IV


Дзед Талаш не зразу пайшоў на сваю сядзібу. Яго пацягнула на тое месца, дзе стаяў стажок і дзе адбылася яго баталія з жалнерамі. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Стажка не было. Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. У гэты момант раптам штось мільгнула непадалёку ад стажарышча. Пазірае дзед Талаш — чалавечая постаць! Хто ж бы гэта быў такі? То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок.

На тым месцы, дзе быў стажок, яна запынілася на моманту пастаяла, паслухала, а потым накіравалася ў хмыз. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік:

— Го-го!

— Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса.

Бацька і сын сышліся ў хмызняку.

— А я цябе каравулю, бацька! — ціхім голасам загаманіў Панас.

— Ну? — адазваўся стары Талаш, адчуваючы нешта новае ў голасе сына.

— У вёсцы палякі… Цябе шукаюць.

Бацька і сын прымоўклі на момант.

— Ты сёння дома не начуй, — парушыў маўчанне Панас.

Стары Талаш пачухаў патыліцу.

— А як маці? — запытаў ён.

— Нічога. Напалохалася трохі палякаў. Баіцца, каб не злавілі цябе. Кажа, каб ты не ішоў цяпер дадому… Вось хлеб і сала.

Панас зняў з-за плячэй даволі ёмкую торбу, гэты адвечны пашпарт сялянскай долі. Некалькі часу торба заставалася ў Панасавых руках. Стары маўчаў, як бы ўзважваючы словы свайго сына, а потым моўчкі ўзяў торбу.

— А сена ўсё забралі?

— Усё… Аставаўся возік, дык загадалі Максіму адвезці і той.

— Го, абармоты! Няма на іх упадку! — з горыччу патрос дзед галавою. — I чым жа худобу карміцьмем?.. Максім яшчэ не вярнуўся?

— Не.

Прымоўклі. Густы мрок звісаў пад Палессем. У аголеных кустах пашумліваў вецер, і маркотна шуршэлі белыя струменні снегу ў парыжэлай траве. Сяло прытоена маўчала. Толькі сабакі, патрывожаныя ўварваннем няпрошаных гасцей, запоўніўшых двары, пераклікаліся злосна-варожым брэхам і жудасным падвываннем.

— Вернецца Максім, дык няхай паедзе да Лабузы ў Прыцькі пазычыць сена, — старога дужа заклапочвала пытанне аб корме для жывёлы.

— Ды мы худобу пракормім, — падвясельваў бацьку Панас, — сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла.

— Эге ж, старайцесягсынку!

— Ты, бацька, ідзі ў Макушыц, да Параскі і жыві там. Калі што, дык я падбягу туды. \

Параска — замужняя дзедава д^чка.

— Э, — махнуў рукою дзед Талаш, — аба мне, сынку, клопат малы… Не ведаеш, як многа тут палякаў?

Відаць, дзеда Талаша займалі нейкія думкі.

— Многа! — панізіў голас Панас, — не меней як дзвесце! Ды кажуць, што і ў Вепрах іх чортава цьма.

На развітанне ўмовіліся, дзе сустрэнуцца заўтра. I наказаў яшчэ дзед Панасу быць асцярожным ды прачуваць сёе-тое аб паляках. Назначылі час сустрэчы і разышліся.

Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям'і. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! I дзе тая справядлівасць на свеце? За што павінен бадзяцца стары? Каго ён чапаў? Каму замінаў жыць, што ён змушаны цяпер, як бяздомнік, туляцца па лясах, па чужых кутках? I так шкада ёй стала старога, і такі жаль агарнуў яе, што яна заплакала. I Максіма з канём пагналі невядома куды. Сваё ж дабро прымусілі везці нейкаму лысаму чорту, а худоба здыхай з голаду. Ды яшчэ ці пусцяць яго, ці вернецца? Сям'я разбіта, параскідана, і невядома, як яно што будзе.

Сядзіць бабка Наста адна ў хаце. Газовачка цьмяна курыць на пяколку. А ў хаце так ціха! Так маўкліва і няветла пазірае ў вокны з двара ноч, і ціхенька скаголіць у коміне вецер, як бы ўторыць невясёлым бабчыным думкам.

Стук у дзверы распужаў гэтыя думкі.

Бабка наўперад зірнула ў акенца.

— Гэта я! — пачуўся голас з двара каля дзвярэй.

Бабка Наста адчыніла дзверы.

— Ну, што? — запытала Панаса.

— Бачыўся з бацькам. Перадаў яму харчы.

— Куды ж ён пайшоў?..

— Пайшоў… Казаў, каб за яго не баяліся… Напэўна, да Параскі пойдзе… Заўтра ён прыйдзе ў зацемкі.

У бабкі Насты трохі адлягло ад сэрца.

Гутарка перайшла на палякаў. Нічога добрага спадзявацца ад іх нельга. Нягодныя, памаўзлівыя, з людзьмі абыходзяцца не па-людску.

Да бабкі Насты заходзіла Агата Смыга. Пераказвала аб розных учынках польскіх жалнераў. Да маладзіц і дзяўчат прыстаюць, па клецях лазяць, шворацца, бяруць гаспадарскае дабро. Смаж ім яечню, скваркі пячы. А чуць што не так, дык бізун у ход пускаюць.

Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. I злы ж на іх Максім! I весці прывёз невясёлыя, Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. А пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць.

— I няўжо ж асядуць яны тут на нашу галаву? — уздыхнула бабка Наста.

Панылы быў настрой у хаце дзеда Талаша.

Разышоўшыся з Панасам, дзед Талаш павольна пасунуўся балотамі, прыслухоўваючыся да шолахаў і галасоў палескай ночы. Было трохі і вусцішна аднаму сярод цемрадзі і глухмені лесу. Сякера за поясам давала трохі смеласці. Дзед Талаш напэўна і сам не адказаў бы сабе, каго яму болей страшна: нячыстай сілы, вера ў якую ўсё ж такі тлелася дзесь у закарвашках дзедавай душы, звера ці ліхога чалавека ў вобразепольскіхжалнераў. Ноч. адзінота і страх хілілі дзедаву думку на зброю. Зусім іначай пачуваўся б ён, калі б у яго руках быў надзейны друг — добрая стрэльба. У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць, і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі: порахам, пістонамі, шротам, кулямі, гранкулькамі і ўсімі іншымі рэчамі. Трымаць яе дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Прыпамінаецца дзеду Талашу, што па лясах шмат схавана зброі, і зброі настаяшчай. Можа, прыйдзе такі час, калі яна спатрэбіцца людзям.

З гэтымі думкамі падыходзіць незаметна дзед Талаш да таго месца, дзе схаваў ён сваю стрэльбу. Але ўсё ж такі трохі патупаў, покі натрапіў поначы на дуплістае дрэва, якому даручыў ён сваю старую прыяцельку.

Выцягнуў яе дзед Талаш з дупла, агледзеў, узвёў брамку, праверыў — служыць яшчэ акуратна стары таварыш яго лясных паходаў. Надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады насадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы.


Загрузка...