Пані Зося

Прыёмнай дырэктара фабрыкі драўляных упаковак валодае пані Зося. Так ужо ён уладкаваны, гэты свет: аднаму сляпы лёс даручае каралеўства, іншаму — армію жывых людзей, а вось пані Зося атрымала пакойчык, пісьмовы стол, крэсла ды шмат патрэбнай, як і зусім лішняй паперы. Хай яно ўсё і не ад сляпога лёсу; дзядзька Юра, як сакратар фабрычнай партыйнай арганізацыі, таксама ж зрабіў, што трэба зрабіць, дзеля павышэння статусу вясковай пляменніцы, аднак ці варта гаварыць пра метад, калі канчатковы вынік атрымаўся цалкам прыстойны? А, дарэчы, хто сёння памятае партыю, а тым больш яе сярэдняга калібру сыноў? Ніхто. Нат пані Зося, калі ўжо спытаць яе пра прафесійныя задаткі, успамяне беластоцкую гастранамічную школу, прыгадае і ліцэй у Дубінах, уваскрэснуць у яе памяці добрыя і благія здарэнні з камп’ютэрных курсаў у Гайнаўцы. А вось пра дзядзьку Юру не пачуеце ад яе ні слова. Няўдзячнасць? Бадай не. Калі ж ёсць нейкія прычыны гэтай кароткай памяці, то перш за ўсё трэба падумаць пра апалітычнасць прафесіяналаў. А яна — прафесійнасць — вышэй за ўсякія сваяцкасці. Такім чынам сундукаватая постаць дзядзькі Юры адышла ў забыццё. Час ад часу стрэнеце яе, гэту постаць, у мясцовым парку. Разгортваючы прытаптанымі чаравікамі сухое лісце, яна няспешна брыдзе ў халодную імглу, задумоўваючыся, пэўна, над падманлівасцю жыцця, над нетрываласцю ўлады і яе моцы. І над несмяротнасцю Няўдзячнасці. А ў парку прытуляюцца, абдымаюцца, цалуюцца маладыя. І не пачуеш слова падзякі за свой бескарыслівы рэвалюцыйны труд.

— Каву? Гарбату? — спытае пані Зося, калі ўжо пераступіце парог яе пакойчыка.

Вядома, далёка не кожнаму такое пытанне ставіцца. Прыёмная дырэктара фабрыкі драўляных упаковак усё-такі не гастранамічная гаспадарка, дзе першы лепшы бадзяга, ледзь расчыніўшы дзверы, выяўляе жаданне дагадзіць свайму жывату, а чуйныя афіцыянткі, здаецца, чытаюць у думках сваіх кліентаў.

Калі аднак пані Зося, крыху прынамсі, ведае вашу асобу, можаце спадзявацца на традыцыйнае: “Каву ці гарбату?”

Вы, пэўна, прыкмецілі ўжо, што ў горадзе ўсе сустрэчы, як прыватныя, так і афіцыйныя, службовыя, пачынаюцца піццём кавы або, прынамсі, гарбаты. Асабліва моцна трымаюцца за гэты абрад маладыя жанчыны, якія не так даўно прыехалі сюды з навакольных вёсак. Занадта рана аблажыўшыся патомствам і хатнімі, празаічнымі абавязкамі, мрояць пра вялікі, бліскучы, бачаны ў тэлевізары свет. І апошняй ніткай, якая спалучае іх з гэтай тэлевізійнай ілюзіяй, з’яўляецца кубак ранішняй кавы. Так яно бывае з паспалітымі, шэрымі жанчынамі. А вось у пані Зосі жаданне пачаставаць вас гарбатай мае зусім іншыя прычыны, бо справа тут не ў комплексах, але ў звычайнай гасціннасці, далікатнасці і культурнасці. Такая ўжо яна , пані Зося.

Другі год адыходзіць у нябыт, як дантыстычны тэхнік Апенька зрабіў ёй шлюбную прапанову, а пані Зося з за далікатнасці не адказвае ні так, ні не. Староннія людзі, бо толькі яны ўсё і пра ўсіх ведаюць, пашэптваюць тайком, што Зосіна сэрца назаўжды захапіў непрысутны ўжо ў горадзе мастак Шура. Мо і праўда, каханне іхняе, безумоўна, было найвышэйшага гатунку і справы ішлі туды, куды трэба, значыць — пад вянец.

— А акварэль, гэта рыба марская ці прэснаводная? — спытала дзяўчына, не здагадваючыся нат, што такі нявінны, на першы погляд звычайны сказ перайначыць і сённяшні дзень, і так дакладна абдуманую будучыню. Мастак Шура натужліва якраз змагаўся з Зосіным актам, дабываючы з уяўлення (зласліўцы кажуць, што не толькі з яго) дзявочыя грудзі, каб перанесці іх у раёны даступныя і іншым пачуццям. Пачуўшы ад Зосі такое пытанне, спачатку ён збялеў, потым пачырванеў раптоўна, а яшчэ пазней, элегантна паклаўшы пэндзаль, заявіў пра неадкладную патрэбу схадзіць у кіёск па папяросы. І больш яго ў мястэчку не бачылі.

Хваліўся пасля наш мясцовы цырульнік, што сустрэў аднойчы Шуру ў Варшаве на Ружыцкім базары. У парваным пінжаку, ашчацінелы, ён прагульваўся між ларкамі, час ад часу пакрыкваючы:

— Макрэль — акварэль — селядцы! Акула — бамбула — кіт!

Людзі праходзілі абыякава, часам толькі той ці сёй спыняўся, каб больш дакладна распытаць пра выгляд ці харчовыя звычаі незвычайнай рыбы бамбулы.

Пані Зосі, у памяць раптоўна закончанага кахання, застаўся выразна незакончаны партрэт: там, дзе жанчыны звычаёва носяць грудзі, калечыць вочы парожняе месца. І, магчыма, як цяпер задумоўваюцца спецыялісты, хто і чаму акалечыў мілоскую Венеру, так у далёкай прышласці нейкі аматар мастацтва задумаецца: хто і чаму адняў грудзі Зосі з Гайнаўкі?

Загрузка...