— Слухай як след,— кажа бабуля,— пытанне трыццаць пятае. Навошта з’явіцца Хрыстос перад канцом свету?

— Хрыстос з'явіцца перад канцом свету, каб судзіць людзей.

Цікава, а распусных таксама будуць судзіць? Ім авалодала нейкае сумненне.

— Не спі,— загадвае бабуля.— Пытанне васьмідзесятае. Хто чыніць грэх?

— Грэх чыніць той, хто па ўласнай волі пераступае Божую запаведзь.

Бабуля любіла ганяць па ўсім катэхізісе, але яшчэ ніводнага разу яна не злавіла яго на няведанні.

Нарэшце яна закрывае кнігу, раскурвае новую цыгарэту і глыбока зацягваецца.

— Вось калі ты падрасцеш,— гаворыць яна ласкава,— ты сам зразумееш, чаму...

Але з гэтага моманту можна ўжо не слухаць. Пасля катэхізіса ідзе доўгае заключнае слова, у якім няма ніякіх пытанняў, і таму яно не патрабуе аніякай увагі: цяпер бабуля пачне гаварыць пра абавязкі, пра грошы, пра араматычныя канфіцюры, пра дзядулю, пра бацькавы вершы, пачне чытаць выразкі з газет, якія яна клапатліва загадала наклеіць на тоўстую чырвоную паперу, пачне ў загадкавых выразах круціцца вакол шостай запаведзі.

Але нават Нігемаер, нават Поскэ, у якіх былі дастаткова маральныя маці, не карысталіся той паблажлівасцю, якой карыстаўся ён, і ён даўно ўжо зразумеў, у чым тут справа: іх бацькі таксама загінулі, іх маці таксама не жывуць з іншымі дзядзькамі, але затое імя ягонага бацькі час ад часу з’яўляецца на старонках газет, а ў ягонай маці, да ўсяго, ёсць грошы. Гэтыя два важнейшыя пункты адсутнічаюць у Поскэ і ў Нігемаера; пра іх бацькаў нічога не пішуць у газетах, а ў іх мацярок грошай або вельмі мала, або зусім няма.

Часам ён марыў, каб гэтыя два пункты адпалі і для яго, яму не хацелася гэтай празмернай паблажлівасці. Ён ні з кім не дзяліўся сваімі думкамі, нават з Брылахам і з дзядзькам Альбертам, і часам цэлымі днямі стараўся кепска сябе паводзіць у школе, каб прымусіць настаўніка аказваць яму не больш паблажлівасці, чым Вебэру, які штодзённа атрымліваў наганяй; Вебэр, чый бацька не загінуў, Вебэр, чый бацька не меў грошай.

Але настаўнік працягваў ставіцца да яго паблажліва. Гэта быў стары, сівы, стомлены настаўнік, ён «страціў сына на вайне» і глядзеў на Марціна гэтак самотна, калі той рабіў выгляд, быццам не вывучыў урок, што Марцін, ахоплены шкадаваннем і спачуваннем, усё ж адказваў добра.

Пакуль заключнае слова бабулі падыходзіла да канца, Марцін мог назіраць, як усё больш гусцеў у пакоі дым; толькі час ад часу трэба было пазіраць на бабулю, каб ёй здавалася, быццам ён уважліва слухае, а самому працягваць думаць пра рэчы, якія больш цікавілі яго: пра брыдкае слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, пра слова, якое заўсёды красавалася на сцяне ў пад’ездзе дома, дзе жыў Брылах; можна думаць і пра футбольны матч, які пачнецца праз тры, чатыры, большае праз пяць хвілін на лужку перад іх домам. Бабулі засталося гаварыць яшчэ хвіліны дзве, таму што яна дайшла ўжо да канфіцюра, які нейкім чынам сутыкаўся з ягонымі абавязкамі. Няўжо яна ўсур’ёз думае, што ён будзе гаспадарыць на мармеладавай фабрыцы? Не, ён усё жыццё будзе гуляць у футбол, і яму было забаўна і адначасова страшна, калі ён уяўляў сабе, што будзе гуляць у футбол дваццаць гадоў запар, трыццаць гадоў запар. Застаецца яшчэ хвіліна,— ён пачуў шалясценне — гэта бабуля вырвала чэк са сваёй чэкавай кніжкі. Яна заўсёды ўзнагароджвала яго за бездакорнае веданне катэхізіса і за ўвагу, з якой ён слухаў яе.

Бабуля складвае чэк удвая, ён бярэ гэтую складзеную блакітнаватую паперку і ведае, што зараз можна пайсці, трэба толькі пакланіцца і сказаць: «Дзякуй, мілая бабуля», і вось ён ужо адчыняе дзверы, і воблака дыму вырываецца за ім у пярэднюю.


9

Два дні не браў Альберт у рукі карабок «Санлайт». Ён баяўся яго адкрываць і ў той жа час ускладаў надзеі на ягонае змесціва: ён ведаў, што ў карабку ляжыць шмат малюнкаў, якія ён зрабіў у Лондане да і пасля смерці Лін; ён баяўся, што малюнкі нічога не вартыя, і ўсё ж спадзяваўся, што яны акажуцца неблагімі; ён жа ўзяў абавязак штотыдзень здаваць серыю карыкатур у «Суботні вечар» і, бывала, цэлымі днямі сноўдаў з кута ў кут, і нічога не прыходзіла ў голаў. Ён адкрыў карабок, у гэты дзень яны былі дома толькі ўдвух з Глумам; маці Нэлы паехала з Марцінам за горад. Ён бачыў, з якім нясмелым і разгубленым тварам хлопчык садзіўся ў таксі. Нэла пайшла ў кіно. Яна вельмі змянілася, у ёй з’явілася нейкая дзіўная нервознасць, і ён здагадваўся, што яна нешта ўтойвае ад яго. Развязваючы шпагат на карабку, ён вырашыў пагаварыць з Нэлай. На кардонцы яшчэ можна было прачытаць адрас, надпісаны ім у Лондане: «Пану Раймунду Баху», і яму здавалася, што яшчэ чуваць пах клею, які патыхаў мучной баўтухай, што ён замясіў на вадзе з рэшткаў мукі ў Лін, каб наклеіць паперку з адрасам на кардон.

Ён развязаў вузел, разматаў шпагат, але марудзіў адкрываць кардонку. Ён выглянуў у сад, дзе сябры

Марціна, Генрых і Вальтэр, гулялі ў футбол парожнімі кансервавымі бляшанкамі, яны моўчкі, злосна, але з бачным задавальненнем ганялі мяч. Гледзячы на хлапчукоў, ён успомніў год, пражыты з Лін у Лондане, цудоўны год, калі ён быў вельмі шчаслівы, хоць Лін і пасля вяселля захавала свае «халасцяцкія» звычкі. Лін пагарджала шафамі, пагарджала ўвогуле ўсялякай мэбляй, і ўсё сваё дабро яна ўдзень звальвала на ложак: кнігі і часопісы, газеты і губную памаду, агрызкі яблыкаў у папяровых фанціках, парасон, берэт, капялюшык, паліто, неправераныя сшыткі, якія яна правярала ўвечары, прыткнуўшыся каля начнога століка: сачыненні пра раслінны свет Паўднёвай Англіі і пра жывёльны свет Індыі. Удзень усё гэта грувасцілася на ложку; вечарам або па абедзе, калі ёй хацелася прылегчы і перагледзець вячэрнія газеты, яна дбайна вывуджвала толькі кавалкі хлеба, а астатняе барахло проста змахвала эгергічным рухам рукі на падлогу: сшыткі, парасончык, садавіну. Усё ляцела пад ложак і кацілася па пакоі, а раніцай яна зграбала ўсё да кучы і зноў шпурляла на ложак. За ўсё сваё жыццё яна толькі аднойчы надзела як след адпрасаваную сукенку — гэта быў дзень іхняга вяселля,— хатні алтар у сталовай загараднай вілы, абстаўленай з безгустоўнай раскошай, што надавала ўражанне пышнасці, востры пах смажанага сала, што ішоў ад расы сімпатычнага францысканца, нязвыклае гучанне латыні і пакуль нязвыклае гучанне англійскай мовы (пакуль смерць не разлучыць вас...).

Але менавіта ў той дзень, калі Лін надзела адпрасаваную сукенку,— яе маці прыехала з Ірландыі, папрасавала сукенку ў сябе ў гатэлі і клапатліва павесіла ў шафу,— менавіта ў гэты дзень Лін брыдка выглядела: прасы не былі для яе рэчамі ўжытку, прас — рэч цяжкая, і, дарэчы, сукенкі, якія неабходна было прасаваць, былі ёй не да твару.

У першы месяц пасля вяселля яны спалі на ложку Лін, але Альберт усю ноч не мог змружыць вачэй, бо Лін была неспакойная, як маладая кабылка, яна кідалася ў сне, скідвала долу коўдру, бясконца варочалася з боку на бок, піхала яго, узнагароджвала тумакамі, з грудзей яе вырываліся дзіўныя сухія хрыпы. Ён падымаўся сярод ночы, запальваў святло, прыкрываў лямпу газетай і садзіўся чытаць. Пра тое, каб заснуць, нечага было і думаць, ён задавальняўся тым, што паднімаў бясконца спаўзаючую коўдру і падтыкаў Лін з усіх бакоў. Калі яна на некалькі хвілін заціхала, ён паварочваўся і глядзеў на яе: доўгія каштанавыя валасы, тонкі смуглявы твар, профіль пародзістага жарабяці. Пасля ён тушыў святло, ляжаў у цемры каля яе і быў шчаслівы. Часам з ложка нешта падала, што ўдзень забілася пад матрац або не паспела зваліцца на падлогу ад энергічнага вячэрняга шпурляння Лін, а цяпер звалілася ад яе дзікай валтузні: лыжка, аловак, банан, а неяк раз нават крутое яйка; яно пакацілася па выцертым дыванку і спынілася каля ножак ложка. Ён устаў, аблупіў яйка і тут жа з’еў яго, таму што ў тыя часы ён заўсёды хацеў есці.

Раніцай, калі Лін сыходзіла, яму звычайна ўдавалася крыху прыдрамнуць. Лін працавала настаўніцай у манастырскай школе за горадам. Ён дапамагаў ёй збірацца ў школу, складваў усё, што ёй было неабходна, у партфель. Яго абавязкам было таксама сачыць за старым, аблезлым будзільнікам, які, як і ўсе рэчы, што належалі Лін, кожны дзень рабіў падарожжа з ложка на падлогу і з падлогі на ложак, але тым не менш ішоў вельмі дакладна. Ён сачыў за будзільнікам і папярэджваў Лін, калі ёй трэба было выходзіць. Ён сядзеў у гэты час на ложку ў начной кашулі і чытаў ранішнюю газету, а Лін гатавала на спіртоўцы чай і суп. Як толькі вялікая стрэлка набліжалася да адзінаццаці і заставалася пяць хвілін да васьмі гадзін, Лін хапала партфель, таропка цалавала яго і неслася па лесвіцы ўніз, да аўтобуса. Бывала, яе суп заставаўся на спіртоўцы, ён прагна з’ядаў аўсяную баўтушку без смаку, залазіў у ложак і спаў да адзінаццаці.

Толькі праз месяц яны наскрэблі грошай, каб купіць другі ложак, і цяпер ён мог ноччу спаць. Толькі зрэдку ён прабуджаўся ад глыбокага сну, гэта калі нешта падала на падлогу з ложка Лін: кніжка, паўпліткі шакаладу або адзін з яе цяжкіх срэбраных бранзалетаў.

