Каменнае сэрца
ПРАДМОВА
Каменным сэрцам у нас у «Маладым фронце» называлі «амерыканку» — сьледчы ізалятар ва ўнутраным дворыку КДБ. Невялікая, круглая, падзеленая на секцыі вузкіх перадсердзяў і жалудачкаў двухпавярховая турма з падвалам у самым цэнтры Менска. Сьледчыя, наглядчыкі, канваіры — нібы з булыжнікамі ў грудзях.
Але і ты сам, калі застаесься ў турме сам-насам з Богам, адчуваеш, як скамянела на волі сэрца тваё ўласнае. І як яно ажывае тады, калі неба — усяго тольга кавалачак форткі скрозь крыжы кратаў. Робіцца трапяткім і адкрытым да болю, любові і спачуваньня — пад ціскам, пад страхам, з малітвай і прагай свабоды.
За дваццаць з гакам гадоў мне давялося пабываць у двух дзясятках беларускіх месцаў зьняволеньня — камерах райаддзелаў, «стаканах» судоў, ізалятарах, карцарах, бараках і камендатурах «хіміяў». Калі ня хочаш, каб увесь твой народ сядзеў у сваёй краіне, нібы ў вялікай турме, мусіш адбыць столькі і столькі гадоў няволі сам.
І я ўдзячны Богу за ўсе гэтыя выпрабаваньні. Паверце, вернік, які праходзіць засьценкі, робіцца лепшым. Туды страшэнна ня хочаш трапіць зноў — але калі выходзіш, разумееш: гэта было адмысловае Божае дабраславеньне.
Вельмі ўдзячны тым, хто быў побач, хто падтрымліваў і пісаў лісты, хто перадаваў перадачы і скандаваў «Свабоду!» пад мурамі. Найбольш — маім бацькам і родным, братам і сёстрам у Хрысьце і маёй каханай Волечцы.
Ты выходзіш, і цябе сустракае Воля. Дзеля гэтага варта жыць.
Павел Севярынец
КАМЕННАЕ СЭРЦА
ПЕРШАЯ НОЧ У МАСКОЎСКІМ
Ёсьць свой знак у тым, што мая турэмная гісторыя пачалася менавіта ў Маскоўскім РАУСе Менска. Ведае кожны маладафронтавец: рэжым у нас маскоўскі, акупацыя — маскоўская, і ў кожнай зорачцы на пагонах у супрацоўнікаў-супраціўнікаў прасьвечваюць далёкія крывава-рубінавыя вочы Крамля.
Дык вось, 14 сакавіка 1997 года. Першая масавая акцыя на Дзень сьвятога Валянціна, калі тысячы маладзёнаў абыходзілі амбасады, а з вокнаў пад ногі ім кідалі кветкі, натхніла нас на яшчэ адзін марш — «Беларусь у Еўропу — 2!». У інтэрнаце мяне ўжо шукала міліцыя, начаваў у знаёмых. Пасьля колькіх дзён падпольля вынырнуў я, значыць, непадалёк ад прызначанай плошчы Волі, дачакацца акцыі ў людным ГУМе, і недзе па дарозе зь метро з самага насунутага капюшона курткі і вылавіў мяне фэйс-кантроль ціхароў.
Бралі пяшчотна, удвох, пад ручкі, вынесьлі акуратна да белага «жыгулёнка», прыпаркаванага на
прыпынку (так, быў час, міліцыя езьдзіла на «Жыгулях»!), ёмістым рухам клапатліва прыхінулі галаву, і спалохаўся я ўжо на заднім сядзеньні, паміж плячыстых дзядзечак у цывільным.
Машына газуе, і я чую ціхае, як зараз кажуць, пытаньнечка, ад якога кідае ў жар:
— Ну, кого ты там ножом пырнул?
Оперы з крымінальнага вышуку... Якім нажом?!. Каго? Правакацыя!..
— Заткнись, слышь, там разберутся.
А што вы думаеце, першае затрыманьне — і адразу па-даросламу. Страшна.
У дзяжурцы Маскоўскага афармлялі злавесна. Прозьвішча? Севяры-ынец?.. О-о-о, так гэта, значыць, ты... Сэрца апускаецца кудысьці ў кішэчнік. Што з табой, кажаш, будзе?.. О-о-о-о...
Гэта ж трэба, я здагадаўся дрыжачым голасам задаць тое самае пытаньне, пачуць якое — істае задавальненьне для кожнага супрацоўніка любога карнага органа!
Няпэўнасьць лёсу. Чаканьне невядомага. О-оо-о... Вось яно, вастрыё, якім ахвяра паражаецца ў падкорку мозгу. Ня грубы гвалт, не пакараньне, нават ня кроў — а вось гэтае самае «о-о-о-о», гэтая бясконцасьць нулёў, якая ператварае цябе ў нішто і са шматкроп’ем сыходзіць у бясконцую гулкую вечнасьць!..
Камера папярэдняга заключэньня, яна ж капэзэ, яна ж «стакан», яна ж каменны мех — бетонная скрыня метр на паўтара, да трох у вышыню. Аднаму можна стаць, неяк сесьці, а вось прылегчы— ані. Тускная лямпачка, якая сьвеціць праз закратаваную нішу вентыляцыі.
Так гэта ты, значыць...
І перабіраеш чытанае ды чутае: зрабіць зь цябе
забойцу ім раз плюнуць. У Бога я яшчэ ня верыў, у людзей ня верыў ужо — заставалася толькі заміраць ад жаху.
Гірчаць рацыі. Кагосьці заводзяць, выводзяць, афармляюць. Кагосьці, чутно, валяць на падлогу і робяць «ластаўку» — здаровы па голасе мужык пачынае енчыць так, што выварочвае душу.
Празь сьценку ад мяне ў суседняй камеры хтосьці абураецца ды блатуе:
— Э, начальнік! Пассаць выведзі!
Ды і мне даўно хочацца па-маленькаму, прычым хочацца так нясьцерпна, што і не па-маленькаму ўжо зусім.
Сусед, якога я ня бачу, пачынае тарабаніць у дзьверы:
— Э, пассаць выведзі! Ты што, не чалавек?..
Падтрымліваю патрабаваньне таварыша па няшчасьці. Стараюся інтэлігентна:
— Выведзіце ў прыбіральню! Ня маеце права!..
Галёкаем удвох. Там толькі ляніва агрызаюцца.
Пухір ные і цісьне няўмольна. Надзея растае.
Праз паўгадзіны енку і кляцьбы сусед абвяшчае:
— Чуеш, ня выведзеш — нассу проста ў камеры!
У адказ — цішыня.
І вось у гэтай самай цішыні раптам пачынае цурчэць пад дзьверы суседаў гарачы струмень. Мянты толькі гэтага і чакалі:
— Ах ты!!.
Суседскія дзьверы адчыняюцца з жалезным скрогатам, і праз мат-перамат ды пудовыя ўдары (дрыжыць нават маё вочка з арганічнага шкла) чуваць адчайныя стогны ды роў мянтоў:
— Да я, ... шчас табой усё гэта вытру!..
Клацаюць кайданкі, і пад балючы, жывёльны
енк чуваць, як целам суседа выціраюць падлогу ды дзьверы.
Аднекуль са сьпіннога мозгу ашпарвае ашалелае: лепш памерці ад разрыву ўнутраных органаў, чым так.
І калі заціхаюць нават усхліпваньні скаванага кайданкамі на «ластаўцы» суседа і цішыня пачынае зьвінець увушшу — перад табой расхінаецца прадоньне першай у жыцьці начы за кратамі.
Не ратуе нічога — ані спробы абдумаць, ані тупое лічэньне вярблюдаў, ані спадзеў, што нарэшце страчу прытомнасьць. Здаецца, яшчэ хвіліна — і сам каменны мех лопне ад ціску маёй мачы. Адчуваньне часу распушчаецца ў бясконцым ціхім жаху.
...Зьнянацку скрыгоча ключ у дзьвярох; праварочваецца так, быццам адчыняюць тваё заржаўленае нутро.
О-о-о-о!..
— Тварам да сьцяны. Рукі.
Ледзяныя кайданкі.
— Адвядзіце ў прыбіральню!
— Потым. Спачатку на допыт.
— Нікуды не пайду, вядзіце ў прыбіральню.
— Добра. Пасьля допыту.
І я іду, юны дурашка, ледзьве перастаўляю ногі, сьпярша на допыт. Памяты сьледчы паліць, з асалодай выдыхае дым мне ў твар, пачынае друкаваць пратакол на падазраванага ў крымінальнай справе.
10 сакавіка. Акцыя. Оператор Колокольчиков (потым за яго Вадзім Кабанчук адграбе рэальны тэрмін).
Сяджу, сьцяўшы калені, адказваю скрозь зубы, хутчэй бы. У кабінет уваходзяць два гоблінападобныя амапаўцы, якія моўчкі разглядаюць мяне, пераглядва-
юцца (сьледчы прымружана пільнуе мае вочы) і гэтак жа моўчкі выходзяць.
Сэрца калоціцца. Вы-пусь-ці-це-мя-не-ад-сюль!!!
Вядома, пасьля допыту ніякай прыбіральні. Мяне ўпіхваюць назад, у каменны капкан.
Вось тут, у глыбокай начы, у прыніжэньні і бездапаможнасьці, у статусе падазраванага ў крымінальным злачынстве, пад напорам нястрымнага страху і перапоўненага мачавога пухіра пачынае ехаць дах. Сьпярша ціха, сам сабе, а потым і ўголас пачынаеш выць. Натуральна, па-ваўчынаму выць ад шалу і безвыходнасьці, і хай гэты зьдзічэлы тупы боль, што працінае ўсё цела, выхлёствае горлам.
— О-о-о-ў-у-у-уууу!..
З жахам слухаеш сам у сабе жывёлу і адчуваеш: ніколі... ніколі больш... не хачу...
Недзе а трэцяй пачынаеш абшарваць, дзе б тут можна было засіліцца, і роспачна здагадваесься, што шнурок з курткі адабралі нездарма.
Хіба разьбіць галаву аб дзьверы... Мацней. Мацней!.. Усё гудзе. Млосна.
.А палове на дзясятую раніцы, на зыходзе сямнаццатай гадзіны без прыбіральні мяне, паўпрытомнага, сьцятага да паралюшу, завялі да «начальніка». Калі б не матуля, што ўсю раніцу прабівалася ў райаддзел, скончылася б шпіталем або калецтвам. Маёр Гірэль, кагоры потым ня раз суправаджаў дэманстрацыі, разганяў маладафронтаўцаў і даслужыўся да палкоўніка, добры маёр Гірэль урачыста паведаміў, што мяне чакае суд.
У прыбіральні я некалькі хвілінаў проста тупа слухаў, як за сьпінай перамінаецца канваір. Сьцятае цела адмаўлялася верыць, што магчыма пазбавіцца вадкасьці, зь якой ты складаесься на 80%, звычайным чалавечым шляхам.
І ў той момант, калі, хапнуўшы сакавіцкай сьвежасьці, ты выходзіш з будынка суда са штрафам за ўдзел у маршы, каторы так і не пачаўся, калі шчасна глядзіш на сонца і бачыш людзей, што ідуць сабе міма і ня хочуць тваёй сьмерці, табе ясьней яснага.
Ніколі больш, ты чуеш? Усё. Скончана.
Але, як высьвятляецца потым, Бог паказвае табе ў гэтую ноч толькі самы-самы пачатак.
ВАЛАДАРСКАЯ БАЛАДА
— Ладна, — падняўся сьледчы; крэсла пад ім дасадліва крэкнула. — Ня хочаш, як хочаш.
Размова скончылася. Шумна ўстаў адвакат, выразна паціснуўшы плячамі.
Усё, нарэшце дамоў. Дахаты. Там зараз баланда, паямо, будзе цяплей.
Каменная падлога вымытая, смутна люструе, i здаецца, што йдзеш па вадзе.
Усё ў парадку. Усё нармалёва. Усё цудоўна, ну яго нахрэн. Спакойна, спакойна, спакойна, чатыры разы спакойна. Пара заканчваць з надзеямi і 6ОЛЯМІ. Яшчэ сядзець i сядзець.
Найперш пагаліцца налыса. Тым больш лета. Ты самога сябе падманваеш гэтай школьнай прычоскай. Ты зэк. Голагаловы. Падумаць толькі, ніколі ў жыцьці не галіўся начыста. Хоць паглядзіш, што гэта такое.
* * *
Я сяджу пасярод камеры на стосе савецкіх кніжак 1960-70-х (іншых у бібліятэцы няма); злавесна гірчыць беларускае радыё, а на падлогу раз-пораз пляскаюць пасмы густа намыленага валосься. Нада мною шчыруе Дзёма, я як мага зручней падстаўляю яму сваю планету, свой шар зямны, i думка шкрабецца і войкае дзесьці там, пад скляпеньнем, i вочы вылазяць на лоб паглядзець. Дзёма — забойца; мы чыталі ягонае абвінаваўчае заключэньне. Чэрап ахвяры праломлены тупым прадметам, колатых і рэзаных ранаў чатыры дзясяткі — падуздыхавых, брушных, грудзінна-ключычна-смачкавідных і якіх хоч. Зараз у Дзёмы ў руках тупаваты станок, і ён старанна, калі не сказаць любоўна, з майстарскай жарсьцю і пяшчотай абшкрабае маю галаву.
«Вось тут, — паказвае ён, — во тут косткі стыкуюцца, скроня з лобнай, і калі націснуць — не, ты пачакай, я не балюча, — вось так, цссс! — мазгі папруць, аж пырсьне». Шкраб, шкраб, шоргае станок, пляскаюць згусткі. «А вось так, — ён намацвае макаўку, і я адчуваю, як буйна пульсуе кроў пад цьвёрдымі пальцамі, — гэта “крынічка” называецца, толькі цюкнуць, і такі сіфон — фррр! фррр!.. Вось тут яно, на самай макітры», — і ён прымерваецца, пастуквае ў самае цемечка чаранком станка так, як пастукваюць малатком па цвіку, перш чым даць з усяе сілы.
Моцныя ўражанні.
Ягоны аграмадны цень ужо запоўз на дзьверы, усеўся на верхнім шканары і глуміцца з маіх бугроў. «Ой, Паўлік, тут болька», — і ён заклапочана, каб ня зьдзерці, па валосіку пашкрэбвае навокал, так ашчадна, што аж козытна, і здаецца, зараз пацалуе ў гэтую самую больку.
— Дзелай красіва!
Дзёма нарэшце ганарліва аглядвае кумпал і радасна шчэрыцца няроўнымі зубамі. Іклы завостраныя. Я добра ведаю гэтую яго ўсмешку, яна трошкі садысцкая, прыдушаная ніжняй сківіцай — такая бывае ў падлеткаў, калі яны катуюць жывёлаў, — і крыху дзіцячая. Хлопчыку васямнаццаць. Пракурор запатрабаваў дваццаць пяць. Дадуць дваццаць.
Я гляджуся ў маленькае люстэрка з адбітым краем. Аказваецца, вось яна, твая галава, якая. Так проста і гола, правільнай формы, замыкаецца ўверсе. Белая, з шыхаватым голеным адценьнем. Цёплая, нават гарачая, аж хочацца ўзяць аберуч, узважыць, як плод, адчуць цяжар. Бедны Паўлік. Чэрап. Вушы. Засталіся адныя бровы, каб было што нахмурыць. Вось табе турэмная праўда.
Няёмка спаць. Ляжыш, так i нямее, i праменіць КОЛКІМ валосьсем, i СЬВЯР6ІЦЬ вакол галавы, НІ6Ы аўра. Кладуся тварам у падушку, i хочацца плакаць.
Такім чынам, час пачынаць спачатку. Госпаду Богу заўгодна, каб ты зразумеў тут пэўныя рэчы.
Усё яшчэ будзе: адрастуць твае валасы роўна на СТОЛЬКІ, КОЛЬКІ адмерана, i яшчэ будуць жывіцца турэмнай думай, пакуль ты навучысься, як гэта — быць пасярод людзей, як пацясьніцца і як падзялiцца, як аддаваць i як дараваць; жыць або «так», або «не»; абыходзіцца малым; ня сплёўваць словы штокрок, а каўтаць i тым насычацца; i дастанеш-такi, што ня варта дбаць аб сваёй ежы i адзежы, а пра вечнае рупіцца; i пабачыш яшчэ, што нават позіркам нельга крыўДЗІЦЬ людзей, там дзе трэба — зьміргнуць, а дзе трэба— апусьціць вочы; і нават задумвацца будзеш ох як асьцярожна, не з пакутлівай маскай на твары, а са спакойнай, цёплай, ласкавай усьмешкай, быццам глядзіш на дзяцей; і яшчэ спазнаеш, як кшталтаваць кожны рух, каб ня выпусьціць раптам з рук ручніка ці лыжку і не запэцкацца самому; і яшчэ ўбачыш, як сонца перапальвае краты, і пачуеш, як пахне лета ў турэмным дворыку, і ўспомніш забытыя згукі дзяцінства; і дабярэсься да самае сутнасьці дробязяў — распляцеш шкарпэткі да ніткі, і са станка для галеньня дастанеш лязо... І яшчэ многае, многае, многае.
А яшчэ — станеш цаніць волю, паветра, бацькоў і сяброў.
І самае важнае — не сумнявацца.
Дзеля гэтага варта аднойчы прачнуцца на нарах з голай калючай патыліцай, асьлепнуць ад нязгаснае лямпачкі проста ў твар, адчуць, як пад табою рыпіць, i спахапіцца, што ляскае ў дзьверы «прагулка».
Чуваць тут усё. Калі нават ціха дзярбанiш сабе па перакладзінах нараў, нервова аддаецца на кожным ложку.
— Бля, хто гэта там барабаніць!
Гэта я.
— Ты што, абалдзеў, i так галава баліць.
Гэта камер-тон. Усё чуваць. Так бы мовіць, у турме шмат што перадаецца стукам, тым ці іншым.
На прагулку ЦІ ў душ вартавыя б’юць у дзьверы ВЯЛІЗНЫМ ключом. Тым жа звонам ключоў, разам з рэхам, зэкаў перадаюць праз пралёт на закратаваных лесьвічных клетках. Звычайна зьвіняць аб парэнчы: «Бамц! Восем-сямнаццаць!» Першае — колькасьць галоваў; другое — нумар дворыка, куды трэба весьці. Сямнаццаты цесны, таму ўся каманда бурчыць.
