалі: жаночую бялізну і прасціны, стары абутак і дзіцячыя цацкі, цыгарэты можна было купіць паштучна. Як у фільмах пра вайну. Я толькі там гэта бачыла. На нейкіх ірваных паперах, кардонных скрынках проста на зямлі ляжалі каўбаса, мяса, рыба. У адным месцы прыкрыта ірваным цэлафанам, а ў іншым — не. І масквічы гэта куплялі. Збівалі цану. Вязаныя шкарпэткі, сурвэткі. Тут жа цвікі, і побач ежа, адзенне. Гаворка ўкраінская, беларуская, малдаўская… «Мы з Вінніцы прыехалі…» — «А мы — з Брэста…» Шмат жабракоў… Адкуль іх столькі? Калекі… Як у кіно… У мяне адно параўнанне — як у старым савецкім кіно. Нібыта я фільм глядзела… На Старым Арбаце, улюбёным маім Арбаце я ўбачыла гандлёвыя кропкі — з матрошкамі, самаварамі, абразамі, фотаздымкамі цара і яго сям’і. Партрэты белагвардзейскіх генералаў — Калчака, Дзянікіна і бюст Леніна… Матрошкі розных відаў — «горбіматрошкі» і «ельцына-матрошкі». Я не пазнавала сваю Маскву. Што гэта за горад? Проста на асфальце, на нейкіх цаглінах сядзеў стары і граў на акардэоне. З ордэнамі на грудзях. Спяваў ён ваенныя песні, каля ног — шапка з манеткамі. Песні нашы ўлюбёныя:
«Бьется в тесной печурке огонь,
На поленьях смола, как слеза…»
Захацелася падысці… але яго ўжо атачылі замежнікі… сталі фатаграфавацца. Нешта яму крычалі па-італьянску, па-французску і па-нямецку. Пляскалі па плячы: «Давай! Давай!» Ім было весела, яны былі задаволеныя. Як жа! Так нас баяліся… а цяпер… Вось! Гара хламу… Імперыя — пшык! Побач з матрошкамі і самаварамі гарой наваленыя чырвоныя сцягі і вымпелы, партыйныя і камсамольскія білеты. І баявыя савецкія ўзнагароды! Ордэны Леніна і Чырвонага Сцяга. Медалі! «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Кратаю іх… гладжу… Не веру! Не веру!
«За абарону Севастопаля» і «За абарону Каўказа». Усё сапраўднае. Роднае. Савецкая ваенная форма: мундзіры, шынялі… фуражкі з зорачкамі… А кошты — у доларах… «Колькі?» — спытаў муж і паказаў на медаль «За адвагу». — «За дваццаць долараў прадам. А, няхай, давай «штуку» — тысячу рублёў». — «А ордэн Леніна?» — «Сто даляраў…» — «А сумленне?!» — Мой муж гатовы быў у бойку кінуцца. — «Ты што, ідыёт? З якой дзіркі вылез? Прадметы эпохі таталітарызму». Так і сказаў… Маўляў, гэта ўжо «жалязякі», але замежнікам падабаюцца, у іх цяпер мода на савецкую сімволіку. Добры тавар. Я закрычала… Паклікала міліцыянта… Я крычала: «Глядзіце!
Глядзіце… А-а-а…» Міліцыянт нам пацвердзіў: «Прадметы эпохі таталітарызму… Да адказнасці прыцягваем за наркотыкі і парнаграфію…» А партбілет за дзесяць долараў — не парнаграфія? Ордэн Славы… Ці гэта — чырвоны сцяг з партрэтам Леніна — за долары? Было такое пачуццё, што мы стаім сярод нейкіх дэкарацый. Нас разыгрываюць. Мы кудысьці не туды прыехалі. Я стаяла і плакала. Італьянцы побач прымяралі вайсковыя шынялі і шапкі з чырвонымі зорачкамі.
«Карашо! Карашо!» А ля рус…
Упершыню я была ў маўзалеі з мамай. Памятаю, што ішоў дождж, халодны, восеньскі дождж. Мы прастаялі ў чарзе шэсць гадзін. Прыступкі… паўзмрок… вянкі… Шэпт: «Праходзьце. Не затрымлівайцеся». Ад слёз я нічога не разгледзела. Але Ленін… здалося мне, што ён свеціцца… Маленькая, я маму пераконвала: «Мама, я ніколі не памру». — «Чаму ты так думаеш? — пыталася мама. — Усе паміраюць. Нават Ленін памёр». Нават Ленін… Я не ведаю, як мне пра ўсё расказаць… А мне трэба… я хачу. Я хацела б гаварыць… гаварыць, але не ведаю з кім. Пра што? Пра тое, якія мы былі дзівосна шчаслівыя! Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўненая. Раслі беднымі і наіўнымі, але пра гэта не здагадваліся і нікому не зайздросцілі. У школу мы хадзілі з таннымі пеналамі і ручкамі за сорак капеек. Улетку абуеш парусінавыя тапачкі, начысціш іх зубным парашком — прыгожа! Узімку — у гумовых боціках, мароз — падэшвы пячэ. Весела! Верылі, што заўтра будзе лепш, чым сёння, а паслязаўтра лепш, чым учора. У нас была будучыня. І мінулае. Усё ў нас было!
Любілі, бязмежна любілі Радзіму — самую-самую! Першы савецкі аўтамабіль — ура! Непісьменны рабочы адкрыў сакрэт савецкай нержавеючай сталі — перамога! А тое, што гэты сакрэт ужо даўно вядомы ўсяму свету, мы потым даведаліся. А тады: першымі паляцім праз полюс, навучымся кіраваць паўночным ззяннем… павернем у другі бок гіганцкія рэкі… аводнім вечныя пустыні… Вера! Вера! Вера! Нешта вышэйшае за розум. Я прачыналася пад гукі гімна замест будзільніка:
«Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки Великая Русь…»
У школе мы часта спявалі… Я памятаю нашыя песні… (Напявае.)
«Отцы о свободе и счастье мечтали.
За это сражались не раз.
В борьбе создавали и Ленин и Сталин
Отечество наше для нас…»
Дома ўспаміналі… На наступны дзень, як мяне прынялі ў піянеры, уранку зайгралі гімн, я ўсхапілася і стаяла ў ложку, пакуль гімн не скончыўся. Піянерская клятва: «Я… уступаючы ў шэрагі… перад абліччам сваіх таварышаў… урачыста абяцаю: горача любіць сваю Радзіму…» Дома было свята, пахла пірагамі ў мой гонар. З чырвоным гальштукам я не расставалася, мыла і прасавала яго кожнае раніцы, каб ніводнай складачкі. І нават у інстытуце завязвала шалік на піянерскі вузел. Мой камсамольскі білет… ляжыць ён у мяне і цяпер… дадала сабе лішні год, каб хутчэй уступіць у камсамол. Я любіла вуліцу, там заўсёды гучала радыё… Радыё — гэта было нашае жыццё, гэта ўсё. Адчыніш акно — музыка льецца, і такая музыка, што ўстанеш і крочыш па кватэры. Як салдат… Можа, гэта была турма, але мне было цёпла ў гэтай турме. Так мы прывыклі… Нават у чэргах дагэтуль стаім адзін каля другога, зусім блізка, каб разам. Вы заўважылі? (І зноў ціха пяе.)
«Сталин — наша слава боевая,
Сталин — нашей юности полет,
С песнями, борясь и побеждая,
Наш народ за Сталиным идет…»
І — так! Так! Так! Найвялікшая мара — памерці! Прынесці сябе ў ахвяру. Камсамольская клятва: «Гатовая аддаць сваё жыццё, калі яно спатрэбіцца майму народу». І гэта былі не проста словы, нас сапраўды так выхавалі. Калі па вуліцы ішла калона салдат, усе спыняліся… Пасля Перамогі салдат здаваўся незвычайным чалавекам… Калі я ўступала ў партыю, я напісала ў заяве: «З праграмай і статутам знаёмілася і прызнаю. Гатова аддаць усе сілы, а калі трэба будзе, і жыццё сваёй Радзіме». (Глядзіць на мяне ўважліва.) А вы што пра мяне думаеце? Ідыётка, так? Інфантыльная… Некаторыя мае знаёмыя… дык яны адкрыта смяюцца: эмацыйны сацыялізм, папяровыя ідэалы… Так я ў іх вачах выглядаю. Тупая! Даун! Вы — інжынер чалавечых душ. Хочаце мяне суцешыць? Пісьменнік у нас — не проста пісьменнік. Настаўнік. Духоўнік. Гэта раней, а цяпер ужо не так. Шмат людзей у цэрквах на службе стаяць. Сапраўдных вернікаў мала, большасць — пакутнікі. Як вось і я… з траўмай… Я не па каноне веру, а сэрцам. Малітваў не ведаю, а малюся… Бацюшка ў нас — былы афіцэр, усё пра войска казанні чытае, пра атамную бомбу. Пра ворагаў Расіі і масонскія змовы. А я іншых слоў хачу, зусім іншых слоў… не гэтых. А вакол толькі гэтыя… Шмат нянавісці… Няма месца, дзе можна душой прытуліцца. Уключу тэлевізар, і там тое ж самае… Адны праклёны… Усе адмаўляюцца ад таго, што было. Праклінаюць. Улюбёны мой рэжысёр Марк Захараў, цяпер я яго не так люблю і не веру яму так, як раней… ён спаліў, гэта па тэлевізары паказвалі, свой партбілет… публічна. Гэта ж не тэатр! Гэта — жыццё! Маё жыццё. Хіба так можна з ім? З маім жыццём… Не трэба гэтых шоу… (Плача.)
Я не паспяваю… Я з тых, хто не паспявае… З цягніка, які ляцеў у сацыялізм, усе хутка перасаджваюцца ў цягнік, які імчыць у капіталізм. Я спазняюся… Смяюцца з «саўка»: ён і быдла, ён і лох. З мяне смяюцца… «Чырвоныя» — ужо звераватыя, а «белыя» — рыцары. Сэрца маё і розум — супраць, на фізіялагічным узроўні не прымаю. Не адношу да сябе. Не магу, не здольная… Гарбачова я вітала, хоць крытыкавала… ён быў… цяпер гэта зразумела, як і ўсе мы, ён быў летуценнікам. Пражэкцёрам. Можна сказаць так. Але да Ельцына я была не гатовая… Да рэформаў Гайдара. Грошы зніклі ў адзін дзень. Грошы… і нашае жыццё… Усё імгненна згубіла вартасць. Замест светлай будучыні пачалі гаварыць: узбагачайцеся, любіце грошы… Пакланяйцеся зверу гэтаму! Увесь народ быў да гэтага не гатовы. Ніхто не марыў пра капіталізм, пра сябе дакладна скажу, што я не марыла… Мне падабаўся сацыялізм. Гэта былі ўжо брэжнеўскія гады… вегетарыянскія… людаедскіх гадоў я не заспела. Спявала песні Пахмутавай: «Под крылом самолета о чем-то поет зеленое море тайги…» Збіралася шчыра сябраваць і будаваць «голубые города». Марыць! «Я знаю — город будет…», «здесь будет город-сад…» Любіла Маякоўскага. Патрыятычныя вершы, песні. Гэта настолькі важна было тады. Так шмат для нас азначала. Ніхто не пераканае мяне, што жыццё дадзена толькі для таго, каб смачна есці і спаць. А герой той, хто купіў нешта ў адным месцы, а прадаў у іншым на тры капейкі даражэй. Нам цяпер гэта ўцямяшваюць у галовы… Выходзіць, дурнямі былі ўсе тыя, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля іншых. За высокія ідэалы. Не! Не! Стаю ўчора ў краме… Бабулька наперадзе лічыць капейкі ў кашальку, пералічвае, і ў рэшце рэшт купляе сто грамаў найтаннейшай каўбасы… «сабачай»… і два яйкі. А я яе ведаю… яна ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай…
Не магу я радавацца гэтаму новаму жыццю! Мне не будзе ў ім добра, мне ніколі не будзе добра адной. Адной… А жыццё ссоўвае, ссоўвае мяне на гэтую гліну. На зямлю. Маім дзецям давядзецца жыць па гэтых законах. Я ім не патрэбная, я такая смешная. Усё маё жыццё… перабірала нядаўна паперы і натрапіла на свой юнацкі дзённік: першае каханне, першы пацалунак і цэлыя старонкі пра тое, як я люблю Сталіна і гатовая памерці, каб яго ўбачыць. Нататкі вар’яткі… Хацела выкінуць — не змагла. Схавала. Страх: толькі б яны нікому на вочы не патрапілі. Будуць кпіць, смяяцца. Нікому не паказала… (Маўчыць.) Я шмат што незразумелае для здаровага чалавека памятаю. Рэдкі экзэмпляр, так! Які псіхатэрапеўт радаваўся б… Праўда?! Вам са мной пашанцавала… (І плача, і смяецца.)
Спытаеце… Вы мусіце спытаць, як гэта спалучалася: нашае шчасце і тое, што па кагосьці прыходзілі ўначы, кагосьці забіралі? Нехта знік, нехта галасіў за дзвярыма. Я гэтага чамусьці не памятаю. Не памятаю! А памятаю, як цвіў вясною бэз, і масавыя гулянні, драўляныя ходнікі, нагрэтыя сонцам. Водар сонца. Бліскучыя парады фізкультурнікаў і сплеценыя з жывых чалавечых целаў і кветак імёны на Чырвонай плошчы: Ленін — Сталін. Я і маме задавала гэтае пытанне…
Што мы памятаем пра Берыю? Пра Лубянку? Мама маўчала… Аднойчы прыгадала, як улетку пасля адпачынку яны з татам вярталіся з Крыму. Ехалі па Украіне. Гэта трыццатыя гады… калектывізацыя… Ва Украіне быў вялікі голад, па-ўкраінску — галадамор. Мільёны памерлі… цэлымі сёламі выміралі… Хаваць не было каму… Украінцаў забівалі за тое, што яны не хацелі ісці ў калгасы. Забівалі голадам. Цяпер я гэта ведаю… Калісьці ў іх была Запарожская Сеч, народу помнілася воля… Там такая зямля — кол загані, і дрэва вырасце. А яны паміралі… падыхалі як быдла. У іх усё забралі, да макавіны вывезлі. Атачылі войскамі, як у канцлагеры. Цяпер я гэта ведаю… Я сябрую на працы з адной украінкай, яна ад бабулі сваёй чула… Як у іх вёсцы маці сама адно дзіця зарубіла сякерай, каб варыць і карміць ім астатніх. Сваё дзіця… Гэта ўсё было… Дзяцей з двара баяліся выпускаць. Як катоў і сабак, вылоўлівалі дзяцей. Чарвякоў на гародах капалі і елі. Хто мог, поўз у горад, да цягнікоў. Чакалі, што нехта ім кіне скарыначку хлеба… Салдаты штурхалі іх ботамі, білі прыкладамі… Цягнікі імчалі далей, імчалі на ўсёй хуткасці. Праваднікі зачынялі вокны, завешвалі шторы. І ніхто ні пра што ні ў кога не пытаўся. Прыязджалі ў Маскву. Прывозілі віно, садавіну, ганарыліся загарам і ўспаміналі мора. (Маўчыць.) Я любіла Сталіна… Доўгі час яго любіла. Нават тады любіла, калі сталі пра яго пісаць, што ён быў маленькі, рыжы, з ссохлаю рукой. Застрэліў сваю жонку. Выкрылі. Выкінулі з маўзалея. А я ўсё роўна яго любіла.
Я доўга была сталінскай дзяўчынкай. Вельмі доўга. Вельмі… Так, гэта было! Са мною… з намі… і без таго жыцця я застануся з пустымі рукамі. Без нічога… жабрачкай буду! Я ганарылася нашым суседам, дзядзькам Ванем — герой! Ён вярнуўся з вайны без абедзвюх ног. Ездзіў па двары на драўляным самаробным вазку. Называў мяне «мая Маргарытка», падшываў усім валёнкі і боты. П’яны спяваў:
«Дарагія браточкі-сястрычкі…
Па-геройску я біўся ў баі…»
Праз некалькі дзён пасля смерці Сталіна прыходжу да яго: «Ну што, Маргарытка, здох гэты…» Гэта ён — пра майго Сталіна! Я выхапіла свае валёнкі: «Як вы можаце? Вы — герой! З ордэнам». Два дні вырашала: я — піянерка, значыць, я павінна пайсці ў энкавэдэ і расказаць пра дзядзьку Ваню. Зрабіць заяву. І гэта абсалютна сур’ёзна… так! Як Паўлік Марозаў… Я магла данесці і на свайго бацьку… на маці… Я магла… Так! Я была гатова! Вяртаюся са школы, а дзядзька Ваня п’яны валяецца ў пад’ездзе. Перавярнуўся са сваім вазком і не можа ўстаць. І я пашкадавала яго.
І гэта я… Я сядзела, прыціснуўшыся вухам да рэпрадуктара, і слухала, бо кожную гадзіну перадавалі бюлетэнь пра здароўе таварыша Сталіна. І плакала. Усім сэрцам. Было! Гэта было! Быў сталінскі час… і былі мы, сталінскія людзі… Мая мама — з дваранскай сям’і. За некалькі месяцаў да рэвалюцыі яна выйшла замуж за афіцэра, пасля ён ваяваў у белай гвардыі. У Адэсе яны рассталіся — ён эміграваў з рэшткамі разбітых дзянікінскіх палкоў, а яна не магла пакінуць спаралізаваную маці. Яе забралі ў чэка як жонку белагвардзейца. Следчы, які вёў справу, закахаўся ў маму. Уратаваў нейкім чынам… Але прымусіў выйсці за яго замуж. Пасля службы ён вяртаўся дадому п’яны і біў яе рэвальверам па галаве. Потым кудысьці знік. І вось мая мама… прыгажуня… якая захаплялася музыкай, якая ведала некалькі моваў, яна да бяспамяцтва любіла Сталіна. Пагражала тату, калі ён нечым быў незадаволены: «Я пайду ў райкам і скажу, які ты камуніст». А тата… Тата — удзельнік рэвалюцыі… у 37-м быў рэпрэсаваны… Але яго неўзабаве вызвалілі, бо за яго папрасіў нейкі паважаны бальшавік, які ведаў яго асабіста. Заручыўся. Але ў партыі тату не аднавілі. Удар, які ён не мог перажыць. У турме яму выбілі зубы, праламалі галаву. Усё роўна тата не змяніўся, застаўся камуністам. Растлумачце мне гэта… Думаеце, дурні? Наіўняк? Не, гэта былі разумныя і адукаваныя людзі. Мама чытала ў арыгінале
Шэкспіра і Гётэ, а тата скончыў Ціміразеўскую акадэмію. А Блок… Маякоўскі… Інэса Арманд? Мае куміры… мае ідэалы… З імі я вырасла… (Задумалася.)
Калісьці я вучылася лётаць у аэраклубе. На чым мы лёталі, цяпер здзіўляешся: як мы жывыя засталіся?! Не планеры, а самаробкі — драўляныя рэечкі, абабітыя марляй. Кіраванне — ручка і педаль. Але затое, калі ты ляціш, ты бачыш птушак, ты бачыш зямлю з вышыні. Ты адчуваеш крылы! Неба змяняе чалавека… вышыня змяняе… Разумееце, пра што я? Я пра тое нашае жыццё… Мне шкада не сябе, мне шкада ўсяго таго, што мы любілі…
Усё сумленна ўспомніла… і не ведаю нават… Чамусь цяпер сорамна пра ўсё гэта камусьці расказваць…
Паляцеў Гагарын… Людзі выйшлі на вуліцу, смяяліся, абдымаліся, плакалі. Незнаёмыя людзі. Рабочыя ў спяцоўках проста з заводаў, медыкі ў белых шапачках, кідалі іх у неба: «Мы — першыя! Наш чалавек у космасе!» Гэта нельга забыць! Гэта было нешта, ад чаго захлыналіся, такое здзіўленне. Я да гэтага часу не магу спакойна слухаць песню:
«И снится нам не рокот космодрома,
Не эта ледяная синева,
А снится нам трава, трава у дома.
Зеленая, зеленая трава…»
Кубінская рэвалюцыя… Малады Кастра… Я крычала: «Мама! Тата! Яны перамаглі! Віва Куба!» (Напявае.)
«Куба, любовь моя!
Остров зари багровой,
Песня летит над планетой, звеня,
Куба — любовь моя!»
У школу да нас прыходзілі ўдзельнікі баёў у Іспаніі… Разам мы спявалі песню «Грэнада»:
«Я хату покинул, пошел воевать,
Чтоб землю в Гренаде крестьянам отдать…»
У мяне над сталом вісеў фотаздымак Далорэс Ібаруры. Так… мы марылі пра Грэнаду… потым пра Кубу… Праз некалькі дзясяткаў гадоў іншыя хлапчукі гэтак жа трызнілі Афганістанам. Нас лёгка было падмануць. Але ўсё роўна… Усё роўна! Я гэтага не забуду! Я не забуду, як пайшоў на цаліну ўвесь наш дзясяты клас. Яны ішлі калонай, з заплечнікамі і з трапяткім сцягам. У некаторых за спінай гітары.
«Вось гэта — героі!» — думала я. Шмат хто з іх пасля вярнуўся хворым: на цаліну яны не трапілі, а будавалі дзесьці ў тайзе чыгунку, цягалі на сабе рэйкі па пояс у ледзяной вадзе. Бракавала тэхнікі… Елі гнілую бульбу, усе перахварэлі на цынгу. Але яны былі, гэтыя хлопцы! І была дзяўчынка, якая захоплена іх праводзіла. Гэта — я! Мая памяць… Я яе нікому не аддам — ні камуністам, ні дэмакратам, ні брокерам. Яна — мая! Толькі мая! Я без усяго магу: мне не трэба шмат грошай, дарагой ежы і моднай вопраткі… шыкоўнай машыны… Мы на сваіх «Жыгулях» аб’ехалі ўвесь Саюз: я ўбачыла Карэлію… возера Севан… і Памір. Гэта ўсё была мая Радзіма. Мая Радзіма — СССР. Я шмат без чаго магу пражыць. Не магу толькі без таго, што было. (Доўга маўчыць. Так доўга, што я клічу яе.)
Не бойцеся… Са мной усё нармальна… ужо нармальна… Сяджу пакуль дома… котку гладжу, рукавіцы вяжу. Такое простае дзеянне, як вязанне, дапамагае лепш за ўсё… Што спыніла мяне? Да канца я не дайшла… не… Як лекар, я ўсё ўяўляла… з усімі падрабязнасцямі… Смерць пачварная, яна не бывае прыгожай. Я бачыла тых, хто вешаўся… У апошнія хвіліны ў іх наступае аргазм, або яны ў мачы, у кале. Ад газу чалавек сіні… фіялетавы… Адна гэтая думка для жанчыны жахлівая. Ніякіх ілюзій аб прыгожай смерці ў мяне не магло быць. Але… Цябе нешта падкінула, сцебанула, прымусіла рвануцца. Ты ў адчайным парыванні… ёсць дыханне і рытм… і ёсць рывок… А там ужо цяжка спыніцца. Сарваць стоп-кран! Стоп! Я неяк спыніла сябе. Кінула вяроўку. Выбегла на вуліцу. Прамокла пад дажджом, якая радасць пасля ўсяго прамокнуць пад дажджом! Як прыемна! (Маўчыць.) Я доўга не размаўляла… Восем месяцаў ляжала ў дэпрэсіі. Развучылася хадзіць. Устала ў рэшце рэшт. Навучылася хадзіць зноў. Я засталася… зноў я на цвёрдым… Але мне было дрэнна… Мяне працялі як шарык… Пра што гэта я? Хопіць! Ну, хопіць… (Сядзіць і плача.) Хопіць…
Дзевяносты год… У нашай мінскай трохпакаёвай кватэры жыло пятнаццаць чалавек, і немаўля яшчэ. Першымі прыехалі з Баку сваякі мужа — сястра з сям’ёй і яго стрыечныя браты. Яны не ў госці прыехалі, яны прывезлі з сабою слова «вайна». Галосячы ўвайшлі ў дом, з мёртвымі вачыма… Гэта недзе восенню ці зімой… было ўжо халодна. Так, восенню яны прыехалі, таму што ўзімку нас было больш. Узімку з Таджыкістана… З горада Душанбэ прыехала мая сястра са сваёй сям’ёй і бацькамі мужа. Менавіта так і было… Так… Спалі ўсюды, летам спалі нават на балконе. І… не гаварылі, а крычалі… Як яны беглі, а вайна выспяткі раздавала. На пяты наступала. А яны… усе яны, як і я, савецкія… абсалютна савецкія. На сто працэнтаў! Ганарыліся гэтым. І раптам — нічога гэтага няма. Ну няма!
Прачнуліся раніцай, зірнулі ў акно — ужо яны пад іншым сцягам. У іншай краіне. Ужо — чужыя.
Я слухала. Слухала. Яны гаварылі… «…а які быў час! Прыйшоў Гарбачоў… І раптам пад вокнамі — страляніна. Госпадзе! У сталіцы… у Душанбэ… Усе сядзелі каля тэлевізара і баяліся прапусціць апошнія навіны. У нас на фабрыцы жаночы калектыў быў, пераважна рускія. Я пытаюся: «Дзяўчаты, што будзе?» — «Вайна пачынаецца, ужо рускіх рэжуць». Праз некалькі дзён адну краму ўдзень разрабавалі… другую…»
«…першыя месяцы я плакала, а тады перастала. Слёзы хутка канчаюцца. Больш за ўсё баялася мужчын, і знаёмых, і незнаёмых. Зацягнуць у дом, у машыну… «Красівайа! Дэвушка, давай паябёмся…» Суседскую дзяўчынку аднакласнікі згвалцілі. Таджыкскія хлопчыкі, якіх мы ведалі. Яе маці пайшла ў сям’ю да аднаго. «Навошта сюды прыехала? — крычалі на яе. — Валі ў сваю Расію. Хутка вас, рускіх, тут, наогул, не застанецца. У адных трусялях пабежыцё».
«…навошта мы туды паехалі? Па камсамольскай пуцёўцы. Будавалі Нурэкскую ГЭС, алюмініевы завод… Я вучыла таджыкскую мову: чайхана, піяла, арык, арча, чынара… «шураві» называлі нас. Рускія браты».
«…я сню ружовыя горы — міндаль цвіце. А прачынаюся ўся ў слязах…»
«…у Баку… Жылі мы ў дзевяціпавярховым доме. Раніцай вывелі армянскія сем’і ў двор… Усе вакол іх сабраліся, і колькі было людзей, столькі падышло да іх, кожны чымсьці стукнуў. Маленькі хлопчык… гадоў пяць… ён падышоў і ўдарыў дзіцячай рыдлёўкай. Старая азербайджанка яго пагладзіла па галаве…»
«…а нашыя сябры, яны таксама былі азербайджанцы, але яны нас хавалі ў сябе ў падвале. Закідалі смеццем, скрынкамі. Прыносілі ноччу ежу…»
«…раніцай бягу на працу — на вуліцах трупы ляжаць. Валяюцца, або сядзяць каля сцяны, сядзяць, як жывыя. Кагосьці накрылі дастарханам (абрусам), а кагосьці не. Не паспелі. У большасці выпадкаў ляжалі распранутыя… і мужчыны, і жанчыны… Тых, што сядзелі, тых не распраналі, іх жа не разагнуць…»
«…раней я думаў, што таджыкі — як дзеці, нікога не пакрыўдзяць. За паўгода, можа, нават менш часу прайшло, Душанбэ было не пазнаць, і людзей не пазнаць. Моргі перапоўненыя. Раніцай на асфальце, пакуль не затопчуць, згусткі застылай крыві… як халадзец…»
«…некалькі дзён запар яны хадзілі паўз наш дом з плакатамі: «Смерць армянам! Смерць!» Мужчыны і жанчыны. Старыя і маладыя. Раз’юшаны натоўп, ніводнага чалавечага твару. Газеты былі запоўнены аб’явамі: «Мяняю трохпакаёвую кватэру ў Баку на якуюкольвек кватэру ў якім-кольвек горадзе Расіі…» Сваю кватэру мы прадалі за трыста долараў. Як халадзільнік. А не саступілі б за гэтыя грошы, маглі забіць…»
«…а мы за сваю кватэру купілі: мне — кітайскі пухавік, а мужу — цёплыя чаравікі. Мэблю, посуд… дываны… усё пакінулі…»
«…жылі без святла і газу… без вады… На рынку кошты жахлівыя. Каля нашага дома адкрыўся кіёск. Там прадавалі кветкі і пахавальныя вянкі. Толькі кветкі і вянкі…»
«…уначы на сцяне суседняга дома нехта напісаў фарбай: «Бойся, руская сволач! Твае танкісты табе не дапамогуць». Рускіх здымалі з кіроўных пасад… стралялі з завуголля… Горад неўзабаве стаў брудным, як кішлак. Чужы горад. Не савецкі…»
«…забівалі за ўсё… Не там нарадзіўся, не на той мове размаўляеш. Не спадабаўся камусьці з аўтаматам… А да таго як мы жылі? У святы першы тост у нас быў «за сяброўства» «ес кес сірум эм» (па-армянску — я цябе люблю). — «Ман сані севірам» (па-азербайджанску — я цябе люблю). Жылі разам…»
«…простыя людзі… Нашыя знаёмыя таджыкі зачынялі сваіх сыноў на ключ, не выпускалі з дому, каб іх не навучылі… не прымусілі забіваць».
«…з’язджаем… Селі ўжо ў цягнік, пара з-пад колаў прэ. Апошнія хвіліны. Хтосьці даў па колах чаргу з аўтамата. Салдаты стаялі калідорам, прыкрывалі нас. Калі б не салдаты, то мы жывымі нават да вагонаў не дабеглі б. І калі цяпер я бачу, што паказваюць вайну па тэлевізары, я адразу чую… Гэты пах… пах смаленага чалавечага мяса… млосны… цукеркавы пах…»
Праз паўгода ў мужа першы інфаркт… яшчэ праз паўгода — другі… У яго сястры інсульт. Праз усё гэта… Я вар’яцела… А вы ведаеце, як вар’яцеюць валасы? Яны становяцца цвёрдымі, як лёска. Валасы вар’яцеюць першымі… Ну хто ж вытрымае? Маленькая Карына…
Удзень нармальнае дзіця, а стане цямнець за акном, яна дрыжыць. Крычыць: «Мама, не сыходзь! Я засну, а вас з татам заб’юць!» Я бегла раніцай на працу і прасіла Бога, каб мяне збіла машына. Ніколі не хадзіла ў царкву, а тут гадзінамі на каленях стаяла: «Найсвяцейшая Багародзіца! Ты мяне чуеш?» Перастала спаць, не магла есці. Я — не палітык, я ў палітыцы не разбіраюся. Мне проста страшна. Што вы яшчэ хочаце ў мяне спытаць? Я ўсё расказала… Усё!
з інтэрв’ю на Чырвонай плошчы (снежань 91-га года)
«Я была студэнткай…
Усё адбылося вельмі хутка… Праз тры дні рэвалюцыя скончылася… Па тэлевізары ў аглядзе навін агучылі: члены ГКЧП арыштаваныя… міністр унутраных спраў Пуга застрэліўся, маршал Ахрамееў павесіўся… У нашай сям’і пра гэта доўга гаварылі. Памятаю, тата сказаў: «Гэта — ваенныя злачынцы. Іх мусіў накаткаць лёс нямецкіх генералаў Шпэера і Гэса». Усе чакалі Нюрнберга…
Мы былі маладыя… Рэвалюцыя! Я пачала ганарыцца сваёй краінай, калі людзі выйшлі на вуліцы супраць танкаў. Да гэтага ўжо былі падзеі ў Вільні, Рызе, Тбілісі. У Вільні літоўцы абаранілі свой тэлецэнтр, нам усё гэта паказвалі, а мы што — быдла ці што? На вуліцу выйшлі людзі, якія раней нікуды не хадзілі — сядзелі на кухнях і абураліся. А тут яны выйшлі… Мы з сяброўкай узялі з сабой парасоны — і ад дажджу, і каб біцца. (Смяецца.) Я адчувала гонар за Ельцына, калі ён стаяў на танку, я зразумела: гэта — мой прэзідэнт! Мой! Сапраўдны! Там было шмат моладзі. Студэнтаў. Усе мы выраслі на «Огоньке» Кароціча, на «шасцідзясятніках». Атмасфера вайны… У мегафон нехта крычаў, маліў, мужчынскі голас: «Дзяўчаты, вяртайцеся. Будзе страляніна і шмат трупаў». Побач са мною хлопец выпраўляў дадому сваю цяжарную жонку, яна плакала: «Чаму ты застаешся?» — «Так трэба».
Я абмінула вельмі важнае… Як пачаўся гэты дзень… Раніцай я прачнулася ад таго, што мама гучна плакала. Галасіла. Мама пыталася ў таты: «Што такое надзвычайнае становішча? Як ты думаеш, што яны зрабілі з Гарбачовым?» А бабуля бегала ад тэлевізара да радыё на кухні: «Нікога не арыштавалі? Не расстралялі?» Нарадзілася бабуля ў дваццаць другім годзе, праз усё яе жыццё стралялі і некага расстрэльвалі. Арыштоўвалі. Так жыццё прайшло… Калі бабулі не стала, мама адкрыла сямейную таямніцу. Падняла заслону… гэтыя шторы… У пяцьдзясят шостым прывезлі бабулі і маме з лагера бацьку, гэта быў мех з косткамі. З Казахстана. Прыехаў ён з праважатым, такі быў хворы. І яны нікому не прызнаваліся, што гэта бацька… гэта муж… Баяліся… Казалі, што ён ім ніхто, нейкі далёкі сваяк. Пражыў ён з імі некалькі месяцаў, і яго паклалі ў шпіталь. Там ён засіліўся. Мне трэба… Цяпер мне трэба неяк з гэтым жыць, з гэтым веданнем. Мне трэба гэта зразумець… (Паўтарае.) Неяк з гэтым жыць… Больш за ўсё наша бабуля баялася новага Сталіна і вайны, усё жыццё яна чакала арышту і голаду. Вырошчвала на акне цыбулю ў скрыначках, квасіла ў вялікіх рандэлях капусту. Купляла ў запас цукар і алей. Антрэсолі ў нас былі наладаваныя рознымі крупамі. Пярлоўкай. Заўсёды яна мяне вучыла: «Ты маўчы! Маўчы!» У школе маўчы… ва ўніверсітэце… Так я расла, сярод такіх людзей. Нам не было за што любіць савецкую ўладу. Мы ўсе — за Ельцына! А маю сяброўку мама не выпускала з хаты: «Толькі праз мой труп! Ты хіба не разумееш, што ўсё вярнулася?» Мы вучыліся ва Універсітэце дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Там вучыліся студэнты з усяго свету, многія з іх прыязджалі з уяўленнямі, што СССР — гэта краіна балалаек і атамных бомбаў. Нам было крыўдна. Мы хацелі жыць у іншай краіне…»
«Я працаваў слесарам на заводзе…
Пра путч даведаўся ў Варонежскай вобласці… гасцяваў у цёткі. Усе гэтыя енкі пра веліч Расіі — залупа поўная. Патрыёты фальшывыя! Сядзяць каля зомбаскрыні. Ад’ехалі б на пяцьдзясят кіламетраў ад Масквы… Паглядзелі б на дамы, на тое, як людзі жывуць. Якія ў іх святы п’яныя… У вёсцы мужыкоў амаль няма. Вымерлі. Свядомасць на ўзроўні свойскай жывёлы — п’юць да белых д’яблаў. Пакуль не паваляцца. П’юць усё, што гарыць: ад агурковага ласьёну да аўтабензіну. П’юць, а потым б’юцца. У кожнай сям’і хтосьці ў турме сядзеў ці сядзіць. Міліцыя не спраўляецца. Толькі бабы не здаюцца, корпаюцца на гародах. Калі і засталося колькі мужыкоў непітушчых, то яны з’ехалі на заробкі ў Маскву. А адзінаму фермеру (у той вёсцы, куды я езджу) тры разы пускалі «чырвонага пеўня», пакуль не з’ехаў да д’ябла! З вачэй! Натуральна ненавідзелі… фізічна…
Танкі ў Маскве… барыкады… У вёсцы ніхто асабліва з гэтай нагоды не напружваўся. Не зарубаўся. Нашмат больш хваляваў каларадскі жук і капусная моль. Ён жывучы, гэты каларадскі… А ў маладых пацаноў семкі і дзеўкі ў галаве. Дзе пляшку ўвечары расціснуць? Але народ усё-такі больш выказваўся за ГКЧП. Я так зразумеў… Яны не ўсе былі камуністамі, але ўсе за вялікую краіну. Баяліся пераменаў, бо пасля ўсіх пераменаў мужык у дурнях заставаўся. Памятаю, як наш дзед казаў: «Раней мы жылі хуёва, хуёва, а потым усё горш і горш». Да вайны і пасля вайны жылі без пашпартоў. Вясковым пашпарт не давалі, не выпускалі ў горад. Рабы. Арыштанты. Вярнуліся з вайны ў ордэнах. Паў-Еўропы заваявалі! А жылі без пашпартоў.
У Маскве даведаўся, што мае сябры ўсе былі на барыкадах. Удзельнічалі ў куламесе. (Смяецца.) І я медалёк мог атрымаць…»
«Я — інжынер…
Хто ён, маршал Ахрамееў? Фанатык «саўка». Я жыў у «саўку», мне зноў у «савок» не хочацца. А гэта быў фанатык, чалавек, шчыра адданы камуністычнай ідэі. Гэта быў мой вораг. Ён выклікаў ува мне нянавісць, калі я слухаў яго выступленні. Я разумеў: гэты чалавек будзе біцца да канца. Яго самагубства? Ясна, што ўчынак неардынарны, і ён выклікае павагу. Смерць трэба паважаць. Але я задаю сабе пытанне: а калі б яны перамаглі? Вазьміце які заўгодна падручнік… Ніводны пераварот у гісторыі не абышоўся без тэрору, абавязкова ўсё заканчвалася крывёю. Выдзіраннем языкоў і выкалупваннем вачэй. Сярэднявеччам. Тут не трэба быць гісторыкам…
Пачуў раніцай па тэлевізары пра «няздольнасць Гарбачова кіраваць краінай з прычыны цяжкай хваробы»… убачыў пад вокнамі танкі… Тэлефаную сябрам — усе за Ельцына. Супраць хунты. Будзем Ельцына абараняць! Адчыняю халадзільнік — паклаў кавалак сыру сабе ў кішэню. Абаранкі ляжалі на стале — згроб абаранкі. А зброю? Нешта трэба з сабой узяць… На стале ляжаў кухонны нож… патрымаў яго ў руках і паклаў на месца. (Задумаўся.) А калі б… а калі б яны перамаглі?
Цяпер па тэлевізары паказваюць карцінкі: маэстра Растраповіч прыляцеў з Парыжа і сядзіць з аўтаматам, дзяўчаты частуюць салдатаў марозівам… Букет кветак на танку… Мае карцінкі іншыя… Маскоўскія бабулі раздаюць салдатам бутэрброды і водзяць да сябе дадому па малой патрэбе. Увялі танкавую дывізію ў сталіцу — ні сухпайкоў, ні прыбіральняў. Тырчаць з люкаў тоненькія шыйкі дзецюкоў, і вось такія! — у іх перапалоханыя вочы. Яны нічога не разумеюць. На трэці дзень ужо сядзяць на брані — злосныя, галодныя. Не выспаліся. Жанчыны бяруць іх у аблогу: «Сыночкі, і вы будзеце ў нас страляць?» Салдаты маўчаць, а афіцэр як гыркне: «Дадуць загад — будзем страляць!» Салдатаў як ветрам знесла, пахаваліся ў люках. Во як! У мяне карцінкі з вашымі не супадаюць… Стаім у ачапленні, чакаем атакі. Чуткі: неўзабаве газ пусцяць, снайперы на дахах… Падыходзіць да нас жанчына, у яе ордэнскія калодкі на швэдары: «Каго абараняеце? Капіталістаў?» — «Ды ты што, бабуля? Мы за свабоду тут стаім». — «А я за савецкую ўладу ваявала — за рабочых і сялян. А не за кіёскі і кааператывы. Далі б мне зараз аўтамат…»
Усё вісела на валаску. Крывёю пахла. Свята я не памятаю…»
«Я — патрыёт…
Дайце мне выказацца. — Падыходзіць мужчына ў расхрыстаным кажуху з масіўным крыжам на грудзях. — Мы жывём у самы ганебны час нашай гісторыі. Мы — пакаленне баязліўцаў, здраднікаў. Такі прысуд нам вынесуць нашыя дзеці. «Вялікую краіну нашыя бацькі прадалі за джынсы, «Мальбара» і жуйку», — скажуць яны. Мы не змаглі абараніць СССР — нашу Радзіму. Страшнае злачынства. Прадалі ўсё!! Ніколі не прывыкну да расійскага трыкалору, у мяне перад вачыма заўсёды будзе чырвоны сцяг. Сцяг вялікай краіны! Вялікай Перамогі! Што ж гэта трэба было зрабіць з намі… з савецкімі людзьмі… каб мы заплюшчылі вочы і пабеглі ў гэты ябаны капіталістычны рай? Купілі нас фанцікамі, каўбаснымі крамкамі, яркімі абгорткамі. Асляпілі, забалбаталі. Мы прамянялі ўсё на тачкі і шмоткі. І не трэба казак… што гэта ЦРУ разваліла Савецкі Саюз, падкопы Бжэзінскага… А чаму КДБ не разваліла Амерыку? Не тупыя бальшавікі прасралі краіну, і не інтэлігентныя сволачы яе знішчылі, каб ездзіць па замежжах і чытаць «Архіпелаг ГУЛАГ»… І не шукайце жыда-масонскай змовы. Усё мы знішчалі самі. Сваімі рукамі. Марылі, каб у нас адкрылі «Макдональдсы» з гарачымі гамбургерамі і кожны мог купіць сабе «Мэрсэдэс», пластмасавы відзік. І каб у кіёсках прадаваліся парнафільмы…
Расіі патрэбна моцная рука. Жалезная. Наглядчык з палкай. Так што — вялікі Сталін! Ура! Ура! Ахрамееў мог стаць нашым Піначэтам… генералам Ярузэльскім… Вялікая страта…»
«Я — камуніст…
Я быў за ГКЧП, дакладней, за СССР. Я быў шчыры гэкачэпіст, таму што мне падабалася жыць у імперыі. «Широка страна моя родная…» У восемдзесят дзявятым годзе паслалі мяне ў камандзіроўку ў Вільню. Перад ад’ездам выклікаў да сябе галоўны інжынер завода (ён там ужо быў) і папярэдзіў: «Ты па-руску з імі не гавары. Запалак у краме не прададуць, калі папросіш па-руску. Ты на сваю ўкраінскую не забыўся? Размаўляй па-ўкраінску». Я не паверыў — што за глупства? А ён: «Асцярожна ў сталоўцы — могуць атруціць ці падсыпаць тоўчанае шкло. Ты там цяпер акупант, разумееш?» А ў мяне ў галаве дружба народаў і ўсё такое. Савецкае братэрства. Не паверыў, пакуль не прыехаў на віленскі вакзал. Выйшаў на перон… З першай хвіліны, пачуўшы рускую, мне далі зразумець, што я прыехаў у чужую краіну. Я быў акупант. З бруднай, заняпалай Расіі. Рускі Іван. Варвар.
І вось гэты танец маленькіх лебедзяў… Адным словам, пра ГКЧП я пачуў раніцай у краме. Пабег дадому, уключыў тэлевізар: забілі Ельцына ці не? У чыіх руках тэлецэнтр? Хто камандуе арміяй? Патэлефанаваў знаёмы: «Ну, сукі, зараз зноў гайкі закруцяць. Станем шрубкамі і цвічкамі». Мяне зло ўзяло: «А я абедзвюма рукамі — за. Я — за СССР!» У адзін момант ён разварочваецца на сто восемдзесят градусаў: «Канец Міхаілу Мечанаму! Хай папрацуе ў Сібіры!» Разумееце? З людзьмі трэба было размаўляць. Даводзіць. Апрацоўваць. Перш за ўсё браць «Астанкіна» і кругласутачна вяшчаць: ратуйце краіну! Савецкая Радзіма ў небяспецы! Адразу разабрацца з сабчакамі, афанасьевымі ды астатнімі здраднікамі. А народ быў — за!
У самагубства Ахрамеева не веру. Не можа баявы афіцэр павесіцца на шпагаце… са скрынкі ад торта… Як зэк. У турэмнай камеры так вешаюцца — седзячы і падкурчыўшы ногі. У адзіночцы. Не ў вайсковай гэта традыцыі. Афіцэры грэбуюць пятлёй. Не самазабойства гэта, а забойства. Яго забілі тыя, хто забіў Савецкі Саюз. Яны яго баяліся — Ахрамееў меў высокі аўтарытэт у арміі, ён мог арганізаваць супраціў. Народ яшчэ не быў дэзарыентаваны, раз’яднаны, як цяпер. Яшчэ ўсе жылі аднолькава і адны газеты чыталі. Не так, як цяпер: у адных супчык рэдкі, у другіх жэмчуг дробны.
А вось гэта… я сам гэта бачыў… Маладыя хлопцы прыставілі лесвіцы да будынка ЦК КПСС на Старой плошчы, яго ўжо ніхто не ахоўваў. Высокія пажарныя лесвіцы. Залезлі наверх… малаткамі і зубіламі пачалі збіваць залатыя літары ЦК КПСС. А другія ўнізе іх распілоўвалі і раздавалі кавалачкі на памяць. Разбіралі барыкады. Калючы дрот таксама ішоў на сувеніры.
Такім я запомніў падзенне камунізму…»
З матэрыялаў следства
«24 жніўня 1991 года а 21 гадзіне 51-й хвіліне ў службовым кабінеце № 19а ў корпусе 1 Маскоўскага Крамля дзяжурным афіцэрам аховы Карацеевым быў знойдзены труп Маршала Савецкага Саюза Ахрамеева Сяргея Фёдаравіча (1923 года нараджэння), які працаваў дарадцам Прэзідэнта СССР.
Труп знаходзіўся ў сядзячай паставе пад падваконнікам акна кабінета. Спіной труп абапіраўся на драўляную рашотку, якая закрывае батарэю паравога ацяплення. На трупе было адзенне Маршала Савецкага Саюза. Пашкоджанняў на вопратцы не было. На шыі трупа знаходзілася слізкая, вырабленая з сінтэтычнага шпагату, складзенага ўдвая, пятля, якая ахоплівала шыю па ўсёй акружнасці. Верхні канец пятлі быў замацаваны на ручцы аконнай рамы клеючай стужкай тыпу «скотч». Якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў на трупе, акрамя звязаных з павешаннем, не выяўлена…»
«Пры аглядзе пісьмовага стала наверсе, на бачным месцы былі знойдзены пяць запісак. Усе запіскі рукапісныя. Запіскі ляжалі акуратным стосікам. Вопіс зроблены ў той паслядоўнасці, у якой запіскі размяшчаліся…
Першую запіску Ахрамееў просіць перадаць яго сям’і, у ёй ён паведамляе, што прыняў рашэнне пра самагубства: «Заўсёды для мяне галоўным быў абавязак воіна і грамадзяніна. Вы былі на другім месцы. Сёння я ўпершыню стаўлю на першае месца абавязак перад вамі. Прашу вас мужна перажыць гэтыя дні. Падтрымлівайце адзін аднаго. Не давайце падставы для злараднасці непрыяцелям…» Другая запіска адрасавана Маршалу Савецкага Саюза С. Сакалову.
У ёй утрымліваецца просьба да Сакалова і генерала арміі Лобава дапамагчы ў пахаванні і не пакінуць членаў сям’і ў цяжкія для іх дні. У трэцяй запісцы ўтрымліваецца просьба аб вяртанні доўгу ў крамлёўскую сталовую і падшпіленая грашовая купюра вартасцю 50 рублёў.
Чацвёртая запіска бязадрасная: «Не магу жыць, калі гіне мая Айчына і знішчаецца ўсё, што я лічыў сэнсам у маім жыцці. Узрост і мінулае маё жыццё даюць мне права сысці з жыцця. Я змагаўся да канца».
Апошняя запіска ляжала асобна: «Я дрэнны майстар рыхтаваць сродкі самазабойства. Першая спроба (у 9.40) не ўдалася — парваўся тросік. Збіраюся з духам усё паўтарыць нанова…»
Графалагічная экспертыза ўстанавіла: усе запіскі напісаныя рукой Ахрамеева…»
«…Малодшая дачка Наталля, з чыёй сям’ёй Ахрамееў правёў апошнюю ноч, распавяла: «Яшчэ да жніўня мы не раз пыталіся ў бацькі: «У нас магчымы дзяржаўны пераварот?» Шмат хто быў незадаволены тым, як пайшла гарбачоўская перабудова — яго балбатнёй, слабасцю, аднабаковымі саступкамі ў савецка-амерыканскіх перамовах па раззбраенні, эканамічным становішчам краіны, якое пагаршалася. Але бацька гэтыя размовы не любіў, ён быў упэўнены: «Ніякага дзяржаўнага перавароту не будзе. Калі б армія захацела зрабіць пераварот, то ёй бы на гэта хапіла дзвюх гадзін. Але ў Расіі нічога сілай не даб’ешся. Прыбраць непажаданага кіраўніка — не самая вялікая праблема. А вось што далей рабіць?»
23 жніўня Ахрамееў вярнуўся з працы не позна. Вячэрала сям’я разам. Купілі вялікі кавун і доўга сядзелі за сталом. Бацька, па словах дачкі, быў адкрыты. Прызнаўся, што чакае арышту. Ніхто ў Крамлі да яго не падыходзіць і не размаўляе. «Я разумею, — казаў ён, — вам будзе цяжка, цяпер на нашую сям’ю абрынецца столькі бруду. Але інакш паступіць я не мог». Дачка задала яму пытанне: «Ты не шкадуеш, што прыляцеў у Маскву?» Ахрамееў адказаў: «Калі б я гэтага не зрабіў, я праклінаў бы сябе ўсё жыццё».
Перад сном Ахрамееў паабяцаў унучцы, што заўтра павядзе яе ў парк на арэлі. Турбаваўся, хто сустрэне жонку, якая раніцай павінна была прыляцець з Сочы. Прасіў, каб яму адразу паведамілі аб яе прылёце. Замовіў для яе ў крамлёўскім гаражы машыну…
Дачка патэлефанавала бацьку раніцай у 9.35. Голас у яго быў звычайны… Ведаючы характар бацькі, у самазабойства дачка не верыць…»
з апошніх запісаў
«…Я прысягаў Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік… і ўсё жыццё яму праслужыў. Дык што цяпер я павінен рабіць? Каму я павінен служыць? Так, пакуль я жывы, пакуль я дыхаю, я і буду змагацца за Савецкі Саюз… «
«Усё цяпер ператвараюць у чарноцце… адмаўляюць усё, што адбывалася ў краіне пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі… Так, тады быў Сталін, быў сталінізм. Так, тады былі рэпрэсіі, гвалт над народам, я гэтага не адмаўляю. Усё гэта было. І тым не менш, гэта трэба даследаваць і ацаніць аб’ектыўна і справядліва. Мяне, напрыклад, у гэтым пераконваць няма чаго, я сам родам адтуль, з гэтых гадоў. Я сам бачыў, як людзі працавалі, з якой верай… Задача не ў тым, каб нешта згладзіць ці схаваць. Хаваць, утойваць няма чаго. На фоне таго, што адбылося ў краіне і пра што ўсе ўжо ведаюць, якія могуць быць гульні ў хованкі? Але вайну з фашызмам мы выйгралі, а не прайгралі. У нас ёсць Перамога.
Я памятаю трыццатыя гады… Выраслі такія, як я. Дзясяткі мільёнаў. І мы будавалі сацыялізм свядома. Мы гатовыя былі на любыя ахвяры. Я не згодны, што ў перадваенныя гады існаваў толькі сталінізм, як піша генерал Валкагонаў. Ён — антыкамуніст. Але сёння ў нас слова «антыкамуніст» ужо не з’яўляецца лаянкавым. Я — камуніст, ён — антыкамуніст. Я — антыкапіталіст, а ён — не ведаю, хто: абаронца капіталізму ці не? Гэта не больш за звычайную канстатацыю факту. І ідэйную спрэчку. Мяне не толькі крытыкуюць, але адкрыта лаюць за тое, што я называю яго круцялём… Да нядаўняга часу Валкагонаў абараняў савецкі лад, камуністычныя ідэалы разам са мной. І раптам рэзкі паварот. Хай скажа, чаму ён здрадзіў вайсковай прысязе…
Многія страцілі сёння веру. Першым сярод іх я назваў бы Барыса Мікалаевіча Ельцына. Расійскі прэзідэнт быў жа сакратаром ЦК КПСС, кандыдатам у члены Палітбюро. А цяпер вось адкрыта кажа, што не верыць у сацыялізм і камунізм, лічыць няправільным усё, што рабілі камуністы. Стаў ваяўнічым антыкамуністам. Ёсць і іншыя. Іх, дарэчы, не так ужо й мала. Але вы ж звяртаецеся да мяне… Я ў прынцыпе не згодны… Я бачу пагрозу для існавання нашай краіны, яна — відавочная. Яна цяпер такая самая, як у сорак першым годзе…»
«СССР у 70-я гады вырабляў у 20 разоў больш танкаў, чым ЗША. Пытанне Г. Шахназарава, памочніка генеральнага сакратара КПСС
М. Гарбачова (1980-я гады): «Навошта вырабляць столькі зброі?» Адказ начальніка Генштаба С. Ахрамеева: «Таму што цаной вялікіх ахвяр мы стварылі першакласныя заводы, не горшыя за амерыканскія. Вы што, загадаеце ім спыніць працу і вырабляць каструлі?»
«На дзявяты дзень працы Першага з’езда народных дэпутатаў СССР у зале з’явіліся ўлёткі, у іх паведамлялася, што Сахараў у інтэрв’ю адной з канадскіх газет заявіў: «У часе афганскай вайны з савецкіх верталётаў расстрэльвалі сваіх жа салдат, якія трапілі ў акружэнне, каб тыя не маглі здацца ў палон»…
На трыбуне першы сакратар Чаркаскага гаркама камсамола, ветэран афганскай вайны С. Чырвонапіскі, у яго няма ног, яму дапамагаюць дайсці да трыбуны. Ён зачытвае зварот ветэранаў-афганцаў: «Спадар Сахараў сцвярджае, што ёсць звесткі аб расстрэле савецкімі верталётамі савецкіх жа салдат… Нас сур’ёзна турбуе беспрэцэдэнтнае цкаванне Савецкай Арміі ў сродках масавай інфармацыі. Мы да глыбіні душы абураныя гэтай безадказнай, правакацыйнай выхадкай вядомага навукоўца. Гэта зламысны выпад супраць нашай арміі, прыніжэнне яе гонару і годнасці, чарговая спроба разарваць святое адзінства арміі, народа і партыі… (Авацыі.) У зале больш за 80 адсоткаў камуністаў. Але ні ад каго, у тым ліку і ў дакладзе таварыша Гарбачова, не прагучала слова — камунізм. Але тры словы, за якія, я лічу, усім светам нам трэба змагацца, я сёння назаву — гэта: Дзяржава, Радзіма, Камунізм…»
Апладысменты. Усе дэпутаты ўстаюць — акрамя дэмакратаў і мітрапаліта Алексія.
Настаўніца з Узбекістана:
«Таварыш акадэмік! Вы адным сваім учынкам перакрэслілі ўсю сваю дзейнасць. Вы нанеслі абразу ўсёй арміі, усім нашым загінулым. І я выказваю ўсеагульную пагарду вам…»
Маршал Ахрамееў:
«Тое, што сказаў акадэмік Сахараў, — гэта хлусня. Нічога падобнага ў Афганістане не было. Заяўляю гэта з поўнай адказнасцю. Папершае, я два з паловай гады праслужыў у Афганістане, па-другое, будучы першым намеснікам начальніка Генштаба, а потым начальнікам Генштаба, кожны дзень займаўся Афганістанам, ведаю кожную дырэктыву, кожны дзень баявых дзеянняў. Не было!»
«— Таварыш Маршал, што вы адчуваеце, ведаючы, што званне Героя Савецкага Саюза атрымалі за Афганістан? Акадэмік Сахараў агучыў лічбу: страты афганскага народа — адзін мільён чалавек…
— Вы думаеце, я шчаслівы, што атрымаў Зорку Героя? Загад я выконваў, але там адна кроў… бруд… Я не раз казаў, што вайсковае кіраўніцтва было супраць гэтай вайны, разумеючы, што нас уцягнуць у баявыя дзеянні ў цяжкіх, незнаёмых умовах. Супраць СССР падымецца ўвесь усходні ісламізм. Мы страцім перавагу ў Еўропе. Нам было жорстка сказана: «З якога гэта часу генералы ў нашай краіне сталі лезці ў палітыку?» Мы прайгралі барацьбу за афганскі народ… Але ў гэтым няма віны нашай арміі…»
«…дакладваю аб ступені майго ўдзелу ў злачынных дзеяннях так званага «Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы…» (ГКЧП).
6 жніўня г. г. па Вашым распараджэнні я з’ехаў у адпачынак у вайсковы санаторый г. Сочы, дзе знаходзіўся да 19 жніўня. Да ад’езду ў санаторый і ў санаторыі да раніцы 19 жніўня мне нічога не было вядома аб падрыхтоўцы змовы. Ніхто, нават намёкам, мне не казаў пра яе арганізацыю і арганізатараў, гэта значыць, у падрыхтоўцы і ажыццяўленні яе я ніяк не ўдзельнічаў. Раніцай 19 жніўня, пачуўшы па тэлебачанні дакументы названага «Камітэта», я самастойна прыняў рашэнне ляцець у Маскву. А 8-й гадзіне вечара я сустрэўся з Янаевым Г. І., сказаў яму, што згодны з праграмай, выкладзенай «Камітэтам» у яго Звароце да народа, і прапанаваў яму пачаць працу з ім у якасці дарадцы в. а. Прэзідэнта СССР. Янаеў Г.І. пагадзіўся з гэтым, але, спаслаўшыся на занятасць, вызначыў час наступнай сустрэчы прыкладна на 12-ю гадзіну 20 жніўня. Ён сказаў, што ў «Камітэта» не арганізавана інфармацыя аб становішчы і добра, калі б я заняўся гэтым…
Раніцай 20 жніўня я сустрэўся з Бакланавым А.Д., які атрымаў такое самае даручэнне. Вырашылі працаваць па гэтым пытанні сумесна… Сабралі працоўную групу з прадстаўнікоў ведамстваў і арганізавалі збор дадзеных і аналіз становішча. Практычна гэтая рабочая група падрыхтавала два даклады: да 9-й вечара 20 жніўня і да раніцы 21 жніўня, якія былі разгледжаныя на пасяджэнні «Камітэта».