Ён стараўся давесці ёй, што ён разумее пад словам «парадак»: акуратна складзеныя ў шафах рэчы і чыстую спіртоўку. Ён нават купіў употай патрыманую шафу, загадаў прывезці яе, калі Лін была ў школе, і навёў усюды парадак; усё барахло Лін, усе яе сукенкі ён развесіў на плечыках з нямецкай акуратнасцю так, як гэта рабіла яго маці: «Каб пахла бялізнай, адпрасаванай бялізнай». Але Лін узненавідзела шафу, і, жадаючы зрабіць ёй прыемнае, ён загадаў адвезці яе і прадаў са стратай. Адзіным родам мэблі, з якім Лін яшчэ мірылася, была маленькая палічка, на якой стаялі спіртоўка, чыгунок, дзве каструлькі, кансервавыя бляшанкі з мясам і гароднінай, усялякія загадкавыя прыправы і пачкі з кансерваванымі супамі. Яна выдатна ўмела гатаваць, і яму вельмі падабалася, як яна заварвае чай: цёмны, з залатым адлівам; і калі Лін вярталася са школы, яны ляжалі на сваіх ложках, курылі і чыталі, чайнік стаяў на табурэце паміж ложкамі. Месяцы два ён пакутаваў ад таго, што называў тады беспарадкам, і шкадаваў, што ў Лін так мала жадання набыць рэчы — купіць, напрыклад, хоць адну яшчэ змену прасцін. Але яна не выносіла рэчаў, як не выносіла шафаў, і пасля ён здагадаўся, што яна не выносіць шафаў менавіта таму, што ў іх захоўваюцца рэчы. Яна любіла надзіманыя шары, любіла кіно і пры ўсёй яе неўраўнаважанасці была вельмі набожнай. Яна фанаты чна захаплялася царкоўнай мішурой, францысканскімі манахамі, у якіх спавядалася; у нядзелю яна звычайна цягала яго да абедні ў жаночы манастыр, дзе яна ўвесь тыдзень выкладала, і ён злаваўся на манашак, якія ўпарта называлі яго «мужам міс Ганігэн» і ў час снедання накладвалі ў ягоную талерку гару ўсялякай ежы, бо нейкім чынам разведалі, што ён заўсёды галодны. Але так было толькі напачатку, пасля манашкі яму спадабаліся, ён з’ядаў на снеданне да васьмі сандвічаў, яго казачны апетыт выклікаў бурную радасць у манашак. У нядзельныя дні Лін праводзіла са сваімі дзяўчынкамі трэніроўкі па травяным хакеі, рыхтуючы іх да чарговага спаборніцтва, а ён пасмейваўся з яе захаплення і захапляўся яе прыгожай, дакладнай і моцнай гульнёй.

Муж міс Ганігэн смешна выглядаў на ўскрайку поля. Калі трэніроўка заканчвалася, яны з Лін рабілі прабежку ў тры кругі па пляцоўцы. Дзяўчынкі з хакейнай каманды і пансіянеркі з манастырскай школы абступалі пляцоўку і падбадзёрвалі яго вокрыкамі, і, калі ён прыбягаў першым, гэта выклікала агульную радасць, а ён амаль заўсёды прыбягаў першым, таму што быў на тыя часы неблагім бегуном.

Потым яны з’ездзілі разам з Лін на поўдзень, у графства Сэрэй,— гадзінамі блукалі па лугах і кустах, паўсюль атрымлівалі асалоду ад таго, чаму безаглядна аддавалася Лін і што жартам называла «радасцямі сямейнага жыцця». Тады было яму дваццаць пяць гадоў, а Лін незадоўга споўнілася дваццаць, яна была самай любімай настаўніцай у школе.

У будзень ён спаў звычайна да паловы адзінаццатай, бо людзі, з якімі яму даводзілася мець справу, раней паловы дванаццатай прыёму не пачыналі, дый неспакойныя ночы добра такі стамлялі яго. Ён вышукваў негаваркіх трэцеразрадных палітыканаў і ў час снедання вывуджваў у іх мізэрную інфармацыю. Асноўныя звесткі ён атрымліваў нават не ад іх, а з чацвёртых, пятых рук, ад гэтакіх жа няўдачлівых журналістаў, як і ён сам. Пасля ён падняўся на новую ступень і пачаў сам прыдумваць усялякія рызыкоўныя рэчы, выдатна разумеючы, што дабром гэта не скончыцца. Звычайна ён сядзеў у маленькіх шынках, піў слабае віскі і чакаў Лін; перад ім заўсёды ляжаў стос паперы для малявання, і ён маляваў усё, што яму прыходзіла ў галаву. Ён сам прыдумваў жарты і ілюстраваў іх або ілюстраваў чужыя жарты, што знаходзіў у газетах. У карабку з-пад мыла «Санлайт» накопліваліся малюнкі, сотні малюнкаў, і пасля смерці Лін ён усе іх адаслаў Раю ў Германію.

Так, там набяруцца сотні малюнкаў, але ён усё яшчэ не раскрываў кардонку і працягваў назіраць за хлопчыкамі,— кожны з іх з неаслабнай упартасцю стараўся трапіць у вароты праціўніка. Магчыма, малюнкі добрыя, і тады ён пазбавіцца ад стамляючага абавязку кожны тыдзень высасваць тэмы з пальца.

Назіраючы за хлопчыкамі, ён паспеў накідаць на абрыўку паперы Больдзін партрэт, але затым зноў адклаў аловак убок.

Звесткі, якія яму ўдавалася тады раздабыць, рабіліся ўсё больш мізэрнымі, а тыя неправераныя матэрыялы, якія ён прыдумваў сам і перасылаў у Германію, усё менш адпавядалі сапраўднасці; зрэшты маленькая нацысцкая газетка, чыім лонданскім карэспандэнтам ён з’яўляўся, пазбавіла яго нават мінімальнага фіксу, а праз месяц і зусім выкрасліла са спіса супрацоўнікаў, і ён жыў на настаўніцкі заробак Лін, радасна сустракаючы кожную нядзелю, калі можна было ўволю наесціся ў манашак. Пакуль Лін праводзіла трэніроўкі з дзяўчынкамі, ён часам заходзіў у школьную капліцу, слухаў малітвы і любаваўся грандыёзнай безгустоўшчынай: нідзе, як яму здавалася, не бачыў ён яшчэ такога гранічна аляпаватага Антонія, нідзе — такой жудаснай Тэрэзы Лізье.

А ў будзень ён хадзіў па гораду і распрадаваў букіністам свае кнігі — паўшылінга за два кіло. Выручаных грошай ледзь хапала на цыгарэты. Спрабаваў ён даваць урокі, але мала хто з англічан хацеў вывучаць нямецкую мову, дый эмігрантаў у Лондане і без яго было дастаткова. Лін суцяшала яго, і ён быў шчаслівы, нягледзячы ні на што. Яна напісала сваім, як ім цяжка прыходзіцца, і яе бацька адказаў, каб яны прыязджалі ў Ірландыю. Альберт зможа дапамагаць па гаспадарцы і, калі захоча, ніколі не вяртацца да гэтых праклятых нацы. Цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён усё яшчэ не мог зразумець, чаму ён тады не прыняў прапанову бацькі Лін. Ім авалодала хвароба Нэлы — мара пра жыццё, якое не было пражытае і ніколі не будзе пражыта, бо час, які для яго прызначаны, беззваротна прайшоў. Але было сваё хараство ў тым, каб на некалькі хвілін перанесціся ў мясцовасць, якую ён ніколі не бачыў, пажыць невядомым яму жыццём сярод людзей, якіх ён не ведаў.

Нават і цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён не мог усвядоміць, што Лін памерла,— такой нечаканай была яе смерць, і якраз тады, калі ён быў поўны надзеямі. Ён пачаў зарабляць, у яго з’явіліся грошы; для фабрыкі, якая выпускала мыла, ён пісаў рэкламныя плакаты і малюнкі на абгортках, і яму ўдалося, нарэшце, прыстасавацца да густаў англічан.

З таго часу як яго заробкі павялічыліся, ён перастаў піць у шынках без Лін, ён сядзеў дома, піў халодны чай і ўвесь дзень працаваў. Раніцай ён уставаў разам з Лін, рыхтаваў снеданне, праводзіў яе да аўтобуса.

Хлопчыкі разгарачыліся і стаміліся. Генрых сядзеў на траве, спінаю да дрэва, і жаваў травінку. Альберт высунуўся з акна і крыкнуў:

— Вазьміце кока-колу з халадзільніка!

Калі хлопчыкі павярнуліся і са здзіўленнем глянулі на яго, ён дадаў:

— Заходзьце і дастаньце бутэлькі, ты ж ведаеш, Генрых, дзе што стаіць.

Ён чуў, як дзеці з радаснымі воклічамі павярнулі за вугал, забеглі ў дом, але тут загаварылі шэптам і на дыбачках прайшлі на кухню. Ён зачыніў акно, набіў люльку, але раскурваць яе не стаў і рашучым рухам адкрыў кардонку «Санлайт»: там аказаўся цэлы стос вельмі тонкай паперы, усе малюнкі былі павернуты другім бокам. Толькі тады ён скеміў, што адкрыў не крышку, а дно карабка. Ён узяў першы малюнак, перавярнуў яго і здзівіўся — да таго ён аказаўся добрым! Гэта быў заашарж, забаўнае выяўленне звяркоў, а гэты жанр зноў уваходзіў у моду.

Пасля вайны ён не маляваў так добра. Мяккі, вельмі тлусты аловак — малюнак зусім яшчэ свежы. Ён адчуў вялікую палёгку: ён ведаў, што Брэзгот ахвотна возьме гэтыя малюнкі. Кожная з танюткіх паперак, размаляваная пятнаццаць гадоў назад у лонданскіх шынках, прынясе яму пяцьдзесят марак. Нейкія трэба лепш абрэзаць, наноў наклеіць на кардон, да нейкіх прыдумаць тэкст. Ён ніколі не паказваў гэтыя малюнкі Лін, бо тады яны здаваліся яму кепскімі, але сёння ён зразумеў, што яны добрыя і ўжо ва ўсякім выпадку лепшыя, чым вельмі многае, што ён зрабіў для «Суботняга вечара». Ён корпаўся ў карабку, выцягваў лісткі з сярэдзіны і з самага дна і здзіўляўся, наколькі яны добрыя. Нехта з хлопчыкаў паклікаў яго:

— Дзядзька Альберт, дзядзька Альберт!

Ён адчыніў дзверы ў пярэднюю і спытаў:

— Што здарылася?

Ён адразу зразумеў, што клікаў яго Брылах, які спытаў:

— Можна нам зрабіць сабе па бутэрброду? Мы хочам пачакаць, пакуль вернецца Марцін.

— Гэта доўгая справа.

— А мы пачакаем.

— Ну, як хочаце,— і бутэрброды вы сабе, зразумела, можаце зрабіць.

— Вялікае-вялікае дзякуй.

Ён зачыніў дзверы, сабраў раскіданыя лісткі і паклаў іх зноў у карабок.

У той дзень, як заўсёды, Лін раніцай наехала ў школу, а ён сядзеў дома і рабіў накід рэкламнага плаката. Ён маляваў ільва, які густа намазваў гарчыцай баранову нагу. Альберт адчуваў, што плакат атрымліваецца добра, а заказчык — далёкая радня Авесалома Біліга — абяцаў добры ганарар. Гэта быў яўрэй-эмігрант, з якім ён пазнаёміўся ў журналісцкім рэстаранчыку. Спачатку той ставіўся да яго з недаверам, таму што прыняў яго за шпіка, але пры пятай сустрэчы ён даў яму заказ: ён супрацоўнічаў у рэкламным аддзеле фабрыкі прыпраў. Альберт працаваў так заўзята, што не прыкмячаў, як ідзе час, і таму вельмі здзівіўся, калі ў пакой увайшла Лін.

— Божа,— сказаў ён,— ужо тры гадзіны?

Але калі ён пацалаваў яе і яна стомлена ўсміхнулася ў адказ, ён зразумеў, што да трох яшчэ вельмі далёка і што Лін вярнулася з-за таго, што ёй нездаровіцца. Рукі ў яе гарэлі, і яна курчылася ад болю ў жываце.

— Гэта ўжо даўно пачалося,— сказала яна,— але я думала, што я цяжарная, а сёння высветлілася, што я зусім не цяжарная, а баліць усё роўна.

Ніколі ён яшчэ не бачыў, каб яна падала духам, але цяпер яна кінулася на ложак і застагнала. Ей цяжка было гаварыць, і, калі ён схіліўся над ёй, яна шапнула:

— Выкліч таксі, мне ў аўтобусе было кепска, а цяпер робіцца яшчэ горш. Завязі мяне ў бальніцу.

Ён узяў з пасцелі яе сумачку і пабег да стаянкі таксі, на хаду пералічваючы грошы; у кашальку набралася чатыры фунты і цэлая гара дробязі. Урэшт разгублены, сеў ён у таксі, загадаў спыніцца перад домам і адным духам падняўся па лесвіцы. Лін званітавала, і, калі ён узяў яе на рукі, каб знесці ўніз, яна застагнала; на лесвіцы яна ўвесь час крычала, і яе зноў званітавала. Каля дзвярэй сабраліся жанчыны і глядзелі, хітаючы галовамі. Ён крыкнуў адной з іх, каб яна прыгледзела за кватэрай, што засталася незачыненай. Жанчына згодна кіўнула галавой, і цяпер, гледзячы на хлопчыкаў, якія вярталіся ў сад, ён выразна ўспомніў яе тупы, бледны, азызлы ад гарэлкі твар. З бутэрбродамі ў руках хлопчыкі працягвалі ганяць мяч.

