Беларуская ўбогасьць — найрадчэйшы феномен у Еўропе. Агледзімся вакол. Расейцы — шырокія душы, але ганарлівыя. Украінцы — эх, казакі, ды ганарлівыя! Палякі, чаго і казаць — шляхта. Нават балты, нетаропкія, павольныя — поўныя ўнутранага гонару.
А беларусы. гэта беларусы.
Адсутнасьць нацыянальнай пыхі, крайняя кволасьць адасабленчых рэфлексаў кругом у сьвеце тоесныя дыягназу: народ не жылец.
Але Ісус кажа: шчасьлівыя.
Насамрэч у сёньняшнім разгубленым, сырым, паўмёртвым стане беларускай нацыянальнай сьвядомасьці нічога самакаштоўнага няма. Галоўнае — пад рабскай падбітасьцю, халуйствам, ніякавасьцю ўгледзець першапачатковы евангельскі падмурак, глыбокі, асноватворны дар Бога беларусам.
Убогасьць духу.
Прыроджаная сьціпласьць замест ганарлівай крыклівасьці, ціхая моц прыстойнасьці, пакора перад Богам, здольнасьць зь любоўю аддаваць сваё бліжняму, простая праўдзівасьць і чысьціня, унутраная, а не паказная, свабода, ахвярная міласэрнасьць — вось якой убогасьцю дыхае Нагорная казань у Беларусі.
Таму сёньняшні беларус баіцца быць беларусам. Куды прасьцей ірвануць на грудзях славянскія карані — «ну ты чё как нерусский!» — або спаслацца на бабку-каталічку ды атрымаць карту паляка, ды хоць выкалупаць нямецкае гучаньне ў беларуска-габрэйскіх, празь ідыш, прозьвішчах, каб быць як усе.
І як жа прыемна бывае, хай сабе і тут, на сьметніку чалавечым, смачна схаркнуць, плюнуць на ўсіх і ўсё, расправіць плечы ды адчуць сябе гаспадаром жыцьця...
Хай грамадзянін начальнік дастане вантробы адным позіркам, хай прадавачка скрывіць вусны, быццам твае зашмальцаваныя грошы даводзіцца каштаваць на смак, хай бывалы зэк уваліць высьпятка новенькаму і ржэ ўся хата — затое пры выпадку ты сам, зьмерыўшы якога-небудзь мужычка вачыма, грэбліва тыцкаеш пальцам: чуеш, ты...
І вось мы гніем і гінем ад задушлівасьці ўласнага духу, што расьпірае знутры.
А можа, яшчэ і пашкадаваць сябе? Беларусы, бедненькія...
Нам так часта шкада сябе — хоць плач, вакол так цяжка, нам так дасталося, як было балюча, мы столькі пацярпелі... Яшчэ адна з праяваў бяздоннага, невынішчальнага сябелюбства, енк параненай пыхі, якой палудзенны бес закусвае на абед.
Не, убогасьць духу ня ў гэтым. Глыбей.
Адчай актывістаў, што прыязджаюць спустошаныя ў госьці і разводзяць рукамі: нічога не ўдаецца, людзі... Затурканасьць калгасьнікаў, асуджаных за п’янкі і няшчасныя выпадкі на працы, зь якіх кпяць нават у камендзе... Маўчаньне жанчынак, каторыя гадамі, з ранку да вечара, уручную перабіраюць бульбу... Нешта такое роднае, але нераскрытае, недагаворанае, безнадзейнае.
Сёньняшняя наша ўбогасьць самасьвядомасьці захавала ад хрысьціянскай убогасьці духу толькі форму. Пад беларускай пакорай і маўклівасьцю 2013 года цэлае балота на сем сьмяротных грахоў углыб.
Дык што — склаўшы ручкі, тонем? Не. Але што рабіць, калі рабіць і як рабіць, можна ясна зразумець толькі тады, калі прызнацца самому сабе ў сваёй нішчымнасьці перад Богам.
Яна тут жа, побач: непрыкметная соль тутэйшых вернікаў, ціхае сьвятло настаўнікаў беларускай, сарамлівая сумленнасьць тэхнароў, нечаканая дапамога людзей, якія ўзьнікаюць у тваім жыцьці на гадзіну-дзьве і якім ты ніколі ня зможаш адплаціць за дабрыню; пранізьлівыя лісты падтрымкі без зваротнага адрасу; грошы, перададзеныя з рук у рукі ў каменду — «каму-небудзь, хто там мае патрэбу», і лёгкае, быццам ветрыкам зьдзьмула, прабачэньне тваёй уласнай рэзкасьці і раздражненьня — усё гэта сапраўднае беларускае багацьце дзеля Хрыста.
Дык што ж аддаць беларусу, каб увайсьці ў Валадарства Нябеснае? Адчуваньне, выпушчанае ў сьвет яшчэ немаўлём, зь першым крыкам нашага ўлюбёнага яканьня: Я самы галоўны, і гэта іншыя павінныя, а Я — хачу.
Паміраючы для сябе, сваіх страхаў, прагненьняў, разьлікаў, грахоў — ажываеш для Бога, і раптам ачомваесься: жыве Беларусь.
Выцярэбліваньне нацыянальнай пыхі, чалавечай ганарыстасьці, здаволенай самаўпэўненасьці — абавязковая перадумова беларускага Адраджэньня.
Беларускі асабісты эгаізм, звыродлівы, скурчаны, скончаны, і наша нацыянальнае бясьсільле — два бакі аднаго медаля. Беларуская супольная моц, сьвядомасьць і салідарнасьць зробяцца маналітам толькі тады, калі беларус адмовіцца ад надзіманьня сябе, любімага, на зайздрасьць і злосьць усім астатнім і адкрыецца Ўбогаму, Які палюбіў яго больш за ўсіх.
Найвялікшы парадокс беларускай нацыянальнай ідэі: выракацца сябе, каб атрымаць паўнату ўсяго. Пазбавіцца пыхі і даць выявіцца Хрысту — каб усьвядоміць сябе нацыяй.
Кожны, каму кідае выклік сьвет зь ягоным багацьцем, гонарам, сілаю, раскошай, гвалтам ды абыякавасьцю, ня можа супрацьпаставіць сьвету самога сябе і не пацярпець паразы. Тут патрэбны Нехта большы за сьвет.
Часам даводзіцца патраціць цэлае жыцьцё, каб нарэшце праняло да дрыжыкаў: як голымі і ўбогімі прыйшлі мы на гэтую зямлю — так голымі і ўбогімі зь яе пойдзем.
І шчасьлівы, сапраўды шчасьлівы той, хто зразумее: няма ў беларуса, вандроўніка і жабрака ў вечнасьці, нікога і нічога, акрамя Ўсёмагутнага і Ўсёдаравальнага Збаўцы, Чый белы з крывавым сьледам сьцяг успыхвае з труны як запрашэньне ў Валадарства Нябеснае:
— Хрыстос уваскрос!
28 красавіка 2013 г.
LXXIII. ШЛЯХ І КРЫЖ АЎТУХОВІЧА
...хто хоча ісьці за Мною,
зрачыся сябе,
і вазьмі крыж свой,
і ідзі за Мною сьледам.
Марка 8:34
Почырк у яго проста любата. Буйны, цьвёрды, літары гранёныя, кожнае слова нібы надпіс, адчаканены на гербе.
Радкі шыхтуюцца па-гвардзейску, выступаюць роўна, стройна, пячатаюць кропкі і коскі так, што чытаеш і чакаеш: вось-вось грымне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Менавіта такі почырк мусіў быць у летапісцаў, манахаў, што ад рукі выводзілі ў скрыпторыях Біблію, або ў рыцараў, якія выклікалі супраціўніка на бой.
«Фізічна чалавек можа вытрымаць амаль усё, ён толькі гэтага ня ведае, пакуль не паспрабуе, — піша Мікалай Аўтуховіч у лісьце з прастакутнай байніцай штэмпеля «г Гродна. турма № 1». — Лічу, што кожны мужчына павінен абараняць сваю годнасьць і гонар, быць абаронцам сваіх родных і абавязкова — Радзімы».
І ён адказвае за гэтыя словы. Год за годам у каменных мурах ды падвалах, праз галадоўкі, якія трымае месяцамі, сьціскае ныючыя зубы, каторыя не даюць лячыць, — і зьлёгку ўсьміхаецца канвою.
Аўтуховіч ваўкавыскі: горада, чый сімвал — ашчэраны воўк.
О, гэтая векавечная Літва!.. Гэтыя халодныя празрыстыя далячыні з калыханьнем пералескаў на ўзгор’ях і ціхімі зьмеямі рэчак, гэтае сатканае з малітваў і шэптаў натхнёнае Панямоньне... Усё тая ж таемная і бяздонная беларуская глыбіня.
Маленькаму ліцьвіну з Ваўкавыска ня споўнілася і шасьці, калі зь сям’і сышоў бацька. Матуля працавала па зьменах на хлебазаводзе, мыла посуд у школе. Мікалай гадаваўся на вуліцы. Вуліца, паводле ягоных словаў, і выхавала байца, нецярпімага да маладушша, хлусьні і здрады. Сярод аднагодкаў быў важаром, таму класны кіраўнік як мог стараўся зрабіць зь яго старшыню піянерскага атрада. Як і ўсе савецкія дзеці, Мікалай ненавідзеў капіталістаў — і верыў настаўнікам, што амерыканцы робяць цукеркі з нафты. (Потым, на прыёме ў амбасадаркі ЗША Карэн Сьцюарт, убачыўшы на стале цукерніцу, Мікалай папросіць пакаштаваць. Салодкі дзіцячы міф растане на языку пад дружны сьмех прысутных.)
Вучыўся на механіка, зарабляў на разгрузцы вагонаў. Потым — войска, кіроўца ў ракетных частках асаблівага прызначэньня. І Афганістан. За аперацыі, у тым ліку ахову моста пад Кандагарам, узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», а таксама ордэнам Чырвонай Зоркі.
