Гэты тэкст быў дасланы нам па пошце. Уласнага адрасу на лісце не было, але ў канцы рукапісу стаяў подпіс «Багдан Я.»
Надвор'е было пахмурнае і туман ахутваў вялікія, суровыя елкі, якія стаялі паабапал трасы. Гэтая бездакорна роўная дарога, з цёмным і мокрым палатном асфальту, вяла Багдана да яго мэты — вёскi Швяндубрэ, размешчанай на літоўска-беларускай мяжы.
«Святая дуброва» — так Багдан у думках перакладаў назву вёскі, пакуль круціў руль вялікага, чорнага пазадарожніка, набытага ўсяго два месяцы таму. Калісьці, яшчэ ў часы СССР, сямігадовы Багдан Ярко сябраваў са сваім равеснікам — Юргісам Маркявічусам — хлопчыкам, які жыў у Швяндубрэ. З беларускага боку мяжы, усяго за пару кіламетраў ад літоўскага паселішча, знаходзілася вёска Правалка. З дзяцінства Багдан чуў легенду пра старажытны горад, які размяшчаўся ў гэтых мясцінах, якраз на месцы літоўскай Швяндубрэ і беларускай Правалкі. Старэйшыя казалі, што горад быў пракляты і праваліўся пад зямлю разам з усімі жыхарамі, і таму іх вёска і называецца Правалкай. Маленькаму Багдану заўсёды было ніякавата, калі ён чуў гэтую гісторыю. Хлопчык уяўляў сабе вялікі падземны горад, дзе ніколі не свеціць сонца. А яшчэ больш Багдана палохалі думкі аб жыхарах гэтага праклятага месца…
Але мінулі гады і зараз, саракапяцігадовы, прыстойны і ўпэўнены ў сабе Багдан Барысавіч Ярко быў паспяховым навукоўцам біёлагам. Ён працаваў у найбуйнейшых інстытутах не толькі сваёй краіны, але і ўсяго свету. Час летняга водпуску Багдан стараўся праводзіць у той самай маленькай вёсцы — Правалцы, у якой жыў да свайго дзясятага дня нараджэння. Успаміны пра бесклапотныя дні дзяцінства, калі Багдан проста садзіўся на «велас» і ехаў да свайго сябра Юргіса са Швяндубрэ, заўсёды сагравалі душу вучонага і нават, як яму здавалася, натхнялі яго на новыя адкрыцці.
Калісьці юныя Юргіс і Багдан лавілі рыбу ў Нёмане, кралі яблыкі ў калгасных садах, стралялі з вялікіх рагатак па вясковых курыцах. А больш за ўсё хлапчукі любілі выпраўляцца ў лес за грыбамi. Яны збіралі самыя розныя грыбы: чырвонагаловікі, сыраежкі, баравікі, а потым нанізвалі іх на палачкі і смажылі над вогнішчам. У лесе яны заседжваліся да позняй ночы, а часам — да раніцы. Адзін раз сябры ледзь не патрапілі ў бяду, бо пасмажылi сабе на вогнішчы парачку паганак. Але своечасова падаспела бабуля Юргіса, якая пайшла шукаць зніклых з вёскі сяброў і без вялiкага клопату знайшла іх у любiмым лесе, а потым, канешне, спыніла пікнік і не дала хлапчукам паспрабаваць небяспечную страву. Мілыя ўспаміны дзяцінства… Багдан лагодна ўсміхаўся, калі ўбачыў наперадзе цёмныя, маленькія домікі…
«Вось і Швяндубрэ…»
Некалькі тыдняў таму вучоны адшукаў свайго сябра дзяцінства ў сацыяльнай сетцы. І чаму ён не зрабіў гэтага раней? Юргіс быў вельмі рады з'яўленню Багдана і адразу ж запрасіў яго ў госці. Літовец так і застаўся жыць у сваёй вёсцы і катэгарычна адмаўляўся пераязджаць у сталіцу — Вільню, хоць туды пераехалі амаль усе больш-менш маладыя людзі з іх вёскі.
Шыны чорнага пазадарожніка шумна ціснулі жвір на невялікай пляцоўцы, побач з дагледжаным дамком, пабудаваным з круглага бярвення. Заглушыўшы рухавік, Багдан хутка выскачыў з машыны і адразу ж убачыў Юргіса, які выйшаў з дому сустракаць госця. Юргіс быў такі ж высокі і светлавалосы, як і многія іншыя літоўцы. Сам Багдан — ніжэй ростам, але затое шыракаплечы, з вялікімі магутнымі рукамі, якімі ён не толькі пісаў навуковыя артыкулы, але і з задавальненнем калоў дровы на сваім двары ў Правалцы.
Сябры хутка падышлі адзiн да аднаго і абняліся.
— І колькі гэта гадоў прайшло? — спытаў Багдан, гледзячы на пастарэлы твар сябра і яго пасівелыя віскі.
— Атрымліваецца так, што больш за трыццаць, — адказаў Юргіс па-руску, з лёгкім літоўскім акцэнтам.
— Пайшлі ў дом, — дадаў ён, пляскаючы Багдана па плячы.
