Само сабою атрымалася, што Варнак аказаўся адзін, тры ягоныя ахоўнікі палеглі, абараняючы камандзіра. Ён і сам пачуваўся, як воўк, загнаны ў пастку, кружляў па лесе, па балотах. Выратавала яго тое, што ведаў тут кожную гаць, грэблю і кладку, таму ўдалося выратавацца ад пагоні, хоць разы тры ўвальваўся ў твань і выглядаў як балотны дух, чорны ад густой тарфяной юшкі. Не ведаў, куды бегчы, дзе схавацца. Апоўначы ногі самі прынеслі да роднага жытла. Ён увайшоў у хлеў, зашыўся у сена і заснуў. Раніцай прыйшла братава жонка Ніна даіць карову, убачыла яго соннага і ўскрыкнула з пераляку. Ён расплюшчыў вочы, ліхаманкава агледзеўся, убачыў жанчыну, спытаў:
– Чужынцаў няма?
– Пакуль няма, але могуць з’явіцца ва ўсялякі момант! – зашыпела яна змяёй. – У вёску ўпаўважаныя прыехалі. Чаго цябе прынесла, Лёня? Ігнась хаваецца ад вайны ў склепе! За яго дрыжу дзень і ноч! А тут яшчэ ты!
– А я, можа, здавацца прыйшоў, – пасміхнуўся Варнак. – Кажуць, улады нейкую амністыю абяцаюць "лясным братам".
– Ідзі ды здавайся дзе-небудзь у іншым месцы, а нам тут і без цябе гора хапае.
– А што Ігнась увесь час у склепе сядзіць?
– Чаму ж, як нікога чужога няма, дык надзявае маю спадніцу, завязвае хустку ды працуе на полі.
– У бабу, значыць, апранаецца, – засмяяўся Варнак. – Вось дзіва!
– Цішэй ты! Яшчэ хто пачуе!
– Добра, маўчу. Прынясі мне есці і пераапрануцца ў што чыстае.
Ніна пакінула даёнку каля парога, пайшла ў хату. Але замест сябе прыслала маці, якая прынесла талерку з салам, хлебам і салёным гурком, акрыўшы фартухом.
– Добры дзень, сынок, – сказала яна, паставіла талерку на сена, прысела, пацалавала сына ў лоб. – Добра, што прыйшоў. Годзе ўжо гойсаць па лясах. Хавайся разам з Ігнасем, а пасля, можа, неяк жыццё ўтрасецца.
– Не ўтрасецца, маці, – адказаў Варнак, адкусваючы ладны кавак хлеба з салам і паспешна жуючы, – або мы іх адолеем, або яны – нас.
– Вайна заканчваецца, дык навошта доўжыць свае і чужыя пакуты?
– Для нас яна не хутка скончыцца. Будзем змагацца да перамогі.
– Ах, сынок, сынок, ці ж гэта жыццё – хадзіць пад кулямі? Не хочаш хавацца, здайся. Зараз улада абяцае дараваць вашы правіны.
– А ў чым мая правіна, маці? Палякі загналі мяне ў войска, немцы ўзялі ў палон, Саветы разбурылі мой дом, а я цяпер бяздомны бадзяга, бандыт, па-іхняму! А хто мяне зрабіў такім? Хіба не яны? Гэта яны павінны павініцца перада мною, вярнуць мне жонку і дачку, калі тыя яшчэ жывыя!
– Супраць дзяржавы дарэмна ваяваць, хіба ж ты не разумееш? Што твая стрэльбачка здатная зрабіць супраць танкаў і самалётаў? Нічога…
У хлеў ускочыла Ніна, прашаптала:
– Маці, упаўнаважаныя да нас ідуць…
– Ай, Божа… Хавайся, Лёня, у сена. Я буду карову даіць, а ты, Ніна, ідзі сустракай і добра частуй гэтых злыдняў. Каб яны не падумалі, што мы варожа ставімся да іх.
Варнак зашыўся ў сена з галавою, хутка даядаў тое, што засталося на талерцы, глытаў не жуючы, папярхнуўся, закашляўся.
– Цішэй, сынок, яшчэ хто пачуе, – прашаптала маці.
Ён душыўся кашлем, трываў, прыслухоўваўся да гукаў. Аднак у цішыні толькі было чуваць, як звонка б’юцца струмені малака аб дно яшчэ пустой дойкі ды ўздыхае маці. Ён падумаў: "Мо сапраўды было б лепш за ўсё здацца Саветам і больш ні пра што не думаць? Няхай яны вырашаюць канчаткова мой лёс. Але ж я не анёл, шмат грахоў назбіралася за плячыма. Расстраляюць, а можа, нават павесяць, як некалькі казакоў на Украіне". Дрэнныя весткі разносяцца хутка. І гэтая знайшла Варнака і ягоных казакоў на хутарах каля Ратна. Тады яны дружна пакляліся адпомсціць за забітых паплечнікаў. Ён помсціў таксама колькі мог, а цяпер стаміўся, нічога не хоча, акрамя цёплай хаты, добрай ежы ды спагаднай жанчыны побач. Такою можа быць Аксана. Прыкінуў, што зараз мо варта падацца да яе, праведаць, пакуль хлопцы збяруцца на Воўчай выспе, ды зноў пачнецца іхняе змаганне з ворагамі. Ягоныя думкі перабілі матчыны цяжкія крокі, яна пайшла з хлява. А пасля доўга ніхто не прыходзіў. Варнак думаў пра Аксану, уяўляў яе: прыгожую, з тоўстаю цяжкою касою, якая абвівала галаву, быццам карона. Ён іншы раз так і называў яе – мая каралева. Яна толькі смяялася ў адказ. Мары непрыкметна ператварыліся ў сон пра любую жанчыну. І вось яны ўжо ідуць лясною сцежкаю, прадзіраюцца праз гушчар. Аксана азіраецца, усміхаецца яму. І толькі зараз ён заўважае, што ў яе няма касы, а валасы коратка падстрыжаны, аднак яна ўсё роўна выглядае цудоўна. Нарэшце яны выбавіліся з гушчару. Перад імі раскрыўся квяцісты поплаў, а на ім беліцца доўгае палатно, якое ажно зіхаціць на сонцы і недзе наперадзе ператвараецца ў сонечны прамень. Па гэтым палатне, а пасля па сонечным промні рушылі яны проста да сонца. Было ім спакойна і шчасна, як ніколі, быццам назаўсёды адступілі трывожныя і напружаныя дні з чужынскімі аблавамі, пагонямі, забойствамі…
Яго разбудзіла Ніна, паклікала:
– Лёня, дзе ты? Вылазь!
– Што, пайшлі ўжо няпрошаныя госці?
– Дзякаваць Богу, пайшлі. Я ад страху ледзь не памерла. Думаю, як пачнуць шукаць: Ігнась – у склепе, ты – у хляве! Усіх у Сібір загоняць, калі яшчэ, крый Божа, не пастраляюць…
– Не бойся ты надта, бо яшчэ ад страху памрэш.
– А мо ты нічога не баішся, чаго ж тады хаваешся?
– Дык я ж не проста так, а з выведкаю.
– Пачастуйся вось, выведнік, – яна падала Лёню талерку са смажанаю яечняю, шкваркамі і хлебам.
– Гэта мо ад гасцей засталося?
– Ага, ад іх застанецца! Як селі за стол, дык я стамілася насіць харчы. Пакуль літар самагонкі не выжлукцілі ды ўсе талеркі не вылізалі, з месца не зрушыліся.
– А хто прыходзіў?
– Старшыня сельсавета, Ямелька слюнявы, ды нейкія два ўпаўнаважаныя з раёна.
– Чаго ўжо ты так старалася?
– А што было рабіць? Няхай п’юць, каб яны смалы напіліся! Няхай забудуцца, чаго прыходзілі…
Пакуль Ніна гаварыла, Лёня ў адзін момант праглынуў змесціва талеркі і сказаў:
– Нясі яшчэ што…
Маладзіца пляснула рукамі і нездаволена прабурчала:
– Яшчэ адзін ненажэрны на маю галаву зваліўся.
– Я тры дні не еў, агаладаў зусім. Пакліч да мяне Ігнася, трэба ж пабачыцца з братам… Ды прынясі нарэшце ў што апрануцца, Ігнась усё роўна ў тваіх спадніцах ходзіць – засмяяўся ён.
– Дурны смех, – нездаволена сказала Ніна.
– А што ж мне цяпер рабіць, плакаць ці што?
– Чакай…
Хвілін праз пяць у хлеў увайшоў Ігнась, апрануты ў жаночае адзенне з хусткаю на галаве. Лёня абняў яго, прыгаворваючы:
– Вось што з намі жыццё зрабіла: ты стаў бабаю, а я – дзікім ваўком…
– Куды падзецца, Лёня? Каб выжыць, людзі на ўсялякія хітрыкі пускаюцца. Я паслухмяна пайшоў на мабілізацыю, атрымаў мундзір і зброю, тыдні два вучыўся страляць, а ўцёк з вагона, калі нас ужо везлі па Польшчы. У мяне проста ўсё абмірала, калі я ўяўляў, што мушу некага забіваць. Не адзін я быў, шасцёра нашых збегла. Разышліся па розных вёсках. Калі іх не палавілі, дык мо таксама недзе сядзяць у норах.
– Куды вінтоўку падзеў?
– Пакінуў у вагоне на памяць маім паганятым.
– Ну і дурань, лепш бы мне прынёс.
– Не да таго мне было. Сам падумай, як данесці зброю? Я і так сунуўся толькі па начах. Цэлы тыдзень дабіраўся.
– Ведаю гэтую хаду. Я з палону тыдні тры ішоў, страху натрываўся і галадаў, ледзьве ногі дацягнуў. Дамоў вярнуўся, а тут немцы – у вёсцы, партызаны – у лесе, і ўсе маёй смерці прагнуць. Ды ты сам усё бачыў…
– Куды цяпер? – спытаў Ігнась.
– У лес. Ён адзіны мяне ратуе. А ты што будзеш рабіць?
– Пасяджу пакуль у склепе. Як вайна скончыцца, тады і вылезу. Не гуляць жа мне ў хованкі з уладаю да самай смерці.
Вярнулася Ніна, прынесла паўбохана хлеба, гладышку малака і два алюмініевы кубкі, пад пахаю трымаючы апранахі для Лёні, сказала нявесела:
– Піце, браточкі, на здароўе.
– Дзякую, – адказаў Варнак, каб улагоціць сваячку.
– Колькі яшчэ будзеш па лясах ацірацца? – спытала Ніна.
– Пакуль не надакучыць.
– Ты ж казаў, што здацца хочаш.
– Можа, калі і здамся, але не так і не цяпер. Не час яшчэ, Ніна. Зараз малачка нап’юся – сіла ў мяне прыбудзе, ды і пайду зноў ваяваць супраць захопнікаў. Налівай, Ігнась. – Варнак падставіў кубак, малако белым струменем хлынула ў пустую пасудзіну. –Будзьма жывыя і здаровыя, – сказаў ён.
– Будзьма, – як рэха паўтарыў брат.
Яны моўчкі пілі малако з чорным хлебам, выпечаным маці. Лёня Парахнюк нідзе і ніколі не еў смачнейшага хлеба, нават белыя ўкраінскія паляніцы не маглі пераважыць яго ў смаку. Якое шчасце – спакойна жыць, піць малако з хлебам, бачыць брата, слухаць, як чмыхае карова ў стойле, адчуваць пах гною, сена, дроў.
У хлеў увайшла маці і сказала:
– Смачна есці, дзеткі.
Ад гэтых словаў у сэрцы Варнака нешта скаланулася, вочы сталі вільготныя, ён адвярнуўся і крадком выцер іх, разумеючы, што душа плакала па незваротным светлым мінулым, якое канала, знікала без следу, толькі заставаліся дзіўныя згадкі. За гэтую парушаную гармонію яго свету ён збіраўся помсціць усім, каго толькі западозрыць хоць на пазногаць вінаватым у ягоных бедах.
63
Удод і Птах сустрэліся ў лесе каля вёскі Вялікая Багна, хаця ім належала спяшаць на Воўчую выспу, куды павінны былі сабрацца ацалелыя казакі. Разлік быў просты, калі краму разграмілі ў Дывінскім раёне, дык чырвоныя там і будуць шукаць злачынцаў, а ў суседні раён, напэўна, і носа не пакажуць. Тым больш, што ўжо далі казакам дыхту так, што каманда Варнака разбеглася, як патрывожаныя прусакі. А яшчэ вельмі карцела Сяргею завітаць дамоў. Ведаў ён ад сувязных, што малодшага брата мабілізавалі на фронт, маці засталася адна.
– Ну што, Птах, праведаем родных?
– Трэба было б, – азваўся хлопец, але Варнак будзе сварыцца.
– А ты думаеш ён сам пройдзе міма роднай вёскі?
– Не ведаю… Ён такі зацяты…
– Чалавек ён неблагі, толькі камандзірскія абавязкі вымагаюць ад яго быць патрабавальным, а часам нават жорсткім.
Птах быў трохі маладзейшы за Удода, яму толькі споўнілася васямнаццаць гадоў, таму хлопца адразу прыклікалі ў ваенкамат, але якраз на той час у вёсцы быў Варнак і ўгаварыў навабранца ісці да яго, а не ў Чырвонцую армію, пры гэтым гарантаваў цікавае і насычанае прыгодамі жыццё. А галоўнае, пераканаў Птахавых бацькоў, што хлопцу сярод казакоў нішто не пагражае, а там, на вайне, такому неабстралянаму ніяк не выжыць. Нават псеўданім прыдумаў навабранцу самы просты, бо ўжо перабыло сярод украінскіх паўстанцаў птахаў самай рознай масці: чаек, сокалаў, орлікаў, гракоў, крумкачоў і іншых, толькі проста птаха яшчэ не было.
– Слухай, а дзе твая стрэльба? Ты чаго з пустымі рукамі?
– Кінуў у балоце. Яна цяжкая, халера, замінала ўцякаць.
– Ты ж не кажы Варнаку, што знарок кінуў, скажы, што шуснуў у балотнае акно, сам ледзьве выкараскаўся, а зброя там засталася. Прыдумай што-небудзь, бо ён і застрэліць можа за страту вінтоўкі, – папярэдзіў Сяргей. – І ніколі не кідай зброю, бо чым будзеш ваяваць ды бараніцца?
– Не ведаю, што і рабіць. Не жадаю ваяваць, – разгублена адказаў юнак. – Хачу дадому, ваўком гатовы выць…
– Я таксама спачатку па дамоўцы вельмі сумаваў, а пасля прывык.
– І што гэта за жыццё? На цябе палююць, як на дзікага звера. А ты сядзіш у лесе, зубамі ад голаду клацаеш, або людзей аббіраеш, каб самому пракарміцца.
– Яны абавязаныя нас карміць. Мы змагаемся за іхнюю волю.
– Хіба яны нас прасілі? – абурана спытаў Птах.
– Не мы з табой гэтае жыццё прыдумалі, не нам яго перайначваць, – задуменна сказаў Сяргей. – Ці ж я хацеў ісці ў лес? Калі хочаш ацалець, мусіш хавацца.
Ён паглядзеў на дрэвы, якія за некалькі дзён акрыялі, асцярожна зазелянелі, выпусцілі першыя лісточкі і, здавалася, самі сабою любаваліся. Зноў пачыналася вясна, якая несла сялянам клопаты, звязаныя з сяўбою. Як маці ўправіцца? Каб хоць памагчы ёй бульбу пасадзіць, дык будзе чым самой пажывіцца зімою, ды мо якога парсючка выгадуе. Хоць вынік адзін: кармілі нямецкае войска, цяпер давядзецца ўтрымліваць савецкае.
– Бачыш, пакуль мы ад чырвоных хаваліся, дык і вясна настала, – сказаў Сяргей.
– Пара нам, Удод, гнёзды віць, – пасміхнуўся Птах.
З лесу яны нарэшце выбавіліся на непралазнае балота, якое трэба было абысці, забіраючы трохі ўлева, а там ад Хвядосавага хутара павіна быць грэбелька з масточкамі ды кладкамі, якія звычайна размываліся ў паводку, але зноў і зноў ладзіліся гаспадарамі, каб мець магчымасць выбірацца да сваякоў у вёску ці на суседнія хутары. Сяргей добра ведаў ваколіцы роднай вёскі. Ці мала пахадзіў тут у маленстве, калі ганяў на пашу кароў, зграбаў сена, рубаў маладыя алешынкі на дровы ці рэзаў лазу на кашы. А яшчэ ж былі вандроўкі ў лес па чарніцы, брусніцы, ажыны, суніцы, грыбы, арэхі, а на балота – па журавіны. У копанках, балацянках, канавах лавілі ўюноў. А гэта быў ласунак адмысловы, безумоўна, калі не згадваць, як падскоквае гэтая дзіўная рыба, падобная на змей, на патэльні, быццам грэшнікі ў пекле. Кожная мясціна нагадвала Сяргею ягонае не такое і далёкае маленства.
Каля Хвядосавага хутара яны заўважылі дзяцей, не жадаючы трапляць на вочы людзям, абышлі сядзібу праз карчы. А грэбелька сапраўды знайшлася. Была яна спраўная, праўда, з мокрымі, коўзкімі кладкамі, таму хлопцы для падтрымання раўнавагі выламалі сабе па жэрдцы з кволых бярэзінак, якія там-сям тырчэлі на купінах, жадаючы неяк існаваць у гэтым асяродку, не надта прыдатным для іхняга жыцця. Хутка і без перашкод пераадолелі балота, праўда, Птах усё ж адзін раз па пояс уваліўся ў багну, вылез запэцканы тванню, якую немагчыма ададраць, хіба толькі добра памыць адзенне. Было яшчэ далекавата да вечара. Хлопцы вырашылі ўвайсці ў вёску поначы. Каб не трапляць лішні раз на вочы аднавяскоўцам. На ўзлеску сушылі адзенне і абутак, трывалі голад, толькі папілі трохі вады з ручаінкі, спадзеючыся, што родная – не атруціць. Ад няма чаго рабіць палеглі проста на добра ўгрэтай зямлі падрамаць ды так і праспалі да вечара. Калі ледзь сцямнела, рушылі ў вёску. Кожнаму хацелася хутчэй убачыць родную хату, таму ішлі моўчкі, не размаўлялі, толькі ўважліва глядзелі ўперад ды па баках, каб не нарвацца на якую засаду. Вёска сустрэла іх звычайным рэдкім брэхам сабак. За клунямі хлопцы разышліся ў розныя бакі, толькі абмяняліся поціскамі рук.
