Юрась закахаўся ў Валянціну ў панядзелак раніцай. Яшчэ ў нядзелю, ноччу, калі з’явілася ў ягоным сне, абыякавая зусім і чужая, як жа хацелася разбудзіцца, выгнаць са свядомасці, здзьмухнуць з вачэй душы нахабны прывід.
Жанчына не адступала. Распранаючыся з бязважкіх фінціклюшкаў, як вопытная танцорка-натуршчыца, лёгкім, балетным крокам перапраўлялася з аднаго на другі бераг сну. Першая на паўпразрысты паркет зляцела шоўкавая блузачка, адсланяючы карункавыя сакрэты бюстгальтэра. Следам блузачкі пайшла і кароценькая летняя спадніца і Юрасю, які ўсё яшчэ намагаўся адагнаць ад сябе непрыстойны міраж, раптам зрабілася неяк цікава. Ён адчуў, як прыхоўваемая ў найдалейшых закавулках, сарамлівая і грэшная старонка быцця, разрастаецца, паглынаючы ўсё, што ў чалавечай душы светлае, далікатнае і безабароннае. Быцццам бы месячны цень насоўваўся на сонечны круг, беручы ў палон неналежныя сабе прасторы жыцця.
Страх і цікавасць спляліся ў адно, і страх, як гэта заўжды бывае, калі першы раз ступаем на невядомую сцежку, пачаў нябачна, бесперапынна адступаць, даючы перавагу безразумнай цікавасці.
Тым часам бюстгальтэр зляцеў на вытканы з імглы паркет і, склаўшы карункавыя крылы, бы пазбаўлены прасторы птах, знерухомеў пад ступнямі танцоркі.
Юрась з’ехаў вачыма ўслед за карункавай птушкай, а потым ягоныя вочы цаля за цаляй пачалі падымацца па драбіне ў бясконцасць доўгіх ног. На вышыні каленяў вочы прытрымаліся. Нейкая моц, якісь голас разважлівасці ці не апошні раз азваўся, загадаў спыніцца, вярнуцца назад, на шлях чыстаты і прыстойнасці. А другая моц, магнітная і чорная, цягнула зрок у атласныя абшары жаночых сцёгнаў, і вышэй яшчэ, туды, дзе за кучаравасцю трохвугольнай вуалі, хаваюцца смеласць і сорам, быт і знішчэнне.
Усё ж такі, гнаны апошнімі штуршкамі цвярозасці, ледзь прашмыгнуў па шоўкавай гладзі трусікаў і, пераступіўшы закруглены далягляд падбрушша, выплыў на прасторныя пласкагор’і жывата, на пружыністыя ўзгоркі грудзей, аж стромкімі адхонамі апусціўся на доўгую сцяжыну шыі, на расхіленыя ў распуснай усмешцы вусны. Іхнія вочы спаткаліся. Жанчына не адвярнула вачэй. Глядзела, а ў зрэнках яе было штосьці цёплае і небяспечнае, нейкі зачараваны кліч бяздоння, калі малавопытнаму вандроўцу загадвае бухнуцца галавою ўніз. І на нішто не глядзець. З-за шырмы, непранікальнай і шчыльнай, якое вокам не дагледзіш і рукою не кранеш, з-за заслоны, тканай чаўнаком рэчаіснасці, пераплеценай бліскучымі ніткамі ўяўлення, адазвалася музыка. Лагоднае, поўнае спакою балеро.
Жанчына калыхалася ў такт гэтай музыкі. Доўгапальцыя далоні скрыжоўваліся на грудзёх. Хвіліну, якая Юрасю здавалася вечнасцю, вандравалі мядзянымі ўзгоркамі. І ўзгоркі набліжаліся адзін да другога, аддаляліся, набліжаліся зноў, аж аб’яднаныя ў найвышэйшую на зямлі гару, стрэлілі ў пространь дзвюма вяршынямі, да чырвані раз’юшаных саскоў.
Доўгапальцыя далоні пабеглі ніжэй. Слізганулі па гладкай роўнядзі жывата хуценька, ледзь крануўшы атласавую гладзь, напаткалі ўгнутасць таліі і — быццам страціўшы раўнавагу — прытрымаліся. А потым, вобмацкам шукаючы шлях, ступілі на раскідзістыя абалоны клубоў, паглыбіліся ў змрочныя сакрэты трусікаў. Жанчына ступіла ў Юрасеў бок, адзін крок, другі. Скручаныя ў мяккі, расцяглівы абруч трусікі былі ўжо ў палове дарогі між каленямі і месцам звычаёвага кватаравання і ўсё яшчэ, згодна са спакуслівым клічам балеро, крылілі ніжэй і ніжэй. Чароўная музыка. Юрась слухаў і было яму ўсё адно, якія аркестры — анёльскія ці чортаўскія — выкрэсваюць са сваіх зазямных струн аднолькава ж зазямныя ноты.
