Слова «рэлігія» перакладаецца як «сувязь». Рэлігія ўстанаўлівае сувязь чалавека са светам і сувязь людзей паміж сабою як братоў. Мэта рэлігіі — паскорыць чалавечую эвалюцыю. Сутнасць рэлігіі — у адказе на пытанне пра сэнс жыцця.
Ва ўсіх сусветных рэлігіях адзіная аснова — Бог, душа, мараль. Усё астатняе разбаўлена шматлікімі рэгіянальнымі і нацыянальнымі міфамі. Але тое, што рэлігіі па сутнасці сваёй — адно, не азначае, што яны павінны аб’яднацца. Сусветныя рэлігіі ўзніклі невыпадкова. Прыродыыя ўмовы, культура, менталітэт таго ці іншага народа абумовілі выбар ім адпаведнай рэлігіі, бо рэлігійнае светаадчуванне моцна звязана з псіхікай этнасу. Рэлігіі падтрымліваюць нацыянальнае, этнічнае, культурнае адзінства грамадства.
Наколькі вядома, нідзе і ніколі не існавала народа, які быў бы абсалютна нерэлігійны. Іншая справа, што пад словам «рэлігія» часам разумеюць міфалогію. Між тым гістарычна паняцце «рэлігія» ахоплівае і рэлігійную практыку тых народаў, якіх называюць прымітыўнымі (сюды ўключана і міфалогія), і абстрактныя развагі вытанчанай рэлігійнай філасофіі (так званай тэалогіі), а таксама эстэтычна і сімвалічна рафінаванае набажэнства ў тых грамадствах, якія маюць пісьмовую культуру і перадавыя тэхналогіі.
У XX ст. чалавецтва перажыло атэістычны перыяд. Але ў апошні час шматлікія навуковыя адкрыцці сведчаць пра праўдзівасць рэлігійных пастулатаў. Напрыклад можна адзначыць блізкасць традыцыйнай хрысціянскай, іудзейскай і ісламскай касмалогіі да сучасных астранамічных уяўленняў. Новыя распрацоўкі ў вобласці псіхатэрапіі таксама дэманструюць падабенства да старадаўніх рэлігійных метадаў духоўнага ўдасканалення. Інакш кажучы, паміж навукай і рэлігіяй знікла ранейшае напружанне і адчуваецца ўсё большае набліжэнне адна да адной.
Цэнтральнае паняцце ўсіх сусветных рэлігій — Бог. Бог — найвышэйшае імя, з якім звязаны ўсе самыя чыстыя і светлыя надзеі чалавецтва. У ім быццё знаходзіць сваё тлумачэнне і апраўданне — сваю прычыну і сваю мэту,
Бог — абсалютна свабодная Асоба, бясконцая Сіла, самы дасканалы Розум і бязмежная Любоў. Так разумее Бога хрысціянства. У іншых гістарычных рэлігіях (акрамя іудаізму і ісламу) шматграннасць з’яў прыроды раздзяліла ва ўяўленнях чалавека вобраз адзінага Бога на мноства багоў, з якіх кожны ўвасабляў адзін з атрыбутаў адзінага Бога. 3 часам імкненне мыслення да адзінства злучыла гэтыя персаніфікаваныя вобразы паміж сабою і са светам — сістэма такіх поглядаў атрымала назву пантэізм. Для старажытных беларусаў якраз было характэрна пантэістычнае светаадчуванне.
Звычайна Бога ўяўляюць сівым велічным старым, які жыве на Небе, недзе ў Космасе. Гэта наіўны погляд. На самай справе Бог — непадзельнае Адзінства. Ён прысутнічае ўсюды, напаўняе сабою Сусвет. Увесь Космас жывы, бо Богам прасякнуты, запоўнены. Гаворачы проста, Бог — Жыццё як ёсць, усе яго праяўленні ў тых ці іншых рэчах і з’явах. У прынцыпе ж ні ў якіх словах і паняццях недасканалай мовы і розуму чадавечага не можа быць выяўлена адэкватна сутнасць Бога. У Бога можна толькі верыць, але часта інтуітыўнае пачуццё нават людзей-атэістаў гаворыць аб набліжэнні прадмета да Бога або аддаленасць ад яго: ёсць рэчы і з'явы прыгожыя, добрыя, і гэта крытэрый набліжанасці да Бога, а ёсць пачварныя, ліхія, благія — яны не звязаны з Богам.
Такім чынам, сутнасць Бога нельга спазнаць розумам, але можна адчуць накіраванаю на матэрыю Божаскую Волю, Божаскую Энергію, Божаскую Ласку. Праз гэты выхад Бога за межы сваёй сутнасці — праз Божую Ласку — Ён пазнаецца чалавекам. Сэнс чалавечага жыцця — у спазнанні Святога Духа, у асэнсаванні адчування Божай Ласкі.
Бог прысутнічае ў чалавечай рэфлексіі як нейкая ідаэльная сутнасць, лепш сказаць, сукупнасць сутнасцяў (жыццё, дух, бясконцасць, вечнасць, еднасць, сусветны розум і г.д.), якія не атрыманы чалавекам у выніку свядомых дзеянняў, а дзіўным чынам дадзены людзям і існуюць незалежна ад іх у нейкай іншай, не звязанай з побытам рэальнасці.
Божаскі Розум, Яго Слова (Логас) — сіла, якая дае быццё ўсяму існаму. Некаторыя мысляры сцвярджалі, што свет перастаў бы існаваць, калі б Бог не уяўляў яго існуючым, не ствараў бы яго пастаянна сілаю сваёй Думкі. Бог — абсалютна дасканалы Розум. Чалавечае ж мысленне абмежавана ў шматлікіх сваіх параметрах, ніколі не абдымае сваім пазнаннем увесь прадмет цалкам, ніколі не дасягае сутнасці пэўнай з’явы. У чалавечых меркаваннях няма ісціны ў апошняй інстанцыі. Толькі Божаскае Пазнанне ведае рэчы такімі, якія яны ёсць, і не карыстаецца ніякімі лагічнымі прыёмамі, што характарызуюць наша абмежаванае мысленне.
Звычайна простыя людзі з цяжкасцю разумеюць паняцце Адзінасутнасці Святой Тройцы — Бога-Бацькі, Бога-Сына і Бога-Духа Святога. Але яны гэтак жа непадзельныя, як непадзельныя думка і пачуццё ў самога чалавека. Праўда, шматлікія філосафы свету, пачынаючы ад знакамітых філосафаў Антычнасці (Сакрат, Платон, Арыстоцель), імкнуліся лагічна даказаць наяўнасць Бога.
У ХVІІІ ст. нямецкі філосаф І. Кант абвясціў немагчымасць доказаў існавання Бога лагічным шляхам. Але развіццё філасофскай думкі не спынілася. Пазнейшыя мысляры не прынялі пастулаты Канта, сцвярджаючы магчымасць іншага, не лагічнага, а вопытнага шляху пазнання Бога. Бог непасрэдна ўздзейнічае на дух чалавека, а чалавеку ўласцівая здольнасць успрымаць Божую Ласку. Бога мы адчуваем гэтак жа, як існаванне іншых знешніх з’яў, і набытая такім чынам упэўненасць намнога вышэй за тую, якую даюць лагічныя доказы.
