Кніга пятая ГАРБУН

Раздзел I Покліч трубы

Дзік падняўся наступнай раніцай яшчэ да світання, зноў апрануў сваё ранейшае адзенне, зноў узброіўся як належыць двараніну і выправіўся ў лясное логавішча Лоўлеса. Там (як, верагодна, помніць чытач) ён пакінуў паперы лорда Фоксгэма; каб узяць іх і паспець на спатканне з юным герцагам Гластэрам, трэба было выйсці рана і ісці як мага хутчэй.

Мароз узмацніўся, ад сухога, нерухомага паветра пашчыпвала ў носе. Месяц зайшоў, але зоркі яшчэ зіхацелі, і снег блішчаў ясна і весела. Было ўжо светла без ліхтара, а марознае паветра не дазваляла ісці марудна.

Дзік перасек амаль усё поле, што раскінулася паміж Шорбі і лесам, падышоў да падножжа пагорка і быў за якіх-небудзь сто ярдаў ад крыжа Святой Дзевы, як раптам цішыню раніцы прарэзаў гук трубы. Ніколі яшчэ не чуў ён такога выразнага і пранізлівага гуку. Труба праспявала і змоўкла, зноў праспявала, потым пачуўся бразгат зброі.

Малады Шэлтан прыслухаўся, выцягнуў меч і памчаўся ўверх па пагорку.

Ён убачыў крыж; на дарозе перад крыжом адбывалася лютая сутычка. Нападаючых было чалавек сем ці восем, а абараняўся толькі адзін; але ён абараняўся так жвава і спрытна, так адчайна кідаўся на сваіх праціўнікаў, так умела трымаўся на лёдзе, што, перш чым Дзік падбег, ён ужо забіў аднаго і параніў другога, а астатнія воіны адступалі.

Было проста дзіва, як мог ён выстаяць да гэтага часу. Найменшая выпадковасць — ці паслізнуўся б ён, ці прамахнулася б рука — каштавала б яму жыцця.

— Трымайцеся, сэр! Іду да вас на дапамогу! — усклікнуў Рычард і з крыкам: — Трымайся, хлопцы! Страляй! Няхай жыве «Чорная страла!» — кінуўся з тылу на воінаў, забыўшы, што ён адзін і што вокліч гэты зараз недарэчны.

Але тыя, што нападалі, таксама былі не з баязліўцаў, яны не спалохаліся, наадварот, павярнуўшыся, яны люта накінуліся на Дзіка. Чацвера супраць аднаго: сталь зіхацела над імі пры зорным ззянні. Іскры ляцелі ва ўсе бакі. Адзін з яго праціўнікаў упаў, у гарачцы бітвы Дзік ледзь зразумеў, што здарылася; потым ён сам атрымаў удар па галаве; сталёвы шлем вытрымаў удар, аднак Дзік апусціўся на калені, і думкі яго закружыліся, быццам крылы ветранога млына.

Чалавек, якому Дзік кінуўся памагаць, замест таго каб зараз дапамагчы яму, адскочыў убок і зноў затрубіў яшчэ пранізлівей і мацней, чым раней. Праціўнікі зноў накінуліся на яго, і ён зноў лётаў, нападаў, скакаў, наносіў смяротныя ўдары, падаў на адно калена, карыстаючыся то кінжалам і мячом, то нагамі і рукамі з нязломнай смеласцю, ліхаманкавай энергіяй і хуткасцю.

Але рэзкі заклік быў нарэшце пачуты. Даляцеў заглушаны снегам тупат капытоў, і ў шчаслівую для Дзіка хвіліну, калі мячы ўжо зіхацелі над яго галавой, з лесу з двух бакоў хлынулі патокі ўзброеных вершнікаў, закаваных у жалеза, з апушчанымі забраламі, з дзідамі наперавес, з узнятымі мячамі. У кожнага вершніка за спіной сядзеў стралок; гэтыя стралкі адзін за адным саскоквалі на зямлю.

Тыя, што нападалі, убачыўшы сябе акружанымі, моўчкі пакідалі зброю.

— Схапіць гэтых людзей! — сказаў чалавек з трубой, і, калі яго загад быў выкананы, ён падышоў да Дзіка і заглянуў яму ў твар.

Дзік таксама паглядзеў на яго і здзівіўся, што той чалавек, які праявіў такую сілу, такі спрыт і энергію, быў юнак, не старэй за яго самога, няправільнага целаскладу, з бледным, хваравітым і брыдкім тварам[8]. Але вочы яго глядзелі ясна і адважна.

— Сэр, — сказаў юнак, — вы падаспелі да мяне ў самы раз.

— Мілорд, — адказаў Дзік, пакрысе здагадваючыся, што перад ім знатны вяльможа, — вы так дзівосна валодаеце мячом, што справіліся б з нападаючымі і без мяне. Аднак мне вельмі пашанцавала, што вашы людзі не спазніліся.

— Як вы даведаліся, хто я? — спытаў незнаёмец.

— Нават зараз, мілорд, я не ведаю, з кім размаўляю, — адказаў Дзік.

— Ці так гэта? — спытаў юнак. — Навошта ж вы на скрут галавы кінуліся ў гэтую няроўную бітву?

— Бо ўбачыў, што адзін чалавек храбра б'ецца супраць многіх, — адказаў Дзік, — і палічыў несумленным не дапамагчы яму.

Пагардлівая ўсмешка з'явілася на вуснах маладога вяльможы, калі ён адказаў:

— Адважныя словы. Але, самае галоўнае, за каго вы стаіце: за Ланкастэраў або за Йоркаў?

— Не буду таіць, мілорд, я стаю за Йоркаў, — адказаў Дзік.

— Клянуся небам, — закрычаў юнак, — вам пашанцавала. — І ён павярнуўся да аднаго са сваіх набліжаных. — Дайце мне паглядзець, — працягваў ён тым жа пагардлівым, жорсткім тонам, — дайце мне паглядзець на праведную смерць храбрых джэнтльменаў. Павесьце іх.

Толькі пяцёра з гэтых няшчасных былі яшчэ жывыя. Стралкі схапілі іх за рукі, паспешліва адвялі да ўскрайку лесу, паставілі пад дрэва належнай вышыні і прыладзілі вяроўкі. Стралкі з канцамі вяровак у руках хутка ўскарабкаліся на дрэва. Не прайшло і хвіліны, як усё было скончана. Усе пяцёра гайдаліся на вяроўцы.

— А зараз, — крыкнуў гарбаты правадыр, — вяртайцеся на свае месцы і, калі я наступны раз паклічу вас, будзьце жвавей!

— Мілорд герцаг, — сказаў адзін з падначаленых, — малю вас: пакіньце пры сабе хаця б крыху воінаў. Вам нельга быць тут аднаму.

— Вось што, шаноўны, — сказаў герцаг, — я не папракнуў вас за спазненне, дык не пярэчце мне. Няхай я гарбаты, але я магу спадзявацца на сілу сваёй рукі. Калі гучала труба, ты марудзіў, а зараз ты надта спяшаешся са сваімі парадамі. Але так ужо вядзецца: апошні ў бітве — заўсёды першы ў размове. Надалей хай будзе наадварот.

І суровым, не пазбаўленым высакароднасці жэстам ён адправіў іх.

Зноў пехацінцы селі на коней за спінамі вершнікаў; атрад марудна крануўся і, рассыпаўшыся па розных напрамках, схаваўся ў лесе.

Зоркі пачалі ўжо тухнуць. Займаўся дзень. Шэрае перадсвітальнае святло адбілася на тварах абодвух юнакоў, якія зноў зірнулі адзін аднаму ў твар.

— Вы бачылі зараз, — сказаў герцаг, — што помста мая бязлітасная, як вастрыё майго мяча. Але я б не хацеў — клянуся ўсім хрысціянскім светам! — каб вы палічылі мяне няўдзячным. Вы прыйшлі мне на дапамогу са слаўным мячом і вартай здзіўлення адвагай! Калі вам не агідная мая выродлівасць, абдыміце мяне!

І юны правадыр растуліў абдымкі.

У глыбіні душы Дзік адчуваў страх і нават нянавісць да чалавека, якога выратаваў; але просьба была выказана такімі словамі, што вагацца або адмовіць было б не толькі няветліва, але і жорстка, і ён паспяшаўся падпарадкавацца жаданню незнаёмца.

— А зараз, мілорд герцаг, — сказаў Дзік, вызваліўшыся з яго абдымкаў, — пацвердзіце, ці правільная мая здагадка? Вы — мілорд герцаг Гластэрскі?

— Я Рычард Гластэр, — адказаў той. — А вы? Як вас завуць?

Дзік назваў сябе і падаў яму пярсцёнак лорда Фоксгэма, які герцаг адразу ж пазнаў.

— Вы прыйшлі сюды раней прызначанага тэрміну, — сказаў ён, — але ці магу я за гэта сердаваць? Вы падобныя на мяне: я прыйшоў сюды за дзве гадзіны да світання і чакаю. Гэта першы паход маёй арміі: я альбо загіну, альбо здабуду сабе славу. Там залеглі мае ворагі пад кіраўніцтвам двух старых вопытных правадыроў — Брэклі і Райзінгэма. Яны, верагодна, моцныя, але зараз яны сціснуты паміж морам, гаванню і ракой. Адступленне ім адрэзана. Мне думаецца, Шэлтан, што вось тут і трэба напасці на іх, і мы нападзём на іх бясшумна і раптоўна.

— Канечне, я таксама так мяркую! — горача ўсклікнуў Дзік.

— У вас пры сабе запіскі лорда Фоксгэма? — спытаў герцаг.

Дзік, растлумачыўшы, чаму іх у яго зараз няма, асмеліўся прапанаваць герцагу свае ўласныя назіранні.

— Мне здаецца, мілорд герцаг, — сказаў ён, — калі ў вашым распараджэнні дастаткова воінаў, варта было б напасці зараз жа, бо са світаннем іх начныя каравулы кладуцца спаць, а ўдзень у іх няма пастаянных каравульных на пастах — яны ўсяго толькі аб'язджаюць ускраіны вярхамі. Цяпер самы час на іх напасці: каравульныя ўжо знялі з сябе даспехі, а астатнія воіны толькі што прачнуліся і сядзяць за ранішняй чаркай віна.

— Колькі, па-вашаму, у іх чалавек? — спытаў Гластэр.

— У іх няма і дзвюх тысяч, — адказаў Дзік.

— Тут, у лесе, у мяне семсот воінаў, — сказаў герцаг. — Яшчэ семсот ідуць з Кэтлі і неўзабаве будуць тут; услед за імі рушаць яшчэ чатырыста, а яшчэ далей ідзе столькі ж; у лорда Фоксгэма пяцьсот у Халівудзе — яны могуць сцягнуцца сюды да канца дня. Пачакаць, пакуль усе нашы сілы падыдуць, або напасці зараз?

— Мілорд, — сказаў Дзік, — павесіўшы гэтых пяцёх няшчасных, вы самі вырашылі пытанне. Хаця яны людзі нязнатныя, але час неспакойны: хутка спахопяцца, іх пачнуць шукаць, і падымецца трывога. Таму, мілорд, калі вы хочаце напасці знянацку, то, на маю сціплую думку, у вас няма і гадзіны ў запасе.

— Я таксама так думаю, — адказаў гарбун. — Не пройдзе і гадзіны, як вы пачнеце зарабляць сабе рыцарскае званне, урэзаўшыся ў натоўп ворагаў. Я пашлю жвавага чалавека ў Халівуд з пярсцёнкам лорда Фоксгэма і яшчэ аднаго — на дарогу, падагнаць маіх мямляў! Ну, Шэлтан, клянуся распяццем, справа выйдзе!

З гэтымі словамі ён зноў прыставіў трубу да вуснаў і затрубіў.

На гэты раз яму не давялося доўга чакаць. У адно імгненне паляна вакол крыжа пакрылася пешымі і коннымі воінамі. Рычард Гластэр, сеўшы на прыступках, пасылаў ганца за ганцом, склікаючы семсот чалавек, схаваных у бліжэйшых лясах. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як армія яго выстраілася перад ім. Ён сам стаў на чале войска і рушыў уніз па схіле пагорка да горада Шорбі.

План яго быў просты. Ён вырашыў захапіць квартал горада Шорбі, які ляжаў справа ад вялікай дарогі, добра замацавацца ў вузкіх завулках і трымацца там да таго часу, пакуль не падыдзе падмацаванне.

Калі лорд Райзінгэм захоча адступіць, Рычард зойдзе яму ў тыл і паставіць яго паміж двух агнёў; калі ж ён захоча абараняць горад, ён будзе загнаны ў пастку і ў рэшце рэшт разбіты ворагам, што пераўзыходзіць яго па колькасці.

Але была адна вялікая небяспека, амаль немінучая: семсот чалавек Гластэра маглі быць адкінуты і разбіты пры першай жа сутычцы і, каб пазбегнуць гэтага, трэба было ў што б там ні стала забяспечыць раптоўнасць нападу.

Дык вось, пехацінцы зноў селі за спінамі вершнікаў, і Дзіку выпаў асаблівы гонар сядзець за самім Гластэрам. Пакуль лес хаваў іх, войскі марудна пасоўваліся ўперад, але, калі лес, што акаймоўваў вялікую дарогу, скончыўся, яны спыніліся, каб перадыхнуць і вывучыць мясцовасць.

Сонца, акружанае марозным жоўтым ззяннем, ужо зусім узышло, асвятляючы горад Шорбі, над снежнымі дахамі якога віліся струмені ранішняга дыму.

Гластэр павярнуўся да Дзіка. — У гэтым бедным гарадку, — сказаў ён, — дзе жыхары зараз гатуюць сабе снеданне, або вы станеце рыцарам, а я пачну жыццё, поўнае вялікай пашаны і гучнай славы, або мы абодва памром, не пакінуўшы па сабе нават памяці. Мы абодва Рычарды. Ну, Рычард Шэлтан, мы павінны праславіцца, і вы і я — два Рычарды! Мячы, стукаючы аб нашы шлемы, прагучаць не так звонка, як прагучаць нашы імёны ў вуснах народа!

