Вось ужо новы герой ідзе па алеі, у руках тэнісная ракетка, ён расчэсвае валасы ў цяні царквы, аглядвае пазногці, вымае грошы з кашалька і нядбайна кладзе іх у кішэню — ці прывід гэта крочыць на дыване з чырвонага лісця, ці гэта проста кінастужка? Бываюць фільмы, якія здаюцца ёй жыццём, яна сама асудзіла сябе на гэтае жыццё, заплаціўшы адну марку восемдзесят пфенігаў за білет, а жыццё здаецца ёй кепскім фільмам. Вельмі падобна: цёмныя валасы мільгаюць перад вачыма, празрыстая шэрая пялёнка старой кінастужкі,— вось юны герой з тэніснай ракеткай, мільгануў у цяні царквы, выходзіць на вуліцу, ён спяшаецца да нейкай маладой дзяўчыны тут па суседстве.

Не паварочваючыся, яна пытае:

— Хіба ў гэты час ужо адчынены тэнісныя корты?

— Канешне, мама,— адказвае Марцін,— некаторыя дык адчыняюцца нават раней.

Між іншым і тады было ўсё гэтак жа сама, але гэта ёй было без патрэбы: яна любіла позна ўставаць і не вельмі захаплялася тэнісам. Але ёй падабалася пасыпаная чырвоным пяском пляцоўка і зялёныя, ярка-зялёныя бутэлькі з ліманадам на белых століках. Рэзкі пах паветра, саланаваты пах туману, што падымаўся над Рэйнам, часам да гэтага паху прымешвалася горыч, калі міма праходзіла свежапрасмаленая баржа і вымпелы параходаў павольна праплывалі над купамі дрэў, быццам нябачная рука, схаваная за кулісамі, прыводзіла іх у рух. Клубы вугальна-чорнага дыму, працяжныя гудкі, гук падкінутых мячоў і мяккі стук імгненнага ўдару ракетак, звонкія, адрывістыя воклічы партнёраў.

Юны герой прамчаўся міма дома. Яна нават пазнала яго: такая жаўтавая скура толькі ў сямейства Надольтэ, жаўтавая скура і светлыя валасы, незвычайнае размеркаванне пігменту, якое ўжо Вільфрыду Надольтэ, бацьку гэтага героя, надавала асаблівую пікантнасць, ад яго яна перайшла да сына. Магчыма, і ў сына на твары выступае гэтакі ж пот з вострым пахам і гэтак жа адлівае зялёным на жоўтай скуры, ад чаго ўсе ўспацелыя Надольтэ нагадваюць абпырсканыя купарвасам трупы. Ягоны бацька — лётчык — быў збіты недзе над Атлантычным акіянам, і ніколі не будзе знойдзены яго труп. Але нават і гэтая паэтычная смерць — смерць Ікара, пераможанага каварным ворагам, як выказаўся тады патэр, нават гэтая паэтычная смерць не перашкодзіла ягонаму сыну зрабіцца ўдзельнікам дрэннага кінафільма, статыстам, які ўсё прымае ўсур’ёз; праўда, ён няблага спраўляўся са сваёй роляй: ён быў менавіта такім, як і ўсе тэнісісты ў кепскіх фільмах.

Яна патушыла цыгарэту ў вузкім мармуровым жалабку на падаконніку, дзе яшчэ заставаліся сляды начнога дажджу, і вызваленую правую руку прадзела ў вялікую пятлю з залатой парчы; гэтая пятля, як і ўся штора, перажыла вайну. У дзяцінстве яна марыла хутчэй падрасці, каб, стоячы каля акна, прасоўваць правую руку ў гэтую пятлю. Яна даўно падрасла, і ўжо дваццаць гадоў яна лёгка дастае рукой да пятлі.

Яна чуе за спінай валтузню Марціна: ён здымае накрыўку з кафейніка, намазвае хлеб, стукае лыжкай па краі банкі з павідлам; яна чуе, як храбусцяць грэнкі ў яго на зубах, і трэск, калі ён па звычцы пераварочвае ў кілішку выедзенае яйка і разбівае шкарлупінне, і візглявае гудзенне электрычнай жароўні для грэнак. Калі яна прачыналася раней звычайнага, каб папіць з хлопчыкам кавы, яе сустракаў у сталовай пах крыху падгарэлага хлеба і плёскат вады, які даносіўся сюды з ваннай, дзе мыўся Альберт. Але сёння плёскату не было чуваць, Альберт, мабыць, яшчэ не мыўся.

— Альберт яшчэ не ўстаў?

— Устаў,— адказаў хлопчык.— Хіба ты не чуеш?

Але яна нічога не чула. Тры дні запар яна ўстае ранічкай, у яе ўжо з’явілася адчуванне нейкага пастаянства, упарадкаванасці: грэнкі, яйка, кава, шчаслівы твар хлопчыка, калі ён назірае, як яна накрывае на стол, як разлівае каву, калі снедае з ім. Па вуліцы вяртаецца малады Надольтэ, ён з дзяўчынай. Дзяўчына прыгожанькая і вельмі маладая, яна паказвае асляпляльна белыя зубкі, яе вабны кірпаты носік з надзеяй удыхае мяккі паўднёвы вецер. Яна робіць усё, што патрабуе ад яе рэжысёр: усмешка — і яна ўсміхаецца, хітанне галавой — і яна хітае, добра трэніраваная статыстка, якая хутка стане зоркай, яна таксама зведае, чым пахне незвычайны надольтаўскі нот, які, калі ты ў зялёных кустах цалуешся з кімсьці з Надольтэ, надае яго твару падабенства з завялымі лістамі салаты.

Толькі тут Нэла пачула плёскат з ваннай і зразумела, што гэта мыецца Альберт. Ужо на працягу дваццаці гадоў яна ведае яго, і ён, мабыць, уяўляе сабе, што вывучыў яе, а між тым за дваццаць доўгіх год ён так і не змог зразумець, як хвалююць яе мужчынскія туалетныя прыналежнасці і як пакутна для яе тое, што ў іх агульны ванны пакой.

Раніцай, у ваннай, яна ўлюблялася ў абыякавы бляск ягонага прыбора для галення, ён дзейнічаў на яе, як узбуджальны водар, пальцы яе з пяшчотай слізгалі па абыякава выціснутым цюбіку з крэмам для галення, па сіняй баначцы з крэмам для скуры — вось ужо пяць гадоў усё тая ж баначка стаяла тут. Ягоная зубная шчотка, ягоны грабянец, ягонае мыла і запылены флакон з лавандай, колькасць якой ніяк не змяншалася. Здаецца, ужо шмат гадоў вадкасць стаяла якраз на ўзроўні рота ружовай жанчыны, што ўпрыгожвала этыкетку. Жанчына на этыкетцы пастарэла, прыгажосць яе паблякла, і яна з меланхалічнай усмешкай назірала сваё завяданне, як шмат гадоў назад, калі яна была яшчэ новай, з надзеяй пазірала ўдалеч. Твар яе пастарэў, сукенка абнасілася — бедная, змарнелая прыгажуня, яна не прывыкла да такога абыходжання. Ужо занадта даўно стаіць гэты флакон. Як здаецца, Альберт зусім не здагадваецца, якая пакута для яе жыць гэтак блізка з мужчынам, які падабаецца,— і навошта гэтая страшэнная сур’ёзнасць, і навошта толькі ён настойвае на шлюбе з ёй?

Мужчын яна вызначала па тым, як яны падыходзяць да тэлефона. Большасць падыходзіць гэтак, як гэта зазвычай у пасрэдных фільмах: размашыстыя крокі, твар пыша важнасцю і абыякавасцю, на ім можна прачытаць нешта сярэдняе паміж: «Ах, пакіньце мяне, нарэшце, ў спакоі» і «Усё ж без мяне, значыцца, не абысціся». Затым у гаворку, нават у самую нязначную — а калі ўвогуле размовы бываюць значнымі? — яны спрабуюць уставіць слова накшталт «перагледзець» і «пытанне застаецца адкрытым»; і самы крытычны момант — калі яны кладуць трубку. Хто цяпер умее пакласці трубку не так, як гэта робяць кепскія акцёры? Альберт умее, ды яшчэ ўмеў Рай. Хто можа адмовіцца ад задавальнення ўплятаць падхопленыя дзесьці пярліны дасціпнасці ў свае тэлефонныя размовы, як уплятаюць штучныя кветкі ў яловы вянок. Дый курыць амаль ніхто не ўмее па-іншаму, як гэта робяць у фільмах. Свет перанасычаны эпігонамі, магчыма, Альберт таму і застаецца такім натуральным, што рэдка ходзіць у кіно? Часта яна зайздросціла яго абыякавасці і пакутавала ад таго, што ёй даводзіцца мець зносіны з ідыётамі,— траціць на іх час і раздорваць усмешкі.

Чамадан ужо складзены, яе чакаюць тры дні суму ў Брэрніху, у той час як Альберт паедзе катацца з хлопчыкам. Калі яна думала пра тое, што ў Брэрніху давядзецца ўсе гэтыя дні слухаць Шурбігеля, ёй здавалася гэта раўназначным вечнаму зняволенню ў цырульні: саладкаватая духата, утульная і агідная — і ўсе «наймілейшыя людзі», якіх будзе прадстаўляць патэр Віліброрд. «Ах, няўжо вы яшчэ незнаёмыя? Пара, пара!» Яна асуджана на свецкую балбатню. Чаму ж Альберт бывае здзіўлены, калі яна так імгненна захапляецца кожным, хто хоць крышачку прыемны або здаецца прыемным чалавекам?

Нэла адвярнулася ад акна, павольна абышла вакол авальнага стала і прысунула да яго зялёнае крэсла.

— Кава яшчэ засталася?

— Так, мама.

Марцін устаў, асцярожна зняў з кафейніка каўпак і наліў ёй кавы. Ён ледзь не перавярнуў бляшанку з павідлам. Звычайна ён здаваўся вельмі спакойным і нават запаволеным, але, гаворачы з ёй або робячы нешта для яе, ён рабіўся мітуслівым ад марнага жадання здавацца спрытным. Твар у яго рабіўся заклапочаным, амаль змрочным, як у дарослых, калі яны няньчацца з зусім бездапаможнымі дзецьмі, часам ён уздыхаў, як уздыхаюць дзеці, калі ім прыходзіцца цяжка. Ён зноў уключыў жароўню, паклаў у яе хлеб і пачаў цярпліва назіраць, як ён падсмажваецца, а гатовыя лусты здымаў і выкладваў на краі хлебніцы.

— Ты будзеш яшчэ есці?

— Не, гэта для Альберта.

— А дзе Альбертава яйка?

— Тут,— усміхнуўся ён, затым устаў, падышоў да свайго ложка і падняў падушку: над ёй ляжала яйка, рудаватае, чысценькае.

— Каб не астыла. Альберт не любіць халодных. Кава яму таксама засталася.

Пра Альберта ён клапаціўся зусім не так, як пра яе. Таму, магчыма, што Альберт больш расказваў яму пра бацьку і паступова стаў незаменным сябрам для хлопчыка. Ва ўсякім разе, калі ён рабіў нешта для Альберта, ён заставаўся зусім спакойным.

Сама яна мала расказвала яму пра Рая. I толькі зрэдку вымала папку, у якой захоўваліся вершы Рая: газетныя выразкі, рукапісы і маленькі зборнік, што ўмясціўся на дваццаці пяці старонках у сіняй вокладцы і які ўпамінаецца зараз у кожным артыкуле пра сучасную лірыку. Нейкі час яна ганарылася, калі сустракала імя Рая ў анталогіях, калі чула ягоныя вершы па радыё і атрымлівала ганарары. Яе наведвалі людзі, якіх яна ніколі не ведала і з якімі не хацела б знаёміцца: юнакі, апранутыя з наўмыснай неахайнасцю, якія ўпіваліся сваёй неахайнасцю, як каньяком; захапленне ў іх было дакладна адмеранае і ніколі не выходзіла з вызначаных рамак. I калі такія людзі з’яўляліся ў яе, яна ўжо ведала, што дзесьці рыхтуецца чарговае даследаванне пра сучасную лірыку. Часам яе дом захлынала сапраўднае паломніцтва, артыкулы ў часопісах з’яўляліся, як грыбы пасля дажджу, ганарары цяклі з усіх бакоў, вершы Рая выдаваліся і перавыдаваліся. Але пасля вытанчана неахайныя юнакі знаходзілі новую ахвяру, Нэла атрымлівала кароткую перадышку, а імя Рая ўсплывала на паверхню ў час чарговага зацішша, бо гэтая тэма была прыдатная для ўсіх часоў: парт, загінуў у Расіі, праціўнік рэжыму — ці ж гэта не сімвал маладосці, якая прынесла бессэнсоўную ахвяру, або, калі змяніць аспект — ці гэта не сімвал маладосці, якая прынесла ахвяру, поўную глыбокага сэнсу? Вельмі дзіўныя ноткі гучалі ў дакладах патэра Віліброрда і Шурбігеля! Так ці іначай Рай зрабіўся ўлюбёнай тэмай для ўсемагчымых эсэ, а вытанчана апранутых, неахайных юнакоў, якія займаліся напісаннем эсэ і з пахвальнай нястомнасцю адпіўквалі для гэтага новыя сімвалы, развялося багата. Рупна, старанна, дбайна, без распальвання імпэту, але і не змяншаючы яго, яны ткалі габелен культуры — спрытныя шарлатаны, што, як аўгуры, усміхаюцца адзін аднаму пры сустрэчы. Ім аддавалі на водкуп усе вантробы, і па гэтых мізэрных вантробах яны ўмелі прарочыць: яны складалі цягучыя гімны над аголеным, крывавячым сэрцам; у схаваных ад старонняга вока лабараторыях яны адчышчалі ад бруду абпаленыя кішкі ахвярнай жывёліны і ўпотай збывалі пячонку; замаскіраваныя скуралупы, яны выраблялі з падлы не мыла, а культуру, выраблялі самі або аддавалі на водкуп іншым. Мяснікі і прарокі, яны корпаліся ў памыйных вёдрах і складалі оды ў гонар сваіх дасягненняў. Пры сустрэчах яны ўсміхаліся адзін аднаму, усміхаліся, як аўгуры, а Шурбігель быў у іх вярхоўным жрацом, гэты загрузлы ў брудзе чалавекалюбец, увенчаны неапісальнай шавялюрай.

Нянавісць ахапіла Нэлу, і яна з жахам адчула, што пачынае разважаць зусім як Альберт: раскінутае сіло, гатовае паглынуць яе.

Пакуль Рай быў яшчэ жывы, яна настойліва і прагна чакала чарговай пошты, як драпежнік у клетцы чакае мяса: трымаючыся правай рукой за парчовую пельку і схаваўшыся за зялёнай шторай, яна насцярожана сачыла за з’яўленнем паштальёна. Калі ён паказваўся з-за вугла дома святара, наступны ягоны крок вызначаў увесь яе дзень: калі ён пад прамым вуглом перасякаў вуліцу насупраць яе дома, яна ведала, што ён нешта мае і для яе, калі ж ён зварочваў на нябачную дыяганаль, што вядзе да суседняга дома,— тады ў гэты дзень не было ўжо на што спадзявацца. Тады яна ўпівалася пазногцямі ў цяжкую зялёную тканіну, выдзірала з яе ніткі і не адыходзіла ад акна з вар'яцкім спадзяваннем, што паштальён, магчыма, памыліўся і вернецца яшчэ назад. Але паштальён ніколі не памыляўся і ніводнага разу не вярнуўся назад пасля таго, як прайшоў па дыяганалі міма яе дома. Дзікія думкі авалодвалі ёю, калі яна бачыла, што ён канчаткова прамінуў яе дом: ці не ўтойвае ён пісьмы, ці не ўдзельнічае ён у змове супраць яе і супраць Рая? Садыст у сіняй форме з вышытым на ёй залатым паштовым ражком. Нягоднік пад маскай сціплага абывацеля. Але паштальён не быў ні садыстам, ні нягоднікам; ён быў вельмі добрапрыстойны і шчыра адданы ёй. Яна адчувала гэта, калі ён прыносіў ёй пісьмы.

Вось ужо шмат гадоў яна не бачыць паштальёна, не ведае, як ён выглядае, не ведае, калі ён разносіць пошту. Нечая рука кідала ў скрынку рэкламныя праспекты і пісьмы, нехта выцягваў гэтыя праспекты і пісьмы са скрынкі: усялякія фірмы прапаноўвалі бюстгальтары, рыслінг і какаву. Усё гэта яе не займала. Вось ужо дзесяць гадоў, як яна не чытае ніякіх пісьмаў, нават ёй адрасаваных. На гэта скардзіліся часам і багемныя юнакі — сцярвятнікі ад культуры, што вышукваюць сімвалы ў кішках падлы,— яны неаднойчы скардзіліся на гэта патэру Віліброрду, але ўсё роўна яна не чытала пісем. Адзіны сябра, які застаўся ў яе, жыве ў суседнім пакоі, а калі ён ад’язджае на некалькі дзён, да яе паслуг — тэлефон. Толькі не чытанне пісьмаў. Ад Рая прыходзілі пісьмы ўжо пасля таго, як ён загінуў і калі яна ўжо ведала, што ён загінуў. О, надзейная пошта, спраўны, хвалёны апарат, пошта была ні ў чым не вінаватая, яна дастаўляла адказы на пытанні, якіх ужо ніхто не задаваў.