Залежны ад прыроды, чалавек жыве пачуццёвым, жывёльным жыццём. Перамагаючы яго сваёй воляю, ён аказваецца здольны жыць і разумовым жыццём. Але і такое жыццё не можа задаволіць чалавека. Найбольшая асалода для яго — у падпарадкаванні свайго «вызваленага» «я» Вышэйшай Рэальнасці і ў кантактах з гэтай Рэальнасцю.
У прынцыпе ўсё вакол, кожная драбяза, гаворыць чалавеку пра існаванне Бога і блізкасць яго да людзей. Але якія б шматлікія сведчанні не былі, у чалавека не нанародзіцца вера ў Бога, пакуль ён не адчувае Бога ва ўласным сэрцы.
Важнейшай падзеяй у гісторыі чалавецтва з’яўляецца пераварот, у выніку якога найбольш высакародныя людзі адчулі Бога ў сэрцы і перайшлі ад старажытных язычніцкіх рэлігій да рэлігіі новай, заснаванай на трыадзінстве Бога, на ўвасабленні Бога-Сына.
Хрысціянская рэлігія атрымала назву па імені адной з іпастасяў Святой Тройцы — Хрыста. Узнікненне хрысціянства мела глыбокія, глабальныя, можна сказаць, касмічныя вытокі.
Усе буйнейшыя філосафы XIX–XX стст. гаварылі пра тое, што з’яўленне Хрыста-Богачалавека ў свеце — важнейшая падзея ўсёй чалавечай гісторыі. Гады яго быцця на Зямлі, а таксама перыяд падрыхтоўкі розумаў людзей да гэтай фенаменальнай падзеі называюць «восевы час», або «вузлавая эпоха». Яна пачалася прыкладна з V ст. да н. э. Невыпадкова, што менавіта ў гэты час расквітнела грэчаская філасофія і дзейнічалі вялікія яўрэйскія прарокі, стваральнікі Старога Запавету.
Дух (Бог) дзейнічае ў чалавеку і праз чалавека. Але дзейнічае ў ім своеасабліва, зыходзячы з часу. Гэта значыць, што ў кожную эпоху чалавеку дадзены тыя веды пра жыццё і Космас, якія ён можа ўспрыняць. Так што ў прынцыпе хрысціянства існавала заўсёды, але яно не магло атрымаць афармленне, пакуль не даспела да яго свядомасць людзей. Здарыўся, нарэшце, у гісторыі момант, калі мозг чалавека аказаўся здольны ўспрыняць ідэю сапраўднага Бога. Тады Бог-Бацька паслаў на Зямлю свайго Сына — Хрыста. Гэта адбылося 2000 гадоў таму.
Неабходна памятаць, што Хрыстос поўнасцю адзінасутны з Богам-Бацькам, пра што сам Ісус неаднаразова гаворыць. Ён называе сябе «жыццём», «святлом», «ісцінай» — не ў тым сэнсе, што праз яго ад Бога-Бацькі ідзе на чалавека жыццё і святло ісціны, а ў тым, што Ён Сам ёсць усё гэта па сутнасці сваей. Ён і дзейнічае як Бог: даруе грахі, прымае малітвы, выратоўвае і судзіць свет.
Ужо вучні Хрыста — апосталы — зразумелі: Ён — Бог, што прыняў цялесную форму, а таксама ачалавечанае Слова (Логас), якое спрадвеку было ў Бога і было Богам (гэтым Словам Ён ствараў Свет).
Звычайна простым людзям вельмі цяжка зразумець, што Хрыстос не напалову Бог, напалову чалавек, а ва ўсім Бог і ва ўсім Чалавек. Цела ў яго сапраўды чалавечае, і ён сапраўды нарадзіўся ў Марыі як звычайнае дзіця, хоць гэта і суправаджалася незвычайнымі падзеямі. З Дабравесця відаць, што Хрысту ўласціва тое ж, што і звычайным людзям: ён можа адчуваць голад, стомленасць, можа перажываць уласцівыя чалавеку пачуцці любові, спачування, тугі, гневу, і яму характэрны моманты адчаю, роспачы, барацьбы ў душы супярэчлівых імкненняў. Ён праходзіць і чалавечы шлях жыццёвага развіцця, паступова раскрываючы духоўна-цялесныя сілы сваей прыроды. Яго сапраўдны чалавечы воблік праяўляецца і ў адносінах да навакольнага асяроддзя, да прыроды, да сям’і, да нацыянальных законаў, да народных звычаяў. Карацей, ва ўсім Хрыстос паўстае як узор сапраўднага Чалавека — у самым высокім і прыгожым сэнсе гэтага слова. Ён сам сябе называе «Сын Чалавечы». Ён — ідэал чалавека.
Хоць Хрыстос ва ўсім Бог і ва ўсім Чалавек, гэтыя дзве сутнасці ў ім поўнасцю зліваюцца. Бог (Дух) прыняў форму чалавечую, а чалавечы розум узняўся да Розуму Бога, чалавек узвысіўся сваімі якасцямі да Бога. У гэтым сэнсе жыццё Хрыста, выкладзенае ў Новым Запавеце, можа быць прыкладам для кожнага чалавека на яго шляху да духоўнага росту.
Тое, што Хрыстос нарадзіўся і дзейнічаў у Палесціне, — не выпадковасць. Для яго з’яўлення неабходна была важная ўмова — монатэізм: каб не асобныя людзі, а ўвесь народ верыў у адзінага Бога. Без гэтага не было б псіхалагічнай глебы для з’яўлення Хрыста. Заслуга яўрэйскага народа — якраз у сцвярджэнні монатэізму. Пра тое, як гэта адбывалася, распавядае Стары Запавет Бібліі.
Біблія (па-грэчаску «кнігі») — так называецца ў хрысціянскай царкве звод кніг, напісаных выбранымі Богам людзьмі, якіх натхняў сам Святы Дух. Біблія — боганатхнёныя творы. Звычайна Біблію называюць Кнігаю Кніг.
Біблія падзелена на два аддзелы — Стары Запавет і Новы Запавет. Да першага належаць кнігі, напісаныя ў дахрысціянскія часы на старажытнаяўрэйскай мове. Яны шануюцца як іудаістамі, так і хрысціянамі. Да другога належаць кнігі, напісаныя на грэчаскай мове боганатхнёнымі прадстаўнікамі хрысціянскай царквы — апосталамі і евангелістамі.
Стары Запавет складаецца з 39 кніг (у іудаізме іх штучна лічаць за 22 — па літарах яўрэйскага алфавіта). Не ўсе кнігі Старога Запавету ў іудаізме і хрысціянстве супадаюць.
Час стварэння Старога Запавету — прыкладна з ХШ ст. да н. э. па II ст. н. э. У сярэдзіне III ст. да н. э. па загаду егіпецкага цара з македонскай дынастыі Пталемея ІІ Філадэльфа 70 перакладчыкаў з Ерусаліма, якіх прывезлі ў сталіцу Егіпта Александрыю, пераклалі асноўны тэкст Старога Запавету на старажытнагрэчаскую мову. Гэты пераклад, зроблены за 72 дні, атрымаў назву Септуагінта. У канцы IV — пачатку V ст. н. э. Блажэнны Іеранім пераклаў Стары Запавет на лацінскую мову. Яго пераклад называецца Вульгата. Ім у значнай ступені карыстаўся Ф.Скарына, перакладаючы Біблію. На старажытнаславянскую (царкоўнаславянскую) мову пераклад зрабілі Святыя браты Кірыл і Мяфодзій у Х ст.
