Арганаўты

Баран з залатым руном


Калісьці, у даўнія-даўнія часы, расказвалі грэкі, над горадам Архаменам праплывала высока ў небе хмара. Паветраная німфа Няфела (што і азначае па-грэчаску «хмара») убачыла на гары над горадам прыгожы палац з белымі калонамі і шырокімі тэрасамі. Ёй захацелася даведацца, хто там жыве, і яна спусцілася ўніз, на каменныя прыступкі палаца.

Насустрач Няфеле выйшаў гаспадар палаца - архаменскі цар Афамант. Ён прывітаў прыгажуню німфу і запрасіў яе ў палац.

Мінула некалькі гадоў. У царыцы Няфелы нарадзіліся блізняты - хлопчык і дзяўчынка, Фрыкс і Гела. Цар Афамант радаваўся, што ў яго нарадзіліся дзеці. У Архамене было вясёлае свята, жыхары горада цэлы дзень тоўпіліся каля палаца, каб прывітаць навароджаных.

Толькі адна Няфела была неспакойная і нярадасная. Яна часта пачала задумвацца, сумавала па доўгу стаяла на самай высокай тэрасе палаца і глядзела на неба. Душна, цесна стала ёй у прыгожым палацы, яе вабіла ў нябесныя прасторы, на волю. Неяк раз вечарам яна ўбачыла на небе хмары, засмяялася ад радасці, узняслася да іх, забыўшы пра ўсё на свеце, і вецер панёс яе далёка ад Архамена.

Дарэмна плакалі ў палацы маленькія Фрыкс і Гела і клікалі маці - німфа Няфела не вярнулася на зямлю.

Пуста і сумна стала ў палацы без царыцы. Дзеці раслі без маці.

На той час прыйшла да Афаманта прасіць прытулку адна царэўна, па імені Іно; яе сям'ю выгналі з горада, у якім яна раней жыла, бацькі і родныя яе ўсе памерлі, і яна засталася зусім адна, без даху над галавой і ежы, без аніякай дапамогі.

«Адна пайшла, не развітаўшыся, другая прыйшла нязваная», - падумаў цар Афамант і пакінуў у сябе царэўну. Ён парашыў ажаніцца з ёю, каб яна замяніла дзецям маці.

Неўзабаве Іно стала гаспадыняй у палацы Афаманта. Цар пакахаў яе, і людзі ў Архамене прывыклі да яе - яна ж была не німфа, а гэтакі ж чалавек, як і яны. Іно была ветлівая з усімі, кожнаму старалася спадабацца. Яна песціла Фрыкса і Гелу, але тыя адчувалі, што яна не любіць іх.

Потым у Іно нарадзіўся сын, а праз год - другі. Яна ўжо больш не звяртала ўвагі на пасынка і падчарыцу і зусім перастала клапаціцца пра іх.

Міналі гады. Афамант дужа састарыўся, і ўсе чакалі, што хутка Фрыкс стане царом у Архамене.

«Што ж будзе са мною і з маімі сынамі, калі сын Хмары стане царом у Архамене?» - думала Іно.

Царыца вырашыла пазбавіцца ад Фрыкса, але яна ведала, што багі караюць за забойства, і не хацела наклікаць на сябе гнеў багоў. Іно прыдумала каварны план.

Кожную вясну архаменцы засявалі свае палеткі, а насенне для пасеву атрымлівалі са свірнаў цара. У той год людзі, як заўсёды, прыйшлі да цара па насенне. Іно падпражыла зярняты і выдала людзям насенне, непрыгоднае для пасеву.

Прыйшла пара, і зазелянелі палеткі вакол Архамена, ды толькі не збажыной, а пустазеллем. Насенне Іно не ўзышло. У краіне пачаўся голад.

Людзі не ведалі, чаму здарылася гэткае няшчасце, і думалі, што багі гневаюцца на іх. Вырашылі папытацца ў аракула - прадказальніка, які мог адгадваць усе таямніцы мінулага, сённяшняга і будучага. Царыца Іно падахвоцілася папытацца ў аракула, завошта разгневаліся багі. Але яна нічога ні ў кога не пыталася і сама падрыхтавала адказ.

Вось што сказала Іно народу:

- Багі разгневаліся за тое, што ў Архамене была царыцай німфа Няфела, якая самавольна пакінула неба і стала жонкай чалавека. Багі не хочуць, каб сын Няфелы стаў царом у Архамене. Забіце яго - і тады вашы палеткі будуць зноў даваць вам хлеб. Такая воля багоў.

Са страхам выслухалі архаменцы гэтую ліхую вестку. Шкада ім было забіваць ні ў чым не вінаватага царэвіча, але людзі былі пакорныя багам. І вось прызначылі дзень, у які ўрачыста перад усім народам, на гары, калі ўзыдзе месяц, павінны былі прынесці ў ахвяру Фрыкса.

Надышоў гэты дзень. Раным-рана брат і сястра стаялі адны на высокай тэрасе палаца і сумна пазіралі на неба.

Гела абдымала брата, плакала і клікала маці:

- Памажы сваім пакінутым дзецям!

Змрочны стаяў побач з ёю Фрыкс і маўчаў - ён думаў, што маці забылася пра іх.

Раптам далёка-далёка на чыстым небе з'явілася хмарка. Гэта німфа Няфела, блукаючы па паветраных прасторах, пачула жаласны покліч дачкі і прыляцела, каб памагчы дзецям. Хмарка наблізілася, апусцілася - і маці абняла сваіх дзяцей. Разам з німфай з'явіўся перад імі баран з залатымі рагамі, з доўгай залатой воўнай.

- Дзеці, - сказала німфа, - я не магу вас узяць з сабою - людзі не могуць жыць на небе. Але я дару вам залатаруннага барана. Ён пералятае цераз горы, нібы птушка, плавае ў вадзе, нібы трытон, і бяжыць па зямлі хутчэй за вецер. Смела сядайце яму на спіну, і ён занясе вас далёка адсюль. Верце яму. Ён пераплыве з вамі тры моры і адвязе вас у царства Ээта, сына Сонца. Ээт дасць вам прытулак і будзе вам замест бацькі. Бывайце! Спяшайцеся!

І німфа зноў узнялася ў неба.

Фрыкс і Гела селі на спіну залатаруннага барана, і ён панёс іх ад ліхой мачахі. Ён пераляцеў з імі цераз горы, дабег да мора, кінуўся ў ваду і паплыў. Мора было спакойнае, і баран з дзецьмі шпарка паплыў па хвалях. Дзеці моцна трымаліся за яго залатую воўну і адно за аднаго і не баяліся. Так пераплылі яны першае мора, і хвалі вынеслі іх у вузкі доўгі праліў, які злучаў гэтае мора з другім. Тут дзьмуў моцны вецер, і цячэнне было такое імклівае, што хвалі залівалі іх з ног да галавы. Гела са страхам пазірала на пеністыя грабяні хваль; у яе замірала сэрца і кружылася галава.

- Мацней трымайся за мяне, - гаварыў Фрыкс сястры.

Але Гела дрыжала і раптам, крыкнуўшы, выпусціла руку брата і саслізнула з барана ў ваду.

- Гела! - паспеў толькі крыкнуць Фрыкс.

Але дзяўчынка ўжо знікла ў віры. Фрыкс заплюшчыў вочы і паплыў далей адзін - прэч ад гэтага жудаснага месца.

А людзі потым назвалі тую частку мора, дзе патанула Гела, Гелеспонтам - «морам Гелы».

Дзівосны баран з залатым руном мінуў другое мора і па другім праліве выплыў у шырокае бурнае Чорнае мора. Доўга плыў ён уздоўж берагоў, міма чужых земляў, не падобных на Грэцыю. Нарэшце ён дабраўся да вусця вялікай светлай ракі, што ўпадала ў мора, і далей паплыў уверх па рацэ. На беразе з аднаго боку цягнуўся густы цёмны лес з магутнымі высокімі дрэвамі - гэта быў свяшчэнны гай Арэса, бога вайны. Удалечыні ўздымаліся ў неба вяршыні гор, укрытыя снегам. На другім беразе ракі віднеўся вялікі горад - сталіца Калхіды, Ээтава царства.

Залатарунны баран вынес Фрыкса на бераг. Фрыкс увайшоў у горад і падаўся ў палац цара Ээта. Трымаючы за рог залатаруннага барана, сын Хмары прыйшоў да сына Сонца.

Ээт сустрэў Фрыкса ласкава і пасяліў у сваім палацы. Дзівоснага барана зарэзалі ў гонар бога Зеўса, а залатое руно павесілі на свяшчэнным дубе ў гаі Арэса. Цар прыставіў страшнага дракона пільнаваць дуб, каб ніхто не мог украсці залатое руно. З таго часу пачало багацець царства Ээта. Зямля добра радзіла, і людзі жылі ў дастатку.

Падарожнікі, якія пабывалі ў Калхідзе, разнеслі па ўсім свеце чуткі пра дзівоснае залатое руно, якое прыносіць багацце. Шмат смельчакоў з блізкіх і далёкіх краін марылі падацца ў Калхіду, каб хітрыкамі або сілаю здабыць залатое руно. Ды гэта было небяспечна і цяжка, і доўга ніхто не адважваўся на такое падарожжа.


Чалавек у адной сандалі


У Фесаліі, на беразе заліва, стаяў калісьці багаты і прыгожы горад Іолк. Царом у ім быў стары Эзон. Малодшы брат яго, Пелій, чалавек круты і ўладалюбівы, звергнуў Эзона і сам пачаў кіраваць Іолкам. Эзон пакарыўся Пелію, але не захацеў пакідаць родны горад і застаўся жыць у Іолку як просты грамадзянін, а свайго маленькага сына Язона ён, баючыся Пелія, адаслаў у лес, на гару Пеліён.

На схілах Пеліёна ў лесе жыло дзікае племя кентаўраў. Гэта былі напалову людзі і напалову коні: у іх чалавечая галава і торс чалавека на конскім тулаве з чатырма нагамі. Кентаўры былі вельмі лютыя і наганялі жах на мірных жыхароў краіны, калі часам, нібы дзікі табун, як віхор спускаліся з гор, топчучы палеткі і знішчаючы пад сваімі капытамі ўсё жывое.

Але сярод гэтых дзікіх істот быў адзін стары кентаўр Хірон, які славіўся мудрасцю. Яму і аддаў Эзон на выхаванне свайго сына.

Шмат гадоў пражыў Язон у горнай пячоры ў Хірона. Стары кентаўр загартаваў яго цела, зрабіў юнака дужым і спрытным, навучыў яго валодаць кап'ём і мячом, адкрыў яму шмат таямніц прыроды і вучыў яго быць хітрым у барацьбе з ворагамі.

Пелій цараваў у Іолку. Нішто не пагражала цару ў падуладным яму горадзе, але нейкая трывога ўвесь час мучыла Пелія. Часта звяртаўся ён да аракулаў-прадказальнікаў, пытаўся ў іх, ці доўга ён будзе жыць і хто перашкодзіць яго цараванню.

Неяк раз ён спытаў у аракула, адкуль чакаць яму небяспекі.

Аракул адказаў:

- Бойся чалавека, у якога абута толькі адна нага.

Пелій запомніў гэта і з таго часу, сустракаючыся з незнаёмым чалавекам, перш за ўсё глядзеў на яго ногі.


Калі Язону споўнілася дваццаць гадоў, ён адчуў сябе дужым і моцным, адчуў, што гатовы да выпрабаванняў жыцця, і захацеў вярнуцца дадому. Ён развітаўся з Хіронам, выйшаў з Пеліёнскага лесу, спусціўся з гары і рушыў у Іолк.

Па дарозе яму трапілася маленькая горная рэчка, якая разлілася ад веснавых дажджоў. Ні моста, ні нават бервяна, перакінутага цераз рэчку, не было відаць. Язон прыпадняў шкуру леапарда, якая была ў яго замест плашча, і смела ступіў у ваду. Ён вырашыў перайсці рэчку ўброд.

Раптам ён пачуў - нехта кліча яго. Ён азірнуўся і ўбачыў: на камені каля вады сядзіць старая жанчына і са страхам пазірае на бурлівую ваду.

- Памажы мне перайсці на той бераг, - сказала яна Язону, - я ўжо даўно сяджу тут і чакаю, і ніхто дагэтуль не памог мне, старой.

Язон, не сказаўшы ні слова, узяў старую на рукі і, асцярожна ступаючы па камяністым дне, перанёс яе цераз рэчку. Па дарозе развязалася ў яго сандаля на левай назе, і вада знесла яе. Язон выйшаў на бераг, асцярожна паставіў жанчыну на зямлю і хацеў ісці далей, як раптам пачуў моцны, гучны голас:

- Дзякуй, Язон, я не забуду цябе!

Ён хуценька азірнуўся, але нікога ўжо не было каля яго. Здзівіўся Язон і пакрочыў далей, усё думаючы, хто была гэтая старая і як яна даведалася яго імя.

Неўзабаве Язон прыйшоў у Іолк і апынуўся на вялікай гандлёвай плошчы, дзе было шмат народу.

Усе са здзіўленнем пазіралі на незнаёмага, маладога і прыгожага, з доўгімі, як у дзяўчыны, валасамі юнака з плямістай шкурай на плячах і ў адной сандалі.

Юнак пачаў распытваць, як яму знайсці дом бацькі.