Адкрыўшы браму, сябры накіраваліся да жылля Юргіса. На сустрэчу ім выбегла даволі вялiкая нямецкая аўчарка і, падбегшы да гаспадара, пачала радасна брахаць. Багдан пагладзіў сабаку і той з відавочным задавальненнем лізнуў госцю руку.
— Гэта мой сабачы сябар — Завіша. А вось мой чалавечы сябар — Багдан. Пазнаёмцеся, хлопцы, — сказаў Юргіс, усміхнуўшыся.
У доме іх сустракала жонка Юргіса — Юраце. Гэта была маладая жанчына з вялікімі чорнымі вачыма і светлымі валасамі, высокая i моцная з выгляду, але ўсмешлівая і абыходлівая.
— Добры дзень, — сказала Юраце Багдану. — Муж вельмi шмат гаварыў аб вашым дзіцячым сяброўстве, i мне здаецца, я таксама з вамі сябравала.
Гаспадары і госць засмяяліся. Вечар прыйшоў і напоўніў дом цёплай гутаркай: сябры, зразумела, успаміналі дзіцячыя прыгоды, а Юраце слухала іх і радасна ўсміхалася.
— Давай заўтра паспрабуем схадзіць у лес, на грыбы нападзем, а? — прапанаваў у канцы размовы Юргіс. — Як табе ідэя? Збяром, пасмажым на вогнішчы, пасядзім доўга, ну каб сцямнела. Вось гэта будзе прыгода, як у нашым дзяцінстве!
— Я толькі за, — адказаў Багдан, пасмейваючыся і казычучы сабе пальцам нос.
Багдан уладкаваўся ў гасцявым пакоі, а прачнуўшыся з раніцы, адчуў сябе такім радасным і адпачыўшым, якім, здавалася, не адчуваў сябе ўжо гадоў дзесяць.
Паснядаўшы ў кампаніі Юраце, сябры накіраваліся на рыбалку, а затым, вярнуўшыся дадому, аддалі гаспадыні добры ўлоў. Мужчыны паабедалі і сталі збірацца ў лес за грыбамi. Падрыхтаваўшы ўсё што трэба, Багдан і Юргіс выйшлі з дому. Юраце раптам стала сур'ёзнай і нейкай змрочнай, і ціха сказала:
— Вельмі дзіўна, але мне не хочацца, каб вы ішлі ў той лес. Я разумею, што для вас гэта як вяртанне ў дзяцінства. Але ўсё ж… Паглядзіце на неба, здаецца, будзе дождж.
— Ну мы ж не цукровыя, не растаем, — весела сказаў Багдан, паціраючы рукі ў прадчуванні пагоні за грыбамі.
— Не хвалюйся, мы далёка не пойдзем, — сказаў Юргіс, падыходзячы да жонкі і цалуючы яе.
— Будзьце асцярожнымi, — адказала Юраце і падняла вочы да змрочных хмар, што віселі над Швяндубрэ.
Сябры хутка дайшлі да ляснога ўскрайку, на хаду слухаючы залівісты брэх Завішы, які бег за імі. Халоднае і вільготнае паветра напаўняла лёгкія. Удыхаючы глыбей водар соснаў, Багдан ступіў на лясную сцежку. Лес нібы спаў і вакол было ціха, толькі пад нагамі шамацела старое лісце ды скамечаныя іголкі елак.
Грыбы пачалі трапляцца на вочы даволі хутка. Не паспелі сябры заглыбіцца ў гушчар, як Юргіс знайшоў выдатны баравік. Той утульна ўладкаваўся ў моху пад хвояй, і нібы сам прасіўся ў спецыяльны мяшок, які людзі захапілі з сабой. Раптам Завіша, які бесклапотна бегаў вакол Юргіса, наморшчыў нос і злосна забрахаў. Устаўшы на месцы і павярнуўшыся да куста ляшчыны, які рос непадалёк ад дарогі, сабака выскаліў свае буйныя іклы. Сябры здзіўлена паглядзелі на свайго чацвераногага спадарожніка. Юргіс хутка падышоў да любімца і пашмаціў яго па галаве. Сабака супакоіўся, і кампанія рушыла далей.
Дзень пралятаў хутка. Лес ужо не здаваўся Багдану такім змрочным, як у першыя гадзіны палявання за грыбамi. Поўны мяшок сыраежак і баравікоў чакаў сваёй гадзіны, пакуль сябры разводзілі вогнішча. Прыемны пах дыму казытаў нос, а вакол ужо паціху стала цямнець. Завіша быў рахманы, сядзеў побач з вялікім каменем, які ляжаў на краі маленькай палянкі, што з'яўлялася прыстанкам для людзей і сабакі.
Сябры ўладкаваліся на двух асінавых ствалах, якія быццам спецыяльна ўпалі на зямлю дзеля жадаючых куды-небудзь прысесці падарожнікаў. Дождж так і не пачаўся.
«Вось гэта і ёсць шчасце» — думаў Багдан, гледзячы на полымя, якое хутка паглынала вялікія сухія галінкі.
Сябры нанізалі грыбы на тонкія палачкі.
«Прама як у дзяцінстве, сапраўды!»
