Антычная цывілізацыя, культура старажытных грэкаў і рымлян — самы трывалы падмурак, аснова цяперашняй цывілізацыі — той, якую мы называем заходняй. Мы, беларусы, таксама маем дачыненне да яе. Антычнасць магутна паўплывала на агульны працэс станаўлення, развіцця еўрапейскай, у цэлым сусветнай культуры. У Антычнай Грэцыі нарадзілася палітычная сістэма дэмакратыі, тут узніклі філасофскія школы, якія вызначылі развіццё чалавечай думкі на 2500 год, тут у літаратуры і мастацтве былі створаны шэдэўры, якія ўвайшлі ў скарбонку чалавечай культуры і з’яўляюцца часткай нашага жыцця. Нельга адчуваць сябе сучасным адукаваным чалавекам, не ведаючы таго фундаменту, на якім ўсталяваўся каласальны будынак сусветнай цывілізацыі, і ў тым ліку, беларускай культуры.
Тэрмін «антычнасць» быў прыняты ў пачатку Х VІІІ ст. у французскай мове і меў дачыненне спачатку толькі да мастацтва пэўнага перыяду. Тры стагоддзі інтэнсіўнага вывучэння пашырылі межы паняцця: ў наш час яно тычыцца рэлігійнага і філасофскага мыслення, палітычных і навуковых поглядаў, мастацтва і літаратуры. Уплыў антычных ідэй і традыцый на чалавечае грамадства наступных эпох настолькі велізарны, усеахопны, што гісторыя класічнай спадчыны складае не толькі асобную вялікую навуку, каласальны пласт чалавечых ведаў, але і з’яўляецца неад’емнай часткай, асновай большасці сучасных спецыфічных навук, у пэўным сэнсе слова — базісам адукацыі.
Уся эпоха Антычнасці падзяляецца на некалькі перыядаў культурнай гісторыі:
Крыта-мікенскі перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.
Архаічны перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.
Класічны перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.
Культура Антычнага Рыма.
Культура элінізму.
У ІІІ тыс. да н. э. на Балканскім паўвостраве і на блізкіх да яго астравах Міжземнага мора ўтвараюцца высокацывілізаваныя дзяржавы. Асновай іх гаспадаркі з’яўляецца земляробства, развітыя рамёслы і марскі ганд аль. Цэнтрам унікальнай культуры аказваецца ў гэты перыяд востраў Крыт, самы вялікі ў Грэчаскім архіпелагу. Народ, што жыў на Крыце і ў кантынентальнай Грэцыі, называўся пелазгі. Паводле самых сучасных доследаў, яны былі родзічамі таго народа, які жыў у Трыполлі ў ІV-ІІІ тыс. да н. э.
Значэнне крыцкай цывілізацыі для літаратуры ў тым, што адсюль, як мяркуюць сучасныя даследчыкі-міфалогі, паходзяць шмат якія багі грэчаскага пантэону, а таксама некаторыя папулярныя міфы.
Вярхоўны бог грэкаў Зеўс нарадзіўся на Крыце, тут жыў і выхоўваўся, бо яго хавалі ад бацькі Крона (Хронаса) бабуля Гея (Зямля як планета) і маці Рэя (паверхня Зямлі). Яшчэ антычныя філосафы пакутліва разважалі над загадкаю Зеўса, справядліва прыйшоўшы да высновы, што Зеўс — гэта «жыццё», «першапрычына жыцця», «першапатэнцыя, якая апладняе матэрыю», «дух — субстанцыя жыцця».
Малады Зеўс у выглядзе залатаскурага быка перавёз на Крыт з Малой Азіі багіню Еўропу. Паходжанне Еўропы тытанічнае, яна — дачка Акіяна і Тэфіі і напачатку атаясамлівалася з самой Маці-Зямлёй, Геяй, пасля з Герай, а ўрэшце ў пісьменнікаў Антычнасці зрабілася проста фінікійскай царэўнай. Самае цікавае ва ўяўленнях пра Еўропу тое, што яе імя вельмі рана атрымала геаграфічнае значэнне. Тапонімы «Еўропа», «Еўропія», «Еўроп» распаўсюджаны ў самой Грэцыі, але назва пашырылася і на ўвесь кантынент, прычым адбылося гэта яшчэ ў архаічны перыяд гісторыі Грэцыі.
У Зеўса і Еўропы на Крыце нарадзіліся тры сыны, малодшы з якіх — Мінас — і зрабіўся першым царом Крыта, а ўся культура вострава называецца мінойскай. Жонкай Мінаса была дачка бога Геліяса (Сонца) — Пасіфая. Яна пакрыўдзіла жонку марскога бога Пасейдона, і той, помсцячы, унушыў ёй каханне да быка. Ён жа сам і ператварыўся ў таго быка. Ад іх саюзу нарадзілася пачвара — напалову чалавек, напалову бык Мінатаўр. Каб схаваць Мінат аўра ад людзей, вялікі дойлід Дэдал па загаду Мінаса пабудаваў палац-сховішча — Лабірынт.
Мінатаўр аказаўся канібалам, і пераможаныя Мінасам грэкі з кантыненту павінны былі кожныя сем гадоў адпраўляць для хімерычнай істоты ахвяру — сем хлопцаў і сем дзяўчат. Даніна была заплочана тры разы, а на чацвёрты вялікі герой Грэцыі Тэсей забіў Мінатаўра з дапамогай Арыядны, дачкі Мінаса і Пасіфаі. Толькі дзякуючы чароўнай нітцы Арыядны аказалася магчымым выйсці з Лабірынта. Дарэчы, з ніткай, пражай звязана і ў антычных элінаў, і ў нашых продкаў ідэя лёсу, року.
Тысячы гадоў міф пра Мінатаўра і Тэсея лічыўся ва ўсім вымыслам. Але ў пачатку ХХ ст. англійскі археолаг Артур Эванс раскапаў велізарны палац на востраве Крыт. З таго часу знойдзенае збудаванне, што размясцілася на 24 гектарах, пачалі лічыць прататыпам міфічнага Лабірынта. Сапраўды, палац незвычайны. Самая характэрная рыса яго — хаатычнасць забудовы, адсутнасць у ёй цэнтральнай ідэі, агульнага канструктыўнага прынцыпу.
Яшчэ ў антычную эпоху філосафы ды пісьменнікі надавалі Лабірынту сімвалічны сэнс. Міфалагема была ў актыўным культурным ўжытку і ў час Сярэднявечча, звязвалася, напрыклад, з ландшафтнай архітэктурай, і ў эпохі Рэнесансу, Барока, Асветы. У адным з лепшых беларускіх паркаў у Бачэйкава (Бешанковічскі раён) быў размешчаны складаны каменны лабірынт, які існаваў нават у 20-я гады ХХ ст.
Лабірынты выкладваліся і на падлозе храмаў: праходжанне праз іх некалі сімвалізавала падарожжа ў святы горад Ерусалім, што лічыцца, як вядома, цэнтрам Зямлі. Сапраўды, знаходжанне цэнтра — галоўнае ў містыцы лабірынта: гэта азначала ўзыходжанне да Бога, вяртанне да Духу. Забойства героем Мінатаўра — знішчэнне чалавекам жывёльнага пачатку ў сабе, блуканне па лабірынце — пошук ісціны, выхад з яго — перавага духу над матэрыяй, розуму над інстынктамі, жыцця над смерцю.
У сучаснай навуцы трывала зацвердзілася думка, што культура Крыта загінула ў выніку жахлівага катаклізму — узрыва вулкана Сантарын на востраве Ціра (у 70 км каля Крыта). Гэта адбылося, як мяркуюць, у 1470 г. да н. э. Сярэдзіна вострава правалілася, і неверагодная хваля вышынёй 250 м (!) пакацілася на Крыт. Катастрофа, магчыма, адбілася і ў міфалогіі як матыў пра тытанамахію — вайну ўжо дарослага Зеўса з тытанамі, другім пасля Урана і Геі пакаленнем багоў, у тым ліку, з бацькам Зеўса Кронам. Пасля перамогі Зеўса дзеянне міфалогіі перамяшчаецца з Крыта на мацярык: Зеўс узначальвае пантэон алімпійскіх багоў — вярхоўных багоў Грэцыі, дзелячы, аднак, уладу над Сусветам з братамі Пасейдонам і Аідам. І ўсё ж не толькі Зеўс, а іншыя персанажы антычнай міфалогіі маюць дачыненне да Крыта.
Багі Грэцыі апекавалі пэўныя планеты, увасаблялі розныя стыхіі прыроды, персаніфікавалі псіхічнае жыццё чалавека, адухаўлялі навуковыя катэгорыі. Інакш кажучы, за кожным богам Грэцыі хаваецца нейкі прыродны ці псіхічны закон. За стагоддзі развіцця ў Міжземнамор’і створана не менш за тысячу багоў, герояў, тытанаў, німфаў, муз і іншых персанажаў міфалогіі. І ўсё ж найбольш важныя псіхічныя працэсы, а таксама сацыяльныя і сацыяльна-прыродныя адносіны ўвасаблялі багі, што жылі на Алімпе: Зеўс — уладу і агульную гарманізацыю жыцця; жонка Зеўса Гера — сямейныя адносіны; Афрадыта — каханне і прыгажосць; Гесція — хатні побыт (у шырокім сэнсе — чалавечы род у яго сувязі з культурай); Дэметра — культурнае земляробства (таксама культуру, але ў яднанні з прыродай); Артэміда — стасункі людзей з жывёльным светам; Апалон — мастацтва; Гефест — фізічную працу; Афіна — інтэлектуальную працу; Гермес — гандаль, падарожжы, гульні; Геба — маладосць, юнацкую рамантыку; Дыяніс — весялосць, Арэс — палкасць і прагу знішчэння.
«Спазнай сябе!» — было выбіта на браме храма бога Апалона ў Дэльфах — самага знакамітага храма ў антычным свеце. Пазна нне фундаментальных уласцівасцей чалавека ішло ў Старажытнай Грэцыі перш за ўсё праз міфалогію, а пазней — праз філасофію. Кожны бог, багіня — магутная касмічная або генетычная сіла, што вызначае паводзіны, лёс чалавека.
У грэкаў «міф» першапачаткова азначаў «слова». Але «слова» ў іх мела шырокае значэнне — і «эпас», і «логас». Кожнае з названых вышэй імёнаў багоў уключала мноства нюансаў семантыкі. Міф увасабляў сабою агульнасэнсавую напоўненасць слова ў яго цэласнасці. Старажытны чалавек кожную з’яву называў пэўным словам, у якім не толькі канкрэтызаваў, але і абагульняў свае назіранні над жыццём. Абагуленае паняцце рабілася асобнай істотай, напрыклад, «рост раслін» — Дэметра.
Міфалогія развілас я да рэлігіі, якая патрабуе ўжо тэарэтычнага асэнсавання назіранняў над існым, выкладзенага ў догмах. Міф жа заснаваны на непасрэдна-пачуццёвым успрыняцці свету і адначасова абагульненні яго, расквечаным фантазіяй. Міф — і не казка, бо казка свядома прыдумляецца, але цуды казкі паходзяць, безумоўна, ад цудоўнасці міфа, у які яшчэ вераць абсалютна.
Грэчаская міфалогія (спачатку як міфалогія пелазгаў — аўтахтонаў краіны) існавала за шмат тысячагоддзяў да нашай эры, яшчэ ў дагістарычныя часы. Паэмы Гесіёда і Гамера занатавалі мяжу паміж быццём міфалагічным і ўжо гістарычным. Амаль уся антычная літаратура, як мастацкая, так і навуковая, перапоўнена міфалагічным матэрыялам. Ды ўласна літаратура і ўзнікла дзякуючы міфалогіі. У сваю чаргу міфалогія Грэцыі дайшла да нас у такім поўным, а галоўнае сістэматычным выглядзе, дзякуючы грэчаскім пісьменнікам, сярод якіх першымі і былі Гамер і Гесіёд. Больш за тое, міфалогія — народная паэзія і адначасова своеасаблівая навука — з’явілася падмуркам фенаменальнай з’явы ў гісторыі чалавечай культуры — антычнай філасофіі.