Толькі не чытанне пісьмаў. Паклоннікі могуць і патэлефанаваць, а калі яны дасылаюць пісьмы, няхай не разлічваюць на адказ. Усе пісьмы нераспячатанымі ляцелі ў сметніцу, а затым іх у дакладна вызначаны тэрмін вывозіў смяцяр. Апошні ліст яна прачытала адзінаццаць гадоў назад, яго напісаў Альберт, ён быў вельмі кароткі: Рай загінуў. Яго забілі ўчора. Ён загінуў з-за аднаго нягодніка. Запомні імя вінаватага: яго завуць Гезелер. Пасля напішу больш падрабязна.

Яна запомніла імя Гезелера, але і пісьмы ад Альберта перастала распячатваць. Таму яна і не даведалася, што ён паўгода прасядзеў у турме: дарагая плата за аплявуху па прыгожанькай, нічым не адметнай фізіяноміі. I афіцыйнага паведамлення пра смерць яна не захацела чытаць. Яго прынёс святар, але яна адмовілася прыняць святара, які ўзносіў раскацістым басам урачыстыя малітвы за айчыну, які ўсяляў у душы патрыятычны ўздым, які вымольваў перамогу,— яна не хацела бачыць яго. Ён стаяў з яе маці за дзвярыма і прасіў:

— О Нэла, дарагая Нэла, адчыніце!

I да яе даносіўся шэпт:

— Спадзяюся, бедная дзяўчынка нічога над сабой не ўчыніць.

Не, яна нічога не збіралася над сабой учыняць. Хіба ён не ведае, што яна цяжарная?

Ёй непрыемна было слухаць яго: фальшывы пафас, завучанае семінарскае красамоўе — у асобных мясцінах яно патрабавала асаблівых інтанацый. Хваля фальшывых пачуццяў, няўлоўная хлусня, эфектныя раскаты і, як фінал, падобнае на ўдар грому слова «пекла». Навошта гэты крык, гэтае галашэнне? Ілжывы пафас, якім семінарскі настаўнік рыторыкі нашпігаваў два пакаленні патэраў, лунаў над сотнямі тысяч людзей.

«Адчыніце, дарагая Нэла».

Навошта? Ты мне патрэбны толькі таму, што мне патрэбны Бог, а я яму, і калі ты мне спатрэбішся, я сама прыйду да цябе; грымі сваім раскацістым «р» у словах «Германія» і «фюрэр», пазвоньвай сваім «н» у слове «народ» і прыслухайся да ўбогага рэха, народжанага тваім ілжывым пафасам пад скляпеннямі капэлы — «...юрэр», «...арод», «...ерманія...».

«Будзем спадзявацца, што яна нічога над сабой не ўчыніць».

Так, я нічога не ўчыню, але дзвярэй не адчыню: мільёны ўдоў, мільёны сірот — за фюрэра, за народ, за Германію.

О бязгрэшнае рэха, ты не вернеш мне Рая!

Яна чула, як патэр пакрыўджана сапе ў пярэдняй, чула, як ён шэпчацца з маці, і на нейкае імгненне ёй зрабілася шкада яго, пакуль зноў у вушах не зазвінела патэтычнае рэха.

Зноў Гезелер, зноў замкнулася кола? Дзесяць гадоў назад — ліст Альберта, зараз — прыветная ўсмешка патэра Віліброрда: «Дазволь прадставіць табе пана Гезелера». Затым запрашэнне ў Брэрніх чамадан складзены і стаіць каля кніжнай шафы.

Вуліца перад домам была пустая. Было зусім яшчэ рана, малочнік яшчэ не дайшоў да іх, зрэбныя мяшэчкі з хлебам яшчэ віселі на дзвярных ручках, а ў доме чуўся смех: Альберт правяраў, як хлопчык падрыхтаваў урокі: Калі не даруеш нам, Гасподзь,грахі,..— зноў смех. Ішоў фільм, у якім яна не жадала іграць, фільм пад назвай «Сямейнае шчасце». Усміхаецца дзіця, усміхаецца будучы бацька, усміхаецца маці; раўнавага, шчасце, будучыня. Усё здавалася ёй вельмі знаёмым, наўздзіў блізкім і знаёмым: усмешлівае дзіця, усмешлівая маці і Альберт, які ўсміхаецца ў ролі бацькі? Не, не, яна закурыла цыгарэту і, трымаючы яе ў руцэ, глядзела на блакітнаватыя клубы дыму, якія павольна паднімаліся. Жонка Альберта, здаецца, любіла паветраныя шары больш за мэблю, часовае большае за пастаяннае, і аддавала перавагу мыльным бурбалкам перад запасам пасцельнай бялізны. «О, халаднаватае палатно ў шафе гаспадыні». Усмешлівы бацька, усмешлівы сын, але яна не жадае разыгрываць усмешлівую маці дзеля поўнай пафасу хлусні, якая разносіцца з капэлы, як рэха.

Марудна датлявала цыгарэта ў яе руцэ, светлы, сіні дым ткаў прывідныя ўзоры, а за сцяной гучаў голас хлопчыка, што адказваў Альберту ўрок: З прадоння звяртаюся да цябе, о Гасподзь...

Колькі гадоў пакутуе яна ад думкі пра тое, як усё гэта магло б скласціся: шмат дзяцей, дом, а для Рая справа, пра якую ён марыў — мара пра шчасце, якую ён пеставаў з юначых гадоў, мара, якую пранёс праз сталыя гады, праз гады нацызму і вайну, мара, пра якую ён пісаў у сваіх пісьмах: мара выдаваць часопіс, мара ўсіх мужчын, якія маюць хоць нейкае дачыненне да літаратуры.

Яна ведае не менш за дваццаць чалавек, якія носяцца з намерамі выдання часопіса. Нават Альберт і той ужо некалькі гадоў вядзе перамовы з уладальнікам друкарні, якога ён кансультуе па пытаннях афармлення; нават Альберт хоча заснаваць сатырычны часопіс.

Нягледзячы на скепсіс, лёгкі скепсіс, з якім яна ў глыбіні душы адносілася да гэтага праекта, ёй прыносіла задавальненне ўяўляць сабе, як яна з Раймундам сядзіць у адным пакоі, дзе размяшчаецца і рэдакцыя: на сталах грувасцяцца кнігі, вакол раскіданыя гранкі, вядуцца бясконцыя тэлефонныя размовы пра ўсялякія навіны, і да ўсяго радаснае разуменне, што нацыстаў больш няма і вайна скончана. Яна магла глядзець гэты фільм, пакуль ішла вайна. I яна бачыла гэтае жыццё, выразна бачыла; яна ўдыхала гаркавы пах свежай друкарскай фарбы, якая адціснулася на тоўстай паперы, яна бачыла, як сама яна коціць у пакой чайны столік і п'е з наведвальнікамі каву, як частуе іх цыгарэтамі з вялікіх светла-блакітных бляшаных карабкоў, а дзеці тым часам шумна бегаюць па садзе. Малюнак з часопіса «Культура побыту»: дзеці скачуць вакол шланга, на вокнах апушчаныя жалюзі, на стале раскіданыя страшэнна скрэсленыя почыркам Рая гранкі, аловак мяккі, вельмі тлусты. Ажылы малюнак з часопіса «Культура побыту»: на кватэры ў пісьменніка спакойнае зялёнае святло, ва ўсім адчуванне шчасця, нехта звоніць — голас Альберта, ён пытае: «Ты чытаў новую рэч Хемінгуэя?» — «Не, не, артыкул ужо замоўлены». Смех. Рай такі шчаслівы, як ён бываў шчаслівы толькі да 1933 года. Да драбнейшых дэталяў паўставаў гэты малюнак у яе ўяўленні — яна бачыла Рая, свае ўборы, карціны на сценах, бачыла сябе схіліўшыся над вялікімі, з густам падабранымі вазамі, яна лушчыць апельсін, яна накладвае горкай арэхі, яна прыдумвае напоі, якімі будзе частаваць у летнюю спякоту: дзіўна прыгожыя сокі, чырвоныя, зялёныя, блакітныя, у бакалах плаваюць ільдзінкі, і пераліваюцца пярлінкі вуглекіслаты; Рай пырскае ў твар разгарачаным дзецям, што прыбеглі з саду, газіраванай вадой, і голас Альберта ў тэлефоннай трубцы: «Я вам кажу, што малады Базулькэ — гэта талент». Фільм, адзняты да канца, які, аднак, так і не ўбачыў экрана. Нікчэмная няздара абарвала стужку.

Хто застанецца праведным? — спытаў хлопчык за сцяной, а Альберт пастукаў кулаком у сцяну і крыкнуў:

— Цябе да тэлефона, Нэла.

Яна адазвалася:

— Дзякуй, іду,— і павольна пайшла да тэлефона. Альберт таксама ўдзельнічаў у яе марах: ён незаменны сябра, для яго яна з асаблівай дбайнасцю ўзбівае самыя вытанчаныя кактэйлі. Ён застаецца ў іх, калі іншыя госці ўжо даўно разышліся. Але цяпер, бачачы, як ён сядзіць на ложку з недаедзеным бутэрбродам у руцэ, яна спалохалася: Альберт пастарэў, выглядаў вельмі стомленым, валасы ў яго парадзелі, і цяпер ён рашуча не падыходзіў для ўдзелу ў яе раскошным фільме.

Яна паглядзела на Альберта, прывіталася з ім і зразумела па ягоным твары, што Гезелер не назваў сябе. Марцін з кнігай у руках стаяў каля ложка Альберта і чытаў: Паслухай, Гасподзь!

— Калі ласка, памаўчы крыху,— сказала яна.

Пасля зняла трубку.

— Алё!

Глухі голас з фільма, у якім ёй зусім не хацелася іграць, прагучаў зусім блізка і вярнуў яе да таго, што яна ненавідзела: да рэчаіснасці, да сучаснасці.

— Гэта вы, Нэла?

— Так.

— З вамі гаворыць Гезелер.

— Спадзяюся, што вы...

— Не, не, я не назваў імя. Я пазваніў проста дзеля таго, каб пераканацца, ці памятаеце вы пра нашу дамоўленасць.

— Канешне,— сказала яна.

— Пакой замоўлены, і патэр Віліброрд вельмі рады, што вы будзеце. Атрымаецца выдатна.

— Канешне, я прыеду,— раздражнёна адказала яна, але раздражненне яе было выклікана тым, што пад рукой не аказалася цыгарэты,— якое глупства размаўляць па тэлефоне без цыгарэты.

Гезелер замоўк, нейкую долю секунды маўчалі абое, пасля ён нясмела сказаў:

— Добра, значыцца, я чакаю вас, як мы і дамовіліся, каля Крэдытнага банка.— I яшчэ больш нясмела дадаў: — Я вельмі рады, Нэла. Да хуткай сустрэчы.

— Да сустрэчы,— адказала яна і паклала трубку.

Затым уважліва паглядзела на чорны апарат і, гледзячы на яго, успомніла, што ва ўсіх фільмах жанчыны пасля вырашальных размоў уважліва глядзяць на апарат — вось як яна зараз. Так дзейнічаюць жанчыны ў фільмах, калі дамаўляюцца з палюбоўнікам у прысутнасці мужа; пасля гэтыя жанчыны з сумам глядзяць на мужа, на дзяцей, абводзяць позіркам пакой, усведамляючы, «ад чаго яны адмаўляюцца», але адначасова адчуваючы, што «не маюць сілы супраціўляцца поклічу кахання».

Яна з цяжкасцю адвяла вочы ад тэлефона, уздыхнула і павярнулася да Альберта.

— Я хацела б пагутарыць з табой, калі Марцін пойдзе. Ты нікуды не збіраешся?

У голасе мамы пяшчота, мілы мамін голасі Марцін зірнуў на будзільнік, што стаяў у Альберта на тумбачцы, і закрычаў:

— Божа, я спазняюся!

— Ідзі,— сказала яна,— паспяшай.

Так было кожны раз: да самай апошняй хвіліны яны забываліся пра час, затым паспешна складвалі ранец і наразалі бутэрброды.

Яны дапамаглі Марціну ўпіхнуць падручнікі ў ранец. Альберт ускочыў, намазаў бутэрброд, яна пацалавала сына ў лоб і спытала:

— Можа, табе даць запіску, хутка дзевяць, ты ўсё роўна спознішся.

— Не трэба,— рашуча адмовіўся Марцін.— Гэта ні да чаго. Настаўнік ужо даўно перастаў чытаць твае запіскі. Калі мне ўдаецца прыйсці своечасова, увесь клас памірае са смеху.

— Мы ж сёння вечарам ад’язджаем у Бітэнхан. Ну добра, ідзі. Заўтра ў цябе вольны дзень.

Альберт стаяў з вінаватым выглядам каля свайго ложка.

— Мне вельмі шкада, Марцін.

Нэла пазвала хлопчыка, калі ён пайшоў да дзвярэй, зноў яго пацалавала і сказала:

— Мне трэба паехаць, але Альберт за табой прыгледзіць.

— А калі ты вернешся?

— Дай яму нарэшце пайсці,— сказаў Альберт,— вельмі непрыемна, што яму ўвесь час даводзіцца спазняцца.

— Гэта не мае значэння,— сказаў Марцін,— я ўжо ўсё роўна спазніўся.

— Не ведаю,— адказала Нэла,— магчыма, што прыйдзецца затрымацца на некалькі дзён, а можа, я вярнуся нават заўтра ўвечары.

— Ну добра,— прамовіў хлопчык, і на ягоным твары яна не заўважыла шкадавання.

Яна ўсунула яму ў кішэню апельсін, і ён павольна выйшаў.

Дзверы ў пакой Альберта так і засталіся адчыненымі. Яна памарудзіла, затым усё ж зачыніла дзверы і вярнулася да сябе. Цыгарэта на мармуровым падаконніку яшчэ тлела, вялікія сіняватыя колцы паднімаліся ад яе. Яна патушыла цыгарэту, кінула яе ў попельніцу і ўбачыла, што на падаконніку стала яшчэ больш жоўтых плямаў. Хлопчык павольна, вельмі павольна перасек вуліцу і схаваўся за домам пастара. Вуліца зрабілася шматлюднай, малочнік гутарыў з рассыльным, худы мужчына з цяжкасцю піхаў цялежку і меланхалічна нараспеў прапаноўваў качанную салату — яркую, як ліманадныя бутэлькі ў кафэ на тэнісным корце, сакавітую зеляніну. Затым малочнік і зяленіўшчык зніклі з вачэй. На вуліцы з’явіліся жанчыны з сумкамі для прадуктаў, нейкі вандроўны гандляр узышоў на тую ўяўную лінію, па якой гадамі хадзіў паштальён, калі нёс ёй пісьмо; у вандроўнага гандляра набіты чамадан, перацягнуты вяроўкай, і безнадзейна паніклая галава. Ён адчыніў брамку, а яна глядзела на яго, як глядзяць на кінаэкран, і, калі пачуўся самы сапраўдны званок, яна спалохалася. Хіба гэта не проста цёмная эпізадычная фігура, уведзеная ў сонечны фільм,— сон пра рэдакцыю, часопіс, гранкі і крушон з лёдам. Ён пазваніў ціха і нерашуча, і яна счакала, ці не адчыніць Альберт, але Альберт не крануўся з месца, тады яна выйшла ў пярэднюю і адчыніла дзверы. Чамадан быў ужо адкрыты, і ў ім — акуратна раскладзеныя кардонкі з падвязкамі, гузікамі, падшытымі да паперы, і бландзінка з ласкавай усмешкай, такая, як у Альберта на флаконе з лавандай, свежая, прыветлівая куртызанка ў сукенцы стылю ракако ўзмахвала хустачкай услед ад’язджаючай паштовай карэце. Шаўковая хустачка, і на заднім плане дрэвы, дакладна з карціны Фраганара. Размытыя контуры малюнка адмыслова ствараюць уражанне суму, а ўдалечыні развяваецца хустка ўлюбёнага, які махае з акна паштовай карэты, усё аддаляючыся, але не робячыся ад гэтага меншым. Крыху кранутае золатам зялёнае лісце фраганаравых дрэў, і пяшчотная, маленькая рука трымае хустачку, ружовая ручка, створаная для ласкі. Чалавек, які прапаноўваў усю гэтую раскошу, неяк дзіўна паглядзеў на яе: ён нават і падумаць не мог, што яна купіць у яго нешта. Да таго ж лаванду, самае дарагое з усяго змесціва чамадана,— ён ведаў, што яна можа гэта купіць, але не смеў спадзявацца, не адважваўся верыць, што вялікая срэбраная манета з яе рук перакачуе ў ягоную кішэню. Надзея яго была слабейшай і вера мізэрнейшай за вопыт. На пакамечаным твары была страшэнная стомленасць.

Яна ўзяла флакон і ціха спытала:

— Колькі каштуе?

