РАПСОДЫЯ СТАРЫХ ПАЛАЦАЎ навела

Чырвонае вока сонца ўжо схiлiлася на пажухлым восеньскім даляглядзе, адкiдваючы ружовую пасму–цень на сiняватыя азёрныя хвалі, што неспакойна ўздыхалi пляскамі перад велiчным замкам, які, бы той непрыступны бастыён, узнiмаўся на пакатым узвышшы.

Панна Ядвiга, прапынiўшы белую кабылу, спрытна саскочыла з потнай спіны жывёлы на жоўтую пляму сцяжыны. Яська перахапiў у панны ляйчыну, i яны паволi пад прыцiшанае ржанне за спiнамi стомленных коней рушылі ўздоўж векавых дрэваў, што падступалі да замка з ўсходу. Парывiсты паўночны вецер шапацеў сухiм пажоўклым лiсцем. Зрываючы яго з магутных дрэваў, ён вiхурай уздымаў лёгкія залатыя манеты ўгору, потым акуратна апускаў iх унiз, слаў тонкай коўдрай на сцяжыну. Панна Ядвiга зашпiлiла каўнер свайго прыталенага кажушка. Было прахалодна. Ноччу, падобна, надарацца замаразкi. Параўняўшыся з дзяўчынай, Яська пакасiў вочы на ейную статную фігуру. Прыгожы бялюткi твар панны Ядвiгi сёння быў задуменным, у вялікіх выразных вачах адбівалася занепакоенпсць. Амаль усю вячэрняю прагулку панна ехала па пералеску моўчкi. Яна час ад часу нервова падганяла кабылу ў трывожную рысь – яе яўна штосьцi турбавала. Яська быў насцярожаны. Калi маладая панна надта рэзка скакала ў гушчар зялёных прысадаў, ён моўчкi падсцёўбваў свайго Русака, даганяў і асаджваў нервовы парыў белай кабылiцы. Спытацца ў Ядвігі аб прычыне дрэннага настрою хлопец адважыўся толькi зараз, калi яны наблiжаліся да радавога гнязда маладой панны. Ён вельмi моцна кахаў панну Ядвiгу, i ўжо больш за год тая адказвала яму ўзаемным пачуццем, але Яська нават на хвiлiну не забываўся, што ён – толькi просты сялянскi хлопец, служка князя, а панна – знакамiтага на ўсю Еўропу роду…

– Цябе нешта турбуе мая панна? – пацiкавiўся хлопец.

Страпянуўшыся, Ядвiга прыцiшыла хаду.

– Бацька даведаўся штосьці пра нашы адносiны, – сумна ўздыхнула яна.

– Ён табе нешта казаў пра гэта? – насцярожыўся Яська, мiжволi тузануўшы ляйчынамi.

– Не, нiчога не казаў, але…

Дзяучына ўспомнiла, калі раніцай бацька– князь нечакана зайшоў у яе пакоi, яўна чымсьцi ўзрушаны. Ён убачыў у люстэрку яе пышныя валасы, якiя яна расчэсвала вялiкiм грэбенем, смачны сiняк на паўаголенай дзявочай руцэ – учора на вячэрняй выездцы яна няўдала саскочыла з каня. Густыя бровы князя насупiлiся.

– Бачу, малады слуга не вельмi наглядае за сваёй паннай! Трэба замянiць яго на старэйшага i больш вопытнага. I наогул, трэба маладой панне падумаць ужо пра шлюб. Досыць ёй быць без надзейнага мужчынскага пляча…

Павярнуўшыся, князь тут жа выйшаў з пакояў, але тыя ягоныя словы пра маладогу слугу, яшчэ доўга трывожным водгукам адзываліся ў дзявочым сэрцы. I яшчэ гэты ўспамiн пра надзейнае мужчынскае плячо… Ад прыслугi панна Ядвiга ўжо чула, што бацька паслаў ганцоў да аднаго яснавяльможнага пана ў Польшу для перамоў аб iхнiм шлюбе… Няўжо ён збiраецца выдаць яе замуж, нават не запытаўшыся ёйнай згоды?

– Князь збiраецца хутка выдаць мяне замуж за аднаго яснавяльможнага пана, – сумна прамовiла пана Ядзвiга i, азiрнуушыся на бязлюдны парк, наблiзiлася да хлопца, схіліла ў самоце галаву да яго грудзей.– Ах, Яська, чуе мае сэрцайка бяду.

– Што б не здарылася, буду кахаць цябе ўсё жыццё, чуеш, мая панначка?– Хлопец ласкава абняў хударлявыя дзявочыя плечыкi.

– I я цябе буду кахаць, Яська, да самай смерцi. Лепш што– небудзь з сабой зраблю, а замуж за другога не пайду!

– Што ты, панна… Пакiнь такiя думкi! – уздрыгануўся хлопец. – Цi ж можна нават думаць пра такое?..

