Кніга трэцяя МІЛОРД ФОКСГЭМ

Раздзел I Дом на беразе

З таго дня, калі Рычард Шэлтан вырваўся з рук свайго апекуна, прайшло некалькі месяцаў. Нямала падзей, даволі важных для Англіі, адбылося за гэтыя некалькі месяцаў. Ланкастэрская партыя, якая амаль ужо загінула, зноў падняла галаву. Прыхільнікі Йоркскага дома былі разбіты, іх правадыр засечаны насмерць, і да зімы ўжо здавалася, што Ланкастэрскаму дому ўдалося ўзвысіцца над усімі сваімі ворагамі. Невялікі гарадок Шорбі-на-Ціле быў поўны ланкастэрскіх вяльможаў, што з'ехаліся з ваколіц. Былі тут і граф Райзінгэм з трыма сотнямі воінаў, і лорд Шорбі з дзвюма сотнямі, і сам сэр Дэніэл, магутны, як раней, разбагацелы ад новых канфіскацый; ён жыў ва ўласным доме на галоўнай вуліцы з шасцю дзесяткамі воінаў. Словам, адбыўся новы пераварот.

Быў цёмны студзеньскі вечар; дзьмуў вецер, мароз рабіўся ўсё мацнейшы; да раніцы можна было чакаць снегу.

У невялікай карчомцы, размешчанай у адным з завулкаў, што вялі ў гавань, сядзелі тры чалавекі, запіваючы элем наспех прыгатаваную яечню. Гэта былі дужыя здаровыя людзі з абветранымі тварамі, з моцнымі рукамі, са смелымі вачыма; і хаця яны былі апрануты, як простыя сяляне, нават п'яны салдат падумаў бы двойчы, перш чым пачаць з імі сварку.

Непадалёку ад іх перад ярка палаючым камінам сядзеў малады чалавек, амаль хлопчык; хаця ён таксама быў апрануты па-сялянску, відаць было, што ён чалавек добрага паходжання і варты насіць шпагу.

— Мне гэта не падабаецца, — сказаў адзін з тых, што сядзелі за сталом. — Усё скончыцца кепска. Тут не месца для вясёлых хлопцаў. Вясёлыя хлопцы любяць вёску, густы лес і каб вакол было не надта многа ворагаў; а горад імі кішма кішыць. І вось убачыце, раніцай яшчэ, як на бяду, снег пойдзе.

— А ўсё дзеля майстра Шэлтана, — сказаў другі і кіўнуў на юнака, які сядзеў перад агнём.

— Я на многае згодзен дзеля майстра Шэлтана, — запярэчыў першы. — Але трапіць дзеля яго на шыбеніцу — не, братва, я не жадаю!

Дзверы карчмы расчыніліся; якісьці чалавек забег у пакой і падышоў да юнака, што сядзеў перад агнём.

— Майстар Шэлтан, — сказаў ён, — сэр Дэніэл выйшаў з дому з двума факельшчыкамі і чатырма стралкамі.

Дзік (то быў наш юны друг) адразу падхапіўся.

— Лоўлес, — сказаў ён, — ты зменіш Джона Кэпера на назіральным пасту. Грыншыў, ідзі за мною. Кэпер, вядзі нас. Мы не адстанем ад сэра Дэніэла ні на крок, хоць бы ён ішоў да самага Йорка.

Праз імгненне ўсе пяцёра былі на цёмнай вуліцы. Кэпер — так звалі новапрыбыўшага — паказаў ім два факелы, якія трапяталіся ўдалечыні ад ветру.

Горад ужо моцна спаў; непрыкметна рухацца за маленькім атрадам па пустых вуліцах было зусім няцяжка. Факельшчыкі крочылі наперадзе; за імі ішоў чалавек у доўгім, раскрыленым на ветры плашчы; ззаду крочылі стралкі, трымаючы лукі напагатове. Па крывых, заблытаных завулках яны хутка рухаліся да берага.

— Ён кожную ноч ходзіць у той бок? — шэптам спытаў Дзік.

— Трэцюю ноч запар, майстар Шэлтан, — адказаў Кэпер. — І кожны раз у адзін і той жа час; і заўсёды з вельмі маленькай світай, быццам хоча, каб аб гэтым ведала як найменш народу.

Сэр Дэніэл і яго спадарожнікі выйшлі на ўскраіну горада. Шорбі не быў абнесены сцяной, і, хаця ланкастэрскія лорды, што заселі ў ім, трымалі каравулы на ўсіх вялікіх дарогах, з яго можна было выйсці маленькімі завулачкамі або нават проста праз поле.

Завулак, па якім ішоў сэр Дэніэл, раптоўна скончыўся. Наперадзе ўзвышалася пясчаная дзюна, а збоку шумеў марскі прыбой. Тут не было ні вартавых, ні агнёў.

Дзік і абодва яго спадарожнікі амаль параўняліся з сэрам Дэніэлам. Гарадскія пабудовы скончыліся, і ўдалечыні яны ўбачылі факел, што рухаўся ім насустрач.

— Эге, — сказаў Дзік. — Тут пахне здрадай!

Тым часам сэр Дэніэл спыніўся. Факелы ўторкнулі ў пясок, а людзі леглі побач, быццам чакаючы кагосьці.

Тыя, каго яны чакалі, наблізіліся. Гэта быў маленькі атрад, які складаўся ўсяго з чатырох чалавек: двух стралкоў, слугі з факелам і джэнтльмена ў плашчы.

— Гэта вы, мілорд? — аклікнуў яго сэр Дэніэл.

— Але, гэта я. Я самы бясстрашны рыцар на свеце, таму што іншыя рыцары змагаюцца з веліканамі, чарадзеямі або язычнікамі, а я не збаяўся схапіцца з гэтым праклятым холадам, які страшней за ўсіх язычнікаў, разам узятых! — адказаў правадыр другога атрада.

— Мілорд, — сказаў сэр Дэніэл, — прыгажуня ўзнагародзіць вас за ўсе нягоды. Але ці не лепей выправіцца нам у шлях? Чым хутчэй вы ўбачыце мой тавар, тым хутчэй мы абодва вернемся дамоў.

— Навошта вы яе трымаеце тут, слаўны рыцар? — спытаў незнаёмец. — Калі яна такая маладая, такая цудоўная, такая багатая, чаму ж вы не дазваляеце ёй наведваць свет? Вы і замуж яе выдалі б намнога хутчэй і не рызыкавалі б адмарозіць сабе пальцы або нарвацца на стралу, разгульваючы ў цемры ў такую непрыдатную для прагулак пагоду.

— Я ўжо тлумачыў вам, мілорд, — адказаў сэр Дэніэл, — што прычыны, якімі я кіруюся, тычацца аднаго мяне. Не стану вам расказваць, у чым справа. Але калі вам надакучыў ваш стары прыяцель Дэніэл Брэклі, раструбіце ўсяму свету, што збіраецеся ажаніцца з Джаанай Сэдлі, і, даю вам слова, вы хутка ад мяне пазбавіцеся. Аб гэтым паклапоціцца страла, загнаная мне ў спіну.

Абодва джэнтльмены паспешліва крочылі па пустэльным полі. Перад імі неслі тры факелы, полымя якіх мітусілася на ветры, раскідваючы дым і іскры; стралкі замыкалі шэсце.

Дзік ішоў за імі ўслед; ён, канечне, не чуў ні слова з размовы двух джэнтльменаў, але ў незнаёмцы ён пазнаў старога лорда Шорбі, аб норавах якога расказвалі многа чаго кепскага; нават сэр Дэніэл і той не раз дакараў яго на людзях.

Яны выйшлі на бераг. У паветры пахла соллю; шум прыбою ўзмацніўся; тут, у вялікім садзе, акружаным сцяной, стаяў маленькі двухпавярховы домік з канюшнямі і іншымі службамі.

Факельшчык, які ішоў наперадзе, адамкнуў у сцяне брамку і, калі ўсе зайшлі ў сад, замкнуў яе з сярэдзіны на замок.

Такім чынам, Дзік і яго таварышы былі пазбаўлены магчымасці ісці далей; яны маглі б, канечне, пералезці цераз сцяну, але асцерагаліся трапіць у пастку.

Яны схаваліся ў зарасніках жаўтазелю і пачалі чакаць. Чырвонае святло факелаў увесь час рухалася за сцяною, — відаць, факельшчыкі старанна вартавалі сад.

Праз дваццаць хвілін абодва джэнтльмены выйшлі з саду. Далікатна раскланяўшыся, сэр Дэніэл і бароны пайшлі па дамах, кожны са сваёй світай і сваімі факеламі.

Ледзь вецер аднёс гук іх крокаў, Дзік паспешліва падхапіўся на ногі: ён вельмі змерз.

— Кэпер, падсадзі мяне на сцяну, — сказаў ён.

Яны ўтрох падышлі да сцяны. Кэпер нагнуўся. Дзік залез яму на плечы і забраўся на сцяну.

— Грыншыў, — прашаптаў Дзік, — лезь за мной; ляжы на сцяне плазам, каб цябе не заўважылі. Калі на мяне нападуць, ты мне дапаможаш.

З гэтымі словамі ён саскочыў у сад.

Было цёмна, як у магіле; ні ў адным акне не гарэла святло. Вецер пранізліва свістаў у голых кустах; прыбой з шумам навальваўся на бераг; болей нічога не было чуваць. Дзік асцярожна поўз наперад, блытаючыся ў прутах і намацваючы дарогу рукамі; нарэшце ў яго пад нагамі захрабусцеў гравій, і ён зразумеў, што выбраўся на алею.

Ён спыніўся, выняў з-пад плашча арбалет, зарадзіў яго і рашуча падаўся наперад. Алея прывяла яго да пабудоў.

Пабудовы былі старыя, напаўразбураныя; аканіцы на вокнах ледзь трымаліся; стайня была пустая, і дзверы яе расчынены насцеж; на сенавале — ні шматка сена, у жытніцы — ні зярнятка. Можна было падумаць, што тут ніхто не жыве, але ў Дзіка былі падставы не верыць першаму ўражанню. Ён працягваў агляд: заходзіў ва ўсе службы, спрабаваў адчыніць кожнае акно. Нарэшце, калі абышоў вакол, ён выбраўся да таго боку дома, які быў звернуты да мора; і сапраўды, у акне другога паверха бачылася слабае святло.

