З выказванняў пра Уладзіміра Караткевіча людзей самых розных прафесій і нацый сёння можна скласці сапраўдны вянок — у дадатак да тых кветак, што ўскладаюцца на яго магілу, да каменя-помніка. Гэтыя выказванні сведчаць пра вялікую папулярнасць пісьменніка як у нашай краіне, так і за яе межамі. Прывяду некаторыя з іх.

Беларуская паэтэса Галіна Каржанеўская. Верш "Уладзіміру Караткевічу":

Ён вышуквае слоўца з імхоў забыцця

(Не заўважыць другі і нагой наступіўшы!).

Ім, крамяным, любуецца, круціць пяшчотна,

А пасля ачышчае ад жухлай ігліцы,

Ад наліплых пясчынак, малых парушынак

І ў ёмісты кош свой кладзе.

А ў кашы —

З-пад Бягомеля слоўцы, з-пад Оршы і Пінска…

Аднаго зразумець не магу:

Як жа ён

Наадшукваў іх гэтулькі, гледзячы ў неба!

Прафесар Карлава універсітэта Вацлаў Жыдліцкі. Са "Слоўніка пісьменнікаў Савецкага Саюза" (Прага, 1977): "Уладзімір Караткевіч. Аўтар пераважна гістарычных, дакладней, "гістарыяграфічных" празаічных твораў. Больш, чым уласна гісторыяй, займаецца яе сэнсам. Таму ён пазбягае простай белетрызацыі гісторыі, не апісвае вяршынныя падзеі, не партрэтызуе праслаўленых асоб. Наадварот, ён чэрпае матэрыял, яўна пабочны, з легенд, старых хронік і народных паданняў. Невядомыя, як правіла, выдуманыя героі і падзеі з глухіх, перыферыйных закуткаў служаць яму сыравінай, з якой ён стварае тыпы і выклікае ўяўленне духу беларускай народнай гісторыі". І далей: "Як гістарычныя, так і сучасныя сюжэты ён настройвае рамантычна, даючы перавагу ў першым выпадку класічнаму вальтэрскотаўскаму рамантызму, у другім — "неарамантызму" з яго значнай дозай лірызму і казкавай паэтычнасцю. Караткевіч разам з тым піша годную ўвагі сучасную асацыятыўна-метафарычную лірыку, а таксама паспяхова выступае як драматург і кінасцэнарыст".

Рускі празаік Віктар Астаф'еў. З інтэрв'ю беларускаму літаратару Аляксею Гардзіцкаму (70-я гады): "Як там Валодзя Караткевіч? Я яго помню па літаратурных курсах. Мы яго любілі слухаць, ён цудоўны расказчык".

Загадчыца кніжнага магазіна Зоя Сямёнава. З артыкула ў астравецкай раённай газеце (1979): "Бадай ніхто з беларускіх пісьменнікаў не ведае так добра свой край, яго гістарычнае мінулае, побыт беларусаў, іх звычкі, як Уладзімір Караткевіч".

Беларускі паэт Рыгор Барадулін. Верш "Да партрэта Уладзіміра Караткевіча":

Дзіця з вачыма празаўрліўца,

З душой, пакрыўджанай на свет,

Зірне — і будзе фраза ліцца,

Нібыта клёкат праз арліцу,

Як несупыннасць праз Тыбет.

Адчай з прарочымі вачыма,

Дзе ўзорацца шляхоў шляхі,

Дзе з небам раіцца Радзіма,

Дзе немагчымае магчыма,

Дзе дзівакуюць дзівакі.

Ахвярца верны неспакою

Над плынню крэўнае ракі.

І мова мытчынай рукою

Яго сумленне трапяткое

Благаславіла на вякі.

Сяргей Сідарэвіч, наладчык вытворчага аб'яднання "Інтэграл". З ліста ў рэдакцыю "Літаратуры і мастацтва" (1982) у сувязі з вылучэннем кандыдатуры Уладзіміра Караткевіча на Дзяржаўную прэмію БССР: "Сёлета кандыдатура Уладзіміра Караткевіча за "Чорны замак Альшанскі" і за распрацоўку гістарычнай тэмы ў іншых творах вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР. Калі мы адкажам сабе на пытанне, хто больш і хто лепш напісаў у нашай літаратуры пра мінуўшчыну Беларусі, то пераканаемся, што пісьменнік заслугоўвае гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды".

