Заўжды паўтараў, што будзе лётаць. Здаецца — і якое ж тут дзіва? У дзіцячыя гады ўсе мы лётчыкі, касманаўты, матросы ці — у самым горшым выпадку — камандзіры партызанскіх атрадаў, якія цёмнымі начамі падымаюць сваіх падначаленых у бясконцы бой за праўду, і за Радзіму.
З часам мроі мяняюцца, курчацца, аж зняслаўленыя з’едлівымі языкамі рэчаіснасці сыходзяць у падпольную краіну сноў, куды толькі час ад часу зазіраюць дарослыя людзі.
— Буду лётаць як птушка, — Колька, задраўшы галаву, глядзеў у летняе неба. — Або як вецер.
У такіх выпадках Пеця прыкладваў вялікі палец да скроні, а з чатырох апошніх складваў жвавае крылца і ўсю тую ацэнку Колікавых планаў падмацоўваў пранізлівым свістам. Мы згаджаліся з Пецем. Можна ж адарвацца ад зямлі на самалёце, на аэрастаце, ну, няхай сабе і на крылах, бы Ікар, пра якога ў школе талкавала пані настаўніца. Аднак крыліцца вось так, з сябе самога? Не здаралася падобнае ні ў нашым мястэчку, ні нават у вялікіх гарадах.
— Я буду лётаць на ТУ-154, — талкова абвяшчаў Сенік.
— А я на ТУ-155, — Пеця, як заўжды, стараўся ступіць крок далей. А потым брылі мы ў гурнянскія лугі, дзе гулялі ў мяч або ў чатырох танкістаў, і калі над мястэчкам стаяла невыносная спякота, лягалі ў высокай траве і, звычайна, глядзелі ў неба.
Час вылузвае чалавека з кароткіх штонікаў і забівае яго ў доўгія нагавіцы ды ў яшчэ даўжэйшы ланцуг штодзённых клопатаў. Пеця і Сенік не стрэліся на паднебных шляхах. Напароліся на сябе пад брамай фабрыкі, якую ў мастэчку называлі папросту тартак, а потым сустракаліся там ужо заўсёды. Пасля працы ішлі ў бар “Экспрэс”, выпівалі два-тры піва, чарачку гарэлкі. А часам, у дні, калі іхніх жанчын асабліва даймаў свет, і калі жанчыны без лішняй цырымоніі адплачвалі свету той жа манетай, у такія вось дні чарачка ператваралася ў бутэльку, а важныя мужчынскія гутаркі зацягваліся да глыбокай ночы.
Колька паехаў у далёкі свет і пра яго тут забылі, тым болей, што мы ўсе паспелі жаніцца і ва ўсіх нашых жанчын час ад часу здараліся благія хвіліны.
*
Вясна выпаўзла з пушчы белымі стужкамі анемонаў, разлілася фіялетавымі пралескамі, дзьмухнула цёплым, шаўкавістым ветрам, і нас, закарузлых у зімовым здранцвенні, пацягнула на гурнянскія лугі. Не шмат засталося з прызабытага дзяцінства. Палі, якія пачыналіся амаль з Вжасовай вуліцы і ператвараліся ў заліўныя лугі, у хісткія балоты ды, абмінаючы крутымі сцежкамі Старую Юдзянку, беглі дзесьці прад Барок, пад Пасечнікі, пад Пярэева, цяпер там і сям зарасталі мураванымі дамамі. На панадворках, бы экзатычная птушка ў клетцы, раскладала крылы роўненька падстрыжаная трава.
— Жыццё прыгожае, — як відавочны доказ банальнаму ўсё ж такі сцвярджэнню, Гжэсь расклаў здабытую на цесцях каўбасу. Сядзелі мы ва ўтульным закавулку за Старою Юдзянкаю і гулялі ў карты, папівалі цёплае піва, разважалі пра беспрацоўе, якое ў мястэчку пашыралася, бы інфекцыйная хвароба, не абмінаючы і нашай кампаніі. Дзень памаленьку хіліўся на захад. Верабей, што прысеў у цяністым нутры ляшчыны, задрамаў ад няма чаго рабіць і, страціўшы раўнавагу, шлёпнуўся на сухую траву. Падхапіўся засаромлены, паправіў дзюбаю ўскудлачаныя пёркі, разглянуўся і, супакоены нашай абыякавасцю, вярнуўся ў ляшчынавы цень.
