Кніга другая ЗАМАК МОТ

Раздзел I Дзік задае пытанні

Замак Мот стаяў недалёка ад лясной дарогі. Гэта быў чырвоны мураваны прамавугольны будынак, па баках якога ўзвышаліся круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Усярэдзіне замка быў вузкі двор. Праз роў, які меў футаў дванаццаць у шырыню, быў перакінуты пад'ёмны мост. Вада сцякала ў роў па канаве, што злучала яго з лясной сажалкай; уся канава знаходзілася пад аховай дзвюх паўднёвых вежаў. Абараняцца ў такім замку было дужа зручна. Крыху псавалі справу толькі два высокія галіністыя дрэвы паблізу, якія чамусьці забылі ссекчы. Залезшы на іх, варожыя стралкі маглі пагражаць абаронцам замка.

У двары Дзік застаў некалькіх воінаў з гарнізона, якія рыхтаваліся да абароны і панура разважалі аб тым, ці ўдасца ім утрымаць замак. Хто рабіў стрэлы, хто вастрыў мячы, якімі даўно ўжо не карысталіся: усе з сумненнем хіталі галовамі.

З усяго атрада сэра Дэніэла толькі дванаццаці воінам удалося ўцячы жывымі з поля бітвы, прайсці цераз лес і з'явіцца ў замак Мот. Але і з іх трое былі цяжка паранены: двое — у бітве пры Райзінгэме, у час бязладных уцёкаў, а адзін быў паранены ў лесе малайцамі Джона Помшчу-за-ўсіх. Разам з воінамі з гарнізона, з Хэтчам, з сэрам Дэніэлам і маладым Шэлтанам у замку знаходзіліся дваццаць два чалавекі, якія здольны былі ваяваць. Можна было чакаць, што з часам з'явіцца яшчэ хто-небудзь. Небяспека, значыць, заключалася не ў малалікасці атрада.

Чорныя стрэлы — вось чаго баяліся абаронцы замка. Менш за ўсё баяліся яны сваіх яўных ворагаў — прыхільнікаў Йорка. Яны суцяшаліся думкай, што «ўсё пераменіцца», як любілі казаць у той смутны час, і што бяда, магчыма, міне іх. Затое перад сваімі ляснымі суседзямі яны трымцелі ад страху. Жыхары навакольных вёсак ненавідзелі не толькі сэра Дэніэла. Яго воіны, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, таксама крыўдзілі і прыгняталі ўсіх. Жорсткія загады сэра Дэніэла жорстка выконваліся яго падручнымі, і кожны з воінаў, што сабраліся ў двары замка, здзейсніў нямала насілля і злачынстваў. А цяпер, дзякуючы пракудам вайны, сэр Дэніэл ужо не мог абараніць сваіх прыхільнікаў; цяпер, пасля бітвы, якая доўжылася ўсяго некалькі гадзін і ў якой многія з іх нават не прымалі ўдзелу, яны сталі маленькай купкай дзяржаўных злачынцаў, што знаходзяцца па-за законам. Яны асаджаны ў нікчэмнай крэпасці і прадастаўлены справядліваму гневу сваіх ахвяр. Да таго ж хапала адных грозных напамінкаў аб тым, што іх чакае.

На працягу вечара і ночы да брамы з гучным іржаннем прыскакалі сем напалоханых коней без вершнікаў. Два з іх належалі воінам атрада Сэлдэна, а пяць — тым, каго сэр Дэніэл вадзіў у бой. Перад світаннем да рова, хістаючыся, падышоў дзіданосец, пранізаны трыма стрэламі. Толькі яго занеслі ў замак, як ён сканаў; з яго перадсмяротнага лепятання вынікала, што ніводзін чалавек з даволі шматлікага атрада, да якога ён належаў, не ацалеў.

Нават загарэлы твар Хэтча збялеў ад трывогі. А калі Дзік расказаў яму аб лёсе Сэлдэна, ён упаў на каменную лаўку і зарыдаў. Воіны, якія сядзелі на табурэтках і прыступках у сонечным кутку двара, паглядзелі на яго са здзіўленнем і неспакоем, але ніводзін з іх не адважыўся спытаць у яго, чаго ён плача.

— Помніце, майстар Шэлтан, што я вам гаварыў? — вымавіў нарэшце Хэтч. — Я казаў, што ўсіх нас пазабіваюць. Сэлдэн быў малайчына, і я любіў яго, як брата. Яго забілі другога. Ну што ж, мы ўсе пойдзем услед за ім! Як сказана ў тым подлым вершыку пра чорныя стрэлы? «Няхай баяцца ілгуны — ляцяць без промаху яны». Так, здаецца? Ну што ж — Эпльярд, Сэлдэн, Сміт і стары Гэмфры ўжо забітыя. А ў замку ляжыць бедны Джон Картэр і просіць, грэшнік, свяшчэнніка.

Дзік прыслухаўся. Ён стаяў непадалёку ад нізкага акенца, з якога даляталі стогны і прыгалошванне.

— Ён ляжыць тут? — спытаў Дзік.

— Але, у пакоі другога брамніка, — адказаў Хэтч. — У яго ўжо душа ледзь трымаецца, таму мы не маглі цягнуць яго далей. Пры кожным нашым кроку ён думаў, што памірае. Але зараз, мне здаецца, ён адчувае толькі душэўныя пакуты. Ён усё кліча свяшчэнніка, а сэр Олівер чамусьці да гэтага часу не падышоў да яго. Яму давядзецца доўга спавядацца. А бядак Эпльярд і бядак Сэлдэн памерлі без споведзі.

Дзік нахіліўся і зазірнуў у акно. У маленькім нізкім пакойчыку было цёмна, але ўсё ж яму ўдалося разгледзець старога салдата, які стагнаў на саламянай падсцілцы.

— Картэр, бедны сябар, як ты сябе адчуваеш? — спытаў ён.

— Майстар Шэлтан, — адказаў той усхваляваным шэптам, — дзеля ўсяго святога, прывядзіце свяшчэнніка! На жаль, мне прыйшоў канец! Мне вельмі блага, рана мая смяротная. Акажыце мне апошнюю паслугу, прывядзіце свяшчэнніка! Нічога іншага вы ўжо не зможаце для мяне зрабіць. Дзеля выратавання маёй душы, паспяшайцеся! Заклінаю вас, як высакароднага чалавека. У мяне на сумленні злачынства, яно адправіць мяне ў пекла.

Картэр застагнаў, і Дзік пачуў, як ён — ці то ад болю, ці то ад страху — заскрыгатаў зубамі.

У гэтую хвіліну ў двор выйшаў сэр Дэніэл. У руцэ ён трымаў пісьмо.

— Хлопцы, — сказаў ён, — мы разбіты ў пух. Хіба мы адмаўляем гэта? Не, мы не адмаўляем. Але мы пастараемся як хутчэй зноў сесці ў сядло. Стары Гары Шосты пацярпеў крушэнне. Ну што ж, мы ўмываем рукі. Сярод прыхільнікаў герцага Йорка ў мяне ёсць добры сябар, яго завуць лорд Уэнслідэл. Я напісаў гэтаму майму сябру пісьмо: я прашу ў яго заступніцтва, абяцаю цалкам загладзіць мінулае і быць лаяльным у будучым. Я не сумняваюся, што ён прыслухаецца да маёй просьбы. Але просьба без дароў — усё роўна, што песня без музыкі. І я наабяцаў яму, хлопцы, мноства ўсялякага дабра, я не паскупіўся на абяцанні. Чаго ж нам цяпер не хапае? Не буду падманваць вас, што нам не хапае вельмі важнага. Нам не хапае ганца, каб даставіць пісьмо. Лясы, як вам вядома, кішаць нашымі зласліўцамі. А трэба спяшацца. Таму без асцярожнасці і хітрасці нічога не выйдзе. Хто з вас возьмецца даставіць гэтае пісьмо лорду Ўэнслідэлу і прывезці мне адказ?

Адразу ж падняўся адзін з воінаў.

— Я, калі дазволіце, — сказаў ён. — Я гатовы рызыкнуць сваім жыццём…

— Не, Дзік-лучнік, не дазволю, — адказаў рыцар. — Ты хітры, але непаваротлівы. Ты бегаеш горш за ўсіх.

— Ну, тады я, сэр Дэніэл! — крыкнуў другі.

— Толькі не ты! — замахаў рукамі рыцар. — Ты бегаеш хутка, а думаеш марудна. Ты адразу трапіш у лагер да Джона Помшчу-за-ўсіх. Вы абодва храбрыя, і я дзякую вам. Але абодва вы не падыходзіце.

Тады азваўся сам Хэтч, але і ён атрымаў адмову.

— Ты мне патрэбен тут, добры Бенет. Ты мая правая рука, — адказаў яму рыцар.

Нарэшце, з усіх, хто хацеў выканаць даручэнне рыцара, сэр Дэніэл выбраў аднаго і даў яму пісьмо.

— Мы ўсе залежым ад твайго спрыту і розуму, — сказаў ён яму. — Прынясі мне добры адказ, і праз тры тыдні я ачышчу мой лес ад гэтых дзёрзкіх бадзяг. Але помні, Трогмортан: справа цяжкая. Ты выйдзеш з замка ноччу і папаўзеш, быццам лісіца; я нават і не ведаю, як ты пераправішся цераз Ціл, — яны трымаюць у сваіх руках і мост і перавоз.

— Я ўмею плаваць, — сказаў Трогмортан. — Не бойцеся, я дабяруся!

— Ідзі ў камору, дарагі, — адказаў сэр Дэніэл, — і спачатку паплавай у цёмным элі.

З гэтымі словамі ён павярнуўся і пайшоў назад.

— У сэра Дэніэла мудрая галава, — сказаў Хэтч Дзіку. — Іншы на яго месцы стаў бы хлусіць, а ён заўсёды гаворыць сваім воінам усю праўду. «Вось, — кажа, — якая нам пагражае небяспека, вось якія нас чакаюць цяжкасці», і яшчэ жартуе пры гэтым. Клянуся святой Барбарай, ён прыроджаны палкаводзец! Кожнага ўмее падбадзёрыць! Паглядзіце, як усе ўзяліся за справу.

