Крах

1

Чацвёрты месяц сталуюся ў пана Метка. Прыходжу заўжды раней, пакуль рабочыя з нашай — гэта значыць — хімічнай фабрыкі пачнуць улівацца менш ці больш шматлікімі групкамі, прыносячы з нагамі добра мне знаёмы, хаця не вельмі прыемны смурод спаленага вугалю, перамешаны са смольным араматам шкіпінару.

Я і раней бываў тут, аднак не дзеля спажывецкіх мэт, а як і ўсе мае тагачасныя калегі, я заходзіў выпіць піва, пасядзець у вясёлай кампаніі і пабалакаць пра Марыніны ягадзіцы. Калісьці сказаў бы звычайна: “дупа Марыні”, цяпер аднак я — сярэдняга калібру служачы, вораг піву і безразважнай балбатні — маю абавязак паводзіць сябе адпаведна са сваёй пасадай. Мая лексіка сведчыць пра мяне і, як лібералам агідная планавая гаспадарка, так мне агіднае слова “дупа”.

Прысаджваюся з левага боку ад увахода, далёка ад цэнтра, там, дзе ніхто мяне не чапае, ды і я нікому не стаю на дарозе. Я не люблю, так сказаць, выступаць у святле юпітэраў — гэта першае, а другое — не хачу, каб хтосьці падумаў, што я такі, як і яны: рабочы хімічнай фабрыкі. Дзеля падкрэслення сваёй тут — звышпіўнай — прысутнасці раскладаю на століку газеты “Палітыка” або “Літаратура”, пералістваю іх старонка за старонкай, стараюся вылавіць нейкі цікавы або, што галоўнае, тэкст,які б развіваў індывідуальнасць. Палітыкай не займаюся. Слова “палітыка” не менш мне агіднае за слова “дупа”.

Рабочыя, прысеўшы за столікамі, расшпільваюць “артальёны” і джынсы, пералічваюць грошы, сцішанымі галасамі вядуць кароткія нарады. А потым п’юць піва, кураць папяросы, струменячы дым між жоўтымі зубамі. Гамоняць. Галасней і галасней, найчасцей пра фабрыку, кіраўнікоў і зарплаты. Не цяжка здагадацца, што ў аповедах іхніх кіраўнікі — ідыёты, а зарплаты — смешныя.

Мне непрыемна слухаць гэтыя гутаркі. У такіх выпадках паглыбляюся ў газету або стараюся аналізаваць прачытаную ў апошні вечар кніжку. Я і раней мала калі выходзіў адвячоркамі, а з гэтай пары, як закончыў вечаровы тэхнікум, аддаю перавагу кніжкам. Іншая справа, што вуліцы ў нашым мястэчку таксама не зусім бяспечныя. Не далей як у кастрычніку, якраз каля малога базара, наскочылі на мяне нейкія хуліганы. “Давай, — кажуць, — пулярэс, бздылю”. — “А я пулярэс не дам, калі б мяне нават і рэзалі”. Праўда, абышлося без нажоў і я, пакамечаны крыху, затое з пулярэсам, павалокся ў паліцыю. Высветліў справу, што было і як, а паліцэйскі кажа: “Адбівацца трэба, хуліганнё квітнее, а гэтак званае грамадства нат пальца за палец не зашмаргне”. А маё крэда такое: з ворагамі змагацца заўжды трэба з дапамогай інтэлекту, а кулакамі хай вядуць свае войны адно прымітыўныя асобені.