Раптам застукалі капыты, загрукаталі колы, і на плошчы ў прыгожай калясніцы, запрэжанай цудоўнымі фесалійскімі коньмі, з'явіўся ўладар Іолка - Пелій. Натоўп расступіўся, і Язон застаўся адзін перад калясніцай цара. Пелій увесь задрыжаў, калі ўбачыў перад сабой чалавека, адна нага ў якога была абута, а другая босая.

Цар спыніў коней і спытаў, нахмурыўшыся:

- Скажы, хто ты, адкуль ты родам і што табе трэба ў Іолку?

- Я не чужынец тут, - адказаў Язон, - я нарадзіўся ў Іолку. Я сын цара Эзона і прыйшоў вярнуць назад царства майго бацькі, якое ў яго адабралі сілком. Пакажыце мне дом майго бацькі, я хачу хутчэй яго ўбачыць.

Загрукатала калясніца і памчала перапалоханага Пелія. А жыхары Іолка, якія любілі старога Эзона, віталі юнака і правялі яго да дома бацькі.

Стары Эзон заплакаў ад радасці, калі ўбачыў, якім дужым і прыгожым стаў яго сын. Ён наладзіў вясёлы баль у сваім доме, каб разам з усімі роднымі і сябрамі адсвяткаваць вяртанне яго сына. Толькі аднаго Пелія не было на гэтым свяце. Змрочны сядзеў ён у сваім палацы, з трывогай чакаў прыходу Язона і думаў, як загубіць яго.

Язон прыйшоў да Пелія разам з раднёй і сябрамі, і гэта яшчэ больш напалохала ўладара.

Язон сказаў Пелію:

- Я не буду біцца з табою. Мы не чужыя, мы адной з табой крыві: ты брат майго бацькі, ты мне радня. Я не хачу мячом вырашаць нашу спрэчку, хачу ўсё скончыць мірам. Аддай мне па-добраму ўладу, якую ты захапіў сілай, і я пакіну табе ўсе твае багацці, усю зямлю, з якой ты збіраеш ураджай, і ўсе твае статкі і табуны коней, і тваю калясніцу, і твой палац, і твае багатыя ўбранні. Ты будзеш дажываць свой век у дастатку і спакоі, і я не крану ні цябе, ні тваіх дзяцей.

Але Пелій так адказаў Язону:

- Твая праўда, сын Эзона, і я згодны аддаць табе тое, на што ты маеш права. Ды толькі ці справядліва гэта, што ты хочаш атрымаць усё гэта дарэмна. Я ж дваццаць гадоў цараваў у Іолку і за гэтыя гады таксама набыў права на яго. А ты хочаш, каб я аддаў табе Іолк без усякай платы з твайго боку? Ты малады і дужы, Язон, ты мог бы зрабіць мне паслугу. Даўно ўжо каменем ляжыць на мне кроўная родавая крыўда, а ты ж сам сказаў: мы не чужыя...

- Загадвай! - усклікнуў горда Язон. - Абяцаю зрабіць усё, што ты скажаш.

- Слухай! - сказаў Пелій. - Ці ведаеш ты пра залатое руно? Ці ведаеш ты, што бацька Фрыкса і твой дзед былі браты, як твой бацька і я? Ці ведаеш ты, што сталася з Фрыксам у Калхідзе?

І Пелій расказаў Язону, што спачатку цар Ээт любіў Фрыкса, выдаў за яго старэйшую дачку Халкіопу і зрабіў яго сваім наследнікам. Але потым Ээт зноў сам ажаніўся, і новая жонка нарадзіла яму сына Апсірта. Тады цар загадаў Фрыксу ісці прэч з Калхіды. Фрыкс запатрабаваў, каб цар аддаў яму назад залатое руно. Пачуўшы пра гэта, Ээт раз'юшыўся і забіў свайго зяця.

- Цень Фрыкса не дае мне спакою, - з няшчырым сумам гаварыў Пелій Язону, - ён прыходзіць да мяне ўночы і просіць і патрабуе, каб я выправіўся ў Калхіду і адабраў у Ээта залатое руно. Але я стары, і няма ў мяне здароўя на такое далёкае падарожжа... Гэта павінен зрабіць ты, Язон! Здабудзь залатое руно, і ты адпомсціш за Фрыкса і твой родны край стане самым багатым на свеце, а я з радасцю аддам табе ўладу над Іолкам.

Так гаварыў Язону каварны Пелій, а сам думаў:

«Ідзі шукаць сваю пагібель! Дзе-небудзь ты знойдзеш яе - ці ў бурным моры, на чужым беразе, ці ў гасцях у каварнага Ээта - усё роўна ты загінеш, сын Эзона. Не бачыць табе Іолка, як не здабыць і залатое руно!»

Язон пачаў збірацца ў небяспечную і цяжкую дарогу.

Каб пераплыць тры моры і дабрацца да Калхіды, патрэбны быў вялікі карабель, быстраходны і моцны, якога яшчэ не было ў Грэцыі. А каб зрабіць далёкае падарожжа на вялікім караблі і сілаю або хітрасцю здабыць залатое руно, Язону патрэбны былі адважныя і дужыя таварышы - маракі і воіны.

З гэтымі думкамі падаўся Язон у Пеліёнскі лес - шукаць дрэва, якое магло б стаць асновай для яго карабля. Неўзабаве каля падножжа гары знайшоў ён сасну і ўзяўся секчы яе. Раптам ён пачуў звонкі голас:

- Я памагу табе, Язон. У цябе будзе карабель, якога яшчэ не мелі людзі. Я дам табе ў таварышы найлепшых герояў Грэцыі і сама павяду вас скрозь буры і туманы, і ты здабудзеш залатое руно.

Язон пазнаў голас - голас старой, якая дзякавала яму, калі ён перанёс яе цераз раку.

Гэта была сама багіня Гера, жонка вялікага Зеўса, якая вырашыла памагчы Язону. Яна загадала яму даручыць пабудову карабля іолкскаму будаўніку Аргу і папрасіла дачку Зеўса Афіну Паладу, заступніцу і ахоўніцу вучоных і рамеснікаў, кіраваць работай.

А пакуль будаваўся карабель, Язон аб'ехаў усю Грэцыю, збіраючы сабе спадарожнікаў для далёкага плавання.


Адплыццё


З вялікай пеліёнскай сасны, што ссек Язон, зрабілі аснову карабля. Прыладзілі сасновыя рэбры, змацавалі іх тоўстымі бярвёнамі; на іх наслалі палубу. Абшылі карабель дошкамі; у борце прарэзалі круглыя адтуліны для вёслаў і абшылі іх скурай. Пасярэдзіне карабля паставілі высокую тонкую сасну з перакладзінамі і на іх умацавалі палатняныя ветразі. У карму карабля ўставілі кавалак свяшчэннага дуба з Дадонскай дубровы. Гэты дуб быў чарадзейны: у шолаху яго лістоў людзі маглі пачуць свой лёс. Будаўнікі карабля спадзяваліся, што гэты кавалак дадонскага дуба падкажа мараплаўцам, што ім рабіць у цяжкую часіну. На носе карабля выразалі з дрэва прыгожую галаву багіні Геры, заступніцы адважных падарожнікаў, і пазалацілі яе: няхай ззяе і блішчыць яна спераду карабля, няхай здалёку бачаць усе, што сама Гера вядзе карабель Язона.

Шмат часу мінула, пакуль нарэшце быў пабудаваны карабель, прасмолены, аснашчаны і спушчаны на ваду.

І вось надышоў дзень, калі ў гавані Іолка стаў каля прычала цуда-карабель, лёгкі на хаду, устойлівы на хвалях, акрылены ветразямі, імклівы і прыгожы. Яго назвалі «Арго» - у гонар майстра, што пабудаваў яго.

Шумна і весела было ў Іолку. Пяцьдзесят самых лепшых грэчаскіх юнакоў, краса і сіла ўсёй Грэцыі, з'ехаліся сюды, каб на «Арго» плыць у далёкую Калхіду па залатое руно. Тут былі: магутны Геракл са сваім юным сябрам Гіласам, браты-блізняты Кастор і Палідэўк, якія ніколі не разлучаліся, браты Пелей і Тэламон з Фесаліі, афінскі цар Эгей, Лаэрт - цар выспы Ітакі, юны Адмет - сваяк Язона, сілач Ідас і мудры Амфіярай, які ўмеў адгадваць будучае; прыйшоў са сваёй кіфарай* славуты грэчаскі спявак Арфей; прыляцелі на магутных крылах два сыны бога ветру Барэя - Калаід і Зет. І шмат іншых герояў сабралася ў прызначаны дзень у Іолку. Галоўным у паходзе быў Язон, рулявым карабля - умелы і вопытны марак Тыфіс, яго памочнікам - зоркі Лінкей, які бачыў усё, нават глыбока пад зямлёй. Размеркавалі месцы для весляроў, а на кармавое вясло прызначылі двух самых дужых - Геракла і Анкея. Пагрузілі на «Арго» запасы харчоў, віна і прэснай вады, каб у дарозе было ўволю што піць і есці.

* Кіфара - музычны струнны інструмент.

Апошнюю ноч арганаўты - так называлі яны сябе - правялі на беразе мора, каля свайго карабля. Яны весяліліся, слухалі расказы бывалых людзей і цудоўныя песні Арфея і доўга не маглі заснуць.

На досвітку Тыфіс пабудзіў усіх: пара было адплываць. Весляры селі за вёслы, рулявы стаў каля руля.

Язон наліў поўную чашу віна.

- За шчаслівае плаванне! - усклікнуў ён і выліў віно ў мора - такі быў звычай маракоў перад адплыццём.

Весляры налеглі на вёслы, і «Арго» памчаўся па ціхім заліве.

За Пеліёнскім мысам, калі выйшлі ў адкрытае мора, арганаўты паставілі ветразі. Дзьмуў спадарожны вецер, і лёгкі карабель шпарка паплыў уздоўж гарыстых берагоў Фесаліі.

Вось коні Геліёса вынеслі на неба сонечную калясніцу - узышло сонца. Радаснымі воклічамі віталі арганаўты першы дзень свайго плавання. На небе не было ні хмурынкі, мора спакойнае. Сэрцы поўніліся чаканнем і надзеяй, вернымі спадарожнікамі мараходаў.

Зазвінелі залатыя струны, і моцны голас Арфея заглушыў плюскат хваляў за бортам карабля.

Пачуўшы песню Арфея, на паверхню мора выплылі дэльфіны і рыбы і паплылі за «Арго», нібы статак, які паслухмяна ідзе за пастухом.


На выспе Лемнас


Арганаўты доўга плылі ўздоўж берагоў Грэцыі, потым абагнулі апошні выступ Халкідскай паўвыспы і выйшлі ў адкрытае мора.

Аднойчы вечарам яны ўбачылі наперадзе ў моры вогненна-чырвоную выспу. Спачатку яны падумалі, што гэта сонца, якое якраз заходзіла, так афарбавала высокія горы на выспе. Але надышла ноч, усё пацямнела навокал, а невядомая выспа нібы палала у цемры перад імі, і чым бліжэй падплываў да яе «Арго», тым ярчэйшае было зарава.

Раптам з вяршыні гары, што ўзвышалася над выспай, вырваўся слуп агню, узняўся высока ў неба і з шумам і трэскам, рассыпаючы мільёны іскраў і распаленых камянёў, абрынуўся ў мора.

Арганаўты стоўпіліся на палубе, любаваліся велічным відовішчам і пыталіся адзін у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.

Надышла раніца, і агонь на выспе пагас, толькі густы дым ішоў з гары, як ідзе дым з коміна, калі ў доме паляць у печы.

«Арго» наблізіўся да берага. Каб хвалі не знеслі карабель, арганаўты апусцілі на дно - мора было тут неглыбокае - вялікі камень, абвязаны моцным канатам. Другі такі канат быў прымацаваны на карме: канец яго кінулі на бераг, і адзін з весляроў зачапіў яго за выступ скалы і завязаў вузлом.

Павольна сыходзілі на бераг арганаўты. Страшна было ступіць на зямлю, унутры якой таіўся агонь: яна здавалася ім гарачай і зыбкай. Агледзеўшыся, яны ўбачылі ўдалечыні гарадскія сцены і накіраваліся туды, каб даведацца, як называецца гэтая выспа і што за людзі тут жывуць.

Прыбыццё арганаўтаў ужо заўважылі ў горадзе: ледзь толькі яны адышліся ад берага, дзе прычаліў «Арго», як з гарадскіх варот выйшаў вялікі ўзброены атрад і, грозна падняўшы зброю, рушыў ім насустрач.

Арганаўты на ўсякі выпадак таксама пастроіліся ў баявы парадак і падрыхтаваліся да бою. Але зоркі Лінкей раптам засмяяўся і сказаў:

- Стойце, сябры, апусціце вашы мячы і коп'і: гэта жанчыны.

І сапраўды, гэта былі жанчыны ў воінскіх даспехах і са зброяй у руках.

Арганаўты спыніліся і здзіўлена разглядвалі незвычайных сваіх праціўнікаў. Убачыўшы, што чужынцы не збіраюцца нападаць на іх, жанчыны таксама спыніліся і, параіўшыся паміж сабою, паслалі наперад вястунку - даведацца, што гэта за людзі і чаго яны высадзіліся на выспе.

