Калі надышоў час нарадзіцца Гераклу, багі на Алімпе балявалі. Уладар свету Зеўс абвясціў багам, што ў гэты час на зямлі сярод людзей народзцца найвялікшы герой, які будзе адораны магутнай сілай, здзейсніць вялікія подзвігі і праславіцца на ўсе часы.
- Ён будзе маім любімым сынам, я дам яму ўладу над усёй Грэцыяй, і іншыя героі будуць служыць яму, - сказаў Зеўс.
Гера, жонка Зеўса, пакрыўдзілася, што такую сілу і славу Зеўс хоча даць сыну звычайнай жанчыны. Адразу ж у яе ўзнік хітры план. Яна сказала Зеўсу:
- Пакляніся, што той, хто першы народзіцца ў гэтую часіну, атрымае ўладу над усёй Грэцыяй і астатнія героі павінны будуць служыць яму!
Калі б Зеўс зірнуў у гэты момант на багіню, ён зразумеў бы, што яна задумала нядобрае, бо ні ў кога на зямлі і на небе не магло быць таямніц ад уладара свету ні ў справах, ні ў думках. Але ў гэтую хвіліну Ата, багіня падману, адцягнула яго ўвагу, і Зеўс не прыкмеціў хітрасці Геры. Ён падняў сваю залатую чашу і сказаў:
- Клянуся! Так будзе!
Дзве жанчыны на зямлі чакалі ў той час дзіцяці: у Фівах царыца Алкмена, якую Зеўс выбраў у маці вялікаму герою, і ў Мікенах аргоская царыца. Тады Гера сваёй уладай затрымала нараджэнне аднаго і паскорыла з'яўленне другога. І вось спачатку нарадзіўся на свет з жаласным плачам кволы і слабы аргоскі царэвіч Еўрысфей, а пасля яго ўжо сын Алкмены. Як толькі нарадзіўся Еўрысфей, Гера сказала Зеўсу:
- Радуйся, Грамавержац: толькі што на зямлі нарадзіўся той, каго ты абяцаў зрабіць гаспадаром усёй Грэцыі!
Зеўс зразумеў, што Гера змахлявала. Твар яго пацямнеў ад гневу. Усе змоўклі, са страхам чакаючы гразы.
Тады Грамавержац накінуўся на багіню падману Ату. Ён скінуў яе з Алімпа на зямлю і назаўсёды забараніў з'яўляцца сярод багоў у яго светлым нябесным доме. З таго часу багіня падману жыве сярод людзей на зямлі і сваімі злоснымі выдумкамі сее варожасць паміж імі.
Потым уладар свету звярнуўся да Геры і сказаў ёй:
- Я ведаю, цяпер ты будзеш праследаваць сына Алкмены, рабіць усё, каб ён трапіў у небяспеку. Але ён вытрымае ўсе выпрабаванні, пераадолее ўсе перашкоды, а твае намаганні перашкодзіць яму толькі павялічаць яго славу. Ён здзейсніць подзвігі, якіх да яго не здзяйсняў ніхто, і даб'ецца шмат слаўных перамог. А калі ён закончыць свае зямныя справы, я падыму яго на Алімп, і ты сама прымеш яго ў круг бессмяротных. І няхай будзе імя яму Геракл, што азначае «праслаўлены Герай».
Амфітрыён, цар Фіў, вярнуўся з паходу і адпачываў пасля ваенных бітваў. Востры меч яго мірна вісеў на сцяне над ложкам. А ў глыбокім шчыце яго, нібы ў калысцы, спалі Іфікл і Геракл, два маленькія сыны Алкмены. Яна заслала шчыт кучаравай шаўкавістай шкурай белага барана, каб дзецям было мякка спаць.
Была цёплая ціхая ноч, і месяц свяціў у прачыненыя дзверы. Усе ў палацы спалі - і цар, і царыца, і служанкі, і воіны цара.
Апоўначы пачуўся шоргат на каменных плітах тэрасы, і ў спальню з саду ціха ўпаўзлі дзве змяі, - ліхія пасланніцы багіні Геры. Яны прапаўзлі міма пасцелі царыцы і гайданулі шчыт, у якім спалі дзеці. Круглыя змяіныя галовы ўзняліся над краем шчыта, змяіныя вочы загарэліся, увесь пакой напоўніўся зеленаватым святлом. З лёгкім свістам пагойдваліся змеі над дзецьмі, высунуўшы доўгія чорныя языкі.
Хлопчыкі раптам прачнуліся. Іфікл спужаўся, закрычаў, перакуліўся цераз край шчыта і папоўз з плачам, клічучы маці. Змеі не кранулі яго; яны запаўзлі ў калыску і абвілі маленькага Геракла халоднымі слізкімі кольцамі. Геракл засмяяўся, працягнуў рукі, нібы гуляючы, і схапіў змей за шыі. Злосныя гадзіны звіваліся ў руках дзіцяці, стараючыся ўкусіць яго, а ён усё мацней сціскаў іх, пакуль не задушыў зусім. Сціхла сіпенне, і святло ў змяіных вачах пагасла.
Плач Іфікла пабудзіў Алкмену. Яна спалохана ўсхапілася з пасцелі і паклікала на дапамогу. Амфітрыён схапіў свой меч і прыбег у пакой царыцы. Збегліся служанкі і воіны, прынеслі свяцільні і пры святле іх усе ўбачылі: маленькі Геракл ляжаў жывы і здаровы ў сваёй калысцы, трымаючы ў руках задушаных змей, і смяяўся.
Гераклу было ў той час не больш года.
Калі Геракл крыху падрос, Амфітрыён пачаў вучыць яго ўсяму, што павінен ведаць і ўмець воін: страляць з лука, валодаць мячом, кідаць кап'ё, біцца кулакамі, кіраваць коньмі. Цар хацеў таксама, каб Геракл вырас адукаваным чалавекам і разбіраўся ў навуках і мастацтвах. Але Геракл не паказваў стараннасці ў гэтым, і настаўнікі часта былі незадаволены ім.
Неяк раз настаўнік музыкі ўзлаваўся на Геракла і стукнуў яго. Хлопчык раз'юшыўся і з такой сілай шпурнуў у настаўніка кіфараю, што той упаў мёртвы.
Амфітрыён разгневаўся і загадаў судзіць Геракла. Але юны Геракл горача абараняўся:
- Ён першы стукнуў мяне! На ўдар трэба адказваць ударам. Я не хацеў забіваць яго. Я не ведаў, што мой удар такі моцны.
Тады Амфітрыён пачаў асцерагацца сілы Геракла і, каб ён не натварыў яшчэ чаго-небудзь, паслаў яго ў горы пасвіць статкі. Там на высокіх горных лугах і ў лесе Геракл правёў некалькі гадоў, жыў як звычайны пастух, працаваў і загартоўваў сваё здароўе.
У дваццаць гадоў ён вярнуўся ў Фівы, гатовы да подзвігаў. Ён прагнуў выпрабаваць свае сілы.
Тым часам у Мікенах, у Аргосе, рос царэвіч Еўрысфей, які нарадзіўся раней за Геракла. Ні прыгажосцю, ні розумам, ні сілаю, ні адвагай ён не вызначаўся. Але паводле слова Зеўса, якое выкрала Гера, ён павінен быў атрымаць уладу над усёй Грэцыяй, уладу, якая прызначалася Гераклу. І сам Геракл павінен быў служыць яму.
Калі Еўрысфею споўнілася дваццаць гадоў, памёр яго бацька, і Еўрысфей стаў царом у Мікенах.
Яго заступніца Гера адразу ж загадала яму паклікаць да сябе Геракла.
Пасланец Еўрысфея выправіўся ў Фівы і сказаў, што яго гаспадар патрабуе, каб Геракл, выконваючы волю багоў, з'явіўся служыць яму. Дванаццаць разоў павінен Геракл зрабіць тое, што загадае яму Еўрысфей, - тады цар абяцае адпусціць яго.
Сябры Геракла, з якімі ён бавіў час, угаворвалі яго не слухацца Еўрысфея і застацца ў Фівах.
Геракл ведаў, што сілаю нельга прымусіць яго служыць Еўрысфею, але думка пра подзвігі, якія мог ён здзейсніць, хвалявала яго.
У глыбокім роздуме вяртаўся ён аднойчы дадому і на дарозе ўбачыў дзвюх жанчын, якія ішлі да яго з двух бакоў.
Адна была ў простым белым адзенні, гладка прычасаная. Вочы яе пазіралі ясна і прама, усе рухі яе былі спакойныя і свабодныя. Не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці ішла яна да Геракла і, спыніўшыся перад ім, па-сяброўску прывітала яго.
Другая жанчына была вельмі прыгожая. Яркае, квяцістае ўбранне падкрэслівала яе прыгажосць. Твар яе быў набелены і нарумянены, бровы падведзены і губы падмаляваныя, валасы заплецены ў мноства тоненькіх косак і адмыслова ўкладзены на галаве. На голых руках жанчыны звінелі залатыя бранзалеты, і яна ішла, быццам танцавала.
Лёгка падбегла яна да Геракла, узяла яго ласкава за рукі і сказала, зазіраючы ў вочы:
- Ты сумняваешся і думаеш, твар твой змрочны, бровы насуплены... Кінь, не тлумі галаву думамі, паглядзі на мяне і хутчэй усміхніся! Жыццё цудоўнае, і ў ім столькі радасцей! Жыві для сябе. Жыццё - вясёлае свята, і адзіны клопат у ім - мець як мага больш асалод: смачна есці, соладка спаць, прыгожа апранацца і нічым не стамляць сябе. Шчаслівы той, хто можа пражыць усё жыццё, як госць на вяселлі: без турбот і клопатаў! Хадзем са мною, і ты будзеш шчаслівы!
Так гаварыла прыгажуня і цягнула Геракла за сабой.
Зачараваны, збянтэжаны, ён ужо быў гатовы ісці за ёю, але другая жанчына спыніла яго.
- Пасаромейся! - сказала яна з пагардаю. - Багі далі табе такую магутную сілу, а ты хочаш гультайнічаць і баляваць, карыстаючыся працай іншых, як бездапаможнае дзіця. Дужы распараджаецца жыццём, як гаспадар, ён сам робіць яго цудоўным - ён змагаецца з ліхам і ачышчае зямлю ад страшыдлаў і ворагаў. Сіла і розум даюцца чалавеку для барацьбы. Чым дужэйшы чалавек, тым цяжэйшае яго жыццё.
- Чуеш? - сказала Гераклу, смеючыся, красуня. - Пайдзі за ёю, і ты не спазнаеш радасці, не будзеш мець ні спакою, ні адпачынку.
- Адпачываць добра пасля работы, - запярэчыла першая жанчына, - спакой чалавеку дае спакойнае сумленне. А самая вялікая радасць для героя - ведаць, што ты зрабіў штосьці добрае і не дарэмна жыў на зямлі. Паслухайся мяне, дружа! Сёння свята, заўтра баль - і душа чалавека апусташаецца, нудота завалодвае домам. Калі многа яды, прападае жаданне есці, ад лішняга сну чалавек робіцца слабым і вялым. Незайздросны лёс чалавека, які ўсё жыццё толькі госць на чужым банкеце. Калі-небудзь скончыцца баль, слугі прагоняць тых, што заседзеліся, і ён застанецца адзін на бязлюднай вуліцы. Каму ён будзе патрэбны, хто паклапоціцца пра яго? Толькі той, хто папрацаваў у маладыя гады, заслужыць пашану і бесклапотную старасць. У бітвах, у паходах, у далёкіх дарогах, у адзінаборстве са страшыдламі, у бітвах з ворагамі шчасце героя!
Пры гэтых словах твар жанчыны засвяціўся незвычайным святлом, і Геракл, пакінуўшы красуню, усклікнуў:
- Багіня, я іду за табою!
У тое ж імгненне зніклі з вачэй абедзве жанчыны, нават слядоў не засталося на пыльнай дарозе, быццам усё гэта прымроілася Гераклу. Але цяпер ён весела і рашуча заспяшаўся дадому - ён ведаў, што яму рабіць.
