У той момант, калі Нэла паклала некалькі марак у падстаўленую далонь шафёра, Гезелер зірнуў на гадзіннік, і ёй раптоўна зрабілася нудна. Яе неадольна пацягнула дадому, да Марціна, Альберта, Глума, да маці і Больды. Марна спрабавала яна аднавіць былую нянавісць да Гезелера. Цяпер ён выклікаў у яе зусім іншае пачуццё, пакуль нязвыклае, халоднае і палохаючае — нуду.
Лабавое асвятленне — рэзкае прамое святло. Усё вакол выдавала плоскім. Няўмела расстаўленыя юпітэры былі накіраваны на нуднага маладога чалавека, які расхаджваў паміж бронзавым фінансістам ібронзавым мулярам, пад словам выгадныя.
— Ну дык як жа, дзяўчына,— спытаў шафёр,— вылазіць будзем або далей паедзем?
Яна ўсміхнулася шафёру, і незадаволены выраз быццам змыла з ягонага твару. Скарачэнне мускулаў твару — недарагі падарунак; але ён адразу ж выскачыў з машыны, пабег адчыняць ёй дзверцы, дастаў чамадан з багажніка.
А Гезелер там, каля ўвахода, зноў зірнуў на гадзіннік. Але, але, яна спазнілася ўжо на сем хвілін. Нэла заплюшчыла на імгненне вочы — яркае святло рэзала іх. Ёй не хацелася глядзець гэты фільм, які толькі што пачаўся,— нудны фільм, без паўтонаў, без настрою.
— Нэла, дарагая, як я рады, што вы прыйшлі!
Яна паціснула ягоную бяздарную руку.
Ззяючы лакам аўтамабіль, ярка-блакітны, як летняе неба; унутры поўны камфорт, зразумела, без абуральнай раскошы.
Што можа зрабіць адна яе ўсмешка: ён пачырванеў, збянтэжыўся.
— Выдатная машына,— сказала яна.
— Вы не паверыце, я наездзіў на ёй ужо сорак тысяч кіламетраў. Проста трэба трымаць свае рэчы ў парадку.
— А як жа,— адгукнулася яна,— няйначай! У парадку ўвесь сэнс жыцця.
Ён недаверліва паглядзеў на яе.
У машыне ўсё было як трэба: і попельніца, і запальнічка — напаленая да чырвані спіралька.
Гезелер выціснуў счапленне і даў газу.
Няўжо вось гэтак жа прыйшла Юдыф у стан Алаферна? Няўжо яна пазяхала на ўвесь рот, праходзячы разам з ім паўз раскінутыя шатры?
Машыну ён вядзе ўпэўнена і не без элегантнасці. Своечасова прытарможвае на чырвонае святло, не ўпусціць магчымасці абагнаць, заўсёды асцярожна выбрацца ў першы рад. Позірк мужны, але, калі прыгледзецца, крыху томны. I ўсё гэта асветлена «ў лоб» — рэзкім прамым святлом. У скрыначцы над запальнічкай — апошні нумар «Весніка». Яна разгарнула газету, адшукала склад рэдкалегіі. «Аддзел культуры і мастацтва — Вернэр Гезелер» — Альберт заўседы называў яго толькі па прозвішчы. Ён не гаварыў, колькі яму гадоў, і Нэла доўгі час уяўляла яго сабе зусім іншым: высокім, плячыстым; жорсткі тып гэткага прыгажуна мужчыны, дзельны афіцэр, руплівы служака. А тут раптам твар, прыдатны ў лепшым выпадку для кінарэкламы: «Не забудзьцеся наведаць замак Брэрніх, пярліну нямецкага барока ў маляўнічай даліне Брэра!»
Вось і ўскраіна. Пацягнуліся платы, мільгануў цыганскі фургон. Нядаўна тут шумеў кірмаш: размаляваныя павозкі, карусель круціцца пад гукі катрынкі, яе абляпілі дзеці. Відаць, карусель круціцца апошні раз, тут жа непадалёку скручвалі брызент, якім яна была пакрыта. Але нават самыя маляўнічыя кадры страчвалі сваю прывабнасць пры такім асвятленні і з такім акцёрам у галоўнай ролі. Дарога і тая нагадвала від з паштоўкі.