Ён крыху адышоў, і яму падалося, быццам па сцяне рухаюцца якіясьці цені. Ён тут жа ўспомніў, што ў стайні рука яго ў цемры наткнулася на лесвіцу; ён збегаў па яе не марудзячы. Лесвіца была вельмі кароткая, але, стоячы на верхняй прыступцы, Дзік дастаў рукамі жалезныя краты акна і, падцягнуўшыся, заглянуў усярэдзіну.

У пакоі знаходзіліся дзве жанчыны; адну з іх ён пазнаў адразу — гэта была пані Хэтч; другая — высокая, прыгожая, важная маладая лэдзі ў доўгай сукенцы, упрыгожанай вышыўкай, — няўжо гэта Джаана Сэдлі? Няўжо гэта яго лясны таварыш Джон, якога ён збіраўся адлупцаваць папругай?

Здзіўлены, ён апусціўся на верхнюю прыступку лесвіцы. Ніколі ён не думаў, што яго каханая такая цудоўная! Яго раптоўна ахапіла сумненне, ці можа яна яго кахаць. Але раздумваць было некалі. Зусім побач хтосьці ціха вымавіў:

— Тсс!

Дзік саскочыў з лесвіцы.

— Хто тут? — шэптам спытаў ён.

— Грыншыў, — гэтак жа ціха пачулася ў адказ.

— Што табе трэба? — спытаў Дзік.

— За домам сочаць, майстар Шэлтан, — адказаў разбойнік. — Не мы адны тут каравулім. Лежачы на сцяне, я заўважыў людзей, якія бадзяюцца ў змроку, і чуў, як яны ціхенька перасвістваюцца.

— Дзіўна! — сказаў Дзік. — Гэта людзі сэра Дэніэла?

— У тым жа і справа, што не, сэр, — адказаў Грыншыў. — Калі мяне не падманваюць вочы, у кожнага з іх на капелюшы белы значок з цёмнымі палоскамі.

— Белы з цёмнымі палоскамі? — перапытаў Дзік. — Клянуся небам, не ведаю я такога значка. У нашых мясцінах такіх значкоў няма. Ну, калі так, паспрабуем як мага цішэй выбрацца з гэтага саду; тут мы абараняцца не зможам. Дом, безумоўна, ахоўваюць людзі сэра Дэніэла, і ў мяне няма ніякай ахвоты трапіць паміж двух агнёў. Вазьмі лесвіцу; трэба паставіць яе на месца.

Яны аднеслі лесвіцу ў стайню і навобмацак дабраліся да сцяны.

Кэпер падаў ім зверху руку і зацягнуў на сцяну спачатку аднаго, потым другога.

Яны бязгучна саскочылі на зямлю і не парушалі маўчання, пакуль не апынуліся зноў у зарасніках жаўтазелю.

— Джон Кэпер, — сказаў Дзік, — бяжы на ўсю моц у Шорбі. Прывядзі сюды зараз жа ўсіх, каго зможаш сабраць. Мы сустрэнемся тут. Калі ж людзі разбрыліся ў розныя бакі і сабраць іх удасца толькі да світання, мы сустрэнемся дзе-небудзь бліжэй да горада, скажам, каля самага ўвахода ў яго. Я застануся тут з Грыншывам і буду сачыць за домам. Бяжы з усіх ног, Джон Кэпер, і няхай дапамогуць табе святыя! А цяпер, Грыншыў, — дадаў ён, калі Кэпер знік, — абыдзем вакол саду. Я хачу паглядзець, ці не падманулі цябе твае вочы.

Стараючыся трымацца воддаль ад сцяны і скарыстоўваючы кожнае ўзвышэнне і кожную западзіну, яны прайшлі ўздоўж дзвюх сцен саду і нікога не заўважылі. Трэці бок садовай сцяны цягнуўся ўздоўж берага, і, каб не падыходзіць да яе надта блізка, яны пайшлі па пяску. Нягледзячы на тое, што прыліў яшчэ толькі пачынаўся, прыбой быў такі моцны, а пясчаны бераг такі пляскаты, што Дзіку і Грыншыву пры кожнай хвалі даводзілася да костачак, а то і да калень апускацца ў салёную ледзяную ваду Нямецкага мора.

Раптам на белізне садовай сцяны ўзнікла, быццам цень, фігура чалавека, які рабіў абедзвюма рукамі нейкія знакі. Чалавек упаў на зямлю, але зараз жа крыху воддаль падняўся другі і паўтарыў тыя ж самыя знакі. Так, быццам бязмоўны пароль, гэтыя знакі абышлі вакол усяго абложанага саду.

— Яны добра каравуляць, — прашаптаў Дзік.

— Вернемся на сушу, добры майстар Шэлтан, — адказаў Грыншыў. — Тут няма дзе схавацца. Нас няцяжка ўбачыць: усялякі раз, калі наплыве хваля, нашы фігуры можна заўважыць на фоне белай пены.

— Ты маеш рацыю, — сказаў Дзік. — Хутчэй на сушу!

Раздзел II Бой у змроку

Калі добра прамоклі і змерзлі, Дзік з Грыншывам вярнуліся ў зараснікі жаўтазелю.

— Малю Бога, каб Кэпер паспеў у самы час! — сказаў Дзік. — Калі ён вернецца не пазней як праз гадзіну, я пастаўлю свечку перад абразом святой Марыі Шарбійскай.

— Чаго вы так спяшаецеся, майстар Дзік? — спытаў Грыншыў.

— Як жа мне не спяшацца, дружа, — адказаў Дзік. — У гэтым доме жыве тая, якую я кахаю. А хто гэтыя людзі, што тайна падсцерагаюць яе ноччу? Канечне ж, ворагі.

— Калі Джон вернецца хутка, мы адразу расправімся з імі, — сказаў Грыншыў. — Іх тут не болей за сорак чалавек; я мяркую па тым, як рэдка расстаўлены ў іх вартавыя, і наш атрад з дваццаці чалавек разгоніць іх, быццам вераб'ёў. Аднак падумайце самі, майстар Дзік: ад таго, што яна з рук сэра Дэніэла трапіць у нашыя рукі, ёй горш не будзе. Цікава, канечне, даведацца, хто гэта за ёю віжуе.

— Я падазраю лорда Шорбі, — адказаў Дзік. — Калі з'явіліся гэтыя людзі?

— Яны падышлі, майстар Дзік, — сказаў Грыншыў, — ледзь вы пералезлі цераз сцяну. Не праляжаў я на сцяне і хвіліны, як раптам заўважыў першага з іх: ён асцярожна выпаўзаў з-за вугла.

Святло ў доме патухла яшчэ тады, калі яны брылі па хвалях, і цяпер немагчыма было ўгадаць наперад, ці хутка людзі, што акружылі сад, адважацца напасці на дом. З дзвюх бед Дзік выбраў меншую. Не дай Бог, калі Джаана трапіць у лапы да лорда Шорбі. Не, няхай ужо лепш яна застанецца ў сэра Дэніэла. І Дзік цвёрда вырашыў прыйсці на дапамогу акружаным, калі на дом будзе зроблены напад.

Але час ішоў, а на дом ніхто не нападаў. Кожную чвэрць гадзіны ўздоўж садовай сцяны перадаваліся ўсё тыя ж сігналы, быццам важак нападаючых хацеў пераканацца, ці не спяць яго вартавыя; вакол дома было спакойна і ціха.

Паступова да Дзіка пачалі падыходзіць падмацаванні. Задоўга да світання вакол яго ў зарасніках жаўтазелю сабралася ўжо каля дваццаці чалавек.

Дзік падзяліў іх на два няроўныя атрады; маленькі атрад ён узяў сабе, а камандзірам большага прызначыў Грыншыва.

— Слухай, Кіт, — сказаў ён Грыншыву, — пастаў сваіх людзей каля бліжэйшага рога садовай сцяны, якая выходзіць на бераг, і чакай, пакуль не пачуеш, што я пачаў напад з другога боку саду. Я хачу напасці на іх з боку мора, таму што там, верагодна, знаходзіцца іх правадыр. Астатнія разбягуцца. І няхай бягуць. Помніце, хлопцы: страляць не трэба — вы можаце трапіць у сваіх. Спадзявайцеся на свае мячы і толькі на мячы. Калі мы пераможам, я, як толькі вярну сабе свой маёнтак, кожнаму з вас дам па чырвонцу.

Самыя храбрыя і самыя ўмелыя ў ваенным рамястве людзі, што апынуліся сярод гэтых зламаных жыццём людзей — зладзеяў, забойцаў і збяднелых сялян, якіх склікаў да сябе Дэкуорт для ажыццяўлення сваіх помслівых задум, — добраахвотна выправіліся разам з Рычардам Шэлтанам у Шорбі. Ім надакучыла сядзець у горадзе, высочваючы сэра Дэніэла, і многія з іх пачалі ўжо бунтаваць і пагражалі пайсці. Цяпер жа, даведаўшыся, што іх чакае гарачая сутычка і, можа, нават здабыча, яны акрыялі духам і пачалі весела рыхтавацца да бітвы.

Яны скінулі свае доўгія плашчы; пад плашчамі ў іх былі зялёныя кафтаны, а ў іншых — трывалыя скураныя курткі; пад шапкамі многія з іх насілі жалезныя шлемы; узбраенне іх складалася з мячоў, кінжалаў, рагацін і тузіна бліскучых алебард. Такой зброяй можна было змагацца нават з рэгулярнымі войскамі феадалаў. Схаваўшы лукі, калчаны і плашчы ў кустах жаўтазелю, абодва атрады рашуча пайшлі наперад.

Дзік абышоў вакол саду, расставіў шасцярых сваіх воінаў за дваццаць ярдаў ад садовай сцяны і сам стаў перад імі. З дружным крыкам кінуліся яны на ворагаў.