— Я такі шчаслівы зараз, — раптам проста сказаў Юргіс. — Вось менавіта такога занятку мне і не хапала. Юраце не любіць лес, і амаль не ходзіць сюды. Яна заўсёды кажа, што яе мучаць нейкія нядобрыя адчуванні, калі яна заходзіць у гэты гушчар. Як быццам нехта на яе глядзіць, тарашчыцца ў спіну, і падкрадаецца бліжэй. Добра! Давай аб іншым! Раскажы яшчэ раз, чым ты там займаешся, ну, як вучоны?
— Так, усялякім глупствам, — хітра прыжмурваючыся адказаў Багдан. — Але, калі будзе поспех, тады атрымаецца паскорыць стварэнне вельмі важных лекаў.
Юргіс шматзначна памаўчаў. Сябры ўжо паспелі пакаштаваць грыбы і цяпер пілі самаробнае піва, якое варыў сам літовец. Багдан смакаваў ялкавы смак напою і злёгку ўсміхаўся, а Завіша працягваў спакойна сядзець ля каменя.
Нечакана сабака зноў наморшчыў нос і забрахаў, як ён ужо рабіў гэта некалькі гадзін таму. Але на гэты раз аўчарка не проста глядзела кудысьці ў кусты, а ўся падабралася, як быццам рыхтуючыся да скачка. Праз імгненне Завіша сапраўды сарваўся з месца і знік у густых зарасніках. Яго брэх хутка аддаліўся і заціх.
— Гэта што з ім такое? — неспакойна спытаў Юргіс. — Ніколі не бачыў, каб ён так сябе паводзіў.
— Можа там трус ці іншы лясны жыхар, — весела адказаў Багдан. — Не хвалюйся, зараз вернецца. Можа нават прыцягне нам трафей.
Але Завіша не вяртаўся. Між тым, вакол згусцілася самая сапраўдная цемра, праўда, вогнішча, утульна патрэскваючае і яркае, дапамагала людзям сагрэцца. Багдан бачыў, што твар Юргіса напоўнены трывогай, і ў святле трапяткога полымя вочы сябра сталі нібы два чорныя апалы, поўныя маленькіх агеньчыкаў. Нарэшце, Юргіс рашуча падняўся з месца.
— Пайду пашукаю Завішу, яго ўжо доўга няма, — заявіў ён.
— Я з табой, — адказаў Багдан і пачаў падымацца.
— Не-не, ты сядзі! Ты дапі піва пакуль. Гэта лепшая партыя, з тых, што я зварыў, — сказаў Юргіс спакойным і ўпэўненым голасам. — Я хутка вярнуся.
Літовец рашуча рушыў у кусты, у якія так хутка ўцёк яго сабака, а Багдан апусціўся назад на сваё наседжанае месца.
«Навошта я адпусціў яго аднаго?» — амаль адразу ж падумаў вучоны.
Цішыня, якая парушалася толькі трэскам вогнішча, стала здавацца яму злавеснай. Ён раптам усвядоміў, што сядзіць адзін у цёмным лесе, а яго сябар знік дзесьці ў гушчары. І тут Багдан прыгадаў расказ пра жонку Юргіса.
«Яна адчувала спіной нейкія погляды ў гэтым лесе і таму не хацела хадзіць сюды!»
Думкі Багдана цяклі хутка, і ён пачаў азірацца па баках. Цемра! Яна акружала паляну і толькі пачынаючае слабнуць вогнішча ўсё яшчэ было абаронай ад цёмнай начной заслоны.
Багдан падкінуў у агонь дроў і секунду пасядзеў, нахіліўшы галаву да каленаў. Потым ён рашуча ўстаў.
«Хопіць тут сядзець і карміць дзіцячыя страхі. Пайду за Юргісам…» — падумаў Багдан, на ўсякі выпадак намацваючы на поясе выдатны паляўнічы нож, падораны яму сябрам. Тым самым сябрам, які толькі што быў тут і знік…
«Нічога. Цяпер я адшукаю і Юргіса, і Завішу!»
Багдан рушыў да кустоў і, рассунуўшы галінкі, прадзерся скрозь буралом. Навуковец адразу ж убачыў маленькую сцяжынку. Ён павярнуўся, каб яшчэ раз зірнуць на вогнішча, якое было пакуль блізка. Багдана аддзялялі ад агню толькі некалькі галінак.
«Можа, варта вярнуцца? Не! Наперад!»
Прайшоўшы некалькі крокаў, Багдан раптам адчуў, што ззаду нешта адбылося, і ён зноў павярнуўся… Вогнішча, полымя якога толькі што весела мігцела паміж галінкамі кустоў, амаль патухла, і цемра ахутала ўсё навокал… І ў гэтай цемры Багдан, зусім выразна, адчуў чыйсцi пільны погляд… Ліпкі страх накрыў яго ў адно імгненне. Сэрца загрукала, як пасля імклівага бегу. Але ён мацней сціснуў ручку нажа і рушыў далей.
«Гэта толькі гульнi твайго ўяўлення. Толькі яны! Тут нікога няма!»
Ён працягваў прадзірацца скрозь зараснікі. Доўжылася гэта даволі доўга. Нарэшце, ужо пачынаючы стамляцца вучоны, убачыў вялізны валун, які ляжаў побач са старым тоўстым дубам. Здавалася, хтосьці спецыяльна стварыў гэтую карціну, сабраўшы разам гіганцкі камень і дрэва. Багдан успомніў старажытную легенду, пачутую яшчэ ў дзяцінстве:
«Чорт нёс вялізны камень, каб перагарадзіць раку, але ўпусціў, і з таго часу гэты камень так і называецца…»
— Чортаў камень, — сказаў вучоны ўслых.
