Векавечны напеў, далячыняў смуга


У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча...


Як свая мне твая векавая туга,


Белавежская пушча,


Белавежская пушча!


А такое ж хараство, асабліва ў сьнежні!

Ох, як сёньня хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавежскай пушчы, ані таго сьнежаньскага дня не

было ніколі! Саюзная дзяржава... Мытны саюз... Еўразійская эканамічная прастора... Еўразійскі саюз. І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імперыя? Ласкава запрашаем у Белавежскую пушчу.

З часоў Вавілонскай вежы чалавецтва будуе каласальныя імперыі, а Госпад іх разбурае. Сьветла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імперыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Егіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час — і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бетоннымі сьценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсьць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, зьнікаюць цені і сьцены, змрок і страх, лютасьць і самое зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізьлівым адчуваньнем: тут Бог.

11 сьнежня 2011 г.


XII. УСЬМЕШКА ВАСЬКОВІЧА

Бывала, усьміхнуся ім —

яны ня вераць,

і сьвятла твару майго

яны не азмрочвалі.

Ёў 29:24

Яўгена Васьковіча ведаюць усе бабулькі ў раёне. «Наш Жэня!» Калі сябры БХД паўтара года таму абыходзілі бабруйскія вуліцы Мінскую ды Кастрычніцкую, мне самому стала цікава, чаму 21-гадовы беларускамоўны актывіст-пачатковец карыстаецца такой папулярнасьцю сярод «электарату». Аказалася — элементарна: Яўген пры сустрэчы заўсёды ўсьміхаецца і вітаецца нават зь незнаёмымі — шырока, адкрыта і, галоўнае, шчыра.

Усьмешлівы Яўген працаваў сабе журналістам у «Бабруйскім кур’еры», як хадэцкі народны дэпутат зьбіраў подпісы за добраўпарадкаваньне свайго раёна — і аднойчы быў жорстка зьбіты мясцовай міліцыяй падчас хакейнага матчу ў падтрыбунным памяшканьні лядовага палаца за тое, што ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Калі мяне ў Мінску вызвалялі ў зале суда для «хіміі», даведаўся, што Яўгена Васьковіча судзяць за напад на бабруйскую ўправу КДБ.

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010-га бабруйскія хлопцы ўтрох закідалі будынак раённага аддзела КДБ бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Афіцыйна страты склалі 253 тысячы беларускіх рублёў, але абвінавачваньне заявіла: раз хацелі спаліць усё — лічым за шкоду кошт усёй канторы, 2 мільярды.

Доўга ня мог уцяміць, як юны, абаяльны, усьмешлівы каталік шпурляе «кактэйль Молатава» разам з анархістамі. Дастаць яно, канечне, дастала — але трэба разумець, што такі ўчынак раўнавартасны стрэлу «Аўроры». Гэта вайна, у тым ліку і з самім сабой.

У судзе Яўген Васьковіч трымаўся героем, пакаліноўску. Бел-чырвона-белая майка. Распраўленыя плечы. І, канечне, усьмешка.

«Маёй мэтай было запалохаць КДБ. Аб тым, што зрабіў, не шкадую. Я ліцьвін, і мой сьвяты абавязак — абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. За іх я памерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а Радзіма вечная. Жыве Беларусь!»

Сем гадоў узмоцненага рэжыму.

Адвакат, які ўпершыню наведваў Васьковіча ў турме, быў у шоку ад бадзёрага настрою схуднелага Яўгена. «Думаў, бравіруе, — прызнаўся ён пасьля, — а потым гляджу, ён так жыве».

У адказ на пяць маіх дасланых лістоў дайшоў адзін. Затое які! «Усьміхаюся ўсім — і вязьням, і канваірам. І яны пачынаюць усьміхацца ў адказ». Радкі проста праменяць. А напрыканцы — лаціна: «З Богам да ўсяго гатовы». Першае, за што Васьковіч атрымаў карцар, — адмова аддаць канваірам Біблію.

Пішу Яўгену, што мы пераможам бяз гвалту — так, як гэта рабілі нашы продкі, суседзі, еўрапейцы, так, урэшце, як гэта зрабіў Ісус. Васьковічу даходзіць мой канверт, а ўсярэдзіне — чысты аркуш з надпісам: «Перапіска зь Севярынцам забароненая».

Праваабаронцы размаўляюць пра Васьковіча неахвотна — сам прызнаўся ў гвалце. Але — парадокс: патрабаваньне свабоды Васьковічу робіць нас саміх вольнымі, асуджэньне ці абыякавасьць (маўляў, ведаў, на што ішоў) робіць нас рабамі гвалту, які чыніць рэжым.

Увогуле, свабода і гвалт несумяшчальныя. Вось чаму беларусы дамагліся незалежнасьці не ў выніку збройных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя, а пасьля ду-ховых і культурных адраджэньняў ХХ стагодзьдзя.

Зазвычай тыя, хто кідае бутэльку з агнём, закрываюць твар. Каб не пазналі і каб ня бачылі злосьці, ад якой перакошвае аблічча.

Яўген Васьковіч твару не хавае. Ён усьміхаецца. І ўсьмешка Васьковіча-Карнэгі робіць значна больш, чым запальны «кактэйль Молатава»-Васьковіча.

За парушэньне рэжыму ўтрыманьня Яўгену Васьковічу прызначылі тры гады крытай турмы — паўгалоднай ізаляцыі і поўнай безабароннасьці.

Але ён усьміхаецца. Думаю, гэта сьведчаньне біблійных словаў: «Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром».

Трымайся, наш Жэня!

Мы верым. Мы можам. А значыць, мы пераможам— беларускім словам і добрай справай, воляй і надзеяй, усьмешкай і любоўю. Так, як дзьве тысячы гадоў таму перамог Сам Бог.

17 сьнежня 2011 г.


XVII. ЛЁГКІЯ ЛЁГКІЯ

Прыйдзеце да Мяне,

усе струджаныя і прыгнечаныя,

І Я супакою вас;

вазьмеце ярмо Маё на сябе

І навучэцеся ад Мяне,

бо Ялагодны і пакорлівы сэрцам;

і знойдзеце супакой душам вашым;

бо ярмо Маё добрае

і цяжар Мой лёгкі.

Мацьвея 11:28-30

Чалавек не адчувае сваіх лёгкіх. Там проста няма нерваў. Мы лёгка дыхаем, лёгка ўдыхаем і выдыхаем паветра, поўнае волі, страху і духаў злосьці паднябесных, — аж да тае пары, пакуль аднойчы не пачынаем харкаць крывёю.

Сухотнікаў з «закрытай формай» або залечаных на сутках і «хіміях» хапае. Такі адразу пачынае задыхацца ад сырасьці і сьмяротна баіцца плесьні. Гледзячы на гэтых хударлявых, пракураных і закашляных, кашчавых у літаральным сэнсе лёгкіх асуджаных (тут іх называюць «арганізмамі»), адразу згадваю Валеру Ганчарэнку.

Ганчар, Ганчарык, Ганчарэнка... Беларусы, што жывуць на цяжкой ды коўзкай гліністай глебе, — прыроджаныя ганчары. Усё спрабуюць вылепіць са сваёй цяжкай зямлі штосьці вартае, а гэны беларускі суглінак, перасыпаны пясочкам, усё трэскаецца, крышыцца ды б’ецца... Віктар Ганчарэнка — наймаладзейшы трэнер, які лепіць з БАТЭ каманду еўрапейскіх чэмпіёнаў. Вячаслаў Ганчарэнка—пастар царквы «Новае Жыцьцё», адзіны з хрысьціянскіх іерархаў, хто адкрыта падтрымаў матуляў і жонак палітвязьняў, вылепіў з былога кароўніка цудоўны дом малітвы. І вось яшчэ адзін з племені ганчарэнак-беларусаў, здольных завязваць зямную плоць вузлом, — Валер.

З гэтым сухотнікам я пазнаёміўся, калі мы стваралі БХД: ён пераслаў поштай ліст ды аб’ёмісты рукапісны трактат па хрысьціянскім багаслоўі.

Сам ён то адлежваўся ў шпіталях, то бадзяўся па электрычках, пераязджаючы зь месца на месца, то знаходзіў прытулак у віцебскіх ксяндзоў; сям-там яго бачылі нападпітку.

Увосень мінулага года Валер Ганчарэнка чарговы раз загрымеў у Багушэвіцкі абласны сухотны шпіталь.

Нават для чалавека, знаёмага з выпадковымі начлегамі, умовы ўтрыманьня тут выклікаюць агіду. Сырыя пакоі ды калідоры. Абы-які догляд. Ну а сухотнікі, яны ж вельмі чуйныя на гніль.

Ганчарэнка кінуў выклік галоўнаму доктару шпіталя Натальлі Лясной.

Супрацьстаяньне сапраўды атрымалася эпічным: хворы бадзяга-вальнадумец у атачэньні гэткіх жа адрынутых — і жалезная лэдзі ў белым халаце, з мужам — галоўным патолагаанатамам раёна і цэлым сьпецназам санітараў, міліцыі і пракуратуры за сьпінай.

Валер абвясьціў галадоўку пратэсту, прычым зьвязаў гэта з прысудам Канавалаву і Кавалёву: «Лепш памерці, чым жыць у такіх умовах!»

А Багушэўск яшчэ памятае май 2008-га, масавую галадоўку пацыентаў таго ж шпіталя... У выніку Ганчарэнку (маўляў, «пагражае нанесьці шкоду свайму здароўю») зьмясьцілі ў псіхіятрычнае аддзяленьне і пачалі калоць псіхатропы.

Ганчарэнка ўцёк.

Валеру злавілі ў Віцебску, прывезьлі назад у шпіталь і зьмясьцілі ў палату з кратамі на вокнах і дзьвярах.

Мабільныя, асадкі і паперу адабралі ва ўсяго аддзяленьня. Цяпер нават у прыбіральню — толькі ў суправаджэньні санітара.

Часам пачуеш: каго вы ўзяліся абараняць? Бамжа, невылечнага скандаліста?

Але ўмовы ў Багушэўскім шпіталі сапраўды нялюдскія. Урэшце, ад тых самых «антысацыяльных» сухотаў памерлі Шапэн, Гашак, Оруэл, сьвятая Тэрэза, Жылка ды Багдановіч.

Увогуле, да траціны людзей вакол нас — носьбіты палачкі Коха.

Хвароба забірае хіба аслаблых: штогод у Беларусі захворвае да 5 тысячаў чалавек. Ды і сама краіна, якую зь яе балотамі ганарова называюць «лёгкімі Еўропы» (так і хочацца дадаць — «апошнія лёгкія Еўропы», еўрапейцы нервова кашляюць), ужо даўно ў закратаванай сухотнай палаце пад псіхатропамі.

«Лёгкія-лёгкія нашы далёкія, — сьпяваў Лявон Вольскі, — цяжкія-цяжкія блізкія нашыя!»

Часам, здаецца, набіраеш глыбока паветра ў грудзі — і зь цябе на волю рвецца, ніяк ня вытхнецца пачварны, ніколі дагэтуль не выдыханы беларусам паветраны шар.

Невыносная, як той казаў, лёгкасьць быцьця — таго самага, што вызначае сьвядомасьць.

Тое, што мы па жыцьці лёгка дыхаем і пакуль не хрыпім, яшчэ нічога не азначае. Бо кожны з нас — і жалезная лэдзі ў белым халаце, і хворы бадзяга-вальнадумец, і санітар, каторы таго вальнадумца водзіць у прыбіральню ды зачыняе на ключ, і той чытач, якому ўсё гэта фіялетава, — у рэшце рэшт зробіць сваімі лёгкімі, здаровымі або гнілымі, апошні ўдых і лёгенькай душою выправіцца туды, дзе чалавеку вызначыў месца паводле справаў ягоных Госпад Бог.

5 лютага 2012 г.


XXI. БЕЗДАНЬ АЗЭФА

Хай не паглыне мяне багна,

хай не замкне нада мною

прорва пашчы свае...

Псалом 68:16

Далёка-далёка, недзе на краі зямлі, ёсьць такія месцы, глыбіня якіх невымерная. Кінеш туды каменьчык — і не пачуеш ані гуку ў адказ.

У Беларусі такое месца раптам разьвярзаецца перад табою на 52° 51' 17" паўночнай шыраты і 24° 36' 54" усходняй даўгаты, на мяжы Берасьцейшчыны і Гарадзеншчыны, паміж Ружанскай ды Белавежскай пушчамі. Вёсачка Лыскава на колькідзясят двароў, месца пахаваньня класіка польскага сентыменталізму Францішка Карпінскага, нараджэньня біскупа Аляксандра Мікалая Гараіна і радзіма найвялікшага правакатара ХХ стагодзьдзя, лідара партыі расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, тэрарыста Азэфа.

Цяпер Лыскава — гэта 40 кіламетраў ад Пружанаў, 443 жыхары, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка... валы былога каралеўскага замка XVI ста-годзьдзя, касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, царква

Раства Божай Маці... вялікія старадаўнія могілкі. Але калі паглыбляесься ў мінулае — займае дух і зямля сыходзіць з-пад ног.

Адсюль Азэф.

Народжаны ў Лыскаве ў 1869-м у сям’і беднага габрэйскага краўца, Еўна зь юнацтва ўдзельнічаў у гуртках рэвалюцыйнай габрэйскай моладзі.

Звычайны габрэйскі хлопчык зь беларускага мястэчка... Але на фота з дасье ахранкі (фас, профіль) ужо цяжкі чорны позірк няголенага, зьвераватага твару.

Калі ж пачалася пачвара?

Яшчэ падлеткам, скраўшы вялікую суму грошай, юны Еўна выязджае за мяжу. Падман, буйныя грошы і пераход усялякіх межаў цяпер стануць знакам ягонага жыцьця.

Пачынаў вялікі правакатар ХХ стагодзьдзя гэтак жа, як і які-небудзь агент Вектар — за 50 рублёў у месяц ад сакрэтнага дэпартамента паліцыі Расейскай імперыі пайшоў пастукваць на сваіх аднакурсьнікаў у політэхнічным інстытуце ў Карлсруэ. Аказаўся надзвычай спрытны: у выніку пасьпяховай шпіёнскай працы вылучыўся на першыя ролі ў расейскім сацыял-рэвалюцыйным руху, удзельнічаў у яднаньні разрозных падпольных гурткоў — і вось пасьля арышту літоўскага габрэя Гершуні ўжо ў 1903-м стаў кіраўніком Баявой арганізацыі эсэраў. Тэрарыстам № 1 у імперыі. На гэты момант жалаваньне Еўны Фішалевіча Азэфа («інжынера Раскіна», паводле паліцэйскага дасье) дасягнула 1000 рублёў.

Азэф арганізаваў больш за 30 тэрарыстычных актаў, ажыцьцявіў забойствы ключавых дзеячаў царскага ўрада, у тым ліку сваіх начальнікаў: міністра ўнутраных справаў і шэфа корпуса жандараў Плеве (якога лічылі галоўным арганізатарам габрэйскага пагрому ў Кішынёве ў 1903-м), генерал-губернатара Масквы, вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, пецярбургскага граданачальніка фон дэр Лаўніца, галоўнага вайсковага пракурора Паўлава...

Менавіта Азэф ініцыяваў ліквідацыю Гапона як правакатара. І ён жа выдаў увесь склад эсэраўскага ЦК ды дзясяткі эсэраў-баевікоў.

Раскрыты ў 1908-м, уцёк за мяжу, дзе і памёр ад хваробы — празь месяц пасьля таго, як на ягонай радзіме была абвешчаная незалежнасьць БНР.

Ударамі сваёй здрады Азэф, быццам малатабойца, наносіў страшныя прабоіны Расейскай імперыі зь сярэдзіны. Кожны выбух ці арышт патрабаваў усё большай і большай лютасьці, нянавісьці, крыві і ад дзяржавы, і ад народа.

Негаваркі, змрочны, але надзвычай вымудраны, Азэф віртуозна, зь більярдным разьлікам і нечалавечай вываротлівасьцю ўзрываў сваіх куратараў і другой рукой тут жа здаваў выканаўцаў. Адзіны, каму Азэф заставаўся верным, напэўна, быў д’ябал, чый дух і почырк у бясконцых крывавых здрадах і забойствах відавочны.

На магіле Азэфа пасадзілі куст шыпшыны.

О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цьвет!.. Хто б мог уявіць, што прэ з тваёй прэлай балоцістай зямлі і што ў тваёй глыбокай і пакорлівай душы народзяцца Азэф, Дзяржынскі, Шэйман і нават Генадзь Давыдзька!..

Ноччу ля закратаванага акна сьпецкамендатуры ў Купліне, на паўдарозе паміж Лыскавам і Дастоевым, глядзіш у бездань, поўную далёкіх агеньчыкаў, — і думаеш: страшна стаць Азэфам.

Свая маленькая, як радзімка, вёсачка Лыскава ёсьць у кожным беларусе.

Цярушыш шчэпцю гэтую зямлю і шукаеш зьместу: чый ген пераможа? Паэта? Сьвятара? Здрайцы?..

А здрада роднаму чалавеку? Бліжняму? Здрада Радзіме? Веры? Памяці?

Насамрэч мы здраджваем штодня, і праўда ў тым, што нашы бясконцыя маленькія і вялікія здрады спрычыняюцца да духоўнай сьмерці многіх і многіх.

Хто можа зразумець Азэфа? Дараваць Азэфу? Вырваць Азэфа з самага прадоньня свайго сэрца?

Чалавеку гэта немагчыма.

Але ўсё магчыма Госпаду.

4 сакавіка 2012 г.