Акрамя таго, 21 жніўня я працаваў над падрыхтоўкай даклада Янаева Г.І. на Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР. Увечары 20 жніўня і раніцай 21 жнiўня я ўдзельнічаў у пасяджэннях «Камітэта», дакладней, той яго часткі, якая вялася ў прысутнасці запрошаных. Вось праца, у якой я ўдзельнічаў 20 і 21 жніўня г. г. Акрамя таго, 20 жніўня, прыкладна а 3-й гадзіне дня, я сустракаўся ў міністэрстве абароны з Язавым Д. Ц. па яго просьбе. Ён сказаў, што сітуацыя ўскладняецца, і выказаў сумнеў у поспеху задуманага. Пасля размовы ён папрасіў прайсці з ім разам да намесніка міністра абароны генерала Ачалава В. А., дзе распрацоўваўся план захопу будынка Вярхоўнага Савета РСФСР. Ён слухаў Ачалава В. А. на працягу трох хвілін толькі наконт саставу войскаў і тэрмінах дзеянняў. Я нікому ніякіх пытанняў не задаваў… Чаму я прыехаў у Маскву па сваёй ініцыятыве — ніхто мяне з Сочы не выклікаў — і пачаў працаваць у «Камітэце»? Бо я быў упэўнены, што гэтая авантура пацерпіць паразу, а прыехаўшы ў Маскву, яшчэ раз пераканаўся ў гэтым. Справа ў тым, што, пачынаючы з 1990 года, я быў перакананы, як перакананы і сёння, што нашая краіна ідзе да згубы. Неўзабаве яна будзе падзеленая. Я шукаў спосаб гучна заявіць пра гэта. Палічыў, што мой удзел у забеспячэнні работы «Камітэта» і наступны звязаны з гэтым разбор дасць мне магчымасць наўпрост сказаць пра гэта. Гучыць, напэўна, непераканаўча і наіўна, але гэта так. Ніякіх карыслівых матываў у гэтым маім рашэнні не было…»
«…Гарбачоў дарагі, але Айчына даражэйшая! Хай у гісторыі застанецца хоць след — супраць гібелі такой вялікай дзяржавы пратэставалі. А ўжо гісторыя ацэніць, хто мае рацыю, а хто вінаваты…»
Гэта быў асаблівы сведка. Са святая святых — з Крамля, галоўнай цытадэлі камунізму. Сведка таго жыцця, якое было ад нас схаванае. Ахоўвалася, як жыццё кітайскіх імператараў. Зямных багоў. Угаворвала я яго доўга.
з нашых тэлефонных размоў
…пры чым тут гісторыя? «Смажаныя» факты вам падавай, што-небудзь востранькае, з душком? На кроў, на мяса ўсе бягуць. Смерць — ужо тавар. Усё на рынак нясуць. Абывацель будзе ў захапленні… дадасць сабе адрэналінчыку… Не кожны дзень імперыя валіцца. Ляжыць пысай у брудзе! У крыві! І не кожны дзень Маршал імперыі канчае жыццё самагубствам… вешаецца ў Крамлі на батарэі паравога ацяплення… …чаму ён пайшоў? Яго краіна сышла, і ён пайшоў разам з ёй, ён больш сябе тут не бачыў. Ён… я так думаю… ужо ўявіў, як усё будзе. Як разбураць сацыялізм. Балбатня скончыцца крывёю. Рабаўніцтвам. Як стануць знішчаць помнікі. Савецкія багі пойдуць на металалом.
Ва ўтыль. Пачнуць пагражаць камуністам Нюрнбергам… А суддзі — хто? Адны камуністы судзілі б іншых камуністаў — тыя, хто выйшаў з партыі ў сераду, судзілі б тых, хто выйшаў з партыі ў чацвер. Як пераназавуць Ленінград… калыску рэвалюцыі… Як стане модным лаяць КПСС, і ўсе пачнуць яе лаяць. Як будуць хадзіць па вуліцах з плакатамі: «КПСС — капут!», «Кіруй, Барыс!». Шматтысячныя дэманстрацыі… Якая радасць на тварах! Краіна гінула, а яны былі шчаслівыя. Руйнаваць! Пілаваць! Для нас гэта заўсёды свята… свяцейка! Далі б толькі каманду «Фас!» Пачаліся б пагромы… «Жыдоў і камісараў да сценкі!» Народ гэтага чакаў. Быў бы рады. Наладзілі б паляванне на старых-пенсіянераў. Я сам знаходзіў на вуліцы ўлёткі з адрасамі асноўных работнікаў ЦК — прозвішча, дом, кватэра, а іх партрэты расклейвалі ўсюды, дзе толькі можна. Каб у выпадку чаго — даведаліся. Са сваіх кабінетаў партнаменклатура бегла з поліэтыленавымі пакетамі. З авоськамі. Шмат хто баяўся начаваць дома, хаваліся ў сваякоў. Інфармацыя ў нас была… Ведалі, як усё адбывалася ў Румыніі… Расстралялі Чаўшэску з жонкай, і пачкамі везлі і ставілі да сценкі чэкістаў, партыйную эліту. Засыпалі ў равах… (Доўгая паўза). А ён… ён быў ідэалістычны, рамантычны камуніст. Верыў у «зіхоткія вяршыні камунізму». У літаральным сэнсе. У тое, што камунізм прыйшоў назаўжды. Недарэчнае сёння гэта прызнанне… ідыёцкае… (Паўза.) Тое, што пачыналася, ён не прымаў. Бачыў, як заварушыліся маладыя драпежнікі… піянеры капіталізму… Не з Марксам і не з Леніным у галаве, а з доларам… …што гэта за путч, калі не страляюць? Войска баязліва збегла з Масквы. Пасля арышту членаў ГКЧП ён чакаў, што неўзабаве прыйдуць і па яго, павядуць у кайданках. З усіх памочнікаў і дарадцаў прэзідэнта ён адзін падтрымаў «путчыстаў». Падтрымаў адкрыта. Астатнія чакалі. Чакалі. Бюракратычны апарат — гэта машына з вялікімі магчымасцямі для манеўру… Да выжывання. Прынцыпы? У бюракратыі няма перакананняў, прынцыпаў, усёй гэтай мутнай метафізікі. Галоўнае — уседзець у крэсле, каб як насілі, так і неслі кадоўбчыкі мёду і сушаных уюноў Бюракратыя — наш канёк. Яшчэ Ленін казаў, што бюракратыя страшнейшая за Дзянікіна. Цэніцца толькі адно — асабістая адданасць, і не забывай, хто твой гаспадар, з чыёй рукі кормішся. (Паўза.) Ніхто пра ГКЧП праўды не ведае. Усе хлусяць. Так… вось… Насамрэч, была задуманая вялікая гульня, таемных спружынаў і ўсіх яе ўдзельнікаў мы не ведаем. Туманная роля Гарбачова… Што ён сказаў журналістам, калі вярнуўся з Фароса?
«Усяго я вам усё роўна ніколі не скажу». І не скажа! (Паўза.) І, можа быць, гэта таксама адна з прычынаў, чаму ён сышоў. (Паўза.) Статысячныя дэманстрацыі… гэта моцна дзейнічала… Цяжка было захаваць нармальны стан… Не за сябе ён баяўся… Не мог змірыцца з тым, што хутка ўсё будзе ўтаптана, забетанавана: савецкі лад, вялікая індустрыялізацыя… вялікая Перамога… І выявіцца, што і «Аўрора» не страляла, і штурму Зімняга не было… …лаюць эпоху… Час наш подлы. Пусты. Усё завалена анучамі і відзікамі. Дзе вялікая краіна? Як што якое, нікога мы сёння не пераможам. І Гагарын не паляціць.
Абсалютна нечакана напрыканцы адной нашай размовы я, нарэшце, пачула: «Добра, прыходзьце». Мы сустрэліся на наступны дзень у яго дома. Ён быў у чорным касцюме і гальштуку, нягледзячы на спякоту. Крамлёўская уніформа.
— А ці былі вы ў… (Называе некалькі вядомых прозвішчаў.)? А… (Яшчэ адно імя, якое даўно ва ўсіх на слыху.) Іх версія — забілі! — я ў гэта не веру. Быццам бы ходзяць чуткі пра нейкіх сведкаў… факты… Шпагат, маўляў, не той, тонкі ён, ім можна толькі задушыць, і ключ у кабінеце звонку быў пакінуты… Рознае кажуць… Людзі любяць таямніцы палацаў. Я вам скажу іншае: сведкамі таксама кіруюць. Гэта не робаты. Імі тэлебачанне кіруе. Газеты. Сябры… карпаратыўныя інтарэсы… У каго ісціна? Я так разумею, што праўду шукаюць спецыяльна навучаныя людзі: суддзі, навукоўцы, святары. Астатнія ўсе ва ўладзе сваіх амбіцый… эмоцый… (Паўза.) Я чытаў вашыя кнігі… Дарэмна вы так давяраеце чалавеку… чалавечай праўдзе… Гісторыя — гэта жыццё ідэй. Не людзі пішуць, а час піша. А чалавечая праўда — гэта цвік, на які кожны вешае свой капялюш.
…пачаць варта з Гарбачова… Без яго жылі б мы да гэтага часу ў СССР. Ельцын быў бы першым сакратаром абкама партыі ў Свярдлоўску, а Ягор Гайдар рэдагаваў бы артыкулы па эканоміцы ў газеце «Праўда» і верыў у сацыялізм. А Сабчак чытаў бы лекцыі ў Ленінградскім універсітэце… (Паўза.) СССР яшчэ надоўга б хапіла. Калос на гліняных нагах? Лухта поўная! Мы былі магутнай звышдзяржавай, дыктавалі сваю волю шмат якім краінам. Тая ж
Амерыка нас баялася. Жаночых калготак бракавала і джынсаў? Каб перамагчы ў атамнай вайне, патрэбныя не калготкі, а сучасныя ракеты і бамбавозы. У нас яны былі. Першакласныя. У якой заўгодна вайне мы б перамаглі. Рускі салдат не баіцца паміраць. У гэтым мы азіяты… (Паўза.) Сталін стварыў дзяржаву, якую немагчыма было прабіць знізу, яна была непрабівальная. А зверху — слабая, безабаронная. Ніхто не думаў, што руйнаваць яе пачнуць зверху, дарогаю здрады пойдзе вышэйшае кіраўніцтва краіны. Перараджэнцы! Генеральны сакратар выявіцца галоўным рэвалюцыянерам, што засеў у Крамлі. Зверху гэтую дзяржаву разбурыць было лёгка. Жорсткая дысцыпліна і іерархія ў партыі спрацавалі супраць яе. Выпадак унікальны ў гісторыі… Гэта… калі б Рымскую імперыю пачаў разбураць сам Цэзар… Не, Гарбачоў не пігмей, і не цацка ў руках абставін, і не агент ЦРУ… Хто ж ён?
«Магільшчык камунізму» і «здраднік Радзімы», «нобелеўскі трыумфатар» і «савецкі банкрут», «галоўны шасцідзясятнік» і «лепшы немец», «прарок» і «Іудушка», «вялікі рэфарматар» і «вялікі артыст», «вялікі Горбі» і «Гарбач», «чалавек стагоддзя» і «Герастрат»… Усё пра аднаго чалавека.
…да самагубства Ахрамееў рыхтаваўся некалькі дзён: дзве перадсмяротныя запіскі напісаныя 22-га, адна — 23-га і апошнія — 24 жніўня. А што адбылося ў гэты дзень? Менавіта 24 жніўня па радыё і тэлебачанні перадалі заяву Гарбачова пра складанне з сябе паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і яго заклік да самароспуску партыі: «трэба прыняць цяжкае, але сумленнае рашэнне». Генеральны сакратар пайшоў без барацьбы. Не звярнуўся да народу і мільёнаў камуністаў… Аддаў. Здаў усіх. Магу здагадацца, што перажыў у гэтыя хвіліны Ахрамееў. Не выключана, цалкам верагодна, што па дарозе на працу ён убачыў, як спускалі сцягі з дзяржаўных устаноў. З вежаў Крамля. Якія маглі быць у яго пачуцці? Камуніста… франтавіка… Усё яго жыццё страціла сэнс… Я не магу ўявіць яго ў сённяшнім нашым жыцці. Не савецкім. Што сядзеў бы ў прэзідыуме пад расійскім трыкалорам, а не пад чырвоным сцягам. Не пад партрэтам Леніна, а пад царскім арлом. Не ўпісваецца ён ніяк у новы інтэр’ер. Гэта быў савецкі Маршал… разумееце… Са-ве-цкі!! Толькі так, і не іначай. Толькі… У Крамлі яму было няўтульна. «Белая варона»… «салдафон»… Так ён і не прыжыўся, казаў, што «шчырая бескарыслівая супольнасць бывае толькі ў войску». Усё… вось… усё сваё жыццё ён пражыў з арміяй. З вайсковымі людзьмі. Паўстагоддзя. Ваенную форму апрануў у сямнаццаць гадоў. Гэта — тэрмін! Жыццё! У крамлёўскі кабінет пераехаў пасля адстаўкі з пасады начальніка Генштаба. Рапарт напісаў сам. З аднаго боку, ён лічыў, што трэба своечасова сысці (наглядзеліся катафалкаў), даваць дарогу маладым, а з другога — у яго пачаліся канфлікты з Гарбачовым. Той армію не любіў, як і Хрушчоў, які генералаў і наогул ваенных інакш як дармаедамі не называў. Краіна ў нас была вайсковая, адсоткаў семдзесят эканомікі так ці інакш абслугоўвала армію. І лепшыя галовы таксама… фізікі, матэматыкі… Усе працавалі на танкі і бомбы. Ідэалогія таксама вайсковая. А Гарбачоў быў вельмі цывільны чалавек. У ранейшых генсекаў у мінулым — вайна, а ў яго філасофскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. «Вы збіраецеся ваяваць? — пытаўся ён у вайскоўцаў. — Я не збіраюся. А генералаў і адміралаў у нас толькі ў адной Маскве больш, чым ва ўсім свеце». Раней ніхто так з вайскоўцамі не размаўляў, яны былі галоўныя людзі. Не міністр эканомікі першым рабіў справаздачу на Палітбюро, а міністр абароны: колькі выпусцілі ваеннага ўзбраення, а не відэамагнітафонаў. Таму відэамагнітафон у нас каштаваў, як кватэра. А тут усё змянілася… І вядома, вайскоўцы паўсталі. Нам патрэбна вялікая і моцная армія, у нас тэрыторыя вунь якая! — мяжуем з паловай свету. З намі лічацца, пакуль мы моцныя, а станем слабымі, ніякае «новае мысленне» нікога ні ў чым не пераканае. Ахрамееў асабіста шмат разоў яму дакладваў… Тут галоўнае разыходжанне паміж імі… Пра дробныя канфлікты, ні пра што такое я цяпер успамінаць не буду. З выступаў Гарбачова зніклі знаёмыя кожнаму савецкаму чалавеку словы: «інтрыгі міжнароднага імперыялізму», «удар у адказ», «заакіянскія верхаводы»… Усё гэта ён выкрэсліваў. Былі ў яго толькі «ворагі галоснасці» і «ворагі перабудовы». У сябе ў кабінеце мацюкаўся (майстра быў!) І называў іх мудакамі. (Паўза.) «Дылетант», «рускі Гандзі»… Не самае крыўднае з таго, што лунала ў крамлёўскіх калідорах. «Старыя зубры», вядома, у шоку, прадчувалі бяду: сам патоне і ўсіх патопіць. Для Амерыкі мы — «імперыя зла», нам пагражаюць крыжовым паходам… «зорнымі войнамі»… А наш галоўнакамандуючы накшталт будысцкага манаха: «свет як агульны дом», «перамены без гвалту і крыві», «вайна больш не з’яўляецца працягам палітыкі» і г. д. Ахрамееў доўга змагаўся, але стаміўся. Спачатку ён думаў, што гэта няправільна дакладваюць наверх, падманваюць, потым зразумеў, што гэта — здрада. І падаў рапарт. Гарбачоў адстаўку прыняў, але ад сябе не пусціў. Прызначыў ваенным дарадцам.
…небяспечна было кранаць гэтую канструкцыю. Сталінскую… савецкую… называйце, як заўгодна… Нашая дзяржава заўсёды існавала ў мабілізацыйным рэжыме. З першых дзён. На мірнае жыццё яна не разлічаная. Зноў жа… Думаеце, мы не маглі наштампаваць модных жаночых боцікаў і прыгожых станікаў? Пластмасавых «відзікаў». Лёгка. Але ў нас мэта была іншая… А народ? (Паўза.) Народ простых рэчаў чакае. Вялікай колькасці пернікаў. І — цара! Гарбачоў не захацеў быць царом. Адмовіўся. А ўзяць Ельцына… Калі ён адчуў у 93-м годзе, што прэзідэнцкае крэсла пад ім захісталася, ён не разгубіўся і даў каманду страляць па Парламенце. Камуністы ў 91-м пабаяліся страляць… Гарбачоў аддаў уладу без крыві… А Ельцын страляў з танкаў. Зладзіў бойню. Вось так… І яго падтрымалі. Краіна ў нас царская па менталітэце, падсвядома. Па генах. Усім цар патрэбны. Івана (у Еўропе яго назвалі «жахлівым»), які заліў рускія гарады крывёю і прайграў Лівонскую вайну, успамінаюць з жахам і захапленнем. Як і Пятра Першага, і Сталіна. А Аляксандра Другога Вызваліцеля… цара, які падараваў Расіі свабоду… забілі… Гэта ў чэхаў можа быць Вацлаў Гавел, а нам патрэбны не Сахараў, а цар. Цар-бацюшка! Генеральны сакратар ці прэзідэнт — у нас усё роўна гэта цар. (Доўгая паўза.)
Паказвае мне свой нататнік з цытатамі з твораў марксісцкіх класікаў. Запісваю сабе адну ленінскую цытату: «Я згодны жыць у свіным хляве — толькі была б у ім савецкая ўлада». Прызнаюся, што і я Леніна не чытала.
…ну, а гэта іншы… другі бок… Для разрадкі… У нас размова, як кажуць, у вузкім коле, за столікам. У Крамлі быў свой кухар. Усе члены Палітбюро замаўлялі ў яго селядцы, сала, чорную ікру, а Гарбачоў усё больш націскаў на кашы. Салацікі. Чорную ікру прасіў яму не даваць: «Ікра пад гарэлачку добра ідзе, а я не п’ю». Дыеты ў іх з Раісай Максімаўнай, разгрузачныя дні. Ні на каго з ранейшых генсекаў ён не быў падобны. Зусім не па-савецку, шчыра кахаў сваю жонку. Гулялі яны, трымаючыся за рукі. А Ельцын, да прыкладу, з раніцы просіць чарку і агурочак. Вось гэта — па-руску. (Паўза.) Крэмль — тэрарыум. Я распавяду… Толькі друкуйце без майго прозвішча… ананімна дайце інфармацыю… Я на пенсіі ўжо… Ельцын набраў сваю каманду, «гарбачоўцаў» вымелі, так ці інакш усіх прыбралі. Таму і сяджу з вамі, што пенсіянер, а так бы маўчаў, як партызан. Дыктафона не баюся, але ён мне перашкаджае. Звычка, ведаеце. Нас прасвечвалі, як на рэнтгене… (Паўза.) Здавалася б, дробязь, але гэта характарызуе чалавека… Ахрамееў пераехаў у Крэмль і адразу ж адмовіўся ад павышанага ў некалькі разоў акладу. Папрасіў пакінуць яму той, які ў яго быў: «Мне дастаткова». Хто з нас Дон-Кіхот? І хто, скажыце, лічыць Дон-Кіхота нармальным? Калі была апублікавана пастанова ЦК КПСС і ўрада (пачалася барацьба з прывілеямі) пра абавязковую здачу замежных падарункаў, даражэйшых за 500 рублёў, на карысць дзяржавы, ён быў першым і адным з нямногіх, хто гэтую пастанову выканаў. Крамлёўскія норавы… Служыць, прагінацца, ведаць, на каго данесці, а каму своечасова падгігікнуць. З кім павітацца, а каму злёгку кіўнуць галавой. Усё наперад пралічваць… Дзе вам далі кабінет? Побач з прэзідэнтам — на адным паверсе? Калі не — вы не чалавек… Так… дробная казурка… Якія ў вас стаяць тэлефоны? «Круцёлка» ёсць? А тэлефон з надпісам «прэзідэнт» для прамой сувязі з «самім»? Ці даюць вам машыну з гаража асобага прызначэння… …чытаю «Маё жыццё» Троцкага. Там добра адлюстраваная кухня рэвалюцыі… Усе цяпер заселі за Бухарына. Яго лозунг: «узбагачайцеся, назапашвайце» — прыйшоўся да месца. У саменькі раз.
«Бухарчык» (як ахрысціў яго Сталін) прапаноўваў «урастаць у сацыялізм», Сталіна называў Чынгісханам. Але таксама постаць неадназначная… Гатовы быў, як усе, кідаць людзей у печку сусветнай рэвалюцыі без разбору. Выхоўваць расстрэламі. Гэта не Сталін першы прыдумаў… Усе яны вайсковыя людзі — пасля рэвалюцыі, пасля грамадзянскай вайны. Пасля крыві… (Паўза.) У Леніна ёсць заўвага, што рэвалюцыі прыходзяць тады, калі яны самі гэтага хочуць, а не калі нехта хоча. Так… вось… так… Перабудова… галоснасць… Усё мы выпусцілі з рук… Чаму? У вышэйшых эшалонах улады было нямала разумных людзей. Чыталі Бжэзінскага… Але ўяўленне было такое: падрамантуем, падмажам і далей паедзем. Не ведалі, да якой ступені нашым людзям абрыдла ўсё савецкае. Самі мала верылі ў «светлую будучыню», але верылі, што народ верыць… (Паўза.) Не… Ахрамеева не забілі… Адкінем канспіралагічныя тэорыі… Самагубства — гэта быў ягоны апошні аргумент. Сыходзячы, ён усё ж сказаў пра галоўнае: ляцім у бездань. Была вялізная краіна, гэтая краіна выйграла страшную вайну — і вось яна падае. Кітай не паваліўся. І Паўночная Карэя, дзе людзі мруць ад голаду. І маленькая сацыялістычная Куба стаіць, а мы знікаем. Нас узялі не танкамі і ракетамі, а знішчылі тое, чым мы заўсёды былі моцныя. Наш дух. Згніла сістэма, згніла партыя. І можа быць, менавіта таму… гэта таксама адна з прычын яго сыходу… …нарадзіўся ён у глухой мардоўскай вёсцы, рана застаўся без бацькоў. Пайшоў на вайну курсантам ваенна-марскога вучылішча. Добраахвотнікам. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі — поўнае нервовае знясіленне, важыў трыццаць восем кілаграмаў. (Паўза.) Перамагла змучаная, хворая армія. Знясіленая, прастуджаная. З радыкулітамі, артрытамі… язвай страўніка… Я такую яе памятаю… Мы з ім з аднаго пакалення — людзі вайны. (Паўза.) Ад курсанта ён падняўся да самых вяршыняў ваеннай піраміды. Савецкая ўлада дала яму ўсё: вышэйшае воінскае званне Маршала, Зорку Героя, Ленінскую прэмію… Не спадчынніку трона, а хлопчыку з простай сялянскай сям’і. З глухой ускраіны. І тысячам такіх, як ён, дала яна шанец. Бедным… маленькім людзям… І ён любіў савецкую ўладу.
Званок у дзверы. Заходзіць нехта са знаёмых. Нешта доўга абмяркоўваюць у вітальні. Калі N. вяртаецца, я бачу: ён крыху засмучаны і гаворыць ужо не так ахвотна, але потым, на шчасце, зноў загараецца.
— Мы разам працавалі… клікаў да нас… Адмовіўся: гэта партыйная таямніца, і выдаваць яе нельга. Навошта падпускаць да яе чужых. (Паўза.) Я не быў сябрам Ахрамеева, але я ведаў яго шмат гадоў. Ніхто не пайшоў на крыж, каб уратаваць краіну. Толькі ён. А мы сталі клапаціцца пра персанальныя пенсіі і захаванне за намі дзяржаўных лецішчаў. Не магу змаўчаць…
Да Гарбачова нашых лідараў народ бачыў толькі на трыбуне маўзалея: андатравыя шапкі і каменныя твары. Анекдот: «Чаму зніклі андатравыя шапкі?» — «Таму што наменклатура размнажаецца хутчэй за андатру». (Смяецца.) Нідзе гэтулькі не распавядалі анекдотаў, як у Крамлі. Палітычных анекдотаў… антысавецкіх… (Паўза.) Перабудова… Дакладна не памятаю, але мне здаецца, што першы раз я пачуў гэта слова за мяжой ад замежных журналістаў. У нас часцей казалі: «паскарэнне» і «ленінскі шлях». А за мяжой пачаўся гарбачоўскі бум, увесь свет захварэў на «горбіманію». Там перабудовай называлі ўсё, што ў нас адбывалася. Усе перамены. Калі па вуліцы ехаў картэж з Гарбачовым, стаялі тысячы людзей уздоўж дарогі. Слёзы, усмешкі. Гэта ўсё я памятаю… Нас палюбілі! Знік страх перад КДБ, а галоўнае — абвясцілі канец ядзернаму шаленству… І за гэта свет быў нам удзячны. Цягам дзесяцігоддзяў атамнай вайны баяліся ўсе, нават дзеці. Прывыклі глядзець адзін на аднаго з акопа. Праз прыцэл… (Паўза.) У еўрапейскіх краінах сталі вучыць рускую мову… у рэстаранах падавалі рускія стравы: боршч, пельмені… (Паўза.) Я дзесяць гадоў адпрацаваў у ЗША і Канадзе. Вярнуўся дадому ў гарбачоўскі час… Убачыў шмат шчырых, сумленных людзей, якія прагнуць ва ўсім удзельнічаць. Я бачыў такіх людзей… калі паляцеў у космас Гагарын… Такія твары… У Гарбачова было шмат аднадумцаў, але менш за ўсё іх было сярод наменклатуры. Цэкоўскай… абкамаўскай… «Курортны сакратар» — гэта за тое, што ўзялі яго ў Маскву са Стаўрапаля, дзе любілі адпачываць генеральныя сакратары, члены Палітбюро. «Мінеральны сакратар» і «сокін сын» за антыалкагольную кампанію. Кампрамат назапашваўся: будучы ў Лондане, не наведаў магілу Маркса… Выпадак неверагодны! Вярнуўся з Канады, казаў усім, як там добра. І тое добра, і гэта… а ў нас… Зразумела, што ў нас… Хтосьці не вытрымаў: «Міхаіл Сяргеевіч, і ў нас так будзе гадоў праз сто». — «Ну, ты аптыміст». Дарэчы, тыкаў ён усім… (Паўза.) Прачытаў у аднаго «дэмакратычнага» публіцыста, што ваеннае пакаленне… гэта значыць — мы… заседзелася ва ўладзе. Перамаглі, адбудавалі краіну і трэба было сыходзіць, бо іншага разумення жыцця, акрамя як жыць па ваенных мерках, не мелі. Таму і сунемся ў хвасце… (Агрэсіўна.) «Чыкагскія хлопчыкі»… «рэфарматары ў ружовых штоніках»… Дзе вялікая краіна? Калі б гэта была вайна, мы б перамаглі. Калі б вайна… (Доўга супакойваецца.)
…Але чым далей, тым больш Гарбачоў нагадваў прапаведніка, а не Генеральнага сакратара. Стаў тэлезоркай. Хутка ўсім надакучыла слухаць яго казанні: «назад да Леніна»… «скачок у развіты сацыялізм»… Узнікае пытанне: а што тады ў нас пабудавана — «недаразвіты сацыялізм»? Што ў нас… (Паўза.) Я памятаю, што за мяжой мы бачылі іншага Гарбачова, там ён мала нагадваў таго Гарбачова, якога ведалі дома. Там ён адчуваў сябе вольным. Удала жартаваў, выразна фармуляваў свае думкі. А дома інтрыгаваў, лавіраваў. І таму здаваўся слабым. Балбатуном. Але слабым ён не быў. І баязліўцам таксама.
Усё гэта — няпраўда. Халодны і спрактыкаваны палітык. Чаму два Гарбачовы? Калі б ён быў дома адкрытым, як «там», яго б «старыя» імгненна раскусілі і з’елі. Ёсць яшчэ адна прычына… Ён… я так думаю… даўно перастаў быць камуністам… ужо не верыў у камунізм… Таемна або падсвядома ён быў сацыял-дэмакратам. Асабліва не афішавалася, але ўсе ведалі, што ў маладосці ён вучыўся ў Маскоўскім універсітэце (МДУ) разам з лідарам Пражскай вясны Аляксандрам Дубчакам і яго паплечнікам Здэнекам Млынаржам. Яны сябравалі. Млынарж напісаў у сваіх успамінах, што, калі ім прачыталі на закрытым партсходзе ва ўніверсітэце даклад Хрушчова на дваццатым з’ездзе, яны перажылі такое ўзрушэнне, што ўсю ноч блукалі па Маскве. А раніцай на Ленінскіх гарах, як калісьці Герцэн і Агароў, пакляліся ўсё жыццё змагацца са сталінізмам. (Паўза.) Уся перабудова адтуль… З хрушчоўскай адлігі… …Мы ўжо пачыналі гэтую тэму… Ад Сталіна і да Брэжнева на чале краіны стаялі кіраўнікі, якія ваявалі. Перажылі час тэрору. Іх псіхалогія склалася ва ўмовах гвалту. Пастаяннага страху. Не маглі яны забыцца і на сорак першы год… Ганебнае адступленне Чырвонай арміі да Масквы. Як у бой салдат выпраўлялі са словамі: зброю здабудзеце ў баі. Людзей не лічылі, а патроны лічылі. Нармальна… Лагічна, што людзі з такой памяццю верылі ў тое, што для перамогі над ворагам трэба кляпаць танкі і самалёты. Чым больш, тым лепш. Узбраення ў свеце назапасілася столькі, што СССР і Амерыка маглі забіць адно аднаго тысячу разоў. А зброю працягвалі кляпаць. І вось прыйшло новае пакаленне… Уся гарбачоўская каманда — гэта дзеці ваеннага часу… У іх свядомасці адбілася радасць свету… маршал Жукаў, які прымае парад Перамогі на белым скакуне… Ужо іншае пакаленне… і іншы свет… Першыя не давяралі Захаду, бачылі ў ім ворага, а другія хацелі жыць, як на Захадзе. Вядома, «старых» Гарбачоў напужаў… Пужалі ягоныя размовы пра «будаўніцтва бяз’ядзернага свету» — бывай, пасляваенная дактрына «раўнавагі страху», пра тое, што «ў ядзернай вайне не можа быць пераможцаў», — значыць, згортваем «абаронку», скарачаем армію. Першакласныя ваенныя заводы стануць каструлі выпускаць і сокавыціскалкі… Так ці што? Быў момант, калі вышэйшы генералітэт знаходзіўся амаль у стане вайны супраць палітычнага кіраўніцтва. Супраць Генеральнага сакратара. Яму не маглі дараваць страту Усходняга блока, нашых уцёкаў з Еўропы. Асабліва з ГДР. Нават канцлер Коль быў здзіўлены марнатраўствам Гарбачова: нам прапаноўвалі велізарныя грошы за сыход з Еўропы, ён адмовіўся. Здзіўляла ягоная наіўнасць. Руская прастата. Так хацелася яму, каб яго любілі… каб французскія хіпі насілі майкі з ягоным партрэтам… Інтарэсы краіны здаваліся бяздарна і ганебна. Армію выводзілі ў лес, у рускае поле. Афіцэры і салдаты жылі ў палатках. У зямлянках. Перабудова… як вайна… гэта не было падобным да адраджэння…
На савецка-амерыканскіх перамовах па раззбраенні амерыканцы заўсёды атрымлівалі тое, што хацелі менавіта яны. Ахрамееў апісвае ў кнізе «Вачыма маршала і дыпламата», як ішлі дэбаты па ракеце «Ака» (на Захадзе яе называлі СС-23). Ракета новая, ні ў кога больш такой не было, і амерыканскі бок меў на мэце яе знішчыць. Але пад пункты дамовы яна не трапляла: знішчэнню падлягалі ракеты сярэдняй дальнасці ад 1000 да 5500 км і менш — ад 500 да 1000 км. Баявы радыус «Акі» — 400 км. Савецкі Генштаб прапаноўваў амерыканцам: вось жа, давайце сумленна — забаронім усе ракеты ў дыяпазоне не з 500, а з 400 да 1000 км. Але тады амерыканцам давялося б ахвяраваць сваёй мадэрнізаванай ракетай «Лэнс-2» з дальнасцю 450–470 км. Доўгая закулісная барацьба… Таемна ад вайскоўцаў Гарбачоў асабіста прыняў рашэнне аб знішчэнні «Акі». Менавіта тады Ахрамееў сказаў сваю знакамітую фразу: «Можа быць, нам адразу папрасіць палітычны прытулак у нейтральнай Швейцарыі і не вяртацца дадому?» Не мог ён удзельнічаць у развале таго, чаму аддаў усё сваё жыццё… (Паўза.) Свет стаў аднапалярным, цяпер ён належыць Амерыцы. Мы сталі слабымі, нас адразу ж засунулі на перыферыю. Ператварылі ў другарадную, пераможаную краіну. У Другой сусветнай вайне мы перамаглі… Трэцюю сусветную прайгралі… (Паўза.) Вось ён… яму гэта было невыносна… …14 снежня 1989 года… Пахаванне Сахарава. На вуліцах Масквы тысячы людзей. Па міліцэйскіх звестках, ад сямідзесяці да ста тысяч. Каля труны стаяць Ельцын, Сабчак, Старавойтава… Амерыканскі амбасадар Джэк Мэтлак напісаў у сваіх мемуарах, што прысутнасць гэтых людзей на пахаванні «сімвала рускай рэвалюцыі», «галоўнага дысідэнта краіны» для яго было заканамерным, а здзівіўся ён, калі «ўбачыў трохі ў баку самотную постаць Маршала С. Ахрамеева». Пры жыцці Сахарава яны былі ворагамі, непрымірымымі апанентамі. (Паўза.) Але Ахрамееў прыйшоў развітацца. З Крамля нікога, акрамя яго, там не было… і з Генштаба… …Далі трохі свабоды, і адусюль адразу вылезла мяшчанскае мурло. Для Ахрамеева, аскета і бяссрэбраніка, гэта быў удар. У самае сэрца. Ён не мог паверыць, што ў нас можа быць капіталізм. З нашымі савецкімі людзьмі, з нашай савецкай гісторыяй… (Паўза.) У мяне да гэтага часу перад вачыма кадры: як па дзяржаўным лецішчы, дзе Ахрамееў жыў з сям’ёй з васьмі чалавек, бегае бялявая дзяўчына і крычыць: «Паглядзіце — два халадзільнікі і два тэлевізары! А хто ён такі, гэты маршал Ахрамееў, каб у яго было два тэлевізары і два халадзільнікі?» Сёння маўчаць… ані гуку… А ўсе ранейшыя рэкорды, што да лецішчаў, кватэр, машын і іншых прывілеяў даўно пабітыя. Раскошныя аўтамабілі, заходняя мэбля ў кабінетах, адпачынак не ў Крыме, а ў Італіі… У нас у кабінетах стаяла савецкая мэбля і на машынах мы ездзілі на савецкіх. Насілі савецкія касцюмы і чаравікі. Хрушчоў з шахцёрскай сям’і… Касыгін з сялян… Усе, як я ўжо казаў, з вайны. Досвед жыцця, вядома, абмежаваны. Не толькі народ, але і лідары жылі за «жалезнай заслонай». Усе жылі, як у акварыуме… (Паўза.) Зноў жа… можа, гэта прыватная рэч, але пасляваенная няміласць да маршала Жукава была звязана не толькі з рэўнасцю Сталіна да ягонай славы, але і з колькасцю вывезеных з Германіі дываноў, мэблі, паляўнічых стрэльбаў, якія захоўваліся ў яго на лецішчы. Хоць усё гэтае дабро ўлезла б у дзве легкавушкі. Але бальшавік не можа мець столькі барахла… Па цяперашніх часах смешна… (Паўза.) Гарбачоў любіў раскошу… У Фаросе яму пабудавалі дачу… Мармур з Італіі, плітка з Германіі… пясок для пляжа з Балгарыі… Ні адзін заходні лідар не меў у сябе нічога падобнага. Крымская дача Сталіна, калі параўнаць яе з гарбачоўскай, нагадвала інтэрнат. Генсекі мяняліся… асабліва іх жонкі…
Хто абараняў камунізм? Не прафесары і не сакратары ЦК… а ленінградскі выкладчык хіміі Ніна Андрэева кінулася абараняць камунізм… І нарабіў шуму ейны артыкул «Не магу адступіцца ад прынцыпаў». Ахрамееў таксама пісаў… выступаў… Казаў мне: «Трэба даваць здачы». Яму тэлефанавалі, пагражалі: «вайсковы злачынца» — гэта за Афганістан. Мала хто ведаў, што ён быў супраць афганскай вайны. І не вывозіў з Кабула алмазы і іншыя каштоўныя камяні, карціны з нацыянальнага музея, як іншыя генералы. Яго пастаянна ў друку аблівалі брудам… За тое, што перашкаджаў «новым гісторыкам», якім трэба было даказаць, што ў нас нічога не было, ззаду — пустыня. І Перамогі — не было. А былі заградатрады і штрафбаты. Вайну выйгралі вязні, гэта яны пад кулямётамі дайшлі да Берліна. Якая Перамога? Закідалі Еўропу трупамі… (Паўза.) Армію прыніжалі і абражалі. Хіба магла такая армія перамагчы ў дзевяноста першым? (Паўза.) І хіба мог яе маршал гэта перажыць?..
Пахаванне Ахрамеева… Каля магілы стаялі родныя і некалькі сяброў. Не было ваеннага салюту. Газета «Правда» не ўважыла некралогам былога начальніка Генштаба чатырохмільённай арміі. Новы міністр абароны Шапашнікаў (былы міністр Язаў сядзеў у турме разам з іншымі «путчыстамі»), здаецца, у гэты час быў заклапочаны тым, як засяліцца ў кватэру Язава, з якой тэрмінова выганялі жонку апошняга. Інтарэсы шкурныя… Але… я скажу… гэта важна… Членаў ГКЧП можна абвінаваціць у чым заўгодна, але не ў заклапочанасці асабістымі мэтамі. У карысці… (Паўза.) Па крамлёўскіх калідорах пра Ахрамеева шэпчуцца: «Не на таго коніка паставіў». Чыноўнікі перабягалі да Ельцына… (Перапытвае.) Паняцце гонару? Не задавайце наіўных пытанняў… Нармальныя людзі выходзяць з моды… Артыкул-некралог з’явіўся ў амерыканскім часопісе «Тайм». Напісаў яго адмірал Уільям Кроўв, які займаў у часы Рэйгана пасаду старшыні Камітэта начальнікаў штабоў ЗША (адпавядае нашаму начальніку Генштаба). Яны шмат разоў сустракаліся на перамовах па ваенных пытаннях. І ён паважаў Ахрамеева за яго веру, хоць яна яму была чужая. Вораг пакланіўся… (Паўза.)
Толькі савецкі чалавек можа зразумець савецкага чалавека. Іншаму б я распавядаць не стаў…
з жыцця пасля жыцця
«1 верасня ў Маскве на Траякураўскіх спецмогілках для высокапастаўленых асобаў (філіял маскоўскіх Новадзявочых могілак) быў пахаваны Маршал Савецкага Саюза С. Ф. Ахрамееў.
У ноч з першага на другое верасня невядомыя раскапалі магілу Ахрамеева і яго суседа па могілках — генерал-палкоўніка Срэднева, пахаванага тыдзень таму. Следства мяркуе, што магіла Срэднева была раскапана першай, відаць, памылкова… Марадзёры знеслі маршальскую форму Ахрамеева з залатымі галунамі… і маршальскую шапку, якую, згодна з вайсковай традыцыяй, прыбіваюць да труны. А таксама шматлікія ордэны і медалі.
Следчыя ўпэўнена заяўляюць, што магілу Маршала Ахрамеева апаганілі не па палітычных, а па камерцыйных матывах. Мундзіры вышэйшых военачальнікаў карыстаюцца асаблівым попытам у перакупшчыкаў антыкварыяту. А ўжо маршальскую форму ў іх з рукамі адарвуць…»
з інтэрв’ю на Чырвонай плошчы (снежань 1997 года)
«Я — канструктар…
Да жніўня дзевяноста першага года мы жылі ў адной краіне, пасля жніўня — у іншай. Да жніўня мая краіна называлася СССР…
Хто я? Я адзін з тых ідыётаў, хто абараняў Ельцына. Стаяў каля Белага дома і гатовы быў легчы пад танк. Людзі выйшлі на вуліцу на хвалі, на ўздыме. Але памерці яны гатовыя былі за свабоду, а не за капіталізм. Я лічу сябе чалавекам падманутым. Мне не патрэбны капіталізм, да якога нас прывялі… падсунулі… ні ў якой форме — ні ў амерыканскай, ні ў шведскай. Я не дзеля чыіх-небудзь «бабак» рэвалюцыю рабіў. Мы крычалі «Расія» замест таго, каб крычаць «СССР». Мне шкада, што нас тады не разагналі брандспойтамі і не выкацілі на плошчу пару кулямётаў. Трэба было арыштаваць дзвесце-трыста чалавек, астатнія б зашыліся па кутах. (Паўза.) Дзе сёння тыя, хто клікаў нас на плошчу: «Далоў крамлёўскую мафію!», «Заўтра — свабода!»? Сказаць ім нам няма чаго. Звалілі на Захад, цяпер там лаюць сацыялізм. Сядзяць у чыкагскіх лабараторыях… А мы… тут… Расія… Аб яе выцерлі ногі. Кожны можа даць ёй у зубы.
Ператварылі ў заходні сметнік ношанага рыззя, пратэрмінаваных лекаў. Хламу! (Мат.) Сыравінны прыдатак, газавы кранік… Савецкая ўлада? Яна была не ідэальная, але яна была лепшай за тое, што цяпер. Больш годнай. Увогуле, сацыялізм мяне задавальняў: не было ні празмерна багатых, ні бедных… бамжоў і беспрытульных… Старыя маглі пражыць на свае пенсіі, пляшкі на вуліцах не збіралі. Недаедкі. У вочы не зазіралі, не стаялі з працягнутай рукою… Колькі людзей забіла перабудова — яшчэ трэба палічыць. (Паўза.) Жыццё нашае ранейшае даастатку знішчана, не засталося каменя на камені. Хутка з сынам не будзе пра што пагаварыць. «Тата, Паўлік Марозаў — адмарозак, а Марат Казей — дзівак, — кажа мне мой сын, прыйшоўшы са школы, — а ты мяне вучыў…» Я вучыў яго, як вучылі мяне. Правільна вучыў. «Гэтае жахлівае савецкае выхаванне…» А «гэтае жахлівае савецкае выхаванне» навучыла мяне думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых. Пра тых, хто слабейшы, пра тых, каму кепска. Для мяне героем быў Гастэла, а не гэтыя… у малінавых пінжаках… з філасофіяй, што свая кашуля бліжэй да цела, свой тлушч цяплейшы, свае грошыкі званчэйшыя. «Не гані, тата, «духоўку»… «гуманістычная баланда»… Дзе яго гэтаму вучаць? Людзі цяпер іншыя… капіталістычныя… Разумееце! Ён гэта ўбірае, яму дванаццаць гадоў. Я для яго ўжо не прыклад.
Чаму я абараняў Ельцына? Адно толькі яго выступленне, што трэба забраць прывілеі ў наменклатуры, дало яму мільёны прыхільнікаў. Я гатовы быў узяць аўтамат і страляць камуністаў. Мяне пераканалі… Мы не разумелі, што нам рыхтуюць наўзамен. Падсоўваюць. Грандыёзны падман! Ельцын выступіў супраць «чырвоных» і запісаў сябе ў «белыя». Гэта катастрофа… Пытанне: чаго мы хацелі? Мяккага сацыялізму… чалавечага… Што маем? На вуліцы — люты капіталізм. Страляніна. Разборкі. Разбіраюцца — хто ларочнік, а хто ўладальнік завода. Наверх вылезлі бандыты… фарцоўшчыкі і мянялы ўзялі ўладу… Вакол ворагі і драпежнікі. Шакалы! (Паўза.) Не магу забыць… я не магу забыць, як мы стаялі каля Белага дома… Каму мы цягалі каштаны з агню? (Мат.) Бацька мой быў сапраўдны камуніст. Праўдзівы. Працаваў парторгам на вялікім заводзе. Удзельнік вайны. Я — яму: «Свабода! Станем нармальнай… цывілізаванай краінай…» А ён — мне: «Твае дзеці будуць служыць у пана. Ты гэтага хочаш?» Я малады быў… дурань… Смяяўся з яго… Дзіка наіўныя мы былі. Я не ведаю, чаму ўсё так атрымалася? Не ведаю. Не гэтак, як мы хацелі. У нас было іншае ў галаве. Перабудова… у гэтым было нешта вялікае… (Паўза.) Праз год зачынілі нашае праектнае бюро, мы з жонкай апынуліся на вуліцы. Як жылі? Вынеслі на рынак усе каштоўныя рэчы. Крышталь, савецкае золата і самае каштоўнае, што ў нас было, — кнігі. Тыднямі елі адну бульбу. Я заняўся «бізнесам». Прадаваў на рынку «бычкі» — недакураныя цыгарэты. Літровы слоік «бычкоў»… трохлітровы… Бацькі жонкі (выкладчыкі ВНУ) збіралі іх на вуліцы, а я прадаваў. І людзі куплялі. Палілі. Я сам паліў. Жонка офісы прыбірала. Адзін час у нейкага таджыка пельменямі гандлявалі. За сваю наіўнасць мы ўсе дорага заплацілі. Мы ўсе… Цяпер з жонкай курэй разводзім, яна плача без канца. Вярнуць бы ўсё назад… І не трэба кідаць у мяне чаравікам… Гэта не настальгія па шэрай каўбасе за два рублі дваццаць капеек…»
«Я — бізнесовец…
Камуністы клятыя і гэбня… Я ненавіджу камуністаў. Савецкая гісторыя — гэта НКВД, ГУЛАГ, СМЕРШ. Мяне ванітуе ад чырвонага колеру. Чырвоных гваздзікоў… Жонка купіла чырвоную блузку: «Ты што, з глузду з’ехала!» Я прыраўноўваю Сталіна да Гітлера. І патрабую Нюрнберга для чырвоных сук. Усім чырвоным сабакам — смерць! Усюды нас атачаюць пяціканцовыя зоркі. Бальшавіцкія ідалы як стаялі, так і стаяць на плошчах. Я іду па вуліцы з дзіцём, яно пытаецца: «Хто гэта?» А гэта помнік Розе Зямлячцы, якая крывёю заліла Крым. Асабіста любіла расстрэльваць маладых белых афіцэраў… І я не ведаю, што мне дзіцяці адказваць?
Пакуль мумія… савецкі фараон… будзе ляжаць на Чырвонай плошчы пад капішчам, будзем пакутаваць. Будзем праклятыя…»
«Я — кандытар…
Мой муж мог бы расказаць… Дзе ён? — (Азіраецца па баках.) — А я — што? Пірожныя ляплю…
Дзевяноста першы год? Харошыя мы тады былі… Прыгожыя… Не былі натоўпам. Я бачыла, як чалавек скакаў. Скакаў і крычаў: «Хунце — п…ц! Хунце — п…ц!» (Закрывае твар рукамі.) Ой, не запісвайце! О-ёй! З песні слова не выкінеш, але слова ж непрыстойнае. Немалады гэта быў мужчына… скакаў… Мы іх перамаглі і радаваліся. А ў іх, кажуць, ужо расстрэльныя спісы ляжалі напагатове. Ельцын першы… Нядаўна я іх усіх па тэлевізары бачыла… хунту гэтую… Старыя і дурныя. А тады тры дні быў жудасны адчай: няўжо канец? Фізічны страх. Вось гэты дух свабоды… яго ўсе адчулі… І страх — гэта страціць. Гарбачоў — вялікі чалавек… адкрыў шлюзы… Яго любілі, але нядоўга, хутка ў ім стала раздражняць усё: як ён кажа, што ён кажа, яго манеры, яго жонка. (Смяецца.) Па Расіі мчыцца тройка: Райка, Мішка, перастройка. Узяць вось Наіну Ельцыну… Яе любяць больш, яна заўсёды за спінай мужа. А Раіса хацела стаць побач, а то і паперадзе. А ў нас так: альбо ты сама царыца, альбо ты цару не замінай. Камунізм — як сухі закон: ідэя добрая, але не працуе. Так мой муж кажа… Чырвоныя святыя… яны былі… узяць Мікалая Астроўскага… Святы! Але кроўкі колькі пусцілі. Расія вычарпала свой ліміт на кроў, на войны і рэвалюцыі… Для новай крыві няма ні сілаў, ні нейкага шаленства. Людзі ўдосталь напакутаваліся. Цяпер ходзяць па рынках — гардзіны і фіранкі выбіраюць, шпалеры, патэльнечкі там усялякія. Падабаецца ўсё яркае. Таму што раней усё ў нас было шэрае, непрыгожае. Радуемся, як дзеці, пральнай машыне з сямнаццаццю рэжымамі. Маіх бацькоў ужо няма: мамы — сем, а таты — восем гадоў, але я дагэтуль карыстаюся запалкамі, якія мама назапасіла, і крупы ляжаць. І соль. Мама ўсё купляла (тады гаварылі не «купляла», а «даставала») і складвала на чорны дзень… Цяпер мы ходзім па рынках і крамах, як па выставах, — усяго навалам. Хочацца сябе папесціць, пашкадаваць. Гэта псіхатэрапія… мы ўсе хворыя… (Задумалася.) Як жа трэба было намучыцца, каб запалак столькі набраць. У мяне язык не паварочваецца назваць гэта мяшчанствам. Рэчавізмам. Гэта лячэнне… (Маўчыць.) Чым далей, тым менш пра путч успамінаюць. Сталі саромецца. Адчування перамогі ўжо няма. Таму што… я не хацела, каб знішчалася савецкая дзяржава. Як мы яе руйнавалі! З радасцю! А я палову свайго жыцця пражыла там… Гэта нельга ўзяць і выкрасліць… Пагадзіцеся! У мяне ў галаве ўсё забудавана па-савецку. Да чагосьці іншага яшчэ дапаўзці трэба. Людзі дрэннае мала цяпер успамінаюць, а ганарацца Перамогай, тым, што мы першыя паляцелі ў космас. Тое, што крамы пустыя былі… — гэта забылася… і ўжо не верыцца…
Адразу пасля путчу я паехала да дзеда ў вёску… Радыё з рук не выпускала. Раніцай пайшлі грады капаць. Пяць-дзесяць хвілін пройдзе, і я кідаю рыдлёўку: дзед, ты паслухай… Ельцын выступае… І зноў: дзед… ідзі сюды… Дзед трываў-трываў і не вытрымаў: «Ты капай глыбей і не слухай, што яны там гавораць. Нашае выратаванне ў зямлі — уродзіць бульба ці не ўродзіць». Мудры быў дзед. Увечары прыйшоў сусед. Я ім падкінула тэму пра Сталіна. Сусед: «Харошы быў чалавек, але доўга жыў». Мой дзед: «А я яго, нягодніка, перажыў». А я ўсё з прыёмнікам хадзіла. Мяне трэсла ад захаплення. Найвялікшае гора — дэпутаты сыходзяць на абед. Дзеянне перапынялася.
…Што ў мяне ёсць? З чым я засталася? У мяне ёсць велізарная бібліятэка і фанатэка — усё! І ў маёй мамы, яна кандыдат хімічных навук, таксама кнігі і рэдкая калекцыя мінералаў. Да яе залез злодзей… Ноччу яна прачынаецца, а пасярод кватэры (кватэра аднапакаёвая) стаіць малады бугай. Адкрыў шафу і вышпурвае ўсё адтуль. Кідае рэчы на падлогу са словамі: «Інтэлігенцыя клятая… нават футра прыстойнага няма…» Потым ён проста ляснуў дзвярыма і пайшоў. Браць жа яму не было чаго. Вось такая ў нас інтэлігенцыя. З гэтым мы засталіся. А вакол хтосьці будуе катэджы, купляе дарагія машыны. Я ніколі не бачыла брыльянт…
Жыццё ў Расіі — гэта белетрыстыка. Але я хачу жыць тут… з савецкімі людзьмі… І глядзець савецкія фільмы. Хай гэта хлусня, хай рабіліся яны па замове, але я іх люблю. (Смяецца.) Не дай Бог, муж убачыць мяне па тэлевізары…»
«Я — афіцэр…
Цяпер я… Прашу слова. (Малады хлопец — гадоў дваццаці пяці.) Запісвайце: я — праваслаўны рускі патрыёт. Служу Госпаду нашаму. Служу старанна… з дапамогай малітваў… Хто прадаў Расію? Габрэі. Бязродныя. Ад жыда і Бог шмат разоў плакаў.
Сусветная змова… Мы маем справу са змовай супраць Расіі. План ЦРУ… І не хачу слухаць… Не кажыце мне, што гэта фальшыўка! Маўчаць! План дырэктара ЦРУ Алена Далеса… «Пасеяўшы хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя. Мы знойдзем сваіх аднадумцаў, сваіх саюзнікаў у самой Расіі… Мы зробім з маладых людзей цынікаў, пашлякоў, касмапалітаў. Вось так мы зробім…» Зразумела? Габрэі і амерыкосы — нашыя ворагі. Тупыя янкі. Прамова прэзідэнта Клінтана на закрытай нарадзе амерыканскіх палітычных вярхоў: «Мы дабіліся таго, што збіраўся зрабіць прэзідэнт Трумэн з дапамогай ядзернай бомбы… Мы здолелі бяскроўна вывесці з вайны за сусветнае панаванне дзяржаву, якая складае асноўную канкурэнцыю Амерыцы…» Дакуль ворагам нашым узносіцца над намі? Ісус сказаў: не бойцеся і не жахайцеся, будзьце цвёрдымі і мужнымі. Гасподзь памілуе Расію і прывядзе яе шляхам пакут да вялікай славы…
Спыніць яго я не ў стане.
…У дзевяноста першым я скончыў ваеннае вучылішча, атрымаў дзве зорачкі. Лейтэнанта. Ганарыўся і форму не здымаў. Савецкі афіцэр! Абаронца! А пасля правалу ГКЧП ездзіў на службу ў цывільным і там пераапранаўся. Любы дзед мог падысці на аўтобусным прыпынку і спытаць: «Што ж ты Радзіму не абараніў, сынок? Сукін сын! Ты ж прысягаў». Афіцэры галоднымі служылі. За афіцэрскую зарплату можна было купіць кілаграм таннай каўбасы. Звольніўся з арміі. Быў час — уначы прастытутак ахоўваў. Цяпер ахоўнікам служу ў адной фірме. Жыды! Усе беды ад іх… А рускаму чалавеку ходу няма. Хрыста яны ўкрыжавалі… (тыцкае мне нейкую ўлётку.) Чытайце… Ні міліцыя, ні армія сабчакоў і чубайсаў… і нямцовых… не абароніць ад справядлівага народнага гневу. «Хаім, ты чуў, што хутка будзе пагром?» — «А я не баюся. Я па пашпарце рускі». — «Дурань, біць будуць па мордзе, а не па пашпарце». (Хрысціцца.)
Рускай зямлі — рускі парадак! Імя Ахрамеева, Макашова… і іншых герояў… на нашых сцягах! Бог нас не пакіне…»
«Я — студэнт…
Ахрамееў? А хто гэта? Што за персанаж?
— ГКЧП… жнівеньская рэвалюцыя …
— Прабачце… Не ў курсе …
— Колькі вам гадоў?
— Дзевятнаццаць. Я палітыкай не цікаўлюся. Далёкі ад гэтых шоў. Але Сталін мне падабаецца. Гэта цікава. Параўнайце сённяшніх кіраўнікоў з правадыром у салдацкім шынялі. На чыю карысць параўнанне? Во-во… Мне не патрэбна вялікая Расія. Я не надзену дурныя боты і не павешу на шыю аўтамат. Я паміраць не хачу! (Памаўчаў.) Руская мара: чамадан у рукі і на х…й з Расіі! У Амерыку! Але з’ехаць і працаваць там усё жыццё афіцыянтам не хачу. Думаю».
— Мне здаецца, што гэта здрада… Я здраджваю сваім пачуццям, здраджваю нашаму жыццю. Нашым словам здраджваю… Яны былі сказаны толькі каму-небудзь з нас, а я дапускаю ў наш свет чужога чалавека. Добры гэты чалавек ці дрэнны? — гэта ўжо не важна. Зразумее ці не зразумее ён мяне… Памятаю, як на рынку стаяла жанчына і прадавала яблыкі, і ўсім расказвала, як яна сына пахавала. Тады я сабе паклялася: «Са мной гэтага ніколі не будзе». З мужам мы ўвогуле маўчым на гэтую тэму, плачам, але кожны паасобку, каб іншы не бачыў. Адно толькі слова, і я пачынаю выць. Першы год наогул ніяк не магла супакоіцца: навошта? Чаму ён гэта зрабіў? Хачу думаць… суцяшаю сябе: ён не збіраўся сыходзіць ад нас… хацеў паспрабаваць… зазірнуць… У юнацтве іх хвалюе: што там? Асабліва хлопчыкаў гэта хвалюе… Пасля смерці корпалася ў ягоных сшытках, у ягоных вершах. Як сабака вышуквала. (Плача.) За тыдзень да той нядзелі… стаяла перад люстэркам, расчэсвала валасы… Ён падышоў да мяне, абняў за плечы: мы стаялі ўдваіх, глядзеліся ў люстэрка і ўсміхаліся. «Ігарок, — прыхінулася я да яго, — які ты ў мяне прыгожы. А прыгожы ты таму, што ад кахання нарадзіўся. Ад вялікага кахання». Ён яшчэ мацней абняў мяне: «Мама, ты, як заўсёды, непараўнальная». Мяне б’юць дрыжыкі ад думкі: тады перад люстэркам, ён ужо думаў пра гэта ці не… ён ужо думаў?