- Я іду ў Мікены, - сказаў ён раніцай родным і сябрам. - Я павінен выканаць волю багоў і здзейсніць дванаццаць подзвігаў, якія патрабуе ад мяне Еўрысфей.
Ніхто не асмеліўся яго адгаворваць, а самы блізкі яго сябар, Іалай, падахвоціўся ісці з ім.
Геракл зрабіў сабе лук і стрэлы, выламаў у лесе моцную дубінку і падаўся да цара Еўрысфея.
Ужо даўно жыхары Нямеі скардзіліся, што нельга пасвіць жывёлу на лугах каля лесу, што ў лесе ні прайсці ні праехаць і нават у дамах нельга спаць спакойна: вялізны леў жыў у Нямейскім лесе, і кожны дзень то авечка з чарады, то дзіця, то мірны падарожнік з дарогі знікалі бясследна.
Нават смелы воін з мячом і шчытом не выходзіў жывым з Нямейскага лесу, таму што зброя была бяссільная супраць лютага льва - ні кап'ё, ні стрэлы не маглі прабіць яго шкуру, і нават востры меч не мог пашкодзіць яму.
- Гора нам! - гаварылі нямейскія сяляне. - Хутка ўвесь наш край будзе спустошаны.
Багіня Гера, заступніца цара Еўрысфея, навучыла яго, каб ён загадаў Гераклу забіць Нямейскага льва.
Геракл прыйшоў у Нямею і пачаў распытваць людзей, што жылі каля лесу, ці далёка логава льва і як яго знайсці.
Але ніхто не хацеў паказаць яму дарогу, ніхто не адважваўся ісці разам з ім.
- Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькі зайсці ў лес, - гаварылі людзі і з жалем пазіралі на маладога героя - яны не верылі, што ён зможа перамагчы страшнага звера.
Геракл адзін падаўся ў лес. Высокія дрэвы абступілі яго з усіх бакоў і здзіўлена гайдалі вяршалінамі, кусты чапляліся за яго, каб затрымаць, птушкі крычалі, каб напалохаць яго, але ён ішоў уперад і шукаў на зямлі сляды звера.
Ішоў ён нядоўга і раптам пачуў непадалёку глухі рык ільва і пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага і зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабіў некалькі скачкоў і апынуўся перад Гераклам. Велічна спыніўся ён насупраць героя, злосна зіркаючы вачыма, б'ючы сябе хвастом па баках і дзіка равучы. Геракл не разгубіўся, хутка падняў лук і пусціў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой і лапай змахнуў стралу, нібы саломінку. Потым прысеў, як кот, і скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухіліўся і цяжкай дубінкай з усяе сілы стукнуў ільва па калматай галаве. Але дубінка адскочыла, не зрабіўшы нават драпіны льву, і выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла і моцна пазяхнуў і раптам, нібыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу і знік.
Геракл пайшоў за ім.
Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кінуў лук і стрэлы і зайшоў у пячору. Там было цёмна, і Геракл вобмацкам прабіраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзі і хацеў разарваць яго, але Геракл схапіў звера аберуч за горла, сціснуў яго шыю, быццам жалезнымі абцугамі, і задушыў.
Леў быў такі вялікі і цяжкі, што Геракл не мог падняць яго.
Тады ён злупіў з ільва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе і пайшоў у Мікены.
Людзі з крыкам разбягаліся, убачыўшы Геракла з ільвінай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкі куток палаца.
- Вось я прынёс цару шкуру Нямейскага льва, - сказаў Геракл.
Але палахлівы Еўрысфей баяўся нават мёртвага льва і не адважыўся зірнуць на яго шкуру.
- Няхай Геракл возьме яе сабе, - загадаў цар.
- Дзякуй, - сказаў Геракл і забраў ільвіную шкуру з сабою.
Ён пачаў насіць яе замест плашча, і яна добра ўкрывала яго, бо ні меч, ні стрэлы не маглі прабіць яе.
Захутаўшыся ў шкуру Нямейскага льва, Геракл падаўся выконваць другі загад цара Еўрысфея.
Непадалёку ад Аргоса распасціралася вялікае Лярнейскае балота. Чыстая і светлая крынічка выцякала тут з-пад зямлі, ды слабы ручаёк не мог прабіцца да ракі або мора і расцякаўся наўкол у нізіне. Вада застойвалася, зарастала мохам і балотнымі травамі, і вялізная даліна ператварылася ў балота. Яркая зеляніна, што заўсёды ўкрывала балота, вабіла да сябе стомленага падарожніка, але як толькі ён ступаў на зялёны лужок, з сыканнем і свістам выпаўзала з дрыгвы дзевяцігаловая пачвара - гідра. Яна абвівалася сваім змяіным хвастом вакол чалавека, зацягвала ў балота і прагна з'ядала.
Увечары, калі гідра, наеўшыся, засынала, ядавітае дыханне яе дзевяці пашчаў ахутвала туманам балота і атручвала паветра. Той, хто дыхаў гэтым паветрам, занядужваў, доўга хварэў і паміраў. Таму людзі баяліся набліжацца да балота і сяліцца каля гэтай страшнай мясціны.
І вось цар Еўрысфей загадаў Гераклу знішчыць Лярнейскую гідру.
Геракл выправіўся ў Лерну на калясніцы, якой кіраваў яго сябар Іалай. Калі яны даехалі да балота, Геракл пакінуў Іалая з калясніцай каля дарогі, а сам запаліў факел і смела рушыў на балота.
Гідра тым часам была сытая і драмала. Геракл пачаў падпальваць канцы стрэл факелам і пускаць іх у гідру. Расцвяліўшы гідру, ён прымусіў яе выпаўзці з балота. Халодным слізкім хвастом яна абвіла левую нагу Геракла, і ўсе дзевяць галоў засіпелі вакол яго. Геракл шчыльней захутаўся ў ільвіную шкуру, якая надзейна ахоўвала яго і ад звярыных зубоў і змяінага джала, дастаў меч і пачаў сячы адну за адной страшныя галовы гідры.
Але як толькі сцякала з раны чорная кроў, на месцы адсечанай галавы вырасталі дзве другія, яшчэ больш злосныя, яшчэ страшнейшыя. Неўзабаве Геракла акружалі, быццам жывы куст, сіпучыя галовы, і ўсе яны цягнуліся да яго, разяўляючы крывавыя пашчы.
Ён не мог скрануцца з месца - нага яго была ў кальцы змяінага хваста, рука стамілася сячы ўсё новыя і новыя галовы гідры. Раптам ён адчуў боль у левай назе і, нахіліўшыся, убачыў рака, які клюшняй учапіўся ў яго пятку.
Геракл засмяяўся:
- Двое супраць аднаго? Гэта несумленна! Бой няроўны. Цяпер і я маю права паклікаць сябра на падмогу!
І ён паклікаў Іалая, які чакаў яго ля калясніцы.
Геракл аддаў яму факел і загадаў паліць агнём рану, як толькі меч адсячэ галаву гідры. І там, дзе пёк агонь, ужо не вырасталі новыя галовы. Неўзабаве апошняя галава гідры пакацілася ў балота. Але яна не хацела паміраць нават пасля таго, як была адсечана, і, лежачы на траве ў крыві, зыркала злоснымі вачамі і раз'юшана разяўляла пашчу. Гераклу давялося вынесці яе з балота і закапаць у зямлю, каб яна не нарабіла каму шкоды.
У чорнай крыві Лярнейскай гідры Геракл намачыў канцы сваіх стрэл, і яны сталі смяртэльнымі - нішто не магло вылечыць таго, у каго пацэліла такая страла.
Дрывасекі, што збіралі ламачча ў лесе на схілах Аркадскіх гор, убачылі неяк раз прыгажуню лань з залатымі рагамі. Яна стаяла высока на крутой скале і, згледзеўшы людзей, памчалася, нібы віхор, толькі галіны дрэў загайдаліся ды зазвінелі на камянях сярэбраныя капытцы.
Чуткі пра дзівосную лань разышліся па паселішчах, і шмат паляўнічых не раз выпраўляліся шукаць яе. Але, убачыўшы іх, лань імгненна знікала ў нагорным лесе. Лес быў густы, непралазны, гара здавалася непрыступнай для людзей. Паляўнічыя вярталіся ў даліну і гаварылі, што на свеце не знойдзецца чалавека, які мог бы высачыць і дагнаць гэтую лань.
Трэці раз паклікаў Еўрысфей Геракла і загадаў яму злавіць Керынейскую лань і жывую прывесці ў Мікены.
Геракл са сваім сябрам Іалаем падаліся ў Аркадскія горы. Ён пакінуў дома свой лук і атрутныя стрэлы, а замест зброі ўзяў з сабою сякеру, рыдлёўку і нож.
Яны працярэблівалі прасекі ў густым лесе, рабілі прыступкі на камяністых кручах, пратоптвалі сцежкі ў высокай траве. Спілаваўшы дрэвы, героі перакідвалі іх, нібы масты, цераз ручаі і горныя рэчкі і звязвалі галінамі і моцнай карой. Па гэтых вісячых мастах яны пераходзілі прорвы, па прыступках і сцежках падымаліся ўсё вышэй і вышэй у горы. Часам лань на імгненне з'яўлялася перад імі: пабліскваючы залатымі рагамі і нібы вабячы іх за сабою, яна тут жа знікала. Геракл з Іалаем цярпліва ішлі па яе слядах. Яны перабіраліся цераз горныя вяршыні, пакрытыя снегам, спускаліся ў цясніны, пераходзілі ўброд ручаі і рэчкі. Снежныя лавіны, спадаючы з кручаў, асыпалі іх ледзяным пылам, над імі грукаталі горныя навальніцы. Яны сустракалі ўсход сонца на вяршынях, начавалі ў дуплах вялікіх дрэў і ў густым хмызняку, сілкаваліся ягадамі, арэхамі, салодкімі каранямі, пілі ваду з горных крыніц - і нястомна, гадзіна за гадзінай, усё вышэй падымаліся ў непрыступныя горы.
Лань усё часцей паказвалася перад імі, быццам пачынала прывыкаць да людзей, - яна спынялася і пазірала на іх без боязі і ўцякала ўжо не так імкліва, як раней. Цяпер забіць яе было б лёгка, але ж яны павінны былі злавіць яе жывой - такі быў загад цара.
Нарэшце ім удалося загнаць лань на вяршыню і абысці. На вузкай сцяжынцы над прорвай яе чакаў Іалай. Убачыўшы яго, лань павярнулася, хацела бегчы назад, але тут Геракл перагарадзіў ёй дарогу. Яна замітусілася, не ведаючы, куды ўцякаць, і раптам замерла на краі прорвы. У тое ж імгненне Геракл накінуў ёй на рогі сплеценую з паўзучых раслін вяроўку і моцна трымаў, пакуль не прыйшоў Іалай. Удвух яны павялі злоўленую лань па пракладзенай ужо дарозе ўніз з гары.
Раптам на павароце сцяжынкі, у лесе, перад імі з'явілася прыгожая жанчына ў кароткім адзенні, з паляўнічым лукам у руках, з калчанам за плячамі. Твар яе быў разгневаны, вочы палалі. Уладным узмахам рукі яна спыніла паляўнічых, а лань адразу ж падбегла да яе і пачала церціся галавой аб яе рукі.
Маладая паляўнічая пагладзіла яе і сказала:
- О прагныя людзі! Хіба вам мала дарог і палёў у шырокіх далінах там, унізе? Навошта вы парушылі цішыню майго горнага лесу? Ніколі яшчэ не ступала тут нага чалавека... Цяпер вы паказалі дарогу сюды людзям, і на маіх запаведных вышынях загрукаюць сякеры і рыдлёўкі, а стрэлы паляўнічых распудзяць маіх звяроў і птушак. Навошта вы зрабілі гэта?
Геракл пазнаў дачку Зеўса - Артэміду-паляўнічую.
