НЯВЕСТА ВАЎКА апавяданне

Ваўкі мы – вольнае наша жыццё.

У. Высоцкі


Выцеры слёзы, ваўкі не плачуць.

Не да твару ім прытварацца людзьмі.

А. Мядзведзеў

Ускраіны густога зялёнага бору ліцвінскі назіральнік Сварг дасягнуў на світанку. Амаль паўночы ён ішоў да яе з непралазнага гушчару, дзе разбіў свой часовы стан невялікі атрад разведчыкаў, які быў дасланы наперад ваяводам Давыдам Гарадзенскім, што з дружынай ужо колькі месяцаў здзяйсняў імклівы паход у самае сэрца Германіі, ў Брандэрбургскую мархію, ў адказ на гвалтоўны пазалеташні напад нямецкіх крыжакоў на ваколіцы Гародні і памесце самога князя, калі ў полымі варожага крывавага разбою загінулі ягоная жонка і малы сын. І вось надышоў час помсты. Амаль лета рухавая конная харугва ваяводы гуляла па чужой зямлі. Бы той лясны воўк, яна раптоўна з'яўлялася то ў адным, то ў другім месцы, робячы нечаканы напад на варожыя цытадэлі і паселішчы, і пасля іхняга спусташэння так жа бясследна знікала ў мясцовых густых барах. Усе спробы варожых сцягоў перахапіць імклівых ліцвінскіх вершнікаў не прыносілі пакуль поспеху, бо кожны раз перад чарговым балючым укусам ворагу мужны і прадбачлівы князь Давыд дасылаў наперад разведчыкаў…

Загартаваны ў шматлікіх баях з ворагам адважны воін–дазорца Сварг выбраў месца для сваіх назіранняў у невысокім густым хмызняку, за якім адразу пачынаўся шырокі луг. З яго добра праглядаўся шэры нямецкі бург[4] з высокімі прамавугольнымі вежамі і зубчатымі сценамі, што, падобна той скале, узвышаўся на пакатым узгорку пры канцы лугавога зялёнага дывана. Непадалёк ад варожай цытадэлі месцілася на раўніне вялікае нямецкі дорф[5] з дыхтоўнымі каменнымі дамамі і пузатымі драўлянымі гаспадарчымі забудовамі, якія здалёк здаваліся лялечнымі. Гэта была вотчына нямецкага рыцара Ото фон Верга, які ўчыніў некалі разам са сваімі сябрамі– крыжакамі крывавую разню ў ваколіцах Гародні. У абавязак Сваргу ставілася высветліць колькасць варты і вояў у варожым бургу, шляхі зручнейшага падыходу да цытадэлі.

Першыя промні сонца, што пачынала ўставаць на ўсходзе, ужо краналі сваімі светлымі прасцінамі за спінай воя верхавіны высокіх соснаў, калі ён, зрабіўшы з тонкага галля подсціл, зручна прылёг пасярод ранішняй роснай лясной травы. Нямецкі бург і сяленне, што бачыліся на даляглядзе, паволі прачыналіся ад кароткага летняга сну. Над маленькімі домікамі сям– там слаліся клубы ранішняга белага дыму, ля гаспадарчых забудоў назіраўся рух гаспадароў. З расчыненай брамы варожай цытадэлі выехаў невялікі эскорт вершнікаў, які паскакаў па тонкай нітцы дарогі кудысьці на захад.На сценах замка разведчык прыкмеціў толькі пару вартавых, якія ляніва паходжвалі ўздоўж зубцоў, амаль не звяртаючы ўвагі на сонныя ранішнія ваколіцы, што прылягалі да змрочных вежаў. Варожы гарнізон паводзіў сябе даволі бяспечна, яўна не чакаючы нападу чужынцаў. Але колькі ў ім вояў? І колькі ратнікаў, калі што, можа даслаць яму на дапамогу пасяленне? Сварг утаропіў пільны позірк на маленкія домікі, што цесным гуртам туліліся ўдалечы на раўніне, і раптам змеціў на сцяжыне, што стужкай бегла ад іх да зацення лесу, тры жаночыя фігуры з ляйчынамі ў руках. Падобна, мясцовыя фрау накіроўваліся ў сасновы бор за сухім галлём для печаў. Калі яны наблізіліся да хмызняку, весела штосьці шчабечучы паміж сабой, разведчык апусціў галаву. Узняў яе, як чужыя галасы зніклі ў далёкім лясным гушчары, і зноў утаропіў свой позірк на варожую цытадэль. Падступіцца непрыкметна да трывалых высокіх сцен з–за адкрытай прасторы магчыма было што толькі пад покрывам ночы. Паназіраўшы яшчэ крыху за вартай, разведчык быў ужо збіраўся ўзняцца на ногі і рушыць у глыб лесу да стана атрада, як краем вока нечакана прыкмеціў дзвюх нямецкіх жанчын, што выйшлі з бору з сушняком за плячыма. Прыпыніўшыся на сцяжыне, яны азірнуліся, занепакоена загукалі ў лясное густое заценне:

