Межаў артыкула ня хопіць, каб пералічыць усіх, хто праехаў паўкраіны, каб выказаць сваю салідарнасьць. А яшчэ ж былі сотні лістоў ды пасылак — спадзяюся напісаць пра іх у наступным нумары.

Дарагія людзі! Вялізны дзякуй вам усім! Адведзіны Сітна пераконваюць: беларуская салідарнасьць здольная накарміць, апрануць, абараніць і натхніць кожнага, хто трапіў пад удар рэжыму.

Калісьці, у часы Майсея, Бог вызначыў габрэйскаму народу меру шляху да зямлі абяцанай. Свая такая мера, палічаная ў днях і кіламетрах, пэўна, ёсьць і ў нас. Сьведчу: за апошні год толькі праездам празь Сітна беларусы яшчэ на 120 тысячаў кіламетраў наблізіліся да нацыянальнага абуджэньня.


СВАБОДА Ў КАПЭРЦЕ

Ніколі дагэтуль не чытаў канадскіх газетаў — бо ня быў у Канадзе. Ня меў у хаце сувеніраў з Рыма—не давялося наведаць Вечнага горада. Ня еў аўстрыйскай чакаляды; ня ведаў, што прадаюць у супермаркетах Фарміндэйла, штат Нью-Ёрк; не знаёміўся зь нямецкімі дзяўчатамі. пакуль ня трапіў у Малое Сітна.

«Абмежаваньне волі», што забараняе перамяшчэньне і прымацоўвае чалавека да працы, парадаксальным чынам дае іншыя свабоды, часта занядбаныя на «вялікай зямлі». Свабоду спакойнае развагі. Свабоду пазнаньня ўсяе Радзімы праз сузіраньне маленькага куточка, які ўвесь час перад вачыма. Нарэшце, свабоду паважных дачыненьняў з Богам, якім не перашкаджаюць сумятня, ілюзіі ды спакусы.

У такім становішчы пачынаеш дацэньваць і тыя каўточкі свабоды, якіх на волі проста не заўважаеш. Напрыклад, магчымасьць прымружыцца ды зазірнуць у нязьведаныя мясьціны Беларусі, у далёкія краіны праз шчыліну паштовае скрынкі.

За год высылкі мне прыйшло 487 лістоў і перадачаў салідарнасьці. Адказваў практычна ўсім, хто пазначаў зваротны адрас. Кожны ліст быў спосабам хоць на хвіліну вырвацца з высылкі, паразмаўляць з тымі, хто дыхае тым жа духам, скарыстаць каліва свабоды з найбольшым эфектам. Урэшце за 12 месяцаў у глухой вёсцы здолеў даведацца пра людзей, зь якімі мы робім адзіную справу, больш, чым за некалькі папярэдніх гадоў.

З-па-за Беларусі мне пісалі з 15 краінаў, у асноўным беларусы дыяспары. Адсюль і канадскія газеты, і мастацкія прывітаньні ад Івонкі Сурвілы, і пасылка з цудоўнымі цукеркамі зь Вены, і пакункі з кнігамі ды канцтаварамі са Стакгольма, і паштоўкі ад беларусаў Польшчы, і парцалянавы Калізей ад рымскіх грэка-каталікоў, і віншаваньні ад Валянціна Грыцкевіча зь Піцера, і апісаньне амерыканскага ладу жыцьця ад звычайных пенсіянераў — беларусаў ЗША. Адсюль і паштоўкі салідарнасьці ад шараговых немцаў, шведаў, бельгійцаў, латышоў, і прапановы супрацы ад украінскае «Просьвіты»...

З самае Беларусі пошта часьцяком прыходзіла зь мясьцінаў, пра існаваньне якіх, шчыра кажучы, і не здагадваўся, — вёска Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёна, Лужок паблізу Кармы або пасёлак Энергетыкаў на Койданаўшчыне. На волі ня здолеў наведаць Слоніма, Салігорска, Верхнядзьвінска, Івянца, Бягомля, Іўя, Залесься, Германавічаў, каб пазнаёміцца з тамтэйшымі людзьмі, — аж вось самі людзі пішуць сюды, у Малое Сітна.

Самая вялікая колькасьць лістоў — зь Менска: амаль 45%. Зь іншых гарадоў адрасоў салідарнасьці найболей у родным Віцебску (11%), Полацку (6%) ды Берасьці (5%). Апрача Віцебшчыны, дзясяткі лістоў прыходзяць зь Меншчыны і Гарадзеншчыны.

Калі раней мне здавалася, што звычайныя лісты ў наш электронны век пішуць хіба што пенсіянеры, дык цяпер, падрахаваўшы статыстыку ўласных ліставаньняў, зьдзівіўся: звыш 37% адрасатаў — мужчыны сярэдняга веку (30-35 гадоў); 18% — дзяўчаты ад трыццаці; амаль 15% — хлопцы, маладзейшыя за трыццаць. Мужчыны, старэйшыя за пяцьдзясят пяць, складаюць менш як 13% ліставальнікаў; жанчыны пенсійнага веку — каля 10%.

Ліставаньне аказалася выдатным спосабам нарэшце грунтоўна пагутарыць з найлепшымі знаўцамі беларускасьці.

З гісторыкам Анатолем Грыцкевічам, які адзін працуе за цэлы Інстытут гісторыі (нягледзячы на гады, выкладаньне і бясконцыя аперацыі) — пра стан беларускай навукі, адукацыі і грамадства.

З Валянцінай Трыгубовіч, кіраўніцай «Беларускай пэрспэктывы», якая дзясяткамі рыхтуе да друку найцікавейшыя беларускія кніжкі — ад дзіцячых вершаў да рэлігійных зборнікаў — пра царкву і палітыку.

З хрысьціянскім сацыялістам, адным зь першых беларускіх незалежнікаў, Анатолем Сідарэвічам — пра лявіцу ды правіцу ў айчыннай гісторыі.

З Андрэем Катлярчуком, беларускім гісторыкам са Швецыі, — пра наш прагрэс і рэгрэс у параўнаньні з залатым векам.

З кінакрытыкам Андрэем Расінскім — пра дачыненьні кінематографа і хрысьціянства.

З выдаўцом беларускамоўнага габрэйскага бюлетэня «Мы яшчэ тут!» Вольфам Рубінчыкам — пра лёс і значэньне беларускага Ізраіля.

З публіцыстам Алесем Белым — пра магілу Торвальда Вандроўніка і архетыпы Адраджэньня...

З Аленай Макоўскай, старшынёй управы «Бацькаўшчыны», — пра стан справаў на бацькаўшчыне.

З архітэктарам Ірынай Лаўроўскай, найлепшым адмыслоўцам што да берасьцейскае даўніны, — пра Берасьце сучаснае.

З Элай Олінай, адной з арганізатарак Камітэта салідарнасьці, — пра гэтую самую салідарнасьць...

Лічы, цэлы год завочнага навучаньня ў лепшых выкладчыкаў — любая асьпірантура адпачывае!

Праз пошту да мяне даходзіла практычна ўся незалежная прэса, якая яшчэ заставалася ў краіне. Рэдакцыі перасылалі «Нашу Ніву», «Народную волю», «Наша слова», «Беларуса», бацькі — «Белорусы и рынок», «Белгазету», «Комсомолку» і «Свободные новости». На волі ніколі ня меў такое падшыўкі. Кнігі ад Уладзімера Арлова і Ніла Гілевіча, Лявона Баршчэўскага і Міхася Скоблы, музыка ад Уладзімера Цярохіна, «Дзеяслоў» і «ARCHE», «Навіны НІСЭПД» і бюлетэнь «Бацькаўшчыны», «Наша вера» і «Царква». Усё гэта цяпер ходзіць у Сітне па руках.

Праўда, свабода ў капэрце тут усё-такі абмежаваная. Лісты часта прыходзяць пакамечаныя, надарваныя, пераклееныя; вялікія пасылкі паўскрываныя і з сарамлівым подпісам «пашкоджана пры механічнай апрацоўцы» (толькі чамусьці безь пячаткі Полацкай філіі КДБ), а незалежную прэсу ў пакунках хтосьці рэгулярна папярэдне разьбірае ды перачытвае. Што ж, інфармацыя пашыраецца, і гэта галоўнае.

Пэўна, людзі таксама заўважаюць, што іхнюю пошту чытае яшчэ хтосьці. Але пішуць. Працягваюць ладзіць акцыі капэртаванае салідарнасьці.

Вялізны дзякуй усім тым, хто пісаў і піша ў Малое Сітна, — і даруйце, што не магу пералічыць у гэтым лісьце ўсіх.

Дарагія беларусы! Калі ласка, пішэце лісты. Казуліну, Статкевічу, Фінькевічу, «партнэрцам». Тым, хто за мяжою. Тым, хто жыве ў глыбінцы. Проста адно аднаму. Бо кожны беларускі ліст дадае маленькае, але чэпкае злучво ў агромністую бел-чырвона-белую палатніну Нацыянальнага Абуджэньня.


КАЛОНІЯ ЗВЫЧАЙНАГА РЭЖЫМУ

Афіцыйна Малое Сітна — калонія-пасяленьне пры Ветрынскай сьпецкамендатуры № 15. Межамі калоніі лічацца межы вёскі, і пакідаць іх без распараджэньня начальніка камендатуры забаронена: парушэньне рэжыму. Такім чынам, купацца ў бліжэйшым возеры, лавіць рыбу або зьбіраць у лесе грыбы ды ягады «хімікі» могуць толькі пад пагрозай арт. 415 Крымінальнага кодэкса: замена «абмежаваньня волі» на пазбаўленьне волі («зону» або калонію агульнага рэжыму).

«Хімічных» сьпецкамендатураў у Беларусі больш як паўсотні. У кожнай зь іх па некалькі працоўных філіяў. Гэтак, кантынгент Ветрына, апроч Сітна, могуць адпраўляць у калгас у вёсцы Нача, на склады ў Вітаржы або на абслугоўваньне «зоны» ў Наваполацку. Калі прыгледзецца, уся Беларусь аблытаная сеткай «калоніяў-пасяленьняў» — і сама паціху ператвараецца ў адну вялікую калонію.

«Хімікі» трапляюць сюды за тое, да чаго ў нас дапускаецца бальшыня насельніцтва. Бытавыя п’янкі з распусканьнем рук, нявыплата аліментаў, пашкоджаньне маёмасьці ці неасьцярожнае прычыненьне шкоды чалавеку. Калі строга (як у Еўропе ці ЗША) датрымлівацца закону, у калоніях-пасяленьнях мусяць пастаянна знаходзіцца некалькі мільёнаў беларусаў. Гэткі механізм працуе на ўладу. Нязгодныя з палітыкай дзяржавы баяцца пераступіць пэўныя межы (адкрыта выказацца, паставіць подпіс, узяць удзел у маніфестацыі), бо асабіста ім гэта пагражае «ўзмацненьнем рэжыму». Калонія рабскага, генетычнага саўковага страху, гэткі невялікі свойскі архіпелаг ГУЛАГ, займае ладную частку душы сярэдняга беларуса. Увогуле, каланіяльная сьвядомасьць — спадчына двухсотгадовага панаваньня тут расейскага імперыялізму. Вяскоўцы ў Сітне, дый гараджане ў Віцебску ці Менску дагэтуль жывуць як не на сваёй зямлі і задавальняюцца зьбіральніцтвам, дробным крадзяжом ды спажывецтвам — быццам чорныя тубыльцы, вывезеныя кудысьці на пасяленьне. У стане пастаяннага страху пакараньня прасьвядомасьць лёгка выцясьняецца масавай крымінальнай сьвядомасьцю. І мы прызвычайваемся. Звычайны страх. Звычайны прэзідэнт. Звычайны рэжым.

Між тым калонія пашыраецца. Паводле колькасьці вязьняў на душу насельніцтва Беларусь у сьвеце саступае ўжо толькі Расеі ды Амерыцы. А дзяржава вынаходзіць усё новыя віды крымінальна караных дзеяньняў.

Міхаіл Марыніч адседзеў у турме за тое, што прыняў у падарунак ад пасольства ЗША некалькі камп’ютараў.

Сяргей Скрабец сядзіць дагэтуль, бо калісьці быў вылучыўся ў прэзідэнты.

Андрэй Клімаў — на «хіміі» за тое, што заклікаў людзей адсьвяткаваць Дзень Волі і выйшаў на плошчу зь мегафонам.

Мікалай Статкевіч — там жа: не паверыў афіцыйным вынікам рэферэндуму.

Аляксандр Казулін адбывае 5,5 года калоніі, бо нагаварыў па тэлевізіі замнога праўды і разьбіў шкло на партрэце Лукашэнкі. Артур Фінькевіч — у сьпецкамендатуры за надпіс «Мы хочам новага!».

Вячаслаў Сіўчык — пад крыміналкай, бо пад ягоным кіраўніцтвам у намётавым гарадку на плошчы Каліноўскага не аказалася ані выбухоўкі, ані гарэлкі, ані наркотыкаў, ані нават дохлых пацукоў.

Мікалай Аўтуховіч — у ізалятары: сумленна займаўся бізнесам.

Мікалай Астрэйка, Цімох Дранчук, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка зьняволеныя за ўдзел у «незарэгістраванай арганізацыі», зарэгістраваць якую ў законным парадку не дазволіла сама дзяржава.

Цяпер суду за тое ж самае чакаюць маладафронтаўцы — а БТ на ўсялякі выпадак распавядае пенсіянерам, што насамрэч у летніках з дапамогаю «афганцаў» «МФ» рыхтуе баевікоў.

Працэсы паказальныя. Больш за тое, паказальна абсурдныя. Маўляў, было б за што саджаць — увогуле б забілі.

І люд баіцца.

Што ж можна супрацьпаставіць страху?

Толькі веру. Вера зьнішчае страх.

Тыя, каму Бог прадугледзеў прайсьці празь зьняволеньне, павінныя памятаць словы Бібліі: «Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю, а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, безь ніякай пахібы» (Якава 1:2-4).

Адбыцьцё сутак у сьпецпрымальніках, месяцаў у ізалятарах, гадоў на «хіміі» ці ў турме кшталтуе ды гартуе змагароў. Дае час на роздум, грунтоўную адукацыю, духовае ўдасканальваньне. Паверце, дарагія Аляксандр і Артур, Цімох і Мікалай, Сяргей і Андрэй, — Госпад Бог лепш за ўсіх ведае, дзе нам у гэты момант трэба быць. І ў вырашальную хвіліну, калі Беларусі спатрэбяцца найвялікшая цьвёрдасьць, бязьмежнае трываньне, рэдкая адвага, — гэты гарт дасьць плён, і мы зробімся кропкамі апірышча для рычага, што пераверне краіну.

«Шчасьлівыя тыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае!» (Мацьвея 5:10).

Што ж да спробаў запалохаць судзілішчамі ўвесь народ... Беларусам няма чаго баяцца. Насамрэч калонія звычайнага рэжыму — у галовах. Як і ў выпадку зь Сітнам, мяжа забароны ўмоўная. Зямля беларуская. Людзі нашыя. Параза рэжыму непазьбежная. Калі зразумець гэта, страх проста зьнікае.

Бо Беларусь атрымала незалежнасьць ня дзеля таго, каб быць калоніяй-пасяленьнем на 10 мільёнаў асуджаных да абмежаваньня волі. Божая воля для сучаснае Беларусі — гэта нацыянальнае абуджэньне.


АДВАЖНАЕ СЭРЦА

Тыя, хто найчасьцей пісалі лісты ў Малое Сітна, атрымлівалі просьбу адказаць на пытаньні своеасаблівай анкеты: «Якія кнігі, музычныя гіты, фільмы вы б параілі прачытаць (праслухаць, праглядзець) кожнаму беларусу?» І найбольш уразіла сваімі вынікамі намінацыя «кіно». Здавалася б, столькі пранізьліва беларускіх фільмаў: «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Ідзі і глядзі», «Чырвонае лісьце», «Акупацыя»... Столькі экранізаваных нацыянальных герояў: Кастусь Каліноўскі, Сотнікаў, Заслонаў... Але ж вось фокус: па-за канкурэнцыяй апынулася «Адважнае сэрца» з Мэлам Гібсанам у галоўнай ролі. (Між іншым, на другім месцы — «Пакуты Хрыстовы» таго ж Гібсана ўжо як рэжысёра.)

Шатландзец Ўільям Ўолас, просты хлопец, што ў безнадзейным становішчы ўзначаліў паўстаньне супраць акупацыі, трапіў беларусам у самае сэрца.

Чаму — тлумачыць ня трэба.

За гады ўдзелу ў беларускім руху мне пашчасьціла пазнаёміцца зь людзьмі, што не саступалі Ўільяму Ўоласу ў асабістай мужнасьці. З геолагам Вячаславам Сіўчыкам, адным з арганізатараў Менскае вясны — 96, які трымаў галадоўку пратэсту разам зь Юрыем Хадыкам на Валадарцы і якога часьцей, чым іншых, бачылі ля мікрафона ў намётавым мястэчку на плошчы Каліноўскага. Зь лясным інжынерам Яўгенам Скочкам, што кіраваў дружынай «Маладога фронту» і адным сваім зьяўленьнем на вулічных акцыях наводзіў паніку на міліцэйскае начальства. Мастаком Рыгорам Кійком, які адбіваў у амапаўцаў маладзейшых дэманстрантаў і бел-чырвона-белыя сьцягі (за што рэгулярна адседжваў на сутках ды «хіміі»). Палітыкам Зянонам Пазьняком, вайскоўцам Мікалаем Статкевічам, праваабаронцам Валерыем Шчукіным, журналісткай Ірынай Халіп...

Але пры словах «адважнае сэрца» мне заўсёды згадваецца не магутны, з ільвінай грывай, Мэл Гібсан, ня хтосьці з дужых «краёўцаў» у камуфляжы, а невысокі, танклявы, усьмешлівы раўналетак Кастуся Каліноўскага — Зьміцер Дашкевіч.

