І яшчэ адна супольная рыса — шырокі, гуманны погляд на жыццё і свет. Імкненне знаходзіць тое, што аб'ядноўвае людзей і народы. Францішак Скарына жыў у часы, калі паміж Руссю Літоўскай і Руссю Маскоўскай адбываліся частыя войны, калі ўзмацнялася варожасць паміж праваслаўем і каталіцтвам. Яму лёгка было паддацца эмоцыям, далучыцца да аднаго з варагуючых бакоў. А ён імкнуўся ўзняцца над дзяржаўнымі і канфесіянальнымі сваркамі, заклікаў да яднання. Такая ж цярпімасць і талерантнасць уласцівыя і для Кастуся Каліноўскага. Узнімаючы беларусаў, літоўцаў, палякаў на паўстанне супраць рускага самаўладства, ён ніколі не атаясамліваў яго з рускімі ўвогуле, марыў пра будучую федэрацыю вольных народаў. Што ж датычыцца Уладзіміра Караткевіча, то павага да іншых людзей і народаў былі ў яго, як кажуць, у крыві. У яго творчасці, у яго натуры арганічна спалучалася тое, што мы, часам неразумна падзяляючы, называем патрыятычным і інтэрнацыянальным.

Дарэчы, Уладзімір Караткевіч свядома арыентаваўся і на Скарыну, і на Каліноўскага, адчуваў падабенства сваёй і іх місій. Таму і шукаў сляды Скарыны ў Вільнюсе і Полацку, Празе і Кракаве, таму і прысвяціў яму два цудоўныя эсэ. Што ж датычыцца легендарнага Кастуся, то гэта быў любімы герой Караткевіча, яго другое "я". Скарыну і Каліноўскага ён успрымаў як папярэднікаў, ад якіх пераняў гістарычную эстафету.

Сённяшнія паэты ахвотна параўноўваюць Уладзіміра Караткевіча з нябеснымі з'явамі, знаходзяць яму месца побач з Леанідамі. Адным ён уяўляецца вогненным метэарытам, яркай знічкай, што прамільгнула на цёмным небасхіле. Іншым — сонечным пратуберанцам, што вырываецца наперад, здзіўляючы і шакіруючы наваколле. Вунь і гераіні паэмы Міколы Купрэева "З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне" здаецца, што пісьменнік гаворыць з ёю не са старонак кніг, "а аднекуль з вышыняў"… Мне ж найбольш адпаведным здаецца параўнанне, зробленае Алесем Асіпенкам, — з "блізкай зоркай". Метэарыт ці пратуберанец згарае, знікае. А зорка — застаецца. Уладзімір Караткевіч узнёсся на небасхіл айчыннага пісьменства і гарыць там зоркай першай велічыні. Як Ютрань, зорка Пярэдадня.

Загрузка...