– Марта! Марта! Во біст ду![6] Марта!..

Як відаць, фрау клікалі сваю дзесьці заблукалую пасярод соснаў сяброўку. Не дачакаўшыся адказу, яны крыху павагаліся, потым павярнуліся, паволі рушылі да пасялення. Рушыў, узняшыся з подсцілу, у глыб лесу і Сварг. Заўтра на золку ён ізноў збіраўся вярнуцца да хмызняку і працягнуць свае назіранні за варожым замкам. Разведчык добра паглыбіўся ўжо ў засенне высокіх соснаў, як раптам пачуў гучны пранізлівы гартанны жаночы крык, які далятаў бы з–пад зямлі:

– Хельфэн зі мір! Швестэрн! Хельфэн зі мір![7]..

Сварг нядрэнна ведаў чужую мову. Яшчэ зусім маладым ён патрапіў у палон да лівонскіх крыжакоў і колькі зім правёў у кайданах сярод манастырскіх сцен, пакуль аднойчы яму не пашанцавала збегчы. Нямецкая фрау прызывала на дапамогу сваіх сябровак–сёстраў. З ёй яўна штосьці здарылася.

“Не, толькі гэтага мне сёння не хапала – ратаваць з бяды чужынку!” – злосна сплюнуў Сварг, але ўсё ж завярнуў у той бок, адкуль даносіўся прызыўны ўмольны голас.

Ён хутка выйшаў да прыхаванай у нізкім густым зарасніку ледзь прыкметнай пасткі–ямы, якую звычайна выкопвалі паляўнічыя для лоўлі буйных лясных звяроў. Распластаўшыся на траве, разведчык падпоўз да ямы, асцярожна зазірнуў у ейную змрочную пашчу і ўбачыў нямецкую фрау, якая зачапіўшыся грубым сарафанам за востры корань дрэва, сутаргава матляла нагамі, што страцілі апору. Пад імі ўнізе злосна блішчэлі завостраныя наканечнікі колляў. Разведчык працягнуў сваю мускулістую руку жанчыне.

– Руку! Падай мне руку! – уласна выгукнуў ён на нямецкай мове.

Галава чужынкі ўзнялася злёгку ўгору, на Сварга зірнулі пашыраныя напужаныя вочы.

– Найн–найн! Вольф![8] Пакінь мяне, ідзі! Найн–найн!..– пачуўся з ямы раптам нервовы крык.

У злосці Сварг, дацягнуўшыся, ухапіў моцнымі пальцамі чужынку за тонкую руку і праз колькі імгненняў выцягнуў яе з паляўнічай пасткі на зялёны бераг травы. Ледзь толькі ён раслабіў сваю жалезную хватку, немка рэзка ўскочыла на ногі і пужліва прыціснулася да тоўстай высокай сасны.

– Ніхт–ніхт! Вервольф![9] Не бяры мяне!..– пачуўся дрыготкі голас.

Сварг, злёгку ўсміхнуўшыся, агледзеў чужынку. Гэта была зусім яшчэ маладая дзяўчына з выразнымі карымі вачыма і цёмнымі густымі валасамі, якія доўгімі закручанымі пасмамі спадалі на хударлявыя плечы, робячы дзявочы дробны бялюткі твар надзвычай прывабным. Немка была ў сарафане і кофце з вышытымі цёмна– карычневымі карункамі па краях. Яна сутаргава прыладжвала разарваны верх адзення да цела, хаваючы ад незнаёмца злёгу аголеныя горкі пругкіх грудзей.