Аслабелы пасля катастрофы Крыт захапілі плямёны ахейцаў, названыя мікенцамі (ад горада Мікены, дзе ўпершыню знойдзены рэшткі іх культуры). Некалькі стагоддзяў — прыкладна па 1100 да н. э. — яшчэ існавала сумесная крыта-мікенская культура, хоць Крыт, бясспрэчна, дэградаваў, не акрыяўшы пасля катастрофы. Менавіта ў гэты перыяд адбылася вядомая Траянская вайна. Яна апісваецца ў паэмах легендарнага старажытнагрэчаскага паэта Гамера, які жыў прыкладна праз 400 год пасля яе. Александрыйскі вучоны Эратасфен (ІІІ ст. да н. э.) лічыў, што Троя загінула ў 1184 г. да н. э. Гэта не супярэчыць даным археалогіі.
Іншая назва Троі — Іліон. Таму гамераўская паэма, што распавядае пра Траянскую вайну, названа «Іліядай». Гамер, магчыма, рэальна існаваў, а можа быць, імя яго збіральнае — усіх старажытных паэтаў-бардаў. Баян са «Слова пра паход Ігаравы» або купалаўскі Гусляр з паэмы «Курган» могуць даць рэальнае ўяўленне пра грэчаскага песняра. Такія гусляры-аэды захоўвалі ў памяці гераічныя паданні ды легенды. Яны чыталі вершы нараспеў, перабіраючы струны ліры ці іншых музычных інструментаў, падобных да нашых гусляў. Апірышчам для памяці спевакоў быў памер верша, а таксама пастаянны набор рыфмаў і іншых выразных сродкаў. У «Іліядзе» ледзь не трэцяя частка тэксту складаецца з паўтораў, шаблонаў. Тут і цэлыя строфы, якія характарызуюць падобныя адно да аднаго дзеянні, і эпітэты багоў, герояў. Так, Зеўс — «сатрасальнік зямлі», Ахілес — «хутканогі», Адысей — «хітруган», Парыс — «богу падобны» і г. д. Безумоўна, кожны аэд уносіў у песні, легенды нешта сваё, але ў цэлым вялікая эпічная традыцыя здзіўляе сваёй устойлівасцю.
Прычынай Траянскай вайны была царэўна Алена са Спарты, дачка Зеўса-лебедзя і царыцы Леды. Алена была настолькі прыгожая, што ўсе грэчаскія цары хацелі ажаніцца з ёй. У Старажытнай Грэцыі быў цікавы звычай выбару жаніхоў. У горад, дзе цар меў дачку-нявесту, з ’язджаліся юнакі з іншых краін і гарадоў. Для іх наладжваліся спаборніцтвы, дзе яны дэманстравалі свой спрыт, сілу, адвагу. Магчыма, тут — выток Алімпійскіх гульняў, а таксама некаторых відаў казак. Праўда, у беларускіх казках патэнцыяльны жаніх часцей пасылаецца некуда далёка за якімі-небудзь незвычайнымі рэчамі. Магчыма, на славянскіх землях так і было: маладыя людзі адпраўляліся ў далёкія падарожжы, на разведку новых земляў, і гэта было іх ініцыяцыяй. Акрамя таго, у нас яны і разгадвалі загадкі, якія задаваў цар і яго дачка. Інакш кажучы, інтэлектуальныя іспыты мелі не меншае значэнне, чым фізічныя. Алена, між тым, выбрала і не самага дужага, і не самага разумнага (праўда, самага багатага) — Менелая, брата цара Агамемнана з Мікен. На няшчасце, багіня прыгажосці і кахання Афрадыта паабяцала Алену Парысу — сыну траянскага цара Прыама. Яна прымусова закахала Алену ў Парыса, і пара закаханых збегла ў Трою. Славуты і найбольш аўтарытэтны у Грэцыі Агамемнан быў раз’юшаны прыніжэннем брата. Ён арганізаваў паход грэчаскіх цароў на Трою, каб вярнуць Алену.
Троя на той час была магутнай крэпасцю. Дарэчы, тут жыў той жа народ, што і на Крыце. І той, што на тэрыторыі Трыполля. Дзесяць гадоў грэкі асаджалі горад. Траянцы мужна абараняліся. І з аднаго, і з другога боку ваяры дэманстравалі мужнасць і адвагу. Дзеянне «Іліяды» ахоплівае апошнія тыдні Траянскай вайны.
Завязка паэмы — сутычка Агамемнана, вярхоўнага правадыра ахейцаў і арганізатара экспедыцыі, з Ахілесам, самым магутным грэчаскім ваяром. Пакрыўджаны Агамемнанам, Ахілес адмаўляецца далей ваяваць. Яго «забастоўка» мела цяжкія наступствы для ахейскага войска. Грэкі да таго наступалі, цяпер пераходзяць да абароны, церпяць тры цяжкія паражэнні ад асмялелых траянцаў, якімі кіруе Гектар, — таксама, як і Парыс, сын траянскага цара Прыама. Гектар рыхтуецца спаліць грэчаскія караблі і скінуць войска супраціўніка ў мора. Абараняе караблі Патрокл — лепшы сябра Ахілеса. Але Патрокл гіне ў двубоі з Гектарам, праўда, не без дапамогі бога Апалона, які, як і Афрадыта, быў на баку траянцаў (гэта лагічна, бо Апалон — бог паўночны, паходзіць з легендарнай краіны Гіпербарэі). Смерць сябра прыводзіць у адчай Ахілеса. Пакуты вяртаюць яго да жыцця, да дзейнасці. Ён зноў уступае ў вайну. Паядынак Гектара і Ахілеса — кульмінацыя паэмы. Гектар абараняе радзіму, жонку, сына, таму змагаецца мужна. Але Ахілес — мацнейшы (сын марской багіні Фетыды) — і перамагае. Потым ён здзекваецца над мёртвым Гектарам, цягаючы яго цела вакол Троі. Цар Прыам прыходзіць у палатку да Ахілеса і прыніжана просіць яго вярнуць цела сына. Крануты горам бацькі, Ахілес згаджаецца. Паэма заканчваецца плачам траянцаў над Гектарам.
Пра далейшыя падзеі мы даведваемся з іншай гамераўскай паэмы — «Адысеі». Грэкі адчуваюць немагчымасць авалодаць Трояй. Тады найбольш разумны з іх — цар вострава Ітакі Адысей — прыдумляе велізарнага драўлянага каня, у якім хаваюцца грэчаскія ваяры (30 чалавек, сярод якіх Менелай і сам Адысей). Каня пакідаюць як падарунак траянцам, а грэкі робяць выгляд, што адплываюць дадому. Траянцы задаволены падарункам і святкуюць перамогу. Але дачка траянскага цара прарочыца Касандра і жрэц Лаакаон просяць суайчыннікаў не давяраць грэкам. У прарочыя словы Касандры ўжо даўно ніхто не верыць, а на Лаакаона і яго сыноў нападаюць дзве велізарныя змяі, накіраваныя апякункай грэкаў багіняй Афінай, і душаць іх. Каня ўвозяць у горад. Жанчыны кветкамі ўпрыгожваюць яго. Ноччу з чэрава каня вылазяць грэкі і адкрываюць гарадскія вароты. Ахейцы захопліваюць горад. Троя гіне. Усе мужчыны-абаронцы знішчаны, дзяцей і жанчын бяруць у палон. Выратоўваецца адзін з герояў — Эней — сын Анхіса і багіні Афрадыты. Ён са сваім сынам Юлам і некаторымі з простых жыхароў Троі плыве ў Італію, дзе асноўвае новую дзяржаву — будучую Рымскую імперыю. Неабходна адзначыць, што сярэднявечныя хронікі літаральна ўсіх еўрапейскіх краін выводзяць паходжанне сваіх народаў ад ацалелых траянцаў, больш за тое, ад нашчадкаў Прыама (скажам, унукаў). Значыць, падзенне Троі сапраўды было найкай надзвычай важнай падзеяй старажытнай гісторыі, якая ў значнай ступені змяніла парадыгму еўразійскага развіцця.
Герояў Троі розныя даследчыкі ацэньваюць па-рознаму. Паколькі з’явіліся доказныя навуковыя працы пра Ахілеса як праславянскага князя, то заходнія даследчыкі ў апошні час ацэньваюць яго негатыўна. Ён, маўляў, хваравіты самалюбца: прага славы і нянавісць да ворагаў і нават да саюзнікаў-грэкаў проста кіпяць у ім. Сапраўды, у многіх месцах паэмы ён выклікае негатыўныя пачуцці ў чытачоў як крыважэрны забойца. Але неабходна ўлічваць норавы таго часу — жорсткага, бескампраміснага. Прытым, што і Ахілес часам здольны на высакародныя ўчынкі: ён перадае цела Гектара бацьку. У цэлым герой увасабляе маладосць, сілу, гарачую кроў.
Гектар — самы абаяльны герой у паэме. У гэтым вобразе паэт увасобіў сваю веру ў чалавека. Уся дзейнасць Гектара накіравана на выратаванне Троі: ён палымяны патрыёт сваёй радзімы, грамадзянін і цывілізаваны чалавек, добры муж і бацька. Развітанне Гектара з Андрамахай — самы лірычны момант у гераічнай паэме, запоўненай суцэльнымі бойкамі. Ад гэтай сцэны ідзе ўся еўрапейская лірыка кахання.
Расповяд пра лёс Троі — толькі адзін з устаўных эпізодаў «Адысеі», паэмы марскога падарожжа. Ад Крыта ахейцы атрымалі два вялікія падарункі — сельскую гаспадарку і мараходства. Аліва, вінаград і караблі — на доўгія стагоддзі атрыбуты грэкаў. Горы і мора вызначаюць воблік краіны. Грэцыя — Гарэцыя — горны край, хоць горы і невысокія. Але яны — паўсюдна. Паміж імі — невялікія даліны. Такі рэльеф абумовіў тып дзяржаўнай арганізацыі — полісны. Кожная даліна — горад-сталіца, абкружаны вёскамі. І адначасова гэта як бы маленькая дзяржава-поліс, якой кіруе свой цар.
Горы абаранялі і раз’ядноўвалі, а мора — аб’ядноўвала. Яно абмывала ўсю краіну, толькі некалькі ўнутраных полісаў не мелі выхадаў да мора. Але Грэцыя — гэта і шматлікія астравы, часам вялікія — Крыт, Кіпр, Родас, Лесбас, з усіх бакоў абкружаныя морам. На грэчаскай мове адна з назваў мора — дарога. У беларускай літаратуры дарога — адзін з важнейшых літаратурных матываў. Але ў нас дарога — на прасторах зямлі і па рэчках. Тут — марская дарога. Яна становіцца ўнутраная тэмай гамераўскай «Адысеі».
Аўтар паэмы сабраў яе з матэрыялу самых розных міфаў, стварыўшы твор цэласны і гарманічны, намнога больш белетрыстычны, а значыць, лепшы для чытацкага ўспрыняцця, чым «Іліяда». «Адысея» з’явілася ў эпоху заваявання грэкамі заходняга Міжземнамор’я. Ёсць думка, што тут зашыфраваны шлях за волавам, неабходным для вытворчасці бронзы, да берагоў Італіі, а можа быць, нават да Брытанскіх астравоў. У паэме выкарыстаны, па сутнасці, фальклор маракоў — міфы ды паданні, якія распавядаліся ва ўсіх прыморскіх гарадах Грэцыі. Большасць з міфаў не маюць ніякага дачынення да падзення Троі. Але вобраз Адысея, бясспрэчна, цэментуе сюжэт.
