Афінскі цар Эгей не меў дзяцей. Два разы быў ён жанаты, але жонкі не нарадзілі яму ні сына, ні дачкі. І таму ён вельмі бедаваў. Ён хацеў ведаць, няўжо яму суджана застацца бяздзетным, і спытаў пра гэта ў аракула-прадказальніка. Аракул адказаў так загадкава, што Эгей не мог зразумець яго.
У гэты час у Аргалідзе, у горадзе Тразенах, жыў стары мудры Пітфей. Эгей выправіўся да яго ў Тразены - папрасіць яго разгадаць адказ аракула. Пітфей растлумачыў прадказанне: у Эгея будзе сын, якому суджана стаць вялікім героем.
Эгей узрадаваўся і, каб хутчэй збылося прадказанне, ажаніўся трэці раз - з дачкой Пітфея - і пачаў чакаць абяцанага сына.
Але тут з Афін прыйшла вестка, што ворагі, скарыстаўшы адсутнасць цара, намагаюцца захапіць уладу ў горадзе. Эгей вымушаны быў вярнуцца ў Афіны. Але Пітфей не адпусціў сваю дачку з мужам: старому цару хацелася, каб герой, якога пасылае лёс, нарадзіўся ў Тразенах і сваім нараджэннем праславіў горад.
Перш чым пакінуць Тразены, Эгей закапаў у царскім садзе пад вялікім каменем свой меч і сандалі і сказаў жонцы:
- Калі мой сын стане такі вялікі і дужы, што зможа зрушыць гэты камень і дастане мой меч і сандалі, няхай ён прыйдзе да мяне ў Афіны: па гэтым мячы і сандалях я пазнаю яго.
Эгей вярнуўся ў Афіны, а ў яго жонкі неўзабаве нарадзіўся хлопчык - яго назвалі Тэзеем. Тэзей рос у палацы Пітфея, і стары цар вучыў яго ўсяму, што павінен ведаць і ўмець чалавек, якога чакаюць у жыцці вандраванні, бітвы і подзвігі воіна.
Калі Тэзею споўнілася шаснаццаць гадоў, маці павяла яго ў сад, паказала яму камень і сказала:
- Вось тут, пад гэтым каменем, ляжыць падарунак, які пакінуў табе твой бацька. Адсунь камень і дастань тое, што пад ім закапана.
Юнак дужымі рукамі моцна абхапіў камень, адсунуў яго ўбок і знайшоў у зямлі меч і сандалі. Тады маці сказала яму, хто яго бацька, падперазала сына бацькавым мячом, надзела яму на ногі бацькавы сандалі і сказала, што па гэтым мячы і сандалях бацька пазнае яго.
Тэзей захацеў хутчэй убачыць свайго бацьку, і ў той жа дзень развітаўся з маці і дзедам і падаўся ў Афіны. Маці ўгаворвала яго сесці на карабель і дабрацца да Афін марскім шляхам - гэта было больш надзейна, чым ісці праз лясы і цераз горы, дзе вяліся драпежныя звяры і ліхія разбойнікі падпільноўвалі падарожнікаў.
Але Тэзей прагнуў подзвігаў і славы і пайшоў простаю дарогаю.
Смела мінуў ён межы дзедавых земляў і ўвайшоў у чужыя горы. Прайшоў трохі і сустрэў кульгавага велікана, які чыкільгаў па дарозе, абапіраючыся на тоўстую жалезную булаву, якая са звонам стукалася аб прыдарожныя камяні.
Убачыўшы Тэзея, велікан закрычаў сярдзіта:
- Гэй, падарожнік, вяртайся назад!
Тэзей здзівіўся і спытаў, чаму ён павінен вяртацца, калі яму трэба ісці ўперад.
Велікан узняў над галавою сваю булаву і зароў:
- Вяртайся туды, адкуль прыйшоў, і скажы ўсім, што я, Перыфет, нікому не дазваляю тут хадзіць! Клянуся гэтай булавою, якую выкаваў мне мой заступнік - бог Гефест, - ты не ступіш ні кроку далей.
Ён гаварыў гэта і размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свістаў вакол і камяні разляталіся на ўсе бакі.
Замест таго каб павярнуцца і ўцякаць, Тэзей кінуўся насустрач велікану і сутыкнуўся з ім так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапіў яго рукамі за пояс і моцна сціснуў. Ад нечаканасці Перыфет выпусціў з рук сваю булаву і нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збіў кульгавага з ног і ўсадзіў яму ў грудзі бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велікана з дарогі, падняў яго булаву і пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.
Але гэта быў толькі пачатак яго выпрабаванняў.
