Генрых Бёль

Дом без гаспадара


Раман

Пераклад з нямецкай


1

Ён прачынаўся, як толькі маці сярод ночы ўключала вентылятар, хоць гумавыя лопасці круціліся амаль бязгучна: прыглушанае гудзенне і час ад часу перапынак, калі ў лопасцях заблытваўся край гардзіны. Тады маці з ціхай лаянкай уставала з ложка, вызваляла гардзіну і заціскала яе паміж дзверцамі кніжнай шафы. Абажур лямпы быў з зялёнага шоўку — вадзяністая зелень, а праз яе — жоўтыя промні, і яму здавалася, што чырвонае віно ў шклянцы на тумбачцы каля ложка маці вельмі падобнае на чарніла: цёмная, цягучая атрута, якую яна пацягвае маленькімі глыткамі. Маці чытала, курыла і зрэдку адпівала глыток.

З-пад прыплюшчаных павек ён назіраў за ёю, не варушачыся, каб не прыцягнуць яе ўвагі, і праводзіў позіркам дым цыгарэты, што цягнуўся да вентылятара; паветраны струмень усмоктваў і крышыў белыя і шэрыя воблакі, а затым мяккія зялёныя лопасці перамолвалі іх і выкідвалі прэч. Вентылятар быў вялікі — такія стаяць у магазінах — дабрадушны буркун, ён за некалькі хвілін ачышчаў паветра ў пакоі. Тады маці націскала кнопку на сцяне там, дзе над ложкам вісеў фотаздымак бацькі: усмешлівы юнак з люлькай у роце, занадта малады, каб быць бацькам адзінаццацігадовага хлопчыка; бацька быў такі ж малады, як Луіджы з кафэ Генэля, як нясмелы маленькі новы настаўнік, значна маладзейшы, чым маці, а яна выглядала гэтак жа, як і маці іншых дзяцей, ніколькі не маладзейшай. Бацька — гэта ўсмешлівы хлопец, але вось ужо на працягу некалькіх тыдняў хлопчык бачыць яго ў сне зусім не такім, як на партрэце,— журботна паніклы чалавек сядзіць на чарнільнай кляксе, быццам на воблаку, твару ў яго няма, але ён плача, таму што чакае ўжо мільён гадоў; на ім мундзір, але без знакаў адрознення і без ордэнаў; гэты прышэлец раптоўна ўварваўся ў сны хлопчыка, зусім іншы, чым яму хацелася б бачыць бацьку.

Самае галоўнае ляжаць ціха, ледзь дыхаючы, з заплюшчанымі вачыма, тады па шоргаце ў доме можна даведацца, колькі часу: калі Глума ўжо не чуваць, азначае палову адзінаццатай, калі не чутно Альберта, азначае адзінаццаць. Звычайна ён яшчэ чуе Глума ў пакоі наверсе — цяжкія, размераныя крокі, або Альберта ў суседнім пакоі — Альберт насвіствае за працай. Бывае, і Больда позна ўвечары спускаецца на кухню і пачынае там валтузню — шаргацяць крокі, асцярожна шчоўкае выключальнік, ды ўсё ж амаль кожны раз Больда наторкваецца на бабулю, і з пярэдняй чуваць глухі голас:

— Ах ты, ненажэра, зноў распачала гатаванне сярод ночы? Зноў смажыш, парыш, варыш нейкую дрэнь?

I ў адказ пранізлівы смех Больды.

— Так, старая карга, я выгаладалася, хочаш за кампанію?

Зноў пранізлівы смех Больды і глухое, поўнае гідлівасці «цьфу» бабулі. Часам абедзве гавораць шэптам, толькі зрэдку чуваць смех: пранізлівы — Больды, глухі — бабулін.

Іншая справа — Глум, той ходзіць наверсе туды-сюды і чытае загадкавыя кнігі: «Дагматы», «Багаслоўе і маральнасць». Роўна ў дзесяць Глум заўсёды ідзе ў ванну, мыецца — шум вады, затым «пых!» гэта ён запаліў газавую гарэлку,— і разам успыхнула мноства язычкоў; затым Глум вяртаецца да сябе, тушыць святло і ўжо ў цемры апускаецца на калені перад ложкам — моліцца. Чуваць, як Глум цяжка грукае каленьмі аб падлогу і, калі ў доме ўсюды ціха, як Глум бармоча словы малітвы. Доўга-доўга моліцца Глум у сваім цёмным пакоі. Затым устае з каленяў, і тады пад ім вішчаць спружыны матраца,— гэта азначае, што роўна палова адзінаццатай.

Астатнія — акрамя Глума і Альберта — трывалых звычак не мелі: Больда часам спускалася ўніз ужо за поўнач і гатавала сабе снатворнае — лісце хмелю, якое яна трымала ў рудым папяровым пакуначку; здаралася, што бабуля заходзіла на кухню, пасля таго як даўно ўжо прабіла гадзіну ночы, рабіла сабе цэлую гару бутэрбродаў з мясам і, заціснуўшы пад пахай бутэльку віна, ішла ў свой пакой. Часам сярод ночы бабуля раптам схамяналася, што ў цыгарэтніцы не засталося цыгарэт — у прыгожай блакітнай парцалянавай цыгарэтніцы, якая ўмяшчала адразу два пачкі. Тады яна сноўдала, шоргаючы нагамі, па ўсім доме, бурчала, шукала цыгарэты — вялікая, з вельмі светлым! валасамі і ружовым тварам; спачатку яна заходзіла да Альберта: толькі Альберт курыў цыгарэты, якія былі ёй да густу. Глум заўсёды курыў люльку, а маміны цыгарэты старой не падабаліся: «Бабская забаўка — мяне нудзіць, як я на іх гляну»; у Больды ў шафе заўсёды было некалькі скамечаных, заляжалых цыгарэт, якімі яна надзяляла паштальёна і манцёра — з гэтых цыгарэт бабуля ўсяляк здзекавалася: «Яны маюць такі выгляд, быццам ты іх вылавіла ў святой вадзе, а затым высушыла, старая мурза,— яны хіба толькі манашкам прынадныя, цьфу!» А здаралася, у доме не было аніякіх цыгарэт; тады Альберту прыходзілася сярод ночы апранацца і ехаць на сваёй машыне ў горад па цыгарэты, бывала, яны разам з бабуляй збіралі па ўсім доме манеты для аўтаматаў. Але тут ужо бабуля не жадала абмяжоўвацца дзесяткам або двума — яна патрабавала ніяк не менш паўсотні цыгарэт у ярка-чырвоных пачках з надпісам — Тамагаўк. Натуральны віргінскі тытунь — вельмі доўгія, бялюткія, вельмі моцныя цыгарэты.

— Толькі каб не заляжалыя, мой дарагі!

А калі Альберт вяртаўся, яна адразу ў пярэдняй абдымала і цалавала я го, прыгаворваючы:

— Калі б не ты, мой хлопчык, ах, калі б не ты... родны сын і той не быў бы лепшым.

Затым яна ішла да сябе, жавала свае бутэрброды — тоўстыя лусты белага хлеба, густа намазаныя маслам і абкладзеныя мясам, піла віно і пакурвала.

Альберт быў амаль такім жа дакладным, як і Глум,— роўна ў адзінаццаць у яго пакоі ўсталёўвалася цішыня,— тое, што адбывалася ў доме пасля адзінаццаці, мела дачыненне толькі да жанчын: бабулі, Больды і маці. Маці ўначы рэдка ўставала з пасцелі, затое яна доўга чытала і курыла слабыя, сплюшчаныя цыгарэты, якія даставала з плоскага жоўтага пачка з надпісам: Мячэць. Натуральны Усходні тытунь. Зрэдку маці адпівала глыток віна і кожную гадзіну ўключала вентылятар, каб прагнаць дым з пакоя.

Але часта вечарамі маці сыходзіла куды-небудзь або прыводзіла да сябе гасцей, тады яго, соннага, пераносілі ў пакой да дзядзькі Альберта, і ён прыкідваўся, быццам не чуе гэтага. Ён не мог выносіць гасцей, хоць і любіў спаць у пакоі дзядзькі Альберта. Калі прыходзілі госці, яны заседжваліся вельмі позна — да дзвюх, да трох, да чатырох гадзін ночы, а то і да пяці, і дзядзька Альберт прасыпаў тады раніцай і не было з кім паснедаць перад школай,— Глум і Больда сыходзілі досвіткам, маці заўсёды спала да дзесяці, бабуля раней адзінаццаці ніколі не ўставала.

Хоць ён кожны раз цвёрда вырашаў больш не спаць, усё ж засынаў звычайна зноў, як толькі маці выключыць вентылятар. Але калі яна доўга чытала, ён прачынаўся і другі і трэці раз, асабліва калі Глум забываў змазаць вентылятар — і той павольна, з рыпам рабіў першыя абароты. Толькі пасля, набраўшы хуткасці, лопасці пачыналі працаваць бясшумна, але ўсё роўна ад першых жа рыпучых гукаў ён адразу прачынаўся і бачыў, што маці ўсё гэтак жа ляжыць, падпёршы галаву правай рукой, заціснуўшы цыгарэту ў левай, а віна ў шклянцы роўна столькі ж, колькі было і раней. Часам маці чытала нават Біблію, парой ён бачыў у яе руках малітоўнік у рудым скураным пераплёце, і невядома чаму яму рабілася ад гэтага неяк не па сабе. Ён стараўся найхутчэй заснуць або пачынаў кашляць, каб маці ведала, што ён не спіць. Гэта здаралася позна, калі ўсе ў доме спалі. Пачуўшы кашаль, маці адразу ўскоквала і падыходзіла да ягонага ложка. Яна мацала яго лоб, цалавала яго ў шчаку і ціха пытала:

— Ты не захварэў, малыш?

— Не-не,— адказваў ён, не расплюшчваючы вачэй.

— Я зараз патушу святло.

— Ды не, чытай.

— Табе нічога не баліць? Тэмпературы быццам бы няма.

— Канешне, не. Я здаровы.

Яна захутвала яго коўдраю па шыю, і ён здзіўляўся, якія лёгкія ў яе рукі. Затым яна вярталася ў свой ложак, тушыла святло і ўключала ў цемры вентылятар, каб ачысціць паветра, а пакуль вентылятар круціўся, яна размаўляла з ім.

— Хочаш, мы перавядзём цябе ў верхні пакой, каля Глума?

— Не, тут лепш.

— Або ў суседні? Яго таксама можна вызваліць.

— Ды не, я сапраўды не хачу.

— Ну а да Альберта? Альберт перабраўся б у іншы.

— Не.

Раптам вентылятар пачынаў круціцца ўсё павольней, і тады ён ведаў, што маці ў цемры націснула кнопку. Яшчэ колькі апошніх абаротаў, скрыгат, і затым — цішыня, удалечыні чутны цягнікі — ляскат і грукат счаплення таварных вагонаў, перад вачамі паўстае надпіс: Усходняя таварная станцыя. Яны з Вельцкамам неяк хадзілі туды, дзядзька Вельцкама працуе качагарам на манеўровым паравозе, які падае вагоны на сартавальную горку.

— Трэба сказаць Глуму, каб змазаў вентылятар.

— Скажу.

— Так, зрабі ласку, а зараз давай спаць. Дабранач!

— Дабранач!

Але пасля гэтага ён ужо не мог заснуць і ведаў, што маці таксама не спіць, хоць ляжыць зусім ціха. Цемень і цішыня, толькі ўдалечыні прыглушаны грукат з Усходняй таварнай, толькі ўсплываюць і паўстаюць у памяці словы, якія не даюць спакою: слова, якое маці Брылаха сказала кандытару,— гэтае слова было надрапана і на сцяне каля лесвіцы, што вяла ў кватэру Брылаха, і яшчэ новае слова: распуста, якое Брылах дзесь падчапіў і цяпер увесь час паўтарае. Часта думаў хлопчык і пра Гезелера, але той быў вельмі далёка, і калі ён думаў пра Гезелера, то не адчуваў ні страху, ні нянавісці, толькі нейкі цяжар; ён куды больш баяўся бабулі, яна ўвесь час убівала ў яго імя Гезелера і пры кожным зручным выпадку прымушала паўтараць яго. Глум, калі чуў гэта, незадаволена хітаў галавой.

Пасля ён здагадваўся, што маці заснула, але сам ніяк не мог заснуць; у цемры ён спрабаваў уявіць сабе твар бацькі, але гэта яму не ўдавалася — тысячы бязглуздых малюнкаў раіліся ў яго галаве — з фільмаў, з ілюстраваных часопісаў, з падручнікаў: Блондзі! Хапелонг Кесідзі і Дональд Дак,— а бацька не з’яўляўся. I дзядзька Брылаха, Леа, паўставаў перад ім, і кандытар, і Грэбхакэ з Вольтэрсам, гэта тыя двое, што рабілі ў кустах нешта бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай травы. Цікава, а бессаромны — гэта ўсё роўна што распусны? Але бацька, чалавек, які на фотаздымку выглядаў занадта жывым, занадта вясёлым, занадта маладым для сапраўднага бацькі, бацька так ні разу і не з’явіўся. Кожнаму бацьку абавязкова падавалі яйка на сняданак, але з яго бацькам гэта неяк не стасавалася. У кожнага бацькі — цвёрды расклад на дзень, уласцівасць, якой у пэўнай ступені валодаў дзядзька Альберт, але і расклад ніяк не стасаваўся з бацькам. Расклад — гэта: уставанне, яйка на сняданак, праца, вяртанне дадому, газета, сон. Але ўсё гэта не стасавалася з яго бацькам, закапаным дзесьці на ўскрайку рускай вёсачкі. Мінула ўжо дзесяць гадоў, бацька, мабыць, падобны цяпер на шкілет з медыцынскага музея. Косці, выскаленыя зубы. Радавы і паэт, неяк не стасуецца адно з другім. Бацька Брылаха быў фельдфебелем і слесарам. Бацькі іншых хлопчыкаў былі: або маёр і разам з тым дырэктар, або унтэр-афіцэр і бухгалтер, або старшы яфрэйтар і рэдактар, ніводзін з бацькоў не быў радавым, і ніводзін з іх — паэтам. Дзядзька Брылаха, Леа, быў вахмістрам, вахмістрам і кандуктарам — каляровы фотаздымак на кухонным буфеце паміж сага і крупамі. Што гэта сага? Ад гэтага слова павявала Паўднёвай Амерыкай.

Пасля ўсплывалі пытанні з катэхізіса — вадаварот лічбаў, і кожная азначала пытанне і адказ.

Пытанне адзінаццатае: ці даруе Бог грэшніку, які пакаяўся? Адказ: так, Бог ахвотна даруе кожнаму грэшніку, які пакаяўся. I незразумелае двухрадкоўе: Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным? Ніхто не застанецца. Па цвёрдым перакананні Брылаха, усе дарослыя — распусныя, а дзеці бессаромныя, маці Брылаха распуская, дзядзька Леа — таксама, кандытар, магчыма, таксама; і ягоная маці, якой бабуля шэптам выгаворвае ў пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» — таксама.

Ёсць, зразумела, выключэнні, гэта прызнаваў нават Брылах: дзядзька Альберт, затым сталяр, які жыве ўнізе, у доме Брылаха, фрау Барусяк і яе муж, Глум і Больда. Але лепшая з іх усіх фрау Барусяк — у яе нізкі, глыбокі голас, і яна спявае над пакоем Брылаха цудоўныя песні, нават у двары чуваць.

Думаць пра фрау Барусяк вельмі прыемна і супакойна. Я вырасла ў краі зялёным,— часта спявала фрау Барусяк, і калі яна так спявала, яму ўсё здавалася зялёным, быццам да вачэй паднеслі бутэлечнае шкло — усё-ўсё рабілася зялёным, нават цяпер, у ложку, ноччу, калі ён з заплюшчанымі вачыма думаў пра фрау Барусяк і чуў яе песню: Я вырасла ў краі зялёным.

Добрая яшчэ песня пра даліну журбы: «Вітаю цябе, зорка ў зеніце». I ад слова «зеніт» таксама ўсё зелянела. У нейкі момант ён усё ж засынаў, дзесь паміж спевам фрау Барусяк і словам, якое маці Брылаха сказала кандытару,— гэта слова дзядзькі Леа,— слова, якое маці прасіпела скрозь зубы ў цёплым, з пахам здобы падвале пякарні, слова, значэнне якога яму растлумачыў Брылах: гэтае слова пра сужыцельства мужчын і жанчын, якое мае дачыненне да шостай запаведзі, распуснае слова, і адразу на памяць прыходзіць верш, які яго вельмі займае: «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным?» А можа, сон прыходзіў да яго, калі ён успамінаў пра Хапелонга Кесідзі — хвацкага каўбоя з зухаватымі прыгодамі, трошкі дурнаватага, як усе госці, якіх маці прыводзіла ў дом.

Так ці інакш, але чуць дыханне маці было прыемна: яе ложак часта пуставаў, бывала, некалькі начэй запар, і тады ў пярэдняй бабуля дакорліва шаптала:

— Дзе ты толькі швэндаешся?

Маці не адказвала. Ранішняе абуджэнне таксама таіла ў сабе пэўную небяспеку. Калі Альберт будзіў яго, ужо апрануты ў чыстую кашулю з гальштукам, усё праходзіла ўдала: яны ладзілі тады ў пакоі Альберта сапраўднае снеданне і нікуды не спяшаліся і не хваляваліся, і можна было яшчэ раз прагледзець разам з Альбертам хатнія заданні. Але калі Альберт быў яшчэ ў піжаме, непрычасаны, з пакамечаным тварам, тады прыходзілася ў спешцы глытаць гарачую каву і тэрмінова пісаць запіску: «Глыбокапаважаны пан Biмар, прашу вас прабачыць мне за тое, што хлопчык сёння зноў спазніўся. Яго маці паехала, а я забыўся пабудзіць яго своечасова. Яшчэ раз прашу прабачэння. З абсалютнай пашанай».