Дзік быў здзіўлены яго палкім голасам і гарачымі словамі, у якіх гучала такая прага славы. Досыць разумна і спакойна ён адказаў, што выканае свой абавязак і не сумняваецца ў перамозе, калі астатнія зробяць гэтак жа.

Да таго часу коні добра адпачылі; правадыр узняў меч, апусціў павады, і коні, з двума вершнікамі кожны, паскакалі з грукатам уніз па пагорку, перасякаючы снежнае поле, за якім пачынаўся Шорбі.

Раздзел II Бітва пры Шорбі

Да горада было не болей чвэрці мілі. Але не паспелі яны выехаць з-пад прыкрыцця дрэў, як заўважылі людзей, што з крыкам беглі прэч па снежным полі з абодвух бакоў дарогі. І адразу ж у горадзе падняўся шум, які рабіўся ўсё мацней і мацней. Яны яшчэ не праскакалі і палавіны шляху да бліжэйшага дома, як на званіцы пачуліся званы.

Юны герцаг заскрыгатаў зубамі. Ён баяўся, як бы ворагі не паспелі падрыхтавацца да абароны. Бо ведаў, што, калі ён не паспее замацавацца ў горадзе, яго маленькі атрад будзе разбіты і знішчаны.

Аднак справы ланкастэрцаў былі дрэнныя. Усё ішло так, як гаварыў Дзік. Начная варта ўжо зняла свае даспехі; астатнія — разутыя, неапранутыя, непадрыхтаваныя да бітвы — усё яшчэ сядзелі па дамах. Ва ўсім Шорбі было, бадай, не больш пяцідзесяці ўзброеных мужчын і асядланых коней.

Бумканне званоў, спалоханыя крыкі людзей, якія бегалі па вуліцах і грукалі ў дзверы, вельмі хутка паднялі на ногі чалавек сорак з гэтых пяцідзесяці. Яны паспешліва ўскочылі на коней і таму, што не ведалі, адкуль пагражае небяспека, памчаліся ў розныя бакі.

Калі Рычард Гластэр даскакаў да першага дома ў Шорбі, каля ўвахода на вуліцу яго сустрэла толькі жменька воінаў, якая была размецена ім, нібы ўраганам.

Калі яны праскакалі крокаў сто па горадзе, Дзік Шэлтан дакрануўся да рукі герцага. Герцаг нацягнуў павады, прыклаў трубу да вуснаў, пратрубіў умоўны сігнал і павярнуў направа. Увесь яго атрад, як адзін чалавек, рушыў за ім і, пусціўшы коней шалёным галопам, прамчаўся па вузкім завулку. Апошнія дваццаць коннікаў спыніліся каля ўвахода ў яго. Зараз жа пехацінцы, якіх яны везлі за спінамі ў сябе, саскочылі на зямлю; адны пачалі нацягваць лукі, другія захопліваць дамы з абодвух бакоў вуліцы.

Здзіўленыя нечакана змененым напрамкам атрада Гластэра і збітыя з панталыку рашучасцю яго ар'ергарда, ланкастэрцы, параіўшыся, павярнулі коней і паскакалі да цэнтра горада па падмацаванне.

Тая частка горада, якую па парадзе Дзіка заняў Рычард Гластэр, складалася з пяці маленькіх вулічак з убогімі хацінкамі, дзе тулілася бедната, і ляжала на невялікім узвышшы, а за ім пачыналася адкрытае поле.

Кожную з гэтых пяці вулічак даручылі ахоўваць моцным каравулам; рэзерв, гатовы падаспець на дапамогу, калі спатрэбіцца, умацаваўся ў цэнтры, воддаль ад выстралаў.

Гэтая частка горада была такая бедная, што ні адзін ланкастэрскі лорд не жыў тут, нават іхнія слугі яе пазбягалі. Жыхары гэтых вуліц адразу пакідалі свае дамы і, крычучы на ўсё горла, пабеглі прэч, пералазячы цераз платы.

У цэнтры, дзе сыходзіліся ўсе пяць вуліц, стаяла мізэрная харчэўня з шыльдай у выглядзе шахматнай дошкі. Гэтую харчэўню герцаг Гластэр выбраў сваёй галоўнай кватэрай.

Дзіку ён даручыў ахову адной з пяці вуліц.

— Ідзіце, — сказаў ён, — заслужыце сабе рыцарскае званне. Заслужыце мне славу — Рычард за Рычарда! Калі я ўзвышуся, вы ўзвысіцеся разам са мною. Ідзіце! — дадаў ён, паціскаючы яму руку.

Як толькі Дзік пайшоў, герцаг павярнуўся да маленькага абарванага стралка.

— Ідзі, Дэтан, і хутчэй, — сказаў ён. — Ідзі за ім. Калі ты пераканаешся ў яго адданасці, ты галавой адказваеш за яго жыццё. І гора табе, калі ты вернешся без яго! Але калі ён акажацца здраднікам або калі ты хоць на адно імгненне ўсумнішся ў ім, — закалі яго ўдарам у спіну.

Між тым Дзік спяшаўся ўмацаваць свае пазіцыі. Вуліца, якую ён павінен быў ахоўваць, была вельмі вузкая і цесна забудаваная з двух бакоў дамамі, верхнія паверхі якіх, выступаючы ўперад, павісалі над маставой. Але яна выходзіла на рыначны пляц, і зыход бітвы, па ўсёй верагоднасці, павінен быў вырашыцца тут.

Увесь рыначны пляц запоўніў натоўп гараджан, якія бязладна мітусіліся, але праціўніка, гатовага рынуцца ў атаку, яшчэ не было відаць, і Дзік вырашыў, што ў яго ёсць нейкі час, каб падрыхтавацца да абароны.

У канцы вуліцы стаялі два пустыя дамы, дзверы якіх пасля ўцёкаў жыхароў так і засталіся расчыненымі. Дзік паспешліва выцягнуў адтуль усю мэблю і пабудаваў з яе барыкаду каля ўвахода ў вуліцу. У яго распараджэнні было сто чалавек, і большую частку іх ён размясціў у дамах: лежачы там пад прыкрыццём, яны маглі страляць з акон. Разам з астатнімі ён засеў за барыкадай.

Між тым у горадзе працягвалася вялізнейшая сумятня. Званілі званы, трубілі трубы, імчаліся конныя атрады, крычалі камандзіры, лямантавалі жанчыны, і ўсё гэта злівалася ў агульны нясцерпны шум. Але нарэшце шум гэты пачаў пакрысе сціхаць, і неўзабаве воіны і стралкі пачалі збірацца і строіцца ў баявым парадку на рыначным пляцы.

Вельмі многія з гэтых воінаў былі апрануты ў сіняе і цёмна-чырвонае адзенне, а ў конным рыцары, які строіў іх у рады, Дзік адразу пазнаў сэра Дэніэла.

Потым наступіла зацішша, і раптам у чатырох канцах горада адначасова затрубілі чатыры трубы. Пятая труба адказала ім з рыначнага пляцу, і адразу ж шэрагі войск прыйшлі ў рух. Град стрэл пераляцеў праз барыкаду і пасыпаўся на сцены абодвух умацаваных дамоў.

Па агульным сігнале воіны сэра Дэніэла абрынуліся на ўсе пяць вуліц. Гластэр быў акружаны з усіх бакоў, і Дзік зразумеў, што яму трэба разлічваць толькі на свае сто чалавек.

Сем залпаў стрэл адзін за адным сыпнуліся на барыкаду. У самы разгар стральбы хтосьці крануў Дзіка за руку. Ён убачыў пажа, які працягваў яму скураную куртку, не прабіваемую стрэламі, таму што яе пакрывалі металічныя пласцінкі.

— Гэта ад мілорда Гластэра, — сказаў паж. — Ён заўважыў, сэр Рычард, што ў вас няма латаў.

Дзік, усцешаны тым, што яго назвалі «сэрам Рычардам», з дапамогай пажа апрануў куртку. Толькі паспеў ён надзець яе, як дзве стралы гучна стукнуліся аб пласцінкі, не прычыніўшы яму шкоды, а трэцяя трапіла ў пажа; смяротна паранены, ён упаў да ног Дзіка.

Між тым непрыяцель упарта ішоў у наступ; ворагі былі ўжо так блізка, што Дзік загадаў адказваць на выстралы. Зараз жа з-за барыкады і з акон дамоў на ворага паляцеў у адказ град смертаносных стрэл.

Але ланкастэрцы, як па сігнале, дружна закрычалі, і іх пяхота рушыла ў наступ. Кавалерыя ішла за ёй з апушчанымі забраламі.

Пачаўся ўпарты рукапашны бой, не на жыццё, а на смерць. Тыя, што нападалі, трымаючы меч у адной руцэ, другой расцягвалі барыкаду. Тыя, хто абараняў барыкаду, у сваю чаргу, вольнай ад зброі рукою з адчайнай упартасцю яе ўзнаўлялі. Нейкі час барацьба ішла амаль у поўным маўчанні; целы воінаў падалі адзін на аднаго. Але разбураць заўсёды лягчэй, чым абараняць, і калі гук трубы падаў нападаючым знак да адступлення, барыкада была ўжо амаль развалена, стала ўдвая ніжэй і пагражала зусім абваліцца.

Пяхота ланкастэрцаў расступілася, каб даць дарогу коннікам. Коннікі, пастроеныя ў дзве шарэнгі, раптоўна павярнуліся, ператварыўшы свой фланг у авангард. І доўгай, закаванай у сталь калонай, імклівай, як змяя, яны кінуліся на паўразбураную барыкаду.

Адзін з першых двух вершнікаў упаў разам з канём, і яго таварышы праскакалі па ім. Другі ўскочыў прама на верх умацавання, пранізаўшы варожага стралка дзідай. Амаль у тое ж імгненне яго самога сцягнулі з сядла, а каня яго забілі.

Шалёны, імклівы націск адкінуў абаронцаў. Ланкастэрцы, карабкаючыся па целах сваіх мёртвых таварышаў, лавінай рынуліся ўперад, прарвалі лінію абаронцаў, адцяснілі іх убок і з грукатам хлынулі ў завулак, накшталт плыні, што прарвала плаціну.

Але бітва яшчэ не скончылася. У вузкім праходзе Дзік і некалькі яго воінаў, што засталіся жывымі, працавалі сваімі алебардамі, як дрывасекі, і неўзабаве на ўсю шырыню завулка ўтварылася новая, больш высокая і надзейная загарода з мёртвых байцоў і іх коней з разварочанымі чэравамі, якія біліся ў перадсмяротнай агоніі.

Збіты з толку гэтай новай перашкодай, ар'ергард ланкастэрскай кавалерыі не вытрымаў і адступіў; і тут жа на іх паляцеў з акон такі ўраган стрэл, што іх адступленне больш было падобнае на ўцёкі.

А коннікі, якія паскакалі наперад і якім удалося перасекчы барыкаду і ўварвацца ў завулак, дамчаліся да дзвярэй харчэўні з шахматнай шыльдай; сустрэўшы тут грознага гарбуна і ўсё рэзервовае войска йоркістаў, яны бязладна кінуліся назад.

Дзік і яго воіны наваліліся на іх. Выскачыўшы з дамоў, на ланкастэрцаў са свежымі сіламі напалі воіны, якія яшчэ не ўдзельнічалі ў рукапашным баі; жорсткі град стрэл паляцеў на ўцекачоў, а Гластэр ужо даганяў іх з тылу. Праз хвіліну на вуліцы не засталося ніводнага жывога ланкастэрца.

І толькі тады Дзік падняў акрываўлены, задымлены меч і закрычаў «ура».

Гластэр злез з каня і агледзеў месца бою. Твар яго быў бялейшы за палатно; але вочы блішчалі, быццам цудоўныя каштоўныя камяні, і голас яго, калі ён загаварыў, гучаў груба і хрыпла, узбуджаны бітвай і перамогай. Ён зірнуў на ўмацаванне, да якога ні сябар, ні вораг не маглі падысці, — так шалёна біліся там коні ў перадсмяротнай агоніі, — і выгляд гэтай страшнай бойні выклікаў у яго крывую ўсмешку.

— Дабіце коней, — сказаў ён, — каб не мяшаліся… Рычард Шэлтан, — дадаў ён, — я задаволены вамі. Станьце на калена.

Ланкастэрцы зноў узяліся за лукі, і стрэлы густым дажджом пасыпаліся на вуліцу. Але герцаг, не звяртаючы на іх ніякай увагі, выцягнуў свой меч і тут жа пасвяціў Дзіка ў рыцары.

— А цяпер, сэр Рычард, — працягваў ён, — калі вы ўбачыце лорда Райзінгэма, адразу ж прышліце мне ганца. Прышліце мне ганца нават у тым выпадку, калі гэты ганец будзе апошні ваш воін. Я хутчэй страчу свае пазіцыі, чым упушчу магчымасць сустрэцца з ім у баі… запомніце вы ўсе, — дадаў ён, павысіўшы голас. — Калі граф Райзінгэм загіне не ад маёй рукі, я буду лічыць гэтую перамогу паражэннем.

— Мілорд герцаг, — сказаў адзін з яго набліжаных, — хіба ваша міласць яшчэ не стаміліся бязмэтна падвяргаць сваё каштоўнае жыццё небяспецы? Ці варта нам тут марудзіць?

