XXIV


Як камень, разарваўшы зялёную раску, скалыхне затхлую завоньку, так нечаканыя весцi скалыхнулi цiхае, затоенае Верасава.

Першую з iх, вярнуўшыся з дварчанскай пошты i зайшоўшы да Корсакаў, каб аддаць Мiцю газеты, прынёс верасаўскi солтыс Янка Вайтовiч.

— Свет кiпiць, як у гаршку. На, чытай во, — Вайтовiч, азiраючыся на Мiцю, выцягнуў з доўгае кiшэнi свайго суконнага паўшубка i кiнуў на стол скручаныя ў некалькi столак газеты.

— I проўда, гонiць, як з прорвы, — не адрываючыся ад акна, пакруцiў лысаю галавою стары Корсак: на дварэ, завесiўшы, быдта туманом, белы свет, курэў i шоргаў па шыбах дробны сухi снег. — Гэта ўжо на птаства.

— Што@снег, выпаў ды растане, — Вайтовiч расшпiлiў i атрос свой сiвы ад скалкаў расы суконны паўшубак. — Я кажу вунь пра тое, што пiшацца ў газетах. Цi чуў — нямцэ занялi Чэхаславацыю? Захмурваецца свет, каб не сабралася на вайну.

Корсак адышоўся ад акна, паскроб за вухам чорны вяночак валасоў:

— Ты кажаш — вайна, а чаму ёй не быць? Калi кожны жук i жаба ўсё палiтыкуе.

— Я чуў, што такiх во, панечку мой… Нанова, — Вайтовiч не дагаварыў, скасiў вока на стол, дзе зашархацеў газетамi Мiця.

— Як нанова?.. — падняў чорныя густыя, што вывiсалi, як прычолкi, пад вачмi, бровы Улас Корсак.

— Усё нанова. I варту ў вёсцы нанова трэба ўводзiць, — не даўся распытваць i загаварыў пра iншае Вайтовiч. — Росказ гмiны. Пайду нават сёння i скажу, каб пачыналi з таго канца.

— Варта. Была ж варта некалi, а ў Лявона Шайбака цыганэ каня ўкралi.

— Гэ, цi ж цыганэ? — ужо з сяней азваўся Вайтовiч, дзвярмi заглушыўшы нават тое, што, мусiць, яшчэ не дагаварыў.

Поцемкам, ужо топчучы на вулiцы крохкi неглыбокi снег, што насеяўся за дзень, да Корсакаў паслухаць навiну адзiн за адным цягнулiся верасаўскiя палiтыкi, найбольш сталыя мужчыны. Тупалi каля парога на засланым Хрысцяю старэнькiм ходнiку, абiваючы дзеркачом з ботаў i валёнкаў снег, церлi пакрэплыя ад воетрага, што пачаў брацца нанач, марозу чырвоныя рукi i, не чакаючы запрашэння, цiха i панура садзiлiся на лаву, не здымалi з галавы сваiх суконных, выцертых да рубцоў кепак, касматых авечых шапак i зiмовых барашкавых каўпакоў. Адно Бронiк Лiтавар, заклаўшы на шафу ясную, у сiнiя клеткi кепку, прыгiнаючыся i неяк бокам косячыся на расколатае люстэрка, што вiсела на сцяне каля нахiленае рамкi з картачкамi, прычэсваў свае тлустыя i блiшчастыя ад лямпы валасы.

Гутарку мужчыны пачыналi здалёк: то пра вясну, што, глядзi ты, змянiлася зiмою, то пра цэны на парасят, што астатнiм часам падаражэлi — не дакупiцца, а тое парася, як мыш, то пра ўчарашняе здарэнне з Цiмохавым хлопцам, што, беручы ваду, увалiўся ў Бортнiкаў калодзеж, але балазе схапiўся за ланцуг, то пра асаднiка Шумскага, што надоечы застрэлiўся.