Кепска было, калі маці прыводзіла гасцей: неспакойны сон у ложку Альберта, дурнаваты смех, што даносіўся з мамінага пакоя; Альберт у такія ночы падчас і зусім не лажыўся і толькі паміж пяццю і шасцю прымаў ванну: шум вады, плёскат, а ён засынаў зноў, і калі Альберт будзіў яго, адчуваў сябе бясконца стомленым і разбітым. На ўроках ён тады кляваў носам, а пасля ўрокаў у якасці ўзнагароды яго вадзілі ў кіно і куплялі марожанае або бралі да маці Альберта, у Бітэнхан — «Лясную браму». Там сажалка, дзе Глум голымі рукамі ловіць рыбу і зноў кідае яе ў ваду, там пакой над кароўнікам, там можна гадзінамі ганяць у футбол з Альбертам і Брылахам на ўтаптаным, выкашаным лужку, пакуль не выгаладаешся і не захочаш пакаштаваць хлеба, які маці Альберта пячэ сама, а дзядзька Віль заўсёды прыгаворвае: «Намажце паболей масла». Пахітае галавой: «Паболей масла». Зноў пахітае: «Яшчэ больш». I Брылах, заўсёды такі няўсмешлівы, смяецца там ад усяго сэрца.

Было шмат станцый на шляху, ён мог заснуць на любым перагоне: Бітэнхан і бацька, Блондзі і распусна. Прыглушанае гудзенне вентылятара азначала, што ўсё добра: маці дома. Шалясценне старонак, дыханне маці, чырканне запалкі і ціхі, шпаркі глыток, калі яна падносіць да вуснаў шклянку з віном,— і незразумелы рух паветра, хоць вентылятар даўно ўжо выключаны: гэта дым цягнецца да вентылятара, і Марціна незаўважна агортваў сон — дзесь паміж Гезелерам і «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя».


2

Лепш за ўсё было ў Бітэнхане, дзе маці Альберта трымала загарадны рэстаранчык. Маці Альберта ўсе пякла сама, нават хлеб. Яна гэта рабіла проста таму, што любіла пячы,— і яны з Брылахам маглі ў Бітэнхане вычвараць усё, што ім уздумаецца,— лавіць рыбу, хадзіць у даліну, катацца на лодцы або гадзінамі гуляць за домам у футбол. Сажалка ўдавалася ў лясны гушчар, і іх звычайна суправаджаў дзядзька Віль — брат маці Альберта. З дзяцінства дзядзька Віль хварэў на нейкую дзіўную хваробу, якую ўсе называлі «начная патлівасць» — дзіўная назва, што выклікала смех у бабулі і Глума, Больда таксама хіхікала, калі чула гэтае слова. Вілю было ўжо пад шэсцьдзесят. Калі ж яму не было яшчэ і дзесяці, маці знайшла яго аднойчы ў пасцелі ўсяго залітага потам. На наступны дзень гісторыя паўтарылася, і маці, у трывозе, пацягнула яго да доктара, бо, па нейкіх таемных паданнях, начная патлівасць лічылася немінучай прыкметай сухотаў. Але лёгкія ў маленькага Віля аказаліся ў поўным парадку, толькі сам ён, як выказаўся доктар, быў хлапчуком нервовым і субтыльным; і доктар — той самы, што вось ужо сорак гадоў спачывае на гарадскіх могілках,— сказаў пяцьдзесят гадоў назад: «Дзіця трэба берагчы».

I Віля ўсё жыццё бераглі. «Нервовы, субтыльны», ды яшчэ начная патлівасць — усё гэта абярнулася свайго роду рэнтай, якую пажыццёва яму выплочвала сям’я. Марцін і Брылах, даведаўшыся пра гэта, доўгі час уранку абмацвалі свае лбы і па дарозе ў школу абменьваліся назіраннямі. Высветлілася, што і ў іх ілбы часам бываюць вільготныя. Асабліва ў Брылаха — ён пацеў уначы часта і вельмі моцна, але, з таго часу як Генрых Брылах нарадзіўся, нікому і ў галаву не прыходзіла хоць даянёк паберагчы хлопчыка. Маці нараджала яго, калі на горад сыпаліся бомбы, яны падалі на тую вуліцу, а пад канец і на той дом, дзе ў бамбасховішчы, на брудных нарах, заляпаных ваксай, яна курчылася ў схватках. Галава маці аказалася на тым самым месцы, куды нейкі салдат уладкаваў свае боты: ад паху ворвані яе ванітавала куды больш, чым ад родаў, і калі нехта запіхнуў ёй пад галаву завэдзганы ручнік, пах армейскага мыла, убогі водар яго расчуліў яе да слёз; гэты апаганены водар здаўся ёй невыказна дарагім.

Калі пачаліся схваткі, ёй дапамаглі; яе званітавала проста на ногі тых людзей, і самай лепшай і вытрыманай павітухай аказалася чатырнаццацігадовая дзяўчынка. Яна згатавала ваду на спіртоўцы, падрыхтавала стэрыльныя нажніцы і перарэзала пупавіну. Яна рабіла ўсё дакладна так, як напісана было ў кнізе, якую ёй зусім не след было б чытаць; спакойна і адначасова мякка і са здзіўляльнай вытрымкай рабіла яна тое, што па начах, калі бацькі даўно ўжо спалі, вычытала ў кнізе з чырванавата-белымі і жаўтаватымі малюнкамі; яна перарэзала пупавіну стэрылізаванымі кравецкімі нажніцамі, якія ўзяла ў сваёй маці. Тая паставілася да пазнанняў дачкі недаверліва, хоць і не без пэўнай долі захаплення.

Пасля, калі трывога закончылася, да іх аднекуль здаля данёсся роў сірэны: гэтак да звяроў у лясной гушчэчы даносяцца галасы паляўнічых. Дом абрушыўся. Руіны злавесна прыглушылі гук, і маці Брылаха, якая заставалася ў падвале адна з чатырнаццацігадовай павітухай, пачула крыкі астатніх,— яны спрабавалі вылезці наверх праз завалены праход.

— Як цябе завуць? — спытала яна ў дзяўчынкі: ёй ніколі раней не даводзілася з ёй сустракацца.

— Генрыета Шадэль,— адказала дзяўчынка і выцягнула з кішэні непачаты кавалак зелянькавага мыла.

Тады фрау Брылах сказала:

— Дай мне панюхаць.

I яна нюхала мыла і плакала ад шчасця, а дзяўчынка тым часам загортвала дзіця ў коўдру.

У яе заставалася толькі сумачка з грашамі і прадуктовымі карткамі, брудны ручнік, падсунуты ёй пад галаву невядомым дабрадзеем, і некалькі фотаздымкаў мужа: на адным ён быў зняты яшчэ да арміі, у спяцоўцы слесара, выглядаў вельмі мала дым і ўсміхаўся, а на другім ён быў ужо яфрэйтарам танкавых войскаў і таксама ўсміхаўся, на трэцім — унтэрам з жалезным крыжам другой ступені і баявымі адзнакамі, і зноў-такі ўсміхаўся, і самы апошні — яна атрымала яго толькі на мінулым тыдні,— дзе ён ужо фельдфебель з двума крыжамі і ўсё з той жа ўсмешкай.

Праз дзесяць дзён пасля родаў яе ўціснулі ў цягнік, які павёз яе на ўсход; праз два месяцы, у саксонскай вёсачцы, яна даведалася, што муж загінуў.

У васемнаццаць гадоў яна выйшла замуж за бравага яфрэйтара, чыё цела парахнее цяпер дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. I вось на дваццаць другім годзе жыцця яна стала ўдавою. Яна мае трохмесячнае дзіця, два ручнікі, дзве каструлькі, трошкі грошай, і яна вельмі прыгожая.

Хлопчык, якога па бацьку ахрысцілі Генрыхам, падрастаў з цвёрдым перакананнем, што каля маці заўсёды павінен быць нейкі дзядзька.

У першыя яго гады такім дзядзькам аказаўся Эрых, які насіў рудую форму. Эрых належаў да загадкавай катэгорыі дзядзькаў і да не менш загадкавай катэгорыі нацы. I з той і з другой катэгорыяй было ўсё не зусім зразумела. Генрых адчуў гэта яшчэ чатырохгадовым хлапчуком, але зразумець, у чым справа, канешне, не мог. Дзядзька Эрых меў хваробу, якая называлася астма: стогны ўначы, крактанне і жаласны крык: «Няма чым дыхаць!»—насоўкі, змочаныя воцатам, і пах камфары, і настоі з нейкім дзіўным водарам. Дадому разам з імі перакачавала з Саксоніі рэч, якая некалі належала Эрыху,— запальнічка. Эрых застаўся ў Саксоніі, а запальнічка перакачавала з імі, і пах Эрыха захаваўся назаўсёды ў памяці.

Потым з’явіўся новы дзядзька, ад якога ў памяці застаўся пах амерыканскіх цыгарэт і вільготнага алебастру ды яшчэ пах распушчанага на патэльні маргарыну і смажанай бульбы. Звалі яго Герт, і быў ён не такім далёкім і незразумелым, як той, якога звалі Эрых і які застаўся ў Саксоніі. Герт працаваў абліцоўшчыкам, і слова «абліцоўшчык» было неаддзельным ад паху вільготнага алебастру, вільготнага цэменту. I яшчэ з Гертам было звязана іншае слова, якое ён паўтараў на кожным кроку і якое, пасля таго як ён сышоў, захавалася ў лексіконе маці,— слова дзярмо. Гэта такое слова, якое маці чамусьці можна гаварыць, а дзецям вельмі строга забараняецца. I яшчэ Герт пакінуў на памяць, акрамя пахаў і гэтага слова,— наручны гадзіннік, які ён падарыў маці, мужчынскі наручны гадзіннік на васемнаццаці камянях — нейкае зусім незразумелае вызначэнне якасці гадзінніка.

Генрыху споўнілася тады пяць з паловай гадоў, і ён нямала зрабіў, каб пракарміць сябе і маці, выконваючы на чорным рынку ўсялякія даручэнні шматлікіх насельнікаў дома. Прыгожанькі хлапчук, падобны на бацьку, кожны дзень у дванаццаць ішоў з дому, узброены грашамі і выдатнай памяццю, і здабываў тое, што можна было раздабыць,— хлеб, табаку, цыгарэты, каву, салодкія ласункі, а часам нават такія раскошныя рэчы, як маргарын, масла, электрычныя лямпачкі. Калі была патрэба рабіць вялікія пакупкі, ён быў для суседзяў правадніком, таму што ведаў, хто чым гандлюе на чорным рынку, і ўвогуле ведаў там кожнага сабаку. Сярод спекулянтаў ён карыстаўся недатыкальнасцю, і кожны, каго выкрывалі ў спробе падмануць малога, падпадаў пад бязлітасны байкот і вымушаны быў пачынаць гандаль недзе ў іншым месцы.

Не па гадах кемлівы, хлапчук набываў на рынку не толькі хлеб надзённы, ён набыў і фенаменальную здольнасць да вуснага ліку. Здольнасць гэтая выручала яго ў школе колькі гадоў запар. Толькі ў трэцім класе яны пачалі праходзіць прыклады, якія ён рашаў на практыцы задоўга да школы.

Колькі каштуюць дзве васьмушкі кавы, калі вядома, што кілаграм каштуе трыццаць дзве маркі?

Рашэння такіх задач патрабавала ад яго само жыццё, таму што выпадалі вельмі кепскія месяцы, калі ён купляў хлеб па пяцьдзесят або па сто грамаў, табаку — яшчэ меншымі дозамі, каву на лоты — маленечкія порцыі, а гэта патрабуе немалога спрыту ў абыходжанні з дробамі, калі не хочаш, каб цябе абдурылі.

Герт знік раптоўна. А ягоныя пахі засталіся ў памяці — вільготны алебастр, «Віргінія», смажаная на маргарыне бульба з цыбуляй; а яшчэ ў спадчыну ад Герта засталося слова дзярмо, якое назаўсёды ўвайшло ў лексікон маці, і, нарэшце, адна каштоўная рэч — мужчынскі наручны гадзіннік. Пасля раптоўнага знікнення Герта маці плакала, чаго не было пасля расстання з Эрыхам, а хутка аб’явіўся новы дзядзька з імем Карл. Карл пачаў патрабаваць, каб яго звалі татам, хоць ён не меў на гэта аніякага права. Карл служыў у магістратуры і хадзіў не ў старым кіцелі, як Герт, а ў сапраўдным гарнітуры, і Карл абвясціў гучным голасам пачатак «новага жыцця».

«Карл — новае жыццё» — так і запомніўся ён Генрыху, таму што гэтыя словы Карл паўтараў па дваццаць разоў на дзень. Пахам Карла быў пах супоў, якія адпускаліся служачым магістратуры на льготных падставах; супы, як бы яны ні называліся, тлустыя яны былі або салодкія, без розніцы, ад усіх супоў пахла тэрмасам і дастаткам. Карл штодня прыносіў у старым салдацкім бачку палову сваёй порцыі, бывала, і больш, калі падыходзіла яго чарга атрымліваць дадатковую порцыю. Зразумець прычыну гэтай ільготы Генрых так і не змог. З чым бы ні быў суп згатаваны — з салодкімі клёцкамі або з бычыным хвастом,— усё роўна ён патыхаў тэрмасам, і ўсё роўна ён быў цудоўны. Для бачка пашылі брызентавы чахольчык, а ручку абвязалі суровымі ніткамі, Карл не мог вазіць бачок у партфелі, таму што ў трамваі заўсёды вельмі піхаліся, суп расплёхваўся і запэцкваў партфель. Карл быў дабрадушны і непатрабавальны, але яго з’яўленне мела і непрыемныя наступствы, таму што хоць ён і быў непатрабавальны, аднак строгі і катэгарычна забараніў Генрыху ўсялякія паходы на чорны рынак. «Як дзяржаўны служачы я не магу дазволіць... не кажучы ўжо, што гэта падрывае маральныя ўстоі і народную гаспадарку». Строгасць Карла прыпадала на цяжкі 1947 год. Мізэрныя пайкі, калі іх толькі можна было ўвогуле назваць пайкамі,— і Карлавы супы ніякім чынам не параўнаць было з колішнімі заробкамі Генрыха. Генрых спаў у адным пакоі з маці і Карлам — гэтак жа, як спаў ён у адным пакоі з маці і дзядзькам Гертам, з маці і дзядзькам Эрыхам.

Калі Карл і маці, патушыўшы святло, падсаджваліся да радыёпрыёмніка, Генрых паварочваўся да іх спінай і глядзеў на здымак бацькі. Бацька быў зняты ў форме фельдфебеля танкавых войск незадоўга перад смерцю. У доме гаспадарылі розныя дзядзькі, але фотаздымак бацькі працягваў вісець на сцяне. I ўсё ж, нават адвярнуўшыся, ён чуў шэпт Карла, хоць і не разбіраў асобных слоў, і чуў хіхіканне маці. З-за гэтага хіхікання ён часам ненавідзеў маці.

А пасля ў маці з Карлам была сварка з-за нейкай малазразумелай справы, якая называлася «ён». «Мне ён ні да чаго»,— увесь час гаварыла маці. «А мне да чаго»,— гаварыў Карл. Толькі пасля Генрых зразумеў, што азначала «ён». У хуткім часе маці трапіла ў бальніцу, і Карл быў вельмі засмучаны і сярдзіты, але абмежаваўся тым, што сказаў яму: «Ты тут ні пры чым».

Прапахлыя супам бальнічныя калідоры, мноства жанчын у вялікай зале, маці, жаўтавата-бледная, але з усмешкай, хоць ёй было «так балюча, так балюча».

Карл змрочна стаяў каля яе ложка: «Між намі ўсё скончана, калі ты «яго» ...»

Загадкавы «ён»! I Карл пайшоў яшчэ да таго, як маці выпісалася з бальніцы. Генрых заставаўся пяць дзён пад наглядам суседкі, якая адразу ж зноў пачала адпраўляць яго на чорны рынак. Паўсюль былі ўжо новыя людзі і новыя цэны, і нікога больш не цікавіла, абдурваюць Генрыха ці не. Бількхагер, у якога ён заўсёды купляў хлеб, сядзеў у турме, сівы татуля, які гандляваў табакай і ласункамі, таксама трапіў у турму, яго схапілі на месцы злачынства, калі ён спрабаваў забіць каня на ўласным двары. Усё памянялася, стала даражэйшым і горшым. I Генрых узрадаваўся, калі з бальніцы вярнулася мама, таму што суседка з ранку да вечара расказвала яму пра тое, як яна схуднела і якая яна раней была пышная, або расказвала пра ўсялякае смакоцце. Казачныя ўспаміны пра шакалад і мяса, пра пудынгі і смятанку ўшчэнт збівалі з панталыку, бо ён не меў аніякага ўяўлення пра гэтыя ласункі.

Маці зрабілася ціхай, задумлівай, але значна больш ласкавай, чым раней. Яна паступіла на працу на кухню, дзе гатаваліся супы для служачых магістратуры. Цяпер яны штодзень атрымлівалі па тры літры супу, а тое, што не з’ядалі самі, выменьвалі на хлеб або табаку. Вечарамі маці сядзела каля радыёпрыёмніка разам з ім, ціхая, задумлівая, курыла, ад яе толькі і можна было пачуць: «Усе мужчыны — баязліўцы».