Новы Запавет не прызнаецца іудаізмам.
Тэксты, якія ўваходзяць у склад Бібліі, уяўляюць сабою канон: ён зацверджаны хрысціянскай царквою. Канчаткова канон сфарміраваўся ў ІІ ст. н. э. Друкаванае выданне Старога Запавету ўпершыню з’явілася ў XV ст., Новага Запавету — у пачатку XVI ст.
У Старым Запавеце тры вялікія цыклы:
1. Закон (Тора), або Пяцікніжжа, які прыпісваецца прароку Маісею.
2. Прарокі: старажытныя хронікі. а таксама сачыненні трох вялікіх прарокаў (Ісаі, Іерэміі, Ізэкііля) і 12 так званых «малых» прарокаў
3. Пісанне: гімны, афарызмы, дыдактычныя (павучальныя) аповесці, лірычная «Песня песням» і г.д. Галоўныя героі тут — цары Давід і Саламон, падчас праўлення якіх старажытны Ізраіль дасягнуў найвялікшай магутнасці.
Асабліва важны для рэлігіі іудаізму першы цыкл — Закон, або Тора. Тут выкладзены асноўныя нормы, правілы, філасофскія ды маральныя прынцыпы іудаізму. Першая кніга цыкла «Быццё» распавядае пра стварэнне Богам свету, пра Адама і Еву, іх грэхападзенне, пра першых патрыярхаў, Іосіфа Прыгожага і пра егіпецкі палон, у якім знаходзіўся яўрэйскі народ. Кніга другая «Зыход» распавядае пра Маісея і яго Запавет (дамоўленасць з Богам), пра зыход яўрэяў з Егіпта. Трэцяя кніга «Лявіт» — звод рэлігійных законаў, правілаў, апісанні рытуалаў. Чацвёртая кніга «Лічбы» і пятая «Другі закон» прысвечаны гісторыі яўрэяў пасля зыходу з Егіпта.
Лічыцца, што Біблія мае як мінімум тры сэнсы: літаральны, сімвалічны і эзатэрычны (патаемны). Гэта надзвычай глыбокая Кніга пра свет, першаасновы быцця, важнейшыя жыццёвыя каштоўнасці.
Ужо першая кніга «Быццё» дае бясконцы матэрыял для роздуму. Тут распавядаецца пра стварэнне Богам свету.
Бог стварыў свет за шэсць дзён. У першы дзень было створана святло і аддзелена ад цемры, у другі дзень — неба і аддзелена вада нябесная ад вады зямной, у трэці дзень раздзелены суша і мора, а таксама створана расліннасць. У чацвёрты дзень Бог пачаў упрыгожваць, засяляць Зямлю, зрабіўшы яе зручнай для жыцця. Ён стварыў свяцілы (Сонца, Месяц і зоркі) для асвятлення 3ямлі і для разліку часу. У пяты дзень Ён засяліў водную стыхію і паветра рыбамі і птушкамі, у шосты дзень стварыў жывёл і чалавека. Прарабіўшы такую каласальную работу, Бог убачыў, што атрымалася добра і прызначыў чалавека быць уладаром над усім зямным. Закончыўшы працу, Бог аддаў сёмы дзень адпачынку, блаславіў і асвяціў яго. Тут заключаны глыбокі сэнс: міф паказвае паслядоўнасць эвалюцыі Космасу і жыцця, паэтапнасць утварэння розных касмічных, прыродных формаў. А «дзень» Бога неабходна разумець метафарычна: «дзень у Бога як тысяча гадоў», інакш кажучы, «дзень» — нейкі перыяд. Сучасная навука пацвердзіла тэзіс, які выклікаў заўсёды найбольшы скепсіс у крытыкаў Бібліі: святло было створана раней за свяціла. «Што магло свяціць, калі не было Сонца, Месяца, зорак?» — смяяліся на працягу стагоддзяў буйнейшыя філосафы Еўропы. Хрысціянскія каментатары Бібліі тлумачылі Святло, створанае ў першы дзень, як першае світанне, першы ранак. Аддзяліўшы яго ад цемры, Бог устанавіў непарушны парадак у Космасе. Сапраўды, святло і цемра — самыя універсальныя і па вялікаму рахунку найбольш важныя паняцці, што абазначаюць з’явы Сусвету. Навуковыя адкрыцці самага апошняга часу сведчаць: свабодная касмічная прастора напоўнена незлічонымі фатонамі, мірыяды іх працінаюць штоімгненна кожны куток Космасу. А фатон і ёсць носьбіт святла. А можа, першаснае Святло — гэта халодная лептонная плазма — своеасаблівы касмічны агонь, носьбіт інфармацыі, якая імгненна перадаецца ў Галактыцы?
Свет гарманічны і прыгожы, бо створаны Богам. Чалавека ж Бог стварае падобным да сябе. Што маецца на ўвазе? Можа, тое, што Бог — уладар Сусвету, а чалавек — Зямлі? Але хутчэй за ўсё чалавек падобны да Бога сваім творчым патэнцыялам, чалавек па сутнасці сваёй — творца. Акрамя таго, яму даравана свабода выбару, ён свабодны, як і Бог, і гэтым адрозніваецца нават ад анёлаў. Але прырода чалавека дваістая, бо цела яго — матэрыяльнае, ён створаны з зямлі (Адам па-яўрэйску «чырвоная зямля»). Адам заключае ў сабе каласальную магутнасць Універсуму, тут Мікракосмас ставіцца ўпоравень з Макракосмасам. Першачалавека Адама сімвалічна неабходна разглядаць як увасабленне ўсяго чалавецтва. Жонка яго Ева — сімвал матэрыяльнага аспекту жыцця, яна маці ўсяго Існага. 3 духоўнага пункту гледжання Ева — антыпод Дзевы Марыі, духоўнай Маці ўсіх людзей.
Бог пасяліў першую чалавечую шлюбную пару ў садзе Эдэм (у старажытнаславянскай мове перакладзена як Рай), каб чалавек даглядаў яго і ахоўваў, дазволіўшы Адаму і Еве есці любую садавіну з дрэў сада, акрамя плода з Дрэва пазнання дабра і зла. Змей спакушае Еву парушыць забарону. Змей у хрысціянскай традыцыі лічыцца ўвасабленнем зла, спакушальнікам, д’яблам. Бог праклінае змея і выганяе першалюдзей з Эдэма. 3 таго часу наканаванне Адама — у поце здабываць хлеб свой, а Евы — у пакутах нараджаць дзяцей.
Сюжэт пра грэхападзенне, нягледзячы на знешнюю займальнасць, надзвычай складаны ў філасофскім сэнсе, і яго неабходна разумець сімвалічна. У чым грэх першалюдзей? Яны зрабілі ўчынак паводле волі, супрацьлеглай волі Бога, таму выйшлі са сферы Закону, пакладзенага Богам у аснову свету, як бы выпалі з адзінства свету і пачалі ставіцца да яго быццам збоку. Так, чалавек пачаў усведамляць сябе, але ўсведамляць скажона, бо ён разбурыў спрадвечную сваю адзінасутнасць з Прыродай, парушыў сусветную гармонію. У чалавека з’явілася функцыя пазнання, функцыя розуму, які, аднак, не ўсемагутны. А вось калі б першалюдзі не парушылі Божаскіх Законаў, яны бы разумелі сутнасць рэчаў гэтаксама, як і Бог, як бы схоплівалі любую з’яву цалкам, дасягаючы яе сутнасці.
