Раздзел IV Сучаснасць і будучыня нацыянальнай ідэі ў Беларусі і свеце

4.1. Палітычныя працэсы на Беларусі

4.1.1. З гісторыі ўзнікнення палітычных ідэалогій на Беларусі

Сярэдняга беларуса канца ХХ стагоддзя характарызуе даволі слабая нацыянальная свядомасць, якая выражаецца ў ігнараванні большасцю грамадзян сваёй роднай мовы, адсутнасцю гонару за мінулае Беларусі (няведанне гісторыі) і іншыя фактары. Ці можна наогул у такіх абставінах гаварыць пра існаванне беларускага нацыяналізму?

На нашую думку, хаця нацыяналізм у Беларусі не сфармаваўся на ўзроўні дзяржаўнай ідэялогіі і як масавая свядомасць народа, ён мае перспектывы стаць такім у недалёкім будучым. У канцы ХХ ст. беларусы апынуліся ў становішчы французаў канца ХVIII ст., цi чэхаў пачатку ХХ ст. У наш час — эпоху развiтых нацыянальных дзяржаў — беларусы з’яўляюцца адным з нешматлікіх у свеце народаў, нацыянальная iдэнтыфiкацыя якiх яшчэ цалкам не сфармавалася. Асноўныя прыкметы нацыі — агульнасць мовы, тэрыторыі і наяўнасць нацыі-дзяржавы — у Рэспубліцы Беларусь выглядаюць не лепшым чынам. І нездарма пра беларусаў доўгі час гаварылі як пра этнас, а не нацыю. У адрозненне ад сваіх продкаў. што жылі ў Вялікім княстве Літоўскім і ўяўлялі магутны народ, не раз дававаўшы адпор і Маскве і крыжакам, беларусы «Северо-Западного края» Расіі былі насельніцтвам з слаба выяўленай нацыянальнай свядомасцю. Пасля Залатога веку ХVІ стагоддзя развіццё літаратурнай беларускай мовы, пачынаючы з забароны яе афіцыйнага выкарыстання ў Рэчы Паспалітай (1696 г.), амаль прыпынілася і пачало набіраць рост толькі з другой паловы ХІХ ст. Не было нават адзінай назвы беларускага народа. Гучалі назвы: «ліцвіны», «русіны», а найбольш — «тутэйшыя». А на Палессі казалі: «мы не людзі — мы паляшукі».

Сярод прычын такога нацыянальнага заняпаду адзначым наступныя:

а) Пераход вялікай часткі праваслаўнага насельніцтва ВКЛ ў каталіцызм. Падзел адзінага беларускага (старажытна-беларускага) этнасу на праваслаўных, католікоў і уніятаў унёс унутраную напружанасць і варожасць, даходзячую да фізічнага спосаба высвятлення адносін сярод грамадзян.

б) Атток у XVII–XVIII ст. найбольш актыўных і разумных людзей у Расію і паўднёвае казацтва па прычыне рэлігійнага і палітычнага пераследу.

в) Нарастаючае апалячванне інтэлектуальнай беларускай эліты з ХVІ па ХVIII стагоддзе. Нават у ХІХ ст., пры здавалась бы вызначальным нашэсці русіфікцыі на землі беларусаў, сотні тысяч насельнікаў былога ВКЛ пераходзілі ў каталіцызм (чаго не было, нават, пры Рэчы Паспалітай) і затым запісваліся палякамі.

На працягу ўсяго ХІХ ст. паступова пачынаецца нацыянальнае адраджэнне беларускага насельніцтва. К ХХ ст. ў беларусаў ужо існавала сучасная беларуская літаратурная мова і пісьменнасць, якая існавала на аснове двух алфавітаў — лацінкі і кірыліцы, выпускаліся газеты —, «Гоман», «Наша ніва», «Наша доля» былі свае нацыянальныя паэты і пісьменнікі (Цётка, Я. Колас, Я. Купала, М. Багдановіч, Ядвігін Ш. і іншыя).

У гісторыі беларускага адраджэнцкага руху і звязанага з ім працэсам фармавання беларускай нацыі мы можам вылучыць чатыры перыяды.

Першая хваля нацыянальнага адраджэння займае перыяд з 1861 г. па 1917 г. Перыяд ВКЛ намі не разглядваецца па прычыне таго, што ў тыя часы навогул яшчэ не пачаўся працэс фармавання нацый у сучасным паняцці (магчыма, за выключэннем Англіі, як адзначалася вышэй). Перыяд ВКЛ (з ХІІІ да ХVІ-га стагоддзя) — гэта па нашай класіфікацыі перыяд падзелу людзей па веравызнанням (формы монатэізму), ці па класіфікацыі Э. Гелнера — аграрны перыяд (пераднацыянальны).

Гістарычна склалася так, што першым ідэалагічным вучэннем на Беларусі была сацыял-дэмакратыя, якая ўвасаблялася ў Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе (БСГ), ці проста Грамадзе. Гэтая партыя была створана шляхам рэарганізацыі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (існавала з 1903 г.).

БСГ кіравалася двумя вельмі важнымі канцэпцыямі. Па-першае, яна выступала за сацыялізм, хаця і не мела адносін з расійскай камуністычнай партыяй (РКП(б)). Па-другое — і гэты факт стаў вызначальным пры стварэнні БНР і БССР — вялікае месца ў праграме БСГ займала праблема ажыццяўлення нацыянальнай ідэі. Упершыню за ўсю гісторыю Беларусі ў складзе Расійскай імперыі была створана праграма, дзе была выразна выказана ідэя аўтаноміі беларускіх зямель, аўтаноміі Беларусі ад Расіі. Хаця аўтаномія не прадуглежвала поўнай незалежнасці (Беларусь па праграме БСГ заставалася ў складзе Расйскай імперыі) — гэтая ідэя была на той час вельмі радыкальнай. Нітуючы пачатак і канец ХХ стагоддзя можна сказаць, што абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе ёсць завяршэнне і ажыццяўленне ідэй сфармуляваных у праграме БСГ.

Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі існавала дзве галоўныя палітычныя партыі: БСГ, якая ў 1918 г. была ператворана ў БСДП (Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю), і Камуністычная партыя Беларусі (КПБ).

Дзейнасць БСГ — БСДП непарыўна звязана з яе лідэрамі — Іванам і Антонам Луцкевічамі, Алесем Гаруном і іншымі. Самае галоўнае, што прынесла іх дзейнасць: праграма БСГ была рэалізована на практыцы фактам стварэння 25 сакавіка Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), праіснаваўшай, праўда, не доўга. Аднак да гэтага часу існуе ўрад БНР у эміграцыі (цяперашні прэзідэнт Івонка Сурвіла).

Іншыя вынікі атрымаліся ў выніку дзейнасці на Беларусі камуністаў (бальшавікоў). 1-га студзеня 1919 г. імі была ўтворана БССР. Ёсць меркаванне, што штуршком для абвяшчэння БССР, было папярэдняе ўтварэнне БНР.

У адрозненне ад цяперашніх часоў, у 20-я гады жыццё Беларусі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі было адметным шырокім нацыянальным уздымам, усеагульнай беларусізацыяй. Кіруючыся нашай класіфікацыяй ідэалогій (гл. папярэдні раздзел), можна сказаць, што дзейнасць грамадскіх і афіцыйных асоб, ды і наогул афіцыйную ідэалогію, можна суаднесці з нацыянал-камунізмам. Аднак ужо з 1929 г. пачалася новая эпоха, пачалося станаўленне культу асобы Сталіна, пачаліся жорсткія рэпрэсіі, пад якія трапілі не толькі іншадумцы (былыя сацыял-дэмакраты, нацдэмы), але і нацыянал-камуністы (Вацлаў Ігнатоўскі, Цішка Гартны і іншыя).

Гэта становіцца зразумелым калі усвядоміць наступную схему фармавання нацыі-дзяржавы: кожная нацыя, якая суіснуе з дамінуючай нацыяй у адной дзяржаве, для дасягнення дзяржаўнай незалежнасці павінна прайсці шлях з трох фаз:

— супольнае жыццё малой нацыі з вялікай у адной дзяржаве (беларусаў-тутэйшых з рускімі);

— дасягненне аўтаноміі ў рамках адной дзяржавы. Фактычна БССР у складзе СССР можна лічыць у нейкай ступені аўтаномнай рэспублікай. Аднак гэтая аўтаномія вельмі ўмоўная, бо ў таталітарнай дзяржаве, якой быў СССР, ні аб якіх свабодах не магло і быць гаворкі.

— барацьба за незалежнасць і як вынік — здабыццё яе.

Беларусь, абыходзячы другую з адзначаных стадый, 25 сакавіка 1918 г. стала незалежнай дзяржавай — спачатку гэта была БНР, а з 1 студзеня 1919 г. яе бальшавіцкай альтэрнатывай — БССР, «раўнапраўнай» рэспублікай у складзе СССР. На самой справе БССР не мела, нават, сапраўднай аўтаноміі. Адно што можна адзначыць — пэўную культурную самастойнасць Беларусі.

Другая хваля нацыянальнага адраджэння: 1918–1929 гады (БССР), 1921–1939 гады (Заходняя Беларусь).