Мы ідзём, разабраўшыся па двое ў патыліцы, у нізкай падвальнай галерэі. Зьлева — камеры сьмяротнікаў, тут заўсёды магільная цішыня; справа — кармушкі асуджанкі, там крыху жывей. Волка; у тых, хто сядзіць тут больш за паўгода, пачынае зажыва гніць цела. Бракуе паветра. Улетку на старым корпусе — ён зараз над намі — увесь час раве вентылятар, праіржавелая труба заводскага тыпу. Гэта скразьняк, і дзеля яго на падвальных акенцах і ў проймах кармушак зэкі вывешваюць абажуры з шалясткіх палосак паперы. Прыемна чуць, шамаціць як лісьце.
Выбіраемся праз змрочны лёх з каменнымі вышчарбленымі прыступкамі наверх — і адразу паветра, паветра, точыцца галава, i адразу стазыкі шум— перагаворваюцца ў дворыках... і зьверху, з закратаваных перакрыцьцяў, дзе зь мерным рыпеньнем ХОДЗІЦЬ канвой, скрозь СУХІ пыл ІМЖЫЦЬ сонечнае сьвятло, струнна перабірае, перабягае па тварах, цёпла пераламляецца ў грудзях... Прамяні прымружваюцца, і ў іх танчаць іскрыстыя пылінкі, столькі, што боязна дыхаць — а так хочацца!
І сьвярбіць пчыхнуць. Пчыхнеш — і так добра.
Сямнаццаты дворык — глыбокі калодзеж, на дне — метра паўтара на два з паловай асфальтавага бруду. Так, пастаяць, ткнуцца мордай, крок туды, крок сюды. Становяцца ў кутах, плячом падпіраюць бугрыстыя сьцены, выбіраючы, каб было куды сплёўваць. Хтосьці кахікне ды шоргне; хтосьці млява пакалупаецца ў шчылінах — можа, дзе маляву пакінулі.
Сонца тлее на ўскрайку сьцяны. Яшчэ высока. А ў калодзежы сыры цень. На сьценах, быццам ранейшы ўзровень мора, зеленаватая цьвіль. Выламкі камянёў нібы гіганцкі ракушняк. Па кутах пярліны пляўкоў. Рыпнулі, спыніліся крокі наверсе. Сонечны канвойны аблёг на парэнчы, мружыцца, глядзіць сюды, як у ваду. Няма тут на што глядзець. Толькі плюнь.
Ціўкне недзе там птушка — і як ад кроплі кругі па вадзе.
На сьцяне млее сонечны пляж, клятчасты ад кратаў, ужо можна дастаць. Серж цягне, пластуе далонь пазагараць. Мне таксама хочацца плітачку. Так адломваюць, калі ёсьць, па кавалачку чакалядкі да чыфіру.
А чыфір піў, каюся. Калі нараў на ўсіх не хапае і спаць даводзіцца пазьменна — безь яго ніяк. Галоўнае, сэрца не пасадзіць і дахам ня дацца.
Прахалодна. На самым грэбні вецярком мірсьцяцца пацерачкі мху, празрыстыя, смарагдавыя праз сонца. Успамінаецца балада пра верасовы мёд і шат-
ландскія скалы. Нейкі прысмак, дымок у душы зь дзяцінства на гэты конт. Увогуле я ўжо не памятаю, адкуль такі ценкі сонечны ранак, калі я так рана выходзіў на вуліцу, так сьвежа і холад за сьпіну ловіць, і шчасна. Можа быць, нешта далёка школьнае, з ранцам на ўрокі, сьвежасьць... ці то босым па роснае сьцежцы на Дняпро, на рыбалку, пераступаючы знаёмыя карані... Берагавыя вербалозы шумяць — ці не заняў хто месца...
— Бля, — са злосьцю кажа хтосьці. Вядома ж, так.
Раскоцваюцца дзьверы. Дахаты. «По двое, я сказал».
Зрэшты, усё прасьцей. Cogito ergo sum. Калі я засынаю, значыць, часова выходжу на волю. Я ем — і тое ж, тры разы на дні, я раблю дома. Чытаеш кнігу, пішаш у сшытак, нават малюеш турму — ты вольны. Поўна ціхай, зьмястоўнай прасторы. Можаш зяхнуць. Або падысьці да кратаў, дыхнуць сьвежага паветра — і кожны, кожны каўток так і заходзіцца ў грудзёх. Ты ў турме.
Тут у кожнага бывае сваё пранізьлівае, ціхае імгненьне. Мне яно прыйшло над кніжкай, дзе камсамолец цалаваўся з камсамолкай. Закрыў твар далонямі, быццам чытаю — так шчымліва сьціснула вочы, перахапіла горла.
— Малы, калі ня цяжка, падай папяльнічку.
Гэта Дзёма. Абзац.
— Малы... Усё будзе добра.
Я, ледзь трымаючыся, шморгнуў носам і паспрабаваў усьміхнуцца скрозь мокрыя вейкі. Дождж скрозь сонца. Пальцам выцкаваў сьлязіну. Выцер аб сябе. Удыхні. Яшчэ раз. Хто бачыў? Мабыць, усе. Харошыя мае, і ніхто не сказаў нічога. А за такое тут, бывае, б’юць — у кожнага ўсё ж такі штосьці сваё.
Не расслабляцца, зайчык. Не расслабляцца.
Нарэшце, ёсьць i апошні шанц. На скрайні выпадак, для скоцтва, сэксоцтва і правакацыяў Шыкоўная штука, бліскучая і вострая. Ускрыцьцё.
Не сьпяшайся. Калі ўжо такія кепскія справы, спачатку зьбіраеш кешар — невядома куды павязуць, трэ каб рэчы забралі з табой. Засьцілаеш шканар. Ручнік павінны быць пад рукой. Ставіш зэчку вады кіпяціцца, гэта для дэзынфекцыі. Лязо ў шчыліне абшчака. Вось, у прынцыпе, усё, што трэба.
Вены пагана. Усё-ткі рукі, імі так многа зроблена, ну ўсё-ткі прыкра. Можна горла — кажуць, эфектна, жахліва разлазіцца аж да вушэй, залівае крывёю грудзі. Піжоны. Лепш жывот — ёсьць там такая складка, запаветная складачка, колькі разоў мацаў і цацаў, прымерваў далоньню... Усё проста і хутка, лязо разам з пальцамі ашпарыць у кіпені, разам з зубамі, з пульсам сьціснуць мяса ў жорсткую жменю — і шах! — раскроіцца крывяністай глыбінёю рана; ты ў шоку, заварожана глядзіш, як разлазіцца, бел-чырвона-бела, ох і блага, сплывае, і становіцца млосна ад выгляду ўласнае крыві, я знаю, ты не выносіш... млееш у ванітоўным запаволеным сьне, морыць прылегчы... Грукайце ў дзьверы.
Няхай, ня будзем перад ядою. Час баланды.
Даюць баланду. Усе пазлазілі з нараў. Да кармушкі. На першае — суп зь пярлоўкай. Значыць, на другое стаадсоткава капуста і шлёмкі можна ня мыць.
Баланду есьці можна. Галоўнае, што жэжанькая, бо як астыне, наверсе плеўкай сьцягнецца камбіжыр, а гэтага лепш ня бачыць. Баланду сёрбаюць, заядаючы скарынкамі хлеба. Мякіш выкідваюць — цэлы бохан мякішу. Сьпецвыпечка. Страшэнная пякота.
Ты еш. За непрыемнай кіслінаю і глёўкім прысмакам камбіжыру амаль што мамін супчык. Трэба наядацца, набіваць пуза, каб аж атупець ад сытась-
ці — тады больш нічога ня хочацца. Хто сала ня браў? Смачнае гэтае сала, зноўку страўнік круціць будзе. Перажывём. Ты еш. На дне, як сонца, лямпачка — на маім месцы за абшчаком яна амаль заўсёды трапляе ў шлёмку. Я выграбаю, вышкрабаю рэшту напалам з тлустым сьляпушчым сьвятлом, да металёвага бляску. Дно ўсё ў шустрай, спорнай штрыхоўцы — кожнага дня тысячы зэкаў шчыруюць над гэтай чаканкаю, безыменнай і бессэнсоўнай.
Валадарская баланда — гэта сіла.
* * *
Вады не было. Потым далі дождж.
Наляцела страшэнная залева. Мабыць, зараз у горадзе лье і лье, як ашалела, і які-небудзь прыдурак, скрозь мокры, кудысьці брыдзе па вадзе, усё на ім ліпне, струменіць. А дзеці, прытыраныя, лётаюць з крыкам і верашчаць. Кроплі пляскаюць у краты, разьлятаюцца пырскамі, як з вадасьцёкавае трубы, ужо і сала ў газеціне намокла, і крапае з высокага падваконьня — а ён усё шуруе, шуруе. Гул стаіць, як на стадыёне, — і якраз пад гульню! Тут гуляюць з аглушальным азартам, імкнучыся перакрычаць: Ага! Бах даміношку аб стол — і дождж, шшш!! Бац яшчэ раз — трыбуны равуць!.. Стоп. Голы на месца, хвост абрубілі, паўрукі шасьцёрак... Лясь! — Лічыце вашы вочы! — і залпам дружны рогат, і шугае зь ветрам у хату, абдае халодны душ, і ты аж калоцісься ад захапленьня.
Дарэчы, калі дождж ці сьпякота такой парой — ураджаю ня будзе.
...Але, ураджаю ня будзе яму, не. У мяне жонка была на сьвіданцы, казала, у калгасе ўсё валіцца, дай ім там хоць сямнаццаць-васямнаццаць цэнтнераў узяць. А так ужо і лес закінулі, і камяні ніхто ня возіць. А колькі каменьня я выбраў, мабыць, за ўвесь час, пакуль калгас, столькі ніхто не выбіраў Салдаты вазілі, у нас часьць блізка стаяла; карміў іх, абед, усё як паложана, і пячэньне даваў. Яны зь дзесяці пачыналі, потым, значыцца, у дванаццаць аддыхалі, ну, безь пятнаццаці дванаццаць, дзе-та так... А цяпер... Не, ураджаю ня будзе.
Гэта дзядзь Віця, старшыня калгаса, баця з крыху бабскім голасам і дробнымі птушынымі звычкамі, увесь час насовачкай абціраецца. Гэта яму ў перадачах заўсёды прыходзіць кумпяк вяндліны ды магутнае сала з цудоўнай, барвовай на прасьвет пераросьлінкай.
А на волі цяпер лета. Сонца, сьпёка. Заходзіш у лес, а там усё прэе, цвіце, усё пучком — і тут цела, па ноздры закапанае ў зямлю. Цёплае і пахне. Адкопваеш... Ты можаш уявіць? Можаш. Тады адкопвай.
А гэта Серж, маладая мафія, прыехаў са сьледчага эксьперыменту. Цела — гэта труп, — Серж расказвае д’ябальскі ўзбуджана і радасна.
Віталік звычайна маўчыць, бо ён баксёр.
Іх сямёра, тых самых, за каго ты там змагаўся 24 гадзіны, дзень і ноч разам з народам — гаманіць, есьці за абшчаком і спаць па чарзе на адным шканары. Беларусы ў турме пачуваюцца лепш за астатніх. Карысная звычка — перабіраць жыцьцё як бульбу, жыць увесь час пры сабе і сам сабе варушыць мазгамі і прытым ціхай сапай захоўваць нешта хітрэйшае за іншых, нейкую шчэпць солі — прыкусіўшы ўсьмешку, ці зморшчыўшы лоб, ці краем вока, у невынішчальным прышчуры. Беларус, ён і ў камеры свежанькі, як толькі што выкапаны. Ды і сам ты тут, шчыра кажучы, захаваўся няблага.
Вось расейцы па-руску маюцца, сардэчныя, хоць ты лбом аб сьценку, хоць душой аб вушак, не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому.
Я выбіраю і рупліва лічу прыкметы. Усё сходзіцца. Заўваж, зараз Серж павернецца напаўабарота: якая масіўная беларуская скула з румянцам — ня ўсходняя, а камляватая — і зь якой знаёмай пластыкай выпінаецца надброўе, проста з партрэтаў у кабінетах бел. літ.
Свае. Усё чытаецца з паўслова — і знакамітая бялявасьць, і тонкія ноткі ў голасе, якія можна назваць высокімі і якія так часта зрываюцца ў нашых дзеячоў, і партызанская зацятасьць — рашуча ўсё, што ты ведаеш, і яшчэ трошкі. І адметнасьці гаворкі, асабліва гэтыя -сь і -ць, настолькі сьвісьцячыя і ценкія, што пазайздросьцяць заваконныя птушкі. Чамусьці ўсе нашы так саромеюцца ў прысутнасьці роднае мовы, што самі паціху пачынаюць цэкаць і сьцікаць на ўсе лады, аж заслухаесься. І, канечне, фенаменальнае беларускае вымаўленьне, такі неразборлівы сьпеў з такім мудрагелістым суправаджэньнем, на такіх ухілістых паўтанах, што быццам бы чуецца тое, што хацелася б, і тым жа часам хто яго знае, што ён толькі што там сказаў...
Увогуле, мне ўсё больш здаецца: беларуская ўнікальнасьць — гэта да слова «ўнікаць».
Сем землякоў. Угадай, хто зь іх раскручваў мяне. Цяпер я прынамсі трох знаю. Калі-небудзь, можа, сустрэнемся ды пагаворым.
* * *
Глухая сірэна адбою.
Гэта сігнал. У хатах па ўсёй Валадарцы ўсчынаецца стоенае варушэньне.
— Віця, на вока, — кажа Серж. — Паша, давай шкарпэтку.
Так, я яшчэ ўчора абяцаў яму сваю памытую шараватую шкарпэтку. Ён паглядзеў: пойдзе.
Расплятаюць чацьвёра. Серж корпаецца зь лязом i высноўвае сярод пухнатых абрыўкаў сапраўдныя ніткі. Адна, дзьве, тры. Мы ўтрох хуценька пачынаем змотваць бясконцыя струны — кожны сваю: белая, мая чырвоная і яшчэ раз белая. Я ўсьмiхаюся. Серж глядзіць на мяне:
— Памасьці, значыць...
Пальцы стамляюцца. Струню ціўкаюць, расчэпленыя міжсобку, i здаецца, што чацьвёра зэкаў сабралiся тайком i засяроджана выцягваюць з арнаментальных тканых узораў ціхую музыку, нязбыўную і манатонную.
Гэта яшчэ ня ўсё. Потым усе ніткі, складзеныя ўчацьвёра, будуць уручную скручваць на асадках, да болю ў зьнямелых пальцах, і расьціраць у далонях, мацуючы сілай трэньня ў адзіны шпагат. Урэшце, скручаны зь бел-чырван-белага конь мае зыходны, такі ж шараваты, як у шкарпэткі, выгляд. Хатні конь — гэта сувязь. Зараз яна нам спатрэбіцца.
І вось у сьценку б’юць чатыры глухія ўдары. Цынкуюць суседзі. Серж дастае, цішком размотвае каня каля кратаў:
— Дзёма, прычал. Вока там закрылі, хутка; Паша, на сьценку.
Я прабіваю чатыры ў адказ: працуем. Яшчэ раз глухія тры: рыхтуйся. Цяпер гатова.
Гулка шоргае за сьцяной; Дзёма, засеўшы на кратах, маякуе: ёсьць! Абрывае грузік (пушка запалак, набітая хлебным мякішам), таропка падцягвае павуцінку і вяжа вузлы. Б’ю «дома».
— Хутка давай, падыходзіць! — сіпіць ад дзьвярэй дзядзь Віця.
У жалюзі кратаў нешта шарготка трапечацца, як матылькі. Сэрца трымціць ня менш. Пакецік з булёнам, газеціна «братве» і запіска.
Гэта табе. Я знаю, ад каго.
Усе па койках! — i незьмігутнае вока ўжо абшарвае позіркам камеру. Я цiхаруся тварам да сьценкі і нiшачкам разгортваю.
Здаровенька, брацішка. Часік у радасьць. Прачытаў тваю пісаніну. Ну што сказаць: неяк сумнавата ўсё гэта. Канечне, у турме ўсякае бывае, час ад часу сам з сабойразмаўляць пачынаеш — бачу, i ты гэтым заняўся. Разумею, сядзець ня мёд, але ж трэба было народу збацаць нешта гэткае, баявтае, «Жыве Беларусь», словам. Вайна ўсё-таю.
Зрэшты, у адным твая рацыя: галоўнае — верыць. Астатняе, у прынцыпе, сумятня.
Ліпень 1998 г.
ЛІСТЫ ЗЬ ЛЕСУ
ЛЕС ЯК ЛЁС
Калі на міліцэйскім «жыгулёнку» мяне везьлі са сьпецкамендатуры Ветрына ў лясгас у вёсцы Малое Сітна, амаль усе 50 кіламетраў ад Полацка паабапал дарогі стаяў лес. Дастаў мапу, і ў вочы адразу кінулася: Залесьсе, Запалянкі, Замхі, Дуброўка, Бярозна, Алешча... Поўнач Полаччыны нароўні з глухім Палесьсем Лельчыцаў — самыя нетры Вялікага Беларускага Лесу. З таго часу, як Іван Жахлівы ў Інфлянцкую вайну папаліў усе ваколіцы Полацка, на паўтысячы гадоў тут запанаваў гушчар.
За Саветамі ў гэтых лясох і балотах зрабілі найвялікшы ў Еўропе Дрэтуньскі вайсковы палігон. Жаўнеры рэгулярна выпрабоўвалі ў беларускім лесе моц савецкай зброі, і грыбнікі не маглі прарвацца цераз ачапленьні да багатых на баравікі мясьцінаў.
Малое Сітна сярод гэтага спрадвечнага лесу, на беразе Палаты, — своеасаблівы фокус траціны тэрыторый Беларусі. У шырэйшым сэнсе — увасабленьне глухое, аддаленае і аддзеленае ад горада беларускае вёскі, галоўнай базы Лукашэнкавага электарату і адначасова мацерыка беларускай мовы ды традыцыі, які Зянон Пазьняк заклікае адрадзіць яшчэ з канца 1980-х.
