Вочы яго па-ранейшаму блішчалі, ён раптам радасна засмяяўся і сказаў:

— Любая ты мая!

— Не,— сказала яна,— давай лепш папрацуем.

Яна не хацела, каб яе гэтак кахалі,— гэта палохала яе. Герт ніколі не гаварыў ёй пра каханне, нават муж і той ніколі не вымаўляў гэтае слова: усмешлівы яфрэйтар, усмешлівы унтэр-афіцэр, усмешлівы фельдфебель, які згарэў у танку недзе між Запарожжам і Днепрапятроўскам. Ён толькі зрэдку пісаў пра каханне ў сваіх лістах. Пісаць пра гэта яшчэ так сабе, але гаварыць? Лea, мабыць, і зусім не ведаў гэтага слова, ды так яно і леней. Каханне паказваюць у кіно, пра яго пішуць у раманах, гавораць па радыё, спяваюць у песнях. Толькі ў фільмах у мужчын блішчаць вочы, а твары ад страсці бляднеюць або набываюць шакаладны колер. Але ёй гэта ні да чаго.

— Не, не,— паўтарыла яна,— давай працаваць!

Ён нясмела зірнуў на яе, зноў узяў яе руку, а яна зноў дазволіла яму гэта. I ўсё пачалося наноў. Быццам спрацаваў кантакт — далі ток,— і ў вачах кандытара зноў загарэліся зялёныя агеньчыкі, твар набрыняў і набыў шакаладны колер, ён зноў пачаў цалаваць яе пальцы, затым перагнуўся праз стол, пацалаваў ёй руку каля локця і, не адрываючы вуснаў ад яе рукі, зноў замармытаў сваю пявучую незразумелую мальву: «Рукі твае любыя,— разабрала яна,— шчасце маё, дарагая...»

Яна ўсміхнулася, пахітала галавой, зусім як у кіно, толькі герой фільма — бледны, лысаваты, з апухлым, азызлым тварам. Шакаладная страсць, зеленаватае шчасце і прыкры, гаркавы пах распушчанага шакаладу. Яго неабходна замяшаць больш крута, іначай ён будзе сцякаць з пэндзліка і ўзор не атрымаецца.

Ён выпусціў яе руку, і нейкі час яны працавалі моўчкі. Больш за ўсё ёй падабалася ўпрыгожваць вялікія і плоскія торты. Яна наносіла на іх шакалад шырокімі мазкамі — месца было шмат. Яна макала пэндзлем у шакалад і малявала на свежым пясочным цесце кветкі, жывёл, рыбак. Цеста было жоўтае. Вільма ўспомніла «дамашнія локшыны» на фабрыцы Бамбергера. Акуратныя жоўтыя палоскі, блакітныя пачкі і ярка-чырвоныя купоны.

Яна мела здольнасці да малявання. Гэта захапляла кандытара, як, зрэшты, і ўсё, што тычылася яе. Некалькі лёгкіх рухаў, і на жоўтым пясочным цесце з’яўляліся мудрагелістыя ўзоры: круглыя шакаладныя шары, хаткі, акенцы з фіранкамі.

— Ды ты проста мастачка!

З таго часу як памагаты збег з пякарні, пакой наверсе пуставаў. Ён быў вялікі, светлы. Недалёка ў калідоры ўмывальнік, чыстая і цёплая прыбіральня, абкладзеная белай кафляй. А на плоскім даху — цэлы кветнік, парэнчы, абвітыя дзікім вінаградам. Ціха, ніякіх суседзяў, праз вокны відаць Рэйн; трубы параходаў, панылыя гудкі, што клічуць удаль, і далёка на даляглядзе — мачты з рознакаляровымі сцяжкамі.

Дрыжачымі рукамі кандытар рэзаў хрусткія пясочныя каржы, толькі што знятыя з бляхі. Яна брала ў яго з-пад рук жоўтыя ромбікі, упрыгожвала іх шакаладнымі ўзорамі і малюнкамі. Затым ён намазваў іх крэмам унутры і напластоўваў на іншыя ромбікі.

Яна малявала на іх хаткі з дымячымі камінамі, вокны з акяніцамі, садок, абнесены плотам.

— Цудоўна! — усклікнуў кандытар, і вочы яго зноў заблішчалі.

Новы малюнак — карункавыя фіранкі, антэна на даху, на тэлеграфным дроце сядзяць вераб’і, а наверсе ў аблоках — самалёт.

— Ды ты проста мастачка!

За пакой ён з яе дорага не возьме. А можа, і зусім нічога. У калідоры — маленькая каморка, заваленая ўсялякай непатрэбшчынай: пачкі з-пад пячэння, бутафорыя, рэкламныя лялькі з пап’е-машэ: блакітны кухаронак з сухарыкам на падносе і серабрысты кот, што ліжа какаву. На падлозе параскіданыя парваныя мяхі, бляшанкі з-пад карамелі. Можа, ён дазволіць прыбраць усё гэта і пасяліць там хлопчыка? Яна вымые малюпасенькае акенца, павесіць прыгожую фіранку, адтуль таксама бачны Рэйн і парк на набярэжнай.

Кандытар зноў замармытаў, усхліпваючы і не адрываючы вуснаў ад яе рукі. Адно толькі кепска — ён хоча дзяцей, нудзіцца без іх, а з яе і сваіх хапае. Бо ён нябось развядзе цэлы дзіцячы садок у кветніку на даху. Якія ўжо ад яго дзеці: чахлыя заморкі. Але рукі ў іх, як у яго, будуць вялікія, белыя, з доўгімі тонкімі пальцамі. Гады праз тры яна ўладкуе Генрыха вучнем у пякарню. Вільма ўявіла сабе, як сын прыходзіць з «працы», стомлены, увесь у муцэ. А раніцай з вялікім кошам ён паедзе развозіць хлеб пакупнікам... Вось ён злазіць з веласіпеда, прысланяе да дзвярэй вілы папяровы пакет са свежымі падрумяненымі булачкамі або кладзе іх на лік у зрэбны мяшэчак, што вісіць на сцяне...

Кандытар узяў пясочны корж, паклаў яго перад сабой на чысты ліст паперы і намазаў густым пластам заварнога крэма; затым зверху паклаў другі ромбік, які яна ўжо ўпрыгожыла шакаладнымі ўзорамі.

Ён падсунуў да святла гатовае пірожнае і ўсклікнуў:

— У цябе прападае сапраўдны талент!

...Яна паставіць сабе новыя зубы. Трынаццаць бялюткіх фарфоравых зубоў, якія не будуць хістацца.

— Я гаварыў з жонкай,— ціха сказаў кандытар.— Яна нічога не мае супраць таго, каб ты пасялілася ў нас наверсе.

— А дзеці як жа?

— Яна не вельмі любіць дзяцей, гэта праўда! Ну нічога, неяк прывыкне!

Амазонка ў рудой вельветавай куртцы. Халодная ўсмешка і нязменная песенька пра адважнага маленькага барабаншчыка, які ішоў наперадзе. Яна сапраўды не пярэчыла гэтаму — разлік яе быў зусім нескладаны: няхай жыве ў іх гэтая лялька, плаціць ёй многа не трэба, яна атрымлівае пенсію. Жыллём і харчаваннем хай карыстаецца бясплатна, і калі ёй пакласці яшчэ невялікае жалаванне, яна згодзіцца рабіць і ў пякарні, і на кухні.

А сама амазонка раз і назаўсёды пазбавіцца дамаганняў мужа. Ён ужо неаднойчы пагражаў ёй разводам: адмаўленне ад выканання шлюбных абавязкаў — для суда гэта цалкам дастаткова. Зрэшты, яна толькі пагардліва ўсміхалася ў адказ. Дом належаў ёй, яму — толькі пякарня, а кандытар ён цудоўны, пра развод няма чаго і думаць.

— Навошта гэтыя размовы. Хай застаецца ўсё па-ранейшаму. Я ж даю табе поўную свабоду.

Праўда, калі гэтая лялечка пераедзе да іх — манастырскія заказы адпадаюць. Хлеб і пірожныя да ўрачыстых трапез будзе пастаўляць іншы кандытар. Але невялікая страта: у гэтай лялечкі залатыя рукі. Яе шакаладныя малюнкі проста чароўныя. Прыплаты яна не патрабуе, працуе хутка, лёгка. Дзеці з-за гэтых пірожных проста пабіцца гатовы. Зразумела: тут табе і ласунак, і кніжкі з малюнкамі, і ўсё за адну цану.

— Цяпер у нас развязаныя рукі,— сказаў кандытар. Гэтым разам ён не дакрануўся да яе, але зялёныя агеньчыкі ў ягоных вачах загарэліся і без «кантакту».

...На даху можна загараць; цёмныя акуляры, шэз-лонг. А надвячоркам — на пляж. Добра! Быццам сон на яве. Заглыбленая ў мары, яна бяссільна апусціла руку з пэндзлем. Раптоўна патухла святло. У падвале зрабілася цёмна. Толькі над галавой, на зашклёных люках блішчалі два яркія сонечныя блікі, быццам круглыя празрыста-залатыя плафоны, прывінчаныя да столі. Унізе ўсё было ахінута шэрай імглой, усё расплывалася ў цьмяных ценях. Кандытар стаяў каля выключальніка, якраз пад сонечным промнем, што гуляў на шкле люка. Шэры брызентавы нагруднік, шэры твар з бліскучымі, як зялёныя светлякі, вачамі. Зялёныя светлякі павольна набліжаліся да яе, яны ўжо зусім блізка.

— Запалі святло! — сказала яна.

Ён падышоў да яе ўшчыльную. Яна бачыла цяпер яго азызлы, нясвежы твар і худыя моцныя ногі.

— Запалі святло,— паўтарыла яна,— па мяне сынок павінен сёння зайсці.

Ён не крануўся з месца.

— Я пераеду да цябе,— сказала яна,— але зараз запалі святло.

— Я толькі пацалую цябе,— сказаў ён молячым голасам,— шчасце маё, любыя рукі мае... толькі адзін пацалунак...

I кандытар схіліў галаву і зноў замармытаў свае незразумелыя вершы, нейкія абрыўкі слоў, скажоная да непазнавальнасці песня любові.

— Толькі пацалаваць цябе, толькі раз...

— Добра, але не сёння,— сказала яна,— запалі святло.

— Сёння ўвечары,— нясмела папрасіў ён.

— Добра,— стомлена сказала яна,— цяпер запалі святло.

Ён кінуўся да выключальніка. Зноў успыхнула святло. Сонечныя плямы на столі згаслі. Шэрыя і чорныя цені таргануліся, са змроку выплылі знаёмыя колеры — зачырванелі вішні на блюдзе, на паліцы бліснулі густой жаўцізной лімоны.

— Значыцца, дамовіліся,— сёння вечарам у дзесяць у кафэ на паплаўку.

...Параходы на рацэ свецяцца гірляндамі рознакаляровых ліхтарыкаў. З берага чуваць спевы, смех, гукі банджо; гурты хлопцаў і дзяўчат запоўнілі парк на набярэжнай. Знаёмыя мелодыі Гары Лайма гучаць ў зеленаватым паўзмроку алей. Марожанае ў высокіх

сярэбраных келіхах, проста з лёду, з вішнямі і ўзбітымі вяршкамі.

— Добра,— сказала яна,— я буду там у дзевяць.

— Любая ты мая!

Яны зноў узяліся за работу. Кандытар наразаў пясочныя каржы ромбікамі, яна малявала на іх шакаладныя карцінкі, гірлянды ліхтарыкаў, дрэвы, столікі пад навесам, келіхі з марожаным.

...Наверсе нават ванная ёсць! Чыстая, абкладзеная ружовай кафляй. Гарэлка зроблена па-новаму — запальнік гарыць заўсёды, запалак не трэба. Зімой там заўсёды цёпла. А зубы... трынаццаць навюсенькіх бялюткіх зубоў.

Вішнёвы торт быў гатовы. Яна начала ўпрыгожваць ананасны святочны торт, які замовілі да дня нараджэння нейкага Гуго Андэрмана. Кандытар падаў ёй шпрыц з крэмам, нахіліўся і пацалаваў яе руку каля локця... Яна адпіхнула яго, дакорліва пахітала галавой і пачала асцярожна выводзіць на торце крэмам лічбу «50», увітую лаўрамі і гірляндамі кветак. Зверху ў рамцы з вішань з’явіўся белы надпіс — Гу-го,— а па краях торта — кветкавы арнамент. На пясочным цесце чаргаваліся яркія кветкі: ружа — цюльпан — рамонак — ружа — цюльпан.

— Чароўна! — усклікнуў кандытар.

Ён занёс гатовы торт наверх у магазін. Яна чула, як ён смеючыся гаварыў нешта жонцы. Затым бразнула касавая машына, і амазонка сказала: «Нясі больш гэтакіх — іх проста з рук ірвуць». Кандытар вярнуўся, усміхаючыся, пачаў наразаць ромбамі каржы і падсоўваць іх ёй. Зверху з кандытарскай чуцен быў няясны гул, званкі, і час ад часу чуўся голас амазонкі, якая гучна, нараспеў гаварыла пакупнікам «да пабачэння».

Ляснула чыгунная брамка, пачуўся галасок маленькай Вільмы, якая радасна крычала: «Цукар! Цукар!»

Яна кінула пэндзаль і выбегла ў цемнаватыя сені. Там стаялі мяхі з мукой, карабкі для тортаў, ручная цялежка. Яна падхапіла дзяўчынку на рукі і расцалавала яе, усунула ёй у роцік марцыпанавую цукерачку. Але Вільма вырвалася з рук, падбегла да кандытара і закрычала: «Тата!» Ніколі яшчэ яна не называла яго так. Кандытар падняў дзяўчынку, пацалаваў яе і пачаў кружыцца з ёю па пякарні.

А ў квадраце дзвярэй з’явіўся бледны прыгожанькі тварык Генрыха, нахмураны і сур’ёзны. Але вось ён нерашуча ўсміхнуўся і адразу ж зрабіўся падобны на бацьку: усмешлівы яфрэйтар, усмешлівы унтэр-афіцэр, усмешлівы фельдфебель.

— Чаго ж ты плачаш? — спытаў кандытар, які падышоў да яе ззаду з гарой пячэння ў руках.

— Я плачу... ты не разумееш? — праз слёзы прамовіла яна.

Ён пакорліва кіўнуў, падышоў да хлопчыка і, узяўшы яго за руку, прыхінуў да сябе.

— Цяпер усё будзе па-іншаму! — сказаў ён.

— Не ведаю, магчыма,— азвалася яна.


17

Нэла ўздрыгнула і зірнула на дзяўчынку, якая запаволенымі крокамі нерашуча набліжалася да басейна.

Нэла спынілася каля ўвахода ў летні басейн. Дзверы былі запёртыя. Яна глянула на чорную грыфельную дошку, на якой крэйдай запісвалі тэмпературу вады: апошні запіс быў трохдзённай даўнасці: 12.IX — 15°.