Гэты перыяд быў перыядам бурнага развіцця беларускай нацыі. За досыць кароткі перыяд у галіне беларусізацыі было зроблена больш, чым за ўсё мінулае стагоддзе. Выйшлі першыя беларускія слоўнікі: у 1926 г. у Мінску выйшаў беларуска-расійскі слоўнік, складзены М. Байковым і С. Некрашэвічам; у 1924 г. у Коўна выйшаў расійска-беларускі слоўнік В. Ластоўскага; надрукаваны таксама галіновыя слоўнікі па фізіцы, хіміі і іншых навуках. Навукова-даследчае жыццё віравала ў асяроддзі першай беларускай навуковай установы Інбелкульта — папярэдніка Акадэміі Навук. Расквітнела беларуская проза і паэзія. Сфармавалася нацыянальнае тэатральнае мастацтва і народная творчасць.

Ёсць усе падставы сцвярджаць, што менавіта к 1929 году на Беларусі сфармавалася беларуская нацыя і адпаведна абазначыліся контуры беларускай нацыянальнай ідэі (БНІ). З’явіліся і першыя тэарэтычныя працы прысвечаныя беларускай праблематыцы. Асабліва трэба адзначыць ксяндза Адама Станкевіча, якім былі, па сутнасці, закладзены асновы беларускага нацыяналізму і БНІ.

Калі ў перыяд 20-х — 40-х гадоў ва Усходняй Беларусі ўсталяваўся камуністычны рэжым, то ў Заходняй панаваў капіталізм, які быў адносна больш лаяльным рэжымам і нават дазваляў шматпартыйнасць. Найбольш буйнай з беларускіх партый Заходняй Беларусі была БХДЗ (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), якой кіравалі Ян Пазьняк і ксёнз Адам Станкевіч. БХДЗ аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах некалькі тысяч чалавек. Гэта былі галоўным чынам сяляне, а таксама збяднелая шляхта. Вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай беларускай думкі зрабіў ідэолаг БХДЗ А. Станкевіч, які надрукаваў шэраг ключавых кніг аб хрысціянстве і беларускай нацыянальнай ідэі і ён фактычна заклаў асновы беларускага нацыяналізму.

Акрамя БХДЗ у Заходняй Беларусі існавалі і іншыя партыі: БСДРП (Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя), БНФ (Беларускі народны фронт) і, нават, Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя.

У часы рэпрэсій галоўным абвінавачваннем, што выдзвігалася да дзеячоў беларускай культуры, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, вучоных і іншай творчай інтэлігенцыі было абвінавачванне ў «нацдэмаўшчыне», г. зн. у прыхільнасці да ідэалаў дэмакратыі і нацыянальнай ідэі — дакладней да ўсяго нацыянальнага. Гэтая «нацдэмаўшчына» амаль ўзводзілася ў ранг нейкай ідэалогіі, варожай да сацыялістычных і камуністычных ідэй і наогул «да будаўніка камунізму». Але на самой справе «нацдэм» — гэта быў толькі ярлык, які прыдумалі бальшавікі, а якой-небудзь пэўнай тэорыі, канцэпцыі, ці ідэалогіі, што падыходзіла б пад тэрмін «нацыянальная дэмакратыя», не існавала. Пад ярлык «нацдэма» маглі трапіць і былыя сацыял-дэмакраты з «Грамады» і хрысціянскія дэмакраты, што выехалі з Заходняй Беларусі у Савецкую Беларусь, і нацыянал-камуністы, і, нават, звычайныя беларускамоўныя пісьменнікі і паэты. Але з’яўлялася рэальнасцю і наяўнасць нацыянальна-адраджэнцкага руху ў БССР, які, па-сутнасці, і атрымаў назву «нацдэмаўшчына».

Культ асобы на многія гады прыпыніў працэс нацыянальнага адраджэння беларусаў. Творы найбольш грунтоўных мысліцеляў даваеннай эпохі А. Станкевіча, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, Я. Самойлы не паспелі стаць усенародным набыткам — іх аўтары былі рэпрасаваныя, а кнігі былі забароненыя.

У сувязі з гэтым гаварыць аб існаванні прынамсі палітычнага нацыяналізму і тым больш ідэалогіі нацыяналізму ў дзяржаўным маштабе — даваеннай БССР — заўчасна. Аднак нацыянальны рух 20-х гадоў быў ужо асновай будучай нацыянальнай дзяржавы і канцэпцыі беларускага нацыяналізму.

На працягу панавання савецкай улады, фактычна, адзінай ідэалогіяй у БССР была дзяржаўная ідэалогія, якую несла камуністычная партыя — КПБ, філіял саюзнай КПСС. З іншых ідэалогічных канцэпцый можна адзначыць толькі ідэі выкладзеныя ў праграмах даваенных партый Заходняй Беларусі — БХДЗ і БСДП. Трэба адзначыць, што ні ліберальныя, ні кансерватыўныя традыцыі не былі вядомыя беларусам, як у імперскай Расіі, так і ў Рэчы Паспалітай і ў БССР.

Гаворка аб гісторыі нацыянальнага руху на Беларусі, было б не поўнай, калі б не адзначыць хвалю нацыянальнага адраджэння пад час нямецкай акупацыі. Афіцыйна амаль усе ўзнікшыя ў 1941–1944 гадах на тэрыторыі Беларусі арганізацыі нацыянальнага кшталту, якія не падтрымлівалі камуністаў, лічацца калабаранцкімі. Але заўсёды забываецца іншы бок гэтых падзей — вялікая частка нацыянальна свядомых беларусаў імкнулася да стварэння такой Беларусі, якая будзе незалежнай як ад фашысцкай Германіі, так і камуністычнага Савецкага Саюза. Хаця большасць з гэтых людзей верылі ў сілы свайго народа і марылі аб яго лепшай будучыні, нельга забывацца і пра тых, што пайшлі на адкрытую здраду і сталі на бок Рэйха.

Другая сусветная вайна парадзіла трэцюю хвалю беларускага адраджэння. Ужо ў 1941 годзе была створана Беларуская нацыянальная Самапомач, затым узнік Саюз беларускай моладзі (СБМ), арганізавана Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) і паўстала Беларуская аўтакефальная царква. У 1942 годзе на тэрыторыі акупаванай Беларусі быў арганізаваны шырокі нацыянальны рух — Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), на чале з Р. Астроўскім. З дапомогай БЦР была, нават, створана свая нацыянальая армія — Беларуская Краёвая Абарона, у колькасці 23 тысяч чалавек. БЦР праводзіла вялікую асветніцкую і культурніцкую працу, Былі адкрыты беларускія школы, адчынены народныя бібліятэкі, адноўлена праца Мінскага Беларускага тэатру. Беларускімі кампазітарамі было напісана звыш 60 музычных твораў, сярод якіх балет кампазітара А. Туранкова «У лясным пушчары», аперэта М. Шчаглова на лібрэта Н. Арсеньевай «З выраю»; выдадзены зборнікі вершаў Н. Арсеньевай, Т. Лебеды, Л. Случаніна.

Кульмінацыяй дзейнасці БЦР стаў ІІ Усебеларускі Кангрэс, што прайшоў у Мінску 27 чэрвеня 1944 г. Хаця кангрэс праходзіў у акупаваным Мінску, ён меў наэвычай вялікае прадстаўніцтва — дэлегаты былі ад усіх этнаграфічна беларускіх мясцін колькасцю 1039 асобаў.

Кангрэс асудзіў бальшавіцкі рэжым і ануляваў усе пастановы і законы прынятыя савецкай уладай і палякамі. У заключным слове прэзідэнт Кангрэсу Яўхім Кіпель сказаў: «Сённяшнім сваім актам наш народ давеў усяму Свету, што ён не хоча ні маскоўскае, ні польскае апекі. Усе пастановы аб выхадзе з так званага Савецкага Саюзу і аб ануляванні маскоўска-польскіх дамоваў аб Беларусі, прыняты аднагалосна. А гэта вельмі важна! Сярод тысячы двухсот чалавек не знайшлося ні аднаго, які б хацеў звароту бальшавікоў, які б хацеў панавання польскіх паноў на Беларусі. Бясспрэчна, гэта воля не толькі дэлегатаў — гэта воля ўсяго беларускага народу!»

Дэлегаты Кангрэсы былі настроены вельмі рашуча. Але ўзнікае пытанне: чаму ж ніхто з прысутных на Кангрэсе не здолеў рэальна ацаніць свае шанцы ў барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны. Яны ж былі на 100 атсоткаў нулявымі! Усе згаданыя падзеі праходзілі ў тыя часы, калі Савецкая Армія гнала нямецкіх акупантаў і няўзабаве вызваліла Мінск. Пра якую незалежную Беларусь у такіх умовах можна было гаварыць. Ня дзіва, што амаль усе ўдзельнікі Кангрэсу былі ці закатаваныя савецкім НКУС, ці скончылі сваё жыццё ў эміграцыі. А сярод іх былі такія вядомыя людзі як генерал К. Езавітаў (як напісана ў «Матэрыялах Кангрэсу…» — «загінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1947 г.»); славутыя паэткі Ларыса Геніюш і Наталля Арсеньева (абедзьве былі рэпрасаваныя); вядомы ўрадовец Народнага Камісарыяту Асветы БССР Аўген Калубовіч, які напісаў у эміграцыі вядомую зараз кнігу «Айцы Беларусі і іх лёс»; інжынер Іван Касяк — напісанаў у эміграцыі кнігу «З гісторыі Беларускай аўтакефальнай царквы»; дацэнт БДУ, аўтар шматлікіх падручнікаў і навуковых прац Яўхім Кіпель і шмат іншых знакамітых людзей, імёны якіх толькі цяпер вяртаюцца з забыцця.

