Не чакаючы запрашэння, выбіраецца з машыны. Азіраецца. Амаль не здзіўляецца, усяго метраў за сем ад таго месца, дзе яны спыніліся, угледзеўшы дом з прыгожым спічастым дахам. Пачарнелы ад сырасці ганак, даўно не мытыя вокны без адзінае фіранкі, аблупленая сям-там на шалёўцы фарба... Гады два ўжо, як сюды хто наязджаў.
Мужчыны з павыцягванымі сумкамі ўжо шыбавалі да ганка, яе не гукалі, і, карыстаючыся хвілінаю, Людміла ідзе да вады. Чыстая азярына. Невялікая, але чыстая: жбанкі ў затоцы пакалыхваюць свае залатыя кароны... Выкупацца б, ды, пэўна, не давядзецца: не так таму, што купальніка не мае, як таму, што гаспадар усяго гэтага маецца...
- У нядзелю... Недзе ў гэты ж час, Лёша.
- Будзе зроблена, таварыш палкоўнік. Шчасліва заставацца.
- Ідзі, ідзі, - буркае Шэршань, кіруючыся да яе.
Спінаю чуе яго набліжэнне Людміла, але не паварочваецца. Узвывае матор, угрызаюцца ў пясок колы, раскідваючы яго ва ўсе бакі, - і вось ужо машына грукоча па мастку, аддаляючыся, а яна усе стаіць над вадою і слухае, слухае яго крокі.
- Ты не магла не ўспамінаць тую ноч, праўда? - рыўком паварочвае Шэршань яе да сябе, - га?
«Я занадта дорага заплаціла за яе», - хоча сказаць яна, каб што-небудзь сказаць у адказ, але ні волі, ні часу ўжо няма. Бераг абрушваецца ў азярыну, вечар, заблытваючыся ў апратцы, руках і якіхсьці бязладных словах, валіцца, коціцца у траву - і вось ужо рукі шукаюць рук, вусны вуснаў, адна прага не наталяе другой. Бяры, бяры, усё бяры! - кожным рухам, кожным шалёным звівам просіць, патрабуе цела, а дыханне гасне, гасячы свядомасць, і Людміла знікае ў агні, у барвова-чорных яго сполахах, каб праз міг ці праз вечнасць уваскрэснуць, зноў і зноў адгукацца на яго шэпт, на яго маленне: мая! мая! мая!
У адзін міг ёй здаецца, што яна бачыць непадалёку, зусім побач таго, хто прывёз іх сюды, у другі, аслепленай болем, чуецца чыйсьці (ці не свой уласны?) смех, падобны на плач, потым усё зноў зрушваецца, кружыцца, закружваючы адбіткі неба, абпаленага дзікай, нечалавечаю страсцю твару, у якім яна не пазнае твару Шэршаня, хвалі зялёна-рыжай травы і гарачыя хвалі паветра. Нейкім сёмым пачуццём адчувае, што ёй не перамагчы ў гэтай барацьбе, што не з чалавекам яна змагаецца, а з самім сатаною ў яго абліччы, але зноў і зноў не верыць Людміла гэтай падказцы і чапляецца за Шэршаня, аддаючы яму ўсю перастаялую у чаканні такіх вось хвілін сілу: ён яшчэ не ведае, з кім мае справу! ён палюбіць яе і ў гэтай шалёнай нянавісці дужай, усёпераможнае плоці!
- Па мне кабылка... па мне...
- Лягчэй, лягчэй, родненькі!
- Яшчэ ўсё наперадзе... Ты яшчэ прасіцца ў мяне будзеш!
- Што ты... Што ты хочаш сказаць?
- Вось гэта, рыбачка! Вось гэта!
Усё плыве перад вачыма: яго ашчэраныя ва ўсмешцы зубы, пахіленыя галоўкі рамонку, пацямнелы край неба, чорнае голле сасны поперак... Час не спыняецца - час перацякае ў яе, у яе растузаную плоць, болем перацякае, гарачаю стомаю, стогнам. Яна чуе яго сутаргавыя штуршкі недзе глыбока ўнутры, у самай сярэдзіне, і ніводным рухам не адгукаецца на іх, каб не збудзіць новы прыліў сілы, новы шал жудаснае, смяротнае барацьбы.
Шэршаня побач няма. Людміла не адразу ўсведамляе, што гэта яго фырканне чуе ў плёскаце вады, а ўсвядоміўшы, з цяжкасцю прыўздымаецца з зямлі: купаецца, плёскаецца у цемнай, амаль што чорнай ужо азярыне - то адна, то другая рука выблісквае над вадою (калі толькі паспела так звечарэць?).
- Смялей, Людміла Пятроўна! - заўважае, відаць, ён яе рух. - Вадзянікоў у азярыне няма. Калі не лічыць мяне, канешне...
Смяецца. Ён дае нырца і вынырвае пад самым берагам.
- Дапамагчы? Ці сама? Ты ж у нас храбрая!
Яна змушае сябе падняцца і ступіць да вады: не так лёгка яе выпатрашыць, чорт вазьмі! Яна яшчэ пазмагаецца!
Людміла не зважае больш на палкоўніка, спакойна, ад шыі ўніз, колькі дастае рукамі, агладжвае налітае стомаю цела і робіць як мага глыбейшы ўдых, кідаючыся ў ваду. Вынырвае і, не азіраючыся на бераг, ціха, амаль без адзінага ўсплёску плыве некуды ў суцемкі, насустрач ночы. 3 кожным рухам вяртаецца сіла, дыханне выроўніваецца, глыбее, вяртаючы думкам падмытую, размытую яснасць: хто б ні быў гэты Шэршань - надзелены амаль нечалавечаю сілаю самец ці сам сатана, тут, каля гэтае азярыны, яна ў ягонай уладзе і, калі не будзе разумна, хітра, вонкава скараючыся, супрацьстаяць ёй, страціць і яго, і сябе...
- Не баішся заблытацца ў водарасцях і ператварыцца ў русалку?
- Наперагонкі, палкоўнік?
Не чакаючы адказу, яна паднырвае (нездарма ж гадоў сем займалася плаваннем!) і імкліва адольвае толькі што праплыты прамежак вады. Першаю, не хаваючы радасці і ўзбуджэння, выскоквае на бераг.
- Ну-у, Людміла! Не чакаў. Прама скажу: не чакаў,- атрасаючыся, выбіраецца ён следам.
- I дарэмна, палкоўнік. Цана мая яўна вышэйшая за тую, якую ты раз і назаўсёды для сябе вызначыў, - расцірае пасвяжэлае, нават крыху азяблае цела.- Ручніка няма?
- Навошта, калі можна іначай сагрэцца? - стаіць ён побач, ужо зноўку наструнены, гатовы паваліць яе у траву.
- Хоп! - апярэджвае Людміла палкоўніка на гэтым апошнім руху, прыпадае да яго, абхапіўшы за шыю, лашчыцца, змушаючы хоць напачатку прыняць сваю пяшчоту, сваю мяккасць.
Змрок не прымае іх целаў, адцяняючы іх белізну, кожны іх гнуткі звіў ва ўладзе новага ўсплеску страсці - і гэта дае ёй мажлівасць, аддаючыся страсці, не страціць духу, не самлець, як толькі што, у жалезных абдымках палкоўніка, і здолець узяць больш, хоць крышачку больш, чым аддае. Па крайняя меры, першыя імгненні...
***
Дом усярэдзіне аказваецца не такім закінутым і недагледжаным, як Людміле ўяўлялася па прыездзе: усяго ў доме ставала, абстаноўка выдавала нават раскошнаю, чысціня невядома кім падтрымлівалася, пэўна ж, пастаянна, бо нідзе, ні ў адным куточку не агледзела яна пылу. Што ж тычыць прывезеных пляшак і прадуктаў, то ўжо ж іх хапіла б, каб наладзіць застолле на добрую кампанію, а так як усёй кампаніі - палкоўнік ды яна, была б на тое яе воля, ужо ж два адпушчаныя ёй дні расцягнула б на два тыдні. А што? Яшчэ невядома, хто каго выкарыстае!
- Выпіць не хочаш?
- Дык жа і так ад тваёй блізкасці п’яная, - хінецца Людміла да ягонага пляча.
- Ужо не думаеш, што з сатаною лёс звёў, га? - не атрымліваецца ў яго ўсміхнуцца.
- А хоць бы і з сатаною! - смяецца яна. - Усе мы - толькі да пояса людзі, прызнаём гэта ці не прызнаём.
- Да пояса, кажаш? Га-га-га! Дык жа факт! Толькі адны - вышэй пояса, другія - ніжэй...
Шэршань рагоча, а яна глядзіць не на яго расчырванелы ад выпітага каньяку і ад таго, здаецца, падабрэлы твар, а на руку, што, адставіўшы пусты келіх, дрогка, драпежна набліжаецца да яе, да крыса захінутае на грудзях кашулі. Ёй трэба апярэдзіць яе - уткнуцца ў далонь тварам, гарачымі вуснамі, прыўзняўшыся, ссунуцца з крэсла, прыпасці, прытуліцца да палкоўніка, здзіўленага ў гэты першы момант ад такой праявы пачуцця, пяшчоты, жадання, а потым...
- Хто з нас дваіх сатана, га?
- Ты, родненькі. Канешне, ты.
- Дурніца! Ведаеш, чаго я прывёз цябе сюды? - выдыхае Шэршань ёй у твар і незадаволена круціць галавою, калі Людміла, абдымаючы яго за шыю, цалуе, раз і другі раз. - Ведаеш ці не?
- Табе што - кепска са мною вось так? Кепска? - шэпча, цалуючы яго зноў і зноў.
- А-а-а, чорт! - стогне палкоўнік, гэты раз унікаючы ад гаворкі, і яна ўсміхаецца ў душы, амаль што пераможна ўсміхаецца...
***
Усміхаецца і цяпер, у машыне, аналізуючы зусім неспадзяваны свой уік-энд, праведзены ў муках і радасцях: не перамагла, так, але ж і не зламана. I не так гэта мала, калі ведаць палкоўніка, пабываўшы ў яго ў руках, - да большага Людміла не імкнулася.
Маўчыць. Курыць. Задумаўся... А што тут думаць? Не выйшла двайная гульня. Не атрымалася. Дык жа і не магла атрымацца: не той выпадак, як кажуць. Hi кар’ера не цікавіць, ні вышыня ідэйных прынцыпаў не прываблівае... Грошы? Грошы можна зарабіць і чысцейшыя!
- Не шкадуеш, што падпісала дакумент аб супрацоўніцтве? - ціха, але з металічнымі ноткамі ў голасе, пытае Шэршань, яўна разлічваючы на тое, што яна разгубіцца ад нечаканасці пытання.
- Аб супрацоўніцтве? - усміхаецца Людміла самаю лагоднаю са сваіх усмешак, краем вока заўважыўшы, як наструніўся шафёр. - Усяго толькі аб супрацоўніцтве?
- Ты што, не памятаеш? - нервова пакусвае цыгарэту Шэршань, спадылба назіраючы за ёю, за яе рэакцыяй у вадзіцельскім люстэрку (няйначай для вадзіцеля і пытанне ставілася).
- Ну-у, я не здзівілася б, калі б пачула, што нават абвянчана за гэтыя два дні... Упершыню ў жыцці сваім, заўважце, палкоўнік! Так што...
- Так што?! - хмурнее ён на вачах.
- Так што гуляць краплёнымі картамі не абавязкова... - прыглушае яна голас. - Партыю і КДБ заўсёды ядналі агульныя прынцыпы і імёны тых, хто пад імі падпісваўся...
- 3 агнём гуляеш, Людміла Пятроўна.
- Гэта трэба разумець так, што я ўсё-такі ні з кім не абвянчана? - пяшчотна кранаецца пальцамі ягонае рукі Людміла. - Шкада. А вы так нервуецеся, палкоўнік, быццам і вам...
- Хопіць! - усё-такі зрываецца ён на крык, і ёй становіцца яго сапраўды шкада: дурань... Толькі ў абдымках жанчыны і становіцца чалавекам, а туды ж!
- Прашу прабачыць, - прыкрывае яна вейкамі вочы, каб не бачыць яго расчырванелага, злоснага твару, і нейкі час у машыне чуваць толькі шоргат колаў і пасвістванне ветру. - Я ўсё памятаю, Анатоль Сямёнавіч. Я ніколі не забуду гэтых двух дзён.
Палкоўнік, да якога, дарэчы, яна ўпершыню звяртаецца па імені, не адказвае: мо злітасцівіўся, мо затаіўся ў сваёй злосці, і, каб не сачыць за люстэркам (нечым яно ўвесь час прыцягвае яе), Людміла сочыць за дарогаю, за першымі гарадскімі краявідамі, што паплылі паўз вокны.
- Можа, высадзіце мяне там, дзе ўзялі: у хаце - ні хлеба, ні малака... - шукае пальцамі руку палкоуніка і, знайшоўшы, мякка, пяшчотна цярэбіць яе, развітваючыся.
- Канешне, канешне, - адгукаецца ён і не адсоўвае рукі, і яна, адчуўшы, як знаёма, напружана тая ўздрыгвае, зноў ціха сама сабе ўсміхаецца.
- Каля прадуктовага спыніць? - падае голас шафёр.
- Ага, дзякуй,- усё яшчэ чапляецца Людміла за руку палкоўніка. - Не памінайце, як кажуць, ліхам.
Ужо выбраўшыся з машыны, не зачыняе дзверцаў. На міг схіляецца да Лёшы-шафёра і, па-змоўніцку падміргнуўшы, ціха, але так, каб чуў і Шэршань, ледзь не ў вуха яму прамаўляе:
- Не ведаю, як палкоўнік, а я шчыра ўзрадуюся, калі вы падорыце мне адзін з вашых эратычных здымкаў. На памяць.
Са стукам прычыняе дзверцы. Ловіць здзіўлены, адразу пацямнелы позірк Шэршаня і сумна ківае яму. Міг, другі - і «Волга» знікае ў імклівай чарадзе машын, а яна міжволі абмацвае сябе: цэлая? нідзе не падсмалілася?
Вакол віруе звычайнае для летняга вечара жыццё: купкамі, пад гучны смех ці пабрынкванне гітары ў чыіхсьці не вельмі ўмелых руках, таўкуцца на пятачку перад скверам падшыванцы, далей, там, дзе паблісквае нядаўна вымытым асфальтам сквер, шчыльна адна да аднае сядзяць на лавачках старыя - і гаворка іх ціха тлее, і позіркі звыкла шукаюць у спляценнях ліпавага голля і правадоў над галавою хоць краёк неба, няхай сабе і гарадскога, цьмянага, але неба. Каля крамы насупраць пахістваецца, бурна высвятляючы адносіны, тройца аматараў піва, і жонкі, заходзячы у краму ці выходзячы з яе, міжволі азіраюцца на іх - хто з абурэннем, хто звыкла абыякава. Горда, быццам выхваляючыся, ідзе ўскрай тратуара гаспадар прыгожай чорна-срэбнай нямецкай аўчаркі, хоць пагляды прыцягвае, канешне ж, не ён, а яго пародзістая, рэдкае прыгажосці сука.
Паблізу ад жылога пад’езда пасвяць прыгожыя імпартныя каляскі юныя маці ў спадніцах-штоніках... I ўсё гэта на фоне шумнага і ў гэты час забітага машынамі ўсіх марак і калібраў праспекта!
Людміла ўзіраецца ў кожны твар, у пыльныя галінкі ліп, у вітрыны, што, люструючы, паўтараюць усе убачанае і улоўленае іх аграмаднымі шклінамі, і без прычыны, па-дурному радуецца. I няўпэўненым у сабе, а таму агрэсіўным падлеткам радуецца, і старым з выцвілымі, празрыстымі да самага донца вачыма, і дзяўчынкам-маці каля іхніх калясак. Нават на заведамых алкашоў, абмінаючы іх, зіркае без насцярогі. Гэта - жыццё. Усё гэта і ёсць жыццё, якім бы - вабным або непрывабным - яно ў розныя моманты ні здавалася. Людзі, у большасці сваёй, - сволачы, ну і што? У кожнага свая на тое прычына, над кожным свой брудны лахман неба: хоча - укрываецца, хоча - уціраецца...
- Добры вечар! Я заходзіла да вас, Люсі...
- I каго вы там знайшлі, Галена Феакцістаўна? - замест прывітання злёгку, на міг, прыабдымае яна старую за плечы.
- Я... Я не разумею вашага пытання... - мармыча тая, няйначай зляканая такім вольным абыходжаннем, а Людміла ўсміхаецца на ўсе зубы і рашуча кіруецца ў пад’езд. - Вас не было гэтыя дні дома, Люсі?
- Ездзіла да сяброў, Галена Феакцістаўна, - адгукаецна ўжо з дзвярэй. - Прабачце, стомленая і пыльная... 3 дарогі...
Цяпер, напэўна, будзе цэлы вечар разважаць, гадаючы, што ды дзе, ды як, а раскажы яна ёй, дзе, з кім і як бавіла гэтыя дні, - спруцянела б ад абурэння: як? над вамі чынілі гэткі гвалт і здзек, Люсі, а вы ўсміхаецеся? я не разумею...
Яна і сама, чорт вазьмі, не ўсё разумела, а вось жа ўсміхаецца. Радуецца невядома чаму.
Хоць, напэўна, толькі хітравала Людміла сама з сабою, засланяючыся гэтым «невядома чаму». Адсцябаўшыся моцным струменем душа, абвалілася на ложак амаль непрытомнаю: і час і прастора перасталі існаваць. Надоўга. Цэлая вечнасць, здаецца, мінае... Калі Людміла прачынаецца і расплюшчвае вочы, у спальні ўжо цёмна. Ноч не ноч - ні промніка святла! Цёмная, шэрая маса паветра, яшчэ цямнейшыя, амаль што чорныя хісткія сцены вакол, якія то рассоўваюцца, разрэджваючы яго, то зноў сыходзяцца, сціскаюць змрок, так, што ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць - і кудысьці знікае акно, якое заўжды вымалёўвалася, вырывалася з ночы, і рука, шукаючы, намацваючы там, дзе яна звычайна стаяла, лямпу, натыкаецца на пустату, халодную і ліпкую, і думка, разгубленая ад нязвыкласці ўтворанага змрокам вакууму, марна бароніць свядомасць, даводзячы, што гэта не сон, што гэта ноч такая выдалася... Якая - такая? Да дна, да споду размытая шэранню? Раптоўна згаслая да апошняе, самай малой сваёй іскаркі? Аглухлая - аглушаная нечаканым прабуджэннем?