Балгарскі крытык Сямён Уладзіміраў. З прадмовы да зборніка Уладзіміра Караткевіча "Паром на бурнай рацэ" (Сафія, 1982): "Я перакананы, што Уладзімір Караткевіч у хуткім часе стане адным з самых любімых балгарскімі чытачамі пісьменнікаў. Яго вылучае натуральны талент апавядальніка, уменне неназойліва і з захапленнем пранікнуць у псіхалогію сваіх горояў, як правіла, цікавых і неадназначных асоб, якімі кіруюць значныя ідэі і моцныя парыванні. Той, хто прачытаў выдадзеную нядаўна ў нас у перакладзе на балгарскую мову аповесць У. Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" і пазнаёміцца з апавяданнямі, якія ўключаны ў гэтую кнігу, абавязкова згодзіцца са мной. Яшчэ недастаткова вядомыя ў Балгарыі, у беларускай літаратуры творы У. Караткевіча — даўно ўжо не толькі абяцанне цікавага развіцця, а жывая рэальнасць, якая ўзбагаціла гэтую літаратуру значнымі мастацкімі каштоўнасцямі".

Беларускі спявак Міхал Забэйда-Суміцкі. З ліста да віцебскага краязнаўцы Міколы Плавінскага (1972): "Трэба сказаць, што наша літаратура зрабіла вялікі крок наперад. Мне прысылаюць свае кнігі М. Танк, С. Грахоўскі, У. Караткевіч і інш. Чытаю і павучаюся. Караткевічава "Дзікае паляванне караля Стаха" пераклалі, і вельмі ўдала, на чэшскую мову. Перачытаў з захапленнем два разы…"

Беларускі пісьменнік Ніл Гілевіч. З юбілейнага артыкула ў газеце "Советская Белоруссия" (1980): "Колькасць чытачоў яго кніг і прыхільнікаў яго таленту будзе расці, таму што расце ўзровень адукаванасці і агульнай культуры народа, а значыць, узровень яго гістарычнай самасвядомасці. Мы — сведкі гэтага росту, гэтай плённай тэндэнцыі ў духоўным развіцці грамадства, гэтай узмоцненай увагі мастакоў і мысліцеляў да каранёў і вытокаў".

Польскі літаратуразнавец Фларыян Няўважны. З рэцэнзіі ў часопісе "Пшыязнь" на зборнік Уладзіміра Караткевіча "Блакіт і золата дня" (Лодзь, 1976): "Добра сталася, што Караткевіч паступова пачынае прамаўляць да польскага чытача. Добра, што мы можам прачытаць навелы аўтара "Блакіту і золата дня" ў старанным і прыгожым перакладзе Яна Гушчы. Але, атрымаўшы каштоўную кніжку, мы хацелі б атрымаць новыя творы Караткевіча. Дадатковым жа аргументам з'яўляецца яго сімпатыя да Польшчы, да яе культуры, гісторыі. Даказаў гэта не толькі сваімі арыгінальнымі творамі, але таксама перакладамі нашай паэзіі. Таму закончу заклікам да Лодзінскага выдавецтва: чакаем новых кніг Уладзіміра Караткевіча!"

В. Матусевіч, інжынер. З ліста ў рэдакцыю "Літаратуры і мастацтва" (1988): "Не магу зразумець і тое, чаму ў школах зусім не карыстаюцца цудоўнай кнігай "Зямля пад белымі крыламі"? Праблема ж са складаннем новых падручнікаў па гісторыі надта вялікая. Ды і падручнікі, якія выйдуць праз некалькі гадоў, будуць ужо не для сённяшніх вучняў. А між тым у кнізе Караткевіча ёсць усе неабходныя гістарычныя звесткі, і, што вельмі важна, напісана яна цікава і займальна. Гэта, фактычна, гатовы падручнік па гісторыі і культуры Беларусі для дзяцей дзесяці — дванаццацігадовага ўзросту".

Беларуская паэтэсса Святлана Басуматрава. З верша "Блізкая далячынь. Памяці Уладзіміра Караткевіча":

Не бушуюць

Раўнінныя рэкі

Ды пад вербамі

Круцяць віры.

Адышоў ты

На вечныя векі

Ці пайшоў на плытах

Па Дняпры…

Толькі знік

За крутым паваротам,

Наўздагон

За нязбытай вясной…

За балотам,

За чуйным чаротам

Лес цямнее

Зубчастай сцяной.