У 1991-м імперыя, якая пасылала яго паміраць у горы, рухнула. Аўтуховіч вярнуўся дахаты — і трапіў у горад пад бел-чырвона-белым сьцягам. Пачаў будаваць жыцьцё. Заняўся бізьнесам. Наладзіў у Ваўкавыску службу недарагіх таксовак — гаражы пачыналіся адразу за домам. Зрабіў горад зручным для тых, хто сьпяшаецца.
Як высьветлілася, пасьпяшаўся.
Працаваць не далі. Знайшоўся, бач: занадта разумны.
І што ж загадаеце рабіць герою вуліцы, байцу-афганцу шляхецкай крыві, калі ў родным горадзе лоб у лоб сутыкаесься з высокапастаўленай подласьцю і афіцыйным рабаўніцтвам? Аўтуховіч прымае выклік, ідзе на «выбары»-2004 — і пачынае прылюдна адно за адным выварочваць бярвёны зь бессаромных вачэй раённага начальства.
Ясная рэч, крымінальная справа. Прычым сьледчы Аліхвер, аформіўшы «ўхіленьне ад падаткаў» на самога Аўтуховіча, празь некалькі гадоў ірване на ПМЖ у ЗША: фотаздымкі шчасьлівага вандроўніка ў сонечнай Атланце цяпер можна шукаць у сеціве як адказ на запыт «Кожнаму сваё. Карцінкі».
Вось менавіта, а Аўтуховічу — турма. 74-дзённая галадоўка ў гродзенскім СІЗА, падчас якой чалавек губляе ня толькі 40 кг, але і ўсё здароўе.
І такі дамогся свайго — вызваленьня перад судзілішчам на хатні арышт.
Ледзь ачуняўшы, Мікалай сыходзіць у падпольле і, быццам Робін Гуд, рассылае звароты да ўсіх жыхароў краю. Два месяцы ідзе аблава, па ўсіх райаддзелах расклеена фота з папярэджаньнем пра ягоную паляўнічую зброю — і ўся карная машына ледзь-ледзь дае рады Аўтуховіча затрымаць.
«Мне спадабаліся словы зь Бібліі — “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром”, — піша Мікалай. — Чалавек ня можа, ці, лепш казаць, не павінен схіляцца перад злом, перад зьнявагаю сваёй годнасьці».
Зона. Галадоўкі. Прызнаньне палітычным вязьнем. І вызваленьне.
Мікалай дачакаўся вяртаньня свайго бацькі: той пачаў працаваць на ягонай фірме. Але не пасьпелі патлумачыцца, адкрыць адзін перад адным душы: бацьку забрала сьмерць, а на сына зноў абвясьцілі дзікае паляваньне.
Кожны ліцьвін, кожны шляхціц, кожны мужчына, у рэшце рэшт, мусіць быць гатовы: калі ты ўвязаўся ў вайну, ды яшчэ за праўду — гэта звычайна не на жыцьцё, а на сьмерць. Усяго некалькі месяцаў на волі — і зноў сьледства, на гэты раз — абвінавачваньне ў тэрарызме. Праславуты гранатамёт, «падрыхтоўка замаху» на гарадзенскіх абласных чыноўнікаў...
У судзе справа развальваецца на дымныя руіны, і ўся краіна бачыць, што сярод рэчавых доказаў «злачынства» валяюцца ўсяго пяць патронаў, выпадкова знойдзеных падчас ператрусаў. Прысуд — 5 гадоў і 2 месяцы строгага рэжыму. Івацэвічы. Зноў галадоўкі. Адмовы лячыць хворыя зубы. Карцары. Штрафныя ізалятары. Умовы, якія ва ўсім сьвеце называюць катаваньнямі. І, нарэшце, глухая турма ў Гродне, у цені вежаў езуіцкага касьцёла, дзе сядзелі яшчэ Напалеон Орда, паўстанцы Каліноўскага, Прытыцкі і Браніслаў Тарашкевіч.
«Бог глядзіць за ўсім, — нагадвае Аўтуховіч. — Таму кожны атрымае тое, што зарабіў».
Адзін з апошніх лістоў ад Мікалая прыйшоў у самаробнай капэрце, склеенай з вокладкі ад школьнага сшытка. Дажыліся, думаю, у палітвязьня капэртаў няма. Дасылаю — і атрымліваю адказ:
«Не хвалюйся, усё ёсьць. Проста няма жаданьня працаваць на тых, хто мяне пасадзіў за краты. А душа хоча штосьці рабіць... Вось і майструю капэрты з усяго, што ёсьць пад рукамі. Іншы раз прашу, каб дасылалі каляровыя лісты, клею зь іх».
Хаця б разок каўтніце вольнага паветра — за яго. Уявіце, як рассылае з гродзенскіх турэмных муроў па ўсім краі лёгкіх паштовых птушак з каляровымі крыламі паланёны шляхціц з Ваўкавыска.
Як глядзіць на шэрае беларускае неба, укрыжаванае чорнымі квадратамі. І як ідзе праз калідоры, па завучаных на памяць прыступках былога калегіума езуітаў, зьбіваючы ногі, увесь збалелы ад галадовак, ранаў і шнараў, сашчапіўшы тыя клятыя зубы, сьцяўшы плоць у кулак, са сваёй заўсёднай ціхай — не дачакаюцца — усьмешкай, па сьлядох манахаў і інсургентаў.
Тым самы шляхам, якім дагэтуль мерае крокі па цесных камерах нашых каменных сэрцаў зьняволены, зьнясілены, асуджаны на неба праз крыж Хрыстос.
28 ліпеня 2013 г.
LXXIV. КРАЛІ І БУДЗЕМ КРАСЬЦІ
А мытнік, стоячы воддаль,
не адважваўся нават
падняць вочы да неба;
але, б’ючы сябе ў грудзі,
казаў: Божа! Будзь літасьцівы
да мяне, грэшніка!
Лукі 18:13
— Пілі і будзем піць! — здаравезны мужык, што падвозіць мяне да царквы на зачыненым абшарпаным белым бусе, у адказ на мае маралі з усяе сілы лупіць кулаком у стырно. — Кралі і будзем красьці!
«Немец» нервова ўздрыгвае і калоціцца, ці то ад ямаў на дарозе, ці то ад уладарнага ўдару, ці то ад грымотападобнага басу. О, колькі сьпірту, цыгарэтаў ды каляровага лому перавёз гэты палонны «фалькс ваген» праз бліжэйшыя межы — ня сьнілася аніякаму Гудэрыяну, генію тылавога забесьпячэньня, танкаваму генералу, што ужо на другі дзень вайны абсталяваў пад свой штаб пружанскі Палацык.
Кіроўцу, плячыстага бугая, можна лёгка ўявіць і разбойнікам, які выходзіць на шлях з чаканам, і савецкім партызанам, што, ярасна дыхаючы, прэ зь вёскі ў лес тушу рэквізаванага вепрука, і ваяром, які глыбей насоўвае на галаву шалом перад Грунвальдам.
Яны такія, ціхія героі нашага часу. Каржакаватыя. Суворыя. Ведаюць цану жыцьця, сьмерці і дзьвесьце дваццаць восьмага артыкула Крымінальнага кодэкса.
У заўсёдных трэніках, моўчкі адмыкаюць гараж; сапучы, расьпіхваюць ва ўсе шчыліны салона ды кузава дабро, выходзяць на двор, дастаюць з задняе кішэні зашмальцаваную мабілу, чухаюць грудзі і буркаюць: «Ну давай там... Як заўсёды, ага...»
А ў кантрабандыста сталёвыя нервы, ён гуляе ў цемры ў небясьпечныя гульні... Так і плыве, і віруе празь межы эпохаў ды гушчары, затканыя імглою, «Народны альбом».
На Каменным Логу затрымана 30 тысяч кантрабандных ружаў. У Горадні выяўленая фура зь няўлічанымі камп’ютарнымі камплектуючымі на мільён даляраў. У Мінску канфіскавана 10 тон нелегальных бананаў на мільярд рублёў. Дзясяткі тысяч дзіцячых шапачак без аніякіх дакументаў. Дзесяць вясельных галубоў у скрыні для пальчатак.
З амаль 30 мільярдаў штук цыгарэтаў, што вырабляюцца ў Беларусі за год, 10 мільярдаў вывозіцца за мяжу краіны кантрабандай. Гадавы абарот ценявога цыгарэтнага бізнэсу ацэньваецца ў 690 мільёнаў даляраў. А колькі мы там вымольваем з чарговым расейскім траншам?
Мяжа з Украінай — пад 900 км. Мяжа з Расеяй — каля тысячы. Мяжа зь Еўразьвязам — 1,3 тысячы кіламетраў. Вось і лічыце.
І можна толькі здагадвацца, колькі мільярдаў складае кантрабанда самога рэжыму. Праславутыя растваральнікі, продаж зброі ў абыход санкцыяў і «вокны» на мытнях, калі міма чэргаў зачараваных дальнабояў праходзяць караваны трэйлераў ды эшалоны цыстэрнаў, даюць толькі туманнае ўяўленьне: пяць блокаў цыгарэтаў, затараныя замест паветранага фільтра ў «газелі» пружанца — лёгкая зацяжка.
Але ж якія партыі для кантрабаса з аркестрам выконваюцца людам на памежным стане душы!..
Вось знакаміты берасьцейскі «сьпіртавоз». Беларускі народ увальваецца ў вагоны, выломвае сядзеньні, здымае борцікі ды сьмецьцевыя бачкі, агаляецца, з трэскам зьдзірае зь сябе серпанціны скотчу ды пералівістых пакункаў, запоўненых мутнай вадкасьцю, піхае іх ва ўсе дзіркі... заціхае да мяжы, шклянымі вачыма глядзіць міма мытнікаў каторыя ўсё ведаюць і каторым даўно абрыдлі гэтыя невідушчыя і запляваныя раніцы... а потым раптам зрываецца зь месцаў, з грукатам адчыняе фрамугі і пачынае шпурляць пад адхон скруткі — быццам цягнік зьнянацку атакавалі вампіры.
Такім чынам: што незаконна ўвозяць у Беларусь? Машыны, бытавую тэхніку, вопратку, ежу, золата, дыяменты.