Народ жыве зь лесу. Бальшавікі ніяк не маглі арганізаваць у Малым Сітне калгаса, бо вяскоўцы амаль не аралі зямлі — зьбіралі грыбы, ягады, шышкі, займаліся паляваньнем ды рыбалоўствам. Дый цяпер сапраўдная ўлада тут — не сельсавет і не ўчастковы, а «Полацклес» у асобе начальніка лесапункта, які распараджаецца транспартам, палівам, сувязьзю ды самім лесам.
Можа быць, менавіта такія вёскі яшчэ тояць у сабе першародную сілу нацыянальнай глебы — тут, на ўзбочыне рынкавага сацыялізму нацыянальна сьведамы беларус можа намацаць дзясяткі кропак апірышча. Але цэласнае Беларусі-вёскі, апетай у сялянскім эпасе ХХ стагодзьдзя — вершах Купалы, «На ростанях», «Людзях на балоце» і «Знаку бяды», — нават на гістарычных землях нашае першае дзяржавы, сярод запаветнага лесу, ля вытокаў тае ракі, што тысячагодзьдзе таму ўспаіла Полацк, ужо ня знойдзеш.
Асуджаны на працяглае назіраньне за штодзённым жыцьцём вёскі сярод лесу, пачынаеш задумвацца, чаму вясковая Беларусь дагэтуль падтрымлівае саўгасны рэжым і не нараджае новае хвалі нацыянальнага руху, чаму ўсё болей лаецца матам, п’е тэхнічны сьпірт і вымірае.
Бярэсься дасьледаваць, адкуль у такой вёсцы знайшоўся слухач «Свабоды» з 50-гадовым стажам, чаго хочуць дакапацца вяскоўцы ў крэпасьці Івана Жахлівага, спаленай Сьцяпанам Батурам, як рэагуюць на перайменаваньні прасьпектаў у Менску і як змагаюцца за ўраджай. Урэшце, плануеш пісаць пра ўсё гэта — і, зразумела, пра тое, як у адпаведнасьці з рэдкім супадзеньнем праграмаў Пазьняка і Лукашэнкі адрадзіць беларускую вёску.
Рэч ня толькі ў зьбегу абставінаў. Беларуская вёска на мяжы зь лесам у сімволіцы нацыянальнай ідэі зай-
мае асаблівае месца. Для беларуса, які тысячу гадоў харчаваўся зь лесу, хаваўся, будаваўся ў ім і лесам ад лесу адасабляўся, узьлесак — рыса ментальнасьці, параўнальная з фронтам. Партызанка, шляхціц Завальня, новая зямля коласаўскага палясоўшчыка Міхала, Белавежскія пагадненьні 1991-га. Для Беларусі лінія лесу дагэтуль азначае лінію лёсу. Правальваючыся ў акупацыю, меліярацыю ці калектывізацыю, беларуская вёска адштурхоўвалася ад лесу, нібы Антэй ад зямлі. І цяпер, калі бачыш сьпітых, абыякавых, зьніякавелых вясковых беларусаў, згубленых сярод лесу, думаеш: самы час адштурхоўвацца.
Бо лес і лёс у беларускай мове сугучныя, як ні ў адной іншай мове сьвету.
РОБЕРТ БАГАРАД
У Малым Сітне кепская сувязь. Cотавыя тэлефоны маўчаць, як камсамолец на допыце. Для «хіміка», які працуе на лесапункце, магчымасьці зьвязацца зь «вялікай зямлёй» дзьве: або тэлефанаваць ад знаёмых, ставячы іх на праслухоўваньне, або ісьці на пошту. Пошта працуе з 9:00 да 14:00 ва ўсе дні, апроч нядзелі, «хімікі» — з 8:00 да 16:00, маючы толькі адну выходную суботу на месяц. У адзіную «сувязную» суботу, быццам на сьвята, іду на пошту са сьпісам на тузін тэлефонаў.
У рамачцы пад шклом — рэкламка: галоўная вартасьць дзяржаўнай сувязі — ейная якасьць. Віцебск ці Менск тут трэба замаўляць адмыслова праз полацкі камп’ютар і чакаць ад пяці хвілін да адной гадзіны. Але «можаце не хвалявацца — вас усё роўна наўрад ці пачуюць».
Замаўляю. Чакаю. Чую з Полацка: «Гаварыце!» Далей — як у фільмах пра рэвалюцыю: «Дзевушка, мне Смольны!.. Кажу, Смольны мне!!! Алё, Смольны!..» Безнадзейна. «Гучней!» — крычыць маладафронтавец зь Менска. Здаецца, мы перакрыкваем усю адлегласьць голасам. На трэцім званку лінія абрываецца. Паштаркі з палёгкай уздыхаюць: «На сёньня сувязі больш ня будзе».
Выходжу з пошты, цьвёрда перакананы: у такім гушчары апазіцыянеры павывеліся. Аж вось — на ганку стаіць невысокі дзядок, гадоў сямідзесяці, у шэрым касьцюмчыку, якія ў вёсцы на сьвяты апранаюць, кепачка...
— Колькі гадоў жыву ў вёсцы, а такой чыстай беларускай мовы ня чуў, — кажа дзядок, пачуўшы, як я крычаў. Мая вера ў народ умомант ажывае. — Вы, пэўна, Павел Севярынец? Я пра вас са «Свабоды» даведаўся.
Дзядка завуць Роберт Багарад. З каталікоў. Карані на Магілёўшчыне, ля Дрыбіна. Жыве на хутары Мураўішча, што за колькісот крокаў ад Малога Сітна. «Свабоду» слухае з пачатку яе вяшчаньня — з 5 сакавіка 1953 года.
— У дзень, калі памёр Сталін, — расказвае ён, — настаўнікі неяк даведаліся, што арганізоўваецца радыё з-за мяжы. У бацькі моцны прымач быў — дык сабраліся ў яго, а мяне, яшчэ малады быў, на варце пакінулі. Але ж як хвалю злавілі, паклікалі мяне ў хату ды выпусьцілі сабаку. Вялікі, белы ў нас такі быў, дык той ужо брахаў, як хто набліжаўся. Глушылі магутна, але словы можна было разабраць. Ціхенька настроім — і слухаем. І так увесь час. Ніхто ня здаў.
Дзед Роберт перасоўваецца па лясных сьцежках са спрытам і хуткасьцю Талаша.
— Пяць кіламетраў — і ўжо імперская Расея, — Роберт Багарад махае рукой на ўсход, — а людзі тут.
Несьвядомыя. П’юць. Ні да чога добрага не імкнуцца — і каму яны тут патрэбныя?
Цікава, колькі такіх вось партызанскіх слухачоў «Свабоды» ў Беларусі? Напэўна, ёсьць у кожнай вёсачцы. А вёсак у нас больш за 23 тысячы.
І чаму мы адразу запісваем самую беларускамоўную, самую блізкую да зямлі і самую бедную траціну беларускага народа ў актыў рэжыму? Дзіўна, але апроч Лукашэнкі ды Пазьняка пра гэта ніхто і не гаворыць.
Багарадаў хутар — некалькі абкружаных лесам хатаў. Гародзік, палісаднік, сад. Дзед Роберт разводзіць на палянцы між хвоямі і елкамі яблыні, грушы, сьлівы, парэчкі. Прышчэплівае, абкопвае, чысьціць ад садовых хвароб. Каму дастанецца? А вось, будзе сабе сад сярод лесу.
— Тут, — паказвае Роберт Багарад, — падгнілы плот. І дужа плодзяцца зьмеі. Выпаўзаюць на сьцежку, як ісьці да вёскі, дык я бяру палку і, калі пацэлю, забіваю ды на плот вешаю.
Хата ў дзеда Роберта чыстая, дагледжаная. На галоўным месцы, дзе ў звычайнай сям’і абавязкова стаіць тэлевізар, — вялізны, яшчэ савецкі радыёпрымач (а я спрабаваў знайсьці «Свабоду» аж на трох найноўшых). Вось ён, сапраўдны вузел сувязі на ўсю ваколіцу! Побач — колькі вёдраў брусьніц, на якія тутэйшы лес вельмі багаты. Стол. Зэдлік. Ложак.
— Давайце прынясу вам сьвежых газет ці кніжак якіх, — аглядаю я пазбаўленае іншых прымет цывілізацыі жытло.
— А, ня трэба, — адмахваецца дзед Роберт, — вочы ўжо ледзь бачаць, не прачытаю. Я пра ўсё са «Свабоды» даведаюся.
Падумаць толькі: чалавек ужо больш як паўстагодзьдзя сядзіць ля прымача ў глухой беларускай вёс-
цы і слухае пра пахаваньне Сталіна, Карыбскі крызіс, палёт на Месяц, задушэньне Пражскае вясны і перамогі «Салідарнасьці», перабудову, Адраджэньне, здабыцьцё незалежнасьці і яе здачу, рэферэндумы ды акцыі апазіцыі... Чалавек прыслухоўваецца да імклівага руху планеты і бачыць перад сабой адну і тую ж карціну... Асацыятыўны шэраг надзвычай біблейскі: прозьвішча «Багарад», людзі, што не імкнуцца да дабра, сад, зьмеі — і Свабода. Чалавеку вельмі хочацца нарэшце ўбачыць, а ня толькі пачуць вольную, неза-лежную, адроджаную краіну.
Колькі яшчэ здолее чакаць Роберт Багарад?
Дзеля аднаго гэтага ў 2006-м трэба перамагаць.
ПРАЦА ШТАБЯЛЁЎШЧЫКА
Галоўная кантора маласіценскага лесапункта — белая з чырвоным дахам, ды яшчэ арнамент паўз увесь падмурак. Натхнёны ансамблем нацыянальных колераў, я рушу наўпрост да бухгалтаркі (яна ж — тутэйшы аддзел кадраў) па сваё працоўнае месца.
— Кім работалі да гэтага? — не падымаючы галавы, запытвае бухгалтарка.
— Інжынер-геолаг, менеджар па продажах, мастак, журналіст, займаўся грамадскай адукацыяй, ідэалогіяй... — рапартую бадзёра, назіраючы, як асадка ў руцэ бухгалтаркі замірае па-над графой «прафесія», а сама яна глядзіць ужо на мяне.
— Ага, — трохі няпэўна, але, як мне падаецца, задаволена канстатуе «аддзел кадраў». Я ўжо гадаю, што яе зацікавіла найбольш: можа, у гэты самы момант вырашаецца мой лёс на бліжэйшыя два гады. — Будзеце працаваць у нас штабялёўшчыкам.
Бясконцае нагрувашчаньне штабялёў хвоі, елкі, бярозы, асіны ўздоўж чыгункі, вал дрэва, у маштабе якога чалавек — мурашка. Вось гэты чалавек і ёсьць штабялёўшчык. Яго працоўнае месца — на эстакадзе. Так называецца даўжэзны, метраў пад 100, памост, звараны з рэек ды насланы дошкамі, на якім ствалы звальваюцца зь лесавозаў, расьпілоўваюцца, пускаюцца па транспарцёрнай стужцы, сартуюцца па гатунках, звальваюцца ў кішэні і адкуль кранамі грузяцца ў вагоны Беларускай чыгункі.
Кранаўшчыкі, стропальшчыкі, раскрыжоўшчыкі, механікі, электрыкі ў Алешчы працуюць зь якой-ніякой тэхнікай, а штабялёўшчыкі — цяглавая сіла. Менавіта яны ўручную, з дапамогай жалезных крукоў, адкочваюць па эстакадзе расьпілаваныя бярвёны даўжынёй два-пяць метраў на стужку. Часам трэба скакаць церазь бервяно, якое коціцца згары, — як такі балет удаецца п’яным? Далей — паўз усю эстакаду — штабялёўшчыкі рукамі або рычагамі (вялікі драўляны дрын) скідаюць у асобныя аддзелы (кішэні) розныя сарты дрэва: дровы (двухметровыя галіны), піловачнік (3-4-метровыя хвоі і елкі на дошкі ці шпалы), фанеру (бярозу для вытворчасьці фанеры), балансы (дарагую драўніну на экспарт), тэхнічную сыравіну (на цэлюлозу і прадукт дрэваапрацоўкі)...
Штабялёўшчыкі закідаюць у трактарныя прычэпы і самазвалы адпілаваныя камлі, якія тут называюць «паджывотнікамі», і нестандартныя абрэзкі, перакладваюць разваленыя пры транспартаваньні кранамі штабялі, абкорваюць сякерай ды скрабкамі вагонныя стойкі для экспарту лесу, прыбіраюць пілавіньне і вецьце.
Рукавіцы, што выдаюцца раз на месяц, дзяруцца тут за тыдзень. Пераламаныя пальцы, рукі, ногі, траўмы хрыбта і сьпіны — штатныя здарэньні (трэба сказаць, амаль заўсёды па п’яні).
Праца цяжкая. Напэўна, гэтым кіраваліся байцы
нябачнага фронту, накіроўваючы мяне ў Алешчу, — каб больш высільваўся ды менш думаў. Насамрэч, алешчанская эстакада — цудоўная пляцоўка для будаваньня ўласнага цела — «храма душы». У Менску ў спартзалах плацяць грошы за тое, што складае штодзённую працу тут.
Міжволі думаеш: якраз-такі накачваньнем мускулаў (у арганізацыйным плане) мусяць займацца цяпер кволыя апазіцыйныя структуры перад кампаніяй-2006. Разносіць улёткі. Абыходзіць кватэры ад дзьвярэй да дзьвярэй. Трэніравацца. Рыхтаваць тысячы і тысячы прыхільнікаў, якіх не хапіла ў 2001-м ды летась... Партыйным функцыянерам і заўсёднікам офісаў NGO пара рабіцца палітычнымі штабялёўшчыкамі. І працаваць, працаваць, працаваць. Штодня. Да зьнямогі.
Толькі так у 2006-м мы здолеем перамагчы.
ЛЕСАПАВАЛ І КОШЫКІ
Раніца. У маласіценскім лесапункце — урачысты сход. «Полацклесу» — 75 гадоў. Выступае начальнік лесапункта:
— Цяпер наша аб’яднаньне перажывае ня лепшыя часы.
Народ маўчыць.
— Але справы не зусім кепскія, — падпускае аптымізму галоўная бухгалтарка. — Гэты год «Полацклес» скончыў з прыбыткам 175 млн рублёў.
Народ маўчыць.
— А яшчэ трэба сказаць, — завяршае выступ мясцовы пажарны, — дысцыпліна ў нас кульгае. А тут скарачэньні ідуць.
Маўчаньне павісае ў паветры, агромністае, як варожы цэпелін.
— Пытаньні? — начальнік пільна аглядае залу.
— Ясна, — выдыхае нехта з далёкіх радоў, — пайшлі ў лес.
Грамада шумна ўстае, бярэ бензапілы, шуфлі ды ссабойкі і брыдзе да гаража, па машынах.
Што «Полацклес» перажывае ня лепшыя часы, даўно не навіна. Заробкі па 100-200 тысяч, няспынныя паломкі, пажары, калецтвы. Начальства перакананае, што галоўная праблема — хранічнае невыкананьне плана нарыхтовак. Вінавацяць «негатыўныя зьявы», кадыфікаваныя ў дырэктыве № 1, сьпірт «максімку». Аб тым, што ўся сістэма «Полацклесу» (і яшчэ тузіна такіх жа «.. .лесаў» па Беларусі) стратная ў прынцыпе, мала хто задумваецца.
Насамрэч тое, чым займаецца «Полацклес», на любой з моваў Еўразьвязу называецца «барбарскае вынішчэньне нацыянальнага багацьця». Нават не даючы спушчанага зь Менска плана, аб’яднаньне штогод вывозіць з тутэйшых лясоў 4,5 тыс. вагонаў дрэва. Ільвіная доля «круглякоў» ідзе за капейкі на экспарт, астатняе — на фанерныя, мэблевыя і цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы «Бельлеспрама». Хвойны лес павінен сьпець 70 гадоў, а яго высякаюць у 20-30 (цяпер валяць якраз пасаджанае за Машэравым) — і гэта нікога не хвалюе. Лясныя дзялянкі пасьля такое высечкі выглядаюць апакаліптычна — быццам пасьля бамбардзіроўкі метэарытамі. Уздоўж дарог на пнішчах застаюцца толькі драўляныя вышкі — там начальства, што прыязджае з абласнога цэнтра ці сталіцы, палюе на дзікоў. Праз колькі дзесяцігодзьдзяў беларускі лес ператворыцца проста ў закінутую прамзону, зарослую падлескам.
Каму ж выгадны Вялікі Беларускі Лесапавал?
Вугорцам, якія робяць зь беларускай хвоі ды бярозы мэблю, а потым вязуць прадаваць сюды. Італьянцам, якія лушчаць беларускую асіну і плятуць са
стружкі цудоўныя сувенірныя кошыкі для турыстаў. Нарэшце, фінам, якія вывозяць сырую драўніну ў краіны Балтыі, Заходнюю Еўропу — розьніца ў цэнах ад 1,5 да 3 разоў, а хто ў нас выдае ліцэнзіі на такі гандаль, мы добра ведаем.
Няўжо Госпад Бог даў Беларусі такія бары, гаі ды пушчы, каб сячы іх на вываз ці зводзіць на шпалы?.. Няўжо беларусы ня ўмеюць самі пілаваць, габляваць, цясьлярыць ды плесьці кошыкі?
Мінімальная замена сыравіннага канвеера на алешчынскай эстакадзе — тартакі. Піловачнік на сусьветным рынку прынамсі ўдвая даражэйшы за круглае дрэва — дык можна хаця б скараціць маштабы высечкі.
Яшчэ лепш — мэблевая фабрыка. І аб’ём драўніны расходуецца на парадак меншы, і прыбытак дасьць большы, і працоўных месцаў дабавіць, і заробкі павысіць.
А зусім цудоўна — майстэрні па вырабе сувеніраў, абсталяваньня для агратурызму, тых жа кошыкаў для садавіны, ды хоць кітайскіх палачак для ежы. Тады беларускі лес зможа вольна ўздыхнуць на поўныя грудзі і спакойна сьпець да свайго часу.
Натуральна, ёсьць толькі адзін шанц уратаваць беларускую дрэваапрацоўку. Перамагчы ў 2006-м.