Першародны грэх сказіў сапраўднасць чалавека, створанага нявінным, бязгрэшным. Выратаванне яго — хрысціянскае хрышчэнне: яно як бы адкрывае ў чалавеку яго сутнасць, яго душу, сумленне — тое, што закладзена Богам, далучае хрышчонага да Хрыста («новага Адама»), які сваёй смерцю выкупіў грэх першага Адама.
Трагічны вынік раздзялення людзей — варожасць адзін да аднаго, што праявілася ў другім страшнейшым граху чалавецтва — братазабойстве дзяцей Адама і Евы: Каін забіў брата свайго Авеля. 3 таго часу пачаліся ўсе злачынствы, няшчасці, гвалт, тэрарызм, войны ў свеце.
Біблейскае паданне пра Адама і Еву, іх сыноў пакінула значны след у сусветным фальклоры. Вельмі шырока прадстаўлены матыў грэхападзення і выгнання людзей з Эдэма ў сусветным выяўленчым мастацтве.
Дрэнныя нашчадкі Каіна былі пакараны сусветным патопам. У Бібліі гэта алегарычная карціна пагібелі цывілізацыі, разбурэння культуры — вялікае папярэджанне чалавецтву, сёння — як ніколі актуальнае. Ідэя ў тым, што ўсё сапраўды каштоўнае выратоўваецца ў Каўчэгу. Тут Біблія гаворыць пра абавязковасць пераемнасці ў культуры. Алегорыя мае і іншае значэнне, якое тычыцца асобнага чалавека. Патоп — непазбежная смерць. Але чалавек можа пабудаваць унутры сябе «каўчэг» і сабраць у ім усе каштоўныя, уласцівыя роду чалавечаму якасці — толькі ў гэтым надзея на выратаванне, на бессмяротнасць.
Ад выратаванага ў каўчэгу бязгрэшнага нашчадка трэцяга сына Адама і Евы — Сіфа — Ноя і яго сыноў — Сіма, Хама, Яфета — пайшлі ўсе расы чалавечыя. У прыватнасці белая раса — ад Яфета. Часам індаеўрапейскія мовы называюць яфетычнымі. У Бібліі згадваюцца ўнукі Яфета — Рош(сь), Мешэх, Фувал, Гамер і інш. Ад Роша, магчыма, паходзіць народ «рос», апісаны ў многіх старажытных помніках.
Яшчэ адзін важнейшы матыў у першай кнізе Бібліі — пра Вавілонскую вежу. Гэта варыянт міфа пра патоп. Але калі той распавядае пра выратаванне, то гэты — пра пагібель. Вежа — сімвал Цывілізацыі. Людзі вераць у інтэлектуальныя метады, у тэхнічныя сродкі, у фармальныя ўстановы, вераць у прагрэс, які якраз і сімвалізуе Вавілонская вежа. Але непазбежна прыходзіць момант, калі людзі настолькі раздзяляюцца, што перастаюць разумець адзін аднаго (у сюжэце гэта выказана праз матыў аб змяшэнні моў). Вежа рушыцца. Бог пакараў людзей за тое, што іх намаганні, імкненні былі накіраваны на знешняе — на будаўніцтва цывілізацыі замест таго, каб будаваць вежу ў душы сваёй, інакш кажучы, узвышацца духоўна.
Далей у кнізе «Быццё» распавядаецца пра першапродкаў яўрэйскага народа: Аўраама, яго сына Ісака, унука Іакава. Асабліва кранае расказ пра сына Іакава — Іосіфа Прыгожага. Гэта выдатна распрацаваны сюжэт пра няшчасці, пакуты, прыгоды чалавека, у рэшце рэшт узнагароджанага за праведнае жыццё. Лёс Іосіфа — парадыгма чалавечага лёсу ўвогуле.
Бацька з усіх сыноў найбольш любіў сына ад любімай жонкі — прыгожага, добрага, разумнага Іосіфа. Зайздроснікі-браты прадаюць Іосіфа ў рабства. Ён трапляе ў Егіпет і служыць у доме, дзе жонка гаспадара заляцаецца да яго, а пасля сваёй няўдачы яго ж і абвінавачвае ў згвалтаванні (сітуацыя, паўтораная пазнейшымі творамі — егіпецкай «Казкай пра двух братоў» і «Іпалітам» Эўрыпіда). Іосіфа кідаюць у засценак. У турме ён разгадвае сны іншых вязняў, якія спраўджваюцца. Праз некаторы час фараону сніцца незвычайны сон пра сем тлустых і сем худых кароў. Ніхто не можа растлумачыць сон, акрамя Іосіфа. Ён прадказвае надыход сямі ўраджайных гадоў і сямі галодных, дае парады, як падрыхтавацца. Узрадаваны фараон робіць Іосіфа сваім першым міністрам. Калі сапраўды надышоў голад і суседнія народы пацягнуліся ў багаты Егіпет, Іосіф дараваў сваім братам і пакінуў іх каля сябе, бо ён не хацеў памятаць благое. На ім ляжала місія: у цяжкі момант выратаваць свой народ. Расказ пра Іосіфа адпавядаў патрэбам простага чалавека, які заўсёды прагнуў справядлівасці. Гэта сапраўды надзвычай абаяльны, жывы персанаж: прыгожы, мудры, практычны і добры. Нездарма ён з таго часу — адзін з самых папулярных вобразаў сусветнай літаратуры.
Праходзіў час. У Егіпце ўлады пачалі дрэнна ставіцца да яўрэяў. Іх імкнуліся ператварыць у рабоў, знішчалі ўсіх немаўлят-хлопчыкаў. Аднак Бог паслаў збавіцеля — Маісея. Расповяд пра цудоўнае выратаванне дзіцяці Маісея — таксама адна з самых яркіх мясцін Бібліі. Ужо сталым чалавекам Маісей вывеў яўрэяў з Егіпта. З гэтага моманту пачынаецца ўласна гісторыя яўрэйскага народа. З другога боку, тут таксама алегорыя. Яўрэі прайшлі праз пакуты, страты, сумненні (сорак гадоў вандравалі па Сінайскай пустыні), але атрымалі ўрэшце зямлю запаветную. Так і кожны чалавек праз сумненні і страты прыходзіць да ісціны.
На гары Сінай Бог дараваў Маісею каменныя скрыжалі, на якіх былі запісаны дзесяць маральных запаветаў для людзей (Дэкалог). Дзякуючы іх глыбіні, сапраўднасці, даходліва выкладзенай форме яны засталіся асноўным маральным кодэксам чалавецтва.
Тора распавядае пра блуканні яўрэяў, пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Маісей. імкнучыся ўнушыць людзям веру ў адзінага Бога. Якраз асноўная місія Маісея — сцвердзіць сярод яўрэяў монатэізм.