У таксі ён трымаў Лін на каленях, каб абараніць яе ад штуршкоў машыны, але яна ўсё крычала, і яе зноў званітавала проста на рудыя пацёртыя падушкі, а ён думаў, што трэба будзе сказаць урачам. Ён усё не мог успомніць англійскае слова, якое азначала запаленне адростка сляпой кішкі, але калі таксі спынілася перад бальніцай, ён, трымаючы Лін на руках, хутка ўзбег на ганак, піхнуў нагой дзверы ў прыёмны пакой і закрычаў:

— Апендыкс, апендыкс!

Яна страшэнна закрычала, калі ён хацеў апусціць яе на кушэтку; цяпер яна зусім скурчылася; здавалася, што ў такім становішчы ёй было не так балюча, і, хоць сілы пакідалі яго, ён працягваў трымаць яе на руках, прыхіліўся толькі да чырванаватага колеру калоны і спрабаваў зразумець, што яна шэпча перакрыўленымі вуснамі. Твар у яе пажаўцеў і пайшоў плямамі, у вачах яе ён бачыў жудасную пакуту, і шэпт яе здаўся яму трызненнем вар’яткі: «Едзь у Ірландыю, у Ір-лан-дыю»,— ён не зразумеў тады, што яна хоча гэтым сказаць, і стараўся зразумець, пра што яго пытае худая заклапочаная бальнічная сястра, якая стаіць з ім каля калоны. Ён тупа паўтараў толькі адно слова: «Апендыкс»,— і сястра кіўнула, калі пачула гэта слова. Лін давілася, але ванітаў ужо не было — толькі жоўтая, з цяжкім пахам слізь паказалася на яе вуснах, і, калі да іх падпіхнулі насілкі на колцах і ён паклаў яе, яна яшчэ раз абвіла яго шыю рукамі, пацалавала яго і зноў прашаптала: «Едзь у Ірландыю, мой дарагі, мой дарагі, мой дарагі»,— але ўрач, які падышоў, адпіхнуў яго, і насілкі ад’ехалі і зніклі за вярчальнымі шклянымі дзвярамі. У апошні раз ён пачуў крык Лін. Праз дваццаць пяць хвілін аперацыя закончылася, Лін была мёртвая, і ён не паспеў болып перамовіць з ёй ні слоўка. Уся брушная поласць была запоўнена гноем. Ён да гэтага часу не забыў маладога, шэрага твару ўрача, калі той выйшаў у прыёмны пакой і сказаў: «Вельмі спачуваю», і затым павольна і спакойна загаварыў з ім, і ён зразумеў, што ўжо тады, калі ён сядзеў з Лін у таксі, было занадта позна. Урач выглядаў вельмі стомленым і спытаў, ці не хацеў бы ён зноў убачыць сваю жонку.

Яму загадалі пачакаць, пакуль можна будзе прайсці да Лін, і ён стаяў каля акна і чакаў, але раптам успомніў пра шафёра, выйшаў і разлічыўся з ім. Шафёр паказаў на сляды ванітаў, забурчаў, не вымаючы цыгарэты з рота, і ён даў яму цэлы фунт звыш патрабаванага і быў рады, калі сярдзіты твар шафёра праясніўся. Ён вярнуўся ў прыёмны пакой. Шпалеры тут былі шэра-зялёныя, шэра-зялёнымі былі абабітыя крэслы, і стол быў пакрыты шэра-зялёным сукном. Гэта надарылася ў тыя дні, калі Чэмберлен вылецеў у Германію на перагаворы з Гітлерам. Пасля ў прыёмны пакой увайшла маладая жанчына ў паношаным паліто. Яна стала ля акна, і цыгарэта, якую яна трымала ў руцэ, пацямнела ад слёз, якія падалі на яе. Цыгарэта патухла, жанчына кінула яе на падлогу і, усхліпваючы, прыціснулася да аконнага шкла. Па вуліцы ішлі людзі і неслі плакаты «Светумір» і іншыя — «Пакажам Гітлеру, што мы яго не баімся», і маладая жанчына ў паношаным паліто зняла акуляры і працерла іх крысом. Ад яе паліто ішоў пах булёну і табакі, і яна няспынна мармытала: «Сыночак, сыночак мой, сыночак мой»,— але затым з’явіўся ўрач, і жанчына кінулася да яго, і па яе твары можна было зразумець, што ўсё скончылася добра. Жанчына выйшла з урачом, а яго павяла бальнічная сястра па доўгім, абкладзеным жоўтай кафляй калідоры. Пахла застылым авечым лоем і распушчаным маслам, каля дзвярэй стаялі вялізныя алюмініевыя чайнікі з гарачым чаем, прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына разносіла на падносе бутэрброды, каля акна стаяў хлопчык з гіпсавай павязкай на руцэ і крычаў некаму на вуліцу: «Пракляты сабака, я табе пакажу!» Сястра па дышла да хлопчыка, торгнула яго за здаровую руку і прыклала палец да вуснаў, і хлопчык паплёўся ўслед за дзяўчынай з бутэрбродамі.

У пакоі, куды прывяла яго сястра, былі шэрыя сцены без усялякіх упрыгожанняў і два высокія вузкія акны з сінім шклом. На левым акне была намалявана жоўтай фарбай альфа, на правым — амега.

Лін ляжала на насілках, залітая непрыемным сінім святлом. Сястра пакінула яго аднаго, і ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што твар Лін стаў такім, як раней. Адно толькі падалося яму новым — выраз спакою, і было дзіўна бачыць спакойным яе тонкі малады твар. Магчыма, з-за асвятлення, але плямы на твары зніклі, і ён зноў набыў роўны колер, і стаў ранейшым яе перакрыўлены пакутай рот. Ён запаліў свечы, што стаялі ў медных падсвечніках за насілкамі, прачытаў «Ойча наш» і «Багародзіцы Дзево, радуйся». Няўцямна было для яго, што яны пражылі разам цэлы год. Здавалася, што ён зусім нядаўна пазнаёміўся з ёй. Што яна памерла, ён разумеў, але вось тое, што яна жыла на зямлі,— гэта яму здавалася сном, падрабязнасці, якія ўспаміналіся, нічога не маглі змяніць. Як быццам толькі суткі назад прыехаў ён у Лондан. Усё здарылася за адзін дзень: вянчанне ў адпрасаванай сукенцы, якая была ёй не да твару, раса францысканца, хакей і снеданне ў манашак, і луг у Сэрэі, і радасць валодання... затым крык: «Едзь у Ірландыю». Ірвота ў таксі, і ён тупа паўтарае: «Апендыкс, апендыкс...», і сіняватая капліца з жоўтай альфай і амегай, паветраныя шары, што Лін дарыла дзецям, і мыльныя бурбалкі, якія яна з акна свайго пакоя пускала ў вялікі шэры двор,— нянавісць да шафаў, спакойнае гарэнне дзвюх свечак... Так гараць яны толькі ў капліцах. Ён не адчуваў самоты, ён адчуваў толькі тупую, пакутлівую спагаду да Лін за мучэнні, якія яна перанесла, знікаючы з крыкам за дзвярыма аперацыйнай залы, а цяпер яна так спакойна ляжыць у гэтай капліцы. Свечы гарэлі, ён падышоў да дзвярэй, але раптам павярнуўся і заплакаў. Усё паплыло перад яго вачамі, стала змрочным і туманным: хісткія насілкі і спакойны твар Лін. У капліцы здавалася, што на вуліцы дождж, але, калі выйшаў з капліцы, ён убачыў, што свеціць сонца. Сястра некуды пайшла, і ён заблудзіўся ў бясконцых калідорах, трапіў у палату, зноў выскачыў, апынуўся каля ўвахода на кухню і толькі тады пазнаў калідор з жоўтай кафляй, і зноў прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына пранесла на падносе гару бутэрбродаў, і з расчыненых дзвярэй пачуўся нечы крык: «Гарчыцы!» — і ён успомніў пра льва, які намазваў гарчыцай барановую нагу.

Калі ён вярнуўся дадому, была гадзіна дня. Нехта памыў лесвіцу і прыбраў у пакоі. Ён так і не даведаўся ніколі, хто гэта зрабіў, і вельмі здзівіўся, бо яму заўсёды здавалася, быццам у доме яго не любяць: заўсёды ён быў заняты, таропка, мімаходзь вітаўся з суседзямі. А зараз і на лесвіцы і ў пакоі ўсё прыбрана.

Ён узяў з крэсла плакат з ільвом, хацеў яго парваць, але затым скруціў у трубку і кінуў у куток. Ён лёг на ложак і ўперыў вочы на маленькае распяцце, якое Лін павесіла над дзвярамі. Ён па-ранейшаму выдатна разумеў, што Лін памерла, але ніяк не мог паверыць, што цэлы год пражыў з ёй. Ад яе нічога не засталося, акрамя ложка, які быў завалены ўсялячынай, каструлькі з выкіпелым супам на спіртоўцы, шчарбатага кубка, у якім яна звычайна распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, ды стосіКа неправераных сшыткаў з сачыненнямі пра цынкавыя руднікі ў Паўднёвай Англіі.

Пасля ён заснуў і прачнуўся толькі тады, калі ўвайшла маленькая настаўніца, якая працавала разам з Лін, і адразу адчуў боль у руках,— на іх так доўга ляжала Лін. Разам з Лін і маленькай настаўніцай яны часта ўвечары хадзілі ў кіно, звалі яе Блай Грозэр, яна была прыгожанькай бландзінкай, і Лін заўсёды спрабавала абярнуць яе ў каталіцтва.

Ён тупа ўтаропіўся ў Блай і адчуў боль у зведзеных мышцах рук. Пасля паспрабаваў растлумачыць Блай, што Лін памерла. Ён сам спалохаўся — так холадна і як нешта само сабой зразумелае вымавіў ён — «памерла», і толькі цяпер ён сам спасціг усё значэнне гэтага слова: Лін больш няма. Блай з вялікай цяжкасцю раздабыла білеты на вячэрні сеанс, каб паглядзець фільм, які тады ўсе імкнуліся паглядзець. Гэта быў фільм з удзелам Чарлі Чапліна, і ён сам, помніцца, назаляў Блай, каб яна здабыла білеты, таму што ў Германіі, пэўна, такога не ўбачыш. Блай прынесла і пірожныя для Лін, маленькія міндальныя пірожныя, пакрытыя яечным крэмам. У руках яна трымала зялёныя білеты, і, калі ён ёй сказаў, што Лін памерла, яна спачатку засмяялася. Яна смяялася таму, што не магла зразумець, з чаго ён раптам надумаў так па-дурному жартаваць, яна смяялася незвычайна — злосна і адрывіста. Потым яна зразумела, што гэта не жарт, і разгублена заплакала, і зялёныя білеты ўпалі на падлогу, і міндальныя пірожныя, пакрытыя жоўтым крэмам,— такія любіла Лін,— ляжалі паміж парасонам і чырвоным берэтам на ложку Лін сярод мноства іншых рэчаў.

Ён працягваў ляжаць, холадна гледзячы на Блай. Яна сядзела на табурэце і плакала, і, як толькі ўбачыў яе слёзы і пачуў яе рыданні, ён зноў усвядоміў, што здарылася: Лін памерла. Блай паднялася, прайшлася па пакоі, падняла з падлогі згорнуты плакат, што валяўся ў куце каля спіртоўкі, і, рыдаючы, паглядзела на задаволенага, ухмылістага льва, які намазваў гарчыцай «Хічх юмара» баранову нагу. Ён ведаў, што пасля возьме яе за плечы, паспрабуе супакоіць і будзе гаварыць пра справы — пра пахаванне, пра ўсемагчымыя дакументы, якія неабходна аформіць. I ўсё ж ён працягваў ляжаць і думаць пра Лін, пра хуткаплыннасць і прыгажосць яе жыцця, якое пакіне ў гэтым свеце ледзь прыкметны след. Хіба што ў вестыбюлі школы павесяць яе фотаздымак, і пасля на школьных сустрэчах дзяўчаткі, жанчыны, з кожным годам старэючыя жанчыны будуць гаварыць: «Гэта была наша настаўніца па гімнастыцы і прыродазнаўству», але аднойчы фатаграфію здымуць і павесяць на яе месца партрэт нейкага кардынала або папы — і тады на нейкі прадпісаны законам тэрмін застануцца толькі паметкі Лін у школьных сшытках, якія захоўваюцца ў архіве, ды грудок на вялікім могільніку. Блай супакоілася раней, чым ён устаў. Яна ўспомніла пра мноства ўсялякіх спраў і ўхапілася за магчымасць усё зрабіць самой і «збавіць яго ад гэтага»; паведаміць у школе, бацькам Лін і яе брату — інжынеру ў Манчэстэры.