Арганаўты сказалі, што шлях іх ляжыць міма выспы, што яны і ў думках не маюць нічога кепскага, і папрасілі дазволу агледзець цудоўную выспу і папоўніць запасы харчоў і вады.

Ад вястункі яны даведаліся, што гэта выспа Лемнас.

Тут, у сярэдзіне вогнедышнай гары Масіхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калі ў божага майстра было асабліва шмат работы і яго аднавокія чаляднікі - кіклопы - моцна раздзімалі агонь, іскры ляцелі высока ў неба і ўся выспа дрыжала і ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калісьці ўкраў тытан Праметэй маленькую іскру, каб падарыць людзям агонь.

Са здзіўленнем арганаўты даведаліся, што на выспе зусім няма мужчын.

У горадзе жылі адны жанчыны; яны працавалі ў полі і ў майстэрнях, выконвалі ўсю мужчынскую работу. Абараняць выспу ад нападаў павінны былі таксама жанчыны.

Кіравала ўсім гэтым жаночым царствам маладая царыца Іпсіпіла.

Калі вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсім жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалі свае справы, і сказала:

- Мілыя сёстры! Мы дадзім чужынцам хлеба, садавіны і салодкага лемнаскага віна. Аднясём ім на карабель нашы дарункі. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, і мы не ведаем; што ў іх у галаве.

Але старая нянька царыцы, сівая Паліксо, запярэчыла:

- Паглядзіце на мяне: я сівая, я старая, я хутка памру. Калі старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо і араць зямлю, і сеяць хлеб, і жаць каласы ў полі? Хто абароніць горад ад нападу ваяўнічых суседзяў і вас саміх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом і пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самі багі паслалі нам гэты карабель і на ім пяцьдзесят адважных і дужых герояў. Па ўсім відаць, што гэта добрыя людзі. Паслухайцеся маёй парады: запрасіце іх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кіруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак і жонкі народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымі і будуць вашай апорай у любой справе і абаронцамі ад усіх ворагаў.

Так гаварыла старая Паліксо, і жанчыны, падумаўшы, згадзіліся з ёю. Хуценька запрэглі коней у калясніцу, нагрузілі яе кашамі з садавінай і збанамі з віном і паслалі вястунку да арганаўтаў - аддаць ім дарункі і запрасіць іх на банкет да царыцы Іпсіпілы.

Арганаўты з радасцю прынялі запрашэнне, апранулі свае самыя лепшыя ўборы і выправіліся ў горад. Толькі Геракл з юнаком Гіласам, Амфіярай і спявак Арфей засталіся вартаваць карабель.

Ветліва сустракалі жанчыны герояў на вуліцах горада, шырока адчынялі перад імі дзверы.

Язона прывялі ў палац царыцы, і яна сказала яму:

- Мы рады табе і тваім таварышам. Будзьце гасцямі на нашым свяце. Праславім уладара нашай выспы бога Гефеста і жонку яго - багіню Афрадыту!

Арганаўты разышліся па ўсім горадзе, і пачаўся вясёлы баль.

У час балю царыца сказала Язону:

- Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбі гэтую зямлю і, калі хочаш, застанься з намі, жыві ў гэтым палацы і будзь царом у нашым горадзе. І таварышам сваім загадай застацца на Лемнасе.

- Царыца, - сказаў Язон, - дзякуй за ласку і добрае слова, але я не магу застацца і быць царом на Лемнасе, хоць выспа твая і горад цудоўныя. Дарога мая далёкая і доўгая, і я павінен выканаць тое, што абяцаў. Я павінен здабыць залатое руно.

Царыца засмуцілася. Яна так ласкава пазірала на Язона, так весела гучалі песні ў горадзе, так бесклапотна танцавалі прыгожыя дзяўчаты на плошчах і вуліцах, а старая Паліксо так лагодна бурчала: «Куды спяшацца? Навошта спяшацца шукаць пагібель? Няхай небяспека сама шукае героя».

Баль змяняўся балем. Міналі гадзіны, і дні, і ночы, а арганаўты і не думалі вяртацца на свой карабель.

Доўга чакаў іх Геракл, нарэшце сам падаўся ў горад і пачаў сварыцца на сваіх бесклапотных таварышаў:

- Хіба для таго пабудаваны наш «Арго», каб хвалі білі яго аб лемнаскі бераг? Хіба для таго збіраў нас Язон па ўсёй Грэцыі, каб баляваць у гасцях у жанчын? Спадарожны вецер гоніць «Арго» ў дарогу, моцна напяты прычальны канат вось-вось парвецца. Хто не хоча быць пестам і дармаедам у жанчын - наперад, у дарогу па залатое руно! У дарогу, арганаўты!

Прысаромленыя, быццам пасля пахмелля, арганаўты зноў сабраліся разам і пачалі рыхтавацца да адплыцця.

Лемнаскія жанчыны прынеслі ім на карабель усё, чым багатая была выспа, і плакалі, развітваючыся з героямі, бо палюбілі іх і не хацелі расставацца з імі.

- Жадаем вам шчасця і ў плаванні, і ў вашай небяспечнай справе, - сказала Язону царыца Іпсіпіла і ціха дадала: - Калі ты здабудзеш залатое руно і зхочаш вярнуцца на Лемнас, я аддам табе горад, і ўладу, і сваё каханне. Помні пра гэта.

Але слёзы былі ў яе на вачах, бо яна прадчувала, што арганаўты ніколі не вернуцца на Лемнас.

Геракл падняў з дна камень, які трымаў карабель на месцы. Адвязалі ад лемнаскай скалы прычальны канат, і, згарнуўшыся, нібы змяя, ён паслухмяна лёг каля ног рулявога.

Весляры былі на сваіх месцах.

Язон падаў знак - у момант узляцелі вёслы, і «Арго» зноў рушыў у дарогу.


Мядзведжая гара


Арганаўты плылі проста на ўсход і доўга не бачылі нічога вакол, апрача мора і неба. Потым наперадзе паказаўся бераг. Паміж дзвюма градамі невысокіх прыбярэжных узгоркаў засінела вузкая паласа праліва. Хвалі з шумам грувасціліся ў праліве, і белая пена білася каля берагоў.

Арганаўты наблізіліся да таго месца, дзе патанула Гела, упаўшы з залатога барана.

- Гелеспонт! - сказаў рулявы Тыфіс.

Быстраходнаму лёгкаму «Арго» былі не страшныя ні віры, ні хуткае цячэнне, і арганаўты доўга плылі па вузкім доўгім праліве, з цікавасцю разглядаючы блізкі бераг. Калі мінулі праліў, вырашылі зрабіць прыпынак, перш чым плыць цераз Прапантыду - другое мора, што ляжала на іх шляху. Яны наблізіліся да берага.

Перад імі распасціралася нізкая зялёная раўніна, парослая сакавітай травою. Мора глыбока ўразалася ў гэтую раўніну і ўтварала ціхі заліў. Вузкая дарожка, нібы земляны масток, вяла ўгору, на высокую цёмную крутую гару, падобную на вялікага ўскудлачанага мядзведзя.

Ціха і спакойна было на беразе. Чарада тлустых авечак хадзіла па пашы; каля самага мора сушыліся на сонцы рыбацкія сеткі.

Арганаўты скіравалі свой карабель у заліў, знайшлі зручнае месца і прычалілі. Людзі, што жылі на беразе, сустрэлі іх ветліва. Гэта былі даліёны, дабрадушнае і мірнае племя.

Даліёны расказалі арганаўтам, што вядуць свой род ад бога мораў Пасейдона, што Пасейдон - іх заступнік і абаронца ад усіх ворагаў. Яны паказалі на высокую гару, якая навісала над залівам, і сказалі, што гэта Мядзведжая гара. На ёй жывуць шасцірукія веліканы; яны магутныя і лютыя, але баяцца Пасейдона і таму не чапаюць даліёнаў.

Неўзабаве з'явіўся на бераг і цар даліёнаў. Ён быў вельмі малады, амаль хлапчук, без вусоў і вельмі ласкавы, падобны на дзяўчынку. Яго звалі Кізік, як і зямлю, якой ён кіраваў. Кізік пачціва прывітаў герояў і запрасіў іх на банкет. Банкет быў надзвычай просты - засмажылі самых тлустых бараноў з царскай чарады і прынеслі садавіны і віна. Юны цар быў вясёлы, павёў гасцей на Мядзведжую гару - паглядзець на мора, расказаў ім, як лепш плыць далей, паказаў ім свае лугі і сады і падарыў з дзесятак найлепшых авечак на дарогу.

Арганаўты пераначавалі ў гасцінных даліёнаў і назаўтра раніцай сабраліся ў дарогу, развіталіся з Кізікам і селі на карабель.

Раптам вялікія камяні нібы сарваліся з Мядзведжай гары, паляцелі ў ваду каля «Арго»; пачуўся дзікі рык, і падарожнікі ўбачылі веліканаў. Яны былі вышынёй з маладую сасну, і ў кожнага, нібы сукі ў дрэве, тырчалі шэсць доўгіх рук: дзве, як у людзей, - ад плеч, дзве каля паясніцы і яшчэ дзве па баках. Веліканы з шумам выварочвалі камяні з гары, адрывалі цэлыя скалы і кідалі ў заліў, каб загарадзіць «выхад караблю ў адкрытае мора. Каменныя глыбы падалі ў ваду і маглі разбіць «Арго». Даліёны ад страху разбегліся, пахаваліся, і самі арганаўты разгубіліся. Тады Геракл схапіў свой лук, стаў на носе карабля і пачаў пускаць у веліканаў стрэлы. Адзін за другім, нібы падсечаныя пад корань дрэвы, падалі веліканы з гары ў мора. Прыкрыўшыся шчытамі ад камянёў і асколкаў, арганаўты сышлі на зямлю і распачалі бой з шасцірукімі. Веліканы былі перабіты, і, пакінуўшы іх на спажыву рыбам і птушкам, арганаўты адплылі ад Кізіка.

Цэлы дзень плыў «Арго», хутка аддаляючыся ад Мядзведжай гары. Калі надышоў вечар і карабель быў ужо далёка ад берага, у адкрытым моры раптам падзьмуў моцны вецер. Арганаўты ўзрадаваліся ветру, распусцілі ветразі і леглі спаць, не заўважыўшы, што вецер дзьме ў той бок, адкуль яны спачатку плылі. Уночы бура прыгнала іх назад да Кізіка, але ў цемры яны не пазналі знаёмага берага і падумалі, што гэта нейкая новая краіна на іх шляху. Яны прычалілі да берага і сышлі на зямлю, грозна бразгаючы зброяй.

Даліёны ў начной цемры таксама не пазналі арганаўтаў. Пачуўшы плёскат вёслаў і звон мячоў, яны падумалі, што гэта марскія разбойнікі выкарысталі бурную цёмную ноч і напалі на Кізік. Мячамі і коп'ямі сустрэлі цяпер даліёны сваіх учарашніх гасцей. Да світання не спыняўся на беразе жорсткі бой. Арганаўты былі больш вопытныя ў баі і дужэйшыя, і шмат даліёнаў загінула. Сам юны цар быў насмерць працяты меткім кап'ём Язона.

Калі ж развіднела і стала ўсё добра відаць наўкол, праціўнікі з жахам убачылі, што ў цемры ночы яны біліся з сябрамі.

Тры дні і тры ночы аплаквалі арганаўты і даліёны сваю жудасную памылку і смерць цара. Яго пахавалі на беразе мора і на магіле насыпалі высокі пагорак. І доўга ўзвышаўся гэты пагорак, і маракі з караблёў, якія заходзілі ў гавань, адразу пазнавалі тое месца.


Сварка на караблі


Сум агарнуў сэрцы арганаўтаў пасля таго злоснага жарту, які падстроіў ім вецер. Моўчкі выконваў кожны сваю дзённую работу; не чуваць было на караблі ні смеху, ні жартаў, ні расказаў бывалых маракоў. І Арфей не спяваў больш песень.

І мора было неспакойнае. Парывісты вецер увесь час мяняўся, сярдзіта дзьмуў і гнаў карабель то ў адзін, то ў другі бок. Цяжка было рулявому весці карабель, і вялікія хвалі перашкаджалі веслярам. Марудна плыў уперад «Арго».

Раптам зламалася вясло ў Геракла. Вясло адразу ж знесла цячэннем, толькі палка засталася ў руках у героя. Са злосці шпурнуў ён абломак у непрыветныя хвалі і пакінуў сваё месца сярод весляроў.

Язон сказаў рулявому:

- Кіруй да берага! Мы стаміліся змагацца з хвалямі, патрэбны адпачынак. І Гераклу патрэбна новае вясло. Ён знойдзе яго ў лесе на беразе. Прычалім да берага!

Рулявы паслухмяна накіраваў карабель да зямлі, і неўзабаве яны прысталі да пустыннага берага, зарослага густым лесам.

Геракл накінуў на плечы львіную шкуру, якую ён насіў замест плашча, узяў свой меч, лук і калчан са стрэламі і рушыў у лес па новае вясло. Стомленыя весляры з радасцю апусцілі вёслы, прылеглі на траве адпачыць, пакуль згатуецца вячэра, а юнага Гіласа, выхаванца Геракла, якога ён вельмі любіў, паслалі пашукаць у лесе ручай і прынесці вады.