Такім чынам, у выніку шматлікіх рэпрэсіўных акцый на працягу 20-х — 50-х гадоў, на момант гарбачоўскай перабудовы — а менавіта з гэтых часоў пачынаецца новы гістарычны працэс у СССР — Беларусь падыйшла амаль абезгалоўленай, не маючай дастаткова моцнай нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, не падрыхтаванай да ўсведамлення сябе нацыянальнай дзяржавай. Дзве хвалі масавага тэрору — рэпрэсіі 30-х гадоў і пераслед «нацыяналістаў» пасля 1944 года далі свае сумныя вынікі.

З прыходам гарбачоўскай перабудовы пачалася новая эпоха ў палітычных працэсах Беларусі. І галоўнай падзеяй было абвяшчэненне ў 1991 г. Беларусі дзяржаўнай незалежнасці. Галоўная рыса новага перыяду (90-я г. ХХ ст.) — падзенне аўтарытэта і ўсеабдымнасці камуністычнай партыі, падзенне таталітарнай сістэмы. Новы перыяд прынёс шматпартыйнасць і станаўленне новых (для былой БССР) палітычных ідэалогій.

Шматпартыйнасць разгарнулася на Беларусі з пачатку 90-х гадоў, на цяперашні момант у РБ прадстаўлены фактычна ўсе асноўныя палітычныя плыні, што існуюць у краінах Заходняй і Усходняй Еўропы. У 1988 г. паўстаў Беларускі Народны Фронт, які паставіў сваёй мэтай дэмакратызацыю грамадства і нацыянальнае адраджэнне. У 1990 г. быў прыняты Закон аб мовах, згодна якому беларуская мова станавілася адзінай дзяржаўнай мовай. Пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь была прынята нацыянальная сімволіка — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пачалася чацвёртая хваля нацыянальнага адраджэння, якая доўжылася з 1988 па 1996 год — год рэферэндума, пасля якога была вернута ў некалькі мадыфікаваным выглядзе ранейшая савецкая сімволіка і быў прыняты закон аб двух дзяржаўных мовах: беларускай і рускай, што адмоўна адбілася на распаўсюджанні і развіцці беларускай мовы. Усё ж за гэты кароткі прамежак часу было зроблена вельмі шмат. Адкрываліся беларускія класы і школы, няўхільна беларусізавалася вышэйшая школа, упершыню адкрыта друкаваліся творы нацыянал-дэмакратаў часоў культа асобы, тых, хто доўгі час насіў ярлык «ворага народа». Грамадзянам Беларусі нарэшце сталі даступныя творы Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, Усевалада Ігнатоўскага… Стала магчымым выдаць кнігу «Па слядам аднаго міфа» сучаснага гісторыка Міколы Ермаловіча, якая была пад забаронай, а яе аўтар ня меў уваходу ў акадэмічныя інстытуты.

Зыходзячы з прыведзенай вышэй канцэпцыі ўтварэння нацыі-дзяржавы, кожная нацыя павіннна заваяваць свой суверэнітэт, перад гэтым прайсці шлях аўтаноміі і літаральна вельмі захацець незалежнасці. Працэс утварэння нацый-дзяржаў, які пачаўся для большасці народаў, як мы вышэй адзначалі, яшчэ ў ХІХ стагоддзі, дасягнугнуў кульмінацыі ў канцы ХХ-га стагоддзя. Ідэалогія нацыяналізму запанавала паўсюдна. Але ў Беларусі гэтая ідэалогія не стала масавай. Носьбітамі яе стала невялікая частка народа, якая і стварыла БНФ.

Напачатку, у 1988 годе ідэі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння крочылі побач. Недахоп таго і другога ў грамадстве, шматгадовая адсутнасць свабоды слова і друку, ганебны стан беларускай мовы і нацыянальнай культуры нечакана, пасля 30 кастрычніка 1988 года — часу правядзення знакамітых «Дзядоў» — скончыліся ўзнікненнем шырокага руху за дэмакратыю — Беларускага народнага фронту (БНФ).

На самым пачатку БНФ аказаўся на вяршыні палітычных працэсаў у Беларусі і задаваў пэўны тон у дзяржаўнай палітыцы. Аднак з 1995 году, пацярпеўшы паразу на выбарах у ВС, роля і аўтарытэт БНФ у грамадстве пачалі паступова падаць.

Пасля расколу БНФ у 1999 годзе на дзве незалежныя палітычныя структуры — партыю БНФ (старшыня Вінцук Вячорка) і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю (КХП) — партыю БНФ (старшыня Зянон Пазьняк) сумарны аўтарытэт абодзьвух БНФ трохі зменшыўся, хаця асноўная маса электарату засталася.

За 10 год пабудовы дэмакратыі ў незалежнай Беларусі акрамя БНФ, што была ў 1989 годзе адзінай апазіцыйнай палітычнай сілай, к 2000 году вырас шэраг іншых партый і грамадскіх рухаў. Пасля перарэгістацыі партый у 1998 годзе у РБ налічвалася 18 палітычных партый.

Па характару сваёй дзейнасці партыі дзеляцца на тры групы:

1) Партыі, якія падтрымліваюць палітыку прэзідэнта і ўрада. Да іх адносяцца Беларуская камуністычная партыя (старшыня В. Чыкін), Беларуская патрыятычная партыя (заснавальнік Л. Баранкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды (лідар — Л. Сечка), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і некаторыя іншыя больш дробныя партыі.

2) Партыі апазіцыйныя прэзідэнту і ўраду: партыя БНФ (старшыня В. Вячорка), КХП — партыя БНФ (З. Пазьняк і в.а. старшыні Ю. Беленькі), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ) (старшыня С. Шушкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (старшыня М. Статкевіч), Аб’яднаная грамадзянская партыя (старшыня А. Лябедзька), Беларуская партыя жанчын «Надзея» (старшыня В. Палявікова), Беларуская партыя працы (старшыня Л. Лемяшонак).

3) Партыі, якія не прымкнулі да блоку дэмакратычных партый аб’яднаных у Каардынацыйную Раду, але з‘яўляюцца апазіцыйнымі: Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) (старшыня С. Гайдукевіч), Партыя камуністаў беларуская (ПКБ) (старшыня С. Калякін) і яшчэ некалькі дробных партый. Адзначым, што КХП — партыя БНФ на працягу 1998–1999 гадоў уваходзіла ў Кансультацыйны Савет апазіцыйных партый, але потым выйшла.

На сакавік 2000 г. згодна дадзеным атрыманым Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) па рэйтынгу папулярнасці першынства мела партыя жанчын «Надзея». Высокі рэйтынг партыі жанчын «Надзея» тлумачыцца толькі тым, што гэтая партыя менавіта жаночая, бо аніякіх істотных палітычных дзеянняў гэтая партыя не праявіла. Кожная з партый БНФ пасля расколу набірала крыху больш 2 %. Адносна высокі рэйтынг мела БСДГ, што, відавочна, абумоўлена вялікай папулярнасць Станіслава Шушкевіча, які ўзначальвае партыю.

Вынікі апытання сведчаць аб нявысокай палітычнай культуры беларускіх грамадзян. Ніжэй мы прыводзім табліцу рэйтынгу палітычных партый па даследавання НІСЭПД:

Калі б на Беларусі сёння адбыліся парламенцкія выбары, за прадстаўніка якой з партый Вы б прагаласавалі? %
Палітычныя партыі Сакавік 2000 г.
Аб’яднаная грамадзянская партыя (С. Багданкевіч) 4,5
Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — партыя БНФ (З. Пазьняк) 2,2
Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (В. Вячорка) 2,1
Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (М. Статкевіч) 2,0
Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада (С. Шушкевіч) 4,2
Партыя працы (А. Бухвостаў) 1,7
Беларуская партыя жанчын «Надзея» (В. Палевікова) 5,8
Партыя камуністаў беларуская (С. Калякін) 2,4
Камуністычная партыя беларуская (В. Чыкін) 3,3
Ліберальна-дэмакратычная партыя (С. Гайдукевіч) 1,8
Беларускае аб’яднанне «Яблоко» 1,6
Іншыя партыі 1,2

4.1.2. Спектр партый Рэспублікі Беларусь ў свеце еўрапейскіх ідэалагічных платформ (на сярэдзіну 2000 г.)

На Беларусі камуністычная ідэалогія прадстаўлена двумя партыямі КПБ (падтрымлівае прэзідэнта) і ПКБ (трэцяя група). Сегмент 10 з схемы 3 папярэдняга раздзелу на беларускім ідэалагічным грунце адсутнічае — нацыянал-камуністаў няма.