– Найн, Вервольф! Прашу, пакінь мяне!.. Пакінь…– шапталі ўсё яшчэ нервова дзявочыя губы.

І толькі цяпер разведчык дапетрыў, чаго так напужана гэта вельмі чароўная і прывабная нямецкая фрэйлен[10]. Дзіва што! На яго ж галаве сядзела пудзіла ваўка! І што зараз бачыла на вочы чужынка: чалавечае цела з брыдкай валасатай страшнай пашчай звера замест галавы!?. Сапраўдны пярэварацень, ваўкалак, ці па–іхняму – Вервольф! Ці яшчэ Вольф – воўк! І толькі!

Разведчык, ўзняўшы рукі, рашуча скінуў з сябе пудзіла, якое ліцвінскія воі–назіральнікі звычайна накідвалі на галовы, каб адпужваць ім няпрошаных дапытлівых гасцей, калі тыя выпадкова натраплялі на іхнія прытулкі. Кучаравы русы хлопец з мужнымі рысамі твару, што раптам з'явіўся перад чужынкай на белы свет, прыязна падміргнуў фрэйлен.

– Ды ты не хвалюйся так. Не бойся, не з”ем я цябе! Гэта ж, бачыш, проста пудзіла – Вольф маскэ! – пакруціўшы у руках воўчую скуру, паспрабаваў ён патлумачыць дзяўчыне.

Потым паклаў пудзіла на зямлю, уткнуў палец у свае шырокія грудзі.

– Міхась! Мяне завуць Міхась! А цябе як? Марта? – узгадаў ён імя, якое выгуквалі на сцяжыне перад лесам нямецкія жанчыны.

Чужынка нейкі час яшчэ насцярожана пазірала то на Сварга, то на страшнае пудзіла ваўка на зямлі, але вочы яе паступова цяплелі. Падобна, яна пачынала прыходзіць ў сябе.

– Яволь. Іхь хайсэ Марта, [11] – хутка адказала яна. – Дык значыцца ты не Вервольф? Але тады хто ты – Эльх? – зноў адбіўся ў прыгожых карых вірах дзяўчыны перапуд.

“Во, на табе, цяпер яна ўспрымае мяне ўжо за ляснога духа Эльха – лесуна”, – пасля ўсхваляванага россыпу чужых слоў разважыў з усмешкай Сварг.

– Найн! – паспрабаваў ён рашуча запярэчыць. – Іх бін кайн Вольф, кайн Вервольф, унд кайн Эльф![12] – адмоўна круціў ён галавой. – Міхась просты воін. Кры–гер!– зноў паказаў ён на сябе пальцам.

Дапытлівы позірк дзяўчыны вывучальна прабёг па мячы на поясе Сварга, па луку і стрэлах, што віселі за ягонымі плячыма.

– Айн Крыгер? – урэшце з палёгкай уздыхнула чужынка.– Міхась – Крыгер. Лясны Крыгер – Ройбэр[13]? – зноў выступіла на пасвятлелым было ўжо твары дзяўчыны хваляванне.

“Ну вось, цяпер мяне ўжо ў лясныя разбойнікі прызначыла!” – уздыхнуў раздражнёна Сварг.– “Да ну вас немцаў! Якія ж вы ўсе някемлівыя і тугадумы!”– ледзь услых не вылаяўся ён.

– Ды просты я воін! Іхь кайнфахэр Кры–гер! – кінуў ён узлавана і, нагнуўшыся, пачаў збіраць раскіданнае ля паляўнічай пасткі на траве сухое галлё, што належала фрэйлен. Калі сабраў у кучку, абвязаў сушняк ляйчынамі.

– Крыгер не прычыніць табе зла, – выпрастаўшы спіну, мовіў ён дзяўчыне на ейнай мове. – Бяры галлё, ідзі дамоў! – Паказаў ён рукою ў бок выхаду з бору.

Дзяўчына, ухапіўшыся за ляйчыны, накінула сушняк на свае хударлявыя плечы, зрабіла з ім колькі крокаў, раптам прыпынілася, азірнулася з цікаўнасцю на Сварга, апаліўшы сэрца воя сваімі загадкавымі карымі поўнямі.