Весела падсвістваючы птушкам, Гілас ішоў па лесе і прыслухоўваўся. Вось збоку, за кустамі, ледзь чутна ляпечуць лянівыя рачныя струмені. Хлопчык расхінуў кусты, і перад ім бліснула лясная затока. Было так ціха і такой ласкавай здавалася рака ў зялёных берагах, што Гілас без усякай апаскі падышоў да вады і доўга любаваўся, як цудоўна адлюстроўваліся ў рацэ кусты і дрэвы, і сіняе неба, і хмаркі, што плылі над лесам, і ён сам з вялікім збаном у руках. Раптам ён убачыў у празрыстай вадзе красуню німфу з зялёнымі валасамі; яна вабіла яго і клікала да сябе на дно, дзе быў такі чысты пясок і мільгалі рознакаляровыя рыбкі.

Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, і ў той жа момант дзве тонкія рукі высунуліся з вады, абнялі яго моцна за шыю і пацягнулі за сабою. Збан выпаў у яго з рук, і Гілас з жаласным крыкам апусціўся ў ваду.

Арганаўты пачулі яго крык. Паліфем, сябар Геракла, выхапіў меч, кінуўся ў гушчар - ён думаў, што лясны звер напаў на хлопчыка, і заспяшаўся на дапамогу. Але нікога не знайшоў ён каля ракі, толькі разбіты збан ляжаў у вадзе каля берага.

А Геракл тым часам паглыбіўся ў лес і знайшоў маладую сасну, якая здалася яму прыдатнай для новага вясла. Моцна абхапіўшы аберуч ствол, ён вырваў дрэва з коранем, узваліў сасну сабе на спіну і панёс на бераг мора, каб там абчасаць яе і зрабіць вясло. Пачуўшы, што прапаў Гілас, Геракл кінуў сасну на зямлю і падаўся на пошукі свайго любімца. Але дарэмна Геракл, прыгнуўшыся да зямлі, шукаў сляды на траве і ў кустах - след Гіласавых сандаляў быў відаць толькі на пяску каля самай вады.

Не, не лясны звер зацягнуў Гіласа ў сваю нару, не драпежная птушка схапіла яго. З усяе сілы крычалі Геракл і Паліфем, паварочваючыся на ўсе чатыры бакі, клікалі: «Гілас! Гілас!» І пачулі ў адказ слабы водгук - не то ўздых, не то стогн, быццам аднекуль здалёк адзываўся ім голас Гіласа. Яны не маглі зразумець, адкуль чуўся той голас, кідаліся ў розныя бакі. А голас ішоў з вады, і калі б яны зазірнулі ў раку, яны ўбачылі б, як плакаў і рваўся да іх з дна бедны Гілас і як німфы стараліся суцешыць яго пацалункамі.

Але сябры не ведалі, што хлопчык быў гэтак блізка ад іх, і падаліся на пошукі ў лясныя нетры. Усю ноч яны блукалі па лесе і зайшлі так далёка ад берага мора, што ўжо не маглі чуць, што рабілася на караблі.

Арганаўты добра адпачылі ў тую ноч. На досвітку, як толькі ўзышла заранка, прачнуўся рулявы Тыфіс і ўбачыў, што дзьме спадарожны вецер. Тыфіс пабудзіў таварышаў і пачаў прыспешваць з ад'ездам. Арганаўты хуценька сабраліся. Вецер надзьмуў белы ветразь, і карабель памчаўся па хвалях.

Узышло сонца, асвяціла карабель, і арганаўты ўбачылі, што месцы Геракла і Паліфема пустыя. І не было хлопчыка Гіласа. Гэта была першая страта ў дарозе, і арганаўты захваляваліся.

Што рабіць? Вярнуцца? Але ж вецер спадарожны... І яны ўжо ведаюць, як небяспечна вяртацца на старое месца. Плыць далей, кінуць таварышаў адных на чужой старане... «Не!.. Не!.. Няхай скажа Язон, што рабіць. Язон абраны старшым, Язон - начальнік, няхай распараджаецца Язон!» - так гаварылі арганаўты і акружылі Язона, патрабуючы, каб ён усё вырашыў.

Але Язон маўчаў, быццам не чуў, што яму гаварылі. Звесіўшы галаву, пануры сядзеў ён каля рулявога і думаў. Тады Тэламон, які больш за ўсіх любіў Геракла, гнеўна закрычаў:

- Чаго мы можам чакаць ад Язона! Паглядзіце, ён спакойны. Адзін ён спакойны. Я ведаю: ён заўсёды зайздросціў Гераклу, цяпер ён радуецца - ніхто больш не перашкодзіць яго славе. Можа, ён падстроіў усё гэта знарок. Ён ведаў, што Геракла няма з намі, калі адплываў карабель... І Тыфіс памагаў Язону ў гэтым.?. Не, я не хачу плыць далей з вамі! Назад! Назад! Чуеш, рулявы! Паварочвай назад, кіруй да берага!

Бліскаючы вачамі, кінуўся Тэламон да Тыфіса і сілком хацеў вырваць у яго руль, каб павярнуць карабель. Дзьмуў моцны вецер, і паварочваць было небяспечна. Два сыны Барэя, крылатыя героі, схапілі Тэламона за рукі, хацелі ўтрымаць яго і гучна лаяліся.

Раптам наляцела вялізная хваля, ударыла ў борт, магутная рука схапіла за карму і спыніла карабель. Увесь павіты водарасцямі, кудлаты, строгі, з'явіўся перад арганаўтамі бог мора і грозна сказаў:

- Кіньце сварыцца! Помніце, куды і чаго вы плывяце. Не вяртайцеся, спяшайцеся ўперад! Не па злым пажаданні Язона, а па мудрай волі Зеўса засталіся на беразе вашы таварышы. Іншыя справы, другія подзвігі чакаюць Геракла. А вы плывіце з Язонам далей.

Сказаў - і знік у марской глыбіні. Адразу ж, як вецер, суцішыўся гнеў Тэламона, і яму зрабілася сорамна, што ён пакрыўдзіў старшага таварыша. Прысаромлены, падышоў ён да Язона і ціха сказаў:

- Даруй мне за дзёрзкія і грубыя словы! Іх парадзілі смутак і гнеў.

Язон дараваў Тэламону і памірыўся з ім. Зноў быў мір на караблі, арганаўты дружна веславалі, і «Арго» плыў па моры ўсё далей і далей.


У царстве бебрыкаў


Паспешліва адплываючы з апошняй стаянкі, арганаўты забыліся папоўніць запасы прэснай вады, і хутка ім зноў давялося паварочваць да берага.

Набліжаючыся да зямлі, яны ўбачылі бедныя хаціны з камянёў і неабчасаных бярвёнаў і людзей у звярыных шкурах, дзікіх і ваяўнічых з выгляду. Заўважыўшы карабель арганаўтаў, дзікія людзі з крыкамі кінуліся да таго месца, дзе прычальваў карабель, стоўпіліся, нібы бараны, і з цікавасцю чакалі высадкі, не выказваючы ніякіх прыкмет гасціннасці. З натоўпу выйшаў чалавек вялізнага росту, у чорным плашчы, з цяжкай дубінай у руках.

Язон зразумеў, што перад ім правадыр гэтых дзікіх людзей, і, ступіўшы на зямлю, звярнуўся да яго.

- Вітаю цябе! - сказаў Язон. - Калі ласка, скажы нам, чыя гэта зямля і які народ тут жыве? Мы - арганаўты, вольныя мараплаўцы. Плывём з грэчаскага горада Іолка ў далёкую Калхіду, каб здабыць залатое руно, якое прыносіць людзям багацце і дастатак. Не бойцеся нас, мы не зробім вам ніякай шкоды. Мы толькі набяром у нашы пасудзіны свежай вады і паплывём далей. Вялікі Зеўс загадвае ўсім людзям быць гасціннымі і даваць прытулак падарожнікам...

- Не ведаю ніякага Зеўса! - груба перапыніў Язона чалавек у чорным плашчы. - Я - Амік, у мяне свае законы. Калі ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзіце! - І ён паказаў дубінаю: каля ўвахода ў паселішча на доўгіх жэрдках тырчалі высахлыя чалавечыя галовы. - Месца хопіць і для вас, марскія бадзягі! - засмяяўся дзікун.

Бебрыкі таксама ўсміхаліся, ім падабаўся жарт цара.

Амік гаварыў далей:

- Усіх чужаземцаў, якія ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! - І ён ганарыста ўзняў свой кулак велічынёй з галаву Язона. - Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзіць са мною на кулачкі! Хто мяне пераможа - будзе тут гаспадаром, каго я перамагу - з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?

Ледзь стрымліваючы гнеў, слухалі арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў ні слова і пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзіў Палідэўк.

- Мяне называлі калісьці лепшым кулачным байцом у Эладзе, - сказаў ён таварышам, - дазвольце мне ўціхамірыць гэтага бебрыка. - І, павярнуўшыся да Аміка, пачціва пакланіўся: - Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!

Велікан паглядзеў на Палідэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.

Але Палідэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч і шлем і аддаў у рукі брату Кастору, каб ён патрымаў іх у час бою.

Амік, сярдзіта буркнуўшы, адкінуў убок сваю дубіну з такою сілаю, што пыл узняўся слупам. Праціўнікі скінулі на траву свае плашчы і абматалі рамянямі рукі па локці.

Бебрыкі прагным натоўпам акружылі іх. Арганаўты горда стаялі стройнымі радамі воддаль.

- Ну, малы, зараз табе будуць канцы! - фанабэрыста сказаў Амік, размахнуўся і абрынуў свой цяжкі кулак проста на галаву Палідэўка.

Але Палідэўк своечасова ўхіліўся і стукнуў злёгку праціўніка ў жывот.

- О-хо-хо! - рагатнуў Амік. - Ты вёрткі, малыш, але не дражні мяне - я не люблю, калі мяне казычуць. - І, нагнуўшыся, з сілай выкінуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзі, пад сэрца.

Палідэўк адскочыў убок і з размаху стукнуў велікана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвінела і чырвоныя кругі паплылі перад вачамі. Бебрык раз'ятрыўся і, не памятаючы сябе, пачаў біць направа і налева, куды папала, трацячы дарэмна сілы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухіліцца, адскочыць назад і толькі стараўся знясіліць свайго праціўніка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесці рашаючы ўдар. Нібы раз'юшаны бугай, кідаўся Амік ва ўсе бакі, цяжка дыхаючы, і пот буйнымі кроплямі каціўся з расчырванелага твару і падаў на зямлю, нібы дождж.

А юны грэк, лёгкі і гнуткі, спрытна кружыўся вакол непаваротлівага бебрыка і раптам, імкліва напаўшы на яго, ударыў у скроню - раз і другі - з такою сілаю, што рассек яму чэрап.

Амік захістаўся, упаў на калені; кроў лінула ў яго з рота.

Узняўшы шчыты, гучна віталі пераможцу арганаўты.

Бебрыкі ж, як толькі ўбачылі, што цар іх забіты, кінуліся да Палідэўка з дубінамі. На выручку брату паспяшаўся з мячом Кастор і велікан Анкей са сваёй цяжкай сякерай. Давялося арганаўтам уступіць у нечаканы бой. Мячы скрыжаваліся з дубінамі. Бітва была нядоўгая. Бебрыкі ў жаху кінуліся наўцёкі; арганаўты гналіся за імі і вучылі гасціннасці.

- Мы прыйшлі да вас з мірам. Мы не хацелі рабіць вам зла, - гаварыў Язон. - Нам нічога не трэба было ад вас, акрамя добрага слова і свежай вады на дарогу. Запомніце ж цяпер нашу запаведзь: паважайце гасцей і чужаземцаў. Па нашых слядах прыплывуць іншыя - сустракайце іх як сяброў, памагайце тым, хто смела плыве ўперад па нязведаных морах, хто пракладае дарогу для ўсіх!

Язон загадаў зняць з жэрдак мёртвыя галовы чужаземцаў, забітых Амікам, і пахаваць іх.

Перапалоханыя бебрыкі прынеслі арганаўтам багатыя дарункі і наладзілі баль. Героі перавязалі свае раны, забылі пра нядаўнюю бойку і весела балявалі на беразе перад паселішчам бебрыкаў.

Пераможна гучала залатая кіфара, спяваў Арфей, і людзі ў звярыных шкурах са здзіўленнем слухалі песні далёкай краіны.


Арганаўты ў Салмідэсе. Голуб Фінэя


Усё далей і далей на ўсход плыў «Арго». Ужо шмат дзён былі арганаўты ў дарозе. Яны мінулі другое мора і хутка павінны былі ўбачыць трэцяе - апошняе на іх шляху, самае шырокае, бурнае і невядомае мора. Нават спрактыкаваны марак Тыфіс нічога не ведаў пра яго. Арганаўты доўга шукалі праходу з Прапантыды ў гэтае новае мора і, перш чым рушыць у апошні пераход, вырашылі адпачыць і спыніліся паблізу фракійскага горада Салмідэса.

Незвычайная цішыня сустрэла іх на беразе. Гавань была пустая і закінутая, гарадскія вуліцы бязлюдныя, дамы зачынены наглуха.

Арганаўты прайшлі па бязлюдным горадзе і наблізіліся да царскага дома. Страшэннае запусценне панавала тут. Усе расліны ў царскім садзе загінулі. Куча агіднага бруду ляжала перад домам; сонца паліла яго, і нясцерпны смурод стаяў у паветры. На расчыненых варотах сядзелі дзве вялізныя худыя птушкі і, схаваўшы галовы пад крылы, спалі.