Ворагі былі раскінутыя па вялікай прасторы, яны адубелі ад холаду і, калі іх засталі знянацку, падхапіліся на ногі і разгублена азіраліся. Не паспелі яны акрыяць духам і зразумець, што за сілы ў праціўніка, як з другога канца саду да іх даляцеў такі ж крык. Не сумняваючыся ў сваім паражэнні, яны кінуліся наўцёкі.

Абодва атрады «Чорнай стралы» з двух бакоў падышлі да сцяны, якая цягнулася ўздоўж мора; гэтым яны адрэзалі магчымасць адступлення частцы варожага войска; астатнія варожыя воіны пусціліся наўцёкі хто куды і зніклі ў мораку.

Аднак бітва яшчэ толькі пачыналася. Дзік са сваімі бадзягамі напаў на праціўніка нечакана, і ў гэтым заключалася яго перавага; але тых, хто абараняўся, было намнога больш, чым тых, хто нападаў. Між тым пачаўся прыліў; бераг ператварыўся ў вузкую палоску. У цемры паміж морам і садовай сцяной пачалася лютая сутычка не на жыццё, а на смерць, і цяжка было сказаць, чым яна скончыцца.

Незнаёмцы былі добра ўзброены; яны моўчкі пачалі абараняцца; змаганне раздзялілася на шэраг асобных сутычак. Дзік, які кінуўся ў бітву першы, біўся з трыма ворагамі: аднаго з іх ён зваліў адразу, але двое іншых напалі на яго з такім імпэтам, што ён ледзь было не адступіў. Адзін з гэтых двух нападаючых быў велізарны мужчына, амаль велікан. Трымаючы абедзвюма рукамі вялізны меч, ён размахваў ім, як лёгкай палкай. Змагаючыся з такім даўгарукім праціўнікам, Дзік, узброены алебардай, адчуваў сябе безабаронным; калі б і другі праціўнік нападаў гэтак жа горача, гібель юнака была б непазбежнай. Але гэты другі праціўнік, ніжэйшы ростам і менш жвавы, раптам спыніўся, углядваючыся ў цемру і прыслухоўваючыся да шуму бітвы.

Дзік адступаў перад веліканам, чакаючы зручнага выпадку, каб нанесці ўдар. Лязо велізарнага мяча бліснула над ім і апусцілася. Дзік адхіснуўся ўбок і скочыў уперад, наўдачу секануўшы сваёй алебардай. Пачуўся аглушальны крык і, перш чым паранены паспеў узняць свой страшны меч, Дзік двойчы ўдарыў яго і паваліў на зямлю.

Цяпер у Дзіка застаўся толькі адзін праціўнік, змагацца з якім можна было на роўных умовах. Яны былі амаль аднолькавага росту; праціўнік Дзіка цудоўна валодаў майстэрствам адбіваць удары. Ён быў узброены мячом і кінжалам, а ў Дзіка была толькі алебарда; затое Дзік быў намнога спрытнейшы за яго. Спачатку ні той, ні другі не мог дабіцца перавагі; але старэйшы з праціўнікаў быў больш вопытны за маладога і вёў яго туды, куды хацеў. І раптам Дзік заўважыў, што яны змагаюцца па калені ў вадзе сярод успененых хваляў. Тут увесь яго спрыт стаў непатрэбным — ён быў цалкам ва ўладзе ворага. Таварышы Дзіка былі далёка, а ўмелы праціўнік прымушаў яго адступаць усё далей у мора.

Дзік сціснуў зубы. Ён вырашыў як мага хутчэй скончыць барацьбу, і, калі хваля адхлынула, агаліўшы на імгненне дно, ён кінуўся ўперад, адбіў алебардай удар мяча і схапіў праціўніка за горла. Той паваліўся ніцма, і Дзік упаў на яго; хваля, што зноў набегла, заліла пераможанага. Пакуль ён ляжаў пад вадой, Дзік выхапіў у яго з рук кінжал і падняўся, поўны гонару за сваю перамогу.

— Здавайцеся! — сказаў ён. — Дарую вам жыццё.

— Здаюся, — сказаў той, падымаючыся на калені. — Вы змагаецеся, як змагаюцца ўсе зусім яшчэ маладыя людзі, — няўмела і неабдумана, але, клянуся святымі, адважна!

Дзік выйшаў на бераг. Начны бой усё яшчэ працягваўся, і ўсё яшчэ нельга было сказаць, на чыім баку застанецца перамога. Праз гул прыбою чуліся ўдары сталі аб сталь, стогны параненых і пераможныя клікі тых, хто наступаў.

— Завядзіце мяне да свайго камандзіра, малады чалавек, — сказаў пераможаны рыцар. — Пара спыніць гэтую бойню.

— Сэр, — адказаў Дзік, — у гэтых храбрацоў ёсць толькі адзін камандзір, і ён стаіць перад вамі.

— Дык адзавіце сваіх малайцоў, а я загадаю сваім слугам спыніцца, — сказаў пераможаны рыцар.

У яго голасе і манеры трымацца было столькі высакароднасці, што Дзік не баяўся падману.

— Кідайце зброю! — крыкнуў незнаёмы рыцар. — Я здаўся, і мне абяцана жыццё.

Гэта было сказана так уладарна, што бітва заціхла адразу.

— Лоўлес, — крыкнуў Дзік, — ты цэлы?

— Цэлы і здаровы, — адгукнуўся Лоўлес.

— Запалі ліхтар, — загадаў Дзік.

— Хіба тут няма сэра Дэніэла? — спытаў рыцар.

— Сэра Дэніэла? — перапытаў Дзік. — Малю Бога, каб яго тут не было. Калі б ён быў тут, мне давялося б кепска.

— Вам давялося б кепска, высакародны рыцар? — перапытаў нядаўні праціўнік. — Як жа так? Хіба вы не прыхільнік сэра Дэніэла? Клянуся, я нічога не разумею. Навошта ж вы, у такім разе, напалі на мой атрад? З-за чаго нам было сварыцца, мой юны і надзвычай гарачлівы друг? Каб закончыць з усімі непаразуменнямі, адкрыйце мне імя таго дастойнага джэнтльмена, якому я здаўся ў палон.

Але перш чым Дзік паспеў адказаць, зусім побач пачуўся чыйсьці голас. Дзік змог разгледзець у цемры, што ва ўладальніка голасу быў белы з чорнымі палоскамі значок і што ён звяртаўся да свайго начальніка з незвычайнай пашанай.

— Мілорд, — сказаў ён, — калі гэтыя джэнтльмены — ворагі сэра Дэніэла, то, сапраўды, вельмі шкада, што мы ўступілі з імі ў бой. Але будзе яшчэ горш, калі мы застанёмся тут. Людзі, якія каравуляць дом, не памерлі і не аглухлі. Яны не маглі не чуць, як мы тут б'ёмся цэлую чвэрць гадзіны, і ўжо, канечне, паведамілі ў горад; калі мы зараз жа не пойдзем адсюль, нам давядзецца змагацца з новым ворагам.

— Хокслі мае рацыю, — сказаў лорд. — Якое вы прымеце рашэнне, сэр? Куды мы павінны ісці?

— Куды вам заўгодна, мілорд, — сказаў Дзік. — Я пачынаю думаць, што мы з вамі можам нават пасябраваць. Я адрэкамендаваўся вам трохі грубавата, і мне не хацелася б, каб нашы далейшыя адносіны былі падобны на наша першае знаёмства. Нам трэба расстацца, мілорд. Дык паціснем на развітанне адзін аднаму рукі; а ў прызначаны вамі час і ў прызначаным вамі месцы мы сустрэнемся зноў і аб усім дамовімся.

— Вы надта даверлівы, мой хлопчык, — сказаў рыцар. — Але на гэты раз ваша даверлівасць не прычыніць вам зла. Я сустрэнуся з вамі на світанні каля крыжа Святой Дзевы. Сябры, за мной!

Незнаёмцы зніклі ў мораку з падазронай хуткасцю. Пакуль разбойнікі па сваім звычаі рабавалі мерцвякоў, Дзік апошні раз абышоў вакол садовай сцяны, каб зірнуць на фасад дома. У маленькім паддашкавым акенцы зіхацела святло; гэтае святло, верагодна, было добра відаць з задніх акон гарадскога дома сэра Дэніэла. Дзік зразумеў, што гэта і ёсць той сігнал, якога так баяўся Хокслі, і што неўзабаве сюды з'явяцца воіны тэнстолскага рыцара.

Дзік прыклаў вуха да зямлі, і яму падалося, што ён чуе стук капытоў, які набліжаецца. Дзік паспешліва кінуўся назад, на бераг. Але работа была ўжо скончана: чацвера разбойнікаў цягнулі да мора апошні труп, распрануты дагала, каб шпурнуць яго ў ваду.

Калі праз некалькі хвілін з завулкаў Шорбі галопам вылецелі сорак вершнікаў, на пустэльным беразе каля маленькага доміка было ціха і гола. Дзік са сваімі людзьмі сядзеў ужо ў харчэўні «Казла і валынкі» і здымаў з сябе даспехі, каб хоць крыху паспаць перад ранішнім спатканнем.

Раздзел III Крыж Святой Дзевы

Крыж Святой Дзевы стаяў непадалёку ад Шорбі, на ўскрайку Тэнстолскага лесу. Тут злучаліся дзве дарогі — адна ішла лесам з Халівуда, другая — тая, па якой летам адступала разбітая армія ланкастэрцаў, — з Райзінгэма. Тут абедзве дарогі зліваліся ў адну, і гэтая дарога, збягаючы з пагорка, цягнулася да самага Шорбі. Трошкі назад ад таго месца, дзе яны злучаліся, узвышалася невялікая выспа, на вяршыні якой стаяў старадаўні, з'едзены непагодамі крыж.