Данкэ, Вольф Міхась, – пяшчотна вымавіла, – за тое, што ўратаваў мяне. А ты прыгожы, Вольф Міхась. Я заўтра раніцой зноў прыду ў бор. Сустрэнеш мяне?

“Гэ, спатканне мне на заўтра прызначае, ці што?” – разгубіўся Сварг і згодна хітануў галавой.

– Біс бальд, Вольф![14] прыязна ўсміхнулася дзяўчо і, павярнуўшыся, пайшла ў заценне разгалістых дрэваў.

Разведчык доўга пазіраў ёй задуменна ўслед. Ці разумна ён робіць, што адпускае дамоў чужынку, якая пабачыла яго на свае вочы? Што будзе, калі яна паведаміць сваім супляменнікам аб чужым крыгеры ў боры? Нямецкія акуратныя гаспадары адразу тады насцярожацца, данясуць у свой бург.

“Не, не павінна расказаць, – урэшце падумаў ён пра дзяўчыну. – Я ўсё ж уратаваў яе ад смерці. З– за ўдзячнасці змоўчыць. Дый спатканне, здаецца, табе прызначыла…”

Ледзь прыгожы гнуткі дзявочы стан схаваўся за высокім зараснікам, Сварг зрушыўся ў накірунку часовага прыстанку свайго атрада. Выразныя карыя вочы дзіўнай нямецкай фрэйлен стаялі перад ім, бы тыя акенцы ў загадкавы патаемны свет…

Да сваіх ён дабраўся, калі сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу. Лагер месціўся пасярод цёмнага ціхага гушчару і ахоўваўся прыхаванымі сярод дрэваў вартавымі. Вярталіся адзін за адным і іншыя разведчыкі, што аглядалі і вывучалі другія блізкія да бору чужыя куты. Каранасты цёмнавалосы сотнік Зварыч, які кіраваў воямі, выслухваў па чарзе назіральнікаў, удакладняў дэталі. У Сварга ён пацікавіўся: ці бачыў разведчык самога знатнага нямецкага рыцара ў радавым бургу? Атрымаўшы пакуль адмоўны адказ, загадаў вою весці на працягу тыдня далейшыя назіранні за варожым гняздом, высветліць ягоныя сілы і зручныя падыходы да цытадэлі. І адпусціў адпачываць. Пасля прыпозненага сытнага абеду Сварг забраўся ў невысочкі галлёвы будан з мягкім хваёвым подсцілам і ад стомы адразу заснуў моцным сном.

Пасярэдзіне ночы ён зноў скіраваўся да варожага замка з думкамі аб чароўнай нямецкай дзяўчыне, з якой звёў яго ўчора ў боры лёс. Ці прыйдзе яна раніцой сёння ў лес, як абяцала?

Апынуўшыся на золку ў росным хмызняку, разведчык колькі часу назіраў за бургам, што ўзвышаўся змрочнай скалой удалечы, кідаючы зрэдку занепакоены позірк у бок нямецкага пасялення, што віднелася пакуль туманнай плямай на даляглядзе. Ці не з'явілася на сцяжыне стройная хударлявая постаць чужынкі? Бург не падаваў на світанку якойсьці асаблівай мітусні і руху, на сценах звычна паходжвала варта. З шырокай брамы выехаў адзінокі рэйтар[15], нетаропка паскакаў кудысьці па дарозе. Мерна цякло ранішняе жыццё і ў пасяленні. Там–сям над дамамі курыўся дым. Да лугу, што ляжаў перад шэрымі гаспадарчымі забудовамі, паволі сунуўся статак хатніх жывёл. Разведчык быў ужо захваляваўся, што маладая чужынка перадумала з ім сустракацца, як неўзабаве прыкмеціў на сцяжыне гнуткі дзявочы стан. У руках Марты матлялася вялікая плеценая кашолка. За грыбамі наважылася, ці што?

Сварг узгадаў выраз аднаго бывалага ліцвінскага воя: які дурань адпускае адну дзяўчыну нанач у лес, калі выходзяць на паляванне ваўкі! Гэта было сказана яшчэ пры паходзе дружыны Давыда ў Мазовію колькі летаў таму. Тады аднойчы ноччу дазорцы натыркнуліся на маладую мазоўку – напужаную, заплаканую. Пайшла ў лес за суніцамі і заблукала. Пашкадавалі, вывелі на дарогу.

