КАЛІ ЗАЦВІТАЕ ПАПАРАЦЬ–КВЕТКА… аповесць


Частка першая

Свой доўгі і тлумны працоўны дзень буфетчыца Таццяна пачынала з прыбірання ў кафэ, у якім працавала чацвёрты год. Спачатку яна старанна выстаўляла на паліцы тавар, потым выцірала чыстай анучкай пыл на круглых століках, што стаялі ў невялічкай зале, да бляску мыла падлогу.

Першымі наведвальнікамі кафэ звычайна былі рабочыя мясцовага лесазавода, якія куплялі запалкі і цыгарэты і таропка знікалі за ўваходнымі дзвярамі, пасля з’яўляліся школьнікі, якія ласаваліся перад заняткамі цукеркамі.

Абслужыўшы рухавы дзіцячы гурт, Таццяна з хваляваннем зірнула на гадзіннік. Быў пачатак дзесятай. Хутка ў кафэ прыйдзе ён – гэты загадкавы цёмнавалосы мужчына, які зусім нядаўна пасяліўся ў іхнім невялікім лясным пасёлку. Яна падфарбавала ля люстэрка вейкі, вусны, паправіла прычоску, на хвіліну залюбавалася сабой. Так, ёй вось–вось стукне дваццаць восем, але выглядае яна зусім яшчэ маладой дзяўчынай: правільныя рысы твару, вялікія выразныя карыя вочы, вытанчаная фігура… Колькі разоў, стоячы за прылаўкам, яна лавіла на сабе зацікаўленыя мужчынскія позіркі, чула ад іх кампліменты, да якіх яшчэ нядаўна ставілася абыякава – аж пакуль у пасёлку не з’явіўся таямнічы незнаёмец…

Таццяна ўзгадала першы ягоны прыход у кафэ. Гэта было два тыдні таму. Быў поўдзень. Кафэ апусцела. Абапёршыся на прылавак, яна вяла гаворку з пажылой гаспадыняй Надзеяй Пятроўнай, якая жыла адна і таму была ахвочая на слоўца. Раптам рыпнулі дзверы і да прылаўка падышоў высокі статны мыжчына ў сінім джынсавым касцюме. Ягоныя густыя валасы былі акуратна зачасаныя назад, мужны, крыху стомлены твар быў чысты паголены.

“Напэўна, чыйсьці госць”, – вырашыла Таццяна, паколькі ўсіх жыхароў пасёлка ведала ў твар.

Звярнула ўвагу на незнаёмца, вядома ж, і гаваркая Надзея Пятроўна.

– Відаць, суседзямі з вамі будзем! – зычліва прамовіла яна пасля таго, як мужчына папрасіў у Таццяны цыгарэты. – Гэта ж вы купілі ў нашым доме аднапакаёвую кватэру. Але чаму вы без сваёй палавінкі? Ці мо разышліся з жонкай?

Было відаць, што адкрытая вясковая дапытлівасць крыху збянтэжыла незнаёмца.

– Ды не, я пакуль халасты чалавек, – нягучна адказаў ён.

– Божа, як жа гэта так? – здзівілася Надзея Пятроўна. – Такі статны мужчына – і адзін!

Наіўная шчырасць пажылой жанчыны выклікала на твары незнаёмца ўсмешку.

– Што зробіш, – прамовіў ён, – жанчынам патрэбны грошы. А ў мяне іх не вельмі многа…

– Хіба ж грошы галоўнае ў жыцці! – працягнуўшы мужчыну цыгарэты, не вытрымала Таццяна. – Галоўнае, каб ў чалавека была душа!

Мужчына рэзка ўзняў галаву, з непрыхаванай цікаўнасцю паглядзеў на Таццяну.

– Упершыню чую, што ў наш час кагосьці яшчэ цікавіць душа!– шчыра сказаў ён і тут жа адрэкамендаваўся: – Будзем знаёмыя, Аляксей.

Таццяна ціха вымавіла сваё імя, адчуваючы няёмкасць пад адкрытым вывучальным мыжчынскім позіркам.

– “Ужель та самая Татьяна?” – з прыязнай усмешкай працытаваў Аляксей знакаміты выраз. – Ну, прывітанне вам, Таццяна!

– Дарэчы, яна ў нас не толькі самая прыгожая жанчына ў пасёлку, але, як і вы, пакуль адна, – прастадушна заўважыла Надзея Пятроўна, прымусіўшы Таццяну пачырванець. – Так што не губляйцеся!

– Што ж, будзем ведаць. – На твары Аляксея з’явілася загадкавая ўсмешка.

Разлічыўшыся, ён пайшоў.

Зноў завітаў у кафэ Аляксей дні праз тры. Зала якраз была пустая. Зычліва павітаўся, купіў цыгарэты, пільным позіркам аглядзеў паліцы з прысмакамі, загадкава зірнуў на Таццяну.

– Прашу вашай парады, – вымаваіў ён. – Ведаеце, я абавязаны адной жанчыне за некалькі прыемных хвілін. Будзьце ласкавыя, дапамажыце выбраць шакаладку, бо я ў іх анічога не разумею.

“Ну вось, не паспеў яшчэ як след аглядзецца ў пасёлку, а ўжо туды ж, па жанчынах! Такі ж самец, як і ўсе мясцовыя мужыкі! – з’едліва падумала Таццяна.– Цікаўна, якая ж гэта ўжо свалата паспела яго абкруціць?”

Яна абыякава прамовіла:

– Ведаеце, у нас увесь шакалад якасны – з “Камунаркі”.

Але гэты адказ не задаволіў Аляксея.

– Ну а вам, напрыклад, які падабаецца?

– Порысты, – бясхітрасна адказала Таццяна.

– Тады дайце, калі ласка, порысты.

Выцягнуўшы з партманета грошы, Аляксей паклаў іх на прылавак, раўнадушна зірнуў на доўгую плітку шакаладу, якую працягнула Таццяна, павярнуўся і накіраваўся да выхаду.

– А… шакалад? – недаўменна ўсклікнула Таццяна.

– Гэта вам! – азірнуўшыся, кінуў ён.

– Мне?! – На Таццяніным твары з’явілася шчырае здзіўленне. – Дз–дзякуй!

Перш чым яна авалодала сабою, Аляксей схаваўся за дзвярымі.

З таго часу ён заходзіў у кафэ амаль кожны дзень.

…Успомніўшы, як тады, не здагадваючыся, сама сабе выбірала ласунак, Таццяна ўсміхнулася. Калі рыпнулі дзверы, прытаіўшы дыханне, перавяла на іх позірк. Аляксей на гэты раз быў у спартыўным касцюме. Імкліва прайшоў да прылаўка, весела павітаўся.