- Жыццю не патрэбны сведкі. I ты, якая так доўга пазбягала апынуцца сярод сапраўдных ігракоў...
- Павучы, павучы, - агрызаецца ў цемру.- Хто ты такая сама?
Цемра маўчыць, быццам пакрыўдзілася на тое, што яна перапыніла яе павучанні, і Людміла, усё яшчэ марна шукаючы тумбачку, лямпу на ёй, пачынае злаваць і на яе, і на сябе. Падумаеш, загадка: святло не ўключаецца! Цьфу ты, Божа мой, ды трэба проста падняцца і прайсці да дзвярэй, да выключальніка.
- Не баішся?
- Яшчэ чаго! - фыркае Людміла, злазячы з ложка. - У сваёй хаце! Ты хто такая, каб непакоіцца?
- Я? Лялечкіна. Людміла Пятроўна.
Наткнуўшыся на прагучалы адказ, яна ледзьве не падае.
- Хто-хто?!
- Лялечкіна Людміла Пятроўна. Хіба не пачула?
- Дык жа...- гнеў (гэта ж трэба - такое самазванства!) надае ёй рашучасці, і Людміла не пераходзіць, перабягае пакой у напрамку дзвярэй, якія не адразу, але ўеё-такі знаходзіць, намацаўшы побач і выключальнік.
Пстрыкае ім. Раз. Другі раз. Трэці. Святло не загараецца.
- Цьфу ты, Божа мой! Дык што ж гэта такое?
- Не варта так мітусіцца, - супакойвае нябачная госця, і цяпер ужо нават голас нагадвае яе ўласны. - Ці часта табе даводзілася пагаманіць з самой сабою, га? А тут такая нагода...
- Ты хочаш сказаць, што ты - маё адлюстраванне? - спрабуе яна ўзяць сябе ў рукі, сціскаючы скроні, і лёгенька, у такт пульсу, пахітваючыся.
- Я - тваё сумленне.-
- Стоп, стоп, стоп! - рашуча кіруецца Людміла ў той бок, адкуль ідзе голас, і не адразу заўважае, што цёмны абрыс сцяны адсоўваецца, адступае. - Сумленне - рэч абстрактная, а ты даволі прыстойна пераймаеш і мой голас, і маю манеру гаварыць.
- Ты лепш пад ногі глядзі. А то падставіць чорт падножку...
- Ага. У цемры, калі нават выпрастанае рукі не ўгледзіш, - бурчыць Людміла, а сама, упэўненая, што ўбачыць гэткую ж шчыльную шэрань, што і вакол, зіркае ўніз і ад нечаканасці ўскрыквае: пад нагамі - бяздонне. Бяздонне зорнага неба, якое павінна быць уверсе, над гапавою, дзе змрок і шэрань. Сплю я, ці што?
- Ідзі і глядзі. Глядзі і слухай, - загадвае голас, і ніводнае ноткі сумнення не чуе яна ў ім. - Ты не выканала наканаванае табе. Ты растаптала ў сабе жанчыну, тым самым парушыўшы не толькі зямны, але і касмічны закон.
- Але ж я...
- Не з Богам, а з д’яблам у душы жывеш, брудным нашэптванням ягоным верачы. Таму ні граху, ні распусты не баішся: яны як кароста на табе... А даўгоў нясплочаных не бывае, Людміла Пятроўна. Чым плаціць збіраешся? Думала? Звыклаю пагардаю? Сведчаннямі супраць самой сябе? Распусным целам? Стогнамі раскаяння?
- Я пастаўлена ў такія ўмовы, - спрабуе яна бараніцца.
- Бог не карае, але можа адвярнцца, - не чуе яна моўленых слоў. - I тады нішто, нішто не ўратуе нас. Няўжо гэта так цяжка ўразумець?
- Ды які Бог? Адкуль яму, Богу, узяцца на спаскуджанай, атручанай зямлі? - у раздражненні не заўважае Людміла святатацтва сваіх слоў. - Ці мо прапануеш святым духам жыць, да пераходу ў іншы свет рыхтуючыся? Мне не патрэбен іншы свет, чуеш? Я жыць хачу - жыць так, як атрымліваецца! У гэтым паскудным часе! Гэтым грэшным целам! Што ў мяне калі было апроч? Што ў мяне ёсць апроч гэтага?
Цемра не адказвае. Цемра згушчаецца - так, што зацягвае і зорнае бяздонне пад нагамі, - і маўчыць. I раздражненне Людмілы выплёскваецца ў гэта яе маўчанне балючымі, незваротна згубнымі словамі:
- Пра душу яна, бачыце, успомніла! Ды навошта і ўдыхаць было ў мяне гэту несмяротную душу, як у яе кожны плюнуць можа? Можа - і плюе! Змалку плюе, не перад ёю, а перад целам, перад гэтым гнюсным, ненасытным целам, калі не адштурхоўвае яно сваім убоствам, ад жывёльнае страсці млеючы! Чаму ж ён, Бог, падобнае дапускае? Чаму скрозь адварочваецца ад мяне, жанчыны, ледзь толькі некаму з двухногіх спатрэбіцца маё мяккае ўлонне? Ду-ша... Нікому - чуеш? - нікому, ніводнаму чалавеку не спатрэбілася ніколі мая душа! Нават сатана не ёю, а чым саладзейшым скрозь імкнецца пажывіцца, што да сыноў Божых... Ненавіджу! Зненавідзела ўсё ў гэтым жыцці акаянным. Адно спомсціць яму засталося - і я спомшчу! Няхай захлынуся сваёю нянавісцю, але і сяго-таго спапялю ёю, чуеш? Я не хачу, не хачу застацца ў дурнях... Перш мяне падманулі, мяне!
Гасячы крык, успыхвае яркае святло, і Людміла, аслепленая, на колькі доўгіх, бясконцых імгненняў скамянелая ў яго ззянні, сутаргава спрабуе зглынуць пераселыя ў горле злосныя словы і не можа. Адчувае, як расце, працінаючы яе наскрозь, боль, як балюча, раздзіраючы горла, праціскваецца ў сцятыя лёгкія паветра, каб вярнуць, аднавіць дыханне, і не можа ні зварухнуцца, ні ўздыхнуць, вызваляючыся.
Калі боль крыху адпускае і яна разлеплівае набрынялыя каменным цяжарам павекі, - сустракаецца паглядам з пажылою жанчынаю. Не адразу ўцямлівае, што гэта жанчына - яе (яе!) адлюстраванне ў вялізным люстэрку, перад якім стаіць: слёзы цякуць у яе па пацямнелым твары, пакідаючы скрозь баразёнкі зморшчын, спярша ледзьве прыкметных, неглыбокіх, пасля...
- Божа мой, - праводзіць далонню па мокрых шчоках, разумеючы, нарэшце разумеючы, што гэта яна, яна плача, старэючы проста на вачах.- Божа мой!
- Жыццё не проста нагадвае гульню, яно - гульня, - чуе ёю ж сказаныя некалі словы. - Гульня ў падкіднога. Памятаеш? Той, хто прайграе, застаецца ў дурнях... Справядліва.
- Справядліва? - кідаецца яна на люстэрка з кулакамі, разбіваючы у кроў сцятыя пальцы, малоціць па шкле, ужо не зважаючы на тое, што ці яно, шкло, ці яе заліты слязьмі твар пакрываецца ўсё больш глыбокімі цёмнымі зморшчынамі. - Справядліва?!
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Кропка
Няўжо так заканчваюцца эпохі - вокамгненным распадам? Няўжо ідэалы каштуюць так мізэрна мала, што і выгоды не угледзець нi для каго, апроч тых, хто, шчодра ўжываючы фарбы з баявой расфарбоўкі, здавалася, даўно зжытага нацыяналізму, урэшце занялі месцы ў высокіх кабінетах? Ці надоўга? - іншае пытанне... Але вось жа спраўдзіў сёй-той з агалцелых свае спадзеўкі - і ніводная з адпаведных службаў не спрацавала: зіркаюць на яго спадылба пры стрэчы і, не ведаючы, як сябе паводзіць, хуценька шмыгаюць паўз былога кіроўцу - абы прэч з вачэй. Годнасць, гонар афіцэра, вернасць дадзенай прысязе... Куды ўсё дзелася, ледзь толькі апазіцыйная шантрапа ўскаламуціла Вярхоўны Савет?
Пэўна ж, не ўадначассе страчана камуністамі ўлада на ўсім прасцягу Савецкага Саюза: і прычыны, і памылкі генсекаў апошніх дзесяцігоддзяў Паўлюк заўважаў не сённяшнім днём - дзе мог, спрабаваў уклініцца з перасцярогаю ці прыхаванаю парадай. Ды хто калі надаваў значэнне нечыім перасцярогам? Хто з тых, што ўскараскаліся крыху вышэй, прыслухоўваўся да парадаў партыйцаў? Як не пан, то панскі лёкай...
Параўнанне здалося крыўдным: лёкаем сябе Паўлюк ніколі не дазваляў лічыць - ніколі і нікому. I характар не той, і інтэлект... Падпарадкоўвацца партыйнай дысцыпліне гэтаксама можна па-рознаму. Прыняўшы распараджэнне, распарадзіцца па-свойму, да прыкладу. 3 большай карысцю для справы. А то і на рашэнне паўплываць яшчэ да таго, як яно выносілася, падключыўшы да распрацоўкі тэксту не толькі лепшыя мазгі ў ідэалагічнай сферы, але і ўласнае разуменне сітуацыі: часта ад аднаго слова шмат што залежала, а Паўлюк цану дакладнага слова ведаў. Была б яго воля...
Працягваць нават у думках не стаў: і позна, і злосць чарговы раз захліснула. «Слімакі! Ідыёты! Сукі прадажныя! Ніводзін пра дзяржаву не падумаў, да ўлады прадзіраючыся, а зграі шакалаў, што даўно ўжо з усіх бакоў уздоўж граніц блукалі, не прамарудзілі - тут жа накінуліся на лёгкую спажыву! I не ад іх жа задніц, а ад народнага цела кус за кусам аддзіраюць...»
- Пайшоў прэч! - лёгка адхінуў рухам пляча кагосьці з новаяўленых гаспадароў будынка ЦК, нават не зірнуўшы на яго, - і той не асмеліўся запярэчыць. Нягучна мацюкнуўся, але і кроку ўслед не зрабіў: хто не ведаў Паўлюка! - і сілы, і рашучасці хопіць, каб каго заўгодна па сцяне расплюшчыць, а тут і без працы застаўся, і без партыі...
У цэкоўскія калідоры, якія і раней пужалі велічнай прамалінейнасцю і пужлівай цішынею, цяпер, пасля таго, як ва ўсіх памяшканнях пагаспадарылі розныя ахламоны з дэпутацкімі значкамі, дадаліся жудасныя сляды хаосу. То тут, то там. То ў пакоях, дзе проста на падлозе валяліся раскіданыя, нікому не патрэбныя ўжо паперы. То проста па ходу, калі позірк натыкаўся на перакінутае крэсла (як яно туды патрапіла?), на пустую папку, адфутболеную кімсьці да сцяны, ці скамечаную газету. Нібыта і не пераламана, не ператрушчана ўсё і часу няшмат мінула, а дух запусцення адчуваўся, і думаў пра гэта Паўлюк не так з горыччу, як з абурэннем: столькі год гэты гмах на цэнтральным узгорку сталіцы быў яму домам (больш, чым домам!), а тут раптам «гаспадары» з’явіліся... і на яго жыццё, і на гістарычны шлях рэспублікі замахнуліся...
«Была б мая воля...» - мільганула шкадаванне, і Паўлюк да болю сцяў пальцы ў кулакі, каб утрымаць рык, які рваўся з грудзей. Здавалася, калі б трапіўся хто на шляху ў гэты міг, не разважаючы, умазаў бы яго ў сцяну. Але калідор на ўсім працягу выглядаў пустым, пакінуты усімі, нават ахоўнікамі, і ён толькі бязгучна вылаяўся: і сілы не давялося прымяняць - аднаго страху напужаліся, збегшы і зашыўшыся хто куды! I чакаць доўга, па ўсім відаць, не давядзецца, каб сёй-той з паплечнікаў з цягам часу сярод здрадцаў не з’явіўся!
Абурэнне паціху саступала тупой злосці, якая і дагэтуль цяжка варочалася ў душы, трушчачы і споміны, і спадзеўкі. Ператрушчыць усё да рэшты - і абернецца абыякавасцю. На пэўны час. Ці да канца жыцця. Ад Паўлюка больш нічога не залежала, і з гэтым давядзецца змірыцца, каб не накласці на сябе рукі, - тут ён не памыляўся. I хоць загадзя нічога не пралічваў, у высновах ад ісціны быў недалёка.
Выплыла з памяці зусім нядаўняя нарада ў Першага. Апошняя. 3 нагоды абвастрэння палітычнай абстаноўкі, як прагучала ў адказ на маўклівае недаўменне Паўлюка, і пытанне: «Хіба ўжо не ў нашым падпарадкаванні армія, КДБ, міліцыя?» - давялося запіхваць сабе ў глотку нявыказаным. Як, дарэчы, і ўсе астатнія пытанні і меркаванні. Нікога яго меркаванні больш не цікавілі, і гнюснейшай абразы за ўсю сваю кар’еру Паўлюк не перажываў. Так, называлі яго не толькі за гэтымі сценамі «цэкоўскім цэрберам», але ж таму і называлі, што ведалі пра яго непадкупнасць і баяліся. Баяліся больш, чым Першага, і той гэта ведаў.
- Не трэба браць на сябе адказнасць за ўсё і ўсіх, - цвёрда прамаўляў Іван Кузьміч, пазіраючы на Паўлюка, які, адзіны з прысутных, увесь час імкнуўся запярэчыць (нават прыўставаў час ад часу і, асаджаны валявым позіркам, зноў ёрзаў на крэсле). - Час не той, каб даваць волю пачуццям: ні прыгожымі жэстамі, ні абуранымі словамі сітуацыю не ўтрымаць. Ды і сілы яшчэ спатрэбяцца...
Ніхто не тое што не зрэагаваў - галавы не падняў, і толькі Паўлюк пераводзіў позірк з аднаго твару на другі, душачыся нявыказаным абурэннем.
- Мажліва, і нельга было далей трымаць дзверы на замку, але і адчыняць іх наросхліст, падпусціўшы ваўкоў да самага парога, неабачліва...
«Якія дзверы? Чые ваўкі? Што ён вярзе?» - тужліва свідраваў яго поглядам Паўлюк, не дужа ўслухоўваючыся - слухаючы сябе, сваю нязгоду з усім, што адбывалася.
- Karo і як асудзіць гісторыя за страту яснасці мэты, - працягваў Першы, адвёўшы позірк і ўглядваючыся ў шэрань за акном. - Не сённяшнім днём прадказваць. А тое, што асудзіць, ясна. Тое, што заплаціць кожны, не выклікае сумнення. Ды не наш гэта клопат. Не наш! - як бы хто з вас нi адплеўваўся ад рэальнасці, яна, гэта рэальнасць, сёння выцясняе нас з авансцэны. На год? на пяць? на пяцьдзесят? - хто скажа!
Паўлюк зноў тузануўся, але, утрыманы штуршком Ковача, які, незаўважна для астатніх, таўхануў яго ў бок, толькі зірнуў на нязвыкла спахмурнелага гаспадара кабінета спадылба і аціх. Быццам нарэшце супакоіўся.
- Не думаю, каб хто з прысутных, - абвёў Першы ўсіх позіркам, на колькі імгненняў затрымліваючы ўвагу на кожным твары, - кінуўся напярэймы новым павевам. I ўсё ж, мяркую, у хуткім часе стану сведкам таго, як сёй-той, уцяміўшы, што небяспекі больш няма, кінецца на амбразуру, з якой ужо не страляюць. Яшчэ і кашулю на грудзях рване: глядзіце, маўляў... Не пра іх гаворка. Іх мізансцэна яшчэ наперадзе, ваша... Вам я скажу: лепшае на сёння - няўдзел. Няўдзел у тым, што адбываецца, - і спакойны выбар пазіцыі. Кожны ў гэтым выбары вольны, і я спадзяюся, што змагу паціснуць руку любому з вас і заўтра, і праз гады. Мы самі дазволілі ўчыніць гвалт над тым, што лічылі і лічым святым, - самі павінны і выправіць становішча. У хуткім часе ці праз дзесяцігоддзі.
«Самі! Самі! Ды хто - самі?!» - злосна адфутболіў нагой папку з дывановай дарожкі Паўлюк, і калі з яе пасыпаліся паперчыны, міжволі спыніўся. Спыніўшыся ж, нахіліўся і падняў колькі з аркушаў. Гэта аказаліся лісты грамадзян на адрас ЦК з яго, Паўлюковымі, рэзалюцыямі: «Адмовіць...», «Накіраваць у райкам...», «Пацікавіцца аўтарам скаргі...», «Перадаць у КДБ...»
Мінуту-другую ён тупа пазіраў на паперчыны, на свой подпіс, потым неяк няўцямна пачаў скручваць з іх самалёцікі. Скручваць - і пускаць уздоўж пустога калідора. Адзін... другі... трэці... Калі цішыню ўскалыхнуў раптоўны смех, не адразу ўцяміў, што гэта ён і смяяўся. Сам... У нязвыкла пустым, аглухлым да ўсяго будынку ЦК.
Смех быццам падштурхнуў яго, змушаючы пакінуць гэты калідор, гэты будынак як мага хутчэй, але калі Паўлюк прыспешыў крокі, а потым подбегам кінуўся прэч, калідор раптам пачаў расцягвацца, доўжыцца хто ведае куды, паступова звужаючыся і змрачнеючы. Не-не пагляд Паўлюка выхопліваў з мігатлівага паўзмроку то адзін, то другі сколак сцяны, якія тут жа пачыналі падцякаць, сцякаць пад ногі пацекамі нечыіх твараў ці партрэтаў, - і ў душы ўпершыню азваўся страх. «Што адбываецца?! Куды я патрапіў?!»
