— Скажу таксама, што гэты сышчык,— Акулік павадзіў пальцам перад Пугацэвічам,— крышачку вар’ят і таму паверыў сабаку, які не ўзяў след.

— Гарачэй, гарачэй, Вадзім! А далей?

— Хопіць,— змяніў тон Акулік.— Я чалавек прымхлівы, наперад не загадваю. Асабліва калі сышчыкі нашармака дзейнічаюць.

— Твая праўда, следчы,— Пугацэвіч пасур’ёзнеў.— Будзем здабываць факты. Для пачатку наведаю домакіраўніцта.

— Даручы Гарбаценку, хай актыўна падключаецца.

— Зраблю, Сяргей Антонавіч,— Павел памкнуўся устаць, хаця ацэнка следчым яго папярэдняй дзейнасці не натхняла.

— Рана табе, оперупаўнаважаны, парык здымаць,— сказаў Пугацэвіч.— Ты яшчэ да абеду працу шукаў.

— Перад кім апраўдвацца! — загарачыўся Павел.

— Пацярпі,— падняў руку капітан,— наперад закінеш, потым як знойдзеш. Пойдзе Шульжык. А вось і ён. Табе даручэнне, Вячаслаў. Высветліш у домакіраўніцтве, ці не здалі апошнім часам тую кватэру нумар дзесяць, помніш, ніжэй абрабаванай? Калі здалі, то каму? Пастарайся высветліць сёння, каб мне было чаго званіць у Нарыльск.

Шульжык не чуў размовы старшага оперупаўнаважанага са следчым. Але ўдакладняць заданне не стаў, было яно простае. I Пугацэвіч не палічыў неабходным нешта тлумачыць дадаткова.

Гарбаценка і Шульжык выйшлі разам. Вячаслаў зірнуў на гадзіннік, заклапочана прамовіў:

— Хутка пяць, каб не разбегліся ў домакіраўніцтве. Што там з кватэрай?

Павел паціснуў плячамі.

— Сяргей Антонавіч нешта праверыць хоча. Я не ўлавіў. Яны з Акулікам больш падколвалі адзін аднаго.

— У іх бывае, асабліва як Сяргей Антонавіч за які-небудзь хвосцік учэпіцца. Вастрасловы. Ну, я пабег.

Кіраўніка дамамі на месцы не аказалася. Шульжык звярнуўся ў бухгалтэрыю. Жанчына, на чыім участку быў патрэбны яму дом, паведаміла, што кватэра Філімонавых яшчэ не занятая, а ключы знаходзяцца ў іх знаёмага, інжынера ЖЭКа Зубрэя. Ён наглядае за кватэрай і аплочвае яе.

Гэтымі звесткамі можна было і абмежавацца. Аднак для большай пэўнасці Шульжык рашыў зайсці да Зубрэя. Хто ведае, што потым можа спатрэбіцца Пугацэвічу.

Інжынер, малады чалавек піжоністага выгляду, пытанню оперупаўнаважанага здзівіўся.

— Што зробіцца гэтаму катуху,— сказаў ён і дастаў з кішэні ключы.— Вось нашу з сабой. Неяк у ліпені заходзіў. Усё цэлае.

— I пылам пакрытае,— усміхнуўся Шульжык.

— Не я ж буду прыбіраць! — Інжынер ахоўваў сваю годнасць.

— Але,— пагадзіўся Шульжык. Ён заўсёды шкадаваў людзей, якія дамагаюцда аўтарытэту не працай і паводзінамі, а хваравітым успрыняццем нават уяўнага прыніжэння сваёй асобы.

На тым Вячаслаў развітаўся. А Зубрэй, правёўшы яго позіркам, з сумненнем паглядзеў на тэлефон. Той, каму ён меў намер пазваніць, наўрад ці быў зараз дома. Сам інжынер не лічыў пытанне такім ужо неадкладным, каб званіць зараз. Аднак, ведаючы шалёны нораў свайго знаёмага, якому быў тым-сім абавязаны, усё-такі зняў трубку.

У навушніку доўга гучалі працяглыя сігналы — абанент не адказваў. Зубрэй хацеў ужо націснуць на рычагі, як пачуў хрыплы голас:

— На провадзе…

— Тлушч гадуеш? — засмяяўся Зубрэй, уявіўшы крывы заспаны твар знаёмага.— Не, нідзе не гарыць. Хацеў папярэдзіць толькі, што ў бліжэйшы час на ключы не разлічвай. Ды не мне патрэбны. Нейкі опер пытаўся: чыя кватэра ды ў каго ключы? Раптам захоча паглядзець, а там ты з красуняй на канапе. Карціна…


21

Нізкія цяжкія хмары з раніцы навіслі над горадам, пагражаючы праліцца густым дажджом. Вецер бязлітасна трапаў кроны дрэў, зрываў яшчэ не пажоўклае лісце, падымаў аблокі пылу. Надвор’е хмурылася, нібы на дварэ быў не верасень, а прынамсі, канец кастрычніка. I гэтак жа змрочна было на душы ў Пугацэвіча, калі ён прыйшоў да начальніка аддзела на чарговую ранішнюю нараду. Ён ужо ведаў, што падпалкоўніка выклікаў начальнік упраўлення з нагоды яшчэ адной скаргі Канапацкага. Сяргей Антонавіч разумеў, што чалавек пакрыўджаны, што, не ўяўляючы іх працы, лічыць вышукнікоў ледзь не гультаямі, абыякавымі. А ўсё роўна было непрыемна. Пытанне не толькі ў прафесійным гонары сышчыка Пугацэвіча і яго калег. Кожны з іх мае нібы асабісты рахунак да любога злачынца і працуе дзеля таго, каб ніхто не мог зневажаць, здзекавацца з людзей, парушаць закон. Таму і крыўдзілі скаргі, бо абвінавачвалі ў бяздзейнасці. Тым болей сёння, калі нарэшце справа абяцала зрушыцца з месца. I таму менавіта сёння Сяргею Антонавічу не хацелася апраўдвацца, ён спадзяваўся абмеркаваць некаторыя выяўленыя факты і здагадкі.

Ды не заўсёды складваецца так, як хочаш. У начальства таксама свая думка ёсць.

Пётр Пятровіч пачаў усё-такі з гэтых злашчасных краж. Ён не перадаваў словы генерала, якія наўрад ці пацешылі б вышукнікоў, не дадаваў і сваіх каментарыяў з гэтага выпадку, а толькі нагадаў пра тыя самыя дні, якія непакоілі Пугацэвіча,— заканчваўся тэрмін, вызначаны законам на расследаванне.

Пугацэвіч пазіраў на падпалкоўніка і думаў, што ў таго таксама на душы няма спакою: твар бледны, стомлены, вочы прыпухлыя. Напэўна, у генерала гаворка была не пра адны нераскрытыя кражы, ёсць і іншае, за што можна папракнуць супрацоўнікаў аддзела. Пётр Пятровіч заўсёды ўсе ўдары прымае на сябе, і чаго каштуе гэта амартызацыя, вядома толькі яму аднаму. Вось і сёння, нагадаўшы пра тэрмін, уважліва агледзеў падначаленых і сказаў сваё любімае:

— У вышуку — як у вышуку. Твая думка, лейтэнант Гарбаценка?

Павел ускочыў. Янушкевіч не патрабаваў, каб дакладвалі стоячы. Абмен меркаваннямі, лічыў ён, не выступленне з трыбуны вялікага форуму. Чым прасцей ён адбываецца, тым менш афіцыйнасці і больш еднасці будзе паміж яго ўдзельнікамі. Аднак Павел, бачна, хваляваўся. Пугацэвіч здагадваўся чаму — першае ж выступленне перад таварышамі, у якім пэўным чынам прагучыць справаздача за незвычайную камандзіроўку ў сваім горадзе. Як кіраўнік групы, Пугацэвіч не меў прэтэнзій да маладога супрацоўніка. Данясенні былі змястоўнымі, сведчылі пра ўменне назіраць, аналізаваць, пра веданне жыцця. Так, службовыя якасці лейтэнанта задавальнялі Сяргея Антонавіча. Аднак яму было не ўсё роўна, што ён за чалавек, Павел Гарбаценка, які ў яго характар — ім жа разам працаваць. Раней на нарадах Павел сціпла маўчаў, не вытыркаўся.

I Сяргей Антонавіч стараўся пранікнуць не толькі ў сэнс, але і ў тое, як падаецца той або іншы факт.

— Цацкаемся мы з Лебедзевым,— Гарбаценка адразу, без падыходаў, памкнуўся схапіць быка за рогі.

Гэта быў камень у яго, Пугацэвічаў, агарод. Але Сяргей Антонавіч, каб не збіваць чалавека з думкі, знешне не адрэагаваў на выпад. Акулік таксама не выказаў эмоцый, адно нешта пазначыў у сваім блакноце. Затое ў вачах Шульжыка бліснула насмешка.

— Расшыфруй, калі ласка,— спакойна папрасіў падпалкоўнік, бо Павел, сказаўшы, нібы чакаў пярэчанняў.

Пазіраючы на Вячаслава, быццам той быў яго галоўным апанентам, ён загаварыў больш паслядоўна:

— У нас у руках магнітафон, украдзены ў Канапацкіх. Святлана Макоўчык не зможа прыдумаць пераканаўчае тлумачэнне таго, як ён да яе трапіў. Мне яна не паказалася выкрутлівай. Прычым тут мы маем саюзніка — яе мужа, ён да гэтага часу не ведае, што жонка набыла магнітафон. Святлана не сказала пра пакупку і не бярэ яе дамоў.

Пугацэвіч адзначыў, што гэты факт з мужам сапраўды заслугоўвае ўвагі.

Між тым Павел працягваў:

— Трэба панаглядаць за новымі дамамі ў мікрараёне, баюся, Лебедзеў выглядаў там аб’ект для чарговай кражы.

— Усё? — спытаў Янушкевіч.— А чаму ты Грыгаровіча з Самсонавым абмінуў?

— У гэтай кампаніі — карэннік Лебедзеў, яму галоўная ўвага, Пётр Пятровіч,— Павел быў гатовы і да такога пытання, відаць, прадумаў шмат што загадзя.— Грыгаровіч у Лебедзева на падхваце, на самастойныя дзеянні ён, на мой погляд, не здольны. А Самсонаў… Слабавольны, у гэтым ён падобны на Грыгаровіча, хаця і можа быць ініцыятыўным. Грошы і сам любіць, і яго прыгажуня жонка. Дапускаю, спакусіўшыся заробкам, мог стаць у Лебедзева збытчыкам. У кампаніі ён уяўляецца мне,— Гарбаценка звярнуўся да Акуліка,— самым неўраўнаважаным. Да таго ж, па кватэрах не лазіў…

— На Падлеснай,— удакладніў следчы.

Павел спрачацца не стаў, з другой кватэрай сапраўды яснасці не было.

— Тут слушна адно,— атрымаўшы слова, Шульжык, нібы адказваючы Гарбаценку, глядзеў на яго.— 3 магнітафонам…

— Крытыку прытрымай,— падпалкоўнік пастукаў трохколернай шарыкавай ручкай па шкле на стале.— Давай сваё.

— То яно, Пётр Пятровіч, і вынікае з майго пярэчання лейтэнанту, гэта не крытыка,— Вячаслаў умеў выкручвацца.

— Ну-ну,— недаверліва ўсміхнуўся Янушкевіч, аднак ручку паклаў.

— Самсонаў быў тым трэцім на кватэры Канапацкіх. Усё выканае, што загадае Лебедзеў,— праз тую ж сваю бязвольнасць. I як слабак, будзе адмаўляць гэта, нават прыпёрты да сцяны. Цяпер Лебедзеў. За ім трэба сачыць, а не за дамамі.

Пугацэвіч здзіўлена ўзняў бровы. Шульжык заўважыў гэта і задаволена растлумачыў:

— Глядзіце. Тут у нас Сарвіра паабяцаў Самсонаву ўзяць футра. А калі Самсонаў прыехаў да яго, чамусьці адмовіўся. Здзелка сарвалася. Кампанія засталася без грошай. Таму і пойдуць на новую кражу. На чале з Лебедзевым.

Хаця і праехаўся на спіне Гарбаценкі, нешта слушнае Шульжык сказаў. Пагаджаючыся з ім увогуле, Пугацэвіч не прымаў толькі яго катэгарычнасць. Ён так і сказаў, калі Янушкевіч папрасіў яго выказацца. А тады перайшоў да сваіх планаў:

— Хачу агледзець кватэру на Падлеснай, паверхам ніжэй абрабаванай.

— Той, што ключы ў ЖЭКу? — занепакоіўся Шульжык.

— Так,— Пугацэвіч не звярнуў увагі на яго рэакцыю.— Думка мая такая: пасля кражы Лебедзеў, ведаючы, што Філімонавых, гаспадароў суседняй кватэры, доўга не будзе, мог занесці туды частку крадзенага. Паколькі Самсонаў не дамовіўся пра збыт футра, не выключаю, што ляжаць рэчы там спакойненька і дагэтуль — лепшага і бяспечнага сховішча не прыдумаеш. Мы пытаемся ў людзей, ці не выходзіў хто з чамаданам-сумкамі, а злачынцы выйшлі з пустымі рукамі, па адным…

— А што? — Янушкевіч зацікавіўся.— Падыход нешаблонны.

Пугацэвіч памарудзіў з працягам, пакусаў губы, што было ў яго прыкметай хвалявання, і дакончыў:

— У любым выпадку, вядома, ніці вядуць да Лебедзева. Але з назіраннем за ім… Ці не рана?

— Мала, Сяргей Антонавіч, запасу не маеш,— падпалкоўнік быў расчараваны і не хаваў гэтага.— Марудна рухаемея. Гэтыя кражы — не адзінае, чым жывём і дзеля чаго сабраліся.

— Разумею, Пётр Пятровіч. Варыянты ёсць. Ды каб не раскідацца, хацеў бы спачатку агледзець кватэру Філімонааых. Тады ўжо стане больш ясна, як дзейнічаць з Лебедзевым.

— Кватэра — эпізод, штрых, не важнейшы за іншыя,— Янушкевіч узяў ручку, адшукаў рычажок чорнага стрыжня, якім звычайна занатоўваў узніклыя ў ходзе абмеркавання пытанні. Нешта пазначыўшы сабе, звярнуўся да Акуліка: — Вадзім Аляксандравіч, я дапоўню сышчыкаў, а потым ужо ты.— Паглядзеў на свае нататкі.— Думка падштурхнуць падзеі выказвалася і раней. Сёе-тое было нават ажыццёўлена. Але сказаўшы «а», мы не вымавілі «б». Не хапіла энергіі, настойлівасці,— ён падняў руку, просячы таварышаў пачакаць.— I ў мяне таксама. Падтрымліваю Гарбаценку. Магнітафон трэба забіраць, калі Вадзім Аляксандравіч згодны. А Макоўчык запросім павесткай у вышук. Хай пахвалюецца, а разам з ёю і брат. Выклік сястры ў міліцыю падштурхне Лебедзева на нейкія крокі. Варта паназіраць і за мікрараёнам. Навасёлы заўсёды прыцягваюць кватэрных злодзеяў. Не Лебедзеў, дык яшчэ хто з іх спакусіцца. А Самсонаў…— Янушкевіч узяў у жменю падбародак, нібы збіраўся прыгладзіць уяўную бараду.— Цікава, на чым ён паладзіў або не паладзіў са сталічным скупшчыкам футра? Умела падыдзем, Сарвіра не стане выгароджваць Самсонава. Калі нават ёсць у чым. 3 нашага боку — усё. Тваё слова, Вадзім Аляксандравіч.

— Макоўчык дапытаю, але пазней. 3 большай пэўнасцю. А за Калядку вазьмуся, пра яго тут быццам забыліся. Алібі Грыгаровіча, бясспрэчна, фальшывае. Хай Калядка раскажа: каго падвозіў, як апынуўся на Падлеснай. 3 Грыгаровічам, напэўна, схлусіць, паспадзяецца на заводскі табель. На гэтым і зачэпім.

— Але не без выдумкі наш фігурант Лебедзеў,— паківаў галавой Янушкевіч.— Куды ні кінь — ён збоку. Перастараўся. Так? — Абвёў вачамі калег.

Размову з Нарыльскам далі Пугацэвічу хутка. Філімонавы дазволілі агледзець іх кватэру, пісьмовую згоду на гэта пакінуць у Нарыльскім гараддзеле ўнутраных спраў. Сяргей Антонавіч паведаміў Акуліку і паехаў у ЖЭК, дзе чакаў папярэджаны па тэлефоне Зубрэй.

— Ёсць неабходнасць агледзець кватэру Філімонавых,— сказаў Пугацэвіч інжынеру, калі яны з Акулікам прыехалі ў домакіраўніцтва.— Пажадана, каб і вы прысутнічалі, паколькі гаспадары вам пакінулі ключы.

— А мне што,— абыякава адрэагаваў Зубрэй.

Перад кватэрай Пугацэвіч прыпыніў інжынера:

— Хвіліначку, запросім суседзяў, за панятых.

— Я бываю тут калі ўздумаецца,— усміхнуўся Зубрэй.— Сам.

— То вы,— ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Акулік.

— Што-небудзь здарылася? — Зубрэй упершыню занепакоіўся.

— Звычайная праверка замкнёных кватэр,— сказаў Акулік.

— Ахоўнікі,— кінуў папрок інжынер.— Учора разведку рабілі, сёння брыгадай з’явіліся.

Пугацэвіч з Акулікам пераглянуліся, але прамаўчалі.

Зубрэй увайшоў першы. Запаліў у змрочнай пярэдняй электралямпачку і накіраваўся ў пакоі. Адхінуў штору. К вечару неба праяснела, і ў пакой лінула яркае сонечнае святло. Заіскрыліся, замітусіліся не бачныя да гэтага вясёлкавыя пылінкі. Пыл ляжаў і на рэчах, і на падлозе, дзе зараз паблісквалі свежыя адбіткі Зубрэевых ног.

— Я ж казаў — парадак,— прамовіў ён.

— Праверым,— сказаў Пугацэвіч, а ў самога на душы было неспакойна. Разам з інжынерам яны зазірнулі ў тумбачкі і шафы, пабывалі ў ваннай і на кухні, злазілі на антрэсолі.

