Асаблівасці міфалогіі як формы свядомасці

Міфалогія — форма свядомасці, асаблівы працэс мыслення, які захаваўся з самых архаічных часоў; дзейнічае ён і сёння, знаходзячы праяўленне далёка не толькі ў мастацтве, у паэзіі, але і ў палітыцы, ідэалогіі, рэкламе.

Слова «міфалогія» неабходна разумець у двух сэнсах — аб’ектыўным і метамоўным: як сістэму міфаў таго ці іншага народа, рэгіёна, усяго свету (збор паданняў, легендаў, эпас архаічных этнасаў) і як навуку пра міфы.

Міфалогію вывучаюць самыя розныя навукі: фалькларыстыка, этнаграфія, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, лінгвістыка, культуралогія, гісторыя, філасофія, псіхалогія, сацыялогія.

Міф — у аснове ўсіх нацыянальных культур. У тым выпадку, калі працэс развіцця таго ці іншага народа пачаўся гістарычна не так даўно і ў яго няма сваёй старажытнай міфалогіі, ён стварае сучасную. Але без міфалогіі, якую м ожна назваць нацыянальнай паэтычнай ідэалогіяй, не абыходзіцца ні адзін этнас. Міфы садзейнічаюць яднанню грамадства, удзельнічаюць у фарміраванні менталітэту народа праз захаванне пэўных стэрэатыпаў мыслення і паводзін. Міфалогія — не казкі і не фантастычныя ўяўленні — гэта абагулены вопыт жыццядзейнасці продкаў, адлюстраваны і захаваны праз сістэму вобразаў.

Сучасныя вучоныя-міфолагі звычайна звяртаюць увагу на тое, што міфалогія — народны аналаг навукі, бо яна занатавала найбагацейшыя веды нашых продкаў пра Прыроду. На нашу думку, міф — народная філасофія, філасофія ў вобразах. Гэта важна ведаць усім, хто паглыблена вывучае літаратуру, бо літаратура заўсёды ставіла і вырашала тыя ці іншыя філасофскія праблемы. Аднак найбольш аб’ядноўвае прыгожае пісьменства і міфалогію сам тып мыслення, заснаваны на фантазіі.

Міфы — сюжэты, што выяўляюць розныя аспекты чалавечай самасвядомасці, а сюжэтнасць мае непасрэднае дачыненне да мастацкай слоўнай творчасці. Міф наскрозь сімвалічны — самы сімвалічны з усіх з’яў, заснаваных на слове. Некаторыя сімвалы прадстаўлены ў наратыўнай (апавядальнай) форме, што прама дазваляе адносіць іх да літаратуры. У міфе можна знайсці мноства сэнсавых пластоў — гэтаксама, як у кожным таленавітым мастацкім творы, але сімвалізм міфа глыбейшы. Міф — універсальная мадэль для пабудовы сімвалаў. Паводле насычанасці, згушчэння сэнсаў можна вывесці наступную формулу: вобраз — метафара — сімвал — міф. Разгортваючы формулу наадварот, атрымаем фарміраванне прыведзеных паняццяў у часе.

У прынцыпе ўсё тыповае мае адносіны да міфалогіі, а стварэнне тыпаў лічыцца адным з вышэйшых дасягненняў мастацкай літаратуры. Але міф стварае тыповыя мадэлі і для ўсяго грамадства. Такія мадэлі называюцца архетыпамі. Гэта адно з важнейшых паняццяў не толькі міфалогіі як навукі, але і псіхалогіі, этналінгвістыкі, сацыялогіі і некаторых іншых дысцыплін. Міфалогія складаецца з архетыпаў, на якія, як на стрыжань, насаджваюцца вобразы і ўяўленні магіі, рэлігіі, палітыкі, мастацтва. Міф — бязмежны выток і вобразаў-тропаў прыгожага пісьменства. У літаратуры аўтарскае мысленне напластоўваецца на мысленне міфалагічнае, нараджаючы па сутнасці новы міф. Менавіта ў «розніцы» паміж першасным і другасным (аўтарскім) міфамі хаваецца закладзены пісьменнікам сэнс, падтэкст. Глыбінныя сэнсы і значэнні выяўляюцца таксама і праз аўтарскую падсвядомасць. Паколькі міф — асаблівы тып мыслення, ён непасрэдна праяўляецца ў мове. Моўныя міфемы можна знайсці практычна ў кожным тэксце, тым больш у тэксце мастацкім.