Памерла суседка — змрочная, кашчавая, заўсёды галодная істота. Яна бясконца расказвала, што перад вайной важыла амаль сем пудоў. «Вось паглядзі на мяне, добра паглядзі і ўяві сабе, што я важыла да вайны больш сямі пудоў, ува мне было роўна дзвесце трыццаць чатыры фунты1. А паглядзі на мяне зараз — ува мне засталося толькі сто сорак чатыры». Колькі гэта пудоў? Сем пудоў выклікаюць уяўленне мяшкоў з бульбай, мукой, брыкетамі вугалю; сем пудоў уваходзіла ў маленькую тачку, якую ён часта браў, калі ішоў красці брыкеты на пуцях,— халодныя ночы, свіст таго, хто пільнаваў,— ён узбіраўся на семафорную мачту, каб падаць сігнал, калі з’явіцца паліцэйскі. Тачка атрымлівалася вельмі цяжкай, калі яе нагружалі даверху, а суседка, выходзіць, важыла яшчэ больш.

I вось цяпер яна памерла: на магільны грудок наклалі астры, праспявалі Dies irae, dies illa , i калі родныя забралі мэблю, на прыступках засталася фотакартка — вялікая рудая фотакартка, на ёй суседка перад домам з надпісам: «Віла Элізабет». Ззаду — вінаграднік, грот з порыстага каменю, у якім фаянсавыя гномы коцяць цацачныя тачкі; наперадзе, бялявая і тоўстая, стаіць суседка, а з верхняга акна выглядвае мужчына з люлькаю ў роце, і праз увесь франтон — надпіс: «Віла Элізабет». Уласна, так і павінна быць — бо яе звалі Элізабет.

У вызвалены пакой уехаў мужчына, яго звалі Леа, ён быў кандуктарам у сіняй форменнай фуражцы з чырвоным кантам, на плячах мноства рамянёў, шмат рыпучай скуры і ўсё тое, што Леа называў сваёй «збруяй» — сумка для грошай і драўляная скрыначка, у якую ўстаўляліся катушкі з білетамі, губка ў алюмініевым футлярчыку і кампосцерныя шчыпцы. Непрыемным быў твар Леа — чырвоны, чыста ўмыты; непрыемным было ніколі не выключанае радыё і песні, якія ён высвістваў. Жанчыны ў кандуктарскай форме танцавалі і спявалі ў ягоным пакоі.

— За ваша здароўе! — толькі і чуваць было адтуль.

Жанчына, якая некалі важыла амаль сем пудоў і ад якой засталася фотакартка «Віла Элізабет», была ва ўсякім выпадку ціхая. А Леа быў шумным. Ён зрабіўся галоўным спажыўцом супу і разлічваўся за яго цыгарэтамі па тарыфе, які ён сам вызначыў; асабліва добра плаціў Леа за салодкія супы.

Аднойчы ўвечары, калі Леа прынёс табаку і атрымаў за гэта суп, ён раптам паставіў каструлю зноў на стол, з усмешкай паглядзеў на маці і сказаў:

— Хочаце паглядзець, як цяпер танцуюць? Вам, уласна, даводзілася танцаваць апошнім часам?

I Леа пусціўся ў нейкія неймаверныя скокі, ён высока падкідаў ногі, узмахваў рукамі і пры гэтым дзіка падвываў. Маці рассмяялася і адказала:

— Не, я даўно ўжо не танцавала.

— А трэба было б,— сказаў Леа.— Хадзіце сюды!

I, напяваючы нейкі матыўчык, ён узяў маці за руку, сцягнуў яе з крэсла і затанцаваў з ёй — і твар маці адразу змяніўся: яна раптам заўсміхалася, заўсміхалася і адразу зрабілася намнога маладзейшай.

— Ах,— сказала яна,— вось раней я часта хадзіла на танцы.

— Тады пойдзем са мной! — усклікнуў Леа.— У мяне абанемент у танцклубе. А вы проста выдатна танцуеце.

Маці і сапраўды пайшла ў клуб, і Леа стаў дзядзькам Леа, і зноў пачалася гаворка пра «яго». Генрых уважліва прыслухоўваўся і хутка зразумеў, што гэтым разам ролі памяняліся. Цяпер маці гаварыла тое, што тады казаў Карл:

— Я хачу, каб ён застаўся.

А Леа адказваў так, як тады адказвала маці:

— Не, ты ад яго пазбавішся.

Генрых быў ужо ў другім класе і даўно зразумеў, што азначае «ён», таму што ведаў ад Марціна тое, пра што Марцін у сваю чаргу даведаўся ад дзядзькі Альберта: ад сужыцельства мужчын і жанчын з’яўляюцца дзеці, і было зразумела, што «ён» азначае проста дзіця і што дастаткова ўсюды замест «ён» падставіць «дзіця». «Я хачу дзіця»,— гаварыла маці. «Не, ты ад яго пазбавішся»,— гаварыў Леа. «Я не хачу дзіця»,— гаварыла маці Карлу. «А я хачу»,— гаварыў Карл.

Тое, што маці сужыцельствала з Карлам, было зразумела і тады, хоць тады Генрых меў на ўвазе не слова «сужыцельства», а зусім іншае слова, якое гучала не так прыстойна. Значыць, ад дзіцяці можна пазбавіцца. Ад таго дзіцяці, з-за якога Карл кінуў маці, яна пазбавілася. Атрымлівалася, што Карл зусім не самы горшы з усіх дзядзькаў.

На свет з’явіўся «ён» — дзіця, і Леа пагражаў:

— Я аддам яго ў выхаваўчы дом, калі ты з-за ягомкінеш работу.

Але работу ўсё ж прыйшлося пакінуць, таму што суп, які на льготных умовах адпускалі служачым магістратуры, скончыўся, а хутка не стала і чорнага рынку. Ніхто ўжо не цікавіўся супам, таму што выпусцілі новыя грошы, і грошы сталі дарагімі, і ў магазінах цяпер прадаваліся рэчы, якія раней немагчыма было адшукаць нават на чорным рынку. Мама плакала, «ён» быў маленечкім і зваўся «ён» — Вільма, як мама, a Лea ўсё злаваў, пакуль мама зноў не ўладкавалася на працу да кандытара.

Дзядзька Альберт прыйшоў і прапанаваў маці грошай, яна іх не ўзяла, Лea накрычаў на яе, а Альберт, дзядзька Марціна, крычаў на Леа.

Ад Леа заўседы пахла туалетнай вадой. Твар у яго быў чырвоны ад бясконцага мыцця, а валасы — чорныя як смоль; Леа шмат займа ўся сваімі пазногцямі, і з-пад форменнай тужуркі ў яго заўсёды высоўвалася жоўтае кашнэ. I яшчэ ён быў вельмі скупы: на дзяцей ён увогуле ні гроша не траціў і гэтым розніўся ад Альберта і ад Віля — дзядзькаў Марціна, якія рабілі яму шмат падарункаў. Віль быў зусім не такі дзядзька, як Леа, а Леа зусім не такі, як Альберт. Паступова Генрых пачаў усіх дзядзькаў падзяляць на катэгорыі. Віль — гэта сапраўдны дзядзька, а Леа — гэта такі ж дзядзька, як Эрых, Герт і Карл, якія сужыцельствалі з маці, Альберт — гэта дзядзька, які не падобны ні на Леа, ні на Віля, ён не такі сапраўдны, як Віль, якога можна называць нават дзядулем, але і не дзядзька-сужыцель, як Леа.

А бацька — гэта партрэт на сцяне: усмешлівы фельдфебель, сфатаграфаваны дзесяць гадоў назад. Спачатку бацька здаваўся яму занадта старым, цяпер — занадта маладым, усё маладзей і маладзей, а сам ён паволі дарастаў да бацькі, і бацька быў цяпер толькі крыху больш чым у два разы старэйшым за яго. А спачатку ён быў старэйшым разы ў чатыры, у пяць. На іншым фотаздымку, які вісеў побач, маці было толькі васемнаццаць, і яна выглядала зусім як дзяўчынка перад канфірмацыяй.

Дзядзька Віль амаль у шэсць разоў старэйшы за яго, і ўсё ж побач з Вілем ён здаваўся сабе старым і вопытным, мудрым і стомленым. I ён прымаў дружбу Віля, як прымаюць дружбу маленькага дзіцяці, як ён прымаў пяшчоту сваёй маленькай, хутка падрастаючай сястрычкі. Ён няньчыўся з ёй, даваў ёй бутэлечку, падаграваў кашу, таму што з дванаццаці маці ішла на працу, а Леа катэгарычна адмаўляўся глядзець за дзіцем. «Я вам не нянька!» Пасля Генрых навучыўся нават купаць Вільму, садзіць яе на гаршчок і браў з сабой, калі хадзіў за пакупкамі або калі хадзіў сустракаць маму пасля работы.

Альберт, дзядзька Марціна, нічым не быў падобны на Віля, гэта быў чалавек, які ведаў кошт грошай, чалавек, які, хоць сам і не меў у грашах патрэбы, ведаў, як страшна, калі даражэе хлеб і скача цана на маргарын; так, гэта быў дзядзька, якога і ён хацеў бы мець: не дзядзька-сужыцель і не дзядзька Віль, які прыдатны хіба толькі на тое, каб пагуляць з ім ці прагуляцца. Віль нядрэнны чалавек, але размаўляць з ім цяжка, а з Альбертам можна, хоць у Альберта і водзяцца грошы.

Ён ахвотна хадзіў туды па розных прычынах: галоўным чынам з-за дзядзькі Альберта і з-за Марціна, зразумела. Ва ўсім, што тычылася грошай, Марцін ніколькі не адрозніваўся ад дзядзькі Віля. I бабуля яму падабалася, хоць яна i была дзівакаватая. I з-за футбола ён туды хадзіў, і з-за ласункаў з халадзільніка, а яшчэ яму падабалася, што там можна, пакінуўшы Вільму недзе ў садзе, у калясцы, ганяць гадзінамі ў футбол і не бачыць дзядзьку Леа.

Затое страшна было бачыць, як там абыходзяцца з грашамі: яму там ні ў чым не адмаўлялі, і ўсе ставілся да яго вельмі ласкава, але ў Генрыха было цьмянае прадчуванне, што аднойчы гэта ўсё кепска скончыцца, і не толькі з-за грошай. Існавалі рэчы, якія не мелі ніякіх адносін да грошай, напрыклад розніца паміж дзядзькам Леа і дзядзькам Альбертам, розніца паміж тым, як жахнуўся Марцін, калі пачуў слова, сказанае кандытару, і тым, як сам ён, Генрых, толькі крыху спалохаўся, калі ўпершыню пачуў, як мама вымавіла слова, якое раней ён чуў толькі ад Леа і ад нейкай ягонай кандуктаркі. Слова гэтае здалося яму агідным, ён не любіў яго, але ніколі не жахаўся так, як жахнуўся Марцін. Усе гэтыя адрозненні толькі часткова залежалі ад грошай, і разбіраўся ў гэтым толькі дзядзька Альберт, які выдатна разумеў, што не павінен занадта добра адносіцца да яго, Генрыха.


3

Ужо на працягу некалькіх хвілін яна адчувала на сабе нейчы пільны позірк, позірк чалавека, што прывык да перамог і не сумняваецца ў поспеху. Можна глядзець па-рознаму: яна часам адчувала скіраваныя на яе ззаду молячыя вочы нясмелага паклонніка. Але гэты, сённяшні, упэўнены ў сабе — позірк без ценю меланхоліі; цэлыя паўхвіліны яна спрабавала ўявіць сабе, які ён — элегантны брунет трохі хлышчаватага выгляду; магчыма, ён нават пабіўся аб заклад — стаўлю дзесяць супраць аднаго, што я за тры тыдні паладжу з ёй.

Яна вельмі стамілася, і ёй не надта цяжка было ігнараваць незнаёмага паклонніка, яна радавалася таму, што можа правесці канец тыдня з Альбертам і хлопчыкам у маці Альберта. Надыходзіць восень, і ў рэстаранчыку наўрад ці будзе шмат народу. Нават проста слухаць Альберта, калі ён разважае з Вілем і Глумам пра розныя віды прыманкі, адно задавальненне; акрамя таго, яна возьме з сабой кнігі і пачытае, пакуль дзеці будуць гуляць у футбол, а магчыма, яна паддасца на ўгаворы і пойдзе разам з Глумам лавіць рыбу і будзе рахмана выслухоўваць тлумачэнні пра нажыўку і насадку і пра розныя віды вудзільнаў і пра вялікую, нават больш чым вялікую, цярплівасць. Яна ўсё яшчэ адчувала на сабе гэты позірк і разам з тым зноў зведала ўсыпляльнае ўздзеянне голасу Шурбігеля: паўсюль, дзе толькі можна было сказаць прамову на якую-небудзь інтэлектуальную тэму, Шурбігель неадкладна гаварыў яе. Яна ненавідзела Шурбігеля і цяпер раскайвалася ў бязглуздай ветлівасці, што змусіла яе прыняць запрашэнне. Было б значна лепш пайсці з Марцінам у кіно, пасля паесці марожанага і, прыхлёбваючы каву, прагледзець вячэрнюю газету, пакуль Марцін забаўляецца, выбіраючы пласцінкі, якія ветліва падае яму афіцыянтка. А цяпер яе ўжо заўважыў нехта са знаёмых — і наперадзе зноў згублены вечар; прыхапкам падрыхтаваныя бутэрброды, адкаркаваныя бутэлькі, кава («Можа, вам лепей чаю?»), цыгарэты і раптоўна атупелы твар Альберта — такім ён робіцца, калі павінен займаць яе гасцей і расказваць ім пра яе мужа.

Занадта позна. Зараз выступае Шурбігель, затым патэр Віліброрд пачне прадстаўляць ёй розных людзей, з’явіцца і той незнаёмы паклоннік, чый позірк, быццам святло ад лямпы, падае на яе патыліцу. Лепш за ўсё прыснуць — так ва ўсякім выпадку ўрвеш хоць крышку для сну.

Яна вечна рабіла тое, чаго не хацела, і зусім не з-за пыхі, зусім не дзеля таго, каб надаць папулярнасці свайму загінуўшаму мужу, і зусім не дзеля жадання пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Гэта было пачуццё, якое зведваеш, адпраўляючыся ўплаў, і яна дазваляла заводзіць сябе туды, дзе амаль усё было пазбаўлена сэнсу — глядзець урыўкі з кепскіх фільмаў, бязладныя, пагана знятыя сцэны з удзелам пасрэдных акцёраў і неважнецкім асвятленнем, і марыць. Яна з усяе сілы змагалася з дрымотай, нават выпрасталася і пачала слухаць Шурбігеля, чаго ўжо даўным-даўно не рабіла. Позірк, неадступна скіраваны на яе, стамляў. Не азірацца патрабавала напругі, а паварочвацца яна не хацела, таму што, не гледзячы, ведала, такі тып людзей. Гэтыя інтэлігентныя бабнікі наводзілі на яе жах. Усё іх, падпарадкаванае рэфлексам і пачуццю непаўнацэннасці, жыццё праходзіць з аглядкай на літаратурныя прыклады, і густы іх вагаюцца паміж Сартрам і Кладэлем. Яны мараць пра нумар у гатэлі, такі ж, які яны бачаць у кіно, на самых позніх сеансах, у фільмах з цьмяным асвятленнем і вытанчаным дыялогам, у фільмах «не багатых на падзеі, але захапляльных» і ў суправаджэнні экзістэнцыянальных гукаў аргана: бледны мужчына нахіліўся над бледнай жанчынай, а цыгарэта — які цудоўны кадр! — ахінае начны столік вялізнымі кольцамі дыму — «Мы робім кепска, але мы не ў стане дзейнічаць іначай». Выключаюць святло, і ў густым змроку чырванее толькі агеньчык цыгарэты на начным століку,— экран згасае, а тым часам здараецца непазбежнае.

Чым больш такіх паклоннікаў з’яўлялася ў яе, тым больш яна кахала свайго мужа, і за дзесяць гадоў, хоць ёй шмат што прыпісвалі, яна ні разу не спала ні з адным мужчынам. Рай быў іншым, і комплексы ягоныя былі такімі ж сапраўднымі, як і яго наіўнасць.

Цяпер яе паступова закалыхваў голас Шурбігеля, і на нейкі момант яна забылася пра назойлівы, упёрты ёй у патыліцу позірк незнаёмца.

Шурбігель быў высокі і грузны, і ступень меланхоліі на яго твары ўзрастала ад даклада да даклада, а ён прачытаў іх нямала. I з кожным дакладам ён рабіўся ўсё больш прадстаўнічым, больш грузным. Нэлі заўседы здавалася, што перад ёй надзвычай эрудыраваны, надзвычай маркотны і раздзьмуты паветраны шар, які павялічваецца не па днях, а па гадзінах і які раптам лопне, і нічога ад яго не застанецца, акрамя прыгаршчаў канцэнтраванай маркоты з дурным пахам.