Думка гнала далей і далей, і Валерый Юр’евіч марна спрабаваў прытармазіць як не рух сцяны, то хоць свой уласны бег: стваралася ўражанне, што ён увогуле страчваў усякую апору пад нагамі і тузауся у паветры як навязаны.
- Куды, халера на яго, я патрапіў?! - зароў, як бык.
- Валера! Валера! - тузала яго жонка за плячо. - Табе нядобра?
Лыпнуў вачыма. Прыўзняў галаву. Вяла, адчуўшы неймаверную палёгку, зноў распластаўся на пасцелі, раскінуўшы рукі.
I прысніцца ж такое!
***
Ковач патрапіў у Вярхоўны Савет новага склікання па разнарадцы - пры падтрымцы былых апаратчыкаў Міншчыны, і не сказаць, каб дужа радаваўся: у тым, што пагроза распада Савецкага Саюза ўзрастала, ніхто не сумняваўся, і як ён, Ковач, разумеў, супрацьпаставіць гэтай пагрозе, па сутнасці, не было чаго. Рэферэндум? Думка народа? Ды калі нават прызнаць як факт тое, што народы, даўно адвыклыя самастойна думаць, выкажуцца адназначна - за захаванне краіны, хто стане на гэта зважаць? Хто калі, паставіўшы на мэце звергнуць існуючы парадак, зважаў на народ? Знаходзіліся ўмельцы скарыстаць яго волю - скарыстоўвалі, і пакуль народ карміўся спадзеўкамі і абяцанкамі, ні на што не зважалі і ні за што ўсур’ёз не адказвалі. Хоць яны, партыйцы, раней, хоць новаспечаныя дэпутаты цяпер. I тады і цяпер мэта - не жыццё народа, а ўзвышэнне над народам. А ўжо ў ролі правадыра, лідэра або гаспадара - значэння не мела. Не мела, і не будзе мець. I адна халера - тыя адозвы, гэтыя... хто быў нікім, нікім і заставаўся. Адны пупы надрывалі, другія мазгі прапівалі, трэція...
Ат! - паспрабаваў адмахнуцца ад думак Ковач. Трэція, як ён, няйначай: не выслужваліся, а служылі. Абавязку. Партыі. Радзіме! Калі будуць змушаны служыць за грошы, тут ужо як хто... I, гледзячы, за якія грошы... На душы ўсё роўна было гнусна, і на некаторых дужа заўзятых знаёмцаў вочы не глядзелі б: прапаноўвалі сябе шпане, што раптам выбілася ў акружэнне лідэра, без ценю сораму за прадажнасць і духоўную нікчэмнасць.
«Пакорнае цялятка дзве маткі сасе, а гордае - ніводную...» - сказаў неяк, як папікнуў яго, адзін з заўзятых, і Ковач толькі сплюнуў у адказ. Не нагадваць жа, што і дзве маткі сасе, а пад нож мясніка першым пойдзе. Як зазвычай, з пакорнасці. Ледзь толькі з мясніком час вызначыцца. Тут. Ці, хутчэй, у Маскве, якая свайго і тут не ўпусціць. Калі ўжо свой народ на глумленне аддае, то што на іншых азірацца? Перабудова! Не нейкі там рамонт, хоць і капітальны, а ўсё - «кідрэні фені!» Усё - на сметнік гісторыі! Усё - дзеля новай Расіі, вольнай і багатай!
- Жыве Беларусь! - раўнуў з-за трыбуны тутэйшы трыбун савецкай закваскі, ускінуўшы руку, і на гучны водгук часткі дэпутатаў: «Жыве!» - Ковач смачна сплюнуў.
- Прадпрыемствы спыняюцца, грашовая сістэма ляснулася, усё - па талонах і ўсё ў дэфіцыце, а гэным хоць бы што! Сцяг рэспублікі кінулі пад ногі натоўпу, чужы герб на бел-чырвона-белым палотнішчы намалявалі - і чакаюць, што ашчасліўлены народ белага каня для новага гаспадара падвядзе... - буркнуў сусед па лаўцы, і Ковач, не павярнуўшы галавы, адно кіўнуў у адказ.
Увагу яго прывабіла постаць старшыні, што кіраваўся да трыбуны: невялікі ростам, кругленькі, з вялікай круглай плешынай цераз усю галаву, падкрэсленай рэдкімі шматкамі валасоў за вушамі, у акулярах з круглымі шкельцамі, у няўдала сшытым і добра заношаным ужо касцюме, які выглядаў неахайна і тапырыўся з усіх бакоў, Шутаў выдаваў не кіраўніком і нават не вучоным з сякім-такім багажом, а камедыянтам. Шутом-самавукам! - у якога і парык не адпаведны месцу, і нос кепска прыклеены, і апратка зусім не надежная...
Вызначэнне спадабалася, Ковач нават пасміхнуўся, з дапамогаю ўяўлення насунуўшы на вялікую круглую плешыну таго скамарошую шапку са званочкамі: пустазвон і ёсць пустазвон! Зноў - у чарговы раз - будзе камуністычную ўладу бэсціць, зноў пра волю для паднявольнага народа гугніць, журналістаў пацяшаць байкамі пра батоны, якія хоць і не растуць на таполях, але ўсё роўна там з’явяцца, паначапляныя шчодрымі спонсарамі з Захаду радасці дзеля... Чыёй радасці, пытацца марна. Усё роўна ў адказ прагучала б: галоўнае - незалежнасць, бо калі і запатрабуе хто некалі плату за прывезеныя батоны, то не ў іх, сённяшніх, а ў наступнікаў, так што...
Hi за галоўнага шута Рады, ні за сябе дадумваць Ковач не стаў: злосць (ці млосць?) падступала, правакуючы на гучны пратэст. I нельга было сарвацца. Нельга было дэманстратыўна пакінуць залу. Час яшчэ цярпеў. I ад яго, Ковача, патрабавалася іншае - аналіз абставінаў, паводзінаў людзей, вядомых у палітыцы і новых, каб у выпадку чаго прапанаваць сваё бачанне, і вызначыцца з далейшым курсам. Сваім, і не толькі...
Адкінуўшыся на спінку крэсла, разглядваў тую частку залы, якая адкрывалася погляду без дадатковых намаганняў і павароту галавы. Хмура, без ценю ўсмешкі ці хоць бы вонкавай зацікаўленасці, пераводзіў погляд з постаці на постаць, і хоць з ягонага краю бачыліся яны, у лепшым выпадку, у профіль, а часцей - са спіны, пазнаваліся лёгка. Асобна, купкаю сядзелі тыя, што, хоць і без ранейшай гордасці, а то і няўпэўнена называлі сябе камуністамі, не выказваючы нават тут, у дэпутацкім асяродку, ні сябе, ні сваіх перакананняў. За імі, з другога краю авальнае залы, тоўпіліся (інакш не скажаш, бо тыя, хто сядзеў вышэй, раз-пораз нахіляліся да пярэдніх, бліжэй да свайго лідэра) «зянонаўцы», і назіраць за іх броўнаўскім рухам было крыху цікавей: бунтоўны дух іх і пасля перамогі на выбарах не выветрыўся - няйначай, рыхтаваліся да новых, больш значных, перамог.
Думка чамусьці не зачапіла Ковача: прыгледзеўся ўжо, ці што? А погляд не выпускаў з поля зроку купку «зянонаўцаў» і, відаць, успрымаўся тымі цяжкім і гнятлівым, бо не-не і азіраўся хтосьці ў яго бок. Ці то недаўменна, ці то запытальна. I тады вусны Ковача ледзь заўважна крывіліся, а погляд станавіўся яшчэ цяжэйшым і як наліпаў да плешыны іх лідэра - пласт за пластом, бязгучны папрок за папрокам. Хто ён такі, каб баламуціць не толькі Вярхоўны Савет, а і сталічны люд? Хто стаяў і стаіць за ім, жывячы бунтоўны дух яго? Ордэн езуітаў, след якога прасочваўся і на Берасцейшчыне? Хтосьці з каталіцкіх святароў, да якога належаў і ягоны род? Хтосьці з палітыкаў?
Пытанні свідравалі шышкаваты вузкі чэрап высокаўзнесенага на новай палітычнай хвалі былога акадэміста (і гэты ж археолаг - з цёмных акадэмічных калідораў!), і той не мог не адчуць пэўнага свербу. Адчуў - і перш павярнуў галаву, а потым усім тулавам павярнуўся да Ковача. Іх позіркі сустрэліся - сутыкнуліся, выкрасаючы маланкі гневу, і Ковачу давялося сабраць усю волю ў кулак, каб спакойна ўсміхнуцца і з усмешкаю дачакацца, пакуль праціўнік, міжволі заёрзаўшы, адвернецца. Яшчэ падумаў: «Адзіны з іх, нечага варты...», але разглядваць карак і шышкаватую плешыну археолага перастаў, пераводзячы пагляд на прамоўцу. Той усё гугніў нешта пра неабходнасць поўнай беларусізацыі жыцця і ўмацаванне ўлады інтэлігенцыі, і Ковач, нават не ўслухоўваючыся ў словы, моршчыўся: што гэты абдрыпаны інтэлігент ведаў пра жыццё? Што мог зрабіць для людзей, калі саму зваяваную ўладу ўяўляў адно як уласную заслугу перад імі?
- Мы, свядомыя, вернем былую славу Беларусі, вярнуўшы народу яго гісторыю. Гісторыю барацьбы і перамог. Гісторыю вялікіх княстваў і вялікіх сыноў зямлі нашае, - завяршаў Шутаў сваю прамову, уціраючы ўзмоклы лоб і карак скамечанай насоўкаю.
- Жыве Беларусь! - гукнуў нехта з «зянонаўцаў».
- Жыве! - адгукнуўся нястройны хор дзесятка-двух галасоў.
- Жыве, як жыла, і жыць будзе. Без вас, - працадзіў праз зубы Ковач, падымаючыся, і спакойна скіравауся да выхаду: з яго на сення хопіць, а заўтра - будзе тое, што будзе.
***
Заўтра - была субота. I не адно, каб адвесці душу ў парылцы, пад духмяным венічкам, у ахвоту, a і каб перамовіцца з сябрукамі, абгаварыць сёе-тое, не хаваючыся і не шкадуючы салёных слоў, з абеда зазбіраўся Ковач у басейн з саунай і парылкаю, які яны звычайна выкарыстоўвалі, калі хацелі сабрацца. Двое, трое - рэдка больш! - іх прыязджала, нікога, апроч іх, на замоўленыя гадзіны ў замоўлены дзень не прымалі: дагэтуль паслуга шчодра аплачвалася з партыйнай касы, а, здаралася, і ад каго-небудзь з іх гаспадару што-якое перападала, так што... Так што сумнявацца ў поўнай канфідэнцыяльнасці не выпадала.
Канфідэнцыяльнасць, звычайна, не вельмі і патрабавалася: душу адвесці - не рахунак завесці... Ды і з бабамі туды не ездзілі... I ўсё ж, калі вакол бардак і брама дзяржавы - наросхліст, не яму аднаму хацелася зашыцца зрэдку як мага далей ад прапаведнікаў адкрытасці і галоснасці - хоць на тыя некалькі гадзін, якімі мог пакарыстацца ў суботні вечар.
Папярэдне тэлефанаваць нікому не стаў: хто прыедзе - прыедзе. Апроч сваіх, ніхто у гэты час не з'яўляўся, і пакуль што ніхто не перакінууся ў ваўкалака-адступніка. Ні-хто. I, азірнуўшыся на Маскву, на тое, што чынілі там стаўленікі мечанага пад рык уральскага бугая, які рваўся да ўлады, ганарыцца было чым. Сярод вышэйшая партыйнай эліты рэспублікі здраднікаў не знайшлося. I - не знойдзецца, тут Ковач не памыляўся. А сярод новаспечаных... «Гэтыя - усе сукіны дзеці. Перад кім трэба - хвастом вільнуць, каму трэба - зубы пакажуць, а прыцісні мацней - адно гаўно папрэ», - сплюнуў ён думку пад ногі без асаблівае злосці. I прадоўжыў зборы.
Прыемнае прадчуванне прыемнага ва ўсіх адносінах вечара наўрад ці падманвала - і мог жа ён дазволіць сабе раз на тыдзень расслабіцца!
- Марусь, я пайшоў, - гукнуў, весела ўсміхаючыся: жонка не любіла, калі называў яе «па-дзеравенску», і цяпер, напэўна, пакрыўджана моршчыла носік.
- Не заседжвайся да ночы, - усё ж пачуў у адказ. - Не маладзён ужо.
- Угу, - падхапіў Ковач сумку, ужо забыўшыся і на сваю ўсмешку, і на жончыну рэпліку: наперадзе быў вольны - вольны ад усіх! - вечар, і што магло ў тым перашкодзіць? Машына чакала каля пад’езда, сауна гатова да прыёму гасцей, госці... Урэшце, не важна, хто апынецца сярод гасцей сёння: ужо ж, будзе з кім словам перакінуцца!
Хутка, ужо ў машыне, здзіўлена заўважыў (раней такога з ім не здаралася), што бязгучна паўтарае мелодыю з чутага неяк шлягера, радуючыся раптоўнай пустаце ў сабе - поўнай адсутнасці хоць бы якой захудалай думкі! «Не маладзён жа, як зазначыла жонка, а туды ж...»
Куды - вядома. I не ўшчуваць жа сябе за гэта паслабленне, як за грэх. Невялікі грэх - разняволіць жаданні цела і на пэўны час аддаць ім перавагу над усім астатнім. I думкі, і небеспадстаўныя трывогі за лёс краіны, і ваяўнічасць у непрыманні сучасных тэндэнцый у партыйным жыцці, і дзесяткі будзённых клопатаў і спраў нікуды не дзеліся і вернуцца, але крыху пазней, апасля. Пасля таго, як ён наплаваецца, надыхаецца гарачай параю, нацешыцца распараным бярозавым венікам, падстаўляючы то адзін бок, то другі.
- Чакаць пасля дзесяці? Як звычайна?
- Як звычайна, Пятро, - кіўнуў вадзіцелю, жэстам адмовіўшыся ад прапановы паднесці сумку: яго ўжо страчаў гаспадар сауны, усім сваім выглядам дэманструючы гасціннасць і гатоўнасць дагадзіць па выйшэшым разрадзе. - Добры вечар, Ігнатавіч.
- Добры, добры, Віктар Віктаравіч! - падхапіў той яго паклажу. - Сёння вы першы... Прашу!
- Пакуль хто пад’едзе, паплаваю ў асалоду, - падтрымаў Ковач гаворку.
- Басейн да вашых паслуг, - немітусліва мітусіўся той вакол. - I пара ўжо ў самы раз. Спатрэблюся - толькі гукніце!
- Вядома ж. Дзякуй, - кіўком галавы адпусціў Ковач праважатага і стаў распранацца, любоўна агладжваючы цела, якое ссумавалася па вольных рухах, па крыху волкім духмяным паветры і ўздыхах вады пад узмахамі рук падчас першага заплыву.
Басейн, хоць і неспартыўнага тыпу, але і Ковач жа - не плывец-разраднік, так што чаша чысцюткага блакіту, прыняўшы яго з шумным усплёскам, тут жа напоўнілася задаволеным пафыркваннем яго на кожны ўзлёт рукі. Нікуды не трэба было спяшацца, нішто не вымагала напружання - цела паддавалася ласкавым абдымкам у меру падагрэтай вады з асалодаю, то заміраючы на хвілінку на яе паверхні, то апускаючыся ў часе нырца ў празрыстую глыбіню і зноў спружыніста ўзлятаючы наверх.
Калі добра-такі астудзіўся і адчуў пэўнае наталенне, падплыў да борціка, падняўся па прыступках у залу і, прайшоўшы пад душ, нейкі час стаяў пад пругкімі гарачымі струменямі. I вось ужо цела налілося чырванню і быццам «задымілася» жарам, патрабуючы, каб гарачыя струмені змяніліся халоднымі, амаль ледзянымі, і вось ужо атрасаўся ад іх Ковач, каб прайсці ў парылку.
- Фу, халера ясная! Ха-ра-шо-о...
- Вітаю, Віктар Віктаравіч, - гукнуў хтосьці знутры, і ён, толькі скіраваўшы позірк, пазнаў Шэршаня.
- A-а, палкоўнік... Маё шанаванне! Рады, рады суседству. Даўно не бачыліся.
- Ды не дзіва: дзень як год пражываецца, азірнешся - зачапіцца няма за што, - закінуўшы рукі за галаву і адкінуўшыся да сцяны, прыкрыў той вочы: ці то не хацеў працягваць гаворку, ці то даваў Ковачу магчымасць спакойна ўладкавацца на палку.
Ковач не спяшаўся адказваць. Праверыў гатоўнасць бярозавых венікаў, прагна ўдыхаючы гарачы водар распаранага лісця. Акрапіў адным з іх месца на палку. Нетаропка ўсеўся і колькі хвілін дыхаў на поўныя грудзі, паціраючы цела далонямі.
- Як там заклятыя радаўцы з іх новаўвядзеннямі? Так і не атрымліваюць адпору ні ад каго? - ленавата пацягваючыся, пацікавіўся Шэршань.
- Пакуль натоўпы збіраюцца вакол іх, пакуль вераць іх балбатні, нашы намаганні ні да чаго не прывядуць, - працягваў лёгкі масаж Ковач, не паварочваючы галавы. - Не з імі трэба тузацца, а з людзьмі працаваць, перахопліваючы там, дзе выпадае, ініцыятыву.
- Каму працаваць? - буркнуў той. - Хто не стаў перабежчыкам, спадзеючыся чым тлусцейшым пажывіцца, зашыўся ў цёмную шчыліну - цягачом не вывалачаш.
- Цягачом не вывалачаш, пернікам - выманіш.
- Ага. Асабліва, калі пернік - памерам з асабняк. Ды яшчэ грашмі набіты.
- Каму - пернік, каму - асабняк... - пагаджаючыся, не пагаджаўся Ковач. - Нездарма ж кажуць: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек...
