Дзядзька Мілон

Вось ужо месяц, як шчодрае сонца палівае палеткі пякучым полымем. Жыццё, такое радаснае, нараджаецца пад гэтай залевай цеплыні: уся зямля, як скінуць вокам, зелянее. А да самага небакраю — чысцюткая блакітная прастора. Нармандскія фермы, раскіданыя па раўніне, здалёк здаюцца пералескамі, бо з усіх бакоў іх шчыльна абступаюць гонкія букі. Зблізку, як адчыніш трухлявую брамку, здаецца, што трапіў у вялізарны сад — усе старыя яблыні, кашчавыя, як самі сяляне, абсыпаны кветкамі. Старыя чорныя камлі, сукаватыя і крывыя, роўным радам абступілі надворак і цягнуць да неба дзівоснае голле ў белай і ружовай квецені. Пяшчотны водар суквеццяў мяшаецца з цяжкім пахам расчыненых хлявоў і смуродам гною, у якім грабуцца куры.

Поўдзень. Пад ігрушаю пры самых дзвярах абедае сям'я: бацька, маці, чацвёра дзяцей, дзве наймічкі і тры парабкі. Ядуць збольшага моўчкі, спачатку суп, пасля бульбу, усмажаную на сале.

Час ад часу каторая з наймічак устае і ідзе ў склеп даліць сідру ў збанок.

Гаспадар, высокі мужчына гадоў пад сорак, разглядае яшчэ голую вінаградную лазу, што распаўзалася па сцяне дома, выгінаючыся і чапляючыся за аканіцы. Нарэшце ён кажа:

— Як рана покаўкі на бацькавым вінаградзе набухлі сёлета. Мо што і збяром.

Жонка таксама абарочваецца і моўчкі глядзіць на лазу.

Гэты вінаграднік пасадзілі якраз на тым месцы, дзе некалі расстралялі бацьку.

Было тое ў вайну 1870 года. Прусакі занялі ўвесь край, але Паўночная армія генерала Фэдэрба яшчэ трымалася.

На гэтай вось ферме стаў пастоем прускі штаб. Гаспадар яе, стары П'ер Мілон, прыняў чужынцаў як мага лепей.

Месяц, як нямецкі авангард веў разведку. Французскія войскі стаялі за дзесяць льё адгэтуль, стаялі без руху, а між тым штоночы прападалі нямецкія ўланы.

Разведчыкі, пасланыя ў дазор па двое ці па трое, больш ужо не вярталіся. Раніцаю іх знаходзілі мёртвых недзе ў полі, на загуменні ці ў якой-небудзь канаве. Нават коні іхнія здыхалі пры дарозе, пасечаныя шабляй.

Здавалася, што забіваў усіх адзін чалавек, няўлоўны, як вецер.

У наваколлі панаваў тэрор. Па адным толькі даносе расстрэльвалі сялян, арыштоўвалі жанчын, палохалі дзяцей, дамагаючыся ад іх прызнання. Але ўсё было дарэмна.

Ды вось неяк раніцай дзядзьку Мілона знайшлі ў стайні з шабельнай ранай праз увесь твар, а за тры кіламетры ад фермы — двух уланаў з рассечанымі жыватамі. Адзін з іх яшчэ сціскаў у руцэ скрываўленую шаблю: ён загінуў абараняючыся.

На надворак каля фермы, дзе сабраўся толькі што створаны ваенны суд, прывялі старога.

Яму было шэсцьдзесят восем гадоў. Быў ён невысокі, хударлявы, трошкі прыгорблены, вялікія рукі яго нагадвалі клюшні краба. Праз бясколерныя рэдкія валасы, лёгкія, як пух у качаняці, праглядваў голы чэрап.

На маршчыністай абветранай шыі пружыліся тоўстыя вены, яны знікалі пад сківіцамі і зноў праступалі каля скроняў.

На сяле яго лічылі чалавекам сквапным і незгаворлівым.

Яго паставілі паміж чатырох салдатаў перад кухонным сталом, вынесеным на двор. За сталом уселіся пяцёра афіцэраў і палкоўнік.

Палкоўнік пачаў допыт па-французску.

— Дзядзька Мілон, з той пары, як мы тут, мы не маглі нахваліцца вамі. Заўсёды вы былі спагадлівы і нават уважлівы. Але ж сёння на вас падае падазрэнне ў жахлівым злачынстве, і мы павінны ўсё высветліць. Адкуль у вас на твары рана?

Селянін нічога не адказаў. Палкоўнік загаварыў зноў:

— Маўчанне загубіць вас, дзядзька. Але я хачу, каб вы адказвалі, чуеце! Ці ведаеце вы, хто забіў двух уланаў, якіх знайшлі сёння раніцай каля Кальвэра?