Рабочыя пачалі якраз аплёўваць бюракратыю, якую быццам бы даводзіцца гадаваць ім на сваіх грудзях. Мне стала прыкра. Лёгка сказаць — бюракрат! А спытайце ў гэтых, як пагардліва кажаце, бюракратаў, хто такі Гётэ, хто Пікаса, а хто Дастаеўскі! Спытайце, бо самі, пэўна, не ведаеце. Не ведаеш Гётэ, значыць, твае кваліфікацыі якраз адпаведныя, каб белавежскую жывіцу ператвараць у шкіпінар. А я вось ужо чатыры месяцы працую ў бюро. Не скажу, пасада пакуль што не вельмі важная, аднак і такія пасады не ляжаць на вуліцы, а ў школе. Хадзіў туды — значыць, ведаю. І дзякаваць, што, нягледзячы на саракоўку, якая набліжаецца шпаркім крокам, я не ажаніўся. Жанатаму значна далей у школу. Па дарозе бывае ж яшчэ жонка, дзеці ды іншыя некарысныя для паглыблення ведаў перашкоды. Зрэшты, трэба вам ведаць, што ў справе жаніцьбы ёсць у мяне свой, дакладна абдуманы план: 1 — кватэра, 2 — адукацыя, 3 — пасада, 4 — машына, 5 — жонка, 6 — дзеці. Я прынцыпова трымаюся за тое, што сам сабе вызначыў і цяпер якраз выконваю пункт нумар чатыры.

Тым часам рабочыя, павесяліўшыся акуратна, пакінулі сумныя, прафесійныя праблемы ды ўчапіліся за дамска-мужчынскія справы, жэстамі рук, вельмі зрэшты выразнымі, паказваючы тое, што адбываецца час ад часу паміж мужчынам і жанчынай. Не магу змаўчаць, што карыстаюцца прытым вельмі прымітыўнай лексікай, раз-пораз устаўляючы словы, якія пачынаюцца з п або х.

Мне сорамна за іхнія прымітыўныя паводзіны тым болей, што і члены персаналу прымушаны выслухоўваць такія, чужыя літаратурнай, культурнай, а нават цывілізаванай мове, дрындушкі. Пан Метэк, праўда, па прычыне свайго ўзросту — мужчына спрактыкаваны, аднак афіцыянткі Марыся і Аня — незамужнія дзяўчаты і нахабнае грубіянства, безумоўна, пакідае след у іхняй, слаба яшчэ сфарміраванай псіхіцы.

Я толькі заціскаю зубы ад бяссілля, бо ведаю, што няма тут спосабу абараніць дзявочую нявіннасць. Раней, калі я спрабаваў умяшацца і абаперціся на паводзіны бліжэйшыя еўрапейскай гуманістычнай традыцыі, пачуў адрасаваныя ў свой бок такія заўвагі: “казіны гарошак”, “авечы памёт” і “псеўдаінтэлігенцік”. Маю адвагу сказаць, што ўспомненыя эпітэты не маюць ніякага дачынення да маёй асобы, а ўжо апошняе, значыць, “псеўдаінтэлігенцік” — асабліва балючае і крайне далёкае фактычнаму становішчу. З гэтай пары, як працую ў бюро, стараюся больш часу праводзіць з людзьмі сваёй кройкі. За апошнія чатыры месяцы я нядрэнна пасябраваўся з інжынерамі Стручуком і Кашалюком, а таксама з паннай Рэняй, машыністкай. Спалучылі нас не толькі супольныя прафесійныя праблемы, але, так прынамсі мне здаецца, аднолькавы погляд на свет, жыццё, як і чалавечую ролю ў тым жа жыцці ды свеце. А гэта небанальныя вузлы.

Недзе пад восень інжынер Стручук запрасіў мяне на імяніны. “Пара, пане Владку, — сказаў ён, — паказацца шырокай публіцы”. І я пайшоў. На пачатку я толькі сядзеў і слухаў, як іншыя гавораць, глядзеў на публіку дакладней, чым яна на мяне. Калі, аднак, гаворка сышла на Джэймса Джойса, надумаўся ўключыцца. Я сказаў, што, па-мойму, Джэймс Джойс — абсалютны графаман: у ягоным “Улісе” няма ніякага сэнсу; апроч таго — быкі не брыюцца! Добра ведаю, бо хаця ў нашай вёсцы не было быка, якога клікалі б Маліган, усё-такі былі быкі з іншымі, таксама ж замежнымі імёнамі. Быў, скажам, Лорд, быў Чэмпіён, аднак, ні брытвай, ні іншымі туалетнымі інструментамі ніколі яны не карысталіся. Увогуле — бык прымітыўнае стварэнне і ўся ягоная актыўнасць заключаецца ў імкненні прадоўжыць свой быдлячы род. Пасля такога выступлення вочы ўсіх прысутных засяродзіліся на маёй асобе, а нехта, на жаль, я не прыкмеціў хто, сказаў такое:

— Вельмі арыгінальны погляд на Джойса. Вельмі арыгінальны.