З Адысеем звязаны розныя прыгоды, якія раней тычыліся іншых герояў казак ды легендаў. Прычым Адысей — не авантурыст, свядомы шукальнік прыгод. Добры муж і бацька, цар земляробчага народа, ён пастаянна марыць пра вяртанне на радзіму. Але прыгоды нібы самі шукаюць яго. У неверагодных перыпетыях сюжэту вельмі цяжка раздзяліць вымысел і рэальнасць. Так, сёння ўжо як быццам даказана, што пачвары Сцыла і Харыбда — персаніфікаваныя горы па абодва бакі Месінскага праліву, і цяпер небяспечнага, а на той час увогуле непраходнага для караблёў. У адносінах цыклопа Паліфема зноў-такі сучасная навука схіляецца да думкі, што раса велізарных людзей некалі сапраўды існавала: знойдзены косткі чалавекападобных істот па 3 м вышынёй. Веліканы-волаты сустракаюцца ў міфалогіях ды казачных эпасах літаральна ўсіх народаў Зямлі, а ў беларускіх легендах менавіта веліканы-асілкі фарміравалі ландшафт нашай краіны. Адысей таму і герой, што не баіцца ні веліканаў, ні іншых незвычайных істот. Яму хочацца ўсё паглядзець і ўсё паспытаць самому — ён дапытлівы, цікаўны чалавек. Так, ён адзіны са смяротных паслухаў спевы дзяўчат-сірэн і застаўся жывы — дзякуючы сваёй знаходлівасці. Яго цягне зведаць сакрэты чараўніцы Цырцэі. Увогуле вобразы паэмы сведчаць, што грэкі не толькі баяліся мора, але і бачылі ў ім шмат прыгажосці. А прыгажосць заўсёды загадкавая, чароўная. Тут згадваюцца выключна прыгожыя, але жахлівыя птушкі-сірэны; дзіўныя людзі, што ядуць лотас — царскую кветку; па-жаночы надзвычай прыцягальныя чараўніцы Цырцэя і Каліпса. У Адысеі ўвасоблены рысы чалавека, пастаўленага перад тварам Прыроды і Лёсу. І ён з гонарам — дзякуючы свайму розуму — выходзіць пераможцам з усіх небяспечных калізій.
Але ёсць яшчэ адзін, надзвычай важны, матыў у паэме — сустрэча м ужа і жонкі пасля доўгага расстання. Гэты матыў быў выдатна распрацаваны яшчэ ў індыйскай «Рамаяне». І ён таксама — з разраду вечных.
Пакуль Адысей адсутнічае, да яго жонкі Пенелопы сватаюцца шматлікія (паводле адной версіі, 112 чалавек) жаніхі. Яны падоўгу жывуць у доме Адысея, крыўдзяць яго дарослага сына Телемаха, харчуюцца, паводзяць сябе непрыстойна. Праўда, яны традыцыйна кожны дзень на вачах Пенелопы праводзяць спартыўныя спаборніцтвы, як і належыць жаніхам, але затым балююць, бессаромна знішчаюць усе прыпасы, крыўдзяць насельнікаў палаца. Урэшце Пенелопа прапаноўвае ім рашаючае выпрабаванне: стрэліць з лука Адысея. Зрабіць гэта здолеў толькі сам Адысей, які інкогніта і вельмі ў час вярнуўся на родны востраў у выглядзе жабрака. Больш за тое, ён растрэльвае са свайго лука ўсіх (акрамя аднаго) жаніхоў, помсцячы за крыўды жонкі і сына. Затым Пенелопа пазнае мужа па прыкметах, якія ведаюць толькі яны — муж і жонка. Гэта выключна цікавы літаратурны прыём, ён і сёння хваляе чытачоў.
Паэма здзіўляе сваёй шматграннасцю, шматпланавасцю. Тут адбіліся тысячагоддзі культурна-гістарычных напластаванняў. Менавіта таму часам супярэчлівымі і дзіўнымі выглядаюць героі эпасу, але ж яны — і прыцягваюць, вабяць чытачоў ужо на працягу трох тысяч гадоў.
Гамер ствараў свае паэмы прыкладна ў ІХ- VІІІ ст. да н. э. — пасля так званых «цёмных стагоддзяў». Сапраўды, на працягу некалькіх вякоў (ад падзення Троі) вельмі мала вядома пра сітуацыю ў Грэцыі. Цывілізацыя грэкаў-ахейцаў прыходзіць у заняпад. Спустошаны гарады-полісы. Адны з іх былі разбураны землятрусамі, іншыя заваяваны прышлымі плямёнамі дарыйцаў. Разам са знішчэннем мікенскай культуры знікла і пісьменнасць — пісьмовых помнікаў таго часу не захавалася. Мала гавораць пра Грэцыю і летапісы суседніх народаў, значыць, кантактаў амаль не было.
800 — 500 гг. да н. э. — новы этап у развіцці культуры Грэцыі — перыяд Архаікі. Ён пачынаецца з новастворанага пісьма. Грэкі, як мяркуюць, перанялі фінікійскі алфавіт, спрасцілі яго, дадалі галосныя гукі, і іх сістэма аказалася настолькі ўдалая, што стала асновай і для сучасных алфавітаў многіх народаў, у тым ліку нашага — кірыліцы. Нагадаем, аднак, што фінікійскае пісьмо, у сваю чаргу, было запазычана ў шумераў.
Пісьменнасць, а значыць, пашырэнне інфармацыйнага поля, заўсёды цягне за сабою росквіт цывілізацыі ў цэлым. Праўда, у «цёмныя стагоддзі» развівалася, можна нават сказаць, квітнела вусная народная творчасць — міфалогія. Гамер якраз і аб’яднаў шматлікія міфы ў вялікія эпічныя паэмы.
Гамер — першы еўрапейскі паэт. На працягу тысячы гадоў ён лічыўся ў Грэцыі ледзь не святым. Адукаваныя людзі ведалі яго паэмы на памяць, па іх вучылі розным навукам. Паэмы сталі ўзорам для іншых выдатных творцаў, са збору і апрацоўкі твораў Гамера пачалася навуковая праца ў знакамітай Александрыйскай бібліятэцы.
Перакладаць архаічнага Гамера на сучасныя мовы надзвычай цяжка. Тым не менш асобныя песні «Ідіяды» ў 20-30-я гады ХХ ст. перакладалі на беларускую мову Б. Тарашкевіч і Ю. Дрэйзін. а ў 70-я гг. — А. Клышка.
Гамер — усё ж паэт легендарны. Першы рэальны літаратар у гісторыі антычнай літаратуры — Гесіёд, які жыў у VІІІ ст. да н. э. і пра якога дастаткова многа вядома. Ён стварыў філасофска-дыдактычную паэму «Турботы і дні». Тут аўтар вучыць чытачоў у шырокім сэнсе слова жыццю, працы на зямлі. Як і Гамер, Гесіёд асноўваецца на міфалогіі. Так, менавіта ён выкладае міф пра пяць вякоў гісторыі чалавецтва: залаты, сярэбраны, медны, гераічны і, нарэшце, апошні — жалезны век, сучасны паэту, у які, дарэчы, і мы жывём. У гэты век, на думку Гесіёда, знікаюць усе маральныя нормы, людзі, губляючы сорам і сумленне, ідуць да сваёй пагібелі. Але на самай справе ў часы Гесіёда Грэцыя развівалася надзвычай хутка, грэкі рабіліся ўсё больш актыўным і умелым у шматлікіх сферах дзейнасці народам.
Сапраўды, надыходзілі іншыя часы. Каланізаваўшы значныя тэрыторыі (у Пярэдняй Азіі, у Прычэрнамор’і), Грэцыя закончыла эпоху гераізму і пачала эпоху лірыкі. Новы род літаратуры звязаны з ушанаваннем бога Апалона, які быў апекуном Мастацтва, а таксама Гармоніі, Парадку, Прыгажосці. Яго можна разглядаць і як Творчае Слова, Вялікага Пасрэдніка паміж светам багоў і светам людзей. Такім пасрэднікам з’яўляецца і кожны мастак. Вуснамі паэта з людзьмі гаворыць як бы сам бог Апалон. Напачатку паэзія і разглядалася як мова бога, свяшчэнная мова Апалона, і валодалі ёю вельмі нямногія. Узнікае лірыка ў VІІ ст. да н. э. Лірыка — паэзія, якая выконвалася абавязкова ў суправаджэнні музыкі, ліры. Сучасны сэнс слова: паэзія, якая перадае перажыванні творцы. Менавіта разнастайнасць і зменлівасць душэўнага, эмацыянальнага жыцця чалавека вызначае гнуткасць рытму і яго непасрэдную сувязь са спевамі, з музыкай.
Першы еўрапейскі лірык — Архілох (VІІ ст. да н. э.). Ён нарадзіўся на востраве Парас ад свабоднага бацькі і рабыні-маці, балюча перажываючы сваё двухсэнсоўнае палажэнне, і гэта наклала адбітак на яго характар, на жыццёвы лёс і, урэшце, на паэзію. Малады паэт закахаўся ў Неабулу, бацька якой спачатку абяцаў дачку Архілоху, а затым адмовіў. У далейшым паэт жорстка адпомсціў сваёй былой каханай, высмеяўшы яе ў сваіх вершах. А вершы гавораць пра чалавека палкага тэмпераменту, які не ведае межаў ні ў каханні, ні ў нянавісці. Але тэмперамент вызначае пафас паэзіі. Пасля расчаравання ў любімай дзяўчыне Архілох пакідае родны востраў і адпраўляецца насустрач прыгодам — шукаць золата, служыць у войску. Усё жыццё ён праводзіць у войнах і блуканнях. Загінуў прыкладна каля 640 г. да н. э.
Архілох — першая ярка выявіўшая сябе індывідуальнасць у грэчаскай літаратуры. І ён жа сваім лёсам як бы сцвердзіў архетып еўрапейскага паэта — чалавека са складаным, як правіла, жыццёвым шляхам. Яго творчасць сведчыла, што эпоха гамераўскіх герояў закончылася. У новых абставінах — міжусобіцаў, войнаў, распаду родавых, сямейных сувязяў — асоба імкнулася знайсці сваё месца ў свеце, выявіць свой дух. З нябачнай да таго сілай Архілох перадаў у сваіх вершах парывы няспраўджанай страсці, прыступы саркастычнай помслівасці, гатоўнасць пераносіць удары лёсу. Ён адмовіўся ад старых вершаваных памераў — гекзаметру, пентаметру — і звярнуўся да формаў народнай паэзіі, увёўшы ў прыгожае пісьменства нязвыклы для яго памер — ямб. З таго часу ямб — адна з самых распаўсюджаных формаў еўрапейскага, у прыватнасці, усходнееўрапейскага вершаскладання. У беларускай літаратуры ямбам напісаны паэмы «Энеіда навыварат» В. Равінскага, «Тарас на Парнасе» К.Вераніцына, «Новая зямля» Я. Коласа, шматлікія агульнавядомыя вершы: «Зімой» М. Багдановіча, «Спадчына» Я. Купалы, «Аблокі» А. Вялюгіна і інш.