Са здзіўленнем глядзелі на ўсё гэта арганаўты і хацелі былі ўжо як мага хутчэй прайсці міма, як раптам пачулі чыйсьці слабы голас. Яны адгукнуліся. З дома выйшаў, хістаючыся, стары і рушыў да іх, працягнуўшы ўперад дрыжачыя рукі і асцярожна ступаючы, нібы сляпы. Ён і сапраўды быў сляпы і такі знясілены і худы, што страшна было глядзець на яго. Ён ледзь дайшоў да прышэльцаў, аслабеў і ўпаў перад імі на зямлю. Арганаўты паднялі яго, прывялі да ганка, пасадзілі і абступілі, чакаючы, што ён скажа.

Аддыхаўшыся, стары загаварыў ціхім і сумным голасам:

- Я пазнаў вас, героі Элады! Сэрца падказала мне, што вы - тыя, што адважыліся плыць па залатое руно цераз тры моры ў далёкую Калхіду. Арганаўты, таварышы і спадарожнікі Язона, гэта вы! Даўно ўжо я чакаю вас. Мне прадказана, што вы прыйдзеце і выратуеце мяне. Слухайце! Калісьці быў я царом у Салмідэсе. Маё імя Фінэй...

Пачуўшы гэтае імя, з крыкам кінуліся да старога Барэады, два крылатыя браты, сыны бога вятроў, і спыніліся, баючыся паверыць сваім вачам: гэта быў муж іх любімай сястры, фракійскі цар Фінэй.

- Так, я не чужы вам, - сказаў стары, - я быў жанаты на красуні дачцэ Барэя. Два мілыя сыны ў мяне былі, быў я багаты і шчаслівы. Я ўмеў прадказваць будучае, многія таямніцы былі мне адкрыты, але я не меў права таварыць пра іх. А я быў добры і мяккасардэчны і пачаў гаварыць людзям пра іх лёс. Багі загневаліся на мяне: я аслеп. Сям'я мая распалася, сыны сышлі ад мяне. Людзі пакінулі мяне аднаго, таму што багі паслалі сюды страшыдлаў, якія пільнуюць мяне і не дазваляюць нікому памагчы мне. Голад мучыць мяне, я паміраю ад знясілення... Выратуйце мяне, Барэады!

Арганаўтам зрабілася шкада старога, яны хуценька сабралі тое, што ў іх было з сабою - хлеб, кавалак сыру і крыху садавіны, - і палажылі старому на калені.

- Бяры і еш, - сказаў Язон. - Падсілкуйся крыху, ды пойдзем з намі на «Арго», там мы накормім цябе ўдосталь.

Раптам пачуўся хрыплы і працяглы крык і лопат крылаў: птушкі на варотах прачнуліся і ўзнялі галовы. Арганаўты ўбачылі: птушкі мелі жаночыя галовы, на доўгіх голых шыях, брыдкія, кашчавыя старыя і страшныя твары. Ганарыста і прагна пазіралі яны на Фінэя і нецярпліва пераступалі лапамі з доўгімі кручкаватымі пальцамі.

Раптам яны ўзляцелі і з крыкам пачалі кружыцца над домам.

Стары спалохаўся і ўпусціў з рук ежу.

- Гэта Гарпіі. Хутка яны прыляцяць, - прамармытаў ён. - Вось яны!

Як гнеў багоў, зляцелі няўмольныя Гарпіі на няшчаснага Фінэя, кіпцюрамі раздзіралі яму рукі і вопратку. Яны выхапілі ў яго хлеб і садавіну, у адно імгненне зжэрлі ўсё і паляцелі, апырскаўшы беднага старога смярдзючай гразёю.

Крылатыя сыны Барэя выхапілі свае мячы і паляцелі за імі. Гарпіі з крыкам памчаліся на захад, за мора. Барэады пагналіся за імі і неўзабаве зніклі ў марскім тумане. Тады з неба цераз усё мора перакінулася сяміколерная дуга, на зямлю сышла вястунка багоў багіня Ірыда і сказала Фінэю, што час яго пакарання скончыўся, багі даравалі яму і злосныя Гарпіі ніколі больш не прыляцяць да яго дома.

Убачыўшы, што Гарпіі паляцелі далёка за мора, салмідэскія жыхары пачалі выходзіць з дамоў. Хуценька вычысцілі яны двор і дом, памылі самога Фінэя і апранулі яго ў чыстае адзенне. На шпаркіх крылах сваіх вярнуліся назад Барэады і з радасцю абнялі Фінэя. Арганаўты прынеслі з карабля тлустую авечку, якую падарылі ім бебрыкі, згатавалі смачны абед, пакармілі Фінэя, елі самі і частавалі ўсіх, хто быў галодны ў Салмідэсе. А калі ўсе наеліся, паселі каля вогнішча, пілі віно, гаварылі пра тое, як ім далей плыць, пра невядомае мора, і пыталіся ў Фінэя, што чакае іх наперадзе. Удзячны Фінэй так адказаў сваім выратавальнікам:

- Я не магу сказаць вам, што з вамі будзе, - багі зноў загневаюцца на мяне. Але я магу даць вам параду. Калі вы пакінеце салмідэскую гавань і ўвойдзеце ў праліў, які злучае Прапантыду з другім морам, вы ўбачыце ў канцы праліва дзве скалы. Гэта Сімплягады. Яны не стаяць на адным месцы - увесь час то збліжаюцца, стукаючыся адна аб адну, то разыходзяцца. Ніхто з людзей смяротных яшчэ не праходзіў паміж Сімплягадамі, ні адзін карабель не праплываў паміж імі. Але вам нельга абмінуць іх: яны стаяць на вашым шляху. Зрабіце так. Вазьміце з сабою голуба і, як наблізіцеся да Сімплягадаў, пусціце наперад птушку. Калі яна паспее праляцець паміж скалаў, смела плывіце, толькі спяшайцеся, хутчэй вяслуйце - усё залежыць ад сілы і хуткасці вашых рук. Калі ж скалы раздушаць голуба, адразу ж вяртайцеся назад - значыць, няма вам далей дарогі.

Пачуўшы гэта, салмідэскія хлапчукі пабеглі, злавілі маладога голуба і прынеслі сляпому цару.

Фінэй абмацаў, ці дужыя крылы ў птушкі, і аддаў голуба Язону.

Назаўтра раніцай арганаўты развіталіся з Фінэем, селі на карабель і паплылі туды, дзе чакала іх удача або пагібель.


Паміж рухомымі скаламі


Арганаўты павольна плылі па вузкім, усыпаным падводнымі камянямі праліве, глядзелі ўперад і маўчалі, таму што ў час небяспекі дужы не хоча паказваць перад іншымі сваю трывогу і ў сабе самім шукае падтрымкі.

Праліў пашыраўся ў канцы; ужо віднеліся вялізныя сінія скалы, якія закрывалі выхад у мора, і чуваць было, як біліся аб іх хвалі.

- Сімплягады! - сказаў урачыста Тыфіс.

І ўсе ўбачылі, як скалы раптам рассунуліся, разышліся, пакідаючы праход, нібы запрашалі «Арго» прайсці паміж імі. Хвалі з шумам рынуліся ў праход, несучы карабель уперад. Але тут скалы зноў сышліся, з грукатам стукнуўшыся адна аб адну. Мора вакол зашыпела, і белая пена ўскіпела на грабянях хваль.

Хвалі неслі «Арго» проста на скалы. На носе карабля стаяў Язон і трымаў у руках голуба. Як толькі скалы разышліся зноў, Язон выпусціў птушку ў праход; яна паляцела паміж скалаў, якія хутка сыходзіліся зноў, пагражаючы раздушыць маленькі белы камячок. З грукатам сутыкнуліся гмахі, і мора адкінула карабель назад. Ён закружыўся, нібы трэска. Зноў рассунуліся скалы, і арганаўты з радасцю ўбачылі, што белы голуб праляцеў Сімплягады. Яны гучна закрычалі.

Тыфіс загадаў веславаць з усяе сілы і як мага хутчэй.

Мора раптам уздыбілася пад караблём і кінула яго ў паток паміж скаламі. Насустрач «Арго» ішла другая хваля, яшчэ вышэйшая, і вёслы арганаўтаў сагнуліся ў дугу.

Тады Тыфіс загадаў: «Кіньце веславаць!» - і вёслы, узляцеўшы ўгору, спыніліся. Грозны вал пакаціўся пад кіль карабля і пачаў кідаць і круціць «Арго», а скалы ўжо сыходзіліся.

- О, царыца Алімпа, выратуй нас! - пачалі маліць арганаўты.

І вось над бурлівым морам з'явілася сама багіня Гера. Левай рукой яна спыніла скалу, якая пагражала раздушыць карабель, а праваю моцна штурхнула «Арго» ўперад, і ён нібы страла праляцеў паміж скалаў.

Быццам злуючыся, спыніліся грозныя скалы і ўжо не сышліся больш. Так і засталіся яны стаяць каля ўвахода ў мора, і з таго часу караблі свабодна праплываюць паміж імі.


Канец дарогі


Арганаўты апынуліся на марскім прасторы і шумна радаваліся, што пазбеглі пагібелі.

- Цяпер нам нічога не страшна! - сказаў весела рулявы. - Мы мінулі Сімплягады, і гэта добрая прыкмета: мінуем і ўсе перашкоды, якія яшчэ нас чакаюць.

Але Язон меў збянтэжаны і сумны выгляд.

- Гэта мая віна, - гаварыў ён, - я завабіў вас у чужое страшнае мора, я прымусіў гэтак цяжка вас працаваць, праз мяне вы рызыкуеце сваім жыццём... Навошта я паклікаў вас з сабою ў падарожжа, якое пагражае небяспекаю? Сядзелі б вы спакойна дома...

Ды гэта былі толькі хітрыкі: ён хацеў упэўніцца, ці не аслабелі духам арганаўты пасля суровага выпрабавання каля рухомых скалаў.

Героі адказалі смехам на хітрыя словы Язона.

- Тады паплывём далей! - усклікнуў ён весела. - У Калхіду, у Калхіду! Здабудзем залатое руно!

І «Арго» паплыў далей.

Аддаліўшыся ад Сімплягадаў, арганаўты павярнулі направа і паплылі ўздоўж берагоў, асцярожна абмінаючы скалістыя мысы і вялікія водмелі, якіх сустракалася цяпер шмат на іх шляху. Яны праплывалі міма земляў, населеных рознымі народамі, невядомымі ім раней, бачылі ваяўнічых жанчын-амазонак, якія праносіліся на дзікіх конях, бачылі высокія вежы, пабудаваныя на гарах, зарослых лесам, мінулі краіну халібаў, якія здабывалі з зямлі жалеза.

Аднойчы ўдзень «Арго» наблізіўся да невядомай выспы. Вялікая чырвоная птушка сядзела на беразе і, убачыўшы «Арго», паляцела яму насустрач.

Падарожнікі са здзіўленнем пазіралі на яе. Раптам яна скінула пяро. Яно ўпала на карабель і ўпілося ў плячо аднаго з весляроў. Палілася кроў, і ад болю вясляр выпусціў з рук вясло. Выцягнулі пяро з раны і ўбачылі, што гэта была вострая медная страла.

Прыляцела другая птушка. Адзін з арганаўтаў схапіў свой лук і стрэліў у яе. Птушка ўпала ў мора. Пер'е яе звінела і зіхацела на сонцы.

Тады адзін са старэйшых арганаўтаў сказаў:

- Гэта Сцімфаліды - медныя птушкі бога вайны. Іх пер'е раніць, як стрэлы. Трэба надзець шлемы, прыкрыцца шчытамі, каб яны не нарабілі нам шкоды.

Арганаўты надзелі шлемы, прыкрыліся шчытамі і, падплываючы да берага, моцна крычалі і грукалі мячамі ў шчыты. Сцімфаліды ўзляцелі над выспай, асыпаючы «Арго» медным пер'ем. Пёры стукаліся аб шчыты, і ў паветры стаяў такі шум і звон, што напалоханыя птушкі ўзняліся і паляцелі прэч.

Арганаўты прычалілі да берага і знайшлі тут чатырох юнакоў, абарваных і галодных. Гэта былі сыны Фрыкса. Пасля смерці іх бацькі цар Ээт выгнаў іх з Калхіды і адправіў на караблі ў Грэцыю. Але бура разбіла карабель, і мора выкінула іх на гэту пустэльную выспу, дзе іх чакала галодная смерць.

Арганаўты ўзрадаваліся сустрэчы.

- Вы з Калхіды плылі ў Грэцыю, а мы з Грэцыі плывём у Калхіду па залатое руно, якое ваш бацька пакінуў у Ээта, - сказаў юнакам Язон і прапанаваў ім: - Вяртайцеся з намі ў Калхіду, памажыце нам здабыць залатое руно, і мы адвязём вас потым у Архамен, на радзіму Фрыкса.

Але юнакі спалохана круцілі галовамі. Старэйшы сказаў:

- Вы задумалі цяжкую справу. Цар Калхіды жорсткі і злосны і не аддасць вам залатое руно. І нават калі б ён згадзіўся аддаць вам яго, вы не зможаце перамагчы дракона, які пільнуе руно ў гаі Арэса. Гэты дракон ніколі не спіць, удзень і ўночы расплюшчаны яго вочы. Ён здалёку бачыць усіх, хто хоча падысці да свяшчэннага дуба, на якім вісіць залатое руно. І гора таму, хто падыдзе занадта блізка!