Дзік з'явіўся да гэтага крыжа каля сямі гадзін раніцы. Холадна было па-ранейшаму; зямля, пакрытая срэбраным інеем, здавалася сівой, на ўсходзе займалася барвова-рыжая зара. Дзік сеў на прыступку пад крыжам, захутаўся ў свой плашч і зорка агледзеўся па баках. Чакаць яму давялося нядоўга. На дарозе, што вяла з Халівуда, з'явіўся джэнтльмен у бліскучых латах, паўзверх якіх была накінута мантыя з каштоўнага футра; ён ехаў няспешна на цудоўным баявым кані. Услед за ім, трымаючыся на адлегласці дваццаці ярдаў, рухаўся атрад вершнікаў, узброеных дзідамі; але, убачыўшы крыж, воіны спыніліся, і джэнтльмен у футры рушыў да крыжа адзін.

Ён ехаў з паднятым забралам; твар у яго быў уладны і горды, што адпавядала яго пышнаму адзенню. І Дзік не без збянтэжанасці рушыў насустрач свайму палонніку.

— Дзякую вам, мілорд, за дакладнасць, — сказаў ён і нізка пакланіўся. — Ці не заўгодна вашай светласці сысці на зямлю?

— Мы тут адны, малады чалавек? — спытаў рыцар.

— Я не такі храбрэц, — сказаў Дзік, — і павінен прызнацца вашай светласці, што ў лесе, каля гэтага крыжа, ляжаць мае сумленныя хлопцы са зброяй напагатове.

— Вы зрабілі мудра, — сказаў лорд, — і я вельмі гэтаму рады, таму што ўчора вы біліся як безразважны сарацын, а не як вопытны хрысціянскі воін. Зрэшты, не мне аб гэтым гаварыць, паколькі я быў пераможаны.

— Вы былі пераможаны, мілорд, толькі таму, што ўпалі, — адказаў Дзік. — Калі б хвалі не прыйшлі мне на дапамогу, я б загінуў. Я да гэтага часу нашу на целе знакі, якімі пазначыў мяне ваш кінжал. Мне думаецца, мілорд, што ўся рызыка, гэтак жа, як і ўсе выгоды ад гэтай маленькай сляпой сутычкі на беразе, выпала на маю долю.

— Я бачу, што вы даволі разумныя, каб не хваліцца сваёй перамогай, — заўважыў незнаёмец.

— Не, мілорд, — адказаў Дзік, — для гэтага асаблівага розуму не трэба. Цяпер, калі пры святле дня я ўбачыў, які адважны рыцар здаўся — не мне, а лёсу, цемры і прыліву — і як лёгка бой мог прыняць зусім іншы паварот для такога нявопытнага і неабчасанага воіна, як я, я трохі збянтэжаны сваёй перамогай, і вам, мілорд, гэта не павінна здавацца дзіўным.

— Вы добра кажаце, — сказаў незнаёмец. — Як ваша імя?

— Маё імя, калі вам заўгодна ведаць яго, Шэлтан, — адказаў Дзік.

— А мяне называюць лорд Фоксгэм, — сказаў рыцар.

— Дык вы апякун самай мілай дзяўчыны ў Англіі, мілорд! — усклікнуў Дзік. — Цяпер я ведаю, які мне ўзяць з вас выкуп за ваша жыццё і за жыццё вашых слуг! Я прашу вас, мілорд, акажыце мне ласку, аддайце мне руку маёй цудоўнай дамы, Джааны Сэдлі, і атрымаеце ўзамен сваю волю, волю сваіх слуг і, калі хочаце, маю ўдзячнасць і адданасць да самай смерці.

— Хіба вы не выхаванец сэра Дэніэла? — спытаў лорд Фоксгэм. — Калі вы сын Гары Шэлтана, то, наколькі мне вядома, сэр Дэніэл павінен быць вашым апекуном.

— Ці не заўгодна вам, мілорд, сысці з каня? Я раскажу вам падрабязна, хто я такі, якое маё становішча і на якіх падставах я асмельваюся прасіць у вас рукі Джааны Сэдлі. Прысядзьце, калі ласка, мілорд, вось на гэтую прыступку, выслухайце мяне да канца і не судзіце мяне строга.

З гэтымі словамі Дзік працягнуў лорду Фоксгэму руку і дапамог яму злезці з каня; ён прывёў яго на выспу да крыжа, пасадзіў на тое месца, дзе нядаўна сядзеў сам, і, пачціва стоячы перад сваім высакародным палоннікам, расказаў яму ўсё сваё жыццё ажно да ўчарашняга дня.

Лорд Фоксгэм уважліва яго выслухаў.

— Майстар Шэлтан, — сказаў ён, калі Дзік скончыў, — вы адначасова і самы шчаслівы і самы нешчаслівы малады джэнтльмен на ўсім свеце. Але шчасце сваё вы заслужылі, а няшчасце атрымалі незаслужана. Не падайце духам, вы набылі сябра, які можа і хоча вам дапамагчы. Хаця чалавеку вашага паходжання не варта вадзіцца з разбойнікамі, я павінен прызнаць, што вы храбры і высакародны. У час бою вы небяспечны, у час міру пачцівы. Вы малады чалавек з цудоўнымі магчымасцямі і адважнай душой. Маёнткаў сваіх вы не ўбачыце да новага перавароту. Пакуль ланкастэрцы стаяць ва ўладзе, сэр Дэніэл будзе карыстацца імі як сваімі ўласнымі. З маёй выхаванкай справа складаецца таксама не проста. Я абяцаў яе аднаму джэнтльмену, майму родзічу па імені Хэмлі; абяцанне яму дадзена даўно…

— Ах, мілорд, тым часам сэр Дэніэл абяцаў яе мілорду Шорбі! — перабіў Дзік. — І хаця абяцанне гэтае дадзена зусім нядаўна, верагодней за ўсё, што яно хутчэй будзе выканана, чым ваша.

— Ваша праўда, — адказаў лорд. — І вось, прымаючы, апрача таго, да ўвагі, што я ваш палоннік, жыццё якога было ў вашых руках, і, галоўнае, што дзяўчына, на бяду, знаходзіцца ў чужых руках, я даю вам сваю згоду. Дапамажыце мне з вашымі добрымі малайцамі…

— Мілорд! — усклікнуў Дзік. — Гэта ж тыя самыя разбойнікі, за знаёмства з якімі вы папракнулі мяне.

— Разбойнікі ці не, а змагацца яны ўмеюць, — адказаў лорд Фоксгэм. — Дапамажыце мне, і, калі нам з вамі ўдасца адбіць гэтую дзяўчыну, клянуся сваім рыцарскім гонарам, яна будзе вашай жонкай.

Дзік стаў на калена перад сваім палоннікам. Але той, лёгка саскочыўшы з прыступкі каля крыжа, падняў юнака і абняў, як сына.

— Калі вы збіраецеся ажаніцца з Джаанай, — сказаў ён, — мы з вамі павінны стаць сябрамі.

Раздзел IV «Добрая Надзея»

Праз гадзіну Дзік зноў сядзеў у харчэўні «Казла і валынкі», снедаў і слухаў данясенні сваіх ганцоў і вартавых. Дэкуорта ўсё яшчэ не было ў Шорбі; зрэшты, такія адлучкі былі частыя, таму што ў яго пастаянна было мноства самых розных спраў у самых розных канцах краіны. Брацтва «Чорнай стралы», як вядома, было заснавана згалелым Дэкуортам з мэтай помсты і нажывы; многія, зрэшты, з тых, хто ведаў яго бліжэй, глядзелі на яго як на агента і прадстаўніка вялікага Рычарда, графа Ўорвікскага, гэтага праслаўленага вяршыцеля лёсу брытанскага трона.

Як бы там ні было, Дэкуорт адсутнічаў, і ў Шорбі яго падмяняў Рычард Шэлтан. Ён схіліўся над талеркай, заклапочаны сваімі думкамі. Яны дамовіліся з лордам Фоксгэмам сягоння вечарам нанесці рашучы ўдар і вызваліць Джаану сілай. Аднак цяжкасці ў гэтай справе былі велізарныя. Разведчыкі, што з'яўляліся да яго з дакладам, прыносілі самыя несуцяшальныя весткі.

Сэр Дэніэл быў устрывожаны ўчарашняй сутычкай на марскім беразе. У маленькім доміку ён павялічыў гарнізон; больш таго, ён расставіў коннікаў на ўсіх прылеглых вулічках, загадаўшы ім пры першым жа трывожным сігнале адразу скакаць да яго. У двары гарадскога дома стаялі асядланыя коні, і воіны, узброеныя з галавы да ног, чакалі толькі знаку, каб выехаць.

Задуманая справа з кожнай гадзінай здавалася ўсё менш ажыццявімай. Раптоўна твар Дзіка прасвятлеў.

— Лоўлес! — крыкнуў ён. — Ты ж быў мараком. Ці не можаш ты ўкрасці для мяне карабель?

— Майстар Дзік, — адказаў Лоўлес, — з вашай падтрымкай я гатовы ўкрасці нават Йоркскі сабор.

І яны адразу ж рушылі ў гавань. Гэтая даволі шырокая бухта раскінулася сярод пясчаных пагоркаў і была акружана пусткамі, выганамі, кучамі збуцвелых бярвенняў і лядашчымі халупамі гарадскіх трушчобаў. У бухце стаяла нямала палубных і бяспалубных суднаў, — адны гайдаліся на якарах, іншыя ляжалі на беразе. Зацяжная непагадзь выгнала іх з адкрытага мора і прымусіла схавацца ў гавані. Чорныя хмары і моцныя вятры з сухім снегападам абяцалі новыя буры.

Маракі, ратуючыся ад холаду і ветру, уцякалі на бераг і шумна весяліліся ў партовых шынках. За некаторымі суднамі, што стаялі на якары, ніхто нават не прыглядваў; і з кожнай гадзінай, з кожным свежым парывам ветру такіх безнаглядных суднаў рабілася ўсё больш і больш. Якраз на гэтыя судны, і асабліва на тыя з іх, што стаялі далей ад берага, Лоўлес і звярнуў сваю ўвагу. Дзік даў яму свабоду дзеянняў, а сам прысеў на якар, да палавіны закапаны ў пясок, і, прыслухоўваючыся то да завывання ўрагану, то да спеваў маракоў у бліжэйшым шынку, неўзабаве забыў аб усім, акрамя абяцання лорда Фоксгэма.