Яшчэ адзін з першых лірыкаў — Анакрэонт (VІ ст. да н. э.) з вострава Тэас. Ён ва ўсім супрацьлеглы Архілоху і застаўся ў памяці чалавецтва як пясняр кахання і сяброўскіх баляванняў. Вершы яго радасныя, вясёлыя, жыццясцвярджальныя. Праўда, ён актыўна цікавіўся і палітыкай, а калі расчараваўся ў ёй, то шукаў забыцця ў каханні і сяброўстве. Паэзія Архілоха вызначаецца вытанчанасцю апрацоўкі, таму шматлікія пазнейшыя паэты, зачараваныя яго стылем, пісалі ў той жа манеры, імкнучыся да прыгажосці формы. Захапляўся ім і М. Багдановіч, хоць пафас Архілоха не мог быць прыняты беларускай літаратурай ХХ ст. з яе, шчыра кажучы, больш слязьмі, чым радасцю.
І ўсё ж самы пранікнёны лірык у антычнай паэзіі — геніяльная жанчына-паэтка Сафо (VІ ст. да н. э.) з вострава Лесбас. Яшчэ ў старажытнасці цанілі яе, называлі загадкай, цудам. Вялікі філосаф Платон абвясціў яе «дзесятай Музай», а ў эпоху Адраджэння Рафаэль сапраўды памясціў яе ў сваёй фрэсцы «Парнас» сярод дзевяці Муз — сясцёр Апалона.
Саф о на сваім востраве кіравала школай дзяўчат, якіх рыхтавала да замужжа. Нявесты з гэтай школы карысталіся, так бы мовіць, каласальным попытам сярод радавітых жаніхоў. Сафо называла сваю школу «домам служкаў муз», а прасцей — музеем. Выхаванне тут было перш за ўсё рэлігійнае, уласна школа ўяўляла сабою рэлігійную абшчыну, як, скажам, і філасофская школа Піфагора. Толькі тут абшчына прысвячалася жаночым багіням, перш за ўсё Афрадыце і Музам. Сафо вучыла сваіх вучаніц быць жанчынамі ў самым высокім сэнсе слова, яна выхоўвала творчых, культурных людзей, і настолькі ўдала, што на Лесбасе ў галіне мастацтваў жанчыны выступалі нароўні з мужчынамі. Задача Сафо — сцвердзіць культуру і ідэал жаночай прыгажосці ў грамадстве.
Ззяннем жаночай прыгажосці прасякнута ўся паэзія Сафо. Але, на яе думку, і сама жанчына павінна ўмець бачыць прыгажосць сонца, мора, кветак. Служэнне Афрадыце, якое дэкларуе Сафо (прыкладам, у вядомым гімне «Да Афрадыты»), — гэта на самай справе служэнне Прыгажосцю і Каханню. Ніхто да Сафо так не гаварыў пра каханне. Яна ва ўсім новая, а вось пасля многія паэты загаварылі яе мовай. Як ніхто, яна ўмела знаходзіць выключна маляўнічыя сродкі для перадачы самых тонкіх душэўных перажыванняў. Яна на дзіва праўдзівая, не саромеецца ні аднаго са сваіх адчуванняў:
Пот з мяне цячэ гарачы. Дрыжу я.
Ссохла, нібы трава пад спякотным агнём.
(Пераклад Лявона Баршчэўскага)
Для сваіх вучаніц, якіх Сафо выдавала замуж, яна пісала эпіталамы — вясельныя песні. Тут — цікава — нявеста параўноўваецца з яблыкам, што расце на вяршыні дрэва. Значыць, ужо тады яблык быў эратычным сімвалам. Лічыцца, што многія эпітэты, параўнанні Сафо брала з народнай паэзіі. На нашу ж думку, адбылося наадварот: менавіта песні Сафо ўвайшлі ў фальклор, прычым не толькі грэчаскі, а ўвогуле міжземнаморскі, і зрабіліся народ нымі, а імя аўтаркі аказалася страчаным. У далейшым, ажно да эпохі рамантызму, эпіталама — шырока распаўсюджаная форма таксама і прафесійнай лірыкі, прызнаная класічнай. У сучаснай беларускай літаратуры эпіталамы сустракаюцца ў Я. Сіпакова, Ул. Караткевіча. Такім чынам, уплыў Сафо на фальклор, пазнейшую паэзію і ў цэлым еўрапейскую культуру велізарны і яго цяжка пераацаніць.
Задача антычнай лірыкі — звязаць свет багоў (гэта значыць, законаў прыроды) з чалавечым грамадствам, наблізіць божаскае (прыроднае, касмічнае) да чалавека, сказаць народу праўду пра жыццё.
Кожны язычніцкі народ меў не толькі дзяржаўную рэлігію, але і таемную, якую ведала толькі філасофская эліта. Пасвячалі ў яе пры дапамозе містэрый. Мала хто сёння ўяўляе, якое велазірнае значэнне ў чалавечай культуры мелі таямнічыя абрады, магія містэрый. З цягам часу яны, безумоўна, аказаліся страчанымі, дэградавалі або былі пераасэнсаваны.
Найбольш вядомыя ў антычным свеце — Элеўсінскія містэрыі, прысвечаныя багіні Дэметры і яе дачцы Персефоне — маці Хлеба і дачцы Зярняці. Персефону крадзе бог падземнага царства Аід, трымае ў сябе зімою і адпускае, згодна дамоўленасці з бацькам Персефоны Зеўсам, вясною. Маці Дэметра радуецца, а таму прырода квітнее.
Мова містэрый — сімвалы. У архаічных грэкаў Персефона напачатку сімвалізавала зерне, закладзенае ў раллю на зіму і прарослае вясною. Аднак ужо ў містэрыях, уведзеных, згодна легендзе, у 1400 г. да н. э. Персефона — душа чалавека. Душа належыць вышэйшаму, божаскаму свету, дзе яна свабодная. Знаходжанне Персефоны ў царстве Аіда — гэта памяшчэнне душы ў чалавечае цела, якое, на думку філосафа Платона, з’яўляецца магілай для яе. Такім чынам, нараджэнне чалавека — на самай справе яго смерць, і наадварот, смерць — вызваленне душы. Сапраўды, зерне, закладзенае ў зямлю, здаецца мёртвым, а на самай справе прарастае, даючы новае жыццё — колас. І ў беларусаў ёсць прыказка: «Чалавек нараджаецца на смерць, а памірае — на жыццё». У містэрыях вучылі не баяцца смерці, распавядалі пра падарожжы душы ў іншасвеце, пра сувязь з багінямі, гэта значыць, з прыродай.
Яднанню з богам былі прысвечаны і дыянісійскія святы. Кожнаму культу адпавядаў пэўны людскі душэўны настрой, але ўшанаванне Дыяніса амаль ва ўсім было псіхалагічным станам. Зразумець яго, тым больш адчуць, нам сёння цяжка. Увогуле амаль немагчыма спасцігнуць, як і чаму з аднаго вытоку — дэметра-персефонаўскага і дыянісійскага культу — развіліся і трагедыя, і камедыя. Да нашага часу генезіс драмы застаецца загадкаю, і ўсе тэорыі на гэты конт не даюць канчатковага адказу на пытанне.
У вобразе Дыяніса злілося некалькі міфалагічных персанажаў — бог лесу Пан, дзікі паляўнічы Загрэй, фракійскі бог віна Вакх. Як і Персефона, а таксама егіпецкі Асірыс, Дыяніс з’яўляецца паміраючым і ўваскрасаючым богам прыроды. Аднак перавага дыянісійскага культу ў параўнанні з культам маці-дачкі заключалася ў большай дэмакратычнасці першага. Элеўсінскія містэрыі — для выбраных, дыянісійскія ж святы — для ўсяго народа. Менавіта ўдзел ў абрадзе ўсёй грамады называўся раней оргіяй. Але самае важнае — сэнс оргій. Ён — у ачышчэнні душы (тым, што Арыстоцель пазней называў катарсісам) шляхам далучэння яе да бога праз экстаз, які ў літаратуры атрымаў назву пафасу. Дапамагалі ўзвышэнню душы да пафасу дыфірамбы, у якіх распавядалася пра пакуты бога Дыяніса — менавіта ад суперажывання ўзвышалася душа. Дыфірамб-плач выконваў запявала — карыфей (лепшы ў хоры), яму падпяваў ці спрачаўся з ім хор. Магчыма, з часам размяркаваліся партыі і ўнутры хора. Прычым міф пра лёс бога не толькі спяваўся, але і прадстаўляўся людзьмі ў масках і казліных скурах (яны называліся сатырамі), якія першапачаткова ўвасаблялі татэмных продкаў, душы памерлых, затым тытанаў, што разрывалі кожную восень Загрэя.
Прадстаўленне сатыраў — драма, бо слова «драма» азначае «дзеянне». Драма — аснова трагедыі і камедыі. Ужо пазней, згодна «Паэтыцы» Арыстоцеля, пачалі адрозніваць драму як род літаратуры і драму як від, які ўзнік намнога пазней за трагедыю і камедыю. А сэнс адзіны: драма — дзеянне, у аснове якога абавязкова ляжыць антаганізм, спрадвечная дыхатамія свету, значыць, канфлікт. Каб паглыбіць канфлікт, наватар тэатру Эсхіл да карыфея дадаў яшчэ аднаго акцёра, а Сафокл увёў трэцяга. Яны ігралі розныя ролі, толькі мяняючы маскі. Паступова дыялог набыў важнейшае значэнне ў драме, хоць хор як каментатар дзеяння яшчэ заставаўся дастаткова доўга.
Абрад, які зрабіўся прадстаўленнем для гледачоў, змяніў месца дзеяння. Ранейшая пляцоўка, магчыма, паляна, на якой збіралася на свята абшчына, ператварылася ў архестру — месца для хора (адсюль «аркестр»); гледачы размясціліся на схіле гары, які называўся «тэатрон» (адсюль «тэатр»), алтар бога Дыяніса трансфармаваўся ў сцэну. Першыя дэкарацыі ўвёў зноў-такі Сафокл. Але гэтыя, няхай і надзвычай важныя навацыі ў тэатры, — яшчэ не галоўнае. Каб драма зрабілася сапраўднай антычнай трагедыяй, неабходна была глабальная, агульначалавечая, глыбокая філасофская ідэя. Такая ідэя была яшчэ ў індаеўрапейцаў: вяртанне душ памерлых на зямлю ў пэўны перыяд года, вясною, і расповяд іх пра свае перажыванні і прыгоды. Відаць, філасофскія вытокі трагедыі — пакутлівы роздум чалавека аб несправядлівасці жыцця на зямлі. Але і надзея на выратаванне, бо Персефона і Дыяніс — паміраючыя і ўваскрасаючыя багі. Па сутнасці ўся грэчаская міфатворчасць урэшце як бы пералілася ў персефона-дыянісійскую ідэю. Такім чынам, трагедыя і камедыя — з’явы глыбока сінтэтычныя, узніклі яны з мноства розных міфаў і сінкрэтычных абрадаў. У сваю чаргу, культ паміраючых і уваскрасаючых багоў прыроды — філасофская аснова хрысціянства. Вялікая рэлігія і вялікае мастацтва — з аднаго вытоку.
Першы вялікі трагік Грэцыі — Эсхіл. Відаць, невыпадкова вялікае дзеянне («драму») устанавіў чалавек дзеяння: Эсхіл гераічна ваяваў, актыўна ўдзельнічаў у грэка-персідскіх войнах, вынікам якіх стала перамога маленькай Грэцыі над агромністай, найвялікшай на той час, Персідскай імперыяй. Але войны прынеслі і шмат пакут, гора, нястач. Людзі звярталіся да сваіх багоў не толькі з удзячнасцю, але і з папрокамі. Патрабаванне грэкаў ад сваіх багоў справядлівасці супала з устанаўленнем у Афінах справядлівага (адносна) грамадскага ладу — дэмакратыі. Праўда, гэта не азначала, што жыццё адразу зрабілася лягчэйшым. У чалавечым жыццё ўсяго хапае. Але заставалася надзея. Трагічны герой змагаецца якраз за тое, каб свет стаў лепшы ці, ва ўсялякім разе, каб у чалавека хапала мужнасці і волі выносіць прыгнёт абставін.