- Не гневайся на нас, багіня! - адказаў ён ёй. - Мы прыйшлі сюды па волі твайго бацькі, вялікага Зеўса, які паслаў нас служыць людзям. Мы праклалі дарогу на вяршыні, таму што зямля ўся павінна стаць набыткам чалавека. Але толькі смелыя і дужыя змогуць падымацца сюды. Няхай адважныя пойдуць за намі на гэтыя вяршыні. Тут цудоўна, тут вольна дыхаецца, і адсюль далёка відаць усё вакол. Тут чыстае паветра, і сам чалавек, падняўшыся сюды, робіцца чысцейшым і лепшым.
Позірк багіні палагаднеў. Яна пагладзіла прыгожую лань і сказала ёй:
- Ідзі! Ты хутка вернешся да мяне! - і схавалася паміж дрэвамі.
Геракл з Іалаем пайшлі далей, ведучы за сабою злоўленую лань.
Дарога назад была хутчэйшая і лягчэйшая, бо яны ішлі па сваіх слядах і зарубках. Неўзабаве яны спусціліся да падножжа гары. Геракл рушыў у Мікены і прывёў у палац Еўрысфея цудоўную лань.
Але цар, баючыся Артэміды, аддаў лань Гераклу.
Геракл успомніў словы красуні паляўнічай: «Ты вернешся да мяне!» Каб выканаць пажаданне багіні, ён вярнуў лань Артэмідзе.
І ўлетку і ўвосень, калі на палетках даспявае гародніна і збажына, сяляне, што жылі каля гары Эрыманф, з трывогай аглядалі раніцай свае палі і кожны раз то тут, то там знаходзілі сляды страшнага спусташэння: зямля была парытая, пасевы здратаваны, вырваны з коранем і шмат пладоў, патрэбных людзям, без карысці былі падушаны нейкай грубай сілай.
Людзі гаварылі, што ў дубовым гаі на горных схілах жыве дзікі вепр, які ўночы спускаецца з гары і спусташае палеткі. Але такія страшныя былі яго іклы і капыты, што ніхто не адважваўся пайсці ў лес і забіць злоснага драпежніка.
Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ўпаляваць Эрыманфскага вепра.
Геракл здзівіўся, што дагэтуль не знайшлося ў паселішчы меткага стралка, таму што забіць дзіка не так ужо цяжка, і адзін пайшоў на Эрыманфскую гару.
Узбіраючыся ўгору па крутым схіле, ён пачуў конскі тупат, і раптам міма яго прамчаўся ў даліну табун дзікіх коней. Але, прыгледзеўшыся добра, Геракл убачыў, што гэта былі не коні. Нібы палова чалавека зраслася з палавінай каня - на конскім крыжы чалавечае тулава з галавою і рукамі. Здалёк здавалася, што раз'юшаныя коннікі імчацца на шпарканогіх конях.
- Кентаўры! - усклікнуў Геракл.
Нібы бура, пранесліся кентаўры паўз Геракла, крышачы ўсё на сваім шляху, і памчаліся проста ў паселішча, што знаходзілася пад гарой.
«Гэта страшней за дзікага вепра!» - падумаў Геракл і зразумеў цяпер, чаму Еўрысфей паслаў яго сюды на паляванне.
Але ён не спалохаўся і пайшоў далей. Неўзабаве ён убачыў пячору, перад якой стаяў на варце малады кентаўр.
Геракл смела падышоў да яго і сказаў дружалюбна:
- Я царскі паляўнічы. Цар загадаў мне высачыць і забіць дзікага вепра, што жыве тут на гары. Ці не падкажаш мне, як яго знайсці?
Кентаўр ахвотна адказаў:
- Гэты вепр дапякае і нам, жыхарам гэтага лесу. Праз яго я павінен ахоўваць пячору, каб ён не спустошыў наша жытло. Добра, калі ты заб'еш яго. Я пакажу табе яго след. Але спачатку будзь маім госцем.
І ён прывёў Геракла ў пячору, расклаў агонь і пачаў частаваць паляўнічага мясам і садавінай.
- Я прывык ежу запіваць віном, - сказаў Геракл, - ды ў вас, мабыць, няма віна.
- Як гэта няма! - закрычаў з пахвальбой кентаўр. - Сам Дыяніс, бог віна і весялосці, падарыў нам нядаўна цэлую бочку маладога віна. Так і быць, пачастую цябе, але няхай пра гэта не ведаюць мае таварышы.
І ён адкрыў запаветную бочку, зачэрпнуў віна сабе і Гераклу, і яны пілі і весяліліся.
Раптам каля пячоры пачуўся стук капытоў - пах віна прывабіў кентаўраў, і яны прымчаліся, змучаныя смагай. Дазнаўшыся, што нехта чужы прабраўся ў іх жытло і п'е іхняе віно, яны ўзлаваліся і з дзікім крыкам акружылі пячору.
Геракл з глыбіні пячоры пачаў кідаць у іх палаючыя галавешкі. Спалохаўшыся агню, кентаўры ўцяклі.
Геракл выйшаў з пячоры і хацеў падацца ў лес. Але кентаўры пільнавалі яго і, убачыўшы, што ён адзін, падбадзёрыліся і напалі на яго зноў. Тады ён пачаў пускаць у іх стрэлы, атручаныя крывёю Лярнейскай гідры, і адзін за адным яны мёртвыя падалі на зямлю.
Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, які частаваў Геракла, і са здзіўленнем пазіраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалі вакол.
- Як! Гэты маленькі кавалачак дрэва забівае насмерць? - спытаў ён. - Гэтая тонкая палачка можа забіць? - І ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.
- Асцярожна! - крыкнуў Геракл.
Ды ўжо было позна: кентаўр выпусціў стралу з рук, і яна ўпілася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў і ўпаў мёртвы.
Геракл перанёс целы забітых кентаўраў у пячору, заваліў яе вялікім каменем, нібы грабніцу, і пайшоў далей.
Ён лёгка высачыў у лесе вепра, параніў яго ў нагу, звязаў і, ускінуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мікены і прыйшоў у палац Еўрысфея.
Дзікі вепр вішчаў на ўвесь палац, і цар Еўрысфей са страху залез у вялікі медны чан для вады, што стаяў на двары.
Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькі цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамі і закрычаў тонкім голасам:
- Ідзі, ідзі адсюль хутчэй!
Геракл пасмяяўся, пайшоў і загадаў закалоць вепра і наладзіць баль для народа.
Бог вайны Арэс меў чараду дзікіх птушак. Кіпцюры і дзюбы ў іх былі жалезныя, а медныя пёры іх, выпадаючы з цела, ляцелі ўніз і забівалі, як стрэлы. Птушкі жылі ў гарах, у цясніне каля Сцімфальскага возера. Вада з гэтага возера цякла ў падземную пячору, а адтуль струменіў ручай у глыб зямлі, у царства мёртвых. У возеры нішто не жыло, і яго акружалі голыя скалы. Толькі на выспе пасярод возера рос высокі трыснёг, і тут жылі птушкі бога вайны. Яны харчаваліся чалавечынай і адсюль выляталі чарадой на крывавае паляванне.
Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ісці да Сцімфальскага возера і прагнаць птушак Арэса далёка за мора.
Геракл паклікаў з сабой Іалая, узяў свой лук з атручанымі стрэламі і падаўся ў горы. Доўга яны блукалі па кручах, нарэшце прыйшлі ў цясніну, на дне якой ляжала Сцімфальскае возера.
Пуста і дзіка было вакол: голыя камяні, ні травы, ні кветак, ні дрэў. Вецер не маршчыніў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркі не грэліся на сонейку паміж камянёў. Мёртвая цішыня панавала над возерам. Геракл і Іалай селі на камяні каля самай вады і пазіралі на нерухомае возера. Сум агарнуў іх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.
- Са мной творыцца штосьці нядобрае, - сказаў Геракл сябру, - цяжка дыхаць, сэрца замірае, і лук выпадае з маіх рук...
Чарадзейны сон агарнуў іх.
Тады з астраўка пасярод возера са звонам узняліся адна за адной вялізныя чырвоныя птушкі. Яны кружыліся над возерам, над цяснінай і неўзабаве, нібы хмара, закрылі ўсё неба, і барвовы цень лёг на ваду.
Раптам штосьці ўпала каля Геракла, загрымела на камені, і ён прачнуўся.
Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў і агародаў. Яе паслала герою багіня Афіна, мудрая настаўніца і памочніца людзей.
Геракл усхапіўся, пабудзіў Іалая, даў яму бразготку і загадаў трэсці яе. Яна бразгацела і грымела над сонным возерам, і горнае рэха ў сто разоў памнажала шум. Напалоханыя незвычайнымі гукамі, птушкі мітусіліся і разляталіся ў розныя бакі, губляючы пёры. Геракл схапіў лук і пускаў у птушак стралу за стралой. Падбітыя птушкі падалі ў возера, і цяжкае апярэнне цягнула іх на дно.
Накрыўшыся шкурай Нямейскага льва, якую не маглі прабіць ніякія стрэлы, Геракл бязлітасна страляў страшных Сцімфальскіх птушак. Шмат іх патанула ў чорных водах возера. Цяпер яно ўжо не было спакойнае: вада ў ім бурліла і віравала; белая пара падымалася да неба.
Птушкі, што засталіся жывымі, узняліся высока над возерам, сабраліся ў чараду і паляцелі прэч. Яны пакінулі Грэцыю і апусціліся далёка-далёка, на бязлюднай выспе ў бурным моры.
- Хутчэй хадзем адсюль, - сказаў Геракл, - пакуль нас не ахапіў смяртэльны сон. - І, кінуўшы ў ваду бразготку Афіны, сябры пайшлі ад мёртвага возера.
Невыказна багаты быў цар Эліды Аўгій. Незлічоныя статкі яго валоў і авечак і табуны коней пасвіліся ва ўрадлівай даліне ракі Алфея. Трыста коней з белымі як снег нагамі меў ён; дзвесце - чырвоных, нібы медзь; дванаццаць коней былі белыя, нібы лебедзі, а ў аднаго з іх блішчала на лбе зорка.
Аўгій столькі меў скаціны, што слугі не паспявалі чысціць хлявы і канюшні, і за шмат гадоў у кожнай з іх назбіралася гною пад самы дах.
Цар Еўрысфей хацеў удружыць Аўгію і зняважыць Геракла. І ён паслаў героя чысціць Аўгіевы канюшні.
Геракл прыйшоў у Эліду і сказаў Аўгію:
- Калі ты аддасі мне дзесятую частку сваіх коней, я вычышчу канюшні за адзін дзень.
Аўгій засмяяўся: ён думаў, што іх зусім немагчыма вычысціць. Таму цар сказаў Гераклу:
- Я аддам табе дзесятую частку маіх коней, калі ты за адзін дзень вычысціш мае канюшні.
Геракл папрасіў, каб яму далі рыдлёўку, і Аўгій, усміхаючыся, загадаў прынесці яе герою.
- Доўга ж табе давядзецца працаваць гэтай рыдлёўкай! - сказаў ён.
- Адзін толькі дзень, - адказаў Геракл і пайшоў на бераг Алфея. Паўдня ён старанна працаваў рыдлёўкай. Зямля ляцела з-пад яе і лажылася высокім валам. Геракл запрудзіў рэчышча ракі і адвёў яе проста ў царскія канюшні. Воды Алфея імкліва пацяклі праз іх, зносячы з сабою гной, стойлы, кармушкі, нават струхлелыя сцены.
Абапёршыся на рыдлёўку, Геракл глядзеў, як добра працавала рака, і толькі зрэдку памагаў ёй. Да захаду сонца канюшні былі чыстыя.
- Не гневайся, цар, - сказаў Геракл, - я ачысціў твае канюшні не толькі ад гною, але і ад усяго, што струхлела і даўно згніло. Я зрабіў больш, чым абяцаў. Цяпер ты аддай мне тое, што абяцаў.
Але сквапны Аўгій заспрачаўся, пачаў сварыцца і адмовіўся аддаць Гераклу коней. Тады Геракл зазлаваў, пачаў з Аўгіем біцца і забіў яго.