– Я па цябе зайду, – сказаў Удод.
– Добра, – адказаў Птах і пашыбаваў у процілеглы бок.
Сяргей подбегам кінуўся да сваёй хаты, адчуваючы нясцерпнае жаданне хутчэй пераступіць родны парог. У вокнах было цёмна. Дзверы ў сенцы не замкнёныя. Ён увайшоў у хату, убачыў, што маці ляжыць на запечку апранутая.
– Добры вечар у хату, – павітаўся ён ціха.
– Хто там? – спытала маці.
– Гэта я, Сяргей.
– Хто такі?
Голас маці прагучаў абыякава. Сяргей запаліў газавую лямпу. Думаючы, што маці сама ўбачыць яго і ўзрадуецца, а яна зноў спытала:
– Хто ты такі?
– Сын твой, мама.
– Ты не Кастусь, хто ты?
– Што здарылася, мама?
Жанчына села на запечку, узіралася ў твар сына.
– Косцік ліст прыслаў, – яна паказала вачамі паперку на стале.
Сяргей прабег вачамі паперку, у якой паведамлялася, што ягоны брат прапаў без вестак. Маці была непісьменная. Мо яна не ведае, што тут напісана.
– Мама, можа, наш Кастусь яшчэ знойдзецца…
– Хто ты, чалавеча, што табе тут трэба? – спытала жанчына.
– Я твой сын Сяргей.
– А хіба ў мяне ёсць Сяргей? Я ведаю толькі Кастуся. Хутка ён вернецца – і будзе мне палёгка. Як мы добра зажывём…
– А дзе нявестка, дзе Кастусёва жонка?
– Пайшла да доктара, ці што… Не ведаю… Мусіць, яна захварэла. А ты ідзі прэч…
– Мама, які доктар сярод ночы?
Жанчына злосна паглядзела на сына. Страшная здагадка ўсхвалявала Сяргея, але ён яшчэ не даваў веры сваім прадчуванням, таму сказаў:
– Я зараз, пачакай…
Ён выйшаў з хаты і спыніўся ў нерашучасці, раздумваючы куды падацца. Перабег вуліцу, пастукаў у цёмнае акно дзядзькі Пракапея.
– Хто там? – спытаў стары.
– Сяргей, ваш сусед…
Пракапей пазнаў яго па голасе, адчыніў дзверы, выйшаў на ганак, павітаўся:
– Даўно цябе не бачыў! Ой, даўно!
– Дзядзька Пракапей, што з маёй маці?
– Захварэла на галаву. Як атрымала паведамленне, што Кастусь прапаў, дык перастала людзей пазнаваць.
– А дзе ж наша нявестка?
– Пабегла да Цупрыяніхі, каб пашаптала. А калі тыя шэпты не памогуць, дык заўтра павязу яе да дактароў. А як ты?
– Ды я нічога, а маці шкада.
– Што ж ты думаеш, Сяргей, як тваёй маці было перажыць столькі бяды? Старэйшага сына забілі, ты – невядома дзе, а тут і малодшанькі згінуў. Як такое вытрываць? Хоць жывой у магілу лезь. Вось свядомасць і адключылася, каб зусім не сканаць ад гора.
– Што ж мне рабіць? – сам у сябе спытаў Сяргей.
– Заставайся ды дапамагай тут.
– Нельга мне, нявольны я чалавек, гэта па-першае, а па-другое, чырвоныя ці іхнія памагатыя ўсё роўна дазнаюцца, і жыцця мне не будзе.
– А вы як маецеся?
– Усё па-старому. Улады мяняюцца, а мы імкнёмся жыць, як было раней. Толькі, на вялікі жаль, нічога ў нас не атрымліваецца.
– Дзякую, дзядзька Пракапей, хоць вы мне расказалі, што адбываецца. Я сам ледзь не звар’яцеў, калі ўбачыў, што маці мяне не прызнае. Бывайце…
– Шчасліва табе, Сяргей.
Удод вярнуўся ў хату, убачыў, што маці зноў ляжыць на запечку. Сеў на лаву, каля парога, вырашыў дачакацца нявестку, каб распытаць, што ды як, а пасля зноў надоўга развітацца, бо нічым ён не мог памагчы хворай маці, хіба паплакаць разам з ёю. Падумаў яшчэ, што трэба зайсці да цёткі Куліны і расказаць ёй пра матчыну хваробу, мо яна што парадзіла б, хаця безумоўна, толькі лекары могуць разабрацца з псіхічнаю хваробаю. А зрэшты, каб раптам вярнуўся Кастусь, дык мо яна адразу ачуняла б, ды толькі, дзе згінуў малодшы брат, ніхто не ведае, нават тыя, з кім ён ваяваў. "А зрэшты, навошта мне чаго чакаць? – раптам падумаў ён. – Толькі лішнія жаночыя скавытанні слухаць. Разбяруцца тут неяк без мяне, чым я памагу?" Ён падняўся і ціха выйшаў з хаты, накіраваўся да Птаха.
Яму адчыніў Птахаў бацька і сказаў:
– Не пушчу больш сына з табою.
– А што ж ён будзе рабіць?
– Здавацца будзе. Вайна заканчваецца, няхай ідзе ў войска, ваяваць яму ўжо не давядзецца. Ці чуў? Саветы – у Берліне!
– Ці даруюць яму, што ён быў з намі?
– А мы не прызнаемся. Скажам, што хавалі хлопца, а цяпер прыйшлі павініцца. Вось і ўсё. Ідзі, Сяргей, сваёю дарогаю!
– Дайце, дзядзька, я ў сына вашага спытаю, ці хоча ён застацца?
– Хоча, не сумнявайся! Ідзі з Богам, не чапляйся!
– Глядзі, дзядзька, каб не прагадаў!
– Не страшы мяне, я ўжо сваё адбаяўся! Прыйшла новая ўлада – трэба падначаліцца. Я за свой век усялякіх начальнікаў пабачыў: немецкіх, польскіх, расійскіх. Кожная ўлада свае парадкі ўладкоўвае. Трэба змірыцца, інакш не выжыць. І вам у лесе доўга не ўседзець, пераловяць, пераб’юць. Вунь колькі войска ў іх, немца адолелі! Нават нашых "ястрабкоў" узброілі, а ты кажаш… Думай лепш, як самому ўратавацца…
– Дзякую, на добрым слове. Прывітанне перадайце сыну, толькі няхай з сяла хутчэй сыходзіць. Бо нашы ж яго заб’ць за здраду, – адказаў Сяргей і пайшоў з чужога двара, не жадаючы набываць новых ворагаў у родным селішчы.
Ён міжволі падумаў: "Дзеля чаго я пакутую, трываю нястачу і холад? Можа, і мне трэба было б ужо адстаць ад казакоў, ды прыбіцца да якога іншага берагу, ціхага і ўтульнага, бо колькі ж можна трываць гэта бязладдзе? А куды падзецца? З’ехаць за свет? Дык няма ніякіх дакументаў. Пачнуць разбірацца… Дазнаюцца… Няма выйсця, няма куды галавы прыхінуць…"
64
Тадзік прабыў у Ванды амаль месяц. Рана не зажывала, гнаілася. Знахар прыходзіў, прамываў яе газаю, прыкладаў нейкія мазі, але дапамагала мала. Бурчаў сабе пад нос: "Аслабла цяпер моладзь. Раней на нас усё зажывала хутка, як на сабаках".
Нягледзячы на тое, што пачуваў сябе блага, Тадзік падаўся да Руткоўскага ў лес на старую базу, хоць і не спадзяваўся там каго сустрэць. Аднак знайшоў маёра з невялікім гуртам аховы менавіта там. Вартавыя весела яго прывіталі, маўляў, заявіўся, не запыліўся, а камандзір і не ведаў, кім цябе лічыць, рэзервістам ці дызерцірам. Руткоўскі сядзеў за сталом у зямлянцы перад разгорнутымі картамі, здзіўлена падняў вочы і сказаў:
– Каго бачу? Наш выведнік нарэшце з’явіўся! А я ўжо думаў, што ты пад матчынай спадніцай схаваўся.
– Пан маёр, я быў паранены.
– А цяпер ужо здаровы? – Руткоўскі ляпнуў ад’ютанта па плячы, дзе якраз была рана.
Тадзік прастагнаў і ажно прысеў да падлогі ад болю.
– Што з табою? Зусім сілу страціў на матчыных аладках? – засмяяўся камандзір.
– Рана тут…
– Пакажы…
Тадзік зняў куртку і сарочку, паказаў забінтаванае плячо.
– Развязвай, – загадаў Руткоўскі.
Тадзік раскруціў палатняны пасак, агаліў рану. Руткоўскі агледзеў яе, спагадліва паківаў галавой з боку ў бок.
– Э, брат, зарана ты вярнуўся. Справа дрэнь. Яна ажно смярдзіць. Замотвай зноў… Дзе гэта цябе паднесла нячыстая?
– На падыходзе да Лазнякоў напароўся на засаду.
– І хто ж цябе лячыў?
– Ёсць у нас там адзін хутаранец-знахар, што кароў і коней лечыць…
– Ты ў яго жыў? – удакладніў Руткоўскі.
– Ага, – схлусіў Тадзік, не мог жа ён прызнацца, што быў у Ванды, бо Руткоўскі, мабыць, таксама хутка знайшоў бы туды дарогу.
– Надзейны чалавек?
– Чалавек добры, але вельмі стары, што сам ледзьве на нагах трымаецца, – зноў схлусіў Тадзік, каб адбіць цікавасць Руткоўскага да знахара, які на самой справе быў чалавекам сярэдняга веку, даволі моцны і дужы.
– Колькі яму?
– Я не пытаў, мо восемдзясят, мо дзевяноста, увесь барадою зарос, адны вочы ды нос на твары бачныя.
– Хто ж яму дапамагае?
– Адзін жыве, кашы якой зварыць раз на дзень – і ўсё меню.
– Трапіў ты ў нерат… Што ж з табою рабіць? Давядзецца праз нашых сувязных да нейкага лекара пераправіць. Хоць і нікудышны ты ад’ютант, але лепш, чым ніякага.
– Чаму гэта я нікудышны? – абурыўся Тадзік. – Вы, пан маёр, несправядліва да мяне ставіцеся.
– Падумай сам, пакінуў камандзіра, атрымаў раненне, цяпер думай, як цябе выратаваць. Дык, які ты ад’ютант пад халеру? – пасміхнуўся Каэтан. – Ты хоць чуў, што вайна скончылася. Германія капітулявала!
– Чуў!
– На жаль, нам ад гэтага радасці мала. Цяпер будзем ваяваць з Саветамі. Ідзі да кухара, няхай ён цябе пакорміць, добра выспіся. А заўтра пойдзеш у Беласток да нашага доктара. Толькі глядзі, больш пад кулі не лезь, бо ў наступны раз і забіць могуць. А мы з табою ўсю вайну прайшлі…
– Будзе зроблена, пан маёр, – аддаў чэсць ад’ютант і паспешна выйшаў з зямлянкі.
Сустрэча з камандзірам прайшла няблага, ён баяўся, што будзе горш. Руткоўскі іншы раз быў вельмі нястрыманы, а на гэты раз паставіўся да падначаленага са спачуваннем, дык і на гэтым дзякуй.
Праз два дні Тадзік быў ужо у Беластоку. Сядзеў перад доктарам, а той доўга аглядаў рану, пасля мыў яе, счышчаў гнойныя скарынкі, нават нешта падразаў скальпелем, чаго хворы не мог трываць, стагнаў і ледзь не плакаў.
– Паплач, паплач, – казаў доктар, – лягчэй будзе. Патрывай трохі, трэба ж нам выдраць гэтую заразу. Бач ты, навылёт прайшло… Ну, нічога, нічога, гэтыя дзіркі з часам зацягнуцца і зноў будзеш цэлы. Бяда з гэтай моладдзю. Лезуць пад кулі, як апантаныя…
– Я не лез, а ўцякаў, куля мяне сама дагнала.
– Палюбіла яна цябе з першага позірку… Добра, што да смерці не залюбіла. Ці маеш дзе спыніцца?
Тадзік адразу згадаў пра матчыну сястру, але тут жа адкінуў гэты варыянт. Не хапала яшчэ, каб родзічы турбаваліся з-за яго. Крый Божа, мама даведаецца пра ягонае раненне, тады наогул спакою не будзе нікому. Таму ён адказаў:
– Не маю нікога тут.
– Дам я табе адрас, пойдзеш да пані Евы, гэта мая добрая сваячка, пацыентка і душэўная кабета. Табе давядзецца затрымацца тут на месяцы два. І не думай раней часу ўцякаць зноў у лес! Там і без цябе ваякаў хапае, – адказаў доктар, забінтоўваючы рану. – Табе, хлопча, вучыцца трэба. Вайна скончылася.
– Мы будзем змагацца з акупантамі да перамогі.
– Кінь казаць дурніцу. Польшча, якую ні ёсць, а волю атрымала. Будзем будаваць самастойную дзяржаву.
– Хто мне верне бацьку, якога вывезлі ў Сібір?
– Гэтага я не ведаю. Калі пашанцавала яму выжыць, дык калі-небудзь вернецца…
Доктар сеў да стала, накрэмзаў дзве пісулькі: адну – з адрасам, другую – для пані Евы.
– Вось табе адрас, праўда, горад наш парушаны і спалены вайною, але спытаеш у людзей, яны пакажуць, куды ісці. Дамок пані Евы стаіць у раёне рынка.
Тадзік падзякаваў доктару, апрануўся, узяў пад паху куртку, з якою не разлучаўся ніколі і пайшоў на вуліцу. Горад сапраўды месцамі ўяўляў руіны, але прыватныя хаткі каля рынка ацалелі, нават захаваліся назвы вуліц, напісаныя на бляшаных шыльдачках. Хлопец без цяжкасці адшукаў патрэбны дом, увайшоў у весніцы асцярожна, каб не нарвацца на сабаку. Але ў двары нікога не сустрэў. Пастукаў у дзверы. Праз колькі хвілін насустрач яму выйшла маленькая і худзенькая, як былінка, старая, далікатна павіталася.
– Я ад доктара Шабалінскага, – сказаў Тадзік і аддаў цыдулку.
Старая ўзяла паперку. Прабегла вачамі і сказала:
– Заходзь, хлопча. Як цябе, дарэчы, завуць?
– Тадэвуш.
– Тадзё, значыць, прыгожае імя. А я тая самая Ева…
Ён ступіў за пані ў цёмныя сенцы, а пасля апынуўся ў пакоі, белым ад карункаў, якія былі скрозь: на крэслах, этажэрцы з кнігамі, на ложку, нават пад нагамі ляжалі ходнікі, сплеценыя з каляровых нітак нейкім дзіўным узорам.
– Няўжо ўсё гэта ваша работа?
– Мая, – усміхнулася яна. – Пляту і пляту, як павук. А потым у тую павуціну трапляюць такія маладыя і прыгожыя хлопцы, як ты, – па-дзявочы звонка засмяялася яна.
Тадзік нават не чакаў, што ў гэтай бяззубай старой можа быць такі малады голас і здзіўлена зірнуў на яе.
– Не бойся, я жартую, пайшлі на кухню, ты, мусіць, галодны?
Яна павяла госця ў суседні пакой, дзе таксама панавалі карункі на палічках з посудам, на стале, на табурэтках, нават на сценах.
– Ні марцыпанаў, ні мадрыгонаў у мяне няма, адзін толькі суп, – сказала гаспадыня, спрытна дастаючы з печы чыгунок са страваю. – Сядай да стала, чаго разгубіўся?
– Я не распешчаны, – адказаў Тадзік. – Ем усё, што ў талерку наліваюць ці кладуць.
– Малайчына, ты мне падабаешся. Быў і ў мяне сын, праўда, старэйшы за цябе, ды загінуў у Варшаве. Я ўжо ўсе слёзы выплакала. І мне не доўга засталося… Сустрэнемся на тым свеце. Там яго буду пры сабе трымаць, каб не згубіўся…
Яна наліла паўнюткую талерку, паставіла перад Тадзікам, сама села насупраць, падперла сухім кулачком шчаку, сказала:
– Чаго марудзіш, лыжку – у руку, і працуй.
– А вы, пані Ева, чаму не ясце?
– Я ўжо абедала, ты на мяне не глядзі. Я цяпер, як тая насенніна, што вылецела і не ведае, дзе ёй упасці, што яшчэ зрабіць, каб са спакойнай душой сысці назаўсёды.
– Навошта вы забіваеце сябе такімі цёмнымі думкамі?
– Не хвалюйся, пакуль ты будзеш жыць тут, я не памру, дагледжу цябе. Куды паранены?
– У плячо.
– Доктар трохі цябе палечыць, а пасля здасць на мае рукі, бо я шмат гадоў працавала медсястрою. Буду я тваю рану прамываць ды гоіць, пакуль зусім здаровы не станеш.
– Дзякую, пані Ева, за ласку. Суп ваш вельмі смачны, сто гадоў такога не еў. Трэба будзе мне неяк адпрацоўваць харчы, дык вы кажыце, чым памагчы.
Яму сапраўды стала вельмі спакойна і добра пад цёплым позіркам старой пані, шкада, што Ванда далекавата жыве, сёння ж збегаў ды наведаў яе.
