Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая і "нармалёвая", толькі мала вывучаная, раздадзеная намі ж суседзям. Наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай — белай або чорнай, бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Без іх проста немагчыма народнае жыццё. Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было. І каб даказаць адваротнае, не раз ездзіў у экспедыцыі з навукоўцамі, якія рыхтавалі шматтомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Разглядаў яго выданне ("толькі поўнае") як сваю кроўную справу і нават напісаў частку прадмовы да макета па Брэсцкай вобласці.

Уладзімір Караткевіч быў першы, хто ў Беларусі стаў біць трывогу, прадбачачы экалагічныя крызісы. Добра ведаючы нашы лясы і рэкі, ён заклікаў да іх разумнага, гаспадарскага выкарыстання. Напісаў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", дзе даказаў, што меліярацыя на Палессі вядзецца па-варварску, толькі як асушэнне. У выніку на месцы балот з'явіліся пяскі, пачаліся чорныя буры, да горшага змяніўся клімат, зніклі многія расліны, звяры і птушкі. Як ужо гаварылася, эсэ Караткевіча выклікала рэзкую крытыку ў друку. Выступаючы ў лютым 1970 года перад камсамольцамі АН БССР, С. А. Пілатовіч абвінаваціў аўтара ў тым, што ён, маўляў, не ўбачыў на Палессі нічога новага, хоча з палешукоў стварыць нейкую "рэзервацыю". Але пісьменнік стаяў на сваім: многія экалагічныя ідэі, выказаныя ў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", ён паўтарыў у кнізе-нарысе "Зямля пад белымі крыламі", выдадзенай спачатку па-ўкраінску, а потым на беларускай і іншых мовах, — у артыкулах, напісаных па заказах рэспубліканскіх часопісаў і газет. Абараняў прыроду і непасрэдна, кулакамі: аднойчы пусціў іх у ход, калі пабачыў, што вялікаўзроставыя бамбізы падфутбольваюць маладога верабейчыка.

У сваім змаганні "за праўду" Караткевіч увогуле быў паслядоўны і бескампрамісны. Асабліва калі гэта датычылася не яго самога, а іншых. Неяк у 1973 годзе "Літаратура і мастацтва" змясціла абразлівую рэпліку Я. Герцовіча, скіраваную супраць празаіка Яўгена Васілёнка. Той расхваляваўся да інфаркту і неўзабаве памёр. На пахаванні Караткевіч падышоў да рэдактара газеты Хведара Жычкі і ледзь не даў яму аплявуху. Прысутныя далучыліся да асуджэння. І Жычка адышоў, апусціўшы галаву. У тыя гады "Літаратура і мастацтва" згубіла ранейшыя добрыя традыцыі, стала казённа шэрай. І гэта турбавала Караткевіча. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1974 года, у час прыняцця рэзалюцыі, ён перапыніў старшыню рэплікай:

— Калі пры Пашкевічу "ЛіМ" быў проста цікавы, калі пры Прокшу яго можна было часам чытаць, то цяпер, пры Жычку, чытаць яго проста немагчыма! Да якога часу будзем цярпець?! — і яшчэ нешта пра Васілёнка, сумленнасць.

Старшыня абарваў яго:

— Не перашкаджайце працаваць.

На гэта Валодзя:

— Гэта ён, Хведар Жычка, перашкаджае ўсім нам працаваць!

Аднак прынцыповасць Караткевіча не мела нічога агульнага з максімалісцкай упартасцю, якую ён лічыў "уделом туполобых". Там, дзе гэта не датычылася асноўных жыццёвых і творчых прынцыпаў, ён ішоў на дыпламатычныя ўступкі. У маіх нататках ёсць такі запіс. 25 студзеня 1970 года нечакана да Валодзі ўвалілася цэлая група "кіношнікаў": сімпатычны і таленавіты аператар Анатоль Забалоцкі, любімы ў гэтай кватэры, драматург Фёдар Конеў, яшчэ колькі асоб. Быў сярод іх і "максімаліст" Уладзік у скураных портках і тоўстым ваўняным світэры. Ён адразу накінуўся на гаспадара: чаму ён дазволіў рэжысёру змяніць, па патрабаванні начальства, адзін з эпізодаў у "Хрысце":

— Я б трымаўся да канца!

— А колькі табе год? — спытаў Караткевіч.

— З трыццаць дзевятага.

— О, то тады не пабачыў, не спазнаў бяды… А што загадаеш рабіць, калі людзі на здымках у роспачы, калі зноў прастой, а значыць, і зарплаты няма…

Юнак не здаваўся. Паказваў сваю дасведчанасць у сучасным заходнім кіно, у французскім жывапісе. Але Валодзя зноў абсек яго:

— Дарэчы, у слове Монпарнас чацвёртая літара "т" не вымаўляецца. Пара б ведаць! — і бачачы збянтэжанасць хлопца: — Вось бачыш… Так што давай не задзірацца.

Караткевіч не любіў агульных гучных слоў, балбатні і цаніў канкрэтныя справы. Неяк мы разгаварыліся з ім пра сітуацыю з беларускай мовай. Я расказаў яму пра свой ліст на імя тагачаснага Міністра асветы БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва (ён прыняў мяне, і паміж намі адбылася канструктыўная на той час размова), і Валодзя нечакана ўспомніў вялізныя статуі на востраве Вялікадня (вычытаў пра іх у сваім любімым часопісе "Вокруг света"):

— Разумееш, стары, вучоныя рашылі высветліць, а як жа іх, такія аграмадзіны, ставілі старчаком далёкія продкі, якія шчэ не ведалі розных там пад'ёмных кранаў. Паспрабавалі ўзнімаць рыўком — нічога не выйшла: рваліся тоўстыя тросы, статуі пaдалі ніцма. Нарэшце здагадаліся: тыя падкладвалі пад галаву і спіну плоскія каменні. Так і нам трэба…

І калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы "рыўком" змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых "сорак", назаўтра, каб "паправіць галовы", прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго:

— У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе!

— Што ж рабіць? Цярпець?

— Дзела рабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць.

І Валодзя трываў, дапамагаў сваім словам і прыкладам вытрываць іншым. Праўда, не раз паддаваўся дэпрэсіі, не раз (што ўтойваць) змрочна (як сказаў Адамовіч, "з ідэяй") пачынаў піць. Але знаходзіў сілы, каб перамагчы сябе, зноў вярнуцца за пісьмовы стол, зноў быць вясёлым і дасціпным.

Загрузка...