Усмешка, яшчэ адна. Цэлая чарга, выпушчаная яму ў твар. Атрымай спаўна, галубок! З’еш! Цяпер здыхай — не пашкадую! А можа, гэта іншы, не той?
Давядзецца тады набрацца моцы і патрываць: ён жа зараз пацалуе мне руку!
Не, гэта ты, галубок, мізэрны дылетант, тупіца, што парваў стужку майго фільма. Твой твар — твар лёсу. Не змрочны, не жорсткі — менавіта твой твар, твая нудная фізіяномія.
Усё ў ім раздражняла яе, нават вытрымка за рулём — стрэлка спідометра быццам прыляпілася да лічбы шэсцьдзесят. Калі ўжо едзеш у машыне, то хай стрэлка ўвесь час дрыжыць каля ста, тонкая нервовая стрэлка, куды больш адчувальная, чым рукі вадзіцеля, якія ляжаць на рулі.
Ён паглядзеў ёй у твар, і яна тройчы адарыла яго ўсмешкай. Скарачэнне мускулаў твару — атрута, падсыпаная завучаным рухам. Ён прыняў яе з удзячнасцю.
Бітэнхан. Ахайныя домікі рассыпаныя па лесе на першы погляд абы-як, але на самай справе агульны выгляд прадуманы да дробязей. Гэтак культывуюць рамантыку ў маляўнічых гарадках, прыманьваючы турыстаў. Над аркай гарадской брамы замураванае ў цэглу ядро часоў Трыццацігадовай вайны. Гэткія ядры вырабляюць з цэменту ў майстэрнях Шмідта: закопцяць яго, аблепяць мохам — і вось яно ўжо тырчыць у сцяне: старое шведскае ядро.
— Цудоўны краявід! — сказаў ён.
— О так, цудоўны,— адгукнулася яна.
Вось і домік маці Альберта. Яна развешвае ў двары бялізну, а Віль брыдзе ўслед і падае ёй прышчэпкі. Па абедзе сюды прыедзе Альберт з хлопчыкам. Яны слаўна адпачнуць тут. А ўвечары прыедзе Глум, спяе, мабыць. А ў панядзелак яны, магчыма, паедуць некуды далей.
«Спыніце машыну!» —ледзь не вырвалася ў яе.
Але яна змаўчала і толькі каля павароту зноў азірнулася. Віль цярпліва стаяў з прышчэпкамі ў руках, а маці Альберта, паставіўшы на дол ярка-жоўты кош, развешвала яго белую начную кашулю. Нэла з сумам глядзела на гэты сцяг міру, які застаўся далёка ззаду, пакуль дрэвы не схавалі яго.
— Цудоўныя мясціны,— сказаў ён.
— Цудоўныя,— пацвердзіла яна.
Ён зноў недаверліва зірнуў на яе. Магчыма, нешта ў яе голасе змусіла яго насцярожыцца. Але ўсмешка зноў усыпіла яго падазрэнні. Жаночая ўсмешка — цудадзейны бальзам, ад якога святлеюць насупленыя твары мужчын. «I зноў ззяе сонца, і зноў жыццё цудоўнае!» Гезелер наддаў газу, стрэлка спідометра падскочыла да сямідзесяці пяці. Ён упэўнена і лёгка браў крутыя павароты, і ўсё тыя ж кадры мільгалі на экране. «Наведайце замак Брэрніх, пярліну нямецкага барока ў маляўнічай даліне Брэра».
Унізе журчаў Брэр, вузенькая зялёная ручаінка, якая даўно ўжо перасохла б, калі б да яе не падводзілі ваду па падземнай бетоннай трубе. Няхай па-ранейшаму шуміць маляўнічы ручай, надаючы ідылічны выгляд акаляючым лясам і лугам. А вось і непазбежны вадзяны млын. Бадзёры грукат драўлянага кола — чуллівая мелодыя маляўнічай даліны Брэра.
— Божа мой, як прыгожа! — сказаў ён.
— Вельмі прыгожа,— згадзілася яна.
Недаверлівы позірк, гаючая ўсмешка, кадры змяняюць адзін аднаго. На імгненне Нэла нават забылася, што сядзіць каля Гезелера. Нуда зламіла яе, як раптоўная хвароба. Душачы пазяханне, яна праз сілу падтрымлівала «свецкую» гутарку: толькі б ён не заўважыў, як ёй нудна.