- Ты... - запнуўся Шэршань на слове. - Ты, Віктар Віктаравіч, разыграць мяне ўздумаў, ці як цябе разумець?
- Усё б нам уразумець! - пасміхнуўся той, цягнучыся да веніка. - Ілбы моршчылі, мазгі да кіпення даводзілі, каб шэрыя, асцюкаватыя думкі змаразмелых кіроўцаў прычасаць, каб льга было тым на людзі выйсці, а новага лідэра не змаглі ні выхаваць, ні прапанаваць, калі спатрэбілася.
Першыя ж удары венічка па плечах, па грудзіне асіудзілі словы, яшчэ не выказаныя, але ўжо даспелыя і гатовыя сарвацца з языка, і Ковач не стаў іх агучваць, лёгка, быццам гуляючыся, хвастаў і хвастаў сябе па спіне.
Змоўчаў на пачутае і палкоўнік, хоць па тым, як учасцілася яго дыханне, адчувалася, што абыякавым не застаўся, што нешта муляла і яму: хвіліна-другая - і выплеснецца ў той ці іншай форме.
- Інакш думаеш, Сямёнавіч? - зіркнуў на яго праз плячо Ковач. - Ці слова саланейшае падбіраеш, каб гаворку падагрэць?
- Які толк з солі, калі яе ніводнаму шалудзіваму кабялю на хвост не насыплеш? - узяў той другі венік з тазіка, прымерваючыся да наступных рухаў. - I чуць не чуюць, калі даклад ідзе ў цэнтр, і рабіць нічога не даюць. «Ёсць думка...», «далейшае - не ваш клопат...» Цьфу!
Шэршань з такой сілай апусціў венік на плячо, што на ім адразу загарэліся ярка-чырвоныя пляміны, але ён быццам не заўважыў гэтага. Наадварот. Крыху счакаўшы, лупцануў па другім плечуку, толькі гучна, задаволена фыркнуўшы.
- Сюсюкаюць, цалуюцца пры стрэчах узасос, барацьбой супраць Сталіна - пакойнага ўжо як не паўстагоддзя! - цешачыся, а народ адно і можа супрацьпаставіць - з ягонымі партрэтамі на лабавым шкле аўто раз’язджае. I каб хоць адна сука там, у Крамлі, аскалілася на гаспадара! - на шэльму, Богам мечанага...
- Сука на тое і сука.,. - нягучна адгукнуўся Ковач. - Ніводнага афіцэра, выходзіць, няма, здатнага на ўчынак. Як некалі...
У два венікі ішла работа. Хвіліну, другую, трэцюю. Пакуль Шэршаньне гукнуў:
- Ігнатыч! Паддай пары!
I вось ужо распараныя, чырвоныя ад жару і бярозавага масажу, зможана распласталіся мужчыны на паліцах, аддыхваючыся і супакойваючыся. Хоць, калі б зазірнуў хто, апроч звыклага да ўсяго Ігнатавіча, у парылку цяпер, то жахнуўся б і спякотнага паветра, і чырвоных, як ашпараных, мажных мужчынскіх целаў, і цяжкага гарачкавага дыхання іх, якое добрых дзесяць хвілін не магло аднавіць ранейшага рытму. I не па прымусе ж - па сваёй волі чынілі здзек над сабою!
- Самы час - пад халодныя струмені душа і ў басейн! - выдыхнуў Ковач, і тут жа скаціўся з палка, і тут жа спружыніста ўскочыў на ногі
Выйшлі разам. Гаворка не аднаўлялася. Астывалі ў басейне хто як ха-юцеў: Ковач нейкі час пакалыхваўся на вадзе, раскінуўшы рукі, як паплавок. Шэршань брасам адольваў той дзесятак метраў, які быў у яго распараджэнні, і потым пакручваўся ў вадзе штопарам, ахалоджваючы цела, каб зноў лёгка слізгаць па вадзе, уздымаючы хвалю.
Толькі пасля таго, як выйшлі з басейна і, ахінуўшыся прасцінамі, падселі да невялікага століка, дзе ўжо стаялі падрыхтаваныя Ігнатавічам куфлі з квасам, зірнулі адзін на аднаго. Зірнулі - і засмяяліся.
- Трэба ж з такім імпэтам аддавацца адпачынку ў лазні! - ажно скура задымілася.
- Скура - нічога... Абы дух не збег! - падтрымаў палкоўніка Ковач, пацягваючы квас з такою асалодаю, што нават губы аблізваў.
- Ігнатыч! Яшчэ кваску, калі можна!
- Можна. Чаму ж не? - тут жа з’явіўся той з новымі куфлямі і, памяняўшы поўныя на пустыя, гэтак жа ненавязліва-незаўважна знік.
Тыя ж вольна разваліліся ў крэслах і, здаволіўшы першую смагу, не спяшаліся асушаць другі куфаль.
- Як думаеш, Сямёнавіч, утрымаемся ў гэткую ліхую часіну? Утрымаем сітуацыю?
- Ды калі б сітуацыю! - адгукнуўся той праз зубы. - Вісельнік, што вось-вось адштурхне табурэтку, на якой стаіць, і пачне на вачах сінець, - не прадажны самадур, для якога так і не знайшлося ката з Крамля, а сацыялізм. Са-цы-я-лізм! Наша сацыялістычная краіна, падштурхнутая да самагубства, каб кожная зграя акрыялага з нашай дапамогаю гругання потым падаллю ўсмак пажывілася. Пахадзілі ў пераможцах? До! Пажылі як людзі? Хопіць! Буржуям чорныя рабы збрыдлі - славян падавай!
Шэршань зноў смачна вылаяўся, сплюнуўшы мацюкі ўбок, і доўга цадзіў скрозь зубы квас. Зрэдку зіркаў на Ковача (чаго маўчыць?), і калі той так і не адказаў на ягоную гнеўную тыраду, па-ранейшаму задумліва дзівячыся на куфаль з квасам, чарговы раз сарваўся.
- Як словы ні салі, усё роўна сабе пад ногі сплюнеш, - паморшчыўся Ковач на новую порцыю лаянкі. - Ніхто не супрацьстаіць Крамлю, бо кожны - на кручку, баіцца. Задоўга ўсе баяліся...
- Спадзяюся, Віктар Віктаравіч, ты не пра мне?
- I пра цябе. I пра сябе, - не схацеў нічога змякчаць Ковач, жмурачыся ад асалоды новага глытка. - Усе мы з аднаго цеста, адным пекарам замешаныя, Пятровіч, прызнаёмся ў тым сабе або не. Прапануюць - галасуем, пагарджаюць нашай думкаю - перастаём думаць, перакладваюць адказнасць за сваю безгаловасць на нас - прымаем i валачом на сабе. Мо не згодзен?
- Згодзен - не згодзен... Справа ж цяпер не ў тым, - буркнуў Шэршань, злосна адсунуўшы апустошаны куфаль.
- Справа цяпер у тым, хто з гэтага бардака выберацца жывым і дзе ў выніку апынецца. Апынуцца ж можна дзе заўгодна. Сярод новаспечаных буржуйчыкаў. Сярод здрадцаў. Сярод апляваных і забытых усімі арыштантаў.
- Ну-у, гэта ўжо хрэна ім! - зноў ускінуўся Шэршань. - Не ўсе і мёртвыя сярод мерцвякоў знаходзяцца, а жывы тым больш жывым не дасца. I каму?! Неданоскам гэтым?
- Я да апошняга спадзяваўся, што да распаду не дойдзе, што адумаюцца... Ажно не! Хапіла сяму-таму некалькіх паездак за мяжу, дзе яго прымалі як будучага лідэра сусветнага ўзроўню, і пацяклі мазгі... На ўсё пагадзіліся. Усё аддаюць. Нават тое, чаго ад іх ніхто ў Еўропе і не чакаў. А народ маўчыць. Прыглядваецца. Чакае.
- Прычакае новае ярмо на шыю!
- Ярмо - не кара, калі душа з ім змірыцца схоча, - пагладжваў то адну, то другую руку Ковач, узіраючыся ў палкоўніка. - Ды ці схоча? Ці апамятаецца, перш чым апынецца ў цяжкіх ковах, якія адно з мясам здзіраць давядзецца?
- Во, трасца на яго, дажылі! Во дазмагаліся! Самую ідэю камунізму трыбушаць на вачах што свае, што чужыя нягоднікі, а за зброю ўзяцца і абараніць хоць бы ўласны гонар, як не гонар краіны, няма каму. Ігнатавіч!
- Чым магу?
- Чаго крапчэйшага не знойдзеш?
- Крапчэйшае - сухі гарачы дух сауны, - жэстам паказаў Ковач Ігнатавічу, што гарэлка не спатрэбіцца, і той знік за дзвярмі. - Пайшлі пагрэемся. I пагамонім на цвярозы розум.
- Дык я ж...
- Ты, як і я, звыкся з тым, што браць - калі ўжо браць! - трэба з нахрапу, каб праціўнік і пікнуць не паспеў. Ды толькі праціўнік цяпер іншы, - уладкоўваўся Ковач на драўлянай лаве, прыкрыўшы галаву спецыяльна пакладзенай шапачкай. - Не хтосьці адзін, не адна нейкая купка людзей ці арганізацыя, а - уся заходняя цывілізацыя, выпетраная распустаю і непамернымі патрабаваннямі ўсё большага камфорту, хворая на малакроўе, не толькі энергетычнае. Дзесяць-дваццаць гадоў - пачало б задыхацца. А тут... Тут акрыялая пасля вайны з немцам краіна - імперыя! - якой стаў кіраваць, як высветлілася, прагны да славы і грошай, іх пасланнік, - сама ў рукі плыве. Адно-два намаганні, адзін-другі хітры ход - і сякера сама пойдзе крамсаць і перакройваць тэрыторыю... Як аслеплі ўсе! Як аглухлі, аглушаныя раптоўнай галоснасцю!
- Усё - па законах змовы... - спахмурнеў Шэршань, незадаволены ўжо тым, што не прапусціў, як зазвычай, колькі чарак гарэлкі, а яшчэ ж адчуваў: і Ковач ад яго нечага чакаў. Чаго? Што ён, просты палкоўнік службы бяспекі, мог змяніць ці зламаць пры сённяшніх умовах?
- Думаеш-гадаеш, няйначай, да чаго хілю, - лёгка прачытаў Ковач яго думкі. - Да таго, што змова вярхоў магчыма тады і там, дзе пануе абыякавасць. Тупая абыякавасць тых, каму ў барацьбе за ўладу на гэтым этапе нічога не свеціць. Тупая абыякавасць народа, сто разоў падманутага ў сваіх чаканнях і спадзеўках: бяры любога, хто трапіць пад руку, і гні, куды гнецца...
- Хочаш сказаць: хана ўсяму?
- Хачу сказаць: нельга бясконца пагарджаць людзьмі, - абхапіў сябе рукамі Ковач і ціхенька пахітваўся з боку на бок. - Звычайна абарочваецца гэта або аскаціньваннем агромністай масы людзей, або сляпым крывавым бунтам, калі на пярэдні план выходзіць гісторыя.
- Пры чым тут гісторыя? - буркнуў Шэршань, так і не ўразумеўшы, куды той хіліў.
- Гісторыя помсціць за пагардлівае стаўленне да яе, і сем дзесяцігоддзў, якія сталі важкай апорай у пабудове дзяржавы для многіх народаў, ніякаму перабудоўшчыку кату пад хвост не кінуць. Колькі б ні бэсціў мінулае, колькі б ні аплёўваў Сталіна.
- I бэсцяць. I аплёўваюць. Таму што баяцца. I мёртвага - баяцца..!
- Вядома, - пацвердзіў Ковач, узіраючыся ў суразмоўніка. - Апошняму прайдзісвету як не розум, дык інтуітыўнае веданне падказвае: смяротная - толькі плоць, дух нельга ўмярцвіць, як ні шчыруй, колькі ні злуйся. Вось і выходзіць, што мінулае, хоць блізкае, хоць далёкае, - не мерцвячына, што яно не пахавана - і не будзе пахавана! - ніводным пакаленнем далакопаў. Hi раней, ні цяпер.
- I Сталін...
- I ненавіснага ім Сталіна, хоць і вынялі яны яго з маўзалея, закапалі прах пад крамлёўскай сцяною і праклінаюць якое ўжо дзесяцігоддзе ўсім кагалам, у мінулага не адабраць, з гісторыі не выкінуць. Ён - жывы і грозны дух і пасёння, бо ўвасобіўся - у духу гісторыі. I, калі не прызнаць гэта - калі і далей не прызнаваць! - не праклёнам, а неўтаймоўнай стыхіяй уварвецца былое ў наша беспамятнае жыццё, пакінуўшы па сабе адно папялішча. Як было неаднойчы. Як можа стацца яшчэ не раз.
- Ну, ты, Віктар Віктаравіч, і вывернуў! - пацмокаў языком Шэршань. - Вось толькі няясна: мы, грэшныя, пры чым?
- Пры тым, што абвінавацяць - нас. I заўтра. I праз гады. I праз дзесяцігоддзі, калі ўжо забудзецца, што гэта быў час нячыстай сілы, - выціраў узмоклы лоб краем прасціны Ковач.
- Ды хто - хто?! - абвінаваціць?
- Дзеці. Унукі. Праўнукі.
- Ат! - мацюкнуўся Шэршань, адварочваючыся. - Яны мо і абвінавацяць. За тое, што ў штаны наклалі пры першай жа пагрозе ўласнаму спакою.
- А то ты шмат спакою за жыццё зведаў! - лёгенька паляпаў палкоўніка па плячы Ковач, далучаючыся да ягонай трывогі. - Ведаць бы напэўна, што сёння льга зрабіць! Вось рыхтуем зварот на адрас Палітбюро. Падпішамся... Дашлём. А ў тое, што паўплывае гэта хоць на адно рашэнне Крамля, і я не веру. Усё ў меншай ступені веру.
Дадаў, быццам падправіў сказанае раней, і падняўся.
- Пойдзем пабоўтаемся ў басейне, - азірнуўся на Шэршаня і, убачыўшы, што той чамусьці прыгнечаны пачутым, падбадзёрыў: - Потым і пляшку агораем, як не супраць. Закусь якая-ніякая знойдзецца.
Той неяк сцішана пайшоў следам. Цяжка боўтнуўся ў ваду, падняўшы хвалю пырскаў. Вынырнуў, атросся ад буйных кропель, правёў даланёю па твары. Падумаў, што пад чарку выкажа Ковачу ўсё, што муляла ўжо каторы месяц - каторы год! - і ўдзень, і ўначы: рассіропіліся пад шамканне крамлёўскіх старцаў, пільнасць страцілі, разам з іх прахам умуроўваючы ў сцяну на Краснай плошчы і свае спадзеўкі на справядлівасць. На нейкую высокую справядлівасць эпохі - вечнасці! - у якую залатымі літарамі ўпішуць і імёны будаўнікоў камунізму. I што?! Вокам зміргнуць не паспелі, разглядваючы меціну над ілбом чарговага генсека, як стаў ператварацца той у нячысціка, у пачвару, крышачы нажытае народам, аплачанае потам і крывёю мільёнаў. I каб хто піскнуў: на чужы каравай рот не разяўляй! Не... Пішуць пісьмы... Прымаюць звароты... Замест таго, каб арыштаваць парачку-другую казлоў!
Думкі гарчылі. Шэршань раз-пораз даваў нырца, потым шумна адфыркваўся, зіркаючы на Ковача, які спакойна плаваў узад-уперад па кароткай воднай дарожцы, і ніяк не мог адагнаць трывогу, трывожнае прадчуванне ўжо блізкіх па часе падзей, што абернуцца нечуванаю сацыяльнай катастрофаю.
***
Шмат было выпіта за іх сталом, няшмат, Стаса асабліва не цікавіла. Ён амаль што не піў. Прыгубліваў чарку, моршчыўся ад горкага паху спомінаў і адстаўляў убок - так, каб пад рукою, але не на вачах. Прыйшоў жа, каб развеяцца, убачыць каго з сяброў-акцёраў, паслухаць гарачыя спрэчкі пра палітыку Крамля, пра таямніцы Сіона, пра фестывалі трансвесцітаў і няўдалыя рэжысёрскія спробы перамалоць класіку на муку для ўласнага печыва, пра выбрыкі зорак эстрады і дурное самалюбства чы- ноўнікаў - словам, пра ўсё на свеце!
Гаворка ж з самага пачатку не пайшла. Драматургу муляла абмеркаваць сваю новую п’есу са знакамітай крытыкесаю, якую ён прывёў, а тая, цікуючы за прадпрымальным кавалерам, хоць і не падсмейвалася, але і адкрытых выказванняў пазбягала. Пацягвала каньяк, з гатоўнасцю падстаўляла чарку, калі Жлуктаў, не выпускаючы пляшкі з рукі, імкнуўся падліць, спрабавала ўцягнуць у сваю гульню і яго, маладога і малавядомага, а то проста адмоўчвалася на доўгія тырады і цытаты з тэкстам п’есы, спецыяльна, па ўсім відаць, падрыхтаваныя для падобнай стрэчы. Ніколі ні на якім кані не ўдавалася нікому аб’ехаць Эвеліну з таго ці іншага боку, і самаўпэўненасць Жлуктава весяліла кампанію. Пакуль яна заставалася кампаніяй, больш-менш цвярозаю, каб успрымаць сітуацыю адэкватна. Стас жа, які хоць і чуў пра Эвеліну, бачыў яе ледзь не ўпершыню, таму і сачыў за ёю з пэўнай цікавасцю. Што не засталося незаўважаным.
- Вы - яўна не з тых паэтаў, хто чытае свае вершы ў «Мутным воку» публіцы, якой на іх напляваць, - павярнулася да яго ў нейкі момант Эвеліна, падкрэсліўшы гэтым жэстам сваю ўвагу.
- Не з тых, - адгукнуўся Стас, пазіраючы не на даму, а на яе кавалера з перакошаным ад крыўды тварам: столькі шчыраваў, з такім імпэтам разыгрываў сцэну з п’есы, а ў адказ - ні слова, ні кіўка галавы... - Хоць вам, думаецца, не дагадзілі б ні адны, ні другія.