Сацыял-дэамакратычная ідэалогія — найбольш папулярная ў Беларусі. Адпаведных партый на Беларусі — 3 (партыі, у назве якіх ёсць словы сацыял-дэмакратычная). Гэта — БСДПНЗ (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды); БСДГ (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і БСДП «НГ» (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада»). Нягледзячы на блізкасць назваў усе гэтыя партыя маюць розныя погляды на беларускую палітыку. Першая з іх — прытрымліваецца афіцыйнага, прэзідэнцкага курсу і дзейнасць партыі не выходзіць за рамкі «згоды з урадам», БСДП з’яўляецца правацэнтрысцкай партыяй (с.-д. ІІ на схемах 3 і 4), а БСДП «НГ» партыя больш левага накірунку — утвораная ў выніку аб’яднання БСДГ 1991-га году (М. Ткачоў) і Партыі Народнай Згоды (с.-д. І на схемах 3, 4).

Акрамя гэтых партый да сацыял-дэмакратычнага накірунку адносяць сябе Беларуская партыя жанчын «Надзея», Беларуская партыя Працы, Рэспубліканская партыя Працы і Справядлівасці.

Ідэалогія нацыяналізму. У вялікай ступені яна стаіць у аснове праграм абодвух БНФ, ёй нададзена значнае месца ў БСДГ. Цалкам на пазіцыях нацыяналізму стаяла, не падаваўшая на перарэгістрацыю 1999 года ў Міністэрства юстыцыі, Беларуская нацыянальная партыя (БНП), якая ўвяла прынцып нацыяналізму ў ранг галоўнага праграмнага прынцыпа. У праграме БПН запісана: «Нацыяналiзм — лепшая духоўная якасць асобы чалавека. Надышоў час вярнуць гэтаму слову яго спрадвечны станоўчы сэнс. Нацыяналізм гэта адданасць сваёй нацыі, нацыяналiзм — гэта змаганне нацыі за яе волю i незалежнасць, за яе духоўную i фiзiчную моц, за права нацыі быць роўнай сярод роўных».

Ідэалогія лібералізму — аснова праграмы Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і вызнаецца таксама Ліберальна-дэмакратычнай партыяй (ЛДП). Характэрна, што ў сацыяльным складзе абедзьвух партыі дамінуюць прадстаўнікі бізнесу, прадпрымальнікі.

Хрысціянска-дэмакратычная ідэалогія. Ніводная з партый, якія прайшлі перарэгістрацыю ў 1999 г., на пачатак 2000 г., не носіць назвы такога кшталту. Але трохі раней (да перарэгістрацыі) існавала тры партыі хрысціянска-дэмакратычнага накірунку: Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), Хрысціянска-дэмакратычны Выбар (ХДВ) і Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП). (Апошняя ўтварылася ў свой час у выніку раскола БХДЗ — першай партыі такога накірунку). Усе гэтыя партыі мелі малы аўтарытэт у грамадстве, былі малалікімі і заканамерна зніклі.

Сярод іншых партый ідэі хрысціянскай дэмакратыі прысутнічаюць у праграмах БНФ, КХП — партыі БНФ, БНП, а таксама БСДГ.

Чаму ж атрымалася так, што найбольш уплывовыя на Захадзе ідэі хрысціянскай дэмакратыі, амаль не ўспрымаюцца ў Беларусі? Адказ просты. Па-першае — гэта слабасць шматпартыйнай сістэмы наогул. Па-другое, за гады панавання камуністычнага рэжыму і манаполіі камуністычнай ідэалогіі, быў выхаваны грамадзянін з атэістычным светапоглядам. Для шырокіх мас людзей хрысціянства ў палітычным жыцці не ўспрымаецца, як не ўспрымаецца рэлігія наогул.

Тым не менш вялікі колькасны рост царкоўных прыходаў усіх канфесій, надае надзею на лепшую будучыню хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі.

Ідэалогія кансерватызму. На Беларусі адсутнічаюць партыі, якія б насілі такую назву, няма і партый, якія б суцэльна кіраваліся ідэалогіяй кансерватызму. Для той жа КХП галоўны прынцып не ў хрысціянскай дэмакратыі, і не ў кансерватызме, ён цалкам уключаны ў паняцце «нацыянальна-вызвольны рух».

У прынцыпе адсутнасць кансерватызму на Беларусі зразумелая. Яна абумоўлена разрывам векавых традыцый, масавай адсутнасцю нацыянальнай свядомасці беларусаў і іншых неабходных кампанентаў уласцівых кансераватызму.

Ёсць аднак сярод беларускіх тэарэтыкаў і такія, якія спрабуюць «сканструяваць» беларускі ліберальны кансерватызм. У раздзеле ІІІ-3, прысвечаным гэтай тэме, мы адзначалі, што такая ідэалогія наогул супярэчлівая. Паглядзім цяпер як выглядае гэтая праблема ў беларускім кантэксце.

Нягледзячы на адсутнасць аргументаваных падстаў, адзін з ідэолагаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі М. Пліска сцвярджае аб наяўнасці ў Беларусі ідэалогіі ліберальнага кансерватызму, носьбітам якой на ягоную думку і з’яўляецца АГП. Каб паказаць, што ліберальны кансерватызм мае гістарычныя карані М. Пліска беспадстаўна сцвярджае, што ў Заходняй Беларусі даваеннага перыяду існаваў дастаткова ўплывовы ліберальна-кансерватыўны напрамак, які быў звязаны з дзейнасцю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя — Беларускае народнае аб’яднанне» (БХД — БНА). Гэтая партыя была створана на V з’ездзе БХДЗ, але зусім не для таго, каб падкрэсліць свецкі характар партыі (як сцвярджае М. Пліска), а каб акцэнтаваць увагу на нацыянальнай накіраванасці партыі (дадатак БНА). Ва ўсім свеце партыі, маючыя ў сваім свеце словы «хрысціянска-дэмакратычная», па свайму палітычнаму прызначэнню ніколі не залежылі і не залежаць ад інстытута Царквы. Такая назва толькі падкрэслівае тое, што носьбіты хрысціянска-дэмакратычнай ідэалогіі вызнаюць хрысціянскія каштоўнасці, роўна як і прынцыпы дэмакратыі. Аднак падтрымліваць і здзяйсняць хрысціянскія ідэі і мараль могуць і прадстаўнікі іншых партый. У сучаснай Рэспубліцы Беларусь — гэта БНФ, БНП, БСДГ. Аўтар згаданага артыкула прыпісвае партыі БХД — БНА чамусьці і ліберальную і кансерватыўную ідэалогію, аб чым аднак не ўспамінаецца ні ў водным дакуменце гэтай партыі. Далей Пліска ўжо смела выходзіць на выдуманую ім сцежку і лёгка аперыруе такімі тэкстамі: «традыцыя лібералізму і кансерватызму працягвала існаваць у пэўных колах эміграцыі», а ў наш час ідзе працэс «адраджэння лібералізму і кансерватызму».

Такім прыёмам дасягаецца ўяўленне аб тым, што быццам бы лібералізм і кансерватызм маюць даўнюю традыцыю ў Беларусі, так што справа стаіць толькі за іх адраджэннем. Вышэй жа мы паказалі, што менавіта традыцыі лібералізму і кансерватызму амаль адсутнічалі на Беларусі — ажно да з’яўлення шматпартыйнай сістэмы ў 90-х гадах. У даваеннай Беларусі лібералізм і кансерватызм адсутнічалі як ва Усходняй Беларусі, так і Заходняй. У тыя часы існавала толькі адна ідэалогія: марксізм-ленінізм, якая была фактычна дзяржаўнай, а ўсе інакшмыслячыя залічаліся да нацыянал-дэмакратаў (нацдэмаў). Погляды нацыянал-дэмакратаў былі блізкія да сучасных ідэалогій наступнага накірунку: хрысціянскай дэмакратыі, сацыял-дэмакратыі і нацыяналізму.

Чаму ж у 90-я гады ХХ ст. не з’явілася моцнай хрысціянскай-дэмакратыі? А тыя кволыя парасткі хэдэкаў увасобленыя ў партыях Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнаць, ці Хрысціянска-дэмакратычны Выбар, хутка трапілі ў нябыт. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што Беларусь з’яўляецца шматканфесійнай краінай, што перашкаджае стварэнню моцнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Такі погляд цалкам памылковы.

Па-першае, і ў 30-я гады Заходняя Беларусь была шматканфесійнай, але Ян Пазьняк і Адам Станкевіч кіравалі моцнай хрысціянска-дэмаратычнай партыяй, якая мела сваю салідную газету «Беларуская крыніца». Акрамя таго ў наш час не існуе аднаканфесійных краін. Напрыклад, у Германіі некалькі канфесій і пры гэтым няма перавагі якой-небудь адной, пры гэтым католікаў і пратэстантаў (лютэран) прыкладна пароўну. Тым не менш творца «нямецкага цуда» Людвіх Эрхард быў хрысціянскім-дэмакратам, а адпаведная партыя была ў той час ва ўладзе. У Польшчы, што лічыцца каталіцкай дзяржавай, жыве каля мільёна праваслаўных, якія маюць аўтакефалію.