Мне зусім неспадзявана прыйшлося займець функцыю цэнтральнай тут асобы. Бывае такое: жыве чалавек спакойна, ніхто яго не ведае, і раптам лінія лёсу паварочвае ў другі бок, і апошні ў калоне ўзначальвае калону. Вось падышла і мая чарга.

Трэба вам ведаць, што падчас тае дыскусіі, як і частунку, мы не сядзелі за сталом абы сядзець і абцяжарваць сябе ўсякім пітвом ды закуссю. Так паводзіць сябе можна адно ў пана Метка, а тут быў шведскі стол, няхай сабе і не зусім практычны ў трохпакаёвай кватэры, аднак людства ідзе ў цывілізаваным напрамку і нам таксама трэба накіроўвацца ў той жа бок, забываючы памаленьку нездаровыя славянскія схільнасці.

Мы ўвесь час шпацыравалі па пакоі, падымалі дрынкі за тое, што каму падабаецца, далікатна замочвалі губы і паходжвалі далей.

Уцякаючы з цэнтра, я не прыкмеціў нават, калі апынуўся на кухні, не памятаю таксама — ужо была там пані Ліза ці прыйшла пазней за мяне.

Жанчыны, такія як пані Ліза, чамусьці мяне бянтэжаць. Беззаганныя манеры, манікюр-педыкюр, салонная лексіка. На вуліцы мінаюць цябе абыякава, моднымі капелюшамі адасабляюцца ад шэра-звычайнага бабства, здаецца, не ім гэта свет, а яны свету робяць гонар сваёй тут прысутнасцю. Часам здаецца мне, што такія жанчыны ніколі не робяць тое агіднае, пра што расказваюць рабочыя хімічнай фабрыкі, седзячы за півам.

Праціскаючыся між сталом і маёй асобай, пані Ліза моцна прытулілася да пярэдніх раёнаў майго цела, уважліва прытым углядаючыся ў мой твар. Стаяла так, ягадзіцамі падпіраючы стол, і голасам хрыплым, нізкім, дабытым недзе з пад жывата, папрасіла:

— Пане Владку, раскажыце яшчэ пра сваіх быкоў.

Яе вусны, апухлыя і вільготныя, расхінуліся і я здзівіўся: язык, які выслізнуўся з за гэтых вуснаў быў зусім сухі, здаецца, вось-вось здранцвее ён і пачне трэскацца, бы сухая кара нейкага чырвонага экзатычнага дрэва. Я сказаў некалькі слоў, вядома, многае забыў ужо раней, а шмат што і цяпер раптоўна ўцякло з маёй памяці. Аб’ект, здавалася, недаступны, амаль з чужое планеты, тут зусім адчувальна ўбіваецца ў маё цела! Мне стала горача-горача і калі падняў руку, каб расшпіліць кашулю, натрапіў на напружаныя, ашчапераныя ў драпежнай гатоўнасці грудзі. А пані Ліза схапіла маю нязграбную руку ў свае далоні і ,працягваючы далікатным пальчыкам уздоўж лініі жыцця і лініі сэрца, гаварыла, бы сама да сябе:

— Такія моцныя далоні, такія мужчынскія. Мне здаецца, — тут пані Ліза раптоўна падняла маю далонь і прытуліла яе да сваёй шчакі, — мне здаецца, вы маглі б гэтымі рукамі паваліць самага вялікага быка! А для жанчын — якія яны?