XXII. У ГАСЬЦЯХ У СЭРЦА

Больш за ўсё запаветнае

захоўвай сэрца тваё,

бо ў ім крыніца жыцьця.

Выслоўі Саламонавы 4:23

Хто б ты ні быў і дзе б ні апынуўся — калі хоць трохі аглядаесься ды прыслухоўваесься, рана ці позна пачынаеш адчуваць побач нейкі жывы стоены пульс. Пругкі, упарты. Усё вакол дыхае і варушыцца надзіва заканамерна, падзеі маюць таемны цэнтр, і ледзь заўважнымі штуршкамі людзей, сустрэчаў, справаў аднекуль падхлынае дабро і ласка.

Тут-тук, чуеш пранізьлівы рытм. Тук-тук, ёсьць кантакт, радасна адгукаецца ўсярэдзіне ў цябе, і раптам усё становіцца з галавы на ногі. І ты кажаш сабе: ага. Вось яно дзе. Ну прывітаньне, Сэрца.

Айцец Сергій Сысаляцін — той самы, які калісьці вылавіў мяне ва «ЎКантакце» і зараз служыць у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Пружанах, — вобраз з абразоў.

Малады, вайсковай выпраўкі; прыгожае, мяккае, поўнае ўнутранага спакою ды годнасьці аблічча, кароткая чорная барада — тыпаж, у якім любяць выяўляць сьвятых і апосталаў.

Жыве бацюшка ў вайсковым гарадку пад Пружанамі. Новыя Засімавічы — постсавецкі Вавілон на ўзьмежжы Белавежскай пушчы. Сярод дзевяці вайсковых часьцей, што складалі ўдарны кулак савецкай армады на заходнім фарпосьце — у засадзе, за пушчай на самай мяжы, — атабарыліся ракетчыкі, лётчыкі, зенітчыкі, танкісты ды сувязісты з усёй імперыі. Вядома, зь сем’ямі. І калі 20 гадоў таму тут жа, у Віскулях, Савецкі Саюз быў раптоўна рассаджаны на кавалкі, у вялізным разварушаным мурашніку з пылам эпохі асеў і ўвесь савецкі інтэрнацыянал, якому не было куды падзецца.

Тутэйшы Сяргей Сысаляцін служыў у верталётчыках — і, пабываўшы ў небе, прыйшоў да Бога.

Сьпярша наведваў евангельскую грамаду, дзе былы зампаліт Барыс ліха граў на гармоніку хрысьціянскія гімны, затым шукаў паўнаты і глыбіні веры ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Нарэшце настаяцель айцец Ігар і епіскап уладыка Іаан прапанавалі маладому здольнаму панамару прыняць сьвятарскі сан і ўзяць на сябе нялёгкі прыход зь недабудаванай царквой у Новых Засімавічах.

Айцец Сергій просты. Жыве як дыхае. Выдатна размаўляе па-беларуску. Мае вялізную бібліятэку: сьвятыя айцы, Мень, Бярдзяеў, Фларэнскі, хрысьціянская класіка ўсіх канфесіяў, духоўныя часопісы, гісторыя Беларусі... Заўсёды прапануе нешта пачытаць. Вучыцца ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі — між іншым, разам з расейскімі бацюшкамі з Бранска. Сьмяецца: «Зьдзіўляюцца — гэта ж, маўляў, па-нашаму — “бурак”, “вёска”, “услон”»... Прастадушныя.

Працуюць, каб зарабіць, хто настаўнікам, хто механікам, а ўвечары ў царкву, набажэнства правіць — “ня тое, што ў нас”...» Расказвае ім пра Браншчыну беларускую, часы ВКЛ, пра карані.

Айцец Сергій найчасьцей чытае казані ў Спаса-Праабражэнскай царкве — і, скажу вам, рэдка чую тлумачэньне Слова такой простасьці і глыбіні нават у сталіцы. Прапаведуе ў Новых Засімавічах забытаму савецкаму пакаленьню, ва «ЎКантакце» — бездапаможным хлопчыкам і дзяўчатам, заблытаным у сеціве, у наркалогіі — напаўразбураным мужыкам, у нядзельнай школцы — дзецям і бабулькам і, як многія-многія сьвятары ды вернікі апошнія гады, штопятніцы моліцца за Беларусь. І трэба бачыць, зь якой надзеяй уваччу няшчасныя беларусы моўчкі глядзяць у ягонае аблічча — быццам на абраз, быццам успамінаюць кагось таго, хто вучыў іх, бацькоў і продкаў праўдзе і справядлівасьці ўжо тысячу гадоў.

Дзед айца Сергія (які калісьці працаваў у Купліне качагарам) колькі месяцаў ваяваў у 1944-м ва Ўсходняй Прусіі. Аднойчы быў убачыў у акопе забітага нем-ца і ўсім гэта распавядаў. З гадамі і склерозам мёртвы немец ператварыўся ў жывога, а пад старасьць.

«Зазіраю я ў бункер, — на поўным сур’ёзе расказваў дзед, — а там Гітлер. Ну, праўда, кажу табе. І жонка ягоная. І двое дзетак. Дзяўчынкі. Ну, зараз, думаю, фашыст, ты ў мяне атрымаеш за ўсё!.. І. ня змог. Застрэліць Гітлера ня змог».

Сям’я Сысаляціных — гэта і матуля бацюшкі, гасьцінная спадарыня Зінаіда Мікалаеўна, і валявая матушка Людміла, выхавацелька ў дзіцячым садку, і іх дачка Арына — тонкая дзесяцікласьніца з доўгімі вітымі валасамі і выразнымі вачыма, беларускамоўная пераможца алімпіядаў, заўсёдніца канцэртаў Вольскага ды Вайцюшкевіча. Пасьля нядзельнай літургіі часьцяком заходзіць у касьцёл, арганізоўвае ў школе сустрэчы з пружанскімі краязнаўцамі...

Беларускі гісторык, сьпявак, пісьменьнік у Пружанах — Сысаляціны запрашаюць знаёмых. Трэба дапамагчы? Сям’я прымае гасьцей.

І Сэрца б’ецца.

Менавіта сябры Сысаляціных, сярод якіх і праваслаўныя, і евангелікі, і каталікі, падвозілі мяне штодня ў царкву і назад у маразы. Так і давялося перазнаёміцца з глыбокімі і пабожнымі пружанцамі.

Айцец Сергій — звычайны прыходскі сьвятар. Герой, практычна адсутны ў сучаснай масавай сьвядомасьці ды беларускай літаратуры.

Але менавіта сьвятар на працягу ўсёй хрысьціянскай гісторыі Беларусі быў душою мясцовай супольнасьці, самакіраваньня, культуры дачыненьняў, сямейнай традыцыі, прыстойнага выхаваньня. ня «Бацька» — «бацюшка».

Сёньняшняя Беларусь задыхаецца і губляе прытомнасьць якраз з-за відавочных праблемаў з сэрцам. Хто цэнтр жыцьця ў вёсцы, мястэчку, раёне, горадзе? Чыноўнік? Пасьпяховы бізьнесовец? «Сілавік» з дубінай?

Але прыйдзе час — і ў беларусаў, да якіх пагрукаецца прыходскі сьвятар, сэрцы пачнуць адгукацца моцна і радасна: Бог! Бог! Бог!

10 сакавіка 2012 г.


XXIV. ЭРНСТ САБІЛА

Будзь мне трывалым прыстанішчам,

куды я заўсёды

мог бы схавацца;

Ты наказаў уратаваць мяне,

бо цьвярдыня мая

і крэпасьць мая — Ты.

Псалом 70:3

Калі ўпершыню бачыш пастара Эрнста Сабілу — каржакаватая постаць, вялікая галава зь літымі скуламі, пільныя вочы ў глыбокіх вачніцах і валявое падбародзьдзе старадаўняе, шырокае ліцьвінскае косьці, — ня можаш пазбыцца ўражаньня: такія трымаюць на сабе беларускае неба. Усю шэрую, пахмурную глыбу да самага далягляду.

Пастару Сабілу — восемдзесят. «Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў, а пры большай моцы восемдзесят гадоў, — сьпяваецца ў 89-м псалме, — і лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім».

Але і ў свае восемдзесят пастар Сабіла магутны.

Гэта ж такую моц даў чалавеку Бог, што і пасьля трынаццаці гадоў ГУЛАГа, дзесяцігодзьдзяў уціску, цярпеньняў і барацьбы цягае мяхі з цэментам на будоўлі Дома малітвы.

Сабіла прымружваецца (вочы як байніцы) — і ў далёкім-далёкім позірку пазнаеш вялікіх вернікаў, уладароў ВКЛ, ваяводаў і правадыроў, што верылі ў Госпада і стаялі за сваю Айчыну не на жыцьцё, а на сьмерць. Радзівілаў. Скарыну. Сапегу.

Нарадзіўся ў Дзегцяроўцы, пад Мінскам. Сям’я Сабілаў як ненадзейная была выселеная падалей ад савецка-польскай мяжы — у Бабруйск. Падчас нямецкай акупацыі далучыліся да евангельскіх хрысьціян-баптыстаў. Партызанілі.

У 1951-м студэнт медыцынскага інстытута ў Мінску Эрнст Сабіла быў арыштаваны гэбістамі.

Арытыкул 72б савецкага Крымінальнага кодэкса: «Актыўная антысавецкая агітацыя з ужываньнем рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Прысуд — расстрэл. Расстрэл быў заменены на 25 гадоў пазбаўленьня волі.

І быў голад. Былі зьдзекі. Былі хваробы. Сьпярша ў Падмаскоўі, потым на ўранавых шахтах ва Усьць-Каменагорску. Сабіла двойчы ўцякаў з лагера. Стралялі. Выжыў цудам: у найлепшага стралка аховы, які стаяў на вышцы, раптам заклініла зброю.

Вызвалены, жыў пад пастаянным наглядам КДБ.

У 1988-м, ледзь толькі дыхнула Адраджэньнем, Эрнст Сабіла арганізоўвае ў Мінску Беларускую Евангельскую Царкву.

Вернікі з усёй Беларусі ехалі ў Сабілаву кватэру на Паўднёвым Захадзе...

У 1989-м на І зьезьдзе БНФ у Вільні менавіта пастар Сабіла зачытваў Божае Слова, а затым і правіў малітвы на першых фронтаўскіх мітынгах.

У 1990-я Сабіла як прадстаўнік пратэстантаў быў адным з сустаршыняў Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Злучнасьці.

30 мая 2006-га ўлады пазбавілі Беларускую Евангельскую Царкву рэгістрацыі.

У адказ пастар Сабіла (сам — крэпасьць Божая сярод беларускіх руінаў) збудаваў у Асіповічах гэткі ж магутны малітоўны дом.

На будоўлі здарыўся цуд. Цікаўныя хадзілі глядзець на ўласныя вочы: дом меўся стаяць у нізіне, і нават лужыны тут не высыхалі, але вялізны катлаван, у якім магла б зьмясьціцца цэлая хата з дахам, застаўся сухі.

Усе апошнія гады і рэшту сваёй цялеснай дужасьці пастар Сабіла ўклаў у будынак на краі балота. Эрнст Канстанцінавіч верыць, што неўзабаве гэтыя вялізныя залы будуць запоўненыя евангельскімі вернікамі, якія славяць Бога па-беларуску.

На сустрэчах з Сабілам, палітвязьнем савецкіх часоў, моладзь замірае. І ў цішыні словы ягонага сьведчаньня кладуцца, быццам камяні ў падмурак.

Сабіла сьведчыць пра Бога ў сваім жыцьці.

Сабіла расказвае пра Беларусь, ягоны крыж.

Цярплівы пастар Сабіла не разумее, як можна быць цярпімым да зла, як можна ўваходзіць у кааліцыі з камуністамі.

І ўжо сёньня менавіта пастар Сабіла, патрыярх беларускага евангельскага руху, прабіваецца на Валадарку да Сяргея Каваленкі, які памірае за бел-чырвона-белы сьцяг...

Сабіла гаворыць важка, вытрымлівае паўзы, і гэтыя паўзы цяжкія, як ягоны спакутаваны, але спакойны позірк спадылба, — каб да слухача дайшло.

— Набліжаецца мой час стаць перад Госпадам, — ціха, павольна, але так, што мурашкі па скуры, выгаворвае Эрнст Канстанцінавіч, — і ўжо адчуваю: сьвет рыхтуецца да таго, хто прыйдзе перад Хрыстом. Антыхрыста. Адчуваю вакол гэты дух.

Дух апошніх часоў.

«Мы жывём сярод страшнага народа, які выракаецца сваіх продкаў», — сказаў калісьці Сабіла.

Маладыя і ня вельмі пастары, якія нават ня мысьляць шырынёй народа і глыбінёй краіны, дадзенай ім Богам, якія цураюцца казані на роднай мове, не заўважаюць тых нямногіх, хто, па грудзі ў твані, з астатніх сіл трымае на сваіх плячах і ўсю Беларусь, і іх саміх.

Глядзіш на Сабілу і думаеш: здужае.

Але вытрымаць такі крыж чалавеку пад сілу толькі тады, калі ў ягоным знадрыўным сэрцы, у ягоных зраненых руках, у ягоных напружаных жылах жыве сам Збаўца. Бог Скарыны, Сапегі, Сабілы — Ісус Хрыстос.

24 сакавіка 2012 г.


XXV. ЗАРОК

Цьверазейце, чувайце,

бо супраціўнік ваш д’ябал

ходзіць, як рыклівы леў,

шукаючы, каго праглынуць.

І Пятра 5:8

Наш кіроўца, мужык талковы, у одуме. Усё зьбілася з тропу: машына ламаецца, у сям’і раптам бязладзьдзе, начальнік бяз дай прычыны надоечы вызьверыўся. Карацей, жыцьцё дало расколіну. Раіцца: маўляў, ты ж вернік, ведаеш — можа, гэта з-за таго, што я расьпяцьце без цьвікоў набыў?.. Аказваецца, днямі ў краме да яго падышоў нейкі п’янтос, ледзь трымаецца на нагах і просіць: купі, за бутэльку. Расьпяцьце матчына, хіба што дзіркі замест цьвікоў... Глядзіш кіроўцу ў трывожныя шырокія зрэнкі і бачыш адну чорную дзірку.

Безь цьвікоў укрыжоўваюць, Госпадзе. Прапіваюць і спадчыну, і розум, і душу — калі б маглі, і Цябе прапілі б.

Тут, сярод замкаў ды пушчаў, п’юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, бухаюць, заліваюць горла — бо зеўрае, зеўрае чорная дзірка ў сэрцы, а сьвятое месца пустым не бывае. Рабочыя, вяскоўцы, «хімікі»... Ня так адчайна і жорстка, як у Малым Сітне з «максімкай», але грунтоўна, пасьлядоўна, засяроджана, зь яўнай мэтай калісьці дапіцца-такі.

А гэта ж ня дзе-небудзь, менавіта тут, у беларускай глыбіні, у 1846-1848-м пачаўся знакаміты Пружанскі антыалкагольны рух, які даў першы штуршок небываламу паводле размаху ацьверазеньню ў 1850-я па ўсёй Расейскай імперыі.

Пра гэты самы «пружанскі бунт» як пачатак найбуйнейшай агульнарасейскай кампаніі абстыненцыі з гонарам паведамляе, між іншым, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ — і рэкамендуе выкарыстоўваць такі факт, уявіце сабе, на лекцыях «адзінага дня інфармаваньня». Вядома, адной рукой, праз капеечную гарэлку, піўную рэкламу і батарэю бырла, падліваюць ды падліваюць (і ня тое што закусіць — занюхаць не даюць), а другой, заграбаючы грошы ў касу, часам усплёскваюць: авохці, бяда!... вой, што твораць... П’юць жа, паскуды, ну што ты ім зробіш!..

Усё пачалося ў 1846-м у местачковых прыходах ды парафіях, зь нейкім веяньнем духу. Рэй вялі сьвятары. Хопіць піць!.. Вёска за вёскай на заклік бацюшкі ці ксяндза беларус станавіўся перад алтаром ці абразом і заракаўся: болей не дакранацца да сьпіртнога. Так і ўяўляеш: глядзіцца чалавек у абраз — і вобраз і падабенства Божае ажываюць у ім самім.

А між тым зарок быў злачынствам: закон Расейскай імперыі забараняў даваць нейкія клятвы, апрача прысягі цару.

Масавае ацьверазеньне ахапіла сьпярша гістарычную Літву: на Гарадзеншчыне зарок далі 220 тысячаў сялянаў, на Віленшчыне — 140 тысячаў, на Міншчыне — 84 тысячы. Вакол цэркваў ды касьцёлаў ствараліся таварыствы ці брацтвы цьвярозасьці. Кабакі зачыняліся праз адсутнасьць прыбытку; чыноўнікі паўсюдна адзначалі рэзкі ўздым сьвядомасьці і дабрабыту І вось ужо шэф жандараў дакладае Аляксандру ІІ: «Здарылася ў нас падзея, зусім нечаканае...»

Зь беларускіх земляў і Ковеншчыны рух цьвярозасьці перакінуўся на суседнія — і ўрэшце да канца 1850-х гадоў ачомаліся 32 губерні Расейскай імперыі. Цьвярэзьнікі засноўвалі свае школы, прытулкі, стваралі касы ўзаемадапамогі — і, быццам з зародку, з зароку перад Богам стыхійна нараджалася самакіраваньне. Месцамі адмова ад віна і гарэлкі прывяла да бунтаў: абураныя мужыкі грамадой грамілі манаполькі. Урад, напалоханы размахам непадуладнага руху і стратай каласальных грошай (імперскі бюджэт трэснуў па швах), выправіў на падаўленьне непітушчых рэгулярныя войскі. Звыш 11 тысячаў актывістаў руху былі арыштаваныя, бітыя розгамі і высланыя ў Сібір (зь іх 780 — у беларускіх губернях).