Музыка, якая ў першых тактах была шэптам соннага акіяна, цяпер мацнела. Далікатная, ледзь парушаная ветрам хваля, з кожнай нотай нарастала, даганяла папярэднюю, брала яе пад сябе, уздымалася вышэй і, пераўтварыўшыся ў чыстую, запененую злосць, з віскам выскоквала на бераг. Ударыла яшчэ раз, і яшчэ, аж, у рэшце рэшт, канчаткова раз’юшаная, згуртавала ўсе сілы і апошнім ударам змяла з паверхні сну паўпразрысты паркет, танцорку і аркестр.
Будзільнік, як заўжды, азваўся а шостай гадзіне раніцы.
На працу ішлі два Юрасі. Першы, як заўсёды, ступаў саноўна, кланяўся знаёмым, рабіў у думках каштоўныя занатоўкі — можна сказаць — наносіў на карту памяці ўсе новыя і старыя дзіркі ў тратуарах, а потым, у бюро, як адказны за стан гарадскіх дарог, гартаў тыя дзіравыя накіды, перакладаў іх з кутка ў куток, каб з-за недахопу фінансавых сродкаў канчаткова адкласці на лепшы час.
Другі Юрась ішоў быццам бы побач. Забываючы пра належную магістрацкай асобе пашану, ногі беглі падскокам, круцілі дзіўныя фігуры, налева ступалі і направа, і, глянуўшы на гэту дзіўную фізкультуру, можна было падумаць, што кожная адна нага не мае іншых клопатаў, як толькі ўчыніць прыкрасць сваёй суседцы. Часам, калі насустрач крочыла асоба жаночага полу, ачумелыя дашчэнту ногі спыняліся. Непаслухмяная шыя накіроўвала галаву ў бок зусім нязгодны з напрамкам маршруту, а вочы, вылузаўшыся з распаленай галавы, беглі за незнаёмай, абступалі яе, абмацвалі, абнюхвалі, і, вярнуўшыся, заяўлялі з пагардлівай усмешкай: „Э там, куды там такой да Валянціны”.
Тым часам Першы Юрась крочыў зусім правільна, намагаючыся не звяртаць увагу на сепаратысцкія схільнасці цёмнай паловы сваёй падсвядомасці. Дзіўныя сны сняцца людзям, думаў. Нават паважанаму кіраўніку магістрацкай управы, чалавеку з навуковым званнем, адказнаму за сектар гарадскіх дарог з тратуарамі ўключна, прычаўпецца такое, што і прызнацца сорам. Дзякуй богу, гадзіннік празваніў у час, іначай — хто ведае, у які бок пайшлі б здарэнні.
— А памятаеш гэты перчык ніжэй пупка? — Другі Юрась уключыўся ў разважанні пра нечаканасці, якія нясе з сабою, здаецца, звычайнае дзеянне, сон. — А яшчэ адзін перчычак, зусім маленькі, сантыметраў пяць налева ад правага саска, памятаеш? Раскошны! — адказаў сам сабе. На такое дыктум Першы Юрась пачырванеў. Бо і фактычна, хочаш ці не, а вось гэтыя дзве радзімкі заеліся ў памяць і сядзелі там, як дзве ліхія скулы на дашчэнту здаровым арганізме адказнага за вулічны сектар кіраўніка.
— Сны — адзінае, што належыць мне, — успомнілася дзесьці прачытанае. — І ўсім іншым уваход у мае сны забаронены. Валя. Валечка. Валюня, — перабіраючы смешна нагамі, Другі Юрась забягаў наперад Першаму, салодзіста ўсміхаўся. — Здавалася, звычайнае імя. А тут, бачыш, якое прыемнае яно, якое цёплае!
— Факт фактам, не сказаць, імя прыемнае, — згадзіўся Першы.
— Ды і асоба, го-го, — цмокнуў Другі.
— А як танцуе, — Першы Юрась міжвольна пачаў гутарку і раптам, зусім ужо ўголас, засмяяўся: — Вось чорт дурны! Стары, а дурны. Адкуль жа мне ведаць пра яе танцавальныя здольнасці? Во, зараз будзем у бюро. Скажу: Дзень добры пані Валянціне. Дайце мне, калі ласка, апошнія скаргі жыхароў такое і такое вуліцы. Будзем разглядаць, што і як.
А Другі Юрась на тое:
— Сказаць трэба вось так: Добрай раніцы, каханая мая. Ну, не ўставай, не трэба. Я сам усё. Я ж ведаю, ноч у цябе бяссонная. Каму ж лепей ведаць, як не мне. Ты пасядзі, а я ўсё сам.
