З гумна, з прычыненых на адну палавiну дзвярэй, бухнуў рогат, спудзiў каля парога, на мокрай, зацярушанай саломаю сцежцы, баязлiвых вераб’ёў. Яны косаю грумадкай пырхнулi на стракатую ад снегу, замшэлую страху. Задзiралi галоўкi, пацеркамi вочкаў зiркалi сюды, на зямлю, i, не ўчуўшы нiякай бяды, па адным спускалiся зноў.
Мондрыя падсявалi авёс. Усе тры бабы — сiвыя ад пылу, толькi зубы свяцiлiся, калi яны пачыналi рагатаць, — трымаючы ў руках па рэшаце з аўсом, траслi iх, кружылi, каб высыпаўся з зярнят пясок, ляпалi далонямi па гладкiм жоўтым абечку, нiбы забаўлялiся. Згробшы зверху скружыны, сыпалi чысты авёс у шаснастку — неглыбокi, на два пуды, цабэрак з доўгаю ручкаю, — мералi, колькi ўсяго намалочана.
У гумне вiсеў i круцiўся ў дзверы рэдзенькi пыл.
Iмполь у аб’еханай на патылiцу кепцы, у адной рубашцы з палапленымi локцямi насiў у стопку мяшкi — там былi пароблены з расколатых дзеравiн шчыльныя засекi, на спрат збожжа, — i, вярнуўшыся ў гумно, слухаў, што расказваў не вельмi падкi да работы стары малацьбiт.
— Чуеце, што са мною было, — варушачы навiслымi бровамi, стары падсоўваў далей на лоб сваю зрудзелую авечую шапку з начаплянымi саломiнкамi i аўсянаю лускою.
— Сколька вы, дзядзька, расказваеце, i ўсё было з вамi, — Алеся трасла рэшатам, прыпёршы яго да жывата. У рэшаце шастаў авёс, пухкаючы пылам i аўсянаю лускою.
— Каб я з гэтага месца не сышоў!
Алесiна губа, з сiвымi ад пылу вусiкамi, крывiлася ад смеху, i яна адварочвалася, каб не смяяцца.
— Дальбог, проўда! — у малацьбiтовых зеленаватых вочках таксама тлеў хiтранькi смех. — Iду, гэта, я раз каля магiлак. Год пятнаццаць мне было. Каня шукаю. Пусцiў яго вечарам на балотца, прыйшоў глянуць, а яго няма. Падняўся на грудок, ужо добра прыцямнела, а там у нас на грудку магiлкi. А каля iх, нябось, сцiшна. Iдзеш i слухаеш: цi не крадзецца хто за табою. Прыспешыў крок, а ззаду нехта як свiшча. Аглянуўся — не, нiкога не вiдаць. Зноў подбегам iду, i зноў свiшча. У мяне на галаве аж шапка пачала расцi. Пусцiўся з усiх чатырох, а ён яшчэ мацней свiшча. То бег я, бег — калаццё нагнаў, покуль упоцемку за нейкi корч не зачапiўся i не паляцеў потырч носам. Ляжу нi жывы нi мёртвы, стаiўшыся, слухаю, што ж будзе далей. I дасце вы веры цi не: у носе ў мяне свiшча.
— А хустачкi для носа вы i цяпер яшчэ не маеце, — падлавiў старога малацьбiта Iмполь.
У гумне зноў бухнуў рогат.
— Падцяў-такi, — смяяўся i сам малацьбiт, паказваючы чорны, дуплявы зуб i падтрасаючы на лоб чорную авечую шапку ў рудаватых стручках.
Засланяючы дзверы, у гумне мiльгануў поцемак. Усе азiрнулiся. На парозе стаяла Хрысця, апусцiўшы i склаўшы накрыж на жываце рукi. Твар у яе быў сцяты, белы ад перапалоху.
— Ты чаго, Хрысцечка? — Алеся высыпала ў шаснастку падсяваны авёс i выпусцiла рэшата — яно пакацiлася па таку да кадаўба з абмеццем.