Але зараз набіраў моцы світанак. Сонца падняло ўжо сваё бялёсае вока на ўсходнім небасхіле. Ад ягоных яскравых промняў на высокай траве зіхацела светлымі пацеркамі раса. Сварг счакаў, пакуль Марта паглыбіцца ў бор, на ўсякі выпадак пільна азірнуў навакольны зараснік – ці не прыхавана ў ім дзесьці засада? Як быццам аніякіх рухаў і шолаху нават птушак. І сцішана пайшоў за дзяўчынай, якая, падобна, накіроўвалася да паляўнічай ямы– пасткі. Дасягнуўшы яе, Марта прыпынілася, разгублена азірнулася па баках.

– Вольф Міхась! Дзе ты? Лясны Вольф Міхась!?.– загукала яна занепакоена ў лясное заценне, што было наперадзе.

Разведчык, зняўшы з галавы пудзіла. выйшаў з–за густога куста.

– Ды тут я, – прымусіў ён немку ўздрыгнуць і азірнуцца.– Гутэн таг, [16] Марта!

– Ай, як жа ты мяне напалохаў, – з палёгкай уздыхнула дзяўчына. – Гутэн таг, Вольф Міхась. Я вось тут табе снеданне прынесла. – Яна палезла ў кашолку, і, ступіўшы да тоўстага вывараценя, паклала на бярвенне палатняны пузаты клуначак, расхінула. – Ты сядай, Вольф Міхась, паеш, – дадала Марта ласкава.

“Відаць, лічыць, што я сяжу тут у лесе галодны і халодны, ”– падумаў Сварг пра дзяўчыну, але усё ж прысеў на паваленае дрэва поруч з клункам.

Адразу адчуў прыемны пах свежага цёплага пірага. Даўно ўжо ён не спрабаваў духмянай хатняй здобы. Прысеўшы на бярвенне побач з воям, Марта працягнула яму невялікі гліняны збан.

– Свежае малако. Папі, Міхась.

Колькі імгненняў яна з пяшчотай назірала, як Сварг пажадліва запіхае ў рот хатнюю здобу і запівае яе пахучым сырадоем.

– Данкэ, Марта, дайн кухэн шмект![17] – вярнуўшы апарожнены збан, шчыра падзякаваў разведчык.

– Я за грыбамі, – хітанула галавой дзяўчына на сваю кашолку.– Дапаможаш, Вольф?

Сварг узняўся з бярвеня, яны таропка рушылі ў глыб бору. Праз колькі часу Сварг паклікаў Марту да паляны, на якой узнімалася высокая зялёная папараць.Яшчэ ўчора на зваротнай дарозе ў лагер ён прыкмеціў тут россып прыгожых белых грыбоў. Яму так і карцела, як некалі ў дзяцінстве, узяць у рукі кашолку і рынуцца з пажаднымі вачыма ў зараснік за гэтымі дзівоснымі ляснымі падарункамі. І вось сёння, здаецца, мара яго здзяйсняецца.Калі перад вачыма Марты паўсталі стройнымі шарэнгамі шапкі баравікоў, яна не стрымала сваіх радасных пачуццяў.

– Гот зай данк![18] Колькі баравікоў! Вольфу Міхасю падапарадкоўваюцца нават грыбы!

Нагнуўшыся, яна пачала таропка збіраць падарункі лесу ў кашолку. Сварг жа, прыпыніўшыся непадалёк ад дзяўчыны, зачаравана любаваўся нязвычнай рухавасцю і гнуткасцю прыгожага жаночага стану. Потым ён праводзіў Марту да ўскраіны бору…

Праз дзень яны зноў сустрэліся каля паляўнічай пасткі. Дзяўчо пачаставала яго смачным гарачым снеданнем. Пасля яны паволі рушылі па лясной сцяжыне, што бы тая вужака, пятляла пасярод высокіх стройных соснаў, і неўзабаве выйшлі да нешырокай, але вірлівай лясной рэчкі.

– Скупаемся! – прапанавала натхнёна Марта. – Толькі я – першая! – І таропка схавалася ў маладых кустах, якія падступалі да самай вады.