Гэтая пахвала сэру Дэніэлу навяла Дзіка на адну думку.

— Бенет, — спытаў ён, — як памёр мой бацька?

— Не пытайся ў мяне пра гэта, — адказаў Хэтч. — Я нічога аб яго смерці не ведаю і не хачу балбатаць пустое, майстар Дзік. Чалавек павінен гаварыць толькі аб тым, што тычыцца яго ўласных спраў, а не аб тым, што ён чуў ад іншых. Спытайце лепш у сэра Олівера або, калі хочаце, у Картэра, але толькі не ў мяне.

І Хэтч адправіўся правяраць вартавых, пакінуўшы Дзіка ў глыбокім роздуме.

«Чаму ён не захацеў мне адказаць? — думаў хлопчык. — Чаму ён назваў Картэра? Картэр… Відаць, Картэр прымаў удзел у забойстве майго бацькі».

Ён зайшоў у замак, прайшоў па доўгім калідоры з нізкімі скляпеннямі і апынуўся ў тым пакойчыку, дзе стагнаў паранены. Картэр уздрыгнуў, калі ўбачыў яго.

— Вы прывялі свяшчэнніка? — усклікнуў ён.

— Не яшчэ, — адказаў Дзік. — Я перш хачу сам з табой паразмаўляць. Адкажы мне: як памёр Гары Шэлтан, мой бацька?

Твар у Картэра таргануўся.

— Не ведаю, — адказаў ён панура.

— Не, ведаеш, — запярэчыў Дзік. — І табе не ўдасца мяне падмануць.

— Кажу вам, не ведаю, — паўтарыў Картэр.

— Ну, калі так, — сказаў Дзік, — ты памрэш без споведзі. Я не рушу адсюль, і не будзе табе ніякага свяшчэнніка. Якая карысць ад раскаяння, калі ты не хочаш паправіць зробленае табою зло? А споведзь без раскаяння нічога не вартая.

— Якія легкадумныя вашы словы, майстар Дзік, — спакойна сказаў Картэр. — Непрыстойна пагражаць таму, хто памірае, і, шчыра сказаць, гэта нават ганебна для вас. Вы паступаеце кепска і, галоўнае, нічога гэтым не даб'ецеся. Не хочаце клікаць свяшчэнніка — не трэба. Душа мая трапіць у пекла, але вы ўсё роўна нічога не даведаецеся! Гэта апошняе маё слова.

І паранены павярнуўся на другі бок.

Сказаць па шчырасці, Дзік адчуваў, што ляпнуў неабдумана, яму было сорамна сваіх пагроз. І ўсё ж ён вырашыў паспрабаваць яшчэ раз.

— Картэр, — сказаў ён, — зразумей мяне правільна. Я ведаю, што ты выконваў чужую волю: слуга павінен падпарадкоўвацца свайму пану. Я цябе ні ў чым не віню. Але з усіх бакоў я чую, што на мне ляжыць вялікі доўг — адпомсціць за бацьку. Прашу цябе, добры Картэр, забудзь мае пагрозы і са шчырым раскаяннем дапамажы мне.

Паранены маўчаў. Як ні стараўся Дзік, ён не дабіўся ад яго ні слова.

— Добра, — сказаў Дзік, — я прывяду табе свяшчэнніка. І нават калі ты і прычыніў зло мне і маім родным, я не жадаю зла нікому, і ўжо менш за ўсё чалавеку, які з хвіліны на хвіліну чакае смерці.

Стары салдат выслухаў яго ўсё гэтак жа маўкліва і нерухома, ён нават не стагнаў. І Дзік, выходзячы з пакоя, адчуў павагу да гэтай суровай цвёрдасці.

«А між тым, — думаў ён, — што тая цвёрдасць без розуму? Калі б у яго былі чыстыя рукі, ён бы не маўчаў; яго маўчанне выдала тайну лепш за ўсялякія словы. Усе доказы сыходзяцца. Сэр Дэніэл — або сам, або з дапамогай сваіх воінаў — забіў майго бацьку».

З цяжкім сэрцам спыніўся Дзік у мураваным калідоры. Няўжо ў гэты час, калі шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу, калі ён абложаны лучнікамі «Чорнай стралы» і зацкаваны ўдачлівымі прыхільнікамі Йорка, Дзік таксама пойдзе супраць яго, супраць чалавека, які яго выняньчыў і выхаваў? Сэр Дэніэл строга яго караў, гэта праўда, але хіба ён не ахоўваў яго ад нягод ва ўсе дні яго малалецтва? Няўжо Дзік зможа падняць руку на свайго заступніка? Жорсткі абавязак — калі гэта і на самой справе яго абавязак!

«Дай Бог, каб ён аказаўся невінаватым», — думаў Дзік.

Пачуліся чыесьці крокі па каменных плітах падлогі, і сэр Олівер важна прайшоў па калідоры.

— Вы вельмі патрэбны аднаму чалавеку, — сказаў Дзік.

— Я акурат да яго накіроўваюся, добры Рычард, — адказаў свяшчэннік. — Бедны Картэр! Яму не дапамогуць ужо ніякія лекі.

— Яго душа пакутуе мацней за цела, — заўважыў Дзік.

— Ты яго бачыў? — спытаў сэр Олівер, прыкметна ўздрыгнуўшы.

— Я толькі што ад яго, — адказаў Дзік.

— Што ён сказаў? — з прагнай дапытлівасцю спытаў свяшчэннік.

— Ён толькі жаласліва клікаў вас, сэр Олівер. Вам лепей паспяшацца, таму што ён страшэнна пакутуе, — адказаў хлопчык.

— Я іду проста да яго, — сказаў свяшчэннік. — Усе мы грэшныя, і ўсе мы памром, добры Рычард.

— Але, сэр, і добра, калі перад смерцю нам ні ў чым не трэба будзе каяцца, — адказаў Дзік.

Свяшчэннік апусціў вочы і, прашаптаўшы благаславенне, паспешліва адышоўся.

«Ён таксама замешаны, — падумаў Дзік. — Ён, які навучыў мяне набожнасці! У якім жахлівым свеце я жыву, — усе людзі, якія выгадавалі і выхавалі мяне, вінаватыя ў смерці майго бацькі. Помста! Да чаго ж сумны мой лёс! Я вымушаны помсціць маім лепшым сябрам!»

Пры гэтай думцы ён згадаў Мэтчэма. Ён усміхнуўся, успомніўшы аб сваім дзіўным таварышы. Дзе Мэтчэм? З таго часу як яны разам зайшлі ў браму замка Мот, Мэтчэм знік; а Дзіку вельмі хацелася б пабалбатаць з ім.

Праз гадзіну пасля абедні, якую наспех адслужыў сэр Олівер, усе сустрэліся ў зале за абедам. Зала была доўгая і нізкая. Падлога яе была засланая зялёным чаротам, на сценах віселі габелены з выявамі лютых паляўнічых і крыважэрных гончых сабак, паўсюдна развешаны былі дзіды, лукі і шчыты; агонь палаў у велізарным каміне, уздоўж сцен стаялі пакрытыя дыванамі лаўкі, пасярод залы быў накрыты стол, багатая ежа чакала воінаў. Ні сэр Дэніэл, ні яго жонка сюды не з'явіліся. Нават сэр Олівер адсутнічаў. І ніводнага слова не было сказана пра Мэтчэма. Дзік пачаў турбавацца. Ён успомніў змрочныя прадчуванні свайго таварыша. Ці не здарылася з ім якой-небудзь бяды ў гэтым замку?

Пасля полудня ён сустрэў старую місіс Хэтч; яна спяшалася да мілэдзі Брэклі.

— Гудзі, — спытаў ён, — дзе майстар Мэтчэм? Я бачыў, як ты павяла яго, калі мы прыйшлі ў замак.

Старая гучна зарагатала.

— Ах, майстар Дзік, — сказала яна, — якія ў вас зоркія вочы!

— Але дзе ж ён? — настойліва пытаў Дзік.

— Вы ніколі яго больш не ўбачыце, — адказала яна. — Ніколі! І не спадзявайцеся.

— Я хачу ведаць, дзе ён, і я даведаюся, — сказаў Дзік. — Ён прыйшоў сюды не па добрай волі. Які я ні на ёсць, я яго абаронца і не дапушчу, каб з ім кепска абышліся. Занадта шмат тайнаў навокал. Гэтыя тайны мне абрыдлі!

Дзік не паспеў дагаварыць, як чыясьці цяжкая рука апусцілася яму на плячо. То была рука Бенета Хэтча, які непрыкметна падышоў ззаду. Кіўком вялікага пальца Бенет загадаў жонцы знікнуць.

— Дружа Дзік, — сказаў Хэтч, калі яны засталіся адны, — у вас, здаецца, з галавой не ў парадку. Чым варушыць тайны Тэнстолскага замка, вам бы лепш адправіцца прамой дарогай на дно салёнага мора. Вы пыталі ў мяне, вы прыставалі з роспытамі да Картэра, вы перапалохалі сваімі намёкамі нашага блазна — свяшчэнніка. Вы вядзеце сябе, як дурань. Калі вас пакліча да сябе сэр Дэніэл, будзьце разважлівым і з'явіцеся перад ім з ласкавым тварам. Ён наладзіць вам суровы допыт. Адказваючы яму, узважвайце кожнае сваё слова.

— Хэтч, — сказаў Дзік, — за ўсім гэтым я адчуваю нячыстае сумленне.

— Калі вы не станеце разумнейшым, вы хутка адчуеце пах крыві, — адказаў Бенет. — Я вас папярэдзіў! А вось ужо ідуць па вас.

І сапраўды, у гэтую самую хвіліну Дзіка паклікалі да сэра Дэніэла.

Раздзел II Дзве клятвы

Сэр Дэніэл быў у зале; ён сярдзіта праходжваўся перад камінам, чакаючы Дзіка. Акрамя сэра Дэніэла, у зале знаходзіўся яшчэ сэр Олівер, які сціпла сядзеў у кутку, перагортваючы трэбнік і мармычучы малітвы.

— Вы мяне клікалі, сэр Дэніэл? — спытаў малады Шэлтан.