I тэма яго была спецыфічна шурбігелеўская — «Адносіны творчай асобы да царквы і да дзяржавы ў наш тэхнічны век». I голас у яго быў прыемны: алейна-разумны, крыху перарывісты ад патаемнай чуллівасці, напоўнены бясконцай маркотай. Яму сорак тры гады, у яго шмат прыхільнікаў і амаль няма ворагаў, але тым не менш гэтым ворагам удалося выцягнуць на свет божы з нетраў заняпалай універсітэцкай бібліятэкі недзе ў Сярэдняй Германіі доктарскую дысертацыю Шурбігеля, а дысертацыя была напісана ў 1934 годзе і называлася: «Вобраз фюрэра ў сучаснай лірыцы». Таму кожнае сваё выступленне Шурбігель пачынаў цяпер крытычнымі заўвагамі з прычыны публіцыстычнай нядобрасумленнасці некаторых крыклівых юнакоў, сектанствуючых песімістаў, самабічавальных ерэтыкоў, няздольных зразумець паступальнае развіццё духоўна сталай асобы. Але ў зносінах з непрыяцелямі ён быў сама ветлівасць і ўжываў супраць іх зброю, якая даводзіла іх да шаленства, бо яны былі бездапаможныя супраць яго: Шурбігель дараваў ворагам сваім, ён усё ім дараваў. Яго жэстыкуляцыі падчас выступлення нагадвалі манеры паслужлівага цырульніка, які завіхаецца толькі на карысць кліенту. Выступаючы, ён як бы прыкладваў сваім уяўным сябрам і ўяўным нядобразычліўцам гарачыя кампрэсы, ён націраў іх супакойваючымі і духмянымі эсенцыямі, ён масіраваў ім шчокі, ён абмахваў іх, ён асвяжаў іх, затым доўга і грунтоўна намыльваў надзвычай духмяным і надзвычай дарагім мылам,— а яго алейны голас выказваў надзвычай разумныя думкі. Шурбігель быў песімістам, але не безнадзейным. Такія словы, як «эліта», «катакомбы», «расчараванне», быццам бакены, калыхаліся ў магутнай плыні яго прамоў; ён даваў наведвальнікам свайго салона процьму нязведанай дагэтуль асалоды; лёгкі дотык, цёплыя кампрэсы, халодныя кампрэсы, масаж; ён быццам рабіў для сваіх слухачоў усе паслугі, што пералічаны ў прэйскуранце цырульні першага разраду.

Ён і вырас у цырульні на ўскраіне. «Выключна таленавітага хлопчыка» хутка заўважылі і пачалі ўсяляк прасоўваць. Маленькі тоўсты хлапчук на ўсё жыццё запомніў меланхалічнае абаянне бруднаватай і цеснай бацькавай цырульні: мільгаценне нажніц — бляск сталі ў цемнаватым пакоі, роўнае гудзенне электрычнай машынкі для валасоў, нетаропкая гутарка, пах розных гатункаў мыла і духоў, звяканне манет у касе, крадком пададзеныя пакецікі, палоскі паперы, на якой павольна высыхалі ў мыльнай пене бялявыя, чорныя, рыжыя валасы,— здавалася, што яны трапілі Ў застылы цукровы мус; дзве цёплыя і напаўцёмныя драўляныя кабінкі, дзе свяшчэнна дзейнічала маці: штучнае асвятленне, струменьчыкі дыму ад цыгарэт, і раптам пачынаюцца надрыўныя выліванні пачуццяў з прычыны ўсялякіх амурных спраў. Калі ў цырульні нікога не было, ласкавы, заўсёды меланхалічна настроены бацька ішоў у задні пакой, выкурваў цыгарэту і ганяў яго па склонах,— тут вуха Шурбігеля зрабілася адчувальным, а дух — самотным. Бацька так ніколі і не навучыўся правільна ставіць націскі ў лацінскіх словах, і ўпарта гаварыў genús замест génus, áncilla замест ancilla, a калі сын без падрыхтоўкі спрагаў fifh еті3, на вуснах бацькі з’яўлялася дурнаватая ўсмешка, бо асацыяцыі і думкі былі ў яго заўсёды самымі нізкімі.

Цяпер Шурбігель націраў сваіх слухачоў загадкавай маззю і з пашанай масіраваў ім вушы, ілбы і шчокі, затым ён хуткім узмахам зняў з іх прасцінку, злёгку пакланіўся, сабраў свае запісы і з лагоднай у с мешкай сышоў з трыбуны. Яго праводзілі адзінадушнымі і доўгімі, хоць і не надта гучнымі апладысментамі,— якраз так, як любіў Шурбігель: яму не падабалася, калі пляскаюць занадта гучна. Правую руку ён засунуў у кішэню і пачаў гуляць з бляшаначкай, у якой было поўна вітамінізаванага дражэ; ціхі гук ад перакочвання цукерачак супакойваў, і Шурбігель з усмешкай падаў руку патэру Віліброрду, які паспеў шапнуць: «Выдатна, выдатна!» Шурбігель развітаўся — ён мусіў яшчэ паспець на адкрыццё выставы «Паўднёвабаварскіх вераадступнікаў», яго лічылі спецыялістам па сучасным жывапісе, сучаснай музыцы, сучаснай лірыцы. Ён аддаваў перавагу самым складаным тэмам, яны давалі магчымасць выказваць найсмялейшыя думкі, ствараць самыярызыкоўныя канцэпцыі. Смеласць Шурбігеля можна было параўнаць хіба толькі з яго добразычлівасцю, ён найбольш ахвотна ўсхваляў тых, каго лічыў сваімі ворагамі, і найбольш ахвотна вышукваў недахопы ў тых, каго лічыў сваімі сябрамі. Хваліў ён сяброў вельмі рэдка і гэтым здабыў сабе славу непадкупнага. Шурбігель быў непадкупны, і хоць у яго меліся ворагі, сам ён нічыім ворагам не быў.

Пасля вайны Шурбігель (тут неаднаразова прыводзіўся прыклад з апосталам Паўлам) зведаў бязмежную абаяльнасць рэлігіі. На вялікае здзіўленне сваіх сяброў, ён стаў хрысціянінам і першаадкрывальнікам хрысціянскіх талентаў; на шчасце Шурбігеля, ён меў адну вялікую, праўда ўжо дзесяцігадовай даўніны, заслугу: ён адкрыў Раймунда Баха, якога яшчэ дзесяць гадоў таму назваў «найвялікшым літаратарам нашага пакалення». Будучы рэдактарам вялікай нацысцкай газеты, ён адкрыў Баха, пачаў яго друкаваць, і гэта давала яму права — тут ужо зласліўцам заставалася толькі маўчаць — пачынаць кожны рэферат пра сучасную лірыку са слоў: «Калі ў 1935 годзе я першы надрукаваў верш паэта Баха, які загінуў потым у Расіі, я ўжо ведаў, што пачынаецца новая эра ў лірычнай паэзіі».

Друкаваннем вершаў Баха ён здабыў сабе права называць Нэлу «мая дарагая Нэла», і яна нічога не магла з гэтым зрабіць, хоць выдатна ведала, што Рай ненавідзеў Шурбігеля гэтак жа, як зараз ненавідзела Шурбігеля яна сама. Ён здабыў сабе права раз у тры месяцы заяўляцца да яе вечарам з цэлай плоймай неахайна апранутых юнакоў, піць у яе чай і віно — і мінімум раз у паўгода дзе-небудзь прыладкоўваць чарговы фотаздымак: «Удава паэта з чалавекам, які адкрыў яе мужа».

Нэла з палёгкай канстатавала, што ён кудысьці знік; яна ненавідзела яго, але адначасова ён забаўляў яе. Калі апладысменты змоўклі, яна стрэсла з сябе дрымоту і адчула, што позірк скіраваны цяпер не на яе патыліцу, а проста ў твар. Яна падняла вочы і ўбачыла таго, хто так упарта імкнуўся скарыць яе: ён набліжаўся да яе з патэрам Вілібрордам; ён быў яшчэ малады і насуперак модзе вельмі сціпла апрануты: цёмна-шэры гарнітур, акуратна завязаны галыптук, вельмі прыемны твар — такая разумная іронія бывае на тварах рэдактараў, якія ад бягучай палітыкі перайшлі да фельетона. Для патэра Віліброрда якраз і было характэрна, што ён абсалютна ўсур’ёз прымаў такіх, як Шурбігель, і што ён прадстаўляў ёй суб’ектаў, надобных на незнаёмага, з якім ён зараз павольна набліжаўся да яе.

Незнаёмы аказаўся брунетам — гэта яна ўгадала, але ў астатнім ён ніяк не адпавядаў таму тыпу інтэлігентнага бабніка, пра які яна толькі што думала. Каб канчаткова збянтэжыць яго, яна зноў усміхнулася: ці паддаўся ён на гэтую гульню найдрабнейшых мускулаў яе твару? Зразумела, паддаўся. Калі ён схіліўся перад ёй, яна ўбачыла густыя чорныя валасы, раздзеленыя на роўны рад.

— Пан Гезелер,— усміхаючыся, сказаў патэр Віліброрд,— працуе над анталогіяй лірычнай паэзіі і вельмі хацеў бы параіцца з табой, дарагая Нэла, менавіта якія вершы Рая трэба змясціць.

— Як... як вас завуць? — перапытала яна і адразу ж заўважыла па яго твары, што ён палічыў яе спалох за ўдзячнасць.

Лета ў Расіі, акоп, маленькі лейтэнант пасылае Рая на немінучую смерць. Дык на гэтай вось смуглай, бездакорна паголенай шчацэ дзесяць гадоў таму гарэла аплявуха Альберта?

«...Я ўляпіў яму такую аплявуху, што на працягу нейкага моманту бачыў адбітак сваіх пяці пальцаў на ягонай смуглай шчацэ, а заплаціў я за гэту аплявуху шасцімесячным адбываннем у адэскай ваеннай турме». Уважлівыя, крыху спалоханыя вочы, выпрабавальны позірк. Нітка жыцця перарэзана — жыцця Рая, майго і хлопчыка — з-за нікчэмнай упартасці нейкага чарнявага лейтэнанта, што настойваў на выкананні свайго загаду; тры чвэрці цудоўнага фільма, які пачаўся ўжо, раптоўна абарвалі, кінулі ў кладоўку, і адтуль яна па частках выцягвае яго,— сны, якія так і не сталі явай. Выкінулі галоўнага героя, а ўсіх астатніх — яе, хлопчыка, Альберта — прымусілі круціць новую, так-сяк склееную стужку. Рэжысёр на гадзінку-другую ўвёў у карціну маленькага, але заўзятага начальніка, і той спаганіў увесь фінал. Прэч галоўнага героя! Яе знявечанае жыццё, жыццё Альберта, хлопчыка, бабулі на сумленні гэтай бездары, што ўпарта працягвае лічыць яе збянтэжанасць закаханасцю.

«Бездар, маленькі, прыгажунчык, інтэлігенцік з выпрабавальным позіркам, складальнік анталогіі, калі толькі гэта ты,— мне здаецца, ты занадта малады,— але калі гэта сапраўды ты, ты будзеш галоўным героем у трэцяй частцы з меладраматычным канцом — загадкавая фігура ў думках майго сына, чорны чалавек у памяці бабулі; дзесяць гадоў, поўныя нязгаснай нянавісці; о, у цябе яшчэ закруціцца ў галаве так, як круціцца ў мяне зараз».

— Гезелер,— адказаў ён, усміхаючыся.

— Пан Гезелер вось ужо два тыдні вядзе аддзел літаратуры і мастацтва ў «Весніку». Нэла, дарагая, табе кепска?

— Так, мне кепска.

— Вам трэба падсілкавацца. Дазвольце запрасіць вас на кубачак кавы.

— Калі ласка.

— Вы пойдзеце з намі, патэр?

— З задавальненнем.

Але ёй давялося яшчэ паціснуць руку Трымборну, раскланяцца з фрау Мезевіц, пачуць нейчы шэпт: «Наша мілая Нэла старэе» — і падумаць, ці не варта пазваніць Альберту і выклікаць яго сюды. Альберт пазнае яго і пазбавіць яе пакутлівага выпытвання. Яна амаль не сумнявалася, што гэта ён, хоць усё гаварыла супраць таго. Ён выглядаў гадоў на дваццаць пяць, ну ад сілы на дваццаць восем; значыць, тады яму было самае большае васемнаццаць.

— Я збіраўся пісаць вам,— сказаў ён, калі яны спускаліся па лесвіцы.

— Гэта было б бессэнсоўна,— сказала яна.

Ён глянуў на яе, і яго дурнавата-пакрыўджаны выгляд толькі падбухторыў яе.

— Я ўжо дзесяць гадоў не чытаю лістоў і выкідваю іх нераспячатанымі ў карзіну для папер.

У дзвярах яна прыпынілася, падала руку толькі патэру і сказала:

— Не, я пайду дадому, мне нядобра... пазваніце мне, калі хочаце, але не называйцеся, калі падыдуць да тэлефона. Чуеце? Не называйцеся.

— Што здарылася, дарагая Нэла? — спытаў патэр.

— Нічога,— сказала яна,— я проста вельмі стамілася.

— Мы былі б рады бачыць цябе ў нядзелю нанаступным тыдні ў Брэрніху, пан Гезелер выступіць там з дакладам.

— Пазваніце мне, калі ласка,— сказала яна і, не звяртаючы больш увагі на абодвух мужчын, хутка пайшла.

Нарэшце яна вырвалася з паласы яркага святла і павярнула ў цёмную вуліцу, дзе знаходзілася кафэ Луіджы.

Тут яна сотні разоў сядзела з Раймундам, гэта самае зручнае месца, тут зноў можна склейваць фільм з абрыўкаў, якія зрабіліся снамі, і пачаць круціць яго. Патушыць святло, націснуць кнопку, і сон, што так і не стаў яваю, успыхвае ў галаве.

Луіджы ўсміхнуўся ёй і адразу ж схапіў пласцінку, якую ставіў заўсёды, калі прыходзіла Нэла: дзікая, прымітыўна сентыментальная музыка вымотвала і хвалявала. Насцярожана чакала яна таго моманту, калі мелодыя абрываецца і з грукатам падае ў бездань,— і адначасова яна ўпарта пракручвала першую частку фільма — тую, якая не была сном.

Тут фільм пачынаўся, тут, дзе мала што з тае пары змянілася. Па-ранейшаму на франтоне над вітрынай быў урэзаны ў сцяну стракаты певень, выкладзены з рознакаляровых шкляных плітак: зялёных, як лужок, і чырвоных, як гранат, жоўтых, як сцяжкі на саставах з боепрыпасамі, і чорных, як вугаль, а вялікі транспарант, які певень трымаў у дзюбе, быў бялюткі, і на ім чырвоны надпіс: «Генэль. 144 гатункі марожанага». Певень кідаў стракатае святло на твары наведвальнікаў, на ўсю залу да самага апошняга куточка, на Нэлу, і рука яе, пафарбаваная мярцвяна-жоўтым святлом, ляжала на стале, як і тады, калі ішла першая частка фільма.

Нейкі малады чалавек падышоў да яе століка, цёмна-шэры день упаў на яе руку, і перш чым яна ўзняла вочы, ён сказаў ёй:

— Скіньце гэтую карычневую куртку, яна вам зусім не да твару.

I вось ён ужо апынуўся за яе крэслам, спакойна падняў ён рукі і зняў з яе карычневую куртку «гітлер-югенд». Затым кінуў куртку на падлогу, адшпурнуў нагой у куток кафэ і сеў каля Нэлы.

— Я разумею, што павінен патлумачыць свой учынак,— яна ўсё яшчэ не бачыла яго, таму што другішэры цень лёг на яе руку, пафарбаваную ў жоўты колер грудзьмі шклянога пеўня.— Ніколі больш не апранайце гэтую штуковіну. Яна вам не да твару.

Пасля яна танцавала з тым, які прыйшоў першым, яны танцавалі каля стойкі, дзе знайшлося вольнае месца, і цяпер яна добра яго разгледзела: на ўсмешлівым твары — надзіва няўсмешлівыя сінія вочы, якія глядзелі паўзверх яе пляча некуды ўдалеч. Ён танцаваў з ёй так, быццам яе і не было побач, і рукі яго лёгка дакраналіся да яе стану, лёгкія рукі, якія яна пасля, калі яны спалі разам, часта клала сабе на твар. У светлыя ночы валасы яго здаваліся не чорнымі, а попельнымі, як святло, што прасочвалася з вуліцы, і яна трывожна прыслухоўвалася да яго дыхання — дыханне гэтае нельга было пачуць, толькі адчуць, калі паднесці руку да яго вуснаў.

Баласт быў выкінуты з жыцця ў тую хвіліну, калі цёмна-шэры цень упаў на яе пафарбаваную ў жоўты колер руку. Карычневая куртка так і засталася ляжаць у кутку бара.

Жоўтая пляма на руцэ — як і дваццаць гадоў таму.

Ёй падабаліся яго вершы, таму што ён іх напісаў: але значна важнейшым за любыя вершы быў ён сам, які чытаў іх абыякава. Усё яму давалася лёгка, усё здавалася само сабой зразумелым. Нават ад прызыву ў армію, якога ён баяўся, ім пашанцавала атрымаць адтэрміноўку, але засталася памяць пра два дні, калі яго білі ў каземаце.

Змрочны вільготны форт, пабудаваны ў 1876 годзе, зараз там вырошчвае шампіньёны прадпрымальны маленькі француз: крывавыя плямы на пацямнелай вільготнай цэментнай падлозе, піва, ваніты п’яных штурмавікоў, прыглушаны спеў быццам з магілы; ваніты на сценах, на падлозе, дзе цяпер на пласце гною растуць бялёсыя, хваравітага выгляду грыбы, а на даху каземата цяпер цудоўны зялёны газон, ружы, гуляюць дзеці, маці сядзяць з вязаннем, і раз-пораз чуваць іх крыкі: «Асцярожна!» і «Што ты носішся як угарэлы»; дзядкі-пенсіянеры злосна размінаюць табаку ў люльках — усяго на два метры вышэй за тую цёмную яму, дзе Рай і Альберт два дні чакалі смерці. Ззяючыя татулі гуляюць у конікі, фантан, воклічы: «Не падыходзь блізка да краю!» — і стары вартаўнік, які кожную раніцу абходзіць парк і знішчае сляды начных прыгод прыгараднай моладзі: папяровыя насоўкі са слядамі губной памады і на зямлі надрапаныя пры месячным святле абломкамі галін сінонімы слова «каханне». Дзядкі, што ўстаюць на золку, прыходзяць улетку вельмі рана, каб пабачыць здабычу вартаўніка, перш чым яна знікне ў вядры для смецця: хіхіканне з прычыны стракатых папяровых насовак і сцёртай ядавіта-чырвонай памады. Усе мы былі маладымі.