— Тры маркі,— адказаў ён і пабялеў ад страху: гэтая пакупка была звыш усякага чакання, яна была мяжой яго надзей.

Ён ўздыхнуў, калі Нэла выбрала яшчэ што-кольвечы, зноў тую ж прыгажуню, толькі гэтым разам прыгажуня мыла рукі ў фарфоравым тазіку. Ружовыя маленькія пальчыкі, што прывыклі да ласкі, песціліся ў неверагоднай колькасці найпразрыстай вады, на абгортцы мыла ўздымаўся асляпляльны бюст прыгажуні, праз расчыненае акно быў бачны садзік на фраганараў густ.

— А за гэта колькі? — спытала Нэла і ўзяла кавалак мыла.

— Адну марку,— адказаў ён, і твар яго зрабіўся амаль злым ад таго, што надзеі здзяйсняліся, плён якіх ён спажыве праз два тыдні, ад перапоўненасці шчасцем, якому ён радаваўся з пачуццём недаверу, з трывожным прадчуваннем, што дабром гэта не скончыцца.

— Значыцца, усяго чатыры маркі,— сказала яна, і ён з палёгкай кіўнуў галавой.

Яна дала яму чатыры маркі — чатыры срэбраныя манеты, і паклала на крышку чамадана тры цыгарэты.

Ад нечаканасці ён нават не рашыўся падзякаваць. Ён толькі ўтаропіўся на яе і атрымаў у дадатак усмешку, якая не каштавала ні грошай, ні намаганняў. Усмешка падзейнічала імгненна — сляпая страсць, дзікае жаданне авалодаць прыгажосцю, якую ён сустракаў да гэтай пары толькі на мыльных абгортках, прыгажосцю, якую можна ўбачыць толькі на экране, і гэтая ўсёсакрушальная ўсмешка ў цемры пярэдняй. Нэла спалохалася і ціхенька зачыніла дзверы.

— Альберт,— крыкнула яна,— Альберт, хадзі ж, я зараз пайду.

— Добра,— адазваўся ён,— іду.

Яна пайшла ў свой пакой, пакінуўшы дзверы адчыненымі. Альберт прыйшоў да яе ўжо гатовы да выхаду з дому: у кішэні — газета, у руцэ — ключ ад машыны, у роце — люлька.

— Ну што? — спытаў ён, спыняючыся ў дзвярах.

— Ды зайдзі ж,— сказала яна,— ці ты не маеш часу?

— Лішняга няма,— сказаў ён, але ўсё ж увайшоў, не зачыняючы дзвярэй, і апусціўся на краёчак крэсла.— Ты ад’язджаеш?

— Так.

— Надоўга?

— Не ведаю, магчыма, заўтра вярнуся. Я на семінар.

— Пра што семінар? Хто там будзе?

— Будуць даклады «Літаратура і грамадства», «Літаратура і царква»,— сказала яна.

— Ну што ж, няблага,— сказаў ён.

— Павінна ж я зрэшты хоць нешта рабіць. Лепш за ўсё мне б, канешне, уладкавацца на работу.

«Зноў за сваё»,— падумаў ён, а ўголас сказаў:

— Канешне, табе трэба нейкі занятак, але ўладкоўвацца на работу проста не мае для цябе ніякага сэнсу. Большасць людзей працуе па простай прычыне — ім трэба карміць сям’ю, плаціць за кватэру і ўсялякае іншае. Мець занятак — гэта не тое што працаваць, а заняткаў табе пры жаданні хапіла б на цэлы дзень.

— Так, я ведаю,— уздыхнула яна,— дзіця,— і загаварыла ў тоне патэра Віліброрда: — «Выхоўваць дзіця, і працягваць справу свайго мужа, і захоўваць яго творы».

— Менавіта,— сказаў ён,— так і зрабі, перарый усю гэтую скрыню, дастань пісьмы Віліброрда, пісьмы Шурбігеля і падлічы, колькі разоў яны там ухваляюць фюрэра,— вось табе і будзе цудоўны занятак.

— Хопіць! — кінула Нэла, стоячы каля акна.— Няўжо я павінна ўсё жыццё сцерагчы трыццаць сем вершаў? З хлопчыкам ты спраўляешся значна лепш за мяне, а замуж я больш не збіраюся. Я не жадаю строіць з сябе ўсмешлівую матулю з вокладкі ілюстраванага часопіса. Я больш не жадаю быць нічыёй жонкай — такога, як Рай, мне ўжо больш ніколі не сустрэць, і самога Рая таксама не вярнуць. Яго забілі, я стала ўдавой — за ...юрэра, ...ерманію і ...арод,— і яна здражніла рэха, што ішло ад сценаў капэлы, рэха, поўнае хлусні і пагроз, таннага семінарскага пафасу.— Ты думаеш, мне і на самай справе прыемна ездзіць на семінары з усялякімі ідыётамі?

— Тады не ездзі,— сказаў ён.— Я разбагацеў, уласна кажучы, за адну ноч.— Ён слаба ўсміхнуўся, думаючы пра знойдзены карабок з замалёўкамі.— Мы

наладзім сабе выдатны суботні адпачынак разам з хлопчыкам, а ты можаш памалоць языком з Вілем пра кіно. А калі ты захочаш,— і яна зірнула на яго таму, што голас у яго нечакана змяніўся,— калі захочаш! мы паедзем яшчэ далей.

— Удваіх?

— Не, з хлопчыкам,— адказаў ён,— а калі ты не супраць, то з абодвума — прыхопім сябра Марціна, калі яму захочацца.

— А чаму не ўдваіх, дзеля чаго разыгрываць шчаслівае сямейства, калі шчасце — гэта суцэльная мана: усмешлівы бацька, усмешлівы сын, усмешлівая маці?

— Нельга,— сказаў ён,— будзь жа разумнай. Для хлопчыка гэта будзе проста жахліва, гэта будзе апошняй кропляй, а яшчэ горш — для яго таварыша. Я нічога не магу зрабіць,— ціха дадаў ён,— але для дзяцей я апошняя надзея, для іх гэта будзе цяжкім ударам, ад якога ім не ачуняць, калі я — я таксама — 8 катэгорыі тых дзядзькаў, да якой я зараз належу, перайду ў зусім іншую.

— А для цябе?

— Для мяне? Ды ты здурнеяа, няўжо табе і сапраўды прыносіць задавальненне ставіць мяне ў няёмкае становішча, ад якога я адбіваюся рукамі і нагамі? Ну, пайшлі, мне пара, мяне чакае Бразгот.

— Ах, рукамі і нагамі? — паўтарыла яна, не паварочваючы галавы.

— Але, рукамі і нагамі, калі гэта цябе так цікавіць, а можа, ты хочаш, каб тут, у гэтым доме, які наскрозь пранізаны ўспамінамі, мы ўпотай завялі раман, а знешне разыгрывалі б добрага дзядзьку і добрую матулю? I потым, гэта марна, дзеці ўсё роўна пра ўсё здагадаюцца.

— Зноў дзеці,— стомлена адказала яна,— колькі шуму з-за дзяцей.

— Называй гэта шумам, але замужжа табе не пазбегнуць.

— А вось і пазбегну! Я больш ніколі не выйду

замуж, лепш ужо я буду прыкідвацца няўцешнай удавой, чым усмешлівай жонкай — першапачатковай клетачкай — ...адзімы, ...арода...

— А зараз час ісці, ці ўжо заставайся дома. Ты там ад нуды памрэш.

— Не,— сказала яна,— сёння мне сапраўды трэба ехаць. Звычайна для гэтага няма асаблівай прычыны, а вось сёння ёсць. Мне проста неабходна.

Яна падумала, як можа падзейнічаць на Альберта імя Гезелера.

— Пойдзем,— сказала яна. Ён узяў яе чамадан, і ўжо ў дзвярах яна сказала, як нешта не маючае значэння: — Больш, чым ты зараз робіш для мяне, проста немагчыма зрабіць, і яшчэ добра, што ты клапоцішся пра хлопчыка; мушу табе сказаць, што я не адчуваю пры гэтым ні кроплі рэўнасці.

На вуліцы пацяплела. Альберт зняў пальчаткі, капялюш і сеў у машыну каля Нэлы.

I, калі ён уключыў матор, Нэла сказала:

— Я вельмі хацела б мець такі занятак, як у цябе. Мне здаецца, ты вельмі шчаслівы.

— Ніколькі,— адказаў ён, астатнія яго словы патанулі ў шуме матора, і яна ўхапіла толькі канец: — ...ніколькі я не шчаслівы. А заняткаў і ты знайшла б сабе колькі заўгодна.

— Ведаю, я магла б дапамагаць манашкам, магла б прасаваць бялізну і ўсялякае такое, весці разлікі па гаспадарцы, вязаць кальсоны і да таго падобнае, і ігумення сказала б: «Мы цяпер маем цудоўную памочніцу — удаву паэта імярэк».

— Не дурыся,— сказаў ён, і па тым, як ён пераключыў хуткасць, яна зразумела, што ён проста раз’юшаны.

— Балбачы што хочаш, мяне гэта ніколькі не кранае, і манашак можаш лаяць, як табе ўздумаецца, але жыццё яны вядуць не бессэнсоўнае, у іх ёсць занятак, які заўсёды здаваўся мне найбольш разумным, хоць, зрэшты, мне ён зусім не падыходзіць. Яны моляцца — і я хачу зняць з іх частку клопатаў, каб ім хапала часу для малітваў.

— Проста зайздросна слухаць, як іншыя людзі выдатна абсталявалі сваё жыццё.— Яна ўсхліпнула, але перасіліла сябе і сказала: — Табе б толькі жонку, і тваё жыццё было б цалкам уладкавана.

— А чаму б і не,— сказаў ён, спыняючы машыну перад святлафорам на Піпінштрасэ.— Цябе загубіць снабізм.— Ён сціснуў яе руку.

Яна адказала на поціск і сказала:

— Не, справа не ў снабізме, я проста не магу ім дараваць, што яны забілі майго мужа,— ні дараваць, ні забыць, і не хацела б даць ім задавальненне і паўторна строіць з сябе шчаслівую, усмешлівую жонку.

— Задавальненне каму?

— Ім,— паўтарыла яна спакойна.— Здагадайся сам, каго я маю на ўвазе. Зялёнае святло — едзь далей.

Ён паехаў далей.

— З усіх тваіх спраў ты нічога не даводзіш да канца. Маці ты ніякая, удава таксама ніякая, і гуляшчай цябе не назавеш, і нават нічыёй палюбоўніцай — я проста раўную, раўную цябе, і нават не да гэтых ідыётаў, а да марна растрачанага часу — і адно заўсёды застанецца нязменным: мужчына не можа зрабіць большага для жанчыны, чым прапанаваць ёй выйсці за яго замуж.

— Не,— сказала яна,— часам значна важней стаць яе каханым. Неяк дзіўна атрымліваецца: раней жанчыны радаваліся, калі ім удавалася выйсці замуж, а цяпер, наадварот, мне, ва ўсякім разе, гэта зусім непатрэбна.

— Таму што ты поўная снабізму. Гадамі выслухоўваеш гэтакіх аболтусаў — гэта дарэмна прайсці не можа. Дзе цябе высадзіць?

— Каля ашчадкасы,— сказала яна.

Ён счакаў, пакуль паліцэйскі падасць знак на праезд, аб’ехаў пляц Карла Вялікага і спыніўся каля ашчадкасы. Затым выйшаў, дапамог ёй выйсці і дастаў з багажніка яе чамадан.

— На гэты раз,— усміхнулася яна,— я сапраўды не буду дарма губляць часу.

Ён паціснуў плячамі.

— Ну што ж,— сказаў ён,— у нас жа ўсё наадварот — раней адданыя жанчыны чакалі, калі іх возьмуць няверныя мужчыны, цяпер жа я, мужчына, буду верна чакаць, пакуль няверная дазволіць з ёй ажаніцца.

— Але, ты адданы,— сказала яна,— і я ведаю, што гэта добра.

Ён паціснуў ёй руку, сеў у машыну і другі раз аб’ехаў пляц.

Яна пачакала, пакуль яго машына схавалася за рагом вуліцы Меравінгаў, затым паклікала таксі са стаянкі каля Старой гарадской брамы і сказала шафёру:

— Да Крэдытнага банка.


12

Звычайна ён не спяшаўся са школы дадому. Ён далучаўся да кампаніі так званых абібокаў, але нават сярод іх не было ніводнага, хто так не хацеў бы ісці дадому, як Марцін. Нехта бег дадому з усіх ног, таму што згаладаўся, або таму, што дома іх чакала штосьці прыемнае, або таму, што ім трэба было ісці за пакупкамі або падаграваць абед для малодшых братоў і сясцёр. Генрых сам гатаваў ежу для сваёй маленькай сястрычкі, на ўроках ён сядзеў вельмі стомлены і стрымгалоў кідаўся бегчы, як толькі празвініць званок. Яго маці ішла на працу за дваццаць хвілін да канца заняткаў у школе, і Вільма заставалася адна з Леа, а Брылах сядзеў як на голках, калі ведаў, што Вільма адна з Леа. На апошнім уроку ён усё шаптаў: «Я не магу сядзець на месцы ад хвалявання!»

Спакою ў Генрыха не было ніколі, занадта ўжо многа ў яго было ўсялякіх клопатаў, і школу ён успрымаў як справу другарадную, непатрэбную, але адначасова сімпатычную, як нешта далёкае ад жыцця. Бурбалкі паветра пад ледзяной карой, мілыя цацкі, забаўляцца з якімі надзвычай прыемна, хоць яны і забіраюць многа часу. А парой у школе было проста сумна, і тады Брылах на апошнім уроку засынаў, калі толькі страх за Вільму не перашкаджаў яму заснуць.

Затое Марцін не спаў і чакаў званка. Час спыняўся, час застываў, каб адным рыўком перакінуць вялікую стрэлку на дванаццаць,— і тады звінеў званок. Генрых ускокваў, яны хапалі ранцы, на бягу надзявалі іх праз плячо і несліся па калідоры, затым праз двор — на вуліцу, наперагонкі да вугла: там ён зварочваў направа, а Генрых — налева. Яны абганялі астатніх і беглі па бруку, а не па тратуары, каб не сутыкацца з плынню дзяўчынак, якія ішлі ў школу.

Брылах першы дабег да вугла, ён спяшаўся дамоў, але пачакаў Марціна. На развітанне Марцін крыкнуў:

— Паедзеш з намі ў Бітэнхан? Мы па цябе заедзем!

— Трэба спытаць у маці!

— Ну, бывай здаровы!

На дарогу ў Марціна звычайна ішло пятнаццаць хвілін, але ён мог прабегчы яе і за пяць хвілін. Сёння ён бег вельмі хутка, задыхаючыся ад нецярпення,

І ўжо здалёк убачыў, што машыны Альберта няма каля дома. Ён спыніўся каля нейкага плота, перавёў дыханне і азірнуўся назад, на алею, па якой Альберт павінен вярнуцца ад Бразгота. Ісці дадому не хацелася. Больды няма, Глума няма і ўвогуле пятніца — дзень небяспечны, гэта бабулін дзень. Яшчэ не канчаткова разыграна кроў у мачы, у Фавінкеля сёння падаюць пяцьдзесят розных рыбных страў, а ён не выносіць рыбы. Калі Альберт выедзе з-за вугла, то адразу ўбачыць, што ён сядзіць тут, і ён злаваў на Альберта за тое, што ягонай машыны да гэтага часу яшчэ няма каля пад’езда Марцін устаў і пацягнуўся да бензакалонкі ў самым канцы алеі.

Толькі цяпер на алеі з’явіліся дзяўчынкі, якія спазняліся, якіх звычайна ён сустракеў на вуглу; яны перасеклі маставую, зірнулі на вялікую залатую стрэлку вежавага гадзінніка і пусціліся трушком. Некалькі дзяўчынак, задыхаючыся, беглі па алеі, а ўдалечыні група дзяўчынак ішла зусім не спяшаючыся. Ён добра ведаў іх усіх, таму што тых, якія зараз пусціліся трушком, ён сустракаў штодня перад пачаткам першай змены, каля самай школы; тых, якія беглі па алеі, ён сустракаў заўсёды каля бензакалонкі, на агароджы якой зараз сядзеў. Сёння ўсё пераблыталася, і Марцін злаваў, што так паспяшыў дадому. Заўсёды ён ішоў адным з апошніх, і калі з’яўляліся панылыя прагульшчыцы, ён звычайна ўжо сядзеў на агароджы калонкі, а яны не беглі, ведаючы, што ўсё роўна не паспеюць. Гэта былі тыя дзяўчынкі, якія зараз удалечыні спакойна пераскоквалі цераз цені дрэў, быццам цераз прыступкі. Ён сустракаў іх заўсёды каля калонкі, а сёння ён паспеў дайсці да самага дома і вярнуцца, а яны ўсё яшчэ не дабраліся да калонкі. З развеянымі валасамі, з палаючымі тварамі пранесліся паблізу яго тыя, што яшчэ не прывыклі спазняцца. Мінутная стрэлка гадзінніка на царкоўнай вежы зусім наблізілася да трох, бегчы было не варта, таму што паспець на ўрок ім ужо не ўдасца.