Нэла пастукалася, але ніхто не адказаў, хоць з-за дзвярэй даносіліся мужчынскія галасы. Яна прайшла ўздоўж доўгага раду кабін, пераступіла праз невысокую агароджу з гнутых прутоў і спынілася ў ценю, каля крайняй кабіны. Служыцель сядзеў на сваім месцы, на зашклёнай верандзе перад басейнам, і назіраў, як двое рабочых рамантуюць рашотчаты драўляны насціл у душавых. Яны якраз выцягвалі абцугамі ржавыя цвікі з трухлявага вільготнага дрэва. На цэментавых прыступках, што вялі да веранды, ляжалі свежаабструганыя планкі. Служыцель складваў у чамадан увесь свой няхітры скарб: банкі з крэмам для твару, флаконы з арэхавым алеем для роўнага загару, надзіманых звяроў, рознакаляровыя мячы для воднага пола і гумовыя шапачкі. Кожную шапачку ён складваў удвая і загортваў у цэлафан. На падлозе былі звалены ў груд коркавыя паясы. Служыцель быў падобны на старога настаўніка гімнастыкі. Позірк у яго быў сумны, як у малпы. Ды і рухаўся ён вяла, нерашуча, быццам стомленая старая малпа, якая раптам зразумела, што яе звычайны занятак не мае ніякага сэнсу. Некалькі банак з крэмам вываліліся ў яго з рук і пакаціліся па падлозе. Служыцель пастаяў з хвіліну ў нерашучасці, затым усё ж сагнуўся і пачаў падбіраць іх. Лысіна яго паблісквала каля самага краю стала, раз-пораз знікала, пакуль ён, нарэшце, не выпрастаўся, трымаючы банкі ў руках. Рабочыя ў душавой устаўлялі новыя планкі ў насціл і прывінчвалі іх доўгімі шурупамі. Шурупы адлівалі цьмянай сталёвай сінечай. Ад старых планак, якія валяліся на зямлі, патыхала гніллю.

Вада ў басейне была светла-зялёная, ясна свяціла сонца. Нэла выйшла з кабіны і ўбачыла, як служыцель спалохана ўздрыгнуў. Але затым ён усміхнуўся і расчыніў акно на верандзе. Яна падышла бліжэй. Служыцель толькі таго і чакаў. Не даючы сказаць ёй хоць слова, ён з усмешкай пахітаў галавой:

— Няварта, дальбог няварта! Вада вельмі халодная!

— А колькі сёння градусаў?

— Не ведаю,— ён махнуў рукой.— Я ўжо і мераць перастаў, усё роўна ніхто не ходзіць.

— Ведаеце, я ўсё ж рызыкну,— сказала Нэла,— зрабіце ласку, змерайце тэмпературу вады...

Служыцель відавочна вагаўся. Нэла пусціла ў ход сваю ўсмешку, і ён адразу адышоў ад падваконня. Ён парыўся ў скрынцы стала і дастаў градуснік. Рабочыя ў душавой, як па камандзе, паднялі галовы, але адразу ж прыняліся за сваю справу. Цяпер яны вышкрэбвалі ломікамі бруд з вадасцёкавага жолабу. Слізкае, смярдзючае месіва: пыл, пот, вада — гнілы асадак пляжнай асалоды.

Нэла і служыцель падышлі да басейна. Узровень вады апусціўся. На бетоннай сцяне застаўся глеісты зялёны след.

Служыцель падняўся на пляцоўку для скачкоў і закінуў у басейн тэрмометр на доўгім шнуры. Ён павярнуўся і з паблажлівай усмешкай паглядзеў на Нэлу.

— Мне б яшчэ купальнік і ручнік,— сказала яна.

Ён кіўнуў, паторгаў за шнур,— тэрмометр павольна закруціўся ў зялёнай вадзе.

Служыцель быў падобны на настаўніка гімнастыкі: мускулісты, сухі, з квадратнымі плячамі і вузкай стрыжанай патыліцай.

Насупраць, на тэрасе летняга кафэ, сядзелі людзі. У зелені кустоў, што акружалі тэрасу, бялелі фарфоравыя кафейнікі. Прайшоў кельнер з падносам. Ён нёс пірожныя — белыя круцялі крэму на жоўтым бісквіце. Маленькая дзяўчынка, дурэючы, пералезла праз загародку, што аддзяляла кафэ ад купальні, і пабегла па газоне проста да басейна, туды, дзе стаяла Нэла. З тэрасы пачуўся жаночы голас:

— Не падыходзь так блізка да вады!

Яны павольна пайшлі назад да веранды. Насустрач ім рабочы валок фанерныя дзверы з лічбай 9.

— Там трэба новыя петлі паставіць,— кінуў ён на хаду свайму напарніку. Той кіўнуў.

У гардэробнай служыцель даў Нэлі аранжавы купальные, белую гумовую шапачку і махнаты ручнік. Яна пакінула ў яго сумачку і пайшла ў кабіну пераапранацца. Навокал стаяла цішыня. Нэлі зрабілася жудасна. Звыклыя снабачанні не вярталіся. Рай не прыходзіў або з’яўляўся зусім не такім, якім яна хацела б яго бачыць. Яна пакінула свет сваіх сноў, быццам з'ехала са старой абжытай кватэры. Марна шукала яна знаёмыя шляхі, якімі яна столькі праходзіла ўва сне. Парваная на кускі стужка старога фільма, знаёмыя кадры згасаюць на даляглядзе — даль уцягвае, паглынае іх, як сцёк усмоктвае брудную ваду з ванны. Глухое бульканне, быццам апошні, здаўлены крык тапельца, і вада з кароткім усхліпам сыходзіць у адліў. Гэтак жа знікла і ўсё тое, з чаго былі сатканыя яе сны. Ёй успомнілася ванна пасля купання, у цёплым, душнаватым паветры водар туалетнага мыла, змяшаны з слабым пахам газу; на шкляной палічцы над умывальнікам забыты памазок, увесь у засохлай мыльнай пене.

Пара адчыніць акно — душна! Але там за акном — кепскі рэкламны фільм, без настрою, без паўтаноў, шэрыя, цьмяныя кадры. Дык вось яны якія забойцы! Дробныя кар’ерысты на жалаванні! Яны чытаюць даклады пра паэзію і даўно забыліся пра вайну.

Не падыходзь так блізка да лады! Чуеш ты ці не? — надрывалася на тэрасе маці.

Па гучанні яе голасу Нэла зразумела, што яна крычыць з поўным ротам. Незжаваная трубачка з вяршковым крэмам, злеплены з крэма і цеста камяк глушыў уладныя пералівы голасу маці. Але неўзабаве матуля закрычала зноў, цяпер прарэзліва і выразна:

— Асцярожна! Глядзі, куды ідзеш!

Агідны камяк падступіў да горла. Брудная вада з усхліпам адышла ў адліў: фільм скончыўся. Ненатуральная, надуманая канцоўка — голас Гезелера, ягоная рука на яе плячы, смяротная нуда ў яго кампаніі. Вось яны якія, забойцы! Жарэбчык за рулём, у голасе паганенькая казарменная пажаднасць, хвацка вядзе машыну — усё, больш нічога не скажаш!

Мамаша канчаткова разабралася з пірожным і крычала на ўсю моц:

Не дурэй! Чаго ты носішся як апантаная!

Газоны даўно не падмяталі. Паўсюль былі панакіданы ржавыя металічныя коркі ад бутэлек з-пад ліманаду. Нэла вярнулася ў кабіну і, каб сагрэцца, у надзетых на босую нагу туфлях хуценька пабегла да басейна. Дзяўчо ўсё яшчэ стаяла на траве паміж кафэ і басейнам, а маці сачыла за ёй, перагнуўшыся праз парэнчы,— бясформенная туша ў квяцістай сукенцы.

Слізкія, абымшэлыя прыступкі вялі да вады. Удалечыні, над вяршалінамі дрэў, за тэрасай кафэ цямнеўся дах Брэрніхскага заліва. Над ягоным грэбнем Нэла ўбачыла на блакітным фоне неба сцяг хрысціянскага саюза дзеячаў культуры: залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым. Сцяг злёгку калыхаўся на ветры.

Нэла зняла туфлі, адкінула іх на газон і павольна спусцілася па прыступках. Яна ўвайшла ў ваду, нахілілася і, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пачала ліць яе на сябе. Гэта супакоіла яе. Вада была не такая ўжо і халодная. Яна зайшла глыбей, спачатку па калені, затым па пояс. Купальнік намок, ацяжэў, па скуры цякла прахалода. Яна нахілілася наперад, акунулася і наплыла, нетаропка выносячы рукі і моцна заграбаючы. Яна ціха смяялася ад асалоды — было так прыемна рассякаць зялёную гладзь вады.

Наглядчык па-ранейшаму стаяў на пляцоўцы, захінуўся далонню ад сонца і назіраў за ёй. Яна даплыла да процілеглай сцяны, затым павярнула назад і памахала яму рукой. Дзяўчо на лужку зрабіла яшчэ крок да басейна, але квяцістая туша адразу ж загаласіла:

Не падыходзь так блізка да вады!

Дзіця паслухмяна спынілася і пераступала з нагі на нагу.

Нэла перавярнулася на спіну і наплыла яшчэ павольней. Яна зусім сагрэлася. Ад чужога купальніка злёгку патыхала глеем. Недзе высока ў небе гудзеў нябачны самалёт, толькі шырокі дымны след цягнуўся за ім па небе. Дым, спачатку густы і шчыльны, паступова расслойваўся, валакністыя аблачынкі раставалі, знікалі. Самалёт так і не паказаўся. Нэла спрабавала ўявіць сабе лётчыка ў кабіне. Скураны шлем, акуляры, пахмурна-засяроджаны выраз на хударлявым твары. Яна ўявіла на ягоным месцы сябе за штурвалам самалёта... Недзе там унізе блішчыць возера, малюсенькае, велічынёй з галоўку шпількі або крыху большае — з манету, і ўжо ва ўсялякім выпадку не большае за цыферблат наручнага гадзінніка. Светла-зялёная рабізна вады сярод цёмных плямаў лесу. А можа, возера адтуль і зусім не бачна. Самалёт марудна, быццам з апошняе сілы цягне за сабой цяжкі шлейф. Дымнае воблака жаўцее, распаўзаецца. З апошняе сілы паўзе самалёт па бяскрайняй блакітнай пустыні. Гудзенне сціхла — цяпер ён ужо далёка, там за лесам, на даляглядзе. След яго амаль растаў, а над дахам замка, дзе ён пачынаўся, зніклі нават апошнія дымкі. А сцяг па-ранейшаму выразна выяўляецца на яркім блакітным небе і злёгку калышацца на ветры. Залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым полі старанна прадуманае сімвалічнае спалучэнне.

Удзельнікі семінара сядзяць, мабыць, за вячэрняй кавай. Яны ўражаны дакладам Гезелера і, відаць, прыйшлі да заключэння:

Яшчэ не ўсё страчана!

Нэла зноў павольна праплывае на спіне да процілеглай сцяны басейна. Струменьчыкі вады з шапачкі бягуць па твары, яна адчувае на вуснах гаркавы смак балоцістай вады і міжволі зноў ціха смяецца. Купанне цудоўна асвяжыла яе.

З лесу выехаў паштовы аўтобус. Здаўлена пратрубіў механічны ражок, які ахрып на бясконцых паваротах лясных дарог. Усміхаючыся, Нэла падплыла да берага, вылезла з вады і зноў паглядзела на неба: дымны след самалёта над лесам крута ішоў да зямлі і губляўся за вяршынямі дрэў. Яна павярнулася і прайшла паўз веранду ў сваю кабіну. Служыцель пахвальна ўсміхнуўся. Ад драўлянага насцілу ў кабіне ішоў цяжкі пах гнілля і сырасці — пах мінуўшага лета. Брусы пакрыліся белай плесняй, а на падлозе белы колер пераходзіў у брудна-зялёны. Жоўтая фарба на фанерных сценах парэпалася, аблупілася. Толькі ў адным месцы яна блішчала, як новая: яркая пляма, невялікая, памерам са сподак. Упоперак яе ішоў надпіс алоўкам: «Калі ты любіш жанчыну, то шчаслівая толькі яна,— сам жа ты нешчаслівы».

Энергічны почырк. Уладальнік яго, як бачна, не дурань, цвёрды душою, але часам бывае і пяшчотным. Такім почыркам прастаўляюць звычайна адзнакі: «Добра», «Нездавальняюча» або «Вельмі пасрэдна» на школьных сачыненнях пра Вільгельма Тэля.

Не падыходзь так блізка да вады! Колькі разоў табе гаварыць? — надрывалася мамуля. Голас быў пранізлівы, не змазаны крэмам. Нэла разлічылася са служыцелем, надзяліла яго ўсмешкай, і ён, ухмыляючыся, узяў у яе з рук мокры купальнік, ручнік і шапачку.

На дарозе зноў затрубіў паштовы ражок, фальшыва і бадзёра. Нэла здалёк памахала рукой вадзіцелю і бягом прыпусціла да аўтобуса.

Вадзіцель цярпліва чакаў, адкрыўшы скураную сумку з білетамі.

— Да Бруна,— сказала яна.

— У цэнтр?

— Не, да Рынгштрасэ.

— Дзве трыццаць,— сказаў вадзіцель.

Яна дала яму на дваццаць пфенігаў больш і сказала пры тым:

— Рэшты не трэба.

Вадзіцель зачыніў дзверы і націснуў на рулі кнопку сігналу. Зноў пратрубіў паштовы ражок, аўтобус крануўся.


18

— Усё гэта неабходна скончыць,— сказаў Альберт і зірнуў на Марціна, быццам чакаў ад яго адказу.

Марцін маўчаў. Яго палохала, што Альберт змяніўся з твару. З Альбертам нешта здарылася; яго немагчыма пазнаць, і Марцін не мог зразумець, ці толькі ён таму віною і ці толькі ягонага ўчынку тычацца апошнія словы Альберта.

— Неабходна скончыць,— паўтарыў Альберт.— Цяпер мы будзем жыць па-новаму.

Ён яўна чакаў адказу, і Марцін нясмела запытаў:

— Як гэта «па-новаму»?

Але ў гэты момант яны пад’ехалі да царквы. Альберт затармазіў, вылез з машыны і сказаў:

— Пасядзі тут, а я зайду па Больду.

Марцін ведаў, што Альберт проста шалее, калі ён дзесьці затрымліваецца, і думка пра тое, што з-за яго дзядзька Альберт чатыры гадзіны хваляваўся, шукаў яго па ўсім горадзе, зараз не давала яму спакою. Марцін здагадваўся, што дзядзька Альберт жыць без яго не можа, але ўсведамленне сваёй улады над ім не радавала, а, наадварот, прыгнятала яго. З дзецьмі, у якіх былі сапраўдныя бацькі, гэтага не здаралася. Бацькі не хваляваліся і не гублялі галавы, калі іхнія сыны своечасова не прыходзілі дадому. Яны без доўгіх размоў задавалі ім увечары добрага трапака, а то і без вячэры пакідалі. Пакаранне хоць і не строгае, але цалкам зразумелае. Аднак Марцін зусім не жадаў, каб Альберт задаў яму трапака. Ён чакаў ад яго нечага іншага, хоць і не мог выказаць гэтага словамі, не мог нават у думках дакладна ўявіць сабе, чаго ён хоча. Былі словы, значэння якіх Марцін добра не разумеў, але яны выклікалі ў яго зусім пэўныя думкі і ўяўленні. Думаючы пра распусту, Марцін заўсёды ўяўляў сабе вялізную залу, а ў ёй цэлы натоўп знаёмых яму жанчын. Тут былі і прыстойныя і распусныя. Яны быццам бы выстраіліся ў дзве шарэнгі. Першай сярод распусных стаяла маці Генрыха, а прыстойных пачынала фрау Барусяк; яна была для яго ўвасабленнем маральнасці. За ёй ішла фрау Поскэ, затым фрау Нігемаер. А яго мама была недзе пасярэдзіне, у яе ў гэтай зале не было вызначанага месца. Яна кідалася паміж маці Генрыха і фрау Барусяк, быццам персанаж з мультыплікацыйнага фільма.

Марцін утаропіўся на дзверы рызніцы, думаючы пра тое, ці падобны Альберт увогуле на бацьку. Ён вырашыў, што не падобны. Па-бацькоўску выглядаў стары настаўнік, сталяр і, магчыма, Глум. Але Альберт... У браты ён таксама не падыходзіў. Больш за ўсё яму падыходзіла быць «дзядзькам», але і ад звычайнага «дзядзькі» ён чымсьці адрозніваўся.