А потым да яе вуснаў трэ прыкласці гарачы пацалунак. Вось як трэба, а не службовае “дзень добры пані Валянціне”, — Другі Юрась даў сваю канцэпцыю ранішняй сустрэчы.
А потым, ужо пад дзвярыма магістрата, абодва яны, мала спрактыкаваныя ў мужчынска-жаночых справах, паблыталі ўсё, перакрунулі і, аб’яднаўшыся ў адну постаць, пераступілі парогі бюро.
— Дзень добры каханай Валянціне, — Юрась працягнуў руку, схапіў яе белую, доўгапальцую далонь і прыклаў да гэтай жа далоні размашысты пацалунак.
— Дзень добры, пане кіраўнік, — глянула яна дзіўна неяк, зусім не так як у сне. Руку, ашаломленую нечаканым пацалункам, хавала за плячыма, стаяла, не ведаючы, што далей рабіць.
— Сядайце, калі ласка. Ноч жа, як ведаю, бяссонная... — не скончыў. Першы Юрась узяў якраз перавагу над Другім і, зразумеўшы нязручнае становішча, успомніў пра тэрміновую сустрэчу з кіраўніком фінансавага сектара ды сышоў у невядомым напрамку.
Наступнай ноччу Валянціна не з’явілася ў Юрасевым сне. Раніцой на працу падвёз яе муж. Пад магістрацкімі вокнамі, побач машыны, развітваліся чулліва неяк, і Юрасю, які з-за шыбы глядзеў за іхнімі інтымнымі жэстамі, зрабілася смутна. Ён кепска падумаў пра ўвесь жаночы род, пра характэрную гэтаму ж роду непастаяннасць і пра какетлівасць, якую мужчыны па наіўнасці сваёй лічаць грацыяй.
Пад раніцу Юрасю сніліся нейкія кашмары, быццам бы ўзлазіў ён на магутную, мядзяную гару і клубком каціўся з яе ўніз, а гара разрасталася, павышалася, аж крануўшы верхавінаю зор, пачала стрэсваць іх у сухую траву. І трава загарэлася залатымі промнямі. З агню і з дыму выбіраўся да белага золку, пакуль будзільнік не азваўся выратавальным позванам. Такія сны паўтараліся амаль увесь тыдзень, а ноччу з нядзелі на панядзелак зноў прыйшла Валянціна і карыстаючыся нагодаю, што будзільнік якраз сапсаваўся, зрабіла і тыя крокі, якіх не паспела зрабіць раней.
На працу Юрась спазніўся. Калі зайшоў у бюро, Валянціна была ўжо на сваім месцы, сядзела за сталом і гартала службовыя справы. Шкада, што быў гэта толькі сон, падумаў, паглядаючы на белыя кудзеркі. Усё-такі, з-над папераў, крадком, быццам ад страху, што нямыя позіркі здрадзяць яму, сачыў за жанчынай. Дзесь, калісь — не памятае ўжо, дзе і калі — чуў такое вось: на жаночых шчоках, як след ад распуснай ночы, застаюцца далікатныя, цяністыя далінкі, і ён шукаў тыя сляды — здаецца, бачыў іх, няўмела замаскіраваныя пластамі пудры. Вочы забегалі ніжэй, на летнюю блузачку, на кароценькую спаднічку, і Валянціна, быццам адчуваючы іх нахабнае ступанне, міжвольна павандравала рукою пад столік. Доўгія пальцы прыгладзілі спаднічку, абцягнулі яе ніжэй, стараліся прыхаваць тое, што чужым вачам бачыць не належыцца.
Усміхнуўся думцы пра жаночую какетлівасць. Якая ж тут таямніца, калі між намі адбылося ўсё, што між мужчынам і жанчынай здарыцца можа. Падняўся з крэсла, падышоў бліжэй. Глядзеў на жаночыя плечы, схіленыя над пісьмовым сталом. Бязрукае ўяўленне спраўна расшпільвала каляровую блузачку. З-пад шаўковай тканіны паказалася далікатная бель. Знаёмая, блізкая. Рука, ігнаруючы разумныя загады, паднялася, пабегла ўздоўж шоўкавай роўнядзі.
Валянціна падхапілася з крэсла. Стаяла побач, выпрастаная, напружаная.
— Пане кіраўнік, — у словах, якія вярталі цвярозасць, было і здзіўленне, і разгубленасць, і штосьці яшчэ — дзіўнае, нязручнае.
— Прабачце, — прашаптаў, адступаючы на сваё месца.