У другім цыкле Старога Запавету — Прароках — ёсць некалькі твораў, прысвечаных гісторьіі яўрэяў ад прыходу іх у Палесціну прыкладна ў XIII ст. да н. э. і да падзення Ізраіля і Іудзеі ў VI ст. да н. э. у выніку наступаў вавілонскіх і асірыйскіх войскаў. Тут варта адзначыць «Кнігу Ісуса Навіна», ваенную аповесць пра тое, як яўрэі заваёўвалі Палесціну, бралі ханаанскія гарады. Тут жа — цудоўная ўстаўка пра волата Самсона. У добрага, але наіўнага асілка была схільнасць да жанчыны варожага народа. Ён даверыў ёй сакрэт сваёй сілы — яна была ў валасах. Даліла, калі Самсон спаў, абстрыгла яму валасы. Безабароннага волата ўзялі ў палон. Аднак у турме яго валасы адрастаюць, і вяртаецца сіла. Ворагі клічуць яго на баляванне, каб паздзекавацца, аднак ён рушыць будынак на сябе і на філісцімлян. Самсон — сімвал героя-патрыёта, вернага сваёй радзіме.
Другі цыкл Бібліі ўключае і 16 кніг прарокаў. Прарокамі лічацца людзі, вуснамі якіх гаворыць сам Бог. Галоўны пафас іх твораў — папрокі свайму народу і прадказанні бедстваў Ізраілю за тое, што яўрэі адступіліся ад Бога, не выконвалі яго запаветаў, спакушаліся вераю ў іншых, язычніцкіх багоў. Праўда, адначасова кнігі прарокаў прасякнуты надзеяй на прыход Месіі-Выратавальніка, пасланага Богам. Хоць вобраз Месіі ахутаны таямнічым арэолам, усё ж ясна, што ён будзе чалавекам, больш за тое, — з царскага роду Давіда. Прыход Выратавальніка — найвышэйшы пункт развіцця чалавецтва, апафеоз гісторыі.
Трэці цыкл Старога Запавету — Пісанне — уключае розныя па характару тэксты: лірычныя, дыдактычныя, гістарычныя; гэта Псалтыр, «Песня песняў», «Эклезіяст», «Кніга Руф», «Кніга Эсфір», «Кніга Іова».
У Псалтыр уваходзіць 150 гімнаў, якія называюцца Псалмамі Давіда і прыпісваюцца цару Давіду (XI — Х стст. да н. э.), стваральніку Ізраіля і заснавальніку яго сталіцы — Ерусаліма. Некаторыя псалмы нагадваюць егіпецкія гімны да сонца, але Бог у іх — не касмічная сіла, а хутчэй лепшы дарадчык чалавека, той, каму можна выказаць свае пакуты і надзеі. Псалмы аказалі вялікі ўплыў на хрысціянскую гімнаграфію, асабліва ў Візантыі. На еўрапейскія мовы іх перакладалі многія вялікія паэты. Сваю выдавецкую дзейнасць з «Псалтыры» пачалі Францыск Скарына і Сімяон Полацкі.
«Песню песняў» традыцыя прыпісвае цару Саламону, сыну Давіда — аднаму з самых мудрых і справядлівых уладароў у гісторыі. У творы адчуваецца паэтыка блізкаўсходняга вясельнага абраду. Словы з «Песні…» пра каханне, якое мацней за смерць, прайшлі, без перабольшання, праз тысячагоддзі. Праўда, у хрысціянскай тэалогіі даволі смелыя выразы з «Песні…» тлумачацца ў алегарычным плане: як саюз Хрыста з яго царквою. А ўрэшце ж сам Хрыстос бласлаўляў кожны сямейны саюз і вельмі прыхільна ставіўся да шлюбу.
Выдатным творам трэцяга цыкла з’яўляецца «Кніга Іова», якая расказвае пра безабароннасць чалавека ў свеце. Гэта глыбока філасофскі твор. Д’ябал спрачаецца з Богам, ці сапраўды праведны Іоў верны Богу: неабходна праверыць яго вернасць. Бог дазваляе гэта. І вось у героя паміраюць дзеці, усе родзічы, гінуць жывёлы. Ён ужо не багаты чалавек, не шэйх племені, не бацька. Але ўсё роўна Іоў праслаўляе Бога. Тады д’ябал пасылае на яго страшную хваробу. Іоў пакутуе ад несправядлівасці, скардзіцца, плача. Усё ж ён даказвае сваю вернасць Богу, а галоўнае, бескарыслівасць веры. Д’ябал пераможаны. Усё да Іова вяртаецца, ён жыве 140 гадоў.
Па свайму стылю «Кніга Іова» такая ж незвычайная, як і па змесце. Мова твора надзвычай архаічная і напоўнена смелымі метафарамі, шмат якія словы не сустракаюцца больш нідзе. З лінгвістычнага боку кніга яшчэ хавае многа загадак.
Сусветна-гістарычнае значэнне «Кнігі Іова» ў тым, што яна падводзіць рысу пад цэнтральнай для літаратуры Старажытнага Усходу праблемай сэнсу жыцця і ў такім абагульняючым выглядзе перадае ідэю еўрапейскай культуры. Чым далей, тым болей расце яе значэнне, разуменне, адкрываюцца ўсё большыя глыбіні. Уплыў кнігі адчуваецца ў Шэкспіра, І. Гётэ, у творчасці Ф.Дастаеўскага.
Надзвычай своеасаблівая кніга ў Бібліі — «Эклезіяст» (Прапаведнік). Доўгі час яна прыпісвалася Саламону, але на самай справе невядомы аўтар толькі ўкладвае свае словы ў вусны мудрага цара, каб умацаваць аўтарытэт і важкасць свайго тэксту.
Прапаведнік не стварае сістэматызаванага вучэння, а свае погляды аб сэнсе жыцця выкладае ў невялікіх раздзелах, не звязаных паміж сабою лагічнай сувяззю.
Назіраючы тое, што адбываецца на зямлі, Эклезіяст прыходзіць да высновы, што літаральна ўсё не мае сэнсу. Напрыклад, калі чалавек атрымлівае багацце, то ён толькі павялічвае свае клопаты, а ўрэшце ж багацце не забярэш з сабою ў магілу. Дарэмна людзі аддаюцца вяселлю і асалодзе, яны не прыносяць задавальнення і карысці. Няшчасці жыцця абцяжараны сацыяльнай несправядлівасцю. Вялікія веды толькі павялічваюць сумоту.
Тым не менш чалавек павінен змірыцца з лесам, прыняць жыццё такім, якое яно ёсць, стварыўшы, такім чынам, пэўны спакой у душы. Інакш кажучы, Эклезіяст заклікае чалавека не аддавацца жыццёвай мітусні, трымацца ва ўсім залатой сярэдзіны і шукаць палёгку ў Бога.
Стары Запавет — збор розных па памеру і па сваім змесце твораў. Скразная іх ідэя — запавет (дамоўленасць) паміж Богам і народам, а галоўная тэма — гісторыя яўрэйскага народа. На гэтым матэрыяле пастаўлена мноства агульначалавечых праблем.
Новы Запавет з’явіўся працягам Старога, але яго змест — ужо дамоўленасць Бога не з адным народам, а з усім чалавецтвам.
Склад Новага Запавету — 27 твораў: 4 Евангеллі, «Апостал» («Справы апосталаў»), 21 пасланне, з якіх 14 належаць апосталу Паўлу, Апакаліпсіс — казань пра канец свету, пра апошні бой Дабра і Зла.
Самае важнае ў Новым Запавеце — 4 Евангеллі: паводле Мацвея, паводле Марка, паводле Лукі і паводле Іаана. Існуе яшчэ каля дзесятка так званых апакрыфічных Евангелляў — паводле Пятра, Фамы, Філіпа і інш. Яны не прызнаюцца Царквою і лічацца народнай творчасцю.
