VI


Ранняй раніцай свісцелі івалгі, апошні крык леляка гучэў з лясное цемры. Быццам страшная навальніца праімчалася над маленькім пачынкам, над драўляным будынкам маці Ветру, пакінуўшы пасля сябе бязбурнае і чыстае паветра.

Маленькія галасістыя птушкі цывікалі ў лістоце: кожнае маленькае птушынае цельца разрывалася ад самазабыццёвай радасці жыцця. Яны пазбыліся жахаў яшчэ адной ночы.

— Жыць! Жыць! Жыць!

— Жыў! Жыў! — адказвалі вераб’і.

— Жывы вы? Жывы вы? — пыталася кнігаўка ў небе над мокрымі сожскімі лугамі.

— Так. Так, — спрабаваў апошнім каленцам сцвердзіць салавей у калінавым кусце, але прыпамятаў, што не яго час, і сарамліва заціхнуў.

І Вецер таксама жадаў стаць тварам да сонца і красак і мокрых, пахучых лісцяў бэзу, якія абдаліся за ноч халоднай расіцаю і крычаць:

— Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў!

За шуламі варот ужо стаялі асядланыя коні з узорнымі перакіднымі торбамі, і корд Ветру быў прытарочаны да сядла варанога жарабца. І поруч стаяў белы конь Агаты.

А сам Вецер з Агатаю стаялі на каленях перад маткаю, якая за гэтыя дзве ночы зусім пасівела. Вочы на паўтвару, ліхаманкавы румянец, чорнае пакрывала на плячах і такі ж, як раней, стройны, прамы стан.

Маці бласлаўляла іх, ламала над галавою “чужынскую стралу” і шаптала апошнюю ваенную замову:

— Ад страляння чужынскага, ад сухоты агнявой — косткі і мяса, сэрца і ныркі, жылы і печань, мазгі і вочы, і уды тайныя хай моцнымі будуць... ...ад корда і шаблі, рацішча і пулгака, нажа і шыбня, шастапёрка і аркана, і дубіны з крэмню і дубу, і каменнай сякеры, ад удару шчытом, ад дзіды і стралы — хай моцнымі будуць косткі і плоць і кроў...

...сілы дай, калі вораг перакуліць і занясе нож, даць яму нагою ў прычыннае месца...

...на ворага няхай перад бойкаю нападзе трасенне яго ступіц, і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах...

Яна шаптала даволі доўгі час, і Вецер чуў толькі асобныя ўрыўкі, калі яна пачала чытаць, дзеля папярэджання, замовы “на ратных”. Ён не верыў, але пакрыўдзіць маці не мог Яму было ўсё адно, будуць чытаць нешта або зусім не будуць, і ён толькі адмячаў у галаве:

“Вось ад ліхаманкі, калі спіш на зямлі, вось ад таемнай атруты ворага, а вось ад крыві”.

І яшчэ шмат чаго. Доўга-доўга шаптаў голас маці, быццам яна ў апошнюю гадзіну ад усяго жадала абараніць сына. І ўрэшце ўвесь запас замоў скончыўся, і яна не магла больш нічога прыпамятаць, а таму з цяжкім уздыхам сказала:

— Ну вось і ўсё. Зараз вы... як за тоўстым мурам.

Яна не ведала, што не ад такой смерці і не ад зброі скончыцца бліскучае жыццё яе сына, што ад такой смерці яна не замовіла яго, бо такой страты не бачыла яшчэ зямля, сытая крывёю.

І маці яшчэ сказала толькі:

— Думаеш, жонка лепшая за матку, якая ўчора спудзілася твайго корда. Няўжо ты думаў, што я баялася смерці? Я ведала, што ты можаш, не памятаючы сябе, ударыць кордам. І я не жадала, каб хтось сказаў: гэта той, што забіў сваю матку, — чаго ідзяцё за ім, людзі? Пра цябе думала я нават і тут. А ты падумай, хіба свеціць мне сонца, калі яно не свеціць табе?