– Вам, як заўсёды, – цыгарэты і запалкі? – Усміхнулася прыязна яму Таццяна. – Толькі ці сумяшчальныя яны са спортам?

– Не–а! – з запалам выгукнуў Аляксей. – Таму і вырашыў з сённяшняга дня пакінуць гэту шкодную звычку і заняцца бегам! А вось ад мінералкі не адмоўлюся, калі прапануеце.

– Прапаную, – весела кінула Таццяна і, дастаўшы з халадзільніка пластыкавую бутэльку, працягнула яе Аляксею.

– А вы сёння вельмі прыгожая! – зачараванна гледзячы на Таццяну, прамовіў ён. – Што, калі сёння вечарам я запрашу вас у госці? Заўтра ж у вас выхадны…

– Ды я не ведаю, – няпэўна паціснула плячыма Таццяна. Хоць яна ўжо і чакала падобнай прапановы ад Аляксея, але гэта прагучала вельмі нечакана, збянтэжыла яе. – Увогуле сённяшні вечар у мяне свабодны. Толькі трэбы дапамагчы сыну зрабіць урокі…

– Тады чакаю вас у дзевяць гадзін тут, ля кафэ. Згода?

Таццяна хітнула галавою.

Правёўшы задуменным позіркам Аляксея да выхаду, падумала: ці правільна яна зрабіла, што дала згоду? Што яна пра яго ведае? Ды амаль нічога. Але, з другога боку, куды Аляксей мог яшчэ запрасіць яе, як не да сябе дадому?

…Адчыніўшы дзверы, Аляксей прапусціў яе ў невялікі калідор.

– Прашу ў маю пячору. Толькі не здымайце абутак. У мяне няма дываноў, – прайшоўшы за ёю ў кватэру, папярэдзіў ён. – І наогул, адчувайце сябе як дома.

Таццяна ўвайшла ў пакоі. Інтэр’ер тут быў даволі незвычайны. Адкрытыя высокія кніжныя паліцы на светла– блакітным фоне сцен, бліскучы ліловы цюль, які захінаў вялікае балконнае акно, белая канапа ў кутку, два высокія крэслы– пляцёнкі. На сценах віселі шматлікія гліняныя маскі звяроў і жывёл, якія надавалі пакою музейную строгасць.

– Цікаўны ў вас дызайн, – кінула Таццяна, разглядваючы маскі.

– Гэ! Які тут дызайн, – хутка адказаў Аляксей.– Проста захацелася хоць што–небудзь зрабіць уласнымі рукамі.

– А вам гэты колер да твару, – коратка дадаў ён, не зводзячы з Таццяны вачэй, бо ўпершыню бачыў яе ў прыталенай блакітнай сукенцы.

Сеўшыў крэсла, Таццяна толькі цяпер звярнула ўвагу на чырвоны часопісны столік, на якім у вазе стаяў букет высокіх белых руж і некалькі сподкаў са свежай садавіной.

“Калі ж гэта ён паспеў з’ездзіць у Мінск?” – міжволі падумала яна, бо такіх прыгожых кветак не прадавалі нават у райцэнтры.

Ступіўшы да шафа ў калідоры, Аляксей хутка вярнуўся да століка з двума фужэрамі і пузатай бутэлькай.

– Хачу пачаставаць вас сапраўдным французскім віном, мне яго прывёз у падарунак з Францыі сябар.

Ён адкаркаваў бутэльку, напоўніў фужэры шыпучым напоем.

– Ну што, за наша больш блізкае знаёмства!

– І за папараць–кветку – кветку шчасця! – узняўшы фужэр, усміхнулася Таццяна. – Сёння ж Купалле.

– Гэ! Як жа я пра гэта зусім забыўся?! – усклікнуў Аляксей. – Старэю, ці што? Што ж, тады за кветку шчасця, каб яе сёння знайшоў кожны, хто будзе яе шукаць!

Таццяна пасмакавала віно. Яно і сапраўды было вельмі прыемнае, незвычайна духмянае – такое яна спрабавала ўпершыню.

Пацякла нязмушаная размова. Таццяна коратка расказала пра сябе. Не ўтаіла нічога, нават пра свой няўдалы шлюб – як заспела мужа чатыры гады таму са сваёй сяброўкай, тут жа сабрала рэчы і разам з сынам пакінула райцэнтр, як пасля зняла ў пасёлку кватэру, уладкавалася на працу…

– А вы, Аляксей, з якіх мясцін? – запыталася яна пасля.

– З Брэстчыны. Ёсць там адна невялічкая лясная вёсачка. Таму і люблю лес, у ім “душою спачываю”. Здаецца, так казаў каш класік? Пасля школы працаваў, вучыўся. Чаму зараз адзін? Меў калісьці сям’ю, толькі… – У вачах Аляксея на імгненне з’явіўся смутак. – Але не будзем пра сумнае.

– Не будзем, – хітнула галавою Таццяна. – Хочаце, я адгадаю, хто вы па прафесіі? – прапанавала яна. – Толькі вы крыху дапамажыце мне. Падкажыце: холадна, цёпла. Згода?

– Згода! – весела кінуў Аляксей.

– Вы архітэктар?

– Холадна, – адмоўна захітаў ён галавою.

– Інжынер?

– Зноў холадна!

– Вы – настаўнік! – з запалам усклікнула Таццяна. – Як жа я раней не здагадалася! У вас жа ўсе манеры і звычкі настаўніка.

– Так, я скончыў філфак, – усміхнуўся Аляксей.

Яны размаўлялі яшчэ мо з гадзіну, потым Таццяна заспяшалася дамоў.

Аляксей вынуў з вазы ружы і ўручыў Таццяне: “Гэта вам!”

– І ўсё ж, як вам да твару гэтая сукенка! – з захапленнем прамовіў ён, калі яны на двары на хвіліну прыпыніліся ля пад’езда. – А што, калі я запрашу вас на наступным тыдні ў адно вельмі ўтульнае сталічнае кафэ? Вельмі хачу з вамі станчыць вальс. Вы не будзеце супраць?

– Не буду.

– Тады я зазірну да вас у сераду…

Ноччу Таццяне спалася надзвычай лёгка, ёй сніліся прыемныя сны.

Раніцай яна зайшла да сяброўкі, якая жыла на суседняй пляцоўцы. Тая амаль сілком зацягнула яе ў залу, пасадзіла за стол побач з шыракаплечым маладым чалавекам.

– Пазнаёмся, стрыечны брат майго мужа, Антон.

Антон выглядаў яе равеснікам – высокі, круглатвары, з дужымі доўгімі рукамі. Ён глядзеў наТаццяну з адкрытым захапленнем.

– Цікава, што робіць у гэтай вясковай глушы такая абаяльная жанчына? – спытаўся ён.

– Працую! – вымавіла хутка Таццяна. – А ты, як я разумею, мінчанін?