Слова «Евангелле» азначае па-грэчаску «радасная вестка», «дабравесце». Кнігі так названы таму, што ў іх распавядаецца пра жыццё і вучэнне Хрыста, які прыйшоў у свет для выратавання чалавецтва.
Час узнікнення Евангелляў не можа быць вызначаны зусім дакладна, але сучасная навука ўжо акрэсліла больш-менш пэўныя рамкі: прыкладна з 50 па. н. э. Мова Евангелляў — грэчаская, але не класічная, а так званае «кайнэ», александрыйскі дыялект, найбольш у той час распаўсюджаны. Хрыстос і апосталы гаварылі на арамейскай мове, але зусім верагодна, што ведалі і кайнэ.
P аўтараў Евангелляў Мацвей і Іаан былі апосталамі, а Марк і Лука належалі да 70 вучняў Хрыста. Святы Марк быў сведкам апошніх дзён Хрыста, а ў далейшым знаходзіўся пад несумненным уплывам Святога Пятра. Лука быў непасрэдным вучнем Святога Паўла ў перыяд яго актыўнай місіянерскай дзейнасці.
Старажытныя хрысціянскія пісьменнікі параўноўвалі чатыры Дабравесці з Ракою, што, выходзячы з Эдэма, раздзяляецца на чатыры вялікія рэчышчы, якія нясуць ваду-жыццё на чатыры бакі свету. Больш папулярны сімвал для Евангелляў — таямнічая калясніца, якую бачыў яшчэ прарок Іезекііль і якая складаецца з чатырох Істот: чалавека, льва, цяльца і арла. Гэтыя істоты паасобку зрабіліся ў эпоху Сярэднявечча эмблемамі евангелістаў: Мацвея звычайна прадстаўляюць чалавекам або анёлам, Марка — львом, Луку — цяльцом, Іаана — арлом. Сапраўды, Мацвей у сваім Евангеллі падкрэслівае чалавечы і месіянскі характар Хрыста, Марк паказвае яго ўсёмагутнасць як Цара свету, Лука гаворыць пра Хрыста як пра Першасвятара (гэта традыцыйна звязвалася з ахвярапрынашэннем цяльцоў), а Іаан звяртае галоўную ўвагу на Божаскую, нябесную сутнасць Збавіцеля.
Самым раннім прызнаецца Евангелле паводле Мацвея, хоць раней лічылася — паводле Марка. Мацвей — былы мытар, дзяржаўны чыноўнік, даволі заможны чалавек. Аднойчы ён пачуў казань Хрыста і быў настолькі ўражаны, што вырашыў запісваць усе словы Ісуса. Менавіта ён — адукаваны чалавек — падрабязна запісаў Нагорную пропаведзь — маральна-этычнае вучэнне Хрыста. Апошні заўважыў Мацвея і сказаў: «Ідзі за мной». І Мацвей з таго часу больш не пакідаў Настаўніка.
Лёгка заўважыць, што Евангелле паводле Мацвея нарадзілася з першапачатковых дзённікавых запісаў. Тут падрабязна фіксуецца, каго і дзе вылечвае Хрыстос, іншыя яго цуды. запісваюцца казанні, прыпавесці, размовы з вучнямі.
Менавіта Мацвей паведамляе, што Юда быў настолькі ўражаны сваёй здрадай, што кінуў 30 срэбранікаў у твар першасвятарам Ерусалімскага храма і павесіўся на асіне.
Мацвей пастаянна адзначае, што Хрыстос і ёсць той Месія (Збавіцель), якога так доўга чакалі, ён дае спасылкі на прароцтвы Старога Запавету, дзе гаворыцца пра Месію. Усяго такіх спасылак 65.
Евангелле паводле Мацвея складаецца з 28 глаў, пачынаецца з радавода Хрыста (ад Аўрама) і заканчваецца апошняй размовай Збавіцеля з апосталамі перад Узнясеннем.
Вучэнне, выкладзенае ў незабыўных для кожнага хрысціяніна радках Нагорнай казані, дае самы цудоўны і поўны вобраз Хрыста. Французскі пісьменнік Э. Рэнан назваў Евангелле паводле Мацвея самай значнай кнігай у свеце.
Святы Марк паходзіў з заможнай ерусалімскай сям’і, быў чалавекам адукаваным, добра валодаў грэчаскай і лацінскай мовамі. У доме маці Марка спыняўся ў Ерусаліме Хрыстос з вучнямі. Дом стаяў па суседству з Гефсіманскім садам, таму Марк-юнак аказаўся сведкам драматычных падзей, што адбыліся там (апошняя ноч перад судом, маленне Хрыста Бацьку, пацалунак Юды, арышт Хрыста). Марк пайшоў за рымскімі ваярамі, якія павялі Хрыста да першасвятароў Ерусаліма.
Некаторы час Марк падарожнічаў з Паўлам, прапаведаваў на Кіпры, у Анціахіі, Вавілоне, Егіпце. Але яшчэ ў палесцінскі перыяд найбольш блізка Марк стаяў да Святога Пятра, які часта гасцяваў у іх доме. У далейшым, ужо ў Рыме, Марк быў асабістым сакратаром Пятра і ў многім выклаў у сваім Евангеллі тое, што чуў непасрэдна ад першага з вучняў Хрыста. Сваё Дабравесце Марк прызначаў для язычнікаў, таму ў ім рэдкія спасылкі на Стары Запавет. Евангелле пісалася ў Рыме і складаецца з 16 глаў. Марк падкрэслівае, што Хрыстос пасланы Богам. Ён добраахвотна прыняў пакуты і смерць, каб выкупіць грахі людзей. Марк нічога не гаворыць пра нараджэнне Хрыста, але падрабязна распавядае пра Яго цуды (апісвае 20 цудаў), бо цуды падкрэсліваюць Божаскае паходжанне Хрыста.
Ледзь не трэцяя частка Евангелля прысвечана падзеям, што адбыліся ў апошні тыдзень перад раскрыжаваннем. Жыццё Хрыста ад хрышчэння да смерці паказана як бы з вялікімі скарачэннямі і рухаецца да драматычнай развязкі ў надзвычай імклівым тэмпе. У такім рытме ёсць нешта нерэальнае, але, з другога боку, ён надзіва падкрэслівае драматызм падзей, іх усёабдымную сімволіку.
Пра аўтара трэцяга Евангелля — Луку — звестак намнога больш. Ён быў грэк, грамадзянін Анціахіі, сталіцы Сірыі, на той час трэцяга па велічыні і значэнні культурнага цэнтра эліністычнага свету. У гэтым агромністым багатым горадзе ўзнікла адна з першых буйнейшых абшчын хрысціян, якая адыграла важную ролю ў фарміраванні хрысціянства. У Анціахію часта прыязджаў апостал Павел. Лука ўдзельнічаў у многіх місіянерскіх падарожжах Паўла. Лука — урач, вучоны і яшчэ да Евангелля напісаў некалькі навуковых прац па гісторыі Грэцыі, Рыма і Усходу. Як гавораць навукоўцы-нетэолагі, Евангелле паводле Лукі найбольш кампетэнтнае з навуковага пункту гледжання. Ён уносіў у кнігу чарговы эпізод толькі ў тым выпадку, калі пра яго расказвала не менш за два чалавекі-сведкі. Сама маці Хрыста Марыя паведаміла яму пра дзяцінства Хрыста. Лука, які быў таксама і цудоўным мастаком, стварыў некалькі партрэтаў Божай Маці — яны сёння лічацца найбольш шануемымі святымі абразамі. Лука з’яўляецца таксама і аўтарам яшчэ адной кнігі Новага Запавету — «Справы апосталаў».