Абышоўшы валун вакол, Багдан раптам заўважыў нешта цікавае. Бок каменя, аброслы мохам, нешта хаваў. Якраз паміж каранямі дрэва i валуном, бачная была даволі вялікая яма, ці нават хутчэй нара. Багдан прысеў на кукішкі і пачаў углядацца ў цёмную студню, якая зеўрала ў зямлі. І ў гэтую секунду ён выразна пачуў аддалены брэх! Так! У глыбіні нары брахаў сабака.
— Завіша! — гучна паклікаў Багдан.
Ён паўтарыў заклік, а потым паклікаў яшчэ раз, але навокал было ціха. Нечакана брэх пачуўся гучней. Унутры нары сапраўды брахаў сабака. Багдану нават здалося, што ён пазнаў гэты брэх і брэша менавіта Завіша. Забыўшыся, Багдан набраў больш паветра ў лёгкія і пралез у нару. Ён адразу ж адчуў, што імкліва слізгае ўніз — хутка з'язджае па пяску на жываце. Яшчэ праз імгненне спуск скончыўся, і Багдан вываліўся з вузкага лаза на цвёрдую, роўную паверхню. Ён не стукнуўся моцна, але баяўся паварушыцца. Вакол была непраглядная цемра. Нарэшце Багдан перавярнуўся на спiну і стаў прагна ўдыхаць цёплае, спертае паветра. Пахла ігліцай і мускусам.
Зняўшы са спіны заплечны мяшок, вучоны навобмацак пачаў шукаць у ім патрэбны зараз больш за ўсё на свеце прадмет. Рукі ліхаманкава перабіралі змесціва заплечніка.
«Не, не, іншае…»
Нарэшце ён адчуў, што трымае тое, што шукаў. Пстрычка! У руцэ Багдана засвяціўся вялікі паходны ліхтар з магутнымі батарэйкамі. Святло павінна было дапамагчы знайсці зніклага Юргіса… І Завішу.
«Завіша!»
Менавіта ён брахаў тут, у цемры!
— Завіша! — паклікаў Багдан, водзячы ліхтаром навокал. Але тут вучоны на час забыўся пра сабаку! Убачанае ўразіла яго. Ён знаходзіўся ў скляпеністым калідоры, падобным на старажытныя падвалы каталіцкага манастыра, які ён агледзеў калісьці на экскурсіі ў Гароднi.
«Але хто мог зрабіць такое тут? Хто стане будаваць падземныя хады ў лесе?»
Думкі Багдана блыталіся, але ён ведаў, што мусіць рабіць.
— Юргіс! Завіша! — зноў паклікаў вучоны і рушыў наперад.
Калідоры беглi бясконцымі тропамі. Дзе-нідзе са столі капала вада. Аглядаючы сцены Багдан пераканаўся, што яны сапраўды складзены з чырвонай буйной цэглы, вельмі старажытнай і трывалай з выгляду. Падлога была выбрукавана каменнымі пліткамі.
«Але як такое магчыма?»
Крок за крокам ён рухаўся ўглыб. Час перастаў існаваць, і Багдан таксама знік, і ўжо не ведаў ці выберацца назад. Як ні дзіўна, яго страх прыціх. Ён як п'яны рухаўся далей і далей, водзячы ліхтаром верх-уніз. І тут вучоны спатыкнуўся і ўпаў. Ачуўшыся, ён накіраваў ліхтар на нешта… Тое, што ляжала на падлозе…
«Ды што гэта такое? Гэта… Гэта ж…»
Ён пачаў абмацваць сваю знаходку. На падлозе ляжала цела, якое было цалкам нерухомае, але дакладна належала чалавеку. Багдан мацаў рукі і ногі, якія здаваліся цвёрдымі і тонкімі, як косткі. Гэты чалавек быў апрануты ў нейкі старадаўні гарнітур — такія Багдан бачыў у гістарычных фільмах. Але галоўнае — яго твар! Багдан падняўся на ногі і адскочыў да сцяны. Замест твару быў голы чэрап.
«Яго рукі і ногі не худыя як косткі — гэта і ёсць косткі. Гэта шкілет у старажытным адзенні. Але ягоны чэрап. Што з яго чэрапам?»
Дзіўнае стварэнне на падлозе мела чэрап нейкага звера. Прыгледзеўшыся Багдан вырашыў, што гэта галава вялізнага сабакі ці ваўка. І ў гэты момант падзямелле напоўніў блізкі і такі жаданы зараз сабачы брэх. Багдан уздрыгнуў і кінуўся наперад. Брэх станавіўся ўсё бліжэй. Прабегшы некалькі метраў, вучоны ўбачыў Завішу.
«Завіша!» — душа Багдана напоўнілася неверагодным захапленнем.
Сабака хутка падбег да чалавека і пачаў радасна брахаць і віляць хвастом.
— Завіша! Вось і ты, морда! Ах, морда! Але дзе Юргіс? Дзе твой гаспадар?