– Але ж трэбы штосьцi рабiць, – цiха запярэчала яму дзяўчына. – Мой бацька, калi што надумаў, ад свайго неадступiць. Нам трэба бегчы, Яська, – раптам тузанула яна хлопца за плячо. – Неадкладна! У Вiльню, да цёткi. Панна Альжбета мяне любiць, i яна вельмi добрая – дасць нам прытулак! Сёння апоўначы, калi ў палацы ўсе заснуць, выводзь цiхенька коней у двор. Буду чакаць цябе ў парку на нашай лаўцы ля маладой вярбы. – Ядвіга падняла вочы на хлопца, збянтэжанага ад падобнай прапановы. – Ты чуеш мяне, Яська?

– Я прывяду апоўначы коней, мая панначка, – нарэшце нарушыў маўчанне хлопец.

Яны пайшлі да высокiх замкавых вежаў, увайшлi ў шэрую пашчу брамы.

– Да сустрэчы мая панначка, – цiха прамовiў Яська ўжо ў двары, адкуль чуліся галасы княжацкай прыслугi, што была занятая сваiмi вячэрнiмi клопатамi.

– Да сустрэчы, каханы, – ласкава прашаптала Ядвіга.

Яна, павярнуўшыся, таропка пайшла да палаца. Неба над замкам пачынала ўжо налівацца вечаровай сінявой. Яська некалькі хвiлiн утрапёна пазiраў панне ўслед, потым накiраваўся да канюшнi.

Ступiўшы на прыступкi будынка, дзяўчына, узрушаная ад толькi што прынятага рашэння, нават не прыкмецiла, як пры канцы двара Яську раптам схапiлi княжацкія стражнікі і пацягнулі ў змрочнае падзямелле – туды, дзе пакутавалі за кратамi тыя, хто быў пазбаўлены ласкі святлейшага князя…

Панна ж Ядвiга, прайшоўшы ў свае пакоi, перапранулася ў хатнюю сукенку і прысела насупраць люстэрка, у якім, бы наяве, убычала сваю першую сустрэчу з Яськам…

Тады бацька–князь упершыню ўзяў яе на паляванне ў дзiкi лес, якi высокай густой сцяной стаяў за некалькi вёрст ад замка. Пасля доўгай скачкi на прыткiх конях яна спынiлася з прыслугай на вялiкай лясной паляне адпачыць. Адусюль гучалi прызыўныя рогi i галасы загоншчыкаў, брэх рухавых паляўнiчых сабак, якiя цікавалі ў лесе дзiка. Панна Ядвiга схiлiлася над россыпам лясных суніц. Мядовы водар траў кружыў галаву, вымушаў забыцца пра рэчаiснасць. Раптам яна пачула спалоханыя галасы прыслугi, што даносiлiся бы з–за якой сцяны. Узняўшы галаву, дзяўчына ў жаху ўбачыла, як з лесу проста на яе нясецца вялiкi шэры дзік. Ад сполаху ейныя ногi нібы ўраслi ў зямлю, у чаканнi жудаснага яна мiжволi заплюшчыла вочы. Адкрыла iх толькi тады, калi пачула гучны енк жывёлы. У здзiўленнi яна пазiрала на маладога незнаёмага хлопца, якi змагаўся з дзіком на акрываўленай траве i паласаваў звера доўгiм паляўнiчым нажом. Калi дзiк нарэшце сцiх, хлопец выбраўся з–пад яго, выцер кроў, якая струменiла з параненай нагi. Бацька–князь, якi неўзабаве галопам падскакаў на канi да дзяўчыны – белы, што той снег, – саскочыўшы на зямлю, трывожна агледзеў панну Ядвiгу, пяшчотна абняў яе, потым павярнуўся да мужнага хлопца, які з захапленнем пазiраў на маладую панну.

– Хвалю за храбрасць, малады служка. Будзеш з сённяшняга дня асабiстым ахоўнiкам панны. Дапамажыце яму!– загадаў ён стражы, якая падскакала да iх.

З таго дня і пачалося разгарацца ў сэрцы панны Ядвiгi шчырае пачуццё да простага хлопца…

Дзяўчына адняла затуманенны позiрк ад люстэрка, узняўшыся з табурэта, ступiла ў кут пакоя і апусцiлася на каленi ў шчырай малітве насупраць абраза Маткi Боскай, просячы ў яе заступнiцтва i дапамогi ў сёняшнiм начным падарожжы. Яна ўстала з каленяў, калi ў акне двор ужо агарнула густая цемра. Хуценька склала неабходныя рэчы ў хустку і завязала на вузел, затым падышла са сваёй ношай да гардэробных шкафаў, але ні палiто, нi прыталенага лёгкага кажушка, у якiм яна звычайна хадзіла на штодзённыя прагулкi, у іх чамусьцi не аказалася. “Мабыць прыслуга вырашыла нанач прасушыць вопратку, ” – падумала Ядвіга. Хвiлiну паразважаўшы, панна патапiла свае босыя ногi ў боты, i ў адной сукенцы, цiхенька пераадолеўшы зацемнены доўгi калiдор, выйшла з палаца ў двор…

Праз некаторы час дзяўчына была ўжо ў парку. Прысеўшы на настылую начную лаўку, яна сцепанула хударлявымі плечыкамі – было надзвычай холадна, па зямлi слалася белае павуцiнне першых восеньскiх замаразкаў. Панна з надзеяй пазiрала ў стылую начную цемру – як хутка з–за дрэваў на сцежцы мiльгане знаёмая постаць любага?