Іісус у адлюстраванні Лукі — вобраз, поўны незямной міласэрнасці і дабрыні ў адносінах да няшчасных і загнаных. Прыпавесці пра добрага самарыцяніна, пра блуднага сына і адпушчэнне грахоў распусніцы вучылі многія пакаленні любові да блізкіх, усёдараванню і міласэрнасці. Іншыя прыпавесці (пра багацея і Лазара, пра багатага юнака і пра ўдовін грошык), а таксама эпізод з выгнаннем гандляроў з храма характарызуюць Хрыста як вернага сябра беднякоў і суддзю ўладароў, паноў, ганіцелей простых людзей. Трэцяе Евангеллё прасякнута атмасферай пяшчоты, далікатнасці, ласкі, асабліва ў адносінах да жанчын і дзяцей.
Лука дае радавод Хрыста ад Адама як Першачалавека. Расповяд пра жыццё Хрыста тут найбольш падрабязны, асабліва паэтычныя радкі пра падзеі, звязаныя з нараджэннем Хрыста, што і зразумела, бо пра іх распавядала сама Дзева Марыя.
Паводле трактоўкі Лукі, прадказанае Царства Божае — не царства ў літаральным сэнсе, а духоўнае адраджэнне чалавецтва.
Даследчыкі звычайна называюць Евангелле паводле Лукі самым паэтычным і мастацкім з усіх. Яго стыль выключна тактоўны, слоўнік надзвычай багаты, пабудова фраз самая правільная, сінтаксіс рытмічны і натуральны. Акрамя таго, Лука — таленавіты апавядальнік. Сцэны з жыцця Ісуса напоўнены драматычным напружаннем, яны дынамічныя і пластычныя.
Тры згаданыя Евангеллі характарызуюцца пэўным адзінствам, нейкім агульным поглядам на свайго Настаўніка і яго жыццё на Зямлі. Каб падкрэсліць роднасць Евангелляў паводле Мацвея, Марка і Лукі, навукоўцы назвалі іх «сінаптычнымі», а аўтараў іх «сіноптыкамі» (ад грэч. слова «сінопсіс», што азначае «агульны пункт погляду», «агульная думка»). Евангелле паводле Іаана кардынальна адрозніваецца ад сінаптычных. Падлічана, што Іаан сыходзіцца з сіноптыкамі толькі ў 8 % тэксту. Ён звяртае ўвагу не на чалавечы бок сутнасці Хрыста, а менавіта на Божаскі. Ён і пачынае Дабравесце з указаннем на тое, што Хрыстос ёсць Слова спрадвечнае, тое, якое спачатку «было ў Бога» і само «было Богам», той Логас, праз які ўтварылася ўсё Існае. Сам Хрыстос тут пра сябе неаднаразова гаворыць: «Я — святло», «Я — хлеб жыцця», «Я не са свету гэтага».
Евангелле паводле Іаана складаецца з 21 главы і прысвечана ў асноўным знаходжанню Ісуса ў Іудзеі.
Іаан — сын заможнага рыбака з Генісарэцкага возера, ён слухаў казанні Іаана Хрысціцеля. З’яўленне Хрыста, у якім Хрысціцель адразу прызнаў Месію, надзвычай уразіла юнака Іаана, ён з таго часу суправаджаў Ісуса, зрабіўшыся яго любімым вучнем. Ён — адзін з трох бліжэйшых апосталаў, якім дадзена было прысутнічаць пры ўсіх важнейшых падзеях зямнога жыцця Збавіцеля. Разам з Пятром, калі ўсе апосталы ў страху разбегліся, ён прабраўся ў двор першасвятара Ерусалімскага храма і чуў пачатак суда над Хрысгом. Затым ён бясстрашна стаяў каля крыжа і прыняў ад раскрыжаванага Настаўніка даручэнне клапаціцца аб Яго Маці. Яму аднаму з першых было дадзена пераканацца ва ўваскрэсенні Хрыста.
Пра далейшы лёс Іаана вядома з небіблейскіх крыніц. Разам з Пятром ён прапаведаваў у Ерусаліме, падвяргаўся ганенням з боку іудзейскіх жрацоў. Ён быў у Рыме якраз падчас страшных праследаванняў хрысціян з боку імператара Нерона, сам падвяргаўся катаванням: быў кінуты ў кацёл з кіпенем, але выйшаў з яго яшчэ больш здаровым і маладым. Пазней яго адправілі ў ссылку на паўпусты востраў Патмас, дзе перад ім з’явіўся сам Хрыстос, са слоў якога Іаан запісаў Апакаліпсіс. У далейшым да скону жыцця Іаан жыў у Эфесе — адным з самых вялікіх гарадоў таго часу, адкуль сачыў за дзейнасцю ўсіх навакольных хрысціянскіх абшчын, змагаўся з гностыкамі і ерэтыкамі. У Эфесе Іаан і напісаў сваё Евангелле, прычым першапачаткова пазнаёміўшыся з першымі трыма і прызнаўшы, што ў іх усё правільна. Іаан перажыў усіх сваіх сабратоў-апосталаў і памёр ужо ў пачатку II ст. — адзіны з усіх вучняў Хрыста — сваёй смерцю. Яго грабніца-пахавальня з таго часу — месца паломніцтва хрысціян.
Евангеллі нельга назваць літаратурай. Гэта не творы, якім індывідуальныя аўтары свядома надалі пэўную кампазіцыйную форму. Да Евангелляў як да боганатхнёных твораў неабходна падыходзіць з іншымі крытэрыямі, хоць нельга было не адзначыць тыя мастацкія сродкі, якімі карысталіся евангелісты, каб данесці важную інфармацыю да простага чалавека.
Хоць сіноптыкі апісваюць больш чалавечы бок у Хрысце, паказваючы яго ў асноўным як Сына Чалавечага, а Іаан, наадварот, вылучае Божаскую сутнасць, гэта не азначае, што ў сіноптыкаў адсутнічае Божае, а ў Іаана — чалавечае ў Хрысце. Сын Чалавечы і ў сіноптыкаў — Сын Божы, якому дадзена ўлада на Небе і на Зямлі. Сын Божы ў Іаана — таксама і сапраўдны Чалавек, які ідзе на шлюбнае баляванне, па-сяброўску гутарыць з Марфай і Марыяй і плача каля труны іх брата — свайго сябра Лазара. (Ажыўленне Лазара апісана толькі ў Іаана.) Такім чынам, сіноптыкі і Іаан дапаўняюць адзін аднаго і толькі ўсе разам даюць ідэальны вобраз Хрыста, які прынёс у свет зусім новыя ідэі, заснаваныя на чысціні сэрца і братэрстве людзей.
«Апакаліпсіс», або «Адкрыццё Іаана Багаслова» Іаан запісаў са слоў Хрыста ў 67–68 гг. Гэты твор — люстраны да «Кнігі Быцця», ён лагічна закрывае Біблію, бо распавядае пра канец свету (а «Кніга Быцця» — пра яго пачатак).