— Кэтсбі, — адказаў герцаг, — зыход бітвы рашаецца тут. Усе астатнія сутычкі не маюць значэння. Тут мы павінны перамагчы. А што да небяспекі, дык вы, каб былі брыдкім гарбуном, якога нават дзеці дражняць на вуліцы, вы дзешавей цанілі б сваё жыццё і ахвотна аддалі б яго за хвіліны славы… Зрэшты, калі хочаце, паедзем і агледзім іншыя пазіцыі. Мой цёзка, сэр Рычард, будзе ўтрымліваць гэтую залітую крывёю вуліцу. На яго мы можам спадзявацца… Але заўважце, сэр Рычард: не ўсё яшчэ скончана. Горшае наперадзе. Не спіце!

Ён падышоў прама да маладога Шэлтана, цвёрда зазірнуў яму ў вочы і, узяўшы яго руку ў свае, так моцна сціснуў яе, што ў Дзіка ледзь не пырснула кроў з-пад ногцяў. Дзік аж сумеўся ад яго позірку. У вачах герцага ён прачытаў шалёную адвагу і жорсткасць, і сэрца яго сціснулася ад страху за будучыню. Гэты юны герцаг сапраўды быў храбрацом, які змагаўся ў першых шарэнгах падчас вайны; але і пасля бітваў, у дні міру, у коле адданых сяброў, ён, здавалася, усё гэтак жа будзе сеяць смерць.

Раздзел III Бітва пры Шорбі (заканчэнне)

Дзік, зноў застаўшыся сам-насам, агледзеўся. Стралялі радзей, чым раней. Вораг адступаў паўсюдна; большая частка пляцу была ўжо зусім пустая; снег месцамі ператварыўся ў аранжавую гразь, месцамі пакрыўся загуслай крывёю; увесь пляц быў усланы трупамі людзей і коней, і апераныя стрэлы тырчалі густа, быццам шчэць.

Страты ў Дзіка былі велізарныя. Уезд у вулічку і абломкі барыкады былі завалены забітымі і параненымі; перад бітвай у яго было сто чалавек, цяпер у яго не засталося і сямідзесяці, здольных трымаць зброю.

Час, зрэшты, быў на яго баку. Кожную хвіліну маглі прыйсці свежыя падмацаванні; і ланкастэрцы, змучаныя сваёй адчайнай, але беспаспяховай атакай, не вельмі ўжо былі настроены супрацьстаяць гэтым сілам.

У сцяне аднаго з крайніх дамоў быў сонечны гадзіннік, пры святле марознага зімовага сонца ён паказваў дзесяць гадзін раніцы.

Дзік павярнуўся да маленькага, несамавітага на выгляд стралка, які стаяў за ім і перавязваў сабе руку.

— Слаўная была бітва, — сказаў ён, — і, клянуся, яны не захочуць зноў на нас нападаць.

— Сэр, — сказаў маленькі стралок, — вы добра змагаліся за Йоркскі дом і яшчэ лепш за самога сябе. Ніколі яшчэ ніводнаму чалавеку не ўдавалася за такі кароткі тэрмін здабыць прыхільнасць герцага. Проста дзіва, што ён даверыў такі пост чалавеку, якога зусім не ведаў. Але беражыце сваю галаву, сэр Рычард! Калі вы будзеце пераможаны, калі вы адступіце хоць на адзін крок, вас чакае сякера або вяроўка. Я прыстаўлены сюды сачыць за вамі, і мне даручана, калі вы здасцеся мне падазроным, прыкончыць вас ударам у спіну.

Дзік са здзіўленнем зірнуў на маленькага чалавечка.

— Табе? — закрычаў ён. — Ударам у спіну!

— Абсалютна правільна, — адказаў стралок, — і толькі таму, што мне не падабаецца такое даручэнне, я вам усё расказаў. Вы павінны быць асцярожным, сэр Рычард, інакш вам пагражае небяспека. О, наш Гарбун — храбры хлопец і слаўны воін, але любіць, каб усе дакладна выконвалі яго даручэнні. Таго, хто не выканае якога-небудзь яго загаду, забіваюць.

— Святыя ўгоднікі! — усклікнуў Рычард. — Няўжо гэта праўда? І няўжо людзі ідуць за такім правадыром?

— Ідуць з радасцю, — адказаў стралок. — Ён строга карае, але затое і шчодра ўзнагароджвае. Ён не шкадуе чужога поту і крыві, але не шкадуе і сябе; у баі ён заўсёды ў першай шарэнзе, спаць ён заўсёды кладзецца апошнім. Ён далёка пойдзе, гарбаты Дзік Гластэр!

Малады рыцар і раней быў смелы і пільны, а цяпер стаў яшчэ храбрэйшы і больш уважлівы. Ён пачаў разумець, што раптоўная любоў герцага несла ў сабе і небяспеку. Адвярнуўшыся ад стралка, ён яшчэ раз трывожна агледзеў пляц. Ён быў па-ранейшаму пусты.

— Не падабаецца мне гэты спакой, — сказаў ён. — Верагодна, яны рыхтуюць нам якую-небудзь нечаканасць.

Быццам у адказ на яго словы, да барыкады зноў пачалі падыходзіць стралкі, і зноў густа пасыпаліся стрэлы. Але штосьці нерашучае было ў гэтым нападзе. Стралкі быццам чагосьці чакалі.

Дзік неспакойна глядзеў па баках, стараючыся здагадацца, дзе ж крыецца небяспека. І раптам з акон і дзвярэй маленькага дома, што стаяў у цэнтры вуліцы, хлынуў паток ланкастэрскіх стралкоў. Выскачыўшы адтуль, яны хутка пастроіліся ў шарэнгі, нацягнулі лукі і пачалі абсыпаць стрэламі атрад Дзіка з тылу.

І адразу ж тыя, што нападалі на Дзіка з рыначнага пляцу, узмацнілі стральбу і пачалі рашуча падступаць да барыкады.

Дзік выклікаў з дамоў усіх сваіх воінаў, пастроіў іх, сказаў ім некалькі бадзёрых слоў, і атрад яго пачаў адстрэльвацца, хаця варожыя стрэлы цяпер сыпаліся з двух бакоў.

Між тым усё ў новых і новых дамах адчыняліся насцеж дзверы і вокны, і адтуль з пераможнымі клікамі выбягалі і выскоквалі ўсё новыя і новыя ланкастэрцы, і нарэшце ў тыле ў Дзіка стала амаль столькі ж ворагаў, колькі іх было спераду. Ён убачыў, што сваю пазіцыю яму не ўтрымаць; мала таго, нават калі б ён яе ўтрымаў, пазіцыя гэта была цяпер бескарыснай. Уся армія йоркістаў апынулася ў безнадзейным становішчы, ёй пагражаў поўны разгром.

Тыя, што напалі на Дзіка з тылу, уяўлялі галоўную небяспеку, і Дзік, павярнуўшыся, павёў свой атрад на іх. Атака яго была такая імклівая, што ланкастэрскія стралкі не вытрымалі, адступілі і ў рэшце рэшт, змяшаўшы свае шэрагі, зноў пачалі кідацца ў дамы, з якіх толькі што вылезлі з такім пераможным выглядам.

Тым часам воіны, якія нападалі з рыначнага пляцу, пералезлі цераз нікім не ахоўваемую барыкаду, і Дзіку зноў давялося павярнуцца, каб адагнаць іх.

Адвага яго воінаў зноў атрымала верх. Яны ачысцілі вуліцу ад ворагаў і радаваліся, але ў гэты час з дамоў зноў выскачылі стралкі і трэці раз напалі на іх з тылу.

Йоркістаў мала-памалу рассейвалі ва ўсе бакі. Не раз Дзік аказваўся адзін сярод ворагаў і вымушаны быў з усіх сіл працаваць мячом, каб выратаваць сваё жыццё; не раз яго паранілі. А між тым бітва на вуліцы працягвалася ўсё яшчэ без рашучага зыходу.

Раптам Дзік пачуў гукі трубы: яны даносіліся з ускраін. Паўтораны мноствам радасных галасоў у неба ўзляцеў баявы кліч йоркістаў. Вораг, не вытрымаўшы, кінуўся з завулка на рыначны пляц. Хтосьці гучна крыкнуў: «Уцякайма!» Трубы грымелі, аж захліпаліся; адны з іх трубілі збор, іншыя заклікалі да наступу. Было зразумела, што ланкастэрцам нанесены моцны ўдар і што яны, ва ўсякім выпадку на нейкі час, адкінуты і пераможаны.

Затым, быццам у тэатры, разыграўся апошні акт бітвы пры Шорбі. Воіны, якія нападалі на Дзіка, павярнуліся, быццам сабакі, якіх гаспадар свіснуў дамоў, і памчаліся з хуткасцю ветру. Ім наўздагон праз рыначны пляц праляцеў віхор коннікаў; ланкастэрцы, паварочваючыся, адбіваліся мячамі, а йоркісты калолі іх дзідамі.

У самай гушчыні бітвы Дзік убачыў Гарбуна. Ён ужо ў той час паказваў задаткі той шалёнай храбрасці і ўмення змагацца на полі бою, якія праз многія гады, у бітве пры Басуорце, калі Рычард быў ужо заплямлены злачынствамі, ледзь не вырашылі зыход бітвы і лёс ангельскага трона. Ухіляючыся ад удараў, топчучы паваленых, ён сек направа і налева і так па-майстэрску кіраваў сваім магутным канём, так спрытна абараняўся, такія імклівыя ўдары раздаваў ворагам, што неўзабаве апынуўся далёка наперадзе сваіх магутных рыцараў; акрываўленым мячом прабіваў ён дарогу прама да лорда Райзінгэма, які сабраў вакол сябе самых храбрых ланкастэрцаў. Яшчэ імгненне — і яны павінны былі сустрэцца: высокі, велічны, праслаўлены воін і выродлівы, хваравіты юнак.

Тым не менш Шэлтан не сумняваўся ў зыходзе паядынку; і калі на імгненне парадзелі шарэнгі, ён убачыў, што граф знік, а Дзік-Гарбун, размахваючы мячом, зноў гоніць свайго каня ў самую гушчу бітвы. Так, дзякуючы адвазе Шэлтана, які ўтрымаў уваход у вуліцу пры першай атацы, і дзякуючы таму, што падмацаванне з сямісот чалавек прыбыло своечасова, юнак, якому наканавана было застацца ў памяці патомкаў пад праклятым імем Рычарда III, выйграў сваю першую значную бітву.

Раздзел IV Разгром Шорбі

Ворагі зніклі бясследна. Дзік, з сумам аглядваючы рэшткі свайго доблеснага войска, пачаў падлічваць, у што абышлася перамога. Цяпер, калі небяспека мінула, ён адчуваў сябе такім стомленым, хворым і разбітым, раны і сінякі яго так нылі, бой так змучыў яго, што, здавалася, ён ужо ні да чаго не быў здатны.

Але для адпачынку час яшчэ не прыйшоў. Шорбі быў узяты штурмам, і, хаця безабаронных жыхароў ніяк нельга было абвінаваціць у супраціўленні, было відавочна, што раз'ятраныя воіны будуць не менш лютымі пасля заканчэння бітвы і што самае жахлівае яшчэ наперадзе. Рычард Гластэр быў не з тых правадыроў, якія абараняюць гараджан ад сваіх раз'ятраных салдат; зрэшты, нават калі б ён і захацеў іх абараніць, яшчэ пытанне — ці паслухаліся б яны яго.

Вось чаму Дзік павінен быў абавязкова адшукаць Джаану і ўзяць яе пад сваю абарону. Ён уважліва агледзеў твары сваіх воінаў. Выбраўшы трох, найбольш паслухмяных і цвярозых на выгляд, ён паклікаў іх убок і, паабяцаўшы шчодра ўзнагародзіць і расказаць аб іх герцагу, павёў іх праз апусцелы рыначны пляц у аддаленую частку горада.

Там і сям на вуліцы адбываліся яшчэ невялікія сутычкі; там і сям атакавалі які-небудзь дом, і асаджаныя кідалі сталы і крэслы на галовы воінаў. Снег быў усыпаны зброяй і трупамі; зрэшты, калі не лічыць удзельнікаў гэтых маленькіх сутычак, вуліцы былі пустэльныя; у адных дамах дзверы былі расчынены насцеж, у другіх яны былі зачынены і забарыкадзіраваны. І толькі рэдка дзе з коміна віўся дымок.

Дзік, асцярожна абыходзячы сутычкі, хутка павёў сваіх спадарожнікаў у напрамку да манастырскай царквы; але калі ён падышоў да галоўнай вуліцы, крык жаху сарваўся з яго вуснаў. Вялікі дом сэра Дэніэла быў узяты штурмам, разбітая на трэскі брама гайдалася на завесах, і натоўпы людзей хлынулі ў дом па здабычу. Аднак на верхніх паверхах рабаўнікам, відаць, аказвалі супраціўленне, бо якраз у тое імгненне, калі падышоў Дзік, акно наверсе расчынілася, і нейкага бедака ў цёмна-чырвоным і сінім адзенні, які крычаў і супраціўляўся, выкінулі на вуліцу.

Самая змрочная трывога авалодала Дзікам. Як звар'яцелы, кінуўся ён наперад, расштурхоўваючы сустрэчных, і, не спыняючыся, дабег да пакоя на трэцім паверсе, дзе расстаўся з Джаанай. Тут панаваў поўны разгром: мэбля была раскідана, шафы расчынены, дыван, сарваны са сцяны, тлеў, загарэўшыся ад іскры, што выпала з каміна.

Дзік амаль машынальна затаптаў дыван і спыніўся ў адчаі. Сэр Дэніэл, сэр Олівер, Джаана — усе зніклі. Але хто мог сказаць, ці яны забіты ў час пабоішча, ці выбраліся з Шорбі жывымі.

Ён схапіў за плашч стралка, які праходзіў міма.

— Малойца, — спытаў ён, — ты быў тут, калі бралі дом?

— Пусці! — сказаў стралок. — Пусці, а не то я стукну!

— Я таксама магу стукнуць, — адказаў рыцар. — Стой і расказвай!

