Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Лес, ахінуўшы свае плечы белаю накідкаю, урачыста захоўвае цішыню і спакой. Такі лагодны спакой бывае толькі ў мінуты мудрага разважання аб таемных, заваблівых глыбінях жыцця або тады, калі заціхае ўсякая трывога, усякі клопат і нічога ў свеце не турбуе ні мыслі, ні сэрца, а ты адчуваеш поўнае сугалоссе з тым, што над табой і вакол цябе.
I гэты невысокі хударлявы чалавек, адзеты болей на гарадскі лад, прычым і абутак і адзенне яго дастасаваны да пешага перасоўвання, здаецца, паддаўся чарам гэтага ляснога спакою і цішыні. Сяды-тады ён углядаецца ў гэты лес, у гэта часамі дужа цікавае спалучэнне дрэваў у розныя вычварныя групы і згуртаванні. I нельга не запыніць увагі вось на гэтай групе. Невысокі хударлявы чалавек уважна ўглядаецца ў яе сваімі шэрымі халоднымі вачыма. Стаіць разложысты дуб. Магутныя сукі яго і шырокі верх крыху нахіліліся ў той бок, дзе свеціць сонца. Праз гэтыя сукі прасоўвае сваю круглую галаву стромкая асіна. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Цялер яны застылі нерухома, але, калі вецер, спяшаючыся ў сваю дарогу, праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець.
Невысокі хударлявы чалавек спасцярожлівым вокам ловіць усе гэтыя драбніцы. Ён яшчэ раз акідае поглядам дзіўную групу, і ў мыслях паўстае пытанне: што гэта — змаганне за жыццё ці то — згода і дружба? Невысокі хударлявы чалавек наогул не верыць ні гэтай цішыні, ні гэтаму лясному спакою: гэта цішыня і гэты спакой — толькі зманлівая відомасць цішыні і спакою. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. У буры гэтага змагання невысокі хударлявы чалавек поўным нутром адчувае нараджэнне новай эпохі і замацаванне яе на зямлі. Вось чаму ён так упэўнена ходзіць у гэтым віры. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Невысокі хударлявы чалавек — сейбіт буры: праз буру прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек.
Гэты сейбіт — таварыш Нявідны, той самы Нявідны, чыё прозвішча, ды і сам ён так здзівілі дзеда Талаша. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства акупаванага Палесся, інструкцыі для падпольных бальшавіцкіх арганізацый, гэтых патаемных крыніц для жыўлення ідэй класавага змагання і апоры Саветаў на месцах. У гэтым жа пакеце ёсць шмат матэрыялаў, напісаных рукою класавага ворага і накіраваных супраць бальшавікоў. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае "законныя" маёнткі і сядзібы, а сяляне каб вярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Нявідны акуратна збірае ўсе гэтыя матэрыялы: на гэтых матэрыялах ён вядзе агітацыю супраць акупантаў і раскрывае іх сапраўднае нутро. Рызыкуючы сваёй галавою, пераходзіць ён з месца на месца, арганізуе новыя ячэйкі, падтрымлівае, дапамагае ўжо арганізаваным. Цяпер ён ідзе ў вёску Паставы. Гэта другі яго паход сюды. Быў ён там з месяц назад, калі вёска Паставы была яшчэ ў руках чырвоных. Былі ў яго там сувязі і знаёмствы. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб, якой не мае цяпер ніякіх вестак. Яму трэба дазнацца, як жыве, чым жыве і ці жыве яна наогул.
Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Што ведае Нявідны аб вёсцы Паставы? Нічога. Ведае толькі, што яна знаходзіцца пад палякамі, што ў Паставах, як і ў кожнай занятай палякамі вёсцы, ёсць іх шпіёны і агенты, што час ад часу паяўляюцца там польскія раз'езды і наезды. Вось чаму Нявідны ідзе асцярожна. Ён ведае, як зорка сочаць жандары, паліцыя і польская контрразведка за такімі небяспечнымі людзьмі, як ён. Ведае, што чакае яго, калі ён пападзецца ў іх рукі. Шкада не толькі волі, жыцця, а шкада і правалу той работы, якую даручыла яму партыя.
Перш чым увайсці ў вёску, ён стаіўся ў лазовых кустах каля замёрзлай рэчкі і стаў прыглядацца і слухаць. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.