Шэсць разоў прыходзіў ужо Геракл у Мікены і па загаду цара Еўрысфея выпраўляўся ў небяспечную і цяжкую дарогу. Шэсць подзвігаў ён здзейсніў: забіў Нямейскага льва, знішчыў Лярнейскую гідру, злавіў Керынейскую лань, прынёс у Мікены Эрыманфскага вепра, прагнаў з Грэцыі Сцімфальскіх птушак і за адзін дзень вычысціў Аўгіевы канюшні. І вось зноў паклікаў героя Еўрысфей і загадаў яму плыць цераз мора на выспу Крыт і ўтаймаваць раз'юшанага быка, з якім ніхто з крыцян не мог справіцца.
Гэты бык прыплыў калісьці да выспы Крыт, і крыцкі цар Мінас абяцаў богу мораў Пасейдону прынесці быка яму ў ахвяру. Але беласнежны бык з залатымі рагамі так спадабаўся Мінасу, што цар пакінуў яго сабе, а Пасейдону ахвяраваў другога быка. Бог мора ўгневаўся і наслаў шаленства на прыгожага быка. Бык ашалеў, вырваўся са стойла, уцёк з царскага двара і стаў гразой усёй выспы.
Геракл падаўся на бераг мора, сеў на фінікійскі карабель і паплыў на Крыт. Наляцела бура, доўга насіла карабель па бурным моры, нарэшце разбіла яго, і хвалі выкінулі абломкі на бераг чужой, незнаёмай краіны.
Тут раслі дрэвы, падобныя на пучкі вялікіх пёраў: проста са ствала выходзілі тоўстыя сцябліны, на якіх гайдаліся лісты, такія вялізныя, што пад кожным мог схавацца чалавек.
Геракл і яго спадарожнікі, што засталіся жывыя, адпачылі ў засені гэтых дрэў і пайшлі ўздоўж берага па гарачым жоўтым пяску. Доўга ішлі яны і нарэшце прыйшлі ў вялікі горад каля мора. У гавані было шмат караблёў, а на беразе стаялі высокія палацы і храмы.
- Вы ў Эгіпце, - сказалі ім жыхары, якія спяшаліся ў храм на свята, - а кіруе Эгіптам вялікі Бузірыс, магутны і грозны цар.
Геракл папрасіў адвесці яго да цара. Але толькі чужаземцы ўвайшлі ў палац, як іх схапілі і звязалі ланцугамі.
- Вы прыйшлі якраз у пару, - сказаў ім жорсткі ўладар Эгіпта, - сёння свята ў Эгіпце, і я ахвярую вас багам.
- Багі не прымаюць чалавечых ахвяр, - адказаў Геракл.
Але Бузірыс, смеючыся, адказаў:
- А вось мы праверым! Ты першы будзеш заколаты жрацом - паглядзім, ці пажадаюць цябе багі. - І загадаў адвесці палонных у вялікі храм пасярод горада.
Геракла і яго спадарожнікаў прывялі ў храм, які быў поўны народу. Але як толькі запалілі агонь каля ахвярніка і стары жрэц узяў свой востры і доўгі нож, Геракл з усяе сілы напружыўся і разарваў ланцуг, якім быў звязаны. Абрыўкам ланцуга ён ударыў жраца і забіў яго. Потым у гневе расшпурляў царскую варту, адабраў у Бузірыса меч і закалоў ліхога цара. Уражаныя сілай героя, эгіпцяне не адважыліся падступіцца да яго. Геракл вызваліў сваіх таварышаў і заспяшаўся з імі на бераг мора. Там яны знайшлі карабель, які мог завезці іх на Крыт.
Хутка даплылі яны цяпер да берагоў Крыта. Геракл развітаўся са сваімі спадарожнікамі і адзін пайшоў па беразе. Неўзабаве ён убачыў шалёнага быка. Бразгаючы парваным ланцугом і злосна равучы, з налітымі крывёю вачамі, імчаўся на яго бык. Белая пена падала камякамі з разяўленай пашчы. Геракл схаваўся за дрэва і чакаў. Бык спыніўся, нагнуў галаву і пачаў рыць нагамі зямлю. Тады Геракл схапіў канец ланцуга, які цягнуўся па зямлі, і ўскочыў быку на спіну. Бык задрыжаў, пачаў брыкацца, стараючыся скінуць са спіны нечаканую ношу. Але Геракл абвіў яго рогі ланцугом і моцна трымаў яго. Бык жаласна зароў і памчаўся да мора. Ён кінуўся ў хвалі і паплыў. У моры шаленства пакінула яго, ён зрабіўся ціхмяны, нібы рабочы вол на полі, і паслухмяна прыплыў з Гераклам у Мікены.
Геракл сам адвёў яго на скацінны двор цара Еўрысфея. Але пастухі баяліся злоснага быка і не маглі ўтрымаць яго ў хляве. Ён уцёк ад іх і пачаў гуляць па ўсім Пелапанесе, нікому не даючыся ў рукі, пакуль яго не злавіў сябар Геракла, Тэзей, і не прынёс у ахвяру багам.
Зноў загадаў Еўрысфей Гераклу выпраўляцца ў дарогу - здабываць коней фракійскага цара Дыямеда.
Першы раз за ўвесь час сваёй службы цару Геракл разгубіўся. Ён не спалохаўся ні льва, ні гідры, ні доўгіх вандровак, ні цяжкай работы, ні крывавай бітвы, ні людскога каварства. Але заданне, якое цяпер даваў яму цар, здавалася яму ганебным для героя. Раздабыць у другога тое, што яму належыць па праву, - значыць, адабраць сілай або ўкрасці тайком, а Геракл не хацеў быць ні разбойнікам, ні злодзеем.
З цяжарам на сэрцы выправіўся ён у дарогу, парашыўшы, што шлях да Фракіі доўгі і ён паспее абдумаць, што яму рабіць.
Ён прыйшоў у Фесалію, у горад Феры, дзе цараваў шчаслівы і добры цар Адмет, любімец бога Апалона.
Бог святла калісьці ў гневе ўчыніў забойства, і за гэта Зеўс загадаў яму цэлы год служыць чалавеку.
Апалон прыйшоў да цара Адмета і цэлы год пасвіў яго статкі. І шчасце прыйшло да Адмета: шчодра радзіла зямля, статкі яго памнажаліся без ліку, мір і дастатак панавалі ў Ферах і ў палацы цара.
Але самым дарагім з усіх багаццяў была маладая царыца Алкеста, якую Апалон памог Адмету ўзяць сабе за жонку.
Бацька яе, Пелій, аб'явіў, што аддасць дачку толькі за таго, хто зможа запрэгчы ў калясніцу льва і мядзведзя разам і на іх прыедзе па нявесту. Апалон утаймаваў дзікіх звяроў, яны паслухмяна ўпрэгліся ў калясніцу Адмета і адвезлі яго да бацькі Алкесты. Алкеста стала жонкай Адмета; яны жылі шчасліва і мелі дзяцей.
Калі скончыўся час службы Апалона ў Адмета, бог святла, адыходзячы, захацеў зрабіць яшчэ што-небудзь добрае для цара. Па жаданню Апалона, Мойры, багіні лёсу, якія трымалі ў сваіх руках нітку кожнага чалавечага жыцця, згадзіліся адтэрмінаваць Адмету смерць, калі ў гэты час знойдзецца чалавек, які захоча яго замяніць.
І вось надышла часіна, калі ўладар царства мёртвых паслаў па Адмета Смерць, і Мойры спыталі:
- Хто хоча замяніць Адмета і памерці замест яго?
Ні сябры, ні верныя слугі, ні нават старыя бацькі цара - ніхто не хацеў развітвацца са сваім жыццём і паміраць за другога. Тады прыгажуня Алкеста сказала мужу:
- Мой мілы, я з радасцю пайду за цябе на смерць. Усё роўна мне не жыць без цябе на свеце. Няхай памру я, жыві ты. Толькі аб адным прашу цябе: не прыводзь у наш дом другой жанчыны. Абяцай мне гэта, і я памру спакойна.
Адмет паабяцаў ніколі не прыводзіць у дом другой жонкі.
Алкеста прыбралася ва ўсё чыстае, легла на пасцель і пачала чакаць Смерць, якая павінна была прыляцець па яе. Моўчкі стаялі вакол яе дзеці, муж і ўсе блізкія і з сумам пазіралі на яе апошні раз. І вось чорны цень упаў на твар царыцы, вочы яе заплюшчыліся, замерла дыханне.
Плач і стогны запоўнілі палац і горад. Жыхары Фер у знак жалобы астрыглі коратка свае валасы і грывы сваіх коней. За горадам пабудавалі прыгожую грабніцу і прызначылі дзень пахавання.
Якраз у гэты дзень Геракл, нічога не ведаючы, прыйшоў у палац Адмета і, як падарожнік, папрасіўся пераначаваць. Адмет, хоць і смуткаваў па жонцы, не мог адмовіць Гераклу ў гасціннасці; ласкава сустрэў яго, загадаў падрыхтаваць яму пакой у палацы і добра пачаставаць героя, а сам пайшоў на пахаванне Алкесты.
Стомлены Геракл адпачываў у чыстым пакоі, а падсілкаваўшыся і выпіўшы віна, развесяліўся, пачаў шумець, а потым зазлаваў, што няма з кім яму пагутарыць.
Стары слуга, які прыслужваў яму за сталом, глядзеў на яго сурова і не мог прыхаваць свой смутак.
Геракла ўзлаваў яго змрочны выгляд.
- Чаго ты пазіраеш на мяне гэтак строга? - спытаў ён. - Твой гаспадар сустрэў мяне як сябра, а добры слуга павінен прывеціць таго, каго ласкава сустракае гаспадар. Падыдзі да мяне, выпі са мной, каб мне не было сумна піць аднаму. Выпі са мной і развесяліся!
Але стары слуга з дакорам паківаў галавой і сказаў:
- Нядобра смяяцца і піць, калі ў доме гора.
- Гора? - здзівіўся Геракл. - А што здарылася ў гэтым шчаслівым доме?
І пачуў у адказ, што жонка Адмета памерла і якраз цяпер яе хаваюць.
Загарэлася сэрца Геракла, і ён адважыўся на небывалы подзвіг.
Хутка накінуў ён на плечы свой плашч і заспяшаўся на магілу царыцы. Там ён спыніўся воддаль і пачаў чакаць.
Калі родныя, сябры і землякі беднай Алкесты разышліся ў жалобе, Геракл падышоў да магілы і схаваўся за дрэвам каля ўвахода. І як толькі Смерць з'явілася на магілу, каб аднесці ў падземнае царства бледны цень нябожчыцы, Геракл выйшаў з засады і рынуўся ў бой са Смерцю. З такой сілай напаў ён на яе, што Смерць разгубілася і ўпусціла свой меч на зямлю. Геракл схапіў Смерць за плечы сваімі магутнымі рукамі і не адпускаў да таго часу, пакуль яна не згадзілася аддаць яму Алкесту.
Адзінока сядзеў Адмет у сваім апусцелым доме. Раптам шумна і весела ўвайшоў Геракл, ведучы за сабою жанчыну пад доўгім пакрывалам.
- Годзе, Адмет, - сказаў Геракл цару, - чаго табе сумаваць? Суцешся! Паглядзі, я прывёў табе гэту жанчыну. Я адваяваў яе для цябе ў баі. Яна суцешыць цябе. Развесяліся ж і будзь шчаслівы, як і раней.
Адмет адказаў Гераклу:
- Я абяцаў сваёй каханай, што ніколі не вазьму сабе другую жонку. Выведзі гэту жанчыну з майго дома. Я не хачу глядзець на яе.
Тады Геракл зняў з жанчыны пакрывала, і Адмет убачыў Алкесту. Ён кінуўся да яе і спыніўся, бо страшна спалохаўся: яна ж памерла, ён сам пахаваў яе!
- Не бойся, - супакоіў яго Геракл. - Яна жывая, Смерць аддала яе мне, і я вяртаю табе тваю сяброўку. Жывіце і будзьце шчаслівыя доўгія гады!
Радасныя, цар і царыца абняліся.
Дзівосная чутка імгненна разнеслася па палацы і па ўсім горадзе. Весялосць змяніла жалобу, жыхары Фер надзелі на свае астрыжаныя галовы ўборы, прыгожа аздобілі сваіх коней і наладзілі вясёлы баль.