Але воін, разгарачаны бітвай і віном, адной рукой стукнуў Дзіка па плячы, а другой выхапіў крысо свайго плашча. Тут малады правадыр не здолеў стрымаць свой гнеў. Ён схапіў стралка ў магутныя абдымкі і, як дзіця, прыціснуў да сваіх закаваных грудзей; потым, паставіўшы яго перад сабою, загадаў яму гаварыць.

— Прашу вас, злітуйцеся! — задыхаючыся, прамовіў стралок. — Калі б я ведаў, што вы такі сярдзіты, я быў бы больш асцярожны. Я бачыў, як бралі гэты дом.

— Ці ведаеш ты сэра Дэніэла? — спытаў Дзік.

— Вельмі добра яго ведаю, — адказаў стралок.

— Быў ён у доме?

— Але, сэр, — сказаў стралок. — Аднак як толькі мы ўварваліся ў двор, ён уцёк праз сад.

— Адзін? — ускрыкнуў Дзік.

— Не, з ім было чалавек дваццаць салдат, — адказаў стралок.

— Салдат! А жанчын не было? — спытаў Шэлтан.

— Дальбог, не ведаю, — сказаў стралок. — У доме мы не знайшлі ніводнай жанчыны.

— Дзякуй табе, — сказаў Дзік. — Вось табе манета за помач. — Але, пакапаўшыся ў сябе ў сумцы, Дзік нічога не знайшоў. — Заўтра спытаеш мяне, — дадаў ён. — Рычард Шэлтан. Сэр Рычард Шэлтан, — паправіўся ён. — Я шчодра ўзнагароджу цябе.

Раптам у галаве Дзіка мільганула здагадка. Ён паспешліва спусціўся ў двор, што было духу прамчаўся праз сад і апынуўся каля галоўнага ўвахода царквы. Царква была адчынена насцеж. Яе перапаўнялі гараджане з сем'ямі; яна была набіта іх маёмасцю, а ў галоўным алтары свяшчэннікі ў рызах малілі Бога аб літасці. Калі Дзік зайшоў, гучны хор загрымеў пад высокімі скляпеннямі.

Ён паспешліва расштурхаў уцекачоў і падышоў да лесвіцы, якая вяла на званіцу. Але тут высокі свяшчэннік падняўся перад ім і загарадзіў яму дарогу.

— Куды ты, сын мой? — сурова спытаў ён.

— Айцец мой, — адказаў Дзік, — я пасланы сюды па важнай справе. Не спыняйце мяне. Я тут распараджаюся ад імені Гластэра.

— Ад імені мілорда Гластэра? — паўтарыў свяшчэннік. — Няўжо бітва скончылася так сумна?

— Бітва, айцец мой, скончылася, ланкастэрцы разгромлены, мілорд Райзінгэм — вечная яму памяць! — застаўся на полі бітвы. А цяпер, з вашага дазволу, я буду рабіць тое, дзеля чаго прыйшоў.

І, адхіліўшы свяшчэнніка, здзіўленага навінамі, Дзік штурхануў дзверы і пабег уверх па лесвіцы, пераскокваючы адразу праз чатыры прыступкі, не спыняючыся і не спатыкаючыся, пакуль не выйшаў на адкрытую пляцоўку.

Са званіцы ён убачыў, як на карце, не толькі горад Шорбі, але і ўсё, што яго акружала, — і сушу, і мора. Час набліжаўся да апоўдня; дзень быў сонечны, снег аж зіхацеў. Дзік паглядзеў вакол і, як на далоні, убачыў усе вынікі бітвы.

Невыразны, глухі шум стаяў над вуліцамі, то тут, то там зрэдку чуўся бразгат сталі. Ніводнага карабля, ніводнай лодкі не засталося ў гавані, затое ў адкрытым моры было мноства парусных і вёславых суднаў, напоўненых уцекачамі. А на сушы, па засыпаных снегам лугах, імчаліся купкі вершнікаў; адны з іх стараліся прабіцца ў лясы, а іншыя, без сумнення, йоркісты, смела спынялі іх і гналі назад у горад. Усюды, куды ні кінеш позірк, валяліся трупы коней і людзей, выразна бачныя на снезе.

Пехацінцы, якія не змаглі схавацца на суднах, усё яшчэ працягвалі адстрэльвацца ў порце пад прыкрыццем прыбярэжных шынкоў. Многія дамы палалі; у марозным сонечным ззянні дым падымаўся высока і адлятаў у мора.

Купка вершнікаў, якая мчалася ў напрамку да Халівуда і ўжо набліжалася да ўскрайку лесу, прыцягнула ўвагу маладога назіральніка на званіцы. Іх было даволі многа, гэтых коннікаў, — гэта быў самы вялікі з ланкастэрскіх атрадаў, што адступалі. Яны пакідалі за сабой на снезе шырокі след, і па гэтым следзе Дзік бачыў увесь іхні шлях з той хвіліны, калі яны выехалі з горада.

Пакуль Дзік назіраў за імі, яны без перашкоды дасягнулі ўскрайку аголенага лесу; тут яны павярнулі ўбок, і промень сонца на імгненне асвятліў іх вопратку, выразна бачную на фоне цёмных дрэў.

— Цёмна-чырвоны і сіні! — усклікнуў Дзік. — Клянуся, цёмна-чырвоны і сіні!

І кінуўся ўніз па лесвіцы.

Цяпер перш за ўсё трэба было знайсці герцага Гластэра, таму што ў гэтым усеагульным бязладдзі адзін толькі герцаг мог даць яму атрад воінаў. Бітва ў цэнтры горада была, па сутнасці, закончанай. Бегаючы па горадзе ў пошуках герцага, Дзік бачыў, што вуліцы поўныя салдат, якія бадзяліся без справы; адны з іх хісталіся пад цяжарам здабычы, іншыя былі п'яныя і гарланілі песні. Ніхто з іх не меў ніякага ўяўлення аб тым, дзе быў герцаг. Дзік абсалютна выпадкова ўбачыў герцага, калі той, седзячы на кані, аддаваў распараджэнне выбіць варожых стралкоў з гавані.

— Сэр Рычард Шэлтан, — сказаў ён, — вы прыйшлі своечасова. Я абавязаны вам і тым, што цаню мала, — сваім жыццём, і тым, за што ніколі не ў стане буду адплаціць вам, — перамогай… Кэтсбі, калі б у мяне было дзесяць такіх камандзіраў, як сэр Рычард, я мог бы ісці прама на Лондан!… Ну, сэр, патрабуйце сабе ўзнагароды.

— Патрабую шчыра, мілорд, — сказаў Дзік, — адкрыта і каб усе чулі. Чалавек, якога я ненавіджу, уцёк і павёз з сабой дзяўчыну, якую я кахаю і паважаю. Дайце мне пяцьдзесят воінаў, каб я мог дагнаць іх, і ваша светласць будзе цалкам вызвалена ад усялякіх абавязацельстваў у адносінах да мяне.

— Як завуць гэтага чалавека? — спытаў герцаг.

— Сэр Дэніэл Брэклі, — адказаў Рычард.

— Лавіце гэтага перабежчыка! — ускрыкнуў Гластэр. — Гэта не ўзнагарода, сэр Рычард. Вы аказваеце мне новую паслугу. Калі вы прынесяце мне яго галаву, мой доўг вам толькі павялічыцца… Кэтсбі, дай яму салдат… А вы тым часам абдумайце, сэр, якую я магу вам даставіць радасць, гонар або выгаду.

Якраз у гэтую хвіліну йоркісты ўзялі адзін з партовых шынкоў, акружыўшы яго з трох бакоў, і захапілі ў палон яго абаронцаў. Гарбаты Дзік быў задаволены гэтым подзвігам і, пад'ехаўшы да шынка, загадаў паказаць яму палоннікаў.

Іх было чацвера: двое слуг мілорда Шорбі, адзін слуга лорда Райзінгэма і, нарэшце, апошні — але не апошні ў вачах Дзіка — высокі пасівелы стары марак, нязграбны і напаўп'яны, за якім па пятах, скавычучы і скачучы, рухаўся сабака. Малады герцаг агледзеў іх.

— Павесіць! — сказаў ён.

І павярнуўся, каб назіраць за ходам бітвы.

— Мілорд, — звярнуўся да герцага Дзік, — цяпер я ведаю, што папрасіць у вас як узнагароду. Даруйце жыццё і волю гэтаму старому мараку.

Гластэр павярнуўся і глянуў Дзіку ў твар.

— Сэр Рычард, — сказаў ён, — я змагаюся не паўлінавымі пёрамі, а сталёвымі стрэламі і без усялякага шкадавання забіваю сваіх ворагаў. У ангельскім каралеўстве, раздзёртым на шматкі, у кожнага майго прыхільніка ёсць брат ці сябар у варожай партыі. І калі б я пачаў раздаваць памілаванні, мне давялося б усунуць меч у ножны.

— Магчыма, мілорд. Але я хачу быць дзёрзкім і, рызыкуючы займець вашу непрыхільнасць, напомню вам ваша абяцанне.

Рычард Гластэр успыхнуў.

— Запомніце добра, — сурова сказаў ён, — што я не люблю ні міласэрнасці, ні гандлю міласэрнасцю. Сёння вы заклалі аснову бліскучай кар'еры. Калі вы будзеце настойваць на выкананні дадзенага вам слова, я саступлю. Але, клянуся небам, на гэтым і скончацца мае міласці!

— Я вымушаны змірыцца са стратай вашых міласцей, — сказаў Дзік.

— Дайце яму ягонага марака, — сказаў герцаг і, крануўшы свайго каня, павярнуўся спіной да маладога Шэлтана.

Дзік не быў ні засмучаны, ні ўзрадаваны. Ён ужо дастаткова вывучыў юнага герцага і не спадзяваўся на яго добразычлівасць; надта хутка і лёгка яна ўзнікла і таму не выклікала вялікага даверу. Ён баяўся толькі аднаго: як бы помслівы правадыр не адмовіўся даць яму салдат. Але ён няправільна меркаваў аб гонары Гластэра (які б ён ні быў) і, галоўнае, аб яго цвёрдасці. Калі ён ужо аднойчы вырашыў, што Дзік павінен даганяць сэра Дэніэла, ён не мяняў свайго рашэння; таму гучна загадаў Кэтсбі паспяшацца, напамінаючы яму, што рыцар чакае.

Між тым Дзік павярнуўся да старога марака, які, здавалася, быў раўнадушны і да блізкай ужо было смерці і да раптоўнага вызвалення.

— Арблестэр, — сказаў Дзік, — я прычыніў табе шмат зла. Але цяпер, клянуся распяццем, мы ў разліку.

Аднак стары марак толькі тупа зірнуў на яго і прамаўчаў.

— Жыццё ўсё ж ёсць жыццё, стары буркун, — працягваў Дзік, — і каштуе яно больш, чым караблі і віно. Ну скажы, што даруеш мне. Калі ты сваё жыццё зусім не цэніш, то мне яно каштавала ўсёй маёй будучыні. Я дорага заплаціў за яго. Ну, не будзь жа такім няўдзячным.

— Калі б у мяне быў мой карабель, — сказаў Арблестэр, — я бяспечна плаваў бы ў адкрытым моры разам з маім матросам Томам. Але ты забраў у мяне карабель, кум, і я стаў жабраком; а майго матроса Тома застрэліў якісьці нягоднік. «Каб ты здох!» — прамовіў Том, паміраючы, і больш ніколі не скажа ні слова. «Каб ты здох!» — былі яго апошнія словы, і бедная душа яго адляцела. Я ніколі ўжо больш не буду плаваць з маім бедным Томам.

Раскаянне і жаль ахапілі Дзіка; ён спрабаваў узяць шкіпера за руку, але Арблестэр адхапіў руку.

— Не, — сказаў ён, — кінь. Ты сыграў са мною д'ябальскі жарт і будзь задаволены гэтым.

Словы заселі ў Рычарда ў горле. Праз слёзы бачыў ён, як бедны стары, не помнячы сябе ад гора, апусціўшы галаву, хістаючыся, пабрыў па снезе, не заўважаючы сабаку, што скавытаў каля яго ног. І першы раз Дзік зразумеў, якую безнадзейную гульню мы вядзём у жыцці і што зробленае аднойчы нельга ні змяніць, ні паправіць ніякім раскаяннем.

Але ў яго не было часу аддавацца дарэмным шкадаванням. Кэтсбі сабраў вершнікаў, пад'ехаў да Дзіка, саскочыў на зямлю і прапанаваў яму свайго каня.

— Сягоння раніцай, — сказаў ён, — я крыху зайздросціў вашаму поспеху. Але поспех ваш аказаўся нетрывалым, і зараз, сэр Рычард, я ад душы прапаную вам гэтага каня, каб вы на ім паскакалі прэч.

— Растлумачце мне, — папрасіў Дзік, — чым быў выкліканы мой поспех?

— Вашым імем, — адказаў Кэтсбі. — Імя — галоўная прымха мілорда. Калі б мяне звалі Рычардам, я заўтра ж быў бы графам.

— Дзякую вам, сэр, — адказаў Дзік. — І паколькі малаверагодна, што я даб'юся новай ласкі, дазвольце мне развітацца з вамі. Не буду біцца аб заклад, быццам я абыякавы да поспеху; аднак я не вельмі засмучаны, развітаўшыся з ім. Улада і багацце, канечне, слаўныя рэчы, але, паміж намі, ваш герцаг — страшны чалавек.

Кэтсбі рассмяяўся.

— Так, — сказаў ён, — але той, хто едзе за Гарбатым Дзікам, можа заехаць далёка. Ну, няхай беражэ вас Бог ад усялякага зла! Жадаю вам удачы!

Дзік стаў на чале свайго атрада і, загадаўшы яму рухацца за сабой, крануўся ў шлях. Ён праехаў праз горад, мяркуючы, што ідзе па слядах сэра Дэніэла, і ўвесь час азіраўся наўкол з надзеяй знайсці доказы, якія пацвярджалі б справядлівасць яго меркавання. Вуліцы былі засланыя мёртвымі і параненымі; становішча параненых у такі марозны дзень было досыць сумным. Шайкі пераможцаў хадзілі з дома ў дом, рабуючы, забіваючы, распяваючы песні.