— Ага, я цябе клікаў, — адказаў рыцар. — Што гэта за чуткі дайшлі да маіх вушэй? Няўжо я так кепска апекаваў цябе, што ты перастаў мне давяраць? Ці, можа, ты хочаш перайсці на бок маіх ворагаў, таму што я пацярпеў няўдачу? Клянуся небам, ты не падобны на свайго бацьку! Бацька твой быў адданы сваім сябрам і ў добрую пагоду і ў слоту… А ты, Дзік, відаць, сябра толькі на пагодлівы дзень і цяпер шукаеш зручнага моманту пакінуць сваіх сяброў.

— Даруйце, сэр Дэніэл, але гэта не так, — цвёрда сказаў Дзік. — Я адданы і верны ўсім, каму абавязаны адданасцю і вернасцю. І перш чым пачаць іншую размову, я хачу падзякаваць вам і сэру Оліверу. Вы абодва больш за ўсіх маеце правоў на мяне. Я быў бы сабакам, калі б забыў аб гэтым.

— Гаварыць ты ўмееш, — сказаў сэр Дэніэл. І, раптоўна разлютаваўшыся, працягваў: — Удзячнасць і вернасць — гэта словы, Дзік Шэлтан. Мне патрэбны не словы, а справы. У гэты час, калі мне пагражае небяспека, калі імя маё заплямлена, калі землі мае канфіскаваны, калі лясы поўныя людзей, якія чакаюць маёй пагібелі, — дзе твая ўдзячнасць, дзе вернасць? У мяне застаўся маленькі атрад адданых людзей. А ты атручваеш ім сэрцы каварнымі нашэптваннямі. Гэта што — удзячнасць? Або вернасць? Збаў мяне ад такой удзячнасці! Але ж чаго ты хочаш! Кажы! Мы на ўсё гатовы даць табе адказ. Калі ты што-небудзь маеш супраць мяне, скажы аб гэтым шчыра.

— Сэр, — адказаў Дзік, — я быў немаўлём, калі загінуў мой бацька. Да майго слыху дайшло, што ён быў ганебна забіты. Да майго слыху дайшло, — я нічога не хачу ўтойваць, — што вы прымалі ўдзел у яго гібелі. І я павінен шчыра абвясціць вам, што не магу адчуваць сябе спакойным і не магу дапамагаць вам, пакуль не вырашу ўсіх сваіх сумненняў.

Сэр Дэніэл апусціўся на лаўку. Ён падпёр падбародак рукою і пільна глянуў Дзіку ў твар.

— І ты мяркуеш, што я здольны, забіўшы чалавека, зрабіцца апекуном яго сына? — спытаў ён.

— Даруйце мне, калі адказ мой будзе не зусім ветлівым, — сказаў Дзік. — Але ж вы выдатна ведаеце, што быць апекуном вельмі выгадна. Хіба ўсе гэтыя гады вы не карысталіся маімі даходамі і не кіравалі маімі людзьмі? Хіба вы не разлічваеце атрымаць грошы за мой будучы шлюб? Не ведаю, колькі вы за яго атрымаеце, але сякі-такі даход ён вам прынясе. Яшчэ раз прашу даравання, але, калі вы здольныя былі на такую подласць, як забойства чалавека, які даверыўся вам, чаму ж не ўявіць, што вы маглі здзейсніць і другую подласць, меншую, чым першая?

— У тваім узросце я не быў такім падазроным, — сурова сказаў Дэніэл. — А сэр Олівер, свяшчэннік, як ён мог аказацца вінаватым у такой справе?

— Сабака бяжыць туды, куды яму загадвае гаспадар, — сказаў Дзік. — Усім вядома, што гэты свяшчэннік — ваша паслухмяная прылада. Я, можа быць, гавару занадта вольна, але зараз, сэр Дэніэл, не да ветлівасці. На мае шчырыя пытанні я хачу атрымаць шчырыя адказы. А вы мне нічога не адказваеце! Вы, замест таго каб адказваць, задаеце мне пытанні. Папярэджваю вас, сэр Дэніэл: такім шляхам вы не рассееце маіх сумненняў, а толькі падтрымаеце іх.

— Я дам табе праўдзівы адказ, майстар Рычард, — сказаў рыцар. — Я быў бы няшчыры, калі б утаіў, што ты разгневаў мяне. Але нават у гневе я хачу быць справядлівым. Прыйдзі да мяне з гэтымі пытаннямі, калі ты дасягнеш паўналецця і рукі мае не будуць больш звязаны апякунствам над табою. Прыйдзі да мяне тады, і я дам табе адказ, якога ты заслугоўваеш, — кулаком у зубы. А да таго часу ў цябе ёсць два выйсці: або вазьмі назад свае знявагі, трымай язык за зубамі і змагайся за чалавека, які карміў цябе і змагаўся за цябе, калі ты быў малы, або — дзверы адчынены, лясы поўныя маіх ворагаў — ідзі!

Энергія, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, позірк, якім яны суправаджаліся, — усё гэта пахіснула Дзіка, аднак ён не мог не заўважыць, што не атрымаў адказу на сваё пытанне.

— Я ад усёй душы хачу паверыць вам, сэр Дэніэл, — сказаў ён. — Пераканайце мяне, што вы не прымалі ўдзелу ў забойстве майго бацькі.

— Ці задаволіць цябе маё слова гонару, Дзік? — спытаў рыцар.

— Так, — адказаў хлопчык.

— Даю табе слова гонару, клянуся табе вечнай асалодай маёй душы і тым адказам, які мне давядзецца даць Богу за ўсе мае справы, што я ні прама, ні ўскосна не вінаваты ў смерці твайго бацькі!

Ён працягнуў Дзіку сваю руку, і Дзік горача паціснуў яе. Абодва яны не заўважылі, як свяшчэннік, пачуўшы гэтую ўрачыстую і хлуслівую клятву, нават прыўзняўся ад жаху і адчаю.

— Ах, — усклікнуў Дзік, — няхай ваша велікадушнасць дапаможа вам дараваць мне! Які я нягоднік, што дазволіў сумненню закрасціся ў маю душу. Але цяпер ужо я больш ніколі сумнявацца ў вас не буду.

— Я дарую табе, Дзік, — сказаў сэр Дэніэл. — Ты яшчэ не ведаеш свету, ты яшчэ не ведаеш, якое гняздо сплёў у ім паклёп.

— Я тым болей варты ганьбавання, — дадаў Дзік, — што паклёпнікі абвінавачвалі не столькі вас, колькі сэра Олівера…

Пры гэтых словах ён павярнуўся да свяшчэнніка і раптам перапыніў сваю прамову на паўслове. Гэты высокі, румяны, тоўсты і важны чалавек быў абсалютна зніякавелы: румянец знік з яго твару, рукі і ногі дрыжалі, губы шапталі малітвы. Ледзь Дзік скіраваў на яго позірк, як ён пранізліва ўскрыкнуў і закрыў твар рукамі.

Сэр Дэніэл кінуўся да яго і ў шаленстве схапіў яго за плячо. І ўсе падазрэнні Дзіка адразу прачнуліся зноў.

— Няхай сэр Олівер таксама дасць клятву, — сказаў ён. — Бо гэта яго і абвінавачваюць у забойстве майго бацькі.

— Ён дасць клятву, — сказаў рыцар.

Сэр Олівер моўчкі замахаў на яго рукамі.

— Клянуся небам, вы дасце клятву! — закрычаў сэр Дэніэл сам не свой ад шаленства. — Кляніцеся тут, на гэтай кнізе! — працягваў ён, падняўшы трэбнік, які ўпаў на падлогу. — Што? Вы прымушаеце мяне сумнявацца ў вас? Кляніцеся! Я загадваю.

Але свяшчэннік не мог вымавіць ні слова. Яго душыў жах: ён аднолькава баяўся і сэра Дэніэла і клятвапарушэння.

У гэты момант чорная страла, прабіўшы ўзорыстае шкло высокага акна, заляцела ў залу і, трапечучы, уваткнулася ў самую сярэдзіну абедзеннага стала.

Моцна ўскрыкнуўшы, сэр Олівер упаў без прытомнасці на засланую чаротам падлогу. Рыцар жа разам з Дзікам кінуўся ў двор, а адтуль па вінтавой лесвіцы на зубчастую вежу. Усе дазорцы былі на пасту. Сонца спакойна асвятляла зялёныя лугі, над якімі дзе-нідзе ўзвышаліся купы дрэў і лясістыя пагоркі, што засланялі гарызонт. Нікога не было бачна.

— Адкуль прыляцела страла? — спытаў рыцар.

— Вунь з тых дрэў, сэр Дэніэл, — адказаў вартавы.

Рыцар задумаўся. Потым павярнуўся да Дзіка.

— Дзік, — сказаў ён, — паназірай за гэтымі людзьмі, я даручаю іх табе. А свяшчэнніка, калі ён не запэўніць мяне ў сваёй невінаватасці, я прымушу адказваць. Я пачынаю раздзяляць твае падазрэнні. Ён дасць клятву, ручаюся табе, а калі не дасць, мы прызнаем яго вінаватым.

Дзік адказаў даволі холадна, і рыцар, акінуўшы яго дапытлівым позіркам, паспешліва вярнуўся ў залу. Перш за ўсё ён агледзеў стралу. Ніколі яшчэ не бачыў ён такіх стрэл. Ён узяў яе ў рукі і пачаў круціць; змрочны колер яе ўсяляў міжвольны страх. На ёй быў надпіс, толькі тры словы: «Звер у нары».

— Значыць, яны ведаюць, што я дома, — прамовіў ён. — У нары! Але ў іх няма сабакі, які мог бы выгнаць мяне адсюль.

Сэр Олівер апрытомнеў і з цяжкасцю падняўся на ногі.

— На жаль, сэр Дэніэл, — прастагнаў ён, — вы далі страшную клятву. Цяпер вы пракляты навекі!

— Але, боўдзіла, — сказаў рыцар, — я даў паганую клятву, аднак ты дасі клятву яшчэ горшую. Ты паклянешся святым крыжам Халівуда. Глядзі ж, прыдумай словы самыя пераканаўчыя. Ты дасі клятву сёння ж вечарам.

— Хай прасвятліць Бог ваш розум! — адказаў свяшчэннік. — Хай адверне ён ваша сэрца ад такога беззаконня!