Усяго трагедый у Эсхіла — 70, да нас дайшло 7, і тое не ўсе поўнасцю. Творы Эсхіла заснаваны на міфах, у якія грэкі яшчэ верылі абсалютна. Эсхіл не выпраўляе міфы, не інтэрпрэтуе іх, але ж міфы ў народзе перадаюцца ў безлічы варыянтаў, і Эсхіл выбірае адпаведны з яго задумай сюжэт.
Найбольш вядомая трагедыя Эсхіла — «Прыкаваны Праметэй». Сюжэт яе шырока вядомы. Зеўс карае тытана Праметэя за выкрадзены тым на Алімпе і падараваны людзям свяшчэнны агонь. Аўтар тут як быццам сумняваецца ў справедлівасці Зеўса. На самай справе, на нашу думку, гэта літаратурны інтрыгуючы прыём, бо ў Эсхіла была яшчэ адна п’еса — «Вызвалены Праметэй», дзе драматург вяртае веру ў справядлівы касмічны парадак: абодва персанажы — Зеўс і Праметэй — прыйшлі да кампрамісу, адмовіліся ад сваіх пераваг дзеля вышэйшай мэты — гармоніі свету. А ўвогуле дзве трагедыі — часткі трылогіі. Так тады пісалі п’есы і выконвалі на працягу трох дзён каляндарнага свята.
У V ст. да н. э. грэкі робяцца перадавым народам усяго тагачаснага свету. Гэта вышэйшы ўзлёт, класічная эпоха, той фенаменальны росквіт, якога Еўропа не дасягала больш ніколі. Архітэктура (Афінскі Акропаль), скульптура (творцы яе — Мірон, Паліклет, Праксіцель, Лісіп), філосафы (Сакрат, Платон, Арыстоцель) — усё мела для пазнейшых эпох узорны характар.
Узлёт літаратуры звязаны з імем вучня Эсхіла — Сафоклам. Абодва драматургі належалі да арыстакратыі — у эпоху дэмакратыі, але гэта не мела значэння, бо яны — геніяльныя паэты і патрыёты горада Афін, аднаго з найпрыгажэйшых у свеце.
Сафокл, як і Эсхіл, — рэлігійны чалавек. За сваё доўгае жыццё ён напісаў 123 п’есы, буйнейшую сваю трагедыю «Эдып-цар» — у 75 год. А ў 90 год зноў вярнуўся да любімага героя у п’есе «Эдып у Калоне», каб усё ж высветліць для сябе, чаму багі караюць невінаватага.
Сюжэт трагедыі «Эдып-цар» наступны. Эдып забівае бацьку, не ведаючы, што гэта бацька, і жэніцца з маці, зноў-такі не ўяўляючы ісціны. Багі караюць яго, хоць усё было прадвызначана імі ж яшчэ да з’яўлення Эдыпа на свет. У маладосці, даведаўшыся пра сваё небяспечнае мінулае ў Дэльфійскага аракула, Эдып робіць усё, каб пазбегнуць лёсу, але кожны яго крок садзейнічае запланаванаму на Небе развіццю падзей. Удары Року, здаецца, знішчаюць чалавека: маці-жонка Іакаста канчае жыццё самагубствам, сам Эдып асляпляе сябе і пакідае Фівы. І ўсё ж у кашмарнай сітуацыі застаецца нешта непраяўленае, нявытлумачанае.
Высакародны чалавек ідзе на злачынствы па волі багоў, і яны ж вінавацяць яго ў гэтым… Рацыянальна вытлумачыць трагедыю немагчыма. Эдып адчувае, што багі адступіліся ад яго, і адзіная яго думка — зноў яму, злачынцу, наблізіцца да багоў.
Сэнс антычнай трагедыі — не ў смерці герояў. Трагедыя ў тым, што чалавек не ведае законаў Сусвету, а вымушаны дзейнічаць. Кожны ж яго ўчынак, магчыма, парушае сусветную гармонію, і Космас, прырода, персаніфікаваныя ў вобразы багоў, рэагуюць на гэта. Лёс Эдыпа, хоць і незвычайны, на самай справе з’яўляецца вобразам, парадыгмай кожнага чалавечага лёсу. Сафокл папярэджвае. Мы дзейнчаем у жыцці, не ведаючы, якія таемныя спружыны, што кіруюць светам, мы парушылі. Здаецца, развязка трагедыі павінна прымусіць гледачоў і чытачоў жорстка расчаравацца ў жыцці. Прыклад Эдыпа можа давесці да адчаю: сваё жыццё ён пражыў прыстойна, быў добрым чалавекам, патрыётам свайго горада, мудрым і справядлівым царом, за што ж такая несправядлівасць лёсу? Тым не менш трагедыя паказвае тую цану, якую прыходзіцца плаціць за любое дзеянне, вынік якога ніколі не залежыць ад людзей. Нездарма мудрыя кітайцы, кіруючыся сваёй рэлігіяй даасізмам, адмаўлялі дзеянне ўвогуле, дзеянне як такое. Сляпы Эдып — вялікі сімвал: чалавек сапраўды сляпы перад Быццём, якое дзейнічае па сваіх уласных законах, нам невядомых. Эдып зразумеў сваю віну, таму што адчуў існаванне той рэальнасці, раўнавагу якой ён так бяздумна парушыў. Свет багоў (Космасу) — таямніца, у яго свае законы. Але чалавек перад імі здольны захаваць свой веліч і павагу да сябе.
У трагедыі «Эдып у Калоне» апісваецца дзіўная смерць Эдыпа: ён проста знікае ў ззянні святла — нібы багі, як бы кампенсуючы сваю несправядлівасць у адносінах да чалавека, прынімаюць яго да сябе. Філосаф ХІХ ст. Ф.Ніцшэ палічыў, што смерць Эдыпа робіцца асновай таго свету, дзе няма Року. Для іншага буйнейшага філосафа і псіхолага — З.Фрэйда — сюжэт пра Эдыпа стаў асновай яго тэорыі псіхааналізу, магчыма, самай папулярнай з гуманітраных у ХХ ст.
Надзвычай глыбокая яшчэ адна трагедыя Сафокла — «Антыгона». Яна распавядае пра дзяцей Эдыпа, бо Рок звычайна карае ўвесь род. Сыны героя Этэокл і Палінік не маглі падзяліць уладу пасля смерці бацькі. Палінік вядзе ворагаў на горад Фівы. Абодва сыны Эдыпа гінуць. Функцыі ўладара бярэ на сябе брат Іакасты — Крэонт. Ён з пашанай хавае абаронцу горада Этэокла, а труп здрадніка Палініка кідае на спажыву сабакам і драпежным птушкам. Пад пагрозай смяротнага пакарання сястра абодвух загінуўшых Антыгона хавае Палініка. Крэонт жорстка карае сваю пляменніцу, замураваўшы яе жывою. У склепе Антыгона павесілася. Ад адчаю закалоў сябе яе жаніх Гемон — сын Крэонта (сітуацыя пасля паўторыцца ў «Рамэа і Юліі» Шэкспіра). Маці Гемона, жонка Крэонта, канчае жыццё самагубствам. Крэонт застаецца адзін — гэта расплата за яго вернасць літары закону.
Сафокл не асуджае ні аднаго са сваіх герояў. Подзвіг любові Антыгоны, безумоўна, выклікае захапленне. Але і Крэонт мае рацыю на ўзроўні палітычнай неабходнасці, цяжкага ваеннага становішча горада. Ён лічыць, што ўшанаваць мёртвага здрадніка Палініка — значыць пакрыўдзіць памяць патрыёта Этэокла. Сітуацыя актуальная заўсёды: і ў наш час ідуць спрэчкі, ці патрэбна помнікамі ўшаноўваць на беларускай зямлі загінуўшых фашыстаў? З аднаго боку, мёртвыя — усе роўныя, з іншага, ушанаваць ворагаў — пакрыўдзіць памяць загінуўшых родных ваяроў. Так і Крэонт увасабляе дзяржаўны парадак і грамадзянскае права, увасабляе юрыдычны закон. Космас Антыгоны больш шырокі. Яна не проста адстойвае права няпісаных Законаў супраць пісаных, яна — са сваім сумленнем, вялікай любоўю да брата — сцвярджае існаванне іншай, духоўнай, рэальнасці — такой, перад якой патухае нават антаганізм паміж дабром і злом.
Усведамленне абмежаванасці чалавечых магчымасцяў перад тварам вечных багоў (законаў Космасу) не пазбаўляе герояў Сафокла актыўнасці, свабоды волі, адказнасці за свае дзеянні. У той жа час тут усё ж сцвярджаецца ўсемагутнасць волі багоў, пры тым, што яе маральна-этычны сэнс застаецца прыхаваны ад людзей. Няпісаныя законы, якімі кіруецца Антыгона, устаноўлены багамі, а Крэонт, які іх парушае, ва ўсім церпіць паражэнне. Імкненне змагацца з Рокам у Эдыпа непазбежна канчаецца расплатай Рока — тых жа Законаў. Але паколькі воля багоў усемагутная, то і людзі, якія супрацьстаяць ёй, такія яркія, незвычайныя: Эдып, Крэонт. Праўда, велічныя, магутныя духам і тыя, хто змагаецца за свае правы кіравацца няпісанымі законамі ў жорстка рэгламентаваным соцыуме — як Антыгона. Героі Сафокла, што самастойна выбіраюць свой шлях, сведчылі пра ўсё большае значэнне індывідуальнага пачатку ў літаратуры Антычнасці.
Не менш паказальная творчасць трэцяга з вялікіх драматургаў класічнай Грэцыі (V ст. да н. э.) — Эўрыпіда. У адрозненне ад шчырых вернікаў Эсхіла і Сафокла Эўрыпід скептычны ў адносінах да багоў. Ён не верыць у божаскае паходжанне законаў абшчыны, нормаў чалавечага жыцця. У Эўрыпіда не багі, а чалавечыя пачуцці вызначаюць лёсы людзей.
Адна з найбольш вядомых трагедый Эўрыпіда — «Медэя», пастаўленая ў. да н. э. Медэя, дачка цара Калхіды, дапамагала Ясону здабыць незвычайную каштоўнасць — Залатое Руно (сімвал, хутчэй за ўсё, рунаў, запісаных на скуры, — эзатэрычных ведаў). Яна ахвяруе сваёй радзімай, дзявочым гонарам, добрым імем. І вось пасля некалькіх гадоў шчаслівага жыцця Ясон пакідае Медэю дзеля дачкі карынфскага цара. Медэя забівае цара і яго дачку, а таксама — пасля доўгіх і цяжкіх ваганняў — сваіх уласных дзяцей, каб гэтым адпомсціць здрадніку Ясону.
Яшчэ адна вядомая трагедыя Эўрыпіда — «Іпаліт». Яна распавядае пра грахоўнае каханне Федры, маладой жонкі Тэсея, некалі пераможцы пачвары Мінатаўра на Крыце, да свайго пасынка Іпаліта. Іпаліт адвергнуў заляцанні мачахі. Тая жорстка адпомсціла: павесілася, пакінуўшы ліст мужу, дзе абвінавачвала Іпаліта ў замаху на яе жаночы гонар. Тэсей праклінае сына. Праклёны бацькоў заўсёды спраўджваюцца: Іпаліт гіне. Даведаўшыся праўду ад багіні Артэміды, якой служыў Іпаліт, Тэсей не можа дараваць сабе.