А сярод усяго гэтага — яма, дзе цяпер растуць шампіньёны — мноства бялёсых плямаў над рудым гноем і жоўтай саломай; тут некалі забілі Авесалома Біліга — першую ахвяру сярод яўрэяў горада. Гэта быў цёмнавалосы смяшлівы хлапец з рукамі лёгкімі, як рукі Рая; і маляваць ён умеў непараўнана. Ён маляваў вартавыя вышкі і штурмавікоў — немцаў да мозгу касцей, і тыя штурмавікі — немцы да мозгу касцей — затапталі яго нагамі там, унізе, у пячоры.

Новая пласцінка, даніна маленькага брунета-бармена яе паўночнай прыгажосці. Яна крыху перасунула на стале руку так, каб на яе падала чырвонае святло ад апярэння на шыі пеўня; прайшло два гады пасля іх першай сустрэчы, яе рука ляжала дакладна гэтак жа, і Рай расказваў пра тое, што забілі Авесалома Біліга. Худзенькая маленькая яўрэйка, маці Авесалома, званіла з кватэры Альберта ў Лісабон, у Мехіка-Сіці, выклікала ўсе параходныя лініі, не спускаючы з рук маленькага Вільгельма Біліга, названага так у гонар кайзера Вільгельма. I дзіўна: дзесьці далёка ў Аргенціне нехта трымаў трубку і размаўляў з фрау Біліг — візы, вэксалі.

Бандэроллю адаслалі два нумары «Фолькішэр Бео-бахтэр», а ў іх — дваццаць тысяч марак пайшлі ў Аргенціну. Рай і Альберт сталі мастакамі ў аддзеле рэкламы на татавай фабрыцы.

Цяпер там растуць шампіньёны, гуляюць дзеці, чутны воклічы маці: «I чаго ты носішся як учадзелы!», «Асцярожна!», «Не падыходзь блізка!», там б’е фантан і квітнеюць ружы, чырвоныя, як яе рука, што ляжыць у святле пеўневай шыі, шыі пеўня, які з'яўляецца гербам фірмы Генэль. Фільм працягваецца, рука Рая робіцца цяжэйшай, чутно яго дыханне, ён ужо не ўсміхаецца, а ад фрау Біліг прыйшла паштоўка: «Вялікае вам дзякуй за прывітанні з маёй дарагой радзімы». I зноў паслалі бандэроль — два нумары «Штурмера», а ў іх — дзесяць тысяч марак. Альберт паехаў у Лондан, а з Лондана ў хуткім часе прыйшла вестка, што ён ажаніўся з шалапутнай і вельмі прыгожай дзяўчынай, наравістай і набожнай, а Рай застаўся працаваць мастаком і статыстыкам на татавай фабрыцы. Як бы разрэкламаваць наш новы гатунак? Кожнаму даступнае сунічнае жэле Гольштэгесмачна, нядорага.

Чарнільна-сіняе пер’е на пеўневым жываце, фільм працягваецца, шэры, спакойны, стамляльна марудны. Раптоўна ў Лондане памірае наравістая і прыгожая дзяўчына, і некалькі месяцаў ад Альберта няма звестак, а яна піша ліст за лістом, цяпер ён папракае яе часам за тое. «Вярніся, Рай перастаў усміхацца з тае пары, як ты паехаў...»

Экран цямнее, рассеянае святло, напруга ўзрастае. Прыехаў Альберт, прыйшла вайна. Пах салдацкіх кухняў, перапоўненыя гатэлі, у цэрквах гарачыя мальвы за бацькаўшчыну. Нідзе не знайсці начлегу, восем гадзін звальніцельнай праходзяць хутка, раней, чым разамкнуцца абдымкі,— абдымкі на плюшавых канапах, на буравата-карычневых кушэтках, у нясвежых пасцелях танных нумароў, якія цяпер падаражалі; прасціны ў ваксе ад ботаў.

Дрынканне званка, мізэрны сняданак на досвітку, а худая гаспадыня зноў вывешвае ў акне плакацік: «Здаецца пакой». Плакацік, прылеплены да аконнага шкла, цынічная мудрасць зводніцы, якая, ухмыляючыся, адказвае Раю, калі той абураецца з-за высокай цаны: «Цяпер вайна, ложкаў не хапае, вось яны і падаражалі». Жанчыны нясмела заходзяць у такія пакоі, упершыню яны выконваюць шлюбны абавязак не ў шлюбным ложку, яны пачуваюць сябе напаўпрастытуткамі — саромеюцца і ўсё ж атрымліваюць асалоду; тут, у гэтых пакоях, былі зачатыя першакласнікі 1946 года, худзенькія, рахітычныя дзеці вайны, якія будуць пытаць у настаўніка: «Хіба неба — гэта чорны рынак, дзе ўсё ёсць?» Дрынканне званка, жалезныя ложкі, прадаўленыя цюфякі з марской травы, якія стануць прадметамі мрояў на працягу дзвюх тысяч ваенных начэй, да той пары, пакуль не будуць зачатыя першакласнікі 1951 года.

Вайна — удзячная тэма для драматурга, таму што за ёй крочыць такая вялікая з’ява, як смерць, на ёй засяроджваецца ўсё дзеянне, яна стварае напружанасць, надобную на туга нацягнуты барабан,— дастаткова найлягчэйшага дотыку пальцам, каб ён загучаў.

Ану ж, Луіджы, яшчэ шкляначку ліманаду, толькі вельмі, вельмі халоднага, і паболей налі ў яго гаркоты з маленькай зялёнай бутэлечкі; хай будзе холадна і горка, як расстанне на трамвайным прыпынку або каля варот казармы. Горка, як пыл з цюфякоў у тайных нумарах, як танюткі пыл, як усялякая дрэнь, што сыплецца з дзірак у сцяне, храбусціць на рэйках пад коламі трамваяў дзесятага, дзевятага, пятага маршрутаў, якія паўзуць да казармаў, дзе само паветра напоўнена безнадзейнасцю. Холадна, як у пакоі, адкуль я выносіла чамадан, калі там ужо пачала ўладкоўвацца наступная: бялявая, добразычлівая і дабрадзейная жонка фельдфебеля запасу — вестфальскі дыялект, распакаваная каўбаса і спалоханы твар — яна рашыла, што ў такіх стракатых піжамах ходзяць толькі прастытуткі, хоць я такая ж законная жонка, як і яна. Нас вянчаў летуценны францысканец сонечным вясеннім днём, таму што Рай не хацеў блізкасці са мной да таго, як нас павянчаюць. Не хвалюйся, дарагая фельдфебеліха. Жоўтае масла ў пергаментнай паперы, пачырванелы ад сораму твар — вось-вось заплача. Яйка коціцца па завэдзганым стале. Ах, фельдфебель, фельдфебель, ты так цудоўна спяваў басам нядзельнымі днямі ў царкоўным хоры, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Бляхар з уласнай гаспадаркай, са свіннямі, каровай і курамі, які выводзіў dies: iгpae на ўсіх пахаваннях, табе і праз дзесяць год Вердэн служыў выдатнай тэмай для роспаведаў за куфлем піва; ты, добрапрыстойны татуля чатырох школьнікаў, цудоўны бас, як арган, што гучаў у царкоўным хоры, фельдфебель, фельдфебель, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Усю ноч яна будзе глытаць горкі пыл цюфяка і вернецца дадому, пачуваючы сябе прастытуткай, і панясе ў чэраве сваім першакласніка 1946 года, сірату з першага дня жыцця,— бо табе, вясёлы спявак, што так здорава расказваў пра баі пад Вердэнам, ударыць у грудзі асколак, і ты застанешся ляжаць у пясках Сахары, таму што ты не толькі прыемна спяваеш, ты годны і для нясення службы ў трапічным клімаце. Заплаканая чырвоная фізіяномія, яйка коціцца па стале і падае на падлогу; слізкі бялок і жаўток, які цямнее знутры, разбітая шкарлупіна; а пакой такі брудны і халодны, і чамадан мой амаль пусты — у ім няма нічога, акрамя празмерна стракатай піжамы і якіх-кольвечы туалетных прылад,— занадта мала, каб пераканаць гэтую добрапрыстойную жанчыну, што я ўсё ж не прастытутка. А тут яшчэ кніжка, на якой выразна напісана: раман, і ёй здаецца, што мой заручальны пярсцёнак — толькі няўмелая спроба падмануць яе. Твой першакласнік 1946 года народжаны ад фельдфебеля, мой, 1947 года,— ад паэта, але вялікай розніцы ў тым няма.

Дзякуй, Луіджы, пастаў зноў тую пласцінку,— ты ведаеш, якую? Так, Луіджы ведае. Першабытная прастата — у патрэбны момант яна змаўкае, мелодыя са стогнам падае ў бездань, рассыпаецца, а затым узнікае зноў. Ліманад халодны, як халоднымі былі пакоі на адну ноч, халодны і горкі, як пыл; па руцэ маёй слізгае сіні прамень ад пеўневага хваста.

Фільм раскручваецца далей пры цьмяным святле, што так пасуе да абставін. «Гэта стварае атмасферу». Зноў горкі пах на вучэбным пляцы, многа салдат ужо ўзнагароджана ордэнамі, грошы цякуць як вада, і знайсці пакой робіцца ўсё складаней; дзесяць тысяч салдат, да пяці тысяч з іх прыехалі родныя, а ва ўсёй вёсцы дзвесце пакояў, уключаючы кухні, дзе на драўляных лаўках маці панясуць першакласнікаў 1947 года, панясуць ад узнагароджаных ордэнамі бацькоў усюды, дзе толькі магчыма,— у траве, на ўсыпанай ігліцай зямлі, паўсюль,— нягледзячы на холад, бо на дварэ студзень і кватэр значна меней, чым салдат. Дзве тысячы мацярок і тры тысячы жонак прыехалі сюды, значыцца, тры тысячы разоў павінна недзе адбыцца непазбежнае, таму што «прырода патрабуе свайго», а настаўнікі не жадаюць у 1947 годзе стаяць перад пустымі партамі. Збянтэжанасць і адчай у вачах жанчын і салдат, пакуль нарэшце гарнізоннаму начальству не прыходзіць у голаў ратавальная думка: шэсць баракаў стаяць пустымі, у іх дзвесце сорак ложкаў, і ўвесь сёмы корпус пустуе — там размяшчаецца рота палкавой артылерыі, але яна якраз зараз на стрэльбах, а ёсць яшчэ падвалы, ёсць канюшні з «выдатнай чыстай саломай, за якую, зразумела, давядзецца заплаціць»; канфіскуюцца ўсе свірны і сенавалы, рэквізуюцца ўсе аўтобусы, што курсіруюць у суседнія гарадкі кіламетраў за дваццаць. Парушаюцца ўсе законы і пастановы, бо дывізія гатова да адпраўкі ў невядомасць, а непазбежнае павінна здзейсніцца яшчэ хоць раз, іначай казармы ў 1961 годзе будуць пуставаць; вось так зачыналі першакласнікаў 1947 года — худзенькіх, нізкарослых хлапчукоў, першым грамадзянскім дзеяннем якіх будзе крадзеж вугалю. Гэтыя хлапчукі выдатна былі прыстасаваны для крадзяжу — шчупленькія, вёрткія, яны мерзлі і ведалі кошт рэчам, не раздумваючы ўскоквалі яны на платформу і скідвалі колькі маглі. Ах вы, малалетнія зладзюжкі, вы яшчэ будзеце малайцамі, вы ўжо і так малайцы, дзеці, якія былі зачатыя на канапах і на драўляных лаўках, на казарменных нарах або ў памяшканні пад нумарам 56, дзе была раскватаравана рота палкавой артылерыі: дзеці, зачатыя ў канюшні на свежай саломе, на халоднай зямлі ў лесе, у сянях, у задніх пакоях піўных, дзе спагадлівы гаспадар на многія гадзіны ператвараў сваё жытло ў месца спатканняў для сямейнікаў: чаго саромецца, усе мы людзі! Цыгарэт, Луіджы, і яшчэ крыху ліманаду, яшчэ халаднейшага, калі магчыма, яшчэ болей гаркоты з зялёнай бутэлечкі.

Мой першакласнік 1947 года таксама быў зачаты ў тым халодным студзені, але не ў заднім пакоі піўной і нават не ў танных нумарах. Нам пашэнціла, мы знайшлі цудоўны домік, дзе праводзіў нядзельныя дні якісь прамыславік, які не знайшоў на гэты раз часу наведаць сваіх сябровак: ён пакінуў іх паміраць ад маркоты, пакуль сам гандляваў пушкамі. Невялікі дамок сярод густых елак на зялёным лужку, дзве спагадлівыя дзяўчыны,— яны леглі ў адным пакоі і прапанавалі нам другі. Мядова-жоўтыя дарожкі, мяловыя шпалеры, мядовая мэбля, на сцяне Курбэ («Арыгінал?») — «А вы як думаеце?»), мядовы тэлефон і сняданак разам з дзвюма прыгожымі дзяўчынамі, якія ўмелі выдатна сервіраваць стол. Падсмажаныя лустачкі хлеба, яйкі, чай і фруктовы сок, і ўсё уключаючы сурвэткі — такога мядовага колеру, што здавалася, нават пахне мёдам.

I раптам святло замільгала — хлоп, стужка абарвалася, цёмна-шэры экран, пасярэдзіне — светла-жоўтая пляма, яшчэ мяккае гудзенне ў будцы механіка, але тут далі поўнае святло, у глядзельнай зале чуецца свіст, ды гэта ні к чаму: карціна скончылася пасля першай часткі, хоць фільм быў адзняты цалкам.

Яна агледзелася навокал, уздыхнула і закурыла, як заўсёды, выходзячы з кіно. Ліманад, што прынёс Луіджы, зрабіўся цёплым, алкагольная горыч вытыхлася, і ён зрабіўся нясмачным, як моцна разведзены вермут. Значыцца, вось якім фільмам замянілі ранейшы. Стракаты певень наверсе — яе рука цяпер у зялёным промні ад пеўневай спіны — певень зусім такі ж, як і быў, толькі фарбы крыху ярчэйшыя, і іншы чалавек за стойкай, але марожанага па-ранейшаму сто сорак чатыры гатункі, а героем фільма стаў той, хто быў зачаты ў мядовым доміку. I хіба яна зараз не пазнаёмілася з чалавекам, з-за якога абарвалася стужка фільма?

Ці не занадта ты малады, каб імя тваё ўвайшло ў малітвы маёй маці аб помсце? Яна адсунула шклянку, паднялася, прайшла міма Луіджы і толькі каля дзвярэй успомніла, што яна павінна яшчэ разлічыцца з Луіджы і ўсміхнуцца яму. Ён прыняў і тое і другое з самотнай удзячнасцю, і яна выйшла з кафэ. Здаралася, што яе раптоўна ахоплівала страшэнная туга па сыне, хоць часам яна на цэлыя дні забывалася пра яго. Добра было б цяпер пачуць яго голас, прыціснуцца да яго шчакой, проста ведаць, што ён тут, дакрануцца да ягонай лёгкай рукі, злавіць яго лёгкае дыханне і ў чарговы раз упэўніцца, што ён жыве на свеце.

Таксі хутка везла яе па цёмных вуліцах. У потай яна разглядвала твар шафёра — спакойны, сур’ёзны твар, прыцемнены казырком фуражкі.

— У вас ёсць жонка? — раптам спытала яна.

Шафёр кіўнуў, павярнуўся да яе на момант, і яна ўбачыла здзіўленую ўсмешку на сур’ёзным твары.

— А дзеці? — спытала яна.

— Ёсць,— адказаў шафёр, і яна пазайздросціла яму.

I раптам заплакала. Асветленая панарама за ветравым шклом расплылася перад яе вачыма.

— Божа,— сказаў шафёр,— што з вамі?

— Я ўспомніла пра мужа,— адказала яна,— ён загінуў дзесяць гадоў назад.

Шафёр збянтэжана глянуў на яе, затым хутка адвярнуўся і зноў пачаў глядзець на дарогу, але правую руку ён зняў з руля і злёгку пагладзіў яе па плячы. Ён нічога не сказаў, і яна была гэтаму рада і загаварыла сама.

— Зараз нам трэба звярнуць направа, а пасля проста, па Ходлерштрасэ да канца.

Туманнай была панарама за шклом, а лічыльнік цікаў, і з лёгкім ляскатам выскоквалі новыя лічбы, пфеніг за пфенігам збіраў неўтаймоўны апарат. Яна выцерла слёзы і ўбачыла ў святле фар, што яны ўжо пад’язджаюць да царквы. Мільганула думка, што яе паклоннікі робяцца ўсё менш і менш падобнымі на Рая. Тупыя жывёліны з правільнымі тварамі, яны здольныя з поўнай сур’ёзнасцю вымаўляць такія словы, як «эканоміка», і нават без ценю іроніі такія, як «народ, аднаўленне, перспектывы». Мужчынскія рукі, што абхопліваюць горла бутэлькі — з вялікай будучыняй ці без яе,— цвёрдыя і бяздарныя рукі, і самі паклоннікі, начыненыя ўсялякай лухтой і пазбаўленыя гумару,— побач з імі любы дробны махляр, пакуль ён не трапіў у турму, здасца паэтам.