— А да мяне зноў цёшча звалілася, — сказаў Сенік.
Хлопцы кіўнулі галовамі ў знак, што ўсё разумеюць і спачуваюць, аднак выказвацца ўслых нікому не хацелася. Стомленыя цяплотаю, півам і картамі, драмалі.
Сонную цішыню парушыў далікатны шоргат, затым працяглы свіст паветра, быццам не верабей ужо, а нейкая большая птушка звалілася на зямлю. Хаця не хаця паднялі мы галовы. Атрасаючы з пінжака нябачны пыл, стаяў перад намі Колька. Стаяў і ўсміхаўся.
— А ты тут адкуль? — Пеця падняўся, прысеў на кукішкі.
— Прыляцеў. Адтуль во, — Колька паказаў на чыстае неба.
— Як гэта — прыляцеў? — цяпер і мы адзін за адным выпаўзалі з сухое травы, падыходзілі да яго бліжэй.
— Звычайна, прыляцеў і ўсё. Абяцаў жа...
— Значыць, што? Гоп-гоп, падскочыў і прыляцеў?
— Ага. Не адразу, вядома. Доўгія гады цяжкай працы былі. Не веры-це, га?
Мы, праўда, не давяралі Колікавым словам. Ён хіба і здагадаўся. Таму, узяўшы салідны разбег, падскочыў раз і яшчэ раз, раскінуў шырока далоні, левай нагою адштурхнуўся ад стоптанай травы і ўзняўся над нашымі галовамі. Зрабіў шырокі круг па-над лугам, над лесам, накіраваўся да мястэчка. За высокім комінам малачарні павярнуў направа, абляцеў купалы новай царквы, успырхнуў над чырвонымі дахамі надлясніцтва, над Вжасовай вуліцай, і вярнуўся.
— І як? — спыталі паружавелыя ад ветру ягоныя шчокі.
— Ну, нічога сабе, — пакруціў галавою Гжэсь.
— Значыць, лётаеш, — ні то спытаў, ні то пацвердзіў Пеця. Ён не глядзеў на Коліка. Сачыў за чымсьці ў высокай траве і, адшукаўшы, схапіў тое штосьці зубамі, змагаўся хвіліну з упартай матэрыяй капсулі, плюнуў і працягнуў Коліку сагрэтую на сонцы бутэльку. — За твой палёт! І за сустрэчу.
— Дзякуй. Але — самі разумееце, калі лётаю — не п’ю. Нават піва. А зрэшты, — паглядзеў у неба. — Позна ўжо. І на вецер паказвае. Дзьмухне — не паляціш. Упоцемкі таксама ж...
Мы маўчалі. Бываюць людзі, якіх сустракаеш штодзённа і нагаварыцца з імі не паспееш. Бываюць і другія, стрэнеш такога раз у гадоў дзесяць і адно, што табе прыходзіць на думку, — гэта маўчанне.
— Ну, хлопцы, мне пара. Справы чакаюць, — як і раней узяў ён шпаркі разбег, адштурхнуўся, праз хвіліну бачылі мы на фоне чыстага неба яркі зялёны пункт, а потым зелень Колікавага пінжака злілася з маёвым блакітам і знікла.
— Паляцеў, — Гжэсь сказаў тое, што і так усім было вядома.
— І х..й з ім, — груба падсумаваў Сенік.
— Вось табе і лётчык. Ветру баіцца, цемры баіцца, піва баіцца. — Пеця ўліваў у сябе апошнюю бутэльку. Па-над гладкай кругласцю цёмна-карычневага шкла, паглядаў у пустое неба. А можа так толькі, для зручнасці, дзеля спраўнейшага апаражнення сагрэтай на сонцы пляшкі, адкінуў назад галаву ды зусім і не сачыў за лётчыкам у зялёным пінжаку?
— І не пагаварылі. Цікава вось, што там у Коліка. Жонка, дзеці, — пашкадаваў Гжэсь.
— Якая там жонка! Патрэбны каму такі чудак?
— І праўда. Чудак. Заўжды разявай быў.
— І ,пэўна, камуняк... Бачылі? Над царквою ляцеў і не перахрысціўся.
— Дурных не возяць, дурныя самі лётаюць. — Пеця адкінуў у траву парожнюю бутэльку. Мядзяны, заходні прамень пакаўзнуўся на шкле і спалоханы пабег між ляшчын, між соснаў, у морак.