З усіх бакоў да Дзіка даляталі крыкі абрабаваных і пакрыўджаных; ён чуў то грукат молата ў чые-небудзь забарыкадзіраваныя дзверы, то гаротны лямант жанчын.

Сэрца Дзіка толькі што абудзілася. Ён упершыню ўбачыў жорсткія паследкі сваіх уласных учынкаў; думка аб усіх няшчасцях, што абрынуліся на горад Шорбі, напаўняла яго душу адчаем.

Нарэшце ён дасягнуў прадмесця горада і знайшоў шырокі, утаптаны след на снезе, заўважаны ім са званіцы. Ён паскакаў шпарчэй, уважліва ўглядаючыся ў трупы людзей і коней, што ляжалі па абодва бакі сцяжыны. Многія з забітых былі апрануты ў колеры сэра Дэніэла; Дзік нават пазнаваў твары і тых, якія ляжалі на спіне.

Паміж горадам і лесам на атрад сэра Дэніэла, відавочна, напалі стралкі; тут паўсюдна валяліся трупы, пранізаныя стрэламі. Сярод мерцвякоў Дзік заўважыў юнака, твар якога здаўся яму надзіва знаёмым.

Ён спыніўся, злез з каня і прыўзняў галаву юнака. Ад гэтага руху капюшон адкінуўся, і доўгія, густыя цёмныя валасы рассыпаліся па плячах. Юнак расплюшчыў вочы.

— А! Утаймавальнік ільвоў! — вымавіў слабы голас. — Яна наперадзе. Скачыце хутчэй!

І небарака зноў страціла прытомнасць.

У аднаго з воінаў Дзіка была з сабою біклажка з нейкім моцным віном, пры дапамозе гэтага пітва Дзіку ўдалося прывесці яе ў прытомнасць. Ён пасадзіў сяброўку Джааны да сябе на сядло і паскакаў да лесу.

— Навошта вы паднялі мяне? — сказала дзяўчына. — Я вас толькі затрымліваю.

— Не, пані Райзінгэм, — адказаў Дзік. — Шорбі поўны крыві, п'янства і разгулу. А са мной вы ў бяспецы. Будзьце задаволены гэтым.

— Я не хачу быць абавязанай нікому з вашай партыі! — ускрыкнула яна. — Пусціце мяне!

— Васпані, вы не ведаеце, што гаворыце, — адказаў Дзік. — Вы паранены…

— Не, — запярэчыла яна, — у мяне забіты конь, а я цэлая.

— Я не магу вас пакінуць адну ў снежным полі, сярод ворагаў, — адказаў Рычард. — Хочаце вы або не хочаце, а я вазьму вас з сабой. Я шчаслівы, што ў мяне з'явіўся такі выпадак, бо ён дае мне магчымасць заплаціць вам хоць частку майго доўгу.

Яна прамаўчала. Потым раптоўна спытала:

— А мой дзядзька?

— Мілорд Райзінгэм? — перапытаў Дзік. — Хацеў бы я прынесці вам добрыя весткі, але ў мяне іх няма. Я бачыў яго раз у час бітвы, толькі адзін раз… Будзем спадзявацца на лепшае.

Раздзел V Ноч у лесе. Алісія Райзінгэм

Сэр Дэніэл, хутчэй за ўсё, трымаў шлях у замак Мот, але з-за глыбокага снегу, позняга часу, неабходнасці пазбягаць вялікіх дарог і прабіцца толькі лесам ён не мог спадзявацца трапіць у замак да раніцы.

Дзік стаяў перад выбарам: або па-ранейшаму ісці па слядах рыцара і, калі ўдасца, напасці на яго ноччу, калі ён размесціцца ў лесе лагерам, або выбраць сабе іншую дарогу і пайсці сэру Дэніэлу напярэймы.

Абодва планы выклікалі сур'ёзныя пярэчанні, і Дзік, які баяўся, як бы Джаана ў баі не трапіла ў небяспеку, даехаў да ўскрайку лесу, так і не вырашыўшы, на якім з іх спыніцца.

Тут сэр Дэніэл павярнуў налева і затым паглыбіўся ў велічную лясную нетру. Ён расцягнуў свой атрад вузкай стужкай, каб лягчэй было рухацца паміж дрэвамі, і след на снезе тут быў намнога глыбейшы. Гэты след ішоў усё прама і прама пад аголенымі дубамі; дрэвы падымалі над ім вузлаватыя сукі і дрымучыя хітраспляценні галін. Не чуваць было ні чалавека, ні звера; не чуваць было нават спеваў канаплянкі; промні зімовага сонца залацілі снег, скрэслены складаным узорам ценяў.

— Як, па-твойму, — спытаў Дзік у аднаго з воінаў, — ці скакаць нам за імі, ці рухацца напярэймы?

— Сэр Рычард, — адказаў воін, — я б скакаў услед за імі да таго часу, пакуль яны не раз'едуцца ў розныя бакі.

— Ты, канечне, гаворыш праўду, — сказаў Дзік, — але мы сабраліся ў дарогу надта паспешліва і як належыць не падрыхтаваліся да паходу. Тут няма дамоў, няма каму нас прытуліць і накарміць, і аж да заўтрашняй раніцы мы будзем галадаць і мерзнуць… Што вы скажаце, малойцы? Ці згодны вы патрываць крыху, каб дабіцца ўдачы? Калі вы не згодны, мы можам павярнуць у Халівуд і павячэраць там за кошт святой царквы. Я не ўпэўнены ў поспеху нашага паходу і таму нікога не прымушаю. Але калі вы хочаце прыслухацца да маёй парады, выбірайце першае.

Усе ў адзін голас адказалі, што паедуць за сэрам Рычардам, куды ён пажадае.

І Дзік, прышпорыўшы каня, зноў рушыў наперад.

Снег на следзе быў добра ўтаптаны, і тым, хто даганяў, было лягчэй скакаць, чым уцекачам. Атрад Дзіка мчаўся шырокай рыссю; дзвесце капытоў стукалі па цвёрдым снезе; бразгат зброі і фырканне коней стваралі ваяўнічы шум пад скляпеннямі прыціхлага лесу.

Нарэшце шырокі след вывеў іх да вялікай дарогі, якая ішла на Халівуд, і тут згубіўся. І калі крыху далей след гэты зноў з'явіўся на снезе, Дзік са здзіўленнем заўважыў, што ён стаў намнога вузейшы і снег на ім не так утаптаны. Відавочна, скарыстаўшы добрую дарогу, сэр Дэніэл раздзяліў свой атрад на дзве часткі.

Дзік паехаў прама, па галоўным следзе, таму што шансы здаваліся аднолькавымі. Праз гадзіну ён быў ужо ў самым гушчары лесу. І раптам агульны след падзяліўся на дзесяткі разрозненых слядоў, якія разбягаліся ва ўсе бакі.

Дзік у адчаі спыніў каня. Кароткі зімовы дзень заканчваўся; матавы чырвона-аранжавы шар сонца марудна апускаўся за голым суччам дрэў; цені, якія беглі па снезе, расцягнуліся на цэлую мілю; мароз жорстка кусаў кончыкі пальцаў; пара падымалася над коньмі, змешвалася са стылым дыханнем людзей і воблакам ляцела ўверх.

— Нас перахітрылі, — прызнаўся Дзік. — Давядзецца ў рэшце рэшт ехаць у Халівуд. Мяркуючы па сонцы, да Халівуда бліжэй, чым да Тэнстола.

Яны павярнулі налева, падставіўшы чырвонаму шчыту сонца свае спіны, і накіраваліся да абацтва. Але цяпер перад імі не было дарогі, утаптанай ворагамі. Ім даводзілася марудна прабірацца па глыбокім снезе, кожную хвіліну патанаючы ў сумётах і бесперастанку спыняючыся, каб абмеркаваць, куды ехаць далей. І вось сонца зайшло зусім; святло на захадзе патухла; яны блукалі па лесе ў поўнай цемры, пад марознымі зоркамі.

Хутка ўзыдзе месяц і асветліць вяршыні пагоркаў; тады лёгка будзе рухацца наперад. Але да таго часу варта зрабіць адзін неабдуманы крок — і яны саб'юцца з дарогі. Ім нічога не заставалася, як размясціцца лагерам і чакаць.

Яны расставілі вартавых, ачысцілі ад снегу невялікую пляцоўку і пасля некалькіх няўдалых спроб распалілі вогнішча. Воіны паселі вакол агню, дзелячыся мізэрнымі запасамі ежы, і пусцілі біклажку па крузе. Дзік выбраў лепшыя кавалкі з грубай і беднай ежы і аднёс іх пляменніцы лорда Райзінгэма, якая сядзела пад дрэвам, убаку ад салдат.

Ёй падаслалі конскую гуньку і далі накінуць на плечы другую; яна сядзела, скіраваўшы позірк на агонь. Калі Дзік прапанаваў ёй паесці, яна ўздрыгнула, быццам яе разбудзілі, і моўчкі адмовілася.

— Васпані, — сказаў Дзік, — малю вас, не карайце мяне так жорстка. Не ведаю, чым я зняважыў вас. Праўда, я забраў вас сілай, але з сяброўскіх пачуццяў; я прымушаю вас начаваць у лесе, але мая паспешлівасць тлумачыцца тым, што трэба ратаваць іншую дзяўчыну, такую ж слабую і безабаронную, як вы. І, нарэшце, васпані, не карайце сябе і паешце хоць трошкі. Нават калі вы не галодныя, вы павінны паесці, каб падтрымаць свае сілы.

— Я не прыму ежу з рук чалавека, які забіў майго дзядзьку, — адказала яна.

— Васпані! — ускрыкнуў Дзік. — Клянуся вам распяццем, я не дакрануўся да яго!

— Пакляніцеся мне, што ён яшчэ жывы, — сказала яна.

— Я не хачу хітрыць, — адказаў Дзік. — Спачуванне загадвае мне засмуціць вас. У глыбіні душы я перакананы, што яго ўжо няма жывога.

— І вы адважваецеся прапаноўваць мне ежу! — усклікнула яна. — А! Вас цяпер называюць сэрам Рычардам! Мой добры дзядзечка забіты, і за гэта вас пасвяцілі ў рыцары. Калі б я не аказалася такой дурніцай, а заадно і здрадніцай, калі б я не выратавала вас у доме вашага ворага, загінулі б вы, а ён — ён, які варты тузіна такіх, як вы, — ён быў бы жывы!

— Гэтак жа, як і ваш дзядзька, я рабіў усё, што мог, для сваёй партыі, — адказаў Дзік. — Калі б ён быў жывы, — клянуся небам, я хацеў бы гэтага! — ён адобрыў бы, а не дакараў мяне.

— Сэр Дэніэл гаварыў мне, — адказала яна, — што бачыў вас на барыкадзе. Калі б не вы, ён упэўнены, што ваша партыя была б разбіта; гэта вы выйгралі змаганне. Значыць, гэта вы забілі майго добрага лорда Райзінгэма. І, нават не памыўшы рукі пасля забойства, вы прапаноўваеце мне есці разам з вамі? Сэр Дэніэл пакляўся загубіць вас. Ён адпомсціць за мяне!

Няшчасны Дзік паглыбіўся ў змрочны роздум. Ён успомніў старога Арблестэра і гучна застагнаў.

— І вы лічыце, што на мне ляжыць такі грэх? — сказаў ён. — Вы, якая абараняла мяне? Вы, сяброўка Джааны?

— Навошта вы ўмяшаліся ў бітву? — запярэчыла яна. — Вы стаіце па-за партыямі, вы ўсяго толькі хлопчык, рукі, ногі і тулава, якія не кіруюцца розумам! З-за чаго вы змагаліся? Выключна з-за любові да насілля!

— Я і сам не ведаю, з-за чаго я змагаўся! — ускрыкнуў Дзік. — Але так ужо вядзецца ў ангельскім каралеўстве, што калі бедны джэнтльмен не змагаецца на адным баку, ён абавязкова павінен змагацца на другім. Ён не можа не змагацца, гэта ненатуральна.

— Той, у каго няма сваіх перакананняў, не павінен выцягваць мяча з ножан, — адказала маладая дзяўчына. — Вы выпадкова прымалі ўдзел у бітве — чым вы лепшы за мясніка? Вайне надае высакароднасць толькі мэта, а вы змагаліся без мэты і абняславілі яе.

— Васпані, — адказаў няшчасны Дзік, — я бачу сваю памылку. Я сапраўды паспяшаўся… я дзейнічаў раней часу. Я ўкраў карабель, думаючы, што раблю добра, і гэтым загубіў шмат невінаватых людзей і прычыніў гора беднаму старому, сустрэча з якім, быццам кінжал, пранізала мяне сёння. Я дабіваўся перамогі і славы толькі для таго, каб ажаніцца, і вось чаго я дасягнуў! З-за мяне загінуў ваш дзядзька, а ён жа быў такі добры да мяне! На жаль, я пасадзіў Йорка на трон, а гэта, магчыма, прынясе Англіі толькі гора! О васпані, я бачу свой грэх! Я не прыгодны для гэтага жыцця. Як толькі ўсё скончыцца, я пайду ў манастыр, каб маліцца і каяцца да канца дзён сваіх. Я адмоўлюся ад Джааны, адмоўлюся ад ваеннага рамяства. Я буду манахам і да самай смерці буду маліцца за душу вашага беднага дзядзькі…

Зняважанаму, поўнаму раскаяння Дзіку раптам падалося, што юная лэдзі рассмяялася.

Ён узняў галаву і ўбачыў пры святле вогнішча, што яна глядзіць на яго неяк дзіўна, але зусім не сярдзіта.

— Васпані! — усклікнуў ён, мяркуючы, што смех толькі пачуўся яму, хаця яе пацяплелы твар даваў яму надзею, што ён крануў яе сэрца. — Васпані, вам мала гэтага? Я адмаўляюся ад усіх радасцей жыцця, каб загладзіць зло, якое я прычыніў. Я сваімі малітвамі забяспечу рай лорду Райзінгэму. Я адмаўляюся ад усяго ў той самы дзень, калі быў пасвечаны ў рыцары і лічыў сябе самым шчаслівым маладым джэнтльменам на зямлі!

— О, хлопчык, — сказала яна, — слаўны хлопчык!

І, на вялікае здзіўленне Дзіка, яна спачатку вельмі пяшчотна выцерла слёзы з яго шчок, а потым, нібы падпарадкоўваючыся раптоўнаму прымусу сэрца, абвіла яго шыю рукамі, прыцягнула да сябе і пацалавала. І прастадушны Дзік зусім збянтэжыўся.

— Вы тут начальнік, — вельмі весела сказала яна, — і вы павінны есці. Чаму вы не вячэраеце?

— Дарагая пані Райзінгэм, — адказаў Дзік, — я хачу, каб палонніца мая паела першая. Сказаць папраўдзе, раскаянне перашкаджае мне глядзець на ежу. Я павінен пасціцца і маліцца, дарагая лэдзі.

— Завіце мяне Алісіяй, — сказала яна. — Мы ж з вамі старыя сябры, ці не так? А цяпер давайце я буду есці разам з вамі: я — кавалак, і вы — кавалак, я — глыток, і вы — глыток. Калі вы нічога не будзеце есці, і я не буду; а калі вы з'ясце шмат, і я наемся, як араты.

З гэтымі словамі яны ўзяліся за яду, і Дзік, у якога быў цудоўны апетыт, узяў з яе прыклад, спачатку з неахвотай, але паступова з усё большым натхненнем і стараннем. У рэшце рэшт ён нават перастаў сачыць за тою, якая служыла яму прыкладам, і добра ўзнагародзіў сябе за турботы і хваляванні дня.

— Утаймавальнік ільвоў, — сказала яна нарэшце, — хіба вам не падабаюцца дзяўчаты ў мужчынскім адзенні?

Месяц ужо ўзышоў, і цяпер яны толькі чакалі, калі адпачнуць стомленыя коні. Пры месячным святле ўсё яшчэ раскайваючыся, але ўжо добра адпачыўшы, Рычард заўважыў, што яна глядзіць на яго амаль какетліва.

— Васпані… — пачаў ён і запнуўся, здзіўлены такой пераменай.

— Ну, — перабіла яна, — адмаўляцца бескарысна. Джаана ж расказала мне ўсё. Але, сэр, утаймавальнік ільвоў, зірніце ж на мяне, хіба я такая ўжо непрыгожая? А?

І яна бліснула вачыма.

— Вы трошкі малая ростам… — пачаў Дзік.

Яна звонка зарагатала, канчаткова збянтэжыла яго і збіла з панталыку.

— Малая ростам! — ускрыкнула яна. — Не, будзьце такім жа сумленным, як і адважным; я карліца, ну, можа, крыху большая за карліцу. Але, прызнайцеся, нягледзячы на свой рост, я ўсё ж даволі прывабная. Хіба не так?

— О васпані, вы вельмі прывабная, — сказаў шматпакутны рыцар, робячы няўдалую спробу здавацца развязным.

— І кожны мужчына быў бы вельмі рады ажаніцца на мне? — працягвала яна свой допыт.

— О васпані, разумеецца! — згадзіўся Дзік.

— Завіце мяне Алісіяй, — сказала яна.

— Алісія! — сказаў сэр Рычард.

— Ну, добра, утаймавальнік ільвоў, — працягвала яна. — Паколькі вы забілі майго дзядзьку і пакінулі мяне без падтрымкі, вы, па гонары, павінны вярнуць мне гэта. Ці не так?

— Канечне, васпані, — сказаў Дзік. — Хаця, паклаўшы руку на сэрца, я лічу сябе толькі часткова вінаватым у смерці гэтага храбрага рыцара.

— А, дык вы хочаце выкруціцца! — усклікнула яна.

— Не, васпані. Я ўжо гаварыў вам, што, калі вы хочаце, я нават гатовы стаць манахам, — сказаў Рычард.

— Значыць, па гонары, вы належыце мне? — заключыла яна.

— Па гонары, васпані, я мяркую… — пачаў малады чалавек.

— Перастаньце! — перабіла яна. — У вас і так надта шмат хітрыкаў. Па гонары, хіба вы не належыце мне да таго часу, пакуль не загладзіце зробленае вамі зло?

— Па гонары, так, — сказаў Дзік.

— Ну, дык слухайце, — працягвала яна. — Мне здаецца, з вас выйшаў бы дрэнны манах. І таму што я магу распараджацца вамі, як мне ўздумаецца, я вазьму вас сабе за мужа… Ні слова! — усклікнула яна. — Словы вам не дапамогуць. Справядлівасць патрабуе, каб вы, паколькі вы пазбавілі мяне аднаго дома, замянілі мне гэты дом іншым. А што да Джааны, то, паверце, яна першая адобрыць такую замену. У рэшце рэшт, калі мы з ёю такія блізкія сяброўкі, ці не ўсё роўна, на якой з нас вы ажэніцеся? Ніякай розніцы!

— Васпані, — сказаў Дзік, — толькі загадайце, і я пайду ў манастыр. Але ні па прымусу, ні з жадання дагадзіць даме я не ажанюся ні на кім, акрамя Джааны Сэдлі. Даруйце мне за шчырасць, але, калі дзяўчына смелая, няшчаснаму мужчыне трэба быць яшчэ смялейшым.

— Дзік, — сказала яна, — мілы хлопчык, вы павінны падысці і пацалаваць мяне за гэтыя словы… Не, не бойцеся, вы пацалуеце мяне за Джаану, а калі мы сустрэнемся, я вярну ёй пацалунак і скажу, што ўкрала яго ў яе. А што да вашага доўгу мне, дарагі прасцячок, я думаю, што не вы адзін удзельнічалі ў гэтай вялікай бітве. І нават калі Йорк будзе на троне, то не вы пасадзілі яго на трон. Але ў вас цудоўнае, добрае і сумленнае сэрца, Дзік. Калі б я была здольная пазайздросціць хоць чаму-небудзь з таго, што ёсць у Джааны, я пазайздросціла б толькі вашаму каханню да яе.

Раздзел VI Ноч у лесе (заканчэнне). Дзік і Джаана

Тым часам коні даелі мізэрны запас корму і крыху адпачылі. Па загадзе Дзіка вогнішча засыпалі снегам. Пакуль яго людзі зноў стомлена садзіліся ў сядло, ён сам, трошкі запознена ўспомніўшы аб перасцярогах, неабходных у лесе, выбраў высокі дуб і хутка ўзабраўся на самую верхнюю галіну. Адсюль яму бачна была лясная далячынь, занесеная снегам і асветленая месяцам. На паўднёвым захадзе цямнеў той зарослы верасам пагорак, дзе яго і Джаану калісьці так напалохаў «пракажоны». На схіле гэтага пагорка ён заўважыў ярка-чырвоную плямку велічынёй са шпілечную галоўку.

Ён дакараў сябе за тое, што так позна залез на дрэва. Што, калі гэтая яркая плямка — касцёр у лагеры сэра Дэніэла? Ён жа даўно ўжо мог заўважыць яго і падысці туды. Тым болей, не варта было дазваляць сваім воінам разводзіць вогнішча, якое, верагодна, выдала іх сэру Дэніэлу. Нельга губляць ні хвіліны. Нацянькі да пагорка было каля дзвюх міль; але на шляху трэба было перайсці глыбокі, абрывісты яр, па якім нельга было праехаць вярхом, і Дзік вырашыў, што, спешыўшыся, яны хутчэй дабяруцца да месца. Дзік пакінуў дзесяць чалавек вартаваць коней, дамовіўся аб умоўным сігнале і павёў свой атрад наперад. Побач з ім адважна крочыла Алісія Райзінгэм.

Каб лягчэй было ісці, салдаты знялі цяжкія латы і пакінулі дзіды. Яны бадзёра ішлі па замёрзлым снезе, асветленым вясёлым месячным ззяннем. Моўчкі, па парадку перайшлі яны яр, на дне якога ручай з шумам вырываўся праз снег і лёд. За ярам, на паўмілі ад заўважанага Дзікам вогнішча, атрад спыніўся, каб адпачыць перад нападам.

У цішы велізарнага лесу самы найменшы гук быў чуцен здалёку. Алісія, у якой быў тонкі слых, папераджальна падняла палец і спынілася, прыслухоўваючыся. Усе ўзялі з яе прыклад, але, акрамя глухога шуму ручая ды аддаленага лісінага брэху, Дзік, як ні напружваў свой слых, не пачуў нічога.

— Я чула зараз бразгат зброі, — прашаптала Алісія.

— Васпані, — адказаў Дзік, які баяўся гэтай дзяўчыны больш, чым дзесятка храбрых варожых воінаў, — я не адважваюся сказаць, што вы памыліліся… аднак, быць можа, гэты гук даляцеў з нашага лагера.

— Не, ён даляцеў з захаду, — заявіла яна.

— Што будзе, тое будзе, — адказаў Дзік. — На ўсё воля Бога. Няма чаго раздумваць, пойдзем хутчэй і даведаемся, што там такое. Наперад, сябры, даволі адпачываць!

Па меры таго як яны прасоўваліся наперад, на снезе ўсё часцей трапляліся сляды конскіх капытоў. Было зразумела, што яны набліжаюцца да вялікага лагера. Нарэшце, яны ўбачылі за дрэвамі чырванаваты дым, асветлены знізу, і яркія іскры, што ляцелі ва ўсе бакі.

Па загадзе Дзіка воіны разгарнулі свае шэрагі і бясшумна папаўзлі цераз нетру, каб з усіх бакоў акружыць непрыяцельскі лагер. Сам Дзік, пакінуўшы Алісію пад прыкрыццем велізарнага дуба, крадком накіраваўся прама да вогнішча.

Нарэшце ў прасветліне паміж дрэвамі ён убачыў увесь лагер. На пагорку, пакрытым верасам, з трох бакоў акружаным нетраю, гарэла вогнішча; полымя гуло і ўзвівалася ўверх з трэскам.

Вакол агню сядзела чалавек дванаццаць, захутаных у плашчы; але, хаця снег быў утаптаны так, быццам тут стаяў цэлы полк, Дзік дарэмна шукаў позіркам коней. Ён з жахам падумаў, што яго, магчыма, перахітрылі. І ў тую ж хвіліну зразумеў, што высокі чалавек у сталёвым шлеме, які працягваў руку да агню, быў яго стары сябар, а цяпер вораг Бенет Хэтч; а з тых двух, што сядзелі за Бенетам, ён пазнаў Джаану Сэдлі і жонку сэра Дэніэла, апранутых у мужчынскае адзенне.

«Ну што ж, — падумаў ён. — Хай сабе я і страчу сваіх коней, але толькі б мне здабыць маю Джаану, і я не буду шкадаваць!»

І вось пачуўся ціхі свіст, які азначаў, што воіны Дзіка акружылі лагер з усіх бакоў.

Пачуўшы свіст, Бенет падхапіўся на ногі, але, перш чым ён паспеў узяцца за зброю, Дзік паклікаў яго.

— Бенет! — сказаў ён. — Бенет, стары сябар, здавайся. Ты толькі дарэмна пральеш чалавечую кроў, калі будзеш супраціўляцца.

— Клянуся святой Барбарай, гэта майстар Шэлтан! — ускрыкнуў Хэтч. — Здавацца? Вы патрабуеце занадта многа. Якія ў вас сілы?

— Слухайце, Бенет, нас больш, чым вас, і вы акружаныя, — сказаў Дзік. — Сам Цэзар і сам Карл Вялікі прасілі б на тваім месцы літасці. На мой свіст адгукаюцца сорак чалавек, адным залпам я магу перастраляць вас усіх.

— Майстар Дзік, — сказаў Бенет, — я б ахвотна вам здаўся, але сумленне не дазваляе — я павінен выканаць свой абавязак. Хай дапамогуць нам святыя!

З гэтымі словамі ён паднёс да рота ражок і затрубіў. Надышла невялікая замінка. Пакуль Дзік, баючыся за дам, марудзіў пачынаць бой, маленькі атрад Хэтча кінуўся да зброі і выстраіўся да кругавой абароны — спіна да спіны, рыхтуючыся да адчайнага супраціўлення. У час гэтай сумятні Джаана падхапілася і стралой памчалася да свайго каханага.

— Я тут, Дзік! — закрычала яна, схапіўшы яго за руку.

Дзік усё яшчэ вагаўся. Ён быў малады і не прывык да непазбежных жахаў вайны; пры думцы аб старой лэдзі Брэклі словы каманды засядалі ў горле. Яго воіны пачалі праяўляць нецярпенне. Некаторыя з іх клікалі яго па імені, іншыя пачалі страляць, не чакаючы загаду. І першая ж страла паваліла беднага Бенета. Тут Дзік ачухаўся.

— Наперад! — крыкнуў ён. — Страляйце, хлопцы, і не высоўвайцеся з кустоў! Англія і Йорк!

Але ў гэтае імгненне ў начной цішыні раптоўна пачуўся глухі стук мноства капытоў аб снежную дарогу, які набліжаўся з неверагоднай хуткасцю і рабіўся ўсё гучнейшым, і рогі затрубілі ў адказ на заклік Хэтча.

— Усе сюды! — ускрыкнуў Дзік. — Хутчэй да мяне, калі вы даражыце жыццём.