— Нічога не прапала, нічога не з’явілася? — удакладНіў у Зубрэя Пугацэвіч.— Так і зазначым. Што ў цябе, Вадзім Аляксандравіч?

Акулік адмоўна паківаў галавой. Адпусціў панятых. Яшчэ раз задуменна паглядзеў на падлогу і сказаў:

— Віктар Мікалаевіч, пайшлі на кухню, пагаворым.

Зубрэй няўцямна паглядзеў на следчага, сярдзіта нагадаў:

— Да вашага ведама, я на працы.

— Помню,— стрымана адказаў Акулік,— але і мы не гуляем,— ён правёў па табурэтцы пальцам, прапанаваў інжынеру: — Чыста, сядайце.

Сам Акулік застаўся на нагах. Спыніўся перад Зубрэем, спытаў:

— Вы па-ранейшаму сцвярджаеце, што два месяцы не заходзілі ў кватэру?

— Хіба не відно? — Ён паказаў у бок пакоя.— Вунь колькі натапталі.

— А вы назіральны,— усміхнуўся Акулік.— Паглядзіце сабе пад ногі.

Зубрэй апусціў вочы, здзіўлена тузануўся і закінуў галаву назад, разгублена ловячы позірк следчага:

— Чыста…

— Вы каму-небудзь давалі ключ учора? — Пугацэвіч нарэшце ўспомніў, што яго ўразіла на пачатку размовы з інжынерам. «Учора адзін, сёння — брыгада». Ён не любіў дзеянняў з анонсам. Шульжык, распытваючы, рабіў правільна. I ўсё-такі…— Дык як, Віктар Мікалаевіч, давалі?

— Не-е, навошта мне хлусіць? Я ж пры вас ключ з кішэні выцягнуў.

Пугацэвіч уважліва глядзеў на інжынера. Бадай, ён сапраўды, не хлусіў. Усё магло быць звычайным супадзеннем, якія, на жаль, па закону подласці здараюцца ў самы непажаданы момант. Але тое, што на антрэсолі бачыўся незапылены прамавугольнік, які мог застацца і ад чамадана, Сяргею Антонавічу вельмі не падабалася.

— То, можа, каму казалі, што наш супрацоўнік кватэрай цікавіўся?

Вось што доўга разам працаваць, падумалася Пугацэвічу, калі Акулік задаў гэта пытанне. Яно ж круцілася і на ягоным языку, толькі не паспела сарвацца.

— Што вы з пустога таямніцы робіце? — Зубрэй занерваваўся.— Сакрэты…

— Вы не адказалі следчаму,— спыніў яго Сяргей Антонавіч.— Казалі? Каму?

Зубрэй заёрзаў на табурэтцы, выцягнуў з кішэні цыгарэты.

Пугацэвіч з Акулікам цярпліва чакалі. Яны ўжо не сумняваліся, якім будзе адказ.

— Ведаеце,— замуляўся інжынер,— няёмка атрымліваецца. Мне Філімонавы даверылі… А я… Ну, бывае, хлопцам часам спатрэбіцца кватэра, з дзяўчатамі… Я даваў ключы. Раней, апошні месяц — нікому…

— Рабіць з кватэры, якую вам даверылі, прытон… Гэта называецца…— Акулік абарваў сябе, хай з інжынерам разбіраюцца Філімонавы. Сурова нагадаў пра асноўнае: — Мы не пра гэта пытаемся! — Ён паставіў на стол партфель.— Допыт будзе афіцыйным. Улічыце. Хлусні не прымем.

Як і абяцалі, Зубрэя давезлі да ЖЭКа, а самі — Акулік і Пугацэвіч — паехалі ва ўпраўленне. У машыне маўчалі, абдумваючы пачутае. I толькі калі падняліся па лесвіцы на другі паверх, Сяргей Антонавіч спытаў:

— Як табе гэта прагучала?

— Шульжык вернецца сёння? Добра. Паглядзім, што прывязе. А тады выклічу Самсонава. Бач ты іх. Спрытнюгі!

Пугацэвіч скоса паглядзеў на сябра і не пазайздросціў Самсонаву. Вадзім па-добраму завёўся і цяпер выцягне са сведак і з падследных нават тое, пра што яны і думаць або забыліся, або пастараліся забыцца. Аднак пакуль Самсонаў не самая першая мэта ў іх працы. Так лічыў Сяргец Антонавіч, таму і параіў:

— Спачатку дапытай сястру Лебедзева.

— І яна не міне майго кабінета,— Акулік прама не адказаў, і Пугацэвіч зразумеў, што ён для сябе яшчэ не вырашыў, з каго пачаць. Ды, зрэшты, у кожнага свае метады і гэта правілыіа, бо па адным шаблоне розныя справы яе раскруціш.


22

Учора пасля двух дзён перапынку наведаў кафэ «Прыемнага апетыту». Там. канечне, нічога не змянілася. Усё гэтак жа няспешна рухаліся між столікаў афіцыянткі, ледзь чутна гучала музыка.

Фея сустрэла мяне з усмешкай:

— Дзе вы прапалі?

Столік трымала, значыць, чакала! Прыемна. Шчыра падзякаваў ён за клопат. Як апраўдваючыся, паскардзіўся дзяўчыне:

— Натхнення не было, Наташа, галава пустая. Ды новая праца… Знаёмлюся…

— Куды ж вы паступілі?

— У міліцыю.

Дзяўчына акругліла вочы.

— Як цікава! Люблю кіно пра міліцыю. І вы будзеце лавіць бандытаў?

— Пакуль, мабыць, не,— як казаў Сяргей Антонавіч, парык мне было рана знімаць.— Я ў іншым аддзеле, у палітычным.

— Усё роўна цікава!

— Я, Наташачка, яшчэ і сам не ведаю, Выпадкова атрымалася. Не было больш куды. А дзе мае сябры? — кіўнуў на суседні пусты стол.

— Вы як згааарыліся. Можа, нарэшце сёння прыдуць, Фея глядзела на мяне запытальна.

— Не ведаю. I я на хвілінку. Кавы глытнуць, з вамі, Наташа, словам перакінуцца. Служба…

— Разумею,— цікаўны бляск не спадаў у яе абведзеных зялёнай тушшу вачах.

Напэўна, ніколі не спасцігну псіхалогію дзяўчат. Навошта сінія прыгожыя вочы абводзіць зялёнымі рамкамі?

Мы яшчэ крыху пагаманілі як добрыя знаёмыя — пра ўсё і ні пра што, і я развітаўся. Трэба было яшчэ пераняць Валю і, можа, Ніну, калі будзе з ёю.

А на вірлівай вуліцы неспадзявана мне стала сумна. Быццам назаўсёды расстаўся з нечым прыемным. Я ішоў і думаў: з чаго б гэта? Напэўна, перамяшалася ўсё разам. Было шкада, што больш ужо не прыйду ў кафэ, дзе мяне чакаюць свабодны столік, уважлівая і клапатлівая, прыдуманая мною Фея і чысты ліст паперы, на якім не-не дый узнікалі рыфмаваныя радкі-строфы — некалькі вершаў, спалучаючы абавязкі сышчыка і паэта, я-такі напісаў. I яшчэ, чаго таіцца ад сябе, было шкада, што скончылася маё незвычайнае заданне. Пётр Пятровіч пахваліў, а я сам, хаця, можа, і садзейнічаў выкрыццю злачынцаў, не магу, не маю права быць задаволеным. Гэта зрабілі б і без мяне. Ды які салдат не меціць у генералы! Прымаючы заданне, я быў упэўнены, што і роля мая будзе большай і што пад маім уплывам хто-небудзь з гэтай кампаніі нешта зразумее, захоча стаць іншым, лепшым. Не ўдалося. Не хапіла сілы. Менавіта сілы, бо спасылацца на нястачу часу — значыць шукаць сабе адгаворку. Ну што ж, генералам пакуль не стаў, але ніхто не адбіраў з майго салдацкага ранца і маршальскае жазло. Усё яшчэ наперадзе, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Павел Сцяпанавіч Гарбаценка.

Валю чакаю на тым жа месцы, што і мінулы раз. Прыхіліўся спіной да ліпы з прыкметна парадзелай кронай і пільна гляджу на фігурныя двухстворкавыя дзверы. Блізка да шостай гадзіны, як і мае быць у саліднай установе, дзе працоўная дысцыпліна на вышыні, з дзвярэй пацёк людскі ручаёк. Штохвіліны ён мацнее, гусцее. Неўзабаве я пачынаю непакоіцца — раптам і Валя, і Ніна ў ад’ездзе?

Калі папраўдзе, яны патрэбны ўдзвюх. Асабіста мне хапіла б адной Валі. Для справы гэтага мала. Яны павінны быць разам, каб я мог пахваліцца, што паступіў на службу ў міліцыю. Інфармацыя ўвогуле для Ніны Шумейка. Пугацэвіч хоча ведаць: па-першае, як яна ўспрыме паведамленне; па-другое, ці панясе навіну Лебедзеву? Ну а мне не зусім абыякава іншае — рэакцыя Валі. Так што буду спалучаць асабістае і службовае. Калі, вядома, дзяўчаты з’явяцца.

Упарта стаю, хаця на гадзінніку ўжо чвэрць сёмай. Мог жа папярэдне пазваніць па тэлефоне!

Няўжо мае дзяўчаты такія прыкладныя? Пра Валю — не ведаю, пра Ніну — не веру.

Нарэшце недзе аж а палове сёмай з прычыненых ужо дзвярэй выпырхвае ці не апошняя з працаўніц аблювеліргандлю. На жаль, толькі адна Валя. Мяне заўважае адразу і весела крычыць:

— Прывецік!..

— Службістка,— бурчу я, быццам у нас з ёю было прызначана спатканне тут.— Ёсць у вас прафсаюз?

— Хочаш заявіць, што парушаецца закон аб працы? — дзяўчына ўсміхаецца і працягвае руку, каб учапіцца за мой локаць.

— Вы там перапрацаваліся,— працягваю вымаўляць ёй.— А ў прафсаюз — напішу,— гэта кажу іншым тонам, нібы сапраўды збіраюся ажыццявіць пагрозу,— каб тут паставілі лаўку. У мяне ногі не казённыя, падгінаюцца.

Валя рагоча і цягне мяне за руку:

— Пайшлі.

— А Ніна? — вырвалася ў мяне.

— Чарговую запіску Сэму хочаш папрасіць?

Разумніца, нічога не скажаш. Што, калі і Сямён такі ўніклівы? Ды не, ён бачыць сябе пупом зямлі, яму не да адценняў і нюансаў. А перад Валяй мушу выкручвацца.

— Вы заўсёды разам…

— Бывае,— дзяўчына замаўкае.

Што ў іх няма блізкага сяброўства — здагадваюся. Але каменціраваць здагадку не збіраюся.

Ідзём у напрамку гарадскога цэнтра.

Раптам Валя пытаецца:

— Яны часам не пацапаліся з Сямёнам? Псіхуе Нінка чагосьці і ў камандзіроўку напрасілася, хаця раней было не выперці.

— Сам Сямёна даўно не бачыў,— навіна здалася мне вартай увагі. Бадай, хеўра не на жарт захвалявалася.— А ўвогуле хай самі разбіраюцца. Што датычыць мяне, то на запіску я чхаў. I каб даказаць гэта, гатовы суправаджаць цябе на Падлесную, а адтуль — у тэатр. Выпадкова абяцалі пару білецікаў на мінскую аперэту.

— Ой, як цудоўна! Люблю аперэту,— Валя аж спынілася.

— Дык у чым справа? Ведаеш што? Давай адзначым гэтым паходам мой новы грамадзянскі статус, нарэшце сталы — паступленне на службу ў міліцыю. Пра што, дарэчы, я і хацеў паведаміць Сямёну, каб не шукаў мне працы. Думаў з дапамогай Ніны гэта зрабіць.

— Ага, угадала! — засмяялася Валя.— Ты не мяне чакаў.— Паківала галавой.— Сэм прыстроіць…— I тут да яе дайшло.— Слухай, Паша, ты хоць уяўляеш, з якога боку да бандыта падступіцца?

I яна пра бандытаў… Выдатная дасведчанасць шырокіх колаў грамадскасці пра міліцэйскую службу! Спрабую ўнесці сякую-такую яснаць:

— Па-першае, не ўсе ў міліцыі злачынцаў ловяць.— На ўсякі выпадак не прызнаюся, што менавіта гэтым мне часам давядзецца займацца.— Па-другое, каратэ-самба вывучу, пісталет дадуць…

— Жартачкі! Я сур’ёзна.

— I я. У гурток самбістаў ужо запісаўся. Не верыш?

— То глядзі…— Імкліва павярнуўся і падхапіў дзяўчыну на рукі і размахнуўся, нібы намерыўся кінуць у пажоўклы газон.— Умею? Слова насуперак і…— А на сэрцы было нядобра.

— Мядзведзь,— прашаптала Валя.— Пусці, людзі ж…

— А я што, нелюдзь? — Але, зрабіўшы некалькі крокаў, асцярожна паставіў дзяўчыну на тратуар. На нас сапраўды пазіралі прахожыя — хто з усмешкай, хто з асуджэннем. Быццам я зрабіў што благое.

Валя паправіла, хаця патрэбы ў гэтым не было, плацце, дапытліва паглядзела на мяне:

— Віншую, Павел. Калі гэта не абы прыстроіцца.

Вельмі хацелася зняць парык, кажучы словамі Сяргея Антонавіча. Стрымаўся. Нішто, калі ўсё будзе добра, Валя потым зразумее і даруе. Таму толькі сказаў:

— Стараюся не прымаць неабдуманых рашэнняў.

Валя яшчэ раз уважліва паглядзела на мяне і спытала:

— Што мы меліся паглядзець?

— Чаму меліся? Білеты ляжаць у адміністратара, нас чакае сам «Кажан»!

— Гэта значыць «Лятучая мыш»,— засмучона сказала дзяўчына.— Не атрымаецца. Мы з мамай сёння мыем бялізну. У нас абанемент у пральню на дваццаць гадзін.

Урэшце з Валяй я замест аперэты мыў бы і бялізну. Але да сумеснага мыцця бялізны, відаць, было яшчэ далёка…

А з раніцы я ўжо быў у Сяргея Антонавіча. Яго наказ давесці да Сямёнавых вушэй факт сваёй службы ў міліцыі, спадзяюся, з дапамогай Таццяны Макараўны выканаў. Расстаўшыся ўчора з Валяй, пазваніў Сямёнавай маці і падзякаваў за клопат, а заадно папрасіў перадаць і сыну, каб не турбаваўся болей. Званіць было не надта прыемна, бо такім чынам зноў уцягваў яе ў нашы з Сямёнам адносіны.

— Баюся, Лебедзевым-старэйшым неўзабаве будзе яшчэ горш,— сказаў Сяргей Антонавіч, калі я павініўся перад ім.— Пастараемся цябе не выстаўляць. Ну, усё. Давай думаць. Табе не перашкодзіць? — уключыў ён «Спідолу», якая заўсёды стаяла на ягоным сейфе. У пакоі ледзь чутна загучаў старадаўні вальс.

Музыку люблю. Нават да экзаменаў рыхтаваўся, не выключаючы магнітафон. Пад прыцішаную музыку мая галава лепш кеміць. Я так і адказаў.

Сяргей Антонавіч чмыхнуў. Падышоў да дзвярэй і пстрыкнуў замком. Значыць, размова мелася быць няпростай. Я глядзеў і думаў: наўрад ці хто незнаёмы, сустрэўшы Сяргея Антонавіча ў простым цывільным касцюме на вуліцы, скажа, што ён адзін з лепшых вышукнікоў у вобласці. Сярэдняга росту, хударлявы, нават кволы з выгляду. Паглядвае добразычліва. Спагадліва. А за ўсім гэтым — жалезны характар і трэніраванае цела.

Сеўшы ў крэсла з боку стала, Сяргей Антонавіч паклаў рукі на калені і, прыжмурыўшыся, нібы прыкідваў, зразумею яго ці не, раздумліва сказаў:

— Навошта Лебедзеў перадаваў Папроцкаму чамаданчык?.. Глупства…

— Любіць, каб яму прыслужвалі. Аднак мяне непакоіць тут іншае: выходзіць, Лебедзеў таксама ведаў, што Руслан прыйдзе ў сталовую, а гэта не такая ўжо вялікая падзея.

— Так-то яно так…

— Руслан болей па мяса не хадзіў. Або напалохаўся, або не прапаноўвалі.

— Во! — ажывіўся Пугацэвіч.— Не прапаноўвалі. А чаму тады прапанавалі і час дакладна вызначылі! Мецэнаты? — I нечакана для мяне накіраваў думку па іншым напрамку: — Куды падзеліся рэчы з кватэры Філімонавых?

— Вы ўпэўнены, што рэчы там былі?

Я разумеў, што Сяргей Антонавіч мысліць па-свойму, што ад яго можна чакаць самай неверагоднай здагадкі, але гэта яго дапушчэнне мне здавалася занадта смелым. Яно магло ўвесці нас далёка ад праўды — нішто, акрамя званка Зубрэя Лебедзеву і сцёртага пылу на антрэсолях, не падмацоўвала версію.

Нават памытая падлога ў кухні і калідоры. Лебедзеў, маючы чаго апасацца, пастараўся б не прыцягваць увагу сваімі слядамі ў кватэры Філімонавых. Прайшоўся б анучай і далей. Хутчэй за ўсё наогул не хацеў, каб мы ведалі, што ён бываў у гэтым доме. Ланцужок: Валя — я — вышук наўрад ці прыходзіў яму ў галаву.

— Быў бы ўпэўнены, прасіў бы дазволу на вобыск. Я хачу пакуль з тваёй дапамогай дакапацца да ісціны. Помніш размову Папроцкага з Лебедзевым?

— Руслан быццам прасіў Лебедзева нешта забраць, бо пра гэта «нешта» бацька яго пытаўся.

— Руслан не скардзіўся на бацькоў?

— Было. Маўляў, дыхнуць не даюць: дзе быў, з кім, што рабіў? Відаць, баяцца за сына, ведаюць яго няўстойлівасць.

— Та-ак,— чымсьці гэта Сяргею Антонавічу не спадабалася.— Кажаш, Папроцкі-бацька патрабаваў, каб сын чужы «дыпламат» вярнуў?