Ані Раманавы, ані бальшавікі, ані Лукашэнка не адступілі ад загаду Івана Жахлівага: спойваць. Ня будуць піць? Адключым газ.

«Ну, першы тост за Галоўнакамандуючага, ты ў курсе», — напаўголаса папярэджвае начальства пружанскіх вайскоўцаў на 23 феўраля. І тады, і цяпер дэманстратыўна ня выпіць было выклікам. Толькі ходзіць, бродзіць нехта вакол, кружыць, як рыклівы леў, шукаючы, каго б праглынуць нагбом.

Пружанскія сяляне ўжывалі віно і хлеб у Прычасьці — і прымалі Кроў і Плоць Хрыстовыя. Сёньня віно бяз Бога і хлеб зь відовішчамі ператвараюць беларуса ў жывёлу.

Няўжо лёс беларускай глыбіні — дапіць горкую чашу да дна, да поўнай п’яненькай рабскай павіннасьці, да выраджэньня асноўнай масы народа, да нацыянальнага гена алкагольнай залежнасьці?

Ды ня ўтопім мы нічога і нікога ў тае чарцы, апроч саміх сябе.

«Кадзіроўкі» ды палітінфармацыі — хіба апахмелка апасьля дзяржаўнай палітыкі спойваньня. Авось масавы рух, пачаты Царквой, у спалучэньні з падтрымкай сям’і і моладзевай модай на цьвярозасьць — насамрэч куды большая пагроза для існага рэжыму, чым уся сёньняшняя апазіцыя.

Таму збляваць чорта, каторы ў глыбіні беларускай душы сушыць, і пячэ, і смокча, і сьсе, можна адным-адзінюткім спосабам, ужытым простымі пружанцамі 165 гадоў таму, — не адкаркоўваць новую нуль-пяць, а адчыніць душу Богу.

31 сакавіка 2012 г.


XXVI. СЬМЕРЦЬ І СЬЦЯГ

Калі ж тленьне гэтае

апранецца ў нятленнасьць

і сьмяротнае гэтае

апранецца ў несьмяротнасьць,

тады збудзецца слова напісанае:

«Паглынута сьмерць перамогаю».

І да Карынфянаў, 15:54

Пасьля сарака дзён галадоўкі з чалавека пачынае сыходзіць жыцьцё. Тонкае на прасьвет цела, зь якога разам з наедкам зьнікае ўсё набытае, трапечацца па хадзе на касьцях, бы сьцяг на тронках, — і застаецца толькі сутнасьць. Тое, чым чалавек ёсьць.

Вось чаму Ісус сорак дзён нічога ня еў, каб вытрымаць д’яблавы спакусы.

А беларуса Сяргея Каваленку, які галадае на сьмерць за бел-чырвона-белы сьцяг і волю, вязуць у вар’ятню.

«Там, на самым версе ёлкі, калі я прымацаваў вуду і адпусьціў вялікі сьцяг, я адчуў, як мая душа аддзялілася ад цела». Так Каваленка расказвае пра той самы дзень, сьвята Нараджэньня Хрыстовага.

Сьцяг у Віцебску быў феерычны. Увесь год аблвыканкам зьбіраў з раёнаў сродкі на ўпарадкаваньне плошчы Перамогі, найвялікшай у краіне. На Новы год тут усталявалі самую вялікую ёлку ў Беларусі. Эх, ёсьць чым ганарыцца!.. І вось 7 студзеня, на плошчы сьвяточны канцэрт, і сярод белага дня, апоўдні бялявы, спартовага целаскладу хлопец перасякае брук, сігае за плот, па-альпінісцку ўзьбіраецца на 35-метровую вышыню.

І найвялікшая ў краіне плошча ўмомант ператвараецца з плошчы савецкай перамогі ў пляц перамогі беларускай.

Зараз Каваленка бледны-бледны ад голаду. Усё, што засталося ад моцнага нашчадка колішняга вялікалітоўскага каваля, крутаскулага, з масіўнай сківіцай сапраўднага байца, героя з горада Альгерда, Шагала, Мірона, — палатніна белага цела і кроў, у якую гвалтам колюць глюкозу.

Чалавек-сьцяг ператвараецца ў чалавека-сьмерць.

Тут, у камендзе, Каваленку часам блытаюць з Кавалёвым — ну, гэты, як яго, зь Віцебска, каторага расстралялі.... І, разабраўшыся, спачуваюць як свайму брату-«хіміку»: правёў сына ў Лядовы палац пасьля 19:00 — парушэньне і ў турму. Таго, хто гатовы аддаць жыцьцё за бел-чырвона-белы сьцяг, паважаюць. Але не разумеюць.

А ці разумеем мы?

Тое, што Каваленка памірае пры нашай агульнай млявасьці ды абыякавасьці да ягонага жыцьця, — гэта нацыянальная ганьба.

Гісторыя чалавека-сьцяга, а гэта, паверце, ужо самая сапраўдная беларуская гісторыя, — сёньняшні адказ на пытаньне: ці верым? Ці можам? Ці пераможам?

Бо насамрэч наш бел-чырвона-белы сьцяг — гэта і ёсьць самы ясны на сьвеце сімвал перамогі жыцьця над сьмерцю. Даўгая льняная палатніна, у якую загортвалі цела памерлага ў Палесьціне. Белая з крывавай паласою.

Хрыстос паміраў за нас — і па Ўваскрасеньні пакінуў нам бел-чырвона-белы сьцяг як знак Сваёй перамогі.

Мы пазнаём яго ў штандарах хрысьціянскіх краінаў — Англіі, Швейцарыі, скандынаваў, Польшчы, Грузіі, у бел-чырвона-белых стужках патрыярхаў і нават на гербе РПЦ. Ад белых, чырвоных і белых хваляў сэрца захлынаецца сьвятлом, пяшчотай і воляй.

І вось у Вялікі пост, у тыднях цярпеньня і пакуты, расьцятая на турэмных прасьцінах, памірае душа Сяргея Каваленкі.

Мы блытаемся ў сеціве, спрабуем вырвацца і ўвесь час тыцкаемся ў тое, што паміраць за Беларусь — дарма, а жыць дзеля яе немагчыма. Наракаюць: Каваленка занадта рэзкі, няправільна сябе паводзіць, ня слухае ані родных, ані кіраўніцтва сваёй партыі, і ўвогуле, самагубства — грэх... Але мы ня маем права асуджаць яго. Толькі на волі можна спрачацца зь Сяргеем, пераконваць, даводзіць. А зараз адзіна магчымы спосаб дзеяньня для нас, тых, за каго і памірае Каваленка, — ціснуць на рэжым, а не на Сяргея. Даць чалавеку-сьцягу годна з гэтай сьмяротнай галадоўкі выйсьці.

Ці хоча жыць Каваленка, бацька дваіх дзяцей, муж, беларускі патрыёт? Канечне, хоча.

У свой час, галадуючы больш як 50 дзён, Аляксандр Казулін дамогся таго, каб беларускае пытаньне было вынесена на разгляд Рады Бясьпекі ААН.

Дзеля жыцьця беларуса адна звышдзяржава — ЗША — паставіла на парадак дня тэму Беларусі, а іншая ядзерная дзяржава — Расея — была вымушаная гэты разгляд блакаваць.

Дзякуй Богу — Казулін застаўся жывы.

Глыбокі беларускі супраціў заўжды адчайна ахвярны. Пад кропельніцай, прывязаны да ложка, паміж жалезнымі дзьвярыма з вочкам і закратаваным небам пакутліва і балюча Каваленка аддае сябе. Па кроплі — кожнаму з нас. І цяпер кожны дзень жыцьцё Каваленкі мусіць стаць днём бел-чырвона-белага сьцяга. Хаця б аднаго сьцяга штодня.

Думаю, Каваленка даможацца выніку, вартага галадоўкі не на жыцьцё, а на сьмерць. І будзе жыць.

І тады ў сьветлыя велікодныя дні і для яго самога, і для кожнага з нас стане трошкі ясьней, як паміраў на крыжы і як уваскрос пад бел-чырвона-белым сьцягам, каб жылі мы, Сам Госпад Бог.

7 красавіка 2012 г.


XXXVIII. ІСКРЫ НЕРАСКАЯНАСЬЦІ

...Але калі не пакаецеся,

Усе гэтак сама загінеце.

Лукі, 13:3

Паабяцалі мне нашы куплінскія рабочыя стагадовую газету. Няўжо, думаю, дзесьці на белавежскім хутары заціхарылася «Наша Ніва»? Прыносяць, складзеную ў чатыры разы, у пакеціку з-пад сушак. Газета не газета — улётка. Друк аднабаковы. Папера навобмацак цьвёрдая, колеру бэжавага, добрая, унізе выходныя дадзеныя па-нямецку: Лейпцыг. На абароце шарыкавай ручкай нейкі мабільны нумар... І — чорным па белым: «Іскра», № 1, 1900 г.

Падумаў, падробка. Перадрук. І каму яно тут у Пружанах спатрэбілася?.. Але на ўсялякі выпадак прашу паглядзець малецкага краязнаўцу Алеся Кенду. Алесь бярэ на прасьвет, цярэбіць краі — і, бачу, пальцы заўважна пачынаюць трымцець: «Гэта арыгінал».

Першы нумар «Іскры» па маскоўскіх коштах — ад некалькіх соцень да 3,5 тысячы даляраў, у залежнасьці ад стану.

У камендзе іскру камунізму трымаць небясьпечна. Большасьць асуджаных, лічы, жабракі. А тут такі, выбачаюся за каламбур, капітал. Спакуса.

...Калі з боку Пружанаў уязджаеш у былы вайсковы гарадок Куплін, пасьля разбуранага КПП цябе сустрэне стод правадыра сусьветнага пралетарыяту з растрэсканым тварам. Аблуплены, ля памыйкі, поруч з шыльдай «Прием овощей», Ленін прымружана азірае сваю разварочаную бункерамі ды фермерамі, зарослую бур’янам спадчыну, рыхтаваную дзеля планетарнай рэвалюцыі.

Камунізм, здаецца, ляснуў, а ідал стаіць.

Чакае.

Бо камуністычная спадчына тут, у беларускай глыбіні, — ня толькі помнікі ды сатанінскія пентаграмы, ня толькі паўсьцёрты тэкст гімна СССР на крывава-цагляным фасадзе пружанскага тэхнікума па вуліцы Чырвонаармейскай.

Усё нашмат глыбей — у душы, якая з чатырох галоўных арыфметычных дзеяньняў ня можа ані «дадаць», ані «памножыць», а ўсё хоча «адняць» і «падзяліць»; у бездані быцьця, якое вызначае сьвядомасьць, у пустаце духу.

Мігціць, дыміць, быццам жар на тарфяніку. Раптам зірнеш, а вакол у вачах большасьці — рабочых, міліцыянтаў з «зорачкамі», асуджанай пралетарскай галоты, «чырвоных» калгасных начальнікаў — усё гэтак жа іскрыцца навуковы атэізм, знаёмая нянавісьць да «прыватніка», агіда да царквы, грэблівасьць да інтэлігенцыі ды невыносны сум па сусьветным савецкім страху.

Камуністы... Крок наперад, два крокі назад.

Іскры страшэннага зла, што ўспыхнула тут стагодзьдзе таму, і занялося ўсечалавечым пажарам, і вынішчыла цэлыя народы і краіны, і спапяліла мільярды сэрцаў ад Расеі да Афрыкі, ад Кубы да Кітая, дагэтуль тлеюць у кожным з нас: яны нікуды ня дзеліся. Нельга падманвацца: з камунізмам ня скончана. Ня трэба думаць, што мы як народ ці кожны з нас ад яго вольныя.

Нецярпімасьць да чалавечай асобы, спалучаная зь цярпімасьцю да зла, гэткая каінава пячатка бальшавізму — ці ня іх мы бачым у жыцьці большасьці беларусаў скрозь і побач?..

А бязбожжа, то ваяўнічае, то абыякавае, непрыманьне ўсяго, зьвязанага з Хрыстом, на руінах дыялектычнага матэрыялізму?..

А зайздрасьць да суседа, нянавісьць да заможнага, да чужой уласнасьці?..

А калектыўная безадказнасьць, што сярпом ды молатам кроіць і крышыць краіну і ва ўладзе, і ў апазіцыі?..

А абагаўленьне чалавека — або ўсе мы ведаем якога, або самога сябе?..

Не, як народ мы не пакаяліся.

У зьнішчэньні людзей, у якім беларусы масава ўдзельнічалі за саветамі, у выкараненьні царквы і сьвятарства (чаго вартыя адны гісторыі пра разбуральнікаў храмаў, вядомыя ці ня ў кожнай вёсцы), у вырачэньні ўласнай мовы і культуры...

Нават у гэтым!

Чаму немцы, унукі жаўнераў вермахта, прыязджаючы ў Беларусь, плачуць у Хатыні, а мы робім сьметнікі, палім вогнішчы ды выгульваем сабак на месцах сталінскіх расстрэлаў?..

Што ўжо казаць пра пакаяньне ў абыякавасьці да зла, маўчаньні і бязьдзеяньні, у недапамозе і забыцьці?..

Прычына правалаў усіх пачынаньняў апошніх 20 гадоў — ад дэмакратызацыі і беларусізацыі да ўсялякіх яднаньняў і адраджэньняў — у адсутнасьці нацыянальнага пакаяньня. Мы асуджаныя вяртацца да камунізму, да бязбожжа ў розных абліччах — да той пары, пакуль не пакаемся. Гэта — найважнейшы духоўны закон. Закон жыцьця. Інакш няма чаго здзіўляцца: зямля, набрынялая неспавяданай, нераскаянай крывёю, штогод будзе даваць толькі дым і попел.

Думаеш, каб беларусы нарэшце сталі нацыяй, дастаткова выплочваць кожнаму 500 даляраў на месяц?.. Ці, наадварот, не атрымаўшы $ 500, усім разам выйсьці на Плошчу?

«А мне-та за што каяцца?!.» — ня проста абурыцца — вызьверыцца беларус.

Страх, здрада, бязвольнасьць, агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця, ды ўрэшце нармальнасьць граху ўжо так прарасьлі ва ўсіх кутках нашай істоты, так пашкодзілі пухлінамі і метастазамі тканкі ды органы, што выціснуць зь сябе раба па кроплі, як прышчыкі на твары, — не-а, ня ўдасца. Толькі балюча, да надрыву, да горкай жоўці выбляваць з самага сэрца праз пакаяньне.

Яшчэ жывыя відавочцы галадамору, сталінскіх чорных начэй з «варанкамі», курапацкіх стрэлаў, ад якіх лопаліся патыліцы... Для іх ясьней яснага: д’яблавы чырвоныя зоркі — усё гэта з распаленых глыбіняў самога пекла.

Для іх ясна. А для нас?..

Загасіць, затушыць тут, у Беларусі, іскры нераскаянасьці можа адно Той, Хто асудзіў ворага роду людскога навечна гарэць у возеры вогненным. Толькі Госпад Бог.

14 ліпеня 2012 г.


XXXIX. КАРТУЗ-БЯРОЗА

А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,

дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых,

рабіце дабро ненавісьнікам вашым

і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых

і ганіцеляў вашых.

Мацьвея 5:44

Бяроза — горад з вырваным сэрцам.

Старое места Бярозы — зьнішчаны кляштар манахаў-картузіянаў. Вялізная руіна разбуранай крывава-цаглянай сьцяной агароджвае пустку, поўную забытага гвалту і пакутаў на некалькі стагодзьдзяў углыб.

Гэтак жа, ранай у сэрцы, зеўрае і бліжняе Берасьце з крушнямі крэпасьці, і разварочаная Горадня, і стары Менск.

Але Бяроза — выпадак асаблівы. Аддаецца рваным болем, калі чуеш тутэйшых: маўляў, Бяроза Картузская — гэта ад картуза, які павесіў на прыдарожную бярозу ці то Пётр І, ці то Сувораў.

Насамрэч Бяроза як горад пачыналася вакол кляштара Сьвятога Крыжа. У 1648-м Казімір Леў Сапега, сын славутага канцлера ВКЛ, выдаткаваў 10 тысячаў чырвоных злотых закону картузіянаў — самаму строгаму з усіх каталіцкіх. Манахі ордэна, заснаванага ў 1084-м сьвятым Бруна ў французскай пустэльні

Шартроз (Cartusia), давалі зарокі маўчаньня, фізічнай працы, увесьчаснай малітвы, посту — і поўнай самоты. У мурах кляштара для манахаў прызначаліся адмысловыя эрэмы — глухія кельлі з таўшчэзнымі сьценамі: нават ежу самотнік атрымліваў праз адтуліну з двума паваротамі, каб ні з кім не сустрэцца.

Велічны барокавы ансамбль з касьцёлам і дазволам на кірмашы зрабіўся асновай мястэчка: неўзабаве Бяроза мела два цагельныя заводы, пяць млыноў, вяла гандаль сольлю, хлебам і мёдам, віном і півам.

Ці прадчуваў Казімір Леў Сапега, глыбокі вернік, містык, які вучыўся ў чатырох еўрапейскіх універсітэтах і быў пахаваны ў паўднёвай сьцяне кляштара ў 1666-м, што будаваў для сябе магілу, а для беларусаў— Крыж?..

Ціхамірнае жыцьцё скончылася з расейскай акупацыяй.