Неўзабаве Сварг пачуў усплеск вады і задзірлівы дзявочы голас:

– Гэй, Вольф, я ўжо плыву! Даганяй, ці ты баішся вады?!.

Сварг таропка зняў з сябе вопратку, ступіў босымі нагамі ў цёплую воду. Асядлаўшы хвалю, шырокімі рухавымі грабкамі ён дагнаў Марту пасярод чыстага воднага люстэрка. Тая, прыпыніўшыся, абліла яго бялёсымі пырскамі.

– Вось табе, Вольф Міхась! Бараніся!

Потым, выбраўшыся на бераг, яны прылеглі аголеныя на невялічкую капу сена, што стаяла паблізу ад рэчкі. Іхнія позіркі звярнуліся да высокага нябеснага блакіту, па якім толькі сям–там плылі адзінокія маленькія бялявыя аблокі.

– А як будзе на тваёй мове, Міхась, хіммель?– раптам спыталася дзяўчо.

– Неба, – хутка адказаў разведчык.

– Не–ба, – задуменна паўтарыла дзяўчына і хітанула злёгку галавой на жоўты яскравы круг, што узняўся ўжо над борам. – А зоннэ?

– Сонца.

– Унд волькен?

– Аблокі.

– А лібэ?

– Каханне.

– Каханне. Каханне, – паўтарыла услых дзяўчына дзіўнае чужое слова і раптам, павярнула галаву, ласкава вымавіла:

– Бай Марта цу Міхась іст Лібэ[19] – каханне!

– Міхась таксама кахае Марту – аух лібт, – мягка вымавіў Сварг і, павярнуўшыся, прыцягнуў рукою дзяўчыну да сябе…

Потым колькі часу яны ляжалі моўчкі. Нарэшце Сварг ціха спытаўся:

– А хто ў Марты ёсць з роду?

– Муці унд Фаці, юнгэрэ швэстэр[20], – хутка прашаптала дзяўчо.

– А ў мяне тры браты, – ціха адзначыў Сварг.

– Драй брюдэр? – здзівілася дзяўчына і ўзнялася з капы, дацягнулася да сарафана. – Усё. Мне патрэбна ўжо дамоў.

Разведчык праводзіў дзяўчыну да пачатку бору.

– Я прыду ў лес паслязаўтра, – азірнулася яна на сцяжыне.

– Да сустрэчы, Марта, – ласкава дакрануўся Сварг да тонкай дзявочай рукі.

– Біс бальд, [21] Міхась! – злёгку ўздрыгнулі далікатныя пальцы Марты ў далоні разведчыка.

Сварг доўга яшчэ стаяў ля пералеску, зачаравана ўзіраючыся ў вытанчаную дзявочую фігуру, што аддалялася ад яго па ўтаптанай лугавой сцежцы, думаючы пра тое, што адразу па прыходзе харугваў князя Давыда і іх нападу на варожы бург, ён возьме з сабой Марту дамоў, не як палоніцу, а як нявесту. Ці пагадзіцца вось толькі сама Марта?

У прызначаны дзень спаткання разведчык звычна заняў сваё назіральнае месца ў хмызняку, сочачы з хваляваннем за сцяжынай – ці не бачна на ёй такой знаёмай і роднай яму постаці каханай? І толькі час ад часу кідаў лёгкі позірк на далёкі варожы бург на ўзгорку. За колькі дзён назіранняў ён ужо высветліў усё, што павінен быў ведаць аб цытадэлі. Гарнізон налічваў не больш як пяцьдзесят крыгераў, якія паводзілі сябе даволі бяспечна, яўна не чакаючы якогасьці нападу. Знаходзіўся ў замку і ягоны высокародны ганарысты ўладар. Браць прыступам бург патрэбна было з не вельмі трывалай бакавой паўночнай сцяны і пажадана пад покрывам ночы, ці на золку. Усе гэтыя звесткі разведчык паведаміў ужо сотніку. Таму і не зводзіў сваіх дапытлівых воч са сцяжыны, што бегла ад чужога сялення да бору. Калі ж на ёй з'явіцца Марта?