Каханне… Мне дзіўна прамаўляць гэтае слова. Успомніць, чым ёсць каханне. А калісьці я думала, што каханне большае за смерць… яно мацнейшае за ўсё… Мы з мужам пазнаёміліся ў дзясятым класе. Хлопчыкі з суседняй школы прыйшлі да нас на танцы. Наш першы вечар я не памятаю, бо Валіка, гэтак зваць майго мужа, я не бачыла, а ён мяне заўважыў, але не падышоў. Ён нават твару майго не пабачыў, толькі сілуэт. І як быццам ён голас аднекуль пачуў: «Гэта твая будучая жонка». Так ён мне потым прызнаваўся… (Усміхнулася.) А можа, прыдумаў? Ён — фантазёр. Але цуд заўсёды быў з намі, і ён насіў мяне па зямлі. Я была вясёлая, па-вар’яцку вясёлая, нястрымная — вось такая была. Я кахала свайго мужа, і мне падабалася баламуціць іншых мужчын, гэта як гульня: ты ідзеш, а на цябе глядзяць, і табе падабаецца, што глядзяць, і хай нават трошкі закахаюцца. «И зачем так много мне одной?» — часта спявала я следам за сваёй улюбёнай Маяй Крысталінскай. Я імчалася па жыцці, і цяпер мне бывае шкада, што я не ўсё запомніла, ніколі ўжо цяпер я не буду такая радасная. Каб кахаць, трэба шмат сілаў, а я цяпер іншая. Я стала звычайная. (Маўчыць.) Часам хочацца… а часцей непрыемна ўспамінаць сябе ранейшую … Ігарку тры-чатыры гады… купаю яго: «Мама, я люблю цябе, як Цалеўну Прыгожую». З «р» мы доўга змагаліся… (Усміхаецца.) Гэтым можна жыць, цяпер я гэтым жыву. Міласцінай успамінаў… усе крыхі падбіраю… Я — настаўніца рускай мовы і літаратуры ў школе. Звычайная хатняя карціна: я — за кнігамі, ён — каля кухоннай шафкі. Пакуль павыграбае з яе каструлі, патэльні, лыжкі, відэльцы, я і падрыхтуюся да заўтрашніх заняткаў. Падрос. Я сяджу і пішу, і ён таксама сядзіць за сваім столікам і піша. Рана навучыўся чытаць. Пісаць. У тры гады мы вучылі на памяць Міхаіла Святлова:
«Каховка, Каховка — родная винтовка…
Горячая пуля, лети!»
Тут трэба спыніцца і расказаць больш падрабязна… Я хацела, каб ён рос мужным, дужым, і падбірала яму вершы пра герояў, пра вайну. Пра Радзіму. І аднойчы мая мама мяне агаломшыла: «Вера, перастань чытаць яму ваенныя вершы. Ён гуляе толькі ў вайну». — «Усе хлопчыкі любяць гуляць у вайну». — «Так, але Ігар любіць, каб у яго стралялі, а ён падаў. Паміраў! Ён з такім жаданнем, з асалодаю падае, што мне бывае страшна. Крычыць іншым хлопчыкам: «Вы страляеце, а я падаю». Ніколі — наадварот». (Пасля доўгай паўзы.) Чаму я не паслухалася маму?
Дарыла яму ваенныя цацкі: танк, алавяных салдацікаў, снайперскую вінтоўку… Ён жа хлопчык, павінен стаць ваяром. Інструкцыя да снайперскай вінтоўкі: «снайпер павінен забіваць спакойна і выбарачна… спачатку добра «пазнаёміцца» з цэллю…» Чамусьці гэта лічылася нармальным, нікога не палохала. Чаму? Псіхіка ў нас была ваенная. «Если завтра война, если завтра в поход…» Іншых тлумачэнняў не знаходжу. Няма ў мяне іншых тлумачэнняў… Цяпер ужо нячаста дораць дзецям шабелькі… пісталецікі… піф-паф! А мы… Памятаю, як я здзівілася, калі нехта з настаўнікаў у школе расказаў, што ў Швецыі, ці што, забароненыя ваенныя цацкі. А як выхаваць мужчыну? Абаронцу? (Перарывістым голасам.)
«На смерть, на смерть держи равненье,
певец и всадник бедный…»
З якой нагоды ні збяромся… заўсёды… праз пяць хвілін успомнім вайну. Часта песні ваенныя спявалі. Ці ёсць яшчэ дзе такія людзі, як мы? Палякі жылі пры сацыялізме, і чэхі, і румыны, але яны ўсё роўна іншыя… (Маўчыць.) Не ведаю цяпер, як выжыць. За што ўчапіцца? За што…
Зрываецца на шэпт. А мне здаецца, што яна крычыць.
…заплюшчу вочы: бачу, як ён ляжыць у труне… мы ж былі шчаслівыя… чаму ён вырашыў, што ў смерці шмат прыгожага… …Сяброўка павяла мяне да краўчыхі: «Ты павінна пашыць сабе новую сукенку. Калі ў мяне дэпрэсія, я шыю сабе новую сукенку…»
…Сніцца, як нехта гладзіць, гладзіць мяне па галаве… Першы год уцякала з дому ў парк, там крычала… птушкі палохаліся…
Яму дзесяць гадоў, не, напэўна, адзінаццаць… З дзвюма торбамі ледзь дабіраюся дадому. Пасля цэлага дня ў школе. Уваходжу. Абодва на канапе: адзін — з газетай, другі — з кніжкай. У кватэры вэрхал, чорт ведае што! Гара нямытага посуду! Мяне сустракаюць з захапленнем! Я бяру ў рукі венік. Барыкадзіруюцца крэсламі.
«Выходзьце!» — «Ніколі!» — «Кіньце на пальцах — каму першаму ўсыпаць?» — «Мамачка-дзяўчынка, не злуйся», — вылазіць першым Ігарок, ён ужо ростам з бацьку. «Мамачка-дзяўчынка» — маё хатняе імя. Гэта ён прыдумаў… Улетку звычайна ездзілі на поўдзень, «да пальмаў, якія жывуць бліжэй за ўсіх да сонца». (Радасна.) Словы ўспамінаюцца… нашыя словы… грэла яго гаймарытны нос. Да сакавіка потым не вылазілі з даўгоў, эканомілі: на першае — пельмені, на другое — пельмені і да гарбаты — пельмені. (Маўчыць.) Успамінаецца нейкая яркая афіша… Задушлівы Гурзуф. І мора… камяні і пясок, белыя ад хваль і сонца… Засталося шмат фатаграфій, цяпер я хаваю іх ад сябе. Баюся… адразу ўнутры ўсё выбухае… Адразу — выбух! Аднойчы паехалі без яго. Вярнуліся з паўдарогі. «Ігарок! — урываемся ў дом. — Ты едзеш з намі. Мы без цябе не можам!» З крыкам «Ур-ра!!!» ён вісне ў мяне на шыі. (Пасля доўгай паўзы.) Мы без яго не можам. Чаму яго не ўтрымала наша любоў? Я калісьці верыла, што каханне можа ўсё. Зноў я… зноў…
Гэта ўжо здарылася… яго ўжо з намі няма… Я доўга была аслупянеўшы. «Вера, — кліча муж. Я не чую. — Вера…» Не чую. І раптам істэрыка! Я як зараўла, як затупала нагамі — на сваю маму, маю дарагую маму: «Ты — пачвара, пачвара — талстоўка! Такіх жа пачвар, сабе падобных, ты й выхавала! Што мы ўсё жыццё ад цябе чулі? Трэба жыць для іншых… для высокай мэты…Кінуцца пад танк, згарэць за радзіму ў самалёце. Грымотная рэвалюцыя… гераічная смерць… Смерць заўсёды была прыгажэйшай за жыццё. Мы выраслі пачварамі і вырадкамі. І Ігарка я так выхавала. Гэта ты вінавата ва ўсім! Ты!!» Мама скурчылася і стала раптам — маленькая-маленькая. Маленькая бабулька. У мяне закалола сэрца. Упершыню за шмат дзён я адчула боль, да гэтага ў тралейбусе паставілі на ногі цяжкую валізу — нічога не адчула. Уначы распухлі ўсе пальцы, і толькі тады я ўспомніла пра валізу. (У слязах.) Тут трэба спыніцца і распавесці пра маю маці… Мая мама з пакалення даваеннай інтэлігенцыі. З тых людзей, у якіх блішчэлі слёзы на вачах, калі гралі «Інтэрнацыянал». Яна перажыла вайну і заўсёды памятала, што савецкі салдат павесіў чырвоны сцяг над Рэйхстагам: «Наша краіна такую вайну выйграла!» Дзесяць… дваццаць… сорак гадоў… паўтарала яна нам гэта як заклён. Як малітву… Гэта была ейная малітва… «Мы нічога не мелі, але былі шчаслівыя», — маміна перакананасць у гэтым была абсалютнай. Спрачацца марна. Льва Талстога — «люстэрка рускай рэвалюцыі» — яна любіла за «Вайну і мір», а яшчэ за тое, што граф хацеў усё раздаць бедным, каб выратаваць душу. Такой была не толькі мая мама, але і ўсе яе сябры — першыя савецкія інтэлігенты, што выраслі на Чарнышэўскім, Дабралюбаве, Някрасаве… на марксізме… Уявіць карціну, каб мама сядзела і вышывала на пяльцах або неяк асабліва ўпрыгожвала наш дом: фарфоравыя вазачкі, слонікі там усялякія… вы што! Гэта пустая трата часу. Мяшчанства! Найважнейшае — духоўная праца… кнігі… Адзін касцюм можна насіць дваццаць гадоў, а два паліто хапала на ўсё жыццё, але без Пушкіна або без поўнага збору твораў Горкага жыць нельга. Ты ўдзельнічаеш у вялікай задуме, і вялікая задума ёсць… Так яны жылі… …У цэнтры горада ў нас — старыя могілкі. Шмат дрэў. Кусты бэзу. Там гуляюць, як у батанічным садзе. Старых мала, а маладыя смяюцца, цалуюцца. Магнітафон уключаць… Вяртаецца ён неяк позна: «Дзе быў?» — «Хадзіў на могілкі». — «З чаго ты гэта раптам завалокся на могілкі?» — «Там цікава. Глядзіш у вочы людзей, якіх ужо няма».
…Адчыняю дзверы ў ягоны пакой… На ўвесь рост ён стаяў на карнізе акна, карніз у нас нетрывалы, няроўны. Шосты паверх!
Замёрла. Нельга крыкнуць, як у дзяцінстве, калі ён залазіў на танюткую верхавіну дрэва або на высокую старую сцяну разбуранай царквы: «Калі адчуеш, што не ўтрымаешся, разлічвай, каб упасці на мяне». Не закрычала, не заплакала, каб не спалохаўся. Па сценцы папаўзла назад. Праз пяць хвілін, якія вечнасцю мне здаліся, зноў заходжу — ён ужо саскочыў з карніза і ходзіць па пакоі. Тут я на яго накінулася: і цалавала, і біла, і трэсла: «Навошта? Скажы мне, навошта?» — «Не ведаю. Паспрабаваў».
…Аднойчы каля суседняга пад’езда з раніцы ўбачыла жалобныя вянкі. Нехта памёр. Ну памёр — і памёр. Вярнулася з працы і даведваюся ад бацькі, што ён хадзіў туды. Пытаюся: «Навошта? Там жа незнаёмыя нам людзі». — «Гэта была маладая дзяўчына. Яна ляжала такая прыгожая. А я думаў, што смерць страшная». (Маўчыць.) Кружыў… кудысьці за край яго цягнула… (Маўчыць.) Але дзверы тыя зачыненыя… туды нам няма доступу.
…уткнецца ў калені: «Мама, а які я быў маленькі?» І я пачынаю… Як ён пільнаваў каля дзвярэй дзеда Мароза. Пытаўся, на якім аўтобусе можна паехаць у трыдзявятае царства ў трыдзясятую дзяржаву. Убачыў у вёсцы рускую печ, усю ноч чакаў, калі яна пойдзе-паедзе, як у казцы. Быў вельмі даверлівы… …на вуліцы ўжо, памятаю, снег… Прыбягае: «Мама! Я сёння цалаваўся!» — «Цалаваўся?!» — «Так. У мяне сёння было першае спатканне». — «І ты мне нічога не сказаў?» — «Не паспеў. Сказаў Дзімку і Андрэю, і мы выправіліся ўтрох». — «Хіба на спатканне ходзяць утрох?» — «Ай, адзін я неяк не адважыўся». — «Ну, і як вы ўтрох былі на спатканні?» — «Вельмі добра. Мы з ёй хадзілі вакол горкі пад ручку і цалаваліся. А Дзімка і Андрэй стаялі на варце». А Божа!
«Мама, а можна пяцікласніку ажаніцца з дзевяцікласніцай? Калі, вядома, гэта каханне…»
…А вось гэта… гэта… (Доўга плача.) Пра гэта не магу… …Улюбёны наш месяц — жнівень. Едзем за горад і цешымся павуціннем. Смяёмся… смяёмся… смяёмся… (Маўчыць.) Што я ўсё плачу? У нас жа было ажно чатырнаццаць гадоў… (Плача.)
Смажу-пару на кухні. Акно адкрыта. Чую, як яны з бацькам размаўляюць на балконе. Ігар: «Тата, што такое — цуд? Здаецца, я зразумеў. Вось паслухай… Жылі былі дзед і баба, і была ў іх курачка Раба. Знесла курачка яечка, ды не простае, а залатое. Дзед біў, біў — не разбіў. Баба біла, біла — не разбіла. Мышка бегла, хвосцікам махнула, яечка ўпала і разбілася. Плача дзед, плача баба…» Бацька: «З пункту гледжання логікі — абсалютны абсурд. Білі, білі — не разбілі, а потым раптам — у плач! Але колькі гадоў, ды што там гадоў — стагоддзяў — казку гэтую дзеці слухаюць, як вершы». Ігар: «А я, тата, раней думаў, што ўсё можна зразумець розумам». Бацька: «Шмат рэчаў нельга зразумець розумам. Напрыклад, каханне». Ігар: «І смерць».
З дзяцінства пісаў вершы… На стале, у ягоных кішэнях, пад канапай я знаходзіла спісаныя лісточкі. Губляў, кідаў іх, забываў. Я нават не заўсёды верыла, што яны ягоныя: «Няўжо гэта ты напісаў?» — «А што там?» Чытаю:
«Ходят в гости друг к другу люди,
Ходят в гости друг к другу звери…»
— «Ну-у-у, гэта старое. Я ўжо забыўся». — «А гэтыя радкі?» — Якія?» Чытаю:
«Лишь на веточке обшарпанной
Капли звездные накапаны…»
У дванаццаць гадоў напісаў, што яму хочацца памерці. Хочацца кахання і хочацца памерці — два жаданні.
«Мы с тобой повенчаны
Голубой водою…»
Яшчэ?! Вось:
«Я не ваш, облака серебристые.
Я не ваш, голубые снега…»
А ён мне гэта чытаў. Чытаў! Але ў юнацтве часта пішуць пра смерць…
У нашым доме вершы гучалі заўсёды, як мова: Маякоўскі, Святлоў… Мой любімы Сямён Гудзэнка:
«Когда на смерть идут — поют,
а перад этим можно плакать.
Ведь самый страшный час в бою —
час ожидания атаки».
Вы звярталі ўвагу? Ну так, вядома… Навошта пытацца? Мы ўсе ў гэтым выраслі… Мастацтва любіць смерць, а нашае асабліва яе любіць. Культ ахвяры і гібелі ў нас у крыві. Жыццё на разрыў аорты. «Эх, рускія людзі, не любяць паміраць сваёй смерцю!» — пісаў Гогаль. І Высоцкі спяваў: «Хоть немного еще постою на краю…» На краі! Мастацтва любіць смерць, але ёсць і французская камедыя. Чаму ж у нас амаль няма камедый? «Наперад за Радзіму!», «Радзіма альбо смерць!» Я вучыла сваіх вучняў: свецячы іншым, згараю сам. Вучыла подзвігу Данка, які вырваў з грудзей сваё сэрца і асвятляў ім шлях іншым людзям. Пра жыццё мы не казалі… мала гаварылі… Герой! Герой! Герой! Жыццё складалася з герояў… ахвяр і катаў… Іншых людзей не было. (Крычыць. Плача.) Для мяне катаванне цяпер — ісці ў школу. Дзеці чакаюць… яны хочуць слоў і пачуццяў… Што сказаць… што я магу ім сказаць?
Усё было… і было менавіта так… Позні вечар, я ўжо ў ложку, чытаю раман «Майстар і Маргарыта» (ён яшчэ лічыўся «дысiдэнцкiм», мне яго прынеслі перадрукаваным на машынцы). Даходжу да апошніх старонак… Памятаеце, Маргарыта просіць адпусціць Майстра, а Воланд, дух Сатаны, гаворыць: «Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасіць за яго, Маргарыта, таму што за яго ўжо прасіў той, з кім ён так прагне пагаварыць…» Нейкая незразумелая сіла штурхнула мяне ў іншы пакой, да канапы, на якой спаў сын. Я стала на калені і шаптала, як малітву: «Ігарок, не трэба. Міленькі мой, не трэба. Не трэба!!» — Пачала рабіць тое, што мне ўжо было забаронена, як толькі ён падрос: цалаваць яго рукі, ногі. Ён расплюшчыў вочы: «Мама, ты чаго?» Я тут жа знайшлася: «З цябе спаўзла коўдра. Я паправіла». Заснуў. А я… Што адбылося са мной, я не зразумела. Вясёлы, ён дражніў мяне «агнявуха-паскакуха». Я лёгка бегла па жыцці.
Набліжаўся дзень яго нараджэння… і Новы год… Нехта з сяброў паабяцаў дастаць нам пляшку шампанскага, тады ж мы мала што маглі купіць у крамах, усё даставалі. Па блату. Праз знаёмых, праз знаёмых знаёмых. Даставалі вэнджаную каўбасу, шакаладныя цукеркі… расстарацца кілаграм мандарынаў да Новага года — вялікая ўдача! Мандарын быў не проста фрукт, а нешта такое дзіўнае, толькі Новы год пах мандарынамі. Далікатэсы да навагодняга стала збіралі месяцамі. На гэты раз я прыхавала слоічак печані траскі і кавалачак чырвонай рыбы. Усё потым падалі да памінальнага стала… (Маўчыць.) Не, я не хачу канчаць свой аповед гэтак хутка. У нас было ажно чатырнаццаць гадоў. Чатырнаццаць гадоў без дзесяці дзён…
Неяк чысціла антрэсолі і знайшла там тэчку з лістамі. Як ляжала ў радзільні, мы з мужам кожны дзень пісалі адно аднаму лісты, цыдулачкі, а то і некалькі разоў на дзень. Чытала, смяялася… Ігару ўжо было сем гадоў… І ён не мог зразумець, як гэта яго не было, а мы з бацькам былі? Гэта значыць, ён як бы быў, мы ў лістах увесь час казалі пра яго: вось дзіцятка павярнулася, вось яно мяне штурхнула… варушыцца… «Я адзін раз памёр, а потым зноў да вас прыйшоў, так?» Я абмерла ад гэтага пытання. Але дзеці… яны часам так кажуць… як філосафы, як паэты… Трэба было мне запісваць за ім… «Мама, дзядуля памёр… гэта значыць, што яго закапалі, і ён расце…» У сёмым класе ў яго ўжо з’явілася дзяўчынка… Закахаўся сур’ёзна.
«Ты ў мяне не ажэнішся ні з першым каханнем, ні з прадаўшчыцай!» — пагражала я. Я ўжо прывыкала да думкі, што мне трэба будзе яго з некім дзяліць. Рыхтавала сябе. У маёй сяброўкі таксама сын, яны з Ігарам былі аднагодкі, і сяброўка неяк мне прызналася: «Я яшчэ не знаёмая са сваёй нявесткай, а ўжо яе ненавіджу». Гэтак яна любіць свайго сына. Не можа сабе нават уявіць, што давядзецца аддаць яго іншай жанчыне. Што было б у нас? Са мною? Не ведаю… Я шалёна… шалёна яго любіла… Які б ні быў цяжкі дзень, адкрываю дзверы ў дом — і аднекуль святло. Не аднекуль, а ад любові.
У мяне два вусцішныя сны. Першы — мы з ім топімся. Ён жа добра плаваў, аднойчы я рызыкнула паплыць разам з ім далёка ў мора. Павярнула назад, адчуваю, сілы няма — ухапілася за яго, ды намёртва. Крычыць: «Пусці!» — «Не магу!» Учапілася, на дно яго цягну. Усё ж такі ён адарваўся і пачаў мяне падштурхоўваць да берага. Падтрымлівае і падштурхоўвае. Так мы з ім выплылі. У сне ўсё паўтараецца, але я яго не пускаю. Мы і не тонем і не выплываем. Ідзе такая схватка на вадзе… Другі сон — пачынаецца дождж, але я адчуваю, што гэта не дождж, а зямля сыплецца. Пясок. Пачынае ісці снег, але я па шоргаце ўжо чую, што гэта не снег, а зямля. Рыдлёўка стукае, як сэрца, шых-шых, шых-шых …
Вада… вада яго заварожвала… Любіў возера, рэчку, калодзежы. Асабліва — мора. У яго шмат вершаў пра ваду. «Только тихая звезда побелела, как вода. Темнота». Яшчэ: «И вода течет одна… Тишина». (Паўза.) Мы цяпер на мора не ездзім.
Апошні год… Часта збіраліся за вячэрай разам. Гаварылі, вядома, пра кнігі. Чыталі разам самвыдат… «Доктар Жывага», вершы Мандэльштама… Памятаю, як спрачаліся пра тое, кім ёсць паэт? Які ў яго лёс у Расіі? Меркаванне Ігара: «Паэту трэба рана памерці, інакш ён не паэт. Стары паэт — гэта проста смешна». Вось… і гэта я прапусціла… Ці не надала ўвагі… З мяне звычайна, як з каляднага меха, сыпалася і сыпалася… Амаль у кожнага рускага паэта ёсць вершы пра Радзіму. Я шмат ведаю на памяць. Чытала любімага Лермантава: «Люблю Отчизну я, но странною любовью». І Ясеніна: «Я люблю тебя, родина кроткая…» Была шчаслівая, калі купіла лісты Блока… Цэлы томік! Ягоны ліст да маці па вяртанні з-за мяжы… ён пісаў, што Радзіма адразу паказала яму свой свіны лыч і боскае аблічча… Націск, вядома, я рабіла на боскае… (Заходзіць у пакой муж. Абдымае і садзіцца побач.) Што яшчэ? Ігар ездзіў у Маскву на магілу Высоцкага. Узяў і пастрыгся нагала, стаў вельмі падобны да
Маякоўскага. (Пытанне — мужу.) Памятаеш? Як я яго лаяла? У яго былі незвычайныя валасы.
Апошняе лета… Загарэлы. Вялікі, моцны. Яму давалі на вока васямнаццаць гадоў. Паехалі на канікулах з ім у Талін. Ён быў там другі раз, вадзіў мяне паўсюль, па розных закутках. За тры дні мы жахнулі мора грошай. Начавалі ў нейкім інтэрнаце. Вяртаемся з начнога паходу па горадзе — узяліся за рукі, смяёмся, адкрываем дзверы. Падышлі да вахцёркі, яна не пускае: «Жанчына, пасля адзінаццатай ўваходзіць з мужчынам нельга». І тут я Ігару на вуха: «Падымайся, я — зараз». Пайшоў, а я шэптам: «Як вам не сорамна! Гэта ж мой сын!» Так усё радасна… добра!! Раптам там жа… ноччу… мне страшна. Страх, што я больш яго ніколі не ўбачу. Страх перад чымсьці новым. Яшчэ нічога не здарылася.
Апошні месяц… У мяне памёр брат. У нашай сям’і мала мужчын, і я ўзяла Ігара з сабой, каб ён дапамагаў. Каб жа я ведала… Ён жа глядзеў, глядзеў на смерць… «Ігар, перастаў кветкі. Прынясі крэслы. Схадзі па хлеб». Вось гэтая звычайнасць заняткаў побач са смерцю… яна небяспечная… Смерць можна пераблытаць з жыццём. Гэта я цяпер разумею… Прыехаў аўтобус. Усе сваякі селі, майго сына няма.
«Ігар, дзе ты? Хадзі сюды». Уваходзіць — усе месцы занятыя. Усё нейкія знакі… Ці то ад штуршка, ці то… Аўтобус крануўся, і брат на імгненне расплюшчыў вочы. Дрэнная прыкмета — у сям’і будзе яшчэ адна смерць. Адразу спалохаліся за нашу маму — за яе хворае сэрца. Калі апускалі труну ў яму, нешта ўпала туды… Таксама нядобра…
Апошні дзень… Раніца. Я мыюся, адчуваю: стаіць у праёме дзвярэй, трымаючыся абедзвюма рукамі за вушакі і глядзіць, глядзіць на мяне. Глядзіць. «Што з табой? Сядай за ўрокі. Я хутка вярнуся». Моўчкі павярнуўся і пайшоў у свой пакой. Пасля працы я сустрэлася з сяброўкай. Яна звязала яму модны пуловер, гэта быў мой падарунак яму на дзень нараджэння. Прынесла дадому, муж яшчэ насварыўся: «Няўжо ты не разумееш, што яшчэ рана яму насіць такія шыкоўныя рэчы?» На абед дала яго любімыя курыныя катлеты. Звычайна дабаўкі просіць, а тут паторкаў відэльцам і пакінуў. «Што-небудзь у школе здарылася?» Маўчыць. Тут я заплакала, у мяне нешта градам пакаціліся слёзы. Я плакала так гучна ўпершыню за шмат гадоў, на пахаванні брата са мной такога не было. І ён спалохаўся. Спалохаўся так, што тут я пачала яго суцяшаць: «Накінь пуловер. — Апрануў. — Падабаецца?» — «Вельмі». Зазірнула праз некаторы час да яго ў пакой — ляжаў і чытаў. У другім пакоі бацька друкаваў на машынцы. У мяне балела галава, і я заснула. Калі пажар, людзі спяць мацней, чым звычайна… Я пакінула яго… ён чытаў Пушкіна… Цімка, наш сабачка, ляжаў у вітальні. Не забрахаў, не заскуголіў. Не памятаю, колькі часу мінула, расплюшчваю вочы: ля мяне сядзіць муж. «А дзе Ігар?» — «У прыбіральні замкнуўся. Напэўна, вершы мармыча». Дзікі, немы жах падкінуў мяне ўгору. Падбягаю, стукаю, грукаю ў дзверы. Б’ю рукамі, нагамі. Цішыня. Клічу, крычу, малю. Цішыня. Муж шукае малаток, сякеру. Узломвае дзверы… У старэнькіх штанах, швэдры, хатніх тапках… На нейкім рамяні… Схапіла, панесла. Мяккі, цёплы. Пачалі рабіць штучнае дыханне. Выклікалі «хуткую дапамогу»…
Як жа я спала? Чаму Цімка не адчуў? Сабакі такія чулыя, яны ж адчуваюць у дзясяткі разоў лепш за нас, людзей. Чаму… Я сядзела і глядзела ў адну кропку. Мне зрабілі ўкол, і я кудысьці правалілася. Раніцай пабудзілі: «Вера, уставай. Пасля сабе не даруеш». «Ну, зараз я табе дам за такія жартачкі. Ты ў мяне атрымаеш», — падумала я. І тут да мяне даходзіць, што ўсыпаць няма каму.
Ён ляжыць у труне… На ім той пуловер, які я яму падрыхтавала да дня нараджэння…
Крычаць пачала не адразу… праз некалькі месяцаў… Але слёз не было. Крычаць крычала, але не плакала. І толькі калі аднойчы выпіла шклянку гарэлкі — заплакала. Пачала піць, каб плакаць… чапляцца за людзей… У адных нашых сяброў мы праседзелі, не выходзячы з кватэры, два дні. Цяпер разумею, як ім было цяжка, як мы іх мучылі. Мы ўцякалі са свайго дома… Зламалася крэсла на кухні, на якім ён звычайна сядзеў, — я не чапала, так гэтае крэсла і стаяла, а раптам яму не спадабаецца, што я выкіну ўлюбёную ягоную рэч. Дзверы ў ягоны пакой ні я, ні муж не ў стане былі адчыніць. Двойчы хацелі памяняць кватэру, ужо дакументы падрыхтуем, людзей абнадзеім, запакуем рэчы. І не магу з кватэры выйсці, мне здаецца, што ён недзе тут, я проста не бачу яго… але ён недзе тут… Я блукала па крамах, падбірала яму рэчы: вось штаны — ягоны колер, і гэтая кашуля. Нейкая па ліку вясна… якая — не памятаю… Прыходжу дадому, кажу мужу: «Ведаеш, сёння я спадабалася аднаму мужчыну. Ён хацеў прызначыць мне спатканне». І мой муж адказвае: «Як я рады за цябе, Верачка.
Ты вяртаешся…» Бязмежна была ўдзячна яму за гэтыя словы. Тут я хачу распавесці пра свайго мужа… Ён — фізік, нашы сябры жартуюць: «Пашанцавала вам — у адным флаконе фізік і лірык». Я кахала… Чаму кахала, а не кахаю? Таму што сябе новую, жывую, яшчэ не ведаю. Баюся… я не гатовая… я не змагу болей быць шчаслівай… Уначы ляжу з расплюшчанымі вачыма. Званок. Ясна чую званок у дзверы. Раніцай распавядаю мужу. Ён: «А я нічога не чуў». Ноччу зноў званок. Я не сплю, гляджу на мужа — ён таксама прачнуўся. «Ты чуў?» — «Чуў». У нас у абодвух пачуццё, што мы не адны ў кватэры. І Цімка кругамі каля ложка бегае, кругамі, як па следзе за кімсьці. Я некуды падаю, у нешта цёплае. І бачу такі сон… Незразумела дзе выходзіць да мяне Ігар у тым пуловеры, у якім мы яго пахавалі. «Мама, ты мяне клічаш і не разумееш, як мне цяжка да цябе прыйсці. Кінь плакаць». Дакранаюся да яго, ён мяккі. «Табе было добра дома?» — «Вельмі». — «А там?» Ён не паспявае адказаць, знікае. З тае начы я перастала плакаць. І ён стаў сніцца мне маленькім, толькі маленькім. А я чакаю яго вялікага, каб пагаварыць з ім… Гэта быў не сон. Я толькі заплюшчыла вочы… Дзверы ў пакой адчыніліся, дарослым, якім я яго ніколі не бачыла, ён зайшоў на імгненне. У яго быў такі твар, што я зразумела: яму ўжо ўсё адно, што тут адбываецца. Нашыя размовы пра яго, успаміны. Ён ужо зусім ад нас далёка. А я не магу, каб нашая сувязь парвалася. Я не магу… Я доўга думала… і вырашыла нарадзіць… Мне нельга было, ужо позна, урачы баяліся, але я нарадзіла. Нарадзіла — дзяўчынку. Мы да яе ставімся, як быццам яна не наша дзяўчынка, а дачка Ігара. Я баюся яе гэтак любіць, як любіла яго… І я не магу яе гэтак любіць. Ну, вар’ятка я! Ненармальная! Шмат плачу, хаджу і хаджу на могілкі. Дзяўчынка заўсёды са мной, а я не перастаю думаць пра смерць. Так нельга. Муж лічыць, што нам трэба з’ехаць. У іншую краіну. Каб усё памяняць: пейзаж, людзей, алфавіт. Сябры клічуць у Ізраіль. Часта тэлефануюць нам: «Што вас там трымае?» (Амаль крычыць.) Што? Што?
Ёсць у мяне адна вусцішная думка: а раптам бы ён сам распавёў вам зусім іншую гісторыю? Зусім іншую…
Мы былі тады зусім юныя… Юнацтва — жахлівы час, не ведаю, хто прыдумаў, што гэта цудоўныя гады. Ты бязглуздая, ты недарэчная, ты з усяго выпадаеш, ты безабаронная з усіх бакоў. А для бацькоў ты яшчэ маленькая, яны цябе лепяць. Ты ўвесь час пад нейкім каўпаком, і ніхто да цябе прабіцца не можа. Адчуванне… добра памятаю гэтае адчуванне… Як у бальніцы, калі я ляжала ў боксе за шклом. З нейкай інфекцыяй. Бацькі ўдаюць (ты так думаеш), што хочуць быць з табою, на самай справе яны жывуць зусім у іншым свеце. Яны недзе далёка… быццам бы побач, але яны далёка… Бацькі не здагадваюцца, наколькі ў іх дзяцей усё сур’ёзна. Першае каханне — гэта страшна. Смяротна небяспечна. Мая сяброўка лічыла, што Ігар пайшоў на самагубства праз каханне да яе. Глупства! Глупства дзявочае… У яго былі закаханыя ўсе нашыя дзяўчынкі. О-о! Вельмі прыгожы, пры гэтым паводзіў сябе так, як быццам старэйшы за ўсіх нас, але было адчуванне, што ён вельмі самотны. Пісаў вершы. А паэт павінен быць азяблым і адзінокім. Загінуць на дуэлі. Ва ўсіх у нас хапала юначай дураты ў галаве.
Гэта былі савецкія гады… камуністычныя… Нас выхоўвалі на Леніне, на палымяных рэвалюцыянерах, вельмі палымяных, мы не лічылі рэвалюцыю памылкай і злачынствам, але і не захапляліся марксісцка-ленінскімі штучкамі. Рэвалюцыя была ўжо абстракцыяй… Больш за ўсё памятаю святы, і чаканне гэтых святаў. Усё вельмі ясна памятаю… На вуліцах шмат людзей. Гучаць нейкія словы з дынамікаў, хтосьці верыць гэтым словам цалкам, а хтосьці часткова верыць, а хтосьці не верыць зусім. Але здаецца, што ўсе шчаслівыя. Шмат музыкі. Мама маладая, прыгожая. Усё разам… усё гэта разам успамінаецца як шчасце… Тыя пахі, тыя гукі… Стук клавішаў друкаванай машынкі, ранішнія крыкі малочніц, якія прыязджалі з вёсак: «Малако! Малако!» Халадзільнікі былі яшчэ не ва ўсіх, і банкі з малаком захоўваліся на балконах. А авоські з курамі матляліся на фортках. У вокны паміж падвойнымі рамамі закладалі вату з блішчынкамі для прыгажосці і антонаўскія яблыкі. Каціны пах з падвалаў… А непараўнальны анучава-хлоркавы пах савецкай сталовай? Усё гэта быццам бы не звязана было адно з адным, але цяпер яно ў мяне злілося ў адно адчуванне. У адно пачуццё. А ў свабоды іншыя пахі… і малюнкі… Усё іншае… Пасля першай паездкі за мяжу… гэта ўжо пры Гарбачове… мой сябар вярнуўся адтуль са словамі: «Свабода пахне добрым соўсам». Я сама выдатна памятаю свой першы супермаркет, убачаны ў Берліне — сто гатункаў каўбасы і сто гатункаў сыру. Гэта было незразумела. Пасля перабудовы нас чакала шмат адкрыццяў, шмат новых эмоцый і новых думак. Яны яшчэ не апісаны, яны яшчэ не выкладзены ў гісторыю. Формул яшчэ няма… Але я спяшаюся… пераскокваю з аднаго часу ў іншы… Вялікі свет нам адкрыецца потым. А тады мы толькі марылі пра яго… пра тое, чаго няма, чаго б хацелася… Добра было марыць пра свет, якога мы не ведалі. Марылі… А жылі савецкім жыццём, у якім існавалі адзіныя правілы гульні, і ўсе па іх гулялі. Вось нехта стаіць на трыбуне. Ён хлусіць, усе пляскаюць, але ўсе ведаюць, што ён хлусіць, і ён ведае, што яны ведаюць, што ён хлусіць. Але ён кажа ўсё гэта і радуецца апладысментам. Не было сумневаў, што і мы будзем так жыць і трэба шукаць сховішча. Мая мама слухала забароненага Галіча… і я слухала Галіча…
Яшчэ ўзгадала… Як хацелі паехаць у Маскву на пахаванне Высоцкага, міліцыя нас здымала з электрычкі… А мы крычалі:
«Спасите наши души!
Мы бредим от удушья…»,
«Недолёт. Перелёт. Недолёт.
По своим артилерия бьет…»
Скандал! Дырэктар загадала з’явіцца ў школу разам з бацькамі. Са мной пайшла мая мама, і паводзіла яна сябе там выдатна… (Задумалася.) Жылі на кухні… краіна жыла на кухнях… Сядзім у кагосьці, п’ём віно, слухаем песні, размаўляем пра вершы. Адкрытая бляшанка кансерваў, і парэзаны чорны хлеб. Нам усім добра. У нас былі свае рытуалы: байдаркі, намёты і вандроўкі. Песні ля вогнішча. І былі агульныя знакі, па якіх мы пазнавалі адзін аднаго. Была свая мода, свае прыколы. Даўно няма гэтых таемных кухонных супольнасцяў. І няма таго нашага сяброўства, пра якое мы думалі, што яно вечнае. Так… была наладка на вечнасць… Нічога не было вышэй за сяброўства. На гэтым ашаламляльным клеі ўсё трымалася…
Насамрэч, ніхто з нас не жыў у СССР, кожны жыў у сваім коле. Кола турыстаў, кола альпіністаў… Мы пасля ўрокаў збіраліся ў нейкім ЖЭКу, там нам вылучылі пакой. Арганізавалі тэатр, я іграла ў гэтым тэатры. Быў літгурток. Памятаю, як Ігар чытаў там свае вершы, ён моцна імітаваў Маякоўскага і быў непаўторны. Мянушка ў яго была— Студэнт. Да нас прыходзілі дарослыя паэты, і яны размаўлялі з намі шчыра. Ад іх мы даведаліся праўду наконт пражскіх падзей. Пра вайну ў Афганістане. Што… што яшчэ? Вучыліся граць на гітары. Ну, гэта абавязкова! У тыя гады гітара ўваходзіла ў спіс прадметаў першай неабходнасці. На каленях былі гатовыя слухаць улюбёных паэтаў і бардаў. Паэты збіралі цэлыя стадыёны. Конная міліцыя дзяжурыла. Слова было ўчынкам. Устаць на сходзе і сказаць праўду — учынак, таму што небяспечна. Выйсці на плошчу… Гэта такі драйв, такі адрэналін, такое адхланне. У слова ўсё вылівалася… Сёння гэта ўжо неверагодна, сёння трэба нешта зрабіць, а не сказаць. Казаць ты можаш абсалютна ўсё, але слова ніякай ужо ўлады не мае. Хацелі б верыць, але не можам. Усім на ўсё напляваць, а будучыня — гаўно.
З намі было не так… О-о! Вершы, вершы… словы, словы…
(Смяецца.) У дзясятым класе ў мяне быў раман. Ён жыў у Маскве. Я прыехала да яго толькі на тры дні. Раніцай на вакзале мы забралі ў яго сяброў ратапрынтнае выданне мемуараў Надзеі Мандэльштам, тады ўсе ёю зачытваліся. І на наступны дзень а чацвёртай раніцы кнігу трэба было вярнуць. Прынесці да цягніка, які ненадоўга спыняўся. Суткі мы без перапынку чыталі, адзін раз толькі збегалі па малако і батон. Нават забыліся цалавацца, перадавалі адно аднаму гэтыя лісточкі. У нейкім трызненні, у нейкіх дрыжыках усё адбывалася… ад таго, што ты трымаеш гэтую кнігу ў руках… што ты яе чытаеш… Праз суткі беглі па пустым горадзе да вакзала, транспарт яшчэ не хадзіў. Я добра памятаю гэты начны горад, як мы ідзём, і кніга ляжыць у мяне ў сумачцы. Мы неслі яе як нейкую сакрэтную зброю… Да таго мы верылі, што слова можа перакуліць свет.
Гарбачоўскія гады… Свабода і купоны. Талоны… купоны… На ўсё: ад хлеба да круп і шкарпэтак. Стаялі ў чарзе па пяць-шэсць гадзін… Але стаіш з кнігай, якую раней ты не магла купіць, і ведаеш, што ўвечары пакажуць фільм, які раней быў забаронены, дзесяць гадоў праляжаў на паліцы. Кайф! Ці ўвесь дзень у цябе ў галаве, што а 22:00 праграма «Взгляд»… Яе вядучыя Аляксандр Любімаў і Уладзіслаў Лісцьеў сталі народнымі героямі. Мы даведваліся праўду… што быў не толькі Гагарын, але і Берыя… На самой справе мне, дурніцы, хапіла б свабоды слова, таму што я, як хутка высветлілася, была савецкай дзяўчынкай, усё савецкае мы ўвабралі глыбей, як тое нам здавалася. Мне толькі б далі пачытаць Даўлатава і Віктара Някрасава, далі б Галіча паслухаць. І мне гэтага б хапіла. Я і не марыла паехаць у Парыж, прайсціся па Манмартры… ці ўбачыць «Святое сямейства» Гаўдзі… Толькі дайце нам пачытаць і пагаварыць. Пачытаць! Захварэла наша Волечка, ёй было ўсяго чатыры месяцы, а ў яе цяжкая бранхіяльная абструкцыя. Я вар’яцела ад страху. Забралі мяне з ёй у бальніцу, але яе нельга было ні на хвіліну пакласці, толькі стаячком, у мяне на руках, яна аціхала. Стаячком так. Хаджу і хаджу з ёй па калідорах. Калі яна на паўгадзіны засне, як вы думаеце, чым я займалася? Я… не выспаная, змучаная… Чым? У мяне заўсёды быў пад пахай «Архіпелаг ГУЛАГ» — я яго тут жа адгортвала. На адной руцэ памірае дзіця, а ў другой — Салжаніцын. Кнігі замянялі нам жыццё. Гэта быў наш свет.
Потым нешта адбылося… Мы селі на зямлю. Адчуванне шчасця і эйфарыі раптам знікла. Цалкам. Я зразумела, што гэты новы свет не мой, не для мяне. Яму патрэбныя нейкія іншыя людзі. Слабых бі ботамі па вачах! Наверх паднялі ніз… увогуле, яшчэ адна рэвалюцыя… Але мэты ў гэтай рэвалюцыі зямныя: кожнаму па катэджы і машыне. Ці не драбнавата для чалавека? Вуліцы запоўнілі нейкія «качкі» ў трэніках. Ваўкі! Затапталі ўсіх. Мая мама працавала майстрам на швейнай фабрыцы. Хутка… вельмі хутка закрылі фабрыку… мама сядзела дома і шыла майткі. Усе яе сяброўкі таксама шылі майткі, у якую кватэру ні зойдзеш. А жылі мы ў доме, які пабудавала фабрыка для сваіх работнікаў, вось усе і шылі майткі і станікі. Купальнікі. У масавым парадку на ўсіх старых рэчах — на сваіх… прасілі знаёмых — адразалі цэтлікі, этыкеткі, пажадана імпартныя, і прышывалі да гэтых купальнікаў. Потым жанчыны збіраліся групамі і ехалі з мяшкамі па Расіі, гэта называлася «трусовка». Я ў гэты час ужо вучылася ў аспірантуры. (Весела.) Памятаю… камедыя… ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ў кабінеце дэкана стаялі бочкі з салёнымі агуркамі і памідорамі, з грыбамі і капустай. Саленні прадавалі, і гэтымі грашыма плацілі выкладчыкам зарплату. А то раптам — увесь факультэт завалены апельсінамі. Ці ляжаць пакункі мужчынскіх кашуль… Вялікая руская інтэлігенцыя выжывала як магла. Узгадалі старыя рэцэпты… тое, што елі ў вайну… У далёкіх кутках паркаў… на чыгуначных адхонах саджалі бульбу… Есці тыднямі адну бульбу — голад гэта ці не голад? А адну квашаную капусту? Мяне да канца жыцця ад яе адвярнула. Навучыліся рабіць чыпсы з бульбяных лушпаек, перадавалі адзін аднаму гэты цудоўны рэцэпт: кінуць лупіны ў гатаваны алей і паболей солі. Малака не было, але прадавалася марозіва, манную кашу варылі на марозіве. Ела б я гэта цяпер?
Першым памерла наша сяброўства… Ва ўсіх з’явіліся нейкія справы — трэба было грошы зарабляць. Раней здавалася, што нам гэтыя грошы… яны ніякай улады над намі не маюць… А тут усе ацанілі хараство зялёных паперак, гэта не савецкія рублі, не «рэзаная папера». Кніжныя дзяўчынкі і хлопчыкі… пакаёвыя расліны… Мы аказаліся не прыстасаваныя да новага жыцця, якога чакалі. Нечага іншага мы чакалі, не гэтага. Прачыталі вагон рамантычных кніг, а жыццё пагнала штурхялямі і па карку ў іншы бок. Замест Высоцкага — Кіркораў. Папса! І гэтым усё сказана… Нядаўна сабраліся ў мяне на кухні, што ўжо рэдка бывае, і спрачаліся: спяваў бы Высоцкі для Абрамовіча? Меркаванні падзяліліся. Болей было тых, хто ўпэўнены: вядома, спяваў бы. Іншае пытанне — за колькі?
Ігар? Ён застаўся ў маёй памяці падобным да Маякоўскага. Прыгожым і самотным. (Маўчыць.) Я вам што-небудзь патлумачыла? Ці атрымалася ў мяне?..
Шмат гадоў прайшло… У мяне дагэтуль пытанне: чаму? Чаму ён так вырашыў? Мы сябравалі, але ён усё вырашыў сам… адзін… Ну што вы скажаце чалавеку на даху? Ну што? У юнацтве я сам думаў пра самагубства, а чаму — незразумела. Люблю маму, тату… брата… усё дома добра… А кудысьці нясе. Недзе там… там нешта ёсць… Што? Нешта… яно вось там… Там цэлы свет, больш яркі, больш значны за той, у якім ты жывеш, там нешта больш важнае адбываецца. І там ты можаш дакрануцца да нейкай таямніцы, іншым шляхам спасцігнуць яе нельга, рацыянальна ты да яго не падключышся. Вось хочацца… дай паспрабую… Устаць на карніз… скочыць з балкона… Але ты не збіраешся паміраць, а ты хочаш падняцца ўверх, ты хочаш паляцець, табе здаецца, што ты ўзляціш. Дзейнічаеш як у сне… непрытомны… Калі прыходзіш да розуму, памятаеш нейкае святло, нейкі гук… і пачуццё, што ў тым стане табе было добра… табе было нашмат лепей, як тут…
Нашая кампанія… З намі быў яшчэ Лёшка… Нядаўна памёр ад перадозу. Вадзім у дзевяностыя знік. Заняўся кніжным бізнесам. Пачалося як жарт… вар’яцкая ідэя… А як толькі на грошы ўзбіўся — адразу ж на яго наехаў рэкет, хлопцы з наганамі. Ён то адкупляўся, то бегаў ад іх — спаў у лесе на дрэвах. У тыя гады біцца перасталі, больш забівалі. Дзе ён? Слядоў няма… да гэтага часу міліцыя не знайшла… Закапалі дзе-небудзь. Аркадзь зваліў у Амерыку: «Я лепей буду жыць у Нью-Ёрку пад мостам». Засталіся я і Ілюша… Ілюша ажаніўся па вялікім каханні. Жонка трывала яго дзівацтвы, пакуль была мода на паэтаў і мастакоў, але потым у моду ўвайшлі брокеры і бухгалтары. Жонка сышла. У яго пачалася цяжкая дэпрэсія, ён выйдзе на вуліцу — і тут жа панічная атака. Яго трасе ад страху. Сядзіць дома. Вялікае дзіця ў бацькоў. Піша вершы — крык душы… А ў юнацтве мы слухалі адны і тыя ж касеты і чыталі адны і тыя ж савецкія кніжкі. Ездзілі на аднолькавых роварах… У тым жыцці ўсё ў нас было проста: адны чаравікі на ўсе поры года, адна куртка, адны штаны. Нас выхоўвалі, як маладых ваяроў у старажытнай Спарце: калі Радзіма загадае, на вожыка сядзем.
…Нейкае ваеннае свята… Наш дзіцячы сад прывялі да помніка піянеру-герою Марату Казею: «Вось, дзеці, — сказала выхавальніца, — гэта юны герой, ён падарваў сябе гранатай і знішчыў шмат фашыстаў. Калі вы вырасцеце, вы павінны стаць такімі ж». Таксама падарваць сябе гранатай? Сам я гэтага не памятаю… з маміных слоў… Уначы я моцна плакаў: мне трэба памерці, буду ляжаць недзе адзін, без мамы і таты… раз я плачу, значыць, я ні кропелькі не герой… Я захварэў.
…А калі вучыўся ў школе, у мяне ўжо была мара — патрапіць у атрад, які нёс вахту ля Вечнага агню ў цэнтры горада. Туды бралі лепшых вучняў. Ім шылі ваенныя шынялі, шапкі-аблавухі і выдавалі вайсковыя пальчаткі. Гэта не нейкая там «абязалаўка», а вялікі гонар — патрапіць туды. Слухалі заходнюю музыку, ганяліся за джынсамі, яны ўжо з’явіліся і ў нас… сімвал дваццатага стагоддзя, як і аўтамат Калашнікава… Мае першыя джынсы былі з лэйблам «Мантана» — як жа гэта было крута! А ўначы мне снілася, як я кідаюся з гранатай на ворага… …Памерла бабуля, да нас пераехаў жыць дзед. Кадравы афіцэр, падпалкоўнік. У яго было шмат ордэнаў і медалёў, я ўвесь час чапляўся да яго: «Дзед, за што табе далі гэты медаль?» — «За абарону Адэсы». — «А які ты подзвіг здзейсніў?» — «Абараняў Адэсу». І кропка. Я на яго за гэта крыўдзіўся. «Дзед, а ты што-небудзь высакароднае, высокае ўспомні». — «З гэтым не да мяне, а ў бібліятэку. Вазьмі кнігу і пачытай». Дзед у мяне быў класны, мы проста хімічна з ім прыцягваліся адзін да аднаго. Памёр у красавіку, а хацеў дажыць да мая. Да Дня Перамогі.
…У шаснаццаць гадоў мяне, як належыць, выклікалі ў ваенкамат: «У якія войскі хочаш?» Я заявіў ваенкаму, што закончу школу і буду прасіцца ў Афганістан. «Дурань», — сказаў ваенкам. Але я доўга рыхтаваўся: скакаў з парашутам, вывучыў аўтамат… Мы — апошнія піянеры Краіны Саветаў. Будзь гатовы!
…З нашага класа з’язджаў у Ізраіль адзін хлопчык… Склікалі агульнашкольны сход, яго пераконвалі: калі твае бацькі хочуць з’ехаць, няхай з’язджаюць, але ў нас ёсць добрыя дзіцячыя дамы, ты там давучышся і застанешся жыць у СССР. Для нас ён быў здраднікам. Яго выключылі з камсамола. Назаўтра ўвесь клас ехаў у калгас «на бульбу», ён таксама прыйшоў, яго вывелі з аўтобуса. Дырэктар школы ўсіх на лінейцы папярэдзіла: хто, маўляў, пачне з ім ліставацца, таму будзе цяжка скончыць школу. Калі ён з’ехаў, мы ўсе сталі дружна яму пісаць… …У перабудову… Тыя ж настаўнікі нам сказалі: забыць усё, што мы раней вучылі, і чытаць газеты. Вучыліся па газетах. Выпускны экзамен па гісторыі наогул адмянілі, не прыйшлося зубрыць з’езды КПСС усякія. На апошняй кастрычніцкай дэманстрацыі нам яшчэ раздавалі плакаты і партрэты правадыроў, але для нас гэта ўжо было, як карнавал для бразільцаў.
…Памятаю, як людзі хадзілі з мяшкамі савецкіх грошай па пустых крамах…
Паступіў ва ўніверсітэт… Чубайс у гэты час агітаваў за ваўчары, ён абяцаў, што адзін ваўчар будзе каштаваць дзве «Волгі», тады як цяпер ён каштуе дзве капейкі. Драйвовы час! Я раздаваў улёткі ў метро… Усе марылі пра новае жыццё… Марылі… Марылі, што каўбасы на прылаўках стане навалам, па савецкіх коштах, і члены Палітбюро будуць стаяць па яе ў агульнай чарзе. Каўбаса — пункт адліку. У нас экзістэнцыйная любоў да каўбасы… Пагібель багоў! Фабрыкі — рабочым! Зямлю — сялянам! Рэкі — бабрам! Бярлогі — мядзведзям! Шэсці на вуліцах і трансляцыя З’езду народных дэпутатаў выдатна замянялі мексіканскія серыялы… Правучыўся я два курсы… І кінуў універсітэт. Шкада было бацькоў, ім наўпрост сказалі: вы — нікчэмныя саўкі, ваша жыццё знікла ні за нюх табакі, вы вінаватыя ва ўсім, пачынаючы з Ноева каўчэга, вы цяпер нікому не патрэбныя. Усё жыццё шмат працаваць, і ў выніку — нічога. Усё гэта іх падкасіла, разбурыла іх свет, яны так і не аднавіліся, не ўпісаліся ў круты паварот. Малодшы брат пасля ўрокаў мыў машыны, гандляваў у метро жуйкамі і ўсякай фігнёй, і ён зарабляў больш за нашага бацьку… Бацька быў вучоны. Доктар навук! Савецкая эліта! У камерцыйных крамах з’явілася каўбаса, усе пабеглі глядзець. Убачылі кошты! Так у нашае жыццё ўвайшоў капіталізм…
Я стаў грузчыкам. Гэта было шчасце! Разгрузім з сябрам фуру з цукрам — нам дадуць грошы і па мяху цукру. А што такое ў дзевяностыя мех цукру? Цэлае багацце! Грошы! Грошы! Пачатак капіталізму… У адзін дзень ты мог стаць мільянерам або атрымаць кулю ў лоб. Зараз успамінаюць… Палохаюць: магла быць грамадзянская вайна… Стаялі ў кроку ад бездані! Я гэтага не адчуў. Памятаю, што вуліцы спусцелі, на барыкадах — нікога. Газеты перасталі выпісваць і чытаць. Мужыкі ў двары спачатку лаялі Гарбачова, а потым Ельцына за тое, што гарэлка падаражэла. Замахнуліся на святое! Дзікі, невытлумачальны азарт ахапіў усіх. У паветры лунаў пах грошай. Вялікіх грошай. І абсалютная свабода — ні партыі, ні ўрада. Усе хацелі рабіць «бабло», і тыя, хто рабіць «бабло» не ўмеў, зайздросцілі тым, хто ўмеў. Хтосьці гандляваў, хтосьці купляў… нехта прыкрываў, хтосьці «дахаваў»… Я зарабіў першыя «бабкі»… Пайшоў з сябрамі ў рэстаран. Замовілі «Марціні» і «Раяль» — тады гэта было супер! Хацелася патрымаць у руках келіх. Пакрасавацца. Закурылі «Мальбара». Усё — як чыталі ў Рэмарка. Доўга жылі па малюначках. Новыя крамы… рэстараны… як дэкарацыі з чужога жыцця… …Гандляваў смажанымі сасіскамі. Шалёныя «бабкі» намываліся… …Вазіў гарэлку ў Туркменію… Тыдзень прасядзеў з напарнікам у закрытым таварным вагоне. Сякеры былі напагатове. І лом. Даведаліся б, што мы вязём, — забілі б! Назад загрузіліся махровымі ручнікамі… …Прадаваў дзіцячыя цацкі… Адзін раз забралі ў мяне оптам цэлую партыю і расплаціліся фурай з газаванымі напоямі, якія я абмяняў на грузавік семак, на маслабойні ў абмен на семкі атрымаў алей, які часткова прадаў, а часткова абмяняў на тэфлонавыя патэльні і прасы… …Зараз у мяне кветкавы бізнес… Навучыўся «саліць» ружы… У кардонную скрынку засыпаеш напаленую соль — пластам не менш сантыметра, укладваеш туды напаўраспушчаныя кветкі і зверху яшчэ раз пасыпаеш соллю. Зачыняеш вечкам — і ў вялікі поліэтыленавы пакет. Моцна завязаць. Праз месяц… праз год дастаў, абмыў вадой… Прыходзьце ў любы дзень і гадзіну. Вось візітовачка…
Кірмаш стаў нашым універсітэтам… Гэта гучна сказана — універсітэтам, але пачатковай школай жыцця — дакладна. Сюды прыходзілі, як у музей. Як у бібліятэку. Хлопчыкі і дзяўчынкі як зомбі хадзілі сярод прылаўкаў… Як ашалелыя… Вось пара спыняецца каля кітайскіх эпілятараў… І яна яму тлумачыць важнасць эпіляцыі: «Ты ж гэтага хочаш, так? Ты хочаш, каб я была як…» Імя актрысы я не памятаю… ну, Марына Уладзі, да прыкладу, або Катрын Дэнёў. Мільёны нейкіх новых скрыначак, слоічкаў. Іх прыносілі дадому як святыя кнігі, выкарыстаўшы змесціва, слоічкі не выкiдалi, ставілі на ганаровае месца на кніжных паліцах або ў серванце за шклом. Першыя глянцавыя часопісы чыталі як класіку, таямнічая вера, што за гэтай абгорткай, за гэтай лухтою — іншае, цудоўнае жыццё. У першы «Макдональдс» кіламетровыя чэргі… Рэпартажы па ТБ. Дарослыя інтэлігентныя людзі бераглі скрыначкі і сурвэткі адтуль. З гонарам дэманстравалі гасцям.
Мой добры знаёмы… Жонка на дзвюх працах шчыруе, а ў яго гардыня: «Я — паэт. Каструлі прадаваць не пайду. Гіджуся». Калісьці мы з ім, як усе, хадзілі па вуліцах і крычалі: «Дэмакратыя! Дэмакратыя!» І ўяўлення не мелі, што будзе пасля. Каструлі прадаваць ніхто не збіраўся. А цяпер… Выбару няма: або ты корміш сям’ю, або трымаешся за саўковыя ідэалы. Або-або… без варыянтаў… Пішаш вершы, брынкаеш на гітары, цябе пляскаюць па плячы: «Ну, давай! Давай!», а ў кішэні пуста. Тыя, хто з’ехаў з краіны? Там яны і каструлі прадаюць, і піцу развозяць… на кардоннай фабрыцы скрынкі клеяць… Там не сорамна.
Вы мяне зразумелі? Я пра Ігара расказваў… Пра наша страчанае пакаленне — камуністычнае дзяцінства і капіталістычнае жыццё. Ненавіджу гітару! Магу падарыць.