Арганаўтаў збянтэжылі гэтыя словы, але храбры Пялей сказаў:

- Не палохай нас, дзіця! Мы ведаем, што такое небяспека. Ёсць сіла ў нашых руках, нашы мячы вострыя і шчыты надзейныя. Мы воіны, і нам памагаюць багі Алімпа. Ужо зусім мала засталося нам плыць да Калхіды, а там няхай будзе што будзе!

На світанні паднялі ветразі, і сыны Фрыкса сталі на карме і памагалі рулявому кіраваць карабель да берагоў Калхіды. Плылі цэлы дзень - апошні дзень паходу - і да ночы дайшлі да вусця вялікай ракі. Гэта быў Фазіс, паўнаводная рака Калхіды.

Арганаўты згарнулі ветразі, на вёслах увайшлі ў раку і падняліся ўверх па цячэнні. Леваруч яны ўбачылі снежныя вяршыні Каўказа і на беразе горад Ээта, справа распасціралася пустое поле Арэса і цямнеў гай, дзе нядрэмны дракон пільнаваў залатое руно.

Усе арганаўты сабраліся на палубе, і Язон стаў каля пазалочанай галавы багіні - ахавальніцы «Арго», наліў поўную чашу віна і выліў у ваду - у гонар маці-Зямлі, да якой яны набліжаліся, у гонар багоў, якія памагаюць падарожнікам, і ў памяць герояў, што загінулі ў дарозе. Потым скіравалі карабель у трыснёг, што рос каля берагоў, і, схаваўшыся ў высокай траве, паснулі амаль там, куды дагэтуль плылі.


Язон у цара Калхіды


На досвітку арганаўты прачнуліся і пачалі раіцца, што ім рабіць. Асцярожны Язон парашыў: усім заставацца на караблі і чакаць, а самому з сынамі Фрыкса і яшчэ двума арганаўтамі ісці ў палац Ээта - разведаць: ці не згодзіцца цар добраахвотна аддаць руно. І вось Язон разам з сынамі Фрыкса, з Тэламонам і Аўгіясам выправіўся да цара Калхіды Ээта. Па дарозе ў горад яны трапілі ў вялікі сад, дзе на кожным дрэве вісеў на ланцугу мярцвяк, укручаны ў шкуру вала. Яны жахнуліся. Але гэта быў звычайны калхідскі могільнік - так хавалі колхі сваіх мужчын, жанчын жа яны закопвалі ў зямлю.

Калі арганаўты ўвайшлі ў горад, густы туман апусціўся на зямлю, так што за тры крокі нельга было распазнаць сустрэчнага. Гэта заступніца Гера схавала ад вачэй колхаў прышэльцаў, каб яны без перашкод дайшлі да палаца Ээта. Тут туман развеяўся, і яны ўбачылі царскі палац з высокімі вежамі, з шырокімі варотамі, якія вялі ў вялікі чатырохкутны двор. У кутках яго білі чатыры фантаны. З аднаго струменем лілося малако, з другога - віно, з трэцяга - духмяны кветачны алей, з чацвёртага - сцюдзёная празрыстая вада. Пасярэдзіне быў вінаграднік. Двор акружалі чатыры палацы. У самым вялікім і прыгожым жыў Ээт са сваёй жонкай, а ў астатніх трох - яго сын Апсірт і дочкі Халкіопа і Медэя.

Зачараваныя гэтай прыгажосцю і багаццем, Язон і яго таварышы спыніліся каля аднаго з палацаў і моўчкі азіраліся па баках. У гэты час адчыніліся высокія дзверы, і ў двор выйшла дзяўчына ў доўгім чорным адзенні. Гэта была Медэя, малодшая дачка Ээта. Убачыўшы незнаёмцаў каля сваіх дзвярэй, яна спалохалася і закрычала. На крык выбегла з палаца яе сястра Халкіопа, жонка забітага Фрыкса. Сыны Фрыкса кінуліся да маці, і яна з плачам абняла іх. Яны расказалі Халкіопе, чаму вярнуліся ў Калхіду, і паказалі ёй на сваіх спадарожнікаў. Язон прывітаў Халкіопу і папрасіў, каб яна памагла ім. Медэя стаяла збоку і не ўдзельнічала ў размове, але яе чорныя вочы не адрываліся ад твару Язона, і тайная пяшчота да гэтага чужога чалавека раптам ахапіла яе з незразумелаю сілай.

Між тым цар, даведаўшыся, што прыехалі ўнукі і з імі нейкія чужаземцы, прыслаў слугу паклікаць усіх да сябе.

Са страхам увайшлі арганаўты ў вялікі палац, не ведаючы, што іх чакае.

У вялікай прыгожай зале за сталом на пазалочаным крэсле, пакрытым звярынай шкурай, сядзеў цар Калхіды і абедаў. Ён сустрэў арганаўтаў няветліва, ледзь кіўнуў галавой і сказаў:

- Будзьце гасцямі, калі прыйшлі. - І, нахмурыўшыся, спытаў у старэйшага сына Фрыкса: - Што прымусіла вас вярнуцца?

Юнак расказаў пра караблекрушэнне і пра тое, як яго і братоў выратавалі арганаўты, якія плылі ў Калхіду.

- Чаго? - было кароткае пытанне.

Сын Фрыкса збянтэжыўся, паказаў на Язона і назваў яго імя:

- Цар Іолка загадаў яму раздабыць залатое руно, якое пакінуў у цябе мой бацька.

- Выдумкі! - грымнуў у адказ Ээт. - Я вас бачу наскрозь, дзеці элінскага беглага царэвіча! Вы знайшлі сабе абаронцу сярод сваіх родзічаў і вярнуліся, каб адабраць у мяне царства! Вы прывялі сюды гэтых воінаў і пасадзілі за мой стол, як гасцей, каб я не мог забіць іх! Прэч адсюль, пакуль вы жывыя, пакуль я не загадаў схапіць вас усіх да аднаго!

Запальчывы Тэламон усхапіўся са свайго месца і закрычаў:

- Не смей зневажаць нас, варвар*!

* Варвар - варварамі старажытныя грэкі і рымляне называлі ўсіх чужаземцаў.

Але Язон спыніў яго дужаю рукою, выйшаў з-за стала і сказаў цару спакойна:

- Мы праплылі тры моры, мінулі шмат краін. Нас прасілі застацца жыць на Лемнасе; мы перамаглі бебрыкаў; мы знішчылі веліканаў з Мядзведжай гары. Калі б нам патрэбна была зямля, навошта нам было плыць так далёка? Не хвалюйся, нам не патрэбна тваё царства. Мы прыплылі сюды па залатое руно. Але мы не жабракі і не разбойнікі. Мы ўмеем трымаць зброю ў руках і гатовы паслужыць табе за руно. Калі ў цябе ёсць ворагі, пашлі нас біцца з імі. Клянуся, мы зможам заваяваць залатое руно.

Цар задумліва слухаў Язона. Ён прыкідваў: схапіць Язона сілай зараз жа ці загубіць хітрасцю?

Потым сказаў:

- Сваіх ворагаў я забіваю сам, мне не патрэбна дапамога чужаземцаў. Я зусім не даражу залатым руном і мог бы падарыць яго табе, ды баюся гэтым падарункам варвара пакрыўдзіць смелых падарожнікаў. Я дам табе магчымасць зарабіць руно. У мяне ёсць два прыгожыя і магутныя валы - мне падарыў іх божы майстар Гефест, і ёсць пустое поле, дзе нічога не расце. Запражы маіх валоў, узары гэтае поле, засей яго, і, калі поле зарунее, ты атрымаеш тое, што табе належыць.

Язон здзівіўся такому простаму даручэнню і падумаў, ці няма тут якога каварства.

Ээт усміхнуўся:

- Бачу я, ты лічыш гэту работу простай і ганебнай для сябе. Дарэмна! Гэтая работа вельмі цяжкая, не кожны выканае яе. Я не ведаю, герой, ці хопіць у цябе сілы справіцца з ёю.

І ён так паглядзеў на Язона, што арганаўт задрыжаў і зразумеў, што работа не такая простая, як яму здалося спачатку.

- Ідзі цяпер на свой карабель, - гаварыў далей Ээт, - раскажы таварышам, які міласцівы да вас цар Калхіды. Заўтра раніцай прыходзь на той бераг, на поле Арэса. Валы пасуцца там каля ракі. Я прыеду і прывязу табе насенне.

Язон развітаўся з царом, і арганаўты пайшлі. Калі яны праходзілі па двары, Язона спыніла старая - служанка Медэі:

- Мая гаспадыня просіць цябе прыйсці зараз у храм Гекаты. Яна будзе чакаць цябе там. Спяшайся, бо жыццё тваё і тваіх таварышаў у небяспецы.

Язон загадаў Тэламону і Аўгіясу вярнуцца на карабель і чакаць яго там, а сам узяў за правадніка сына Фрыкса і падаўся ў храм Гекаты.


Чараўніца Медэя


Храм Гекаты, багіні зданяў і жахаў, знаходзіўся за горадам, у гаі на пагорку. Там стаяла статуя, якая мела тры твары - у знак таго, што багіні падуладны неба, зямля і падземнае царства.

У гаі бадзяліся сабакі, прысвечаныя Гекаце, жаласна бляялі ў траве чорныя ягняты, падрыхтаваныя для ахвяраў багіні.

Калі Язон, пакінуўшы свайго юнага спадарожніка, зайшоў у гай Гекаты, Медэя выйшла яму насустрач і сказала:

- Я дачка Ээта, Медэя. Я служу Гекаце і ведаю шмат такога, чаго не ведаюць людзі. Я магу ажывіць забітага і зрабіць старога маладым. Магу прынесці ў дом няшчасце, наслаць страх і тугу на чалавека, пазбавіць яго спакою. Сам цар, мой бацька, баіцца мяне. Але табе я не жадаю зла. Слухай! Цар задаў табе страшную задачу. Валы, на якіх ты павінен узараць поле, насенне для пасеву і само поле - не простыя. У валоў гэтых медныя ногі, агонь вылятае з пашчы - гэта валы бога Сонца. Шалёныя яны, і звычайнаму чалавеку не справіцца з імі. Замест насення цар дасць табе зубы дракона. Калі ты пасееш іх на полі Арэса, там вырастуць воіны без ліку і заб'юць вас усіх.

Так гаварыла Медэя і пазірала на Язона з жалем.

Язон апусціў галаву:

- Ну што ж... Адступаць няма куды. Мяне чакае пагібель. Але людзі не назавуць мяне баязліўцам.

Медэя сказала:

- Я не хачу тваёй пагібелі. Не ведаю чаму - мне шкада цябе, чужаземец! Мне хочацца выратаваць цябе!

- Тады памажы нам, калі ты можаш! - усклікнуў Язон. - Памажы здабыць залатое руно, і я праслаўлю цябе па ўсёй Эладзе. За трыма марамі, далёка адсюль, мы будзем з удзячнасцю паўтараць тваё імя.

Тады чараўніца дала яму ракавіну з цёмнай маззю і сказала:

- Недалёка адсюль, у гарах, да скалы над морам прыкаваны тытан Праметэй. Ён выкраў у багоў іскру боскага агню і падарыў людзям. За гэта багі жорстка пакаралі яго. Кожны дзень прылятае арол і дзяўбе яго печань. Кроў капае з раны на скалу і на пясок каля мора. На пяску, палітым крывёю Праметэя, вырастае дзікая і страшная кветка. З чорнага кораня гэтай кветкі я здабыла чарадзейны сок і прыгатавала гэтую мазь. Вазьмі яе. Апоўначы апраніся ў чорнае, ідзі да ракі, пакупайся ў ціхай вадзе, а раніцай натры гэтай маззю ўсё сваё цела, і яно зробіцца дужым і непаражальным, і агонь з пашчаў валоў не пашкодзіць табе. Змаж таксама ўсю сваю зброю - меч, і кап'ё, і шчыт. Гэта мазь дае сілу на адзін толькі дзень. Але ў цябе хопіць часу, каб выканаць усё, што патрабуе цар. Калі з зубоў дракона, якія ты пасееш на полі, вырастуць узброеныя людзі, шпурні адразу ж у іх каменем. Яны не ўбачаць, хто гэта зрабіў, падумаюць адзін на аднаго, пачнуць біцца між сабою - і ты зможаш адзін пазабіваць іх усіх. Цяпер ідзі, жадаю табе ўдачы. Але калі ты возьмеш залатое руно, паедзеш адсюль і будзеш шчасліва жыць на сваёй радзіме, не забывай мяне. Абяцай, што ты мяне не забудзеш!

Яна глядзела на Язона з любоўю і здалася яму ў гэту хвіліну такой добрай і прыгожай, што ён пачаў прасіць яе:

- Паедзем са мною. Я вазьму цябе на «Арго», звязу ад твайго ліхога бацькі, і ты будзеш маёй жонкаю і царыцай у Іолку.

Медэя маўчала і круціла галавою, хоць словы Язона і радавалі яе.

Доўга стаялі яны разам у гаі Гекаты і пазіралі адно на аднаго.