– Так. Працую ахоўнікам у начным кафэ.

Таццяна заспяшалася дадому. Антон напрасіўся яе правесці.

– Ну, калі так жадаеш, калі ласка, – усміхнулася яна. – Толькі ж я жыву на суседняй пляцоўцы.

Каля дзвярэй Антон раптам узяў яе за руку.

– Хочаш, я ў наступную суботу запрашу цябе ў наша кафэ? – прапанаваў ён. – Там добрая кухня і цудоўная музыка.

Таццяна няпэўна паціснула плячыма і, каб пазбавіцца ад Антона, адказала, што падумае.

Назаўтра яна забылася пра Антона. Думкі яе займаў Аляксей. Яна з нецярпеннем чакала сустрэчы з ім. Але ў сераду яе нечакана выклікалі са справаздачай у райцэнтр. Вярнулася толькі пад вечар. Адразу ж накіравалася ў кафэ. Але на пытанне – ці цікавіліся ёю? – пажылая напарніца Таццяны адмоўна захітала галавою: “Ды не, ніхто…”

Не прыйшоў Аляксей у кафе і на наступны дзень.

“Можа, даведаўся часам пра Антона? – няпэўна разважыла яна. – Але ж у мяне нічога з ім не было. Ну, пагаманілі крыху, правёў да кватэры. Не, не трэба было дазваляць праводзіць. Дурман тады табе ў галаву стрэліў, ці што? Гэта ж пасёлак. Усё разбалбочуць старыя сарокі…”

Ўвечары яна зноў зайшла да сяброўкі.

– Во, на лаўца і звер бяжыць! – адчыніўшы дзверы, гучна ўсклікнула Галіна. – Што ж, заходзь. Тут адна справа да цябе ёсць! Праходзь у залу, сядай, а я зараз. Хутка мой цюлень з’явіцца з работы. Падагрэю суп, бо першае слова ў яго, як пераступіць парог: “Есці!” – усміхнулася сяброўка і пабегла на кухню.

Праз хвіліну вярнулася, пільна зірнула на Таццяну:

– Ты чаго сёння такая ўзрушанная? І вочы чырвоныя! Не спалася ноччу? Што, і сёння не прыйшоў твой новы знаёмы?

– Не– а, не прыйшоў, – ціха ўздыхнула Таццяна.

– Падумаць толькі, усяго адна сустрэча, але яе ён цябе ачмурыў! – з’едліва прамовіла Галіна. – вядома ж гадоў на дзесяць старэйшы – вопыт! Ды не думай ты пра яго, выкінь з галавы! Ну хто ён такі?

– Казаў, настаўнік.

– Ха! Зануда і прычэпа! Да таго ж – галота! – з сарказмам кінула Галіна.– Таму і жонка збегла ад яго ў Мінску! Будзеш сядзець усё жыццё з аднапакаёўцы і слухаць бясконцыя натацыі! Пра сына хоць падумай! – Яна пасунулася бліжэй да Таццяны: – Паслухай лепш, што табе скажу. Тут Антон тэлефанаваў. Казаў, каб перадалі, што хоча прыехаць за табой ў суботу, звазіць ў Мінск. Відаць, прычаравала ты хлопца! Вось каго трэба хапаць за шчэлепы! Высокі, малады, здаровы. Трохпакаёвая кватэра ў Мінску. Машына. Да таго ж ахоўнік прэстыжнага кафэ. Будзеш за ім як у Бога за пазухай! Ды і сваячкамі з табою станем, – усміхнулася Галіна. – Ну, дык што яму перадаць?

– А, – махнула рукою Таццяна. – Скажы, хай прыязджае.

Яна падумала: “І сапраўды, чаму я не магу з’ездіць у Мінск адпачыць? Я ж – вольная жанчына! Дый Антон – прывабны малады чалавек…”

Вялікая, ярка залітая святлом зала ўразіла Таццяну бляскам пазалоты, крышталю і веліччу высокіх прамавугольных акон, што ўзнімаліся амаль да столі і былі напалову завешаныя беласнежнымі хвалямі цюлю. Антон падвёў Таццяну да кабіны з шырокім прысадзістым столікам і паўкруглай канапай. Адрэкамендаваў маладую пару, што сядзела за столікам:

– Знаёмцеся, мой лепшы сябар Мікола і яго чароўная спадарожніца…

– Зіна, – перабіла Антона маладая русая жанчына і запрасіла Таццяну сесці побач з ёю. – Пра цябе ўчора Антон усе вушы пратрубіў! – весела прамовіла яна. – Ну што, не пужае наша сталічнае разгульнае жыццё? Прызнаюся, я сама ўпершыню ў гэтым кафэ. Сюды амаль немагчыма трапіць, бо ў асноўным тут адпачывае наша эліта.

Таццяна ўважліва агледзела залу, якая была ўжо амаль поўная, сапраўды прыкмеціла некалькі знаёмых твараў: палітыкаў, артыстаў, спявачак, якіх раней бачыла толькі па тэлевізары. Невысокі хударлявы афіцыянт, што выйшаў з бакавога праходу, пачаў спрытна выстаўляць з падноса на іх столік стравы. У зале загучала меладычная музыка.

– Паглядзі, на чым ездзіць наша эліта, – прымусіла Зінаіда азірнуцца Таццяну на акно, што знаходзілася за іхнімі спінамі.

За празрыстым шклом на шэрай пляцоўцы былі відны доўгія рады шыкоўных машын.

– А вось і адзін з нашых беларускіх бізнес– багоў, як гаворыцца, уласнай персонай! – паказала вачыма Зінаіда на белы доўгі лімузін, які заязджаў на пляцоўку. – Я працую ў яго фірме. Дарэчы гэтае кафэ таксама належыць яму.

– Хоць гадзіннік па ім звярай, – павярнуўшы галаву, вымавіў Антон. – Штодзень з’яўляецца сюды на вячэру роўна ў дзевяць. Толькі яму дазволена ўваходзіць у залу з аховай. Як жа, гаспадар!

– Заробіш уласнай галавою такія вялікія грошы, як ён, і табе будзе ўсё дазволена! – упікнуў сябра Мікола.

Калі Таццяна павярнула галаву, столік ужо быў заставлены гарачымі стравамі, ад якіх ішоў прыемны пах. Антон напоўніў крыштальныя фужэры шыпучым віном, запрасіў узняць іх:

– Ну што, за агульнае знаёмства!

Таццяна прыгубіла віна, з цікаўнасцю зірнула на высокага статнага мужчыну ў дарагім чорным касцюме, які зайшоў узалу ў суправаджэнні двух ахоўнікаў і прывабнай бялявай жынчыны, і ледзь не выпусціла з рук відэлец. Яе твар спалатнеў, з грудзей ледзь не вырваўся глухі выкрык: “Аляксей!” – бо менавіта ён нетаропка ішоў па зале.