Я не паспеў праверыць спраўнасць сваіх рук у адносінах да жанчын: увайшоў якраз інжынер Стручук, а пані Ліза, спалоханая, кінулася ўбок, адкрыла халадзільнік і руплівым вокам гаспадыні пачала разглядаць яго змесціва.

— Ах, вы тут, пане Владку. Ліза, — звярнуўся да жонкі інжынер Стручук, — ты забрала нам самага вясёлага кампаньёна. Давай, пане Владку, пайшлі. Без вас нам зусім нецікава.


2

У пятніцу, з самай раніцы інжынер Кашалюк спытаў:

— Пане Владку, калі добра ведаю, вы жывяце на кватэры адзін?

Я адказаў, што гэта праўда, жыву пакуль што адзін, аднак у недалёкай перспектыве планую заснаваць сям’ю. Такія словы ўсцешылі інжынера і ён пытаў далей:

— А што вы думаеце рабіць у суботу вечарам?

Нічога асаблівага ў суботні вечар я не планаваў, так вось і сказаў:

— От, пачытаю кніжку, пагляджу тэлевізар, вядома, калі пакажуць нешта вартаснае. Хаця, самі ведаеце, у гэтых адносінах наша тэлебачанне...

У інжынера Кашалюка была, аднак , свая праблема і ён, не ступаючы на тэлевізійную сцежку, пачаў мяне з гэтай праблемай знаёміць.

— А не думалі вы паехаць у вёску, бацькоў наведаць, знаёмых паглядзець?

Я, праўду сказаўшы, не думаў пра такую магчымасць. Па-першае, дадатковыя выдаткі, а гэта абазначае затрымку ў рэалізацыі пункта н р 4. Па-другое, пачаў якраз, ідучы за падказкамі інжынера Стручука, засвойваць Фройда. Аўтар складаны і я прымушаны ўвесь свабодны час і ўвесь у тэхнікуме набыты інтэлектуальны патэнцыял накіраваць вось у той бок.

— Бо, ведаеце, ёсць такая справа, — інжынер Кашалюк з прыемнай усмешкай рэкамендуе свае бел-белыя зубы, а далікатнымі пальцамі гладзіць мой плячук, быццам стрэсваў з пінжака нейкі ўяўны там пылок. Я так і падумаў, што мой халасцяцкі гардэроб не адпавядае неабходнай норме і мне зрабілася ніякавата.

— У мяне вельмі-вельмі пільная праца. Такія там, хімічныя вылічэнні, дыяграмы. Вы, зрэшты, як работнік разумовай працы, самі ведаеце. А дома, разумееце, жонка, дзеці, безупынная мітусня і куламеса. Проста — галава не варыць.

У суботу я паехаў праведаць бацькоў, а інжынер Кашалюк у маёй кватэры да белай раніцы рысаваў дыяграмы і рабіў складаныя хімічныя падрахункі.

Мой план далёкага дзеяння спыніўся ў пункце н р 4. З матарызацыяй нават дзяржава мае небанальныя праблемы, хаця ж ніхто яе не прымушае па ўсіх суботах каціць у глухія вёскі і мантачыць капітал на непатрэбныя білеты. А калі яшчэ і інжынер Стручук атрымаў таксама ж пільныя і патрабуючыя як унутранага, так і вонкавага спакою навукова-даследчыя працы, здаралася мне пабываць у бацькоў нават пасярод тыдня. Калі будуць прысвойваць ордэны за ўклад у развіццё дзяржаўнага транспарту, я спадзяюся на нейкую салідную, прынамсі сярэбраную бляшку.

Тым часам маім аўто карыстаўся ўжо праўдападобна хтосьці іншы, хтось — у каго не было такіх адказных, адначасова абцяжараных працай сяброў.

Я пачаў задумвацца, ці не пераскочыць адразу да пункта н р 5, рэалізацыю чацвёртага адтэрмінаваўшы на бліжэй неакрэсленую будучыню. Час уцякае, а ў чарзе яшчэ і дзеці, пра ўнукаў не згадваючы.