— Вунь Мiцю нейкi чалавек прывёз!..
— Ах, божа, што там зрабiлася?
Усе глядзелi на Хрысцю, нават нямая паставiла рэшата i, падгладжваючы пад хустку сiвую пасму валасоў, зазiрала кожнаму ў твар, стрыгла вытрашчанымi, як у дзiцяцi, вачмi — хацела распазнаць, пра што гавораць.
— Хадзi ж да нас, Алеся, — Хрысця схавалася за палавiнку дзвярэй.
Пераступаючы цераз горбу яшчэ не прасеянага аўса i закручваючы кругом шыi хустку, Алеся няцвёрда, як п’яная, выйшла з гумна.
— Ды чаго ж ты ўжо так, не палохайся, — сказала Хрысця, адступаючы далей, на жоўтую, спярэшчаную слядамi сцежку. — Ён жывы ды здаровы.
З-пад ног у Алесi плюхаў сiняваты, як крухмал, набрынялы вадою снег.
Закурэлыя, нават на бровах сiвыя ад пылу, усе высунулiся з гумна. Iмполь подбегам дагнаў Хрысцю:
— Што там?
— Мiцю iхняга на пастарунку збiлi, — Хрысця бокам прасунулася праз незачыненыя веснiкi.
Iмполь спынiўся каля шчытнага яловага плота, глядзеў, як за Корсакавым, з мокраю цёмнаю сцяною, гумном хавалася Алеся. Туды за ёю спяшалася Хрысця — у плыткiм снезе радком слаўся прабiты да зеленаватай травы след. На чубку гумна матлялася прывязаная крылом да калка здохлая варона, каб салому не дралi iншыя. Са страхi лiлася, пляскала па цёмнай лужыне над вуглом вада. Браўся туманец, вiсеў над вёскаю. Учуўшы вiльгаць, адсырэў мох на стрэхах, зазелянелi камлi голых дрэў, сцены будынкаў, з таго боку, адкуль гнала снег. Цягнула прастуднай халоднай сырасцю. З-за гумна, дзе вiсела прывязаная да калка варона, паказалася падвода: буланы, з белай зоркай на лобе i сытымi персямi конь махаў мокраю злiплаю грывай. Суха скрыпелi гужы на аглоблях. Плюхаў з-пад капытоў раздражджалы ў кашу снег. З Корсакавага пляца конь завярнуў на вулiцу. Праз адчыненыя веснiкi туды мiльганулася i затрасла доўгiмi вушмi, заходзячыся ад брэху, жоўценькая сучачка.
У новых, на жалезным хаду, калёсах, прыхiлiўшыся да зялёнага лазовага палукашка, сядзеў Радзюж. З воза стырчма глядзела пуга з жоўтым стусiнавым пужальнам i чырвоным кутасiкам на сырамятным паску.
Iмноль знiякавеў, убачыўшы Радзюка, — не чакаў, што стрэне яго так знянацку ў Верасаве. Гэта, пэўна, ён прывёз дадому Мiцю Корсака.
Кiнуўшы вачмi сюды, на шчытны яловы плот, Радзюк, здаецца, насцярожыўся i адвярнуў свой доўгi нос з нiзка напушчанай на яго злiнялаю пляскатаю кепкай. У Iмполевай душы заварушылася даўнейшае — спомнiўся той гарачы, сухi дзень позняга лета, аўсянiшча, распараная ад гарачынi Ваця, з сярпом, у адной палатнянай сарочцы, што высока адкрывала таўставатыя кароткiя ногi. Як яна маецца, ужо адна, без Ладака? Можа, выйсцi спытаць? Iмполь памкнуўся да веснiкаў, фурманка мiнала ўжо iх — забягаючы наперад каню, шчэрыла зубы i, задраўшы аблавухую голаў, гаўкала сучачка. Радзюк усё гэтаксама гнуўся ў высокiм лазовым палукашку.