А Геракл ужо крочыў далей, задаволены, што яму ўдалося прынесці радасць людзям.
Ён дайшоў да мора, сеў на карабель і паплыў у Фракію. Маракі, якія вандруюць па ўсім свеце і ведаюць больш за іншых людзей, расказалі Гераклу ўсё, што ведалі пра фракійскага цара Дыямеда і яго коней.
Гэты цар быў жорсткі і люты і не любіў чужаземцаў. Ён пабудаваў каля мора крэпасць з высокімі мураванымі сценамі і глыбокім ровам вакол яе і жыў там сярод воінаў, якія ахоўвалі яго.
Калі незнаёмы карабель паказваўся каля берага, Дыямед пасылаў сваіх слуг, каб яны запрасілі прыезджых у госці. Ён частаваў іх у сваім палацы і выхваляўся сваімі коньмі.
Чацвёра дзікіх коней меў цар Дыямед. Ніхто не мог ні ўтаймаваць іх, ні запрэгчы ў калясніцу. Жалезнымі ланцугамі яны былі прыкуты да стойлаў. Агонь і дым выляталі з іх пашчаў. Кармілі іх не травою, не збажыной, а свежай чалавечынай. Але пра гэта Дыямед не гаварыў гасцям. Калі ж госці выказвалі жаданне паглядзець на дзівосных коней, цар заводзіў чужаземцаў у канюшню і аддаваў іх на з'ядзенне сваім любімцам.
Вось што расказалі маракі Гераклу.
Цяпер Геракл больш не вагаўся: пазбавіць свет ад страшыдлаў коней і ад жорсткага цара Дыямеда было справай, вартай героя.
Калі Геракл падплываў да Фракійскай зямлі, ён сабраў самых смелых маракоў і, сышоўшы на бераг, загадаў цару Дыямеду аддаць яму коней. Цар паслаў супраць, Геракла войска, але Геракл з таварышамі перамог яго, забіў Дыямеда і кінуў цела ліхога цара яго коням-людаедам.
Потым ён пагрузіў коней на карабель і завёз цару Еўрысфею. Еўрысфей загадаў адвесці коней у Аркадзію, у Лікейскія горы, і выпусціць у лесе. Там іх разарвалі дзікія звяры.
У цара Еўрысфея была юная дачка Адмета. Аднойчы яна прыйшла да бацькі і сказала:
- Кажуць, далёка на ўсходзе ёсць царства, дзе пануюць жанчыны. Там жанчына - галава і апора сям'і і гаспадыня ў доме. Жанчыны там кіруюць гарадамі, гандлююць і судзяць, прыносяць у храмах ахвяры багам і вырашаюць дзяржаўныя справы. Узброеныя, імчацца яны на баявых конях і храбра ваююць з ворагам. Яны называюць сябе амазонкамі, пагарджаюць мужчынамі і выхваляюцца, што яны непераможныя. Мая заступніца Гера, жонка вялікага Зеўса, адкрыла мне, што ўся сіла ваяўнічых амазонак у скураным поясе, які бог вайны Арэс падарыў царыцы Іпаліце. Пакуль яна носіць гэты пояс, ніхто не можа перамагчы яе, а з ёю і ўсіх амазонак. Бацька! Я хачу быць непераможнай, як гэта жанчына, і цараваць, ні з кім не дзелячы ўлады. Я хачу мець пояс Іпаліты!
Цар загадаў Гераклу выпраўляцца ў краіну амазонак і здабыць пояс царыцы Іпаліты.
Царства амазонак было далёка на ўсходзе, у Малой Азіі.
Геракл падрыхтаваў у дарогу карабель, паклікаў з сабой сваіх верных сяброў - Іалая, афінскага царэвіча Тэзея і іншых. Яны паплылі той дарогай, якая была адкрыта для ўсіх мараплаўцаў адважнымі арганаўтамі. Доўга плылі яны; нарэшце па бурным Чорным моры прыплылі да ракі Фермадонту, падняліся па цячэнню і даплылі да горада Феміскіры - сталіцы амазонак.
Каля варот стаялі ўзброеныя жанчыны, скураныя шлемы былі на іх, кароткія кашулі і вузкія доўгія штаны да шчыкалатак; цераз плячо ў амазонак віселі шчыты ў выглядзе месяца, а ў руках яны трымалі сякеркі з двума лязамі.
Варта не пусціла Геракла з таварышамі ў горад, і яны размясціліся на беразе ракі, што цякла паблізу гарадской сцяны.
Неўзабаве да іх прымчалася на цудоўным кані сама царыца Іпаліта з атрадам узброеных дзяўчат. Сярод іх была прыгажуня Анціопа, любімая сяброўка царыцы.
Яе прыгажосць аднойчы ледзь не загубіла амазонак. Даўно задумвалі амазонкі паход у Грэцыю і вось, пераплыўшы мора, апынуліся пад сценамі Афін і асадзілі цудоўны горад. Афіняне не былі гатовыя да асады. Яшчэ крыху, і горад быў бы ў руках ваяўнічых жанчын. Але сярод афінскіх воінаў Анціопа ўбачыла царэвіча Тэзея, і ў сэрцы яе загарэлася любоў да яго. Тэзею таксама спадабалася красуня амазонка; з яе дапамогай ён спадзяваўся выратаваць родны горад.
Уночы ён пракраўся ўпотай у лагер амазонак - пабачыцца з Анціопай.
Іпаліта здагадалася пра каханне сваёй сяброўкі і, баючыся здрады, загадала зараз жа зняць асаду. Амазонкі адступілі ад Афін і вярнуліся ў сваю краіну. Анціопа была разлучана з Тэзеем. Але яна не забыла яго і цяпер, убачыўшы сярод таварышаў Геракла Тэзея, узрадавалася, і каханне яе разгарэлася яшчэ мацней.
Тэзей таксама пазнаў яе, непрыкметна наблізіўся і дамовіўся пра тайнае спатканне.
Іпаліта спытала Геракла, чаго ён прыехаў у краіну амазонак.
Геракл адказаў, што яму загадалі здабыць пояс царыцы Іпаліты.
- Толькі ў баі, толькі пераможцу аддам я свой пояс, - сказала царыца. - Біцеся з намі, і, калі вы пераможаце, пояс будзе ваш!
Так гаварыла Іпаліта, ведаючы, што, пакуль пояс на ёй, ніхто не зможа яе перамагчы.
Абодва атрады разышліся - рыхтавацца да бою. Амазонкі памчаліся ў горад, а спадарожнікі Геракла размясціліся на начлег у сваім лагеры каля ракі.
Тэзея ўсю ноч не было ў лагеры. Раніцай ён прыйшоў радасны і аддаў Гераклу чароўны пояс.
- Як? Ты здабыў яго без бою? - здзівіўся Геракл.
- Анціопа выкрала яго ў царыцы і аддала мне, - сказаў Тэзей.
Геракл не захацеў карыстацца здабычай, якая дасталася яму падманам, і бой пачаўся.
На дзікім кані, шпаркім, як вецер, памчалася на Геракла Аэла, самая імклівая з амазонак. Геракл на ўсім скаку выбіў у яе з рук сякеру. Яна кінулася наўцёкі, спадзеючыся выратавацца, але страла Геракла дагнала яе. І другая амазонка, Пратоя, якая перамагала ў паядынках сем разоў, была забіта Гераклам.
Тады выйшлі наперад тры дзяўчыны, тры самыя лепшыя паляўнічыя, якіх сама багіня Артэміда брала з сабою на паляванне, - не было ім роўных у кіданні кап'я. Адначасова ўсе разам імкліва кінулі яны свае коп'і, але не пацэлілі. А кап'ё Геракла прасвістала і перабіла ўсім тром рукі.
Страх ахапіў амазонак, калі яны ўбачылі паражэнне сваіх лепшых ваяўніц.
- Гора нам! Гора нам! Дзе ж твой пояс, Іпаліта? - крычалі яны.
Туга сціснула сэрца Анціопы, якая здрадзіла сваім сяброўкам, але ў натоўпе элінаў яна ўбачыла Тэзея, і каханне перамагло ў ёй усе іншыя пачуцці.
Грозная з выгляду, з роспаччу ў сэрцы, выехала наперад Іпаліта. Толькі яна і Анціопа ведалі пра тое, што чароўны пояс - у руках ворага. Ваяўнічая царыца не хацела выдаваць сяброўку злосным амазонкам і парашыла лепш памерці ў баі.
Адважна кідалася яна ў самыя небяспечныя месцы бітвы, сама шукала смерці і раптам упала, смяротна параненая стралою.
Убачыўшы гібель сваёй царыцы, амазонкі разгубіліся і кінуліся наўцёкі. Шмат іх узялі ў палон, другіх забілі.
Палонную Анціопу Геракл аддаў Тэзею, і яна стала яго жонкай.
Геракл вярнуўся ў Мікены, да цара Еўрысфея, і прынёс яму пояс Іпаліты. Цар падарыў яго сваёй дачцэ, але яна не асмелілася насіць яго і аддала ў храм Геры як дар багіні.
Усё далей і далей пасылаў Еўрысфей Геракла. Калі герой вярнуўся з паходу ў краіну амазонак, цар загадаў яму выпраўляцца на край свету, туды, дзе заходзіць сонца, на Барвовую выспу пасярод акіяна, дзе трохгаловы велікан Герыён пасвіў статак чырвоных валоў. Цар загадаў Гераклу прыгнаць гэтых валоў у Мікены. Геракл рушыў на захад сонца.
Ён прайшоў усю Грэцыю, доўга ішоў па розных краінах, адпачываў каля ракі Эрыдана, нарэшце падышоў да высокіх гор на краі зямлі і пачаў шукаць выхад да акіяна. Але горы стаялі суцэльнай непраходнай сцяной. Тады Геракл расхістаў дзве вялізныя скалы і рассунуў іх. Паміж імі хлынула вада, і гэта была вада акіяна.
Мора, якое знаходзілася пасярод зямлі і якое людзі называюць Міжземным, злучылася з акіянам. І дагэтуль стаяць там на берагах праліва, нібы два каменныя вартаўнікі, вялізныя Гераклавы Слупы.
Геракл перайшоў цераз горы і ўбачыў бязмежныя воды акіяна, які абмывае зямлю. Там недзе пасярод акіяна ляжала выспа - мэта яго падарожжа. Але як пераплыць акіян?
Цэлы дзень прасядзеў Геракл на беразе ў роздуме. Спёка пачала спадаць, і вецер з акіяна прынёс на зямлю халадок. Раптам Геракл убачыў зусім блізка вогненную калясніцу Геліёса - бога Сонца, якая спускалася з неба. Геракл усхапіўся і пачаў чакаць, калі Геліёс наблізіцца. Залатым бляскам зазіхацела паверхня акіяна, і каля самага берага Геракл убачыў залатую, круглую, як чаша, лодку, у якой бог Сонца, злезшы з калясніцы, кожны дзень пераплываў акіян. Геракл падумаў, што Геліёс можа перавезці яго ў сваёй лодцы на Барвовую выспу. Герой замахаў рукою і закрычаў Геліёсу:
- Стой, а то буду страляць!
І, напяўшы цеціву лука, чакаў.
Але Геліёс нават не азірнуўся. Геракл раззлаваўся і крыкнуў зноў:
- Я не жартую, і стрэлы мае смяртэльныя!
Геліёс усміхнуўся, спыніў каня і, сышоўшы з калясніцы, спытаў:
- Хто ты, дзёрзкі, і чаго ты хочаш ад мяне?
Геракл расказаў яму, хто ён, куды і чаго яго паслалі, і папрасіў Геліёса перавезці яго на Барвовую выспу.
Усміхаючыся, Геліёс узяў героя ў сваю залатую лодку. Яны паплылі па акіяне. Начная цемра ахутала зямлю. Кожны вечар пераплываў Геліёс з захаду на ўсход, каб, адпачыўшы ў сваім высокім доме на ўсходзе, зноў з'явіцца раніцай на небе.
Калі яны былі ўжо на палове дарогі, штосьці зачарнелася ўперадзе - гэта была жаданая выспа.
Залатая лодка падплыла да берага. Геракл выйшаў, і бог Сонца пажадаў герою ўдачы.