Але не, мяркуючы па ўсім, ён упэўнены, што ей вельмі весела слухаць расповед пра тое, як у выніку доўгіх і заблытаных інтрыг яму пашэнціла стаць рэдактарам у «Весніку».
Гезелер збавіў хуткасць. Па абодва бакі дарогі праплываў мірны вясковы пейзаж. Жывыя загародкі, каровы на лузе, свінні каля платоў. Да плаціны было ўжо недалёка — Брэр унізе раптоўна забурліў, быццам дзікая горная рачулка. Пэўна, наглядчык за плацінай павярнуў рычаг, і свежая вада хлынула ў ручай. Брэр прыняў чарговую порцыю вясковай ідыліі. Гэты фільм, як бачна, быў зняты вельмі добрасумленным і старанным аматарам. Шэрае святло, без паўтаноў. Пры гэткім асвятленні ўсё навокал здавалася плоскім, быццам ажылі раптоўна фотаздымкі ў нейкіх сумных альбомах. Цэлая гара альбомаў, і ўсе іх давядзецца перагартаць. Мярцвяна-шэрыя кадры, зафіксаваныя на плёнцы няўмелай рукой, што націснула на спускавую кнопку фотаапарата. Гэтакія ж шэрыя здымкі запаўнялі альбомы яе школьных сябровак. Пранумараваная нудота, альбомы, набітыя здымкамі, якія праяўлялі і друкавалі пыхлівыя фатографы на модных курортах. Ад Фленсбурга да Медыны, ад Кале да Карлсбада, на працягу ўсяго доўгага шляху ад аднаго летняга курорта да іншага было ўвекавечана рашуча ўсё, што заслугоўвала ўвекавечвання. Нуда групамі, нуда ў адзіночку, нуда фарматам 8 на 8 і фарматам 12 на 16, а дзе-нідзе нуда ў партрэтным фармаце. Вось яна — Лота на беразе Медынскага заліва, фармат 18 на 24. Гэта — у альбоме № 12, які адлюстроўвае дзявоцтва Лоты ад выпускнога экзамена да заручын. За ім ідзе альбом № 13 — о, мы не прымхлівыя,— цалкам прысвечаны вяселлю і вясельнаму падарожжу Лоты. Нуда пад вэлюмам і без вэлюму, нуда цнатлівая і нуда пазбыўшыся цнатлівасці. «А вось і тата Бернгарда! Ты яго ўжо бачыла?» — «Не».— «Ды што ты?!» Нікому не вядомы весялун, увекавечаны ў фармаце 6 на 8. Ну, а ў альбоме № 14, вядома, цудоўны малы. Міла, Божа, як міла! Адважная рука генія адрэтушавала здымак і нанесла выразныя шэрыя цені на тварык немаўляці.
Ён, зразумела, спыніць машыну ў самай маляўнічай мясціне, палезе цалавацца, затым выцягне «лейку» з партфеля. Яшчэ адзін здымак для альбома: Нэла на развілку дарог. Унізе бачны Брэр, справа плаціна ў лесе, ціхае возера — суцэльная ідылія. Вёска
Ў даліне, вежа старой царквы ўся ў барочных выкрутасах і гэтакі ж старадаўні шынок «Блакітная свіння».
— Як, вы не ведаеце, адкуль пайшла гэтая назва? Вось паслухайце...
Непазбежны гістарычны анекдот, затым зноў пацалунак, яны выходзяць з машыны, наведзены апарат.
Гатова! Шчоўкнуў і барочную царкву, і «Блакітную свінню»...
Цуд здарыўся. Хутка з фоталабараторыі прынясуць пачак нудоты вызначанага фармату.
— Як тут міла! Ці не праўда?
— Але, вельмі міла.
Нэла часта праязджала па гэтай дарозе, да вайны — з мужам, у апошнія гады — з Альбертам, і ніводнага разу яшчэ ёй не было тут нудна. Нават царква і «Блакітная свіння» не наганялі на яе нуды. Але зараз яе так адольвае нуда, што яна больш не мае сілы стрымліваць сябе. Раздражненне неўтаймоўна нарастаў,— гэтак паўзе ўверх ртутны слупок тэрмометра ў спякотны летні дзень.