— Ты кажаш, Шумскi? — перапытаў, падхапiўшы чужую гутарку i скрабучы замшэлае сiваю валаснёю мясiстае вуха, старэйшы тут за ўсiх Язапат Змысла. — Помню, чаму не. Дробненькi быў, вусаты, як прусак. А яна кабета спрытная, гладкая i высокая, як жарэбка. Некалi я ў iх жыта звозiў, дак яна прыйшла на поле. Акраз уцiскалi воз. Яна кажа: «Дай жа памагу», — i ўзялася за вяроўку, упёршыся нагамi ў снапы. Я з усяе моцы пацягнуў за другi канец. Яна i паехала плячамi ўнiз, а спаднiца ёй на голаў…

— Гы-гы-гы, дзядзька, на картачку цябе зняла? — зарагатаў, закiдваючы дагары голаў з доўгiм, як рашпiль, носам Бронiк Лiтавар.

— Не кажы, — пасмiхваўся i паказваў чырвоныя бяззубыя, як у малога дзiцяцi, дзясны Язапат Змысла.

— Во абляшыла, як сонцам….

— Там жа ж сцягно, братачка мой, гладкае, белае, як сыр!

Хрысця, скрывiўшыся i скоса зiркаючы на мужчын, накiнула на плечы суконную хустку, скоранька вышмыгнула з хаты.

— Стары ж Мiрон кажа: цi ў каралiхi, цi ў пастушыхi — то ўсё адно, — азiраючыся на дзверы, чапiўся да старога Змыслы Бронiк Лiтавар.

— Яблыкi бываюць аднакавыя, кругленькiя, ды смак iншы, — саромеўся i ўгiнаў голаў у старым абцёртым барашкавым каўпаку Язапат Змысла.

Мужчыны, нарагатаўшыся, выцiралi вочы, раптам прыцiхшы i спамiнаючы, пэўна, кожны нешта сваё. Покуль дзюбаносы, з шырокiмi няголенымi пашчэнкамi Ладак Чабоцька не папрасiў у Мiцi:

— Пачытай, Змiтрык, што там пiшацца ў свежай газеце, бо рогату гэтаму не будзе канца.

Мiця падступiўся, зняў з шафы пук пераломленых газет, зашуршэў iмi, выбiраючы адну, падышоў блiжай да лямпы, растапыранаю пяцярнёю падгроб навiслы кучаравы чубок, нараспеў прачытаў спярша толькi вялiкiя, на ўсю газету, чорныя загалоўкi: «Чэхi i маравы занятыя праз Гiтлера», «Чэхi паддалiся без аднаго стрэлу», «Венгры займаюць Падкарпацкую Русь», «Валошын уцёк да Румынii».

Пасопваючы ў нос, мужчыны слухалi. Нехта толькi, прыкурваючы, востра чыркнуў тоненькаю палавiнкаю расколатай запалкi, потым сiнiм дымам схукваў трапятлiвы жоўты агоньчык. Мяккаю, як растрэсенаю на верацяне, кудзеляю каля лямпы пад палiваным абажурам бэрсаўся едкi тытунёвы дым. Мiця, папярхнуўшыся ад яго, скончыў чытаць.

Падсунуўшы на лоб кепку, маленькi, што не даставаў нагамi да падлогi, Марцiн Ваўчок паскроб ногцямi патылiцу, хацеў нешта сказаць, але яго апярэдзiў Язапат Змысла:

— Дак, значыцца, гарманец ужо маршыруе па Празе?

— Як чуеш, — пакалыхаў кароткiмi нагамi пад лаваю Ваўчок.

— Чуць-то чую, але нягож вайна прыйдзе адтуль, з Нямешчыны?

— А скуль жа ж ты думаў? Нямешчына распладзiлася, а зямлi мала, няма дзе жыць.

— I ў мяне зямлi менш, як у цябе, дак я, выходзiць, павiнен iсцi на цябе вайною? — падцяў Ваўчка i засмяяўся, паказваючы верхнiя бяззубыя дзясны, Язапат Змысла.

— А хiба не йдуць? — Ваўчок падбiў вышай на лоб аб’еханую кепку, цераз плячо скасiўся на Чуваковага Петрыка — летась увесну, пасля бацькавай смерцi, не падзялiўшы з братам зямлю, той бiўся з iм насмерць, сядзеў нават у наваградскай турме.

Петрык заварушыўся, кусаў нiжнюю адвiслую губу, чуючы, як на яго азiраюцца мужчыны.