Мокрая пляма на падлозе, там, дзе невядомая суседка прыбрала за Лін, паступова падсыхала, засталіся толькі сляды мыла на даўно не мытай падлозе, і калі праз месяц ён па просьбе Нэлы вяртаўся ў Германію, у пакоі ўсё яшчэ стаяў кубак без ручкі, у якім Лін распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, у кубку заставалася белая клейкая сумесь, і пазней ён уцяміў, што ў газетным паведамленні і ў надмагільным надпісе на невялікім крыжы стаяла яе дзявочае прозвішча — міс Ганігэн і што манашкі на памінальным абедзе ўпарта называлі яго мужам міс Ганігэн.

Брат Лін узяўся дапамагчы яму знайсці работу ў Манчэстэры, бацькі Лін, з якімі ён быў у добрых адносінах, запрасілі яго пераехаць да іх у Ірландыю на ферму — «там заўсёды хопіць работы і ежы»,— усе былі цвёрда перакананы, што неўзабаве пачнецца вайна і што ў Германію яму лепш не вяртацца. Ён нікому не расказаў, як Лін шаптала яму: «Едзь у Ірландыю». Ён доўга вагаўся, а сам працягваў жыць у лонданскім пакоі і атрымаў нават добры ганарар за льва з гарчыцай, і след мыла так і застаўся на тым месцы, дзе нехта прыбраў за Лін. Ён яшчэ вагаўся, але лісты Нэлы рабіліся ўсё больш настойлівымі, і адным такім днём, калі ён жыў, нечага чакаючы, ён адаслаў вялікі карабок з малюнкамі ў Германію на адрас Рая. Ён зрабіў гэта неяк ўвечары, калі вярнуўся з могілак, дзе Доўга разважаў, ці павінен ён выканаць просьбу Лін. Ужо седзячы ў аўтобусе, ён цвёрда вырашыў паехаць у Германію, і калі ён вызваляў пакой і разбіраў ложак Лін, з-пад матраца выпалі дзве рэчы — пілка для пазногцяў і чырвоны бляшаны карабочак з цукеркамі ад кашлю.

Ён пачуў, што хлопчыкі ў двары з некім размаўляюць, і расчыніў акно. Генрых стаяў насупраць Больдзінага пакоя і крычаў:

— Добра, мы будзем больш асцярожнымі!

А Больда зверху адказвала:

— Я сама бачыла, як вы зламалі дзве кветачкі.

Альберт высунуўся з акна, задраў галаву і крыкнуў Больдзе:

— Яны больш не будуць.

Хлопчыкі засмяяліся. Больда таксама засмяялася і крыкнула:

— Ну ты ўжо... па табе дык хай яны хоць усё тут растопчуць.

Ён пакінуў акно расчыненым і пачаў парадкаваць малюнкі — мноства тонкіх лісцікаў — іх было некалькі соцень. Тут ён раптам падумаў, што трэба было б неяк напісаць бацькам Лін,— яны заўсёды дасылалі яму шынку, чай і табаку, а ён за ўвесь гэты час не сабраўся з духам, каб напісаць ім падрабязнае пісьмо, а толькі коратка дзякаваў ім ды дасылаў кнігі.


10

Было проста жахліва, калі бабуля брала яго з сабой у рэстаран. Праўда, яна рэдка выходзіла з дому, але менавіта таму яе добра ведалі ў некаторых рэстаранах, і, заўважыўшы яе, афіцыянты пачыналі неяк дзіўна ўсміхацца. Марцін ніколі не мог зразумець, кпіны гэта ці шчырая павага. Яна любіла цяжкую і багатую ежу, любіла тлустыя супы — рудыя, вязкія, адзін іх пах выклікаў у яго млосць, і потым яна заўсёды патрабавала паставіць маянэз на лёд, каб пасля гарачага тлушчу атрымаць асалоду ад ледзянога соусу. Яна заказвала вялізныя кавалкі смажаніны, абнюхвала іх, нажом і відэльцам правярала іх мяккасць і бесцырымонна адпраўляла іх назад, калі мяса не адпавядала яе смаку. Затым ішлі пяць розных салатаў, якія яна сама ўдасканальвала шляхам доўгіх маніпуляцый з прыправамі, якія ёй падавалі ў бутэлечках, у загадкавых срэбраных гарлачыках, у медных кропельніцах, і гэтакіх жа доўгіх перагавораў з афіцыянтамі пра ўласцівасці прыпраў. Паратункам была толькі талерка з гарой нарэзанага вялікімі лустамі хлеба, што ўзвышалася на сярэдзіне стала, але марна было яму чакаць тут бульбы — гэта адзінае, што ён бы з задавальненнем еў, акрамя хлеба. Бела-жоўтыя дымячыя бульбіны, з маслам і соллю, ён вельмі любіў, але бабуля пагарджала бульбай.

Бабуля піла віно і патрабавала, каб ён піў яблычны ліманад — напітак, які яна любіла ў дзяцінстве. Яна вельмі засмучалася, калі ён адмаўляўся піць ліманад: яна не магла зразумець, як можа яму не падабацца тое, што ёй у дзяцінстве здавалася такім смачным. Ён еў мала: салату, суп і хлеб, і яна, якая глытала ўсё, як удаў, глядзела на гэта, ківаючы галавой. Перад ядой яна заўзята жагналася: размахваючы рукою, як вятрак, яна біла сабе далонню па лбе, грудзях і жываце. Але не толькі гэта прыцягвала да яе агульную ўвагу, кідаўся ў вочы і яе ўбор: цяжкі чорны шоўк і палаючая, як агонь, чырвоная блузка, якая вельмі пасавала да яе квітнеючага твару. Афіцыянт, метрдатэль і буфетчыца лічылі яе рускай эмігранткай, але яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў найвялікшай бядноце. Падчас добрага абеду яна любіла расказваць, як кепска ела яна ў дзяцінстве: уголас, так, што прыслухоўваліся людзі за суседнімі столікамі, бабуля расказвала пра прыкры салодкі смак параных буракоў, пра горыч падгарэлага супу са знятага малака, дакладна апісвала салату з крапівы, кіслы чорны хлеб, які яна ела ў дзяцінстве, і тут жа пераможна разломвала лусту белага хлеба.

На бульбу яна вылівала плойму праклёнаў, называла яе мучністай атрутай, прусацкім хлебам і рознымі незразумелымі зняважлівымі мянушкамі на дыялекце свайго дзяцінства. Затым яна брала кавалак белага хлеба, мачала яго ў соус, і ў яе яркіх сініх вачах загараўся дзікаваты агеньчык, які палохаў яго.

Ён пачынаў разумець, чаму баіцца яе, калі яна пачынае апісваць, як у іх дома білі трусоў. Ён яўна чуў трашчанне далікатных костачак, бачыў выкачаныя вочы і кроў; найдакладным чынам бабуля расказвала, што і як рабілі з вантробамі, з цёмна-чырвоным месівам з лёгкіх, печані, сэрца; расказвала і пра тое, як яе заўжды падманвалі галодныя старэйшыя браты і сёстры. I зараз яна трэслася ад злосці, калі ўспамінала свайго брата Маціаса, які пяцьдзесят гадоў назад заўсёды ўхітраўся забраць сабе трусінае сэрца; яна называла яго падлюкам і нягоднікам, хоць Маціас ужо больш за дваццаць гадоў спачываў на могілках у іхняй роднай вёсачцы. Марцін чуў адчайнае кудахтанне курэй, якія пачыналі насіцца па бедным дворыку, калі там з’яўляўся бабулін бацька з сякерай у руках. «Былі ў нас худыя птушкі, годныя толькі на суп»,— гаварыла бабуля. З сумам успамінала яна, як хадзіла па багатых дварах, калі там білі скаціну, выпрошвала міску крыві і цягнула дадому — тлустую, густую, у камяках. Калі яна даходзіла да гэтага месца, ён ведаў, што неўзабаве пададуць дэсерт і што яго абавязкова званітуе, таму што мясныя стравы яна завяршала барановай адбіўной, мяккай, з крывёй,— яна разразала яе, праглынала вялікія кавалкі, нахвальваючы далікатнасць мяса; а яму бачыліся забітыя і асвежаваныя дзеці, і, чакаючы асалоды ад марожанага, кавы і пірожных, ён усё ж цвёрда ведаў, што яго званітуе і што потым ён нічога не зможа есці. Усе пададзеныя на стол стравы мільгацелі перад вачамі — тлусты, вогненна-гарачы суп, салаты, кавалкі мяса і соусы падазрона чырвонага колеру; ён з агідай глядзеў на бабуліну талерку, дзе кроў перамешвалася з тлушчам, кроў з вочкамі тлушчу. На працягу ўсяго абеду каля яе ў попельніцы ляжала дымячая цыгарэта, і час ад часу яна зацягвалася і пераможна азірала залу.

Ён думаў пра тое, што Брылах і Берэндт гуляюць зараз у футбол у іхнем садзе, п’юць халодны, як лёд, ліманад, ядуць хлеб з павідлам, а пасля Альберт павязе іх некуды і пачастуе марожаным — магчыма, ка мосце або ўнізе, каля Рэйна, дзе можна проста з-за столікаў кідаць каменьчыкі ў ваду і назіраць, як рабочыя выцягваюць з ракі пакрытыя ржой карабельныя абломкі. А тут прыходзіцца сядзець сярод ненажэр і любавацца, як задаволеная бабуля мачае кавалкі хлеба ў крывавы тлушч.

Кожнага разу ён занадта доўга раздумваў, як бы паспець дабрацца да туалета, як яго занудзіць, але бабуля заўсёды садзілася каля самага ўвахода, і каб трапіць у туалет, трэба было прайсці міма пяці, шасці, сямі вялікіх сталоў. Ён нясмела пералічваў іх, руда-чырвоная дарожка, здавалася, праходзіла ўздоўж бясконцага рада ненажэрных людзей. Ён ненавідзеў іх, як ненавідзеў бабулю, іх разгарачаныя твары здаваліся каля белых сурвэтак яшчэ больш чырвонымі. Дымячыя судкі, храбусценне костак, дзіцячых костак, кроў з вочкамі тлушчу, халодныя, прагныя вочы худых ненажэр і гарачыя, налітыя крывёй, да брыдкасці лагодныя вочы тоўстых ненажэр; а афіцыянты ўсё падносілі і падносілі ад буфетнай стойкі забітых, скрамсаных дзяцей, і тыя, у каго на сталах яшчэ не было талерак, праводзілі афіцыянтаў прагнымі вачамі.

Дабірацца да туалета трэба было вельмі доўга. Толькі аднойчы ён паспеў дабегчы туды. Хістаючыся, прайшоў між радамі ненажэр, з кожным крокам усё больш няўпэўнена, але ўсё ж паспеў: белыя каменныя пліткі, пах мачы, пах лімоннай эсэнцыі і мыла. Столік прыслужніка, на ім — стракатыя пакецікі, грабянцы, сурвэткі і ўсё тыя ж ненажэры перад яго вачамі: яны падвойваюцца, яны — ў люстэрку і ў натуры. Здвоены рад забойцаў — яны корпаюцца ў зубах, надуваюць шчокі, каб праверыць, ці гладка яны паголены, праводзяць языком па зубах.

Расшпіленыя гузікі, белыя кашулі, вось нарэшце вольнае месца. Ён нахіліўся над ракавінай, і рэзкі пах мачы ўзмацніў млосць, яму хацелася толькі, каб хутчэй усё гэта скончылася і настала жаданая палёгка. Каля яго ўзнікла свежая ружовая фізіяномія.

— Засунь палец у рот, засунь палец у рот,— пачуў ён.

Добразычлівая назойлівасць гэтага чырванамордага ненажэры выклікала агіду, і яму нясцерпна захацелася ўбачыць каля сябе дзядзьку Альберта, маці, просты скуласты твар Глума, чорныя як смоль гладкія валасы Больды і яе белы твар, захацелася пагуляць у футбол з Брылахам і Берэндтам. Але ён злоўлены, ён згубіўся сярод рыгаючых ненажэр, ён запёрты ў гэтай знішчальна чыстай, белай кафлянай турме, асуджаны навек удыхаць толькі пах мачы і адэкалону. Цёплая мяккая далонь прыслужніка легла на патыліцу, і расплыўчаты лагодны твар схіліўся над ім.

— Што з табой, хлопчык?

Але тут у мужчынскую ўборную ўварвалася бабуля, і вочы лагоднага прыслужніка акругліліся ад жаху. Мужчыны збянтэжана пачалі зашпільвацца.

— Што з табой, дзіця маё, што здарылася?