Мы пазнаёміліся ў камеры на Акрэсьціна пасьля Дня Волі — 2002. Тады, пасьля мітынгу з кветкамі і сьпевамі ля помніка Янку Купалу, АМАП перакрыў выхады з парку, і арганізатары абвясьцілі: разыходзімся. Маладафронтаўцы, якія не ўяўлялі сабе Дня Волі бяз шэсьця, пратачыліся скрозь кардон, узьнялі сьцягі і павялі людзей прасьпектам. Каля скрыжаваньня з Варвашэні да мяне падляцеў падпалкоўнік Гірэль: «Прыбярыце сьцягі! Зараз выставяць кардон; безь сьцягоў прапусьцяць, зь імі — не. Будзе хапун!» І праўда, праз паўхвіліны ўпоперак прасьпекта пашыхтаваўся АМАП. Сьвята ўсё-такі ж, думаю. Усім, хто нясе сьцягі, камандую: «Згортваем. Падымаем пасьля скрыжаваньня». Згарнулі амаль усе, і толькі наперадзе з самым вялікім палотнішчам працягвае ісьці шараговы маладафронтавец Зьміцер. «Згортвай сьцяг!» — крычу яму. Ён на секунду прыпыняецца, глядзіць на мяне яснымі вачыма: «Гэта ня сьцяг». — «А што гэта?!» — «Гэта нацыянальная сьвятыня!» І рушыць далей. На Зьмітра шыкаюць усе вакол, Гірэль літаральна вісьне на руках. «Загад згарнуць!» — раву яму на вуха. «Пайшоў ты са сваім загадам», — сьцяўшы зубы і падымаючы сьцяг вышэй, адказвае Дашкевіч.

Кардон пераходзіць у наступ. Зьмітра за рукі-ногі ледзь заносяць у аўтобус чацьвёра здаровых амапаўцаў...

У той дзень усе расейскія тэлеканалы паказвалі разгон дэманстрацыі. Дзясяткі мільёнаў даведаліся пра БНР, бачылі бел-чырвона-белы сьцяг і яшчэ раз пачулі: «Жыве Беларусь!». У нашай камеры ўдзельнікі акцыі вырашылі аднадушна: менавіта Зьміцер Дашкевіч выратаваў Дзень Волі.

Памятаю, як потым на выпрабаваньні «Горад — наш!» на забойчай вышыні насупраць Дома друку ён з халоднай галавой ускараскаўся на сьлізкі ад дажджу скат даху (махаю рукой: «Хопіць! Вешаем тут!») і, быццам канатаходзец, балансуючы, прайшоў па вільчаку ды прымацаваў сьцяг да маланкаадводу. Як у момант абвяшчэньня рэферэндуму аб працягу паўнамоцтваў прэзідэнта ў натоўпе ля экрана на Кастрычніцкай завёў скандаваньне «Ганьба!» — і атрымаў 15 сутак. (Дарэчы, гэтым эпізодам заканчваецца вядомая кніга пра Лукашэнку Аляксандра Фядуты.) Як на 18-ы дзень маладафронтаўскае галадоўкі ўжо сёлета тэлефанавала і ледзь ня плакала журналістка: «У яго ўжо костачкі прасьвечваюцца, як у вязьня Бухенвальда, з рота пахне ацэтонам — у арганізме незваротныя зьмены!..»

Прыхаджанін евангельскай царквы, Дашкевіч распачаў Рэфармацыю «Маладога фронту». Усталяваў сярод сяброў руху маральны стандарт: «Калі мы змагаемся за Адраджэньне на хрысьціянскіх прынцыпах— ня маем права піць, паліць, блудзіць». І такое выхаваньне, на якое, прызнаюся, не заўсёды ставала адвагі ў нас са Скочкам, загартоўвала вакол Зьмітра моладзь сапраўды сумленную і самаахвярную.

Самыя моцныя супраціўнікі для бязбожнага, хлусьлівага, састарэлага рэжыму — менавіта такія. Рашучыя, маладыя, вернікі. Іх ня могуць спалохаць або купіць. І вось ужо абвінавачваюць у рабаўніцтве (між іншым, у Дзень беларускай вайсковай славы) 15-гадовага капітана салігорскага «МФ» Івана Шылу. Вось ізалююць у чатырох сьценах магілёўскае камендатуры Артура Фінькевіча. Арыштоўваюць і кідаюць на Валадарку ў «справе “Маладога фронту”» Зьмітра Дашкевіча.

Але, спрабуючы разьбіць, спыніць і стрымаць моладзевы рух праз крыміналку аб «незарэгістраванай арганізацыі», спадкаемцы Цанавы і Вышынскага добра-ткі схібілі. Сотні беларусаў сярод якіх Уладзімер Арлоў, Ніл Гілевіч, Лявон Вольскі, гатовыя сьведчыць на судзе ў абарону «Маладога фронту». Больш за тое, ужо 1,5 тысячы чалавек падпісалі зварот ад імя сябраў «незарэгістраванага “Маладога фронту”» з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі і вызваліць палітвязьняў. Калі судзьдзя заслухае іх у якасьці сьведкаў, яму давядзецца адпраўляць у турму сотні (а можа, і тысячы) людзей. Калі ж суд адмовіцца выклікаць іх у якасьці сьведкаў абароны — значыць, за ўдзел у «незарэгістраванай арганізацыі» і выступ ад яе імя судзіць ужо ня могуць.

Рэжым сам загнаў сябе ў гэтую пастку антызаконнымі, у духу 1937 года, папраўкамі ў Крымінальны кодэкс. Спрабуючы забараніць «Малады фронт», ён дзесяцікроць яго раскручвае.

Сёньня ў кожнага беларуса ёсьць магчымасьць на некалькі хвілінаў апынуцца на месцы Ўільяма Ўоласа. Стаць адважным сэрцам. Падтрымаць маладафронтаўцаў і Зьмітра Дашкевіча. З трыбуны суду абвінаваціць рэжым у твар. Супраць такой нашай салідарнасьці пракуроры і гэбісты бясьсільныя.

Толькі так — разам! — можна супрацьстаяць масавым працэсам. Бо на чарзе ўжо палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Толькі так мы, беларусы, здолеем абараніць усіх і кожнага. Трымаемся побач! Бярыцеся за рукі! Глядзім дзяржаўным злачынцам у вочы! І кажам: «І я маладафронтавец!» «І я!» «І я таксама!..»

Многія, хто ведае, што такое «Малады фронт» і хто такі Зьміцер Дашкевіч, ужо наважыліся стаць сьведкамі салідарнасьці. Ці гатовы ты стаць у шэраг?

Абавязкова прыходзь на суд.

Справа «Маладога фронту» зробіцца адной з самых яскравых падзеяў нацыянальнага абуджэньня.


ТАБЛІЦА МЕНДЗЯЛЕЕВА

Дзед з Полацка ў гасьцях у сіценцаў цікавіцца, хто пасяліўся ў інтэрнаце. «Хімік», — адказваюць вяскоўцы. «А, вучоныя прыехалі», — з разуменьнем хітае галавою дзед.

«Зычу табе хутчэй адолець гэтую табліцу Мендзялеева», — завяршае свой ліст чытачка «Нашай Hiвы» зь Пінска.

«Хімія» — гэта насамрэч перыядычная сістэма элементаў. Крымінальныя і паўкрымінальныя элементы, што перыядычна трапляюць у Сістэму «абмежаваньня волі», складаюць упарадкаваную заканамернасьць сучаснага грамадска-палітычнага жыцьця. Як спадчына разьвітага сацыялізму, «хімію» ў Расеі і большасьці постсавецкіх краінаў ужо скасавалі. Але ж вось у Беларусі саўковую «табліцу Мендзялеева» дагэтуль штудыююць тысячы.

Сучасная беларуская «хімія» — кландайк для крымінальніка-навучэнца. Тут прафесійныя выкладчыкі дадуць яму поўнае ўяўленьне пра метады сімуляцыі з дапамогаю ёду, жалезныя паняцьці турмы і значэньні цынку (прастукваньне празь сьцяну). Тут навучаць, як перакрываць кісларод адміністрацыі ўстановы, як пазьбягаць ужываньня брому (дадаецца ў пітво ў ізалятарах і калоніях дзеля падаўленьня лібіда) і здабываць высакародныя металы ў кватэрах даверлівых грамадзянаў.

Сэрца крывёю абліваецца, калі бачыш гэтых хлопцаў, аднагодкаў ці крыху маладзейшых, — Пакаленьне Маладога Фронту! — якія днямі слухаюць блатны шансон ды «Таганку», размаўляюць на сумесі турэмнага жаргону і расейскага мату і лічаць гэта найвышэйшай рамантыкай. Іхняя сьвядомасьць ужо скалечаная дашчэнту. Мой 22-гадовы сусед з Новалукомля шчыра абураўся: «Угон аўтамабіляў — гэта мой хлеб, мая праца, разумееш? Я працую ня менш за іншых — дык за што мяне пасадзілі?!»

Злосны неплацельшчык аліментаў зь недалёкае вёскі; полацкі нумізмат, у якога на выставе паспрабавалі скрасьці ягоныя манеты (крыўдзіцель апынуўся ў рэанімацыі, калекцыянер — у Сітне); малады кіроўца, што зьбіў хлопчыка з роварам; жыхар Наваполацка, які ўтапіў у балоце дыпламат зь міліцэйскімі дакументамі; лепельскі мужык, які на глебе рэўнасьці «вынес санкі» (зламаў сківіцу) жонцы; здаровы хуліган, на якога пасьля чарговае бойкі суседзі-пацярпелыя падалі заяву... Як і ў перыядычнай сістэме элементаў тут ёсьць артыкулы лёгкія (аліменты, махлярства, п’янкі, выпадковы ўшчэрбак) і цяжкія (цяжкія цялесныя пашкоджаньні, ненаўмысныя забойствы): першыя часьцей падпадаюць пад амністыю ці ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Мая «арганізацыя масавых беспарадкаў» робіць на «калегаў» моцнае ўражаньне. Даведаўшыся, што ў «беспарадках» на галоўнай плошчы сталіцы ўдзельнічала некалькі тысячаў чалавек, паглядзеўшы на машыны наведнікаў і пераканаўшыся, што паслабленьняў у камендатуры не даюць, яны прысьвістваюць і па-змоўніцку ціснуць руку: «Трымайся!»

Ужо неаднойчы пераканаўся на «сутках», у ізалятарах, «адстойніках» на той жа «хіміі»: да «палітычных» у месцах пазбаўленьня ці абмежаваньня волі ставяцца з выключнай павагай. Прынцыповасьць, адукаванасьць і беларуская мова — візітоўка «палітычных» — вітаецца зваротна прапарцыйна непрыязнасьці да гэтых рысаў у афіцыйных установах навукі, культуры і адукацыі. Прыхільнікаў Лукашэнкі сярод сядзельцаў не сустракаў: тут улада — ненавісны апарат падаўленьня. Слова «рэжым» выклікае тыповую хімічную рэакцыю. У крымінальнага інтэрнацыяналу ёсьць нават адпаведная класіфікацыя РБ— «чырвоная (г. зн. кантраляваная адміністрацыяй) рэспубліка». Дзіва што сімпатыяў да міліцыі тут яшчэ меней, чым сярод удзельнікаў вулічных маніфестацыяў. Можаце сабе ўявіць, якім попытам карыстаюцца ў «мясьцінах ня надта аддаленых» значкі «За свабоду!».

Разам з тым «папраўчая ўстанова адкрытага тыпу», як ніводная іншая структура пэнітэнцыярнай сістэмы, не папраўляе, а горшыць чалавека. Для «новенькіх» гэта асяродак страшэннага разлажэньня, а для злачынцаў — паўсюдная спакуса: за мінімальным кантролем выпіць, пабалдзець, а заадно і «выхаваць маладняк» — не праблема. І канвеер працуе: «Скраў, выпіў — у турму».

За год у Малым Сітне праз мой інтэрнацкі пакой прайшло 14 «хімікаў». Чацьвёра зь іх сустрэліся ў адной камеры ў Віцебскай калоніі (даведалася тутэйшая жанчына, якая возіць перадачы майму былому суседу). Здавалася б, чаму б тым небаракам не адбыць свой тэрмін ціха і спакойна?.. Але сістэма працуе як гадзіньнік: прымусовая праца зранку + адносна вольны вечар = начная п’янка + пахмельле назаўтра. Пошукі выпіўкі, хованкі на працоўным месцы, сваркі і скандалы працягваюцца да тае пары, пакуль камендантка інтэрната ці майстры на працы ня выклічуць «эвакуатараў» з камендатуры. «Хімікі» добра ведаюць, што Мендзялееў вынайшаў ня толькі перыядычную сістэму, але і рэцэпт расейскае гарэлкі. Пасьлядоўнікі вялікага хіміка эксьперыментуюць з усім, што гарыць, ужываючы ці ня ўсю згаданую табліцу.

Многія, дабыўшы «да званка», застаюцца ў Сітне на ўсё астатняе жыцьцё: знаходзяць сужыцельку, уладкоўваюцца ў леспрамгас, падсаджваюцца на «максімку»... Так абмежаваньне волі ператвараецца ў пажыцьцёвы прысуд.

У Новай Беларусі ніякіх «хіміяў» ня будзе. Тыя, хто парушыў закон ненаўмысна, будуць плаціць вялікі заклад (а не даваць хабар «каму трэба»). Эканамічныя злачынцы будуць карацца, адпаведна, эканамічна. Забойцы ж, гвалтаўнікі і падлеткі-хуліганы будуць адбываць свой тэрмін не ў рассадніках крымінальнае сьвядомасьці і міліцэйскага садызму, а сам-насам з уласным сумленьнем і Бібліяй, пад гутаркі са сьвятаром.

Бо насамрэч ідэальныя дачыненьні чалавека і ўсяго грамадства выяўляе ня хімія і ня фізіка, а нацыянальнае абуджэньне.


КІСЛАЯ ГЛЕБА

У самы разгар эпахальнай для кожнага беларуса пары капаньня бульбы ў сіценскіх ваколіцах бязьлюдна. Вяскоўцы ў лесе — хто ў лісічках, хто ў брусьніцах, хто ў журавінах. Калі запытваесься ў народу, які выстройваецца ў чаргу ў краме па прывазную бульбу, чаму сіценцы не саджаюць самі, адмахваюцца: «Ай... Не расьце нічога. Глеба кіслая».

Глеба ў Сітне і праўда кіслая — пераўвільготненая. Ападкі перавышаюць сьцёк. Вакол балоты. Але, вось дзіва, ля хаты дзеда Роберта (таго самага, які больш за паўстагодзьдзя слухае «Свабоду») — і бульба, і гуркі, і перцы, і морква, ды дабрэнныя, ды яшчэ клубніцы, ды вінаград. «У вас што, — пытаюся, — мясцовая анамалія?»

«Так, анамалія, — сьмяецца дзед. — Во, прывязу вапны воз... кіслую ж глебу вапнаваць трэба, ну і гною, вядома, колькі тачак. Вось і родзіць. Калі вапны няма — можна попелу зь печы».

Пэўна ж, нездарма Госпад Бог даў Паазер’ю, апроч кіслых глебаў, яшчэ і найбуйнейшае ў Еўропе радовішча даламіту ў Рубе пад Віцебскам — даламітавая мука акурат і прызначаная для таго самага вапнаваньня!

Але вяскоўцы штовосені, як манны нябеснай, чакаюць машыны, што завозіць у сельпо дзясяткі мяхоў гародніны. Купляюць малако — заводскае, у пакетах— кефір, тварог. Па мяса едуць у Полацк на кірмаш...

На тэрыторыі сельсавета 10 гадоў таму было тры калгасы. Цяпер не засталося ніводнага. Ворыва засеялі... лесам. (Во зьдзівіліся б продкі-палачане часу Ўсяслава, што гэты лес немалою сілаю калісь карчавалі пад палі!..)

Гародзікі ў саміх вяскоўцаў зусім сьціплыя. Лапінка ля хаты, колькі яблыняў. Трактара ці камбайна на людскіх сотках тут і ня ўбачыш — не разьвернуцца. Аруць канём ці матаблокам. Зямля вакол вёскі ўвогуле пустуе.

Ну добра, няхай і праўда, як той сьпяваў, не расьце какос... Але ж травы ў сіценскіх ваколіцах — мора. Жывёле — раскоша. Дзе ж жывёлагадоўля? У Сітне адна карова прыпадае на. 20 жыхароў. Сьмешна глядзець, як «статак» зь некалькіх мілкаў шпацыруе цэнтральнай вуліцай. «Каровы ідуць!» — тут ужо не падзея, а нейкая недарэчнасьць. Паводле дзіцячых успамінаў, вырашыў быў, што ў бабулінай вёсачцы на Дняпры, пад Рэчыцай, справы лепшыя. Ані! Распытаўся — амаль тое самае. Старым трымаць карову ўжо й сілаў няма, а маладзейшыя п’юць, дык дзе яны тую худобу дагледзяць.

Тых, хто трымае сьвіньні, у Сітне можна пералічыць на пальцах. Відаць, парсюкі й тыя на кіслай Глебе не растуць.

І гэта ня сіценскі «кулёр лякаль». Ва ўсёй Беларусі ўжо колькісот гадоў прагрэсуе паразітычная звычка. З кіслай мінай махаюць рукой на беларускую зямлю дзеячы, і робіцца зусім горка. Уздыхі і нараканьні на глебу чуюцца ў нас рэгулярна: гэтым звычайна апраўдваюць нежаданьне ды няўменьне працаваць — што на зямлі, што з грамадствам.

100 гадоў таму купка гэткіх жа, як і мы, беларусаў перасіліла ўнутраны стогн з прычыны несалодкае ды нятлустае глебы і пачала ўрабляць Нашу Ніву. Так, было цяжка, быў і пот, і сухоты, і кроў, і сьлёзы— але ж узаралі. І на гэтым не такім ужо вялікім кавалачку, бадай, вырасла ўсё беларускае нацыянальнае адраджэньне пачатку ХХ стагодзьдзя: тут і БНР, і БССР, і беларусізацыя, і каранізацыя... Як у біблійнай прыпавесьці: «Узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсьцьдзясят, трэцяе сто» (Марка 4:8).