Стары выразна вымавіў:

— То я.

Ад здзіўлення палкоўнік змоўк, пільна ўглядаючыся ў арыштаванага. Дзядзька Мілон заставаўся безуважлівы, з сялянскай упартасцю апусціўшы вочы долу, як на споведзі. Адно выдавала яго хваляванне: раз-пораз ён глытаў сліну, з відавочнай цяжкасцю, быццам горла яго было зусім вузкае.

Сям'я старога — сын Жан, нявестка і двое дзяцей, разгубленыя і ўражаныя стаялі крокаў за дзесяць ззаду. Палкоўнік спытаўся:

— Дык, можа, вы ведаеце таксама, хто ўжо цэлы месяц забівае нашых разведчыкаў?

Стары адказаў з тою ж самай грубай безуважлівасцю:

— Ну, я.

— Дык гэта пабілі іх вы? Усіх?

— Усіх.

— Вы адзін?

— Адзін.

— Раскажыце, як вы гэта рабілі.

Цяпер стары, відаць, захваляваўся; ён, мусіць, не хацеў доўгае размовы, адно прамармытаў:

— А я што ведаю? Як выходзіла, так і рабіў.

Палкоўнік зноў:

— Папярэджваю вас, трэба, каб вы расказалі мне ўсё. Будзе лепей, калі вы зробіце гэта зараз жа, адразу. Як вы пачалі?

Стары заклапочана азірнуўся на сям'ю, што насцярожана чакала яго адказу. Хвіліну-другую яшчэ памарудзіў і раптам адважыўся:

— На другі дзень, як вы прыйшлі сюды, гадзін каля дзесяці вечара я вяртаўся дадому. Вы і вашы салдаты забралі ў мяне кароўку, дзве авечкі і сена не менш як на пяцьдзесят экю. Я і сказаў сабе: «Колькі б вы ў мяне ні ўзялі, я за ўсё паквітаюся!» Ды яшчэ ў мяне была думка на сэрцы, пасля раскажу. Вось аднаго разу я заўважыў салдата вашага, ён люльку курыў каля рова, што за маім гумном. Узяў я касу і ціхенька падышоў да яго ззаду, ён і не заўважыў нічога. Я ссек яму галаву адным махам, лёгка, як каласок, ён і войкнуць не паспеў. Як ахвоту маеце, то пашукайце яго ў балоце: я запхнуў яго ў мех з-пад вугалю, яшчэ і камень туды паклаў.

Тут я канчаткова рашыўся. Я зняў з яго ўсю вопратку, і боты, і фуражку ды схаваў у печ, дзе вапну палілі, у Марцінавым лесе.

Стары змоўк. Уражаныя афіцэры пазіралі адзін на аднаго. Допыт не спыняўся, і вось пра што яны даведаліся.

Пасля першага забойства старога апанавала ідэя: «Забіваць прусакоў!» Ён ненавідзеў іх нянавісцю прыхаванай і лютай, па-сялянску прагны і патрыятычны адначасова. Ён меў сваю ідэю, як ён казаў.

Ён перачакаў дзён некалькі. Прусакі дазвалялі яму хадзіць, дзе ён хацеў: такім рахманым, пакорлівым і паслужлівым здаваўся ён ім. Штовечар ён бачыў, як ад'язджаюць пасыльныя, і вось неяк уночы ён выйшаў з сяла; ён ужо ведаў, у якую вёску паедуць коннікі, а таксама запомніў ад салдатаў некалькі нямецкіх слоў, якія яму былі патрэбны.

Ён выйшаў з двара, пракраўся ў лес, знайшоў печ, пралез у доўгае сутарэнне і пераадзеўся ў вопратку забітага.

Ён пачаў бадзяцца па палях, поўзаў, хаваўся за адхонамі, насцярожаны, як злодзей.

Палічыўшы, што прыспела пара, ён падышоў да дарогі і схаваўся ў густым хмызняку. Счакаў яшчэ трохі. Нарэшце, недзе апоўначы, ён учуў гулкі тупат каня на добра ўбітай дарозе. Стары прыпаў вухам да зямлі і ўпэўніўся, што коннік адзін.

Улан, што вёз дэпешы, ехаў хуткім бегам. Ехаў ён углядаючыся, прыслухоўваючыся. Калі да яго заставалася не больш як дзесяць крокаў, дзядзька Мілон выпаўз на дарогу і застагнаў: «Hilfe! Hilfe! — Памажы! Памажы!» Улан прыняў старога за немца, спыніўся, злез з каня і, ні пра што не здагадваючыся, падышоў да яго; адно ён нахіліўся, як крывое лязо нямецкае шаблі ўпілося яму ў жывот. Улан упаў адразу, моўчкі, толькі цела яго некалькі разоў скаланулася ў сутаргах.