Сонца пачало хіліцца да захаду, і Язону пара было вяртацца на карабель.

- Заўтра, калі цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусціць цябе са мною, - сказаў Язон.

І яны рассталіся.


На полі Арэса


Раніцай цар Калхіды надзеў свае даспехі, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на калясніцу і паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў - усім хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.

А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела і зброю і адчуў у сабе вялікую сілу. Ён быў увесь нібы выкаваны з жалеза, і ні кап'ё, ні меч не маглі прычыніць яму шкоды.

Арганаўты селі на карабель і паплылі да поля Арэса, дзе іх ужо чакаў Ээт.

Язон узяў у цара зубы дракона і адзін выйшаў у поле. На краі поля ляжалі ярмо і плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялі валы. Раптоўна, нібы адчуўшы, што герой ідзе да іх, яны з рыкам выскачылі са стойла і рынуліся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом і стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сіле. Валы стукнулі рагамі ў шчыт і адскочылі прэч. Яны зараўлі, выпусцілі сноп агню, хацелі спапяліць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоілася, абмінула Язона і сышлося за яго галавой. Жывы і здаровы ў кальцы агню, ён смела схапіў рукою за рог аднаго вала, потым другога і надзеў на іх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг і пагнаў па полі. Арганаўты радасна закрычалі, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзівіўся незвычайнай сіле героя.

Шпарка імчаліся па полі валы, рэжучы плугам глыбокія барозны, і Язон кідаў на ўзараную зямлю зубы дракона.

Шмат разоў прабеглі валы з канца ў канец Арэсава поля, і вось усё яно было ўзарана і засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў і кап'ём загнаў іх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воіны, ён пайшоў на бераг ракі, зачэрпнуў шлемам вады і напіўся. І адчуў, што сілы ў ім ані не паменшала. Ён глядзеў на поле і чакаў.

Нібы першыя парасткі, паказаліся з зямлі канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблішчалі шчыты, зазвінелі, раскідваючы зямлю, мячы - і ў адно імгненне ўсё поле запоўнілася воінамі.

Язон памятаў хітрую параду Медэі. Ён падняў з зямлі вялізны камень, які чатыры дужыя чалавекі ледзь маглі б скрануць з месца, размахнуўся, шпурнуў яго ў сярэдзіну і забіў адразу некалькі воінаў. Воіны не зразумелі, адкуль прыйшла бяда, выцягнулі мячы і пачалі забіваць адзін аднаго. Тады Язон смела напаў на іх, сек і знішчаў усіх, хто яму трапляўся. Хутка ўсё поле пакрылася трупамі, і чорная кроў запоўніла да краёў барозны, якія засталіся пасля плуга.

З жахам пазіралі колхі, як распраўляўся Язон з воінамі, што выраслі з зубоў дракона. Цар Ээт ад гневу не мог вымавіць ні слова. Раз'юшаны, хвасянуў ён па конях і памчаўся прэч з Арэсава поля.

- Я скончыў маю работу. Заўтра цар павінен аддаць мне залатое руно, - сказаў Язон.

Надышоў вечар. Цудоўная сіла пакідала Язона. Арганаўты акружылі яго і павялі на карабель адпачыць.


Выкраданне залатога руна


Вярнуўшыся з Арэсава поля дадому, жыхары Калхіды шмат гаварылі пра страшную сілу чужаземцаў, што прыплылі на караблі «Арго». У горадзе было неспакойна. Увечары ў палац Ээта прыйшлі знакамітыя колхі і, зачыніўшыся з царом, пачалі раіцца, як пагубіць небяспечных гасцей.

Медэя адчувала, што цар ведае, што яна памагла Язону, і са страхам чакала бацькоўскага гневу. Яна ведала, які жорсткі і няўмольны, які каварны сын Сонца, і баялася за сябе і за героя, якога пакахала. Апоўначы яна пачула за акном бразгат зброі і галасы колхаў, якія сабраліся каля палаца. Яна даведалася, што цар загадаў раніцай акружыць грэчаскі карабель і спаліць яго разам з арганаўтамі.

Тады яна вырашыла ўцячы да Язона. Яна ўзяла з сабою сонныя зёлкі і, басанож, ціхенька пракралася з палаца і патаемнымі сцяжынкамі, якімі хадзіла ўночы збіраць чарадзейныя травы, падалася да ракі. Медэя выйшла на бераг супраць таго месца, дзе стаяў «Арго» і пачала клікаць малодшага сына сваёй сястры, які начаваў у арганаўтаў.

Язон пазнаў голас Медэі і адгукнуўся. Весляры, што былі ў той час на вёслах, пачалі веславаць, карабель хутка пераплыў раку. Язон з сынамі Фрыкса кінуўся да Медэі.

- Усё выкрылася! - сказала Медэя. - Бацька не даруе мне... Я павінна ўцячы з вамі... Спяшайцеся, пагібель пагражае вам! Хадзем, Язон, я здабуду табе залатое руно, і хутчэй прэч адсюль, інакш мы ўсе загінем! Я выратую вас і сябе, але прысягні, Язон, што ты не пакінеш мяне ніколі, не пакінеш мяне адну ў чужой краіне!

Язон узяў яе за руку і сказаў:

- Прысягаю, што калі мне суджана жывым вярнуцца на радзіму, ты будзеш маёй жонкай і я ніколі не пакіну цябе!

Медэя загадала адразу ж плыць да Арэсава гаю, дзе захоўвалася руно. У начной цемры цячэнне ракі хутка і без шуму данесла карабель да запаветнай мясціны. Медэя і Язон адны сышлі з карабля і рушылі ў лес. Ноч была чорная, і яны ішлі, трымаючыся за рукі, каб не згубіцца ў цемры. Раптам перад імі загарэліся два чырвоныя агні.

- Гэта дракон, - шапнула Медэя.

І тут яны ўбачылі лёгенькае залацістае ззянне - ад руна, якое вісела на дубе.

Як толькі яны падышлі бліжэй, дракон звесіўся з дрэва і засіпеў, полымя вырвалася з яго разяўленай пашчы. Але Медэя працягнула да яго рукі і ціхім голасам пачала ўсыпляць. Яна клікала на дапамогу бога сну Гіпноса, які дужэйшы за ўсіх на зямлі, яна заклінала ўсімі таемнымі сіламі: «Засні! Засні!» - і, падышоўшы зусім блізенька, пырснула ў вочы дракону сонным зеллем. Пагасла адно вока, пагасла другое, апусціліся страшныя павекі, з трэскам закрылася грозная пашча, лапы разняліся - дракон зваліўся з дуба і, бяссільны, лёг каля ног Медэі.

- Спяшайся! - сказала яна Язону. - Хутчэй здымай руно з дрэва, пакуль ён не прачнуўся.

Язон хуценька зняў з дуба залатое руно, накінуў яго на плечы замест плашча, і яны адразу ж пакінулі гай Арэса.

Арганаўты з карабля ўбачылі залатое святло руна на плячах Язона. Радаснымі крыкамі віталі яны жаданую здабычу, дзеля якой пакінулі свой дом і радзіму і зведалі столькі небяспек і нягод. Ды не было калі весяліцца. Трэба было да раніцы дабрацца да мора і пакінуць Калхіду.

Язон загарнуў дарагое руно ў свой плашч, пасадзіў Медэю на карме карабля, дзе не было ветру, і сам перасек мячом канат, які трымаў «Арго» каля берага. Весляры-арганаўты селі за вёслы, астатнія са шчытамі і лукамі ў руках пасталі ўздоўж борта, гатовыя абараняць карабель ад пагоні. «Арго» імкліва паплыў уніз па цячэнні - да мора. Яшчэ не ўзышло сонца, а арганаўты былі ўжо ў адкрытым моры, далёка ад берагоў Калхіды.

Раніцай цару сказалі, што чужаземцы выкралі залатое руно і ўцяклі, забраўшы з сабою Медэю. Ээт страшэнна разгневаўся і паслаў вялікі атрад колхаў у пагоню за арганаўтамі. Цар загадаў абвясціць воінам, што ўсіх іх чакае смерць, калі яны не дагоняць уцекачоў і не вернуць руно і царскую дачку. Сына свайго Апсірта Ээт прызначыў начальнікам атрада.

Колхі вывелі свае судны ў мора і паплылі ўслед за «Арго».


Вяртанне «Арго»


Залатое руно было здабыта, і арганаўты плылі дадому. Спадарожны вецер надзімаў ветразі, марская далячынь была чыстая, чароды дэльфінаў бесклапотна плюхаліся вакол «Арго». Ды нявесела было на караблі. На карме залівалася слязьмі Медэя. Яна пазірала ў той бок, дзе засталіся яе дом і бацька. Заклапочана хмурыўся Язон, і арганаўты ні ўдзень, ні ўночы не выпускалі з рук зброі, чакалі пагоні.

Яны не захацелі вяртацца той самай дарогай, па якой прыплылі ў Калхіду. Сын Фрыкса, які пакінуў разам з імі Калхіду, расказаў ім, што чуў ад калхідскіх карабельшчыкаў, нібыта з таго боку мора, насупраць Калхіды, ёсць вялікая паўнаводная рака Істр. Яна бярэ свой пачатак далёка на поўначы, у краіне халоднага ветру, цячэ па шмат якіх землях і краінах і сустракаецца з другой ракой, якая ўпадае проста ў тое мора, што абмывае берагі Грэцыі.

- Плыць па рацэ карацей і лягчэй, чым вяртацца зноў праз тры моры, - парашылі арганаўты і паплылі ўздоўж берагоў Скіфіі да вусця Істра.

Але каля самага Істра яны наткнуліся на флот колхаў, які паслаў Ээт за імі ў пагоню і які апярэдзіў іх. Што рабіць? «Арго» адзін супраць многіх караблёў, купка герояў супраць цэлага войска!

Тады Язон кінуўся на хітрыкі. Ён распачаў з начальнікам колхаў Апсіртам перагаворы: ён гаварыў, што залатое руно павінна застацца ў арганаўтаў - ён жа выканаў усё, што загадаў яму цар Калхіды. Але Медэю Язон абяцаў аддаць колхам і запрашаў Апсірта прыйсці па сястру на бязлюдную выспу, у храм багіні Артэміды. Язон хацеў завабіць і ўзяць у палон Апсірта, каб пазбавіць колхаў іх камандзіра.

Апсірт быў малады і даверлівы. Ён паверыў Язону і ўночы адзін прыйшоў у храм на выспе, каб угаварыць сястру забраць у арганаўтаў руно і вярнуцца дадому. Але Медэя дала Язону меч і загадала забіць Апсірта. Цела брата яна кінула ў мора. У войску колхаў пачаўся пярэпалах, і, пакуль колхі шукалі ў моры свайго правадыра, «Арго» ўцёк ад ворагаў і заплыў далёка ўверх па Істру.

Арганаўты шчасліва праплылі Істр да таго месца, дзе ён зліваўся з другою ракой, і па гэтай другой рацэ выйшлі ў мора. Мора сустрэла іх страшэннай бураю. Быццам разгневаныя багі спусцілі з ланцугоў усе вятры, і яны сарвалі ветразі, сагнулі мачту і насілі «Арго» па моры, і забаўляліся караблём, нібы дзеці цацкай. У роспачы кінулі арганаўты вёслы і чакалі, калі паглыне іх раз'юшанае мора.

Ды тут раптам пачуўся голас з кармы. Ён ішоў ад кавалка свяшчэннага дадонскага дуба, устаўленага ў карму «Арго». Голас гаварыў:

- Багі разгневаліся на Язона і Медэю за тое, што яны забілі Апсірта. Плывіце на выспу Эа. Там жыве сястра Ээта, чараўніца Кірка. Папрасіце яе, няхай яна даруе Медэі. Тады вы зможаце вярнуцца дадому.

Бура сціхла. Арганаўты паплылі шукаць чароўную выспу. Доўга блукалі яны па моры, пакуль знайшлі яго. Чараўніца Кірка выйшла сустракаць іх на бераг, акружаная статкам свіней - усё гэта былі людзі, якія трапілі на выспу і якіх яна ператварыла ў жывёлін. Кірка адразу пазнала Медэю па вачах: ва ўсіх дзяцей Сонца ў вачах было асаблівае святло.

Медэя так упрошвала цётку дараваць ёй і гаварыла пра сваё каханне да Язона, што Кірка даравала ёй і адпусціла арганаўтаў з мірам.

Але шмат яшчэ розных небяспек давялося зазнаць арганаўтам, пакуль яны дабраліся да роднага краю.

У адкрытым моры карабель ганялі вецер і хвалі, але самае страшнае падпільноўвала маракоў у вузкіх пралівах.

Ім давялося праплыць паміж двума астравамі, на адным з якіх была вогнедышная гара. Дзве лютыя і прагныя пачвары пільнавалі гэты праход - Харыбда і Сцыла.

Харыбда жыла ў марскіх глыбінях. Вада кіпела і віравала над ёю, і варта было жывой істоце наблізіцца, як з вады высоўвалася прагная пашча і хапала цэлыя караблі з ветразямі і мачтамі.