«МАКСІМКА»
«”Максімка” — шклоачышчальнік на аснове этылавага сьпірту. Таксічны. Пры пападаньні на адкрытую паверхню скуры прамыць праточнай вадой».
Гэта напісана на пяцілітровіках, якія расейцы велікалуцкім дызелем завозяць у Алешчу і прадаюць па 20 тыс. рублёў. Але няма пад Алешчай даўн-таўна небасягаў, на мыцьцё вокнаў якіх спатрэбіўся б
аб’ём штотыднёвых расейскіх паставак. Праточнай вадой «Максімку» разбавяць да належнага градусу і разьліюць у бутэлькі з-пад ліманаду ці мінералкі — і вось ён, самы даходны бізнес у Сітна-сіці. «Максім Максімыч», «Максімільян», «Максімус» — валадар навакольля. Ні гарэлка, ні самагонка ня вытрымаюць канкурэнцыі зь ядраным пойлам, якое ўмомант «зрывае дах» і паўлітра якога для мясцовых «сьпіртавозаў» абыходзіцца таньней за хлеб. Зрэшты, жывых грошай за «Максімыча» тут амаль ніколі ня плацяць. Бяруць «на доўг» (напрыканцы месяца аддаюць паўзаробка), часьцей прапаноўваюць бартар: колькі слоікаў салянкі або трыста грамаў кілбасы, якіясь рэчы...
На сьвята тут звычайна ўжываюць крамнае віно: «Крыжачок», «Вішнёвы сад», «Васілісу». Гэта, у параўнаньні з тэхнічным сьпіртам, пітво высакароднае, п’ецца чаркаю. А «Максімка» — напой будзённы: «прыняць», «дагнацца», адзначыць «дзень рускай балалайкі» ці «першы аўторак тыдня»... І п’юць ужо кубкам або ўвогуле з рыла.
У Малым Сітне — 19 пунктаў, дзе прадаецца «Максімка». Сьпіс ляжыць у сельсавеце, участковы ў курсе. Але гандаль ідзе безупынна. А то ж: у любога каланіяльнага рэжыму спойваньне заўжды лічылася найбольш эфектыўным спосабам падпарадкаваньня абарыгенаў і нейтралізацыі магчымага пратэсту. І той, хто гандлюе, і той, хто п’е (а разам яны ў вёсцы складаюць большасьць), ведаюць, што кожная спроба адстаяць свае правы сустрэне абгрунтаванае абвінавачаньне ў распаўсюдзе ці рэгулярным ужываньні «Максімкі». «Самі ж п’яце, — цынічна нагадвае мясцовая ўлада, — ніхто вас не прымушае». Ад безвыходнасьці люд глушыць яшчэ больш. Труціцца. Вешаецца. Вымірае. Эпілепсія, якая разьвіваецца ад пастаяннага піцьця «Максімкі», на алешчынскай эстакадзе — звычайная зьява. Калі пахмельны раскрыжоўшчык з заведзенай бензапілой раптам разварочваецца — ты жахаесься ад невідушчага позірку. Калі малады мужык падае на бярвеньне, разьбівае ў кроў галаву і калоціцца без прытомнасьці; калі маці чацьвярых дзяцей, што адкочвае крукам ствалы на эстакадзе, у прыпадку валіцца на кучу сьмецьця — народ абыякава паціскае плячыма: «Максімка». Цудоўныя беларускія тыпажы, вобраз і падабенства Божае, па меры алкагольнай дэградацыі набываюць яўныя рысы ідыятызму. Людзі гніюць зажыва, пачынаючы з галавы. Дзеці нараджаюцца разумова адсталыя ці з псіхічнымі расстройствамі.
Адны рэпрэсіўныя захады становішча не паправяць. Апроч нармальнай мяжы з Расеяй, апроч буйных штрафаў за распаўсюджваньне зельля, апроч татальнай інфармацыйнай прафілактыкі тут трэба нешта большае. Трэба зьнішчыць прычыну, якая штурхае люд да запою. Вярнуць беларусам сэнс жыцьця. Веру ў Бога. Любоў да Радзімы. Сваю справу.
Спыніць трыумфальнае шэсьце «Максімкі» можна толькі адным чынам.
Перамагчы ў 2006-м.
НЯМА ВЕРЫ
Аднойчы, распытваючы сіценцаў пра найбліжэйшую царкву, я набрыў на бабку гадоў васьмідзесяці. Яна сядзела на лаўцы ля хаты і паводле ўсіх прыкметаў павінна была ведаць, дзе і каму моляцца тутэйшыя жыхары.
— У царкву мы ня ходзім, унучак, — растлумачыла старая. — Яна нам ня трэба. Мы ж у Бога ня верым.
— Як так?
— А-а... — няпэўна махае рукой бабулька. — Як камуністы былі, дык казалі, што Бога няма...
— А ён ёсьць, — кажу бабулі.
— Ёсьць, ёсьць, унучак, — ківае галавой тая. — Ёсьць, мы ня проціў. Толькі мы ў яго ня верым.
Вось ён, сіценскі сімвал веры. Ведаць, што Бог існуе, і ня верыць у яго. Штосьці да болю знаёмае і вельмі беларускае. У краі, дзе тысячагодзьдзе таму прапаведаваў Торвальд Вандроўнік, на радзіме Еўфрасіньні, Сімяона ды Скарыны, у самай калысцы беларускага хрысьціянства — няма веры.
Калі падчас перакуру я паспрабаваў паразмаўляць пра Бога на эстакадзе з рабочымі, рэакцыя больш за ўсё нагадвала калектыўны прыступ шалу. «Што для нас гэты Бог зрабіў?.. Як камуністаў скінулі, усе вы за сьвечку і ў царкву! Чаму дзеці паміраюць, а Бог на гэта глядзіць?!. Вось мы тут прападаем, а яму ўсё роўна!..» Яны крычалі наперабой, аж захліпаючыся, як брэша зграя сабак, не жадаючы пачуць адказу, адчайна выплюхваючы ўсю сваю злосьць, і шпурлялі тыя выкрыкі, быццам камяні.
Дзіўная рэч: палітычныя прамовы тут праходзяць, а словы пра Бога выбухаюць, нібыта бомба.
«Страшны край, — сам-насам дзяліўся са мной уражаньнямі інжынер, што прыехаў сюды зь Берасьцейшчыны, — тут жа нават як памрэ чалавек — не адпяваюць, не галосяць, не памінаюць толкам. Закапалі, як падлу, каб хутчэй выпіць, — і канец».
Сьвятар з Полацка прыязджае ў Алешчу ды Малое Сітна раз на год — пахрысьціць немаўлят. Далучыць, так сказаць, прыплод да паствы. Ня верыцца мне, што гэтак тутэйшыя душы будуць збаўлены. Ня верыцца, што ў Полацкай епархіі няма магчымасьці хаця б раз на месяц, хаця б у прыватнай хаце арганізоўваць хаця >б адно набажэнства на абшары больш як 1 000 км2... Праваслаўны атэізм, інакш не назавеш.
І люд разважае: «Што нам Бог? Жылі неяк бяз Бога і памром сабе. Згніём, а пасьля ж нічога няма». Ці можа чалавек, які рыхтуецца адно згніць ды зьнікнуць, думаць пра лепшую будучыню? Пра краіну, праўду, свабоду?..
Бязьвер’е — найглыбейшы і самы чорны корань зла, што буяе ў Алешчы і Малым Сітне. Невідушчыя вочы, апушчаныя абліччы, жабрацтва, алкагалізм, самагубствы сілкуюцца адсюль. З пустога сэрца.
У тое, што гэтых людзей успоіць хрустальны сасуд рыначнага сацыялізму, што іх накорміць гуманітарка з Амерыкі, што іх выратуе наездамі раз на год бацюшка, у мяне веры няма.
Але ў тое, што Бог дасьць абуджэньне гэтаму краю, калі пераможам у 2006-м, — веру.
СІТНА І САТАНА
У Сітне часам хочацца крыкнуць: «Няўжо тут насамрэч усё так кепска?!» І чым далей, тым часьцей просіцца на язык: «праклятае месца». Насельнікі вёскі ня вераць у Бога. Затое кожны, узьняўшы палец угару, кажа: «Ёсьць жа нейкая вышэйшая сіла!» Тут сьвята вераць у порчу, сурок і чорную магію, тут уважліва чытаюць гараскопы на наступны тыдзень, спрабуючы разабрацца, у якім астрале супрацьстаяць адзін аднаму Ўран ды Юпітэр. Тут перакананыя, што на гары на ўезьдзе ў Сітна, дзе часьцяком б’юцца машыны, чорт жыве. Але сапраўдны тутэйшы бог існуе ў вадкім агрэгатным стане і мае моц 40 градусаў, а то і вышэй.
У навакольлі буяе распуста: да мужыкоў, якія адкрыта, на ўзор мармонаў, жывуць зь дзьвюма, а то й трыма «жонкамі», тут ставяцца гэтак жа цярпіма, нават спачувальна, як і ў Еўропе да гомасексуальных шлюбаў. У ветрынскай сьпецкамендатуры на сьцяне дзяжуркі — тры фотаздымкі. За апошнія некалькі месяцаў у раёне знойдзеныя трупы трох дзяўчат, падазраваных у прастытуцыі на трасах. Нікога гэта не палохае і не выклікае чутак пра маньякаў. Кажуць, звычайная справа, «абдарылі» кагосьці з дальнабойшчыкаў, вось тыя на зваротным шляху і расплаціліся.
Ад старасьці сіценцы звычайна не паміраюць. Вось толькі некалькі нядаўніх выпадкаў.
Падчас сваркі 50-гадовы муж да сьмерці зьбівае жонку; усю ў гузаках, сьсінелую, яе паказваюць фельчару: маўляў, упала з даху.
Пасьля сумеснага з сужыцелькай, загадчыцай леспрамгасаўскай лазьні, расьпіцьця «максімкі» мужык ідзе ў тую самую лазьню і вешаецца на яе дзьвярох.
Хлопец зь дзяўчынай у вёсцы, падвыпіўшы, выязджаюць пакатацца на матацыкле. Ля моста праз Палату абое разьбіваюцца насьмерць.
Пажылая кабета атручваецца «максімкай». Афіцыйная версія: сэрца.
Так, сэрца! Бо менавіта «з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі, і гэта апаганьвае чалавека» (Мацьвея 15:19-20).
Калі мы хочам выгнаць сатану зь Сітна, з Полаччыны, з сэрца Беларусі ды з сэрцаў усіх беларусаў — тым, хто верыць у Бога і любіць сваю краіну, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць.
МАГІЛКА З ЧЫРВОНАЙ ПЕНТАГРАМАЙ
Каля алешчынскае канторы на беразе вялікае лужыны, што ўвесь час паглыбляецца лесавозамі, стаіць надмагільны помнік з чырвонай зорачкай. Імя, імя па бацьку, прозьвішча. Дата: 1938-1994.
Я калісьці чуў гісторыю пра лётчыка, які разьбіўся ў навакольлі падчас вучэньняў на палігоне. Але вырашыў спраўдзіць — запытаўся рабочых.
— Лётчык?! — выбухнула рогатам брыгада. — Герой Савецкага Саюза! Як ён тут у штопар увайшоў!..
Калі рогат сьцішыўся, мне патлумачылі. Помнік тут пастаўлены дзеячу, прысланаму сюды ў леспрамгас з Полацка. Якраз па прэзідэнцкіх выбарах, увосень, п’яны, засунуўшы рукі ў кішэні плашча, ён ішоў да канторы, але заваліўся тварам у лужыну ды захлынуўся. Ня здолеўшы дастаць рукі, патануў там, дзе вады на паўбота. А чырвоная зорка — таму што камуніст быў.
Яшчэ адзін помнік з чырвонай зоркай — над брацкай магілай часоў Другое сусьветнае — стаіць у цэнтры Малога Сітна, там, дзе раней была царква. Царкву ў 1941-м разабралі на бліндажы, а магілу выкапалі ўжо ў 1970-я, калі кампанія ўшанаваньня подзьвігу савецкага народа дакацілася да апошніх сельсаветаў. Прыязджаў пошукавы атрад, накапалі ў лесе касьцей («А дзе ўгадаеш, якія чые, столькі часу мінула: мо нашы, мо нямецкія, мо наагул сабачыя», — кажуць у вёсцы). Ссыпалі ў кучу. Карэспандэнт раёнкі, салдаты з салютам, «ніхто не забыты» — усё як належыць. Сабралі паўвёскі далакопаў, тыя рыдлёўкамі лясь ды лясь — ага, царкоўны падмурак. Узарвалі. Хрысьціянства тут выкаранялі грунтоўна, дарэшты, з коранем. Знайшоўся ж нейкі раённы ідэолаг, які распарадзіўся ўтнуць тую чырвоную пентаграму менавіта на месцы храма. Каб сьвятое месца не пуставала. Так і стаіць, глядзіць у вокны закінутага сьвятарскага дома сатанінскі сімвал. Маўляў, перамога за намі.
А ўвогуле бляшаныя чырвоныя зоркі панапрыбіваныя ў Сітне на палове хатаў. Калі напачатку маёй «хіміі» адна мясцовая жыхарка, вычарпаўшы ўсе аргументы ў спрэчцы, выпаліла ў твар: «Нацыяналіст! Ты нават у хаце паліцая жывеш!» — я шчыра зьдзівіўся: «Як гэта? Там жа зорка!» Яна адмахнулася: «Вядома, зорка... Ён жаўчасьнік вайны!»
Колькі іх было — адзначаных зоркамі на пагонах, на хатах, на могілках «учасьнікаў вайны». Вайны зь нядаўнім саюзьнікам, з класавым ворагам, з уласным народам. Вайны з Богам. Дзіва што, ад усёй эпохі камунізму, ад агромністае савецкае імперыі апроч паламаных лёсаў і зьнявечанае зямлі ў Малым Сітне ды Алешчы засталіся толькі вось гэтыя нязгасныя чырвоныя зоркі. Як крамлёўскае таўро. Па-над дзьвярыма. Па-над абеліскамі. Па-над гербам з каласкамі, што на ганку сельсавета.
Глядзіш на гэтыя злыя крывавыя значкі, быццам у вочы д’яблу. Глядзіш і думаеш: цікава, а што ж, акрамя магілкі з чырвонай пентаграмай 1994 года, застанецца ў Малым Сітне ды Алешчы ад эпохі Лукашэнкі, калі 19 сакавіка мы пераможам?
ТРЭСКІ ЛЯТУЦЬ
Выкліканы да начальніка лесапункта пасьля алешчынскіх праймэрыз, ужо на парозе я пачуў кароткі вырак: «У лес!» У Малым Сітне адпраўкай на лесапавал ганаруюць тых, хто праштрафіўся, надэбашырыў ці раззлаваў начальства. «У лес» — праца аўтаматычна падаўжаецца на гадзіну-паўтары, бо да дзялянкі колькідзясят кіламетраў. «У лес» — значыць, заробак ніжэйшы, а ўмовы цяжэйшыя. «У лес» — значыць, зусім бяз сувязі (у Алешчу бацькі яшчэ маглі датэлефанавацца, а тут навокал гушчары, дый да мяне на працу наўрад хто дабярэцца).
Лесапавал — скрозь у радыусе 60 кіламетраў ад Сітна. За месяц-другі тут узьнікае чарговая плеш, усеяная вываратамі ды раструшчаным суччам. Лес высякаюць па-барбарску, зьбіраючы толькі спраўную драўніну, прыдатную на экспарт сырым кругляком. Вялізная маса танкамеру, які ў Еўропе выкарыстоўваюць да апошняга сучка, застаецца гніць у лесе або спальваецца.
Лес валяць па 4-5 чалавек. Пільшчык зь бензапілой падпільвае дрэвы, вальшчык з 4-метровай вілкай піхае, каб падалі, куды трэба, сукаруб зь сякерай парадкуе сучча, а трактарыст чапляе і тралюе пачак у 10-12 ствалоў у гарадок (расчышчаная ў лесе пляцоўка), дзе сківічнік (машына зь вялізнымі клешнямі) грузіць іх на лесавозы.
Працуюць у касках. Галоўная небясьпека — сукі, што завісаюць на дрэвах: парыў ветру можа шпурнуць такую піку з вышыні 20 метраў і забіць напавал. Часам няўдала кладзецца дрэва (асабліва калі валяць у канадскі спосаб, з эфектам даміно) — тады не ўратуе і каска. Трэба пільнавацца і ля тралёвачнага трактара: іншы раз папярочны хлыст у 10-15 метраў, падцягваны ў пачак за трос лябёдкай, упрэцца ў пень і з трэскам, як гіганцкі бізун, выпісвае ў паветры самыя нечаканыя траекторыі.
У працы сукаруба няма нічога складанага. Цярэбіш направа ды налева сучча даўгой сякераю, стараесься цераз ствол, каб ня трапіць выпадкам сабе па назе, беражэш вочы ад пырскаў трэсак, абсякаеш верхавіны. Калі трактар валачэ апрацаваныя хлысты прэч, таўсьцейшыя сукі ды верхавіны ўкладваеш упоперак каляінаў (утвараецца волак — своеасаблівая гаць, каб на балацявінах, дзе застаўся прамысловы лес, трактар не праваліўся), а драбнейшыя зносіш у вогнішчы ды паліш.
На абедзенным перапынку лесарубы ідуць у будку — вагончык на колах, дзе топіцца буржуйка. Нават дзьве брыгады разам у будцы не зьмяшчаюцца — таму абедаюць пазьменна. Першая і другая стравы ў алюмініевых бітонах зь леспрамгасаўскай сталоўкі ранкам загружаюць у вахтоўку — разаграецца на буржуйцы; хлеб з салам, гарбату і да гарбаты трэба браць самім. У Сітна вахтоўка вяртаецца паміж пятай і шостай вечара. Час пасьля вячэры — 3,5-4 гадзіны да адбою — гэта ўсё, што застаецца на адпісваньне лістоў, працу над кнігай, чытаньне, тэленавіны, палітыку, Біблію. Раз-пораз адчуваю сябе маленькай трэскай, што далекавата адляцела з-пад сякеры найлепшага сябра ўсіх беларускіх лесарубаў. Што ж, пры Сталіне тое, чым мы займаемся, калісьці каштавала людзям 25 гадоў бяз права перапіскі, ды на Калыме, а то і расстрэлу ў Курапатах. А цяпер... Бог дасьць — прарвёмся.