У 1823-м царскія чыноўнікі спрабавалі засудзіць кляштар за тое, што быццам бы выдаткаваў паўстанцам Касьцюшкі мільён злотых. А ў 1831-м, выставіўшы трох манахаў як удзельнікаў чарговага паўстаньня, кляштар зачынілі, ягоныя землі сканфіскавалі, а лісты медзі з даху адправілі на будоўлю праваслаўнай царквы ў Горадні.

У кляштарных мурах разьмясьціўся расейскі полк. Бярозу Картузскую перайменавалі ў Бярозу Казённую.

Менавіта гэтыя расейскія казармы ля руінаў старога кляштара ў 1930-я ўлады ІІ Рэчы Паспалітай прыстасавалі пад турму для соцень беларускіх і ўкраінскіх камуністаў ды незалежнікаў.

Пасьля гучнага забойства дзеяча «санацыі», міністра ўнутраных справаў Польшчы Перацкага 15 чэрвеня 1934-га прэм’ер Леон Казлоўскі пры падтрымцы Юзафа Пілсудскага дамогся распараджэньня прэзідэнта Ігнацыя Масьціцкага — і ў краіне «залатой вольнасьці» запрацаваў першы канцэнтрацыйны лагер на ўзор сталінскіх ды нацысцкіх. Месца, дзе дазвалялася катаваць людзей без суда і сьледства.

Пабудка — а 4-й ранку. 6:30 — баланда. Увесь дзень стаіш тварам да сьцяны пад наглядам.

Ноч — кладзесься на падлогу, але кожныя паўгадзіны — пад’ём і праверка. Зьдзеклівая гімнастыка па сем гадзінаў запар, да мленьня.

Усе загады выконваць бегма. Размаўляць забаронена — карцар. Прыбіральня — раз на дзень, агульная для ўсіх, на некалькі секундаў, пасьпееш толькі зьняць ды надзець порткі. Правініўся — чысьціць выграбныя ямы голымі рукамі (мыць потым забаронена). Бессэнсоўная егіпецкая праца: капаць і засыпаць ямы, перасоўваць зь месца на месца цяжкія камяні кляштарнай муроўкі... Адмаўляесься?.. Ад пяці да пяцідзесяці ўдараў у твар.

І клічуць цябе цяпер — «быдла».

Галоўная мэта — прынізіць дашчэнту, давесьці да скрайняга зьнемажэньня і зламаць. Людзі паміралі, выходзілі зь Бярозы калекамі ды вар’ятамі. Расказваць пра ўмовы ўтрыманьня было забаронена пад страхам вяртаньня ў «кляштар».

Празь пекла Картуз-Бярозы прайшлі тысячы беларусаў, падазраваных у супрацы з КПЗБ і БХД, у тым ліку адзін зь лідараў хадэкаў, праваслаўны багаслоў і сенатар польскага Сейма Вячаслаў Багдановіч, рэдактар часопіса «Шлях моладзі» і аўтар кнігі «Беларусь учора і сёньня» Язэп Найдзюк, а таксама правадыры ўкраінскага нацыянальнага руху: атаман Украінскай Паўстанцкай Арміі Тарас Баравец і камандуючы УПА Раман Шухевіч.

Што ж зрабіла савецкая ўлада на месцы польскага канцлагера, у якім нішчылі камуністаў?.. Зноў казар-

мы, ды яшчэ са сьвінарнікам. У сутарэньнях, дзе былі пахаваныя Сапегі, гніла бульба. І — чаканная фраза краязнаўца: «Толькі ўлетку 1989-га з кляштара былі выведзеныя сьвіньні Мінабароны СССР».

Бяроза — гэта беларускі пароль з Нагорнай казані, Евангельля паводле Мацьвея, 5:44: «Любіце ворагаў вашых...»

Бо як інакш жыць побач з суседзямі, якія разбуралі твае храмы, вешалі найлепшых людзей твайго роду, катавалі тваіх сьвятароў і паэтаў, прымушаючы капаць ды засыпаць ірвы, крычаць ад удараў палкамі ды ботамі, поўзаць на каленях па бясконцай, усыпанай бітай цэглай і шклом крывавай дарожцы?..

Гэтак жа ненавідзець? Высочваць час, каб урэшце адпомсьціць? Выхоўваць дзяцей са смакам крыві на вуснах?..

Але як можна забыцца, калі твае бліжнія дзеля абароны сваёй свабоды і годнасьці топчуць ды забіваюць цябе?

Не, прабачэньне — гэта не забыцьцё. Прабачаеш — гэта калі бярэш увесь боль на сябе і аддаеш яго Богу. Калі надсілу, як цяжка б гэта ні было, расхінаеш уласнае сьцятае сэрца для аднаўленьня адносінаў, да вызваленьня ад пекла ўсярэдзіне. «Хіба я не зьнішчаю ворагаў, калі ператвараю іх у сяброў?..» — спытаўся калісьці адзін мудры ўладар.

«Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — паўтарае апостал тым, хто не зразумеў пра ворагаў зь першага разу.

Мы нават не ўяўляем, як гэта...

Любіць, днямі да атупеньня і страты прытомнасьці стоячы перад каменнай сьцяной.

Любіць, калі цябе лупяць па твары, бо дапамог падняцца таварышу. Любіць, калі рукі, запэцканыя ў кале, трасуцца і рассыпаюць крохі лагернай пайкі

хлеба. Любіць, калі, ашалелы, ледзь перастаўляеш змачаленыя да косьці кульці-калені па нясьцерпных зубах бітага шкла...

Любіць палякаў, расейцаў, немцаў... і саміх сябе — забыўлівых, абыякавых, запалоханых беларусаў.

Калі мы ня хочам жыць на гэтай зямлі са скрываўленай вырванай пусткай замест сэрца — кожнаму з нас трэба вучыцца любіць. Любіць настолькі моцна, як Той, Хто прыняў на Сябе ўвесь наш грэх і ўвесь наш боль на Крыжы.

Каб «Бяроза» аддавалася ў грудзях не пагрознай злосьцю, а гулкім кляштарным рэхам: «Бог ёсьць любоў».

23 ліпеня 2012 г.


XLI. РВАНЫЯ РАНЫ ВОРЫВА

Пяты анёл затрубіў,

і ўгледзеў я зорку,

што ўпала зь неба на зямлю,

і дадзены ёй ключ

ад калодзежа бездані.

Адкрыцьцё, 9:1

Куплінскі склад аўтазапчастак, на якім мне даводзіцца працаваць за трыста метраў ад каменды, найбольшы ў Пружанскім раёне. У былым танкавым ангары на 400 квадратных метраў — жалеза да трактароў «Беларус», «МАЗаў», савецкіх грузавікоў, сельгастэхнікі; падшыпнікі, фільтры, рамяні ды шлангі розных калібраў, эмалі, гаруча-змазачныя матэрыялы, разнастайныя інструменты — ажно да аптэчак і электрапастухоў. Калгасы раёна, калісьці перайменаваныя ў ААТ, затаварваюцца менавіта тут.

Склад — гэта звыш чатырох тысяч найменьняў, дзе памылка ў нумары акумулятара ці трактарнай шыны будзе каштаваць табе месячнага заробку; гэта змораныя, бегма, купцы, інжынеры і механікі; гэта некалькі дзясяткаў сваіх рабочых, чорных ад мазуты і пылу, якім трэба выдаваць снадзіва і рыштунак, а таксама процьма ластавак, што напаўняюць былы ангар шчабятаньнем, лепяць гнёзды ў скрыжаваньнях бетону, віртуозна вылоўліваюць мух ля вокнаў і дзьвярэй і выводзяць маленькіх, якія шэрагам, не раўнуючы ноты, сядзяць на лініях дроту ды пачаргова, быццам у мульціках, вучацца ціўкаць.

Месячны абарот тут ідзе на мільярды, вага жалеза — на тоны, і спаленыя нервовыя клеткі — напэўна, адзінае, што ўліку не паддаецца.

Калгасу, які прыязджае, трэба паказаць, што ёсьць, запісаць выбранае, аддаць накладныя і выдаць, а часьцяком і дапамагчы пагрузіць.

Жалезная плынь.

Дзякуй Богу, кладаўшчык — баптыст Слава: за парадак можна не хвалявацца. Брат Слава прайшоў і турмы, і бамжаваньне, пакаяўся, прыняў Хрыста — і цяпер адзін з кіраўнікоў тутэйшай памеснай царквы. Дапамагае галоўны інжынер Максімавіч — сьціплы ды ўсьмешлівы беларус-тэхнар зь вёскі Забэйды-Суміцкага, знаўца ўсяго неверагоднага жалезьзя, вечна на тэлефоне, на запраўцы або ў майстэрнях...

Але сам, маючы з тэхнікі хіба што ровар, часам зьнемагаеш ад атупеньня.

А Госпад жа папярэджваў... У СІЗА КДБ тры месяцы прапускаў міма вушэй бясконцыя аповеды галоўнага інжынера МТЗ пра карданы, рэлюшкі і гідрацыліндры — і вось трапляеш акурат туды, куды едуць па запчасткі для 850 «Беларусаў»!

Большасьць усяго металу, гумы ды хіміі са складу сыходзіць у малако: менавіта «малочка» дае 9/10 экспарту Пружанскага раёна. Трактары, сеялкі ды касілкі працуюць на кармах і збожжы для фермаў; шлангі, вёдры ды вілы ідуць наўпрост у кароўнікі; грузавікі развозяць малако па гіпермаркетах.

Прыязджаюць тыя, каго гараджане мімаходзь называюць «калхозьнікамі», — няшчасныя, дабрадушныя і простыя сімпацягі: то стрыманыя, то жартуны, то змрочна-засяроджаныя, каржакаватыя дзядзькі або асаністыя маладзёны з густымі брывамі ды галасамі, кожны зь непаўторнай паляшуцкай ці ліцьвінскай гаворкай — адразу ўяўляюцца дрэвы, выкарчаваныя дзесьці ў пушчы!..

Размаўляеш — і разумееш: калгасы, што засталіся на Пружаншчыне, або выцягваюць за кошт колішніх пракаповіцкіх уліваньняў Нацбанка, або выязджаюць на некалькіх трывушчых беларусах-працаголіках, прыроджаных земляробах, хто яшчэ ня сьпіўся; імі затыкаюць усе дзіры. У стратнай, друзлай, яшчэ саўковай сістэме апошні запас — унутраная, валовая тутэйшая працавітасьць.

Невынішчальныя, вечныя беларусы, зьнявечаныя калектывізацыяй ды атэізмам, яны ўсё захоўваюць у кутках вачэй, у вуснах, у цяжкім маўчаньні сваю беларускую таямніцу — як удаецца выжыць, карміць горад ды трымаць для дзяцей і ўнукаў дзесь глыбока-глыбока гарчычнае зерне надзеі.

А гаспадарыць на беларускай зямлі па-ранейшаму сталінскі калгас.

З размоваў з інжынерамі высьвятляецца, што львіная доля трактароў у гаспадарках стаіць; што ў галандскіх комплексаў, закупленых на фермы за вялізныя грошы, зімой замярзаюць паілкі (не разьлічылі — іншы клімат); людзі саромеюцца нават казаць, колькі зарабляюць; крадзеж, п’янства, безадказнасьць — норма; гісторыі пра калецтвы і сьмерці (таму тэхніка на полі раструшчыла косткі, той упаў у жатку, таго забіла токам) несканчоныя... і ўсе, усе згаджаюцца, што ўсім усё абыякава.

Вёска нават тут, у Заходняй Беларусі, як жывы арганізм — гніе.

Зь зямлі рвуць тое, што аддасьць. Гвалтам. Бо трэба вал. Бо (гарачы кам. прывет) — загад.

Паступае каманда: 20-га сеяць! І хоць аграном ведае, што зямля яшчэ не адтаяла, што палова плошчаў — яшчэ балота і сеяць па загадзе — значыць гробіць тэхніку і насеньне, дзецца няма куды: на палях ужо кантралёры, і гора тым, хто ня вывеў трактар на пашу. Клянуць начальства і асабіста вярхоўнага галоўнакамандуючага — і едуць у Куплін закупаць плугі, трактарныя карданы ды генератары: ведаюць, што дурных паломак ды перасеваў будзе да горла.

Уборка? Зноў: усе на бязьлітасную барацьбу з ураджаем.

Або «семінары» (раённыя ці абласныя накачкі з выездам на палі ўзорных гаспадарак). За два-тры дні да «семінара» замест 10-12 калгасаў штодня прыязджае па 15-20 і разьмятаюць фарбу, шчоткі, рыдлёўкі, вілы ды лямпачкі — каб, раптам што, было чыста і мігцела.

На куплінскім складзе рваны рытм калгаснага жыцьця, бы хвароба сэрца, толькі аддаецца знадрыўным, зь перабоямі, грукатам жалеза.

Краіна Беларусь — адна з найбагацейшых зямлёю ў сьвеце: плошча ворыва на душу насельніцтва — амаль 0,7 га.

Але пакуль бязбожжа — Беларусь бяз збожжа. Ані побытавай сялянскай веры, ані прыватнай уласнасьці — а інакш у зямным жыцьці ніяк.

У ворыва па-ранейшаму няма гаспадара.

У людзей па-ранейшаму няма волі.

Па-ранейшаму дае свае ўсходы кроў, пралітая падчас калектывізацыі: раскулачаныя, сасланыя, забітыя, замораныя голадам; разрабаваныя сем’і, закінутыя вёскі... Колькі яшчэ пяцігодак зямля будзе вывяргаць, выціскаць зь сябе, выкідаць разам зь неўраджаямі боль і выпладні таго гвалту?

Даваць беларусам горкі хлеб з прысмакам крыві і поту?

Зразумець бы гэта мілым, зьдзіўленым і спакутаваным інжынерам...

А нам, гарадскім едакам, — убачыць бы, як часам дажджамі плача над гэтай зьнявечанай ірванымі ранамі зямлёю Бог.

4 жніўня 2012 г.


XLV. АДКРЫЦЬЦЕ ХРЫСТА

Бог, Які сказаў зазьзяць

зь цемры сьвятлу,

азарыў нашыя сэрцы

пазнаньнем славы Божай

у асобе Ісуса Хрыста.

ІІ да Карынфянаў 4:6

Спытай беларуса пра Бога — і ўбачыш чалавека, які раптоўна прачнуўся. Усхапіўся, тарашчыць вочы і не разумее, дзе ён.

«Ісус?.. — крыва ўсьміхаецца, блішчыць залатым зубам муляр Лёнь, павольна ачомваецца. — А... Ён мне не перашкаджае».

«Ці веру. я. у Бога?.. — задуменна, па складах, спрабуе «ўехаць» токар Валянцінавіч. — Гэта пытаньне, як табе сказаць... якое навука яшчэ... точна не ўстанавіла».

«Не, штосьці-то ё, — зваршчык Анатоль апускае вочы, цяжка думае, чухае сівую галаву і пераключаецца ўбок. — Але — ну дзе справядлівасьць, а?! Вось паглядзі...»

Асэнсаваньне прабіваецца на тварах скрозь забыцьцё, павольна, ненадоўга — і на нейкі момант у вачах праблісквае водсьвет чагосьці сьветлага, прыгожага... Страчанага...

Так хочацца, каб яны не аплывалі зноў у сваю змрочна-зморшчаную кому!

Але — махне рукой, адвернецца ці выдыхне: вось такія, маўляў, пірагі — і брык. Зноў напаўжывы.

Мы вечна губляемся, пачуўшы самае важнае пытаньне. А між тым, штотыдня паўтарае наш баптыст-гарманіст, каторы прапаведуе ў камендзе, гэта галоўнае — вызначыцца, дзе ты хочаш правесьці вечнасьць.

У справах жыцьця і сьмерці нават няверуючыя набываюць прытомнасьць перад Ім.

Але, быццам у вадзе, у іншай стыхіі — а ці можна тут хаця б дыхаць?! — спохапам надзімаюць шчокі, мычаць ды ліхаманкава кубатураць, куды б адсюль дзецца.

Заўсёды, калі рэч у праўдзе, свабодзе, справядлівасьці, заўсёды, калі час надломваецца ў змаганьні дабра і зла, калі людзі пакутліва напружваюцца, высільваюцца, церпяць з астатніх сіл і пад невыносным напорам граху і гвалту здаюцца — усяму народу даводзіцца кожны раз наноў адкрываць адну простую і глыбокую ісьціну. Чалавечымі сіламі гэта адолець немагчыма. Сумарнага зараду зла, якое тоіцца ў сэрцы кожнага з нас, насамрэч хопіць, каб у трэскі разьнесьці ўсю Беларусь. І цемра ўнутры чалавека, не пераможаная Богам, будзе тлець роўна столькі, колькі трэба для канчатковага вызначэньня: хочам мы вечнага жыцьця — ці вечнай сьмерці.

Аднойчы такое даводзіцца перажыць і чалавеку, і пакаленьню, і цэламу народу.

Гэта адкрыцьцё прыходзіць пасьля вялікага болю, расчараваньня ці спусташэньня, як цуд. Як спатканьне з каханьнем зь першага позірку. Раптоўна. Працінае сэрца так, што ты трапечаш, бы злоўлены матылёк.

І ціха.

Ты раптам спахопісься: у тваім жыцьці Нехта ёсьць.

Ты пазнаеш Яго ў цёплых вачах верніка — напарніка, які бярэцца падмяняць цябе, хворага, на працы; у вінаватых усьмешках жанчын, якія пасьля набажэнства ў царкве абвешваюць цябе пакункамі зь ежай; у раптоўным болі параненага на разгрузцы жалеза «хіміка», які заціскае рукой сіфон крыві і тут жа сьцінае зубы, каб усё-такі ня лаяцца.