Рукі яе лёгкія, але ўпэўненыя, яна прымусіла яго нахіліць галаву і засунула яму ў рот, хоць ён і крычаў з перапуду, свой доўгі жоўты палец, і ўсё ж яго не званітавала,— жалезны камяк млосці, безвыходны, сударгавы жах стаіўся недзе ў страўніку; праз рады ненажэраў бабуля пацягнула яго назад у залу, але якраз тут усё і здарылася: калі ён праходзіў міма століка аднаго жывадзёра, які драпежным рухам нажа з асалодай рассякаў ружовае дзіцячае мяса, што сачылася крывёй, ён адчуў, як жах падымаецца ў горла і шукае выйсця. Hi сораму, ні шкадавання ён не перажыў — толькі халодную радасць. Цяпер, калі страўнік яго апаражніўся ад жаху, ён змог нават усміхнуцца.

Жывадзёр спачатку зрабіўся барвовым, пасля ад шыі ў яго пайшла жаўцізна і заліла ўсю ягоную фізіяномію, пачуліся крыкі, закалгаціліся афіцыянты, задаволеная бабуля з усмешкай адкрыла чэкавую кніжку, маючы намер пакрыць страты. Гарнітура ён не запэцкаў, твару таксама, толькі вусны давялося выцерці насоўкай. Яму зрабілася лягчэй, ён выйшаў пераможцам у гэтай барацьбе. Ён не запэцкаў рук, не запэцкаў душы, ён проста абрынуў тое, што сілком у яго ўвапхнулі. Нават у бабулі прапаў цяпер апетыт, яна не дакранулася ні да пірожнага, ні да пламбіру і кавы, вырвала з кніжкі чэк, затым другі — за пашкоджаны гарнітур жывадзёра, яшчэ адзін, каб улагодзіць афіцыянта; цяпер, калі страўнік яго быў пусты, ён без сораму і страху прайшоў разам з бабуляй па доўгай, жаўтава-рудой дарожцы.

Пасля, калі яны вярталіся дадому, у таксі, бабуля прачытала невялікую лекцыю пра нікчэмныя страўнікі цяперашняй моладзі. Ніхто не ўмее цяпер як след паесці, ніхто не ўмее выпіць як след, ніхто не ў стане выкурыць заборыстую цыгарэту — друзлае, згубленае пакаленне!

Такія прагулянкі яны здзяйснялі прыблізна раз у паўгода. Ён прадчуваў іх, як прадчуваў кроў у мачы, і, пры магчымасці, стараўся ўхіліцца: знікаў перад абедам або ўпрошваў дзядзьку Альберта некуды паехаць з ім, але ўцёкі азначалі толькі адтэрміноўку — рана ці позна бабулі ўдавалася яго злавіць. Такія абеды ўваходзілі, на думку бабулі, ў праграму выхавання. Калі яму споўнілася пяць гадоў, бабуля аднойчы абвясціла:

— Я хачу табе паказаць, як людзі ядуць па-сапраўднаму,— і ўпершыню павяла яго ў рэстаран Фавінкеля.

Ужо тады ў яго склалася ўражанне, што з кухні прыносяць у залу асвежаваных дзяцей, і людаеды нецярпліва чакаюць місак з ружовым мясам з парай. Пачынаючы з пяці гадоў, ён уважліва сачыў за тым, што ядуць дарослыя і як яны ядуць, і прыйшоў да смелага заключэння, што ўсё гэта мае нейкае дачыненне да распусты. Але бабуля ўпарта цягала яго з сабой, і даўным-даўно яго ведаў ужо і гаспадар, і буфетчыца, і афіцыянты, і аднойчы ён пачуў, як яны перашэптваюцца: «Прыйшла вялікая княгіня са сваім блевуном». Але бабуля не здавалася. Яна паставіла сабе за мэту прывучыць яго грунтоўна есці. На вачах у яго яна разбівала і высосвала гусіныя косці, ела мяса, наразала крывавыя біфштэксы. Ён ненавідзеў усё гэта, а бабуля за ўсё гэта разлічвалася вялікімі дозамі загадкавага рэчыва, якое называлася грошы. Крэдыткі і манеты — за што яшчэ можна так дорага плаціць, як не за дзяцей?

Калі яму даводзілася абедаць з бабуляй, ён пасля месяцамі не еў мяса; толькі хлеб, яйкі, сыр, малако, гародніну і выдатныя супы, якія Глум варыў унізе, на кухні. Глум гатаваў суп у запас на цэлы тыдзень. Гэта было варыва, у якім усё, што ён туды засыпаў, разварвалася ў кашу: гародніна і косці, рыба і яблыкі. Самым дзіўным было, што супы гэтыя атрымліваліся вельмі смачнымі. Глум гатаваў адразу пяць літраў супу, каб менш валэндацца з гатаваннем. Увогуле Глум харчаваўся хлебам, яйкамі і гуркамі, якія грыз, як яблыкі, а яшчэ ён прыносіў вялікія гарбузы і, пакурваючы люльку, гадзінамі стаяў над чыгунком, размешваў, каштаваў, нешта падбаўляў — цыбуліну або кубікі булёну, сухія траўкі, якія ён расціраў і прасейваў між пальцаў. Глум нюхаў, каштаваў, ухмыляўся затым здымаў чыгунок з агню і ставіў у халадзільнік! Цяпер можна было жыць без клопату. Ідучы на работу, ён наліваў поўны судок, завінчваў крышку, затым засоўваў у кішэню паўагурка, лусту хлеба, кавалак каўбасы і кнігу. Глум чытаў дзіўныя кнігі. На адной тоўстай кнізе было напісана: Дагматы, на другой — Багаслоўе і маральнасць. Чытаючы, ён падкрэсліваў алоўкам. Загалоўкі ў кніг былі зусім незразумелыя. Багаслоўе і маральнасць, мяркуючы па ўсім, маюць нейкія адносіны да слова распуста. Глум добра ведаў, што азначае распуста, але, па словах Глума, крывапіўцы ў рэстаране Фавінкеля дзяцей не паядаюць і ўвогуле нічога распуснага не робяць; хоць, магчыма, кніга Глума проста ўстарэла — у ёй нічога не гаворыцца пра гэтых крывапіўцаў.

Глум амаль не вымаў з рота люлькі, часам нават спаць лажыўся з люлькай; ён гатаваў суп, чытаў тоўстыя кнігі, раніцай ішоў на работу: ён працаваў на бабулінай фабрыцы.

Глум быў дзіваком, але добрым. Марцін любіў Глума, хоць часам бяззубы рот і лысая галава Глума палохалі яго. Але ж і лысая галава, і бяззубы рот мелі сваю гісторыю. Глум быў у канцэнтрацыйным лагеры. Сам ён пра гэта не ўспамінаў, але дзядзька Альберт расказваў што-кольвечы пра лагеры: смерць, забойствы, насілле і страх мільёнаў людзей — Глум бачыў усё гэта, таму ён і здаецца старэй сваіх гадоў. Марцін заўсёды думаў, што Глум старэйшы за бабулю, а на самай справе ён на пятнаццаць гадоў маладзейшы за яе.

Глум вельмі дзіўна гаварыў. Быццам цяжкія глыбы, выпіхваў ён словы з рота, а рот разяваў так шырока, што бачнымі былі голыя ружовыя дзясны, цёмна-чырвонае нёба і язык, якім ён вырабляў нейкія незвычайныя выкрунтасы: здавалася, што Глум вось-вось выпхне з рота нешта круглае і цяжкае, але з рота з’яўлялася проста слова: «Маці». Наступнае слова яшчэ больш круглае, большае, цяжэйшае зусім як маленькі гарбузік, яно спела яшчэ павольней, абкатвалася яшчэ цярплівей, але з рота зноў выходзіла проста словам — «Божая». Гэтае слова вырастала да страшэнных памераў у роце Глума, яно ўжо хутчэй нагадвала паветраны шар, а не маленькі гарбуз. Вочы Глума бліскалі, вузкі нос уздрыгваў, але з рота выкочваўся не паветраны шар і нават не гарбуз, а так нешта накшталт буйнога яблыка — «здорава». «Здорава» было любімым словам Глума, асабліва кругла і пяшчотна атрымліваўся ў яго сярэдні склад — «ра». Глум быў набожным і вельмі добрым, але слухаць яго расказы было цяжка: надта вялікія прамежкі аддзялялі адно слова ад другога,— пакуль ён вымавіць другое слова, паспяваеш забыць першае і губляеш сувязь паміж імі. Глум расказваў павольна, незвычайна ўрачыста і з вялікім цярпеннем. «Цярпенне» — таксама было адным з яго любімых слоў,— з найвялікшым цярпеннем расказваў Глум. I калі ўважліва слухаць яго, можна даведацца пра найцікавейшыя гісторыі.

У Глума на ўсю сцяну вісела карта свету, якую ён сам вычэрчваў і размалёўваў. Ён наклеіў некалькі аркушаў вельмі тоўстай паперы адзін на другі, на працягу некалькіх месяцаў разлічваў маштабы адносна памеру сцяны і пасля старанна, акуратна і цярпліва нанёс на карту граніцы, горы, рэкі, моры і азёры; ён саскрэбваў, асцярожна заштрыхоўваў і пасля доўгай падрыхтоўкі нарэшце пачаў размалёўваць зямную паверхню — перавёў шмат зелені на агромністыя нізіны, шмат рудога — на горы і сіняга — на моры.

Глум паспеў усялякае пабачыць ужо да таго, як пасяліўся ў іх доме, а здарылася гэта, мабыць, даўно, бо, колькі Марцін сябе помніў, Глум заўсёды жыў у іх. Нямала пабачыў Глум на шляху ад сваёй радзімы да берагоў Рэйна, але аднаго ён яшчэ не бачыў ніколі, не бачыў эцюдніка, і эцюднік, які ён убачыў у Альберта, прывёў яго ў большае захапленне, чым саборы і самалёты; Глум дакладна паўтараў усе рухі дзядзькі Альберта: змачыў пэндзлік у вадзе, і, калі папера зрабілася чырвонай, ярка-чырвонай, Глум засмяяўся ад радасці і ў той жа дзень набыў уласны эцюднік.

Звычайна павольна, вельмі акуратна і вельмі цярпліва маляваў Глум зямны шар, ён пачаў здалёку — з Сібіры, дзе ўсё было зялёным, там ён і пасадзіў на карту чорную кропку. «Там,— сказаў ён,— за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, я нарадзіўся». На тое, каб сказаць «пятнаццаць тысяч кіламетраў», яму патрэбна была амаль цэлая хвіліна: яблык, гарбуз, яблык, яблык, мячык, мячык, яблык, гарбуз; ён быццам пёк словы недзе там, на нёбе, і толькі затым выпускаў іх на волю, ды яшчэ каштаваў і прыхлопваў языком, надаваў ім неабходную форму і затым выпіхаў — склад за складам — беражліва і клапатліва.

Глум нарадзіўся за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, і імя яго, уласна, не Глум, а Глумбіх Халакустэбан, і нічога нельга было прыдумаць больш прыемнага, чым слухаць, як Глум выгаворвае сваё імя і тлумачыць яго значэнне. А азначала яно: сонца, пад якім спеюць ягады.

Разам з Генрыхам Брылахам яны, калі ім уздумаецца, падымаліся да Глума і прасілі яго вымавіць і растлумачыць сваё імя — гэта было вельмі цікава, як у кіно.

Шкада толькі, што заставалі Глума яны толькі зрэдку: Глум вельмі рана сыходзіў з дому, ён ішоў у царкву, затым на фабрыку і вяртаўся дадому позна ўвечары. Перад сном Больда заўсёды падрыхтоўвала яму на заўтрашнюю раніцу: каву, гуркі, хлеб і крывяную каўбасу. Але Глумава каўбаса не мела нічога агульнага з дзетазабойствам: яна хоць і была чырвоная, але смак у яе быў мучністы і далікатны, і, як тлумачыла Больда, яна і на самай справе гатавалася з мукі, маргарыну з прымессю бычынай крыві.

У нядзелю Глум спаў да паўдня. Потым еў — суп і гарбуз, а калі ў кафейніку заставалася яшчэ крыху кавы ад снедання, Глум падаграваў яе і забіраў сабе. Ён сядзеў да чатырох у сваім пакоі і чытаў незразумелыя тоўстыя кнігі; раз на месяц да яго прыходзіў старэнькі святар, што жыў у манастыры, ён прыходзіў у нядзелю і заставаўся ў Глума на ўвесь дзень. Яны гутарылі пра тое, што Глум вычытаў у сваіх кнігах. Пасля яны звычайна заходзілі да маці піць каву — Глум і святар, дзядзька Альберт і Марцін; і часта спрачаліся — маці са святаром або дзядзька Альберт са святаром, а Глум заўсёды падтакваў святару і ў канцы гаварыў, цярпліва качаючы словы ў роце: «Пойдзем, айцец, вып’ем па адной, бо тут сабраліся адны дурні». Тут усе пачыналі смяяцца, а Глум і сапраўды ішоў выпіць са святаром.