На беларускай зямлі апошнія стагодзьдзі шмат хто спрабаваў жыць на дурняк. За кошт прыгоннага сялянства, калектывізацыі, меліярацыі. Але Госпад, даручыўшы Адаму зямлю ў валоданьне, сказаў: «У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернесься ў зямлю, зь якое ты ўзяты» (Быцьцё 3:19). Цяжка, укладваючы ўвесь час, усе высілкі, усю душу! — працаваць. Толькі тады тутэйшая глеба зьдзівіць сваёй плоднасьцю.

Няпростая беларуская зямля дадзеная беларусам дзеля выпрабаваньня іхняй хрэстаматыйнай цярплівасьці, руплівасьці, працавітасьці. Калі некаму хочацца есьці ананасы і жаваць рабчыкаў без асаблівых намаганьняў — ласкава просім на Канары. Патрыёт? Тады ўлягай, як за плугам, як у выбіраньне бульбы, як у штогадовае вапнаваньне, угнойваньне, баранаваньне кіслае глебы.

Ня будзем працаваць належным чынам ня зямлі — так і застанемся прыхаднямі-зьбіральнікамі.

За сто гадоў «Нашай Нівы», пэўна, гэта і ёсьць галоўным урокам для ўсіх беларусаў.

Толькі калі ўзаром, палепшым, акультурым гра-

мадскую глебу кожны на сваім кавалачку, ператром уласнымі рукамі кожны камячок беларускіх праблемаў, цяжкасьцяў, сумненьняў — пасеяныя слова, вера і любоў дадуць нацыянальнае абуджэньне.


КАМЕНДАНТ І СТРАХ СЬМЕРЦІ

Усе клічуць яго Камендантам. Зрэдчасу пачуеш — «Цімафеіч», а так усё Камендант ды Камендант. Такое ўражаньне, што сапраўднага ягонага прозьвішча ў Алешчы ня ведае ніхто. Калі ж запытаесься, ён уважліва прасьвідруе цябе пільным позіркам празрыста-шэрых вачэй з прымружанага змаршчыньня: «А навошта табе?»

Камендант так і размаўляе — задае пытаньне і пранізьліва ўзіраецца, маўляў, я цябе наскрозь бачу. Ён амаль ніколі не падвышае голасу і ня лезе ў парожнія гутаркі. Трымаецца наводдаль. Назірае.

Камендант, прынамсі афіцыйна, не зьвязаны ані са сьпецкамендатурай у Ветрыне, ані з каменданткай інтэрната (хаця, пагадзецеся, замнога тут камендантаў) і няўлоўна нагадвае хіба камандантэ Фідэля. Цімафеіч, праўда, маладзейшы, яму мо пад 65, і без барады, але вось гэты позірк, пільны і крыху шалёны, гэтая вайсковая пастава і манера пытаць суразмоўніка іх дужа прыпадабняе.

Ну і, вядома, погляды.

Камендант лічыць, што ён сумленна пражыў жыцьцё, служыў Радзіме, ахоўваючы зэкаў у «зоне» ў 1970-1980-я. Шчыра не даўмеецца, калі Сталіна назавуць тыранам, і скажа, што сёньняшняя ўлада слабаватая — «разбаўтаўся народ».

Чым займаецца Камендант у Алешчы, наўрад ці хто скажа пэўна. «Парадак наводзіць», — пацісьне плячыма брыгадзір. Нейкі час ён вастрыў сякеры, правіў вілы, рыдлёўкі і кручкі для адкаткі. Але як што снадзіва на эстакадзе ўвесь час кралі ды прапівалі (нат не заставалася чаго вастрыць і рамантаваць), ён кінуў гэты занятак ды перабраўся за эстакаду, куды кранамі ў вялізныя горы адносяць вецьце ды сьмецьце.

І пачаў паліць вогнішчы.

Калі Камендант утылізуе тое вецьце — усю Алешчу, бы туманам, зацягвае дымам. Яловае гольле разгараецца, дае полымя на некалькі метраў і час ад часу трэскае агромністымі феерверкамі — тады здаецца, што за эстакадай прарвала жарало невядомага вулкана.

Сам са Смаленшчыны, у 1960-х Цімафеіч скончыў школу; адслужыўшы на Ўрале, застаўся наглядчыкам у тамтэйшай калоніі і з часам вырас да загадчыка ўчастка, дзе адбывалі пакараньне 2,5 тысячы зэкаў. Выйшаў на пенсію, пасяліўся ў Алешчы, і з тых часоў ягоная прывідна-шэрая постаць за эстакадай — неад’емная частка тутэйшага краявіду.

«Бачыш, які развал? — ківае Камендант на алешчынскі склад, дзе некалькі п’яных рабочых ужо каторую гадзіну «перакурваюць». — А ведаеш чаму? — і не даючы сказаць чаму, адказвае сам. — Бо вашая дэмакратыя добрая ў іншым месцы. А нашаму чалавеку трэба пуга. Так-так, не матляй галавой, пуга. І страх сьмерці. Інакш працаваць ня будуць».

Камендант спрытна цыркае сьлінай, уладным рухам рукі спыняе мае пярэчаньні і працягвае: «Галоўнае — абнесьці тэрыторыю калючым дротам. Стралкоў на вышкі. Страх сьмерці патрэбны, разумееш? Тады ты кантралюеш сітуацыю. А там, унутры, ужо справа тэхнікі. Падзяліць, каб не групаваліся самі, дзесьці пасварыць, асьведаміцеляў там... І парадак».

«Ага, парадак, — не вытрымлівае хтосьці з рабочых, — такім, як ты, дай волю, вы ўсю Беларусь па перыметры абгародзіце».

Мне згадаліся гэтыя словы Каменданта, калі пасьля выпадку зь сіратою Вікцяй Мароз, навучэнкай Вялейскага інтэрната, сотням беларускіх дзетак было забаронена выязджаць на аздараўленьне ў Італію.

Тая ж прамова Каменданта пра страх сьмерці ўзьнікла ў памяці, калі аднаго зь лідараў «Маладога фронту», Паўла Красоўскага, арыштавалі паводле падазрэньняў ва ўчыненьні віцебскіх выбухаў (маўляў, падобны да фотаробата): згодна з гэтым артыкулам Крымінальнага кодэкса ўжо можна асудзіць да пакараньня сьмерцю. Баючыся размаху маладафронтаўскай справы і сьведкаў салідарнасьці на судзе, рэжым падае сігнал сапраўдным злачынцам, якіх так і не знайшлі: «Узрывайце далей — замест вас пасадзім палітычных!»

Вялізная постаць Каменданта вырастае цяпер па-над сотнямі менскіх галадоўнікаў-хрысьціянаў з царквы «Новае Жыцьцё», якіх пазбаўляюць іхняга дому малітвы.

Але хрысьціяне не баяцца сьмерці. Яны баяцца толькі Бога, Які ўладны і над сьмерцю, і над жыцьцём. «Новае Жыцьцё» — назва тут зусім не выпадковая. Вось чаму страх сьмерці не ўратаваў ад краху ані Рымскую імперыю, ані Трэці Райх, ані Савецкі Саюз. Былі тыя, хто не баяўся сьмерці, — і гэта азначала, што калючы дрот, стральцы на вышках і нават каменданты бясьсільныя.

Для Цімафеіча такое непамысна.

А хрысьціяне і маладафронтаўцы ведаюць: працаваць, падтрымліваць парадак і жыць шчасьліва беларусам дасьць ня страх сьмерці, а нацыянальнае абуджэньне.


БІБЛІЯТЭКА Ў ПРЫБІРАЛЬНІ

Мае інтэрнацкія суседзі штодня чытаюць класіку. «Як нам рэарганізаваць Рабкрын» Уладзімера Ільліча Леніна, «Пётр І» графа Аляксея Талстога, «Трывожнае шчасьце» Івана Шамякіна ці, на скрайні выпадак, «Тэхніку бясьпекі ў лясной вытворчасьці» з прадмовай, прысьвечанай вынікам ХХІІ зьезду КПСС. Прычым дзеля таго, каб даведацца, якія глыбіні філасофскае думкі вымяраюць «хімікі» ды работнікі сёньня, не абавязкова наведвацца да іх у пакой. Дастаткова зайсьці ў драўляную прыбіральню (дзьве кабінкі ў паўсотні метраў ад інтэрната), ёмка ўладкавацца і прабегчы вачыма па радкох на шчодра раскіданых вакол ашмётках кніжных старонак. Некалькі цэлых клапатлівыя чытачы пакідаюць наступнікам: заткнутыя ў шчыліны паміж дошкамі, яны ўтвараюць зручны каталог з формуламі самае папулярнае літаратуры за апошні тыдзень.

Ані Борхесу, ані Оруэлу і ня сьнілася такая бібліятэка — абавязковыя 10 хвілінаў штодня, індывідуальныя кабінкі замест агульнае чытальнае зале, і напрыканцы — непазьбежная ўтылізацыя.

Здаецца, яны не чыталі Рабле, але...

Можна зразумець роспач сіценскай бібліятэкаркі, пенсіянеркі Людмілы Пятроўны, якая скардзіцца: «Раней жа ў нас 5 тысячаў тамоў было — а цяпер некалькі соцень. Разьбіраюць і не вяртаюць. На самакруткі скурваюць іх, ці што?..»

Ці што, Людміла Пятроўна, ці што.

І застаецца ў выніку ў сіценскай бібліятэцы няпоўны Збор твораў Леніна, Маркса, рэшткі фундаментальных савецкіх серыяў накшталт «ЖЗЛ» ды «Замежная літаратура», «Васёк Трубачоў», «Паўка Карчагін». Беларуская літаратура захоўваецца крыху лепей (пэўна, у прыбіральні чытаецца тугавата) — Крапіва, Чорны, Караткевіч. Ёсьць нават «Таямніцы полацкай гісторыі» Ўладзімера Арлова.

Але ўсё гэта — тоўшчай на дальніх пыльных паліцах. На самым бачным месцы (там, дзе раней быў чырвоны куток), вокладкамі навонкі, быццам піраміда чакалядак ці кансерваў у сельпо, — «Дзяржаўная ідэалогія». Тут, натуральна, ніякіх табе сяброў СБП. Афіцыйная біяграфія Аляксандра Рыгоравіча, глянцавы агітпрап «Мы — беларусы», тлумныя тамы пра інтэграцыю з Расеяй. Калі бярэш у рукі які-небудзь з гэтых нарожных камянёў сучаснай, так бы мовіць, нацыянальнай дзяржаўнасьці — Людміла Пятроўна войкае і сумятліва бяжыць папраўляць, каб піраміда раптам ня рухнула. «А газетныя падшыўкі ёсьць?» — пытаюся. «Канечне», — выкладвае бібліятэкарка «Советскую Белоруссию» і тутэйшы «Полацкі весьнік». Зьвяртаю ўвагу, што раёнка месцамі папсаваная. «А, гэта з райвыканкама загадалі сьпісы ўчастковых камісіяў з усіх мінулых выбараў выразаць і ім адправіць». Ага. Вось, значыцца, як.

Вяскоўцы наведваюцца ў сіценскую бібліятэку параўнальна часта (апроч «Первого канала», «максімкі» і суботніх танцаў зь дзяжурнай бойкай забаваў тут небагата) — штодня чалавек па пяць-сем. Першае, што пытаюцца, — дэтэктывы. Маецца на ўвазе pulp fiction данцовых-варанцовых — «Фінал краба» таварыша Чаргінца браць чамусьці ня хочуць. Інжынеры ды майстры просяць адмысловую літаратуру, прысьвечаную лясной гаспадарцы. Астатняе бяруць гады ў рады.

Гісторык Андрэй Катлярчук напісаў мне, што яшчэ ў ХУП-ХУШ стагодзьдзях у беларускіх вясковых бібліятэках можна было трапіць на цудоўныя зборы замежнай літаратуры на некалькіх мовах.

На пачатку 3-га тысячагодзьдзя бібліятэка ў родных краях Еўфрасіньні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага ня мае ані Бібліі, ані слоўнікаў, ані інтэрнэту. Затое зь перадавіцы «Саўбелкі» ў падшыўцы ганарыста пазірае «дыямэнт» Нацыянальнай бібліятэкі — агромністая спаруда, напханая камуністычным ды расейскамоўным чытвом, куды людзі заходзяць хіба што падзівіцца на грандыёзныя перакрыцьці са шкла ды бетону. Паводле сьведчаньня наведнікаў, амаль пустая. А чаму б не паставіць у тых беларускіх бібліятэках, куды людзі ўсё яшчэ ходзяць, хаця б па адным камп’ютары, падлучаным да інтэрнэту, — і плату за карыстаньне пускаць на набыцьцё новых кніг?.. Апроч іншых выгодаў — электронныя тэксты прынамсі не прападуць у чорнай дзіры.

Уладзімер Арлоў прывёз у Сітна колькі кніг зь бібліятэкі Саюза пісьменьнікаў, наваполацкая літаратарка Ірына Жарнасек — каталіцкія часопісы, «Бацькаўшчына» пераправіла серыю кніжак са свайго выдавецтва. Дамовіліся, што перадам у школу падчас месячніка беларускай культуры, ладжанага мясцовай суполкай ТБМ. Падрыхтаваў каля сотні тамоў хрысьціянскай і беларускай літаратуры са сваіх або падараваных кніг і для Людмілы Пятроўны. Адзінае, трэба будзе яе папярэдзіць, каб не выдавала дахаты.

Якую ролю выконваюць цяпер вясковыя бібліятэкі ў Беларусі? Бясплатнага складу туалетнай паперы? Мясцовага інфармацыйнага цэнтра артадаксальнага марксізму і ваяўнічага атэізму? Установы, якая дапамагае жыхарам забіваць час?..

Занядбаньнем Бібліятэкі, непавагай да кнігі і ўвогуле сваёй хлусьнёй дзяржава культывуе недавер і нават грэблівасьць да друкаванага слова. Людзі ня вераць кнігам (аказваецца, Ленін — такая ж фантастыка, як і Гары Потэр), ня вераць газетам, ня вераць указам ды дырэктывам. А непавага да напісанага чорным па белым, у сваю чаргу, разбурае падмуркі самой дзяржавы. Культуру. Адукацыю. Закон. Тое, што нашчадкі Скарыны на ягонай радзіме падціраюцца друкамі, насамрэч сьведчыць пра руйнаваньне 500-гадовай цывілізацыі.

Дзе-небудзь у Пакістане ці Інданезіі знаходка вырваных старонак з Карана адразу выклікае шматтысячныя маніфестацыі пратэсту. А ў Малым Сітне на нашае з майстрыцай пытаньне: хто скарыстаў прынесеную евангелісткамі кніжку з цытатамі зь Бібліі?! — работнікі абыякава цепаюць плячыма: тае бяды...

Адной з надзённых задачаў новай улады ў Беларусі будзе паўсюдная адбудова, упарадкаваньне і мадэрнізацыя бібліятэк і напаўненьне іх хрысьціянскай, патрыятычнай, беларускамоўнай літаратурай.

Новай Беларусі давядзецца пачынаць з таго ж, з чаго паўтысячы гадоў таму пачынаў палачанін Скарына. З Кнігі кніг. Зь бібліятэк Бібліі.

Бо на пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам, як напісана ў Евангельлі паводле Яна 1:1.

Бібліятэка любое еўрапейскае нацыі вам пацьвердзіць, што менавіта з гэтага Слова пачынаецца нацыянальнае абуджэньне.


ЗНАЙСЬЦІ МУЖЫКА

У Малым Сітне асабліва ясна разумееш, чаму Лукашэнка просіць падтрымкі ў жэншчын. Справа ня ў тым, што жанчыны складаюць большасьць насельніцтва Беларусі. І нават ня ў тым, што ў асноўным яны галасуюць за таго, паводле вызначэньня папулярнай савецкай песенькі, сапраўднага мужчыну, які гуляе ў

хакей. Рэч у тым, што ўласна мужчыны ў нас у краіне — ужо даўно вялізны дэфіцыт.

Здавалася б, дзе яшчэ шукаць у Беларусі «мужоў моцных», як не на радзіме Ўсяслава Чарадзея, Андрэя Полацкага і Францыска Скарыны, у вёсцы, лясным ды азёрным краі паляўнічых, рыбаловаў і змагароў за волю? Калі ўжо ня рыцараў ці джэнтльменаў — дык хаця б проста нармалёвых мужыкоў?

Але на сіценскіх мужыкоў глядзець шкада. Што і казаць, калі нават у поўных сем’ях тут жонка піша заяву на аліменты, каб спагнаць з мужавага заробку з дапамогай участковага прынамсі нейкую суму?.. Калі ісьці на выбары супраць старшыні сельсавета ў Сітне (дарэчы, таксама жанчыны) пагадзіліся адны жанчыны? Калі з п’янкамі, злоўжываньнямі і крадзяжом лесу ў прамгасе змагаецца хіба што выпускніца вучэльні майстрыца Вікторыя Віктараўна (мужчыны з такой працы проста зьбягаюць)? Калі нават у ТБМ ды МФ тут запісваюцца дзяўчаты, а хлопцы сарамліва аднекваюцца: «Я ў палітыку ня лезу»?

Пэўна, толькі гены Еўфрасіньні ды Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, што ў апошнюю вайну вынесла з поля бою сотні параненых, а сама засталася бяз рук і ног, ратуюць Полаччыну... Ды ці яе адну? «Грубая мужчынская праўда» заключаецца ў тым, што жанчыны вымушаныя працаваць на эстакадзе, узворваць палеткі, калоць дровы, браць на сябе ўсю адказнасьць за сям’ю і лёс цэлых вёсак. І, як той казаў, ані табе сьлёз, ані сантыментаў.