Па-другое, у Беларусі ў наш час любая партыя заснаваная на пэўных ідэалагічных прынцыпах будзе слабай. У грамадстве бярэ верх цяпер прагматызм. І не дзіўна, што найбольшую моц у Рэспубліцы Беларусь мае «партыя ўлады».

У выніку вышэй прыведзенага аналізу адпаведная класіфікацыя палі-тычных ідэалогій і партый Беларусі можа быць адлюстраванай на схеме 5.

Тлумачэнне да схемы 7

На схеме 7, як і на схеме 5, Х — вось фактара свабоды эканамікі, Y — вось фактара свабоды асобы, фігуры 1-10 адлюстроўваюць асноўныя палітычныя ідэалогіі Беларусі.

Фігура 1нацыналізм. Галоўная арганізацая, што спавядае гэтую ідэалогію. — Беларускі народны фронт (Рух існуе з 1988 г, партыя БНФ з 1993 г.). Аднак ні ў воднай праграме БНФ не выкарыстоўваецца тэрмін «нацыяналізм». Больш нацыяналістычны накірунак праграмных дзеянняў узяла на сябе Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ) (з 1995 г. ў назве партыі слова «Беларусі» было заменена на слова «беларусаў»). Але адкрыта аб’явіла нацыяналізм асновай сваёй праграмы толькі абвешчаная ў 1994 годзе Беларуская нацыянальная партыя (БНП). Аднак на перарэгістрацыю 1998 г. гэтая партыя не падавала.

Партыя КХП — партыя БНФ абазначана прамавугольнікам у правым верхнім вуглу на стыку фігур 1, 3 і 4. Сучасны статус яе больш блізкі да класічнага нацыяналізму, а абвешчаная ў 1999 г. КХП праграма дзеянняў, вылучыўшая галоўнай задачай стварэнне так званага «нацыянальна-вызвольнага руху», робіць яе падобнай да шэрагу партый, што паўставалі ў часы рэвалюцыйных пераўтварэнняў за нацыянальную свабоду пачатку нашага стагоддзя. Фактычна гэтая праграма ёсць выразнік ірэдэнтысцкага нацыяналізму ў Беларусі. У гісторыі ёсць шэраг прыкладаў такой барацьбы, якая канчалася як паразамі (паўстанне Кастуся Каліноўскага), так і перамогамі (напрыклад рух «Саюдзіс» у Літве). КХП, магчыма, яшчэ будзе кансерватыўнай партыяй, але гэта адбудзецца толькі тады, калі яна стане на шлях памяркоўных, паступовых змен у грамадскім ладзе, што сцвярджае класічны кансерватызм.

Авал нацыяналізму 1 мае агульныя пункты сутыкнення з іншымі ідэалогііямі (акрамя лібералізму і камунізму) — сегменты 8, 10

Фігура 2камуністычная ідэалогія. У Беларусі яе прадстаўляюць дзве партыі — КПБ і ПКБ. Блізка да іх стаіць таксама Патрыятычная партыя. Фігуры 1 і 2 не перасякаюцца, што азначае адсутнасць нацыянал-камунізму ў Беларусі.

Фігура 4 прадстаўляе хрысціянска-дэмакратычную ідэалогію. Як ужо адзначалася ў цяперашні момант афіцыйна ні водная з партый не спавядае гэтай ідэалогіі. Аднак ёсць асобныя носьбіты хрысціянска-дэмакратычнай ідэі, як сярод людзей, так і грамадскіх арганізацый. Да перарэгістрацыі 1998 года афіцыйна існавалі наступныя рысціянска-дэмакратычныя партыі: БХДЗ (Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), ХДВ (Хрысціянска-дэмакратычны Выбар (ХДВ), Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП).

Фігура 5лібералізм. Галоўныя носьбіты ідэалогіі: Аб’яднаная Грамадзянская партыя (АГП) і Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП).

Фігуры 6-І і 6-ІІcацыял-дэмакратыя.. На схеме 7 у адрозненне ад схемы 5 фігура 6, адпавядаючая сацыял-дэмакратыі, падзелена на дзве фігуры 6-І і 6-ІІ, займаючыя рознае становішча на малюнку. Гэта абумоўлена некаторымі прынцыповымі разыходжаннямі паміж вядучымі партыямі абедзвюх галін сацыял-дэмакратыі — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (БСДП «НГ»).

БСДП «НГ» пасля аб’яднання з Партыяй Народнай Згоды ў 1995 г. падкрэсліла сваю левацэнтрысцккую платформу, працягвае традыцыі марксісцкай сацыял-дэмакратыі пачатку ХХ стагоддзя (напрыклад, удзельнічае ў святкаванні 1-га мая).

БСДГ утварылася пасля расколу Грамады, створанай у 1991 г. пад кіраўніцтвам М. Ткачова. У 1997 г. не падтрымаўшая аб’яданне з БНЗ, частка былой БСДГ стварыла аргкамітэт па аднаўленню партыі і пасля аб’яднання з Беларускай нацыянальнай партыяй (БНП) у 1998 г. БСДГ была адноўлена. У праграме БСДГ, прынятай на 2-м з’едзе ў 1999 г., адзначана, што БСДГ — партыя правацэнтрысцкага кшталту. Яна не прытрымліваецца ўсталяванага сярод сацыял-дэмакратычных партый прынцыпу дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, выступае за шматукладую эканоміку і ў першую чаргу рыначную. Другай рысай БСДГ — таксама традыцыйная прыкмета «правага» ўхілу — з’яўляецца тое, што вялікая роля ў праграме адводзіцца нацынальнаму адраджэнню і ўмацаванню дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

На нашай схеме змешчаны асноўныя палітычныя партыі і ідэалагічныя платформы, што існуюць у наш час на Беларусі. Іншыя, больш дробныя партыі прымыкаюць да асноўных. Так, напрыклад, Патрыятычная партыя па свайму характару бліжэй за усё падыходзіць да ідэалогіі камунізма і адносіцца да фігуры 2, Рэспубліканская партыя Працы і Справядлівасці — гэта сацыял-дэмакратыя І (фігура 6-І) і г.д.

У заканчэнне адзначым, што прадстаўленая на схеме палітра беларускіх ідэалогій і партый мае некаторыя адметнасці ў параўнанні з палітрай іншых краін. Так, на Беларусі (у адрозненне, напрыклад, ад Украіны, ці Польшчы) адсутнічае нацыянал-камунізм і таму фігуры 2 і 1 не маюць агульных граніц. Аналагічна, не перасякаюцца фігуры 3 і 5, бо, як мы паказалі вышэй, на Беларусі няма ліберал-кансерватараў.

Пабудаваная схема палітры ідэалогій не з’яўляецца застыўшай палітычнай структурай, яна сфармавалася на працягу ўсяго 10 гадоў і адлюстроўвае стан беларускага грамадства на рубяжы ХХІ стагоддзя. Зразумела, яна будзе мяняцца, магчыма дапаўніцца новымі фігурамі і сегментамі, але ў выніку, калі Беларусь будзе ісці паспяхова па шляху прагрэса, колькасць асноўных ідэалогій будзе змяншацца, а колькасць партый магчыма прыпыніцца на лічбе 2 — як гэта мае месца ў перадавых краінах Еўропы і Амерыкі (напрыклад, у ЗША існуе дзве партыі — рэспубліканская і дэмакратычная).

4.2. Негвалтоўныя метады рэалізацыі нацыянальнай ідэі (НІ)

Ажыццяўленне НІ — дасягненнне незалежнасці знутры і самасцвярджэнне нацыі — у наш час магчымы шляхам ненасільнага дзеяння. Якімі ж метадамі можна ненасільна процістаяць існуючаму аўтарытарнаму рэжыму. Найбольшую ўвагу можна аддаць наступным ненасільным акцыям і грамадскім рухам:

1. Праца сярод насельніцтва — рабочых, сялян, інтэлігенцыі і іншых сацыяльных груп. Напрыклад, у 1991 годзе у Мінску выйшла на вуліцы каля 100 000 чалавек, была прыпынена праца вялікіх заводаў і прадпрыемстваў і гэта дало магчымасць ўздзейнічаць на ўрад. Сацыяльнае супрацьстаянне — магутная зброя ненасільнай барацьбы.

2. Стварэнне вялікай сеткі няўрадавых арганізацый і прадпрыемстваў. Трэба максімальна змяншаць сацыяльную і эканамічную залежнасць людзей ад дзяржавы. Многія з нашых рабочых і служачых да гэтага часу чыста па-саўкоўскаму адносяцца да месца сваёй працы. Імі кіруе страх быць звольненымі, нягледзячы на жабрацкую зарплату. Прычым назіраецца адваротная парадаксальная залежнасць: чым менш чалавек атрымлівае, тым больш ён абараняе рэжым, і чым больш заможна ён жыве, тым больш ён схільны да крытыкі рэжыму. Магчымасць самастойнага стварэння сямейнага бюджэту, максімальна магчымая незалежнасць чалавека ад дзяржавы — вось шлях перамогі над сіндромам савецкага страху.

3. Важным пытаннем з’яўляецца праблема паразумення паміж рознымі дэмакратычнымі арганізацыямі і партыямі, а таксама каардынацыя дзеянняў паміж імі і ўсёй апазіцыяй. Неабходнасць негвалтоўнага характару супрацьстаяння рэжыму прызнаецца зараз усімі. Але шлях шматпартыйнасці часта становіцца тормазам прарэсу, а не здабыткам дэмакратыі.