А ў гэты час княжацкія стражнікі прывязалі Яську да тоўстай бэлькі ў патаемным падземным пакоi, якi ледзь асвячала адзiнокая свечка на шырокiм дубовым стале. Яны катавалi хлопца, дамагаючыся прызнання пра яго адносiны да маладой князёўны, але той, нягледзячы на ўсе стараннi катаў, упарта маўчаў.

Было ўжо апоўначы, калi у вузкiх дзвярах пакоя раптам узнiкла змрочная хударлявая постаць князя. Служкi перасталі сцябаць маладое падатлiвае цела акрываўленымi бiзунамi, у пакоры схiлiлi свае потныя спiны перад гаспадаром.

– Што, маўчыць? – Прайшоў князь на сярэдзiну пакоя.

– Маўчыць, яснавяльможны пан, – хутка адказаў старэйшы стражнік.

– Развяжыце гэтага подлага халопа, падвядзiце блiжэй, каб я мог выразна бачыць яго, – пачуўся рэзкі загад.

Калi Яську развязалі i падвялi да стала, князь пагардлiва паглядзеў на ягоныя дзіравыя лахманы, праз якія было відаць акрываўленае цела, утаропiў свой вогненны позiрк у вочы хлопцу.

– Кажы праўду, што ў цябе было з паннай? – злосна запытаў ён. – Ты разумееш, аб чым я пытаюся?

Супраць чаканняў князя хлопец не адвёў свой позiрк убок, у яго стомленных вачах не было страху, а толькi боль i нейкае незразумелае перажыванне, – бы той нешта не зрабiў з таго, што павiнен быў зрабiць.

– Вы вельмi дрэнна думаеце, яснавяльможны князь, пра панну Ядвiгу. – прашапталі ласкава апухлыя губы.– Яна – сама дасканаласць, нябесная чысцiня i святло…

– Ты быў прыстаўленны да маладой панны, каб верна служыць i ахоўваць яе, а не для таго, каб разважаць пра ейную дасканаласць i чысцiню! – груба перапынiў хлопца князь. – Але я дарую табе твой ганебны ўчынак, калi падпiшаш гэта…

Ступiушы бліжэй да стала, князь грэблiва паклаў на яго тоўсты скураны кашэль i пажаўцелы лiст паперы.

– Гэта тваё пакаянне ў нядобрым учынку – адказ ад сваіх пачуццяў да панны, – злосна патлумачыў ён. – Я ведаю, панна навучыла цябе пiсаць. Падпiшы яго i атрымаешь волю. I яшчэ – вось гэтыя грошы, – кiўнуў князь у бок кашаля. – Тут iх столькi, што хопiць, каб купiць маёнтак з добрай зямлей i служкамi. Купiш яго i сам станеш панам, выбераш у жонкi дзяўчыну, якую пажадаеш. I я назаўсёды забудуся, халоп, пра твае адносіны да маладой панны.

Хлопец моўчкi апусцiў галаву, адмоўна захiтаў.

– Я прысягаў перад нябёсамi панне Ядвiзе быць верным усё жыццё…

Твар князя iмгненна налiўся злоснай чырваню.

– Халоп! Ды як ты смееш пярэчыць мне, святлейшаму князю?!. Пану, са словам якога лiчацца самыя знатныя роды Еўропы! Неадкладна пакараць! – Ён павярнуўся да стражы: – I біць гэтага няўдзячнага халопа датуль, пакуль не падпiша гэты лiст! – Князь гнеўна стукнуў кулаком па паперы на стале i пакiнуў патаемны пакой.

Стражнiкi тут жа падступiлiся да хлопца, зацягнулi яго ў кут. Злыя бiзуны раз за разам з д`яблавым свiстам апускалiся на Яську, пакуль той, бездыханны, не асунуўся на халодную падлогу… З вуснаў хлопца так i не вылецелi пажаданыя для яго катаў словы…

Панна ж Ядзвiга ўсё сядзела на настылай лаўцы ў парку – прамерзлая, спакутаваная, яна чакала любага. На ўсходзе небасхiл пачынала ўжо прабiваць сiняватае перадсвiтальнае марыва. Яна не адчувала восеньскага марозу, які балюча шчыпаў праз тонкую сукенку яе хударлявыя плечы. Вяртацца дамоў сэнсу ўжо не было. Ядвіга зразумела: бацька дазнаўся праз іх планы і Яську схапiла стража. А як ставiцца князь да тых, хто трапляе да яго ў нямiласць, панна ведала. Таму, яшчэ раз тужліва зiрнуўшы на бязлюдную сцяжыну, дзяўчына звярнула свой светлы позiрк у нябеснае покрыва. Яна вырашыла чакаць каханага, калi спатрэбiцца, нават цэлую вечнасць…

Такой яе i знайшлi княжацкiя слугi ранiцой у парку – застылую адзiнокую дзявочую фігуру, погляд летуценных воч якой быў звернуты да бясконцага туманнага зорнага шляху…

Загрузка...