— Ну так… хацеў… Урачы вярнулі адтуль… Хіба яны ведаюць, адкуль вяртаюць? Я, вядома, атэіст, але ў старасці ўжо ненадзейны атэіст. Ты сам-насам з гэтым… з думкай, што трэба сыходзіць… кудысьці… Ну так… іншы погляд… та-а-ак… На зямлю… на пясок… Не магу спакойна глядзець на звычайны пясок. Я даўно стары. Сядзім з коткай каля акна. (Котка на каленях. Гладзіць.) Тэлевізар уключым… І вядома… Ніколі я не думаў, што дажыву да часоў, калі пачнуць ставіць помнікі белым генералам. Раней героі — хто? Чырвоныя камандзіры… Фрунзэ, Шчорс… А цяпер — Дзянікін, Калчак… Хоць жывыя яшчэ тыя, хто памятае, як калчакаўцы нас вешалі на ліхтарах. «Белыя» перамаглі… Так атрымліваецца? А я ваяваў, ваяваў, ваяваў. За што? Будаваў, будаваў… Што? Быў бы я пісьменнікам, сам узяўся б за мемуары. Слухаў нядаўна па радыё перадачу пра свой завод. Я быў першым дырэктарам. Пра мяне гаварылі, як быццам мяне ўжо няма — я памёр. А я… я жывы… Яны ўявіць сабе не маглі, што я яшчэ тут… Так! Ну так… (Смяёмся ўтрох. З намі сядзіць унук. Слухае.) Я адчуваю сябе забытым экспанатам у музейным запасніку. Запыленым чарапком. Вялікая была імперыя — ад мора да мора, ад Запаляр’я да субтропікаў. Дзе яна? Пераможаная без бомбы… без Хірасімы… Перамагла Яе Вялікасць каўбаса! Добрая жратва перамагла! «Мерседэс-бэнц». Больш нічога чалавеку не трэба, не прапаноўвайце яму нічога больш. Няма сэнсу. Толькі хлеба і відовішчаў! І гэта найвялікшае адкрыццё дваццатага стагоддзя. Адказ усім вялікім гуманістам. І крамлёўскім летуценнікам. А мы… маё пакаленне… у нас былі вялікія планы. Марылі пра сусветную рэвалюцыю:
«Мы на горе всем буржуям
Мировой пожар раздуем».
Пабудуем новы свет, зробім усіх шчаслівымі. Нам здавалася, што гэта магчыма, я шчыра верыў! Цалкам шчыра! (Задыхаецца ад кашлю.) Астма замучыла. Пачакайце… (Паўза.) Вось, я дажыў… дажыў да будучыні, пра якую марылі. Паміралі дзеля яе, забівалі. Крыві было шмат… і сваёй, і чужой…
«Иди и гибни неурочно!
Умрешь не даром — дело прочно,
Когда под ним струится кровь…»
«То сердце не научится любить,
которое устало ненавидеть…»
(Здзіўлена.) Памятаю… не забыўся! Не ўсё вытравіў з памяці склероз. Не канчаткова. Вершы мы вучылі на ўроках палітграматы… Колькі ж гэта гадоў мінула? Сказаць страшна…
Чым я ўзрушаны? Агаломшаны чым? Ідэя растаптаная! Камунізм аддалі анафеме! Усё рассыпалася дашчэнту! Я — стары вар’ят. Крывавы маньяк… серыйны забойца… Так, выходзіць? Я занадта доўга жыву, так доўга жыць не трэба. Нельга… не… нельга… Небяспечна жыць доўга. Мой час скончыўся раней за маё жыццё. Трэба паміраць разам са сваім часам. Як мае таварышы… Яны гінулі рана, у дваццаць-трыццаць гадоў… Шчаслівыя паміралі… З верай! З рэвалюцыяй у сэрцы, як тады казалі. Я ім зайздрошчу. Вы не зразумееце… я ім зайздрошчу… «Погиб наш юный барабанщик…» Слаўна загінуў! За вялікую справу! (Задумаўся.) Я ўвесь час жыў побач са смерцю, але мала думаў пра смерць. А гэтым летам звазілі мяне на лецішча. Я глядзеў і глядзеў на зямлю… яна жывая…
— Смерць і забойства — хіба гэта адно і тое ж? Вы жылі сярод забойстваў.
— (Раздражнёна.) За такія пытанні… Быць бы вам лагерным пылам. Поўнач або расстрэл — выбар маленькі. У мой час такіх пытанняў не задавалі. Не было ў нас такіх пытанняў! Мы… Мы ўяўлялі сабе справядлівае жыццё, без бедных і багатых. Паміралі за рэвалюцыю, паміралі ідэалістамі… бяссрэбранікамі… Маіх сяброў даўно няма, я застаўся адзін. Няма маіх суразмоўцаў… Па начах я размаўляю з мёртвымі… А вы? Вы нашых пачуццяў і нашых слоў не ведаеце: харчразвёрстка, харчаатрад, лішэнец, камбед… паражэнец, паўторнік… Санскрыцкія пісьмёны для вас! Іерогліфы! Старасць — гэта, перш за ўсё, адзінота. Апошні знаёмы стары ў суседнім пад’ездзе памёр пяць гадоў таму, а можа, і больш… ужо сем… Вакол адны незнаёмыя людзі. Прыходзяць: з музея, з архіву… з энцыклапедыі… Я — даведнік… жывы архіў… А суразмоўцаў няма… З кім бы я хацеў пагаварыць? Мог бы з Лазарам Кагановічам… Нас мала ўжо засталося, а тых, хто не ў маразме, яшчэ менш. Ён старэйшы, яму ўжо дзевяноста. Чытаў у газетах… (Смяецца.) У газетах пішуць, што старыя ў двары адмаўляюцца гуляць з ім у даміно. У карты. Гоняць: «Душагуб!» І ён плача ад крыўды. Калісьці жалезны наркам. Расстрэльныя спісы падпісваў, дзясяткі тысяч людзей загубіў. Трыццаць гадоў быў побач са Сталінам. А на старасці гадоў яму няма з кім перакінуцца ў карты… забіць «казла»… Звычайныя рабацягі пагарджаюць… (Далей кажа ціха. Не магу разабраць. Вылучаю толькі некалькі слоў.) Страшна… жыць доўга страшна.
…Я не гісторык і нават не гуманітарый. Праўда, пэўны час я працаваў дырэктарам тэатра, нашага гарадскога тэатра. На які ўчастак кідала партыя, там і служыў. Адданы быў партыі. Жыццё мала памятаю, памятаю толькі працу. Краіна была будпляцоўкай… домнай… Кузняй! Так цяпер не працуюць. Я спаў па тры гадзіны ў суткі. Тры гадзіны… Мы адставалі ад перадавых краін на пяцьдзясят-сто гадоў. На цэлае стагоддзе. Сталінскі план — дагнаць за пятнаццаць-дваццаць гадоў. Знакаміты сталінскі скачок. І мы верылі — дагонім! Цяпер людзі ні ў што не вераць, а тады верылі. Лёгка верылі. Нашы лозунгі: «Ударым рэвалюцыйнымі марамі па індустрыяльным разбурэнні!», «Бальшавікі мусяць авалодаць тэхнікай!», «Дагонім капіталізм!» Я дома не жыў… жыў на заводзе… на будоўлі. Ну так… А другой… а трэцяй гадзіне ночы мог зазваніць тэлефон. Сталін не спаў, клаўся позна, і, адпаведна, мы не спалі. Кіраўнічыя кадры. Ад вярхоў да нізоў. Маю два ордэны і тры інфаркты. Быў дырэктарам шыннага завода, начальнікам будтрэста, адтуль перакінулі на мясакамбінат. Загадваў партархівам. Пасля трэцяга інфаркту далі тэатр… Наш час… мой… Вялікі час! Ніхто для сябе не жыў. Таму крыўдна… Брала ў мяне нядаўна інтэрв’ю адна мілая паненка. Пачала мяне «адукоўваць», у які страшны час мы жылі. Яна ў кніжках чытала, а я там жыў. Я сам адтуль родам. З тых гадоў. І яна мне распавядае: «Вы былі рабы. Сталінскія рабы». Смаркачка! Не быў я рабом! Не быў! Я цяпер сам не магу выкараскацца з сумневаў… Але рабом я не быў… У людзей каша ў галаве. Усё перамяшалася: Калчак і Чапаеў, Дзянікін і Фрунзэ… Ленін і цар… Бел-чырвоная салата. Халаднік. Чачотку на магілах таньчаць! Гэта быў вялікі час! Больш ніколі мы не будзем жыць у такой моцнай і вялікай краіне. Я плакаў, калі Савецкі Саюз разваліўся… Нас адразу праклялі. Абылгалі. Перамог абывацель. Вош. Чарвяк.
Мая Радзіма — Кастрычнік. Ленін… сацыялізм… Я любіў рэвалюцыю! Партыя — найдаражэйшае для мяне. Я семдзесят гадоў у партыі. Партбілет — мая біблія. (Дэкламуе.)
«Весь мир насилья мы разрушим
До основанья, а затем
Мы наш, мы новый мир построим.
Кто был никем, тот станет всем…»
Хацелі пабудаваць Царства Божае на зямлі. Прыгожая, але нязбытная мара, чалавек яшчэ да гэтага не гатовы. Недасканалы ён. Ну так… Але ад Пугачова і дзекабрыстаў… да самога Леніна… усе марылі пра роўнасць і братэрства. Без ідэі справядлівасці будзе іншая Расія і іншыя людзі. Зусім іншая будзе краіна. Мы яшчэ не перахварэлі на камунізм. Не спадзявайцеся. І свет не перахварэў. Чалавек заўсёды будзе марыць пра Горад Сонца. Ён яшчэ ў скуры хадзіў, у пячоры жыў, а ўжо прагнуў справядлівасці. Успомніце савецкія песні і савецкія фільмы… Якая там мара! Вера… «Мерседэс» — гэта не мара…
Унук праз усю размову будзе маўчаць. Раскажа ў адказ на мае пытанні толькі некалькі анекдотаў.
з анекдотаў, расказаных унукам
Трыццаць сёмы год… Два старыя бальшавікі ў камеры. Адзін кажа:
«Не, не дажывём мы да камунізму, але нашы дзеці…» Другі: «Бедныя нашы дзеці!»
Стары я… даўно… Але старасць — гэта таксама цікава. Разумееш, што чалавек — жывёла… жывёльнага раптам выяўляецца шмат… Гэта час, як казала Ранеўская, калі свечкі на імянінным пірагу каштуюць даражэй за сам пірог, а палова мачы ідзе на аналізы. (Смяецца.) Нічога не ратуе ад старасці — ні ордэны, ні медалі… Не-е-е… Гудзе халадзільнік, стукае ківач. Больш нічога не адбываецца. (Загаварылі пра ўнука. Унук на кухні гатуе гарбату.) Дзеці пайшлі… у іх толькі камп’ютар у галаве… У дзявятым класе гэты мой унук, ён малодшы, сказаў мне: «Пра Івана Жахлівага чытаць буду, а пра Сталіна не хачу. Абрыд твой Сталін!» Нічога не ведаюць, а ўжо абрыд. Праехалі! Усе праклінаюць сямнаццаты год. «Дурні! — кажуць пра нас. — Навошта яны рэвалюцыю рабілі?» А ў мяне ў памяці… Я памятаю людзей з палымянымі вачыма. Сэрцы нашыя гарэлі! Ніхто мне не верыць! Але я ж не звар’яцеў… Памятаю… Та-а-а-к… Гэтыя людзі нічога не хацелі для сябе, не было, як цяпер, на першым месцы — я. Міса баршчу… домік… садок… Было — мы. Мы! Мы!! Да мяне часам заходзіць сябар майго сына, прафесар універсітэта. За мяжу ездзіць, лекцыі там чытае. Спрачаемся з ім да сіпу. Я яму пра Тухачэўскага, а ён у адказ: чырвоны камандарм тамбоўскіх сялян газам труціў, матросаў у Кранштаце вешаў. Спачатку, кажа, вы пастралялі дваран і папоў… гэта ў сямнаццатым годзе… а ў трыццаць сёмым вас саміх пастралялі… Ужо і да Леніна дабраліся. Леніна я нікому не аддам! З Леніным у сэрцы памру! Зараз… Пачакайце… (Моцны кашаль. Праз кашаль далей зноў не вельмі разборліва.) Раней будавалі флот, асвойвалі космас, а цяпер — катэджы, яхты… Шчыра прызнацца, часта ні пра што не думаю. Працуе або не працуе страўнік? — вось што з раніцы важна. Так жыццё канчаецца.
…Нам было па васямнаццаць-дваццаць гадоў… Пра што мы гаварылі? Гаварылі пра рэвалюцыю і пра каханне. Мы былі фанатыкі рэвалюцыі. Але шмат спрачаліся і пра папулярную ў той час кнігу Аляксандры Калантай «Каханне пчол працоўных». Аўтарка абараняла вольнае каханне, гэта значыць, каханне без усяго лішняга… «як выпіць шклянку вады»… Без уздыхаў і без кветак, без рэўнасці і слёз. Каханне з пацалункамі і любоўнымі запісачкамі лічылася буржуазным забабонам. Усё гэта сапраўдны рэвалюцыянер павінен быў у сабе перамагчы. Мы нават праводзілі сходы на гэтую тэму. Нашыя погляды падзяляліся: адны — за вольнае каханне, але з «чаромхай», значыць з пачуццямі, а іншыя — без усялякай «чаромхі». Я быў за тое, каб з «чаромхай», хоць бы цалавацца. Так! Ну так… (Смяецца.) Якраз у гэты час я закахаўся, заляцаўся да сваёй будучай жонкі. Як заляцаўся? Чыталі разам Горкага: «Буря! Скоро грянет буря!… Глупый пингвин робко прячет тело жирное в утёсах…» Наіўна? Але і выдатна таксама. Выдатна, трасца табе ў бок! (Смяецца па-маладому. І я заўважаю, што ён і сёння яшчэ прыгожы.) Танцы… звычайныя танцы… мы лічылі мяшчанствам. Ладзілі суды над танцамі і каралі тых камсамольцаў, якія танцавалі, дарылі сваім дзяўчатам кветкі. Я колькі часу нават быў старшынёй суданад танцамі. Праз гэтае сваё «марксісцкае» перакананне так і не навучыўся танчыць. Пасля шкадаваў. Ніколі не мог патанчыць з прыгожай жанчынай. Мядзведзь! Ладзілі камсамольскія вяселлі. Без свечак, без вянкоў. Без папоў. Замест абразоў — партрэты Леніна і Маркса. У маёй нявесты былі доўгія валасы, дык да вяселля яна іх абрэзала. Прыгажосцю мы пагарджалі. Ну вядома, гэта было няправільна. Як кажуць, перагіб… (Зноў кашаль. Махае рукой, каб я не выключала дыктафон.) Нічоганічога… мне няма куды адкладаць… Хутка спарахнею на фосфар, кальцый і іншае. Ад каго вы яшчэ даведаецеся праўду? Засталіся адны архівы. Паперкі. Ну, так… Я працаваў у архіве і ведаю: паперкі хлусяць яшчэ горш за людзей.
Пра што я? Пра каханне… пра маю першую жонку… Калі ў нас нарадзіўся сын, мы назвалі яго Акцябром. У гонар дзясятых угодкаў Вялікай Рэвалюцыі. Я хацеў яшчэ дачку. «Калі хочаш ад мяне другое дзіця, значыць, кахаеш», — смяялася жонка. — А як мы назавём нашу дзяўчынку?» Мне падабалася імя Люблена, яно складалася са слоў «люблю Леніна». Жонка выпісала на паперку ўсе свае ўлюбёныя жаночыя імёны: Марксана, Сталіна, Энгельсіна… Іскра… Наймаднейшыя тады. Так гэта паперка і засталася ляжаць на стале… Першага бальшавіка я ўбачыў у сваёй вёсцы… Малады студэнт у салдацкім шынялі. Ён выступаў на плошчы каля царквы: «Цяпер адны ходзяць у ботах, а іншыя — у лапцях. А калі будзе бальшавіцкая ўлада, усе стануць аднолькавыя». Мужыкі крычалі: «А як гэта?» — «А гэта настане такі цудоўны час, калі вашы жонкі будуць насіць шаўковыя сукенкі і туфлікі на абцасах. Не будзе багатых і бедных. Усім будзе добра». Мая мама апране шаўковую сукенку, сястрычка туфлікі на абцасах. Я буду вучыцца… Усе людзі стануць жыць як браты, усе будуць роўныя. Як не палюбіць такую мару! Бальшавікам паверылі бедныя людзі, незабяспечаныя. Моладзь за бальшавікамі пайшла. Мы хадзілі па вуліцах і крычалі «Долой колокола — на трактора!» Пра Бога ведалі толькі адно, што Бога няма. Смяяліся з папоў, секлі дома абразы. Замест хрэсных хадоў — дэманстрацыі з чырвонымі сцягамі…. (Спыніўся.) Быццам бы я гэта ўжо расказваў? Склероз… Я стары… даўно… Ну так… Марксізм стаў нашай рэлігіяй. Я быў шчаслівы, што жыву ў адзін час з Леніным. Збярэмся разам і спяваем «Інтэрнацыянал». У пятнаццаць-шаснаццаць гадоў — ужо камсамолец. Камуніст. Салдат рэвалюцыі. (Маўчыць.) Смерці я не баюся… у маім узросце… Толькі непрыемна… Мне непрыемна з аднае прычыны: камусьці давядзецца з маім целам важдацца. Валаводы з целам… Зайшоў я аднойчы ў царкву. З бацюшкам пазнаёміўся. Бацюшка: «Трэба паспавядацца». Стары я… А ёсць Бог ці не — хутка і так даведаюся. (Смяецца.)
Напаўгалодныя, напаўголыя… Але суботнікі ў нас круглы год, і ўзімку таксама. Мароз! У маёй жонкі лёгкі палітончык, яна цяжарная. Грузім на станцыі вугаль, дровы, цягаем тачкамі. Незнаёмая дзяўчына, якая працавала побач з намі, пытаецца ў жонкі: «У цябе такое паліто летняе. А цяплейшага няма?» — «Не». — «Ведаеш, а ў мяне два. Было добрае сваё, і ад Чырвонага крыжа атрымала новае. Ты скажы мне свой адрас, я вечарам прынясу». Увечары яна прынесла нам паліто, але не старое сваё паліто, а новае. Яна нас не ведала, дастаткова было: мы — члены партыі, і яна — член партыі. Мы былі як браты і сёстры. У нашым доме жыла сляпая дзяўчына, ад нараджэння сляпая, і яна плакала, калі яе не бралі на суботнікі. Хай яна мала дапаможа, але яна б паспявала з намі песні. Рэвалюцыйныя песні!
Мае таварышы… яны ляжаць пад каменнымі плітамі… На камянях высечана: член партыі бальшавікоў з дваццатага… дваццаць чацвёртага… дваццаць сёмага года… І пасля смерці было важна: якой ты веры? Хавалі партыйных асобна, труна ў чырвоным кумачы. Я памятаю дзень смерці Леніна… Як? Ленін памёр? Не можа быць! Ён жа святы… (Просіць унука, і той здымае з паліцы і паказвае мне маленькія ленінскія бюсты. З бронзы, чыгуну, фарфору.) Калекцыя сабралася. Усё падарункі. А ўчора… Па радыё сказалі: ад помніка Леніну ў цэнтры горада адпілавалі ноччу руку. На металалом… за капейкі… Быў абраз. Бог! Цяпер — каляровы метал. Прадаюць і купляюць на кілаграмы… А я яшчэ жывы… Камунізм праклялі! Сацыялізм ужо дрэнь! Мне кажуць: «Ну хто сёння сур’ёзна ўспрымае марксізм? Яго месца ў падручніках па гісторыі». А хто з вас можа сказаць, што чытаў позняга Леніна? Ведае ўсяго Маркса? Ёсць ранні Маркс… і Маркс напрыканцы жыцця… Тое, што сёння бэсцяць як сацыялізм, ніякага дачынення да сацыялістычнай ідэі не мае. Ідэя не вінаватая. (Праз кашаль зноў неразборліва.) Людзі страцілі сваю гісторыю… засталіся без веры… Пра што ні спытаеш — пустэча ў вачах. Начальнікі навучыліся хрысціцца, а свечку, як шклянку з гарэлкай, у правай руцэ трымаюць. Вярнулі пранафталіненага двухгаловага арла… харугвы з абразамі… (Раптам зусім выразна.) Маё апошняе жаданне — напішыце праўду. Але маю праўду… а не сваю. Каб застаўся мой голас…
Паказвае свае фотаздымкі. Часам нешта каментуе.
…Прывялі да камандзіра. «Колькі табе гадоў?» — спытаў камандзір. «Сямнаццаць», — схлусіў я. Мне было няпоўных шаснаццаць. Так я стаў чырвонаармейцам. Нам выдалі абмоткі і чырвоныя зорачкі на шапкі. Будзёнавак не было, а чырвоныя зорачкі выдалі. Што за Чырвоная армія без чырвоных зорачак! Далі вінтоўкі. І мы адчувалі сябе абаронцамі рэвалюцыі. Вакол — голад, эпідэміі. Зваротны тыф… брушны тыф… сыпняк… А мы — шчаслівыя… …З разбітага панскага дома нехта выцягнуў піяніна… Стаіць у садзе, мокне пад дажджом. Пастушкі падгоняць кароў бліжэй і граюць на ім палкамі. Сядзібу з п’яных вачэй спалілі. Разрабавалі. А каму з мужыкоў патрэбнае піяніна?
…Узарвалі царкву… Да гэтага часу ў вушах крык бабуль: «Дзетачкі, не рабіце гэтага!» Малілі. Чапляліся за ногі. Дзвесце гадоў царква прастаяла. Намоленае месца, як той казаў. Пабудавалі замест царквы гарадскую прыбіральню. Святароў прымусілі там прыбіраць. Гаўно чысціць. Цяпер… вядома… цяпер я разумею… А тады… весела… …У полі ляжалі нашыя таварышы… На ілбе і на грудзях у іх былі выразаныя зоркі. Чырвоныя зоркі. Распоратыя жываты, туды насыпана зямля: хацелі зямлі — наце! Нашыя пачуцці — смерць альбо перамога! Хай мы памром, але мы ведаем, за што памром.
…Каля рэчкі ўбачылі праколатых штыкамі белых афіцэраў. Пачарнелі на сонцы «іх благароддзі». З жыватоў тырчалі пагоны… жываты нашпігаваныя пагонамі… Не шкада! Мёртвых людзей бачыў столькі, колькі і жывых…
— Сёння шкада ўсіх: і «белых», і «чырвоных». Мне шкада.
— Вам шкада… Шкада? (Мне падалося, што на гэтым наша гутарка можа і скончыцца.) Ну, так… вядома… «Агульначалавечыя каштоўнасці»… «абстрактны гуманізм»… Тэлевізар гляджу, газеты чытаю. А ў нас міласэрнасць было папоўскім словам. Бі белага гада! Даеш рэвалюцыйны парадак! Лозунг першых гадоў рэвалюцыі: загонім жалезнай рукой чалавецтва ў шчасце! Раз партыя сказала — я веру партыі! Я веру.
Горад Орск пад Арэнбургам. Дзень і ноч гоняць таварнякі з кулацкімі сем’ямі. У Сібір. Мы ахоўваем станцыю. Адчыняю адзін вагон: у куце вісіць на папружцы напаўголы мужчына. Маці люляе на руках маленькага, а хлопчык старэйшы сядзіць побач. Рукамі есць сваё гаўно, як кашу. «Зачыняй! — крычыць мне камісар. — Гэта — кулацкая сволач! Яны для новага жыцця не падыходзяць!» Будучыня… яна ж мусіць быць прыгожай… Потым будзе прыгожа… Ну верыў я! (Амаль крычыць.) Мы верылі ў нейкае прыгожае жыццё. Утопія… гэта была ўтопія… А вы? У вас свая ўтопія — рынак. Рынкавы рай. Рынак усіх зробіць шчаслівымі! Хімера! Ходзяць па вуліцах гангстэры ў малінавых пінжаках, залатыя ланцугі да пуза. Капіталізм карыкатурны, як на малюнках у савецкім часопісе «Крокодил». Пародыя! Замест дыктатуры пралетарыяту — закон джунгляў: кусай таго, хто слабейшы за цябе, а таму, хто мацнейшы, — кланяйся. Самы старажытны закон на зямлі… (Прыступ кашлю. Перадышка.) Мой сын насіў будзёнаўку з чырвонай зорачкай… У дзяцінстве гэта быў лепшы падарунак яму на дзень нараджэння. Я даўно не хаджу ў магазіны. Ці прадаюць там будзёнаўкі? Іх доўга насілі. Пры Хрушчове яшчэ насілі. Якая цяпер мода? (Спрабуе ўсміхнуцца.) Я адстаў… вядома… Я ўжо зусім стары… Мой адзіны сын… ён памёр… дажываю з нявесткай і ўнукамі. Сын быў гісторык і перакананы камуніст. А ўнукі? (З насмешкай.) Унукі чытаюць Далай-ламу. Замест «Капіталу» ў іх «Махабхарата». «Кабала»… Сёння ўсе вераць у рознае. Ага… цяпер так… Чалавек заўсёды хоча ў нешта верыць. У Бога ці ў тэхнічны прагрэс. У хімію, у палімеры, у касмічны розум. Цяпер — у рынак. Ну, дапусцім, наямося, а далей што? Я заходжу ў пакой да сваіх унукаў — там усё чужое: кашулі, джынсы, кнігі, музыка, зубная шчотка — і тая не наша. На паліцах стаяць пустыя бляшанкі з-пад «Пэпсі», «Кока-колы»… папуасы! У супермаркеты ходзяць як у музей. Адсвяткаваць дзень нараджэння ў «Макдональдсе» — крута! «Дзед, мы хадзілі ў “Піца-хат”!» Мека! Пытаюцца ў мяне: «Ты на самай справе верыў у камунізм, а чаму не ў гуманоідаў?» Я марыў: мір — хацінам, вайна — палацам, а яны хочуць стаць мільянерамі. Прыходзяць іх сябры. Чую размовы: «Я лепей буду жыць у слабой краіне, але з ёгуртам і добрым півам», «Камунізм — адстой!», «Шлях Расіі — манархія. Божа, Цара беражы!» Круцяць песні:
«Всё будет прекрасно, поручик Голицын,
За всё комиссары получат сполна…»
А я жывы… я яшчэ тут… На самай справе… Я ж не звар’яцеў… (Глядзіць на ўнука. Той маўчыць.) У крамах поўна каўбасы, а людзей шчаслівых няма. Я не бачу людзей з палымянымі вачыма.
з анекдотаў, расказаных унукам
Спірытычны сеанс. Размаўляюць прафесар і стары бальшавік. Прафесар: «У ідэю камунізму першапачаткова забралася памылка. Памятаеце песню: «Наш паровоз, вперед лети, / В коммуне остановка…» Стары бальшавік: «Вядома, памятаю. А памылка якая?» Прафесар: «Паравозы не лётаюць».
Спачатку арыштавалі жонку… Пайшла ў тэатр і дадому не вярнулася. Вяртаюся з працы: сын разам з катом спіць на дыванку ў вітальні. Чакаў-чакаў маму і заснуў. Жонка працавала на абутковай фабрыцы. Чырвоны інжынер. «Нешта незразумелае робіцца, — казала яна. — Забралі ўсіх маіх сяброў. Гэта нейкая здрада…» — «Вось мы з табой не вінаватыя, і нас не бяруць». Быў у гэтым перакананы… Абсалютна перакананы… шчыра! Спачатку я быў ленінцам, пасля сталінцам. Да трыццаць сёмага года я быў сталінцам. Верыў усяму, што казаў і рабіў Сталін. Так… найвялікшы… геніяльны… правадыр усіх часоў і народаў. Нават калі ворагамі народа абвясцілі Бухарына, Тухачэўскага, Блюхера, я яму верыў. Выратавальная думка… дурная… Я думаў так: Сталіна падманваюць, наверх прабраліся здраднікі. Партыя разбярэцца. І вось арыштавалі маю жонку, сумленнага і адданага байца партыі.
Праз тры дні прыйшлі па мяне… Перш за ўсё панюхалі ў печы: ці не пахне дымам, ці не спаліў я што-небудзь. Іх было трое. Адзін хадзіў і выбіраў сабе рэчы: «Гэта вам ужо не патрэбна». Насценны гадзіннік зняў. Мяне ўразіла… я не чакаў… І ў той жа час нешта ў гэтым было чалавечае, давала надзею. Вось гэтая чалавечая брыдота… Та-а-ак… Значыць, у гэтых людзей ёсць пачуцці… Ператрус працягваўся з другой гадзіны ночы да ранку. У доме было вельмі шмат кніг, кожную кнігу перагарталі. Прамацалі вопратку. Распаролі падушкі… Часу падумаць у мяне было дастаткова. Успамінаў… ліхаманкава… Пасадкі ўжо йшлі масавыя. Кожны дзень кагосьці бралі. Становішча страшнаватае. Чалавека ўзялі, усе вакол маўчаць. Пытацца — марная справа. Следчы на першым допыце мне патлумачыў: «Вы вінаватыя ўжо ў тым, што не данеслі на сваю жонку». Але гэта ўжо ў турме… А тады ўсё ў памяці перабраў. Усё… Адно толькі ўспомніў… Успомніў апошнюю гарадскую партканферэнцыю… Зачыталі прывітанне таварышу Сталіну, і ўся зала ўстала. Шквал авацый: «Дзякуй таварышу Сталіну — арганізатару і натхняльніку нашых перамог!», «Сталіну — слава!», «Слава правадыру!» Пятнаццаць хвілін… паўгадзіны… Усе азіраюцца адзін на аднаго, пераглядваюцца, але ніхто першы не сядае. Усе стаяць. Я чамусьці сеў. Машынальна. Падыходзяць да мяне двое ў цывільным: «Таварыш, чаму седзіцё?» Я падскочыў! Падскочыў як абварыўшыся. Падчас перапынку ўвесь час азіраўся. Чакаў, што цяпер падыдуць і арыштуюць… (Паўза.)
Да раніцы ператрус скончыўся. Каманда: «Збірайцеся». Няня пабудзіла сына… Перад адыходам я паспеў шапнуць яму: «Нікому не кажы пра тату і маму». Так ён выжыў. (Падсоўвае дыктафон бліжэй да сябе.) Запісвайце, пакуль жывы… «П. ж.»… «пакуль жывы…» пішу на віншавальных паштоўках. Няма каму ўжо, праўда, дасылаць… У мяне часта пытаюцца: «Чаму вы ўсе маўчалі?» — «Час такі быў». Я быў перакананы, што вінаватыя здраднікі — Ягода, Яжоў, — але не партыя. Праз пяцьдзясят гадоў лёгка судзіць. Гігікаць… са старых дурняў… У той час я крочыў разам з усімі, а цяпер іх нікога няма… …Месяц праседзеў у адзіночцы. Такая каменная труна — да галавы шырэй, да ног вузей. Крумкача да свайго акна прыручыў, карміў пярлоўкай з баланды. З таго часу крумкач — мая ўлюбёная птушка. На вайне… Бой скончаны. Цішыня. Параненых падабралі, адны мёртвыя ляжаць. Іншых птушак няма, а крумкач лётае.
…На допыт выклікалі праз два тыдні. Ці ведаў я, што ў жонкі ёсць сястра за мяжой? «Мая жонка — сумленны камуніст». На стале ў следчага ляжаў данос, падпісаны — я не паверыў! — нашым суседам. Я пазнаў почырк. Подпіс. Мой таварыш быў, можна сказаць, з грамадзянскай вайны. Вайсковец… у высокім званні… Трохі быў нават закаханы ў маю жонку, я раўнаваў. Ну так… раўнаваў… Жонку я моцна кахаў… сваю першую жонку… Следчы падрабязна пераказваў мне нашыя размовы. Я зразумеў, што не памыліўся… так, гэта сусед… усе размовы былі пры ім… Гісторыя маёй жонкі такая: яна з-пад Мінска. Беларуска. Пасля Брэсцкага міру частка беларускіх земляў адышла да Польшчы. Там засталіся яе бацькі. Сястра. Бацькі хутка памерлі, а сястра пісала нам: «Я лепш паеду ў Сібір, чым заставацца ў Польшчы». Хацела жыць у Савецкім Саюзе. Тады камунізм быў папулярны ў Еўропе. Ва ўсім свеце. Шмат хто ў яго верыў. Не толькі простыя людзі, але і заходняя эліта. Пісьменнікі: Арагон, Барбюс… Кастрычніцкая рэвалюцыя была «опіумам для інтэлектуалаў». Дзесьці чытаў… цяпер шмат чытаю. (Паўза.)
Мая жонка — «вораг»… Значыць, патрэбна «контррэвалюцыйная дзейнасць»… Хацелі сфабрыкаваць «арганізацыю»… «тэрарыстычнае падполле»… «З кім ваша жонка сустракалася? Каму перадавала чарцяжы?» Якія чарцяжы! Я ўсё адмаўляў. Білі. Тапталі ботамі. Усе — свае. У мяне партбілет, і ў іх — партбілет. І ў маёй жонкі — партбілет.
…Агульная камера… У камеры — пяцьдзясят чалавек. Па патрэбе выводзілі два разы на дзень. А ў астатні час? Як даме растлумачыць? Ля ўваходу стаяла велізарная бодня… (Злосна.) Паспрабуйце сесці і пасраць пры ўсіх! Кармілі селядцамі і не давалі вады. Пяцьдзясят чалавек… Ангельскія… японскія шпіёны… Стары вясковец, непісьменны… Яго пасадзілі за пажар на стайні. Сядзеў студэнт за анекдот… На сцяне вісіць партрэт Сталіна. Дакладчык чытае рэферат пра Сталіна. Хор спявае песню пра Сталіна. Артыст дэкламуе верш пра Сталіна. Што гэта такое? Вечар, прысвечаны стагоддзю з дня смерці Пушкіна. (Я смяюся, а ён не смяецца.) Студэнт атрымаў дзесяць гадоў лагероў без права перапіскі. Быў шафёр, арыштаваны за тое, што падобны да Сталіна. І сапраўды быў падобны. Загадчык пральні, беспартыйны цырульнік, шліфавальнік… Больш за ўсё простых людзей. Але быў і вучоны-фалькларыст. Уначы ён распавядаў нам казкі… дзіцячыя казкі… І ўсе слухалі. На фалькларыста данесла яго ўласная маці. Старая бальшавічка. Толькі аднойчы яна перадала яму папяросы перад этапам. Та-а-ак… Сядзеў стары эсэр, ён адкрыта радаваўся: «Які я шчаслівы, што і вы, камуністы, тут седзіцё і нічога, як і я, не разумееце». Контрык! Я думаў, што савецкай улады ўжо няма. І Сталіна — няма.
з анекдотаў, расказаных унукам
Чыгуначны вакзал… Сотні людзей. Чалавек у скуранцы роспачна шукае кагосьці. Знайшоў! Падыходзіць да іншага чалавека ў скуранцы: «Таварыш, ты партыйны ці беспартыйны?» — «Партыйны». —
«Тады скажы, дзе тут сарцір?»
Усё забралі: рэмень, шалік, шнуркі з чаравікаў выцягнулі, а забіць сябе ўсё роўна можна. Была такая думка. Ну так… была… Задушыць сябе штанамі або гумкай ад трусоў. Білі па жываце мяшком з пяском. Усё з мяне вылазіла, як з чарвяка. Падвешвалі на крукі. Сярэднявечча!.. З цябе цячэ, ты свой арганізм ужо не кантралюеш. Адусюль цячэ… Вытрымаць гэты боль… Сорам! Памерці прасцей… (Паўза.) Сустрэў у турме свайго старога таварыша… Мікалай Вярхоўцаў, член партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года. Ён выкладаў на рабфаку. Усе знаёмыя… у блізкім коле… Нехта чытаў уголас газету «Правда», і там інфармацыя: на бюро ЦК слухалася пытанне пра апладненне кабыл. Ну ён вазьмі дый пажартуй, што ў ЦК, маўляў, спраў іншых няма, як толькі займацца апладненнем кабыл. Удзень ён гэта сказаў, а ноччу яго ўжо забралі. Пальцы рук яму заціскалі дзвярыма, зламалі пальцы, як алоўкі. Трымалі суткамі ў процівагазе. (Маўчыць.) Незразумела, як сёння пра гэта распавядаць… Увогуле, дзікае варварства. Зневажальна. Ты — кавалак мяса… ляжыш у мачы… Вярхоўцаву трапіўся следчы-садыст. Яны не ўсе былі садысты… Зверху ім спускалі ліміт, план на ворагаў — месячны і гадавы. Вось яны мяняюцца, п’юць гарбату, тэлефануюць дадому, фліртуюць з медычкамі, якіх выклікаюць, калі чалавек ад катаванняў губляе прытомнасць. У іх дзяжурства… змена… А ў цябе ўсё жыццё перакулілася. Такія рэчы… Следчы, які вёў маю справу, быў раней дырэктарам школы, ён мяне пераконваў: «Наіўны вы чалавек. Мы вас шпокнем і складзём акт — спроба ўцячы. Вы ведаеце, што Горкі сказаў, калі вораг не здаецца, яго знішчаюць». — «Я — не вораг». — «Зразумейце: нам не страшны толькі чалавек, які раскаяўся, чалавек, які разбурыўся». Мы з ім дыскутавалі на гэтую тэму… Другі следчы быў кадравы афіцэр. Адчувалася, што яму лянота ўсе гэтыя паперкі запаўняць. Яны ўвесь час нешта пісалі. Аднойчы ён даў мне цыгарэту. Людзі сядзелі падоўгу. Месяцамі. Паміж катамі і ахвярамі завязваліся чалавечыя… ну, чалавечымі іх не назавеш, але нейкія ўсё ж такі адносіны. Але адно не выключала іншага… «Падпішыце». Чытаю пратакол. — «Я гэтага не казаў». Б’юць. Старанна б’юць.
Іх усіх потым саміх расстралялі. Адправілі ў лагер.
Гэта было раніцай… Адчыняецца камера. Каманда: «На выхад!» Я — у адной кашулі. Хачу апрануцца. «Не!» Вядуць у нейкі падвал… Там ужо чакае следчы з паперай: «Падпішаце — так ці не?» Адмаўляюся. «Тады — да сценкі!» Бах! Стрэл — над галавой… «Ну як — падпішаце?» Бах! І так тры разы. Вядуць назад, па нейкіх лабірынтах… аказваецца, у турме столькі падвалаў! Я не падазраваў. Вялі так, каб зняволены нічога не ўбачыў. І нікога не пазнаў. Калі нехта ідзе насустрач, канваір дае каманду: «Мордай да сценкі!» Але я ўжо быў дасведчаны. Падглядаў. Так я сустрэўся са сваім начальнікам па курсах чырвоных камандзіраў. І са сваім былым прафесарам у саўпартшколе… (Маўчыць.) З Вярхоўцавым мы былі шчырыя: «Злачынцы! Савецкую ўладу пляжаць. Яны адкажуць за гэта». Некалькі разоў яго дапытвала жанчына-следчы: «Калі мяне катуюць, яна становіцца прыгожай. Ты разумееш, яна тады прыгожая». Уражлівы чалавек. Гэта ад яго я даведаўся, што Сталін у юнацтве пісаў вершы… (Заплюшчыў вочы.) Я цяпер, бывае, прачынаюся ў халодным поце: і мяне маглі накіраваць на працу ў энкавэдэ. І я б пайшоў. У мяне партбілет у кішэні. Чырвоная кніжачка.
Званок у дзверы. Прыехала медсястра. Памерала ціск. Зрабіла ўкол.
Увесь гэты час размова хоць урыўкамі, але працягваецца.
…Я неяк падумаў: сацыялізм не вырашае праблему смерці. Старасці. Метафізічнага сэнсу жыцця. Праходзіць наўзбоч. Толькі ў рэлігіі ёсць адказы на гэта. Та-а-ак… У трыццаць сёмым мяне б за такія размовы… …Кнігу «Чалавек-амфібія» Аляксандра Бяляева чыталі? Там геніяльны вучоны хоча зрабіць свайго сына шчаслівым і ператварае яго ў чалавека-амфібію. Але сыну неўзабаве становіцца сумна аднаму ў акіяне. Ён хоча быць як усе: жыць на зямлі, пакахаць звычайную дзяўчыну. Гэта ўжо немагчыма. І ён гіне. А бацьку здалося, што ён раскрыў таямніцу… Што ён — Бог! Вось ён — адказ усім вялікім утапістам!
…Ідэя была выдатная! Але што вы з чалавекам зробіце? Чалавек не змяніўся з часоў Старажытнага Рыма…
Медсястра сышла. Заплюшчыў вочы.
Пачакайце… усё ж такі я скончу… На гадзіну моцы яшчэ ў мяне хопіць. Працягнем… У турме я праседзеў амаль год. Ужо рыхтаваўся да суда. Да этапу. Дзівіўся: чаго яны са мной марудзяць? Як я разумею, ніякай логікі ў іх не было. Тысячы спраў… Хаос… Праз год мяне выклікаў новы следчы… Маю справу аддаюць на перагляд. І мяне выпускаюць, знялі ўсе абвінавачванні. Значыць, памылка. Партыя мне верыць! Сталін быў вялікі рэжысёр… Якраз у гэты час ён прыбраў «крывавага курдупеля», наркама Яжова. Яго судзілі. Расстралялі. Пачалася рэабілітацыя. Народ уздыхнуў: да Сталіна дайшла праўда… А гэта быў усяго толькі перадых перад новай крывёю… Гульня! Але ўсе паверылі. І я паверыў. Развітваюся з Вярхоўцавым… Ён паказвае свае зламаныя пальцы: «А я тут ужо дзевятнаццаць месяцаў і сем дзён. Ніхто мяне адсюль не выпусціць. Пабаяцца». Мікалай Вярхоўцаў… член партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года… расстраляны ў сорак першым годзе, калі немцы падыходзілі да горада. Энкавэдысты расстралялі ўсіх зняволеных, якіх не паспелі эвакуіраваць. Выпусцілі крымінальную шпану, а ўсе «палітычныя» падлягалі ліквідацыі як здраднікі. Немцы ўвайшлі ў горад і адчынілі турэмную браму — там ляжала гара трупаў. Жыхароў горада, пакуль трупы не пачалі гніць, ганялі да турмы — глядзець на савецкую ўладу. Сына я знайшоў у чужых людзей, няня забрала яго ў вёску. Ён заікаўся, баяўся цемры. Сталі жыць з ім удвух. Я дамагаўся якіхнебудзь звестак пра жонку. І адначасова — аднаўлення ў партыі. Каб мне вярнулі мой партбілет. Новы год… У доме ўпрыгожана елка. Чакаем з сынам гасцей. Званок у дзверы. Адчыняю. Стаіць на парозе дрэнна апранутая жанчына: «Я прыйшла перадаць вам прывітанне ад вашай жонкі». — «Жывая!» — «Год таму была жывая. Пэўны час я працавала з ёй у свінарніку. Кралі ў свіней марожаную бульбу, дзякуючы гэтаму не здохлі. Ці жывая яна цяпер, не ведаю». Амаль адразу сышла. Я яе не затрымліваў… павінны былі прыйсці госці… (Маўчыць.) Бой курантаў. Адкаркавалі шампанскае. Першы тост «За Сталіна!» Та-а-ак… Сорак першы год…
Усе плакалі… А я крычаў ад шчасця — вайна! Я пайду на вайну! Ужо гэта ж мне дазволяць. Адправяць. Стаў прасіцца на фронт. Мяне доўга не бралі. Ваенкам быў знаёмы: «Не магу. У мяне на руках інструкцыя — «ворагаў» не браць». — «Гэта хто вораг? Я — вораг?!» — «Твая жонка адбывае пакаранне ў лагеры па 58-м артыкуле — контррэвалюцыйная дзейнасць». Немцы захапілі Кіеў… баі пад Сталінградам… Я зайздросціў кожнаму чалавеку ў ваеннай форме — ён абараняе Радзіму! Дзяўчаты сыходзілі на фронт… А я? Пішу ліст у райкам партыі: расстраляйце ці пусціце на фронт! Праз два дні мне ўручылі позву — цягам дваццаці чатырох гадзін быць на зборным пункце. Вайна была выратаваннем… адзіны шанец вярнуць сабе добрае імя. Я радаваўся.
…Рэвалюцыю добра памятаю. А потым, прабачце, ужо горш. Нават вайну ўжо меней памятаю, хоць па часе яна бліжэй. Памятаю, што нічога не змяніла. Толькі зброя напрыканцы вайны ў нас была іншая — не шашкі і вінтоўкі, а «кацюшы». А жыццё салдацкае? Як і раней, мы маглі гадамі есці суп з пярлоўкі і ячневую кашу, месяцамі насіць брудную бялізну. Не мыцца. Спаць на голай зямлі. А каб былі мы іншыя, як бы мы перамаглі?
…Падняліся ў бой… Нас з кулямётаў! Усе леглі на зямлю. Тут яшчэ мінамёт падключыўся, разносіць людзей на шматкі. Побач са мной упаў камісар: «Што ляжыш, контра! Наперад! Застрэлю!!»
…Пад Курскам сустрэў свайго следчага. Былога дырэктара школы… У мяне была думка: «Ну, цяпер, сволач, ты ў мяне ў руках. У баі застрэлю ціха». Было… Ну так… Хацеў. Не паспеў. Мы з ім нават аднойчы размаўлялі. «Радзіма ў нас адна» — яго словы. Смелы быў чалавек. Геройскі. Загінуў пад Кёнігсбергам. Што сказаць… Магу сказаць… я падумаў, што Бог зрабіў маю справу… Хлусіць не буду… Вярнуўся дадому двойчы паранены. З трыма ордэнамі і медалямі.
Мяне выклікалі ў райкам партыі: «На жаль, жонку вам вярнуць не можам. Жонка загінула. Але годнасць мы вам вяртаем…» Мне аддалі мой партбілет. І я быў шчаслівы! Я быў шчаслівы…
Кажу яму, што мне гэтага не зразумець — ніколі. Зрываецца.
Паводле законаў логікі нас судзіць нельга. Бухгалтары! Зразумейце ж! Нас можна судзіць толькі паводле законаў рэлігіі. Веры! Вы яшчэ нам пазайздросціце! Што ў вас ёсць вялікага? Нічога няма. Адзін камфорт. Усё для страўніка… для дванаццаціперснай кішкі… Набіць трыбух і абставіцца цацкамі… А я… маё пакаленне… Усё, што ў вас ёсць, гэта мы пабудавалі. Заводы, плаціны… электрастанцыі… А дзе ваша? І Гітлера мы перамаглі. Пасля вайны… Нарадзілася ў кагосьці дзіця — радасць! Радасць не такая, як да вайны. Іншая. Я мог і заплакаць… (Заплюшчыў вочы. Стаміўся.) А-а-а… Верылі… А цяпер нам вынеслі прысуд: вы верылі ва ўтопію… Верылі! Улюбёны мой раман «Што рабіць?» Чарнышэўскага… Цяпер яго ўжо не чытаюць. Сумна. Чытаюць толькі назву — вечнае рускае пытанне: што рабіць? Для нас гэта быў катэхізіс. Падручнік рэвалюцыі. Цэлыя старонкі вучылі на памяць. Чацвёрты сон Веры Паўлаўны… (Чытае, як вершы.) «Дамы з крышталю і алюмінію… Крыштальныя палацы! Лімонныя і апельсінавыя сады пасярод гарадоў. Старых амаль няма, людзі вельмі позна старэюць, бо жыццё цудоўнае. Усё робяць машыны, людзі толькі ездзяць і кіруюць машынамі… Машыны жнуць, ткуць… Нівы густыя і шчодрыя. Кветкі — як дрэвы. Усе шчаслівыя. Радасныя. Ходзяць у прыгожым адзенні — мужчыны і жанчыны. Вядуць вольнае жыццё працы і асалоды. Усім хапае месца, даволі працы. Няўжо гэта мы?
Няўжо гэта наша Зямля? І ўсе так будуць жыць? Будучыня светлая і выдатная…» Вунь… (Ківае на ўнука.) Пасмейваецца. Дурнаваты я для яго. Так і жывём.
— У Дастаеўскага ёсць адказ Чарнышэўскаму: «Будуйце, будуйце свой крыштальны палац, а я вось вазьму і кіну ў яго камень… І не таму, што галодны і жыву ў падвале, а проста так — ад свавольства…»
— (Узлаваўся.) Вы лічыце, што нам камунізм, гэтую заразу, як пішуць у сённяшніх газетах, у запламбаваным вагоне з Германіі прывезлі? Што за глупства! Народ паўстаў. Не было таго «залатога веку» пры цары, пра якога цяпер раптам успомнілі. Казкі! І пра тое, што Амерыку хлебам кармілі, і што лёсы Еўропы вырашалі. Паміраў рускі салдат за ўсіх — гэта праўда. А жылі… У нас у сям’і на пецярых дзяцей былі адны боты. Елі бульбу з хлебам, а ўзімку — без хлеба. Адну бульбу… А вы пытаецеся: адкуль узяліся камуністы?
Я столькі памятаю… А навошта? Навошта, га? Што цяпер мне з гэтым рабіць? Мы любілі будучыню. Будучых людзей. Спрачаліся, калі гэтая будучыня паўстане. Праз сто гадоў — дакладна. Але нам гэта здавалася занадта далёкім… (Паўза.)
Я выключаю дыктафон.
Без дыктафона… Добра… Мне трэба камусьці вось гэта расказаць… Мне было пятнаццаць гадоў. Прыехалі да нас у вёску чырвонаармейцы. На конях. П’яныя. Харчатрад. Спалі яны да вечара, а ўвечары сабралі ўсіх камсамольцаў. Выступіў камандзір: «Чырвоная армія галадае. Ленін галадае. А кулакі хаваюць хлеб. Паляць». Я ведаў, што матчын родны брат… дзядзька Сямён… завёз у лес мяхі са збожжам і закапаў. Я — камсамолец. Клятву даваў. Уначы я прыйшоў у атрад і павёў іх да таго месца. Нагрузілі яны цэлы воз. Камандзір руку мне паціснуў: «Расці, браце, хутчэй». Раніцай я прачнуўся ад матчынага крыку: «Сямёнава хата гарыць!» Дзядзьку Сямёна знайшлі ў лесе… пасеклі яго чырвонаармейцы шашкамі на кавалкі… Мне было пятнаццаць гадоў. Чырвоная армія галадае… Ленін… Баяўся выйсці на вуліцу. Сядзеў у хаце і плакаў. Мамка пра ўсё здагадалася. Ноччу дала мне ў рукі торбачку: «Ідзі, сынок! Няхай Бог табе даруе, няшчаснаму». (Закрыў рукою вочы. Але я ўсё роўна бачу — плача.)
Хачу памерці камуністам. Апошняе маё жаданне…
У 90-я гады я апублікавала толькі частку гэтай споведзі. Мой герой даў аповед камусьці пачытаць, з кімсьці параіўся, і яго пераканалі, што поўная публікацыя «кіне цень на партыю». А гэтага ён баяўся больш за ўсё. Пасля яго смерці знайшлі тастамент: сваю вялікую трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада ён пакінуў не ўнукам, а «для патрэб любімай камуністычнай партыі, якой я абавязаны ўсім». Пра гэта нават напісалі ў вячэрняй гарадской газеце. Такі ўчынак быў ужо не зразумелы. Усе кпілі са старога вар’ята. Помнік на яго магіле так ніхто і не паставіў.
Цяпер вырашыла надрукаваць аповед цалкам. Усё гэта ўжо больш належыць часу, чым аднаму чалавеку.
з камуністычных газет
«Зінатаў Цімяран Хабулавіч — адзін з гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якая першая прыняла на сябе ўдар гітлераўскіх войскаў раніцай 22 чэрвеня 1941 года.
Нацыянальнасць — татарын. Перад вайной — курсант палкавой школы (42-і стралковы полк 44-й стралковай дывізіі). У першыя дні абароны крэпасці быў паранены. Трапіў у палон. Двойчы ўцякаў з нямецкага канцлагера — другі раз удала. Скончыў вайну ў дзейнай арміі, як і пачынаў — радавым салдатам. За абарону Брэсцкай крэпасці быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны аб’ехаў усю краіну, працаваў на будоўлях крайняй Поўначы, будаваў БАМ, а калі выйшаў на пенсію, застаўся жыць у Сібіры. Ва Усць-Куце.
Нягледзячы на тое, што ад Усць-Кута да Брэста шмат тысяч кіламетраў, Цімяран Зінатаў кожны год прыязджаў у Брэсцкую крэпасць, дарыў супрацоўнікам музея тарты. Яго ўсе ведалі. Чаму ён так часта бываў у крэпасці? Ён, як і яго сябры-аднапалчане, з якімі ён тут сустракаўся, толькі ў крэпасці адчувалі сябе абароненымі. Тут ніхто і ніколі не сумняваўся, што яны былі героямі сапраўднымі, а не прыдуманымі. У крэпасці ніхто не наважыўся кінуць ім у твар: «Калі б вы не перамаглі, мы б цяпер піва баварскае пілі. Жылі ў Еўропе». Гора-перабудоўшчыкі! Хай бы ведалі яны, што калі б іх дзяды не перамаглі, то мы сталі б краінай пакаёвак і свінапасаў. Гітлер пісаў, што славянскіх дзяцей трэба вучыць лічыць толькі да ста…
У апошні раз Зінатаў прыехаў у Брэст у верасні 1992 года, усё было як звычайна: сустрэўся з франтавымі сябрамі, блукаў па крэпасці. Вядома, заўважыў, што плынь наведнікаў прыкметна зменшылася. Надышлі часы, калі стала модным ачарняць наша савецкае мінулае і яго герояў…
Вось і час ад’езду… У пятніцу ён з усімі развітаўся, сказаў, што ў выходныя з’язджае дадому. Ніхто не мог падумаць, што на гэты раз ён прыехаў у крэпасць, каб застацца тут назаўсёды.
Калі ў панядзелак супрацоўнікі музея прыйшлі на працу, пачулі званок з транспартнай пракуратуры: абаронца Брэсцкай крэпасці, які выжыў тут у крывавым катле 41-га года, кінуўся пад цягнік…
Хтосьці потым прыгадае акуратнага старога з валізкай, які доўга стаяў на пероне. Пры ім знайшлі сем тысяч рублёў, якія ён прывёз з дому на ўласнае пахаванне, і перадсмяротную запіску з праклёнамі ельцынска-гайдараўскаму ўраду — за ўсё гэтае ўчыненае імі прыніжальнае і жабрацкае жыццё. І за здраду Вялікай Перамозе. Пахаваць прасіў у крэпасці».
З перадсмяротнай запіскі:
«… Калі б тады, у вайну, памёр ад ран, я б ведаў: загінуў за Радзіму. А вось цяпер — ад сабачага жыцця. Няхай так і напішуць на магіле… Не лічыце мяне вар’ятам…»
«…Я хачу памерці стоячы, а не на каленях прасіць жабрацкую дапамогу, каб падоўжыць сваю старасць і дажыць да труны з працягнутай рукой! Так што, паважаныя, не судзіце дужа мяне і зразумейце маё становішча. Сродкі пакідаю, калі не скрадуць, спадзяюся, на пахаванне хопіць… труны не трэба… Я ў чым ёсць, у тым і пакіньце, толькі не забудзьцеся ў кішэню пакласці пасведчанне абаронцы Брэсцкай крэпасці — для нашчадкаў нашых. Мы былі героямі, а паміраем у галечы! Бывайце здаровы, не журыцеся па адным татарыне, які пратэстуе адзін за ўсіх: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!»
Пасля вайны ў сутарэннях Брэсцкай крэпасці быў знойдзены надпіс, надрапаны на сцяне штыком: «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма! 22.VII-41 г.». Па рашэнні ЦК гэты радок стаў сімвалам мужнасці савецкага народа і адданасці справе КПСС. Тыя, што засталіся жывымі, абаронцы Брэсцкай крэпасці, сцвярджалі, што аўтар гэтага надпісу — курсант палкавой школы, беспартыйны татарын Цімяран Зінатаў, але камуністычных ідэолагаў больш задавальняла, каб ён належаў загінуламу Невядомаму салдату.
Выдаткі на пахаванне брэсцкія гарадскія ўлады ўзялі на сябе. Пахавалі героя за кошт артыкула «Бягучае ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання»…»
«…Чаму кінуўся пад цягнік стары салдат Цімяран Зінатаў? Пачну здалёк… З ліста ў «Правду» ад Віктара Якаўлевіча Якаўлева са станіцы Ленінградская Краснадарскага краю. Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы Масквы ў 41-м і ўдзельніка маскоўскага парада ў гонар 55-годдзя Перамогі. Напісаць у рэдакцыю яго прымусіла вялікая крыўда…
Нядаўна яны з сябрам (былы палкоўнік і таксама ветэран вайны) ездзілі ў Маскву. Апранулі з гэтай нагоды святочныя пінжакі з ордэнскімі калодкамі. За дзень стаміліся ад шумнай сталіцы, і, калі прыйшлі на Ленінградскі вакзал, захацелася дзе-небудзь прысесці да прыходу цягніка. Вольных месцаў не было, тады яны зайшлі ў пустую залу, дзе былі буфет і мяккія крэслы. Да іх тут жа падскочыла дзяўчына, якая разносіла па зале напоі, і груба паказала на выхад: «Сюды вам нельга. Тут бізнес-зала!» Далей цытата з ліста: «Я ёй з гарачкі адказаў: «Значыць, гэта для злодзеяў і спекулянтаў, а нам нельга? Як калісьці ў Амерыцы: уваход неграм і сабакам забараняецца». Пра што было яшчэ казаць, калі ўсё ясна. Мы павярнуліся і сышлі. Але я паспеў заўважыць, як некалькі гэтых так званых бізнесменаў, а папросту — жулікаў, там рагаталі, жэрлі, пілі… Забыта ўжо, што мы тут кроў пралівалі… Усё забралі ў нас гэтыя сволачы чубайсы, вексельбергі, грэфы… Грошы, гонар. І мінулае, і сучаснасць. Усё! А цяпер гоняць у салдаты нашых унукаў, каб абараняць іх мільярды. Вось я хачу спытаць: за што мы ваявалі? Сядзелі ў траншэях — увосень па калена ў вадзе, зімой у лютыя маразы — па калена ў снезе, месяцамі не здымалі вопратку і не спалі па-людску. Так было пад Калінінам, Яхрамой, пад Масквой… Там мы не дзяліліся на багатых і бедных…»
Можна, вядома, сказаць, што не мае рацыі ветэран — не ўсе бізнесмены «зладзюгі і спекулянты». Але паглядзім ягонымі вачыма на нашую посткамуністычную краіну… На пыху новых гаспадароў жыцця, на іх гідлівасць да «людзей учорашняга дня», ад якіх, як пішуць у гламурных часопісах, ідзе «пах нішчымніцы». Так, на думку аўтараў гэтых выданняў, пахнуць урачыстыя сходы ў вялікіх залах у Дзень Перамогі, куды раз на год запрашаюць ветэранаў і кажуць у іх гонар крывадушныя хваласпевы. А на самой справе яны сёння нікому не патрэбныя. Наіўныя іх думкі аб справядлівасці. І іх адданасць савецкаму ладу жыцця…
У пачатку свайго прэзідэнцтва Ельцын кляўся, што ляжа на рэйкі, калі дапусціць зніжэнне ўзроўню жыцця народа. Узровень гэты не проста панізіўся, а скаціўся, можна сказаць, у прорву. Аднак Ельцын на рэйкі не лёг. А лёг пад цягнік у знак пратэсту восенню 1992-га стары салдат Цімяран Зінатаў…»
за памінальным сталом
Паводле нашага звычаю: мёртвыя ў зямлю — жывыя за стол. Сабралася шмат людзей, некаторыя прыехалі здалёк: з Масквы, Кіева, Смаленска… Усе з ордэнамі і медалямі, як у Дзень Перамогі. Пра смерць казалі — як пра жыццё.