Стары нармандзец, узрадаваны маўклівай сялянскай радасцю, падняўся і, каб было напэўна, перарэзаў забітаму горла. Пасля сцягнуў яго з дарогі і скінуў у канаву.

Конь спакойна чакаў гаспадара. Дзядзька Мілон узлез у сядло і галопам паляцеў па раўніне.

Прайшло ўжо каля гадзіны, калі ён заўважыў двух уланаў, што вярталіся ў вёску. Ён пад'ехаў да іх з правага боку: «Hilfe!» Пазнаўшы форму, прусакі падпусцілі яго без ніякага падазрэння. І стары праляцеў паміж імі, як бура, застрэліў аднаго і ссек шабляю другога. Пасля перарэзаў горла коням, коням немцаў! Асцярожна прабраўся да старое печы, схаваў каня ў глыбіні сутарэння. Тут жа пакінуў нямецкую форму і пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да раніцы...

Чатыры дні ён сядзеў дома, чакаючы, пакуль немцы супакояцца, а на пяты выйшаў зноў і, гэтак жа сама хітруючы, забіў яшчэ двух салдатаў. З гэтага часу ён ужо не спыняўся.

Штоночы ён блукаў, бадзяўся, шукаючы прыгодаў, забіваў прусакоў то тут, то там, лётаў па пустых палях, абліты халодным месяцавым святлом, адзінокі, самотны ўлан, які паляваў на людзей. Зрабіўшы сваё, наклаўшы трупаў пры дарогах, стары вяртаўся ў сутарэнне і хаваў каня і форму. Ён спакойна прыходзіў сюды апоўдні, прыносіў авёс і ваду. Каня ён карміў уволю, рыхтуючы яго да цяжкай работы.

Але ўчора ўночы адзін салдат з тых, на якіх наскочыў дзядзька Мілон, паспеў секануць яго шабляй па твары.

І ўсё адно стары забіў абодвух! Ён яшчэ здолеў вярнуцца, схаваць каня і надзець свае лахманы; але каля самай хаты змогся і ледзь дапоўз да стайні.

Тут яго і знайшлі, скрываўлены, ён ляжаў на саломе.

Скончыўшы споведзь, стары раптам узняў галаву і з гонарам агледзеў прускіх афіцэраў.

Палкоўнік абцёр вусы і спытаўся ў яго:

— Маеце яшчэ што сказаць?

— Не, болей нічога, рахунак дакладны: я забіў роўна шаснаццаць, ні больш ні менш.

— Вы ведаеце, што вас расстраляюць?

— Хіба я прашу ў вас літасці?

— Вы былі ў салдатах?

— Ну але. Былі часы, і я ваяваў. І бацька мой быў у салдатах, у Напалеона. А вы яго забілі. Ды яшчэ ў тым месяцы пад Эўро сына майго забілі, меншанькага, Франсуа. Я вам вінаваты быў і сплаціў. Цяперачы ўсё, квіта!

Афіцэры пераглянуліся. А стары зноў:

— Восем за бацьку, восем за сына — квіта. Не я з вамі свары шукаў! Мне вы без патрэбы. І адкуль прыйшлі вы, не ведаю. Вы тут, у мяне, а судзіце мяне, быццам у сябе дома. Я сплаціў і не шкадую.

І, расправіўшы сваё нерухомае цела, стары склаў рукі на грудзях, стрымана і ганарліва.

Прусакі доўга перагаворваліся. Капітан, які таксама страціў сына месяц таму, абараняў высакароднага старога.

Але вось палкоўнік падняўся, падышоў да дзядзькі Мілона і ціха сказаў:

— Слухай, стары, можа, мы і пакінем табе жыццё, калі ты...

Але стары не слухаў, глядзеў проста ў вочы пераможцу, а вецер варушыў валасы яго, лёгкія і рэдкія. Жахлівая грымаса скрывіла яго твар, худы і пасечаны. Набраўшы поўныя грудзі паветра, стары плюнуў у твар прусаку.

Палкоўнік ашаломлена падняў руку, і ў тую ж хвіліну стары плюнуў яшчэ раз.

Афіцэры ўскочылі, і ўсе разам пачалі крычаць нейкія загады салдатам.

Не прайшло і хвіліны, як старога паставілі да сцяны, а ён гэтаксама ўсміхаўся свайму старэйшаму сыну Жану, нявестцы і двум унучкам, што спалохана глядзелі на яго...


Пераклад: Алесь Істомін

Загрузка...