— Але я маю знак, — блiснуў прыплюшчанымi вочкамi i задраў свой чорны, што споўз на адно вуха, аблезлы каўпак Язапат Змысла. — З усходу сонца прыйдзе ўсё. Саветы будуць тут.

— Якi ж гэта твой знак? — крывiлiся ад смеху мужчыны.

— А ты што, не бачыў, як летась увосень на небе чырвоныя слупы iшлi?

— Дак гэта ж, дзядзька, было паўночнае ззянне, — умяшаўся Мiця.

— Няхай i ззянне, кажы, як хочаш! — не паддаваўся Язапат Змысла. — А я цалюткую ноч не спаў i бачыў: слупы знайшлiся над Карыцамi, акраз там, дзе на Яна ўсходзiць сонца, i схавалiся аж вунь за ведраўскiя горы. А пад самую ранiцу ўжо назад варочалiся.

— Ну i што? — задрыгаў кароткiмi нагамi Ваўчок.

— Паляцела варон сто, — адвярнуўся i пырскаў ужо слiнаю на Iкона Жытка, што сядзеў з другога боку, Язапат Змысла. — Прыйдуць да нас з усходу сонца — во што. Бальшавiке прыйдуць першыя, а потым ужо нямцэ.

— Прыдумляеш невядома што! — абцёрся рукою Iкон Жыток.

— Хай сабе i прыдумляю, а вот убачыш — на маё выйдзе!

Неўпрыцям, чапляючыся слова за слова, плялася гутарка.

Мужчыны, абкурыўшы хату, што пахла ўжо, як люлька сосам, сядзелi б да поўначы, каб iх не прагнала, вярнуўшыся з сяла, Хрысця.

— Во, няма ўжо чым дыхнуць! — яна знарок грукнула за сабою дзвярамi.

— I проўда ж, глядзi ты, во далi дыму, — папляваў у далонь, тушачы сваю папяросу, i першы ўстаў з лавы Iкон Жыток.

За адным скрыпам мужчыны пасунулiся з хаты.

Пасля хатняга цяпла на дварэ за душу браў азыраваты холад.

З жоўтых калматых хмар белаватым вокам глядзеў месяц — выпагаджвалася, мусiць, на мароз. Сiняватай яснасцю зiхацеў снег. Невядома што рабiлася на свеце, невядома што чынiлася ў прыродзе.

— Вот табе маеш — настаяшчая зiма, — уголас уздыхалi мужчыны, топчучы ў глыбакаватым хрумсткiм снезе першую сцежку. Чапляючы плячом за пруткi бэз i атрасаючы з яго белыя камякi, выходзiлi на вулiцу, кiруючы кожны ў свой канец.

Забыўшыся пра палiтыку, думалi пра iншае — клопат браў, што будзе з аўсом: той-сёй з раннiх верасаўскiх гаспадароў з тыдзень назад пачаў сяўбу. Была ўжо ўзялася ў сiлу вясна: каля раскопаных гародчыкаў, каля плота вылезла i задрыжала на ветры лiловая крапiва, у алешнiку з-пад збуцвелага лiсця высунулася цылiндра, на развесiстых кустах арэшнiку, расцягнуўшыся, курэлi жоўтаю парахнёю вялыя таўкачыкi.

Ужо ажыла была i запахла прыпаранаю леташняю травою зямля. Верасаўцы адкрывалi затхлыя, з белаю цвiлою столлю картапляныя ямы, даставалi зверху сплеценыя ў клубкi белымi сакаўнымi храсткамi картоплi, каб дзе спадыспаду выбраць на насенне.

Стаялi пагодныя, сiняватыя ад рэдзенькай смугi вясновыя днi. Ужо на шара-чарнаватую ў ясных плешынах моху ялавiну верасаўцы выпускалi на пашу авечкi. Праз ружаватыя ялаўцовыя кусты, свецячы босымi нагамi, скакалi ўжо летка адзетыя верасаўскiя дзецi.

I на табе — перайначыўся свет…

Неяк спадцiшка назаўтра наранкi дыхнуў калючы сiвер. На вокны вылезлi i закруцiлiся, як маладая папараць, белыя кветкi. У хату знадворку, з сяней, калi адчынялi дзверы, сiвымi клубкамi кацiўся холад. Каля вакон пырхалi, шукаючы пад застрэшкам цяпла, акалелыя, надзьмутыя вераб’i. Як пакiнуўшы што, з няблiзкае дарогi ў Верасава пярнулагя зiма.

