Арфей і Эдрыдыка


На поўначы Грэцыі, у Фракіі, жыў спявак Арфей. Ён валодаў цудоўным дарам, і слава пра яго ішла па ўсёй зямлі грэкаў.

За спевы пакахала яго прыгажуня Эўрыдыка. Яна стала яго жонкай. Ды шчасце іх было нядоўгае. Аднойчы Арфей і Эўрыдыка былі ў лесе. Арфей іграў на сваёй сяміструннай кіфары і спяваў. Эўрыдыка збірала кветкі на палянах. Непрыкметна яна адышлася далёка ад мужа, у лясны гушчар. Раптам ёй здалося, што нехта бяжыць па лесе, ломячы сукі, гоніцца за ёю, яна перапалохалася і, кінуўшы кветкі, пабегла назад, да Арфея. Яна бегла, не разбіраючы дарогі, па густой траве і раптам ступіла ў змяінае гняздо. Змяя абвілася вакол яе нагі і ўкусіла. Ад болю і страху Эўрыдыка моцна закрычала і ўпала на траву. Арфей пачуў здалёку жаласны крык жонкі і пабег да яе. Але ён паспеў толькі ўбачыць, як паміж дрэў мільганулі вялікія чорныя крылы, - гэта Смерць панесла Эўрыдыку ў падземнае царства.

Вялікае было гора Арфея. Ён пайшоў ад людзей і цэлыя дні блукаў адзін па лясах, у песнях выказваючы свой смутак. І такую сілу мелі гэтыя жалобныя песні, што дрэвы сыходзілі са сваіх месцаў і акружалі спевака. Звяры вылазілі з нораў, птушкі пакідалі свае гнёзды, камяні пасоўваліся бліжэй да Арфея. І ўсе слухалі, як ён тужыў па сваёй каханай.

Міналі ночы і дні, а Арфей не мог суцешыцца, гора яго ўсё расло і расло.

- Не, не магу я жыць без Эўрыдыкі, - гаварыў ён. - Не мілая мне зямля без яе. Няхай і мяне возьме Смерць, няхай хоць у падземным царстве буду разам з маёй каханай!

Але Смерць не прыходзіла. І Арфей парашыў сам пайсці ў царства мёртвых.

Доўга шукаў ён уваход у падземнае царства і, нарэшце, у глыбокай пячоры Тэнара знайшоў ручаёк, які цёк у падземную раку Сцікс. Па рэчышчы гэтага ручая Арфей спусціўся глыбока пад зямлю і дайшоў да берага Сцікса. За гэтай ракой пачыналася царства мёртвых.

Чорныя і глыбокія воды Сцікса, і страшна жывому ступіць у іх. Стогны і ціхі плач чуў Арфей за сваёй спіной - гэта цені нябожчыкаў чакалі, як і ён, пераправы ў краіну, адкуль ніхто не вяртаецца.

Вось ад процілеглага берага адплыла лодка: перавозчык мёртвых, Харон, плыў па новых прышэльцаў. Моўчкі прычаліў Харон да берага, і цені пакорліва селі ў лодку. Арфей пачаў прасіць Харона:

- Перавязі і мяне на той бераг!

Але Харон адказаў:

- Толькі мёртвых перавожу я на той бераг. Калі ты памрэш, я прыеду па цябе!

- Злітуйся! - прасіў і маліў Арфей. - Я не хачу больш жыць! Мне цяжка аднаму заставацца на зямлі! Я хачу ўбачыць маю Эўрыдыку!

Суровы перавозчык адпіхнуў яго і ўжо хацеў быў адплыць ад берага, але жаласна зазвінелі струны кіфары, і Арфей заспяваў. Пад змрочнымі скляпеннямі Аіда пачуліся сумныя і пяшчотныя гукі. Спыніліся халодныя хвалі Сцікса, і сам Харон, абапёршыся на вясло, заслухаўся песняй. Арфей сеў у лодку, і Харон паслухмяна перавёз яго на другі бераг. Пачуўшы дзівосную песню жывога пра неўміручае каханне, з усіх бакоў зляталіся цені мёртвых. Смела крочыў Арфей па маўклівым царстве мёртвых, і ніхто не спыніў яго.

Так дайшоў ён да палаца ўладара падземнага царства - Аіда і апынуўся ў вялікай і змрочнай зале. Высока на залатым троне сядзеў грозны Аід і побач з ім яго прыгожая царыца Персефона.

З бліскучым мячом у руцэ, у чорным плашчы, з вялізнымі чорнымі крыламі, стаяў за спіной Аіда бог Смерці, а вакол тоўпіліся яго прыслужніцы, Керы, што лятаюць на полі бою і адбіраюць жыццё ў воінаў. Збоку ад трона сядзелі суровыя суддзі падземнага царства і судзілі нябожчыкаў за іх зямныя справы.

У цёмных кутках залы, за калонамі, хаваліся Ўспаміны. У іх у руках былі бізуны з жывых змей, і яны балюча кусалі тых, што стаялі перад судом.