— Пайшла вон! — крыкнуў Iмноль на сучачку, высунуўшыся з веснiкаў.
Колы мясiлi рэдкi, як зацiрка, снег — ён ужо не браўся за шыны. Шарэла на возе глухая Радзюкова спiна, плюхаў з-пад капытоў сiняватымi пырскамi снег. Iмполь яшчэ пастаяў, паглядзеў, як выязджае на шашу фурманка, як сцелецца, хавае старыя бярэзiны з доўгiм карычняватым галлём сiняваты туманец, закрывае пярэстае ад белых разораў поле, i вярнуўся ў гумно.
Тут канчалi падсяваць авёс — старая ўжо ляскала далонямi па жоўтым абечку лёгкага рэшата. Шастаючы на сухiм току змеценым, як кукса, памялом, стары малацьбiт гарнуў у горбу едкi пыл.
— Ну што там? — спытаў ён, кiнуўшы ў зацемак каля дзвярэй памяло.
— Ды iхняга Мiцю на пастарунку пабiлi.
— Не чуў — за што? — малацьбiт знайшоў гладзенькi, точаны з дрэва, шуфель, каб зграбцi ў яго пясок.
— Ды за палатно ўсё, мусiць, цягаюць, — старая павесiла на крук, што быў убiты ў шула, сваё рэшата.
— А хто гэта дакажа? — малацьбiт махнуў шуфлем, высыпаючы за палавiну дзвярэй сухi пыл. — Хiба ў яго знайшлi гэта палатно?
— Так уся ж вёска гаворыць на яго.
— Цi мала што скажуць? — стары малацьбiт адвярнуўся, схаваў вочы. — Цяперашнiм светам толькi слухай.
Хiлiлася на вечар. Шары поцемак паднiмаўся ў гумне, мяшаўся з сухiм горкiм пылам.
Вярнулася Алеся ў бацькавым суконным паўшубку з цялячым рудым каўняром — акрылася, каб цяплей было iсцi дадому, — выдаючы цяпер шырэйшаю i прысадзiстаю.
— Што ж там сталася? — падняў з-пад калматае шапкi свае вочы стары малацьбiт — яго, пэўна, трывожыла гэта пагалоска пра палатно.
— Што!.. — насупiлася Алеея. — Збiлi хлопца на горкае яблыка.
— Яны так… I спытай за што? — ён узяў шаснастку з падсеяным аўсом i панёс да поўнага высокага мяшка.
— За што цяперака б’юць? — Алеся разагнулася, трымаючы мяшок. — За палiтыку ўсё.
— Во, за гэта i б’юць, — пакруцiў авечаю шапкаю малацьбiт i засмяяўся — рады, мусiць, што на пастарунку не ведаюць пра палатно.
— Ды мала ашчэ, — сказала старая, абiваючы дзвюма рукамi з сябе пыл. — Ад бога адраклiся, камуню цяперака ўсё выдумляюць. Як перад канцом свету, пачало рабiцца… Вуньдзека ўсе панi ў мястэчку ў портках ходзяць… Нi стыда, нi брыдкасцi.
Алеся зiркнула на старую, але нiчога не сказала — пачала завязваць гэты астатнi мяшок з аўсом. Разам са старым малацьбiтом падала яго Iмполю на плечы. Каля кадаўба з абмеццем стаялi яшчэ два, на заўтра на млiва.
Выходзячы з гумна, усе атрасалiся ад пылу. Гусцеў нанач туманец — з’ядаў гэты першы снег. Цурком, як цэд, лiлася са страхi i пляскала тут, каля парога, па лужыне, што пачала ўжо збiрацца, снегавая вада. З хлявоў пахла распараным свiнячым гноем.
Iмполь, трымаючы навыварат абедзвюма рукамi мяшок i трохi гнучыся пад цяжарам, асцярожна мацаў нагамi налiты вадою, слiзкi снег. Алеся iшла паперадзе, паслiзнулася ў ямцы, замахала рукамi, але не ўпала i засмяялася, азiраючыся на Iмполя:
— Яма тут… Ты ж хоць не ступi сюды.