— Спыніце машыну,— рэзка сказала яна,— я выйду, падыхаю свежым паветрам!
Ён затармазіў. Нэла выйшла з машыны, але не паспела яна прайсці і два крокі ў накірунку лесу, як пачула за спіной шчаўчок і, азірнуўшыся, убачыла Гезелера, які стаяў каля машыны з «лейкай» у руках.
Яна падышла да яго і ціха сказала:
— Ану дайце мне плёнку.
Ён тупа паглядзеў на яе.
— Плёнку дайце, дастаньце касету!
Высока ўзняўшы бровы, Гезелер марудна адчыніў апарат, выняў касету і падаў яе Нэлі. Яна выцягнула з касеты плёнку і парвала яе на кавалачкі.
— Не выношу здымацца,— спакойна сказала яна,— глядзіце не ўздумайце больш здымаць мяне.
Яны зноў селі ў машыну, Нэла крыху павесялела і крадком назірала за Гезелерам. Твар яго набыў упарта-пакрыўджаны выраз, ён нават крыху надзьмуў вусны.
Так і ёсць. Ён спыніў машыну на развілку дарог, адкуль можна было палюбавацца перасыхаючым Брэрам, барочнай царквой і «Блакітнай свіннёй». Пахлапечы гуляючы фотаапаратам, які боўтаўся ў яго на грудзях, ён прамовіў менавіта тыя словы, якіх яна чакала.
— Ну, хіба не чароўна тут!
— Так, вядома,— сказала яна,— а што, доўга яшчэ ехаць да замка?
— З паўгадзіны,— адказаў ён,— вы ведаеце Брэрніх?
— Так, я некалькі разоў была там.
— Як гэта мы з вамі там не сустрэліся? За апошні месяц я двойчы быў у Брэрніху.
— Я ўжо год там не была.
— Ах, вось як? Тады зразумела — я ж тут усяго два месяцы.
— А што вы рабілі да гэтага?
— Вучыўся. Прыйшлося перавучвацца наноў.
— Вы доўга служылі ў войску?
— Так,— адказаў ён,— чатыры гады. Пасля шэсць гадоў замежжа: я ж не меў грамадзянскай прафесіі. Толькі зараз я пачынаю жыць па-чалавечы.
— Жыць? — перапытала яна.— Вы ж, мабыць, гадоў дваццаць восем жывяце на свеце?
— Не, амаль што трыццаць два,— усміхнуўся ён.— Дзякую за камплімент.
— Гэта не камплімент, а звычайная цікаўнасць. Я так і ведала, што вы скажаце, колькі вам гадоў на самай справе. Вы ж не хацелі б выглядаць старэйшым, ці не так?
— Дзеля вас я з задавальненнем накінуў бы сабе гады са два.
— Навошта? — суха запытала яна, абыякава глянуўшы на «Блакітную свінню», якая грэла на сонцы свой наноў пабелены, свежапафарбаваны фасад.
— Тады я быў бы на чатыры гады старэйшым за вас.
— Якія складаныя кампліменты,— стомлена сказала яна.— Але вы памыляецеся, мне ўжо трыццаць сем.
Не, гэта не падобна на паядынак мацёрага бандыта з вопытным следчым. Нешта такое зведвае, мабыць, паліцэйскі чыноўнік, калі дапытвае дробнага зладзюжку.
— Калі і камплімент, то ненаўмысны,— сказаў ён,— вы сапраўды выглядаеце маладзей за свае гады.
— Ведаю.
— Дык што, можа, паедзем далей?
— Паедзем. Толькі, крый Божа, не спыняйцеся ні каля царквы, ні каля «Блакітнай свінні».
Ён з усмешкай глянуў на яе. Нэла змаўчала — дарога перад самым уездам у вёску рабіла крутую пятлю. Гезелер лёгка ўзяў паварот, і яны павольна паехалі па вуліцах мястэчка.
— Забаўная гэтая гісторыя пра «Блакітную свінню», хіба не так? — сказаў ён.
— Пацешная! — згадзілася яна.
Фільм працягваўся — тыповая рэклама бюро падарожжаў.