І праз хвіліну прыбавіла:

— Даруй мне, сынку, за гэтую пакуту. Але лепей гэта, ніж імя Ветру ў ліку здраднікаў.

Вецер пацалаваў зямлю ля ног маці:

— Я не дакрануся рукою да сябра, толькі яна будзе даваць мне корд і каня. Бывай, матулька. Дзякуй табе за ўсё.

Маці ўладна (Вецер не пратэставаў, ён ведаў — так трэба) абхапіла яго галаву, прыцягнула яго да сябе і пацалавала сына ў пакуль што чысты белы высокі лоб, аддала апошні пацалунак яму, які ішоў на крыж. Яна не енчыла над ім, як тая, іншая, яна стаяла проста і горда, бяздоннае сэрца, вялікая беларуская маці.

І пакуль дзве постаці на конях не зніклі ў пушчы, яна глядзела ім услед, быццам жадала назаўсёды зберагчы ў параненым да смерці сэрцы стройную постаць сына, доўгае залацістае валоссе яго і маленькую фігурку, што ехала поруч з ім на белым коніку, паклаўшы белую ручку на яго плячо.

_____________

Дык вось якія справы чыніліся дзвесце год таму на зямлі беларускай. Чатыры гады трымалася паўстанне Вашчылы ў старастве Крычаўскім, якое Крывавы Падчашы аблыжна называў “сваім”. І вялікай славы дасталі не паны, не рыцары, а журботныя цені крычаўскага майстра, мілаславіцкага мешчаніна і хацімскага гандляра воскам, селяніна і ваяводы.

Чатыры гады грымела паўстанне, на ўсіх шляхах віліся зялёныя і залатыя сцягі, сялянскія загоны з віламі і косамі з ровам валілі на бледных шляхецкіх ваякаў, і падалі брамы замкаў, і мужык, як гаспадар, уваходзіў у пакоі, дзе раней бываў яго бацька толькі ў ланцугах.

Яны біліся за волю, і заўсёды наперадзе ляцеў на вараным кані чалавек, які нікому не паціскаў рукі, а за ім імчалася маленькая фігурка ў белым плашчы і бліскучым шаломе. І яны секлі, не ведаючы страху смерці, і людзі імкнуліся за імі як на крыллях, лавінаю, быццам сам Белы Коннік павярнуў зброю супраць паноў і скакаў наперадзе на ворага.

П’яны быў пір. Секлі ў капусту, і мячы іхнія не ведалі літасці, і іншую кроў упершыню павінна была піць зямля. Але кулі і шаблі і шыбні літавалі іх, аж пакуль у страшнай бойцы на старым магілёўскім гасцінцы не загінула Агата ад жараб’ёвай насечанай кулі нейкага шляхціца. Вецер зрабіў з яго чатырох раней, чым той паспеў вырачыць ад смяротнага жаху вочы.

Вылі над ёю жанчыны, і чорны камень лёг на яе белае цела. Але Вецер амаль не плакаў, ён не паспеў яшчэ дасхочу напаіць крывёю свой корд.

І ворагі баяліся яго.

Але ўрэшце ўсё было скончана. Я калі-небудзь яшчэ паспею распавесці, як Геранім Радзівіл паслаў на маленькі мяцежны Крычаў гусараў, драгунаў, іншаземцаў, а потым з’явіўся і сам, як паставілі вакол Крычава варту, як палкоўнік Пястрыцкі (няхай давеку кіпіць у смале яго чорнае сэрца) гатаваўся душыць сваю зямлю, як Вашчыла клікнуў паспалітае рушэнне, як разагналі сялян гарматаю і дробнай куляю, як паўсюль на полі крыві ляжалі белыя фігуры абаронцаў волі.