Чаму ён гэта сказаў, і сам не ведаў. Не проста ж з мужчынскай салідарнасці, няхай сабе Жлуктаў (а мо і не толькі Жлуктаў) успрыняў менавіта так. Нават крыва ўсміхнуўся, апускаючы галаву, каб не сапсаваць усё сваёй усмешкаю.
- У хлопчыка, аказваецца, зубкі ёсць, - разглядвала Стаса Эвеліна, не хаваючы раптоўна збуджанай цікавасці. - I не выпалі, і не павыбіваныя...
- Мне ўспрымаць сказанае як камплімент?
- I як камплімент! - умяшаўся Жлуктаў, каб хоць неяк ацаніць абстаноўку.
- Ужо ж, не з асцярогі, - на ўсе зубы заўсміхалася Эвеліна, і галавы ўбок драматурга не павярнуўшы, - так, бы ўжо скарыстала яго напоўніцу і цяпер усю увагу пераключала на наступную ахвяру.
- А як жа я, Эвеліна Міхайлаўна? - тэатральна выказаў ён непадробную крыўду.
- А ты, Жлуктаў, перастань чапляца за прынесеную пляшку і ў думках падлічваць прапіты барыш, а налі каньяку паэту. I мне. Не шкадуючы.
- Ды хто шкадуе? Хто шкадуе? - замітусіўся той і, разліваючы каньяк, такім шырокім жэстам нахіліў бутэльку, што нават выплеснуў колькі кропель на стол. - Для ва-ас... 3 такой нагоды...
- 3 якой нагоды? - не стрымаўся Стас, каб не пакпіць.
- Дык як жа? А мая п’еса? А знаёмства... вы...
Думка забуксавала, і язык адразу стаў заплятацца, спатыкаючыся на словах, - Стасу нават стала крыху шкада драматурга: нішто ж, як яму здавалася, не вымагала такога прыніжэння перад саноўнай дамаю, ды яшчэ пры сведках... Хоць у сведкі ён у гэткім тлуме і сябе не запісаў бы!
- П’еса як п’еса, - не Жлуктаву, а чамусьці Стасу сказала Эвеліна, - з яе можна і «канфетку» зрабіць, як знойдзецца каму, а можна і ў сметніцу спакойна кінуць. Колькі паперы на падобнае дабро пераведзена, а спектакль па сваіх, не залежных ад драмаіурга, законах скрозь нараджаецца.
- Эвеліна Міхайлаўна! - развёў рукамі Жлуктаў.
- Не рабі выгляд, што сказанае - табе ў навіну. Не паверу.
- Жорстка вы, аднак, - не мог адвесці пагляду ад па-драпежніцку прывабнага твару далёка не маладой крытыкесы Стас.
- Напрасіўся, - спакойна цадзіла тая каньяк, так і не зірнуўшы ніводнага разу на зніякавелага Жлуктава.
Ніхто з траіх не прамовіў больш ні слова. Жлуктаў ёрзаў у крэсле, то намерваючыся ўстаць і пайсці, то зіркаючы на недапітую пляшку дарагога каньяку. Эвеліна па глытку, па кроплі смакавала каньяк, яўна някепскі, і толькі зрэдку, з-пад паўапушчаных вейкаў, пазірала на Стаса - ці то вывучала, ці то прыручала? Стас старанна пазбягаў яе позіркаў, інтуітыўна адчуваючы нейкую небяспеку. Не страх, а менавіта небяспечнае набліжэнне чагосьці невытлумачальнага.
«Гэтак, відаць, паводзіць сябе трус перад удавам, не ведаючы, злітуецца той і адвернецца ці заглыне...» - мільганула нечаканая думка-падказка, і яна Стасу не спадабалася. Што азначала адно: ён ужо быў навязаны. Яшчэ не ўцягнуты ў чужое магнітнае поле па вушы, але ўжо навязаны.
- Не малюй мяне страшнейшай, чым я ёсць на самай справе, - лёгка разгадала яго стан, накірунак яго думак Эвеліна, і Стаса як варам аблілі: счырванеў да самай макаўкі, апусціў пагляд, шукаючы нейкай апоры, і, не знайшоўшы, нервова кульнуў у рот напоўненую да краёў чарку.
Далейшае ўспрымалася як скрозь туман. Дапівалі каньяк Жлуктава, які, незаўважна для абоіх, знік, растварыўся ў цыгарэтным дыме. Гаварылі... Гаварыла, у асноўным, Эвеліна, ахінаючы, ахутваючы шчаўліка, як у хуткім часе пачала называць Стаса, нягледзячы на яго кволы пратэст, мяккімі слізкаватымі словамі і церпкім пахам замежных цыгарэт, якія бесперапынна смаліла. Зрэдку абменьваліся дотыкамі... Дакладней, Эвеліна зрэдку краналася рукі Стаса пальцамі, абчаплянымі пярсцёнкамі з каштоўнымі камянямі, а то і пагладжвала яго руку.
Вядома, калі б ён быў пры сваёй памяці, то зразумеў бы прыроду і гэтых слоў, і гэтых жэстаў: так ведзьмавалі з даўніх часоў, прычароўваючы душы, падпарадкоўваючы думкі і памкненні абранай ахвяры, прывабнай сваёй маладосцю. Але ўсё бачылася ў цьмяным святле жаночага позірку, і тое, што мажной, прыгожай нейкай д’ябальскай прыгажосцю жанчыне мала чаго не ставала да пяцідзесяці, і яна магла б быць яму маці, чамусьці не тое што не бянтэжыла, a і не насцярожвала. У Стаса і ў думках нічога падобнага на мажлівасць інтымных адносінаў з «мадам» не ўзнікала, а тое, што яна...
«А што - яна?» - адмахваўся Стас нават ад ценю намёку, а праз паўгадзіны, калі Эвеліна, пахітваючыся, паднялася з-за століка, ён ужо быў сама галантнасць.
-Ужо трэба ісці?
- Ісці... ехаць... - умела падыгрывала моманту тая. - Спадзяюся, ты не кінеш мяне пасярод начнога горада?
- Ну, што вы! - горда ўскінуў галаву Стас, хоць перад вачамі ўсё ціхенька пахітвалася, то наплываючы на яго, то адплываючы.
- Мы ўсё яшчэ на «вы»?
- Пэўна ж... Вы такая... - мармытнуў Стас, памкнуўшыся падтрымаць жанчыну і не заўважыўшы, што гэта яна яго падтрымала.
- Пойдзем, шчаўлік, - моцна ўзяла Эвеліна хлопца пад руку. - I «Мутнае вока» зачыняюць, і таксі трэба яшчэ злавіць.
Гаварыла, быццам угаворвала, і вяла да дзвярэй, потым - уніз па прыступках. Абапіраючыся на яе руку, на яе плячо ледзь не ўсім целам, Стас падпарадкоўваўся ахвотна, адчуваў сябе ўтульна і не зважаў ні на спуск па няроўнях каменных сходах, ні на начны горад, ні на гаспадыню становішча, якую ўзяўся праводзіць дадому. Ноч здавалася цудоўнаю, жыццё бачылася вясёлкава перспектыўным, любая (ён некалькі разоў назваў Эвеліну Любашаю, хоць тая зрабіла выгляд, што не заўважыла) ішла побач, поруч, і ў іх наперадзе была цэлая вечнасць.
Якая машына спынілася на жэст Эвеліны, куды яны ехалі праз начны Мінск, як апынуліся перш у шыкоўнай па мерках горада кватэры, а потым і ў ложку, Стасу і з цягам часу, пэўна, не ўзгадаць. Ішоў сваімі нагамі, распранаўся ўласнаручна, на ласку жаночага цела адгукаўся ўсім целам, з усім уласцівым маладосці імпэтам і запалам, пад душам, пад ледзянымі струменямі душа адфыркваўся амаль весела. Пакуль не пачаў цверазець...
«Ды я ж і не піў зусім... - здзівіўся сам сабе. - I параўноўваць нельга з былымі запоямі...»
Думка напалохала. Раптам моцна напалохала менавіта сваёй цвярозасцю: у каго ў доме ён плёскаўся пад душам? Як тут апынуўся? Чаму твар перакошвае балючая крывая ўхмылка?
Вада даўно лілася паўз яго, а роспач усё блукала па крузе - у адным і тым жа крузе, і нешта ж трэба было рабіць!
Выключыў ваду. Уцёрся. Ахінуўся ручніком і выйшаў з ваннага пакоя. У прыхожай, проста на падлозе, было раскідана ягонае аддзенне. Уперамешку з жаночым. Паціраючы лоб, Стас падняў з-пад ног колькі жаночых рэчаў, кінуў на крэсла. Знайшоў свае і, толькі нацягнуўшы штаны, з пэўнай палёгкаю ўздыхнуў: ужо не галяком!
3 пакояў не далятала ні гуку, і ён прадаўжаў апранацца, зрэдку азіраючыся на дзверы. Разумеў, што давядзецца зайсці - хоць развітацца, калі ёсць з кім! - і ўсё адцягваў гэты момант. Побач з кім правёў рэшту вечара, памятаў - успомніў! - але адмахваўся ад споміна («Не мог жа я апынуцца ў адным ложку з Эвелінаю!») і шукаў нейкага апраўдання. Апраўдання - хоць так, хоць гэтак зірнуць! - не знаходзілася, і заставалася апошняе: адчыніць дзверы ў пакой і...
- Шчаўлік, ты сыходзіш? - гукнула Эвеліна з пакоя, і Стас, перш чым адчыніў дзверы, глуха, з адчаем застагнаў, памянуўшы сябе і ўвесь белы свет апошнім са слоў. - Не хочаш прылегчы?
- Не, не! - толькі зіркнуў Стас убок ложка, на якім, так нічым і не прыкрыўшыся, ляжала - ды не ляжала, а нахабна выстаўляла ўсю груду свайго цела! - Эвеліна, распусная старая карга, якая толькі што выкарыстала яго, апаіўшы ці ачмурыўшы папярэдне. - Прабач, я быў п’яны...
- Ты быў малайцом! - засмяялася тая ў адказ, хоць Стас ужо матлянуўся назад у дзверы, далей і ад яе смеху, і ад яе самой.
Замок адшчоўкнуўся легка, лесвіца аказалася не беспрасветна цёмнай - і ноч сустрэла яго поўным зорак, ужо яўна перадсвітальным небам.
- Божа мой! - выдыхнуў ён на поўныя грудзі, дзівячыся на неба і быццам забыўшыся ў гэты момант на ўсё перажытае і ў апошнія гадзіны, і ў апошні год, калі сэрца разрывалася паміж любоўю і смуткам: неба - ва ўсёй сваёй мізэрнасці і грахоўнасці - прад ёю?
Ішоў, не задумваючыся, куды выведзе яго дваровы завулак, куды скіруе незнаёмая начная вуліца, - неба плыло над ім, прыцягвала пагляд, вабіла, і хоць паэтычныя радкі яшчэ не гучалі ў душы, але прадчуванне іх мацнела. I паціху займаўся золак, і паціху вярталася даўно і, здавалася, назаўсёды зніклая радасць.
Так, жыццё сутыкнула Стаса яшчэ з адным цёмным бокам яго слабой мужчынскай прыроды, і ўсё ж яно дарыла яму гэты золак, гэта прасвятлелае неба, гэта прадчуванне новай - іншай! - радасці, і ўдзячнасць перамагала ўсе астатнія пачуцці. Так, жыццё наўрад ці адпавядала агульнапрынятаму вызначэнню і лепш - дакладней! - параўноўваць яго не з тэатрам, а з гульнёю ў падкіднога, калі кожны імкнецца пакінуць у дурнях каго іншага, але часцяком застаецца ў пройгрышы сам. Але і выйгрыш, і пройгрыш звычайна падманныя - часовыя! - а жыццё працягваецца, ідзе па сваіх, не залежных ні ад каго законах. I прымаць або не прымаць гэта як факт, паўплываць ні на адзін з законаў не можаш. Ніхто не можа. Колькі б ні пнуўся.
- I той, хто ўзлятаў і лунаў над шляхам, над явай, над лёсам, не скажа, што зжыта віна за зжатае лёсам калоссе... - уголас, даволі гучна прадэкламаваў Стас радкі, што нарадзіліся ў душы толькі што, і сам здзівіўся: здавалася б, пра іншае думаў, іншым быў заклапочаны...
А словы, зноў і зноў паўтораныя, ужо жылі сваім жыццём. I паціху займаўся золак, высвятляючы неба, і паціху вярталася да Стаса спакойная ўпэўненасць: наперадзе яшчэ не адна страта, не адна крыўда, але і не адна радасць стрэчы з паэзіяй і любоўю! I значыць, трэба жыць, рабіць тое, што належыць у кожным выпадку, і няхай будзе тое, што будзе.
***
У Міністэрстве культуры ўмелі трымаць нос па ветры, і ўсё ж час быў такі няпэўны, што змены - любыя змены! - маглі адбыцца калі заўгодна і тычыцца любога, ад простага клерка да міністра. Таму рашэнні калі і прымаліся, то з такімі адцяжкамі і зацяжкамі, што не ва ўсіх ставала цярпення дачакацца хоць якога выніку пасля свайго запыту. А дзе ўжо пра грошы заходзіла гаворка - пра фінансаванне таго ці іншага спектакля, канцэрта ці выстаўкі, і ўвогуле не мела сэнсу на штосьці спадзявацца: нават як мелася якая-ніякая капейчына, ніхто не браў на сябе смеласць распарадзіцца ёю. Без высокага на тое дазволу, зразумела.
А тут яшчэ міністру ўздумалася сваю прынцыповасць выказаць - не дома на кухні, а ў адным з кабінетаў Дома ўрада... Пекар, дазнаўшыся, нават не адразу паверыў: цяпер? калі ўсё на валаску? калі над кожным - дамоклаў меч? «Звар’яцеў стары, - адно і падумаў. - Самому збрыдла ў Саўміне ацірацца, каму іншаму не падгаджваў бы!»
«Каму іншаму» - гэта, вядома, яму, Пекару: столькі год штаны праціраў, мяняючы кабінеты і пасады ў Міністэрстве, што ўжо ж заслужыў і самую высокую з іх. I не сённяшнім днём.
Сёння, калі вакол віравала мноства плётак, заяў і агучваемых спрэс і ўсімі змрочных прадказанняў, спадзявацца не выпадала. Пекар і не спадзяваўся. 3 аднаго боку, яго задавальняла тое становішча, у якім знаходзіўся, - не было б горш! 3 другога боку, не тое што пэўных гарантый, але і больш-менш рэальнай перспектывы ніхто не прапаноўваў - не ведаеш, з кім набудзеш, з кім страціш... Асцярожнасць ніколі не перашкаджала, падчас палітычнай нестабільнасці і барацьбы ўсіх супраць усіх без яе, не настроіўшыся на яе, і з дому выходзіць не варта было: не ў адну, дык у другую кучу гаўна трапіш...
Не, не! Зорак з неба Пекар і раней не хапаў, а цяпер, калі неба спрэс шэранню зацягнутае і калі праясніцца, невядома, ён і ўвогуле пра іх не ўзгадваў. Ведама ж, шчасце: ухапіцца за бліскучую прапанову і пад рогат натоўпу бразнуцца вобзем!
Ад чаго ён адгароджваўся падобнымі думкамі, за што і перад кім спрабаваў апраўдацца? Параіцца, перакінуцца словам пасля нечаканага выкліку да Шутава, у Вярхоўны Савет, не было з кім, вось і думаў, так і гэтак абмазгоўваючы сітуацыю. Праўда, не вельмі каб атрымлівалася: чаго хацеў ад яго Шутаў, якога ведаць не ведаў да яго абрання старшынёю? Што з яго, Пекара, хоць тут, хоць там возьмеш?
- Давядзецца з боку Савецкай пад’язджаць.
- Што? - не пачуў ён і перапытаў, нахіляючыся да вадзіцеля.
- Давядзецца круг рабіць, Іван Георгіевіч, - адгукнуўся той, робячы разварот. - Праспект перакрылі зноўку... Чарговае шэсце, відаць па ўсім...
- Шэсце? 3 якой такой нагоды? - здзівіўся ён. - Сёння ж...
- Чарнобыльскі шлях. Як зазвычай у гэты дзень. Я і сам не адразу ўзгадаў.
- А-а-а!
Легкавік аб’язджаў цэнтральны квартал ніжэй Дома ўрада, і Пекар дзівіўся таму глыбокаму задуменню, з якога не адразу выцерабіўся: нібыта і не падобна на яго... 3 каваю прыпазніўся ці ўсур’ёз устрывожыўся?
Машына спынілася, не павярнуўшы на Мяснікова, і Пекар, не ведаючы, як доўга давядзецца затрымацца ў начальства, адпусціў вадзіцеля. Пайшоў угору ўздоўж старой брукаванай вулачкі, не-не і затрымліваў позірк то на адной, то на другой купцы маладых расхрыстаных людзей, якія не дужа ўслухоўваліся ў голас, узмоцнены мікрафонам і зменены да непазнавальнасці (Пекар не пазнаваў), і таксама ўнікаў і гучання, і зместу слоў, наколькі гэта было магчыма. Даводзілася ісці практычна праз усю запоўненую людам плошчу - іншага шляху не было. Вось і ішоў. Адно стараўся своечасова абмінуць любы залішне ўважлівы пагляд і хоць знешне заставацца спакойным і ў меру зацікаўленым падзеяй, што мела месца тут і цяпер.
Некалькі разоў, калі давялося перад выхадам на самую плошчу літаральна працісквацца праз натоўп, памянуў Шутава нядобрым словам, але неяк абышлося. Прапусцілі. Ніхто са знаёмцаў не трапіў на вочы. Ніхто не спытаў, куды ён шчэміцца, абмінаючы купкі людзей. Ужо недзе за помнікам Леніну, калі здалося, што льга вынырнуць з людской гушчы і ўздыхнуць з палёгкаю, раптам убачыў на прыступках Шутава. На чале апазіцыйных лідэраў той стаяў перад самым мікрафонам: ці то толькі што звяртаўся да натоўпу, ці то збіраўся сказаць слова... Знямелы, застыў Пекар у чаканні, з недаўменнем варочаючы ў галаве адну і тую ж думку: «Мяне выклікалі ў Вярхоўны Савет, а не на плошчу...»