Вецер атрасаў з дрэў, круцiў i нёс, паднiмаючы ўгору, сыпкi снег.

На ўсходзе, разрываючы хмары, з жаўтаватай iх яснасцi выкочвалася чырвонае схаладнелае сонца. Па мякенькай роўнядзi снегу слiзгала залацiстаружаватая яснасць, доўгi сiнi цень ад гумнаў i хат упiраўся ў чужыя далёкiя платы. Зеленаватасцю адсвечвалi белыя ў марозе вокны.

Ад мяккiх i тоўстых стрэх нечакана паменшалi будынкi. Вастрэў звон ад пустых бляшаных вёдраў з карункавай кветкаю на дне ад замерзлай кроплi вады — бабы скоранька спяшалiся да калодзежаў. Спынiўшыся каля Пабiянавага старога, пабiтага чорнымi струпамi явара, узiралiся на тоўстую i шырокую шапку гнязда, дзе, стоячы на адной назе, клекатаў бусел.

— Ах, божачка, што гэта ўчынiлася на свеце, змерзне пташка, — нагледзеўшыся ўгору, пахiснулася ад закружанае галавы высокая, нязграбная, як мужчына ў спаднiцы, верасаўская баба.

— Нядобры ж знак, така рада, каб не ўпаў на людзей мор, — сказала другая, але галавы не падняла — не давала, мусiць, тоўстая, з вялiкiм вузлом на шыi, суконная хустка.

— Перахрысцiся, што ты кажаш, Мар’яна!

— А тое i кажу, така рада, што трэба якую бабу разам з пеўнем закапаць.

— Цьфу, каб табе ўжо язык аблез, i што да чаго ты гаворыш, — знiякавела i раптам прыспешыла хаду высокая i ценькая кабета.

Верасаўскiя бабы трохi пабойвалiся Ёдкавай Мар’яны. Малады прымак, што прыбiўся да яе старэйшае i ўрэднае, як з’яд, дачкi, бiўся з жонкаю i цешчаю, кiдаў iх, сыходзячы з дому, але праз дзень-два варочаўся назад у Верасава. Верасаўскiя бабы адна адной перадавалi чутку, што Мар’яна намачыла ў гарэлцы вяроўку i дала выпiць тае гарэлкi зяцю. «Век ужо не адвяжацца», — спагадалi маладому прымаку верасаўскiя бабы, наровячы ўжо не трапiць ёй на вочы нi з даёнкаю малака, каб не звялося ў каровы, нi з першым зажатым снапом жыта, каб было ўмалотнае.

I цяпер, адбегшыся ад Мар’яны, высокая нязграбная баба круцiла i хавала ў рукаво фiгу, каб адагнаць ад сябе злы дух, шаптала тую кароценькую малiтву ад злога загавору: «Соль у вочы, дзяркач у зубы».

— Як жа ж даўней ад хвароб ратавалiся? Гэтак во, — гаварыла ёй наўздагон старая Мар’яна. — Дохтара не было. А цяперака хiба дохтар замовiць рожу цi заговiць лiшай? Каб яны паўпадалi з цяперашнiмi дахтарамi! Вунь Ваўчок, кажуць, старую Мондрыху з Еўкаю залячыў…

— Соль у вочы, дзяркач у зубы! — коўзаючыся на гулах накарэлага пад калодзежам лёду i нiбы не чуючы старое Мар’яны, верасаўская баба лавiла на тонкiм дзюбе жураўля цяжкае драўлянае вядро.

Трывушчымi i нязводнымi, як пырнiк, бабскiмi забабонамi, старавечнаю сварбою, злымi абгаворамi, затоенай хцiвасцю i зайздрасцю жыло Верасава, чакаючы скорае вясны.