— Напэўна. Хаця ручацца не буду, можа, не так зразумеў, гаварылі мімаходам.

— Але тады іншага не павінна было быць, і гэта мяне бянтэжыць,— сказаў Сяргей Антонавіч,— не ўпісваецца ў прыдуманую мной схему.

— Растлумачце нарэшце,— узмаліўся я,— мне лебедзеўскіх загадак па горла.— Для пэўнасці я правёў рабром далоні пад самым падбародкам.

— А гэта таксама яго загадка,— усміхнуўся Пугацэвіч.— Асабліва блізкіх дружбакоў, якім бы твой Сэм давяраў, у яго, калі ты не памыляешся, няма. Больш-менш надзейны — Руслан Папроцкі.

— Ну, пра надзейнасць гаварыць нельга. Руслан баязлівец,— запярэчыў я.

— Дзе ўзяць лепшага — адно. Другое — Папроцкага ўжо дапытвалі, ведаем, што ў яго былі рэчы Лебедзева і што ён іх аддаў гаспадару. Значыць…— Я затаіў дыханне. Надта неверагоднай і разам з тым слушнай здалася мне здагадка, якую мой непасрэдны начальнік не спяшаўся выказаць. Калі ён не памыляўся, гэта вырашала многае.

Пугацэвіч устаў, ён любіў думаць на хаду.

Кабінет не быў пляцам для маршыроўкі, і Сяргей Антонавіч абмінаў стол, крэслы, мае скурчаныя пад сядзеннем доўгія ногі, раз-пораз паглядваў на мяне. Нарэшце прамовіў:

— Гаварыў з Русланам, а што ён за чалавек — дакладна сказаць не магу.

— I я з ім пуд солі не з’еў. Мазгі, як кажуць, на баку, гэта праўда. Аднак, Сяргей Антонавіч, калі вы або Акулік папытаеце ў лоб — доўга выкручвацца не здолее. Не той характар. Думаю, за адзін свой волас чужую галаву з шапкай валасоў не пашкадуе, аддасць.

— Вобразна, вобразна,— не то пахваліў, не то папракнуў капітан. Спыніўся перад акном, не паварочваючыся, дадаў: — Табе парада: будзеш пісаць якія справаздачы ці даведкі, выказвайся прасцей. Начальства любіць сцісласць і канкрэтнасць.

— Сяргей Антонавіч, Сяргей Антонавіч,— засмяяўся я,— вас зараз зусім не гэта хвалюе. Выклікайце Папроцкага Руслана. Можа, потым без пракурора абыдземся.

— Ухапіў ідэю? — Пугацэвіч павярнуўся да мяне, адабральна чмыхнуў.— Будзе па-твойму!

Ён не паспеў пазваніць, як пачуўся нецярплівы стук у дзверы. Пугацэвіч паморшчыўся.

— Адамкні.

У кабінет уварваўся Вячаслаў.

— Пажар? — Сяргей Антонавіч зняў руку з тэлефона.

— У нас, таварыш капітан!

Калі оперупаўнаважаны Шульжык пачынае гаварыць як на афіцыйным прыёме, справа найчасцей сапраўды кепская. Што ён такога надыбаў у Мінску?

— 3 Самсонавым — пустышка! — выпаліў Вячаслаў.

Пугацэвіч спахмурнеў. А я, сорам прызнацца, узрадаваўся. Адным злодзеем, можа, у нашым выпадку будзе меней. Хаця праз імгненне я ўжо засумняваўся. У нашым выпадку, дапускаю, Алег пройдзе бокам. А наогул? Сумленна на п’янкі-гулянкі ды каштоўныя падарункі Люсьцы-індыянцы грошай не набярэш.

— Сарвіра, кажа, завязаў з былым,— расказваў Вячаслаў.— У нас хацеў нібыта пляменнікам імпартную мэблю купіць. Нехта, не назваў хто, звёў яго з Самсонавым.

— Здзелка адбылася? 3 камісіённымі, вядома? — Пугацэвіч ужо ачуняў ад нечаканага ўдару па яго меркаванню. Вярнуўся да свайго стала.

— Сарвіра мужык хітры, увішны. Распілі, сказаў, з Самсонавым бутэльку, і ўсё. Я не стаў яго лавіць на мане, у нашым рэстаране ён з Самсонавым толькі парай слоў перакінуўся.

— А як было ў Мінску, мы не ведаем,— астудзіў Шульжыка Сяргей Антонавіч.— Адно ясна — абодва жулікі. Пра футра Сарвіра мог і прамаўчаць. I з мэбляй не ўсё сыходзіцца, у Мінску яе выбар не меншы, а такі стары прайдзісвет і там сувязі, напэўна, мае. Можа быць так, што мэбля толькі зачэпка для сустрэч.

— Абое рабое…— усміхнуўся Шульжык.

— Згодзен з вамі, Сяргей Антонавіч,— я пагасіў ужо ў сабе тую радасць, якая з’явілася ад Вячаслававага паведамлення, адчуўшы, што яна дачасная.— Самсонаў мог сунуцца да гэтага барыгі з футрам. А той — або памеры здзелкі былі не яго маштабу, або, маючы немалы крымінальны стаж, раскусіў дылетанта і пабаяўся звязвацца. Гэта магло прымусіць Лебедзева з Самсонавым ехаць у Мінск і шукаць іншы канал збыту — і футра, і астатніх крадзеных рэчаў.

— Змрок, Вячаслаў, змрок,— Сяргей Антонавіч, відаць, прыняў маю версію.— Ніводнага агеньчыка. Як, Павел, назваў Лебедзеў Самсонава — купец? Купец… Людміла жыве асобна ад бацькоў?

— Да яе крадзенае не панясуць. Лебедзеў прынцэсу Люську не вельмі шануе. Гэта дамачка можа накласці на рэчы сваю наманікюраную лапку.

— Застаецца Папроцкі? — Пугацэвіч нібы раіўся са мной.

— Увогуле яго на адну дошку з Лебедзевым ці Грыгаровічам я не паставіў бы. Аднак, калі Лебедзеў не скажа, што рэчы крадзеныя, ён, нават здагадваючыся пра ўсё, возьме. Хлопец без прынцыпаў.

— Званю! — Запрасіўшы Руслана зайсці пасля працы ў крымінальны вышук, Пугацэвіч сказаў: — Раскрыем Вячаславу свой ход, каб новай асечкі не здарылася, як з кватэрай Філімонавых.

Шульжык збянтэжыўся — хацеў, мабыць, апраўдвацца, але прамаўчаў. Зразумеў, што Сяргей Антонавіч яго не папракаў. Тут была наша агульная памылка.

— Мы з Паўлам надумалі,— Сяргей Антонавіч гаварыў павольна, быццам яшчэ раз прыкідваў, ці не памыляецца, бо сама ідэя, што частку рэчаў, украдзеных на Падлеснай, Лебедзеў трымаў на кватэры ў Філімонавых, была ўсё-такі ягоная — я тут прышый-прысцябай.— Папярэджаны Зубрэем, Лебедзеў вымушаны быў забраць іх адтуль. Куды дзеў? Магчыма, папрасіў Папроцкага патрымаць невялікі чамаданчык дзень-другі. Гэта яму ўяўляецца бяспечным — у Папроцкага пыталі пра «дыпламат» Лебедзева і больш, думае, пытаць не будуць.

— А рэчы Канапацкіх? — Шульжык не пагадзіўся з такім вывадам.— Чаму б Лебедзеву не далучыць рэчы з Падлеснай да іх? Або занесці ў камеру захоўвання на вакзал?

— Пакуль мы толькі гадаем,— развёў рукамі капітан і нарэшце апусціўся ў крэсла за сваім сталом.— Лебедзеў, як кажа Павел, абачлівы, асцярожны і абы з кім не будзе... Вядома, каб панаглядалі за ім, то, бадай, хутчэй бы выявілі схованку крадзенага. Але гэта, самі ведаеце, не проста.

— Не тое злачынства,— з крыўдай зазначыў Шульжык.— Начальнік аддзела першы адмовіць, не кажучы ўжо аб пракурору.

— І злачынства не тое, каб падключаць новых людзей, і час спатрэбіцца,— пагадзіўся з ім Сяргей Антонавіч.— Так што мусім вынайсці іншы ход. А рэчы Канапацкіх… Мне здаецца, яны ў Лебедзева дома.

Мы з Вячаславам пераглянуліся. Больш выхаваны на пытаннях субардынацыі, Шульжык прамаўчаў, а я заспрачаўся:

— Занадта катэгарычна, Сяргей Антонавіч. Аднак калі вы ўпэўнены, то чаму б не папрасіць санкцыю на вобыск?

Пугацэвіч усміхнуўся:

— Спачатку трэба злавіць за руку. А пакуль…— Ён хітра паглядзеў на нас.— Пагутарым з Папроцкім Русланам. Прымаецца? То, Вячаслаў, папільнуй ля дома Папроцкіх. Раптам Руслан папярэдзіць Лебедзева, і той прыйдзе па чамаданчык. А ты, Павел, знікні. Не трэба, каб хлопец цябе бачыў, ты для яго яшчэ міліцыянер у абстракцыі. Усё!


23

Голас Пугацэвіча, калі ён выпраўляў сваіх маладых калег, гучаў бадзёра. Але каб яны ведалі, што ў яго на сэрцы, як кажуць, кошкі скрабуць, напэўна, затрымаліся б, абмеркавалі б і іншыя магчымыя варыянты. Хай і тыя ж самыя, якія ён пракруціў ужо сам сабе некалькі разоў. Адкуль ім ведаць пра гэта? А яму патрэбна нешта новае. Гарбаценка, праўда, дадаў да яго плана некаторыя дэталі. Яны, вядома, згадзяцца. Але Пугацэвіча абнадзейвала іншае. Тое, што Гарбаценка прыняў яго меркаванні, сведчыла на карысць плана. Значыць, ён, Пугацэвіч, ідзе па правільным шляху. А калі і не, то часу на новую прыкідку ўжо няма: вось-вось з’явіцца Папроцкі. Доказаў супраць яго няма, адна інтуіцыя. Унюхае Руслан гэта, і пішы, што чарговая версія прапала. Бо на грамадзянскае сумленне гэтага хлопца разлічваць цяжка.

Засяродзіцца перад нялёгкай гаворкай Сяргею Антонавічу не ўдалося. Былі тэлефонныя званкі, былі наведвальнікі.

Папроцкі прыйшоў, калі Пугацэвіч заканчваў тэрміновую нечарговую даведку.

— Сядайце, калі ласка,— капітан паказаў на крэсла насупраць сябе,— вось толькі дапішу…

Ён пісаў і непрыкметна сачыў за Русланам. Хлопец паводзіў сябе натуральна: быў не вельмі задаволены, але, бадай, і не хваляваўся. Напэўна, пасля мінулага допыту пракансультаваўся і цяпер ведае, што за куплены з чорнага ходу ў сталовай дэфіцыт яму нічога не пагражае. Як выпадковы кліент, хутчэй за ўсё нават у сведкі на судзе над махлярамі, калі ён адбудзецца, не пападзе. Іншае ж Руслана не турбавала. Тым лепш, можна пачынаць здалёк.

— Як жыццё-быццё, Руслан Аляксеевіч?

— Больш па мяса не хаджу,— ён не прыняў дружалюбны тон старшага оперупаўнаважанага.

— Ну-у, у магазін, як усе, хадзіць не забараняецца і бацькам памагчы не грэх,— усміхнуўся Пугацэвіч. Насцярожанасць, якая скоўвала хлопца, трэба было зняць.

— У кожнага свой абавязак,— параду капітана Руслан нечакана ўспрыняў хваравіта. Напэўна, у іх сям‘і з-за магазінаў часам узнікалі невялічкія канфлікты: накарміць двух мужчын не проста, асабліва калі яны цураюцца хатняй работы.

— Але ж у той раз…— Цяпер Пугацэвіч адкрыта, не хаваючы цікаўнасці, разглядваў Папроцкага — і дома ад яго не больш карысці, чым у інстытуце. Вырашыў паказытаць нервы, каб ён не надта яршыўся.— Што, ці скажам так хто прымусіў вас парушыць гэты свой высакародны прынцып?

— А вы адмовіліся б, каб узнікла магчымасць разжыцца на тое, чаго на прылаўках няма?

— Руслан Аляксеевіч, пакінем непатрэбную дыскусію, блат не тэма для яе.— Пугацэвіч быў задаволены: пакуль усё ішло так, як ён задумаў.— Ад вас патрабуецца адказваць на пытанні. Дык хто адрасок падсунуў, так сказаць, спакусіў?

— Вялікі крымінал!

— Руслан Аляксеевіч,— Пугацэвіч паклаў рукі на стол, счапіў пальцы. Хаця і дапускаў, што хлопец будзе трымацца больш упэўнена, чым раней, гэта яго агрэсіўнасць дзівіла.— Вас хто кансультаваў? Адвакат? Калядка? Яны што, раілі ўхіляцца ад пытанняў?

Папроцкі неахвотна выціснуў:

— Дзень нараджэння, госці…

— Паўтараеце сказанае мінулы раз,— папракнуў капітан.— I я помню вашы словы, і ў пратаколе запісана.

— Папрасіў Алега… Самсонава.

— Тады вы казалі, што ён сам прапанаваў.

— Якая розніца?

— Тым болей дзіўна, што вы без дай прычыны круціце.

Упершыню Папроцкі падняў вочы на Пугацэвіча, паціснуў плячамі.

— Увогуле я і сам ведаю, што Самсонаў з шахцёраў — з-пад зямлі дастане,— Руслан усміхнуўся свайму жарту.— А тут Лебедзеў пачуў, што ў нас свята, і параіў, як мне зрабіць бацькам прыемнае.

— Лебедзеў таксама ваш сябра?

— Ну...— пацвердзіў Руслан і раптам пакрыўджана загаварыў: — Не разумею, чаго столькі шуму з-за такой дробязі? Не тое робяць некаторыя, і нічога…

— Дойдзем і да іх,— запэўніў Пугацэвіч і падумаў, што, на жаль, гэта адбудзецца не так хутка, як трэба было б.— Ды не пра іх зараз гаворка. Гэты ваш дружок, як яго? Лебедзеў? Быў заўчора ці ўчора ў вас?

— Не. Заўчора ён з сястрой і яе мужам у тэатры былі, а тады адтуль прама паехалі на пахаванне. Тэлеграма прыйшла: у Святланы, сястры Лебедзева, свёкар раптоўна памёр.— Папроцкі разгаварыўся, адчуўшы, што з тым злашчасным мясам скончана.

— Хто вам сказаў? — Навіна непрыемна ўразіла Пугацэвіча, яна істотна парушала яго, здавалася б, беспамылковую версію. Ды што парушала! Версія трашчала па ўсіх швах.

— Федзька Грыгаровіч, мой знаёмы, калі вам так трэба точнасць, сёння званіў.

Пугацэвіч, чаго з ім даўно не здаралася, разгубіўся. Што рабіць? Калі Лебедзеў быў у тэатры, а ён напэўна там быў, а адтуль, не заходзячы нават дадому, паехаў разам са сваякамі з горада, то не мог ён, па-першае, забраць рэчы з кватэры Філімонавых; па-другае, аднесці іх Папроцкаму. 3 усяго гэтага вынікала, што Руслан — пустая трата часу, хлопца трэба адпускаць, а самому вынаходзіць нейкі іншы шлях. Аднак Пугацэвіч заўсёды стараўся пазбягаць імпульсіўных хадоў, асабліва тады, калі яны перакрэслівалі вялікую папярэднюю працу і заснаваныя на ёй вывады. А ў гэтым выпадку пракідвалася яшчэ адна прычына, з-за якой нельга было раптоўна канчаць допыт. Лебедзеў, які нечакана аказаўся ўбаку, не павінен быў захавацца ў памяці Руслана фігурай, цікавай для міліцыі.

Прыняўшы рашэнне затрымаць Папроцкага крыху яшчэ, Сяргей Антонавіч спытаў:

— Грыгаровіч? Хто ён такі?

— Мой знаёмы,— Руслан не разумеў сэнсу пытанняў, яны здаваліся яму неістотнымі, нязначнымі і таму непакоілі.— Рабочы…

Зазваніў тэлефон, і Руслан змоўк.

Пугацэвіч узяў трубку. Шульжык дакладваў пра ад‘езд Лебедзева.

— Хвіліначку,— сказаў яму Сяргей Антонавіч і папрасіў Папроцкага пачакаць у калідоры, пакуль ён скончыць размову.— Чуў,— ахаладзіў ён гарачнасць оперупаўнаважанага.— Я з Акадэмікам гутару. Добра б ведаць, калі ён вернецца. Зразумеў? А праз гадзіну звяжыся са мной, можа, давядзецца рабіць паварот.

Пагаварыўшы з Вячаславам, капітан не спяшаўся запрашаць Папроцкага. Сядзеў і думаў, як быць далей. I з Папроцкім, і наогул. Нешта ў гэтай сітуацыі выглядала не так, як падказвала логіка. Нейкі скрутак, чамадан, сумка ці што там яшчэ знікла з антрэсоляў менавіта пасля званка інжынера. Пугацэвіч дапускаў супадзенне. Але адказаць пры гэтым на адно важнае пытанне не мог: чаму ў Лебедзева, які рэстараны ставіў вышэй за ўсе тэатры, узнікла жаданне наведаць аперэту? Не з дружбакамі, не з Нінай, якая таксама ў гэты дзень неспадзявана напрасілася ў камандзіроўку, а са сваякамі. А потым, чужы ўвогуле сваяцкім пачуццям, Лебедзеў едзе на пахаванне чалавека, з якім усяго аднойчы, калі толькі Шульжык разведаў гэта дакладна, сустракаўся на вяселлі сястры некалькі гадоў таму назад.

Лебедзеў вельмі хітры і не здольны на такія раптоўныя парывы. Дык ці нельга дапусціць, што гэтыя яго паводзіны маюць нейкі іншы падтэкст? Які? Што яшчэ казаў Гарбаценка пра Лебедзева? Напэўна, прасцей было пайсці да падпалкоўніка Янушкевіча і паглядзець лейтэнантавы данясенні. Аднак Сяргей Антонавіч баяўся, што, перабіўшы думку, потым не ўловіць яе. Павел напісаў столькі, што ён можа зачытацца, звярнуць убок.