Калі Шутаў пачаў гаварыць, пэўна, завяршаючы прамову (гэта ягоны голас чуў Пекар здалёк), разбіраць словы праз мегафонны шум па-ранейшаму было цяжка. Тым больш, што стаяў Пекар не проста воддаль, а ззаду. Але калі прамоўца раўнуў: «Не аддамо нашых заваёў дзеля незалежнай будучыні Беларусі!», плошча, здавалася, на адным дыханні выгукнула ў адказ: «Жыве Беларусь!» так дружна і так палка, што, сарваўшыся аднекуль са страхі, над тысячным натоўпам закружляла вялікая чарада галубоў.
«Каб і схацеў, лепш не прыдумаў бы!» - міжволі стаў дзівіцца на неба над узвівамі бел-чырвона-белых сцягоў Пекар, не тоячы захаплення. Пачуццяў рэвалюцыйна настроенага натоўпу ён не падзяляў (наўрад ці новае акажацца лепшым за старое!), але належнае і арганізацыі, і імпэту нязгоды аддаваў. Іцсцэніроўка ўдалася, нічога не скажаш! - заставалася толькі рукамі развесці...
Рукамі развесці ён не паспеў: у накірунку да яго - і не заўважаючы яго! - ішоў у суправаджэнні сваёй світы Шутаў. Калі іх падзялялі крокі два-тры і ўся група павярнула да ганка Дома ўрада, Пекар матлянуўся за ёю і, перастрэты адным з целаахоўнікаў, пачаў блытана тлумачыць, хто ён і чаму наблізіўся так нечакана і так рашуча.
- Вас выклікалі? Прызначылі час прыёму? - з усмешкай удакладніў той, утрымліваючы яго. - Вось і прыходзьце ў прыёмную. Пасля таго, як аформіце пропуск.
«Дурань! Ёлупень! Хлышч безгаловы! - апошнімі словамі лаяў сябе Пекар, позіркам праводзячы размаітую світу Шутава. - Узрадаваўся! Кінуўся напярэймы! Быццам толькі ўчора з калгаснага двара...»
Ззаду гула, шумела плошча, незнаёмая і неўтаймоўная, і гэты гул быццам падштурхоўваў Пекара: не стой! ідзі куды ішоў! не зважай на паколванне ў скронях і сапсаваны настрой! Мільганула неўзабаве думка: «Мо не ісці? Плюнуць на ўсё і не ісці?», але яна яшчэ толькі больш збянтэжыла: так разважаць мог які маладзён у кароткіх штанцах, а не дзяржаўны чалавек яго ўзросту і ў падобным становішчы.
Заазіраўся, адчуўшы, што хтосьці назірае за ім, але рухі былі чыста нервовымі: плошча жыла сваім жыццём, ніхто на яго не зважаў, і Пекар зглынуў уздых, які злёгку гарчыў, і рушыў праз забрукаваны пляц да ўвахода ў Дом урада. Пятнаццаць хвілін у запасе ў яго яшчэ мелася - якраз, каб не спазніцца.
***
Шутаву прысніўся сон. Дзіўны сон, як здалося ў першы момант, - нават прарочы, і ён усё доўжыў, расцягваў гэты момант, каб зноў і зноў перажываць перажытае, каб ніводнае кропелькі асалоды не ўпусціць, не страціць. Трэба ж было ўбачыць усё так выразна, так ясна! Хоць бяры і занатоўвай, малюй - дэталь за дэталлю, краявід за краявідам...
Ён і маляваў, аднаўляючы ва ўяўленні падзеі, убачаныя ў сне, упэўнены, што гэта - сон-падказка, і ўсё ў хуткім часе адбудзецца, як і ўбачылася, менавіта ў Беларусі, менавіта з ім, Шутавым, каб пасля... Пра «пасля» нават думаць было страшнавата: занадта недасяжная вышыня адкрывалася!
Калі ўзгадваць на парадку, то перш перад паглядам узнікла ніколі не назіраемая (ды наўрад ці льга такое назіраць у жыцці!) карціна зверху, з вышыні... Вышыню дакладна вызначыць было немагчыма, бо ўслед за пагоркам, на якім узвышаўся Крэмль ва ўеёй сваёй велічы і красе, з усімі сваімі вежамі і купаламі, паўставала панарама агромністага мегаполіса - Масквы, адкрываючы далягляды ўсё шырэй і далей, ва ўсе бакі. Відовішча мянялася штохвіліну. Прычым нічога не знікала ў смузе адлегласці, нават не драбнела - пагляд (што пярэчыла ўсім законам фізікі) ахопліваў усё разам: гарады і паселішчы, магістралі і манастырскія збудаванні, лясы і рэкі... Не заўсёды Шутаў пазнаваў мясціны, часцей - проста дзівіўся, знямелы ад захаплення, але падсвядома ўсё ж чакаў, што вось-вось убачыць і Беларусь.
Перш чым зразумеў, што пагляд лунае ўжо над беларускім краем, нейкі час назіраў за двума гострымі лезамі рапіраў, за прамымі, якія імкнулі з усходу і з поўдня, каб сысціся і выкрасаваць яшчэ адну. Якраз над лясным масівам за Дняпром. Тры зіхоткія прамыя - тры вастрыі у адной кропцы - бліск, які патушыў бязмежжа, адкрытае ў розныя бакі,- тры постаці, узніклыя тут жа, здавалася, з самога ззяння, - белая арка (ці то арка храма, ці то арка самога небасхілу) над імі. Над ім, Шутавым! - бо гэта ён быў у цэнтры трыумвірату славянскіх лідэраў, бо гэта да яго звярталіся двое іншых - адзін русы, другі цёмнавалосы, прапануючы каштоўныя дары. Так, так, шматлікія дары, і самы каштоўны з іх - уладу. Поўную ўладу над людзьмі ў незалежнай краіне, якой стане Беларусь! I ўсё вышэйшаю, усё больш зіхоткаю станавілася арка над імі. I ўсё мацней сціскаліся тры рукі ў сяброўскім подіску.
Шутаў, здавалася, рос не толькі ў сваіх вачах: малы і круглапузы, ён выглядаў у гэту хвіліну дужым, у меру мажным і ўпэўненым у сабе, у сваёй значнасці, і астатнія прымалі яго менавіта такім. I разам (аднамомантна) рассаджваліся яны па машынах, адзін за адным (і першым ехаў ён, гаспадар!) кіраваліся ў вядомую ўрадавую рэзідэнцыю ў Белавежскай пушчы: забрукаваная сонечнымі промнямі дарога, кавалькады легкавікоў, міліцэйскае суправаджэнне, мігалкі, сірэны... А навокал святлела, святлела! I лес выглядаў казачным, і неба цвіло вясёлкавым россыпам лёгкіх аблачынак, і не нейкія там пабудовы трапляліся зрэдку па адзін бок дарогі або па другі, а палацы, і не сірэны ўзвывалі час ад часу, а птушыны грай страчаў і праводзіў...
Не трэба было ні пра што турбавацца, трывожыцца: ляцеў Шутаў як на крылах, на сваім легкавіку ў нейкае іншае жыцце - насустрач цуду, які даўно заслужыў, пра які не асмельваўся і марыць.
Настрой падаграваў выпіты каньяк. Колькі чарак цудоўнага напою кульнуў з гасцямі, не падлічваў: чаго-чаго, а гэтага дабра ставала, каб па-людску прыняць высокіх асоб! I пры стрэчы выпілі, і ў Віскулях нарыхтоўкі загадзя зрабілі на ўсякі выпадак - без пачастунку ніхто не застанецца. А настрой... На хвалі такога настрою ўсё ўспрымаецца чароўным!
Ехалі ў пушчу, у Віскулі, а куды прыехалі? Палац з белага каменю, фантаны між векавых соснаў, мармуровыя прыступкі, якія вядуць угору, у неба, грудастыя красуні ўздоўж лесвіцы ва ўборах, да якіх і ўсходнім па сваёй адкрытасці далёка, залатыя чары з залацістым напоем... Шутаў азіраўся на гасцей - тыя ўсміхаліся: «Смялей! Рашэнне за намі!» - «Якое рашэнне?» - хацеў спытаць, але не спытаў, бо ў тую хвіліну гэта было зусім не важна. Яны падымаліся... Яны падымаліся на Алімп! - і што б гэта ні азначала ў далёкія часы, цяпер успрымалася як шчасце. Нечаканае, невымернае шчасце прызнання на такім узроўні, пра існаванне якога Шутаў і не здагадваўся.
«Шчасце! Што гэта, як не шчасце - нечакана ўстаць нароўні з лідэрамі самых вялікіх славянскіх народаў, быць ушанаваным іх даверам, прымаць іх у сабе?» - пульсавала ў ім адна і тая ж думка, адна і тая ж радасць. Шутаў то верыў, то не верыў ёй, але адольваў прыступкі як на крылах: там, наверсе, пад самай зіхоткай аркаю, павінна адбыцца штосьці гістарычна неабходнае, і ён - ён, Шутаў! - павінен быў прыняць у гэтым удзел.
Толькі крокі за два ад мармурова-белай пляцоўкі прыцішыў бег і, трымаючыся адно за свой цень, азірнуўся. Перш нават вачам сваім не паверыў: высокапастаўленыя госці спакойна, няспешна падымаліся па лесвіцы яшчэ даволі далёка ўнізе, а, зразумеўшы, што занадта паспяшаўся і да непрыстойнасці таропка апярэдзіў іх, заліўся чырванню - яшчэ падумаюць, што паперадзе бацькі...
Ніхто нічога не падумаў - па крайняй меры, і лёгкага папроку не прагучала. Ледзь толькі ўсе трое ступілі на пляц, трохпромневая арка выбухнула, уздымаючыся над імі салютам, святло крыху сшэрхла, мяняючы іх апраткі на цямнейшыя, а ў цэнтры з'явілася круглае ўзвышэнне. Стол, не стол... Але калі прэтэндэнт на крамлёўскі прастол ступіў да яго, стол у прамым сэнсе слова ажыў: на паверхні з’явіліся келіхі з залатым напоем, стосы папер, ручкі з залатымі пёрамі, талеркі з дзічынаю і фрукты - усё ўперамешку! Тут жа наблізіліся нейкія людзі са світы, распачаўся хаатычны, на першы погляд, рух, у якім патаналі гукі, воклічы, звон келіхаў і водгулле крокаў, бо ўсе тапталіся ўкруг - і хвіліны не заставаліся на адным месцы, быццам прытанцоўвалі. Хутка Шутаў перастаў разумець, што на самой справе адбывалася, хоць гэтаксама рабіў патрэбныя крокі, перасоўваў ледзь прагледжаныя паперы, адпіваў то з аднаго, то з другога келіха, адгукаўся на чыйсьці рух ці зварот. Залатыя кроплі «Зуброўкі», залатыя промні святла, мітусня апаратчыкаў - і ніводнага гуку. Як у нямым кіно.
Мо таму, калі раптам, грымнуўшы кулаком па стале, гучна прарыкаў крамлёўскі пасланец: «Падпісваем - і хана Савецкаму Саюзу!», Шутаў не проста ўздрыгнуў, а падскочыў ад нечаканасці, тут жа згубіўшы ўсякую апору і як падвісшы ў паветры. Нязручнасці не адчуў, што ў іншы момант і ў іншых абставінах здзівіла б, а ўвагу прыцягнула ўжо наступнае дзеянне, уласнае ў тым ліку: ручкі з залатымі пёрамі самі ўплывалі ў рукі, подпісы ўзнікалі з простага руху пальцаў - перш у паветры, потым на паперчынах, пячаткі... 3 пячаткамі было найцікавей, бо зноў над галовамі (над сталом) з’явіліся тры лёзы-промні, каб тут жа пачаць ламацца, выгінацца, расцягвацца, трыма лініямі абмалёўваючы контуры Расіі, Украіны і Беларусі. I ледзь толькі контуры вымаляваліся, яны ўспыхнулі трыма слупкамі святла, сцяліся, зменшыўшыся да прымальных памераў і ператварыўшыся ў пячаткі. Заставалася выпрастаць руку, узяць (кожнаму - сваю) і апусціць на падпісаныя толькі што паперы.
Адусюль гучалі апладысменты, праз дружны звон келіхаў адусюль далятала: «Канец!», «Імперыі больш няма!», «Свабода!», «Адкрыўся шлях у цывілізаваны свет!», «Салют незалежнасці!» Хтосьці цалаваўся з усімі, хто побач, хтосьці піў проста з гарла бутэлькі, хтосьці шукаў якую грудастую дзеўку, а перад ім, Шутавым, прасціралася чырвоная дывановая дарожка (абна ў трох, якраз пасярэдзіне) і вяла ана далей на захад, паўз радасныя натоўпы незнаёмых, але шчаслівых людзей...
Больш, папраўдзе, нічога, апроч гэтай дывановай дарожкі, не ўзгадалася. I марна Шутаў прыкрываў вочы, узіраўся ў споміны пра незвычайны сон: ні таго, куды вяла і ўрэшце прыводзіла яго тая дарожка, ні таго, дзе і чым завяршалася яго шчаслівае ўзыходжанне на вяршыню ўлады, угледзець не мог. Бязмежная далячынь, бясконцы натоўп уздоўж шляху, бяздоннае мора пушчы ўнізе... «Пушчы? Была яшчэ і пушча? - спрабаваў зачапіцца за падказку. - Алё ж я не пазіраў уніз!»
Думка перш устрывожыла, змушаючы адмахнуцца ад сну, ад бясконцых сваіх узгадак пра яго, але не мінула і гадзіны пасля добрага сняданка і кубка гарбаты, а радасны настрой вярнуўся. Вярнуўся, вяртаючы ўпэўненасць: ён невыпадкова прыйшоў у палітыку, ён - не выпадковы лідэр. I гэта галоўнае.
***
Галоўным рэжысёрам нацыянальнага тэатра пасля змены міністра культуры Глінскі застаўся. I хоць вялікіх сумненняў наконт такога менавіта рашэння ў сувязі з пертурбацыямі ў міністэрстве і не ўзнікала (хто такі Пекар у параўнанні з ім, Глінскім?), пэўныя думкі мулялі, змушаючы корпацца ў вядомых фактах і ўласных здагадках. Мяняць шыла на мыла ў любой сітуацыі непрадуктыўна, а ўжо што тычыцца сферы культуры ў такі няпэўны час... Часы, праўда, заўсёды няпэўныя, калі зірнуць уважлівей: пасля таго, як улада перастае быць спадчыннаю і больш не перадаецца ад бацькі сыну, прэтэндэнты на прастол скрозь толькі множацца. Кожны - хоць раз за жыццё - у думках прымярае карону на сябе (чым я горшы за каранаванага?!), кожны, асабліва тады, калі, здаецца, улада валяецца пад нагамі, імкнецца падняць яе. Тым больш, што на дурніцу. Вынікі... А такія і вынікі! На дурніцу толькі дурні раскашуюць дзень-другі... Покуль смэркамі не ўмыюцца, няздатныя несці цяжар адказнасці.
Глінскі мераў шырокімі крокамі паркавыя алеі, находжваючы прадпісаныя ўрачом кіламетры штодзённага мацыёну, і не зважаў ні на раку за каменным парапетам, ні на рэдкіх у гэту ранішнюю гадзіну наведвальнікаў парка на лаўках, сям-там раскіданых уздоўж набярэжнай. Дыхалася вольна (рытм хады даўно падстроіўся пад няспешнае дыханне), думалася з натугаю, без асаблівае ахвоты. I калі б ён мог, то ўвогуле ацерабіўся б ад людскіх думак: якая карысць сушыць мазгі, калі самую мудрую з выказаных думак можа сплюнуць табе ж пад ногі любы ёлупень пры ўладзе? Не тое, што не парупіцца прыняць да ведама, каб у выпадку чаго скарыстаць на справу, а нават не даслухае да канца, сплюнуўшы: «Ды кінь ты, стары!»
Кінуць - няцяжка: не інтуіцыя, дык вопыт падкажа, дзе прытармазіць, а дзе і ўвогуле рух не распачынаць, пакуль пыл не асядзе. Некалі ж асядзе!
- Добрага ранку! - гукнуў хтосьці з бакавой алеі.
Азірнуўся, машынальна адказаўшы на прывітанне, але сівенькага старога крыху воддаль не пазнаў. «Здэцца, з пісьменнікаў...» - мільганула здагадка, і ён яшчэ раз азірнуўся. Напружваць памяць не стаў (не для таго з дому выйшаў), а ў хуткім часе ўвогуле забыў пра выпадковую стрэчу. Мо хіба слова «пісьменнік» зачапіла ўвагу, бо, павярнуўшы ад ракі на дарожку, што вяла ўглыб невялікага ліповага гаю, раптам узгадаў нядаўнюю гаворку з адным з высокаўшанаваных Савецкай уладаю за ўменне балансаваць паміж пратэстам і згодніцтвам пісакаў.
«Недаацэнены, браце, - тут жа, у першую ж хвіліну, пажаліўся той. - Мяне даўно прыспела народным паэтам прызнаць, ажно не... То якому зайздросніку сонца засціў усё жыццё, то якому партбосу не так нізка, як ён чакаў, кланяўся... Бардак, адным словам!»
«Дык жа шмат чаго далі, - схаваў ухмылку Глінскі, разглядваючы мажную, мужыкаватую постаць незадаволенага мэтра.
«Ага. А чаго гэта мне каштавала, браце? 3 якімі мярзотнікамі справу мець даводзілася! Ажно, бач ты на іх, у класіку запісваць, на іх думку, рана, - гундзеў той сваё. - А я перарос, перарос ужо класікаў! Хоць сёння магу тамінаў дваццаць выдаць».
«Паэзіі?!» - жахнуўся ў душы Глінскі такой перспектыве.
«А ты думаў! - радасна ўсміхаўся мэтр. - 3 малалецтва, лічы, пішу. I ўсё ў рыфму, усё ў рыфму!»
- I ўсё ў рыфму, усё ў рыфму! - міжволі паўтарыў Глінскі ўголас і гучна засмяяўся, нават не пацікавіўся, быў сведка гэтага смеху дзе паблізу ці не было.
Смяяўся, хоць і цішэй, доўга: што ўжо там нашкрабе ў свае дваццаць тамінаў сівагаловы паэт, не так і важна, а вось тое, што ўсё ў рыфму...