А вывозяць зь Беларусі?
Цыгарэты. Сьпірт. Наркотыкі. А яшчэ — будучых прастытутак.
Зь Еўропы — лепшае жыцьцё ў асартыменце.
Зь Беларусі — поўны набор граху.
Увозім дабро.
Вывозім зло.
Няўжо злачынства — абкрадаць рэжым, які абкрадае нас? Анягож: тады мы самі проста робімся такімі, як яны.
Вядома, возяць, каб забясьпечыць сям’ю; вядома, што насамрэч беларусы цяністымі сьцежкамі праз раскроеныя акупантамі межы цягаюць скрыні да такіх жа карэнных беларусаў Падляшша, Віленшчыны, Смаленшчыны, Латгаліі...
Але ж гэта крадзеж.
Пагадзіцеся, адно — нелегальна перапраўляць шрыфты і паперы для друку Бібліяў у падсавецкую Беларусь, маючы з гэтага не прыбытак, а сьмяротную рызыку; другое — вывозіць з Ваўкавыска да гайнаўскіх сваякоў кабанчыка, забітага ў час афрыканскай чумы, прычым, магчыма, з той самай чумой; і ўжо зусім трэцяе — у прамысловых маштабах перці
да суседзяў выпіўку, курыва... гераін... што там далей? Афганскіх падлеткаў?.. Цэлы вагон міс Брэст?..
Пружаны — ціхая сталіца дробнай беларускай кантрабанды. Польшча. Украіна. Расея. Літва... Растуць, растуць на ўзьлесках Белавежскай ды Ружанскай пушчаў за высокімі платамі катэджы, быццам састаўленыя з агромністых цыгарэтных блокаў.
А навошта працаваць за тыя тры мільёны беларускімі, калі адзін удалы цыгарэтны рэйс — і маем тысячу еўра?
Дзеля крэдыту, над якім дзесяць гадоў дрыжаць і расплачваюцца? Дык на старэнькім бусіку за колькі месяцаў здабудзеш і болей. Катэдж. Кватэра дзецям. І расьсякаюць па дарогах Пружаншчыны «мерсы» ды «бумеры», «пантыякі» ды «паршэ-каен».
— Ня ссы, у нас у раёне толькі трое чужыя, — кажуць тутэйшыя знаўцы дабра і зла. — Начальнік райаддзела, галоўны гэбіст і пракурор. Астатнія ўсе свае.
Усенародна зьмірымся, што красьці, хлусіць і кантрабасіць — норма? Тады ня трэба зьдзіўляцца, што годнасьць і сьвядомасьць запіхваюцца ў выпадковыя парожніны, свабода і мараль машынальна пералічваюцца на даляры, а дабро, у рэшце рэшт, паводле выгаднага курсу абменьваецца на зло.
А можа, мы, беларусы, так і спадзяёмся па жыцьці — цішком, з абыякавым тварам ды шклянымі вачыма праскочыць мяжу, якая аддзяляе Рэспубліку Беларусь ад Валадарства Нябеснага? Пачухаць грудзі, зрабіць пару званкоў, націснуць на газ — і прасьлізнуць у такі блізкі і такі недасяжны рай міма Госпада Бога?..
4 жніўня 2013 г.
LXXV. БАБУЛЯ МАРЫЯ. ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЖЫЦЬЦЯ
І гаворыць Ёй анёл:
«Ня бойся, Марыя,
бо знайшла Ты
ласку ў Бога»
Лукі 1:30
Бабуля памерла.
Паклалі яе ў сьветлы пясок побач з мужам, маім дзедам-франтавіком, пад дубамі на высокім правым беразе Дняпра. Дняпро тут шырокі, ціхі, калі доўга глядзіш, здаецца, што крыж на могілках разам зь вёскай адплывае кудысьці на поўнач.
У нашай сям’і бабуля Марыя (або, як усе называлі, баба Маруся) была апошняй з галоднага ваеннага пакаленьня. Нарадзілася ў часы беларусізацыі, у 1926-м, пад Рагачовам.
Дзіцём ледзь ацалела ў галадаморы. У вайну зь вяскоўцамі з роднай Крушынаўкі сышла ў лес. У партызаны? Не, проста ў лес, было страшна і кругом забівалі. Пра партызанаў гаварыла цішком, гледзячы кудысьці міма: «Розныя былі, унучак... Хтосьці мо й ваяваў, а каторыя хадзілі ў людзей апошняе забіралі». Не было чаго есьці. Варылі і лебяду, і крапіву. Недаяданьне, голад, прага пад’есьці дасыта — мы ўжо і забыліся, як яно жарэ чалавека знутры.
Пасьля вайны ў цельніку, зьнятым з забітага немца, і двух гумавых ботах рознага колеру Марыя прыехала ў вучэльню ў Жыровічы. На ўсю стыпендыю купляла хлеба ды булачак, каб везьці галодным сваякам — не заставалася грошай нават на квіток дахаты, ехала на падножцы вагона.
Потым уладкавалася на пошту і мусіла перавозіць вялікую торбу зь лістамі лодкаю цераз Дняпро — масты стаялі ўзарваныя.
Гэта тады бабуля злавіла рукамі аграмаднага шчупака: увесну на залітым Дняпром лузе ў адной з пратокаў паўзло-перакочвалася паласатае бервяно. Бабуля кінула торбу на сухое, упала пластом на пачвару, абняла яе і загаласіла на увесь сьвет: «А людцы! А родненькія! Ратуйце!..»
Выцягвала, смажыла ды ела таго шчупака ўся вёска.
І аднойчы пасьля танцаў, з кавалерам, што няўклюдна пераступаў пратэзам, яны выцягнулі лодку на дняпроўскі пясок і зайшлі ў тую хату на крутым правым беразе, сярод ігрушаў, яблыняў ды вішняў, хату, у якой замест падлогі быў ток, хату, поўную пакінутых маёй памерлай ад тыфу прабабкай Тацьцянай дзетак.
— Пашкадавала я тады... ня столькі яго, колькі малечу сіроцкую, — казала потым бабуля Марыя і ціха, стрымана ўсьміхалася. Высокі, прыгожы дзед Павел ужо тады, 26-гадовы, быў без адной нагі, адцятай на фронце мінамётным выбухам па калена. І хай як заўгодна збыткуюць з каханьня-шкадобы — я за, і заўжды буду за, бо сам унук шкадобы.
Потым, калі ў дзеда спаралізавала палову цела са здаровай нагой і ён мусіў перасоўвацца ў калясцы, адзінай здаровай рукой упарта сек дровы, прыбіраў на двары, лушчыў «квасолю» ды кукурузу — бабуля любоўна пасьмейвалася і ціхенька ківала суседкам — бач, з адной рукой застаўся, а гаспадар. Кажу вам, гэта было каханьне, хай сабе за семдзесят, але сапраўднае, перад якім хочацца проста заплюшчыць вочы.
Бабуля Марыя дала мне жыцьцё двойчы. Першы раз — калі нарадзіла сына Кастуся, майго бацьку, што даглядаў і дзеда, і яе апошнія гады. Другі — калі ўратавала мяне, гадавалага, ад сьмерці.
«Дактары ад цябе ўжо адмовіліся, — расказвалі бацькі. — Сказалі: куды, такая дызентэрыя, не жылец...» Прывезьлі ў вёску — развітацца з бабуляю ды закапаць. «Ты быў маленечкі, сіненькі-сіненькі, і ня еў анічоганькі, толькі енчыў, — згадвала бабуля. — Адпаіла цябе конскім шчаўем ды малачком». І бабуля Марыя ледзь заўважна пасьмейваецца: перамагла-такі яе, злую сьмерць.
Калі агаломшаныя тата з матуляю прыехалі з аршанскага Пагоста, дзе тады жылі і працавалі, і радасна кінуліся мяне абдымаць, я з крыкам «Мама!» схаваўся на руках бабулі.
Жывыя, нават гарэзьлівыя чорныя вочы, шчокі здаровага румянку, срэбная сівізна, каржакаватая постаць, і ўсё цела нахіленае наперад, як супрацьвага ношы за плячыма.
Невысокая, ёмістая, зараджаная, яна пасьпявала ўправіцца ў хляве, і на гародзе, і на рэчцы зь бялізнай, і на далёкіх пайках зь сенам для каровы, і зьбегаць у лес па чарніцы ды баравікі.
І гэта ёй, працаўніцы, каторая цягнула, лічы, дзьве сям’і, сталінская дзяржава не выдавала пашпарта, каб замацаваць савецкі прыгон, ажно да часоў застою.
Неяк спрачаліся з бабуляй, на якой мове яна размаўляе. «Ай, можа й па-руску», — зухавата адбівалася яна. Некалькі дзён занатоўваў яе самыя ўжывальныя словы. Дзьве траціны аказаліся чыста беларускія, 30%— трасянкі (расейскія словы з тэлевізара, прагавораныя зь беларускай фанетыкай), астатняе — тутэйшыя дыялектныя.
«Мама, калі вы прагаласуеце за Лукашэнку — вашага ўнука Пашку пасадзяць», — яшчэ ў 2001-м даводзіў ёй тата. Так бабуля Марыя стала выбаршчыцай дэмакратаў.
Цяпер, па яе сьмерці, адчуваеш пранізьліва й востра: летнія месяцы, калі бацькі адпраўлялі нас у вёску, былі проста сьвятам жыцьця.
Унорыца. Вёска, выцягнутая ў дубах ды бярозах уздоўж высокага правага дняпроўскага берага. На дзень нараджэньня бабулі Марыі, пад Вялікдзень, — быццам нявеста, у аблоках квітнеючых садоў, уся ў россыпах белых пялёсткаў... Каменка, малады лясок побач, поўны чырвонагаловых падасінавікаў і ўлюбёных бабуліных крэпкіх зялёных сыравежак... Рака. Неаглядная плынь вады, далёкі пошум маторак. Хата на беразе, з гарода прыступкі спускаюцца ў самы Дняпро, там калінавы зарасьнік і раптоўны выбух язьміну.