Але каб лесапавалы Беларусі за бліжэйшыя пяць гадоў не ператварыліся ў ГУЛАГ або каб перад наступнай прэзідэнцкай кампаніяй дысідэнтаў не павысылалі ў далёкія ўладаньні нашчадка беларускіх магнатаў Абрамовіча пісаць чарговы таежны раман Беларусі з Расеяй — 19 сакавіка мы мусім абавязкова перамагаць.
ВОГНЕННЫ СЬНЕГ
Здавалася б, нарыхтоўка лесу. У Беларусі такіх дзялянак сотні. Нічога незвычайнага. І ўсё ж менавіта тут, на лесапавале, і менавіта гэтай зімою, як калісьці ў дзяцінстве, мне адкрылася безьліч сапраўдных цудаў.
Часам, чакаючы тралёвачнага трактара з чарговым пачкам, машынальна пачынаеш падлічваць колцы на сьпілах зваленых у штабелі ствалоў. 15. Дубок узросту беларускай незалежнасьці. Шкада, дружа: трапіў пад пілу саўковае сістэмы нарыхтовак. 29. Вольха, мая равесьніца. Прывітаньне! Рыхтуйся на цэлюлозу— магчыма, яшчэ сустрэнемся... на ўлётцы ці на старонцы «Нашае Нівы». 34. Хваіна часоў Машэрава. Рана зрэзалі. Мабыць, пойдзе на які слуп лесьнікам, не спарахнее. 52. Асіна, раўня Рыгоравічу. На фанеру. Ого! Чэсьць! — елка ўзросту БНР! Еўрастандарт, за мяжу па найвышэйшым разрадзе. Вялізная клавіятура машыны часу разгортвае перад табою ўсю панараму эпохі ў канцэнтрычных кодах. Быццам колы на вадзе, на зрэзе фіксуецца рэха падзеі. Хіба ня цуд?
Або ў непралазным балотным гушчары трапляеш на вялізную яліну накшталт тых, што ставяць на Кастрычніцкае плошчы ў Менску. Толькі вось на сярэдзіне ствала, амаль пазбаўленага галінаў, прыбіты крыж. Ледзь угледзіш надпіс: «Львів. ДМБ 1981». Так, дапусьцім, падчас вучэньняў салдат-украінец пакінуў па сабе памяць. Але як крыж апынуўся на дзесяціметровай вышыні? Ствол гладкі, як калона, і абсалютна непашкоджаны. Цуд? Лесавікі ўсьміхаюцца: крыж прыбівалі ўнізе. За 25 гадоў елка проста вырасла.
Упершыню ў жыцьці бачыў ужывую пару ласёў, якія стаяць пры дарозе, аб’ядаючы кару зь вецьця, і зусім не палохаюцца машыны. Або статак дзікоў, калматых, бы тыя маманты, якія сярод белага дня праходзяць за 15-20 метраў ад нашае брыгады па сваіх сьвінячых справах.
Назіраеш, як на 30-градусным марозе, зваленая на мерзлую зямлю, выбухае з фаерверкам ашкелкаў ломкая, бы зь лёду, хвоя — і кожны ўдар сякеры аб сук адгукаецца дзіньканьнем каляднага званочка.
Або ўзяць вогненны сьнег. Так, узяць жменяй, каб сьцерці рукі ад бруду, саляркі ці змазачнага алею (у інтэрнаце ўжо паўгода ня могуць паставіць рукамыйнік) — ад пякучага холаду далоні дымяць. Кідаеш запалку на праліты бензін, і сьнег гарыць зыркім полымем! Аднойчы, калі нас закінулі на падсыпку (дзяўбсьці на ўзбочыне трасы зямлю, каб гружаныя лесавозы маглі ўзьняцца на сьлізкіх пад’ёмах), мы з напарнікам гарачага сьнегу пакаштавалі. Вельмі хацелася піць, а з сабой нічога, а вакол нікога, адно запалкі ды жалезны кубак. Разьвялі вогнішча, растапілі сьнегу і пілі яго па чарзе з агню, гаркавы ад попелу, мацнейшы за любую гарэлку.
Але самы сапраўдны вогненны сьнег мне давялося ўбачыць на ўборцы дзялянкі, падчас сьнегападу. У вялізным, 4-5 метраў вышыні, вогнішчы, дзе спальваліся цэлыя «непрамысловыя» елкі, алешыны, бярозавыя рогі, раптам трэснула ўсярэдзіне, выбухнула салютам іскраў на вышыню пяціпавярховага дома — і потым хвілінамі ціха і ўрачыста ў паветры рдзела, пераблісквала зь белымі сьняжынкамі чырвонае і аранжавае, нібы зь неба сыходзіла шматтысячная грамада пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Калі змаўкаюць бензапілы і сякеры, калі спыняецца, глухне трактар і зьязджаюць лесавозы — раптам прыслухоўваесься. У верхавінах дрэваў пад ветрам нараджаецца, расьце і гучыць велічная, уладная нябесная сімфонія. Чуеш сапраўдную літургію, гімн Творцу, дзе мужчынскія басы зьліваюцца з высокімі нотамі жаночага хору — і заміраеш малітоўна, бы ў храме. Падымаеш вочы ўгару — і бачыш, што насамрэч дзялянка — гэта агромністы проруб у неба, прорва ў глыбокі блакіт для тваёй малітвы за ўсю Беларусь.
Насамрэч цуды вакол нас. Госпад даў нам цуд жыцьця, падараваў цудоўныя пачуцьці і пасяліў у найцудоўнейшай краіне ў сьвеце. У такія цуды трэба толькі паверыць — і тады хараство і гармонія сэнсу напоўняць цябе ўсяго.
Палякі сьпявалі на плошчах рэлігійныя гімны — і атрымалі праўдзівы цуд. Сербы выходзілі на дэманстрацыі хросным ходам за сваім мітрапалітам — і ўбачылі цуд. Украінцы штодня пачыналі Майдан з малітвы — і нарэшце дамагліся цуду.
Вы ўсё яшчэ лічыце, што Беларусь у 2006-м выратуе толькі цуд?
Тады надышоў час паверыць у цуды.
Бо — «чалавеку гэта немагчыма; Богу ж усё магчыма»! (Мацьвея 19:26).
Гэта ж так проста.
Выйсьці ў дзень выбараў на плошчу, насустрач сьвежасьці і волі.
Памаліцца Богу за свабоду, праўду і справядлівасьць для Беларусі.
І гучна, на ўвесь голас, сказаць тое, што думаеш, што адчуваеш, чаго хочаш усім сэрцам:
— Жыве Беларусь!!!
І калі ўбачыш, як неба па-над шматтысячнай грамадою раптам запальваецца вогненным бел-чырвона-белым — ведай: гэты момант увойдзе ў гісторыю Беларусі як цуд 19 сакавіка.
ВЫБАРЧЫ КОДЭКС МАЛОГА СІТНА
«...Галасуйце за Аляксандра... — твар 70-гадовай бабулькі расьцьвітае, — Мілінкевіча!» Спалоханая старая жахаецца. Як?! Прэзідэнт Аляксандр — не-Лукашэнка?..
«Ці дасьць Мілінкевіч разгарнуцца фермерам?» — зморана, але з надзеяй пытае кабета гадоў 40, якой ля Сітна вылучылі 20 га пяску і цяпер абдзіраюць бы ліпку.
«Толькі за Лукашэнку!» — ледзь адчыніўшы дзьверы, заяўляе немаладая жанчына з палаючымі чорнымі вачыма. З-за яе сьпіны высоўваецца мужык: «Давай сюды, мы будзем за Мілінкевіча». — «За Лукашэнку...» — не здаецца кабета. «Муж сказаў за Мілінкевіча — значыць, за Мілінкевіча!» — нават хлопаньне дзьвярэй не заглушае раптоўнай сямейнай сваркі.
«Дык што, цяпер усе галасуем за яго? — прастадушна пытае бабуля веку Кастрычніцкае рэвалюцыі. — А ці зьменіцца яно да лепшага?» — «Зьменіцца, абавязкова зьменіцца!» — «Ой, мы ўжо не дажывём», — сумняваецца бабулька. «Дай вам Божа здароўя — дажывём!» — «Дай Божа.» — зь нечаканай цеплынёй прыгортвае бабулька да грудзей «Мілінкевіча» і ўсьміхаецца амаль дзіцячай усьмешкай.
«За Мілінкевіча? Паша, бутэлька — і хоць за чорта лысага!» Не, мы ня ўдзельнічаем у спойваньні беларускага народа.
Кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» метадычна, хата за хатай, прасоўваецца па Малым Сітне. Сабакі шалеюць, брэшуць, ірвуцца на ланцугах і ашчэрваюцца так шчыра, быццам іх нацкоўвалі адмыслова на нацыяналістаў.
«Колькі табе за гэта даюць?» — ківае на агітацыю магутны лясьнік, выразным жэстам паціраючы пальцы ў шчэпці. «Два гады “хіміі”, — адказваю, — а нашым маладафронтаўцам зараз даюць яшчэ больш».
У чацьвер, 16 сакавіка, увечары ў інтэрнат зьяўляюцца ўчастковы і тры міліцыянты з раёна (зусім ня простыя — кіраўнік полацкага крымінальнага вышуку, начальнік ДАІ і нейкі чын у цывільным, які камандуе парадам). «У Сітне ўчынена злачынства. Правяраем увесь кантынгент. Севярынец і Яхімовіч [мой сусед], едзем у сельсавет разьбірацца». Іншыя тры «хімікі» гасьцей чамусьці не цікавяць. Майго суседа пакідаюць у машыне, мяне заводзяць на прахадную леспрамгаса, дзе прысутнічае адно незнаёмы мне мужык «пад градусам». Міліцыянты час ад часу водзяць мужыка за дзьверы, пэўна на інструктаж, і ўрэшце той заходзіць ды заяўляе мне: «Прапала бензапіла. Прызнавайся, а то будзе горш!..» Ясна, правакацыя. «У аддзел!» — коратка распараджаецца незнаёмец у цывільным, і мяне цягнуць у машыну.
У Полацкім райаддзеле складаецца пратакол па «хуліганцы»: «Размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся, спрабаваў учыніць бойку». Адмаўляюся што-небудзь падпісваць. Вязуць у гарадскі ізалятар. І міліцыянтыахоўнікі, і люд, што сядзіць на «сутках», абмяркоўваюць «выбары», згаджаюцца, што налічаць, як мае быць, кажуць: сістэму абавязкова трэба мяняць.
Назаўтра ў судзе мужык, які нібыта згубіў пілу, блытаецца ў паказаньнях: «Ён нешта казаў па-беларуску... Можа, лаяўся так... матам». — «У беларускай мове мату няма», — адказваю. Судзьдзя (між іншым, з Вушаччыны) нечакана згаджаецца, і — першы выпадак за 10 гадоў! — мяне вызваляе. Але за дзьвярыма ўжо стаіць начальнік сьпецкамендатуры з брыгадай. Вязуць у Ветрына, дзе дзьве гадзіны чакаюць указаньняў «з вышыні». Нарэшце адбіраюць у мяне пасьведчаньне даверанай асобы Мілінкевіча, забараняюць назіраць на выбарах і пад канвоем двух супрацоўнікаў вязуць у Сітна. Селяць у пакой зь міліцыянтамі: цяпер любы выхад на вуліцу — толькі ўтрох. Даведваюся — пакуль я быў у Полацку, з пакоя зьніклі ўсе грошы.
У леспрамгасе пярэпалах. Убачыўшы настрой галасаваць за Мілінкевіча, начальства распускае чуткі: маўляў, Севярынец падкупае людзей, частуе іх «максімкай» і цукеркамі. Люд абурана абвяргае «дэзу» перад міліцыянтамі.
А 8-й раніцы 19 сакавіка ў інтэрнат прыбывае «падмацаваньне»: абласны кіраўнік камітэта выкананьня пакараньняў са сьвітай і начальнік камендатуры. Шасьцёра чыноў вартуюць аднаго «хіміка»! Галасаваньне — пад канвоем. Кіраўнік камісіі адмаўляецца даць інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне (хаця мне ўжо паведамілі — каля 40%).
Пасьля таго, як у Менску дзясяткі тысячаў людзей выходзяць на плошчу, «варта» атрымлівае тэлефонны загад: сядзець у Сітне і ў панядзелак, і ў аўторак, і ў сераду...
Заявам сіценскай камісіі пра тое, што за Мілінкевіча ў вёсцы прагаласавала ўсяго 22 чалавекі, людзі ня вераць: «А чаго тады Пашу назіраць не пусьцілі?!» — «Менск бушуе!» — задаволена кажуць вяскоўцы і паказваюць, каб міліцыянты ня бачылі: трымайся!
Штовечар па тэлевізіі разам з «вартаўнікамі» бачым шматтысячныя аграмады пад бел-чырвона-белымі сьцягамі Хрыста. Рух Божае волі апаноўвае сэрца Беларусі!
Гэта не Майдан. Гэта беларуская Плошча. Плошча Перамогі.
СЬВІТАНЬНЕ ПА ТЭЛЕВІЗАРЫ
Дзіўная рэч: дзесяць дзён сядзіш бязвылазна ў інтэрнацкім пакоі пад вартай двух, а часам і трох міліцыянтаў (любы выхад на вуліцу — пад канвоем), вакол — занядбаная беларуская вёска, аточаная лесам, укрытая сьнягамі, і ў цэнтры гэтага адасобленага дрымучага сусьвету — маленькі чорна-белы тэлевізар, які ловіць БТ, АНТ і расейскае ОРТ і па якім вось ужо каторы дзень паказваюць маніфестацыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі... Не пакідае ўражаньне: сярод холаду, цемры і прымусу ў гэтым цяпельцы нараджаецца нешта новае. Сьветлае-сьветлае. Цудоўнае.
Кожная раніца пачынаецца зь першым выпускам навінаў, яшчэ зацемна. Сьвітаньне прыходзіць разам зь бела-чорна-белымі азарэньнямі на экране. Каментар ня мае значэньня — кадры ясныя як дзень. Здаецца, краіна, што даўно заглыбілася ў змрок забыцьця, у цяжкі сон і нават пачала пахропваць, нечакана ачомалася.
Молісься за тых, хто на плошчы, на сутках, пад крыміналкамі, за выключаных з універсітэтаў і выкліканых у ваенкаматы, за зьбітых у лякарнях, за тых, хто на волі і рыхтуецца выйсьці зноў — і раптам удыхаеш на поўныя грудзі: упершыню за апошнія гады пахне сапраўднай вясной.
Тое, што мне давялося назіраць па тэлевізары за некалькі дзён гарачага сакавіка-2006, нагадала бачанае роўна дзесяць гадоў таму ўжывую: Менскую вясну — 96. Маніфестацыі Вясны-2006 неспадзявана аказаліся куды больш шматлюднымі, больш арганізаванымі, больш рашучымі за Кастрычніцкую плошчу 2001-га і пратэсты пасьля рэферэндуму 2004-га. Насуперак дзясяткам крымінальных справаў, сотням арыштаў, тысячам затрыманьняў, вынішчэньню незалежнай прэсы і папраўкам у кодэксы, беларускія вуліцы 19-25 сакавіка грымотнымі воклічамі канстатавалі гістарычны факт: «Жыве Беларусь!»
Такое і шумавымі гранатамі не заглушыш — рэха даходзіць аж да Малога Сітна.
«Магутны Божа» як пачатак кожнага дня для намётавага мястэчка; малітва на шматтысячнай плошчы; тысячы вернікаў розных канфесіяў поплеч з заўсёднікамі вулічных акцыяў. Адзіны кандыдат — беларускі патрыёт, які ў дзень галасаваньня моліцца і ў праваслаўным храме, і ў касьцёле, які зьяўляецца на людзях з жонкай і якога прымаюць канцлер Нямеччыны, міністр замежных справаў Францыі, прэзідэнты Польшчы і Літвы. Агучаная для мільёнаў праграма рэформаў, грунтаваная на прыватнай уласнасьці, інавацыях і мясцовым самакіраваньні. Пасьля ўсяго гэтага, упершыню за колькі часу, адчуваеш пад нагамі краіну!
І ў кампаніі, і пасьля яе муляла вока: рэжым высільваецца, каб абаперціся на гэты ж самы, добра зацьвярдзелы за 15 гадоў, падмурак незалежнасьці. Але бясконцыя закляцьці «За Беларусь!», пустаслоўе пра «государственный суверенитет в союзе с Россией» і «интернациональную белорусскую нацию» сьведчаць: пераадолець мяжу, якая аддзяляе самабытную Беларусь ад адроджанай Беларусі, Лукашэнка ня можа. І, згодна зь непазьбежнай логікай гісторыі, гэта зробіць ужо іншы. Не аддадзеная ані Крамлю, ані алігархам маёмасьць, пераключаныя тэлеканалы, апрацаваная па перыметры ўсіх дзяржаўных межаў масавая сьвядомасьць — усё чакае, каб стаць апірышчам сапраўднае Беларусі. І галоўная задача беларускага руху пасьля Вясны-2006 — дабрацца да кожнага зь дзесяці мільёнаў беларускіх сэрцаў, каб на грубых і шэрых камянях апошніх дванаццаці гадоў збудаваць нацыянальны дом, напоўніць яго нацыянальнай сьвядомасьцю і нарэшце ўзьняць па-над ім нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Калі 24 гадзіны ў суткі сядзіш у чатырох сьценах зь міліцыянтамі (а яны жартуюць — «гэта ня вас пад варту ўзялі, а нам суткі далі»), бясконца спрачаесься, даводзіш, выкладаеш — пачынаеш разумець, што і тыя ж хлопцы ў форме — ужо не саўковыя жаўнерыкі імперыі. Так, яны абараняюць Лукашэнку, бо «трэба парадак», яны супраць Захаду, бо «Штаты хочуць усім кіраваць», а «зь Еўропы сюды ідзе бардак, нарката і вычварэньні» — але раз-пораз спрабуюць размаўляць з табою па-беларуску, не супярэчаць, што Пётр І і Сувораў у гісторыі Беларусі — героі адмоўныя, з задавальненьнем слухаюць «Песьні Свабоды» ды згаджаюцца, што трэба адраджаць традыцыі полацкага праваслаўя, а не капіяваць заснаваную на 300 гадоў пазьней Маскву.