Прыму свайго тэатра заўважыў здалёк. Здзівіўся: так рана? Здзівіўся яшчэ больш, калі тая паспрабавала адвярнуць з дарожкі ўбок, яўна пазбягаючы стрэчы з ім: куды ці адкуль яна прастуе, як да ранішняй рэпетыцыі яшчэ добрых дзве гадзіны? Знарок памахаў рукой: бачу, маўляў... Знарок крыху запаволіў хаду: няхай звыкнецца з думкаю, што хавацца недарэчы. I позна. Сышліся - і разыдуцца, але прычына нечаканай для абоіх сустрэчы высветліцца. Каб ці забыцца, ці застацца ў памяці.
- Прыемна, прыемна! - цмокнуў Ганну ў абедзве шчакі. - Каб так неспадзявана сустрэць сваю народную артыстку! - Дзень наперадзе - яўна дабро прынясе.
- Дабро? Якое дабро? - не зразумела тая. - Усё рушыцца...
Апошняе вырвалася міжволі - проста падумала ўголас, хоць у гаворцы з рэжысёрам трэба было быць больш асцярожнаю і пільнаю: а то яна яго не ведала! Востры, як лязо, з’едлівы розум перамагаў у ім усё - ні грана спачування, ні грана літасці да каго б там ні было, калі пачыналася гульня ў «хто каго». Гульня ў падкіднога, як сам Глінскі вызначаў пад настрой, і ў гэтай гульні ён не тое што толк ведаў - роўных яму не было! Вось і цяпер...
- Усё парушыцца і пасыплецца ў пыл толькі ў дзень Страшнага Суда, - абняў яе за плечы. - Мяркую, ты - пра іншае? Пра тое, што рушыцца кар’ера...
- Пра гэта ўжо ўсе гавораць?, - павярнулася яна да рэжысёра, не ўмеючы схаваць трывогу. - Усім усё вядома?
- Ды што - усё? Адкуль такі песімізм, радасць мая? Адзін начальнік аддасць кабінет і службовую машыну другому, гэтаксама часоваму гаспадару - дзе, у чым ты бачыш трагедыю?
- Бог мой, - крыху тэатральна (па звычцы) заламала рукі тая. - Ды зірні, зірні, хто ідзе на змену! Дзікуны! Гарлапаны з перакошанымі ад злосці тварамі, якія растопчуць, раструшчаць усё, што было да іх!
- Было - рознае, - падкінуў ён паленца ў агонь жаночага гневу, каб яшчэ больш распаліць яго. - I дрэнь вадзілася, і кроў пралівалася не мерана...
- Ты не разумееш, - выкруцілася Ганна з-пад ягонай рукі. - Калі гэныя возьмуць верх, мы, людзі культуры, станем нікому не патрэбнымі. Нават дзеля галачкі ў справаздачы. Ім - з іх лозунгамі пра адраджэнне мовы і патрабаваннямі незалежнасці - патрэбна толькі ўлада, а потым... Потым не адраджаць, а бэсціць усё пачнуць, у чужых грахах корпаючыся.
- Ганя! Радасць мая! - цішком пасміхаўся Глінскі, назіраючы за залішне ўсхваляванаю артысткаю: у чым, у чым, а ў цікавасці да палітыкі яе ніхто ніколі не папікнуў бы. - Ну, якія ў такой прыгожай бабы, як ты, грахі перад сваёй краінаю? Каго любіла, таго любіла. Каму дарыла любоўныя ўцехі, той быў удзячны. У той ці іншай ступені... Вось і ўвесь расклад!
- Ды не пра сябе я... - неяк раптам згасла Ганна, упершыню зірнуўшы на спадарожніка і, вядома ж, заўважыўшы яго гнюсную ўхмылку: знайшла перад кім спавядацца ў такую хвіліну!
- А трэба - пра сябе. Толькі пра сябе! - пасур’ёзнеў той. - Ніхто не адбярэ ў цябе ні таленту, ні хараства, ні права карыстацца ім ці нават гандляваць ім - на выбар! на той выбар! Каму гэта падабаецца, каму не падабаецца - іх праблема. Табе дадзена тое, што не купіш ні за якія грошы, ні за якія званні.
- Пры чым тут званні, калі гаворка пра лёс? - паспрабавала яна запярэчыць, хоць і не вельмі ўпэўнена. - Пра лёс культуры.
- Кінь, радасць мая! - не паварочваўся да яе, ішоў, скрыжаваўшы рукі на грудзях, Глінскі. - Не ад кагосьці аднаго, нават калі гэты адзін - кіраўнік самага высокага рангу, залежыць лёс культуры, ды і не за культуру ў цябе душа баліць... Так, так, не падманвайся! - не за культуру. I гэта нармальна! Не твая бабская справа - нечые крэсла аголеным плечыкам падпіраць.
- Цынік ты, Глінскі. Быў цынікам, і застаешся ім.
- А што, быць палітычным кастратам, які ў цяжкую хвіліну чапляецца за ачмурэлую ад любві да яго актрысу, - лепш? Прыгажэй? Інтэлігентней? - зазлаваў раптам Глінскі - не на яе, на сябе: знайшоў перад кім пёркі чысціць!
- Я люблю яго. Заўсёды любіла. I толькі цяпер зразумела гэта, - ціха азвалася Ганна.
- Ты яшчэ заплач! - павярнуўся ён да не падобнай на сябе ў гэту хвіліну прымы. - Мо я і самы мярзотны на гэтым свеце цынік, але павер: ніводзін мужык не варты слёз жанчыны. Нават такой, як ты, з курынымі мазгамі. Любі, мучайся, куражся, прыкідвайся шчасліваю і - пасылай усіх час ад часу куды-небудзь. Усіх! I мяне.
- Нешта ты сёння задужа лагодны, - змахнула набеглыя слёзы краем далоні Ганна. - Ужо і не памятаю цябе такім...
- Надта ты на мяне калі зважала! - буркнуў Глінскі. - Прайдзіся так... Агуч фразу гэтак...
Ганна маўчала. Як мага мякчэй адхінулася ад ягонай рукі, міжволі падшукваючы зручны момант, каб адысціся, збегчы, і не абзывалася. На сэрцы было цяжка і ад таго, што доўгачаканая стрэча з Іванам Кузьмічом доўжылася ўсяго некалькі хвілінак (нічога з таго, што хацела сказаць, не здолела вымавіць), і ад таго, што стрэча гэта, па ўсім было відаць, апошняя. З’язджаў... Дакладней, змушаны з’ехаць... Аднаго і пажадаў на развітанне - новых, вартых яе таленту роляў. Быццам ёсць на свеце большая - лепшая! - роля, чым роля той, каго любяць. Каго любіць адзіна патрэбны чалавек.
- А-у-у! Ты мяне чуеш, радасць мая! - крануўся яе пляча Глінскі,
І Ганна ўздрыгнула. Не ад пытання, ад дотыку. I той адчуў.
- I для каго я шчыраваў, самыя пяшчотныя словы падбіраючы?
- Ты пра сябе?
- Ага.
- Не дужа, каб верылася, але ўсё роўна дзякуй.
- Што не дужа верыцца - правільна. Нічога такога дужа пяшчотнага я і не казаў, - узіраўся ў яе Глінскі з нейкім глыбока прыхаваным смуткам. - Месца мо і адпавядае, а час... Ад часу смярдзіць, як ад мерцвяка, вынятага з магілы. Адно крыжы і памінальнікі замучаных і забітых хто ведае калі - паўсюль, ад мяжы да мяжы нашай шматкроць згвалтаванае мярзотнікамі ўсіх эпох Айчыны. Толькі і засталося, што на кавалкі разадраць.
- I раздзяруць, - ледзь чутна адгукнулася Ганна, думаючы пра сваё.
- Ну, і хрэн з ёй! - рэзка ўзмахнуў ён рукой. - Вечна то пад аднаго, то пад другога прайдзісвета клалася, яшчэ і прыплачваючы таму за дзек, - нічым іншым і цяперашняе прыцмокванне не закончыцца.
- Прыцмокванне? - перасмыкнула Ганна плячамі, міжволі паскараючы крокі. - Ты маеш на ўвазе...
- Я маю на ўвазе дарагіх твайму сэрцу камуністаў, вечна цяжарных пазаўчарашняй для ўсяго свету ідэяй, - не хацеў, а ўсё ж паскорыў хаду і Глінскі. - Абвясцілі несусветнае - роўнасць, сем дзесяцігоддзяў потым прыдумляючы, як і на якой крывой кабыле гэтую роўнасць аб’ехаць хоць з аднаго боку, каб самім не апынуцца сярод п’яненькіх пралетарыяў, а ўсё няймецца, усё за ўладу чапляюцца.
- А табе чаго няймецца?
- Мне?! - здзівіўся не так пытанню, як Ганнінай сур’ёзнасці Глінскі, нават прыпыніўся на некалькі імгненняў. - А тое, што мне, геніяльнаму рэжысёру, плацяць роўна столькі, колькі завешанаму п’янымі смэркамі качагару ці асенізатару, па-твойму, як? Ці ўсё на выдаткі палітыкі і палітыкаў потым смерць спіша? Ды я не тое што грудзіну не падстаўлю, a і пальцам не варухну, каб перапыніць працэсы, якія сёння адбываюцца! Мерцвячына вакол. Ад смуроду дыхаць даўно няма чым. Усё мастацтва да двух прытопаў, двух прыхлопаў звялі, а мяне яшчэ і захапляцца гэтым змушаюць! Чаго няймецца, пытаеш? Ды будзь мая воля, я расквасіў бы морду любому рэжыму, які адпрэчвае творчасць і прагрэс, які мазгамі геніяў угнойвае клумбу ўлады. Так, так, клумбу! - усе параўнанні з пірамідаю, прастолам ці п’едэсталам кульгаюць на абедзве нагі. Хоць бы таму, што ад іх патыхае не толькі ладанам, але і крывёю. Гнілой крывёю даўно прамінулых часоў, якой, як парфумаю, апрыскаюць і сённяшнія бойкі. Калі не асвячаючы, то апраўдваючы. I што ў гэтым месіве загубленых жыццяў, амбіцый і бясконцых злачынстваў супраць чалавека, супраць душы ягонае - боль мастака, крык яго душы? А? Пытанне не да цябе, разумею. Ды дзе яго яшчэ агучыш, як не ў бязлюдным парку, пад шатамі старых ліп?
Маналог доўжыўся, і Глінскі даўно ўжо звяртаўся да самога сябе, не азіраўся на спадарожніцу, заглыбленую ў думкі, часам забываючыся на яе. Спакойны рытм няспешных крокаў, спакойныя, размераныя ўзмахі рук і словы... У словах гэтаксама асаблівага хвалявання не чулася. Быццам гучаў, агучваўся завучаны тэкст. Між тым, калі б побач знаходзіўся хто з дасведчаных знаёмцаў Глінскага, то несумненна здзівіўся б. Не тэксту, не словам, адназначна пратэстным (Глінскі, безумоўна, так і думаў, з такімі перакананнямі жыў), а нечаканай адкрытасці: хто-хто, а ён ад асцярогі нідзе і ніколі не адмахваўся - памятаў, што паўсюль і за ўсімі прыглядвалі. Тут жа...
- Тут выбар адзін: выбірай дужага! Моцна трымалі ўладу камуністы - пад іх маршы маршыравалі, упусцяць - іншая музыка загучыць. I галоўнае, каб гэта была наша музыка! Наш марш! Левую нагу адтапталі, час праваю пашчыраваць: захад! захад! захад! Горбі правільна зарыентаваўся на захад, вось толькі кішка тонкая, каб за пададзеную адтуль руку ўхапіцца, мо-о-оцна ўхапіцца!
- Што? - наткнулася на яго, прыспешыўшы крокі, Ганна і крыху спалохана перапытала. - Ты штосьці спытаў?
- Ды не... - не адразу знайшоўся Глінскі: уздыбленая ягонымі воклічамі пространь мякка гэпнулася побач, вярнуўшы у рэальнасць канкрэтнага часу, і да яе яшчэ трэба было прыстасавацца.
- A-а! Тады я пабягу, - узрадавалася Ганна. - Яшчэ ў краму зазірнуць паспею.
Яна не пабегла, але, шырокімі крокамі абмінуўшы Глінскага, так на яго і не азірнулася. А той таптаўся на месцы, пазіраючы ёй услед, хвіліну, другую, і ўсё не мог вырашыць, аб чым у гэтыя хвіліны шкадаваў: аб тым, што сарваўся і нагаварыў абы-чаго, ці аб тым, што адзіная слухачка імправізаванага гнеўнага маналога нічога, ніводнае фразы з яго не чула.
Калі ж нарэшце павярнуўся і пайшоў у адваротны бок, ні пра ўсхваляваную гаворкаю з высокапастаўленым і звергнутым апошнімі падзеямі Ганніным палюбоўнікам, ні пра гэтыя падзеі больш не ўзгадваў: адзін партыйны прышч зменіцца другім, адны ўлюбёнцы ўлады саступяць месца ў табелі аб рангах другім - і што? Жыццё перапыніцца? Зямля з арбіты саскочыць?
«Прайшоўшы праз усё, нічым не спакусіцца...» - працытаваў у думках хто ведае калі чутыя словы аднаго з забітых прарокаў і ўсміхнуўся. Гэта гульня, іншая... На тое ён, Глінскі, і рэжысёр, каб любую гульню зрэжысіраваць! Нават гульню ў падкіднога дурня, якую не пачынаў і ў якую ўцягнуты па волі часу і дурной камуністычнай спадчыннасці. Калі сям-там прасачыць, сяму-таму своечасова краплёную карту падкінуць, то і магчымы пройгрыш льга будзе скарыстаць потым як выйгрыш. Не свой, дык каго са сваіх... Гэта ўжо як водзіцца!
***
Перш чым скіравацца ў канферэнцзалу, дзе яго чакалі дэпутаты Вярхоўнага Савета з нешматлікай, але ўплывовай групы інтэлігенцыі, спецыяльна запрошаныя на гаворку аб будучыні краю (каму-каму, а ім муляла гэта будучыня - і ў сілу палажэння, і ў сілу моўнай арыетацыі), Шутаў нейкі час стаяў перад люстэркам. Hi асаблівае патрэбы, ні асаблівай задумы ў тым не было: штосьці ва ўласным адбітку прывабіла позірк, а што, не ўлавіў. Вось і прыстыў да яго, спрабуючы ўбачыць больш таго, што бачыў, - глыбіню роздуму, прыхаваную трывогу за не падуладную яму хаду падзей, не пераможаную дагэтуль унутраную няўпэўненасць... Ды любы акрэслены пробліск, урэшце! А то - на пульхным твары круглыя вочкі... Ды яшчэ чырвань няроўнымі хвалямі зрэдчас са шчакі на шчаку перакочвалася!
Ацэнка не спадабалася. Быццам не сам прыйшоў да несуцяшальнай высновы, а хто збоку падказаў. Падказаць знайшлося б каму: адно даў бы падставу... Знешні выгляд - не падстава. 3 прыродаю не спрачаюцца, на яе не наракаюць - і ён, Шутаў, ніколі не наракаў. Прыгладжваў, як цяпер, рэшту валасоў ўкруг лысіны, і не ўзгадваў ні пра яе, ні пра чырванню падсвечаны знутры твар, ні пра няпэўны ў сваёй мітуслівасці позірк. Hi здароўем, ні розумам Бог не пакрыўдзіў - на астатняе можна было не зважаць.
Іншыя - зважалі? А што яму іншыя? Не яны, а ён, Шутаў, кіраваў Вярхоўным Саветам, а значыць - рэспублікай! Не з ім, кіраўніком, раіліся ўсе лідэры суседніх рэспублік, рыхтуючы... Урэшце, не важна, што - дамова! змова! пераварот! - рыхтавалася ў закуліссі, галоўнае - з яго ўдзелам, з ягонае згоды. Згоду астатніх - усіх, хто спатрэбіцца, - з дапамогаю шчодра аплачаных гарлапанаў з ліку дзеячаў навукі і культуры - ён, Шутаў, атрымае. I сёння ж!
Падміргнуў свайму адбітку, звыклым рухам прыгладзіў лысіну і скіраваўся да дзвярэй. Зашпіліў, потым зноў расшпіліў пінжак (той даўно стаў цеснаваты і скоўваў дыханне), па ходу аддаў распараджэнне сакратарцы:
- Не думаю, што гаворка з дэпутатамі зацягнецца, але гарбату з малаком няхай прынясуць. Хвілін праз трыццаць.
- Зробім, Барыс Пятровіч, - пазначыла час тая і пасля таго, як за старшынёю зачыніліся дзверы, уздыхнула: ці то з палёгкаю, ці то са шкадаваннем: надта ж неахайным, недагледжаным выглядаў той сярод раскошы начальніцкіх апартаментаў! Але ж ні на позірк, ні на думкі яе Шутаў не азірнуўся.
Канферэнцзала выглядала паўпустою, але, азіраючы запрошаных, ён тут жа пераканаўся, што амаль усе, на каго спадзяваўся, прысутнічаюць. Прывітаўся, за руку - толькі з памочнікамі, зірнуў на падрыхтаваныя для яго паперы і, не чытаючы, адсунуў.
- Усе мы - аднадумцы, - звярнуўся да сабраных дэпутатаў, - і абралі служэнне свайму народу не сённяшнім днём. Не сённяшнім, і не ўчарашнім. На працягу ўсіх пражытых пад гнётам бальшавізму дзесяцігоддзяў мы, хто - адкрыта, прайшоўшы праз Гулаг, як мой бацька, хто - у меру магчымасцей, дадзеных абранаю кожным з прысутных прафесіяй, змагаліся за выжыванне нашае мовы, культуры, нацыянальнай самабытнасці. Вядома. даводзілася весці двайное жыццё, двурушнічаць, падтакваць, калі патрабавалася, а то і пасаду, як выпадала, пры ранейшым рэжыме сяму-таму займаць. Але ніхто - ніводзін з нас! - не стаў прыстасаванцам і там, дзе толькі можна было, выказваўся, даводзіў сваю думку, прапаноўваў рашэнне. I няхай яно рэдка прымалася, ніводнае слова пратэсту, нязгоды з палітыкаю, што праводзяць улады, не згінула, не патанула ў багне абыякавасці ці страху. Toe, што народ абраў нас, пагукаў да ўлады нас, - яркае сведчанне гэтаму. Прыйшоў наш час. Ён дае нам шанец дамагчыся роўнай незалежнасці для нашай рэспублікі, для нашай краіны.