I раптам дзесь збоку на рэчцы пачуліся дзяціныя галасы. За кудамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся, хто на дзервяных чурбаках, прыладзіўшы іх да лапця, а хто проста з разгону на сваіх нагах, абутых у самыя прымітыўныя лапці. Адзетыя яны былі ў старыя латаныя суконныя халацікі, падпяразаныя даматканымі каляровымі паясамі. На нагах смешна варушыліся радняныя нагавіцы. З-пад расхлістаных халацікаў віднеліся голыя грудзіны. Шапкі на іх былі самыя разнастайныя, непамерна вялікія, зімовыя ці проста летнія. Але хлопцам было весела. Яны громка перакідаліся словамі, часамі лаяліся і звонка рагаталі.
Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся гэты шчэбет дзіцячых галасоў, а іх постаці паказаліся перад яго вачыма. Каб не спалохаць іх, ён асцярожна выйшаў з кустоў і памаленьку падаўся ў іх бок, бесклапотна высвістваючы нейкі матыўчык вясёлай песні. Хлапчукі раптам навастрыліся і змоўклі.
— Гуляйце, хлопчыкі, гуляйце! Не бойцеся!
— Мы не баімося! — храбра адказаў адзін з іх.
Нявідны падышоў бліжэй. Хлопцы ўсё ж не зусім верылі яму і пазіралі спасцярожліва, прыпыніўшы свае забаўкі.
— А чаму вы, хлопцы, у школу не ходзіце, а коўзаецеся?
— Настаўніка няма! — дружна адказалі хлопцы.
Нявідны відавочна затрывожыўся.
— А дзе ж ваш настаўнік?
— Палякі забралі.
— Арыштавалі?
— Эге ж! — пачуліся іх галасы.
Нявідны сумеўся. Весць гэта яго моцна ўразіла.
— А калі яго арыштавалі?
— Учора.
Настала кароткае маўчанне. Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.
— А скажыце, — парушыў ён маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не?
Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Яны зусім асвойталіся з Нявідным і лічылі яго за чалавека, з якім можна гутарыць смела. Яны адказвалі наўперад разам, але ў болей трудных выпадках, дзе адказ на запытанне павінен быць асцярожным і дыпламатычным, адказваў старшы з іх, Мікіта Гулік. Ён зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Каб скончыць спрэчку, умяшаўся і Нявідны.
— Калі ён дома, то скажы, няхай падыдзе сюды: яго, скажы, хоча пабачыць Нявідны.
Ахвотны Міхалка хацеў ужо бегчы, але Нявідны затрымаў яго.
— Пачакай трошкі!.. А палякі ёсць у вёсцы? — запытаў ён хлопцаў.
— Цяпер няма, — адказаў Міхалка, — але яны стаяць тут блізка.
— Дык ты, браток, перадай Нічыпару ціхенька, каб ніхто не чуў.
Міхалка пабег, а Нявідны стаў гутарыць з хлопцамі.
— Ну, як — добра вам жыць пры паляках?
Хлопцы ўтупілі вочы. Відаць, яны ўсё ж не адважваліся казаць тое, што думалі; боязна памыліцца. Нарэшце Мікіта сказаў з адценнем журбы ў голасе:
— Не, нядобра!
— Чаму?
— Ды вось забралі нашага настаўніка. Хлеб, жыўнасць адбіраюць. А калі хто трошкі пачне спірацца, таго б'юць.
— А як вы думаеце, за што забралі вашага настаўніка? — пацікавіўся Нявідны, хоць добра ведаў прычыну арышту. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі.
— Кажуць, за тое, што бальшавіком быў, — нясмела азваўся Мікітка.
— А як маглі даведацца палякі, што ён — бальшавік?
— Крук Марцін удаў яго, — рашуча заявіў Мікітка.
— А хто такі Марцін Крук?
— Чалавек адзін тут. У яго бальшавікі забралі каня, дык ён са злосці і топіць усіх, хто бальшавік, — тлумачыў Мікітка.
— А скуль тід ведаеш, што яго ўдаў Крук?
— Усе так гавораць.
Гутарка спынілася: бег Міхалка. Усім было цікава ведаць, з чым вернецца ён. А Міхалка яшчэ здалёку паведаміў, што Нічыпар дома і зараз ідзе сюды сам. I сапраўды, хвілін праз колькі прыйшоў і Нічыпар, пануры і заклапочаны. Рыжаватыя бровы яго зрасліся на носе, а сам нос яго, хоць і задзёрысты, выглядаў даволі маркотна і нявесела.