Нібы замак той чорны,

З падання.

Ходзяць здані

Сівых аблачын.

Гэта — родная

Аж да рыдання,

Сэрцу блізкая

Далячынь.

Казбек Султанаў. З артыкула "Фрэскі, што ажылі", апублікаванага ў "Литературной газете" (1983): "Паэзія гісторыі адухаўляе, мне думаецца, такую цікавую і неацэненую ў поўнай меры з'яву нашай літаратуры, як проза У. Караткевіча… Заражальная сіла вострасюжэтнай, насычанай драматычнымі супярэчнасцямі прозы У. Караткевіча ідзе якраз ад глыбіні пранікнення ў сутнасць блізкай і далёкай старыны, ад беражлівага адкрыцця рэальнага драматызму самой гісторыі. І — каштоўнасцяў нацыянальнага мінулага".

Беларускі літаратуразнавец Серафім Андраюк. З яго юбілейнага артыкула ў газеце "Чырвоная змена" (1980): "Пра што б ні пісаў Караткевіч, у якім бы жанры ні выступаў (а ён жа і празаік, і паэт, і драматург, і аўтар шматлікіх эсэ, і нарысіст), заўсёды творы ягоныя напоўнены вялікай любоўю да роднай зямлі, яе людзей. Уся творчасць пісьменніка — гэта своеасаблівая песня пра Беларусь, песня сапраўды народнага, эпічнага размаху, глыбокага драматызму і высокага паэтычнага ўзлёту".

Англійскі славіст Арнольд Макмілін. З кнігі "Гісторыя беларускай літаратуры" (Гесэн, 1977): "Гэта пісьменнік з вялікім прыроджаным талентам, чые няпростыя для чытання творы сведчаць не толькі пра любоў да беларускай культурнай і гістарычнай спадчыны, але таксама пра яе глыбокае веданне".

Уладзімір Зянько, машыніст цеплавоза з Маладзечна. З неапублікаванага верша "На смерць У. Караткевіча":

І што ж гэта сёння народ наш спаткала?

Не знаю, ці верыць, не верыць,

Ды радыёдыктар выразна ж сказала:

Памёр Уладзімір Караткевіч!

І быццам маланкай мяне паласнула,

Душа забалела і цела,

Не помню ўжо, колькі хвілін прамінула,

Пакуль я стаяў так, здранцвелы.

Польская даследчыца Марыя Далінская і беларуская даследчыца Ала Кабаковіч. З іх сумеснага артыкула "Цень Міцкевіча нада мною…", надрукаванага ў кракаўскім штотыднёвіку "Жыце Літэрацке" (1970): "Несучы людзям сваю паэзію, Караткевіч перш за ўсё хоча, каб яна была "праўдзівай", вольнай ад фальшу, які вельмі адчувае вуха сучаснага чалавека. І пераканана, па свайму свядомаму выбару, не хоча штукарыць. Затое здзіўляе — асабліва багаццем сваёй паэтычнай мовы, якая з'яўляецца і класічнай беларускай, і мовай сусветнай паэзіі, і народнай гаворкай, тым ці іншым яе дыялектам".

Беларускі паэт Васіль Жуковіч. З верша "Уладзімір Караткевіч":

Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы

не сябе шанаваў, не сабой даражыў —

са стагоддзяў ён нёс, нібы з чорнае пушчы,

кветку матчынай чыстай душы…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Чарадзей легендарнае волі і сілы,

ён чароўную кветку як вока бярог.

Смерць раптоўна, як колас, пад корань скасіла,

ён — як колас — яе перамог.