Ты пазнаеш Яго ў Беларусі — незямным позірку азёраў, што глядзяцца ў вышыні, у пяшчотнай смузе, якая сьцірае межы зямлі і неба; у міры і супакоі, што закалыхваюць дыханьнем лагчынаў ды ўзгор’яў любую далечыню; у адчуваньні прысутнасьці і пранізьлівай сьветліні; у такіх пакорлівых і такіх патрабавальных вачах беларускіх дзетак.

Ісус з тым, каму цяжка, хто церпіць несправядліва, хто плача ў адчаі. Ісус — зь бясьсілымі. Тымі, хто разумее, што самі зьмяніць мы краіну ня зможам, бо ня ў сілах нават зьмяніць сябе.

Ісус нараджаецца ў нашым сэрцы — Маленькі, зь вераю. Пакутуе ў змаганьні з грахом. Памірае на крыжы нашага цела, калі мы выбіраем зло... і ўваскрасае пад бел-чырвона-белым сьцягам, скрываўленай плашчаніцай — калі мы даём Яму перамагчы.

Выжываньне беларусаў як нацыі залежыць толькі

ад таго, ці набярэцца ўрэшце крытычная маса людзей, гатовых дазволіць выявіцца ў сабе Ісусу Хрысту.

Калі Беларусь адкрывалася Ісусу — яна нараджалася і адраджалася. У Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства, расквітнела Полацкае княства. Пасьля ХІІ стагодзьдзя, эпохі вялікіх Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага — расьце і мацнее ВКЛ. У ХУ! стагодзьдзі з Рэфармацыяй і адначасовым абуджэньнем Касьцёла ды праваслаўя ўспыхвае залаты век Беларусі — са Скарынам, найлепшымі з Радзівілаў ды Львом Сапегам... У ХХ стагодзьдзі напачатку і напрыканцы — два нацыянальныя Адраджэньні на хвалі духовых абуджэньняў.

Як гэта ні дзіўна, большасьці сапраўдных герояў беларускай гісторыі мы і ня ведаем.

Тых, хто штодня шэптам вымольвае ад зьнішчэньня цэлыя гарады; тых, чые ўлюбёныя Богам сэрцы захлынаюцца крывёю за нас, хворых, жорсткіх, раздражнёных; тых, чые невымернай глыбіні вочы каўтаюць неба, наталяючы ўвесь народ.

Што мы наогул ведаем пра іх? Тое, што яны і сярод праваслаўных, і ў касьцёлах, і ў малітоўных дамах? Тое, што яны і ёсьць празрыстай таямніцай Цела Хрыстова — Ягонай Сапраўднай Царквой? Тое, што яны пазнаюць Ісуса адзін у адным як зьміргнуць — і гэта дае ім слёзы любові і натхнёныя ўсяночныя, пашырае іх сэрцы да памераў цэлай краіны ды распасьцірае перад імі зорныя шляхі?

Колькі іх, сёньняшніх беларускіх сьвятых? Дзясяцера, дзеля якіх Госпад не зьнішчае нашыя Садом і Гамору? Сем тысячаў стоеных, верных Яму, як у гісторыі прарока Ільлі?

Беларусу, які сядзіць у сабе, бы ў зачыненай хаце, дробна калоціцца ад страху ды роспачы ці змучана ные ад бессэнсоўнасьці працы, пара адчыняцца.

Адчыняць дзьверы, у якія Ён дзень і ноч ледзь чутна стукае.

Калі адкрываеш Яму сваё сэрца — у табе самім раптам праглядвае Ягонае.

Калі задыхаесься ад граху — ірві сэрца, як кашулю на грудзях. І расхінай, намаганьне за намаганьнем, справа за справаю, усю краіну, невядомую Беларусь пад белымі крыламі сьцяга Хрыста.

Бо Беларусь збавіць ня снайпер.

Беларусь збавіць Ісус.

16 верасьня 2012 г.


XLVIII. БЯЛЯЦКІ

...І асьвяціце пяцідзясяты год,

і абвясьціце свабоду на зямлі

ўсім жыхарам яе:

хай будзе гэта ў вас юбілей.

Лявіт 25:10

Галасаваў я ўпершыню ў жыцьці менавіта за Бяляцкага.

Улетку 1994-га, калі ўся наша сям’я пазначыла ў бюлетэнях выбараў першага прэзідэнта Зянона Пазьняка, мне было толькі сямнаццаць з паловай. А ў 1995-м, на выбарах у Вярхоўны Савет, наш студэнцкі інтэрнат насупраць Палаца спорту апынуўся ў акрузе Бяляцкага. Геолагі-першакурсьнікі БДУ, мы самі змайстравалі бел-чырвона-белы сьцяг і пайшлі на сустрэчу з кандыдатам у сквер на пляцы Волі.

Тады для нас, захопленых студэнтаў, гэты малады і сьнежна-сівы, сьціплы і ў той жа час поўны ўнутранага гонару фронтавец увасабляў само Адраджэньне.

Потым на соймах, у Музеі Багдановіча, на мітынгах Вясны-96 і ўрэшце ў «Вясьне» ягоная нешматслоўная дзелавітасьць і простасьць толькі пераконвалі: у эпоху незалежнасьці хіба зь Бяляцкага і варта пісаць карціну «Беларус».

Гэта ён, дэпутат Мінгарсавета, першым занёс на сесію бел-чырвона-белы сьцяг, каб узьняць яго на плошчы Незалежнасьці.

Гэта ён у 1990-м згуртаваў Беларускую Грамаду— рух, што спрыяў беларусізацыі Касьцёла. Гэта ён узначаліў Літаратурны музей Багдановіча ў Траецкім — сталічны культурны агмень, зь якога многія супрацоўнікі пасьля перайшлі ў «Вясну».

Бяляцкі цярплівы. Гаворыць рэдка, нягучна, але цьвёрда, асабліва не ўгаворвае ды не перапытвае. Сказаў — далей думай сам. Бяляцкі спакойны. Раздражнёным, у гневе, пакрыўджаным бачыць яго не даводзілася. Бяляцкі белы — бездакорна сівыя хвалістыя валасы толькі падкрэсьліваюць рэпутацыю.

Памятаю, на фронтаўскіх соймах Бяляцкі выступаў рэдка, больш слухаў і, як ад зубнога болю, моршчыўся кожнага разу, калі чуў пафас, амбіцыю ці фальш. Па-беларуску не выпінаўся, а рабіў, рабіў, рабіў...

І зрабіў.

«Вясна», створаная Бяляцкім, цяпер насамрэч — адзін з найбольш трывалых і жыцьцяздольных арганізмаў падтрымкі незалежнага грамадства.

Рэдкая сярод беларусаў агульнанацыянальная талака дзеля дапамогі ў бядзе сапраўды незаменная. Перадачы вязьням, падтрымка сем’яў, аплата адвакатаў у палітычных справах — Бяляцкі займаўся тым будзённым ды надзённым клопатам, трываласьць і спор якога вызначае моц паняцьця «салідарнасьць».

Заходні сьвет таму і патрабуе хорам вызваленьня Бяляцкага, бо ведае кошт маральнай салідарнасьці, стагодзьдзямі выхоўванай у еўрапейцаў касьцёлам ды дамамі малітвы.

Якраз на пяцідзясяты дзень народзінаў Алеся мне ў каменду, на агульны таксафон, патэлефанаваў колішні куплінскі «хімік», які паехаў ад нас на бабруйскую «зону» і перасёкся там зь Бяляцкім. Бяляцкаму там цяжка. Чапляюцца да любой дробязі, пазбаўляюць спатканьняў, перадачаў... «Усе ведаюць, што мужык, што церпіць за праўду, — казаў суразмоўца, — але, сам разумееш: толькі падыдзеш парай словаў перакінуцца — у атрадзе выдзернуць і апрацуюць».

У «зоне» Бяляцкі вырабляе міліцэйскія пагоны. Думаю, шмат хто зь ягоных турэмшчыкаў здагадваецца: знак. Лёс іхніх «зорачак» неўзабаве будзе вызначацца тым, праз чые рукі яны прайшлі.

«Час цяпер такі, што праваабаронцу самае месца ў турме», — напісаў Алесь у адным са сваіх лістоў.

Час. І вось сустракае ў «зоне» Бяляцкі сваё 50-годзьдзе. Юбілей.

Першакрыніца паняцьця юбілею — Біблія, кніга Лявіт, дзе ідзецца пра сьвятарства і асьвячэньне: на пяцідзясяты год кожны з выбранага Богам народа мусіў вяртацца ў сваё валоданьне і вызваляць прададзеных у рабства. Каб юбілею вызваленьня ўрэшце дачакаўся ўвесь народ — камусьці дадзена лічыць гэтыя гады. Дзень пры дні. Самотна.

У апошнім лісьце, датаваным якраз днём свайго юбілею, 25 верасьня, Алесь згадвае: «Жыцьцё як ранішні туман. Сьцелецца па лагах, то гусьцее, то рвецца на камякі, а як пачынае днець — танчэе, мадзее і зьнікае ўрэшце. І застаецца ад яго пару кропель расы, а потым і яна высыхае. Марнасьць марнасьцяў, рэха ў бясконцасьці, крык птушкі нябачнай.»

Амаль Эклезіяст.

І менавіта гэтым туманам пачынаецца вечнасьць, каторая нас чакае і вымяраецца ўжо не гадамі.

Бяляцкі, празь якога ў пару «Вясны» дапамогу атрымалі тысячы перасьледваных беларусаў, цяпер сам у турме і мае патрэбу ў салідарнасьці. Закон жыцьця. Зараз беларускае нацыянальнае адраджэньне жыве цярпеньнем і пакутай за ўвесь народ.

Але бяз гэтага шлях да вызваленьня беларусам не прайсьці — і каталік Бяляцкі гэта цудоўна ведае.

Бо менавіта так, дарогаю дапамогі людзям, трываньняў і болю да збавеньня ад зла, да праўды і любові, да перамогі над гвалтам пад белым-белым сьцягам з крываваю паласой калісьці праз Свайго Сына прайшоў па гэтай зямлі Сам Бог.

15 кастрычніка 2012 г.


XLIX. НАШЧАДКІ

І, паклікаўшы дзіця,

Ісус паставіў яго сярод іх

і сказаў: праўду кажу вам,

калі не навернецеся

і ня будзеце як дзеці,

ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.

Мацьвея 18:2-3

Штотыдня ў каменду прылятае процьма рознакаляровых, у кветачкі, лістоў і паштовак, сьпісаных мілымі дзіцячымі почыркамі.

Чароўныя нябесныя, смарагдавыя, рубінавыя, зіхотка-сонечныя матылькі цудоўным чынам віюцца вакол цябе і ўлетку, і ў залатой восені, і нават зімою — і ледзь чутна трапечуць у руках. Лісточкі па-беларуску, зь вершамі ды малюнкамі, і зваротнага адрасу ў

іх ніколі няма — тыя, хто піша, падпісваюцца толькі імёнамі.

Марыя. Хрысьціна. Кірыл. Паліна. Аленка. Віка. Воля.

Кожны лісточак — твор.

Вось на стале, засланым ручніком, — Маці Божая Вастрабрамская, партрэт Максіма Багдановіча і ягоныя кнігі, васількі і запаленая сьвечка. Фотаздымкі прапускаюцца праз каляровую друкарку, выразаюцца і аздабляюцца гелевымі асадкамі з блёсткамі.

Вось «Пагоня». Вось маленькія паштовачкі-складаначкі зь біблейскімі карцінкамі. Калядныя фоты. Музей Белага ў Старых Дарогах. Будзьмаўскія прыгажосьці. Вось цэлыя серыі па 10-20 самаробных паштовак. «На родных вуліцах». Царква, касьцёл. Парк... Сумны анёл на могілках... «Сны аб мінулым». «Дарагія сэрцу сябры». Кветкі: «Летняя ружа». «Валошка». «Ірысы», «Званочкі». «Чабор-2012».

Школьныя закладкі з выявамі беларускіх вандровак.

Малюнак на Грунвальд: вершнік зь мячом і подпіс «Перамога ад Госпада».

«Раство». Маленькі Ісус у ясьлях. Пастухі, мудрацы. Марыя і Іосіф.

«Вялікдзень» — Хрыстос уваскрасае і выходзіць з магілы пад белым з чырваньню сьцягам.

Месца, дзе жывуць маленькія беларусы і беларусачкі, — вёска ў гадзіне дарогі ад Купліна.

Першы раз, калі туды запрасілі, падумаў: ня можа быць. Праз глухія лясы, бары і дубровы машына вынырнула на нейкай згубленай абжытай высьпе. І калі сам убачыў грамаду дзетак з кветкамі, караваем на адмысловым бел-чырвона-белым ручніку з вышытымі сінімі віфлеемскімі зоркамі (адмыслова для БХД!) і харавое вітаньне — «Каго любіш?..» — адказ «Лю-

блю Беларусь» выдыхнулася як нешта само сабой зразумелае.

Калісьці сюды дайшла хваля беларускага Адраджэньня канца ХХ стагодзьдзя. Вырас і зацьвіў беларускі гурток, дзеткі ўзяліся чытаць Купалу і Караткевіча... і дэбіларусізацыя, што скавала краіну з 1995-га, напэўна, проста заблукала, захлынулася ў тутэйшых гушчарах ды гурток не вымаразіла.

Звычайныя школьнікі 5-10-х класаў, такога ж веку, як іх гарадскія аднагодкі, што захоплена раскрываюць раты на «Шоў беларушчыны» — але самі ведаюць і разумеюць непараўнальна болей за большасьць дарослых. Трымаюцца разам, ладзяць чытаньні ды вечарыны і на выходных езьдзяць у вандроўкі, якія лепей назваць паломніцтвамі. Мінск. Полацк. Навагрудак. Мір. Гродна. Ліда. Солы. Вязынка.

І — прымаюць гасьцей. Алеся Камоцкага з «Псальмамі» пад гітару, Алену Макоўскую з «Будзьмай», Антона Астаповіча з расповедамі пра страчаную спадчыну, Франака Вячорку з інтэрнэт-праектамі, Паўла Мажэйку, Эдуарда Акуліна, Віктара Шніпа, Віктара Шалкевіча...

Тут, у лагчыне ціхай рачулкі, — таполевая алея, пасаджаная гасьцямі. Тут, на могілках, ля пахаваньня слыннага шляхціца — постаць самотнага анёла, да якога дзеці ўскладаюць сьвежыя кветкі. Тут — старажытная царква, у якой штонядзелі маленькія беларусы моляцца і сьпяваюць.

Выхавала дзетак Настаўніца — моцная, негаваркая, але вельмі сьветлая спадарыня Натальля. Летам дзеці разам зь ёй зьбіраюць ягады, а грошы пералічваюць беларускім краязнаўчым выданьням.

Калі б у кожнай з тысячаў беларускіх школаў існаваў хаця б адзін такі гурток — ужо ў 2010-х Беларусь была б беларускай.

Але... «У нашай мясьціне жыцьцё спынілася і замерла, — пішуць дзеці. — Сумна і непамысна, як на закінутых могілках». Ва ўнікальнай дзіцячай супольнасьці ўражвае глыбіня адчаю, нейкі недзіцячы надрыў, яснае ўсьведамленьне страху і безнадзейнасьці.

«Як скрушна жыць у гэтым жорсткім сьвеце! Чаму дабро бывае пакараным? Чаму зазвычай крыўдзяць безабаронных? Вы кажаце, трэба пацярпець. Але калі мы ўсе будзем толькі цярпець, ці не пераможа тым часам зло канчаткова?»

Як яно, такое пяшчотнае, чыстае, можа быць настолькі беларускім, настолькі глыбокім, настолькі пакутлівым?

«Я папрашу ў Цябе, Вялікі Божа,


З маёй зямлі сагнаць адчай-смугу,


Прашу Цябе — бо хто ёй дапаможа?..


Я так хачу, але ня ўсё магу», — піша Воля.

Шчырая, ранімая вера і роспачная беларускасьць... Калі і ёсьць штосьці, здольнае перамагчы сёньняшнюю безнадзейнасьць, — дык гэта вось такая дзіцячая вера.

«У сваёй нянавісьці да ўсяго роднага, у ганебнай спакусе на салодкі танны газ і тлустую нафту беларусы губляюць Радзіму. Чаго ж тады ад Госпада просім? А бывае, і патрабуем... Не выконваючы Ягоныя запаветы: “Любіце адно аднаго”. Нас, беларусаў, няшмат ужо на Беларусі. Мы павінны адшукаць адно аднаго і злучыцца ў адзін неразрыўны ланцуг. Толькі так пераможам. І Божая падтрымка — будзе!» — піша Паліна.

Многія з нас моцна зьдзівяцца ў Валадарстве Нябесным, кажуць сьвятары. Бо там вакол будуць дзеці. Такія дзеці. Напэўна, там іх увогуле большасьць.

«Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае» (Мацьвея 19:13).

Толькі тады мы згадаем Маленькага Ісуса, Якога малявалі на нашых абразах падобным да беларускіх дзетак, — і ўведаем, што калісьці менавіта такім, мілым, пяшчотным і безабаронным, зь вялікімі нябеснымі вачыма прыйшоў сюды, каб адкрыць у нашых сэрцах далёкую радзіму, Бог.

3 лістапада 2012 г.


L. СЛАВА

Ад краю зямлі мы чуем песьню:

«Слава Праведнаму!»