– Меней на вуліцу выходзь, не трэба суседзям вочы мазоліць, – папярэдзіла гаспадыня, быццам здагадалася пра ягоныя думкі. – Доктар сам будзе заходзіць да нас. Такія ўмовы канспірацыі. Шмат нашых хлопцаў пад кулі трапляе. Усім трэба памагаць. Калі заваліцца мая кватэра, дзе яны будуць шукаць паратунку?..
– Я ўсё зразумеў, пані Ева. Буду старанна лячыцца.
– Ну, і малайчына. Пайшлі, пакажу табе твой пакой.
Гаспадыня завяла яго ў вузкую бакоўку, дзе стаяў ложак з падушкаю, акрытаю карункаваю сурвэткаю, на сцяне вісела палічка з кнігамі, грувасцілася шафа для адзення, акно завешана палатнянаю вышытаю занавескаю, аздобленаю карункамі.
– Вельмі ўтульны пакой, дзякую, пані Ева, – Тадзік пацалаваў руку гаспадыні.
Яна прыгладзіла ягоныя непаслухмяныя хвалістыя валасы і сказала:
– Вазьмі ў шафе бялізну, там усё ад майго сына засталося. Пойдзем у ванны пакой. памыешся ды і адпачнеш з дарогі. А сваё адзенне пакінь, я памыю.
– Што вы, пані Ева, я сам памыю! – запярэчыў госць.
– Не пазбаўляй мяне, Тадзё, гэтага звыклага жаночага занятку. Мне прыемна клапаціцца пра некага, быццам я вяртаюся ў мінулае добрае жыццё, калі ў мяне былі муж, сын і дачка, а цяпер няма нікога. Ты ўявіць сабе не можаш, як гэта страшна перажыць усіх родных і застацца адной…
– Прабачце, я буду слухацца, – паабяцаў Тадзік, адчыняючы шафу.
На момант яму здалося, што ён ужо аднойчы быў тут ці недзе ў такім самым доме, адчыняў шафу, браў бялізну, ішоў мыцца. А мо гэта яму проста прыснілася аднойчы, ды зараз не мог успомніць калі?
65
Да канца лета Варнак адседжваўся на Воўчай выспе, ягоныя казакі выходзілі толькі на дробныя дыверсіі: аднойчы ўзарвалі рэйкі ля паўстанка, спалілі два драўляныя масткі, разы тры падпілоўвалі тэлеграфныя слупы, хадзілі па хутарах здабываць харчы. А ў канцы жніўня атамана зноў нясцерпна пацягнула ў Вялікую Багну: засумаваў па маці, хацелася сустрэцца з братам, таму выправіўся ў дарогу разам з падначаленымі казакамі. Сяргей, які рухаўся побач, паглядваў на камандзіра і таксама ціха радаваўся, што нарэшце пабачыцца са сваімі. Ад сувязной Гэлі даведаўся, што маці два месяцы ляжала ў Брэсце ў бальніцы для псіхічна хворых, а цяпер вярнулася дамоў, быццам бы лячэнне пайшло на карысць.
Казакі ішлі ўслед за Парахнюком па знаёмых сцежках, даўно вывучаных, цягнуліся доўгім ланцужком. Абміналі балоты па лесе, пакуль не пачалі сустракацца хутары, якія злучаліся паміж сабою гацямі ды кладкамі. Хада па балоце патрабуе асцярожнасці, але пры атамане былі ў большасці хлопцы тутэйшыя, якія ведалі гэтую навуку з маленства. Нарэшце выбавіліся на востраў, дзе было поле. Нечы хлопец пераворваў іржышча. Варнак загадаў сваім казакам застацца ў карчах, толькі з Сяргеем пайшоў да селяніна, якога адразу пазнаў па паставе: Нікадзімаў Мірон. Унураны ў працу чалавек не заўважаў іх, таму ад нечаканага воклічу ўздрыгнуў.
– Памагай, Бог, – сказаў Варнак.
Хлопец азірнуўся, падзякаваў.
– Кідай працу, хадзем са мною, пакуль цябе Саветы ў войска не забралі, – прапанаваў Парахнюк.
– Што міру, тое і бабінаму сыну.
– А я цябе зараз мабілізую.
– Дык трэба ж бацьку папярэдзіць.
– Папярэдзь, але ўвечары прыходзь на вячоркі, мы там будзем таксама, далучышся да нас. Калі не прыйдзеш, знайду і заб’ю.
– Добра, добра, – затрос галавою Мірон.
– Глядзі мне!
Варнак вярнуўся ў карчы, сказаў хлопцам:
– Заварочваем у лес, абсталёўваемся, палуднуем і адпачываем да вечара.
Ён зноў рушыў наперад, казакі пацягнуліся за ім. Кожны ведаў загодзь, каму чым заняцца. Як толькі выбралі гожую паляну, кухары падаставалі свае кацялкі і павешалі іх на трыногах, астатнія хлопцы ладзілі буданы, высцілалі лапнікам падлогу. Варнак з аховаю пайшоў агледзець ваколіцы. Пры сабе ён апошнім часам заўсёды трымаў Удода, давяраў яму найбольш мо таму, што не раз упэўніўся ў ягонай вернасці. Два другія казакі-ахоўнікі: высачэнны і шыракаплечы па клічцы Малы і сухапары Муляр, які сапраўды ўмеў ладзіць печы, таксама былі сімпатычныя яму. З ускрайку лесу яны ўбачылі, што проста да іх ідуць дзве жанчыны і хлопец.
– Хто гэта можа быць? – спытаў Варнак у Сяргея, прыглядаючыся да сялян.
– Старэйшая кабета – жонка Ямелькі, старшыні сельсавета, а маладыя, здаецца, Бруснічанчыны дзеці.
– Дык старэйшую нам і трэба, якраз я хацеў з тым Ямелькам разлічыцца. Малы і Муляр, вядзіце іх да мяне.
Ахоўнікі рушылі, хаваючыся ў карчах, да людзей, каб не наполохаць і не даць ім магчымасці разбегчыся. Запынілі, бы статак, і пагналі проста да Варнака.
– Каго гэта вы прывялі? – быццам не пазнаючы, спытаў Варнак.
– Халера іх ведае, – адказаў Малы. – Спытай у іх сам, пан атаман.
– Пазнаю, пазнаю, гэта ж Тэкля Ямелькава! Начальнікава жонка! А хто тут яшчэ? Сапраўды, дзяўчына на Бруснічанку падобная і хлопец – таксама. Такія ж чырвонашчокія, як іх маці, за што і мянушку атрымала. Ну і што мы з імі будзем рабіць? – Варнак павярнуўся да казакоў, тыя прамаўчалі ў адказ.
Тэкля пачала прасіцца:
– Пусціце нас, людцы добрыя, ці мы ў чым вінаватыя?
– Удод, вядзі брата і сястру ў наш стан, а з гэтаю маладзіцаю нам пагутарыць трэба, распытаць, як яны тут кіруюць нашым людам, – загадаў Варнак.
– Пайшлі ўперад, – загадаў Сяргей Бруснічанчыным дзецям.
Яны паслухмяна падаліся ў лес.
– Чаго вы сюды прыперліся? – спытаў ён.
– Ішлі сена зграбаць, – адказаў хлопец.
– А Тэкля чаму з вамі?
– Напрасілася ў арэхі.
"Будуць ёй цяпер арэхі, – падумаў Сяргей. – Калі Варнак што задумаў, дык ад свайго не адступіцца".
І раптам ззаду пачуў немы Тэклін крык.
– Што яны з ёю робяць? – спалохана спытала дзяўчына.
– Вам лепш нічога не чуць, не бачыць і нікому не казаць, – папярэдзіў Сяргей.
– А што з намі будзе? – спытаў Бруснічанчын сын.
– Што грамада вырашыць, – нездаволена адказаў Сяргей, бо і сам не ведаў, што прыдумае Варнак, жорсткі і хуткі на расправу.
Згадаў, як казакі ўзялі летась з суседняй вёскі дзяўчыну, якая быццам супрацоўнічала з чырвонапагоннікамі. Варнак доўга катаваў яе, урэшце, яна прызналася, што супрацоўнічала, мусіць, не вытрывала болю. А пасля яе расстралялі, укінулі ў яму пад вываратняй ды так-сяк загрэблі.
Па лясной сцежцы хутка дайшлі да табара. Сяргей загадаў хлопцу і дзяўчыне сесці і сам прымасціўся на пяньку, чакаючы новага загаду. Варнак прыйшоў з памагатымі гадзіны пра дзве ў добрым настроі: пасмейваліся, пераміргваліся, загадкава перагаворваліся між сабою. Сяргей падышоў да яго і спытаў:
– Што рабіць з братам і сястрою.
– Адпусцім пад вечар, няхай адпачнуць пакуль...
– Можа, я дамоў схаджу, – спытаў Сяргей.
– Вось, мамчын сынок, цыцкі захацеў! – засмяяўся Варнак.
– Маці хворая, трэба адведаць…
– Ідзі ўжо, ідзі, толькі не лезь у вочы людзям, пакуль няхай ніхто не ведае, што мы тут. Увечары вяртайся, ёсць справы.
Сяргей прыхапіў заплечнік, дзе трымаў самыя неабходныя рэчы, і падаўся ў бок вёскі. Ішоў ён размашыста, хацелася хутчэй ступіць на родны парог. Паміж вёскаю і лесам цягнулася балотца, якое паступова пераходзіла ў поплаў, дзе пасвіўся статак. Ён прыкінуў, як яму лепш прайсці па поплаве, каб не сустракацца з пастухамі, хаця на самой справе нясцерпна хацелася пагутарыць з кім-небудзь з вяскоўцаў, распытаць, што ды як тут дзеецца. Поплаў, на якім звычайна вясною стаяла вада, за лета перасох і прывёў Сяргея на палявую дарогу за клунямі, па ёй ён дайшоў да сваёй сядзібы. З хваляваннем націснуў клямку, адчыніў дзверы ў цёмныя сенцы і нарэшце апынуўся ў хаце. Маці сядзела на лаве, перабірала цыбулю ды пляла з яе вянок, убачыла Сяргея, адразу пазнала, пайшла насустрач, заплакала, прамаўляючы:
– Сыночак мой, прыйшоў! А Кастуся нашага няма… Прапаў недзе…
– Не плач, мама. Ён вернецца, вось пабачыш! Не ўяўляю яго мёртвым, – адказаў Сяргей і сэрца яго напоўнілася пяшчотаю і лагодаю.
– Дай Божа, каб твае словы спраўдзіліся… Дзе ты? Як? Што робіш?..
– Там жа я, раблю тое ж самае…
– Не ідзі больш нікуды. Заставайся дома… Як мне тут адной жыць-гараваць?
– Хутка ўжо вярнуся, мне і самому набрыдла гэтае бадзянне. Патрывай яшчэ трохі…
– Ах, сынок, ужо ніякага трывання няма…
– А дзе твая нявестка?
– Пайшла да сваёй маці. Што ёй тут са мною рабіць? Што я?.. Ты ж есці хочаш…
Жанчына замітусілася каля печы, спрытна дастаючы чыгункі. Сяргей сеў на лаву, паглядваў на яе і адчуваў ціхую радасць ад таго, што маці пазнала яго, што хвароба яе адступіла, і цяпер можна будзе хоць пагутарыць з ёю, не тое, што ў мінулы раз, калі яна была зусім не пры памяці.
66
Сяргей з’явіўся ў табар пасля вячэры, калі казакі ўжо атрымалі каманду некуды ісці. Варнак нездаволена зірнуў на яго, але нічога не сказаў.
– Ты, Удод, ледзь не зарабіў на баранкі, – прашаптаў яму Малы. – Цябе камандзір ужо назваў уцекачом.
– Куды мне ўцякаць, хіба на печ да маці?
– Так ён і сказаў, што ты прыгрэўся на матчынай печы…
– Ды пайшоў ты, гундосіш абы-што. Хіба мне нельга родню наведаць?
– Ты не адзін з Вялікай Багны.
– Мая маці хварэла…
– Быццам нашы мацяркі здаровыя.
Казакі ўжо рушылі, а Малы ўсё ішоў побач і нашэптваў на вуха нейкую лухту, з-за чаго хацелася ўрэзаць яму па шырокім карку. Зрабіць гэта было вельмі зручна. Бо Сяргей быў усё ж вышэйшы за яго ледзь не на цэлую галаву.
– Адчапіся, годзе плявузгаць, лепш скажы, куды кіруемся?
– Да нейкага Ямелькі, а пасля мо на вячоркі, хочацца дзевак памацаць…
Сяргей зразумеў, ідуць распраўляцца са старшынёю сельсавета. "Нядобра гэта – біць сваіх людзей. Хто вінаваты, што час падзяліў вяскоўцаў на сваіх і чужых? Нічога не зробіш, Варнаку таксама ёсць каму і за што помсціць. А я мушу падначальвацца, бо няма мне куды падзецца. Адна маці чакае мяне, але ж хіба я магу вярнуцца? Ці мне дазволяць жыць у роднай хаце? Як даведаюцца, дык адразу павалакуць у турму ды падвядуць пад расстрэл. Ці мала ўжо на Украіне пабілі казакоў?!"
Ціхі і цёплы вечар апанаваў зямлю, ні адзін лісток не варушыўся на кустоўі, быццам прырода заснула змораная яшчэ даволі спякотным жнівеньскім днём. На поплаве статка ўжо не было, толькі вісеў у паветры пах сырадою, які панеслі каровы ў свае двары. Кожны казак, бо былі тут адны сялянскія сыны, адчуў гэты знаёмы пах і замаркоціўся па сваім родным жытле, па страчаным спакоі і дабрабыце і мо асабліва востра адчуў, што трэба помсціць тым, хто пазбавіў яго ранейшага звыклага жыцця. Ішлі за клунямі, каб асабліва не трапляць на вочы людзям, нарэшце завярнулі да Ямелькі ў двор. Сталі каля прыадчыненага акна, прыслухаліся. У хаце гарэла газавая лямпа. Гаспадар і чацвёра дзяцей сядзелі за сталом, елі бульбу з агульнай міскі, запіваючы яе малаком з кубкаў. Старэйшая дзяўчынка, сноўдаючыся ля печы, занепакоена спытала:
– Тата, дзе наша мама падзелася? Казала пайду па арэхі з Алёшкам і Паўлінкаю…
– Мо заблудзіліся дзе? Пачакаем яшчэ трохі і пойдзем шукаць, калі не з’явяцца, – адкаўзаў Ямелька.
– Я зараз вам раскажу, куды падзелася маці! Малы і Муляр за мною, – крыкнуў Варнак у адчыненае акно і рушыў у хату.
Сяргей глядзеў праз шыбу і ўбачыў, як упаў галавою на стол гаспадар, кроў залівала настольнік. Звалілася каля печы старэйшая дзяўчынка. Сяргея занудзіла ад выгляду крыві, ён рэзка адвярнуўся ад акна. Пачулася яшчэ некалькі стрэлаў, а пасля ўсё сціхла. Тужлівы неспакой авалодаў Сяргеевай душой. Адна справа, калі ты забіваеш ворага, якога ніколі не ведаў, ніякіх пачуццяў да яго не адчуваеш, а зусім іншая, калі па тваёй прыхамаці паміраюць знаёмыя табе людзі, аднавяскоўцы, дзеці… Унутраны пратэст выспяваў у ягонай душы, ён не ведаў, як сказаць пра гэта Варнаку. Ды ці мае права ён пярэчыць, калі кіраўніцтва паўстанцкага войска лічыць, што трэба забіваць прадстаўнікоў савецкай улады, хто б яны ні былі, нават калі яны твае брат або сват. І колькі можна знішчаць? Ён стаміўся, не жадаў больш ваяваць ні з кім, хацеў спакою і вольнага звычайнага жыцця. Думкі ягоныя біліся, як муха аб шкло, не знаходзячы выйсця. Схавацца б ад усяго свету, ад людзей, ад сяброў і ворагаў! І больш нічога ў жыцці не трэба. Кавалак бы зямлі дзе-небудзь на хутары сярод балота і лесу, коніка рахманага, сам сабе здабываў бы хлеб і жыў бы ў радасці ад кожнай хвіліны самай цяжкай працы, ад поту, які залівае вочы. А каб яшчэ ў хаце пасялілася маладзіца ды нарадзіла колькі дзяцей, дык большага шчасця ён і не жадаў бы, толькі ўсе гэтыя мары заставаліся недасяжнымі.
– Удод, ты заснуў там ці што? – паклікаў яго Варнак.
Сяргей спахапіўся, азваўся ў адказ:
– Пакуль не…
– Куды цяпер? – спытаў Малы.
– На базу, – адказаў Варнак.
– Ты ж абяцаў, што пойдзем на вячоркі.
– Ты загад зразумеў, ці табе тлумачэнні патрэбныя?
Сяргей адзначыў: "Злосны Варнак, як сабака, мабыць, не атрымаў задавальнення ад гэтай расправы. Няўжо ўсіх дзяцей пастраляў? Як не напускай на сябе абыякавасць, а сумленне ўсё ж варушыцца, даймае, хіба трэба быць зверам без памяці і жалю, каб не разумець, што чыніш зло. Пайду ад іх, збягу, каб не бачыць гэтага жаху і самому не мець дачынення да бессэнсоўных забойстваў".
Варнак раптам павярнуўся да Сяргея і спытаў:
– Як я заўважыў, ты, Удод пачаў па завуголлю ацірацца, ад справы ўхіляцца. Ці не прызначыць цябе ў расстрэльную каманду?
Сяргей нічога не адказаў, а толькі падумаў, што Варнак хоча і яго запэцкаць па вушы крывёю ахвяр.
– Можа, усё ж хоць на гадзінку завернем да дзяўчат на хутар? – спытаў Малы.
– Дазваляю зайсці на хутар да Ахрэма, ён свой чалавек, – адказаў камандзір. – Там паясце, а пасля без затрымкі – усе на Воўчую выспу. Муляр, будзеш замяшчаць мяне, пакуль я адлучуся па справах.
– Куды ты, атаман? Заўтра пачнуцца аблавы, – папярэдзіў Муляр.