Шафёр злёгку дакрануўся да яе пляча, і з апошнім ударам лічыльнік выкінуў апошнюю адзіначку. Яна дала шафёру грошы, шмат грошай, ён усміхнуўся ёй, выскачыў з машыны, каб расчыніць перад ёй дзверцы, але яна ўжо вылезла сама і здзівілася, што ў доме цёмна: нават у Глума не свяцілася акно, і не падаў у сад, як заўсёды, жоўты сноп святла з акна маці. Запіску ў дзвярах яна змагла прачытаць толькі тады, як адчыніла дзверы і запаліла святло ў пярэдняй. «Мы ўсе пайшлі ў кіно». «Усе» было чатыры разы падкрэслена.

Яна патушыла святло і так і засталася сядзець у пярэдняй пад партрэтам Рая. Партрэт быў напісаны дваццаць гадоў назад і выяўляў усмешлівага хлапца, які рабіў накід верша на пачку з локшынамі; Авесалом Біліг выразна вывеў на пачку: «Хатнія локшыны Бамбергера», Рай смяяўся на гэтым партрэце, ён быў тут такі ж лёгкі, як і ў жыцці, а верш з пачка да гэтай пары захаваўся ў архівах патэра Віліброрда. Выцвіў лазурак, пабляклі яечна-жоўтыя лацінскія літары, задыхнуўся ў душагубцы Бамбергер, ён не паспеў уцячы з Германіі, а Рай усміхаўся, як і дваццаць гадоў назад. У паўзмроку ён выглядаў зусім як жывы, і яна пазнала суровую, амаль педантычную зморшчыну каля ягоных вуснаў, гэта быў педантызм, які змушаў яго часам па тры разы на дзень паўтараць: «Парадак». Парадак ён меў на ўвазе і тады, калі не хацеў блізкасці з ёй, перш чым іх павянчаюць. Вырвалі згоду на шлюб у бацькі, прамармыталі словы вянчальнага абраду над сплеценымі рукамі ў паўзмроку францысканскай царквы з аляпаватай пазалотай, а ззаду два сведкі, Альберт і Авесалом.

Зазваніў тэлефон і вярнуў яе на глебу, на якую яна менш за ўсё любіла ступаць, вярнуў да так званай рэчаіснасці. Ён празвінеў другі, трэці, чацвёрты раз, пакуль яна нарэшце павольна ўстала і пайшла ў пакой Альберта. Яна пачула голас Гезелера, які нясмела спытаў:

— Хто каля тэлефона?

Яна назвалася, і тады ён сказаў:

— Я толькі хацеў даведацца, як вы пачуваецеся, мне вельмі шкада, што вам нездаровіцца.

— Лепш,— адказала яна.— Мне лепш. Я прыеду на даклад.

— Як добра! — сказаў ён.— Паедзем у маёй машыне. Прашу вас.

— Ну, добра,— сказала яна.

— Можна мне заехаць за вамі?

— Не, не, лепш сустрэнемся дзе-небудзь у горадзе, вось толькі дзе?

— У пятніцу. У дванаццаць,— сказаў ён,— на плошчы перад Крэдытным банкам, там, дзе галоўная каса. Вы абавязкова прыйдзеце?

— Так,— сказала яна і падумала: «Я заб’ю цябе, скрышу, зрэжу цябе на кавалкі сваёй зброяй, і гэта страшная зброя — мая ўсмешка, якая мне нічога не каштуе, просты рух мускулаў, механізм, які лёгка прывесці ў рух. Я маю больш боепрыпасаў, чым было ў тваіх кулямётаў, а каштуюць яны мне гэтак жа мала, як табе каштавалі твае».

— Так, я прыйду,— сказала яна і, павесіўшы трубку, вярнулася ў пярэднюю.


4

Дантыст адчыніў дзверы ў гасціную і сказаў:

— Прысядзьце, калі ласка, фрау Врылах.

Хлопчык прыкладна адных гадоў з яе сынам, сядзеў за раялем і нешта панура брынчаў.

— Выйдзі на хвілінку,— сказаў урач.

Хлопчык умомант знік, пакінуўшы на жаўтаватых клавішах раскрыты нотны сшытак. Яна стомлена глянула на загаловак і прачытала: «Эцюды. Опус 54». Урач уздыхнуў, сеў за чорны пісьмовы стол з моранага дубу, пакорпаўся доўгімі пальцамі ў картатэцы, выцягнуў яе картку, перагартаў нейкія белыя паперкі, падколатыя да яе, і сказаў:

— Не палохайцеся, калі ласка, я тут прыкінуў кошт.

Ён уздыхнуў і паглядзеў на яе, а яна глядзела на карціну, якая вісела за яго спінай на сцяне: «Ункель сонечным днём». Шмат пранізліва-жоўтай фарбы перавёў мастак, каб надаць Рэйну, вінаграднікам і маляўнічаму гарадку сонечны выгляд, але марна: Ункель выглядаў зусім не сонечна.

Урач выцягнуў са скрынкі стала пачак табакі, разарваў срэбраную абгортку і, усё яшчэ ўздыхаючы, пачаў нетаропка скручваць тоўстую цыгарэту. Ён падсунуў тытунь і паперу да яе, але яна пакруціла галавой і ціха сказала:

— Дзякуй, не хачу.

Яна ахвотна б закурыла, але ёй балеў увесь рот: урач нечым едкім памазаў ёй дзясны і выстукваў нікеліраваным малаточкам зубы, а затым, хітаючы галавой, пачаў рэзка і энергічна масіраваць дзясны сваімі тонкімі пальцамі і ўсё хітаў галавой. Ён расклаў паперкі перад сабой, зацягнуўся і раптам сказаў:

— Не палохайцеся, калі ласка, але гэта будзе вам каштаваць тысячу дзвесце марак.

Яна перавяла вочы на «Ункель сонечным днём», яна залішне стамілася, каб спалохацца: яна разлічвала на пяцьсот, ну на шэсцьсот марак, але скажы ён цяпер дзве тысячы — гэта здалося б ёй ніколькі не горш, чым тысяча дзвесце. Пяцьдзесят марак — гэта вялікія, вельмі вялікія грошы, але ўсё, што больш за паўтараста, было для яе аднолькава недасягальнае, усё роўна колькі — дзве сотні, дзве тысячы ці нават болей. Урач глыбока ўцягнуў дым: у яго быў моцны, свежы тытунь.

Я мог бы зрабіць гэта і за восемсот, нават семсот, але тады я не дам гарантыі. А там я вам ручаюся, што зубы будуць выглядаць, як сапраўдныя. Вы, канешне, бачылі зубы з таннай пластмасы, яны ж сіняватыя.

Так, яна іх бачыла і лічыла агіднымі, такія мела Люда, гаспадыня кандытарскага магазіна, і калі тая ўсміхалася, зубы яе адлівалі сінім, адразу было бачна, што яны штучныя.

— Паспрабуйце звярнуцца ў ведамства сацыяльнага забеснячэння І, магчыма, у дабрачынную арганізацыю. Можа, вам пашанцуе, і яны вам нечым дапамогуць. Я падрыхтаваў для вас два рахункі — адзін з іх на восемсот марак, таму што калі ім паказаць той, што даражэй, можна ўвогуле нічога не атрымаць. Калі вам вельмі пашанцуе, вы атрымаеце ў агульнай суме марак пяцьсот: зубы цяпер выпадаюць у вельмі многіх. Колькі вы маглі б уносіць штомесячна?

Яна да гэтай пары яшчэ выплочвае за канфірмацыю Генрыха — восем марак у тыдзень. Леа і так ужо сварыцца. Акрамя таго, ёй на нейкі час прыйдзецца кінуць работу — не будзе ж яна выходзіць з дому без зубоў, яна зачыніцца ў сябе, абматае твар хусткай і толькі ціхенька, вечарамі будзе з заматанай галавой хадзіць да ўрача. Жанчына без зубоў — гэта проста жах. Ніхто старонні не будзе заходзіць да яе ў пакой, нават Генрыху яна не пакажацца. А пра Леа нават няма гаворкі. Вырваць трынаццаць зубоў! Люда тады вырвала ўсяго шэсць і то выглядала, як старая баба.

— Акрамя таго,— працягваў урач,— я хацеў бы атрымаць мінімум трыста марак задатку, а другі ўзнос прынясеце, як толькі атрымаеце грошы ад ведамства сацыяльнага забеспячэння і ў дабрачыннай касе. Вось і будзе амаль палова выплачана. Вы прыкінулі, колькі зможаце плаціць штомесяц?

— Ды марак дваццаць,— стомлена сказала яна.

— Божа ж мой, гэтак вы і за год усяго не выплаціце!

— Нічога ў нас не атрымаецца,— сказала яна,— мне і задатак не пацягнуць.

— Але вы павінны зрабіць сабе зубы,— сказаў ён,— павінны, і як мага хутчэй. Жанчына вы маладая, цікавая, і калі будзеце адкладваць, гэта атрымаецца даражэй і горш.

Наўрад ці ён быў намнога старэйшым за яе, і выглядаў ён, як мужчына, які ў ранняй маладосці быў прыгожым: цёмныя вочы і светлыя валасы, але твар яго быў стомлены, абрузглы, і валасы ўжо парадзелі. Ён лена круціў у руках рахунак.

— Я не магу,— ціха сказаў ён,— я ніяк не магу па-іншаму. Я павінен загадзя заплаціць за матэрыял, разлічыцца з тахнікам. Я не магу. Я з радасцю зрабіў бы вам гэта зараз жа, але я ведаю, як для вас гэта жахліва.

Яна верыла яму: ён зрабіў ёй некалькі ўколаў у дзясны і браў для ўколаў пробныя ампулы і нічога за ўсё гэта не налічыў, і рука ў яго была лёгкая, спакойная і ўпэўненая. Страшным здаўся толькі ўкол у балюча падатлівыя дзясны, а вадкасць з ампулы сабралася цвёрдым камяком і разыходзілася вельмі марудна, але ўжо праз паўгадзіны боль суняўся, і яна адчула сябе бадзёрай, маладой і здаровай.

— А як жа,— адказаў ён, калі яна расказала яму пра свой стан,— гэта ж гармоны і іншыя рэчывы, якіх не хапае вашаму арганізму,— выдатны сродак, абсалютна бясшкодны, але вельмі дарагі, калі яго даводзіцца купляць.

Яна паднялася, зашпіліла паліто і загаварыла ціха, баючыся расплакацца. Рот усё яшчэ балеў, а безнадзейна высокі кошт быў канчатковым, як смяротны прысуд; праз два месяцы, самае большае, у яе выпадуць трынаццаць зубоў, а гэта азначае, што жыццё скончана. Больш за ўсё на свеце Леа ненавідзіць кепскія зубы; у яго самога асляпляльна белыя, абсалютна здаровыя зубы, з якімі ён так няньчыцца. Зашпіляючы паліто, яна паўтарала моўчкі назву сваёй хваробы; яна гучала гэтак жа страшна, як смяртэльны дыягназ: парадантоз.

— Я вам паведамлю,— сказала яна.

— Вазьміце з сабой каштарыс. Вось сапраўдны, а гэта другі, усяго тры экземпляры. Вы павінны прыкласці па адным экземпляры да кожнай заявы, а трэці пакіньце сабе, каб ведаць кошт.

Урач скруціў яшчэ адну цыгарэту. Прыйшла сястра, і ён сказаў ёй:

— Паклічце Бернгарда, няхай іграе.

Яна засунула каштарысы ў кішэню паліто.

— Не журыцеся,— сказаў урач і горка ўсміхнуўся. Усмешка была цьмяная, як сонца над Ункелем.

Леа цяпер дома, а ёй не хацелася бачыць яго. У Леа такія асляпляльна здаровыя зубы, і ўжо некалькі месяцаў ён бурчыць, што ў яе зубы кепскія, што ў яе пахне з рота, і яна нічога не можа зрабіць. Яго цвёрдыя, чыста вымытыя рукі з дня ў дзень датыкаюцца да яе цела, вочы ў яго такія ж цвёрдыя, няўмольныя, як і рукі. Ён проста рассмяецца, калі яна папросіць у яго грошай. Ён толькі зрэдку дорыць ёй што-небудзь, дый то калі бывае пры грашах і моцна расчуліцца.

У пад’ездзе было цёмна, ціха і пуста, яна спынілася на лесвічнай пляцоўцы і паспрабавала ўявіць сабе зубы кандытара: у яго безумоўна кепскія зубы; яна, праўда, не надта да іх прыглядалася, але запомніўся іх мёртвы шэры колер.

Скрозь цьмянае аконнае шкло яна выглянула ў двор; там разносчык пакаваў у каляску апельсіны; ён вынімаў іх са скрыні і клаў вялікія направа, маленькія — налева, пасля разлажыў маленькія на дне каляскі, на іх паклаў тыя, што большыя, а самымі вялікімі закончыў пірамідку. Маленькі тоўсты хлапчук склаў скрынкі каля сметніцы. Там у цені пад сцяной дагнівала гара лімонаў — жаўцізна, пазначаная зеленню, а на зелені белыя плямы ў сіняватым цені, ад якога чырвоныя шчокі хлопчыка здаваліся фіялетавымі. Боль у роце суняўся, ёй захацелася выкурыць цыгарэту, выпіць кубачак кавы, і яна выцягнула кашалёк. Зношаны шэры замш заільсніўся да чарнаты; гэта быў яшчэ падарунак мужа, чые косці ўжо даўно стлелі дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. Трынаццаць гадоў назад падарыў ён ёй гэты парыжскі кашалёк,— падарыў усмешлівы фельдфебель з каляровага фотаздымка, усмешлівы слесар, усмешлівы жаніх,— нямнога засталося ад яго — патрапаны кашалёк, памяць пра яго першае прычасце, і пажоўклая патрапаная брашурка «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Яшчэ ён пакінуў сына, удаву і колісь шэры, а цяпер да чарнаты зашмальцаваны замшавы кашалёк — падарунак з Парыжа, з якім яна ніколі не разлучалася.

Дзіўнае пісьмо прыйшло тады ад ротнага камандзіра: «...быў накіраваны са сваім танкам на падтрымку важнай разведвальнай аперацыі і не вярнуўся з задання. Аднак нам абсалютна дакладна вядома, што ваш муж, які быў адным з самых вопытных і надзейных салдат у роце, не трапіў у палон да рускіх. Ваш муж паў смерцю храбрых». Hi гадзінніка, ні салдацкай кніжкі, ні заручальнага пярсцёнка — і не ў палоне. Што ж тады з ім? Згарэў і абвугліўся ў сваім танку?

Лісты, якія яна дасылала камандзіру роты, вярнуліся праз паўгода назад з надпісам: «Загінуў за вялікую Германію». Іншы афіцэр напісаў ёй: «Мне вельмі шкада, але я вымушаны паведаміць вам, што ў нашай часці не засталося ніводнага чалавека, які мог бы расказаць вам пра гібель вашага мужа», Абвугленая мумія паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам.

Унізе ў двары тоўсты хлапчук напісаў мелам: «Шэсць адборных апельсінаў усяго за адну марку». Бацька, чырванашчокі, як і сын, сцёр шасцёрку і напісаў пяць.

Яна пералічыла грошы ў кашальку: дзве паперкі па дваццаць марак — недатыкальныя, гэтыя грошы хлопчыку на гаспадарку на дзесяць дзён; заставалася яшчэ марка і восемдзесят пфенігаў дробнымі. Лепш за ўсё было б пайсці ў кіно: там цёмна, цёпла, не адчуваеш, як растае час, звычайна такі бязлітасны. Бывае, што гадзіны цягнуцца марудна, быццам жорны млына, марудна і ўпарта перамолваюць яны час. Пад вечар ломіць усё цела, галава быццам налітая свінцом і прыступ жадання, цяжкі для яе самой. Боязь з-за паху з рота і з-за сапсаваных зубоў; валасы страчваюць бляск, і няўмольна псуецца колер твару. А ў кіно добра і вусцішна — так яна яшчэ дзіцем пачувала сябе ў царкве: цудоўная гармонія спеваў і слоў, укленчвання і ўставання, шчаслівая пасля смуроднай жорсткасці бацькоўскага дому, дзе ненажэра бацька здзекаваўся са святошы маці; маці старалася схаваць пад панчохамі набрынялыя вены, калі ёй было ўсяго трыццаць адзін год, столькі, колькі зараз ёй. Усё, што не мела дачынення да дому, было шчасцем: шчаслівая манатоннасць на макароннай фабрыцы Бамбергера, дзе яна ўзважвала макароны і раскладвала іх у пакункі, узважвала і раскладвала, узважвала, узважвала, пакавала. Адурваючая аднастайнасць і чысціня; цёмна-сінія кардонкі, сінія, як мора на геаграфічным атласе; жоўтыя макароны і вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін» — стракатыя паштоўкі, на якіх адлюстраваны сцэны са «старых нямецкіх паданняў»: Зігфрыд з валасамі, як свежае масла, шчокамі, як персікавае марожанае, і Крымхілда, у якой колер твару нагадвае ружовую зубную пасту, валасы, як маргарын, і вішнёва-пунсовы рот. Жоўтыя макароны, цёмна-сінія кардонкі, вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін». Паўсюль чысціня, вясёлы смех у сталоўцы на фабрыцы Бамбергера, а ўвечары ружовыя лямпачкі ў кафэ.

Або танцы з Генрыхам, які кожныя два тыдні атрымлівае звальніцельную ў нядзелю, усмешлівы яфрэйтар танкавых войскаў, неўзабаве заканчваўся тэрмін ягонай службы.