Ісаі 24:16

Зьявіўся ён на складзе ўвесну — невысокі, сьціплы, негаваркі. Гадоў сарака пяці на выгляд, з каротка стрыжанай сіваватай галавой. Слава, а як па-бацьку?.. Ды называй проста Слава.

Баптыст.

Баптыста Славу наняў наш гаспадар.

Найбуйнейшаму ў раёне складу аўтазапчастак з абаротам у мільярды штомесяц запатрабаваўся сумленны, адказны і цягавіты распарадчык, а тут ведама, што такога (ды яшчэ і незадорага) знойдзеш хіба толькі сярод пратэстантаў.

Адзінае, от, не працуюць у нядзелю.

За савецкім часам ад Славы, скончанага алкаша і хулігана, ванітавала ўсю ваколіцу. Больш за 40 прыводаў у міліцыю, бойкі, п’янкі, суды...

З развалам Саюза страціў Слава і тое, што меў, — дзяржаву, сям’ю, працу, кватэру... Некалькі гадоў

увогуле бамжаваў (у пашпарце дагэтуль пропуск у рэгістрацыі — дзе жыў?). Дзевяць страсеньняў мозгу, хворыя ногі, рука, якой не падымеш цяжар. Ён згадвае, і ўсе колішнія шнары ды расколіны растрэскваюць твар балючымі зморшчынамі. Руйнаваў д’ябал, ірваў, каб зьнішчыць, бо, пэўна, прадчуваў, што ў нейкі момант гэты бомж выдыхне, раптам убачыць па-над сабой неба і застогне... Госпадзе, ну ўсё... Я ж чалавек. Я так больш не магу. Божа, нават ня веру. Памажы мне!

Слава пакаяўся — і пайшоў у царкву. Абсталёўваў дом малітвы.

Прапаведаваў Таго, Хто яго ўратаваў, у навакольных вёсках. Знайшоў жонку — верніцу, кіраўніцу тутэйшага Чырвонага Крыжа.

У царкве прапаноўвалі: ты ж нясеш гаспадарчае служэньне, будзем утрымліваць. Слава адмовіўся: апостал Павел, прапаведуючы, зарабляў на хлеб вырабам намётаў. Машыны няма — ровар. І вельмі хворы бацька.

Ну вось, падумаў я, пачуўшы ягоную гісторыю, трапіў ты, дзядзька: два вернікі ў заваленым запчасткамі танкавым ангары. Сказаць па шчырасьці, на мо-мант зьяўленьня Славы я ўжо тут трохі даходзіў.

Калі праца прымусовая, ды яшчэ нудная, нервовая, калі даводзіцца забіваць і без таго занятую галаву тысячамі мёртвых жалезак, колькасьцяў, адзінак вымярэньня, прыходаў, расходаў, памылак, калі хранічна ператамляесься і ў адказ на град пытаньняў тупа праварочваеш у мазгах толькі здагадкі, раз-пораз, губляючы трываньне, пачынаеш тлумачыць заклапочаным інжынерам ды механікам, чаму ты тут, — сама патрэбнае цярплівае, ключык за ключыкам, навучаньне з адмыканьнем сэнсу: чаго ад цябе менавіта на гэтым месцы хоча Бог.

Што насамрэч кожная дробязь, кожная дэталька пасьлядоўна падлучаецца да механізма наладжваньня стасункаў, рытму сэрцаў, руплівага рамонту сьвядомасьці.

Што кожная сьвяча запальваньня можа даць іскру да зьмены жыцьця, а кожная гайка, ня ўлічаная на шалях, перапоўніць чашу цярпеньня.

Што ў кожным пытаньні, і кожным чалавечым раздражненьні, і ў кожным недаўменьні — зерне тонкай размовы і ключавіна магчымага адкрыцьця.

Што якраз дзеля гэтага Госпад гадамі выхоўвае і навучае...

— «Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца», — пасьмейваецца Слава, — сказаў таварыш Ленін, і камуністы ўсё вучацца. А Ісус сказаў: «Навучыцеся»... «Навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супакой душам вашым».

Слава цытуе Біблію разьдзеламі — на памяць.

Парадак на складзе Слава навёў за пару тыдняў, ціха і непрыкметна: сьпярша днямі дасьледаваў і перакладваў жалезьзе, потым узяўся за справаздачы і накладныя і нарэшце прыступіў да людзей.

Трэба было бачыць, як ён адным-двума словамі ў адказ на запыханыя ды задыханыя скаргі на жыцьцё і працу ачомваў рабочых ды інжынераў: «Пачакайце хвілінку. Вы думаеце, гэта дапаможа? А вы ня чулі, як Бог хоча дапамагчы вам?»

Слава дзяліў свой абед з «хімікамі» і кіроўцамі, размаўляў з бухгалтарамі і жанчынамі, што перабіраюць бульбу, выклікаў на шчырасьць і недаверлівага гаспадара, і рабочых.

— О-о, Ігар! Прысаджвайцеся. Магу пачаставаць вас кафеінам... зь пячэнькам, а? Ну, расказвайце, як яно.

Слава размаўляе проста і пераканаўча. Бог ёсьць.

Верыш? Добра. А куды ты пасьля сьмерці збіраесься? Вырашай, што табе трэба. Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры.

Гэткі душахват з гарачанькай гарбаткай і шчоўканьнем грэцкіх арэшкаў.

У свой час, жывучы ў інтэрнаце, Слава сьведчыў пра Бога глуханямому суседу. Той ледзь чуў. Даводзілася крычаць — і слухаў цэлы паверх.

Калі на складзе выдавалася зацішная хвіліна, Слава даставаў заўсёдную Біблію і трапна, амаль без дагортваньня, раскрываючы патрэбны разьдзел, зачытваў. Бывала, заходзіш на працу — і ўнутрана зьбіраесься, як у прысутнасьці Божай.

— Законы? А я жыву па нябесных законах — тут.

Дапаможа заўжды, але і праўду скажа ў вочы. О,

такім і ў царкве нялёгка — ды ці не на такіх камянях будуе Госпад Свой дом?

Дбаньне аб сваіх абавязках у сапраўднага верніка ў крыві: робіш не для сябе і нават не для людзей — для Бога. Сьведчыш пра Хрыста? — тады ня маеш права ня быць прыкладам сам. Але Слава ясна разумеў, што на складзе галоўная сутнасьць ягонай працы — адчыніць душам, якія блукаюць і пруцца ў пекла, выйсьце. Дзелавіты, засяроджаны, як жа перажываў ён кожную памылку, кожны крок, які зрабіў у сумненьні!..

Ён сьведчыў усім, каго сустракаў, — позіркам у вочы, ад сэрца. Не цягнуў, не валок сілком. Проста прыходзіў, паіў гарачай гарбатай і прапаноўваў: «Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры».

— Заканчваецца мой час тут, — неяк сказаў мне Слава, — адчуваю, Бог дасьць нешта іншае.

Славу спрабавалі ўлучыць у «каманду» фірмы. Размовы. Нарады. Прэміі. Скідваемся на дні народзінаў. Але ў людзей, зьяднаных зарабляньнем грошай,

насамрэч няшмат агульнага з самотным і ўпартым вернікам. І «каманда» пачала Славу адпіхваць як чужака. Закон жыцьця: слабое звяно.

Урэшце Слава паклаў заяву на стол.

Пасьля бурнай, на некалькі гадзінаў, размовы з гаспадаром той ня спаў усю ноч. Нараніцу — падпісаў звальненьне безь ніякіх прэтэнзіяў, кантрактаў і рэвізіяў. Сказаў: уначы прачнуўся, а ўвушшу голас: «Адпусьці!»

«Шчасьліва вырваўся», — напаўголаса праводзілі Славу рабочыя.

Склад апусьцеў. Стол, за якім сядзеў Слава, перацягнулі ў бухгалтэрыю. Жыцьцё пайшло сваёй чарадой — але так, быццам жуеш бяз солі.

І раптам зваршчык Анатоль, зь якім Слава гутарыў у абед, прытарабаньвае ў бытоўку мех падабраных драўляных абрэзкаў: палі, Паш, печку. І раптам сусед-сьлесар Генадзь, маўклівы і ўнураны, зьнячэўку пачынае штодня частаваць цябе яблыкамі. А трактарыст-«хімік» Саня, якому Слава распавядаў пра Ісуса і якому вось-вось вызваляцца, просіць: «Ня кідай мяне! Выйду — сап’юся. Завядзі ў царкву...»

Слава Богу, ёсьць яшчэ такія людзі, як Слава. Самотныя. Ціхія. Непрыкметныя. Вандроўнікі.

Тыя, хто не шукае славы сабе, а жыве паводле апошняга правіла Евангельскай Рэфармацыі, распачатай паўтысячы гадоў таму Радзівілам менавіта на Берасьцейшчыне: Адзінаму Богу слава.

10 лістапада 2012 г.


LIII. РАЖКОУСКІ ЦУД

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная,

і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава,

і Марыя Магдаліна.

Ісус, убачыўшы Маці і вучня,

які тут стаяў,

якога любіў, кажа Маці Сваёй:

Жанчына! Вось сын Твой.

Лукі 19:25-26

У нетрах Белавежскай пушчы, на адлегласьці мігценьня начнога маяка з камянецкае Белае вежы, ёсьць вёсачка. Вецер там заблытваецца і сьціхае ў найгусьцейшым вецьці, хаты тонуць у туманах да комінаў, сьпеўныя і драпежныя птушкі робяць у небе кола, выглядваючы чалавечую выспу сярод хваляў вечнага лесу, і высакародныя алені прыходзяць на падвор’і — пяшчотнымі цёплымі вуснамі падбіраць залатыя яблыкі.

Вёсачку клічуць Ражкоўка.

У верасьні 1942-га савецкі самалёт скінуў тут парашутыстаў-дыверсантаў. Немцы не ўпалявалі аніводнага, але ў перастрэлцы загінула двое патрульных.

Парашутысты зашыліся ў пушчу — ведама, далучыліся да партызанаў (потым такія на заданьне Масквы адстрэльвалі тутэйшых камандзіраў-незалежнікаў, каб падначаліць рух камуністам). А жыхароў вёсачкі сагналі разам, 57 сем’яў, і — па сотні за забітага жаўнера — павялі забіваць.

Дзяцей аддалі ў бліжэйшае мястэчка, падлеткаў і моладзь падрыхтавалі для адпраўкі чыгункай у Нямеччыну... Мужчынам загадалі капаць велізарную яму — два метры глыбіні, чатыры метры шырыні і дваццаць чатыры метры даўжыні.

Гэтая магільная яміна агаломшана зеўрае там і дагэтуль.

28 верасьня 1942-га, разявіўшы пашчу, яна ўбачыла ўсё. Расставілі кулямёты. Зачыталі загад: «За дапамогу бандытам і перахоўваньне савецкага парашутыста»...

Ашчэраная, гатовая скаўтнуць яшчэ цёплыя, сьсечаныя кулямі целы, яна прымружылася... І раптам убачыла ў небе самалёт зь нямецкімі крыжамі. Той пачаў зьніжацца, зрабіў кола і прызямліўся на ўзьлеску.

Ражкоўцы стаялі на краі ямы. Плакалі. Маўчалі. Маліліся...

А з самалёта вылез афіцэр, падышоў да зондэркаманды, прад’явіў там свае дакументы і папрасіў дзьве гадзіны пачакаць.

Нават яме, страшнай яме два метры глыбінёй, чатыры метры шырынёй і дваццаць чатыры метры даўжынёй, за гэтыя дзьве гадзіны зьвяло сківіцы.

Афіцэр аказаўся егерам Герынга, адкамандзіраваным для ўладкаваньня ўзорнай паляўнічай гаспадаркі Райха ў Белавежскай пушчы. Роўна празь дзьве гадзіны ён прывёз расстрэльнай камандзе новае распараджэньне са штаба.

І здарыўся цуд.

Вяскоўцаў распусьцілі па дамах. Дзяцей і моладзь вярнулі бацькам. Толькі яму засыпаць не дазволілі: маўляў, будзеце дапамагаць партызанам — прысуд уступіць у дзеяньне.

Нямецкі афіцэр прыехаў у ацалелую Ражкоўку праз два тыдні. І прывёз з сабой выразаную з дрэва выяву Мадонны, расфарбаваную сінім, чырвоным і залатым, зь Дзіцём у белым. На ягоную замову паводле падрабязнага апісаньня скульптурку зрабіў паранены жаўнер вермахта ў шпіталі.

— Вось што я бачыў у небе, калі пралятаў над

вамі, — тлумачыў немец празь перакладчыка. — Мадонна паказвала на зямлю, дзе былі вы. Калі б не Яна, я б не прызямліўся. Яна сказала мне спыніць расстрэл.

За некалькі месяцаў ражкоўцы сваімі сіламі пабудавалі ў вёсцы царкву і памясьцілі туды выяву Марыі. Зробленую немцам. Некананічную. З надпісам «28.9.1942».

Ужо ў 2000-х, пасьля адбудовы епархіі, царкоўныя ўлады распарадзіліся напісаць адмысловы абраз, згодна з праваслаўнымі канонамі, і дзе-нідзе на Палесьсі пачалі пераймаць традыцыю: Маці Божая Ражкоўская.

Цуд відавочны. Як не паверыш? Зьезьдзіце, самі паслухайце, пераканайцеся: ня казка. Яшчэ жывыя сьведкі ды іх нашчадкі. Выява Мадонны з Маленькім у Царкве. Зарослая яма на ўскрайку вёскі. І алені ўсё гэтак жа прыходзяць па залатыя яблыкі — не баяцца людзей...

Што можа сказаць чалавек няверуючы тым, хто быў уратаваны? Галюцынацыя пілота? Зьбег абставінаў? Гэта ж трэба было асу Герынга ляцець рыхтык там, дзе трэба, у той час, калі трэба, і прымроіць у небе самае тое, што трэба. А як пасьля палітрукі ды выкладчыкі навуковага атэізму мірыліся з Ражкоўскім цудам?

У тым і рэч, што ніяк.

У пушчу ня лазілі, у царкву не паткнуліся ды зрабілі выгляд, што нічога ў верасьні 1942-га ў той Ражкоўцы не адбывалася.

Інакш — давялося б пагалоўна расстрэльваць тых самых ражкоўцаў як непапраўна веруючых ужо самой бязбожнай уладзе.

У Ражкоўскім цудзе ёсьць нешта такое, што пераўзыходзіць і нянавісьць да нацыстаў ды камуністаў, і бездань нявер’я, і міжканфесійныя спрэчкі.

Які праваслаўны тут адмовіцца прыняць цуд, што прайшоў праз каталіка зь Люфтвафэ?.. І які пратэстант абвінаваціць лётчыка ў ідалапаклонстве?..

Мы дзівімся Віфлеемскаму агню. Мы шукаем знакаў веры, рэліквіяў і прарываў у Няведамае ў сеціве і па ўсім сьвеціве.

А тут — побач...

«Першы раз такое чую».

Дык прыслухайцеся: пачуеце яшчэ і не такое.

Як бы ні было страшна ды безнадзейна, якія б магільныя ямы ні прымушалі нас рыць на гэтай зямлі, часьцей падымайма вочы да неба. Няма такіх цудаў, каторых дзеля любові да людзей не зрабіў бы ў Беларусі Той, Хто нарадзіўся ў глухім кутку сьвету, у хляве, ад беднай Жанчыны маленькім безабаронным Дзіцём.

2 сьнежня 2012 г.


LIV. ТРЫАДЗІНАЯ КРАТНА

Бо тры сьведчаць на небе:

Айцец, Слова і Сьвяты Дух,

і гэтыя Тры — адно.

І Яна 5:7

— Праваслаўная?.. Усе мы праваслаўныя, правільна славім Бога, — кажа бацюшку шляхетнага выгляду каталічка, што вянчае сына з тутэйшай прыхаджанкай.

— Ну дык царква ж кафалічная, усяленская, — узаемна ўсьміхаецца малады бацюшка, — значыць, каталікі мы ўсё-такі!..

— Ды баптысты мы ўсе, баптысты, — далучаецца сам сын, які ходзіць у дом малітвы, — усе ж хрышчаныя, а «баптызо» і значыць «хрышчэньне».

Тут, у беларускай глыбіні, паспаліты люд часьцяком дзеліць уцаркоўленых на «нашых», «хрысьціянаў» і «веруючых». «Нашы» — гэта праваслаўныя, «хрысьціяне» — адпаведна, каталікі, ну а «веруючыя», вядома, — пратэстанты.

І як не пагадзіцца з пружанскімі суразмоўцамі — усе яны, хто верыць у Хрыста, нашы. Усе яны хрысьціяне. Усе яны веруючыя.

Ва ўнутраным беларускім моры, заліваным то царкоўнаславянскімі, то лацінскімі, то рэфармацкімі хвалямі, распушчаюцца і пераліваюцца адно ў адно ўсе адрозьненьні і вострыя грані, спароджаныя сусьветнымі разьдзяленьнямі. І праблісквае, прасьвечвае і калышацца ў беларускіх зьявах — глыбока, прамяніста — найвышэйшая любоў, зь якой калісьці ствараў гэты сьвет Госпад.

На цэнтральнай плошчы ў беларускім горадзе ці мястэчку спрадвеку праваслаўная царква, каталіцкі касьцёл і евангельскі збор прыязна глядзелі ў вокны адно аднаму: нарэшце сустрэліся!

Разыходзіліся, расколваліся, разьдзяляліся шмат дзе — у Рыме, Канстанцінопалі, Маскве, Аўсбургу, Трыдэнцы... Але вярнуліся адзін да аднаго ў Беларусь.