– Трэба сустрэцца з кіраўніцтвам. Прабуду там некалькі дзён. Без мяне ціха адседжвайцеся, нікуды не хадзіце. Запасаў ежы ў нас дастаткова. А мяса ў лесе сабе настраляеце. Не захапляйцеся вельмі паляваннем, не ўчыняйце стральбу, як на фронце. Усё, пакуль, бывайце.
Казакі рушылі, а Варнак застаўся стаяць на месцы, быццам раздумваючы, куды яму пайсці. Калі Сяргей азірнуўся, дык у цемры нічога не ўбачыў, толькі падумаў, што ў атамана, мусіць, ёсць свае таямніцы, якія ён хавае ад падначаленых.
67
Варнаку карцела дазнацца, як паставяцца аднавяскоўцы да смерці Ямелькі. Быў перакананы, што нікому не дасападобы савецкая ўлада з яе падаткамі і заклікамі ўступаць у калгас. Таму і падаўся назад у Вялікую Багну, прыйшоў поначы ў сваю клуню, якая не замыкалася, зашыўся ў сена і заснуў спакойна і моцна з думкаю, што больш Ямелька не будзе есці матчыну яечню, наеўся свінцу раз і назаўсёды. Яго пабудзіла, маці.
– Чаго ты тут, сынку? Чаму ў хату не ідзеш?
– Позна прыйшоў, не хацеў будзіць.
Голас у маці быў нязвыкла нізкі, быццам ёй спазмы сціскалі горла, яна спытала:
– Гэта твая работа, Лёня?
– Ты пра што?
– Пра Ямельку…
– Мая! А што? Больш не будзе гаспадарыць у нашай хаце…
– А тая дзяўчынка пяцігадовая, што ў кросны схавалася ад вас таксама вам нашкодзіла? Навошта знішчылі дзіцятка нявіннае…
– Ворагаў трэба знішчаць пад корань.
– Заўтра на месца Ямелькі паставяць якого Івана ці Сцяпана, а ты зноў прыйдзеш вынішчаць яго разам з малымі дзецьмі? Які грэх нялюдскі!
– Маці, як ты не разумееш, яны нашы ворагі! Ты іх шкадуеш! А чаму яны не пашкадавалі маю жонку і дачку, а выслалі іх невядома куды, што і слядоў не знойдзеш.
– Яны выслалі – іхні грэх. Ты забіў – твой грэх! Як мне цяпер людзям у вочы глядзець? Мой сын – кат, забойца!
Матчын голас загучаў звонка, з металічнымі ноткамі. Ніколі раней не бачыў яе такой Варнак. Да сваіх дзяцей яна раней заўсёды ставілася лагодна. Старэйшанькім Лёнем наогул ганарылася, бо і разумны ўдаўся, і ажаніўся добра, і на гармоніку гожа граў. Ці ён сам мог ведаць раней, што апусціцца да такога жыцця, калі нават родная маці будзе яго асуджаць.
– Я – найперш салдат. Для мяне вайна не скончылася. Я выконваю заданні майго камандавання.
– У вёску наехала поўна міліцыі і салдатаў. Зараз я прынясу табе есці і выбірайся адсюль асцярожна.
– Не трэба мне нічога.
Варнак устаў, абтрос з сябе сена, пайшоў да дзвярэй.
– Не забівай дзяцей, Лёня! Гэты грэх ніхто не даруе: ні Бог, ні людзі, – ціха сказала маці. – Іх жа для нечага паслалі на гэты свет…
– Годзе табе! – агрызнуўся сын, выйшаў з клуні і знік за рогам.
Ён быў злосны на ўвесь свет. Калі родная маці не разумее і не спачувае, дык на каго яму спадзявацца? Сцежкаю адразу павярнуў да балота, ведаў, калі ёсць засада, дык найхутчэй у лесе. Абыякавасць апанавала ягоную душу, зараз ён нават не думаў, што яго могуць злавіць ці забіць. Проста ішоў знаёмаю кладкаю самым найкарацейшым шляхам і думаў, што толькі адна жанчына заўсёды спагадала яму, адчувала, папярэджвала ўсялякае ягонае жаданне. Нават жонка не была такою блізкаю, якою стала Аксана за гады змагання. Не адразу даверылася яму, аднак пасля раскрылася душою, нібы кветка пад сонцам. Бязмерна радавалася кожнай сустрэчы. Не раз казала, што ў яе ўсяго і радні, што ён: бацькі паўміралі, браты палеглі ў змаганні. Менавіта да яе кіраваўся Варнак самым кароткім шляхам ад хутара да хутара. Нікога, акрамя балотных птушак, не сустракаў на сваім шляху, людзей знарок абыходзіў, толькі на адным хутары дазволіў сабе папрасіць есці, каб не ісці да Аксаны галодным. Апоўначы асцярожна пастукаў у яе акно.
– Хто там? – азвалася яна.
Ён пачуў родны голас і душа, закарэлая крыўдаю на маці, раптам адтала.
– Свой, – адказаў ён.
Праз хвіліну яна адчыніла дзверы і замерла ў ягоных абдымках, з жарсцю цалуючы вусны, твар, вочы.
– Як жа я засумавала па табе! Думала, што зусім ты мяне пакінуў.
– Што ты, Аксаначка! Ні на хвілінку не забываў пра цябе.
– Заходзь, заходзь хутчэй.
Яна ўпусціла яго ў хату, зашчабятала:
– Зараз, зараз пакармлю майго саколіка.
– Не трэба, Аксанка, ежы. Сыты… Да цябе ішоў… Пабачыцца, ачах душою…
– Ах ты, мой родны, – зноў яна прыпала да яго і ўжо не адыходзіла ні на хвіліну, пакуль памагала памыцца, памяняць бялізну, а потым кахала так палка, што стамілася сама і стаміла яго да забыцця, да сну, які знянацку апаноўвае змораных людзей. Толькі пасля, калі прачнуліся, сказала яму:
– Своечасова ты прыйшоў. Атрымала новае распараджэнне з Цэнтра. Давядзецца нам разлучыцца надоўга, выпала табе дальняя дарога.
– Чаму? Куды ісці?
– У Польшчу.
– А хто павядзе праз мяжу?
– Пойдзеш сам. Хочаш, я пайду з табою?
– Нельга, Аксанка, табе гэтак рызыкаваць. Пераход мяжы – справа складаная. Трэба вывучыць сітуацыю, выбраць найбольш бяспечную мясціну, пасля адважыцца на пераход. Гэта ж не адна, а дзве кантрольна-следавыя паласы, савецкія і польскія памежнікі.
– Разумею…
– Каб якая падтрымка з боку Польшчы, – выказаў ён пажаданне. – Праваднік ці што?
– Пакуль ніхто нічога не абяцаў.
– Няхай сабе, абмазгуем гэтую справу пазней. Скажы, для чаго нам туды ісці?
– Зараз ідзе абмен жыхарамі. Палякі вяртаюцца з Савецкага Саюза ў Польшчу, украінцаў выціскаюць сюды. Трэба, па-першае, абараніць нашых людзей ад польскіх драпежнікаў, якім заўсёды мала зямлі, а па-другое, заварочваць тых, якія ўсё ж адважыліся ехаць да Саветаў.
– Цяжкая задача. Колькі нас тут? Што мы можам зрабіць, калі Польшча мае сваё войска, паліцыю і ўсё, што трэба дзяржаве.
– Ах, Лёня, каб ад мяне залежала, я цябе ні на крок ад сябе не адпусціла б, – абняла яго Аксана.
– Не бядуй, вярнуся да цябе, каб жыць і памерці разам.
– Кажуць, ты быў жанаты? – спытала яна насцярожана.
– Быў, але маю сям’ю выслалі яшчэ ў саракавым годзе. Ці выжылі яны там, і хто іх адпусціць?..
– Ты кахаў сваю жонку?
– Кахаў, але тое каханне было скараспелае і маладое. Здаецца, толькі зараз я даспеў, каб быць мужам і бацькам…
– Як бы я хацела, Лёнік, нарадзіць табе сыночка, як дзве кроплі падобнага на цябе. Якое гэта недасяжнае шчасце! Нашаму змаганню няма канца. Ды і загінуць можам у кожны момант – вось што сумна. Смерць, здаецца, увесь час стаіць ля майго парога. Няма мне спакою і ўпэўненасці ні ў чым і нідзе...
– Нічога не бойся, Аксана, – і ніхто цябе не кране. Я зараз ішоў напрасткі праз балоты, не думаў ні пра аблавы, ні пра засады, хоць ведаў: недзе яны ўжо побач, чакаюць мяне. І бачыш, дайшоў, ніхто мяне не запыніў.
– Гэта маё каханне ахоўвала цябе, вяло і клікала. Няхай так будзе заўсёды, – зноў Аксана прыпала да яго і доўга не выпускала з моцных абдымкаў.
Ён апантана адказваў на яе любасць. Калі ж яна супакоілася і зморана адкінулася на падушку, ён спытаў:
– У які тэрмін нам трэба пераправіцца ў Польшчу?
– Сказалі, да першага снегу.
– Часу яшчэ дастаткова.
– Галоўнае, што ты зараз прыйшоў да мяне. Мне здаецца, што чытаеш мае думкі, – засмяялася яна.
– Вельмі кахаю цябе і ўвесь час шукаю нагоды, каб пабачыцца.
– Ты мой, мой, нікому цябе не аддам, – Аксана шчасліва ўсміхнулася. – Колькі ты ў мяне прабудзеш?
– Бадай, дні на тры магу затрымацца.
– Тры дні шчасця! Есці хочаш?
– Нічога не хачу, акрамя цябе, – прашаптаў ён, тулячы да сябе яе разгарачанае цела.
68
Думаў Варнак прабыць у Аксаны тры дні, а затрымаўся на тыдзень, не мог адарвацца ад любай жанчыны. Вельмі ж палкая і ласкавая была. Яны страціў лік гадзінам і дням. Нават пасцель не засцілалі, цешылі, мілаваліся, зрэдзь калі згадвалі пра ежу, тады Аксана нешта рыхтавала на хуткую руку, і зноў не выпускала любага з абдымкаў.
На світанку выправіўся ён да сваіх казакоў, хоць і спяшаў, ды дайшоў да Воўчай выспы толькі апоўначы. Ля раздвоенай бярозы ў густым кустоўі павінен быў спыніць яго вартавы, але там нікога не аказалася. "Няўжо заснуў, падла!" – злосна падумаў Варнак, агледзеў карчы, але нікога не знайшоў. Гэтая акалічнасць насцярожыла яго. Ён затаіўся, прыслухаўся. Ад базы пацягнула цыгарэтным дымком, потым пачулася прыглушаная гаворка, яна набліжалася, гаварылі па-руску. Адзін другому субяседнікі скардзіліся на камароў і на балота. "Чырвонапагоннікі!.. Маіх хлопцаў тут няма. Дзе яны, што з імі здарылася? Трэба ісці на Мікітаў хутар, напэўна, стары нешта ведае", – думкі замітусіліся ў галаве. Ён пачакаў, пакуль два салдаты пройдуць міма, асцярожна выпаўз з карчоў і падаўся ў бок другой базы, якую ён абачліва падрыхтаваў на Куліковых астравах. Ад Воўчай выспы праз балота казакі праклалалі таемную гаць, пра якую мала хто ведаў. Якім чынам чырвонапагоннікі маглі трапіць сюды, заставалася для Варнака загадкаю. Ён выламаў тычку з чахлай бярэзінкі і па калена ў мулі асцярожна дыбаў па гаці. Яму ўдалося прайсці і ні разу не ўваліцца ў багну, якая магла паглынуць яго гэтаю начною парою і нават следу не пакінуць. На світанку выйшаў да Мікітавага хутара. Стары, які жыў адзін, ужо сноўдаўся на двары.
– Добрага здароўя, дзеду! – голасна павітаўся Варнак, ведаючы, што Мікіта недачувае.
Стары павярнуўся на вокліч, кіўнуў галавою, падаўся насустрач нечаканаму госцю, падаў руку.
– Што чуваць, дзеду? – спытаў Варнак.
– Глухому нічога не чуваць, – пасміхнуўся бяззубым ротам гаспадар, агаліў голыя дзясны, як у малога дзіцяці.
– Ці не бачыў маіх хлопцаў?
– Бачыў, як ішлі на балота, а пасля за імі чырвоныя пасунуліся. Шмат іх там было…
– І што?
– Адкуль жа мне ведаць? Больш нікога не бачыў…
– Зразумела… Дай што паесці…
– Заходзь у хату.
Мікіта першы ўвайшоў у сенцы, дзверы пакінуў адчыненыя, каб не шукаць клямку ў цемры. Пакой ягонай прасторнай хаты быў абстаўлены па-сялянску проста: печ, запечак, лавы ўдоўж сцен, у чырвоным куце віселі тры іконы, ухутаныя вышыванымі рушнікамі, стаяў стол, не акрыты настольнікам, пры ім – доўгі ўслон. Пахла грыбамі, малаком, яблыкамі, зёлкамі. Пакуль Варнак удыхаў знаёмыя пахі і азіраў хату, стары паспеў схадзіць у камору, прынёс вялікі бохан хлеба і сказаў:
– Дачка прыходзіць раз на тыдзень, пячэ хлеб, тое-сёе гатуе. Дрэнна без жонкі. Мая надта добрая была, сэрца баліць, што заўчасна адышла на той свет. Сядай, дзе табе зручна.
– Дзякую, дзеду, пажадана, каб мяне ніхто тут не бачыў.
– Зразумела, папярэджу, калі што…
Стары паклаў у вялікую міску твораг, заліў малаком, укроіў некалькі лустаў хлеба, сказаў:
– Спажывай на здароўе, а я пайду сваю ўпраўляць. Можа, хочаш адпачыць, дык кладзіся на запечак.
– Трэба было б, амаль суткі на нагах…
Стары выйшаў, а Варнак узяў лыжку і пачаў паспешліва есці. Толькі зараз ён па-сапраўднаму адчуў голад. Так з ім здаралася не раз. Калі не было ніякае ежы, ён пра яе не думаў, абыходзіўся вадою, а потым, калі ўдавалася паесці, набіваў паўнюткае чэрава. Міску апаражніў – голад не наталіў, але прасіць яшчэ нешта ў старога не стаў, вырашыў, што ў абед дабярэ рэшту, якой не хапіла да поўнай сытасці. Пайшоў да запечка, зняў брудныя боты, агледзеў нагавіцы, запэцканыя тванню, але зараз не было жадання варушыцца і мыць іх, ад бяссоння ажно гуло ў галаве. Распрануўся, з насалодаю разлёгся на запечку, успомніў Аксану і ў тую ж хвіліну заснуў. Абудзіўся толькі пад вечар, калі гаспадар пачаў бразкаць каля печы чыгунамі, спытаў:
– Мо якія навіны ёсць?
– Навіны толькі ў курэй, яны штодня яйкі нясуць і кудахкаюць пра гэта. А для мяне быццам час спыніўся, – адказаў стары.
– Ніякіх навін лепш, чым дрэнныя весткі. Мне трэба ісці.
– Павячэрай са мною. Я салонічкаў наварыў.
– Гэта можна. Калі яшчэ давядзецца?
– Сядай, хлопча, да стала. Зараз падсмажу яечню з салам ды павячэраем па-людску. Сам цэлы дзень хаджу, пра ежу ані згадкі, не хочацца, абсыхаю, да смерці рыхтуюся. Якога малака кубак вып’ю раніцай, на гэтым і ўсё. Толькі павячэраю ўжо ўсмак.
– Няўжо табе, дзеду, паміраць не страшна?
– Часам страшна, а як дапячэ якая хвароба, калі ў хаце адзін, дык думаю: хутчэй бы да жонкі. На тым свеце жыццё лепшае, кожны мае тое, што жадае.
– А што ты жадаеш, дзеду, для сябе?
– Каб было, як у маладосці: папрацаваць ды павесяліцца, самому стаць маладым ды здаровым, жонку зноў кахаць. Ты думаеш, што я заўсёды быў такі гарбаты і зморшчаны? Былі і мы маладыя ды прыгожыя, яшчэ якія… Калі вянчаліся, чуў: маладзіцы між сабою казалі, што прыгажэйшых маладых не бачылі.
Стары паставіў на стол чыгунок з варанаю бульбаю і патэльню з яечняю, усё пахла гэтак смачна, што Варнак ажно сліну праглынуў у прадчуванні добрай вячэры. Мікіту пацягнула на размовы і ён не еў, а ўсё згадваў, як будаваўся ды абжываўся гаспадаркаю. Госць еў і не слухаў, ягоныя думкі сягалі туды, дзе яму належала сёння ноччу быць. Пасля вячэры ён падзякаваў старому і рушыў у дарогу. Прыхапіўшы надзейную тычку, якую яму выдзяліў гаспадар. Пайшоў па коўзкіх кладках ды грэбельках, але хадок ён быў спрактыкаваны, умеў трымаць раўнавагу, таму ні разу не ўваліўся ў твань, чым быў вельмі задаволены. На Кулікоў востраў прыйшоў глыбокай ноччу, у пэўным месцы яго спыніў вартавы:
– Хто тут?
Варнак пазнаў па голасе Малога, азваўся:
– Свой.
– Пан атаман, нарэшце! Мы не ведалі, што думаць! Думалі, ты ў засаду трапіў, – узрадавана ўскрыкнуў казак.
– У мяне ўсё добра, а з вамі, што здарылася?
– Акружылі нас ноччу. Хто ж думаў, што яны знойдуць дарогу?
– І што ў выніку?
– Выйшла шэсць чалавек. Астатнія невядома дзе. Безумоўна, нехта загінуў, магчыма, нехта трапіў у палон. Мы хадзілі на разведку, там яны пакінулі засаду.
Малы пачаў пералічваць, хто прыйшоў на Кулікоў востраў пасля таго, як на іх напалі чырвонапагоннікі. Варнак выслухаў, спытаў:
– Дзе Муляр?