Мала вядомым метадам паразумення паміж плынямі розных ідэалагічных накірункаў з’яўляецца метад, вядомы ў палітыцы пад тэрмінам «саборнасць».

Гэтае паняцце не толькі царкоўны тэрмін, у сапраўднасці саборнасць з’яўляецца вядомым старажытным, аб’яднаўчым прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва. Этымалогія слова «саборнасць» вядзецца ад дзеяслова «збіраць» і азначае збіранне лепшых сіл грамадства для рашэння жыццёва важных задач. Саборнасць з’яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі. Фактычна саборнасць — гэта антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі дослед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае ў нашых умовах адметны сэнс.

У парламенцкай практыцы Кангрэса ЗША ёсць выпадкі, калі падкрэслівалісь рэзалюцыі, прынятыя саборным шляхам, без партыйнага дзяленння, простай перавагай галасоў. Яны нават атрымалі сваю назву «bi partisan resolution».

Сям’я, сельскі сход, рымскі сенат, славянскае веча, сейм у Рэчы Паспалітай першапачаткова дзейнічалі на прынцыпах згоды і аднадумства. Апошняе не патрабуе адзіных думак ува ўсіх удзельнікаў, але можа з’явіцца ў выніку ўсеагульнага пераканання ў аптымальнасці прынятых рашэнняў. Згода з’яўляецца высакаякасным праяўленнем агульнай волі, асаблівым атрыбутам саборнасці.

Саборнае прыняцце рашэнняў, як ніколі, важнае менавіта ва ўмовах шматпартыйнасці і дзялення грамадства па шматлікіх інтарэсах. Успомнім, што ў гісторыі Беларусі саборнае вырашэнне гістарычна важных пытанняў мае старажытную традыцыю. Гэтая традыцыя нам вядомая пад назвай Пагоня, якая яшчэ ў ХІІІ стагоддзі збірала ўсё боездольнае насельніцтва ВКЛ для сумеснай абароны ад ворагаў. Гэта быў саборны акт.

4. Метад несупрацоўніцтва. Несупрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам толькі на першы погляд мала значыць для ўрада. На самай справе гэта псіхалагічна тонкі, выматваючы метад. Адмова супрацоўніцтва з урадам высокаадукаваных людзей, вучоных, эканамістаў аслабляе рэжым і вымушае дыктатара рабіць крокі да адступлення. У апазіцыйнай прэсе пастаянна расце колькасць выдатных, незалежных журналістаў, пакідаючы ўрадавым сродкам масавай інфарамацыі ўсё менш інтэлектуалаў.

5. Рэлігійны фактар. Для народаў Еўропы хрысціянства заўсёды было важным сродкам уздзеяння на масы. Вядома, што ў Польшчы ў цяжкія 1980-я гады палітычнай барацьбы з савецкім рэжымам менавіта каталіцкі касцёл з’явіўся стрыжнем кансалідацыі грамадства на шляху да незалежнасці. Касцёл арганічна спалучыўся з польскай нацыянальнай ідэяй, стаўшы разам з ёй фундаментам дзяржаўнага суверэнітэту. Гэты працэс быў раўназначны рэвалюцыі, але адбыўся мірным, негвалтоўным чынам, у вялікай ступені дзякуючы менавіта касцёлу і тым хрысціянскім ідэалам, якія ён нёс.

Беларусь ляжыць на мяжы падзелу каталіцкага і праваслаўнага свету. І таму яе становішча нашмат складаней, чым у суседняй, аднаканфесійнай Польшчы. Акрамя гэтага, традыцыі атэізму даволі моцна ўкараніліся ў жыцці беларусаў. Цяпер інтэнсіўна ідзе працэс вяртання хрысціянскіх каштоўнасцяў, але гаварыць аб тым, што рэлігія на Беларусі здольная аказваць уплыў на палітычныя працэсы, яшчэ рана. Праблематычна чакаць ад хрысціянскіх канфесій у бліжэйшы час эфектыўнасці ў негвалтоўнай барацьбе за рэалізацыю нацыянальнай ідэі, хаця менавіта царква была асноўнай апорай у барацьбе за незалежнасць у многіх дзяржавах. Абумоўлена гэта як слабасцю рэлігійных традыцый, так і прыцягненнем праваслаўя да Масквы, а касцёла — да Варшавы. Аднак нельга абмінуць той факт, што за гады рэлігійнага пад’ёму нямала зроблена для беларусізацыі ўсіх беларускіх хрысціянскіх канфесій, асабліва каталіцызму. Хрысціянства ў Беларусі, як палітычны фактар, яшчэ праявіць сябе, бо беларусам уласцівыя унутраная рэлігійнасць і павага да старадаўніх народных традыцый, што спрыяльна ўздзейнічае на вяртанне Бога беларускаму народу.

4.3. Нацыянальная ідэя, нацыя. Царква і дзяржава

На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва нацыянальныя, этнічныя, племянныя і іншыя чалавечыя супольнасці былі звязаны з рэлігійнымі вераваннямі. Звычайна пэўны народ вызнаваў і пэўную рэлігію — прынамсі гэта добра відаць на прыкладзе язычніцкіх народаў — у кожнага народа свой сонм багоў.

Але надыход хрысціянскай эры паклаў пачатак новай Царквы, якая па сваёй прыродзе мае ўсяленскі, наднацыянальны характар. У хрысціян «няма розніцы паміж іудэем і элінам» (Рым. 10, 12.). Тым не менш, гэта не азначае, што хрысціяне адмаўляюць нацыянальнасць. Наадварот, Царква злучае ўсяленскасць з кожнай асобнай нацыяй. Мы яшчэ будзем разглядваць гэтыя пытанні ніжэй у сувязі з праблемай нацыяналізму, які, як мы лічым, абгрунтоўваецца хрысціянствам. Цяпер мы толькі акрэслім асноўныя падыходы распрацаваныя ў розных хрысціянскіх канфесіях адносна пытання аб нацыі.

Еўропа, ЗША і іншы хрысціянскі свет у наш час падзелены ў рэлігійным сэнсе на тры асноўныя плыні: праваслаўе, каталіцызм і пратэстанцтва. Апошняя плынь ахоплівае мноства хрысціянскіх Цэркваў, якія не падзяляюць некаторых асноўных дагматаў першых двух.

Праваслаўны падыход да нацыі грунтоўна выкладзены ў «Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы», якая была прынята на Юбілейным Архірэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2000 годзе. У «Асновах» падкрэсліваецца, што ўсяленскі характар Царквы зусім не азначае адмовы ад нацыянальнай самабытнасці. «Хрысціянскі патрыятызм адначасова праяўляецца ў адносінах да нацыі як этнічнай супольнасці, і як супольнасці грамадзян дзяржавы. Праваслаўны хрысціянін закліканы любіць сваю Айчыну, якая мае тэратэрыяльные вымярэнне, так і сваіх братоў па крыві, што жывуць па ўсяму свету».

Сказанае азначае, што палітыка дзяржавы не павінна абмяжоўвацца ўнутранымі мерамі па сацыяльнаму забеспячэнню сваіх грамадзян, а трэба турбавацца і аб сваёй дыяспары.

Царква павінна таксама дбаць аб развіцці нацыі, павышэнню яе аўтарытэту — «хрысціянін закліканы захоўваць нацыянальную культуру, народную самасвядомасць». Праваслаўная палітыка надае вялікую ўвагу нацыі, таму што яна ў адказе перад Богам і перад Усяленскай Царквой. «Нацыянальнае гэта цалкам неабходная частка праваслаўнага светапогляду», — адзначае ўжо палітолаг В. Г. Махнач. Важна адзначыць, што праваслаўны светапогляд, зыходзячы з выкладзеных пазіцый, засцерагае ад ператварэння нацыянальнай ідэі ў фашысцкую, ці шавіністычную.

Увага праваслаўнай Царквы да нацыі праяўляецца і ў тым, што яна не цэнтралізаваная — кожная дзяржава можа мець сваю незалежную метраполію, сваю аўтакефальную Царкву. У наш час маецца 15 кананічных аўтакефальных Цэркваў у розных краінах свету. Усяго існуе 15 аўтакефальных праваслаўных Цэркваў: Канстанцінопальская, Алесандрыйская (Егіпет), Антыахійская (Сірыя, Ліван), Іерусалімская (Палесціна), Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская. Усе гэтыя аўтакефальныя Цэрквы маюць кананічнае зацвярджэнне — прызнаны ўсімі Памеснымі праваслаўнымі Цэрквамі і зацверджаны Канстантынопалем. Аднак ёсць аўтакефальныя Цэрквы, якія не маюць кананічнага падцвярджэння сваёй аўтакефаліі — гэта: Беларуская аўтакефальная праваслаўная Царква (БАПЦ), Украінская праваслаўная замежная Царква, Украінская аўтакефальная праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату, Македонская, Эстонская, Расійская замежная, Японская.

Важнай праблемай Царквы з’яўляецца пытанне аб мове набажэнстваў. Мова — галоўны атрыбут нацыі і таму пытанне аб мове ў Царкве вельмі важнае. Яно набыло ў апошні час вялікую актуальнасць, як у сувязі з нацыянальным адраджэннем у многіх постсавецкіх рэспубліках, ды і іншых краін свету, так і ў сувязі з узростам цікаўнасці да хрысціянства і іншых рэлігій свету.

Існуюць два галоўныя накірункі развіцця моў чалавецтва. Адзін з іх, найбольш распаўсюджаны, складаецца ў развіцці народных моў, якія атрымалі з часам назву — нацыянальных. Як правіла, існуе ўзаемная адпаведнасць паміж нацыяй і мовай, на якой размаўляюць суб’екты гэтай нацыі. Гісторыя нацыянальных моў мае такі ж працяглы час, як і гісторыя чалавецтва.

Рэлігія стала крыніцай фармавання асаблівай формы зносін чалавека з Богам, крыніцай утварэння культавых моў. Функцыі культавых, ці прафетычных моў нясе зусім не вялікая колькасць моў. Галоўныя з іх: ведыйская, санскрыт, старажытнаяўрэйская, арамейская, латынь, грэцкая, авестыйская, палі і царкоўнаславянская мовы. Гэтыя мовы спецыяльна ствараліся як сродак зносін чалавека з Богам. На думку некаторых вучоных культавыя мовы ствараліся не чалавекам, а былі прадыктаваныя яму Богам.

У пытанні паходжання царкоўнаславянскай мовы — мовы праваслаўнай Царквы — шэраг багасловаў таксама схіляюцца да думак аб трансцэндэнтнасці яе паходжання. Архімандрыт Сафроній пісаў: «Слова Литургии и вообще молитв не суть только человеческие, но и данные Свыше. Церковный язык относится к сфере Божественного бытия; он должен выражать Откровение Духа и им порождённые умные видения».

Прафетычнымі мовамі могуць стаць і мовы, якія сфарамаваліся як нацыянальныя. Прынамсі так здарылася з мовамі: вэньян, старажытнагрэцкай, лацінскай і арабскай.

Разгледжаныя дзве групы моў — культавыя і нацыянальныя — знаходзяцца звычайна ў непарыўнай сувязі. Аднак гэтая сувязь бывае часам далёка не адназначнай. Вядомы факт, што часта прыхаджане не разумеюць мовы богаслужэння. Да такой з’явы існуюць дваістыя адносіны.

Згодна аднаго з падыходаў лічыцца, што трэба мяняць культавую мову на зразумелую народу мову, падцвярджаючы гэтую выснову словамі апостала Паўлы: «Дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі».

Прыхільнікі артадаксальнага падыходу лічаць, што культавая мова павінна заставацца нязменнай і маюць свае аргументы на карысць традыцыйнай мовы богаслужэння. Галоўны аргумент — гэта святасць мовы, гэта здольнасць мовы ўвесці часовую і смертную чалавечую істоту ў свет Вышэйшага плану, Боскасці.

Некаторыя рэлігійныя канфесіі маюць абыякавыя адносіны да мовы богаслужэння. Гэта ўласціва найперш амаль усім пратэстанцкім цэрквам. Назіраецца такая заканамернасць: чым старыжытней канфесія, чым яна больш нясе рыс артадаксальнасці, тым у большай ступені яна захоўвае нязменнай мову свайго богаслужэння. У каталіцкім касцёле зусім нядаўна (пасля Другога Ватыканскага сабора 1962–1965 гадоў) замест традыцыйнай лаціны было дазволена ўжыванне нацыянальных моў.

Праваслаўная царква не выпадкова па грэчаску завецца «артадаксальнай». Яна кансерватыўней за касцёл у значна большай ступені і славянскі праваслаўны свет да нашага часу стала карыстацца царкоўнаславянскай мовай. Дыскусіі аб магчымасці пераходу на беларускую мову ў праваслаўных набажэнствах вядуцца даўно і адказ на яе не адназначны.

Пытанне аб прымірэнні розных поглядаў да праблемы культава — нацыянальнага суіснавання вельмі актуальнае. Мае рацыю К. Б. Мечкоўская, якая падкрэслівае: «практика, которая использует вероисповедание как рычаг в национально-языковой или иной политике, так же порочна, как и практика, для которой национально-языковые проблемы — только аргументы в языковой пропаганде».

Апошняе стагоддзе адзначана знакам секулярызацыі Царквы і згаданае вышэй паслабленне каталіцызму адносна моўнай традыцыі тлумачыцца менавіта імкненнем да самазахавання і спрадвечнай палітыкі экспансіі. Вось тут і ўзнікае пытанне аб далейшым развіцці хрысціянства, аб мове богаслужэння ў будучым.

У ракурсе апошняга пытання трэба адзначыць і яшчэ адну моўную катэгорыю, якая адрозніваецца ад згаданых двух — культавай і нацыянальнай — і, звычайна, не вылучаецца ў асобную. Гэта — мовы вузка-прафесійнага кшталту. Да іх, напрыклад, належыць мова формул — мова матэматыкі; ёсць мовы праграмавання — сродак зносін чалавека з электронна-вылічальнымі машынамі (кампутарамі).

Сярод гэтага, трэцяга класа моў існуе таксама дзве розныя групы моў. Першая — уяўляе сабой пэўны код і звычайна зводзіцца да звычайных моў. Напрыклад — мова глуханямых, мова матэматыкі і іншыя. Другая група — мовы як сродак зносін чалавека не з чалавекам, з іншымі аб’ектамі-існасцямі, што могуць быць зразумелымі толькі гэтаму аб’екту і для яго ствараюцца. Сюды трэба аднесці ў першую чаргу ўсё інфармацыйна-тэхнічнае поле сучасных кампутарных тэхналогій.

Вузка спецыялізаваны характар зносін паміж чалавекам і кампутарам за апошні час пачаў значна змянцца ў бок спрашчэння. Традыцыйныя мовы праграмавання магчыма ўжо ў недалёкім будучым зменяцца на звычайныя, нацыянальныя мовы (ЭВМ пятага пакалення). Адзначым таксама, што працэс спрашчэння моўных зносін ахоплівае і іншыя галіны чалавечай дзейнасці.

Вяртаючыся да нашай тэмы, можна задацца пытаннем, ці не мае аналагічнай тэндэнцыі і развіццё моў набажэнства? Калі зыходзіць з прыведзеных вышэй працэсаў (у галіне кампутарных тэхналогій, напрыклад), то напрашваецца думка аб аб змене характару моўнага асяроддзя богаслужэнняў — магчыма і ў гэтай вобласці надыйдзе час нацыянальных моў, што і здарылася з каталіцкай канфесіяй.

На нашую думку, аднак, нельга адназначна мяняць цяперашнюю мову, у прыватнасці, царкоўнаславянскую праваслаўнага богаслужэння на больш зразумелыя мовы. І гэта аргументавана даказана ў пісаннях Святых Айцоў і багасловаў, пра што казалася вышэй.

Рашэнне гэтага пытання нам бачыцца ў наступным.

1. Апошняе дзесяцігоддзе прайшло пад знакам масавага прытока людзей у храмы, значнага павялічэння колькасці вернікаў. Гэты працэс выявіў наступную акалічнасць: большасць грамадзян вельмі недасведчаная ў пытаннях рэлігіі і царкоўнага жыцця. Гэты прабел можна ліквідаваць шляхам змены сістэмы адукацыі. Адна з мер — увядзенне Закона Божага як прадмета ў агульнаадукацыйных школах. У тых месцах, дзе жыве большасць праваслаўнага насельніцтва, можна ўвесці элементы (факультатыў) царкоўнаславянскай мовы. Дарэчы, усё гэта ўлічвалася ў дарэвалюцыйных школьных праграмах і цяпер трэба толькі вярнуць былую традыцыю з улікам патрабаванняў часу.

2. Не закранаючы асноўнага, традыцыйнага працэса богаслужэння, у праваслаўных храмах можна ўводзіць паралельна служэнне на беларускай мове. Такім чынам, напрыклад, ужо некалькі год ідуць набажэнствы ў Мінскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы. Неабходнасць такой формы царкоўнага жыцця выцякае з патрэб нацыянальна свядомых беларускамоўных грамадзян. Магчыма, такія крокі будуць і часовымі — з цягам увацаркаўлення веруючыя змогуць параўнаць (ужо свядома!) тую, ці іншую службу са служэннем на царкоўнаславянскай мове і, не выключана, што яны зменяць свой погляд на карысць тысячагадовай традыцыі.

Падагульняючы, хацелася б сказаць наступнае. Няма падстаў лічыць, што праваслаўнае богаслужэнне на царкоўнаславянскай мове павінна змяніцца на служэнне на нацыянальных мовах. Нельга механічна пераносіць працэс нацыянальнага адраджэння на змену формы царкоўных служб. Больш важным, на нашую думку, з’яўляецца змена знешняй царкоўнай арганізацыі. Для Беларусі немалаважным з’яўляецца пытанне аб аўтакефаліі праваслаўнай Царквы і гэтае пытанне непарыўна звязана з пытаннем аб дзяржаўным суверэнітэце. Аднак аўтакефалія зусім не азначае пераходу на беларускую мову богаслужэння. Для уніятаў, якія прывабліваюць пэўнае кола грамадзян беларускамоўнымі службамі, традыцыйнай мовай богаслужэння лічыцца таксама царкоўнаславянская мова. І існуючую беларускамоўную практыку самі уніяцкія святары тлумачаць тым, што вернікі «не атрымалі ў дзяцінстве традыцыйнага выхавання і таму незнаёмыя з царкоўнаславянскай богаслужэбнай практыкай».