У нядзелю — з чатырох да паловы сёмай — I лум корпаўся са сваёй картай, і ў гэты час Марцін мог наведваць яго. За пяць гадоў Глум не зрабіў нават і чвэрці карты, ён старанна пераносіў адценне за адценнем з геаграфічнага атласа дзядзькі Альберта; калі ён корпаўся з Паўночным Ледавітым акіянам, яму даводзілася стаяць на лесках, пасля лескі паставілі ў падвал і прынеслі назад толькі тады, калі Глум прасунуўся ўлева настолькі, што дабраўся да Шпіцбергена, Грэнландыі і Паўночнага полюса.

Дзядзька Альберт, які разумее ў гэтай справе, гаварыў, што Глум выдатна малюе. I сапраўды, Глум маляваў проста пэндзлікам звяроў, дамы, людзей, дрэвы, і, калі ён быў у добрым настроі, на паперы з'яўляліся чырвоныя каровы, жоўты конь, а на кані — тоўсты чорны чалавек. «Мой бацька меў чырвоных кароў, зусім чырвоных, можаш смяяцца, колькі хочаш, але яны былі чырвоныя, як спелыя памідоры, І яшчэ бацька меў жоўтага каня, а барада ў бацькі была чорная, і валасы таксама чорныя, але вочы блакітныя, зусім блакітныя, як Паўночны Ледавіты акіян на гэтай карце. Я пасвіў гэтых кароў на лясных палянах, трава там расла чэзлая, часам мне даводзілася ганяць статак праз лес да самай ракі, дзе трава была больш сакавітая і густая. Рака называлася Шахцішэхна-Шахціхо, і гэта азначала: вада, якая дае нам рыбу, лёд і золата».

Плынь гукаў з рота Глума выяўляла раку — шырокую, бурную, хуткаплынную і халодную, рака цякла з высокіх гор, за якімі ляжыць Індыя.

«Мой бацька быў важаком племя, пасля ён пачаў называць сябе камісарам, але ён усё роўна заставаўся важаком, нават калі называў сябе камісарам, і кожны год, увесну, калі Шахцішэхна-Шахціхо вызвалялася ад ільдоў, калі ў лесе зацвіталі ягаднікі і зелянела трава, бацька, нават пасля таго як зрабіўся камісарам, рабіў тое, што рабілі да яго з векапомных часоў усе важакі плямёнаў: ён кідаў жэрабя, і аднаго з вясковых хлапчукоў, на каго выпадала жэрабя, кідалі ў раку, каб рака не затапіла пасяленне і прынесла многа-многа золата. Гэта здзяйснялася ўпотай, і людзі, што прызначылі бацьку камісарам, не павінны былі ведаць пра тое, і ніхто нічога не расказваў, і ніхто з тых людзей нічога не заўважаў, таму што ніхто не падлічваў хлопчыкаў, іх было шмат у пасяленні».

Спатрэбілася нямала дзён, каб Глум змог усё гэта расказаць вельмі павольна,— на працягу гадоў распытваючы і выпытваючы, Марцін вывудзіў у Глума ўсю ягоную гісторыю.

У Шахцішэхне намывалі золата і частку ягоаддавалі тым людзям, якія зрабілі камісарам Глумавага бацьку, але больш за ўсё золата атрымаў Фрыц. Расказваючы пра Фрыца, Глум маляваў кусты, лес, ягады і халодную, як лёд, Шахцішэхну. Фрыц ведаў, як пераходзіць раку ўброд, ён прыходзіў, прыносіў з сабой цыгарэты — белыя палачкі, якія запаўнялі мазгі сухім шчасцем, і яшчэ нешта прыносіў Фрыц — нешта белае ў шкляных трубачках. З апісанняў Глума Марцін заключыў, што гэта былі ампулы, як тыя, у якія ўрач апускаў шпрыц і, напоўнены, усаджваў у руку бабулі.

— Глум, а што ж з імі рабіў твой бацька?

— Я толькі пасля гэта зразумеў. Кожную вясну ў лясной хацінцы ладзілі свята, у ім павінны былі браць удзел маладыя дзяўчаты, ніводнай паджылай жанчыны, толькі маладыя, а з імі мой бацька і яшчэ два чалавекі, мы іх называлі шаманамі, і калі дзяўчаты адмаўляліся прыйсці на свята, шаманы аддавалі на іх пракляцце, і дзяўчаты хварэлі.— Тут Глум замоўк і пачырванеў, чырвань разлілася ад шыі па ўсім твары, і Марцін здагадаўся, што ў леснічоўцы, за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, здзяйснялася нешта бессаромнае і нават распуснае. Але варта было дзяўчатам згадзіцца, і яны зараз жа папраўляліся, і ўсё гэта — хвароба і выздараўленне — Фрыц прыносіў у сваіх шкляных трубачках.

А пасля Глум уцёк, таму што па жэрабю яго павінны былі кінуць у Шахцішахну, і ўцячы яму дапамог Фрыц. Глум расказваў павольна, часам скажа два-тры сказы, а пасля пройдуць тыдні — і ніводнага слова больш; як толькі час набліжаўся да паловы сёмай, Глум абрываў свой расповед на сярэдзіне сказа, апалоскваў пэндзаль, старанна абсушваў яго, зноў раскурваў люльку і асцярожна сядаў на край ложка, каб зняць пантофлі і абуць чаравікі. За ягонай спінай прыгожа пераліваліся колеры на карце, але незамаляваная частка карты здавалася Марціну бясконцай — белыя моры, аддзеленыя ад сушы толькі тонкай лініяй алоўка, абрысы астравоў, рэкі, якія сабраліся каля маленечкай чорнай кропкі — радзімы Глума; ніжэй і лявей, у Еўропе, была другая чорная кропка, яна называлася Калінаўка,— месца, дзе загінуў бацька Марціна, а там, вышэй і намнога лявей, амаль на краі мора, ляжала чорная кропка — месца, дзе яны жывуць, маленькі трохкутнік, што згубіўся на агромністай раўніне. Пераапранаючыся, Глум адразаў ад гарбуза, што ляжаў на тумбачцы, некалькі лустак, укладаў «Дагматы» і «Багаслоўе і маральнасць» у сумку, спускаўся ў кухню, каб напоўніць судок, і ішоў на трамвай.

Часам праходзіла нямала нядзель, пакуль у Глума зноў з’яўляўся настрой расказваць, часам за шмат тыдняў з яго ўдавалася выціснуць два ці тры сказы, але заўсёды ён пачынаў дакладна з таго месца, на якім спыніўся ў мінулы раз. Ужо трыццаць гадоў, як Глум пакінуў сваю радзіму. Фрыц дапамог яму, і ён перабраўся ў горад, дзе жылі людзі, якія прызначылі ягонага бацьку камісарам,— горад называўся Ачынск. Там Глум масціў вуліцы, затым стаў салдатам і пакаціўся ўсё далей і далей на захад. Глум рухаў рукамі, быццам каціў снежны ком, калі хацеў паказаць, як ён каціўся на захад. Новыя назвы паўсталі ў яго расказе: Омск, Магнітагорск і яшчэ далей на поўнач іншы горад, Тамбоў. Але там ужо Глум не быў салдатам, ён уладкаваўся на чыгунку і разгружаў вагоны: дровы, зноў дровы, вугаль, бульбу. А ўвечары Глум хадзіў у школу і вучыўся чытаць і пісаць. Жыў ён у сапраўдным доме, і была ў яго жонка; звалася жонка Тата. Глум апісваў Тату, маляваў яе, яна была бялявая, круглая з твару, вясёлая; Глум пазнаёміўся з ёй у школе, дзе ён вучыўся чытаць і пісаць. Тата таксама працавала на чыгунцы, пакуль што проста цягала цюкі, але збіралася заняцца нечым больш цікавым і важным, як толькі навучыцца чытаць і пісаць,— у гэтым месцы круглатварая бялявая Тата на малюнку Глума пачынала ўсміхацца на ўвесь рот, таму што яна яшчэ мелася зрабіцца перонным кантралёрам на Тамбоўскім вакзале і прабіваць шчыпцамі білеты. I Тата на малюнку Глума стаяла ўжо ў фуражцы, з-пад якой выглядвала яе тоўстая белая каса, і з кампосцернымі шчыпцамі ў руках.

Але самае значнае для Глума здарылася толькі праз год пасля яго жаніцьбы з Татай, калі Тата даўно ўжо была кантралёрам на Тамбоўскім вакзале. Толькі праз год Тата паказала яму, што захоўваецца ў яе на дне скрынкі, якая стаяла ў кухні: распяцце і абразок, і ўначы, калі Тата ляжала ў ложку каля яго, яна расказала яму ўсё, і Глума ахапіла полымем. Глум намаляваў гэта полымя — шмат чырвонага і шмат жоўтага,— але тут Глума зноў сарвала і пакаціла на захад, як снежны ком, які рабіўся ўсё большым і большым. Глума зносіла ўсё далей і далей ад Таты, таму што пачалася вайна. Глума параніла, ён пакаціўся назад, на ўсход, у Тамбоў, але Таты там ужо не было, і ніхто не ведаў, куды яна падзелася; у сваёй чыгуначнай фуражцы і са шчыпцамі ў руках яна пайшла неяк раніцай і не вярнулася. Глум застаўся ў Тамбове, шукаў Тату, але і следу яе не знайшоў. I зноў ён пакапаўся на захад, і зноў вайна — рана ўжо загаілася, і зноў ён усё каціўся, каціўся да новага прыпынку,— Глум называў яго не канцэнтрацыйны лагер, а проста лагер. Тут Глум страціў валасы і зубы, і не толькі ад голаду, але і ад жаху. Калі Глум вымаўляў слова «жах», гэта гучала не жахліва, не яблыкі, не паветраныя шары, а ножыкі сыпаліся з ягонага рота, і твар яго так мяняўся, што Марцін палохаўся, як палохаўся ён, калі Глум, бывае, засмяецца. А смяяўся Глум тады, калі Больда прыходзіла да яго ў пакой, каб спяваць разам з ім харалы. Глум спяваў хораша. У яго быў высокі моцны голас. Але варта было заспяваць Больдзе, як на Глума нападаў смех, а смех яго гучаў так, быццам сотні маленькіх ножыкаў рассякалі паветра. Калі Больда працягвала спеў, нягледзячы на смех Глума, Глум вельмі злаваўся і гаварыў з маленнем:

— Ох, Больда, ты псуеш мне нервы.

Глума прывёў дзядзька Альберт, ён падабраў гэтае бяззубае і безвалосае страшыдла, якое прасіла работы каля брамы мармеладнай фабрыкі, а вартаўнік адпіхваў яго. Дзядзька Альберт прывёў Глума з сабой, а бабуля добра аднеслася да яго, і гэта было вялікім плюсам для бабулі, яна і да Больды, нягледзячы на іх лаянкі, адносілася добра.

Да Больды можна было прымяняць тое ж загадкавае слова, якое маці так часта ўжывала, гаворачы сама пра сябе: «Сурочаная». Больда была адных гадоў з бабуляй, і кожнага разу, калі яна пачынала расказваць пра сябе, выходзіла так, што жыццё ў яе вечна-мянялася. Спачатку яна была манашкай, затым выйшла замуж, муж яе памёр, яна зноў выйшла замуж, і калі бабуля сварылася з Больдай, яна называла яе «беглая манашка» і «двойчы ўдава», а Больда хіхікала. Больда, зразумела, была «сурочаная», але добрая, а Глум нейкі дзіўны, нават страшны, але таксама добры. Калі Больда пачынала расказваць пра сваё жыццё, у яе ўсё збівалася ў адну кучу: манастыр, замужжа, удоўства, спачатку першае, затым другое. Яна магла пачаць так: «Калі я жыла ў манастыры», праз два сказы яна раптам гаварыла: «Калі я мела лаўку ў Кобленцы, электратавары, разумееш? Ну, прасы там усялякія, пліткі», затым зноў пераскоквала на манастыр і распісвала свой пасаг. «Калі я аўдавела першы раз»,— і зноў нечаканы пераход: «Харошы быў чалавек».

— Хто?

— Ды вось, другі мой, ён, на шчасце, не займаўся гандлем, ён быў чыноўнікам. Служыў у паліцыі маралі.

— У якой паліцыі?

— Гэтага табе не зразумець. Ад іх я, дзякуй Богу, і пенсію атрымліваю.