Узгадваю размову з адным балгарынам, які прыязджаў сюды дзеля абмену досьведам у справе «аксамітных рэвалюцыяў» — у свой час ён быў актыўным удзельнікам вулічных выступаў, што зрынулі спачатку камуністаў, а затым і іхніх спадкаемцаў — сацыялістаў. «Праглядаў запісы ўсіх вашых апошніх дэманстрацыяў — казаў мне ён, — і нічога не разумею. Чаму ў вас наперадзе заўсёды ідуць дзеці? У нас студэнтаў, а тым больш школьнікаў запіхвалі паглыбей у калону — тут жа справа сур’ёзная. Тое самае ў грузінаў, азербайджанцаў, сербаў... Увогуле, дзе вашыя мужыкі?»

І праўда: увогуле, дзе нашыя мужыкі?

Мужчынскія ўчынкі ў сёньняшняй Беларусі — зьява настолькі рэдкая, што кідаецца ў вочы. Вось Аляксандр Казулін галадуе больш за месяц. Вось Аляксандр Мілінкевіч, запісаны ў ініцыятыўныя групы больш як 200 апазіцыйных кандыдатаў, езьдзіць па ўсёй краіне і добрасумленна зьбірае подпісы. Вось Мірон уздымае чарговы бел-чырвона-белы сьцяг па-над Віцебскам. Маладафронтаўцы, у якіх перасаджалі ўсіх лідараў, пад пагрозай 193-га артыкула Крымінальнага кодэкса працягваюць акцыі пратэсту і выходзяць на плошчу.

Беларусь — краіна хрысьціянская, і таму патрыярхальная. Мужчына — кармілец і абаронца, апірышча сям’і і лідар грамадства. Калі цяперашнія мужыкі не адчуваюць роднае зямлі пад нагамі і Госпада Бога па-над сабой, сьпіваюцца, губляюць волю і гонар, ператвараюцца ў мэблю ва ўласнай хаце — гэта разбурае і сям’ю, і працу, і нацыю.

Беларусі наканавана трымацца на моцных мужчынах. Бо «жонцы галава муж» і «кожнаму мужу галава — Хрыстос» (Да Карынфянаў 11:3).

На жанчынах Беларусі ня выцягнуць. Горы работы і нетры занядбанага багацьця, вяршыні творчасьці і далягляды духу, вуліцы і начныя дахі чакаюць сапраўдных беларускіх мужчынаў.

Мужыкі! Досыць сьпівацца, лайдачыць і хавацца па кухнях. Пад’ём!

Гэта нашая рызыкоўная, руплівая, цяжкая мужчынская справа — нацыянальнае абуджэньне.


ІНТЭРНАТ

Здалёк сіценскі інтэрнат нагадвае вялікую вясковую хату: доўгі драўляны барак з двума ўваходамі, па дзесяць вокнаў з кожнага боку. Збудаваны ў 1961-м, у год палёту Гагарына і хрушчоўскай грашовай рэформы, сьпярша ён прызначаўся для прыезджых работнікаў леспрамгаса; пазьней, за Машэравым, сюды пачалі засяляць «хімікаў». Першы за 45 гадоў рамонт зрабілі толькі летась — надалі цывільны выгляд некалькім «хімічным» пакоям акурат перад маім прыездам — а начальства з аб’яднаньня, напалоханае чуткамі пра візіт нейкага важнага зэка зь Менска, завезла сюды раскошныя ложкі з уласнай мэблевай фабрыкі.

У нашай частцы інтэрната чатыры пакоі. У адным жывуць майстрыца з мужам, у іншых двох — «хімікі», і адзін пакой зарэзерваваны за міліцыянтамі, якія падчас падзеяў у Менску наладжваюць тут «ганаровую варту». Увогуле, міліцыянты — участковы, супрацоўнікі полацкага райаддзела або ветрынскае сьпецкамендатуры — завітваюць у інтэрнат рэгулярна. Прычынаю таму, апроч менскіх, віцебскіх і замежных гасьцей, нефармальны статус інтэрната як тутэйшае «маліны». Вясковыя алкаголікі, беглыя «хімікі» і асобы бяз вызначанага месца жыхарства штовечар цягнуцца сюды, бо тут можна каўтнуць «максімкі» пад блатны шансон, радзей — закусіць і нават, калі пашэнціць, пераначаваць на адным ложку зь якой-небудзь сіценскай прынцэсай.

Паколькі санвузел у інтэрнаце не прадугледжаны, шматлікія «госьці» нападпітку, як іх ні выхоўвай, спраўляюць малую патрэбу проста з ганка або пад вокнамі (добра, што па вялікай хаця б адыходзяць за плот).

Узгадваю інтэрнаты, дзе даводзілася жыць раней. Рабочы ў Барані, пад Воршай, дзе бацькі з трыма дзецьмі туліліся ў адным пакойчыку. «Алімпіядныя» ў Наваполацку і Менску, дзе школьная эліта — выдатнікі! — дапаўшы да волі, жлукціла гарэлку і зацягвала пад гітару мацерныя песенькі. Студэнцкі на прасьпекце Машэрава (калі ў ім у 70-х гадох мінулага стагодзьдзя жылі бацькі, гэта была яшчэ Паркавая; цяпер, калі жывуць нашыя наступнікі, — Пераможцаў), дзе «афганцы» ўвесь час біліся зь «юрыстамі», а потым прыязджалі «географы» і ўкладвалі на падлогу ўсіх без разбору, улучна з камендантам; дзе курсанты Акадэміі міліцыі ўначы трэніраваліся выносіць дзьверы, і калі ў пакоі аказваліся хлопцы — яны мусілі за свае грошы бегчы па гарэлку ў бліжэйшы «начнік», а калі дзяўчаты — піць ды гуляць да раніцы з будучымі ахоўнікамі правапарадку.

Узгадваю і думаю, што па-іншаму, пэўна, у інтэрнаце і не бывае. Не свая ж хата, у рэшце рэшт.

Каля паўмільёна насельнікаў Беларусі дагэтуль жыве ў інтэрнатах. А калі дадаць яшчэ і тых, хто здымае пакоі або кватэры... Тых, хто займае дзяржаўныя «квадратныя метры». Дзясяткі тысячаў беларусаў усё сваё жыцьцё ад народзінаў да сьмерці пражываюць вось так, паміж агульнай кухняй і пропускам на вахце. Адсутнасьць уласнага дому — прычына многіх дзівосаў псіхалогіі. Тыповыя насельнікі інтэрната і да жыцьця ставяцца як да чарговага жытла, у якім пасьля іх застанецца хіба што пыл за спружынным ложкам ды пара пустых бутэлек.

Дый сама цяперашняя Беларусь пасярод Еўропы штогод усё больш нагадвае сіценскі інтэрнат: вакол свойскія хаты, сады ды гароды, а тут — камуналка, камендант замест гаспадара, праблемы, скандалы, міліцыя, і наведнікі — то які-небудзь мясцовы Іран, то тутэйшая Венесуэла.

Апошні барак сацлагера, кажучы моваю застою.

Ва ўсёй Еўропе ўласны дом — прадмет асаблівага гонару; у сучаснай жа Беларусі — найперш прадмет падазрэньняў (пачынаючы ад катэджаў за акружной дарогай і да дома Домаша). «Жыльлёвае пытаньне» ў нас працягвае па-савецку разбураць, а не будаваць людзей.

Вось жыхарам беларускага інтэрната Брусель прапануе еўрарамонт. Гатовы зрабіць з барака гатэль. Адно некалькі ўмоваў: прыбірацца ў хаце, не буяніць, перастаць хадзіць па патрэбе пад вокны — словам, паводзіць сябе, у еўрапейскім разуменьні, як дома. Ды для завадатараў сіценскага інтэрнацкага «парадку» і для цяперашняга рэжыму значна цікавейшае пытаньне — а ці будзе ў гэты гатэль, так сказаць, у належных аб’ёмах дастаўляцца з Расеі гаручае?..

І ўсё ж беларусы, якія ўжо даўно абжылі інтэрнат, ня хочуць заставацца жыць у інтэрнаце.

Беларусі патрэбен Дом.

А падмурак для ўтульнага Дома на дзесяць мільёнаў чалавек у цэнтры Еўропы — гэта нацыянальнае абуджэньне.


ДОМ ЛЯ ПАГОСТУ

Маласіценскі сельскі Савет стаіць на ўскрайку могілак. З вокнаў відаць хіба што зарослыя стагадовымі хвоямі ўзгор’і, дзе ляглі ў зямлю пакаленьні вяскоўцаў. Насупраць увахода — стандартны савецкі абеліск над брацкім пахаваньнем часоў Другое сусьветнай вайны. Раней там стаяла царква, разабраная на бліндажы ў 1943-м.

Цяпер жа вакол галоўнага на бліжэйшыя тысячу квадратных кіламетраў дома — магільная ціша. Цагляныя сьцены з арнаментам па перыметры, музейнага выгляду чырвоныя шыльды, а наверсе, як, памятаю, жартаваў у пачатку 1980-х бацька, самотна матляецца загадка: «Зімой і летам адным цьветам (гэта сьцяг над сельсаветам)».

Адчуваньне пакінутасьці ўзмацняе і тое, што ў вокнах амаль ніколі няма сьвятла. Нехта зь сельскага выканкама забяжыць удзень, старшыня пасядзіць гадзінку-другую... Наведнікі заходзяць вельмі рэдка — няма сэнсу. Паказальны фурор, які зрабіла нядаўняя поўная, ва ўсе восем вокнаў, вечаровая ілюмінацыя сельсавета. Рэакцыя сіценцаў была такой, быццам у цэнтры вёскі раптам адкрыўся «Дыснэйлэнд». «Што за сьвята?!» — «Ды выбары ж хутка, сядзяць, нешта хімічаць» — «А-а-а. выбары.»

У гэтым месцы гутарка звычайна абрываецца, і вяскоўцы губляюць усякую ахвоту яе працягваць. А ці можа быць інакш, калі кандыдатаў у той сельсавет тут ніколі не вылучалі, альтэрнатыўнага галасаваньня ніколі не было? А на апошніх «выбарах» дзясяткі сіценцаў, што пазначылі ў бюлетэнях Мілінкевіча, хадзілі і перапытвалі: а дзе нашыя галасы? Калі ад любое патрэбы вяскоўцаў сельсавет адхрышчваецца — «няма грошай»? Калі першым і адзіным абаронцам сельсавета ў вёсцы аказалася старшыня гэтага самага сельсавета?..

«Ага, купілі ў Савет машыну. Дык толькі старшыня на ёй па сваіх справах езьдзіць». «А колькі ў іх, сельсавецкага начальства, дома камп’ютараў ды бытавой тэхнікі, бачыў?!» «“Максімкі” або брагі — на кожным рагу, сьпіваецца вёска!» «Ліхтароў па вёсцы няма, памыйкі паўсюль, ніхто не штрафуе!» «Агульныя студні нячышчаныя стаяць, а грошы на гэта зьбіралі!»

Вяскоўцы ня ведаюць, што, паводле Закона аб мясцовым самакіраваньні, сельсавет:

— распараджаецца землямі, нетрамі, водамі, лясамі, паляўнічымі і рыбалоўнымі ўгодзьдзямі, а таксама камунальнай уласнасьцю адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі;


— атрымлівае ўвесь падаходны падатак, які сплачваюць на ягонай тэрыторыі фізічныя асобы;


— уводзіць мясцовыя падаткі, зборы і мыты, зьбірае штрафы;


— стварае пазабюджэтныя, рэзервовыя і валютныя фонды;


— разьмяркоўвае паводле ўласнага разуменьня рэшту, якая застаецца пасьля выкананьня бюджэту...

Вядома, у большасьці выпадкаў на ажыцьцяўленьне ўсіх гэтых паўнамоцтваў сельсавет мусіць атрымаць «дабро» з раёна. Але нават і пры гэтай вертыкальна-каманднай сістэме здольны гаспадар, як павялося з савецкіх часоў, «выбівае» з райвыканкама ўсё, што трэба.

Аднаго падаходнага падатку з рабочых леспрамгаса штомесяц атрымліваецца 2-2,55 тысячы даляраў! А яшчэ ж на тэрыторыі сельсавета некалькі лясьніцтваў. Чыгунка. Крамы. Пошта...

І дзе грошы, як той казаў?!

Сярод двух дзясяткаў вяскоўцаў, апытаных перад кампаніяй «мясцовых выбараў», жаданьне адкрыта выступіць супраць «максімкі», разьбітых дарогаў, паўсюдных сьметнікаў і гідры карупцыі выказалі сямёра.

Загадчыца гаспадаркі вясковага дзіцячага садка адмовілася пасьля гутаркі са сваячкай, у якой у 30-х гадох ХХ стагодзьдзя рэпрэсавалі бацьку. Фермер з бліжэйшага хутара думаў тры тыдні, урэшце спаслаўся на ўзрост і сказаў «пас». Былы «афганец», калі дайшло да афармленьня дакументаў, ня змог знайсьці ўласнага пашпарта.

Але тыя, хто дайшоў да рэгістрацыі, паводзінамі сельсавета былі шакаваныя. Кандыдатаў ад народа ў выбарчай камісіі сустрэлі... ухвальнымі вітаньнямі і гарачай гарбатай. «Вось-вось, менавіта вас мы і хацелі прапанаваць!»

Сельсавет у апошні момант зьняў сваіх вылучэнцаў у Малым Сітне і Алешчы па тых акругах, дзе зьбіраліся ісьці народныя ад леспрамгаса, чыгуначнай станцыі і сіценскай школы, — і пачаў актыўна «акучваць» апошніх. Савецкая ўлада ўхілілася ад адкрытага супрацьстаяньня і зрабіла стаўку на перацягваньне апазіцыі.

Дзе ж рэвалюцыйны запал нашчадкаў бальшавікоў? Дзе спаборніцтва, прадугледжанае сістэмай волевыяўленьня? Дзе тая падаўляючая сіла наменклатуры, калі кавалак улады аддаецца бяз бою «чужым», якія толькі праявілі жаданьне?

Шкада толькі — тых ахвотнікаў аказалася замала, каб узяць у сельсавеце большасьць.

Праўда, старшыню дэпутаты ў нас выбіраюць толькі па прадстаўленьні райвыканкама і ў выпадку, калі не прагаласуюць, сельсавет распускаецца — але паводзіны нізавое наменклатуры ох якія паказальныя.

Савецкая ўлада ў вёсцы адмірае, гэта факт. Для Галіны Дзьмітрыеўны пытаньне ўжо ня ў тым, каб трымаць пад кантролем навакольле, а ў тым, як дасядзець да пенсіі.

Дом ля пагосту нагадвае сядзібу з прывідамі. Улада быццам бы ёсьць, а быццам і няма, і старшыня сельсавета дама ў чорным — персанаж амаль легендарны: у хатах яе бачаць раз на некалькі гадоў, калі перад чарговымі «выбарамі» надыходзіць час зьбіраць у бабулек подпісы за Лукашэнку.

Дом ля пагосту паціху асядае і растрэскваецца. Так і ўяўляецца праз тыя чатыры гады каробка з пустымі вокнамі на ўзор «вымяральніцкага» інтэрната, а потым і руіны, што паволі пераходзяць у могілкі.

Беларусі не патрэбны мёртвы сельсавет з прывіднай уладай і сцэнамі маўчаньня ў чаканьні рэвізора з вобласьці. Савецкая ўлада зрабілася рытуальнай. Беларусь памірае без жывога мясцовага самакіраваньня — са сходамі й дэбатамі, тэндарамі й сапраўднымі выбарамі.

Беларусі патрэбная не стабільная магільная ціша, а нацыянальнае абуджэньне.


САБАЧАЕ ШЧАСЬЦЕ

Вось ужо некалькі тыдняў наведнікаў сіценскага інтэрната сустракае шматгалосы віск ды скавытаньне з-пад ганка. Якраз на сьвяты ў дашчанай скрынцы з прыступкамі ашчанілася дварняжка Мільда.

Нягледзячы на бадзяжны выгляд, рост 30 сантыметраў і вагу кіляў пяць, Мільда — псіна баявая. Службовая. Рабочы Сяргей, які вартуе на лесапавале тралёвачныя трактары, бензін ды вагончык зь лесьніковым снадзівам, заўжды бярэ Мільду з сабою. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі гаспадар глушыць «максімку» або адсыпаецца, задача Мільды — гаўкаць пры набліжэньні чужых ці начальства, а раніцай — будзіць Сяргея да прыезду вахтоўкі. На Каляды, убачыўшы ў сваёй карацупы добрае бруха, вартаўнік кінуў яе ў вёсцы.

У маразы Мільдавы шчанюкі наўрад ці б выжылі, але дзякуючы еўрапейскай зіме бадзёра пішчаць. Цяпер Мільду, якую раней пінком адганялі ад форткі, ласкава кормяць і «хімікі», і майстрыца, і вясковыя рабочыя. Цешацца ўсе — трэба меркаваць, да тае пары, пакуль з-пад ганка ня вылезуць чатыры ці пяць новых дварняжак.

Увогуле, сабакаў у Сітне больш, чым кароваў ды сьвіньняў, разам узятых. Апроч свойскіх, пераважна аўчарак, па вёсцы гойсаюць колькі дзясяткаў дзікіх — калматых, пярэстых, вялікіх ды маленькіх, невядома якое пароды. Шыльды «Асьцярожна: злы сабака!» тут ня маюць сэнсу: злы сабака ў двары — гэта само сабою (хаця вартаваць у большасьці хатаў няма чаго). Ані ў бацькавай Унорыцы на Дняпры, ані ў матчыным Лунінцы столькі сабакаў ня бачыў.

Увечары дзікія сабакі Сітна ператвараюцца ў сапраўдных валадароў вёскі. Некаторыя гаспадары спускаюць сваіх азьвярэлых братоў меншых з ланцугоў— і ў выніку ў сельсавет штотыдня трызвоняць напалоханыя або пакусаныя жыхары.

Абмяжоўваюць колькасьць сіценскае зграі хіба начныя ваўчыныя рэйды ў моцныя маразы — бывае, рэжуць нават аўчарак на падворках.