— За загінулага нашага таварыша! Горкі глыток. (Усе ўстаюць.)
— Зямля яму пухам…
— Эх Цімяран… Цімяран Хабулавіч… Крыўда ў яго была. Усе мы моцна пакрыўджаныя. Прывыклі да сацыялізму. Да савецкай Радзімы — СССР. А жывём цяпер у розных краінах, пры іншым ладзе. Пад іншымі сцягамі. Не пад нашым пераможным чырвоным сцягам… Я ўцёк на фронт у сямнаццаць гадоў…
— Нашыя ўнукі Вялікую Айчынную прайгралі б. Няма ў іх ідэі, няма ў іх вялікай мары.
— Яны іншыя кніжкі чытаюць і глядзяць іншыя фільмы.
— Расказваеш… а ім гэта ўжо як казка… Задаюць пытанні: «Навошта байцы гінулі, ратуючы палкавы сцяг? Можна было пашыць новы». Ваявалі, забівалі — а за каго? За Сталіна? Ды за цябе, дурань!
— Трэба было здацца, вылізаць боты немчуры… Прынеслі пахаронку на бацьку, і я адразу папрасіўся на фронт.
— Раскрадаюць савецкую нашу Радзіму… прадаюць… Калі б мы ведалі, што так атрымаецца, яшчэ падумалі б…
— Мама памерла ў вайну, а тата яшчэ раней памёр ад сухотаў. З пятнаццаці гадоў я пайшла працаваць. На заводзе давалі паўбохана хлеба ў дзень і больш нічога, цэлюлоза, клей у гэтым хлебе. Адзін раз страціла з голаду прытомнасць… другі… Пайшла ў ваенкамат: «Не дайце памерці. Адпраўце на фронт». Просьбу задаволілі. У тых, хто ад’язджаў, і ў тых, хто праводзіў, вочы былі шалёныя! Набілася поўная цяплушка дзяўчат. Спявалі:
«Девушки, война дошла аж до Урала,
Ах, девушки, что молодость пропала!»
На станцыях цвіў бэз… адны дзяўчыны смяяліся, а іншыя плакалі…
— Усе мы былі за перабудову. За Гарбачова. Але не за тое, што з гэтага атрымалася…
— Гарбач — агент…
— Я не разумеў, што Гарбачоў казаў… нейкія незразумелыя словы, я ніколі раней іх не чуў… Што за цукерку ён нам абяцаў? Але слухаць мне падабалася… Толькі слабаком ён аказаўся, без бою здаў ядзерны чамаданчык. Нашу камуністычную партыю…
— Рускаму чалавеку патрэбна такая ідэя, ад якой мароз па скуры і мурашкі па хрыбетніку.
— Мы былі вялікай краінай…
— За нашу Радзіму! За Перамогу! Да дна! (Стукаюцца чаркамі.)
— Цяпер зоркі на помніках… А я ўспамінаю, як мы нашых хлопцаў хавалі… Зверху ў яму што пад руку патрапіла накідаем, пяском прысыплем, і зараз жа каманда: наперад — наперад! Пабеглі далей. Новы бой. І зноў поўная яма. Адступалі і наступалі ад ямы да ямы. Прывязуць падмацаванне, праз два-тры дні гэта ўжо трупы. Лічаныя людзі заставаліся. Шчасліўчыкі! Да канца сорак трэцяга года мы ўжо навучыліся ваяваць. Ужо правільна ваявалі. Стала менш людзей гінуць… Тады ў мяне з’явіліся сябры…
— Усю вайну на перадавой, і ніводнай драпіны, нічога! А я — атэіст. Да Берліна дайшоў… убачыў звераў бярлог…
— Ішлі ў бой з адной вінтоўкай на чацвярых. Першага заб’юць, другі вінтоўку падхоплівае, другога — наступны… А ў немцаў новенькія аўтаматы.
— Спачатку немцы былі ганарыстыя. Яны ўжо скарылі Еўропу. Увайшлі ў Парыж. За два месяцы планавалі вырашыць пытанне з СССР. Калі яны параненыя траплялі да нас у палон, то плявалі ў твар нашым сястрычкам. Зрывалі бінты. Крычалі «Хайль Гітлер!» А напрыканцы вайны ўжо: «Рускі, не страляй! Гітлер капут!»
— Больш за ўсё я баяўся ганебнай смерці. Калі хто збаяўся, пабег — камандзір на месцы расстрэльваў… Гэта было звычайнай справай…
— Ну як сказаць… Выхоўвалі нас па-сталінску: ваяваць будзем на чужой тэрыторыі, і
«…от тайги до британских морей
Красная армия всех сильней…»
Літасці ворагу не будзе! Першыя дні вайны… Узгадваю, як суцэльны кашмар… Патрапілі ў акружэнне… Ва ўсіх адно пытанне: у чым справа? Дзе Сталін? Ніводнага нашага самалёта ў небе… Закапалі свае партыйныя і камсамольскія білеты і блукалі па лясных дарогах… Добра, хопіць… Вам не варта пра гэта пісаць… (Адсоўвае ад сябе дыктафон.) Немцы агітавалі, дынамікі ў іх працавалі цэлымі днямі: «Рускі Іван, здавайся! Нямецкая армія гарантуе табе жыццё і хлеб». Я гатовы быў застрэліцца. А няма чым! Няма чым! Патронаў няма… Салдацікі… нам па васямнаццаць-дзевятнаццаць гадоў… Камандзіры вешаліся адзін за адным. Хто на рамяні, хто… па-ўсякаму… Віселі на соснах… Канец свету, тваю маць!
— Радзіма альбо смерць!
— У Сталіна быў план — сем’і тых, хто здаўся ў палон, высылаць у Сібір. Тры з паловай мільёны палонных! Усіх не павысылаеш! Вусаты людаед!
— Сорак першы пракляты год…
— Гавары ўсё… цяпер можна…
— Звычкі такой няма…
— Мы і на фронце баяліся адзін з адным гаварыць адкрыта. Людзей саджалі да вайны… і ў вайну саджалі… Мая маці працавала на хлебазаводзе, там была праверка, і ў яе на пальчатках знайшлі крыхі хлеба, а гэта ўжо было шкодніцтва. Далі дзесяць гадоў турмы. Я на фронце, бацька на фронце, малыя брат і сястра засталіся з бабуляй, яны прасілі яе: «Бабуля, ты не памірай раней, як тата і Сашка (гэта я) з вайны вернуцца». Бацька прапаў без вестак.
— Якія мы героі? З намі ніколі не абыходзіліся як з героямі. Дзяцей мы з жонкай гадавалі ў бараку, пасля далі камуналку. Цяпер атрымліваем капейкі… слёзы, а не пенсію… Па тэлевізары паказваюць, як немцы жывуць. Добра жывуць! Прайгралі, а жывуць у сто разоў лепш за пераможцаў.
— Бог не ведае, што такое быць маленькім чалавекам.
— Я быў, ёсць і застануся камуністам! Без Сталіна і без партыі сталінскай мы б не перамаглі. Дэмакратыя, тваю маць! Баюся баявыя ордэны надзець. «Маразматык стары, дзе служыў? На фронце ці па турмах і лагерах?» — вось што я чую ад маладых. Смокчуць піва і кпяць.
— Прапаную вярнуць помнікі нашаму правадыру, вялікаму сталінскай, на ранейшыя месцы. Хаваюць на задворках, як смецце.
— Пастаў у сябе на лецішчы…
— Хочуць перапісаць вайну. Чакаюць, калі мы ўсе паздыхаем.
— Цяпер мы, карацей, «саветыкус-дэбілус»…
— Выратавала Расію тое, што яна вялікая. Урал… Сібір…
— Найбольш страшна — падняцца ў атаку. Першыя дзесяць хвілін… пяць хвілін… У таго, хто падымаўся першым, шанцаў застацца ў жывых не было. Куля дзірачку знойдзе. Камуністы, наперад!
— За ваенную моц нашай Радзімы! (Стукаюцца чаркамі.)
— Карацей… забіваць нікому ахвоты не было. Непрыемна. Але прывыкаеш… вучышся…
— Пад Сталінградам я ўступіў у партыю. Напісаў у заяве: «Хачу быць у першых шэрагах абаронцаў Радзімы… Не пашкадую свайго маладога жыцця…» У пяхоце ўзнагароджвалі рэдка. Маю адзін медаль «За адвагу».
— Ваенныя кантузіі адгукнуліся… Я стаў інвалідам, але пакуль трымаюся.
— Памятаю: узялі ў палон двух уласаўцаў… Адзін кажа: «Я помсціў за бацьку…» Бацьку расстраляла энкавэдэ… Другі: «Я не хацеў здохнуць у нямецкім канцлагеры». Маладыя хлопцы, як мы, аднаго з намі ўзросту. Калі ты пагаварыў з чалавекам, у вочы паглядзеў… цяжка яго забіць… Назаўтра ўсіх нас дапытвалі ў асобым аддзеле: «Чаму ўступілі ў размовы са здраднікамі? Чаму не расстралялі адразу?» Я стаў апраўдвацца… асабіст наган на стол: « Ты, б…, яшчэ правы качаеш?! Яшчэ адно слова вякнеш — і…» Уласаўцаў ніхто не шкадаваў. Танкісты прывязвалі іх да танкаў, уключалі матор — і ў розныя бакі… раздзіралі на кавалкі… Здраднікі! А ці ўсе яны былі здраднікамі?
— Асабістаў баяліся больш за немцаў. Генералы іх баяліся…
— Страх… усю вайну страх быў…
— А калі б не Сталін… Без «жалезнай рукі» Расія б не выжыла…
— Я не за Сталіна, я за Радзіму ваяваў. Клянуся сваімі дзецьмі і ўнукамі, я ні разу не чуў, каб крычалі: «За Сталіна!»
— Без салдата вайну не выйграць.
— Тваю маць…
— Баяцца трэба толькі Бога. Ён ёсць суд.
— Калі Божачка ёсць…
(Няроўны хор.)
«И значит, нам нужна одна победа!
Одна на всех, мы за ценой не постоим…»
мужчынская гісторыя
— Усё жыццё рукі па швах! Баяўся піскнуць. Цяпер распавяду…
У маленстве… як сябе памятаю… я баяўся страціць тату… Татаў забіралі ўначы, і яны знікалі ў невараць. Так знік матчын родны брат Фелікс… Музыка. Яго ўзялі за глупства… за глупства… У краме ён гучна сказаў жонцы: «Вось ужо дваццаць гадоў савецкай улады, а прыстойных штаноў у продажы няма». Цяпер пішуць, што ўсе былі супраць… А я скажу, што народ падтрымліваў пасадкі. Узяць нашу маму… У яе сядзеў брат, а яна казала: «З нашым Феліксам адбылася памылка. Павінны разабрацца. Але саджаць трэба, вунь колькі бязладдзя дзеецца вакол». Народ падтрымліваў… Вайна! Пасля вайны я баяўся ўспамінаць вайну… Сваю вайну… Хацеў у партыю ўступіць — не прынялі: «Які ты камуніст, калі ты быў у гета?» Маўчаў… маўчаў… Была ў нашым партызанскім атрадзе Розачка, прыгожая габрэйская дзяўчынка, кніжкі з сабой вазіла. Шаснаццаць гадоў. Камандзіры спалі з ёй па чарзе… «У яе там яшчэ дзіцячыя валосікі… Ха-ха…» Розачка зацяжарала… Адвялі далей у лес і застрэлілі, як сабачку. Дзеці нараджаліся, ясная справа, поўны лес здаровых мужыкоў. Практыка была такая: дзіця народзіцца — яго адразу аддаюць у вёску. На хутар. А хто возьме габрэйскае дзіця? Габрэі нараджаць не мелі права. Я вярнуўся з задання: «Дзе Розачка?» — «А табе што? Гэтай няма — іншую знойдуць». Габрэй праз усё жыццё чагосьці баіцца. Куды б камень ні ўпаў, а габрэя закране.
Сысці з Мінска, які палаў, мы не паспелі, бо бабуля… Бабуля бачыла немцаў у 18-м годзе і ўсіх пераконвала, што немцы — культурная нацыя, і мірных людзей яны не крануць. У іх у хаце кватараваў нямецкі афіцэр, кожны вечар ён граў на піяніна. Мама пачала сумнявацца: сыходзіць — не сыходзіць? Праз гэтае піяніна, вядома… Так мы страцілі шмат часу. Нямецкія матацыклісты ўехалі ў горад. Нейкія людзі ў вышываных кашулях сустракалі іх з хлебам-соллю. З радасцю. Знайшлося шмат людзей, якія думалі: вось прыйшлі немцы, і пачнецца нармальнае жыццё. Многія ненавідзелі Сталіна і больш гэтага не хавалі. У першыя дні вайны было столькі новага і незразумелага…
Слова «жыд» я пачуў у першыя дні вайны… Нашыя суседзі пачалі стукаць нам у дзверы і крычаць: «Усё, жыды, канец вам! За Хрыста адкажаце!» Я быў савецкі хлопчык. Скончыў пяць класаў, мне дванаццаць гадоў. Я не мог зразумець, што яны кажуць. Чаму яны так кажуць? Я і цяпер гэтага не разумею… У нас сям’я была змяшаная: тата — габрэй, мама — руская. Мы святкавалі Вялікдзень, але асаблівым чынам: мама казала, што сёння дзень нараджэння добрага чалавека. Пякла пірог. А на Пэйсах (калі Гасподзь улітасцівіў габрэяў) бацька прыносіў ад бабулі мацу. Але час быў такі, што гэта ніяк не афішавалася… трэба было маўчаць…
Мама прышыла нам усім жоўтыя зоркі… Некалькі дзён ніхто не мог выйсці з дому. Было сорамна… Я ўжо стары, але я памятаю гэтае пачуццё… Як было сорамна… Паўсюль у горадзе валяліся ўлёткі: «Ліквідуйце камісараў і жыдоў», «Ратуйце Расію ад улады жыда-бальшавікоў». Адну ўлётку падсунулі нам пад дзверы… Неўзабаве… так… Папаўзлі чуткі: амерыканскія габрэі збіраюць золата, каб выкупіць усіх габрэяў і перавезці ў Амерыку. Немцы любяць парадак і не любяць габрэяў, таму габрэям давядзецца перажыць вайну ў гета… Людзі шукалі сэнс у тым, што адбываецца… нейкую нітку… Нават пекла чалавек хоча зразумець. Памятаю… Я добра памятаю, як мы перасяляліся ў гета. Тысячы габрэяў ішлі па горадзе… з дзецьмі, з падушкамі… Я ўзяў з сабой, гэта смешна, сваю калекцыю матылькоў. Гэта смешна цяпер… Мінчукі выбягалі на тратуары: адны глядзелі на нас з цікаўнасцю, другія са злараднасцю, але некаторыя стаялі заплаканыя. Я мала азіраўся па баках, я баяўся ўбачыць якога знаёмага хлапца. Было сорамна… пастаяннае пачуццё сораму памятаю…
Мама зняла з рукі заручальны пярсцёнак, загарнула ў насоўку і сказала, куды ісці. Я пралез уначы пад дротам… У прызначаным месцы мяне чакала жанчына, я аддаў ёй пярсцёнак, а яна насыпала мне мукі. Раніцай мы ўбачылі, што замест мукі я прынёс мел. Пабелку. Так пайшоў матчын пярсцёнак. Іншых дарагіх рэчаў у нас не было… Сталі пухнуць з голаду…
Аднойчы гета прыціхла, як перад пагромам. Хоць не пачулася ніводнага стрэлу. У той дзень не стралялі… Машыны… шмат машын… З машын выгружаліся дзеці ў добрых гарнітурах і чаравiках, жанчыны ў белых фартухах, мужчыны з дарагімі валізкамі. Шыкоўныя былі валізкі! Усе гаварылі па-нямецку. Канваіры і ахоўнікі разгубіліся, асабліва паліцаі, яны не крычалі, нікога не білі дубінкамі, не спускалі з павадкоў гыркаючых сабак. Спектакль… тэатр… Гэта было падобна да спектакля… У гэты ж дзень мы даведаліся, што гэта прывезлі габрэяў з Еўропы. Іх пачалі называць «гамбургскія» габрэі, таму што большасць з іх прыбылі з Гамбурга. Яны былі дысцыплінаваныя, паслухмяныя. Не хітрылі, не падманвалі ахову, не хаваліся… яны былі асуджаныя… На нас яны глядзелі з пагардай. Мы бедныя, дрэнна апранутыя. Мы іншыя… не размаўлялі па-нямецку…
Усіх іх расстралялі. Дзясяткі тысяч «гамбургскіх» габрэяў… Гэты дзень… усё як у тумане… Як нас выгналі з дому? Як везлі?
Памятаю вялікае поле каля лесу… Выбралі моцных мужчын і загадалі ім капаць дзве ямы. Глыбокія. А мы стаялі і чакалі. Першымі маленькіх дзяцей пакідалі ў адну яму… і сталі закопваць… Бацькі не плакалі і не прасілі. Стаяла цішыня. Чаму? — спытаеце. Я думаў… Калі на чалавека напаў воўк, чалавек жа не будзе яго прасіць, маліць пакінуць яму жыццё. Ці дзік напаў… Немцы зазіралі ў яму і смяяліся, кідалі туды цукеркі. Паліцаі п’яныя ў дыміну… у іх поўныя кішэні гадзіннікаў… Закапалі дзяцей… І загадалі ўсім скакаць у іншую яму. Стаім: мама, тата, я і сястрычка. Прыйшла наша чарга… Немец, які камандаваў, зразумеў, што мама руская, і паказаў рукой: «А ты ідзі». Тата крычыць маме: «Уцякай!» А мама чаплялася за тату, за мяне: «Я з вамі». Мы ўсе яе адштурхоўвалі… прасілі сысці… Мама першая скокнула ў яму…
Гэта ўсё, што я памятаю… Дайшоў да прытомнасці ад таго, што нехта моцна стукнуў па назе чымсьці вострым. Ад болю я ўскрыкнуў.
Пачуў шэпт: «А тут адзін жывы». Мужыкі з рыдлёўкамі корпаліся ў яме і здымалі з забітых боты, чаравікі… усё, што можна было зняць… Дапамаглі мне вылезці наверх. Я сеў на ўскраек ямы і чакаў… чакаў… Ішоў дождж. Зямля была цёплая-цёплая. Мне адрэзалі кавалак хлеба: «Бяжы, жыдзянятка. Можа, выратуешся».
Вёска была пустая… Ніводнага чалавека, а хаты цэлыя. Хацелася есці, але папрасіць не было ў каго. Так і хадзіў адзін. На дарозе то гумовы бот валяецца, то галёшы… хустка… За царквой убачыў абгарэлых людзей. Чорныя трупы. Пахла бензінам і смажаным… Уцёк назад у лес. Карміўся грыбамі і ягадамі. Аднойчы сустрэў старога, які нарыхтоўваў дровы. Стары даў мне два яйкі. «У вёску, — папярэдзіў, — не заходзь. Мужыкі скруцяць і здадуць у камендатуру. Нядаўна двух жыдовачак так злавілі».
Аднойчы заснуў і прачнуўся ад стрэлу над галавой. Ускочыў: «Немцы?» На конях сядзелі маладыя хлопцы. Партызаны! Яны пасмяяліся і пачалі спрачацца паміж сабою: «А жыдок нам нашто? Давай…» — «Няхай камандзір вырашае». Прывялі мяне ў атрад, пасадзілі ў асобную зямлянку. Паставілі вартавога… Выклікалі на допыт: «Як ты апынуўся ў размяшчэнні атрада? Хто паслаў?» — «Ніхто мяне не пасылаў. Я з расстрэльнай ямы вылез». — «А можа, ты шпіён?» Далі два разы ў зубы і кінулі назад у зямлянку. Да вечара ўпіхнулі да мяне яшчэ двух маладых мужчын, таксама габрэяў, былі яны ў добрых скуранках. Ад іх я даведаўся, што габрэяў у атрад без зброі не бяруць. Калі няма зброі, то трэба прынесці золата. Залатую рэч. У іх былі з сабой залатыя гадзіннік і партабак — нават паказалі мне, — яны патрабавалі сустрэчы з камандзірам. Неўзабаве іх павялі. Больш я іх ніколі не сустракаў… А залаты партабак убачыў потым у нашага камандзіра… і скуранку… Мяне выратаваў татаў знаёмы, дзядзька Яша. Ён быў шавец, а шаўцы шанаваліся ў атрадзе, як і ўрачы. Я стаў яму дапамагаць…
Першая парада дзядзькі Яшы: «Змяні прозвішча». Маё прозвішча Фрыдман… Я стаў Ламейка… Другая парада: «Маўчы. А то атрымаеш кулю ў спіну. За габрэя ніхто адказваць не будзе». Так яно і было… Вайна — гэта балота, лёгка ўлезці і цяжка вылезці. Іншая габрэйская прымаўка: калі дзьме моцны вецер, вышэй за ўсё падымаецца смецце. Нацысцкая прапаганда атруціла ўсіх, партызаны былі па-антысеміцку настроены. Нас, габрэяў, было ў атрадзе адзінаццаць чалавек… потым пяць… Спецыяльна пры нас пачыналіся размовы: «Ну якія вы ваякі? Вас, як авечак, вядуць на забой…», «Жыды баязлівыя…» Я маўчаў. Быў у мяне баявы сябар, адчайны хлопец… Давід Грынберг… ён ім адказваў. Спрачаўся. Яго забілі стрэлам у спіну. Я ведаю, хто забіў. Сёння ён герой — ходзіць з ордэнамі. Геройства! Двух габрэяў забілі нібыта што заснулі ў дазоры… Яшчэ аднаго за новенькі парабэлум… пазайздросцілі… Куды бегчы? У гета? Я хацеў абараняць Радзіму… адпомсціць за родных… А Радзіма? У партызанскіх камандзіраў былі сакрэтныя інструкцыі з Масквы: габрэям не давяраць, у атрад не браць, знішчаць. Нас лічылі здраднікамі. Цяпер мы пра гэта даведаліся дзякуючы перабудове.
Чалавека шкада… А як коні паміраюць? Конь не хаваецца, як іншыя жывёлы: сабака там, кот, карова і тая ўцякае, конь стаіць і чакае, калі яго заб’юць. Цяжкая карціна… У кіно кавалерысты нясуцца з гікам і з шашкай над галавой. Бязглуздзіца! Фантазія! У нашым атрадзе нейкі час былі кавалерысты, іх хутка расфармавалі. Коні не могуць ісці па гурбах, тым больш скакаць, яны захрасаюць у сумётах, а ў немцаў матацыклы — двухколавыя, трохколавыя, узімку яны ставілі іх на лыжы. Ездзілі і з рогатам расстрэльвалі і нашых коней, і коннікаў. Прыгожых коней маглі пашкадаваць, відаць, сярод іх было нямала вясковых хлопцаў…
Загад: спаліць хату паліцая… Разам з сям’ёй… Сям’я вялікая: жонка, трое дзяцей, дзед, баба. Ноччу акружылі іх… закалацілі дзверы цвікамі… Аблілі газай і падпалілі. Крычалі яны там, галасілі. Хлапчук лезе праз акно… Адзін партызан хацеў яго прыстрэліць, а іншы не даў. Закінулі назад, у вогнішча. Мне чатырнаццаць гадоў… Я нічога не разумею… Усё, што я змог, — запомніў гэта. І вось расказаў… Не люблю слова «герой»… герояў на вайне няма… Калі чалавек узяў у рукі зброю, ён ужо не будзе добрым. У яго не атрымаецца.
Памятаю блакаду… Немцы вырашылі ачысціць свае тылы і дывізіі СС кінулі супраць партызан. Навешалі ліхтароў на парашутах і бамбілі нас дзень і ноч. Пасля бамбёжкі — мінамётны абстрэл. Атрад сыходзіў невялікімі групамі, параненых везлі з сабой, але закрывалі ім рот, а коням апраналі спецыяльныя наморднікі. Кідалі ўсё, кідалі хатнюю жывёлу, а яна бегла за людзьмі. Каровы, авечкі… Даводзілася прыстрэльваць… Немцы падышлі блізка, так блізка, што ўжо чутныя былі іх галасы: «о мутэр, о мутэр»… пах цыгарэт… У кожнага з нас захоўваўся апошні патрон… Але памерці ніколі не позна. Уначы мы… трое нас засталося з групы прыкрыцця… распаролі жываты забітым коням, выкінулі ўсё адтуль і самі туды залезлі. Праседзелі так двое сутак, чулі, як немцы хадзілі туды-сюды. Пастрэльвалі. Нарэшце наступіла поўная цішыня. Тады мы вылезлі: усе ў крыві, у вантробах… у гаўне… Адурэлыя. Ноч… месяц свеціць…
Птушкі, я вам скажу, нам таксама дапамагалі… Сарока пачуе чужога чалавека — абавязкова засакоча. Падасць сігнал. Да нас яны прывыклі, а немцы пахлі па-іншаму: у іх адэкалон, духмянае мыла, цыгарэты, шынялі з выдатнага салдацкага сукна… і добра змазаныя боты… У нас самаробны тытунь, абмоткі, лапці з валовай скуры, прыкручаныя да ног папружкамі. У іх ваўняная сподняя бялізна… Мёртвых мы распраналі да трусоў! Сабакі грызлі іх твары, рукі. Нават жывёлу ўцягнулі ў вайну…
Шмат гадоў прайшло… паўстагоддзя… А яе не забыўся… пра гэтую жанчыну… У яе было двое дзяцей. Маленькіх. Яна схавала ў склепе параненага партызана. Хтосьці данёс… Сям’ю павесілі пасярод вёскі. Дзяцей першымі… Як яна крычала! Так людзі не крычаць… так звяры крычаць… Ці павінен чалавек ісці на такія ахвяры? Я не ведаю. (Маўчыць.) Пішуць цяпер пра вайну тыя, хто там не быў. Я не чытаю… Вы не крыўдуйце, але я не чытаю…
Мінск вызвалілі… Для мяне вайна скончылася, у войска па ўзросце не ўзялі. Пятнаццаць гадоў. Дзе жыць? У нашай кватэры пасяліліся чужыя людзі. Гналі мяне: «Жыд пархаты…» Нічога не хацелі аддаваць: ні кватэры, ні рэчаў. Прывыклі да думкі, што габрэі не вернуцца ніколі…
(Няроўны хор.)
«Бьется в тесной печурке огонь,
На поленьях смола, как слеза.
И поет мне в землянке гармонь.
Про улыбку твою и глаза…»
— Пасля вайны людзі ўжо не тыя былі. Я сам вярнуўся дадому азвярэўшы.
— Сталін не любіў нашае пакаленне. Ненавідзеў. За тое, што свабоду адчулі. Вайна — гэта была свабода для нас! Мы пабылі ў Еўропе, убачылі, як там людзі жывуць. Я ішоў на працу ля помніка Сталіну, і мяне халодны пот прабіваў: а раптам ён ведае, пра што я думаю?
— «Назад! У стойла!» — сказалі нам. І мы пайшлі.
— Дзермакраты! Разбурылі ўсё… валяемся ў гаўне…
— Усё забылася… і каханне забылася… А вайну памятаю…
— Два гады ў партызанах. У лесе. Пасля вайны гадоў сем… восем… наогул не магла на мужчын глядзець. Наглядзелася! Была такая апатыя. Паехалі з сястрой у санаторый… Да яе заляцаюцца, яна танчыць, а я хацела спакою. Позна замуж выйшла. Муж быў маладзейшы за мяне на пяць гадоў. Як дзяўчынка быў.
— Пайшла на фронт, таму што верыла ўсяму, што пісала газета «Правда». Страляла. Гарачае было жаданне — забіваць! Забіваць! Раней хацела ўсё забыць, але не магла, а цяпер яно само забываецца. Адно памятаю, што смерць на вайне па-іншаму пахне… пах забойства асаблівы… Калі не многа, а адзін чалавек ляжыць, пачынаеш думаць: хто ён? Адкуль? Яго ж хтосьці чакае…
— Пад Варшавай… Старая полька прынесла мне мужава адзенне: «Здымі з сябе ўсё. Я памыю. Чаму вы такія брудныя і худыя? Як вы перамаглі?» Як мы перамаглі?!
— Ты давай… без лірыкі…
— Перамаглі — так. Але наша вялікая перамога не зрабіла нашу краіну вялікай.
— Я памру камуністам… Перабудова — гэта аперацыя ЦРУ па знішчэнні СССР.
— Што засталося ў памяці? Найбольш крыўдна было тое, што немцы намі пагарджалі. Як мы жылі… наш побыт… Гітлер называў славян трљсамі…
— Немцы прыехалі ў нашу вёску. Вясна. На наступны дзень яны сталі рабіць клумбу і будаваць прыбіральню. Старыя дагэтуль успамінаюць, як немцы кветкі садзілі…
— У Германіі… Мы заходзілі ў дамы: у шафах шмат дыхтоўнага адзення, бялізна, забаўкі. Горы посуду. А да вайны нам казалі, што яны пакутуюць пры капіталізме. Глядзелі і маўчалі. Паспрабуй пахваліць нямецкую запальнічку або ровар. Загрыміш па пяцьдзясят восьмым артыкуле за «антысавецкую прапаганду». У адзін момант… Дазволілі адпраўляць пасылкі дадому: генералу — пятнаццаць кілаграмаў, афіцэру — дзесяць, салдату — пяць. Пошту завалілі. Маці піша: «Пасылак не трэба. Праз твае пасылкі нас пазабіваюць». Я ім запальнічкі паслаў, гадзіннікі, шаўковы адрэз… Шакаладныя вялікія цукеркі… яны падумалі, што гэта мыла…
— Нятрахнутых немак ад дзесяці да васьмідзесяці не было! Так што тыя, хто нарадзіўся там у сорак шостым, — гэта «рускі народ».
— Вайна ўсё спіша… яна і спісала…
— Вось яна — перамога! Перамога! Усю вайну людзі фантазіравалі, як добра яны будуць жыць пасля вайны. Два-тры дні пасвяткавалі. А потым захацелася нешта есці, трэба нешта апрануць. Жыць захацелася. А нічога няма. Усе хадзілі ў нямецкай форме. І дарослыя, і дзеці. Шылі-перашывалі. Хлеб давалі па картках, чэргі кіламетровыя. Злосць вісела ў паветры. Чалавека маглі забіць проста так.
— Памятаю… увесь дзень грукатала… Інваліды ездзілі на самаробных платформах на шарыкападшыпніках. А брукаванкі — каменныя. Жылі яны ў падвалах і паўпадвалах. Пілі, валяліся ў канавах. Жабравалі. Ордэны мянялі на гарэлку. Пад’едуць да чаргі і просяць: «Дайце купіць хлебчыку». У чарзе адны стомленыя жанчыны: «Ты — жывы. А мой у магіле ляжыць». Гналі іх. Як крыху лепш зажылі, наогул сталі пагарджаць інвалідамі. Ніхто не хацеў вайну ўспамінаць. Ужо ўсе былі занятыя жыццём, а не вайной. У адзін дзень іх прыбралі з горада. Міліцыянты знаходзілі іх і закідвалі ў машыны, як парсюкоў. Мацюкі… віск… піск…
— А ў нас у горадзе быў Дом інвалідаў. Моладзь без рук, без ног. Усе з ордэнамі. Іх дазволілі разабраць па хатах… афіцыйны быў дазвол… Бабы засумавалі па мужчынскай пяшчоце і кінуліся іх забіраць: хто на тачцы вязе, хто ў дзіцячым вазку. Хацелася, каб у хаце мужыком запахла, каб павесіць мужчынскую кашулю на вяроўцы ў двары. Неўзабаве павезлі іх назад… Гэта ж не цацка… і не кіно. Паспрабуй гэты кавалак мужчыны палюбіць. Ён злосны, пакрыўджаны, ён ведае, што яму здрадзілі.
— Этот день Победы…
жаночая гісторыя
— А я пра сваё каханне раскажу… Немцы прыехалі ў нашу вёску на вялікіх машынах, толькі каскі наверсе блішчалі. Маладыя, вясёлыя. Скублі дзевак. Першы час за ўсё плацілі: за курыцу, за яйкі. Расказваю гэта, і ніхто мне не верыць. Чыстая праўда! Плацілі яны дойчмаркамі… Што мне вайна? У мяне — каханне! Адно ў галаве: калі я яго ўбачу? Прыйдзе, сядзе на лаўцы і глядзіць на мяне, глядзіць. Усміхаецца. «Чаго ты ўсміхаешся? — «А так…» Да вайны мы разам у школе вучыліся. Бацька ў яго памёр ад сухотаў, а дзеда раскулачылі, выслалі з сям’ёй у Сібір. Успамінаў, як мама пераапранала яго маленькага ў дзяўчынку і вучыла, што, калі па іх прыйдуць, каб ён уцёк на станцыю, сеў на цягнік і з’ехаў. Іван яго звалі… А ён мяне: «Любачка мая…» Толькі так… Не было нам зоркі, не было нам шчасця. Прыехалі немцы, і хутка вярнуўся яго дзед, злосны прыехаў, вядома. Адзін. Усю сям’ю на чужыне пахаваў. Распавядаў, як іх везлі па сібірскіх рэках. Выгрузілі ў цёмнай тайзе. На дваццаць-трыццаць чалавек далі адну пілу і сякеру. Лісце елі… кару грызлі… Камуністаў дзед ненавідзеў! Леніна і Сталіна! З першага дня пачаў помсціць. Паказваў немцам: гэты камуніст… і гэты… Кудысьці гэтых мужчын забіралі… Я доўга вайну не разумела…
Мыем разам каня на рацэ. Сонца! Сушым разам сена, і яно мне так пахне! Я нічога гэтага не ведала, я так раней не адчувала. Без кахання я была простая дзяўчынка, звычайная, пакуль не пакахала. Бачу прарочы сон… Рэчка ў нас невялікая, а я тану ў гэтай рэчцы, мяне зацягвае падводнай плынню, ужо я пад вадой. Не зразумела як, якім чынам, але нехта мяне падымае, штурхае наверх, толькі я чамусьці напаўапранутая. Плыву да берага. Тады была ноч, а то ўжо раніца. На беразе стаяць людзі, уся наша вёска. Выходжу з вады голая… зусім голая…
У адным доме быў патэфон. Збіралася моладзь. Танчылі. Варажылі на нарачонага, варажылі па Псалтыры, на смале… па фасолі… Па смалу дзяўчына мусіла сама пайсці ў лес і знайсці старую хвою, маладое дрэва не падыходзіла, у ім няма памяці. Моцы няма. Усё гэта праўда… Я ў гэта і цяпер веру… А фасолю раскладвалі па кучках і лічылі: цот-няцот. Мне васямнаццаць гадоў… Зноў жа, вядома… У кніжках пра гэта не пішуць… Пры немцах жыць нам стала лепей, як пры Саветах. Немцы адчынілі цэрквы. Закрылі калгасы і раздалі зямлю — на аднаго чалавека два гектары, адзін конік на двух гаспадароў. Усталявалі цвёрды падатак: увосень мы здавалі збожжа, гарох, бульбу і па адным кабанчыку з двара. Здавалі, і нам заставалася. Усе былі задаволеныя. Пры Саветах гаравалі. Брыгадзір ставіў у сшытку «палачкі» — працадні. Увосень за гэтыя працадні — атрымай дулю! А тут у нас і мяса, і алей. Іншае жыццё! У людзей радасць, што волю атрымалі. Надышоў нямецкі парадак… Не накарміў каня — адлупяць пугаю. Ці не падмёў ля двара… Памятаю размовы: да камуністаў прызвычаіліся, і да немцаў прывыкнем. Навучымся па-нямецку жыць. Так было… усё ў памяці жывое… Ноччу ўсе баяліся «лясных» людзей, наведвалі яны без запрашэння. Адзін раз і да нас зайшлі: у аднаго — сякера, у другога — вілы: «Сала, маці, давай. Самагонкі. І не шумі моцна». Я вам распавядаю, як яно ў жыцці было, а не як у кніжках пішуць. Партызанаў па першым часе не любілі…
Прызначылі дзень нашага вяселля… Пасля дажынак. Калі скончацца палявыя работы і апошні сноп бабы кветкамі абкруцяць… (Маўчыць.) Памяць слабее, а душа ўсё памятае… Пачаўся дождж пасля абеду. Усе бягуць з поля, і мама вяртаецца. З плачам: «Божа! Божа! Твой Іван запісаўся ў паліцыю. Будзеш жонкай паліцая». — «Не хачу-у-у!» Плачам з мамай удзвюх. Увечары прыходзіць Іван, сеў і вачэй не падымае. «Іван, мой міленькі, што ж ты пра нас не падумаў?» — «Любка… Любачка мая…» Гэта дзед яго прымусіў. Чорт стары! Напалохаў: «Не запішашся ў паліцыю, адправяць у Германію. Не ўбачыш ты сваёй Любкі! Забудзься!» Дзед марыў… Хацеў, каб нявестка ў яго была немка… Немцы круцілі фільмы пра Германію, якое там выдатнае жыццё. Многія дзяўчаты і хлопцы верылі. З’язджалі. Перад адпраўкай ладзілі гулянні. Іграў духавы аркестр. Грузіліся ў цягнікі ў туфліках… (Дастае таблеткі з сумкі.) Дрэнныя мае справы… Лекары кажуць, што медыцына не дапаможа… памру неўзабаве… (Маўчыць.) Хачу, каб каханне маё засталося. Мяне не будзе, а людзі хай чытаюць…
Вакол вайна, а мы шчаслівыя. Год пражылі — муж і жонка. Я цяжарная. Ад нас чыгуначная станцыя была зусім блізка. То ехалі на фронт нямецкія саставы, салдаты ўсе маладыя, вясёлыя. Песні гарлалі. Убачаць: «Мэдхэн! Кляйнэ мэдхэн!» Смяюцца. А тут стала менш маладых, болей людзей ва ўзросце. То былі ўсе вясёлыя, а гэтыя едуць сумныя. Весялосці няма. Савецкая армія перамагае.
«Іван, — пыталася я, — што з намі будзе?» — «На мне крыві няма. Я ні разу ў чалавека не стрэліў». (Маўчыць.) Мае дзеці нічога гэтага не ведаюць, я ім не прызналася. Можа, перад самым канцом… перад смерцю… Адно скажу: каханне — атрута…
Праз два дамы ад нас жыў хлопец, якому я таксама падабалася, ён мяне на танцах заўсёды запрашаў. Толькі са мной танчыў. «Я пайду цябе праводзіць». — «У мяне ёсць праважаты». Прыгожы хлопец… Пайшоў у лес. Да партызан. Казалі, хто бачыў, што носіць кубанку з чырвонай стужкай. Ноччу стук у дзверы: «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць гэты хлопец і яшчэ адзін, старэйшы. Залётнік мой пачынае так: «Як жывеш, паліцаечка? Даўно хацеў цябе наведаць. А мужык дзе?» — «Адкуль мне ведаць? Сёння не прыехаў. У гарнізоне, відаць, застаўся». Тут ён хапае мяне за руку і кідае да сценкі: нямецкая лялька… і падсцілка… і на б… пасылае і на х… Нямецкага халуя, кулацкага вырадка выбрала, а са мной цэлачку з сябе строіла. І нібы як пісталет з-за пазухі вымае. Мама ўпала перад імі на калені: «Страляйце, хлопчыкі, страляйце. Я з вашымі мамкамі ў дзеўках гуляла. Няхай і яны потым паплачуць». Неяк маміны словы на іх падзейнічалі. Пагаманілі паміж сабой і сышлі. (Маўчыць.) Каханне — гэта горка-горка…
Фронт усё бліжэй і бліжэй. Па начах ужо кананаду чуваць. Уначы — госці. «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць мой залётнік… і з ім яшчэ адзін… Мой залётнік паказвае мне пісталет: «Вось з гэтага пісталета я забіў твайго мужа». — «Няпраўда! Няпраўда!» — «Цяпер у цябе мужа няма». Я думала, што я яго заб’ю… што я… вочы яму выкалупаю… (Маўчыць.) А раніцай прывезлі майго Івана… На санках… на шынялі… Вочы заплюшчаныя, твар дзіцячы. Ён жа нікога не забіў… Я яму верыла! І цяпер веру! Каталася па падлозе, выла. Мая мама баялася, што я звар’яцею і дзіцятка мёртвым або ненармальным народзіцца, пабегла да шаптухі. Да бабкі Стасі. «Я ведаю тваю бяду, — сказала яна маме, — але я тут не дапамагу. Няхай дачка Бога просіць». І навучыла, як прасіць… Калі Івана павязуць хаваць, я мусіла пайсці не за труной, як усе людзі ідуць, а паперадзе. Да самых могілак. А гэта праз усю вёску… Да канца вайны ўжо шмат мужчын сышло ў лес. Партызанілі. У кожнай хаце хтосьці загінуў. (Плача.) І я ішла… перад труной паліцая… Я паперадзе, а мама ззаду. Усе людзі павыходзілі з хат, стаялі каля брам, але ніхто злога слова не кінуў. Глядзелі і плакалі.
Вярнуліся Саветы… Мяне зноў знайшоў гэты хлопец… Прыехаў на кані: «Табой ужо цікавяцца». — «Хто?» — «Хто-хто? Органы». — «А мне ўсё роўна, дзе знайду сваю смерць. Няхай гоняць у Сібір». — «Што ты за маці? У цябе дзіця». — «Ты ведаеш, чыё…» — «Я цябе і такую вазьму». І я выйшла за яго замуж. За забойцу свайго мужа. Нарадзіла яму дзяўчынку… (Плача.) Ён аднолькава дзяцей любіў: і майго сына, і сваю дачку. Не буду нагаворваць. А я… я… у сіняках, у крывавых пісягах хадзіла. Ноччу б’е, а раніцай на каленях стаіць, прабачэння просіць. Яго выпальвала нейкая жарсць… Раўнаваў да мёртвага… На досвітку людзі ўсе спяць, а я ўжо ўстаю. Мне трэба раней, каб ён не прачнуўся… не абняў… Уначы ніводнае акно ўжо не свеціцца, а я яшчэ на кухні. Каструлі мае блішчалі. Чакаю, калі ён засне. Пражылі мы з ім пятнаццаць гадоў, і ён цяжка захварэў. Памёр за адну восень. (Плача.) Я не вінаватая… я яму смерці не жадала. Прыйшла тая хвіліна… апошняя… То тварам да сцяны ляжаў, а тут павярнуўся да мяне: «Ты мяне кахала?» Прамаўчала. Засмяяўся, як тады ноччу, калі пісталет паказаў… «А я цябе адну ўсё жыццё кахаў. Так кахаў, што хацеў забіць, калі даведаўся, што памру. У Яшкі (наш сусед, ён звярыныя скуркі вырабляе) атруты прасіў. Не магу перажыць: я памру, а ў цябе яшчэ нехта будзе. Ты — прыгожая».
Ляжаў у труне… і нібыта смяяўся… Баялася да яго падысці. А трэба было пацалаваць.
(Хор.)
«Вставай, страна огромная,
Вставай на смертный бой…
Пусть ярость благородная вскипает, как волна.
Идет война народная,
Священная война…»
— Пакрыўджаныя сыходзім…
— Я дочкам сказала: калі памру, каб была толькі музыка, а людзі няхай маўчаць.
— Пасля вайны палонныя немцы камяні цягалі. Адбудоўвалі горад. Галодныя. Прасілі хлеба. А я не магла даць ім кавалачак хлеба. Часам менавіта гэты момант успамінаю… гэты… Дзіўна, што такія рэчы ў памяці застаюцца…
На стале стаялі кветкі і вялікі партрэт Цімярана Зінатава. Мне ўвесь час здавалася, што ў гэтым хоры я чую і ягоны голас, ён з намі.
З аповеду жонкі Зінатава:
— Я мала што магу ўспомніць… Дом, сям’я… яго ніколі не цікавілі. Усё крэпасць ды крэпасць. Вайну не забываў… Дзяцей вучыў, што Ленін добры, будуем камунізм. Прыходзіць аднойчы з працы, газетка ў руцэ: «Паедзем на вялікую будоўлю. Радзіма кліча». Дзеці ў нас яшчэ былі маленькія. Паедзем — і ўсё. Радзіма загадвае… Так мы з ім на БАМ патрапілі… на будоўлю камунізму… Будавалі! Верылі: усё ў нас наперадзе! Моцна верылі савецкай уладзе. Ад душы. Цяпер пастарэлі. Галоснасць, перабудова… Сядзім і слухаем радыё. Камунізму ўжо няма… Дзе той камунізм? І камуністаў няма… не зразумець, хто там наверсе… Гайдар зусім абабраў… бамжуе народ… Хто ўкрадзе што-небудзь на заводзе ці ў калгасе… Хто падмане… Так і выжываюць… А мой… У аблоках жыў… заўсёды дзесьці высока… Дачка працуе ў аптэцы, прынесла яна аднойчы дэфіцытныя лекі, каб прадаць і якую капейку зарабіць. Як ён даведаўся? Разнюхаў?
«Ганьба! Якая ганьба!» — крычаў. З дому яе выганяў. Не магла ніяк яго супакоіць. Іншыя ветэраны карыстаюцца прывілеямі… Ім прызначылі… «Схадзі, — папрасіла. — Можа, і табе што-небудзь дадуць». Раскрычаўся: «Я за Радзіму ваяваў, а не за прывілеі». Ляжыць уначы з расплюшчанымі вачыма і маўчыць. Гукну — не адказвае. Перастаў размаўляць з намі. Моцна перажываў. Не за нас перажываў, не за сям’ю, а за ўсіх. За краіну. Такі быў чалавек. Нагаравалася я з ім… Прызнаюся вам шчыра — як жанчыне, а не як пісьменніцы… Я яго не разумела…
Выкапаў бульбу, апрануўся лепей і паехаў у сваю крэпасць. Хоць бы кавалак паперы нам пакінуў. Напісаў дзяржаве, чужым людзям. А нам нічога… ніводнага слова…
— Не… не, гэта немагчыма… немагчыма для мяне. Я думала, некалі… каму-небудзь распавяду… але не цяпер… Не цяпер. Усё ў мяне пад забаронай, замуравала, затынкавала. Вось… Пад саркафагам… накрыла ўсё саркафагам… там ужо пажару няма, але нейкая рэакцыя ідзе. Нейкія крышталі ствараюцца. Я баюся зачапіць. Баюся…
Першае каханне… Ці можна гэта так назваць? Мой першы муж… Гэта цудоўная гісторыя. Два гады ён да мяне заляцаўся. Я вельмі хацела за яго замуж, таму што мне патрэбны быў ён цалкам, каб ён нікуды не падзеўся. Увесь мой! Нават не ведаю, навошта ён мне так вось цалкам быў патрэбны. Вось ніколі не расставацца, увесь час бачыцца і ўсчыняць нейкія скандалы, і трахацца, трахацца, без канца трахацца. Ён быў першым мужчынам у маім жыцці. Першы раз гэта наогул была такая… м-м-м… цікаўнасць проста — што ж такое адбываецца? Яшчэ раз — таксама… і ўвогуле… нейкая тэхніка… Ну, цела… цела, цела… цела і ўсё! І вось так працягвалася паўгода. А яму, наогул, не абавязкова было, каб я гэта была я, ён мог знайсці і некага іншага. Але чамусьці вось мы пабраліся… Мне дваццаць два гады. Разам вучымся ў музычным вучылішчы, у нас усё разам. А потым гэта здарылася… адкрылася нешта ўва мне… Але я абмінула гэты момант… калі я палюбіла мужчынскае цела… Вось яно ўсё табе належыць… Гэта была цудоўная гісторыя… Яна магла працягвацца бясконца, а магла за паўгадзіны скончыцца. Вось… Я сышла. Сышла сама. Ён мяне маліў застацца. Чамусьці я вырашыла, што пайду. Я так стамілася ад яго… Божа, як я ад яго стамілася! Ужо цяжарная, у мяне пуза… Навошта ён? Трахаліся, потым лаяліся, потым я плакала. Я не ўмела яшчэ цярпець. Дараваць не ўмела.
Выйшла з дому, зачыніла дзверы і раптам адчула радасць, што я зараз пайду. Пайду назаўсёды. Паехала да мамы, ён прыбег тут жа, уначы, і быў зусім збіты з панталыку: цяжарная, чамусьці ўвесь час незадаволеная, нешта ёй яшчэ трэба. Ну што табе яшчэ патрэбна? А я перагарнула гэтую старонку… Была вельмі рада, што ён у мяне быў, і вельмі рада, што яго больш няма. Маё жыццё — заўсёды як скарбонка. Было — і скончылася, было — і скончылася.
Ой, я так прыгожа нарадзіла Аньку… мне гэта так спадабалася… Па-першае, воды ў мяне адышлі… Я шмат хадзіла, і, здаецца, на нейкім кіламетры ў лесе ў мяне адышлі воды. Наогул неяк дрэнна разумела — ну што, мне зараз ужо збірацца ў бальніцу? Пачакала да вечара. Зіма была — цяпер ужо не верыцца — мароз сорак градусаў. Кара дрэў трашчала. Усё ж такі я вырашыла пайсці. Дакторка паглядзела: «Будзеш два дні нараджаць». Тэлефаную дадому: «Мама, прынясі шакалад. Мне яшчэ доўга ляжаць». Перад ранішнім абыходам забегла медсястра: «Слухай, ужо галоўка тырчыць. Паклічу доктара». І вось — я ў крэсле… Мне кажуць: «Вось-вось. Зараз-зараз». Не памятаю, колькі часу прайшло. Але хутка… вельмі хутка… Паказваюць мне нейкі камячок: «Дзяўчынка ў цябе». Узважылі — чатыры кілаграмы. «Слухайце, ніводнага разрыву. Пашкадавала маму». Ой, калі яе назаўтра прынеслі: вочы — адны зрэнкі, чорныя, плаваюць. І я ўжо болей нічога не бачу…
У мяне пачалося новае, зусім іншае жыццё. Мне спадабалася, як я стала выглядаць. Увогуле… Я стала прыгажэйшай адразу… Анька тут жа заняла сваё месца, я любіла яе, але вось неяк яна абсалютна не была ў мяне звязана з мужчынамі. З тым, што ў яе ёсць тата. З неба ўпала! З неба. Навучылася гаварыць, у яе пытаюцца: «Анечка, у цябе таты няма?» — «У мяне замест таты бабуля». — «А сабакі ў цябе няма?» — «У мяне замест сабакі хамячок». Мы з ёй удзвюх вось такія… Усё жыццё баялася, што я раптам стану не мной. Нават калі лячылі зуб, прасіла: «Не рабіце ўкол. Не абязбольвайце». Мае пачуцці — гэта мае пачуцці, добрыя і хворыя, не адключайце мяне ад мяне. Мы з Анькай падабаліся адна адной. І вось такія мы сустрэлі яго… Глеба…
Калі б ён не быў ён, я б ніколі больш не выйшла замуж. У мяне ўсё было: дзіця, праца, свабода. Раптам ён… Нязграбны, амаль сляпы… з дыхавіцай… Упусціць у свой свет чалавека з такім цяжарам мінулага — дванаццаць гадоў сталінскіх лагераў… Забралі хлапчуком, у шаснаццаць гадоў. Бацьку… буйнога партыйнага працаўніка… расстралялі, а маці да смерці замарозілі ў бочцы з вадой. Дзесьці далёка, дзесьці ў снягах. Да яго я ніколі ні пра што такое не думала… Піянерка… камсамолка… Жыццё цудоўнае! Дзівоснае! Як я на гэта наважылася? Як? Праходзіць час, і боль робіцца ведаю. І ведаю таксама. Ужо пяць гадоў, як яго няма… Пяць… І мне нават шкада, што ён мяне такую, якая я зараз, не ведаў. Цяпер я больш разумею яго, я да яго дарасла, але ўжо без яго. Доўга не магла жыць адна. Зусім не хацела жыць. Я не адзіноты баялася, прычына іншая — я не ўмею жыць без кахання. Мне патрэбны гэты боль… гэтая літасць… Без гэтага… Мне страшна, мне так бывае страшна ў моры. Калі я заплываю далёка-далёка: я адна… там, унізе, цемра… Я не ведаю, што там…
Сядзім на тэрасе. Зашумела лісце — пачаўся дождж.
— Вой, гэтыя пляжныя раманы… Ненадоўга. Кораценька. Такая сабе маленькая мадэль жыцця. Можна прыгожа пачаць, і можна прыгожа сысці. Гэта тое, што ў нас не атрымліваецца ў жыцці, тое, чаго б мы хацелі. Таму мы так любім куды-небудзь паехаць… каго-небудзь сустрэць… Вось… У мяне дзве касічкі, сукенка ў сіні гарошак, набытая за дзень да ад’езду ў «Детском мире». Мора… заплываю далёка-далёка, больш за ўсё на свеце я люблю плаваць. З раніцы раблю зарадку пад белай акацыяй. Ідзе мужчына, мужчына і ўсё, вельмі звычайнай знешнасці, немалады, убачыў мяне, чамусьці ўзрадаваўся. Стаіць і глядзіць: «Хочаце, я ўвечары вам вершы пачытаю?» — «Можа быць, а зараз я паплыву далёка-далёка!» — «А я буду вас чакаць». І чакаў, некалькі гадзін чакаў. Вершы чытаў кепска, увесь час папраўляў акуляры. Але такі кранальны. Я зразумела… Я зразумела, што ён адчувае… Вось гэтыя рухі, гэтыя акуляры, вось гэтая ўсхваляванасць. Але зусім не памятаю, што ён чытаў. І чаму гэта павінна быць такім значным? Тады таксама дождж пайшоў. Быў дождж. Я гэта памятаю… нічога не забылася… Пачуцці… нашыя пачуцці — гэта нейкія асобныя істоты — пакуты, каханне, пяшчота. Жывуць яны самі па сабе, яны не залежаць ад нас. Чамусьці раптам выбіраеш гэтага чалавека, а не таго, хоць той, можа, нават лепшы. Ці робішся часткай чужога жыцця, яшчэ нічога пра гэта не ведаючы. Але цябе ўжо знайшлі… даслалі сігнал… «Я так цябе чакаў», — сустракае ён мяне на наступную раніцу. І кажа гэта такім голасам, што я чамусьці ў гэты момант яму веру, хоць зусім не была падрыхтаваная. Нават наадварот. Але нешта змяняецца ў наваколлі… Гэта яшчэ не каханне, але такое адчуванне, што мне падарылі ўсяго-ўсяго. Чалавек пачуў чалавека. Дагрукаўся. Заплываю далёка-далёка. Вяртаюся. Чакае. Зноў кажа: «У нас з табой усё будзе добра». І чамусьці я зноў у гэта веру. Пілі ўвечары шампанскае: «Гэта чырвонае шампанскае, але па кошце нармальнага шампанскага». Фраза мне падабаецца. Смажыў яечню: «У мяне з гэтымі яечнямі цікавая гісторыя. Я купляю яйкі дзясяткамі, смажу парамі, і заўсёды застаецца адно яйка». Нейкія такія мілыя рэчы.
Усе глядзяць на нас і пытаюцца: «Гэта твой дзядуля? Гэта твой тата?» Я ў такой кароткай сукенцы… Мне дваццаць восем гадоў… Гэта потым ён стаў прыгожы. Са мной. Мне здаецца, я ведаю сакрэт… Гэтыя дзверы адчыняюцца толькі ад кахання… толькі ад кахання… «Я цябе ўспамінаў». — «А як ты мяне ўспамінаў?» — «Мне хацелася, каб мы з табою кудысьці ішлі. Далёка-далёка. І нічога мне не трэба, а каб я адчуваў — ты побач. Вось прыемнасць такая ў мяне — проста глядзець і ісці побач». Мы перажылі з ім шчаслівыя гадзіны, абсалютна дзіцячыя. «Можа, паедзем з табой на якую-небудзь выспу, там будзем ляжаць на пяску». Шчаслівыя людзі — заўсёды дзеці. Іх трэба ахоўваць, яны далікатныя і смешныя. Безабаронныя. У нас з ім было так, а як наогул павінна быць, я не ведаю. З гэтым так, з іншым інакш. Як створыш… «Няшчасце — лепшы настаўнік», — казала мая мама. А хочацца шчасця. Ноччу прачыналася з думкай: што я раблю? Страшэнна мне было не па сабе, і я ад гэтага напружання… Я… у мяне… «У цябе ўвесь час напружаная шыя», — заўважаў ён. Што я раблю? Куды я падаю? Там прорва.
…Вось хлебніца… Як толькі ён бачыў хлеб, ён пачынаў яго метадычна з’ядаць. Любую колькасць. Хлеб нельга пакідаць. Гэта пайка. Вось есць і есць, колькі ёсць хлеба, столькі і з’есць. Я не адразу зразумела… …Распавядаў пра школу… На ўроках гісторыі яны адгортвалі падручнік і на партрэтах маршалаў Тухачэўскага, Блюхера малявалі турэмныя краты. Дырэктар школы камандавала. Пры гэтым нешта спявалі, смяяліся. Як гульня. Пасля ўрокаў яго білі і пісалі на спіне крэйдай «сын ворага народа».