Бабуліна Ўнорыца зь яе гародам, кароўкаю, сьвежыной, сырадоем, рыбаю, ягадамі ды яблыкамі заўжды была раздольлем ядомага, раем сакавітае смакаты.
Бабуля, што недаядала ў сваю найлепшую пяшчотную пару, заўжды выстаўляла на стол усё, што было ў хаце — ад вяндліны ды кілбасаў, заліўное рыбы і вантрабянак да пірагоў, тваражкоў, ягадаў з цукрам і сьмятанкаю. Прападала ў бульбе ды ў лесе, здавала яблыкі, рабіла закаткі, разьмяркоўвала і ўраджай, і пенсію, і заробкі на кірмашы з грыбоў-ягадаў паміж сынамі і ўнукамі, нягледзячы на іх пярэчаньні, каб, крый Божа, ніхто не застаўся галодны.
Колькі гадоў таму ў бабулі адабралі апошняга кабанчыка. Забаранілі сыны — бо васьмідзесяцігадовая, з анямелымі рукамі, яна ўсё надрывалася, цягала вы-варю ў хлеў. Было шмат угавораў, крыку і сьлёзаў... Сышліся на курах.
Апошні месяц бабуля, каторая цэлае жыцьцё карміла ўсіх блізкіх, піла толькі ваду. Сьцюдзёную-сьцюдзёную. Нават ад булёнчыка ці кампоціка ёй рабілася млосна.
А вакол усё аж буяла, сьпела, налівалася сокам, смажылася да духмяніла...
І тады простая беларуская сялянка зь біблейскім імем Марыя, падобная то на сястру Марфы, то на Марыю Магдаліну, то на Матулю Госпада, маці трох сыноў, бабуля сямёх унукаў і прабабка сямёх праўнукаў, стомлена легла ў сьветлы, амаль празрысты дняпроўскі пясочак. І паплыў над ракою крыж.
І паляцела душа, лёгкая-лёгкая, зрабіўшы разьвітальнае кола па-над плоднай, у яблыках белага наліву, кроплях парэчак, з пахам цёплага хлеба Ўнорыцай, над грыбной Каменкай, лугам, дзе пасьвілі кароў, царквой у суседняй Азершчыне, туды, дзе нарэшце няма ані голаду, ані клопату, ані сьмерці, — куды паклікаў Марыю Бог.
11 жніўня 2013 г.
LXXVI. ГЕНШ БЕЗ ГРАМАДЗЯНСТВА
Яна пайшла і абвясьціла тым,
што былі зь Ім, што плакалі і галасілі,
але яны, пачуўшы, што Ён жывы
і яна бачыла Яго — не паверылі.
Марка 16:10-11
У лістах у каменду мне часта дасылаюць вершы. Купалу, Багдановіча, Караткевіча, Гілевіча, Барадуліна. Але яе вершаў больш, чым астатніх. Можа быць, таму, што яна хрысьціянка з празрыстым сэрцам. Можа, таму, што пасьля допытаў Цанавы і катаваньняў у «амерыканцы» яна восем гадоў гніла ў страшнай ссылцы на Поўначы. А можа, проста таму, што адмовілася ад савецкага грамадзянства, казала «Не!» і Максіму Танку, і Аляксею Карпюку, і Паўліне Мядзёлцы — і не дачакалася рэабілітацыі ані са сьмерцю тырана, ані з «адлігай», ані нават з развалам імперыі.
Гэты ўсё яна, беларуская гаыбіня... Ціхія ліцьвінскія ваколіцы, скрозь у крынічных заблытаных рэчках, дрымотных правалах пушчаў і сьветлых узгор’ях з могілкамі на вяршынях. Самае месца для таго, хто верыць у Бога, любіць сваю краіну і не здаецца злу. Для генія беларускага Евангельля.
Толькі тады, калі на пахаваньне Ларысы Геніюш у красавіку 1983-га прыйшлі тысячы жыхароў Зэльвы, прыехалі менчукі, гарадзенцы, берасьцейцы, пісьменьнікі, мастакі, колішнія вязьні і моўчкі, пад прыцэлам гэбоўскіх камераў, ішлі сьледам за яе труной — а яна плыла, цякла, як рака, ціха склаўшы рукі на замерлым сэрцы, гледзячы ў неба, — толькі тады, запозна, яны дапялі, чаму яна ўсё-такі адмаўлялася.
Потым хлопец, што пад выглядам пажарнага ставіў «жучкі» ў яе на гарышчы, будзе каяцца. Потым вядома хто невядомы будзе начамі выломваць са сьценаў мемарыяльныя шыльды, а савецкая ўлада запатрабуе зьнесьці помнік з «Пагоняй» і малітвай гулагаўскіх вязьняў — «Божа, барані Беларусь!», — пастаўлены ля царквы, дзе яе адпявалі.
А жывой... Абяцалі кватэру ў Менску. Пісьменьніцкую пенсію 100 рублёў. Публікацыі. Выданьні ў Маскве. Усяго адна пячатка — і. Ды такія шаноўныя людзі... Сябры...
Як там: «Я другой такой страны не знаю.» А яна пісала: «Зь пекла ўпала на голаў мне ўся гэта эсэсэсэр».
Для кожнага зь іх, людзей з савецкім штампам, згода Геніюш азначала б камень з душы. Апраўданьне. Геніюш — савецкая грамадзянка? Значыць, няма чаго мучыцца згрызотамі. Значыць, і хлусьню, і бязбожжа, і беспрасьвецьце можна пакласьці на захаваньне ў
глыбокую беларускую скарбонку: «Значыцца, так і трэба».
Згода Геніюш азначала б, што і пра дэпартацыю разам з мужам Янкам з Чэхаславаччыны, і пра турмы, этапы, допыты і катаваньні, і пра таежную сьцюжу, і голад, і зацкаваных аўчаркамі зэкаў, і пра тысячы «дахадзягаў», забітых у Інце, і пра маўчаньне тых, хто «на волі», і пра вынішчаную бальшавікамі сям’ю — пра ўсё гэта можна проста забыцца.
І што ласкавая мянушка «Маці», прышчэпленая ў бараках, і вершы, каторыя вязьні называлі «глюкозай» ды завучвалі на памяць, і лісты, што перадавалі на «вольную зямлю», схаваўшы ў вагонах з вугалем, і абраз Ісуса ў церні, намаляваны на падваконьні ў камеры на Вялікдзень, і таемна напісаная «Споведзь» — усё гэта было пустое.
І што пасада генеральнага сакратара БНР і захаваньне архіва, цяпельца беларускай незалежнасьці, не падлеглай ані бальшавікам, ані дэфензіве, ані нацыстам, і сама сьветлая мара пра вольнасьць — гэта было марна.
Таму яна і паўтарала: «Не, не, не!» І ў сваім задубелым на паўночных маразах твары, у высечаных пакутамі зморшчынах знаходзіла ласку, цяпло і ўсьмешку для тых, хто побач. Выцягвала з роспачы зьнясіленых беларускіх мужчынаў. Пісала адмыслова для Барадуліна верш «Не пі, Рыгор! Ня пі, сынок...»— і той кідаў тапіць свой геній у гарэлцы. Дасылала літкансультанту «Гарадзенскай праўды» Васілю Быкаву свае вершы, якія той набіраў на друкарцы і паціху даваў у газеты. Расплюшчвала вочы маладому Ўладзю Караткевічу, які слухаў яе аповеды пра сьветлую савецкую рэчаіснасьць і рэдагаваў зборнік «Невадам зь Нёмана». Пісала тысячы лістоў, у якіх падбадзёрвала змораных і перадавала веру адчайным.
І штовесну разбівала ля хаты найлепшы ў Зэльве кветнік.
Вось чаму Аляксандр Кацікаў зь «Песьняроў» запісаў цэлы альбом «Жывём» на словы Геніюш, а апошняй песьняй, выкананай Уладзімірам Мулявіным, стала ейная «Краю мой родны». Вось чаму адным з пароляў вольнага руху ў 2006-м зрабіўся музычны дыск «Жыць для Беларусі» са сьпевамі на яе вершы, перабітымі ўнікальным аўдыё: Геніюш чытае сама. Колькі жыцьця ў ёй, асуджанай на паміраньне, — душа мімаволі агукне: «Жыве!»
Ці мала моцных мужчынаў-беларусаў з крывавай чавільні ХХ стагодзьдзя ўцякло за мяжу? Не паднялося з бруду? Сьпілося? Скончыла жыцьцё самагубствам? Адкуль жа ў слабай, інтэлігентнай жанчыны, у чые далікатныя рукі паэткі трапілі ключы беларускай дзяржаўнасьці, узялося столькі сілаў: не пакінуць Радзіму, быць разлучанай з адзіным сынам, цярпець штодзённы зьдзек — і не прыняць пячатку зьвера?
Сярод здрадаў і сьмерцяў, пад наглядам ды ўціскам, калі і працаваць дазвалялі адно прыбіральшчыцай, і тое нядоўга, — не ў замкнёным, утоеным, а ў адкрытым хрысьціянстве, якое сьвеціць і дае каўток забароненай волі ўсім, — верніца Ларыса Геніюш засталася геніем нацыянальнай ідэі. Жывым сьведчаньнем вечнай беларускай ахвярнасьці, чысьціні і ласкі. Нават паміж ворагаў — цьвёрдай, але любоўнай і натхнёнай. Прыгожай той зьнявечанай, але нескаронай прыгажосьцю, якая вось ужо 1000 гадоў выяўляе на гэтай зямлі Ўкрыжаванага ў чаканьні бел-чырвона-белага ўваскрасеньня.
І як колісь Сьвятое Прычасьце
Зь яснай чашы ля Царскіх варот,
П'ю свой боль як вялікае шчасьце
За пакутны каханы народ.
У той час, калі разьбягаліся нават найлепшыя вучні, калі люд хаваўся па хатах, калі падалі апошнія ваяры, — менавіта такія матулі веры, сёстры надзеі, дочкі любові, жанчыны беларускай глыбіні каўталі слёзы ды асьвятлялі бліскучымі вачыма крыж, дзе здабываў для нас, беларусаў, сьвятасьць Госпад Ларысы Геніюш Ісус Хрыстос.