Харчуецца ўся папуляцыя на вясковых сьметніках, ад чаго памыйныя кучы набываюць надзвычай маляўнічы выгляд. Найвялікшае ў вёсцы сабачае шчасьце разьмяшчаецца якраз за нашым інтэрнатам — апроч «хімікаў» ды рабочых, у яму ў 50 метрах ад барака зносяць адкіды жыхары суседніх дамоў. У выніку, як ты ні закопвай пакункі са сьмецьцем, за ноч сабакі растрыбушаць усё да апошняга шматка. Уяўленьне такое, быццам тут выбухнула бомба, начыненая памыямі, пакінула глыбокую варонку, а ўдарная хваля разьнесла бляшанкі, цэлафан, паперкі ды невядомую клятчатку.

Часам здаецца, што сабакам у Сітне жывецца лепш, чым людзям. Калі чуеш, як п’яныя вяскоўцы брэшуць на сваіх дзяцей, бачыш, зь якой сабачай прагай малыя зь «ненадзейных» сем’яў кідаюцца на тую пячэніну ці цукерчыну або як школьнікі сігаюць за плот ад вялізнага барбоса, спушчанага з ланцуга, — думаеш, што сабакам тут якраз пашанцавала.

Задаволена павіскваюць Мільдавы шчанюкі, аб’ект усеагульнае ўвагі ды клопату. Мітусяцца вакол людзі. Глядзіш на такую рэдкую ў гэтых краёх чалавечую ласку, пяшчоту, ціхую радасьць — і згадваеш, што вось гэты вясковец, які, пацмокваючы, падкладае Мільдзе костку, нядаўна выгнаў на вуліцу сужыцельку зь дзіцём; кабеціна, у якой аж вочы сьвецяцца каля тых шчанюкоў, пазбаўленая бацькоўскіх правоў за хранічны алкагалізм; а мужык, што пачухвае дварняжку за вухам, адбывае «хімію» за нявыплату аліментаў.

І ўсё-такі: гэта любоў.

...На Раство да мяне прыязджалі пратэстанты-прадпрымальнікі зь Менска. Пачаставалі на вуліцы параю мандарынаў тых дзетак, убачылі, як зьбегліся астатнія, ды, пакінуўшы 50 тысячаў, папрасілі павіншаваць усіх малых у Малым Сітне. Мне кінулася ў вочы адно: і загадчыца сельпо, у якой закупаў цукеркі, печыва ды садавіну, і супрацоўніца дзіцячага садка, і настаўніца ў школе, якім адносіў ласункі з просьбай раздаць на Раство «ад евангельскіх хрысьціянаў», і бацькі на ёлцы — апускалі вочы.

Значыць, няёмка. Сорамна.

Значыць, ёсьць надзея, што ня вытаптаныя, ня згаслыя канчаткова агменьчыкі сумленьня і спагады ўрэшце разгарацца. Што беларусы адчуюць любоў Божую, любоў да блізкага свайго, да братоў — і большых, і меншых... Што адшукаюць яны шлях да Вялікага Чалавечага Шчасьця. Шлях, якім ёсьць нацыянальнае абуджэньне.


ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАЯНЬНЕ

— Ну што, раскайваемся? — намесьнік начальніка сьпецкамендатуры выпрабоўна прымружыўся, узважыў на руцэ маю асабовую справу з аркушыкам атэстацыі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і агледзеў прысутных чальцоў камісіі. — Прызнаём віну, становімся на шлях выпраўленьня — і на свабоду, так сказаць, з чыстым сумленьнем...

Прагучала двухсэнсоўна — нібыта самі міліцыянты сабраліся перад судом ды вырашаюць прызнавацца ў парушэньнях закону.

Давялося нагадаць «жандару», што менавіта пытаньне аб пакаяньні будзе першым, якое незалежны суд у дэмакратычнай Беларусі задасьць усім супрацоўнікам «органаў», што ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях у перыяд дыктатуры.

І з маральнага, і зь юрыдычнага гледзішча пакаяньне — кульмінацыйны момант у драме злачынства і пакараньня. Мяжа. Маладафронтаўцам, якіх нядаўна арыштаваў КДБ, гэтаксама прапаноўвалі напісаць пакаянныя лісты. Зь іншага боку, з пакаяньня, ужо перад сябрамі, пачаў «агент “Вектар”», студэнт праграмы Каліноўскага.

Цяпер у Беларусі багата кажуць пра нацыянальнае яднаньне, супольную абарону незалежнасьці, супрацоўніцтва апазіцыі ды ўлады. Справа, як паказвае досьвед «Салідарнасьці», гістарычна апраўданая — і найлепш з усіх гэта сфармуляваў у сваім вядомым лісьце Аляксандр Мілінкевіч.

Так, разбойнік сапраўды можа раптам зрабіцца праведнікам, разбуральнік дзяржавы — яе будаўніком, а былы фарысей — апосталам. Уся Біблія і гісторыя хрысьціянства сьведчаць не адно пра магчымасьць, але і пра пэўную заканамернасьць падобных ператварэньняў. Урэшце, кожны грэшнік, прымаючы Ісуса Хрыста, атрымлівае ачышчэньне ад граху... і права на Валадарства Нябеснае. Ёсьць толькі адна ўмова — Пакаяньне. Шчырае, ад сэрца. І — дзея, што пацьвярджае такую шчырасьць: «Прынясеце ж годны плод пакаяньня!» (Мацьвея 3:8). У іншым выпадку гэта гульня або ваенная хітрасьць, якая рана ці позна вядзе да краху.

Заўважце, у розных інтэрв’ю для еўрапейцаў нейкае падабенства прызнаньня віны (маўляў, наша памылка — ляцелі на адным крыле) гучыць. Хаця бясконцыя скандалы, прапагандысцкі бруд і Дразды вымагалі б яўна чагосьці грунтоўнейшага. А вось пакаяньня перад уласным народам — нават не канкрэтнага спавяданьня ў злачынствах (таптаньне закону, фальсіфікацыі, зьнікненьні, рэпрэсіі, русіфікацыя, прыніжэньне беларускай мовы і культуры, апраўданьне бальшавізму і г. д.), а хоць бы агульнага — «Даруйце, людзі!» — Беларусь дагэтуль так і не дачакалася.

«Адліга», паварот, еўрапеізацыя? Ані.

Няма пакаяньня? Ня веру.

А калі не зьбіраецца каяцца ўлада — перад Богам мусіць прасіць прабачэньня за грахі ўся нацыя. Беларусь без пакаяньня за злачынствы рэжыму асуджаная на паўтарэньне рабства ды хамства, хіба што ў розных формах. Самому беларускаму грамадству ёсьць у чым каяцца за апошнія 13 гадоў. Маўклівая згода зь беззаконьнем. Патураньне злу. Лянота. Абыякавасьць. Адчай. Збаўленьне ад раку дыктатуры нават не ў судох ды люстрацыях, а менавіта ў духоўным ператварэньні народа: «Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне, а смутак зямны чыніць сьмерць» (ІІ да Карынфянаў 7:10).

Узор усенароднага пакаяньня — другая палова 1940-х гадоў у Нямеччыне. «Ніколі больш!» — аднадушна вырашылі немцы пасьля жудасьцяў нацызму. Касьцёлы і кірхі былі перапоўненыя. Адраджэньне разгромленае краіны, феномен магутнае нямецкае хрысьціянскае дэмакратыі ды нават ідэя аб’яднаньня Еўропы — адтуль.

Нацыянальнае пакаяньне ў свой час перажывалі ангельцы ды італьянцы, палякі ды японцы. Хвалі пакаяньня (такога, як пасьля Вялікай дэпрэсіі або в’етнамскай вайны) ад часу да часу пракочваюцца па ЗША— што перадвызначае духоўныя, а далей і палітычныя, эканамічныя і культурныя ўздымы Амерыкі. Уся гісторыя народа ізраільскага, апісаная ў Старым Запавеце, — гэта чаргаваньне духоўных заняпадаў, народнага пакаяньня — і наступнага росквіту.

Але калі пачынаеш размаўляць зь беларусамі Сітна пра пакаяньне, сутыкаесься з насьцярожаным і зьнерваваным неразуменьнем: «Каяцца?.. Нам?! Аза што?..» Бязбожжа, эпідэмія «максімкі», недагледжаныя дзеці, развал гаспадаркі?.. Разводзяць рукамі: «Жысьць такая».

Не зьмяніўшы людзей, мы ня зьменім Беларусі. Сэнс пераменаў — не ў перабудове сістэмы ўлады ці развароце замежна-палітычнай арыентацыі, а ў перамене людскіх сэрцаў. У веры, любові, маральнасьці і адказнасьці, якія выплаўляюцца ў сьлязох пакаяньня.

Нацыянальнае пакаяньне — брама нацыянальнага абуджэньня.


ЦЭНТР ЦЯЖАРУ

У любога паселішча ёсьць сэрца. Сэнсавы цэнтар. Месца, якое найбольш ясна выяўляе повязь гісторыі й сучанасьці і сьведчыць пра дух, што пануе сярод жыхароў.

У сэрцы Малога Сітна разьмяшчаюцца могілкі.

Не, на мапе ўсё прыгожа: геаграфічны план Сітна нагадвае сонца. Абапал кола, утворанага трыма галоўнымі вуліцамі, тоўпяцца сельсавет, крама, пошта, леспрамгасаўскі гараж, фельчарска-акушэрскі пункт ды абеліск з чырвонай зоркай (на тым месцы, дзе калісьці стаяла царква), а на прамянях-дарогах, што разыходзяцца ў розныя бакі, — рагі хатаў ды леспрамгасаўскія спаруды. Але ў самім сонечным коле — вялікі пагост. Так ці інакш усе вясковыя шляхі ды сьцежкі скрыжоўваюцца на могілках. Сьвяты масава адзначаюцца тут сама, за адмысловымі сталамі. Ды й галоўная вясковая будоўля цяпер тут: штогод да некропаля дадаюцца цэлыя кварталы пахаваньняў. І штаб мясцовае ўлады, і ўстанова аховы здароўя, і агмяні спажывецкае цывілізацыі, і індустрыйны ком-плекс асуджана пазіраюць, як пашыраецца сіценскі цэнтр.

Тым часам на саміх могілках ідзе стоенае змаганьне сімвалаў і сэнсаў: саўковага кшталту помнікі канкуруюць з усё больш пашыранымі крыжамі, а тут сама, наўзбоч (бо цэнтр жа!) раскладваюць тавар аўталаўнікі ды заезджыя гандляры.

У маленькім сэрцы Малога Сітна адбываецца ўсё тая ж нябачная бітва, што і ў сэрцах вялікіх беларускіх гарадоў.

За савецкім часам у цэнтрах местаў ды мястэчак панавала пустэча. Храмы, ратушы ды іншую ідэалагічна варожую архітэктуру руйнавалі, і чыгунны Ільліч пільна сачыў, каб утвораную сакральную пустку люд запаўняў толькі на афіцыйныя камуністычныя сьвяты — 1 траўня ды 7 лістапада. Калі ў еўрапейскіх гарадох цэнтр спрадвеку згруджаны, запоўнены, зьмястоўна моцны — у БССР было заведзена ганарыцца адсутнасьцю аўтамабільных затораў, найвялікшымі ў сьвеце плошчамі ды забаронай паспалітаму люду на гэтых плошчах зьбірацца. Да цяпер пустое савецкае сэрца да апошняе кроплі крыві бароніцца ад наступу офісаў, крамаў, кавярняў ды паркінгаў — і супраціўляецца аднаўленьню храмаў.

Так заўжды было ў пераходныя эпохі: гарадскі цэнтр ператвараецца ў цэнтр цяжару прыняцьця гістарычнага рашэньня.

І вось па ўсёй краіне распачынаецца сапраўдная вайна за дамінаваньне ў цэнтры. Ідзецца нават ня столькі пра цану квадратнага метра дарагое зямлі або прэстыж — гаворка пра тое, што надалей стане восьсю беларускага жыцьця.

У Віцебску на месцы царквы Параскевы Пятніцы, разбуранай бальшавікамі, плануюць будаваць забаўляльны комплекс. У Горадні пракладаюць каналізацыю праз падмуркі сярэднявечных храмаў і руйнуюць унікальныя будынкі дзеля будаўніцтва даходных муляжоў. У Берасьці зачыняюць «Стары Горад», што дамагаўся аднаўленьня гістарычнага места.

Але найбольш вострае сутыкненьне адбываецца цяпер у сэрцы Менска, у самай сярэдзіне Верхняга горада. Былы манастыр бернардзінцаў, адабраны ў Касьцёла пасьля паўстаньня Каліноўскага і за саветамі ператвораны ў архіў, цяпер зьбіраюцца перабудоўваць у гатэль. Вось ужо трэці год вернікі менскіх касьцёлаў ды грэка-каталіцкіх парафіяў штовечар а 19-й моляцца за вяртаньне сьвятыні. Менавіта гэтак — малітваю, постам і грамадскімі акцыямі — яшчэ ў камуністычнай Беларусі сьвятары ды вернікі дамагаліся вызваленьня Чырвонага касьцёла і катэдры. Але цяпер на месца ў менскім сэрцы прэтэндуюць не адно саўковы пыл ды шэрасьць, але яшчэ і элегантны грашавіты гламур — пяцізоркавы гатэль з казіно і саўнай. Скварка ў чакалядзе.

Супольная малітва, стаяньне ля сьценаў ды збор подпісаў за вяртаньне касьцёла Сьв. Язэпа — справа ўсіх беларускіх патрыётаў ды вернікаў усіх канфесіяў. Ацаленьне беларускага сэрца сёньня адбываецца менавіта тут.

Бо насамрэч змаганьне за сьвятыню ў цэнтры Менска — гэта змаганьне за сэрца кожнага беларуса. Вызначэньне, што ж запануе ў храме нашае душы.

Выгнаньне гандляроў з храма — 2000 гадоў таму з гэтага ўжо пачыналася адно нацыянальнае абуджэньне.


БАЦЬКІ, ДЗЕЦІ І СУДЗЬДЗІ

«Усе мы ведаем, што сістэма дрэнная, — усьміхаецца майстар, — але ж паспрабуй сказаць штонебудзь, калі кантракт на год, у цябе дзіцё, а іншай працы няма». — «Мы таксама супраць, але калі начальства прыязджае — маўчым, — падтаквае жонка чыгуначніка, — а я што, у мяне сын у Менск паступае». — «У іх улада, міліцыя, войска, суды, — завяршае сусед-«хімік», — вось і паспрабуй рыпніся».

«Каб хто-небудзь абараніў нас ды нашых дзяцей, — гучыць у падтэксьце, — пайшлі б за вамі».

Днямі мая маці атрымала пастанову аб звальненьні. Настаўніца найвышэйшае катэгорыі з 36-гадовым стажам, працавала і ў вёсках роднага Лунінецкага раёна, і ў Пагосьце ды Барані пад Воршай, і ў Віцебску; два гады да пенсіі — і вось, загад райана. Зуб на яе тачылі даўно: увесь час прынцыпова выступала на сходах, абараняла маладафронтаўцаў, якіх хацелі выдаліць са школы, займалася стварэньнем Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў Віцебску, удзельнічала ў выбарах ды назіраньні (дарэчы, у 2004 годзе з усёй ініцыятыўнай групы сабрала за мяне найбольш подпісаў — 600)... То бел-чырвона-белы сьцяг, скінуты з асьвятляльнае вежы амфітэатра міліцыянтамі, падбярэ, то нейкія падазроныя беларускія сьпектаклі паводле Караткевіча зь дзецьмі ладзіць, то шоу беларушчыны замест класнае гадзіны. На вясновых школьных вакацыях атрымала пісьмовы (!) дазвол на тыднёвую паездку ў Варшаву, дзе, апроч іншага, пахаваны мой прадзед, праваслаўны сьвятар; падрыхтавала дакументы, зрабіла замежны пашпарт... У апошні момант з райана патэлефанавалі і папярэдзілі: на Дзень Волі ніякіх паездак. Маці паехала.

Школьны прафкам, сабраны на тэлефанаваньне «згары», бурчэў: от, кіраўніцтва нашымі рукамі хоча такую настаўніцу выгнаць!.. Пабурчэлі, апусьцілі вочы — і прагаласавалі за звальненьне.

Здавалася б, чарговае пацьверджаньне ўсёмагутнасьці рэжыму.

Але назаўтра пасьля звальненьня з 27 бацькоў школьнікаў, што навучаюцца ў матчыным 5 «А», 24 падпісалі зварот у яе абарону. Самі школьнікі склалі ліст дырэктару. Віцебскія калегі-дэмакраты і праваабаронцы распачалі кампанію салідарнасьці. Дыпламаты даслалі запыт у Міністэрства адукацыі. Даведаўшыся праз інтэрнэт, ліст у падтрымку маці напісаў нават адзін зь яе колішніх вучняў, што зьехаў у Ізраіль. Знаёмыя вернікі пачалі метадычна абтэлефаноўваць школьнае начальства. І вось ужо ўся настаўніцкая чытае выразкі зь незалежнае прэсы ды раздрукоўкі зь сеціва і перашэптваецца: ага, найшла каса на камень!

У 16-гадовай школьніцы Насты Палажанкі, абвінавачанай у справе «Маладога фронту», звальняюць з працы бацьку, які адзін гадуе дзьвюх дачок. Крысьціну Шацікаву ды Ўладзімера Шылу пагражаюць пазбавіць бацькоўскіх правоў...

Дзякуй Богу, мы з бацькамі адзін аднаго падтрымліваем. Але ведаю, што многім маладафронтаўцам даводзіцца змагацца і з матчыным адчаем, і з бацькавай злосьцю. І калі на вуліцы Менска выходзяць тысячы юнакоў і дзяўчат, не дае спакою пытаньне: а дзе ж іхнія бацькі? Гэта ж так проста: быць побач са сваімі дзецьмі!