Ноччу вярнуліся кашмары, Валянціны не было, затое раніцай з’явілася на працы ў кампаніі мужа. Рослы, дваццаціпяцігадовы мужчына пакруціўся па бюро моўчкі, час ад часу паглядаючы ў Юрасеў бок, і былі гэта найдаўжэйшыя хвіліны ў Юрасевым жыцці. Ён думаў пра сябе, як пра самую агідную істоту, якая, карыстаючыся службовымі інструментамі, намагаецца знішчыць падначаленую сабе асобу, разбурыць яе шчасце і сямейны спакой. І рашыў ніколі больш не карыстацца такімі нагодамі. У будзённыя ночы, з характэрным пакутніку самаадрачэннем узлазіў на мядзяную гару, каціўся ўніз, уцякаў з агню і дыму. Раніцай маршыраваў у бюро, здароўкаўся са знаёмымі, лічыў новыя дзіркі ў тратуары, і гэтыя дзіркі хадзілі за ім увесь дзень. Штурхалі ў плечы, калолі ў вочы, дамагаліся канкрэтнага рашэння наконт сваёй будучыні.
Ноччу з нядзелі на панядзелак вярнулася Валянціна і ўвесь дакладна апрацаваны свет пацалункамі і пяшчотамі перавярнула дагары нагамі. На працы ён паводзіў сябе зусім прыстойна. Час ад часу паглядаў на супрацоўніцу, стараўся зразумець, адкуль бярэцца яна, жаночая двудушнасць. Пра здарэнні апошняй ночы ні жэстам, ні словам не ўзгадваў. А вечарам не стрымаўся. Набраў нумар і пазваніў Валянціне. Гаспадар, які толькі што вярнуўся з камандзіроўкі, падняў трубку.
— Ты — мая. Так ці сяк. Апошняй ноччу, не запярэчыш, мы былі разам. І тыдзень назад. І яшчэ раней. Я кахаю. Я не магу жыць без тваіх радзімак. Гэтай, што ніжэй пупа, і гэтай маленькай-маленькай, ведаеш дзе. — Выкінуўшы з сябе такія словы, Юрасю зрабілася ўсё адно, што здарыцца заўтра. Не чакаючы адказу, паклаў трубку і пайшоў спаць. У гэту ноч не ўзлазіў на мядзяную гару, не выбіраўся ні з агню, ні з дыму. Прагульваўся па шырокіх лугах, рваў кветкі, лавіў матылькоў. Кветкі і матылі пераўтвараліся ў салодкія вусны, у руплівыя далоні. Гэтымі вуснамі, гэтымі далонямі Валянціна вяла Юрася на вяршыны воблакаў, бялейшыя за снег, лагаднейшыя за дотык майскага ветру.
У той час, калі Юрась бестурботна гойсаў за матылькамі, у цэнтры горада, у кватэры на другім паверсе, між Валянцінай і яе законным мужам зацягвалася сур’ёзная размова. Вынік гутаркі атрымаўся такі, што жанчына прыхварэла. Хвароба не была з гатунку цяжкіх, якім трэба шпітальнае лячэнне. От, звычайнае недамаганне на пункце часовай страты прыгажосці, больш яно дакучае, чым баліць, ды на працяг тыдня выключае жанчыну з усякіх публічных спраў.
Дзякуй богу, падобныя гутаркі ў гэтай сям’і раней не здараліся. Муж, маласпрактыкаваны ў мастацтве руйнавання жаночага цела, закончыў справу адным, затое вельмі трапна ў наваколлі вока пастаўленым сіняком, а прытым папрасіў прабачэння і адправіўся ў чарговую камандзіроўку.
„Без віны Валянціна, — думаў, аднак, муж. — Ніколі, ні жэстам, ні словам не ашукала мяне. З другога боку — хто ведае? Адкуль жа гэты сабачы сын так дакладна абазнаны з яе таямніцамі. Радзімкі, перчыкі. Эх, радзімкі”, — такія думкі таўкліся ў мужавай галаве. На шляху ў далёкі Познань так і не паспеў рассудзіць: вінавата жонка ці зусім без прычыны атрымала пад вока каляровую фінфу. Не ведае, пэўна, і па сённяшні дзень ды, на ўсякі выпадак, застаецца ў тым жа Познані ўжо чарговы год.
А Юрась? Па медычных прычынах на пенсіі Юрась. Шпацыруе вуліцамі, бывае — і ў магістрат загляне, аднак у тыя дзверы, дзе кіраўніком, адказным за гарадскія дарогі працуе пані Валянціна, не заходзіць Юрась.
Кажуць — усё ж пашанцавала жанчыне. Прынамсі, службова. Дык і нам, звычайным жыхарам: не так даўно па цэнтральнай вуліцы ўклалі новыя, каляровыя тратуары.