— Паслухайце, найдабрэйшы бацька, — сказаў сэр Дэніэл, — калі вас турбуе ваша набожнасць, мне размаўляць з вамі няма аб чым. Занадта позна, аднак, успомнілі вы аб набожнасці. Але калі ў вас засталася хоць кропля розуму, слухайце мяне. Гэты хлапчук раздражняе мяне, як аса. Ён мне патрэбны, таму што я хачу скарыстаць выгоды ад яго шлюбу. Але кажу вам шчыра: калі ён будзе дакучаць мне, ён адправіцца да свайго бацькі. Я загадаў перасяліць яго ў пакой над капліцай. Калі вы дасце добрую, грунтоўную клятву ў вашай невінаватасці, усё будзе цудоўна: хлопчык крыху супакоіцца, і я пашкадую яго. Але калі вы задрыжыце, або пабляднееце, або запнецеся, ён не паверыць вам — і тады ён памрэ. Вось аб чым вам трэба думаць.

— У пакой над капліцай! — задыхаючыся, прамовіў свяшчэннік.

— У той самы, — пацвердзіў рыцар. — Вось так, калі вы хочаце выратаваць яго, ратуйце. Калі ж не, хай будзе па-вашаму, выбірайцеся адсюль і пакіньце мяне ў спакоі! Калі б я быў чалавек запальчывы, я ўжо даўно пракалоў бы вас мячом за вашу нясцерпную баязлівасць і дурноту. Ну, зрабілі выбар? Адказвайце!

— Я зрабіў выбар, — адказаў свяшчэннік. — Хай даруе мне Бог, я выбіраю зло дзеля дабра. Я дам клятву, каб выратаваць хлапчаня.

— Так яно лепш! — сказаў сэр Дэніэл. — Паклічце яго ды хутчэй. Вы застанецеся з ім сам-насам. Але я вока з вас не спушчу. Я буду тут, у тайніку.

Рыцар прыўзняў дыван, які вісеў на сцяне, і ступіў за яго. Пачуўся звон сталёвай спружыны, затым скрып прыступак.

Сэр Олівер, застаўшыся адзін, спалохана паглядзеў на завешаную дываном сцяну і перахрысціўся з журбою і жахам у позірку.

— Калі яго пасялілі ў пакоі над капліцай, — прамармытаў ён, — я павінен выратаваць яго нават цаной маёй душы.

Праз тры хвіліны з'явіўся Дзік, якога прывёў ганец. Сэр Олівер стаяў каля стала рашучы і бледны.

— Рычард Шэлтан, — сказаў ён, — ты патрабаваў у мяне клятву. Гэтае тваё патрабаванне для мяне зневажальнае, і я маю поўнае права табе адмовіць. Але, помнячы нашы ранейшыя адносіны, я змякчыў сваё сэрца; хай будзе па-твойму. Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не забіваў твайго бацькі.

— Сэр Олівер, — адказаў Дзік, — прачытаўшы першае пасланне Джона Помшчу-за-ўсіх, я не засумняваўся ў вашай невінаватасці. Але цяпер дазвольце задаць вам два пытанні. Вы не забівалі майго бацькі, веру. Але, можа, вы прымалі ўскосны ўдзел у гэтым забойстве?

— Ніякага, — сказаў сэр Олівер.

І раптам твар яго таргануўся. Ён перасцерагальна падміргнуў Дзіку. І Дзік зразумеў, што гэтым падміргваннем свяшчэннік хоча сказаць яму штосьці такое, чаго не смее вымавіць уголас.

Дзік зірнуў на яго са здзіўленнем; потым павярнуўся і ўважліва агледзеў усю пустую залу.

— Што з вамі? — спытаў ён.

— Нічога, — адказаў свяшчэннік, спрабуючы надаць твару спакойны выраз. — Мне блага; я не зусім здаровы. Выбачайце, Дзік… мне трэба выйсці… Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не выдаваў і не забіваў твайго бацькі. Супакойся, добры хлопчык. Бывай!

І з неўласцівай яму паспешлівасцю ён выйшаў з залы.

Уважлівы позірк Дзіка слізгаў па сценах; на твары ў яго адно за адным адбіваліся самыя супярэчлівыя пачуцці: здзіўленне, сумненне, падазрэнне, радасць. Але мала-памалу, па меры таго як розум яго прасвятляўся, падазрэнні перамаглі; неўзабаве ён быў ужо зусім упэўнены ў самым горшым. Ён узняў галаву і ўздрыгнуў. На дыване, што закрываў сцяну, была выткана выява лютага паляўнічага. Адной рукой ён трымаў рог, у які трубіў; у другой трымаў дзіду. Твар у яго быў чорны, таму што ён адлюстроўваў афрыканца.

Вось гэты афрыканец і напалохаў Рычарда Шэлтана. Сонца, якое сляпуча зіхацела ў вокнах залы, зайшло за хмарку. Акурат у гэтае імгненне агонь у каміне ярка ўспыхнуў, асвятліўшы столь і сцены, што да гэтага часу былі ахутаны паўзмрокам. І раптам чорны паляўнічы міргнуў вокам, як жывы; і павека ў яго было белым.

Дзік, не адрываючыся, глядзеў у гэтае страшнае вока. Пры святле агню яно зіхацела, як каштоўны камень; яно было вільготнае, яно было жывое. Белае павека зноў закрыла яго на нейкую долю секунды і зноў паднялося. Затым вока знікла.

Ніякага сумнення не заставалася. Гэта было жывое вока, якое ўвесь час назірала за ім праз дзірачку ў дыване.

Дзік імгненна зразумеў усю жахлівасць свайго становішча. Усё сведчыла аб адным і тым жа — і перасцеражэнні Хэтча, і падміргванні свяшчэнніка, і гэтае вока, якое назірала за ім са сцяны. Ён зразумеў, што яго падверглі выпрабаванню, што ён зноў выдаў сябе і што толькі цуд можа выратаваць яго ад пагібелі.

«Калі мне не ўдасца выслізнуць з гэтага дома, — падумаў ён, — я кончаны чалавек! Бядак Мэтчэм! Я завёў яго ў змяінае гняздо!»

Ён яшчэ раздумваў, калі раптам з'явіўся слуга, каб дапамагчы яму перацягнуць зброю, вопратку і кнігі ў другі пакой.

— У другі пакой? — перапытаў Дзік. — Навошта? У які пакой?

— У пакой над капліцай, — адказаў слуга.

— У ім даўно ніхто не жыў, — сказаў Дзік задумліва. — Што гэта за пакой?

— Добры пакой, — адказаў слуга. — Але кажуць, — дадаў ён, панізіўшы голас, — што ў ім з'яўляецца прывід.

— Прывід? — паўтарыў Дзік, халаднеючы. — Не чуў! Чый прывід?

Слуга ўважліва агледзеўся, потым сказаў ледзь чутным шэптам:

— Прывід дзяка царквы святога Іаана. Яго паклалі аднойчы спаць у тым пакоі, а раніцай — ф'юць! — ён знік. Кажуць, яго ўкраў сатана; звечара ён быў вельмі п'яны.

Дзік, перапоўнены самымі змрочнымі прадчуваннямі, пайшоў за слугою.

Раздзел III Пакой над капліцай

Дазорцы на вежах больш ніякіх здарэнняў не адзначылі. Сонца паволі паўзло на захад і нарэшце зайшло. Нягледзячы на пільнасць вартавых, паблізу Тэнстолскага замка не ўдалося заўважыць ніводнага чалавека.

Калі надышла ноч, Трогмортана завялі ў кутні пакой, акно якога знаходзілася якраз над ровам. Праз гэтае акно ён з усімі перасцярогамі вылез; некалькі імгненняў чуцен быў толькі ўсплеск вады, потым на супрацьлеглым беразе ўзнікла цёмная фігура і папаўзла прэч па траве. Сэр Дэніэл і Хэтч уважліва прыслухоўваліся яшчэ паўгадзіны. Вакол было ціха. Ганец паспяхова выбраўся з замка.

Сэр Дэніэл павесялеў. Ён павярнуўся да Хэтча.

— Бенет, — сказаў ён, — гэты Джон Помшчу-заўсіх звычайны смертны. Ён спіць. І мы яго прыкончым.

Увесь вечар Дзіка пасылалі то туды, то сюды; адзін загад ішоў за другім. Дзік быў здзіўлены колькасцю даручэнняў і паспешлівасцю, з якой трэба было выконваць іх. За ўвесь гэты час ён ні разу не сустрэў ні сэра Олівера, ні Мэтчэма, а між тым ён увесь час думаў аб іх абодвух. Цяпер ён марыў толькі аб адным — як мага хутчэй уцячы з Тэнстолскага замка Мот, але яму хацелася перад уцёкамі паразмаўляць з сэрам Оліверам і з Мэтчэмам.

Нарэшце, з лямпай у руцэ, ён падняўся ў свой новы пакой. Пакой быў прасторны, з нізкай столлю, даволі змрочны. За акном быў роў; нягледзячы на тое, што акно гэтае знаходзілася вельмі высока, у яго былі ўстаўлены жалезныя краты. Пасцель аказалася цудоўнай: адна падушка была набіта пухам, другая — лавандай; на чырвонай коўдры былі вышыты ружы. Уздоўж сцен стаялі шафы, замкнутыя на ключ і завешаныя цёмнымі дыванамі. Дзік абышоў увесь пакой, прыўзняў кожны дыван, абмацаў кожную сцяну, паспрабаваў адчыніць кожную шафу. Ён пераканаўся, што дзверы моцныя і што зачыняюцца яны на добрую засаўку; потым паставіў лямпу на падстаўку і зноў агледзеў усё.

Дзеля чаго яго пасялілі ў гэтым пакоі? Ён большы і лепшы, чым яго ранейшы. Ці, можа, гэта пастка? Ці няма тут патайнога ўвахода? Ці праўда, што тут водзіцца прывід? Па спіне ў яго захадзілі мурашы. Проста над яго галавою, на пляскатым даху, чуліся цяжкія крокі вартавога. Унізе былі скляпенні капліцы; побач з капліцай знаходзілася зала, з якой, безумоўна, вёў патайны ход; калі б там не было патайнога хода, як бы магло тое вока сачыць за Дзікам з-за дывана? Зусім верагодна, што ход вядзе ў капліцу, а з капліцы сюды, у гэты пакой.