Было ўжо каля пяці. У Марціна ў галаве круцілася ад голаду. К шасці яны збіраліся паехаць у Бітэнхан. Марцін падумаў пра тое, што дзядзька Віль даўно ўжо дастаў вуды, выпрабаваў іх адну за другой, накапаў чарвякоў і зараз, мабыць, рамантуе сетку на лужку каля самаробных футбольных варотаў. Затым ён прывяжа сетку драцінай да калочкаў, якія ўбітыя ў зямлю, і, ззяючы ад задавальнення, пабяжыць у вёску збіраць каманду з тамтэйшых хлапцоў. Так што гуляць можна будзе пяць на пяць, як заўсёды.

У дзвярах рызніцы паказаліся Альберт з Больдай. Марцін пералез назад, а Больда села каля Альберта. Яна павярнулася, прыцягнула да сябе Марціна і пагладзіла яго па шчацэ, ускудлачыла яму валасы. Яе халодныя, вільготныя пальцы пахлі шчолакам і мылам. Ад бясконцага мыцця падлогі тонкія рукі Больды набрынялі, пачырванелі, на кончыках пальцаў з’явіліся бялёсыя ямачкі.

— Ну вось бачыш,— сказала Больда,— нікуды ён не падзеўся. Дарма ты хваляваўся. Лепш бы даў яму добрага лепяка — гэта яму вельмі карысна!

Яна рассмяялася, але Альберт зноў паўтарыў, хітаючы галавой:

— Па-новаму будзем жыць!

— Як «па-новаму»? — нясмела перапытаў Марцін.

— Ты пераедзеш у Бітэнхан, там скончыш пачатковую школу, а затым паступіш у Брэрніхскую гімназію. Я сам таксама буду жыць там.

Больда неспакойна затузалася на скураным сядзенні.

— Гэта яшчэ навошта? — сказала яна.— Мне нават падумаць страшна, што ў доме не будзе ні хлопчыка, ні цябе: тады ўжо бяры і мяне з сабой, я кароў умею даіць.

Альберт нічога не адказаў. Праехалі па алеі да скрыжавання, затым ён на малой хуткасці павярнуў на Гельдэрлінштрасэ. Марцін думаў, што ён спыніцца каля царквы, але яны паехалі далей па Навалісштрасэ да павароту на Рынгштрасэ. Альберт наддаў газу; прамільгнулі баракі гарадскога ўскрайку, пацягнуліся зжатыя палі. Удалечыні ўжо віднеўся гай. Альберт ехаў да старой крэпасці.

Больда ўпотай пазірала на яго.

На ўскрайку Альберт спыніў машыну.

— Пасядзіце тут,— еказаў ён,— я хутка вярнуся.

Ён выйшаў з машыны і пайшоў спачатку па дарожцы, якая крута спускалася да варот старога форта. На паўдарозе Альберт нечакана звярнуў убок і пачаў узбірацца ўверх па адхоне. Кусты схавалі яго, але неўзабаве галава Альберта зноў паказалася над сцяной нізкарослага хмызняку. Ён выйшаў на невялікую, расчышчаную палянку, пасярэдзіне якой узвышаўся стары магутны дуб. Альберт крыху пастаяў каля дуба, затым збег па крутым насыпе проста да варот крэпасці.

— Не едзь,— не паварочваючыся да Марціна, ціха сказала Больда,— або вазьмі мяне з сабой.

Голас яе дрыжаў, яна ледзь не плакала, і Марціну зрабілася страшна.

— На каго ж ты нас пакінеш? Бабулю хоць пашкадуй!

Марцін не адказаў, ён убачыў, як на дарожцы бы з-пад зямлі, з’явіўся Альберт. Ён шпарка падышоў да машыны.

— Вылазь,— сказаў ён Марціну,— я хачу табе нешта паказаць.

— А ты можаш тут пачакаць, калі хочаш,— дадаў ён, звяртаючыся да Больды.

Але Больда моўчкі вылезла з машыны, і яны ўтраіх пайшлі па асфальтаванай дарожцы ўніз да варот крэпасці. Марціну было ніякавата. Ён некалькі разоў прыходзіў сюды з Генрыхам і іншымі дзецьмі. Менавіта тут, у кустах, ён найшоў на Грэбхакэ і Вольтэрса» якія рабілі нешта бессаромнае. Ад дому да крэпасці было паўгадзіны хады. Дзецям вельмі падабалася гуляць у перасохлым рове, што акружаў форт.

Унізе, каля крапасных сцен, Рэйна не было бачна. З-за вала тырчалі толькі мачты параходаў з рознакаляровымі сцяжкамі. Затое з даху форта адкрываўся цудоўны від на Рэйн. Быў бачны і мост, разбураны падчас бамбёжкі. Над гладдзю вады жудасна грувасціліся скурожаныя стальныя бэлькі.

Каля самага берага — чырвоны гравій тэнісных кортаў, мітуслівыя белыя фігуркі гульцоў. Часам адтуль даносяцца крыкі, смех, воклічы суддзі, які сядзіць на маленькай вышцы. Марцін быў тут рэдка: Альберт баяўся адпускаць яго аднаго так далёка.

Цяпер ён ішоў, з трывогай пазіраючы на Альберта, які, мабыць, прывёў яго сюды не без нейкага намеру. На дарожцы пад насыпам было ціха, як у цясніне. Але каля крапасных варот яны адразу пачулі смех і крыкі дзяцей, якія гулялі на даху форта.

Не падыходзь так блізка да краю! — пачуўся голас адной маці.

На дах вяла лесвіца, якая пачыналася адразу ж ад варот. Прыступкі яе нядаўна адрамантавалі, залілі бетонам. Масіўныя чыгунныя вароты былі пафарбаваныя ў чорны колер. На шырокім даху разбіты клумбы, цвітуць ружы, журчыць фантан. Па краях даху дзве пляцоўкі, абнесеныя невысокай сцяной. Там пасаджаны маладзенькія ліпкі, а калі ўзлезці на сцяну — Рэйн бачны як на далоні.

Марцін было ўзбег уверх па лесвіцы, але Альберт спыніўся каля варот і паклікаў яго назад. Больда раптам сказала Альберту:

— Мабыць, я пайду пачакаю ў машыне. Ты грыбоў хочаш купіць?

— Не,— адказаў Альберт,— я толькі хачу паказаць Марціну каземат, у якім некалі тры дні пратрымалі ягонага бацьку.

— Дык гэта было тут? — спытала Больда.

Альберт кіўнуў, і Больда сцепанулася, быццам ад холаду. Затым яна моўчкі павярнулася і пайшла назад па дарожцы.

Пакуль Альберт стукаў у вароты, Марцін прачытаў чорны надпіс на жоўтай шыльдзе: «Жорж Баломэн. Парніковыя шампіньёны».

— Тут забілі Авесалома Біліга,— сказаў Альберт,— чалавека, які напісаў партрэт твайго бацькі.

Марціну зрабілася страшна. З каземата ішоў густы цяжкі пах — пахла гноем, сырасцю цёмнага склепа. Нарэшце зарыпелі вароты і з’явілася нейкая дзяўчына з запэцканымі зямлёй рукамі. Яна жавала саломінку.

Дзяўчына ўбачыла Альберта і прамовіла расчараваным тонам:

— А я думала, гной прывезлі.

Забілі?.. Забівалі ў кіно, у дэтэктыўных раманах і яшчэ ў Бібліі: Каін забіў Авеля, а Давід — Галіафа. Марціну не хацелася ісці ў страшны цёмны склеп, але Альберт моцна трымаў яго за руку. У цёмных галерэях панаваў паўзмрок. У казематах дах быў зроблены з тоўстага паўпразрыстага шкла — са столі там мігцела шэрае святло. Дзе-нідзе на сценах цьмяна гарэлі электрычныя лямпачкі, прыкрытыя кардоннымі абажурамі. Яны асвятлялі высокія грады, як бы зрэзаныя пад касым вуглом. Грады пластаваліся, як пірожныя; асобныя пласты рэзка адрозніваліся адзін ад другога. У самым нізе быў пласт зямлі, перамяшаны з гноем, вышэй — зеленавата-жоўты пласт гною, і затым — зноў зямля, але ўжо больш цёмная, амаль чорная. На некаторых градах з зямлі наверсе выглядвалі чэзлыя белыя вырадкі-шампіньёны. Шапачкі грыбоў былі абсыпаны зямлёй. Самі грады былі падобныя на пюпітры,— нейкія загадкавыя пульты, з якіх самі па сабе вырасталі белыя рычажкі; яны нагадвалі кнопкі на рэгістрах аргана, але выглядалі злавесна і загадкава.

Тут забівалі людзей, тут некалі нацы білі і тапталі ботамі ягонага тату і дзядзьку Альберта. Марцін не зусім ясна ўяўляў сабе, хто такія былі гэтыя нацы. Ён ведаў толькі, што дзядзька Альберт гаворыць пра іх адно, а настаўнік у школе — іншае. У школе самым вялікім грэхам лічылі распусту, але яму самому мама Генрыха не здавалася такой жахлівай жанчынай. Жахлівым было толькі тое слова, якое яна прамовіла неяк. Альберт казаў, што няма нічога страшнейшага, чым нацы, а ў школе іх лічылі не такімі ўжо страшнымі. Па словах настаўніка, на свеце было нешта і страшнейшае, не такія ўжо і страшныя нацы, казаў ён, як страшныя рускія.

Дзяўчына з саломінкай у роце прапусціла іх наперад, а з дашчанай кабінкі каля сцяны насустрач ім выйшаў мужчына ў шэрым рабочым халаце і Ў палатняным картузе. Ён курыў цыгарэту, і здавалася, што ягоны круглы дабрадушны твар дыміцца. Шэрыя клубы табачнага дыму раставалі ў паўзмроку.

— Вы прывезлі гной? — зачасціў ён. Вось цудоўна! Гной зусім прапаў — нідзе не дастанеш.

— Не,— сказаў Альберт,— я проста зайшоў сюды на хвілінку з хлопчыкам. У крэпасці некалі быў канцлагер, і мы сядзелі тут разам з яго нябожчыкам бацькам, а аднаго нашага агульнага сябра нацысты замучылі тут да смерць

Чалавек у халаце адхіснуўся, цыгарэта тарганулася ў яго зубах. Ён глыбей насунуў на лоб картуз і ціха ўсклікнуў:

— Mon Dieu!

Альберт зазірнуў у галерэі справа і злева. Вільготныя змрочныя сцены з чорнымі праваламі дзвярэй, і паўсюды грады, грады — злавесныя пюпітры з пачварнымі белымі кнопкамі наверсе. Ад град паднімалася лёгкая пара. Марціну здалося, што ад кнопак і рычажкоў у зямлю ідуць нябачныя правады. А там, глыбока пад зямлёй, стаілася смерць і чакае, пакуль хто не націсне на адну з кнопак.

На цвічку, забітым у сцяну, вісела некалькі шэрых халатаў, каля сцяны дзяўчына з запэцканымі рукамі перабірала грыбы, кідала іх у вялікі кош, што стаяў каля яе ног, а праз зашклёныя дзверы кабіны Марцін убачыў нейкую жанчыну, што выпісвала за сталом разлікі. Валасы ў яе былі накручаныя на бігудзі. Жанчына старанна выводзіла самапіскай словы і лічбы на вузкіх палосах паперы. На даху нейкі хлопчык забарабаніў палкай па шкле парнікоў. З цемры калідора, як з пячоры, адазвалася гулкае рэха. Наверсе пранізліва закрычала адна з матуль:

Асцярожней! Чуеш: асцярожней!

— Яго ўтапталі ў зямлю тут, у адным з гэтых калідораў,— сказаў Альберт,— трупа так і не знайшлі.

Ён раптам павярнуў у адну з бакавых галерэй і пацягнуў за сабой Марціна. Хутка ён спыніўся каля ўвахода ў цёмную нішу. Пюпітры з агіднымі кнопкамі, што тырчалі ўверх, стаялі там амаль ушчыльную адзін да аднаго.

— Запамятай,— сказаў Альберт,— тут білі твайго бацьку, тапталі яго ботамі, і мяне тут білі: запомні гэта назаўсёды!

— Mon Dieu! — сказаў чалавек у шэрым халаце.

Чаго ты носішся як апантаныі — зноў закрычала матуля наверсе.

Альберт падаў руку чалавеку ў шэрым халаце.

— Выбачайце за турботы,— сказаў ён і павёў Марціна да выхада. Каля адчыненых варотаў стаяла малалітражка з прычэпам — прыехаў пастаўшчык гною, якога тут, мяркуючы па ўсім, чакалі з нецярплівасцю. Гаспадар з радаснай усмешкай кінуўся да яго. Мітусліва і перашкаджаючы адзін аднаму, яны адчапілі цяляжку, якая была даверху напоўнена свежым дымячым гноем, і пакацілі яе да варот.

— Нялёгка ён мне даўся,— сказаў той, што прыехаў.

— Слухай, нам трэба быць пільнымі, нехта яўна хоча падставіть нам ножку ў школе верхавой язды.

Піхаючы перад сабой прычэп, яны зніклі ў смярдзючым паўзмроку. Адтуль яшчэ доўга даносіліся асобныя словы «Быць пільнымі», «канкурэнты», «школа верхавой язды»... Затым з форта выйшла дзяўчына а саломінкай у роце і зачыніла вароты.

Марціну вельмі хацелася збегаць на дах, да клумбаў і да фантана, паглядзець на Рэйн. Няблага было б спусціцца і ў роў; там на зямлі валяюцца кавалкі бетону, а наверсе каля самага краю растуць старыя таполі.

Але Альберт цягнуў яго за сабой наверх, міма варот па асфальтаванай дарожцы. Каля машыны на насыпе сядзела Больда і махала ім рукой.

Чаго ты носішся як апантаны! — зноў закрычала наверсе адна матуля.

Асцярожней! Глядзі, куды ідзеші — падхапіла другая.

Не падыходзь блізка да краю!

Яны моўчкі селі ў машыну. Цяпер ззаду села Больда. Ад яе ўсё яшчэ пахла чыста вымытай падлогай. Змяшаны пах вады, шчолаку і нашатыру. Яна заўсёды падлівала ў вядро нашатыр.

Марцін сеў каля Альберта, глянуў на яго збоку і зноў спалохаўся. За гэтыя некалькі гадзін Альберт быццам пастарэў на шмат гадоў, зрабіўся гэтакім жа старым, як настаўнік, як сталяр. Марцін здагадваўся, што ў гэтым вінаваты нацы. Яму зрабілася сорамна за тое, што ён так невыразна ўяўляў іх сабе. Ён ведаў, што Альберт гаворыць толькі праўду, і быў перакананы, што нацы сапраўды вельмі кепскія людзі. Але так гаварыў адзін толькі Альберт, а супраць яго мноства людзей, якія лічаць, што нацысты не такія ўжо і страшныя.

Альберт моцна сціснуў ягоную руку і сказаў:

— Запомні гэта назаўсёды.

— Не, не, я нізавошта не забуду,— таропка адказаў Марцін.

Боль у руцэ там, дзе яе сціснуў Альберт, яшчэ доўга не праходзіў, і Марцін адчуваў, як усё гэта ўразаецца яму ў памяць — цяжкі пах, паўзмрок, гной, дзіўныя пюпітры з кнопкамі, правады, якія ідуць глыбока ў зямлю. Там забівалі людзей, і ён запомніў гэта назаўсёды, як і вячэру ў шынку ў Фавінкеля.

— Божа мой! — загаласіла Больда за ягонай спінай.— Не забірай ты ад нас хлапчанё! Я ўсё буду рабіць, што ты скажаш! Сілы не пашкадую, толькі пакінь яго дома!

— I Генрых таксама будзе жыць у Бітэнхане? — у сваю чаргу нясмела запытаў Марцін.

Ён уявіў сабе Генрыха ў Бітэнхане, без яго вечнага клопату, без дзядзькі Лea, успомніў, як Віль з усмешкай падсоўвае яму маслёнку, усё падкладваючы ў яе масла.