Шмат розных страшыдлаў убачыў Арфей у царстве мёртвых: Ламію, якая выкрадае начамі маленькіх дзяцей у маці, і жудасную Эмпузу з аслінымі нагамі, якая п'е кроў людзей, і лютых сцігійскіх сабак.

Толькі малодшы брат бога Смерці - бог Сну, юны Гіпнас, прыгожы і вясёлы, лятаў па зале на сваіх лёгкіх крылах, перамешваючы ў сярэбраным розе сонны напітак, перад якім ніхто на зямлі не можа ўстаяць, - нават сам вялікі Грамавержац Зеўс засынае, калі Гіпнас пырскае ў яго сваім зеллем.

Аід грозна зірнуў на Арфея, і ўсе навокал задрыжалі.

Але спявак наблізіўся да трона змрочнага ўладара і заспяваў з яшчэ большым натхненнем: ён спяваў пра сваё каханне да Эўрыдыкі.

Не дыхаючы слухала песню Персефона, і слёзы каціліся з яе прыгожых вачэй. Грозны Аід схіліў галаву на грудзі і задумаўся. Бог Смерці апусціў уніз свой бліскучы меч.

Спявак змоўк, і доўга панавала маўчанне. Тады ўзняў галаву Аід і спытаў:

- Што ты шукаеш, спявак, у царстве мёртвых? Скажы, чаго ты хочаш? І я абяцаю табе выканаць тваю просьбу.

Арфей сказаў Аіду:

- Уладар! Кароткае наша жыццё на зямлі, і ўсіх нас калі-небудзь спатыкае Смерць і прыводзіць у тваё царства, - ніхто са смяротных не можа пазбегнуць яе. Але я, жывы, сам прыйшоў у царства мёртвых прасіць цябе: вярні мне маю Эўрыдыку! Яна яшчэ так мала пражыла на зямлі, так мала паспела пацешыцца, так нядоўга кахала... Адпусці, уладар, яе на зямлю! Дай ёй яшчэ крыху пажыць на свеце, дай ёй пацешыцца сонцам, цяплом і святлом і зелянінай палёў, вясновай прыгажосцю лясоў і маім каханнем. Усё роўна ж пасля яна вернецца да цябе!

Так гаварыў Арфей і прасіў Персефону:

- Заступіся за мяне, прыгажуня царыца! Ты ж ведаеш, якое цудоўнае жыццё на зямлі! Памажы мне вярнуць маю Эўрыдыку!

- Няхай будзе так, як ты просіш! - сказаў Аід Арфею. - Я вярну табе Эўрыдыку. Ты можаш забраць яе з сабою наверх, на светлую зямлю. Але ты павінен паабяцаць...

- Усё, што загадаеш! - усклікнуў Арфей. - Я гатовы на ўсё, каб толькі ўбачыць зноў маю Эўрыдыку!

- Ты не павінен бачыць яе, пакуль не выйдзеш на святло, - сказаў Аід. - Вяртайся на зямлю і ведай: следам за табою будзе ісці Эўрыдыка. Але не азірайся назад і не спрабуй паглядзець на яе. Азірнешся - страціш яе навекі!

І Аід загадаў, каб Эўрыдыка ішла следам за Арфеем.

Шпарка пакрочыў Арфей да выхада з царства мёртвых. Нібы дух, мінуў ён краіну Смерці, і цень Эўрыдыкі ішоў за ім. Яны селі ў лодку Харона, і ён моўчкі перавёз іх зноў на бераг жыцця. Крутая камяністая сцяжынка вяла ўгору, на зямлю.

Павольна падымаўся па ёй Арфей. Цёмна і ціха было вакол і ціха было ў яго за спіной, быццам ніхто і не ішоў за ім. Толькі сэрца яго стукала: «Эўрыдыка! Эўрыдыка!»

Нарэшце наперадзе пачало святлець, выхад на зямлю быў ужо блізка. І чым бліжэй быў выхад, тым святлей рабілася наперадзе, і вось ужо ўсё стала добра відаць навокал.

Трывога сціснула сэрца Арфея: ці тут Эўрыдыка? Ці ідзе за ім? Забыўшы пра ўсё на свеце, Арфей спыніўся і азірнуўся.

- Дзе ты, Эўрыдыка? Дай зірнуць на цябе!

На імгненне, зусім блізка, ён убачыў мілы цень, дарагі, прыгожы твар... Але толькі на імгненне. Адразу ж цень Эўрыдыкі адляцеў, знік, растаў у цемры.

- Эўрыдыка?!

З роспачным крыкам пачаў Арфей спускацца назад па сцяжынцы і зноў прыйшоў на бераг чорнага Сцікса і клікаў перавозчыка. Але дарэмна ён прасіў і клікаў: ніхто не адазваўся на яго просьбы. Доўга сядзеў Арфей на беразе Сцікса адзін і чакаў. Ён не дачакаўся нікога.

Давялося яму вярнуцца на зямлю і жыць. Але ён не мог забыць сваю адзіную каханую - Эўрыдыку, і памяць пра яе жыла ў яго сэрцы і ў яго песнях.


Загрузка...