Наймацнейшая салідарнасьць — гэта калі бацькі за дзяцей, а дзеці за бацькоў. У час, калі Лукашэнка рыхтуе дзеля ўмацаваньня ўлады сваіх сыноў, а раённая наменклатура кварталамі скупае для нашчадкаў нерухомасьць у Менску, супрацьстаяць рэжыму здолеюць толькі дружныя беларускія сем’і. Пазьнякі й Вячоркі, Сіўчыкі й Хадыкі, Мілінкевічы ды Казуліны, Вольскія ды Арловы, Навумчыкі ды Шылы.

Рэжым гэта ведае, таму і б’е: дзяцей па бацьках, бацькоў па дзецях.

Прычым робіцца гэта ў афіцыйна абвешчаны Год дзіцяці.

А вось судзьдзя Таманаў, якому даручылі весьці працэс «Маладога фронту», адмовіўся судзіць дзяцей за тое, што яны хочуць свабоды, праўды і справядлівасьці: падаў заяву на доўгатэрміновы адпачынак у сувязі са станам здароўя. Незапэцканага ў палітычных рэпрэсіях Таманава хацелі ўключыць у рэжым — але судзьдзя, відаць, чытаў у школе «Маладую гвардыю». Як для судзьдзі ў сёньняшняй сітуацыі — сумленны выбар. Цікава, а што: у нас іншыя судзьдзі абсалютна здаровыя? А чыноўнікі? А генералы?..

Бацькі віцебскіх школьнікаў і судзьдзя Таманаў — не апазіцыянеры. Яны проста беларусы. І калі супраціўляцца рэжыму пачынае не адно апазіцыя, а паспаліты беларускі люд — рэжым асуджаны на паразу.

Падтрымаць сваё дзіця, бацьку ці маці; падпісаць зварот; не падняць руку, калі галасуюць за «палітычнае» звальненьне; прыйсьці на суд да маладафронтаўцаў або своечасова сысьці ў адпачынак па стане здароўя — гэта супраціў, на які здольны кожны. І паверце: у мільёнаў беларусаў ёсьць усе прычыны да такога супраціву далучыцца. Задача дэмакратаў — арганізаваць. Растлумачыць. Даць прыклад.

Калі за дзецьмі падымаюцца бацькі, калі супраць хлусьні і несправядлівасьці паўстаюць і стары, і малы; калі судзьдзі адмаўляюцца за гэта судзіць — значыць, ужо блізка нацыянальнае абуджэньне.


СВАБОДА

Свабода, як і ўсякі Божы цуд, прыходзіць неспадзявана. Свабода дае напоўніцу ўдыхнуць слодыч паветра, якое дагэтуль проста ня мела паху. І тая ж свабода абавязкова пакідае па сабе гаркавы прысмак.

Пасьля амаль двух гадоў абмежаваньня волі ўсьведамленьне, што заўтра ў Менск, адчуваньне пашпарта ў кішэні і шквал тэлефанаваньняў на мабільны, які нарэшце працуе, — уражаньні галавакружныя. Але разумееш: на «вялікай зямлі» чакае ўсё тое ж абмежаваньне волі, хіба што павялічанае ў маштабах, усё тое ж прыніжэньне, усё той жа рэжым.

Атрымаць свабоду ў пару, калі квітнеюць яблыні, вішні ды бэз, вядома, файна. Ды бачыць, што большасьць суайчыньнікаў даўно прамяняла гэтае паветра свабоды, гэты эфірны водар на волю п’янак, кірмашоў ды бяздумнага забойства часу, — проста балюча.

Выходзіш у сьвет якраз напярэдадні суду над маладафронтаўцамі ды Кангрэсу, дзе трэба падтрымаць Мілінкевіча, — і адначасна разумееш, што гэта абмен на мільённыя прэферэнцыі.

Свабода — гэта і абдымкі новапалачанаў на ганку суда, і бел-чырвона-белыя гвазьдзікі ад хрысьціянскай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек, і першае за два гады «вольнае» інтэрв’ю для Вінцэся Мудрова.

Адразу заходзіш у наваполацкую краму, каб адзначыць вызваленьне кубкам гарбаты. «Это что, водка по-польски?!.» Запаўненьне кнігі скаргаў, гістэрыка прадаўшчыцы і выкрык «фашыст!» у адказ на пажаданьне вучыць родную мову. Толькі ў чацьвёртым універсаме пасьля хвіліннае паўзы — «Чаю, что ли?..» Так, смак свабоды — гэта цяпер і смак тае самае гарбаты-з-чацьвёртае-спробы.

Згадваю, як у 1993-м, у 11-м класе, пасьля абласной алімпіяды па хіміі атрымаў у Полацкім універсітэце ад рэктара запрашэньне «ганароваму хіміку» паступіць без іспытаў. Праз 14 гадоў — усё тая ж «хімія», і ў судзе ў трох кроках ад таго ж універсітэта — выпісваньне «выпускнога дыплома» «за ўзорныя паводзіны».

Свабода — гэта і блішчастыя вочы нявыспаных маладафронтаўцаў, што а чацьвёртай ранку стракаюць на менскім вакзале. Свабода — поціскі моцных рук на Варвашэні/Машэрава, 8. Свабода — рух Мілінкевіча пасьля таго, як апазіцыйная бюракратыя абірае сваёй стратэгіяй «эвалюцыю», круглыя сталы ды дамовы з рэжымам.

«Свабода! Свабода!» — шчасьлівы роў моладзі перад будынкам Савецкага суда пасьля прысуду маладафронтаўцам: безь зьняволеньня! Але разам гэта і вялізныя штрафы, і новыя допыты, і чарговыя крымінальныя справы супраць лідара Салігорскага «Маладога фронту» Івана Шылы ды Баранавіцкага «МФ» Яраслава Грышчэні.

Як і спрадвеку, свабода застаецца і найвялікшым дабраславеньнем, і найбольшым цяжарам. Воля, хараство, марнасьць марнасьцяў і тамленьне духу.

Дзякую Богу за гэтую свабоду. І за два гады ў Малым Сітне, і за маіх любых няшчасных вяскоўцаў, за 1500 лістоў ды паўтысячы наведнікаў, за клопат бацькоў і падтрымку аднадумцаў, за нашаніўскія публікацыі і тое кшталтаваньне, той гарт, якое Госпад заўсёды дае ў выпрабаваньнях.

«Павел, безь Перамогі сюды не вяртайся», — казалі мне на разьвітаньне сіценцы.

Цяпер я ведаю: «Малады фронт» і аб’езд беларускіх гарадоў ды мястэчак, адкуль да мяне ліставалі і прыязджалі, і Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, і ўдзел у руху «За Свабоду!» — усё гэта цяпер дзеля таго, каб аднойчы вярнуцца ў Сітна зь перамогай.

Тысячу гадоў таму адсюль, з Полаччыны, пачалася Беларусь, еўрапейская і хрысьціянская. Мне гэты лес, гэты лёс быў дадзены, каб нарэшце адштурхнуцца ад дна і вярнуцца да сапраўднай, поўнай і найвышэйшай свабоды — нацыянальнага абуджэньня.

САМ-НАСАМ З БОГАМ

Калі Бог хоча сур’ёзна пагаварыць з табою сам-насам, Ён ня будзе тлумачыць нешта мімаходзь, напаўвуха, займаць паўгадзінкі твайго часу на кухні ці ў офісе, дзе ты думаеш адкупіцца мітусьлівай і наморшчанай малітвай, ня стане шпурляць наўздагон табе знакі ды цуды — Ён проста дасьць табе змарыцца ад уласнай сумятні да поўнага тамленьня духу, а потым моўчкі ўвойдзе і зачыніць за Сабой дзьверы.

І толькі тады, баючыся падняць вочы, ліхаманкава спрабуючы адкашляцца і зрабіць гатоўны выгляд, ты пачуеш гэтае непаўторнае, ні з чым не параўнальнае чакальнае і дакорлівае Божае маўчаньне.

Э-а... Госпадзе... Ну, Ты Сам усё бачыў, праўда?.. Што тут сказаць. Прабач, канечне. Прабач. Вядома, я мусіў сам здагадацца, у царкве раз на тыдзень як сьлед асабіста не паразмаўляеш. Тут было столькі справаў, Ты проста не паверыш...

Відовішча жаласнае, і, тлеючы ад сораму, разглядаючы мыскі ўласных ботаў, разумееш, што Яму ня гэтае ганьбішча трэба, не дзіцячае лепятаньне і не насякомыя ў тваіх мазгах. Ён ня выбаршчык, не журналіст, не дыпламат, не супрацоўнік унутраных органаў і не на добрыя міны пры кепскай гульні глядзіць.

Таму Ён маўчыць — і цярпліва чакае, пакуль ты перастанеш мітусіцца і нарэшце на патрабаваньне вертухая здымеш з шыі свой срэбны ключык у форме крыжа.

Госпадзе, Ты дакладна хочаш паглядзець маё сэрца?..

Нібыта з таго сьвету, чуеш сваё мармытаньне: здаецца, павінна быць больш-менш, прынамсі нічога страшнага. Ты ж быў зазірнуў пару дзён таму і маўчаў. Я і падумаў...

Божа, прабач...

Крыжык заядае ў заржаўленай ключавіне. Рукі трасуцца, дасадліва крэкчаш, спрабуеш павярнуць. і з затхлым душком здагадваесься, што насамрэч справы дрэнь, хоць і не адчыняй зусім. О не, не, Госпадзе, не дакранайся, ня трэба, я сам, са-ам!

Тут ужо ня зманіш — уласнае сэрца ўсё-такі.

Даруй, Божа! Сюды, канечне, ня тое што зайсьці, а і стаяць побач немагчыма. Што ж там так стухла?!. Зараз. Хто б мог падумаць, мг... Пастараюся дакапацца.

Сьцяўшы дыханьне, залазіш, сьпярша навобмацак, потым з галавою, жахаесься, клянеш сябе — і пачынаеш вывальваць, куды тут. Сьмярдзючыя грахі, нейкія шыльды і адсоткі ўперамешку з газетамі ды плакатамі. Падгнілая пыха і марнаслоўе, груды скамечаных, у нервовую клетку, размоваў з бацькамі, братамі і сёстрамі, тоны павышанага тону і шматкі неператраўленага сеціва, усе ў пляўках рэплікаў, разьвітаньні на вецер і раздражнёныя вокрыкі, маладушныя стогны; столькі сказанага і ня зробленага, столькі забытых і пакрыўджаных душаў, агульная разгубленасьць, нарэшце, суцэльная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця — ох, і правалы, ніяк ня выграбеш да дна.

А Ён проста стаіць перад табою, трывае і маўчыць, як маўчаў калісьці перад Пілатам. І ты разумееш, што Яму так балюча, і гарыш, і баісься зірнуць і ўбачыць у гэтым вечным маўклівым Позірку сьлёзы, сьлёзы!.. зь якіх ты ніводнай сьлязінкі ня варты.

І раптам, каўтаючы соль, ачомваесься ад званоў з пляца Волі.

Сабор. Ратуша.

Пранізьліва і мерна.

Раптам згадваеш, што ты ў самым-самым сэрцы Менска. Такое месца!

Колькі часу трэба яшчэ — месяц, год, дзесяць, — каб навучыцца з гэтага пачынаць, а не заканчваць?

І тады ты даеш абяцаньне пачаць усё зноў, і вырашаеш абысьціся бязь лішніх словаў — каб Нарэшце Пачуць ЯГО.

БЕЛАРУСКАЯ ГЛЫБІНЯ


I. БЕЛАРУСКАЯ ГЛЫБІНЯ

Ён адкрывае глыбокае і стоенае,

ведае, што ў змроку,

і сьвятло жыве зь Ім.

Данила 2:22

У турме адзін мудры чалавек сказаў мне: «Не пытай сябе ў няволі — “За што?”. Спытай — “Дзеля чаго?”».

Дзеля чаго Госпад дае табе крыж часу і прасторы, новы пачатак каардынатаў у жыцьці, новых людзей, новыя вобразы і падабенствы Свае? Чым ачысьцяць, адновяць і напоўняць яны тваё сэрца?

У параўнаньні з Малым Сітнам у Купліне сьвятлей. Раённыя Пружаны чысьценькія, вымеценыя, у кветачкі.

Больш сонца: як-ніяк, паўтысячы кіламетраў на поўдзень.

Сьвятлейшы лес — ня елка ды хвоя, а ясень, бяроза, таполя, дуб, клён. Сьвятлейшыя вочы — тут усётакі Заходняя Беларусь, няма сіценскага адчаю.

Сьвятлей ад жывое веры і мовы. Сьветла ў царкве — ад белых галоваў мужыкоў і дзяцей.

І глыбіня.

«Шырокая руская душа, — сказаў праз Івана Карамазава найглыбейшы расейскі пісьменьнік і беларус Дастаеўскі, чыё родавае гняздо Дастоева ў гадзіне язды ад Купліна, — я б звузіў».

Дык вось, наколькі расейская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая. Як беларуская пакута. Беларускае цярпеньне. Беларускае балота.

Беларусы, у адрозьненьне ад расейцаў, украінцаў, палякаў, — інтраверты, заглыбленыя ў сябе. Таму беларуская глыбінка — гэта не правінцыя. Багна? Бездань? Глыбіня.

Тут — патаемная глыбіня: пад Белавежскай пушчай у савецкія часы разьмяшчаліся стратэгічныя аэрадромы, нацэленыя на Еўропу. У самай такой беларускай глыбіні без адзінага стрэлу зруйнавалі найвялікшую імперыю зла: Віскулі у Пружанскім раёне.

Увогуле, гэта берасьцейскае навакольле паміж Палесьсем і Літвой, паміж Белавежай і Выганашчанскімі балотамі — Пружаны, Бяроза, Івацэвічы, Кобрын — глыбокае. Глыбокае, як род Сапегаў, чый замак у Ружанах уражвае падзем’ямі ў некалькі паверхаў, прызначанымі для вялікалітоўскіх скарбаў; як унікальны тэнар Міхася Забэйды-Суміцкага, ураджэнца тутэйшых Шэйпічаў; як тысячы народных мелодыяў са збору пружанца Рыгора Шырмы; як балады Андрэя Макарэвіча з «Машыны часу», чые дзяды з ваколіцаў Малеча; як 600 тамоў прозы Юзафа Крашэўскага, які калісьці валодаў Старым Куплінам; як хрыплы крык, вырваны з самага сэрца Ўладзіміра Высоцкага, чые продкі — зь Сяльца Бярозаўскага раёна; як верлібры Алеся Разанава (з таго ж Сяльца); як бас Анатоля Папанава, вязьня з «Халоднага лета 53-га» і Ваўка з мультфільма «Ну, пачакай!», чыя матуля перадала сыну непаўторна ёмісты тутэйшы выгавар; як кнігі Васіля Сёмухі з блізкага хутара Ясенец, асабліва калі чытаеш Слова Божае ў Сёмухавым перакладзе; як вера ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (мястэчка Поразава адсюль рукой падаць), аднаго з заснавальнікаў БНР і Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, таго самага ксяндза, што распачаў імшу па-беларуску і быў расстраляны ў Трасьцянцы гестапаўцамі ў ноч на Раство 1942 года; як веданьне Бібліі беларускімі баптыстамі, чыёй сталіцай ёсьць Кобрын; як удых волі Тадэвуша Касьцюшкі зь Мерачоўшчыны, за паўсотні кіламетраў адсюль; як мясцовыя тарфяныя балоты, у адным зь якіх, Гатча-Восаўскім, знайшлі адзінае ў Беларусі прамысловае радовішча бурштыну; як пружанскі антыалкагольны рух сялянаў 1846-1848 гадоў, што перакінуўся на суседнія губерні; як здрада Азэфа, ураджэнца вёскі Лыскава, кіраўніка баявой арганізацыі эсэраў, які арганізоўваў забойствы вышэйшых чыноў імперыі і адначасова «здаваў» паплечнікаў; і, урэшце, як бездань падзеньня курсу беларускага рубля пасьля сыходу пружанскага вылучэнца, Пятра Пятровіча Пракаповіча...

І вось Госпад дае акунуцца ў гэтую глыбіню — акунуцца разам з сотняй насельнікаў куплінскай «хіміі», наведнікамі і міліцыянтамі.

Глядзіш у вочы юным беларусам, у бяздонныя вочы пакаленьня незалежнасьці, бачыш будучыню, што пакутуе, п’е да анабіёзу, перакідаецца мацюкамі і мроіць пра шчасьце — і аж правальваесься, колькі тут глыбока роднага і глыбока чужога!

Дзеля чаго — ёсьць час падумаць. Час адкрыць новыя цуды ў звыклым, забытым і занядбаным.

І зразумець, што сёньняшнім нашым беларускім скрыжаваньнем часу і прасторы валодае не Лукашэнка і не Расейская імперыя, а Сам Госпад Бог.

8 верасьня 2011 г.


II. КАМЕНДА

...Прапаведаваць палонным вызваленьне,

сьляпым празрэньне,

адпусьціць спакутаваных на свабоду.

Лукі 4:18

Сьпецкамендатура № 7, або, прасьцей, каменда,— былая савецкая казарма ў колішнім вайсковым гарадку. Саўком, пахаваным дваццаць гадоў таму зусім непадалёк, у Віскулях Пружанскага раёна, тут тхне дагэтуль. Ужо на ўваходзе лёгкія да самых глыбіняў напаўняюцца камунальным духам агульнага карыстаньня, уласьцівым рабочым інтэрнатам ды маласямейкам. «Ленінскі пакой» з партрэтам Лукашэнкі, чырвона-зялёным сьцягам і гімнам пра гэты самы «радасьцісьцяг» нудзіць пылам старых тамоў эпохі застою, ад Чарнышэўскага да Чаргінца. У кухні па-над умывальнікам, калі возьмесься спаласнуць твар жаўцявай вадзіцай, б’е ў нос прысмак іржавага металу і крыві. Балотнае жалезьзе. «Хімія» з такім знаёмым савецкім пахам арганічна спалучаная з КДБ, вуліцай Карла Маркса, «лініяй Сталіна» ды іншым савецкім хлудам.