17 жніўня 2013 г.
LXXVII. СТАТКЕВІЧ
І явіўся яму Анёл Гасподні,
І сказаў яму:
Гасподзь з табою, муж дужы!
Судзьдзяў 6:12
Пра існаваньне Міколы Статкевіча я даведаўся ў той самы дзень, калі стаў беларускім нацыяналістам. У пачатку 1994-га, перад прэзідэнцкай кампаніяй, у Віцебску, у Акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа — тым самым, што збудаваны на месцы старажытнага Верхняга замка і на даху якога дагэтуль мрояцца вежы камяніцы Альгерда, — выступаў Зянон Пазьняк.
Акрамя колькіх соцень прыхільнікаў, Зянона сустракала і чорная сотня камуністаў ды славянасаборнікаў: у цёмных палітонах ды ў куртках з плакатамі пра «фашизм» і «единство народов». яны сталі шэрагам перад калонамі тэатра і загарадзілі ўваход.
І тады хлопцы зь Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў у барэтах з «Пагоняй» ды бел-чырвона-белымі нашыўкамі на камуфляжы па-жаўнерску, радком прайшліся ўздоўж чорных, пазрывалі агітацыю ды пашыхтаваліся ля ўвахода, каб віцьбічы змаглі прайсьці. Каманды гэтым хлопцам — з характэрнай картавінкай, але зычна — аддаваў малады Мікола.
А потым аказалася, што галоўнае наша зь ім скрыжаваньне — рог вуліцаў Нямігі і Ракаўскай. Там стаіць фундаваная ў ХУП стагодзьдзі Статкевічамі мая царква, Сьвята-Петра-Паўлаўскі сабор. У часы Контррэфармацыі адзіны дзеючы праваслаўны храм Мінска (тады — у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата), пасьля разбору Рэчы Паспалітай ён быў адрамантаваны на царскія грошы — і перайменаваны ў Кацярынінскую царкву. Менавіта тут, дзе адбываюцца беларускія набажэнствы і выдаецца львіная доля беларускамоўных праваслаўных кніг, я ўпершыню спавядаўся і прымаў прычасьце і якраз тут пачынаў дзень Плошчы.
Здавалася б, сам Статкевіч у царкве бывае нячаста. Але самая ўражвальная евангельская ўспышка — гэта калі на зломе, з трэскам касьцей, дзе і вернікі ніякавеюць, у ня надта рэлігійным чалавеку раптам адкрываецца Ісус.
Вось 20 жніўня 1991-га, назаўтра пасьля путчу, Статкевіч выступае супраць ГКЧП, пачынае ствараць Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў — а потым прарываецца на радыё і зьвяртаецца з заклікам не падпарадкоўвацца хунце.
Вось падчас хапуна на «Маршы Свабоды» Статкевіч прыкрывае сабой падлеткаў і дзяўчат ад ашалелага сьпецназа — і грыміць ў турму.
Вось на акрэсьцінскіх «сутках» апякае навічкоў, заступаецца за маладафронтаўцаў перад канвоем ды аддае сваё паліто.
Вось у «амерыканцы» ён адзіны больш за месяц трымае галадоўку пратэсту — і мы ўжо наварочваем па сваіх камерах гэбоўскі супчык, а ён у карцары цягне лямку за ўсіх.
Вось у Магілёўскай турме Статкевіч дамагаецца, каб зьняволеным пачалі выдаваць належныя, паводле ўрадавых пастановаў, прадметы гігіены — і толькі чуваць, як грукаюць «кармушкі», і камера за камерай, «крытка» пачынае радасна раўці.
Ад колькіх добрапрыстойных, салідных, пасьпяховых і глянцавых дзеячаў даставалася Статкевічу: маўляў, і недамоваздольны, і некамандны, і разбуральнік, і скандаліст, і, аёечкі, знаёмы з Шэйманам (які калісьці ўступіў у БЗВ)...
Але потым раптам аказвалася, што і выйсьці на вуліцу ратаваць нацыянальны гонар, або сказаць праўду ўголас, або хаця б сустрэць небясьпеку ў твар, калі ўсе бягуць, больш няма каму.
.А даць поўху вылюдку, аўтару «Дзяцей хлусьні», акрамя Статкевіча, ахвотных няма.
.А з кандыдатаў Плошчы ён адзіны дагэтуль застаецца за кратамі.
Статкевіч нязручны? Востры? Яршысты? А дзе, скажыце, вы бачылі сапраўднага шляхціца без асабістай незалежнасьці, бяз годнасьці, бяз шаблі, выхапленай з похваў?
Статкевіч — баец. Гульцоў у беларускім палітыкуме хапае, байцоў вобмаль. Дык майце ж на ўвазе, ён баец, з усімі, як кажуць, вынікаючымі.
У 2010-м менавіта Статкевіч перамог на грамадскіх дэбатах тут.бая, і менавіта яго, свайго цёзку, калі на гэты раз верыць Аляксандру Рыгоравічу, ацаніў маленькі Міколка: «Не дасі цацку — прагаласую за Статкевіча».
Да яго ўвесь час падсаджваюць правакатараў або заразна хворых.
Мне перапіска са Статкевічам забароненая. Яму прыходзіць толькі канверт з надпісам цэнзара. У 2005-м паехалі мы зь ім як падзельнікі на «хімію» пасьля шэ-
сьця супраць рэферэндуму аб трэцім тэрміне: мне ў лес, яму сьпярша — рамантаваць лядоўні, а потым у зачуханы калгас. Трэба ж было неяк прынізіць падпалкоўніка са слуцкім шляхецкім гербам, кандыдата тэхнічных навук, аўтара больш як 60 працаў у галіне аўтаматычных сістэмаў, эрганомікі, інжынернай і сацыяльнай псіхалогіі, з дысертацыяй «Тэорыя эфектыўнага ўзаемадзеяньня чалавека і машыны ў сістэме кіраваньня».
Як толькі (і хто толькі) не спрабавалі зламаць Статкевіча. І рэжым, і свае — чаго вартая адна гісторыя з сацыял-дэмакратыяй.
А ён не ламаецца. Трымаецца. І, бач ты, — усьміхаецца.
Статкевічу як байцу надзвычай пасуе ўсьмешка — яна ўмомант ператварае грубаватага вайскоўца ў зухаватага шляхціца і толькі падкрэсьлівае гвардзейскую стаць... Яму пасуе прозвішча Статкевіч!
Ад такіх людзей нават геройства чакаеш як нечага само сабой зразумелага.
А зараз.
У турме бліжэй чым дзе да Бога. Бо тут чалавек найцясьней з уласным сэрцам.
Таму героі не адбываюць там пакараньне, а гартуюць сэрца. Кшталтуюць свае крокі ад дзьвярэй да акенца, адчыняюць замкі ды засовы ў саміх сабе, каб аднойчы, сярод ворагаў, жанчын у сьлязах, у болю і ўціску, празь іх зноў раптам адкрыўся Той, хто Адзін цярпеў за нас усіх.
24 жніўня 2013 г.
LXXIX. ЧАКАНЬНЕ АДКАЗУ
Адказваючы яму,
Ісус спытаўся:
чаго ты хочаш ад Мяне?
Марка 10:51
Доўгі званок. Пранізьлівы. Патрабавальны. Такі ж самы, як на пад’ём ці праверку. Пачынаюць грукаць дзьверы на першым і другім паверхах, тупат ног па калідорах, шоргат на лесьвіцы.
— Віктарына?..
У актавай зале, якую дзяжурка дагэтуль імянуе ленкомнатай, дзе ў любым кутку цябе гіпнатызуе партрэт Рыгоравіча і ў кратах граюць блікі сонца, прасеянага скрозь лісьце, хлопцы ды мужыкі рассаджваюцца на патройных секцыях складных савецкіх крэслаў і заціхаюць.
— Хто з герояў Бібліі сядзеў у турме?
— Назавіце самую сьветлую кнігу Сьвятога Пісьма.
— Ісус, укрыжаваны, крычыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму ты Мяне пакінуў?..» А сапраўды, чаму?
Зь сёлетняй вясны ў сьпецкамендатуры нумар сем адбываюцца біблійныя сустрэчы. Двойчы на месяц у нядзелю, сярод дня або пад вечар прыязджаюць браты зь евангельскіх цэркваў.
Брат Мікалай — баптыст, колішні гарманіст, чарнобыльскі ліквідатар; пахаваў сваіх набрынялых радыяцыяй таварышаў, а сам застаўся жывы, каб сьведчыць пра Хрыста; перапісваецца з шасьцю пажыцьцёва зьняволенымі; піша вершы, у тым ліку і па-беларуску; прапаведуе і грае на акардэоне.
Яшчэ адзін брат — Мікалай, але ўжо пяцідзясятнік, высокі, з высакародным абліччам, сьнежнай сівізной і пякучымі вачыма, што за саветамі цярпеў за веру, — глыбокім барытонам сьпявае псалмы.
Брат Слава, той самы, што працаваў і сьведчыў у нас на складзе запчастак, чытае Біблію і тлумачыць: проста, ясна, робіць паўзы, каб дайшло.
Мая справа — біблійная віктарына напрыканцы.
— Колькі разоў Ісус перамяняўся?
— На якіх мовах у Пружанах чытаецца ўголас Евангельле?
— Пакажыце, дзе шукаць Валадарства Нябеснае.
Прызы пераможцам за слушныя адказы адмысловыя. Акрамя, само сабою, кніг ды паштовак зь евангельскімі цытатамі, цукерак ды сокаў — шарык для пінг-понга, улюбёнай гульні каменды; дэфіцытная лямпачка (калі ў пакоі перагарэла — цішком выкручваюць, натуральна, у кухні або прыбіральні, і робіцца цёмна ўсім); шасьцілітровік чыстай пітной вады — бо тутэйшую, іржавую, толькі фільтраваць.
Пытаньні трэба падабраць так, каб адказ трапляў у сэрца. Біблія Сёмухі — па-беларуску, але затрымкі з адказам дзеля перакладу ў думках у хлопцаў ужо няма. Форма не напружвае, засталося галоўнае: сутнасьць.