У сакавіку 2006-га Беларусь усё-такі адштурхнулася ад дна. Калі пасьля 2001 года становішча няўхільна пагаршалася, рэпрэсіі былі ўсё больш балючымі, а дэпрэсіі ўсё больш глыбокімі — пачынаючы зь вясны 2006-га сьцятая спружына нацыянальнага руху пачала імкліва выпроствацца. І відавочным доказам гэтаму стала проста д’ябальская гістэрыя рэжыму, бачная кожнаму, у чыёй хаце ідуць БТ і АНТ. Ашалелае галёканьне, сьвіст, ванітоўная хлусьня і рагаты рогат тэлевядучых, «сілавікоў» ды задураных абывацеляў, прыпадкі палітычнае эпілепсіі з кожным кадрам, дзе палымнее бел-чырвона-белае, раптоўна агалілі панічны страх апошняе дыктатуры Еўропы перад крыжам на плошчы, перад сьцягам Хрыста, перад нечаканым нацыянальным абуджэньнем. Кругласуткавая вахта нават некалькіх соцень чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў самым цэнтры сталіцы выклікала эфект асінавага кала, з размаху загнанага ў сэрца нячыстага.
Магчыма, сакавіку-2006 не хапіла духу, руху, зуху, каб перамяніць Беларусь адным рыўком. Але пераможны прарыў — празь ператрусы і арышты, праз крывыя люстэркі тэлеэкранаў, праз здушаныя страхам душы — ужо зроблены. Дзясяткі сіценцаў, што галасавалі за Мілінкевіча, заўважалі вусьціш мясцовага начальства і жах сталічнага афіцыёзу, назіралі за камічным міліцэйскім канваяваньнем да прыбіральні небясьпечнага «хіміка» і бачылі бел-чырвона-белыя ўспышкі на паўсьвету, ужо прачулі сваю еднасьць зь дзясяткамі тысячаў менчукоў. Адчулі сябе нацыяй!
Сьвітанак, які мужная моладзь на Кастрычніцкай плошчы штодня сустракала сьпевам «Магутны Божа», зрабіўся сігналам для ўсёй краіны. Званком будзільніка. Пара ўставаць! Ад самага пачатку дарог у Беларусі рушыла нацыянальнае абуджэньне.
А ЦЯПЕР — САЛІДАРНАСЬЦЬ
Алешча страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне плану волевыяўленьня акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам лесапункта, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую зьмену і ад 17-й да 2-й начы ў другую... а напярэдадні ўікэнду новы начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня — але ж гэтым разам народ абурыўся.
Раней, за былым начальнікам, падобныя штукі праходзілі ці не штотыдня. Людзей выганялі працаваць і па нядзелях, і на вялікія сьвяты. Загад на такі выпадак выдаваўся безь пячаткі і часьцяком нават бяз подпісу — бо паводле працоўнага заканадаўства гэткія фокусы могуць і пасады каштаваць. Цішкам лаяліся, але выходзілі. А вось цяпер рабочыя пабачылі «свабодныя і справядлівыя выбары», паглядзелі, што пасьля кампаніі ўлада проста перастала саромецца, — і вырашылі: досыць.
Спадзеючыся, што рабочыя спалохаюцца пісьмовай адказнасьці, у канторы разьлінавалі аркушы паперы з загадам, напісалі ўсе прозьвішчы рабочых і два варыянты: «згодны» і «ня згодны». У другой графе расьпісаліся ўсе: штрэйкбрэйхера не знайшлося ніводнага. Начальства тэрмінова прыехала ў Алешчу ды заявіла: «Не дамо плану ў гэтым месяцы— леспрамгас зачыняць». — «Штогод зачыняеце, — адрэагавалі рабочыя, — хлусьня». Тады ім паабяцалі аплату ў двайным памеры ды прыгразілі, што завадатараў скароцяць. Марна: у суботу на працу людзі ня выйшлі. За восем месяцаў у Сітне мне даводзілася бачыць небагата рэчаў, якія тутэйшыя рабілі разам (і гэта пры тым, што ў вёсцы ўсе адзін аднаму сваякі ці суседзі). Разам прапівалі заробак, пачынаючы з крамнага «віна» і завяршаючы павальным ужываньнем «максімкі». Аднадушна, але ціхма, на перакурах, клялі начальства, міліцыю, сельсавет ды ўладу ўвогуле. І дружна, апусьціўшы долу вочы, брылі па загадзе працаваць у выходныя. А зараз, нечакана нават для саміх сябе, азіраючы паплечнікаў са зьдзіўленьнем ды неспадзяванай радасьцю, адкрыта зьядналіся супраць уладнага ўціску. Хай сабе, як той казаў, і зь непалітычнае прычыны — але ж з падобнага працоўнага адзінства калісьці пачалася і «Салідарнасьць». Такое ўражаньне, што падзеі сакавіка-2006 у Беларусі скаланулі нейкія глыбінныя пласты масавае сьвядомасьці. У гэтую вясну Беларусь на поўныя грудзі ўдыхае дух салідарнасьці.
Сотні людзей, не знаёмых паміж сабой і не прыналежных да палітычных партыяў, зьбіраліся ўначы ля ізалятараў ды прыёмнікаў, каб сустрэць вязьняў. Перадавалі прадукты і цёплыя рэчы, развозілі герояў Плошчы па хатах, дзякавалі і абяцалі адно аднаму — наступным разам быць разам. Тысячы наведнікаў інтэрнэту, дагэтуль занятых гульнямі ды тусоўкамі на чатах, некалькі тыдняў ставілі на вушы сталічную міліцыю нечаканымі і вынаходлівымі перформансамі.
Дзясяткі тысячаў каталікоў, пратэстантаў, уніятаў ды праваслаўных упершыню супольна пасьцілі і маліліся да Адзінага Бога за свабоду, праўду і справядлівасьць у Беларусі. Менавіта акцыі салідарнасьці зрабіліся гітом Вясны-2006.
Бадай што наймацнейшым выклікам гэтаму змагарнаму адзінству сталася шалёная атака КДБ і МУС на «Малады фронт». На менскіх плошчах рэжым убачыў дзясяткі тысячаў маладых, цэлае новае пакаленьне, беларускую будучыню — і жахнуўся. Рэпрэсіі разгарнуліся з размахам колішняй «справы нацдэмаў». На пяцёх маладафронтаўцаў былі заведзеныя тры крыміналкі за графіці, яшчэ аднаго абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў», яшчэ аднаго — у «зьнявазе дзяржаўных сімвалаў», яшчэ кагосьці — у «разгалошваньні таямніцы сьледства» і больш як паўсотні сябраў «Маладога фронту» ў 12 гарадох выклікалі на допыт ды абшукалі на пяці крымінальных справах паводле драконаўскага 193-га артыкула— «выступ ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Пэўна, спадкаемцы Цанавы хацелі расьсекчы рух на кавалкі, каб маладафронтаўскія шарагоўцы ды хаўрусьнікі пахаваліся ў бульбу: раней часьцяком даводзілася назіраць такую дзіўную адстароненасьць ад абвінавачаных у крыміналках. Але ў адказ маладафронтаўцы ўжылі адзіную сілу, здольную паралізаваць ды зламаць рэпрэсіўную машыну, — сілу салідарнасьці. Масавы збор подпісаў пад зваротам ад імя «незарэгістраванага “Маладога фронту”» паставіў рэжым перад фактам: ідэю, рух, ды ўвогуле народ судзіць немагчыма. Бо калі з рэжымам змагаецца толькі апазіцыя — яна асуджаная на паразу. Калі ж пачынае змагацца нацыя — асуджаны рэжым.
І ў інтэрнэт-гасьцёўнях, і ў «Нашай Ніве», і на кухнях тысячы беларускіх галасоў, разбуджаных сакавіком-2006, хорам пытаюцца: а што цяпер? Адказ просты: цяпер салідарнасьць. Штодня. Менавіта тыя, хто ўдзельнічае сёньня ў акцыях салідарнасьці — падпісваецца ў абарону маладафронтаўцаў, становіцца са сьвечкамі на Нямізе, далучаецца да пятнічнага Нацыянальнага посту і малітвы, — тут і цяпер ствараюць беларускую нацыю. Само адчуваньне адзінства, дадзенае Богам кожнаму народу, і ёсьць першапачаткам, наймацнейшым грунтам і асноватворным падмуркам нацыянальнага абуджэньня.
ШЛЯХ ПІЛІГРЫМА
Калі адбываеш у вёсцы двухгадовую палітычную высылку, ужо падумваеш пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, і раптам даведваесься, што ты тут ня першы, а хто-ніхто з палітвязьняў 250 гадоў таму па сканчэньні ўніверсітэта праседзеў у Сітне ўсё астатняе жыцьцё, — дзякуеш Богу за лёгкі шлях.
Вестка пра майго папярэдніка-дысідэнта, пісьменьніка, хрысьціяніна, прыйшла, уявіце сабе, са Стакгольма.
Яшчэ ўзімку найлепшая ў Еўропе беларуская міліцыя не прапусьціла да мяне ў госьці кіраўніка прадстаўніцтва Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Цэлая група па захопу затрымлівала і разварочвала шведа ўжо ў Сітне: пільныя праваахоўнікі не дазволілі нават перадаць мне кніжкі ды прадукты: «А раптам вы яго атруціце!..» Кніжкі дыпламат праз бацькоў усё-такі перадаў. Сярод іх аказалася цудоўнае выданьне беларуса Андрэя Катлярчука, які працуе зараз ва ўніверсітэце Стакгольма, — «Шведы ў гісторыі і культуры Беларусі». Абавязкова раю прачытаць: Катлярчук літаральна адкрыў у беларускай гісторыі трэцяе вымярэньне — апроч усходняга, праваслаўнага і заходняга, каталіцкага — яшчэ і паўночнае, пратэстанцкае. У надзвычай цікавым дасьледаваньні — і Полацк варажскіх часоў, і прашведскі пратэстанцкі рух Рэчы Паспалітай, і евангельскія ўплывы са Скандынавіі ХХ стагодзьдзя.
Неўзабаве атрымліваю ліст ад самога Андрэя — у працяг шведска-пратэстанцкай тэмы. «Па Вялікай Паўночнай вайне на пратэстантаў ВКЛ, што дапамагалі Швецыі і Карлу ХІІ, абрынулася хваля рэпрэсіяў, — піша Андрэй Катлярчук. — Каталіцкі ўрад зачыняў зборы і школы, натоўпы фанатыкаў палілі бібліятэкі і зьбівалі пастараў, шляхціцаў-пратэстантаў, выціскалі з палітычнага жыцьця... Гэткім чынам на службу ў глухі замак Сітна на мяжы з Расеяй трапіў выпускнік Сарбоны шляхціц-кальвініст Стэфан Аледскі. Пражыўшы ў Сітне ўсё жыцьцё, у 1757 годзе Аледскі пераклаў з французскай на польска-беларускую макаранічную мову культавую кнігу еўрапейскіх пратэстантаў «Шлях пілігрыма» ангельца Джона Буньяна (John Bunyan. The piligrim’s progress»).
Неспавядальныя шляхі Твае, Госпадзе!
Кожнаму зь пілігрымаў, якія шукаюць Цябе, Ты вызначыў сваё падарожжа.
Аднаго, як Джона Буньяна, што напісаў сваю кнігу ў турме і зрабіўся апосталам рэфармацкага руху, вядзеш праз пакуты да сусьветнае славы.
Другога, як Стэфана Аледскага, што пераклаў Буньяна для беларусаў ды палякаў, — скрозь непрыняцьцё ды забыцьцё да раптоўнае згадкі праз чвэрць тысячагодзьдзя.
Трэцяга, Андрэя Катлярчука, што дабраўся ажно да Стакгольма, шукаючы Тваіх сьлядоў у гісторыі, — праз жыцьцё на чужыне да захапляючых адкрыцьцяў для Бацькаўшчыны.
Нарэшце, і мяне — па дарозе з саўковае РБ да сапраўднае Беларусі спыняеш у простае вёсачцы, якая не перастае зьдзіўляць глыбінёю гісторыі і насычанасьцю сэнсам.
Што было ў Сітне часоў Аледскага? Памежны замак, дзе Стэфан кіраваў невялікай залогаю; мытня на шляху з Пскова да Полацка, на месцы якой дзятва дагэтуль капае старажытныя манеты; карчма, ля якой любы падарожны можа сёньня падабраць ашкелкі даўняе керамікі і дзе, як і зараз ля крамы, ашываліся тагачасныя бражнікі; Расея, зь якой сюды цягнулася галеча і наязджалі разбойнікі... Усё амаль як цяпер.
Што вартаваў Стэфан Аледскі на мяжы з Расеяй, калі Масква ўжо напоўніцу гаспадарыла і ў Полацку, і ў Вільні, і ў Варшаве? Што сказаў бы, калі б даведаўся, што выхаванцы ягонае альма-матар тыднямі ваююць з урадам, каб іхнія працоўныя месцы не дасталіся ўсякім палякам, што паляк Ян Павел ІІ ад імя ўсяго Каталіцкага Касьцёла пакаяўся перад іншаверцамі за колішнія рэпрэсіі, а беларускія пратэстанты, якіх ізноў залічваюць да «нетрадыцыйнага для Беларусі веравызнаньня», стаяць поплеч з ксяндзамі ў намётавым гарадку супраць тыраніі?..
Які шлях прайшоў Стэфан Аледскі? З бліскучай адукацыяй, у пажыцьцёвым выгнаньні, у глушэчы, сярод безнадзёгі, на тле грамадскага ўпадку, гаспадарчага бязладзьдзя і палітычнай нецярпімасьці — пераклаў кнігу ў духу гэткіх жа гнаных хрысьціянаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. Ня выракся веры, не апусьціў рукі, ня сьпіўся — і вось, праз два з паловай стагодзьдзі зноў завітвае да тысячаў суайчыньнікаў, каб падбадзёрыць іх: «Вышэй галаву, бывала й горш!»
Часам нам здаецца, што мясьціны шэрыя, часы змрочныя, людзі нудныя, а жыцьцё марнае — але менавіта сум сьвету, тлум чалавечы і доўгае чаканьне ёсьць абавязковай платай пілігрыма за спатканьне са сьвятасьцю.
Спачатку ў кожнага пілігрыма свой шлях. Кожны пакідае ўласную хату са сваімі думкамі, уласным грахом, пакаяньнем ды пакліканьнем. Кожны ўяўляе падарожжа па-свойму, размаўляе з Богам асабіста і адольвае цяжкасьці самотна. Але па меры набліжэньня да мэты сустракае тых, хто ідзе туды ж, куды і ён, — і асобны шлях уліваецца ў супольную пілігрымку. Чароды падарожнікаў злучаюцца: на дарозе ўжо хроснае рушаньне пад агульнымі сьцягамі і харугвамі, з дружнымі гімнамі і шматысячным рокатам малітвы... І калі дзясяткі, сотні тысячаў вернікаў, паплечнікаў, вандроўнікаў зьбіраюцца разам ля самое сьвятыні — кожны бачыць на свае вочы, што ягоны няблізкі і цяжкі, але ўпарты асабісты шлях у рэшце рэшт вёў да ўсеагульнага нацыянальнага абуджэньня.
БЫЦЬЦЁ 26:21
«У Сітне манашкі пасяліліся!» — «Якія яшчэ, к чорту, манашкі?!» — «Адна пажылая, другая маладзейшая; каля рэчкі кватаруюць — прапаведуюць, кніжкі раздаюць, па хатах ходзяць». — «Секта! Гнаць іх адсюль — дзяцей ачмураюць... Егавісты ці як іх там». — «Пераксьціся — у іх усё пра Хрыста!»
Чуткі ў вёсцы распаўсюджваюцца з маланкавай хуткасьцю і абавязковым эфектам сапсаванага тэлефона: евангелісткі, што прыехалі сюды зь Менска зь місіяй, на ўезьдзе, каля Палаты, усё яшчэ манашкі, у цэнтры, ля гаража, — ужо сектанткі, а падалей, на хутарах, увогуле сатаністкі.
«Абяцалі за мяне маліцца», — сьмяецца на ўсе зубы работнік Алег. Ані ў тое, што будуць маліцца, ані ў саму малітву ён проста ня верыць. «А мяне пажылая па галаве пагладзіла, я аж узбудзіўся», — у лысага Сашы-«хіміка» думкі толькі «пра гэта». «Думаеце, з самога Менска яны пра Бога расказваць сюды прыехалі?..» — яхідна шчэрыцца Алена, кабета з тае ж вуліцы.
Самі верніцы адной зь менскіх евангельскіх грамадаў тлумачаць: «Пачулі, што ў Беларусі ёсьць такая вёска — Сітна. А Біблія піша пра калодзеж жывое вады, выкапаны ў Палесьціне патрыярхам Ісакам і названы Сітна. У Сьвятым Пісьме выпадковасьцяў не бывае — прыехалі паглядзець».
Глядзім.
«І капалі рабы Ісакавы ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой» (Быцьцё 26:19).
У Бібліі, дзе ўвогуле вада сімвалізуе Слова Божае, такі калодзеж сьведчыў Божаму народу пра Зямлю Абяцаную. Невыпадкова няверуючыя філістымляне (цяперашнія палесьцінцы), як паведамляе Кніга Быцьця, зацята спрачаліся за гэтую студню, што Ісак назваў Эсэкам, з габрэямі. Сёньня ўвесь сьвет назірае за несканчонай барацьбой, пачатай яшчэ тады, 4 тысячы гадоў таму.
«Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна» (Быцьцё 26:21).
Місіянерак, якія за тыдзень абышлі ўсю вёску ад дзьвярэй да дзьвярэй, быцьцё сучаснага Сітна ўразіла да глыбіні душы: «Людзі жывуць страшэнна і вельмі незадаволеныя. Але — ня вераць у Бога, ня вераць увогуле, што дабро пераможа зло, ня ведаюць нават, навошта яны жывуць, — і ад безнадзейнасьці сьпіваюцца. Які там калодзеж...»