– Што, падабаецца? – убачыўшы, як раптам замерла Таццяна, нахілілася да яе вуха Зінаіда. – Прыгожы мужчына. Многія мараць з ім пазнаёміцца. Толькі ён зусім не звяртае ўвагі на жанчын. З таго самага дня, як загінула восем гадоў таму ў аўтамабільнай аварыі яго жонка і малая дачка. З таго часу вядзе жыццё пустэльніка. Кажуць, нават купіў у глухім вясковым мястэчку кватэру, каб бавіць у адзіноце свой вольны час. Наведвае толькі шпіталі і дзіцячыя інтэрнаты, якім дапамагае, – дадала яна.

Таццяне ж хацелася зараз праваліцца скрозь зямлю, растаць у прасторы, каб толькі не прыкмеціў яе Аляксей. Але ён, як знарок, зірнуў у іх бок, нібыта спыніўся вачыма на яе блакітнай сукенцы, але тут жа павярнуў галаву і хутка пайшоў са сваім эскортам да вялікай кабіны, што была на процілеглым баку залы. Таццяна нават не зразумела: пазнаў яе Аляксей ці не? Настолькі імгненна ўсё здарылася.

– Бач ты, якую прыгажуню з сабою водзіць! – з зайздросцю ў голасе кінуў Антон.

– Гэта ж яго сакратарка. Да таго ж яна замужам, – з’едліва заўважыла Зінаіда, якая таксама не зводзіла дапытлівых вачэй са свайго загадкавага шэфа.

Аляксей, прайшоўшы ў кабіну, сеў побач з маладой абаяльнай жанчынай, паклікаў да сябе афіцыянта, нешта сказаў яму.

Убачыўшы, як Аляксей і яго даўганогая спадарожніца пачалі вячэраць, Таццяна з палёгкай уздыхнула – падобна, Аляксей не прыкмеціў яе сярод шматлікіх гасцей кафэ. І толькі тут звярнула ўвагу на афіцянта, які падышоў да іх. Ён паставіў на столік бутэльку чырвонага віна, паклаў побач з ёю вялікую каробку цукерак.

– Прасілі перадаць гэта дамам! – сказаў афіцыянт і знік у праходзе.

– Гэ! Ужо хтосьці нашым жанчынам і ўвагу аказвае! – здзівіўся Антон і зірнуў на сябра, які смакаваў віно. – Каму ж гэта мы, Мікола, сёння цёмную зробім?

– Стрымай крыху свой запал, Робін Гуд! – асадзіла яго Зінаіда. – Тут прыстойныя людзі. Дый што дзіўнага, калі такім прыгажуням, як Таццяна і я, прыслалі пачастунак? Не з’есці жа ён нас, а мы яго з’ядзім! – зірнуўшы на цукеркі, весела пацерла яна рукі.

“Ён прыкмеціў мяне! Таму і даслаў менавіта гэты пачастунак. Божа, што ж цяпер будзе?” – жахнулася Таццяна і перавяла позірк на пазалоту далёкай кабіны.

Чаго яна баялася зараз больш за ўсё на свеце, тое і зрабіў Аляксей. Устаўшы з канапы, ён падаў знак музыкантам. Калі ў зале загучаў меладычны вальс Шапэна, – любімы вальс Таццяны Сі– мінор, ён рашуча накіраваўся да яе століка.

– Прабачце, вашу даму можна запрасіць на танец? – нібыта ў сне пачула Таццяна голас Аляксея – ён звяртаўся да Антона.

Яшчэ зусім нядаўна храбры і фанабэрсты Антон сядзеў яўна напужаны, ягоны твар быў белы, як тое палатно.

– К– калі ласка, – заікаючыся, ледзь чутна прамармытаў ён.

Падаўшы Таццяне руку, Аляксей вывіў яе на сярэдзіну залы.

– Я, памятаю, абяцаў вам вальс, – нягучна прамовіў ён і, ужо закружыўшыся з Таццянай у віхуры танца, дадаў, злёгку кіўнуўшы галавою ў бок Антона, які ачмурэла пазіраў на іх: – Бачу, вы знайшлі блізкую душу.

– Таццяна моўчкі хітанула галавою – у яе не знайшлося сілы штосьці запярэчыць Аляксею.

“Дурніца! Баба ты неразумная! – дакарала яна сябе. – Што ж ты нарабіла?..”

Прыпыніўшы кружэнне, Аляксей перайшоў на павольны рытм танца.

– Я рады, што вы адшукалі сваю папараць–кветку, – суха прамовіў ён з апошнім акордам музыкі і пайшоў да выхаду з залы.

Ахоўнікі, якія пільна сачылі за гаспадаром, таропка рушылі ўслед.

Таццяна з намаганнем адвяла ад Аляксея вочы. Яна інстынктыўна дайшла да свайго століка, кінула туманны позірк на кошык чырвоных развітальных руж, што паставіў побач афіцыянт.

– Гэта што, твой кавалер? – пачуўся пакрыўджаны голас Антона.

– Кавалер, – ціха адказала Таццяна і, узяўшы сумачку, пайшла да выхаду.

На вуліцы, на імгненне прыпыніўшыся, яна скрозь слёзы журботна зірнула ў непрыглядную, бяззорную цемру ночы – туды, куды паехаў ад яе назаўсёды вялікі белы лімузін…


Частка другая

Калі два апошнія наведвальнікі, дапіўшы гарбату, пакінулі кафэ, Таццяна з палёгкай уздыхнула, прычыніла дзверы, прыбрала тавар з паліц. Рабочы дзень падыходзіў да канца. Яна працерла ў зале столік, прайшла ў кладоўку. Пераапрануўшыся, зірнула ў акно. На дварэ змяркалася. Неба было зацягнута хмарамі, церушыў дробны дождж.

Замкнуўшы кафэ, Таццяна раскрыла парасон. Калі адышла далекавата ад будынка, раптам злавіла сябе на думцы, што зноў ідзе дамоў акружной дарогай – міма таго дома, пры набліжэнні да якога ў яе пачынала часціць стукам сэрца, а душу ахутвала хваля надзеі…

Так, мінуў ужо роўна год, як яна апошні раз бачылася з Аляксеем. З той самай злашчаснай іх сустрэчы ў Мінску ён так больш і не з’яўляўся ў пасёлку. Колькі нудных, доўгіх дзён Таццяна чакала, што раптам расчыняцца дзверы і на парозе яе маленькага кафэ паўстанне знаёмая мужчынская фігура, колькі разоў вярталася з работы вось гэтым кружным шляхам, з трымценнем узіралася ў цьмянае акно – раптам блісне, загарыцца ў ім мілы агеньчык? Не, яна не выношвала ўсваім сэрцы аніякіх спадзяванняў наконт сумеснага жыцця з Аляксеем. Проста хацела ўбачыць яго. Пра большае нават і не прасіла Бога.