Сяргей Антонавіч адкінуўся ў крэсле, заплюшчыў вочы, расслабіўся. Шыю муляў цвёрды рабрысты край спінкі крэсла, гэта не давала засяродзіцца. Ды і Папроцкі чакаў у калідоры… Сяргей Антонавіч устаў і падышоў да акна. Вуліца жыла сваім неспакойным жыццём, і гэта раптам супакоіла яго. Думкі пачалі выстройвацца ў роўны і доўгі ланцуг.

Сяргей Антонавіч убачыў сябе ў кафэ побач з Паўлам і Лебедзевым. Недзе там, ля буфета, кешкалася афіцыянтка Наташа, а тут, за столікам — Сэм. Упэўнены, напышлівы, цынічны. Што ён сказаў Паўлу? А-а… Сяргей Антонавіч задаволена ўсміхнуўся. «Сам наймаю! Зарубі сабе на носе, паэт!» От і добра, наймай, Сямён Лебедзеў, наймай, мы пацікавімся тваімі наймітамі…

Ён выглянуў за дзверы, паклікаў Папроцкага.

— Прабачце, Руслан Аляксеевіч, што затрымаў.

Добразычлівасць старшага оперупаўнаважанага, які хвілін дваццаць таму назад размаўляў суха, насцярожыла хлопца. Ён падазрона пацікавіўся:

— Гэта надоўга? Мне трэба ў адно месца.

— Спадзяюся — не,— адказаў капітан, аднак шматзначна ўдакладніў: — Калі, вядома, вы будзеце шчырым. Дамовіліся?

— Зноў мяса… Каб яно згарэла.

— Навошта так,— усміхнуўся Пугацэвіч.— Вы яго з’елі, і на здароўе. 3 тым мясам скончана. Вы мне лепш скажыце, чаго да вас учора Грыгаровіч прыходзіў?

— Кажаце, успамінаць не будзеце, а самі сочыце,— Руслан разгубіўся.

— Вы ж не злодзей,— паківаў галавой капітан,— навошта нам за вамі сачыць? А пра Грыгаровіча я здагадаўся, ёсць такое слова — інтуіцыя. Чулі? Чаго ён прыходзіў?

— Не ведаю, праўда. Пабыў трохі і пайшоў…

— Спытаў, ці дома бацька, так?

— Так...

— Ясна,— зазначыў Пугацэвіч.— Яшчэ адно: што было ў руках Грыгаровіча?

— Чамаданчык,— ён напружана глядзеў на Сяргея Антонавіча.— Значыць, Федзька…

— Нічога не значыць! — перабіў Пугацэвіч.— Запомніце гэта і нікому ні гуку. Ні пра нашу размову, ні пра свае здагадкі.— Ён пасунуў запоўнены бланк пратакола.— Прачытайце і, калі згодны, падпішыце. Кожную старонку.

Зачыніліся дзверы, а Сяргей Антонавіч усё яшчэ глядзеў на іх, нібы чакаў, што Папроцкі вернецца і нешта растлумачыць, і тады новая загадка перастане быць галаваломкай, набудзе рэальныя рысы.

Цяклі хвіліны. Папроцкі не вяртаўся. Ён, напэўна, нават спяшаўся апынуцца як мага далей ад упраўлення ўнутраных спраў, ад незразумелых і дзіўных пытанняў, якія тут на яго сыпаліся. Увогуле Сяргей Антонавіч мог быць задаволеным, і Папроцкі зараз не быў яму надта патрэбны. У галоўным яго версія, бадай, правільная. Чамаданчык існаваў, яго, не выключана, спрабавалі перахаваць. Па ўсім бачна, Лебедзеў зноў хітраваў: па рэчы паслаў іншага, а сам у гэты час строіў з сябе тэатрала. Потым адправіўся ў неспадзяваную і вельмі своечасовую для яго дарогу. Да Папроцкага таксама не пайшоў сам. Дурань. Выстаўляецца суперменам, а робіць памылкі дылетанта. Сяргей Антонавіч расчаравана паківаў галавой. Нецікавы праціўнік, хаця і павадзіў за нос. Такія прымітыўныя алібі не дапамогуць Лебедзеву выкруціцца. Аднак Сяргея Антонавіча зараз займала не гэта.

Чамадан, відаць, меліся пакінуць у Папроцкіх. На якія два-тры дні. Надзьмутага індыкаватага Руслана абвесці вакол пальца было не цяжка. Ды як на тое, дома быў Русланаў бацька. Для малодшага Папроцкага гэта было вельмі добра, для старшага оперупаўнаважанага Пугацэвіча — не надта. Сядзі цяпер і думай за Грыгаровіча, куды прыстройваць небяспечны пакунак.

Сяргей Антонавіч адчуваў, што адказ павінен быць недзе блізка, варта толькі ў думках паставіць сябе на месца Грыгаровіча, правільна ацаніць яго натуру. Але ў яго гэта не атрымлівалася — не мог уявіць сабе Грыгаровіча. Узбуджаны, Сяргей Антонавіч штуршком падняўся з крэсла і імкліва выйшаў з кабінета.

Павел зразумеў Пугацэвіча з паўслова. Меркаванні капітана пра схованку ў Філімонавых ён ацаніў адразу яшчэ надоечы і цяпер, пачуўшы, што сказаў на допыце Папроцкі, шчыра парадаваўся за свайго старэйшага таварыша. I разам з тым, не тоячыся, пазайздросціў:

— Бліжэй да іх быў я, а разабраліся — вы.

— Не без тваёй дапамогі, лейтэнант, не прыбядняйся. А ў мяне ж усе канцы ў руках. Але не будзем пакуль марыць пра славу, як бы хутчэй вымову не схапіць. Куды, па-твойму, Грыгаровіч падзеў рэчы?

— Яго дзеянні, бадай, не запраграмуеш. Нелагічны ў думках, учынках, дзейнічае пад уплывам эмоцый…

— Будзем зыходзіць менавіта з нелагічнасці.

— Думаю, калі ў Папроцкіх сапраўды выйшла асечка, мог запанікаваць і кінуцца па адрасу, які першым мільгне ў галаве…— Павел гаварыў павольна, разважліва, разумеючы, што ад яго вывадаў залежыць многае, можа, нават поспех усёй аперацыі.

— Назад не панясе?

— Наўрад ці, пабаіцца — напэўна, Лебедзеў папярэдзіў, што кватэра можа быць пад наглядам.

— Тады і да Калядкі не пойдзе.

— Той сам не возьме. Вучоны.

— Момант,— Сяргей Антонавіч схапіў тэлефонную кнігу, знайшоў патрэбны нумар.— Аддзел кадраў? Дзень добры, таварыш начальнік. Пугацэвіч з крымінальнага вышуку. Усё тое ж. Ці нельга маленькую даведачку? У якую змену заўчора працаваў Грыгаровіч? Дзякую. Пачакаю ля тэлефона.

Сяргей Антонавіч па-змоўніцку падміргнуў Паўлу і адставіў ад вуха трубку. Апарат быў новы, адладжаны, і было добра чуваць, як на тым канцы проваду начальнік аддзела кадраў па ўнутранай сувязі размаўляе з інструментальным цэхам. Павел раптам захваляваўся, што вось у наступны момант начальнік скончыць перагаворы з цэхам і скажа ім зусім не тое, на што яны з капітанам спадзяюцца.

Напэўна, мінула не больш хвіліны, як у мембране выразна пачуўся ўпэўнены бас, і да Паўла данеслася:

— Грыгаровіч…

Далейшага ён не разабраў, Пугацэвіч таропка прыціснуў трубку да вуха. Выслухаўшы, усміхнуўся:

— І ў яго алібі, працаваў у другой змене, да дваццаці чатырох гадзін.

— Штукары,— і Павел таксама не стрымаў усмешку.— Сяргей Антонавіч, у яго было не багата часу на пошукі іншага сховішча.

— А ён пры гэтым, як ты кажаш, недаверлівы. Што вынікае? — I сам адказаў: — Да абы-каго не сунецца. Да Самсонава? Там Людміла, так? Сабе дамоў? Пакуль Лебедзеў вернецца…

— Можа. Нават напэўна, Сяргей Антонавіч, маці ў яго не пікне. Дый даўно перастала звяртаць увагу на тое, што робіць і чым займаецца сын.

— Вось бачыш. Учора аднёс, сёння з раніцы перахаваў.

— Мы ж прынялі яго падазронасць да ўсіх, не будзем пакуль ад гэтага адмаўляцца.

— Згодзен,— Пугацэвіч прысеў на край крэсла.— Што мы маем, каб ставіць пытанне пра вобыск? — Ён і сам добра ведаў, што ёсць, а чаго няма. Але не лішне было праверыць сябе.— Адной нашай з табой здагадлівасці мала.

— Да Папроцкага прыходзіў з чамаданчыкам, выкарыстоўваў чужы пропуск ёсць жа паказанні Карповіча…

— Не густа,— Пугацэвіч пачухаў патыліцу.

— Усё роўна, Сяргей Антонавіч, трэба спяшацца. А то Лебедзеў вынайдзе яшчэ што.

— Добра,— нарэшце рашыўся капітан.— Дададзім яшчэ адну маю здагадку: украдзеныя ў Канапацкіх рэчы спачатку заносілі да Грыгаровіча, што-небудзь магло застацца — не заўважылі потым якую дробязь. Іду да Пятра Пятровіча.

Падпалкоўнік Янушкевіч быў не такі эмацыянальны, як яго падначаленыя: мелі значэнне і ўзрост, і пасада, і адказнасць, якую няма на чые плечы перакладваць. Выслухаўшы Пугацэвіча, крыху падумаў і сказаў:

— Акуліка, мабыць, ужо ўгаварыў?

— У нас са следчым — адзінства.

— Не баішся застацца з доўгім носам?

— Пётр Пятровіч,— капітан загарачыўся, што здаралася з ім не часта, у асноўным тады, калі самога нешта грызла.— Тут, здаецца, усё абгрунтавана.

— Іменна, што здаецца,— Янушкевіч разгладзіў коратка падстрыжаныя вусы.— Ты не мне — пракурору будзеш даводзіць. А ён ведаеш што параіць? Тое ж, што і я зараз скажу: паназірайце за Грыгаровічам. Акрамя дома ў яго была яшчэ камера захоўвання на чыгуначным вакзале. Ад Папроцкіх на завод міма вакзала якраз ісці. Вернецца Лебедзеў, і яны абавязкова сябе нечым выдадуць.

— Калі ў камеры захоўвання — так,— не згадзіўся Сяргей Антонавіч.— А калі дома, толькі лішне будзем тузацца.

— Тады Грыгаровіч або адразу прывядзе Лебедзева да сябе, або панясе рэчы туды, куды ён загадае. Паглядзім, як разгорнуцца падзеі. Можа, я і падтрымаю вас.— Янушкевіч зноў пагладзіў вусы — верны прызнак няўпэўненасці, ваганняў.

Гэта супакоіла Пугацэвіча. Ён дзелавіта паабяцаў:

— Зробім, Пётр Пятровіч.

— Куды вы дзенецеся,— усміхнуўся падпалкоўнік, хаця было бачна, што і яго затрымка не радуе.


24

А сёмай гадзіне дыспетчар цэха паклікала Грыгаровіча да тэлефона. Шульжык зразумеў, што яго нуднае чаканне нарэшце скончылася. Разам з эканамістам, членам штаба заводскай народнай дружыны, яны больш не будуць рабіць выгляд, нібыта хранаметруюць у цэху вытворчыя працэсы.

Размаўляў Грыгаровіч не доўга. Пагаварыўшы, крыху пакруціўся ля майстра, а тады скіраваў у раздзявалку. Шульжык туды не пайшоў, хаця і рызыкаваў упусціць хлопца — у яго мог быць на прыкмеце чый-небудзь яшчэ пропуск. Аднак усё абышлося. Праз якую хвіліну Грыгаровіч вярнуўся разгублены. За працу не браўся. Пасоўваўся туды-сюды, пашукаў некага вачамі.

Вячаслаў параіў свайму добраахвотнаму памочніку на ўсякі выпадак пайсці ў канторку начальніка цэха. I сапраўды, неўзабаве Грыгаровіч таксама накіраваўся туды. Ён папрасіў дазволу на выхад з завода да канца змены.

Пакуль Грыгаровіч пераапранаўся, Шульжык пазваніў Пугацэвічу. Падзеі развіваліся так, як і меркавалі вышукнікі, але Сяргей Антонавіч не ўтрымаўся, каб не напомніць Вячаславу:

— Твой клопат — Грыгаровіч. Што б ні адбылося, з кім бы ён ні сустрэўся, вядзі яго да канца. Астатняе зробяць таварышы.

Лебедзеў чакаў дружка ў скверыку насупраць заводскай прахадной. Грыгаровіч падсеў да яго на лаўку. Размова спачатку выдавала спакойнай, потым Федзя загарачыўся — замахаў рукамі, відаць, намагаючыся пераканаць дружка. Сямён не перабіваў і толькі вадзіў галавой, як не верачы або асуджаючы. Не даслухаўшы, устаў і пайшоў цераз асфальтаваную пешаходную дарогу да блакітнай будкі тэлефона-аўтамата. Грыгаровіч пасунуўся следам, усё гэтак жа размахваючы рукамі. Сямён не слухаў. Ён зайшоў у кабіну і моцна грукнуў дзвярамі. Шкляныя шыбкі дзынкнулі, як не павысыпаліся. Шульжык усміхнуўся.

Тым часам Сямён перагаварыў з кімсьці, і яны з Грыгаровічам павольна, як прагульваючыся, пайшлі па доўгай ліпавай алеі ў бок праспекта. Спыніліся на аўтобусна-тралейбусным прыпынку. Вячаслаў прыстроіўся непадалёк, быццам таксама збіраўся ехаць, балазе і ў гэту пару тут было людна. Аднак ён не вельмі ўважліва чытаў дакладныя Гарбаценкі і выпусціў з-пад увагі, што Сямён грамадскім транспартам не карыстаецца. Не паспеў Вячаслаў скеміць, што да чаго, як яго падапечныя ўжо сядзелі ў нейкім прыватным «Масквічы», а яшчэ праз імгненне машына, як здзекваючыся, мігнула чырвоным агеньчыкам і пакаціла па ажыўленай магістралі. Ён нават нумар не разгледзеў. Засланіў мітуслівы людскі натоўп.

Апамятаўшыся, Шульжык кінуўся лавіць машыну. Ды не было ў яго вопыту ці прадстаўнічасці для гэтага — і прыватныя, і таксі нават з зялёнымі агеньчыкамі праносіліся міма. Вячаслаў плюнуў ад прыкрасці і пабег да тэлефона.

— Упусціў? — перапытаў Пугацэвіч. Вячаслаў чакаў вымовы, а капітан, адчувалася, быў спакойны.— Садзіся ў трэці тралейбус і едзь у «Дняпро». Ты ў цэху не намазоліў вочы Грыгаровічу? Не? Ну, то заадно і павячэраеш. Адбой яшчэ не хутка.

Шульжык не рызыкнуў спытаць, адкуль капітан ведае пра яго прамашку. Але пасля размовы з ім на душы стала трохі лягчэй. Значыць, таварышы прадбачылі і такі паварот справы, былі гатовыя да яго. Павесялелы, ён паехаў у рэстаран.

Тралейбус спыняўся ля кожнага светафора, доўга стаяў на прыпынках. I калі Шульжык прыехаў, Лебедзеў з Грыгаровічам ужо балявалі — на іх стале было і пітво, і закусь. Толькі стол дастаўся ім выпадковы, не на зручным месцы — на праходзе. Калі граў аркестр, побач таўкліся танцоры. Аднак зараз музыкантаў на эстрадзе не было, і па зале плыў прыглушаны шум.

Шульжык, выбіраючы дзе лацвей прыстроіцца, агледзеў залу. Лейтэнант з райаддзела сумаваў непадалёк ад Лебедзева, а яго спадарожніца, вясёлая дзяўчына, зыркаючы па баках, грызла вялікі чырвоны яблык.

Два свабодныя крэслы былі ў Лебедзева і Грыгаровіча. Вячаслаў падумаў, што было б цікава падсесці да іх. Не рашыўся. Не пусцяць, а ўвагу прыцягнеш, і, можа, тады Федзька пазнае — мог жа мяльком бачыць на заводзе. Трэба шукаць іншае выйсце. I тут яму нарэшце пашчасціла, нібы лёс зжаліўся і, накарміўшы-напаіўшы нейкага камандзіраванага, павёў таго да дзвярэй у гасцініцу.

Афіцыянтка не паспела прыбраць посуд, як Шульжык ужо сядзеў у ягоным крэсле. Яна насмешліва ўсміхнулася, але нічога не сказала. Вячаслаў з палёгкай уздыхнуў і тады раптам заўважыў, што яго папярэднік спыніўся, азірнуўся. Баючыся, каб той часам не перадумаў, Вячаслаў злосна глянуў на яго і прыкусіў губу. Ніякі гэта не быў камандзіраваны — крэсла побач з Лебедзевым і Грыгаровічам перадаў яму аператыўнік з іх аддзела, навічок, выпускнік школы міліцыі. Аказваецца, Пугацэвіч і тут паклапаціўся, не надта спадзеючыся на здольнасці свайго падначаленага. Шульжыку стала крыўдна. I іншым разам ён, напэўна, даў бы разгарэцца сваёй крыўдзе, падагрэў бы яе. Аднак зараз было не да таго. Ён мусіў глядзець і глядзець, бо да суседняга стала падыходзіла высокая дзяўчына. Вячаслаў пазнаў Ніну Шумейка.

— Прыбыла!

Сямён сказаў гэта гучна, як здалося Шульжыку, нават грозна.

— Можа, перш «добры вечар» дасі? — Дзяўчына спрабавала прытушыць грубасць свайго каханага.— Ну і прыехала, ну і што? Што мне два дні нудзіцца ў гасцініцы! — Хлопцы маўчалі, і яна як пасмялела: — Заўтра субота, ды табе, Сэм, што субота, што панядзелак,— яна махнула рукой, схапіла меню.

— Э-э,— Грыгаровіч хмыкнуў.— У панядзелак галава больш баліць.

— Як бы вы дні адрознівалі? — з’едліва сказала дзяўчына і павярнулася да афіцыянткі, якая ўжо была побач, тыцнула пальцам у меню: — Вось гэта, гэта і гэта.