Ён адчуваў, што спаць у такім пакоі — вар'яцтва. Трымаючы зброю напагатове, ён сеў у куце каля дзвярэй. Калі на яго нападуць, ён дорага прадасць сваё жыццё.

Наверсе, на даху вежы, пачуўся тупат ног, потым чыйсьці голас спытаў пароль. Гэта змяніўся каравул.

І адразу ж Дзік пачуў, як хтосьці скрабецца ў яго дзверы; да яго даляцеў шэпт:

— Дзік, Дзік, гэта я!

Дзік адапхнуў засаўку, адчыніў дзверы і ўпусціў Мэтчэма. Мэтчэм быў вельмі бледны; у адной руцэ ён трымаў лямпу, а ў другой кінжал.

— Зачыні дзверы! — прашаптаў ён. — Хутчэй, Дзік! Замак поўны шпіёнаў. Я чуў, як яны ішлі за мной па калідорах, я чуў іх дыханне за дыванамі.

— Супакойся, — адказаў Дзік, — дзверы зачынены. Пакуль мы ў бяспецы. Зрэшты, сярод гэтых сцен быць у бяспецы немагчыма… Я вельмі рады цябе бачыць! Клянуся небам, я думаў, што цябе ўжо няма жывога. Дзе цябе хавалі?

— Ці не ўсё роўна, — адказаў Мэтчэм. — Мы з табой спаткаліся, а ўсё астатняе не мае значэння. Але, Дзік, ці ведаеш ты, што цябе чакае? Табе сказалі, што яны збіраюцца зрабіць з табою заўтра?

— Заўтра? — перапытаў Дзік. — Што яны збіраюцца рабіць заўтра?

— Заўтра або сягоння ноччу, не ведаю, — сказаў Мэтчэм. — Я ведаю толькі, што яны збіраюцца забіць цябе. Ведаю з поўнай дакладнасцю: я чуў, як яны шапталіся аб гэтым. Яны амаль прама мне аб гэтым гаварылі.

— Вось як! — сказаў Дзік. — Па праўдзе сказаць, я і сам здагадваўся.

І ён расказаў Мэтчэму ўсё, што здарылася з ім за дзень.

Калі ён скончыў, Мэтчэм падняўся і гэтак жа, як Дзік, абмацаў сцены.

— Не, — сказаў ён, — не відаць ніякага ўвахода. А між тым я не сумняваюся, што ўваход ёсць. Дзік, я застануся з табою. І калі ты памрэш, я памру з табою. Я магу дапамагчы табе, бачыш, я ўкраў кінжал! Я буду біцца! А калі ты адшукаеш які-небудзь лаз, праз які можна выпаўзці, альбо акно, праз якое можна спусціцца, я з радасцю сустрэну любую небяспеку і ўцяку з табой.

— Джон, — сказаў Дзік, — клянуся небам, Джон, ты самы лепшы, самы верны і самы храбры чалавек ва ўсёй Англіі! Дай мне руку, Джон.

І ён моўчкі ўзяў Мэтчэма за руку.

— Каб нам як дабрацца да акенца, праз якое спусцілі ганца! — сказаў ён. — Вяроўка, хутчэй за ўсё, яшчэ там. Гэта ўсё-такі нейкая надзея.

— Тсс! — прашаптаў Мэтчэм.

Яны прыслухаліся. Унізе пад падлогай штосьці скрыпнула, змоўкла, потым скрыпнула зноў.

— Хтосьці ходзіць у пакоі пад намі, — прашаптаў Мэтчэм.

— Пад намі няма пакоя, — адказаў Дзік. — Мы знаходзімся над капліцай. Гэта мой забойца ідзе тайным ходам. Няхай прыходзіць! Я з ім распраўлюся!

І ён заскрыгатаў зубамі.

— Патушы святло, — сказаў Мэтчэм. — Можа, ён як-небудзь выдасць сябе.

Яны патушылі абедзве лямпы і затаіліся, сядзелі нерухома. Асцярожныя крокі пад падлогай былі добра чутны. Яны то набліжаліся, то аддаляліся. Нарэшце рыпнуў ключ у замку, і ўсё змоўкла.

Потым зноў пачуліся крокі, і раптам праз вузкую шчыліну паміж масніцамі ў далёкім кутку пакоя пырснула святло. Шчыліна рабілася ўсё шырэйшая; патайны люк адчыніўся, і святло засвяціла яшчэ ярчэй. Паказалася моцная рука, якая трымала навісу люк. Дзік нацягнуў арбалет і чакаў, калі з'явіцца галава.

Але тут адбылося нешта незвычайнае. Дзесьці ў далёкім канцы замка Мот пачуліся гучныя крыкі; спачатку крычаў адзін голас, потым да яго далучылася яшчэ некалькі галасоў; яны паўтаралі нейкае імя. Гэты шум, відаць, затрывожыў забойцу. Патайны люк зачыніўся, пад падлогай пачуліся крокі, якія паспешліва аддаляліся.

Хлопчыкі атрымалі адтэрміноўку. Дзік глыбока ўздыхнуў і тут толькі прыслухаўся да сумятні, што выратавала іх. Крыкі не сціхалі, а наадварот рабіліся ўсё мацнейшымі. Па ўсім замку бегалі людзі; усюды ляпалі дзверы. І, заглушаючы ўвесь гэты шум, грымеў голас сэра Дэніэла, які крычаў:

— Джаана!

— Джаана? — паўтарыў Дзік. — Якая Джаана? Тут няма ніякай Джааны і ніколі не было. Што гэта значыць?

Мэтчэм маўчаў. Здавалася, ён забыў пра ўсё на свеце. Слабае святло зорак, што зіхацелі за акном, не трапляла ў той кут пакоя, дзе сядзелі хлопчыкі, і там была поўная цемра.

— Джон, — сказаў Дзік, — я не ведаю, дзе ты быў увесь дзень. Бачыў ты гэтую Джаану?

— Не, не бачыў, — адказаў Мэтчэм.

— І нічога аб ёй не чуў? — дапытваўся Дзік.

Крокі набліжаліся. Сэр Дэніэл на двары ўсё яшчэ клікаў грамавым голасам Джаану.

— Ты не чуў аб ёй? — паўтарыў Дзік.

— Чуў, — сказаў Мэтчэм.

— Як дрыжыць твой голас! Што з табой? — спытаў Дзік. — Нам вельмі пашанцавала, што яны шукаюць гэтую Джаану. Яна адцягнула іх ад нас.

— Дзік! — усклікнуў Мэтчэм. — Я загінула! Мы абодва загінулі! Уцякайма, пакуль не позна. Яны не супакояцца, пакуль не знойдуць мяне. Не! Пусці мяне да іх адну! Яны мяне схопяць, а ты ўцячэш. Пусці мяне адну. Дзік! Добры Дзік, пусці мяне да іх.

Яна ўжо намацвала рукой засаўку, калі Дзік нарэшце ўсё зразумеў.

— Клянуся небам, — усклікнуў ён, — ты зусім не Джон! Ты Джаана Сэдлі! Ты тая дзяўчынка, якая не хацела выйсці за мяне замуж!

Дзяўчына маўчала і не рухалася. Дзік таксама маўчаў, потым загаварыў зноў.

— Джаана, — сказаў ён, — ты выратавала мне жыццё, а я табе. Мы абое бачылі, як цячэ пралітая кроў. Мы былі з табой сябрамі, былі і ворагамі, — помніш, я ледзь не набіў цябе папругай. І ўвесь час я лічыў цябе хлапчуком. Але цяпер смерць мая блізка, і перад смерцю я хачу сказаць табе, што ты самая лепшая і самая смелая дзяўчынка на зямлі, і, калі б толькі я застаўся жыць, я быў бы шчаслівы ажаніцца з табой. Але што б мне не было наканавана — жыццё або смерць, — ты ведай: я кахаю цябе!

Яна нічога не адказала.

— Ну, гавары ж, Джон. Будзь добрай дзяўчынкай, скажы, што ты кахаеш мяне!

— Хіба я была б тут, Дзік, калі б не кахала цябе?! — усклікнула яна.

— Калі нам удасца выратавацца, — працягваў Дзік, — мы пажэнімся. Калі наканавана памерці, памром. Вось і ўсё. Але як ты адшукала мой пакой?

— Я спытала ў пані Хэтч, — адказала яна.

— На гэту даму можна спадзявацца, — сказаў Дзік. — Яна не выдасць цябе. У нас яшчэ ёсць час…

Але адразу ж, як бы ў абвяржэнне яго слоў, па калідоры пачуліся крокі, і хтосьці грукнуў у дзверы кулаком.

— Яна тут! — пачулі яны чыйсьці голас. — Адчыніце, майстар Дзік! Адчыніце!

Дзік маўчаў і не рухаўся.

— Усё скончана, — сказала дзяўчына і абняла Дзіка.

Людзі адзін за адным збіраліся каля дзвярэй. Нарэшце з'явіўся сам сэр Дэніэл, і ўсе прыціхлі.

— Дзік, — закрычаў рыцар, — не будзь аслом! І сем сонных дзеў прачнуліся б ад такога шуму. Мы ведаем, што яна тут. Адчыні дзверы!

Дзік маўчаў.

— Выбівайце дзверы! — сказаў сэр Дэніэл.

Воіны грукалі ў дзверы нагамі і кулакамі. Дзверы былі зроблены трывала і зачынены на моцную засаўку, і ўсё ж яны ўпалі б, калі б зноў не ўмяшаўся лёс. Сярод грукату ўдараў пачуўся раптам крык вартавога; на вежы закрычалі, зашумелі, і зараз жа ў адказ увесь лес напоўніўся галасамі. Можна было падумаць, што насельнікі лясоў бяруць штурмам замак Мот. І сэр Дэніэл са сваімі воінамі, пакінуўшы дзверы, кінуўся абараняць сцены замка.

— Мы выратаваны! — усклікнуў Дзік.

Ён схапіў абедзвюма рукамі старадаўні ложак і паспрабаваў зрушыць яго з месца, але ён не паддаваўся.