На Істме, ідучы праз густы і цёмны хваёвы лес, юнак пачуў, як драпежныя птушкі з крыкам біліся ў вяршалінах соснаў, нібыта дзялілі нейкую крывавую здабычу. Раптам люты велікан Сініс напаў на Тэзея ззаду, збіў з ног, звязаў і павалок у лясныя нетры.
- Бачыш вунь тыя дзве высокія сасны, верхавіны якіх глядзяць у неба? - сказаў велікан Тэзею. - Я сагну іх уніз, да самай зямлі, прывяжу цябе да іх за рукі, за ногі - і адпушчу. Так раблю я з тымі, хто прыходзіць у мой лес, нездарма мяне завуць Згінальнік Соснаў!
Сказаўшы гэта, велікан ухапіў за макаўкі дзве бліжэйшыя сасны і пачаў прыгінаць іх да зямлі, не звяртаючы ўвагі на свайго палоннага.
Тэзей зубамі выцягнуў бацькаў меч з ножнаў, перарэзаў вяроўкі на руках і нагах, ціхенька падкраўся і стаў за спіною велікана разбойніка. Як толькі верхавіны соснаў паслухмяна дакрануліся да зямлі і велікан наступіў на іх нагамі, Тэзей моцна схапіў яго за рукі, аблытаў іх вяроўкамі, прывязаў да галін і, адступіўшы, пусціў сосны на волю. Са страшэннай сілай выпрасталіся высокія дрэвы і разарвалі Згінальніка Соснаў напалам.
А Тэзей узяў свой меч і булаву і, не азіраючыся, заспяшаўся прэч з гэтага страшнага лесу.
Ён ішоў усё далей і далей і прыйшоў на бераг мора. Тут на скалістым выступе над морам сядзеў велікан Скірон, які прымушаў усіх падарожных мыць яму ногі.
Тэзей зірнуў уніз і ўбачыў мноства чалавечых касцей на беразе, а з вады высоўвала прагную пашчу вялізная марская чарапаха. Юнак зразумеў, што яму пагражае; ён прыкінуўся, нібыта хоча выканаць патрабаванне велікана, і нагнуўся, быццам хацеў зачэрпнуць вады з мора. Велікан падняў нагу, каб сапхнуць юнака ў мора, як спіхваў усіх дагэтуль. Тэзей тут жа схапіў велікана за нагу і скінуў яго самога ў ваду на з'ядзенне марскому страшыдлу. Перамогшы і гэтага разбойніка, Тэзей рушыў далей.
Недалёка ад Элеўсіна давялося яму схапіцца з асілкам Керкіёнам, якога яшчэ ніхто ніколі не мог перамагчы. Тэзей быў малады, спрытны, і прыёмам барацьбы яшчэ з маленства вучыў яго мудры Пітфей, а Керкіён быў няўклюдны і прывык перамагаць слабых, - і Тэзей хутка адолеў яго.
Задаволены сваімі перамогамі і думаючы пра блізкую сустрэчу з бацькам, Тэзей заспяшаўся далей і ішоў, не спыняючыся, аж да змяркання.
У цемры спыніў яго на дарозе чалавек і пачаў угаворваць зайсці да яго ў дом адпачыць і пераначаваць.
- Уночы небяспечна ісці аднаму па бязлюднай дарозе, - гаварыў чалавек, - зайдзі ў мой дом, падсілкуйся разам са мною і адпачні на маім ложку. Мяне завуць Пракруст, дом мой заўсёды адчынены для падарожнікаў, і мой ложак гатовы для цябе.
Пракруст запрашаў так ласкава, што Тэзей ахвотна згадзіўся і зайшоў да яго ў дом. Але чалавек той быў каварны і люты разбойнік: ён завабліваў падарожнікаў і ўкладваў іх на свой ложак; каму ложак быў малы - таму адсякаў галаву або ногі, а каму ложак быў завялікі - таго выцягваў так, што падарожнік паміраў у пакутах. Пракруст хацеў загубіць і Тэзея. Ды юны герой, убачыўшы акрываўлены Пракрустаў ложак і чалавечыя абрубкі вакол яго, так разгневаўся, што схапіў самога разбойніка і шпурнуў яго на страшны ложак. А паколькі пасцель была кароткай, ён адсек Пракрусту яго доўгія ногі. Пакінуўшы яго на праклятым ложку, Тэзей выйшаў з дома разбойніка і заспяшаўся да свяшчэннай крыніцы, каб адмыцца ад пралітай крыві.
Нарэшце ён убачыў перад сабою Афіны і ўвайшоў у горад свайго бацькі.