Лугі, каровы, чыста паголены трэццеразрадны акцёрчык у галоўнай ролі, рэжысуе загадчык аддзелам рэкламы ў бюро падарожжаў — сам быў акцёрам у маладыя гады. А яна? О, яна — кіназорка, якой добра заплацілі за ўдзел у здымках. Фільму патрэбна прыманка! Мірны вясковы пейзаж — як бясплатны дадатак. З кінакамерай — аператар-дылетант, на каротка-тэрміновых аматарскіх курсах яго лічылі здольным хлопцам. Ёй ніяк не ўдаецца абарваць надакучліва мільгаючыя кадры гэтага рэкламнага фільма і ўзнавіць у памяці іншыя кадры: ні фільм, напоўнены ўспамінамі, ні яго другую серыю — непражытае жыццё. Жыццё без баласту, дзеці, свая рэдакцыя, бутэлькі з пярэстымі этыкеткамі ў халадзільніку, Альберт — верны сябра дома. Глума і Больды не было ў гэтым фільме, затое з’явіліся прыгатаванцы 1950 і 1958 гадоў, незачатыя і ненароджаныя дзеці. Яна пакутліва спрабуе ўзнавіць у памяці воблік Рая і зноў распаліць сваю нянавісць. Але памяць падсоўвае толькі шэрыя кадры, цьмяныя, нерухомыя клішэ: італьянскія вёсачкі з рэкламных праспектаў, і на гэтым фоне Рай, быццам турыст, што збіўся з дарогі. Раптам рэчаіснасць урываецца ў мары: яна адчула на сваім плячы руку Гезелера і спакойна сказала: «Прыміце руку!» Ён прыняў руку, і яна марна чакала, што ў душы ўспыхне ранейшая нянавісць.
Успомні, успомні — Авесалом Біліг, растаптаны на цэментнай падлозе. Рай, які ніколі не вернецца, яго забілі, прынеслі ў ахвяру прынцыпу, аўтарытэту камандзіра. Але Рай не прыходзіць — памяць маўчыць. Былая нянавісць не вяртаецца, і толькі пазяханнем крывіць рот. Зноў легла на яе плячо рука Гезелера, зноў яна сказала гэтак жа спакойна: «Прыміце руку!» — і ён зноў прыняў руку. I гэта ён называў «жыць па-чалавечы»? Паціскаць жанчыну ў машыне, затым пацалаваць яе на лясной ускраіне... А з галля глядзіць на закаханую парачку пужлівая лань, глядзіць і быццам пасмейваецца. Лань, якая смяецца,— знаходка аператара!
— Кіньце! — сказала яна.— I не спрабуйце больш. Гэта нудна. Раскажыце лепш, на якіх франтах вы ваявалі?
— Не люблю ўспамінаць пра гэта. Спрабую забыць, і гэта мне ўдаецца. Што было, тое прайшло.
— Але на якіх франтах вы былі, гэта, спадзяюся, вы помніце?
— Амаль на ўсіх. На Усходнім, на Заходнім, на Паўднёвым. Толькі на Паўночным не давялося пабыць. Пад канец вайны я быў у арміі Эрвіна.
— У якой арміі? У каго? — перапытала яна.
— У Эрвіна Ромеля. Хіба вам незнаёмае гэта імя?
— Імёны генералаў, прызнацца, мяне ніколі не цікавілі.
— Ну чаму вы такая злосніца?
— Злосніца? Вы быццам з дзяўчынкай размаўляеце: злая дзяўчынка-ўпора, не падае цётцы ручку — у кут яе! Зрэшты, вы, можа, не ведаеце, што мой муж загінуў на фронце?
— Ведаю,— сказаў ён,— патэр Віліброрд мне расказваў. Ды і хто гэтага не ведае. Прабачце мне.
— Што мне вам прабачаць? Што майго мужа прыстрэлілі? Шлёпнулі, і кропка! Перарэзалі стужку кінафільма, якому суджана было ўвасобіцца ў жыццё, ён застаўся нязбыўнай марай, абрыўкі стужкі валяюцца недзе ў архіве. Паспрабуй жа склей іх! Пасля ўсяго гэтага не так ужо і важна памятаць імёны генералаў.
Гезелер доўга маўчаў. Шанавальнае маўчанне! Назіраючы за ім збоку, яна зразумела, што ён думае пра вайну: успамінае суровыя гады нягод, франтавое сяброўства, Эрвіна.