— Калi раз выкупаюся…
— Ага, самая пара, — сказала яна, адчыняючы сенi i праз iх уваходзячы ў рэдкi поцемак стопкi.
Ён, прыпыняючыся, каб не зачапiцца мяшком за вушак, пераступiў нiзкi парог, увайшоў следам за ёю ў стопку. У ёй пахла кiслым, як вiно, хлебам, што ляжаў тут недзе на палiцы. З выразанага на адну дзеравiну i не застаўленага шклом акенца знадворку дыхала евежым скразняком.
— Сюды, Iмполька, сюды iдзi, — сказала яна, засланяючы гэтую яснасць.
Павярнуўшыся спiною, ён спусцiў на зруб засека доўгi мяшок.
— Давай сюды руку, — ён злавiў яе халаднаватыя пальцы i перавярнуў на сашчэпленыя рукi доўгi, што япрук, мяшок, у цёмны калодзеж засека шухнуў i густа зашамацеў авёс.
— Ой, якi ты цёплы, — сказала яна, цiснучы яго руку. Абвыкаючы да цемнаты, Iмполь убачыў круглы, зацярушаны змрокам Алесiн твар, яе вочы, што адсвечвалi халаднаватую яснасць маленькага акенца.
Ён выпусцiў з рук пусты, аб’еханы мяшок i абхапiў яе за плечы, за шыю, учуўшы пад сваёю рукою каля хусткi яе мяккiя валасы, гарачы твар, казытлiвае, нiбы падстрыжанае, брыво.
— Ой, божа, задушыш, — цёпла i мякка яна дыхнула яму ў грудзi.
Свет яму засланiўся. Ён чуў усю яе ў сваiх руках i, ужо як звар’яцелы, трацячы ўсякi сорам, брыдкасць перад ёю, як адыходзячы ад памяцi, пачаў шукаць сваiмi губамi яе губы, наткнуўшыся на халаднаваты нос. Яна трохi папрутчэла, тулячыся да яго i падступаючыся на пальчыкi. Iмполь знайшоў мяккае вiльготнае цяпло яе губ i задыхнуўся, чуючы, як замiрае i заходзiцца сэрца.
Яна апомнiлася першаю, лёгка ўперлася рукамi яму ў грудзi.
— Iдуць, — цiха сказала яна, прысядаючы i выкручваючы з яго сашчэмленых рук сваю голаў.
Нехта шаркаў нагамi па глiняным таку. З сенцаў у стопку сунулася нямая Еўка, трымаючы перад сабою шаснастку.
— I куды яна нясе гэта абмецце? Курам высып! — крыкнула Алеся, папраўляючы раз’еханую хустку i скоранька вышмыгваючы са стопкi.
Iмполь знарок таптаўся каля засекаў, чуючы на сваiх губах мяккае цяпло вiльготных Алесiных губ.
Памагаў нямой паiць скацiну i ўсё думаў пра Алесю. Яго брала радасць — помнiлася тая мяккая пасма сухiх валасоў, што выбiлася з-пад Алесiнае хусткi каля вуха, цёплая гладкая шчака, казытлiвае брыво. Помнiўся той мiг, калi Алеся стаiлася, сцiшылася, як малое дзiця. I ён аж задыхаўся ад гарачынi, што падпiрала пад грудзi.
Прыцемках, калi ўжо накармiлi скацiну, нанасiлi ў хату ў парожнiя чыгуны вады, укiнулi дроў, Iмполь сядзеў, прытаiўшыся, на лаве, спiною да акна, цiкаваў, дзе паварочваецца Алеся, лавiў яе голас. I нават не гледзячы на яе, неяк увесь чуў, дзе яна. У душы яго гарэла нейкая ласкавасць, дабрата да яе.