— Дапамажы мне, Джон, — сказаў ён. — Калі табе дарагое жыццё, збяры ўсе свае сілы і дапамажы мне!

З вялікай цяжкасцю зрушылі яны цяжкі дубовы ложак і прыставілі яго да дзвярэй.

— Так яшчэ горш, — сумна сказала Джаана. — Ён прыйдзе да нас цераз патайны ход.

— Не, — адказаў Дзік. — Ён не рашыцца выдаць тайну гэтага хода сваім воінам. Мы самі ўцячом гэтым ходам… Слухай! Напад скончыўся. Ды, бадай, і не было ніякага нападу.

Сапраўды, ніякага нападу не было; проста група воінаў, якая страціла сэра Дэніэла ў час бітвы пры Райзінгэме, вярнулася нарэшце ў замак. Цемра дапамагла ім прайсці праз лес. Іх упусцілі ў браму, і цяпер яны ў двары злазілі з коней пад стук капытоў і звон даспехаў.

— Ён зараз вернецца, — сказаў Дзік. — Хутчэй у патайны ход!

Ён запаліў лямпу, і яны прайшлі ў кут пакоя. Шчыліну адшукаць было няцяжка, таму што праз яе ўсё яшчэ прасочвалася слабае святло. Дзік выбраў самы моцны меч, уставіў яго ў шчыліну і з усёй сілы налёг на дзяржанне. Дошка паддалася і прыўзнялася. Ухапіўшыся за яе рукамі, яны зрушылі яе зусім.

За ёю відаць было некалькі прыступак, на адной з якіх стаяла лямпа, забытая тым, хто прыходзіў забіць Дзіка.

— Ідзі наперад, — сказаў Дзік, — і захапі лямпу. Я пайду за табою і зачыню дзверы.

Яны рушылі ў дарогу. Ледзь Дзік ляпнуў за сабою люкам, як зноў пачуліся грамавыя ўдары, — гэта выбівалі дзверы яго пакоя.

Раздзел IV Патайны ход

Дзік і Джаана апынуліся ў вузкім, брудным і кароткім калідоры. На другім яго канцы былі напаўадчыненыя дзверы — безумоўна, тыя самыя, якія адмыкаў ключом забойца. Са столі звешвалася густая павуціна; самы лёгкі стук крокаў гулка разлягаўся па каменнай падлозе.

За дзвярыма ход раздвойваўся пад прамым вуглом; Дзік павярнуў наўдачу, і яны памчаліся вакол купала капліцы. Пры слабым мігценні лямпы выгнуты купал здаваўся падобным на спіну кіта. Штохвіліны ім трапляліся адтуліны для падглядвання, схаваныя знутры разьбой карніза. Заглянуўшы ў адну з гэтых адтулін, Дзік убачыў каменную падлогу капліцы, алтар з запаленымі васковымі свечкамі і распасцёртага на прыступках перад алтаром сэра Олівера, які маліўся, узняўшы рукі.

Яны абмінулі купал і спусціліся па кароткай лесвіцы. Праход стаў вузейшы. Адна са сцен была драўляная; праз шчыліны сачылася святло і чуўся гул галасоў. Раптоўна Дзік заўважыў круглую дзірачку велічынёй з вока. Ён заглянуў у гэтую дзірачку і ўбачыў залу; шасцёра мужчын у латах сядзелі вакол стала, елі паштэт з дзічыны, прагна запіваючы яго віном. Гэта, відавочна, былі воіны, якія толькі што вярнуліся.

— Тут нам не прайсці, — сказаў Дзік, — паспрабуем вярнуцца.

— Пастой, — спыніла яго Джаана, — можа, там далей ёсць выхад.

І яна пайшла наперад. Але праз некалькі ярдаў праход скончыўся маленькай лесвічкай, і стала зразумела, што, пакуль воіны сядзяць у зале, схавацца гэтым шляхам немагчыма.

Яны з усіх ног пабеглі назад і ўзяліся абследаваць другі праход. Праход гэты быў надзвычай вузкі — праз яго з цяжкасцю ўдавалася праціснуцца; даводзілася бесперастанку падымацца і спускацца па маленькіх лесвічках, на якіх кожную хвіліну яны рызыкавалі зламаць сабе шыю. Нарэшце нават Дзік страціў усялякае ўяўленне аб тым, дзе яны знаходзяцца.

І без таго вузкі праход рабіўся ўсё вузейшы і ніжэйшы; прыступкі вялі ўніз; сцены былі сырыя і ліпкія; аднекуль здалёк чуўся піск пацукоў.

— Мы ў падзямеллі, — сказаў Дзік.

— А выхаду ўсё няма, — дадала Джаана.

— Тут павінен быць выхад! — адказаў Дзік.

Калідор крута павярнуў і праз два-тры крокі скончыўся. У канцы яго было некалькі прыступак, якія вялі наверх. Велізарная каменная пліта перагарадзіла ім шлях; яны з усіх сіл спрабавалі зрушыць яе. Пліта не паддавалася.

— Хтосьці трымае яе, — сказала Джаана.

— Не, — не згадзіўся Дзік. — Нават калі б яе трымаў чалавек у дзесяць разоў дужэйшы за нас, яна хоць крыху, а паддалася б. Але яна нерухомая, як скала. Яна прыціснута чымсьці цяжкім. Тут няма выхада; і павер мне, добры Джон, мы з табой тут палоннікі, усё роўна, як калі б у нас былі кайданы на нагах. Давай сядзем і пагаворым. Трохі счакаўшы, мы вернемся; можа, да таго часу яны забудуць пра нас і нам удасца ўцячы. Але, шчыра сказаць, я пабойваюся, што мы прапалі.

— Дзік! — усклікнула Джаана. — Навошта толькі ты мяне сустрэў! Гэта я, няшчасная і няўдзячная дзяўчына, завяла цябе сюды!

— Што за лухта! — запярэчыў Дзік. — Усё гэта было нам наканавана, а што наканавана, тое і збудзецца, хочам мы гэтага ці не, усё роўна. Чаго там аплакваць лёс. Лепш раскажы мне, што ты за дзяўчына і як ты трапіла ў рукі сэра Дэніэла.

— Я такая ж сірата, як і ты; няма ў мяне ні бацькі, ні маці, — сказала Джаана. — У дадатак я, на сваё, а значыць, і на тваё, няшчасце, багатая нявеста. Мілорд Фоксгэм быў маім апекуном. Але сэр Дэніэл купіў у караля права выдаць мяне замуж і заплаціў за гэтае права вельмі дорага. Я была яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, а ўжо два магутныя і багатыя чалавекі ўступілі паміж сабой у барацьбу за права выдаць мяне замуж! У гэты час адбыўся пераварот, быў прызначаны новы канцлер, і сэр Дэніэл праз галаву лорда Фоксгэма купіў права апякунства нада мной. Потым адбыўся новы пераварот, і лорд Фоксгэм праз галаву сэра Дэніэла купіў права выдаць мяне замуж; да гэтага часу яны працягваюць варагаваць. Але жыла я ўвесь час у лорда Фоксгэма, і ён быў са мной вельмі добры. Нарэшце ён сабраўся выдаць мяне замуж, ці, дакладней, прадаць. Лорд Фоксгэм павінен быў атрымаць за мяне пяцьсот фунтаў стэрлінгаў. Жаніха майго завуць Хэмлі, і якраз заўтра, Дзік, мяне павінны былі з ім заручыць. Калі б не з'явіўся сэр Дэніэл, я выйшла б замуж і ніколі не спаткалася б з табою, Дзік! Мілы Дзік.

Яна ўзяла яго руку і з чароўнай грацыяй пацалавала яе. Дзік паднёс яе руку да сваіх вуснаў і таксама пацалаваў.

— Сэр Дэніэл, — працягвала яна, — украў мяне, калі я гуляла ў садзе, і прымусіў мяне апрануць мужчынскае адзенне, а гэта для жанчыны смяротны грэх. Да таго ж, мужчынскае адзенне мне зусім не пасуе. Ён адвёз мяне ў Кэтлі і, як ты ведаеш, сказаў мне, што я выйду замуж за цябе. Але я цвёрда вырашыла на злосць яму выйсці замуж за Хэмлі.

— А! — крыкнуў Дзік. — Значыць, ты кахала Хэмлі!

— Не, — адказала Джаана. — Я толькі ненавідзела сэра Дэніэла. Але потым, Дзік, ты дапамог мне, ты быў вельмі добры, вельмі смелы, і я супраць волі пакахала цябе. І цяпер, калі нам удасца выратавацца, я з радасцю стану тваёй жонкай. І нават калі злы лёс перашкодзіць мне выйсці за цябе, я ўсё-такі буду кахаць цябе аднаго. Я буду верная табе да таго часу, пакуль б'ецца маё сэрца.

— Пакуль я не сустрэў цябе, я жанчын ні ў грош не ставіў, — сказаў Дзік. — Я прывязаўся да цябе, калі лічыў цябе блазнам. Я пашкадаваў цябе, сам не ведаючы чаму. Я хацеў адлупцаваць цябе папругай, але рука мая апусцілася. А калі ты прызналася, што ты дзяўчына, Джон, — я па-ранейшаму буду зваць цябе Джонам, — я зразумеў, што ты менавіта тая дзяўчына, якая патрэбна мне. Цішэй! — перабіў ён сябе. — Нехта ідзе!

Сапраўды, чыесьці цяжкія крокі гулка грымелі ў праходзе, і цэлыя полчышчы пацукоў замітусіліся з боку ў бок.

Дзік агледзеў свае пазіцыі. Круты паварот калідора даваў значную выгоду. Можна было, не падвяргаючы сябе небяспецы, страляць з-за вугла. Перашкаджала толькі святло лямпы, якая стаяла занадта блізка. Ён выбег уперад, паставіў лямпу пасярод калідора і вярнуўся на сваё месца.

У далёкім канцы калідора з'явіўся Бенет. Відаць, ён ішоў адзін; у руцэ ён нёс факел, таму цэліцца ў Хэтча было вельмі лёгка.

— Стой, Бенет! — крыкнуў Дзік. — Яшчэ адзін крок, і ты будзеш забіты!