Толькі абмежаванасць месца не дазваляе мне цытаваць і цытаваць гэтыя суладныя галасы, якія зліваюцца ў стройны хор, што спявае рэквіем памяці Пісьменніка і Грамадзяніна. У доўгі пералік можна было б яшчэ дадаць вытрымкі з даследаванняў і артыкулаў беларусаў М. Арочкі і В. Бечыка, Я. Брыля і В. Быкава, А. Вераб'я і П. Дзюбайлы, В. Іпатавай і В. Каваленкі, В. Палтаран і Л. Прашковіч, А. Сямёнавай і М. Тычыны, Т. Чабан і Я. Шпакоўскага, В. Шынкарэнка і А. Яскевіча, рускіх А. Макарава і Б. Плотнікава, украінцаў У. Лучука і М. Рочыня, латышкі М. Абала, літоўца А. Станкуса, балгарына Г. Вылчава, немца Н. Рандава, аўстрыйца Ф. Нойрайтэра, вершы Д. Бічэль-Загнетавай і В. Коўтун, А. Лойкі і У. Някляева,

А. Пагасяна і С. Панізніка, М. Рудкоўскага і Я. Сіпакова, М. Танка і В. Яраца. Да вобраза Уладзіміра Караткевіча, яго твораў звярталіся і звяртаюцца мастакі, скульптары, кампазітары, кінематаграфісты (дакументальны фільм Ю. Цвяткова).

Аднак, зразумела, самым трывалым помнікам Уладзіміру Караткевічу з'яўляюцца яго творы. Яны сталі сёння настольнымі для многіх і многіх чытачоў як у Беларусі, так і за яе межамі. Яны з'яўляюцца падручнікам, па якому наша моладзь вучыцца патрыятызму, маральнай чысціні. Вялікім (для Беларусі) тыражом пачаў выдавацца васьмітомны Збор твораў Уладзіміра Караткевіча, куды, дарэчы, увойдзе далёка не ўсё з напісанага ім. Спатрэбяцца дадатковыя тамы для публіцыстыкі і эсэістыкі, для кінасцэнарыяў, для дзённікаў і шматлікіх пісем.

Сённяшні чытач адкрывае для сябе новага, невядомага раней Караткевіча па тых яго творах, што не паспелі або не маглі выйсці пры яго жыцці. Вялікай падзеяй, найперш, стаў выхад пасмяротнага паэтычнага зборніка з сімвалічнай назвай "Быў. Ёсць. Буду" (1986) — гэтыя прарочыя словы выведзены па вокладцы буйна і ўпэўнена почыркам аўтара. Многа факсімільных старонак і ў самой кнізе. Тужлівы настрой ёй прыдаюць прадмова-развітанне Рыгора Барадуліна, шчымлівыя здымкі Валянціна Ждановіча і Пятра Драчова, дзе Караткевіч паказаны ў час падарожжаў па Беларусі (у тым ліку — і апошняга, развітальнага).

У назве зборніка яшчэ раз сцверджана непарыўная сувязь часоў, пакаленняў. Паэт мае права сказаць, што ён будзе, што ён адыдзе "Бясконцым Трактам неўміручасці", бо сам ён свята шанаваў, зберагаў і памнажаў усё тое, што створана народам, завешчана Бекешам, Каліноўскім, Буйніцкім, Купалам і іншымі папярэднікамі. Паэт пакутаваў ад таго, што на свеце ўсё яшчэ ёсць жорсткасць і несправядлівасць, раз'яднанасць, дысгарманічнасць. І часта, вельмі часта ў яго з'яўляецца прадчуванне Невядомасці і Непазбежнасці. Але ў гэтым прадчуванні няма адчаю. Паэт верыць, што свет яго "паўторыць", што прыйдуць лепшыя, больш гарманічныя людзі, што будзе жыць народ, а з ім дабро і прыгажосць. Журботна і разам з тым аптымістычна гучаць радкі верша-запавета:

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле метала,

За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых, і за тых, што сканалі.

Як пісаў у "Нёмане" (1987, № 7) Яўген Гарадніцкі, "апошняя кніга Уладзіміра Караткевіча — гэта ўжо такая ступень духоўнай унутранай засяроджанасці, адказнасці перад часам і народам, перад словам, якая сапраўды можа многаму навучыць. Але ў ёй няма паблажлівага павучальніцтва. Яна напісана жывым чалавекам, які можа быць узвышаным, не баючыся паказацца смешным, можа быць павучальным, не асцерагаючыся дыдактыкі, можа часам здавацца і грубым, але ніколі — цынічным. Ды гэта ж і ёсць прыкмета сапраўднага майстэрства — уменне захаваць пачуццё меры".

Зборнік "Быў. Ёсць. Буду" можа выклікаць і выклікае спрэчкі, часам нават непрыняцце. Але, мужны і страсны, ён нікога не пакідае раўнадушным. Таму што гэта — споведзь. Таму што гэта — завяшчанне.

Загрузка...