Я раскажу калі-небудзь і пра тое, як блаславіў забойц біскуп магілёўскі Валчанскі (ганьба табе, царква Хрыстова!), як залілі крывёю няшчасны Крычаў і набатны звон папіхалі нагамі сабакі Падчашага, як на пáлях сядзелі лепшыя людзі нашай зямлі, як вешалі на прэнг і вешалі за рэбры на гакі і на шыбеніцы, як марылі людзей у смуродных псарнях, як трэскі, намочаныя ў серку, забівалі за пазногці і падпальвалі і як ад таго счыніўся вялікі мяцеж не толькі ў Крычаўскім старастве, але паўсюль.

Але зараз я не магу. Ламаецца пяро ў руках, і кроў, якою пісана гэта, не прасушыш ніякім пяском.

І было гэта на працягу ўсяго студзеня і ўсяго тыдня сырапуснага і далей, пакуль не сплылі мы крывёю. Помсцілі крывёю. Помсцілі крычаўлянам за тое, што дзвесце год таму абламаў Жыкгімонт рогі князю Васілю Жылінскаму, і за жах свой помсцілі і за баягузства сваё перад імі. І за бязмежную мужнасць іхнюю помсцілі жорстка.

Сапраўды, нязмерная мера пакут тваіх, люд беларускі!

Схоплены быў і Вецер у той час, як ён ратаваў Вашчылу. Давяловя яму выпіць да донца кубак смяротных пакут. Допыты вяліся ўдзень і ўначы, але ён маўчаў і толькі карыстаўся кожнай нагодаю, каб дакрануцца да рукі ўсіх членаў “доказнай інквізіцыі”. Ахвотна таксама ён цалаваў рукі тром прэсвітэрам, хоць ад споведзі адмовіўся, і кранаў ката і Пястрыцкага і шмат яшчэ каго. Лоб ягоны быў яшчэ чысты.

І ён маўчаў і смяяўся ў вочы тым, што садзілі яго ў студню і ў комін, і спяваў на прэнгу здзеклівыя песні. Ніводнага стогну, ніводнай слязы.

Іншыя трымалі сябе на допытах таксама горда. Карпач грубымі жартамі даводзіў інквізітараў да істэрыкі, быццам гэта былі жанчыны. А засожскі растрыга-поп Малькевіч папрасіў размяць рукі перад смерцю і страшэнным ударам убіў нос пасланцу намесніка магілёўскай катэдры.

І душыцелі дабівалі людзей Вашчылы, і зноў было цяжка, і палалі ўначы хаты.

І ўсё ж яны трэсліся ўначы ў ложках, калі рып мужыцкіх вазоў будзіў іх, і ў агнях начлежнікаў за ракою бачылі яны агнявыя віцы. Яны баяліся занадта мучыць той люд, што заставаўся ў жывых, бо жорсткі позірк Вашчылы, бо моцныя рукі Карпача, бо адвагу Ветру бачылі яны ў кожным позірку, у кожных мазалістых руках, у тысячах твараў і тысячах рук беларускіх.

Што ж датычыцца Ветру, дык яго, разам з іншымі, зашылі жылаю ў мядзведжую шкуру і зацкавалі хартамі ў марозны ясны дзень на плошчы горада Крычава.

Калі ён, задушыўшы некалькі ваўкарэзаў, упаў і вялікі хорт упяўся ў яго глотку, што спявала песні і смяялася, калі ўжо нельга было вызначыць нічога чалавечага ў тым, што ляжала на зямлі, — сівая жанчына ў чорным рантуху раптам крыкнула і ўпала мёртвай на прымяты снег.

Сэрца яе не вытрымала.

І над корчамі страчанах, над палаючымі сёламі, над пáлямі і шыбеніцамі, над бядою народная рагаталі прэсвітэры-інквізітары, рагатаў Пястрыцкі, рагаталі суддзі трыбуналу... Адзіны чалавек, які мог растлумачыць, што смяяцца ім няма прычыны, ляжаў мёртвы на зямлі, і яны са здзіўленнем прыгадвалі яго словы: “Мой праклён хутка з’явіцца на вашых ілбах!”

Паны, да якіх ён дакрануўся, яшчэ нічога не разумеючы, рагаталі над корчамі страчаных.

Усе яны памёрлі.

Загрузка...