Кажуць — жаніцьба без кахання, як селядцы без солі.

Я не спрактыкаваны ў сямейным жыцці чалавек, ніколі яшчэ не жаніўся, аднак на ўсякі выпадак рашыў закахацца. Дзеля павелічэння эфектыўнасці ў пошуках адпаведнай для сябе нарачонай, падрыхтаваў я нават кароткі спісак. Памясціў там, вядома, пасля бязлітаснай з самім сабою кваліфікацыйнай размовы, ўсіх патэнцыяльных кандыдатак, а пані Ірэнка заваявала ў гэтым матрыманіяльным спаборніцтве вельмі адказнае, першае месца. Мо таму, што яна суседка з трэцяга паверха, а мо проста таму, што ў апошні час пачала на маю асобу спаглядаць дзіўна ласкавым і прыязным вокам. Калі раней праходзіла побач мяне так, як праходзіцца побач паветра, то цяпер першая дае “дзень добры” і нават усміхаецца і глядзіць услед мне. А сёння пані Ірэнка сказала:

— О-го-го, пане Владку! Учора ноччу такія водгаласы даходзілі з вашай кватэры, што ўвесь блёк аж калыхаўся! Па самыя фундаменты. А сёння, чуць свет і ўжо на нагах! Ну-ну, хто мог падумаць...

Вочы пані Ірэнкі цаля за цаляй абмацвалі маю постаць, стараючыся адшукаць той орган, які такім экстазам напаўняе ўвесь шматпавярховы блёк.

Я толькі што вярнуўся ад бацькоў, была шостая гадзіна раніцы, а тут яшчэ і пераапрануцца трэба, і туалет ранішні споўніць, і на фабрыку паспець. Узяў я пад развагу ўсе згаданыя акалічнасці, гутарка між намі не задоўжылася. Аднак гэтым “о-го-го” пані Ірэнка значна падмацавала сваю пазіцыю. Так значна, што пачаў я пра яе думаць як пра афіцыйную сваю нарачоную. Усякія сікуны кажуць у такіх выпадках: “мая дзяўчына”, або “moja laska”, або — зусім ужо прымітыўна — “moja dupa”. А мне вось падабаецца нямоднае слова “нарачоная” і ніколі ад яго не адракуся. Не на тое стаў чалавек інструктарам па бяспецы і гігіене працы, каб цяпер адступаць перад усякімі, лішнімі, модамі.

У бюро было пуста і ціха. Адно панна Рэня сартавала якраз штодзённую карэспандэнцыю і, не перапыняючы сваю працу, паведаміла мяне, што інжынер Стручук сёння ў водпуску, а інжынер Кашалюк на поўны месяц адкамандзіраваны ў сталіцу. Нейкае там, нікому непатрэбнае, абучэнне.

Я распрануўся і сеў за стол, каб таксама паглыбіцца ў паперы, аднак мае думкі, зусім нечакана, закружылі над галавою панны Рэні.

Белыя кудзеркі, набухлыя вусны, і — вочы! Вочы каціныя, далікатна-зялёныя, замглёныя няўлоўным вуалем дзявочай таямніцы... З гэтых зялёных вачэй адна за другой выплывалі ўвішныя шчупальцы нябачнага васьмінога, лісліва прыпадалі да маіх рук і да маіх думак, каб бесцырымонна зацягнуць маё зямное і астральнае цела ў абдымкі панны Рэні. Агідная гэта справа — ваяваць на два франты. У думках прасіў я прабачэння ў пані Ірэнкі, а потым, раз яшчэ нырнуўшы ў зялёную бездань, страціў астаткі сумленнасці і падумаў: “Няхай будзе, што мае быць”. Вераломнасць спадарожнічае чалавеку, пачынаючы з першага, крадзенага ў райскім садзе яблыка, аднак , калі ты ў свае сорак усё яшчэ халасцяк, не думай, як змяніць свет ды якім чынам паправіць чалавечую натуру. А гадзіне трынаццатай сорак я запрапанаваў панне Рэні схадзіць вечарам у кавярню, а яна, наўздзіў лёгка, згадзілася. Ад такой нечаканасці я забыў пра абед. А зрэшты — напляваць мне цяпер на Меткавы кулінарыі: сіняя ад холаду бульбіна і гуляш — пасля тыднёвых змаганняў са страўнікамі выпадковых спажыўцоў — сканцэнтраваны на маёй талерцы!..