Машыны Альберта ўсё яшчэ не было, чаканне рабілася невыносным, і вінаваты ва ўсім быў Альберт.

Паказалася група нетаропкіх прагульшчыц, на вежы прабіла чвэрць другой, і нармальны рытм жыцця быў адноўлены. Дарма ён бег, дарма спяшаўся, з гэтай хвіліны ўсё пайшло, як у звычайныя дні.

Прагульшчыцы смяяліся, балбаталі, а ён з зайдрасцю глядзеў на іх — яны належалі да ліку адчайных, і сам ён вельмі хацеў бы быць на іх месцы. Адчайнымі лічыліся тыя, якім было на ўсё напляваць. Само па сабе паняцце адчайны заставалася загадкавым, сярод іх сустракаліся такія, чые бацькі мелі грошы, і тыя, у каго грошай не было. На Брылаха гэта часам находзіла, і ў яго да адчайнасці прымешвалася пэўная доля ганарыстасці, на твары Брылаха можна было прачытаць: «Ну што вам ад мяне патрэбна?» Адчайнымі лічыліся тыя, пра якіх дырэктар гаварыў, што іх трэба пераламаць,— гэта гучала жахліва, быццам гаворка ішла не пра дзяцей, а пра запалкі або косці. Нейкі час ён нават думаў, што пераломленыя гэта якраз і ёсць тыя, якіх падаюць на стол у скляпку Фавінкеля. У другім класе пераломвалі Хэвеля, а пасля ён знік. Паліцыя прыводзіла яго ў школу, але на перапынках ён усё роўна знікаў. Пасля ён падбіў на гэтае і Борна. Борн і Хэвель жылі разам у бамбасховішчы, і ўжо тады яны рабілі бессаромнае, а калі іх ушчувалі, яны толькі смяяліся, і дырэктар гаварыў: іх неабходна пераламаць. Затым Хэвель і Борн зніклі, і ён рашыў, што іх проста пераламалі і падаюць на стол у скляпку Фавінкеля паглынальнікам дзяцей і перамолвальнікам касцей, якія плацяць за гэта многа-многа грошай.

Альберт пасля яму гэта растлумачыў, але ўсё роўна справа заставалася вельмі загадкавай, а бамбасховішча, у якім жылі некалі Хэвель і Борн, так і засталося сярод нейкіх агародаў — загадкавая бетонная аграмадзіна без вокнаў. Іх пераламалі, і пасля гэтага яны бясследна зніклі,— трапілі ў калонію, як гаворыць Альберт.

А Альберта ўсё няма, і больш ён ніколі не прыедзе. Напаўзакрыўшы вочы, Марцін глядзеў на набліжаючыяся з боку горада машыны, толькі Альбертавага «мерсэдэса» — старэнькага, нехлямяжага, мышынага колеру — сярод іх не было,— Марцін не зблытаў бы яго ні з якой іншай машынай.

I падацца некуды: ісці да Генрыха не хочацца. Там зараз дзядзька Лea, і на працу ён пойдзе толькі ў тры. Больда прыбірае ў царкве. Можна, зразумела, пайсці да яе, з’есці, забіўшыся ў рызніцу, адзін з яе бутэрбродаў і запіць яго гарачым булёнам з тэрмаса.

Ён зірнуў на безнадзейную прагульшчыцу, якая зараз толькі паказалася ў канцы алеі і зусім не спяшалася. Ён добра ведаў гэты стан — ці не ўсё роўна спазніцца на дваццаць хвілін або на дваццаць пяць. Дзяўчынка з вялікай цікаўнасцю разглядвала першыя апалыя лісты, набрала цэлы букет вялікіх, амаль зялёных, толькі крыху кранутых жаўцізной. З букетам лісця ў руках яна спакойна перасякала вуліцу.

Дзяўчынка была незнаёмая. У яе былі цёмныя раскудлачаныя валасы, і яго зачараваў спакой, з якім яна спынілася каля кінатэатра «Атрыум», каб паглядзець афішы. Ён нават пасунуўся бліжэй да «Атрыума»; бензакалонка стаяла якраз каля кінатэатра. Афішы яны разам з Генрыхам ужо разглядвалі і вырашылі ў панядзелак пайсці ў кіно.

Паміж дзвюма зялёнымі таполямі на афішы віднелася бронзавая брама парка, яна была прачынена, у прасвеце стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым высокім каўняром. Шырока раскрытыя вочы жанчыны ўтаропліваліся на таго, хто ў той момант стаяў перад плакатам, а наўкось праз яе ліловы жывот цягнуўся белы надпіс: «Сеанс для дзяцей». На заднім плане быў замак, а на самым верее, на светла-блакітным небе назва фільма: «У палоне ў сэрца». Марцін не любіў фільмы, пра якія паведамлялі афішы з жанчынамі ў закрытых сукенках і з белым надпісам: «Сеанс для дзяцей», гэтыя фільмы абяцалі бясконцую нуду» а фільмы з жанчынамі ў адкрытых сукенках і з чырвоным надпісам: «Дзецям да 16 гадоў...» — прадвяшчалі распуснае. Але ні распуснае, ні нуда не захаплялі яго, лепшымі за ўсё былі фільмы пра каўбояў і мультыплікацыі.

На гэтым тыдні пойдзе распусны фільм. Афіша вісіць каля афішы дзідячага фільма, на ёй жанчына з адкрытымі грудзямі, яе адбымае мужчына, у якога галыптук з’ехаў набок. Гальштук здорава з’ехаў набок, выгляд у мужчыны ўскудлачаны, і ўсё гэта вельмі нагадвае тое слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, калі яны разам з Генрыхам і Вільмай хадзілі сустракаць яе пасля працы.

У падвале стаяў салодкі, цёплы дух. Паўсюль на драўляных паліцах ляжалі горы свежаспечанага, яшчэ цёплага хлеба; яму падабалася чвяканне машыны, якая мясіла цеста, падабаўся шпрыц для крэму, якім кандытар выпісваў на тартах: «З днём нараджэння». Кандытар пісаў шпарка, акуратна і правільна, хутчэй, чым хто ніша аўтаручкай, а маці Брылаха лёгка і спрытна наносіла шпрыцам кветкі і хаткі, дым з каміноў і ўсялякія прыгажосці. Калі яны прыходзілі разам з Брылахам, яны спыняліся перад няшчыльна прычыненымі, абітымі бляхай дзвярыма, да якіх звычайна пад'язджалі грузавікі з мукой, і, заплюшчыўшы вочы, удыхалі цёплае салодкае паветра. Затым ціха адчынялі дзверы, урываліся туды і крычалі: «Бэ-э-э!» — гэтая гульня вельмі падабалася маленькай Вільме. Яна вішчала ад захаплення, а разам з ёй радаваліся кандытар і маці Брылаха.

Недзе ты дзень назад яны неяк стаялі, стаіўшыся за дзвярмі, ужо збіраючыся адчыніць іх, і раптам у панаваўшай тут цішыні пачулі, як маці Брылаха сказала кандытару:

— Не табе мяне...— і тое слова. Марцін увесь успыхнуў, успомніўшы гэтае слова, і нават цяпер яму боязна было добра ўдумацца ў яго сэнс. А кандытар адказаў спакойна і сумна:

— Ты не павінна так гаварыць, не трэба...

Вільма пачала падштурхоўваць іх у цемнаце, ёй хацелася пачаць гульню і закрычаць: «Бэ-э-э», але яны абодва стаялі, быццам удараныя маланкай, быццам акамянелыя, а кандытар у пякарні мармытаў нешта зусім незразумелае, нейкую загадкавую лухту, неспакойны, страсны і ў той жа час пакорны; словы яго перамяжаліся са звонкім смехам маці Брылаха, а Марцін думаў пра тое, як дзядзька Альберт гаварыў пра туту мужчын, пра іх жаданне жыць з жанчынамі. Кандытар, мяркуючы па ўсім, проста дурнеў ад жадання з’яднацца з маці Брылаха, ён амаль што не спяваў, ён мармытаў нешта незразумелае. Марцін нават дзверы прачыніў, каб паглядзець, ці не злучаюцца яны там на самай справе, але Генрых шалёна рвануў яго назад, затым узяў Вільму на рукі, і яны пайшлі дадому, так і не паказваючыся на вочы маці.

Пасля гэтага Брылах цэлы тыдзень не хадзіў у пякарню, і Марцін спрабаваў уявіць сабе пакуты Брылаха, ставячы сябе на яго месца,— як ён сам цяжка перажываў бы, калі б гэтае слова сказала ягоная мама. Ён выпрабоўваў гэтае слова, у думках укладваюы яго ў вусны ўсіх сваіх знаёмых, але з вуснаў дзядзькі

Альберта проста немагчыма пачуць такое слова, а вось У вуснах ягонай уласнай маці,— тут сэрца Марціна пачынала біцца мацней, і ён разумеў, як пакутуе Брылах,— у вуснах ягонай уласнай маці гэтае слова здавалася магчымым. Ніколі б не прамовілі гэта слова Віль, Больда, Глум, маці Альберта і бабуля таксама; гэта слова ніяк да іх не падыходзіла, а вось калі б яго мама вымавіла гэтае слова, яно прагучала б, мабыць, зусім натуральна.

На ўсіх — на настаўніку, на капелане, на бармэне — на ўсіх выпрабаваў ён гэтае слова, але быў адзін рот, для якога гэтае слова проста было створана, як корак для бутэлькі з чарнілам,— гэта быў рот дзядзькі Леа. Леа прамаўляў яго значна выразней, чым гэта зрабіла маці Брылаха.

Маленькая прагульшчыца зусім знікла з вачэй, было ўжо без чвэрці дзве, ён спрабаваў уявіць сабе, як яна заходзіць у клас; яна ўсміхнецца і нешта нахлусіць, пасля яе будуць ушчуваць, а яна ўсё будзе ўсміхацца. Гэтая ўжо зусім адчайная. Затым яе, пэўна ж, пераломяць,— і хоць ён ужо даўным-даўно ведаў ад Альберта, што ніхто не забівае дзяцей дзеля яды, але ўсё роўна спрабаваў уявіць сабе, як дзяўчынка, наламаная на кавалкі, трапляе на кухню ў скляпку Фавінкеля. Ён знарок даваў волю сваёй фантазіі, таму што злаваў на Альберта і хацеў яму дапячы. Таму што не ведаў, куды падзецца,— бо ў Брылаха яшчэ не сышоў дзядзька Леа, а яму не хацелася бачыць рота, з якім так стасуецца гэтае слова; пустая, бязлюдная царква, дзе зараз прыбірае Больда, палохала яго не менш, чым перспектыва папасці ў шынок Фавінкеля, дзе наведвальнікі паглынаюць наламаных дзяцей, дзе яго абавязкова званітуе ў паскудным туалеце сярод мярзотных скуралупаў.

Ён яшчэ бліжэй падышоў да «Атрыума» і раптам адчуў, што прагаладаўся. Заставалася адно: пайсці дадому, ціхенька пракрасціся на кухню і падагрэць абед. Ён на памяць ужо ведаў інструкцыю па падаграванні ежы, інструкцыя была напісана на ададраным ад газеты кавалку паперы: «Не адкрывай газавы кран да адказу — не адыходзь ад пліты» (тры разы падкрэслена). Але выгляд халоднай ежы заўсёды псаваў яму апетыт — пра гэта як быццам ніхто яшчэ не здагадваўся,— застылы тлушч падліўкі, засохлая бульба, густы, увесь у камяках суп,— і да ўсяго небяспека, што ў любы момант можа з’явіцца бабуля. Паўсотні рыбных страў у рэстаране Фавінкеля — чырванаватыя, сіняватыя, зеленаватыя кавалкі рыбы, агідныя пухіры тлушчу скочваюцца па скурцы вугра, празрыстыя зеленаватыя, чырванаватыя, сіняватыя соусы, зморшчаная скурка адваранай пікшы, падобная на кучку крошак, якія пакідае алоўкавая гумка.

Альберт усё яшчэ не ідзе, і не прыйдзе, І, каб адпомсціць Альберту, ён пачаў паўтараць гэтае брыдкае слова і паўтараў яго да той пары, пакуль яно, нарэшце, не загучала з вуснаў Альберта.

Думаць пра бацьку было вельмі самотна: забіты недзе на чужыне, малады, занадта малады чалавек, усмешлівы, з люлькай у роце, ён нізавошта не змог бы вымавіць гэтае слова.

Капелан уздрыгнуў, калі Марцін сказаў яму гэта слова на споведзі. Сказаў нерашуча, увесь пачырванеў, каб неяк вызваліцца ад гэтага слова, якое яны з Брылахам не асмельваліся паўтарыць нават адзін на адзін. Бледны твар маладога святара перасмыкнуўся, капелан скурчыўся, быццам пераломаны. З невыразнай тугой пахітаў ён галавой — не так, як чалавек, што хоча сказаць «не трэба», не так, як чалавек, які здзівіўся, а проста як чалавек, які ледзь трымаецца на нагах і вось-вось упадзе.

З-за ліловай занавескі самотны твар капелана здаваўся прывідным, як у велікамучаніка, ён уздыхнуў і загадаў, каб Марцін усё расказаў яму, і загаварыў пра млынавыя жорны; гэтыя жорны прывязваюць на шыю таму, хто спакусіць дзіця; затым ён адпусціў Марціна і папрасіў, толькі папрасіў, а не налажыў пакаянне, кожны дзень чытаць па тры разы «Ойча наш» і тры разы «Багародзіцэ Дзево, радуйся», каб вытравіць з сябе гэта брыдкае слова. I зараз, седзячы на агароджы, Марцін тройчы ў думках паўтарыў гэтыя малітвы. Ён больш не назіраў за машынамі, якія праносіліся міма; калі ласка, няхай Альбертаў «мерсэдэс» праязджае міма. Ён маліўся павольна, з напаўзакрытымі вачамі і прытым думаў пра млынавыя жорны. Млынавыя жорны былі прывязаны да шыі Лea, i Лea патанаў, ішоў на дно, усё глыбей і глыбей скрозь сінявата-зялёную цемень мора, а міма праплывалі дзіўныя, усё больш дзіўныя рыбы. Абломкі затанулых караблёў, водарасці, буза, марскія страшыдлы, i Лea ішоў на дно ўслед за цяжарам жорнаў. Не на шыі маці Брылаха былі гэтыя жорны, а ў Леа, у таго самага Леа, які здзекаваўся над Вільмай, пагражаў ёй шчыпцамі, біў яе па пальчыках доўгай пілкай для пазногцяў, у Леа, чый рот быў проста створаны для гэтага слова.

Марцін у апошні раз прачытаў «Ойча наш», устаў і зайшоў у «Атрыум». Тут ён спалохаўся: прагульшчыца стаяла каля дзвярэй і гутарыла з білецёрам. Білецёр гаварыў ёй:

— Зараз, дзетка, зараз, праз некалькі хвілін пачнецца. Ты ж ужо са школы?

I прагульшчыца адразу вымавіла зразумелую, выразную і ашаламляльную хлусню:

— Так.

— А дадому табе не трэба?

— Не, мама на працы.

— А бацька?

— Бацька загінуў.

— Пакажы білет.

Яна падала білет — зялёненькую паперку, а каля ўвахода красавалася афіша, і на ёй, наўскос праз ліловы жывот жанчыны, цягнуўся надпіс: «Сеанс для дзяцей». Калі прагульшчыца знікла, Марцін падышоў бліжэй і нерашуча спыніўся каля касы. У шкляной будцы сядзела жанчына з цёмнымі валасамі і нешта чытала. Потым падняла на яго вочы і ўсміхнулася, але ён не адказаў на яе ўсмешку. Усмешка не спадабалася яму — нешта ў ёй нагадвала слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Касірка зноў утаропілася ў кнігу, а ён уважліва разглядваў яе беласнежны прабор і сінявата-чорныя валасы, затым яна зноў падняла вочы, прачыніла акенца і спытала:

— Што табе трэба?

— Пачнецца хутка? — ціха спытаў ён.

— У дзве,— сказала яна і зірнула на гадзіннік, што вісеў за яе спінай.— Праз пяць хвілін. Пойдзеш?

— Так,— адказаў ён і адразу ж успомніў, што якраз гэтую карціну ён прапанаваў Брылаху паглядзець у панядзелак.

Касірка ўсміхнулася, кранула зялёны, жоўты і сіні валік з білетамі і спытала:

— Які рад?

Ён расшпіліў кішэньку, дастаў грошы, сказаў:

— Дзесяты рад,— і падумаў, што няблага прымусіць Альберта пачакаць, і што няблага пасядзець аднаму ў цемры, і што, нарэшце, у панядзелак можна з Брылахам паглядзець іншую карціну.

Касірка адарвала білецік ад жоўтай катушкі і падгрэбла грошы да сябе.

Білецёр сустрэў яго суровым позіркам.

— А ты ўжо быў у школе? — спытаў ён.

— Так,— адказаў ён і адразу ж, не чакаючы другога і трэцяга пытання, дадаў: — Маці мая паехала, а бацька загінуў.