Містыка і ўзвышанасьць праваслаўя, выкшталцоная логіка і рацыя каталіцтва, пратэстанцкая простасьць і прага аднаўленьня — у трыадзіным беларускім хрысьціянстве наноў сышлася ўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за дзьве тысячы гадоў па ўсім сьвеце.

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага сінтэзу, сфармуляваны ў Евангельлі. Талеранцыя, унія, унікальны

іканапіс, віленскае барока касьцёлаў, цэркваў і збораў— вынік хрысьціянскага трыадзінства па-беларуску. «Беларусь — краіна найперш хрысьціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая... Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.

Бог-Айцец, Бог-Сын і Бог-Дух. Неспасьціжна, нязьлітна і непадзельна зьяднаныя любоўю — бо Бог ёсьць любоў.

І трыадзінства як уласьцівасьць Бога скразіць ува ўсім тварэньні, праблісквае ў сутнасьці чалавечай асобы ды будове народаў, праменіць у духовых фено-менах.

Нябесныя іерархіі, паводле айцоў Царквы, траістыя — і, не забудземся, менавіта траціна анёлаў на чале з сатаной адпала ад Бога. Чалавек — трыадзінства цела, душы і духу. Ідэальная ўлада — трыадзінства заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў. Нацыянальныя ідэі фармулююцца ў трыядах... Пасьля гэтага ня варта зьдзіўляцца таму, што мы існуём у трохмернай прасторы.

Тым больш — сусьветная царква, тая самая, «адзіная, саборная, апостальская». Бачная царква падзеленая — гэта факт. Але. Праваслаўныя найбольш ушаноўваюць Бога-Айца (згадайма, што ў Сімвале веры крыніцай паходжаньня Сьвятога Духа ўважаецца Бог-Айцец, тым часам як у каталікоў — «філіёквэ» — Айцец і Сын); каталікі зь іх хрыстацэнтрызмам, згаданым філіёквэ і асаблівым ушанаваньнем Панны Марыі найперш засяроджваюць увагу на Богу-Сыне, а пратэстанты, што сьвяткуюць на Пяцідзясятніцу дзень спасланьня Сьвятога Духа, Дзень царквы і шмат увагі надаюць дарам Духа, наймацнейшыя ў вучэньні пра Бога-Духа.

Таму, хто хоча адчуць усю поўню беларускага хрысьціянства, найлепш адзначыць Раство ў Касьцёле, Вялікдзень — усяночнай у праваслаўных, а Тройцу (яна ж Пяцідзясятніца) — у пратэстантаў.

Гістарычна менавіта хрысьціянскае трыадзінства было кропкай кіпеньня і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненьне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяй далі нам абуджэньне залатога веку — час найвышэйшых дасягненьняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расьцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласьці ня ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсьведамленьні ўласнага трыадзінства.

Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананьняў евангелік, сумясьціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постацьцю № 1 у нацыянальнай гісторыі.

Так трыяда сімвалаў — герб, гімн і сьцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Сьвятога.

Скразіць, пераламляецца гранямі хрысьціянскае трыадзінства і ў беларускай глыбіні, на Пружаншчыне, вазьмі хаця ж апошняе стагодзьдзе: тут і заснавальнік евангельскай царквы на Берасьцейшчыне пратэстант Лукаш Дзёкуць-Малей, і найсьвядомейшы перакладчык Бібліі на беларускую мову праваслаўны Васіль Сёмуха, і першы з часоў падзелу Рэчы Паспалітай беларускі кардынал Казімір Сьвёнтак — усе ўтрох сьведчылі пра Бога і аддалі жыцьцё Беларусі.

Перад крыжовымі пакутамі, у страшную ноч Таемнай вячэры Ісус маліўся за адзінства вучняў, якое мае захаваць чалавецтва любоўю: «Хай будуць усе адзіна, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна — хай паверыць сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіна, як Мы адзіна. Я ў іх, і Ты ўва Мне: хай будуць паяднаныя ў адно, і спазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх як палюбіў Мяне»... Палічыце, колькі разоў у гэтых трох біблійных вершах сказана пра адзінства!

Пакуль у нацыянальным маштабе ня будзе ўсьвядомлена хрысьціянскае трыадзінства, пакуль любоў паміж вернікамі розных вызнаньняў ня сталася сутнасьцю дачыненьняў — шматканфесійнасьць Беларусі будзе яе слабасьцю.

І, наадварот, дасягнутае яднаньне ў справе адраджэньня народа і ацаленьня грамадства сфармуе капітальную маральную платформу для пераменаў ды шматкроць павялічыць жыцьцяздольнасьць і моц беларускасьці.

Гэта наш народ, складзены з вобразаў і падабенстваў Божых. І гэта не з Лукашэнкі, і не зь ягоных дзяцей ці чыноўнікаў, а з нас будзе спытана там — ці адпалі мы сьледам за трацінай анёлаў, ці ўтрая мацней высільваліся, каб быць хоць трошкі бліжэй да белай-белай, зьзяючай чысьцінёй і сьвятасьцю краіны Айца і Сына і Сьвятога Духа...

9 сьнежня 2012 г.


LVI. КАТАКОМБЫ КУПЛІНА

Схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,

І кажуць гарам і камяням:

упадзеце на нас і схавайце нас

ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне,

і ад гневу Гасподняга.

Адкрыцьцё 6:15-16

Куплін — адна зь нямногіх назваў, якія ўзьніклі на мапе Беларусі дзякуючы незалежнасьці.

У СССР Купліна не было, а тым, хто цікавіўся, куды ж правалілася родавае гняздо самага плоднага пісьменьніка ў сьвеце Юзафа Крашэўскага, раілі прыкусіць язык, у іншым выпадку адправяць туды, дзе «ўсякія крашэўскія» заканчвалі.

Нават цяпер усюдыісны джыпіэс толькі робіць выгляд, што Куплін ведае: прыемны жаночы голас кідае аўто вандроўнікаў то на грунтоўкі, то на затравелыя прасёлкі, то ў ямы бруду. А хто ўсё-такі заехаў у зарослыя, вышчарбленыя руіны — і не здагадваецца, што апынуўся не ў забытай беларускай вёсцы, а на вяршыні цэлага падземнага горада.

Пасьля Карыбскага крызісу менавіта тут, у беларускай глыбіні, вакол колішняга аэрадрома, разбомбленага немцамі ў першы ж дзень вайны, імперыя рыхтавалася нанесьці ўдар па ўсім астатнім сьвеце.

Звышсакрэтны пункт сувязі Варшаўскай дамовы, ракеты, палі антэнаў, бэтээры, верталёты, самалёты — усю сваю магутнасьць Савецкі Саюз сьціскаў у бранявана-ядзерны кулак у глухой прорве за Белавежскай пушчай — хай толькі прыдзе час!..

І час прыйшоў.

Тут, у гэтым месцы, палеская раўніна зь пералескамі раптам сутаргава здрыгаецца. Горы бункераў. Лагчыны. Скалы жалезабетону.

Менавіта ў Купліне прарываўся з-пад зямлі, ярасна роў, грыз і ўздыбліваў узгор’і агромністы зьвер з таго сьвету.

Курганы, растрэсканыя ад удараў зьнізу, зеўраюць жэрламі, зуб’ем раскрышанага бетону і вострай арматуры. Мёртвай сырасьцю і тленьнем тхне з гэтых гіганцкіх нораў.

На кіламетры вакол — паўзасыпаныя акопы, каналы, зарослыя мохам ды ўзламаныя выбухамі кустоўя асфальтавыя плацы, кінутыя, пачарнелыя генеральскія альтанкі... Толькі дагэтуль па восені сыплюцца, то адзіночнымі, то з парывам ветру, чаргою, грукаюць у зямлю, спраўджваюць закон сусьветнага прыцягненьня яблыкі з дрэваў, зарослых падлескам.

Падсьвечваеш ліхтарыкам, мабільнікам, забіраесься ў засыпаныя выбухамі эмчээсьнікаў, а потым адкапаныя прагным беларускім народам пячоры — і заміраеш ад страхавітага захапленьня. Вялізныя залы з рабрыстымі паўкруглымі скляпеньнямі па 8-10 метраў вышынёй, са сьценамі трупнага адценьня, зь бетоннымі траншэямі да пояса (як сьведчаць мясцовыя, былі запоўненыя браняванымі кабелямі, з жыламі ў руку, медзь, тры даляры кіло). Ёмішчы, дзе стаялі гіганцкія рухавікі, пліты, лядоўні. Падземныя галерэі на сотні метраў... Усё выбрана, выламана, вышчарблена — і нема.

Калі вялікая армада адпаўзала адсюль назад, у нетры імперыі, у вайсковым гарадку пакінулі толькі вартаўніка.

І вось тут беларускі народ адарваўся за акупацыю, русіфікацыю, страх і прыніжэньне напоўніцу. Партызанскія групы пружанцаў з усяго навакольля перабежкамі атачылі калісьці недаступную крэпасьць, сьціскаючы ў руках «фугасы» чарніла. Хвіліна — і вартавы ціха-ціха абяцае нічога ня бачыць.

І вывозілі, выносілі, цягнулі пушчанскія мсьціўцы— лядоўні са сталоўкі і стэлажы зь бібліятэкі, сталы з бункера і сьвяцільні з бамбасховішча, дываны з кабінетаў і засаўкі з прыбіральняў... Прытарабаньвалі акумулятары, каб сьвяціць пад зямлёй цэлы дзень, санкі для цэглы, вёдры для балтоў і гаек. Рэзалі, пілавалі, выдзіралі зь мясам, нішчылі — а, халера на вас, таварышы камуністы, як дратавалі вы нашу зямлю, нашу вёску, наш лес — да голага каменя.

Трохпавярховую казарму, што стаяла за сёньняшняй камендай і на тарцы якой мясцовыя ўмельцы збудавалі Холмскую браму Брэсцкай крэпасьці з вышчарбінамі ад куляў, вайскоўцы збурылі танкам Т-72, згрэблі, згрудзілі ў вырыты катлаван самі — каб хоць гэта не пакінуць тутэйшым.

І засталіся толькі сутаргі вялізных земляных гарбоў, чорныя, затхлыя горлы, жылы тросаў ды запеклыя пацёкі ржаўчыны. Аграмадная напаўвырытая дамавіна.

Наш электрык Ігар узьдзіраў падлогу ў адным з бункераў (дошка-саракоўка, не прападаць жа дабру), знайшоў бутэльку з-пад сітро, 1969 года, з запіскай двух салдатаў з хатнімі адрасамі. Напісаў абодвум, ніхто не адгукнуўся.

Часам у ваколіцах Пружанаў пачуеш уздых пра Савецкі Саюз: «Эх, была дзяржава... Усе баяліся!»

І расхінаюцца ў душы пячоры, робіцца гулка ў галаве, і разумееш. Адтуль. Вось яно, падземнае рэха крышанага бетону і ржавага жалезьзя.

Пустата падземнага Купліна насьцярожвае. Гэтак жа, як і вайсковая форма старшыняў аблвыканкамаў, прызначаных генераламі. «Мы ответим на ПРО». Пра што гэта яны? Ды ўсё пра тое ж.

Яны ўсё яшчэ адкрытыя, гэтыя ўваходы ў пекла.

Яны пазяхаюць у чаканьні. Яны не зачыняюць сваіх кратовых ратоў.

Тое, што не пахавана, бясьсіла і бессаромна зеўрае ў неба. Разлагаецца. Заражае.

Велізарныя куплінскія катакомбы — гатовы музей для аблупленых ленінаў, гранёных шклянак, расстрэльных загадаў, крывавых сьцягоў, усіх выкапняў, помнікаў і сьведчаньняў той, яшчэ не пахаванай эпохі, калі чалавецтва вырашыла жыць бяз Бога.

23 сьнежня 2012 г.


LVII. МОВА ЛЮБОВІ

Калі я гавару мовамі

чалавечымі і анёльскімі,

а любові ня маю,

дык я — медзь звонкая або кімвал гулкі.

І да Карынфянаў 13:1

Размаўляеш па-беларуску — быццам цалуеш.

Павольна. Меладычна. Зь ціхай пяшчотай. Зь ненатольнай мяккасьцю. У плыні цеплыні, калі зацінае дыханьне... Вусны наліваюцца роднасьцю, пякуча спалучаюцца і балюча расстаюцца, насычаюцца смакам блізкасьці, растуляюцца, каб прыняць ласкавыя штуршкі языка, і час ад часу нецярплівае прыцмокваньне дзеканьня і цеканьня кроплямі падтаквае ў тахт: так, так, так крынічаць толькі сэрцы, якія б’юцца любоўю і каханьнем.

Чаму ж сёньня беларусы сплёўваюць сваю родную мову з рота як лішнюю сьліну?..

Ня любяць.

А можа, пытаньне ў іншым? Навошта Госпад даў краіне на скрываўленым скрыжаваньні мову настоль-

кі празрыстую, пяшчотную, мілагучную? Навошта ня рэзкую, гартанную, цьвёрдую, каб зь металам у канчатках або з прысмакам жоўці — а вось такую, дазваньня сьціплую, поўную ласкі, мяккую настолькі, што мяккі знак робіцца знакам яе якасьці?..

Беларуская — мова сэрца Еўропы.

Скрышталізаваная хрысьціянскім сярэднявеччам, яна загучала, калі мы яшчэ былі вольныя, у эпоху вялікага еўрапейскага абуджэньня. Мова першадрукароў Бібліі ва Ўсходняй Еўропе, мова евангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Украіне, Польшчы, афіцыйная мова цывілізацыі ВКЛ, сродак паразуменьня і дыпламатычных дачыненьняў ад Кракава да Масквы, ад Валахіі да Інфлянтаў...

Толькі мове любові, найчысьцейшай са славянскіх, было пад сілу сплавіць праваслаўе, каталіцтва, пратэстанцтва ў адным народзе, дасягнуць адной пасьпяховай уніі за ўсю гісторыю чалавецтва, перажыць зьнішчальныя войны і нянавісьць імперыяў— каб сьледам за Хрыстом раздаваць сябе, адрываючы па кавалках, суседзям. І гэта яна мігціць, пульсуе, пераліваецца і нават не патрабуе перакладу ў любові Міцкевіча, Сянкевіча, Манюшкі да Польшчы, Мсьціслаўца ды Сматрыцкага — да Ўкраіны, Дастаеўскага, Буніна, Глінкі — да Расеі.

Далікатная, трапяткая, самаадданая да самазабыцьця, яна спалучае шчымлівую яснасьць і ласкавую сьціпласьць, пакутлівасьць і ахвярнасьць, еўрапейскую вытанчанасьць і славянскую сілу.

У якой яшчэ мове так празрыста іграюць памяншальна-ласкальныя формы імёнаў — Кастусі, Міхасі, Андрусі, Марусі ды Алесі!.. У якой яшчэ мове так бруіць раскоша міленькіх да апошняй літаркі ўлюбёных суфіксаў, ад якіх уся гаворка прыпадабняецца да птушынага шчабятаньня?.. Унікальна поўнагалосая.

Другая ў Еўропе пасьля італійскай паводле сьпеўнасьці... Мігціць, прасьвечвае далёкая лёгкасьць і амаль незямная сьветліня — ці то казачнай эльфійскай, ці то нябеснай анёльскай.

Беларуская мова спалучае ў сабе ўсё багацьце пачуцьцяў, але любоў зь іх найбольшая.

«Мова наша сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная» — патрыярх беларускага Адраджэньня пацэліў у самую сутнасьць.

Сувязь паміж асабістай сьвятасьцю, нацыянальнай сьвядомасьцю і роднай мовай у Беларусі наўпроставая.

Сёньняшнія беларусы, перасавецкія, бледнарускія, недапалякі, з падазрэньнем на лёгкую габрэйскасьць, напаўразваранымі вываленыя з плавільнага катла імперыі ў калгасную дыктатуру, аглушаныя глабалізацыяй, абязбожаныя — ды куды там, пакуль проста ня ў стане адчуць сябе носьбітамі найчысьцейшага цуду Слова.

Як у роце, запоўненым бырлам, матам, ванітамі, сярод адрыжак спажывецтва і вострай злосьці, дзе варочаецца барвовы, разбухлы ад сварак і пустаслоўя язык, выжыве пяшчотная, сатканая з дыханьняў адценьняў і гармоніяў, натхнёная евангельскім зьместам мова любові?

Беларускасьць (і ўвогуле сэнс існаваньня 10-мільённага народа ў глыбіні Еўропы) можа ўратаваць толькі ўсенароднае пакаяньне, скразная евангелізацыя, нацыянальнае абуджэньне перад Богам. І вырашальны, пераломны момант беларусізацыі — усьведамленьне каштоўнасьці мовы Царквою. Касьцёл, дальнабачны Касьцёл гэтае пытаньне ўжо вырашыў. Калі заўважная доля праваслаўных і пратэстанцкіх супольнасьцяў прыме беларускую як код хрысьціянскай ментальнасьці, як уласную спадчыну, як мову веры і мову любові — Адраджэньне ўспыхне зь небывалай сілай.

«Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (І Яна 4:16).

Беларусь, пакліканая быць сэрцам Еўропы, ня можа размаўляць інакш чым па-беларуску. У адваротным выпадку сэрца сьцінаецца, захлынаецца і выклікае інфаркты на Захадзе ды ў Расеі.

Беларуская непазьбежна будзе моваю нашага вяртаньня прытомнасьці, моваю пераменаў — бо толькі найвышэйшай любові пад сілу адолець паміраньне грамадства, гвалт тыраніі і зло імперыі.