А сутнасьць простая. Хочаш збавіцца? Хочаш жыць вечна? Хочаш на неба?
Маўчыць каменда. На пытаньні адказвае, на малітву дружна ўстае, але маўчыць.
Куплін — зусім не Малое Сітна. Евангелізацыя вакол сьпецкамендатуры аж віруе. Абавязкова прыязджае айцец Ігар з пружанскай Спаса-Праабражэнскай царквы, распавядае пра веру ды ставіць фільмы.
Наш айцец Сяргей з Новых Засімавічаў пераконвае цьверазець. Мінскі аўтапрабег «Беларусь для Хрыста» з канцэртам... Хрысьціянскія працоўныя
атрады, маладзёны, што дапамагаюць цэрквам будавацца і парадкаваць гаспадарку...
Евангельскі гурт «Добрая вестка» з бусам гукавой апаратуры, песьняроўскім шматгалосьсем і дачкой саліста, якая акампаніруе бацьку на некалькіх інструментах. Берасьцейскі ксёндз з парафіянінам-падлеткам, які сьпявае хрысьціянскі рэп.
Пастар мінскай «Царквы Ісуса Хрыста» дасылае евангельскую газету «Колокол», кнігі пра першыя крокі ў веры і ацаленьне ад залежнасьцяў. А вось і вядомы бард Аляксандр Чарпакоў, якога тутэйшыя бандыты памятаюць як Чарпака, увесь у наколках, распавядае пра сваё навяртаньне басам мацёрага уркі— вернік у законе з хрыплаватымі сьпевамі пра грэх і нябёсы ды пяшчотнымі вачыма.
Гэта ўсё Ён. Задае табе пытаньне штодня — каб цярпліва, усё жыцьцё, чакаць адказу.
— Назавіце доказы ўваскрасеньня Хрыста.
— Што значыць «Амінь»? А «Алілуя»?
— Чаму Ісус выбраў у апосталы Юду?
Тое імгненьне цішыні, калі прагучала пытаньне й чакаеш адказу, тое рэха беларускай мовы і Боскай думкі, заглыбленьне вачэй, якія глядзяць на цябе, у сябе — гэта цэлы сьвет.
Ці пакідаюць па сабе гэтыя пытальнікі хоць якую кропку ў галовах асуджаных за аліменты, крадзяжы, хуліганкі, дарожна-транспартныя здарэньні і цяжкія цялесныя пашкоджаньні? Беларус — чалавек глыбокі, маўчыць.
Прарыў пакуль адзін — пакаяньні па п’яні.
Пасьля працы, калі ў дзяжурцы ўжо ўнюхалі, далі небараку дыхнуць «у трубачку» і аформілі парушэньне рэжыму ўтрыманьня, сёй-той заходзіць да мяне. «Наруха» — справа сур’ёзная, раз-два — і зона, таму развагі адразу бруяць за жыцьцё.
— Паша, можна паінцерасавацца?
Мнуцца. Пачынаюць здалёк. Блытаюцца. Надсілу, сьцяўшы зубы, наракаюць ды выціскаюць зь сябе прызнаньні. Спавядаюцца. Да спазмаў у горле каўтаюць крыўду — і раптам зрываюцца на рыданьні:
— Бог жа ёсьць, Паш... Ёсьць!
Назаўтра ўжо глядзяць міма. Сорамна.
Сэрца зачынена — раздражнёна, з грукатам.
А ў нядзелю прыходзяць у актавую залу зноў. Слухаюць. Так і чуеш, як варушыцца ў душах, як хоча кожны нешта спытацца ў Бога сам. І мучыцца.
І стукаецца ў сэрца Творца.
І вісіць у актавай зале пад пільным позіркам Рыгоравіча немае пытаньне, нібы дым у курылцы.
Чаму, чаму беларуса, хрысьціянскую душу, цярплівую, пакорлівую і глыбокую, што ные, заходзіцца адчаем і трымае, сьцяўшы зубы, да апошняга, трэба так доўга і так настойліва ўгаворваць не таіцца, не баяцца, а проста ціха адказаць Богу?..
8 верасьня 2013 г.
LXXX. БЕРАСЬЦЕ УКРЫЖАВАНАЕ
Але Ён паранены быў за грахі нашы
і пакутаваў за беззаконьні нашы;
кара сьвету нашага была на Ім,
і ранамі Яго мы ацаліліся.
Ісаі 53:5
Калі стаіш у музеі «Берасьце» і ўзіраесься ў чорную тысячагадовую яму з падмуркамі ды зрубамі хатаў, бачыш, колькі чалавечых жыцьцяў напластавалася за гэты час, колькі жыцьцяў стлела, якая руіна храмаў і якое радовішча герояў гісторыі пад нагамі, — займае подых: зь якога ж дна прабіваўся гэты горад, якой глыбіні гэтая рана, поўная попелу і бітай крывавай цэглы...
Чаму ўдар за ўдарам зло біла, грохала менавіта сюды, крышыла сьвятыні з такім шалам і не давала зажываць гэтаму агромністаму крывацёку? У камяністых ваколіцах Ерусаліма цьвікі працялі цела Хрыста— а праз стагодзьдзе ў сутоцы Буга і Мухаўца рэхам адгукнуліся ўдары молатаў, якімі ў балоцістую зямлю забівалі палі паселішча готы.
Ох, даўно Госпад і д’ябал пазначылі гэтае месца будучага стыку цывілізацыяў, межавы слуп народаў і імперыяў, сталіцу вернікаў, грэшнікаў і мытнікаў — ранай.
Менавіта яго, Берасьце, жалезнымі ўдарамі крыжакоў-рыцараў Генрыха Ланкастэра, будучага караля Англіі, Вітаўт адбіў у Ягайлы ў 1380-х, а у 1409-м таемна выкоўваў тут разгром таго самага рыцарства пад Грунвальдам. Менавіта Берасьце першым у межах сучаснае Беларусі атрымала магдэбургскае права — і стала галоўным горадам беларускага Ізраіля ў залатым веку XIV-XVII стагодзьдзяў, цэнтрам габрэйскіх грамадаў ВКЛ. Рымскі закон і адчай гнанага габрэйства зноў сутыкнуліся тут — і зноў, як у Юдэі пачатку нашай эры, пад грукат цьвікоў паміж імі падняўся крыж. Якраз тут — самае балючае месца на целе беларускай царквы. Гэта зь Берасьця, з надрыўнага шва праваслаўнага і каталіцкага сьвету, у 1550-х раптам пачала крынічыць Рэфармацыя.
Мікалай Радзівіл Чорны, берасьцейскі ваявода і найбольш уплывовы вялікалітоўскі магнат, абвясьціў, што вяртаецца да простай веры ў Хрыста, заклаў тут першы кальвінскі збор, друкарню, выдаў Берасьцейскую Біблію гатычным шрыфтам, каб навярнуць да евангельскага руху Польшчу... ды так заструменіла, што і праз стагодзьдзі дацяпер Берасьцейшчына — край пратэстанцкіх грамадаў.
Якраз тут, на зломе, у сутаргах, у крыках нараджалася найвялікшая унія за ўсе часы хрысьціянскага падзелу, што ахопіць бальшыню беларусаў, пакіне адчуваньне болю на цэлыя стагодзьдзі і дасьць мільёны нашчадкаў ад Украіны да Канады і Аўстраліі. Гэта яна, успоратая вострым жалезам берасьцейская глеба, сталася амбонам і для правадыра уніі, берасьцейскага кашталяна Іпація Пацея — і магілаю для ягонага яраснага супраціўніка, берасьцейскага манаха Афанасія Філіповіча, закапанага жыўцом у зямлю, прылічанага да сьвятых пакутнікаў праваслаўнай царквой, ды яшчэ і плахаю для езуіта Андрэя Баболі, якому звар’яцелыя казакі павыбівалі зубы, вырвалі язык ды валасы, садралі скуру і павесілі за ногі па-над скрываўленым долам...
Даруй ім, Госпадзе, бо ня ведаюць, што твораць!..
Білі шведы, білі казакі, білі расейцы, білі палякі, білі немцы, білі бальшавікі. Бурылі замак, палілі жыхароў, усаджвалі зброю на ўсю глыбіню, каб зьнішчыць беларускую таямніцу. І калі Расейская імперыя канчаткова расьцяла Рэч Паспалітую напрыканцы XVIII стагодзьдзя, нават пытаньня, дзе забіць цьвік, не ўзьнікала.
Увесь стары горад быў выпалены «выпадковымі» пажарамі. Замак, які прастаяў паўтысячы гадоў, фарны касьцёл, сем каталіцкіх кляштараў, тры ўніяцкія царквы, евангельскі збор, праваслаўны манастыр — зруйнавалі. І з гэтай самай барвовай цэглы зубцамі, байніцамі і ўсёй пачварнай пашчай ашчэрылася Крэпасьць. Пад Цытадэльлю былі пахаваныя ўсе 500 гадоў цывілізацыі ВКЛ — і цяпер пусты горад, аднесены на дзьве з паловай вярсты на ўсход, будзе
толькі здалёк назіраць за тым, як б’ецца ягонае старажытнае сэрца.
Так Берасьце сталася самай страшнай у гісторыі Беларусі, самай глыбокай ранай у спляценьні жылаў і нерваў Беларусі, Польшчы ды Ўкраіны — раны з агромністым іржавым цьвіком Крэпасьці.
Як тут білі, плявалі, вялі скрозь кляцьбу Беларусь!.. Дзялілі і паласавалі, нібы рызы Хрыстовы, кідалі жэрабя пра ейны лёс — і абвяшчалі тае расьсячэньне не якім іншым — Брэсцкім мірам. А потым па жалезных літарах пакта Молатава-Рыбентропа ў верасьні 1939-га тут, тут, тут забівалі, пячаталі страявым крокам на супольным парадзе гітлераўская ды сталінская імперыі, брыгады Крывашэіна і Гудэрыяна.