Білецёр нічога не сказаў, адарваў ад білета кантроль і ўпусціў яго. Толькі апынуўшыся за цяжкой парцьерай, Марцін скеміў, які дурны білецёр. Няўжо ён не ведае, што хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асобна і што ён не мог прыйсці са школы адначасова з гэтай прагульшчыцай.

Было цёмна. Дзяўчына-кантралёр узяла яго за руку і вывела на сярэдзіну залы. У дзяўчыны была халаднаватая і лёгкая рука, і калі яго вочы прывыклі да цемнаты, ён убачыў, што ў зале амаль пуста: толькі ў першых і апошніх радах сядзелі некалькі чалавек, а сярэднія рады пуставалі, тут быў толькі ён. Прагульшчыца сядзела наперадзе, паміж двух маладых людзей, яе галава з чорнымі паблытанымі валасамі ледзь віднелася над спінкай крэсла.

Ён уважліва прагледзеў рэкламу гуталіну: ліліпуцікі-канькабежцы сноўдалі па асляпляльных чаравіках велікана. У руках у іх хакейныя клюшкі, толькі заместа звычайных загагулін унізе прымацаваны шчоткі для ботаў, і чаравікі велікана ззялі ўсё ярчэй і ярчэй, і нечы голас сказаў:

— Калі б Гулівер карыстаўся Бляскам, ён заўсёды меў бы такія чаравікі.

Пачаўся новы рэкламны фільм: жанчыны гулялі ў тэніс, гарцавалі на конях, кіравалі самалётамі, разгульвалі ў маляўнічых парках, плавалі па люстранай роўнядзі мора, каталіся на аўтамашынах, веласіпедах, матаролерах, практыкаваліся на брусах і турніках, кідалі дыск — і ўсе яны ўсміхаліся, усміхаліся нечаму, і, нарэшце, усмешлівая жанчына, ззяючы, сказала прысутным у зале, што яе радуе вялікі цёмна-зялёны карабок з белым крыжыкам і надпісам на крышцьг «Афелія».

Марціну было сумна. Пачалася асноўная карціна, але сум не прайшоў. На экране пілі віно і служылі імшу, затым расчыніліся вароты парка, і мужчына Ў зялёным сурдуце, зялёным капелюшы і зялёных гетрах паскакаў па прасецы. У канцы прасекі стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым каўнерыкам жанчына з «Сеанса для дзяцей». Мужчына саскочыў з сядла, пацалаваў жанчыну, а жанчына яму сказала: «Я буду за цябе маліцца, беражы сябе». Зноў пацалунак, і вось ужо жанчына з «Сеанса для дзяцей», плачучы, глядзіць услед мужчыну, які бесклапотна скача прэч. Трубяць паляўнічыя ражкі на даляглядзе, і мужчына ў зялёным капелюшы, зялёных гетрах і зялёным сурдуце імчыць на фоне сіняга неба па іншай прасецы.

Марцін паміраў ад нудоты: ён пазяхаў у цемры, яго даймаў голад, ён заплюшчыў вочы і чытаў «Ойча наш» і «Багародзіцэ Дзево, радуйся», затым прыдрамаў і ўбачыў у сне, як Лea з жорнамі на шыі ідзе на дно — беспрадонная глыбіня мора, і твар у Лea такі, якім ён ніколі яго не бачыў. Твар у яго самотны, і ён апускаецца ўсё глыбей і глыбей ў зялёны змрок, і зграі марскіх страшыдлаў здзіўлена вылупліваюцца на яго.

Ён прачнуўся ад крыку, спалохаўся, не адразу зразумеў у цемені што да чаго і ледзь сам не закрычаў. Але паступова карціна праяснялася: зялёны мужчына качаўся па зямлі з нейкім абарванцам, абарванец перамог, зялёны так і застаўся на зямлі, абарванец жа ўскочыў у сядло, пачаў лупіць каня высакародных крывей і з д’ябальскім рогатам паскакаў прэч, хоць конь раз за разам уставаў на дыбы.

У лясной капліцы жанчына з «Сеанса для дзяцей» стаяла ўкленчыўшы перад выявай мадонны, але раптам з лесу пачуўся стукат капытоў. Яна кінулася насустрач: яна пазнала ржанне і тупат ягонага каня. Вочы яе заблішчалі ад радасці: ці не ён вярнуўся назад, гнаны каханнем? О не, дзікі крык, жанчына падае непрытомна на ганку капліцы, а абарванец праносіцца міма, нават не зняўшы капелюша. Але хто там паўзе з апошняе сілы, выгінаецца, як змяя, па лясной прасецы, чый твар скажоны дзікім болем, чые вусны сцяты журботным маўчаннем? Гэта элегантны зялены пан. Ён дапоўз да купкі і, цяжка дыхаючы, уставіў вочы ў неба.

А хто бяжыць па прасецы, на кім палошчацца ліловая сукенка, хто рыдае і бяжыць, бяжыць і кліча? Гэта яна, жанчына з «Сеанса для дзяцей».

I чалавек у зялёным пачуў яе. Зноў капліца. Пабраўшыся за рукі, яны павольна ўзыходзяць па прыступках, зялёны чалавек і жанчына, гэтым разам таксама ў зялёным. Яго правая рука ўсё яшчэ перавязаная і галава таксама, але ён ужо ўсміхаецца, балюча, але ўсё ж усміхаецца. Непакрытыя галовы, расчыненыя дзверы капліцы, на заднім плане ржэ конь і ціўкаюць птушкі.

Павольна прабіраючыся на вуліцу, Марцін адчуў сябе блага. Ён вельмі выгаладаўся, хоць і не разумеў гэтага. На вуліцы ззяла сонца, ён зноў прысеў на агароджу бензакалонкі, разважаючы: ужо пятая гадзіна, значыцца, Леа даўно ўжо пайшоў, а злосць на Альберта яшчэ не ўляглася. Ён закінуў ранец за спіну і павольна пабрыў да Брылаха.


13

Бразгот прасіў яго крыху пачакаць. Альберт хадзіў узадперад па панылым пакоі. Час ад часу ён спыняўся каля расчыненага акна і глядзеў уніз, на вуліцу. З універмага адна за адной выходзілі прадаўшчыцы і, перайшоўшы вуліцу, хаваліся ў дзвярах сталоўкі. У руках у іх былі абедзенныя прыборы, у каго скруткі з бутэрбродамі, у адной яблык. Тыя, што ўжо паспелі паабедаць, вярталіся ў магазін. Яны загаворвалі з сяброўкамі, якія ішлі насустрач, спыняючы іх. Альберт даўно ўжо вызначыў па паху сённяшняе меню і цяпер па абрыўках гутаркі, якая раз-пораз даносілася да яго, зразумеў, што не памыліўся. Абед складалі смажаная каўбаса з цыбуляй і бульбай і пудынг. Пудынг не ўдаўся — неапетытнае ружовае месіва — з падгарэлым ванільным соусам. Ён пачуў, як папярэджвалі сваіх таварак тыя, што адыходзілі:

— Крый Божа, не надумайце браць гэтае паскудства на трэцяе. Так усё нічога — каўбаса смачная і гарнір таксама, але пудынг...— Словы агіды даносіліся няспынна ў самых розных спалучэннях.

Аднолькавыя халаты з чорнай шаўковай тканіны надавалі дзяўчатам выгляд амаль што манашак. Ніводная з іх не фарбавала вуснаў і не падводзіла веек. Апрануты яны былі падкрэслена сціпла, без прэтэнзій. Нямодныя гладкія прычоскі, грубыя бумажныя панчохі, дабротныя чорныя чаравічкі на нізкім абцасе і наглуха зашпіленыя пад самым горлам халаты — ва ўсім гэтым не было і знаку какецтва. Старэйшыя прадаўшчыцы, ужо немаладыя жанчыны, былі ў халатах колеру таннага малочнага шакаладу з бліскучымі шаўронамі на рукавах, шырэйшымі, чым у астатніх. У некалькіх дзяўчат вучаніц, нядаўніх школьніц, з худзенькімі яшчэ напаўдзіцячымі тварамі, халаты былі ўвогуле без шаўронаў. Вучаніцы неслі па два абедзенныя прыборы: сабе і для старэйшых прадаўшчыц.

Сярод дзяўчат былі і прыгожанькія. Альберт бачыў іх зусім блізка і заключыў, што гэта прыгажуні, бо яны не страцілі прывабнасці ў такіх уборах.

Прыслухоўваючыся да звонкіх галасоў дзяўчат, да іх жартаў наконт злашчаснага пудынгу, ён успомніў, што ў спешцы забыў дома люльку. Прыйшлося закурыць цыгарэту — апошнюю ў пачку. Пусты пачак ён выкінуў праз акно, якое выходзіла на дах недарэчнага, пампезнага партала; скамечаны кавалак чырвонага кардону ўпаў проста ў сцёкавы жолаб.

Словы пра пудынг і падгарэлы соус, якія на розныя лады паўтаралі, шчабечучы, галасы дзяўчат, Альберт выслухаў не меней трыццаці разоў. Затым усё сціхла, ніхто не выходзіў больш з універмага, і толькі са сталоўкі паспешна вярталіся запозненыя. У дзвярах магазіна з’явілася лютага выгляду асоба, у цёмна-зялёным халаде з трыма срэбранымі шаўронамі на рукаве, нахмурыла бровы і зірнула на вялікі гадзіннік на ўваходзе. Мінутная стрэлка застыла, быццам пагрозліва падняты палец, на апошняй хвіліне перад дванаццаццю. Але вось стрэлка раптоўна падскочыла ўверх і закрыла лічбу дванаццаць. Запозненыя перабеглі праз дарогу, сціснуўшыся шмыганулі паўз начальніцу і зніклі за дзвярыма.

Вуліца апусцела. Перасіліўшы пазяханне, Альберт адышоў ад акна. нічога не ўзяў з сабой пачытаць, разлічваў, як заўсёды, спарадкаваць усе справы з Бразготам за чвэрць гадзіны. У рэдакцыі ён звычайна здаваў малюнкі, атрымліваў чэк — ганарар за ўжо падрукаваныя — і, пасядзеўшы хвілін пяць у Бразгота, адыходзіў. Калі, закрыўшы за сабой дзверы яго кабінета, Альберт па доўгім калідоры кіраваўся да ліфта, ім адразу ж авалодвала знаёмае адчуванне трывогі. Ён ведаў, што гэтае адчуванне не пакіне яго цэлы тыдзень,— цэлы тыдзень будзе здавацца, што цяпер яму ўжо не прыдумаць нічога талковага або што чытачы часопіса «Суботні вечар» аднойчы катэгарычна запатрабуюць ад рэдакцыі ўзяць на яго месца новага карыкату ры ста. Гэтым драпежнікам, што абжэрліся чалавечынай, захочацца, чаго добрага, пагуляць у вегетарыянцаў.

Але з таго часу як ён адшукаў кардонку «Санлайт», набітую старымі малюнкамі, гэты кашмар не мучыў яго больш. Шаснаццаць гадоў назад, напаўгалодны, адурэлы ад моцнай табакі і разведзенага віскі, ён праседжваў цэлымі днямі ў лонданскіх піўных і маляваў дзеля забаўкі, не ведаючы, як патраціць час. Цяпер ён здаваў гэтыя малюнкі ў рэдакцыю адзін за адным, і яны прынеслі яму ўжо дзвесце марак, не ўлічваючы ганарараў за перадрук у іншых часопісах. Бразгот быў у захапленні:

— Каб цябе чэрці! Ты пачаў працаваць у новым стылі. Зразумела, тваю руку адразу пазнаеш, і адначасова гэта нешта новае. Поспех у чытачоў забяспечаны. Віншую! Выдатна!

Так было і сёння. Атрымаўшы чэк, ён паціснуў Бразготу руку і накіраваўся да дзвярэй. Але той крыкнуў яму ўслед:

— Пачакай крыху ў тым пакоі. Мне абавязкова трэба з табой пагаварыць.

Альберт да гэтага часу пабойваўся Бразгота, хоць прайшло ўжо два тыдні з той пары, як яны перайшлі на «ты». Грунтоўна выпіўшы на нейкай загараднай прагулцы, яны высветлілі, што прытрымліваюцца адной думкі па цэлым шэрагу пытанняў. Ды ўсё ж ён пабойваўся Бразгота, пабойваўся нават цяпер, пасля ўсіх яго захапленняў з прычыны новага стылю. Гэта былі водгукі ранейшага страху, з якім трэба было скончыць, перш чым душой авалодае новы страх — страх перад Нэлай: ён баяўся трапіць ёй на кручок.

Альберт заўсёды карыстаўся вялікім аўтарытэтам у дзяцей і адчуваў гэта. Яму не хацелася расчароўваць Нэлу, але ў той жа час ён выдатна разумеў, куды яна гне, хоць і не прызнаваўся ёй у тым.

З таго дня як ён наткнуўся на старыя малюнкі ў карабку «Санлайт», яму ўсё часцей успаміналіся гады, праведзеныя ў Лондане. У свядомасці зноў ажывалі карціны «жыцця ў чацвёртым вымярэнні» — непражытага жыцця, якое ён мог бы пражыць. Хутар бацькоў Лін у Ірландыі стаў бы ягоным домам. У думках ён маляваў эскізы для паведамленняў пра пахаванні, пра дні нараджэння для друкарні суседняга гарадка, рабіў эскізы пераплётаў...

...У тыя дні Нэла закідвала яго пісьмамі, маліла вярнуцца, і ён не выканаў апошняга жадання Лін і не паехаў у Ірландыю. Замест гэтага ён вярнуўся ў Германію. Навошта? Каб маляваць этыкеткі для бляшанак з павідлам і стаць сведкам гібелі Рая? Рай пайшоў на смерць на яго вачах, і ён не змог перашкодзіць гэтаму. Змагацца з тупой магутнасцю арміі было яму не па сіле. Альберт пазбягаў думаць пра гібель Рая. З гадамі яго нянавісць да Гезелера прытупілася, паступова згасла; ён толькі зрэдку ўспамінаў пра яго. Не мела сэнсу марыць пра тое, як бы склалася жыццё, калі б Рай не загінуў на вайне. Тут фантазія адмаўлялася служыць яму: ён занадта добра помніў смерць Рая. У тое імгненне ён асабліва ясна зразумеў, што смерць — гэта канец усяму. Рай ляжаў з разварочаным горлам, захлёбваючыся ва ўласнай крыві, і Альберт бачыў, як ён павольна перахрысціўся дрыжачай рукой. У прыпадку шаленства ён тут жа даў Гезелеру аплявуху. Але пасля ў ваеннай турме яго нянавісць да Гезелера страціла сваю вастрыню, і толькі адсутнасць пісьмаў ад Нэлы не давала яму спакою. Ён так і не даведаўся тады, ці ўдала яна нарадзіла.

Альберт уперыўся ў вялікую карту Германіі, што вісела на сцяне. Мясціны, дзе чыталі і выпісвалі «Суботні вечар», былі пазначаны чырвонымі сцяжкамі. Сцяжкі так засеялі карту, што на ёй амаль нічога нельга было разабраць: назвы гарадоў, рэк і горных хрыбтоў былі схаваныя за суцэльнай завесай чырвоных сцяжкоў з надпісам «Суботні вечар»...

З кабінета Бразгота па-ранейшам у не даносілася ні гуку. Цішыня, што панавала ў гэтым вялікім, заўсёды такім шумным доме, гняла Альберта. Гадзіннік ва універмагу паказваў ужо дзесяць хвілін на другую праз пяць хвілін Марцін вернецца са школы.

На тым баку вуліцы дзяўчаты ў чорных халатах пад наглядам шакаладнай дамы наклейвалі ў прасценках паміж вітрынамі рэкламныя плакаты; белы надпіс на чырвоным фоне апавяшчаў: Надзейна, выгадна!

Бразгот усё яшчэ не з’яўляўся, і гэта пачынала раздражняць Альберта. Ён непакоіўся за Марціна. Хлапчук жа такі няўважлівы. Паставіць падагрэць абед, а сам пойдзе ў пакой, адкрые кнігу, разамлее ў цяпле і зараз жа засне. Тым часам суп на кухні выкіпіць, бульба ператворыцца ў шматкі сажы, а локшыны — у нешта накшталт вугальнага брыкету. На стале ляжалі старыя нумары «Суботняга вечара» з малюнкамі Альберта на чацвёртай старонцы вокладкі. Альберт адчыніў дзверы ў калідор і прыслухаўся — ні гуку. Нідзе не грукалі дзверы, не званіў тэлефон, нідзе не відно было ўсіх гэтых журналістаў з зусім хлапечымі, вельмі жыццярадаснымі і вельмі журналісцкімі фізіяноміямі, якія заўсёды нагадваюць герояў кепскіх фільмаў, гавораць мовай кепскіх радыёпастановак.