Каменда — двухпавярховы казённы дом з закратаванымі вокнамі; перад уваходам — дзьве альтанкі (камеры назіраньня выведзеныя ў дзяжурку). Тры дзясяткі пакояў: кабінеты міліцыянтаў, кухні ды інтэрнацкія пакойчыкі зьмяшчальнасьцю ад двух да сямі чалавек. Наш — на трох: ложкі, тумбачкі, стол. Сярод сотні асуджаных у асноўным маладыя хлопцы — берасьцейскія, баранавіцкія, пружанскія. Хтосьці за бойку, хтосьці за «хуліганку», хтосьці за нявыплату аліментаў. Людзі і размовы такія самыя, якія пачуеш у любым двары: маё пакаленьне, пра якое сьпяваў Вольскі (дарэчы, «N.R.M.» тут можна пачуць з мабільніка часьцей, чым чакаеш). Міліцыянты, у адрозьненьне ад жылістых «хімікаў», мужчыны мажныя і сабе наўме. Хтосьці пераконвае сябе, што змагаецца са злом; хтосьці стомлена гумарыць («Пясчаны кар’ер — два чалавекі!.. Калі нехта вырашыў выпіць — пакой нумар такі, увага! — і не запрасіў вас — чакаем у дзяжурцы»); хтосьці механічна афармляе «нарухі» (парушэньні) з прычыны п’янкі або ўцёкаў дахаты і рыхтуе чарговаму «хіміку» дакументы на зону.

Дзяжурка з карцарам-клеткай. І званкі. Адзін — выклік днявальнага першага паверха. Два — другога паверха. Доўгі — на пераклічку.

6:00. Доўгі званок: пад’ём. 6:10 — пераклічка: уватнуць сваё «тут» сярод бясконцых «здесь» у адказ на прозьвішча і ісьці кіпяціць ваду. Малітва. Біблія. Сьняданак. Дзынькнуць ключыкам на шчыце ў дзяжурцы, абмяняць пропуск на табель і праз рэзкі, да сьпіннога мозгу пранізьлівы віск жалезных кратаў у дзьвярах — на працу.

Каменда, як і любая няволя, сьцінае і калечыць час, выхоўвае ўмоўныя рэфлексы, прымушае слых вылоўліваць староньнія шоргаты і шэпты, супастаўляць міліцэйскія позіркі з размовамі суседзяў. Каменда прымушае жыць у Беларусі Абмежаванай Волі.

Абмежаваньне волі скразіць тут у кожнай драбніцы. Выхад з каменды на агароджаную тэрыторыю — з дазволу дзяжурнага. Выхад у горад — праз заяву на імя начальніка (падпіша — не падпіша?). Тыя, што застаюцца ў камендзе і не ідуць на працу, у першай палове дня мусяць зачыняць свае пакоі: абавязковы прагляд тэлевізара ў актавай зале. Кухні адчыняюцца і зачыняюцца паводле нейкага дзіўнага распарадку, адзінае разумнае тлумачэньне якому — прывучыць асуджаных, што бяз ласкі адміністрацыі нават супчыку не згатуеш. Здаецца, што і перыядычныя адключэньні электрычнасьці на нашым другім паверсе (афіцыйная версія — дзеля эканоміі) робяцца з той жа мэтай. Прыбіральня адна (і можна здагадацца, ува што ператвараюцца чатыры «ачкі» без пісуараў пад напорам ста мужыкоў). Памыцца ў камендзе няма дзе: пішаш заяву, каб наведваць лазьню ў Пружанах.

Зрэшты, за ўсё дзякуеш Богу: Дашкевіч, Саньнікаў, Статкевіч, Бандарэнка ня маюць і гэтага.

Каменда — прыпынак між турмой і воляй. За гэты год было ўмоўна-датэрмінова вызвалена 13 асуджаных і адпраўлена ў зону 16. Лік на карысьць няволі. Людзі, вырваныя са свайго асяродзьдзя. Адбываюць. Церпяць. Зрываюцца. Цішком п’юць.

Каменда ня толькі на мяжы волі, але і на мяжы веры. Першае, што мне кінулася ў вочы ў пакоі, — драўлянае расьпяцьце, кардонны абразок Збаўцы, абраз Маці Божай на покуці, сёлетні царкоўны каляндар і ўзятае ў рамку выданьне Жыровіцкай абіцелі «Якім будзе чалавек безь любові». Тут, на паўдарозе паміж усемагчымымі спакусамі ды кратамі, хлопцы прыпыняюцца перад Богам, бо спадзяюцца «праскочыць».

Мой сусед Лёха, якога пару тыдняў таму за дзевяць «нарухаў», апрануўшы кайданкі, адправілі ў баранавіцкі ізалятар, казаў: «Жыву — грашу. Памру — атвечу!»

І ўсё-такі ты ведаеш: гэтая загрузлая ў лясах савецкая выспа, і родныя беларускія хлопцы-«хімікі», і напружаныя дзядзькі-міліцыянты — дзеля таго, каб палюбіць Бога. Усім сэрцам, усім розумам, усёй душою, усімі сіламі тваімі і бліжняга, як самога сябе. Палюбіць Беларусь. Глядзі, пазнавай: у стоеных, схаваных вобразах і падабенствах, сярод абразоў і кратаў,

не заўважаны, апляваны, укрыжаваны, у асуджаных і наглядчыках, у сынах чалавечых, сынах беларускіх — прысутны Бог.

25 верасьня 2011 г.


III. ЛАСТАЎКІ У СТРЭСЕ

І птушка знаходзіць сабе жытло,

і ластаўка гняздо сабе,

дзе пакласьці птушанят сваіх,

каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл,

Цару мой і Божа мой!

Псалом 83:4

О, гэта праца дык праца — падсобным рабочым у Вялікай канцэртнай зале ластаўчынага ціўканьня імя Міхася Забэйды-Суміцкага!

Былы ангар савецкай вайсковай тэхнікі, а цяпер склад аўтазапчастак у Купліне аблюбавалі ластаўкі. Насамрэч гэта першае, на што зьвяртаеш увагу: панад гасподай цяжкага, зубчастага, пачварна перакручанага, ашчэранага жалезьзя — імпэтныя росьпісы і ціўканьне дзясяткаў ластавак. Прыслухаесься — філармонія. Пад дахам — гнёзды, гнёзды, гнёзды. Выходзіш са склада — і літаральна з-за вуха куляй выстрэльвае бліскучая птушка, і слых узьлятае ў нябёсы: што-што?..

Хіба ж можа быць інакш на радзіме найвялікшага беларускага опернага тэнара, раскручанага для сучаснасьці ўнікальным дыскам народных сьпеваў «Ластаўкі ў стрэсе»? Там, дзе табе наканавана адбываць два гады ў жалезабетонным амфітэатры, збудаваным для рову савецкіх танкаў, а цяпер поўным пяшчотнага посьвісту, ды яшчэ побач з інжынерам — аднавяскоўцам і цёзкам Вялікага Міхася? А ягоны бацька бачыў жывога Суміцкага і дагэтуль напявае ягоныя арыі.

Як мне пашчасьціла трапіць менавіта сюды? Большасьць «хімікаў» працуе ў Пружанах і навакольных калгасах. Пешкі, калі найкарацейшым шляхам, з каменды да горада 40 хвілінаў. Ідзеш шукаць працу: падпісваеш адмысловы «маршрут руху асуджанага», дзе пазначаецца, па якіх вуліцах трэба перамяшчацца.

Найперш — да дырэктара Палацыка, пружанскага краязнаўчага музея, маладога Юрыя Зялевіча. Бяседа прыязная, але кароткая: яму, вядома, адкуль трэба ўжо патэлефанавалі. Цэнтральная бібліятэка з партрэтамі славутых беларусаў у фае: Саюз беларускіх пісьменьнікаў і кніжкі — гэта, канечне, добра, але, выбачайце, вакансіяў няма (і ў вачах у кіраўнічкі адчайнае: «вы ж разумееце...»).

Разам з пчаляром Міколам Папекам заходзім у «Раённыя будні» (так паэтычна называецца галоўная газета сёньняшняй Пружаншчыны): калі будзеце нешта пісаць без палітыкі — прыносьце, але. Маючы на ўсё пра ўсё тры гадзіны часу, лётаеш па тых канторах, толькі ластаўкі ціўкаюць увушшу. Грузчыкам у краму— о, ім непітушчыя трэба, бяруць, бяруць! — але ўжо назаўтра робіцца ясна, што «кадры рашаюць усё»: э-э, выбачайце, ня можам. Ды хоць дворнікам, падмятаў жа пісьменьнік Платонаў вуліцы — не-нене, гэта нейкая вулічная акцыя атрымліваецца!

Горад Пружаны для палітычнага ссыльнага зачынены: кастрычніцкая ж рэвалюцыя неўзабаве. Карацей, ластаўкі ў стрэсе.

Пакаштуеш, як актывісты руху ў глыбінцы грукаюцца ў дзьверы працадаўцаў гадамі і чуюць у лепшым выпадку: ізвініце, мы ўсё з вамі панімаем, но-о-о...

Няхай. Дамаўляемся з Тайсам, паўднёваафрыкан-

скім пратэстанцкім місіянерам, што побач, у тым жа былым вайсковым гарадку разводзіць авечкі ды трымае кавярню «Афрыка». Пастухом, як Давід, ды яшчэ ў хрысьціяніна... Тэма біблейская — чаму б не.

Але назаўтра з самага ранку — выклік у дзяжурку і загад: прыбыць на працу ў фермерскую гаспадарку «Бардо», у 300 метрах ад каменды. «Бардо», арандуючы былыя ангары, вырошчвае бульбу, бычкоў і гандлюе запчасткамі. Сховішчы, склады, майстэрні і — о, цуд! — Вялікая канцэртная зала імя Забэйды-Суміцкага.

У Вялікай канцэртнай зале — аншлаг слухачоў: дырэктары, інжынеры, кіроўцы з гаспадарак усяго раёна. Пружанскі райаграсэрвіс, пракаповіцкае «Отечество», фермер-місіянер Тайс, Аранчыцкая птушкафабрыка... Апошнім часам меламанаў усё больш — грошай усё менш, а склад «Бардо» можа выпісаць матэрыяльныя каштоўнасьці паводле безнаяўнага разьліку ці ў доўг.

«Як жа ён дастаў!» — скрозь зубы, пад ластаўчын пошчак, падсьвістваюць дырэктары. «Калі ўжо, калі?!» — ціўкаюць і ўзводзяць вочы да ластаўчыных гнёздаў прыватнікі.

Склад аўтазапчастак — памерам з добры супермаркет. Падшыпнікі, дэталі «МАЗаў» ды трактараў «Беларус», сельгастэхнікі; гума, балты ды гайкі, фільтры ды фарба — аж да шуфляў і звонкіх гаечных ключоў. Пакуль пакупнікі слухаюць ластавак, мая справа — знайсьці дэталь, аформіць паперы, выгрузіць ды падпісаць новыя порцыі халоднага жалезьзя і раскласьці яго так, каб ластаўчын сьвіст зрабіўся яшчэ больш пранізьлівым.

Вось, значыць, дзеля чаго ў «амерыканцы» давялося сядзець з буйным прадпрымальнікам, што марыў разгарнуць на мяжы зь Беларусьсю еўрапейскі аўта-сэрвіс з продажам запчастак, дырэктарам фірмы, сьпецыялізаванай на метале, ды галоўным інжынерам Мінскага трактарнага (ён да драбніцаў распавядаў тэхналагічны працэс, трэба ж было слухаць!)...

Кладаўшчык Леанідавіч летуценна аглядае дах:

— Ластаўка — істота Божая, грэх кранаць. А вось голуб, хоць і птушка міру, але часам бралі тут паветраную стрэльбу, білі ды ў бытоўцы гатавалі. Ох і смачна!

Ластаўкі радочкам, нотамі ля скрыпічнага ключа, усаджваюцца на лініі дроту і расшыфроўваюць тэлефонныя паведамленьні шалёным цёхканьнем.

Крызіс, крызіс, кошты, курс рубля. Не сьвісьці, грошай ня будзе!

Але што ім, насельнікам неба, тыя рублі?

Насамрэч глядзяць яны на сумятлівых, спалоханых, раздражнёных людзей згары, са шкадаваньнем — і гэтак жа звонка і пранізьліва, як і сто гадоў таму, у часы Забэйды-Суміцкага, зь беларускай глыбіні славяць Госпада Бога.

1 кастрычніка 2011 г.


IV. ПЕРАУТВАРЭНЬНЕ ГОСПАДА

...І ўзьвёў іх на гару высокую адных,

і пераўтварыўся перад імі,

і зазьзяла аблічча Ягонае,

а ўбраньне Ягонае стала белае,

як сьвятло.

Мацьвея 17:2

За колькі тыдняў да адпраўкі на «хімію» да мяне ва «ЎКантакце» пагрукаўся нейкі барадаты малады чалавек са сьветлымі вачыма і даслаў допіс, адна толькі назва якога прымусіла мяне паморшчыцца:

«Бог, у якога я ня веру». Ну вось, думаю, зноў праваслаўны атэізм.

Але пост аказаўся цытатай з Хуана Арыяса, іспанскага каталіка, і зь першых словаў мне стала зразумела — я таксама ня веру:

— У Бога, які любіць боль.

— У Бога, які прымушае сябе баяцца.

— У Бога-дзядулю, якім можна злоўжываць.

— У Бога, які аддае сябе ў манаполію адной царквы, нацыі, культуры ці касты.

— У Бога, які «гуляе» ў людзей, каб асудзіць іх.

— У Бога, які маўчыць у гісторыі і абыякавы да пытаньняў, што трывожаць спакутаванае чалавецтва.

— У Бога тых, хто думае, што любіць Бога, бо ня любіць нікога.

Ужо ў пружанскай Спаса-Праабражэнскай царкве, паглядзеўшы на маладога бацюшку, я ахнуў: барадач са сьветлым позіркам аказаўся айцом Сергіем, у якога мне спавядацца.

Вось і ня вер пасьля гэтага.

Айцец Сергій чытае Меня і Бярдзяева, цікавіцца гісторыяй і філасофіяй, мае вялізную бібліятэку, неяк служыў у блізкіх Засімавічах набажэнства па-беларуску, выхоўвае дачку Арыну, беларускамоўную верніцу і слухачку «N.R.M.».

Гляджу на яго і думаю: у Якога Бога вераць тут, у беларускай глыбіні?

Няўжо Бог пратэстанцкага місіянера Тайса з Купліна, Бог каталіцкага ксяндза Казіміра Сьвёнтка, што пачынаў свой крыжовы шлях у Пружанскім касьцёле, Бог праваслаўнага перакладчыка Бібліі Васіля Сёмухі зь Ясенца і Бог айца Сергія — Адзін і Той жа?

У гэтай беларускай глыбіні тэолаг, славіст, выкладчык экзэгетыкі і герменеўтыкі Віленскага ўніверсітэта Міхал Баброўскі, высланы з колішняй сталіцы па справе філаматаў, шукаў Бога ў адзінстве хрысьціянаў — сьпярша як уніяцкі, потым як праваслаўны сьвятар. І няхай Баброўскага называлі то сваім, то чужым і ў заходняй, і ва ўсходняй царкве — ён усім сваім жыцьцём сьцьвярджаў: веру ў Бога, вышэйшага за міжканфесійныя зьвягі.

У гэтых самых Пружанах у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя каталікі, ня маючы грошай завершыць вялікі касьцёл на 1000 чалавек, перадалі камяніцу праваслаўным, а тыя дабудавалі царкву Раства Хрыстова (па-каталіцку, алтаром на захад), і заадно непадалёк — касьцёл, што стаіць дагэтуль: пэўна ж, людзі верылі ў Бога, у Якога не каменнае сэрца, а жывое.

Казімір Сьвёнтак, першы беларускі кардынал з XVIII стагодзьдзя, сваё служэньне пачынаў у тым самым пружанскім касьцёле, быў арыштаваны і засуджаны на сьмерць, прайшоў сталінскі ГУЛАГ і ўсётакі ўбачыў бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста па-над урадавымі будынкамі — верыў у Бога, Які не дае выпрабаваньня звыш сілаў.

Айцец Канстанцін Пілінкевіч, настаяцель пружанскай Прачысьценскай царквы, што за польскім часам абараняў правы беларусаў і, выступаючы перад тагачаснымі дзяржаўнымі дзеячамі, казаў: «Наша думка аб тым, каб не глядзелі бы на нас, праваслаўных, коса, каб не лічылі бы нас за грамадзянаў ніжэйшага гатунку» (за што і быў адхілены ад пасады) — верыў у Бога, Які даў беларусам зямлю, мову і права людзьмі звацца.

Тутэйшыя пратэстанты, чые бацькі друкавалі ў Белавежскай пушчы Бібліі для ўсяго былога Савецкага Саюза, пратэстанты, што прапаведуюць Евангельле на гарадскім дне і толькі цярпліва ўсміхаюцца, калі чуюць грэблівае «сектанты», сярод якіх і патомныя баптысты-антысаветчыкі, і місіянер-пастар Тайс, — вераць у Бога, Які не пакіне чалавека ані ў Афрыцы, ані ў Беларусі, Які моцны выцягнуць з жыцьцёвага гною і скончанага п’яніцу, і апошняга падонка.

А пружанец Васіль Сёмуха, адзін з найлепшых беларускіх перакладчыкаў, уклаў у свой пераклад Бібліі столькі глыбокае беларускае прыгажосьці і ласкі, столькі моўнага хараства, што, нават нягледзячы на багаслоўскія недахопы, і вернікі, і сьвятары згаджаюцца: дзядзька Васіль верыць у Бога, Які ёсьць Любоў.

* * *

Ісус пераўтварыўся перад вучнямі на гары.