Параўняўшыся з вялікім цаглянікам, Таццяна ўмольна зірнула на шырокае вуглавое акно. На жаль, у ім нават не тлеў і водблеск агеньчыка. Сумна ўздыхнуўшы, яна пайшла далей.

Дома згатавала вячэру, накарміла сына, паклала яго ў ложак.

– Мама, пачытай мне казку, – папрасіў Васілёк.

Таццяна ўзяла з паліцы кнігу, прысеўшы на ложак, пачала чытаць казку пра добрага прынца і Дзюймовачку. Калі дайшла да паловы, спынілася, зірнула на сына. Вочы яго былі прыплюшчаныя.

– Ну ўсё, хопіць. Спі, – загарнула яна кнігу. – Другую палова заўтра дачытаю.

Васілёк згодна хітнуў галавою, раптам ціха спытаўся:

– Мама, скажы, ці хутка прыйдзе добры прынц за Дзюймовачкай? Я не хачу, каб яна жыла з сынам жабы.

– Прыйдзе. Абавязкова прыйдзе, – адказала Таццяна. – ён заўсёды прыходзіць да тых, хто яго чакае. Так што спі, – прамовіла і цяжка ўздыхнула.

Калі сын заснуў, яна ўзяла са стала невялічкі каляровы фотаздымак, які некалі папрасіла ў Аляксея, ласкава правяла пальцамі па мужным твары любага. Міжволі ўзгадала адну іх выпадковую сустрэчу.

Быў ліпеньскі суботні дзень. Ціхі, ясны, цёплы. Таццяна ўзяла Васілька з сабою на работу, наказала яму гуляць побач з кафэ. Але дзіця ёсць дзіця! Праз паўгадзіны яна выглянула на вуліцу. Колькі ні гукала, ні клікала сына, той так і не адазваўся, відаць, далёка адышоў ад кафэ. Перайшоўшы дарогу, Таццяна завярнула ў двор, у якім знаходзілася дзіцячая пляцоўка, і раптам убачыла Аляксея, які сядзеў на лаўцы побач з Васільком. Яны штосьці засяроджана майстравалі з газеты. Хатні ж набор плюшавых звяркоў, які сын узяў з сабою, быў нехайна раскіданы ў пясочніцы.

– Мама! – ускочыў Васілёк з лаўкі. – А мы з дзядзькам Аляксеем папяровы карабель майструем!

– Ну вось і ўсё. Трымай! – працягнуў яму мужчына папяровую цацку.– прыйдзеш дамоў, няхай мама табе ў ванну вады напусціць. І ты адправіш свой карабель у плаванне.

Аляксей падняў на Таццяну вочы, устаў з лаўкі. Ён быў у спартыўным касцюме і красоўках.

– Што ж гэта вы, Таццяна, мяккія цацкі сыну купляеце?!. Ён жа ўжо ў школу ходзіць! Хлопчыкам патрэбны іншыя цацкі. Яны любяць майстраваць, – з задзіранкай у голасе прамовіў ён.

– А… Каб я што–небудзь ды разумела ў тых танках і самалётах! – кінула Таццяна. – Для мяне яны што металалом.

– Хлопчык сам, што трэба, выбера. Толькі завядзіце яго ў магазін. Ваш сын, дарэчы, вельмі кемлівы, – вымавіў Аляксей і пайшоў побач з Таццянай.

– Вы так лічыце? – Таццяна зірнула з усмешкай на мужчыну.– Толькі дома я штосьці гэтага не прыкмячаю. Хутчэй бачу у яго ляноту і неахайнасць…

– Ну, гэта ўласціва ўсім мужчынам, – весела сказаў Аляксей.– Гарбатай, Таццяна, пачастуеце? Ці ў вас зараз перапынак?

– Пачастую. Да перапынку ў мяне яшчэ аж шэсць гадзін! – весела адказала Таццяна.

– А вы сёння вельмі прыгожая, бы тая лясная фея! – Раптам, зірнуўшы на пышныя распушчаныя валасы Таццяны, вымавіў Аляксей.

Таццяна не адрэгавала на камплімент, хаця ў душы шчыра ўзрадавалася.

Назаўтра, на іх першым спатканні, Аляксей перадаў Васільку канструктар…

Раніцай, адправіўшы сына ў школьны лагер, Таццяна ўзялася прыбіраць у кватэры. Сёння ў яе быў выхадны. Яна толькі паспела зняць з акна фіранкі і замачыць іх, як з калідора пачуўся пранізлівы званок. Адчыніўшы дзверы, Таццяна ўпусціла ў кватэру сяброўку. Галіна была ў паходных шэрых штанах і сінім світэры, каштанавыя валасы акуратна сабраныя на галаве ў пучок.

– Прывітанне! Што ўсё сядзіш тут адна, сумуеш, бы той статуй. Не хочаш з намі на прыроду? Выйдзі ў калідор. Там цябе чакаюць, – выпаліла яна, быццам з кулямёта, і тут жа схавалася за дзвярамі.

Таццяна паправіла на сябе халат, выйшла на лесвічную пляцоўку. Там нервова тупаў у цёмным спартыўным касцюме Антон, з якім яна не бачылася з той самай злашчаснай вячэры ў сталічным кафэ, калі апошні раз сустрэлася з Аляксеем.

– Прывітанне, – нягучна кінуў ён.– Вось нарэшце выбраўся за год да сваякоў ў госці. Збіраемся ў лес на шашлыкі. Мо пойдзеш разам з намі? – зірнуў ён на жанчыну запытальна.

Таццяна адмоўна захітала галавою.

– Мо ты крыўдуеш за той вечар у кафэ? – вінавата апусціў вочы Антон. – Прабач, так недарэчна ўсё тады атрымалася…

– Ва ўсім вінавата толькі я адна, – ціха прамовіла Таццяна.– І больш ніхто.

– Значыцца, сумуеш усё яшчэ па ім, – падняўшы галаву, згадаў Антон пра Аляксея.– Але ж ён нават ніводнага разу не пацікавіўся пра цябе ні ў мяне, ні ў Зінаіды.

– Я пайду, – ціха прамовіла Таццяна.– І, калі ласка, больш ніколі не турбуй мяне.

– Чакай! – прыпыніў яе Антон.– Думаў не казаць табе, але цяпер бачу, што трэба.

– Што, што– небудзь з Аляксеем? – павярнуўшы галаву, устрывожана зірнула Таццяна на хлопца.

Антон адступіў пад яе пранізлівым позіркам крыху назад.