Сёння рэдакцыя пуставала. Унізе каля ўвахода быў вывешаны вялікі белы плакат: Зачынена з прычыны загараднай экскурсіі. Швейцар доўга не хацеў упускаць Альберта. Выдавец «Суботняга вечара» лічыў, мабыць, прыкметай асаблівага арыстакратызму наўмысна запушчаны выгляд рэдакцыйных памяшканняў. Убоства абсталявання, якое кідалася ў вочы, не адпавядала даходам выдавецтва. Голыя бетонныя сцены былі ўпрыгожаны толькі плакатамі, ды на аднолькавай адлегласці адна ад адной віселі дошчачкі, на якіх стылізаваным дзіцячым почыркам, як на рэкламах школьных прыналежнасцей, было напісана: «Калі ты напляваў на падлогу, ты свіння», або «Калі ты кідаеш на падлогу недакуркіты таксама свіння». Альберт уздрыгнуў, калі адны з дзвярэй, што выходзілі ў калідор, раптоўна адчыніліся. Але з дзвярэй выйшла дзяўчына-тэлефаністка, якая працавала на камутатары. Падышоўшы да рукамыйніка, яна пачала мыць відэлец і нож. Затым, павярнуўшыся да адчыненых дзвярэй, сказала ўсё тую ж знаёмую фразу:

— Не надумайся браць на трэцяе гэтае чырвонае месіва — страшэнная дрэнь, і ванільны соус падгарэў.

З пакоя пачуўся голас яе напарніцы:

— У нашых экскурсантаў сёння абед будзе смачнейшы! З шэфа за гэта належыць!

— За ім не затрымаецца,— адказала дзяўчына, што стаяла над рукамыйнікам.— Для дзесяці чалавек, якія сёння засталіся, наладзяць асобную экскурсію. Гэта значна лепш, чым ехаць усім скопам.

— Ты бачыла сёння раніцай чырвоныя аўтобусы? Шыкоўныя машыны!

— А як жа, я якраз ішла на работу, калі яны пад'язджалі.

Дзяўчаты замаўчалі. Альберту хацелася яшчэ хоць раз пачуць голас тэлефаністкі, якая сядзела ў пакоі. Ён адразу пазнаў гэты голас: дзяўчына шмат разоў злучала яго з Бразготам. Часам ён набіраў нумар рэдакцыі толькі дзеля таго, каб пачуць яе голас. У ім гучала нейкая ласкавая леная пакора і раптам праслізгвалі нечаканыя наравістыя ноткі, якія нагадвалі голас Лін.

Дзяўчына над рукамыйнікам абыякава ўсунула нож і відэлец у кішэню халата, выцягнула грабянец з валасоў і, заціснуўшы яго ў зубах, пачала падкручваць локаны.

Альберт падышоў да яе:

— Ад вас можна пазваніць у горад? — спытаў ён.— У мяне тэрміновая справа!

Дзяўчына адмоўна пакруціла галавой, працягваючы ўкладваць локаны сваіх негустых валасоў.

Затым, выцягнуўшы з рота грэбень, яна ўваткнула яго ў рэдзенькі вузел на патыліцы і сказала:

— З камутатара нельга. А вы пазваніце з аўтамата.

— Я не магу адысціся. Я чакаю Бразгота.

— Ён вось-вось з’явіцца,— пачуўся з пакоя голас другой дзяўчыны,— ён толькі што званіў і сказаў, што зараз будзе тут.

Альберт спрабаваў па голасе вызначыць яе знешнасць. Ён уявіў сабе высокую поўную дзяўчыну з павольнай плаўнай паходкай. Ён захацеў паглядзець на яе — на дзяўчыну з пяшчотным голасам, у якім гучала ласкавая пакора. Твар у яе павінен быць белым, чыстым, з вялікімі задумлівымі вачамі.

Яе сяброўка ўсё яшчэ круцілася перад люстэркам. Цяпер яна пудрыла пачырванелы нос.

— Дык ты кажаш, каўбаса смачная? — запыталася тая, што заставалася ў пакоі.

— Цудоўная! I гарнір таксама! Папрасі дабаўкі не пашкадуеш. Нават кава стала лепшая з той пары, як мы ўзбунтаваліся. А заместа пудынгу вазьмі міндальнае пірожнае.

— Трэба было б паскардзіцца наконт пудынгу. Якая брыдота!

Альберт ніяк не рашаўся пайсці. Было ўжо чвэрць другой.

— Сапраўды! Дзяўчаты з магазіна, што насупраць, тое ж самае гаварылі.

Яна адышла ад люстэрка, штуршком нагі адчыніла дзверы, і Альберт убачыў тэлефаністку, якая сядзела ў пакоі. Ён нават спалохаўся — дзяўчына аказалася менавіта такой, як ён яе сабе ўяўляў. Бландзінка з мяккімі рысамі твару і вялікімі цёмнымі вачамі, марудлівая і пяшчотная — ціхі вір. Апранута яна была сціпла: з-пад расшпіленага халата была відаць рудая спадніца і зялёны джэмпер.

— «Суботні вечар». Не, сёння тут нікога няма. Усе паехалі за горад, на экскурсію... Не... пазваніце, калі ласка, заўтра раніцай.

Дзверы зачыніліся, і Альберт нейкі час яшчэ чуў, як дзяўчаты працягвалі гаворку пра яду. Затым дзверы зноў адчыніліся, і бялявая дзяўчына, трымаючы ў руках сталовы прыбор, прайшла ў глыб цёмнага калідора.

Дзіўна, голас гэтай дзяўчыны заўсёды нагадваў яму Лін. Але ж яна зусім не была на яе падобнай. Лін заўсёды гаварыла яму па тэлефоне ўсё тое, пра што саромелася гаварыць, калі ён быў з ёю. Яна ўспамінала ўсю тэалагічную прамудрасць і горача шаптала ў залапаную трубку лонданскага аўтамата цэлыя лекцыі пра шлюб і грахоўную страсць да шлюбу. Лін хутчэй скончыла б жыццё самагубствам, чым згадзілася б зрабіцца яго палюбоўніцай.

Паходка высокай, станістай дзяўчыны, якая знікла за паваротам на лесвіцу, была поўная прыроджанай вытанчанасці. Раптоўнае жаданне апякло Альберта. Добра б ажаніцца з такой вось русалкай, ласкавай і лянівай — з дзяўчынай з голасам Лін, але зусім не падобнай на яе.

Заглыблены ў свае думкі, Альберт, нічога не бачачы, глядзеў у пафарбаваныя пад арэх дзверы камутатарнай і ўздрыгнуў, калі ў калідор уляцеў Бразгот.

— Прабач, што я змусіў цябе чакаць,— усклікнуў ён,— мне неабходна пагаварыць з табой, неабходна!

Абняўшы Альберта за плечы, Бразгот пацягнуў яго да выхада, пасля рынуўся назад, ірвануў дзверы ў камутатар і крыкнуў тэлефаністцы:

— Калі пазвоняць, я буду дома пасля пяці.

Ён вярнуўся да Альберта, і яны разам пачалі спускацца па лесвіцы.

— Ты можаш выдзеліць мне крыху часу? — спытаў Бразгот.

— Так, але спачатку мне трэба зазірнуць дамоў, глянуць, што там з хлопчыкам.

— Там нам ніхто не перашкодзіць?

— Ніхто.

— Ну дык паедзем да цябе. Пра якога хлопчыка ты гаворыш? У цябе, што, ёсць сын?

— Не, гэта сын майго сябра, які загінуў на вайне.

Машына Альберта стаяла каля друкарскага склада.

Ён сеў у яе і, адчыніўшы знутры другія дзверцы, пасадзіў Бразгота каля сябе.

— Прабач, што я так спяшаюся. Дома ў нас будзе дастаткова часу — пагаворым.

Бразгот выняў з кішэні пачак цыгарэт, і яны закурылі раней, чым Альберт уключыў матор.

— Можа, гэта і не патрабуе шмат часу,— сказаў Бразгот.

Альберт не адказаў; ён прасігналіў, даў газу і выехаў з варот друкарні. Праязджаючы міма універмага, Альберт заўважыў, што прасценкі паміж вітрынамі паўсюль пакрыты чырвона-белымі плакатамі. На кожным з іх толькі адно слова, а ўсе разам яны паведамлялі: Да асенняга сезону — надзейна, выгадна!

— Скажу табе адразу, без вывертаў,— пачаў Бразгот,— гаворка пойдзе пра жанчыну, з якой ты жывеш.

Альберт уздыхнуў:

— Hi з кім я не жыву. Калі ты маеш на ўвазе Нэлу, дык я сапраўды жыву ў яе доме, але...

— Але ты не спіш з ёй?

— Не, не сплю...

Яны выехалі на вялікую ажыўленую плошчу. Бразгот замоўк — да майстэрства ваджэння аўтамабіля ён ставіўся з павагай — і загаварыў толькі пасля таго, як яны павярнулі на глухую вуліцу.

— Але ж яна табе не сястра?

— Не.

— I яна цябе зусім не цікавіць?

— Не.

— I ты даўно яе ведаеш?

Альберт адказаў не адразу, стараючыся ўспомніць, колькі гадоў ён на самай справе ведае Налу. Яму здавалася, што ён усё жыццё ведае яе. Яны праехалі па ажыўленай, шумнай вуліцы, перасеклі другую такую ж і нарэшце павярнулі ў пусты завулак.

— Пачакай,— сказаў ён,— я ведаю яе неймаверна даўно, нават адразу не ўцямлю, колькі гадоў.

Ён наддаў газу і, прагна зацягнуўшыся цыгарэтай, працягваў:

— Я пазнаёміўся з ёй летам трыццаць трэцяга года, мы елі марожанае ў кафэ, значыцца, я ведаю яе роўна дваццаць гадоў. У той час яна была зусім яшчэ дзяўчынка і заўзятая нацыстка: насіла карычневую куртку, форму саюза германскіх дзяўчат. Але пасля гаворкі з Раймундам яна скінула яе, ды так і пакінула валяцца на падлозе. Мы хутка выбілі гэтую дрэнь з яе галавы. Гэта было не так ужо і цяжка — яна ж недурная жанчына.

— Зараз ужо недалёка,— перабіў ён сам сябе,— я толькі заскочу на хвілінку ў магазін: трэба што-кольвечы купіць для хлапчука. Паабедаем у мяне: дома ўсё прыгатавана, толькі падагрэць. Пасля будзем піць каву. Да шасці я да тваіх паслуг, у шэсць я збіраўся паехаць за горад да панядзелка.

— Добра,— адказаў Бразгот, але Альберт адчуў, што Бразготу не цярпіцца больш падрабязна распытаць яго пра Нэлу.

— Між іншым, яе зараз няма дома,— сказаў ён.

— Я ведаю,— адазваўся Бразгот.

Альберт здзіўлена паглядзеў на яго, але змаўчаў.

— Ёй было дваццаць пяць, калі забілі мужа, яна чакала дзіця. Вось ужо восем гадоў я жыву ў яе доме і, мяркую, дастаткова добра ведаю яе.

— Ведаеш, мне ўсё роўна, якая яна,— сказаў Бразгот.— Ты можаш гаварыць пра яе што заўгодна,— я гатовы слухаць хоць цэлы дзень.

Альберт прытармазіў і адчыніў дзверцы. Абышоўшы вакол машыны, ён ўбачыў праз ветравое шкло твар Бразгота і спалохаўся: такі выраз твару бывае толькі ў безнадзейна закаханых. Бразгот таксама вылез з машыны.

— Колькі гадоў хлопчыку?

— Пайшоў адзінаццаты.

Яны спыніліся каля вітрыны пісчапапяровага магазіна, дзе сярод блакнотаў, паперы і паштовых вагаў былі выстаўлены і цацкі.

— Што б такое купіць адзінаццацігадоваму хлопчыку? — спытаў Бразгот.— Я нічога не разумею ў дзецях, ды, прызнацца, і не люблю іх.

— I я так думаў, пакуль не стукнула трыццаць. Я не любіў дзяцей і не ведаў, як з імі абыходзіцца,— сказаў Альберт.

Ён зайшоў у магазін. Бразгот ішоў за ім.

— Усё перамянілася з той пары, як я жыву ў адным доме з Марцінам.

Альберт замоўк, спалоханы, што Бразгот адчуе, з якой пяшчотай ён адносіцца да дзіцяці. Адсунуўшы ўбок кіпу газет на прылаўку, ён пачаў разглядваць карабок з пластылінам. Альберт вельмі любіў хлопчыка, і яму раптам зрабілася страшна ад прамільгнулай думкі, што Бразгот чаго добрага ажэніцца з Нэлай, і тады ён страціць Марціна.

Бразгот з адсутным выглядам перастаўляў з месца на месца завадныя аўтамабільчыкі. Не звяртаючы ўвагі на гаспадыню магазіна, якая тым часам выйшла з задняга пакоя, ён прамовіў:

— Я ніколі ў жыцці не раўнаваў, а цяпер вось разумею, што гэта такое!

— Ды табе, уласна, няма да каго раўнаваць.

Бразгот узяў ракетку для пінг-понга і націснуў пальцам на коркавы пласт, правяраючы яго пругкасць.

— Пінг-понг яму, мабыць, спадабаецца.

— Неблагая ідэя,— сказаў Альберт.

Hi на чым не спыняючыся, ён перагортваў дзіцячыя часопісы і кніжкі, якія ляжалі на прылаўку, затым папрасіў гаспадыню паказаць яму завадныя і драўляныя цацкі і нарэшце адклаў убок комікс пра каўбоя Кесідзі.

Бразгот, відаць, разбіраўся ў пінг-понгах. перабраўшы безліч мячоў і ракетак, ён забракаваў некалькі камплектаў, папрасіў запакаваць самы дарагі і кінуў на прылавак грошы. Гаспадыня дэманстравала Альберту гумавыя надзіманыя цацкі. Ён спяшаўся і быў раздражнёны,— размова з Бразготам зноў прымусіла яго задумацца пра свае адносіны з Нэлай. Ён з агідай глянуў на ядавіта-зялёнага кракадзіла, які востра пах гумай. Гаспадыня з усяе сілы спрабавала надзьмуць яго, але безвынікова,— здавалася, што яна жуе цвёрды кавалак смажаніны.

Твар яе пачырванеў ад натугі, акуляры з’ехалі на нос, кроплі поту каціліся па шчоках. Гумавы вентыль пакрыўся бурбалкамі сліны, але кракадзіл толькі ледзь-ледзь павялічыўся ў аб’ёме.

— Дзякуй,— сказаў Альберт,— дзякуй. Можа, іншым разам.

Жанчына выпусціла з рота вентыль, але так няспрытна павярнула цацку, што паветра, якое выходзіла з яе,— сумесь нясвежага дыхання з пахам гумы — ударыла проста ў твар Альберту.

— Дзякуй,— паўтарыў ён раздражнёна,— я вазьму вось гэта.

Ён паказаў на кардонны шчыт, да якога шпагатам былі прымацаваны малаткі, пласкагубцы і буравы.

Гаспадыня пачала загортваць набор інструменту. Альберт, дастаючы з кішэні грошы, раптам успомніў, што Марціну гэта непатрэбна. Гэтак жа, як і ягоны бацька, ён быў зусім абыякавы да тэхнікі і не любіў майстраваць.

Яны пакінулі магазін. Праехалі на вялікай хуткасці некалькі вуліц, затым Альберт перасек шырокі праспект і прытармазіў у цяністай каштанавай алеі.

— Вось мы і прыехалі,— сказаў ён, спыніўшы машыну.

Бразгот вылез, трымаючы пад пахай карабок з пінг-понгам.

— Добра ў вас тут,— сказаў ён.

— Але, проста выдатна,— азваўся Альберт.

Ён адчыніў садовую брамку і пайшоў наперадзе. Бразгот ішоў услед. Марцін яшчэ не вярнуўся са школы. Альберт адразу ж заўважыў гэта: запіска, якую ён раніцай прымацаваў да дзвярэй, вісела на ранейшым месцы. Ён напісаў яе чырвоным алоўкам. «Пачакай мяне з абедам — сёння я не спазнюся». Слова «сёння» двойчы падкрэслена. Альберт зняў запіску, адамкнуў дзверы, і яны ўвайшлі ў цёмную прыхожую, абабітую зялёным шоўкам. Тканіна няблага захавалася, але выгарала. Вузкія мармуровыя паскі, якія падзялялі сцены на зялёныя квадраты, дзе-нідзе пайшлі жоўтымі плямамі. На радыятары ацяплення ляжаў слой пылу. Заўважыўшы самакат Марціна, які быў коса прыстаўлены да радыятара, Альберт паставіў яго прама, а Бразгот паправіў прычэплены да руля трохколерны вымпел, чырвона-бела-зялёны.

— Калі ласка,— сказаў Альберт.

У гасцінай было ціха і змрочна. Вялікае люстэрка Ў прасценку паміж дваімі дзвярыма цалкам адлюстроўвала партрэт, што вісеў насупраць. Бразгот пачаў разглядваць яго. Гэта быў накід тэмперай, зроблены паспешнымі, грубымі мазкамі, але вельмі таленавіта. Юнак у ярка-чырвоным світэры стаяў, апусціўшы вочы, быццам чытаючы надпіс на кавалку блакітнага кардону, які трымаў у руцэ. Надпіс быў, мабыць, зроблены ім самім, бо ў другой руцэ ён трымаў аловак. У ягоных зубах дыміла люлька...