Адной маркі і васьмідзесяці пфенігаў хопіць на кіно, але ўжо позна. Ранішні, на адзінаццаць гадзін, сеанс даўно пачаўся, а ў гадзіну яна павінна быць у пякарні. Хлопчык унізе, у двары, расчыніў зялёныя вароты, і бацька пакаціў каляску. Праз адчыненыя вароты бачна вуліца: аўтамабільныя шыны і ногі веласіпедыстаў. Яна паволі сышла ўніз па лесвіцы, спрабуючы ўцяміць, на якія выдаткі рашыцца кандытар дзеля задавальнення сваёй меланхалічнай страсці: ён хударлявы, але твар у яго вялікі, азызлы і самотныя вочы. Сам-насам з ёй ён, запінаючыся, усхваляе радасці кахання, глухім голасам спявае ён песні пра прыгажосць плоцкага кахання. Ён ненавідзіць сваю жонку, жонка ненавідзіць яго, ненавідзіць усіх мужчын, а ён, кандытар, любіць жанчын, услаўляе іх цела, іх сэрца, іх вусны, часам яго меланхолія даходзіць да шаленства, а яна слухае ўсё гэта і разважвае маргарын, распускае шакалад, узбівае крэм з прыгатаванай ім сумесі і выкладвае лыжачкай памадку і праліны. Яна выводзіла на тартах шакаладныя ўзоры, якія ён лічыў чароўнымі, і прылеплівала шакаладным свінкам шакаладныя лычыкі, а ён, запінаючыся, не пераставаў расхвальваць яе твар, яе рукі, яе пяшчотнае цела.

У пякарні ўсё здавалася белым і шэрым, тут перамешвалася чарната блях, чарната вугалю і белізна мукі: сотні адценняў шэрага, і толькі зрэдку — жоўтая або чырвоная пляма; чырвоны колер вішань, ядавіта-жоўты — лімонаў і пяшчотны — ананасаў. Амаль усё здавалася белым і шэрым, бясконцыя адценні шэрага, такі быў і твар пекара: дзіцячы, бясколерны, круглы рот, шэрыя вочы, шэрыя зубы і блякла-ружовы язык, які быў відаць, калі ён гаварыў, а гаварыў ён, застаўшыся з ёй сам-насам, безупынку.

Кандытар марыў знайсці прыстойную жанчыну, не прастытутку. З таго часу як жонка ўзненавідзела яго, а разам з тым і ўсіх іншых мужын, яму прыпадалі толькі тыя радасці, якія можна знайсці ў публічных дамах, а гэткія радасці здаваліся яму недастаткова ўзвышанымі, і, акрамя таго, марным заставалася яшчэ адно яго жаданне — мець дзяцей.

Калі яна адпіхнула яго, назваўшы каханне брыдкім словам з лексікону Леа, ён проста спалохаўся, і тады яна зразумела, якая ў яго пяшчотная душа.

Словы гэтыя вырваліся ў яе напалову проці яе волі, напалову наўмысна, з-за супярэчлівасці, якую выклікала ў ёй ягоная рахманасць: гэта былі словы Леа, ёй нашэптвалі і крычалі іх з дня ў дзень вось ужо на працягу многіх гадоў, яны віселі над ёй, як праклён. Гэтыя словы жылі ў ёй, і вось вырваліся на волю, яна шпурнула іх у самотны твар кандытара, і выклікала вялікае замяшанне ў ягонай душы.

— Не, не,— сказаў кандытар,— не гавары так.

Леа скажа: «Што гэта з тваёй пашчай?», і ёй не хацелася ісці дадому, каб не чуць яго здзекаў і не бачыць асляпляльна белых зубоў.

Яна вернецца дадому, пасля таго як Леа пойдзе на працу. З асцярогі яна аднесла малую да фрау Барусяк — гожанькая жанчына, гады на чатыры старэйшая за яе, з цудоўнымі бялюткімі зубамі — жанчына, якая спалучала дзве якасці: набожнасць і ветлівасць. Яна зайшла ў кафэ насупраць дома зубнога ўрача, села каля акна і дастала з кішэні пачак «Тамагаўка» — вельмі доўгія, вельмі белыя і вельмі моцныя цыгарэты. «Сонца Віргініі выпесціла гэты тытунь». Гартаць ілюстраваныя часопісы не хацелася; памешваючы лыжачкай каву, яна раптам падумала, што трэба папрасіць у кандытара аванс, раптам ён падкіне ёй марак сто: яна цвёрда вырашыла ніколі больш не ўжываць слова Леа, каб не крыўдзіць кандытара. Магчыма, яна пашкадуе яго: нязграбныя, шалёныя ласкі, на якія ёй прыйдзецца адказваць,— гэта і будзе яе платай,— проста сярод блях для пірожных і аблітых шакаладам парсючкоў будзе ён нашэптваць ёй свае гімны; сярод узгорачкаў какосавай мукі, сярод пасыпаных цукровай пудрай ромавых баб ён усміхнецца ёй, млеючы ад шчасця, і яна будзе прымаць трапяткія, слюнявыя пацалункі чалавека, які ненавідзіць прадажнае каханне, а задавальняцца ў шлюбе не можа з тае пары, як яго жонка ўзненавідзела мужчын; жонка — худая, коратка падстрыжаная прыгажуня з палаючым, суровым позіркам, пальцы ўвесь час на ручцы касавага апарата, як у капітана на штурвале; у яе цвёрдая, маленькая рука «са сціплым» упрыгожаннем — халодныя, зялёныя каменьчыкі, амаль празрыстыя і вельмі дарагія, яе рукі падобныя на рукі Леа. Стройная багіня з хлапечай фігурай, усяго дзесяць гадоў назад — стройная і ўладная — яна маршыравала на чале атрада дзяўчатак у рудых куртках і горда спявала высокім, прыгожым голасам: «На берэце лунае пер’е» і «Смелы барабаншчык». Яе бацька гаспадар «Чырвонага капелюша», а мой бацька па пятніцах прапіваў там палову сваёй палучкі. Цяпер яна падобна на амазонку: ногі ў яе як у шаснаццацігадовай, а па твары ёй дасі ўсе сорак, і яна намагаецца з усяе сілы здавацца не старэйшай за трыццаць чатыры, упартая і ветлівая парушальніца шлюбнага абавязку, гэта яна давяла шэрага і самотнага чалавека з падвала да гімнаў адчаю.

Вільма паднесла кубачак да роту і, глянуўшы ў акно, убачыла на процілеглым баку вуліцы зубнога ўрача каля светла-жоўтай, падрапанай бормашыны; ён арудаваў борам, і паўзверх занавескі яна бачыла яго светлыя валасы, і цёмны цень на сцяне, і стомленую патыліцу чалавека, абцяжаранага пазыкамі. Піць каву было прыемна, і цыгарэты аказаліся выдатнымі.

Яна разумела, што кандытар значна лепшы, чым Леа: ён добры, працавіты, у яго больш грошай, але парваць з Леа і застацца жыць з ім — гэта жахліва перш за ўсё для дзяцей, і пасля трэба будзе судзіцца з Леа з-за аліментаў на дзяўчынку, якія ён цяпер выплочвае ў Ведамства абароны дзяцінства, а яна атрымлівае іх адтуль і ўпотай зноў падсоўвае яму. «Хіба я гэтага хацеў? Не ж, ты павінна чэсна прызнаць». У кандытара адзін пакой наверсе пусты, там раней жыў падручны, але ён некуды збег, і цяпер кандытар не хоча наймаць другога. «Ты заменіш мне падручнага».

Боязна толькі з-за хлопчыка, вось ужо тры тыдні ён адносіцца да яе не так, як раней: у яго зусім іншыя вочы, калі ён глядзіць на яе, няма ранейшага адкрытага позірку. Яна ведала, што гэта пачалося з таго дня, калі Лea абвінаваціў яе ва ўтойванні грошай; прыгожанькі бялявы жэўжык ненавідзеў Леа, і Леа ненавідзеў яго. Лепш за ўсё было б застацца адной з дзецьмі: ёй даўно ўжо абрыдла блізкасць Леа, і яна ўпотай зайздросціла кандытарцы, якая магла сабе дазволіць так упарта ненавідзець мужчын. Яны з хлопчыкам так-сяк пераб’юцца. Яна часта палохалася, калі бачыла, які ён кемлівы: як ён дакладна лічыць, як ён разумна размяркоўвае ўсе расходы, і гаспадарку ён умее весці куды лепш, чым яна. Цвярозая галава, сарамлівы твар і позірк, які вось ужо тыдзень пазбягае яе позірку. А ў кандытара пусты пакой.

Лепш за ўсё было б вярнуцца на макаронную фабрыку Бамбергера: жоўтыя, гэтакія акуратныя трубачкі макаронін, цёмна-сінія пачкі і вогненна-чырвоныя паштоўкі — масляна-жоўтыя валасы Зігфрыда, маргарынавыя валасы Крымгільды і вочы Гагена, чорныя, як мангольская бародка Атылы, чорныя, як туш для веек; круглы з ухмылкаю твар Атылы, жоўты, як свежая гарчыца, і нарэшце ружоваскуры Гізельгер і чалавек з лірай у руда-чырвоным убранні, Фолькер — такі прыгожы, прыгажэйшы, на яе думку, за самога Зігфрыда; і языкі агню ў палаючым замку — чырвонае і жоўтае перамяшалася, як кроў з маслам.

Увечары — яркае ружовае святло ў кафэ Генэля. Жаўтавае бананавае марожанае — пятнаццаць пфенігаў за порцыю, яшчэ можна прайсціся з Генрыхам, апранутым у форму танкіста, да «Асы», дзе пануюць жоўтыя трубы: усмешлівы яфрэйтар, усмешлівы унтэр-афіцэр, усмешлівы фельдфебель згарэў проста ў танку недзе паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам, мумія — без салдацкай кніжкі, без гадзінніка, без заручальнага пярсцёнка, не вярнуўся з задання і не трапіў у палон.

Смяяцца ўмеў толькі Герт: стройны, маленькі абліцоўшчык, ён мог смяяцца нават ноччу, у самыя інтымныя моманты. З вайны ён прывёз трафеі семнаццаць пар ручных гадзіннікаў, і ўсё, што ён рабіў, ён рабіў смеючыся. Ён смяяўся, калі загладжваў гіпс пры абліцоўцы дома, і, калі ён абдымаў яе, яна бачыла ў цемры яго ўсмешлівы твар, што схіляўся над ей. часам яго ўсмешка была самотнай, але ён усё роўна ўсміхаўся. Пасля Герт перакачаваў у Мюнхен: «Не магу так доўга сядзець на адным месцы». Ён быўлепшым сябрам Генрыха, адзіны чалавек, з кім часам, не саромеючыся, можна было пагаварыць пра мужа.

Урач на тым баку вуліцы расчыніў акно, выглянуў на некалькі хвілін і выкурыў чарговую цыгарэту — тоўстую самакрутку. Трыста марак задатку — ды колькі яшчэ кожны месяц? Трэба будзе пагаварыць пра гэта з хлопчыкам — ён падлічыць і прыкіне. Сумеў жа ён неяк уціснуцца за кошт харчавання, зэканоміў на туфлі, панчохі, і сумачку, і хустку. Сто пяцьдзесят марак ён адклаў ад грошай на гаспадарку, і яму ўдалося наскрэбці іх так, што гэтага амаль не адчулі: ён эканоміў на бульбе, на маргарыне, на каве, на зніклым з рацыёну мясе.

Ёй стала лягчэй, калі яна падумала пра хлопчыка: ён-то ўжо што-кольвечы прыдумае. Але тысяча дзвесце марак — гэта напалохае нават яго. «Табе трэба было раней глядзець за сваімі зубамі,— скажа Лea,— кожны дзень з’ядаць лімон і чысціць як след, вось так»,— тут ён прадэманструе ёй, як трэба чысціць зубы. «Маё здароўе — гэта ўсё, што я маю, таму я не магу не клапаціцца пра яго». Але макароннай фабрыкі Бамбергера больш і заваду няма, прайшло дванаццаць гадоў: Бамбергера знішчылі ў душагубцы, яго ператварылі ў зморшчаную, абгарэлую мумію, мумію без уласнай фабрыкі, без рахунку ў банку. Цёмна-сінія пачкі, ярка-жоўтыя макароны, вогненна-чырвоныя паштоўкі. Як звалі таго самавітага і вельмі сімпатычнага барадача з чырванавата-карычневым тварам, падобным на ледзянец? Дзітрых фон Берн. Наконт Вільмы, якая з дзесяці гадзін сядзіць у фрау Барусяк, хвалявацца няма чаго.

Пра Эрыха яна ўзгадвала рэдка: вельмі ўжо шмат прайшло часу — цэлых восем гадоў. Сярод ночы раптоўны прыпадак — скажоны страхам твар, пальцы сударгава сціскаюць яе руку, налітыя крывёю вочы, форма штурмавіка ў шафе, нясмелая ласка і нясмелы адказ на яе, і як узнагарода за ласку какава, шакалад і страх, калі ён раптам ноччу прыйшоў у яе пакой; штаны абы-як нацягнутыя паўзверх начной кашулі, босы, каб яго маці не пачула, напаўвар’яцкія вочы — яна зразумела, што зараз здарыцца тое, чаго яна не хоча. Толькі год прайшоў пасля смерці Генрыха. Яна не хацела гэтага, але нічога не сказала, і Эрых, які, відаць, пайшоў бы, калі б яна сказала хоць слова, не пайшоў: ён быў здзіўлены яе пакорнасцю, а яе не пакідала панурае пачуццё, што ўсё гэтае непазбежна. Эрых жа ўспрыняў здарэнне як каханне, якога — без усялякіх на тое падстаў — чакаў ад яе. Ён патушыў святло. Свісцячае дыханне, у цемры, на фоне бляклай сінечы начнога неба яна бачыла яго бездапаможную і няскладную паставу, калі ён, спыніўшыся перад ложкам, здымаў штаны. Яшчэ не позна было сказаць: «Ідзі прэч!» — і ён бы пайшоў — бо гэта быў Эрых, а не Лea. Але яна нічога не сказала, яе скавала адчуванне, што ўсё так і павінна здарыцца, чаму ж тады не з Эрыхам, які да яе добра ставіцца?

Эрых быў такі ж добры, як і кандытар, і той светлай ноччу Эрых сказаў ёй: «Якая ты прыгожая!» — а сам так цяжка дыхаў.

Ніколі ніхто не гаварыў ёй такіх слоў, акрамя кандытара, які не быў нават за тое ўзнагароджаны.

Яна закурыла апошнюю цыгарэту. Кава была выпіта, зубны ўрач зачыніў акно і зноў пусціў у ход кола бормашыны: трыста марак задатку, цудоўныя, але вельмі дарагія ўколы, пасля якіх адчуваеш сябе такой маладой і бадзёрай. Гармоны — гэтае слова выкліча на твары Лea агідную ўсмешку.

У кафэ было яшчэ пуста: нейкі дзядуля паіў унучака вяршкамі і чытаў газету. Не адрываючыся ад газеты, ён запіхваў дзіцяці лыжку ў рот, і дзіця вылізвала яе.

Яна разлічылася за каву, выйшла і купіла тры апельсіны на кішэнныя грошы, што ёй выдаў Генрых,— ён аддаваў ёй палову адкладзеных на хлеб грошай, бо ёй цяпер не трэба было яго купляць: хлеб ім даваў кандытар. Але чаму Генрых вось ужо цэлы тыдзень не паяўляецца ў пякарні, і ёй адной прыходзіцца цягаць цяжкую сумку?

Яна прапусціла трамвай і пайшла пехатою: яшчэ няма паловы першай, значыцца, Леа яшчэ не пайшоў. Мусіць, лепш расказаць яму, у чым справа. Усё роўна ён даведаецца, можа, яму дадуць пазыку, але ці ж мала на свеце маладых прыгожых жанчын з асляпляльна белымі, здаровымі, дагледжанымі, бясплатна падоранымі прыродай зубамі?

Яна прайшла міма дома, дзе некалі жыў Вілі сур’ёзны прыгожы хлопец, першы, хто яе пацалаваў,— блакіт неба і аддаленая музыка з рэстарана ў парку, успышка феерверку над горадам, залаты дождж сыплецца са званіц, няўмелы пацалунак Вілі. Пасля ён сказаў: «Не ведаю, ці гэта грэх,— думаю, што не, пацалунак не грэх, грэх зусім іншае».

Іншае здарылася пазней, з Генрыхам — кусты ў расе, вецце лезе ў твар; абвіты зеленню, бледны, жахліва сур’ёзны твар, а ўдалечыні абрысы горада — вежы цэркваў, заблытаныя ў аблоках, і чаканне, нясмелае шалёнае чаканне апетай усімі асалоды, якая так і не прыйшла: расчараванне на вільготным твары Генрыха сярод зялёнага вецця; адкінуты ўбок мундзір танкіста з запэцканым ружаватым кантам.

Генрых згарэў паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам; Вілі — сур’ёзнага, няўсмешлівага, бязгрэшнага расклейшчыка плакатаў, паглынула Чорнае мора паміж Адэсай і Севастопалем, яго абгрызены шкілет апусціўся на дно і ляжыць там сярод водарасцяў і ціны; Бамбергера спалілі ў газавай печы, і ён стаў попелам, попелам без залатых зубоў, а ў Бамбергера былі такія вялікія ззяючыя залатыя зубы.