…Крок у бок — застрэляць, дабяжыш да лесу — дзікія звяры разарвуць. У бараку ўначы свае маглі зарэзаць. А проста так — узяў і зарэзаў. Ніякіх слоў… нічога… Гэта лагер, кожны жыве сам з сабой. Гэта мне трэба было зразумець …Пасля прарыву ленінградскай блакады прыбыў да іх этап блакаднікаў. Шкілеты… косткі… мала падобныя да людзей… Пасадзілі іх за тое, што яны схавалі хлебныя карткі на пяцьдзясят грамаў хлеба (дзённая норма) памерлай маці… дзіцяці… Давалі за гэта па шэсць гадоў. Два дні ў лагеры — страшная цішыня. Вохраўцы… і яны маўчалі… …Працаваў пэўны час у кацельні… хтосьці ж яго, дахадзягу, ратаваў. Апальшчык быў маскоўскі прафесар-філолаг, а ён падвозіў яму дровы на тачцы. Яны спрачаліся: ці можа чалавек, які цытуе Пушкіна, страляць па бяззбройных людзях? Які слухае Баха…
Чаму ж усё-такі ён? Менавіта ён? Рускія жанчыны любяць знайсці вось такіх няшчасных. Мая бабуля кахала аднаго, бацькі аддалі замуж за іншага. Як ён ёй не падабаўся, як не хацела! Госпадзі! І вырашыла, калі ў царкве бацюшка звернецца да яе: ці ідзеш па сваёй волі? — яна адмовіцца. А бацюшка напіўся, і замест таго, каб спытаць як мае быць, сказаў: «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ну што, вядома, трэба ўжо выходзіць замуж. Так бабуля на ўсё жыццё атрымала нашага дзядулю, якога ніколі не кахала. Выдатная застаўка да ўсяго нашага жыцця… «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ці была шчаслівая мая мама? Мама… Тата вярнуўся з вайны ў сорак пятым… Зняможаны, стомлены. Хворы ад ран. Пераможцы! Толькі іх жонкі ведаюць, што такое жыць з пераможцамі. Мама часта плакала, калі бацька вярнуўся. Пераможцы ўваходзілі ў нармальнае жыццё гадамі. Прывыкалі. Памятаю татавы апавяданні, як па першым часе ён вар’яцеў ад слоў «лазню напалім», «сходзім на рыбу». Нашы мужчыны — пакутнікі, яны ўсе з траўмай — або пасля вайны, або пасля турмы. Пасля лагера. Вайна і турма — два галоўныя нашыя словы. Нашыя! У нашай жанчыны ніколі не было нармальнага мужчыны. Яна лечыць, лечыць. Трымае мужчыну трошкі за героя, трошкі за дзіця. Ратуе. Дагэтуль. У яе ўсё тая ж роля. Савецкі Саюз разваліўся… Цяпер у нас — ахвяры развалу імперыі. Крушэння. Нават Глеб быў смялейшы пасля ГУЛАГа. У яго быў гонар: а вось я выжыў! Вось я перажыў! Я такое бачыў! Але пішу кнігі, цалую жанчын… Ён быў з гонарам. А ў гэтых у вачах страх. Толькі страх… Войска скарачаецца, заводы стаяць… Інжынеры і лекары на рынку гандлююць. Кандыдаты навук. Колькі іх вакол, скінутых з паравоза. Сядзяць на ўзбочыне, чагосьці чакаюць. У маёй знаёмай муж быў лётчыкам,
камандзірам эскадрыллі. Звольнілі ў запас. Калі яна страціла працу, адразу ж перавучылася — была інжынерам, стала цырульнікам. А ён дома сядзіць і п’е з гора, п’е таму, што яму, баявому лётчыку — Афганістан прайшоў — трэба дзецям кашу варыць. Вось… Крыўда ў яго на ўсіх. Злосць. Хадзіў у ваенкамат, прасіўся куды-небудзь на вайну, на спецзаданне — яму адмовілі. Ахвотнікаў поўна. У нас жа тысячы беспрацоўных вайскоўцаў, тых, хто ведае толькі аўтамат і танк. Непрыдатных для іншага жыцця. Нашым жанчынам даводзіцца быць мацнейшымі за мужчын. Матляцца з клятчастымі сумкамі па ўсім свеце. Ад Польшчы да Кітая. Купляюць-прадаюць. Нясуць на сабе дом, дзяцей і старых бацькоў. І мужоў сваіх. І краіну. Цяжка чужому гэта растлумачыць. Немагчыма. Мая дачка выйшла замуж за італьянца… Яго завуць Серджа… Ён — журналіст. Калі яны да мяне прыязджаюць, мы з ім ладзім на кухні дыскусіі. Па-руску… да світання… Серджа перакананы, што рускія любяць пакуты, гэта фокус рускага духу. Для нас пакуты — «асабістая бітва», «шлях да збавення». А вось яны, італьянцы, — не такія, яны не жадаюць пакутаваць, любяць жыццё, якое для радасці дадзена, а не для пакуты. А ў нас гэтага няма. Пра радасць мы рэдка гаворым… Пра тое, што шчасце — гэта цэлы свет. Надзвычайны свет! Там столькі куткоў, вокнаў, дзвярэй, і столькі трэба да іх ключыкаў. А нас увесь час цягне ў цёмныя бунінскія алеі. Вось… Ідуць яны з дачкой з супермаркета — ён нясе сумкі. Увечары яна можа граць на піяніна, а ён будзе гатаваць вячэру. У мяне ўсё было інакш: ён возьме сумкі, а я забяру: «Я сама. Табе нельга». Зойдзе на кухню: «Тваё месца не тут. Марш за пісьмовы стол». Я заўсёды свяціла адлюстраваным святлом. Год прайшоў, а можа, больш… Павінен быў ён ужо прыехаць да мяне дадому… ну, пазнаёміцца з усімі. Я яго папярэдзіла, што мама ў мяне добрая, а вось дзяўчынка не зусім… не такая, як усе… Што яна добра сустрэне — не гарантую. Ой, мая Анька… Усё цягнула да вуха: цацку, камень, лыжку… Дзеці цягнуць у рот, а яна да вуха — як гучыць! Я даволі рана пачала займацца з ёй музыкай, але нейкае дзіўнае дзіця, як толькі стаўлю кружэлку, яна паварочваецца і сыходзіць. Ёй не падабалася чыя-кольвек музыка, цікавіла толькі тая, што ўнутры яе самой гучыць. Ну вось, Глеб прыехаў, вельмі збянтэжаны, падстрыжаны неяк няўдала, коратка, асабліва прыгожы не быў. І прывёз кружэлкі. Нешта пачаў расказваць, як ён ішоў… як ён гэтыя кружэлкі набыў… А ў Анькі слых… яна не словы чуе, а інакш… гэтыя інтанацыі… Адразу ўзяла кружэлкі: «Якія плыгожыя клужэлкі». Вось так… Праз нейкі час яна мяне ставіць у тупік: «Як бы мне яго татам не назваць?» Ён не стараўся ёй падабацца, проста яму з ёй было цікава. Любоў у іх атрымалася адразу… Я нават раўнавала, што яны любяць адно аднаго больш за мяне. Потым пераканала сябе, што ў мяне іншая роля… (Маўчыць.) Вось ён у яе пытаецца: «Ань, ты заікаешся?» — «Цяпер ужо горш, а вось раней добра заікалася». Не засумуеш. За ёй можна было запісваць. Значыць: «Як бы мне яго татам не назваць?» Мы сядзім у парку… Глеб адышоў па цыгарэты, вяртаецца: «Пра што, дзяўчынкі, гаворка?» Я міргаю ёй — ні ў якім разе, прынамсі няветліва. А яна: «Тады ты скажы». Ну што? Што застаецца? Прызнаюся яму: яна баіцца, як бы цябе выпадкова татам не назваць. Ён: «Справа, вядома, не простая, але калі хочацца вельмі, назаві». — «Ты толькі глядзі, — сур’ёзна кажа мая Анька, — у мяне ёсць яшчэ адзін тата, але ён мне не падабаецца. І мама яго не любіць». Так у нас з ёй заўсёды. Мы спальваем масты. Па дарозе дадому ён ужо быў татам. Яна бегла і крычала: «Тата! Тата!» Назаўтра ў дзіцячым садку ўсім абвясціла: «Мяне вучыць чытаць тата». — «А хто твой тата?» — «Яго завуць Глеб». Яшчэ праз дзень яе сяброўка прынесла з дому навіну: «Анька, ты хлусіш, у цябе няма таты. Гэты твой тата не родны». — «Не, гэта той быў няродны, а гэты родны». З Анькаю спрачацца марна, ён стаў «татам», а я? Я — яшчэ не жонка… не…
У мяне адпачынак… Зноў еду. Ён бяжыць за вагонам і доўга махае-махае. Але ўжо ў цягніку ў мяне пачынаецца раман. Едуць два маладыя інжынеры з Харкава, і таксама ў Сочы, як я. Божа мой! Я такая маладая! Мора. Сонца. Купаемся, цалуемся, танчым. Мне лёгка і проста, таму што свет просты, ча-ча-ча-казачок і ўсё — я ў сваёй стыхіі. Мяне любяць… мяне носяць на руках… Дзве гадзіны ў горы мяне падымаюць на руках… Маладыя мышцы, малады смех. Вогнішча да раніцы… Сніцца мне сон… Столь адчыняецца. Неба блакітнае… Я бачу Глеба… Мы кудысьці ідзём з ім. Ідзём па марскім беразе, а там не адшліфаваная хвалямі галька, а вострыя-вострыя камяні, як цвікі. Я іду ў абутку, а ён басанож. «Басанож, — тлумачыць мне, — лепей адчуваецца». Але я ж ведаю — яму балюча. І ад болю ён пачынае падымацца… лунаць над зямлёй… Я бачу яго ў палёце.. Толькі рукі ў яго чамусьці складзеныя, як у мёртвага… (Спынілася.) Божа! Я — вар’ятка… Нікому не павінна прызнавацца… часцей за ўсё ў мяне адчуванне, што я ў гэтым жыцці шчаслівая… шчаслівая! Прыйшла да яго на могілкі… Вось памятаю, што іду. Адчуваю, што ён недзе тут. І такая вастрыня шчасця, мне плакаць хочацца ад гэтага шчасця. Плакаць. Кажуць, што мёртвыя не прыходзяць да нас. Не верце.
Адпачынак заканчаецца, я вяртаюся. Інжынер праводзіць мяне да самай Масквы. Я абяцаю пра ўсё расказаць Глебу… Прыходжу да яго… У яго на стале ляжыць штотыднёвік, увесь скрэмзаны, шпалеры ў кабінеце спісаныя, нават на газетах, якія ён чытаў, усюды толькі тры літары: з… г… ў… Вялікія, маленькія, друкаваныя, вялікімі літарамі. Шматкроп’і… шматкроп’і… Я пытаюся: «Што гэта?» Ён расшыфроўвае: здаецца, гэта ўсё? Ну вось, мы разыходзімся, і трэба гэта неяк Аньцы растлумачыць. Заехалі па яе, а ў яе — перш чым выйсці з дому — памаляваць! Тут яна не паспела, сядзіць у машыне і галосіць. А ён ужо прывык да таго, што яна такая шалёная, думаў, што гэта талент. Гэта была ўжо сямейная сцэна: Анька плача, ён яе суцяшае, а я паміж імі… Так глядзіць, глядзіць на мяне… І я… гэта ўсяго адна хвіліна… секунда… Я разумею: ён бясконца самотны чалавек. Бясконца! І… я выйду за яго замуж… Я мушу… (Заплакала.) Якое шчасце, што мы не разышліся. Не прайшла я міма. Якое шчасце! Ён падарыў мне цэлае жыццё! (Плача.) Значыць, я выходжу замуж… Яму страшна, ён баіцца, таму што быў ужо двойчы жанаты. Жанчыны здраджвалі яму, яны стамляліся… і іх нельга вінаваціць… Каханне — гэта цяжкая праца. Перш за ўсё, для мяне гэта — праца. Без вяселля было ў мяне, без белай сукенкі. Усё прайшло сціпла. А я заўсёды марыла, што будзе вяселле і белая сукенка, і я кіну з моста ў ваду букет белых руж. Такія ў мяне былі мары.
Ён не любіў, калі яго распытвалі… Нейкая заўсёдная зухаватасць… каб гэта было смешна… зэкаўскае, прыхоўванне за гэтым усяго важнага. Планачка іншая. Напрыклад, ніколі не казаў «свабода», а заўсёды «свабодка». «І вось я на свабодцы». У рэдкія хвіліны… Тады так смачна, азартна расказваў… Я проста адчувала яго радасці, вынесеныя адтуль: як дастаў кавалкі шыны, прывязаў іх на валёнкі, і ў іх прайшоў этап, і ён так радаваўся, што ў яго ёсць гэтыя шыны. Аднойчы прынеслі паўмеха бульбы, і дзесьці на «свабодцы», калі працавалі, нехта даў вялікі кавалак мяса. Уначы ў кацельні яны зварылі суп: «І ты ведаеш, гэта было так смачна! Так выдатна!» Калі вызвалілі, ён атрымаў кампенсацыю за бацьку. Яму сказалі: «Мы вам павінны за дом, за мэблю…» Налічылі вялікія грошы. Ён купіў новы касцюм, новую кашулю, новыя чаравікі, купіў фотаапарат і пайшоў у лепшы маскоўскі рэстаран «Нацыяналь», замовіў усё даражэзнае, піў каньяк, каву з фірмовым тортам. У канцы, калі наеўся, папрасіў, каб яго хтосьці ў гэты шчаслівы момант жыцця сфатаграфаваў.
«Вяртаюся ўжо на кватэру, дзе жыў, — успамінаў, — і разумею, што шчасця неяк не адчуваю. У гэтым касцюме, з гэтым фотаапаратам… Чаму няма шчасця? Усплылі ў памяці тыя шыны, той суп у кацельні — вось там было шчасце». І мы намагаліся зразумець… Вось… Дзе ж яно жыве — гэтае шчасце? Лагер ён не аддаў бы ні за што… не памяняў бы… Гэта быў яго таемны скарб, яго багацце. З шаснаццаці і амаль да трыццаці гадоў ён быў у лагеры… Вось палічыце… Я ў яго пыталася: «А калі б не пасадзілі?» Аджартоўваўся: «Я быў бы ёлупам і ездзіў на чырвонай гоначнай машыне. Наймаднейшай». Толькі ў самым канцы… Ужо ў канцы… калі ляжаў у бальніцы… Першы раз загаварыў са мной сур’ёзна: «Гэта як у тэатры. З залы бачыш прыгожую казку — прыбраную сцэну, бліскучых акцёраў, таямнічы свет, але калі ты трапляеш за кулісы… Адразу за заслонай — абломкі нейкіх дошак, анучы, недамаляваныя і кінутыя палотны… пляшкі з-пад гарэлкі… рэшткі ежы… Казкі няма. Цёмна… брудна… Мяне правялі за кулісы… ты разумееш?»
…Яго закінулі да блатных. Хлопчык… Што там было, не даведацца нікому і ніколі… …Невыказная паўночная прыгажосць! Маўклівы снег… і светла ад яго нават ноччу… А ты — працоўная жывёліна. Цябе выціскваюць у прыроду, вяртаюць кудысьці назад. «Катаванне прыгажосцю», — ён называў гэтак. Яго ўлюбёная прымаўка: «Кветкі і дрэвы ў Яго атрымаліся лепшыя за людзей».
…Пра каханне… Як было ў яго ўпершыню… Яны працавалі ў лесе. Паўз іх вялі калону жанчын на працу. Жанчыны ўбачылі мужчын, спыніліся — і ні з месца. Начальнік варты: «Давай наперад! Наперад».
Жанчыны стаяць. «Наперад, вашу маць!» — «Грамадзянін начальнік, пусціце да мужыкоў, не можам больш. Выць будзем!!» — «Вы што? Ашалелі!! Адурэлі!» Стаяць: «Нікуды не пойдзем». Каманда: «Паўгадзіны вам. Разысціся!!» Умомант калона рассыпалася. Але вярнуліся ўсе своечасова. Дакладна. Вярнуліся шчаслівыя. (Маўчыць.) Дзе жыве гэтае шчасце?
…Ён там пісаў вершы. Хтосьці данёс начальніку лагера: «Піша». Начальнік паклікаў да сябе: «Складзі мне любоўны ліст у вершах». Успамінаў, што начальнік прасіў і саромеўся. Дзесьці на Урале жыло ягонае каханне.
…Дадому вяртаўся на верхняй паліцы. Цягнік ехаў два тыдні. Па ўсёй Расіі. Ён ляжаў увесь час наверсе, баяўся спусціцца ўніз. Пакурыць выходзіў уначы. Страх: пасажыры пачастуюць чымнебудзь — расплачацца. Язык размякне. І яны даведаюцца, што ён з лагера… Прынялі яго далёкія бацькавы сваякі. У іх была маленькая дзяўчынка. Ён абняў яе, і яна заплакала. Нешта ў ім такое было… Ён быў страшэнна самотны чалавек… І са мной. Я ведаю: са мной таксама…
Абвяшчаў цяпер усім, з гонарам: «У мяне сям’я». Кожны дзень дзівіўся нармальнаму сямейнаму жыццю, наогул жа, вельмі гэтым ганарыўся. Але страх… усё роўна страх… не ўмеў без яго жыць. Страх. Прачынаўся начамі, узмакрэўшы ад жаху: не дапіша кнігу (пісаў кнігу пра бацьку), не атрымае новую замову на пераклад (тэхнічны перакладчык з нямецкай), не пракорміць сям’ю. А раптам я пайду ад яго… Спачатку страх, а пасля няёмкасць за гэты страх. «Глеб, я цябе кахаю. Калі ты захочаш, каб я дзеля цябе танчыла ў балеце, я буду. Я на ўсё здатная дзеля цябе». У лагеры ён выжыў, а ў звычайным жыцці — шараговы міліцыянт, спыніўшы машыну, мог давесці яго да інфаркту… ці званок з домакіраўніцтва… «Як жа ты застаўся там жывы?» — «Мяне ў дзяцінстве вельмі любілі». Нас ратуе колькасць атрыманай любові, гэта наш запас трываласці. Вось… Толькі любоў нас ратуе. Любоў — гэта вітамін, без якога чалавек не здольны жыць, у яго згортваецца кроў, спыняецца сэрца. Я была медсястрой… нянькай… Акторкай… Я была ўсім.
Нам пашанцавала, я лічу… Час быў важны… Перабудова! Адчуванне свята, вядома. Здавалася, што вось-вось кудысьці ўзляцім. Паветра набрыняла свабодай. «Глеб, гэта твой час! Можна ўсё напісаць. Надрукаваць». Перш за ўсё, гэта быў іхні час… час шасцідзясятнікаў… Іх трыумфу. Я бачыла яго шчаслівым: «Я дажыў да поўнай перамогі антыкамунізму». Самае галоўнае здарылася, пра што ён марыў: камунізм паваліўся. Хутка прыбяруць бальшавіцкія помнікі і ленінскі саркафаг на Чырвонай плошчы, вуліцы не будуць насіць імёны забойцаў і катаў… Час надзеяў! Шасцідзясятнікі — няхай цяпер што заўгодна пра іх кажуць, а я іх усіх люблю. Наіўныя? Рамантыкі? Так!!! Цэлымі днямі чытаў газеты. Хадзіў раніцай у шапік «Саюздрук» каля нашага дома. З вялікай гаспадарчай торбай. Слухаў радыё і глядзеў тэлевізар. Безупынку. Тады ўсе былі такімі вар’ятамі. Сва-бо-да! П’янкое само гэтае слова. Усе мы выраслі на «самвыдаце» і «тамвыдаце». На слове мы выраслі. На літаратуры. Як мы гаварылі! Як усе тады добра гаварылі! Я гатую абед ці вячэру, ён сядзіць побач, з газетай, і мне зачытвае: «Сюзан Зонтаг: камунізм — гэта фашызм з чалавечым тварам… Яшчэ… яшчэ паслухай…» Прачытала з ім Бярдзяева… Хайека… Як жа мы раней жылі без гэтых газет і кніг? Калі б мы раней гэта ведалі… Усё было б інакш… У Джэка Лондана ёсць апавяданне на гэтую тэму: жыць можна і ва ўтаймавальнай кашулі, трэба толькі скурчыцца, сціснуцца і прывыкнуць. І нават можна бачыць сны. Гэтак мы жылі. Ну, а як цяпер будзем жыць? Я не ведала — як? — але ўяўляла, што мы ўсе будзем жыць добра. Ніякіх сумневаў… А пасля смерці знайшла ў яго дзённіку запіс:
«Перачытваю Чэхава… Апавяданне «Шавец і нячыстая сіла». Чалавек прадае душу д’яблу ў абмен на шчасце. Чым ёсць шчасце ва ўяўленні шаўца? Яно такое — ехаць у брычцы, у новай паддзёўцы і хромавых ботах, каб побач сядзела тоўстая грудастая баба і каб у адной руцэ быў кумпяк, а ў другой — кварта хлебнага віна. Больш нічога не трэба…»
(Задумалася.) У яго, відаць, былі сумневы… Але так хацелася новага. Добрага і светлага, вельмі справядлівага. Бегалі шчаслівыя на ўсе дэманстрацыі і мітынгі… Да таго часу натоўпу я баялася. Людзізму. Мне блага было ад натоўпу, ад гэтых святочных шэсцяў. Сцягоў. А тут усё мне падабалася… вакол такія родныя твары… Я гэтыя твары ніколі не забуду! Сумую па тым часе, шмат хто, я ведаю, сумуе. Першая нашая турпаездка з ім за мяжу. У Берлін. Пачуўшы расійскую мову, да нашай групы падышлі дзве маладыя немкі: «Рускія?» — «Так». — «Перабудова! Горбі!» — Сталі яны абдымаць нас. Я вось думаю: дзе тыя твары? Дзе тыя прыгожыя людзі, якіх я бачыла ў дзевяностыя гады на вуліцах? Яны што, усе з’ехалі?
…Калі я даведалася, што ў яго рак, я ўсю ноч плакала, а раніцай панеслася да яго ў бальніцу. Сядзеў на падваконні, жоўты і вельмі шчаслівы, ён заўсёды быў шчаслівы, калі нешта змянялася ў жыцці. То лагер быў, то высылка была, то потым воля пачалася, а вось зараз яшчэ нешта такое… Смерць як яшчэ адна перамена… «Баішся, што памру?» — «Баюся». — «Ну па-першае, я табе нічога не абяцаў. А па-другое, гэта будзе не так хутка». — «Праўда?» Я, як заўсёды, яму паверыла. Тут жа выцерла слёзы і пераканала сябе, што мне зноў трэба яму дапамагчы. Больш не плакала… да самага канца не плакала… Прыходзіла раніцай у палату, і тут пачыналася нашае жыццё, то мы жылі дома, а цяпер жывём у бальніцы. Паўгода яшчэ пражылі ў анкацэнтры…
Мала чытаў. Больш расказваў… Ён ведаў, хто на яго данёс. Хлопчык адзін… займаўся з ім у гуртку Дома піянераў. Ці то ён сам, ці яго прымусілі напісаць ліст: лаяў таварыша Сталіна, апраўдваў бацьку, «ворага народа». Следчы на допыце гэты ліст яму паказаў. Усё жыццё Глеб баяўся… Баяўся, што даносчык даведаецца, што ён ведае… Калі яму перадалі, што ў таго нарадзілася непаўнавартаснае дзіцё, ён спалохаўся — а раптам гэта адплата? Так выйшла, што мы нават пэўны час жылі побач, часта сустракаліся на вуліцы. У краме. Віталіся. Глеб памёр, і я распавяла пра гэта нашай агульнай сяброўцы… Яна не паверыла: «Н.? Не можа быць, ён так добра заўсёды гаворыць пра Глеба, як яны сябравалі ў дзяцінстве». Я зразумела, што мушу маўчаць. Вось… Для чалавека гэткая веда небяспечная… Ён гэта разумеў… Лагернікі да нас у дом прыходзілі рэдка, не шукаў ён іх. Калі яны з’яўляліся ў доме, я адчувала сябе чужой, яны прыходзілі адтуль, дзе мяне яшчэ не было. Ведалі пра яго больш, чым вядома было мне. Я выявіла, што ў яго ёсць яшчэ нейкае жыццё… Я зразумела, што жанчына можа расказаць пра свае прыніжэнні, а мужчына — не, жанчыне лягчэй прызнацца, таму што дзесьці глыбока яна гатовая да гвалту, нават вось сам палавы акт… Кожны месяц жанчына пачынае жыццё нанова… гэтыя цыклы… Сама прырода ёй дапамагае. Сярод жанчын, якія сядзелі ў лагерах, шмат адзінокіх. Я мала бачыла такія пары, каб абодва — ён і яна — адтуль. Іх не аб’ядноўвала, а раз’ядноўвала нейкая таямніца. Мяне яны называлі «дзетачка»… «Табе цікава з намі? — пытаўся Глеб, калі госці сыходзілі. «Што за пытанне?» — крыўдзілася я. — «Ведаеш, чаго я баюся? Калі гэта было цікава, у нас быў кляп у роце, а цяпер, калі мы можам усё расказаць, ужо позна. Ніхто ўжо не слухае. Не чытае. Выдаўцам прыносяць новыя рукапісы пра лагеры, яны вяртаюць іх, не чытаючы: «Ізноў Сталін і Берыя? Не камерцыйны праект. Чытач ужо аб’еўся».
…Прывык паміраць… Не баяўся гэтай маленькай смерці… Брыгадзіры-блатныя прадавалі іх пайкі хлеба, прайгравалі ў карты, і яны елі бітум. Чорны бітум. Многія гінулі — склейваўся страўнік. А ён проста перастаў есці, толькі піў.
…Адзін хлопчык пабег… спецыяльна пабег, каб яго застрэлілі… Па снезе… пад сонцам… Выдатна бачны. Стрэлілі ў галаву, прыцягнулі на вяроўцы і паставілі каля барака — глядзіце! Доўга ён там стаяў… да вясны… …Дзень выбараў… Канцэрт на выбарчым участку. Выступае лагерны хор. Стаяць палітычныя, уласаўцы, прастытуткі, злодзеі — і спяваюць песню пра Сталіна: «Сталин — наше знамя! Сталин — наше счастье».
…На перасылцы сустрэў дзяўчынку. Яна распавядала, як следчы ўгаворваў яе падпісаць пратакол: «Паедзеш у пекла… Але ты прыгожая, спадабаешся якому-небудзь начальніку. І так выратуешся».
…Вясной было асабліва страшна. Усё ў прыродзе змяняецца… усё пачынае жыць… Ні ў кога лепш не пытацца, колькі яму засталося сядзець. Увесну любы тэрмін — вечнасць! Птушкі лятуць — ніхто галавы не падымае. У неба вясной не глядзяць…
Азірнулася каля дзвярэй — памахаў рукой. Вяртаюся праз некалькі гадзін — ён ужо трызніць. Кагосьці просіць: «Пачакай. Пачакай». Потым аціх, проста ляжаў. Яшчэ тры дні. Я і да гэтага прывыкла. Ну вось, ён тут ляжыць, а я тут жыву. Мне паставілі ложак з ім побач. Вось… Трэці дзень… Ужо цяжка калоць унутрывенныя… Тромбы… Я павінна дазволіць дактарам усё спыніць, яму не будзе балюча, ён не пачуе. І мы з ім засталіся зусім удваіх. Ні прыбораў, ні дактароў, да яго ніхто больш не заходзіць. Я легла побач. Холадна. Залезла пад коўдру да яго і заснула. Прачнулася… на секунду мне здалося: мы спім у сябе дома, расчыніўся балкон… ён яшчэ не прачнуўся… Страшна расплюшчыць вочы… Расплюшчыла — усё ўспомніла… Тут я пачала кідацца… Устала, паклала рукі яму на твар: «А-а-ах…» — пачуў мяне. Пачалася агонія… і я так сядзела… руку яго трымала, апошні ўдар сэрца адчула. Яшчэ доўга так сядзела… Паклікала нянечку, яна дапамагла мне апрануць яму кашулю, блакітную, яго ўлюбёны колер. Я спытала: «Можна пасядзець?» — «Так, калі ласка. Не баіцеся?» Чаго ж мне баяцца? Я ведала яго… як маці ведае сваё дзіця… Да раніцы ён стаў прыгожы… Знік з твару страх, сышло напружанне, уся жыццёвая мітусня. І я ўбачыла тонкія, выкшталцоныя рысы. Твар усходняга прынца. Вось які ён! Вось які ён насамрэч! Такім я яго не ведала.
У яго была адзіная просьба: «Напішы на камені, які будзе ляжаць нада мною, што я быў шчаслівым чалавекам. Мяне кахалі. Самая страшная пакута, калі цябе не кахаюць». (Маўчыць.). Такое кароткае нашае жыццё… Імгненне! Я бачу, як глядзіць мая старэнькая мама ўвечары ў сад… якімі вачыма…
Доўга сядзім моўчкі.
Не магу… не ўмею без яго жыць… А да мяне зноў заляцаюцца.
Дораць кветкі.
Назаўтра — нечаканы званок.
Усю ноч плакала… выла ад болю… Я ўвесь час сыходзіла… сыходзіла… уцякала ў іншы бок. Я ледзь выжыла… А ўчора туды зноў вярнулася… мяне вярнулі… Хадзіла ўся забінтаваная, стала раскручваць гэтыя бінты, выходзіць, нічога не загаілася. Я думала, што пад гэтымі бінтамі ў мяне ўжо новая скура, а нічога гэтага няма. Нічога не зарасло. Нікуды яно не сышло… усё, што было… Я баюся гэта каму-небудзь аддаць. Ніхто не ўтрымае. Звычайнымі рукамі гэта не ўтрымаць…
— Я — асадніца. Я нарадзілася ў сям’і ссыльнага польскага афіцэра-асадніка (osadnik — па-польску, «пасяленец», які атрымаў зямлю на Усходніх Крэсах пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе). А ў 1939-м (сакрэтны пратакол пакта Молатава—Рыбентропа) Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, і тысячы асаднікаў-каланістаў разам са сваімі сем’ямі былі высланы ў Сібір як «небяспечны палітычны элемент» (з цыдулкі Берыі — Сталіну). Але гэта вялікая гісторыя, а ў мяне свая… маленькая…
Не ведаю дня свайго нараджэння… і нават года… Усё ў мяне прыблізнае. Не знайшла ніякіх дакументаў. Я ёсць, і мяне няма. Не памятаю нічога і памятаю ўсё. Я думаю, што мама з’язджала цяжарная мной. Чаму? Мяне заўсёды хвалююць паравозныя гудкі… і пах шпалаў… і плач людзей на станцыях… Магу ехаць добрым, фірмовым цягніком, але прагрукоча побач таварняк, і ў мяне слёзы. Не магу бачыць вагоны для скаціны, чуць роў жывёлы… Нас везлі ў гэтых вагонах. Мяне яшчэ не было. І я была. У мяне ў снах няма твараў… сюжэтаў… усе мае выявы з гукаў… пахаў…
Алтайскі край. Горад Змеінагорск, рака Змееўка… Выгнаннікаў згрузілі за горадам. Ля возера. Жыць пачалі ў зямлі. У зямлянках. Я нарадзілася пад зямлёй, вырасла там. Зямля мне з дзяцінства пахне домам. Цячэ вада са столі, адрываецца камяк зямлі, зваліўся і скача да мяне. Гэта — жаба. Але я маленькая, я яшчэ не ведаю, каго трэба баяцца. Сплю з дзвюма козачкамі, на цёплай посцілцы з казіных «арэшкаў»… Першае слова «ме-е-е»… першыя гукі… а не «ма»… «мама». Старэйшая сястра Уладзя ўспамінала, як я дзівілася, што козачкі не размаўляюць, як мы. Не магла даўмецца. Яны здаваліся мне роўнымі. Свет быў цэласны, непадзельны. Я і цяпер не адчуваю гэтай розніцы паміж намі, паміж людзьмі і жывёламі. Заўсёды размаўляю з імі… і яны мяне разумеюць… А жучкі, павучкі… яны таксама былі побач… такія каляровыя, такія размаляваныя. Мае цацкі. Увесну мы разам вылазілі на сонца, поўзалі па зямлі, шукалі ежу. Грэліся. А ўзімку абміралі, як дрэвы, засыналі ад голаду. У мяне свая школа, мяне вучылі не толькі людзі. Я чую і дрэвы, і траву. Больш за ўсё ў жыцці мне цікавыя жывёлы, сапраўды цікавыя. Як мне адлучыцца ад таго свету… ад тых пахаў… Вось нарэшце сонца! Лета! Я — наверсе… вакол прыгажосць асляпляльная, і ніхто нікому не гатуе ніякай ежы. Усё гучыць, усё ў фарбах. Я спрабую на смак кожную травінку, лісток… кветку… усе карэньчыкі… блёкату раз наелася, ледзь не памерла. Віды-прывіды… Памятаю гару «Сіняя барада» і сіняе святло на гэтай гары… асвятленне… Святло ішло менавіта з левага боку, са схілу. Ішло яно зверху ўніз… Якія гэта былі відовішчы! Баюся, што ў мяне не хопіць таленту гэта перадаць. Уваскрасіць. Словы — гэта толькі дадатак да стану. Да нашых пачуццяў. Чырвоныя макі, лілеі-саранкі, мар’ін корань… Усё гэта рассцілалася перад вачыма. Пад нагамі. Ці іншая карціна… Я сяджу каля нейкай хаты. Па сцяне паўзе сонечная пляма… і яна розных колераў… увесь час змяняецца. Доўга-доўга сяджу на тым месцы. Калі б не гэтыя фарбы, я б, напэўна, памерла. Не выжыла. Не памятаю, што мы елі… ці была ў нас якая-небудзь чалавечая ежа…
Увечары я бачыла, як ішлі чорныя людзі. Чорнае адзенне, чорныя твары. Гэта ссыльныя вярталіся з руднікоў… яны ўсе былі падобныя да майго бацькі. Я не ведаю, ці любіў мяне бацька. Ці любіў мяне хто-небудзь?
У мяне вельмі мала ўспамінаў… Мне іх бракуе. Шукаю ў цемры, імкнуся больш адтуль выцягнуць. Рэдка… вельмі рэдка раптам штосьці ўспомніцца, чаго я не памятала. Мне гарчыць, але я шчаслівая. Я тады страшна шчаслівая.
Нічога не магу ўспомніць пра зіму… Узімку я сядзела ў зямлянцы ўвесь дзень. Дзень быў падобны на вечар. Усё ў змроку. Ніводнай каляровай плямы… Ці былі ў нас нейкія рэчы, акрамя місаў і лыжак? Ніякай адзежы… каб штосьці з адзежы… абгортваліся нейкімі анучамі. Ніводнай каляровай плямы. Абутак… Што з абутку? Галёшы… памятаю галёшы… у мяне таксама галёшы, вялікія і старыя, як у мамы. Напэўна, маміны… Першае паліто мне выдалі ў дзіцячым доме, і першыя рукаўкі. Шапачка. Памятаю: у цемры ледзь-ледзь бялее твар Уладзі… Цэлымі днямі яна ляжыць і кашляе, яна захварэла на рудніках, у яе сухоты. Я ўжо ведаю гэтае слова… Мама не плача… Не памятаю, каб мама плакала, яна мала гаварыла, а потым, мабыць, наогул перастала размаўляць. Калі кашаль адступае, Уладзя кліча мяне: «Паўтарай за мной… Гэта — Пушкін». Я паўтараю: «Мороз и солнце, день чудесный! Еще ты дремлешь, друг прелестный!». І ўяўляю сабе зіму. Як у Пушкіна.
Я рабыня слова… я слову веру абсалютна… Заўсёды чакаю слоў ад чалавека, і ад незнаёмага чалавека таксама, ад незнаёмага нават больш чакаю. З незнаёмым чалавекам яшчэ можна спадзявацца на паразуменне, як быццам і самой хочацца сказаць… Калі я пачынаю камусьці распавядаць, потым на тым месцы, пра якое я казала, я нічога ўжо не знаходжу. Там пустэча, я губляю гэтыя ўспаміны. І трэба доўга чакаць, каб яны вярнуліся. Таму я маўчу. Я ўсё нашу ў сабе. Хады, лабірынты, норкі…
Шкуты… Адкуль у мяне ўзяліся гэтыя шкуты і абрэзкі? Рознакаляровыя, шмат малінавых. Хтосьці мне іх прынёс. З тых шкуткоў я шыла маленькіх чалавечкаў, стрыгла сабе валасы, рабіла ім прычоскі. Гэта былі мае сяброўкі… Лялек я не бачыла, нічога не ведала пра лялькі. Жылі мы ўжо ў горадзе, але не ў доме, а ў падвале. Адно сляпое акенца. Але ў нас ужо з’явіўся адрас: вуліца Сталіна, дом сямнаццаць. Як і ў іншых… як і ва ўсіх… у нас ужо быў адрас. Там я гуляла з адной дзяўчынкай… дзяўчынка была не з падвала, а з дома. Хадзіла ў сукенках і ў чаравічках. А я — у мамчыных галёшах… Я прынесла ёй паказаць гэтыя шкуткі, на вуліцы яны глядзеліся яшчэ прыгажэй, чым у склепе. Дзяўчынка пачала іх у мяне прасіць, на штосьці хацела выменяць. Я — ні завошта! Прыйшоў яе тата: «Не сябруй з гэтай жабрачкай», — сказаў. Я зразумела, што мяне ўзялі і адсунулі. Мне трэба ціха сысці, хутчэй сысці з гэтага месца. Вядома, гэта ўжо сталыя словы, не дзіцячыя. Але пачуццё… тое пачуццё я памятаю… Табе так балюча, што ўжо няма крыўды і няма жалю да сябе, у цябе раптам многа-многа свабоды. А літасці да сябе няма… Калі літасць ёсць, то чалавек яшчэ не так глыбока зазірнуў, ён яшчэ не сышоў ад людзей. А калі ён сышоў, людзі яму зусім не патрэбныя, яму хапае таго, што ў ім самім. Я занадта глыбока зазірнула… Мяне цяжка пакрыўдзіць. Я рэдка плачу. Мне смешныя ўсе звычайныя беды, жаночыя крыўды… Для мяне гэта шоу… шоу жыцця… Але калі я пачую, што плача дзіця… ніколі не міну жабрака… Ніколі не міну. Пах гэты я памятаю, пах бяды… Нейкія хвалі ідуць, я дагэтуль да іх падлучана. Гэта пах майго дзяцінства. Маіх пялюшак.
Я іду з Уладзяй… мы нясём пуховую хустку… Прыгожую рэч для нейкага іншага свету. Выкананая замова. Уладзя ўмела вязаць, на тыя грошы мы жылі. Жанчына разлічылася з намі, а потым кажа: «Давайце я вам нарэжу кветак». Як — нам букет? Стаім дзве жабрачкі, у нейкім рахапецці… галодныя, халодныя… І нам — кветкі! Мы заўсёды думалі толькі пра хлеб, а гэты чалавек здагадаўся, што мы здольныя думаць яшчэ пра нешта. Ты быў замкнёны, замураваны, а табе адкрылі фортку… акно расчынілі… Выходзіць, акрамя хлеба… акрамя ежы… нам можна даць і букет кветак! Значыць, мы нічым ад іншых не адрозніваемся. Мы… такія ж… Гэта было парушэннем правілаў: «Давайце я вам нарэжу кветак». Не нарву, не збяру, а нарэжу ў сваім садзе. З гэтага моманту… Магчыма, гэта быў мой ключ… мне далі ключ… Мяне гэта перавярнула… Я памятаю той букет… вялікі букет касмеяў… Цяпер заўсёды іх саджаю ў сябе на лецішчы. (Мы сядзім якраз у яе на лецішчы. Растуць тут адны кветкі і дрэвы.) Я нядаўна ездзіла ў Сібір… Горад Змеінагорск… вярнулася туды… Шукала нашую вуліцу… наш дом… наш падвал… Але дома ўжо няма, дом знеслі. Ва ўсіх пытала: «А вы памятаеце?» Адзін стары ўспомніў: так, у падвале жыла прыгожая дзяўчына, яна хварэла. Людзі больш запамінаюць прыгажосць, чым пакуту. І букет нам падарылі, таму што Уладзя была прыгожая.
Я пайшла на могілкі… Ля самой брамы стаяла вартоўня з закалочанымі вокнамі. Доўга стукала. Выйшаў вартаўнік, ён быў сляпы… Што за знак? «Не скажаце, дзе хавалі ссыльных?» — «А… та-а-ам…» — і махнуў рукой ці то ўніз, ці то ўгару. Нейкія людзі павялі мяне ў самы далёкі кут… Адна трава там… адна трава… Уначы не спала, задыхалася. Спазм… такое пачуццё, што хтосьці мяне душыць… Уцякла з гасцініцы на станцыю. Пешшу праз увесь пусты горад. Станцыя была зачынена. Села на рэйкі і да раніцы чакала. На адхоне сядзелі хлопец з дзяўчынай. Цалаваліся. Развіднела. Прыйшоў цягнік. Пусты вагон… Уваходзім: я і чацвёра мужчынаў у скуранках, з паголенымі галовамі, падобныя да крымінальнікаў. Пачалі частаваць мяне агуркамі і хлебам. «Бум у карты гуляць?» Мне не было страшна.
Нядаўна ўспомніла… Ехала і ўспомніла… у тралейбусе ехала… Як Уладзя спявала:
«Я могилу милой искал
Но найти ее нелегко…».
Насамрэч, улюбёная песня Сталіна… калі яе спявалі, ён плакаў… І я яе адразу разлюбіла, гэтую песню. Да Уладзі прыходзілі сяброўкі, звалі на танцы. Я ўсё гэта памятаю… Мне было ўжо шэсць ці сем гадоў… Я бачыла, як у майткі замест гумкі яны зашывалі дрот. Каб нельга было сарваць… Там жа адны ссыльныя… зэкі… Забівалі часта. Пра каханне я таксама ўжо ведала. Да Уладзі прыходзіў прыгожы хлопец, калі яна хварэла — ляжала ў нейкіх анучах, кашляла. А ён так на яе глядзеў…
Мне балюча, але гэта — маё. Я нікуды ад яго не бягу… Не магу сказаць, што я ўсё прыняла, удзячная за боль, тут трэба нейкае іншае слова. Цяпер я яго не знайду. Ведаю, што ў гэтым стане я далёка ад усіх. Я адна. Узяць пакуту ў свае рукі, валодаць ёй цалкам і выйсці з яе, штосьці адтуль вынесці. Гэта такая перамога, толькі ў гэтым ёсць сэнс. Ты не з пустымі рукамі… А інакш навошта было спускацца ў пекла?
Вось нехта падводзіць мяне да акна: «Паглядзі, вунь вязуць твайго бацьку…». Незнаёмая жанчына цягнула штосьці на санках. Кагосьці ці штосьці… захутанае ў коўдру і перавязанае вяроўкай…
Потым мы з сястрой хавалі нашу маму. Засталіся адны. Уладзя ўжо ледзь хадзіла, у яе аднімаліся ногі. Скура адслойвалася як папера. Ёй прынеслі бутэлечку… Я думала, што лекі, а гэта была нейкая кіслата. Атрута. «Не бойся…» — паклікала яна мяне і дае гэтую бутэлечку. Яна хацела, каб мы разам атруціліся. Я бяру гэтую бутэлечку… Бягу і кідаю яе ў печ. Шкло разбіваецца… Печ была халодная, там даўно нічога не варылася. Уладзя заплакала: «Ты ўся ў бацьку». Хтосьці нас знайшоў… Можа, яе сяброўкі? Уладзя ляжала ўжо ў непрытомнасці… Яе — у лякарню, мяне — у дзіцячы дом.
Бацька… Я хачу яго ўспомніць, але як ні намагаюся, не бачу ягонага твару, няма ў маёй памяці ягонага твару. Потым я ўбачыла яго, маладога, на фатаграфіі ў цёткі. Праўда… я на яго падобная… Гэта наша з ім сувязь. Бацька ажаніўся з прыгожай сялянскай дзяўчынай. З беднай сям’і. Хацеў зрабіць з яе пані, а мама заўсёды насіла хустку, насунуўшы яе нізка-нізка на бровы. Не пані. У Сібіры бацька не доўга жыў з намі… ён сышоў да іншай жанчыны… А я ўжо нарадзілася… Я была пакараннем! Праклёнам! Ні ў кога не было змогі любіць мяне. І ў мамы таксама не было гэтай змогі. Гэта запраграмавалася ў маіх клетках: яе роспач, яе крыўда… і нялюбасць… Мне заўсёды бракуе любові, нават калі мяне любяць, я не веру, мне ўвесь час патрэбныя доказы. Знакі. Яны патрэбныя мне кожны дзень. Кожную хвіліну. Мяне цяжка кахаць… я ведаю… (Доўга маўчыць.) Я люблю свае ўспаміны… Люблю свае ўспаміны за тое, што там усе жывыя. У мяне там усё ёсць: мама… тата… Уладзя… Мне абавязкова трэба сядзець за доўгім сталом. З белым абрусам. Я жыву адна, але ў мяне на кухні стаіць вялікі стол. Можа, яны ўсе са мной… Я магу ісці — і раптам паўтару нечы жэст. Не мой… Уладзін жэст… ці мамчын… Мне здаецца, мы датыкаемся рукамі…
Я — у дзіцячым доме… У дзіцячым доме сіротаў-асаднікаў выхоўвалі да чатырнаццаці гадоў, а потым адпраўлялі на руднікі. І ў васямнаццаць гадоў — сухоты… як у сястры Уладзі… Гэта лёс. Дзесьці далёка, казала Уладзя, у нас ёсць дом. Але вельмі далёка. Там засталася цётка Марыля, матчына сястра… Непісьменная сялянка. Яна хадзіла, прасіла. Чужыя людзі пісалі лісты. Не разумею і цяпер… ну як? Як яна дамаглася? У дзіцячы дом прыйшло распараджэнне: адправіць мяне разам з сястрою па вось такім і такім адрасе.
У Беларусь. У першы раз да Мінска мы не даехалі, у Маскве нас знялі з цягніка. Усё паўтарылася: Уладзю — у яе пачаўся жар — у лякарню, мяне — у ізалятар. З ізалятара — у прыёмнік-размеркавальнік. Сутарэнне, пахла хлоркай. Чужыя людзі…
Я ўвесь час жыву сярод чужых людзей… Усё жыццё. А цётка пісала… пісала… Праз паўгода знайшла мяне ў тым прыёмніку. Ізноў я чую словы «дом», «цётка»… Мяне вядуць да цягніка… Цёмны вагон, толькі асветлены праход. Цені людзей. Са мной — выхавацелька. Даехалі да Мінска і ўзялі квіток у Паставы… я ўсе гэтыя назвы ведаю… Уладзя прасіла: «Ты запамінай. Запомні: наш маёнтак Соўчына». З Пастаў ідзём пешшу ў Грыдзькі… у цётчыну вёску… Селі каля моста перадыхнуць. А тым часам сусед ехаў з начной змены на ровары. Спытаў, хто мы. Адказалі, што прыехалі да цёткі Марылі.
«Так, — сказаў ён, — правільна ідзяце». І, відаць, перадаў цётцы, што бачыў нас… яна пабегла насустрач… Я ўбачыла яе і кажу: «А вось гэта цётка падобная на маю маму». І ўсё!
Стрыжаная «пад нулёўку», сяджу на доўгай лаве ў хаце дзядзькі Стаха, матчынага брата. Дзверы адчыненыя, і праз праём відаць, што людзі ідуць і ідуць… спыняюцца і моўчкі глядзяць на мяне… Жывапіс поўны! Ніхто ні з кім не гаворыць. Стаяць і плачуць. Абсалютная цішыня. Уся вёска прыйшла… І яны перакрылі маю паводку слёз, кожны плакаў са мной. Усе яны ведалі бацьку, хтосьці ў яго працаваў. Не раз я потым пачую: «У калгасе нам «палачкі» налічаюць, а Антэк (бацька) заўсёды разлічваўся». Вось яна — мая спадчына.
Нашу хату перавезлі з хутара на цэнтральную сядзібу калгаса, і цяпер яшчэ ў ёй сельсавет. Я ўсё ведаю пра людзей, ведаю больш, чым хацелася б. У той жа дзень, калі чырвонаармейцы пагрузілі нашу сям’ю на калёсы і павезлі на станцыю, тыя ж людзі… цётка Ажбета… Юзэфа… дзядзька Мацей… разнеслі з нашай хаты ўсё па сваіх хатах. Дробныя пабудовы разабралі. Раскацілі па бервяну. І малады сад выкапалі. Яблынькі. Цётка прыбегла… і вынесла толькі вазон з акна на памяць… Не хачу я гэта памятаць. Ганю з памяці. Я памятаю, як вёска мяне няньчыла, насіла на руках. «Ідзём, Манечка, да нас, мы грыбоў наварылі…», «Давай малачка табе налію…». Сёння я прыехала, а назаўтра ў мяне ўвесь твар пакрыўся пухірамі. Пякло вочы. Не магла падняць павекі. Мяне за рукі вадзілі мыцца. У мяне выбольвала ўсё, выпальвалася, каб я паглядзела на свет іншымі вачыма. Гэта быў пераход з таго жыцця да гэтага… Цяпер я ішла па вуліцы, і мяне кожны спыняў: «Якая дзяўчынка! Ай, якая дзяўчынка!» Без гэтых слоў у мяне вочы былі б як у сабакі, якога выцягнулі з палонкі. Я не ведаю, як я глядзела б на людзей…
Жылі цёця з дзядзям у каморцы. Хата ў вайну згарэла. Паставілі каморку, думалі, часова, і там засталіся. Саламяны дах, маленькае акенца. У адным куце бульбачка (цётчыны словы) — не «бульба», а «бульбачка», а ў другім — парася віскоча. Ніякіх дошак на падлозе — зямля накрыта аерам і саломай. Неўзабаве сюды ж прывезлі Уладзю. Пажыла яна трохі і памерла. Цешылася, што памірае дома. Апошнія яе словы: «А што будзе з Марысяй?»
Усё, што я ведаю пра любоў, я ведаю з цётчынай каморкі… «Мая ты птушачка… — называла мяне цёця. — Мая жужалка… пчолка…» Я ўвесь час лапатала, торгала яе. Я не магла паверыць… Мяне любілі! Любілі! Ты расцеш, а табой цешацца — гэта такая раскоша. У цябе ўсе костачкі распростваюцца, усе цягліцы. Я танчыла для яе «рускага» і «яблочко». Мяне навучылі гэтым танцам зэкі… Спявала песні…
«Есть по Чуйскому тракту дорога.
Много ездит по ней шоферов…»,
«Умру, в чужой земле зароют,
Заплачет мамочка моя,
Жена найдет себе другого,
А мать сыночка — никогда…».
Набегаешся за дзень так, што ногі ўсе сінія-сінія, абадраныя — абутку ж не было ніякага. Ляжаш увечары спаць, а цёця твае ножкі закруціць у падол сваёй начной кашулі, сагрэе. Яна мяне спавівала. Ляжыш дзесьці каля жывата… як ва ўтробе… Таму я не памятаю зла… Я на зло забылася… дзесьці далёка яно ў мяне схавана… Раніцай прачыналася ад цёцінага голасу: «Я дранікі спякла. Паеш». — «Цёця, я спаць хачу». — «А ты паеш і спі». Яна разумела, што ежа… бліны… для мяне як лекі. Бліны і любоў. А дзядзька наш Віталік быў пастыр, насіў на плячы пугу і доўгую берасцяную жалейку. Хадзіў у ваенным кіцелі і галіфэ. Прыносіў нам з пашы «торбу» — там і сыр, і кавалачак сала — усё тое, чым яго частавалі гаспадыні. Святая нішчымніца! Яна для іх нічога не значыла, не крыўдзіла, не абражала. Як для мяне важна ўсё гэта… каштоўна… Адна сяброўка скардзіцца: «Няма грошай на новую машыну…», іншая: «Усё жыццё марыла, а так і не купіла сабе норкавае футра…». Як праз шкло чую… Адзінае, пра што я шкадую, што не магу ўжо насіць кароткую спадніцу… (Разам смяёмся.)
У цёці быў надзвычайны голас… дрыготкі, як у Эдзіт Піяф… Яе звалі спяваць на вяселлях. І калі хтосьці паміраў. Я заўсёды з ёй… побач бягу… Памятаю… Вось яна стаіць-стаіць каля труны… доўга стаіць… У нейкі момант адлучаецца неяк ад усіх, падыходзіць бліжэй. Павольна падыходзіць… яна бачыць, што ніхто не можа сказаць гэтаму чалавеку апошніх слоў. Людзі хочуць, але не ўсе ўмеюць. І вось яна пачынае: «І куды ты, Анечка, ад нас пайшла… светлы дзень і ночку пакінула… хто цяпер будзе хадзіць па тваім двары… хто дзетак тваіх пацалуе… хто ўвечары кароўку сустрэне…» Ціха-ціха падбірае словы… Усё побытавае, простае, і яно ж высокае. Сумнае. Нейкая самая апошняя праўда ў гэтым простым. Канчатковая. Голас дрыжыць… І ўсе за ёй пачынаюць плакаць. Ужо забыта, што карова не падоена, муж п’яны дома застаўся. Змяняюцца твары, сыходзіць мітусня, на тварах праступае святло. Усе плачуць. Я саромеюся… і шкадую цёцю… Вернецца яна дахаты хворая: «Ой, Манечка, галоўка шуміць». Але такое было ў цёці сэрца… Са школы прыбягу… Маленькае акенца, іголка з палец… Цёця зашывае нашыя анучкі і спявае:
«Агонь зальеш вадою,
Любоў нічэм нільзя…»
Я асветлена гэтымі ўспамінамі…
Ад нашага маёнтка… Ад нашай хаты засталіся адны камяні. Але я чую іхняе цяпло, мяне цягне да іх. Прыязджаю туды, як на магілу. Я магу там заначаваць у полі. Хаджу асцярожна, баюся ступіць.
Чалавека няма, а жыццё ёсць. Гоман жыцця… розных жывых істотаў… Хаджу і баюся разбурыць нечы дом. Я і сама магу ўладкавацца дзе заўгодна, як мурашка. У мяне культ дома. Каб раслі кветкі… было хораша… Я памятаю, як у дзіцячым доме мяне вядуць у мой пакой, дзе я буду жыць. Белыя ложкі… Шукаю вачыма: ці не заняты ложак ля акна? Ці будзе ў мяне свая тумбачка? Я шукаю, дзе будзе мой дом. Цяпер… Колькі гэта мы сядзім і гаворым? За гэты час адгрымела навальніца… суседка прыходзіла… тэлефон званіў… Усё гэта ўплывала на мяне, на ўсё гэта я адгукалася. А на паперы застануцца толькі словы… Іншага нічога не будзе: суседкі не будзе, тэлефонных званкоў… таго, што я не сказала, але яно мільгала ў памяці, прысутнічала. Заўтра наогул я пра ўсё, можа быць, распавяду інакш. Словы засталіся, а я ўстану і пайду далей. Я навучылася з гэтым жыць. Іду і іду. Хто гэта мне даў? Усё гэта… Бог даў ці людзі? Калі Бог даў, то ён ведаў, каму даваць. Пакута мяне выгадавала… Гэта мая творчасць… Мая малітва. Колькі разоў я хацела каму-небудзь усё распавесці. Прагаворвала. Але ніхто мяне ні разу не спытаў: «А далей што… далей?» А я ўвесь час чакала добрых ці дрэнных людзей, не ведаю, але ўвесь час чакала людзей. Усё жыццё чакаю, што мяне хтосьці знойдзе.
І я ўсё яму распавяду… і ён спытае: «Ну, а далей што?»
Цяпер пачалі казаць: сацыялізм вінаваты… Сталін… Як быццам у Сталіна была ўлада, як у Бога.
У кожнага быў свой Бог. Чаму ён маўчаў? Мая цёця… наша вёска… Я памятаю яшчэ Марыю Пятроўну Арыставу, заслужаную настаўніцу, якая наведвала нашу Уладзю ў бальніцы ў Маскве. Чужая жанчына… яна і прывезла яе да нас у вёску, занесла на руках… Уладзя ўжо зусім не хадзіла… Марыя Пятроўна дасылала мне алоўкі, цукеркі. Пісала лісты.
А ў дзіцячым прыёмніку-размеркавальніку, дзе мяне мылі, дэзынфікавалі… Я на высокай лаве… уся ў пене… магу паслізнуцца, разбіцца аб цэмент. Слізгаю… спаўзаю… Чужая жанчына… нянька… падхоплівае мяне і прыціскае да сябе: «Маё ты птушанятка».
Я бачыла Бога.
— Раніца. Я на каленях… Стаяла і прасіла: «Госпадзе! Я магу і зараз! Я хачу і зараз памерці!» Нягледзячы на тое, што раніца… і дзень пачынаецца…
Такое моцнае жаданне… Памерці! І я пайшла да мора. Села на пясок. Супакойвала сябе, што не трэба баяцца смерці. Смерць — гэта свабода… Мора білася, білася аб бераг… і настала ноч, а потым зноў раніца. У першы раз я нічога не вырашыла. Хадзіла і хадзіла. Слухала свой голас: «Госпадзе, я люблю цябе! Госпадзе…» Сара бара бзія бзой… Гэта па-абхазску… Вакол столькі колераў, гукаў… А я хачу памерці. Я — руская. Нарадзілася ў Абхазіі і там доўга жыла. У Сухумі.
Жыла там да дваццаці двух гадоў. Да дзевяноста другога года… Пакуль вайна не пачалася. Калі загарыцца вада, як яе загасіць? — кажуць абхазы. Дык яны гавораць пра вайну… Людзі ездзілі ў адных аўтобусах, вучыліся ў адных школах, чыталі адны кнігі, жылі ў адной краіне і мову ўсе вучылі — рускую. І яны цяпер забіваюць адзін аднаго: сусед — суседа, аднакласнік — аднакласніка. Брат забівае сястру! Ваююць тут жа, каля дому… Ну колькі? Ну год таму… два… жылі як браты, усе былі камсамольцамі і камуністамі. Я пісала ў школьным сачыненні: «браты навек…», «саюз непарушны…» Забіць чалавека! Гэта не геройства і нават не злачынства… Гэта такі жах! Я гэта бачыла… Зразумець нельга… не разумею… Раскажу вам пра Абхазію… Я яе вельмі любіла… (Спынілася.) І цяпер люблю, усё роўна… Люблю… На сцяне ў кожным абхазскім доме вісіць кінжал. Калі нараджаецца хлопчык, сваякі дораць яму кінжал і золата. І побач з кінжалам на сцяне вісіць рог для віна. Абхазы п’юць віно з рога, як са шклянкі, рог нельга пакласці на стол, пакуль не вып’еш усё да дна. Паводле абхазскага звычаю, час, праведзены з гасцямі за сталом, у тэрмін жыцця не залічваецца, таму што чалавек піў віно і радаваўся. А як адлічваць час, калі забівае? Страляе ў іншага… Ну як? Я цяпер шмат думаю пра смерць. (Пераходзіць на шэпт.) У другі раз… я ўжо не адступілася… Зачынілася ў ванным пакоі… У мяне ўсе пазногці былі да крыві паздзіраныя. Драпалася, чапляся за сцяну, за гліну, за крэйду, але ў апошнюю хвіліну зноў захацела жыць. І вяроўчына абарвалася… У рэшце рэшт, я жывая, я магу сябе памацаць. Адно толькі… я не магу не думаць пра яе… пра смерць.
Калі мне было шаснаццаць гадоў, памёр мой тата. З таго часу я ненавіджу пахаванне… гэтую музыку… Я не разумею, чаму людзі іграюць у гэтым спектаклі? Я сядзела ля труны, я ўжо тады разумела, што гэта не мой тата, майго таты тут няма. Было чыёсьці халоднае цела. Абалонка. Усе дзевяць дзён мне сніўся сон… Мяне нехта клікаў… увесь час клікаў да сябе… А я не разумела, куды ісці? Да каго ісці? Я стала думаць пра блізкіх… многіх з іх я ніколі не бачыла і не ведала, яны памерлі раней, чым я нарадзілася. Але раптам я ўбачыла сваю бабулю… Бабуля даўно памерла, у нас нават фотаздымку яе не засталося, а я пазнала яе ў сне. У іх там усё па-іншаму… Яны нібыта ёсць, і быццам іх няма, яны не прыкрытыя нічым, мы прыкрытыя целам, а яны нічым не абароненыя. Потым я ўбачыла тату… Тата яшчэ быў вясёлы, яшчэ зямны, мне знаёмы. А ўсе іншыя людзі там нейкія такія… нейкія такія… нібы я іх ведала, але забылася. Смерць — гэта пачатак… пачатак чагосьці… Мы толькі не ведаем чаго… Думаю і думаю. Я хацела б вырвацца з гэтага палону, хацела б схавацца. А нядаўна… Як я танчыла раніцай перад люстэркам: я — прыгожая, я — маладая! Я буду радавацца! Я буду кахаць!
Першы… Прыгожы рускі хлопец… Выключнай прыгажосці! Абхазы пра такіх кажуць: «Мужык — на насенне». Ён быў ледзь-ледзь зямлёй прысыпаны, у красоўках і вайсковай форме. Назаўтра нехта красоўкі зняў. Вось ён забіты… А далей, далей што там? У зямлі — што? Пад нашымі нагамі… падэшвамі… Там, унізе, або на небе… Што там — на небе? А вакол лета, і мора шуміць. І цыкады. І мама паслала мяне ў краму. А ён забіты. І раз’язджаюць па вуліцах грузавікі са зброяй, і аўтаматы раздаюць, як хлеб. Я ўбачыла ўцекачоў, мне паказалі, што гэта ўцекачы, і я ўспомніла гэтае забытае слова. З кніг — успомніла. Уцекачоў было шмат: хто на машынах, хто на трактары, хто пешшу. (Маўчыць.) Давайце пра што іншае пагаворым? Напрыклад, пра кіно… Я люблю кіно, але мне падабаюцца заходнія фільмы. Чаму? Там няма нічога з нашага жыцця. Там я магу ўсё што хачу сабе прыдумаць… нафантазіраваць… Насунуць на сябе іншы твар, бо мне надакучыў мой твар. Маё цела… нават рукі… Мяне не задавальняе маё цела, я занадта абмежаваная ўсім гэтым. У мяне тое ж цела, заўсёды адное і тое ж цела, а я розная, я змяняюся… Сама слухаю свае словы і думаю, што я гэтага сказаць не магла, бо не ведаю гэтых слоў і таму што дурная і люблю булкі з маслам… Бо яшчэ не кахала. Не нараджала. А я гэта кажу… Не ведаю: чаму? Адкуль яно ўсё ўва мне? Іншы… Малады грузін… Ён ляжаў у парку. Там быў у адным месцы пясок, і ён на пяску ляжаў. Ляжаў і глядзеў уверх… І ніхто яго не вёз, ніхто не падбіраў доўга. Я ўбачыла яго… і разумею, што трэба мне кудысьці бегчы… Мне трэба… А куды бегчы? Я прыбегла ў царкву… Там нікога не было. Я ўкленчыла і малілася за ўсіх. Тады яшчэ я не ўмела маліцца, яшчэ не навучылася з Ім размаўляць… (Шукае ў сумачцы.) Дзе таблеткі… Мне нельга! Нельга хвалявацца… Я пасля ўсяго гэтага захварэла, і мяне паказвалі псіхіятру. Іду-іду па вуліцы… і раптам хачу крычаць…
Дзе я хацела б жыць? Я хацела б жыць у дзяцінстве… Там была я з мамай, як у гняздзечку. Ратуй… Ратуй, Божа, даверлівых і сляпых! У школе я любіла ваенныя кнігі. І кіно пра вайну. Уяўляла сабе, што там прыгожа. Там ярка… яркае жыццё… Я нават шкадавала, што я дзяўчынка, а не хлопчык: калі будзе вайна, то мяне на вайну не возьмуць. Цяпер я ваенныя кнігі не чытаю. Нават лепшыя… Кнігі пра вайну… яны ўсе падманваюць нас. Насамрэч вайна — гэта брудна і страшна. Я цяпер не ведаю — ці можна пра гэта пісаць? Не напісаць усю праўду, а наогул — пісаць? Казаць пра гэта… Як потым быць шчаслівым? Я не ведаю… я разгубленая… Мама абдыме: «Дачушка, што ты чытаеш?» — ««Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава. Пра вайну…» — «Навошта ты чытаеш гэткія кнігі? Яны не пра жыццё, дачушка. Жыццё — гэта нешта іншае…» Мама любіла кнігі пра каханне… Мая мама! Я нават не ведаю цяпер: жывая яна ці не? (Маўчыць.) Спачатку я думала, што не магу там… у Сухумі не магу жыць… А я наогул ужо не магу жыць. І кнігі пра каханне мяне не ратуюць. А каханне ёсць, я ведаю, што яно ёсць. Я ведаю… (Упершыню ўсміхнулася.) Вясна дзевяноста другога года… Нашы суседзі — Вахтанг і Гунала: ён — грузін, яна — абхазка — яны прадалі свой дом, мэблю і сабраліся з’язджаць. Прыйшлі — развітацца: «Будзе вайна. Едзьце ў Расію, калі ў вас там нехта ёсць». Мы не паверылі. Грузіны заўсёды смяяліся з абхазаў, а абхазы не любілі грузінаў. Так… О-о! (Смяецца.) «Ці можа грузін паляцець у космас?» — «Не». — «Чаму?» — «Усе грузіны памруць ад гонару, а ўсе абхазы — ад зайздрасці». «Чаму грузіны такія маленькія?» — «Гэта не грузіны такія маленькія, гэта горы ў абхазаў такія высокія». Смяяліся, але жылі разам. Вінаграднікі даглядалі… віно рабілі… Вінаробства ў абхазцаў — як рэлігія. У кожнага гаспадара свой сакрэт… Прайшоў май… чэрвень… Пачаўся пляжны сезон… Першыя ягады… Якая вайна! Мы з мамай пра вайну не думаем — закручваем кампоты, варым сочыва. Штосуботы ездзілі на кірмаш. Абхазскі кірмаш! Гэтыя пахі… гукі… Пахне віннымі бочкамі, і кукурузным хлебам, і авечым сырам, і смажанымі каштанамі. Тонкі пах алычы і тытуню, спрасаванага тытунёвага лісця. Вісяць сыры… мой улюбёны сыр мацоні… Пакупнікоў гукаюць па-абхазску, па-грузінску і па-руску. На ўсіх мовах: «Вай-вай, мой салодкі. Не хочаш — не бяры, але ж пакаштуй!» Ужо з чэрвеня ў горадзе не прадавалі хлеб. Мама вырашыла назапасіць мукі ў суботу… Едзем у аўтобусе, побач села нашая знаёмая з дзіцём. Дзіцё гуляла, а потым стала плакаць, і гэтак голасна, быццам яго хтосьці напалохаў. І знаёмая раптам пытаецца: «Страляюць? Вы чуеце: страляюць?» Вар’яцкае пытанне! Пад’ехалі да кірмашу, а насустрач — натоўп, у жаху ўцякаюць людзі. Ляцяць курыныя пёры… Трусы пад нагамі… качкі… Пра жывёлу ніколі не ўспамінаюць… пра тое, як яна пакутуе… А я памятаю параненую котку. І як крычаў певень, у яго аскепак з-пад крыла тырчаў… Праўда, я ненармальная? Я дужа шмат думаю пра смерць… цяпер толькі гэтым занятая… І вось — крык! Гэты крык… Не адзін чалавек, а натоўп крычыць. І нейкія ўзброеныя людзі без формы, але з аўтаматамі даганяюць жанчын, забіраюць у іх сумачкі, рэчы: «Аддай гэта… Здымі з сябе тое…» «Гэта крымінальнікі?» — шэпча мне мая мама. Выйшлі з аўтобуса і ўбачылі расійскіх салдат. «Што гэта?» — запыталася ў іх мама. — «Вы што, не разумееце? — адказаў ёй лейтэнант. — Гэта — вайна». Мая мама — вялікая баязліўка, яна знепрытомнела. Я зацягнула яе ва ўнутраны дворык. З нейкай кватэры нам вынеслі графін вады… Дзесьці бамбяць… гукі выбухаў… «Жанчыны! Жанчыны! Мука патрэбна?» — стаіць малады хлопец з мехам мукі, на ім сіні халат, што ў нас грузчыкі носяць, але ён увесь белы, увесь мукой абсыпаны. Я пачала смяяцца, а мама кажа: «Давай возьмем. Можа, гэта і напраўду — вайна». Купілі ў яго муку. Аддалі грошы. Тут да нас дайшло, што мы набылі крадзенае. Набылі ў марадзёра.
Я жыла сярод гэтых людзей… ведаю іх звычкі, мову… Я іх люблю. А адкуль з’явіліся гэтыя? З такой хуткасцю! Нечалавечай! Дзе гэта ляжала? Дзе… хто адкажа? Зняла з сябе залаты крыжык і схавала яго ў муку і партманэтку з грашыма таксама схавала. Як старая бабуля… я ўсё ўжо ведала… Адкуль? Муку… дзесяць кілаграмаў… я несла на сабе да нашага дома — кіламетраў пяць. Я ішла спакойная… Калі б мяне забілі ў той момант, я не паспела б спалохацца… А людзі… шмат з пляжа… турысты… У паніцы і ў слязах. А я спакойная… Напэўна, я была ў шоку? Лепш бы я крычала… крычала, як усе… Я так цяпер думаю… Спыніліся адпачыць каля чыгункі. На рэйках сядзелі маладыя хлопцы: у адных — чорная стужка на галаве, у другіх — белая. І ва ўсіх — зброя. Яны яшчэ падражнілі мяне, пасмяяліся. А непадалёк ад іх дымілася грузавая машына… За стырном сядзеў забіты кіроўца… у белай кашулі… Убачылі! Як пабеглі праз чыйсьці мандарынавы сад… Я ўся ў муцэ… «Кінь! Пакінь!» — прасіла мама. — «Не, мама, я не кіну. Пачалася вайна, а ў нас дома нічога няма». Вось гэтыя карціны… Рухаюцца нам насустрач «Жыгулі»… Галасуем. Машына не спыняецца, і так павольна едзе, як на пахаванні. На першым сядзенні — хлопец з дзяўчынай, на другім — труп жанчыны. Страшна… Але чамусьці не так страшна, як я раней уяўляла… (Маўчыць.) Мне ўвесь час хочацца пра гэта думаць. Думаць і думаць. Ля самага мора — яшчэ адны «Жыгулі»: лабавое шкло разбіта… лужына крыві… Жаночыя туфлі валяюцца… (Маўчыць.) Я, вядома, хворая… хворая… Чаму я нічога не забываю? (Маўчыць.) Хутчэй! Хутчэй хацелася дадому, кудысьці ў знаёмае месца. Кудысьці бегчы… Раптам гул… І ўгары — вайна! Зялёныя… ваенныя верталёты… І на зямлі… Я ўбачыла танкі, ішлі яны не калонай, а па адным, на танках сядзелі салдаты з аўтаматамі. Луналі грузінскія сцягі. Калона ішла бязладна: адны танкі хутка прасоўваліся наперад, а іншыя спыняліся каля камерцыйных кіёскаў. Салдаты саскоквалі з брані і прыкладамі збівалі замкі. Бралі шампанскае, цукеркі, колу, цыгарэты. За танкамі ішоў аўтобус «Ікарус», запоўнены матрацамі і крэсламі. А крэслы — навошта?
Дома адразу кінуліся да тэлевізара… Іграў сімфанічны аркестр. А дзе вайна? Па тэлевізары вайну не паказвалі… Перад тым, як ісці на рынак, я падрыхтавала памідоры, агуркі, каб закансерваваць. Слоікі пракіпяціць. І вось мы вярнуліся, і я стала закручваць гэтыя слоікі.
Мне трэба было нешта рабіць, нечым заняць рукі. Увечары глядзелі мексіканскі серыял «Багатыя таксама плачуць». Пра каханне.
Раніцай. Рана-рана прачнуліся ад грукату. Па нашай вуліцы ішла ваенная тэхніка. Людзі выходзілі на дарогу і глядзелі. Адна машына спынілася каля нашага дома. Экіпаж рускі. Я зразумела — найміты. Паклікалі маму: «Маці, дай вады». Мама прынесла вады і яблыкаў. Ваду выпілі, а яблыкі не ўзялі. Сказалі: «У нас учора аднаго атруцілі яблыкамі». На вуліцы сустрэла знаёмую: «Як ты? Дзе твае?» Яна прайшла паўз мяне з такім выглядам, як быццам мы не знаёмыя. Я пабегла за ёй, схапіла за плечы: «Што з табой?» — «Ты яшчэ нічога не зразумела? Са мной небяспечна размаўляць — у мяне муж… Мой муж — грузін». А я… я ніколі не думала пра тое, хто яе муж — абхаз ці грузін? Якая мне розніца! Сябар ён выдатны. Я абняла яе моцна-моцна! Уначы да яе прыходзіў родны брат. І хацеў яе мужа забіць. «Забівай і мяне», — сказала яму сястра. А мы з ейным братам у адной школе вучыліся. Сябравалі. Я падумала: як мы цяпер з ім сустрэнемся? Што скажам адно аднаму?
Праз некалькі дзён уся вуліца Ахрыка хавала… Ахрык… Знаёмы абхазскі хлопчык. Яму было дзевятнаццаць гадоў. Ён пайшоў у той вечар да дзяўчыны — і яго нажом у спіну. Маці ідзе за труной: то плача, а то азірнецца — і смяецца. Звар’яцела. Месяц таму ўсе былі савецкія, а тут — грузін — абхаз… абхаз — грузін… рускі…
Жыў на суседняй вуліцы яшчэ адзін хлопец… Я яго, канечне, ведала, але не па імені, а ў твар. Віталіся. Нармальны з выгляду хлопец. Высокі, прыгожы. Ён забіў свайго старога настаўніка — грузіна, забіў за тое, што той вучыў яго ў школе грузінскай мове. Ставіў «двойкі». Ну як гэта? Як зразумець? Усіх у савецкай школе вучылі: чалавек чалавеку — сябар… сябар, таварыш і брат… Мая мама, калі такое пачула… у яе вочы сталі маленькія, а потым вялікія-вялікія… Ратуй, Госпадзе, даверлівых і сляпых! Гадзінамі стаю ў царкве ўкленчыўшы. Там цішыня… хоць там заўсёды цяпер шмат людзей, і ўсе пра адно просяць… (Маўчыць.) Думаеце, у вас атрымаецца? Вы спадзеяцеся, што можна пра гэта напісаць? Спадзеяцеся? Так… ну так… вы спадзеяцеся… А я — не.
Прачнуся ўначы… паклічу маму… Мама таксама ляжыць з расплюшчанымі вачыма: «Я ніколі не была такой шчаслівай, як у старасці. І раптам — вайна». Мужчыны заўсёды гавораць пра вайну, любяць зброю — і маладыя, і старыя… А жанчыны ўспамінаюць каханне… Старыя жанчыны распавядаюць, якія яны былі маладыя і прыгожыя. Ніколі жанчыны пра вайну не гавораць… яны толькі моляцца за сваіх мужчын… Мама пойдзе да суседзяў і вяртаецца кожны раз спалоханая: «У Гаграх спалілі цэлы стадыён грузінаў». — «Мама!» — «А яшчэ я чула, што грузіны кастрыруюць абхазаў». — «Мама!» — «Разбамбілі заапарк… Уначы грузіны за некім ганяліся і думалі, што гэта — абхаз. Яны яго паранілі, ён крычаў. А абхазы на яго напароліся, думалі — грузін. Даганялі, стралялі. А на досвітку ўсе ўбачылі, што гэта параненая малпа. І ўсе — і грузіны, і абхазы — абвясцілі перамір’е і кінуліся яе ратаваць. А чалавека б забілі…» Мне не было чаго адказаць маёй маме. Я за ўсіх малілася, прасіла: «Яны ідуць, як зомбі. Ідуць і вераць, што робяць дабро. Але хіба можна з аўтаматам і нажом рабіць дабро? Заходзяць у дом, і калі не знаходзяць нікога, страляюць у жывёлу, у мэблю. Выйдзеш у горад — ляжыць карова з прастрэленым вымем… расстраляныя слоікі з сочывам… Страляюць — адны па гэты бок, другія — па той. Дай розуму ім!» (Маўчыць.) Тэлевізар ужо не працаваў, адзін гук… без карцінкі… Масква была недзе далёка-далёка.
Я хадзіла ў царкву… і там гаварыла… і гаварыла… На вуліцы каго ўбачу, таго і спыню. Потым пачала сама з сабой размаўляць. Мама сядзе каля мяне, слухае, і бачу — спіць, яна так стамлялася, што засынала нечакана. Мые абрыкосы — і спіць. А я як заведзеная… распавядаю і распавядаю… пра тое, што ад іншых чула і сама бачыла… Як грузін… малады грузін… кінуў аўтамат і крычаў: «Куды мы прыехалі?! Я прыехаў загінуць за Радзіму, а не красці чужую лядоўню! Навошта вы заходзіце ў чужы дом і бераце чужую лядоўню? Я прыехаў памерці за Грузію…» Яго пад рукі кудысьці павялі, па галаве гладзілі. Другі грузін падняўся і пайшоў насустрач тым, хто ў яго страляў: «Браты абхазы! Я не хачу вас забіваць, і вы ў мяне не страляйце». Яго застрэлілі свае ў спіну. А яшчэ… Хто ён — рускі ці грузін — не ведаю, ён з гранатай кінуўся пад ваенную машыну. Нешта крычаў. Ніхто не чуў, што ён крычаў. У машыне гарэлі абхазы… яны таксама крычалі… (Маўчыць.) Мама… мама… Мама ўсе падваконні ў доме заставіла кветкамі. Ратавала мяне… Прасіла: «Глядзі, дачушка, на кветкі! Глядзі на мора!» У мяне выключная мама, у яе такое сэрца… Яна мне прызнавалася: «Я прачнуся на світанні — сонца працінае лістоту… І я думаю: «Вось я зараз пагляджу ў люстэрка — і колькі ж мне гадоў?». У яе бяссонніца, у яе баляць ногі, яна трыццаць гадоў майстрам на цэментавым заводзе адпрацавала, але яна ранкам не ведае, колькі ёй гадоў. Потым яна ўстае, чысціць зубы, бачыць сябе ў люстэрку — на яе глядзіць старая жанчына… Пачынае гатаваць сняданак і забываецца на гэта. І я чую, як яна спявае… (Усміхнулася.) Мая мама… мая сяброўка… Нядаўна мне прысніўся сон: я выходжу са свайго цела… падымаюся высока-высока… Мне так добра.
Ужо не памятаю, што было раней, а што пазней. Не памятаю… Першыя дні рабаўнікі хадзілі ў масках… чорныя панчохі на твар нацягвалі. Неўзабаве маскі яны паздымалі. Ідзе: у адной руцэ крыштальная ваза, у другой аўтамат, і на спіне яшчэ дыван. Тэлевізары цягнулі, пральныя машыны… жаночыя футры… посуд… Нічым не грэбавалі, дзіцячыя цацкі ў разбітых дамах падбіралі… (Маўчыць.) Я цяпер убачу звычайны нож у краме… мне ніякавата робіцца… Раней я ніколі не думала пра смерць. Вучылася ў школе, потым у медтэхнікуме. Вучылася і кахала. Прачнуся ноччу — і мару. Калі гэта было? Так даўно… Я ўжо нічога з таго жыцця не памятаю. Я іншае памятаю… адрэзалі хлопчыку вушы, каб абхазскія песні не слухаў. А маладому хлопцу адрэзалі… ну самі разумееце… гэта… каб ад яго жонка не нараджала… Недзе ядзерныя ракеты стаяць, самалёты і танкі, а чалавека ўсё роўна нажом рэзалі. Віламі заколвалі, сякерай секлі… Хай бы я зусім звар’яцела… я нічога б не памятала… Дзяўчынка на нашай вуліцы… яна засілілася… Дзяўчынка кахала хлопца, а ён ажаніўся з іншай. Яе хавалі ў белай сукенцы. Ніхто не верыў — як гэта: у такі час ад кахання пайсці на смерць? Вось калі б яе згвалцілі… Я ўспамінаю цётку Соню, маміну сяброўку… Ноччу зарэзалі ейных суседзяў… сям’ю грузінаў, з якімі яна сябравала. І дваіх дзяцей маленькіх. Днямі цётка Соня ляжала на ложку з заплюшчанымі вачыма і не хацела выходзіць на вуліцу: «Дзяўчынка мая, навошта пасля гэтага жыць?» — пыталася яна ў мяне. Я карміла яе супам з лыжачкі, яна не магла глытаць.
У школе нас вучылі любіць чалавека з ружжом… Абаронцу радзімы! А гэтыя… яны не такія… І вайна не такая… Яны ўсе — хлапчукі, хлапчукі з аўтаматамі. Жывыя — яны страшныя, а забітыя ляжаць бездапаможныя — і іх шкада. Як я выжыла? Я… я… Я люблю думаць пра маму. Як яна па вечарах доўга расчэсвала валасы… «Калінебудзь, — абяцала мне мама, — я раскажу табе пра каханне. Але распавядаць буду так, нібыта ўсё гэта было не са мной, а з іншай жанчынай». У іх з татам было каханне. Вялікае каханне. Спачатку ў маёй мамы быў іншы муж, аднойчы яна прасавала яму кашулі, а ён вячэраў. І раптам (гэта толькі з маёй мамай магло такое здарыцца) яна сказала ўголас: «Я нараджаць ад цябе не буду». Забрала рэчы і пайшла. А потым з’явіўся мой тата… Ён пільнаваў яе, чакаў гадзінамі на вуліцы, адмарозіў зімой вушы. Хадзіў і глядзеў. І вось ён яе пацалаваў…
Напярэдадні вайны тата памёр… Памёр наш тата ад разрыву сэрца. Сеў увечары ля тэлевізара — і памёр. Як быццам некуды пайшоў… «Вось, дачушка, калі ты вырасцеш…» — у таты наконт мяне былі вялікія планы. І-і-і… (Заплакала.) Мы засталіся з мамай удзвюх. З мамай, якая баіцца мышэй… не можа спаць адна ў доме. Ад вайны яна закрывае галаву падушкай… Прадалі ўсё каштоўнае, што было ў нас: тэлевізар, татаў залаты партабак, які быў святы, доўга яго бераглі, мой залаты крыжык. Мы вырашылі з’ехаць, а каб выехаць з Сухумі, трэба даць хабар. Бяруць вайскоўцы і міліцыя, патрэбны вялікія грошы! Цягнікі ўжо не хадзілі. Апошнія караблі даўно сышлі, уцекачоў у трумах і на палубах набілася як селядцоў у бочцы. Грошай у нас хапіла толькі на адзін квіток… на адзін квіток і ў адзін бок… Да Масквы. Я не хацела без мамы з’язджаць. Месяц яна мяне прасіла-маліла: «Едзь, дачушка! Едзь!!» А я хацела пайсці ў шпіталь… даглядаць параненых… (Маўчыць.) У самалёт мне не дазволілі нічога ўзяць, толькі сумачку з дакументамі. Ні рэчаў, ні маміных піражкоў: «Зразумейце — ваеннае становішча». А побач са мной праходзіў праз мытню мужчына ў цывільным, але салдаты да яго звярталіся «таварыш маёр», грузілі яго валізкі, нешта ў вялікіх кардонных скрынках. Уносілі скрынкі з віном, з мандарынамі. Я плакала… я ўсю дарогу плакала… Мяне суцяшала жанчына, з ёй ляцелі два хлопчыкі: адзін — яе, другі — суседскі. Хлопчыкі апухлі з голаду… Я не хацела… ні за што не хацела з’язджаць… Мама мяне адарвала ад сябе, запхнула сілком у самалёт. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію».
Масква! Масква… Два тыдні я жыла на вакзале. Такіх, як я… нас — тысячы… На ўсіх маскоўскіх вакзалах — на Беларускім, Савелаўскім,
Кіеўскім… З сем’ямі, з дзецьмі і старымі. З Арменіі, Таджыкістана… Баку… Жывуць на лаўках, на падлозе. Есці вараць. Мыюць. У прыбіральнях ёсць разеткі… і каля эскалатараў ёсць разеткі… Вады ў таз наліў, туды — электракіпяцільнік. Локшыны накідаць, мяса… Суп гатовы! Дзіцячая манная каша! Мне здаецца, што ўсе вакзалы ў Маскве прапахлі кансервамі і супам харчо. Пловам. Дзіцячымі сіукнамі і бруднымі пялюшкамі. Іх сушылі на батарэях, на вокнах. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію». І вось я — дома. Дома нас ніхто не чакаў. Не сустракаў. Ніхто на нас не звяртаў увагі, ніхто не распытваў. Уся Масква сёння — вакзал, адзін вялікі вакзал. Караван-сарай. Неўзабаве скончыліся грошы. Два разы мяне хацелі згвалтаваць: першы раз — нейкі салдат, у другі раз — міліцыянт. Міліцыянт ноччу падняў з падлогі: «Дзе твае дакументы?» — Стаў цягнуць у пакой «Міліцыя». Вочы былі шалёныя… Я — як закрычала! І ён, відаць, спалохаўся… Уцёк: «Дурніца ты!» Удзень я хадзіла па горадзе… пастаяла на Чырвонай плошчы… А ўвечары па крамах прадуктовых. Вельмі хацелася есці, адна жанчына купіла мне піражок з мясам. Я не прасіла… Яна ела, а я глядзела, як яна ела… І яна мяне пашкадавала. Адзін раз… Але я гэты «адзін раз» на ўсё жыццё запомніла. Гэта была старая-старая жанчына. Бедная. Вось некуды б ісці… толькі не сядзець на вакзале… Не думаць пра ежу, не думаць пра маму. І так — два тыдні. (Плача.) На вакзале ў сметніцы можна было знайсці кавалачак хлеба… абгрызеную костачку курыную… Я так жыла, пакуль не прыехала татава сястра, пра якую мы даўно нічога не ведалі — жывая яна ці не? Ёй восемдзесят гадоў. У мяне быў толькі нумар яе тэлефона. Я штодня тэлефанавала, ніхто не адказваў. Цётка ляжала ў бальніцы. А я ўжо вырашыла, што яна памерла. Здарыўся цуд! Я так чакала… і ён здарыўся… Цётка прыехала па мяне. «Вольга… вас чакае ў пакоі міліцыі ваша цётка з Варонежа». Усе заварушыліся, заварушыліся… Увесь вакзал: хто? Каго? Як прозвішча? Мы прыбеглі ўдзвюх: там знайшлася яшчэ адна дзяўчынка з гэткім жа прозвішчам, але з іншым іменем. Яна прыехала з Душанбэ.
Як яна плакала, што гэта не яе цётка… не яе забіраюць…
Цяпер жыву я ў Варонежы… Праца ў мяне розная, куды возьмуць — пасудамыйкай у рэстаране, вартаўніком на будоўлі, садавіной у аднаго азербайджанца гандлявала, пакуль не стаў чапляцца.
Цяпер — тапограф. Часова ўзялі, вядома, а шкада — праца цікавая. Дыплом аб заканчэнні медыцынскага тэхнікума скралі ў мяне на маскоўскім вакзале. І ўсе маміны фотаздымкі. Ходзім з цёткай у царкву. Я ўкленчу і прашу: «Госпадзе! Я гатовая зараз! Я хачу зараз памерці!» Пытаюся ў Яго кожны раз: жывая мая мама ці не? Дзякую… Дзякую, што вы не баіцеся мяне. Не адводзіце вачэй, як іншыя. Слухаеце. У мяне няма тут сябровак, ніхто за мной не даглядае. Я гавару… і гавару… Як яны ляжалі… маладыя, прыгожыя… (Вар’яцкая ўсмешка на твары.) Вочы расплюшчаныя… шырока расплюшчаныя вочы…
Праз паўгода я атрымала ад яе ліст: «Сыходжу ў манастыр. Хачу жыць. Маліцца за ўсіх буду».
маці
— A-а… я… Я болей не магу… Апошняе, што памятаю — крык. Чый? Не ведаю. Мой? Ці гэта суседка крычала, яна пачула на лесвічнай пляцоўцы пах газу. Выклікала міліцыю. (Устае і ідзе да акна.) Восень. Нядаўна была жоўтая… цяпер ужо чорная ад дажджоў. І святло нават днём недзе далёка-далёка. З раніцы ўжо цёмна. Запальваю ў доме ўсе лямпачкі, і яны гараць увесь дзень. Мне не хапае святла… (Вяртаецца і сядае насупраць.)
Спачатку мне прысніўся сон, што я памерла. У дзяцінстве я шмат разоў бачыла, як паміраюць людзі, а пасля я пра гэта забылася… (Выцірае слёзы.) Не зразумела, чаму плачу? Я ж усё ведаю… Я ўсё пра сваё жыццё ведаю… У сне нада мной круцілася шмат-шмат птушак. Стукаліся ў акно. Я прачнулася, і такое адчуванне, што каля маёй галавы нехта стаіць. Хтосьці там застаўся. Хачу павярнуцца, каб убачыць — хто гэта? Нейкі страх, нейкае прадчуванне, што гэтага рабіць не трэба. Нельга! (Маўчыць.) Я пра іншае… пра іншае хацела… Не адразу пра гэта… Вы спыталі пра дзяцінства… (Закрывае твар рукамі.) Вось ужо чую… Чую салодкі пах падбелу… І горы бачу, і драўляную вышку, і салдата на ёй — зімой у кажусе, вясной у шынялі. І жалезныя ложкі, вельмі шмат жалезных ложкаў, яны адзін ля аднаго стаяць. Адзін ля аднаго… Мне раней здавалася: калі я камунебудзь гэта раскажу, мне захочацца ўцячы ад гэтага чалавека, каб больш ніколі яго не бачыць. Усё настолькі маё… і глыбока-глыбока схавана… Я ніколі не жыла адна, я жыла ў лагеры ў Казахстане, ён называўся Карлаг, пасля лагера — у высылцы. Жыла ў дзіцячым доме, у інтэрнаце… у камуналцы… Заўсёды многа-многа іншых цел, іншых вачэй. Свой дом у мяне з’явіўся, калі мне было ўжо сорак гадоў. Нам далі з мужам двухпакаёвую кватэру, у нас ужо дзеці выраслі. Я бегала да суседзяў па звычцы, як у інтэрнаце, пазычала то хлеб, то соль, то запалкі, і мяне за гэта не любілі. А я ніколі не жыла адна… і не магла прывыкнуць… Яшчэ мне заўсёды хацелася лістоў. Чакала канвертаў, канвертаў! І цяпер чакаю… Мне піша адна сяброўка, яна з’ехала да дачкі ў Ізраіль. Пытаецца: што ў вас там? Якое жыццё пасля сацыялізму… А якое ў нас жыццё? Ідзеш па знаёмай вуліцы: французская крама, нямецкая, польская — усе назвы на чужых мовах. Чужыя шкарпэткі, кофтачкі, боты… печыва і каўбаса… Нідзе не знайсці нашага, савецкага. Я толькі і чую з усіх бакоў: жыццё — барацьба, моцны перамагае слабага, і гэта натуральны закон. Трэба нарасціць сабе рогі і капыты, жалезны панцыр, слабыя нікому не патрэбныя. Усюды локці, локці, локці. Гэта — фашызм, гэта — свастыка! Я ў шоку… і ў роспачы!! Гэта не маё. Не маё гэта! (Маўчыць.) Калі б нехта побач… нехта быў… Мой муж? Ён сышоў ад мяне. А я яго кахаю… (Раптам усміхнулася.) Ажаніліся мы з ім вясной, калі чаромха закрасавала і бэз ужо незадоўга. Сышоў таксама вясной. Але ён прыходзіць… прыходзіць да мяне ў сне і ўсё ніяк не можа развітацца… Нешта гаворыць, гаворыць. А ўдзень… я глухну ад цішыні. Слепну. З мінулым у мяне адносіны як з чалавекам, як з кімсьці жывым… Памятаю, як у «Новом мире» надрукавалі, і ўсе чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Ва ўсіх — узрушанасць! Столькі размоў! А я не разумела, чаму такая цікавасць і такое здзіўленне? Усё знаёмае, зусім для мяне нармальнае: зэкі, лагер, параша… І — зона.
У трыццаць сёмым арыштавалі майго бацьку, ён працаваў на чыгунцы. Мама бегала, прасіла, даказвала, што ён не вінаваты і гэта памылка. На мяне яна забылася. Забылася на мяне. Калі ўспомніла, захацела пазбавіцца, было ўжо позна. Яна піла ўсякую брыдоту… залазіла ў гарачую ванну. І… нарадзілася неданошанае дзіця… Але я выжыла. Я чамусьці выжывала шмат разоў. Шмат разоў! Неўзабаве маму таксама арыштавалі і мяне разам з ёй, бо нельга было пакінуць дзіця адно ў кватэры, мне было чатыры месяцы. Дзвюх старэйшых сястрычак мама паспела адправіць да татавай сястры ў вёску, але з энкавэдэ прыйшла папера: прывезці дзяцей назад у Смаленск. Забралі проста на вакзале: «Дзеці будуць у дзіцячым доме. Можа, камсамольцамі вырастуць». Нават адрас не далі. Дзяўчынак мы знайшлі, калі яны ўжо былі замужам, у іх ужо былі свае дзеці. Праз шмат, шмат гадоў… У лагеры да трох гадоў я жыла разам з мамай. Мама ўспамінала, што маленькія дзеці часта паміралі. Узімку памерлых складвалі ў вялікія бочкі, і там яны ляжалі да вясны. Іх абгрызалі пацукі. Увесну хавалі… хавалі тое, што заставалася… З трох гадоў дзяцей у мацярок забіралі і змяшчалі ў дзіцячы барак. З чатырох… не, напэўна, з пяці гадоў — я ўжо нешта памятаю… эпізоды… Раніцай праз дрот мы бачылі нашых мам: іх пералічвалі і адводзілі на працу. Адводзілі за зону, куды нам хадзіць забаранялася. Калі ў мяне пыталіся: «Адкуль ты, дзяўчынка?» — Я адказвала: «З зоны». «За-зона» — гэта быў іншы свет, нешта незразумелае, што палохала, для нас не існавала. Пустыня там, пясок, сухі кавыль. Мне здавалася, што пустыня там да самага краю, і іншага жыцця, акрамя нашага, няма. Нас ахоўвалі нашы салдаты, мы імі ганарыліся. У іх зорачкі на фуражках… Быў у мяне сябрук Рубік Цырынскі… Ён вадзіў мяне да мамы праз яму пад «калючкай». Усіх пашыхтуюць ісці ў сталовую, а мы схаваемся за дзвярыма. «Ты ж не любіш кашу?» — пытаўся Рубік. А я заўсёды хацела есці і вельмі любіла кашу, але дзеля таго, каб убачыць маму, я згаджалася на ўсё. І мы паўзлі ў барак да мамы, а барак быў пусты, мамы былі на працы. Мы ведалі, але ўсё адно паўзлі, абнюхвалі там усё. Жалезныя ложкі, жалезны бак для пітной вады, конаўку на ланцужку — усё гэта пахла мамамі. Зямлёй… і мамамі… пахла… Часам мы там бачылі чыіх-небудзь мам, яны ляжалі на ложку і кашлялі. Чыясьці мама кашляла крывёю… Рубік сказаў, што гэта мама Томачкі, якая ў нас самая маленькая. Гэтая мама неўзабаве памерла. А потым памерла сама Томачка, і я доўга думала: каму сказаць, што Томачка памерла? Бо яе мама таксама памерла… (Замаўкае.) Праз шмат, шмат гадоў я пра гэта ўспамінала… Мама не верыла мне: «Табе было ўсяго чатыры гадкі». Я ёй тады казала, што яна хадзіла ў брызентавых чаравіках на драўлянай падэшве і з нейкіх маленькіх кавалачкаў шыла вялікія фуфайкі. І яна зноў дзівілася і пачынала плакаць. Памятаю… Памятаю водар кавалачка дыні, які мама мне прынесла, памерам з гузік, у нейкай анучцы. І як аднойчы хлапчукі пазвалі мяне гуляць з коткай, а я не ведала, што такое котка. Котку прынеслі не з зоны, у зоне котак не было, яны не выжывалі, таму што не заставалася ніякіх рэшткаў ежы, мы ўсё падбіралі. Увесь час глядзелі пад ногі: што б такое знайсці і з’есці. Елі нейкую траву, карэньчыкі, аблізвалі каменьчыкі. Нам вельмі хацелася пачаставаць чым-небудзь котку, але ў нас нічога не было, і мы кармілі яе сваёй слінай пасля абеду і! — яна ела. Яна ела! Памятаю, як мама аднойчы хацела даць мне цукерку. «Анечка, вазьмі цукерку!» — паклікала яна мяне праз дрот. Ахоўнікі яе адганялі… яна ўпала… яе цягнулі па зямлі за доўгія чорныя валасы… Мне было страшна, я ўяўлення не мела, што такое цукерка. Ніхто з дзяцей не ведаў, што такое цукерка. Усе спалохаліся і зразумелі, што мяне трэба схаваць, і запіхнулі ў сярэдзінку. Мяне заўсёды дзеці ставілі ў сярэдзінку: «Таму што Анечка ў нас падае». (Плача.) І чаму, чаму… плачу? Я ж усё… Я ўсё пра сваё жыццё ведаю… Ну вось… Забыла, пра што я? Думка не скончана… Ці як? Не скончана?
Страх быў не адзін… Было шмат страхаў, вялікіх і маленькіх. Мы баяліся расці, баяліся, што нам будзе пяць гадоў. У пяць гадоў вывозілі ў дзіцячы дом, мы разумелі, што гэта недзе далёка… далёка ад мамы… Мяне, як цяпер памятаю, вывезлі ў дзіцячы дом нумар восем пасёлка нумар пяць. Усё было пад нумарамі, а замест вуліц — лініі: лінія першая, лінія другая… Нас пагрузілі ў машыну і павезлі. Мамы беглі, чапляліся за барты, крычалі, плакалі. Памятаю, што мамы плакалі заўсёды, а дзеці плакалі рэдка. Не былі мы свавольнымі, не дурэлі. Не смяяліся. Плакаць я навучылася ўжо ў дзіцячым доме. У дзетдоме нас вельмі моцна білі. Нам казалі: «Вас можна біць і нават забіць, таму што вашы мамы — ворагі». Татаў мы не ведалі.
«Твая мама дрэнная», — не памятаю твару жанчыны, якая мне гэта паўтарала і паўтарала. — «Мая мама — добрая. Мая мама — прыгожая». — «Твая мама — дрэнная. Яна — наш вораг». Я не памятаю, ці прамаўляла яна само гэтае слова «забіць», але нешта такое… нейкія словы былі. Нейкія страшныя словы… Нейкія… так… Я нават баялася іх запомніць. У нас не было выхавацеляў, настаўнікаў, такіх слоў мы не чулі, у нас былі камандзіры. Камандзіры! У іх у руках заўсё-
ды доўгія лінейкі… Білі за штосьці і проста так… проста білі… Мне хацелася, каб мяне білі так, каб засталіся дзіркі, і тады перастануць біць. Дзірак у мяне не было, затое гнойныя свішчы пакрылі ўсё цела. Я ўзрадавалася… У маёй сяброўкі Волечкі былі металічныя скобачкі на хрыбетніку, яе нельга было біць. Усе ёй зайздросцілі… (Доўга глядзіць у акно.) Я нікому гэта не расказвала. Я баялася… А чаго я баялася? Не ведаю… (Задумваецца.) Мы любілі ноч… Чакалі, каб хутчэй наступіла ноч. Цёмная-цёмная ноч. Уначы да нас прыходзіла цётка Фрося, начны вартаўнік. Яна была добрая, яна нам расказвала казку пра Алёнку і Чырвоную Шапачку, прыносіла ў кішэні пшаніцы і давала па некалькі зярнятак таму, хто плакаў. Больш за ўсіх у нас плакала Лілечка, яна плакала раніцай, плакала ўвечары. У нас ва ўсіх была кароста, тоўстыя чырвоныя скулы на жываце, а ў Лілечкі пад пахамі былі яшчэ пухіры, яны лопаліся гноем. Памятаю, што дзеці даносілі адзін на аднаго, гэта заахвочвалася. Больш за ўсіх даносіла Лілечка… Казахскі клімат суровы — узімку сорак градусаў марозу, а ўлетку сорак градусаў цяпла. Лілечка памерла зімой. Калі б яна дажыла да травы… Увесну б яна не памерла… Не… (змаўкае на паўслове.) Нас вучылі… Больш за ўсё нас вучылі любіць таварыша Сталіна.
Першы ў сваім жыцці ліст мы пісалі яму — у Крэмль. Гэта было так… Калі мы вывучылі літары, нам раздалі белыя аркушы, і пад дыктоўку мы пісалі ліст самаму добраму, самаму любімаму нашаму правадыру. Мы яго вельмі любілі, верылі, што атрымаем адказ і што ён нам дашле падарункі. Шмат падарункаў! Глядзелі на яго партрэт, і ён нам падаваўся такім прыгожым. Найпрыгажэйшыым на свеце! Мы нават спрачаліся, хто колькі гадоў свайго жыцця аддасць за адзін дзень жыцця таварыша Сталіна. На Першамай нам усім выдавалі чырвоныя сцяжкі, мы ішлі і радасна імі махалі. Ростам я была самая маленькая, стаяла ў канцы і заўсёды баялася, што мне не дадуць сцяжок. Раптам не хопіць! Нас увесь час вучылі, нам казалі: «Радзіма — гэта ваша маці! Радзіма — ваша мама!» А мы ва ўсіх дарослых, якіх сустракалі, пыталіся: «Дзе мая мама? Якая мая мама?» Ніхто не ведаў нашых мам… Першая мама прыехала да Рыты Мельнікавай. У яе быў цудоўны голас. Яна нам спявала калыханку:
«Спи, моя радость, засни.
В доме погасли огни…
Дверь ни одна не скрипит,
Мышка за печкою спит…»
Мы такой песні не ведалі, мы гэтую песню запомнілі. Прасілі: яшчэ, яшчэ. Я не памятаю, калі яна скончыла спяваць, мы паснулі. Яна нам казала, што нашы мамы добрыя, што нашы мамы прыгожыя. Усе мамы прыгожыя. Што нашы мамы ўсе спяваюць гэтую песню. Мы чакалі… Потым перажылі страшнае расчараванне — яна нам сказала няпраўду. Прыязджалі іншыя мамы, яны былі непрыгожыя, хворыя, яны не ўмелі спяваць. І мы плакалі… плакалі рыдма… плакалі не ад радасці сустрэчы, а ад засмучэння. З таго часу я не люблю няпраўду… не люблю марыць… Нас нельга было суцяшаць няпраўдай, нельга было падманваць: твая мама жывая, а не памерла. Потым выходзіла… няма прыгожай мамы, ці ўвогуле мамы няма… Не! Усе мы былі вельмі маўклівыя. Не памятаю нашых размоў… памятаю дакрананні… Мая сяброўка Валя Кнорына да мяне дакранецца, і я ведаю, пра што яна думае, таму што ўсе думалі пра адно і тое ж. Ведалі адзін пра аднаго інтымныя рэчы: хто пісяецца ўначы, хто крычыць у сне, хто картавіць. Я ўвесь час лыжкай зуб сабе выпроствала. У адным пакоі — сорак жалезных ложкаў… Вечарам — каманда: скласці далонькі — і пад шчаку, і ўсім — на правы бачок. Павінны былі рабіць гэта разам. Усе! Гэта была супольнасць, хай жывёльная, хай прусачыная, але мяне так выхавалі. Я да гэтага часу такая… (Адварочваецца да акна, каб я не бачыла яе твару ў гэтыя хвіліны.) Ляжым-ляжым ноччу і пачынаем плакаць… Усе разам: «Добрыя мамы ўжо прыехалі…» Адна дзяўчынка сказала: «Не люблю маму! Чаму яна так доўга да мяне не едзе?» Я таксама крыўдзілася на сваю маму. А раніцай мы хорам спявалі… (Тут жа пачынае напяваць.)
«Утро красит нежным светом
Стены древнего Кремля.
Просыпается с рассветом
Вся советская земля…»
Прыгожая песня. Для мяне яна і цяпер прыгожая.
Першага мая! Болей за ўсе святы на свеце мы любілі Першамай. У гэты дзень нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі. Усе паліто аднолькавыя, і ўсе сукенкі аднолькавыя. Ты пачынаеш іх абжываць, робіш пазнаку, ну хоць бы нейкі вузельчык або складачку, што гэта тваё… частка цябе… Нам казалі, што Радзіма — гэта наша сям’я, яна пра нас думае. Перад першамайскай лінейкай выносілі ў двор вялікі чырвоны сцяг. Біў барабан. Адзін раз — цуд! Прыязджаў да нас генерал і віншаваў. Усіх мужчын мы дзялілі на салдат і афіцэраў, а гэта быў генерал. Штаны з лампасамі. Лезлі на высокі падаконнік, каб убачыць, як ён сядаў у машыну і махаў нам рукой. «Ты не ведаеш, што такое — тата?» — спытала ў мяне ўвечары Валя Кнорына. Я не ведала. І яна таксама. (Маўчыць.) Быў у нас Сцёпка… Рукі складзе, быццам ён з кімсьці ўдваіх, і кружыцца па калідоры. Сам з сабой танцуе. Нам смешна, а ён ні на каго не звяртаў увагі. А аднойчы раніцай ён памёр, не хварэў і памёр. Адразу памёр. Доўга яго яшчэ ўспаміналі… Казалі, што тата ў яго быў вялікі военачальнік, вельмі вялікі, таксама генерал. А потым і ў мяне з’явіліся пухіры пад пахай, яны лопаліся. І было так балюча, што я плакала. Ігар Каралёў пацалаваў мяне ў шафе. Мы вучыліся ў пятым класе. Я пачала ачуньваць. Выжыла… Зноў! (Зрываецца на крык.) Хіба гэта каму-небудзь цікава? Назавіце мне — каму? Нецікава і непатрэбна даўно. Краіны нашай няма і ніколі ўжо не будзе, а мы ёсць… старыя і брыдкія… са страшнымі ўспамінамі і зболенымі вачыма… Мы ёсць! А што сёння засталося ад нашага мінулага? Толькі тое, што Сталін заліў гэтую зямлю крывёю, Хрушчоў саджаў на ёй кукурузу, а з Брэжнева ўсе смяяліся. А нашы героі? Пра Зою Касмадзям’янскую ў газетах сталі пісаць, што яна хварэла на шызафрэнію пасля перанесенага ў дзяцінстве менінгіту і ў яе была схільнасць падпальваць хаты. Псіхічна хворая. А Аляксандр Матросаў п’яны кінуўся на нямецкі кулямёт, а не ратаваў таварышаў. І Паўка Карчагін ужо не герой… Савецкія зомбі! (Трохі супакоіўшыся.) А мне дагэтуль сняцца лагерныя сны… Дагэтуль не магу спакойна на аўчарак глядзець… кожнага чалавека баюся ў вайсковай форме… (Праз слёзы.) Я так болей не магу… Адкрыла газ… уключыла ўсе чатыры фаеркі… зачыніла форткі і зашморгнула шчыльна шторы. У мяне нічога не засталося такога… каб… калі страшна паміраць… (Маўчыць.) Калі яшчэ нешта трымае… Ну… пах галоўкі маленькага дзіцяці… Нават дрэва пад акном у мяне няма… Дахі… дахі… (Маўчыць.) Паставіла букет кветак на стол… Уключыла радыё… І апошняе… Ляжу… ужо ляжу на падлозе… а думкі ўсе адтуль… Усё адно… Вось я выходжу за лагерную браму… брама жалезная, і яна з ляскам за маёй спіной зачыняецца. Я — вольная, мяне вызвалілі. Іду і ўгаворваю сябе: толькі не азірацца! Памірала ад страху, што нехта зараз мяне дагоніць і верне. Трэба будзе вяртацца. Прайшла трохі і бачу ля дарогі бярозку… простую бярозку… Падбягаю да яе, абдымаю, прыціскаюся ўсім целам, побач нейкі куст, я і яго абдымаю. У першы год было столькі шчасця… ад усяго! (Доўга маўчыць.) Суседка адчула пах газу… Міліцыя ўзламала дзверы… Ачуняла я ў бальніцы, і першая думка: дзе я? Я зноў — у лагеры? Як быццам у мяне не было іншага жыцця, і нічога больш не было. Спачатку вярнуліся гукі… потым боль… Боль ад усяго: кожны рух, глынуць паветра, паварушыць рукой, расплюшчыць вочы. Увесь свет — гэта было маё цела. Пасля свет пашырыўся і стаў вышэць: я ўбачыла медсястру ў белым халаце… белую столь… Я вельмі доўга вярталася. Побач са мной памірала дзяўчына, яна памірала ўжо некалькі дзён, ляжала ўся ў гэтых трубках, і ў роце трубка, нават крычаць яна не магла. Чамусьці ж нельга было выратаваць. І я глядзела на гэтыя трубкі і ўяўляла ў падрабязнасцях: вось гэта я ляжу… я памерла… але я не ведаю, што я памерла і мяне больш няма. Я ўжо пабывала там… (Супынілася.) Не надакучыла слухаць? Не? Скажыце… я магу замаўчаць…
Мама… Мама за мной прыехала, калі я пайшла ў шосты клас. Дванаццаць гадоў яна адседзела ў лагеры, тры гады мы былі разам, а дзевяць паасобку. Цяпер нас выпраўлялі на пасяленне і дазвалялі ехаць удзвюх. Гэта была раніца… Я ішла па двары… Нехта мяне паклікаў: «Ганначка! Ганулька!». Ніхто мяне так не зваў, ніхто не зваў мяне па імені. Я ўбачыла жанчыну з чорнымі валасамі і закрычала: «Мама!!» Яна абняла мяне з такім жа жахлівым крыкам: «Татачка!» — у юнацтве я была вельмі падобная да бацькі. Шчасце! Колькі розных пачуццяў, колькі радасці! Некалькі дзён я захлыналася ад шчасця, я ніколі ў жыцці не адчувала такога шчасця. Столькі розных пачуццяў… Але хутка… вельмі хутка выявілася, што мы з мамай не разумеем адна адну. Мы — чужыя людзі. Я хацела ўступіць у камсамол, каб змагацца з нейкімі нябачнымі ворагамі, якія хочуць разбурыць нашае найлепшае жыццё. А мама глядзела на мяне і плакала… і маўчала… Увесь час чагосьці баялася. У Карагандзе нам выдалі дакументы і накіравалі ў высылку ў горад Бялова. Гэта далёка за Омскам. У самую глыбіню Сібіры… Месяц мы туды ехалі. Ехалі і ехалі, чакалі і перасаджваліся. Па дарозе адзначаліся ў энкавэдэ, і нам увесь час загадвалі рухацца далей. Нельга пасяліцца ў памежнай паласе, нельга паблізу ад абаронных прадпрыемстваў, вялікіх гарадоў — такі доўгі-доўгі спіс, куды нам нельга. Дагэтуль я не магу бачыць вечаровыя агні ў дамах. Нас выганялі ноччу з вакзалаў, мы ішлі на вуліцу. Завіруха, мароз. Гарэлі агні ў вокнах, там былі людзі, яны жылі ў цяпле, яны грэлі гарбату. Нам трэба было пагрукаць у дзверы… гэта найстрашнейшае… Ніхто не хацеў даць прытулак на ноч… «Мы пахнем зэкамі…» — казала мама. (Плача. І не заўважае, што плача.) У Бялове сталі жыць «на кватэры» — у зямлянцы. Потым зноў жылі ў зямлянцы, і яна ўжо была наша. Я захварэла на сухоты, не магла ад слабасці стаяць на нагах, страшна кашляла. Верасень… Усе дзеці збіраюцца ў школу, а я не магу хадзіць. Мяне забралі ў бальніцу. Памятаю, што ў бальніцы ўвесь час нехта паміраў. Памерла Сонечка… Ванечка… памёр Славік… Мёртвых я не баялася, але я не хацела паміраць. Я вельмі прыгожа вышывала, малявала, усе хвалілі: «Якая таленавітая дзяўчынка. Табе трэба вучыцца». І я думала: тады чаму я мушу памерці? І нейкім дзівам я засталася жыць… Аднойчы расплюшчыла вочы: на тумбачцы стаяў букет чаромхі. Ад каго? Але зразумела, што буду жыць… Буду жыць! Вярнулася дадому — у зямлянку. Маму за гэты час схапіў чарговы інсульт. Я яе не пазнала… Убачыла старую жанчыну. У гэты ж дзень яе павезлі ў бальніцу. У хаце я не знайшла ніякай ежы, нават паху. Сказаць камунебудзь пра гэта пасаромелася… Знайшлі мяне на падлозе, я ледзь дыхала. Нехта прынёс конаўку цёплага казінага малака… Усё, усё… усё… Усё, што я памятаю пра сябе… як памірала і выжывала… памірала… (Зноў адвярнулася да акна.) Крыху паздаравела… Чырвоны Крыж купіў квіток, і мяне пасадзілі на цягнік. Адправілі ў родны Смаленск — у дзіцячы дом. Так я вярнулася дадому… (Плача.) Я не ведаю, чаму… чаму я плачу? Я ж усё… Усё… пра сваё жыццё ведаю… І там мне споўнілася шаснаццаць гадоў… У мяне з’явіліся сябры, да мяне пачалі заляцацца… (Усміхнулася.) Прыгожыя хлопцы да мяне заляцаліся. Дарослыя. Але была ў мяне такая асаблівасць: калі я камусьці падабалася, я палохалася. Страшна, што нехта звярнуў на цябе ўвагу. Цябе заўважыў. Да мяне немагчыма было заляцацца, таму што на спатканне я брала з сабой сяброўку. Калі мяне запрашалі ў кіно, я таксама ішла не адна. На першае спатканне да свайго будучага мужа я прыйшла з дзвюма сяброўкамі. Ён пасля яшчэ доўга гэта ўспамінаў…
Дзень смерці Сталіна… Увесь дзіцячы дом вывелі на лінейку, вынеслі чырвоны сцяг. Колькі доўжылася пахаванне, столькі мы стаялі ў стойцы «смірна», гадзін шэсць ці восем. Нехта губляў прытомнасць… Я плакала… Як жыць без мамы, я ўжо ведала. Але як жыць без Сталіна? Як жыць… Чамусьці я баялася, што пачнецца вайна.
(Плача.) Мама… Праз чатыры гады… я ўжо вучылася ў архітэктурным тэхнікуме… вярнулася з высылкі мама. Вярнулася зусім. Прыехала яна з драўляным чамаданчыкам, у ім — цынкавая «ўцятніца» (яна і цяпер у мяне ёсць, не магу выкінуць), дзве алюмініевыя лыжкі і гара падраных панчох. «Ты — дрэнная гаспадыня, — лаяла мяне мама, — не ўмееш цыраваць». Цыраваць я ўмела, але я разумела, што гэтыя дзіркі на панчохах, якія яна прывезла, ніколі не зацыраваць. Ніякага «рукадзелля»! У мяне стыпендыя — васямнаццаць рублёў, у мамы пенсія — чатырнаццаць рублёў. Гэта быў для нас рай — хлеба еш, колькі хочаш, яшчэ хапала на гарбату. У мяне быў адзін спартовы касцюм і адна паркалёвая сукенка, якую я сама пашыла. У тэхнікум зімой і восенню я хадзіла ў спартовым касцюме. І мне здавалася… такое ў мяне было ўяўленне… што ў нас усё ёсць. Калі я заходзіла ў нармальны дом, у нармальную сям’ю, сядзела воўкам — навошта столькі рэчаў? Столькі лыжак, відэльцаў, кубкаў… Мяне ставілі ў тупік самыя простыя рэчы… Найпрасцейшыя… Навошта, напрыклад, дзве пары туфляў? Я і сёння да рэчаў абыякавая, да побыту. Нявестка ўчора тэлефануе: «Шукаю карычневую газавую пліту». Пасля рамонту яна падбірае на кухню ўсё карычневае: мэблю, фіранкі, посуд, каб як у імпартным часопісе. Гадзінамі вісіць на тэлефоне. Кватэра ў рэкламках і газетах, чытае ўсё, дзе «прадам-куплю». «І гэта хачу! І гэта…»! Раней ва ўсіх была простая абстаноўка, тады наогул жылі проста. А цяпер? Чалавек ператварыўся ў страўнік… У жывот… Хачу! Хачу! Хачу! (Матнула рукой.) Я ў сына рэдка бываю… У іх там усё новае, дарагое. Як у офісе. (Маўчыць.) Чужыя мы… чужыя сваякі… (Маўчыць.) Хачу ўспомніць маму маладой. Але ж маладой яе не памятаю… памятаю толькі хворай. Ні разу мы не абнялі адна адну, не пацалавалі, не было паміж намі пяшчотных слоў. Не памятаю… Нашыя маці гублялі нас двойчы: першы раз — калі нас забіралі ў іх малымі, і другі раз — калі яны, старыя, вярталіся да нас, ужо дарослых. Дзеці былі чужыя… дзяцей ім падмянілі… Іх выхавала іншая маці: «Радзіма — ваша маці… Ваша мама…» «Хлопчык, дзе твой тата?» — «Яшчэ ў турме». — «А дзе твая мама?» — «Ужо ў турме». Сваіх бацькоў мы ўяўлялі толькі ў турме. Недзе далёкадалёка… ніколі побач… Быў час, калі я хацела ўцячы ад мамы назад у дзіцячы дом. Як гэта! Як гэта… Яна не чытала газет і не хадзіла на дэманстрацыі, не слухала радыё. Не любіла песні, ад якіх у мяне сэрца з грудзей выскоквала… (Ціха напявае.)
«И врагу никогда не добиться,
Чтоб склонилась твоя голова.
Дорогая моя столица,
Золотая моя Москва…»
А мяне цягнула на вуліцу. Я хадзіла на вайсковыя парады, любіла спартовыя святы. Дагэтуль памятаю палёт! Ты крочыш разам з усімі, ты ўжо частка чагосьці вялікага… вялізнага… Там я была шчаслівая, а з мамай — не. І я гэта ніколі не выпраўлю. Мама неўзабаве памерла. Я абдымала, гладзіла яе толькі мёртвую. Яна ўжо ляжала ў труне, і ўва мне прачнулася такая пяшчота! Такая любоў! Ляжала яна ў старых валёнках… Ні туфляў, ні басаножак у яе не было, а мае не налезлі на яе апухлыя ногі. Я ёй сказала столькі пяшчотных слоў, столькі прызнанняў — чула яна іх ці не чула? Цалавала і цалавала яе. Казала, як я яе люблю… (Плача.) Я адчувала, што яна яшчэ тут… Я верыла…
Сыходзіць на кухню. Хутка кліча мяне: «Абед на стале. Я заўсёды адна, а хочацца хаця б паабедаць з кім-небудзь».
Ніколі не трэба вяртацца… таму што… так… А як я бегла туды! Як хацела! Пяцьдзясят гадоў… пяцьдзясят гадоў я вярталася на тое месца… у думках днём і ноччу я там была…
Зіма… часцей зіма снілася… На вуліцы такі мароз, што сабак не відаць і птушак. Паветра шкляное, і дым з трубы — слупом да неба. Ці канец лета — трава ўжо спынілася ў росце, пакрылася цяжкім пылам. І я… я надумала туды паехаць. Ужо — перабудова. Гарбачоў… мітынгі… Усе хадзілі па вуліцах. Радаваліся. Пішы, што хочаш, крычы, што хочаш і дзе хочаш. Сва-бо-да! Сва-бо-да! Што б нас ні чакала наперадзе, але мінулае скончылася. Чаканне чагосьці іншага… і нецярплівасць… І зноў страх. Доўгі час я баялася ўключаць раніцай радыё: а раптам усё скончылася? Адмянілі. Доўга не верыла. Прыйдуць ноччу і павязуць на стадыён. Як было ў Чылі… Аднаго стадыёна для «разумнікаў» хопіць, а астатнія самі змоўкнуць. Але не прыходзілі… не везлі… У газетах пачалі друкаваць успаміны гулагаўцаў. Іх фотаздымкі. Вочы! Якія там у людзей вочы! Глядзяць нібы з таго свету… (Маўчыць.) І я вырашыла: хачу… я мушу туды паехаць! Навошта? Сама не ведаю… але я мушу… Узяла адпачынак… Першы тыдзень… другі… ніяк не наважуся, знаходжу ўсякія прычыны: то да зубнога мне трэба, то на балконе дзверы не дафарбавала. Лухта нейкая. Раніцай… гэта было раніцай… Фарбую балконныя дзверы і сама сабе кажу: «Заўтра еду ў Караганду». Вось так, уголас, памятаю, сказала — і зразумела, што паеду. Еду — усё!! Што такое Караганда? Чысты, голы стэп на сотні кіламетраў, ён выгараў улетку. Пры Сталіне пабудавалі ў гэтым стэпе дзясяткі лагераў: Стэплаг, Карлаг, Алжыр… Пясчанлаг… Прывезлі сотні тысяч зэкаў… Савецкіх рабоў. А памёр Сталін, разбурылі баракі, знялі дрот — і атрымаўся горад. Горад Караганда… Я еду… Еду! Дарога доўгая… Пазнаёмілася ў цягніку з жанчынай… настаўніцай з Украіны. Яна шукала магілу свайго бацькі і ехала ў Караганду другі раз: «Не бойся, — вучыла мяне. — Там ужо прывыклі, што нейкія дзіўныя людзі прыязджаюць з усяго свету і размаўляюць з камянямі». У яе быў з сабою ліст ад бацькі, адзіны яго ліст з лагера: «…лепей чырвонага сцяга ўсё роўна нічога няма…» Так заканчваўся… гэтымі словамі… (Задумваецца.) Гэтая жанчына… Яна распавядала, як бацька падпісаў паперу, што ён польскі шпіён. Следчы пераварочваў табурэтку, у адну з ножак забіваў цвік, саджаў на яго бацьку і круціў вакол восі. І так дамогся свайго: «Добра — шпіён». Следчы: «А чый шпіён?» Бацька, у сваю чаргу, спытаў: «А чые бываюць шпіёны?» Далі на выбар — нямецкі ці польскі. «Пішыце — польскі». Ведаў ён па-польску чатыры словы: «Дзянькуе бардзо» і «ўшыстко едно». Чатыры словы… А я… Я нічога пра свайго бацьку не ведаю… Аднойчы мама прагаварылася… што быццам бы ён звар’яцеў ад катаванняў у турме. Увесь час там спяваў… У купэ з намі ехаў малады хлопец. Мы ўсю ноч гаварылі. Плакалі… А раніцай гэты хлопец паглядзеў на нас: «Жудасць! Трылер нейкі!» Гадоў яму васямнаццаць-дваццаць. Госпадзе! Столькі ўсяго перажылі, а расказаць няма каму. Расказваем адно аднаму…
Вось і Караганда… Нехта стаў жартаваць: «Выходзь! На выхад з рэчамі!» Хто смяецца, хто плача. На вакзале… першае, што пачула: «Шалава… курва… лягавыя…» Знаёмая мова зэкаў. Адразу ж я ўсе гэтыя словы прыгадала… Адразу ж! У мяне — дрыжыкі. Ніяк не магла суняць дрыготку, колькі я там была, столькі ўнутры мяне ўсё дрыжэла. Сам горад, вядома, не пазнала, але адразу за ім, за апошнімі дамамі, пачынаўся знаёмы пейзаж. Усё пазнала… Той жа сухі кавыль і белы пыл… і арол высока-высока ў небе… І назвы пасёлкаў знаёмыя — Вольны, Сангарадок… Усе былыя лагерныя кропкі. Думала, не памятаю, а памятала. У аўтобусе сеў побач стары, зразумеў, што я не мясцовая: «Каго шукаеце?» — «Ды вось… — пачала. — Тут лагер быў…» — «А, баракі? У апошнія два гады разабралі. З тае барачнай цэглы пабудавалі людзі сабе хлявы, лазні. Зямлю раздалі пад лецішчы. Агароды абгарадзілі лагерным дротам. У сына майго там участак… Так, ведаеце, непрыемна… На бульбяных градах увесну ад снегу і ад дажджоў вылазяць косткі. Ніхто не гідзіцца, прывыклі, уся зямля тут у касцях, як у камянях. Скідаюць на мяжу, топчуць ботамі. Прытоптваюць. Прывыклі ўжо. Крані толькі чарназём… паварушы…» У мяне перахапіла дыханне. Як непрытомная. А стары павярнуўся да акна — паказвае: «Вунь там, за гэтай крамай, могілкі засыпалі. І за лазняй». Сяджу — не дыхаю. А чаго я чакала? Што тут піраміды будуць стаяць! Курганы Славы насыплюць?! «Лінія першая… цяпер вуліца імя… Другая лінія…» Гляджу ў акно — і не бачу, сляпая ад слёз. На прыпынках казашкі прадавалі агуркі, памідоры… парэчкі вёдрамі… «Толькі з градкі. Са сваіх агародаў». Госпадзе! Божа мой… трэба сказаць… што… Мне фізічна цяжка было дыхаць, нешта са мной там адбывалася. За некалькі дзён высахла ўся скура, сталі ламацца пазногці. Нешта рабілася з усім арганізмам. Упасці б на зямлю і ляжаць. Не падымацца. Стэп… ён — як мора… Ішла, ішла і нарэшце ўпала… Упала каля нейкага маленькага жалезнага крыжыка, да самай перакладзіны ўрослага ў зямлю. Я крычала, у мяне была істэрыка. Вакол нікога… адны птушкі… (Пасля кароткай перадышкі.) Жыла ў гасцініцы. Увечары ў рэстаране дым каромыслам… гарэлка… Аднойчы я там вячэрала… За маім сталом заспрачаліся двое мужчын, спрачаліся да хрыпу… Першы: «Я і цяпер застаюся камуністам. Мы павінны былі пабудаваць сацыялізм. Хто б Гітлеру хрыбет зламаў без Магніткі і Варкуты?» Другі: «А я з тутэйшымі старымі размаўляў… Яны ўсе ў лагеры служылі ці працавалі… не ведаю, як гэта назваць… кухары, вертухаі, асабісты. Іншай працы тут не было, а гэтая — сытая: заробак, паёк і абмундзіраванне. Так і кажуць — «праца». Лагер для іх — праца! Служба! А вы пра нейкія злачынствы. Пра душу і грэх. Не хто-небудзь сядзеў, а народ. І саджаў, і ахоўваў — таксама народ, не прышлы, не пакліканы аднекуль, а гэты ж. Свой. Родны. Гэта цяпер усе надзелі паласатыя кашулькі. Усе — ахвяры. Вінаваты адзін Сталін. А вы падумайце… простая арыфметыка… Мільёны зэкаў трэба было высочваць, арыштоўваць, дапытваць, ганяць па этапе, страляць за крок убок. Нехта ж гэта рабіў… знайшліся мільёны выканаўцаў…» Афіцыянт прынёс ім адну пляшку, потым другую… Я слухала… слухала я! А яны пілі і не п’янелі. Я… як спаралізаваная сядзела і не магла сысці… Першы: «А мне распавядалі, што ўжо баракі стаялі пустыя. Зачыненыя. Але па начах вецер прыносіў адтуль крыкі і стогны…» Другі: «Містыка. Пачынаецца міфалогія. А ўся наша бяда ў тым, што ў нас кбты і ахвяры — гэта адны і тыя ж людзі». І зноў: «Сталін прыняў Расію з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай…» Я там не заплюшчыла вачэй тры дні і тры ночы. Днём хадзіла і хадзіла па стэпе. Поўзала. Да цемры, да агнёў.
Аднойчы падвёз у горад мужчына, гадоў пяцьдзясят яму, а можа, і больш, як і мне. Выпіўшы быў. Гаманкі. «Магілы шукаеце? Разумею, жывём на могілках, можна сказаць. А мы… Адным словам, у нас мінулае не любяць згадваць. Табу! Старыя памерлі, гэта нашы бацькі, а тыя, хто яшчэ жывы, маўчаць. У іх выхаванне, ведаеце, сталінскае. Гарбачоў, Ельцын… гэта сёння… А хто ведае, што будзе заўтра? Куды паверне…» Слова за слова, і я даведалася, што бацька ягоны быў афіцэрам, «пры пагонах». Пры Хрушчове хацеў адсюль з’ехаць, але яму не дазволілі. Усе давалі падпіску аб неразгалошванні дзяржаўнай таямніцы: і тыя, хто сядзеў, і тыя, хто саджаў. Ахоўваў. Нікога нельга было выпускаць, занадта яны ўсе шмат ведалі. Не выпускалі нават, чуў ён, тых, хто суправаджаў эшалоны з вязнямі. Быццам бы тут яны ўратаваліся ад вайны, але з вайны яны маглі вярнуцца, а адсюль ужо ніяк. Зона… сістэма… замыкала іх у сабе назаўсёды. Адбыўшы тэрмін, з’ехаць з гэтых праклятых месцаў маглі толькі блатары і крымінальнікі. Бандыты. Астатнія жылі потым разам, здаралася, што ў адным доме, у адным двары. «Эх, жыццё нашае, бляха!» — паўтараў. Прыгадаў выпадак са свайго дзяцінства… Як «сядзельцы» змовіліся і задушылі былога вертухая… за тое, што зверам быў… З п’яных вачэй бойкі ладзілі, ішлі адзін на аднаго сценкай. Бацька піў па-чорнаму. Напіваўся і плакаў: «Маць вашу! Усё жыццё язык на прышчэпцы. Мы — пясочак маленькі…» Ноч. Стэп. Удваіх едзем — дачка ахвяры і сын… як назваць… ката, ці што? Маленькага ката… Вялікія кбты без маленькіх ніяк не могуць. Іх патрабуецца шмат, тых, хто брудную працу будзе рабіць… Ну, вось мы сустрэліся… І пра што размаўляем? Пра тое, што нічога пра сваіх бацькоў не ведаем, маўчалі яны да самай смерці. Панеслі свае таямніцы з сабой. Але, відаць, зачапіла я мужыка, расхвалявала чымсьці моцна. Распавёў, што бацька ніколі не еў рыбу, бо рыба, казаў, чалавекам можа харчавацца. Кінь голага чалавека ў моры, праз некалькі месяцаў адны чысценькія косткі застануцца. Беленькія. Ведаў ён гэта… адкуль? Калі быў цвярозы, маўчаў, а п’яны кляўся, што ўсюды працаваў з паперамі. Рукі ў яго чыстыя… Хацелася б сыну ў гэта верыць. А чаго рыбу тады не еў? Ванітавала яго ад рыбы… Пасля смерці бацькі знайшоў ён дакументы, што некалькі гадоў служыў той каля Ахоцкага мора. Там таксама былі лагеры… (Маўчыць.) П’яны… разбалабоніўся… І глядзіць, глядзіць так на мяне, нават зрабіўся цвярозы. Працверазеў і спалохаўся. Я зразумела — спалохаўся. Штосьці раптам злоснае крыкнуў… у такім духу, што хопіць, маўляў, выкопваць мерцвякоў! Хопіць! Я зразумела… У іх… у дзяцей… ніхто падпіску не браў, але яны самі разумелі, што трэба трымаць язык за зубамі. На развітанне працягнуў руку. А я рукі не падала… (Заплакала.)
Я шукала да апошняга дня, шукала… І ў апошні дзень мне падказалі: «Схадзіце да Кацярыны Дзямчук. Старой хутка дзевяноста, а ўсё памятае». Правялі, паказалі. Я ўбачыла цагляны дом з высокім плотам. Пастукала ў брамку… Выйшла яна… старая-старая… амаль невідушчая. «Мне сказалі, што вы ў дзіцячым доме працавалі?» — «Я была настаўніцай». — «У нас настаўнікаў не было, а былі камандзіры». Нічога не адказала. Адышла і палівае са шланга грады. А я стаю… не сыходжу… не сыходжу я! Тады яна неахвотна правяла мяне ў дом: у святліцы — крыж з распяццем Хрыста, у куце абразок. Я ўспомніла голас… твар не ўзгадала, а голас… «Твая мама — вораг. Вас можна біць і нават забіць». Я пазнала яе! Ці вельмі хацела пазнаць? Магла не пытацца, але я спытала: «Можа, памятаеце мяне? Можа…» — «Не-не… нікога не памятаю. Маленькія вы былі, усе дрэнна раслі. А мы дзейнічалі па інструкцыі». Паставіла чай, прынесла коржыкаў… Я сядзела і слухала яе скаргі: сын алкаголік, і ўнукі п’юць. Муж даўно памёр, пенсія маленькая. Спіна баліць. Жыць у старасці сумна. Ну вось! Я падумала: ну вось… вось… І вось! Праз пяцьдзясят гадоў сустрэліся… Я ўявіла, што гэта яна… уявіла сабе… Сустрэліся — і што? І ў мяне — мужа няма, пенсія маленькая. Спіна баліць. Старасць і больш нічога. (Доўга маўчыць.)
Назаўтра я з’ехала… Што засталося? Здзіўленне… і крыўда… Толькі не ведаю — на каго? А стэп сніцца і сніцца, то ён сніцца мне ў снезе, то ў чырвоных маках. У адным месцы, дзе стаялі баракі — кавярня, у іншым — лецішчы. Каровы пасвяцца. Не трэба было вяртацца. Не! Так горка плачам, так пакутуем — а навошта? Навошта ўсё было? Ну яшчэ дваццаць… пяцьдзясят гадоў пройдзе… і затопчуць усё ў пыл, як быццам нас і не было. Застануцца два радкі ў падручніку па гісторыі. Абзац. Ужо мода на Салжаніцына мінае і на гісторыю паводле Салжаніцына. Раней за «Архіпелаг ГУЛАГ» саджалі ў турму. Чыталі ўпотай, перадрукоўвалі на машынцы, перапісвалі ад рукі. Я верыла… верыла, што калі тысячы людзей прачытаюць, то ўсё зменіцца. Прыйдзе пакаянне, будуць слёзы. А што выйшла? Усё, што пісалі ў стол, надрукавалі, усё, што таемна думалі, сказалі. І?! Ляжаць гэтыя кнігі на кніжных развалах, пыляцца. А людзі ідуць па сваіх справах… (Маўчыць.) Мы ёсць… і нас няма… Нават вуліцы, на якой я раней жыла, ужо няма. Была вуліца Леніна. Ужо ўсё іншае: рэчы, людзі, грошы. Новыя словы. Былі «таварышы», цяпер «спадары», але нешта «спадары» ў нас дрэнна прыжываюцца. Усе шукаюць у сябе дваранскія карані. Модна! Аднекуль зноў узяліся князі і графы. А раней ганарыліся, што з рабочых і сялян. Хрысцяцца ўсе і трымаюць пост. Абмяркоўваюць сур’ёзна — уратуе Расію манархія ці не ўратуе? Любяць цара, з якога ў сямнаццатым годзе кожная курсістка смяялася. Чужая мне краіна. Чужая! Раней, калі госці збіраліся, мы абмяркоўвалі кнігі, спектаклі… А цяпер: хто што купіў? Курс валюты? І анекдоты. Нічога не шкада, з усяго можна пасмяяцца. Усё смешна. «Тата, а хто такі Сталін?» — «Сталін быў наш правадыр». — «А я думаў, што правадыры бываюць толькі ў дзікуноў». У армянскага радыё пытаюцца: «Што засталося ад Сталіна?» Армянскае радыё адказвае: «Ад Сталіна засталіся дзве змены сподняга, пара ботаў, некалькі кіцеляў, адзін з іх святочны, чатыры рублі і сорак капеек савецкіх грошай. І гіганцкая імперыя». Другое пытанне: «Як рускі салдат да Берліна дайшоў?» — «А рускі салдат не такі смелы, каб адступаць». Я кінула хадзіць у госці. І на вуліцу рэдка выходжу. Што я там убачу? Свята Мамоны! Не засталося ніякіх каштоўнасцяў, акрамя кашалька. А я? Я — бедная, мы ўсе — жабракі. Усё маё пакаленне… былыя савецкія людзі… Ні рахункаў, ні нерухомасці. Рэчы ў нас таксама савецкія — капейкі ніхто не дасць. Дзе наш капітал? Усё, што ў нас ёсць, гэта — нашыя пакуты, тое, што мы перажылі. У мяне — дзве даведкі на звычайных
лісточках з вучнёўскага сшытка: «…рэабілітаваны…» і «…рэабілітаваная… у сувязі з адсутнасцю складу злачынства…» На тату і на маму. Калісьці… калісьці я ганарылася сынам… Ваенны лётчык, служыў у Афганістане. Сёння… ён на рынку гандлюе… Маёр. Два баявыя ордэны! Лавачнік!! Раней гэта называлася спекуляцыяй, а сёння бізнесам. У Польшчу — гарэлку і цыгарэты, лыжы, а назад — анучы. Барахло! У Італію — бурштын, адтуль — сантэхніку: унітазы, краны, вантузы. Цьфу! У нашай сям’і ніколі не было гандляроў! Імі пагарджалі! Няхай я абломак «саўка»… але гэта лепш, чым купі-прадай… Вось… я вам прызнаюся… Раней людзі мне падабаліся больш… Тыя людзі… яны былі свае… З той краінай я пражыла ўсю яе гісторыю. А да гэтай, што цяпер, я абыякавая, яна не мая. (Бачу — стамілася. Выключаю дыктафон. Аддае мне лісток з тэлефонам сына.) Вы прасілі… Сын раскажа… у яго сваё… свая гісторыя… Я ведаю, паміж намі бездань… Я ведаю… (Скрозь слёзы.) А цяпер пакіньце мяне. Я хачу быць адна.
Сын
Ён доўга не дазваляў уключыць дыктафон. Потым нечакана сам прапанаваў: «А вось гэта запішыце… Тут ужо — гісторыя, а не сямейныя канфлікты — бацькі і дзеці. Прозвішча не называйце. Я не баюся, але мне непрыемна».
…вам усё вядома… Але… што мы можам сказаць пра смерць? Нічога зразумелага… І-і… а-а… о-о! Абсалютна незнаёмае пачуццё… …Дагэтуль мне падабаюцца савецкія фільмы, ёсць у іх нешта такое, чаго не знойдзеш у сучасных фільмах. Я гэтае «нешта» таксама любіў. Любіў з дзяцінства. А што — не сфармулюю. Захапляўся гісторыяй, шмат чытаў, усе тады шмат чыталі, я чытаў пра чалюскінцаў і Чкалава… пра Гагарына і Каралёва… але я доўга нічога не ведаў пра 37-ы год. Аднойчы спытаў у маці: «Дзе памёр наш дзядуля?» — яна страціла прытомнасць. Бацька сказаў: «Ніколі больш маму пра гэта не пытай». Я быў акцябронкам, піянерам, не важна, верыў я ў гэта ці не. Можа, і верыў? Хутчэй не задумваўся… Камсамол. Песні ля вогнішча:
«Если друг оказался вдруг
И не друг, и не враг, а так…»
І далей… (Закурвае.) Мара? Марыў быць вайскоўцам. Лётаць! Прэстыжна, прыгожа. Усе дзяўчаты марылі выйсці замуж за вайскоўца. Улюбёны пісьменнік — Купрын. Афіцэр! Прыгожая форма… геройскай смерцю! Мужчынскія п’янкі. Сяброўства. Гэта было прывабна, прымалася з юначым захапленнем. І бацькі падтрымлівалі. Мяне выхоўвалі па савецкіх кніжках: «чалавек вышэйшы за», «чалавека немагчыма», «чалавек — гэта гучыць годна». Расказвалі пра чалавека, якога няма… у прыродзе яго няма… Я дагэтуль не разумею, чаму ў той час было столькі ідэалістаў? А цяпер яны зніклі. Які ідэалізм у пакалення пэпсі? Прагматыкі. Скончыў вайсковае вучылішча і служыў на Камчатцы. На мяжы. Там, дзе толькі снег і сопкі. Адзінае, што мне заўсёды падабалася ў маёй краіне — гэта прырода. Пейзаж. Гэта — так! Праз два гады паслалі ў вайсковую акадэмію — скончыў з адзнакай. Чарговыя зорачкі! Кар’ера! Пахавалі б на лафеце з салютам… (З выклікам.) А цяпер? Змена дэкарацый… З савецкага маёра атрымаўся бізнесовец. Гандлюю італьянскай сантэхнікай… Напрарочыў бы мне гэта хтосьці дзесяць гадоў таму, я б гэтага настрадамуса нават біць не стаў — пасмяяўся б. Я быў абсалютна савецкі — любіць грошы брыдка, любіць трэба мару. (Закурвае і маўчыць.) Шкада… забываецца многае… забываецца, таму што занадта хутка ўсё адбываецца. Калейдаскоп. Спачатку я палюбіў Гарбачова, потым у ім расчараваўся. Хадзіў на дэманстрацыі і крычаў разам з усімі: «Ельцын — так! Гарбачоў — не!» Крычаў: «Шосты артыкул — прэ-эч!!» І нават расклейваў нейкія ўлёткі. Гаварылі і чыталі, чыталі і гаварылі. Чаго мы хацелі? Нашыя бацькі хацелі ўсё выказаць і ўсё чытаць. Яны марылі жыць пры гуманным сацыялізме… з чалавечым тварам… А маладыя? Мы… Мы таксама марылі пра свабоду. Але што гэта такое? Адны тэорыі… Хацелі жыць як на Захадзе. Слухаць іх музыку, гэтак жа апранацца, ездзіць па свеце. «Перемен… мы ждём перемен…» — спяваў Віктар Цой. Куды несліся — не разумелі. Усе марылі… А ў прадуктовых крамах стаялі адны трохлітровыя слоікі з бярозавым сокам і марынаванай капустай. Пачкі лаўровага ліста. Талоны на макароны, алей, крупы… на тытунь… У чарзе па гарэлку маглі забіць! Але надрукавалі забароненага Платонава… Гросмана… Вывелі войскі з Афганістана. Я застаўся жывы, я думаў, што мы ўсе, хто там быў, — героі. Вярнуліся на Радзіму, а Радзімы няма! Замест Радзімы — новая краіна, пляваць ёй на нас! Армія развальвалася, вайскоўцаў сталі ачарняць, ганіць. Забойцы! З абаронцаў ператварыліся ў забойцаў. На нас павесілі ўсё: і Афганістан, і Вільню, і Баку. Усю кроў. Увечары хадзіць па горадзе ў вайсковай форме было небяспечна, маглі пабіць. Людзі злосныя, таму што — ні ежы, ні рэчаў. Ніхто нічога не разумее. У палку ў нас самалёты не лёталі — не было паліва. Экіпажы сядзелі на зямлі — у карты рэзаліся, гарэлку жэрлі. На афіцэрскую зарплату можна было купіць дзесяць боханаў хлеба. Адзін сябар застрэліўся… другі… Сыходзілі з войска, разбягаліся хто куды. Ва ўсіх — сем’і… у мяне — двое дзяцей, сабака і кот… Як жыць? Сабаку перавялі з мяса на тварог, самі тыднямі елі адну кашу. Усё гэта з памяці знікае… Так, трэба запісваць, пакуль нехта яшчэ нешта памятае. Афіцэры… Мы па начах разгружалі вагоны, працавалі вартаўнікамі. Асфальт залівалі. Разам са мной завіхаліся кандыдаты навук, дактары, хірургі. Нават піяніста з філармоніі памятаю. Я навучыўся класці керамічную плітку і ўсталёўваць браніраваныя дзверы. І гэтак далей… далей… Пачаўся бізнес… хто вёз камп’ютары… хто джынсы «варыў»… (Смяецца.) Двое дамаўляюцца: адзін купляе цыстэрну віна, іншы прадае. Згода! Адзін ідзе шукаць грошы, а другі думае, дзе дастаць цыстэрну віна. І анекдот, і праўда. Да мяне таксама такія прыходзілі: красоўкі драныя, а прадавалі верталёт… (Паўза.)
Але мы жывем! Жывем… І краіна жыве! А што мы ведаем пра душу? Толькі тое, што яна ёсць. Я… мае сябры… у нас усё нармальна… У аднаго — будаўнічая фірма, у другога — прадуктовая крамка — сыр, мяса, каўбасы, трэці мэбляй гандлюе. У кагосьці капітал за мяжой, у кагосьці дом на Кіпры. Адзін — былы кандыдат навук, другі — інжынер. Разумныя, адукаваныя людзі. Гэта ў газетах малююць «новага рускага» з залатым ланцугом кілаграмаў на дзесяць, у машыне ў яго бампер залаты, а колы срэбныя. Фальклор! У паспяховым бізнесе ўбачыш каго хочаш, толькі не дурня. Ну вось, мы збяромся… Прыносім дарагі каньяк, але п’ём гарэлку. П’ём гарэлку і на світанні п’яныя абдымаемся і гарлаем камсамольскія песні:
«Комсомольцы — добровольцы…
Мы сильны нашей верною дружбой…»
Успамінаем, як студэнтамі ездзілі «на бульбу» і смешныя выпадкі з армейскага жыцця. Успамінаем, карацей, савецкі час. Разумееце? А канчаюцца размовы заўсёды так: «Беззаконне сёння. Сталін нам патрэбны». Хоць у нас, кажу вам, усё добра. Што гэта? Узяць мяне… Для мяне сёмага лістапада — свята. Я святкую нешта вялікае. Мне яго шкада, нават вельмі шкада. Калі шчыра… З аднаго боку, настальгія, а з другога боку, страх. Усе хочуць з’ехаць, зваліць з краіны. Зарабіць «бабкі» — і зваліць. А нашыя дзеці? Усе мараць вывучыцца на бухгалтараў. А спытайце ў іх пра Сталіна… Начыста адсекла! Прыблізнае ўяўленне… Я даў сыну пачытаць Салжаніцына — ён увесь час смяяўся. Чую! — смяецца. Для яго абвінавачванне, што чалавек быў агентам трох разведак, ужо смешна. «Тата… Ніводнага пісьменнага следчага, у кожным слове — арфаграфічная памылка. Нават слова «расстраляць» яны пішуць няправільна…» Ён ніколі не зразумее мяне і маю маці, таму што ён ні дня не жыў у савецкай краіне. Я… і мой сын… і мая маці… Мы ўсе жывём у розных краінах, хаця ўсё гэта — Расія. Але мы жахліва адзін з адным спалучаныя. Жахліва! Усе адчуваюць сябе падманутымі… …Сацыялізм — гэта алхімія. Алхімічная ідэя. Ляцелі наперад, а прыехалі невядома куды. «Да каго звярнуцца, каб уступіць у камуністычную партыю?» — «Да псіхіятра». А ім… нашым бацькам… маёй маці… хочацца пачуць, што яны пражылі вялікае і не бяздарнае жыццё і верылі ў тое, у што варта верыць. А што яны чуюць? Яны чуюць з усіх бакоў, што іх жыццё поўнае гаўно і ў іх нічога не было, акрамя іх жудасных ракет і танкаў. Гатовыя былі перамагчы любога ворага. І перамаглі б! Але без усялякай вайны ўсё загінула. Ніхто не можа зразумець — чаму? Тут трэба думаць… А думаць не вучылі. Усе памятаюць толькі страх… і гавораць пра страх… Я недзе чытаў, што страх — гэта таксама форма любові. Здаецца, гэтыя словы належаць Сталіну… Сёння ў музеях пуста… А цэрквы поўныя, бо ўсім нам патрэбны псіхатэрапеўты. Псіхатэрапеўтычныя сеансы. Вы думаеце, Чумак і Кашпіроўскі лечаць цела? Яны лечаць душу. Сотні тысяч людзей сядзяць каля тэлевізара і слухаюць іх як загіпнатызаваныя. Гэта — наркотык! Страшэннае пачуццё адзіноты… пакінутасці… Ва ўсіх — ад таксіста і клерка ў офісе да народнага артыста і акадэміка. Усе жахліва самотныя. І гэтак далей… так… Жыццё цалкам змянілася. Свет цяпер падзяліўся па-іншаму: не на «белых» і «чырвоных», не на тых, хто сядзеў і хто саджаў, хто чытаў Салжаніцына і хто яго не чытаў, а на тых, хто можа купіць і хто не можа. Вам гэта не падабаецца? Не падабаецца… ясная рэч… І мне… не падабаецца… Вы і нават я… мы былі рамантыкамі… А наіўныя шасцідзясятнікі? Секта сумленных людзей… Верылі, што камунізм лясне і рускі чалавек адразу ж кінецца вучыцца свабодзе, а ён кінуўся вучыцца жыць. Жыць! Усё пакаштаваць, лізнуць, адкусіць. Вось смачная ежа, вось моднае адзенне… падарожжа… Ён захацеў убачыць пальмы і пустыню. Вярблюдаў… А не гарэць і згараць, не бегчы ўвесь час кудысьці з паходняй і сякерай. Не, проста жыць, як іншыя жывуць… У Францыі і Манака… Бо можна і не паспець! Далі зямлю, але могуць забраць, дазволілі гандляваць, але могуць пасадзіць. І фабрыку адбяруць, і крамку. Свідруе мазжачок гэты страх. Свідруе. Якая гісторыя?! Трэба хутчэй грошы зарабляць. Ніхто не думае ні пра што вялікае… грандыёзнае… аб’еліся вялікім! Хочацца чалавечага. Нармальнага. Звычайнага… ну звычайнага, разумееце! А пра вялікае можна ўспомніць так… пад гарэлачку… Першыя ў космас паляцелі… І танкі кляпалі найлепшыя ў свеце, але не было пральнага парашку і туалетнай паперы. Гэтыя праклятыя ўнітазы заўсёды цяклі! Поліэтыленавыя пакеты мылі і сушылі на балконе. А відэамагнітафон у хаце быў накшталт асабістага верталёта. Хлопец у джынсах — не зайздрасць да яго, а дэкаратыўная цікавасць… Экзотыка! Вось яна — адплата! Гэта была адплата за ракеты і касмічныя караблі. За вялікую гісторыю! (Паўза.) Я вам тут нагаварыў… Усе сёння хочуць гаварыць, але ніхто адзін аднаго не чуе… …У бальніцы… побач з маці ляжала жанчына… Калі я заходзіў у палату, спачатку бачыў гэтую жанчыну. Аднойчы я назіраў, як яна хацела нешта сказаць сваёй дачцэ — не змагла: м-ма… м-му… Прыйшоў муж, яна паспрабавала гаварыць з ім — не атрымалася. Павярнулася да мяне: м-ма… І тады яна дацягваецца да сваёй мыліцы і, разумееце, пачынае біць ёю па кропельніцы. Па ложку… Яна не адчувала, што яна б’е… ірве… Яна хацела гаварыць… Ну а з кім сёння можна пагаварыць? Скажыце мне — з кім? А чалавек у пустэчы жыць не можа… …Я ўсё жыццё любіў свайго бацьку… Ён старэйшы за маці на пятнаццаць гадоў, быў на вайне. Але вайна яго не зламала, як іншых, не прывязала да сябе як да самай значнай падзеі жыцця. Дагэтуль ходзіць на паляванне, рыбалку. Танцор. Двойчы быў жанаты, і абодва разы з прыгожымі жанчынамі. Дзіцячы ўспамін… Ідзём у кіно, бацька мяне спыняе: «Паглядзі, якая ў нас мама прыгожая!» У яго ніколі не было жывёльнага гонару вайны, які ёсць у мужчын, якія ваявалі: «Стрэліў. Заваліў. Мяса з яго палезла, як з мясарубкі». Успамінае нейкія бяскрыўдныя рэчы. Глупствы. Як у Дзень Перамогі яны з сябрам пайшлі ў вёску да дзевак і ўзялі ў палон двух немцаў. Тыя ў вясковы сарцір залезлі, у яму па горла. Расстраляць шкада! — вайна ж скончылася. Настраляліся. А падысці блізка немагчыма… Бацьку пашанцавала: на вайне маглі забіць — не забілі, да вайны маглі пасадзіць — не пасадзілі. У яго быў старэйшы брат — дзядзька Ваня. У таго інакш усё склалася — у яжоўскія… трыццатыя… выслалі на руднікі пад Варкуту. Дзесяць гадоў без права перапіскі. Жонка, зацкаваная таварышамі па службе, выкінулася з пятага паверху. Сын з бабуляю рос. Але дзядзька Ваня вярнуўся… Вярнуўся з высахлай рукою, без зубоў і з раздзьмутай печанню. Стаў зноў працаваць на сваім заводзе, на той жа пасадзе, і сядзеў ён у тым жа кабінеце, за тым самым сталом… (Зноў закурвае.) А насупраць яго сядзеў той, хто на яго данёс. Усе ведалі… і дзядзька Ваня ведаў, што той данёс… Як і раней, яны хадзілі на сходы і дэманстрацыі. Чыталі газету «Правда», ухвалялі палітыку партыі і ўрада. На святы пілі гарэлку за адным сталом. І гэтак далей… Гэта — мы! Нашае жыццё! Мы такія… Уявіце сабе ката і ахвяру Асвенціма, якія сядзяць у адным кабінеце і якія ў адным акенцы бухгалтэрыі атрымліваюць заробак. З аднолькавымі ордэнамі пасля вайны. А цяпер і з аднолькавымі пенсіямі… (Маўчыць.) Я сябрую з сынам дзядзькі Вані. Ён не чытае Салжаніцына, і ніводнай кнігі пра лагер у ягонай хаце няма. Сын чакаў бацьку, але вярнуўся нехта іншы… вярнуўся чалавечы абломак… Скамечаны, сагнуты. Неўзабаве згас. «Ты не ведаеш, як можна баяцца, — казаў ён сыну. — Ты не ведаеш…» У яго на вачах следчы… здаравенны мужык… сунуў у парашу галаву чалавека і трымаў там, пакуль той не захлынуўся. А дзядзьку Ваню… яго голага падвешвалі да столі, а ў нос, у рот — ва ўсе дзіркі, якія ў нас ёсць, залівалі нашатырны спірт. Следчы мачыўся яму ў вуха і крычаў: «Ты разумных… Разумных успамінай!» І дзядзька Ваня успамінаў… Усё падпісаў. А не ўспомніў бы і не падпісаў — і яго б галавой у парашу. Потым ён некаторых з тых, каго ўспомніў, там, у бараках сустрэў… «Хто данёс?» — варажылі яны. Хто данёс? Хто… Я — не суддзя. І вы не суддзя. Дзядзьку Ваню прыносілі ў камеру на насілках, мокрых ад крыві і мачы. Ва ўласным гаўне. Я не ведаю, дзе чалавек канчаецца… А вы ведаеце?
…Старых нашых шкада, вядома… Пустыя пляшкі на стадыёнах збіраюць, ноччу ў метро цыгарэтамі гандлююць. На сметніках корпаюцца. Але старыя нашыя не бязвінныя… Страшная думка! Крамольная.
Самому страшна. (Маўчыць.) Але я пра гэта ніколі не змагу пагаварыць са сваёй маці… Я спрабаваў… Істэрыка!
Хоча скончыць размову, але чамусьці перадумвае.
…Калі б я дзесьці гэта прачытаў або ад кагосьці пачуў — не паверыў бы. А ў жыцці здараецца… здараецца, як у дрэнным дэтэктыве… Сустрэча з Іванам Д… Патрэбна прозвішча? Навошта? Яго ўжо няма. А дзеці? Сын за бацьку не адказвае — старая прымаўка… Так, і сыны, яны таксама цяпер старыя. Унукі, праўнукі? Пра ўнукаў не скажу, а праўнукі… яны ўжо не ведаюць, хто такі Ленін… Дзядуля Ленін забыты. Ён ужо помнік. (Паўза.) Дык вось, пра сустрэчу… Я толькі атрымаў лейтэнанта, збіраўся ажаніцца… З яго ўнучкай. Ужо мы заручальныя пярсцёнкі набылі і сукенку для нявесты. Ганна… так яе звалі… прыгожае імя, праўда? (Чарговая цыгарэта.) Яна была ўнучкай… улюбёнай унучкай… Усе ў доме яе жартаўліва звалі «Абажаба». Яго выдумка… Ну гэта значыць што абагаўлялі… І падобная яна была да яго, вонкава — дык нават вельмі. Я з нармальнай савецкай сям’і, дзе ўсё жыццё цягнулі ад заробку да заробку, а ў іх — крыштальныя люстры, кітайскі фарфор, дываны, новенькія «Жыгулі». Усё — шык! Была і старая «Волга», якую ён не хацеў прадаваць. І гэтак далей… Я ўжо жыў у іх, раніцай у сталовай пілі гарбату ў срэбных падстаўках. Сям’я вялікая — зяці, нявесткі… Адзін зяць — прафесар. Калі стары на яго злаваўся, заўсёды прамаўляў адну і тую ж фразу: «Ды я такіх… Яны сваё гаўно ў мяне елі…» Ну так… штрых… Але я тады не разумеў… Не разумеў! Потым успомніў… пасля… Да яго прыходзілі піянеры, запісвалі ўспаміны, узялі ягоныя фотаздымкі для музея. Пры мне ён ужо хварэў, сядзеў дома, а раней выступаў у школах, чырвоныя гальштукі выдатнікам завязваў. Ганаровы ветэран. Кожнае свята ў паштовай скрынцы — вялікая віншавальная паштоўка, кожны месяц — прадуктовы спецпаёк. Аднойчы я паехаў з ім па гэты паёк… У нейкім падвале нам выдалі: палку сервелату, банку марынаваных балгарскіх агуркоў і таматаў, імпартныя рыбныя кансервы, венгерскую вяндліну ў бляшанцы, зялёны гарошак, печань траскі… Па тых часах усё — дэфіцыт! Прывілей! Мяне ён прыняў адразу: «Люблю вайскоўцаў і пагарджаю “пінжакамі”». Паказаў сваю дарагую паляўнічую стрэльбу: «Табе пакіну». На сценах па ўсёй велізарнай кватэры віселі аленевы рогі, на кніжных паліцах стаялі чучалы. Паляўнічыя трафеі. Быў заўзяты паляўнічы, гадоў дзесяць узначальваў гарадское таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Што яшчэ? Распавядаў шмат пра вайну… «Падчас бою па далёкай цэлі страляць — гэта адно… Усе страляюць… А вось так… вывесці чалавека на расстрэл. Чалавек стаіць у трох метрах…» Заўсёды што-небудзь такое выдасць… Сумна з ім не было, стары мне падабаўся.
Я прыехаў у адпачынак… Вяселле вось-вось. Сярэдзіна лета. Жылі ўсе на вялікім лецішчы. Лецішчы са старых… Не казённыя чатыры соткі зямлі, я ўжо дакладна не памятаю, колькі, але там і кавалак лесу быў. Старыя хвоі. Вялікім шышкам такія лецішчы давалі. За асаблівыя заслугі. Акадэмікам і пісьменнікам. І вось яму… Прачнуся — стары ўжо на гародзе: «Душа ў мяне сялянская. Я ў Маскву з Цверы ў лапцях прыйшоў». Увечары часта сядзеў адзін на тэрасе і курыў. Ад мяне не хавалі: яго выпісалі з бальніцы паміраць — неаперабельны рак лёгкіх. Курыць не кінуў. З бальніцы вярнуўся з Бібліяй: «Усё жыццё быў матэрыялістам, а перад смерцю вось да Бога прыйшоў». Біблію падаравалі манашкі, якія даглядалі ў лякарні цяжкіх хворых. Чытаў з лупай. Да абеду чытаў газеты, пасля абедзеннага сну ваенныя мемуары. Сабраў цэлую бібліятэку мемуараў: Жукаў, Ракасоўскі… Сам любіў успамінаць… Як бачыў жывога Горкага і Маякоўскага… чалюскінцаў… Часта паўтараў: «Народ хоча любіць Сталіна і святкаваць Дзявятага мая». Я спрачаўся з ім: пачалася перабудова… вясна рускай дэмакратыі… Птушанём быў я! Засталіся раз з ім удвох — усе з’ехалі ў горад. Двое мужчын на пустым лецішчы. Графін гарэлкі.
«Пляваць мне на дактароў! Я пажыў ужо». — «Наліць?» — «Налівай». І паехала… Да мяне не адразу дайшло… Не адразу я зразумеў, што тут патрэбны святар. Чалавек думае пра смерць… Не адразу… Спачатку ішла звычайная для тых гадоў размова: сацыялізм, Сталін, Бухарын… палітычны запавет Леніна, які Сталін схаваў ад партыі… Пра ўсё, што было на слыху, у газетах. Выпілі. Добр-р-а выпілі! Чамусьці ён завёўся: «Вам лепш было! Молада-зелена… Ты мяне паслухай! Нельга нашаму чалавеку даваць свабоду. Усё прасера!! Зразумеў!» — І мацюкі. Рускі чалавек не можа пераканаць іншага рускага чалавека без мацюкоў. Лаянку я прыбіраю. — «Ты слухай…» Я… вядома… я… У мяне шок! Шок!! А ён разышоўся: «У кайданкі і на лесапавал гэтых гарлапанаў. Кайло — у рукі. Страх патрэбны. Без страху ў нас усё ўмомант разваліцца». (Доўгая паўза.) Мы думаем, што пачвара павінна быць з рагамі і капытамі. А тут быццам бы чалавек перад табой сядзіць… нармальны чалавек… Смаркаецца… хварэе… гарэлку п’е… Я вось думаю… Я тады першы раз пра гэта падумаў… Заўсёды застаюцца і даюць паказанні ахвяры, а кбты маўчаць. Кудысьці правальваюцца, у нейкую нябачную дзірку. У іх няма прозвішчаў, няма галасоў. Яны без следу знікаюць, мы нічога пра іх не ведаем.
У дзевяностыя… Гэта быў час, калі кбты яшчэ былі жывыя… яны спалохаліся… У газетах прамільгнула прозвішча следчага, які катаваў акадэміка Вавілава. Я запомніў — Аляксандр Зух. Надрукавалі яшчэ некалькі імёнаў. І яны запанікавалі, што паадчыняюць архівы, здымуць грыф «сакрэтна». Замітусіліся. Ніхто гэта не адсочваў, спецыяльнай статыстыкі няма, але былі дзясяткі самагубстваў. Па ўсёй краіне. Спісалі ўсё на крушэнне імперыі… на збядненне… але мне распавядалі пра самагубствы цалкам забяспечаных і заслужаных старых. Без відочнай прычыны. Адно ў іх было агульнае — усе работнікі органаў. У кагосьці сумленне загаварыла, хтосьці ад страху, што сям’я даведаецца. Быў у іх момант панікі. Не маглі зразумець, што вакол адбываецца… і чаму вакуум вакол іх утварыўся… Верныя сабакі! Служакі! Не ўсе, вядома, не вытрымалі… У «Правде» або ў «Огоньке», тут мяне памяць можа падвесці, надрукавалі ліст аднаго вохраўца. Гэты не пабаяўся! Апісаў букет сваіх хвароб, набытых на службе ў Сібіры, дзе пятнаццаць гадоў ахоўваў «ворагаў народа». Здароўя не шкадаваў… Служба, скардзіўся, была цяжкая: летам камары заядалі і мучыла спякота, а ўзімку — маразы. Шынялькі, я памятаю, так і пісаў «шынялькі», выдавалі салдатам слабыя, а вялікае начальства хадзіла ў кажухах і валёнках. А цяпер, маўляў, ворагі, якіх не дабілі, галовы падымаюць… Контррэвалюцыя! Ліст злосны… (Паўза.) Тут жа былыя зэкі яму адказалі… Яны ўжо не баяліся. Не маўчалі. Напісалі, як у лагеры маглі зняволенага распрануць дагала і прывязаць да дрэва, мошка яго за суткі так аб’ядала, што адзін шкілет заставаўся. Узімку ў саракаградусны мароз дахадзягу, які не выканаў дзённую норму, аблівалі вадой. Дзясяткі ледзяных статуй стаялі для застрашвання да вясны… (Паўза.) Нікога не судзілі! Нікога! Кбты дажывалі свае дні ганаровымі пенсіянерамі… Што скажу? Не заклікайце да пакаяння. Не прыдумляйце сабе народ: які ён, наш народ, добры. Пакаяцца ніхто не гатовы. Гэта вялікая праца — пакаяцца. Я вось сам заходжу ў царкву, а на споведзь — не магу. Мне цяжка… А па праўдзе, дык чалавеку толькі сябе шкада. Больш нікога. Вось так… Стары бегаў па тэрасе… крычаў… У мяне валасы дыбарам… дыбарам! Ад ягоных слоў. Я ўжо шмат што да таго часу ведаў… Прачытаў Шаламава… А тут — на стале ваза з цукеркамі, букет кветак… Абсалютна мірная абстаноўка. Вось гэты кантраст, ён усё ўзмацняў. Страшна было і цікаўна. Цікаўнасці, шчыра скажу, было больш, чым страху. Хочацца… Заўсёды хочацца зазірнуць у яму. Чаму? Такія мы.
«…Калі мяне ўзялі на працу ў энкавэдэ, я страшэнна ганарыўся.
З першага заробку купіў сабе добры касцюм… …Праца такая… З чым параўнаць? Параўнаць можна з вайной. Але на вайне я адпачываў. Расстрэльвалі немца — ён крычыць па-нямецку. А гэтыя… гэтыя крычалі па-руску… Быццам свае… У літоўцаў і палякаў было лягчэй страляць. А гэтыя — па-руску: «Балваны! Ідыёты! Канчайце хутчэй!» Ё…!! Мы ўсе ў крыві… выціралі далоні аб уласныя валасы… Часам нам выдавалі скураныя фартухі… Праца была такая. Служба. Малады ты… Перабудова! Перабудова! Верыш балбатунам… Хай пакрычаць: свабода! свабода! Пабегаюць па плошчах… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Запомні! Ё..!! Я — салдат! Мне сказалі — я пайшоў. Страляў. Табе скажуць — ты пойдзеш. По-оойдзеш!! Я забіваў ворагаў. Шкоднікаў! Быў дакумент: прыгавораны «да вышэйшай меры сацыяльнай абароны»… Дзяржаўны прысуд… Праца — не дай Бог! Недабіты, ён упадзе і гучна, як свіння… харкае крывёй… Асабліва непрыемна страляць у чалавека, які смяецца. Ён ці звар’яцеў, ці табой пагарджае. Роў і мат стаялі з абодвух бакоў. Есці перад такой працай нельга… Я не мог… Увесь час хочацца піць. Вады! Вады! Як пасля перапою… Ё…!! Да канца змены нам прыносілі два вядры: вядро гарэлкі і вядро адэкалону. Гарэлку прыносілі пасля працы, а не перад працай. Чытаў дзе-небудзь? Ото ж… Пішуць цяпер усякае… шмат хлусяць… адэкалонам мыліся да пояса. Пах крыві з’едлівы, асаблівы пах… на пах спермы крыху падобны… У мяне была аўчарка, дык пасля працы яна да мяне не падыходзіла. Ё…!! Што маўчыш? Зялёны яшчэ… Неабстраляны… Слухай! Рэдка… але трапляўся баец, якому падабалася забіваць…. яго з расстрэльнай каманды пераводзілі ў іншае месца. Такіх недалюблівалі. Шмат было вясковых, як я, вясковыя мацнейшыя за гарадскіх. Мацнейшыя. Да смерці больш прывучаныя: хто калоў дома кабана, хто цяля рэзаў, а курыцу — дык кожны. Да смерці… да яе прывучаць трэба… Першыя дні вадзілі паглядзець… Байцы толькі прысутнічалі пры пакаранні ці канваіравалі асуджаных. Былі выпадкі, што адразу вар’яцелі. Не вытрымлівалі. Справа тонкая… Зайца забіць, і то звычка патрэбная, не кожны можа. Ё…!! Ставіш чалавека на калені — стрэл з нагана амаль ва ўпор у левую патылічную частку галавы… у вобласць левага вуха… Рука да канца змены вісела, як бізун. Асабліва балеў указальны палец. У нас таксама быў план, як і ў любым іншым месцы. Як на заводзе. З планам першы час не спраўляліся. Фізічна — не маглі выканаць. Тады склікалі дактароў. Кансіліум. Рашэнне было такое: два разы на тыдзень усім байцам рабіць масаж. Масаж правай рукі і ўказальнага пальца. Указальны палец масажаваць абавязкова, на яго найвялікшая нагрузка пры стральбе. У мяне засталася толькі глухата на правае вуха, таму што страляеш з правай рукі… …Уручалі нам граматы «за выкананне спецыяльнага задання партыі і ўрада», «справе Леніна-Сталіна адданыя». Гэтых грамат на выдатнай паперы ў мяне — поўная шафа. Адзін раз на год выпраўлялі з сям’ёй у добры санаторый. Выдатнае харчаванне… шмат мяса… лячэнне… Жонка нічога не ведала пра маю працу. Сакрэтная, адказная праца — і ўсё. Ажаніўся я, пакахаўшы.
…У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач… набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык:
«Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг»,
Пощады никто не желает…»
Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног — камень. Калі надвор’е ціхае… роўнядзь… доўга відаць было, як яны ішлі да дна… Што глядзіш? Малакасос! Што глядзіш?! Ё…!! Налівай! Работа такая… служба… Я табе расказваю, каб ты зразумеў: дорага нам каштавала савецкая ўлада. Берагчы яе трэба. Захоўваць! Увечары вяртаемся — баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх адна думка: выйдзем на бераг — і нас там… Ё…!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай… Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.
…Пачалася вайна… Я адразу папрасіўся на фронт. У баі памерці не так страшна. Ты ведаеш, што паміраеш за Радзіму. Усё проста і зразумела. Вызваляў Польшчу, Чэхаславакію… Ё…!! Скончыў свой баявы шлях пад Берлінам. Маю два ордэны і медалі. Перамога! А… далей было так… Пасля Перамогі мяне арыштавалі. Спісы ў асабістаў былі напагатове… У чэкіста толькі два шляхі — загінуць ад рукі ворага ці ад рукі НКУС. Далі сем гадоў. Усе сем гадоў я адседзеў. Да гэтага часу… разумееш… прачынаюся па-лагернаму — а шостай. За што сядзеў? За што сядзеў — не сказалі. За што?! Ё…!!»
Нервова скамячыў пусты пачак з-пад цыгарэт.
Можа, хлусіў. Не… не хлусіў… не падобна… Думаю, не хлусіў… Раніцай я знайшоў прычыну, лухту нейкую. Я з’ехаў. Збег! Вяселле разладзілася. Ну так… та-а-ак… Якое вяселле? Я ўжо не мог вярнуцца ў гэты дом. Не мог! З’ехаў у часць. Нявеста… яна не магла зразумець, пісала лісты… пакутавала… Ды і я… Але я не пра гэта зараз… не пра каханне… Гэта асобная гісторыя. Я хачу зразумець… і вы хочаце зразумець, што гэта былі за людзі? Правільна? Усё ж такі… Забойца — гэта цікава, што б там ні казалі, забойца не можа быць звычайным. Да яго цягне… цікава… Зло гіпнатызуе… Сотні кніг пра Гітлера і Сталіна. Якімі яны былі ў дзяцінстве, у сям’і, іх жанчыны… віно і цыгарэты… Нам цікавая кожная дробязь. Хочацца зразумець… Тамерлан, Чынгісхан — хто яны? Хто? І мільёны іх копій… маленькіх копій… яны таксама тварылі жудасныя рэчы, і толькі адзінкі вар’яцелі. А ўсе астатнія нармальна жылі: цалаваліся з жанчынамі і ў шахматы гулялі… цацкі сваім дзецям куплялі… Кожны думаў: гэта не я. Гэта не я яго падвешваў «на дыбкі» і ўбіваў «мазгі ў столь», і не я — завостраным алоўкам у жаночыя смочкі. Гэта не я, а сістэма. Сам Сталін… нават ён казаў: не я вырашаю, а партыя… Вучыў сына: ты думаеш, што гэта я — Сталін. Не! Сталін — гэта ён! І паказваў на свой партрэт на сцяне. Не на сябе, а на свой партрэт! Машына смерці… Машына працавала безупынна… дзясяткі гадоў… Логіка была геніяльная: ахвяра — кат, і напрыканцы кат — таксама ахвяра. Быццам бы не чалавек гэта прыдумаў… Такім чынам цалкам усё бывае толькі ў прыродзе. Рухавік круціцца, а вінаватых няма. Не! Усе хочуць, каб іх пашкадавалі. Усе — ахвяры. У канцы ланцужка — усе! Во-о-сь! Я тады па маладосці спалохаўся, анямеў, сёння я больш бы распытаў… Мне гэта трэба ведаць… Навошта? Я баюся… Пасля ўсяго, што я пра людзей ведаю, я баюся сябе. Баюся. Я — чалавек звычайны… слабы… Я — і чорны, і белы, і жоўты… усякі… У савецкай школе нас вучылі, што сам па сабе чалавек добры, ён выдатны, і мая маці дагэтуль верыць, што жудасныя абставіны робяць яго жахлівым. А чалавек добры! А гэта… не так… не так! Во-о-ось… Усё жыццё чалавек боўтаецца паміж дабром і злом. Ці ты вострым алоўкам у смочкі… ці табе… Выбірай! Выбірай! Колькі гадоў прайшло… не магу забыць… Як ён крычаў: «Я гляджу тэлевізар, слухаю радыё. Ізноў — багатыя і бедныя. Адны ікру жаруць, купляюць выспы і самалёты, а іншым на белы батон не хапае. Доўга ў нас так не будзе! Сталіна яшчэ назавуць вялікім… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Успомніш мае словы… Ты спытаў… (а я пытаўся) ці хутка канчаецца чалавек, наколькі яго хапае? Я табе адкажу: ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку — і няма чалавека. Ха-ха… няма чалавека… Адна фігня! Ха-ха…»
(Ужо развітваючыся.) Ну ператрэслі ўсю гісторыю… Тысячы павыкрывалі, тоны праўды. Мінулае для адных — куфар мяса і бочка крыві, для іншых — вялікая эпоха. На кухнях кожны дзень ваюем. Але неўзабаве падрастуць маладыя… ваўчаняты, як называў іх Сталін… Хутка яны растуць…
Яшчэ раз развітваецца, але тут жа зноў пачынае гаварыць.
Нядаўна ў інтэрнэце ўбачыў аматарскія фатаграфіі… Звычайныя ваенныя фатаграфіі, калі б не ведаць — хто на іх. Каманда СС з Асвенціма… Афіцэры, радавыя. Шмат дзяўчат. Фатаграфаваліся на вечарынках, на шпацырах. Маладыя, вясёлыя. (Паўза.) А фатаграфіі нашых чэкістаў у музеях? Калі-небудзь уважліва прыгледзьцеся: трапляюцца прыгожыя… і ўзнёслыя… Нас доўга вучылі, што гэта святыя…
Я хацеў бы з’ехаць з гэтай краіны ці хаця б дзяцей адсюль выштурхнуць. Мы з’едзем. Сякера гаспадара перажыве… Я запомніў… Праз некалькі дзён ён патэлефануе і не дазволіць друкаваць свой тэкст. Чаму? Тлумачыць не захоча. Потым я даведаюся, што ён эміграваў з сям’ёй у Канаду. Другі раз знайду яго праз дзесяць гадоў, і ён пагодзіцца на публікацыю. Скажа: «Я рады, што своечасова з’ехаў. Пэўны час рускіх усюды любілі, а цяпер зноў баяцца. А вам не страшна?»