Пружанская царква Пераўтварэньня, куды мне дазволена выязджаць у нядзелі, таксама стаіць на горцы, на праваслаўных могілках. Насупраць, праз дарогу, — капліца каталіцкая, і могілкі адпаведныя. Вуліца так і называецца — Горка. Дужа беларуская Горка: так і чуецца ў гэтым магільным разьдзяленьні штосьці горкае. Але менавіта тут, калі народ хорам сьпявае на царкоўнаславянскай зь яўным беларускім маўленьнем, акунаесься ў тую глыбіню, дзе калісьці жыў Скарына.

Тады, у залатым XVI стагодзьдзі каралева Ганна з дазволу Жыгімонта Аўгуста пабудавала на Горцы, на землях, адведзеных Зьмітром Сапегам, царкву. Храм разбураўся, гарэў і ўваскрасаў. Ужо ў нашыя дні айцец Ігар адбудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву, у 1943-м адноўленую пад нямецкай акупацыяй, а ў 1985-м спаленую за камуністамі. Бацюшка з глыбокім зычным голасам апякуецца «хімікамі» і часьцяком заседжваецца ў дзяжурцы зь міліцыянтамі. Уся царква любуецца, як ён прычашчае дзяцей:

— Прычашчаецца раба Божая Анастасія... Адкрываем роцік. Та-ак. Прычашчаецца раба Божая Ксенія... Ксенія, не грызі пазногці. Прычашчаецца раб Божы Раман. ну, і дзе мы прападалі?

Тут, у царкве Пераўтварэньня, вобразы і падабенствы Хрыстовыя выяўляюцца ва ўсёй прыгажосьці і разнастайнасьці. У абліччах, малітвах, жыцьцях сьвятароў і вернікаў, у літургіі і прычасьці, перагукаюцца званамі з касьцельнай імшой і хорам з праслаўленьнем у евангелістаў — і вось у беларускай глыбіні, пакутлівай і трапяткой, скрозь стагодзьдзі нараджаецца Той, у Каго верылі Сапега і Жыгімонт Аўгуст, Баброўскі і Сьвёнтак, вераць Тайс і Сёмуха, у каго верыш ты, — Справядлівы і Міласэрны, Адзіны і Нязьменны Бог.

13 кастрычніка 2011 г.


V. СЕМ СЫНОЎ ЁВА

І сказаў Гасподзь сатане:

ці зьвярнуў ты ўвагу сваю

на раба Майго Ёва?

Ёў 1:8

Толя Крачко — «хімік». Робіць зваршчыкам, працуе — глядзець любата. Заходзіць на склад па ключы ды электроды. Адбывае год за парушэньне рэжыму. Негаваркі.

— Вось патлумач мне, — Толя аблягае бар’ер склада. — Чытаў я Біблію, кнігу Ёва. Бог пакараў яго, не магу разабрацца за што.

Ого. Кніга Ёва — самая глыбіня Бібліі. Кніга пакутаў, надзвычай шчымлівая, надзвычай беларуская. Выпрабоўваючы веру праведнага Ёва, Госпад дапусьціў, каб д’ябал забраў ад яго дзяцей ды зьнішчыў гаспадарку. Але Ёў, увесь у струпах праказы, у пыле і попеле, аточаны непрыязнымі сябрамі ды сваякамі, усё ж застаецца верны. Ёў — гэта такая вера, калі нават надзеі няма.

Пачынаю тлумачыць пра Божую справядлівасьць, пра тое, што вера Ёва сталася прыкладам для мільярдаў вернікаў.

— Стой. Вось у яго было сем сыноў, — Анатоль зачэрпвае з бліжэйшай скрыні, ня гледзячы, жменю гаек. — Давай разьбяромся, так прасьцей.

З грукатам выкладвае гайкі на бар’ер, іх сапраўды аказваецца сем.

— Дзяцей-та за што?

Гайкі зьмеценыя, Толя дапытліва глядзіць на мяне:

— Чаму ён пасьля гэтага яшчэ і верыць?

Просты беларус зусім ня просты. Простых беларускіх токара ды сьлесара судзяць па абвінавачваньні ў тэрарызме, а просты беларускі зваршчык намагаецца разабрацца ў таямніцах Божых — і паспрабуйце дастаць дна ў душы аднаго, другога ды трэцяга. Той, хто думае, што беларускую душу можна задаволіць спажывецтвам, запоўніць страхам або вычысьціць на ўзор мінскіх вуліцаў, да стану сьвятарнай пустаты, моцна памыляецца. Беларуса прасьцей утапіць у самім сабе.

Такім чынам, чаму Ёў усё-такі верыць? Самае пытаньне для восені 2011-га.

Чаму дагэтуль верыць вулічны баец, маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч, трыццацігадовы пратэстант, бяздоказна абвінавачаны ў хуліганстве і зьмешчаны ў зону для рэцыдывістаў, Дашкевіч, якога гнояць на этапах ды ў адзіночках і ў якім мы толькі скрозь краты разгледзелі і пяшчотнага закаханага, і пранізьлівага публіцыста, — верыць, ня піша прашэньня аб памілаваньні і застаецца сьцягам для няскоранай беларускай моладзі?

Чаму дагэтуль верыць беларускі адмысловец-рэкламшчык Зьміцер Бандарэнка, якога, хворага, нізавошта калечаць у зоне пасьля найскладанейшай аперацыі на хрыбце, а ён асэнсоўвае беларускую нацыянальную ідэю як глыбока хрысьціянскую — Бог, Айчына, Сям’я — і, кульгаючы па камеры, толькі паўтарае: «Слава Ісусу! Жыве Беларусь!»?

Беларускі дыпламат, патомны інтэлігент Андрэй Саньнікаў, аказваецца, можа трываць не адно непрыемных субяседнікаў на перамовах, але і месяцы зьдзекаў у СІЗА, калоніі, «прэс-хатах» — і верыць у тое, што праўда ўрэшце пераможа.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, якога «здалі» дробныя еўрапейскія чыноўнікі, цярпліва чакае няправеднага суда і па-ранейшаму верыць у еўрапейскую будучыню для Беларусі.

Беларускі юнак Мікіта Ліхавід, атрымаўшы 3,5 года турмы за «ўдзел у пагромах» дзеля таго, каб не называцца асуджаным, гатовы месяцамі сядзець паўгалодным у камеры і адціскацца начамі, калі ад холаду не заснуць, — і верыць, што пераможа.

Беларускі афіцэр Мікалай Статкевіч, чые продкі-магнаты калісьці будавалі Сьвята-Петра-Паўлаўскі сабор на Нямізе, той самы Статкевіч, ад якога і ўлада, і апазіцыйны бамонд моршчыліся як ад зубнога болю, з мужнасьцю сапраўднага шляхціца вытрымлівае галадоўку, няволю, прыніжэньні, — верыць, што ягоная ахвяра ня марная.

Беларускі журналіст Яўген Васьковіч, усьмешлівы і зычлівы каталіцкі вернік, зь якім у двары вітаюцца ўсе бабулькі, кідае бутэльку з запальнай сумесьсю ў будынак раённага КДБ, на судзе, у клетцы надзявае майку з «Пагоняй», атрымлівае 7 гадоў — і верыць, што рэжым усё-такі будзе разбураны.

Зваршчык Анатоль не дачытаў кнігу Ёва да канца.

А напрыканцы Госпад узнагародзіў пакутніка, вярнуў яму дзяцей, здароўе і даў удвая больш маёмасьці.

Колькі іх, беларусаў, хто заблукаў пасярод кнігі Ёва? Цярплівыя і цярпімыя, мы корпаемся ў пытаньні апраўданьня пакуты настолькі зацята, наколькі іншыя народы вышукваюць нацыянальную ідэю ці сэнс жыцьця. Беларусы недаўмяваюць: за што?!

Пакуты ніколі не бываюць марнымі ці выпадковымі. Гэта заўжды напаўненьне пэўнае меры, адкупленьне, накшталт сарака гадоў блуканьня ў пустыні ці сямідзесяці гадоў вавілонскага палону. Свабоду і незалежнасьць трэба адпакутаваць, выседзець, вынасіць гэтак жа, як выношваюць дзіцё або выціскаюць зь сябе па кроплі раба. Валадарства нябеснае высілкамі дасягаецца.

Беларусы ХХІ стагодзьдзя, дзеці Ёва, вымяраюць глыбіню волі і незалежнасьці ў правалах народнай абыякавасьці, турмах ды катаваньнях. Бо калі мы хочам падняць па-над краінай бел-чырвона-белы сьцяг Уваскрасеньня, трэба прайсьці і суд, і бічаваньне, і крыж — так, як калісьці зрабіў гэта Сам Бог.

15 кастрычніка 2011 г.


VIII. КАРАНІ У КРЫВІ

...корань зла знойдзены ўва мне.

Ёў 19:28

Расейскае сеціва, даступнае з майго польскага мабільніка, ніяк ня можа разблытацца зь беларускай назвай, у каторай не прастаўляюцца кропкі над «і»: «Ласасін».

«Магчыма, вы шукалі “асасін”», — упарта паўтарае гугл па-расейску. Асасіны — банда наёмных забойцаў, адурманеных, зьдзічэлых, што ўчыняюць жорсткую разьню. Тысячы гадоў татарскія ды царскія, крыжацкія ды казацкія, гестапаўскія ды бальшавіцкія асасіны наталялі гэтую зямлю беларускай крывёю. АЛасасін — маёнтак у Пружанскім раёне, дзе ў пачатку XVI стагодзьдзя нарадзілася маці Івана Жахлівага і дзе ўлетку 1863-га палеглі ў баі сорак паўстанцаў Каліноўскага.

Пяць гадоў таму, на Полаччыне, мне давялося жыць ля развалінаў крэпасьці Івана Жахлівага часоў Інфлянцкай вайны. І вось, пагружаюся яшчэ на паўсотні гадоў глыбей, спрабую разабрацца, дзе яно, беларускае дно, і на Пружаншчыне дакопваюся да Ласасіна, адкуль матуля таго самага Івана Васільевіча, Алена Глінская. Дачка вялікалітоўскага баярына з татарскага роду (чый продак на Ворскле ўратаваў Вітаўта) Васіля Глінскага ды сербкі Ганны Яншыч.

Рыжавалосая «басурманка», як яе называлі, увяла ў Масковіі адзіную капейку (0,68 г срэбра, і вершнік зь дзідай — кап’ём), вынасіла і выхавала найстрашнейшага расейскага цара — і ўрэшце згарэла, атручаная ртуцьцю. Ці не адсюль, зь бездані беларускіх балотаў, зьвярыная, крывавая, шалёная лютасьць маскоўскага цара?

Жахлівае, народжанае Аленай Глінскай, вярталася ў Ласасін кожнае стагодзьдзе, з кожным новым прылівам гвалту з усходу, і здавалася, што за 300 гадоў край затапіла цалкам. Паміраючы, радзіма Алены здрыгалася адчайнымі закалотамі.

13 лютага 1863-га паўстанцы Каліноўскага, узброеныя паляўнічымі стрэльбамі і косамі, бяз бою занялі Пружаны.

Месьцічы віталі вызвольнікаў, акупанты паўцякалі. Але ўжо празь некалькі тыдняў, з прыбыцьцём карных войскаў, пачалося дзікае паляваньне.

4 чэрвеня 1863-га паўстанцкі атрад пружанскага шляхціца Фелікса Влодка (Шчаснага), у афіцыйных расейскіх дакументах называны шайкай, уступіў у бой з царскімі войскамі на ўзьлеску пушчы, ля Ласасіна. Сорак каліноўцаў палеглі, Валер Урублеўскі з рэштай атрада здолеў вырвацца.

Над вялікай брацкай магілай вырас крыж. У 1933 -м, за палякамі, тут усталявалі гранітны помнік. За саветамі — разбурылі. У 1989-м, у час беларускага адраджэньня, з дапамогаю Пружанскага ПМК і радыёзавода (якія, дарэчы, прыязджаюць па запчасткі на склад у Купліне) — аднавілі.

І вось у сьнежні 1991-га, праз паўтысячы гадоў пасьля нараджэньня Алены Глінскай, праз 428 гадоў пасьля таго, як яе сын захапіў і зрабаваў Полацк, праз 128 гадоў пасьля Каліноўскага тут жа, у Белавежскай пушчы, дзе была галоўная стаўка паўстанцаў, — імперыя, губляючы знакі ўлады, ад вайсковых базаў да тых самых маскоўскіх капеек, рассыпалася ў пыл.

Здавалася б, тутэйшая зямля так набрыняла гнільлю тыраніяў і крывёю нявінных ахвяраў ды змагароў, што, апроч праведнікаў і волатаў духу, нікога іншага ня тое што нараджаць — насіць ужо ня зможа.

Але з чыёй крыві растуць карані тых беларускіх вайскоўцаў з бліжэйшага палігона, якія ўжо ў незалежным 1998-м расстрэльвалі помнік паўстанцам (дзеля пацехі ці са злосьці) зь верталёта?

Чыя кроў карэніцца ў тых, хто абыякава трывае ў гэтых запаветных мясьцінах вуліцы, названыя імёнамі забойцаў іхніх дзядоў, помнікі катам, уладу праваслаўнага атэізму?

Чыя, скажыце, кроў напаўняе сэрца навучэнца Пружанскага сельгастэхнікума, калісь участковага інсьпектара Пружанскага РАУС, а цяпер намесьніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, палкоўніка Ігара Яўсеева?..

Глыбіні беларускай забыўлівасьці, беларускага страху, беларускага граху — гэткія ж невымерныя, як і бездань беларускага генію. Тыя, хто разбураў старажытнае Берасьце, будуючы з цэглы храмаў крывавую крэпасьць, і тыя, хто паляваў на каліноўцаў на Пружаншчыне, і тыя, хто асушаў беларускія балоты пад бункеры ды палігоны, намагаліся вырваць адсюль беларуса ўсяго.

Але як жа перапляліся ў кожным з нас крывыя карані зла са скрываўленым карэньнем свабоды — як счапіліся, сьцяліся, як ірвуць, разрываюць кожнага тутэйшага!..

8 кастрычніка 2000-га ксёндз Януш і бацюшка Ўладзімір асьвяцілі адноўлены пружанцамі і фундаваны Інай Кулей помнік паўстанцам — каменны, з «Пагоняй». Але дагэтуль назву Ласасін тут ведаюць адзінкі.

А зь беларускіх нетраў, з балотаў, сатлелых касьцей і пераблытаных каранёў ціха растуць крыжы. Незьнішчальныя. І на іх, аддаючы Сваю кроў за нашу абыякавасьць, здраду і слабасьць, расхінае прабітыя рукі і ўсё спрабуе абняць гэтую няшчасную краіну Бог.

20 лістапада 2011 г.


XI. ВІСКУЛІ

Ісус спытаўся яго:

як тваё імя?

Той сказаў:

«Легіён», бо шмат дэманаў

увайшло ў яго.

Лукі 8:30

Друзлы ўсходні чалавек з чорнымі вачыма, задышлівы, цяжкі, купляе ў нас на складзе ў Купліне жалезьзе.

— Герой, — ціхенька піхае мяне локцем галоўны інжынер Максімавіч, — ваяваў у Прыбалтыцы, Югаславіі, Чачні...

— Што, праўда? — пытаюся ўсходняга чалавека.

— Ну.

— Як у французскім Замежным легіёне?

— Легіёне? Ну, так, як у легіёне.

— І людзей забівалі?

— А як і ўсе.

— І цяпер пайшлі б?

— Канечне.

— А чаму?

— Я прысягу даваў.

— Каму, Савецкаму Саюзу?

— Так, Савецкаму Саюзу.

— Дык Савецкага Саюза ўжо няма.

Друзлы ўсходні чалавек ускідвае на мяне чорныячорныя вочы і бахае ва ўпор:

— А што, лепш, каб туды Амерыка ўлезла?!

Разваліўся, рассыпаўся СССР, а яго асколкамі, вінцікамі і цэлымі механізмамі, быццам запчасткамі нейкага гіганцкага кібарга-трансформера, Беларусь дагэтуль проста кішыць.

Савецкі Саюз зьнік роўна 20 гадоў таму. Тады назва маленькай вёсачкі Віскулі ў Пружанскім раёне, у глыбі Белавежскай пушчы, зь нясьцерпным віскам успарола ўвесь сьвет. Тое, што не ўдалося ніводнаму магутнаму ворагу савецкай імперыі, раптам адбылося ў Беларусі.

Калі чуеш «Віскулі», увушшу — рэзкае сьнежаньскае вясковае рэха: дзень, калі б’юць кабана.

Ён крычыць, раве знадрыўна, аж душу выварочвае — і сьвіньні па ўсёй вёсцы пачынаюць масавы суладны віск. Пералівісты, шматгорлы, дзікі, у гулкім марозным паветры асабліва жудасны. Віскулі на ўсё

навакольле. Як у Евангельлі, калі Ісус выгнаў легіён бесаў з вар’ята ў гурт сьвіней, і тыя ашалелі, «і кінуўся гурт з урвішча ў мора, і патануў».

Днямі праз пушчу пусьцілі новую дарогу — Брэст Гродна. Прыгажосьць. Краявіды. Падземныя пераходы ў месцах міграцый жывёлаў. Турыстычныя знакі. Ціха, урачыста. І ніхто не вішчыць.

Пушча, заўсёднае, з часоў Вітаўта, логвішча загнаных беларусаў — змоўшчыкаў, канфедэратаў, паўстанцаў, партызанаў, сховішча Ўрублеўскага, Харэўскага, Рагулі, Урбановіча; радзіма Нямцэвіча, Карпінскага, Крашэўскага, Панятоўскага... Месца грандыёзнага забою зуброў і ласёў для Вялікай вайны перад Грунвальдам; паляўнічы рай Жыгімонта Аўгуста, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева; зямля, зрытая на невымерную глыбіню сакрэтнымі бункерамі і ракетнымі шахтамі.

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за вакном бела-бела, сьветла-сьветла ад сьнегу, сьвежа-сьвежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крышталёвыя кілішкі. Сьветлы, сьвежы бел-чырвона-белы сьцяжок. Упалявалі-такі зьвера!

Загрузка...