Што ж яна магла рабіць пад бомбамі Люфтвафэ ў чэрвені-ліпені 1941-га, гэтая Крэпасьць, — толькі паміраць і не здавацца.
Яшчэ ўдар — і нацысты зьнішчаюць велізарнае гета: каб не нараджала больш берасьцейская рана ані стваральніка брэсцкага метаду вывучэньня Тал-муда Хаіма Салавейчыка, ані матэматыка, асістэнта Эйнштэйна, Якава Громера, ані прэм’ера адноўленай дзяржавы Ізраіль, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Менахема Бегіна.
Яшчэ ўдар — і горад засяляецца пасьля вайны савецкімі вайскоўцамі... Але менавіта яна, берасьцейская рана, пры канцы ХХ стагодзьдзя зь Віскулямі раптам раскроіла «ад Брэста да Курылаў» увесь СССР — і адсюль жа вырваліся найвастрэйшыя носьбіты пранізьлівай, наскрозь празрыстай беларускасьці: філолаг класічнага правапісу Вінцук Вячорка, дырэктар беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук, рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.
Ясны знак раны і сапраўдны сьцяг Берасьця — бел-чырвона-белы.
Каб прабіцца ад Бога да чалавека, Богачалавеку давялося даць прабіць Сябе.
«Ранамі Яго мы ацаліліся»... Ёсьць гарады, у якіх, калі распластаесься нават на асфальце, табе будзе грукаць у грудзі.
Ці ведаюць, ці памятаюць сёньняшнія трыста дваццаць сем тысячаў насельнікаў гэтага горада, дзе Бог даў ім жыць? Ці ведаюць, што шчопць берасьцейскага праху ў сутоцы Буга ды Мухаўца пабывала і храмам, і крэпасьцю, і чалавекам? І што кожнаму берасьцейцу дадзена аднойчы паспытаць раптоўнае ўнутранае здрыганьне, калі памяць раптам разрываецца на крыжы і, працятая, з пырскамі крыві і вады, расхінае табе ў зямной ране браму — на неба, сьледам за Ісусам Хрыстом...
15 верасьня 2013 г.
LXXXIII. СЬВЕДЧАНЬНЕ ЛАЗАРА
Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне,
але сказаў гэта для народа,
які тут стаіць, каб паверылі,
што Ты паслаў Мяне.
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам:
Лазар! Выходзь.
Яна 11:42-43
У «Злачынстве і пакараньні» глыбіннага беларуса Дастаеўскага ёсьць ключавая сцэна — блудніца Соня і забойца Раскольнікаў уначы, у пакоі зь нізкай стольлю пры сьвечцы чытаюць біблейскую гісторыю пра Лазара. Евангельле выварочвае душу, злачынца каецца — і пачынае шлях да выкупленьня.
Ісус уваскрэсіў Лазара ў прысутнасьці вялікай колькасьці сьведкаў на чацьвёрты дзень пасьля сьмерці, калі цела, пакладзенае ў пячоры, ужо пачало гніць і сьмярдзець. Многія паверылі ў Бога праз гэты цуд — але начальнікі народа менавіта тады канчаткова пастанавілі Яго забіць.
Лёгка ўявіць: для ксяндза Ўладзіслава, які ўжо каторы месяц трывае ў пячоры турмы КДБ, адзінаццаты разьдзел Евангельля паводле Яна адзін з улюбёных.
Так шмат знакаў... Лазар — проста скразіць.
Тут ёсьць і дзьве сястры, Яніна і Ірына, якія, нібы Марта і Марыя, плачуць ды моляцца за брата, і вернікі, якія смуткуюць, і, вядома, начальства, якое лепш за ўсіх ведае: калі Бог раптам пачынае тварыць цуды, трэба прымаць меры.
...І цяжкое, напружанае маўчаньне надае яшчэ большае падабенства евангельскай гісторыі: маўчаць, быццам па памерлым.
Менавіта ў доме Лазара, дзе ягоная сястра Марыя памазала Госпада каштоўным мірам, выціраючы ўласнымі валасамі перад укрыжаваньнем, сэрца апостала Юды разадрала здрада.
Містыка справы Лазара прымушае стойваць дыханьне: неўзабаве пасьля ўваскрашэньня пахаванага — уваход у Ерусалім.
Чаму Ісус так доўга чакаў, чаму не ішоў дапамагчы сябру ў сьмяротнай хваробе? Марудзіў, пакуль Лазар не памрэ, пакуль сваякі не адчуюць страты, пакуль не пераканаюцца вучні.
Цяжка пазбыцца пачуцьця, што і зараз Госпад чакае, каб дайшло.
Каменная пячора сталінскіх часоў, куды перад сьмерцю памяшчалі беларускіх сьвятароў, паэтаў і дзеячаў, — у самым цэнтры сталіцы. Вось ужо тры гады менавіта яна — скрыжаваньне малітваў і чаканьняў, сэрца страху і пакутлівай адзіноты, у якім штодня чуюцца званы архікатэдральнага касьцёла Найвялікшай Панны Марыі з плошчы Волі.
Што хоча сказаць Ён сёньня нам, беларусам, праз самоту Лазара?
Акуратны, яшчэ ў школе празваны Панічом за бездакорны выгляд, Уладзімір паступіў у семінарыю і стаў ксяндзом Уладзіславам. Спадчыну, сабраную для яго матуляй у залатых упрыгожаньнях, абмяняў на грошы і ўклаў у будаўніцтва касьцёла ў Мар’інай Горцы, куды накіравалі служыць. Ад паніча не засталося і сьледу: сам праводзіў на касьцельны падворак ваду, вазіў тачкамі зямлю, высаджваў кветкі... Даводзілася самому латаць сваю адзіную куртку — усе грошы, заробленыя ці ахвяраваныя, ішлі на парафію, добраўпарадкаваньне ці сьвяточныя падарункі дзецям.
«Мы гэтага ксяндза атрымалі зь неба», — казалі мар’інагорскія парафіяне.
У мінскую катэдру, дзе малады ксёндз Уладзіслаў казаў па-беларуску, шмат хто прыходзіў адмыслова, каб паслухаць ягоную навуку.
Не баяўся казаць праўду. За гэта многія яго і ненавідзелі.
Арышт такога ксяндза — выклік Касьцёлу ў гэткай жа ступені, у якой арышт гендырэктара «Уралкалію» — выклік Расеі, а палітвязьні Плошчы — Еўропе.
Больш за тое, справа Лазара — выпрабаваньне для ўсёй Царквы. Хопіць маўчаць пра тое, што творыцца ў краіне, — вось, зло ўжо прыйшло па цябе.
Госпад дапускае, каб праз пакуты і боль аднаго ўвесь Касьцёл зразумеў: калі сапраўды стаіш на каленях перад Богам, а ня перад дыктатарам — чакай палітычнага абвінавачваньня ў замаху на царскую ўладу, абвінавачваньня, вынесенага Самому Хрысту. Тутэйшаму Пілату абавязкова падкажуць: «Калі адпусьціш яго — ты ня сябар кесару».
Год таму дзясяткі тысячаў евангельскіх вернікаў па ўсёй Беларусі маліліся за пратэстанта Зьмітра Дашкевіча, зьняважанага начальнікам Мазырскай калоніі. Царква запатрабавала спыніць зьдзек; дзеля аднаго зьядналіся ўсе. Тады рэжым адступіў, Зьмітра пакінулі ў спакоі і перавялі.
Логіка зла няўмольная: спроба прыняць яго як норму, зрабіць выгляд, што «так і трэба», або дамовіцца вядзе да паразы дабра. Непрыняцьце зла, якое выявіў Ісус, — адзінае выйсьце, але куды яно вядзе, мы ўжо дзьве тысячы гадоў ведаем. Яно вядзе на крыж.
Увогуле, найлепшыя беларускія ксяндзы гнілі ў турмах за праўду і краіну ўсё апошняе стагодзьдзе: і заснавальнік БХД Вінцэнт Гадлеўскі, што абураў улады беларускімі казанямі ў Жодзішках, і Казімір Сьвёнтак, схоплены ў тых жа Пружанах і абвінавачаны ў тым жа шпіянажы, і Станіслаў Лазар (зноў Лазар!), пробашч Пружанскага, а потым і Берасьцейскага касьцёлаў, арыштаваны за прысутнасьць на імшы школьнікаў ды крытыку калгасаў.
Зразумела, пасьля справы Гайдукова веры ў «шпіянаж» ксяндза Ўладзіслава няма.
Зразумела, родным і вернікам «хто трэба» ўвесь час падказвае, што агалоска шкодная, ціха-ціха, абы чаго горшага не было.
Ксяндзы і вернікі перашэптваюцца. Справа Лазара ўваскрашае ідэю актыўнай палітычнай каталіцкай сілы, якой была легендарная Беларуская хрысьціянская дэмакратыя 1920-30-х.
Штодня званы ад катэдры б’юць, прабіваюцца ва ўнутраны двор КДБ — іх чуваць у кожнай камеры «амерыканкі».
Ведай, кожны каталік, кожны хрысьціянін: гэты звон звоніць па табе.
Бо дзеля таго, каб Ісус вызваліў Лазара з затхлай пячоры, Марце трэба было паклікаць ды выйсьці сустрэць Яго, Марыі — маліцца і верыць, вучням — быць побач, разам, а народу, які сабраўся суцяшаць сёстраў, — адваліць ад пячоры камень.
— Лазар! Выходзь.
І тады хай замірае ды ахае люд, хай фарысеі да болю заплюшчваюць вочы і хай глядзіць уся краіна, як пад перазвон званоў з плошчы Волі вызваляе Бог.
13 кастрычніка 2013 г.
LXXXIV. ВОЛЯ
Ойча наш, Каторы ёсьць у небе!
Сьвяціся імя Тваё,
Прыйдзі Валадарства Тваё,
Будзь воля Твая...
Лукі 11:2
У Волі залатыя валасы. Сонечныя прамяні скрозь успышкі жоўтага лісьця кранаюць вейкі, і ты прымружваесься, нібы перад пацалункам. Сьвята грае проста ў цябе на твары агністай, мядовай, бурштынавай, настоенай на палым кляновым і таполевым лісьці сьвежасьцю.