На вачах мянялася пагода. Назаўтра пачало адлежыць. З хмурнага насупленага неба пасыпалася iмжа. Узбунтаваўся вецер, нарваўшы дождж. За адну ноч злiняў малады снег. На грудках зноў выпралi чорныя лапiкi зямлi, застракацела на полi рудая кiслая ралля. Выслiзнуўшы з-за косае сцяны сiвых хмар, у трапяткiх лужынах адсвечвала сляпучае сонца. Стракатаю плоймаю дарогу абсядалi ружаватыя на сонцы гракi. Стаяла тая пара, калi не было дарогi, як кажуць, нi ў калах, нi ў санях. Санныя фурманкi, што ехалi недзе з дальшых вёсак, з халоднае наваградскае стараны, выбiралi тыя вузенькiя пасачкi шарага, як абсыпанага сажаю, снегу, што ляжаў яшчэ ў канавах абапал голае шашы.

Саскочыўшы з саняў, падпiхалi iх, памагаючы запараным, змучаным коням. Клялi гэтую пясчаную лёгкую зямлю, дзе на тыднi два раней сыходзiў снег.

На жвiрыстым пяску верасаўскае папярочнае дарогi цяжка скрыгаталi жалезныя вазкi, пакiдаючы цёмны сiняваты пасак, дралася жоўценькая стружка на неакутых палазах саняў.

Стаяў крык — мужчыны нокалi i падганялi натужаных коней, стараючыся скарэй пераехаць лапiк зямлi, дзе разрываўся тонкi пасак старога снегу. Скiраваўшы з-пад шашы на дарогу, але не даехаўшы саньмi па цяжкiм пяску нават да крыжа, перад Верасавам спынiўся чужы высокi мужчына ў жаўтаватых юхтавых ботах i скураной кепцы. Падкiнуўшы каню сена i азiрнуўшыся на вёску, завярнуў да першае Лiтаваравай хаты, бачыў, што да тыльнага, што выходзiла, мусiць, з кухнi, акна прылiп жаўтлявы кабечы твар.

— Солтыс дзе ваш жыве? — крыкнуў ён, б’ючы стусiнавым пужальнем па юхтавых ботах.

Старая Лiтаварыха зграбла з вуха хустку i разявiла рот, мусiць, нiчога не ўчуўшы.

— Нас… у табе, баба! — плюнуў са злосцю i адвярнуўся мужчына.

Абыходзячы зеленаватую ад раскiслага снегу лужыну, скоранька пайшоў пад роў — за iм чарнеў мокры Мондраў плот, там цяўкала аблавухая жоўтая сучачка.

— Гэй, чалавек! — выбегшы ўжо на двор i задыхаючыся ад ветру, гукнула старая Лiтаварыха. — Што ты хочаш?

Мужчына азiрнуўся, жмурачыся процi сонца, што плавiлася i трапяталася ў лужынах, не хочучы ўжо, сказаў:

— Солтыса шукаю.

— Дак вэньдзека, пасярод вёскi жыве, — папхнуўшы веснiкi, высунулася з надворка Лiтаварыха. — Як даедзеце да завулка…

— Даедзеш тут у вас, — хмыкнуў чужы мужчына ў юхтавых ботах, — калi снег аблез, як шэрсць на якой здыхаце.

— I проўда ж, у нас снег скарэй сыходзiць, як пад Наваградкам, — махнула галавою старая Лiтаварыха, каб патрапiць чужому ў гутарцы, i спытала: — А нашто ён вам?

— Шмат знаць, цётка, хочаш, — засмяяўся мужчына, блiснуўшы залатым зубам, але сказаў: — Павесткi, цi, як кажуць, паваланне да войска, прывёз. Пяцёра мужчын у вас бяруць…

— Што ты кажаш, чалавеча! А Бронiку Лiтавараваму хоць няма?

Мужчына прыцiснуў пад пахаю стусiнавае пужальне, свабоднаю рукою выцягнуў з-за пазухi складзеныя ў дзве столкi ружаватыя павесткi, перагарнуў iх, пацвердзiў:

— Во, ёсць.

— Няў?.. — задыхнулася старая Лiтаварыха i, пляснуўшы перад грудзьмi рукамi, скоранька шмыганула назад у веснiкi, завойкала: — Авой, ах, божачка!

Задзiраючы голаў, мужчына зарагатаў давольны i завярнуў у глыбокi равок перад Лiтаварамi — панёс у Верасава нечаканую навiну.