Лоўлес крануў яго за плячо і паказаў на невялікі карабель, які адзінока гайдаўся на хвалях каля ўвахода ў бухту. Бледны промень зімовага сонца, што прарваўся праз хмары, раптам асвятліў палубу, і сілуэт судна выразна вырысоўваўся на фоне воблака. Дзік у гэтае імгненне паспеў разгледзець на палубе двух мужчын, якія спускалі з борта шлюпку.

— Вось вам карабель на гэтую ноч, сэр, — сказаў Лоўлес. — Запомніце яго добра!

Шлюпка паплыла ад карабля; у ёй сядзела двое мужчын; трымаючыся ветру, яны паспешліва грэблі да берага.

Лоўлес спыніў прахожага.

— Як завецца вунь той карабель? — спытаў ён і паказаў на судна, што стаяла каля ўвахода ў бухту.

— Гэта «Добрая Надзея» з Дартмута, — адказаў прахожы. — А капітана завуць Арблестэр. Ён грабе на носе вунь тае шлюпкі.

Лоўлесу нічога больш і не патрабавалася ведаць. Паспешліва падзякаваўшы прахожага, ён рушыў на пясчаную касу, да якой павінна была прыстаць шлюпка. Там ён спыніўся, чакаючы маракоў з «Добрай Надзеі».

— Кум Арблестэр! — закрычаў ён. — Якая шчаслівая сустрэча! Клянуся распяццем, такую сустрэчу трэба адсвяткаваць! А гэта «Добрая Надзея»? Я пазнаў бы яе сярод дзесяці тысяч караблёў! Цудоўны карабель! Падплывай, кум, мы з табой добра вып'ем! Помніш, я табе расказваў пра сваю спадчыну? Ну вось, я нарэшце яе атрымаў. Я цяпер багаты і болей не плаваю па марах. Я плаваю толькі па элю. Давай руку, сябра! Выпі са старым таварышам.

Шкіпер Арблестэр, даўгатвары, немалады, абветраны непагодамі чалавек, з нажом, прывязаным да шыі тасёмкай, які і паходкай і ўсімі звычкамі ніяк не адрозніваўся ад нашых цяперашніх маракоў, здзіўлена і недаверліва адхіснуўся ад Лоўлеса. Але напамінак праз спадчыну і, галоўнае, п'яная дабрадушнасць, якую з такім майстэрствам разыграў Лоўлес, неўзабаве перамаглі недаверлівасць шкіпера, і ён паціснуў руку бадзягі.

— Я цябе не помню, — сказаў ён. — Але што за важнасць! Я і мой матрос Том, мы заўсёды гатовы выпіць з кумам. Том, — сказаў ён, звяртаючыся да свайго спадарожніка, — вось мой кум. Я не помню, як яго завуць, але гэта няважна, ён цудоўны марак. Пойдзем вып'ем з ім і яго прыяцелем.

Лоўлес павёў іх у нядаўна адчынены шынок, які стаяў крыху ўбаку і таму менш перапоўнены, чым тыя, што знаходзіліся бліжэй да цэнтра гавані.

Шынок гэты ўяўляў сабою звычайную пуню, накшталт драўляных пабудоў, якія ў нашы дні можна ўбачыць дзе-небудзь у амерыканскіх лясах. Уся мэбля складалася з дзвюх-трох шафаў, прарэзаных у сценах, некалькіх голых лавак і дошак, пакладзеных на пустыя бочкі замест сталоў. Пасярод пакоя гарэў касцёр, раздзімаемы мноствам скразнякоў; запаленыя там абломкі караблёў напаўнялі ўсё памяшканне густым дымам.

— Вось яна, асалода марака, — сказаў Лоўлес. — Добра пасядзець каля слаўнага агеньчыка і выпіць добрую чарачку, калі на дварэ непагадзь і вецер гуляе па даху! П'ю за «Добрую Надзею»! Жадаю ёй лёгкага плавання!

— Але, — сказаў шкіпер Арблестэр, — у такую пагоду на беразе куды лепш, чым у моры. А як па-твойму, матрос Том? Кум, ты кажаш складна, хаця мне ўсё не ўдаецца згадаць, як цябе завуць. Ды што за важнасць, ты кажаш вельмі складна. Лёгкага плавання «Добрай Надзеі»! Амін!

— Дружа Дзікон, — працягваў Лоўлес, звяртаючыся да свайго начальніка, — у цябе, здаецца, нейкія важныя справы? Дык ідзі, не саромейся. А я пасяджу ў гэтай слаўнай кампаніі, з двума старымі маракамі. Не турбуйся, ты нас застанеш усё за тым жа заняткам, калі вернешся, і я ручаюся, што гэтыя слаўныя хлопцы ад мяне не адстануць. Мы ж не якія-небудзь берагавыя пацукі, мы старыя, бывалыя марскія ваўкі.

— Добра сказана! — падхапіў шкіпер. — Ідзі, хлопчык. А твайго сябра і майго добрага кума мы затрымаем тут да світання, клянуся святой Марыяй! Я так доўга прабыў у моры, што ўсе косці мае набраліся солі, і цяпер, колькі б я ні выпіў, мне ўсё мала.

Дзік не стаў марудзіць; развітаўся і паспешліва пайшоў праз непагадзь да «Казла і валынкі». Адтуль ён паслаў паведаміць лорду Фоксгэму, што вечарам у іх распараджэнні будзе вабны карабель. Потым, захапіўшы з сабою двух разбойнікаў, якія крыху кумекалі ў марской справе, ён выправіўся ў гавань на пясчаную касу.

Шлюпка з «Добрай Надзеі» стаяла сярод мноства іншых шлюпак, але яны пазналі яе адразу, таму што яна была самая маленькая і самая горшая за ўсе. Калі Дзік з двума сваімі спадарожнікамі сеў у гэтую мізэрную шкарлупку і яны адчалілі ад берага, хвалі і вецер накінуліся на іх з такой сілай, што здавалася, яны вось-вось пойдуць на дно.

Як мы ўжо зазначалі, «Добрая Надзея» стаяла на якары далёка ад берага, і хвалі там былі яшчэ большыя. Бліжэйшыя караблі знаходзіліся ад яе на адлегласці некалькіх кабельтавых, але і на іх не было ніводнага чалавека; у дадатак паваліў густы снег і стала так цёмна, што ніхто пры ўсім жаданні не мог бы заўважыць Дзіка і яго таварышаў. Імкліва ўскарабкаліся яны на палубу, пакінуўшы прывязаную да кармы шлюпку скакаць на хвалях. Так была захоплена «Добрая Надзея».

Гэта было слаўнае, моцнае судна, закрытае палубай на носе, пасярэдзіне і адкрытае на карме. Аднамачтавае, яно па роду сваёй аснасткі было чымсьці сярэднім паміж фелюгай[3] і люгерам[4]. Відавочна, справы шкіпера Арблестэра ішлі цудоўна, таму што бочачкі з французскім віном запаўнялі ўвесь трум. А ў маленькай каюце, акрамя абраза Дзевы Марыі, які наводзіў на думку аб набожнасці капітана, знаходзіліся замкнутыя куфэркі — сведчанне аб яго багацці і запаслівасці.

Сабака, адзіны жыхар карабля, люта брахаў і хапаў зладзеяў за пяткі; выспяткам нагі яго загналі ў каюту і там зачынілі разам з яго справядлівым гневам. Піраты запалілі ліхтар і паднялі яго на ванты, каб карабель быў відзён з берага; потым адкрылі адну з бочачак і выпілі па кубку цудоўнага гасконскага віна за поспех сваёй справы. Затым адзін з разбойнікаў падрыхтаваў лук і стрэлы на выпадак нападу, а другі падцягнуў шлюпку і саскочыў у яе.

— Каравуль добра, Джэк, — сказаў малады камандзір, рыхтуючыся спусціцца ў шлюпку. — Я вельмі на цябе спадзяюся.

— Пакуль карабель стаіць тут, усё будзе ў парадку, — адказаў Джэк. — Але як толькі мы выйдзем у мора… Бачыце, як ён задрыжаў! Няшчасны карабель пачуў мае словы, і сэрца яго затрапятала ў дубовых рабрынах. Паглядзіце, майстар Дзік, як стала цёмна!

І сапраўды, вакол запанавала незвычайная цемра. І ў гэтай цемры адна за адной уздымаліся хвалі, і «Добрая Надзея» бадзёра перавальвалася з хвалі на хвалю. На палубу падаў снег, марская пена залівала яе; снасці панура скрыпелі пад ветрам.

— Злавесная пагода, — сказаў Дзік. — Але не бяды! Гэта ўсяго толькі шквал, а шквалы не бываюць доўга.

Тым не менш панылы беспарадак у небе, вісклівыя завыванні ветру міжволі прыгняталі яго дух. Калі Дзік спусціўся ў шлюпку і адчаліў ад «Добрай Надзеі», ён набожна перахрысціўся, молячы Бога заступіцца за ўсіх, хто пускаецца ў плаванне сягоння ноччу.

На пясчанай касе сабралася ўжо каля тузіна разбойнікаў. Дзік аддаў ім шлюпку і загадаў зараз жа адправіцца на карабель.

Дзік прайшоў некалькі крокаў у глыб берага і ўбачыў лорда Фоксгэма, які спяшаўся яму насустрач; твар лорда быў захінуты капюшонам; просты сялянскі плашч хаваў ад старонніх позіркаў яго зіхоткія латы.

— Юны Шэлтан, — сказаў ён, — няўжо вы сапраўды наважыліся выйсці ў мора?

— Мілорд, — адказаў Дзік, — дом вартуюць вершнікі; падысці да яго з сушы, не падняўшы трывогі, немагчыма; цяпер, пасля таго як сэр Дэніэл даведаўся аб нашай прыгодзе, лягчэй асядлаць вецер, чым незаўважна падкрасціся да гэтага дома з сушы. Адправіўшыся морам, мы, канечне, рызыкуем патануць; але затое, калі не патонем, мы вывезем дзяўчыну.