Радасць дзвюх істот, якія знайшлі адно аднаго ў страшным падзямеллі, магла б, мабыць, доўжыцца вечна. Чалавек прытуліўся да сабакі, а той уткнуў у плячо Багдана сваю пысу. Вучоны пачаў гладзіць сабаку так, нібыта ён належаў яму, а не Юргісу, і ён сам, а не літоўскі сябар, гадаваў Завішу з нараджэння. Але якраз у той момант, калі сабака лізаў Багдану руку, вучоны рэзка адчуў прыліў страху і тое самае нядаўняе адчуванне пільнага погляду. Яно стала расці ў ім і засланяць сабой усё астатняе. Павольна ўзняўшы ліхтар, Багдан прыгледзеўся… Ён узіраўся туды, куды ўпаў прамень яго электрычнай свяцiльнi. Перад ім, усяго за некалькі дзесяткаў крокаў, стаяла постаць у такім жа старадаўнім гарнітуры, які быў на знойдзеным нядаўна шкілеце. Прамень слізгаў вышэй і вышэй… Яшчэ вышэй… Яшчэ… і нарэшце спыніўся на галаве незнаёмай істоты. Гэта не быў чэрап! Галава з плоці… Яе пашча выскалілася мноствам вострых зубоў. Жудасная морда ваўка, з лютымі, жоўтымі вачыма! Жахлівы рык напоўніў скляпы! Ніколі Багдан не чуў такога страшнага і агіднага гуку, падобнага адначасова на рык ільва, пагрозлiвае бурчанне гіганцкага сабакі, і нават на хрыплы, раз'юшаны крык чалавека.
«Хутчэй, уцякаць! Бегчы! Бегчы!»
У наступнае імгненне яны з Завішам ужо беглі па калідоры, назад — у той бок адкуль прыйшлі.
Наперадзе замаячыў шкілет, які ляжаў на падлозе. Цяпер ён ужо не здаваўся такім страшным, бо ззаду, Багдан добра гэта чуў, бегла жывая пачвара з воўчай пашчай.
«Хутчэй!»
Нечакана, сэрца чалавека, які бег так хутка, як толькi мог, хваравіта сціснулася…
Шкілет, які ляжаў на падлозе, ускочыў на ногі і выдаў працяглае выццё, а ў пустых вачніцах чэрапа запаліліся жоўтыя, яркія агні. Шлях быў зачынены! Багдан і Завіша ўсталі як слупы, а лютае выццё тупаючай ззаду пачвары хутка набліжалася…
«Такога не бывае! Не можа быць…»
І ў гэты момант Багдан убачыў у сцяне старыя жалезныя дзверы, размешчаныя ўсяго за некалькі метраў ад іх з Завішам. Акрылены надзеяй ён кінуўся наперад і пацягнуў на сябе ручку ў выглядзе ваўчынай галавы. Дзверы падаліся і чалавек з сабакам амаль кулём укаціліся ў даволі вялікае і пустое памяшканне.
«Дзверы! Хутчэй зачыніць!»
Яго рукі ліхаманкава трэсліся. Багдан з усёй сілы зачыніў дзверы і ўбачыў вялікую і магутную іржавую зашчапку, якую ён неадкладна засунуў. Якраз своечасова! Магутныя ўдары абрынуліся на жалезную перашкоду. Пачвары вылі і драпалі яе кіпцюрамі. Але ў іх лютых крыках неўзабаве сталі прабівацца ноткі адчаю. Яшчэ некалькі імгненняў і з таго боку ўсё сціхла.
У пакоі была тая ж жудасная цішыня, якая напаўняла калідоры да з'яўлення пачварных стварэнняў з ваўчынымі мордамі.
«Немагчыма! Гэта проста кашмарны сон!»
Навуковец у знямозе апусціўся на падлогу. Завіша лёг побач. Цяпер Багдан быў гатовы расплакацца.
Аддыхаўшыся, вучоны сказаў сабе, што проста абавязаны супакоіцца.
«Ня час зараз плакаць! Ня час! Дзеля Юргіса я павінен сабрацца. Я павінен дапамагчы сябру! Але што гэта за пачвары? Ох, не…»
Багдан у жаху ўявіў сабе, як гэтыя істоты зацягваюць у свае падзямеллі Юргіса. Ён зноў запаў у роспач і агледзеўся вакол, як быццам шукаючы дапамогі… Ліхтар згубіўся падчас уцёкаў ад пачвар, і ў пакоі стаяла непраглядная цемра.
Але раптам, у куце памяшкання, загарэўся маленькі агеньчык…
«Свечка! Гэта ж свечка!»
Багдан уздрыгнуў ад нечаканасці і адскочыў да дзвярэй. У куце, там, дзе запалілася свечка, нехта сядзеў. Чалавек у лахманах і з доўгімі валасамі, якія закрывалі твар. Незнаёмы не рухаўся і нават, здавалася, не дыхаў. Багдан працягнуў прыглядацца. Чалавек, калі гэта сапраўды быў чалавек, пакуль нічым не пагражаў няпрошаным гасцям жудаснага падзямелля.
«Я павінен загаварыць з ім…»
— Хто… Хто вы такі? Як адсюль выйсці? — спытаў нарэшце Багдан.