Шульжык употай разглядваў Ніну-Вялеську і не мог пагадзіцца з Гарбаценкам. Не такой ужо авечкай трымалася яна са сваім Сэмам.

Да Вячаслава афіцыянтка не спяшалася, і ён нервова пастукаў, перастаўляючы з месца на месца бакал і келіх, пакруціўся ў крэсле. Заданне заданнем, аднак есці таксама хацелася. Заказ у яго прынялі тады, калі Вялеська ўжо дапівала каву. Ні віна, ні гарэлкі ёй чамусьці не прапанавалі. У бакал Сямён наліў мінеральнай, сказаўшы: «Потым».

У гэты вечар у Шульжыка ўсё ішло нібы наперакасяк. Толькі прыступіў да салаты са свежых памідораў, як суседзі падняліся і пайшлі ў вестыбюль. Кінуць усё і пабегчы следам? Чакаць? А калі менавіта зараз Грыгаровіч з дзяўчынай паедуць на вакзал або яшчэ куды па рэчы? Вячаслаў паглядзеў на таварышаў. Ніхто з іх не зварухнуўся. Ясна, Ніна не была іх падапечнай, яны яе наогул, напэўна, не ведалі. Вячаслаў выцягнуў шыю, каб убачыць, дзе там у вестыбюлі хлопцы з дзяўчынай. Не было падобна, каб яны збіраліся некуды ісці, і ён крыху супакоіўся. Аднак на ўсякі выпадак таропка глытаў напаўзялёныя скрыгалікі памідораў, гатовы ў любы момант сарвацца з месца.

Хлопцы вярнуліся адны. Зноў Шульжык перажыў некалькі роспачлівых імгненняў: куды дзелася Шумейка? 3 аднаго боку, наказ капітана не выпускаць з поля зроку Грыгаровіча, з другога — здагадка, што дзяўчына засталася без нагляду, і няма з кім параіцца. Каб не яго нядаўняя ініцыятыва ў домакіраўніцтве, Вячаслаў памчаўся б следам за Нінай. Але, успомніўшы, да чаго прыводзіць часам самадзейнасць, утрымаўся на месцы.

На эстрадзе з’явіліся музыканты. Адзін настройваў электрагітару, другі пляскаў меднымі талеркамі, нібы маглі яны, пакуль нікога не было, разладзіцца, трэці прыстасоўваў мікрафон. Гэта быў як сігнал, і ў залу пацягнуліся людзі.

Вячаслаў папрасіў афіцыянтку не спяшацца з гарачым і выйшаў у вестыбюль. Ён прыкурыў цыгарэту, абапёрся на бар’ер пустой секцыі гардэроба — восень стаяла цёплая, і яшчэ мала хто насіў паліто ці плашч — і думаў, куды пайшла Шумейка. Ці не паслаў яе Лебедзеў?

Танцы не спакушалі і Грыгаровіча. Ён таксама пакінуў сваё месца. Стаў перад люстэркам і пачаў прыгладжваць валасы. Яны не слухаліся, дыбіліся, блыталіся. Але Федзя з жаночай настойлівасцю змагаўся з непакорнымі кучарамі і нарэшце саўладаў з імі, а тады ўзяўся за бакенбарды. Яго зараз быццам не хвалявала нішто іншае, акрамя ўласнага выгляду.

Скончыўшы прыхарошвацца, Грыгаровіч разваліўся ў глыбокім крэсле, закінуўшы нагу на нагу, і закурыў. Ён пускаў дым у столь, праводзячы вачамі тоненькі шызы струменьчык. I, напэўна, пра нешта думаў. Пра што? Шульжыку гэта было ўсё роўна. Галоўнае — ён знаходзіўся на вачах, а псіхалогіяй хай займаецца следчы Акулік або паэт Гарбаценка.

Дакурыўшы, Грыгаровіч шпурнуў акурак у кут, дзе стаяла невялікая урна, падправіў аднаму яму бачны непаслухмяны віхорчык і, рассоўваючы танцораў, накіраваўся да свайго стала. Шульжык уздыхнуў з палёгкай. Цяпер можна было не рабіць выгляду, што ты тут толькі дзеля таго, каб прыняць дозу нікаціну.

Аркестранты не вельмі шчыравалі. Хвілін праз пятнаццаць музыка сціхла. Можна было вяртацца да вячэры, тым болей што на сваім стале Вячаслаў убачыў талерку з падсмажаным мясам. Ён ужо зрабіў крок да ўвахода ў залу, але затрымаўся. На вочы трапіў тэлефон-аўтамат. Павагаўшыся, Шульжык падышоў да апарата і пазваніў Пугацэвічу, што бачыў Ніну і што яна некуды знікла.

У зале ўсё было па-ранейшаму, і Вячаслаў, задаволены сабой, з апетытам узяўся за ежу.

Калі з’явілася Шумейка, Шульжык не заўважыў. Ён сачыў толькі за Грыгаровічам. 3 дзвярэй яна падала знак Лебедзеву, і той, абарваўшы сябе на паўслове ў размове з Грыгаровічам, рушыў дзяўчыне насустрач. Выяўлялася новая сітуацыя, у якой яму, Шульжыку, магчыма, давядзецца дзейнічаць не так, як было дамоўлена спачатку. Па спіне папоўз непрыемны халадок. Так, яго клопат па-ранейшаму Грыгаровіч. Аднак Сяргей Антонавіч папрасіў, калі ўдасца, падслухаць, пра што раскажа Вялеська, вярнуўшыся, і ў крытычным выпадку прыняць адпаведныя захады. Якія, Пугацэвіч не ўдакладніў. А самастойных рашэнняў Шульжык не любіў.

Дзяўчына была ўзбуджаная. Як пацвярджаючы ўжо вядомае Сямёну, коратка кіўнула. Аднак перад гэтым азірнулася. Сямён насмешліва скрывіўся. Відаць, Ніне не хацелася тырчаць навідавоку, і яна пацягнула хлопца за руку. Ідучы, яны абмяняліся яшчэ некалькімі словамі, і раптам Сямён нахмурыўся, вырваў руку. Да Шульжыка данеслася: «Хто цябе прасіў?»

Ніна хацела нешта адказаць, але Сямён апярэдзіў:

— Маўчы, дура!

Яны былі ўжо ля свайго стала, і Грыгаровіч з трывогай учалопіў на іх вочы.

— Вы што? — прасіпеў ён, жуючы цвёрдае і, відаць, астылае мяса.

— Потым, потым,— Лебедзеў, не прысаджваючыся, паклікаў афіцыянтку.

Пакуль жанчына рыхтавала рахунак, Ніна закінула ў рот цукерку, астатнія з талерачкі высыпала ў сумку.

— Што здарылася, што? — дапытвалася яна ў Сямёна.— Нічога ж не здарылася… Пабылі б яшчэ…

— Пайшлі, дзеячы! — Лебедзеў яе не слухаў.

Грыгаровіч з жалем паглядзеў на пусты графінчык і нехаця падняўся.

На гэты раз Шульжык праявіў пільнасць і абачлівасць. Хаця Грыгаровіч, выйшаўшы з рэстарана, узяў таксі, ён давёў яго дадому і нават пачакаў, пакуль у кватэры не ўспыхнула святло. А тады пазваніў Пугацэвічу, каб далажыць, што на сёння абавязак выканаў і, улічваючы позні час, мае намер адправіцца спаць. Але неспадзявана замест дазволу ісці на ўсе чатыры бакі, як Пугацэвіч звычайна казаў, калі супрацоўнік быў яму непатрэбны, з трубкі вырвалася: «Давай сюды!»

Была палова дванаццатай ночы. Таму запрашэнне Вячаславу не спадабалася. Ён не бачыў у ім сэнсу. Падпілы Федзька будзе дрыхнуць. Сэм з Вялеськай таксама ці па хатах разбрыліся, ці куды разам заваліліся — ад’ехалі на машыне. Так што пільнаваць няма каго. А здабыткі вечара можна без шкоды для справы абмеркаваць і раніцай. Гэта толькі ў Пугацэвіча заўсёды гарыць.

Вячаслаў з сілай кінуў на рычаг тэлефона трубку, зрываючы на ёй злосць, і паплёўся на прыпынак. Пакуль ішоў, крыху супакоіўся. Тыя паўгадзіны, патрэбныя яму на дарогу да ўпраўлення, начальства таксама будзе нудзіцца.

Аўтобуса доўга не было, і калі Шульжык нарэшце з’явіўся, у кабінеце Пугацэвіча ўжо гуло — сабралася амаль уся аператыўная група, вызначаная для гэтай аперацыі: і свае, з упраўлення, і з райаддзела. Нават следчы Акулік прыйшоў. Вячаслаў адчуў няёмкасць: усё-такі, каб не кінуўся Ў амбіцыю, мог бы дабрацца крыху раней.

— Што было ў рэстаране, чаму, на тваю думку, раптоўна сарваліся? — Сяргей Антонавіч спытаў так, нібы толькі што паклікаў Шульжыка з суседняга пакоя, а не чакаў немаведама колькі.— Ды садзіся ты, не падпірай сцяну.

Вячаслаў збянтэжана прасунуўся на свабоднае крэсла побач з Гарбаценкам. Надта шмат пытанняў задаў яму капітан.

— Ты не вывады,— прыйшоў па дапамогу оперупаўнаважанаму следчы Акулік,— ты давай, што бачыў.

Шульжык расказаў пра ўсё, што адбывалася за суседнім сталом, перадаў рэплікі, якія пачуў, а пад канец пашкадаваў:

— У мяне было заданне пільнаваць Грыгаровіча, а то пайшоў бы за Шумейка.

— Добра, што хоць пазваніў. 3 Нінай ледзь не атрымалася накладка,— у голасе Пугацэвіча гучала прыкрасць.— Не чакалі, што збяжыць з камандзіроўкі. Яна з рэстарана на вакзал памчалася.

— Але хутка вярнулася, прычым з пустымі рукамі,— сказаў Шульжык.

— Так,— пацвердзіў Пугацэвіч.— Бо калі ты правільна ўлавіў сэнс рэплік Лебедзева, яна, відаць, нешта зрабіла не тое.

Вячаслаў недаверліва ўсміхнуўся: ці не разыгрываюць яго? Ён, напрыклад, з пачутага такога вываду не можа зрабіць.

Пугацэвіч здагадаўся пра ход ягоных думак, усміхнуўся:

— Напэўна, ёй было загадана паглядзець, ці на месцы рэчы, можа, змяніць шыфр, а можа, Лебедзеў не надта верыў Грыгаровічу — гэта мы высветлім пазней. А Шумейка не толькі паглядзела, але і перахавала чамадан у другую ячэйку.

— Трэба ж… Спрытная дзеўка! — паківаў галавой Шульжык.— Але чаму яе не затрымалі?

— Пакуль ты паведаміў, пакуль я з дзяжурным аддзялення міліцыі на станцыі звязаўся, яе ўжо і след прастыў,— Сяргей Антонавіч зірнуў на гадзіннік,— добра, дзяжурны ў камеры захоўвання праявіў пільнасць. Яго здзівіла, што дзяўчына перакладвае чамадан. Паведаміў дзяжурнаму аддзялення, які прыбег туды пасля майго званка, назваў прыкметы. Цяпер ясна, Вячаслаў? Ну то збіраемся.

— Яшчэ адно пытанне, Сяргей Антонавіч,— не вытрымаў Шульжык.— Што нам гэта дае?

— Пальчыкі, Слава, пальчыкі,— Акуліку здалося, што Пугацэвіч вельмі зацягнуў увядзенне ў курс падзей свайго оперупаўнаважанага.— Шумейка, натуральна, была без пальчатак.

— Бадай, гэта і ўзлавала Лебедзева,— дадаў Сяргей Антонавіч, правяраючы замкі на шуфлядках стала.

— Ай, Сямён, Сямён! — заківаў галавой Гарбаценка.— Нічога святога. Перш чым сам, усіх дружбакоў утопіць. Палюбоўніцу, напэўна, невінаватую ў гэтай кражы, запляміў. Няўжо спадзяецца пры выпадку выкруціцца?

— Хітры, сабака,— задуменна прамовіў Пугацэвіч.— Возьме Грыгаровіч Падлесную на сябе — Лебедзеў убаку застанецца.

— Але ён там быў! — Паўла абурыла такая магчымасць.

— Побач, лейтэнант. Лебедзеў гэтага і адмаўляць не будзе. Сам нагадае на выпадак, калі хто-небудзь яго там бачыў, што «дыпламат» Папроцкаму прыносіў,— Сяргея Антонавіча, як і следчага, непакоіла адсутнасць прамых доказаў супраць Лебедзева.— Адна надзея на Вялеську.

— I яе навучыць,— буркнуў Акулік.

— А мы, Вадзім Аляксандравіч, мусім ход знайсці, каб уся яго навука прахам пайшла.

— Давядзецца…

— Ну, то пагаварылі, пара дзейнічаць. Вадзім Аляксандравіч, ты гатовы?

— Паехалі, эксперт ужо ў машыне. Здымем гэтыя самыя пальчыкі, раптам там яшчэ чые ёсць?

Праз хвіліну група выехала на вакзал. Астатніх супрацоўнікаў Пугацэвіч адпусціў.


25

На службу Пугацэвіч прыехаў, як заўсёды, а палове дзевятай, хаця і была субота. Пацікавіўся ў дзяжурнага, ці няма звестак з вакзала, прачытаў зводку здарэнняў за ноч. Нічога патрэбнага для сябе не знайшоў. Не заходзячы ў свой кабінет, падняўся да Акуліка. Ведаў, што таму сёння таксама было не да сну.

- Пагодка-а! — сустрэў яго Вадзім.

Пугацэвіч здагадаўся, што і ў следчага навін пакуль няма. Трэба было чакаць, і ён падтрымаў размову:

— Так, добрая восень, мяккая.

I абодва рассмяяліся.

— Звані-тка эксперту, Вадзім, не будзем адзін з адным у хованкі гуляць.

Неўзабаве яны атрымалі заключэнне экспертызы. Акулік прабег вачамі стандартны бланк з кароткім тэкстам, задаволена прыцмокнуў языком, перадаў Пугацэвічу.

— Што і трэба было даказаць,— сказаў старшы оперупаўнаважаны, прачытаўшы дакумент.— Малайцы нашы калегі, знялі ў рэстаране адбіткі пальцаў не толькі Лебедзева і Грыгаровіча, але і Вялеські. Было эксперту з чым параўноўваць.

На правераным у камеры захоўвання чамаданчыку былі выяўлены адбіткі пальцаў Шумейка — хапалася абедзвюма рукамі. Не папярэдзіў Лебедзеў, не прадбачыў яе ініцыятывы. Грыгаровіч поводзіў сябе больш асцярожна. Вымушаны несці чамадан па вуліцы без пальчатак — не зіма ж, ён потым выціраў яго. Аднак усё роўна пакінуў знак аб сабе на чорным бліскучым дэрмаціне.

— Супраць гэтага не папруць,— сказаў Акулік.— Затрымліваем Грыгаровіча? Цяпер пракурор санкцыю дасць.— Ён не настойваў на такім рашэнні, не хацеў звязваць рукі Пугацэвічу — давяраў яго вопыту і дапускаў, што ў старшага оперупаўнаважанага і зараз можа быць нейкая іншая неардынарная і слушная думка.

А Сяргей Антонавіч вагаўся. Напэўна, і Ніна Шумейка, і Грыгаровіч пакажуць на Лебедзева. Кражу на Падлеснай такім чынам удалося б раскрыць. Ды была яшчэ кража ў Канапацкіх, якую без доказаў ні Лебедзеў, ні астатнія хутчэй за ўсё не прызнаюць. Нават калі Святлана Макоўчык не стане выгароджваць брата. Трэба нешта больш канкрэтнае. Сяргей Антонавіч памасіраваў скроні — усё-такі пасля бяссоннай ночы галава была цяжкай.

— Не хоча варыць кацялок? — паспачуваў Акулік.— У мяне таксама галава гудзіць.

— Кавы б зараз, моцнай, чорнай,— прамовіў Сяргей Антонавіч.

— Цяпер я ведаю, чаму ў Гарбаценкі ўсё ладзілася,— засмяяўся Акулік.— Каву смактаў.

— Пераб’емся,— Пугацэвіч асядлаў крэсла, паклаў падбародак на спінку, нібы галава не магла трымацца сама на стомленай шыі.— Давай зробім так… Федзьку пакуль не будзем турбаваць. Хай трохі асмялеюць. Бо Федзька — наравісты, упрэцца — не зрушыш. Ніна-Вялеська слабейшая. I ёй у камандзіроўку трэба вяртацца. Яе адсутнасць будзе натуральнай для Лебедзева. Пагаворым з дзяўчынай, а там будзе відаць.

— Стандартны ход. Выдумай што мудрэйшае.

Пугацэвіч ускінуў вочы на сябра, прыжмурыўся.

— Ага, ёсць ідэя? — здагадаўся Вадзім.

— Калі Шумейка прызнаецца пра Канапацкіх…— ён памарудзіў, правяраючы сябе.— Дык вось, калі прызнаецца, а так яно, напэўна, і будзе, не зусім прапашчая ж… звернемся да Лебедзева-старэйшага!

— 3 чым?

— Раскажам усё як ёсць. Ну, можа, не ўсё, а тое, што яго датычыць. Я чамусьці ўпэўнены, што рэчы Канапацкіх Сямён хавае дома. У яго асобны пакой, куды ён нікога не пускае.

— Што далей?

— Бацька — чалавек сумленны, прамы. Папросім, каб паглядзеў у сына. Чужыя рэчы ён выдасць, не сумняваюся.

— Шчыра кажучы, я не ў захапленні, Сяргей. Ды самі мы з табой гэтага не вырашым. А паказанняў Шумейка хопіць і для афіцыйнага вобыску.

— Вядома,— Пугацэвіч падняўся. Ён ужо не адчуваў бяссоннай ночы. Цела было зноў як наліта, кожны мускул напружаны.— На тое ёсць кіраўніцтва, параімся. Але пазней. Зараз важна не ўпусціць Ніну.

— Дзейнічай,— дазволіў Акулік.— Сам і дапытаеш…

Пугацэвіч пераняў Ніну на аўтастанцыі, калі яна збіралася браць білет на аўтобус.