— Яму можна паехаць са мной? — запытаў ён ужо больш настойліва.— Ці я застануся там зусім адзін?

— Я буду з табой,— адказаў Альберт,— табе гэтага мала? А Генрых будзе прыязджаць да цябе ў госці, калі захоча. Я заўсёды магу падвезці яго на машыне,— бо я кожны дзень буду ездзіць у горад па справах. Для вас абодвух там месца не хопіць. Дый маці Генрыха яго не адпусціць: ён жа дапамагае ёй па гаспадарцы.

— Без Вільмы Генрых не паедзе,— нерашуча сказаў Марцін.

Ён ужо ўявіў сабе новую школу, незнаёмых дзяцей. Ён ведаў толькі некалькі хлопчыкаў з вёскі — тых, з якімі ён гуляў у футбол.

— Як гэта «без Вільмы не паедзе»? Чаму?

— Леа б'е яе, калі нікога няма дома. Яна баіцца з ім аставацца адна і плача.

— Не, гэта немагчыма,— сказаў Альберт,— не магу ж я сапраўды пасяліць у маці адразу траіх дзяцей! Зразумей, ты ж не можаш усё жыццё жыць разам з Генрыхам!

Альберт пераключыў хуткасць і моўчкі аб’ехаў

вакол евангелічнай царквы. Затым ён зноў загаварыў, загаварыў абыякава, як служыцель даведачнага бюро! Ён дзяліўся чужой прамудрасцю, нудна, без натхнення, быццам выдаваў бясплатную даведку. Тэкст даведкі аднойчы і назаўсёды зацверджаны, і ў голасе служыцеля поўная абыякавасць.

— Некалі табе ўсё роўна прыйдзецца з намі разлучыцца, і са мной, і з мамай, і з Генрыхам. А Бітэнхан жа не на краі свету! Табе там будзе лепш.

— Мы зараз заедзем па Генрыха?

— Не, пазней,— сказаў Альберт,— спачатку трэба пазваніць тваёй маме, затым заедзем дадому, возьмем твае рэчы, усё, што табе неабходна на першым часе. Ды перастань ты румзаць! — сярдзіта дадаў ён, звяртаючыся да Больды.

Але Больда працягвала плакаць, і Марціна палохалі яе слёзы. Яны паехалі далей. Запанавала маўчанне, і чуваць было толькі, як усхліпвае Больда.


19

Нэла заплюшчыла вочы, зноў адкрыла іх, потым зноў і зноў, але прывід не знікаў. Па алеі гужам цягнуліся тэнісісты. Яны ішлі групкамі па двое, па трое. Маладыя акцёры ў адпрасаваных белых штанах — усе запар першыя любоўнікі. Здавалася, рэжысёр праінструктаваў іх у апошні раз, напомніў пра тое, што каля царкоўнага цвінтара, насупраць дома каханай, недарэчна пералічваць грошы ў партаманеце, і цяпер прапускаў іх па чарзе перад аб’ектывам кінакамеры. Яны бадзёрым крокам ішлі па алеі, у зеленаватым цяністым змроку. Хадзячыя сцёблы спаржы! Быццам цэлая працэсія спаржавых чалавечкаў рухалася па зададзеным маршруце. Сцяблінкі абыходзілі вакол царквы, перасякалі вуліцу і хаваліся ў варотах парку. Здаецца ёй усё гэта, ці што? Або тэнісны клуб дае сёння ў парку банкет? На матч, ва ўсякім выпадку, гэта не падобна. Калі ідзе матч, з кортаў безупынку даносяцца глухія ўдары, пругка б’юцца аб зямлю шэрыя гумовыя мячы.

Ярка-чырвоны гравій кортаў, ускрыкі, смех, дзыньканне шкла каля буфетнай стойкі, якая застаўлена бутэлькамі ліманаду, а далей за абрывам рухаюцца мачты нябачных караблёў з пярэстымі сцяжкамі. Быццам нечая нябачная рука кіруе з-за куліс, цягне іх уздоўж сцэны, і яны знікаюць на даляглядзе, у клубах чорнага дыму.

Нэла паспрабавала лічыць сцябліны спаржы, якія дэфіліравалі па алеі, але хутка ёй гэта надакучыла. Яна дайшла да дваццаці і збілася з ліку. А яны ўсё ішлі і ішлі, смяяліся, размаўлялі адзін з адным. Жвавыя сцяблінкі спаржы,— усе аднолькавага памеру, аднолькава белыя і аднолькава тонкія. Спаржавыя фантомы, яны з вясёлым смехам спускаліся ад вілы Надольтэ, і ўрэшце Нэлі давялося змірыцца з тым, што гэта не сон і не гульня хворага ўяўлення. Марна спрабавала яна адагнаць ад сябе гэтую навалу — нічога не дапамагала. Шэрай машыны Альберта нідзе не было бачна. А ранейшыя бачанні не вярталіся. Рай не з’яўляўся больш на алеі. Раней ёй амаль заўсёды ўдавалася ўбачыць яго, калі яна таго хацела.

...Срабрыста-шэрыя ствалы акацый раптоўна пакрываліся атрутна-зялёнымі палосамі. Іржавыя імшыстыя плямы распаўзаліся па зямлі, там, дзе ў выбоіны набіралася дажджавая вада. Затым палосы на ствалах чарнелі, быццам іх толькі што намазалі дзёгцем. Шумела пакрытая пылам лістота, і ў алеі з'яўляўся Рай: ён ішоў дамоў ад трамвайнага прыпынку. Смяртэльна стомлены, ў безнадзейным адчаі, ён, аднак, ішоў дадому, да яе. Ранейшыя прывіды больш не вярталіся, затое сцяблінкі, што крочылі, былі зусім рэальныя. Нэла зноў пераканалася ў гэтым, калі алея апусцела. Прывідная працэсія скончылася самым звычайным чынам, чым і пацвердзіла сваю рэальнасць. А Рай так і не з’явіўся ў алеі. Цяпер заставалася толькі закурыць цыгарэту ды мацней ухапіцца за пятлю з залатой парчы на гардзіне, каб не ўпасці. Ёй здалося, што яна зноў чуе насмешлівае рэха: ...арод, ...адзіма... рэха, якое не выносіла падману, цяжкім праклёнам легла яно ёй на плечы. Аказваецца, і фабрыка стандартных салдацкіх удоў выпускаў часам бракаваную прадукцыю, нават хахаля не змагла сабе завесці.

Клубы табачнага дыму нерухома стаяць у паветры паміж шклом і гардзінай; яна галодная, але ёй мутарна ад адной думкі пра тое, што давядзецца ісці на кухню. Там стаіць непамыты посуд — брудныя талеркі, кубкі, каструля з засохлай карыной на дне; на сподках у лужынах кавы плаваюць недакуркі ўсё гаворыць пра тое, што абедалі спехам, абы-як. Альберт не вяртаўся. Дом заціх, бы вымер, нават маці і той не чуваць.

Праязджаючы Бітэнхан, Нэла спадзявалася ўбачыць праз акно аўтобуса шэры «мерсэдэс» каля дзвярэй знаёмага дома. Але машыны там не было. Віль з малатком і заціснутымі ў зубах цвікамі рамантаваў самаробныя футбольныя вароты на лужку, бялізну з вяроўкі ўжо знялі. З «маляўнічай даліны Брэра» дзьмуў свежы ветрык. Каля ганка стаялі зялёныя скрыні з піўнымі бутэлькамі, а маці Альберта разлічвалася з хлопчыкам з мясной лаўкі. Усміхаючыся, узяла яна ў яго з рук сакавіты чырвоны кумпяк, і па ззяючым твары падлетка можна было здагадацца, што яму добра далі на чай.

Але і далей па дарозе Нэла нідзе не заўважыла машыны Альберта. Пасля за акном аўтобуса пацягнуліся гарадскія ўскраіны, і яшчэ раз бадзёра пратрубіў механічны паштовы ражок...

...Зноў рэха мінулага замармытала недзе паблізу: ...юрэр, ...арод, ...адзіма. Абезгалоўленая мана абрынулася на яе як праклён. Здавалася, з той пары прайшло ўжо тысячу год. Цэлыя пакаленні, што пакланяліся гэтым ідалам, даўно стлелі ў зямлі. Тры словы, усяго толькі тры скажоныя словы, але ў ахвяру ім прынесены мільёны людзей, спаленых, растаптаных, расстраляных, задушаных у газавых камерах...

Віла Надольтэ выплюнула ў апусцелую алею новую порцыю спаржы. Пяць аднолькавых сцяблінак, белых і тонкіх,— гэта замыкаючыя святочнае шэсце запасныя гульцы. Яны абышлі царкву і як па камандзе павярнулі налева, перасеклі вуліцу і зніклі ў варотах парку.

Хораша бывае заехаць у госці да патэра Віліброрда, зноў пачуць ягоны прыемны голас, які ўсё тлумачыць, супакойвае, закалыхвае, голас, які навявае старый сны. Шурбігель — і той, бывае, супакойвае. Ён, як паслужлівы цырульнік, паставіць цёплы кампрэс, зробіць супакальяны масаж, адным словам, ашчаслівіць. Прыемна, ці не так? Што ж, ва ўсякім выпадку прыемней, чым слухаць занудлівыя спевы манашак у манастыры. Яны спяваюць, не адводзячы вачэй ад распяцця. Добра ім маліцца: Альберт уладкуе ўсе свецкія мітуслівыя справы — праверыць справаздачу, складзе каштарысы. Удзячныя манашкі частуюць яго кавай з манастырскім тортам, дасылаюць чуллівыя падарункі да святаў; кветкі з манастырскага саду, фарбаваныя яйкі на Вялікдзень, анісавыя коржыкі да Каляд. А самі ўсё моляцца, моляцца. У капліцы паўзмрок, духата, на блакітных фіранках чорны цень ад аконнай рашоткі.

Не, ёй рашуча не ўдаецца пераканаць сябе ў тым, што гутарка з Вілібрордам прыемная. Страшна ўявіць сабе, што давядзецца некалі зноў слухаць Шурбігеля. Разышоўся ўтульны паўзмрок дамскага салона, і ў рэзкім святле юпітэраў з'явілася фізіяномія Гезелера. Яны ўсе аднаго крою — гэтыя малойчыкі «не без здольнасцяў», быццам пінжакі з магазіна гатовага адзення: знасіўся адзін — не бяды, заўсёды можна купіць іншы. Вось яны якія — за бойцы! У іх няма нічога жахлівага, такія не прысняцца ў начным кашмары, і для добрага фільма яны таксама не прыдатныя. Месца іх — у кепскіх рэкламных фільмах, знятых пры няўмелым «лабавым» асвятленні. Так яны і скачуць з адной кінарэкламы ў іншую, гэтыя жарэбчыкі за рулём.

I зноў яна пачула рэха. Сцены капліцы не прапусцілі ілжывых слоў, адсеклі ў іх пачатковыя літары і выкінулі абезгалоўленыя вон.

У апусцелай алеі з’явіўся бялявы хлапчук на самакаце. Чырвоны самакат мільгацеў паміж дрэў. Запасы спаржы, відаць, скончыліся.

У дзверы пастукаліся, і Нэла, уздрыгнуўшы, машынальна сказала:

— Заходзьце!

Калі яна ўбачыла твар Бразгота, яна адразу зразумела, што зараз здарыцца. Смяротная туга налажыла пячатку на гэты твар, як некалі на твар Шэрбрудэра. Ён, як люстэрка, адбіваў яе ўсемагутную ўсмешку.

— Так, так, заходзьце,— паўтарыла яна.

— Бразгот,— прадставіўся той, што зайшоў,— я чакаў Альберта ў садзе.

Нэла ўспомніла, што недзе ўжо сустракала яго.

— Мы, здаецца, знаёмыя? — сказала яна.

— Так. Помніце прагулку за горадам летам?

Ён падышоў да яе.

— Ах, так, праўда,— сказала яна.

Ён падышоў да яе амаль ушчыльную. Смяротная туга на ягоным твары праступіла яшчэ больш выразна. Яе ўсмешка забіла яго напавал.

— Адно ваша слова, і я прыкончу Гезелера!

— Сапраўды?

— Заб’ю на месцы!

— Забіваць Гезелера,— сказала яна,— дальбог няварта.

Чаму гэтыя адчайныя людзі так кепска голяцца? Ягоная калючая шчэць падрапала ёй шыю. Ёй не хацелася расчароўваць яго, але яна не магла стрымаць слёз. Ён прыціснуў яе да сябе, пачаў цалаваць. Яны ўсё бліжэй пасоўваліся да ложка, і Нэла, спрабуючы за нешта ўтрымацца, закранула кнопку вентылятара. Мякка зашлёпалі гумавыя лопасці, якія заглушылі дзіўныя, глухія ўсхліпы Бразгота. У яе прамільгнула думка: «Як хлапчук з дзяўчом у закінутым гаражы, што спрабуюць пазбавіцца страху і смяротнай тугі, але ніколі не называюць гэта каханнем».

— Пакіньце мяне, прашу вас! — сказала яна.

— Мы сустрэнемся яшчэ? — запытаў ён рыдаючым голасам.

— Добра, добра, але толькі пасля, а зараз ідзіце. Яна заплюшчыла вочы, пачула гукі, якія аддаляліся, і навобмацак выключыла вентылятар. Але цішыня была невыноснай, і яна зноў уключыла яго. Пах Бразгота быццам прыляпіўся да яе шчакі: саланаваты пах поту, змешаны з вінным і табачным перагарам.

I бракаваную прадукцыю фабрык стандартных салдацкіх удоў можна, аказваецца, скарыстаць; ёй, напрыклад, суджана пазбавіць смяротнай тугі роспачнага няголенага валацугу.

Да дома пад’ехала машына. Яна пачула голас Марціна, і ніколі яшчэ ён не здаваўся ёй такім моцным і чужым. Яна чула, як Марцін з усіх ног кінуўся ў пакой Альберта. Пачуўся смех Больды, голас Бразгота і Альберта, І, нарэшце, яна яўна пачула, як Бразгот сказаў: «Нэла, фрау Бах, ужо дома». Яна не сумнявалася, што і без гэтых слоў, па выразу ягонага твару, Альберт гэта адразу зразумеў.

Пасля яны пачалі правяраць мячыкі для пінг-понга.

Яна чула за сцяной цоканне цэлулоідных мячыкаў, якія стукалі аб падлогу.

— А кашулі ж забыліся,— закрычаў Марці, падручнікі!

— Не хвалюйся,— сказаў Альберт,— я табе ўсё прывязу.

Зноў зацокалі, стукаючы па падлозе, мячыкі, за­тым у дзверы нясмела пастукаліся, і адразу пачуўся сярдзіты голас Альберта:.

— Не ідзі туды, я ж табе сказаў. Дай маці адпачыць. Яна пасля прыйдзе да нас.

— Праўда, прыйдзе?

— Так. Я ж сказаў табе?!

Нэла пачула, як перакочваюцца ў карабку цэлулоідныя мячыкі, стукаючыся адзін аб адзін. Гук гэты слабеў, аддаляўся, але і з саду ён яшчэ далятаў да яе. Пасля Бразгот сказаў Альберту:

— Значыцца, ты вырашыў нічога не прадпрымаць!

— Не, нічога,— адказаў Альберт.

Запрацаваў матор, шум яго аддаляўся, і запанавала цішыня. Нэла была ўдзячная Альберту за тое, што ён пайшоў, не заходзячы да яе, і не пусціў у яе пакой Марціна. На кухні забразгалі талеркі: Больда ўзялася за мыццё посуду і ціха, але страшэнна фальшывячы, спявала: «Ад пагібелі ўратаваў ён увесь род чалавечы».

Плёскат вады, бразгаценне посуду заглушалі голас Больды, але неўзабаве Нэла зноў пачула яе спеў.

«На яго аднаго спадзяёмся».