Незнаёмы ў лахманах не адказваў. Багдан некалькі разоў паўтарыў свае пытанні, але так і не дачакаўся адказу. Увесь гэты час Завіша спакойна ляжаў на падлозе. Калі запалілася свечка, сабака павярнуўся ў бок загадкавага чалавека, але не паказваў страху ці злосці. Пасля таго, як Багдан паўтарыў свае пытанні некалькі разоў, Завіша рэзка падняўся і пайшоў проста да незнаёмца ў лахманах.
— Фу! Завіша, да мяне! — выгукнуў Багдан.
Але сабака не паслухаўся. Ён павольна і спакойна падышоў да істоты, якая сядзела ў куце пакоя. І як толькі сабака спыніўся, чалавек у лахманах, не паднімаючы галавы, працягнуў руку і пагладзіў сабаку па галаве. Завіша спакойна вытрымаў гэты дотык.
— Як выйсці адсюль? Гэта не так проста! — нечакана прамовіў незнаёмец.
Ён падняўся на ногі і адкінуў валасы з твару, а затым працягнуў:
— Ну, а хто я такая ты даведаешся пазней!
«Гэта ж дзяўчына!»
Незнаёмка аказалася стройнай і даволі высокай. У яе былі густыя, цёмна-русыя валасы, некаторыя пасмы адлівалі каштанавым колерам. Вялікія светлыя вочы глядзелі так, што іх погляд як быццам праймаў чалавека да самых патаемных глыбінь душы і рабіў відавочнымі самыя вялiкiя яго таямніцы.
Памаўчаўшы імгненне, дзяўчына працягнула:
— Тыя істоты ў тунэлі — ваўкалакі. Калісьці яны былі жыхарамі прыгожага горада Раймяста. Але горад быў выдатным таму, што яго жыхары рабавалі суседнія селішчы, забіралі сабе чужыя багацці. Дзякуючы гэтаму Раймяст багацеў. А пасля набегу, жыхароў спустошаных месцаў забівалі. Аднойчы захопнікі спалілі адзін вельмі вялікі горад дашчэнту. Выратаваліся людзі адтуль, а потым доўга чыталі заклён і праклялі гараджан Раймяста. Горад праваліўся пад зямлю, а яго жыхары сталі такімі, якімі ты іх бачыш. Нават тыя ваўкалакі, ад якіх застаўся толькі шкілет, працягваюць жыць. Часам яны выходзяць на паверхню, і людзі могуць адчуць іх позiрк.
— Але як ім дапамагчы? — спытаў уражаны Багдан. — Можа ёсць спосаб зняць заклён?
— Не, спосабу няма, — адказала дзяўчына, — іх злачынства такое, што яны будуць расплачвацца за яго вечна.
— Але, гэтыя калідоры, гэта ж не горад, праўда? Дзе ж сам той Раймяст? — сказаў Багдан.
— Калідоры пабудавалі пазней, яны прызначаны для гасцей, такіх як вы. Горад яшчэ ніжэй. Туды вы і адправіцеся!
З гэтымі словамі дзяўчына нахілілася і ўзяла рукой цяжкае металічнае кальцо. Багдан толькі цяпер заўважыў шчыльна зачыненыя, іржавыя дзверцы. Лёгка адкрыўшы люк, дзяўчына жэстам паказала вучонаму, каб ён спускаўся ўніз, а сама адышла ў кут пакоя, села і замоўкла. Багдан не адважыўся яшчэ штосцi казаць.
Праём люка вывеў Багдана з Завішам на вузкую вінтавую лесвіцу, па якой яны сталі спускацца ўніз. Здавалася, сходы ніколі не скончацца.
Яны спускаліся ўсё ніжэй і ніжэй. Багдан ужо нават не лiчыў прыступкi.
Нарэшце, яны падышлі да жалезных дзверэй. Вучоны змог толькі крыху прыадчыніць iх.
Праціснуўшыся ў вузкую шчыліну, чалавек і сабака апынуліся ў зусім іншым свеце, дзе было значна больш прасторы, чым у вузкіх тунэлях. Месца было падобным адначасова на Швяндубрэ і Правалку. Змрок запаўняў усю прастору і невялікія драўляныя дамы, як быццам віселі з двух бакоў галоўнай вуліцы гэтага прывіднага горада.
Аднак тут цемра не была такой непранікальнай, як у тунэлях. Зверху струменілася белае прывіднае святло, падобнае на ззянне месяца. Але што менавіта давала гэтае змярцвелае асвятленне Багдан не разумеў.
Навуковец рушыў наперад і Завіша тут жа рушыў услед за ім. Крокі чалавека гулка аддаваліся рэхам пад нябачным скляпеннем. Усе дамы не мелі вокнаў і дзвярэй, i цемра ў пустых праёмах пабудоў здавалася намнога цямнейшай за шэры змрок вуліцы. У гэтых дамах таілася нейкая пагроза, якую чалавек і сабака добра адчувалі.
«Гэтае месца поўнае болю і жаху!»
Неўзабаве вуліца вывела Багдана і Завішу на круглую плошчу. Жудасныя, збітыя з грубых дошак, высокія дамы, акружалі пустую прастору. У цэнтры не было нічога, акрамя нейкага падабенства драўлянага храма. Яго гатычныя вокны здаваліся такімі ж страшнымі і пустымі, як і вокны дамоў вакол… І за гэтымі вялікімі, вострымі вокнамі, таілася яшчэ больш цёмная пустата.