– Бачыў, што ён упаў, сперазала яго аўтаматная чарга. Ён бег перада мною.
– Дзе Удод?
– Не бачыў яго, ён спаў у іншым будане.
– Хто мог трапіць у палон?
– Не ведаю…
Варнак накіраваўся ў штабную зямлянку. Думаючы з дакукаю, што зноў давядзецца шукаць людзей, вучыць іх вайсковай справе і толькі пасля таго паспрабаваць выканаць заданне Цэнтра – пераправіцца ў Польшчу і заняцца перасяленцамі. З гэтай базы таксама давядзецца сыходзіць. Калі нехта з казакоў трапіў у палон, можа не вытрымаць катаванняў, раскажа пра дадатковую базу. Наперадзе восень і зіма, трэба падрыхтавацца да халадоў, знайсці новае ціхае месца, пабудаваць зямлянкі і сховішчы, запасціся ежаю, пакуль Саветы ў сялян не забралі зерне ды бульбу. Становішча складвалася непрыемнае, але з яго можна было, хоць і турботна, ды ўсё ж знайсці выйсце. Ён паглядзеў у цёмнае неба з бухматымі зоркамі. У гэты час сарвалася знічка. Заварожаны, нават не паспеў загадаць жаданне і пашкадаваў. А яму так хацелася выпрасіць сабе і Аксане доўгае і шчаслівае жыццё. Увайшоў у зямлянку. Да раніцы яшчэ было далекавата, можна было паспаць, але як ні ўкладваўся, так і не здолеў заснуць. Прыкідваў, дзе можна заснаваць новую базу, у якую вёску пайсці па навабранцам, а ў якую па харчы. Згадваў Аксану. Яе ўсмешлівы твар час ад часу выплываў у памяці, замінаў думаць, прымаць нейкія рашэнні. Хацелася толькі марыць пра сустрэчу з ёю, каб больш ніколі не разлучацца. Ён вырашыў для сябе, калі ўдала вернецца з Польшчы, возьме яе да сябе. А там, што будзе, тое будзе. Калі жыць, дык у любасці, калі паміраць, дык разам. Ён памятаў, што некалі вельмі кахаў жонку і цяпер яна яму неабыякавая, але аддзеленая непераадольнай сцяной разлукі. Выходзіла, што цяпер ён аднолькава кахаў адразу дзвюх жанчын і сам дзівіўся гэтай праяве.
69
За сталом насупраць Удода сядзелі два следчыя і распытвалі яго пра атрад Варнака і самога атамана. Ён расказваў, нічога не тоячы, не бачыў у гэтым сэнсу, тым больш, што яго папярэдзілі: за праўдзівыя звесткі арыштанта чакае нейкая палёгка ў час суда. Слова "суд" яго палохала, бо разумеў, як бы добра ні ставіліся да яго следчыя, суддзямі будуць іншыя людзі, якім ён можа не спадабацца як чалавек, ці ім захочацца паказаць сваю ўладу. А ў такім разе чакай расстрэлу. Пра сябе ён таксама выклаў чыстую праўду, было падобна на тое, што яму верылі, да таго ж усё, сказанае ім, лёгка было праверыць у вяскоўцаў з Вялікай Багны. Калі нехта з казакоў, акрамя яго, таксама трапіў у палон, дык і яны маглі пацвердзіць ягоныя словы, безумоўна, калі не хлусілі самі. Якім чынам чырвонапагоннікі заспелі нечакана казакоў у табары, Сяргей ніяк не мог сцяміць. Ён якраз змяніўся з варты, лёг у будане і заснуў, як забіты. Прачнуўся ад таго, што нехта валачэ яго за ногі, пачуў лаянку па-руску і адразу ўсё зразумеў: аблава. Прагучала некалькі адзінкавых стрэлаў і ўсё заціхла. Напад быў нечаканы, тым больш здзіўляла, як чырвоныя маглі ноччу трапіць на тэрыторыю табара? А пасля здагадаўся, што Птах, які пайшоў здавацца, мог паказаць ім дарогу. Тое, што Сяргей не хітраваў, не выкручваўся, мусіць, падкупіла следчых. Стукала машынка, адзін з іх, ганарысты, з ранняю лысінаю на макаўцы, пісаў пратакол допыту, другі з уважлівымі вачамі настаўніка, рыжаваты, кучаравы, па-добраму ўзіраўся ў твар маладога хлопца і, здавалася, шкадаваў яго.
– Скажы, Клімчук, якія адносіны ў цябе былі з Варнаком, – спытаў ён.
– Звычайныя: як у атамана з падначаленым. Ставіўся ён да мяне добра.
– А што ты думаеш пра яго?
– Што думаю… Усе мы стаміліся ад ляснога жыцця. Думаю, што і Варнаку надакучыла бадзяцца па свеце, таму ён апошнім часам быў такі жорсткі, зганяў злосць на людзях, якія мелі дачыненне да савецкай улады. Некалі ў вёсцы ён быў адметным хлопцам, выдатна граў на гармоніку, людзі яго паважалі, дзяўчаты спрэс былі ў яго закаханыя. Выбраў дачку бацькі багатага, прыгожую ды разумную, ажаніўся, дзіця прычакаў. Але і тут не пашанцавала. У трыццаць дзявятым ўзялі яго ў Польскае войска, як рэзервіста. Восенню пачалася вайна, ён трапіў у палон да немцаў. У саракавым вывезлі ягоную жонку, дачку і цесця невядома куды. Уцёк ён з палону, прыйшоў дахаты, а тут сям’і няма. Немцы могуць расстраляць як былога ваеннапалоннага, партызаны – як былога польскага служаку. Куды было яму дзявацца? Вось і пайшоў ва Украінскае паўстанцкае войска.
– Ты спачуваеш яму?
– Разумею, што выйсця іншага не было ні ў мяне, ні ў яго, – задуменна сказаў Сяргей, не жадаючы нашкодзіць сваёй балбатнёй атаману.
– Аднак ты сказаў, што Варнак апошнім часам стаў вельмі агрэсіўны, небяспечны, дык, на нашу думку, яго варта нейтралізаваць.
– Якім чынам?
– Забіць. Яму ўсё роўна свеціць вышэйшая мера за здзейсненыя злачынствы. Ты мог бы забіць Варнака?
– Не ведаю… Якое я маю права?..
– Зразумей, Клімчук, вайна скончылася, краіне трэба вяртацца да мірнага жыцця, а такія, як Варнак, працягваюць забіваць людзей, бязлітасна вынішчаюць цэлыя сем’і! Яго трэба спыніць, інакш гэтым бедам не будзе канца. Савецкая ўлада ўпаўнаважвае цябе на такі ўчынак. Калі ты здзейсніш яго, дык атрымаеш дараванне. Цябе судзіць не будуць, бо ты аўтаматычна становішся нашым агентам.
Апошнія словы вельмі ўразілі Сяргея. Ён не жадаў нікому служыць і станавіцца нечым агентам, тым больш не жадаў рабіцца катам і некага забіваць па загадзе. Атрымлівалася, што ён трапіў у нейкі страшны лабірынт, адкуль нельга выйсці жывым, каб не стаць здраднікам або забойцам.
– У цябе ёсць зброя?
– Няма, вінтоўка засталася ў будане.
– Ты атрымаеш волю, пісталет, патроны, адпаведныя дакументы, якія забяспечаць табе магчымасць перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі і Украіны ў пошуках Варнака. Згодзен?
Сяргей адказаў не адразу. З той фразы, якую прамовіў следчы, яго найбольш прывабіла адно слова – "воля". Яно білася ў скроні, паскорана тахкала ў сэрцы, запалоніла думкі. "Каб зноў атрымаць волю! Дарма ён спадзяваўся, што яму дазволяць жыць, як ён пажадае. Яго прымушаюць слугаваць, выконваць сабачую службу. Няма праўды нідзе. Абяцаюць адно, а робяць процілеглае. Што ж, калі яны так бессаромна парушаюць абяцанні, дык і я магу парушыць сваё, калі атрымаю жаданую волю", – падумаў арыштант.
– Дык як, Клімчук? Чаго задумаўся? – спытаў следчы.
– Забіць Варнака – гэта ж не зайца ўпаляваць… Яго яшчэ трэба адшукаць. Дзе ён зараз можа быць? Калі вы старую базу парушылі, дык ён туды не вернецца.
– У цябе будзе дастаткова часу, каб па ранейшых сувязях адшукаць яго. Мы не будзем ні сачыць за табою, ні прыспешваць. Але запомні, калі здрадзіш абяцанаму слову, дык не будзе табе даравання, "вышка" забяспечана.
– Я ўсё зразумеў і гатовы выканаць ваша патрабаванне, – паспешліва адказаў Сяргей, быццам баючыся, што язык прамовіць нешта процілеглае.
– Выдатна, – усміхнуўся кучаравы следчы і яшчэ раз паўтарыў: – выдатна! Мы цябе выпусцім сёння ж, пачакаеш толькі, пакуль табе выпішуць дакументы і падрыхтуюць зброю. Мы нават пакідаем табе старую клічку, ты ў нас таксама будзеш Удодам. Бачыў я аднойчы гэтую птушку, прыгожая і вялікая.
– Прачытай і падпішы пратакол допыту, – сказаў арыштанту лысаваты следчы, што сядзеў за машынкай.
Сяргей прабег вачамі напісанае, але асабліва не засяроджваўся на тэксце, які цяпер не меў ніякае вагі, калі яго выпускаюць, пачнецца інакшае жыццё. Як толькі ён падпісаў пратакол, адразу па яго прыйшоў канваір і павёў па калідоры ў службовае памяшканне. Два следчыя засталіся ў кабінеце, пераглянуліся.
– Ты, думаеш, што яму можна верыць? – спытаў лысаваты.
– Ён і сам цяпер не ведае, ці праўду сказаў. У людзей так: сёння адзін настрой, заўтра – іншы, – адказаў рыжы.
– Ці маем мы права рызыкаваць?
– Можа, і не маем, але ж выкарыстаць магчымасць абысціся малою крывёю павінны. Інакш гэты галаварэз Варнак яшчэ чорт ведае што ўчыніць. Гэта на фронце, Антон, нам было ўсё зразумела: тут – нашы, па той бок – фашысты. А тут паспрабуй разбярыся, хто на чыім баку.
– Ты як хочаш, а я не веру гэтаму Удоду і на вось столькі, – лысаваты паказаў кончык пальца.
– Супакойся, Антоша, ён ад нас далёка не ўцячэ. Калі падмануў, усё роўна зловім разам з Варнаком.
– Набрыдла мне лавіць гэтую погань.
– Тады трэба вяртацца да былой прафесіі. Ты кім быў да вайны?
– Нікім, памагаў бацьку па гаспадарцы. Вайна з мяне чалавека зрабіла.
– Шкада, што ў цябе так няўдала атрымалася. А я да вайны настаўнікам працаваў, вучні мяне любілі. Сам на працу, як на свята хадзіў, у школе сваю Марусю сустрэў. Яна піянерважатаю была. Як убачыў яе першы раз, дык спакой страціў, пакуль не ажаніўся.
– І не памыліўся ў выбары?
– Ты б пакаштаваў яе пірагоў, дык не ставіў бы пад сумненне мой выбар.
– Калі пірагі пячэ, дык, безумоўна, цаны ёй няма, – пагадзіўся Антон. – Мая маці таксама ўмела кухарыць. Нідзе не еў смачнейшых баршчоў, чым яе… Падпішы, Сярожа, пратакол. Паперы трэба захоўваць у парадку.
Рыжаваты напісаў свой чын і прозвішча: капітан Новікаў і распісаўся. Лысаваты таксама паставіў свой подпіс насупраць радка, дзе было пазначана: лейтэнант Скавышоў і сказаў:
– Адчувае мая душа, давядзецца пабегаць нам за гэтым Удодам.
– Нічога, мы зрабілі добрую справу, далі магчымасць хлопцу выратаваць уласнае жыццё, калі не захоча, няхай пяняе на сябе. Шкада мне яго, цёзка мой усё ж такі, таксама Сяргей.
– Дзіўнае супадзенне!
– Як мы іх на Воўчай выспе цёпленькімі ўзялі! Га?! Цуд!
– Выдатна атрымалася! Шыкоўна! Галоўнае, у нас ніякіх страт, адзін Пахомаў лёгка паранены і той вось-вось з бальніцы выпішацца. А бандытаў вунь колькі палегла!
– Хацелася б, каб і далей у нас гэтак жа добра справы ішлі, але ж у лесе шмат яшчэ паскуднай набрыдзі: дызерціры, украінскія і польскія нацыяналісты, проста крымінальнікі. Каб ачысціць краіну, мо не адзін год спатрэбіцца.
– Не давядзецца табе, капітан, настаўнічаць, не адпусцяць.
– Часам шкадую, што не магу вярнуцца ў школу. Нават на гэтага Удода глядзеў, як на неразумнага вучня, якога трэба вучыць розуму.
– Я заўважыў, што ты занадта добры. Хоць ён усё расказваў, мне так і хацелася даць яму па шыі проста за тое, што ён не такі, як мы.
– Ведаеш, Антоша, я перакананы, што дзяцей і людзей, наогул, біць нельга. Ад гэтага яны лепшыя не робяцца, а наадварот набіраюцца злосцю і прагаю помсты. Жывёлу таксама нельга біць – пры нагодзе можа адпомсціць.
– Ну, ты скажаш! Жывёла адпомсціць!
– Твой бацька каня меў? – спытаў Новікаў.
– Не, мы з наймітаў, з самых беднякоў, – з гонарам адказаў Скавышоў.
– Яно і бачна. У нашым сяле быў адзін гняўлівы чалавек, лупіў свайго каня без жалю, дык той аднойчы прыладзіўся і даў яму капытом проста ў зубы. А ты кажаш…
– Дурніцу з галавы толькі кулаком можна выбіць, што я звычайна і раблю.
– Кулак пасля не баліць?
– Іншы раз пабольвае.
– Беражы здароўе, лейтэнант Скавышоў. Яго ні за якія грошы не купіш. А калі ўлічыць, што пры гэтым і сумленне можа захварэць, тады – капец…ъ
70
Сяргей увайшоў у хату, прывітаўся. Насустрач яму кінулася маці, абняла, прашаптала:
– Сыночак, Кастусь вярнуўся.
Хлопец запытальна зірнуў на нявестку, маўляў, ці не захварэла зноў маці?
– Так, так, Кастусь вярнуўся. Нешта там пераблыталі з паперамі, яго падабралі санітары іншай вайсковай часці, ляжаў у шпіталі амаль паўгода, – пацвердзіла нявестка.
– Добрая навіна! А дзе ж ён?
– У Пракапея, той паклікаў нешта яму трэба памагчы…
– Я таксама вярнуўся. Толькі мне трэба схавацца.
– Божачкі, дык цябе ж будуць лавіць, – спалохана сказала маці.
– Трохі часу ёсць, – спакойна адказаў Сяргей.
– Як жа ты будзеш?
– Дзе-небудзь буду, такая мая доля – у лесе ды на балоце жыць…
– Дык можа ідзі на хутар да дзядзькі Хведара, не чужы ж ён табе чалавек.
– Добра, схаджу…
– Да маёй сястры Куліны наведайся…
– Добра, мама, пажывём – пабачым. Пайду з Кастусём павітаюся.
– Мо не трэба, каб цябе бачылі людзі?
– Няхай бачаць, мне не зашкодзіць.
Сяргей выйшаў з хаты, агледзеўся, раздумваючы, дзе схаваць пісталет, які яму выдалі чырвоныя для забойства Варнака. На плоце сушыўся трапкач, зняў яго, пайшоў за хлеў, загарнуў пісталет і закапаў на самым рагу і толькі пасля гэтага падаўся да Пракапея. Сусед з Кастусём удвох пілавалі тоўстае бервяно пілою-двухручкаю.
– Які госць да нас завітаў! Жывём побач, а бачымся гады ў рады, – радасна прамовіў Пракапей і першы падаў руку.
Кастусь абняў брата, спытаў:
– Як ты? Дзе?
– Прыйшоў пабачыцца. Дапілоўвай бервяно. Пойдзем, раскажу…
– Мая баба прыхварэла, дык паклікаў Кастуся на дапамогу, – сказаў сусед.
– Давай, дзядзька, са мною папілуем, – прапанаваў Сяргей, адчуваючы, як рукі засумавалі па цяжкай мужчынскай працы.
Узяліся за ручкі пілы – яна заспявала, прагрызаючы вострымі зубамі драўніну, якая плакала тонкім струменем жаўтаватага пілавіння. Праз колькі хвілін справа была зроблена.
– Дзякую, хлопцы, калі трэба будзе якая дапамога, дык клічце…
Кастусь і Сяргей абняліся, так і пайшлі з двара, Пракапей толькі радасна ўсміхнуўся, пазіраючы ім у спіны.
– Дык ты зусім вярнуўся, ці як? – спытаў Кастусь.
– Адпусцілі мяне чырвоныя часова, але я не хачу вяртацца. Думаю схавацца недзе…
– А што ім трэба?
– Не трэба табе нічога ведаць, Кастусь, акрамя таго, дзе я буду адседжвацца, бо сам разумееш, я ж мушу нешта есці…
– Добра, брат, усё буду рабіць, як ты скажаш… Толькі пакінь адрас, куды ежу трэба будзе насіць.
– Гэта дробязь… Яшчэ цёпла, пакуль магу ў стагах адседзецца на балоце, а як пахаладае – пайду прасіцца да каго-небудзь…
Браты вярнуліся ў хату, пасля абедалі ўпершыню за шмат гадоў разам, і хоць усе адчувалі, што радасць гэтая часовая, ды ніхто не думаў пра благое. Аднак пасля абеду ў маці разбалелася галава, яна быццам страціла зрок ці зноў нікога не пазнавала. Сяргей зразумеў, што сваім з’ўленнем толькі растрывожыў родных. Расказаў Кастусю, дзе будзе пакідаць для яго запіскі і пад вечар сышоў з хаты, наладаваўшы заплечнік харчамі.