– Ён учора трапіў у аўтамабільную аварыю. Зараз у 9–й клінічнай бальніцы ляжыць, пакуль без памяці. Гэта ўсё, што я ведаю, – вымавіў ён няскладна. – Ну я, мусіць, пайду, – ціха дадаў ён.

Ступіўшы ў калідор, Таццяна прыхінулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Колькі хвілін яна стаяла нерухома, твар яе быў белы што палатно.

“Але што ж гэта я стаю, – раптам страпянулася яна. – Трэба ехаць. Неадкладна ехаць да яго! Толькі напісаць запіску Васільку. І патэлефанаваць Надзеі Пятроўне, каб паназірала сёння за ім. Яна ж былая настаўніца – не адкажа.”

…Апоўдні Таццяна была ўжо ў Мінску. У бальніцы яна атрымала даведку, што Аляксей ляжыць у аддзяленні траўматалогіі, у аднамеснай палаце, пад пільным наглядам урачоў і ахоўнікаў. Ён па– ранейшаму ў непрытомнасці. Таму, каб наведаць яго, нельга было нават і думаць. Але Таццяна вырашыла хоць пабыць побач з палатай Аляксея. Можа, штосьці даведаецца пра стан яго здароўя ад тых жа ахоўнікаў ці медсястры… Яна пайшла на невялічкую хітрасць – запісалася наведвальніцай да першай жанчыны, якую прачытала ў спісе хворых. Атрымаўшы халат, Таццяна паднялася на ліфце на сёмы паверх, нясмела пайшла па шырокім калідоры, па якім туды–сюды хадзілі заклапочаныя ўрачы. Палата Аляксея была амаль у канцы аддзялення. За некалькі крокаў да яе Таццяна ў нерашучасці прыпынілася. Уваходныя дзверы засланяў высокі шырокаплечы ахоўнік, збоку ад яго стаяў у чорным касцюме ягоны начальнік і вёў гаворку з хударлявым пажылым урачом. Таццяна прыслухалася да іх размовы, паколькі яна ішла пра Аляксея.

– Не ведаю, што вам нават сказаць… Стан яго пакуль вельмі цяжкі. Зробім усё магчымае, каб уратаваць, – суха прамовіў урач.

– І ўсё–ж, скажыце шчыра, надзея ёсць?..

– Надзея? – паціснуў урач плячамі. – Усё, як кажуць, у руках у Бога. Таму будзем спадзявацца. Галоўнае, вывесці яго з комы. Таму паспяшайцеся з лекамі, якія я пазначыў у спісе, і падбярыце для хворага на гэты тыдзень начную санітарку, такую, каб і на хвіліну не зводзіла з яго вачэй.

– Сёння ж знойдзем. А лекі, – зірнуў мужчына на гадзіннік, – даставяць праз поўгадзіны.

– Тады ўсё, – кіўнуў урач і пайшоў у ардынатарскую.

Таццяна вагалася не больш за хвіліну. Убачыўшы, што начальнік аховы збіраецца пайсці, яна рашуча ступіла да яго.

– Прабачце! Можна вас на адну хвілінку, – прымусіла яна мужчыну павярнуцца. – Даруйце, але я міжволі падслухала вашу размову з урачом. Вам, здаецца, патрэбна начная санітарка. Не магі б вы ўзяць мяне? – Яна ўмольна зірнула на субяседніка. – Я абяцаю, што буду наглядаць за хворым вельмі ўважліва…

Мужчына акінуў Таццяну дапытлівым позіркам.

– Скажыце, мо з год таму гэта з вамі танчыў наш гаспадар у кафэ?

Таццяна хітанула галавою.

– Так, і зараз я прыйшла да яго.

Начальнік аховы хвіліну маўчаў, бы вагаўся. Відаць, яго падкупіла адкрытая шчырасць Таццяны, але, з другога боку, ці мог ён дапусціць да свайго гаспадара незнаёмую маладую жанчыну? Нарэшце ён вымавіў:

– Пашпарт у вас з сабою? Наша фірма заключыць з вамі дагавор…

Уладкаваўшы ў горадзе неадкладныя справы – найперш патэлефанавала дамоў, каб не чакалі сёння, Таццяна вярнулася ў бальніцу. Калі атрымала ў медсястры інструктаж, пайшла да палаты Аляксея. Паказала ахоўніку пропуск, з хваляваннем увайшла ў прасторны белы пакой. Аляксей ляжаў на доўгім шырокім ложку, да яго цела апускаліся тонкія капіляры медыцынскіх апаратаў, ногі і правая ягоная рука былі ў гіпсе. Сэрца Таццяны ахутаў жаль. Яна ў роспачы апусцілася ў крэсла, што стаяла побач з ложкам. Працягнуўшы руку, ласкава датыкнулася да лба любага. Вейкі Аляксея нават не ўздрыгнулі. Таццяна ледзь стрымала слёзы, паклала ў шырокую мужчынскую далонь сваю маленькую руку…

Амаль усю ноч яна не зводзіла вачэй з Аляксея і экранаў апаратаў, што мерна адстуквалі рытм сэрца любага. Пад раніцу палосы на іх раптам учашчана заскакалі, замігалі чырвонымі агеньчыкамі. Ускочыўшы з крэсла, Таццяна выклікала дзяжурнага ўрача…

Пакінула бальніцу яна толькі тады, калі пасля намаганняў урачоў крызіс у Аляксея мінуў і ягонае сэрца забілася ў прывычным рытме. Апоўдні з”ездзіла дамоў, узяла на рабоце тыдзень адпачынку за свой кошт. Пад вечар, пабачыўшыся з сынам і Надзеяй Пятроўнай, якая дала згоду панаглядаць за хлопчыкам, яна зноў заспяшалася ў Мінск.

Насуперак спадзяванням Таццяны, стан Аляксея за той час, што яна адсутнічала, не палепшыўся. Прысеўшы ля ложка любага, яна выцірала белай хустачкай ягоны гарачы, спацелы лоб. Медсястра, якая зазірнула ноччу ў палату, кінула позірк на экраны, сумна паківала галавою.

– Цяжка яму будзе выкарабкацца, – прамовіла яна. – У мяне некалі брат пасля падзення з будаўнічай лесвіцы быў у падобным стане. Чатыры дні ляжаў у коме, і толькі народныя лекі дапамаглі, якія я дастала ў аднаго старога знахара. Вось бы яму тыя лекі.

– А дзе жыве гэты стары знахар? – ухапілася Таццяна за апошнія словы медсястры. – І як да яго можна даехаць?

– Адрас табе я дам, – зірнула жанчына на Таццяну з цікаўнасцю. – Ты, як відаць, сваячка яму, – хітанула галавою яна ў бок Аляксея. – Толькі не ведаю, ці жывы зараз той стары. Гадоў дзесяць ужо прайшло, як я да яго ездзіла.