Мы доўга сядзелі ў кавярні. Гутарылі пра мастацтва і пра цэны ў магазінах, жартавалі над знаёмымі і незнаёмымі, а каньяк маркі “Напалеон” падсоўваў новыя і выдаўжаў старыя тэмы. Мне здавалася — панну Рэню ведаю ад заўжды і толькі да сёння раздзяляла нас празрыстая, халодна-шкляная шырма.

— Чалавек, — кажу , — я сталы. І хаця мне пад сорак, адчуваю сябе намнога маладзейшым. Ёсць у мяне кватэра, фінансавыя сродкі — няхай сабе і не самыя вялікія — аднак басяком сябе не лічу.

Стандартныя какеткі ў такіх выпадках пачынаюць цікавіцца вашымі фінансамі, а вось, аказваецца, панна Рэня і не стандартная, і не какетка. Панна Рэня сказала, што тузін гадоў, які быццам бы нас раздзяляе, для яе не мае ніякага значэння. Найважнейшы — чалавек. І яшчэ сказала панна Рэня, што я чалавек прыстойны і што яна мне верыць. Больш верыць, чым інжынеру Кашалюку. Я не пазнаваў сам сябе: хай чэрці на касматых хвастах разнясуць усе планы, пасады і машыны! Галоўная справа: сённяшні дзень! І яго трэба лавіць, бо іначай уцячэ беззваротна.

Мы не прыкмецілі нават, што выйшаў апошні госць. І толькі тады, калі наблізіўся афіцыянт, каб і нас тактоўна адправіць дамоў, я глянуў на гадзіннік, а потым і на рахунак. Глянуў і здзівіўся: у маім нутры не заенчыла і не лопнула ніякая спружына, хаця ладны кусок аўтамашыны ад’язджаў у глыбокую кішэню афіцыянта.

Мы ішлі дамоў. Мы ляцелі, мы плылі, а горад глядзеў на нас, як усе маткі свету глядзяць на сваіх, ад’язджаючых да шлюбу дзяцей. І калі на вуліцы Баторыя, якраз насупраць малога рыначку, прыклеіўся нейкі разбэшчаны спіртам асобень, я адмаляваў яму такі партрэт, што асобень той, не паспеўшы і войкнуць, скруціўся ў цяні прыдарожнай ліпкі. Мне вельмі хацелася, каб быў гэта той самы тып, які ў кастрычніку здзекаваўся над маёй асобай. А Рэня пацалавала мяне ў вусны. У кватэры ўзяла мяне за рукі і павяла прама ў спальню. Я не паспеў і падумаць, адкуль яна так дакладна ведае маю кватэру, бо свет, зварушаны Рэнінымі пацалункамі, расхістаны далікатнымі і якімі ж моцнымі далонямі, раз’юшаны яе дзявочым крыкам, зваліўся на мяне і на гадзіны прынамсі тры адабраў здольнасць якога-небудзь цвярозага думання..


3

Тайныя спружыны ў маім упарадкаваным нутры азваліся ў суботні поўдзень. Рэня сышла, не ведаю нат калі, пакідаючы па сабе цьмяны арамат замежнае парфумы. Я глядзеў у злашчасны рахунак, множыў, дзяліў і дадаваў малазразумелыя лічбы, усё-такі сума атрымоўвалася сумная: чвэрць месячнай зарплаты пайшла ў бліжэй неакрэсленым напрамку.