Потым залацістыя струны будуць то тут, то там прабліскваць на тваім швэдры і расплятаць згадкі разам з галавакружным водарам.
У Волі шэрыя вочы. Глыбокія, родныя вочы агромністага шэрага неба, якое ўдыхаеш на поўныя грудзі. Беларусь, мілая, я з табой.
У Волі крынічна-звонкі і меладычны голас. Удых зь верхавінаў хвояў, чые адлюстраваньні тонуць у безданях Нарачы, і выдых з шумам мінскіх вуліцаў.
Пазбаўленыя волі ведаюць — яе чакаеш так, як спатканьня з каханай. Толькі заплюшчы вочы і ўяві. Перасыхае ў роце... Сэрца калоціцца, хоча вырвацца і мячыкам скакаць проста ў яе цёплыя, ласкавыя далоні.
Воля прыходзіць ці ў летняй лёгкай сукенцы, перахопленай пасам, і тады яе аблічча праменіць золатавалосым німбам, ці ў вышыванцы зь белі і чырвані, жывым сьцягам на цёплым вясновым ветры, ці ў пухнатай зімовай куртачцы ды высокіх боціках, так што вакол робіцца горача, ці ў шляхетным восеньскім паліто, якое акрэсьлівае зграбнай лініяй стан і так пасуе яе каралеўскім вачам колеру беларускага неба.
Яна моўчкі, пяшчотна абдымае цябе, ледзь кранае шчаку вуснамі, быццам запальвае зорку, і лёганькі дотык пальчыкаў на плячох дае табе адчуць адказнасьць за сьвет вакол нас.
Воля як свабода ў беларускай мове азначае таксама і рашучасьць у дзеяньні. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным.
Наша нацыянальная бязвольнасьць пачынаецца тады, калі беларус адварочваецца ад Бога.
Вызваленьне, Дзень Волі, вольная воля, валявы ўчынак... Воля прысутнічае ва ўсім тым, чаго нам так не хапае.
Вольная — адно з тлумачэньняў імя Беларусі. Вось чаму беларусы так часта называюць сваіх дачок Волямі.
Воля вытанчаная. Воля грацыёзная. Воля патрабавальная — здольная адным упартым шэравокім позіркам з-пад узмаху тонкіх выгнутых бровак даць зразумець, што рабіць, і натхніць на тое, што не пад сілу іншым.
Воля ласкавая — ад цеплыні подыху, у які акуна-
есься па выхадзе з каменды, да наймалейшых, амаль незаўважных дотыкаў, кожны зь якіх — знак.
Здаецца, яшчэ кропелька пяшчоты — і страціш прытомнасьць ад шчасьця.
Вялікая беларуская воля, здольная на самаадданасьць, ахвярнасьць і штодзённую сьвятасьць, — вобраз і падабенства тае Волі, што вяла на Галгофу Збаўцу.
Паэт нашага вольнага залатога веку Андрэй Волян (амаль што Волін) пісаў «Да палякаў і ліцьвінаў»:
Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала
Ды над ёй сваволя ўжо не панавала...
Беларуская Воля — гэта свабода ў Хрысьце. Адкрываеш сэрца для цэлага сусьвету веры і любові, каб умясьціць Неўмяшчальнага.
«А хто ня любіць Волі — ня нашага роду».
Купала, у кропку.
Куплін, бывай.
Вольна, як жа вольна... Узгоркі і лагчыны дыхаюць, уздымаюцца і апускаюцца з шумам ветру абапал дарогі. Неба празь сіняватую смугу пераліваецца ў зямлю на даляглядзе — асьцярожна, павольна, быццам блакітнае малако зь велізарнай даёнкі льецца, льецца ў кубак, блішча донцам сонца, дзесьці па-над Еўропай, перакульваецца глыбокім закатам. І трапеча лісьце дрэваў прывітальнымі ўзмахамі, і ловіш іх позіркам на імгненьне, і так хочацца пасьпець кіўнуць у адказ.
Вочы, цёплыя ўсьмешкі, крышталёвыя слёзы матулі, поціскі рук, «Ооо!» з самай беларускай глыбіні, усе гэтыя сьветлыя чалавечыя вокны, быццам агні вялікага горада, празь якія на цябе глядзіць Госпад.
І радзімка ля яе вуснаў.
І прысутнасьць чагосьці найвышэйшага.
І ты раптам разумееш, што аглушальны лямант званка на праверку а шостай раніцы, малатарня жалеза на складзе, цёмная, з выкручанымі лямпачкамі, задушлівая ад куродыму і мачы, вечна ліпкая агульная прыбіральня, і куплінскае неба, нарэзанае на празрыстыя лусты кратамі, — гэта ўсё было дадзена, каб адчуць пякуча, пранізьліва, усім сэрцам яе чысьціню, яе ласку, яе хараство.
Ясную. Любую. Найпрыгажэйшую.
Волю Божую.
19 кастрычніка 2013 г.
АДРЫНУТЫ-Я
Паўлу Севярынцу
Адрынутыя —
ты,
я,
мы.
На вуснах патрэсканых
прысмак зімы.
На вуснах скрываўленых
прысак вайны.
У лоб дубальтоўку наставіла восень.
Бы высыпкі воспы
на целе радзімы —
«хіміі», зоны, астрогі.
Гуглі ня гуглі —
ня знойдзеш дарогі
да пункта з назовам Куплін.
Халодныя вочы,
няўтульныя зімы.
Пачварныя плямы
на целе радзімы.
Няўтульныя вочы,
халодныя зімы.
Плямы — мы.
Нас тысячы.
Ты сячы,
а мо й мільёны.
Зьзяюць зьнічы
сярод гэтай начы.
Цэлы народ замкнёны.
Колькі такіх,
каго безь віны?
ўшчэнт, падыспад,
у тыя віры...
Ці маецца дно
у глыбіні?
«Хімік» —
гэта ж ад «схімніка»?
З узбочыны скрушна
тарашчыцца крушня.
Вось сымбаль сьцюдзёнага выраю.
Заўважана слушна.
God, where are You?
Яны адграбуць, Паша, помні,
па поўнай.
Хоць тое й ня наш,
хрысьціянскі, метад.
Але ж адграбуць, Паша,
ведай 1.
https://www.svaboda.Org/a/24726690.html
БІЯГРАФІЧНЫЯ ЗЬВЕСТКІ
Пісьменьнік, публіцыст, палітык Павел Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. Вучыўся ў мастацка-архітэктурным класе, школу скончыў з залатым медалём. Па адукацыі інжынер-геолаг. У 1994-1999 гг. працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камерцыйных выданьняў. З 1998 г. пачаў друкавацца ў беларускай незалежнай прэсе як публіцыст.
Сябра Партыі БНФ «Адраджэньне», узначальваў Менскую маладзёвую фракцыю. У 1999-2003 гг. — намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 г. — старшыня «Маладога фронту». З 2005 г. — сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.
Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гг., шмат разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; у сукупнасьці мае больш за год адміністрацыйных арыштаў на «сутках», тысячы даляраў штрафаў.
Адзін з арганізатараў І Кангрэса беларускай моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г.— чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Еўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блоку «Маладая Беларусь» (2004), партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (2004).
Упершыню арыштаваны ў межах крымінальнай справы 2 красавіка 1998 г. падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Менску і за «зрыў канцэрту, прысьвечанага аб’яднаньню Расеі і Беларусі». Пасьля двух месяцаў утрыманьня ў СІЗА на вул. Валадарскага пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасьці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск па месцы прапіскі. У лістападзе 1998 г. крымінальная справа была закрытая без тлумачэньняў.
У 2005 г. абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», якія адбыліся ў Мінску пасьля «рэферэндуму»-2004 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі, «хіміі», з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на поўначы Беларусі (Полацкі раён).
У сьнежні 2010 г. падчас масавай акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў арыштаваны, пяць месяцаў адбыў у турме КДБ, а затым два гады і два месяцы — у сьпецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Вызвалены ў кастрычніку 2013 г.
Аўтар кніг «Ды-джэй Адраджэньня» (1998), «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002), «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі» (2005), «Лісты зь лесу» (2007), «Брату» (2007), «Маладафронтаўцы» (2009 г., сумесна з Н. Палажанкай), «Беларуская глыбіня» (2014), «Беларуская хрысціянская дэмакратыя: 1917-2017» (2017), рамана «Беларусалім» (2017).
Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Таварыства беларускай мовы, Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
Лаўрэат літаратурных прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча, імя Францішка Аляхновіча, а таксама прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
Праваслаўны хрысьціянін, прыхаджанін Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Менску. У 2014 г. ажаніўся з настаўніцай Вольгай Шылак, гадуе сына Францішка.
Паводле http://sieviarynets.net/
КРЫМІНАЛЬНЫЯ ПРЫСУДЫ:
31 траўня 2005 г. Цэнтральны райсуд Менска прызнаў Паўла Севярынца вінаватым у парушэньні ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за арганізацыю масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў 2004 г. і пакараў абмежаваньнем волі тэрмінам на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін пакараньня палітвязень адбываў у вёсцы Малое Сітна на Віцебшчыне, працаваў на высечцы лесу. Паводле закону аб амністыі ад 5 траўня 2007 г. тэрмін зьняволеньня скарочаны на 1 год. Вызвалены 22 траўня 2007 г. умоўна-датэрмінова за 2 месяцы і 24 дні да сканчэньня тэрміну пакараньня.
16 траўня 2011 г. Заводскі райсуд Менска прызнаў Паўла Севярынца вінаватым у парушэньні ч. 1 арт. 342 КК РБ за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. і пакараў абмежаваньнем волі тэрмінам на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Першапачаткова, на этапе папярэдняга расьсьледаваньня, прад’яўлялася абвінавачваньне па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), 4 траўня 2011 г. яно было перакваліфікаванае. Тэрмін пакараньня палітвязень адбываў у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласьці. Ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні і амністыі яму было адмоўлена. Вызвалены 19 кастрычніка 2013 г. пасьля сканчэньня тэрміну пакараньня.