— Вядзіце мяне, — сказаў лорд Фоксгэм. — Я пайду за вамі, каб пасля не давялося саромецца сваёй баязлівасці; але, прызнацца, я хацеў бы ляжаць зараз у сябе дома ў пасцелі.

— Хадземце, — сказаў Дзік. — Я пазнаёмлю вас з чалавекам, які павядзе наш карабель.

І ён павёў лорда ў той нікчэмны шынок, дзе прызначыў спатканне сваім падначаленым. Некаторыя з разбойнікаў сноўдаліся звонку, каля дзвярэй; іншыя зайшлі ўжо ўсярэдзіну і стоўпіліся вакол Лоўлеса і двух маракоў. Мяркуючы па іх расчырванелых тварах і мутных вачах, яны даўно перайшлі межы ўмеранасці; калі Дзік, якога суправаджаў лорд Фоксгэм, з'явіўся ў шынку, яны разам з Лоўлесам спявалі старадаўнюю тужлівую марскую песню, і ўраган падпяваў ім.

Малады важак акінуў позіркам шынок. У агонь толькі што падкінулі дроў, і чорны дым валіў так густа, што куткі прасторнага пакоя патанулі ў мораку. І ўсё ж ён адразу пераканаўся, што разбойнікаў тут намнога больш, чым выпадковых наведвальнікаў. Супакоіўшыся на гэты конт, Дзік падышоў да стала і заняў сваё ранейшае месца на лаўцы.

— Гэй, — крыкнуў шкіпер п'яным голасам, — хто ты такі?

— Мне трэба пагутарыць з вамі на вуліцы, майстар Арблестэр, — сказаў Дзік. — А размова будзе вось аб чым.

І ён паказаў яму залатую манету, якая ярка бліснула пры святле вогнішча.

Вочы марака ўспыхнулі, хоць ён так і не пазнаў нашага героя.

— Добра, хлопчык, — сказаў ён, — я пайду з табою… Кум, я зараз вярнуся. Пі на здароўе, кум!

І, трымаючыся за Дзіка, каб не ўпасці, ён рушыў да дзвярэй.

Ледзь ён пераступіў цераз парог, дзесяць дужых рук схапілі яго і звязалі; праз дзве хвіліны, звязаны, з затычкай у роце, ён ужо ляжаў на сенавале, засыпаны сенам. Побач з ім кінулі яго матроса Тома; ім далі магчымасць да самай раніцы раздумваць аб сваім самотным лёсе.

Хавацца больш не было чаго, і лорд Фоксгэм умоўным сігналам выклікаў сваіх воінаў; захапіўшы патрэбную колькасць лодак, яны цэлай флатыліяй рушылі на святло ліхтара, прымацаванага да мачты. Не паспелі яны ўзлезці на палубу, як з берага даляцеў раз'ятраны крык маракоў, якія заўважылі прапажу сваіх лодак.

Але ні вярнуць свае лодкі, ні адпомсціць за іх маракі не маглі. З сарака воінаў, што сабраліся на ўкрадзеным караблі, восем чалавек хадзілі раней у мора і адразу ператварыліся ў матросаў. З іх дапамогай паставілі ветразі. Паднялі якар. Лоўлес, няцвёрда трымаючыся на нагах і ўсё яшчэ напяваючы нейкую марскую баладу, узяўся за руль. І «Добрая Надзея» праз начную імглу рушыла ў адкрытае мора насустрач велізарным валам. Дзік стаяў каля штармавых снасцей. Непраглядную цемру ночы прарэзвалі толькі святло агнёў «Добрай Надзеі» і асобныя мігатлівыя агеньчыкі домікаў у Шорбі, што адплывалі ўдалячынь; ды яшчэ зрэдку бачыліся грабяні белай пены, калі «Добрая Надзея» правальвалася паміж хвалямі; на імгненне яны ўздымаліся снежным каскадам і гэтак жа хутка знікалі за кармою. Некаторыя з разбойнікаў ляжалі на палубе, трымаючыся за што папала, і гучна маліліся, іншыя пакутавалі ад марской хваробы і, залезшы ў трум, разлегліся там сярод усялякай паклажы. Гэтая страшная гайданка ды п'яная зухаватасць Лоўлеса прымусілі б хоць каго засумнявацца ў шчаслівым зыходзе плавання.

Аднак Лоўлесам кіравала якоесьці чуццё, і ён правёў судна па велізарных хвалях паўз доўгую пясчаную водмель і паспяхова прычаліў да каменнага мола; тут «Добрую Надзею» наспех прывязалі, і яна, парыпваючы, гайдалася ў цемры.

Раздзел V «Добрая Надзея» (працяг)

Мол знаходзіўся зусім недалёка ад дома, у якім жыла Джаана; заставалася толькі пераправіць людзей на бераг, уварвацца ў дом і ўкрасці палонніцу. «Добрая Надзея» ўжо саслужыла сваю службу, даставіўшы іх у варожы тыл. Яны лічылі, што карабель ім больш не спатрэбіцца, таму што адступаць яны збіраліся ў лес, дзе мілорд Фоксгэм расставіў свае падмацаванні.

Аднак высадзіць людзей на бераг аказалася нялёгка: многія пакутавалі ад марской хваробы, і ўсе пагалоўна — ад холаду; у карабельнай цеснаце і сумятні дысцыпліна аслабела; з-за гайданкі і цемры ўсе зніякавелі. На мол выскачылі ўсе разам. Мілорду давялося стрымліваць сваіх людзей, пагражаючы ім аголеным мячом. Канечне, не абышлося без шуму, а шум быў зараз небяспечней за ўсё.

Калі парадак быў сяк-так узноўлены, Дзік з купкай самых адборных воінаў рушыў уперад. На беразе было яшчэ цямней: у моры там-сям бялела пена, у той час як морак, што вісеў над сушай, здаваўся шчыльным, непранікальным; выццё ветру заглушала ўсе гукі.

Але не паспеў Дзік дайсці да канца мола, як вецер раптоўна сціх; у нечаканай цішыні яму пачуўся конскі тупат і бразгат зброі. Дзік спыніў сваіх спадарожнікаў і саскочыў на берагавы пясок; калі прайшоў некалькі крокаў, ён пераканаўся, што ўперадзе сапраўды рухаюцца коні і людзі. Ён моцна засмуціўся. Калі ворагі падсцерагалі іх, калі воіны сэра Дэніэла акружылі канец мола, што ўпіраецца ў бераг, ім з лордам Фоксгэмам будзе вельмі цяжка абараняцца, таму што ззаду ў іх толькі мора і ўсе іх воіны збіліся ў кучу на вузкім моле. Асцярожным свістам ён падаў умоўны сігнал.

На жаль, гэты сігнал выклікаў зусім не тыя вынікі, на якія ён разлічваў. З начной цемры вылецеў град наўдачу пушчаных стрэл. Воіны на моле стаялі так цесна, што некаторыя стрэлы трапілі ў цэль; пачуліся крыкі спалоху і болю. Лорд Фоксгэм быў паранены і ўпаў. Хокслі зараз жа распарадзіўся аднесці яго на карабель. Воіны лорда Фоксгэма засталіся без усялякага кіраўніцтва. Адны прымалі бой, іншыя зусім разгубіліся. У гэтай разгубленасці і хавалася галоўная прычына катастрофы, якая не замарудзіла наступіць.

Дзік са жменькай храбрацоў на працягу цэлай хвіліны ўтрымліваў канец мола, што ўпіраўся ў бераг. З абодвух бакоў было паранена па два, па тры чалавекі, сталь звінела аб сталь. Спачатку ні таму, ні другому боку не ўдавалася дамагчыся поспеху; але неўзабаве шчасце канчаткова здрадзіла прыхільнікам Дзіка.

Хтосьці крыкнуў, што ўсё прапала. Воіны, якія даўно ўжо аслаблі духам, лёгка паверылі гэтаму; крык быў падхоплены. Затым пачуўся іншы крык:

— На борт, хлопцы, каму жыццё дарагое!

І нарэшце хтосьці з сапраўдным натхненнем баязліўца крыкнуў тое, што крычаць пры ўсіх паражэннях:

— Здрада!

І адразу ж увесь натоўп, таўхаючыся, з гучнымі воклічамі страху кінуўся назад па моле, падставіўшы свае неабароненыя спіны ворагам.

Адзін баязлівец ужо ўзяўся адпіхваць карму, але другі яшчэ прытрымліваў нос карабля. Уцекачы з крыкам пераскоквалі на карабель, некаторыя зрываліся і падалі ў мора. Некаторых засеклі на моле, некаторых у таўкатні задушылі насмерць свае ж таварышы. Але вось нарэшце нос «Добрай Надзеі» аддзяліўся ад мола, і ўсюдыісны Лоўлес, якому ўдалося з дапамогай кінжала расчысціць сабе дарогу і дабрацца да руля, накіраваў карабель у разбушаванае мора. Кроў сцякала з палубы, заваленай мёртвымі і параненымі.

Лоўлес засунуў кінжал у похву і сказаў свайму бліжэйшаму суседу:

— Я, кум, пазначыў гэтай пячаткай многіх з гэтых баязлівых сабак.

Калі ўцекачы, ратуючы жыццё, скакалі на карабель, яны нават не заўважылі ўдараў кінжалам, якімі Лоўлес, стараючыся прабрацца да рубкі, узнагароджваў сустрэчных. Але тут яны ці то ўспомнілі пра гэтыя ўдары, ці проста пачулі словы, неасцярожна вымаўленыя рулявым.

Ахопленыя панікай войскі ачухваюцца не адразу; звычайна людзі, заплямленыя баязлівасцю, як быццам для таго каб забыць аб сваёй ганьбе, кідаюцца ў іншую крайнасць і пачынаюць бунтаваць. Так здарылася і цяпер. Тыя самыя храбрацы, якія пакідалі сваю зброю і якіх за ногі зацягнулі на палубу «Добрай Надзеі», цяпер гучна лаялі сваіх важакоў і абавязкова хацелі каго-небудзь пакараць.