Не дурны сказаў, што жанчыны каштуюць. Дурны той, які гэта правярае ў кавярні “Цюльпан”.

Мінорны мой настрой працягваўся б хіба ў бясконцасць, калі б не пазваніў інжынер Стручук. — Ёсць, — сказаў, — пільная справа і нам трэба яе раскусіць. — Тады прыходзьце.

Мне не хацелася нікога бачыць, аднак сяброўству патрэбныя ўсякія выпрабаванні. У такіх выпадках міжчалавечыя сувязі трэба паставіць вышэй за маральнае ці фізічнае пахмелле.

А справа, аказалася, з тых жа добра мне вядомых. Інжынер Стручук збіраецца ў сталіцу, дзе, спалучыўшы свае сілы з сіламі інжынера Кашалюка, будуць расслаўляць нашу фабрыку. „Час, — кажа, — трапіўся нам нецікавы, наўкола капіталізм, і той не прападзе, хто ўмее сябе карысна прадаць. А з парожнімі рукамі ў сталіцу не паеду, трэба падрыхтаваць прапагандысцкія і справаздачныя матэрыялы. А дома, як гэта дома — мітусня і калатнеча”.

Далей я мог не слухаць, і я — фактычна адключыў вушы, больш думаючы, дзе мне шукаць начлег. Ехаць у вёску не хацелася, ліміт непрадбачаных выдаткаў вычарпаўся, здаецца, на круглы год, а Рэня, як даведаўся , жыве ў адным пакойчыку з маці.

— Пане Владку, вы мяне не слухаеце...

— Але ж слухаю, пане інжынер, шчыра слухаю. Думаю толькі, куды мне падзецца нанач?

— Я прашу прабачэння, так неспадзявана ўсё склалася... Але, разумееце...

— Што тут не разумець, — кажу. — Зрэшты, горад вялікі, не прападу. А калі ўсё гэта дзеля нашай фабрыкі...

Інжынер паглядзеў на мяне дзіўна неяк, не так, як начальнік глядзіць на свайго падначаленага. Ён спаглядаў на мяне так, як старэйшы брат спаглядае на малодшага, менш вопытнага брата.

— Пане Владку, — пачаў цяжка, сарамліва неяк, здабываючы словы. — Я абавязаны прызнацца вам у сваёй віне. Інжынер Кашалюк даўно ўжо згадвае, што вы заслугоўваеце больш, чым можа даць гэтая інструктарская пасада, а я вось, бачыце, усё сумняваўся. Прызнаюся, памыляўся я. Але, — уздыхнуў цяжка, разумеючы, відаць, сваю віну, — усё наперадзе. Здольны, інтэлігентны, а што галоўнае, адданы фабрыцы чалавек напэўна знойдзе належнае сабе месца.

Чакаючы належнае сабе жыццёвае і прафесійнае месца, я падаўся ў горад, каб разглянуцца за месцам куды больш празаічным, а менавіта — за начлегам.

І так яно ўжо бывае, калі найбольш спадзяешся на розум, калі ўсю сваю надзею ўскладаеш на галаву, тады ў месцы вышэй шыі паяўляецца пранізлівая пустэча, або — у найлепшым выпадку — нябачныя рэцэптары абвяшчаюць аварыю нервовай сістэмы.

Перамераўшы вуліцу Рэя, павярнуў я ў Пілсудскага, каб з нешматлікімі ўжо пехацінцамі паплысці ўніз, да скрыжавання. Аварыя нервовай сістэмы зацягвалася і нічога лепшага не заставалася, як брысці далей, у вуліцу 3 га Мая. Іду вось, а восеньскі дождж забівае ў зямлю апошнія асколкі маёй надзеі. Надзеі на якое-небудзь лагічнае заканчэнне суботняга дня.

Раздвойваючыся, плывуць асфальтам залатыя фары аўтамабіляў, чужыя людзі з’язджаюць у цёплыя кватэры. “Так, папраўдзе, усе мне тут чужыя”, — падумалася, хаця ад гэтай разумнай думкі не стала ні крыху цяплей.

