Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч — драматург і кінадраматург, гісторык, публіцыст; лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і заслужаны работнік культуры Беларусі, кандыдат гістарычных навук, ганаровы прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва. Нарадзіўся на Талачыншчыне 1 мая 1930 года.
Працаваў першым рэктарам Мінскага інстытута культуры і загадчыкам аддзела культуры ЦК КПБ. У якасці адказнага сакратара і намесніка галоўнага рэдактара БелСЭ быў аднім з арганізатараў энцыклапедычнай справы ў Беларусі, узначальваў рэспубліканскі Арганізацыйна-метадычны цэнтр па падрыхтоўцы да друку і выданню шматтомнай гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць».
Ім створана больш за 30 драматургічных твораў, многія з якіх перакладаліся на рускую, украінскую, латвійскую, эстонскую і іншыя мовы. Ставіліся прыкладна ў 70 тэатрах вялікай краіны. Сярод камедый і фантасмагорый «Адкуль грэх?», «Укралі кодэкс», «Злыдзень», «Куды ноч, туды і сон»; драмы «Трывога», «Соль», «Напісанае застаецца», «У спадчыну жыццё», «Дагарэла свечачка», «Змова» і інш. Яму ж належыць серыял з 18 гістарычных драм і трагедый, якія ўяўляюць сабой канцэптуальную мастацкую гісторыю Беларусі ў дзейных асобах, што ахоплівае час з IX да XXI стагоддзя. Друкаваліся ў зборніках «Воля на крыжы» і «Здрапежаная зямля».
Па сцэнарыях кінадраматурга былі зняты дакументальныя стужкі пра Францішка Скарыну і Канстанціна Астрожскага і пастаўлены мастацкія фільмы «Уваскрэсная ноч», «Прарок для Айчыны» і пяцісерыйны фільм пра ўдзел моладзі Беларусі ў партызанскай барацьбе супраць германскага фашызму «Нас выбраў час» (у сааўтарстве з Уладзімірам Халіпам).