Сацыяльна-палітычная канцэпцыя каталіцкага Касцёла выкладзена паслядоўна ў працах як свецкіх аўтараў, так і ў энцыкліках рымскіх пап.

Пазіцыя рыма-каталіцкага Касцёла наступная: Касцёл ёсць цэнтралізаваная, іерархічная, сусветная арганізацыя. За ёй рашаючая роля ў міжнародным праве, якая палягае на найвышэйшай уладзе папы. Галоўная форма дактрынальных папскіх дакументаў — энцыклікі, якія пішуцца для духавенства і вернікаў, а таксама для ўсіх людзей добрай волі. Пачаткам сучаснай грамадскай дактрыны Касцёла ёсць энцыкліка папы Леона ХІІІ ад 1891 г. «Rerum novarum (Новая гаворка)». Упершыню ў гэтым дакуменце было ўведзена паслабленне для папскай улады, адступленне ад тэзы аб поўнай залежнасці свецкай улады ад касцёльнай іерархіі (да гэтага лічылася, што грамадства ёсць свецкі працяг Касцёлу). У пантыфікатах Яна ХХІІІ і Паўла VI былі ўлічаны працэсы ўтварэння новых нацый-дзяржаў і прыняты тэзіс аб аўтаноміі і ўзаемнай незалежнасці Касцёла і грамадства, адносіны паміж імі трактуюцца на прынцыпах супрацоўніцтва.

Ян Павел ІІ надаў папярэднім дакументам сваю, арыгінальную трактоўку Папа надаў каталіцкаму Касцёлу і яго дактрыне маральнасці статус адзінай сілы, якая ў стане праз свае дзеянні прыдаць сакральны сэнс жыццю людзей і ўсёй іх дзейнасці.

У грамадскіх справах Ян Павел ІІ кацэнтруе ўвагу на праблемах сітуацыі чалавека ў сучасным свеце. Папа рэвалюцыянізуе тэалогію праз замену тэацэнтрызму антропацэнтрызмам. Прымаючы ісціну, што Бог сам паказаў на сваю адзіную, сапраўдную Царкву, праз удзел у яе таінствах чалавек можа спадзявацца авалодаць блажэнным жыццём ужо тут на Зямлі.

Важным крокам для каталіцкай думкі стала ідэя паразумення паміж людзьмі розных канфесій, што атрымала назву «ідэя хрысціянскай садружнасці». Царква і дзяржава з’яўляюцца інстытутамі, прадпісанымі Богам для дабрабыту чалавека. Суадносіны паміж імі — шчыльнае супрацоўніцтва. Функцыя Царквы вучыць ісціне і кіраваць таінствамі. Функцыя дзяржавы — устанавіць парадак і справядлівасць у грамадстве. Па пытанням веры і маралі дзяржава звяртаецца да аўтарытэту Касцёла і дапамагае яму ў барацьбе з грахом. Царква, ў сваю чаргу, павінна звяртацца да аўтарытэту дзяржавы і вучыць людзей, якія не хочуць падпарадкавацца, ці выступаюць супраць устаноўленых законаў. Такая ідэалагія сучаснай каталіцкай Царквы вельмі блізкая да дактрыны праваслаўнай Царквы Візантыі, дзе ўпершыню была ажыццёўлена ідэя сімфоніі Царквы і дзяржавы.

Нацыянальная ідэя ў каталіцкай дактрыне займае належнае месца. Яна не стаіць востра сярод развітых капіталістычных нацыянальных дзяржаў, такіх як Італія ці Францыя, але ў посткаланіяльных і постсавецкіх дзяржавах, а таксама сярод этнасаў, якія не акрэслілі яшчэ сваю нацыянальную ідэю, не стварылі сваю нацыю, гэтая ідэя вельмі актуальная.

Яшчэ не так даўно вельмі імкліва развівалася нацыянальная думка ў каталіцкім асяродку Заходняй Беларусі (1921–1940). Узгадаем выдатных дзеячоў беларускага адраджэння таго перыяду. Гэта ксёнз Кастусь Стэповіч (псеўданім Казімір Сваяк), ксёнз Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка і іншыя.

Найбольш выразна сфармуляваў нацыянальную ідэю і паняцце нацыі Адам Станкевіч. У кнізе «Хрысціянства і беларускі народ» ён пісаў: «Галоўныя прынцыпы хрысціянскай навукі гэта прызнаваць асаблівасць чалавека як першага і адзінага асяродку ў культуры». Далей А. Станкевіч засяроджваецца на праблеме нацыі ў хрысціянстве, якую ён бачыць як дылему іх адзінства. «…кожная нацыянальнасць у святле Хрыстовай навукі ёсць матэрыялам не для нішчэння яго, але для тварэння з яго культурных вартасцяў».

Пытанне аб мове Касцёла, як і для праваслаўнай Царквы, з’яўляецца надзённым. Доўгі час набажэнствы вяліся выключна на лацінскай мове. Як мы ўжо гаварылі, толькі на ІІ Ваціканскім Саборы было прынята рашэнне (Аджорнамэнтэ — асучасванне) аб дазволе праводзіць імшу на родных мовах. У Польшчы пераход на польскую мову не выклікаў ніякіх цяжкасцей і паспрыяў аўтарытэту Касцёла. На Беларусі, якая не мае да гэтага часу вызначанай нацыянальнай ідэі на дзяржаўным узроўні, імша праводзіцца на дзіўным спляценні беларускай, польскай і рускай моў, кожная з якіх дамінуе ў залежнасці ад рэгіёна, нацыянальнага складу вернікаў і палітычных прыхільнасцей зацікаўленых асоб.

Трэцяя асноўная плынь хрысціянства — пратэстанцтва. Для ўсіх шматлікіх рознавіднасцей пратэстанцтва не існуе адзінай сацыяльна-палітычнай канцэпцыі нацыі і дзяржавы, як прыведзеныя вышэй канцэпцыі праваслаўнай і каталіцкай Цэркваў, хаця некаторыя пратэстацкія адгалінаванні (прасветарыяне, квакеры і яшчэ некалькі менш значных) мелі характэр рэлігійна-палітычны. Некаторыя даследчыкі (напрыклад М. Вебер) лічаць, што дактрына і этыка пратэстантызму мелі значны ўплыў на развіццё капіталізму. Гэта было звязана з палітычным характарам рэфармацыі ў XVI стагоддзі, а таксама з тэндэнцыямі да арганізацыйных і дактрынальных падзелаў унутры самаго пратэстантызму, у выніку якога паўстала некалькі соцен незалежных пратэстанцкіх груповак, кожная з якіх мела асобную назву.

Важным быў той факт, што пратэстанты адкінулі каталіцкі тэзіс аб бязгрэшнасці папы рымскага, бо яны прызналі толькі аўтарытэт Бібліі. Спрашчэнне абрадаў і рацыяналізм хутка зрабілі пратэстанцтва самай масавай рэлігійнай канфесіяй у шэрагу краін свету. Гэта, у сваю чаргу, дало штуршок да развіцця свецкага нацыянальнага руху. Э. Сміт адзначае падабенства паміж рэфармізмам і раннім нацыяналізмам, які ўзнік у першы перыяд фармавання нацый (пасля 1789 г.). Пратэстанты «пайшлі ў народ», яны распаўсюдзілі свецкую адукацыю на небывалы да эпохі капіталізму ўзровень. Утварыўся адукаваны сярэдні пласт гараджан. Нацыянальныя эліты пашырыліся да сярэдняга і, нават, ніжэйшага класу. Свецкая адукацыя ў сваю чаргу забяспечыла нацыі здольнасць да самаўдасканалення і рухомасці.

Пратэстанты першымі за ўсіх хрысціян увялі служэнне на родных мовах, а таксама распрацавалі сістэму нацыянальнай адукацыі. Ня дзіва, што за кароткі час розныя адгалінаванні пратэстанцтва распаўсюдзіліся па ўсёй Зямлі, а ў некаторых краінах (Швецыя, Эстонія, Данія, ЗША і г.д.) сталі дамінуючымі веравызнаннямі. Дзякуючы пратэстантам і апостальскія Цэрквы — каталіцкая і праваслаўная — распачалі сваю сістэму нацыянальнай адукацыі. У католікаў у свой час набыў вялікую вядомасць ордэн іезуітаў, які даў сур’ёзную канкурэнцыю пратэстантам.

Як бачым усе хрысціянскія канфесіі — каталіцызм, праваслаўе і пратэстанцтва прыхільна ставяцца да нацыянальнай ідэі, нацыі і нацыяналізму. Больш таго, іх сувязь непадзельная, і будучыня чалавецтва ва ўсё большай інтэграцыі ідэалогіі хрысціянства з нацыянальнай ідэяй, ідэяй нацыі і нацыяналізму.

Загрузка...