Але яго пешыя воіны, якія разлічвалі на лёгкую перамогу, былі заспеты знянацку; адны яшчэ марудзілі, іншыя кінуліся бегчы і зніклі ў лесе. І калі першыя коннікі кінуліся ў атаку, ім удалося закалоць толькі некалькі воінаў, якія адсталі; большая ж частка атрада Дзіка растварылася пры першых гуках, што абвясцілі аб набліжэнні праціўніка. Дзік стаяў, з горыччу гледзячы на вынікі сваёй неразважлівай і неабдуманай адвагі. Сэр Дэніэл заўважыў яго вогнішча. Ён рушыў да яго са сваімі галоўнымі сіламі, каб атакаваць праследавальнікаў або абрынуцца на іх з тылу, калі яны адважацца напасці на лагер. Ён дзейнічаў, як вопытны правадыр, а Дзік вёў сябе, як гарачлівы хлапчук. І вось у маладога рыцара не засталося нікога, акрамя каханай, якая моцна трымала яго за руку. А ўсе яго воіны і коні згубіліся ў цёмным лесе, быццам іголкі ў сене. «Хай дапаможа мне Бог! — падумаў ён. — Добра, што мяне пасвяцілі ў рыцары за ранішняе змаганне, бо гэтая бітва робіць мне мала гонару».

І, цягнучы за сабою Джаану, ён кінуўся бегчы. Цяпер начную цішыню парушалі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія мчаліся ва ўсе бакі, шукаючы ўцекачоў. Дзік прадзіраўся цераз кусты і бег наперад, быццам алень. Усе адкрытыя мясціны былі заліты серабрыстым святлом, і ад гэтага ў лясным гушчары здавалася яшчэ цямней. Пераможаныя разбегліся па ўсім лесе і звялі за сабою праследавальнікаў. Дзік і Джаана схаваліся ў густой нетры і спыніліся, прыслухоўваючыся да галасоў, што пакрысе заціхалі наводдаль.

— Калі б я пакінуў рэзерв, — горка ўсклікнуў Дзік, — я б яшчэ мог паправіць справу! Але, жыццё вучыць нас! У наступны раз я буду разумнейшы, клянуся распяццем!

— Ці не ўсё роўна, Дзік, — сказала Джаана, — калі мы зноў разам?

Ён зірнуў на яе. Зноў, як у былы час, яна была Джонам Мэтчэмам, апранутым па-мужчынску. Але цяпер ён ведаў, што гэта дзяўчына. Яна ўсміхалася яму і нават у гэтым няўклюдным адзенні ўся іскрылася каханнем, напаўняючы яго сэрца радасцю.

— Любая, — сказаў ён, — калі ты даруеш усе мае промахі, ці варта мне аб іх гаварыць? Пойдзем прама ў Халівуд; там жыве твой апякун і мой добры друг лорд Фоксгэм. Там мы і павянчаемся. І ці не ўсё роўна, бедны я альбо багаты, праслаўлены альбо невядомы? Любая мая, сягоння мяне пасвяцілі ў рыцары. Я ўдастоіўся пахвалы праслаўленых вяльможаў за сваю адвагу. Я ўжо лічыў сябе самым лепшым воінам ва ўсёй Англіі. І вось я спачатку пазбавіўся прыхільнасці вяльможаў, а затым быў разбіты ў баі і страціў усіх сваіх салдат. Які ўдар па маім самалюбстве? Але, дарагая, я не гарую. Калі ты кахаеш мяне, калі ты згодна павянчацца са мной, я гатовы скінуць з сябе рыцарскае званне і ніколькі не буду шкадаваць аб гэтым.

— Мой Дзік! — ускрыкнула яна. — Няўжо цябе пасвяцілі ў рыцары?

— Але, мая дарагая. І з гэтага часу ты мілэдзі! — пяшчотна адказаў ён. — Дакладней, заўтра раніцой ты станеш ёю — ты ж згодная?

— Згодная, Дзік, згодная ўсёй душой! — адказала яна.

— Вось як, сэр! А я ж думала, што вы збіраецеся пайсці ў манахі!

— Алісія! — усклікнула Джаана.

— Яна самая, — адказала, набліжаючыся, юная лэдзі. — Тая самая Алісія, якую вы лічылі мёртвай і якую знайшоў ваш утаймавальнік ільвоў, вярнуў да жыцця і да якой ён нават заляцаўся, калі хочаш ведаць!

— Я не веру гэтаму! — ускрыкнула Джаана. — Дзік!

— «Дзік»! — перадражніла Алісія. — Вось вам і Дзік!… Ага, сэр, і вам не сорамна пакідаць няшчасных дзяўчат у бядзе? — працягвала яна, павярнуўшыся да маладога рыцара. — Вы пакідаеце іх пад шатамі дуба, а самі ўцякаеце. Відаць, праўду кажуць, што час рыцарства мінуў.

— Васпані, — з адчаем ускрыкнуў Дзік, — клянуся сваёй душой, я абсалютна забыў пра вас! Васпані, пастарайцеся дараваць мне! Вы бачыце, я толькі што знайшоў Джаану!

— Я і не думала, што вы кінулі мяне знарок, — запярэчыла яна. — Але ўсё адно я жорстка адпомшчу. Я выдам лэдзі Шэлтан адну тайну… дакладней — будучай лэдзі Шэлтан, — дадала яна, робячы рэверанс. — Джаана, — працягвала яна, — клянуся душой, я веру, што твой каханы адважны ў змаганні, але… дазволь мне сказаць усё: ён самы мяккасардэчны прасцяк у Англіі. Бяры яго сабе на здароўе! А зараз, неразумныя дзеці, спярша пацалуйце мяне кожны па чарзе — гэта прынясе вам шчасце, а потым цалуйце адно аднаго роўна адну хвіліну па гадзінніку і ні секунды болей. А затым мы ўсе ўтраіх выправімся ў Халівуд і пойдзем як мага хутчэй, таму што ў гэтых лясах і холадна і небяспечна.

— Але няўжо мой Дзік заляцаўся да цябе? — спытала Джаана, прыціскаючыся да свайго каханага.

— Не, неразумная дзяўчынка, — адказала Алісія, — гэта я заляцалася да яго. Я прапанавала яму ажаніцца са мной, але ён параіў мне выйсці замуж за каго-небудзь іншага. Так ён і сказаў. Словам, ён не такі ласкавы, як шчыры… А цяпер, дзеці, будзем разумнымі і пойдзем наперад. Ну як, мы зноў палезем праз яр або рушым прама ў Халівуд?

— Вось каб дзе дастаць каня, — сказаў Дзік. — За апошнія дні мяне так часта білі, што маё няшчаснае цела ператварылася ў суцэльны сіняк. Аднак, калі мае воіны, якія вартуюць коней, разбегліся, пачуўшы шум бітвы, мы толькі дарэмна пройдземся. Прамым шляхам да Халівуда ўсяго тры мілі. Звон яшчэ не прабіў і дзесяці гадзін, снег моцны, месяц ярка свеціць. Як вы думаеце — ці не выправіцца нам пешшу?

— Вырашана! — ускрыкнула Алісія.

А Джаана толькі мацней прытулілася да Дзіка.

Яны пайшлі праз аголеныя гаі, па заснежаных сцяжынках, залітых бледным святлом зімовага месяца. Дзік і Джаана трымаліся за рукі, адчуваючы райскую асалоду. А іх легкадумная спадарожніца, абсалютна забыўшы пра ўласныя горычы, ішла за імі і то жартавала над іх маўчаннем, то малявала шчаслівыя карціны іх будучага сумеснага жыцця.

Далёка ў лесе чуваць былі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія працягвалі пагоню; час ад часу далятаў шум галасоў, чуўся бразгат зброі, — відаць, сутычкі ўсё яшчэ працягваліся.

Але гэтыя маладыя людзі, якія выраслі сярод ваенных трывог і толькі што пазбеглі мноства небяспек, цяпер не маглі адчуць страх або жаль. Задаволеныя тым, што шум пагоні аддаляўся, яны ўсім сэрцам аддаліся сваёй радаснай прагулцы, якую Алісія назвала вясельнай працэсіяй. І ні суровае бязлюддзе лесу, ні холад марознай ночы не маглі азмрочыць іх шчасце.

Нарэшце з вяршыні пагорка яны ўбачылі даліну Халівуда. У вялікіх вокнах ляснога абацтва блішчалі факелы і свечкі; высокія вежы і шпілі, выразныя і маўклівыя, узнімаліся ў неба, і залатое распяцце на самай макаўцы ярка гарэла, асветленае месячным ззяннем. Вакол Халівуда на шырокіх палянах палалі вогнішчы лагераў, цясніліся хаціны; на дне даліны застыла скаваная лёдам звілістая рака.

— Клянуся небам, — сказаў Рычард, — тут усё яшчэ стаяць лагерам войскі лорда Фоксгэма! Ганец, пасланы герцагам, відаць, сюды не даехаў. Ну, тым лепш. Значыць, у нас ёсць армія, і мы можам падрыхтаваць сэру Дэніэлу вартую сустрэчу.

Але воіны лорда Фоксгэма працягвалі стаяць лагерам каля Халівуда зусім па іншай прычыне, чым уяўляў Дзік. Яны рушылі спачатку да Шорбі, аднак не прайшлі і палавіны дарогі, як сустрэлі другога ганца, які загадаў ім вярнуцца туды, дзе яны стаялі раніцай, каб перагарадзіць дарогу адступаючым ланкастэрцам і трымацца як мага бліжэй да галоўнай арміі йоркістаў. Рычард Гластэр, выйграўшы бітву і разбіўшы сваіх ворагаў у гэтай акрузе, ужо ішоў на злучэнне са сваім братам. І неўзабаве пасля таго, як войскі лорда Фоксгэма вярнуліся ў Халівуд, Гарбун сам спыніў каня каля дзвярэй абацтва. Вось у гонар якога высокага госця свяціліся агнямі вокны. Калі Дзік з'явіўся ў Халівуд разам са сваёю каханай і яе сяброўкай, герцаг і ўся яго світа балявалі ў трапезнай, дзе іх прымалі з пышнасцю, вартай такога магутнага і багатага манастыра. Дзіка прывялі ў трапезную, куды ён зайшоў без вялікай ахвоты. Гластэр, дужа стомлены, сядзеў, падпёршы рукою свой бледны, грозны твар. Лорд Фоксгэм, які ледзь акрыяў ад раны, сядзеў на ганаровым месцы, злева ад яго.

— Ну як, сэр? — спытаў Рычард. — Прынеслі вы мне галаву сэра Дэніэла?

— Мілорд герцаг, — адказаў Дзік даволі цвёрдым голасам, хоць і палохаючыся ў душы, — мне так не пашанцавала, што я не змог нават вярнуцца разам са сваім атрадам. Я, з дазволу вашай міласці, абсалютна разбіты.

Гластэр зірнуў на яго і грозна нахмурыўся.

— Акрамя пяцідзесяці вершнікаў, сэр, я даў вам пяцьдзесят пехацінцаў, — сказаў ён.

— Мілорд герцаг, у мяне было толькі пяцьдзесят вершнікаў, — адказаў юны рыцар.

— Як так? — здзівіўся Гластэр. — Ён жа прасіў у мяне і конніцу і пяхоту.

— Не гневайцеся, ваша міласць, — лісліва адказаў Кэтсбі, — але для пагоні мы далі яму толькі пяцьдзесят вершнікаў.

— Цудоўна, — сказаў Рычард. — Шэлтан, вы можаце ісці.

— Пастойце! — спыніў яго лорд Фоксгэм. — У гэтага маладога чалавека было даручэнне і ад мяне. Можа, ён яго выканаў лепш… Скажыце, майстар Шэлтан, вы знайшлі дзяўчыну?

— Хвала святым, мілорд, — сказаў Дзік, — яна ў гэтым доме.

— Гэта праўда?… У такім разе, мілорд герцаг, — працягваў лорд Фоксгэм, — заўтра раніцай, з вашага дазволу, перад тым як войска выступіць, трэба згуляць вяселле. Гэты малады сквайр…

— Малады рыцар, — перабіў Кэтсбі.

— Вы называеце яго рыцарам, сэр Уільям? — ускрыкнуў лорд Фоксгэм.

— Я сам пасвяціў яго ў рыцары за адважную службу, — сказаў Гластэр. — Ён двойчы выручыў мяне. Доблесці ў яго хоць адбаўляй. Але яму не хапае жалезнай цвёрдасці мужчыны. Ён не ўзвысіцца, лорд Фоксгэм. Гэты чалавек будзе храбра біцца, але ўсё роўна ў яго сэрца зайца. Тым не менш, калі яму трэба жаніцца, — жаніце яго ў імя Прасвятой Дзевы, і канец!

— Ён храбры юнак, і мне гэта вядома, — сказаў лорд Фоксгэм. — Радуйцеся, сэр Рычард! З майстрам Хэмлі я аб усім дамовіўся, і раніцай вас павянчаюць.

Дзік вырашыў, што цяпер лепш за ўсё пайсці. Але не паспеў ён яшчэ пакінуць трапезную, як нейкі чалавек, які толькі што спешыўся каля варот, памчаўся па лесвіцы, пераскокваючы адразу праз чатыры прыступкі, прарваўся праз шарэнгі слуг і кінуўся на адно калена перад герцагам.

— Перамога, мілорд! — закрычаў ён.

І перш чым Дзік дабраўся да пакоя, адведзенага яму як госцю лорда Фоксгэма, у натоўпе каля вогнішчаў пачуліся радасныя крыкі. Бо ў гэты ж самы дзень за якія-небудзь дваццаць міль адсюль магутнасці Ланкастэра быў нанесены другі знішчальны ўдар.

Раздзел VII Помста Дзіка

На наступную раніцу Дзік падняўся да світання, прыбраўся як мага лепш, скарыстаўшы гардэроб лорда Фоксгэма, і, распытаўшы аб Джаане, вырашыў прайсціся, каб зменшыць сваё нецярпенне.