Беларускай наканавана крышталізаваць нацыянальную ідэю сутнасна хрысьціянскай — толькі тады мы адкрыем гэтую краіну Таму, Хто любіць нас мацней за нас саміх.

Бо што значыць стаць беларусам?

Гэта значыць аднойчы паверыць, што за кожнага з нас і за ўвесь народ аддала сябе на пакуты і сьмерць дасканалая, найчысьцейшая, сьвятая Любоў, якая ўцелавілася ў Слове.

26 студзеня 2013 г.


LXI. ПАШЫХТАВАНЫЯ НА ШЫБЕНЩАХ

І стаялі людзі і глядзелі.

А насьміхаліся разам зь імі

і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў,

хай уратуе Сябе Самога,

калі Ён Хрыстос,

выбранец Божы.

Лукі 23:35

31 студзеня 1863-га, праз тыдзень пасьля абвяшчэньня паўстаньня супраць Расейскай імперыі, атрад з двухсот узброеных паляўнічымі стрэльбамі і пісталетамі хлопцаў увайшоў у мястэчка Шарашова.

Паўстанцы пад кіраўніцтвам шляхціца Рамана Рагінскага ішлі з пушчы: менавіта туды па сігнале сьцякалася моладзь, падлеглая раптоўнаму рэкруцкаму набору ў заходніх губернях — так царскі ўрад разьлічваў абяскровіць хваляваньні, выкліканыя адменай прыгону. Ішлі як гаспадары: у адрозьненьне ад расейскай жандармерыі, жаўнераў і чыноўнікаў, яны былі на сваёй зямлі. І сустракалі іх як вызваліцеляў: «Нашы!..»

У Шарашове вітаць герояў каля касьцёла сабралася ці ня ўсё мястэчка. «Нашых» забясьпечылі паўкажушкамі, лекамі, бялізнай, ежай...

Потым былі Пружаны, таксама ўзятыя бяз бою (начальнік аховы ўцёк, пераапрануты селянінам), першыя сутычкі з вартавымі залогамі акупантаў, бітвы з рэгулярным войскам, далёкія рэйды ў глыбіню Беларусі (атрад Рагінскага прайшоў усё Палесьсе, самога шляхціца паланілі пад Туравам), дэвіз «межы Айчыны пазначым крывёю!». І паразы. І дзікае паляваньне — аблавы па ваколіцах ды лясах. Арышты. Сьледства. Катаваньні... Касьцёлы, ператвораныя ў турмы.

І, нарэшце, укрыжаваньні — шыбеніцы Мураўёва-вешальніка.

Навакольле пушчы як логва паўстаньня Расея вырашыла выпаліць жахам. Замардаваных «інсургентаў», што некалькі месяцаў таму трыумфальна ўваходзілі ў Шарашова ды Пружаны, вешалі ўздоўж дарогі на Купічы — гасьцінец на Вільню, тры кіламетры шыбеніцаў.

Каб нават у астатніх сутаргах змучаныя беларусы не даставалі нагамі роднай зямлі. І забаранілі здымаць — пад страхам сьмерці.

Ужо потым, калі шлях ад смуроду зрабіўся нясьцерпным, здранцьвелыя трупы сьцягвалі ў ямы пры дарозе — па дзесяць-пятнаццаць у кожную.

З тае пары захаваліся тут хіба два ўпотай пастаўленыя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, — назва дарогі Магілаўка і ўрочышча Каліновец, дзе, кажуць, быў паўстанцкі штаб.

Праз 150 гадоў такім жа ціхім сінім вечарам па талым сьнезе, па якім паўстанцы калісьці ўваходзілі ў Шарашова, на гэтай дарозе сабраліся людзі з бліжэйшых Пружанаў, Малеча, Бярозы...

Сабраліся, каб нарэшце запаліць на знак памяці сьвечкі ад Шарашова да самых Купічаў. А пасьля — на канцэрт Андрэя Мельнікава, які прыехаў у Пружаны сьпяваць свае найлепшыя балады.

Тыя, хто тады перамог, чамусьці не сьвяткуюць. Ані дату далучэньня беларускіх земляў да Расеі, ані дзень народзінаў Мураўёва, ані дзень сьмерці Каліноўскага.

Але нашчадкі тых, каго вешалі, памятаюць.

Дарога з Шарашова на Купічы цяпер асьветленая агнямі — каб Богу згары быў бачны той шлях. Жыць жыцьцё сярод страху, дзеля некалькіх месяцаў волі ў безнадзейнай вайне, выступіць — і памерці.

А можа, і праўда паўстаньні 1830 і 1863 гадоў насамрэч былі правакацыямі царскага шэфа жандараў, Бенкендорфа, ды ягоных наступнікаў, якім карцела адабраць маёнткі ў беларускіх магнатаў ды шляхты?

Няўжо дваццацігадовыя, узброеныя дубальтоўкамі ды косамі супраць рэгулярнага, шматкроць большага войска, ды з гарматамі, не разумелі, што паўстаньне асуджана?

Тыя, хто возьмуць меч, ад мяча і загінуць.

Але — колькі сьвятых, ды і сам апостал Пётр, за меч усё-ткі хапаліся, гатовыя аддаваць сваю душу за іншых!

Сумленны беларус, народжаны ў час Каліноўскага, мог выбраць шлях Дастаеўскага. Служыць імперыі, каб як мага глыбей ператвараць яе знутры праўдай і прыгажосьцю. Мог выбраць шлях Міцкевіча — выгнаньне і змаганьне за волю на чужыне. Шлях Баброўскага, урэшце, сьпярша ўніята, а потым праваслаўнага, — упакорыцца сіле, але ціха і настойліва ратаваць людзей вакол сябе...

Гарачыя маладыя сэрцы выбралі паўстаньне. І вось пытаюся самога сябе: ці ня ёсьць дарога на Купічы, устаўленая шыбеніцамі, шляхам да самагубства?

Ключавая падзея эпохі беларускага адчаю, паўстаньне насамрэч было вялікай ахвярай. Да гэтага вузкая, шляхецкая патрыятычная сьвядомасьць раптам пашырылася да ўсенароднай, незалежніцкай. Польскасьць пачала пераплаўляцца ў беларускасьць. А разгром паўстаньня абудзіў у тых, хто застаўся жывым, пякучае жаданьне знайсьці выйсьце. Пераможнае. І вось Багушэвіч (сам колішні паўстанец, паранены, доўга хаваўся ва Ўкраіне) бярэцца абараняць сялянаў у судах, выдае хрысьціянскія вершы і распачынае Адраджэньне. Хвалю падхопліваюць Дунін-Марцінкевіч, Эпімах-Шыпіла, народнікі-грамадоўцы і ксяндзы з БХД.

І былі і БНР, і Рэспубліка Беларусь, і вуліцы Кастуся Каліноўскага.

Сёньняшняя і будучая наша незалежнасьць аплочаная ў тым ліку і крывёй каліноўцаў. Тых, хто ў апошнім шыхце паўз дарогу на Купічы выцягваўся, курчыўся і не даставаў нагамі да сваёй зямлі, чые вочы вылазілі з арбітаў, каб у апошні міг убачыць неба, са сьцятымі ззаду намёртва, да крыві, крыж-накрыж рукамі, са здушаным горлам, адкуль так і ня выбухне крык волі, — юных, моцных, скалечаных, гатовых ірвануць з астатніх сілаў.

За Ім.

За Асуджаным, Катаваным і гэтак жа Расьпятым на дрэве зь перакладзінай, у спазмах паміж небам і зямлёй — каб збавіць кожнага з нас Сабою.

23 лютага 2013 г.


LXIV. СТАСЕВІЧ, СЬВЯТЫ АНТЫСАВЕТЧЫК

Хіба ня ведаеце,

што сьвятыя будуць

судзіць сьвет?

І да Карынфянаў 6:2

Значыць, вы нічога ня чулі пра сьвятога Лявонція Стасевіча?..

Беларусы-беларусы, хрысьціянскі мы народ... Як гэта выйшла, што нават пасынкі саўка і дзеці перабудовы, зацятыя антысаветчыкі, дагэтуль ня ведаюць пра вялікіх, хто згараў у самай глыбіні імперыі, каб хоць трошкі падсьвяціць бацькам выйсьце? Тыя, чыя штодзённая пяшчота ў рэшце рэшт дала магчымасьць Станіславу Шушкевічу ў адзін цудоўны засьнежаны момант паставіць у Віскулях свой зьнішчальны росчырк?.. Тых, чыя веліч выявіцца з часам, калі нам прыйдзе пара рассыпацца ў прах і ўгнойваць беларускую зямлю сабою?... Чыё жыцьцё — адказ на пытаньне, што рабіць сярод страху, хлусьні, безнадзейнасьці, а лёс — жывая, пакутлівая і агаломшвальная беларуская місія...

Героі вечнасьці чакаюць на нябёсах. Толькі адтуль відаць, наколькі дробязныя нашыя высілкі па-чалавечаму вылучыцца і наколькі велічныя дробязі, каторымі мы так звыкла і настойліва грэбуем.

Леў, будучы Лявонцій Стасевіч, нарадзіўся ў Тарнаградзе на Падляшшы, непадалёк ад Белавежскай пушчы, за стагодзьдзе ад Віскулёў.

Зь сялянскай сям’і, юны, поўны сілаў, беларускі Леў аднойчы крадком увайшоў у Яблачынскі праваслаўны манастыр і быў пастрыжаны ў манахі пад імем Лявонція. У час Першай сусьветнай эвакуяваны ў Маскву і накіраваны, дарэчы, патрыярхам Ціханам у разрабаваны бальшавікамі Суздаль.

Першы раз айца Лявонція арыштавалі ў 1930-м за звон. «Захацеў Госпада звонам праславіць — а звон ужо забаронены быў. Доўга званіў. Спускаюся са званіцы — а мяне ўжо з кайданкамі сустракаюць».

Адбыў тры гады, але як непапраўны сьвятар толькі вынырнуў каўтнуць волі.

Царкву ўжо апанавалі застрашаныя чэкістамі «абнаўленцы» ды сергіяне — і ўпартасьць антысавецкіх бацюшак і манахаў старога гарту была для іх невыноснай. Даносы... Сьледства... і ў Караганду.

Ужо на пероне некалькі арыштаваных сьвятароў запяялі хорам малітву. У пакараньне вагоны з асуджанымі на некалькі марозных дзён загналі ў тупік. Было шмат замерзлых — і толькі ў вагоне айца Лявонція, які заахвочваў усю ноч маліцца з паклонамі, не загінуў ніхто.

Лагернае начальства ўзялося айца Лявонція перавыхоўваць. У ноч на Вялікдзень, напрыклад, Стасевіча прывязвалі да вяроўкі і апускалі галавой у прыбіральню. Падымалі і крычалі:

— Выракаесься?!

А ён ім:

— Хрыстос уваскрос, хлопцы.

Выйшаў, вярнуўся ў Іванаўскую вобласьць. Прызначаны ў аддалены прыход, адкрыта сароміў тых сьвятароў, што дагаджалі ўладзе болей, чым прыхаджанам. І, вядома, дачакаўся трэцяга арышту — за

тое, што «тлумачыў рэлігійныя пісаньні ў антысавецкім духу». Далі 10 гадоў — у Комі.

Ужо 70-гадовым старым айцец Лявонцій выбраўся з ГУЛАГа ў сяло Міхайлаўскае ўсё той жа Іванаўскай вобласьці.

Накіраваны ў храм Міхаіла Арханёла, пераможцы д’ябла, штодня адпраўляў набажэнствы і пешшу абыходзіў усю ваколіцу з трэбамі — спавядаў, прычашчаў, сабораваў... Жыў па-манаску, у пакойчыку, дзе стаялі адно стары жалезны ложак, стол і некалькі зэдлікаў для гасьцей. На ананімныя даносы, што сыпаліся з усіх бакоў і на кожны зь якіх трэба было абавязкова адказваць, айцец Лявонцій пісаў: «Слава Госпаду Богу! Жыў і жыву з братамі ў міры, усім і ўсімі задаволены. Госпад ім судзьдзя. Скарга не адпавядае праўдзе. Я ні на каго не злуюся».

Калі яго, зьнямоглага, шкадавалі прыхаджане: «Бацюшка, ты ж зусім хворы», — ён адказваў: «У Бога хваробаў няма, гэта грахі нашы хварэюць».

Калі ён спаў, людзі ня бачылі: адпрацаваўшы дзень, ноччу маліўся. Штодня на памяць прачытваў увесь Псалтыр.

Тым, хто прызнаваўся, што ня можа адмовіцца ад нейкага граху, айцец Лявонцій прапаноўваў патрымаць далонь над сьвечкай, і калі спаведнік зь пякучым сіпеньнем прыбіраў руку, бацюшка зьдзіўляўся: у вечным полымі гарэць збіраесься, а сьвечкі баісься.

Савецкія бацюшкі лагерніка травілі. А людзі сьцякаліся ў такой колькасьці, што ўладам давялося адмяніць бліжэйшы прыпынак чыгункі — ехалі да яго.

Відавочцы згадваюць ашаламляльныя прароцтвы айца Лявонція — і пра лёс ягоных ганіцеляў, і пра сьмерць патрыярха Алексія, і пра крыніцу, што праб’ецца на вясковых могілках з-пад ягонага ўласнага пахаваньня. Перад сьмерцю за апошняй літургіяй

айцец Лявонцій радасна падымаў угору аслабелыя рукі: «Да Бога ідзём... да Бога ідзём!»

Дарогі беларусаў Стасевічаў за апошнія сто гадоў разбрыліся па ўсім сьвеце. З гэтага роду — і знакаміты амерыканскі скрыпач, дырыжор Павел Стасевіч, і савецкі і расейскі мастак Аляксандр Стасевіч, і футбаліст мінскага «Дынама» ды зборнай Беларусі Ігар Стасевіч.

Але з сучасьнікаў найбліжэй да роду айца Лявонція Сяргей Стасевіч з той жа беларускай глыбіні, з-пад Івацэвічаў. Грэка-каталіцкі сьвятар, што скончыў папскі ўніверсітэт сьвятога Тамаша Аквінскага (Анжэлікум) у Рыме, магістар кананічнага права, рэканструюе «Марыйны дом» (Marian House) у Лондане ды будуе там царкву, пераймаючы справу айца Аляксандра Надсана.

Два сьвятары-беларусы аднаго кораня, адзін — у глыбіні Расеі, другі — у глыбіні Захаду, аддаюць свае жыцьці іншым. Як сама Беларусь, расьпятая на крыжы — ад таго месца, дзе сонца ўзыходзіць, да таго, дзе яно хаваецца ў цемры. Перабіраеш лёсы, бліскучыя ды невядомыя імёны і думаеш: найбольш разбуральным выклікам для змрочных рэжымаў урэшце аказваецца ня зброя, палітыка ці культура, а ціхая асабістая сьвятасьць.

Сьвятасьць — гэта калі ты цалкам аддаеш усе сілы, час, волю Богу і людзям, не пакідаючы анічога сабе. Такая сьвятасьць перасоўвае горы і перамяшчае краіны — зь мінулага ў будучыню.

Сьцежка Стасевіча на першы пагляд непрыкметная, сьлед крочыць ціхенька, часам пераходзіць на шэпт — але потым высьвятляецца, што гісторыя прайшла менавіта гэтым шляхам.

Бо гэты шлях на зямлі штодня абірае Ісус.

13 красавіка 2013 г.


LXV. УБОГІЯ ДУХАМ

Дабраславёныя ўбогія духам,

бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.

Мацьвея 5:3

Камеры «амерыканкі» падобныя да трунаў. Турма круглая, памяшканьні па коле, шырэй да акна, вузей да жалезных дзьвярэй, і калі дранцьвееш на нарах, гледзячы ў столь, нагамі на выхад, слухаеш глухое рэха і чуеш, як памірае чарговы дзень, — раптоўны голас суседа вырывае цябе зь містычнага одуму зь сілаю ўваскрасеньня.

— Слухай, вось Пасха, Біблія, — гэта раскацісты барытон палкоўніка Ягоравіча, — узяўся за Евангельле і адразу ўпёрся... Што значыць убогія духам?

З дамавіны «амерыканкі» трапляеш на дно Пружаншчыны, у край забытай і занядбанай велічы, у колішнюю медсанчасьць, а цяпер каменду, поўную няшчасных асуджаных і іх змучаных ахоўнікаў з сумнымі вачыма, а пытаньне пра «ўбогіх духам» аддаецца і аддаецца рэхам увушшу ўжо трэці Вялікі пост — і робіцца зразумела, што аднойчы пра гэта зь беларусамі трэба пагаварыць усур’ёз.

«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае».

Хвілінку. Тут трэба ўчытацца яшчэ раз. «Шчасьлівыя ўбогія духам...» Калі вы не імкняцеся хутчэй прабегчы вачыма і пракаўтнуць паміж салодкімі «шчасьлівымі» і «Валадарствам Нябесным» у залацістым зьзяньні такіх няёмкіх, недарэчных і ўрэшце проста абуральных «убогіх духам», калі вы запаволіце перахопленае сэрца і з намаганьнем правернеце ў галаве менавіта гэтыя два ключавыя словы — вы зьдзейсьніце самае глыбокае пагружэньне і ў сутнасьць хрысьціянства, і ў зьмест беларускасьці.

Хочацца ж быць «духоўна багатым», ці ня так? Ці ня гэтага ад нас вымагаюць гісторыя, цывілізацыя, школа, бацькі... і, напэўна, Бог?

«Шчасьлівыя ўбогія духам, — першае, што кажа Ісус у Нагорнай казані, сэрцы Евангельля, — бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае».

Загрузка...