Было цёмна, і Геракл нічога не мог разгледзець вакол сябе. Задаволены, што дабраўся да мэты, ён лёг пад скалою, закруціўся ў ільвіную шкуру і моцна заснуў.
Раніцай яго пабудзіў зацяты і хрыплы брэх. Геракл прачнуўся і ўбачыў, што ён сапраўды на Барвовай выспе: усё вакол было чырвонага колеру - скалы, пясок, дарога. І нават вялізны кудлаты сабака, што стаяў перад героем і злосна брахаў на яго, таксама быў барвова-чырвоны.
Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапіўся зубамі за яго вопратку. Геракл схапіў сваю дубінку, аперазаў сабаку, і той, заенчыўшы, пакаціўся на зямлю з прабітай галавою.
Тады з ускраіны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялізны чырвоны пастух: і валасы, і барада, і твар, і вопратка - усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваім кіем і крычучы незразумелыя словы, ён накінуўся на Геракла.
Геракл спрытна выбіў кій з рук чырвонага пастуха і так моцна выцяў велікана ў грудзі, што той расцягнуўся побач з забітым сабакам.
Геракл падаўся ў лес і ўбачыў на ўзлеску два статкі: адзін чырвоны, як усё на выспе, другі чорны, як ноч, і вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымі валасамі і чорным тварам.
Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, і з-за дрэў паказаўся велікан Герыён. Тры тулавы, што зрасліся разам, крочылі на шасці нагах, тры галавы пазіралі грозна на Геракла, шэсць рук пагражалі яму. Геракл узняў свой лук - страла засвістала і ўпілася ў грудзі велікана. Адразу ж бяссільна схілілася адна галава, дзве рукі павіслі, як цявінкі, уздоўж цела, дзве нагі перасталі рухацца і валакліся за астатнімі, замінаючы ім. Але велікан быў ужо гэтак блізка, што Геракл не паспеў стрэліць другі раз. Ён узняў сваю дубінку і аперазаў Герыёна па другой галаве. І гэта абвяла таксама, і яшчэ дзве рукі апусціліся, і ўжо чатыры нагі матляліся ўнізе і заміналі Герыёну ісці. Тады Геракл адкінуў дубінку і схапіўся з веліканам урукапашную. Магутнымі рукамі ён абхапіў яго, і яны пачалі дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалі велікану, лішнія рукі матляліся бездапаможна па баках, лішнія ногі штурхаліся паміж нагамі - і неўзабаве прыйшлі Герыёну канцы.
Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забіты, і сам велікан валяўся на зямлі вялізнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналіся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б іх пагнаць, і знайшоў каля забітага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, і чырвоныя валы паслухмяна ўсталі з зямлі і пайшлі за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акіяна і чакаў.
Увечары прыплыла залатая лодка, і Геракл папрасіў Геліёса перавезці яго са статкам на зямлю.
- Што скажуць людзі, калі ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? - сказаў Геліёс.
Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.
У залатой лодцы Геліёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлі і пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краіны - у Грэцыю.
Па дарозе здарылася з імі шмат прыгод. Каля ракі Тыбра велікан Как украў у яго некалькі валоў. Гераклу давялося з ім біцца, і герой забіў велікана.
Потым адзін вол зваліўся ў мора; хвалі аднеслі яго ў Сіцылію, і Гераклу трэба было, пакінуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу і біцца з царом Сіцыліі, які не хацеў аддаваць вала.
Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзіць Гераклу, напалохала валоў, і яны разбегліся. Ледзьве сабраў іх Геракл і прывёў у Мікены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступніцы Геры.
Даўным-даўно, калі на светлым Алімпе багі спраўлялі вяселле Зеўса і Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якім раслі залатыя яблыкі.
Гэтыя яблыкі вярталі чалавеку маладосць, і той, хто змог бы іх дастаць, ніколі б не састарыўся.
Але ніхто з людзей не ведаў, дзе знаходзіцца сад, у якім расла дзівосная яблыня.
Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзіў па зямлі і змагаўся са страшыдламі, Еўрысфей у сваім палацы старэў і з кожным днём рабіўся ўсё больш слабым і баязлівым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсіх на свеце, перастане яго слухацца і сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкі з дрэва маладосці.
Геракл выправіўся ў свет шукаць залатыя яблыкі. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краіне гіпербарэяў* і прыйшоў да ракі Эрыдану, дзе ўжо быў адзін раз. Німфы пазналі яго, пашкадавалі і навучылі, каб ён папрасіў парады ў марскога цара Нерэя, які бачыў усё, што схавана ад вока людзей.
* Так старажытныя грэкі называлі народ, што жыў на самай поўначы Грэцыі.
Геракл пайшоў да мора і пачаў клікаць марскога цара. Хвалі хлынулі на бераг, і на шустрых дэльфінах усплылі наверх вясёлыя Нерэіды, дочкі марскога цара, а за імі паказаўся ўдалечыні стары Нерэй з доўгай сівой барадой. Геракл завабіў яго на бераг, абхапіў сваімі магутнымі рукамі і сказаў, што не выпусціць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакінуўся ў вялікую рыбіну, і яна выслізнула з рук Геракла. Ён хуценька наступіў ёй на хвост - рыбіна засыкала і ператварылася ў змяю. Герой схапіў змяю і хацеў задушыць - змяя перакінулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб заліць агонь, - агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзіў ёй дарогу і выкапаў ямку сваёй дубінкай - вада ўзнялася з ямкі і стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч і хацеў ссекчы дрэва - яно перакінулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапіў свой лук і ўжо напяў цеціву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд і расказаў Гераклу, што дрэва маладосці расце на краі свету, у садзе німф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пільнуе яго стовокі дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў ні ўдзень ні ўночы, і што дарога на край свету ляжыць цераз Лівійскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лівію, і пайшоў шукаць край свету.
Доўга ішоў ён па сыпучых пясках пустыні і сустрэў велікана ростам з карабельную мачту.
- Стой! - закрычаў велікан. - Што табе трэба ў маёй пустыні?
- Я іду на край свету, шукаю сад Гесперыд, дзе расце дрэва маладосці, - адказаў Геракл.
- Тут я гаспадар, - сказаў велікан. - Я - Антэй, сын Зямлі. Я нікога не прапускаю цераз пустыню; ты павінен дужацца са мною. Калі пераможаш мяне - пойдзеш далей. Калі не - застанешся тут. - І ён паказаў на кучу чарапоў і касцей, напалову засыпаных пяском.
Нічога не зробіш, давялося Гераклу дужацца з сынам Зямлі.
Спачатку яны кружыліся адзін вакол аднаго, нібы звяры, потым разам напалі адзін на аднаго, сашчапіліся рукамі і сціскалі адзін аднаго з усяе сілы. Антэй быў вялізны, цяжкі і моцны, як камень, але Геракл быў дужэйшы - ён паваліў велікана на зямлю. Антэй адразу ж усхапіўся і рынуўся на Геракла. Зноў дужаліся яны, і другі раз Геракл паваліў Антэя. І зноў, дакрануўшыся да зямлі, Антэй хуценька ўсхапіўся і, смеючыся, адбіваў удары Геракла. Трэці раз паваліў герой велікана, і Антэй зноў лёгка падняўся, быццам ад таго, што ён упаў, у яго пабольшала сілы...
Геракл здзівіўся сіле велікана. Раптам ён успомніў, што Антэй - сын Зямлі, і зразумеў, што Зямля-маці падтрымлівала свайго сына і кожны раз, як ён дакранаўся да яе, давала яму новую сілу. Тады Геракл імкліва напаў на Антэя, схапіў яго, падняў угору і трымаў над зямлёй - і адразу Антэй страціў сілу і задыхнуўся ў магутных руках героя.
Геракл без перашкод пайшоў далей.
Нарэшце дабраўся ён да краю свету, дзе неба апускаецца да зямлі. Там, на самым краі, стаяў тытан Атлант і трымаў на сваіх плячах нябесны купал. Ён стаяў гэтак ужо шмат гадоў, таму што ўладар свету Зеўс прызначыў яго на гэту работу і ніхто за ўвесь час не падмяніў яго.
- Хто ты і чаго прыйшоў на край свету? - спытаў Атлант Геракла.
- Мне патрэбны тры залатыя яблыкі з дрэва маладосці, што расце ў садзе Гесперыд, - адказаў Геракл.
- Табе не дастаць гэтых яблык. Іх пільнуе стовокі дракон, ён не спіць ні ўдзень ні ўночы і нікога не падпускае да дрэва, - сказаў Атлант. - Ды я магу памагчы табе: Гесперыды - мае дочкі.
Геракл узрадаваўся і пачаў прасіць тытана памагчы яму.
- Стань на маё месца, - сказаў Атлант, - і патрымай неба, а я пайду ў сад Гесперыд і прынясу табе тры залатыя яблыкі.
Геракл палажыў на зямлю сваю зброю і львіную шкуру, стаў побач з тытанам і падставіў плечы пад нябесны купал. Атлант расправіў стомленую спіну і пайшоў у сад Гесперыд. І пакуль ён хадзіў па яблыкі, Геракл стаяў на краі зямлі і трымаў на плячах неба. Нарэшце Атлант вярнуўся і прынёс тры залатыя яблыкі.
Геракл пачаў дзякаваць яму, але тытан сказаў:
- Каму трэба аддаць гэтыя яблыкі? Скажы, я пайду і аддам. Мне хочацца пагуляць па зямлі. Абрыдла стаяць нерухома тут, на краі свету, і трымаць гэтае цяжкае неба. Я рады, што знайшоў сабе замену. Бывай!
І ён хацеў пайсці.
- Пачакай, - сказаў Геракл. - Дай я толькі падлажу сабе на плечы львіную шкуру, каб нябесны купал не намуляў мне шыю. Пакладзі яблыкі на зямлю і вазьмі на хвілінку неба, пакуль я ўладкуюся зручней.
Атлант паклаў на зямлю залатыя яблыкі і зноў узваліў неба сабе на спіну. Геракл падняў з зямлі свой лук і калчан, узяў тры залатыя яблыкі, захутаўся ў ільвіную шкуру, пакланіўся Атланту і пайшоў. Ён ішоў шпарка і ні разу не азірнуўся. Але зоркі падалі дажджом, і ён здагадаўся, што Атлант злуецца і моцна трасе неба.
Схаваўшы залатыя яблыкі на грудзях пад плашчом, Геракл спяшаўся ў Мікены і радаваўся, што выканаў і гэты загад цара.
- Вось я прынёс табе яблыкі Гесперыд - цяпер ты зноў можаш стаць маладым! - сказаў Геракл Еўрысфею.
Але цар быў так уражаны, убачыўшы перад сабою Геракла жывога і здаровага, што не ўзяў залатыя яблыкі і прагнаў яго прэч.
Геракл падаўся дадому і па дарозе думаў, што яму рабіць з залатымі яблыкамі. Раптам перад ім з'явілася багіня розуму і мудрасці Афіна.
«Мудрасць даражэй за маладосць», - падумаў Геракл і аддаў Афіне тры залатыя яблыкі.
А яна вярнула іх у сад Гесперыд на дрэва Геры.
Усю зямлю з усходу да захаду абышоў Геракл, ваяваў і працаваў, змагаўся са страшыдламі і са злымі людзьмі, пракладваў дарогу на вяршыню гары, разам з Сонцам пераплываў акіян, дайшоў да края свету - і вярнуўся пераможцам.
Тады Еўрысфей, страціўшы надзею пазбавіцца ад Геракла, вырашыў паслаць яго туды, адкуль ніхто са смяротных яшчэ ні разу не прыходзіў назад, - у краіну мёртвых, у падземнае царства Аіда.
Каля медных варот Тартара - каля ўвахода ў царства мёртвых - дрэмле на варце страшны трохгаловы сабака Кербер. У яго на шыі замест поўсці выгінаюцца чорныя змеі, хвост у яго - жывы дракон, а з разяўленых пашчаў вылятаюць тры языкі полымя. Калі адчыняюцца вароты і ў царства Смерці заходзіць бледны цень чалавека, Кербер ветліва віляе хвастом і ад лютай весялосці, стараецца лізнуць прышэльца сваімі вогненнымі языкамі. Але гора таму, хто захоча вярнуцца!..