Зарыпелі дзверцы шафы, шчоўкнуў замок на кухні, і Больда, шоргаючы, павольна пайшла да сябе наверх.

I толькі цяпер у поўнай цішыні Нэла пачула крокі маці. Яна хадзіла туды-сюды, як зняволены ў камеры. А вентылятар, па-ранейшаму ціха гудзеў; Нэла зусім пра яго забылася. Яна выключыла яго, але адразу ж ёй падалося, што цішыня душыць яе, выціскае слёзы з вачэй. Нэла зарыдала.


20

Спаткання ў летнім кафэ не адбылося: пераязджаць вырашылі сёння ж.

У транспартнай канторы замовілі вялікі грузавік — і, як хутка высветлілася, зусім дарма. Пажыткі фрау Брылах, якая пераязджала да кандытара, не занялі і пятай часткі кузава. Пад чахламі і каляровай паперай яе мэбля ў пакоі мела «зусім прыстойны выгляд».

Але на лесвіцы нічога не магло схавацца ад усёбачнага вока суседзяў, якія, ківаючы галовамі, назіралі за пагрузкай. Пераезд быў для іх поўнай нечаканасцю.

Рабочыя вынеслі скрыню з-пад маргарыну, якая была напханая цацкамі, на чарзе быў Генрыхаў ложак. Гэта, уласна, былі звычайныя дзверы з прыбітымі да іх драўлянымі брусамі. Падабенства з ложкам ім надаваў толькі матрац з марской травы ды рэшткі старой фіранкі, якія былі прыбітыя па краях. На машыну пагрузілі два крэслы і стары стол... Колькі разоў узлакочваліся на яго Карл, Герт, Леа! Шафу для адзення замяняла дошка з кручкамі, заціснутая між сцяной і буфетам і завешаная цыратай. Цырата ратавала адзежу ад пылу і вадзяных пырскаў. Больш-менш прыстойна выглядалі толькі дзве рэчы: сервант, фарбаваны пад чырвонае дрэва — яго купілі два гады назад,— і ложачак Вільмы, які падарыла ім фрау Барусяк: яна больш не чакала дзяцей. Прыёмнік застаўся наверсе ў Леа — дзверы ў яго былі зачынены на замок.

Восем гадоў пражылі яны ў гэтым пакоі, шмат разоў рамантавалі яго, бялілі столь і сцены. Але зараз, калі ён апусцеў, убоства яго кідалася ў вочы. Генрых жахнуўся: іхнія рэчы, такія звыклыя ў пакоі, на сваіх месцах, ператварыліся на вуліцы ў кучу хламу, які і перавозіць няварта было б. Кандытар стаяў тут жа і пакрыкваў на рабочых. Тыя ледзь стрымліваліся ад насмешлівых заўваг па прычыне ўсяго гэтага хламу.

— Асцярожней! Тут шкло! — усклікнуў кандытар, калі ўбачыў, як адзін з работнікаў неахайна падхапіў кардонную скрынку з посудам.

На твары кандытара адлюстроўвалася пакутлівая ўнутраная барацьба. Здавалася, ён сумняваўся, ці не надта вялікую цану даводзіцца яму плаціць. Двое дзяцей як снег на галаву, і ўся гэтая старызна каля дзвярэй ягонага дома — сораму не абярэшся.

Генрыху загадалі супакоіць Вільму, якая крычала, не закрываючы рота, з таго часу, як незнаёмы чалавек пацягнуў некуды скрынку з яе цацкамі. Левай рукой Генрых трымаў за руку Вільму, у правей у яго быў ранец, у які ён разам з падручнікамі, малітоўнікам і сшыткамі ўклаў і іншую сваю «маёмасць»: бацькаву брашуру «Што павінен памятаць аўтаслесар перад здачай экзамена на падмайстра», фотаздымак бацькі і некалькі коміксаў: «Здань», «Тарзан». «Тыль Уленшпігель» і «Блондзі». Там жа ляжаў і фотаздымак жанчыны, якая мела некалі сем пудоў вагі. Тоўстая жанчына каля вілы «Элізабэт», якая была названа так у яе гонар; грот з вулканічнага туфу, у акне — мужчына з люлькай у роце і ўдалечыні на заднім плане — вінаграднікі.

Беднасць праяўлялася ўсё больш яскрава, па меры таго як перасоўвалі мэблю і складвалі рэчы. Але не толькі гэта палохала Генрыха. Пакой апусцеў з уражальнай хуткасцю; гэта было не менш страшна. Не прайшло і сарака хвілін, як усё было скончана. На голых сценах выдзяляліся толькі мясціны, дзе шпалеры не выгаралі і добра захаваліся; цёмна-жоўтыя прастакутнікі, аблямаваныя шэрым пластам пылу, засталіся на сцяне там, дзе віселі фотаздымак бацькі і рэпрадукцыя «Тайнай вячэры», і насупраць — там, дзе стаяў буфет і была прыбітая дошка з кручкамі. Маці павымятала смецце з кутоў: асколкі шкла, зліплы ў шматкі пыл, абрыўкі паперы, нейкае загадкавае чорнае рэчыва, што набілася ва ўсе шчыліны ў падлозе. Кандытар апасліва правёў пальцам па шпалерах, быццам прыкідваючы, колькі часу не сціралі пылу, які аблямоўваў цёмна-жоўтыя прастакутнікі на сцяне. Маці нечакана ўсхліпнула і шпурнула на падлогу савок. Спрабуючы супакоіць яе, кандытар злёгку прыабняў яе за плечы, асцярожна пагладзіў па галаве. Але ён нерашуча, як бы з цяжарам, рухаў рукамі, і выглядала гэта не надта пераканаўча. Маці падняла савок і зноў узялася за венік. Вільма крычала безупынку, усё парываючыся выбегчы з пакоя на пошук знесеных цацак.

— Адвядзі яе, прашу Богам, уніз,— сказаў кандытар,— і каляску вазьмі.

Заклапочаны, няўпэўнены выраз не сыходзіў з ягонага твару. Здавалася, раптоўнасць перасялення, у якой ён сам быў вінаваты, цяпер спужала яго. У палове пятай яна дазволіла яму пацалаваць яе руку каля локця, а ў палове сёмай — ужо пераязджала да яго.

Пара было рухацца, пагрузка закончылася: рэчы не занялі і пятай часткі кузава. Рабочыя сядзелі ўнізе на падножцы грузавіка, паглядвалі наверх і раз-пораз свісталі, падганяючы гаспадароў.

Генрых цьмяна помніў, як некалі даўно ім давялося пераязджаць з кватэры на кватэру. Прамільгнулі абрыўкі ўспамінаў: халадэча, дождж, дзіцячая каляска, заляпаныя граззю транспарцёры і грузавікі, маці рэжа бохан хлеба, які нехта як бы выпадкова скінуў ім з грузавіка, што праязджаў міма. Найбольш выразна ён помніў зялёную вайсковую біклажку — Герт забыўся яе пасля на нейкай будоўлі. Успомнілася, як напалохаў яго тады амерыканскі хлеб: ён быў белы, як папера.

Восем гадоў яны пражылі ў гэтым пакоі — цэлую вечнасць.

Генрых мог з заплюшчанымі вачамі адразу адшукаць усе каварныя трэшчыны і шчыліны ў паркеце, дзе націраць падлогу прыходзілася марудна і асцярожна, каб не парваць суконкі. Падлогу ён націраў масцікай — так патрабаваў Леа.

Генрых ведаў на памяць, у якіх месцах пліткі паркету сядзелі нямоцна: масціка там, колькі яе ні намазвай, усё роўна залазіла ў шчыліны. Затое ў іншых месцах яна прылеплівалася да падлогі, і яе трэба было наносіць тонкім слоем.

Ён утаропіўся на цёмна-жоўтую пляму на сцяне: тут вісеў раней фотаздымак бацькі.

— Дык хадзі ж, чаго стаіш? — крыкнуў кандытар.

Генрых выйшаў у прыхожую, але адразу ж вярнуўся, падышоў да маці і сказаў:

— Не забудзься, калі ласка, пра прыёмнік — ён наверсе ў Леа. У яго яшчэ наш збанок, кубак і кансервавы ножык.

— Не, не, не хвалюйся,— сказала маці, але па яе голасу ён зразумеў, што прыёмнік, збанок і кансервавы ножык страчаны назаўсёды, як і мамін халат, што таксама вісеў у пакоі Леа. Генрыху вельмі падабаўся гэты халат — казачныя ружовыя кветкі на чорным.

На лесвіцы стаяла фрау Барусяк і плакала. Яна кінулася да Генрыха, расцалавала яго, затым прыціснула да сябе Вільму.

— Слаўны ты мой хлопчык,— усхліпваючы, сказала яна,— няхай хоць табе будзе там добра.

Сталяр, які стаяў непадалёку, прабурчаў, хітаючы галавой:

— Што тут, што там — адзін грэх!

З-за дзвярэй пачуўся голас маці:

— Ты гэтага хацеў, чуеш! Ты, ты, а не я! крычала яна.

Кандытар глуха прамармытаў нешта ў адказ, і хоць слоў нельга было разабраць, але прагучалі яны не надта пераканаўча.

Усё часцей і ўсё больш пранізліва свісталі ўнізе рабочыя, якія чакалі. Генрых падышоў да акна ў прыхожай і зірнуў на вуліцу. Зверху кузаў грузавіка быў падобны на распоранае чэрава нейкай страшыдлы, якая памылкова праглынула лаўку старызніка. Брудныя лахманы, кульгавыя крэслы, навалены грудам хлам і на самым версе ягоны «ложак». Грузчыкі перавярнулі яго, і шэрыя дзверы адразу ж адкрылі таямніцу свайго паходжання. Зверху выразна быў бачны надпіс, што ўпрыгожваў іх: «Пакой 547. Фінансавы аддзел». Герт прывалок аднойчы ўвечары гэтыя дзверы і чатыры брусы — распілаваныя бэлькі столі. Знайшоўся ў яго і малаток з цвікамі. За пяць хвілін ложак быў гатовы.

— Ты глянь, якая раскоша! — сказаў тады Герт.— Цяпер лажыся, адпачывай.

Генрых лёг, і ложак сапраўды здаўся яму раскошай. I да гэтага часу, яшчэ паўгадзіны назад, ён быў перакананы ў гэтым.

Рабочыя сядзелі на падножцы грузавіка, курылі, паглядвалі ўверх і пасвіствалі.

«Што тут, што там — адзін грэх»,— сказаў сталяр. Генрых зноў успомніў слова, якое маці сказала кандытару два тыдні таму. Тое ж слова Лea пісаў на сцяне. Генрых горка ўсміхнуўся і падумаў, што слова «сужыцельства» і гэтае слова азначаюць, уласна, адно і тое ж. Маці выйшла з пакоя, трымаючы ў руках савок, і Генрых убачыў, што твар яе пакрыўся круглымі барвовымі плямамі. Такія плямы ён ужо неаднойчы бачыў на тварах іншых жанчын, але ў маці іх ніколі не было. Яе чорныя, заўсёды гладка зачасаныя валасы раскудлачыліся і доўгімі пасмамі падалі на лоб. Затым з пакоя выйшаў кандытар і стаў каля сталяра. Ад ягонага нядаўняга гневу не засталося і следу, і твар яго зноў меў звычайны лагодны выраз.

Генрых заўсёды пабойваўся лагодных людзей. У школе сярод настаўнікаў таксама надараліся гэтакія памяркоўныя; але з імі лепш не звязвацца. Дзень — ён добры, два добры, тыдзень, але затое пасля як раскрычыцца! А ў канцы і сам не ведае, што яму рабіць: ці то махнуць рукой, ці зноў раззлавацца, быццам акцёру, што забыў сваю ролю.

— Гавару табе, ідзі ўніз! — закрычаў раптоўна кандытар на Генрыха.— Чорт бы цябе ўзяў, вісус пракляты! Бяры каляску і выбірайся прэч!

«Не смей крычаць на дзіця! — у сваю чаргу крыкнула маці і, плачачы, схавала галаву на грудзях у фрау Барусяк.

Сталяр адвёў кандытара ўбок, а мама сказала скрозь слёзы:

— Ідзі, Генрых, ідзі, дзетка!

Але яму было боязна спускацца аднаму па лесвіцы. Унізе каля дзвярэй стаялі суседзі. Яны абменьваліся насмешлівымі заўвагамі, разглядвалі ўбогую мэблю, а нехта з Брэзгенаў сказаў: «Па пану і ялавічына!» I словы гэтыя папаўзлі ад дзвярэй да дзвярэй — ад Брэзгенаў да гаспадыні малочнай лаўкі, ад яе да старога пенсіянера, былога рассыльнага з ашчаднай касы. Ён прамовіў іх як прыгавор. У тыя часы, калі Генрых купляў яму прадукты на чорным рынку, стары заўсёды ласкава размаўляў з ім. Але цяпер ён ужо даўно перастаў вітацца з мамай, зусім як Карл. Гаспадыня малочнай лаўкі сама распусная, а Брэзгены, па словах сталяра, брудныя свінні. Каму ж яшчэ пра гэта ведаць, як не сталяру,— ён жа гаспадар дома.

Эх, калі б быў жывы бацька. Ён не даў бы яго пакрыўдзіць, узяў бы яго за руку, і яны разам пайшлі б на вуліцу, нават не зірнуўшы на гаспадыню малочнай лаўкі, на старога рассыльнага і на «свіней». Генрых так выразна ўявіў сабе бацьку, быццам добра яго помніў. Ён з цяжкасцю стрымліваў слёзы, якія душылі яго.

— Так, так,— пачуў ён голас пенсіянера,— «па пану і ялавічына»: правільна кажуць людзі. Як было раней, так і засталося!

Як ён ненавідзеў усіх іх! Генрых пагардліва ўсміхнуўся, але слёзы аказаліся мацнейшымі за яго нянавісць. Ён застыў каля акна,— не, нізавошта не пройдзе ён міма іх са слязамі на вачах! Яму здавалася, што старызна ў кузаве скурчваецца, робіцца ўсё больш бруднай і агіднай. Ярка свяціла сонца, вакол грузавіка сабраўся натоўп разявак, а Генрых усё стаяў каля акна і глядзеў уніз на скрыні з анучамі, на шэрыя дзверы з надпісам: Пакой 547. Фінансавы аддзел.

Дзякаваць Богу, хоць Вільма замаўчала. Але рабочый ўнізе свісталі і заўзята плявалі на маставую, стараючыся патрапіць у кінуты недакурак.

Генрыху здалося, што ён пракляты на векі вечныя і прыгавораны стаяць тут каля акна, сярод плачучых жанчын. За спінай у яго — баязлівы кандытар, унізе — агідныя шэрыя трыбухі жабрацтва, што вываліліся ў кузаў грузавіка. I, як ні цяжка яму было, ён усё ж стрымаў слёзы. Чакаць не было чаго, час спыніўся, ён пракляты, асуджаны — і няма яму паратунку. Унізе мармыталі брудныя свінні, за ягонай спінай сталяр нешта гаварыў кандытару, і па голасе старога можна было здагадацца, што ён хітае галавой. I раптам Генрых выразна пачуў слова: распусна.

Нарэшце-такі лёд пад ім праламіўся! Ну й няхай, так нават лепей!

Ён уздрыгнуў, калі пачуў знаёмы сігнал машыны Альберта. Ён глянуў уніз і не паверыў сваім вачам: у двор заехаў старэнькі «мерсэдэс». Генрых пазіраў на яго невідушчым позіркам, не верачы, што Альберт сапраўды прыехаў. Не, паратунку не было, ён пракляты, асуджаны на векі вечныя. Унізе — брудныя свінні, за спінай — маці з плямамі на твары...

Рабочыя на вуліцы загаманілі, вадзіцель залез у кабіну, і хутка пачулася выццё гудка. Вадзіцель, відаць, заклініў запалкай кнопку сігналу на рулі — грузавік гудзеў безупынку. Безупыннае выццё гудка — быццам труба Страшнага суда. А ўнізе хіхікалі брудныя свінні.