Слухаю місіянерак і згаджаюся: калі б наша перамога залежала толькі ад пратэставых настрояў, прагі дабрабыту і банкруцтва ўлады, Малое Сітна ўжо даўно б абвесьціла на тэрыторыі сельсавета БНР. Але ані ленінская фармулёўка «рэвалюцыйнай сітуацыі», ані марксісцкае «быцьцё вызначае сьвядомасьць» тут не дадуць рады. Бо якраз асавечаная, сьпітая, пазбаўленая і беларускасьці, і Боскасьці сьвядомасьць скразіць у кожным дзіравым плоце, кожным пустым позірку, у кожным каліўцы сіценскага быцьця.
Праўда — студні ў Сітне ня гожыя. Неглыбокія, часьцяком нячышчаныя, на вёдрах застаецца брудны налёт... Запушчаныя, словам. Каб дабрацца да чыстае вады, трэба капаць глыбей.
Дзе ж здабыць крышталёвую, крынічную сьвядомасьць, якая можа вызначыць годнае, беларускае, хрысьціянскае быцьцё? Калодзеж якой глыбіні трэба выкапаць тут, у Сітне, каб дастаць да жывое вады, што тысячу гадоў таму вымкнула ў Палату і ўспаіла першую сталіцу беларускай дзяржаўнасьці?
Пэўна, трэба капаць сама менш да часоў шляхціца Завальні, калі адмова ад Бога і Радзімы пачала нараджаць у сьвядомасьці вяскоўцаў Полаччыны фантастычную нечысьць. Яшчэ глыбей, да мяжы Еўропы і імперыі, якую тут два стагодзьдзі вартавала сіценская фартэца. Да папялішча самое фартэцы, заснаванай Іванам Жахлівым і спаленай Сьцяпанам Батурам. Трэба ўнурыцца ўглыб да самых сьцежак першага хрысьціянскага прапаведніка Беларусі, Торвальда Вандроўніка, які абвяшчаў Хрыста ў ваколіцах Полацка і якога тутэйшыя паганцы зь берагоў Палаты тысячагодзьдзе таму сустракалі гэтак жа, як сёньня сіценцы евангелістаў.
І на самым дне, калі ўжо ня стане змогі, калі сонечнае сьвятло ўгары падасца поўняй сярод цёмнае начы, а пад рыдлёўкай нарэшце забруіць крынічка, мы зразумеем: свая студня жывое вады — глыбокая гісторыя, лёсы невядомых сьвятых і скарбы Слова Божага — стоеныя ў кожнай вёсачцы беларускай глыбінкі.
І калі зямля адкапаных нанова студняў, зь якіх чэрпаюць штодня, напоўніцца адлюстраваньнямі неба, — мы здолеем наталіць нашу самую пякучую смагу: смагу нацыянальнага абуджэньня.
МАКСІМ, «МАКСІМКА» І ВІКТОРЫЯ
Новаму майстру, «маладому сьпецыялісту», хлопцу са Стаўпеччыны, прысланаму ў леспрамгас паводле разьмеркаваньня зь Менскага тэхналагічнага ўніверсітэта яшчэ ўвосень мінулага года, Сітна нанесла ўдар з ходу — і пад дых. «Як цябе клічуць?» — працягваючы руку, абыякава запытаў брыгадзір. «Максім», — адказаў хлопец, нічога не падазраючы. «Як-як?» — брыгада стаіла дыханьне. «Ну, Макс... Максімка...»
Мужыкі выбухнулі рогатам, жанчыны захіхікалі. Назаўтра начальнік, адмыслова прыехаўшы на працу, распарадзіўся: новага майстра называць толькі па-бацьку — Міхалыч.
Сьпярша мне ніяк не ўдавалася ўцяміць, чаму леспрамгасаўскае начальства гэтак упарта дамагаецца, каб з «Полацклесу» прысылалі тых «маладых сьпецыялістаў». Можа, каб умацаваць і мадэрнізаваць вытворчасьць? Але сам лад вядзеньня гаспадаркі пераконваў у адваротным. Можа, спрацоўвала, так сказаць, адвечнае чалавечае імкненьне перадаваць свой досьвед новаму пакаленьню?.. Але выпускнікоў толкам нават не стажыравалі. Можа, спадзяваліся, што хтосьці з маладых, поўных сілаў і жаданьня, пацягне гэтую дабітую вытворчасьць на сабе?.. Але ніякай прасторы для дзеяньняў, а тым больш ініцыятывы новенькім тут ніколі не давалі. Звычайна іх адразу ставілі на адказны ўчастак і пачыналі лупіць тры скуры за ўсё, што маладыя ведалі і ня ведалі.
Максіма... выбачаюся, Міхалыча мы бачылі штодня ва ўсё больш змрочным настроі. Яго зрабілі «скрайнім» па адпраўцы вагонаў зь лесам, цяпер усе шышкі за няякасную расьпілоўку ды сартаваньне дрэва, хібы пагрузкі і затрымкі паставак, натуральна, валіліся на яго. Некалькі разоў полацкія нарыхтоўшчыкі, спажыўцы і экспарцёры пагражалі яму судом, па ўсіх здарэньнях на вытворчасьці і ў самой вёсцы яму даводзілася тлумачыцца з участковым; неспадзяваны штраф за пажарную бясьпеку давялося таксама кампенсаваць з уласнага заробку. Урэшце 24-гадовы дыпламаваны сьпецыяліст з вышэйшай адукацыяй на чарговую прапанову мяцовых выпівохаў далучыцца да супольнага расьпіцьця славутае «максімкі» махнуў рукой: «А, налівай!»
Кілбасіла Міхалыча пасьля гэтага тры дні. Як ён сам прызнаваўся, балела ўсё: ані есьці, ані піць ня мог; увесь час ванітавала. «Нічога, гэта зь непрывычкі, — падбадзёрвалі майстра падначаленыя, паляпваючы па плячы. — Тут уцягнуцца трэба». Міхалыч толькі моўчкі хітаў галавой.
«Уладу мяняць неабходна, — нават не казаў, а стагнаў Міхалыч. — Але я ня веру, што вы гэта зможаце». — «Мы з табой, — адказваю, — зможам». — «Ай... — уздыхаў ён. — Пайшлі лепш мульцікі паглядзім». На камп’ютары ў Міхалыча я ўпершыню пабачыў вядомы «мультклуб» з Лукашэнкам і, як казаў майстар, «інструктаж для штабялёўшчыкаў» — жудзік «Разьня бензапілой у Тэхасе».
Перад Раством я нарэшце ўбачыў Міхалыча непрыхавана радасным. «Паша, — зьзяючы, паведаміў ён, — у мяне сьвята! Празь месяц абуваю боты». Цішком ад начальства Максім зьезьдзіў у ваенкамат і зрабіў тое, што і ня сьніцца студэнтам нават у страшным сьне, — сам папрасіўся ў войска.
Зьехаў ён напрадвесьні і пакінуў па сабе тужлівае ўражаньне: здавалася, маладым тут проста ня выжыць.
А ў самы разгар сакавіцкіх падзеяў замест Максіма прыехала новая майстрыца. «Вікторыя, — назвалася рабочым высокая бялявая дзяўчына гадоў дваццаці пяці. — Вікторыя значыць “перамога”. Буду тут працаваць». — «Ці доўга?» — з сумневам запыталіся рабочыя. «Да перамогі».
Што характэрна, Вікторыя ў дадатак аказалася Віктараўнай. І ўзялася за справу з імпэтам сапраўднае пераможцы. Перш за ўсё павяла барацьбу з п’янкай: пасьля некалькіх разьбітых на працоўным месцы бутэлек і звальненьняў алешчынскі зялёны зьмей засіпеў і адпоўз у хмызьнякі. Затым паставіла пытаньне рубам перад начальствам: «Усе правы і абавязкі — паводле Працоўнага кодэкса. Для вас — таксама». Заляпіла пару поўхаў тым, хто распускаў рукі: «Я замуж выходзіла не для таго, каб мяне іншыя мужыкі лапалі».
Вікторыя — каталічка, родам з Круляўшчызны ў Докшыцкім раёне. Прыехала ў Сітна гэтак жа паводле разьмеркаваньня. Пасялілася з мужам — маладым лесьніком — у нашым інтэрнаце, але ўжо нагледзела сабе дом у Алешчы. «Здымем — будзем жыць. Можа, і на сваю хату заробім».
Вікторыя Віктараўна лічыць, што Беларусі нельга аб’ядноўвацца з Расеяй і трэба вяртацца да сваёй гісторыі і культуры. Мы самі еўрапейцы, кажа Віка, і нават на працы носіць значку «За свабоду!».
Толькі не падумайце, што Вікторыя — нейкая жалезная лэдзі і што майстарскі хлеб даецца ёй лёгка. Найчасьцей яе можна ўбачыць бледнай і сьцятай: яна
перажывае кожную сутычку, нервуецца і закусвае вусны. Але ў вачох замест тужлівае максімавае смугі, так падобнай да багны, у яе ясным шляхам блішчыць вера: перамагу.
Гляджу на фотаздымкі зь вянчаньня Вікі з Раманам у знакамітым Мосарскім касьцёле, на белую з чырвонай шнуроўкай вясельную сукенку — і згадваю: менавіта такія адкрытыя, шчасьлівыя юныя беларускія абліччы на тле бел-чырвона-белага я ўжо бачыў гэтай вясной — на плошчы Каліноўскага.
Тое, што маладыя хочуць жыць на гэтай занядбанай зямлі, хочуць працаваць і рабіць вёску прыгожай, як сад у Мосарскім касьцёле, — першая прыкмета, што нават у глыбінцы, на дне Беларусі, з новым пакаленьнем ужо крынічыць Нацыянальнае Абуджэньне.
АДКРЫЦЬЦЁ ШЛЯХЦЩА ЗАВАЛЬНІ
«Пэўна ж, пра гэты край Баршчэўскі ў “Шляхціцы Завальні” піша?» — запытвалі менчукі, прыязджаючы ў Сітна. Менавіта. Ды, шчыра сказаць, да часу мяне гэта абыходзіла: прачытаўшы «Шляхціца...» яшчэ калісьці ў школе, лічыў, што казачны трымценьнік ХІХ стагодзьдзя — не чытво для сучаснага хрысьціяніна.
Але, калі томік Баршчэўскага прынёс мне Роберт Багарад (той самы, які слухае радыё «Свабода» з пачатку вяшчаньня) і паказаў, што тут тройчы згадваецца Сітна, мне чыста дзеля ветлівасьці давялося перагарнуць колькі старонак. І мой колішні стэрэатып як прыпячатала: «.Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасьць бязбожная!»
З фантастычнага аповеду яўна патыхала сіценскай рэальнасьцю. Пачаў перачытваць — і перада мной раптоўна адкрылася добра вывучаная за дзесяць апошніх месяцаў карціна. Настрой тутэйшага насельніка, гэтак выяўна перададзены Баршчэўскім, і праз 150 гадоў застаўся той самы: «Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага ды Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім зьмяніліся характарам: на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасьць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду». Адразу пазнаеш зямлю, зь якой 1000 гадоў таму пачалася Беларусь і якая ўяўляе цяпер сабою цьмянае дно. І прыгледзеўшыся — а людцы мае! — бачыш, бачыш тых самых пачвараў, якія насялялі старонкі «Шляхціца Завальні». Лесавікі, п’яныя дык страшнейшыя за фінскіх монстраў зь «Еўравізіі»; кабеты-інсекты, зморшчаныя ад злосьці і «максімкі», якія прагудуць вам вушы пра «нашага прэзідэнта»; карузьлікі, дзеці алкаголікаў, што днямі корпаюцца на сьметніках, ганяюць па вёсцы жывёлу ды птаства і праводзяць мінака дзікаватым позіркам; лёкаі, што сябруюць зь нячыстым (дзесьці ў мясцовых уладных структурах) і маюць праз гэта падазронае багацьце...
Тады, у часы пана Завальні, уся грамада нячыстай сілы хаця і панавала над краем, але адступала перад воляю пабожнага: «У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць сьвятую веру, а д’ябал ад крыжа і малітвы ўцякае». А цяпер ужо не шануюць. «Бог ёсьць, толькі мы ў Яго ня верым...» Быццам Плачка, блукае багамолка, упрошвае сельсавет ды Полацка-Глыбоцкую епархію пабудаваць тут царкву... Марна. І вось паўстаюць у Сітне страшыдлы куды жахлівейшыя, што і ня сьніліся сучасьнікам Завальні.
Драпежны Леспрамгас, які, быццам агромністы караед, выгрызае лепшыя полацкія лясы гектарамі, пакідаючы толькі скалечаныя тралёвачнымі гусеніцамі і вываратнямі пусткі.
Гіганцкая Чорная Мытня, што аблытала шчупалкамі ўсе тутэйшыя дарогі, распладзіла зграі ваўкалакаў у пагонах ды начамі, аж стогн стаіць, высмоктвае зь беларускай зямлі ўсе скарбы.
Жудасны Палігон, які разарыў ды працяў жалезьзем і танкавымі дырэктрысамі цэлы павет і, нібыта дракон, час ад часу прачынаецца з пачварнымі сутаргамі і грымотамі і зарывам да небакраю.
Крэпасьць Івана Жахлівага, даўно спаленая, але няўмольнай зданьню прысутная ў сьвядомасьці кожнага вяскоўца, каб вартаваць рабства паняволенай краіны.
Нарэшце, Максімка, вогненны дух, існы амаль у кожнай сіценскай хаце, які кідае людзей у эпілепсію, прымушае іх дурэць, біцца адно з адным і накладаць на сябе рукі.
Сядзіш у інтэрнаце цёмнымі вечарамі, быццам сам Завальня ў сядзібе, штодня прымаеш усё новых падарожных — вяскоўцаў, «хімікаў», прыезджых паплечнікаў, чуеш усё новыя і новыя страшныя гісторыі — і думаеш рыхтык словамі з Баршчэўскага: «Ня сьпіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто забывае пра бліжніх сваіх».
У наш век вампірскіх жудзікаў, бэтмэнаў і гары потэраў сэнс кнігі Баршчэўскага звычайна зводзяць да аднаго сумнеўнага аргумента — маўляў, нашая беларуская мазгаўня здольная спараджаць жахі ня горшыя, чым у Хічкока ці Кастанэды. Між тым, у адрозьненьне ад згаданага псіхадэлу, кожная (кожная!) гісторыя Баршчэўскага завяршаецца настойлівай і трапнай маральлю: самая жахлівая нечысьць, што плодзіцца ад бязбожжа, страху ды бяспамяцтва, перамагаецца Боскай верай і любоўю ў тваім уласным сэрцы. Як напісана ў Бібліі: «Упакорцеся Богу, успраціўцеся д’яблу — і ён уцячэ ад вас» (Якава 4:7).
Заключныя словы Завальні да Янкі — запавет кожнаму вандроўнаму беларусу, які раптам апынуўся пасярод пачвараў. «Ідзі ў сьвет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Воля Творцы цябе не пашне. Калі спаткаеш дзесьці там шчасьлівейшых ад нас людзей, не забывай пра пакуты сваіх землякоў. Няхай твая малітва да Бога лучыцца зь іх малітвамі. Можа, калі-небудзь і нашыя дзікія пушчы і лясы загучаць весялосьцю. Бог магутны і міласэрны».
У Боскасьці і беларускасьці апошнія стагодзьдзі было багата сьмяротных ворагаў. Але калі не дранцьвець перад імі, не палохацца, не хавацца ў бульбу — раптам адкрыеш, што ўсе гэтыя пачвары народжаныя сном нашага ж розуму. І пераканаесься: каб скончыць валадарства нечысьці на нашай зямлі, нам патрэбнае проста нацыянальнае абуджэньне.
ОЛЭНА — ЕЛЕНА — АЛЕНА
Алена, прыёмшчыца на леспрамгасаўскай эстакадзе, мажная кабета гадоў сарака, — жывое нацыянальнае пытаньне. Нарадзілася Алена ва Ўкраіне, пад Краменчугом, у пашпарце запісаная Олэнай; затым сям’я вайскоўцаў пераехала на Далёкі Ўсход; якраз там Елена пазнаёмілася зь беларусам Сяргеем з Малога Сітна, што служыў у бацькавай вайсковай часьці, — і перабралася ў Беларусь, дзе на пачатку 90-х атрымала грамадзянства ўжо як Алена. «Не магу зразумець, хто я, — кажа Олэна-Елена-Алена, — украінка? расіянка? беларуска?.. Аж расстройваюся».
У выніку такога «расстройства» (а мо растройства?) Алена штодня выяўляе дзьве, а то і ўсе тры свае натуры. Калі ў леспрамгасе дураць рабочых, «хімічаць» з заробкам або парушаюць Працоўны кодэкс, у Алены закіпае казацкая кроў. Яе гучны выкрывальны голас грыміць у канторы і на эстакадзе; начальству дастаецца і ў вочы, і за вочы; астатнія толькі нясьмела падтакваюць ды ківаюць галовамі. З палаючым позіркам і металёвай лінейкай для вымярэньня дыяметру бярвеньня яна ператвараецца ў праўдзівую Юлю Цімашэнку, толькі што без славутае касы.
А вось падпіўшы, Алена расхінае нараспашку сваю загадкавую рускую душу і сумуе па Далёкім Усходзе. «Гэта — лес? — грэбліва ткне яна пальцам у алешчынскі танкамер. — Во тайга — гэта лес! Азёры... лужыны, якія цінай пазарасталі... А там — акіян!.. Ай, няма тут нічога ў гэтай Беларусі, і чаго я сюды перлася?»
І ўсё ж праца — руплівая, дбайная, засяроджаная — выдае ў Алене чалавека зь беларускім сэрцам. Алена гадуе дваіх дзяцей, урабляе гарод, глядзіць жывёлу, адпрацоўвае зьмену ў Алешчы, займаецца грыбамі-ягадамі, а ў дадатак штовесну разьбівае клумбы ля хаты і канторы. Дарэчы, і размаўляе Алена на класічнай трасянцы, хіба што з тутэйшым мяккім «р»: «ряка», «бряўно», «рябёнак».