Тыдзень ён сапраўды жыў на балоце. Стаяў пачатак кастрычніка, цёплы і ясны, у паветры лёталі павуцінкі, бабіна лета песціла зямлю апошнім цяплом. Сяргею было самотна без працы, без людзей, хоць бы які занятак! Першыя дні тры ён проста адсыпаўся, адпачываў душою, смакаваў волю, а потым засумаваў і наважыўся пайсці на хутар да дзядзькі Хведара. Раней з гэтаю раднёю бачыліся рэдка: раз ці два на год дзядзька прыязджаў са сваёю шумліваю жонкаю Хадоскаю звычайна на Пакрову, калі выбіраўся на кірмаш. Маці заўсёды рыхтавала добры абед, прыпасала пляшку вішнёвай настойкі, каб пачаставаць гасцей. Тыя далёкія гады здаваліся Сяргею шчаслівымі і святочнымі. Толькі ў гэты дзень мог Сяргей атрымаць пачастунак – пеўніка на палачцы ці абаранак.
Дзядзька Хведар сустрэў Сяргея няветліва, спытаў:
– Што здарылася?
– Схавацца мне трэба часова, – патлумачыў хлопец.
– Нічым не магу памагчы, мае дзеці ў школу ходзяць, яшчэ прагаворацца, дык усіх нас з табою разам замятуць у Сібір. Усе ж ведаюць, дзе ты быў і чым займаўся…
– Прабач, што патурбаваў, – адказаў Сяргей, павярнуўся і пайшоў.
Думаў, што дзядзька верне яго, у хату запросіць, пакорміць ці даць чаго з сабою, а той, мусіць, узрадаваўся, што адбіўся ад нежаданага родзіча. Крыўда апанавала хлопцаву душу, слёзы навярнуліся на вочы, злосна падумаў: "Каб ты падавіўся тымі пеўнікамі і баранкамі, якімі мяне частаваў". Дзядзька знешне быў вельмі падобны да Сяргеевага бацькі, які памер маладым. Пляменнік назіраў, як старэў Хведар, уяўляў, якім мог быць цяпер ягоны бацька, таму, можа, асабліва любіў яго і вылучаў сярод іншых родзічаў. Аказалася, што ягоная любоў нічога не азначала, гэта былі толькі юнацкія перажыванні. Дзядзька Хведар мае сваё жыццё і сям’ю, якую ён аберагае і рызыкаваць не збіраецца. Няпэўнасць вывела хлопца з раўнавагі. Наперадзе зіма, каратаць халады самотна ў якой-небудзь лясной зямлянцы яму не хацелася, таму ён вырашыў не адкладаць візіт да цёткі Куліны, каб высветліць канчаткова, што яго чакае, ды шукаць нейкае выйсце.
Кулінін хутар быў далекавата ад Вялікай Багны. Але туды Сяргей наведваўся з маці часцей. Сёстры падтрымлівалі добрыя стасункі, спачувалі і дапамагалі адна адной, бо абедзьве засталіся без гаспадароў. Кулінін мужык яшчэ пры Польшчы паехаў на заробкі ў Амерыку, прыслаў два лісты, грошай на карову, а пасля згінуў. Не вярнуліся і тыя трое аднавяскоўцаў, што паехалі з ім разам. Невядома што здарылася з тымі людзьмі.
Цётка Куліна шчыра ўзрадавалася Сяргею, нічога не распытвала, а найперш пасадзіла за стол і накарміла, бо сям’я ўжо паабедала. Аднак усе сабраліся за сталом: маці, старэйшая дачка Люба і малодшы сын-падлетак Паша, так што хлопцу і есці было няёмка. Ды цётка падахвочвала:
– Частуйся, частуйся, не саромейся…
Сяргей усмак паеў крышаноў з грыбамі, бабкі са шкваркамі. Запіў кубкам малака.
– Дзякую, добрым людзям, за абед.
– Што ў вас дома? Як маці? – спытала Куліна.
– Усё добра, Кастусь вярнуўся.
– Вось гэта радасць! Я і не ведала…
– Дык ён толькі-толькі… А маці нічога, галава пабольвае, а так…
– Пагасцюй, калі ў вас усё добра, і нам будзе радасць, – сама прапанавала цётка.
– Таму і прыйшоў, каб папрасіцца пажыць, – сказаў весела Сяргей, быццам цяжар зваліўся з душы.
Люба і Паша заўсміхаліся, мусіць, і яны нудзіліся на хутары і былі радыя свежаму чалавеку.
– Добра пад’еўшы, трэба папрацаваць. Што тут у вас, цётка Куліна, гарыць, якая справа не трывае адкладу?
– Чаго добрага, а працы ў нас, як смецця! – засмяялася жанчына. – У хляве страха дзіравая, воз ледзьве ліпіць. Ды сам ведаеш: восень – работ восем!
Толькі цяпер адчуў Сяргей, што трапіў у родную сям’ю, безумоўна, трэба быць асцярожным, але тут ён быў жаданы і патрэбны.
71
Варнак пасля доўгага роздуму вырашыў не рыхтаваць новую базу да зімы. Меркаваў так: калі ўдасца перайсці мяжу, дык варта застацца на тэрыторыі Польшчы, а пасля пастараецца перабрацца куды далей на захад, у Германію ці Аўстрыю. Разумеў, што на радзіме яму месца няма, калі схопяць, дык нічога лепшага, як расстрэл, яго не чакае, а могуць яшчэ і павесіць прылюдна. А гэта ганьба не толькі для яго, але і для ўсёй радні. Шмат думаў, як узяць з сабою Аксану. А пасля прыйшоў да простага рашэння: яна можа прыехаць у Польшчу ў якасці перасяленкі. Атаману ўдалося пад пагрозаю расправы завабіць у свае шэрагі трохі навабранцаў з вясковай моладзі. Цяпер атрад налічываў пятнаццаць чалавек. Змарнаваў час на вайсковую падрыхтоўку новых казакоў, але ж без гэтага нельга ніяк, бо хлопцы не ўмелі ні поўзаць, ні страляць. Доўга вывучаў сітуацыю ў памежнай паласе, сачыў за зменаю пагранічных нарадаў, разлічваў, калі і як лепш пераадолець гэты няпросты бар’ер – польскую і савецкую мяжу. Нарэшце настаў той дзень, каля ён вырашыў дзейнічаць, папярэдне выбраў бязмесячную ноч. Калі ўжо пачало добра падмарожваць, а снег яшчэ не выпаў. Менавіта белага покрыва баяўся Варнак, бо на ім занадта бачныя сляды, таму і спяшаўся, хаця мо трэба было яшчэ пазаймацца з хлопцамі вучобаю.
Казакі ішлі ланцужком у цемры, якая ратавала, але адначасова таіла ў сабе вялікую небяспеку, бо нечакана можна было напароцца на памежнікаў. Лоўка і хутка перарэзалі калючы дрот, перайшлі кантрольна-следавую паласу і ўзрадаваліся, што палавіна справы зроблена. Наперадзе была польская тэрыторыя, праз якую яны мелі намер прарывацца, калі спатрэбіцца, не шкадуючы патронаў. Як толькі наблізіліся да другой кантрольна-следавой паласы, казакоў асляпіў пражэктар, кулямётны агонь прымусіў уціснуцца ў халодную цвёрдую зямлю. Аўтаматныя чэргі пачуліся з процілеглага боку таксама.
– Адступаем назад, – загадаў Варнак, разумеючы, што паміж дзвюх ліній агню мала каму ўдасца ацалець.
Малы адчайна прыкрываў атамана, другі ахоўнік з навабранцаў, Авадзень, сам імкнуўся за каго-небудзь схавацца. З-за сваёй мітусні ён першы быў цяжка паранены і голасна стагнаў.
– Адпаўзаем назад і разбягаемся ў розныя бакі, – крыкнуў Варнак хлопцам і сам падаўся ўправа, каб хутчэй выбавіцца з тэрыторыі, яскрава асветленай пражэктарам, менавіта ў гэты момант адчуў, як апякло бок і кроў заструменіла з раны.
Побач стагналі яго казакі. "Панішчаць усіх, – падумаў ён, заціскаючы рану. – І я ці выберуся? Няўжо гэта канец? Трэба выкараскацца!"
– Малы, я паранены, шыбуем уперад і не азіраемся.
– Бегчы зможаш, атаман, ці трэба несці?
– Пакуль магу, а пасля – не ведаю. Пакінь каго, няхай прыкрыюць нас.
Так ганебна яшчэ ніколі Варнаку не даводзілася ўцякаць. Ён пакідаў сваіх людзей без нагляду і падтрымкі, ратаваўся сам, апраўдваючы свой учынак тым, што шараговыя казакі для таго і існуюць, каб аддаць жыццё на полі бою, атаман жа павінен выжыць, бо ён здатны павесці за сабою новых людзей.
Малы адстаў на колькі хвілін, але адразу дагнаў Варнака. Нарэшце яны выбіліся ў неасветленую паласу. Ахоўнік падхапіў Варнака пад руку і дапамагаў бегчы. Спрытна рэзрэзаў калючы дрот, нарэшце яны апынуліся ў ратавальным лесе, прадзіраліся скрозь густыя зараснікі, ды не спыняліся, бо ведалі, хутка будзе пагоня. На шчасце сустрэлася зацягнутая тонкім лядком плыткая ручаіна, па якой яны прайшлі з паўкіламетра, каб схаваць сляды ад сабак.
Варнак губляў сілу з-за страты крыві, якая ўжо намачыла адзенне і студзіла бок.
– Трэба перавязаць рану. Хутка я не здолею ісці.
Малы моўчкі распрануўся, зняў з сябе ніжнюю сарочку, падраў на доўгія латкі, зноў апрануўся і перавязаў атамана. Цяпер ён ужо не проста падтрымліваў Варнака, а валок яго на спіне, бачачы, як той выбіваецца з сілы. Неўзабаве дайшлі да нейкай лясной хаціны, гаспадары яшчэ спалі.
– Трэба раздабыць каня, – сказаў Малы.
– Паспрабуй, – з надзеяй прамовіў Варнак, бездапаможна асядаючы на зямлю і адчуваючы непрыемныя дрыжыкі ў целе.
Казак пайшоў проста да хлява, да яго кінуўся вялізны сабака. Варнак бачыў, як ахоўнік кароткім узмахам нажа, выхапленага з-за халявы, паклаў сабаку, прыкладам збіў замок з дзвярэй, вывеў каня.
– Ну, цяпер нас і вецер не дагоніць, – усміхнуўся Малы, памагаючы Варнаку ўзлезці на каня.
Камандзір прастагнаў і аціх, адчуваючы млявасць ва ўсім целе і жаданне сагрэцца. Яго ўжо неміласэрна трэсла ліхаманка. Малы таксама ўскочыў на каня, атуліў цела Варнака, спытаў:
– Куды цяпер?
Варнак на імгненне задумаўся. А потым сказаў:
– Да Аксаны, хутчэй…
Першая думка прыйшла, што трэба ехаць дамоў, а пасля схамянуўся, што там даўно яго шукаюць і чакаюць чырвоныя, таму і вырашыў: у Аксаны яму будзе лепш. Калі і памрэ, дык на руках каханай жанчыны. Маці яго таксама любіць па-свойму, але судзіць занадта строга. Малы падганяў каня, той перайшоў на рысь. Варнак стагнаў, кожны рух адгукаўся болем, рана смылела невыносна, а пасля раптам заціх, ці заснуў, ці страціў прытомнасць, гэтага не ведалі ні ён, ні ягоны ахоўнік.
Варнак прыйшоў да памяці ўжо на Аксаніным ложку. Яна выціралі кроплі поту з ягонага лба і шаптала:
– Мой ты міленькі, мой родненькі, ачуняй хутчэй…
– Піць, – папрасіў ён.
Яна змазала ягоныя вусны вільготнаю сурвэткаю:
– Табе нельга піць, сонца маё.
– Дзе Малы? – спытаў Варнак.
– Спіць, не турбуйся. Я паслала па нашага доктара, усё будзе добра…
– Зноў я з табою. Гэта добра. Калі ішоў у Польшчу, думаў, што трэба было цябе з сабою забраць. Без цябе мне не шанцуе.
– Малы мне ўсё расказаў…
– Такога правалу ў мяне яшчэ не было. Мусіць, усе мае хлопцы палеглі там. Нікога не здолелі вынесці. Самі ледзьве выратаваліся.
– Нехта паранены мог у палон трапіць, – задуменна прамовіла Аксана. – Чырвоныя ўмеюць развязваць языкі.
– Лічыш, што нам трэба сыходзіць адсюль?
– Так, але спярша трэба дачакацца доктара.
– Адкуль ён будзе ісці?
– З-пад Ратна. Малы выспіцца, дык паставім яго за вартаўніка, няхай ахоўвае наша каханне. І ты паспі.
– Вельмі смага сушыць. Піць, піць хачу…
– Нельга табе, – адказала дзяўчына і зноў змачыла ягоныя вусны сурвэткаю.
Варнак заплюшчыў вочы, разумеючы, што найлепш было б зараз заснуць, каб не адчуваць ні болю, ні смагі, ні дакукі з-за таго, што не выканаў заданне і загубіў людзей. Усе яны стаялі ў яго перад вачамі, маладыя, здаровыя. І не хапала духу ўявіць, як яны ляжаць цяпер на памежжы дзвюх дзяржаў, урастаюць у нічыйную паласу, становяцца прахам. Раптам Аксана спахапілася:
– Дурніца я, у мяне ж самагонка ёсць. Ад разгубленасці не ведала, што рабіць.
Яна дастала з палічкі, якая вісела каля дзвярэй за белай занавесачкай, пляшку, наліла паўшклянкі гарэлкі, паднесла Варнаку:
– Выпі, Лёнік, няхай сунімецца твой боль і залечыцца рана.
Варнак выпіў і праз колькі хвілін адчуў палёгку і заснуў. Аксана прылегла побач, доўга ўзіралася ў твар каханага, лёгенька пацалавала яго ў вусны, ён нездаволена паморшчыўся праз сон.
– Бач, які прывярэдлівы, – ціхенька засмяялася яна, разумеючы, што не варта чапаць соннага мужчыну, дзякуй Богу, што заснуў, і сама задрамала, супакоеная тым, што каханы побач, палечыць яго, пасля разам вырашаць, як жыць далей.
Прачнулася ад грукату ў акно і крыку:
– Адчыняйце! Адчыняйце!
Малы падхапіўся. Зірнуў за занавеску, разгублена крыкнуў:
– Чырвоныя! Шмат!
Схапіў аўтамат і паласнуў па шыбе, якая са звонам разляцелася, яму адказалі аўтаматныя чэргі, Малы зваліўся на падлогу, вакол яго тулава расцякалася кроў.
– Лёня! – адчайна закрычала дзяўчына, тузанулася ад нечаканага ўдару ў грудзі і ўпала на Варнака.
Той прастагнаў з-за увярэджанай раны, расплюшчыў вочы, убычыў мёртвы твар Аксаны, Малога, распластанага ў лужы крыві на падлозе, салдата з чырвонымі пагонамі, які лез праз акно ў пакой, і ўсё зразумеў. Паспеў толькі падумаць: "Усё, канец…" Выхапіў пісталет з-пад падушкі. Салдат спыніўся, ад разгубленасці не ведаючы, што рабіць, ці сігаць назад за акно, ці страляць у чалавека, які ляжыць на ложку. Варнак прыставіў да скроні пісталет, націснуў курок, свядомасць узарвалася і разляцелася на кавалкі.
72
Целы забітых Варнака, Малога і Аксаны ляжалі пасярод плошчы на брызенце. Іх ахоўвалі чатыры салдаты. Падыходзілі людзі, глядзелі ў твары, шкадавалі.
– Якія маладыя і прыгожыя, – сказала стараватая цётка.
– Пры іх не знайшлі дакументаў, калі ніхто не пазнае, так і пахаваюць невядомымі, а бедныя мацяркі будуць гараваць ды чакаць, – азвалася хударлявая маладзіца.
– Няхай бы жылі, як усе людзі, дык і былі б жывыя, – буркнула таўставатая кабета.
– У кожнага свой лёс, яго не перапішаш, – азвалася першая і пайшла, каб не трывожыць душы палеглых пустымі спрэчкамі.
Сярод гараджан паціху перамяшчаліся капітан Сяргей Новікаў і лейтэнант Антон Скавышоў, апранутыя ў цывільныя гарнітуры і плашчы, прыслухоўваліся да гаворак, спадзяваліся, што раптам нехта пазнае бандытаў. Ноч была з марозцам, а раніца выдалася ясная, што вельмі рэдка здараецца ў лістападзе, быццам прырода дала магчымасць Варнаку і ягоным паплечнікам у апошні раз палюбавацца сонцам, каб назаўсёды сысці ў невядомасць, толькі ў нейкім таемным архіве застануцца пра іх звесткі ды і тыя будуць ляжаць сто гадоў пад забаронным грыфам "сакрэтна". Новікаў і Скавышоў адышлі трохі ў бок ад натоўпу, закурылі па казбечыне, з насалодаю пыхкалі дымам.
– Казаў я табе, Сярожа, што мы яшчэ пабегаем за Удодам. Няма яго ні сярод забітых на мяжы, ні тут. Дзе ён можа быць? – спытаў Скавышоў.
– Мабыць, заданне мы яму далі не па сіле. Не адважыўся ён забіць Варнака. Безумоўна, мог бы проста вярнуцца ў ягоную банду…
– А мо яны яго самі забілі? Адчулі здраду і…
– Можа быць і такі варыянт. Але здаецца мне, што Удоду і самому набрыдла бандыцкае існаванне. Мо хаваецца недзе, звык за столькі гадоў падполля, як воўк, жыць у лесе. Тым больш, што мясцовасць тутэйшая гэтаму спрыяе. Але чалавек – істота сацыяльная. Яму без людзей не выжыць. Як трохі вызвалімся, дык падпільнуем яго, калі жывы. Далёка ад нас не ўцячэ.