Альберт шпарка ўзбег па лесвіцы. Генрых пазнаў ягоныя крокі і адразу ж пачуў звонкі голас Марціна:

— Генрых, Генрых! Што ў вас здарылася?

Але Генрых не азірнуўся на вокліч і моцна сціснуў ручку Вільмы, якая хацела было кінуцца насустрач Марціну. Ён не крануўся нават тады, калі Альберт паклаў яму руку на плячо. Ён усё яшчэ не верыў, што яму не давядзецца аднаму спускацца па лесвіцы. Але цяпер ужо лягчэй было стрымаць слёзы. Затым Генрых шпарка павярнуўся, паглядзеў у вочы Альберту і адразу ж убачыў, што Альберт усё зразумеў. Адзін толькі Альберт мог зразумець усё без слоў. Ён перавёў выпрабавальны позірк на Марціна і пераканаўся, што той, наадварот, нічога не зразумеў.

Марцін убачыў іх жабрацтва, якое так раптоўна паўстала перад ім ва ўсёй сваёй непрыгляднай галечы. Убачыў — і нічога не зразумеў. Генрых быў здзіўлены і ўзрадаваны, але адразу ж падумаў, што здзіўляцца няма чаму, бо Марцін жа яшчэ дзіця, і гэта пра гэтакіх, як ён, было сказана ў пісанні: Будзьце як дзеці. Як добра, што Марцін нічога не зразумеў, а Альберт зразумеў усё!

Марцін толькі запытаў здзіўлена:

— Вы пераязджаеце?

— Але,— адказаў Генрых,— мы пераязджаем да кандытара. Сёння ўжо будзем начаваць там.

Цяпер Марцін зразумеў, і абодва яны ў гэты момант успомнілі тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару. У прыхожай сталяр, фрау Барусяк і кандытар размаўлялі з Альбертам. Марцін і Генрых адначасова паглядзелі ўверх, і ім зусім не падалося дзіўным, што мама Генрыха плача на грудзях у дзядзькі Альберта. Не здзівіліся яны і таму, што яна неўзабаве перастала плакаць, узяла Альберта за руку і пайшла разам з ім да лесвіцы.

— Ну, зараз пойдзем,— сказаў Генрых.

Марцін узяў ягоны ранец, а сам ён, падняўшы на рукі Вільму, павольна, з прыступкі на прыступку, пачаў спускацца ўніз і глядзеў на гаспадыню малочнай лаўкі, проста ў яе вялікія карыя насмешлівыя вочы; ён паспеў зірнуць нават на Брэзгенаў, якія выстраіліся каля сваіх дзвярэй. Чатыры свінні, круглыя, тлустыя морды! Яны нешта перажоўвалі, і іхнія сківіцы безупынку рухаліся. З-за пляча распуснай гаспадыні малочнай лаўкі выглядваў Гуго, яе сужыцель. Гуго таксама нешта жаваў і ў той момант, калі яны праходзілі міма, выцягнуў з рота хвост шпроціны. «Брудныя свінні», як па камандзе, апусцілі вочы, гаспадыня малочнай лаўкі вытрымала позірк Генрыха, а стары рассыльны раптам сказаў:

— Чаму ж ты, Генрых, і развітацца са мной не хочаш?

Генрых нават не зірнуў у ягоны бок. За спінай ён чуў крокі ўдзельнікаў трыумфальнага шэсця. Альберт, смеючыся, гаварыў нешта маці, а яна як быццам таксама смяялася. За імі ішлі фрау Барусяк і сталяр, ззаду за ўсімі — кандытар. Гаспадыня малочнай лаўкі проста сіпела: «Ні даць ні ўзяць шлюбны картэж!» а Гуго, чвякаючы, даядаў шпроціну і адразу ж засунуў у рот другую. Рыбка золатам бліснула ў ягонай руцэ.

Яны спусціліся яшчэ ніжэй, і Генрых убачыў унізе яркае сонечнае святло, якое прасочвалася на лесвіцу праз расчыненыя дзверы. Але ён адчуваў, што думкі яго яшчэ там, наверсе. Яму здавалася, што ён па-ранейшаму стаіць каля акна. Унізе брудныя свінні, за спінай — баязлівы кандытар, ён асуджаны — і няма яму паратунку.

I Генрых назаўсёды запомніў, як ён стаяў каля акна, быццам асуджаны на вечныя пакуты, глядзеў уніз на хлам у кузаве, а з вуліцы неслася безупыннае выццё гудка. Марцін ужо колькі разоў пытаў яго пра нешта. Генрых не адказваў. У думках ён быў яшчэ там, наверсе. Але адно ён ведаў пэўна: Альберт і Марцін зразумелі менавіта тое, што павінны былі зразумець. Паратунак прыйшоў у тыя лічаныя долі секунды, калі ён зірнуў у вочы Альберту і калі Марцін своечасова зразумеў, што здарылася. I гэта выратавала яго, пазбавіла праклёну.

— Ну, чаго ж ты маўчыш! — лез да яго Марцін.— Вы назусім пераязджаеце да кандытара?

— Так, назусім,— адказаў Генрых,— ты ж бачыш, мы ўсё бяром з сабой.

Рабочыя на вуліцы ўсё яшчэ свісталі, але кандытар раптам набраўся смеласці.

— Але, але, зараз ідзём! — моцна крыкнуў ён, і голас ягоны цяпер прагучаў упэўнена і рашуча.

— Пойдзем, Генрых,— сказаў Альберт за яго спінай,— паедзеш з намі ў Бітэнхан разам з Вільмай.

Генрых здзіўлена глянуў на маці, але тая ўсміхнулася і сказала:

— Так, едзь, гэта будзе лепш. А ў нядзелю вечарам пан Мухаў прывязе цябе ў горад. Да таго часу мы ўжо паспеем для цябе ўсё падрыхтаваць.

— Не ведаю, як вам і аддзячыць,— дадала яна, звяртаючыся да Альберта. Той толькі моўчкі кіўнуў і неяк дзіўна паглядзеў на яе. Генрых убачыў, як у вачах маці прабліснула надзея.

Здавалася, маці і Альберт пра нешта дамовіліся без слоў, і гэты маўклівы зарок адлюстраваўся ў іх позірках. Вочы іх сустрэліся на імгненне, але ў гэтую долю секунды яны раптам зразумелі тое, пра што ніколі раней не думалі.

Альберт падаў маці руку, маці пацалавала Вільму, і ўслед за Альбертам яны пайшлі да машыны. Вільма заверашчала ад радасці, калі ўбачыла шэры аўтамабіль.


21

Памагаты кандытара, які збег, не пакінуў багатай спадчыны. Толькі нешматлікія рэчы напаміналі пра яго: фотакартка кіназоркі на сцяне, дзве пары парваных шкарпэтак, іржавыя лёзы для галення на падваконні ды напалову скарыстаны цюбік зубной пасты. На белым начным століку былі рудыя выпаленыя плямы — сляды цыгарэт, якія тут дагаралі. У скрынцы камоды ляжалі леташнія газеты і малюнак з надпісам: Вось яна сапраўдная Афрыка! — рэклама нейкіх усходніх цыгарэт. На малюнку зебры несліся праз саванну, жырафы абшчыпвалі лістоту з высокіх дрэў, а туземцы з размаляванымі тварамі палявалі на ільвоў.

Кандытар загадаў пакінуць у двары «ложак» Генрыха — дзверы пакоя 547 фінансавага аддзела з прыбітымі да іх чатырма брусамі.

— Хай спіць на ложку падмайстра.

— А я?

— Хіба ў цябе няма ложка?

— Няма.

— Дзе ж ты спала?

— У Леа, дзе ж яшчэ!

— А да яго?

— Да яго ў мяне быў ложак, але затым яго давялося спаліць — ён зусім разваліўся.

Пасля гэтага ложак Генрыха ўсё ж усцягнулі наверх, а ёй дастаўся ложак памагатага, амаль новы жалезны ложак, пафарбаваны ў белы колер.

Пакуль рабочыя ўсцягвалі рэчы наверх, у пакой падмайстра, яна выносіла хлам з каморкі ў калідор. Старажытныя галеты з кукурузнай мукі перакочваліся ў бляшанках, быццам каменне. Яна вынесла ўсё ў хляўчук у двары. Чаго толькі не было ў каморцы: карабкі з-пад сухароў,— калі яна несла іх уніз, сухарныя крошкі па-мышынаму шкрэбліся аб кардон; пашкуматаныя мяхі з-пад мукі, лялькі для вітрын з пап’е-машэ — некалі яны рэкламавалі вырабы шакаладных фабрык, якія даўно ўжо збанкруціліся. Назвы іх даўно выкраслены са спісаў кандытарскіх фірмаў. Шакаладныя пліткі з кардону, камы срэбранай паперы велічынёй у футбольны мяч, кардонныя кухараты з доўгімі лыжкамі ў руках — рэклама канцэнтратаў. Усмешлівая бляшаная індыянка прыціскала да грудзей карабок цукерак. На карабку было напісана: Шарбетцудоўныя цукеркі. Растаюць у роце. Ярка-чырвоныя вішні з фанеры, бутафорскія цукеркі ў зялёнай абгортцы і вялізная бляшанка, што да гэтага часу захавала пах эўкаліптавага алею. Гэты пах напомніў ёй дзяцінства — яна кашляла бясконца ўначы, а за шырмай сварыўся бацька. I чым мацней ён сварыўся, тым мацней яна кашляла. А вось і яны, старыя знаёмцы: блакітны кухаронак з сухарыкам і серабрысты кот з кубкам какавы ў лапах.

Рабочыя перасмейваліся, уцягваючы ў пакой яе рэчы.

Яна пачула, як кандытар нясмела спрабаваў суцішыць іх, і адразу ж уздрыгнула, калі адчула на сваім плячы лёгкую, але ўладарную руку, руку, якая нават рычаг касавай машыны сціскала, быццам штурвал карабля.

Кандытарка ўсміхнулася, але, як ні дзіўна, ва ўсмешцы яе не было прыхаванай пагрозы.

— Размяшчайцеся як дома. Вы хочаце размясціць тут сынка?

— Так.

— Гэта вы добра прыдумалі! А ўсю старызну можна вынесці ў хляўчук. Але, можа, нешта пакіньце дзецям — хай гуляюць, яны ж любяць такія рэчы.

— Канешне, гэта ж лепш за ўсякія цацкіі

Кандытарка падняла з падлогі фанеровую плітку шакаладу і выцягнула з цёмнага кута кардонны грузавік — рэкламу нейкага млына, і з усмешкай паказала на бляшаную індыянку:

— Вось гэта ўжо, пэўна, дзецям спадабаецца!

— А як жа!

— Ну дык вазьміце іх.

— Вялікі вам дзякуй.

— Няма за што!

I зноў лёгкая рука легла на яе плечы і ласкана, па-сяброўску, паціснула іх.

— Жадаю вам шчасця!

— Дзякуй!

— Спадзяюся, вам будзе тут добра!

— О, канешне!

— Вельмі прыемна! Да пабачэння.

— Да пабачэння!

Згортваючы мяхі, спускаючыся ў хлеў са штабялямі парожніх карабкоў, яна ўвесь час думала пра яго, пра дзядзьку Марціна, як называў яго Генрых. Нечакана для самой сябе яна там, у прыхожай, спалоханая і раззлаваная, абняла яго, чужога мужчыну. Гэта атрымалася неяк само па сабе. Яна адразу ж спахапілася і хацела адскочыць ад яго, але адчула, як ён злёгку сціснуў ёй руку, а шчакой дакрануўся на імгненне да яе шыі. А як ён паглядзеў на яе ўнізе, калі яна развітвалася з дзецьмі! Мужчына не на кожную жанчыну так глядзіць!

Яна ўсміхнулася і адсунула рваную шырму ў куце і нават здрыганулася ад нечаканасці: перад ёй на падлозе стаялі знаёмыя фанерныя фігуркі — яны пакрыліся пылам і павуціннем, але яркія фарбы да гэтага часу не вылінялі. Яна стрэсла павуцінне рукой. Так, гэта былі яны, бамбергераўскія героі германскіх сагаў, менавіта такія ж, як на малюнках. Набор такіх фігурак Бамбергер выдаваў у якасці прэміі пастаянным сваім пакупнікам. Жаўтавалосы Зігфрыд у ярка-зялёным камзоле замахнуўся кап’ём на ядавіта-зялёнага дракона. Зусім як Георгій Пабеданосец! Каля яго — Крымгільда, Фолькер і Гагена і яшчэ гэты, прыгожанькі, як жа яго звалі? Так, Гізельгер! Фанерныя фігуркі былі прыбіты да шырокай рудой планкі з ярка-жоўтым надпісам: Дамашнія локшыны Бамбергера.

Яна не пачула, як у каморку зайшоў кандытар. Ён асцярожна паклаў руку ёй на плячо.

— Усё гатова! Ідзі паглядзі свой пакой. Божа ж мой, ты зноў плачаш? Што з табой?

Яна моўчкі скінула ягоную руку з пляча, падняла з падлогі планку з фанернымі фігуркамі і, нават не глянуўшы на яго, панесла яе ў свой пакой.

Кандытар ішоў услед за ёй.

— Навошта яны табе?

— Павешу на сцяну,— адказала яна праз слезы.

— Гэтую дрэнь! Кінь яе, я куплю табе добрыя карціны, сапраўдныя! — сказаў ён і, памаўчаўшы, нясмела дадаў: — Горнае возера, капліцу ў лесе або лань на лужку — усё, што ты захочаш! Не вешай ты ў сябе гэтую дрэнь!

— Пакінь мяне,— сказала яна,— мне гэта падабаецца.

У пакоі панаваў ужо поўны парадак: яе сукенкі віселі ў шафе, посуд быў акуратна расстаўлены па скрынках камоду, а скрынку з цацкамі кандытар паставіў пад ложак. У куце стаяў ложачак Вільмы.

— Хіба Вільма тут будзе спаць? — спытала яна.

— Ты мяркуеш, нязручна?

— Не ведаю,— нерашуча сказала яна, паставіла на камод планку з бамбергераўскімі фігуркамі і дадала: — Дзецям гэта спадабаецца!

— Гэта ж дзяшоўка, лубок! — сказаў ён і адвярнуўся.

Яна падсунула да сябе сваю сумку і пачала вынімаць адтуль дробныя рэчы. Перш за ўсё яна дастала фотаздымак мужа і павесіла яго над узгалоўем ложка на цвіку, на якім паблісквала, бы вяночак, меднае кольца ад ранейшай карцінкі.

— Навошта ж тут? — сказаў ён.

— Мне так хочацца, і пакінем гэта!

Яна выцягнула з сумкі старую запальнічку і рэзка, з гру катам, паставіла яе на камод; услед за запальнічкай — гадзіннік на зношаным скураным раменьчыку. Затым яна хуценька нахілілася, пакорпалася ў скрынцы з цацкамі і дастала брызентавы чахол, у якім Карл насіў свой кацялок. Чахол заняў сваё месца на камодзе каля гадзінніка і запальнічкі.

— Дзе мая шкатулка з ніткамі? — запытала яна.

— Вось яна,— адказаў кандытар і высунуў адну са скрыначак камода. Яна вырвала шкатулку ў яго з рук, знайшла ў ёй пілку для пазногцяў — памяць пра Леа, і паклала яе на камод каля брызентавага чахла.

— Ідзі,— ціха сказала яна,— я хачу пабыць адна.

— Я хацеў толькі паказаць табе ванную, а вось ключ ад дзвярэй кветніка на даху.

— Божа,— сказала яна,— пакінь ты мяне ў спакоі хоць на пяць хвілін!

— Навошта табе ўвесь гэты хлам? Я куплю табе новы гадзіннік і запальнічку — твая ж заржавела і не працуе.