— Дык вось вы дзе! — сказаў Хэтч, узіраючыся ў цемру. — Я вас не бачу. Ага! Вы зрабілі разумна, Дзік, — вы паставілі лямпу перад сабой! Значыць, я вучыў вас недарэмна і радуюся, хаця вы, карыстаючыся маімі ўрокамі, збіраецеся прастрэліць маё грэшнае цела! Чаго вы тут? Што вам тут трэба? Чаго вы цэліцеся ў вашага старога добрага сябра? Ах, і паненка з вамі?

— Не, Бенет, пытаць буду я, а ты будзеш адказваць, — сказаў Дзік. — Чаму мне даводзіцца баяцца за сваё жыццё? Чаму да маёй пасцелі падкрадваюцца забойцы? Чаму мне прыходзіцца ўцякаць ад пагоні ў непрыступным замку майго апекуна? Чаму я вымушаны ўцякаць ад людзей, якіх я з дзяцінства прывык лічыць сваімі сябрамі і якім не зрабіў нічога дрэннага?

— Майстар Дзік, майстар Дзік, — сказаў Бенет, — І што я казаў вам? Вы вельмі храбры, але зусім неразумны хлопчык!

— Я бачу, што табе вядома ўсё і што я сапраўды асуджаны, — адказаў Дзік. — Ну што ж! З гэтага месца я не сыду. Няхай сэр Дэніэл возьме мяне, калі можа.

Хэтч памаўчаў крыху.

— Слухайце, — пачаў ён, — я зараз пайду да сэра Дэніэла і раскажу яму, дзе вы знаходзіцеся і што тут робіце. Дзеля гэтага ён мяне сюды і паслаў. Але калі вы не дурань, вы пойдзеце адсюль раней, чым я вярнуся.

— Я даўно б адсюль пайшоў, калі б ведаў як, — сказаў Дзік. — Я не магу зрушыць пліту.

— Суньце руку ў кут і памацайце там, — адказаў Бенет. — А вяроўка Трогмортана ўсё яшчэ ў карычневым пакоі. Бывайце!

Хэтч павярнуўся і знік за паваротам калідора.

Дзік зараз жа ўзяў лямпу і паслухаўся яго парады. У куце аказалася глыбокая западзіна. Дзік сунуў у яе руку, намацаў жалезны прут і моцна тузануў яго. Пачуўся скрып, і каменная пліта раптоўна зрушылася.

Шлях быў свабодны. Яны без асаблівай цяжкасці адчынілі вечка люка і трапілі ў пакой са скляпеністай столлю, якая выходзіла ў двор, дзе два чалавекі, закасаўшы рукавы, чысцілі коней тых воінаў, што нядаўна прыбылі ў замак. Іх асвятлялі дрыготкім святлом два факелы, устаўленыя ў жалезныя кольцы на сцяне.

Раздзел V Як Дзік перайшоў на другі бок

Дзік патушыў лямпу, каб не прыцягваць увагі, падняўся наверх і пайшоў па калідоры. У карычневым пакоі ён знайшоў вяроўку, прывязаную да незвычайна цяжкага старадаўняга ложка. Дзік падышоў да акна і пачаў паволі і асцярожна апускаць вяроўку ў начную цемру. Джаана стаяла побач з ім. Вяроўка апускалася без канца. Мала-памалу страх пахіснуў рашучасць Джааны.

— Дзік, — сказала яна, — няўжо тут так высока? У мяне не хопіць смеласці спусціцца. Я абавязкова ўпаду, добры Дзік.

Дзік уздрыгнуў і выпусціў маток з рук. Канец вяроўкі з плёскатам упаў у роў. І адразу ж вартавы на вежы гучна крыкнуў:

— Хто ідзе?

— А каб на цябе ліха! — усклікнуў Дзік. — Усё прапала. Хутчэй! Хапайся за вяроўку і лезь уніз!

— Я не магу, — прашаптала яна і адхіснулася.

— Калі ты не можаш, не магу і я, — сказаў Шэлтан. — Як я пераплыву роў без тваёй дапамогі? Значыць, ты кідаеш мяне?

— Дзік, — прамовіла яна, задыхаючыся, — я не магу. У мяне няма сілы.

— Тады мы абое загінулі, клянуся небам! — крыкнуў ён, тупнуўшы нагой.

Ён пачуў крокі, што набліжаліся, і кінуўся да дзвярэй, спадзеючыся зачыніць іх.

Але перш чым ён паспеў зрушыць засаўку, чыесьці дужыя рукі з другога боку націснулі на дзверы. Ён змагаўся не болей секунды; затым, адчуваючы сябе пераможаным, кінуўся назад, да акна. Дзяўчына стаяла каля акна, прыхіліўшыся да сцяны; яна была амаль у непрытомным стане. Дзік паспрабаваў падняць яе, але яна бездапаможна павісла ў яго на руках усім целам, як мёртвая.

Людзі, якія перашкодзілі яму зачыніць дзверы, кінуліся на яго. Аднаго ён закалоў кінжалам; астатнія на імгненне бязладна адступілі. Ён скарыстаў сумятню, ускочыў на падаконнік, схапіўся абедзвюма рукамі за вяроўку і слізгануў уніз.

На вяроўцы было шмат вузлоў; яны вельмі аблягчалі спуск, але Дзік так спяшаўся і быў такі нявопытны ў падобных практыкаваннях, што разгойдваўся ў паветры, быццам злачынец на шыбеніцы. То галавой, то рукамі стукаўся ён аб няроўную каменную сцяну. У вушах у яго шумела. Над сабой ён бачыў зоркі, унізе таксама былі зоркі, якія адлюстроўваліся ў вадзе рова і дрыжалі, нібы сухое лісце перад бурай. Потым вяроўка выслізнула ў яго з рук, і ён упаў у ледзяную ваду.

Вынырнуўшы на паверхню, ён злавіў вяроўку, якая ўсё яшчэ разгойдвалася з боку ў бок. Высока над ім, на макаўцы зубчастай вежы, ярка палалі факелы. Барвовае іх зіхаценне асвятляла твар воінаў, якія стоўпіліся за каменнымі зубцамі. Ён бачыў, як яны ўглядваліся ў цемру, стараючыся знайсці яго; але ён быў далёка ўнізе, туды святло не дасягала, і яны шукалі яго дарэмна.

Трымаючыся за вяроўку, што падалася яму дастаткова доўгай, Дзік сяк-так паплыў цераз роў да супрацьлеглага берага. Ён праплыў палавіну шляху, як раптам адчуў, што вяроўка скончылася і наструнілася; яна цягнула яго назад. Выпусціўшы вяроўку, ён з усіх сіл узмахнуў рукамі, спрабуючы ўхапіцца за галіны вярбы, што звісалі над вадою; гэта была тая самая вярба, якая некалькі гадзін назад дапамагла ганцу сэра Дэніэла выбрацца на бераг. Ён апусціўся ў ваду, вынырнуў, зноў апусціўся, зноў вынырнуў, і толькі тады яму ўдалося ўхапіцца за галіну. З хуткасцю маланкі ён ускарабкаўся на дрэва і прыціснуўся да ствала. Вада цурчала па яго вопратцы, ён цяжка дыхаў, усё яшчэ не верачы, што яму ўдалося выратавацца.

Усплёск вады выдаў яго воінам, якія сабраліся на вежы. Стрэлы, працінаючы цемру, сыпаліся вакол як град; з вежы шпурнулі факел; ён бліснуў у паветры і ўпаў каля самай вады, ярка асвяціўшы ўсё кругом. Зрэшты, на шчасце Дзіка, факел падскочыў, перавярнуўся, плюхнуўся ў ваду і патух.

Аднак ён зрабіў сваю справу. Стралкі паспелі разгледзець і вярбу і Дзіка, які схаваўся ў галінах. І хаця Дзік, саскочыўшы на зямлю, з усіх ног пусціўся прэч, яму не ўдалося ўцячы ад стрэл. Адна страла закранула яго плячо, другая параніла ў галаву.

Боль падганяў яго, і Дзік пабег яшчэ шпарчэй. Ён выбраўся на роўнае месца і памчаўся ў цемры, не думаючы аб напрамку.

Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але хутка ён апынуўся па-за іх дасягальнасцю. Калі Дзік спыніўся і азірнуўся, ён быў ужо далёка ад замка Мот; аднак факелы, якія бязладна рухаліся на сцяне замка, усё яшчэ былі бачны.

Ён прыхінуўся да дрэва; кроў і вада струменіліся з яго вопраткі; ён быў адзін, без таварыша, зняможаны ад сінякоў і ран. Але ўсё ж яму ўдалося ўцячы ад смерці на гэты раз. За тое, што Джаана засталася ў руках сэра Дэніэла, ён сябе не дакараў; у гэтым быў вінаваты выпадак, папярэдзіць які было звыш яго волі; да таго ж ён не вельмі баяўся за яе лёс, — сэр Дэніэл жорсткі, але ён не асмеліцца кепска абыходзіцца з дзяўчынай высакароднага паходжання, магутныя заступнікі якой могуць заклікаць яго да адказу. Верагодней за ўсё, ён будзе старацца як можна хутчэй выдаць яе замуж за каго-небудзь са сваіх сяброў.

«Ну, — думаў Дзік, — да таго часу я яшчэ паспею ўтаймаваць гэтага здрадніка. Цяпер мне ўжо няма за што быць яму ўдзячным і я вольны ад усялякіх перад ім абавязацельстваў. Тады я магу варагаваць з ім адкрыта, а ў адкрытай вайне ў кожнага аднолькавы шанс на перамогу».

Пакуль жа ён знаходзіўся ў самым сумным становішчы.

Ён сяк-так брыў праз лес. Раны яго смылелі, вакол было цёмна, ногі чапляліся за густыя зараснікі, думкі блыталіся, і неўзабаве ён быў вымушаны сесці на зямлю і прыхінуцца да дрэва.

Калі ён ачуўся ад сну, падобнага на беспрытомнасць, ноч ужо змянілася перадсвітальнымі прыцемкамі. Халаднаваты ветрык шумеў у лістоце. Гледзячы спрасонку прама перад сабою, Дзік заўважыў, што на адлегласці прыкладна ста ярдаў ад яго штосьці цёмнае разгойдваецца ў галінах. Між тым у лесе пачало прыкметна святлець. Свядомасць Дзіка таксама праяснілася, і ён, нарэшце, зразумеў, што гэта чалавек, павешаны на суку высокага дуба. Галава павешанага была апушчана на грудзі; пры кожным парыве ветру цела яго разгойдвалася, а рукі і ногі тузаліся, як у цацачнага танцора.

Дзік з цяжкасцю падняўся на ногі; хістаючыся, хапаючыся за ствалы дрэў, ён падышоў да павешанага. Сук тырчаў прыблізна за дваццаць футаў ад зямлі, і бядак быў падняты сваімі катамі так высока, што Дзік не мог дастаць рукою нават да яго ботаў; твар яго ў дадатак быў закрыты капюшонам, таму Дзік ніяк не мог пазнаць, хто ён такі.

Дзік паглядзеў направа, налева і заўважыў, што другі канец вяроўкі прывязаны да ўкрытага кветкамі куста глогу, які рос пад густою засенню дуба. Юнак выцягнуў кінжал — адзіную сваю зброю — і перарэзаў вяроўку; труп з глухім стукам упаў на зямлю.

Дзік прыўзняў капюшон; гэта быў Трогмортан, ганец сэра Дэніэла. Недалёка ўдалося яму адысці ад замка! З-пад яго курткі тырчала нейкая папера, якую, відавочна, не заўважылі малайцы «Чорнай стралы». Дзік выцягнуў яе; то было пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.

«Калі зноў будзе пераварот, — падумаў Дзік, — вось гэтым пісьмом я зняслаўлю сэра Дэніэла і, можа, нават прывяду яго на плаху». Ён сунуў паперу сабе за пазуху, прачытаў над мёртвым малітву і пабрыў далей праз лес.

Ён быў вельмі слабы і адчуваў сябе страшэнна стомленым; ногі ў яго падгіналіся; ад страты крыві ў вушах звінела, ён раз-пораз траціў прытомнасць. Доўга кружыўся і блудзіў Дзік, але нарэшце выйшаў на вялікую дарогу і апынуўся непадалёку ад вёскі Тэнстол.

Грубы голас загадаў яму спыніцца.

— Спыніцца? — паўтарыў Дзік. — Клянуся небам, я амаль падаю.

І ў пацвярджэнне сваіх слоў ён зваліўся на дарогу.

З гушчару выйшлі двое мужчын, абодва ў зялёных лясных куртках, абодва з лукамі, калчанамі і кароткімі мячамі.

— Лоўлес, — сказаў маладзейшы, — гэта ж сын Гары Шэлтана!

— Ага, Джон Помшчу-за-ўсіх будзе задаволены, — сказаў другі. — Э, ды ён пабываў у баі. На галаве ў яго рана, ён страціў нямала крыві.

— Плячо таксама прабіта, — дадаў Грыншыў. — Яму, відаць, здорава перапала. Як ты думаеш, хто гэта яго так адхвастаў? Калі хто-небудзь з нашых, дык няхай моліцца Богу: Эліс узнагародзіць яго кароткай споведдзю і доўгай вяроўкай.

— Падымай шчанюка, — сказаў Лоўлес. — Кладзі мне яго на спіну.

Закінуўшы Дзіка сабе на плечы і трымаючы яго за рукі, былы манах дадаў:

— Заставайся на варце, брат Грыншыў. Я дацягну яго адзін.

Грыншыў вярнуўся ў засаду каля дарогі, а Лоўлес марудна пабрыў уніз па схіле пагорка, несучы на плячах Дзіка, які так і не апрытомнеў. Сонца ўжо ўзышло, калі Лоўлес выбраўся на ўскраек лесу і ўбачыў за ярам вёску Тэнстол. Усё, здавалася, было спакойным, толькі з абодвух бакоў дарогі каля самага моста ляжалі стралкі; іх было чалавек дзесяць. Убачыўшы Лоўлеса з яго ношай, яны, як і належыць сапраўдным вартавым, нацягнулі лукі.

— Хто ідзе? — крыкнуў іх камандзір.

— Уіл Лоўлес, клянуся распяццем; і ты ведаеш мяне як свае пяць пальцаў, — адказаў расстрыга пагардліва.

— Скажы пароль, Лоўлес! — запатрабаваў камандзір.

— Ты дурань, і няхай паможа табе неба, — адказаў Лоўлес. — Хіба ты не пазнаеш мяне? Усе вы звар'яцелі на гульні ў салдацікі. Калі жывеш у лесе, трэба жыць па-лясному; і вось вам мой пароль: кукіш!

— Лоўлес, ты паказваеш кепскі прыклад. Скажы пароль, дурань! — крыкнуў камандзір.

— А калі я яго забыў? — сказаў Лоўлес.

— Хлусіш, не забыў; а калі забыў, я ўсаджу стралу ў тваё тлустае чэрава, клянуся небам! — адказаў камандзір.

— Бачу я, вы не разумееце жартаў, — сказаў Лоўлес. — Дык вось вам пароль: «Дэкуорт і Шэлтан», а вось і карцінка да гэтага пароля: Шэлтан у мяне на спіне, і я нясу яго да Дэкуорта.

— Праходзь, Лоўлес, — сказаў дазорца.

— А дзе Джон? — спытаў манах.

— Вяршыць суд і збірае чынш, быццам пан! — адказаў вартавы.

Так яно і было. Калі Лоўлес дайшоў да харчэўні, што стаяла ў сярэдзіне сяла, ён убачыў Эліса Дэкуорта, акружанага сялянамі сэра Дэніэла. Ён вельмі спакойна збіраў з сялян чынш і выдаваў ім распіскі ў атрыманні грошай. Відаць было, што сялянам гэта зусім не падабаецца, — яны выдатна разумелі, што ім давядзецца плаціць яшчэ раз.

Калі даведаўся, каго прынёс Лоўлес, Эліс зараз жа адпусціў сялян. Твар яго выказваў і жывое спачуванне, і трывогу; ён загадаў аднесці Дзіка ў задні пакой харчэўні. Там юнаку перавязалі раны і самымі простымі сродкамі прывялі яго ў прытомнасць.

— Мілы хлопчык, — сказаў Эліс, паціскаючы яму руку, — ты знаходзішся ў гасцях у сябра, які любіў твайго бацьку і ў памяць аб ім любіць цябе. Адпачні крыху, ты яшчэ не зусім апрытомнеў. А потым ты раскажаш мне ўсё, што з табой здарылася, і мы разам падумаем, як дапамагчы табе.

Гадзіны праз дзве, калі Дзік, усё яшчэ вельмі слабы, трошкі выспаўся, Эліс падсеў на яго ложак і папрасіў імем яго бацькі расказаць, як ён уцёк з Тэнстолскага замка Мот. У шырокіх плячах Эліса было столькі сілы, на смуглым твары столькі сумлення, у вачах столькі розуму і яснасці, што Дзік адразу яму падпарадкаваўся і падрабязна расказаў пра ўсе свае прыгоды за апошнія дні.

— Святыя аберагаюць цябе, Дзік Шэлтан, — сказаў Эліс, калі юнак скончыў. — Яны не толькі вывелі цябе жывым і здаровым з усіх бедаў і небяспек, але ў дадатак прывялі цябе да чалавека, які больш за ўсё на свеце хоча аказаць дапамогу табе. Будзь мне верны, — а я ўпэўнены, што ты чалавек верны, — і мы з табой даб'ёмся смерці паскуднага здрадніка.

— Вы збіраецеся ўзяць яго замак штурмам? — спытаў Дзік.

— Браць замак штурмам — гэта вар'яцтва, — адказаў Эліс. — У замку ён дужа моцны; у яго багата воінаў. Учора міма мяне праслізнуў цэлы атрад — той самы, з'яўленне якога цябе выратавала, — і цяпер сэр Дэніэл знаходзіцца пад надзейнай аховай. Не, Дзік, нам з табою і нашым слаўным лучнікам трэба як мага хутчэй выбрацца адсюль і пакінуць сэра Дэніэла ў спакоі.

— Мяне трывожыць лёс Джааны, — сказаў хлопчык.

— Лёс Джааны? — перапытаў Дэкуорт. — А, разумею, лёс гэтай дзяўчынкі! Абяцаю табе, Дзік, што калі пойдуць чуткі аб вяселлі, мы будзем дзейнічаць без прамаруджвання. А да таго часу мы ўсе знікнем, як цені на світанні. Сэр Дэніэл будзе глядзець на ўсход, будзе глядзець на захад і нідзе не знойдзе ворагаў; клянуся небам, ён вырашыць, што мы яму толькі прысніліся. Але нашы з табою чацвера вачэй, Дзік, будуць уважліва сачыць за ім, і нашы чатыры рукі — хай дапаможа нам святое анёльскае воінства! — адолеюць здрадніка.

Праз два дні гарнізон замка Мот настолькі ўзмацніўся, што сэр Дэніэл рашыўся на вылазку і на чале сарака вершнікаў праехаў, не сустрэўшы супраціўлення, да вёскі Тэнстол. Ні адна страла не праляцела; ні аднаго чалавека не знайшлі ў лесе; мост нікім не ахоўваўся. Калі праехалі цераз мост, сэр Дэніэл убачыў сялян, якія баязліва глядзелі на яго з дзвярэй сваіх хатак.

Раптам адзін з іх, набраўшыся храбрасці, выйшаў наперад, зрабіў нізкі паклон і падаў рыцару якоесьці пісьмо. Сэр Дэніэл пачаў чытаць, і твар яго спахмурнеў. Вось што ён прачытаў:

«Каварнаму і жорсткаму джэнтльмену, сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару.

Цяпер я ведаю, што вы вялі сябе каварна і подла з самага пачатку. Кроў майго бацькі на вашых руках; адмыць яе вам не ўдасца. Папярэджваю вас, што надыдзе дзень, калі вы загінеце ад маёй рукі. Папярэджваю вас яшчэ, што, калі вы паспрабуеце выдаць замуж высакародную даму панну Джаану Сэдлі, з якой я сам пакляўся ажаніцца, дзень гэты надыдзе хутка. Першы ваш крок да наладжвання яе вяселля будзе першым вашым крокам да магілы.

Рыч. Шэлтан»

Загрузка...