Многія пісьменнікі мадэліравалі і мадэліруюць рэчаіснасць паводле законаў міфалагічнага мыслення. Тыпы мастацкай міфалагізацыі наступныя:

Стварэнне сваёй арыгінальнай сістэмы міфалагем (характэрна ў асноўным для пісьменнікаў-рамантыкаў — А. Міцкевіча, М. Гогаля, Э.Т.А. Гофмана).

Аднаўленне глыбінных міфа-сінкрэтычных структур мыслення (напрыклад, ваўкалацтва, двойніцтва персанажаў — у Ф. Дастаеўскага, Г.Сянкевіча, Я. Баршчэўскага).

Рэканструкцыя старажытных міфалагічных сюжэтаў, іх сучасная інтэрпрэтацыя (біблейскія сімвалы ў В. Быкава, В. Адамчыка).

Увядзенне асобных міфалагічных матываў і персанажаў, узбагачэнне канкрэтна-гістарычных вобразаў універсальным сэнсам (Я. Купала, М.Багдановіч, В. Быкаў, У. Караткевіч).

Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ жывыя элементы міфалагічнага светасузірання (А.Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі).

Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, гара, любоў і г.д. (Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).

Міф больш характэрны для архаікі, але наш час таксама напоўнены міфамі, толькі мы не разумеем, што гэта міфы. Міфалогія вельмі жывучая, можна сказаць, несмяротная форма фантазіі. Міфалагічны светапогляд існаваў заўсёды і не знікне ніколі. Нават у наш прагматычны час людзі працягваюць верыць у цуд, а такая вера і ёсць праяўленне міфалагічнай свядомасці. Міфы — найперш псіхічныя, псіхасацыяльныя феномены, таму міфатворчасць — частка і дзяржаўнай палітыкі. Наша жыццё і па сёння застаецца пад уладай магаў-міфатворцаў. Ідэалогія і палітыка вельмі шырока выкарыстоўваюць міфалогію і яе сімвалы. Часам гэта праяўляецца ўскосна, напрыклад, у рэкламе. Стваральнікі рэкламы прама гавораць: каб прадаць нейкі тавар, неабходна стварыць яму міф, легенду (а таварам, на жаль, сёння робіцца ўсё, нават чалавек-творца). Але ў цэлым, у глабальным плане, міфалогія дапамагае знайсці нацыянальную ідэю, правільна зразумець уласную харызму (тое, што надае народу адметнасць) і асноўныя этнічныя архетыпы, рацыянальна ўсвядоміць і інтуітыўна адчуць свае гістарычнае і геапалітычнае прызначэнне.

Звычайна лічыцца, што навуковы светапогляд — антыпод міфалагічнага. Але і сама навука напоўнена міфамі. Уласна, развіццё навукі — гэта пастаяннае адмаўленне адных міфаў і замена іх іншымі. Толькі тое, што можна праверыць практыкай, — не міф. Інакш кажучы, калі на аснове таго ці іншага закона, адкрытага навукай, можна пабудаваць прыбор, механізм, машыну, і яны будуць працаваць, — толькі тады можна гаварыць пра сапраўдную навуку, пра пазнанне законаў прыроды.

Сучасны даследчык міфалогіі адзначае: «Міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая усім кіруе… Міфалогія такая разнастайная і шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура… У міфалогіі патаемная, неадназначная, сімвалічная і вельмі прыгожая мова, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў» [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца непазнанае, містычнае называецца сакральным — таксама адно з галоўных у міфалогіі паняццяў.

Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае вельмі своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці — гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў свеце міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

Міф — з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф — нітка, якая злучае мінулае, сучаснае і будучае.

Міф — своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд.

Міф — неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала стасункі чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў адну сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагулены вопыт, прыяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе літаральна ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругазварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю. Мы намнога больш залежым ад прыроды, ад Космасу, чым уяўляем. І мы знішчаем, падаўляем прыроду, а нашы продкі мудра да яе прыстасоўваліся і ўнутры яе гарманічна існавалі.

Усе міфы, рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), паданні літаральна ўсіх народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за нашы сённяшнія веды. Сёння і навука схіляецца да думкі, што міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Увасабленнем такіх ведаў у міфах было Залатое Руно, Жар-птушка, філасофскі камень, што шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы.

Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.

Звычайна думаюць, што міф — тая ж казка, карацей, вымысел, фантазія. На самай справе ўсё наадварот: міф — гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле наша цывілізацыя матэрыялістычная. Але і ў наш час ствараецца міфалогія, не менш багатая, але заснаваная на зусім іншай парадыгме — яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. У цэлым жа для міфа характэрна:

а) сакралізацыя часу першастварэння;

б) нераздзеленасць вобраза і значэння;

в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;

г) цесная сувязь з рытуалам;

д) цыклічная мадэль часу;

е) метафарызм;

ё) сімвалізм;

ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі выйшлі: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;

з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.

Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд і смерць-уваскрэсенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет — багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве — Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі — свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы — мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма выразіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні — таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека — як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні — для яе няма перашкод. Мы самі — чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка — у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне — унутры нас, наша свядомасць, дух.

Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці — залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Раство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва — тэатр, прыгожае пісьменства.

Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.

Такім чынам, міфалогія — не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.

Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: «Рыгведа», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна».

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі — «Авеста», «Шахнамэ» Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея», «Тэагонія» Гесіёда, «Міфалагічная бібліятэка» Апаладора, «Пра прыроду багоў» Цыцэрона, «Пра Ісіду і Асірыса» Плутарха.

Г) Пра германскую і кельцкую міфалогію захаваліся працы Тацыта, Юлія Цэзара, Годфрыда Манмуцкага, цыкл пра караля Артура ў розных расповядах, «Старэйшая Эда», «Малодшая Эда» і «Круг зямны» СнорыСтурлусона і інш.

Д) Славянскую міфалогію можна вывучаць на аснове Поўнага збору рускіх летапісаў, «Слова пра паход Ігаравы», западаных хронікаў пра германцаў і іх суседзяў, напрыклад, твораў Адама Брэменскага, Саксона Граматыка; сведчанняў арабскіх падарожнікаў (Ібн Фалдана, Аль Масудзі); працы Яна Длугоша «Гісторыя Польшчы» і больш позніх польскіх і літоўскіх гісторыкаў Я.Стрыкоўскага, Ч.Мяхоўскага; чэшскага сярэднявечнага слоўніку «Mater Verborum»; павучэнняў супраць язычніцтва і жыццяў святых; фальклорных крыніц; моўных фактаў.

Пытанні для засваення і самаправеркі:

1. У чым асноўныя асаблівасці міфалогіі як тыпу свядомасці, як «паэтычнай філасофіі»?

2. Што аб’ядноўвае міфалогію з іншымі формамі грамадскай свядомасці — навукай, рэлігіяй, мастацтвам?

3. Якія асноўныя праблемы міфалогіі і аб’екты яе цікавасці?

4. Чаму міфалогію можна лічыць філалагічнай дысцыплінай?

5. Як праяўляецца міфалагізм у літаратуры?

6. Асноўныя паняцці, неабходныя для разумення курса «Міфалогія і літаратура».

7. На аснове якіх крыніц вывучаецца міфалогія?

Загрузка...