— Божа мой! Сыдзі ты нарэшце!

Кандытар падаўся да дзвярэй.

Яна зашмаргнула штору, легла на ложак, нагамі да ўзгалоўя, і доўга глядзела на ўсмешлівага фельдфебеля на фотаздымку, што вісеў перад ёй. Справа на камодзе стаялі героі германскіх сагаў; іхняя яркая расфарбоўка была бачная нават у змроку. Яна адшукала вачыма свайго ўлюбёнца — мужнага і адначасова задумліва-пяшчотнага Фолькера ў чырвоным камзоле, з зялёнай лірай у руках. На планцы ён стаяў каля Гагена.

Яна думала зараз не пра Лea і нават не пра загінуўшага мужа, а пра яго, пра другога, чыя шчака на імгненне дакранулася да яе шыі. Яна спадабалася яму! Мабыць, ён зараз таксама думае пра яе! Ён усё зразумеў, ён дапамог ёй, і яна пакахала яго так, як нікога яшчэ не кахала. Там, у прыхожай, яна выпадкова абняла яго, але ён прыціснуў яе да сябе крыху мацней, чым гэта зрабіў бы іншы на яго месцы. Ён яшчэ вернецца, прывязе дадому Генрыха і Вільму, і яна зноў убачыць яго!

...Кандытар, не пастукаўшыся, зайшоў у пакой і на дыбачках падышоў да яе. Яна са злосцю закрычала на яго:

— Трэба стукацца, калі заходзіш! Ідзі прэч, пакінь мяне!

Кандытар пакорліва выйшаў з пакоя, прамармытаўшы нешта на парозе пра ванную, пра кветнік на Даху.

Яна паднялася з ложка, зачыніла дзверы на ключ і зноў легла. Усмешлівы фельдфебель быў вельмі малады. Ей нават няёмка ўспамінаць цяпер, што некалі яна спала з гэтым хлапчуком-шалапутам.

Кусты за плацам казармы, пах ваксы і схілены над ёй нахмураны, сур’ёзны твар юнага яфрэйтара. Яму першаму яна дазволіла ўсё.

Знізу пачуўся рэзкі смех кандытаркі.

Затым кандытар нешта сказаў ёй, і ў ягоным голасе гучала пагроза і нават рашучасць. Са злосным буркатаннем ён падняўся па лесвіцы і рвануў дзверы.

— Зараз жа адчыні! — крыкнуў ён.

Яна не адказала яму — яна думала пра таго, іншага.

Яна яшчэ не ведала яго імя, але Эрых, Герт, Карл і Леа зніклі з яе памяці, быццам расталі на даляглядзе. А твар кандытара яна не магла больш сабе ўявіць, хоць ён і стаяў за дзвярыма за два крокі ад яе.

— Адчыніш ты ці не? — зноў закрычаў ён, але ягоны пагрозлівы голас толькі насмяшыў яе.

— Сыдзі,— ціха сказала яна,— я не адчыню.

I ён пайшоў.

Яна пачула, як ён спускаўся па лесвіцы і буркатаў з пагрозамі. Але яна думала пра іншага — пра Альберта, і ведала, што ён яшчэ прыйдзе да яе.


22

Спачатку яны доўга гулялі ў футбол з вясковымі хлопцамі, якіх запрасіў дзядзька Віль. Ён пра ўсё паклапаціўся: падстрыг траву, адрамантаваў сеткі на варотах. Яны гулялі з азартам, але затым Генрых раптоўна сказаў: «Надакучыла, не хачу больш». Ён пабег на веранду, дзе за сталом сядзеў Альберт, пацягваў з куфля піва і праглядаў газеты. Але і адтуль Генрых неўзабаве пайшоў. Ён абышоў вакол дома і ўсеўся на калоду каля паветкі з дрывамі. Непадалёку на зямлі ляжаў тапор дзядзькі Віля

Тут Генрыху ніхто не перашкаджаў. Віль пайшоў у вёску спавядацца, Альберт унурыўся ў свае газеты — ён мог чытаць іх гадзінамі, не ўстаючы з месца. Вільму маці Альберта павяла на кухню. Добрая бабулька пякла там пірагі і, як заўсёды, мармытала сабе пры тым пад нос забаўныя прыказкі. «Як спячы пірог да свята, калі прыпасаў малавата?» — павольна гаварыла яна і змушала Вільму паўтараць. Але ў той атрымлівалася толькі «цукар» і «яйка», і маці Альберта весела смяялася. На кухні стаяў пах гарачага здобнага цеста, зусім як у падвале ў кандытара. На падваконні стыла бляха з гатовым пясочным пячэннем.

Потым Генрых пачуў, як і Марцін закрычаў: «Не хачу больш! Надакучыла!» Вясковыя хлапчукі пагулялі яшчэ крыху і разышліся. Голас Марціна даносіўся цяпер з веранды — Альберт вучыў яго гуляць у пінг-понг. Чуваць было, як яны перасоўваюць стол, умацоўваюць сетку. Альберт гаварыў Марціну: «Станавіся сюды! Глядзі, вось так трэба!» Заскакалі цэлулоідныя мячыкі. Іх звонкае цоканне злівалася з голасам маці Альберта: «Яйкі трэба нам і сала, але гэтага нам мала; цукар возьмем мы, смятану і духмянага шафрану», гаварыла яна, а Вільма крычала: «цукар!», «яйка!» — і старая смяялася.

Хораша тут! Мячыкі цокаюць гэтак звонка, і Вільма радасна крычыць на кухні, а як толькі пачуеш голас маці Альберта, адразу ж разумееш, якая яна добрая. I дзядзька Віль добры, і сам Альберт — таксама. «Ад шафрану — пірог румяны»,— пачуўся з кухні голас старой. Слаўная якая прыказка, «шафран» — само слова нейкае смачнае! Што ні кажы, а ўсё гэта для дзяцей! Яго не падманеш — нешта тут не так!

Генрых ведаў цяпер, што кандытар не такі ўжо і добры, як здавалася напачатку. Калі мама сказала, што яны пераедуць да яго, ён падумаў спярша: «Вось здорава». Але затым ён зразумеў, што зусім гэта не здорава. Кандытар падобны на тых «добрых» настаўнікаў у школе, якія яшчэ горшыя, чым злыя: гэтыя ўпадаюць у гнеў у самы непадыходзячы момант.

З іншага боку, кандытар усё ж лепшы, чым Леа. Адно ж хоць, зрэшты, зразумела: грошай у іх пэўна будзе болей.

Запальнічка дзядзькі Эрыха, мамін гадзіннік — падарунак Герта і брызентавы чахол, у якім Карл насіў кацялок, былі ў ягонай памяці непадзельныя адно з адным, быццам ляжалі на адной паліцы. Цяпер ён паклаў на гэтую паліцу і пілку для пазногцяў, што належала Леа. У мітусні збораў маці выпадкова ўсунула яе ў сваю шкатулку з ніткамі. Да своеасаблівых пахаў Эрыха, Герта і Карла далучыўся яшчэ пах Леа — пах адэкалону і памады. На кухні старая са смехам гаварыла Вільме: «Сарока-белабока кашку варыла, пірог выпякала, гасцей ззывала...» Генрых уявіў сабе, як яна месіць там жоўтае салодкае цеста, мармоча свае прыказкі, быццам добрая чараўніца заклінанні: «...гэты пальчык — дровы сек, гэты печ распаліў, гэты — ваду насіў, гэты — мукі купіў, а мезенчык малы, нічога не рабіў, прыйшоў і ўсё з’еў!» Вільма смяялася звонка і радасна.

З-за дома высунуўся дзядзька Віль і ўважліва паглядзеў на яго. Затым Генрых пачуў, як ён падняўся на веранду і запытаў Альберта:

— Што гэта здарылася з хлапчуком.

— Пакінь яго ў спакоі,— адказаў Альберт.

Яны размаўлялі нягучна, але Генрых чуў кожнае слова.

— Ці нельга памагчы яму чым? — зноў запытаў Віль.

— Можна-то можна,— сказаў Альберт,— але лепш пакінь яго зараз у спакоі. У галоўным жа ты яму не дапаможаш!

У вёсцы зазванілі званы — самотна і пяшчотна. Генрых зразумеў, чаму разышліся дзеці, якія гулялі ў футбол. Званілі да абедні, а ўсе яны былі служкамі ў вясковай царкве.

— Ты пойдзеш са мной? — крыкнуў Марціну Віль.

— Так, так,— адказаў Марцін.

Цоканне мячыкаў адразу перарвалася. Генрых пачуў, як Віль яшчэ нешта запытаў у Альберта пра яго.

— Не трэба, пакінь яго,— адказаў Альберт і, памаўчаўшы, дадаў: — Ідзіце, я тут пасяджу.

Глуха і працяжна званілі званы. На кухні зноў радасна запішчала Вільма: ее кармілі яйкам усмятку. Хораша тут, усё гладзенька — без сучка і задзірынкі, але ўсё гэта не для яго. Надта ўжо гладка! I пахі тут адзін лепш другога. Пахне свежым дрэвам, пячэннем, свежым цестам, але і пахі гэтыя чужыя: занадта ўжо добрыя!

Ён выпрастаўся, прыхіліўся да сцяны паветкі і пачаў глядзець у расчыненыя вокны. У зале рэстаранчыка за сталамі сядзелі людзі, яны пілі піва, елі бутэрброды з вяндлінай. Дзяўчына-кельнерка раз-пораз падносіла бутэрброды і зноў ішла на кухню. Там яна наразала хлеб, вяндліну, рабіла новыя бутэрброды. Генрых убачыў, як дзяўчына адрэзала кавалачак вяндліны і наклала яго ў роцік Вільме. Тая пачала жаваць, недаверліва ссунуўшы броўкі. Забаўна было назіраць, як паступова зморшчыкі на яе лобіку разыходзіліся і яна ўхвальна заўсміхалася. Пасля таго як яна добра сжавала і праглынула кавалачак, Вільма заззяла. Маці Альберта і кельнерка так і пакаціліся ад смеху. Усміхнуўся і Генрых — гэта і сапраўды было забаўна. Але ўсмешка атрымалася стомленая. Ён і сам ведаў, што ўсміхаецца нехаця, як абцяжараны клопатамі даросяы чалавек, якому не да смеху.

У гэты момант да дома пад’ехала таксі з горада, і ён напалохаўся: мабыць, зараз нешта здарыцца, калі ўжо не здарылася. З машыны выйшлі бабуля і мама

Марціна. Бабуля, не выцягваючы з рота дымнай цагарэты, моцна сказала шафёру: «Пачакайце тут, галубок»,— і пабегла да ганка. Твар у яе быў чырвоны, сярдзіты.

— Альберт! Альберт! — закрычала яна на ўвесь двор.

Людзі ў рэстаране паўскоквалі са сваіх месцаў, кінуліся да вокнаў. У акне кухні паказаліся напалоханыя твары кельнеркі і маці Альберта, а сам Альберт выбег у двор з газетай у руках. Ён убачыў бабулю, нахмурыўся і, павольна складваючы газету, пайшоў ёй насустрач. Мама Марціна падышла да акна кухні і загаварыла з маці Альберта з такім выглядам, быццам усё гэта яе ніякім чынам не тычыцца.

— I ты нічога не хочаш зрабіць? — сказала бабуля, гнеўна страсаючы попел з цыгарэты.— Тады я сама паеду туды і заб’ю яго ўласнымі рукамі! Паедзеш ты са мной ці не?

— Паеду, паеду, супакойся! — стомлена сказаў Альберт.— Але што ў тым толку?

— Пра што толькі ўсе вы думаеце? — сказала бабуля.— Сядай у машыну!

— Як хочаш,— сказаў Альберт.

Ён паклаў газету на падаконнік, залез у машыну, адчыніў знутры заднія дзверцы і пасадзіў бабулю каля сябе.

— Ты, значыцца, застаешся? — ужо з машыны крыкнула бабуля маці Марціна.

— Так, я пачакаю вас тут,— адказала тая.— Не забудзьцеся захапіць мой чамадан, чуеце?

Але шафёр ужо выехаў са двара. Неўзабаве таксі знікла за паваротам. Званы змоўклі, і маці Альберта сказала маці Марціна: «Заходзьце, што ж вы?» Тая кіўнула і сказала кельнерцы: «Дайце мне дзяўчынку!»

Кельнерка паставіла Вільму на падаконнік. Генрых вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, як маці Марціна спрытна ўзяла яе на рукі і, усміхаючыся, зайшла ў дом.

Затым зацокаў цэлулоідны мячык і пачуўся смех Вільмы. Добра ўсё гэта, слаўна, толькі не для яго.

У рэстаране зацягнулі песню: Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! З кухні ў залу прайшла кельнерка з падносам, на якім стаялі піўныя куфлі. Маці Альберта на кухні адкрыла вялікую бляшанку з кансерваванымі сасіскамі, затым пачала рыхтаваць салату. На верандзе смяялася маці Марціна.

Смяялася і Вільма. Генрых здзівіўся: маці Марціна падалася яму раптам вельмі мілай і добрай.

Так, усё тут добра, але яму ад таго не лягчэй. Бо ягоная мама зараз «сужыцельствуе» з кандытарам. Яна прамяняла Леа на кандытара. Гэта хоць і выгадна, але жахліва!

На дарозе насупраць дома спыніўся жоўты паштовы аўтобус. Расчыніліся дзверцы, на зямлю саскочыў Глум і дапамог сысці Больдзе. Больда падбегла да расчыненага акна кухні і ўсклікнула гучна:

— Што ж гэта цяпер будзе!

Але маці Альберта ўсміхнулася і адказала:

— Нічога там не здарыцца! А ты вось лепш скажы, дзе я вас усіх спаць пакладу?

— Я не магу супакоіцца, проста месца сабе не знаходжу,— сказала Больда.— Ат, я і на старой кушэтцы высплюся.

Глум засмяяўся і здушана прахрыпеў:

— На падлозе! Ёсць салома?

Затым ён з Больдай накіраваўся ў царкву, каб паклікаць Віля і Марціна.

Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! — спявалі ў рэстаране, а маці Альберта на кухні відэльцам вывуджвала з бляшанкі вялікія ружовыя сасіскі.

З веранды пачуўся голас маці Марціна:

Не падыходзь так блізка! — закрычала яна і адразу ж засмяялася непрыемна і рэзка. Генрых спалохаўся і, павярнуўшыся, убачыў, што Вільма, якая бегла да качынага стаўка, спынілася, калі пачула вокрык, і затупала назад. Маці Марціна паклікала яго да сябе, узяла яго за руку і запытала:

— Ты гуляеш у пінг-понг?

— Кепска,— адказаў ён.— Я калісьці спрабаваў гуляць.

— Давай, я цябе навучу, хочаш?

— Добра,— сказаў ён, хоць гуляць яму не хацелася.

Яна высунула стол на сярэдзіну веранды, зноў замацавала сетку і падняла з падлогі ракеткі.

— Станавіся вось тут,— сказала яна і паказала, як трэба падаваць мяч.

Удар быў моцны, мяч праляцеў высока над сеткай, і Генрых лёгка яго адбіў.

Вільма поўзала па падлозе і радасна верашчала. Ей вельмі падабаўся белы лятаючы мячык. Кожнага разу, калі ён падаў, яна паднімала яго і несла да стала. Але аддавала яна мячык толькі маці Марціна, а не Генрыху.

Увесь час Генрых думаў пра тое, што ягоная маці сужыцельствуе зараз з кандытарам. Гэта было вельмі дрэнна, і яму здавалася гэта значна больш распусным, чым сужыцельства з Леа.

Званы зноў зазванілі размерана і ўрачыста, святар зараз бласлаўляе паству. Затым кураць ладан і спяваюць «Tantum ergo». Ён пашкадаваў, што не пайшоў з Марцінам, яны стаялі б адзін каля аднаго ў паўзмроку між спавядальняй і дзвярыма.