Эўрыпід паўстае выключным майстрам псіхалагічнай распрацоўкі вобразаў: ён з вялікім майстэрствам паказвае душэўнае жыццё сваіх герояў: ваганні, гнеў, страшэнныя пакуты Медэі, усе перыпетыі любоўнай палкасці Федры, чысціню Іпаліта. Тут ужо асабістыя пачуцці ўступаюць у канфлікт з няпісанымі нормамі чалавечай маралі, тымі нормамі і законамі, якія, на думку Сафокла, устанавіла багі. Але і яны ў Эўрыпіда адступаюць перад чалавечымі эмоцыямі.
Творы Эўрыпіда сведчылі, што класічная трагедыя развівалася надзвычай хутка і ў напрамку да ўсё большай займальнасці, дынамічнасці, напружанай інтрыгі, нечаканых паваротаў сюжэту і, безумоўна, псіхалагізму. У трагедыях Эўрыпіда адбываліся хуткія перамены сітуацый, непрадказальнае развіццё падзей, бо героі яго пастаянна ў сумненнях, у пераходаў пачуццяў. Драматург браў заўсёды міфы ці варыянты міфаў, менш вядомыя, і інтэрпрэтаваў іх адвольна. Трагедыі багоў і герояў ператвараліся ў трагедыі звычайных людзей. Сафокл паказваў чалавека такім, якім ён павінен быць, а Эўрыпід — такім, які ён ёсць.
У перыяд росквіту антычнай трагедыі нарадзілася і камедыя. Калі паходжанне трагедыі не зусім зразумелае, дык генезіс камедыі ўвогуле загадкавы. Арыстоцель гаворыць пра камедыю ў другой частцы сваёй «Паэтыкі», але яна поўнасцю да нас не дайшла.
Як і трагедыя, камедыя злучала ў сабе элемент лірычна-архестравы, звязаны з хорам, і элемент драматычны. Слова «камедыя» абазначае «песню комаса» — святочнага вясковага шэсця ў веснавым абрадзе, таксама прысвечаным Дыянісу (у дзень веснавога раўнадзенства). Слова блізкае да беларускага «камаедзіцы», якое азначае спецыфічна беларускае веснавое свята, прысвечанае выхаду мядзведзя з бярлогу вясною. Першапачаткова ў Грэцыі і Рыме падчас святаў таксама былі смешныя прадстаўленні з мядзведзямі ці з людзьмі, пераапранутымі ў скуры. Пазней перайманне, імітацыя павадак, рухаў жывёл перайшло ў каракатуры на пэўных людзей. Драматычныя сцэнкі вясёлага, фарсавага зместу злучыліся з гуллівымі вясковымі прыпеўкамі, часта эратычнага зместу (бо яны вядуць сваё паходжанне ад песень, звязаных з магіяй урадлівасці). Такім нам бачыцца ход развіцця камедыі. Для нас, беларусаў, ведаць вытокі камедыі асабліва важна, бо ў беларускай драматургіі ХІХ-ХХ стст. камедыя — найбольш развітая форма драмы.
З эпохі Антычнасці да сёння дайшлі ў поўным выглядзе толькі камедыі Арыстафана, найбольш ранняя з якіх датуецца 425 г. да н. э. Яго творы грунтуюцца на фантастычных уяўленнях, на травесціі, на пародыі. Але з травесційных, парадыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» пачыналася і новая беларуская літаратура. Грэчаскіх гледачоў прыцягвала не толькі смешная пераробка міфа, але і палітычныя намёкі на першую асобу ў дзяржаве — уладара Афін Перыкла. Арыстафан, праўда, не спыняўся перад высмейваннем і філосафаў, і людзей мастацтва — Сакрата, Эўрыпіда. Яго камедыі вызначаюцца вострай тэндэнцыйнасцю. У прынцыпе камедыёграф выяўляў кансерватыўныя настроі патрыярхальнага сялянства і звычайных афінскіх грамадзян — дэмасу, гэта значыць народа.
Адной з найбольш прыкметных асаблівасцяў старажытнай камедыі была актыўная роля хора, якая ў трагедыі пасля Эсхіла значна зніжаецца. А вось тут хор выказвае асноўную публіцыстычную ідэю п’есы. Харысты ў камедыі апрануты часта незвычайна: птушкамі, жывёламі, аблокамі, падземнымі духамі і інш. Удзел хора ствараў своеасаблівую кампазіцыйную структуру камедыі. У многіх беларускіх камедыях таксама важнымі з’яўляюцца масавыя сцэны з песнямі, танцамі, прыпеўкамі.
З 40 камедый Арыстафана поўнасцю захавалася 11. Смех Арыстафана розны: і гнеўны, аблічальны, сатырычны, і — радасны. «Залаты век» грэчаскай антычнасці канчаўся, пачыналася дэградацыя палітычнай улады (век дэмакратыі, выходзіць, нядоўгі — яна ўсяго толькі расшчышчае дарогу для алігархаў), і Арыстафан ярка адлюстраваў супярэчнасці новага перыяду — фактычна імперыялістычнага: ён паказвае бедствы вайны, страшэнную беднасць народа, выкрывае чыноўнікаў таго часу, дэмагогаў і спекулянтаў. Але для Арыстафана характэрны і смех вясёлы, гуллівы — смех, які вяртаў людзей да любові, да простых чалавечых радасцей, спрадвечных каштоўнасцей — хлеба, міру, прыгажосці прыроды.
Многія персанажы камедый Арыстафана мелі карыкатурны выгляд, высмейвалі пэўныя чалавечыя заганы. Таму акцёры насілі адпаведныя маскі. Пазней такія ж маскі-тыпы, але ўжо без непасрэднага матэрыяльнага атрыбута, а як псіхалагічныя мадэлі, мы сустракаем у італьянскай камедыі «дэль артэ», у камедыях Мальера, Бамаршэ, а яшчэ пазней і ў беларускай камедыях. Прыкладам, тып дурнога ганарліўца, выхвалякі (пан Быкоўскі ў «Паўлінцы» Я. Купалы).
У час Пелапанескай вайны, вайны паміж полісамі, Арыстафан піша адну з лепшых сваіх камедый — «Лісістрату» (411 г. да н. э.). Каб знішчыць, праклясці вайну — справу мужчын — аўтар вывеў галоўнымі героямі жанчын. Па закліку афінянкі Лісістраты жанчыны, пратэстуючы супраць дурасці ваюючых мужчын, аб’явілі ім любоўны байкот. Аўтар стварыў цікавую камедыйную сітуацыю, паказаўшы, што значыць спыніць дзеянне фізіялагічных законаў (мы паслядоўна разгледзелі розныя віды законаў у антычнай драматургіі). У надзвычай смелых сцэнах аўтар з усімі падрабязнасцямі паказвае пакуты мужчын. У канцы ваяры ўрэшце ўстанаўліваюць мір; прыміраюцца і мужчыны з жанчынамі. П’еса лічыцца ледзь не самай бессаромнай у гісторыі тэатра, але тым не менш яе ніяк нельга назваць амаральнаю, бо напісана яна з любоўю да жыцця, якое праслаўляецца праз праслаўленне фізічнага кахання. Смех «Лісістраты» выяўляе жыццёвае здароўе грэчаскага народа, больш за тое, здароўе ўсяго чалавечага роду.
Творчасць Арыстафана аказала каласальны ўплыў на літаратуру эпохі Адраджэння, класіцызму — на Рабле, Расіна, Мальера, камедыю «дэль артэ». Шмат якія прыёмы Арыстафана (абагуленасць вобразаў, матэрыялізаваныя метафары, гратэск) шырока выкарыстоўвалі рускія класікі М. Е. Салтыкоў-Шчадрын, Ул. Маякоўскі. Глыбока вывучае вопыт Арыстафана і літаратура постмадэрнізму.
«Вечны горад» Рым, заснаваны ў 786 г. да н. э., — спачатку горад-рэспубліка, затым гаспадар усёй Італіі, пасля ўсяго Міжземнамор’я, а ўрэшце — ўсяго антычнага свету. За стагоддзі сваёй гісторыі (VІІІ ст. да н. э. — V ст. н. э.) Рым паслядоўна сцвярджаў асноўную дзяржаўную ідэю — барацьбу за сусветнае ўладаранне. (Невыпадкова сучасныя ЗША параўноўваюць з Рымскай імперыяй.) Але ў культуры, як выказаўся Гарацый, «пераможаная Грэцыя перамагла свайго некультурнага пераможцу». Сапраўды, заваяваўшы ў ІІ ст. да н. э. Грэцыю, Рым у многім пераняў і яе міфалогію, і яе мастацтва. Але дасягненні ўласна Рыма таксама грандыёзныя: каляндар, якім мы карыстаемся і сёння; права; арганізацыя дзяржаўнага кіравання; лацінская мова, што на працягу тысячагоддзяў дае пачатак навуковым тэрмінам; надзвычай багатая, магутная архітэктура, зноў-такі паклаўшая пачатак некаторым гістарычным архітэктурным стылям; індывідуалізаваны скульптурны партрэт і інш.
У літаратуры Рыма былі засвоены ўсе жанры, перанятыя з Грэцыі. Відавочна гэта праявілася ўжо ў ІІІ ст. да н. э. у камедыях Плаўта. У Грэцыі пасля Арыстафана камедый было створана шмат, і Плаўт іх творча перапрацоўваў. Прычым ён не браў псіхалаігчна тонкія або сентыментальныя, папулярныя ў высокакультурных грэчаскіх гледачоў, бо разумеў, што для грубага рымскага плебсу яны будуць незразумелыя. Часцей за ўсё ён выбіраў сюжэты, дзе галоўным героем быў хітры служка-інтрыган, разумнейшы за свайго гаспадара, або гетэра, якая дзякуючы свайму розуму займае высокая палажэнне ў грамадстве. Плаўт уводзіў у свае камедыі песні, ператвараючы твор у фактычна вадэвіль або аперэту, а таксама балетныя нумары. П’есы Плаўта слабыя ў плане кампазіцыі, але ў іх шмат руху, дзеяння, шуму — гэта эксцэнтрычныя камедыі. Уплыў Плаўта на развіццё сусветнай камедыі, як і ўплыў Арыстафана, цяжка пераацаніць. Але традыцыі Арыстафана сёння паўстаюць хутчэй элітнымі, хоць ён пісаў для дэмасу, а традыцыі Плаўта — прыдатнымі для масавай культуры. Яго прыёмы можна заўважыць у беларускім тэатры сатыры «Хрыстафор», у тэлевізійных серыялах.
У І ст. да н. э. як зместам, так і формаю вылучалася паэма Лукрэцыя Кара «Аб прыродзе рэчаў». Гэта найбольш поўны паэтычны пераклад тэорыі грэчаскага філосафа Эпікура. Паэма складаецца з шасці частак, у якіх гаворыцца пра атамы, пра ўтварэнне складаных рэчаў, пра структуру чалавечай душы, пра пачуцці, пра развіццё чалавечага грамадства, пра з’явы прыроды. У гісторыі сусветнай культуры паэма засталася як аптымістычны гімн пазнанню дзеля пазнання. Але думка самога аўтара была іншая. Лукрэцый бачыў прычыны бедстваў радзімы ў чалавечых заганах, выкліканых страхам смерці і імкненнем узяць ад жыцця ўсе магчымыя ўцехі. Між тым шлях да шчасця, згодна Лукрэцыю, у пазнанні свету і прымірэнні з думкай пра смерць. Яркай асаблівасцю паэмы з’яўляецца шырокая карціна Космасу, бязмежнага і цэласнага ў сваіх законах. Лукрэцый паказвае і надзвычай яркія малюнкі зямной прыроды, прадстаўленай ва ўсёй разнастайнасці сваіх праяў. На нашу думку, натурфіласофская паэма Лукрэцыя аказала ўплыў на паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра».