Мая «хімія» толькі пачыналася, украінскія «памаранчавыя» былі на хвалі папулярнасьці, і Алена фарсіла па вёсцы: «Вось зьбяруся, паеду да Юшчанкі, я ж украінка!» Пасьля хвалі тэлевізійнае прапаганды і скандалаў у Кіеве аранжавы настрой быў хуценька дэзавуяваны: «Ну хахлы й раздрай навялі! Ды мне ўсё роўна — я ж расіянка, у мяне Пуцін прэзідэнт». А калі чарговы раз грымнула на Каўказе, пачала пляваць церазь левае плячо: «Цьфу-цьфу, каб малых туды не паадпраўлялі. Дзякуй Богу, што мы беларусы».
Найвялікшая мара Алены — зьезьдзіць да радні на Далёкі Ўсход. Але ж і далёка той Усход — што машынаю, што цягніком тыдні два, а яшчэ зь дзецьмі... А тут па тэлевізары ўсё гамоняць пра расейска-беларускае братэрства... «Паша, ты ўсе гэтыя вярхі ведаеш — да каго нам зьвярнуцца, каб дапамаглі?»
Ага, мяркую, праверым-ка на вашывасьць гаспадзіна Барадзіна. Знайшоў ёй адрас сакратарыята Саюза Беларусі і Расеі ў Менску. Тыдзень Алена дзяўбла ўсе службы і прыёмныя галоўнага ўпраўленьня славянскага адзінства, дзе яе вадзілі за нос ды адфутбольвалі, ды ўрэшце вылаялася: «Гары ён гарам, той саюз!»
Растройваецца ці раздвойваецца ў Малым Сітне не адна Алена. Кранаўшчык Іван Ярыца са знаўствам распавядае, што ў яго імя расейскае, а прозьвішча — польскае; «польскім» паходжаньнем ганарыцца Вікторыя зь дзявочым (і цалкам ліцьвінскім) прозьвішчам Закрэўская; рабочыя Юры ды Мікалай, самі Невельскія, называюцца расейцамі, але ж жыць ды працаваць у Расеі ня хочуць.
Столькі аказваецца тых, хто сьвядома ці падсьвядома ўнікае сваёй беларускасьці, што ўпару гукаць: а хто там ідзе, хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?
Тутэйшы люд гатовы называць сябе беларусамі толькі калі гэта нешта дае — а такіх нагодаў што ў Малым Сітне, што ў Полацку, што па БТ для іх вобмаль. Мае расповеды пра ВКЛ ад мора да мора, адну зь першых у сьвеце друкаваных Бібліяў і 10 нобелеўскіх лаўрэатаў, якія паходзяць зь Беларусі, вяскоўцы слухаюць як легенды Старажытнай Грэцыі. Маўляў, калі гэта праўда, дык чаму ў школе ня вучаць? У газетах ня пішуць? Па тэлевізіі не паказваюць?
Вядома, нельга вінаваціць людзей, калі 12 гадоў ім пудраць мазгі пра славянскую еднасьць ды другасную тутэйшасьць, калі іхнай радзімай называюць то Русь, то эсэсэсэр, то эрбэ, а на адкрыцьці Нацыянальнай бібліятэкі аказваецца, што нам не стае драпежнага нішчыцеля беларускасьці Сталіна... Факт, што рэжым са сваёй ідэалогіяй «інтэрнацыянальнай беларускай нацыі» культывуе ў масавай сьвядомасьці шызафрэнію.
Уратаваць беларускі народ ад такіх расстройстваў, надаць яму пэўнасьці і радасьці адчуваньня самога сябе — унікальнага, непаўторнага, цудоўнага! — каб беларусы дарэмна ня сьнілі сябе «расейцамі», «палякамі», «летувісамі», «украінцамі», можа толькі нацыянальнае абуджэньне.
ДЗЕЦІ МАЛОГА СІТНА
Аднойчы ў алешчынскую сталоўку, дзе абедалі рабочыя, басанож зайшло мурзатае, ускудлачанае дзіцё гадоў пяці ў бясформеннай вопратцы. Падаючы сталоўшчыцы заціснутыя ў кулачку сто беларускіх рублёў (ледзь дацягнулася да акенца), тоненькім галаском, які выдаў у ёй дзяўчынку, папрасіла:
— Мама сказала, што вы мяне пакорміце...
Сталоўшчыца спачатку разгубілася: «Што ж я табе, дзетачка, на сто рублёў дам?..» Рабочыя загулі: «Ты ўжо нам недалівай, але ёй пакладзі поўную міску!»
Сьлёзы навярнуліся на вочы пазьней — калі дзяўчо, ледзь уладкаваўшыся за вольным столікам, пачало нават ня сёрбаць — прагна хлябтаць той гарачэнны суп, на які дзьмухалі і здаровыя мужыкі.
Недагледжаныя, галодныя дзеці зь сем’яў алкаголікаў — не навіна ані ў Сітне, ані ў Віцебску, ані ў сталічным Менску. Але тут мяне ўразіла напавал тое, адкуль гэтых дзяцей так шмат. Бацькі, імкнучыся атрымаць сацыялку, наўмысна плодзяць па трое-чацьвёра дзіцянят, маюць тыя ж славутыя 250 даляраў дый прапіваюць. Натуральна, дзеці з тых грошай ня бачаць ані цацкі, ані цукерчыны. А тым часам бацькі з забясьпечаных сем’яў скардзяцца, што ад гэтых «алкашовых выпладкаў» у школе вечна бруд і вошы.
Усіх хітраспляценьняў сіценскае сямейнасьці ня здолее апісаць ніякая генеалогія. Калі мне, удакладняючы сьпісы выбаршчыкаў, давялося высьвятляць ва ўчастковае камісіі прычыну адсутнасьці ў тых сьпісах некалькіх рабочых леспрамгаса і іхніх сваякоў, працэдуру штохвіліны суправаджалі выбухі рогату. «Такі й такі — муж гэткай? Га-га-га! Ды ў яе такіх мужоў па ўсім Сітне... А той — сын гэтага? Гы-гыгы, ведаем мы, хто ягоны бацька!.. Гэты — сужыцель, тая — сужыцелька, у яе сваё прозьвішча, той увогуле байструк...» Афіцыйна зарэгістраваных мужоў і жонак на кожнай вуліцы Сітна можна пералічыць па пальцах. Вядома, ідзецца пра тых, хто «расьпісаўся» ў мясцовым клубе, які выконвае функцыю загса; пра належнае вянчаньне і царкоўны шлюб няма і гаворкі.
Паўвёскі плаціць аліменты або «ўтрымлівае» кагосьці...
Глыбіню тутэйшае распусты можна ўявіць, жывучы ў адным інтэрнаце з «хімікамі» і рабочымі зь іншых вёсак. Некалькі кабетаў няпэўнага ўзросту штовечара «пасьвяцца» ля рабочых, а адны і тыя ж дзяўчаты 14-20 гадоў «абслугоўваюць» за шклянку «максімкі» і міску супу суседзяў-«хімікаў», якія мяняюцца ці не штотыднёва. Начныя разборкі за сьценкай, калі малалетнія шлюхі нападпітку высьвятляюць, чаму гэта не ў сваю чаргу тут учора начавала Сьветка, а не якая там Алеська і хто каго «кахае», наколькі мярзотныя, настолькі і звычайныя.
Падлічыць, колькі ў Малым Сітне робіцца абортаў, як вы разумееце, практычна немагчыма. Многія з тых жанчынаў, якія садзяцца на рэйсавы аўтобус або выпраўляюцца ў Полацк па прадукты, дарогаю зойдуць у клініку. Агулам кажучы, амаль у кожным беларускім сельсавеце за апошнія 12 гадоў ціхай сапай адбыўся свой Беслан з сотнямі дзетак-ахвяраў.
Ёсьць у Сітне і дзіцячы садок, малых каля трыццаці. Ды толькі бацькі пастаянна наракаюць то на кепскае харчаваньне, то на серыялы, якія нянькі днямі глядзяць разам зь дзецьмі (а потым якое-небудзь чатырохгадовае дзіцё лезе да мамы цалавацца ўзасос і тлумачыць, што так Хуаніта з Рамірэсам па тэлевізары робяць).
Безумоўна, ёсьць тут і добрапрыстойныя, забясьпечаныя сем’і — але звычайна з адным, максімум дваімі дзецьмі. І гэтыя дзеці, ледзь толькі асвоіўшы машынкі ды лялькі, ужо рыхтуюцца вырасьці, вывучыцца і зьехаць адсюль куды далей.
Якім чынам уратаваць дзяцей Малога Сітна ў Новай Беларусі?
«Дзіцячыя» сацыяльныя выплаты, гарантаваныя нацыянальным бюджэтам, мусіць кантраляваць мясцовая ўлада, а не райвыканкам. Толькі тады, пад штодзённым наглядам, пагроза страты бацькоўскіх правоў прымусіць тых гора-бацькоў траціць грошы на дзяцей.
Моцная сям’я зь вянчаньнем у царкве і афіцыйнай рэгістрацыяй павінна стаць найпершым стандартам сацыяльнай рэкламы. У сужыцельстве? Разьведзеная? Нежанаты? Плаці падатак!
Ліцэнзіі тэлеканалаў, асабліва кабельных, што бамбардуюць падлеткавую аўдыторыю прапагандай распусты, трэба перадаць сямейным, пазнавальным, адукацыйным і хрысьціянскім медыям.
«Ператварыць сваё мястэчка, сваю вёску ўласнымі рукамі ў квітнеючы цуд!» — скразная ідэя новае дзяржаўнае сярэдняе адукацыі. Плюс — нядзельныя школкі пры цэрквах, касьцёлах і дамох малітвы. Нацыянальны ўніверсітэт, ліцэі і гімназіі па-беларуску.
Аборты... Паводле статыстыкі, сёньня іх у Беларусі больш, чым нараджэньняў. Забойства ненароджаных дзяцей мусіць быць забаронена. Нядаўна чытаў, што ў польскіх кляштарах пачалі адчыняць «вокны жыцьця», куды можна таемна перадаць немаўля. Гадаваньнем і выхаваньнем кінутых дзяцей мусіць займацца не дзяржава, а царква з дапамогай бюджэтных субсідыяў.
.Толькі тады, калі беларускія дзеці пачнуць марыць, як вырастуць, стаць не бандытамі або мільянерамі, а дактарамі ды сьвятарамі, — зробіцца ясна, што краіна ахопленая нацыянальным абуджэньнем.
120 000 КІЛАМЕТРАЎ
Гэта ў Магілёве ўсё мераюць на кіламетры. «Тры кіламетры шчасьця», — казалі мне пра маладую беларускамоўную сям’ю, у якой нарадзіўся сын. «О-о, дзесяць кіламетраў праблемаў», — так у двух словах аналізуюць стан справаў у мясцовай дэмакратычнай кааліцыі. «Яму да патрыёта сто кіламетраў», — а гэта пра вядомага земляка, які апошнім часам усё часьцей гаворыць пра незалежнасьць. І ўдакладняюць: «Паўзком. На каленях».
Цяпер у Магілёве на «хіміі» сядзіць маладафронтавец Артур Фінькевіч. Самага маладога палітвязьня штодня прыходзяць падтрымаць магілёўцы, прыязджаюць менчукі. Чытаю пра гэта і згадваю, як пару гадоў таму адзін з тамтэйшых адраджэнцаў безнадзейна махнуў рукой: «Э-э, ды тут нікому нічога ня трэба. Усе самі сабе, хата з краю. Якая салідарнасьць, пра што ты гаворыш... Дзе яна?» — і дзьмухнуў у паветра і разьвёў рукамі: няма.
Год адседкі на лесанарыхтоўках — самы час, каб спраўдзіць, ці існуе беларуская салідарнасьць. Зьмерыць яе ў Малым Сітне. Па-магілёўску — у кіламетрах.
Кожны візіт, кожны госьць, хто і адкуль, у мяне ў асобным сшытку запісаны. Больш за 260 чалавек. Лічу, колькі праехаў каторы зь іх — сюды і дахаты, — падсумоўваю і атрымліваю неверагодную лічбу 120 000 кіламетраў.
Тры зямныя экватары! Беларускай салідарнасьцю ў адным асобна ўзятым выпадку і толькі за год, аказваецца, можна тройчы абгарнуць зямны шар!
Нават з найбліжэйшага Полацка дасюль далекавата — 50 км. Але менавіта полацкая салідарнасьць усе гэтыя месяцы давала мне і хлеб надзённы, і духовую ежу. Міждэнамінацыйная дэлегацыя полацкіх хрысьціянаў (праваслаўны, каталік ды ўніят з уніяткаю) завезла сюды бульбы і гародніны, а ў дадатак і ката Партызана. Сябры незалежнага прафсаюза «Шкловалакна» ці не штомесяца прыязджалі з пакункамі харчу ды вопраткі, арганізатары агратурызму зь Мёраў — зь вясковымі прысмакамі. Лідары мясцовай апазіцыі Аляксей Трубкін ды Васіль Главацкіх забясьпечвалі газетамі. Каталіцкая пісьменьніца Ірына Жарнасек прывозіла посную ежу ды вітаміны. Грэка-каталікі перадавалі рэлігійную літаратуру. Самым жа частым госьцем быў пісьменьнік Вінцэсь Мудроў зь нязьменным «свабодаўскім» дыктафонам.
Віцебская салідарнасьць, у сваю чаргу, дамагалася для мяне адпачынкаў і арганізоўвала транспарт. Немагчыма апісаць, колькі разоў бацькі падымалі на вушы ветрынскую, полацкую і віцебскую міліцыю пасьля кожнага парушэньня ці абмежаваньня маіх правоў. Падчас аднаго з такіх вэрхалаў уражаны опер са сьпецкамендатуры прызнаўся: «Самая моцная партыя, Павел Канстанцінавіч, — партыя бацькоў». Сябра сям’і Вадзім Баршчэўскі, Хрыстафор Жэляпаў, лідар абласнога Фронту Кастусь Смолікаў штораз садзіліся ў машыны ды ехалі да Сітна. Валер Шчукін (пасьля якога любога барадатага наведніка сустракаюць захопленыя воклічы сіценцаў: «О! Аляксеіч!»), Яраслаў Берніковіч з Глыбокага, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія сьвятары з Полацкага ды Лепельскага раёнаў зрабіліся ў Малым Сітне ўжо сваімі.
Больш за ўсё наведнікаў было зь Менска. Сталічная салідарнасьць арганізавала ў глухой лясной вёсцы агмень цывілізацыі. Рэдакцыя «Нашай Нівы» прывезла сюды побытавую тэхніку ды аптэку лекаў; генерал Фралоў — тэлевізар, маладафронтаўцы — радыёпрымач; дэлегацыя Беларускага ПЭН-цэнтра на чале з Уладзімерам Някляевым, Лявонам Баршчэўскім, Уладзімерам Коласам ды Ўладзімерам Арловым — цэлую бібліятэку мастацкай літаратуры; ініцыятыўная група БХД — кубаметр кансерваў (састаўлены ў масіўную вежу проста на падлозе, ён яшчэ доўга выклікаў у сіценцаў сьвятарнае трапятаньне: «А што, Амерыка ўсіх, хто ў вашай партыі, так забясьпечвае?!»). Падзеі Плошчы, быццам на тэлеэкране, мне паказвалі запісаныя фільмам на ноўтбуку... Вячаслава Сіўчыка, які сябры з «Бацькаўшчыны» прывезьлі разам са сьвяточным сталом (!). Доўга сьмяяліся з прапановы занесьці такі сэрвіс у рэестр паслугаў МУС. Сіценцы і алешчынцы хаваліся ад камеры Юр’я Хашчавацкага, унікалі аб’ектыва фотаапарата Пётры Васілеўскага, скардзіліся на начальства ў мікрафоны Генадзя Барбарыча, Тацяны Мельнічук ды Аляксандра Старыкевіча; узгадвалі, што кніжкі Арлова стаяць у іхняй бібліятэцы, і ня верылі, што гэта ходзіць па лузе ён сам. Маладафронтаўцы і зуброўцы — гурбы камуфляжнае моладзі зь бел-чырвона-белымі значкамі ды шаўронамі — пакідалі ўражаньне, што ў вёску ўвайшоў сапраўдны беларускі партызанскі атрад і ўлада перамянілася.
Ну, а як сустракалі Аляксандра Мілінкевіча (кавалькада зь некалькіх машынаў, каманда суправаджэньня на чале зь Сяргеем Калякіным, фотаўспышкі), лепш за ўсё сьведчаць вынікі алешчынскіх праймэрыз, дзе адзіны атрымаў 70% галасоў супраць 10% у Лукашэнкі. Падчас другога, нядаўняга візіту сп. Аляксандру ў вёсцы проста не давалі праходу: прасілі дапамагчы з рамонтам хаты, падняць леспрамгас, павысіць заробкі...
Панаехала гасьцей і з астатніх абласьцей. Евангельскі пастар з Койданава цэлы дзень чакаў мяне з Полацкай царквы; мае дзядзькі з Гомельшчыны дабіраліся сюды двое сутак; берасьцейскія маладафронтаўцы арандавалі мікрааўтобус, каб ехаць 700 кіламетраў праз усю краіну, а гарадзенцы на чале з Паўлам Мажэйкам прывезьлі з сабою польскую тэлевізію (адзін зь мясцовых п’янтосаў, падняўшыся з канавы, растапырыў рукі і крычаў аператару: «Здымай! Я тут жыву!..»).
А хто-ніхто дабіраўся сюды і з-за мяжы. Пратэстанты-прадпрымальнікі ехалі з Кіева, каб абмеркаваць беларускую палітычную сітуацыю. Французскія і амерыканскія журналісты рабілі кола зь Менска, каб пацікавіцца быцьцём сіценскай глыбінкі. Прадстаўніку Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, каб перадаць мне кнігі, давялося езьдзіць у Сітна двойчы — першы раз узімку яго разьвярнулі ўжо ў вёсцы, і толькі праз паўгода, захаваўшы інкогніта, ён здолеў пранікнуць у засакрэчаныя гушчары беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля візіту беларускіх студэнтаў, якія працуюць у Капенгагене і чые нумары на аўтамабілі мяцовыя віжы зблыталі зь нямецкімі, у навакольлі быў абвешчаны сапраўдны алярм: «Немцы ў лесе!» Ледзь не дайшло да аперацыі «Баграціён»...