На адлегласці стрэлу з лука ад Харыбды ўзвышалася вастраверхая скала, гладка абчасаная морам. У ёй была пячора. У гэтай пячоры хавалася шасцігаловая Сцыла з дванаццаццю лапамі. Як толькі дэльфін, або рыбіна, або судна з плыўцамі падплывалі да скалы, Сцыла высоўвала з пячоры сваё страшнае тулава, і ўсе дванаццаць лап шпарка шнарылі навакол, лавілі ўсё жывое і запіхалі ў прагныя пашчы з трыма радамі вострых зубоў.

Арганаўтам трэба было праплыць паміж Сцылай і Харыбдай, і яны, вядома, загінулі б, таму што ні смеласць, ні мужнасць, ні геройская сіла не маглі памагчы ім супраць гэтых страшыдлаў. Але зноў з'явілася іх заступніца Гера, кінула паміж Харыбдай і Сцылай свой залаты валасок, і па гэтай дарожцы, не адхіляючыся ні ўправа, ні ўлева, «Арго» пазбег небяспекі.

Аднойчы марскі вецер прынёс здалёку пах кветак, і арганаўты ўбачылі ў моры квітнеючую выспу Сірэн. Дзівосныя птушкі з жаночымі галовамі сядзелі на камянях, што тырчалі з вады каля берага, і спявалі чалавечымі галасамі. Яны клікалі стомленых маракоў адпачыць на квітнеючых лугах, абяцалі спакой і асалоду, вабілі ласкавымі словамі.

Мора вакол выспы здавалася таксама ласкавым і ціхім. Але ўся выспа была акружана водмелямі і падводнымі скаламі. Сірэны спявалі так соладка і такая чароўная сіла была ў іх песнях, што карабельшчыкі забывалі пра ўсё на свеце, скіроўвалі свае судны да выспы, разбіваліся на падводных камянях і гінулі ў хвалях.

Апынуўшыся каля выспы Сірэн, арганаўты таксама заслухаліся цудоўнымі спевамі і хацелі веславаць да берага. Самы малады з весляроў, зачараваны сірэнамі, кінуўся ў мора і загінуў на камянях. Тады Арфей узяў сваю кіфару, заспяваў гучным голасам і заглушыў спеў сірэн. Ён спяваў пра адважных маракоў, якія пераплываюць марскія прасторы і не хочуць ведаць ні ляноты, ні пяшчоты, спяваў пра родную зямлю, якая іх чакае. Арганаўты, слухаючы Арфея, апамяталіся і неўзабаве мінулі небяспечную выспу.

Каля выспы Схерыі, дзе арганаўты спыніліся, каб папоўніць запасы вады і ежы, іх карабель зноў акружылі судны колхаў, якія ў пошуках арганаўтаў блукалі па моры. Арганаўты папрасілі цара выспы абараніць іх. Хітры цар разважыў так: арганаўты павінны аддаць колхам іх царэўну Медэю, але яны не павінны аддаваць ім жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, і колхам давялося адступіцца. Але яны пабаяліся вяртацца ў Калхіду і пасяліліся на грэчаскіх астравах.

Адсвяткаваўшы вяселле Язона і Медэі, арганаўты паплылі далей. Доўгі час плаванне іх было спакойнае. Яны набліжаліся ўжо да берагоў Грэцыі, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён і дзевяць начэй насіў ураган іх карабель па моры і нарэшце выкінуў яго на далёкі бязлюдны бераг. «Арго» глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок і нерухома застыў. Арганаўты сышлі на зямлю і агледзеліся. Перад імі распасціралася пустыня. Ні ракі, ні дрэў, ні людскога жылля - толькі пясок і неба. Арганаўты паспрабавалі ссунуць карабель у мора, каб пакінуць пустыню, ды не змаглі.

«Што ж нам рабіць? - гаварылі яны. - Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут і ніколі не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбіцца аб падводныя камяні або загінуць у няроўным баі, чым памерці ў пустыні ад голаду!»

Яны разышліся па беразе і блукалі да змяркання. Калі надышоў вечар, усе сабраліся каля карабля, развіталіся адзін з адным і палеглі на пяску, закруціўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалі гэтак да раніцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся і ўбачыў перад сабою трох німф пустыні. Німфы сказалі яму:

- Не траць надзеі! Лёс занёс вас у Лівійскую пустыню, але і адсюль ёсць дарога для смелых і дужых. Калі царыца мора Амфітрыта выпража коней са сваёй калясніцы, зрабіце са сваім караблём тое, што ён дагэтуль рабіў з вамі, і вы будзеце выратаваны.

Язон пабудзіў сваіх таварышаў і пераказаў ім тое, што сказалі яму німфы. Арганаўты пачалі думаць, што гэта азначае: «Калі Амфітрыта выпража коней», і што трэба зрабіць ім з «Арго». Раптам да берага з шумам прылілі хвалі, з мора выбег белы конь і памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прыліў. Тут здагадаліся арганаўты, што ў час прыліву трэба зрушыць «Арго» з мелі, узяць яго на плечы і несці цераз пустыню, як ён насіў іх па моры.

Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслі на плячах «Арго» і нарэшце прыйшлі на бераг вялікага возера. Зноў спусцілі карабель на ваду. Але яны ніяк не маглі знайсці выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапіўшы рукою за борт «Арго», не вывеў яго пратокай паміж белых скалаў у шырокае мора.

Доўга зноў плылі арганаўты ў бязлюдным моры і дабраліся да гарыстай выспы, такой вялікай, што на ёй магло б размясціцца шмат гарадоў. Гэта была радзіма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мінас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велікана. Велікан быў увесь пакрыты меддзю, і толькі на пятцы ў яго была дзірачка, заткнутая медным цвіком. Тры разы на дзень медны велікан абходзіў дазорам вакол выспы.

Калі арганаўты падышлі да Крыта, велікан не пусціў іх на бераг і пачаў шпурляць у іх цяжкія камяні. Але Медэя сваёй чароўнай сілай усыпіла велікана, вочы яго заплюшчыліся. Ён спатыкнуўся на востры камень і ўпаў. Цвік выпаў у яго з пяткі, і кроў лінула з адтуліны. Разам з крывёю велікан страціў сваю жывую сілу і ператварыўся ў вялікую медную статую.

Арганаўты прычалілі да берага і пераначавалі на Крыце, а раніцай рушылі далей.

І яшчэ раз яны трапілі ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, і багі не далі ім загінуць.

Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлівыя стрэлы і паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглі схавацца.

Потым вецер сціх, неба ачысцілася, мора паспакайнела, і ўдалечыні паказаўся грэчаскі бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. «Арго» вяртаўся дадому.


Смерць Язона


Скончыліся святкаванні і банкеты ў гонар арганаўтаў, якія шчасліва вярнуліся пасля далёкага і доўгага плавання. Цудоўны карабель «Арго» адслужыў сваё - ветразі яго былі пашматаны бурамі, змылася пазалота на носе, і хвалі шматлікіх мораў стачылі яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулі з вады абшарпаны каркас «Арго» і паставілі на беразе на памяць людзям.

Потым адважныя героі разышліся па розных гарадах і заняліся кожны сваёй справай.

Залатое руно ляжала ў палацы іолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.

Стары Пелій не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, і не аддаў яму царскую ўладу. «Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Іолку», - гаварыў ён Язону. А народу Пелій гаварыў: «Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ і чараўніца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона».

Людзі з апаскай пазіралі на Медэю і абміналі палац Язона. Неўзабаве зусім не засталося ў яго сяброў у Іолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка і крыўдна, і яна парашыла адпомсціць Пелію і аддаць царства Язону.

Яна расказала іолкскім жанчынам, што багі далі ёй сілу вяртаць маладосць старым, і, каб ёй паверылі, зарэзала старога барана і зноў ажывіла яго, ператварыўшы ў ягня.

Тады дочкі Пелія пачалі прасіць чараўніцу зрабіць маладым іх старога бацьку.

Яны забілі цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовілася.

Смерць Пелія не памагла Язону. Царом у Іолку стаў сын Пелія - Акаст. Ён прагнаў Язона і Медэю з горада і не дазволіў ім жыць у Фесаліі. Пеша, нібы той апошні жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Іолка шукаць прытулку на суседняй зямлі.

У гэты час у Карынфе правіў стары сябар бацькі Язона - Крэонт. Ён даў прытулак выгнаннікам у памяць старой дружбы.

Яны пасяліліся ў беднай хаціне на ўскраіне горада, жылі ціха некалькі гадоў, і Медэя нарадзіла Язону двух сыноў.

Але не было шчасця ў іх доме. Людзі не любілі і баяліся Медэі, чараўніцы і чужаземкі. Жанчыны не заходзілі да яе ў дом пагаманіць за прасніцай пра гарадскія навіны, пра свае хатнія справы; іх дзеці не хацелі гуляць з маленькімі сынамі Медэі, дражнілі іх і білі.

Медэя гневалася і тужыла і скардзілася Язону, але яму дакучалі гэтыя скаргі. Ён часта сыходзіў з дому і ішоў у госці да Крэонта, які заўсёды ласкава сустракаў сына свайго сябра, але ніколі не запрашаў Медэю.

У Крэонта была дачка-красуня. Яна заўсёды радасна сустракала Язона, калі ён прыходзіў у палац, сама налівала яму віна і слухала цэлымі гадзінамі яго расказы пра арганаўтаў і іх плаванне па чужых морах на караблі «Арго».

Аднойчы цар сказаў Язону:

- Я не маю сына, і наследнікам маім будзе той, хто ажэніцца з маёй дачкой. Ажаніся з ёю - і ты будзеш царом у Карынфе.

Збянтэжаны Язон адказаў, што ў яго ўжо ёсць жонка - Медэя.

Але цар засмяяўся і сказаў:

- Паводле нашых законаў, гэта не жонка, а рабыня, паланянка-варварка. Кінь яе, і ты будзеш жыць у палацы, у дастатку і ў пашане. Ніхто не будзе напамінаць табе пра мінулае.

І Язон здрадзіў Медэі. Ён забыў пра сваю клятву ў страшны начны час на беразе Фазіса, калі пагібель пагражала яму і ўсім арганаўтам і дзяўчына-варварка выратавала іх. Але ён не асмеліўся сказаць Медэі праўду: выдумаў, што цар узяў яго да сябе на службу і таму ён павінен перасяліцца ў палац.

Медэя па-ранейшаму кахала Язона і ні аб чым не здагадвалася, пакуль не прыйшлі і не сказалі ёй, што ён жэніцца з царскай дачкой і што прызначаны ўжо дзень вяселля.

Медэя была зняважана, і яна вельмі разгневалася.

«Язон забыўся пра сваю клятву, забыўся, што я выратавала яму жыццё і гонар, што праз яго я пакінула родны край, парушыла волю бацькі! Ён хоча пакінуць мяне з дзецьмі адну сярод чужых людзей, без дапамогі, без апоры!»

Ад гневу і тугі Медэя не знаходзіла сабе месца, не ведала, што рабіць. Раптам прыйшоў слуга ад цара з загадам, каб яна зараз жа пакінула Карынф - яе праганялі.

Тады яна вырашыла:

- Усё скончана! Бывай, каханне і мірнае шчасце! Прыйдзі мне на дапамогу, Геката! Памажы адпомсціць!

Медэя прыкінулася пакорлівай і ціхай. Яна папрасіла не выганяць яе з Карынфа ўсяго яшчэ адзін дзень, памірылася з Язонам, і ў знак поўнай пакоры паслала яго нявесце цудоўны падарунак - прыгожае вянчальнае пакрывала і залатую карону, якую бог Сонца калісьці падарыў цару Калхіды.

Красуня нявеста ўзрадавалася падарунку, адразу ж надзела на галаву карону і захуталася ў пакрывала. Раптам ёй зрабілася цяжка: залатая карона сціскала, пякла ёй галаву, чароўнае пакрывала душыла яе.

Яна хацела скінуць з сябе ўбранне, але адзенне на ёй у адно імгненне ўспыхнула, і агонь ахапіў яе ўсю. Яна закрычала.

Бацька прыбег ёй на дапамогу, пачаў зрываць з яе палаючае адзенне - агонь перакінуўся на яго, і яны абое, ахопленыя полымем, нібы жывыя вогнішчы, кідаліся па палацы, і ніхто не мог ім памагчы.

З жахам убачыў Язон іх абвугленыя трупы. Сэрца яго сціснулася - страшна яму зрабілася і сорамна. Ён пабег дадому, хацеў абняць сыноў. Позна! Медэя ў шаленстве забіла сваіх дзяцей, і крылатыя драконы знеслі яе з Карынфа.

Язон застаўся адзін-адзінюткі на свеце. Ніхто не хацеў жыць разам з ім, ніхто не слухаў больш яго расказаў.

Ён хадзіў з горада ў горад і нідзе не мог знайсці сабе ні занятку, ні спакою.

Аднойчы ён прыйшоў на бераг мора. Перад ім на пяску, амаль увесь разбураны, абадраны, стаяў на падпорках карабель. Язон пазнаў яго: гэта быў «Арго», гэтакі ж адзінокі і ўсімі забыты, як ён сам. Язон абышоў яго, агледзеў і, стомлены, лёг у засені карабля, пад кармой. Ён ляжаў і ўспамінаў шчаслівыя дні паходу: адважных таварышаў, далёкія чужыя землі, і ўпершыню за шмат дзён у яго было лёгка і спакойна на душы.

Потым ён заснуў.

Пакуль ён спаў, наляцеў вецер, і стары «Арго» абваліўся і пахаваў пад сабою правадыра арганаўтаў.


Загрузка...