Сучаснікам Лукрэцыя быў вялікі паэт Катул. Калі першы жыў у свеце думкі, то другі — у свеце пачуццяў. Катул пражыў мала і большай часткай у Рыме, хоць нарадзіўся і памёр у Вероне. Да нашага часу дайшло 116 яго вершаў і некалькі паэм. Усе яны прысвечаны сяброўству і каханню, прычым апяваюцца ўсе нюансы пачуццяў: каханне здалёк, ганарлівасць, шчасце ўзаемнасці, сумненні, рэўнасць. Каханне, якое ў грэчаскіх аўтараў гэтага часу паказана з тонкай іроніяй, у Катула выглядае надзвычай сур’ёзна: можа быць, гэта звязана з больш незалежным становішчам рымскай жанчыны ў параўнанні з грэчаскай. Велізарная заслуга і наватарства Катула — узвышана-духоўны паказ кахання. Гэта яднае яго з паэтамі Новага часу, а ў эпоху Антычнасці ён не меў у гэтым плане ні папярэднікаў, ні паслядоўнікаў.
«Залаты век» рымскай літаратуры — гады праўлення прынцыпата (фактычна першага імператара) Аўгуста (27 г. да н. э. — 14 г. н. э.), унучатага пляменніка і прыёмнага сына Юлія Цэзара. Вялікія паэты гэтага часу Вергілій, Гарацый, Авідзій верылі, што адбылося вяртанне да гераізму і магутнасці продкаў, да старых рымскіх звычаяў і нораваў, якія часткова яшчэ захоўваліся ў італійскіх вёсках. Думка пра адраджэнне сельскай гаспадаркі ў Італіі і аб стварэнні дзякуючы гэтаму шырокай сацыяльнай асновы новаму сацыяльнаму ладу панавала ў ідэалогіі таго часу.
Вергілій, адчуваючы гэта як сацыяльны заказ, напісаў «Георгікі» — дыдактычную паэму ў 4 кнігах, якая апявала сялянскую працу і цудоўнае вясковае жыццё. Малюнкі працы, свят і ўсяго жыцця селяніна пададзены тут коратка, сцісла, з вялікай сілай выразнасці. Амаль палову паэмы складаюць цудоўныя філасофскія адступленні — роздумы паэта пра гармонію прыроды, пра будову Сусвету, пра шчасце земляроба. І агульным пафасам, і ў некаторай ступені структурай «Новая зямля» Якуба Коласа нагадвае паэму Вергілія.
Але найбольш праслаўлены Вергілій сваёй паэмай «Энеіда», створанай паводле ўзору гамераўскіх гераічных паэм. Каб ухваліць існуючы лад, Вергілій паказаў вельмі далёкіх продкаў роду Цэзара (Цэзар, згодна легендзе, паходзіў ад сына Энея Юлія), цудоўным чынам выявіўшы гістарычнае пачуццё агульнасці сучаснага яму насельніцтва з перасяленцамі эпічных часоў. «Энеіда» стала нацыянальным рымскім эпасам.
Вергілій звярнуўся да міфа пра Энея, адзінага з траянскіх герояў, хто здолеў збегчы з палаючага горада, і паказаў яго як ідэал рымляніна. Ва ўсіх сваіх дзеяннях Эней кіруецца ўказаннямі багоў, якія ўжо прадвызначылі ўсю гісторыю Італіі і Рыма. Асабліва паэт апявае «рымскі дух», што найбольш праявіўся менавіта ў эпоху Аўгуста, дзейнасць якога як бы дае сэнс і апраўданне блуканням, прыгодам і пакутам Энея. Такім чынам, Эней слаўны не столькі подзвігамі, колькі вернасцю свайму жыццёваму прызначэнню, што заключалася ў аснаванні новага паселішча і сусветнай дзяржавы.
Творчасць Вергілія ўяўляе сабою глыбока самабытную з’яву. Нездарма яго паэма стала ўзорам для шматлікіх твораў падобнага тыпу і ў тым ліку матэрыялам для пародый (пачынаючы ў Х VІІІ ст.), бо парадзіраваць можна толькі творы арыгінальныя сюжэтам і стылем.
Другі вялікі паэт эпохі Аўгуста — Гарацый. Як і Вергілій, ён таксама горача вітаў новую эпоху, якая прынесла грамадзянам Рыма мір, спакой і надзеі на адраджэнне старых добрых звычаяў. Гарацый зацікаўлена адгукаўся на перамогі Аўгуста, праслаўляў яго законы і адроджаную дзякуючы яму старую рымскую мараль.
Вяршыня творчасці Гарацыя — чатыры кнігі «Од». Падобна таму як «Энеіда» ў свядомасці рымлян заняла пачэснае месца побач з паэмамі Гамера, «Оды» Гарацыя працягвалі традыцыі таксама грэчаскай літаратуры, але ўжо не эпасу, а лірыкі. Тут пануюць тэмы, характэрныя і для класікаў грэчаскай паэзіі: каханне, сяброўства, жыццё на ўлоніі прыроды, перамога розуму над страхам смерці і адначасова — поспехі рымскага войска, веліч старадаўніх рымскіх культаў. Найбольш вядомы твор Гарацыя — яго «Помнік», паводле якога пазней пісалі многія еўрапейскія і рускія паэты, прыкладам М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, А. Пушкін.
Стабільнае, спакойнае, мірнае жыццё заўсёды садзейнічае квітненню інтымнай лірыкі. Вяршыняй рымскай эратычнай паэзіі з’яўляецца творчасць Авідзія Назона. Малодшы сучаснік Авідзія і Гарацыя, ён найбольш таленавіты з усіх рымскіх паэтаў. У сваіх «Любоўных элегіях» ён пафасна, з яркімі рытарычнымі фігурамі распавядае пра сваё каханне да нейкай Карыны. У зборніку «Гераіні» пра сваё каханне і боль гавораць розныя міфалагічныя гераіні, прыкладам Арыядна, Пенелопа. У паэме «Навука кахання» паэт вучыць юнакоў, як заваёўваць сэрцы жанчын.
Адна з самых цікавых прац Авідзія — паэма «Метамарфозы», у якой апісаны шматлікія ператварэнні міфічных герояў у жывёл і расліны. І сёння гэты вялікі твор з’яўляецца каштоўнейшым матэрыялам па міфалогіі Антычнасці. На доўгія стагоддзі расповяды з кнігі Авідзія сталі матэрыялам для шматлікіх паэм, опер, балетаў, жывапісных і скульптурных твораў. Адзін з сюжэтаў — пра каханне Венеры і Адоніса: кроў апошняга пасля яго смерці стала кветкай анемонам. Другі вядомы матыў: німфа Дафна адвергла каханне магутнага бога Апалона і папрасіла дапамогі ў бацькі — рачнога бога: той ператварыў дачку ў дрэва лаўр. З таго часу Апалон сам насіў лаўравы вянок і ўзнагароджваў ім у нечым выдатных людзей — адсюль паходзіць слова «лаўрэат». Трэці сюжэт: багі ператварылі ў кветку нарцыс самазакаханага хлопца. Усе гэтыя міфы шырока вядомыя, але зрабіліся яны папулярнымі менавіта дзякуючы кнізе Авідзія.
Ад Аўгуста пачынаецца імперская эпоха ў гісторыі Рыма. Упраўленне каласальнай імперыяй патрабавала цэнтралізаванай і моцнай дзяржаўнай улады. У літаратуры гэта час адмаўлення ад грэчаскіх традыцый і арыентацыя на ўласныя — на творчасць паэтаў «залатога веку». Новым жанрам, найбольш пашыраным у эпоху імперыі, стаў раман.
Паходжанне рамана поўнасцю не высветлена. Мяркуюць, што першыя празаічныя творы, у якіх панаваў прынцып распавядання, з’явіліся ў Грэцыі ў ІІ ст. да н. э. Яны былі перакладзены на лацінскую мову і карысталіся проста неверагоднай папулярнасцю ў Рыме, праўда, не ў эліты, а ў плебсу. Самы вядомы з грэчаскіх раманаў — «Дафніс і Хлоя» Лонга, створаны, як мяркуюць, у ІІ ст.н. э. Раман распавядаў пра ўзвышанае каханне маладых людзей, выхаваных пастухамі (пасля высвятляецца, што яны — з радавітых сем’яў), іх вандраваннях, шматлікіх небяспечных прыгодах, спакусах, нарэшце радаснай сустрэчы і шлюбе. Сюжэт рамана можна лічыць вандроўным. Ён пройдзе праз стагоддзі развіцця літаратуры, нязменна папулярны і любімы ў самых шырокіх колах насельніцтва.
Для эпохі росквіту імперскага Рыма (ІІ-ІІІ ст.) характэрны каласальны ўзлёт паэзіі, добрае яе веданне ўсімі адукаванымі людзьмі, вялікая колькасць зусім маладых паэтаў, талент якіх часта адкрываўся ў 10–11 гадоў. Пісалі вершы і некаторыя імператары. Але ў цэлым літаратура Антычнага Рыма ўжо ніколі не дасягала таго росквіту, як у эпоху Аўгуста.
Паходы Аляксандра Македонскага (пачаліся ў 334 г. да н. э.) паклалі пачатак новаму перыяду ў гісторыі Антычнасці — перыяду, які атрымаў назву «элінізм». «Элін» — другая назва грэка. Аляксандр імкнуўся стварыць сусветную манархію, і ён-такі заваяваў палову свету, дайшоў да Індыі, але павярнуў назад і памёр у горадзе Вавілоне даволі маладым (323 г. да н. э.). Яго каласальную імперыю, якая ўключала Грэцыю, палову Афрыкі, палову Азіі, раздзялілі паміж сабою яго сябры-военачальнікі, так званыя дыядохі. Утварылася некалькі новых царстваў, з якіх магутнейшым аказаўся Егіпет пад уладай дынастыі Пталемеяў. Асаблівасцю новага перыяду было перамяшчэнне культурных цэнтраў з кантынентальнай Грэцыі ў яе былыя калоніі (Малая Азія) і ў Егіпет. Адбываўся сінтэз грэчаскай (пасля рымскай) і ўсходняй культур. Гэтая з’ява і атрымала назву «элінізм».
Фактычным культурным цэнтрам у эпоху элінізму стала Александрыя — сталіца пталемеяўскага Егіпта. Горад уражваў сваёй раскошай. Тут было пабудавана сёмае з цудаў свету — маяк на востраве Фарос, царскі палац і асабліва вядомы Мусейон — цэнтр навукі і мастацтва. У горадзе жылі прадстаўнікі розных народаў, але ў асноўным грэкі, і дзяржаўнай мовай была грэчаская — «кайнэ», заснаваная на атычным дыялекце.
Надзвычай спрыяльныя ўмовы для працы ў Мусейоне прыцягнулі сюды мноства грэчаскіх вучоных — спецыялістаў у матэматыцы, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі. Тут працаваў выдатнейшы матэматык Эўклід, аўтар трактату «Пачаткі геаметрыі», а таксама вядомы фізік Архімед, заснавальнік тэарэтычнай механікі і іншых раздзелаў фізікі, і географ Эратасфен, які вылічыў даўжыню мерыдыяна і стварыў новую карту свету.
Адной з найбольш папулярных навук у Александрыі была філалогія. Цікавасць да мовы, граматыкі, вершаскладання ў грэкаў абудзілася яшчэ ў класічную эпоху. Вывучэннем паэтыкі, літаратурных формаў займаліся ў Ліцэі Арыстоцеля. Але па-сапраўднаму філалогія як навука ўзнікла ў III ст. да н. э. у Александрыі. Гэта стала магчымым дзякуючы каласальнай Александрыйскай бібліятэцы, сабранай Пталемеямі. Вядома, што ў І ст. да н. э. яна налічвала 700000 рукапісаў.