— Хвіліначку, Ніна Іванаўна,— затрымаў ён руку дзяўчыны з грашыма.

Яна азірнулася, не пазнаўшы Пугацэвіча, здзіўлена нахмурылася:

— Хто вы?

— Забыліся? Помніце, я быў у вас дома. Старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Пугацэвіч Сяргей Антонавіч. Давайце адыдзем, тут людна.

— Што вам трэба? — Яна крыху перамянілася з твару, вочы бездапаможна забегалі.— Вы заўсёды так падыходзіце да дзяўчат? — Яна усё яшчэ спадзявалася, што менавіта яе жаночыя вартасці сталі прычынай гэтай сустрэчы, і міжволі павысіла голас. А шчокі ўсё болей і болей бялелі, і ўжо не памагаў нават густы штучны румянец.

— Ніна Іванаўна,— суняў дзяўчыну Пугацэвіч,— на нас звяртаюць увагу. Адыдзем!

Шумейка падпарадкавалася. Яе яшчэ імгненне назад стройная пастава зараз нібы асела, пашырэла. Не задаючы больш пытанняў, Ніна пайшла з капітанам да машыны, цярпліва счакала, пакуль ён адчыніць дзверцы, і гэтак жа моўчкі забралася ў салон. Сяргей Антонавіч сеў побач.

Ва ўпраўленні Пугацэвіч прывёў Ніну ў свой кабінет, прапанаваў крэсла. Яна паслухмяна села, паглядзела нарэшце прама на капітана.

— Што здарылася? — Дзяўчына быццам бы паспакайнела ўжо, на твар вярнуўся ранейшы касметычны колер, і толькі голас, дрыготкі, глухаваты, выдаваў хваляванне.

Сяргей Антонавіч прысеў на крэсла побач са сталом — не хацеў пакуль быць афіцыйным, спытаў:

— Вы нічога не маеце нам сказаць? — Зрэшты, ён мог не задаваць такога пытання, ён не прызнаваў шчырасці пасля таго, як цябе даставілі ў міліцыю. Яна не многа каштуе. Колькі канкрэтна — напіша потым следчы Акулік у абвінаваўчым заключэнні, вызначыць у прыгаворы суд. Пытаючы, Сяргей Антонавіч не думаў пра апошні шанц для Ніны праявіць пробліскі свядомасці. Яму проста трэба было ўстанавіць — стане разбэшчаная Шумейка памочніцай дазнання або давядзецца шукаць іншых подступаў да Лебедзева.— Спадзяюся, здагадваецеся, што запрасілі вас зусім не для прыемнай размовы.

— Я нічога не знаю…

Ад таго самаўпэўненага ганарыстага выгляду, які Ніна мела на аўтастанцыі, не засталося і знаку. Пугацэвіч з апаскай паглядзеў на дзяўчыну — раптам расплачацца, супакойвай тады, мітусіся, выказвай, адным словам, гуманнасць. Добра, калі слёзы ад адчаю, роспачы, а не ад разгубленасці, жадання выйграць час. Бо бывае і так.

— Ну, Ніна Іванаўна, тое, пра што я хацеў бы ад вас пачуць, вы ведаеце,— Сяргей Антонавіч гаварыў без націску, нават спагадліва, наўмысна не ставячы кропку над «і», пакідаючы гэта ёй самой.— Вы чалавек дарослы, можаце адрозніць, што добрае і што кепскае,— ён гаварыў і адчуваў, як расце ў ім прыкрасць.— Магу, вядома, падказаць, мне не цяжка… Толькі не веру, што вы ніколі не думалі пра такую сустрэчу з намі. Вось і ўспомніце, што гаварылі тады…

Манатонны голас капітана быццам закалыхваў, і Ніна падбадзёрылася, пасмялела. Успомніўшы, што яна жанчына, на якую заглядаюцца, усміхнулася:

— Падкажыце, таварыш следчы.

— Следчы яшчэ будзе, Ніна Іванаўна, я старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, вы гэта ведаеце. Хаця і потым следчы ў вас папытае тое ж, што пытаю зараз я.

— Лягчэй будзе, усё-такі паўтор,— яна роблена ўздыхнула.— Дык што?

— Ну, добра,— уздыхнуў і Пугацэвіч.— Так і быць, падкажу, усё роўна пакуль без пратакола. Сямён вельмі сварыўся?

— За што? — яна спахапілася, паправілася: — На каго?

— На вас, Ніна Іванаўна, за самадзейнасць на вакзале.

— Што вы мелеце? — Яна ўспыхнула, напружылася. Перад капітанам ужо сядзела не інтэлігентная выхаваная дзяўчына, а фурыя з распэтланымі валасамі, гатовая наманікюранымі кіпцюрыкамі даказваць сваё.

Сяргей Антонавіч падумаў, што Гарбаценка даволі дакладна ацаніў яе — выбухная, не церпіць слова насуперак. Гэта і прасцей для яго, Пугацэвіча, і горш — распаліўшыся, пачне несці абы-што.

— Давайце дамовімся, грамадзянка Шумейка,— строга сказаў Пугацэвіч,— у нас грубіць не дазваляецца. Гэта — што тычыцца вас. Што да нас, то мы нічога не выдумляем. Зразумелі?

— Увогуле…— Амплітуда Нінінага настрою зноў крута скочыла ўніз, і ў вачах прамільгнуў страх. Гэта насцярожыла Пугацэвіча. Ніне баяцца не было чаго, нават тое, што яна перахавала чамаданчык, наўрад ці выклікала б крымінальную адказнасць. Але страх ёсць, і вытлумачыць яго можна або тым, што Лебедзеў запалохаў дзяўчыну, або тым, што і за ёй нешта маецца яшчэ — хто дакладна скажа, што нарабіла іх кампанія.

— Давайце і пагаворым прама, без віхляння. Слухаю вас.

— Пытайце, сама не ведаю…

Сяргей Антонавіч адчуваў, як расце ў ім раздражненне. Было вельмі проста прымусіць Шумейка сказаць праўду — адно дакладнае пытанне, і ёй не будзе куды дзявацца. Ды не, мусіш шукаць падыходы, траціць дарэмна час, і ўсё не дзеля справы, а дзеля яе, гэтай нягодніцы. Стрымліваючыся, каб не паскорыць падзеі, лагодна прамовіў:

— Здагадваецеся, Ніна-Вялеська. Паверце, шчырасць не мне, а вам патрэбна. Мабыць, чулі пра добраахвотнае прызнанне. Маўчыце? Ну што ж, потым не наракайце,— Сяргей Антонавіч усё яшчэ марудзіў, каб пазней не дакараць сябе, што не зрабіў для яе магчымае. Як бы сам ні ставіўся да шчырасці запрошаных на допыт людзей, прынятыя нормы паводзін пры дазнанні былі для яго абавязковыя. Да таго ж перад ім сядзела не закаранелая злачынка, і, калі не праявіць мудрасці і цярпення, яна ёю можа стаць.

— У чым вы мяне падазраяце? — Відаць, нерашучасць старшага оперупаўнаважанага дзяўчына прыняла за слабасць, і гэта падтрымлівала яе ўпартасць.

— Пра падазрэнні пакуль гаворкі няма. Пакуль гаворка пра неаспрэчныя факты. Ваша права прызнаваць іх ці не, хаця, папярэджваю, ад прызнання ці непрызнання ўжо нічога не зменіцца. Факты ёсць факты.— Сяргей Антонавіч міжволі загарачыўся.— Не хочаце дабром, пяройдзем на афіцыйную аснову. Следчы даручыў мне правесці, калі спатрэбіцца, допыт. А таму адказы на нашы пытанні,— ён падкрэсліў «нашы пытанні»,— будуць запратакаліраваны.

Пасля такога папярэджання Ніна павінна была абдумаць свае паводзіны і расказаць усё як ёсць. Калі толькі за ёю, акрамя ўчарашняй камеры захоўвання, нічога не было. Пугацэвіч з нечаканым для сябе хваляваннем за гэту дурніцу круціў у пальцах шарыкавую ручку. Ніна прамаўчала. Напэўна, не паверыла ў яго дасведчанасць. На дадзеным этапе — Пугацэвіч вымушаны быў прызнаць гэта — перамог Лебедзеў. Няйначай, вучыў, што ў міліцыі бяруць нашармака.

— Прыступім…— Сяргей Антонавіч запоўніў бланк допыту.

На кожнае ўстановачнае пытанне дзяўчына адказвала, перасмыкаючы плячамі. А тады наогул заявіла:

— Не надта разганяйцеся, мне на рэвізію трэба паспець.

Пугацэвіч насмешліва паглядзеў на Ніну, хацеў быў сказаць, што яна-такі нахабніца, але замест гэтага заспакоіў:

— Усё залежыць ад вас. Давайце аб справе. Навошта вы пераклалі чамаданчык з дзевятнаццатай ячэйкі ў трыццаць чацвёртую?

Вочы ў Ніны сталі вялікія-вялікія — яшчэ імгненне, здавалася, і выскачаць вонкі.

— Бачыце, не хлушу і не хлусіў. Магу нават пайсці далей: прыкладна такое пытанне вам задаваў Лебедзеў. А каб вы не адмаўлялі, скажу: на чамаданчыку хапае адбіткаў вашых пальцаў. Былі б вы ў той дзень у горадзе, западозрыў бы, што…

— Не крала я,— Ніна зразумела, што не дагаварыў капітан, пачырванела.— Не крала. Сэм папрасіў паглядзець. Што тут такога, што? — Яна ледзь не крычала.

— Ну, дапусцім, вы ўсё-такі ведалі, што там у ячэйцы і чаму. Інакш бы не перахоўвалі.

— Пажартаваць хацела…

— Паверыў бы, Ніна Іванаўна, каб пра кражу не я нагадаў, а вы пра яе самі сказалі.— Пугацэвічу раптам стала брыдка. Сумленнасцю ў Нініных адказах не пахла. I ён перастаў яе шкадаваць.— Ёсць такі тэрмін — саўдзельнік. Так што давайце без выкрутасаў. Што вам вядома пра кражу на Падлеснай?

Наўрад ці Лебедзеў з Грыгаровічам дзяліліся дэталямі свайго злачынства, Сяргей Антонавіч на гэта не спадзяваўся. Але кожны факт і нават факцік дапамогуць наступным дзеянням вышуку, следства.

Ён не памыліўся. Пра кражу на Падлеснай вуліцы Ніна ведала збольшага.

Пакончыўшы з Падлеснай, Пугацэвіч мог пераходзіць да наступнага. Момант, напэўна, быў удалы. Перакананая, што міліцыя ўсё ведае, Шумейка, можа, прызнае і сваё дачыненне да кражы ў Канапацкіх. Аднак Сяргей Антонавіч цягнуў з галоўным пытаннем. Ніна была штучка. Напачатку ледзь не выкруцілася — выдумку, што пажартавала, давялося б прыняць як праўду, каб выпадкова не прагаварылася. Дзе гарантыя, што ў яе няма ў запасе яшчэ чаго-небудзь? Пакуль ён прыкідваў «за» і «супраць», Шумейка зноў занервавалася.

— Я спазнюся! — патрабавальна нагадала яна.

Тое, што Шумейка прызнала ўжо, яшчэ не давала сур’ёзных падстаў затрымліваць яе. Пракурор у лепшым выпадку прапануе ўзяць падпіску аб нявыездзе. Увогуле і сам Пугацэвіч не думаў, што дзяўчыну трэба накіроўваць у следчы ізалятар. Расследаванню яна перашкодзіць не зможа, дык хай пакуль пасядзіць дома.

— Ніна Іванаўна,— паківаў галавой Пугацэвіч,— баюся, што вяртанне ў раён давядзецца адкласці. На колькі — пастараемся зараз высветліць.

Сяргей Антонавіч чакаў, што пасля гэтых слоў Шумейка разгубіцца, занепакоіцца. Яна ж пакрыўджана надзьмулася, нібы не было за ёй ніякай віны.

— Перахаваўшы рэчы, нават жартам, вы пэўным чынам далучыліся да тых, хто іх туды паклаў. Бо ведалі, што рэчы крадзеныя. А гэта падпадае пад адпаведны артыкул крымінальнага кодэкса. Не,— прыпыніў дзяўчыну Пугацэвіч,— я не палохаю, я толькі тлумачу становішча, у якім вы апынуліся.

— Мне трэба было заявіць на сваіх сяброў? Так, па-вашаму?

Пытанне ўразіла Сяргея Антонавіча. Ён глядзеў на дзяўчыну і не мог вырашыць, што гэта: хітрасць або не інфантыльнасць, так званая дзіцячая непасрэднасць, замаруджанае развіццё? Для дваццаці чатырох гадоў і вышэйшай адукацыі, ды яшчэ прафесійнага рэвізора, бяздумнасць, бадай, выключалася. Значыць, прыкідваецца немаўляткам? Хітруноў Сяргей Антонавіч не любіў, асабліва калі яны сядзелі ў яго кабінеце па той бок стала. 3 хітрунамі ён абыходзіўся больш жорстка, чым з людзьмі, якія ў бядзе апынуліся выпадкова.

— Сяброў кожны выбірае сабе сам,— больш сурова, чым раней, загаварыў капітан,— нездарма ж кажуць: скажы, хто твой друг…

— Дык што, па-вашаму, я зладзейка, так?

Даючы Ніне перакіпець, Сяргей Антонавіч палез у шуфлядку стала, пакорпаўся ў паперах, адну нават патрымаў перад вачамі і тады спытаў, быццам толькі што вычытаў пытанне:

— Адкуль вы ехалі трэцяга жніўня раніцай, у тралейбусе разам з вамі былі Грыгаровіч і…— Ён прыпыніўся. Пытанне было не надта мудрагелістае, яно было ў іх з Акулікам даўно пад рукамі. Аднак толькі цяпер магло прагучаць на поўную сілу. Паўза давала дзяўчыне яшчэ адну магчымасць быць, нарэшце, праўдзівай, хаця Пугацэвіч ужо не верыў, што яна захоча прыняць працягнутую руку. Не адчувалася ў Ніне раскаяння. Зноў перамогу святкаваў Лебедзеў, які здолеў, відаць, добра затлуміць ёй мазгі. У яе вачах Сямён хутчэй за ўсё выглядаў менавіта тым, кім выстаўляўся,— разумнейшым за іншых, больш абачлівым.

— Я не помню, што было тыдзень назад, а два месяцы…— усё ж губы яе скрывіліся, выдаючы трывогу.

— Напярэдадні ноччу абакралі сяброў вашых бацькоў, вечарам Леў Сідаравіч прыходзіў да вас дадому падзяліцца горам. Дык адкуль ехалі?

Было відаць, што дзяўчыне вельмі не хочацца адказваць. Была яна даволі цынічная, п’янкі-пагулянкі не вельмі маскіравала. Магла і зараз што-небудзь адпаведнае выдаць. Каб папярэдзіць хлусню, Сяргей Антонавіч удакладніў:

— У той дзень раніцай маці вам званіла на працу, шукала. Вы ёй сказалі, што былі ў сяброўкі. Маці, можа, паверыла. Я — праверу. Так што кажыце праўду.

— Быццам вам не ўсё роўна, дзе і з кім я сплю? — За развязнасцю Ніна хацела схаваць разгубленасць, нешта прыдумаць, каб адвесці ад сябе страшную пагрозу.

— Вы — дарослая, і я не збіраюся чытаць вам мараль. Аднак пра тую ноч мусіце сказаць. Бо калі раскажу я, будзе вам горш.

— Падумаеш…— Яна, здавалася, ужо вырашыла, што гаварыць.— Ну, не начавала дома. Загуляла ў Грыгаровіча. Ну, засталася з Сямёнам. Дык што з таго? Мы хутка пажэнімся. Задаволены?

— У асноўным,— Пугацэвіч засмуціўся — трэцім, значыць, быў Лебедзеў.

— Цяпер я магу ісці? — Ніна прыўзнялася.

— Яшчэ не,— Сяргей Антонавіч запісаў яе словы. Якраз скончылася старонка, і ён даў дзяўчыне падпісаць — і гэту, апошнюю, і папярэднюю.— Прабачце, я пазваню. Вадзім Аляксандравіч? Можаш зайсці? Заняты… Пастараюся сам. Так, Ніна Іванаўна. У асноўным я сапраўды задаволены,— звярнуўся ён да Шумейка.— Вы пачалі гаварыць праўду. Спадзяюся, і далей будзеце. Так, так. Мы яшчэ не высветлілі сякія-такія дэталі. У Грыгаровіча гасцей было шмат? У тую ноч?

— Толькі мы,— Шумейка паціснула плячамі, нібы паказваючы, што вымушана падпарадкоўвацца. Адно не сказала, што будзе скардзіцца на самаўпраўства міліцыі — не мела, відаць, вопыту.

— Што рабілі, гасцюючы?

— Пілі. Не чай, вядома! — сказала з выклікам.

Сяргей Антонавіч прапусціў падколку, падхапіў тон:

— Добра ўзялі?

— Колькі трэба!

Капітан усміхнуўся — якое пытанне, такі і адказ. Але не памяняў гэты крыху легкадумны тон.

— Выпілі, а потым?

— Ляглі спаць!

— Алкаголікі,— паківаў галавой Пугацэвіч.— Абы нажлукціцца. Дзеля чаго?..— Ён спакваля падбіраўся да галоўнага пытання.

— Музыку слухалі, магнітафон цэлы вечар круціўся, так што адпачынак быў культурны,— сказала Ніна пераканана.— Я стамілася, а хлопцы яшчэ пасядзелі.

— Чый магнітафон?

— Федзькаў…— Яна зноў перасмыкнула плячамі.

— А я думаў — Сямёнаў. Хаця… Ён жа сястры прадаў. Хаця… Гэта ж было пазней! — Пугацэвіч успомніў пра Святлану Макоўчык як між іншым. А ў Нініных, падведзеных сінім, вачах успыхнула і не знікла трывога, засела ў самых куточках.

— Хто вам сказаў?

— Сама сястра. А вы ведаеце, чый гэта магнітафон прадаваў Сямён?

— Свой…— не надта ўпэўнена прамовіла яна.

Цяпер можна было назваць імя гаспадара магнітафона. Аднак Ніна, відаць, чакала гэтага, і Пугацэвіч вырашыў крыху аслабіць лейцы.