Вячэралi пры лямпе, таўклi картоплямi ў падсмажанае на панiве i стоўчанае ў цёрле льняное семя, што было насыпана невялiкаю горбачкаю перад кожным на стале.
Алеся сядзела на другi рог гэтага тоўстага ясеневага стала, бокам да Iмполя. У белай паркалёвай блузцы з высокiм каўнерыкам, з гладка зачасанымi на радок валасамi, у якiх каля куклы на патылiцы сядзеў касцяны карычневы грэбень. Iмполь бачыў яе вуха з зарослай у мочцы дзiрачкай, некалi праколатай для завушнiцы, бачыў гладкi лоб, густое натапыранае брыво, роўны носiк з вострымi малымi ноздрамi, мяккiя губы, карычневую бародаўку з растапыранымi валасамi. Нейкая пыха i цвёрдасць была ў гэтых сухаватых мяккiх губах, у ноздрах, што варушылiся, калi яна дыхала. I, здаецца, варушылiся гэтыя два растапыраныя валаскi на бародавачцы. Твар яе быў ганарысты, сцяты, нiбы яна нешта хавала ад другiх.
— Хто ж у млiн паедзе? — павярнулася яна да старой. Тая выплюнула з рота, абсуслiўшы, як малое дзiця, дзяснамi, цвёрдую скарынку:
— Яна ж, Еўка.
— Якая з яе помач.
Нямая, нiчога не чуючы, таўкла ў цёрле аблупленую картоплю.
— Во, Iмполь ёсцека, — сказала Алеся, i твар яе памякчэў, з яго сышла гэтая зацятая ганарыстасць. — Праўда, Iмполька, паедзеш са мною? — яна павярнулася да яго, неяк глыбока сама сабе смеючыся.
Iмполя ўзяла радасць, што яна ласкава загаварыла да яго.
— Чаму ж, паеду, — сказаў ён, цiкуючы на яе мяккiя губы, на гэтую карычневую з двума растапыранымi валаскамi бародаўку з боку вастраватага носа.
— Няхай мужчыны малацiлi б. Збожжа вунь мышы сточаць, — старая зграбла ў скручаную жменю лупiны i тую абсмоктаную скарынку.
— Нiчога, дзядзька Ладзiмер адзiн управiцца, — Алеся ўстала першаю з-за стала.
Услед за ёю высунулiся мужчыны, пайшлi да падвешанага на тоўстым дроце вядра, забрынкалi адзiн за адным кубкам. Стары, шморгнуўшы рукою па мокрых губах, дастаў з кiшэнi жоўтую, вытачаную з бярозавае чачоткi табакерку. Нямая, перакасiўшы, як ад злосцi, твар, скрабла нажом стол.
Нагнаўшы ў хату лёгкага ветру, Алеся прынясла з сеняў i разаслала на зямлi халодную салому. Ад яе пахла гумном, сухою гаркатою, мышамi, сатлелаю павучынай.
Перад сном усе, адзiн за адным, збегалi на двор у чарнату сырое ночы. Астатнiм, падтрасаючы порткi, вярнуўся стары Ладзiмер.
— Туман, цемната, хоць на воўка ўлезь. Вот табе i зiма… — узяўшыся рукою за выгнуты ў лямпе дрот, ён хукнуў праз дзiрачкi ў машынцы на пляскаты язычок агню. Мяккая густая цемната раптам, нiбыта са столлю, упала на Iмполя, адабрала вочы. Ён, сляпы ў гэтай цемнаце, слухаў, што робiцца там на ложку, каля сцяны, дзе лягла Алеся.
Але там было цiха, толькi тут крактаў, раздзяваючыся i бразгаючы спронжкай, стары малацьбiт.
Потым зашастаў рукою па саломе, абмацваючы пасцель, i дыхнуў тытунём, падлез пад радзюжку да Iмполя, халодны пасля надворку.
Цемната, як скаламучаная вада, трохi адстойвалася, шараватым бяльмом выяснiлiся ў хаце вокны, паказалася з гэтай каламутнай глыбiнi белаватая печ.