Уся іх злосць абрынулася на Лоўлеса.

Каб не наляцець на камяні, стары бадзяга скіраваў нос «Добрай Надзеі» ў напрамку адкрытага мора.

— Глядзіце! — зароў адзін з незадаволеных. — Ён вядзе нас у мора.

— Праўда! — крыкнуў другі. — Нас выдалі!

Усе зараўлі хорам, што іх выдалі, і, адчайна лаючыся, запатрабавалі, каб Лоўлес павярнуў судна і даставіў іх зараз жа на бераг. Лоўлес сціснуў зубы і працягваў весці «Добрую Надзею» па велізарных хвалях у адкрытае мора. Пачуццё ўласнай годнасці і яшчэ не зусім выветраны хмель падахвочвалі яго адказваць пагардлівым маўчаннем на пустыя іх страхі і маладушныя пагрозы. Незадаволеныя сабраліся каля мачты, фанабэрыліся і для храбрасці падбухторвалі адзін аднаго. Яшчэ хвіліна, і яны былі б гатовы, забыўшы пра сорам і сумленне, здзейсніць любую нізасць. Дзік вырашыў падняцца на палубу, каб навесці парадак, але яго апярэдзіў адзін з разбойнікаў, які сёе-тое кумекаў у марской справе.

— Хлопцы, — пачаў ён, — у вас драўляныя галовы. Каб вярнуцца ў горад, нам трэба спачатку выйсці ў адкрытае мора. І вось стары Лоўлес…

Дагаварыць ён не паспеў, — хтосьці стукнуў яму ў зубы; гэта падзейнічала на натоўп баязліўцаў, як іскра, што ўпала ў стог сена: усе накінуліся на няшчаснага, звалілі яго і ўзяліся таптаць яго нагамі і калоць кінжаламі, пакуль не прыкончылі. Тут ужо Лоўлес не вытрымаў, — гнеў яго прарваўся.

— Вядзіце карабель самі! — закрычаў ён.

І, не думаючы аб выніках, пакінуў руль.

У гэтае імгненне «Добрая Надзея» дрыжала на грэбені велізарнай хвалі. З жахлівай хуткасцю ляцела яна ў правал паміж хвалямі. Новая хваля паднялася, павіснуўшы над ёю, як велізарная чорная сцяна; ад магутнага ўдару «Добрая Надзея» ўздрыгнула і ўрэзалася носам у гэтую гару салёнай вільгаці. Зялёны вал абліў карабель з носа да кармы; людзям на палубе вада стала да калень; пырскі ўзляцелі вышэй за мачту. Прайшоўшы праз хвалю, «Добрая Надзея» вынырнула, жаласліва заскрыпела і задрыжала ўсім целам, нібы паранены звер.

Шасцёра ці сямёра незадаволеных былі змыты за борт; астатнія, ледзь толькі яны змаглі гаварыць, пачалі заклікаць на падмогу ўсіх святых і ўмольваць Лоўлеса зноў узяцца за руль.

Лоўлеса не давялося прасіць двойчы. Убачыўшы жахлівыя вынікі свайго справядлівага гневу, ён працверазеў канчаткова. Ён лепш за ўсіх разумеў, што «Добрая Надзея» ледзь было не загінула, і няўпэўненасць, з якой яна слухалася руля, пераконвала яго, што небяспека яшчэ не зусім мінула.

Хваля збіла Дзіка і ледзь не ўтапіла яго. Ён з цяжкасцю падняўся і, ідучы па калена ў вадзе, выбраўся на карму да старога рулявога.

— Лоўлес, — сказаў ён, — ты адзін можаш выратаваць нас. Ты смелы, упарты чалавек і ўмееш кіраваць караблём. Я прыстаўлю да цябе трох воінаў, на якіх можна спадзявацца, і загадаю ім ахоўваць цябе.

— Навошта, васпан, навошта, — адказаў рулявы, пільна ўглядаючыся ў цемру. — З кожным імгненнем мы ўсё далей адыходзім ад гэтых пясчаных водмеляў, і з кожным імгненнем мора будзе ўсё мацней кідацца на нас. Хутка ўсе гэтыя плаксы паваляцца з ног, бо, васпан, паганы чалавек ніколі не бывае добрым мараком; чаму — не ведаю, тут нейкая тайна, але гэта так. Толькі сумленныя і смелыя людзі могуць вынесці такую гайданку.

— Гэта проста прымаўка маракоў, Лоўлес, і ў ёй не болей сэнсу, чым у свісце ветру, — сказаў Дзік і засмяяўся. — Але як нашы справы? Ці правільна мы ідзём? Ці дабяромся мы да гавані?

— Майстар Шэлтан, — адказаў Лоўлес, — я быў манахам і дзякую за гэта свой лёс. Быў воінам, быў злодзеем, быў мараком. Багата змяніў я апратак, і памерці мне хацелася б у манаскай расе, а не ў прасмоленай куртцы марака. А чаму? Па дзвюх вельмі важных прычынах: па-першае, я не хачу памерці раптоўна, без пакаяння, а па-другое, мне агідная гэтая салёная лужына ў мяне пад нагамі! — і Лоўлес тупнуў нагой. — Але калі сягоння ноччу я не памру смерцю марака, — працягваў ён, — я пастаўлю высокую свечку Прачыстай Дзеве.

— Няўжо нашы справы такія дрэнныя? — спытаў Дзік.

— Вельмі дрэнныя, — адказаў бадзяга. — Хіба вы не адчуваеце, як марудна і цяжка рухаецца «Добрая Надзея» па хвалях? Хіба вы не чуеце, як у трумах плешчацца вада? «Добрая Надзея» і цяпер ужо амаль не слухаецца руля. А вось убачыце, што будзе з ёю, калі вады ў труме стане больш; яна або пойдзе на дно, як камень, або разаб'ецца аб берагавыя скалы.

— А між тым ты гаворыш так, як быццам табе не страшна, — сказаў Дзік. — Хіба ты не баішся?

— Гаспадар, — адказаў Лоўлес, — я зайду ў сваю апошнюю гавань з такім экіпажам, што горш не бывае. Памяркуйце самі: збеглы манах, злодзей і ўсё, што можна прыдумаць. І ўсё-такі, майстар Шэлтан, як гэта ні дзіўна, я не губляю надзеі. І калі мне наканавана патануць, я патану з ясным позіркам і да самага канца не выпушчу штурвала з рук.

Дзік нічога не адказаў, але мужнасць старога бадзягі глыбока ўзрушыла яго. Баючыся, як бы Лоўлес зноў не падвергся насіллю, Дзік выправіўся шукаць трох воінаў, на якіх можна было спадзявацца. На палубе, якую бесперастанку залівала вада, амаль нікога не было. Ад вады і ад жорсткага зімовага ветру людзі схаваліся ў труме сярод бочак з віном; трум асвятлялі два мігатлівыя ліхтары.

Тут ішоў банкет; разбойнікі і воіны шчодра частавалі адзін аднаго гасконскім віном Арблестэра. Але «Добрая Надзея» працягвала рухацца па хвалях, то ўзлятаючы на высокі грэбень, то глыбока западаючы носам ці кармою ў белую пену, — і з кожнай хвілінай гулякаў рабілася ўсё менш. Адны перавязвалі свае раны, другія ж (такіх была большасць) ляжалі на падлозе, замучаныя марской хваробай, і стагналі.

Грыншыў, К'юкоў і малады хлопец з атрада лорда Фоксгэма, на розум і храбрасць якога Дзік ужо даўно звярнуў увагу, былі яшчэ здольныя разумець загады і падпарадкоўвацца. Дзік прызначыў іх целаахоўнікамі рулявога. Затым, апошні раз акінуўшы позіркам чорнае неба і чорнае мора, ён спусціўся ў каюту, куды слугі лорда Фоксгэма аднеслі свайго валадара.

Раздзел VI «Добрая Надзея» (заканчэнне)

Стогны параненага барона змешваліся з выццём карабельнага сабакі. Ці сумаваў няшчасны сабака па сваіх сябрах, разлучаных з ім, ці адчуваў, што караблю пагражае небяспека, але выццё яго было такім гучным, што нават грукат хваляў і свіст ветру не маглі заглушыць яго. Прымхлівым людзям гэтае выццё здавалася пахавальным плачам па «Добрай Надзеі».

Лорд Фоксгэм ляжаў на ложку, на футравай сваёй мантыі. Перад абразом Багамаці мігцела лампадка, і пры цьмяным яе святле Дзік убачыў, які бледны твар у параненага і як глыбока запалі яго вочы.

— Мая рана смяротная, — сказаў лорд. — Падыдзіце да мяне бліжэй, малады Шэлтан. Няхай будзе каля мяне хоць адзін чалавек высакароднага паходжання, бо я ўсё жыццё пражыў у багацці і раскошы, і мне так самотна ўсведамляць, што я паранены ў нікчэмнай бойцы і паміраю на брудным халодным караблі, у моры, сярод усялякіх падонкаў і мужычча.

— Мілорд, — сказаў Дзік, — я малю святых вылечыць вашу рану і дапамагчы вам паспяхова дабрацца да берага.

— Паспяхова дабрацца да берага? — перапытаў лорд. — Хіба вы не ўпэўнены ў тым, што мы дабяромся паспяхова?

— Карабель рухаецца з цяжкасцю, мора лютае і бурнае, — адказаў юнак, — а са слоў нашага рулявога я зразумеў, што мы толькі цудам можам дабрацца да берага жывымі.

— А! — панура ўсклікнуў барон. — Вось пры якіх жахлівых пакутах маёй душы давядзецца расставацца з целам! Сэр, маліце Бога дараваць вам цяжкае жыццё, тады вам лягчэй будзе паміраць. Жыццё песціла мяне, а памерці мне наканавана сярод пакут і няшчасцяў! Аднак перад смерцю мне яшчэ неабходна зрабіць адну важную справу. Ці няма ў вас на караблі свяшчэнніка?