— Раскажыце, пра што гаварылі, хто што рабіў. Я маю на ўвазе вечар і ноч, калі вы былі ў Грыгаровіча з Лебедзевым.

— Мы столькі разоў бываем разам. Хіба ўпомніш…

— Ніна Іванаўна, мы ж дамовіліся, ці не так?

— Напэўна, пра адпачынак. Збіраемся па Каўказе паездзіць. А-а, Сэм яшчэ ўспомніў Люську Самсонаву. Шкодная баба. Учапілася за Алега — не адарваць. I тады не пусціла да Грыгаровіча.

— Ну, ёй не заўсёды ўдаецца трымаць былога мужа ў руках,— Сяргей Антонавіч наўмысна прадэманстраваў сваю дасведчанасць.— Захацеў Самсонаў — і на тыдзень катануў. Дарэчы, куды яны ездзілі? Толькі не кажыце, што ў Нікалаеў. Гэта казка для Таццяны Макараўны.

— Мне з Нікалаева званіў, пры вас, Сяргей Антонавіч!

— I вы паверылі? Сумняваюся. Пры вашай назіральнасці і наогул жаночай інтуіцыі… Абавязкова потым выпыталі. Дык куды?

— Можа, і ў Мінск…

Закід трапіў у цэль.

— Што вас навяло на здагадку?

— Рахунак з «Юбілейнага» рэстарана ў Сэмавай кішэні.

— Няўжо потым не пацікавіліся?

— Ён кажа толькі тое, што лічыць патрэбным.

Нягледзячы на становішча, у якім апынулася не без дапамогі свайго каханага, Ніна ўспамінала Сямёна замілавана. Верыла ў яго права быць такім. Ад гэтага сама падняла вышэй галаву. Трэба было вяртаць дзяўчыну да рэчаіснасці.

— Урэшце, Нікалаеў або Мінск — розніцы няма,— Пугацэвіч запісаў, аднак, Нінін адказ.— Вы мне вось што скажыце. Званілі вы ў той вечар, з другога на трэцяе жніўня, самі ці Лебедзеў прасіў?

— Нікуды я не званіла,— Шумейка пачала рэзка, абурана, нават не пытаючыся, пра які званок кажа капітан, але закончыла хрыпла — голас раптам сеў.

Сяргей Антонавіч не ведаў, званілі яны ці не, ён толькі ўяўляў, што, перш чым пайсці да Канапацкіх, Лебедзеў правяраў кватэру. Нумар тэлефона Ніна ведала, і яе званок не выклікаў бы ніякіх падазрэнняў, каб азвалася ў трубку. Праўда, мог і Сямён пазваніць і потым не падаваць голасу. Але наўрад ці прапусціў ён магчымасць прывязаць дзяўчыну званком, каб пазней не рыпалася. Аселы голас выдаў Ніну, і Пугацэвіч зразумеў, што здагадка правільная. Наступны ўдар ён нанёс з другога боку.

— Дык вы не ведаеце, чый магнітафон прадаў Сямён Лебедзеў? Так і быць, скажу, хаця пакуль гэта службовая тайна. Вам можна. Магнітафон — Канапацкіх, украдзены ў іх у тую ноч, калі вы быццам бы спалі.

— Што вам ад мяне трэба, што?

У вачах Ніны блішчалі слёзы. I ўся яна ў гэты момант была такая няшчасная, што Пугацэвічу стала не па сабе. Ён хацеў, дамагаўся перамогі і нарэшце атрымаў яе — дзяўчына зламалася, не стане ўпірацца, а ў яго язык не паварочваўся сказаць самае апошняе слова, якое паставіць ужо бачную мяжу паміж ёю і звычайным сумленным жыццём. Пугацэвічу, вядома, не ўпершыню даводзілася падводзіць злачынца да прызнання, выкрываць яго. I хаця ён не пісаў абвінаваўчае заключэнне і не ён вызначаў потым памеры віны, вось гэты, заключны для яго этап дазнання заўсёды прыносіў разам з задавальненнем горыч. Як легкадумна, дзеля ўяўных хвілін нават не радасцей, а чаду ломяць некаторыя дарослыя і адукаваныя людзі свой лёс.

Пазіраючы на Ніну, якая яшчэ да канца не ўсвядоміла глыбіню бездані,— занесеную над ёю нагу ўжо не вернеш назад, Пугацэвіч шкадаваў дзяўчыну. I разам з тым ведаў, што даб’ецца ад яе ўсёй праўды. Бо ў гэтым яго абавязак — і грамадзяніна, і супрацоўніка міліцыі.

Не проста раскрыць злачынства, але і дабіцца, каб злачынца ўбачыў сябе нібы збоку, вачамі сумленнага чалавека. Кажуць, што гэтым больш павінен займацца следчы, суд. Напэўна, потым следчы, суд зробяць гэта больш поўна, пераканаўча. Але Сяргей Антонавіч лічыў, што першы камень у падмурак будучага выхавання злачынца павінен закладваць і ён, калі ўзнікае такая магчымасць.

— Што мне патрэбна, Ніна Іванаўна? Паўтаруся — шчырасці. Трэба, каб вы пра тую ноч у Грыгаровіча ўспомнілі. Усё! — Пугацэвіч памаўчаў і ўдакладніў: — Без маёй падказкі.

Відаць, тут Сяргей Антонавіч дапусціў памылку. Не падумаў, што яе слабая воля хутчэй падпарадкоўваецца сіле, чым мяккасці. Яго сумны голас, спагадлівасць Шумейка, успомніўшы навуку Лебедзева, прыняла за няўпэўненасць, спробу падлавіць, выцягнуць прызнанне.

— Калі вас цікавіць, што было, як Сэм выключыў святло…— Падсвядома яна хацела вывесці Пугацэвіча з раўнавагі, адцягнуць ад пытання, якое ўжо вісела над ёю.

Капітан нават не раззлаваўся. Ды і не мог раззлавацца. Нервовасць была натуральным станам чалавека, які чакаў і баяўся выкрыцця, і яна адна, бадай, з’яўлялася для яго сродкам абароны. Таму Сяргей Антонавіч тым жа роўным, крыху паніжаным тонам папярэдзіў:

— Шкада, што не паверылі. Я не бяру, як кажуць, на пушку. Зараз вы гэта зразумееце. За дэталі не ручаюся, потым, калі захочаце, паправіце мяне…

Здаецца, нічога такога не сказаў Пугацэвіч, а Ніну зноў ахапіла роспач. Пальцы забегалі па сумачцы, намацваючы замок. Пакуль яна навобмацак адшуквала насовачку паміж пудраніцай, ключамі, кашальком і шмат чым іншым, без чаго жаночая сумачка не сумачка, Пугацэвіч маўчаў.

Нарэшце Ніна правяла насовачкай па вачах, скамечыла яе ў кулаку і аціхла.

— Дык вось. У той чорны вечар другога жніўня Лебедзеў з Грыгаровічам, абакраўшы раніцай кватэру на Падлеснай вуліцы, вырашылі адзначыць гэту падзею. Запрасілі Самсонава, але жонка чамусьці, на яго шчасце, дарэчы, не пусціла. Так?

Шумейка не адказала, яна знайшла нейкую плямку на спадніцы і гладзіла яе, збірала ў складкі, потым распраўляла і зноў гладзіла, не падымаючы вачэй. Быццам старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку размаўляў сам з сабой.

— Дапускаю, спачатку вы не ведалі пра повад для п’янкі. Гарэлка развязала хлопцам языкі. Карацей, Лебедзеў расказаў вам і, можа, прадэманстраваў пачак грошай, здабытых за некалькі хвілін страху. Мог і пахваліцца пры гэтым, што дурняў на яго век хопіць. Так?

Ніна скурчылася, губы падрыгвалі, яна як змагалася з сабой, не даючы вырвацца гуку, слову.

— От тут, мабыць, вы і сказалі пра Канапацкіх. Нешта накшталт таго, што ёсць кватэры багацейшыя. У вас і думкі не было пра кражу менавіта ў іх, гэта было сказана як прыклад. I дружбакі вашы спачатку не звярнулі ўвагі на гэтыя словы. Потым яшчэ пілі. Але ў Лебедзева, напэўна, думка пра багатую кватэру засела ў галаве. Яшчэ нічога не вырашыўшы, папрасіў вас пазваніць і праверыць, ці дома яны. Вы не адмовіліся. Гэта ўсё яшчэ была гульня, ва ўсякім разе, для вас. Але яна ўжо казытала нервы. Лебедзеў падліваў у вашу шклянку і неўзабаве адвёў у спальню. Так?

Ніна бездапаможна азірнулася, правяла языком па асмяглых губах. Сяргей Антонавіч падумаў, што ён, бадай, галоўнае падае правільна. Устаў, наліў вады.

— Выпіце,— калі дзяўчына паставіла пустую шклянку на стол перад сабой, прапанаваў: — Цяпер ваша чарга, дапаўняйце. Не старайцеся што-небудзь змякчыць. Лебедзеў з Грыгаровічам на следстве, выкручваючыся, усё выкладуць. Не пашкадуюць ні адзін аднаго, ні вас.

— Я спала,— прашаптала яна, быццам не мела сілы гаварыць на поўны голас.— Я не ведала, што яны надумалі…

— Хто яны?

— Сэм і Федзька. Пад раніцу мяне разбудзілі… Далі выпіць… Сэм паказаў чэкі, ну, «Знешпасылгандлю», і сказаў: «Выбераш што хочаш».

Шумейка сціхла. Пугацэвіч зразумеў, што тады, даведаўшыся пра кражу ў блізкіх ёй людзей, яна не жахнулася, не ўзбунтавалася. Магчымасць купіць тое, што не ўдавалася дастаць за звычайныя грошы, аказалася мацнейшай за сумленне. Ён не стаў сарамаціць Ніну, не павярнуўся язык тлумачыць дарослай жанчыне, што такое добра і што такое кепска. Ён пастараўся наогул не паказаць сваіх адносін да яе паводзін і па-ранейшаму роўна, спакойна працягваў допыт, удакладняў дэталі.

Хлопцы не надта раскрыліся перад сяброўкай. Дзе хавалі рэчы, каму прадавалі што, яна не ведала. У гэтым Пугацэвіч ёй верыў. Лебедзеў не толькі асцярожнічаў, але і быў не вельмі высокай думкі аб сваёй палюбоўніцы. Аднак галоўнае Шумейка ўсё-такі сказала. Цяпер можна было ўжо брацца за Лебедзева.

Ніна падпісала пратакол, і Сяргей Антонавіч папрасіў яе пабыць у калідоры — трэба было з Акулікам вырашыць, што рабіць з ёй далей.

Перагаварыўшы з Вадзімам, Пугацэвіч выглянуў за дзверы. У пустым калідоры дзяўчына адзінока горбілася на аблезлым крэсле. Суцішаная, хмурая. I не было на твары звычайнай грымасы незадаволенасці. Можа, нарэшце, дапяла, што ўсё навокал не толькі для яе. Сяргей Антонавіч уздыхнуў. Яму б зараз абдумваць чарговыя хады, а ён не можа пазбавіцца непакою за лёс гэтай увогуле банальнай злачынкі. Акулік у свой час пагадзіўся з ацэнкай, дадзенай Ніне лейтэнантам Гарбаценкам. На іх думку, ёй не пашчасціла з каханым. Трапіўся б не Лебедзеў, а нехта прыстойны, і была б Ніна іншай. Ды справа не ў выпадку. Што б ні пісаў аўтар аднаго рамана, які ён, Пугацэвіч, нядаўна прачытаў, сяброў выбіраюць. Паводле сваіх мерак, поглядаў, імкненняў. I Шумейка выбрала Лебедзева, а не Гаруновіча, напрыклад. Такія хлопцы ёй здаюцца прэснымі, старамоднымі, нецікавымі.

Паглядаючы на дзяўчыну, Сяргей Антонавіч думаў, што трэба неяк пагаварыць з ёю, каб усвядоміла незайздроснае становішча, каб дайшла сваёй набітай трухой галавой да разумення таго, што апынулася ў гэтай багне па ўласнай віне. Думаў і разам з тым адчуваў, што вельмі не хочацца рабіць гэтага. Прыкра даросламу і з дыпломам чалавеку тлумачыць прапісныя ісціны. Аднак служба ёсць служба. Часам мусіш рабіць тое, што разумееш галавой, а не сэрцам. Шумейка павінна ў іх барацьбе з Лебедзевым застацца хаця б нейтральнай. Ні Сямёну, ні Грыгаровічу, пакуль іх не затрымалі, ведаць пра яе допыт не варта. Каб не гэта, не стаў бы ён больш важдацца з дзяўчынай, пакінуў бы ўсе клопаты следчаму.

— Заходзьце, Ніна Іванаўна. Яшчэ некалькі неабходных слоў.

Якім бы незадаволеным ні быў Пугацэвіч, што б там на сэрцы ні трымаў, свайго настрою ніколі не паказваў. Ні выглядам, ні тонам.

Хвіліны чакання для Шумейка не прайшлі бясследна. Тое-сёе яна зразумела. Цяпер дзяўчына выглядала сумнай і разам з тым спакайнейшай, быццам змірылася са сваім лёсам.

— Не буду абнадзейваць, Ніна Іванаўна, ваша становішча незайздроснае. Вас чакае суд…

— Мяне арыштуюць? — Яе трывожыла не тое далёкае, пра якое ён сказаў. Пра будучыню яна не прывыкла думаць. Яе трывожыла, што будзе менавіта неўзабаве, зараз.

— Следчы ў пракурора…— адказаў ёй і падумаў: добра, што ёсць каму прымаць рашэнне. Сам ён не хацеў бы гэтага рабіць. 3 аднаго боку, няблага дзеўцы пакаштаваць смак хлеба ў следчым ізалятары, можа, дайшло б нарэшце, што за ўсё трэба плаціць, не маленькая; з другога, следчы ізалятар тыя ж краты, са сваім асаблівым турэмным рэжымам, і невыпадкова прымяняецца як крайняя мера. А ці ёсць у ёй патрэба ў гэтым выпадку, Пугацэвіч і цяпер, калі ўсё было высветлена, сказаць не мог…

— Што я такога зрабіла?

— Вы ж рэвізор, сустракаліся з парушэннямі, якія падпадаюць пад артыкулы крымінальнага кодэкса, і не можаце не ведаць, што да чаго…


26

Не скажу, быццам мне блага на прыватнай кватэры. Асобны пакойчык у драўляным доме на ціхай зялёнай вуліцы, якіх, на жаль, у нашым горадзе засталося не так многа. Пяць хвілін хады да тралейбуснага прыпынку. Гаспадары — людзі пажылыя, спакойныя, іх ніколі не чутно. Праўда, і я дома бываю часцей за ўсе толькі ноччу. Ды ўсё роўна характар чалавека праяўляецца ў любы час сутак. I ўсё-такі, нягледзячы на такія выгоды, я хацеў быў, як толькі скончылася мая камандзіроўка-заданне, вярнуцца ў інтэрнат. Нічога, што там цеснавата, шумнавата — жывём мы ўтрох, мяне ўсё роўна зноў пацягнула туды. Відаць, вінаваты мой універсітэцкі перыяд жыцця. Пяць гадоў, праведзеных сярод вясёлых людзей, не хутка забудуцца. Звярнуўся да начальніка аддзела, а ён мне:

— Так і быць, папанствуй у асаблівых умовах яшчэ дзён пару, ты гэта заслужыў.

Вядома, справа не ў заслугах. А ў чым — Пётр Пятровіч не растлумачыў. Значыць, сядзець мне ў выхадны дзень дома. Раблю гэта без задавальнення.

Між тым ужо блізка да пятай гадзіны. Можа, у сваё любімае кафэ махнуць? Калі я не памыляюся, у прынцыпе эта тое ж самае, што сядзець мне дома. Ды гэта я разумею па-свойму. А якую пастку ставіць падпалкоўнік, пакуль вядома аднаму яму. Так што мушу строіць з сябе пай-хлопчыка, не далучанага яшчэ да таямнічых спраў ветэранаў вышуку і следства. Паэт Гарбаценка меў прастору для ініцыятывы, навічок міліцыі Гарбаценка, па ўсім бачна, не павінен нідзе вытыркацца.

Пазяхнуўшы, прыпаў да акна. Гаспадар на двары мешта майструе — рубанак пад яго рукамі ўвішна грызе тоўстую сасновую дошку, пускаючы за сабой жоўта-белую смалістую стружку. Яна закручваецца ў кольцы і нехаця спаўзае з варштата. Мне здаецца, што я чую церпкі пах смалы няўлоўнае шапаценне. Гэта адчуванне такое рэальнае, што я на нейкі час пазбаўляюся сваёй нудоты. Нешта нават мроіцца. Цягнуся па аловак і заўважаю, што гаспадар з кімсьці размаўляе. Чалавек ён не надта кампанейскі, сяброўства з суседзямі, здаецца, не водзіць, і я мімаволі сунуся паглядзець, з кім гэта ён. Зірнуў і зніякавеў: дык гэта ж Сэм!

Чаго ён?

Паказвацца не спяшаюся. Кладуся на тахту і бяру кнігу. Але не чытаецца. У думках — сумятня. Што я прамяняў вольнае існаванне паэта на празаічную міліцэйскую службу, маці Сямёна, напэўна, расказала сыну. Што міліцыя звужае яго кола, Лебедзеву таксама вядома. Пугацэвіч з Акулікам тэму для роздуму ў гэтым сэнсе яму падкінулі: сястру дапыталі, магнітафон забралі, а яго — не выклікалі. Тут і дурань здагадаецца, што дабываюць дрказы, на чымсці ловяць. Сямён, зрабіўшы злачынства жыццёвым крэда, галавасты, ён і шляхі адступлення не мог не распрацаваць. Праўда, з пазіцыі злодзея і яго філасофіі. І няўцям яму, што для Акуліка і Пугацэвіча яго хітрыкі — семкі. Ды так Лебедзеву самім лёсам наканавана: кожны злачынца разлічвае быць мудрэйшым за сышчыка, забываючыся пра старую як свет ісціну, што колькі вяртвачцы не віцца...

