Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адзін рускі класік, Аляксандр Блок, сказаў пра другога рускага класіка, Аляксандра Пушкіна: ён ведаў, што "рана ці позна ўсё будзе па-новаму, таму што жыццё цудоўнае"… Неяк прачытаў гэтыя словы і падумаў: як жа яны стасуюцца і да нашага Уладзіміра Караткевіча. Ён ведаў, што будзе, таму што верыў у абавязковае і бесперапыннае абнаўленне жыцця. Ён быў носьбітам гэтага абнаўлення і адраджэння, асобай рэнесанснай і таму адначасна аптымістычнай і трагічнай. Далёка не кожнаму дадзена ўзняцца над сваім часам, бачыць будучыню. Іншыя прыніжаюцца да абставін, зручна ўрастаюць у іх. А Караткевіч узняўся. Узняўся і ўзвысіўся. Да абнаўлення, што прыйшло ўжо ў гады яго фізічнага небыцця.

Уладзімір Караткевіч узвысіўся, стаў эпахальнай з'явай (не пабаімся гэтых слоў) не толькі ў працэсе развіцця беларускай літаратуры ці беларускай культуры, але і фарміравання (дакладней, адраджэння) нацыянальна-гістарычна свядомасці нашага народа. Вядома, рабіць абагульненні яшчэ ранавата ("большое видится на расстоянии"). Вырашальнае слова пра значэнне шматграннай творчасці Уладзіміра Караткевіча скажуць, вядома, нашы нашчадкі. Але ўжо сёння ён бачыцца мне ў шэрагу такіх постацей, як Францішак Скарына ці Кастусь Каліноўскі. Можна назваць і іншыя прозвішчы. Але спынімся на гэтых трох.

— Што агульнага паміж імі, людзьмі розных эпох і розных перакананняў? — спытае скептычна чытач. І, на першы погляд, будзе мець рацыю.

Але толькі — на першы погляд.

Францішка Скарыну, Кастуся Каліноўскага і Уладзіміра Караткевіча аб'ядноўвае тое, што яны жылі і дзейнічалі ў часы, якія раней называліся эвалюцыйнымі, а сёння звычайна застойнымі. Дакладней, пад самы канец гэтых часоў, калі выспявалі новыя, рэвалюцыйныя з'явы. І такія людзі былі носьбітамі новага, яго прадвеснікамі.

Скарына, Каліноўскі і Караткевіч апярэджвалі свой час. Прытым намнога. І таму іх не разумелі, і таму ім цяжка жылося.

Францішак Скарына быў на беларускай зямлі прадвеснікам Рэнесансу і Рэфармацыі. Сілы сярэдневякоўя былі яшчэ моцныя. Ім удалося спыніць Скарынава кнігадрукаванне ў Вільні, адправіць яго ў новае выгнанне. Справа, распачатая беларускім першадрукаром, знайшла свой працяг і развіццё толькі гадоў праз сорак-пяцьдзесят, калі з'явіліся Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Але, даючы "люду посполитому" кніжку на роднай мове (ці, дакладней, вельмі набліжанай да яе), вялікі палачанін рыхтаваў той гуманістычна-рэфармацыйны "пераварот у розумах", які пачаўся ў першай, але адбыўся ў другой палове Х?І стагоддзя.

Кастусь Каліноўскі таксама значна апераджаў свой час. Непрымірымы вораг самаўладства і прыгонніцтва, ён дзейнічаў на рубяжы дзвюх эпох — феадалізму і капіталізму, рэвалюцыйнасці шляхецкай і рэвалюцыйнасці дэмакратычнай. Узнімаючы свой народ на паўстанне, ён імкнуўся спалучыць рух нацыянальны і рух сацыяльны. Яго не разумелі, асабліва ў стане "белых". Але за Каліноўскім была будучыня. Яго ідэі "мужыцкі народ" рэалізаваў толькі год праз сорак-пяцьдзесят — у час рэвалюцый 1905 і 1917 гг. Ці ведаў ён, заклікаючы паўстанцаў узяць у рукі стрэльбы і косы, што ўсё скончыцца паражэннем, вісельняй і катаргай? Мабыць, адчуваў, прадчуваў сваім сэрцам. І тым не меней — клікаў. Каб кінутае ў зямлю зерне прарасло ў наступных пакаленнях.

А Уладзімір Караткевіч? Ён таксама быў прадвеснікам новай эпохі, адметнасць і значнасць якой мы, відаць, яшчэ ўсё яшчэ недастаткова ўсведамляем, таму што самі ў ёй жывём. Гісторыкі будучыні знойдуць больш дакладныя вызначэнні і для сталінска-брэжнеўскіх часоў, і для часоў рэвалюцыйнай перабудовы. Аднак і сёння бачна, што Уладзімір Караткевіч, жывучы ў першых, тварыў, змагаўся, каб наблізіць другія. Праўда, пасеў ад ураджаю тут не быў такі аддалены, як у Скарыны і Каліноўскага. Але на тое ёсць тлумачэнне: хада гісторыі з кожным стагоддзем усё больш паскараецца. Дзесяцігоддзі спрэсоўваюцца ў гады.

"Людзей прадвесня" аб'ядноўвае "тытанізм" і шматграннасць іх працы. Яны спяшаюцца рабіць сваю справу, разумеючы, наколькі яна важная для сучаснікаў і нашчадкаў. Яны бяруца за ўсё, усведамляючы, як мала сіл.

Мяркуйце самі. Францішак Скарына — пачынальнік усходнеславянскага кнігадрукавання. Ён жа як перакладчык Свяшчэннага пісання найболей за дзесяць год здзейсніў справу, на якую ў прадстаўнікоў іншых народаў не хапала ўсяго жыцця, дзеля гэтага ён павінен быў акрамя роднай ведаць мовы стараславянскую і стараяўрэйскую, грэчаскую і латынь, польскую і чэшскую. Ён жа і мысліцель, які выклаў свае погляды ў прадмовах і пасляслоўях да выдадзеных кніг. Ён жа і найпершы наш паэт, аўтар і перакладчык канонаў і акафістаў у "Малой падарожнай кніжцы". Ён жа медык, батанік, астраном (што відаць з "Пасхаліі") і, магчыма, гравёр.

А Кастусь Каліноўскі? Стратэг і практык паўстання, больш разважлівы і дальнабачны, чым усе іншыя члены беларуска-літоўскага "ронда". Палымяны публіцыст, які ў "Мужыцкай праўдзе" выявіў глыбокае веданне эканомікі, права, гісторыі, філасофіі. Як відаць з верша "Марыська, чарнаброва галубка мая", таленавіты паэт. Жыццё Кастуся Каліноўскага абарвалася ў дваццаць шэсць год, а колькі ён паспеў здзейсніць і колькі здзейсніў бы пры даўжэйшым жыцці і іншых умовах?!

Тое ж стасуецца і да Уладзіміра Караткевіча. Пра самаахвярны тытанізм яго дзейнасці, пра незвычайную шматграннасць яго творчай індывідуальнасці ўжо сказана вышэй. Проста здзіўляешся, колькі паспеў ён зрабіць, — асабліва калі згадаць, колькі часу гублялася, — таму што былі неспрыяльныя абставіны, таму што часта апускаліся рукі.

Загрузка...