— Няма, — адказаў Дзік.

— Дык зоймемся маімі зямнымі справамі, — сказаў лорд Фоксгэм. — Спадзяюся, пасля маёй смерці вы застанецеся такім жа верным сябрам, якім вы былі пачцівым ворагам пры маім жыцці. Я паміраю ў цяжкі час для мяне, для Англіі і для ўсіх тых, хто ішоў за мною. Маімі воінамі камандуе Хэмлі — той самы, які быў вашым сапернікам. Яны дамовіліся сабрацца ў доўгай зале Халівуда. Вось гэты пярсцёнак з маёй рукі будзе служыць доказам, што вы дзейнічаеце ад майго імя. Акрамя таго, я напішу Хэмлі некалькі слоў і папрашу яго саступіць вам дзяўчыну. Але ці выканаеце вы мой загад? Гэтага я не ведаю.

— А што вы збіраецеся мне загадаць, мілорд? — спытаў Дзік.

— Загадаць?… — паўтарыў барон і нерашуча зірнуў на Дзіка. — Скажыце, вы прыхільнік Ланкастэра або Йорка? — спытаў ён нарэшце.

— Мне сорамна прызнацца, — адказаў Дзік, — але я і сам не ведаю. Зрэшты, я служу ў Эліса Дэкуорта, а Эліс Дэкуорт стаіць за Йоркскі дом. Атрымліваецца, што і я прыхільнік Йоркскага дома.

— Гэта добра, — сказаў лорд, — гэта цудоўна. Калі б вы аказаліся прыхільнікам Ланкастэра, я не ведаў бы, што мне рабіць. Але калі вы стаіце за Йорка, дык слухайце мяне. Я прыбыў у Шорбі, каб назіраць за лордамі, якія сабраліся там, пакуль мой высакародны малады валадар, Рычард Гластэрскі[5], збірае сілы, рыхтуючыся напасці на гэтых лордаў і рассеяць іх. Я здабыў звесткі аб колькасці варожай арміі, аб расстаноўцы загараджальных атрадаў, аб размяшчэнні непрыяцельскіх войск. Гэтыя звесткі я павінен перадаць майму валадару ў нядзелю, за гадзіну да апоўдня, бліз крыжа Святой Дзевы каля лесу. З'явіцца на гэтае спатканне мне, відавочна, не ўдасца, і я звяртаюся да вас з просьбай: акажыце мне ласку, пайдзіце туды замест мяне. І няхай ні радасць, ні боль, ні бура, ні рана, ні чума не затрымаюць вас! Будзьце каля прызначанага месца ў прызначаны час, бо ад гэтага залежыць шчасце Англіі.

— Даю вам урачыстае абяцанне выканаць вашу волю, — сказаў Дзік. — Я зраблю ўсё, што будзе мне па сіле.

— Цудоўна, — сказаў паранены, — мілорд герцаг дасць вам новыя загады, і калі вы іх выканаеце ахвотна і старанна, ваша будучыня забяспечана. Падсуньце да мяне лампаду, я хачу напісаць пісьмо.

Ён напісаў два пісьмы. На адным ён зрабіў надпіс: «Высокашаноўнаму майму родзічу сэру Джону Хэмлі», на другім не напісаў нічога.

— Гэта пісьмо герцагу, — сказаў ён. — Пароль — «Англія і Эдуард»; а водгук — «Англія і Йорк».

— А што будзе з Джаанай, мілорд? — спытаў Дзік.

— Джаану здабывайце самі, як умееце, — адказаў барон. — У абодвух пісьмах я пішу, што хачу выдаць яе за вас, але здабываць яе вам давядзецца самому, мой хлопчык. Я, як бачыце, спрабаваў вам дапамагчы, але заплаціў за гэта жыццём. Большага не мог бы зрабіць ніводзін чалавек.

Паранены хутка слабеў. Дзік, схаваўшы на грудзях каштоўныя пісьмы, пажадаў яму бадзёрасці і выйшаў з каюты.

Пачыналася світанне, халоднае і пахмурнае. Ішоў снег. Непадалёку ад «Добрай Надзеі» цягнуўся скалісты бераг, зрэзаны пясчанымі бухтамі, а ўдалечыні, за лясамі, узнімаліся вяршыні Тэнстолскіх пагоркаў. Вецер крыху прыціх, мора таксама злёгку супакоілася, але карабель сядзеў глыбока ў вадзе і з цяжкасцю ўзбіраўся на хвалі.

Лоўлес па-ранейшаму стаяў каля руля. Усе, хто быў на судне, стоўпіліся на палубе і тупа ўтаропіліся ў не дужа гасцінны бераг.

— Мы збіраемся прыстаць? — спытаў Дзік.

— Але, — сказаў Лоўлес, — калі раней не трапім на дно.

Пры гэтых словах карабель з такой цяжкасцю ўскарабкаўся на хвалю і вада ў труме заклекатала так гучна, што Дзік міжволі схапіў рулявога за руку.

— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі нос «Добрай Надзеі» вынырнуў з пены, — я ўжо думаў, мы тонем. Сэрца маё ледзь не лопнула!

На шкафуце[6] Грыншыў і Хокслі разам з лепшымі людзьмі абодвух атрадаў разбіралі палубу і майстравалі з яе дошак плыт. Дзік далучыўся да іх і цалкам захапіўся працай, каб хоць на хвіліну забыць пра небяспеку. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, кожная хваля, што абрушвалася на няшчасны карабель, прымушала яго сэрца сціскацца ад жаху, нагадваючы аб блізкасці смерці.

Раптам, адарваўшыся ад работы, ён убачыў, што яны падышлі ўшчыльную да нейкага мыса. Падмытая морам скала, вакол якой клекатала белая пена цяжкіх хваляў, амаль навісла над палубай. За скалой, на вяршыні пясчанай дзюны, як бы ўвенчваючы яе, стаяў дом.

Усярэдзіне бухты хвалі ятрыліся яшчэ шалёней. Яны паднялі «Добрую Надзею» на свае пеністыя спіны, панеслі яе, ніколькі не лічачыся з рулявым, выкінулі на пясчаную водмель і, перакочваючыся цераз карабель, пачалі шпурляць яго з боку на бок. Потым адзін з велізарных валоў падняў «Добрую Надзею» і аднёс яе бліжэй да берага, і, нарэшце, трэці вал, перанёсшы яе цераз самыя небяспечныя буруны, апусціў на мель каля самага берага.

— Хлопцы, — крыкнуў Лоўлес, — святыя выратавалі нас! Пачынаецца адліў. Сядзем у кружок і вып'ем па чарцы віна. Праз паўгадзіны мы дабяромся да берага, як па мосце.

Прабілі бочачку. Людзі, што пацярпелі крушэнне, расселіся, стараючыся, наколькі магчыма, затуліцца ад снегу і пырскаў, і пусцілі чарку ўкругавую; віно сагрэла іх і падбадзёрыла.

Дзік тым часам вярнуўся да лорда Фоксгэма, які нічога не ведаў і ляжаў у смяротным жаху. Вада ў яго каюце даходзіла да калень, лампадка разбілася і патухла, пакінуўшы яго ў цемры.

— Мілорд, — сказаў малады Шэлтан, — болей няма чаго баяцца, святыя аберагаюць нас. Хвалі выкінулі нас на водмель, і як толькі прыліў крыху спадзе, мы дабяромся да берага.

Прайшла амаль гадзіна, перш чым мора адступіла ад «Добрай Надзеі» і мараплавальнікам удалося нарэшце паволі пайсці да берага, які невыразна бачыўся праз смугу мітуслівага снегу. На прыбярэжным пагорку ляжаў невялікі атрад узброеных людзей, якія падазрона сачылі за кожным іх рухам.

— Хай бы лепей падышлі да нас і аказалі дапамогу, — заўважыў Дзік.

— Калі яны да нас не ідуць, мы пойдзем да іх самі, — сказаў Хокслі. — Чым хутчэй мы дабяромся да слаўнага агню і сухой пасцелі, тым лепш для майго няшчаснага лорда.

Але людзі на пагорку раптоўна падхапіліся, і град стрэл паляцеў у мараплавальнікаў, якія пацярпелі крушэнне.

— Назад! Назад! — крыкнуў лорд. — Богам прашу, будзьце асцярожныя! Не адказвайце ім.

— Мы не можам біцца! — усклікнуў Грыншыў, выцягваючы стралу са сваёй скураной курткі. — Мы прамоклі, мы стаміліся, як сабакі, мы прамерзлі да касцей. Але, дзеля любові да старой Англіі, растлумачце мне, навошта яны з такой лютасцю абстрэльваюць сваіх землякоў, якія трапілі ў бяду?

— Яны прынялі нас за французскіх піратаў, — адказаў лорд Фоксгэм. — У гэтыя неспакойныя і подлыя часы мы не можам зберагчы нават уласныя берагі, берагі нашай Англіі. Нашы спрадвечныя ворагі, якіх яшчэ не так даўно мы перамагалі на моры і на сушы, прыязджаюць сюды, калі ім задумаецца, і рабуюць, забіваюць і паляць. Няшчасная радзіма! Вось да якой ганьбы мы дажылі.

Людзі на пагорку ўважліва сачылі, як яны падымаліся на бераг і як адыходзіліся ў глыб краіны па далінах паміж пясчанымі дзюнамі. Цэлую мілю ішлі пасля ўслед за стомленымі, змучанымі ўцекачамі, гатовыя пры найменшым падазрэнні даць па іх новы залп. Толькі калі Дзіку ўдалося нарэшце вывесці сваіх спадарожнікаў на вялікую дарогу і пастроіць іх у ваенным парадку, пільныя ахоўнікі ангельскіх берагоў зніклі за белым снегападам. Яны збераглі свае ўласныя дамы і фермы, свае ўласныя сем'і і сваю жывёлу — больш ім ні да чаго не было справы, і іх ніколькі не турбавала думка, што французы выражуць і спаляць іншыя вёскі і сёлы ангельскага каралеўства.

Загрузка...