– І усё ж напішыце, калі ласка, – працягнула Таццяна запісную кніжку.

Калі медсястра пайшла, яна перавяла позірк на Аляксея. Вочы яго былі заплюшчаныя, губы злёгку прыадкрытыя. Дыхаў ён павольна, быццам пасля дзённых цяжкіх турбот забыўся ў глыбокім сне. І толькі гіпс на целе і дробныя кропелькі поту на лбе выдавалі ягоную хваробу. Таццяна пяшчотна выцерла іх хустачкай і ледзь стрымала слёзы. Было балюча пазіраць на самага блізкага і жаданага чалавека і ўсведамляць, што ты нічым не можаш яму дапамагчы…

“Ты толькі прачніся, любы, – прасіла ў думках яна. – Чуеш, выжыві…”

На аўтастанцыю Таццяна выбралася а дзесятай гадзіне дня, калі ўрачы закончылі ранішні агляд хворых. Нічога суцяшальнага аб стане здароўя Аляксея яны не сказалі. Папярэдзіўшы па тэлефоне Надзею Пятроўну, што не прыедзе сёння дамоў, Таццяна купіла білет на міжгародні аўтобус. Да Навагародка яна даехала за тры гадзіны. Доўга чакала маршрутнае таксі. У вёску Жыўніца яна патрапіла толькі апоўдні. Стары драўляны домік, што стаяў на беразе шырокага празрыстага возера, яна адшукала хутка. Нясмела ўвайшла ў невялічкі чысты двор, пастукалася ў дзверы. Калі тыя з меладычным гукам адчыніліся і ў праёме з'явілася пажылая жанчына ў чырвонай сукенцы, Таццяна зычліва павіталася, спытала ў яе пра старога знахара.

– Гэта значыць, вы да майго бацькі па лекі, – сумна ўздыхнула сівая жанчына.– Толькі вы моцна спазніліся. Ужо сем гадоў, як яго няма, але людзі ўсё едуць і едуць. У вас хто хварэе? – спыталася яна.

– Мужчына, – ціха кінула Таццяна.

– І моцна?

– Чацвёрты дзень без памяці пасля аварыі, – сумна адказала Таццяна.

– Што ж, вельмі шкада яго. Але нічым не магу дапамагчы, – развяла жанчына рукамі. – Пасля смерці бацькі нават крынічка, з якой ён браў для сваіх лекаў ваду, і тая перасохла. Так што дарэмна вы ехалі.

– Прабачце, – у роспачы вымавіла Таццяна.

На вачах у яе з'явіліся слязінкі – марна яна ехала ў такую дарогу. Павярнуўшыся, Таццяна зрушылася, але пажылая жанчына раптам прыпыніла яе:

– Чакай. А кім жа даводзіцца табе той мужчына, што ты так шкадуеш яго? Родны, ці што?

– Не, проста знаёмы, – прамовіла Таццяна.

Жанчына дапытліва зірнула на Таццяну, яе позірк на хвіліну зрабіўся адсутным, яна аб чымсьці разважала.

– Значыць, кахаеш яго, – нарэшце вымавіла яна. – І моцна. Інакш не паехала б у такую далеч. Чакай, – дадала яна і схавалася ў хаце.

Вярнулася на двор хвілін праз пяць.

– На вось, вазьмі, – працягнула жанчына маленькую бутэлечку з празрыстай вадкасцю.– Для сябе хавала. Толькі навошта яны цяпер мне, калі мне ўжо сёмы дзесятак пайшоў. Ад старасці гэтыя лекі не ўратуюць.

– А родныя, дзеці? Можа, для іх калісьці спатрэбіцца? – няпэўна прамовіла Таццяна.

– Не спатрэбіцца, – пачуўся ціхі адказ. – Не даў мне Бог ні мужа, ні дзяцей. Адна вякую на гэтым свеце. Так што бяры.

Таццяна асцярожна ўзяла бутэлечку з лекамі, падзякавала жанчыне, спыталася:

– Скажыце, калі ласка, як вас завуць? Каб ведаць, каго ўспамінаць добрым словам…

– Бацьку майго ўспамінай. Дзедам Міхасём яго называлі. Давай па лыжцы раніцай і вечарам свайму каханаму. Дасць Бог, дапаможа, – прамовіла жанчына на развітанне.

У Мінск Таццяна вярнулася ўвечары. На дзяжурстве з дапамогай медсястры, якая падказала ёй адрас старога знахара, дала Аляксею лекі. Ноч той ляжаў спакойна, быццам забыўся ў глыбокім сне. Пад раніцу ягоныя губы раптам заварушыліся, ледзь чутна прашапталі:

– Марыля… дачка… неадкладна прышпілі рамяні… Дачка… чаму я не чую цябе… Прышпілі рамяні…

Аляксей трызніў. Дзяжурны ўрач зрабіў яму ўкол, супакоіў Таццяну:

– Нічога страшнага. Яго мозг пачынае пошукі рэальнасці. Гэта добрая прыкмета…

Новая ноч выдалася для Таццяны неспакойнаю. Пульс у Аляксея скакаў. Калі ён учашчаўся, той пачынаў трызніць. Жанчыне даводзілася некалькі разоў вызываць медсястру. Толькі праз суткі Аляксей супакоіўся, заснуў на некалькі гадзін…

Гэта здарылася ўжо на золку. І як Таццяна ні чакала гэтага моманту, усё атрымалася для яе неяк знянацку. Яна нахілілася над любым, каб выцерці пот, як раптам сустрэлася позіркам з вялікімі расплюшчанымі вачыма, якія асэнсавана пазіралі на яе.

– Вы хто? – пачулася ціхае пытанне.– Дзе я знахожуся? – Аляксей агледзеў прасторны белы пакой. Ягоныя вочы на імгненне спыніліся на медыцынскіх апаратах, потым зірнулі запытальна на Таццяну. – Здаецца, я не ў сваім доме. Што са мною здарылася?

На Таццяніным твары была марлевая павязка, і Аляксей не пазнаў яе.

– Вы трапілі ў аўтамабільную аварыю. Доўга былі ў непрытомнасці. Але, здаецца, крызіс мінуў. Я зараз паклічу ўрача, – падхапілася яна з крэсла.

У калідоры Таццяна на хвіліну прыхінулася да сцяны, ад радасці заплакала…

Пасля ранішняга агляду ўрачоў ля палаты Аляксея выстраілася чарга наведвальнікаў. Таццяна, зняўшы з твару павязку, стаяла крыху ў баку ад іх. Тут яе і прыкмеціла размаляваная ва ўсе колеры вясёлкі Зінаіда, якую Таццяна не бачыла з леташняй сустрэчы ў сталічным кафэ.