— Як называецца ваш даклад?
— Мой даклад? «Перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».
— Вы будзеце гаварыць пра майго мужа?
— Канешне! — адказаў ён.— У нашы дні нельга гаварыць пра лірыку, не гаворачы пра вашага мужа!
— Мой муж быў забіты пад Калінаўкай,— сказала яна і, глянуўшы на яго са здзіўленнем і расчараваннем, выявіла, што не адчувае аніякага хвалявання. Ніводзін мускул не ўздрыгнуў і на ягоным твары.
— Так, я ведаю, сказаў ён.— Дзіўна, я ж таксама быў у тых мясцінах. Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года я ваяваў на Украіне! Дзіўна, ці не так?
— Так, дзіўна,— сказала яна.
Ёй раптам захацелася, каб ён аказаўся толькі цёзкам таго, сапраўднага Гезелера.
— Забыў, усё забыў,— паўтарыў ён.— Я ўпарта праганяў з памяці вайну. Вайну трэба забыць!
— Так, забыць,— сказала яна.— Забыць усё — удоў і сірот, кроў і бруд, клопаты — і пракладваць шлях у светлую будучыню. Упэўненасці не хопіць — возьмем пазыку ў Крэдытным банку. Забудзем вайну, але абавязкова запомнім імёны генералаў!
— Ах ты, Божа мой, ну што тут асаблівага? Здараецца часам — скажаш слова на жаргоне тых гадоў.
— Сапраўды,— сказала яна,— гэта якраз жаргон тых гадоў.
— Хіба гэта настолькі ўжо кепска?
— Кепска! Кепскія хлопчыкі — так гавораць пра гарэз, якія цягаюць яблыкі з чужога саду. Але для мяне гэта горш, чым «кепска», калі я слухаю ваш «жаргон таго часу». Мой муж ненавідзеў вайну, і я не дам ніводнага верша для вашай анталогіі, калі вы не возьмеце ў дадатак адно з яго пісьмаў, тое, якое выберу я сама. Ён ненавідзеў вайну, ненавідзеў генералаў і ваеншчыну, і я павінна была б ненавідзець вас. Але, дзіўная рэч, вы толькі наводзіце на мяне нуду.
Гезелер усміхнуўся.
— Навошта ж вам ненавідзець мяне? — спытаў ён.
Голас яго прагучаў самотна, і твар набыў той пакутлівы выраз, які цалкам задаволіў бы пастаноўшчыка аматарскага спектакля.
— Я ненавідзела б вас, калі б са смерцю мужа не абарвалася і маё жыццё. Я хачу аднаго — уваскрасіць яго нянавісць, жыць яго нянавісцю. Бо калі б ён ведаў вас у тыя гады або цяпер, усё роўна, ён проста даў бы вам аплявуху. Я павінна была прадоўжыць яго справу, дзейнічаць і думаць так, як ён вучыў мяне, сцябаюць па шчоках людзей, якія забыліся пра вайну, але як слінявыя гімназісты з трапятаннем вымаўляюць імёны генералаў.
Гезелер маўчаў. Нэла бачыла, як ён моцна сціснуў вусны.
— Былі б вы, урэшце, больш сумленнымі! Адкрыта ўсхвалялі б вайну, не тоячыся ігралі б сваю ролю азлобленых гора-заваёўнікаў. Але робіцца проста жахліва, калі вы, менавіта вы, чытаеце даклады «пра перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».
Гезелер збавіў хуткасць. Замак быў ужо блізка. У густой лістоце мільгануў барочны павільён. Над ім заўсёды кружылі галубы, тлустыя, адкормленыя бутэрбродамі экскурсантаў.
Вось і скончыўся рэкламны фільм, зняты бяздарным аматарам. Асвятленне нічога не вартае, і нават «хэпі энд» не атрымаўся. Традыцыйны «пацалунак у дыяфрагму» на фоне Брэрніхскага замка не адбудзецца. Яна захацела хутчэй вярнуцца дадому, зайсці ў кафэ да марожаншчыка Генэля, убачыць усмешлівага Луіджы, пачуць пласцінку, якую ён заўсёды ставіць, як толькі яна заходзіць у кафэ, і чакаць імгнення, калі скончацца апошнія такты мелодыі. Яе пацягнула да Альберта, да Марціна, і яна пашкадавала, што назаўсёды знік той уяўны Гезелер, якога можна было ненавідзець.
