XI


Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры.

План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы, — дзед назаве гэту вёску. На шчасце, ён ведаў і прозвішча камбата — Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска — аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку — падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ён будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага "камісаржа", на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую, настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ён раскажа камандзіру і пра свій план нападу — гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе… Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра?

Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы.

Дзед Талаш прайшоў ужо большую частку дарогі. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. У гэту вёску і накіроўваецца дзед Талаш.

Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Прыпыніўся пад тоўстым дрэвам, змёў рукавіцаю сухі снег з гладкага пня і прысеў адпачыць і зрабіць папаску, бо дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак гужавога сала. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Скончыў дзед сваё снеданне і дастаў курэцкія прылады — па ядзе добра і закурыць. Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца. I бачыць дзед Талаш: вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Кабан падыходзіць да прыгожага, як бы вытачанага рукою здольнага майстра, стажка-мурашніка, акуратна і роўна прысыпанага снегам, і запыняецца. А потым пачынае разрываць яго сваім страшным ікластым лычом. Кожны рух магутнага лыча высока ўскідае ўгору камякі снегу разам з смеццем, нанесеным мурашкамі за цэлыя гады ўпартай працы. I хутка дзве цёмныя боразны вырысоўваюцца на чыстым някранутым снезе. Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. А кабан ад яго — крокаў сорак — пяцьдзесят і так захапіўся работаю, што нічога не бачыць і не чуе, як не бачыць і не чуе дзед Талаш, што з такога ж гушчару выкрадаецца воўк і таксама наглядае за вепрам. I толькі тады заўважыў дзед воўка, калі ён падкраўся да кабана крокаў на пятнаццаць, а ў кабана была відаць толькі адна спіна. Яшчэ большае дзіва ўзяло дзеда Талаша. Што ж гэта за праява? I яшчэ з большаю цікавасцку глядзіць, што будзе далей. У меру таго як вепр глыбей зарываўся ў зямлю, набліжаўся да яго асцярожна, як злодзей, і воўк. I раптам, падкраўшыся зусім блізка, маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскаквае ад яго. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рову і ўпаў на снег з разарваным жыватом і з выпаўшымі вантробамі, б'ючыся ў страшнай перадсмяротнай агоніі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачыма смакуе ўжо сваю багатую спажыву.

Такой раптоўнай і неспадзяванай развязкі ніяк не чакаў дзед Талаш, і яго чалавечы пачутак быў глыбока ўзрушан гэтым драпежніцкім воўчым учынкам. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень, і трыумфуючы воўк таксама падскочыў угору і асунуўся, як мяшок, уткнуўся носам у акрываўлены снег.

Вялікае маральнае задавальненне адчуў дзед Талаш пасля гэтага ўдалага стрэлу, і першае, што мільгнула ў яго свядомасці, была мысль аб справядлівай адплаце. I раптам дзед сам азірнуўся, як бы яго нешта ўкалола: гэта злучэнне падзей толькі што адбытай у глухім лесе драмы, дзе ён і сам прыняў удзел як караючая рука справядлівага прысуду, умомант выклікала ў ім думку, ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы. Але ў лесе было ціха і спакойна. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю, і толькі тады падышоў ён да разрытага мурашніка, дзе ляжаў растрыбушаны воўкам агромністы кабан з страшнымі выгнутымі трохкантовымі ікламі і забіты дзедам вялікі хударлявы воўк. Уся гэта праява і сцэна набывалі ў дзедавых вачах значэнне нейкага жыццёвага філасофскага сімвала, і толькі цяпер успомніў ён пра сотні тысяч маленькіх, спачатку не ўзятых ім пад увагу, мурашак. Іх тут і не відаць. Яны глыбока запаўзлі ў падземныя норы. Яны, можа, і не чулі, што сталася з іх домам. I толькі вясною, калі сыдзе снег, а ад воўка і вепра астануцца адны голыя косці, угледзяцца яны і ўбачаць барбарскае разбурэнне свайго гнязда і дружнаю грамадою, не гаруючы многа, возьмуцца за адбудову свайго разбуранага котлішча, над якім упарта працавалі яны на працягу цэлага рада летніх сезонаў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою — цікавыя бываюць на свеце праявы.

Але яго філасофскі настрой змяніўся практычнымі разважаннямі. I кабан і воўк — каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому — колькі было б спажытку! Дзед задумаўся на другі лад… Эх, няма калі гэтым займацца! Але ў галаве яго на скорую руку з'явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў, — гэта будзе дзедаў трафей, а кабана спрэзентаваць чырвоным байцам. Гэта думка неблагая. I ён жыва ўзяўся за работу. Садраў з воўка скуру, вымыў у снезе рукі, выцер іх аб полы кажушка, злажыў скуру, закінуў яе на плячо і важна, як шчаслівы паляўнічы, павандраваў далей, беручы кірунак на Высокую Рудню.

Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Перад ім рассцілалася круглае поле, атуленае высокаю сцяною лесу, а з сярэдзіны поля выступала вёска белымі стрэхамі хат, шчуплымі постацямі высокіх клёнаў і вязаў, клунямі і ветракамі на выгане. Ад высокай сцяны лесу адлучаўся цэлы ярус густога нізкарослага хмызу.

Дзед уважна акінуў вокам хмыз. Чалавечая постаць мільгнула ўскрай хмызу і схавалася. Зоркія дзедавы вочы разгледзелі ў ёй вайскоўца, толькі дзед не разабраў, свій гэта ці чужы. На ўсякі выпадак дзед падаўся трохі назад, бліжэй к лесу, і раптам пачуў грозны вокліч:

— Стой! Хто ідзе?

Дзед запыніўся. Голас і словы запакоілі яго, і ён быў узрадаван спатканнем з чырвонаармейцам, бо гэта палягчала яго задачу.

— Свой! — азваўся дзед Талаш.

З хмызу высунулася фігура маладога чырвонаармейца са стрэльбаю, з патроннаю сумкаю за поясам з аднаго боку і з параю гранат з другога. Від яго быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачьша, якімі ён акінуў дзеда Талаша і яго трафей, звісаўшы з пляча чуць не да самых пят і прыдаваўшы дзеду выгляд першабытнага чалавека.

— Дакумент! — кінуў чырвонаармеец.

— А які, голубе, можа быць дакумент у такога бадзягі, як я? Я не тутэйшы: ад палякаў хаваюся. Хто ж мне дасць дакумент?

— А куды ідзеш? — усё яшчэ афіцыяльным тонам распытвае чырвонаармеец.

— Да вас, таварыш, іду, да чырвоных. Спецыяльна.

Дзед Талаш сам адчуваў, што ён гаворыць добра, асабліва вось гэта "спецыяльна". Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць.

— Я зараз выклічу начальніка заставы. У нас такі парадак.

Рэзкі свісток вострымі тонкімі хвалямі расплываецца ў хмызе і заціхае.

Некаторы час яны слухаюць, маўчаць і чакаюць. Чырвонаармеец думае, што ён даложыць пра дзеда начальніку заставы, і калі ў хмызе заківалася яго постаць, чырвонаармеец паказаў вачыма на скуру воўка.

— Воўка ўпаляваў? — запытаў дзеда.

Дзед ведаў, што пра гэтую скуру яму прыйдзецца расказаць цэлую гісторыю, але з прычыны таго, што яго аўдыторыя складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзедабмяжоўваецца кароткім адказам:

— Эге ж!

Начальнік заставы, загартаваны ў вайне і ўжо не першай маладосці чалавек з абветраным тварам, поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног, даўжэй запыніўшыся на воўчай скуры.

Чырвонаармеец далажыў:

— Не мае дакументаў. Заяўляе, што ідзе з польскага боку спецыяльна да чырвоных…

Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша.

— Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас?

— Няможна стала мне жыць дома, таварыш начальнік, па лясах туляюся: мяне ловяць палякі.

— За што?

— Ды вось, таварыш начальнік, прыехалі яны забіраць маё апошняе сена. Прасіў, маліў іх, а яны яшчэ і штурхаць пачалі мяне. Ну, я і раззлаваўся і кінуўся на іх з сякерай. Каб не сын, дык засек бы каторага гада. Яны і наваліліся на мяне, звязаць хацелі. А было іх трое салдат. Вырваўся я і ў лес уцёк. Стралялі нават у мяне з рэвальвераў. Вось і пачалі помсціцца, чапляцца, што ў мяне бальшавік на кватэры стаяў, камандзір. Майго сына недалетка заарыштавалі як заложніка, каб я сам да іх прыйшоў. Я, таварышы, нясу да вас бяду маю і гора… Надумаўся знайсці камандзіра, што стаяў у мяне на кватэры… Ён знае мяне…

— А з якога ты сяла?

Дзед Талаш назваў сваю вёску.

— А які камандзір стаяў у вас на кватэры?

— Так што камандзір таварыш Шалёхін, — крыху на стары салдацкі манер адказаў дзед Талаш.

Чырвонаармеец і начальнік заставы зірнулі адзін на аднаго. Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы.

— А скуль гэта воўчая скура? — пацікавіўся начальнік заставы.

Дзед расказаў гісторыю пра вепра і воўка і закончыў яе так:

— Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. А вепр ладны, пудоў на васемнаццаць. Дастаньце фурманку, паеду з вамі, пакажу. Ён тут не так і далёка.

Зайшлі на заставу. Начальнік вылучыў двух чырвонаармейцаў у сяло па фурманку.

А ўжо надвячоркам з вялікім трыумфам ехаў дзед Талаш з чырвонаармейцамі ў Высокую Рудню, везучы на развалках агромністую тушу дзікага вепра. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню, а для яшчэ болылага пыху ён насіў на сабе воўчую скуру, і калі ў яго запыталі, нашто ён цягае яе на сабе, то дзед хітра адказаў:

— Го! Я яшчэ буду выць па-воўчы!

Людзі смяяліся, а дзед сваю думку думаў.


Загрузка...