Генрых хутка засвоіў, што мяч трэба падаваць рэзкім і модным ударам. Некалькі разоў яму ўжо ўдалося падаць мяч так, што маці Марціна не змагла яго адбіць. Яна засмяялася, але пачала гуляць з ім сур’ёзна, твар яе набыў засяроджаны выраз.

Цяжка было сачыць за лётам мяча і своечасова адбіваць яго. Генрых думаў зусім пра іншае: пра бацьку, пра дзядзькаў, пра кандытара, які зараз сужыцельствуе з ягонай мамай. А ў Марціна мама прыгожая, высокая, стройная, бялявая. Цяпер яна вельмі падабалася яму, асабліва калі, не перарываючы гульні, раптам паварочвалася да Вільмы і ласкава ўсміхалася ёй. Вільма ззяла, ёй таксама гэта вельмі падабалася.

Усмешка ў мамы Марціна была светлая, такая ж добрая, як і ўсё тут,— як звон званоў, як пах здобнага цеста. Усё гэта яму тут дарылі — і ўсмешку і звон званоў,— і ўсё ж падарунак заставаўся чужым. Яму зноў прыйшоў на памяць пах Леа — пах туалетнай вады і памады, успомнілася і ягоная пілачка для пазногцяў. Яна застанецца цяпер назаўсёды ў мамы ў шкатулцы з ніткамі.

Ён пачаў гуляць больш уважліва, стараўся падаваць мячы рэзка і моцна. Мячы праляталі нізка над сеткай, і мама Марціна ледзь паспявала адбіваць іх.

— З табой, дружок, не пажартуеш! — сказала яна.

Але неўзабаве ўсе вярнуліся з царквы, і ім давялося спыніць гульню. Марцін кінуўся да маці і моцна абняў яе. Глум ссунуў сталы на верандзе, а Больда накрыла іх вялікім зялёным абрусам і расставіла талеркі.

Свежае, толькі што збітае масла вільготна паблісквала ў маслёнцы.

— А пра слівавае варэнне ты і забылася! — сказаў Віль сястры.— Дзеці яго вельмі любяць!

— Прынясу, прынясу,— адгукнулася старая.— Што ўжо там дзеці, ты і сам да яго вельмі ласы!

Віль пачырванеў, усе засмяяліся. Глум ляпнуў яго па спіне і з ухмылкаю прахрыпеў: «Не бянтэжся, сябрук!» I ўсе зноў засмяяліся. Вільме пара было спаць, але ёй дазволілі яшчэ крыху пасядзець. Усе заспрачаліся, дзе яе пакласці. Усе, акрамя маці Марціна, наперабой загаманілі: «Са мной!», «У мяне!» — але калі нарэшце пра гэта запыталі Вільму, яна адразу ж падбегла да брата. Генрых нават пачырванеў ад радасці.

У рэстаране было шумна. Людзі прыходзілі, адыходзілі. За столікамі клікалі кельнерку, патрабавалі піва. Больда паднялася, адсунула крэсла і сказала: «Пайду дапамагу на кухні». Глум узяў пусты мех і пайшоў на двор — напхаць у яго саломы; успацелы Віль насіўся па доме, збіраў коўдры, а Генрых з Марцінам падняліся наверх у пакой над верандай, дзе для іх паслалі вялікі двухспальны ложак. Там паклалі і Вільму.

Сцямнела. На кухні Больда з кельнеркай мылі посуд, гаманілі, смяяліся. Маці Альберта пайшла ў залу за стойку, з рэстарана чуліся воклікі, смех. Генрых выглянуў у акно. У двары мігцелі два цьмяныя агеньчыкі: Глум і Віль, пакурваючы люлькі, сядзелі на лаўцы каля паветкі. На верандзе засталася толькі маці Марціна. Яна сядзела каля стала, курыла і задумліва глядзела ў цемру.

— Дзеці, тушыце святло і ў ложак, хуценька! — пачулі яны яе голас.

I тут толькі Марцін успомніў, што ён увесь вечар не бачыў Альберта. Ён крыкнуў у акно:

— Мама, а дзе дзядзька Альберт?

— Ён хутка вернецца. Яны паехалі з бабуляй.

— А куды?

— У Брэрніх.

— А навошта?

Маці памаўчала. Затым зноў пачуўся яе голас:

— Там Гезелер. Ён павінен з ім пагаварыць.

Марцін замоўк. Абапёршыся на падаконнік, ён глядзеў уніз на цёмную веранду. За яго спінай шчоўкнуў выключальнік, зарыпелі спружыны. Генрых залез на ложак.

— Гезелер? — крыкнуў у цемру Марцін.— Значыцца, Гезелер жывы?

Маці не адказала, і Марцін здзіўлена падумаў, што ніколькі не ўсхваляваны з’яўленнем Гезелера. Ён ніколі не гаварыў з Генрыхам пра смерць бацькі. Гісторыя з Гезелерам здавалася яму занадта заблытанай і сумніўнай, як і ўся бабуліна прамудрасць. Імя Гезелера так настойліва ўбівалі яму ў галаву і так настойліва прымушалі паўтараць, што яно перастала страшыць яго. Значна больш страшным было тое, што здарылася там, у падзямеллі, дзе вырошчвалі грыбы. Там было ўсё страшней і прасцей. У гэтым падзямеллі забілі чалавека, які напісаў партрэт таты. Там білі і катавалі тату і дзядзьку Альберта. Праўда, нацы, якія зрабілі ўсё гэта, ён уяўляў сабе даволі цьмяна. Магчыма, яны і сапраўды не такія ўжо і страшныя? Але склеп ён бачыў сам, на ўласныя вочы! Смярдзючыя цёмныя калідоры, пюпітры з пачварнымі кнопкамі, пастарэлы твар дзядзькі Альберта, які заўсёды гаварыў праўду. А вось пра Гезелера Альберт гаварыў з ім вельмі рэдка. Унізе зацягнулі новую песню:

На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані,

У малой хацінцы нарадзіўся я.

Помніцца юнацтва, першае каханне,

Назаўсёды ў сэрцы ты — зямля мая.

Марцін выпрастаўся, адышоўся ад акна і асцярожна залез у ложак. Вільма ўткнулася галоўкай яму ў плячо. Марцін павярнуўся да Генрыха і ціха спытаў:

— Ты спіш?

I Генрых адразу ж гэтак жа ціха, але выразна адказаў:

— Не, не сплю.

«У малой хацінцы нарадзіўся я»,— спявалі ўнізе.

Да дома пад’ехала машына, і Марцін пачуў усхваляваны голас Альберта: «Нэла! Нэла!» гучна зваў ён. Мама, якая ўсё яшчэ сядзела на верандзе, ускочыла, перакуліла крэсла і выбегла на двор. Больда на кухні адразу змоўкла. Затым ён пачуў, як маці Альберта загаварыла з людзьмі ў рэстаране, і песня ўнізе раптоўна абарвалася. У доме адразу ўсё заціхла.

— Нешта здарылася! — прашаптаў Генрых.

На лесвіцы пачуліся стогны, плач. Марцін устаў, на дыбачках падышоў да дзвярэй і выглянуў у вузкі асветлены калідор.

Альберт і Больда пад рукі вялі па лесвіцы бабулю. Ён спалохаўся: бабуля раптам здалася яму зусім старой. Ён ніколі не думаў, што яна такая старая, і ніколі яшчэ не бачыў, каб яна плакала. Яна бяссільна павісла на плячы ў Альберта, і яе заўсёды румяны твар зрабіўся зямлістым.

— Укол, хутчэй зрабіце мне ўкол! — стагнала яна.

— Так, так, чуеце: Нэла па тэлефоне гаворыць з урачом,— адказаў Альберт.

— Добра, толькі б хутчэй!

З-за пляча Больды выглядваў перапалоханы Віль. З’явіўся і Глум. Ён пралез наперад, адціснуў Больду і падхапіў бабулю пад руку. Удвух з Альбертам яны павольна павялі яе ў вялікі пакой у канцы калідора. Тут Марцін убачыў маму; яна бегла па лесвіцы, пераскокваючы праз прыступкі, і крыкнула:

— Я званіла Гурвебэру: ён зараз выязджае!

— Ну вось,— сказаў Альберт бабулі,— не хвалюйся, ён зараз прыедзе.

Але вось дзверы зачыніліся, і калідор апусцеў. Марцін доўга глядзеў на шырокія рудыя дзверы. З пакоя не чуваць было ані гуку.

Першы ў калідор выйшаў Глум, затым Віль і мама з Альбертам. З бабуляй засталася адна Больда. Генрых заварочаўся на ложку і сказаў:

— Лажыся хутчэй, прастудзішся!

Марцін ціхенька прычыніў дзверы і, не запальваючы святла, асцярожна дабраўся да ложка. Унізе зноў заспявалі, але цяпер вельмі ціха: «На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані...»

Дзядзька Альберт і мама пайшлі на веранду. Яны ціха гаманілі пра нешта — словы нельга было разабраць. Марцін адчуваў, што Генрыху таксама не спіцца. Яму вельмі хацелася пагаварыць з Генрыхам, але ён не ведаў, як пачаць гаворку.

Унізе перасталі спяваць. З залы чуваць было, як адсоўваюць крэслы. Марцін чуў, як людзі ўставалі з-за столікаў, разлічваліся з кельнеркай, жартавалі і смяяліся. Ён ціха запытаў Генрыха:

— Акно не будзем зачыняць?

— А табе не холадна?

— Не, не холадна.

— Тады не зачыняй.

Генрых зноў змоўк, і Марцін адразу ўспомніў усё, што здарылася сёння. Успомніў ён і перасяленне, і тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару: «Ну, не табе мяне...»

I ён раптам зразумеў, пра што зараз думае Генрых, зразумеў, чаму ён так нечакана збег з лужка. Бо ягоная ж мама зараз, магчыма, гаворыць кандытару: «Цяпер можаш мяне...»

Страшна было нават падумаць пра гэта. Марціну зрабілася маркотна і захацелася плакаць. Але ён стрымаў слёзы, хоць Генрых усё роўна не ўбачыў бы ў цемені, што ён плача. Усё, усё гэта распусна. Вось і бабуля зараз запатрабавала, каб ёй зрабілі ўкол, проста так, нават не крычаўшы перад гэтым пра кроў у мачы. Марцін спалохана падумаў, што раней яна крычала пра кроў у мачы праз кожныя тры месяцы; цяпер не прайшло і чатыры дні, як ёй зрабілі ўкол, а яна ўжо зноў пасылае па доктара. Яна старая зрабілася, зусім старая! Сёння ён упершыню ўбачыў, як бабуля плача. Нічога гэтага раней не было! Але самае страшнае, што бабуля нават не прыкідваецца больш і не хоча чакаць тры месяцы. Яна ўжо і чатыры дні не можа пражыць без укола. Вадкасць бясколерная, шпрыц як бы парожні! Нешта пайшло з ягонага жыцця і больш не вернецца. Ён не мог зразумець, што гэта было. Але адно ён ведаў: гэта нейкім чынам звязана з Гезелерам.

— Ты не спіш? — зноў спытаў ён ціха, і зноў Генрых адказаў:

— Не, не сплю.

Яму здалося, што Генрых злуецца і не хоча гаварыць з ім. Зразумела, чаму Генрых такі маркотны — яго мама пайшла ад Леа, але засталася гэтакай жа распуснай, калі нават не горш. Жыць з Леа, зразумела, таксама распусна, але яна жыла з ім ужо не першы год. Да гэтага ўсе прывыклі. А цяпер яна раптам пераехала да кандытара і будзе жыць з ім. Гэта вельмі кепска, але і бабуля дзейнічае не лепш: патрабуе, каб ёй зрабілі ўкол, а пра кроў у мачы нават не ўспомніла.

— Не, не,— гучна сказаў раптам Альберт на верандзе,— лепш раз і назаўсёды пакінуць гэтыя размовы пра наш шлюб.

Маці ціха адказала яму нешта. Затым падышлі Больда, Глум і Віль. Альберт зноў загаварыў гучней:

— ...Тады яна кінулася на яго з кулакамі. Яе спрабавалі ўтрымаць, але дзе там. Шурбігелю яна закаціла пару добрых аплявух, а патэра Віліброрда так піхнула ў грудзі, што той ледзь не паваліўся...— Альберт неяк нядобра засмяяўся і працягваў: — Што ж мне заставалася рабіць? Давялося лезці ў бойку. Ён-то пазнаў мяне пасля.

— Хто, Гезелер? — спытала мама.

— Так, ён пазнаў мяне, і, спадзяюся, цяпер ён не пацягне нас у суд. Судзіцца з імі цяжка!

— А як жа! — рашуча пацвердзіў Глум, і мама засмяялася. Але смех яе гучаў непрыемна і рэзка.

Яны замоўклі, і Марцін пачуў у гэтай цішыні спакойны шум матора. Спачатку ён падумаў, што пад'ехала машына доктара; але шум даносіўся з саду, толькі аднекуль зверху: гэта гудзеў самалёт. Гук марудна набліжаўся, ён плыў недзе высока ў небе, і Марцін нават ускрыкнуў ад здзіўлення, калі ўбачыў раптоўна ў чорным квадраце акна чырвоныя агеньчыкі самалёта і доўгі бліскучы шлейф, які ён цягнуў за сабой. Па цёмным небе слізгалі яркія рухомыя літары: Дурны той, хто яшчэ сам варыць варэнне! Надпіс праплыў у квадраце акна і знік значна раней, чым ён думаў. Але неўзабаве зноў пачуўся шум матора, і іншы самалет з гудзеннем працягнуў па цёмным небе іншы надпіс: Гольштэге робіць гэта за цябе.

— Глядзі, хутчэй! — захваляваўся Марцін.— Гэта рэклама бабулінай фабрыкі!

Але Генрых не адказаў, хоць і не спаў.

Унізе раптам зарыдала мама, а дзядзька Альберт гучна вылаяўся: «Паскуднікі! Якія ж яны паскуднікі!»

Гул матораў аддаляўся ў напрамку Брэрніхскага замка, і хутка зноў настала цішыня.

Марцін чуў толькі, як плача ўнізе мама, ды час ад часу дзынкаюць шклянкі. Генрых усё яшчэ не спаў, але ён зацята маўчаў, і гэта палохала Марціна. Генрых дыхаў часта і глыбока, быццам быў нечым усхваляваны, а каля яго роўна і ціха дыхала ў сне Вільма.

Марцін паспрабаваў заснуць — прамільгнулі ў думках каўбой Хапелонг Кесідзі і качаня Дональд Дак, але яму раптам зрабілася сорамна думаць пра такую драбязу. Успомніліся словы малітвы: Калі ты, Божа, не даруеш нам грахі нашыя, то хто ж тады застанецца праведным? I адразу ж са змроку выплыла першае пытанне катэхізіса: Навошта прыйшлі мы ў свет гэты? «Каб служыць Госпаду, палюбіць Яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае»,— машынальна прашаптаў ён. «Але служыць Госпаду, узлюбіць яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае» гэта яшчэ не ўсё, гэтага мала! Завучаны адказ на страшнае пытанне здаўся яму раптам мізэрным, і ўпершыню ўсвядомленае сумненне ахапіла яго.

Нешта пайшло з ягонага жыцця назаўсёды,— ён толькі не разумеў, што гэта было. Яму захацелася заплакаць гэтак жа моцна, як плакала на верандзе мама. Але Марцін стрымаў слёзы; ён быў упэўнены, што Генрых усё яшчэ не спіць і думае пра сваю маму, пра кандытара, пра тое слова, якое яго мама сказала кандытару.

Але Генрых думаў зусім пра іншае — ён думаў пра надзею, якая асвяціла на імгненне твар яго маці. Гэта доўжылася адно толькі імгненне, але ён ведаў цяпер, што адно імгненне можа ўсё змяніць.


Загрузка...