Дробны кар’ерыст, які сядзеў каля яе, не выклікаў у яе нянавісці. Хіба гэта той чорны чалавек, змрочны зладзей, чый вобраз маці яе спрабавала пасяліць ва ўяўленні дзіцяці? Фанабэрысты, дробязны, зусім не дурны. Такі зробіць кар’еру.
— Я выйду тут,— загадала яна.
Ён спыніў машыну, не гледзячы на яе. Яна адчыніла дзверцы.
— Чамадан няхай занясуць у мой пакой.
Ён кіўнуў. Нэла паглядзела на яго збоку, марна чакаючы, што ў душы яе абудзіцца спагада да яго, гэтак жа марна, як толькі што чакала ўспышкі нянавісці.
Патэр Віліброрд ужо набліжаўся да яе з раскінутымі рукамі.
— Нэла! — усклікнуў ён.— Нарэшце! Выдатнае месца мы выбралі гэтым разам для семінара, праўда?
— Так, выдатнае,— адказала яна.— Што, паседжанне пачалося ўжо?
— Даўно ўжо. Шурбігель толькі што прачытаў бліскучы даклад. Усе з нецярплівасцю чакаюць Гезелера.
Гэта ягоны дэбют у нашым коле.
— Правядзіце мяне ў мой пакой,— сказала Нэла.
— Хадзем, я правяду вас,— прапанаваў патэр.
Яна бачыла, як Гезелер падымаўся па шырокай лесвіцы з партфелем і яе чамаданам у руках. Але калі яна з патэрам Вілібрордам падышла да дзвярэй, Гезелера ўжо не было, а чамадан яе стаяў каля каморкі швейцара.
Кандуктарскай фуражкі на вешалцы не было. У прыхожай пахла булёнам і падгарэлым маргарынам. Генрых заўсёды смажыў бульбу на маргарыне. На верхнім паверсе фрау Барусяк спявала «Зялёны грудочак на роднай магілцы». Голас у яе быў чысты, прыгожы, ён ліўся зверху, быццам ласкавы летні дождж. Марцін паглядзеў на вышчарбленую сцяну — невядомы пісаў на ёй тое самае слова не менш за трыццаць разоў. Свежая драпіна пад газавым лічыльнікам сведчыла пра тое, што зусім нядаўна тут зноў прайшло нямое адзінаборства. Унізе, у сталярнай майстэрні, глуха вуркатаў стругальны станок. Дамашні, мірны гром, ад якога заўсёды дрыжалі сцены. Часам гук рабіўся больш рэзкім. Станок амаль што трашчаў, калі абгабляваная дошка вылузвалася з ягонай пашчы. Як толькі сціхаў стругальны станок, пачынаў віскліва скуголіць такарны. Лямпа ў прыхожай безупынку хісталася. А зверху даносіўся прыгожы моцны голас, які ліўся быццам Божы дар. Акно ў двор было шырока расчынена. Унізе гаспадар майстэрні разам са сваім вучнем складваў дошкі ў штабель. Вучань, малады хлопец, ціхенька насвістваў, уторачы фрау Барусяк. Насупраць, у глыбіні двара, грувасціліся руіны дома, які згарэў падчас бамбёжкі. Тырчала толькі пярэдняя сцяна, з зеўрамі праёмаў акон, і праз крайняе з іх, правае, быў бачны самалёт, які пралятаў. За ім цягнуўся даўжэзны транспарант. Вось самалёт знік за прасценкам між вокнамі, але неўзабаве зноў паказаўся ўжо ў праёме другога акна. Маленькі і шэры, ён плыў у блакітным небе, цягнучы ад праёма да праёма свой доўгі шлейф, быццам страказа з неймаверна цяжкім хвастом. Затым ён паляцеў далей і, змяніўшынакірунак, марудна папоўз да званіцы; цяпер Марцін змог разабраць надпіс на транспаранце. Ён чытаў яго слова за словам, па меры таго, як самалёт, разварочваючыся, выцягваў з-за сцяны свой доўгі хвост. Ці гатовы ты да ўсяго?