Апошні раз паклікаў да сябе Геракла цар Еўрысфей і сказаў яму:
- Прывядзі да мяне Кербера з царства Аіда, і гэта будзе твая апошняя служба мне!
Геракл нічога не адказаў і рушыў у дарогу..
Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракі трэба было спускацца ў глыб зямлі.
Страшна жывому па сваёй ахвоце ісці ў царства смерці!
Геракл спыніўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квецені, на сіняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, і сумна і страшна зрабілася яму. Але ён перасіліў сум і страх і адважна ступіў у цемру. І адразу пачуў за сабой лёгкія крокі. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесці Геракла да Аіда. Гермес узяў героя за руку, і ўдвух яны пачалі спускацца ў падземнае царства.
Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменіла ціхая рака, зарослая высокай травою без колеру і паху. Геракл нагнуўся да ракі, каб напіцца.
- Не пі, - спыніў яго Гермес, - гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.
Яны пайшлі далей, і Геракл убачыў свайго старога настаўніка і свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кінуўся да іх, працягваючы ім рукі, але яны глядзелі на яго нежывымі вачамі, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, і, як цені, слізганулі міма.
- Яны не пазнаюць цябе, - сказаў Гермес. - Яны пілі з ракі Забыцця і ўсё забылі.
Але адзін цень раптам спыніўся, наблізіўся. Геракл пазнаў калідонскага цара Мелеагра.
- Геракл, - сказаў ціха цень цара, - памажы мне. На зямлі я пакінуў сястру Дэяніру, юную і безабаронную. Думкі пра яе трывожаць мяне і тут. Прашу цябе: вазьмі яе да сябе ў дом, ажаніся з ёю, - яна будзе табе вернаю жонкай. А я супакоюся навек.
І Геракл паабяцаў выканаць просьбу сябра.
Усё ніжэй і ніжэй спускаліся яны ў глыб зямлі і раптам убачылі чалавека, які цягнуў на самы верх падземнай гары вялізны цяжкі камень. Увесь спацелы і запылены, напружваючы ўсе сілы, ён аберуч старанна каціў угору камень, падпіраючы яго ўсім сваім целам. Усяго адзін крок заставаўся яму да вяршыні гары, як раптам камень вырваўся з аслабелых рук і з грукатам пакаціўся ўніз. Чалавек паспешліва спусціўся за ім да падножжа гары і зноў пацягнуў сваю цяжкую ношу. І зноў, не дасягнуўшы вяршыні, сарваўся і ўпаў камень, і зноў спусціўся ўніз і без адпачынку, без перадыху пацягнуў яго наверх чалавек.
Геракл спыніўся і пазіраў на гэтую цяжкую і марную працу.
Гэта быў Сізіф з Карынфа, асуджаны вечна цягаць гэты цяжкі камень - за сквапнасць, за тое, што пры жыцці прысвойваў сабе чужыя багацці, за тое, што пражыў на зямлі не працуючы.
Далей пайшоў Геракл са сваім спадарожнікам Гермесам і ўбачыў чалавека, які стаяў у празрыстай і чыстай вадзе. Вада даходзіла яму да плячэй, але ледзь толькі ён нагінаўся, каб прагнаць смагу, змачыць перасохлыя, чорныя губы, вада імгненна спадала, знікала, хавалася ўся ў зямлі. З берага схіляліся да чалавека галіны, якія гнуліся ад пладоў, янтарная гронка вінаграду амаль датыкалася да яго твару. Але як толькі ён працягваў руку, каб сарваць румяны яблык або сакавіты гранат, галіны ўзнімаліся высока-высока, і галодны не мог дацягнуцца да іх.
Геракл пазнаў чалавека, якога гэтак жорстка пакаралі.
Гэта быў Тантал, цар Сіпіла, калісьці любімец багоў і самы шчаслівы са смяротных, навекі асуджаны ўладаром свету Зеўсам за падман багоў, за вераломства, за непамерную, шалёную зайздрасць.
З цяжкім сэрцам праходзіў Геракл міма страшных прывідаў падземнага царства. Нарэшце ён прыйшоў на бераг падземнай ракі Ахеронта. Каля берага чакала чорная лодка. Змрочны і маўклівы перавозчык Харон стаяў з вяслом у руцэ на карме, і цені памёршых нясмела працягвалі яму манету, якую клапатлівыя родныя палажылі нябожчыку ў рот пры пахаванні.
Стары Харон здзівіўся, убачыўшы жывога ў царстве мёртвых, але Гермес загадаў яму прапусціць Геракла ў лодку. Лодка паплыла ўпоперак чорнай нерухомай ракі. Цені памёршых з роспаччу пазіралі назад, быццам хацелі апошні раз убачыць тое, што яны пакінулі на зямлі. Лодка плыла цераз Ахеронт, і неўзабаве наблізіўся пустынны бераг. Геракл з Гермесам выйшлі з лодкі першыя і рушылі разам з натоўпам да медных варот Аідава царства. Цяжкія вароты былі шырока расчынены, і каля іх Геракл убачыў Кербера. Сабака ляніва памахаў сваім страшным хвастом і адышоўся, прапускаючы героя.
- Ён яшчэ не ведае, чаго ты прыйшоў сюды, - сказаў Гераклу спадарожнік, - а то ён сустрэў бы цябе інакш.
З жаласным стогнам цені памёршых увайшлі ў шырокія вароты і рушылі да палаца падземнага царства.
Там, у вялікай і змрочнай зале, перад тронам Аіда сядзелі строгія і непадкупныя суддзі мёртвага царства: Радамант, Эак і Мінас. Яны судзілі кожнага за яго жыццё, за яго зямныя справы і кожнаму прызначалі па заслугах пакаранне або ўзнагароду.
Убачыўшы жывога чалавека ў палацы ўладара мёртвых, здзівіліся і суддзі і слугі Аіда. А Геракл спакойна стаяў перад тронам падземнага цара, з ільвінай шкурай на плячах, трымаючы ў руках сваю дубінку, і папрасіў Аіда дазволіць яму вывесці на святло Кербера, каб паказаць яго цару Еўрысфею.
- Я дазволю табе, - сказаў яму Аід, - узяць на нейкі час з сабою на зямлю майго сабаку, калі ён выпусціць цябе адсюль і калі ты зможаш узяць яго, не параніўшы, без мяча і без стралы, аднымі сваімі рукамі.
Геракл падзякаваў Аіду і пайшоў назад да медных варот. Цяпер яны былі зачынены, і Кербер спаў перад імі, паклаўшы ўсе тры галавы на чорную дарогу.
Пачуўшы крокі Геракла, ён прачнуўся, усхапіўся, сярдзіта загыркаў, і дракон на канцы хваста грозна разявіў пашчу.
Геракл хуценька наблізіўся да Кербера і, выставіўшы ўперад сваю левую руку, абгорнутую ў ільвіную шкуру, правай рукой схапіў сабаку за шыю. Сабака завыў; жудаснае выццё яго разнеслася па ўсім падземным царстве. Ён ухапіўся зубамі ўсіх трох галоў за левую руку героя, лізаў яе вогненнымі языкамі, усе змеі на яго спіне ўпіліся ў ільвіную шкуру, але яе нельга было пракусіць, і Геракл не адчуваў болю. Моцна сціскаў ён шыю сабакі і цягнуў яго за сабою, на бераг ракі, да перавозу. Нарэшце напаўзадушаны Кербер захістаўся, аслабеў і лёг перад Гераклам. Герой надзеў яму ланцуг на шыю і павалок за сабою, і страшны сабака падземнага царства паслухмяна паплёўся за пераможцам.
Харон жахнуўся, убачыўшы Геракла з Керберам, але не адважыўся затрымаць іх і перавёз на другі бок.
Калі яны наблізіліся да выхада на зямлю, Кербер жаласна заскуголіў і амаль поўз за Гераклам. А калі яны выйшлі са змроку на зямны вольны прастор, сонечнае святло асляпіла падземнага вартаўніка; ён задрыжаў, закалаціўся, жоўтая пена закапала з яго пашчаў, і ўсюды, дзе яна падала на зямлю, вырастала ядавітая трава.
Геракл прывёў Кербера ў Мікены і прымусіў Еўрысфея зірнуць на яго. Але Еўрысфей затуліў твар рукамі і ад страху пачаў прасіць Геракла найхутчэй завесці страшнага сабаку назад.
- Ну, бяжы, вяртайся назад і чакай цара каля варот, - сказаў Геракл і зняў з Кербера ланцуг.
І сабака як згледзець вокам памчаўся ў царства мёртвых.
Так закончылася служба Геракла Еўрысфею, і цар адпусціў героя.
Закончыўшы сваю службу ў цара Еўрысфея, здзейсніўшы дванаццаць подзвігаў, Геракл вярнуўся дадому. Тут яго чакалі новыя выпрабаванні.
Даверлівы і добры, Геракл часта бываў нецярплівы, запальчывы і ў гневе не памятаў сябе.
Аднойчы хлопчык-слуга падаў яму напіцца вады, якая прызначалася, каб умывацца. Геракл зазлаваў, стукнуў яго і забіў незнарок. Тады, каб навучыць героя цярплівасці, Зеўс наслаў на яго доўгую пакутлівую хваробу. Адважны герой, які не баяўся ні дзікіх звяроў, ні страшыдлаў, ні варожага войска, не мог цярпліва пераносіць боль. Ён не вытрымаў, звярнуўся да Апалона і запатрабаваў, каб бог святла, які ведае будучае людзей, сказаў яму, калі ён паправіцца і скончацца яго пакуты. Апалон не захацеў адкрыць герою гэтую тайну. Геракл раз'юшыўся і ўзняў руку на бога святла. Грамавержац разгневаўся, паслаў хмару, каб яна разняла задзір, і загадаў Гермесу пакараць непакорнага героя.
Хітры бог гандлю прадаў Геракла лідзійскай царыцы Амфале за тры медныя манеты на тры гады ў рабства.
Вясёлая царыца Амфала не пасылала Геракла ў далёкія паходы і не патрабавала ад яго геройскіх спраў і перамог. Яна адабрала ў героя зброю - яго меч і лук са стрэламі, зняла з плеч ільвіную шкуру, апранула Геракла ў жаночае адзенне і дзеля пацехі прымушала яго, нібы служанку, прыслужваць ёй.
Яна садзіла яго за прасніцу разам з жанчынамі і весялілася, слухаючы, як казкі, яго расказы пра далёкія вандроўкі, цяжкія паходы і жорсткія бітвы.
Гэты палон у Амфалы быў для героя цяжэйшы за самыя мудрагелістыя даручэнні Еўрысфея. І часта Геракл так сумаваў і нудзіўся, што царыцы надакучваў яго змрочны выгляд, яна аддавала яму лук і стрэлы і дазваляла пагуляць па ваколіцах.
Аднойчы Геракл зайшоў вельмі далёка, у суседнюю з Лідзіяй краіну, стомлены лёг пад дрэва і заснуў. Праз сон ён адчуў нейкую мітусню вакол сябе, быццам маленькія звяркі бегалі па яго целе. Ён прачнуўся, працягнуў руку, злавіў аднаго.
Гэта быў не звярок, а смешны карлік - кекроп.
Шмат іх варушылася каля героя на зямлі - ім спадабаўся лук Геракла, і яны збіраліся сцягнуць яго. Геракл пачаў лавіць іх, звязваць за рукі, за ногі; потым начапіў іх на доўгую палку і панёс у Лідзію.
Кекропы не спалохаліся: яны скакалі па палцы, спрабуючы вызваліцца, гучна пішчалі і так пагражалі Гераклу і сварыліся на яго, што Геракл смяяўся ўсю дарогу.
Гледзячы на гэты маленькі смелы народ, Геракл развесяліўся.
Ён дайшоў да мяжы іх царства, развязаў сваіх маленькіх палонных і адпусціў на волю, а сам вярнуўся да Амфалы і пачаў патрабаваць і сабе волі. І Амфала ўрэшце адпусціла яго.