Берна яшчэ жывая; ёй пашчасціла, яна выйшла замуж за мясніка, які хварэў на тую ж хваробу, што і Эрых. Трэба было б параіць усім жанчынам выходзіць замуж за хворых, якіх не возьмуць у войска. Воцат, камфара, чай для астматыкаў заўсёды стаяць на начным століку Берны. Усюды палатняны бінт, цяжкае, шумнае дыханне мясніка, жаданне, заглушанае астмай. Берна ўмела не таўсцець: яна стаяла за прылаўкам і з абыякавай упэўненасцю наразала цялячы філей. На чырвоных шчоках Берны блакітныя прожылкі, але моцныя маленькія рукі спрытна ўпраўляюцца з тонкім нажом: пяшчотна-карычневыя адцент лівернай каўбасы, пяшчотна-ружовыя сакавітыя кумпякі. Раней, калі ім прыходзілася цяжка, Берна зрэдку совала ёй кавалак лою, велічынёю з пачак цыгарэт — маленькі прамаслены скрутак — гэта было ў тыя часы, калі ў доме гаспадарыў Карл і шлях на чорны рынак для іх быў перакрыты. Але даўно ўжо Берна перастала вітацца з ёю, а маці Віля заўсёды праходзіць міма яе моўчкі, як бы не заўважаючы, а калі прыязджае свякруха, яна выгаворвае тое, пра што іншыя маўчаць: «Як ты сябе паводзіш! Усяму ж ёсць мяжа».

Леа ўжо пайшоў. Яна з палёгкай уздыхнула, заўважыўшы, што ў гардэробе няма ні фуражкі, ні яго збруі. Фрау Барусяк узнікла на парозе і з усмешкай прыклала да вуснаў палец: малая заснула ў іх на канапе. У сне яна здавалася вельмі прыгожанькай, каштанавыя валасы адлівалі золатам, роцік, заўсёды складзены ў плаксівую грымаску, усміхаўся. На стале ў фрау Барусяк стаяла шклянка з мёдам, каля яе ляжала лыжка. Толькі лобік у малой быў нейкі вуглаваты — як у Леа. Фрау Барусяк была вельмі мілая і добразычлівая жанчына, яна толькі зрэдку і вельмі ціха намякала, што добра было б неяк наладзіць жыццё. «Дарма вы ўпусцілі добрага мужа, вам трэба было б трымаць яго ў руках». Фрау Барусяк мела на ўвазе Карла, але ж ёй і самой Карл падабаўся менш за ўсіх астатніх — ягоны хрыплы, напышлівы голас, яго бясконцая балбатня пра «новае жыццё», яго вечная боязь парушыць знешнюю прыстойнасць, ягоны педантызм і набожнасць — усё гэта, на яе думку, не стасавалася з хцівай цэпкасцю ягоных рук, з нашаптанымі ў вуха пяшчотамі, у якіх таілася нешта брыдкае, што выклікала страх. Голас крывадушніка, які зараз узносіць свае маленні ў царкве: у дзень канфірмацыі Генрыха яна чула гэты голас з царкоўных хораў. Фрау Барусяк асцярожна перадала ёй загорнутую ў коўдрачку дзяўчынку, уздыхнула і раптам, набраўшыся смеласці, сказала:

— Пара вам развязацца з гэтым малойчыкам.

На яе мілавідным ружовым твары адлюстравалася рашучасць, ён пацямнеў, стаў амаль карычневым.

— Гэта ж не каханне,— але больш яна нічога не сказала, зрабілася па-ранейшаму нясмелай і ціхай і шапнула: — Не ўспрымайце мяне кепска, не крыўдуйце, але дзеці...

Вільма не пакрыўдзілася, падзякавала, усміхнулася і аднесла дзяўчынку ўніз, да сябе ў пакой.

Усмешлівы фельдфебель, чый партрэт вісіць паміж дзвярамі і люстэркам, маладзейшы за яе на дванаццаць гадоў. Думка пра тое, што яна некалі спала з ім, раптам выклікала дзіўнае адчуванне віны быццам яна спакусіла дзіця. Такім, як ён на гэтым фотаздымку, быў па гадах падручны пекара, хлапчук-шалапут, з якім, як ёй здавалася, сорамна звязвацца. Генрых далёка, ён загінуў, і звальніцельную яму давалі вельмі ненадоўга: хапіла часу, каб зачаць дзіця, але не хапіла на тое, каб захаваць успаміны аб нармальным шлюбным жыцці. Пісьмы, нумары цягнікоў з адпускнікамі, паспешлівыя абдымкі на краі вучэбнага пляца: стэп, пясок, ахоўная афарбоўка баракаў, пах смалы і незразумелае, невытлумачальнае, страшнае, што «лунала ў паветры», у паветры і ў твары Генрыха, які схіляўся над ёй, бледны і сур’ёзны. Дзіўна, у жыцці ён зусім не так ужо часта смяяўся, затое на ўсіх здымках — усміхаецца, і ўсмешлівым захаваўся ён у яе памяці. З вялікага кафэ даносілася танцавальная музыка, удалечыні маршыравала рота салдат — «Мы да Рэйна крочым, крочым», пасля Генрых сказаў тое ж, што гаварыў заўсёды і Герт: «Дзярмо ўсё гэта!»

А ўвечары — зноў абдымкі ў пакоі з вялікай прыгожай і стракатай карцінай на сцяне: пакорлівая Маці Божая лунае на воблаку ў небе, з дзіцем Ісусам на руках, справа Пётр, такі, якім і павінен быць Пётр: барадаты і ласкавы, сур’ёзны і пакорлівы, каля яго папская тыяра і штосьці няўлоўнае ва ўсёй карціне, неапісальнае, гаварыла кожнаму, што гэта апостал Пётр. Унізе — прыгожанькія анёлы падперлі галоўкі рукамі, крыльцы ў іх, як у кажанкоў, а ручкі такія тоўсценькія і круглыя. Пасля яна купіла такую ж карціну, толькі меншую — унізе надпіс Rafael pinx2, але карціна ператварылася ў попел, развеялася па ветры ў тую ноч, калі яна ў бамбасховішчы на запэцканых ваксай нарах нарадзіла сына, зачатага пад выявай Маці Божай. Яна бачыла гэтую карціну каля твару Генрыха — сур’ёзнага твару унтэр-афіцэра, ён даўно ўжо забыўся пра першае расчараванне; далёка ззаду, над стэпам пратрубілі зару — свабода да раніцы, і тое, што «насілася ў паветры», ценем легла на твар Генрыха, які з нянавісцю слухаў, як грукацелі ноччу танкі. Абвугліўся, ператварыўся ў мумію недзе паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам: пабеданосны танк, пабеданосная душагубка, што паглынула пана Бамбергера, і ні салдацкай кніжкі, ні заручальнага пярсцёнка, ні грошай, ні гадзінніка, на якім набожная маці загадала выгравіраваць: «На памяць пра канфірмацыю». Усмешлівы на фота яфрэйтар, усмешлівы унтэр-афіцэр, усмешлівы фельдфебель — а ў жыцці такі сур'ёзны.

Свечы ў маленькай капліцы, і сухі самотны твар свякрухі: «Не заплям памяці майго сына».

Удава ў дваццаць адзін год, якой годам пазней Эрых прапанаваў сваё сэрца, сваю астму і какаву; нясмелы, дабрадушны, маленькі нацы з хворымі бронхамі — камфара, воцат, парваныя на бінт палатняныя кашулі і працяжныя, глухія стогны па начах. Нічога не зробіш, трэба паглядзецца ў люстэрка, што вісіць каля партрэта Генрыха,— зубы яшчэ белыя і на выгляд здаюцца моцнымі, але калі датыкнешся да іх — злавеснае хістанне. Вусны яшчэ сакавітыя, не такія вузкія і вялыя, як у Берны,— яна ўсё яшчэ прыгожая, зграбная жонка ўсмешлівага на здымку фельдфебеля, лялька з доўгай і ганарыстай шыяй, якая ўзяла верх над больш маладымі кандуктаркамі; тысячу дзвесце марак за трынаццаць зубоў — а дзясны ўсё сохнуць, усё больш агаляюцца зубы, і гэтага ўжо не адновіш.

Яна вырашыла паддацца маленням кандытара і саступіць Лea маладзенькім кандуктаркам. Лea з ягонай чыста паголенай фізіяноміяй, з вуглаватым ілбом, з чырвонымі — ад шчоткі — рукамі, з паліраванымі пазногцямі і з упэўненасцю сутэнёра ў вачах. Трэба прымусіць кандытара яшчэ крыху пачакаць, няхай крыху памучыцца — пануры, абрузглы твар. Ён, відаць, аддасць ёй пакой, будуць, магчыма, і грошы, а для хлопчыка месца вучня, калі праз тры гады ён скончыць школу.

Яна старанна працерла твар ласьёнам, незразумела адкуль узніклы бруд застаўся на ватцы, злёгку напудрылася, падфарбавала вусны і сабрала рассыпаныя валасы. Да гэтага часу толькі два мужчыны звярнулі ўвагу на яе прыгожыя рукі: Генрых і кандытар. Нават Герт не заўважаў іх прыгажосці, хоць ён, як маленькае дзіця, часам гадзінамі прымушаў яе гладзіць яго па твары. А кандытар узгараўся жаданнем, варта яму было толькі зірнуць на яе рукі, закаханы без памяці дзівак, сярод бясконцых адценняў шэрага ў сваёй пякарні нашэптваючы ёй глупства за глупствам.

Яна ўздрыгнула, калі ў дзвярах паказаўся хлопчык. У яго быў выліты бацькаў твар — твар усмешлівага яфрэйтара, усмешлівага унтэр-афіцэра, усмешлівага фельдфебеля, прыгожы, сур’ёзны твар, які быў у бацькі.

— Ты яшчэ не пайшла, мама? — спытаў ён.

— Зараз найду,— адказала яна.— Не бяды, калі я і спазнюся разок. Ты сёння зойдзеш за мной?

Яна ўважліва сачыла за выразам яго твару, але і ценю не прамільгнула на ім.

— Так,— адразу адказаў ён.

— Падагрэй сабе суп,— сказала яна,— а тут вось апельсіны — адзін табе, другі — Вільме.

— Добра,— сказаў ён,— дзякуй, а што сказаў урач?

— Пасля раскажу, цяпер некалі. Значыцца, зой­дзеш?

— Але,— адказаў ён.

Яна пацалавала яго, адчыніла дзверы, і ён крыкнуў ёй услед:

— Зайду, абавязкова зайду.


5

Марцін спыніўся, расшпіліў каўнер і пачаў выцягваць з-за пазухі павешаны на шнурок ключ ад кватэры. Раніцай ключ быў халодны, боўтаўся недзе каля пупа і крыху драпаў, пасля ён нагрэўся, і калі зрабіўся зусім цёплым, Марцін перастаў яго адчуваць. У паўзмроку ён адразу разгледзеў белую паперку, прыколатую да дзвярэй, але не спяшаўся запальваць святло, каб даведацца, што ў ёй напісана. Ён сагнуўся і так раскалыхаў ключ, што той праляцеў міма левага вуха, вакол галавы і плюхнуўся на правую шчаку. Марцін патрымаў яго крыху ў такім становішчы, за­тым моцным штуршком зноў паслаў яго наперад. Левай рукой ён намацаў кнопку аўтаматычнага выключальніка, правай — знайшоў дзірку замка і, прыклаўшы да яе вуха, стаў напружана ўслухоўвацца: ён хацеў упэўніцца, што ў кватэры нікога няма. У запісцы пэўна сказана, што Альберту таксама спатрэбілася паехаць. Калі ён думаў: «Нікога няма», ён не лічыў бабулі, якая безумоўна сядзіць дома. Думаць: «Дома нікога няма» — азначае думаць: «Бабуля дома, а больш — нікога». «Больш» было тут вырашальным словам, гэтае слова ненавідзеў настаўнік, ён ненавідзеў і словы ўласна, увогуле i ўсё роўна словы куды больш значныя, чым гэта здаецца дарослым. Ён нават пачуў бабулю. Нешта мармычучы, яна хадзіла па сваім пакоі, і ад яе цяжкіх крокаў дрыжала шкляная горка. Пачуўшы бабулю, ён адразу ж уявіў яе сабе; яе і вялізную чорную старасвецкую горку з моранага дубу; горка была вельмі старая, ці, іншымі словамі, вельмі каштоўная. Усё, што было старым, лічылася таксама каштоўным. Старыя цэрквы, старыя вазы. Насціл пад паркетам рассохся, і горка, не перастаючы, дрыжала, калі бабуля хадзіла па пакоі, а посуд у горцы безупынку лёгенька звінеў. Бабуля ні ў якім разе не павінна пачуць, калі ён прыходзіць дадому. А то яна пакліча яго да сябе, пачне карміць усялякай усялячынай — кавалкамі недасмажанага мяса, якое ён не пераносіць, будзе задаваць пытанні з катэхізіса і старыя, нязменныя пытанні пра Гезелера. Ён націснуў кнопку выключальніка і прачытаў запіску, пакінутую дзядзькам Альбертам: «Мне ўсё-ткі давялося пайсці». «Усё-ткі» было тры разы падкрэслена. «Вярнуся ў сем. Пачакай мяне з абедам». Тое, што Альберт тройчы падкрэсліў «усё-ткі», лішні раз пацвярджала важкасць гэтых слоў, якія ненавідзеў настаўнік і выкарыстоўванне якіх забараняў. Ён узрадаваўся, калі святло зноў патухла,— была рызыка, што бабуля выскачыць на святло, пацягне яго да сябе, пачне экзаменаваць і напіхваць недасмажаным мясам, ласункамі; пасля пачнуцца пяшчоты, гульня ў катэхізіс і пытанні пра Гезелера. А то яна проста выскачыць на лесвіцу і закрычыць: «У мяне зноў кроў у мачы!» — будзе размахваць шкляным начным гаршком і аблівацца горкімі слязамі. Яго ванітавала ад бабулінай мачы, ён пабойваўся бабулі і таму ўзрадаваўся, калі выключальнік шчоўкнуў і святло зноў патухла.

На вуліцы ўжо запалілі ліхтары. Жаўтавата-зялёнае святло за спінай Марціна прабівалася праз тоўстае шкло параднага, падала на сцяну і адкідала ягоны цень — вузкі шэры цень на цёмныя дзверы. Ён усё яшчэ не адняў рукі ад выключальніка, неўзнарок націснуў на кнопку, і тут здарылася тое, чаго ён заўсёды чакаў з такім напружаннем: яго цень выскачыў са змроку, як цёмны, вельмі спрытны звер, чорны і страшны; ён пераскочыў праз парэнчы, і цень ад галавы ўпаў на філёнку дзвярэй, што вялі ў падвал; затым ён зноў расхістаў ключ і прасачыў за рухам вузкага шэрага ценю ад шнурка, але тут у аўтамаце ціха цікнула, святло зноў патухла; ён зноў двойчы, нават тройчы — гэта ж было так прыгожа! — прымусіў спрытнага чорнага хуткага звера — свой цень — выскачыць з зеленаватага святла за спінай, так каб цёмная пляма ад галавы зноў падала на ранейшае месца і зноў забегаў па падлозе размыты, шэры цень ад шнурка, што завязаны на шыі. Раптам ён пачуў наверсе шоргаючыя крокі Больды: яна шмыганула праз пярэднюю, у ваннай зашумела вада, і тут ён скеміў, што ў гэты час Больда заўсёды спускаецца на кухню і гатуе сабе булён.

Цяпер самае важнае ўвайсці ў дом ціха, каб бабўля не пачула. Ён уставіў ключ у дзірку, асцярожна пакруціў яго абедзвюма рукамі, пасля піхнуў дзверы, зрабіў шырокі крок, каб пераступіць скрыпучую дошку, і нарэшце апынуўся на тоўстай іржава-чырвонай дарожцы. Не сыходзячы з месца, ён увесь пасунуўся наперад і ціха, каб не шчоўкнуў замок, зачыніў дзверы.

Ён стаіў дыханне і напружана прыслухаўся да гукаў, якія даносіліся з пакоя бабулі: яна, пэўна, нічога не пачула, таму што працягвала расхаджваць па пакоі. Усё гэтак жа звінеў посуд у горцы, і мармытанне бабулі нагадвала размову зняволенага з самім сабой. Яшчэ не настаў час крыві ў мачы — жудасная сцэна, якая перыядычна паўтаралася, калі бабуля ўрачыста праносіла жоўтую вадкасць праз увесь калідор,— з пакоя ў пакой, не саромеючыся разліваць яе, і гэтак жа без усялякага сораму плакала гаручымі слязамі. Маці ў такіх выпадках гаварыла:

— Нічога страшнага тут няма, мама. Я патэлефаную Гурвеберу.

I дзядзька Альберт гаварыў:

— Нічога страшнага тут няма, бабуля, мы патэлефануем Гурвеберу.

I Больда гаварыла:

— Нічога страшнага тут няма, дарагая Бэці, патэлефануй лепш урачу і перестань выломвацца.

I Глум раніцай, калі ён вяртаўся з царквы або з працы і яго сустракалі начным гаршком, таксама гаварыў:

— Нічога страшнага, дарагая бабуся, хутка прыйдзе доктар.

I Марціну даводзілася гаварыць:

— Нічога страшнага, мілая бабуля, мы паклічам урача.

Кожныя тры месяцы на працягу тыдня ўсе гулялі ў гэтую гульню, і з часу апошняга прадстаўлення прайшоў ужо немалы тэрмін — ёсць рызыка, што гульня можа ўзнавіцца менавіта гэтым вечарам, у любы момант.

Ён усё яшчэ стаяў, стаіўшы дыханне, і радаваўся, што бабуля працягвае мармытаць, працягвае хадзіць, а шкляная горка працягвае свой канцэрт.

Ён крадком прайшоў на кухню, у цемені знайшоў запіску ад маці — яна заўсёды пакідала яе на рагу стала на блакітных разводах абруса — і павесялеў, пачуўшы крокі Больды. Калі Больда дома — няма чаго асцерагацца крыкаў бабулі: «Кроў у мачы!» Больда і бабуля занадта доўга ведалі адна адну, і ў якасці адзінай слухачкі Больда не ўяўляла для бабулі аніякай цікавасці.

Загрузка...