Нехта з прысутных заапладзіраваў, але яго мала хто падтрымаў: сядзелі, вальяжна разваліўшыся ў зручных крэслах, зіркалі зрэдчас на прамоўцу, пакручвалі ў пальцах хто ручку, хто паперчыну, на якой і радка не з’явілася за ўсю раніцу роздуму і размоў, і ні выразам твару, ні рухам, больш-менш акрэсленым і выразным, не праяўлялі асаблівай цікавасці. Калі б Шутаў быў здольны ў гэтыя мінуты да глыбейшага назірання і аналізу, то лёгка зразумеў бы, што ўсе яны ў сапраўднасці і ў грош яго не ставілі: кожны лічыў сябе і разумнейшым, і больш адданым справе адраджэння, чым абараны старшынёю большасцю дэпутатаў Шутаў, - і палажэння больш высокага дамагліся, і званнямі ўшанаваныя, і медалькамі маглі, калі шхо, пазвінець... Таму і засталіся як не зусім ужо ўбаку, то і не наверсе. Не на самым версе.
- Гісторыя дае нам шанец, - не зважаў на крыху насцярожаную цішыню вакол Шутаў. - Ці зможам мы яго скарыстаць сабе і людзям на карысць - вось пытанне. Галоўнае - не распачаць барацьбу, а завяршыць яе перамогаю. Памяняць абрэвіятуру БНФ на БНР.
Зноў пачуліся рэдкія апладысменты, і ўсе заазіраліся на «зянонаўцаў», што сядзелі крыху асобна, убаку: няўжо і ўзапраўду адмовіліся б яны ад свайго спехам скалочанага «фронту»? Хоць, не маючы лепшага...
- Не толькі балты, але і інтэлігенцыя ў Кіеве і Расіі падтрымала б наша памкненне да незалежнасці, да ўласнай дзяржаўнасці. Падтрымала б на палітычным плане, як вы разумееце, - пераводзіў Шутаў пагляд з аднаго дэпутата на другога, яўна задаволены і сваёй прамоваю, і сабой. - Усё ў рэальным вымярэнні павінна адбывацца тут, у Мінску, на яго праспектах, каб потым, ледзь толькі ўзнікне неабходнасць, перакінуцца і ў правінцыю, на выбарчыя ўчасткі ўсіх гарадоў і рэгіёнаў. А такая неабходнасць узнікне. I ў хуткім часе, мяркую. Перамовы, якія вядуцца з кіраўнікамі суседніх рэспулік, паказваюць: палітычныя змены не прамарудзяць. Сур’ёзныя палітычныя змены!
Ён гаварыў і гаварыў, чуйна ўлоўліваючы кожны зрух цішыні. Быццам угаворваў усіх, хто быў пагуканы і прыйшоў, - і сябе самога! - у неабходнасці падобнай сустрэчы і поўнага, няхай пакуль што абумоўленага толькі агульнасцю мэты, яднання нацыянал-патрыятычных сіл, відочнага, няхай чыста знешняга, паразумення. Здавалася, слухалі ўважліва. Ніхто не пазяхаў, дэманструючы злёгку найграную пагарду. Ніхто не замаўляў штосьці сваё, звяртаючыся да суседа. Ніхто не пасміхаўся ні адкрыта, ні ў кулак...
- Ці будзе ставіцца перад Расеяй пытанне аб прыналежнасці да беларускіх земляў Смаленшчыны?
Выпад прагучаў так неўпапад і так гучна, што Шутаў, папярхнуўшыся на незавершанай фразе, змоўк. Дакладней, знямеў, марна спрабуючы вызначыць, хто яго перапыніў, і як-небудзь прыстойна зрэагаваць. Зрэагаваць не здолеў. Як заняло раптам... Разумеў, што пытанне - правакацыйнае, што правакацыя - падрыхтаваная, і не мог вымавіць ні слова, ні паўслова.
Зала ж ажывілася. Усе пачалі рухацца, прыўставаць, перамаўляцца, на нейкі час як забыўшыся на старшыню, твар якога залівала густая чырвань. I не дзіва: новаспечаныя палітыкі, без года тыдзень як дэпутаты... Адкуль бы ў каго з іх узялася ў гэту хвіліну неабходная сапраўднаму прадстаўніку ўлады дыпламатычная вытрымка?
- Ці... Цішэй! - памкнуўся ўлагодзіць залу памочнік Шутава. - Якія б пытанні ў каго ні ўзнікалі, іх можна і трэба абмяркоўваць.
- Безумоўна, - справіўся з сабою Шутаў, удзячна крануўшыся рукі памочніка. - Што ж да пытання, прагучалага толькі што, то яно заўчаснае. Заўчаснае! - і таму прапаную: сёння яго не абмяркоўваць.
- А чаму?
- Ды хоць бы таму, што для таго, каб падымаць пытанне аб далучэнні іншых земляў, перш трэба займець сваю, - не павярнуўшыся да маладзейшых і больш заўзятых калег, кінуў сівы як лунь мэтр ад літаратуры.
- 3 такімі, як вы, вечнымі рэнегатамі, не тое што не займееш...
- Прашу старшыню весці пасяджэнне ў адпаведнасці з парадкам дня і рэгламентам, - не даў той «зянонаўцу» завяршыць фразу.
- Таварышы! Таварышы!
- Спадар старшыня, мы не на партсходзе!
- Але і не на базарнай плошчы, - спрабаваў узяць сітуацыю пад кантроль Шутаў, але выкрыкі, рэплікі пасыпаліся адусюль, з усіх бакоў.
- Пратэстныя выступленні народа для вас - базар?
- У кожнага з нас адзін і той жа дэпутацкі мандат!
- Мандат той жа, а заслугі розныя.
- Мо вы ставіце сабе ў заслугу ўменне працаваць з гэб’ём?
- У нас былі заслугі перад народам, калі вы, малады чалавек, пешкі пад стол хадзілі! Так што прашу не зневажаць. Hi майго статуса. Hi майго ўзросту, - агрызнуўся грамчэй за іншых літаратурны мэтр. - Два словы па-беларуску звязаць не можаце, а туды ж!
- Мо нагадаць словы па-беларуску, якімі вы бальшавікоў і Сталіна яшчэ зусім нядаўна ўслаўлялі?
- Таварышы! Таварышы! - пастукваў па стале Шутаў, хоць і не надта шчыруючы: звычка да падобнага вэрхалу на пасяджэннях Вярхоўнага Савета сказвалася. - Прашу вярнуцца да вынесенага на парадак дня пытання і браць слова па чарзе.
- Патрабую слова!
- Мы не на мітынгу, і без лішніх слоў павінны разумець адзін аднаго.
- Павінны? А чаму ж не разумеем? Чаму соты раз перагаласоўваем рашэнне аб змене дзяржаўнай сімволікі?
- I яшчэ сто разоў будзем перагаласоўваць. Пакуль не прымем.
- А я прапаную на бліжэйшай сесіі вырашыць нарэшце пытанне аб павышэнні статуса дэпутата і яго заробку.
- Правільна! За такую працу...
- Мушу далучыцца, шаноўны Барыс Пятровіч. Абраннікі народа маюць права і на годны заробак, і на адпаведны статус, і на высокае званне, - зноў умяшаўся стары паэт. - Пісьменнікі Беларусі пацвердзілі сваю рашучую зацікаўленасць у змене пануючага рэжыму, і з іх рэкамендацыямі прысвоіць ганаровае званне Народнага паэта вашаму пакорнаму слузе трэба лічыцца. Думаю, трэба лічыцца.
- Хто пра Амелю, хто пра Амелеву цётку... Сцяг, герб, гімн - вось азнакі дзяржаўнасці!
- Не ўсе гатовы да такіх рашучых зменаў, - далучыўся да гаворкі яшчэ адзін з літаратараў. - У авальнай зале гучаць і іншыя заклікі. Супрацьлеглыя.
- Калі вы - пра калгасніка з Магілёўшчыны, то яму, як спатрэбіцца, лёгка рот заткнуць.
- Ну, ну!
- Настойваю на пазачарговасці пытання аб дзяржаўнай сімволіцы!
Гаварылі ўсе разам, перапыняючы адзін аднаго, і ў нейкі момант Шутаў перастаў слухаць, зрэдку варочаў галавою, адсочваючы чарговага незадаволенага, не прыслухоўваючыся ні да прапаноў, ні да пярэчанняў: хто што скажа, і так вядома, а патрэбнае памочнік для яго занатуе. Палітыка (ён ужо гэта паспеў зразумець) вяршылася і не ў гэтай зале, і не ў авальнай, і калі не ўмяшаюцца вайскоўцы...
Думка не не жарт напалохала: мажлівасці бунту ці нават простага непадпарадкавання арміі новым кіраўнікам дагэтуль жа і блізка не падпускаў. I не толькі ён, Шутаў, а і астатнія - што тут, што ў суседніх сталіцах. Гэта азначала б канец. Канец усяму: кар’еры, спадзяванням на новы ўзлёт, самой свабодзе, урэшце! У параўнанні з такой мажлівасцю павароту падзей, тое, што адбывалася цяпер, у Шутава на вачах, выдавала (ды і было!) кепска разыграным спектаклем, у якім ігралі дылетанты. У большасці сваёй - дылетанты: хто ад навукі, хто ад адукацыі, хто ад літаратуры.
Пагляд Шутава слізгаў з постаці на постаць, з твару на твар, і недаўменне расло. Сэнс слоў, выкрыкаў патанаў у агульным гудзе, даўно ўспрымаемым толькі краем вуха, жэсты выглядалі недарэчнымі, усмешкі час ад часу змяняліся злосцю, злоснымі грымасамі, якія перакошвалі твары, робячы іх непазнавальнымі. I ўсё гэта плыло за паглядам, чапляла яго, прарываючыся ў свядомасць, парушаючы ўнутраную раўнавагу. Шутаў міжволі ўціскаўся ў крэсла, моцна трымаючыся за край стала абедзвюма рукамі. Так, бы баяўся раптоўна страціць прытомнасць ці - таго горш! - цалкам страціць кантроль над сабой і закрычаць што ёсць моцы: «Прэч! Пайшлі ўсе прэч!»
- Глыніце, - падсунуў яму шклянку з газіроўкаю памочнік, і Шутаў адно ўдзячна кіўнуў.
Пасля таго, як зрабіў некалькі глыткоў, палягчэла. Каб не пачынаць усё спачатку (зала па-ранейшаму гула), падняўся, грымнуў па стале адразу двума кулакамі, змушаючы ўсіх хоць на хвіліну аціхнуць, і некалькімі рэзкімі фразамі завяршыў пасяджэнне:
- Дзякуй за гаворку, як зазвычай, ператвораную ў дэпутацкую перапалку. Абмяркоўваць унесеныя прапановы будзем у авальнай зале, аднак зазначу, што ідэі незалежнасці патрэбна падтрымка. Рашучая падтрымка кожнага з нас. I не на словах, а на справе.
Калі рушыў да выхаду ў суправаджэнні памочнікаў, спінаю адчуў ледзяную хвалю цішыні, якая папаўзла следам.
***
Надвор’е да канца дня сапсавалася канчаткова. Халодны вецер перш крыху аціх, але неўзабаве, калі дыханне прызвычаілася да акрэплага марозцу, зноў задзьмуў з ранейшай сілай. Хутка ў паветры з’явіліся і снежныя мухі, якія з кожным імгненнем не толькі множыліся, а і раслі, наліпаючы адна на адну. Даводзілася прыгінаць галаву ці адварочвацца ад ветру, каб змахнуць іх з павекаў.
Усё - адпаведна настрою, вызначаць які Ковач у гэтыя хвіліны не ўзяўся б. 3 тугою зіркаў то на размытую плынню ветра будыніну вакзала, то на чыгуначнае палатно пад коламі маскоўскага цягніка: ад’язджаў - па ўсім відаць, назаўсёды пакідаў Беларусь нядаўні партыйны кіраўнік рэспублікі. Не проста непасрэдны яго кіраўнік, але і аднадумца, паплечнік па жыцці і барацьбе, няхай сабе да апошняга часу і выціэйшы па рангу. Праводзіў яго Ковач, раз-пораз стараючыся хоць неяк прыхаваць разгубленасць: не ў апошні ж шлях, урэшце...
- Мо не час яшчэ ад’язджаць? - вырвалася зноў, перш чым злавіў думку за хвост.
- I самому моташна, Віктар, - адгукнуўся Першы, лёгенька, па-сяброўску таўхануўшы яго плечуком. - Ды трэба, трэба ехаць. Пакуль запрашаюць...
- Няўжо ніхто ў Палітбюро не разумее ўсёй небяспекі становішча?
- Разумець разумеюць, зрабіць нічога не могуць. Ці не асмельваюцца... - дадаў пасля невялікай паўзы. - Іржа з часам нават метал раз’ядае, а чалавек... Андропаву раней трэба было ўмяшацца. Значна раней! A і ён, мусібыць, не раз, не два перасцярогся.
- Калі ўжо ўеёмагутны К,ЦБ...
- Усёмагутны - адно Гасподзь Бог, ды і то са згоды царкоўнікаў і іхняй паствы. Людзі - усюды толькі людзі, - прыпыніўся насупраць свайго вагона і зірнуў на гадзіннік той.
- Хвілін сем яшчэ ёсць, - заўважыў Ковач.
- Далёка адыходзіць не будзем, але сказаць табе на развітанне сёе-тое хачу, Віктар, - адвярнуўся ад ветру Іван Кузьміч. - I, як верыш мне па-ранейшаму, то прыслухаешся да сказанага.
- Не сумнявайцеся, - таптаўся ўкруг яго Ковач, як заведзены, не заўважаючы нi гэтага свайго нервовага кружэння, нi задужа ранняй сёлета снежнай завірухі, у якой патанала ўжо ўсё вакол, набываючы размытыя і таму нібыта фантасмагарычныя рысы. - Выпрацаваная ў апошнія месяцы праграма дзеянняў...
- Ды плюнь ты на ўсе праграмы! - занерваваўся і той, фізічна адчуваючы няўмольны бег часу, апошніх хвілін перад расстаннем - і з верным таварышам, і са сваім краем . - Час супраць нас, Іван. I гэта зусім не азначае, што яго можна праігнараваць. Задоўга чакалі пэўных змен у партыі, а чаго дачакаемся, і думаць не думалася. Вось і трэба разумнець. Прыстасоўвацца.
- Прыстасоўвацца?!
- Прыстасоўвацца. Да новых умоў. Да новых павеваў, - бы і не заўважыў ён воклічу Ковача, спяшаючыся сказаць тое, што адкладваў на гэту апошнюю хвіліну. - Прыглядвацца да новых людзей, вызначаць іх моцныя і слабыя бакі, іх вартасці і хібы... Патрэбны новыя людзі, новыя лідэры, Віктар! Не для таго, каб вярнуць і нікому не даць у дальнейшым парушыць вернутую ўладу, а каб не даць поўнасцю змяніць арбіту руху да вызначанае некалі мэты. Сёння рух дае збой, шлях спатыкаецца на кожнай купіне і шчэрбіне, а ўсё таму, што няма прытоку - спыніўся! - новае крыві. Маладой крыві. I калі тутэйшыя ці маскоўскія рэнегаты здолеюць прывабіць на свой бок моладзь, шлях абрынецца ў добра і загадзя падрыхтаваную бжэзінскімі ўсіх масцей бездань.
- Адзін з імі купленых - усё яшчэ ў Крамлі сядзіць, - буркнуў Ковач. - Не знайшлося нікога, хто прыдушыў бы гада!
- За яго пентагонаўскія ястрабы ўсю моц сваіх армій абрушылі б на Савецкі Саюз... - церабіў падбародак, узіраючыся ў Ковача той. - Разумна трэба дзейнічаць, спакваля завалодваючы і страчанымі па яго віне пазіцыямі, і людскімі душамі. Новую тактыку выпрацоўваць, адбіраць з людскога матэрыялу лепшае. Ты там, у Вярхоўным Савеце, звярні ўвагу на настырнага змагара супраць карупцыі у вышэйшых эшалонах улады і на месцах.
- Старшыню саўгаса з Магілёўшчыны?
- Яго, - пацвердзіў той. - Калі ён са сваімі прэтэнзіямі ўжо да генсека, які назваўся прэзідэнтам, дапяў, то можа далёка пайсці. Калі збоку - і своечасова! - дапамагчы. Вось і прыгледзься да яго. Дапамажы, як спатрэбіцца, калі палічыш магчымым. Толькі як мага незаўважней, цішком, ні сябе, ні яго без дай прычыны не падстаўляючы.
Ёсць! - па-вайсковаму коратка адказаў Ковач.
- Цягнік адпраўляецца! - гукнула з-за снежнай мітусні правадніца. - Прашу ўсіх зайсці ў вагон!
- Ну, не памінай ліхам, Віктар, - падаў руку, а потым і моцна абняў злёгку разгубленага Ковача, паляпаўшы яго па спіне. - Будзе мажлівасць, выклічу...
- Удачы!
- На ветэранаў ва ўсіх справах абапірайся, - ужо з вагоннай прыступкі гукнуў той. - Яны і раней не падводзілі нас, і сёння не падвядуць. Нашы людзі!
Цягнік натужна, з грукатам крануўся з месца, з рэпрадуктара на рагу вакзала, як зазвычай падчас адпраўкі маскоўскага, грымнуў марш, і мажорныя акорды яго, перамешваючыся з ветрам і снегам, здаецца, засыпалі Ковача, прыстылага да ўласнага ўзмаху рукі, завіслай у паветры. Толькі калі хтосьці, спяшаючыся ў будынак, далей ад завірухі, злёгку таўхануў яго («Прабачце!»), апусціў руку, крыху атросся ад наліплага на паліто снегу і няспешна рушыў уздоўж платформы, крокі за тры ад краю, да пляцоўкі, дзе была прыпаркаваная машына.