Бразгот здолеў прачытаць ярка-жоўты надпіс на блакітным кардоне: «Дамашнія локшыны Бамбергера».

Альберт вярнуўся з кухні, не зачыніўшы за сабой дзвярэй, і Бразгот заўважыў, што кухня вельмі вялікая. Сцены абкладзеныя белай кафляй, а на ёй мазаіка з маленькіх чорных плітак, якая выяўляе розныя сімвалы кулінарнага мастацтва,— палонікі, каструлі, скавароды, велізарныя ражны, і сярод гэтых узораў красуецца надпіс: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік».

— Гэта яе муж-паэт на партрэце? — спытаў Бразгот.

— Ды ты паглядзі адсюль, так лепш бачна.

Мякка ўзяўшы Бразгота за плячо, Альберт павярнуў яго тварам да люстэрка, якое па намеры было гэтакім жа, як і партрэт. Бразгот задумліва глядзеў на партрэт у люстэрку, на кавалак блакітнага кардону з перавернутымі жоўтымі літарамі. Люстэрка адбівала яго і Альберта, іх стомленыя твары і парадзелыя валасы. Зірнуўшы адзін на другога, яны ўсміхнуліся.

— Пачакаем з абедам, пакуль не прыйдзе хлопчык,— сказаў Альберт.— А пакуль што вып ем.

Яны прайшлі ў пакой Альберта, прасторны і светлы, з высокай столлю. Каля сцяны стаяў ложак, насупраць яго — рабочы стол. Стол быў вялізны, але паміж ім і ложкам заставаўся яшчэ шырокі праход.

Каля самага акна стаяла кушэтка, каля яе шафа, крэсла і столік з тэлефонам.

Альберт дастаў з шафы кілішкі, бутэльку каньяку і паставіў на стол.

Бразгот сеў і закурыў. Усё навокал дыхала спакоем. Дом і сад патаналі ў глыбокай дрымотнай цішыні. Даўно ўжо ён не адчуваў такой асалоды. Яму тут было добра, і маючая адбыцца гаворка з Альбертам пра Нэлу ўзбуджала ў ім радаснае прадчуванне. Пакуль Альберт наліваў кілішкі, Бразгот падняўся, падышоў да акна і расчыніў яго. Аднекуль здалёк пачуліся дзіцячыя галасы і смех. Па вясёлых крыках дзяцей можна было адразу здагадацца, што яны пялёхаюцца ў вадзе. Бразгот вярнуўся да стала, сеў насупраць Альберта і прыгубіў наліты кілішак.

— Добра ў цябе тут,— сказаў ён,— як хочаш, а я пасяджу тут да тае пары, пакуль ты мяне не прагоніш.

— Ну і сядзі сабе на здароўе.

— Мне толькі трэба будзе яшчэ пазваніць у рэдакцыю, пазней, гадзіны ў чатыры.

— Адгэтуль і пазвоніш.

Альберт увесь час сачыў за Бразготам і жахнуўся, калі заўважыў выраз дрэнна схаванага адчаю і адсутнасці на ягоным твары, які вельмі нагадаў яму Шэрбрудэра, які дваццаць гадоў таму застрэліўся з-за безнадзейнага каханвя да Нэлы. У той час Нэла была адказнай за правядзенне вечароў адпачынку ў саюзе германскіх дзяўчат і пасябравала з Шэрбрудэрам, які ладзіў такія ж вечары ў саюзе гітлераўскай моладзі. Шэрбрудэру толькі што споўніўся дваццаць адзін год, ён скончыў настаўніцкую семінарыю і атрымаў месца настаўніка малодшых класаў у адной з навакольных вёсак. У прыгарадным гаі, што акружаў руіны старой крэпасці, Шэрбрудэр знайшоў магутны, разгалісты дуб. Па ягонай указцы вакол дуба ссеклі некалькі дрэў і расчысцілі невялікую паляну. Ён назваў яе «Цінгам»3, прыводзіў сюды дзяцей са сваёй школы, ладзіў з імі гульні, развучваў песні. Шчуплы і цемнавалосы, Шэрбрудэр быў падобны на цыгана. Няцяжка было здагадацца, што ён бы аддаў правую руку на адсячэнне за бялявыя валасы. А ў Нэлы валасы былі светлыя, залацістыя. Яна была падобная на тып германскіх жанчын з расісцкіх часопісаў, толькі нашмат цікавейшая за іх. Шэрбрудэр данёс на Рая і Альберта мясцовым штурмавікам, якія зрабілі ў старой крэпасці, паблізу ягонага «Цінга», невялікі, амаль прыватны канцлагер. Іх пратрымалі там тры дні, дапытвалі, збівалі. Да гэтага часу Альберту, бывала, сніліся змрочныя казематы крэпасці, дзікія крыкі катаваных, якія рэхам адгукаліся пад скляпеннем. Плямы разлітага супу разам з плямамі крыві на бетоннай падлозе, п’яны рык штурмавікоў, якія збіраліся ўвечары на кухні, дзе зняволеныя абіралі бульбу. У рэдкія хвіліны зацішша сюды з шэрбрудэраўскага «Цінга» даносілася песня «Наперад, блакітныя драгуны!».

Альберта і Рая пратрымалі ў старой крэпасці ўсяго тры дні. Бацька Нэлы, які пастаўляў мармелад у вялікі летні лагер «Гітлер-югэнд» бліз горада, вызваліў іх адтуль.

Яны зразумелі, што ўсё гэта адбылося з-за Нэлы, але сама яна ніколі не гаварыла пра свае адносіны з Шэрбрудэрам.

I пасля іх вызвалення Шэрбрудэр усё яшчэ не мог забыць Нэлу; неяк яны бачылі яго ў кафе, у марожаншчыка Генэля. Альберт запомніў выраз страснай закаханасці на твары Шэрбрудэра, такі ж, як зараз на твары Бразгота.

— Выпі яшчэ,— сказаў ён Бразготу.

Той наліў сабе кілішак і выпіў.

Шэрбрудэр застрэліўся пад дубам на «Цінгу» ноччу на 22 чэрвеня, пасля святкавання летняга сонцастаяння. Яго знайшлі раніцай два школьнікі. Яны прыйшлі на «Цінг», каб раздзьмуць на тлелых галавешках начнога кастра новае вогнішча і спаліць галлё, якое засталося. Кроў з прастрэленай скроні Шэрбрудэра сцякала на ягоную сінюю форменную гімнасцёрку, і сукно прыняло фіялетавае адценне.

Бразгот трэці раз наліў кілішак.

— Неразумна так улюбляцца ў мае гады! — сказаў ён хрыпла.— Але я вось закахаўся і нічога не магу з сабой зрабіць.

Альберт кіўнуў. Ён думаў зусім пра іншае. Яму

ўспомніўся Авесалом Біліг, якога замучылі ў змрочным каземаце праз некалькі месяцаў пасля самазабойства Шэрбрудэра. I адразу ж яму прыйшло ў голаў, што ён забыўся пра многія рэчы, ён нават не дадумаўся звадзіць хлопчыка ў старую крэпасць,— паказаць яму засценак, дзе тры дні запар катавалі ягонага бацьку.

— Мне хочацца слухаць пра яе,— сказаў Бразгот.

Альберт паціснуў плячамі. Які сэнс расказваць

Бразготу пра ўтрапёную, няўстойлівую натуру Нэлы! Пакуль Рай быў жывы, яна трымалася малайцом, але, калі Альберт вярнуўся з фронту, ён быў уражаны тым, як Нэла надломлена. Часам на яе находзілі прыступы набожнай пакоры. Гэта доўжылася месяцамі; яна ўставала на досвітку, каб трапіць на ютрань, праз усю ноч чытала жыццяпісы схімнікаў. Затым раптоўна яна зноў упадала ў апатыю, цэлымі днямі не ўставала з ложка або праводзіла час у пустой балбатні з гасцямі і была надта задаволеная, калі сярод гасцей надараўся хоць крыху прыстойны паклоннік. Яна хадзіла з ім у кіно, у тэатр. Часам Нэла на некалькі дзён з’язджала з мужчынамі. Вярталася падаўленая, разбітая і плакала наўзрыд, запёршыся ў сваім пакоі.

— Адкуль ты даведаўся, што яна з’ехала? — спытаў Альберт.

Бразгот прамаўчаў. Альберт уважліва глядзеў на яго. Бразгот пачынаў раздражняць яго. Ён не выносіў, калі мужчына, расчуліўшыся, пачынае, як кажуць, раскрываць душу. А Бразгот, мяркуючы па ўсім, гатовы пачаць гэта. Ён быў падобны зараз на валацугу з фільма. Буйны план — хаціна ў джунглях, абвітыя ліянамі стваліны. Валацуга сядзіць на ганку. Малпа скача з галіны на галіну і кідае ў валацужніка бананам!. Валацуга кідае ў малпу парожнюю бутэльку з-пад віскі, і малпа з пранізлівым віскатам хаваецца ў густым лісці. Затым дрыжачымі рукамі валацуга адкаркоўвае новую бутэльку віскі і п’е з горлачка. У гэты момант з’яўляецца другая дзейная асоба, і бадзяга пачынае свой роспавяд. Яго суразмоўнік — урач, або місіянер, або паважаны купец — заклікае валацужніка «пачаць новае жыццё». I вось тут, зрабіўшы страшэнны глыток, валацуга раве сіплым голасам: «Новае жыццё?» — і рагоча д'ябальскім смехам. Затым ён усё тым жа сіплым голасам расказвае доўгую гісторыю пра жанчыну, якая «давяла яго да жыцця такога». Сіплы голас, наплыў. Буйным планам — здзіўлены твар урача, місіянера або паважанага купца. I чым меней віскі застаецца ў бутэльцы, тым грубейшым робіцца голас бадзягі, тым бліжэй канец фільма.

Аднак Бразгот усё яшчэ маўчаў, хоць выпіў ужо шэсць кілішкаў запар і добра-такі асіп. Раптам ён устаў, перасек пакой і, спыніўшыся каля акна паміж пісьмовым сталом і ложкам, пачаў задумліва церабіць ружовую занавеску. Цяпер ён ужо не быў падобны на валацугу, гэта быў разумны, абаяльны герой з выдатна знятага, зробленага па выдатным сцэнарыі фільма. Менавіта ў такой позе героі падобных фільмаў у сентыментальным настроі стаяць каля акна, збіраючыся адкрыць некаму душу.

Альберт наліў кілішак і вырашыў скарыцца сваёй долі. Хлопчыка ўсё яшчэ не было,— гэта трывожыла яго. Бразготу непакоіцца няма чаго. Мужчыны такога складу заўсёды падабаліся Нэлі: «разумны і мужны твар», нядбайна апрануты. Праўда, цяпер непадыходзячы момант, але трэба думаць, настрой у яе хутка зменіцца. На Нэлу часам находзіла. Штогод на пэўны час яна захаплялася зносінамі з разумнымі і адукаванымі манахамі, падоўгу гутарыла з імі пра рэлігію. Гэтыя гутаркі, чаруючыя і пачуццёвыя, праходзілі звычайна ў вялікім светлым пакоі ля каміна за бутэлькай добрага віна, да якога падаваліся асаблівыя гатункі пячэння. Добрыя карціны сучасных мастакоў стваралі неабходны фон. Нэла цешылася кампаніяй прыгажуноў манахаў з палаючымі вачыма. У параўнанні з усімі іншымі манахі мелі адну перавагу. У сваіх сутанах яны выглядалі нашмат разумнейшымі і значнымі, чым былі на самай справе.

Альберт усміхнуўся. Ён падумаў пра тое, што ён вельмі прывязаны да Нэлы і з радасцю чакае яе вяртання.

— Добра табе ўсміхацца,— пачуўся ад акна голас Бразгота,— а я месца сабе не знаходжу. Я, мабыць, пагадзіўся б з роляй безнадзейна закаханага, калі б не сустрэў яе сёння раніцай...

— Ты бачыў, як яна ад’язджала?

— Так, з адным тыпам, якога я не выношу. Я ўзненавідзеў яго яшчэ да таго, як сустрэў іх разам.

— Хто ён? — машынальна запытаў Альберт, адчуваючы, што Бразгот не можа абысціся без суразмоўніка.

— Гэта нейкі Гезелер,— са злосцю сказаў Бразгот.— Ты яго ведаеш?

— He.

Раней адно гэтае імя выклікала ў Альберта лютую нянавісць. Але цяпер ён толькі ўздрыгнуў... Яму раптам зрабілася зразумелым, на што намякала Нэла, калі гаварыла пра «задуманую справу».

— He, ты ўсё ж ведаеш яго,— сказаў Бразгот і зноў падышоў да стала.

Па ягоным твары Альберт зразумеў, як выглядаў ён сам, калі пачуў імя Гезелера.

— He зусім так. У свой час я ведаў аднаго Гезелера — жудасная свалата.

— У тым, што ён свалата, у мяне няма сумнення,— сказаў Бразгот.

— Чым ён займаецца? — спытаў Альберт.

— Нейкая скаціна з католікаў. Прамышляе ў галіне культуры. Вось ужо тры тыдні, як ён працуе ў рэдакцыі «Весніка».

— Дзякуй за камплімент,— сказаў Альберт,— я, між іншым, таксама католік.

— Вельмі шкадую,— сказаў Бразгот,— я хацеў сказаць, цябе шкадую, канешне. Свае словы я назад не бяру. Так ці іначай — ён скаціна. А той Гезелер, якога ты ведаў, што ён табе зрабіў?

Альберт устаў. Яны памяняліся ролямі. Зараз ужо Альберту, які спыніўся каля акна, трэба было іграць ролю бадзягі або абаяльнага героя, што, не губляючы вытрымкі, збіраецца адкрыць душу. Заставалася толькі зняць яго буйным планам.

Зрэшты, Альберт сапраўды спачуваў Бразготу, які меланхалічна корпаўся запалкай у зубах, але думка пра хлопчыка, які усё яшчэ не вяртаўся, не пакідала яго ў спакоі. Для яго было пакутай зноў расказваць гэту гісторыю, столькі разоў ужо расказаную. Яму здавалася, што ад частага паўтарэння яна сцерлася, вынасілася да непазнавальнасці. Ён расказваў яе маці Нэлы, самой Нэлі, а ў першыя гады пасля вайны і маленькаму Марціну. Але апошнім часам хлопчык чамусьці не прасіў яго пра гэта.

— Ну, выкладвай,— сказаў Бразгот.

— Забіты муж Нэлы на сумленні таго Гезелера, якога я ведаў. Ён забіў яго самым законным спосабам, на фронце, так што нельга прыдрацца: паслаў яго на смерць. Раней я з лёгкай душой гаварыў: «Забіў» — цяпер я проста не магу падабраць іншае слова. Але які сэнс расказваць табе ўсё гэта? Мы ж не ўпэўнены ў тым, што гэта той жа Гезелер.

— Не міне і гадзіны, як мы даведаемся пра гэта: у суботнім нумары «Весніка» змешчаны ягоны фотаздымак. Не надта ўжо многа на свеце свалаты з прозвішчам Гезелер.

— Ды табе-то што ён зрабіў?

— Ах ты, Божа,— нічога,— саркастычна ўсміхнуўся Бразгот.— Хіба такія што зробяць?

— Ты ўпэўнены, што яна паехала з гэтым Гезелерам?

— Я бачыў, як яны садзіліся ў машыну.

— Як ён выглядае?

— Да чаго гэта? Я ж табе кажу: варта толькі пазваніць, і праз гадзіну газета з ягоным фотаздымкам будзе ў нас на стале.

Альберт баяўся, што гэта будзе той самы Гезелер. Ён адмоўна пахітаў галавой, але Бразгот ужо набіраў нумар. Альберт зняў адводную трубку і, пачуўшы далёкі голас: «Суботні вечар» слухае», адразу зразумеў, што адказала дзяўчына, якая стаяла каля люстэрка. Але тут жа ён пачуў фразу, прамоўленую голасам другой тэлефаністкі: «Ты мела рацыю: пудынг — брыдота!»

— Вы што, як мае быць уключыць не можаце? — раз’юшыўся Бразгот.— Я чую ўсё, што гавораць у вас на камутатары.

Альберт паклаў адводную трубку.

— Дастаўце мне суботні нумар «Весніка». Каб праз гадзіну быў тут. Няхай Велі на матацыкле прывязе. Ды не, не дадому, а сюды, на кватэру да Мухава. Запішыце адрас і тэлефон. Калі хто будзе пытаць, няхай пазвоняць сюды. Калі буду адыходзіць, я сам вам пазваню.— Ён паклаў трубку і, звяртаючыся да Альберта, сказаў: — Ну, давай расказвай.

Было ўжо палова трэцяй. Хлопчык яшчэ не прыходзіў. Гэта хвалявала Альберта.

— Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года здарылася гэта. Была раніца. Мы акапаліся на подступах да сяла Калінаўка. Наш узвод якраз прыняў новы лейтэнант. Ён перапаўзаў з акопа ў акоп, знаёміўся з людзьмі. Гэта і быў Гезелер. У нашай ячэйцы ён затрымаўся даўжэй, чым у іншых. Вакол цішыня.