Паэт Калімах, супрацоўнік бібліятэкі (III ст. да н. э.), склаў вялікі каталог твораў грэчаскіх пісьменнікаў (120 тамоў), прычым ён даказаў сапраўднае аўтарства некаторых твораў. Калімах і іншыя выдатныя філолагі рабілі поўны эстэтычны аналіз класічных твораў, параўноўвалі іх варыянты, стваралі каментарыі, устанаўлівалі імёны аўтараў для ананімных твораў, а таксама час напісання. Тут была выпрацавана тая вялікая культура філалагічнай працы, якая ў традыцыі дайшла ажно да эпохі Адраджэння і яскрава выявіла сябе ў творчасці Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага.
Цікава, што выдатнейшымі паэтамі ў эпоху элінізму былі перш за ўсё вучоныя-філолагі, той жа Калімах. Яшчэ адной адметнай рысай эліністычнай паэзіі быў яе касмапалітызм. Літаратура класічнага перыяду жыла інтарэсамі роднага горада-поліса. Літаратура ж элінізму жыве праблемамі ўсёй грэчаскай адукаванай публікі, рассеянай па свеце. Праўда, ад гэтага літаратура зрабілася больш элітарнаю, не прызначанай для ўсяго народа. Трэцяй важнейшай рысай літаратуры элінізму быў адыход ад прынцыпаў класіцызму, ад ранейшых нормаў і правілаў, смелае наватарства.
Найбольш значным паэтам-наватарам пачатку эліністычнай эпохі быў Калімах. 3 яго мастацкіх твораў захавалася шэсць гімнаў багам, 63 эпіграмы і элегіі, своеасабліва пабудаваныя, вельмі часта з навуковымі адступленнямі, з вытанчанымі дэталямі, з архаічнымі рэмінісцэнцыямі. Так, ідылія «Гекала» распавядае пра адзін з подзвігаў Тэсея — утаймаванне марафонскага быка. Але сам подзвіг недзе на далёкім плане, а ўся ўвага паэта скіравана на сціплай хацінцы бабулі Гекалы, дзе Тэсей спыніўся на ноч нерад рашаючым паядынкам. Старажытны міф тут поўнасцю пераасэнсаваны дзякуючы новаму пункту гледжання, новай перспектыве, у якой на першым плане аказваецца чалавечы побыт і чалавечая псіхалогія: падрабязна апісаны інтэр’ер хацінкі, посуд, вячэра для Тэсея, хваляванні Гекалы за лёс героя.
Калімах — цэнтральная постаць александрыйскай літаратуры. Ён аказаў велізарны ўплыў на рымскіх паэтаў — Катула, Авідзія, Гарацыя. Праўда, для шырокай публікі Калімах з яго незвычайнай эрудыцыяй аказаўся залішне цяжкім, ён застаўся «паэтам для паэтаў», таму і вядомы горш, чым заслугоўвае па сваім значэнні.
Вучань Калімаха Апалоній Радоскі зрабіў спробу аднавіць старажытны эпас. Яго паэма «Арганаўтыка» мела вялікі поспех. Яна распавядала пра падарожжа Ясона ў Калхіду за Залатым Руном. Для апісання экзатычных краін Апалоній карыстаўся працамі вядомых гісторыкаў і географаў, для распрацоўкі характараў — творамі грэчаскіх трагікаў: у іх ён вучыўся псіхалагічнаму майстэрству. Паэма насычана геаграфічнымі і культурна-гістарычнымі падрабязнасцямі — гэта ўвогуле яркая асаблівасць эліністычнай літаратуры.
Культурнае жыццё ў Александрыі і іншых цэнтрах эліністычнага свету не прыпынілася і тады, калі яны былі заваяваны Рымам, у прыватнасці Александрыя — у 33 г. да н. э. Менавіта тут была перакладзена, на грэчаскую мову Біблія (Стары Запавет). Праўда, хоць на працягу некалькіх стагоддзяў тут працавала безліч выдатнейшых літаратараў, геніяльных імёнаў сярод іх няма.
Новы ўзлёт эліністычнай культуры назіраецца ў II–IIІ стст. нашай эры. Сітуацыя склалася ў многім падобная да той, што была ў пачатку эліністычнай эпохі (у ІІІ — ІІ стст. да н. э.). У той час заняпала мацерыковая Грэцыя, і культура перамясцілася на перыферыю. Цяпер дэградаваў Рым, і найбольш значныя імёны зноў-такі дала правінцыя.
У час «эліністычнага адраджэння» найбольш буйны пісьменнік— Плутарх, паходжаннем грэк, але блізкі да рымскага імператара. Вядома, што Плутарху належала 227 твораў, але захавалася менш паловы з іх. Найбольш вядомы яго твор — «Паралельныя жыццяпісы»: 46 біяграфій вялікіх грэкаў (ад Тэсея) і вялікіх рымлян (ад Ромула), аб’яднаныя па парах згодна характараў і падобнасці лёсу, напрыклад Аляксандр Македонскі і Юлій Цэзар (ваенаначальнікі), Дэмасфен і Цыцэрон (вялікія прамоўцы, рытары). Пісьменнік падыходзіць да сваіх герояў не як вучоны-біёграф, а як мараліст: таму ён найперш вылучае асноўныя рысы маральнага вобліку сваіх герояў, якія раскрываюцца ў розных сітуацыях. Вакол характару героя ён групуе ўвесь матэрыял. Атрымоўваецца своеасаблівы псіхалаічны эцюд на біяграфічнай аснове. «Паралельныя жыццяпісы» Плутарха былі, магчыма, самай папулярнай кнігай ва ўсе пазнейшыя эпохі. Ён, безумоўна, аказаў уплыў на стварэнне жанру жыціяў святых. Яго любілі чытаць многія класікі літаратуры эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, XVIII–XIX стст. Гэты класічны твор стаў вытокам матэрыялу для многіх іншых твораў біяграфічнага характару.
Апошні з вялікіх пісьменнікаў эпохі элінізм — Лукіян з Сірыі. Ён працаваў у многіх жанрах, але найбольшай славаю карысталіся яго камічныя і сатырычныя дыялогі як адметны сінтэз філасофскіх дыялогаў і дыялогаў-урыўкаў з класічных камедый. Наватарства Лукіяна было своеасаблівай камбінацыяй традыцыйных элементаў, але ўжо вядомыя формы ён зрабіў кароткімі, лёгкімі, жывымі і вытанчанымі.
Важнейшая рыса творчасці Лукіяна — яго рацыяналізм і скептыцызм. У эпоху, калі містыка і забабоны ўсё больш ахоплівалі грамадства, ён захаваў абсалютную яснасць розуму і высмейваў іх у сваіх творах. Яго скептычны нігілізм — аснова тых іранічных адносін да свету, якія робяць Лукіяна адным з вялікіх майстроў антычнага камізму.
Найбольш вядомы твор Лукіяна — «Размовы багоў», дзе багі выступаюць абсалютнымі зямнымі мяшчанамі з дробнымі інтарэсамі і імкненнямі. Такое камічнае зніжэнне міфалагічных персанажаў мы будзем назіраць і ў беларускіх парадыйных паэмах XIX ст. Уплыў Лукіяна на сатыру пазнейшых эпох выключна моцны: ён з’яўляўся прыкладам для Эразма, Рабле, Свіфта, ды і для нашага К. Крапівы. Творчасць Лукіяна сведчыла пра разбурэнне міфалагізму як арсеналу і асновы антычнай літаратуры.
Апошні перыяд у развіцці антычнай літаратуры (з IV ст. н. э.) ужо звязаны з новай рэлігіяй — хрысціянствам.
Такім чынам, міфалагізм з’яўляецца асноўнай рысай літаратуры антычнасці. Міфалагічная аснова ва ўсім вызначальная. Любы новы змест, філасофскае казанне ці палітычная прапаганда — усё лёгка ўвасаблялася ў традыцыйныя вобразы і сітуацыі міфаў. Пазней міфалогія была арсеналам і для літаратуры Адраджэння, і для класіцызму, і для рамантыкаў, ды і для сучасных пісьменнікаў, хоць, можа, ужо больш у выглядзе літаратурнай гульні. Міфы — найбольш універсальны матэрыял літаратуры. У іх заключаны агульначалавечы, вечны змест, закладзены мадэлі чалавечых паводзін і адчуванняў. Так званыя вобразы-архетыпы заснаваны на міфах.
Антычная літаратура з’явілася анталагічнай асновай беларускай літаратуры. Старабеларускія аўтары вельмі добра ведалі антычную спадчыну. Напрыклад, Клімент Смаляціч цытаваў творы Гамера, Арыстоцеля, Платона. Знаёмства з паэтыкай Антычнасці паказваюць прадмовы Ф. Скарыны, «Песня пра зубра» М. Гусоўскага. У творы «Аб свецкай ўладзе» С.Будны неаднаразова звяртаўся да паэм Гамера.
Антычная паэзія аказала значны ўплыў на літаратуру Барока, на творчасць беларускіх шляхецкіх паэтаў XVI–XVII стст., а таксама на Сімяона Полацкага.
Антычныя сюжэты былі аб’ектамі пародый у сатырычных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на ІІарнасе». Цудоўна ведаў антычную літаратуру Ян Баршчэўскі, які напісаў паэмы «Псіхея», «Пояс Венеры».
М. Багдановіч рабіў шмат перакладаў з антычнай літаратуры, напрыклад урывак з «Метамарфоз» Авідзія, «Помнік» Гарацыя. Ён увёў у беларускую паэзію гекзаметр і пентаметр, эксперыментаваў з гэтымі намерамі. Матывы антычнай літаратуры сустракаюцца ў Я.Купалы, М.Танка, іншых выдатных беларускіх паэтаў.
1. Дайце вызначэнне паняццю Антычнаць.
2. Ахарактарызуйце перыяды культурнай гісторыі эпохі Антычнасці. Падрыхтуйце паведамленні пра кожны з іх.
3. Дакажыце, што сляды Антычнасці прысутнічаюць не толькі ў мове і мастацтве, але і ў псіхалогіі сучаснага чалавека.
4. Вызначце ўплыў творчасці Гамера на развіццё літаратуры і культуры свету.
5. Дакажыце на канкрэтных прыкладах, што «задача антычнай лірыкі — звязаць свет багоў з чалавечым грамадствам, наблізіць божаскае да чалавека, сказаць народу праўду пра жыццё».
6. Растлумачце, чаму ў V ст. да н. э. у Старэжытнай Грэцыі былі створаны ўмовы для росквіту навукі і мастацтва. Як звязана з гэтым узнікненне тэатральнага мастацтва?
7. У чым вы бачыце значэнне творчасці Эсхіла і Сафокла для развіцця антычнага тэатра?
8. У чым адметнасць драматургіі Эўрыпіда? Параўнайце з творчасцю Сафокла.
9. Асэнсуйце своеасаблівасць камедый Арыстафана. Дакажыце, што Плаўт першы перапрацаваў камедыі Арыстафана.
10. Раскрыйце своеасаблівасць паэмы Лукрэцыя Кара «Аб прыродзе рэчаў».
11. Параўнайце эстэтычныя светы Антычнай Грэцыі і Антычнага Рыма. У чым своеасаблівасць кожнага? Як гэта адлюстравалася гісторыі літаратуры і культуры Еўропы?
12. Дакажыце, што паэма «Энеіда» Вергілія створана па ўзору гамераўскага эпасу.
ІЗ. У чым заключаліся асноўныя прынцыпы паэзіі Гарацыя?
14. У чым значэнне літаратуры элінізму?