Апакаліпсіс — твор выключны, незвычайны, ён перанасычаны грандыёзнымі, фантастычнымі, сімвалічнымі вобразамі, прароцтвамі і прадказаннямі. Ён малюе ўнушальную карціну Страшнага Суда, пакут людзей у іх целах у апошнія дні, страшныя прыродныя катаклізмы, будучае ўладкаванне свету пасля выратавання і ўваскрэсення.
Усе гэтыя фенаменальныя карціны малюе перад Іаанам сам Хрыстос. Ён жа і тлумачыць алегорыі, вобразы, якія прадстаўляе Іаану.
Лёс свету заключаны ў Кнізе з сямю пячаткамі, якую трымае Бог у правай сваёй руцэ. І толькі Ён сам можа зняць пячаткі і гэтым прадказаць будучыя падзеі.
За раскрытаю першай пячаткай з’явіцца вершнік на белым кані, за другой на рыжым, за трэцяй на вараным, за чацвёртай на бледным, якому будзе дадзена ўлада над чацвёртаю часткаю зямлі — гвалціць і забіваць. Пасля пятай пячаткі ўбачылі душы забітых за Бога, пасля шостай адбыўся землятрус і падзенне зорак на зямлю. І толькі пасля сёмай — страшная касмічная катастрофа — «вялікі дзень гневу».
У месцы, якое называецца Армагедон у Палесціне, будзе апошні бой сіл Дабра з сіламі Зла. Галоўная роля тут належыць Хрысту, які з’явіцца ў белым адзенні на белым кані і пераможа ўсіх сваіх ворагаў, заключыць Сатану ў кайданы і кіне ў бездань. Затым ажывуць толькі святыя людзі і будуць цараваць разам з Хрыстом тысячу гадоў. І толькі пасля гэтага адбудзецца Сусветны Суд на чале з Хрыстом. Запісаныя ў Кнігу Жыцця ўваскрэснуць, а астатнія будуць кінуты ў вогненнае возера разам са смерцю. Гэтым смерць перастане існаваць наогул. Новае жыццё пачнецца ў Новым Ерусаліме, які апусціцца з Неба і фактычна будзе раем для людзей.
Апакаліпсіс гаварыў пра неабходнасць удасканалення чалавека, даваў своеасаблівы імператыў быцця. Прычым у адрозненне ад змрочных прадказанняў прарокаў Старога Запавету, якія клапаціліся толькі пра будучае свайго народа, Апакаліпсіс выходзіў на ўзровень універсальных абагульненняў, мінуючы расавыя, нацыянальныя, класавыя прыярытэты.
Цэнтральны вобраз у Новым Запавеце, безумоўна, вобраз Хрыста. Людзям дадзены сімвал Бога менавіта ў вобразе Ісуса.
Божаская ідэя неабходна была чалавеку. Але людзі здольныя зразумець, адчуць толькі канкрэтна асязальную, увасобленую ў матэрыю ідэю. Такая прырода чалавека, такая яго свядомасць. Менавіта таму Дух аказваецца ўвасобленым у цялеснай абалонцы, звышпачуццёвая рэальнасць — у пачуццёвай форме.
З дваістаю прыродай Хрыста звязана яго дваістае паходжанне. Але нават у чалавечай яго існасці заключана Сафія — Божаская Мудрасць. І ўсе хрысціяне нараджаюцца двойчы: адзін раз — целам, а другі раз — духам, падчас хрышчэння.
Хрыстос прыйшоў выканаць запаветы Маісея, але так, каб злучыць знешняе і ўнутранае, паглыбіць іх ад знешняга ўчынку да душы. «Не забі», «Не ўкрадзі» — запаветы, што былі законамі, якія чалавек выконваў, зыходзячы часта ад розуму (ад разумення, што непазбежна пакаранне, і г. д.). Хрыстос жа вучыў кіравацца сумленнем, каб нават думкі не ўзнікла ўкрасці, забіць, каб унутраныя перакананні чалавека, а не знешні закон не дазвалялі гэтага. Хрыстос — унутраны шлях выратавання. Корань граху знішчаецца, калі Бог (шляхам хрышчэння) уваходзіць у душу чалавека. Бог у душы і ёсць сумленне. А яшчэ — любоў, бо Хрыстос заклікаў любіць не толькі блізкіх сваіх, але нават ворагаў. Гэта цяжка, але гэта — той ідэал, да якога пастаянна неабходна імкнуцца.
Бог ёсць і ў кветцы, і ў камені, і ў матыльку, толькі яны гэтага не ведаюць. А чалавек ведае, наколькі блізкі да яго Бог. Больш вялікага, больш высокага сімвалу, чым Хрыстос, не створаны ў чалавечай культуры. І для літаратуры Ён — ідэал Чалавека: усе станоўчыя героі сусветнай літаратуры ў той ці іншай ступені набліжаюцца да Яго.
Біблія — вышэйшая духоўная каштоўнасць чалавецтва, эталон мудрасці, прыгажосці і высакародства. Пра яе пісаў вядомы рускі філосаф С. Булгакаў: «Біблія ўвогуле ёсць цэлы свет, яна — таямнічы арганізм, жыць у якім нам удаецца толькі часткова. Невычарпальнасць Бібліі — і ў божаскім яе змесце, і ў яе перадачы шматграннасці свету. Біблія — вечныя сузор’і, што гараць для нас у нябёсах, у той час як мы рухаемся у свеце будзенным, сузіраючы іх як быццам у нязменнасці, але ва ўсё новым становішчы да нас». Вядомы каталіцкі сучасны аўтар Даніэль Роп так гаворыць пра Біблію: «Гэта адзіная кніга, абсалютна невычарпальная, кніга Бога і Чалавека». І калі мы збіраемся вывучаць яе з навуковага пункту гледжання, мы ніколі не павінны забываць: «перш за ўсё гэта твор Бога».
Біблія — матрыца нашых ведаў, аснова нашай цывілізацыі. Вядомы філосаф К. Ясперс сцвярджаў: «Біблія і біблейская рэлігія ёсць выток філасофіі, пастаянны арыенцір і крыніца вечных ісцін». Чытаць Біблію неабходна кожнаму, каб узвысіцца духам, спазнаць сапраўдныя каштоўнасці, навучыцца любові.
1. Дайце азначэнне слову «рэлігія», мэце рэлігіі, сутнасці рэлігіі, аснове рэлігіі.
2. Як вы разумееце Бога і веру ў Бога? Чаму без веры нельга жыць чалавеку?
3. Як можна разумець Святую Тройцу?
4. Што ўяўляе сабою адна з самых вялікіх кніг усіх часоў і народаў — Біблія?
5. Як вы разумееце сюжэт пра стварэнне свету ў Бібліі? Што вы ведаеце з іншых навук пра Космас, утварэнне Зямлі, жыццё на Зямлі?
6. Што сімвалічна абазначае біблейскі сюжэт пра грэхападзенне?
7. Якое значэнне мае паданне пра Патоп у гісторыі культуры?
8. Прывядзіце факты розных навук, якія сведчаць пра прыродныя катаклізмы ў гісторыі Зямлі.
9. У чым сімвалічны сэнс паданняў пра Каіна і Авеля, пра Вавілонскую вежу, пра зыход яўрэяў з Егіпта?
10. Што вы ведаеце пра цароў Давіда і Саламона? Прачытайце ў Бібліі Псалмы Давіда і Прытчы Саламона.
11. Якімі асноўнымі ідэямі адрозніваецца Новы Запавет ад Старога?