«Я шукаю двух талковых хлопцаў»,— сказаў ён нам. Мы прамаўчалі. «Двух талковых хлопцаў, зразумелі?»—паўтарыў ён. «Мы бесталковыя»,— сказаў Рай. «Ты, як бачна, талковы»,— засмяяўся Гезелер. «Мы ж з вамі на брудэршафт не пілі»,— адказаў Рай.

Альберт замоўк. Яму здавалася, што ён лыжкай чэрпае смерць з кацялка. Навошта? Навошта ўсё гэта зноў расказваць? Трэба ж было гэтаму надарыцца, зноў невядома адкуль усплыў чалавек з прозвішчам Гезелер, да якога Бразгот прыраўнаваў Нэлу.

— Гэты адказ,— праз сілу працягваў ён,— вырашыў лёс Рая. Гезелер паслаў нас у разведку. На такую справу мы былі абсалютна няздатныя. Усе гэта разумелі. Наш фельдфебель, які добра нас ведаў, спрабаваў адгаварыць Гезелера, і нават капітан, наш ротны, умяшаўся і спрабаваў давесці яму, што наўрад ці ўдасца нам такая рызыкоўная вылазка. Вёска быццам вымерла, і ніхто не ведаў, ці ёсць там рускія. Усе наперабой стараліся пераканаць Гезелера, але ён нікога не слухаў і толькі крычаў: «Я вас пытаю, выконваюць тут загады афіцэра або не?» Ротны і сам ужо не ведаў, як выблытацца з гэтай гісторыі.

Альберт стаміўся, яму не хацелася ўспамінаць усе падрабязнасці.

— Капітан, ведаеш, сам пабойваўся Гезелера і пачаў угаворваць нас. Ён сказаў, што, калі Гезелер паведаміць пра ўсё ў штаб батальёна, нас за невыкананне загаду пэўна паставяць да сценкі, а калі мы ўсё ж пойдзем у разведку, то, магчыма, усё яшчэ абыдзецца. I мы паддаліся на ўгаворы — гэта і было самае жахлівае. Мы не павінны былі саступаць; але ўсё ж саступілі. Усе аказаліся раптам наймілейшымі людзьмі — надавалі нам гару слушных парад; усе — і унтэры, і салдаты. I, мабыць, упершыню мы адчулі, што ўсе не гэтак ужо і кепска ставяцца да нас. Менавіта гэта і было самае жахлівае: усе ўгаворвалі нас, і мы саступілі і пайшлі ў разведку. А праз паўгадзіны больш чым палова роты было забіта або палонена. Гэтая праклятая Калінаўка была бітком набіта рускімі, і нам давялося даваць драла хто як мог. I знайшоў жа я час даць Гезелеру па мордзе! Пасля гэта здалося вше недарэчнасцю — як быццам можна аплявухай адпомсціць за смерць Рая. Яна мне дорага абышлася, гэтая аплявуха,— я паўгода прасядзеў у ваеннай турме. Зразумеў цяпер, як усё гэта здарылася?

— Так, зразумеў, сказаў Бразгот.— Гэта вельмі на яго падобна.

— Не павінны мы былі саступаць,— сказаў Альберт.— Да гэтага часу не магу сабе дараваць. Ты зразумей,— гэта ж была асабістая нянавісць, якая не мела аніякага дачынення да вайны. Ён узненавідзеў Рая адразу ж, як толькі пачуў словы: «Мы ж на брудэршафт з вамі не пілі». А Рай, у сваю чаргу, яго не выносіў.

— Ты ведаеш,— Альберт злёгку ажывіўся,— у нас з Раймундам на фронце ўжо так павялося — усіх новых камандзіраў мы класіфікавалі з гранічнай дакладнасцю. Рабіў гэта, уласна кажучы, Рай. Вось якую характарыстыку ён даў Гезелеру: «З адзнакай скончыў гімназію. Заўзяты католік. Намерваўся вывучаць права, акрамя таго, лічыць сябе знаўцам мастацтва. Перапісваецца з палітыканствуючымі манахамі. Хваравіта прагны да славы».

— Вось дык так! — усклікнуў Бразгот.— Ведаеш, я адчуваю, што час ад часу трэба чытаць вершы. Характарыстыка вычарпальная, павер мне. Гэта можа быць толькі ён! Ніякай фотакарткі нам не трэба.

— Так, мабыць, не трэба, а вершы Рая табе і сапраўды не шкодзіла б прачытаць. Ён спадзяваўся ацалець і саступіў менавіта таму, што хацеў жыць. Яму цяжка было паміраць, бо ён саступіў такому чалавеку, як Гезелер... Паўсюль параскіданыя бляшанкі з-пад мармеладу з ягонай рыфмаванай рэкламай... Нацысцкія газеты расхвальвалі яго.

— Пачакай, якія бляшанкі, пры чым тут нацысцкія газеты?

— У тысяча дзевяцьсот трыццаць пятым годзе імя Рая пачало набываць папулярнасць у Германіі. У яго знайшлося многа апекуноў: бо спрыяць Раю было зусім бяспечна. У сваіх вершах ён пазбягаў непасрэдна гаварыць пра палітыку, але той, хто ўмеў іх чытаць», здагадваўся, пра што ў іх гаворка. Рая «адкрыў» Шурбігель, і нацысты адразу ўчулі, што яго вершы для іх смачны кавалак. Яны ж былі такія непадобныя на смярдзючыя віршыкі іхніх пісак. Вершы Рая можна было зрабіць ходкім таварам і даказаць такім чынам уласную шырыню поглядаў. Рай трапіў у жахлівае становішча: нацысты нахвальвалі яго. Ён перастаў публікаваць свае вершы, ды і пісаць амаль што кінуў. У хуткім часе ён паступіў на фабрыку да свайго цесця. У поўнай адзіноце чарціў дыяграмы, што адлюстроўвалі, якія гатункі мармеладу спажываюць у пэўных мясцовасцях, хто іх спажывае і ў якой колькасці. Ён з галавой зашыўся ў гэтую работу, вывучаючы статыстыку спажывання. Даныя, якія паступалі з аддзела збыту, ён адлюстроўваў у дыяграмах, выкарыстоўваючы пры гэтым усе адценні чырвонага. Калі праходзіў чарговы партайтаг у Нюрнбергу або яшчэ якое нацысцкае зборышча, у Рая не хапала карміну. Калі я вярнуўся з Англіі, мы пачалі працаваць разам — малявалі плакаты і аб’явы, складалі рэкламныя вершыкі і лозунгі. Іх штампавалі на бляшанках з мармеладам, і мы пасля, у час вайны, раз-пораз натраплялі на іх. А Рай міжволі рабіўся знакамітасцю,— яны паўсюль вышуквалі ягоныя вершы і выдавалі іх, хоць ён і пісаў ім, што не жадае гэтага. Рай быў не ў сабе. Ён проста шалеў.

— Ты ведаў раней Шурбігеля? — спытаў Бразгот.

— Ведаў. А што?

— Як ты лічыш, можа яна сысціся з гэтым Гезелерам?

— Не. Дарэчы, яна ведае, хто ён такі.

— Як гэта «ведае»?

— Яна неяк дзіўна гаварыла пра свой ад’езд, быццам на нешта намякала.

— Куды яны паехалі?

— У Брэрніх, на нейкі семінар.

— Божа,— сказаў Бразгот,— як бы я хацеў паехаць туды зараз жа!

— Кінь,— адказаў Альберт,— яна сама ведае, што трэба рабіць.

— Так? Што яна можа зрабіць?

— Не ведаю, будзь упэўнены,— яна сама з ім справіцца.

— Па мордзе яму б надаваць, ды што там па мордзе — пад зад каленам: лепшага ён не варты! Я б яго проста прыбіў.

Альберт прамаўчаў.

— Хлапчанё мяне непакоіць. Уявіць сабе не магу, куды ён падзеўся. Ён жа ведае, што мы сёння ўвечары павінны паехаць разам. Ты есці хочаш?

— Хачу,— сказаў Бразгот,— давай перакусім.

— Хадзем.

Яны пайшлі на кухню. Альберт паставіў на газ каструлю з тушанай капустай, дастаў салатніцу з халадзільніка. Нэла перад ад’ездам паспела замясіць цеста для блінцоў, нарэзаць сала для скварак і змалоць каву. Яна правіла дома тры дні, не запрашаючы гасцей. У доме ў гэтыя дні былі цішыня і парадак. Альберт утаропіўся на надпіс на сцяне: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік». Нечаканае з’яўленне Гезелера выбіла яго з раўнавагі. Ён баяўся сустрэцца з жывым Гезелерам; гаварыць і думаць пра яго было лёгка. Але цяпер умяшаецца маці Нэлы, яна ўблытае ў гэтую гісторыю хлапчука. Бразгот стаяў каля яго і з выразам змрочнай рашучасці на твары глядзеў, як смажацца блінцы і злёгку падскокваюць завязлыя ў цесце скваркі.

Кожны шоргат, што даносіўся з вуліцы, змушаў Альберта насцярожвацца. Ён добра ведаў хаду Марціна: хуткія, лёгкія крокі — у хлопчыка хада Рая. Альберт ведаў, як рыпіць садовая брамка, калі ў яе ўваходзіць Марцін,— ён толькі злёгку прачыняе яе. Нэла заўсёды расчыняе яе адным рыўком, і брамка грукае аб убіты ў зямлю калочак. Марцін жа прачыняе брамку толькі напалову і бачком уваходзіць у сад, і заўсёды гэта суправаджаецца звыклым шоргатам. Гэтага шоргату чакаў Альберт. На патэльні шыпела масла, глуха мармытала пара ў каструлі з капустай — усё гэта раздражняла Альберта, перашкаджала яму лавіць шаргаценне, што даносілася звонку. Ён зняў з патэльні першы гатовы блінец, паклаў яго на талерку Бразгота, прысунуў яму міску з салатай і сказаў:

— Ты мне прабач, мне проста не па сабе. Я з’езджу пашукаю хлапца. Ужо тры гадзіны, а яго ўсё няма.

— Ды нічога з ім не здарыцца.

— Ён мог затрымацца толькі ў двух месцах туды я і з’езджу. А ты еш, а потым заварыш каву.

Кожны раз, калі Марцін спазняўся дадому, у Альберта разыгрывалася фантазія. Гэтак і зараз ён быў не ў стане пазбавіцца жудасных уяўленняў, якія нахлынулі на яго: вулічная катастрофа, кроў, насілкі. Ён бачыў, як падае зямля на крышку труны, чуў, як спявае хор хлопчыкаў, аднакласнікаў Марціна. І этак спявалі дзяўчынкі-англічанкі, вучаніцы Лін, на яе пахаванні. «Media in VitaУ росквіце гадоў». Кроў, раптоўнасць смерці Media in Vita. Альберт прымусіў сябе зменшыць хуткасць. Павольна едучы ўздоўж алеі, ён узіраўся ў кожны куст, хоць і быў упэўнены, што хлопчыка там няма. Гэтак жа ён быў упэўнены, што Нэла паехала менавіта з Гезелерам. Але зараз яго гэта зусім не хвалявала. Прамінуўшы кінатэатр «Атрыум», Альберт пад’ехаў да школы на рагу Генрых-штрасэ. Пустэльная, ціхая вуліца была залітая сонцам. Шматгалосы шум раптоўна разарваў цішыню — у жаночай школе насупраць пачаўся перапынак. Крыкі і смех напалохалі сабаку, які грэўся на сонцы каля варот, і ён, падціснуўшы хвост, перабег на другі бок вуліцы.

Ён праехаў далей і, затрымаўшыся на некалькі хвілін каля шыльды «Сталярная майстэрня», пасігналіў тры разы запар. У ваконцы з’явілася прыгожанькая ўсмешлівая мордачка Генрыха.

— Марцін у цябе?

Адказ ён ведаў наперад.

— Не,— азваўся Генрых.— Хіба ён яшчэ не вярнуўся? Ён жа адразу пайшоў дамоў.

— Не, не вярнуўся. Ты паедзеш з намі сёння ўвечары?

— Трэба ў мамы спытаць.

— Добра. Мы заедзем па цябе.

— Добра.

Заставалася толькі Больда. Альберт ехаў так павольна, што іншыя машыны ўвесь час абганялі яго, сярдзіта сігналячы. Не звяртаючы на іх увагі, ён звярнуў управа, аб’ехаў вакол царквы і спыніў машыну каля ўвахода ў рызніцу. Яго няма і ў Больды. Гэта відавочна. Але быццам нечая чужая воля прымусіла Альберта вылезці з машыны, каб самому ўпэўніцца ў тым. Media in Vita. Дзверы былі прычынены няшчыльна. Альберт піхнуў іх, прайшоў паўз рад акуратных шафаў, ад якіх, здавалася, веяла прахалодай. На кручку каля сутаны дзяка вісела цёмна-рудое паліто Больды. У левай кішэні, як заўсёды,— тэрмас з булёнам, у правай — скрутак з бутэрбродамі.

Альберт адчыніў дзверы рызніцы і ўвайшоў у царкву. Ён укленчыў перад алтаром і, шпарка падняўшыся, пайшоў па нефе, між радоў крэслаў. Раней ён прыходзіў сюды толькі да абедні, і зараз маўклівасць вялізнай пустой залы напалохала яго. Вакол усё было ціха. Спачатку Альберт убачыў вядро каля калоны і прыстаўленую да яе швабру і толькі потым заўважыў самую Больду. Яна выцірала пыл з гатычнага арнаменту спавядальні. Пачуўшы крокі, Больда павярнулася, падала нейкі незразумелы вокліч і пайшла яму насустрач. Каля лаўкі для прычасця яны сустрэліся, і па твары Больды Альберт зразумеў, як выглядае ён сам.

— Божа ж мой,— сказала яна,— што здарылася?

— Хлопчык да гэтага часу не вярнуўся са школы! Ён забягаў дадому, затым зноў пайшоў.

— I гэта ўсё?

— Усё.

Гучны голас Больды раздражняў Альберта, зрэшты, і яго ўласны голас гучаў мацней, чым звычайна, хоць ён, не заўважаючы таго, прыглушаў яго.

— Усё,— паўтарыў ён,— а табе гэтага мала?

Больда ўсміхнулася.

— Ды прыйдзе ён. Нічога з ім не здарыцца. Ён крыўдзіцца, бывае, калі нікога не застае дома. Прыйдзе, нікуды не падзенецца,— яна зноў усміхнулася, пахітала галавой: — Не вар’яцей!

Альберт здзівіўся: ён і не спадзяваўся, што Больда можа гаварыць гэтак лагодна і ласкава. А яны ж ужо сем гадоў жылі пад адным дахам. У гэты момант яна здалася яму амаль прыгожай. Упершыню ён заўважыў, якія ў яе тонкія, далікатныя рукі. Жоўтая суконная ануча ў яе руцэ была зусім яшчэ новая — на ёй захавалася нават фабрычная этыкетка — кавалачак паперы з сілуэтам ворана.

— Нікуды ён не падзенецца,— паўтарыла Больда, усміхаючыся,— супакойся.

— Ты думаеш? — спытаў ён.

— Менавіта. Не хвалюйся і едзь дадому. Ён хутка прыйдзе.

Ужо напаўадвярнуўшыся, Больда ўсміхнулася яму, падбадзёрваючы, і затым, не гледзячы больш на яго, пайшла назад да спавядальні.

— Калі ён тут аб’явіцца, зараз жа адпраў яго дадому,— сказаў Альберт.

Больда зноў павярнулася, хітнула галавой і пайшла далей.

Альберт зноў укленчыў перад алтаром і, зноў прайшоўшы праз рызніцу, выйшаў з царквы. Шукаць Марціна больш няма дзе. Ён павольна паехаў дадому тым жа шляхам, адчуваючы, як спакой вяртаецца да яго. Упэўненасць Больды падзейнічала на яго.

Бразгот паспеў тым часам зварыць каву і падсмажыць другі блінец.

— Палюбуйся,— сказаў ён, узяўшы газету, што ляжала на серванце,— вось ён.

Альберт адразу ж пазнаў Гезелера — гэта была ягоная смуглая фізіяномія прыгажунчыка.

— Так,— сказаў ён стомлена,— гэта ён.


14

Нэла не паспела яшчэ разлічыцца з шафёрам таксі, як заўважыла каля дзвярэй Крэдытнага банка Гезелера. Стройны элегантны малады чалавек між дзвюх бронзавых фігур, што стаялі як вартавыя па абодвух баках увахода. Злева — бронзавы фінансіст з партфелем, справа — муляр з кельняй. Здавалася, яны ўсміхаліся адзін аднаму халоднай бронзавай усмешкай, адвярнуўшыся ад вітража, што раздзяляў іх. Шкло падсвечвалася знутры неонавымі трубкамі і ў асобных мясцінах было амаль празрыстае. На гэтым фоне выразна выдзяляўся аблямаваны гірляндамі з кветак, каласоў, вагаў і колаў беласнежны надпіс: Крэдытны банквыгадныя аперацыі. Літары ў словах «выгадныя аперацыі» былі ў тры разы большыя, чым у словах «Крэдытны банк». Гезелер стаяў між фінансістам і каменшчыкам, якраз пад словам выгадныя.

Загрузка...