Iзноў, як камень застоеную раску, яна скалыхнула цiхае Верасава. У войска забiралi пяцёра рэзервiстаў. Павесткi прыйшлi Бронiку Лiтавару, Марцiну Ваўчку, Лёнiку Самахвалу, Iвану Жытку i Ладаку Аблажэю.

Перад вечарам павесткi разносiў солтыс Вайтовiч.

Жмурачыся ад нiзкага чырвонага сонца, што перапальвала старыя надрэчныя вербы, мiнаючы зеленаватыя, затканыя iголкамi лядку плыткiя лужыны, звярнуў у першую ад сябе хату — да Марцiна Ваўчка.

Убачыўшы, што раз’юшаны Ваўчкоў сабака дастае на доўгiм ланцузе да самых дзвярэй, пацюкаў крывым пальцам у вузенькую незакiтаваную балонку акна.

Дзюбнуўшыся пераламаным брылём у акно, з хаты борздзенька высунуўся нiзенькi Марцiн Ваўчок, пастрыг вачмi, злавiў за нашыйнiк ахрыплага ад брэху сабаку. Накiдваючы на ўбiты ў вугол цвiк, падкарацiў ланцуг.

У хаце нос збiваў саладжава-затхлы дух: ад свежае жоўценькае кучкi, расцягваючы за сабою лужыну, на голым сцягне папоўз, каб, мусiць, схавацца за плiту, малы, лысаваты яшчэ хлопчык у зрэбнай замусоленай сарочцы.

— I не брыдка табе, га? — махнуў доўгiм пераломаным брылём Ваўчок, азiраючыся на Вайтовiча.

Хлопчык, выстаўляючы два нiжнiя зубкi, засмяяўся, давольны.

— Вой, я ж сяджу i не бачу, — зграбаючы з прыполу шытво, з лавы паднялася Вольга, выскачыла ў сенi i вярнулася, несучы на лапаце горбачку сухога жоўтага пяску.

— Садзiся, Янка, — Ваўчок з-пад доўгага брыля падазрона зiркаў на Вайтовiча — солтыс так сабе ў хату не прыходзiў.

— Я, панечку мой, на тым тыднi сядзеў, на гэтым пастаю. Я тут ненадоўга… Во павестку прынёс.

— Чакай! — адступiўся i падбiў вышай на лоб сваю кепку Ваўчок.

— А што чакаць, распiшыся во, — Вайтовiч разам з павесткаю выцягнуў кароткi з бляшаным наканечнiкам карандашык.

— Ах, божачка, куды? — змяла на лапату бруд i разагнулася Вольга.

— Куды ж?.. У войска, пэўна, — дагадаўся Ваўчок, разгортваючы ружаватую, складзеную ў дзве столкi паперку.

— Авой, а божачка мой! — скрывiўся i пабрыдчэў Вользiн твар. — А як жа я во з траiма дзецьмi?.. Адно ж пад адно….

Дзецi, як учуўшы што благое, са страхам зiркалi на чужога чалавека i чаплялiся за мацерыну спаднiцу. Меншы, дапоўзшы да плiты, сiлiўся ўстаць на крывыя ножкi, лавiў рукамi кант плiты, але пераважыўся i ляпнуўся цяжкаю i вялiкаю галавою на падлогу.

— Вой, нашто ты распiсваешся? — Вольга падхапiла на рукi сеiнелае ад плачу дзiця, загаласiла ўжо сама.

Ваўчок, прытаптаўшы на стале паперку, слiнiў карандаш.

— Вот ты скажы — баба! Хiба плачом паможаш? — ён абярнуўся, зiркнуў Вайтовiчу ў вочы.

— Во цябе толькi аднаго мо й падаткнулi, — гушкаючы дзiця, загаласiла Вольга.

— Чаму аднаго, панечку мой, вунь пяцёра мужчын бяруць, — хаваючы за пазуху канчарык ад павесткi i кароценькi з бляшаным наканечнiкам карандаш, Вайтовiч адступiўся да парога, наровячы скарэй выйсцi з хаты.

Не плакалi адно толькi ў Жыткоў, куды ўжо надвечар, абышоўшы чатыры хаты, забег Янка Вайтовiч.