Шмат яшчэ подзвігаў здзейсніў Геракл, і імя яго праславілася па ўсёй Грэцыі.
Калі Язон пабудаваў быстраходны карабель «Арго» і паклікаў герояў Грэцыі, каб плыць за тры моры, у Калхіду, здабываць залатое руно, магутны Геракл выправіўся ў паход разам з адважнымі арганаўтамі.
Але па дарозе, на адной са стаянак «Арго» каля берага невядомай зямлі, Геракл зайшоў далёка ў прыбярэжны лес, не вярнуўся ў час на карабель, і арганаўты паплылі далей без яго. А Геракл па сушы падаўся ў глыб краіны і неўзабаве прыйшоў у горы.
Дзікі і велічны край адкрыўся перад ім. Градою ўзвышаліся высокія горы, каля падножжа зарослыя густым лесам, а на вяршынях пакрытыя вечным снегам. Чым вышэй падымаўся герой, тым усё больш суровыя і непрыступныя рабіліся горы. Нарэшце ён забраўся на голую скалу, якая абрывалася па-над морам.
Раптам Геракл пачуў голас, які клікаў яго, і ўбачыў прыкаванага да скалы тытана.
Геракл пазнаў Праметэя - сына Феміды, багіні справядлівасці, і тытана Іапета, ад якога пачаўся на зямлі род чалавечы.
Калісьці, у даўнія-даўнія часы, людзей на зямлі было мала. Нібы звяры, блукалі яны па лясах, палявалі на зверыну, елі сырое мяса, дзікія плады і карані, укрываліся звярынымі шкурамі і ў непагадзь хаваліся ў пячорах і дуплах дрэў. Розум у іх быў, як у малых дзяцей; яны былі бездапаможныя ў жыцці і безабаронныя супраць драпежных звяроў і грозных сіл прыроды.
Праметэй пашкадаваў людзей і захацеў памагчы ім.
Ён пайшоў да свайго сябра Гефеста, сына Зеўса, цудоўнага каваля і майстра. На выспе Лемнас, у нетрах вогнедышнай гары, была майстэрня Гефеста. Горача палаў у вялізным горне свяшчэнны агонь, без якога немагчыма ніводнае мастацтва і майстэрства. Тры аднавокія веліканы - Кіклопы - працавалі ў майстэрні Гефеста. Дзве статуі, якія ён сам адліў з золата, рухаліся, нібы жывыя, па майстэрні, і кульгавы бог-каваль абапіраўся на іх, калі куды-небудзь ішоў.
Праметэй застаў Гефеста за работай - бог-каваль каваў вогненныя стрэлы-маланкі для Зеўса-Грамавержца. Праметэй стаяў і глядзеў, як па-майстэрску працуе Гефест. Калі ж Кіклопы пачалі мяхамі раздзімаць агонь у горне і палаючыя іскры разляцеліся па ўсёй майстэрні, Праметэй злавіў свяшчэнную іскрынку і схаваў у пустой трысцінцы, якую трымаў у руцэ. Гэтую трысцінку з іскрай свяшчэннага агню Праметэй прынёс людзям, і людзі запалілі ад яе ўсюды на зямлі вогнішчы, ачагі і горны. Людзі навучыліся змагацца з прыродай, здабываць схаваныя ў нетрах зямлі медзь і жалеза, золата і серабро і вырабляць з іх розныя рэчы, зброю і ўпрыгожанні. Людзі пачалі будаваць сабе жыллё з дрэва і каменя і караблі з ветразямі, каб плаваць па рэках і морах. Людзі прыручылі дзікіх жывёл і прымусілі каня насіць на сабе чалавека, а казу і карову - карміць яго, а ў авечкі пачалі браць цёплую і моцную воўну для вопраткі. Святло ад свяшчэннага агню праясніла думкі людзей, абудзіла іх сонны розум, запаліла ў сэрцы імкненне да шчасця.
І яшчэ шмат чаму навучыў Праметэй людзей з дапамогай свяшчэннага агню. Ён навучыў іх гатаваць лекавы сок з раслін, якія памагаюць пры хваробах і ранах, і людзі пазбавіліся ад вечнага страху смерці. Праметэй адкрыў ім навуку лічбаў і навучыў запісваць знакамі словы, каб перадаваць свае думкі тым, хто жыве далёка.
З гордасцю глядзеў Праметэй, як людзі робяцца дужэйшыя, разумнейшыя і спрытнейшыя ў любой рабоце.
Але ўладар свету Зеўс разгневаўся на Праметэя і вырашыў жорстка пакараць выкрадальніка свяшчэннага агню. Цар багоў паслаў сваіх слуг Сілу і Ўладу схапіць Праметэя і адвесці яго на край свету, у бязлюдную горную краіну, а Гефесту загадаў прыкаваць тытана да гары. Горка было Гефесту выконваць гэты загад - Праметэй жа быў яго сябар, але такая была воля Зеўса. Гефест закаваў рукі і ногі Праметэя ў жалезныя кольцы, а потым моцным ланцугом прыкаваў яго да каменнай глыбы, вострым алмазным клінам прабіў яму грудзі і прыбіў яго да скалы.
І загадаў Зеўс, каб назаўсёды, на векі вякоў, застаўся Праметэй прыкутым да гэтай скалы.
Мінулі стагоддзі. Шмат што змянілася на зямлі. Толькі не канчаліся мукі Праметэя. Сонца пякло яго высахлае цела, сцюдзёны вецер замятаў яго калючым снегам. Кожны дзень у вызначаны час прылятаў вялізны арол, разрываў кіпцюрамі цела тытана і дзяўбаў яго печань. А ўночы раны гаіліся зноў.
Ды нездарма ён насіў імя «Праметэй», што азначае «прадбачлівы»: ён ведаў, што надыдзе часіна, і сярод людзей на зямлі з'явіцца вялікі герой, які здзейсніць шмат подзвігаў, каб ачысціць зямлю ад ліха, і прыйдзе вызваліць яго.
І вось нарэшце Праметэй пачуў крокі чалавека, які ішоў па гарах, і ўбачыў героя, якога чакаў увесь час.
Геракл наблізіўся да закаванага Праметэя і падняў ужо меч, каб збіць кайданы з тытана, але высока ў небе пачуўся крык арла: гэта Праметэеў арол у вызначаны час спяшаўся на свой крывавы баль. Геракл схапіў свой лук, пусціў стралу ў арла і забіў яго.
Геракл разбіў ланцуг, якім быў прыкуты Праметэй, выцягнуў у яго з грудзей алмазны клін, якім той быў прыбіты да скалы. І вызвалены Праметэй выпрастаўся, уздыхнуў на поўныя грудзі і яснымі вачыма зірнуў на зямлю і на героя, які прынёс яму свабоду і прымірэнне з багамі.
Зеўс загадаў Гефесту зрабіць пярсцёнак са звяна ланцуга Праметэя і ўставіць у яго камень - асколак скалы, да якой быў прыкаваны тытан. Гэты пярсцёнак Зеўс загадаў Праметэю надзець на палец і заўсёды насіць яго, каб памятаў, што не парушана слова ўладара свету і навекі Праметэй прыкуты да скалы.
У бітвах, у паходах, у вандроўках па свеце праходзіла жыццё Геракла. Ён абышоў усю Грэцыю, пабываў у шмат якіх гарадах, але нідзе не жыў доўга, і доўга не меў ні сям'і, ні дома. Ды аднойчы ён успомніў, што ў царстве мёртвых абяцаў сябру Мелеагру ажаніцца з яго сястрой Дэянірай, і падаўся ў Калідон, дзе яна жыла.
У Калідоне ў гэты час ішлі спаборніцтвы жаніхоў - шмат іх дамагалася прыгажуні Дэяніры. Раптам сярод жаніхоў з'явіўся рачны бог Ахелой - страшыдла з бычынымі рагамі на галаве, з зялёнай барадой, па якой струменіла вада. Убачыўшы такога саперніка, усе жаніхі разбегліся. Дэяніра горка плакала ад страху.
Геракл прыйшоў ёй на дапамогу. Ён распачаў бой з Ахелоем і выламаў у яго адзін рог. Ахелой прызнаў сябе пераможаным, выпрасіў у Геракла назад свой рог, а Дэяніры падарыў узамен дзівосны Рог багацця, поўны кветак і садавіны, якія ніколі не зводзіліся ў ім.
Геракл ажаніўся з Дэянірай і падаўся з жонкай у горад Трахін, дзе яны збіраліся жыць. Па дарозе ім давялося пераходзіць цераз раку. Тут яны сустрэлі кентаўра Неса, які за плату пераносіў прахожых цераз раку на сваёй шырокай конскай спіне. Геракл пасадзіў жонку на спіну кентаўра, а сам пайшоў паперадзе. Ён ужо быў на сярэдзіне, ракі, як раптам пачуў крык Дэяніры і, азірнуўшыся, убачыў, што кентаўр імчыцца па беразе, несучы выкрадзеную красуню.
Геракл хуценька схапіў свой лук, і меткая страла ў адно імгненне дагнала кентаўра.
Нес перад смерцю парашыў адпомсціць Гераклу і сказаў Дэяніры:
- Кроў мая цячэ са смяртэльнай раны. Збяры і схавай яе - у ёй цудадзейная сіла. Калі Геракл калі-небудзь цябе разлюбіць, натры маёй крывёю яго вопратку - і каханне яго вернецца да цябе.
Дэяніра паверыла кентаўру, сабрала яго кроў і схавала.
Геракл з Дэянірай пасяліліся ў Трахіне, жылі добра. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын.
Ішлі гады. Сын вырас. Геракл часта адлучаўся з дому на вайну. Аднойчы ён доўга не вяртаўся з паходу, і Дэяніра вельмі непакоілася. Яна хацела паслаць на пошукі бацькі сына, ды тут прыйшоў вястун ад Геракла і сказаў, што герой жывы і здаровы, вяртаецца дадому і пасылае ёй палонных, якіх ён захапіў у чужой краіне. Сярод палонных Дэяніра ўбачыла дзяўчыну незвычайнай прыгажосці і спытала ў вестуна, хто яна такая. Хітры вястун адказаў, што гэта не простая палонніца, а дачка пераможанага цара, якую Геракл калісьці хацеў узяць за жонку.
Дэяніра бачыла, што царэўна маладзейшая за яе і прыгажэйшая, і думала, што Геракл цяпер разлюбіць яе і пакіне адну. Яна прыгадала перадсмяротную параду кентаўра Неса: яго запечанай крывёю нацерла новае святочнае адзенне, якое сама выткала для мужа, і паслала з ганцом Гераклу.
Геракл узяў падарунак жонкі і захацеў адразу ж надзець яго. Але як толькі адзенне дакранулася да цела, атрута з крыві Неса трапіла ў Геракла і быццам агнём пачала пячы яго. Геракл ірваў на сабе праклятую вопратку, але яна прырасла да цела і прычыняла нясцерпны боль. Яго ахапіла шаленства, ён кідаўся ва ўсе бакі, крычаў і мучыўся невыказна. Калі пра гэта сказалі Дэяніры, няшчасная зразумела, што кентаўр ашукаў яе.
У роспачы, што яна загубіла мужа, Дэяніра кінулася грудзьмі на меч і памерла.
Даведаўшыся пра смерць жонкі, Геракл перастаў стагнаць і кідацца, сабраў апошнія сілы, наламаў галля ў лесе, склаў на пагорку вялікі касцёр і накрыў яго львінай шкурай. Потым ён лёг на яе, паклікаў сына і папрасіў падпаліць галлё.
Але ні сын, ні таварышы не адважваліся выканаць яго просьбу.
Раптам вялікая чорная хмара закрыла сонца, бліснулі маланкі, загрымеў гром. Маланка з хмары стрэліла ў касцёр і запаліла галлё. Вогнішча разгарэлася, густы дым падняўся да неба.
Тады, нябачная ў гэтым дымным воблаку, спусцілася з неба залатая калясніца, і мудрая Афіна Палада памчала на Алімп свайго героя. Там яго сустрэла з лагоднай усмешкай прымірэння багіня Гера, узяла за руку і павяла на баль багоў.