– Для цябе, капітан, справа гонару – злавіць яго, бо ты выпусціў.
– Ведаеш, я людзей добра адчуваю. Неблагі ён чалавек. Абставіны вымусілі…
– Ты ў дадатак яшчэ і легкаверны?
– Перакананы, што добрых людзей на свеце шмат, калі хто дзе і схібіў, дык з-за нейкай мінутнай слабасці.
– Нешта позняцца з Вялікай Багны. Гэты новы старшыня сельсавета не выклікае ў мяне даверу, – заўважыў Скавышоў.
– Прыйдуць, нікуды не дзенуцца, – спакойна адказаў Новікаў. – Якая маці адмовіцца апазнаць сына?
– Надакучыў гэты балаган. Ляжаць тут, як героі, быццам з ганароваю вартаю. Усе іх шкадуюць, нават спачуваюць...
– Сёння шкадуюць, заўтра забудуць. Не зайздросці іхняй славе.
Скавышоў і Новікаў чакалі маці Варнака, якая павінна была пазнаць сына і, магчыма, тых, хто ляжаў побач з ім. Мо праз гадзіну з’явіліся дзве жанчыны ў чорным: адна сталага веку, з рэзка акрэсленымі рысамі твару, які прыкметна пазначылі маршчыны, другая – маладая, сціплая, з галавою нахіленаю ўперад, быццам саромелася ўвагі людзей.
– Ідуць, – сказаў капітан. – Твар старэйшай жанчыны чорны ад гора, сына страціла...
– Які гэта сын? Бандыт! Нягоднік! – адказаў Скавышоў. – А хто тая, маладзейшая?
– Нявестка, жонка малодшага брата.
– Мо той брат таксама бандыт? – кінуў падазроны позірк на Новікава Скавышоў.
– Невядома пакуль. Быў мабілізаваны, прайшоў курс маладога байца, прапаў без вестак на тэрыторыі Польшчы.
Жанчыны спыніліся каля трупаў, малодшая заплакала, старэйшая прыкрыла рот рукою, мусіць, каб не загаласіць. Новікаў падышоў да яе, назваў сябе, спытаў:
– Ці пазнаеце свайго сына?
– Пазнаю, вось ён, – адказала жанчына і ўсё узіралася ў Лёнеў твар, строгі і такі ж прыгожы, як пры жыцці.
"Мо ён жывы? Здаецца, яшчэ падрос. Куды ж яго параніла?" – прамільгнула думка, маці зноў акінула позіркам усю постаць сына і ўбачыла маленькую чорную ранку на скроні. – Ах, сыночак мой, чаго ж ты так рана пакідаеш мяне?.. Куды ж ты сабраўся?.. Вазьмі мяне з сабою…"
– Назавіце прозвішча, імя і імя па бацьку вашага сына.
– Парахнюк Леанід Мікалаевіч, – сказала яна глухім голасам. – Сабаку сабачая смерць.
Маладую ажно скаланула ад гэтых словаў, яна зірнула на свякруху, апусціла вочы і зноў заплакала. Жаночы голас у натоўпе нездаволена сказаў:
– Чаго яна так? Каму, можа, – і сабака, а ёй – родны сын.
– Не твайго розуму справа, – адказаў нехта і спрэчка спынілася.
Капітан Новікаў уважліва зірнуў на Варнакову маці і яшчэ раз перапытаў:
– Дык вы пацвярджаеце, што гэта сапраўды ваш сын?
– Так.
– Астатніх ведаеце?
– Не, ніколі не бачыла.
– У такім разе вы вольныя, працэдура апазнання скончана.
– Аддайце мне яго, трэба ж пахаваць па-людску, – папрасіла маці.
– Не магу, такі загад начальства. Разумееце? Вы не хвалюйцеся, мы самі яго пахаваем. Трэба яшчэ высветліць асобы астатніх нябожчыкаў.
Жанчына павярнулася і пайшла са скамянелым тварам, вочы яе напаўняліся слязьмі, за якімі яна нічога не бачыла. Натоўп расступіўся. Яна выцерла далонямі твар, сцерла слёзы, не маючы сілы азірнуцца назад, адзінае, чаго ёй зараз хацелася, прыпасці да сына і памерці разам з ім. На момант ёй здалося, што губляе прытомнасць, каб на каго абаперціся, паклікала нявестку:
– Дзе ты, Ніна?
– Тут, мама.
Ніна дагнала свякруху, пайшла побач. Толькі зараз яна зразумела словы, сказаныя старою над нябожчыкам-сынам, якая найбольш клапацілася пра жывога Ігнася, які мусіў хавацца з-за дызерцірства. Калі зловяць і яго, тады ўжо ўсю сям’ю вывезуць немаведама куды, а мо яшчэ і пазабіваюць. Нявестка ведала, што яе свякруха – разумная і добрая жанчына, калі б не гэтыя бясконцыя мітрэнгі, як бы ладна жылі яны ўсе разам. І Лёня знайшоў бы сабе нейкае месца ў жыцці, не ляжаў бы зараз сярод плошчы, а граў бы на гармоніку, весяліў душы аднавяскоўцаў. Можа, некалі вернуцца ягоная жонка і дачка з высылкі, а мужа і бацькі няма, нават ніхто не даведаецца, дзе яго магіла. Ніна ўздыхнула і падумала, што неяк вельмі ж не па-чалавечы ўладкаваны гэты свет, дзе зброі болей, чым людзей, і кожны, хто дапяў яе займець, імкнецца скарыстацца ёю. Кажуць вайскоўцы не разабраліся і пастралялі сваіх жа бальшавікоў з райвыканкама, якія прыехалі ў суседнюю вёску наводзіць новыя парадкі. А мо гэта іх Бог пакараў і паслаў смерць ад сваіх. Хоць бы ўдалося Ігнасю выратавацца, каб ніхто яго не выдаў, каб не забілі без жалю, як Лёню.
73
Да восені жыў Тадзік у пані Евы, сумаваў, спрабаваў чытаць кніжкі, якія знайшліся ў хаце. Яму найбольш спадабалася "Старая казка" Крашэўскага пра каралеўскую дынастыю Пястаў, у якой яскрава паказвалася польская даўніна яшчэ да хрышчэння. Ён захапляўся адважнымі рыцарамі, іхнімі высакароднымі подзвігамі і перамогамі, уяўляў, што і сам стане некалі героем. Вялікае ўражанне зрабіў на яго раман Баляслава Пруса "Лялька", галоўны персанаж якога Станіслаў Вакульскі браў удзел у паўстанні 1863-1864 гадоў, быў высланы за палітычную дзейнасць, а пасля зрабіўся паспяховым камерсантам-мільянерам. З такога чалавека, здатнага пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, заставацца добрым і чулым да людзей, таксама варта было браць прыклад. Але большасць кніг, якія мела гаспадыня, былі пра няшчаснае каханне паненак. Такое чытво не цікавіла хлопца. Ім бы, мусіць, зусім авалодала дэпрэсія, каб не дальні сваяк пані Евы, дзядок Лукаш, які добра гуляў у шахматы. Занятыя гульнёю стары і малады, праседжвалі цэлымі днямі за шахматнай дошкаю, забываючы пра абед і вячэру, што часам абурала, часам смяшыла гаспадыню. Яна ўсяляк пацвельвала з гульцоў, але тыя, занятыя важнаю справаю, не звярталі ўвагі на з’едлівую кабету, маўляў, няхай балбоча, колькі хоча, абы з хаты не выгнала. Колькі разоў наведваў Тадзіка сувязны, прыносіў навіны, што пан маёр заснаваў дзве базы, цяпер ёсць дзе жыць і чым харчавацца. Хваліўся, быццам жаўнеры Руткоўскага здзейснілі некалькі смелых нападаў на пастарункі паліцыі і чыгуначнай аховы, двойчы абстралялі на дарозе машыны з чырвонаармейцамі, маюць цяпер удосталь зброі. Тадзіку вельмі карцела хутчэй вызваліцца з-пад улады лекара і пані Евы, вярнуцца да выканання службовых абавязкаў. Але час цягнуўся марудна, рана зажывала дрэнна.
З тым жа сувязным нарэшце вярнуўся ён на базу і быў цёпла сустрэты паплечнікамі. Яго абдымалі, паціскалі руку, пыталі пра здароўе. Пан Руткоўскі, як бы правяраючы, стукнуў яго па параненым плячы і застаўся задаволены вынікам лячэння, бо ад’ютант толькі зморшчыўся.
– Што, нагадвае пра сябе рана? З вінтоўкі цяпер не стрэліш, аддача ў яе вялікая. Трымай мой аўтамат.
Тадзік вельмі ўзрадаваўся падарунку, але спытаў:
– А як жа пан маёр будзе без зброі?
– Хапае ў нас зброі, запасліся. Ты паглядзі на мяне, які мундзірчык.
Толькі цяпер Тадзік звярнуў увагу, што Руткоўскі сапраўды апрануты ў вайсковы мундзір, новы, як з іголачкі.
– Палову каманды апрануў, выдаў неабходную амуніцыю, – ганарыста сказаў Руткоўскі. – Цяпер не сорамна і на людзі паказацца.
– Рады за вас, як жа вам гэта ўдалося?
– Падполле жыве і працуе. У нас шмат спраў наперадзе, так што, Тадэвуш, ідзі да кухараў і паабедай, а пасля будзем меркаваць, што рабіць далей.
Хоць Руткоўскі намякаў на нейкія грандыёзныя справы, а насамрэч аказалася, што ў гэты час жаўнеры ў асноўным займаліся нарыхтоўкай харчоў, клапаціліся пра запасы на зіму, а Тадзік зноў заняўся штабною работаю. Аднойчы ён папракнуў Руткоўскага, колькі можна лайдачыць. На гэта маёр адказаў, што яны выконваюць стратэгічную задачу – клапоцяцца пра харчовую бяспеку, а вялікія справы, безумоўна, іх чакаюць наперадзе.
Непрыкметна настала зіма. Сціпла адсвяткавалі Каляды, сустрэлі Новы год. Толькі ў канцы студзеня Руткоўскі нарэшце зрушыў свой атрад. Было ў яго заданне падполля на выкананне спецыяльнай акцыі, якую ён усё адкладаў, нешта ўтрымлівала яго. Але час ішоў, трэба было хоць разведаць сітуацыю, бо акцыя скіроўвалася супраць беларусаў, якія не спяшалі перасяляцца з Беласточчыны ў Савецкі Саюз.
Марозным студзеньскім ранкам выйшлі жаўнеры з цёплых зямлянак і рушылі па цаліку да бліжэйшага лясніцтва, там была дарога. Руткоўскі, яго ад’ютант і яшчэ некалькі афіцэраў і разведчыкаў ехалі на конях, якім хада ў снезе па калена была малапрыемнаю. Астатнія жаўнеры перамяшчаліся пешкі. Вельмі здзівіліся, калі заспелі каля лясніцтва дзясятка паўтара фурманак.
– Тое, што нам трэба, – сказаў Руткоўскі і загадаў жаўнерам рассаджвацца на сані.
– Пан афіцэр, людзі прыехалі па дровы, – спрабаваў заступіцца за сялян ляснічы.
– Дровы нікуды не ўцякуць, а мне трэба людзей падвезці да Гайнаўкі.
Тадзік глядзеў на сялян у кажухах ды валёнках і думаў, што і яму няблага было б займець такі камуфляж на зіму, годзе ўжо мерзнуць у адной і той жа куртачцы, што служыць яму ва ўсялякую пару года. Самому быццам і не надта холадна, але параненае плячо баліць і мерзне.
– Тадзік, гэта ты? – нехта аклікнуў яго, ён павярнуў галаву і ўбачыў юнака, які ўсміхаўся з-пад аўчыннай шапкі, насунутай на вочы.
– Яська! Добры дзень, – Тадзік саскочыў з каня, падбег да сябра, абняў яго. – Ты прыкметна падрос!
– А ты не змяніўся. Як ты, што, дзе?
– З войскам, ваюем…
– Мяне солтыс па дровы паслаў, а тут столькі люду сабралася! Навошта столькі фурманак было збіраць у адзін дзень?
– І конік у цябе той жа. Каштан, Каштан, – паклікаў Тадзік Ясевага каня і пагладзіў грыву, конь павярнуў галаву, глядзеў, пазнаваў даўняга знаёмца.
– Стараваты ўжо, ды дзе ж грошай на новага ўзяць?
– Чым займаешся?
– Дома пакуль, хацеў паехаць вучыцца, дык маці захварэла, адклаў…
– Вучыцца? Хіба ёсць дзе?
– Чаму ж… Вайна скончылася, адчыняюцца новыя вучэльні, можна якую заўгодна прафесію выбіраць. Вучоба, дарэчы, кажуць, будзе бясплатная…
На чыстую пляцоўку выйшаў памочнік Руткоўскага, капітан Рак, гучна крыкнуў:
– Увага, панове! Маю гонар паведаміць, што польскі народ давярае вам важную місію – падвезці жаўнераў Арміі Краёвай да Гайнаўкі. За гэта атрымаеце такія паперы, згодна з якімі цэлы год вас ніхто ні на якія шарваркі браць не будзе. Па конях!
– Мне таксама хацелася б дзе-небудзь павучыцца, – нечакана для сябе сказаў Тадзік. – Яшчэ сустрэнемся, абмяркуем. А цяпер мне да камандзіра трэба. Я – ад’ютант.
– Сустрэнемся, – адказаў Ясь, паціскаючы руку сябру.
Тадзік прышпорыў каня, дагнаў Руткоўскага. Той злосна зірнуў на яго і спытаў:
– Дзе швэндаешся?
– Сябра сустрэў.
– Мы паварочваем налева да бліжэйшай вёскі, а Рак сам павядзе абоз далей.
"Скуль узяўся гэты Рак? – злосна падумаў Тадзік. – Пакуль я хварэў, з’явіліся ў аддзеле Руткоўскага новыя афіцэры, казалі, што іх прыслала падполле. Магчыма, і Рак, новы памочнік Руткоўскага, трапіў сюды такім чынам".
У Тадзіка з самага пачатку адносіны з Ракам не склаліся, памочнік камандзіра вельмі прыдзірліва ставіўся да Тадзіка, што часам Руткоўскі быў вымушаны бараніць свайго ад’ютанта. Іншы раз ён нават пытаў:
– Чаго гэта вы, як кот з сабакам, ніяк не можаце паладзіць?
– Не люблю недакладнасці, – адказваў Рак і з пагардай пазіраў на Тадзіка. – Паперы нават у палявых умовах павінны быць у поўным парадку, а ў нас адно бязладдзе.
– Дык вазьмі і зрабі ўсё, як след.
– А што тады будзе рабіць твой ад’ютант?
– Не чапай, Рак, Тадэвуша, ён у мяне не столькі ад’ютантам служыць, колькі добрым абярэгам. Каб ты ведаў, колькі мы з ім дарог сумесна прайшлі! Усё нам удавалася. Думаю, пакуль ён будзе пры мне, і далей пойдзе ўсё выдатна.
Дарога цягнулася праз поле, спрэс засланае снегам. Удалечыні ўзвышаўся лес. Дзень быў змрочны, ціхі, на захадзе грувасціліся хмары, абяцалі снег, ды толькі ў тым выпадку, калі вецер прывалачэ іх з небакраю. Тадзік азірнуўся на абоз. Недзе там сярод мноства саней ехаў Яська, але так і не згледзеў яго. Вёску, да якой яны зараз пад’язджалі, жаўнеры ведалі добра, мінулай зімой стаялі тут тыдні два, жылі па хатах у беларусаў і палякаў, харчаваліся ў гаспадароў, хадзілі да дзяўчат на вячоркі.
– Чаго мы сюды павярнулі, спярша быццам збіраліся на другую базу ехаць? – спытаў Тадзік у Руткоўскага.
– Справы тут ёсць, – адказаў той і нават не павярнуў галавы.
Уехалі ў сяло, мінулі колькі хат, спыніліся насупраць самай большай.
– Тут перадыхнем, – сказаў Руткоўскі, саскочыў з каня, пайшоў у двор.
Тадзік пастукаў у акно, за шыбаю ўзнік жаночы твар, потым з хаты насустрач выйшаў гаспадар, павітаўся, запрасіў:
– Калі ласка, панове, заходзьце.
Тадэвуш і Руткоўскі ўвайшлі ў хату на большую яе палавіну. Маёр адразу разаслаў карту на стале, вывучаў яе. Ад’ютант убачыў дзвюх дзяўчынак на ложку, шугануў іх на кухню, бо ведаў гарачы нораў маёра, крый Божа нечым не дагадзіць. Малыя залезлі на печ і са страхам пазіралі ўніз. Гаспадыня малілася каля абразоў. На панадворку пачуліся стрэлы. "Сваволяць жаўнеры, людзей запалохваюць, а навошта?" – падумаў Тадэвуш, але не адважыўся ў Руткоўскага спытаць, занадта злосны быў сёння камандзір. Калі запалала непадалёку хата, ад’ютант не стрымаўся і спытаў:
– Што мы тут робім?
– А ты яшчэ не зразумеў? Які ж ты някемлівы! Выкурваем беларусаў. Няхай ідуць у рай да Сталіна! Польшча – для палякаў!
– Дык яны ж тут спрадвеку жылі!
– А цяпер не будуць! Годзе нашу зямлю паскудзіць!
– Дазвольце, пан маёр, паглядзець, што ў вёсцы робіцца.
– Ідзі, праветрыся, а то звык, як кот, каля камандзіра ацірацца.
Тадзік пакрыўдзіўся, але змоўчаў, выйшаў на двор і ўбачыў гаспадара хаты, які ляжаў у лужы крыві за весніцамі. Жаўнеры выводзілі з хат жыхароў і гналі ў канец вёскі, там-сям гарэлі пабудовы, трашчала салома, ляцелі іскры, дым узносіўся над вёскаю, засцілаючы неба. Хваляванне ахапіла душу хлопца. "Чаму? Для чаго ўсё гэта? Хіба гэтак мы баронім Польшчу? – пытаў ён у сябе і не знаходзіў адказу. – Ці такое геройства я збіраўся здзяйсняць? Забіваць безабаронных людзей?" Каля бліжэйшага двара жаўнер размаўляў з хлопцам, з выгляду хворым на галаву, дурнаватым.