Жыхары Афін пазіралі на яго са здзіўленнем, калі ён ішоў па вуліцах: яго доўгая вопратка, доўгія да плячэй валасы былі незвычайныя для афінян, і яго палічылі за дзяўчыну. Рабочыя, што будавалі храм на плошчы, пачалі смяяцца з яго. Тэзей узлаваўся, схапіў пустую калясніцу і шпурнуў яе ў жартаўнікоў з такой сілай, што яна заляцела на дах храма. Усе ўбачылі, што перад імі не кволая дзяўчына, а юны герой, які валодае вялікаю сілаю, і як мага хутчэй правялі яго да палаца цара, куды ён ішоў.
Эгей быў тады ўжо стары. У яго доме ўсім распараджалася чараўніца Медэя, якая раней была жонкай арганаўта Язона, а потым уцякла з Карынфа і папрасіла прытулку ў афінскага цара, паабяцаўшы вярнуць яму маладосць.
Медэя адразу ж здагадалася, што юнак, які прыйшоў у палац, - сын Эгея. Прыход Тэзея ў Афіны абяцаў шмат змен, і яна зразумела, што яе ўлада над царом скончыцца. Медэя вырашыла звесці са свету маладога царэвіча. Калі Эгею сказалі, што ў палац прыйшоў чужаземец і хоча пабачыцца з царом, Медэя пераканала старога цара, што госць гэты - злачынец, якога падаслалі ворагі, і ўгаварыла Эгея атруціць яго.
Тэзей сядзеў побач з Эгеем за царскім сталом і з хваляваннем чакаў выпадку, каб паказаць цару, што ён яго сын. І вось, калі Медэя, падаўшы знак цару, з каварнай усмешкай падала юнаку чашу з атручаным віном, Тэзей дастаў з ножнаў бацькаў меч - нібыта для таго, каб адкроіць сабе лусту хлеба. Эгей пазнаў свой меч і зразумеў, хто гэты юнак, што прыйшоў да яго. Ён вырваў у яго з рук і кінуў вобземлю атручаную чашу і абняў свайго сына. Убачыўшы гэта, Медэя адразу ж выбегла з палаца і ўцякла з Афін.
Эгей загадаў апавясціць усіх афінян, што прыйшоў яго сын, іх будучы цар, і наладзіў баль, каб адсвяткаваць сваю сустрэчу з Тэзеем.
Але ворагі Эгея, якія даўно хацелі адабраць у яго Афіны і толькі чакалі смерці старога цара, каб захапіць горад, былі вельмі незадаволены, што з'явіўся малады наследнік. Яны парашылі сілай перашкодзіць яму і паслалі ў Афіны атрад воінаў; меншую яго частку накіравалі да гарадскіх варотаў, а другая - большая - павінна была тайком абысці горад і напасці на афінян з тылу. Тэзей разгадаў хітрыкі ворагаў, знянацку сам напаў на тых, што былі ў засадзе, у тыле, і перабіў усіх воінаў да адзінага. А тыя, што падышлі да варотаў, даведаўшыся пра пагібель другога атрада, разгубіліся і кінуліся наўцёкі. Так Тэзей пазбавіў бацьку ад даўніх яго ворагаў і спадзяваўся, што ніхто больш не парушыць спакою і міру ў Афінах.
Ды аднойчы раніцай яго пабудзілі крыкі людзей. У горадзе быў пярэпалах. Тэзею расказалі сумную гісторыю.
Было неяк раз свята ў Афінах. З'ехаліся госці з розных гарадоў. Юнакі спаборнічалі ў сіле і спрыце, у бегу і барацьбе. Сын крыцкага цара Мінаса перамог у спаборніцтве ўсіх афінскіх байцоў. Эгей не мог сцярпець гэтага. Ён прапанаваў пераможцу паказаць сваю сілу - утаймаваць раз'юшанага быка, з якім ніхто не мог справіцца. Бык забіў крыцяніна.
Тады Мінас сабраў свае караблі, пайшоў вайною на Афіны і асадзіў горад. Афіняне не вытрымалі цяжкай асады - голад прымусіў іх здацца. Мінас запатрабаваў з Афінаў страшную даніну: кожныя дзевяць гадоў яны павінны пасылаць сем дзяўчат, самых прыгожых, і сем юнакоў, самых дужых, на Крыт. Там на беразе мора стаяў вялізны змрочны палац - Лабірынт. Яго пабудаваў калісьці вядомы грэчаскі дойлід Дэдал, калі жыў у палоне ў Мінаса на Крыце. У гэтым палацы было столькі пакояў і залаў, столькі дзвярэй і пераходаў і так хітра быў заблытаны план яго, што той, хто трапляў у палац, бясконца кружыў па ім і не мог знайсці з яго выхаду. Нібы вялізная пастка быў Лабірынт: пасярэдзіне яго, куды вялі ўсе заблытаныя хады, жыў людаед Мінатаўр - страшыдла з галавою быка. Казалі, што Мінатаўра нарадзіла Пасіфая, жонка Мінаса, і цар загадаў пабудаваць Лабірынт, каб схаваць у ім сваю ганьбу. На з'ядзенне Мінатаўру аддаваў Мінас афінскіх юнакоў і дзяўчат.
І вось зноў надышла страшная часіна. У афінскай гавані рыхтавалі карабель і ў знак смутку падымалі на ім чорныя ветразі. Плач чуўся з дамоў асуджаных.
Афіняне натоўпам прыйшлі ў палац. Яны сказалі Эгею:
- Мы аддаем страшыдлу сваіх дзяцей, а твой сын застаецца з табою, і ты не падзяляеш з намі нашага гора.
Тэзей не мог слухаць гэтыя папрокі.
- Я гатовы, - адказаў ён афінянам, - замяніць аднаго з вашых сыноў і паехаць на Крыт разам з іншымі. Але, прысягаю вам, мы не загінем! Я заб'ю крыважэрнага Мінатаўра і назаўсёды вызвалю вас ад цяжкай даніны.
Эгея ахапіў жах, калі ён пачуў гэтыя словы. Ён упрошваў Тэзея застацца ў Афінах, угаворваў афінян не аддаваць страшыдлу свайго будучага цара. Але Тэзей пераконваў бацьку, што не загіне і вернецца пераможцам. Ён абяцаў засмучанаму бацьку: калі застанецца жывы, дык па дарозе назад загадае ўзняць на караблі белыя ветразі замест чорных, каб бацька ўбачыў яшчэ здалёк гэты светлы знак перамогі.
Надышоў дзень ад'езду. Сем юнакоў і сем дзяўчат падняліся на карабель і паплылі да выспы Крыт, ахопленыя страхам і тайнай надзеяй.
Калі афінскі карабель прыплыў да Крыта і спыніўся каля прыстані, Мінас загадаў адразу ж прывесці асуджаных у свой палац. Яны ішлі па беразе мора, і крыцяне глядзелі на іх і гаварылі пра іх страшны лёс. Тэзей ішоў наперадзе ўсіх, смелы і прыгожы, і падбадзёрваў таварышаў. Калі іх прывялі да цара, Мінас пачаў насміхацца з іх і зняважыў адну з дзяўчат. Тэзей горача заступіўся за яе.
- Хто ты такі, каб пярэчыць мне, цару Крыта, сыну вялікага Зеўса? - пагардліва спытаў Мінас.
- Я таксама царскага роду, я сын цара, і бог мора Пасейдон - мой заступнік і абаронца з маленства, - адказаў цару Тэзей.
Гэтую спрэчку са страхам слухала дачка Мінаса, прыгажуня Арыядна. Яна адразу вылучыла Тэзея сярод афінскіх юнакоў - ён зачараваў яе сваёй мужнай прыгажосцю, бясстрашшам і тым, як горача заступіўся за сваю сяброўку. Арыядна ў глыбіні душы пазайздросціла дзяўчыне, яна адразу пакахала афінскага царэвіча. Таму яна вельмі спалохалася, калі Мінас сказаў, злосна ўсміхаючыся:
- Калі гэта праўда, што Пасейдон - твой заступнік, няхай ён паможа табе дастаць гэты пярсцёнак.
І, зняўшы з пальца залаты пярсцёнак, цар шпурнуў яго ў мора.
Тэзей смела кінуўся ў хвалі.
Крык замёр на вуснах Арыядны, палонныя ад страху прытуліліся адно да аднаго. Усе моўчкі пазіралі на мора і чакалі. Мінаў час, і ніхто не спадзяваўся, што юнак можа вярнуцца.
Але, як толькі хвалі сышліся над галавою Тэзея, слуга Пасейдона Трытон узяў юнака на рукі і занёс яго ў палац марскога цара. Там Пасейдон і царыца мораў Амфітрыта ласкава сустрэлі юнага героя і аддалі яму пярсцёнак Мінаса. І зноў Трытон падхапіў яго і вынес з глыбіні мора на бераг, дзе людзі чакалі яго.
І вось ужо Тэзей стаіць перад Мінасам і падае яму пярсцёнак. Радаснымі воклічамі віталі афіняне свайго смелага таварыша, і дзівіліся з гэтага здарэння крыцяне, што сабраліся на беразе.
Цар Мінас загадаў зараз жа завесці палонных у Лабірынт і замкнуць там.
Тады Арыядна вырашыла выратаваць Тэзея.
Калі сямёра дзяўчат і сямёра юнакоў падышлі да Лабірынта, Арыядна была ўжо там, каля ўвахода. Яна дала Тэзею клубок нітак і навучыла, каб ён замацаваў канец ніткі каля ўвахода і, ідучы па Лабірынце, паціхеньку размотваў клубок, каб нітка цягнулася праз усе пакоі, па якіх яны пройдуць. Тэзей паслухаўся, увайшоў у Лабірынт, і таварышы з ім; размотваючы клубок, яны дайшлі да логава Мінатаўра. Убачыўшы страшыдлу з бычынай галавой, юнакі і дзяўчаты спалохаліся і адступілі назад. Тэзей адзін пайшоў да яго і ў жорсткім паядынку перамог і забіў Мінатаўра, на вялікую радасць сваіх таварышаў, якія, прыціснуўшыся ад страху да сцяны, чакалі зыходу барацьбы. Убачыўшы забітага Мінатаўра, юнакі гучна ўславілі Тэзея, а дзяўчаты абдымалі адна адну і плакалі ад радасці. Потым, трымаючыся за выратавальную нітку Арыядны, яны вярнуліся назад па заблытаных хадах і шчасліва выбраліся з Лабірынта.
Арыядна чакала іх каля ўвахода. Выратаваныя рушылі ў гавань, дзе стаяў іх карабель, і Арыядна пайшла за імі. Яна ведала, што бацька яе вельмі загневаецца, калі даведаецца пра перамогу Тэзея і ўцёкі афінян, і пашле за імі ў пагоню караблі. Яна навучыла Тэзея і яго таварышаў прарэзаць днішчы крыцкіх караблёў, што стаялі ў гавані. Потым афіняне падняліся на свой карабель і як мага хутчэй адплылі ад Крыта. І Арыядна плыла разам з імі - яна спадзявалася, што, у знак удзячнасці за выратаванне, Тэзей пакахае яе.
Па дарозе яны прычалілі да выспы Наксасу, каб пераначаваць на зямлі і добра адпачыць, таму што даўно яны не спалі і стаміліся.
Уночы ў сне Тэзей пачуў голас, які загадваў яму пакінуць Арыядну на выспе і плыць дадому без яе. Тэзей пабудзіў таварышаў, і яны ціхенька адплылі ад Наксаса, калі Арыядна яшчэ спала.
Прачнуўшыся раніцай, Арыядна ўбачыла, што афіняне кінулі яе. З крыкам пабегла яна да мора і прагна глядзела ўдалячынь і клікала Тэзея. У роспачы ўпала яна на зямлю і прасіла сабе смерці ў багоў.
Але замест чорнага бога смерці да яе з'явіўся вясёлы бог Дыяніс, супакоіў і суцешыў яе. Яна стала яго жонкай і бяссмертнай багіняй. Дыяніс падарыў Арыядне вянок з зіхатлівых зорак. Арыядна паклала свой вянок на неба, - і там ён зіхаціць і свеціць сярод іншых сузор'яў.
Тэзей вяртаўся ў Афіны. Спадарожны вецер надзімаў чорныя ветразі, і марскія хвалі падганялі карабель. Тэзей сядзеў на борце карабля і пазіраў туды, дзе ў тумане знік Наксас, і раскаянне мучыла яго. Ён успамінаў прыгажосць Арыядны і яе дапамогу яму і яго таварышам, калі вывела іх з Лабірынта, - і каяўся, што пакінуў яе адну на выспе. Змрочныя думкі ахапілі Тэзея, і ён забыўся на абяцанне, якое даў бацьку: не памяняў чорныя ветразі на белыя на сваім караблі.
Эгей чакаў, калі вернецца сын. Стары цар сядзеў на беразе і глядзеў на мора: ці не мільгануць ўдалечыні белыя ветразі, ці не вяртаецца дадому любы сын. Нарэшце далёка ў моры паказаліся ветразі, але - чорныя. Чорныя ветразі - знак смерці!
У вачах Эгея пацямнела. Ад роспачы кінуўся ён з высокага берага ў мора.
Калі карабель падплыў да горада і Тэзей урачыста сышоў на родную зямлю, яго стрэла вестка пра смерць бацькі. Гэта была помста. І сумным быў пачатак яго царавання ў Афінах.
А мора, у якім бедны бацька знайшоў сабе магілу, з таго часу людзі называюць Эгейскім.