Сонца ўжо ўзнялося на ўсходзе над падпаленай ніткай далягляду, заліваючы нямецкі дорф свамі яскравымі промнямі. На ягонай вузкай вуліцы бачыўся нейкі дзіўны мітуслівы рух нямецкіх манаў.[22] З бурга да маленькіх домікаў паскакаў неўзабаве эскорд узброеных варожых рэйтараў. Марты ж на сцяжыне ўсё не было відаць. І Сварг занепакоіўся. Ці прыйдзе яна ў бор сёння?

Неўзабаве ён ўбачыў на сцяжыне хударлявую дзяўчынку, якая бегла ад пасялення ў накірунку бору. У ейных руках нічога не было. Дасягнуўшы пералеску, яна прыпынілася, нерашуча ўвайшла ў зараснік. І Сварг пачуў узрушаны дзіцячы голас:

– Вервольф! Во біст ду? Вервольф! Іхь бін Мартас швэстэр![23]..

Дзяўчынка называла сябе сястрой Марты і прасіла яго выйсці. Але чаму яна так хвалюецца? Ці не здарылася штосьці з Мартай? Разведчык устрывожыўся. Зняўшы з галавы пудзіла ваўка, ён выйшаў са свайго зацішку да дзяўчынкі. Тая нейкі час ў спудзе пазірала на яго пашыранымі вачыма, потым, перасіліўшы страх, наблізілася, нервова схапіла Сварга за руку.

– Вервольф! Я – сястра Марты. Яна там, – паказала дзяўчынка дрыготкай рукой на пасяленне. – Ёй пагражае небяспека. Яе схапілі, і манахі хочуць спаліць на вогнішчы. Уратуй Марту!

Ад тупой болі, якая працяла ягонае сэрца, Сварг сцяў зубы. Тут жа ўзяўшы сябе ў рукі, ён ступіў да ўскраіны бору, агледзеўся. Сунуцца ў нямецкі дорф ў сваёй ліцвінскай вопратцы было б самагубствам. На шчасце ён раптам змеціў на дарозе непадалёк ад лесу двух манахаў у доўгіх карычневых балахонах, якія рухаліся ў накірунку паселішча. Сварг паскорыў хаду і нагнаў чужынцаў пасярэдзіне луга…

У пасяленне ён увайшоў ужо у прасторным манаскім адзенні, якое надзейна прыхоўвала пад сабой меч і прыспушчаны да пояса лук. Накінуўшы на галаву капюшон, разведчык наблізіўся да натоўпу, што запаланяў прастору перад высокай каменнай царквой у цэнтры паселішча. Узняўшы вочы на нешырокі драўляны памост, наспех збудаваны ля царкоўнай брамы, ён жахнуўся. На ім стаяла Марта, у белай акрываўленай кашулі, прывязаная вяроўкамі да тоўстага высокага ганебнага слупа. Босыя ногі дзяўчыны агортвала кучка сухога галля. Побач з ёй у чорнай рызе стаяў тлусты святар, ягоныя маленькія вочы злосна блішчэлі, кароткая рука грэбліва паказвала на Марту.

– Хэксэ! – кідаў ён гнеўна ў натоўп. – Зі ферлецтэ Готтэс Гезэц! Зі хаттэ фэрбіндунг міт Вервольф![24]

Нямецкі святар называў Марту ведзьмай, сцвярджаў, што яна парушыла запавет Госпада, уступіўшы ў тайную сувязь у лесе з Вервольфам. Сварг азірнуў натоўп. Той узрушана гудзеў:

– Тод дэр Хэксе – смерць ведзьме!

– Хэксе інс фойер – ведзьму у полымя! – цяжкім балючым звонам адбіваўся ў галаве Сварга вынесены плошчай прысуд любай.

– Ніхт–ніхт! – патанаў у людскім гулу голас пажылога нямецкага мана[25], што сгорблена стаяў непадалёк ад памоста – як відаць, бацькі Марты.

– Тод дэр Хэксе! – працягваў дружна раўці здзічэлы натоўп. – Хэксэ інс фойер!