Сямён не заходзіць да мяне. Ці не выпытвае нешта ў гаспадара? Нахабнік! Падазраю прычыну смеласці. У Лебедзевых дача побач з пракуроравай, не выключана, што на вечарах чаі разам ганяюць, а па святах, можа, і што мацнейшае. І жонкі, можа, за градкі не пасварыліся. Але магнітафон — рэчавы доказ, яго не адкінеш. Хаця пры Сямёнавым спрыце ад аднаго магнітафона адбрахацца можна. Маўляў, купіў у чужога дзядзькі. А кражу на Падлеснай вуліцы возьме на сябе Грыгаровіч, дасведчаны, што адзін злодзей — не група, пакаранне меньшае.

Так, Сямён хітры. Аднак мае таварышы закінулі далей. Ён спадзяецца, напэўна, што ж Федзькам удадзіў, Вялеська перасадзіць неспакойны час у раёне і выпадзе з поля нашага зроку. Не ведае ён, што на стале у Акуліка ляжаць паказанні, ад якіх адкараскацца вельмі не проста.

Мае развагі перапыняе гаспадар. Ён прасоўвае галаву ў дзверы і кажа:

— Тут да вас прыйшлі…

Быццам нехаця спускаю ногі на падлогу, намацваю тапачкі і тады цікаўлюся:

— Хто там такі нясмелы? Дзяўчына?

Гаспадар не паспявае адказаць. Чужыя рукі адсоўваюць яго ўбок.

— Прывітанне, лайдак! — бадзёра з парога крычыць Сямён, бадай, залішне бадзёра, можна было б і спакайней.

Свой адрас я некалі назваў Лебедзеву мімаходам, не думаючы, што запомніць. А ён, запаслівы чалавек, узяў на заметку. Абачлівы. Гучна дзіўлюся:

— Сэ-эм! Якім ветрам? Як знайшоў?

Лебедзеў садзіцца ў крэсла, усміхаецца:

— Чалавек не іголка. Дасягненні дваццатага веку і не такія цуды дазваляюць.

Кладу кнігу на стол, вінюся:

— Прабач, я па-хатняму.

Знімаю з вешалкі касцюм і выходжу ў калідор.

— Інтэлігент,— нясецца мне наўздагон,— давай, давай!

Праз хвіліну я вярнуўся прыбраны. Тое, што я паспеў перахапіць у гаспадыні на ўсякі выпадак дваццацьпятку, Лебедзеву ведаць неабавязкова.

— Да тваіх паслуг.

Сямён агледзеў мяне з галавы да ног, быццам ад майго выгляду нешта залежала ў ягоных планах, адабральна хмыкнуў. Пакруціўшы галавой па баках, праявіў цікаўнасць:

— Колькі каштуе гэта мястовішча?

— Тры чырвонцы, як лёду,— скарджуся, успомніўшы сваю з ім сустрэчу ў мікрараёне.— I ўсе выгоды ў двары.

— Не ўмееш жыць, паэт, у воблаках лунаеш,— выказаў ён свой погляд на мой побыт, задаволіўся і прапанаваў: — Рушым!

— Куды?

— Не ў музей, вядома,— ён зарагатаў.— Месца акцёра дзе? У буфеце. «Дняпро» цябе задаволіць?

— Тлум,— моршчуся я.— Ужо лепш да Наташкі.

— Табе Валькі мала? — Ён падміргвае.

За жартам, аднак, улоўліваецца нешта іншае. Нібы прапанова не так сабе, а з падтэкстам, прычым важным для яго.

Паколькі я не адмаўляюся і не згаджаюся, Сямён рашуча адмятае сумненні:

— Не дапушчу, каб надзея нашай культуры сканала ад суму ў правінцыяльным кафэ!

— Скажаш! — на ўсякі выпадак муляюся я — такі аванс!

— I сам яшчэ не ўсё наканаванае выпіў,— смяецца Сямён,— калымага на вуліцы!

Балбатун. Шырокая натура. Ці не з чвэрць гадзіны таксі трымаў. Праўда, не за свае мазалём нажытыя грошы. Але мне, у якой бы якасці Сямён мяне ні бачыў, гэта яшчэ невядома. Таму асуджаю неашчаднасць.

— Манеты, шаноўны, на тое існуюць, каб траціць іх сабе на радасць,— выдае ён чарговую сваю сентэнцыю.

Ледзь не дадаю, што тыя самыя манеты спачатку трэба зарабіць. Стрымліваюся. Сёння мне ўжо нельга паводзіць сябе па-ранейшаму. Я не ўяўляю, з якой нагоды ён прывалокся. Наўрад ці не мае, акрамя мяне, з кім выпіць. Тут іншая задума.

У рэстаране нас ужо чакае стол. Нават закуска расстаўлена: сталічны салат, вяндліна з зялёным гарошкам, памідоры. На дзве персоны. Загадзя паклапаціўся!

— Няўжо ў мой гонар прыём? Шыкоўна! — насмешліва кажу і падзываю афіцыянтку.— Калі ласка, яшчэ рыбнае асарці. А што там пад закусь? Памяняйце на «Белага аіста».

Даражэйшага каньяку ў нашым рэстаране не водзіцца. Піць я, вядома, не збіраюся, проста трэба перашыкаваць Сямёна, не пашкодзіць. Бяру крэсла, з якога можна бачыць паўзалы з уваходам, запрашаю садзіцца Сямёна. Карацей кажучы, паводжу сябе па-гаспадарску..

Ён праглынуў гэта, нават не ашчэрыўся. Цзіўна. Усё-такі яму нешта трэба. Нішто, выявіцца. Кепска толькі, што, мабыць, давядзецца цэлы вечар прасядзець з ім сам-насам.

Звычайна Лебедзева за язык цягнуць не трэба было. I самаўпэўненасці яму не займаць. Ён ніколі надта не задумваўся, пра што гаварыць. Перакананы, што кожнае ягонае слова мае і вагу, і сэнс.

Сёння Сямён быў не падобны на сябе. Сеў моўчкі і нецярпліва забарабаніў пальцамі па стале. Адно з двух: або добры допінг патрэбны, або мая пстрычка падзейнічала. Ён жа тут прывык адчуваць сябе каралём, а я зняважыў яго ў прысутнасці афіцыянткі.

Аднак знешне было не вельмі прыкметна, што яму не па сабе, што грызе яго скруха. Выглядае як заўсёды. От толькі, здаецца, крывіцца часцей, куточкамі губ з левага боку — нібы ад нервовага ціку. Ды што я хачу? Будзе не па сабе, калі над галавой сабралася навальніца.

— Мы тэт-а-тэт? — ківаю на прыборы перад намі. Трэба ж кінуць яму выратавальны круг, а то прамаўчыць да адбою і я не даведаюся, што ён хацеў ад мяне.— Без зброяносца і Дульсінеі?

— Паэту патрэбна аўдыторыя? — Лебедзеў усміхнуўся.

У мяне зноў з’явілася падазрэнне, што цела яго тут, а душа недзе ў іншым месцы. Калі толькі гэта не дзейнічаюць на маю псіхіку вядомыя мне факты. Бесклапотна абвяшчаю:

— Гуляць — дык у кампаніі!

— Паміж намі дэмакратыя,— на гэты раз ён, бясспрэчна, думкамі ўжо прыбыў сюды,— пра сустрэчы загадзя не дамаўляемся. Кожны прыходзіць, калі адчувае патрэбу бачыць сябра.

Напышліва і хлусліва. Не веру ў іх сяброўства. Ва ўсякім разе, з яго боку. Не тая платформа, што можа забяспечыць шчырасць. Хаця з адным згодзен. Наўрад ці хочацца Ніне зараз кінуцца ў Сямёнавы абдымкі. I Федзька не прыбяжыць. Не толькі таму, што Лебедзеў забараніў.

Працэс адчужэння пачаўся ўжо. 3 таго моманту, як паслаў яго Сямён па крадзеныя рэчы. Не можа быць, каб сумненні не варухнуліся ў прапітай Федзькавай галаве.

Грыгаровіч і Шумейка не прыйдуць. А Самсонаў? Калі Лебедзеў не ўцягнуў яго ў сваю аперацыю «канцы ў ваду», то Алег павінен з’явіцца. Добра, што Акулік пакуль не выклікаў яго. У вачах Лебедзева Самсонаў, напэўна, чысты для нас. Ды і сам Алег, калі Сямён не падзяліўся з ім сваімі апасеннямі, пра небяспеку не надта задумваецца. Дык чаму б Лебедзеву не ўзяць хлопца на дапамогу? Праўда, гэта маё пажаданне, думку Сямёна я не ведаю.

Музыка, ускінуўшыся шалёным усплёскам, раптоўна абрываецца, і ад гэтай неспадзяванай цішыні аж загуло ў вушах. Зірнуў на Сямёна і ўсміхнуўся:

— Уф-фу, нарэшце.

Ён тузануў плячамі, і таму мушу растлумачыць свой погляд на рэстараннае мастацтва:

— Недзе чытаў, што ўсё гучнае любяць дзікуны і дзеці…

— Лічы, ёсць трэцяя катэгорыя: я і вось гэтыя,— ён паказаў наўкола.

Падладжвацца пад яго я не збіраўся, пытанне было непрынцыповае, і я з задавальненнем нанёс новы ўскосны ўдар:

— У наш высокаразвіты век і дзікуны сорам прыкрываюць не павязкамі, а джынсамі.

Сямён адно вачамі бліснуў. Памаўчаўшы, адказаў памяркоўна, паблажліва:

— Няма ў табе, Пабло, далікатнасці, выхаванасці. Расці і расці табе да сапраўднага паэта.

Мудры чалавек, бацька родны. Гатовы мяне зараз па галоўцы спагадліва і клапатліва пагладзіць. Абрыдла мне бачыць ягоную фізіяномію правільнага хлопчыка. Дзе толькі ён памяняў яе на сваё звычайнае аблічча? Вельмі хочацца завесці Сямёна-Сэма, каб вылаяўся на ўсе сем паверхаў і пайшоў бы прэч. Але палку перагінаць наогул не рэкамендуецца, асабліва сёння, калі падзеі ўжо выйшлі на фінішную прамую.

Падышла афіцыянтка з заказанымі напіткамі і закускамі. Сямён наліў у чаркі. А я пахваліў сябе за выбранае месца. У мяне агляд быў добры, а ён сядзеў спіной да дзвярэй і раз-пораз тузаўся, каб ці азірнуцца, ці хаця б скоса паглядзець у той бок. Няйначай чакаў некага, прычым нават з хваляваннем. Хаця ўсё яшчэ не разумею, на якога д’ябла мяне цягнуў сюды? У яго становішчы важныя спатканні на вачах супрацоўніка міліцыі не праводзяць. Разважаю я, відаць, правільна. Аднак не спяшаюся сабе апладзіраваць: на маю логіку нешта накладвалася яшчэ. Хіба не можа, напрыклад, быць так, што Сямёну якраз трэба, каб пры яго сустрэчы прысутнічаў менавіта я?

Я думаў. Аб тым, што мая паэтычная дзейнасць цяпер была Лебедзеву ўжо да лямпачкі, што сёння я спатрэбіўся яму, хоць гэта і гучыць неверагодна, як супрацоўнік міліцыі. Праз мяне ён, напэўна, правяраў сваё становішча. Каб усплыла яго асоба ў сувязі з кражамі, я, спадзяецца ён, ведаў бы пра гэта і, ведаючы, што ён на падазрэнні, знайшоў бы прычыну, каб адмовіцца ад яго запрашэння. Тое, што я не завагаўся, адразу згадзіўся пайсці, па-мойму, прытупіла Сямёнавы апасенні. Сёння ён упершыню за апошнія два дні, можа, уздыхнуў лягчэй. Дык хай актыўнічае. Паварочваю гаворку на іншае:

— Таццяна Макараўна табе перадавала, што я званіў?

— Яшчэ б. Каб мяне папракнуць. Маўляў, пустазвон ты, сынок. Паабяцаў і не памог. От чалавек і мусіў пайсці ў міліцыянеры.

— Апошняе ты выдумаў,— засмяяўся я.— Таццяна Макараўна пра міліцыю лепшай думкі. Павіншавала мяне, пажадала поспехаў.

— Гэта яна ўмее. А ты ў палітаддзеле?

— Спадзяюся некалі ў вышук...— Падумаўшы, сказаў, хаця Сямён пра гэта не пытаўся: — Але і цяпер мы зводкі здарэнняў чытаем.

Ні я, ні Лебедзеў не заўважылі, як побач узнік Самсонаў.

— Ты-ы?! — усклікнуў Лебедзеў.

— Давай, Алег, прысаджвайся.— Я схамянуўся, выцягнуў з-пад стала крэсла. Ці не яго, Самсонава, хацеў бачыць тут Сямён? Дык чаму не аказаць чалавеку паслугу? Тым болей што яна шчырая. Я сапраўды рады прыходу Алега.

Алег узбуджаны, нібы паспеў ужо недзе перахапіць чарку. Садзіцца ён чамусьці не спяшаецца. Я запытальна гляджу на яго.

— Ну што ты, зараз паклічу афіцыянтку,— насядаю на хлопца.— Гэта хутка…

— Прабач,— трасе ён барадой.— Там Сэма адна дама прагне. Мы зараз вернемся.

Лебедзеў падхапіўся.

— Пайшлі.

Я застаюся. Не, не з носам, як, можа, думаюць хлопцы. 3 кім там Лебедзеў сустрэнецца і ці сустрэнецца, будзем ведаць. I я, і Пугацэвіч з Акулікам. Хаця самой размовы і не пачуем. Нішто, здагадаемся.

Вярнуліся хлопцы хутка. Алег зноў стаў звычайным, крыху меланхалічным, быццам будзе ён тут адбываць павіннасць. Сямён прыкметна павесялеў. От на гэту акалічнасць я і звярну ўвагу Сяргея Антонавіча, калі заўтра падсумуем здабыткі і назіранні. Дадам таксама, што, на мой погляд, Самсонаў выконваў нейкае даручэнне Лебедзева і, відаць, справіўся. Таму і палепшыўся настрой Сямёна. А мне зрабілася нудна. Гэта ж яшчэ добрых тры гадзіны валаводзіцца з Сэмам і Алегам. Як бы збегчы раней?

Зноў зайграла музыка. Знаходжу вачамі ў глыбіні залы дзяўчат за столікам і звяртаюся да Самсонава:

— Пакуль табе закусь прыбудзе, разамнуся.

Самсонаў быў нахмурыўся, відаць, успомніў, як мы з ягонай Люсяй скакалі ў гэтым рэстаране. А што рабіць, калі я люблю, як казаў адзін камедыйны персанаж, выпісваць нагамі крэндзелі?

Танцую спецыяльна воддаль, а сам раз-пораз паглядваю на іх. Нахіліўшыся адзін да аднаго, яны ажыўлена гамоняць. Аб чым? Не буду гадаць. Цяпер ужо да развязкі недалёка.

Мая партнёрка аказалася з гаваркіх. Яшчэ не скончыўся танец, а я ўжо ведаў, што яна працуе на рэспубліканскім радыё, прыехала па рэпартаж і вельмі шкадуе, што мусіць сёння ехаць дадому. Пры гэтым карэспандэнтка шматзначна ўсміхаецца. Прыняць усмешку на свой кошт? Спакусліва. Толькі да Валі ёй, як да Месяца, а надта смелых жанчын я баюся наогул. Але сёння ў мяне іншага выйсця няма, і я раблю ход, за які заўтра Пётр Пятровіч наўрад ці пахваліць. Прызнаюся дзяўчыне, што хачу збегчы з кампаніі, і прашу яе дапамогі: як збярэцца ісці, каб паклікала мяне. Абяцаю за гэта да поезда праводзіць.

Дзяўчына не верыць, думае, што гэта я выдумаў, каб замацаваць знаёмства. Яна ўважліва глядзіць на мяне, і я кажу:

— Калі не хочаце…

Яна чамусьці ўздыхнула і паабяцала:

— Выручу. Але лаўлю на слове — праведзяце.

Недзе праз паўгадзіны дзяўчына падышла да нас. Ні Сямён, ні Алег не засмуціліся, што пакідаю іх. Я паклаў на стол грошы, дастаткова, каб аплаціць заказанае, і, зрабіўшы выгляд, быццам не заўважаю задаволенасці на іх тварах, вінавата разводжу рукамі: маўляў, мушу. Гэта было не надта сумленна перад дзяўчынай, ды мы з ёю дамовіліся. На развітанне мазнуў мёдам па Сямёнавых вуснах найгранай шчырасцю:

— Перабіраюся ў інтэрнат, на Савецкую. Занатуй каардынаты…


27

3 раніцы Акулік забег да Пугацэвіча. Ён паляпаў па ўспухлым партфелі і сказаў:

— Я ў пракуратуру. Першы допыт Грыгаровіча даручаю правесці табе.

— Сам хацеў прасіць аб гэтым,— адказаў Сяргей Антонавіч.— Маю наметкі.

— От і добра…

Было вырашана, што Лебедзева затрымаюць у канцы дня. Учора Пугацэвічу гэта рашэнне здавалася правільным. Цяпер ён раптам засумняваўся. Ён жа ўпэўнены, што ўкрадзеныя рэчы часткова або нават усе Лебедзеў трымае дома. Пасля паказанняў Шумейка і Макоўчык падставы для вобыску з’явіліся. Але падставы былі і ўчора. Дык чаму ён, Пугацэвіч, прапанаваў адкласці вобыск? Верыў, што з дапамогай Лебедзева-бацькі Сямён добраахвотна выдасць крадзенае? Не хацелася Пугацэвічу вялікага шуму, які абавязкова ўзнікне ў доме, не заслугоўваў гэтага Лебедзеў-старэйшы, пра якога казалі толькі добрае. Нават пры тым, што бацька адказвае за сына, асабліва за сына-злачынца. Праўда, той-сёй мог потым і папракнуць Пугацэвіча, што пабаяўся, маўляў, высокай пасады Лебедзева. Ды справа не ў гэтым. Тут Сяргей Антонавіч не адчуваў пакут сумлення. Бо гэтак жа шкадуе ён у падобных выпадках і іншых бацькоў, незалежна ад іх месца службы. Непакоіла яго, што хітры, вынаходлівы Сямён, атрымаўшы час, мог выкінуць нешта непрадбачанае. Падставы для трывогі былі. Лебедзеў-сын трымаўся спакойна, і гэта насцярожвала…

Загрузка...