Няўцямныя намёкі пра функцыі паліцыі маралі наводзілі Марціна на падазрэнне, што яна мае нейкія адносіны да распуснага і бессаромнага,— і ад гэтай паліцыі Больда і мае пенсію. У расказах Больды фігуравалі кусты, якія, мяркуючы па ўсім, абшарваў яе муж. I Марцін успомніў, чым займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс,— яны займаліся бессаромным: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.

— Свінства ўсё гэта,— прыгаворвала Больда, заходзячы да Глума, калі Марцін сядзеў у яго, а Глум, слухаючы яе байкі, толькі галавой хітаў, ды так ціха і цярпліва, што Больда проста з сябе выходзіла і крычала яму: — Што ты разумееш у культуры, стары ты...

Яна дарэмна шукала падыходзячае слова і нічога іншага не знаходзіла, як «стары турак». Глум заліваўся смехам, і быццам сотні нажоў рассякалі паветра. Толькі навошта было тады хадзіць да Глума, калі яна так злуе на яго? А хадзіла яна часта, размаўляла пра снеданне, хоць, здавалася, пра што тут гаварыць,— усе заўсёды мелі аднолькавы сняданак, праўда, канешне, кожны меў свой, і не такі, як у астатніх, але кожны з дня ў дзень атрымліваў адно і тое ж. Маці піла натуральную каву, такую ж моцную, якую піў і дзядзька Альберт; для іх з Глумам варылі сурагат, а Больда піла гарачае малако з мёдам. Кожны атрымліваў кубак кавы, накрыты каўпачком, нарэзаны хлеб, масла, каўбасу або мармелад на талерачцы — падрыхтоўваць усё гэта было абавязкам Больды. Але кожны, калі б ён ні ўставаў, павінен быў сам прыносіць сабе сняданак з кухні.

Больда была «сурочаная», але добрая, маці таксама «сурочаная», і ён меў падазрэнне, што яна да таго яшчэ і распусная — прыглушаны шэпт у пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» Глум быў не сурочаны, але дзіўны і добры, а дзядзька Альберт і зусім добры, хоць не дзіўны і не сурочаны. Альберт быў гэтакі ж, як бацькі ў іншых хлопчыкаў. Да бабулі слова «сурочаная» не падыходзіла і слова «дзіўная» — таксама. Уласна кажучы,— ён гэта добра ведаў,— бабуля таксама добрая, не ўвогуле добрая, не проста добрая, а ўласна кажучы, і ніяк нельга было зразумець, чаму настаўнік так нападае на словы ўвогуле, уласна кажучы і тачай — гэтыя словы дапамагаюць выказаць паняцці, якія нізавошта не выказаць без іх. Больда, напрыклад, увогуле добрая, маці таксама. Але маці, верагодна, уласна кажучы, распусная. Між іншым, апошняе трэба яшчэ абдумаць, і ён баяўся, што, як ні думаў, ні да чога добрага гэта не прывядзе.

Больда і бабуля ведалі адна адну яшчэ з дзяцінства, і кожная лічыла другую шалапутнай, толькі ў дні чуллівага прымірэння — на Каляды або ў іншае вялікае свята — яны сядзелі, абняўшыся, і ўспаміналі: «Мы ж разам пасвілі кароў, а ты помніш, што... а ты помніш, як... а ты помніш, чаму...». I яны ўспаміналі злы вецер у гарах, хацінкі, складзеныя з вецця, камянёў і саломы, і як яны гатавалі каву і суп на палявых кастрах, а пасля яны спявалі песні, якія ніхто не разумеў, і Глум спяваў песні, якія ніхто не разумеў — песні-нажы. Але варта было бабулі сустрэцца з Больдай у любы іншы дзень, як зараз жа паміж імі ўсчыналася лаянка. Бабуля, тыцкаючы пальцам у лоб, гаварыла:

— Як была кранутай, так і засталася.

Больда адказвала гэтакім жа жэстам і гаварыла:

— А ты заўсёды была ненармальная, ды яшчэ ў дадатак...

— Што «ў дадатак»? — крычала бабуля, але на гэтае пытанне Больда ніколі не адказвала.

Прычынай сваркі часцей за ўсё былі Больдзіны кулінарныя рэцэпты: параная рэпа, саладкаватая поліўка з дранай бульбы на знятым малацэ, запраўленая распушчаным маргарынам, суп на знятым малацэ, якому яна, па словах бабулі, «наўмысна дае падгарэць». «Яна наўмысна так робіць, гэтая свіння, яна хоча прыпомніць мне маё нішчымнае дзяцінства. Я яе вышпурну з дому. Дом мой, каго захачу, таго і пасялю, а яе вышпурну!» Але яна не вышпурвала Больду. Больда жыла ў гэтым доме амаль столькі ж, колькі і Глум, і здаралася, што бабуля нясмела пракрадвалася на кухню, каб паспытаць Больдзінага варыва: кашу з рэпы, суп на знятым малацэ і кіслы чорны хлеб, які Больда раздабывала недзе ў горадзе. I тады па квітнеючым твары бабулі каціліся слёзы і падалі проста ў талерку, з якой яна стоячы ела, а па твары Больды, худым, белым, як папера, прабягала нязвыклая, добрая ўсмешка, ад якой ён рабіўся зусім маладым.

Абед кожны ладзіў самастойна. У Глума быў звычайны суп, а ў халадзільніку і на кухонных паліцах ляжалі ягоныя гуркі, дыні, бульба і вялікія ліловыя колцы крывяной каўбасы, якая, уласна, і не была нават каўбасой. У Больды заўсёды ў запасе была нейкая бясколерная вадкасць, якая павольна закісала ў рудых эмаліраваных гаршках. У бабулі ў халадзільніку было сваё, самае вялікае аддзяленне. Там ляжалі каўбасы, біфштэксы, горы вялікіх свежых яек, садавіна і гародніна; бывала, яна гадзін каля чатырох па абедзе з цыгарэтай у роце сама станавілася каля газавай пліты і, мурлычучы песню, пачынала нешта смажыць, выпускаючы праз нос клубы дыму. Даволі часта яна званіла ў рэстаран і заказвала гарачы абед: гарачыя, як агонь, срэбраныя судкі, высокія бакалы з марожаным з вянком збітых пышнай шапкай вяршкоў, чырвонае віно; нават каву прыносілі ёй з рэстарана. Але гэтак жа часта яна ўвогуле нічога не ела пасля снедання, а часам у ранішнім халаце блукала па садзе з нязменным «Тамагаўкам» у роце, надзявала старыя скураныя пальчаткі і зразала крапіву, зараслі якой ішлі ўздоўж замшэлай агароджы і вакол альтанкі. Бабуля клапатліва выбірала самыя маладыя і зялёныя парасткі, загортвала іх у газету, потым рабіла на кухні салату і ела яе з кіслым чорным хлебам з запасаў Больды. Часам маці забывала прыгатаваць абед для яго і Альберта. Сама яна ела мала — на сняданак грэнкі, яйка, але піла шмат кавы. Калі маці была дома, яна ў тры-чатыры гадзіны раптам прахоплівалася, што добра было б прыгатаваць абед: умомант у яе закіпаў суп з кансерваў, з’яўляліся маленькія місачкі з салатай, але было і так, што суп яна брала з запасаў Глума, хуценька разагравала яго, а ўзамен клала Глуму колца каўбасы або пачак табакі; вечарам Глум, ухмыляючыся, падліваў у сваю каструлю роўна столькі вады, колькі маці ўзяла з яе супу. Але часцей за ўсё маці раптоўна некуды з’язджала, так і не згатаваўшы абеду, тады абедам займаўся дзядзька Альберт: ён браў у Больды яе кашу з рэпы, запраўляў яе маслам і малаком, пёк на скорую руку блінцы або яешню. Але здаралася і так, што ні Альберта, ні маці, ні Больды, ні Глума дома не было: тады Марціну нічога не заставалася, як адліць крыху супу з каструлі Глума, падагрэць яго або пакорпацца ў пакоі маці — ці не знойдзецца там шакаладу або пячэння. Ісці да бабулі не хацелася. Яна пачне смажыць мяса або павязе яго ў горад, і тады ўжо пойдзе прадстаўленне «Вялікая княгіня і яе блявун».

Але бульба, смачная бульба, даставалася яму вельмі рэдка: бульба, толькі што звараная ў мундзірах або аблупленая, дымячая, жоўтая, з маслам і з соллю. Бульбу ён вельмі любіў, але ніхто не ведаў пра гэта: нават Альберт і дзядзька Віль не ведалі. Часам яму ўдавалася пераканаць Больду зварыць бульбы: тады на стале з’яўлялася поўная міса гарачай бульбы, зверху кавалак масла, які вельмі павольна раставаў, ён пальцамі браў шчапоць сухой тоўчанай солі, белай як снег, і нетаропка пасыпаў бульбу. Іншыя людзі маглі есці бульбу штодня, і ён зайздросціў ім. Генрых штодня варыў бульбу на вячэру, часам Марцін дапамагаў Генрыху і атрымліваў узнагароду з некалькіх гарачых бульбін. У другіх людзей — ён гэта добра ведаў — усё было па-іншаму; там гатавалі заўсёды ў адзін час і для ўсіх тое ж самае: гародніна, бульба, падліва. Усе елі адно і тое ж: бабулі, маці, бацькі і дзядзькі. I халадзільнікаў у іх не было, дзе кожны мог бы захоўваць свае дзіўныя стравы, і не было вялікіх кухняў, дзе кожны мог бы прыгатаваць для сябе ўсё, што ўздумаецца. У людзей раніцай на стале стаяў вялікі кафейнік, маргарын, хлеб і павідла, і ўсе елі разам, і для ўсіх рабілі бутэрброды і давалі іх з сабой у школу, на службу, на заводы, а яйкі там елі рэдка, дый то толькі дзядзькі і бацькі; і толькі гэта адрознівала іх сняданак ад сняданка астатніх членаў сям’і.

У другіх хлопчыкаў маці варылі, шылі, рабілі бутэрброды — нават распусныя маці, а ягоная маці гатавала вельмі рэдка, ніколі не шыла і не рабіла бутэрбродаў. Пра тое, што ў школу неабходна браць бутэрброды, успамінаў заўсёды толькі дзядзька Альберт.

Здаралася, што і Больда зміласцівіцца і суне яму ў ранец некалькі бутэрбродаў; на шчасце, калі ён адыходзіў у школу, бабуля звычайна спала, яна ж усяляк старалася прыахвоціць яго да мяса, давала яму тоўстыя ружовыя кавалкі смажаніны, вырваныя з коранем парасячыя ножкі, халоднае, барвяна-чырвонае мяса.

На яго вялікую радасць, бабуля, здаралася, з’язджала на цэлы месяц, і тады ўсё атрымлівалася вельмі здорава. Вялікія карзіны, чамаданы, пакеты адпраўляліся на вакзал, выклікалі два таксі, бабуля ўзначальвала калону і ехала ў першым таксі; летам і зімой яна з’язджала на цэлы месяц, і ад яе прыходзіла паштоўка. Горы, рэкі, азёры і «Тысячу разоў цалую хлопчыка і ўсіх астатніх, нават беглую манашку». Тут Больда пырскала і гаварыла: «У дзяцінстве ёй нябось ніхто не спяваў, што ёй суджана ездзіць на воды». Размашыстыя каракулі пакрывалі паштоўку, літары былі такія вялікія, як на пачку цыгарэт. Прыходзілі ад яе і пасылачкі — ліпкія, нязвыклыя, склееныя ў духаце паштовых аддзяленняў прысмакі, цацкі, сувеніры і «Тысяча пацалункаў! Твая бабуля».

Калі бабуля ад’язджала, Марцін думаў пра яе з пяшчотай і нават расчулена, таму што не адчуваў над сабой непасрэднай пагрозы: былі дні, калі ён хацеў, каб яна была ўжо дома,— без яе дом здаваўся пустым і сцішаным, і пакой яе быў замкнёны, і ён не мог разглядваць вялікі фотаздымак бацькі, і не было каму крычаць: «Кроў у мачы».

Больда рабілася ціхай і самотнай, калі ад’язджала бабуля, і нават калі прыходзілі шматлікія маміны госці, яму здавалася, што дом не такі поўны, як пры ёй.