Доўгая, у адзiн пашарак хата стаяла ў лагчынцы, расцягнуўшыся ўздоўж вулiцы. Падкапаны ад вулiцы i вымураваны грудок заглушыў стары абымшэлы бэз. З вулiцы пад хату з двух бакоў спускаўся выбрукаваны надворак.

Вайтовiч, каб не паслiзнуцца на абкарэлым лядком бруку, доўга трымаўся за вушак расхiстаных веснiкаў i, расставiўшы рукi, збег у лагчыну аж да адчыненых дзвярэй гумна — там шахкала сячкарня. Двое Жытковых хлопцаў, узяўшыся за друк, што адным канцом упiраўся ў свiдравiну сцяны, другiм у кола, круцiлi сячкарню. Старэйшы, Iван, падаваў салому, утоптваючы яе ў вузенькiм абслiзганым карытцы.

— Хто там засланяе свет? — аказаўся недзе з торпа сам гаспадар — Iкон Жыток.

— Гэта я! — азваўся Вайтовiч, заходзячы ў гумно.

— А-а, — пазнаў солтыса i, кiнуўшы на ток два тоўстыя снапы, саскочыў з пярыла на цвёрды ток Iкон Жыток. З пляскатай кепкi ў яго доўгаю лапкаю звiсала саломiна. Iкон неяк наводлеў, як павучка, змахнуў з брыля гэтую аўсяную саломiну, махнуў, нiбы конь у гiз, галавою: — Во, цi ведаеш, браце, што нарабiў мой большы?

Хлопцы перасталi шахкаць сячкарняю, выцiралi рукавамi змакрэлыя лбы. Толькi старэйшы Iван адграбаў нагою ад кола высокую горбу сечкi.

— А што? — азiрнуўся на старэйшага Iконавага сына Вайтовiч.

— Скалечыў, браце, жаробку.

— Як? — думаючы, мусiць, саўсiм пра iншае, перапытаў Вайтовiч.

— Самахода спудзiлася. Перадок з воза сарвала i заднюю ногу вунь усю збiла… I казаў жа ж: не едзь! Дроту аплятаць гаршкi i ў руках прынёс бы. Не ўвярэдзiўся б…

— Добра, што сам не скалечыўся, — пашамацеў павесткаю Вайтовiч.

— Сам? — зноў, як конь у гiз, махнуў галавою Iкон. — Самога во лiха не ўзяло!

— Ты ўжо, панечку мой, не крычы. Яму ў войска iсцi, — перагнуўшыся на адзiн бок, Вайтовiч шукаў за пазухаю ў кiшэнi свой кароценькi з бляшаным наканечнiкам карандашык.

— Няхай iдзе пад шатаны! — крыкнуў i раптам асекся Iкон Жыток. — Як у войска? Ён жа ж быў?

— Бяруць рэзервiстаў. Павесткi прыслалi. Скрывiўшы голаў набок i цiкуючы адным вокам на павестку, як устрывожаны певень, Iкон зноў закрычаў:

— I квiта — пане Мiкiта! Няхай iдзе, можа, там навучаць дурня!

Але, счакаўшы, калi ачахла, мусiць, злосць, ужо на надворку дагнаў Вайтовiча, азiраючыся на гумно, цiхенька спытаў:

— А калi ж яму iсцi?

Паслухаўшы Вайтовiча, угнуў голаў, пацягнуў сябе за тоўстую, складзеную ў трубку нiжнюю губу, нiбы сам сабе, сказаў зноў:

— Выходзiць, што i соллю запашвацца трэба.

— Чаго там. Вайна будзе кароткаю! Калi што якое — за Польшчу заступiцца Англiя. — Вайтовiч зноў схаваў за пазуху свой кароценькi з бляшаным наканечнiкам карандашык.

— На чужога, як кажуць, спадзявайся, але i сам не агiнайся. Не ўстоiць маленькая Польшча процi вялiкага немца. Хiба толькi Расiя?

— Ат, што казаць, — выскалiў рэдкiя зубы i пакруцiў галавою Вайтовiч. — Было лiха, ды пагоршала.

Iкон Жыток памаўчаў, падрапаў рукою за каўняром, выцягнуў адтуль шапаткi пусты колас, кiнуў сабе пад ногi, падцяўшы губу, пасунуўся ў гумно.


Загрузка...