Скуль узялася тут пані Ліза — не ведаю. На пачатак пачуў я цёплае: “Пане Владку, а вы куды?”, а потым з за мокрай шыбы ўсміхнуўся твар пані Лізы. Адзіны, здавалася, добры і адзіны ў горадзе знаёмы твар. А потым, у машыне, я многа гаварыў. Я гаварыў, што вельмі люблю шпацыраваць вечарамі, асабліва, калі ідзе дождж, і што такія прагулкі карысна ўплываюць як на фізічнае, так і псіхічнае самаадчуванне, і што чалавек у горадзе адзінокі. Пані Ліза маўчала, а я, баючыся спалохаць нешта незвычайнае, не глядзеў на яе — толькі ў люстэрка над лабавой шыбаю. І люстэрка ўсміхнулася мне вуснамі пані Лізы.

— Як вы дашчэнту прамоклі, — прашаптала пані Ліза, у кватэры ўжо, расшпільваючы маю кашулю. — Трэба пераапрануцца.

А я сказаў, што не, што не трэба, і яшчэ, што можа ж вярнуцца інжынер Стручук, а тады нешта кепскае падумае пра мяне і пра яе, хаця яна такая добрая, і такая мілая, і прыгожая.

— Муж паехаў у Варшаву, — сказала пані Ліза, падсоўваючы мне шаўковую, сінюю ў белыя палоскі піжаму.

Чаму замест таго, каб сказаць, што інжынер Стручук усё яшчэ тут, у Гайнаўцы, узяў я і надзеў на сябе гэтую злашчасную паласатую піжаму? Так хіба было трэба. А пані Ліза засмяялася: аформленая на патрэбы інжынера Стручука піжама, ніякім спосабам не магла прыкрыць усе мае сто дзевяноста два сантыметры.

— Раней было значна лепей, — сказала.

Зняла з мяне дзіўную піжаму і кінула яе прэч. Цяпер выглядаў я зусім не смешна і пані Ліза таксама перастала смяяцца. Стаяла насупраць, бы драпежная львіца, у любы момант гатовая скокнуць на мяне, зубамі ірваць і кіпцюрамі, як у старажытным Рыме дзерлі на кавалкі першых хрысціянаў яе дзікія продкі.

Такое, страшнае, аднак, не здарылася.

Разбудзіў мяне голас інжынера Стручука. У першы момант я нават спалохаўся і засаромеўся: “Вось, — падумаў, — здрамнуў у бюро”. А потым, вярнуўшыся да поўнай свядомасці, засаромеўся яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ.

— Апранайся, — інжынер прама ў твар кінуў мне пакамечаныя нагавіцы, а сам пайшоў на кухню.

У той час, калі я апранаўся, на кухні адбывалася сямейная гутарка. Гаварыў муж, а жонка маўчала.

— Я ўсё разумею. І твае мазахісцкія схільнасці, і пошукі першапачатковых прымітывізмаў, разумею нават твой культ фалічнага самца, як прычыну і вынік існавання ажыўленай матэрыі. Магу дараваць інкасатара з доўгім носам і булаватага камінара, але зразумець, чаму завалакла ты пад коўдру галоўнага ідыёта ў нашым горадзе — занадта вялікая, як на мой розум, задача!..

Так гаварыў інжынер Стручук, а пані Ліза рыхтавала ранішнюю каву. Я здагадаўся, што мяне гэтай кавай частаваць не будуць, і сышоў.

Перамена з інтэлігентнага, адданага фабрыцы чалавека ў апошняга ідыёта, якая за адну ноч адбылася ў спальні інжынера Стручука, была самай вялікай і найважнейшай трансфармацыяй у маім жыцці. Усё, што здарылася потым — вымова з папярэджаннем, паніжэнне на рабоце, а ў рэшце рэшт і звальненне з працы — я не лічу актам помсты. Гэта толькі лагічны рэзультат маёй ранейшай перамены.

Загрузка...