Выйшаўшы ў цэнтр плошчы, чалавек і сабака спыніліся.
«Далей ходу няма!» — Багдан раптам выразна пачуў у галаве гэтую фразу.
— Вы прыйшлі! — як бы паўтараючы, сказаў насмешлівы, звышнатуральна нізкі, голас, які зыходзіў аднекуль з-за спіны вучонага.
Багдан павярнуўся. Перад ім стаяла дзіўная, худая і выгнутая істота, цела якой было не менш за тры метры ў даўжыню. Яно было захутана ў лускаватую матэрыю, а можа быць гэта была яго ўласная скура. Змяіная галава звешвалася на тонкай шыі, з вялікай вышыні, амаль да самай зямлі. Чырвоная морда і змяіны язык істоты былі пакрыты жоўтымі пухірамі, а вочы гарэлі яркім, смарагдавым святлом.
Калi стварэнне з'явілася, на ўсім пляцы нечакана запаліліся велізарныя вогнішчы. Стала нашмат святлей, і Багдан выразна ўбачыў, што вакол стаялі вялізныя драўляныя скрыні. Нечакана скрыні разляцеліся ў трэскі, адчыняючы іржавыя клеткі, поўныя людзей. Людзі як быццам спалі, але ўжо пачыналі прыходзіць у сябе і варушыцца.
— Я — Агністы Змей, — прадставілася дзіўная істота з доўгім целам.
Уражаны Багдан маўчаў, а Завіша пачаў ціхенька гыркаць.
— Не часта ў нас бываюць вось такія наведвальнікі, Багдан, — працягваў Змей. — Ты вельмі значная фігура і ганаровы госць, хаця і сам яшчэ не ведаеш пра гэта. Ты можаш сёе-тое зрабіць, нешта важнае для таго, верхняга свету! Але гэта толькі калі я адпушчу цябе. А мне здаецца, табе лепей застацца тут, у нас.
Пакуль Змей гаварыў, людзі ў клетках ачунялі і сталі крычаць і плакаць, просячы аб дапамозе. З усіх бакоў пачуўся тупат і неўзабаве на плошчу выбеглі дзясяткі ваўкалакаў. Яны рыкалі і вылі, а іх вочы ярка свяціліся жоўтым святлом у паўзмроку праклятага горада. Вогненны Змей агледзеў усіх прыбеглых пачвар, падняў галаву і гучна зашыпеў. У гэты ж момант ваўкалакі кінуліся да клетак з людзьмі і сталі разломліваць пруты. Дабраўшыся да палонных, пачвары пачалі рваць іх на часткі. Багдан зачыніў вушы, бо не меў моцы выносіць жудасныя крыкі ахвяр, якіх раздзіралi ваўкалакі. Завіша заліваўся гучным брэхам.
— Гэтыя людзі былі грэшныя, — загаварыў зноўку Змей. — Так што не варта моцна перажываць. Сёння іх ірвуць на часткі, а заўтра яны зноў прачнуцца ў гэтых клетках. Такі закон нашага Раймяста. І ваўкалакі, і іх ахвяры, назаўжды прыкаваныя да гэтага месца. Але госці накшталт цябе, Багдан, могуць часам вярнуцца назад. Ты, зрэшты, занадта каштоўны трафей. Ня думаю, што я магу цябе адпусьціць.
Змей тонка і перарывіста засвістаў, закінуўшы галаву, і Багдан зразумеў, што гэтая агідная істота смяецца.
У гэты ж момант двое ваўкалакаў перасталі мучыць няшчасных людзей і кінуліся да Багдана. Яны былі ўжо блізка, а вучоны нават не паспеў выхапіць свой паляўнічы нож. Але на дарозе ў пачвар нечакана апынуўся Завіша. Лютая сутычка з ваўкалакамі не працягнулася і хвіліны. І вось ужо верны сабака ляжаў на зямлі ў лужыне ўласнай крыві.
«Завіша!»
І ў гэты момант, у цэнтры плошчы, зьявілася дзяўчына. Тая загадкавая незнаёмка, якая пусціла Багдана і Завішу ў Раймяст. Цяпер на ёй былі не лахманы, а блiскучая кальчуга і зялёны панцыр. У руках дзяўчыны свяціўся, пераліваючыся зялёным полымем, крыху выгнуты меч, з чырвоным рубінам на эфесе. За спіной у ваяўніцы былi сярэбраныя лук і стрэлы. Яна імкліва кінулася на ваўкалакаў і стала секчы іх сваім мячом. Пачвары нават не спрабавалі супраціўляцца, а толькі ў жаху разбягаліся хто куды.
— Што гэта значыць, — прашыпеў Змей. — Ты не можаш тут распараджацца, Мерэйна!
— Магу, — адказала дзяўчына, — калі ты замахваешся на прышэльцаў. Я вырашаю іх лёс, а ты толькі глядзіш за гэтымі дзікімі стварэннямі.
Змей замоўк на імгненне, а потым яхідна прамовіў:
— Я заўсёды ведаў, што ты дурнiца, Мерэйна.