Ён паблукаў сярод салдат, якія апрануліся ў свае даспехі пры святле зімовай зары і чырвоным бляску факелаў; выйшаў у поле, абышоў аванпасты і накіраваўся адзін у замерзлы лес, чакаючы ўзыходу сонца.

Думкі яго былі спакойныя і шчаслівыя; ён не шкадаваў, што так хутка страціў прыхільнасць герцага. Маючы такую жонку як Джаана і такога заступніка як лорд Фоксгэм, ён мог глядзець на сваю будучыню з надзеяй. Аб мінулым ён шкадаваў мала.

Ён ішоў, паглыбіўшыся ў роздум, а ранішняя зара разгаралася ўсё весялей і ярчэй, і рэзкі ветрык падымаў марозны снежны пыл. Ён павярнуўся, каб ісці дамоў, і раптам заўважыў нейкага чалавека за дрэвам.

— Стой! — крыкнуў Дзік. — Хто ідзе?

Чалавек выйшаў з-за дрэва і ўзмахнуў рукой, як нямы. Хаця ён быў у вопратцы пілігрыма і на твар яго быў апушчаны капюшон, Дзік імгненна пазнаў сэра Дэніэла.

Дзік ступіў да яго, выняў меч. А рыцар сунуў руку за пазуху, нібы для таго каб выхапіць схаваную там зброю, і спакойна чакаў, пакуль ён падыдзе.

— Ну што, Дзікон, — сказаў сэр Дэніэл, — што ж ты думаеш рабіць? Няўжо ты нападзеш на пераможанага?

— Я не замахваўся на ваша жыццё, — адказаў юнак. — Я быў вашым верным сябрам да таго часу, пакуль вы не захацелі забіць мяне. О, як прагна марылі вы аб маёй смерці!

— Толькі з самааховы, — адказаў рыцар. — А цяпер, хлопчык, весткі аб гэтай бітве і прысутнасць маладога гарбатага д'ябла ў маім уласным лесе канчаткова мяне зламалі. Я пайду ў Халівуд, і яго святыя сцены абароняць мяне. Потым выпраўлюся за мора, захапіўшы з сабою ўсё, што магчыма, і пачну новае жыццё ў Бургундыі або Францыі.

— Вам нельга ў Халівуд, — сказаў Дзік.

— Як так нельга? — спытаў рыцар.

— Паслухайце, сэр Дэніэл, сягоння — дзень майго вяселля, — сказаў Дзік, — і сонца, якое зараз узыдзе, азорыць самы светлы дзень у маім жыцці. Вашым жыццём вы павінны заплаціць і за смерць майго бацькі і за спробу забіць мяне. Але і сам я натварыў дастаткова. Я быў прычынай смерці многіх людзей… І ў гэты шчаслівы дзень я не хачу быць ні суддзёй, ні катам. Калі б вы былі самім д'яблам, я не падняў бы на вас рукі. Прасіце даравання ў Бога, а я шчодра дарую вам сваё. Але ў Халівуд я вас не пушчу. Я стаю за Йорк і не дазволю шпіёнам пракрасціся ў наша войска. Калі вы зробіце хоць адзін крок, я крыкну і загадаю бліжэйшаму вартавому схапіць вас.

— Ты здзекуешся з мяне! — сказаў сэр Дэніэл. — Толькі Халівуд можа выратаваць мяне.

— Гэта ўжо не мая справа, — адказаў Рычард. — Ідзіце на ўсход, на захад, на поўдзень, але на поўнач я вас не пушчу. Халівуд для вас закрыты. Ідзіце і не спрабуйце вярнуцца, бо, як толькі вы пойдзеце, я папярэджу ўсе нашы каравулы, і яны будуць так зорка сачыць за кожным пілігрымам, што, нават калі вы будзеце самім д'яблам, вам не ўдасца прайсці.

— Ты аддаеш мяне на пагібель, — змрочна сказаў сэр Дэніэл.

— Не, не аддаю, — адказаў Рычард. — Калі вам хочацца выпрабаваць сваю адвагу, выклікайце мяне на паядынак. І няхай гэта будзе здрадніцтвам у адносінах да маёй партыі, я прыму ваш выклік. Я буду біцца з вамі адзін на адзін і нікога не паклічу на дапамогу. Так, з чыстым сумленнем, я адпомшчу за свайго бацьку.

— Ну так, — сказаў сэр Дэніэл, — у цябе доўгі меч, а ў мяне ўсяго кінжал!

— Я спадзяюся толькі на літасць неба, — адказаў Дзік і кінуў свой меч у снег. — А цяпер, калі ваш злы рок загадвае вам, — выходзьце! І калі будзе заўгодна ўсемагутнаму, я скармлю вашы косці лісам.

— Я толькі выпрабоўваў цябе, Дзік, — адказаў рыцар, выціснуўшы з сябе штось накшталт смеху. — Я не хачу праліваць тваю кроў.

— Ну тады ідзіце, пакуль не позна, — падганяў яго Шэлтан. — Праз пяць хвілін я паклічу вартавых. Я і так занадта цярплівы. Калі б вы апынуліся на маім месцы, а я на вашым, я б ужо даўно быў звязаны па руках і нагах.

— Добра, Дзікон, я пайду, — адказаў сэр Дэніэл. — Калі мы зноў сустрэнемся, ты пашкадуеш, што абышоўся са мною так жорстка.

З гэтымі словамі рыцар павярнуўся і пабрыў прэч, у лясную нетру. Дзік з дзіўным, неўразумелым пачуццём назіраў, як сэр Дэніэл ішоў, шпарка і асцярожна, увесь час кідаючы зласлівыя позіркі на юнака, які пашкадаваў яго і якому ён тым не менш не давяраў.

Вось ён падышоў да гушчару, густа пераплеценага зялёным плюшчом і непранікальнага для позірку нават зімой. Раптоўна пачуўся кароткі, чысты гук спушчанай цецівы. Праляцела страла, і з гучным, здушаным крыкам болю і гневу тэнстолскі рыцар узмахнуў рукамі і ўпаў тварам уніз. Дзік падбег да яго і падняў. Страшная грымаса прабегла па твары, усё цела курчылася ў сутаргах.

— Страла чорная? — задыхаючыся, спытаў ён.

— Чорная! — радасна адказаў Дзік.

І перш чым ён паспеў дадаць хоць адно слова, адчайны боль пранізаў параненага з галавы да ног; ён тузануўся ў руках Дзіка апошні раз, і, калі боль заціх, душа яго адляцела. Юнак асцярожна паклаў яго на снег і пачаў маліцца за нераскаяную грэшную душу. Пакуль ён маліўся, узышло сонца і канаплянкі заспявалі ў плюшчы.

Дзік падняўся і ўбачыў, што за некалькі крокаў ад яго стаіць на каленях і моліцца другі чалавек. З непакрытай галавой чакаў Дзік канца гэтай малітвы. Чалавек маліўся доўга, схіліўшы галаву і засланіўшы твар рукамі. Побач з ім ляжаў лук; Дзік здагадаўся, што гэта стралок, які забіў сэра Дэніэла.

Нарэшце ён падняўся, і Дзік пазнаў Эліса Дэкуорта.

— Рычард, — урачыста сказаў ён, — я чуў вашу размову ад слова да слова! Ты выбраў лепшую долю і дараваў. Я выбраў горшую — і вось ляжыць прах майго ворага. Маліся за мяне!

І ён сціснуў яго руку.

— Сэр, — сказаў Рычард, — я ахвотна буду маліцца за вас, але не ведаю, ці дапамогуць вам мае малітвы. Калі помста, якой вы так доўга прагнулі, цяпер засмучае вас, падумайце, ці не лепш дараваць тых, хто яшчэ застаўся жывы? Хэтч забіты, бядак, хаця я зусім не хацеў яго забіваць. Вось ляжыць труп сэра Дэніэла… Малю вас, пашкадуйце хоць свяшчэнніка!

Вочы Эліса Дэкуорта бліснулі.

— Д'ябал яшчэ моцны ўва мне! — сказаў ён. — Але будзь спакойны: чорная страла ніколі больш не прасвішча ў паветры; брацтва наша распалася. Тыя, каго мы не паспелі забіць, мірна скончаць сваё жыццё ў тэрмін, вызначаны небам. А ты ідзі насустрач свайму шчасліваму лёсу і забудзь пра злашчаснага Эліса.

Раздзел VIII Заключэнне

Каля дзевяці гадзін раніцы лорд Фоксгэм павёў сваю выхаванку, зноў апранутую так, як належыць яе полу, і ў суправаджэнні Алісіі Райзінгэм, у халівудскую царкву. Рычард Гарбаты з азмрочаным турботамі тварам перасек ім дарогу і спыніўся перад імі.

— Гэта і ёсць тая дзяўчына? — спытаў ён. Калі лорд Фоксгэм пацвердзіў, ён працягваў: — Нявеста, падніміце галоўку, дайце мне зірнуць на ваш твар.

Ён панура паглядзеў на яе.

— Вы цудоўная, — нарэшце прамовіў ён, — і, як мне расказвалі, багатая. Што, калі я прапаную вам шлюб, які больш падыходзіць для дзяўчыны вашай прыгажосці і вашага паходжання?

— Мілорд герцаг, — адказала Джаана, — калі заўгодна вашай міласці, я хацела б выйсці за сэра Рычарда.

— Чаму? — рэзка спытаў ён. — Выходзьце за таго чалавека, якога я назаву вам, і вы сёння ж станеце лэдзі, а ён лордам. А сэр Рычард, — дазвольце мне сказаць шчыра, — памрэ сэрам Рычардам.

— Я прашу ў неба толькі адной міласці, мілорд: дайце мне магчымасць памерці жонкай сэра Рычарда, — адказала Джаана.

— Паглядзіце, мілорд! — звярнуўся Гластэр да лорда Фоксгэма. — Вось дзіўная пара. Калі я прапанаваў юнаку выбраць сабе ўзнагароду, ён папрасіў памілаваць старога п'янага марака, я перасцерагаў яго, але ён упарціўся ў сваёй дурноце. «На гэтым скончацца мае міласці», — сказаў я. А ён адказаў мне з дзёрзкай самаўпэўненасцю: «Мне давядзецца змірыцца са стратай вашых міласцей». Ну што ж! Так таму і быць!

— Ён так сказаў? — усклікнула Алісія. — Добра сказана, утаймавальнік ільвоў!

— А гэта што за дзяўчына? — спытаў герцаг.

— Гэта палонніца сэра Рычарда, — адказаў лорд Фоксгэм, — пані Алісія Райзінгэм.

— Выдайце яе замуж за надзейнага чалавека, — сказаў герцаг.

— Я меў на ўвазе свайго родзіча Хэмлі, калі будзе заўгодна вашай міласці, — адказаў лорд Фоксгэм. — Ён добра паслужыў нашай справе.

— Адабраю ваш выбар, — сказаў Рычард. — Няхай яны хутчэй павянчаюцца… Скажыце, цудоўная дзяўчына, вы хочаце выйсці замуж?

— Мілорд герцаг, — сказала Алісія, — калі гэты чалавек сумленны і не вырадак…

Тут яна разгубілася, і язык прыліп да яе гартані.

— Ён не вырадак, васпані, — спакойна сказаў Рычард. — Я адзіны гарбун ва ўсёй арміі; усе астатнія складзены добра… Лэдзі і вы, мілорд, — раптоўна сказаў ён з пераўвялічанай ласкавасцю, — не палічыце мяне няветлівым, калі я пакіну вас. У ваенны час правадыр не можа распараджацца сваім часам.

І з элегантным паклонам ён аддаліўся ў суправаджэнні сваёй світы.

— Аднак, — ускрыкнула Алісія, — я загінула!

— Вы яго не ведаеце, — адказаў лорд Фоксгэм. — Гэта дробязь, ён тут жа забыў вашы словы.

— У такім выпадку ён самы лепшы рыцар, — сказала Алісія.

— Не, проста ён думае аб іншым, — адказаў лорд Фоксгэм. — Але не будзем болей марудзіць.

У царкве іх чакаў Дзік у суправаджэнні некалькіх маладых людзей. Там яго павянчалі з Джаанай. Калі яны, урачыста-шчаслівыя, выйшлі на мароз і на сонца, армія ўжо рухалася па дарозе ад абацтва. Сярод коней, сярод цэлага лесу коней лунаў сцяг герцага Гластэра. За сцягам, акружаны закаванымі ў сталь рыцарамі, ехаў славалюбны, смелы, жорсткі гарбун насустрач свайму кароткаму цараванню і вечнай ганьбе. Але вясельнае шэсце павярнула ў другі бок, і неўзабаве госці паселі за стол і гулялі вяселле без вялікага шуму. Бацька-аканом частаваў гасцей і сядзеў за сталом разам з імі. Хэмлі забыў аб рэўнасці і пачаў заляцацца да Алісіі. Яна ж была вельмі задаволена. Пад спеў труб, пад бразгат зброі, пад тупат коней адыходзячай арміі Дзік і Джаана сядзелі побач, трымаючыся за рукі, і з усё ўзрастаючай пяшчотай і любоўю глядзелі адно аднаму ў вочы.

З таго часу бруд і кроў гэтай бурнай эпохі цяклі ўбаку ад іх. Удалечыні ад трывог жылі яны ў тым зялёным лесе, дзе ўзнікла іх каханне.

А ў вёсачцы Тэнстол у дастатку і міры, хіба, можа, толькі залішне цешачыся элем і віном, жылі на пенсіі два старыя. Адзін з іх усё жыццё быў мараком і да канца сваіх дзён працягваў аплакваць матроса Тома. Другі, чалавек бывалы, які пабачыў на сваім вяку ўсяго, пад канец жыцця зрабіўся вернікам і набожна сканаў у суседнім абацтве пад імем брата Ганестуса. Так збылася запаветная мара Лоўлеса: ён памёр манахам.

Загрузка...