Да кучкі галля на памосце пачаў марудна набліжацца кат–манах з пылаючым факелам у руцэ. Сварг маланкава агледзеўся ў пошуках выйсця з нечуванай бяды.Скінуць з сябе балахон, уварвацца з мячом на памост, аслабаніць любую? Збоку ад натоўпу прыцішана стаялі коні спешаных нямецкіх рэйтараў. Але падыход да памоста ахоўвала каля двух дзесяткаў узброеных варожых крыгераў. Нават калі ён і праб”ецца праз іх цесны строй да Марты, то ўсё роўна не ўратуе яе, тут жа атрымае стралу ў спіну. У адчаі Сварг звярнуў позірк да любай. Вочы дзяўчыны ў пошуку спачування і міласэрнасці трывожна бегалі па разгарачаным натоўпе. І раптам іх погляды сустрэліся. На імгненне ў пацямнелых карых дзявочых вірах успыхнулі святло і пяшчота. Кат–манах тым часам працягнуў свой страшны факел да сушняку, і тонкае галлё ахапіла пякельнае полымя. Марта ў спудзе зірнула на яго і зноў паглядзела на Сварга.

– Страляй у мяне, Міхась! Разумееш? Шісэ ауф міхь, Вольф Міхась!..[26] – пачуўся ад ганебнага слупа ўмольны дзявочы прызыў.

Разведчык колькі імгненняў вагаўся, потым у адчаі намацаў пад балахонам лук і з болем ускінуў яго. Вострая страла патрапіла ў самае сэрца Марты, босыя ногі якой ужо лізалі гарачыя языкі полымя. Светлыя вочы дзяўчыны заплюшчыліся, непакрытая галава з густымі распушчанымі валасамі ўпала на сцішаныя грудзі.

Натоўп, што быў наўкола Сварга, на нейкі час анямеў. Потым узарваўся напужаным жывёльным ровам:

– Вервольф! Хір іст Вервольф!..[27]

Скінуўшы з сябе балахон, Сварг выхапіў з ножан меч і рынуўся скрозь натоўп, які ў спудзе расступаўся перад ім, да варожых коняў. Стрэлы нямецкіх крыгераў, што прыпознена паляцелі вершніку ў спіну, які паганяў рыссю каня да выратавальнага лесу, злавілі толькі віхурыстую конскую грыву.

Калі Сварг са змрочным счарнелым тварам дабраўся да стана атрада ў глыбіні бору, той ужо поўніўся харугвамі мужнага князя–ваяводы Давыда, што тайнымі сцяжынамі падышлі да разведчыкаў.

На золку ліцвінская дружына нечакана напала на вотчыну нямецкага рыцара фон Верга. Палаў узяты раптоўным штурмам бург. Чорны густы дым слаўся і над варожым дорфам. Сварг, уварваўшыся ў паселішча ў першых радах вершнікаў, спачатку зарубіў мячом нямецкага светара, што выскачыў ў страху на вуліцу з кірхі. Потым ён скіраваў свайго рыжака да дома Марты, што стаяў на ўскраіне пасялення. Спешыўшыся, паўстаў сцяной ў браме, не дазволіў воям разрабаваць гаспадарку, прыхінуўшы да сябе малую сястру каханай, што выбегла да яго ў кашулі з будынка.

Калі ўсё скончылася, дзяўчынка адвяла яго да свежага адзінокага землянога грудка пасярод лугу. Пяшчотна паклаўшы на яго пудзіла ваўка, бы сваё сэрца, ён моўчкі стаяў ля апошняга прыстанку любай і ад невыноснага болю ў грудзях ледзь стрымліваў слёзы.

Быццам зразумеўшы, што гаспадару патрэбна як мага хутчэй ісці ад гэтага страшнага месца, да разведчыка наблізіўся верны баявы конь і прызыўна заржаў. Прытуліўшыся на імгнене да мягкай густой грывы, Сварг у скрусе прашаптаў:

– Бывай, Марта. Прабач, што не збярог цябе. Я ніколі не забуду твае дзіўныя ясныя вочы. Бывай, нявеста Вольфа...

Разведчык выцер адзінокую слязу, што скацілася па шчацэ, рэзка ускочыў на каня і, не азіраючыся, паскакаў да доўгага ланцуга вершнікаў, што рухаліся на даляглядзе.

Дружына гарадзенскага ваяводы Давыда, здзейсніўшы сваю раптоўную пагоню ў самае сэрца варожай зямлі, вярталася на радзіму.

Загрузка...