– Вядзі каня з хлява, – патрабаваў жаўнер.
– У нас мала аўсу, – адказваў хлопец і ўсміхаўся.
– Вядзі каня, скурвысыне, табе кажу!
Хлопец не ішоў да канюшні. А ўсё казаў, што ў іх мала аўсу. Жаўнер секануў з аўтамата. Хлопец зваліўся на зямлю.
– За што ты яго? – спытаў Тадзік, адчуваючы, як сэрца напаўняецца абурэннем і нянавісцю.
– За тое, што не выконваў загад. А табе што? Думаеш, калі ты каля камандзіра прыгрэўся, дык цябе ніхто не кране? Ці ты ведаеш, малакасос, што свае страляюць у спіну? – злосна сказаў жаўнер, плюнуў пад ногі і падаўся ў бок хлява.
Вяскоўцаў заганялі ў адну даволі вялікую хату, якая мела два выхады. Набілася туды сялян, як семак у гарбуз. Жаўнеры пазачынялі дзверы, вокны завесілі аканіцамі, хату падпалілі, пастаялі, назіраючы, ці добра ўзялася гарэць будыніна. Калі ў сярэдзіне хаты пачалі людзі жудасна крычаць, жаўнеры палічылі за лепшае адысці далей, каб не чуць галасу. Саламяны дах гарэў хутка, узяліся кроквы, агонь ахапіў сцены, хата енчыла. Тадзік саскочыў з каня, кінуўся да дзвярэй з боку хлява, адчыніў іх, закрычаў:
– Выходзьце! Выходзьце! Пагарыце! Хутчэй! Хутчэй!
Людзі імгненне стаялі ў нерашучасці. Нарэшце нейкі хлапчук шмыгнуў праз дзверы. За ім рынулі астатнія, беглі да бліжэйшай вёскі, а калі ўбачылі, што і тая палае, кінуліся да ратавальнага лесу. Тадзік праводзіў іх задаволеным позіркам, усё ж сарваў нялюдскую акцыю. Жаўнеры заўважылі ўцекачоў, адкрылі агонь. Але вяскоўцы былі ўжо далёка.
Цяжар, які наваліўся на Тадзікава сэрца, трохі адлёг, але ён адчуў, што не жадае бачыць Руткоўскага і падпарадкавацца яму, не жадае служыць. Узнікла жаданне збегчы да Ванды, заняцца нейкімі будзённымі справамі, наведаць маці, каб распытаць, як яна жыла ўсе гэтыя гады, што новага ў яе, мо ад бацькі які ліст прыйшоў, цяпер жа Польшча і Савецкі Саюз быццам сябруюць.
– Ад’ютант, цябе камандзір шукае, – сказаў яму незнаёмы жаўнер.
– Дзе ён цяпер?
– Вунь там, пад дрэвамі.
Тадэвуш накіраваўся да гурту, якія сабраўся вакол камандзіра, але перш азірнуўся і з жудасцю ўбачыў, што ўся вёска палала. Агонь ахапіў два рады хат, шалёна шугаў, злучаўся над дахамі, утвараў пякельную арку. "Гэта ўчынілі мы, якія называемся выратавальнікамі Польшчы?! Не разумею, ніколі не прыму гэтага злачынства!" – падумаў Тадзік, падыходзячы да гурту.
– Жаўнеры, мы добра папрацавалі і заслужылі смачную вячэру. Едзем у местачковую рэстарацыю! Я частую! – абвясціў Руткоўскі.
У адказ пачуліся радасныя воклічы. У большасці жаўнераў было па два ці нават па тры кані. "Абрабавалі і пазабівалі сялян, забралі коней, папалілі маёмасць, ацалелых людзей ператварылі ў жабракоў-пагарэльцаў, – з горыччу думаў Тадзік. – І з гэтымі рабаўнікамі і забойцамі я збіраюся прынесці волю Польшчы? Што я тут наогул раблю? Як магло здарыцца, што пан Руткоўскі, барацьбіт за вызваленне Айчыны, раптам ператварыўся ў атамана бандыцкай шайкі? І ўсё гэта здарылася на маіх вачах! Выходзіць, што і я такі самы…"
– Чаго ты, Тадэвуш, сумны? – спытаў раптам маёр ад’ютанта.
– Шкадую тую хату, у якой кватараваў два тыдні, грэўся на печы, а цяпер яе няма…
– Знайшоў пра што шкадаваць! Глядзі, колькі ў нас коней. Нарэшце я магу завесці сваю кавалерыю, пра што даўно марыў.
– Віншую…
– Што гэта за тон! Як размаўляеш з камандзірам!
Тадзік нічога не адказаў, ускочыў на каня, сцебануў яго і моўчкі паскакаў уперад.
74
Жаўнеры ўвайшлі ў рэстаран, загадалі афіцыянтам ссунуць сталы, пасля самавіта расселіся. Афіцыянты хутка прынеслі талеркі з нарэзанай і прыгожа выкладзенай каўбасой, вяндліну, салаты, гарэлку. Налілі кілішкі, стоячы выпілі за Польшчу і сталі закусваць. У гэты час пачуўся шум матора. Выглянулі ў акно з цікаўнасці, бо самаходы тут былі з’явай рэдкай, убачылі вайсковы "газік", з якога выйшлі два савецкія афіцэры.
– Хлопцы, наша здабыча ідзе, – крыкнуў нехта з жаўнераў.
Руткоўскі таксама падышоў да акна, ацаніў сітуацыю, загадаў пяці падначаленым:
– Сустрэць на лесвіцы, раззброіць, завесці ў прыбіральню і там скончыць справу.
– Будзе зроблена, – казырнулі жаўнеры.
Аднак на лесвіцу высыпалі не толькі прызначаныя пяць, а ўсе, за сталом засталіся толькі Руткоўскі і Тадзік.
– Чаму ты не пайшоў разам з усімі? – спытаў маёр.
– Без мяне справяцца.
– Няўжо табе не цікава.
– Мне пасля гэтыя мерцвякі будуць сніцца.
– Слабая нервовая сістэма, не змагар…
– Гледзячы за што і як змагацца, – агрызнуўся Тадзік.
– Не падабаецца, дык шукай сабе новага камандзіра.
Тадзік бачыў, што Руткоўскі абураны ягоным выказваннем, таму змягчыў адказ:
– Справа не ў камандзіры, а ў метадах барацьбы, якія абрала Армія Краёва.
– У Варшаве і Лондане сядзяць людзі значна разумнейшыя за нас з табою. Яны вырашаюць і загадваюць, а мы выконваем.
У гэты час пачалі вяртацца да стала жаўнеры. Адзін з пасланых пяці выцягнуўся перад Руткоўскім і адрапартаваў:
– Заданне выканана.
Ён паклаў на стол два вайсковыя білеты, яшчэ нейкія паперы, аўтамат і пісталет. Руткоўскі прагледзеў дакументы і задаволена сказаў:
– Мы злавілі буйную рыбу: палкоўнік і лейтэнант. Урэшце рэшт усіх акупантаў Польшчы чакае такі лёс. За нашу перамогу!
Жаўнеры тост падтрымалі і дружна выпілі. Сядзелі ў рэстаране доўга, нікому не хацелася выходзіць на мароз. Пасля апоўначы прыйшоў гаспадар і паведаміў, што рэстарацыю трэба зачыняць. П’янаваты і вясёлы Руткоўскі адказаў, што ўстанова зачыніцца пасля таго, калі яны пойдуць. Гаспадару нічога не заставалася, як пагадзіцца. Пілі шмат, елі са смакам, калі адчулі сытасць, пачалі спяваць, пасля паснулі проста за сталом. На світанку Руткоўскі абвясціў пабудку. Гаспадар сам абслужыў гасцей, паднёс гарбату і бутэрброды. Пасля сняданку вялыя і ўсё яшчэ п’янаватыя жаўнеры выходзілі з памяшкання на вуліцу, удыхалі свежае паветра, ішлі да коней, прывязаных у двары, каля чорнага ўваходу рэстарана.
– За мной! – скамандаваў Руткоўскі, і жаўнеры патрусілі на сваіх коніках за камандзірам.
На паўдарозе да старой базы сустрэлі Рака з сялянскімі санямі, на якіх ужо не было вазакоў. Тадзік устрывожана зірнуў на Ясевага Каштана, які трапіў яму на вочы першы і спытаў незнаёмага жаўнера:
– Дзе сяляне, гаспадары саней?
– Пастралялі іх яшчэ ўчора.
– Дзе?
– Не ведаю, недзе ў лесе. Я там не быў, мы вёску палілі.
– Усіх, усіх пастралялі?
– А колькі там іх было? Як раз плюнуць…
"Няўжо майго Яську расстралялі?! Сабакі! Ваўкі крыважэрныя! Не веру. Пайду да Рака, няхай ён пацвердзіць гэтую паганую вестку". Ён наблізіўся да памочніка Руткоўскага і сказаў:
– Вы абрабавалі людзей ды яшчэ пазабівалі іх. Як можна чыніць такое зло?
– Гэта не людзі, гэта праваслаўныя! Ім няма месца на нашай зямлі!
– У нас адзін Бог – Ісус Хрыстос.
– Ты хто такі, каб мяне вучыць? Падшыванец, скурвысын!
Тадзік абурана зірнуў на Рака і сказаў:
– Выклікаю пана на двубой!
– Што тут зноў дзеецца? – паміж імі ўзнік Руткоўскі.
– Гэты… гэты малакасос мяне жыццю вучыць, на двубой кліча. Паглядзі, Каэтан, я магу адным пальцам яго раздушыць, як клапа, – выкрыкнуў Рак, твар ягоны наліўся чырванню.
– Годзе, годзе, няма калі разводзіць спрэчкі, вяртаемся дамоў, нас чакае адпачынак і падзяка начальства. Пайшлі, Рак, на твае сані, нам трэба тэрмінова абмеркаваць план на наступны тыдзень.
Тадзіка распірала ад злосці, ён правёў афіцэраў гнеўным позіркам, ускочыў на каня, рухаўся ў самым хвасце абоза, каб ні з кім не размаўляць, нікога не чуць і не бачыць. Доўга ехаў, ажно пачаў драмаць, яго разбудзілі стрэлы. Аказалася, што першыя коннікі напароліся на засаду. Абоз павярнуў назад. Калі Тадзік зірнуў па баках, дык убачыў, што іх акружаюць чырвонаармейцы. Адразу зразумеў – напаткала помста за афіцэраў, забітых у рэстаране. Ззаду быў яшчэ прагал, праз які можна было праскочыць. Тадзік ужо наважыўся накіравацца туды, але раптам пачуў голас Руткоўскага:
– Базан! Базан!
Хлопец азірнуўся і ўбачыў, што маёр вываліўся з перавернутых саней і ляжыць у снезе. Тадзік падскакаў да яго, дапамог ускараскацца на каня і паляцеў. Над галавою свісталі кулі, як тады ў першыя дні вайны, калі яго даганяў немец. Яны ўдала праскочылі небяспечны прагал, калі стрэлы сціхлі, Тадзік азірнуўся. Ззаду кола аблогі сціснулася, ахапіла жаўнераў.
– Шмат паб’юць, шмат возьмуць у палон, паглядзіце, што робіцца, – разгублена сказаў ён, а сам падумаў: "Гэта адплата за ўчыненае зло".
– Непапраўная памылка, зарваліся мы, – падвёў рысу Руткоўскі.
– Куды паедзем?
– На новую базу.
– Нехта з нашых расколецца і прывядзе да яе чырвоных.
– Калі тое яшчэ будзе? Ноч ці дзве мы там перакантуемся без турботы. Трэба сабрацца з думкамі. Да таго ж, можа, нехта з нашых усё ж вырвецца з аблогі і таксама прыбяжыць туды. Толькі сабраўся стварыць кавалерыйскі эскадрон… І ўсё прахам!
– На снезе застануцца сляды, якія могуць прывесці да нас ворагаў.
– Занадта асцярожны ты стаў, пакуль цябе лячылі.
– Беражонага Бог беражэ, кажуць разумныя людзі.
База сустрэла іх спакоем і цішынёй.
– Вось тут наш рай, – сказаў Руткоўскі. – Ідзі, Тадэвуш, звары бульбы і падсмаж сала. А я трохі пасплю, нешта стаміўся ад гэтых мітрэнгаў…
– А можа, паямо сала з хлебам ды і годзе. Я таксама страшэнна хачу спаць, а мне ж яшчэ давядзецца стаяць на варце.
– Разумная думка.
Пасля вячэры Тадзік пратапіў печку ў зямлянцы, потым стаяў на варце, чакаў, калі Руткоўскі выспіцца, прыслухоўваўся, ці не вяртаецца хто з жаўнераў. Найболей яму зараз хацелася апынуцца дома, убачыць маці, пацалаваць яе рукі і папрасіць прабачэння за тое, што столькі гадоў не паказваўся на вочы. Хоць, безумоўна, мог знайсці магчымасць, а вось не выйшла, не атрымалася. Проста баяўся, што яна не адпусціць яго, забароніць вярнуцца ў тое жыццё, да якога ён ужо звык за гады вайны.
Ніхто з жаўнераў не прыйшоў і праз суткі. Магчыма, нехта і выратаваўся, але, мусіць, палічыў за лепшае вярнуцца дамоў, а не шукаць небяспечных прыгод.
– Далей тут заставацца не мае сэнсу. Што мы, два рабінзоны, можам зрабіць? – спытаў Тадзік.
– Мы можам шмат, – цвёрда адказаў Руткоўскі. – Ты з якой вёскі, я забыўся…
– З Лазнякоў.
– У вас якое насельніцтва?
– Да вайны былі палякі, беларусы, габрэі…
– Ну, габрэяў там, напэўна, не засталося, а беларусаў мы можам выкурыць.
– Як гэта? – насцярожана спытаў Тадзік.
– Вельмі проста. Ты ж ведаеш, дзе і хто жыве. Ноччу падпалім іхнія хаты і ўсё. Сабакі не брахалі, а беларусаў павыганялі, – засмяяўся Руткоўскі.
"Мала таго, што з ягонай згоды забілі майго сябра, ён хоча яшчэ і вёску маю спапяліць! Вылюдак!" – абурана падумаў Тадзік.
– Новая польская ўлада павінна адчуваць, што не яна тут гаспадарыць, разумееш? Мы павінны дзейнічаць і дзейнічаць! – даводзіў Каэтан.
– Не дазволю паліць маю вёску!
– Ты мне не дазволіш! Я расстраляю цябе за невыкананне загаду! – Руткоўскі схапіўся за аўтамат.
Тадзік у адно імгненне выхапіў пісталет і ўсадзіў у нянавіснае цела ўсю абойму. Руткоўскі са здзіўлена выцягнутым тварам абсунуўся на падлогу і знерухомеў.
75
Пасля нядоўгіх разваг Тадзік вырашыў спярша зайсці да маці, пабачыцца ды і развітацца надоўга, бо разумеў, што хутка пачнуць шукаць Руткоўскага, а заадно ад’ютанта, таму трэба было тэрмінова дабірацца да Беластока, адшукаць кіраўніцтва Арміі Краёвай, а пасля вырашыць, як жыць і чым займацца. Наладзіць сувязі ён збіраўся праз доктара, у якога лячыў параненае плячо. Надвячоркам прыйшоў да старой грушы-дзічкі, схаваў у дупле аўтамат. Калі зусім сцямнела, накіраваўся да роднай хаты. Маці, мусіць, ужо адпачывала, бо вокны былі цёмныя. Падышоў да весніц, адчыніў іх, прайшоў па двары, падняўся на ганак і раптам на яго наваліліся ззаду, скруцілі рукі, надзелі наручнікі.
– Нарэшце дачакаліся мы цябе, Базан-Сапранецкі, – сказаў нехта па-польску.
"Свае паліцыянты, – падумаў Тадзік са злосцю. – Як жа я мог так неабачліва трапіць у пастку?"
– Не будзіце маці. Няхай яна нічога не ведае, – папрасіў ён.
– Ідзі, ідзі, нам твая маці без патрэбы.
Яго падштурхнулі ў спіну і павялі да будынка гміны, а стуль на кані павезлі ў мястэчковую турму, дзе ўжо, як ён зразумеў, сядзела шмат жаўнераў з тых, што трапілі ў палон пры аблозе. Два паліцыянты адразу дапыталі, хто ён такі і што рабіў у двары Сапранецкіх.
– Вы ж самі назвалі маё прозвішча і клічку. Дык навошта яшчэ лішнія размовы? – здзіўлена спытаў Тадзік.
– Так, мы шукалі Тадэвуша Сапранецкага, але ці таго злавілі? Такое ў нас пытанне.
– Таго, можаце не сумнявацца.
– Ты быў у бандзе Руткоўскага?
– У аддзяленні Арміі Краёвай.
– Банда ёсць банда, як ты яе ні называй. Знішчалі людзей, палілі вёскі, дзейнічалі, як фашысты, выдаючы сябе за патрыётаў Польшчы! – павысіў голас адзін з паліцыянтаў.
– Асабіста я гэтага не рабіў, – адказаў Тадзік, якога пакутліва даймала пытанне: хто мог ведаць яго сапраўднае прозвішча і імя, акрамя Руткоўскага, закралася сумненне, мо маёр выжыў і яго знайшлі на базе.
– Гэта мы яшчэ высветлім. Зараз прывядуць чалавека для апазнання тваёй асобы.
Праз колькі хвілін прывялі вязня з апушчанаю галавою, ускудлачанымі валасамі, з сінякамі пад вачамі, у ім Тадзік ледзьве пазнаў Рака.
Паліцыянт звярнуўся да былога памочніка Руткоўскага і спытаў, хто гэты хлопец. Рак зірнуў на Тадзіка і сказаў: