VIII


Не ведаў падлетак Панас, што яго асобаю цікавяцца, і не абы-якія людзі, а сам войт Васіль Бусыга. Войту трэба ведаць, хто ў які лес глядзіць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды пралаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Войт — начальства. А начальства носіць у галаве такія мыслі, што не ўсім падначаленым аб іх можна ведаць і асабліва аб іх не павінен ведаць такі разбэшчаны чалавек, як дзед Талаш. Дзед Талаш у грош не ставіць паноў і начальства, на чужое дабро галіцца. Дзед Талаш наогул варожа ставіцца ў дачыненні да такіх гаспадароў, як Васіль Бусыга, Кандрат Бірка і шмат да якіх паважаных асоб. Гэта ён званіў сярод галадранцаў, што за заможнікаў трэба ўзяцца ды пакроіць іх палеткі. У дзеда Талаша стаяў на кватэры бальшавіцкі камандзір. Дзед Талаш нарэшце з сякерай кідаўся на польскіх салдат. Карацей сказаць — дзед Талаш нанюхаўся і прасяк бальшавіцкім духам. I цяпер ён напэўна злыгаўся з бальшавікамі. Хто можа паручыцца за тое, што ён не навядзе сюды чырвоных? Не, покі дзед Талаш туляецца невядома дзе, невядома з якімі намысламі, да таго часу не будзе мець пакою пан войт, Васіль Бусыга. Гэта не значыць, што ён, войт, баіцца дзеда Талаша. Не: войт — начальства і стаіць на варце закону і парадку. Недарма ж наказ яму дан ад вышэйшага начальства, ад павятовага "камісаржа" — сачыць і браць на заметку таго, хто абуяны духам непаслушэнства і бунту. А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін — за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць. Не, адспявалі сваю песню бальшавікі. Але клопату нарабіць яны яшчэ могуць, тым болей, што да войтавых вушэй даходзяць чуткі: па лясах бадзяюцца цёмныя людзі, змаўляюцца, да чагось рыхтуюцца і на нешта наважваюцца. Засцярога тут не пашкодзіць. I няма нічога дзіўнага, што начальніцтва не такая ўжо простая рэч, як гэта, можа, здаецца каму збоку.

У першую чаргу трэба за дзеда Талаша ўзяцца.

З аднаго боку і добра, што Талашова хата стаіць наводшыбе: кожны, хто ідзе туды або адтуль, заметней у вочы кідаецца. Але ёсць тут і нязручнасць адна: калі ты сам будзеш каля яе пакручвацца, то таксама будзеш у вочы кідацца. Прыглядаючыся сяды-тады да Талашовай хаты, Васіль Бусыга заўважыў, што Панас час ад часу адлучаецца з дому. Цікава — куды ён ходзіць? Дагадваецца войт, што Панас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. З Панаса і трэба пачынаць, але як? Даручыць хіба каму прасачыць, прыставіць спецыяльнага чалавека? Войт памеркаваў і знайшоў гэты спосаб нязручным; і рызыкоўна замешваць сюды трэціх асоб: трэція асобы лішнія сведкі супраць яго самога. I затым няма ўпэўненасці, што ўсё гэта застанецца ў сакрэце. Васіль Бусыга спыніўся на новым плане. Ён даложыць куды трэба, даложыць, як і праз каго можна даведацца пра дзеда Талаша, а там няхай дапытваюцца самі. I сена будзе цэла, і козы будуць сыты.

Напярэдадні таго дня, калі Панас меўся спаткацца з бацькам пад тоўстым дубам каля Сухога поля, сярод ночы раптам пачуўся стук у дзверы Талашовай хаты. Першая прахапілася бабка Наста. У трывозе падняла галаву, прыслухалася. Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю.

— Ой, хто ж гэта стукае? — голасам, поўным страху, азвалася бабка Наста.

Максім, накінуўшы кажух, босы выбег у сені.

— Хто там?

— Адчыняй! — уладна і сярдзіта закамандаваў хтось з двара.

— А хто там? — дапытаўся Максім.

— Адчыні, Максім: гэта — паны, "польская ўлада".

Максім у гэтым голасе пазнаў суседа Мікіту Цэлеха і адсунуў засаў.

Некалькі пар ног загрукала ў сенях, і разам з адчыненымі дзвярамі ў хату ўварваўся цэлы пук белага святла. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Максім запаліў газоўку. Чорны цені, здавалася, яшчэ шчыльней нагусціліся каля сцен і па кутках нізенькай хаткі. Асмялеўшыя ўночы прусакі тлумна падаліся бліжэй да печы, хаваючыся ў шчылінах. Відаць, і іх напалохаў гэты страшны пан сваім электрычным ліхтарыкам. Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога.

Бабка Наста, трасучыся, як у ліхаманцы, нацягнула на сябе дзяружку і пужлівым недаўменным поглядам азірала невядомых вайскоўцаў. Панас ляжаў нерухліва, агорнуты цёмным неакрэсленым страхам.

— Хто начуе тут? — запытаў рыжавусы. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.

— Хто начуе тут? — не адступаўся рыжавусы. Гэты перапалох і страх, здавалася, яшчэ болей надаваў рыжаму пыху.

— Усе… свае, — заікаючыся ад страху, падаў голас Максім. А ў гэты час другі, юркі і віхлявы, таксама запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Трэці стаяў моўчкі і нерухома наглядаў і слухаў.

— Усе начуюць? — перапытаў Максіма той жа рыжавусы. I ніхто ў хаце не азваўся.

Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажку і штурхануў яго кулаком у плячук.

— Ну, ты… падымайся! — закамандаваў ён.

Панас пакорна прысеў на пасцелі.

— Ты хадзіў да бацькі на забачэнне?

Як нажом, разанула Панаса гэта запытанне. У галаве борзда-борзда замітусіліся думкі. Раз ён так пытае, то, значыць, ведае, што ён, Панас, хадзіў да бацькі.

Першыя прыступы страху прайшлі.

— Хадзіў! — цвёрда, пасля кароткага маўчання адказаў Панас.

Рыжавусы пахваліў яго за праўдзівасць і запытаў ужо болей лагодна:

— А дзе ест твой ойцец?

— Не ведаю.

Рыжавусы паглядзеў на Панаса строга, галавою паківаў.

— Як-то не ведаеш? А ты ж сёння ўдзень ладзіўся ісці да бацькі?.. Ну?..

Што было казаць Панасу? Праўда, ён збіраўся да бацькі. Але ў Панаса мільгнула думка, ці не бярэ яго на хітрыкі гэты рыжы д'ябал. Ён у сваю чаргу таксама кідаецца на хітрасць.

— Удзень я да бацькі не хаджу.

— Брэшаш! — прыкрыкнуў рыжавусы. — А куды ж ты ўдзень ходзіш? — Ён думаў, што падлавіў Панаса, а Панас цвёрда адказаў:

— Хаджу на балота гучкі і вецце рэзаць, худобу карміць. У нас забралі сена.

Гэты адказ збіў з тропу рыжавусага.

— А што табе казаў бацька?

— Казаў, каб я да яго болей не хадзіў.

— А дзе ты сустракаўся з бацькам?

— У лесе.

— Аб чым жа вы гаварылі?

— Аб усім: пра худобу, пра корм…

— А яшчэ што казаў бацька?

— Казаў, што да вясны ён дадому не вернецца.

— Брэшаш, лайдак! — загрымеў рыжавусы.

— Паночку! — падаў голас Максім. — Бацька наш стары. Яму семдзесят гадоў. Пагарачыўся, сам страху набраўся, а цяпер баіцца дома паказацца.

— Го-о, пся маць! Баіцца!.. А бальшавік чаму стаяў тут на кватэры?

I, яшчэ болей павысіўшы тон, кінуў у твар Максіму:

— Дзе стары пёс?

Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану.

— А паночак, а залаценькі! А за што ж на нас напасць такая? Апошняе сена забралі, худоба з голаду дохне. Стары з дому збег. А ён жа не вінаваты. Яго білі, штурхалі… А за што ж вы калоціце нас?

Рыжавусы зняважліва павярнуў з вышыні свайго пыху разбойніцкую морду ў бок бабкі Насты, і на гэтай мордзе адбілася пагардлівасць. Нічога не сказаў, як бы бабка Наста і не заслугоўвала таго, каб азвацца да яе, і калі яна зноў стала маліць яго, ён крыкнуў:

— Мільч!

А потым спакойна і жорстка закончыў свой візіт.

— Ну, хлопча, — павярнуўся да Панаса, — збірайся!

А калі выходзілі з хаты і вялі Панаса, сказаў цвёрда і выразна:

— Пшыдзе до нас ойцец — бэндзе мял волю хлопак!


Загрузка...