Але чым бліжэй быў дзень вяртання, тым мацней хацеў ён, каб яна даўжэй заставалася там. Ён не хацеў, каб яна памерла, хай сабе жыве, толькі дзесьці далёка, ён вельмі баяўся яе наскокаў. Пасля вяртання яна заўсёды старалася нагнаць упушчанае. Наладжвала дома піры, замаўляючы ўсё па тэлефоне: паслужлівыя бледныя хлопчыкі ў белых куртачках праносілі праз пярэднюю срэбраныя судкі, бабуля з прагным бляскам у вачах сачыла за ўсім, кухар на кухні не даваў астыць ужо прынесеным стравам, а бледныя хлопчыкі снавалі паміж кухняй і бабуліным пакоем. Біфштэксы з кроўю, гародніна, салата, смажаніна, а калі прыходзіў час дэсерту, кухар званіў у рэстаран, жвавы крэмавы аўтамабільчык прывозіў каву і марожанае, пірожныя і фрукты ў цукры. У памыйнае вядро ляцелі абгрызеныя косці, і шалясценне вырваных чэкаў сведчыла пра заканчэнне трапезы і пачатак яго пакут, бо, падсілкаваўшыся ежай і раскурыўшы свежую цыгарэту, бабуля клікала Марціна да сябе, каб ліквідаваць прабелы ў ягоным выхаванні.

— Пытанне пяцьдзесят першае. Калі паўстануць мёртвыя?

— Мёртвыя паўстануць у дзень Страшнага суда.

— Твой бацька загінуў, так?

— Так.

— Што азначае «загінуў»?

— Загінуў на вайне — быў забіты.

— Дзе?

— Пад Калінаўкай.

— Калі?

— Сёмага ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.

— А калі нарадзіўся ты?

— Восьмага верасня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.

— Як звалі чалавека, які вінаваты ў смерці твайго бацькі?

— Гезелер.

— Паўтары гэта імя.

— Гезелер.

— Яшчэ раз.

— Гезелер.

— Ці ведаеш ты, што значыць адабраць у дзіцяці бацьку?

— Так.

Ён гэта ведаў.

Бывала, тры дні запар яна кожны дзень клікала яго ў свой пакой і кожны раз пытала адно і тое ж:

— Што загадаў нам Гасподзь у шостай і дзевятай запаведзі?

— Гасподзь загадаў нам у шостай і дзевятай запаведзі быць сарамлівымі і цнатлівымі.

— Як спытаюць за грэх бессаромнасці?

Ён хутка і без запінкі барабаніў:

— «Ці не глядзеў я на бессаромнае з ахвотаю?

Ці не слухаў я бессаромнае з ахвотаю?

ЦІ не марыў я пра бессаромнае з ахвотаю?

Ці не жадаў я бессаромнага?

Ці не прамаўляў я бессаромнае з ахвотаю?

Ці не тварыў я бессаромнага? (Адзін або з таварышамі)».

Ён так і гаварыў:

— У дужках: адзін або з таварышамі.

I на заключэнне:

— Вось падрасцеш, тады ты зразумееш, чаму...

Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі ў кустах бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны і гаркавы пах свежай зелені. Незразумелая валтузня і незразумелы дзіўны спалох, разгубленасць на іх тварах ашаламілі яго і змусілі падазраваць нешта кепскае. Ён не ведаў, чым займаліся Грэбхакэ і Вольтэрс, але разумеў, што яны рабілі нешта бессаромнае. На пытанне пра шостую запаведзь ім прыйдзецца адказаць— «так», і не проста «так», але і «з таварышамі». З таго часу як ён даведаўся, што рабілі Грэбхакэ і Вольтэрс, ён пільна сачыў за выразам твару капелана падчас урокаў Закона Божага, таму што абодва хадзілі да гэтага капелана спавядацца. Але твар капелана, калі ён звяртаўся да Грэбхакэ і Вольтэрса, заставаўся нязменным. А раптам Грэбхакэ і Вольтэрс не сказалі на споведзі пра гэта, хоць і хадзілі да прычасця? Ён замёр, калі такая думка прыйшла яму ў галаву, і твар заліўся чырванню, што нават бабуля спытала: «Што з табой?» А ён адказаў: «Нічога, гэта ад дыму», і бабуля паспяшала скончыць сваю лекцыю, вырвала чэк, тады ён пайшоў да дзядзькі Альберта і проста з парога выпаліў:

— А Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі нешта бессаромнае.

Дзядзька Альберт адразу ж змяніўся з твару, ён прыкусіў вусны, крыху збляднеў і спытаў:

— Дзе, што ты бачыў? Адкуль ты гэта ўзяў?

Гаварыць было нялёгка, але ён працягваў:

— У кустах.— I яшчэ, заікаючыся, дадаў: — Штаны расшпіленыя, твары чырвоныя-чырвоныя.

Дзядзька Альберт спакойна набіў люльку, закурыў І павольна, крыху павольней, чым звычайна, загаварыў пра прыцягненне полаў, пра прыгажосць жанчыны. Не забытымі засталіся Адам і Ева, у голасе дзядзькі Альберта гучала натхненне, крыху смешнае, калі ён распачаў апяваць прыгажосць жанчын і імкненне мужчын з’яднацца з імі, ціхае і незразумелае захапленне.

— Увогуле ж,— дзядзька Альберт выбіў люльку невядома чаму, бо табака яшчэ тлела, і закурыў проці звычайнага цыгарэту,— увогуле ж ты ўжо, пэўна, ведаеш, што ад гэтага нараджаюцца дзеці — ад сужыцця мужчын з жанчынамі.

Зноў былі памянуты Адам і Ева, затым кветкі, жывёлы, карова ў Бітэнхане — і зноў Адам і Ева; словы дзядзькі Альберта гучалі вельмі разумна, спакойна і пераканаўча, але Марцін так і не зразумеў, чым жа, уласна, займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс, ён сам добра нічога не разгледзеў і здагадацца таксама не мог: расшпіленыя штаны, барвовыя твары і гаркавы пах свежай зелені.

Дзядзька Альберт гаварыў доўга пра некаторыя таямніцы, якія яму, Марціну, яшчэ рана ведаць, пра цёмныя сілы, пра тое, як цяжка юнаку дачакацца таго часу, калі ён саспее для збліжэння з жанчынай. Зноў былі ўспамянуты кветкі і жывёлы.

— Ну, напрыклад, зусім маладая цялушачка,— сказаў дзядзька Альберт,— яна яшчэ не можа злучыцца з быком, яна яшчэ не можа мець дзяцей праўда ж? Але гэта не азначае, што целка не мае полу. Пол ёсць ва ўсіх жывёл, ва ўсіх людзей.

Не адну цыгарэту выкурыў дзядзька Альберт, ён часта запінаўся ў час гэтай размовы.

А Марцін падумаў: «Трэба яшчэ спытаць пра распусту, пра дзядзькаў і пра жаніцьбу».

— Ты ж быў жанаты там, у Англіі?

— Так.

— А ты сужыцельстваваў са сваёй жонкай?

— Так,— адказаў дзядзька Альберт, і, як ні прыглядаўся Марцін, ён не заўважыў аніякай змены ў твары дзядзькі Альберта, ніколечкі збянтэжанасці.

— А дзяцей чаму ў цябе не было?

— Не ад усялякага сужыцця бываюць дзеці, адказаў дзядзька Альберт, затым зноў пайшлі кветкі і звяры, а пра Адама і Еву — ні слоўка, і ён перапыніў дзядзьку Альберта:

— Значыць, правільна тое, што я думаў?

— Што ты думаў?

— Жанчына можа быць распуснай, нават калі ў яе няма дзяцей ад таго мужчыны, з якім яна жыве,— вось як у маці Вельцкама?

— Д'ябал! — сказаў дзядзька Альберт.— Што гэта ты прыдумаў?

— Таму што ў Брылаха маці распусная,— у яе ёсць дзіця, і яна жыве з мужчынам, які ёй не муж.

— Хто табе сказаў, што яна распусная?

— Брылах сам чуў, як дырэктар гаварыў інспектару: «Ён жыве ў жахлівых умовах, у яго зусім распусная маці».

— Ах, так,— сказаў дзядзька Альберт, і Марцін зразумеў, што ён вельмі раззлаваўся, і дадаў ужо не так упэўнена:

— Праўда, праўда, Генрых гэта пачуў, ды ён і сам ведае, што маці ў яго распусная.

— Няхай сабе,— сказаў дзядзька Альберт,— яшчэ што?

— Яшчэ,— адказаў Марцін,— у Вельцкама маці таксама распусная, хоць і не мае дзяцей. Я ведаю.

Дзядзька Альберт нічога не адказаў, ён толькі паглядзеў на яго здзіўлена і вельмі пяшчотна.

— Бессаромна — гэта тое, што робяць дзеці,— раптам пачаў Марцін, бо гэтая думка толькі што прыйшла яму ў голаў,— распусна — тое, што робяць дарослыя, але вось Грэбхакэ і Вольтэрс — яны таксама сужыцельствалі?

— Не, што ты,— адказаў дзядзька Альберт, і тут ён увесь счырванеў,— гэта не тое, яны заблыталіся, збіліся са шляху; не думай больш пра гэта і заўсёды пытай у мяне, калі пачуеш тое, што не зможаш зразумець.— Голас Альберта гучаў пераканаўча і сур’ёзна, але па-ранейшаму пяшчотна.— Запомніў? Заўсёды пытай у мяне. Лепш, калі пра ўсё пагаворыш адкрыта. Я ведаю далёка не ўсё, але тое, што я ведаю, я табе растлумачу абавязкова, не забудзься толькі спытаць.

Заставалася яшчэ слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Ён падумаў пра яго і пачырванеў, але вымавіць гэтае слова ён нізавошта не адважыўся б.

— Ну, спытаў дзядзька Альберт,— што ў цябе яшчэ?

— Нічога,— адказаў Марцін і пасаромеўся спытаць пра сваю маму — ці распусная яна? Гэта ён спытае пасля, праз доўгі-доўгі час.

З гэтага дня дзядзька Альберт пачаў аддаваць яму значна больш часу. Ён часта браў яго з сабой катацца на аўтамабілі, дый маці — а можа, гэта толькі так здалося яму — вельмі змянілася з гэтага дня. Маці змянілася, і Марцін не сумняваўся, што дзядзька Альберт з ёй пагаварыў. Часам яны ездзілі ўтраіх, і Генрых мог прыходзіць да яго, калі захоча, а часта яны і Генрыха бралі з сабой, калі ездзілі на машыне ў лес, на азёры, або ўсе разам хадзілі ў кіно, або есці марожанае.

I кожны дзень — відаць, пра гэта між імі было дамоўлена — яны пачалі праглядаць ягоныя дамашнія заданні, правяралі яго, дапамагалі, і абое — маці і Альберт — былі ласкавыя з ім. Маці зрабілася такой цярплівай, больш сядзела дома і нейкі час яго штодня кармілі абедам і нават бульбай, але толькі нейкі час. Цярпення ў яе хапіла ненадоўга. I вось зноў яна пачала рэдка бываць дома, і абедаць яму даводзілася не кожны дзень. Не, на маці нельга было спадзявацца так, як ён мог, па-іншаму, зразумела, спадзявацца на Глума, Альберта і Больду.


11

Нэла стаяла за зялёнай шторай, курыла, выпускаючы клубы дыму ў прастору паміж шторай і акном, і назірала, як на сонцы рассейваецца дым і цягнецца ўверх вузкімі струменьчыкамі — бясколерная сумесь з пылу і дыму. Вуліца была пустая. Каля пад'езда стаяла машына Альберта, верх яе яшчэ не высах пасля начнога дажджу, хоць на бруку не было і следу ад лужын. У гэтым жа пакоі, за гэтай жа зялёнай шторай яна стаяла дваццаць гадоў назад і назірала за юным! паклоннікамі, якія з ракеткамі ў руках таропка ішлі па алеі. Дурнаватыя і чуллівыя героі, яны нават не здагадваліся, што за імі сочаць. У цені царквы, якраз насупраць дома, яны спыняліся, яшчэ раз паспешліва праводзілі грабянцом па валасах, аглядалі пазногці, крадком пералічвалі выцягнутыя з кашалька грошы і перакладвалі ў кішэню, каб мець іх пад рукой — яны лічылі гэта прыкметай зухаватасці. А зухаватасць была для іх важней за ўсё; крыху задыхаўшыся, падыходзілі яны да дома, наступаючы на чырвонае лісце каштанаў, што засыпала гародчык,— яго збіла першым дажджом, і зараз жа даносіўся званок. Але нават самыя зухаватыя з іх гаварылі, думалі, дзейнічалі гэтак жа дакладна, як дзейнічалі, думалі і гаварылі маладыя, зухаватыя тэнісісты ў кінакарцінах. Яны ведалі, што розумам не вылучаюцца, але і гэта лічылася зухаватасцю, хоць нічога па сутнасці не мяняла; розумам яны і сапраўды не вылучаліся.

Загрузка...