– Прывітанне! – напышліва кінула яна. – Бачу, ты была ў яго за сядзелку. Наша фірма разлічыцца з табою. У тваіх паслугах мы больш не маем патрэбы. Праз гадзіну мы перавязём боса ў іншае месца. Цяпер буду я наглядаць за ім, – ганарліва дадала яна і пайшла ў ардынатарскую.

Начальнік аховы, які выйшаў услед за Зінаідай з палаты, ціха падзякаваў Таццяне.

– Узнагароду за работу можаце атрымаць у нашым офісе, – дадаў ён.

– Мне не патрэбна ўзнагарода, – нягучна вымавіла Таццяна і пайшла да ліфта.

Апынуўшыся на вуліцы, яна прыпынілася ў вузкім пераходзе, пачакала, пакуль да ўвахода пад”ехала вялікая чорная машына. Аляксея вывезлі на калясцы з бальніцы праз паўгадзіны. Каля яго клапатліва мітусілася Зінаіда. Зірнуўшы на яснае блакітнае неба, Аляксей перавёў позірк на яе:

– Скажыце, хто наглядаў за мною сёння ноччу?

– Гэта была я, – схлусіла Зінаіда, нават не пачырванеўшы.

Ахоўнікі асцярожна занеслі каляску з Аляксем у машыну. Выцершы слёзы, Таццяна паволі пайшла да прыпынку тралейбуса…

Дамоў яна прыехала, калі на вуліцы пачало ўжо змяркацца. Увайшла ў кватэру, пагладзіла па галоўцы Васілька, які выбег з пакоя.

– Што, не апрытомнеў яшчэ твой хворы? – выглянула з кухні Надзея Пятроўна.

– Апрытомнеў, – ціха прамовіла Таццяна, прысеўшы на канапу.

– Тады чаго такая сумная? Ён што, не пазнаў цябе?

– Не пазнаў, – цяжка ўздыхнула Таццяна і падзякавала настаўніцы, правяла яе да дзвярэй. Калі вярнулася ў пакой, падхапіла Васілька на рукі, моцна прыціснула да сябе.

“Ну і што, што не пазнаў, – падумала яна пра Аляксея. – Ну і хай зараз з ім Зінаіда. Галоўнае, ён жывы. Ты ж менавіта толькі гэтага жадала, на іншае і не разлічвала…”

Яна паклала на ложак сына, які заснуў на яе руках, выйшла ў калідор, пераапранулася ў дамашні халат. Вярнуўшыся ў пакой, узяла са стала невялічкі фотаздымак Аляксея, правяла па ім пальцамі.

“Ну вось і ўсё, – журботна ўздыхнула яна. – Больш мы з табою не ўбачымся. Зінаіда свайго не ўпусціць. Шчасця табе з ёю, любы”.

Паклаўшы здымак на стол, Таццяна падышла да акна. На вуліцы была непраглядная цемра. У шкло ціха стукаў дробны начны дождж. На душы было паныла і адзінока…


* * *

Быў пачатак верасня. Узняўшыся ў зеніт, сонца пяшчотна палівала лясны пасёлак сваім мяккім восеньскім святлом. Адпусціўшы рабочым лесазавода цыгарэты і запалкі, Таццяна зачыніла кафэ на абедзены перапынак, скіравалася ў ашчадную касу. Калі параўнялася з вялікім цагляным домам, не стрымалася, міжволі кінула позірк на акно Аляксеевай кватэры і сумна ўздыхнула – на ім па–ранейшаму былі шчыльныя жалюзі. За два месяцы, што мінулі з іх апошняй сустрэчы ў бальніцы, Таццяна так і не атрымала ад Аляксея ніводнай вестачкі. Нават не ведала, як ён цяпер сябе адчувае. Напэўна, зараз з ім Зінаіда. Мо нават стала яго жонкай. Што ж, яна жадае ім шчасця.

Здаўшы ў ашчадную касу грошы, Таццяна таропка пайшла дамоў. Пасля абеду на працу ў кафэ заступала напарніца. І яна хацела памыць сёе–тое з хатніх рэчаў. Дый Васілёк павінен быў з хвіліны на хвіліну з'явіцца са школы. Трэба было падагрэць абед. Наблізіўшыся да свайго пад”езда, Таццяна змеціла на лаўцы школьны ранец сына.

“Ну што за дзіця! – абурылася яна. – Не паспеў нават яшчэ ў дом увайсці, а ўжо ліха кудысьці яго панесла… І ранец кінуў без нагляду. Ну зараз усыплю яму перцу!”

Яна завярнула за вугал дома, акінула позіркам дзіцячую пляцоўку і ледзь не абамлела. Насупраць дома стаяў доўгі белы лімузін. На пляцоўцы ж з Васільком весела гаманіў Аляксей. Ён быў у шыкоўным цёмным касцюме, меў здаровы і бадзёры выгляд. Васілёк сядзеў у яго на плячах, трымаўся рукамі за папярочку спартыўнай лесвіцы. Убачыўшы Таццяну, Аляксей апусціў хлопчыка на зямлю. Узяў яго за руку, ступіў да Таццяны.

– А вось і мама нарэшце прыйшла, – усміхнуўшыся, прыязна вымавіў ён. – І дзе ж нячыстая яе дагэтуль насіла? Мы яе ўжо тут добрую гадзіну чакаем! А яна вунь, бачыш, яшчэ і злуецца на нас! – весела падміргнуў Аляксей Васільку. – Ну што, мы, здаецца, збіраліся ў Мінск, пакатацца на вялікай каруселі?

– Так, дзядзька Аляксей. Я ніколі яшчэ на ёй не катаўся! – шчыра адказаў хлопчык.

– Колькі часу дадзім маме на зборы?

– Гадзіну. Хопіць ёй, каб размаляваць сябе, – сур”ёзна, па–мужчынску, вымавіў хлопчык.

– Так і зробім! – прамовіў Аляксей. – Толькі спачатку падорым ёй кветкі. – Узяў ён у начальніка аховы, які выйшаў з лімузіна, букет руж і працягнуў іх збянтэжанай Таццяне.

– Ну, прывітанне вам, гаспадыня!

Сталы цемнавалосы начальнік аховы хітравата падміргнуў Таццяне і, як нічога не было, пайшоў да машыны.

“Яго работа! – міжволі адзначыла Таццяна. – Гэта ён расказаў Аляксею пра ўсё!”

– Ну што, пойдзем зірнём на тваю хованку, якую ты абяцаў паказаць.– Аляксей зноў узяў Васілька за руку.

Яны павярнуліся і пайшлі да маладых бярозавых прысад, што бялелі каля дарогі.

Прыхінуўшыся да сцяны дома, Таццяна прыціснула да сябе вялікія белыя духмяныя ружы. Па шчоках яе маленькімі кропелькамі каціліся светлыя слёзы радасці…

Загрузка...