На выгляд Нічыпару можна было даць гадоў дваццаць з невялікім хвосцікам. Відаць, нейкая думка яго моцна непакоіла.
Твар яго трохі пасвятлеў, калі падышоў ён да Нявіднага.
Нявідны паглядзеў у вочы Нічыпару.
— Што, брат, нявесел?
— Не вяселіцца штось, — вінаватаю ўсмешкаю ўсміхнуўся Нічыпар.
Хлапчукі стаялі тут жа: ім хацелася чуць, аб чым будуць гутарыць мужчыны. Мікітка, як старшы, пагнаў іх коўзацца і сам адышоўся: прыроджаны такт падказваў яму, што не хлапецкая справа слухаць гутарку дарослых, ды яшчэ пры такіх абставінах.
Нявідны і Нічыпар таксама рушылі з месца. Ідучы гутарылі.
— Сакратар арыштован?
— Арыштован, таварыш Нявідны! — панура адказаў Нічыпар.
— Якую ж работу рабілі вы тут?
— Збіралі сходы. Агітавалі супраць белапалякаў, выступалі за Саветы.
— I якія вынікі?
— Ды ўжо згуртавалі чалавек дванаццаць хлопцаў. А вось цяпер работа прыціхла: паліцыя пачала дужа нася-даць. Шпіянаж на ногі паставілі. А тут і настаўніка забралі!.. Настрой зніжаны.
— А баявую дружыну маеце вы?
Нічыпар крыху замяўся.
— Парассыпаліся хлопцы.
— Ні чорта вы не зрабілі. I грош цана такой вашай рабоце.
Ціхі і лагодны з віду Нявідны загаварыў цвёрда і жорстка:
— Як жа гэта вы не паставілі людзей, здольных узяць у рукі зброю! На вас насядае паліцыя… Дзеці адкрыта гавораць пра даносчыка Марціна Крука. А што вы з ім зрабілі?
— А што зрабіць з ім? — запытаў Нічыпар.
Нявідны паглядзеў на яго халоднымі вачыма.
— У расход яго вывесці! — цвёрда прамовіў ён. — Ці вы спадзеяцеся, што паліцыя запросіць вас на работу і скажа: калі ласка, агітуйце супраць нас!.. Ні к чорту ваша работа! Бабы вы! Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супраць акупантаў. Самі збіраюць людзей, зброю самі дастаюць і самі становяцца на чале партызан. А вы спалохаліся паліцыі, арыштаў і стаіліся, як мышы пад мятлою… Склікаць сёння ж сход.
Але Нічыпара непакоіла адна думка, і не сказаць пра яе Нявіднаму не выпадала.
— Горш за ўсё вось што, таварыш Нявідны: на вобыску ў часе арышту нашага сакратара забралі дакумент — спісак членаў замосцінскай падпольнай арганізацыі.
Яшчэ халадней глянуў Нявідны на Нічыпара.
— Самі работы не робіце ды яшчэ другіх падводзіце. Далі знаць аб гэтым у Замосце?
Нічыпар маўчаў вінавата і панура.
— Паведаміць? Ва што б там ні стала паведаміць Замосце.
— Замосце на вялікім падазрэнні ў паліцыі, і прабрацца туды трудна.
Нявідны змераў Нічыпара — з ног да галавы халодным поглядам.
— Няма ў вас арганізацыі, няма ў вас работы… людзей у вас няма. Ёсць людзі, але вы не здолелі паставіць іх на работу.
Нявідны змоўк. Што было гаварыць Нічыпару?
— Вось што, — памаўчаўшы, сказаў Нявідны, — сход склікаць на паслязаўтра. Калі я не вярнуся, праводзьце сход самі. Задача сходу — разгарнуць работу, жывую, бальшавіцкую. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання, не бальшавікі, а мёртвы баласт. Не чакаць, покі паліцыя дазволіць вам насіць зброю, — самі вазьміце яе ў паліцыі.
I перадаў Нічыпару жмут адозваў.
— Расклеіць гэтыя адозвы, дзе толькі можна. — Нявідны пайшоў; Нічыпар маўчаў, пазіраў яму ўслед.
— Таварыш Нявідны, і я іду з табою.
Нявідны азірнуўся.
— Аставайся тут і рабі тое, што я табе казаў.
Нявідны знік у кустах. Нічыпар яшчэ пастаяў некалькі хвілін. Яму стала прыкра і сорамна.
Нічыпар задумаўся, і ў другім кірўнку пайшлі яго мыслі.