На твары дзяўчыны мільганула злосць, яна выхапіла лук і, хутка наклаўшы стралу, адправіла яе ў пачвару, цэлячыся прама ў змяіную пысу. Змей імгненна знiк у паветры, і страла, прасвістаўшы, упілася ў адзін з драўляных будынкаў.
Багдан кінуўся да Завiшы, які ляжаў на зямлі. Адважны сабака, які бараніў сябра свайго гаспадара, ужо не дыхаў.
«Чаму гэта здарылася…» — Багдан дрыжаў усім целам, але хацей стрымаць сябе… Ён ўбачыў, што названая Мерэйнай дзяўчына ідзе да яго.
— Не варта табе хвалявацца, чалавек, — сказала Мерэйна, са спагадай гледзячы на Багдана. — Пойдзем, цябе ўжо чакаюць.
Яна паказала рукой на драўляны храм, у вокнах якога загарэліся маленькія агеньчыкі свечак.
Багдан устаў і хістаючыся пайшоў да будынка. Ён не адчуваў нічога, акрамя жахлівай стомленасці і пачуцця страшнай страты. Але ўвайшоўшы ўнутр, ён імгненна ачуўся і адчуў невымоўную радасць. У маленькім памяшканні, застаўленым белымі кветкамі і зялёнымі свечкамі, яго чакаў Юргіс. Пакой напаўняў водар суніц і свежаскошанай травы.
— Ты? Юргіс, ты? Багдан не знаходзіў слоў.
— Так, — проста адказаў яго сябар.
— Я рады… Рады! Але Завіша… Прабач, я не збярог яго. Ён… Ён загінуў.
— Яшчэ не, — адказаў Юргіс з цеплынёй у голасе.
— Але куды ты прапаў, што тут увогуле адбываецца? Ты ведаеш?
— Гэты свет знаходзіцца паміж нашым светам і светам адкуль ужо нельга вярнуцца ў тое ж самае цела. Але ты яшчэ можаш зрабіць гэта, Багдан. Ты значна важнейшы за мяне. Ты важны для ўсіх, а я толькі для Юраце. Мы з ёй усё роўна аднойчы сустрэнемся. Твой шлях яшчэ не скончаны. Мерэйна можа цябе вярнуць. Яна багіня таго лесу, дзе мы з табой схадзілі на наш заключны пікнік, — у апошніх словах Юргіса пачуўся пяшчотны смутак.
— Багдан! Твой сябар мае рацыю! Ты можаш зрабіць тое, што будзе важна для ўсіх людзей. Вынайдзены табой лек выратуе мільёны жыццяў і гэта здарыцца ўжо хутка, — голас Мерэйны стаў строгім. — Я хачу, каб ты вярнуўся, але выбар за табой.
Багдан моўчкі глядзеў на Юргіса, абдумваючы тое, што пачуў.
— Ты павінен застацца? — спытаў ён нарэшце.
— Так, — адказаў Юргіс. — Аднойчы мы ўбачымся з табой.
— Тады я згодзен, — амаль шэптам сказаў Багдан, пасля таго як зірнуў на сябра доўгім позіркам…
Навуковец расплюшчыў вочы ў бальнічнай палаце. Неверагодная слабасць напаўняла ўсё яго цела, і ён доўга не мог зразумець, што з ім і дзе ён. Багдан больш-менш ачуўся толькі праз два дні, і калі ў палату зазірнуў лекар, пацыент спытаў слабым голасам:
— Доктар, што са мной здарылася? Што з маім Юргісам?
— Вы атруціліся грыбамі ў лесе. Вас знайшлі даволі хутка, дзякуючы спадарыні Юраце. Яна запэўнівала, што ў яе дрэннае прадчуванне і прымусіла паліцыю шукаць вас. Становішча было сур'ёзнае, але зараз небяспека для вас мінула. Што да спадара Маркявічуса… Мне не варта было б хваляваць вас, але, я буду шчыры. Нажаль, нам не ўдалося яму дапамагчы.
Багдан заплюшчыў вочы, але тут жа пачуў крокі і ціхае прывітанне. Ён паглядзеў на новага візіцёра. На парозе палаты стаяла Юраце. Яе змардаваны болем твар казаў пра тое страшнае гора, якое ёй давялося перанесці, але жанчына старалася ўсміхацца.
— Як ты, Багдан? — спытала яна.
— Я… Мне лепей, дзякуй… Юраце, мне так шкада…
Жанчына глыбока ўздыхнула і рэзка закрыла вочы рукой, але хутка апусціла руку і сказала, імкнучыся надаць голасу бадзёрасць:
— А ў мяне тут яшчэ наведвальнік. Гэй, Завіша, да мяне!
У гэта імгненне ў палату ўбег сабака і кінуўся да пасцелі Багдана.
— Вы, здаецца, звар'яцелі, — з дакорам прамовіў доктар, пляснуўшы рукамі. — Гэта ж бальніца! Як вы ўвогуле правялі сюды сабаку? Гэта строга забаронена!
— Нічога доктар, нічога страшнага, — адказала Юраце, усміхаючыся і гледзячы на лекара бліскучымі вачыма.
У гэты час Завіша лізаў руку Багдана, а па шчоках слабога, цяжка дыхаючага чалавека ў ложку цяклі слёзы.