Усе, сцiшыўшыся, пачалi драмаць. Адно Iмполя не браў сон. Ён ляжаў, заклаўшы пад галаву рукi, слухаў, як чахкае, неяк спяшаючыся i прападаючы, на сцяне гадзiннiк, як трэскае нацягнуты цяжкаю гiраю ланцуг, бачыў перад сабою Алесiны вочы, што блiшчалi ў стопцы, адбiваючы халодную яснасць з акенца ў сцяне.
Нешта з’юшчвала яго крадком пайсцi туды, на ложак, гэтаксама, як там, у стопцы, абняць, учуўшы ў сябе пад рукою i слiзкiя зблытаныя валасы, i мяккае вiльготнае цяпло яе вуснаў. Ён нават падняў голаў, паслухаў, што робiцца там, у цемнаце на ложку, але цiш раптам перабiў, задрапаўшыся i чапляючыся ў сенях за сцяну, кот, потым недзе пад печчу запiшчала, пазяхаючы спрасоння, курыца i тоненька, як адлушчаная шчэпка на ветры, нешта заграла ў пракураных грудзях старога малацьбiта i, захропшы, пачало пералiвацца, свiстаць на ўсю хату.
— Ах, божа, ну i храпе. — Алеся зашамацела на ложку саломаю i спытала ў гэтую лiпкую, што павучынаю начаплялася на вочы, цемнату: — Iмполь, цi чуеш, ты спiш?
— Дзе там, — ён павярнуў твар на яе голас, раптам зарадаваўшыся, што яна не спiць, i чакаючы, што яна скажа нешта яшчэ.
Але яна толькi ўздыхнула i рыпнула ложкам, перавярнуўшыся на другi бок. Iзноў у хаце стаiлася смутная, перамешаная з поцемкам цiш. Зноў чахкаў i раптам зацiхаў на сцяне стары гадзiннiк з цяжкаю алавянаю гiраю. Пацмокаўшы губамi, перавярнуўся на бок i сцiх стары Ладзiмер. Ускрыквала, задыхалася, нiбы знянацку ўкiнуўшыся ў ваду, нямая Еўка. Цiха дыхала, мусiць, задрамаўшы. Алеся, а Iмполь усё ляжаў, расплюшчыўшы вочы: пазiраў у цемнату, што варушылася, як падняты ветрам пыл. Сэрца ў яго салодка сцiналася ад гэтых раз’ятраных думак, што зараз не вытрывае i пойдзе да яе на ложак.
Ён нават скiнуў з сябе радзюжку, пачаў цiха падымацца, каб не вельмi шастаць саломаю, i раптам учуў нейкую брыдкасць i страх, што яна закрычыць, спалохаўшыся, i разбудзiць усiх.
Пасядзеў так якую хвiлiну, паслухаў удушлiвую цiшыню хаты. Аблiваючы гарачынёю грудзi, трапяталася, занывала сэрца. Але нешта падганяла Iмполя, што так трэба, што мужчына павiнен першы…
Як сам не свой, ад нечаканае гарачкi, ён скоранька падхапiўся. Узiраючыся ў гэтую мiтуслiвую цемнату i нiчога не бачачы, выставiўшы наперад рукi, пачаў красцiся туды, дзе бялелася акно — там стаяў яе, Алесiн, ложак. Але раптам як абамлеў ад моцнага голасу:
— Iмполь, ты не спiш? — пытаўся стары Ладзiмер.
— Не сплю, — азваўся ён, ледзьве ўжо варушачы перасохлым языком.
— Падай мне вады.
Знiякавелы, усё гэтак трымаючы перад сабою рукi i разводзячы iмi цемнату, Iмполь завярнуў да печы, каб знайсцi на доўгiм дроце вядро i кубак. Невядома чаго зарадаваўся, што так зрабiлася, што гэта на лепшае, i моцна ўздыхнуў, як скiнуў з сябе нешта цяжкае.